Папярэдняя старонка: 2016

№ 01 (1256) 


Дадана: 06-01-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 1 (1256), 6 студзеня 2016 г.


З Калядамі, шаноўныя беларусы!

2016-ы год абвешчаны ў Беларусі Годам культуры

2016 год у Беларусі абвешчаны Годам культуры. Адпаведны ўказ № 522 Прэзідэнт Беларусі падпісаў 28 снежня.

Указ, як перадае БелаПАН, прыняты з мэтай "аб'яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама падтрымкі творчых ініцыятываў".

Урад разам з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам павінен распрацаваць і зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў на гэты год. Яны павінны закранаць усе сферы дзейнасці - культуру вытворчасці і земляробства, культуру сямейных адносін і побыту, культуру ўладкавання населеных пунктаў. Значная ўвага будзе надавацца таксама мерапрыемствам у сферы мастацкай культуры. Плануецца правесці шэраг імпрэзаў, звязаных са знакавымі для культуры Беларусі юбілейнымі датамі.

Еўрарадыё.


70 гадоў "Настаўніцкай газеце"

"Настаўніцкая газета" - выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць з 20 снежня 1945 года ў Менску на беларускай мове (да 1957 года - 1 раз, з 1958 года - 2 разы, з 1998 года - 3 разы на тыдзень).

Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні педагагічнай навукі і практыкі, аналізуе развіццё педагагічнай думкі ў Беларусі, інфармуе аб правядзенні рэформы агульнаадукацыйнай школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа.

Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам..

Газета мае шэраг штомесячных дадаткаў: "Партфоліа", "Абітурыент", "Сацыяльны ракурс", "Шосты дзень", "Адукацыя: дакументы і каментарыі", "Утульная хатка", "Рэй", "Форум", "Адукацыйная прастора". Да асаблівых дат і мерапрыемстваў выходзяць спецвыпускі.

Вікіпедыя .


Тадэвушу Кандрусевічу - 70

Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ нарадзіўся 3 студзеня 1946, мяст. Адэльск, Гарадзенскі раён - каталіцкі арцыбіскуп Мітрапаліт Менска-Магілёўскі. Сын Ігнацыя (1906-1985) і Ганны з Шустаў (1911-1999) Кандрусевічаў, меў сястру Марыю Бурыху (1949-1997).

У 1962 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год вымушаны быў сысці ў сувязі з абвінавачваннямі ў рэгулярным наведванні касцёла і ўдзеле ў набажэнствах. У 1964 годзе паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які скончыў ў 1970 на "выдатна", атрымаў дыплом інжынера-механіка па спецыяльнасці "Гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі".

У 1976-1981 навучаўся ў Духоўнай семінарыі ў Коўне. 31 траўня 1981 прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса. У 1981-1986 быў вікарыем у віленскім касцёле св. Тарэсы пры Вострай Браме, у 1986-1987 - парафіі Маці Божай Шкаплернай у Друскеніках, у 1987-1988 - у віленскім касцёле Святога Духа. 13 лютага 1988 прызначаны пробашчам гарадзенскіх парафіяў Маці Божай Анёльскай і святога Францішка Ксаверыя (катэдра).

25 ліпеня 1989 года Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго тытулярным біскупам Гіпона-Зарыцкім і апостальскім адміністратарам Менскай дыяцэзіі.

13 красавіка 1991 менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі. 21 верасня 2007 папа Бенедыкт XVI вызваліў арцыбіскупа Тадэвуша ад кіраўніцтва архідыяцэзіяй Божае Маці ў Маскве і прызначыў яго арцыбіскупам-мітрапалітам Менска-Магілёўскім.

Вікіпедыя.

"Я мяркую, што з усіх канфесій, якія існуюць у краіне, Каталіцкі Касцёл зрабіў вельмі шмат [для беларускай мовы] . У нас перакладзены і выдадзены ўсе літургічныя кнігі, фундаментальныя тэксты, дакументы Другога Ватыканскага Сабору. Падчас падрыхтоўкі апошняга з'явілася новая тэрміналогія, бо падчас перакладу многіх слоў не існавала ў беларускай мове. Вельмі хутка ў нас перакладаюцца энцыклікі, што з'яўляецца ўкладам не толькі ў жыццё Касцёлу, але і ў беларускую культуру, бо гэтая культура абагачаецца рэлігійным зместам.

Як успрымае беларускую мову грамадства - іншая справа. Мы бачым, што ў краіне існуе не такая вялікая колькасць беларускамоўных школ і гімназій. Я сустракаюся са студэнтамі, з размовы з якімі магу заўважыць, што існуе недахоп у выкладанні прадметаў на беларускай мове. Але з боку Касцёлу мы робім усё магчымае, бо, напрыклад, набажэнствы ў нас праводзяцца ў асноўным на беларускай мове."

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.


Праект

Парадак дня чарговай Рады ТБМ 24 студзеня 2016 г.

Рэгістрацыя сяброў Рады з 10.30 да 11.30.

Пачатак працы - 11.30.

1. Справаздача старшыні ТБМ аб дзейнасці арганізацыі за 2015 год.

2. Абмеркаванне і прыняцце плана дзейнасці ТБМ на 2016 год.

3. Аб удзеле сяброў ТБМ парламенцкіх выбарах 2016 года.

4. Аб стане помніка "Ў" у г. Полацку.

5. Рознае.


Беларускі народны каляндар на 2016 год

Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Гэта - фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах. Утрымлівае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя пераважна шматгадовым вопытам.

У народным календары на 2016, высакосны, год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.

У наступным, 2017-м, годзе праваслаўны і каталіцкі Вялікдзень прыпадаюць на адзін дзень - 16 красавіка.

Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і заходу сонца падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашай кнізе "Беларускі народны калян-дар" (Мінск, 2002).

Студзень

1. пт. Новы год . ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г.

6. с. Першая, Посная куцця . Перадкалядная вячэра. "Які дзень, такі і год". Тры Каралі. Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".

7. ч. Нараджэнне Хрыстова . Пачатак Каляд . "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…" . Калядавалі. Насілі "зорку". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).

9. сб. Сцяпан. "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана" .

13. с. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. "Мароз, хадзі куццю есці".

14. ч. Васілле. Новы год па правасл. календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".

18. п. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд . "Каляда ад'язджае" .

19. а. Вадохрышча (Кшчэнне) . "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама" .

20. с. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд . Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. ч. Аксіння. "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце" . Фядос . "На Фядоса цёпла" .

25. пт. Таццяна . Свята студэнтаў. Павел . "Вее вецер - будзе вайна".

31. н. Апанас. Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз" .

Люты

1. п . Ігнат. "На святога Ігната зіма багата" .

2. а. Грамніцы, Стрэчанне . "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца..." .

5. пт. Агата . Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты" .

6. сб . Паўзіміца Аксіння. "На Аксіні мяце" . Дарота. "Па Дароце высахнуць хусты на плоце".

10. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў).

11. ч. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".

14. н. Трыфан . "На Трыфана зорна - вясна позняя". Валянцін . Свята закаханых.

15. п. Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракалася...", "На Грамніцы палавіна зіміцы".

18. ч. Агата. Каровіна свята.

24 . с. Улассе. Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас" . Мацей. "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз".

26. пт. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

29. п . *Памінальніца. Памінальны тыдзень. Калі "вея" ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак - то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер - то пакідалі "дзесяцінкі дзве".

Сакавік

4. пт. *Дзедава пятніца. Казімір. "Святы Казімір дровы сякець".

5. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі".

6. н. *Рабы тыдзень, Малая вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленным тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" нежанатым хлопцам.

9. с. *Лысая серада. Праталіны-залысіны. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

10. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень . *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі".

12. сб. Рыгор. "На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора ".

13. н. *Масленіца. "Масленіца ў "вятху" (пасля поўні) - дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку" . *Гуканне вясны. "Дабраславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці". На Палессі вадзілі карагоды, "спявалі чырачку", насілі ёлку з вянком. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. пн. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны . "На Аўдокі голы бокі". (1.03 Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).

15. а. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе".

16. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскаквалі цераз пень.

17. ч. Вясновае раўнадзенства. Усход 7.17, захад 19.18. Герасім Гракоўнік . "Герасім гракоў прыгнаў".

19 . сб. *Зборава субота . Абрад "споведзі дзежкі". Язэп. "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту". "На Язэпа пагода - год ураджайны".

20. н. *Вербніца, Пальмовая нядзеля. "Вярба б'е, не я б'ю". *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця юліянскага летазлічэння. Пачатак збору ў поле. "А святы Ізбор - бяжыць вада з гор" .

22. а. Саракі . Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". Прыска. "На святога Прыску праб'е лёд і пліска".

25. пт. Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора". Дабравешчанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не ўе" . Прылёт бусла. Гуканне вясны.

26. сб. Міждабравешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.

27. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў).

30. с. Аляксей Цёплы . Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою".

Красавік

1. пт. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

4. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты". Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна".

5. а. Арына. "На Арыну сей капусту ў расадніках".

6. с. *Серадапосце. Выпякалі "храстцы". Камаедзіца. Свята мядзведзя. Дабравеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы".

7. ч. Дабравешчанне. "Дабравешчанне без ластавак - халоднае лета". Абрад "Страла".

8. пт. Благуста. "На Благусту сей капусту".

9. сб. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае".

11. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. "Дзікая качка яйцом пахваліцца".

14. ч. Прабуджэнне хатніка. Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

16. сб. *Пахвальная субота . Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў. Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам".

18. п. Пачатак *Вербнага тыдня.

21. ч. Руф. Руф рушыць снягі.

23. сб. Юры. (Новы год па задыяку). "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла" . Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".

24. н. *Вербніца. Анціп - ахоўнік зубоў.

25. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак . Бялілі і мылі ў хаце. Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як шкварка".

26. а. * Чысты аўторак. Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць.

27. с. *Дравяная жарсць. Мыюць усё дравяное.

28. ч. *Чысты чацвер . Лазня. Абрад мыцця дзежкі. Пуд. "Пуд снег пужне".

29. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца . Сеялі гарох. Арына. "На Арыну сей капусту".

30. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.

Травень

1. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у праваслаўных). "Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!" . Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".

2. п. Працяг *Велікоднага тыдня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць" . Свята сена (Тураўшчына).

4. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. "Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула".

5. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.

6. пт. Юр'е . Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня" . Абрад "Страла".

7. сб. Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей". Бабскія розбрыкі . Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. н. *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла" . Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля, як шкварка" . Станіслаў. "Сей лён на Станіслава - вырасце як лава".

9. п. *Радаўнічныя Дзяды.

10. а. *Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць" . Ярылавіца. Свята Ярылы.

13. пт. Якуб. "На Якуба грэе люба".

14. сб. Макарэй. Абрады ля вады.

15. н. *Сёмуха, Зыход Св. Духа. Свята зелені. Барыс . Апякун поля і жывёлы.

18. с. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.

20. пт. Антоній. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца".

21. сб . Іван Веснавы . Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок" .

22. н. *Міраносцы . "На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця". Мікола Веснавы . Свята пастухоў. Алёна . "Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".

23 . п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня . Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Зілот. "Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злата".

24. а . Макей. "Мокра на Макея - і лета не прасушыць". Кірыла і Мяфод . Калі дзень мокры - і лета будзе мокра.

25. с. *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу. Епіфан. "На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".

26. ч. *Божае цела, Дзявятнік .

27. пт. Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".

28. сб. Пахом . "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".

29. н. Магдалена. Зязюльку прысылае.

31. а. Шэсць дзеў. "Лён сей позні" . Канапелька Матруна. "У зямлю махнула ". Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота аўсу поўна кадушка".

Чэрвень

2. ч. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".

3 . пт. *Градабойны, Ледавіты дзень. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. сб. Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка".

5. н. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі пакланіцца і абракацца.

7. а. Ян. "Рой перад Янам - пчаляр панам".

9. ч. *Ушэсце. Абрад "Страла".

11. с. Перавод уніятаў у праваслаўе.

13. п. Ерамей. Антоні . "Антоні, аддай коні".

14. а. Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".

15. с. *Градавая серада.

16. а. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых.

18. сб. *Сёмушныя Дзяды. Духавая субота, Зялёная субота.

19. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...".

20. п. *Святы дух. " На Духа будзе цёпла і суха" . Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі..." . Летняе сонцастаянне (з 17.06 да 23). Даўжыня дня - 17.07. Усход - 4.38, захад - 21.45.

21. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа".

22. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.

23. ч. *Наўская Тройца. Памінанне. Абліваха. Купала. "Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне". У старажытн. - Новы год/лета.

24. пт. Ян Купальны. "Сонца грае".

25. сб . Анапрэй. "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".

26. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.

27. п. *Пятроўка да 11 ліп. Пятроўскі пост. Пятроўка-галадоўка.

28. а. Амос. "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс".

29. с. Ціхан. "Пеўчыя птушкі заціхаюць". Пятрок. "Да Пятра зязюльцы кукаваці". "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".

30. ч. *Дзявятнік . "Дзеўяць ягодзін на ветцы" .

Ліпень

1. пт. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы.

6. с. Купалле. Свята Сонца і кахання.

7. ч. *Дзясятнік. "Дзесятнік гнаі возіць" . Іван Купала. "Учора была Купала, а сёння Іван".

8. пт. *Дзясятка. "Косы точыць". "Жыта паспявае".

10. н. Самсон. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж" . Сем братоў . "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".

12. а. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. с. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. "На Сымана й Юды конь баіцца груды".

14. ч. Кузьма і Дзям'ян . Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".

17. н. Андрэй. "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".

18. п. Свята Месяца. "Месяц гуляе".

21. ч. Казанская. Пракоп. "Пракоп бок прыпёк" . Данат. "Святы Данат коскі точыць".

25. п. Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. "На Якуба хлеба поўна губа".

26. а. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. "Снапы кладзе".

29. пт. Афінаген . Заціхаюць птушкі.

31 . н. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў.

Жнівень

1. п. Макрыны. "Глядзі восень па Макрыні".

2. а. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля", "Укінуў у воду кусок ільда".

4. ч. Мар'я. "Магдалена - вады па калена".

6. сб. Барыс Палікоп. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".

7. н. Ганны. "Святы Ганны бабкі стаўляюць".

9. а. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

11. ч. Лаўрын. "На Лаўрына спяшай да млына".

12. пт. Сіла. Жыта сей.

14. н. Макавей, Першы Спас . Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. п. Базыль . "Базыль авечкам воўну дае". Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста".

16. а. Антоны Віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак".

17. с. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. пт. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. а. Лаўрэн - свята млынара.

24. с. Баўтрамей . "Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".

27. сб. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. н. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. п. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".

30. а. Міроны Ветрагоны . "Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".

31. с. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч . "Сухая" навальніца, дождж.

Верасень

5. п. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".

7. с. Баўтрамей. "Жыта на зіму сей".

8. ч. Другая Прачыстая. Багач. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".

10. сб. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. н. Калінавік, Іван Крываўнік.

13. а. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. с. Сымон . Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце з 1493 г.). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвіжанне.

19. п. Цуды, Міхал. "Міхал з поля спіхаў".

21. с. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

24. сб. Асенняе раўнадзенства. Усход - 7.00, заход - 19.02. Тадора . "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".

26. п. Стаўроўскія Дзяды.

27. а. Узвіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі - у кучу.

29. ч. Міхал. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі" . Сіцыян. "Святы Сацыян да ляны пасцілаў" .

Кастрычнік

2. н. Зосім . Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць.

3. п. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветру.

4. а. Пранцішак, Францішак . "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".

8. сб. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. н. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. пт. Пакровы, Трэцяя Прачыстая . Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы ". Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.

21. пт. Трыфан, Палагея. "Золкім ветрам вее". Зміцер.

25. а. Марцін - свята млынароў.

28. пт. Сымон і Юда. "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. сб. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. н. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. п. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі" . Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. а. Усе святыя . Памінальны дзень.

2. с. Задушны дзень. Дзяды. Памінальны дзень. "Святыя дзяды, завём вас..." .

4. пт. Казанская. Дождж ці снег.

5. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды.

8. п. Зміцер. " Да Змітра дзеўка хітра" . Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. а. Тодар . "На Тадора поўна камора".

10. с. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. ч. Настуся. "Настуся стрыжэ авечкі" . Марцін . "Мядзведзь кладзецца ў бярлогу".

12. пт. Артошка. Пачатак прадзення.

14. н. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. пн. Міхайлаў дзень . Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22 . а . Матрона . "З Матроны становіцца зіма".

24. ч. Хвёдар Студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".

25. пт. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. "Кацярына забрала лета".

27. н. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Адвент. Перадкалядны пост. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).

28. п. Піліпаўка - перадкалядны пост.

29. а. Мацей. "На Мацея зіма пацее".

30. с. Андрэй. Дзявочае свята.

Снежань

4. н. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара.

5. п. Пракоп. Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".

6. а. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. "Хвалі зіму па Міколе".

7. с. Кацярыны.

9. пт. Юр'е Зімовы. "Юра мосціць" . Ганны . "Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні".

13. а. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14 . с. Навум . "Наставіць на вум".

17. сб. Варвары . " Мікола і Варвара ноч урвалі". "Варвара ноч урвала, а дзень надтачыла".

18. н. Сава, Міколін бацька . "Сава мосце, а Мікола гвоздзе".

19. п. Мікола Зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць" . Зімовае сонцастаянне з 19.12 да 22.12. Усход 9.25, заход 16.49.

22. ч. Ганны. "Ганкі - сядайце на санкі".

24. сб. Посная куцця. Вігілія. Пачатак Каляд (да 6 студз.).

25. н. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне.

26. п. Сцяпан. "Кожны сабе пан".

31. сб. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка". Багатая куцця. Шчадрэц. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.

Алесь ЛОЗКА.


Беларуская мова ў 2015 годзе

Выкарыстанне беларускай мовы ў афіцыйным ужытку працягвае зніжацца, затое родная мова робіцца больш папулярнай у сферы нефармальнай адукацыі і грамадскіх праектаў.

Беларускамоўных школьнікаў усё меней

Паводле статыстычнага зборніка "Образование в Республике Беларусь, 2015", у дашкольных установах - дзіцячых садках - на беларускай мове выхоўваюцца 43 тысячы дзяцей (10%).

Колькасць школьнікаў, якія вывучаюць усе прадметы на беларускай мове ў школе, за апошнія чатыры гады знізілася з 19% да 14%.

Таксама скарачаецца колькасць абітурыентаў, якія абралі беларускую мову на цэнтральным тэставанні. У 2015 годзе беларускую мову здавалі толькі 24% выпускнікоў, 76% - расейскую. У 2007 годзе суадносіны былі раўнейшымі: 42% выпускнікоў здавалі тэст па беларускай мове і 58% па расейскай.

Старшыня Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч кажа, што ў сферы фармальнай адукацыі сітуацыі з беларускай мовай ужо няма куды пагаршацца. Але ўжыванне беларускай мовы пашырылася ў сферы нефармальнай адукацыі, у першую чаргу, настаўнікаў:

- Фактычна ўсе такія праграмы, якія вядуцца недзяржаўнымі арганізацыямі, ТБШ - гэта праграмы "Актыўная ацэнка", "Медыяадукацыя" - усе вядуцца на беларускай мове, настаўнікі ўспрымаюць гэта пазітыўна, і не тое, што пярэчанняў не ўзнікае, наадварот, толькі пазітыўныя эмоцыі.

Зразумела, што ў тых сферах, на якія не могуць уплываць ні самі настаўнікі, ні грамадскія арганізацыі, ні бацькі - гэта сфера фармальнай адукацыі - там сітуацыя не палепшылася, а наадварот, пагоршылася. Можна сказаць, што ўжо няма куды пагаршацца.

У гэтым годзе, як і ў мінулым, закрылася каля 100 школ, у асноўным сельскіх, малакамплектных.

З іншага боку, у Баранавічах узнікла асяроддзе беларускамоўнае бацькоўскае, таксама ў Лідзе. Не здаюць пазіцый 5 беларускамоўных менскіх гімназій, там вельмі вялікія конкурсы на паступленне. Гэта сведчыць пра тое, што калі б дзяржава дазволіла стварыць не 5, а 25 беларускамоўных гімназій, туды б таксама былі б конкурсы. І гэта - падстава для аптымізму: не ўсё ў нас страчана.

Зараз у Менску 5 беларускамоўных гімназій (нумары 4, 9, 14, 23 і 28), 2 школы (нумары 60 і 190), 1 беларускамоўны клас - у 68-й школе.

Ні ў адным з абласных цэнтраў беларускамоўных школ няма. З 36 тысяч школьнікаў Берасця толькі чацвёра навучаюцца ў беларускамоўным класе - 5 "Г" 29-й сярэдняй школы.

Бацькі дзвюх школьніц з Баранавіч паўтара года дабіваліся адкрыцця беларускамоўнага класа ў адной з гарадскіх гімназій. Для гэтага ім давялося напісаць дзясяткі лістоў у розныя інстанцыі - гарвыканкам, аблвыканкам, Міністэрства адукацыі, пракуратуру і нават сустрэцца з намеснікам міністра адукацыі.

Адзіны ў горадзе беларускамоўны клас - 6 "Г" - пачаў працаваць у гімназіі № 4 толькі з другой чвэрці. Спачатку ў ім вучыліся толькі дзве дзяўчынкі - Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык. Зусім нядаўна да іх далучыўся трэці вучань - Арсень Пісарчык.

Вышэйшая адукацыя: выключна на беларускай мове навучаецца 0,1% студэнтаў

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у вышэйшых навучальных установах Беларусі на расейскай і беларускай мове, хоць гэта мог быць адзін прадмет з ўсяго навучальнага цыклу, у 2014 - 2015 гадах навучаліся больш за 149 тысяч студэнтаў (41%), на расейскай мове каля 212 тысяч (58%).

Чыста на беларускай мове ў краіне навучаліся 300 студэнтаў - гэта 0,1% ад агульнай колькасці, у 2013 - 2014 іх было 600, то бок, удвая больш - 0,2%.

Гэтыя лічбы супадаюць і з дадзенымі Таварыства беларускай мовы, сцвярджае старшыня грамадскага аб'яднання Алег Трусаў :

- Мы зрабілі маніторынг ВНУ. На некаторых факультэтах 25 - 30% прадметаў выкладаецца па-беларуску. Я ніколі не ведаў, што на некаторых факультэтах Берасцейскага ўніверсітэта выкладаюць 25% прадметаў на беларускай мове, на журналістыцы - 60%. У тым жа ўніверсітэце культуры, дзе я працую, на пэўных факультэтах і 30, і 40% прадметаў выкладаюць па-беларуску.

На гістфаку ёсць беларускамоўная плынь, якая навучаецца па-беларуску. У Гарадзенскім медуніверсітэце многія выкладчыкі таксама выкладаюць прадметы па-беларуску. Так што, казаць, што ў нашых універсітэтах беларуская мова не гучыць - гэта няпраўда. Гучыць. І мы ніяк не дзячым выкладчыкам, якія прынцыпова выкладаюць па-беларуску. А іх не адна сотня. Так што не ўсё страчана.

Пры канцы года арганізавана ініцыятыўная група па стварэнні беларускамоўнага ўніверсітэта. Абраныя тры сустаршыні - Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімір Колас і я. І мы думаем на пачатку года падаць на рэгістрацыю - як прыватнага беларускамоўнага ўніверсітэта.

20 год таму Таварыства беларускай мовы з дапамогай экспертаў распрацавала канцэпцыю нацыянальнага ўніверсітэта, дзе выкладанне вялося б выключна на беларускай мове, і сабрала 50 тысяч подпісаў у падтрымку. Аднак гэтая ініцыятыва дагэтуль не была падтрымана на дзяржаўным узроўні.

Страты: набор на беларускую філалогію скараціўся ўдвая

За апошнія 5 гадоў больш, як у два разы, скараціўся набор на беларускую філалогію. У 2010 годзе Белдзяржуніверсітэт на дзённую форму навучання набіраў 60 студэнтаў (48 бюджэт і 12 на платнай аснове). У 2015 годзе - ужо толькі 20 і толькі на бюджэт. У абласных цэнтрах сітуацыя яшчэ горшая - аддзяленні беларускай філалогіі проста закрываюць.

І яшчэ адно параўнанне: у 2015 годзе на кітайскую філалогію ў БДУ набор вышэйшы за беларускую - 30 месцаў.

Законаў па-беларуску няма, карыстайцеся аўтаперакладам!

Пры канцы года па-беларуску нарэшце загаварылі дэпутаты. Беларускамоўная дыскусія ў Палаце прадстаўнікоў адбылася пры абмеркаванні праекту Кодэксу аб культуры.

Намеснік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Віктар Фясак сказаў 3 снежня Радыё Свабода, што для таго, каб родная мова часцей гучала паўсюдна, у тым ліку і ў Авальнай зале, трэба прытрымлівацца аднаго абавязковага правіла:

- Неабходна проста гаварыць на беларускай мове. І больш нічога не патрэбна. Я карыстаюся беларускай мовай. Калі хтосьці са мной пачынае гаварыць па-беларуску, я абавязкова адказваю яму таксама на роднай мове. І дзе можна ініцыяваць размову па-беларуску, я заўжды гэта раблю.

За апошнія 10 гадоў на беларускай мове Палатай прадстаўнікоў быў прыняты толькі адзін заканадаўчы акт па-беларуску - у 2008 годзе "Закон аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі".

Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч звяртаўся ў Канстытуцыйны суд Беларусі, Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, Савет Міністраў і Адміністрацыю Прэзідэнта - са зваротам выдаваць усе нарматыўна-прававыя акты на дзвюх дзяржаўных мовах - беларускай і расейскай.

Адказ начальніка галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандра Мaцельскага ўразіў: чыноўнік прапануе карыстацца перакладам на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі. А ў Савеце Рэспублікі ўвогуле мяркуюць, што дзяржава мае права выбару, на якой мове выдаваць нарматыўна-прававыя акты.

Начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Наталля Судзілоўская адказала, што на сайце прававой сістэмы "Эталон" прадугледжваецца аўтаматычны пераклад законаў на беларускую мову. Аднак гэтыя пераклады не з'яўляюцца афіцыйнымі, у іх шмат памылак і недарэчнасцяў. Да таго ж, анлайн сістэма "Эталон" платная. Калі ж у грамадзяніна на гэта сродкаў няма, Наталля Судзілоўская раіць запісацца ў публічную бібліятэку, дзе сервісам можна скарыстацца бясплатна.

Мову папулярызуюць энтузіясты

Грамадскія ініцыятывы па вывучэнні, папулярызацыі беларускай мовы растуць, як грыбы пасля дажджу, перакананы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў :

- Цікавасць да мовы розных пластоў насельніцтва рэзка павялічылася. Лакмусавая паперка - гэта курсы, спартоўцы, іншыя, хто раней цікавасці да мовы не выяўляў. У цэлым у Менску і вялікіх гарадах цікавасць да мовы павялічылася. Гэта станоўча.

Беларуская кампанія Gurtam, што мае шырокую геаграфію партнёраў па ўсім свеце, падрыхтавала да Міжнароднага дня роднай мовы відэаролік "32 акцэнты беларускай мовы". Людзі з розных кропак планеты чытаюць па-беларуску верш Уладзіміра Караткевіча "Дзе мой край".

Застаюцца папулярнымі шматлікія курсы беларускай мовы. "МОВА НАНОВА" істотна пашырыла геаграфію. Акрамя сталіцы, бясплатныя заняткі праводзяцца ў Астраўцы, Бабруйску, Баранавічах, Берасці, Віцебску, Гародні, Гомелі, Магілёве і Маладзечне.

Штотыдзень курсы наведвае каля 650 студэнтаў. Ад кастрычніка 2014 года выдадзена больш за 1400 студэнцкіх білетаў.

У верасні Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу арганізавала курсы дзелавой беларускай мовы. Цяпер у новым фармаце: за кубачкам духмянай кавы ва ўтульнай кавярні Cafе del Parco.

І тая ж Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу ініцыявала стварэнне працоўнай групы па перакладзе на беларускую мову пакета тыпавых дакументаў, неабходных для вядзення бізнесу. Адмыслоўцы падрыхтавалі беларускамоўныя шаблоны дзесяці найбольш ужывальных дакументаў: акта выкананых работ, даверанасці, дамовы камісіi, дамовы куплі-продажу, дамовы на аказанне паслуг, загаду аб прыёме на працу, пратаколу, працоўнай дамовы, рахунку-фактуры і статуту.

Беларускія спартоўцы загаварылі на беларускай мове

Журналісты склалі Топ-10 вядомых беларускамоўных спартоўцаў: гэта баскетбаліст Аляксандар Куль , баксёры Віталь Гуркоў , Зміцер Валент і Юрась Булат , легкаатлетка Аліна Талай , плыўчыха Аляксандра Герасіменя , яхтсмэнка Таццяна Драздоўская , футбаліст Віталь Радзівонаў .

Бягуння з бар'ерамі Аліна Талай распавяла:

- У мяне былі вельмі добрыя выкладчыкі беларускай мовы, літаратуры, гісторыі Беларусі, мы размаўлялі па-беларуску пастаянна. Так што, гэта ў мяне са школы. Я прачытала шмат твораў па-беларуску, і з дзяцінства мая маці вучыла чытаць па-беларуску. Мне падаецца, кожны адукаваны чалавек ведае мову, але з-за недахопу практыкі гэта забываецца. Мне падаецца, гэта, як і здаровы лад жыцьця, павінен быць трэнд, каб мова стала моднай. Тады адраджэнне пачнецца крок за крокам. Я чула, што зараз нават гісторыя і геаграфія Беларусі выкладаюцца па-расейску. Хацелася, каб больш было беларускай мовы. З іншага боку, добра, што мы можам размаўляць і па-расейску, мы можам быць такімі "яднальнікамі" Расеі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Украіны. Клёва, калі нацыя ведае не адну мову.

Таксама складзены і Топ-10 беларускамоўных клубаў, куды ўвайшлі і "Цмокі" з "Крумкачамі" .

Мабільныя сеткі "ствараюць надзейныя сувязі"

На працягу трох месяцаў больш за 3 тысячы менскіх школьнікаў сталі ўдзельнікамі акцыі "Чытаем па-беларуску з Velcom". Праект ахапіў 32 агульнаадукацыйныя школы беларускай сталіцы, а таксама дзве школы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Школьнікі сустрэліся з дзіцячымі пісьменнікамі, лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Ліпскім і Раісай Баравіковай , акцёрам і тэлевядоўцам Юрыем Жыгамонтам , публіцысткай і паэткай Таццянай Сівец , музыкам, лідэрам гурта Recha А ндрусём Такіндангам .

Апошняя акцыя - перадкалядны ўрок у 59-й школе правёў вядомы баскетбаліст, дырэктар па маркетынгу БК "Цмокі - Менск" Аляксандар Куль і пісьменьніца-казачніца Алена Масла .

Начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Вячаслаў Смірноў адзначыў:

- Сацыяльны праект "Чытаем па-беларуску з Velcom" ярка прадэманстраваў вялікую цікавасць, самае галоўнае, саміх вучняў да такога фармату вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Гэты праект атрымаўся ўдвая больш паспяховым, паколькі аб'яднаў галоўныя кірункі карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці нашай кампаніі - падтрымку беларускай нацыянальнай культуры і дапамогу дзецям.

А беларускі аператар МТС распрацаваў эксклюзіўны сервіс па вывучэнні беларускай мовы. У лістападзе ён разаслаў абанентам рэкламу паслугі па вывучэнні беларускай мовы: "Будзь свядомым - размаўляй па-беларуску! Набірай *888# і падключы эксклюзіўны сэрвіс па вывучэнні беларускай мовы".

Рэклама

І хоць многія ўсясветныя і айчынныя брэнды пачалі выкарыстоўваць у рэкламе сваіх тавараў і паслуг беларускую мову, па некаторых падліках доля беларускамоўнай рэкламы ў нашай краіне не перавышае 3%.

У той жа час паводле даследавання міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў, замоўленага грамадскай кампаніяй "Будзьма беларусамі!", 56% беларусаў пазітыўна ацэньваюць беларускую мову ў рэкламе, 60% падтрымліваюць выкарыстанне роднай мовы ў афармленні гарадоў і вітрын.

Сёлета ўжо ў шосты раз праводзіўся Фестываль беларускамоўнай рэкламы "Ad.nak". Усяго ў конкурсе было 23 намінацыі - ад стрыт-арту і віруснай рэкламы да прынтоў і сацыяльнай рэкламы.

Кіраўнік праекту Marketing.by, арганізатар фестываляў беларускамоўнай рэкламы "Ad.nak" Сяргей Скараход заўважае:

- Скажу так: пакуль беларускасць, а не беларуская мова запатрабаваная сярод брэндаў, і больш па візуалізацыі з ужываннем беларускіх сімвалаў (вышыванкі, арнаменты ды іншыя элементы). Мова, на жаль, застаецца на другім плане пасля візуальных выяваў, якія выкарыстоўваюць брэнды. Што да мовы, сітуацыя амаль не мяняецца, не так шмат беларускамоўнай рэкламы. Але ва ўладальнікаў брэндаў стала больш свядомасці, асэнсаванасці. Раней гэта было, каб вылучыцца сярод расейскамоўнай рэкламы, а зараз ужыванне ўсяго беларускага - гэта ўнутраная запатрабаванасць уладальнікаў бізнесу, маркетолагаў. І гэта такі асэнсаваны крок, які абнадзейвае.

ІТ-сфера

Пашырэнне беларускай мовы ў ІТ-сферы (і не толькі ў ёй) адбываецца ў асноўным дзякуючы высілкам асобных людзей, то бок, ініцыятывы знізу.

Тры энтузіясты збіраюцца стварыць анлайн-гульню і мабільную праграму MovaCup.BY, дзеля гэтага яны распачалі збор грошай на сайце Uley.by. Ініцыятар праекту Зміцер Ключко распавёў:

- Мы хочам стварыць вэб-платформу і iOS-праграму, дзе можна будзе ў форме гульні адгадаць пераклад словаў і праўдзівасць гістарычных фактаў. Праект выйшаў у фінал конкурсу Social Weekend.

За два месяцы трэба сабраць паўтары тысячы даляраў.

Першую кампутарную гульню на беларускай мове сёлета пачала прадаваць найбуйнейшая амерыканская крама. Гульня пра рыцараў "Легенды Айзэнвальду" ад менскіх праграмістаў стала першай RPG, што ў афіцыйным рэлізе мае беларускамоўную версію.

Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы, навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай Акадэміі Навук Алена Анісім кажа, што беларуская мова ўсё часцей з'яўляецца ў сацыяльных сетках, фэйсбуку, экспертка сцвярджае, што грамадства стала больш прыхільным да беларускай мовы ў самых розных сферах:

- З нашага супрацоўніцтва з фірмай "Новы паварот" з'явіўся чарговы дыск па правілах дарожнага руху з версіяй на беларускай мове. Гэта значыць, што, рыхтуючыся да атрымання правоў кіроўцы, можна выкарыстоўваць беларускую мову. І гэтыя прадукты ёсць ужо ў многіх аўташколах. Застаецца толькі, каб наша Дзяржаўтаінспекцыя ўвяла гэтую версію з беларускай мовай у экзаменацыйных кампутарах.

Слоўнікі, пераклады

Паводле дадзеных Белстату ў 2014 годзе ў Беларусі на расейскай мове было выдадзена 82,8 % кніг і брашур, на беларускай - 10,1%.

Тым не менш, сёлета з'явілася некалькі ўнікальных перакладаў усясветных шэдэўраў на беларускую мову.

Славуты карэла-фінскі эпас "Калевала" перакладзены непасрэдна з фінскай, мовы арыгіналу. Гэта самы вялікі друкаваны паэтычны твор на беларускай мове за ўсю гісторыю - каля 600 старонак. Пераклад зрабіў Якуб Лапатка:

- Скажу наўпрост: гэта галоўная праца майго жыцьця. Па-першае, велізарны вершаваны аб'ём, па-другое, працаваў я без замовы і нават без спадзеву, што гэта калі-небудзь пабачыць свет. Ідэя некалі ўзнікла паміж намі трыма - Змітром Коласам, Лявонам Баршчэўскім і мной. Можа, не надта сур'ёзна, але я ўсё ж працаваў. І вось праз колькі гадоў сказаў: мальцы, ну вось вам пераклад. Толькі, кажу, я ўжо болей пальцам не варухну, шукайце самі, як выдаць. Лявон пагадзіўся: добра, давай я адрэдагую. І зрабіў, праўда, паўгода пакутаваў. А я, калі ўзяць чыста тэхнічна, рабіў пераклад 2,5 гады. Толькі сам пераклад, бо да гэтага была падрыхтоўка - настройваўся, чытаў, спрабаваў. Пералапаціў вялізную колькасць рознай навуковай літаратуры, хоць ні чорта яна мне не дапамагла. Праца, вядома, зроблена, каласальная, няма чаго саромецца.

З'явіўся пераклад рамана Фрыдрыха Ніцшэ "Так сказаў Заратустра". Пераклад з нямецкай на беларускую зрабіў Васіль Сёмуха . Па-беларуску выйшла і другая кніга "Нататак пра Шэрлака Холмса" Артура Конан Дойля, збеларушчаная перакладчыцамі і перакладчыкам, якія аб'ядналіся вакол анлайн-часопіса "ПрайдзіСвет". Гэта народны праект, людзі талакой збіралі праз краўдфандынг-платформу грошы на выданне.

Дзякуючы супрацоўніцтву са шведскай амбасадай, у дзіцячай серыі "Каляровы ровар" акурат перад Калядамі па-беларуску выйшла кніжка "Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды" шведскага пісьменніка і ілюстратара Свэна Нурдквіста, а таксама кніга пра чарговыя прыгоды самастойнай і вынаходлівай каровы і яе сябра, хвалька і нахабы Крумкача "Мама Му ў басейне" Юі Вісландэр. Перакладчыца - Надзея Кандрусевіч .

Што да слоўнікаў, не мае прэцэдэнту ў беларускай даведачнай літаратуры англа-расейска-беларускі слоўнік "Хакейная лексіка". Гэта першая спроба падаць беларускую тэрміналогію хакею ў супастаўленні з ангельскай і расейскай. Складальнік аб'ёмістага збору хакейнай тэрміналогіі - Мікола Касцюкевіч , які паспяхова ўвасабляе нязвыклы сімбіёз "паэта і культурыста".

Радыё Свабода. Іна Студзінская


60 гадоў Уладзіміру Кароткаму

Уладзімір Георгіевіч КАРОТКІ (н. 2.1.1956, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гарадзенскай вобл.), беларускі літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1978) Настаўнічаў. З 1982 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 у БДУ (з 1990 нам. дэкана філал. ф-та). Даследуе шляхі развіцця і стан стараж. бел., укр. і польскай л-р 16-17 ст., у т.л. праблемы тагачаснай палемічнай публіцыстыкі, пытанні ўсх.-слав. кнігадрукавання бел.-ўкр. літ. сувязі (кн. "Творчы шлях Мялеція Сматрыцкага", 1987). Навук. рэдактар выдання твораў Сімяона Полацкага ("Вирши", 1990), складальнік кн. "Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны" (1991). Адзін з аўтараў падручніка "Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд" (4-е выд., 1998).

Л.М.Гарэлік .


Беларусы маюць тры эпасы

... Ёсць такі момант, як разгляд элітарнай літаратуры Беларусі. Бо мы, усё такі, прызвычаіліся да разумення яе народнасці, мужыцкасці. Памятаеце, быццам галоўны герой быў захавальнікам беларускай мовы? Ён не ведаў іншых моваў, таму яму прыйшлося. А вось, каб казаць пра элітарную літаратуру на лацінскай ці польскай мовах, трэба падвесці разуменне нашага сучасніка да таго, што гэта наша літаратура таксама.

Паглядзіце, стагоддзе нам "спявалі", што Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы - палякі, літоўцы, марсіяне, але не беларусы. А ствараласята літаратура тут, апісваліся ў ёй падзеі нашыя, але іншай мовай. І трэба разумець, што ў нашай літаратуры мажлівыя пэўныя "горы", гэта паказальнік інтэлектуальнага багацця народа. Іспанцы, італьянцы і немцы, якія ў нас былі, таксама тварылі тут на лацінскай мове.

Больш за тое, менавіта ў XVI стагоддзі беларусы стварылі тры творы гераічнага эпасу. Грэкі, дзякуй Богу, два маюць. Рымляне - адзін. А мы маем адразу тры: "Прускую вайну" (1516, Ян Вісліцкі), "Радзівіліаду" (1592, Ян Радван) і "Кароламахію" (1606, Хрыстафор Завіша). Два з гэтых твораў ужо цалкам перакладзеныя на беларускую мову...

Уладзімір Кароткі.


ТБМ прапануе ўшанаваць памяць Тадэвуша Касцюшкі

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звярнулася ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкам з прапановай годна ўшанаваць памяць Тадэвуша Касцюшкі.


Б.У. Святлову,

Міністру культуры

Рэспублікі Беларусь,

пр. Пераможцаў, 11,

220004, г. Мінск

Шаноўны Барыс Уладзіміравіч!

У гэтым годзе 4 лютага споўніцца 270 гадоў з дня народзін нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшкі, імя якога шануюць акрамя Беларусі ў ЗША, Польшчы, Францыі і Расіі.

У сувязі з гэтым просім Вас аб'явіць конкурс на выраб коннай скульптуры Касцюшкі, якую можна ўстанавіць у Мінску, а таксама на яго малой радзіме ў г. Косава Брэсцкай вобласці.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.



А.В. Шорцу,

старшыні

Мінскага гарвыканкама,

220030, г. Мінск,

пр-т Незалежнасці, 8

Аб ушанаванні памяці

Тадэвуша Касцюшкі

Шаноўны Андрэй Віктаравіч!

У гэтым годзе 4 лютага споўніцца 270 гадоў з дня народзін нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшкі. Яго імем названы вуліцы ў Санкт-Пецярбургу, Кракаве, Вільнюсе і іншых гарадах замежжа і нашай краіны. Аднак у сталіцы Беларусі, краіны, дзе нарадзіўся і вырас Тадэвуш Касцюшка, такой вуліцы пакуль што няма.

У сувязі з гэтым ТБМ прапануе ў гэтым годзе назваць у гонар Касцюшкі адну з вялікіх і прыгожых вуліц нашай сталіцы.

Існуе думка, што гэта імя можна надаць праспекту Дзяржынскага, альбо той яго частцы, якая знаходзіцца бліжэй да гістарычнага цэнтра нашай сталіцы.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.


У Ізраілі ўстаноўлены помнік Янку Купалу

29 снежня ў ізраільскім горадзе Ашдодзе на плошчы Янкі Купалы ўрачыста адкрылі помнік класіку беларускай літаратуры Янку Купалу.

Устаноўка помніка і назва плошчы імем беларускага пісьменніка стала магчымай дзякуючы цэламу шэрагу людзей і арганізацый - Пасольству Беларусі ў Ізраілі, муніцыпалітэту Ашдода, ашдодскому аддзелу беларускага зямляцтва ў Ізраілі, фінансавалі праект ізраільскія мецэнаты.

Помнік Янку Купалу з надпісамі на іўрыце і на беларускай мове стварыў з мармуру і бронзы ізраільскі скульптар Уладзімір Паін, выхадзец з Беларусі.

Варта адзначыць, што Ашдод з'яўляецца горадам пабрацімам Берасця, дзе ў 2013 году быў устаноўлены помнік выхадцу з горада, ізраільскаму прэм'ер-міністру Менахему Бегіну.

Паводле СМІ.


Дзейнасць Гомельскага ТБМ за 2105 год

У Гомелі адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Старшыня Марыя Булавінская ды намеснік Юры Крышнёў прадставілі справаздачу дзейнасці арганізацыі за апошнія два гады:

Арганізавалі першы ў Гомелі рэгулярны гурток беларускай мовы - гурток красамоўства "Лемантар", у межах якога было праведзена 25 сустрэч.

Распачалі краязнаўчы праект "Пошукі старога Гомеля", у межах якога ладзілі аднаўленне будынка па вул. Новапалесская, 17 ды стварылі кінастужку-экскурсію па гістарычным цэнтры Гомеля, дзе ў 3-D аднавілі гістарычныя будынкі.

Выступалі з прапановай у Міністэрства культуры па наданні статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці забудове па вул. Камісарава, падрыхтаваўшы неабходныя дакументы.

Гомельскае ТБМ стварыла мапу "Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны", за якую атрымала ўзнагароду фестывалю беларускай рэкламы "Аднак!". На тым жа фестывалі сябры ТБМ уганарваныя дыпломам за "Беларускую мову ў дзейнасці кафедры тэхнічнага кірунку вышэйшай навучальнай установы".

У тоеснасці з дзейнасцю ТБМ-Гомель спецыялістамі ГДТУ імя П.В. Сухога за апошнія 2 гады выдадзена 14 навукова-тэхнічных публікацый рознага ўзроўню на беларускай мове, заключана 12 фінансавых дагавораў на беларускай мове.

Развівалі ўнікальныя ў беларускім інтэрнэце супольнасці "Мова дзяцей"(сабралі базу з амаль 2000 чалавек), дзе акумулююцца цікавыя для беларускамоўнага выхавання матэрыялы ды "Смачна есці" - адзіны ў Беларусі праект, які стала займаецца стварэннем кулінарных рэцэптаў на беларускай мове, у межах якога ўжо маецца больш за 800 рэцэптаў, блогі праекта ў сацыяльных сетках у Вконтакте і Facebook чытаюць больш за 4000 чалавек.

Адзначалі дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча, зладзіўшы ў гэты дзень канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча.

Апроч таго, рэгулярна падтрымлівалася работа сайта Гомельскага моладзевага інфармацыйнага рэсурсу Kli4nik.info.

Яшчэ распачалі праект "Дзякуй за мову", у межах якога заклікалі гамельчукоў фатаграфаваць прысутнасць беларускай мовы на вуліцах горада ды выкладываць у сацыяльныя сеткі з аднайменным хэштэгам у мэтах падтрымкі прадпрымальнікаў і ўстаноў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову.

Праект стартаваў зусім нядаўна, таму маем толькі каля 25 зафіксаваных фактаў.

На канферэнцыі абралі новае кіраўніцтва, раду ды рэвізійную камсіію. Новай старшынёй Гомельскай гарадской арганізацыі ТБМ стала Алеся Аўласевіч (на здымку), якая падзялілася сваім бачаннем развіцця арганізацыі, падкрэсліла, што ў дадатак да падаўжэння працы па вядомых тэмах, маецца неабходнасць узмацнення гарызантальных сувязяў арганізацыі і развіцця дзейнасці па арганізацыі беларускамоўнай дашкольнай і школьнай адукацыі ў Гомелі.

Наш кар.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Ніжанкоўская Ірына - 100 000 р., г. Радашковічы

2. Віцень Вадзюш - 500 000 р., г. Менск

3. Панамароў Сяргей - 150 000 р., г. Менск

4. Давыдоўскі Ігар - 200 000 р., г. Менск

5. Раманюк Таццяна - 120 000., г. Менск

6. Аніскевіч Ганна - 100 000 р., г. Баранавічы

7. Фрыдрых Міхаіл - 100 000 р., г. Менск

8. Ляўшун Дзяніс - 140 000 р., г. Менск

9. Браты Мяцельскія - 1 000 000 р., г. Менск

10. Валошчык Мікола - 100 000 р., г. Белаазёрск

11. Бушкова Т.Е. - 210 000 р., г. Магілёў

12. Юфераў Васіль - 100 000 р., г. Менск

13. Бойса І.Б. - 149 000 р., г. Ліда

14. Кукавенка Іван - 100 000 р., г. Менск

15. Грыцкевіч Аляк-дра - 100 000 р., г. Менск

16. Плакса Уладзімір - 100 000 р., г. Менск

17. Рабека Мікола - 100 000 р., г. Менск

18. Невядомая - 100 дол. ЗША, Беларусь

19. Казлоўская Іна - 30 000 р., г. Менск

20. Верабей Валянціна - 50 000 р., г. Менск

21. Місевіч Мар'ян - 600 000 р., м. Падсвілле, Глыбоччына

22 Другакова Марыя - 80 000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Нечаканыя карыдныя скачкі

Скарочаная аповесць. Не выдуманая

І

Лёс кіруе выпадкам і вопытам, але вопыт часцяком выбірае. Доктар Аляксей Бялько не быў узорным чалавекам, тым болей святым. Пры ўсёй грэшнасці і жыцейскай пракідлівасці, уменні ладзіць з начальствам і асабліва падначаленымі, сябрамі і знаёмцамі доктар не разлічваў на паўторную камандзіроўку ў горад, які свабодна ўмесціць насельніцтва ўсёй Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Марыць не мог, у сненнях такое ўбачыць не долеў. Снарад у адну кропку двойчы не трапляе, у самы вялікі горад планеты, Мехіка, доктару зноў не прыехаць. Ніколі. Ды і фінансаў няма на дарогу. У першай паездцы, пазалеташняй камандзіроўцы, таксама ўсе з групы плацілі за дарогу.

Краіна Саветаў бедная, ахвотных у такія паездкі шмат, рашайце, толькі хуценька, заўтра, крайне пазаўтра дайце адказ, заявілі пазалетась у Міністэрстве аховы здароўя БССР і Дзяржспорткамітэце. Калегі і прыяцелі, асабліва глебазнавец Ігар Бадановіч сумненні Аляксея Бялько ўспрынялі розыгрышам. Такая ўдача рэдкім выпадае, згаджайся не заўтра, сёння звані пра згоду.

Тым не меней доктар Бялько ў кабінеце міністра, выдатнага кіраўніка і чалавека Мікалая Аўсеевіча Саўчанкі яшчэ не вызначыўся:

- Купіла прытупіла, бі-лет дарагі…, - толькі прамаўляў ён, а ўжо заняты паспешны акадэмік стаў дзелавіта развітвацца.

Розныя гадамі мужчыны ва ўзросце хуткай рашальнасці. Ні ўгавораў, ні патлумачванняў ад міністра наведніку. Працягнуў паперку:

- Дзевяць прозвішчаў, кожны са спісу просіцца ў паездку. Другім стаіць Сушкевіч. Ваш начальнік пакрыўдзіўся на міністэрства. Ці бачыце, мы пракідваем галоўнага ўрача клінікі, - міністр падняў трубку, "хвілінку пачакайце". - Яны ўсе ездзілі, Сушкевіч шматразова. Вы не меней робіце. Вы дадаткова капаеце народнае лекарства і абярэгі.

Баішся пылу млына, не вязі да яго жыта, не шукай мукі. Шмат доктару марылася пра паездку…

- Сушкевіч мяне тройчы пераконваў. Усе камандзіруюцца бясплатна, а беларусам выкідай за тысячу рублёў на білеты. Адмаўляйся. Цябе не паважаюць, уключаюць у ерундовую дэлегацыю. Будуць у цябе ездкі за кардон. Спярша ў гэдээр з'ездзі.

Дабрак Мікалай Саўчанка свеціцца разуменнем і ласкаю.

- Адгаворваў Сушкевіч вас ад мексіканскай паездкі, бо хаця аб'ехаў увесь свет, у Мексіцы ён яшчэ не быў. - Міністр рашуча крэсліць астатнія прозвішчы ў спісе. - Па вас бачу, распетрылі парады дарадцаў.

Аляксей Бялько выдзякваецца Мікалаю Аўсеевічу. Усюды праблемкі, падножкі і паддзёўкі; не галава ў Сушкевіча, калі не ведае, што язык пляце. Мудры, хто не мудруецца, вы за хвіліну расплюшчылі мне вочы на многае.

- Камандзіроўка практычна бясплатная. Васямнаццаць дзён канферэнцыяў, паездак, жыллё ў найлепшых гатэлях. Плойма фінансаў патрабуецца на ўсё. Вы, як расійцы, украінцы, прыбалты, аплачваеце ўсяго дарогу. Тысячу дзвесце рублёў знойдзеце, - забівае цвікі міністр. - Віншую. Адзіна правільнае рашэнне.

Міністр прамаўляе ў трубку, развітныя пашанотныя словы доктара Бялько як не чуе.

Што мексіканская фіеста стане казкаю, Аляксей Бялько ацаніў пасля вяртання ў мілую Беларусь. Як да Уладзіміра Пятровіча Сазановіча, так да Мікалая Аўсеевіча Саўчанкі ў сэрцы Аляксея Бялько жыла і вечна жыцьме падзяка за тую паездку.

Свечкаю гарыць мексіканская карыда, шуміць, узгудвае, гарланіць. Сустрэча з старадаўнім народным абрадствам, аформленым у карыдную фіесту, на тым жа высачэнным парыве ўзнёсласці выплыла на старонкі дзённіка, у аповесць.

Паўзла доўга, выспявала цяжка, кожнае слова дзясяткі разоў правілася, падганялася. Вывяралася ў слоўніках і, асноўнае, у слуцкага роднага люду. Спяшаеш - перарабляеш, Аляксей Бялько не спяшаў, усё роўна перарабляў. Асягаў цяжар хады, пералазіў, не пераскокваў.

Доктар бываў у розных спецыялістаў, раіўся. Прыклад больш карысны за павучанні. Прапаноўваў свой выстагн ва ўсе дзяржаўныя і ведамасныя беларускія выданні. Упартага ведуна вяла ідэя.

Нідзе не надрукавалі. Спатыкнуўся, то ўстанеш, абгаварыў - не паправіш; доктар Бялько не абгаворваў, цярпеў. Для беларусаў карыда нязвычная, таму не друкуюць.

У глуздоўні і вантробах ціхаю свечачкаю, іскрыстым сонейкам жыццедайніла мара: як бы зноў пабываць у Мехіка. Хоць турыстам.

Пасузіраць хараство горада, захапляцца карыдай, пабачыць ветлівы непітушчы мексіканскі люд. Пабываць у славутым мексіканскім саборы, сем тысяч месцаў для сядзення, перажыць вышнія ўзрухі душы ад нязвычнага ва ўсім.

...Цудаў не бывае.

Хлусня, бываюць, паўсюдна страсаюцца. Уваскрасаюць цуды. Калі ты працуеш, не адно молішся, папрашайнічаеш і вымагаешся ў Неба.

Для ўзнову пачуцця карыднага святаянства доктар Бялько ў другую паездку ў дваццаці-адна-мільённы горад Мехіка захапіў свой тэкст пра карыду. Ад чыткі твора ў самалёце даўнейшая радасць напісання роўнілася слодычы прасвятлення ад кальхеоннай навізны.

Ах, як добра, што не слухаў умелых дарадцаў у клініцы і міністэрстве, у часопісах і выдавецтвах пра дадаткі ў аповесць таго ці гэтага, змену абзацаў, радкоў, слоў. Зцэментаванае, выплаканае дзяўбаць не трэба, як раілі дабрадзейныя няздатнікі ў карыдных схватках.

Быць не можа, каб у Мехіка рускасць выяўлялася толькі ў музеі імя Льва Троцкага, на асобных медыцынскіх кафедрах і клініках, ёсць у гмахкім не толькі рускамоўная газета. Трэба знайсці часопіс, выдавецтва. Тут ацэняць горкую і высокую праўду аповесці "Карыды вогненныя іскры". Балазе памер яе невялікі, трыццаць старонак.

У дзень прыезду распытвацца Аляксею Бялько не давялося. Гасцінны рускамоўны гід супыніў шыкоўны турысцкі аўтобус, ёсць тэлевізар, буфет, туалет, папрасіў сустрэтага паліцэйскага афіцэра з рацыяй для советуніон турыста выясніць - ці ёсць рускамоўнае выданне ў горадзе, калі ёсць, як даехаць.

Няёмкасць Аляксея Бялько за затрымку ў групе не прызналі. Кожны турыст уласныя просьбы таксама вырашаў цераз гіда ці гатэль.

- Добра, што прыехалі да нас. Захапілі рускамоўны тэкст аповесці, яшчэ лепей. - Абодва гасцінныя супрацоўнікі мексіканскага выдавецтва пашкадавалі, што ведаюць усяго іспанскую і ангельскую мовы. - Але вам пашанцавала. У нас ёсць перакладчык, выдатны пісьменнік Андрэ Фэ. Ён асягае многія славянскія мовы, рускую і ўкраінскую, беларускую і сербскую. Пад яго рэдакцыяй выходзяць кнігі.

Сустрэча з мовазнаўцам мяккая, ледзь не сардэчная. Унук беларускарускіх эмігрантаў пан Андрэ Фэ некалькімі фразамі расказаў пра сябе, сям'ю, пераезд з ЗША сюды, паказаў выдадзеныя ім кнігі, папытаў беларускага доктара пра жыццё ў далёкай Беларусі. Запэўніў, адставанне доктара ад групы будзе нядоўгім, яны ўправяцца хутка, на абед у сваім гатэлі ён паспее.

- Вам лепей чытаць рускі тэкст ці беларускі?

- Усё адно. Буду абодва чытаць, звяраць.

- Маэстра Андрэ глыбокі даследчык, пісьменнік. Рускамоўныя кнігі дабраслаўляе. Карыду не ведае, не ходзіць, але мы, калі прыдзецца, ваш твор пра карыду выдадзім на іспанскай. - Кіраўнік выдавецтва і часопіса ласкава ўсадзіў беларускага аўтара на асобную канапу, падсунуў бліжэй прынесеную сакратаркаю каву. - Чытае Андрэ хутка. Усё трапна схоплівае і ацэньвае, пабачыце. Яго праца спадабаецца.

Не спадабалася, абсалютна не спадабалася. Ганебнае напачатку не выправіцца з часам, такіх памочнікаў дай Божа пазбягаць. Аляксей Бялько заціснуты абставінамі, шаснаццаць разоў у беларускіх дзяржаўных канторах адхілілі аповесць, адна надзея на гэтае незалежнае выданне. У вялікіх Івана Буніна, Кузьмы Чорнага, Тэадора Драйзера лекар пераняў выдатную завядзёнку, запісваў, калі, каму даваў на прачытку твор, з колькасцю беларускіх літаратурных вяртанняў аповесці не памыліўся. Слухае, церпіць.

Вопытны Аляксей Бялько нічым не выдаваў з'яўных думак. Пахваліў асобныя вусныя заўвагі літстаранніка, асабліва "іспанцы ведаюць, хто і як успяваў карыдныя фіесты. Як у вас - ні ў кога не было. Беларусу ўдалося што не здолелі іспанцы".

Разгляд трыццаці старонак не зацягнуўся. Чым болей памоўчваў на заўвагі госця Андрэ Фэ, выкрутліва ўхіляўся ад прамых яго пытанняў, тым мацней хмурыўся прысутны пра разборы кіраўнік часопіса.

Мінулае вяртаецца не толькі ва ўспамінах пра зямляцкую абыякавую заскарузлую шэрасць. Паўтаралася беларуская літслабасць. Як алкаш-запойнік увесь час мокнуў бы ў гарэлцы, так незалежны мексіканскі літзнавец увесь час таптаўся на адной-двух праўках, выказваў нямогласць уласных заўваг, пажаданняў.

Пры развітанні кіраўнік чуўся, што безагаворачнаю падтрымкаю супрацоўніка нашкодзіў справе, вінавата вымэкваў "наступным разам сходу надрукуем", прапаноўваў беларусу пячэнне, каву.

Не да ветлівасці Аляксею Бялько. Колькі не мыцца чорнай вароне, усё роўна застанецца чорнай; слабасць рэдактарская і стылістычная ў мексіканца Андрэ Фэ ўторылася ў горшым беларускім варыянце.

Агаломшаны Аляксей Бялько доўга не браўся на перачытку аповесці.

Мусіў. Ісціна, як вада, заўжды праб'е дарогу. Ніхто не мае права таіць адкрытае, выгараванае; чалавек жыве прыкладам, асабліва ўзорным. Доктар абавязаны давесці маладым чытачам няпраўду вопытнага літстаранца Андрэ Фэ ў незалежным часопісе.

Напісаў ліст у Мексіку. Стараўся далікатнічаць.

ІІ

Не можаш набіць дзіця - пахвалі, прамаўчы, або падкажы. Мудрасць гэтай беларускай высновы памагае мне ў жыцці. Стараюся ўсюды быць мяккім і праўдзівым. Наколькі мажліва хачу быць далікатным у сённяшнім пісьме да вас, шаноўныя мексіканцы.

1. Дзён колькі не мог ачухацца пасля дэталёвага азнаямлення з праўкамі Андрэ Фэ маёй аповесці "Карыды вогненныя іскры". Разумею мэтра, яго старанне паказаць здольнасці і ўменне, жаданне памагчы школьніку, студэнту, маладому літаратару, старому няўмеку.

Заўжды адабраю скіраваныя на палепшанне тэксту высілкі любога праўшчыка/падказчыка. Аргументоўная станоўчасць ці адмоўнасць правак заўжды бачная, як правіла, не выклікае пярэчанняў у любога абмежаванага пачаткоўца ці графамана.

Хачу і я знайсці станоўчае ў выстарваннях пана Андрэ.

Не магу. Мажліва праз некаторы час абцяміце зробленае глупства, мажліва. Няўжо вам, мудрыя, таленавітыя, настолькі засціла вочы прадузятасць, што выдаваць святло цеменню стала нормаю? Не разумею вас.

Бачу недалёкасць пана Андрэ Фэ.

Усільваюся апраўдаць яго праўкі і заўвагі, ніяк не долею, і зараджаецца непрыемная думка: а такіх жа рэдняздатнікаў у дзяржаўных і недзяржаўных літканторках свету мноства. Яны аўтару не пасабляюць/падказваюць, яны глумяць яго твор, гнюсоцяць літаратуру. Пякуць аўтару і сабе, бо любая няпраўда да другога - найперш на сябе.

У пана Андрэ няма здольнасці сапраўднага пісьменніка да ацэначных вывадаў, рэдактарскай аб'ектыўнасцю не пахне. Да якой ступені пану Андрэ трэба не паважаць прафесію, рэдакцыйны калектыў, незалежны часопіс, каб падводзіць усіх. Вы аплявалі не мяне - сябе, часопіс.

Усё бачыць Наймагутны, Велізарны, Найдобры, перад Якім любая істота, у тым ліку двуногая, мільённая доля казюркі, Ён супраць паскудных думак і ўчынкаў, не дазваляе беспакарана самаўпраўніць міністрам і ўладнікам, тым болей экстрасэнсам і ведунам, рэдактарам і райшчыкам, шаптунам і каўдунам.

2. Буду гаварыць без эўфемізмаў, начыстату.

а) Асобны хрысціянін, мусульманін, габрэй, канфуцыянін, буддзіст... часам думае: мая вера дазваляе зняпраўдзіць, а то і спадлячыць іншаверцу; не сам напаскуджу, дык некага падвучу. - Памыляецца, узнагароду атрымлівае абавязкова.

Асобны мяркуе, яго асвета, беднасць, пасада, багацтва, сітуацыя... дазваляюць круціць, няпраўдзіць, не даць неўпадабанцу святло ведаў. - Пралічыцца груба і рэзка, належную ўзнагароду атрымвае. Кара будзе тым мацнейшая, чым болей ты асветны, чым свядомей паскудзіш сам ці дазваляеш няўцямцу паскудзіць. Шмат табе дадзена, нямала ўзваліў на плечы абавязкаў, працы, адказнасці, грошай - тым болей падзенняў, бедаў і стратаў чакае цябе пры няправільных дзеях. Закон Космасу.

Бог найлепей справядлівіць сваёй любай найразумнай мошцы - чалавеку. Менавіта таму багатыя і пасадныя, як бы не фіглярнілі ў поспехах і грашоўнасці, адзін перад адным і грамадствам, плачуць гэтулькі, як і бедныя, неразвітыя. Зачастую мацней.

б) Вы адхілілі аповесць "Карыды вогненныя іскры". Ваша права, праўда, несправядлівасць. Канчатковую ацэнку адхіленняў, на шчасце, даю не я, тым болей не вы.

Да вас сэнс прыкметавасці карыды, глыбіня сюжэту і філасофіі твору, навізна літпрыёмаў, чысціня незашоранай беларускай моўнай стыхіі не дайшлі. Малайчынкі… Шчасліўцеся. Выглядаць памяркоўнымі, саліднымі хочацца. "Наступны раз пашанцуе", - меў ласку з'іранізаваць прысаромлены кіраўнік, калі я забіраў "Карыду".

в) Нечаканым беларускім словам, тым болей наватворам трэба радавацца, святліць дарогу, а не пішчаць пра іх непрыймальнасць. Ах-ах, слесар не разбярэ.

Не грашыце, панства. Вышыня ў вас хоць і невялічкая, але вышыня, бойцеся самаўпэўніць, спатыкняцеся, упадзеце - балецьме;

г) атрымалі арыгінальную доказную своеасаблівую аповесць, упершыню ладам, арыгінальна сістэматызавана фактура пра карыду, паказана часовае абурэнне ею ў героя, наступнае трывалае захапленне - і не разабраліся. Хуценька далі адбой аўтару. Смяхоцце;

д) варта перапрацаваць "Карыду". - Тое ж чуў раней. - Дзякуй за парады, без вас я не ведаў такога ходу. Даіснаваўся, мексіканскія ацэншчыкі матэрыялу, беларускай мовы і народнага язычніцтва будуць падказваць, што два на два - чатыры. Паўтараю, не лезьце з няпрошанствам парадаў. Чытайце творы адзін аднаго, дарадчыцеся, выпраўляйцеся... У вас меней перапрацоўкаў радкоў пры напісанні, чым у мяне; я свае праўкі зберагаю, магу паказаць, а вы - сумняваюся.

3. Чытаеце гэту маю праўду і вас абодвух працінае лагічная думка: "А чаго, здатнік, аддаеш нам свой твор? Упэўнены ў яго вартнасці - шлі ў іншыя выданні".

Адказ такі ж лагічны. Не да кіраўніцтва мексіканскага часопіса я тупаў. Хадзіў і буду хадзіць да яго чытачоў, разумнейшых за мяне і вас, трэба думаць. А вы, кіраўнічкі, рашайце, даць чытачам і суседзям веды карыдаўства, язычніцтва, прыкметы, ці ўзваліць асабіста на сябе яшчэ адзін грэх адмовы дабра.

(Працяг у наступным нумары.)

Валер Санько


САТЭЛІТЫ

Нядаўна прэзідэнт суседняй Украіны Пётр Парашэнка ў час уручэння ўзнагарод пераможцам 15-га Міжнароднага конкурсу па ўкраінскай мове імя П. Яцыка ў Кіеве заявіў: "Што зараз яднае нашу нацыю, дзяржаву? Мова… Выбар украінскай мовы быў выбарам маладога пакалення. Менавіта моладзь зрабіла гэты выбар і зараз дэманструе яго і абараняе."

Родная мова стала для нашых суседзяў тым сцягам барацьбы, які іх паяднаў, скансалідаваў і прымусіў дружна выступіць у абарону свайго суверэнітэту і незалежнасці. У нас, на жаль, на вялікі жаль, беларуская мова амаль раздушана і апынулася на мяжы поўнага вынішчэння. Маштабная русіфікацыя прыняла глабальныя памеры і павісла смяротнай пятлёй над беларусамі. Вялізная віна за нацыянальна-духоўнае раз'яднанне і тупіковую сітуацыю ў працэсах адраджэння, я ўпэўнены, ляжыць на лідэрах нашай так званай апазіцыі. Бо тая да канца не здолела разабрацца ў хітрараскручанай і прыхаванай стратэгіі ўладнікаў на асіміляцыю народа, толкам так і не дацяміўшы ролю нацыянальнай мовы ў нашым выжыванні. Нездарма кіраўнік краіны ўжо некалькі разоў ў апошні час задаволена заўважыў, што такая апазіцыя яго цалкам задавальняе.

Некалі дэмакратычныя партыі дапусцілі недаравальную і ракавую памылку, не вызначыўшы і не ажыццявіўшы комплексу рашучых мер па асноўных лёсавызначальных для краіны задачах - аднаўленні роднай мовы і беларусізацыі. Тады, гадоў пятнаццацьдваццаць назад, аднаўленнем роднай мовы і прапагандай прынцыпаў нацыянальнай ідэі ім займацца ніхто не забараняў, больш таго, падобнае сярод моладзі прымалася на "Ура!" і выклікала ажыўленне ў жыцці грамадства.

Вось пра што апазіцыі неабходна было весці пастаянныя гутаркі сярод насельніцтва краіны - студэнтаў і школьнікаў, рабочых і сялян, службоўцаў і інтэлігенцыі. Дасціпна патлумачыўшы, што такое нацыянальная ідэя і што ў выніку родная мова падорыць і прынясе кожнаму чалавеку, асобна ўзятаму. Бо ў нашай краіне, як зараз зразумелі многія, рух за беларускую мову аб'ектыўна ёсць рухам за незалежнасць і дэмакратызацыю беларускага грамадства.

Але ж апазіцыя апантана і самааддана занялася іншымі сваімі справамі, напэўна, выгаднымі ёй, але ж не нацыянальнаму адраджэнню. Гэтым пытанням ніхто асаблівай увагі не ўдзяляў, яны лічыліся другасортнымі і зусім не актуальнымі. Такім чынам, мы ахаладзілі душэўныя парывы вялізнай часткі свядомай беларускай інтэлігенцыі, якая, разабраўшыся ў сітуацыі і паназіраўшы за "мудрымі" выкрутасамі і дзеямі лідэраў апазіцыі, адцуралася падобных грамадскіх аб'яднанняў і пакінула нішу культурнага адраджэння…

Улады мову ледзь не адкрыта дабівалі, а апазіцыя амаль не звяртала на русіфікацыю краіны аніякай увагі - так яны фактычна сталі сатэлітамі ў моўным пытанні. Як не дзіўна, але нават лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры і лідэр кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, на людзях разважаючы пра пытанні гарачай вады ў трубах і цяпла ў хацінах, ніводнага разу не разгарнуў капанію па абароне роднай мовы і не давёў чыстую праўду пра тое, у якім гаротным становішчы тая апынулася….

Некаторыя "змагары" тлумачылі, быццам не варта кіпяціцца і перагружаць свой арганізм - спачатку трэба раскруціць палітычныя рэформы і пераўтварэнні, затым дойдзе чарга і да мовы…Але ж тут яны памыліліся і моцна прайгралі. Зараз даводзіцца канстатаваць паніклы блеклы выгляд так званых дэмакратычных партый. Сёння "змагары-лідэры" амаль з нулявым аўтарытэтам у вачах грамадскасці яшчэ быццам нешта твораць і круцяцца, але ж "для сябе і пад сябе", масы стараюцца не звяртаць на іх аніякай увагі. Ці ж гэта для іх не страшэннае ганьбішча, што на Чарнобыльскі шлях у двухмільённым Менску яны сабралі… 300-400 чалавек. У выніку партбосы са сваімі заклікамі адчужана засталіся існаваць у адзіноце, толькі на словах дэманструючы любоў да пераўтварэнняў і мацуючы сваю дзейнасць заявамі і рознымі праграмамі, не больш таго, а людзі жывуць у сваіх праблемах, не праяўляючы ніякай цікавасці да іх заклікаў і дзейнасці. Зараз, горка прызнаемся, розныя апазіцыйныя партыі дэфакта моўчкі ледзь кільгаюць на адной назе, да таго ж апіраючыся на паламаныя скрыпучыя мыліцы 90-ых гадоў мінулага стагоддзя, калі тут жыў і дзейнічаў у дружным гурце БНФ неўтаймаваны Зянон Пазьняк.

Фактычна ў лістападзе 1996-га быў пакладзены на карту лёс цэлага еўрапейскага народа. Тады нацыянальнай ідэяй і вяртаннем роднай мовы неабходна было ўзрушыць і захапіць прасторы беларускай зямлі, як некалі адважна і шырока закруцілі нашы славутыя дзеячы паслярэвалюцыйнага нацыянальнага руху і, трэба прыпомніць, дабіліся сенсацыйных вынікаў. Перш за ўсё, людзям, стаяўшым за стырном новых партый, варта было стаўку зрабіць на маладое і падрастаючае пакаленне, узнёслае і нястомнае, сэрцы якога гарэлі адданасцю сваёй Радзіме, а душы праглі дэмакратыі і свабоды, волі і перамен.

Але ж ніякай талковай ініцыятывы і абсалютна новага падыходу да адносін з уладамі, заклікаў да ажыццяўлення нацыянальнай ідэі масы не пачулі і не ўбачылі.

Бяззубасць апазіцыі і яе беспрынцыповасць у адносінах да нацыянальнага адраджэння дазваляе ўладам пляваць на мову і не адчуваць ніякай адказнасці і страху за свае антыбеларускія раскруткі. Сёння цэлая Еўропа паядналася ў нежаданні прапускаць на свае землі эмігрантаў, нават загаласілі беларускія гастарбайтэры ў Расіі: каб атрымаць патэнт на працу, там з 2015 года працоўныя эмігранты павінны здавать экзамен па рускай мове. Яны абавязаны вытрымаць комплексны экзамен па рускай мове, гісторыі і асновах заканадаўства. Тэст па рускай мове ўключае заданне па лексіцы, граматыцы, чытанні, праверку пісьмовай і вуснай мовы.

Толькі ў нас усё не так, як у людзей - падобнага неабходнага і суровага іспыту не існуе ў Беларусі. Тут мы сустракаем усіх запар, цалуючы ў шчокі і абдымаючы, засяляючы землі карэннага этнасу туркменамі, таджыкамі, кіргізамі і г.д., крычучы налева-направа, нібы ў стане запоўніць Бацькаўшчыну народам у трыццаць мільёнаў, зусім не мазгуючы пра ідэнтычнасць нацыі і лёс тутэйшага люду.

Нават у далёкія дваццатыя гады мінулага стагоддзя цёмныя, неадукаваныя і затурканыя масы, дзіва дзіўнае, нацыянальная ідэя падняла з каленяў, натхніла і прапітала, яны ўхапіліся за яе ў дзве рукі і ў сярмяжнай зблочанай краіне да 1927 года на беларускую мову амаль цалкам перавялі справаводства ў дзяржаўных і партыйных органах, а ў 1928-ым гэтай мовай у цэнтральных дзяржустановах валодала 80 % чынавенства. З канца 1925-га паседжанні, пратаколы бюро ЦК і акруговых камітэтаў КП(б)Б вяліся толькі на беларускай мове, на ёй жа друкаваліся і дзяржаўныя рашэнні. Тады краіна ачуняла, задыхала на поўныя грудзі і імкліва з верай у сэрцы рухалася наперад.

Такія паводзіны апазіцыі і стратэгія ейных кіраўнікоў сыгралі на руку ўладам. За апошніх дваццаць гадоў на гэтай зямлі вырасла практычна цэлае пакаленне адрынутых ад нацыянальнай ідэі маладых людзей з выхалашчанымі і апусцелымі душамі, далёкае ад роднай мовы, якое зусім не разумее яе трактоўкі. За гэты час асноўныя прынцыпы нацыянальнай ідэі ўладнікі свядома перакруцілі, пранырліва патапіўшы яе ў вязкай багне і пустазвонствам народу задурыўшы галовы. Ход даўно прадуманы - быццам яна, так званая нацыянальная ідэя, пакуль невядомая нікому, і тут патрабуецца шматгадовая і крапатлівая навуковая распрацоўка ледзь не цэлай акадэміі навук. "Капайцеся і шукайце сваю нацыянальную ідэю, вы нам яе прапаноўваеце, а мы традыцыйна не пагаджаемся і "заразаем", так будзе цягнуцца бясконца, бо нам яна не патрэбна, і мы яе ненавідзім, а пакуль знойдзеце - пройдзе шмат часу, працэс русіфікацыі завяршыцца, і ляснецеся вы са сваімі нацыянальнымі помкненнямі".

За апошнія амаль дваццаць гадоў беларускія нацыянальныя рухі і партыі страцілі цэлую энергічную і дзелавую армію новага пакалення, якая магла б зараз скласці іхні касцяк і з душэўнай апантанасцю займацца нацыянальным адраджэннем. Але ж падобнага не атрымалася, аддадзеныя святой справе людзі фактычна не з'явіліся, такі рэзерв у нас спляжылі, а іхнія душы афіцыйныя ідэолагі, не трацячы часу, адкрыта знявечылі. Фактычна без усялякага прымусу мы перадалі ў рукі антыбеларускім сілам шматлікую армію моладзі, прыняўшым іх з вялікай радасцю, закулісна ўхмыльнуўшыся ды сказаўшы апазіцыі: "Дзякуй!"

Праўда, час ад часу моладзь сама жадае зразумець, у якім духоўным вакууме яна апынулася. Вось ужо амаль дваццаць гадоў мы жадаем адкрыць свой нацыянальны ўніверсітэт. За стварэнне такой установы ўзяліся, як вядома, сябры недзяржаўнага грамадскага аб'яднання Інстытута матэматыкі і кібернэтыкі. У яго ўваходзяць навукоўцы, якія імкнуцца развіваць свае дысцыпліны ў Беларусі на роднай мове. Вось слухаю каардынатара праграмы Змітрака Канаплянікава і думаю: колькі ў нас было падобных дзелавітых натхнёных энтузіястаў, якія, не адчуваючы ніякай падтрымкі з боку кіраўнікоў апазіцыі, так і загінулі ў зародкавым стане! А гэта ж разумныя шчырыя патрыёты, якія маглі прынесці столькі карысці для роднай зямлі.

Павальнае ажыўленне ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі ў паслярэвалюцыйныя 30-ыя гады выклікана толькі беларускім нацыянальным рухам, ідэямі беларускага нацыянальнага паяднання, сфармуляваных у праграмах адраджэнцаў і дэмакратычных партый. Такія славутыя шырока вядомыя дзеячы, як Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Цішка Гартны, Язэп Лёсік, Браніслаў Тарашкевіч, Сцяпан Некрашэвіч, Алесь Гарун і шмат-шмат іншых у тыя далёкія часы разабраліся ў тонкасцях карэннага этнасу, вывучылі нацыянальны характар беларусаў і прапанавалі свае канкрэтныя захады па кансалідацыі народных мас і пабудове незалежнай суверэннай дзяржавы. Вось што, напрыклад, пісаў той жа славуты Язэп Лёсік:

"Хто хоча працаваць на карысць народа нашага, той павінен звяртацца да яго на яго роднай мове, дбаць пра развіццё нашай культуры, пашыраць нашу літаратуру і абуджаць у беларусаў яго свядомасць нацыянальную і грамадзянскую. Хто гэтага не разумее або не хоча разумець, той вораг наш і вораг прагрэсу агульначалавечага."

"Народ…Што значыць народ? Народ цёмны, некультурны, яго трэба навучыць. Як ён можа захацець сваёй беларускай школы, калі ён яе ніколі ў жыцці не бачыў? Як ён можа захацець вучыцца на сваёй мове, калі за яе яго лаялі, бэсцілі, крыўдзілі і за людзей не лічылі? Калі ён пастаянна бачыў, што калі хто гаворыць па-беларуску, той бедны, цёмны, галодны, а хто гаворыць іначай, той багаты, асвечаны і сыты? Народ трэба навучыць, яму трэба паказаць, што покі не запануе ў краі яго наша родная беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны і галодны. (Выдзелена мною. - Аўтар ). - Толькі дэмагог і палітычны шарлатан можа пасылацца на народную цемнату і карыстаць з яе дзеля сваіх поглядаў або інтарэсаў."

Пятро ВЫСПА , Менск.


80 гадоў з дня нараджэння Анатоля Кудраўца

Анатоль Паўлавіч КУДРАВЕЦ (нар. 1 студзеня 1936, в. Аколіца, Клічаўскі раён - 8 траўня 2014) - беларускі пісьменнік,

Скончыў Слуцкае педвучылішча (1955), аддзяленне журналістыкі БДУ (1963). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1969). Працаваў настаўнікам, рэдактарам на Беларускім радыё, літсупрацоўнікам газеты "Літаратура і мастацтва", рэдактарам выдавецтва "Беларусь", адказным сакратаром часопіса "Маладосць", галоўным рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура" (1972-1974), інструктарам, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ (1974-1978), на працягу 20 гадоў галоўным рэдактарам часопіса "Нёман" (1978-1997). Займаўся перакладамі.

Асноўныя творы: "На зялёнай дарозе" (1968); "Раданіца" (1971); "Дзень перад святам" (1975); "Зімы і вёсны" (1976); "На балоце скрыпелі драчы" (1979); "За чужымі далямі" (1981); "Сачыненне на вольную тэму" (1985); Выбраныя творы ў 2 тамах (1986-1987); "Блакітны вярблюд" (1990); "Смерць нацыяналіста" (1992) і інш.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа за раман "Сачыненне на вольную тэму" (1986)

Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" (2012).

Вікіпедыя.


Да 125 годдзя з дня нараджэння Макара Краўцова

У 2016 годзе спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Макара Краўцова. З нагоды памятнай даты ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" выпусціла мастацкую паштоўку.

Наш кар.


Спадчына

Народны гумар ад Гальяша Леўчыка

У другой палове 1920-х гадоў беларускі паэт, калекцыянер, мастак і музыкант Гальяш Леўчык (1880-1944) шмат друкаваўся ў заходнебеларускіх часопісах "Авадзень" і "Маланка". Ён збіраў беларускі народны гумар, апрацоўваў яго, а лепшыя смяшынкі дасылаў у віленскія выданні. Некалькі яго апрацовак народнай творчасці ўключыў Янка Саламевіч у кнігу выбраных твораў Гальяша Леўчыка "Доля і хлеб " (Мінск, 1980). Але не шмат. Таму я прапаную чытачам "Нашага слова" ў гэтыя Навагоднія і Калядныя дні ўсміхнуцца і пазнаёміцца з беларускім гумарам 1925-1927 гадоў, які сабраў і апрацаваў тады Гальяш Леўчык.

Сяргей ЧЫГРЫН.


Жывы лепш за нябожчыка

Служанка да палкоўніцы:

- Ваш муж-нябожчык, які меў чын?

- Палкоўнік, а чаму?

- А, бо і я хутка буду "пал-кавой" дамай.

- Ты, як жа гэта?

- Я іду замуж за ваеннага вахмістра…

- Ну і нашла за каго ісці!

- А што? Жывы вахмістр лепшы за нябожчыка-палкоўніка.

Дзеля эканоміі

Раз у рэчцы тапіўся жыд, пачаў крычаць:

- Гвалт! Ратуйце!

Людзі збегліся ды выцягнулі з вады яго. Ачуняўшы ён да ўсіх кажа:

- Ну… трэба было троху пачакаць, а то за хутка выратавалі. Я б сабе з вадою падплыў бы да самай хаты, а вось цяпер трэба купляць на чыгунку білет.

Марыля і арганіст

Марыля выходзіла замуж. Вось яна просіць арганіста:

- Паночку залаценькі, зайграйце мне на арганах, калі я з дзявочым вянком на галаве буду ісці да шлюбу.

Арганіст любіў падсмяяцца ды ёй кажа:

- Добра, але вось бачыш што, калі твой вянок не чысты дзявочы, дык мае органы будуць скрыпець, а людзі дадумаюцца, што гэта…

Марыля падумала ды кажа:

- Ну, то можа і не грайце, паночку, бо крыху будуць і скрыпець.

Перад вяселлем

Ксёндз да маладой:

- Ну, заўтра ваш шлюб. Ці вы добра прыгатаваліся да такой важнай рэчы?

Маладая:

- Але, ксёнжа-дабрадзею, маці напякла хлеба і пірагоў, а бацька закалоў парсючка і купіў гарэлкі.

Не меў маткі

Лёкай:

- Прыняслі нейкую паперу і хочуць, каб пан падпісаў і даў складку на "бедных матак".

Купец:

- Гані іх вон к чорту! Я маткі зусім не меў і, каб не цётка, дык мяне саўсім на свеце не было б.

Людзі жывуць і на месяцы

Ідуць два суседы, а на небе свеціць поўны месяц, дык адзін з іх кажа другому:

- Кажуць, што і на месяцы жывуць людзі.

- Але, і я чуў, толькі я ім не веру.

- А вось я чытаў, быццам на месяцы больш людзей, як нават на зямлі.

- Махлюеш, быць гэтага не можа! Цяпер, як поўня, то можа, але што ж тады з імі будзе, як настане маладзік, - тады месяц зробіцца, як малы ражок, дык дзе ж тыя людзі там падзенуцца.

Хто больш часу мае

- Лявон! Ці б'юць цябе бацькі?

- Ай, б'юць.

- А каторы з іх больш б'е: бацька ці маці?

- Хто больш часу мае.

Да гусей

Жонка да мужа:

- Ах, ты сякі-такі. Калі яшчэ раз прыедзеш позна дахаты - не вытрымаюся - кінуся ў возера.

- Нічога, жартуеш… Тамака і так ужо шмат гусей плавае.

Вельмі чуткі

Начальнік крычыць на свайго пісара, хаця ён гэта не заслужыў. Той маўчыць і нічога не кажа.

- Што вы не разумееце? Вам жа ясным языком гавораць?

- Я, пане, маю вельмі тонкі слух, - кажа пісар, - і ўсё ж добра чую і разумею, калі мне хто ціха кажа, але нічагусенькі не чую і не разумею, калі на мяне хто крычыць.

За трох ажно…

- Ведаеш, суседка, Максім сваю дачку выдае замуж: каваль, слесар, гаспадар…

- За трох адразу хоча выдаць?

Нікога няма

Госць:

- Ці пан у хаце?

Лёкай:

- Не, няма.

- То мо пані ёсць?

- І пані няма.

- Я чуў, што гэтай ноччу ў вас быў пажар.

- Быў, але і яго ўжо няма.

Страхоўка на выпадак

Страхавы агент:

- Вось калі вы памрэце, дык тады мы выплацім сорак тысяч злотых.

- Слаўна, слаўна. Вось тады, прынамсі, буду жыць па-панску.

Новая хвароба

На вуліцы вязуць труну з нябожчыкам; шмат людзей і вайскоўцы з музыкай. Ідзе сабе бабулька і пытаецца ў аднаго ваеннага:

- Хто гэта памёр?

- Генерал… ад інфанцеры… - кажа той.

- А божачкі мой! - кажа, шкадуючы, бабулька. - Ад інфанцеры…І колькі гэтых хвароб развялося на свеце…

Палітыкі

- Але ж я кажу табе, калі Францыя таго, дык Нямеччына гэтага, й годзе!

- Э, што ты ведаеш! Я лепш ведаю: бо калі Англія нібыта так сабе, а Нямеччына так ці сяк, дык тагды Францыя ні тое ні сёе, а пра Польшчу і казаць няма чаго!

На следстве

Следчы суддзя робіць агляд месца, дзе было зроблена злачынства, а яго пісар запісвае ў пратакол: "… на стале знайшлі бутэльку з "Зуброўкай"…".

- Э, пачакайце, - кажа следчы, - трэба ж пакаштаваць, ці тут сапраўдная "Зуброўка"? Гэта вельмі важна для справы. Пакаштаваў і кажа:

- Пішыце, што ў бутэльцы была "Зуброўка".

- Не, гэта, здаецца, не "Зуброўка", а "Пярцоўка", - кажа пісар і глытае з бутэлькі.

- Не можа быць?! - здзівіўся следчы і яшчэ раз прылажыўся да пітва.

- А што? "Пярцоўка", - стараўся пераканаць яго пісар і яшчэ раз глынуў са смакам.

Паціснуў плячыма следчы ды кажа:

- Пішыце ў пратакол, што на стале знайшлі парожнюю бутэльку і ніяк не маглі даведацца, што ў ёй было.

Сам бы не ўтапіўся

Паліцыянт, пішучы пратакол:

- Як вы думаеце, з якой прычыны ўтапіўся Мацей Тачыла?

- Ён сам не ўтапіўся, яго нехта ўтапіў, - кажа сведка.

- Чаму вы так думаеце?

- Бо як яго выцягнулі, дык пры ім знайшлі бутэльку з гарэлкай. Ён бы яе выпіў спярша, а тагды б тапіўся.

Падрыхтаваў да друку Сяргей ЧЫГРЫН.


80 гадоў з дня нараджэння Генадзя Каханоўскага

Генадзь КАХАНОЎСКІ - беларускі гісторык, археолаг, фалькларыст, літаратуразнавец, краязнавец, які ўсё жыццё прысвяціў роднаму Маладзечанскаму краю.

Нарадзіўся 8 студзеня 1936 у Дамашах каля Маладзечна. Юначыя гады правёў у Маскве, дзе ачольваў беларускае студэнцкае зямляцтва, сустракаўся там з Уладзімірам Дубоўкам і Міколам Улашчыкам. Там у 1963 годзе скончыў Маскоўскі педагагічны інстытут.

Па заканчэнні вучобы вярнуўся ў Маладзечна, дзе з 1964 працаваў ў абласным краязнаўчым музеі, дзе стварыў экспазіцыю, за якую яго абвінавацілі ў нацыяналізме. У 1969 атэстацыйная камісія прызнала працу маладога гісторыка-патрыёта шкоднай для камуністычнага выхавання савецкіх людзей. Звольненага Каханоўскага аднавілі на працы, дзякуючы заступніцтву Максіма Танка і Янкі Брыля, але нападкі на вучонага не спыняліся. Не гледзячы на перашкоды з боку камуністычных уладаў, стаў спачатку намеснікам, а потым і дырэктарам Менскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне. З 1981 года Генадзь Каханоўскі стаў старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1991 старэйшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны.

У 1989 спрычыніўся да заснавання Беларускага краязнаўчага таварыства і стаў яго першым старшынём. У 1992 абараніў першую ў Беларусі доктарскую дысертацыю па крыніцазнаўстве матэрыяльнай і духоўнай культуры нашага народа. Напісаў і выдаў шэраг кніг па фалькларыстыцы і археалогіі, даследаванні, прысвечаныя Яўстаху Тышкевічу, Адаму Кіркору, Максіму Багдановічу. Вывучаў муры Койданаўскага кальвінскага збору.

Даследаваў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Выступаў у друку пад псеўданімамі Габрук, Верасень, Г. Гак. Аўтар літаратурна-краязнаўчых нарысаў пра Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Яна Баршчэўскага, Адама Гурыновіча, Фелікса Тапчэўскага, Міхася Чарота, гістарычна-эканамічных нарысаў "Вілейка" (1974), "Маладзечна" (1988) і інш. Адзін з аўтараў помніка "Дарозе" ў в. Мясата на Маладзечаншчыне.

Памёр 10 студзеня 1994 г. у Маладзечне ва ўзросце 58 гадоў.

Вікіпедыя.


Каляндар беларусаў Прыбайкалля

Іркуцкі моладзевы клуб "Крывічы" выдаў дзвюхмоўны каляндар на 2016 год з апорай на беларускія народныя і рэлігійныя святы.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX