Папярэдняя старонка: 2016

№ 05 (1259) 


Дадана: 02-02-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 5 (1260), 3 лютага 2016 г.


270 гадоў з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі

Андрэй Тадэвуш Банавентура КАСЦЮШКА (4 лютага 1746 ці 12 лютага 1746, Мерачоўшчына, Слонімскі павет, Рэч Паспалітая - 15 кастрычніка 1817, Залатурн, Швейцарыя) - вайсковы інжынер і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, які стаў нацыянальным героем у Беларусі, Польшчы і ЗША. Удзельнік барацьбы Рэчы Паспалітай супраць Расіі і Прусіі, а таксама ўдзельнік вайны за незалежнасць ЗША. Лідар нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай супраць расійска-прускай акупацыі краіны.

Касцюшка нарадзіўся ў лютым 1746 года ў Рэчы Паспалітай, у вёсцы на тэрыторыі сучаснай Беларусі; яго дакладная дата нараджэння невядомая. Ва ўзросце 20 гадоў ён скончыў кадэцкі корпус у Варшаве, але пасля пачатку грамадзянскай вайны з удзелам Барскай канфедэрацыі ў 1768 годзе Касцюшка пераехаў у Францыю ў 1769 г., каб працягнуць далейшае навучанне. Ён вярнуўся ў Рэч Паспалітую ў 1774 годзе, праз 2 гады пасля яе першага падзелу, і заняў пасаду выхавальніка ў хатняй гаспадарцы Юзафа Сасноўскага. Пасля таго, як Касцюшка зрабіў спробу ўцячы з дачкой свайго працадаўцы і быў жорстка збіты слугамі яе бацькі, ён вярнуўся ў Францыю. У 1776 годзе Касцюшка пераехаў у Паўночную Амерыку, дзе прыняў удзел у вайне за незалежнасць ЗША ў званні палкоўніка Кантынентальнай арміі. Будучы дасведчаным вайсковым інжынерам, ён распрацоўваў і камандаваў будаўніцтвам самых сучасных умацаванняў, у тым ліку форта ў Вест-Пойнце, Нью-Ёрк. У 1783 годзе, у знак прызнання яго заслуг, Кантынентальны кангрэс вылучыў яго ў брыгадныя генералы.

Вярнуўшыся ў 1784 годзе на радзіму, Касцюшка далучыўся да арміі Рэчы Паспалітай у званні генерал-маёра ў 1789 годзе. Праз два гады пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, якая прывяла да другога падзелу федэрацыі, ён арганізаваў паўстанне ў сакавіку 1794 года, узначаліўшы яго. Расійскія войскі захапілі яго ў бітве пад Мацяёвіцамі ў кастрычніку 1794 года. Паражэнне паўстання Касцюшкі ў лістападзе 1794 прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, які спыніў незалежнае існаванне Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. У 1796 годзе, пасля смерці расійскай царыцы Кацярыны Вялікай, Касцюшка быў памілаваны яе пераемнікам Паўлам I і эміграваў у ЗША. У 1798 годзе Касцюшка напісаў тастамант і пакінуў свайму блізкаму сябру Томасу Джэферсану, які падзяляў яго ідэалы правоў чалавека. Паводле тастаманту ён пакідаў усе свае амерыканскія актывы на вызваленне і адукацыю амерыканскіх рабоў. У рэшце рэшт ён вярнуўся ў Еўропу і жыў у Швейцарыі да сваёй смерці ў 1817 годзе. Пазней выканаць яго апошнюю волю аказалася цяжка, і яго сродкі не былі выкарыстаны на тое, для чаго яны прызначаліся.

Вікіпедыя.



9 лютага (аўторак) на сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Новы гістарычны цыкл - Беларусь у XХ ст. Пачатак 18.00. Уваход вольны.


125 гадоў з дня нараджэння Марыі Міцкевіч (Каменскай)

Марыя Дзмірыеўна МІЦКЕВІЧ [07.02.1891 - 21.05.1945] - жонка Якуба Коласа. Нарадзілася ў горадзе Ашмяны Віленскай губерні ў сям'і псаломшчыка ашмянскай Васкрасенскай царквы Дзмітрыя Аляксандравіча Каменскага і Марыі Цімафееўны. У іх было пяць сыноў і дзве дачкі.

Дзяўчынкаю Марыя Каменская вучылася ў духоўным вучылішчы, потым працавала настаўніцай чыгуначнай школы ў Вільні, пасля - у Пінску. Там у 1912 г. пазнаёмілася з настаўнікам Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам (Якубам Коласам). Праз год, 3 (16) чэрвеня 1913 г., яны пабраліся шлюбам у Пінску. Марыя Дзмітрыеўна нарадзіла і выгадавала трох сыноў: Данілу (1914, г. Пінск - 1996), Юрыя (1917, г. Перм - 1941?), Міхася (нарадзіўся ў 1926 г. у Менску). Падчас Першай сусветнай вайны сям'я Якуба Коласа апынулася ў бежанцах (г. Старыкаў у Падмаскоўі, г. Перм, г. Абаянь Курскай губерні). У Падмаскоўі і на Куршчыне Марыя Дзмітрыеўна працягвала працаваць настаўніцай. Пасля пераезду ў 1921 годзе ў Менск яна - хатняя гаспадыня.

Марыя Дзмітрыеўна была першым чытачом, слухачом, крытыкам твораў свайго мужа. Яна ведала шмат беларускіх народных песняў, напрыклад часта спявала "Ой, зацвіла ружа, белы цвет", "З гары па даліне галубы ляталі".

У гады Вялікай Айчыннай вайны (Клязьма - Ташкент - Клязьма - Масква) Марыя Дзмітрыеўна часта хварэла, у канцы 1944 г. стан яе здароўя пагоршыўся. З пачатку 1945 года яна амаль увесь час знаходзілася ў маскоўскіх шпіталях, дзе і памерла 21 траўня 1945 года. Труну з целам нябожчыцы самалётам перавезлі ў Менск і 24 траўня пахавалі на Вайсковых могілках.

Яшчэ ў красавіку 1945 г. Якуб Колас пасадзіў бярозку - Марыю Дзмітрыеўну - каля дома ў садзе. А ў 1949 г. ленінградскімі каменярэзамі быў зроблены надмагільны помнік з белага мармуру. Барэльеф нябожчыцы зрабіў скульптар Заір Азгур.

Якуб Колас прысвяціў жонцы цыкл вершаў (былі напісаны яшчэ да вяселля, не захаваліся, апрача верша "Дзяўчыне"), а таксама вершы 1940-х гг.: "Майму другу", "М.Д.М." (1942, 1943, 1946), "На пералётах", "Маёй Марусі", "На ростанях", "Ці дома я, ці я ў паходзе…", "У родных мясцінах", лірычныя адступленні ў пэме "Рыбакова хата". М. Дз. Міцкевіч - прататып Ірыны Данілаўны ў апавяданні Коласа "Туды, на Нёман!", жонкі дацэнта - "У двары пана Тарбецкага".

У фондах музея Якуба Коласа захоўваецца графічны партрэт М. Дз. Міцкевіч работы Лазара Рана (афорт, 1972) і яе скульптурны партрэт работы Заіра Азгура (гіпс, 1991).

Па матэрыялах артыкула В. Міцкевіч "...Табой я жыў, табой жыву" (часопіс "Роднае слова" 1/2000).


Міколу Купаву - 70

Беларускі мастак Мікола КУПАВА адзначыў 31 студзеня 2016 года сваё 70-годдзе. Народжаны ў Воршы, Купава ў 1963-1968 гг. вучыўся ў Менскім мастацкім вучылішчы, дзе яго настаўнікам быў, паміж іншых, Алег Луцэвіч. У 1976 г. скончыў навучанне на аддзяленні графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе настаўнікамі былі прафесар Павел Любамудраў, дацэнт Васіль Шаранговіч. Ад 1978 года - сябар Беларускага саюза мастакоў, сябар "Беларускай майстроўні". У 1982-1984 гг. быў мастацкім рэдактарам часопіса "Маладосць". У 1990-1996 гг. - намеснік дырэктара Менскага мастацкага вучылішча імя Глебава пры Беларускай акадэміі мастацтваў, у 1998-2004 гг. - старшыня суполкі "Пагоня", ад 2002 да 2006-га - выкладчык на Архітэктурным факультэце БНТУ. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, акварэлі, малярства і экслібрыса. Даследуе беларускую архітэктуру, у прыватнасці аршанскае абарончае і сакральнае дойлідства. Выканаў мастацкае аздабленне звыш 30-ці кніжак і альбомаў. З 1972 г. пачынае выставачную дзейнасць, браў удзел у больш як 70 нацыянальных, персанальных і міжнародных выставах.

Сярод графічных прац мастака - "Шляхамі Янкі Купалы", "Вільня", "Вязынка", "Дом Марыі Каменскай", "Якуб Колас", "Янка Купала", "Францішак Багушэвіч", "Няміга". Усе названыя працы ён выстаўляў на аўкцыён, прыбытак з якога пайшоў на помнік Міхасю Жызнеўскаму.

Вікіпедыя.


ЗАЯВА РАДЫ ТБМ "БЕЛАРУСКУЮ МОВУ Ў БЕЛАРУСКІ ПАРЛАМЕНТ!"

Шаноўныя сябры і аднадумцы, шчырыя прыхільнікі беларускай мовы!

У нашай краіне склалася сітуацыя, неспрыяльная для функцыянавання дзяржаўнай беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця.

Насуперак Канстытуцыі, якая абвяшчае роўнасць дзвюх дзяржаўных моў, дзейнае заканадаўства і асабліва Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ёй пярэчаць і істотна абмяжоўваюць правы беларускамоўных грамадзян краіны, асабліва ў стасунках з дзяржаўнымі структурамі, якія перадусім працуюць на рускай мове.

Змяніць сітуацыю павінен беларускі парламент, які можа ўнесці неабходныя папраўкі ў існае заканадаўства. На жаль, сённяшні склад нашага заканадаўчага органа рабіць гэта не збіраецца.

У сувязі з гэтым Рада ТБМ заклікае ўсіх беларускіх патрыётаў незалежна ад іх нацыянальнасці, палітычных і рэлігійных перакананняў аб'яднацца ў грамадзянскую ініцыятыву "Беларускую мову ў беларускі парламент" і прыняць актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах у верасні 2016 года.

Кожны кандыдат - сябра гэтай ініцыятывы - з мэтай пашырэння беларускай мовы ў нашым жыцці праводзіць сваю кампанію па-беларуску і выступае за тое, каб новы склад беларускага парламента працаваў па-беларуску, прымаў на беларускай мове ўсе заканадаўчыя акты, унёс неабходныя змены ў Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і прыняў Закон "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".

"Беларускай мове ў парламенце - быць!"

24 студзеня 2016 г.


З моваю і мы будзем жыць

Як ужо паведамлялася раней, аўтар гэтых радкоў адправіўся шукаць асяродкі жыцця роднай мовы. На гэты раз такімі аб'ектамі сталі сельскія бібліятэкі. І што трэба зазначыць: самі бібліятэкі ў сельскай мясцовасці таксама знікаюць. Давайце сёння на прыкладзе аднаго сельсавета прасочым за станам спраў у бібліятэчнай сістэме.

У недалёкім мінулым у гэтым сельсавеце было сем бібліятэк. Усяго вёсак у гэтым рэгіёне дзевяць. Малаплотніцкая бібліятэка аблугоўвала вёску Канатоп, а Бобрыкаўская - Забярэззе. Спачатку зніклі бібліятэкі ў ў вёсках Чапля і Церабень. А літаральна нядаўна закрыліся бібліятэкі ў вёсках Малая Плотніца і Ліпнікі. Пакуль што засталіся існаваць бібліятэкі толькі ў вёсках Бобрык, Пласкінь, Дабраслаўка.

Чаму знікаюць сельскія бібліятэкі? Адна з галоўных прычын - выміранне вёсак. Няма чытачоў - не трэба і бібліятэка. І сапраўды, навошта траціць дзяржаўныя грошы?

Як жывуць пазасталыя бібліятэкі? Кніжны фонд бібліятэк сельсавета налічвае болей за 20 тысяч кніжак. У дзвюх бібліятэках працуюць спецыялісты бібліятэчнай справы. Кніжны фонд вялікі, а вось з чытачамі праблема. Дзве з трох бібліятэкарак працуюць на няпоўныя стаўкі. Адна з іх - ужо пенсіянерка.

Як жыве беларуская мова ў бібліятэках? На стэндах і кніжных выставах назвы ў асноўным па-беларуску. А вось беларускамоўных кніжак у фондах бібліятэк недзе толькі траціна. Чытачы і бібліятэкаркі ў асноўным рускамоўныя. Такое становішча яскрава сведчыць аб тым, што нацыянальная мова беларусаў не ў пашане ў саміх беларусаў. Родная мова беларусаў у цяжкім становішчы. І з гэтым мы ўсе мірымся.

Нацыя можа жыць толькі пры ўмове жыцця роднай мовы, нацыянальнай культуры, народных абрадаў звычаяў, традыцый. Толькі з роднаю моваю мы будзем жыць.

З гэтай нагоды хачу напомніць усім: і чытачам, і працаўнікам культуры ды адукацыі, маладым і старым людзям бясцэннае выказванне Наталлі Арсенневай:

Каб не мова,

даўно б мы растаялі

Расплыліся б імглой

між чужых,

Збеглі б у вырай

гусінаю стаяю...

Але з моваю -

і мы будзем жыць.

Вось так паступова і мы раствараемся сярод чужых. Парадаксальна, але чужая мова нам стала даражэй за сваю, родную, нацыянальную. А што робяць працаўнікі культуры для таго, каб не знікла беларуская мова, як аснова нацыянальнай культуры, каб не знік беларускі народ? Мне здаецца, калі нешта і робіцца ў гэтым кірунку, то робіцца вельмі мала.

Беларусь там, дзе гучыць беларуская мова. І Беларусі ў гэтым плане трагічна не шанцуе. Класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі заклікаў народ беларускі: "Не дамо загінуць мове роднай!" Я адчуваю, як бы засмуціўся наш знакаміты зямляк, калі б убачыў тое, што робіцца з мовай роднай у нашай краіне!

Звяртаюся да ўсіх бібліятэчных работнікаў: загаварыце хоць на працы па-беларуску. На жаль, з усіх бібліятэкарак, з якімі сустракаўся, толькі адна са мной размаўляла па-беларуску. А ў большасці на маю заўвагу-папрок адказвалі: "У нас жа двухмоўе". У адказ на гэта прашу прыслухацца да слоў вялікага Францішка Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"

На здымку тая адзіная бібліятэкарка, якая размаўляе са мной на роднай беларускай мове.

Уладзімір Гук , вёска Бобрык, Пінскі р-н.


Вуліца імя Т. Касцюшкі ў Менску, магчыма, будзе, а вось помнік...

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб ушанаванні памяці

Тадэвуша Касцюшкі

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнню кіраўніцтва Мінскага гарвыканкама Ваш зварот аб прысваенні імя Тадэвуша Касцюшкі адной з вуліц горада Мінска накіраваны ў камісію па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска (далей - камісія).

Паведамляем, што імя Тадэвуша Касцюшкі побач з імёнамі Васілі Быкава, Міхаіла Савіцкага, Эдварда Вайніловіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Тадэвуша Рэйтана і іншых значыцца ў спісе імёнаў знакамітых дзеячаў краіны, якія прапанаваны арганізацыямі і грамадзянам Беларусі да ўвекавечання ў назвах састаўных частак г. Мінска.

Камісія на кожным пасяджэнні разглядае магчымасць прысваення імёнаў вядомых асоб новым вуліцам сталіцы Беларусі. Ваша прапанова будзе ўлічана камісіяй пры прысваенні найменняў састаўным часткак горада.

З улікам таго, што працэдура перайменавання прычыняе нязручнасці грамадзянам і патрабуе значных фінансавых выдаткаў (змена дакументаў адрасоў, аншлагаў, назваў прыпынкавых пунктаў і г.д.), лічым немэтазгодным перайменаванне часткі пр. Дзяржынскага ў вуліцу Тадэвуша Касцюшкі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення П.В. Скалабан.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб правядзенні конкурсу

Паважаны Алег Анатольевіч!

Разгледзеўшы ў межах сваёй кампетэнцыі ліст грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ад 4 студзеня 2016 г. № 1, паведамляем наступнае.

Падчас фарміравання плана стварэння мемарыяльных збудаванняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2016 - 2020 гг. Міністэрствам культуры разглядаліся прапановы аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Прапановы аб стварэнні помніка Т. Касцюшку не паступалі.

Адначасова інфармуем, што Міністэрства культуры не валодае сродкамі для стварэння і ўстаноўкі вышэйназванага помніка.

У сувязі з выкладзеным, рэалізацыя дадзенай прапановы ў 2016 г. не прадстаўляецца магчымай.

З павагай, Першы намеснік Міністра І.У. Дрыга.


ТБМ выпусціла паштоўку да 125-х угодкаў з дня нараджэння Аркадзя Смоліча.


Пра падпіску на "Наша слова"

На лістападаўскай Радзе ТБМ 2015 г. было востра пастаўлена пытанне пра зніжэнне падпіскі на газету "Наша слова". Была створана рабочая група па паляпшэнні сітуацыі. Найбольш актыўна папрацаваў паэт Анатоль Вярцінскі, які звярнуўся да шэрагу знакавых людзей у рэгіёнах. Найбольш адказна да звароту слыннага паэта аднесліся ў Слоніме. Там былі праведзены пэўныя мерапрыемствы, у выніку чаго падпіска ў Слоніме павялічылася з 6 асобнікаў да 14, а пісьменнік Сяргей Чыгрын даслаў А. Вярцінскаму ліст з заўвагамі, прапановамі і пажаданнямі, які спадар Анатоль перадаў ў рэдакцыю.

"Слонім 13.12.15 г.

Паважаны Анатоль Ільіч!

"Наша слова" павінна жыць, бо не будзе газеты - не будзе ТБМ. Газета нагадвае ўсім, што ёсць ТБМ, што ёсць друкаваны орган, які абараняе нашу мову, дзе мы можам друкаваць свае творы, думкі, навіны, рэпартажы. Я на адным з паседжанняў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл прапанаваў распачаць рэспубліканскую акцыю "Падтрымаем "Наша слова". Ужо была інфармацыя на сайце Радыё Рацыя. У той дзень некалькі чалавек адразу далі мне грошы, і я выпісаў на квартал ім газету. Да канца падпіскі буду яшчэ пытацца і нават прасіць, каб падпісаліся на "Наша слова". Цяпер тэлефаную сябрам у розныя рэгіёны Беларусі, і прашу выпісаць газету, абапіраючыся на тое, што падпіска танна каштуе і ў газеце ўсё ж ёсць што пачытаць.

Але, скажу шчыра, газету неабходна рэфармаваць.

1. Мяняць дызайн газеты і шрыфт.

2. Абавязкова трэба друкаваць якасныя здымкі, бо яны страшныя, слонімскія партызаны ў гады Другой сусветнай вайны на рэтапрынце друкавалі якасней, чым "Наша слова" сёння. Здымкі, перш чым іх аддаваць у друк, неабходна чысціць, прыводзіць іх да належнага стану, шукаць іншую друкарню. Напрыклад, Слонімская друкарня друкуе якасныя здымкі. Трэба дамаўляцца. А газету ўсяроўна забірае "Белпошта".

3. Забараніць у "Нашым слове" друкаваць вялікія артыкулы - лапці, іх ніхто не чытае. Павінны быць артыкулы па памерах не больш паўстаронкі са здымкам.

4. Прыцягваць да супрацоўніцтва, хоць і без ганарараў, краязнаўцаў, настаўнікаў, літаратараў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Тэлефанаваць, прасіць напісаць артыкул для "Нашага слова". Ёсць пісьменнікі, якіх мы гадамі не чытаем, не чуем, дзе яны?

5. Праводзіць сустрэчы з чытачамі праз кампанію "Будзьма беларусамі", найперш у райцэнтрах Гомельскай і Магілёўскай абласцей, дзе нават не ведаюць, што ёсць такая газета.

6. Усё ж неабходна аб'яўляць нейкія конкурсы для чытачоў і знаходзіць, хоць сціплыя, для іх падарункі.

7. Забараніць друкаваць спісы, у каго дні нараджэння, бо многія ўжо памерлі, а "Наша слова" іх віншуе з днём нараджэння. Жах! Гэта ўсё ж не прыватная хатняя газета, а газета ТБМ.

8. Не хапае ў газеце арыгінальных інтэрв'ю з вялікімі людзьмі Беларусі, зробленых спецыяльна для "Нашага слова".

9. Падпісчыкам газеты ў першых нумарах дасылаць у падарункі каляндарыкі, плакаты, паштоўкі з падзякай, што яны падпісаліся, як гэта робяць іншыя выданні.

10. Магчыма, трэба, каб у газеце была старонка гумару, а то беларусаў зусім пазбавілі магчымасці ўсміхацца і жартаваць...

Ёсць і шэраг іншых заўваг і прапаноў. Але хто гэта ўсё будзе выконваць і ажыццяўляць - не ведаю. Усе пасіўныя і гультаі.

Вось такія справы. Здароўя Вам і творчых сіл.

Шчыра -

Сяргей Чыгрын, Слонім."

Рэдакцыя вельмі ўдзячная спадару Чыгрыну за працу і , безумоўна, пастараецца ўлічыць усе яго прапановы ў сваёй дзейнасці.

На паседжанні сёлетняй Рады пытанне падпіскі паўстала ізноў. Ад імя Сакратарыяту кожнаму сябру Рады былі ўручаны па тры агітацыйныя раздрукоўкі з задачай падпісаць хаця б трох чалавек на "Наша слова". Сябар Рады, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, бард Сяржук Чарняк прыехаў на паседжанне з гітарай, каб беларускай песняй паагітаваць за "Наша слова".

Бліжэйшыя месяцы пакажуць, дзе хто і наколькі прыслухаўся да заклікаў. Прынамсі яшчэ раз выпадае паўтарыць словы Сяргея Чыгрына: "... не будзе газеты - не будзе ТБМ". Таму, ці дойдзе да паездак рэдакцыі па Магілёўскай і Гомельскай вобласці - не вядома, але тое, што клопат па павышэнні падпіскі, а, значыць, па захаванні газеты "Наша слова" павінен стаць клопатам усіх сяброў ТБМ, не выклікае сумнення і патрабуе адказнага стаўлення да гэтай праблемы.

Яраслаў Грынкевіч. На здымках: 1. Паседжанне Рады ТБМ, у цэнтры сядзіць Анатоль Вярцінскі. 2. Спявае Сяржук Чарняк.


Аб рэлігійнай тэрміналогіі

На Радзе ТБМ у чарговы раз было паднята пытанне пра ўніфікацыю рэлігійнай тэрміналогіі асноўных канфесій Беларусі. Да гэтага пытання шматкроць звярталіся самыя розныя энтузіясты і спецыялісты, але дасягнуць сур'ёзных зрухаў не ўдаецца. Не абяцае прарыву і чарговы адказ з Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

У апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей разгледжаны Ваш зварот ад 05.01.2016, накіраваны з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, датычаны пытання стварэння ўрадавай камісіі па распрацоўцы адзінай канфесійнай тэрміналогіі Рымска-каталіцкай царквы і Беларускай праваслаўнай царквы на беларускай мове.

Паведамляем, што да Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб, у тым ліку ад прадстаўнікоў рэлігійных канфесій Рэспублікі Беларусь, з прапановамі па распрацоўцы адзінай беларускамоўнай канфесійнай тэрміналогіі не паступала.

Трэба адзначыць, што стварэнне ўрадавай камісіі, якая складаецца з адных навукоўцаў-лінгвістаў, можа быць разгледжана прадстаўнікамі канфесій, як спроба ўмяшання дзяржаўных органаў у ўнутрыцаркоўныя справы.

Мяркуем, што разгляд гэтага пытання можа быць ініцыяваны кіраўніцтвам традыцыйных хрысціянскіх канфесій Рэспублікі Беларусь у выпадку іх цікавасці да ўніфікацыі тэрміналогіі ў канфесійнай сферы, і адрасаваны Нацыянальнай акадэіі Беларусі.

Намеснік Упаўнаважанага А.І. Радчанка.


Інфармацыя аб рабоце рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" ў 2015 г.

У 2015 годзе, як і раней, у цэнтры ўвагі і практычнай дзейнасці рады Віцебскай абласной арганізацыі былі праблемы статусу дзяржаўнасці беларускай мовы, пашырэння яе ўжывання рознымі групамі насельніцтва.

У гэтых мэтах абласная рада арганізавала правядзенне агляду-конкурсу мясцовага перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы "З беларускім словам". У лютым 2015 г. журы конкурсу на чале з Ю.М. Бабічам, намеснікам старшыні абласной рады, падрыхтавала выніковую запіску, якая была даведзена да ўсіх рэдактараў мясцовых газет (апублікавана ў газеце "Наша слова" за 11 лютага 2015 г.), а таксама даслана кіраўніцтву Віцебскага аблвыканкама, куратарам ідэалагічнай работы.

Рэдакцыі дзевяці раённых і недзяржаўных газет, якія выйшлі пераможцамі, а таксама больш за 30 журналістаў былі ўганараваны памятнымі падарункамі і Дыпломамі абласной рады. Кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў, ГА "Бацькаўшчына", Таварыства беларускай мовы дапамаглі нам беларускай літаратурай і вырабілі дыпломы. Урачыстае падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу мясцовага друку адбылося 20 чэрвеня 2015 г. у час традыцыйнай імпрэзы, прысвечанай дню нараджэння Васіля Быкава, на яго радзіме ў в. Бычкі Ушацкага раёна. Рэдактарам і журналістам пяці газет былі ўручаны адпаведныя дыпломы і падарункі.

На працягу ліпеня-верасня 2015 г. сябры абласной рады пабывалі ў Паставах, Шуміліне, Шаркаўшчыне, Докшыцах, дзе на сустрэчах з калектывамі рэдакцый газет пазнаёмілі журналістаў з вынікамі агляду-конкурсу, уручылі ўзнагароды, адказалі на пытанні прысутных. У верасні 2015 г. адбылася сустрэча з калектывам газеты "Витебские вести". I. Навумчык і Ю. Бабіч падзяліліся з журналістамі думкамі аб дзейнасці ТБМ, выказалі свае меркаванні па выкарыстанні беларускай мовы на старонках абласной газеты, уручылі падарункі журналістам Г. Шпакоўскай і Т. Пашкевіч. 3 кастрычніка 2015 г. у абласной газеце з'явілася рубрыка "Вучыце родную мову".

Абласная рада падрыхтавала і правяла у чэрвені 2015 г. іпрэзу, прысвечаную дню народзінаў В.У. Быкава, быў распрацаваны сцэнар мерапрыемства, з дапамогай сп. Т. Караткевіч быў выраблены адмысловы партрэт В. Быкава. Сябры ТБМ г. Віцебска, перад выездам ў в. Бычкі, усклалі кветкі ля мемарыяльнай дошкі В. Быкаву. На свята прыехалі сябры ТБМ, прыхільнікі творчасці В. Быкава з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Оршы, большасці раёнаў вобласці. З Мінска прыехалі пісьменнікі, дзеячы культуры, журналісты. У час імпрэзы прайшла віктарына, гучалі вершы Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, прысвечаныя нашаму знакамітаму земляку. Выдатна гучалі беларускія песні ў выкананні Т. Матафонавай.

Абласная рада, гарадскія і раённыя суполкі ТБМ прынялі актыўны ўдзел у адзначэнні юбілейных дат Р. Барадуліна, У. Караткевіча, прайшлі сустрэчы з беларускімі літаратарамі, выставы. Змястоўную імпрэзу, прысвечанную 85-годцзю У. Караткевіча, правёў калектыў тэатра "Лялька". Прысутныя паглядзелі спектакль" Ладдзя роспачы".

Абласная рада на сустрэчах з кіраўнікамі ідэалагічных службаў вобласці, звяртала ўвагу на адсутнасць клопату з іх боку на праблему статусу беларускай мовы, як першай дзяржаўнай. На жаль, зрухаў у гэтым накірунку мы не бачым, і наша задача - знайсці магчымасці асэнсавання прадстаўнікамі ўлады вастрыні гэтай праблемы ў сённяшніх умовах.

Старшыня рады Віцебскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" I.А. Навумчык.


Памяці Клаўдзіі Анісавай

На 96 годзе пакінула гэты свет Клаўдзія Анісава…

Беларуска, Чалавек Сусвету, чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй…

Мастацтвазнаўца, Заслужаны дзеяч мастацтваў Карэліі, сябра Саюза мастакоў Расіі, аўтар больш, чым 150 артыкулаў, каталогаў, манаграфій аб мастаках Кірава, Ульянаўска і Петразаводска.

Пераехалі яны з сястрой Лідзіяй у Свіслач Пухавіцкага раёна ў 1989 г. з г. Кірава. Вярнуліся на Радзіму пасля 48 гадоў вандравання.

… Але заглянем у пачатак. Нарадзілася Клаўдзія Паўлаўна 26 снежня 1926 г. у куточку Раю на зямлі - у Рагачове. Бацьку свайго не памятала. Мама працавала ў гарадской сталоўцы кухарам і была для маленькай дачушкі анёлам - купляла шматтомныя кнігі па гісторыі, вадзіла на ёлку ў сям'ю да больш заможнай каляжанкі. Там ёй таксама дарылі кнігі. Дзяўчынка расла вялікай кніжніцай. Скончыўшы школу, паступіла на гістарычны факультэт БДУ. Калі пачалася вайна, Клаўдзія разам са шматлікімі бежанцамі рушыла пехатой з Менска ў Рагачоў да мамы. І калі пагрукала ў дзверы, маці яе, схуднелую і змораную, ледзь пазнала. Здабыўшы недзе каня, сям'я рушыла на ўсход. Эвакуявалі іх у Казахстан. Маці накіравалі працаваць у сталоўку (што і выратавала сям'ю ад голаду), а студэнтку-першакурсніцу Клаўдзію - настаўніцай малодшых класаў. На ўсё жыццё Клаўдзія запомніла апортавыя сады каля Караганды і глыбокае начное неба з безліччу зорак. Пасля вайны сям'я не стала вяртацца на папялішча. Лідзія, малодшая сястра Клаўдзіі, засталася жыць з маці ў глінянай казахскай мазанцы. Клаўдзія аднавілася на другі курс гістфака Ленінградскага ўніверсітэта. Калі прымалі дакументы, паглядзелі на яе і прапанавалі факультэт гісторыі мастацтва. Не помнячы сябе ад шчасця, Клаўдзія пачала займацца ўлюбёнай справай - вучыцца на мастацтвазнаўцу. Яе любімым настаўнікам быў Н.Н. Пунін - "бліскучы лектар, выбітны мастацкі крытык і тэарэтык мастацтва, які шчыра і бескампрамісна адстойваў каштоўнасці мастацтва" (са слоў самой Клаўдзіі). Ён і сказаў, што ў "Анисовой есть глаз" . Гэта была вышэйшая ацэнка. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1949 г. маладога спецыяліста накіравалі ў Вяцкі мастацкі музей імя Васняцовых. Дадамо ад сябе, што, на жаль, не патрапіла на родную Беларусь, а стала чарговым каштоўным каменьчыкам культуры суседняй краіны… Гісторык мастацтва Клаўдзія Паўлаўна Анісава была першым прафесіяналам ў музеі, яго апантаным кіраўніком. Вось маленькі эпізод. Успамінае адзін з наведвальнікаў музея: "Мне было ўжо гадоў 11 - 12, калі пад час адкрыцця адной з выстаў я задаў пытанне дырэктару музея Клаўдзіі Паўлаўне Анісавай: "А тут усе карціны сапраўдныя, ці ёсць і копіі?" Клаўдзія Паўлаўна, усміхаючыся, адказала мне: "Што Вы, што Вы, малады чалавек! У музеях заўсёды прадстаўляюць толькі арыгіналы мастацкіх палотнаў." Гэта я запомніў на ўсё жыццё."

Прафесіяналам з вялікай літары была Клаўдзія Паўлаўна. Але і найлепшымі чалавечымі рысамі валодала яна. Была вельмі ўважлівая і клапатлівая, эрудаваная і патрабавальная, шчодрая на душэўныя праявы і высакародная ва ўчынках жанчына. Яе вельмі любілі студэнты ВНУ Кірава, Ульянаўска і Петразаводска, якім яна чытала лекцыі па гісторыі мастацтва і курс па эстэтыцы.

Пахаваўшы ў Казахстане маму, да сястры ў Кіраў пераехала і сястра Лідзія. Аддана працуючы на ніве расейскай культуры, Клаўдзія адчувала тугу па сваім, родным, беларускім… Зрэалізаваўшыся ў сваёй галіне, на ніве гісторыі мастацтва, культуры, будучы паважанай у Кіраве, Клаўдзія разам з сястрой усё ж прымаюць рашэнне вярнуцца на Радзіму. Гэта былі Адраджэнцкія дзевяностыя гады, "новае неба над новай краінай". У гэтую атмасферу і акунулася з уласцівай ёй апантанасцю Клаўдзія Паўлаўна. Яе багатая бібліятэка папоўнілася ўсімі эпахальнымі беларускімі выданнямі таго часу. За годдва яна па-новаму авалодала роднай мовай. Завязала ліставанне, а то і сяброўства, з такімі людзьмі як А. Жамойцін, В. Аксак, М. Анемпадыстаў, Г. Сагановіч, М. Скобла, Г. Шэпелеў, А. Пушкін і інш. Узяла да сябе вучняў са Свіслачы, дапамагала ім у авалодванні літаратурай і гісторыяй.

І ўвесь час заставалася нястомнай кніжніцай. Апошняй у яе руках была кніга Марціна Хайдэгера "Час і бытнасць".

Я. Пушкіна.


Сем'ям Беларусі - здаровы лад жыцця

Актуальнай тэме барацьбы з паленнем прысвяціў цыкл публікацый ксёндз-пробашч менскага Чырвонага касцёла, кандыдат гістарычных навук Уладзіслаў Завальнюк.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя на Беларусі штогод гіне каля 20.000 чалавек ад наступстваў ужывання тытуню. Каб зберагчы ад шкоднай залежнасці тых, хто яшчэ да яе моцна не прызвычаіўся, ксёндз У. Завальнюк у рамках серыі дакладаў "Гігіена і здароўе" выпусціў брашуру: "Той, хто паліць - бязвольны чалавек".

У брашуры кс. У. Завальнюк прыводзіць трывожныя дадзеныя - на Беларусі паліць кожны чацвёрты, а ў Еўропе - кожны трэці. У Гомельскай вобласці паляць - 27%, у Гарадзенскай - 23%, а ў Менску - 29, 1% насельніцтва!

"23 % дзяўчат-падлеткаў паляць, сярод хлопцаў гэты адсотак меншы", - сцвярджае галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Нявера.

У брашуры можна знайсці шэраг цікавых і пераканаўчых фактаў з сусветнай гісторыі. У 1492 годзе табак упершыню ўбачылі еўрапейцы. Індзейцы падаравалі Калумбу звязку сушаных лістоў тытуню. Калумб не зразумеў іх прызначэння і выкінуў за борт карабля.

У 1603 годзе у Англіі да ўлады прышоў кароль Якаў I, праціўнік палення. Ён першы ў свеце напісаў пра шкоду палення "Пратэст тытуню". Кароль прысудзіў да смяротнага пакарання Уолтэра Рэлі за гандаль тытунём і змову супраць кароны.

У 1620 годзе пачалася эра цыгарэт. У Севільі была пабудавана першая ў свеце фабрыка па вытворчасці цыгарэт. У 1624 годзе Папа Урбан VІІІ прыгразіў адлучаць аматараў тытуню ад Царквы. У Расіі цар Міхаіл Фёдаравіч загадаў караць смерцю таго, у каго знойдзе табак.

Па дадзеным Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за ўсё ХХ стагоддзе паленне тытуню з'явілася прычынай заўчаснай смерці 100 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце. Асноўныя вытворцы цыгарэт сёння - ЗША і Ктай.

У сусветным распаўсюджанні шкоднай звычкі значную ролю адыграла рэклама. З 1954 года ў свет выходзілі "Каўбоі Мальбара" - сімвал амерыканскіх мужчын-патрыётаў, якія, зразумела, паляць. Цікава тое, што ўсе каўбоі, хто рэкламаваў "Мальбара", памерлі ва ўзросце 50 гадоў ад раку лёгкіх. У 1985 годзе амерыканскі акцёр Юл Брынер, які на экране не выпускаў цыгарэту з зубоў, незадоўга да смерці пакаяўся перад народам.

Тытунёвы дым - моцны канцэраген. Ён утрымлівае рэчывы, здольныя шкодзіць ДНК клетак. Паленне - адзін з вядучых фактараў рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Паленне павялічвае верагоднасць злаякасных пухлін страўніка, падстраўнікавай залозы, нырак, печані.

Тэрмін "твар тых, хто паліць" з'явіўся ў навуковым часопісе ў 1985 годзе. У 48% аматараў тытуню скура мае блякла-шэры колер і больш выразныя зморшчыны. Бялок, які адказвае за эластычнасць тканак, робіцца больш шчыльным і фрагментаваным. "Я разумею, - піша аўтар, - што гэтай брашурай немагчыма супрацьстаяць ці перамагчы зло, але з Божай дапамогай спадзяюся праліць праменьчык святла ў смяротнай цемры тытунёвага дыму і наіўнай недасведчанасці. Шкада, што мы, дарослыя, не можам абараніць маладыя пакаленні не ад цыгарэт, а ад наркабаронаў і дылераў тытунёвай спажывы".

З 16 студзеня 2016 ў Туркменістане ўсталяваны "сухі закон" на паленне - уведзена абмежаванне продажу цыгарэт. Шапікі, у якіх будзе ісці незаконны гандаль цыгарэтамі, будуць падлягаць штрафу ў 3000 даляраў. На гэтую надзвычайную меру звярнуў увагу вернікаў кс. пробашч Уладзіслаў Завальнюк падчас нядзельнай казані.

"Беларусь мае ўсе кліматычня і матэрыяльныя магчымасці, каб заставацца асяродкам здароўя і здаровага ладу жыцця, - піша ў сваёй кніжачцы ксёндз-дэкан Ул. Завальнюк. - Калі ў нашым сэрцы і памяці будзе не толькі лозунг: "Люблю Беларусь!" , але і "Беларусь - асяродак здаровага ладу жыцця!"

Зараз кс. У. Завальнюк працуе над новай брашурай. Ён папрасіў тых, хто раней паліў і кінуў гэтую шкодную звычку, падзяліцца ананімна сваёй гісторыяй, якая можа дапамагчы таму, у каго пакуль на гэта не стае сілы волі.

Э. Дзвінская.


Зорка Андрэя Чарнякевіча

З гэтым чалавекам мы друкаваліся ў адным і тым жа выданні ў сярэдзіне 90-х гадоў. Але асабіста мы адзін аднаго не ведаем. Днямі я атрымаў у падарунак цікавую кнігу Андрэя Чарнякевіча "Нараджэнне беларускай Гародні", якую выдаў індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Мікалаевіч Янушкевіч. У афармленні вокладкі выкарыстаны фатаграфіі канца 1910-х - 1920-х гадоў. Аўтар фотакааладжу - Ірына Саранчукова. Дызайн вокладкі зрабіла Антаніна Нявінская, а карэктуру - Надзея Вішнеўская.

Кніга сучаснага беларускага даследчыка Андрэя Чарнякевіча распавядае пра фарміраванне ў Гародні аднаго з галоўных цэнтраў беларускага нацыянальнага руху ў першай палове ХХ стагоддзя. На падставе малавядомых архіўных і друкаваных крыніц аўтар стварае шырокую панараму сацыяльна-палітычнага жыцця даваеннай Гародні, апісвае яе беларускае аблічча на фоне бурлівых падзей, звязаных са шматлікімі зменамі ўлады і ўсталяваннем новых парадкаў у горадзе.

Кніга адрасавана ўсім, хто цікавіцца гісторыяй беларускага нацыянальнага руху, а таксама мінулым Гародні і Гарадзенскага рэгіёна. Рэцэнзентамі кнігі з'яўляюцца прафесар з Польшчы Яўген Мірановіч і кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ Уладзімір Ляхоўскі.

Кніга мяне вельмі зацікавіла. Яе наклад 400 асобнікаў. Яе кошт 144 тысячы рублёў.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык.


Рэжысёр Ірына Волах: "Горад Ліда варты асобнага цыклу дакументальных фільмаў"

Студыяй "Летапіс" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" летам і восенню мінулага года вяліся здымкі цыклу кароткаметражных дакументальных фільмаў аб замках Беларусі. Аўтарам ідэі і сцэнарыяў з'яўляецца дырэктар студыі Уладзімір Мароз. Над кожным з дзевяці фільмаў працаваў свой рэжысёр. Рэжысёр фільма пра наш Лідскі замак - Ірына Волах. Здымачная група на чале з ёй працавала ў нашым горадзе ў кастрычніку.

А днямі ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылася прэм'ера кароткаметражнага дакументальнага фільма "Лідскі замак", на якую былі запрошаны мясцовыя гісторыкі, краязнаўцы, проста зацікаўленыя людзі. На прэм'еры фільма прысутнічалі і яго аўтар сцэнарыя і рэжысёр, а таксама кансультант у час здымак фільма, вядомы археолаг, гісторык архітэктуры Алег Трусаў. Дарэчы, першымі раскопкамі пад кіраўніцівам Алега Трусава як археолага былі менавіта раскопкі ў канцы 70-х гадоў на тэрыторыі нашага замка. Знаходкі тых часоў, якія захоўваюцца ў фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея, паказаны ў фільме. Увогуле, Алег Трусаў выступае ў фільме галоўным героем, яго змястоўныя і цікавыя аповеды пра гісторыю замка, яго архітэктурныя асаблівасці суправаджаюць фільм ад пачатку і да канца.

Яшчэ больш наглядна ўявіць мінулае старажытнага помніка архітэктуры дапамагаюць фатаграфіі, паштоўкі, малюнкі. Зразумела, паказаны і сам замак у розных ракурсах, яго двор, вежы. Прычым, бачна, што ўнутры замка віруе сваё жыццё: праводзяцца экскурсіі, выступаюць сучасныя рыцары, дзейнічаюць гістарычныя выставы (у здымках былі задзейнічаны экскурсійная група старшакласнікаў СШ №11 на чале з навуковым супрацоўнікам музея Алесем Хітруном, удзельнікі рыцарскага клуба "Залаты леў" і анімацыйнай групы "Incognito").

Праз увесь фільм праходзіць думка, што Лідскі замак жыў багатым на падзеі жыццём у першыя стагоддзі свайго існавання і жыве насычаным жыццём і ў нашыя дні, і тады былі, і цяпер ёсць у яго свае абаронцы. Бачна, што матэрыялу для фільма здымачная група студыі "Летапіс" выкарыстала шмат. Фільм ідзе ўсяго 13 хвілін, але вельмі змястоўны і насычаны цікавай і пазнавальнай інфармацыяй. Увогуле, на думку аўтара сцэнарыя і рэжысёра, Лідскі замак, Ліда, яе людзі вартыя асобнага цыклу дакументальных фільмаў. Прынамсі сп. Ірына папрасіла ў мясцовых краязнаўцаў матэрыялы пра Уладзіміра Логаша, які быў старшынём Лідскага гарвыканкама пад час пачатку рэстаўрацыі замка і быў, смела можна сказаць, ініцыятарам і душой аднаўленя лідскай пярліны. А значыць, можна меркаваць, што візіты здымачнай групы студыі "Летапіс" у наш горад яшчэ могуць мець месца ў будучым.

У музей былі перададзены два дыскі з фільмам пра Лідскі замак (адзін з іх - з цітрамі на англійскай мове, для замежных турыстаў). У сваю чаргу, гасцям на памяць аб сустрэчы былі падораны сувенірныя талеркі з выявай Лідскага замка, тры экзэмпляры кнігі "Этапы жыццёвых дарог" (да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая), буклеты.

Алесь МАЦУЛЕВІЧ.


Дзень здароўя на сядзібе ТБМ

У нядзелю 24 студзеня сябры ТБМ і шматлікія госці з дзецьмі цудоўна правялі дзень ў Русінах каля Баранавіч.

Загадзя было падрыхтавана 17 пар лыж з чаравікамі, пракладзена многакіламетровая лыжня, пачышчаны дарожкі і аўтастаянка.

Марознае надвор'е і стан снегу спрыялі на дзіва лёгкаму ходу лыжаў. Малыя ездзілі паблізу на санках, а дарослыя бегалі на лыжах па палях і ў прыгожым зімовым лесе. Лыжаў хапіла ўсім, бо пакуль адны сябры адпачывалі ці гулялі з дзецьмі, то іншыя ішлі на лыжню.

Абаграваліся ў цёплай сядзібе. Пілі гарбату з гарачымі аладкамі, якія пёк наш майстар-пекар Мікалай Чарнавус з памочніцай Галінай Ярашэвіч. Пасля танчылі, спявалі песні. Разышліся з добрым настроем, задаволеныя цікава праведзеным днём.

Мікалай Падгайскі. На здымках: 1. Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Мікалай Падгайскі і Раіса Вашчылка. 2. Сяргей Крывуць возіць на саначках дзяцей.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Мельнікаў Юрась Леанідавіч - 120 000 р.

2. Мельнікаў Алесь Юр'евіч - 50 000 р.

3. Кулік Анатоль Міхайлавіч - 50 000 р.

4. Недзялкоў Яраслаў - 50 000 р.

5. Рындзевіч Вячаслаў - 100 000 р.

6. Кунцэвіч Уладзя - 100 000 р.

7. Рымша Алесь - 200 000 р.

8. Форнэль Кастусь - 45 000 р.

9. Цвяцінскі Антось - 50 000 р.

10. Паўловіч Віктар - 100 000 р.

11. Шэвяка Аляксандр - 100 000 р.

12. Мудроў Алег - 100 000 р.

13. Пожанька Ігар - 100 000 р.

14. Гняткоў Валеры - 100 000 р.

15. Сідараў Сяргей - 100 000 р.

16. Гацкі Уладзімір - 100 000 р.

17. Рымша Ангеліна Алегаўна - 30 000 р.

18. Рамашка Станіслаў - 30 000 р.

19. Пісарэнка Алесь - 50 000 р.

Усе - Наваполацк.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


У памяці застанецца назаўсёды

Нішто мне не стварала і не стварае такой вялікай радасці, як сустрэчы з дарагімі, шчырымі сябрамі. І не толькі з імі. З прыемнасцю сустракаюся, вяду размовы і проста са знаёмымі, у чымсьці цікавымі для мяне людзьмі. І першыя, і другія не забываюцца мною. Кантактаў жа з імі было, ой, як багата за маё ўжо далёка не кароткае жыццё: нарадзіўся ў 1929 годзе.

Хаця гэта і нерэальна, неажыццявіма, але ў мяне не раз узнікала жаданне вышыхтаваць усіх сваіх сяброў і знаёмых у адну даўжэразную-даўжэ-разную шарэнгу і прайсці паўз яе, углядаючыся ў твары кожнага з іх. А вось, каб параўнаўся з Уладзімірам Содалем , не проста прыпыніўся б, а ўступіў бы ў размову. З гэтай выдатнай Асобай было б пра што паразмаўляць, прычым не пра прыватнае, хаця і яго хапала, а больш за ўсё пра агульнанацыянальнае з жыцця Бацькаўшчыны, якое ніколі - нават і па-сёння - не было ў яе лёгкім, беспраблемным. Вось пра яго мы і пачалі сваю гаворку пад час нашай першай сустрэчы.

Адбылася ж яна ў далёкім 1968 годзе. Я, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, можа два-тры гады, як пачаў вяртацца да сваёй страчанай прыроднай беларускай мовы. Першыя крокі па вырачэнні ад яе (пад уплывам настаўніцы рускай мовы) пачаў рабіць пад час вучобы ў Менскім статыстычным тэхнікуме (1945 - 1948 гг.). Затым такую шкодную практыку працягнуў, будучы курсантам Афіцэрскай школы НКУС СССР (Менск, Ашхабад), працуючы ў рускамоўным асяроддзі жыхароў Іркуцкай вобласці, Башкірыі. Пэўныя пазітыўныя ўздзеянні на мяне зрабілі сустрэчы з беларускімі перасяленцамі ў Сібіры, нацыянальна-культурнае ажыўленне башкір пад час хрушчоўскай "адлігі". Апошняя адыграла вырашальную ролю ў маім вяртанні ў 1958 годзе ў родную Беларусь. Але тут я не заўважыў якіх-небудзь сур'ёзных прыкмет нацыянальна-культурнага Адраджэння.

Уладкаваць на працу паабяцалі ў адной з беларускамоўных школ-інтэрнатаў Менска, запатрабаваўшы вывучыць беларускую мову, на што ў мяне быў толькі адзін месяц. Штосьці з гэтым атрымалася, у многім дзякуючы таму, што правёў той месяц у роднай тады цалкам беларускамоўнай вёсцы Магільнае Уздзенскага раёна. Настаўнічаў з 1958 па 1962 г. Балюча і сорамна прызнаць: беларуская мова прысутнічала толькі ў навучальным працэсе. Ёю не карысталіся настаўнікі ў размовах паміж сабой і з дзецьмі. Ні разу не даводзілася чуць ад сваіх калег трывогу пра страту беларускай мовы, а разам з ёю і нацыянальнай культуры. За час працы ў школе мая практыка карыстання беларускай мовай вельмі мала ў чым узбагацілася. Я заставаўся тыповым рускамоўным беларусам, паразітаваў на здабытках рускай культуры.

Трохі іншую з'яву з мовай я назіраў пасля пераходу ў снежні 1962 года на працу ў Інстытут гісторыі АН БССР. На працягу першых трох гадоў я быў у яго калектыве сціплым рускамоўным супрацоўнікам, ніколі не ўступаў у келейныя размовы па нацыянальным пытанні, зусім не цікавіў мяне лёс роднай мовы, у кантактах з калегамі карыстаўся толькі рускай. Добра, што хоць не зведваў цяжкасцяў з чытаннем беларускамоўных тэкстаў.

І пасёння не разумею, чым я, рускамоўны гісторык, выклікаў да сябе такую вялікую ўвагу з боку даволі рэдкіх у інстытуце беларускамоўных навукоўцаў: найперш Васіля Тоўстага, Міхася Чарняўскага, Міхася Біча, якіх ужо няма ў жывых. Усе яны былі родам з Заходняй Беларусі, а я з Савецкай. З іх толькі першы з пералічаных быў на адзін год старэй за мяне (1928), а вось М. Чарняўскі ажно на восем гадоў пазней з'явіўся на свет. Беларускай мовай карыстаўся спрэс і валодаў ёю, як сапраўдны прафесіянал. Пад добратворным уплывам гэтай непахіснай сваёй нацыянальна-беларускай арыентацыяй тройкі я ўжо і ў 1965 годзе мог бы выкарыстоўваць родную мову ў час калідорных гутарак з сябрамі. І калі-нікалі практыкаваў такое. Але знайшоўся вельмі асцярожны, добра дасведчаны яшчэ з даваенных гадоў у тонкасцях савецкай нацыянальнай палітыкі навуковец (і сам меў пэўнае дачыненне да яе) і параіў мне асабліва не выпукляць сваю беларускамоўнасць, не абараніўшы кандыдацкай дысертацыі. Такое адбылося ў чэрвені 1966 года, а ўвосень таго ж года Масква зацвердзіла мяне ў ступені кандыдата гістарычных навук. БССР не мела на гэта права.

Стаўшы кандыдатам гістарычных навук, я сам сябе пераканаў, што навуковец такога профілю павінен і размаўляць, і пісаць толькі на нацыянальнай мове свайго народа. Яе грунтоўнае вывучэнне стала для мяне галоўным заняткам, бо павярхоўнае валоданне базавай мовай роднай краіны нікому не робіць гонару, а тым больш прадстаўніку гістарычнай навукі.

Многім вядома, што ў сталіцы БССР на рубяжы 1950 - 1960-х гадоў адсутнічала публічнае беларускамоўнае асяроддзе. Яго можна было адшукаць і па-добраму нацешыцца, толькі наведаўшы адпаведнага профілю акадэмічныя інстытуты, аддзяленні і кафедры ВНУ, рэдакцыі газет і часопісаў, выдавецтвы. Быў і яшчэ адзін такі запаветны для нацыянальна свядомых людзей куточак - гэта зала беларускай літаратуры Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Леніна. Цудоўны калектыў бібліятэчных работнікаў абслугоўваў яе. Усе, як адзін, і паміж сабой, і з чытачамі размаўлялі толькі па-беларуску. Ну проста сапраўдны нацыянальны райскі куточак! Вось гэтую цудоўную залу і выбраў я для сябе, хаця тэмай майго даследавання з'яўляўся чыгуначны транспарт БССР: абараніў па дадзенай праблеме за параўнальна кароткі храналагічны перыяд кандыдацкую дысертацыю, а цяпер ужо, прадоўжыўшы яго, працаваў над доктарскай. Работнікаў гэтай чытальнай залы здзіўляла, што да іх у вялікай колькасці паступала паводле маіх замоваў зусім не тыповая літаратура, а таксама перыёдыка: саюзная газета "Гудок", рэспубліканская - "Железнодорожник Белоруссии", часопісы - "Путь и путевое хозяйство", "Железнодорожный транспорт" … Усё гэта не менш здзіўляла і чытачоў, якія, праходзячы каля майго стала, бачылі гару няпрофільнай для іх літаратуры. Можа гэта адна з прычын, што і праз працяглы час ніхто з наведвальнікаў залы не выказваў жадання зблізіцца, уступіць са мною ў кантакт. Заўважаў і такое: калі праходзіў па калідоры ля таго месца, дзе звычайна збіраліся для кароткай размовы чытачы, яны стараліся прыцішыць голас, а то і зусім замаўкалі. Відаць, лічылі мяне не сваім чалавекам. З свайго боку і я не навязваўся ім у сябрукі.

Як пазней высветлілася, частым наведвальнікам залы беларускай літаратуры быў журналіст беларускага рэспубліканскага тэлебачання Уладзімір Содаль. На калідор не любіў выходзіць, бо стараўся кожную хвіліну выкарыстаць для справы. Паводле ўзросту ён амаль на дзесяць гадоў быў маладзей за мяне, што не магло не стрымліваць нашага збліжэння. Да таго ж я яшчэ меў навуковую ступень. Якога-небудзь жадання займець кантакт з гэтым чалавекам не было ў мяне: галоўным чынам таму, што шанаваў выдзелены на наведванне чытальнай залы час. І ўвогуле я вельмі павольна збліжаюся з людзьмі, хаця мо ў дачыненні да Содаля так і не трэба было рабіць. Хвалю, рады, што гэтую ініцыятыву ён узяў на сябе. Убачыўшы, што я старанна пераглядаю картачкі ў каталожнай скрынцы, ён з ласкавай усмешкай прамовіў:

- А Вы дарэмна марнуеце час. Той літаратуры, што ляжыць на Вашым стале, няма ў каталозе залы беларускай літаратуры Вам патрэбен іншы каталог, хутчэй за ўсё на чацвёртым паверсе ў зале навукова-тэхнічнай літаратуры.

- Памыляецеся, шаноўны, - адказваю яму. - Я абавязкова натраплю на тое, што шукаю, бо яно належыць пяру аднаго з беларускіх пісьменнікаў. У мяне такая звычка: папрацаваўшы адразу пасля прыходу ў бібліятэку з кнігамі, перыёдыкай па чыгуначнай тэматыцы, абавязкова адну гадзіну аддаю чытанню беларускай мастацкай, публіцыстычнай літаратуры.

- Рацыянальна. Гэтаму ніяк не запярэчыш, - адказаў той незнаёмец. - Але мяне цікавіць і такое: як гэта чалавек, заняты даследаваннем гісторыі чыгуначнага транспарту, няблага валодае беларускай мовай? Гэта ж крайне рэдка здараецца ў нашым грамадстве, бо беларуская мова выведзена ўладамі з афіцыйнага жыцця.

- Адказаць на Вашае пытанне нельга адным сказам. Тут патрэбна не адна гадзіна часу. Пры жаданні змагу яе як-небудзь знайсці.

- Буду вельмі рады. Я з вялікім задавальненнем выслухаю Вас.

На гэтым закончылася наша першая сустрэча, што прыпала на адзін з асенніх месяцаў 1968 года. Кожны з нас на развітанне назваў сваё імя і прозвішча. Цяпер ужо мы былі знаёмыя не толькі візуальна.

Пад час той кароткай калідорнай сустрэчы Валодзя паспеў пакінуць у мяне самыя добрыя ўражанні пра сябе. Акрамя прыгожага, ледзь не артыстычнага вымаўлення, чаму я вельмі пазайздросціў і яшчэ лепш усвядоміў усе свае хібы, мой суразмоўца паспеў засведчыць глыбокую эрудыцыю па самых складаных, маладаследаваных праблемах беларусазнаўства. Можа асобам моцнага полу і не варта пісаць такое, але ў час той першай сустрэчы я быў незвычайна ўражаны знешнім выглядам, прыгажосцю Валодзі. Мне, здавалася, што я ўпершыню ў сваім жыцці сустрэў такога элегантнага ва ўсім маладога чалавека. Параўноўваў яго з многімі сваімі знаёмымі і нікога нават блізкага не знаходзіў яму. Асаблівай прыгажосцю ён выдзяляўся не тады, калі маўчаў, а як пачынаў гаварыць. Сама беларуская мова так ішла яму да твару, што гэтага проста ніяк нельга было не заўважыць. Не памылюся ў сцвярджэнні: беларуская мова ўпрыгожвала Валодзю, а Валодзя ў сваю чаргу ўпрыгожваў беларускую мову сваім дасканалым вымаўленнем, багатай арыгінальнай нацыянальнай лексікай.

Пасля той памятнай і сёння восеньскай сустрэчы 1968 года мы ўжо ніколі не абміналі адзін аднаго. Часцей за ўсё сустракаліся ў зале беларускай літаратуры. Шмат часу на размовы не аддавалі, бо і аднаму, і другому трэба было працаваць.

Тоесныя погляды на незадавальняльны стан тагачаснага нацыянальна-культурнага жыцця не маглі не прычыніцца да ўсталявання сустрэч і на сямейным узроўні, г. зн. больш цесных. Старт далі ім у нашай кватэры ў мікрараёне Менскага камвольнага камбіната. Хаця ў той час жылі мы і небязбедна, было што паставіць на стол, але больш за ўсё цешыліся не ядой і рознага роду напоямі, а вялі няспынныя гаворкі пра беларускую культуру і мову, што толькі папаўняла мае веды пра духоўную спадчыну Бацькаўшчыны. Адзінае, што мяне ў той сітуацыі не задавальняла, - гэта абсалютная маўклівасць маёй жонкі. Руская па-нацыянальнасці (ураджэнка Сібіры) Ефрасіння Андрэева зусім не валодала мовай і ў сваёй працы (загадчыца дзіцячага сада, інспектар дашкольнага аддзела Міністэрства асветы БССР) цалкам абыходзілася толькі рускай мовай, як гэта і сёння характэрна ўсім дзяржаўным службоўцам. У сям'і ў нас з 1966 года ўсталявалася неафіцыйнае беларускарускае двухмоўе, накшталт таго, што сёння практыкуецца ў дзяржаўных электронных сродках масавай інфармацыі, калі журналісты запрашаюць да сабе на размову адарваных ад беларускага слова палітыкаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі, у тым ліку і занятых у сферы адукацыі, культуры, навукі. Моўны маразм проста жахлівы!

Як я ні прасіў жонку ўстаўляць паасобныя беларускія словы ў наш двухмоўны дыялог, яна, як філолаг па адукацыі, не жадала выглядаць недасканалым суразмоўцам, таму практычна ўвесь час маўчала, калі да нас прыходзілі Валодзя з жонкай Кларай. Яна-то больш-менш валодала беларускай мовай, хаця гэтага не вымагала ад яе праца.

Паколькі нашыя сустрэчы з сям'ёй Валодзі працягваліся, набылі па-сапраўднаму сістэмны характар, пасля адной з іх я пачуў голас Ефрасінні:

- Лёня, мне нужно что-то делать и делать серьезно, решительно по преодолению белорусскоязыковой безграмотности. Как только защищу кандидатскую диссертацию (такое адбылося ў 1972 г. - Л.Л. ), сразу же возьмусь за изучение белорусского языка, чтобы мочь пользоваться им хотя бы на семейно-бытовом уровне. К тому же непатриотично не владеть языком народа, территория которого стала для тебя второй родиной.

Дадзенае мне слова Ефрасіння стрымала. Дзесьці з 1975 года мы цалкам перайшлі ў сям'і на беларускую мову, і толькі яна адна гучала, калі да нас прыходзілі беларускамоўныя госці.

Дзесьці з пачатку 1970-х гадоў і мы пачалі наведваць кватэру Содаля. Размяшчалася яна на ўскрайку горада, не вызначалася камунальнымі дабротамі, але пачувалася нам у ёй досыць утульна, дзякуючы ўвазе гаспадароў, а таксама прысутнасці беларускай мовы. Мяне, а найбольш маю жонку як прафесійнага работніка сістэмы дашколнага выхавання, па-добраму ўразіла, што ў сям'і Содаляў было прынята размаўляць з дзецьмі толькі па-беларуску. Рускай жа мове вучыў іх двор. Таму, калі сын Марат і дачка Аксана з беларускамоўнай хаты выходзілі на рускамоўны двор, яны вельмі хутка ўпісваліся ў сваю кампанію. Каб жа размаўлялі па-беларуску, іх маглі б не зразумець. У той час, калі ніякіх перспектыў не мелася для выкарыстання беларускай мовы ў афіцыйным жыцці, на ёй не ўзгадоўваліся дзеці нават у сем'ях многіх беларускіх пісьменнікаў і журналістаў, выкладчыкаў беларускай мовы ў агульнаадукацыйных школах, тэхнікумах, інстытутах, супрацоўнікаў акадэмічных інстытутаў беларускай мовы і літаратуры. А вось сям'я Содаляў ніяк не ўпісвалася ў гэтую заганную практыку. А яна ж прычынілася да таго, што ў многіх з вышэй згаданых сем'ях, калі хто-небудзь паміраў з бацькоў, дзеці праводзілі яго ў невядомы свет з рускім галашэннем, рабілі надпісы на надмагільным помніку на рускай мове.

(Працяг у наст. нумары.)

Леанід Лыч


Год культуры крочыць па краіне

На адным з прыпынкаў Пінску з'явіліся вялікія партрэты беларускіх дзеячаў, юбілей якіх адзначаецца ў гэтым годзе. Пра гэта паведамляе сайт "Мой Пінск".

На ўнутраным баку прыпынка змешчаны выявы Уладзіміра Мулявіна, Івана Шамякіна, Максіма Багдановіча. На плакатах змешчаны беларускі нацыянальны арнамент, а таксама кароткія біяграфіі знакамітых беларусаў. Са знешняга боку прыпынка - расклад руху аўтобусаў ды мапа Пінска. Абсталяванне "патрыятычнага" прыпынка прымеркавана да "Года культуры", які агалошаны ў Беларусі сёлета.


У Пінску адзначылі 95-годдзе Івана Шамякіна

На базе Пінскай раённай бібліятэкі імя Яўгеніі Янішчыц з нагоды 95-годдзя класіка айчыннай літаратуры адбыўся музычна-літаратурны вечар. Праграму мерапрыемства падрыхтавалі пад школьнікаў старэйшых класаў, каб юнакі змаглі пазнаёміцца з творчасцю Івана Шамякіна па-за межамі заняткаў. Адметнасцю вечара стаў выступ літаратара Анатоля Шушко, які ў студэнцкія гады пазнаёміўся з Шамякіным, а таксама Кандратам Крапівой, Іванам Мележам, Васілём Быкавым і шэрагам іншых выбітных постаццяў беларушчыны. Паэт прыгадаў, як ён адкрыў для сябе Івана Шамякіна:

- У 9 класе, седзячы на печы, я чытаў "Непаўторную вясну" (пенталогія "Трывожнае шчасце"). Святла я не ўключаў. Была проста лямпа, знічка. І я на печы. Пакуль не дачытаў "Непаўторную вясну", не клаўся спаць. Там мяне ўразіла яна. Ды і сам тады быў закаханы, таму, калі чытаў гэтую аповесць, маё сэрца ажно дрыжала.

Акрамя вечара, бібліятэкары падрыхтавалі выставу, прысвечаную жыццю і творчасці Івана Шамякіна, каб кожны наведвальнік змог пазнаёміцца з дзейнасцю класіка беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя.

Пятро Савіч , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.



РУП "Белпошта" выпусціла мастацкі маркаваны канверт да 75-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Мастак М. Рыжы.


Павел Севярынец наведаў Гарадзеншчыну

Павел Севярынец, адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, наведаў партыйных актывістаў Гародні. У 2017 годзе спаўняецца сто гадоў, як паўстала Хрысціянскай дэмакратыя ў нашай краіне. Блізкі юбілей, аднак, не ўплывае на ўпартае нежаданне ўладаў зарэгістраваць партыю і рух беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. Кажа Павал Севярынец:

- Рэгістрацыя гэта, бадай, не галоўнае ў жыцці, і мы думаем, што гэта тая партыя, якая дасць Беларусі будучыню. 70 гадоў Беларуссю кіравалі навуковыя атэісты. Да чаго прыводзіць кіраванне без Бога мы бачым. У Вялікім Княстве Літоўскім ды ў свой час і ў Беларускіх адраджэннях, правадыры і кіраўнікі былі вернікамі. Таму мы лічым, што будучыня за палітыкай на хрысціянскіх каштоўнасцях. Улада баіцца Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі па той прычыне, што сама ідэя маральнай палітыкі - гэта выклік.

Маральная і фінансавая падтрымка людзей, якія патрабуюць такой дапамогі, стаіць на першым месцы сярод задачаў партыі - кажа Павел Севярынец. Напрыклад, ідзе пошук магчымасцяў дапамагчы Аляксею Шчадрову, які каля Шчучына арганізаваў прытулак для бяздомных, а таксама ідзе збор грошай на помнік берасцейцу Алесю Чаркашыну, які загінуў ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.


Прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца "Беларуская глыбіня" адбылася 30 студзеня на Лідчыне. На літаратурную і не толькі сустрэчу сабралася звыш 20 чалавек з Ліды, Бярозаўкі, Беліцы, Шырокага і іншых мясцін паўднёвай часткі Лідскага раёна.

Павел распавёў, як і дзе пісалася гэтая кніга, хто стаў яе героямі, пра людзей, якія адкрыта і таемна падтрымлівалі яго на крутых паваротах яго лёсу.

Прысутным цяжка было задаць пытанні па кнізе, бо ніхто яе яшчэ не чытаў, але па самых розных пытаннях жыцця і палітыкі пытанняў было шмат.

Як зазначыў сам Павел Севярынец, асабіста Лідская "глыбіня" яго ўразіла не менш:

- Насамрэч, Лідскі раён - гэта адна з нямногіх кропак на мапе Беларусі, дзе я яшчэ не быў з прэзентацыяй сваёй кнігі. Гэтае месца сапраўды глыбокае, сапраўды беларускае, і сюды абавязкова трэба было прыехаць. Тут вельмі цёплая атмасфера - нацыянальныя сцягі, беларуская мова, людзі, адкрытыя ўсім сэрцам. Гэта заўсёды ўражвае. Вялікі дзякуй гаспадарам і арганізатарам!

Дапоўніў выступ Паўла лірычнымі і патрыятычнымі песнямі вядомы лідскі бард Сяржук Чарняк.

Сам Павел ацаніў прэзентацыю яго кнігі на Лідчыне, як адну з найлепшых. Пасля чаго ахвотныя змаглі атрымаць па асобніку сваёй апошняй кнігі з подпісам аўтара.

Лідзяне ж пажадалі Паўлу новых кніг, але каб пісаў ён іх у іншых, больш спрыяльных умовах.

Яраслаў Грынкевіч.


"ВЕРАСЕНЬ" У ВАШЫЯ РУКІ

Перш чым адгарнуць старонкі новага 13 нумара "Верасня", углядаюся ў вокладку, цешуся багатым, шыкоўным афармленнем нашага, усё яшчэ маладога часопіса для моладзі.

У першым раздзеле паэзія маладых - як паэзія маладых. Усе яны таленавітыя, прыгожыя. Іх вельмі многа. Штосьці шукаюць, відаць тое, што называецца ўласным шляхам, штосьці спрабуюць, пэўна, узяць не фальшывую ноту. Мімаходзь думаецца: хто з іх застанецца ў літаратуры, для каго паэзія - не проста сённяшняе захапленне, забаўка, якая міне, як усё несапраўднае?.. А яшчэ думаецца: хто з іх застанецца чалавекам? Бо ўжо і зараз яны ўмеюць ісці туды, дзе выгодна, зручна, адмовіцца ад тых, каго слёзна кляліся памятаць... Парадуюся, калі нехта абурыцца, бо ідзе шляхам прыгожым і прыстойным.

З прозы самае цікавае - пераклад адрыўка з рамана "Хроніка ў камені" албанскага празаіка Ісмаіла Кадарэ. Праўда, самотна чытаць толькі адрывак, ведаючы, што ўвесь твор хутчэй застанецца недаступным. Разгубленасць, страх, але не жах, бо замешаны на цікаўнасці і жаданні дабрацца да таямніцы, якая гэтыя станы і выклікае, - галоўныя адчуванні юнага героя твора. Сурокі, чараванні, супрацьдзеянні ім - усё гэта круціцца, бы ў нейкім карагодзе, куды зацягваюцца ўсё новыя асобы. Маладая жонка Максуты, Сюзанна, Маргарыта і інш. толькі мільгаюць, вабяць і героя, і чытачоў, не паспеўшы ў невялікім адрыўку з твора паўстаць завершанымі вобразамі. Яны таксама далучаныя да неразгаданых таямніцаў.

З "Герадоцінкаў" Леаніда Дайнекі самая глыбока-кранальная герадоціна першая - "Начная размова дзвюх самотных душ", з якою ўжо была пазнаёміўшыся раней, але перачытала яшчэ раз. З тым жа хваляваннем, суперажываннем. Ён і яна на ўскрайку жыцця, калі чалавеку застаецца толькі чыстае, не засмечанае і не ўпрыгожанае цялесным, пачуццё. Калі яны яшчэ побач, але ўжо не могуць пазбавіцца ад думкі пра сыход. Не, не свой, а іншага, што намнога страшней. Перагукнулася гэта з міні-герадоцінкай: "Не бойся смерці. Бойся самотнай старасці". Асабліва страшна для слабейшага, якім звычайна ў такім веку аказваецца ён, мужчына. Як застацца аднаму! І як жа хораша яна, жанчына, суцяшае свайго каханага, якое прыгожае абяцанне дае…

Неразуменне матываў учынку іншых, нежаданне і няўменне дайсці да іх прычынаў, выклікае непаразуменне, варожасць, імкненне выкрыць, пакараць. Пра тое прыпавесць Эдуарда Дубянецкага "Вяроўка". Прыпавесці, змешчаныя ў "Верасні," - дэбют аўтара ў прозе, які адбыўся, як сам ён дакладна вылічыў, праз 25 гадоў пасля паэтычнага, з чым і віншуем. Вось жа, вяроўка выступае сімвалам повязі, лучнасці, кахання. Вернага, таемнага, нявыказанага. Якое трымае пры жыцці людзей вельмі паважанага веку. Бо жыццё тое сыходзіць. А іншых гэтая незразумела адкуль узніклая вяроўка раздражняе. Як выкрылі "злачынства" жыхары аднаго дома, прачытайце, даведаецеся…

Артыкул культуролага Ірыны Хадарэнкі "Выкраданне Еўропы", які адкрывае раздзел "Крытыка. Публіцыстыка. Эсэістыка", вельмі прыдаўся б Вам, шаноўныя настаўнікі. Бо ў ім аўтарка дакладна тлумачыць тыя працэсы, што адбываюцца ў еўрапейскім свеце, тыя выклікі і небяспекі, перад якімі стаіць еўрапейская цывілізацыя, да якое мусіла б адносіцца і наша краіна. А чым карыстаецеся Вы, якою літаратураю, праводзячы з вучнямі старэйшых класаў свае выхаваўчыя гадзіны, палітінфармацыі ці як там яны сёння называюцца?

Абразкі з "Памятнае кнігі" Леаніда Дранько-Майсюка выклікаюць жывую чытацкую цікавасць. Цудоўна, што ёсць такія памятныя кнігі. Як часта тое, што колісь у іх занатавана, пераклікаецца з сённяшнім, тлумачыць сучаснае, а часам вярэдзіць даўні боль, што пераходзіць у сённяшні. Бо, да прыкладу, якая Беларусь ёсць сёння? Ці - хіба сёння не дзеляцца беларускія творцы на іхніх і нашых, як тое ў запісе пра Алеся Адамовіча? Чарговы раз нагода задумацца: чаму яму, нашаму хлопцу з беларускае глыбіні, трэба было стаць празаікам рускамоўным, іхнім? Духоўны настаўнік нашае знакамітае пісьменніцы-набеліянткі, дзякуючы якой ягонае імя прагучала на ўвесь свет. Мо, каб ён пісаў па-беларуску?..

Не мог не закрануць артыкул Васіля Дэ Эм "Шчаслівая залежнасць альбо Час прыборкі прэлага лісця". Закрануў найперш дасканала акрэсленымі вызначэннямі сутнасці творчасці класікаў. Іскрыста акрэсленымі. Здолеў цікава намаляваць свой шлях да беларускае літаратуры. Незвычайны шлях, па якім павяла яго бабуля-масквічка. Але не толькі гэта кранула. І не столькі. У кожнага свой шлях. Заўсёды незвычайны. Ды вось жа, што чытаў усё яшчэ малады аўтар з таго, што зроблена нашым літаратуразнаўствам? Мы знішчаем тыя бяздумныя штампы, якія аўтар тут прыводзіць. Адкуль цытаты? Няўжо сёння хоць нехта з выкладчыкаў, настаўнікаў, з тых, хто сябе паважае, такімі "перламі" аперуе? Зразумела, што ў нас ёсць настаўнікі, якіх блізка нельга пускаць да выкладання літаратуры. Як і выкладчыкі ВНУ. Але не яны вядуць рэй. Ці ведае Васіль Дэ Эм кнігу Пятра Васючэнкі пра драматургіч-ную спадчыну Купалы, ягоныя перадачы з "Ліцэю", што гучаць на канале "Культура", працы Ірыны Багдановіч, манаграфію Зміцера Санюка пра эстэтыку творчасці Купалы? А ўжо даўнія кнігі Івана Пятровіча Чыгрынава пра творчасць "Узвышша", Максіма Гарэцкага? І шмат чаго іншага. Зрэшты, ці вядома яму, як прачытала творчасць Алаізы Пашкевіч Ала Петрушкевіч, як асэнсавала жаночыя вобразы і вобразы нашаніўцаў з трылогіі Коласа "На ростанях", многія старонкі драмы "Раскіданае гняздо" і шмат іншага? Тое, што прапаноўваў сам малады аўтар, вырываючы па дваццаць фактаў, даўно вядома. І гэта вельмі проста. Добра толькі, каб нагадаць цалкам недасведчаным асобам. То чакаем ад таленавітага Васіля Дэ Эм глыбокіх, цікавых і грунтоўных працаў пра нашу класіку! Грабелькі яму ў рукі…

"Верасень" заўсёды знаёміць з цікавымі асобамі. Гэтым разам між іншага з незвычайна прыгожаю кабетай Кацярынай Ваданосавай. Гэтак жа незвычайна таленавітай. Мяркую, гэтае імя вядомае аматарам спеваў, паэзіі. Тым, хто ўлюбёны ў красу ва ўсіх яе праявах…

Вось чаму часопіс "Верасень" павінен быць у кожнай беларускай школе. Бо там ягоныя патэнцыяльныя юныя аўтары і чытачы. І таму, што шмат дасць ён дзеля таго, каб са школаў выходзілі не іхнія, а нашы беларускія дзяўчаты і хлопцы.

Ала Петрушкевіч


"ВЕРАСЕНЬ" ШУКАЕ НОВЫХ СЯБРОЎ

У чарговы раз на Лідчыну завіталі класікі сучаснай беларускай паэзіі Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. Згаданыя паэты ўжо не першы год ездзяць па Беларусі і прапагандуюць літаратурна-мастацкі часопіс для моладзі "Верасень", галоўным рэдактарам якога з'яўляецца Эдуард Акулін. Таксама яны шукаюць новых патэнцыяльных маладых аўтараў для часопіса. Як вынік такіх сустрэч з моладдзю - у кожным новым нумары "Верасня" з'яўляецца да дзесяці новых імён аўтараў. На гэты раз на Лідчыне паэты выступалі перад вучнямі Гудскай базавай школы. Гэта апошняя сельская школа Лідскага раёна, дзе яшчэ не былі А. Акулін і Л. Дранько-Майсюк. Такім чынам усе сельскія школьнікі Лідчыны на працягу некалькіх гадоў змаглі дакрануцца да высокай беларускай паэзіі.

З вучнямі адной з найстарэйшых школ Ліды - СШ №1 паэты сустракаліся ў канферэнц-зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Госці правялі для аўдыторыі кароткі экскурс у гісторыю беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў і плаўна падвялі слухачоў да аднаго з самых маладых гэтых выданняў - літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень", гісторыя якога налічвае ўсяго шэсць гадоў. Дарэчы, ідэя стварэння часопіса нарадзілася ў нашым горадзе Лідзе, аўтар ідэі - паэт, краязнавец, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік. Менавіта Станіслаў Вацлававіч і прапанаваў Эдуарду Акуліну ўзначаліць новы часопіс для моладзі. На дадзены момант выйшла ўжо трынаццаць нумароў "Верасня", рыхтуецца да друку чатырнаццаты.

На старонках часопіса - паэзія, проза, драматургія, крытыка, эсэ, інтэрв'ю з творчымі людзьмі. У адным нумары з творамі маладых аўтараў змяшчаюцца творы беларускіх класікаў, што дае магчымасць маладым творцам пры азнаямленні з часопісам браць урокі майстэрства ў мэтраў айчыннай літаратуры. "Хочацца, каб "Верасень" стаў вашым сябрам, - гаварылі вядомыя паэты, звяртаючыся да вучнёўскай аўдыторыі, - каб вы былі не толькі яго чытачамі, але і дасылалі ў часопіс уласныя спробы пяра".

Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін таксама прасілі патэнцыяльных творцаў быць асцярожнымі пры перайманні досведу сучаснай еўрапейскай паэзіі, у якой не заўсёды сустракаюцца сапраўды мастацкія творы, асобныя прадстаўнікі якой развучыліся нават рыфмаваць. Паэты чыталі перад прысутнымі свае вершы, а Эдуард Акулін, які з'яўляецца таксама бардам, выканаў на развітанне пад гітару адну з новых сваіх песень "Каханне заўжды жыве".

Алесь МАЦУЛЕВІЧ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX