Папярэдняя старонка: 2016

№ 09 (1264) 


Дадана: 02-03-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 9 (1264), 2 сакавіка 2016 г.


З Днём Вясны, дарагія беларусачкі!

Дарагія беларусачкі!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе Вас з самым вясновым святам - Міжнародным жаночым днём!

Спрадвеку жанчыны - маці, гаспадыні лічыліся захавальніцамі сямейных традыцый. Нездарма беларусы сваю родную мову называюць матчынай, матулінай. Няхай гэтая традыцыя ніколі не перапыняецца! Няхай і надалей нашы матулі і бабулі праз нашы песні, нашы калыханкі перадаюць у будучыню немаўлятам найвялікшы наш скарб - мову. Мова ж, як сказаў Францішак Багушэвіч, гэта "адзежа душы" чалавека.

Здароўя Вам усім, аптымізму і веры ў тое, што наша роднае слова прывядзе беларускую грамаду да годнага жыцця і паспрыяе нашаму дабрабыту.

Хай з Вашых вуснаў і вуснаў Вашых блізкіх мілагучнае звонкае беларускае слова разальецца магутнай паводкай па ўсёй нашай краіне.

Сакратарыят ТБМ.


"Жанчыны-чараўніцы"

Чароўны вечар, водар кветак,

У цемры золата з нябёс,

І свеціць месяц

ярка на палетак,

І ўсё гамоніць пра свой лёс.

А сум з сардэчка

месяцу не выліць,

Яна працуе,

не выцягнуць слаўца.

Калі ж яе

хто-небудзь спыніць?

Жанчыну-маці, ды тварца.

Напярэдадні свята 8 сакавіка, у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" пачала дзейнічаць раённая выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Жанчыны-чараўніцы". Удзельнікі выставы жанчыны горада Ліды, якія займаюцца творчасцю ў свой вольны час. Сярод твораў 15 майстрыц сустракаюцца валянне з воўны, вязанне шыдэлкам, упрыгожванні з фаамірану і бісеру, а таксама разнастайная вышыўка. Зацікавяць гледачоў тэкстыльныя вырабы і хатні дэкор.

Наведвальнікі выставы не толькі атрымаюць прыемныя ўражанні, але і натхняцца на асабістую творчасць.

Выстава дзейнічае з 16 лютага па 15 сакавіка 2016 года. Даведкі па тэлефоне: 8(0154)-52-62-48.

ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".


120 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы

Кандрат КРАПІВА , сапр.: Кандрат Кандратавіч Атраховіч (5 сакавіка 1896, в. Нізок, цяпер Уздзенскі раён - 7 студзеня 1991, Менск) - беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец. Народны пісьменнік Беларусі (1956). Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Лаўрэат дзвюх Сталінскіх прэмій (1941, 1951) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1971). З 1940 - член-карэспандэнт, а з 1950 - акадэмік АН БССР. Доктар філалагічных навук.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, уздзенскім народным вучылішчы, 4-класным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах, з якога перавёўся ў такое ж вучылішча ў Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Пасля заканчэння ў 1913 здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Восенню 1914 атрымаў месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Меншчыне. Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію для ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. У сакавіку 1916 года скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. Як настаўнік у лютым 1918 дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920-1923 - камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне ў пасёлку Астравок.

У 1925 пераехаў у Менск. Быў членам літаб'яднання "Маладняк" (да 1926), потым "Узвышша". Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ ў 1930. Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925-1926), загадчыкам аддзела ў часопісе "Полымя рэвалюцыі" (1932-1936). Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінскай вайне (1939-1940). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавых газетах "За Савецкую Беларусь", "Красноармейская правда", у 1943-1945 рэдагаваў сатырычную газету-плакат "Раздавім фашысцкую гадзіну". У 1945-1947 - рэдактар часопіса "Вожык", у 1947-1952 загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР, дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952-1956). У 1946 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай асамблеі ААН. У 1956 - студзені 1982 - віцэ-прэзідэнт АН БССР. Са студзеня 1982 па сакавік 1989 - вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947-1990), старшынём ВС БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).

Памёр 7 студзеня 1991, пахаваны на Усходніх могілках Менска.

Яго першы друкаваны твор - фельетон у вершах "Жылі-былі", быў апублікаваны ў газеце "Красноармейская правда" у 1922 годзе. Першы твор Крапівы на беларускай мове - сатырычны верш "Сваты" - з'явіўся ў газеце "Савецкая Беларусь" 23 траўня 1922 года. Да гэтага часу ён паспеў пабыць і сельскім настаўнікам, і прапаршчыкам на франтах Першай сусветнай вайны, і камандзірам РСЧА. І вось цяпер ён шукаў сваё месца ў новым жыцці, уладкоўваючы яе дзейсным словам сатыры. Сатырычная накіраванасць, востры гумар, актуальнасць, выразная класавая пазіцыя выявіліся ў кнігах малых сатырычных формаў. Кандрат Атраховіч становіцца Кандратам Крапівой. Вершаваныя фельетоны, сатырычныя куплеты, байкі ўсё часцей з'яўляюцца на старонках беларускіх газет і часопісаў пад гэтым псеўданімам. Неўзабаве ён становіцца майстрам камедыйнага жанру, яго п'есы "Хто смяецца апошнім" і "Спяваюць жаўрукі" ідуць па ўсёй краіне, па іх здымаюцца кінафільмы. На працягу ўсяго свайго творчага жыцця Кандрат Крапіва, шчодра адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, званнямі і прэміямі, будзе яшчэ не раз, адрываючыся ад "высокіх" акадэмічных спраў і грамадскіх заняткаў, вяртацца да жанру сваёй маладосці - байкі.

Аўтар кніг сатыры і гумару "Асцё" (1925), "Крапіва" (1925, 4-е перапрацаванае, дапоўненае выданне ў 1932), "Біблія" (1926), "Байкі" (1927), "Ухабы на дарозе" (1930), "Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў" (1930), "Хвядос - Чырвоны нос" (1931, вершаваная казка), "Калючы строй" (1932) і інш. Аўтар п'ес "Канец дружбы" (апублікавана і пастаўлена ў 1934), "Партызаны" (апублікавана і пастаўлена ў 1937), "Хто смяецца апошнім" (апублікавана і пастаўлена ў 1939, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм) і г.д.

Вікіпедыя.


Нас можа аб'яднаць толькі беларуская мова

Шаноўнае спадарства!

Мы звярнаемся да вас менавіта 21 лютага, калі ва ўсіх краінах свету адзначаецца Дзень роднай мовы.

Сёння на Беларусі адбылася дзявятая Агульнанацыянальная дыктоўка, да якой далучаецца ўсё больш і больш грамадзян наша краіны незалежна ад іх веравызнання, палітычных поглядаў, нацыянальнасці.

Усе разумеюць, што для нашай краіны беларуская мова з'яўляецца тым адзіным аб'яднаўчым фактарам, які дазваляе нам захаваць нашу незалежнасць і дзяржаўнасць. Бо калі мы яе страцім, ліквідацыя нашай незалежнасці - справа часу. Дастаткова згадаць аншлюс Гітлерам Аўстрыі ў 1938 годзе. Менавіта моўны фактар прывёў да акупацыі Крыма і вайны на Данбасе.

Зараз мы маем унікальную магчымасць паказаць нашым грамадзянам і ўсёй сусветнай супольнасці, што наша мова можа аб'яднаць нас у цяжкую хвіліну існавання. У гэтым годзе адбудзецца палітычная кампанія пад назовам "Выбары ў заканадаўчы орган краіны". Калі раней шмат якія апазіцыйныя палітычныя партыі і рухі заяўлялі пра байкот выбараў, то зараз яны збіраюцца ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Але кожная палітычная сіла мае свае канкрэтныя інтарэсы. Адны сцвярджаюць, што паколькі "галасы не лічаць", то да канца ісці не трэба. Другія спадзяюцца на ласку ўлады на цёплыя дэпутацкія месцы з вялікім заробкам і адпаведнымі пенсіямі. Некаторыя, што забыліся, як трэба ўдзельнічаць у палітычнай кампаніі, спяваюць старую песню пра байкот. Сітуацыя кардынальна змянілася пасля адмены санкцыяў Еўразвязам і абастрэння агрэсіўнасці ў палітыцы Расіі. Сённяшняя беларуская ўлада не мае плану па выхадзе з крызісу і павышэння дабрабыту нашых людзей. Таму ў чарговы раз яны збіраюцца абкласці нас дадатковымі падаткамі, вялікі коштамі за камуналку і павышэннем пенсійнага ўзросту. А самі ў гэты час за наш кошт будуюць шматмільённыя катэджы ў Драздах і іншых прэстыжных месцах Беларусі. Увесь час заклікі дэмакратынай супольнасці да апазіцыі, каб яна аб'ядналася, застаюцца марнымі. Таму што не знойдзена фактару, на грунце якога можна аб'яднацца ўсім сумленным людзям Беларусі. Мы лічым, што такім фактарам можа стаць беларуская мова, якая ў свой час дазволіла БНФ у савецкія часы атрымаць сваю фракцыю ў Вярхоўным Савеце ХІІ склікання. Прычым некаторыя сябры БНФ, не валодаючы беларускай мовай і не з'яўляючыся беларусамі, авалодвалі ёю на працягу года-двух. Дастаткова прыгадаць Галіну Сямдзянаву. Як толькі беларускамоўная фракцыя БНФ з'явілася ў Вярхоўным Савеце, па-беларуску загаварылі яго кіраўнікі - Станіслаў Шушкевіч, Мечыслаў Грыб і Сямён Шарэцкі. Па-беларуску пачалі прымацца законы, пастановы і загады.

У першай Канстытуцыі Беларусі 1994 г. беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай нашай краіны. І менавіта па беларускай мове быў нанесены шалёны ўдар падчас травеньскага рэферэндуму 1995 г. не без дапамогі ўсходняга суседа. Дабілі дзяржаўную беларускую мову ў 1998 г., калі ў Закон аб мовах унеслі змены: славутае ці (або) . Дзякуючы гэтым папраўкам, жывучы ў Беларусі можна не карыстацца беларускай мовай, за некаторымі выключэннямі.

Вядома, можна не карыстацца прынцыпова рускай мовай, але для гэтага трэба мець мужнасць і адпаведную адукацыю. Такія папраўкі супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што неаднаразова засведчана Канстытуцыйным Судом Беларусі. Усе намаганні ТБМ па змене вышэйзгаданага закона пакуль што плёну не далі. Больш таго, сённяшні беларускі парламент не прымае законы (за асобнымі выключэннямі) на дзяржаўнай беларускай мове, і нават не робіць іх афіцыйнага перакладу. Справа дайшла да таго, што нават суддзі наймаюць за дзяржаўныя грошы перакладчыкаў, калі ўдзельнікі судовага працэсу патрабуюць весці яго па-беларуску. Усё гэта прыводзіць да таго, што мы, беларускія патрыёты, якія хочуць захаваць нашу незалежнасць, мусім браць актыўны ўдзел у сёлетняй палітычнай кампаніі. З гэтай нагоды Рада ТБМ прыняла адпаведны Зварот. Мы лічым, што на працягу бліжэйшых месяцаў можна стварыць групу асобаў, якія згодныя вылучыцца ў якасці кандыдатаў на сёлетніх парламенцкіх выбарах з мэтай змяніць моўную сітуацыю ў нашай краіне на карысць роднай беларускай мовы. Мы прапануем скласці адзіны парламенцкі спіс кандыдатаў у дэпутаты пад агульным лозунгам "Беларускую мову - у беларускі парламент!". Пры гэтым асобы, якія пажадаюць увайсці ў гэты спіс, будуць праводзіць усю кампанію па-беларуску ад самага пачатку да канца. У гэты спіс могуць увайсці любыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія падзяляюць вышэйзгаданыя прынцыпы і здольныя аб'яднаць вакол сябе ад 10 да 15 сяброў і прыхільнікаў. Маючы групу аднадумцаў, яны могуць з пачатку выбарчай кампаніі збіраць тысячу подпісаў у той акрузе, дзе яны вылучаюцца. На сёння мы маем 110 акруг, такім чынам, памнажаем на 15 і маем некалькі тысяч людзей, якія некалькі месяцаў гавораць па-беларуску і прыцягваюць увагу выбаршчыкаў. Гэта і будзе тое рэальнае аб'яднанне апазіцыі, пра якое вядзецца гаворка ўжо гадоў 20. Бо ўвайсці ў гэты спіс могуць як сябры палітычных партый, так і цалкам незалежныя грамадзяне. Мы запрашаем грамадзян Беларусі да шырокага дыялогу на гэтую тэму і паведамляем нашы кантакты:

220116, г. Мінск, п/с 22. E-mail: siadziba@gmail.com.

Гэтую ідэю падтрымала на сваім паседжанні Рада кангрэсу за незалежнасць.

Алег Трусаў, Алена Анісім.


Паседжанне Аргкамітэта па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта

27 лютага адбылося чарговае паседжанне Аргкамітэта па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. У ім бралі ўдзел сустаршыні А. Мілінкевіч, У. Колас, А. Трусаў, а таксама М. Пастухоў, А. Жылко, І. Кулей, П. Церашковіч, І. Дубянецкая, Т. Вадалажская, А. Анісім. Як і планавалася загадзя, падчас паседжання была заслухана інфармацыя пра тое, што сёння робіць грамадскасць у галіне нефармальнай адукацыі. Так, спадарыня І. Дубянецкая распавяла пра дзейнасць Беларускага Калегіюма, Т. Вадалажская паведаміла пра справы Лятучага ўніверсітэта. Дзейнасць ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" была прэзентаваная паказам фільмаў, створаных на замову арганізацыі.

Адбылася зацікаўленая размова. У выніку паседжання было вырашана запрасіць для абмеркавання іншыя арганізацыі і ініцыятывы з мэтай далучыць іх да супольнай працы па стварэнні сучаснага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання.

Наступнае паседжанне прызначана на 19 сакавіка а 17-й гадзіне на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13.

Нагадаем, што аргкамітэт быў створаны падчас сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць, якая адбылася ў верасні 2015 г.

Наш кар.


Імя Тадэвуша Касцюшкі можа быць ушанавана ў Менску

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб ушанаванні памяці

Тадэвуша Касцюшкі

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні кіраўніцтва Мінскага гарвыканкама Ваш зварот аб ушанаванні памяці Тадэвуша Касцюшкі разгледжаны службамі Мінгарвыканкама.

Прымаючы да ўвагі, што зараз адсутнічаюць заявы на прысваенне найменняў праектуемым вуліцам горада, у павестку дня бліжэйшага пасяджэння камісіі па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска прапанавана ўключыць пытанне аб прысваенні імя Т. Касцюшкі плошчы ці скверу.

Пытанне аб стварэнні помніка Т. Касцюшку мэтазгодна разглядзець пасля наймення тэрыторыі і вызначэння крыніц фінансавання.

Дадаткова інфармуем.

Усталяванне твораў манументальнага мастацтва ў г. Мінску ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.09.2008 № 1372 "Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва".

Начальнік галоўнага ўпраўлення П.В. Скалабан.


У сваю чаргу беларускія СМІ паведамляюць наступнае:

"Мінскія ўлады маюць намер разгледзець пытанне аб прысваенні імя Тадэвуша Касцюшкі адной са сталічных вуліц. Пра гэта паведамляе выданне «СБ - Беларусь сегодня».

Выданне адзначае, што прапанову ўвекавечыць імя Касцюшкі, усталяваўшы яму помнік у Менску і называўшы імем адну са сталічных вуліц або плошчаў, апублікаваў у газеце чытач у пачатку лютага.

У адказе на публікацыю кіраўнік спраў гарвыканкама Мікалай Котаў паведаміў, што пытанне аб прысваенні імя Касцюшкі адной з вуліц можа быць разгледжанае на бліжэйшым паседжанні камісіі па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Менска.

Выраб твораў манументальнага мастацтва, па словах Котава, за кошт менскага бюджэту не прадугледжаны.

«Пытанне аб стварэнні помніка Касцюшку мэтазгодна разглядаць пасля наймення тэрыторыі яго імем і вызначэння крыніц фінансавання», - гаворыцца ў лісце.

Вуліцы, якія носяць імя Тадэвуша Касцюшкі, ёсць у Польшчы, Расіі, ЗША, Украіне, а таксама ў некаторых беларускіх гарадах - Баранавічах, Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Пінску. У той жа час на карце Менска імя нашага знакамітага суайчынніка да гэтага часу няма."

tut.by.


Шматпакутная літара "Ў"

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы"

імя Францішка Скарыны"

Полацкі раённы выканаўчы камітэт па пытанні рэстаўрацыі помніка адной з літар беларускага алфавіту "Ў" паведамляе.

ААТ "Тэхналіт-Полацк" праведзена абследаванне помніка. З-за асаблівасцяў выкарыстанага пры вырабе дадзенага знака матэрыялу (сілумін) ухіліць пашкоджанні, якія маюцца, няма магчымасці, патрабуецца яго поўнае аднаўленне з чыгуну па скульптурным праекце.

У сувязі з адсутнасцю фінансавых сродкаў у бягучым годзе выканаць работы па рэстаўрацыі помніка не ўяўляецца магчымым.

У адпаведнасці з арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-3 дадзены адказ можа быць абскарджаны ў Віцебскі аблваканкам.

Першы намеснік старшыні С.Д. Лейчанка.


100 гадоў з дня выхаду газеты "Гоман"

"Homan" ("Гоман") - беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета.

Выдавалася з 28 лютага 1916 да канца 1918 года ў Вільні на беларускай мове з дазволу акупацыйных германскіх уладаў. Выходзіла два разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.9.1916). Рэдактары В. Ластоўскі, Я. Салавей (з № 33 (125), 1917).

Сацыяльна-палітычная праграма газеты набліжалася да сялянска-работніцкага сацыялізму: народаўладдзе, ліквідацыя эксплуатацыі наёмных работнікаў, ідэя кіравання грамадствам праз "усялякія таварыствы, кааператывы, прафесіянальныя работніцкія хаўрусы". Выступала за нацыянальна-культурнае адзінства беларускага народа, незалежную Беларускую рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае Вялікае Княства Літоўскае. Інфармавала пра сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці, унутранае і міжнароднае становішча краю. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі і нацыянальнае самавызначэнне народаў. Найвышэйшымі каштоўнасцямі вольнага грамадства лічыліся нацыянальная незалежнасць, інтэлектуальная і палітычная свабода, родная мова і культура, сацыяльны аптымізм і хрысціянская вера.

Газета надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі Беларусі і нацыянальнай культуры, у т.л. артыкулы "1491 - 1916" (па гісторыі беларускага друку), "У 400-летнюю гадаўшчыну" (пра "Біблію" Ф. Скарыны), "Рэфармацыйны рух на Беларусі", "Прычыны заняпаду беларускага адраджэння ў XIX ст.", "Абычаёвае права беларускага сялянства" В. Ластоўскага (пад псеўд. Власт, В. Л.), "Святы Іазафат Кунцэвіч" Б. Пачопкі (пад крыпт. Б. П.), "10-летні юбілей беларускай прэсы", "Разбітая традыцыя" (пра неабходнасць адраджэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы) А. Луцкевіча (пад псеўд. І. Мялешка), "Памяці Справядлівага" (пра К. Каліноўскага) Сваяка, "Што было і што павінна быць" (пра традыцыі ВКЛ) Пётры з Арлянят. Шэраг артыкулаў газета прысвяціла актуальным сацыяльна-палітычным праблемам: "Што такое дэмакратызм" і "Шляхам творчасці" В. Ластоўскага, "Нашы патрэбы", "Палажэнне работнікаў", "Новы клас", "Фальшывыя прыяцелі", "Не запугаюць", "Да дзяржаўнай еднасці", "Да родных ніў", "Места і вёска" А. Луцкевіча, "Хто ты гэткі?" Ф. Аляхновіча і інш. Асвятлялася дзейнасць Дзяржаўнай думы Расіі, пераважна выступленні эсэраў і сацыял-дэмакратаў меншавіцкага кірунку, газета друкавала інфармацыю з франтоў, паведамленні германскага генеральнага штаба (рубрыка "Афіцыйны аддзел"), меліся рубрыкі "У Вільні і ваколіцах", "З усяго свету", "З усяго краю", "Весткі з Расіі", друкаваліся тэлеграмы, абвесткі беларускіх кнігарняў, камерцыйная рэклама. Газета надрукавала разнастайныя матэрыялы па гісторыі нацыянальна-культурнага і літаратурнага руху, легенды, апрацаваныя Я. Баршчэўскім, мемуары А. Абуховіча, некралогі Цётцы, М. Багдановічу, А. Ельскаму. Упершыню апублікавала некаторыя творы Я. Коласа, М. Багдановіча, З. Бядулі, А. Гаруна, Ц. Гартнага, А. Гурло, а таксама даследаванні М. Нікіфароўскага, літаратурна-крытычныя нарысы А. Луцкевіча (пад псеўд. А. Навіна).

Вікіпедыя.


Я малюся Госпаду

Наша мова святая,

бо яна нам Богам дадзена.

Ф. Багушэвіч.

Пішу аб тым, што так балюча, што не дае спакою, вярэдзіць душу.

Дзякуй Богу, і на Беларусь прыйшоў час, калі сталі выконваць пастанову II Ватыканскага Сабору. Родная мова загучала ў каталіцкіх храмах з вуснаў святароў, вернікаў, перакладзены і зацверджаны духоўнымі ўладамі Імшал, выдаецца рэлігійная літаратура на беларускай мове... Але ж чаму баліць душа? Чаму яна неспакойная падчас размовы з Богам? Усім добра вядома сіла слова, яго ўздзеянне на чалавека, на чалавецтва. Нідзе мы не адчуваем гэту сілу так, як у малітве. Чытаем з Евангелля ад Яна: "На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова" . Так, за канкрэтным словам стаіць канкрэтны вобраз, канкрэтны сімвал. І як важна знайсці і ўжыць тое адзінае правільнае слова, каб гэты вобраз або сімвал не размываўся, не набыў двухсэнсоўнасці ці якой іншай недарэчнасці. На вялікі жаль, гэтую прыкрую з'яву назіраем у беларускамоўных тэкстах, якія абслугоўваюць набажэнствы, у малітвах і іншых рэлігійных творах.

Прапаную тыя словы, якія выклікаюць (не толькі ў мяне, але ў многіх вернікаў) асаблівае хваляванне і заклапочанасць.

Даўно ідзе палеміка, як жа правільна звяртацца па-беларуску да Бога: Пан, Госпад , цяпер яшчэ і Гасподзь ? Давайце заглянем у грэцкую міфалогію. Там пан - валадар прасторы, які меў выгляд казланогага рагатага стварэння, якога страшэнна баяліся і кідаліся ў адчай, паніку (адсюль і словы панічны страх, апанаваны, апантанасць (одержимость) . А калі яшчэ зазірнуць у беларускі фальклор і нашую гісторыю… Вядома ж, мы молімся трыадзінаму Богу (Святой Тройцы). Дык вось трэба Яго называць так, каб не ўзнікала ніякіх адмоўных асацыяцый. Адносна слова Гасподзь . Гэта таксама не па-беларуску, тут ужо адчуваецца ўздзеянне з іншага боку. Я магу зразумець праваслаўнага беларуса, які моліцца ў царкве па-руску, таму і слова Господь стала для яго тым адзіна правільным, натуральным, сакральным, святым. (Нешта падобнае адбылося з тымі католікамі, якія прыйшлі да веры праз польскую мову, якую і сёння абагаўляюць і моляцца на ёй).

Не так даўно ад адной уплывовай асобы (праваслаўнай), навукоўца-філолага пачула: "Няхай слова Гасподзь яднае нас". А чаму мы, беларусы-католікі, павінны адрачыся ад свайго роднага слова для нейкага міфічнага яднання? Калі гаварыць пра яднанне беларусаў розных канфесій, то толькі беларуская мова можа гэта зрабіць. І не трэба тут нешта выдумляць, рабіць з рускай мовы кальку і ўводзіць у рэлігійную беларускамоўную тэрміналогію. Не аб'яднае гэта слова нас, а вось разлад у душы католікаў то ўнясе.

Дык як жа нам, католікам-беларусам, называць самую дасканалую Істоту, Гаспадара Сусвету? А трэба разгарнуць малітоўнік а. Астаповіча "Голас душы", Рым, 1926, 1949 гг., усе пераклады, арыгінальныя тэксты а. У. Чарняўскага, пераклад Бібліі А. Клышкі, і прачытаем - Госпад . Гэта аб'ёмнае, глыбокае, прыемнае для слыху, як гукі аргана, слова. І я малюся Госпаду .

Ягня (Ягнё), Баранку, Ягнец. У беларускай мове ёсць баран , які сімвалізуе тупасць і ўпартасць, ну а калі называць ласкава, то баранчык , тады трэба гаварыць баранчыку … Нейкая, сапраўды, абракадабра. Гэта ж ясна: баранку - няўдалая калька з польскай мовы.

Ягнец . Гэта слова выклікае не зусім станоўчыя асацыяцыі. Уяўляецца штосьці вялікае, моцнае, укормленае, накшталт - цялец . І тут ідзе ўжо гутарка наўрад ці пра духоўнае. І як гэта слова ўжываць ва ўскосных склонах? - ягнцу, яганцу, ягняцу , ды дзе ставіць націск? Такога слова я ніколі не чула і не знайшла ні ў адным слоўніку. Гэта не значыць, калі ў слове Агнец а замяніць на я , яно стане беларускім. Адразу відаць: калька з рускай мовы. Дык нашто ж нам такія наватворы, калі ёсць спрадвечна беларускае, роднае - Ягня , што сімвалізуе пакору, чыстасць, бязвіннасць. Гэта - як дзіця, як Хрыстос, гэта - Ахвяра. І на ўспрыманне на слых яно светлае, ціхае, лёгкае, мілагучнае - [ й'агн'а ]. Шаноўны а. У. Чарняўскі карыстаўся падчас набажэнства толькі такім словам.

Усім католікам добра вядомы абраз Божага Міласэрдзя, ёсць таксама набажэнства да Божага Міласэрдзя. Але ізноў жа няма адзінай тэрміналогіі ў асноўным паняцці. У адных крыніцах чытаем: "Езу, давяраю Табе" , у ішных - "Езу, давяраюся Табе" . Дык што ж дае гэты маленькі постфікс -ся ? Давяраю - г. зн. я магу даверыць некаму нешта, ведаючы, што ён не падвядзе, зробіць тое, аб чым просіш. І гэта асоба заслужыла да сябе давер іншых. А вось давяраюся - г. зн. цалкам даверыцца (у кантэксце Хрысту). Так, не проста толькі верыць, давяраць , але поўнасцю аддаць сябе ў апеку Богу, а гэта ўжо вышэйшая ступень даверу.Тут і вера, і надзея, і адданасць. Таму лепш ужываць - давяраюся .

Хрысце, Хрыстэ. Ніяк мы не можам пазбавіцца паланізмаў. Тут павінна спрацаваць такая ўнікальная з'ява ў мове беларусаў, як цеканне - пры змякчэнні цвёрды [т] пераходзіць у мяккі [ц']. На пісьме гэта выглядае так: пагост - на пагосце, святло - свяціць . Таму і Хрыстос - у Хрысце, Хвала, Табе, Хрысце .

У малітоўніку "Ойча наш" на ст. 267 змешчана малітва "Вітай, Каралева", якую рэкамендавана чытаць у суботу. Ёсць там адно слоўца, з-за якога не ляжыць душа да гэтай малітвы: "О ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя" . Вядома, слова ўжыта ў пераносным значэнні, але яно прызямляе, прыніжае вобраз Дзевы Марыі. Тым больш, у гэтай маленькай малітве ўжо ёсць слова з такім коранем: "Асалода і надзея наша, вітай" . Нашто так "саладзіць", можна ж падабраць слова-сінонім, напр., наймілейшая, найяснейшая і г.д.

Вітай, Вітана будзь, Марыя. Звыклае Вітай (Аve) - лёгкае, меладычнае, прыемнае на слых слова і спяваецца хораша. Таму я малюся так: "Вітай, Марыя, поўная ласкі, Госпад з Табою" .

Дзева, Панна Марыя. У нас, беларусаў, паняцце дзева азначана іменна такім словам, таму і трэба маліцца "…заўсёды Дзеве Марыі" .

Навекі, на вякі, на векі . Слова век - назоўнік муж. роду, адз. ліку. У множным ліку - вякі . Навекі (навек) - г. зн. навечна, вечна - прыслоўе. Дык чаму прынята пісаць - на векі вечныя , а не на вякі вечныя .

Выклікае непаразуменне слова навярнуўся , якое часта ўжываюць святары ў сваіх пропаведзях. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (акадэмічнае 5-томнае выданне, Мінск, 1977) падае наступнае: Навярнуцца, - вернецца; Выступіць на вачах (пра слёзы). У дзяўчыны…навярнуліся буйныя слёзы. Гурскі. Далей прыводзяцца прыклады іншых значэнняў гэтага слова (ды аж 6-ці!), у тым ліку 2 у пераносным значэнні. Напр., Навярнуць, перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго-н. Навярнуць на рыбалоўства. Па меншай меры, недарэчна выкарыстоўваць гэта размоўнае слова для паслуг у рэлігійным жыцці. У рускіх - уверовал , у палякаў - nawrоcilsja , а нам, беларусам, трэба карыстацца сваім, можна ж сказаць: пакаяўся, прыйшоў да веры, стаў веруючым, паверыў… Як, напр., чытаем у малітоўніку "Ойча наш" на ст. 441: "…кайцеся і верце ў Евангелле. Лк 8" .

Грэх, правіна. Ізноў наступаем на тыя самыя граблі. Заглянем у той жа слоўнік. Правіна, -ы, ж. Разм. Тое, што і правіннасць (дрэнны ўчынак, віна). Грэх - парушэнне правіл рэлігійнай маралі. Навошта было мяняць спрадвечнае, добра ўсім зразумелае, літаратурнае слова грэх на размоўнае правіны (… і адпусці нам правіны нашы…) ?

Багаславіць, Благаславіць, Блаславіць. Да нядаўняга часу ўжываўся тэрмін благаславіць . Але ж, як вядома, слова блага выкарыстоўваецца для абазначэння чагосьці адмоўнага, сінонімы - кепска, дрэнна . Як памятаю, тут, у цэнтральнай Беларусі, ужывалі і, дарэчы, зараз ужываюць з гэтых сінонімаў слова блага найчасцей. Не выпраўляе становішча выкінуты склад -га (блаславіць) . Толькі ўрэзалі корань першай часткі складанага слова. Але як было блага, кепска, дрэнна , так і засталося. Але, можа, для нас блага ўжо стала дабром? А чаму б нам не заглянуць у згаданы ўжо малітоўнік "Голас душы"? Там можна прачытаць: "Багаславі нас, Маці..." Тут і Бог, і Дабро, і Спакой.

Дарэчы заўважыць, апошнім часам з вуснаў святароў можна пачуць: "Благаслаўляю вам", "Хай Бог вам блаславіць" . Не разумею: багаслаўляюць нас ці нам ? Калі просім святара аб удзяленні багаславення , то гаворым: пабагаславіце мяне , нас (вінавальны склон - каго? (што?) - мяне, нас, вас ). Такім чынам, лагічна гаварыць: багаслаўляю вас, цябе .

У рускай мове дапускаюцца варыянты, напр., скучаю по вас (по вам). Гэта называецца дадвухмовіліся, даінтэграваліся…

Як часта мы паддаёмся павевам часу, паспешліва прымаем рашэнні, прыдумляем новае.., а ці заўсёды лепшае? Можа, лепш прыслухацца, што запавядалі нам нашы класікі? Выдатны знаўца роднай мовы Якуб Колас, які клапаціўся аб чысціні беларускай мовы, гаварыў: "… перад увядзеннем кожнага новага слова трэба добра абшарыць кішэні сваёй памяці, перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы…" І сапраўды, не варта "шарыць" па чужых кішэнях, а трэба шукаць у сябе, бо, як сказаў Максім Багдановіч у артыкуле "Забыты шлях", "…адны жабракі могуць праз усё жыццё толькі браць…"

Хацелася б паслухаць разважанні на прапанаваную тэму іншых беларусаў-вернікаў, якія неабыякавыя да лёсу роднай мовы ў нашых святынях.

Некалькі слоў пра сябе. Мне пашчасціла нарадзіцца ў такой сям'і, дзе нас, шасцярых дзяцей, выхоўвалі бацькі на рэлігійнай аснове, у тым ліку і ў любові да роднай мовы. Таму ў мяне не было пераацэнкі каштоўнасцяў. Беларуская мова і вера са мною ад нараджэння, без якіх жыццё маё было б бязлікім і бессэнсоўным. Гэта і прадвызначыла далейшы мой лёс як настаўніка роднай мовы, а пасля заканчэння ў 1998 г. Гарадзенскага катэхетычнага інстытута і як настаўніка-катэхета.

Людвіка Таўгень , сябра ТБМ.


Ці крануўся лёд?

Напісанне агульнарэспубліканскай дыктоўкі на Асіповіччыне, пачынаючы з першай, заўсёды абстаўлялася нейкімі залішнімі перасцярогамі і падазронасцю да яе арганізатараў, сяброў ТБМ. Ад нас патрабавалася прадстаўляць спіс тых, хто будзе пісаць дыктоўку, хто яе дыктуе, які яе тэкст. З неахвотай прадастаўлялася месца напісання. Таму мы пісалі толькі тры першыя дыктоўкі, адну з і х у падпольных умовах.

Аднак, у гэтым годзе адбыліся прыемныя перамены. Па камандзе з Магілёва ў раённай газеце "Асіповіцкі край" за 19 лютага на першай паласе была размешчана абвестка: "Паважаныя землякі! Раённая дзіцячая бібліятэка запрашае ўсіх жадаючых 21 лютага ў 11 гадзін раніцы прыняць удзел у акцыі "Пішам дыктоўку разам", прымеркаванай да Міжнароднага дня родных мовы" . На жаль, на заклік адгукнулася ўсяго толькі 6 грамадзян пенсійнага узросту (з іх 5 чалавек сябры ТБМ), хаця зусім побач знаходзіцца СШ-3. Нізкую актыўнасць, канешне, можна патлумачыць запозненай і не выразнай аб'явай. Але пачатак зроблены. Спадзяемся, што лёд крануўся.

С. Бародзіч, старшыня раён. рады ТБМ.


Свята беларускай мовы ў аг. Чаркасы, прысвечанае 120-годдзю з дня народзінаў Кандрата Крапівы

20 лютага ў Чаркаскім Доме культуры Дзяржынскага раёна адбылося штогадовае раённае "Свята беларускай мовы", якое складалася з некалькіх частак і пачалося 18 лютага з конкурсу малюнкаў прысвечанага беларускай мове: "Родная мова - душы аснова", прымеркаванага да Міжнароднага дня роднай мовы. У пятніцу 19 лютага быў прадэманстраваны мультфільм "Шрэк-2" дубляваны па-беларуску, на працягу тыдня ў Чаркаскай сельскай бібліятэцы працавала кніжная выстава як сучасных аўтараў, так і класікаў беларускай літаратуры, якую мог наведаць кожны ахвотны.

Гэтым разам свята з'яўлялася дыпломнай работай выпускніцы кафедры рэжысуры абрадаў і свят УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў" Вікторыі Манько.

20 лютага перадсвяточны настрой свята ў Доме культуры стваралі беларускія народныя песні, якія гучалі з дынамікаў гукаўзмацняльнай апаратуры, кніжная выстава, якая зацікавіла кожнага сваёй разнастайнасцю, дзеці ў народных касцюмах, якія раздавалі паштоўкі з серыі "Не маўчы па-беларуску" і аўдыёкасеты беларускіх выканаўцаў. У фае працавалі гульнёвыя зоны, дзе кожны ахвотны мог прадэманстраваць свае веды па беларускай мове і атрымаць каштоўны падарунак ад грамадскай-культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі".

Свята пачалося традыцыйна, з напісання дыктоўкі, якая была прысвечана 120-годдзю з Дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.

- Родная мова яднае народ, з'яўляецца адным з асноўных кампанентаў нацыянальнай свядомасці.- адкрываючы свята адзачыў дырэктар Чаркаскага Дома культуры, дэпутат Фаніпальскага сельскага Савета Кірыл Шык. - Паважаныя беларусы, 2016 год - Год культуры. Ён запатрабуе яшчэ больш уважлівага стаўлення да нашай мовы, традыцый, зберажэння духоўнай спадчыны, яе ўзмацавання і далейшага развіцця. Ганарыцеся і шануйце сваю родную мову!

Афіцыйная частка свята пачалася ўрачыста і ўзнёсла з выканання ансамблем "Сяброўкі" песні "Радзіма" мясцовага аўтара і кампазітара Надзеі Камаровай. Сярод ганаровых гасцей свята быў паэт, арганізатар папулярных курсаў беларускай мовы "Мова-Нанова" Глеб Лабадзенка. У канцэртнай частцы прымалі ўдзел калектывы Чаркаскага Дома культуры: ансамбль народнай песні "Сяброўкі", дзіцячая вакальная студыя "Вясёлыя ноткі". Асаблівым падарункам для ўсіх прысутных стаў канцэрт вакальна-інструментальнага ансамбля "Шык-бэнд", які выканаў вядомыя беларускія кампазіцыі на розны густ. Прысутныя на свяце настолькі былі прасякнутыя і ўражаныя дзеяннем, што перастаў існаваць падзел паміж гледачамі і артыстамі. У чарговы раз "Свята беларускай мовы" парадавала сваёй цікавай праграмай і падкрэсліла багацце і значнасць роднай мовы і культуры ў сучаным грамадстве.

Наш кар.


Слова роднае - вечнасці след

Сябры Скідзельскай суполкі Таварыства беларускай мовы, мясцовыя паэты, краязнаўцы і юныя аматары роднага слова з цэнтраў творчасці па месцы жыхарства ў г. Скідзель і ў в. Мількаўшчына ў мінулую суботу цікава адзначылі Міжнародны день роднай мовы. Усе сабраліся ў Скідзельскай бібліятэцы сямейнага чытання, дзе панавала асабліва шчырая атмасфера, было па-хатняму ўтульна і па-святочнаму весела.

Бібліятэкары арганізавалі тэматычную кніжную выставу і паказ відэароліка "Будзьма беларусамі".

- Калі мы хочам, каб наша Беларусь, такая прыгожая як кляновы лісток, не знікла з мапы свету, каб гучаў наш дзяржаўны гімн, і сцяг уздымаўся на міжнародных спаборніцтвах, то павінны вучыцца быць беларусамі, - так пачала сваё выступленне вядоўца свята Таццяна Савянкова, кіраўнік Мількаўшчынскага літаратурна-краязнаўчага музея імя Элізы Ажэшкі. - Хто з вас скажа, што англійскую мову лягчэй вывучыць, чым беларускую? Безумоўна, ніхто. Хто будзе сцвярджаць, што яна горшая за іншыя? Наша мова адна са старэйшых у свеце, а па мілагучнасці саступае толькі італьянскай. Яна так плаўна льецца, бруіцца, як песня пяецца. Калі размаўляеш на ёй, то душа цешыцца, становіцца весялей і святлей нават без сонейка, як сёння. Імкніцеся вывучаць нашу мову не толькі ў школе на ўроках, але і дома. Не лянуйцеся заглядваць у руска-беларускі слоўнік і знаходзіць там пераклады розных словаў. Пытайцеся ў сваіх мамаў і татаў, у бабуляў і дзядуляў, як называюцца розныя прадметы па-беларуску. Няма нічога дрэннага ў тым, калі яны размаўляюць на так званай трасянцы, альбо выкарыстоўваюць дыялекты, бо ёсць жа ва ўсіх краінах літаратурная мова і гутарковая. Кажыце хоць бы "дзякуй", "прабачце", "добры дзень", узбагачайце свой асабісты слоўнікавы запас і запрашайце сваіх сяброў да размоваў па-беларуску. Таму што цудоўных беларускіх словаў вельмі многа. І мы сёння пастараемся ўзгадаць іх як мага больш.

Супрацоўніца гарадзенскай рэгіянальнай газеты "Перпектива", паэтка Тамара Мазур распавяла пра свой творчы шлях, пазнаёміла з друкаванымі выданнямі - зборнікамі вершаў. Усе прысутныя былі зачараваны яе паэтычным гучаннем роднага слова.

Цікава пра родную мову сказаў Рыгор Фарманян, армянін па нацыянальнасці, які з'яўляецца старэйшым сябрам Таварыства беларускай мовы:

- У мяне двое ўнукаў, і я кажу ім, што не трэба цурацца беларускай мовы ні перад палякамі, ні перад рускімі, ні перад літоўцамі, бо ў Беларусі няма ворагаў, а толькі добрыя суседзі. Бярыце прыклад з мяне. Мае бацькі і дзяды былі турэцкімі армянамі, але іх выгналі з Турцыі. Мы з'ехалі ў Грузію, а адтуль я дабраўся да Беларусі, дзе ажаніўся з прыгожай скідзяльчанкай і пражыў жыццё ў Скідзелі. Я ведаю шмат моваў - грузінскую, расійскую, беларускую, польскую, крыху перакладаю з нямецкай, - але ніколі не забываў і не забуду сваю родную армянскую мову. Арменія і Беларусь знаходзяцца на перакрыжаваннях гістарычных шляхоў з захаду на ўсход, з поўначы на поўдзень. Ішлі праз нашы землі ворагі, знішчалі нашых людзей, а мы засталіся.

Краязнавец Андрэй Юшкевіч расказаў, як можна лячыцца з дапамогай роднага слова і малітваў на роднай мове, наколькі важна ведаць свае карані і не адсякаць іх. Яго падтрымала паэтка Ларыса Салей, прачытаўшы вершаванае прысвячэнне земляку-беларусу, былому кіраўніку Скідзельскага філіяла райспажыўтаварыства Мікалаю Чаплюку.

Пасля гэтага ўдзельнікі свята прыгадалі і занатавалі на лістах паперы як мага больш беларускіх словаў, выкарыстоўваючы ў якасці падказкі паштоўкі з буклета "Не маўчы па-беларуску".

Завяршылася імпрэза выкананнем беларускіх песняў і танцаў пад акампанемент баяніста Валерыя Гнідко. А своеасаблівым гімнам свята стала песня "Люблю наш край старонку гэту…".

Наш кар. , г. Скідзель, Гарадзенскі раён.


Паэт адчуваў за сабой Беларусь

24 лютага ў дзень народзінаў народнага паэта Рыгора Іванавіча Барадуліна быў здзейснены творчы праект "Песні матчыны з Вушаччыны". Ідэя праекту належыць удзельніку гурта "VURAJ", артысту Белдзяржфілармоніі Сяргею Доўгушаву.

- Мне хочацца, каб вечарына прайшла ў цёплым сяброўскім фармаце, каб кожны калектыў прынёс свой падарунак дзядзьку Рыгору на дзень яго народзінаў, - сказаў аўтар.

- Усё пачалося з маленькай кніжачкі, дзе сабраны абрадавыя (веснавыя, весельныя і іншыя песні), якія спявала Акуліна Андрэеўна Барадуліна і іншыя жанчыны полацкага краю, - адзначыў вядоўца. Гэтыя песні з замілаваннем выканаў полацкі гурт "Варган".

На мерапрыемства прыйшлі даследчыкі творчасці Рыгора Барадуліна - паэт і публіцыст Міхась Скобла, журналіст Сяргей Шапран, рэдактар і мовазнаўца Наталля Давыдзенка, вядоўца папулярных курсаў "Мова нанова" Глеб Лабадзенка, удава паэта Валянціна Міхайлаўна і ўдава яго сябра Міхася Стральцова, Алена Дмітрыеўна, прысутнічалі шматлікія аматары паэзіі.

- Няма і не было іншага такога паэта, які б так моцна быў спалучыны з фальклорнымі традыцыямі, з песнямі і абрадамі, - адзначыў у сваім выступленні Міхась Скобла. - Дзядзька Рыгор уплятаў фальклорныя матывы ў тканіну сваіх вершаў так, што ўжо немагчыма было распазнаць, што - народнае, а што - ягонае ўласнае, аўтарскае. Ён уславіў свае Вушачы пры жыцці, калі складаў зборнік " Евангелле ад мамы", і калі адышоў на вышыню, у прытулак вечнага быцця, і пакінуў запавет пахаваць яго побач з матуляй. Цяпер Вушачы будуць атаясамліваць з Рыгорам Барадуліным. Ён адчуваў за сабой Беларусь.

У яго паэзіі схаваны глыбокі сэнс. Ён разбурыў стэрэатып пра вяскова-патрыярхальную скіраванасць беларускай літаратуры. Рыгор Барадулін - універсум сусветнай культуры. Яго творчасць - Ноеў каўчэг, на якім беларуская мова выплыве ў цунамі глабалізацыі, - падкрэсліў Міхась Скобла. - Якое будзе свята мовы, калі новыя даследчыкі, што прыдуць у будучых пакаленнях, складуць слоўнік Рыгора Барадуліна, у тым ліку яго неалагізмаў! Шляхотны пабраціме зубра беларускага, як называла яго Ларыса Геніюш, ён быў чараўніком мовы. Ён падымаў шкельца з зямлі і рабіў з яго цудоўны алмаз. Ён перакладаў вершы з 37 моваў свету. За пераклады паэтаў Дагестана, блізкія да арыгіналу, дзядзьку Рыгору расчуленыя чытачы аднойчы прыслалі папаху, грамату і сартыфікат на валоданне зямельным надзелам у горным аўле.

Міхась Скобла прачытаў вершы народнага паэта "Матылёк" і " Малітва".

- Якія падарункі любіў Рыгор Іванавіч? - запыталі мы ў Валянціны Міхайлаўны.

- Любыя! Але часцей яму дарылі сувеніры з дрэва, кераміку, карціны.

Сёняшнім падарункам яму сталі шчырыя спевы маладых выканаўцаў. Выступленне гуртоў "VURAJ" і " Relict" было вельмі тэмпераментным і адпавядала жыццядайнай энергетыцы паэзіі дзядзькі Рыгора. Відэашэраг з фотаздымкаў на экране стварыў эфект яго прысутнасці ў зале, перадаў цеплыню яго ўсмешкі, радасць яго маладых гадоў, роздум сталага веку, смутак сівізны.

Вельмі беражліва да слова паэта ставіцца яго даўняя калега і паплечніца Наталля Аляксееўна Давыдзенка. У канцы 2015 года ў выдавецтве " Кнігазбор" з дапамогай СБП яна выдала другі том дзённікаў і запісаў народнага паэта, а зараз рупіцца пра выданне трэцяга і чацвёртага тамоў гэтых каштоўных дакументаў. Спадчына творцы будзе яшчэ грунтоўна вывучацца і кожная рысачка з яго нататнікаў будзе дадаваць новага разумення яго думак. Рыгор Барадулін навекі застанецца цвярдыняй беларускага духу і веры, геніем слова.

Эла Дзвінская , фота аўтара. На здымках: 1. Міхась Скобла, Валянціна Міхайлаўна Барадуліна, Глеб Лабадзенка 2. Артысты з гуртоў "VURAJ" і "Варган" разам з Валянцінай Барадулінай. 3. Дзённікі і запісы Р.І. Барадуліна.



Чарговы этап 9-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі пройдзе ў Менску ў сядзібе ТБМ 15 сакавіка ў 18.00


Дэкада беларускай мовы з Бартосікам і Чыгрыном

У навучальных установах Слонімшчыны працягваецца дэкада беларускай мовы і літаратуры, якая пачалася з Дня роднай мовы. У гасцях у вучняў і настаўнікаў Жыровіцкай сярэдняй школы і Слонімскай гімназіі №1 пабывалі беларускі бард, пісьменнік і журналіст Зміцер Бартосік і даследчык беларускай культуры і літаратуры Сяргей Чыгрын. Зміцер Бартосік пазнаёміў вучняў і настаўнікам з гісторыяй бардаўскай песні. Ён выканаў некалькі песень расейскіх бардаў у перакладзе Рыгора Барадуліна, а таксама распавёў пра гісторыю беларускай бардаўскай песні, дапоўніўшы сваё выступленне патрыятычнымі і жартоўнымі беларускімі песнямі. Сяргей Чыгрын распавёў пра лёс беларускіх скарбаў, якія за апошнія некалькі стагоддзяў былі ўкрадзены з беларускай зямлі, у прыватнасці, крыж Ефрасінні Полацкай, залатыя апосталы князёў Радзівілаў, шахматная дошка Льва Сапегі са Слоніма і сотні іншых. Даследчык нашай гісторыі адказаў на пытанні настаўнікаў і вучняў, асабліва шмат з іх было, звязаных з архівамі і дакументамі Жыровіцкага манастыра. На памяць аб сустрэчы госці падаравалі школьным бібліятэкам кнігі беларускіх аўтараў.

Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён. Фота аўтара.


Свята мовы ў "Пружанскім палацыку"

Словамі Платона адкрыла Свята роднай мовы сябра ТБМ Ларыса Жаўнярчук:

У сваіх бедах людзі

схільныя вініць лёс,

Багоў і ўсё, што можна,

але толькі не сябе.

Платон.

Сапраўды, у тым, што здарылася з роднай мовай на Беларусі, у першую чаргу вінаваты і мы самі - беларусы. Што ж, хібы патрэбна выпраўляць. Што і робяць сябры Пружанскай суполкі пад кіраўніцтвам старшыні Тарэсы Жэгалавай. Правядзенне культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў на роднай мове - адна з асноўных задач сяброў таварыства. Адзначыць Дзень роднай мовы на гэты раз сябры ТБМ сабраліся ў музеі-сядзібе "Пружанскі палацык". Гэта быў сапраўдны конкурс знаўцаў роднай мовы сярод пераможцаў школьных алімпіяд па беларускай мове вучняў СШ №5 і гімназіі горада. Вучні спаборнічалі ў веданні перакладаў словазлучэнняў з рускай на беларускую мову, тлумачылі значэнні рэдкаўжывальных беларускіх слоў, удзельнічалі ў конкурсе "Назаві беларускі адпаведнік іншамоўнаму слову". Вельмі цікавым падалося заданне, дзе супрацоўнік музея Наталля Сяргееўна Пракаповіч давала апісанне прадмета бытавога побыту, які гульцы павінны былі адгадаць і назваць, а затым паказвала яго, расказвала пра яго выкарыстанне нашымі продкамі. Адгадвалі гульцы па чатырохрадкоўях назвы вершаў і іх знакамітых аўтараў. Спадабаўся ўсім і музычны конкурс, дзе гучалі вядомыя адрыўкі з беларускіх песень. Важна адзначыць, што гульцы добра справіліся, адгадваючы назву песні і яе выканаўца, а вось аўтараў слоў і музыкі называлі не ўсіх. Найбольш складаным выдаўся конкурс з веданнем беларускіх фразеалагізмаў. І гэта не выпадкова, бо ў школьнай праграме на вывучэнне фразеалагізмаў адведзена ўсяго адна гадзіна. І апошнім заданнем быў паэтычны конкурс. Удзельнікі павінны былі скласці па рыфмах верш на тэму роднай мовы. Ацаніў конкурс мясцовы паэт, сябра ТБМ Мікола Папека.

У перапынках паміж заданнямі вядоўца праводзіла забаўляльныя конкурсы сярод гледачоў. Гэта былі сябры ТБМ, супрацоўнікі музея, настаўнікі, вучні і неабыякавыя да лёсу роднай мовы гараджане. З невялікім адрывам пераможцамі сталі вучні СШ №5. Усім гульцам былі ўручаны памятныя сувеніры, кнігі і пірагі з надпісам "Дзень роднай мовы", а ўсіх прысутных таксама почаставалі святочным караваем. Спонсарамі свята была рэдакцыя газеты раёныя будні і адзін з прадпрымальнікаў горада. Усе прысутныя пакінулі залу Пружанскага палацыка ў добрым настроі. Сцэнар і прэзентацыю свята склала і вяла імпрэзу сябра ТБМ Ларыса Жаўнярчук

Пружанская рада ТБМ , 25.02.2016 г.


9-я Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне

Усебеларуская дыктоўка ў Лідскім каледжы

21 лютага кожны год наша краіна Беларусь адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы.

Лідскі край далучыўся да святкавання Дня беларускай мовы. Многія ўстановы нашага горада і раёна спланавалі з гэтай нагоды розныя мерапрыемствы. Адным з такіх мерапрыемстваў з'яўляецца напісанне Усебеларускай дыктоўкі. У гэтым годзе дыктоўка праводзілася ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах, у бібліятэках.

Не першы раз Лідскі каледж прымае ўдзел у напісанні Усебеларускай дыктоўкі. Навучэнцы нашай установы актыўна далучыліся да гэтай акцыі.

У гэтым годзе наша дзяржава адзначае юбілейная даты такіх вядомых пісьменнікаў, як Іван Шамякін, Кандрат Крапіва. Па-гэтаму для напісання дыктоўкі навучэнцам прапанаваўся тэкст з твора Івана Шамякіна. Дыктоўку пісалі з вялікім задавальненннем і з пачуццём гонару за тое, што нашай краінай ушаноўваецца роднае слова.

Да гэтай акцыі, нягледзячы на тое, што гэтае свята адзначалася ў выхадны дзень, далучыліся 90 навучэнцаў першага курса, а таксама і выкладчыкі каледжа.

Мы выказваем падзяку настаўнікам школ, дзе вучыліся да паступлення нашы першакурснікі, а таксама выкладчыкам роднай мовы Лідскага каледжа Некраш Людміле Міхайлаўне, Яныш Марыне Уладзіміраўне, Чарняк Тамары Анатольеўне, Калпінскай Наталлі Станіславаўне, Ліпскай Святлане Аляксееўне за арганізацыю і належнае правядзенне дадзенага мерапрыемства.

Навучэнцы гуманітарнага аддзялення Лідскага каледжа, выкладчыкі кафедры філалагічных дысцыплін рады супрацоўніцтву з Таварыствам беларускай мовы і прымаюць удзел у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца гэтай арганізацыяй.

Навучэнкі 4 курса, групы 68 да

Надзея Кенць, Вікторыя Малец. На здымках: 1. Навучэнкі гуманітарнага аддзялення пасля напісання дыктоўкі; 2. Навучэнка 4 курса Малец Вікторыя.

Дыктоўка ў Ходараўцах

19 лютага пісалі дыктоўку ў бібліятэцы вёскі Ходараўцы Лідскага раёна. У дыктоўцы прынялі ўдзел восем вучняў мясцовай школы.

Наш кар.


Знакамітыя людзі ў Лідскім каледжы

Каледж педагагічны -

Ці летам, ці зімой -

І родны, і лірычны,

У Лідзе залатой!

Такімі словамі горача віталі навучэнцаў нашага каледжа паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. Сустрэча адбылася з нагоды святкавання Дня беларускай мовы. Двое знакамітых гасцей прыехалі на вечарыну да навучэнцаў гуманітарнага аддзялення.

З першых хвілін сустрэчы Леанід Дранько-Майсюк стварыў даверлівую атмасферу, запрасіў навучэнак да дыялогу. Госць расказаў, што апошнім часам яму даводзіццца шмат выступаць, ездзіць па ўсёй Беларусі, бываць за межамі сваёй краіны: у Сербіі, Польшчы, Балгарыі і іншых славянскіх дзяржавах. Гэта ўзбагачае прастору яго творчага існавання.

Л. Дранько-Майсюк і Э. Акулін падзяліліся сваімі планамі на далейшую творчасць, а таксама апавядалі пра тое, над чым яны зараз працуюць. Гасцямі былі прадэманстраваны новыя зборнікі, часопіс "Верасень", галоўным рэдактарам якога з'яўляецца Эдуард Акулін. У гэтым часопісе ёсць рубрыка, дзе друкуюцца маладыя аўтары. Па-гэтаму госць запрасіў таленавітых навучэнцаў дасылаць свае творы ў рэдакцыю.

Л. Дранько-Майсюк і Э. Акулін - паэты адметнага стылю, адны з нямногіх, хто ўдала спалучае традыцыйна беларускую сімволіку з класічнай формай. Яны надзвычай тонка адчуваюць музыку гукаў і ў сваіх творах выключна ўважліва ставяцца не толькі да зместу, але і да гучання верша. Адсюль і запатрабаванасць іх твораў беларускімі кампазітарамі. Эдуард Акулін сам піша музыку на свае вершы. Перад навучэнцамі паэты чыталі свае любімыя творы, адказвалі на пытанні, якія хвалявалі слухачоў. Асабліва спадабалася выкананне песень Эдуардам Акуліным не толькі на свае словы, але і на словы Леаніда Дранько-Майсюка.

Сустрэча мела асабліва цёплую атмасферу. Пасля яе навучэнцы доўга не разыходзіліся, бралі аўтографы, фатаграфаваліся са знакамітымі гасцямі. Напрыканцы навучэнцы падзякавалі паважаным людзям за цікавы дыялог, пажадалі ім творчых поспехаў, натхнення, выказалі думку пра далейшае супрацоўніцтва з нашым каледжам.

Надзея Кенць, Вікторыя Малец, Лідскі каледж.


Тыдзень роднай мовы на Лідчыне

Дзень паэзіі ў Доміку Таўлая

24 лютага ў Лідскім літаратурным музеі (Домік Таўлая) прайшло пашыранае паседжанне літаб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" з удзелам слынных беларускіх паэтаў Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка. Паседжанне мела форму літаратурнай сустрэчы - круглага стала.

У першай частцы ўдзел бралі вучні Лідскага ліцэя, а ў другой - менавіта сябры "Суквецця", лідскія паэты і празаікі, а таксама сябры ТБМ і рэдакцыі газеты "Наша слова", чыімі стараннямі менскія творцы ў чарговы раз аказаліся на Лідчыне.

Госці прадставілі 13-ты нумар часопіса "Верасень" і пазнаёмілі прысутных з асаблівасцямі літаратурнага працэсу ў савецкі час і пазней, як няпроста было друкавацца тады, а і не на шмат прасцей і цяпер. І "Верасень" - гэта ўнікальная магчымасць для маладых творцаў праявіць сябе, паказаць свету і сябе, і свае творы, лягчэй узяць першую прыступку на Парнас.

У другой частцы лідскі пісьменнік Уладзімір Васько таксама згадаў мінулае і шчыра падзякаваў Эдуарду Акуліну і Леаніду Дранько-Майсюку за падтрымку пры ўступленні ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. У. Васько падарыў гасцям асобнікі сваёй апошняй кнігі.

Асобнікі кнігі пра Валянціна Таўлая падарыла гасцям аўтарка Анастасія Каладзяжная, што было вельмі дарэчы, бо, як сказаў Л. Дранько-Майсюк, яму ў рукі трапілі вельмі рэдкія дакументы з біяграфіі Максіма Танка, і выспявае харошая дакументальная аповесць, а В. Таўлай быў побач з М. Танкам на многіх жыццёвых этапах.

Такім чынам сустрэча аказалася плённай для абодвух бакоў, і трэба спадзявацца, што сяброўства Лідчыны і менскіх майстроў працягнецца.

Яраслаў Грынкевіч.


Гістарычна-краязнаўчая канферэнцыя "Гэта мой горад!"

(г. Бярозаўка, Лідскі р-н)

- Добры дзень, паважаныя сябры! Я упэўнены, што у гэтай зале сёння сабраліся сапраўдныя сябры, якіх аб'ядноўвае адно цудоўнае і творчае захапленне - цікавасць да гісторыі роднага горада, такога сціплага і такога вядомага ў шматлікіх краінах свету, таму наша сустрэча - канферэнцыя і мае назву - "Гэта мой горад!", - так звярнуўся 27 лютага да сабраных у актавай зале СШ №2 г. Бярозаўкі Сяргей Трафімчык, сябар Лідскай арганізацыі ТБМ.

У зале акрамя вучняў, аматараў краязнаўства з Бярозаўскай гімназіі і дзвюх школ сабраліся таксама:

- Юрый Жыгамонт, вядомы тэлевядовец Беларускага нацыянальнага тэлебачання, аўтар і вядовец папулярнай перадачы "Падрожжа дэлетанта", які і распачаў выступы палымянымі словамі на карысць краязнаўства і беларускай мовы;

- Станіслаў Суднік, сябар саюза беларускіх пісьменнікаў, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец", старшыня лідскай гарадской арганізацыі "Таварыства беларускай мовы";

- навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун;

- Мечыслаў Супрон - краязнавец, вядомы даследчык гісторыі Лідчыны;

- Сяргей Дычок і Андрэй Буяк - бярозаўцы, якія захапляюцца мінулым, а мінулае захапляе іх.

На канферэнцыю было падрыхтавана 11 дакладаў. Першымі да трыбуны пайшлі дзеці:

- Сідор Дзмітрый, вучань 11 класа, гімназіі № 1 г. Бярозаўкі, тэма "Шляхамі вайны", кіраўнік Казлова Т.З.

- вучаніца 6 класа, гімназіі №1 г. Бярозаўкі Мажэйка Ганна, з тэмай "Малочная прамысловасць на прылаўках крам горада Бярозаўкі", кіраўнік - Мажэйка Н.В.

- вучань сярэдняй школы №2 г. Бярозаўкі - Несцер Дзмітрый з дакладам "Дыялектны слоўнік жыхароў горада Бярозаўкі", кіраўнік Несцер С.В.

- Кротава Марыя, 9 "Б" клас ДУА "Бярозаўская сярэдняя школа №3" з тэмай "Зараджэнне і росквіт горада над Нёманам", кіраўнік - Матусевіч Т.У.

- Савельева Кацярына вучаніца ДУА "Бярозаўская сярэдняя школа №3", 9 "Б" клас з тэмай: "Радавод сям'і Столе", кіраўнік - Матусевіч Т.У.

- Рабкоўская Анастасія, 11 класс, ДУА "Бярозаўская сярэдняя школа №3", тэма "Гісторыя касцёла Спаслання Святога Духа", кіраўнік - Матусевіч Т.У.

Станіслаў Суднік выступіў з тэмай: "Адміністрацыйная прыналежнасць тэрыторый на мяжы Лідскага, Наваградскага і Слонімскага паветаў (Лідскага, Наваградскага і Дзятлаўскага раёнаў) або Чаму Бярозаўка адносіцца да Лідскага раёна?

Алесь Хітрун распавёў пра методыкі краязнаўства.

Мечыслаў Супрон раскрыў тэму: "Археалагічныя знаходкі ў ваколіцах Бярозаўкі".

Сяргей Дычок дакапаў такі тэму: "Зянон Ленскі - заснавальнік Гуты: факты раней вядомыя і наноў адкрытыя" і пацвердзіў, што заснавальнікам Бярозаўкі з'яўляецца паўстанец 1863 года.

Андрэй Буяк прадставіў фоташэраг "Горад і людзі: гісторыя Бярозаўкі ў фотаздымках".

Напрыканцы прадстаўніца аддзела адукацыі Федаровіч І.І. павіншавала удзельнікаў, выказала ўдзячнасць кіраўнікам тэмаў.

Вучням-дакладчыкам былі ўручаны падарункі ад ТБМ, а гаспадар - дырэктар СШ №2 атрымаў аркуш карты польскага Генштаба за 1922 год з тэрыторыяй вакол Бярозаўкі.

Была раздадзена вялікая колькасць часопіса "Лідскі летапісец" і паштовак серыі "Не забывайма беларускія словы",

Канферэнцыя крыху зацягнулася, але гэта таму, што праходзяць падобныя імпрэзы рэдка. Калі праводзіць іх часцей, то даклады будуць больш кароткія і вузка скіраваныя, але пачатак неблагі.

Яраслаў Грынкевіч.


"Ліцвінскі клуб" замацоўвае шляхетныя традыцыі

Сярод супольнасцяў, дзе беларуская мова гучыць велічна і свабодна, па-каралеўску, хацелася б прыгадаць менскі " Ліцвінскі клуб".

Асяродак беларушчыны, гістарычных ведаў, шляхетных традыцый і шчырых сяброўскіх стасункаў стварыла моладзь у 2006 годзе. Яго заснавалі пастары евангельскай царквы "Ян Прадвеснік" Яраслаў Лукасік, Антоній Бокун і іх сябры - Адрусь Унучак, Зміцер Дашкевіч і Юрась Бачышча. Спачатку ён быў задуманы як мужчынскі клуб, а потым у яго вырашылі прымаць і дзяўчат, і тады ён стаў называцца "Ліцвінскім". Тут гуртуецца хрысціянская моладзь, якая хоча дзяліцца ведамі пра Беларусь, яе мінуўшчыну, абменьвацца досведам веры.

На вечарынах "Ліцвінскага клубу" вядзецца размова пра гісторыю, культуру і палітыку, не гаворыцца толькі пра спорт і пра жанчын. Ліцвінскі клуб славіцца смачнай ежай і адсутнасцю алкаголю, і гэта замацавана ў яго статуце. Заўзятары клубу любяць тэатральныя пастаноўкі, віктарыны і выхаваўчыя спаборніцтвы. Сябры клуба арганізуюць дыскусійныя сустрэчы, праглядаюць кінастужкі і абмяркоўваюць розныя тэндэнцыі ў мастацтве, літаратуры і палітыцы.

З моманту заснавання клубу было праведзена 330 тэматычных вечарын, прысвечаных знакавым постацям беларускай і сусветнай гісторыі. "Ліцвінскі клуб" імкнецца даследваць сваю краіну, таму сябры клуба штогод вандруюць па Беларусі і блізкім памежжы.

Калі прыпаміналі самыя яркія падарожжы дзесяці гадоў, то адным вельмі запомнілася вандроўка ў Заслаўе, Крэва і Смаргонь, іншых уразіла падарожжа ў Гервяты, а хтосьці быў рады агледзець Заслаўе. З найбольш цікавых сустрэч моладзевая грамада адзначыла сустрэчу са Станіславам Шушкевічам у 2008 годзе.

Слынны гісторык Захар Шыбека на адной з такіх сустрэч падпісаў сваю манаграфію Юрасю Бачышчу з пажаданнем выдаваць свае кнігі на гістарычную тэматыку. Прайшоў час, і выкладчык ЕГУ, кандыдат гістарычных навук Юры Алегавіч Бачышча надрукаваў сваё даследванне.

Дзяўчатам найбольш памятныя вечарыны, прысвечаныя Мікалаю Радзівілу Чорнаму і бітве пад Воршай, а таксама расповед пра жыццё Блэза Паскаля і Клайва Льюіса. З 10 прычын, па якіх варта наведваць "Ліцвінскі клуб", прадстаўнікі маладога пакалення назвалі магчымасць размаўляць паміж сабой па-беларуску, гаварыць пра веру і маліцца разам, вывучаць беларускую гісторыю, сябраваць, ствараць сем'і і выхоўваць сваіх дзяцей на прыкладах слынных прадстаўнікоў старажытнай беларускай дзяржавы і Еўропы.

Зміцер Хведарук, выпускнік біблійнага каледжа і моладзевы актывіст кажа:

- 10 гадоў таму я прыйшоў у "Ліцвінскі клуб" і заўсёды знаходжу для сябе штосьці новае, цікаве, карыснае.

На адной з вечарын Зміцер выступаў у ролі беларускага рэлігійнага дзеяча Лукаша Дзёкуць - Малея, які выдаваў Новы Запавет і Псалмы, стварыў дзіцячы прытулак і нядзельную школу.

Дзяўчаты Наталля Бачышча, Алёна Сітнік, Кацярына Унучак, Надзея Гарэцкая клапоцяцца, каб тэатральныя пастаноўкі былі поўнымі вынаходлівасці і адкрыццяў, яскравага бачання, каб змястоўнымі былі расповеды пра хрысціянскіх мысляроў, пісьменнікаў і вучоных ХVI - XX cтагоддзяў.

Нядаўна заўзятары "Ліцвінскага клубу" Аляксей Шэін і Андрэй Кім ажыццявілі праект па перакладзе на беларускую мову кнігі з цыклу "Хронікі Нарніі" ірландскага пісьменніка Клайва Льюіса "Пляменнік чараўніка". Клайв Стэплз Льюіст (1898-1963) - ірландскі літаратурны крытык, эсэіст, акадэмік, навуковец, радыё-дыктар, хрысціянскі апалагет. Ён асабліва вядомы сваімі хрысціянска-апалагетычнымі творамі "Лісты Баламута", "Проста хрысціянства", фантастычный серыяй "Касмічная трылогія", а таксама казкамі-фэнтэзі "Хронікі Нарніі". Ва ўзросце 30-ці гадоў пад уплывам сяброў пісьменнік перажыў навяртанне да веры. Яго радыёперадачы на тэмы хрысціянства зрабіліся шырока вядомымі падчас Другой сусветнай вайны.

Аўтарам перакладу твора стала Надзея Кім, вокладку для беларускага выдання зрабіў графік Раман Сустаў. Кніга выйшла ў выдавецтве "Пазітыў цэнтр", яе прэзентацыя адбылася 11 лютага ў менскай галерэі "Ў".

Эла Дзвінская , фота аўтара.


У ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прайшоў раённы семінар па фальклоры

Раённы семінар па фальклоры "Методыка збору, апрацоўкі і сістэматызацыі фальклорнага матрыялу" для спецыялістаў філіялаў ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прайшоў 25 лютага ва ўтульнай зале аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

З інфармацыяй аб арганізацыі і правядзенні экспедыцый па зборы фальклорнага матэрыялу выступіў майстар Мікалай Сакалоўскі, пра методыку збору і ўліку этнарэчаў распавяла метадыст Ірына Дыдышка.

Для работнікаў устаноў кульуры была падрыхтавана відэапрэзентацыя "Майстры Лідскага краю", у рамках семінару кожны мог наведаць выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Жанчына-чараўніца".

ДУ "Лідскі раённы ЦКіНТ".


"Стрэчанне"

13 лютага ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" была праведзена рэканструкцыя свята "Стрэчанне".

Грамніцы або Стрэчанне. Першая назва свята, як мяркуюць, пайшла ад язычніцкага бога Грамоўніка, якому прыпісвалася ўтварэнне веснавых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінна была ўпасці ўлада змрочных бостваў зімы: "На Грамніцы - паўзіміцы" або "Як прыйдуць Грамніцы - скідай рукавіцы" . У засеках памяншаўся запас збожжа, і гэты святочны дзень таксама выступаў у гаспадарцы са сваёю меркаю: "Грамніца - хлебу палавіца" . Другую назву - "Стрэчанне", якая паходзіла ад царкоўнага "Сретенье", народ тлумачыў як сустрэчу зімы з вясною:

А ў нас сёння

Стрэчанне, Стрэчанне,

Зіма з летам

стрэлася, стрэлася.

Лета зіму піхнула, піхнула

I ножачку звіхнула, звіхнула.

Зіма пайшла

плачучы, плачучы,

Лета пайшло

скачучы, скачучы.

Не дзіўна, што гэтае пераломнае свята звязана з шэрагам метэаралагічных прыкмет. Найбольш пашыраная з іх выкарыстана ў паэтычнай мініяцюры: "Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап'ецца вадзіцы, то на Юр'я - вол пад'есць травіцы".

Калі ж на Грамніцы здараўся вялікі мароз - снег павінен быў праляжаць нядоўга, а вясна і лета не абяцалі нічога добрага. Грамнічная мяцеліца прадказвала, што вясна затрымаецца даўжэй, чым звычайна, у выніку чаго вычарпаюцца запасы корму для жывёлы. Рэзкае пацяпленне надвор'я не давала селяніну разлічваць на прыбытак у полі і на агародзе: "Як на Грамніцы адліга - з ураджаю будзе хвіга" . Пры адсутнасці адлігі можна было спадзявацца на пагодлівае, сухое лета. На Беларусі гэта свята знамянальна такім абрадам, як асвячэнне свечак у царкве. Грамнічныя свечкі (або проста "грамніцы") асабліва шанаваліся ў народзе - іх запальвалі з вераю ў дапамогу пад час навальніц, каб маланка не спаліла хату; іх давалі цяжка хвораму ў час канання, каб полымя асвятляла таму шлях на той свет, ачышчала душу ад грахоў. Жыло ў народзе перакананне, што грамнічных свечак баіцца "нячыстая сіла", таму і вешалі іх ля ўваходу ў хлеў ці на стайню, каб, маўляў, ведзьмы не адабралі ў кароў малака і не заездзілі да смерці коней.

ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX