НАША СЛОВА № 51 (1254), 23 снежня 2015 г.
З Божым Нараджэннем!
Беларусь, не бойся прыняць Хрыста! З Пастырскага паслання Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне
... Нараджэнне Езуса ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму - гэта ўжо гісторыя, хаця вельмі прыгожая і сентыментальная, аднак гісторыя. З яе мы павінны вучыцца, бо гісторыя з'яўляецца маці-настаўніцай. Нараджэнне ж Хрыста, будучы гістарычнай падзеяй, адначасова з'яўляецца дынамічным працэсам. Хрыстус і сёння нараджаецца ў Касцёле і прыходзіць да нас у Святым Пісанні, сакрамэнтах, перадусім у Эўхарыстыі, прыходзіць у іншай дзейнасці Касцёла, асабліва праз учынкі міласэрнасці...
... Мы з'яўляемся часткай гісторыі, якая адбываецца на нашых вачах, і, як веруючыя, павінны сваім жыццём і хрысціянскім сведчаннем вызнаваць веру ў Езуса Хрыста, які быў зачаты ад Святога Духа, нарадзіўся з Панны Марыі ў Бэтлееме, быў укрыжаваны, пахаваны, уваскрос, узышоў на неба і сядзіць праваруч Айца.
Божае Нараджэнне стала сапраўднай рэвалюцыяй у гісторыі чалавецтва, бо Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення, прынёс у гэты грэшны свет новы закон любові да бліжняга і адарыў яго збаўчай ласкай...
... Сёння Езус пытаецца ў нас: кім Ён, народжаны ў Бэтлееме, з'яўляецца для людзей XXI стагоддзя? Мы добра ведаем, як ставіцца да Хрыста сучасны ліберальны свет. Ён вельмі часта не жадае мець з Ім нічога супольнага і не хоча чуць Яго голасу, які заклікае да абуджэння сумлення, навяртання і жыцця паводле Яго вучэння.
У такой сітуацыі мы, хрысціяне, павінны даць рашучы адказ, кім Ён ёсць для нас. Толькі гістарычнай фігурай ці Тым, які жыве ў сваім Касцёле і вучэнне якога актуальнае і ў наш час? Адказ на гэтае пытанне вядзе да веры ў асобу Езуса Хрыста, як уцелаўлёнага Сына Божага. Таму мы павінны адвесці Яму месца ў нашых сэрцах і пачуць Яго голас...
... Дзякуй Богу, дзверы Хрысту ў нашай краіне адчыніліся, і мы атрымалі свабоду веравызнання. Аднак злы дух не спіць і ўвесь час дзейнічае. У выніку чаго ў сучасным, асабліва заходнім, свеце з'явілася шмат такіх небяспечных выклікаў, аб якіх яшчэ зусім нядаўна мы нават не маглі і падумаць. І мы бачым, як палітычныя і эканамічныя сістэмы, а таксама культуры адмаўляюцца ад Бога. Ізноў паўтараецца гісторыя з Бэтлеема, бо ў сучасных грамадствах і чалавечых сэрцах не знаходзіцца месца для нараджэння Валадара сусвету сваёй ласкай (пар. Лк 2, 7). Хрыстус прыходзіць да сваіх, а яны Яго не прымаюць (пар. Ян 1, 11), нягледзячы на Яго абяцанне, што тым, хто Яго прыме і паверыць у Яго, Ён дасць моц быць дзецьмі Божымі (пар. Ян 1, 12)....
... Таму, Беларусь, не бойся прызнаць у Хрысце Сына Божага, прымі Яго і даверся Яму! Ён сваёй любоўю залечыць твае раны, прывядзе да так патрэбнага ўсім нам цуду паяднання і ўчыніць цябе новай і шчаслівай!..
Паводле catholic.by.
125 гадоў з дня нараджэння Мікалая Аладава
Мікалай АЛАДАЎ (21 снежня 1890, Санкт-Пецярбург - 4 снежня 1972, Менск) - беларускі кампазітар і педагог. Народны артыст БССР (1955).
У 1910 годзе экстэрнам скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. У час грамадзянскай вайны працаваў ва Ўсходняй кансерваторыі ў Казані, а з 1923 года ў Дзяржаўным інстытуце музычнай навукі ў Маскве. Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. Прыехаў у Менск у 1924 годзе. Пераезду садзейнічаў Янка Купала. Паміж сем'ямі Купалы і Аладава ўсталяваліся сяброўскія адносіны. М. Аладаў - адзін з арганізатараў і першых выкладчыкаў Беларускага музычнага тэхнікума і кансерваторыі. З 1946 года - прафесар, а ў 1944-1948 гадах - дырэктар кансерваторыі. У 1932 годзе ўдзельнічаў у стварэнні беларускай кампазітарскай арганізацыі. У гады вайны ў 1941-1944 гадах выкладаў у Саратаўскай кансерваторыі.
Працаваў у большасці музычных жанраў. Сваімі творамі 1920-х-1930-х гадоў заклаў асновы многіх жанраў беларускай прафесійнай музыкі: апрацоўкі народнай песні, кантаты, вакальна-сімфанічныя паэмы, камерна-інструментальнага ансамбля, рамансу. Даў першыя ў беларускай музыцы ўзоры драматычнай (Першая, 1930) і лірыка-псіхалагічнай (Чацвёртая, 1953-54, і Пятая, 1956) сімфоніі. Своеасаблівасцю жанравага вырашэння адметная опера "Тарас на Парнасе", вызначаная аўтарам як музычна-драматычны жарт у адной дзеі і напісаная паводле беларускіх ананімных паэмаў "Тарас на Парнасе" і "Энеіда навыварат" і паэмы В. Дуніна-Марцінкевіча "Гапон".
Рэдактар шматлікіх музычных выданняў (у тым ліку твораў М. Чуркіна і Р. Пукста), збіральнік і даследчык беларускага, марыйскага, чувашскага і якуцкага фальклору.
Вікіпедыя.
Манументальная мова
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
У Харватыі, у гарадку Хум (які занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самы маленькі горад у свеце), ёсць "Алея служыцеляў глаголіцы". Гэта нізка з адзінаццаці асобных манументаў і скульптурных кампазіцый, што цягнуцца агулам на сем кіламетраў. Яны ўшаноўваюць глаголіцу, дзеячоў культуры, гістарычныя падзеі. Напрыклад, там ёсць "стол Кірылы і Мятода (Мяфодзія)". Кірыл, верагодна, з'яўляецца аўтарам глагалічнага пісьма. Дарэчы, братам усталявана багата іншых помнікаў: у Сафіі, Кіеве, Маскве і інш. Глаголіца найдаўжэй (да канца 18 ст.) захавалася менавіта ў Харватыі. У Хуме можна набыць сувеніры ў выглядзе літар гэтага алфавіту.
Яшчэ адна група помнікаў - гэта манументы непасрэдна мове. Адзін з іх усталяваны ў Эстоніі на ахвяраванні грамадзян. Яго форма нагадвае стылізаваную галаву пеўня з вокладкі эстонскага буквара. Надпіс на помніку значыць "Слова звязвае". А які слоган можна напісаць на матэрыяльным увасабленні беларускай мовы?
Помнік "Рускае слова" ёсць у Белгарадзе. Ён выкананы ў выглядзе бронзавай Бібліі. Над Кнігай - голуб з залатым пяром, сімвалам Добрай весткі.
Вобраз раскрытай кнігі на круглым пастаменце выкарыстаны і ў праекце малдаўскага манумента. Ён будзе мець дваццаць стэл-старонак, на якіх будзе запісана гісторыя румынскай мовы. Плануецца, што дыяметр помніка складзе 20 метраў, а вышыня старонак - 6,5 метраў.
Помнікі роднай мове ёсць і ў Азербайджане.
Бадай, першы "моўны помнік" з'явіўся ў Паўднёвай Афрыцы, у горадзе Бюргерсдорп, у 1893 годзе. Помнік адзначае набыццё галандскай мовай роўных правоў з англійскай у парламенце тагачаснай Капскай калоніі Брытаніі. Гэта таксама і манумент месцічам, якія загінулі падчас Англа-бурскай вайны (1899 - 1902). Адна з жаночых фігур манумента - гэта першапачатковая статуя, створаная ў Італіі. Падчас згаданай вайны яна была пашкоджана і знікла ў невядомым накірунку. Пасля вайны гараджане прымусілі брытанскую адміністрацыю заплаціць за копію статуі, якая была ўсталявана ў 1907 годзе. Пазней знайшлі і арыгінал, які быў пастаўлены побач з копіяй. На шыльдзе, на якую паказвае жанчына, напісана "Свабода для галандскай мовы".
У Паўднёвай Афрыцы знаходзіцца і самы грандыёзны з усіх помнікаў мове - манумент мовы афрыкаанс у горадзе Паарл. Мясцовасць вакол аднайменнай гары - адно са найстарэйшых месцаў рассялення еўрапейцаў на поўдні Афрыкі. Менавіта там распачаўся рух за ўжыванне афрыкаанс на пісьме і за пераклад Бібліі на гэтую мову.
Помнік мове афрыкаанс - гэта ансамбль сімвалаў. Самая высокая частка манумента - гэта гіпербала, якая ніколі не спыніць свой рост. На такі сімвал мовы архітэктара Яана ван Вейка натхнілі словы пісьменніка і палітыка Карнэліса Лангенховена аб імклівым росце ўжывання пісьмовай афрыкаанс. Вышыня калоны каля 57 метраў. Яна таксама сімвалізуе метафару паэта і драматурга ван Вейка Лоў, які параўнаў афрыкаанс з мячом, што ззяе. Вялікая гіпербала зверху і па ўсёй працягласці мае адтуліны, у якія трапляе сонечнае святло. У падмурку галоўнай калоны ёсць крыніца, якая сімвалізуе выток мовы афрыкаанс. У нашага Караткевіча таксам ёсць метафара "мова - булатны клінок". Цікава, як мог бы выглядаць сімвал беларускай мовы?
Побач стаіць меншая калона, што сімвалізуе Паўднёва-Афрыканскую рэспубліку. Яна мае адтуліну ў кірунку Афрыкі, што мае паказаць адкрытасць і ўзаемадзеянне паміж Паўднёва-Афрыканскай рэспублікай, афрыкаанс і ўсім кантынентам. Калоны атачае сажалка. Сонца, адлюстроўваючыся ад вады, грае на паверхні калонаў. Па задумцы архітэктара, кожны сонечны водбліск - гэта слова, кожная светлавая лінія - сказ. Вада сімвалізуе тое, што афрыкаанс - жывая мова, што развіваецца.
Па словах архітэктара, гэтыя калоны - мова і рэспубліка - стаяць на адной глебе, у адной вадзе і пад адным сонцам. Такая лаканічная нацыянальная ідэалогія...
Словы ван Вейка Лоў аб тым, што афрыкаанс - гэта мова, якая злучае Заходнюю Еўропу і Афрыку, адлюстраваны ў іншых частках манумента. Тры калоны ў левай (заходняй) частцы сімвалізуюць уплыў на афрыкаанс еўрапейскіх моваў: галандскай, нямецкай, англійскай, французскай і іншых. Ніводная калона не прадстаўляе пэўную мову. Калоны змяншаюцца па памеры ў кірунку да цэнтральнай гіпербалы. Гэта выражае паступовае змяншэнне ўплыву еўрапейскіх моваў на афрыкаанс.
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы
Маніторынг моўнай сітуацыі у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл. за 2015 г.
1. Адукацыя.
У раёне на 01.09.1015 г. налічваецца 22 навуч. установы з сярэдняй і базавай адукацыяй, у якіх навучаецца 5156 вучняў. Беларускамоўных устаноў 9, у іх навучаецца 1142 вучні. З іх 653 вучні навучаюцца ў адзінай у Магілёўскай вобласці беларускай гімназіі, а ў 8-мі сельскіх беларускіх школах навучаецца толькі 589 вучняў.
Адзіны ў раёне ліцэй працуе на рускай мове.
Беларускамоўных дзіцячых садкоў у раёне - 8, у якіх выхоўваецца ў 13 беларускіх групах каля 200 дзяцей.
Пры тым, сітуацыя з беларускай мовай у беларускіх школах такая, што многія прадметы ў іх, у т. л. і ў гімназіі, выкаладаюцца пры наяўнасці беларускіх падручнікаў, па-руску. Гэта як правіла: замежныя мовы, інфарматыка, фізкультура працоўнае навучанне, выяўленчае мастацтва, АБЖ.
Частка прадметаў выкладаецца як па-беларуску, так і па-руску. Гэты пераважна матэматыка, фізіка, хімія, гісторыя, геаграфія, пазакласныя і пазашкольныя мерапрыемствы.
Нагляднае афармленне ў гэтых школах пераважна беларускамоўнае. Дакументацыя і справаздачнасць - таксама. У рускамоўных діцячых садках ёсць адна выхаваўчая гадзіна па-беларуску.
2. Мясцовая улада працуе пераважна на рускай мове. Сайт райвыканкама - на рускай мове.
Пракуратура, суд, УУС, ды і ўсе іншыя установы і прадпрыемствы працуюць на рускай мове.
Прадукцыя амаль усіх прадпрыемстваў маркіруецца па руску за выключэннем парфюмерна-касметычнай фабрыкі "Сонца". Сельвыканкамы ўсе працуюць на рускай мове.
Звароты ТБМ да ўладаў па моўных пытаннях застаюцца ці без рэагавання, ці атрымліваем фармальныя адпіскі.
3. Культура, СМІ, вонкавае нагляднае афармленне.
Установы культуры, клубы бібліатэкі працуюць на беларускай і рускай мовах.
Раённая газета "Асіповіцкі край" палову сваіх матэрыялаў друкуе па-беларуску.
Раённая студыя радыёвяшчання працуе на рускай мове, хаця афіцыйна заяўляе што 20% у эфіры яна працуе па-беларуску.
Абяцаных аб'яў па-беларуску ў грамадскім транспарце не чуваць ужо 3 гады.
Афармленне на чыгуначным вакзале - беларускамоўнае акрамя самой назвы станцыі.
Адзіная кніжная крама зачынена ўжо гадоў 10 таму. Знайсці беларускамоўную кніжку ў Асіповічах амаль немагчыма. У кіёсках, у т. ліку ў кіёсках "Саюздруку", іх няма, акрамя беларускамоўнай перыёдыкі, і тое не ўсёй.
Назвы большасці вуліц горада і аграгарадкоў - рускамоўныя, тое ж тычыцца і назваў на шыльдах прадпрыемстваў, устаноў, крамаў і да т.п.
Старшыня Асіповіцкай раённай рады ТБМ
Бародзіч С. Д.
Ушанаванне памяці паэта Лявона Шпакоўскага - Случаніна
Змагару за роднасць
Прысвечана Лявону Шпакоўскаму - Случаніну
На Белай Русі ў паэтычны,
спадчынны вянок
Лявонцій Шпакоўскі ўплёў
і свой не адзіны радок.
Яму крыжовы, пакутлівы
дастаўся лёс,
Які ў змаганні за роднасць,
вядомасць прынёс.
Уладзімір Масакоўскі.
Старонкі біяграфіі паэта
Лявонцій Раманавіч Шпакоўскі - псеўданім Случанін - нарадзіўся 3 (15) кастрычніка 1914 года ў вёсцы Лучнікі, Слуцкага павета Менскай губерні, цяпер Слуцкі раён Менскай вобласці.
Лявон Шпакоўскі вучыўся ў Слуцкім педтэхнікуме, Менскім тэатральным вучылішчы. У 1936 годзе скончыў Менскі вышэйшы педагагічны інстытут. Настаўнічаў у горадзе Чэрыкаў Магілёўскай вобласці. У 1937 годзе рэпрэсаваны. Адбываў гады зняволення на Беламорканале. У 1939 годзе вызвалены і вярнуўся ў вёску Лучнікі.
Настаўнічаў у Слуцкай сярэдняй школе № 3, выкладаў беларускую мову і літаратуру. У 1940 годзе пераведзены ў Слуцкі педтэхнікум выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў дырэктарам Лучнікоўскай школы 1941-1943 гг. У 1943-44 гадах працаваў школьным інспектарам на Случчыне і адначасова супрацоўнічаў у акруговай газеце "Газета Случчыны". З 1944 года з сям'ёй з жонкай і малой дачкой жыў у Германіі, працаваў на цукровай фабрыцы ў горадзе Уэльцэн, затым у часопісе "Малады змагар", які выдаваўся у Берліне Саюзам беларускай моладзі 1944-45 гг.
У лютым 1945 года, пры эвакуацыі з Берліна спыніўся ў горадзе Лемга, дзе працаваў чорнарабочым. У красавіку 1945 года гэтую мясцовасць занялі амерыканскія войскі, і сям'я Лявона Шпакоўскага вярнулася ў родную вёску Лучнікі. На радзіме Лявон Шпакоўскі зноў быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны на 15 гадоў за працу ў сферы адукацыі пад час нямецкай акупацыі. Пакаранне адбываў на Поўначы. Потым тэрмін пакарання быў зменшаны да 10 гадоў.
Пасля вызвалення да 1973 года жыў у Варкуце. Працаваў загадчыкам кансультацыйнага пункта рэспубліканскай завочнай школы Комі.
У 1973 годзе вярнуўся на Беларусь, з гэтага ж году - на пенсіі і жыве ў горадзе Салігорску (вуліца Леніна, дом 22). У траўні 1993 года Лявон Шпакоўскі прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Памёр 25 кастрычніка 1995 года. Пахаваны на Чыжэвіцкіх могілках вёскі Чыжэвічы Салігорскага раёна.
Друкаваўся з 1936 года. Яго вершы змешчаны ў калектыўным зборніку "Песняры Случчыны" (1943 г.), аўтар паэмы "Пагоня (1943 г.), гістарычнай паэмы "Рагнеда" (1944 г.), аўтабіяграфічнага рамана ў вершах "Алесь Няміра" (1962-1985гг.), "біблейскага падання" "Іісус Хрыстос" (1984 г.) і іншых паэтычных твораў.
Паэтычная творчасць Лявона Шпакоўскага - Случаніна цалкам прысвечана беларускаму нацыянальнаму руху. Аўтар заклікае беларускі народ да незалежнасці, услаўляе працавітасць народа, прыгажосць роднай прыроды. У вершаваным рамане "Алесь Няміра" (публікавааўся ў 1991 годзе ў штотыднёвіку вытворчага аб'яднання "Беларуськалій" "Калійшчык Салігорска"), адлюстраваў на прыкладзе жыцця галоўнага героя крыжовы шлях шматпакутнай Беларусі Асаблівую вядомасць Лявону Раманавічу Шпакоўскаму прынесла гістарычная паэма "Рагнеда". Адрывак з паэмы "Рагнеда" пэўны час быў уключаны ў школьную праграму.
Паэма "Рагнеда" напісана ў 1943 годзе ў Слуцку, выдавалася: у 1944 годзе ў Вільні, у 1958 годзе беларусамі ў Сіднеі (Аўстралія), у 1991 годзе ў Менску ў часопісе "Спадчына № 1 і ў Салігорску ў газеце "Калійшчык Салігорска".
У 1994 годзе ў Салігорску паэма "Рагнеда" была аддрукавана ў Салігорскім гаспадарча-разліковым участку Слуцкай узбуйненай друкарні і выйшла асобнай малафарматнай кніжкай на 32 старонках накладам 999 паасобнікаў.
Рагнеда
Гістарычная паэма(З уступу да паэмы Лявона Шпакоўскага-Случаніна)
Гэй, крывіцкі народ - Беларусі сыны!
У мінуўшчыны слаўным кургане
Несупынна гудуць векавыя званы,
На вялікае клічуць змаганне.
Годзе крыўду цярпець!
Прэч пакуты і здзек!
Веру - збудуцца нашыя мары!
Памятай, беларус, што і ты чалавек,
Які можа сабой гаспадарыць.
Нашы скарбы вякамі цягалі ад нас,
Нашу радасць у гразь утапталі.
У вялікі паход клічуць праўда і час,
Клічуць слаўнай мінуўшчыны далі.
Вось таму з паўзабытых
курганаў-вякоў,
Ідучы зацярушаным следам,
Заклікае нашчадкаў пазбыцца акоў
Маладая князёўна Рагнеда...
Мае сустрэчы з Лявонам Шпакоўскім
Асабіста я добра быў знаёмы з беларускім паэтам Лявонам Шпакоўскім - Случаніным. Мы часта перасякаліся ў рэдакцыі салігорскай штотыднёвай газеты вытворчага аб'яднання "Беларуськалій" "Калійшчык Салігорска", якая на той час размяшчалася на першым паверсе чатырохпавярховага будынка аб'яднання па вуліцы Каржа, 5.
Лявон Раманавіч прыносіў свае мастацкія творы - паэмы і вершы да друку ў газету "Калійшчык Салігорска", а я дакументальныя матэрыялы аб падзеях падчас станаўлення незалежнасці Беларусі напрыканцы 80-х і пачатку 90-х гадоў, у якіх прымаў непасрэдны удзел у Салігорску і ў Менску. Гэта удзел у страйках, мітынгах шэсцях па вуліцах, свайго горада і ў сталіцы Беларусі, а таксама - у стварэнні салігорскіх арганізацый БНФ і ТБМ.
Лявон Шпакоўскі быў ужо ў сталым узросце. Яму на той час было пад 80 гадоў. Але ён трымаўся бадзёра, быў добразычлівым і ўраўнаважаным чалавекам.
Прыпамінаеццца верасень 1991 года, калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай, ніжэй прывяду вынятку са свайго матэрыялу "Сустрэча на плошчы", надрукаванага ў газеце "Калійшчык Салігорска" 18 кастрычніка 1991 года.
"... 25 верасня на цэнтральнай плошчы Салігорска адбылася сустрэча жыхароў нашага горада з народнымі дэпутатамі, якія прадстаўляюць апазіцыю БНФ "Адраджэнне" ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь. Над плошчай луналі бел-чырвона-белы сцяг нашай рэспублікі і блакітна-чорны сцяг з эмблемай незалежнага прафсаюза гарнякоў вугальнай прамысловасці, які ўручылі вугальшчыкі беларускім шахцёрам-калійшчыкам.
Сустрэчу на тэму "Беларусь і Салігорск да і пасля путчу" адкрыў старшыня выканаўчага бюро НПГ Іван Юрчевіч...
... Затым слова было дадзена лідэру Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" Зянону Пазняку.
... На сустрэчы выступілі народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь Я. Новікаў, І. Германчук, В. Голубеў, лідэры - рабочага руху Г. Мухін і М. Собаль, салігорцы У. Дуброўскі, У. Чарныш, старшыня рэгіянальнай рады ТБМ імя Ф. Скарыны М. Мацюкевіч, сябра Салігорскай рады БНФ "Адраджэньне" В. Лялькін і іншыя...."
Я на той час быў старшынём рады Салігорскай раённа-гарадской арганізацыі БНФ "Адраджэньне", знаходзіўся на трыбуне з харугвай "Пагоня" ў руках.
Цэнтральная плошча была шчыльна запоўнена жыхарамі Салі-горска. У сустрэчы з народнымі дэпутатамі Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.
На плошчы знаходзіўся і Лявон Шпакоўскі - Случанін. Ён стаяў з заходняга боку трыбуны. З вачэй паэта цяклі слёзы радасці ад таго, што ён дажыў да светлага дня сваёй Краіны, да абвяшчэння Беларусі незалежнай дзяржавай. Ён стаяў і моўчкі рукамі выціраў слёзы. А ў 1995 годзе яго не стала. У яго пахаванні прымаў удзел і я.
На Чыжэвіцкіх могілках
Беларускі паэт Лявонцій Раманавіч Шпакоўскі-Случанін 15.11.1914 г. - 25.11.1995 г. пахаваны на заходняй ускраіне Чыжэвіцкіх могілак.
У лістападзе 2015 года з нагоды 20-ай гадавіны з дня смерці Лявона Шпакоўскага сябры Салігорскай гарадской арганізацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Уладзімір Амяльчэня, Анатоль Дунецкі, Уладзімір Масакоўскі, Ларыса Наздрына і Ларыса Насановіч наведалі магілу паэта, настаўніка, шчырага беларуса і ўшанавалі яго памяць ускладаннем жывых кветак і чытаннем яго патрыятычных вершаў "Памяці Кастуся Каліноўскага" і "25-га сакавіка 1918 года"
Лявон Шпакоўскі-Случанін прайшоў цярністы зямны шлях і праз усе жыццё пранёс сцяг любові да сваёй Бацькаўшчыны, да роднай мовы і паэтычным словам змагаўся за Свабоду і Незалежнасць роднай Беларусі супраць іншаземнай тыраніі.
Уладзімір Масакоўскі, старшыня Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Фота Уладзіміра Масакоўскага.
175 гадоў з дня нараджэння Казіміра Альхімовіча
Казімір Дамінікавіч АЛЬХІМОВІЧ (20 снежня 1840, в. Дэмбрава (Дубрава) Лідскага павета, цяпер Шчучынскі раён - 31 снежня 1916, Варшава) - мастак.
Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і, старэйшы брат Гіяцынта Альхімовіча. Скончыў Віленскую гімназію, дзе між іншым атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю. На мастацкае станаўленне К. Альхімовіча аказала моцны ўплыў творчасць вядомага віленскага мастака Канута Русецкага. Разам з братам удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 г., за што быў сасланы на Урал. Вярнуўся ў 1869 годзе пасля амністыі, вучыўся ў мастацкай школе В. Герсана ў Варшаве, у 1873-1875 гадах працягвае навучанне жывапісу ў Акадэміі мастацтваў у Мюнхене. У 1876-1877 гадах жыве ў Францыі, выстаўляе свае карціны ў парыжскіх салонах. З 1877 года жыве пераважна ў Варшаве. Творчасці К. Альхімовіча характэрная гістарычная і міфалагічная тэматыка.
Творчасць звязана з мастацкім жыццём Польшчы і Беларусі. К. Альхімовіч лічыцца адным з апошніх беларускіх мастакоў рамантычнага кірунку. Ён малюе карціны на гістарычную і міфалагічную тэматыку, пейзажы Літвы і Татраў, рэлігійныя палотны, жанравыя сцэнкі. З 1880 года ўдзельнік еўрапейскіх і сусветных выставаў. Выстаўляўся ў Варшаве, Мюнхене, Адэсе, Кракаве, Вене.
Ствараў карціны на тэмы беларускай, польскай і літоўскай гісторыі: "Пахаванне Гедыміна", "Пасля бітвы", "Ліздзейка з дачкой на руінах царквы Пяруна", "Абарона Ольштына" (1883), "Смерць Глінскага ў турме" (каля 1884). Яго палатно "Пахаванне Гедыміна" (1888) двойчы заваёўвала ўзнагароды. У творах, створаных пад уплывам сібірскай высылкі, гучыць пратэст супраць расейскага каланіяльнага валодання на Беларусі: "Смерць у выгнанні", "Пахаванне на Урале" (Каля 1890), "На этапе" (1884) і іншыя. У карцінах на бытавыя тэмы паказаны праца парабкаў, іх цяжкая доля: "Жніво" (1869), "Найманне работнікаў" (1893), "Хата парабка", "У поце чала" і іншыя.
Акрамя жывапісу, мастак захапляўся роспісам фарфору і фаянсу, а таксама разьбой па дрэве. Вялікая колькасць прац К. Альхімовіча захоўваецца ў варшаўскім Народным музеі.
К. Альхімовіч вядомы як ілюстратар твораў Ю. Славацкага і А. Міцкевіча.
Вікіпедыя.
Рэспубліканская Рада ТБМ
Чарговае паседжанне рэспубліканскай Рады ТБМ пройдзе ў Менску 24 студзеня 2016 года .
ЗНАЙСЦІ ГАРМОНІЮ
За 61 год свайго жыцця неаднойчы задумваўся аб тым, у чым чалавечае шчасце? Часцей за ўсё прыходзіў да высновы, што яно ў гармоніі душы і цела, г.зн., калі не баліць ні душа, ні цела. Напэўна, кожны чалавек імкнецца да яе, але далёка не кожны можа сцвярджаць, што часта дасягае такога спалучэння плоці і душы. Зразумела, шчасце не можа быць даўгавечным, таму як у сваім жыцці чалавек часцей клапоціцца пра цела, а душу робіць "назіральнікам" плоцкіх пакут. Тыя ж, хто выратоўвае сваю душу, большы клопат аб ёй і праяўляе, а патрэбы цела задавальняе ў мінімальна неабходнай для яго колькасці. Напэўна, самае галоўнае і складанае - знайсці разумны баланс паміж цялесным і духоўным, тады гэта і будзе гарманічным існаваннем.
Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве, а менавіта такую назву мае праца вядомага пісьменніка і публіцыста Васіля Якавенкі (Мінск: Тэхналогія, 2015. - 47 с.) - задача яшчэ больш складаная.Тым не менш шаноўны аўтар узяў на сябе смеласць паставіць пытанне аб такім пошуку і, што самае галоўнае, паспрабаваў даць правільны адказ.
Прэзентуючы гэту брашуру, можна было б абмежавацца агульнымі словамі анатацыі. Аднак такі падыход быў бы не зусім правільным, таму як не вельмі часта ў нашым друку з'яўляюцца працы такога зместу, якія прымушаюць задумацца і лепш зразумець, якое месца павінен займаць беларускі этнас ва ўмовах "Глабальнага Грамадзянства". Пазіцыя аўтара зразумелая і я яе поўнасцю падзяляю: "А што да беларусаў, то калі яны беларусы не толькі паводле месца жыхарства, але і паводле складу душы, мяркую: ім больш даспадобы быць грамадзянамі не проста планеты, а перш, чуеце, роднага краю, і думаць і дбаць як пра маці-Беларусь, так і пра ўсю Зямлю" (с.9).
Па чалавечы мне зразумела і вельмі прыемна, што сп. Якавенка пачынае сваю брашуру з прысвячэння. Яно адрасавана знакамітаму айчыннаму філосафу Мікалаю Ігнатавічу Крукоўскаму (1923 - 2013), якому ён "аддаваў перавагу і асабліва цаніў" (разам з Вільгельмам Гумбальтам). Апошнія радкі прысвячэння шмат кажуць не толькі пра земляка-філосафа, але і пра самога аўтара: "Адно ведаючы пра ягоную грамадзянскую і проста чалавечую годнасць, адоранасць, сціпласць і праведнасць духу, цяпер думаю, што меў справу з святым чалавекам" (с.7).
Не можа не падкупляць (і радаваць) разважанне сп. Якавенкі "пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым беларускім народам як неабходнасць - ратаваць і ратаваць сябе ў нацыянальнай супольнасці, у суладдзі, берагчы ідэнтычнасць, звычаі, менталітэт, мову, культуру, старанна жывіць і развіваць творчы і наогул стваральны імпэт" (с.10).
Нарэшце, уласна для сябе знайшоў адказ на пытанне, дзе пачатак фармавання нашага этнасу. Вядома, што ў яго пошуках знаходзяцца многія навукоўцы. " Мяне ж, - адзначае В. Якавенка, - не пакідае думка, падтрыманая і філосафамі М. Крукоўскім, А. Тойнбі, што ў Вялікім Княстве Літоўскім у Сярэднявеччы, асабліва пасля Грунвальдскай бітвы, паспяхова фармавалася Нацыя ліцвінаў, як на сёння - продкаў беларусаў…" (с.11). Разважаючы далей пра нацыястваральныя складнікі гэтага гістарычнага перыяду, аўтар робіць вельмі слушнае параўнанне каштоўнасці Статута Вялікага Княства - легенды краіны, - з Крыжам Ефрасінні Полацкай.
Вельмі справядліва гучаць словы брашуры аб небяспечным супакаенні нават тады, калі нацыя склалася: "І, калі Нацыя аднойчы заявіла пра сябе, то ўжо без шчырага клопату пра яе росквіт сваіх жа грамадзян яна марнее, буцвее" (с.14). Нам усім сёння пра гэта ніяк нельга забывацца. Я маю на ўвазе не толькі звычайных грамадзян краіны, але найперш улады ўсіх узроўняў. Калі робіцца параўнанне "мы тыя самыя рускія, толькі са знакам якасці" , калі гучыць з самых высокіх трыбун то пятая калона , то абразлівае "свядомыя" , такое пустаслоўе як нішто іншае правакуе антыбеларускія настроі. А калі ўсё гэта падмацоўваецца ліквідацыяй беларускамоўнага навучання, скарачэннем увогуле беларускамоўнага асяроддзя, застаецца не шмат крокаў да самаліквідацыі нацыі. І хаця аптымістычна гучаць словы аўтара: "Дзіва, праз якія нягоды прайшла, усталёўваючыся, наша ліцвінска-беларуская супольнасць! 200 гадоў мардавання рознымі чыннікамі з усходу і захаду, прычым амаль кожныя 30 гадоў - вынішчэнне адроджанай беларускай эліты" , пільнасць губляць ніяк нельга. Ды і сам сп. Якавенка прыводзіць шматлікія прыклады (пра чарку і скварку, гарэлку "Бульбаш", чужародных гастарбайтэраў і інш.), якія вядуць да страты ідэнтычнасці, а яна, у сваю чаргу, "вядзе да неўрозаў…" (с.15). Вось тут і трэба, нашаму чынавенству звярнуць увагу на гэтыя рэчы, а не толькі дбаць пра хакей і курсы валютаўтварэння і думаць, што здароўе нацыі залежыць ад колькасці заваёваных медалёў на чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях. Больш за ўсё мне хацелася, каб гэта работа сп.Якавенкі патрапіла ў рукі чыноўнікаў Беларусі і прачытаўшы яе, яны зразумелі, што духоўнасць і гармонія ў грамадстве - гэта той трывалы падмурак, на якім трымаецца ўсё астатняе, а забяспечваюць іх "нацыянальная адукацыя, іншыя нацыянальныя інстытуцыі, духоўныя каштоўнасці, якія звычайна ўтвараюць залаты купал над суверэннай краінай" (с.15).
Як працяг тэмы артыкула пра духоўнасць і гармонію ў грамадстве друкуецца калектыўны зварот, падрыхтаваны аўтарам у 2012 годзе і накіраваны ў дзейныя еўрапейскія структуры. У ім - абгрунтаваная крытыка сучаснай еўрапейскай ліберальнай палітыкі ў развіцці краін, а ў якасці сімвала найвышэйшых гістарычных дасягненняў еўрапейскай цывілізацыі прапануецца стварыць велічны Музей гісторыі і культуры Еўропы. Безумоўна, хацелася, каб такі Музей быў створаны не на папялішчы еўрапейскай цывілізацыі, а цяпер, як напамін пра тое, што менавіта яна на працягу тысячагоддзяў была, ёсць і будзе эталонам чалавечага развіцця, духоўнага і сацыяльнага прагрэсу.
Вячаслаў Сасноўскі, канд. геагр. навук, дацэнт.
125 гадоў з дня нараджэння Язэпа Ядкоўскага
ЯДКОЎСКІ Язэп (20.12.1890, Гародня - 2.1.1950), археолаг і нумізмат. Скончыў Гарадзенскую гімназію, Маскоўскі археал. ін-т (1912). Працаваў у Румянцаўскім музеі ў Маскве, быў кансерватарам Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губерняў. Дзякуючы Ядкоўскаму былі захаваны іканастас 17 ст. ў Супраслі, касцёл з фрэскамі ў Гарадзішчы. Выступаў у абарону Сынкавіцкай царквы-цвердзі, Мірскага замка. Разам з В. Шукевічам праводзіў археал. даследаванні ў Начы (Воранаўскі р-н), разам з Ю. Талька-Грынцэвічам - у Ланкішках (Воранаўскі р-н) і Дубічах (замак Вітаўка). У 1920 урадам Польшчы зацверджаны кіраўніком бюро дзярж. апекі над помнікамі гісторыі і культуры ў Гародні і Гарадзенскім пав., стварыў Гарадзенскі гістарычна-археалагічны музей, хавальнікам якога быў да 1936 года. Арганізаваў выданне штогодніка "Музей у Гародні" ("Muzeum w Grodnie"). З канца 1930-х г. працаваў у Варшаве, з 1944 у Кракаве, хавальнік Народнага музея (з 1945), старшыня Варшаўскага нумізматычнага т-ва, рэдактар часопіса "Wiadomosci numizmatyczno-archeologiczne" ("Нумізматычна-археалагічныя ведамасці"). Правёў археал. раскопкі ў Ваўкавыску (1925), у Гародні на Замкавай Гары (1932-33), дзе выявіў княжацкі церам, участак мураванай сцяны, рэшткі 2 мураваных храмаў (пазней атрымалі назвы Гарадзенская Ніжняя царква і Гарадзенская Верхняя царква). У 1935 даследаваў Каложскую царкву, якую датаваў 11 ст. Засталася нявыдадзенай шматтомная праца Я. "Польскія рэліквіі ў Расіі". У снежні 1990 у Гарадзенскім гісторыка-археал. музеі адбылася навук. канферэнцыя з нагоды 100-гадовага юбілею Ядкоўскага, яго памяці прысвечаны зборнік артыкулаў "Краязнаўчыя запіскі" (Гародня, 1990).
А.П. Госцеў, В.В. Швед.
У Баранавіцкай арганізацыі ТБМ - новы кіраўнік
На справаздачна - выбарчым сходзе Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, які адбыўся 19 снежня на сядзібе ТБМ у вёсцы Русіна, абраны новы старшыня грамадскай арганізацыі. Ім стаў Мікалай Падгайскі.
Хвілінай маўчання ўшанавалі сябры арганізацыі памяць былога кіраўніка Баранавіцкай філіі ТБМ Віктара Сырыцы, які заўчасна пайшоў з жыцця сорак дзён таму. Пасля гэтага са справаздачным дакладам выступіў намеснік старшыні арганізацыі Мікалай Падгайскі.Ён распавёў прысутным пра тое, чым займалася філія на працягу апошняга года. Гэта і даследчыя работы, звязаныя са 100-годдзем пачатку Першай сусветнае вайны, і шматлікія сустрэчы з выбітнымі людзьмі краіны, і ўсталяванне шыльдаў на гістарычных помніках, і правядзенне свята вышыванкі, і шмат іншых мерапрыемстваў дзеля ўшанавання гістарычнай спадчыны нашай зямлі. Прысутных вітаў старшыня ТБМ краіны Алег Трусаў, які браў удзел у сходзе. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што ў плане арганізацыі - пошук сродкаў на ўшанаванне памяці Віктара Сырыцы, усталяванне на магіле грамадскага актывіста добрага помніка. Алег Трусаў адразу зрабіў і першы ўнёсак на гэтую справу. Кіраўнік рэспубліканскай арганізацыі падкрэсліў, што Сырыца шмат зрабіў, каб на Баранавіцкай зямлі стаялі помнікі выбітным людзям, і трэба зрабіць усё, каб і яго памяць была ўшанавана належным чынам.
- Нас хвалюе пераемнасць, - адзначыў ён. - У Беларусі некаторыя арганізацыі з сыходам кіраўнікоў проста перасталі існаваць.Таму вельмі важна, каб справа, якой займаўся Віктар Антонавіч, была працягнута. Алег Трусаў прапанаваў абраць старшынём філіі намесніка Віктара Сырыцы Мікалая Падгайскага. Кандыдатура была адобрана аднагалосна. Намеснікамі старшыні абраныя Анжэла Камбалава і Аляксей Белы. Абрана таксама Рада арганізацыі і адноўленыя суполкі.
Ганаровым старшынём Баранавіцкай рады ТБМ абраны Міхась Бернат.
Наш кар.
Выйшаў "Верасень" № 13
Выйшаў з друку чарговы, трынаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Кацярыны Массэ, Аліны Паўлоўскай, Кацярыны Глухоўскай, Веранікі Міхалёвай, Ірыны Зоркі, Лізаветы Дамінікі Панамаровай, Уладзіміра Чараухіна, Рагнеда Малахоўскага, Кацярыны Шчаснай, Ігара Канановіча і Паўла Змітрука.
Раздзел "Проза" складаюць апавяданні Аляксандры Сымановіч, Алеся Яшчанкі, Сяргея Белаяра, Юры Несцярэнкі, а таксама прыпавесці Эдуарда Дубянецкага і герадоцінкі Леаніда Дайнекі.
У раздзеле "Пераклады" друкуецца адрывак з рамана албанскага празаіка Ісмаіла Кадарэ "Хроніка ў камені", пераствораны па-беларуску Максімам Мудровым. А таксама раздзелы з кнігі "Пра гаспадара і літаратуру" Вікторыё Аліф'еры ў перакладзе з італьянскай мовы Аксаны Данільчык.
Раздзел "Крытыка" адкрывае культуралагічны артыкул Ірыны Хадарэнкі "Выкраданне Еўропы". Аб "шчаслівай залежнасці" ад беларускай літаратуры разважае ў сваім эсэ Васіль Дэ Эм. Пра вытокі творчага натхнення ў гутарцы з Эдуардам Акуліным распавядае маладая паэтка і музыка Кацярына Ваданосава. Запісамі з "памятнай кніжкі" дзеліцца Леанід Дранько-Майсюк. Пра тое, "што трэба рабіць творцу, каб стаць сапраўдным паэтам" - гутарка з маладым літаратарам Алесем Емяльянавым-Шыловічам. У цыкле "Шчонаўскія абразкі" вяртаецца ў гады свайго дзяцінства Ала Петрушкевіч. Пра месца песні ў жыцці чалавека - фальклорны артыкул Генадзя Лапаціна. Падабенства паміж "жанчынай і леапардам" шукае ў рэцэзніі на кнігу Таццяны Барысік крытык Таццяна Мацюхіна. У рэцэнзіі "Ад медытацыі да шансона…" вымярае творчы дыяпазон паэтаў Ігара Канановіча і Васіля Дэбіша літаратуразнавец Анатоль Трафімчык. Па традыцыі заканчваецца нумар "дыскаграфіяй" музычнага аналітыка Вітаўта Мартыненкі.
Пытайце "Верасень" № 13 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце "Верасень" на сайтах: Kamunikat.org і tbm-mova.by. Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: verasenchas gmail.com.
Наш кар.
Аліна Паўлоўская, паэтка. Студэнтка трэцяга курса філалагічнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Нарадзілася ў 1995 годзе ў Гародні. Жыве ў Гародні.
Мелодыя кахання
***
Ты сягоння мой, маё бяссонне.
Я сягоння - твой салодкі сон.
Не давай, малю, мне апрытомнець,
Забірай бязвольную ў палон!
Хай гучыць мелодыя кахання,
Напаўняе светлай цішынёй
Першае трывожнае спатканне
Цёплых вуснаў, белых рук сувой.
***
Сёння лётнае надвор'е:
Горача, зацішна.
Залятае на падворак
Белы попел з вішняў.
Сёння страчанае ўчора
Сустракае заўтра.
Сёння я - твая прастора.
Будзеш касманаўтам?
Шчасце
Якое шчасце - сустрэць свой лёс
На ціхіх вулак перапляценні,
Не пакідаючы нават ценю,
Кружляць над цемрай сямі нябёс.
Якое шчасце - цябе знайсці
На бездарожжы пад жоўтым клёнам
І пад завесаю паркалёвай
Змяркання попелам адцвісці…
Дваццатай вясной
Дваццатай, растрывожанай вясной
На беразе самотнага чакання
Пад хвалямі вільготнага расстання
Знікалі мары - музы дзіўных сноў.
Іх воклічы глушыліся вадой.
Іх рукі, што шукалі прагна Бога,
У роспачы хапаліся за ногі
Мае - цягнулі ў цемру за сабой.
І я ішла, пакорная, на дно,
Пакінуўшы на беразе чаканне.
Канала недарэчнае каханне
Дваццатай, растрывожанай вясной.
***
На падворку добрае надвор'е.
Толькі ў сэрцы зноў ідуць дажджы.
І слата, разбаўленая болем,
Па шчаках сцякае і душы.
***
А я чакала, верыла табе,
Малілася жывым і мёртвым зорам,
І жораву, і грушам на вярбе,
І сораму падманлівым узорам.
Я ўсё сваё маленькае жыццё
Гатовая была аддаць задарма,
Як дрэвы аддаюць зямлі лісцё
У полымя кастрычніцкіх пажараў…
Так, я была гатовая на ўсё.
Я верыла табе і ўсё чакала.
А ты мяне адкінуў, як рыззё.
І я рыззём ля ног тваiх упала…
Беларускі нацыянальны касцюм
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Іншыя ўпрыгожванні - брошкі, бранзалеты, пярсцёнкі - таксама насіліся пераважна заможнымі катэгорыямі насельніцтва.
Апісанне дзіцячага адзення
Летам сялянскія дзеці насілі доўгую палатняную кашулю, большыя дзеці - з порткамі, меньшыя - без іх. Абутак часта адсутнічаў.
У адзенні сялянскіх дзяцей да пачатку ХХ ст. таксама існавалі некаторыя адрозненні. Перш за ўсё, яны былі абумоўлены полаўзроставымі асаблівасцямі дзяцей, а таксама мясцовымі традыцыямі і сацыяльным статусам бацькоў. У першыя гады жыцця ў немаўляці адрозненняў гэтых не існавала.
Кашуля была першым адзеннем, што апраналі яшчэ ў перыяд ранняга дзяцінства хлопчыку і дзяўчынцы сялянскага саслоўя, якія ўжо добра трымаліся на ножках. Доўгая кашуля з тоўстага хатняга палатна служыла адзіным адзеннем хлопчыкаў і дзяўчынак да 5 гадоў, а часта і да 6-8 гадоў і нават болей. Яе падпярэзвалі даматканым поясам.
У цёплую пару года дзеці хадзілі ў такой кашулі босыя. І адрозніць хлопчыка ад дзяўчынкі можна было толькі па даўжыні валасоў (у хлопчыка - кароткія, пастрыжаныя паўкругам, у дзяўчынак - доўгія, заплеценыя ў коскі), а таксама па шнурку караляў, якія ўпрыгожвалі толькі шыю дзяўчынак. Летам сялянскія дзяўчынкі рабілі сабе каралі з чырвоных ягад рабіны, з гарлачыкаў, якія ў час квецені ірвалі на рэчцы або сажалцы. Доўгую сцябліну гарлачыка раздвойвалі на дзве, надломваючы потым невялічкімі кавалачкамі. Атрымлівалася ўпрыгожанне наўзор ланцужка з медальёнам, якім служыла расцвіўшая кветка з белых лілеяў і жоўтых гарлачыкаў.
У 6-8 гадоў хлопчыкам апраналі порткі. Рабіліся яны з даматканай тканіны і фарбаваліся ў хатніх умовах расліннымі фарбамі. Абновы дзецям шылі толькі да свята Вялікадня, і гэта ўздымала настрой дзяцей - яны адно перад адным паказвалі новае адзенне.
(Працяг у наст. нумары.)
Р О З Д У М
(паэма)
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
На свеце шмат чаго я бачыў,
Але не чуў і не чытаў,
Каб бальшавік ўдаве прабачыў
Альбо капейку дараваў.
Наадварот, у турму саджалі
Удоў былых франтавікоў,
У якіх дзеткі галадалі,
За збор калгасных каласкоў.
І шмат хто з іх сканаў у няволі
За дзесяць катаржных гадкоў,
І ўжо не бачылі ніколі
Сіроткі круглыя бацькоў.
Дзяцей дзяржава гадавала.
З іх бальшавіцкая "братва"
Манкуртаў - сталінцаў кавала
(Людей, не помнящих родства)
А Польскі ўрад стварыў умовы,
Каб чалавек мог зарабіць,
А ты ўжо сам рабі высновы,
Як тут пры Польшчы было жыць.
****
Марыя ў жыда працавала
Каля пяці гадоў запар.
За гэты час нявестай стала -
Дзівосны стан, прыгожы твар.
А з роднай вёскі, трэ адзначыць,
Хлапец яе даўно кахаў,
Каб на хвіліну хоць убачыць,
У Слонім часта прыбягаў.
Яго сям'я была заможнай,
Марыя ж беднай сіратой,
А Гіменей бездапаможны
Перад Гермесавай казной.
Таму на шлюб бацькоўскай згоды
Хлапец, на жаль, не атрымаў,
І ён вось з гэтае нагоды
Пятлю на шыі завязаў.
З каханнем першым развітацца
Яна ў сяло прыйшла пяшком,
Не даў Бог шлюбам ім пабрацца -
То часта плакала цішком.
Бацькі хлапца такую страту
Змаглі не доўга перажыць
І ў след за сынам з сваёй хаты
Зышлі туды, дзе сын ляжыць.
Праз два гады лёс памяняўся,
Бо малады яшчэ ўдавец
У Маню нашу закахаўся:
Павёў дзяўчыну пад вянец
Мужык быў ёй наскрозь адданы,
Яе не крыўдзіў, шанаваў
І ад ўдзячнае Мар'яны
Узаемнасць хутка атрымаў.
Праз год дачушку нарадзілі,
Сафія - ёй далі імя.
Пра іх у вёсцы гаварылі:
"Якая файная сям'я!"
Што шчасце будзе іх бясконцым,
Марыя мроіла дарма,
Бо ўсім вядома, што пад сонцам
Нічога вечнага няма.
Жыццёвы ўзровень павышаўся,
Пра сына марылі яны,
Але па свеце ўжо бадзяўся
Прывід сусветнае вайны.
****
Ды вось пра тое, што пачаўся
На Польшчу панскую напад,
Народ у вёсцы ледзь дазнаўся
Праз пару дзён. На жаль, урад,
Які ad morza i da morza
Сваю краіну будаваў,
Германцам даць адпор не зможа,
Бо да вайны не рыхтаваў
Сваю дзяржаву, як належыць,
Калі па шчырасці казаць,
Дый ад яго не ўсё залежыць -
Цяжкая справа ваяваць.
І хоць польскі orzel biаly
Узор адвагі паказаў,
Нямецкі adler, больш удалы,
Яго на часткі разадраў.
Масква Берліну памагала
Варшаву вольную душыць.
І праз сямнаццаць дзён напала
Каб Kresy Wshоdni захапіць.
"Яшчэ польска не згінэла,
Але згінуць мусіць.
З адной строны немец б'е,
З другой рускі душыць."
На польскі гімн прыдумаў хтосьці
Такія сумныя радкі.
Напэўна той, хто пеў пра косці
І коннай арміі клінкі.
Напад на Польшчу - вынік змовы,
І гэта ўжо вядомы факт,
Што перадзел, парадак новы,
Еўропе нёс таемны пакт.
У адпаведнасці дамове
На крэсы немцы не пайшлі,
Адсюль дамоў сышлі панове,
А ўслед таварышы прыйшлі.
Але народ таго не ведаў,
Тым больш такога не чакаў,
Таму ўсходняга суседа
Як вызваліцеля вітаў.
Ды праваліцца мне на месцы, -
Казаў яе стрыечны брат,
Каб даказаць, што быў у Брэсце
Сумесны з немцамі парад.
Свабоду, роўнасць і братэрства
Як быццам нам яны няслі.
Насамрэч - рабства, "людажэрства"
Ды гвалт краіне прыняслі.
Прыход саветаў, ён адзначыў,
Для нас вялікая бяда.
Я войска іхняе пабачыў -
Не войска гэта, а арда. -
І апавёў ён пра ватоўкі,
Слабыя коні ў іх вазах
І вельмі доўгія вінтоўкі,
І пра абмоткі на нагах.
Яшчэ, мой пан яснавяльможны,
Зрабіў я вывад тут такі:
Наўрад ці там народ заможны,
Калі іх войска - жабракі.
Вось у паляка ўсё прывабна:
Рыштунак, вопратка і бронь.
Усё прыгожа, зручна, зграбна,
Пароды ангельскае конь.
А што паразу атрымалі,
То што ж яны маглі зрабіць?
Палякі мужна ваявалі,
Ды танка шабляй не прабіць.
Апавядаў аднавясковец,
Які ў Слоніме служыў -
Чырвонай арміі вайсковец
Яму са смуткам гаварыў:
- Вы вызваліцялей чакалі?
Віншую вас, яны прыйшлі.
Але не шчасце вы прыдбалі,
А кайданы сабе знайшлі.
Яны вас вызваляць ад волі,
Ад дабрабыту, ад царквы,
І ад такой шчаслівай долі
Яшчэ наплачацеся вы.
Забыць прыдзецца пра кілбасы.
І паляндвіцы смак забыць.
Яны вас згоняць у калгасы,
Каб задарма на іх рабіць.
Усіх разумных, працавітых
Пад корань высякуць. Тады
Прыгонны лад для паспалітых
Увядуць на доўгія гады.
- Не верце байкам таго гада:
Саюз - працоўных усіх аплот,
Бо там народная ж улада,
Яна ж там дбае пра народ,-
Так гаварыў другі вясковец
КаПэЗэБэўскі актывіст
Па чужых жонках адмысловец,
Лайдак, мясцовы камуніст.
Дарэчы, ён пражыў замала,
Чамусьці ўлада за сваіх
КаПэЗэбэўцаў не ўспрымала,
Таму і вынішчыла ўсіх.
Ну, а пакуль бальшавікам
Яны з ахвотаю служылі
І чынавенству, мужыкам
Бяды і гора нарабілі.
Кароў і коней адбіралі,
Па спісах іх у мужыкоў
З дзяцьмі на поўнач высялялі
Людзей чыноўных,"кулакоў".
Бальшавікі ім патуралі,
Таму яны без перашкод
Чынілі помсты, рабавалі,
Пускалі нават у "расход".
Напрыклад, мне апавядалі
Факт вельмі жудасны. Яны
Пад Кушнярамі катавалі
Людзей, не маючых віны.
У Івацэвічах забралі
Яны мясцовых леснікоў
І ў лесе ўсіх пазабівалі,
Бо быў загад бальшавікоў.
Цікава мне, як чалавеку,
І я ўсё думаў, меркаваў:
Ну чым саўдэпам небяспеку
Ляснік звычайны ўяўляў?
Народ у вёсцы сумняваўся,
Якую думку падтрымаць,
Ды лёс не імі вырашаўся.
Што зробіш тут? Адно - чакаць.
Але чакаць не давялося,
Бо бальшавік тут не драмаў
Збывацца хутка пачалося
Ўсё, што вайсковец прадракаў.
****
Бялевіч, з Косава быў дзядзька,
Аднойчы ён апавядаў,
У тую восень яго бацька
Канём зямлю сваю араў.
Пачуўшы лязг жалеза раптам,
Спыніў каня і бачыць ён -
Шыбуе там Ружанскім трактам
Савецкіх танкаў батальён.
Ён кінуў плуг, на тракт падаўся.
Махаў рукамі і крычаў.
Калі ж апошні танк прамчаўся,
То след яго пацалаваў.
А дома ён кавалак хлеба
Аддаў каню, як распрагаў,
І не падумаўшы, як трэба,
Усё жонцы шчыра расказаў.
Праз тыдзень у Косава з'явіцца
Загад прынёс яму кур'ер,
Яшчэ параіў не спазніцца,
А то зацягнуць за каўнер.
Калі збіраўся ён у гміну
Касцюм адзіны апранаў.
Не ведаў позвы той прычыну,
Але благога не чакаў.
І вось прыходзіць ён да гміны
Хусцінкай выцер потны твар,
А там, дзе войт сядзець павінны,
Сядзіць чырвоны камісар.
- Дзень добры, пан, - яго вітае.
- Какой я пан? Товарищ я!
Садись, товарищ, - і пытае, -
А как фамилия твоя?
- Бялевіч я з суседняй вёскі,
Мяне Міколаю завуць.
Я паважаю Закон Боскі,
Я з тых, хто працаю жывуць .
Таварыш у рукі ўзяў паперы,
Там хутка штосьці прачытаў
Расшпіліў гузік на каўнеры
І так даверліва казаў:
- Да, вижу, ты рабочей масти:
И мой вопрос к тебе таков:
Скажи-ка ты Советской власти,
А сколько у тебя коров?
- Няма сакрэту, дзве каровы
Ёсць у меня на гэты час.
А камісар нахмурыў бровы:
- Да, нет, таварищ, три у вас.
- Ды не карова то, цялушка, -
Яму Бляевіч адказаў.
- А всё одно, цена полушка,-
Так камісар пажартаваў.
- Вот власть советская решила
Тебя, Белевич, обязать,
Ну если хочешь, то просила
Одну корову ей отдать.
- Не зразумела мне чамусьці,
Таму дазвольце запытаць,
Чаму павінен я камусьці
Сваё дабро вось так аддаць?
- Да в этом смысл простой заложен,
Не буду много говорить,
А потому, что кто-то должен
Освободителей кормить.
Ещё, Белевич, отмечаю,
Что справедливость быть должна.
Ведь я коров не забираю
В хозяйствах, где она одна.
А посему распоряженье
Без промедленья выполняй.
На, распишись в уведомленьи,
Как говорят у вас, бывай.
І ён пайшоў дамоў самотны.
І сам сябе пытаў, дзівак:
"Чаму наш лёс такі гаротны,
Хто скажа мне? І як жа так?
Яны ж казалі, што саветы
Нясуць свабоду, дабрабыт
Як зразумець учынак гэты?
Я ж селянін, а не бандыт.
Усё маё здабыта потам,
Цяжкою працай, мазалём.
Ужо бяда! Што ж будзе потым?
Лічы, мы зноў пад маскалём.
Няўжо то роскаш - дзве каровы
Сям'і, шасцёра дзе дзяцей?
Па ўсім відаць, парадак новы
Ярмо накіне на людзей".
А дома жонка сустракала.
Ёй апавёў, як усё было.
Яна нічога не сказала,
А твар слязамі заліло.
Кладуцца спаць - заснуць не можа,
Хадзіў па хаце і курыў.
Ды бачыць, гэта не паможа,
І з жонкай так загаварыў:
- Ці спіш ты? - жонку ён пытае.
- Вядома, сплю, - яна ў адказ.
І дадае - А што, світае?
Ды што з табой на гэты раз?
- Са мной нічога, слава Богу.
Але ўставай, давай рашаць,
Якую ранкам у дарогу
Карову будзем адпраўляць.
Яна з-пад коўдры выглядала
Яму і кажа:
- Не гаруй.
След цалаваў? Дык гэта мала -
Пайдзі ім ср-ку пацалуй!
Нырнула ў коўдру з галавою
І ўжо адтуль яна бурчыць:
- І ў начы няма спакою.
Злуецца ён, але маўчыць.
Карову ён аддаў, вядома,
На сэрцы смутак, як імгла.
Сустрэла жонка яго дома
І суцяшала, як магла.
Праз тры гады, на жаль, не будзе
Ў іх каровы ні адной,
А ён да смерці не забудзе
Свой пацалунак глебы той.
Адэльск - мястэчка ёсць пад Гроднам,
Знаёмец мне апавядаў,
Што Мілаховіч, дзядзька родны,
Там да саветаў пражываў.
Дык ён пры Польшчы ад улады
Зямлю пад хутар атрымаў.
Сваёй зямлі быў вельмі рады,
На ёй зацята шчыраваў.
Браты яму дапамагалі,
Таму на ногі хутка ўстаў,
Узорны хутар збудавалі
Вятрак і той запрацаваў.
І пачалі ў акрузе людзі
Малоць на млыне тым муку,
Хто ж жорнамі мазоліць будзе
З-за платы нізкае руку?
Вятрак круціў там генератар
І электрычнасць вырабляў,
Такім вось метадам наватар
Сваю сядзібу асвятляў.
Разумны быў і працавіты,
Былі такімі ж і сыны.
Прыйшлі савецкія бандыты
І зруйнавалі ўсё яны,
А млынара з сям'ёй сагналі
З старонкі роднай назаўжды.
Яны ў выгнанні ўсе прапалі,
Бо не вярнуліся сюды.
У сяле Магіліцы цікавы
У тую пору жыў мужык.
Ён, прадпрыімлівы і жвавы,
Сядзець без справы не прывык.
У мужыка вятрак круціўся,
Ды шквал аднойчы моцны быў,
Вятрак часткова разбурыўся-
Ён паравік тады купіў.
І вось адладзіў ён як трэба
Працэс вытворчасці мукі
Для булак, пышак або хлеба,
Ды тут прыйшлі бальшавікі.
Вядома, млын яны забралі,
Адвезлі ў Быцень паравік.
Там на двары яго трымалі,
І ўжо ў вайну ён недзе знік.
А мужыку пашанцавала,
Напэўна, Бог пашкадаваў -
Калі прыйшла да нас навала,
То "карачун" яго забраў.
А спадкаемец у выгнанне
Не быў адпраўлены тады,
Ён не аформіў уладанне,
Бо быў занадта малады.
Але саветы не забылі
Пра сем'і нашых ляснікоў:
У тры падводы пасадзілі
Жанчын, дзяцей і мужыкоў.
Адна сям'я з іх была беднай,
А дзетак - не пералічыць.
І, акрамя кашуляў зрэбных,
Ім не было чаго насіць.
А на двары быў месяц люты,
Мароз пад мінус трыццаць пяць.
Ну як іх голых, не абутых
На поўнач можна адпраўляць?
- Да наплевать мне на погоду,-
Сказаў канвою камандзір.
Наклалі сена на падводу
І нарабілі ў сене дзір.
І, запіхнуўшы дзетак у дзіры,
Пад вой жанчын, праз мора слёз
Без спачуванняў канваіры
Смяротны рушылі абоз.
****
Было спачатку паляванне
На ўвесь дзяржаўны апарат.
Каго ў турму, каго ў выгнанне,
Але хапалі ўсіх падрад.
І кожны служка той улады,
Не важна, дзе ён працаваў,
І не залежна ад пасады
Чэкісту ў лапы патрапляў.
Усе прайшлі праз пастарункі -
Паліцыянт або ляснік,
Рабочы, служачы чыгункі,
І землямер, і паштавік.
Саветы ўсіх абрабавалі,
Хто шмат зямлі ці бізнес меў.
Затым у турмах катавалі -
І мала хто з іх ацалеў.
Яшчэ таварышаў здзіўлялі
Тавары ў крамах, кошт на іх.
Але не доўга, бо прапалі,
Не стала нават дарагіх.
Валюту Польшчы адмянілі,
Рублі савецкія ўвялі.
І ў крамах хутка ўсё скупілі,
Ну, быццам венікам змялі.
Жынчыны іхнія здзіўлялі,
Бо моду дзіўную знайшлі:
Начных сарочак накуплялі
І на музыкі ў іх пайшлі.
Паненкі ціха рагаталі,
Замерлі хлопцы ўсе, але
Яны цікава паглядалі
На той пікантны дыфіле.
Дарма смяяліся паненкі,
А мне дык вельмі іх шкада,
З бялізнай зблытаўшых сукенкі,
Бо не віна то, а бяда,
Што недзе споднія кашулі
Такіх фасонаў могуць шыць,
Яны дагэтуль і не чулі...
Няма пра што тут гаварыць.
Давайце ўспомнім мы, прыблізна,
Гадоў праз гэтак дваццаць пяць
У нас жаночая бялізна
Зноў стала попыт набіраць.
На то былі свае прычыны,
Звычайна сталі набываць
Яе замежныя мужчыны,
Каб потым дома паказаць,
Што носяць нашыя жанчыны,
І з нас ужо парагатаць.
Яшчэ таварышаў здзіўляла
Свінога сала таўшчыня.
Не можа быць такога сала
І тлустаю такой свіння.
А таўшчыню свінога сала
Прывыклі ў пальцах вымяраць.
Калі ў два пальцы - гэта мала,
Другая справа - пальцаў з пяць.
Дык вось, таварышы шукалі
У такім сале нейкіх швоў,
Бо памылкова меркавалі,
Што яно склеена з кускоў.
У кароткі тэрмін, а фактычна
Ад верасня па красавік
Да сотні тысячаў фізычна
Народу знішчыў бальшавік.
Прытым, адзначу, самых лепшых
Знішчалі ў першую чаргу,
Адукаваных, разумнейшых
У грамадстве маючых вагу.
А праз гады перыяд гэты,
Саветаў першы раз прыход,
Найменнем "першыя саветы"
Адзначыў кемлівы народ.
Маглі саветы значна болей
Народу шкоду нанясці,
Але, напэўна, Божай воляй
Адсюль прышлося ім сысці.
Што ж не дазволіла саветам
Ажыцявіць свой план спаўна?-
У сорак першым годзе летам
Да нас вярнулася вайна.
****
У вёсках нават гаварылі,
Што будзе з немцамі вайна.
А вось для Ёсі Джугашвілі
Была знянацкаю яна.
Таварыш Сталін сам, мажліва,
Напад на немцаў рыхтаваў.
Бо на памежжы ён рупліва
Войскі для наступу збіраў.
Пра абарону ён адразу,
Калі прыйшоў сюды, не дбаў.
Таму вялікую паразу
Ад немцаў хутка атрымаў.
І "легендарную" пагналі,
Мільёны ў бойках паляглі,
У палон здаліся ці прапалі,
Уцячы не многія змаглі.
Саюз крывёю абліваўся,
Народ савецкі жылы рваў,
Галадаваў, не высыпаўся,
Праз два гады на ногі ўстаў,
Падняўся не без дапамогі
Антыфашысцкай грамады,
Без іх ніякай перамогі
Не атрымаў бы ён тады.
Ну, а пакуль у вёсцы ціха
Няма ні ўлады, ні вайны...
(Нажаль, у сувязі з канцом года мы мусім на тым спыніць друк паэмы і пажадаць аўтару выдаць яе асобнай кнігай.)Аркадзь Курыс
"ЛЯГУЦЬ ПРАКОСЫ Ў ЗЯЛЁНЫЯ ШЭРАГІ…"
25 траўня г.г. споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння вядомага заходнебеларускага паэта і грамадскага дзеяча Сяргея Хмары (сапр. прозвішча - Сіняк).
Нарадзіўся С. Хмара ў вёсцы Казлоўшчына былога Слонімскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён Гарадзенскай вобласці) у сялянскай сям'і. Падчас Першай сусветнай вайны разам з бацькамі апынуўся ў бежанстве ў Расіі. Жылі спачатку ў Казані, затым у Растове на Доне. Пачатковую школу закончыў у Варонежскай губерні.
На пачатку 1920-х гадоў, з наступленнем голаду і эпідэмій на Паволжы, С. Хмара з маці і малодшай сястрой вярнуўся на радзіму, якая к гэтаму часу знаходзілася ўжо ў складзе Польшчы. Бацькі не стала яшчэ ў 1918 годзе. Працягнуць вучобу дапытліваму і здольнаму юнаку не давялося - патрэбна было зарабляць на жыццё, дапамагаць родным. Ён працуе пастухом, землякопам, будаўніком, актыўна займаецца самаадукацыяй, піша вершы, абразкі, замалёўкі. Будучы няўрымслівым па натуры, настойлівым і мэтанакіраваным, носьбітам шматлікіх ідэй і задум, С. Хмара хутка адаптуецца да новага грамадска-культурнага асяроддзя. Ён уключаецца ў работу нізавых гурткоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, пазней выбіраецца сакратаром пасольскага клуба "Змаганне", працуе інструктарам галоўнай управы Таварыства беларускай школы ў Вільні. За актыўны ўдзел у народна-вызвольным руху Заходняй Беларусі неаднаразова арыштоўваўся польскай дэфензівай і знявольваўся ў турму (сядзеў на Лукішках, у Гародні, Каранова, у канцэнтрацыйным лагеры Картуз-Бяроза і інш.).
Сяргей Хмара друкаваўся ў заходнебеларускіх перыёдыках, у 1939 годзе апублікаваў зборнік вершаў "Жураўліным шляхам". Падчас вайны жыў у Слоніме, удзельнічаў у выданні газеты "Слонімскі кур'ер", выступаў на раённым радыё. З 1944 года - на эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі, дзе пэўны час з'яўляўся рэдактарам газеты "Голас беларусаў", затым у Таронта (Канада). Там ён выдаваў часопіс "Баявая ўскалось" і газету "Беларускі голас". Апублікаваў зборнік вершаў "Мы" (1944) і кнігі даследаванняў беларускай міфалогіі "Сказы Бацькаўшчыны" (1976) і "Аб Багох крывіцкіх сказы" (1988).
Памёр С. Хмара 4 верасня 1992 года ў Таронта, пражыўшы 87 гадоў.
Даследуючы літаратуру Заходняй Беларусі і вывучаючы шматлікія архіўныя матэрыялы, нядаўна ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі давялося натрапіць на рукапісы невядомых вершаў С. Хмары 1920 - 1930-х гадоў, якія ён дасылаў у заходнебеларускія перыёдыкі, у прыватнасці, у часопіс "Калоссе". Гэтыя вершы невядомыя не толькі шырокаму чытачу, але і спецыялістам, гісторыкам літаратуры. Прапаную некаторыя з іх чытачам газеты "Наша слова".
Мікола Мікуліч.
КРАТЫ
Краты на вокнах,
ў дзвярах, ў калідорах.
Краты, і краты, і краты!
А там за кратамі свет так багаты -
Сонца праменняў там мора.
Хоць бы адну як спаймаць дзе касулю
Цераз матовыя шкліны!
Вока да шчыліны ў бліндах прытуліш,
Бачыш - дзве клёну галіны.
Коцяцца месяцы... Коцяцца годы...
Рыюць на лбу каляіны.
Ловіш ўсцяж вухам шумы свабоды -
Жджэш той Вялікай Хвіліны,
Як бухне хваля ў жалезную раму,
Скруціць саломкаю краты.
Выйдзем на вуліцу з песняю самы.
Спаткаюць - рабочы, араты.
Каранова, 1927.
ТРЫОЛЕТ
Чырвоным водбліскам
на сцёклах вокан
Пунсовее ад Ўсходу кругазор.
І згінула на небе стада зор -
Вітае ўсход пташына песняй звонкай.
Шагае мерна па двары дазор,
І спіць вастрог
ацапянелым сном глыбока.
Чырвоным водбліскам
на сцёклах вокан
Пунсовее ад Ўсходу кругазор.
Гародня, 1927.
ТАЛОКА
Выйшлі талокай да працы у поле
На зсірацелы загон,
Бо гаспадар ўжо тры года ў няволі,
Дзесь там пакутуе ён.
Жонка з малымі засталась на волі
Без гаспадарскіх ... без рук.
Выйшла ўся вёска ...
выйшла пасполам.
Сеюць, валочаць, гаруць...
Помняць: пайшлі
за грамадскае дзела!..
Кінулі дзетак і жон...
Выйшлі талокай...
І зсірацелы
Будзе засеян загон.
Казлоўшчына, 1935.
САНЕТ
Схілілісь над ракой
плакучыя вярбіны,
Бы нечага на дне яе шукаюць.
І ў серабры струмы купаюць
Свае абвіслыя галіны.
А з неба глыбіні бяздоннай, сіняй
Паўднёвым жарам сонейка палае,
І вецярок не ўскалане, закалыхае
Лістом задуманай каліны.
А там вунь у канцы даліны
Кіпіць надорліва работа.
І, вочы абціраючы ад пота,
Жнуць збожжа панскае жанчыны.
Аслабла ўсё! Няма ўжо мочы!..
Заходзяць кроўю ад натугі вочы...
Казлоўшчына, 1935.
ВЯСНА
Сцежка ласачкай выгнулась ў даль,
Кучаравяцца дзеўкі-бярозы.
Па валошкавым розгуллі галь
Сонца ходзіць хадой нецвярозай.
Вецярок шоўкатун, веснавей
Ў лазняка пазаблутваўся вецці.
Забруілась музыка чмялей,
Жар-агнямі лугі май уквеціў.
А у шэрым бяздольным сяле
Веснаход закукуе зязюляй.
Сэквестратара май там прышле,
Перадновак галодны прытуліць.
Закукуе зязюляю маць
Па забранаму радасці-сыну...
Ды драты зацвітуць-заагняць
Макам красак чырвона-малінным.
Казлоўшчына, 1935.
ВЕРАСЕНЬ
Прыйшоў верасень ў рабін полымі,
Лес абрызгала
чырвань-кроў брусніц,
Ды між дротамі тэлефоннымі
З сцягаў, поклічаў палкі бунт бруіць.
Маладняк бяроз стаў у шэрагі
З жарам-стужкамі лісця на галлі.
Рве парывамі вецер злы, ліхі,
Каб спыніць рады, маладняк зваліць.
І адказвае ветру жандару
гулам-пошумам, лес пагрозаю
Пястукоў-галін процьмай у гару...
Хмара маткаю, плача слёзамі.
Казлоўшчына, 1936.
ВОСЕНЬ
Зацвілі верасы.
Паланулі пажарам асіны.
Роем схілены ў полі жанчыны
Падалі галасы.
Зацвілі верасы.
Лязгацяць аб каменне капачкі...
Хмары сумныя мжакаю плачуць.
Плачуць лісцем лясы.
Зацвілі верасы.
І закапалі кроўю рабіны.
Плача маці старая па сыну,
Што палёг ад сталёвай асы.
Зацвілі верасы.
Запалалі лясныя паляны.
Полем-вёскай праклёны на пана...
І лятучак бунтарная сып.
Казлоўшчына, 1936.
ПРАДВЕСНЕ
Вые сабакаю вецер паўночны,
Правіць зіме хаўтурыны.
Што! Калі слепіць мяцеліца вочы,
Прыйдзе йшчэ золак малінны!
Прыйдзе! Нядоўга засталась чакаці.
Буйным ўзмятне крыгаломам.
Сына свайго дачакаецца маці...
Знойдзе радзіму бяздомны.
Сонца забрызгае з сцягаў-асцёнаў
Зорамі-полымем вочы.
Пойдуць праз межы трактар калоны.
Новым жыццём край закрочыць.
1936.
ГЭТА МЫ
Ад сахі, ад сярпа, ад варштата, гарна,
Перацёртыя колам нядолі-жарна, -
Гэта мы!
І каму, як не нам, голад кішкі круціў,
Мёртвай хваткай душыў?..
І знаёмы каму сцены, краты турмы?
Гэта мы!
І над кім, і над кім бізун панскі гуляў?..
У акопах гібеў хто?..
грыз зямлю, паміраў?..
І абходзяцца з кім,
як з скацінай, звярмі?..
Гэта мы?
Казлоўшчына.
ГОРАД
Зноў, як даўней, я па вулках шагаю,
Свой адбіваючы ў цэменце шаг.
Зміі неонаў стажарам палаюць,
Граюць вясёлкай ў вачах.
Вось і Лукішкі - панурай грамадай
Вылез з завулка знаёмы мой гмах.
Блымаюць вогнікі доўжэзным радам.
Глуха булькоча турма...
З шчылін ўспаміны паўзуць чарадою:
Першы, другі павільён...
Згінула места... Ты зноў за сцяною...
Покуль не збудзіць клаксон.
Зноў, як даўней, я па вулках шагаю.
Рытм баявы адбівае мой шаг.
Чую, як сілы ў грудзях прылівае...
Моц вырастае ў грудзях.
Вільня.
КОСІМ
Брызнула сонца ўніз зіхаццю палкаю,
Перляцца буйныя росы.
Стужкаю белаю сталі мы валкаю,
Косім.
Косы на сонцы заграюць маланкамі…
Шопатам ласкі папросіць
Пук трасціны…
задрыжыць ліхаманкаю…
Косім.
Лягуць пракосы ў зялёныя шэрагі.
Стадам капён апаросіць
Заўтра луг ўвечары, ў бераг па бераг
Косім.
Вырастуць копы стагамі ў абшарніка,
Ў рэзгінах мы сваё зносім…
Бусел аконамам
ходзіць… начальнікам…
Косім.
Казлоўшчына, 1936.Сяргей Хмара
Публікацыя Міколы Мікуліча.