Папярэдняя старонка: 2016

№ 12 (1267) 


Дадана: 22-03-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 12 (1267), 23 сакавіка 2016 г.


Хрыстус з мёртвых паўстаў!

ВЯЛІКДЗЕНЬ

Асвечанай вярбы

пукатыя галіны,

Дакладны знак на адыход зімы.

Час роспачы мінуў!

Адпушчаны правіны!

Анёльскі хор пяе

ўрачыстыя псалмы.


Час роспачы мінуў!

Саўдзельнікі ахвяры,

Святкуем радасць

шчыра, без нуды.

Такі шчаслівы дзень!

Хрыстос васкрос!

Пачвары,

Што мучылі Яго,

зашыліся ў куты.


Але й адтуль крычаць,

зацята альбо лена:

«Дабі Яго! Ўкрыжуй!

Зняваж! Прадай!»

Я сню, што я прыйшла

Марыяй-Магдаленай

І не знайшла Цябе ў труне,

Распяты Край.

Ірына Багдановіч.

Езус Хрыстус - Уладар Сусвету

Фігура Езуса Уладара Сусвету з дрэва павінна быць усталявана да Вялікадня ў Бабруйску ў левым нефе храма Беззаганнага зачацця Панны Марыі. Яе аўтар Казімір Місюра - вядомы майстар-разьбяр з Воранава. Надпіс на цокалі скульптуры зроблены па-беларуску.

- Я сам калісьці вучыўся ў Бабруйску і скончыў там мастацкую вучэльню. Гэтая прапанова мне спадабалася, бо праз столькі гадоў мае рукі зноў вярнуліся ў гэты горад, але ўжо ў іншы будынак - больш важны, - кажа Казімір Місюра.

Летась ён для Бабруйска зрабіў скульптуру Маці Божай Будслаўскай: трансфармаваў вядомы абраз у пластыку.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.


98-я ўгодкі БНР

Сёлета святкаваць 25 сакавіка першымі пачалі беларусы Варшавы.

20 сакавіка ў Варшаве прайшло шэсце ў гонар Дня Волі. У маніфестацыі прынялі ўдзел больш за 100 чалавек. Шэсце пачалося з таго, што маніфестанты праспявалі гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", "Пагоню" на словы Максіма Багдановіча...

На мітынгу, які праходзіў на Замкавым пляцы, выступілі дэпутат Сойма Марцін Свянціцкі, дырэктар праграмы Каліноўскага Ян Маліцкі, судырэктар Беларускага дома ў Варшаве Уладзімір Кобец. У канцы паэтка з Іспаніі Анхела Эспіноза Руіс павіншавала беларусаў з іх нацыянальным святам і прачытала некалькі сваіх вершаў на беларускай мове. Імпрэза скончылася выкананнем гімна "Магутны Божа".

Хартыя-97.


85 гадоў з дня нараджэння Генадзя Кісялёва

Генадзь Васільевіч КІСЯЛЁЎ (1931; Каломна, Маскоўская вобласць, цяпер Расія - 2008, Менск) - беларускі гісторык, літаратуразнавец, пісьменнік і археограф. Доктар філалагічных навук (1994) і кандыдат гістарычных навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за кнігі гістарычна-літаратурных даследаванняў "Разыскивается классик…" і "Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча".

Нарадзіўся 19 сакавіка 1931 г. у сям'і службоўцаў. Сярэднюю школу скончыў у Віцебску (1948). Па заканчэнні Маскоўскага гістарычна-архіўнага інстытута (1953), працаваў у архіўных установах Літоўскай ССР. У 1956-1959 гадах вучыўся ў аспірантуры пры Маскоўскім гістарычна-архіўным інстытуце. У 1960-1971 - навуковы супрацоўнік Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ЛетССР. З 1971 - навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Сябар СП СССР (з 1964). Быў жанаты, меў дзвюх дачок - Лію і Наталлю, унука Яна.

У друку дэбютаваў у 1958 годзе. Аўтар зборнікаў гістарычна-літаратурных нарысаў "Сейбіты вечнага" (1963), "З думай пра Беларусь" (1966), "Героі і музы" (1982), даследаванняў "Загадка беларускай "Энеіды"" (1971), "Пошукі імя" (1978), "Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча" (1988), літаратуразнаўчай дылогіі "Разыскивается классик…" (1989), гістарычных нарысаў "Паплечнік Каліноўскага" (1976), "На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 года на Міншчыне" (1990). Аўтар зборнікаў гістарычна-літаратурных матэрыялаў "Пачынальнікі" (1977), "Пуцявінамі Янкі Купалы" (1981), "З жыццяпісу Якуба Коласа" (1982), "Шляхам гадоў" (1990). Адзін са складальнікаў зборнікаў дакументаў "Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861-1862 гг." (1964), "Паўстанне ў Літве і Беларусі, 1863-1864" (1965).

Даследаваў беларускую літаратуру і нацыянальны рух 19 ст., жыццё і творчасць К. Каліноўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Вярыгі-Дарэўскага, П. Шпілеўскага, Я. Коласа і Я. Купалы. Атрыбутаваў аўтарства "Энеіды навыварат" і "Тараса на Парнасе". Таксама працаваў над скарыназнаўчымі тэмамі, дзе сам сябе лічыў за "неафіта", хаця насамрэч і тут зрабіў значны ўклад.

Памёр ураніцу 14 лістапада 2008 году ў Менску пасля цяжкай хваробы.

Вікіпедыя.


Справаздача Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" за час з 19.09.2014 г. па 31.12.2015 г.

Папярэдняя справаздача ахоплівала перыяд да 18 верасня 2014 г.


Колькасць сяброў, якія стаялі на ўліку ў Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" складае каля 60 чалавек

У гарадской арганізацыі дзейнічаюць суполкі:

- Паўднёвая (9 чал.);

- Цэнтральная (20 чал.);

- Слабадская (6 чал.);

- Паўночная (5 чал.);

- Раслякоўская (3 чал.);

- Маладзёжная (3 чал.);

- "Белтэксоптык" (5 чал.);

1 чал. - у Індустрыяльным або 4-ты ў Маладзёжную па месцы працы.

Стараннямі старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Лявона Анацкі 14 траўня 2015 года ўтворана новая суполка ТБМ - на Лідскай абутковай фабрыцы. ТБМ вяртаецца ў працоўныя калектывы. Старшыня суполкі Краўцоў Генадзь Сямёнавіч.

Панеслі і страты. 12 снежня 2014 года пайшоў з жыцця сябар Лідскай рады ТБМ Пятро Макарэвіч.

У 2011-2014 гадах Лідская гарадская арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ўзаемадзейнічала з Бярозаўскай гарадской арганізацыяй ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

Пра ўзаемадзеянне з Лідскай арганізацыяй мы не гаворым, паколькі структурна мы частка гэтай арганізацыі.

Арганізацыя знаходзілася ў рэжыме дыялогу з органамі ўлады, у першую чаргу з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, аддзелам адукацыі, а таксама з іншымі ўладнымі структурамі. Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Станіслаў Суднік ўваходзіў у склад Каардынацыйнай рады палітычных партый і грамадскіх арганізацый пры Лідскім райвыканкаме.

У справаздачны перыяд працягваліся самыя цесныя адносіны з Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы, метадычным аддзелам аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі (з нядаўняга часу - Дзяржаўная ўстанова "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці"), Лідскім дабрачыннем Беларускай праваслаўнай царквы. Захаваліся цесныя стасункі з Лідскім музеем і асабліва з літаратурным філіялам. З грамадскіх арганізацый найбольш цеснае супрацоўніцтва было з Таварыствам польскай культуры, ГА БНФ "Адраджэнне".

Па асобных мерапрыемствах адбывалася супрацоўніцтва з іншымі структурамі.

Асноўнай задачай, якую вырашала арганізацыя - гэта забеспячэнне выдання газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец". І хоць фармальна газету і "Лідскі летапісец" выдае Установа інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ", гарадская арганізацыя вырашае ў гэтым працэсе свае задачы, а менавіта, вырашае некаторыя пытанні фінансавання.

Ад 18 верасня 2014 года выйшла 67 нумароў "Нашага слова". Выйшла 3 нумары "Лідскага летапісца". Зноў узнікла запазычанасць у два нумары. Прычына - адсутнасць фінансавання.

Актывізаваны сайт газеты "Наша слова" naszaslowa. by, дзе размяшчаецца таксама і "Лідскі летапісец". Ішло актыўнае супрацоўніцтва з лідскім сайтам pawet.net, а таксама з сайтамі kamunikat.org i tbm-mova.by, на якіх размяшчалася інфармацыя пра дзейнасць арганізацыі.

Сябры арганізацыі выдалі шэраг кніг:

- У снежні 2014 г. у Менску ў выдавецтве "Кнігазбор" выйшла кніга прозы лідскага паэта Алеся Стадуба "Мільянерка". 88 ст. Наклад 100 асобнікаў.

- У жніўні 2015 г. у Менску ў выдавецтве "МАЭН" выйшла кіга Валера Санько "Сучаснае беларускае літаратурнае жыццё". 280 ст. Наклад 99 асобнікаў.

- З дапамогай Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ у сакавіку 2015 г. выйшла першая кніга лідскага паэта Алеся Мацулевіча "Леў і ключы". 92 ст. Наклад 100 асобнікаў.

У Лідзе рыхтаваліся краязнаўчыя календары на матэрыяле Гарадзеншчыне на 2015 і 2016 гады. Укладальнік А. Пяткевіч, рэдактар С. Суднік.

Дзейнасць у літаратурным асяроддзі і праца з літаратарамі была значнай дзялянкай у дзейнасці арганізацыі. Літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры "Лідскай газеце" ўзначальвае сябар ТБМ Алесь Хітрун. "Суквецце" аб'ядноўвае каля трох дзесяткаў літаратараў. Штомесячныя паседжанні, вечарыны, прэзентацыі, сустрэчы з чытачамі. У 2015 годзе Лідская гарадская арганізацыя падрыхтавала да выдання чарговы (8-мы) нумар літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў".

Быў праведзены шэраг літаратурна-музычных сустрэч:

23 верасня 2014 г. у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася літаратурная вечарына з удзелам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, паэта Станіслава Судніка і намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, барда Сяргея Чарняка.

26 верасня Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк наведалі Нясвіж. Тут літаратурная сустрэча з вучнямі нясвіжскай школы № 1 і навучэнцамі педагагічнага каледжа адбылася ў раённай бібліятэцы.

29 верасня Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк наведалі Менск. Літаратурна-музычная сустрэча адбылася ў сядзібе ТБМ.

Фармальнай нагодай усіх трох сустрэч стаўся 60-гадовы юбілей Станіслава Судніка, на самай справе гэта была яшчэ адна магчымасць, каб беларускае слова і беларуская песня прагучалі ў чарговы раз і ў больш шырокай аўдыторыі.

8 кастрычніка ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя Інтэрнэт-бібліятэкі "Камунікат", якая даступна ўсяму свету, паколькі "інтэрнэт-", але мае базу ў Беластоку. Пазнаёміць лідзян з "Камунікатам" прыехалі Яраслаў Іванюк і Наташа Герасімюк з Беластока, доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч з Гародні, бард Зміцер Бартосік з Менска.

2 лістапада ў сталічнай канферэнц-зале Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Ёганэса Раў прайшоў ХІІ з'езд Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. У з'ездзе брала ўдзел прадстаўнічая арганізацыя з Лідчыны. Сябрамі рэспубліканскай Рады ТБМ былі абраны старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяржук Чарняк .

Станіслаў Суднік зацверджаны рэдактарам газеты "Наша слова" на наступныя 3 гады.

На ХІІ з'ездзе ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" быў прадстаўлены "Летапіс дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". 2009 - 2014", укладальнік Святлана Багданкевіч. Гэта фактычна 3-е выданне "Летапісу ТБМ". Першая спроба такога выдання была зробленада 15-годдзя Таварыства. Другое выданне выйшла да 20-годдзя ТБМ. Гэтая кніга, як і дзве папярэднія, надрукавана ў Лідзе.

12 лістапада беларускае паэтычнае слова зноўку адправілася ў падарожжа па Лідчыне і не само па сабе, а з выдатнымі беларускімі паэтамі, падзвіжнікамі ў справе папулярызацыі беларускай паэзіі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным. У гэты раз госці з Менска наведалі школы вёскі Бердаўка і пасёлка Першамайскі. Нагода прыезду звыклая ўжо для, можна сказаць, невялікага творчага калектыву - прэзентацыя новага нумара часопіса "Верасень", у дадзеным выпадку 10-га.

У лістападзе ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла літаратурна-мастацкая імпрэза да 65-годдзя 1-га старшыні лідскага ТБМ Міхася Мельніка.

26 лістапада ў Лідзе прайшла навуковая канферэнцыя да 230-годдзя з дня нараджэння "Бацькі беларускіх гісторыкаў" Тодара Нарбута (нарадзіўся 8 лістапада 1784 года). Канферэнцыю арганізоўваў Лідскі гістарычна-мастацкі музей пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Радавод сям'і Столе, выдатных майстроў у справе гутніцтва і паспяховых заводчыкаў ды купцоў, які быў апублікаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 2 (66) стаў нагодай для сустрэчы рэдактара часопіса Станіслава Судніка, барда Сяржука Чарняка і сябра ТБМ Сяргея Трафімчыка з вучнямі і настаўнікамі школ г. Бярозаўкі 28 лістапада 2014 г. Сустрэча праходзіла ў СШ № 3, паколькі аўтарам матэрыялу пра радавод Столе з'яўляецца старшакласніца гэтай школы Кацярына Бухцінава, кіраўнік: Матусевіч Тарэса Ўладзіславаўна, настаўніца гісторыі гэтай школы. Прысутнічалі таксама аматары краязнаўства з бярозаўскіх гімназіі і СШ № 2.

13 снежня 2014 года ў чытальнай зале Лідскай бібліятэкі-філіяла № 3 на ўрачыстае паседжанне з нагоды 25-годдзя Лідскага ТБМ сабраліся дзве Лідскія і Бярозаўская рада ТБМ, а таксама ветэраны ТБМ і госці. Сярод гасцей - старшыня ТБМ Алег Трусаў, першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, святар Свята-Георгіеўскай праваслаўнай царквы айцец Уладзімір Камінскі, старшыня ўкраінскай суполкі ў Лідзе Аляксандр Літвіненка, пісьменнік Валер Санько, акцёр Лідскага народнага тэатра Алег Лазоўскі, які па ходу паседжання напісаў заяву на ўступленне ў ТБМ.

17 снежня ў канферэнц-зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшло падвядзенне вынікаў літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям". Пераможцамі сталі сябры ТБМ Уладзімір Васько і Станіслаў Суднік.

Заміж Дня роднай мовы ў 2015 годзе Лідчына адзначала два тыдні роднай мовы. Лідская гарадская арганізацыя ТБМ прыняла самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах. Працягвалася такая форма працы як напісанне Агульнанацыянальных дыктовак.

Першы тыдзень роднай мовы 2015 года на Лідчыне пачаўся 18 лютага . У гэты дзень адбылася імпрэза ў Бярозаўскай гімназіі. У ёй узяў удзел намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, бард Сяржук Чарняк.

20 лютага імпрэза адбылася ў Ходараўскай школе Лідскага раёна. У Ходараўцы прыехалі старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і яго намеснік Сяржук Чарняк. У актавай зале прайшла літаратурна-мастацкая імпрэза, а старшакласнікі напісалі 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку. Прадмову да "Дудкі беларускай" Ф. Багушэвіча чытаў Станіслаў Суднік.

Пераможцамі сталі:

Мінкоўскі Юрый;

Кохан Ілья;

Дудзіч Віталь.

Усе яны ўзнагароджаны падпіскай на газету ТБМ "Наша слова" на чатыры месяцы.

21 лютага 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Бярозаўскай гарадской бібліятэцы. На дыктоўку прыйшло 8 чалавек. Прадмову да "Дудкі беларускай" Ф. Багушэвіча чытаў старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік. Пераможцамі, зрабіўшы аднолькавую колькасць памылак, сталі:

Сяргей Трафімчык,

Юрась Дзяшу к і

Яўген Лукашэвіч .

21 лютага літаратурная імпрэза да Міжнароднага дня роднай мовы адбылася ў Лідскай СШ № 14. Удзел у імпрэзе браў сябар Лідскай гарадской рады ТБМ, першы старшыня Лідскага ТБМ, паэт Міхась Мельнік.

21 лютага ў Агульнанацыянальнай дыктоўцы ў Лідскім каледжы прымалі ўдзел групы І-ІV курсаў. Пераможцамі сталі навучэнкі:

Шпакоўская Ганна,

Кнутовіч Лізавета,

Малішэўская Ульяна,

Савіцкая Таццяна,

Сівак Юлія,

Прылоцкая Марыя,

Пасцярняк Кацярына,

Кашко Вераніка,

Вашчыла Гражына,

Янцэвіч Анастасія,

Пятрашка Алеся,

Бешцень Ніна,

Чарняўская Анжэла,

Мікульчык Любоў,

Муліца Гражына.

22 лютага 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На дыктоўку сабралася каля 20 чалавек. Чытаў прадмову да "Дудкі беларускай" Ф. Багушэвіча кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце", сябар Лідскай рады ТБМ Алесь Хітрун. З мастацкім словам па творах Янкі Купалы і Францішка Багушэвіча выступіў актор народнага тэатра Алег Лазоўскі Пераможцам у Лідзе стала старшыня мясцовай арганізацыі партыі "Справядлівы свет"

Яніна Гузоўская.

Другое месца заняла леташняя пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове

Маргарыта Росенік.

На трэцім месцы з аднолькавай колькасцю памылак:

Ксенія Бароўская,

Святлана Рыхтар,

Юлія Росенік.

Крышку адстаў

Валянцін Маскевіч.

Росенік Маргарыта і Бароўская Ксенія ўзнагароджаны падпіскай на "Наша слова" на 4 месяцы.

25 лютага ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё бюста Янкі Купалы, які зрабіў бярозаўскі скульптар Яўген Лукашэвіч. Трэба адзначыць актыўную ролю ў гэтым бярозаўскай арганізацыі ТБМ, бо бюст выкананы на дабрачыннай аснове і падараваны Лідскай бібліятэцы. На імпрэзе прысутнічалі вучні трох 8-х класаў СШ № 1 г. Ліды. Актыўны ўдзел у імпрэзе бралі сябры Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ. Пра повязь Купалы з Лідай распавядаў старшыня арганізацыі Станіслаў Суднік, песні на словы Я. Купалы спяваў намеснік старшыні Сяржук Чарняк.

25 лютага Лідскі музычны каледж уласнымі сіламі зладзіў вялікі канцэрт з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Увесь канцэрт прайшоў па-беларуску.

26 лютага старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік узяў удзел у раённым педсавеце, праведзеным аддзелам адукацыі з мэтай узнагароджання настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў абласных прадметных алімпіяд. Дарэчы, па гэтым паказчыку Лідскі раён у чарговы раз стаў лепшым у вобласці. Станіслаў Суднік ад імя Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ узнагародзіў настаўніцу беларускай мовы Лідскай гімназіі № 1 Пільчук Таццяну Канстанцінаўну, якая ў рускамоўнай гімназіі падрыхтавала трох пераможцаў абласной алімпіяды па беларускай мове, а адна з гімназістак стала абсалютным пераможцам. ТБМ удзельнічала ў такім мерапрыемстве ўпершыню.

У сакавіку па замове цэнтральнай сядзібы ТБМ у Лідзе выйшаў буклет, прысвечаны беларускай мове і дзейнасці таварыства.

11 сакавіка з прэзентацыяй 11-га нумара часопіса "Верасень" Лідчыну наведалі Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. На гэты раз слынных беларускіх паэтаў і папулярызатараў беларускай літаратуры ды беларускай мовы прымалі Ваверская і Дзітвянская школы.

17 сакавіка ў Лідскім бібліятэчным філіяле № 3 была адкрыта мінівыстава да 25-годдзя "Нашага слова". Чыста музейных экспанатаў там не шмат: пячатка рэдакцыі газеты "Наша слова" 1990-х гадоў, вуглавы штамп рэдакцыі газеты "Наша слова" тых жа гадоў, копія першага Пасведчання аб рэгістрацыіі газеты "Наша слова", друкарская машынка тых часоў, некалькі нумароў "Нашага слова" за 1993-94 гг. Але асноўнае, што зроблена - тут на пастаянна размешчана поўная падшыўка "Нашага слова" лідскага перыяду выдання: з лістапада 1997 года па канец 2014 года. 17 гадавых падборак. Яшчэ адна падшыўка "Нашага слова перададзена ў Лідскі літаратурны музей.

25 сакавіка 2015 года сябры ТБМ адзначылі Дзень Волі ў Лідзе і Воранаве.

28 сакавіка старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік узяў удзел у Міжнароднай канферэнцыі ў Менску "Моўныя правы і іх абарона", дзе выступіў з дакладам "Дзейнасць газеты "Наша слова" па абароне лінгвістычных правоў грамадзян Беларусі (у 2013-2014 гг.)".

15 красавіка ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі ІІІ Лідскія чытанні, прысвечаныя 175-годдзю з дня нараджэння бацькі беларускай нацыі Францішка Багушэвіча. У чытаннях прынялі ўдзел навукоўцы з БДУ, прадстаўнікі Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"; навуковыя супрацоўнікі ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей"; бібліятэкары ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы"; школьныя краязнаўцы Лідскага і Воранаўскага раёнаў; настаўнікі гісторыі школ г. Ліды.

29 красавіка на Лідчыне адбылася прэзентацыя 11-га нумара літаратурна-мастацкага часопіса для моладзі "Верасень". На гэты раз рэдактар часопіса паэт і бард Эдуард Акулін ды сталы аўтар выдання, паэт Леанід Дранько-Майсюк наведалі самае Панямонне - вёскі Пескаўцы і Беліцу.

10 чэрвеня Лідчыну наведалі паэт Міхась Скобла і спявачка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава. Першую сустрэчу госці з Менска правялі ў пасёлку Дзітва ў летніку "Эрудыт" для асабліва адораных дзяцей, выдатнікаў, пераможцаў алімпіядаў і г.д.

Другая сустрэча прайшла ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

12 чэрвеня намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Сяржук Чарняк выступіў на выпускным вечары ў Лідскім ліцэі.

14 чэрвеня старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Станіслаў Суднік і яго намеснік Сяржук Чарняк выступілі ў школьным летніку "Эрудыт" для найбольш адораных дзяцей у пасёлку Дзітва Лідскага раёна. Адбылася прэзентацыя часопіса "Лідскі летапісец".

17 чэрвеня ў Лідзе ў чарговы раз адзначаны Дзень нацыянальнай памяці. Тры гады назад ініцыятыву адзначэння яго ад грамадскасці была перанята Беларускай праваслаўнай царквой.

22 ліпеня "Наша слова" апублікавала вынікі кампаніі, арганізаванай старшынём Лідскай арганізацыі ТБМ Лявонам Анацкам па беларусізацыі рэальнага сектара эканомікі г. Ліды.

28 жніўня ў Лідзе адбылося судовае паседжанне па позве старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Лявона Анацкі да ААТ "Лідскае піва" з нагоды негатыўнага стаўлення на прадпрыемстве да беларускай мовы. Суд Лявон Анацка прайграў. Лявон Анацка судзіўся з "Лідскім півам" яшчэ два разы - у Лідскім судзе і ў Гарадзенскім судзе.

Была арганізавана медыя-атака на Лідскі піўзавод і былі атрыманы абяцанні дырэкцыі, што стаўленне да беларускай мовы памяняецца ў лепшы бок, але на практыцы ніякіх зрухаў не адбылося.

Лідская гарадская арганізацыя ТБМ на працягу ўсяго свайго існавання вяла пастаянную барацьбу за беларускамоўную адукацыю на ўсіх узроўнях. У справаздачны перыяд станоўчую пазіцыю ў гэтым пытанні займаў аддзел адукацыі.

1 верасня 2015 года ў Лідзе адкрыліся 2 беларускамоўныя першыя класы.

- у 14-й школе - 7 чалавек;

- у 16-й - школе - 8 чалавек.

Лідская гарадская арганізацыя ў 2015 годзе зрабіла спробу адкрыць беларускамоўны летнік, але няўдачна.

У справаздачны перыяд Лідская гарадская арганізацыя ТБМ мэтанакіравана займалася пытаннямі захавання гістарычнай спадчыны і гістарычнай памяці.

26 ліпеня адбыўся аўтарэйд па мясцінах, звязаных з паўстаннем 1863 года.

Пад 17 верасня - 425-я ўгодкі надання г. Лідзе Магдэбургскага права. Лідскія арганізацыі і Бярозаўская арганізацыя ТБМ (пры асабліва актыўным удзеле Сяргея Трафімчыка) правялі шэраг мерапрыемстваў. Быў выпушчаны буклет, устаноўлены два банеры, створаны макет Лідскай ратушы (скульптар Яўген Лукашэвіч з Бярозаўкі).

3 кастрычніка на этнаграфічнай сядзібе "Пескі" пад Лідай прайшоў краязнаўчы "круглы стол", прысвечаны 425-м угодкам надання г. Лідзе Магдэбургскага права. Сабраліся краязнаўцы з Ліды, Бярозаўкі, Ёдак, Дворышча. З Менска прыехаў малады гісторык Кірыл Сыцько. Арганізоўвалі імпрэзу Лідская гарадская і Бярозаўская арганізацыі ТБМ.

26 верасня адзначаецца Еўрапейскі дзень моў. Літаратурна-музычная сустрэча да Еўрапейскага дня моў прайшла 19 верасня ў школе вёскі Ходараўцы. Гэта адна з самых далёкіх вёсак Лідскага раёна, але паэты і пісьменнікі едуць сюды ў апошнія гады вельмі часта і ахвотна. Гэтым разам у Ходараўцы завіталі паэт, перакладчык, літаратуразнавец Міхась Скобла і спявачка Белдзяржфілармоніі Таццяна Грыневіч-Матафонава. Імпрэза была пабудавана вакол кнігі "Галасы з-за небакраю", укладальнікам якой з'яўляецца Міхась Скобла. У гэтай кнізе змешчаны творы 658 замежных аўтараў, якія з 57 моваў свету пераклалі на беларускую мову 198 перакладчыкаў.

26 верасня ў Менску на чарговай сесіі Кангрэсу за незалежнасць быў прадстаўлены двухтомнік матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона", якая прайшла 28 сакавіка 2015 г.

Двухтомнік надрукаваны ў Лідзе. У 1-м томе надрукаваны даклад С. Судніка "Дзейнасць газеты "Наша слова" па абароне лінгвістычных правоў грамадзян Беларусі (у 2013-2014 гг.)".

У 2-м томе змешчаны артыкулы С. Судніка: "Бібліятэкі - самая беларуская інстытуцыя Беларусі", "Беларуская мова ў раёнках Гарадзенскай вобласці", "Беларуская мова на Цэнтралізаваным тэсціраванні ў Беларусі і на Лідчыне", "Беларуская мова на школьных сайтах Лідскага раёна", "Беларуская мова ў рэальным сектары эканомікі Ліды", якія сталіся вынікам шырокага маніторынгу моўнай сітуацыі на Лідчыне, праведзенай Лідскай гарадской арганізацыяй ТБМ. А таксама надрукаваны "Праект аптымальнага выкарыстання лацінскай клавіятуры кампутара для перадачы беларускіх тэкстаў", які, на жаль, беларускай грамадскасцю пакуль шырока не ўспрыняты.

11 лістапада чарговы літаратурны дэсант на Лідчыну арганізавалі беларускія паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. Літаратурныя сустрэчы праходзілі пад знакам прэзентацыі 12-га нумара часопіса "Верасень". Першая сустрэча адбылася ў Тарноўскай школе. Другая сустрэча ў гэты ж дзень адбылася з вучнямі Ёдкаўскай школы.

У пералік мерапрыемстваў увайшлі тыя, якія арганізоўвала або ініцыявала ТБМ. Акрамя таго лідскія сябры ТБМ прымалі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў і імпрэзаў сяброўскіх арганізацый.

Сябры лідскага ТБМ акрамя з'езду ТБМ актыўна ўдзельнічалі ў Кангрэсе за незалежнасць у канцы 2014 года .

20 траўня 2015 года ў Лідзе адбылася творчая сустрэча з беларускім пісьменнікам Віктарам Праўдзіным. Сустрэчу арганізоўваў сябар ТБМ, кіраўнік літаб'яднання "Суквецце" Алесь Хітрун.

У жніўні лідскія сябры ТБМ удзельнічалі ва ўрачыстасцях у Зэльве да ўгодкаў Ларысы Геніюш.

У верасні ўдзельнічалі ў розных імпрэзах да Дзён беларускага пісьменства.

У лістападзе лідскія сябры ТБМ удзельнічалі ў імпрэзе ў Свіслачы ў памяць братоў Каліноўскіх.

У лістападзе прынялі ўдзел чарговых Лідскіх зазімках.

5 снежня ў Лідзе адбылася працоўная сустрэча гарадзенскіх і лідскіх сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў ды лідскага літаб'яднання "Суквецце". З Гародні прыехалі новаабраны старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення СБП Валянцін Дубатоўка, былы старшыня Юрка Голуб, паэт Рычард Бялячыц. З лідскага боку ў сустрэчы ўзялі ўдзел сябры СБП Алесь Стадуб, Уладзімір Васько і Станіслаў Суднік, а таксама цяперашні кіраўнік "Суквецця" Алесь Хітрун і былы кіраўнік Міхась Мельнік. Усе прысутныя з абодвух бакоў сябры ТБМ.

Такім чынам дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ насіла ў большасці сваёй дастаткова актыўны культурніцкі характар у рамках Статуту ТБМ.


АГУЛЬНАГАРАДСКАЯ ДЫКТОЎКА Ў ВІЦЕБСКУ

15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, на філалагічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава адбылася ўжо другая па ліку акцыя пад назвай "Праз дыялог моў - да душы, да сэрца", зладжаная пры актыўным удзеле Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.

Асноўныя задачы мерапрыемства - прыцягнуць увагу грамадства да пісьменнасці - гэтага найважнейшага складніка адукацыйнай культуры чалавека; даць магчымасць усім ахвотным праверыць ступень валодання пісьмовай мовай і актуалізаваць зацікаўленасць грамадства ў павышэнні культуры пісьмовага маўлення; прадэманстраваць неабходнасць захавання роўнага статусу беларускай і рускай моў у Рэспубліцы Беларусь.

У актавай зале галоўнага корпуса адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця імпрэзы. Удзельнікаў і гасцей шчыра прывіталі дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Нікалаенка і старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ Юрась Бабіч.

На пачатку ўрачыстасці прысутныя пабачылі аднаактавы спектакль "Конскі партрэт" паводле п'есы нашага вядомага драматурга Леапольда Родзевіча ў выкананні артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (рэжысёр пастаноўкі - Міхась Краснабаеў, "Чалавек года Віцебшчыны-2016"). Гледачы дружнымі воплескамі віталі майстроў сцэны.

Потым адбылося выступленне ўдзельнікаў "Паэтычнага тэатра на філалагічным", дзе студэнты чыталі свае вершы, спявалі песні, дэманструючы багаты творчы патэнцыял і несумненны талент.

Але цэнтральнай падзеяй дня стала правядзенне агульнагарадской дыктоўкі. Шматлікія сябры ТБМ, у тым ліку і кіраўнікі абласной арганізацыі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, службоўцы, пенсіянеры пісалі тэкст Уладзіміра Арлова "Бацька беларускіх гарадоў" - пра наш старажытны Полацк. А чытаў тэкст вядомы на Віцебшчыне чалавек, намеснік дырэктара РУП РТЦ "Тэлерадыёкампанія "Віцебск" Вадзім Лапацінскі.

У гэты дзень на філалагічным факультэце панавала атмасфера сапраўднага свята, творчасці і крэатыўнасці. Як запэўніў дэкан філфака дацэнт С.У. Нікалаенка, падобныя культурніцкія імпрэзы будуць ладзіцца і надалей. І ўжо ў красавіку ў межах традыцыйнага "Тыдня пазнання і творчасці" разам з Віцебскай абласной арганізацыяй ТБМ будзе праведзены "Конкурс чытальнікаў беларускай паэзіі". Таму запрашаем жыхароў Прыдзвінскага краю, аматараў чароўнага беларускага паэтычнага слова прыняць самы актыўны ўдзел у чарговым яскравым мерапрыемстве.

Юрась Бабіч , старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


"Пагоня" пад дыктоўку

На сядзібе ГА "Таварыства беларускай мовы" ледзь змясціліся ўдзельнікі другога этапу дзявятай агульнанацыянальнай дыктоўкі. Прыйшлі школьнікі, студэнты і людзі сталага веку. Пісалі верш Максіма Багдановіча "Пагоня".

Старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа, што "ўдзел у дыктоўцы - гэта сімвалічны момант".

Агульнанацыянальная дыктоўка ТБМ праводзіцца ў тры этапы. Першы - у Сусветны дзень роднай мовы 21 лютага, другі - у дзень Канстытуцыі 15 сакавіка, трэці - у Дзень Волі 25 сакавіка. Мэта ж дыктовак - не толькі падтрымка роднай мовы, але і ўшанаванне памяці некаторых беларускіх пісьменнікаў. Якіх? Намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім патлумачыла:

- Мы імкнёмся не паўтараць творы, бо беларуская літаратура вельмі багатая. У нас шмат таленавітых пісьменнікаў. У нас столькі твораў, што, калі сутыкаешся з гэтым, думаеш: "Бог мой, колькі людзей праходзіць міма гэтага багацця!". Сваімі дыктоўкамі мы імкнёмся хоць крышачку запоўніць гэты прабел.

Сёлета ідэю агульнанацыянальнай дыктоўкі ўпершыню фактычна падтрымалі беларускія ўлады. Дзясяткі тысяч чалавек пісалі дыктоўкі ў школах і вышэйшых навучальных установах. Пры гэтым абвясцілі не толькі Дзень, а Тыдзень роднай мовы. Ідэалагічныя аддзелы сумленна выконвалі загады ўладаў. Праўда, тэксты адрозніваліся ад тых, якія прапаноўвала ТБМ, але толькі ў БДУ дыктоўку напісалі ледзь не ўсе студэнты.

Любоў ЛУНЁВА.


Лунінецкі "Выток" пабачыў свет

Пабачыў свет чарговы, 36-ты, выпуск бюлетэня "Выток", які выдаецца ў Лунінцы Берасцейскім абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У нумары змешчана хроніка дзейнасці філіі за апошнія месяцы, у тым ліку распавядаецца пра альманах "Жырандоля" № 7, зборнік "ЛітАўра", дзе таксама ёсць творы сяброў СБП, пра разнастайныя вечарыны і іншыя імпрэзы.

На першай старонцы змешчаны фотапартрэт пінскага празаіка Паўла Ляхновіча, які ў канцы лютага быў уганараваны берасцейскай "Мядовай прэміяй" (яе заснаваў і штогод ўручае сябар СБП Мікола Папека).

Ул. інф. Берасцейскага абласнога аддзялення СБП.


Выстава карцiн мастака Алеся Цыркунова

15 сакавiкa у сядзiбе ТБМ адбылася знакавая падзея - адкрыццё выставы карцiн мастака Алеся Цыркунова. Кароткiм словам выставу адкрыў cтаршыня ТБМ Алег Трусаў. Яго намеснiца Алена Анiciм падрабязна распавяла прысутным пра актыўную грамадскую дзейнасць мастака. А людзей на адкрыццё выставы карцiн Алеся Цыркунова сабралася вельмi шмат, нават не хапiла месца ўсiм ахвотным.

Але, пакуль Алена Анiciм размауляе з людзьмi, некалькi радкоў пра самаго мастака. Алесь Цыркуноў нарадзiўcя 28 сакавiкa 1948 года ў вёсцы Лясань Гомельскай вобласцi. Яго дзяцiнства прыпала на цяжкiя галодныя пасляваенныя часы. Алесю давялося прайсцi праз шэраг жыццёвых выпрабаванняў. На яго шляху былi дзiцячыя дамы, i праца ў шахтах, i вайсковая служба, i праца на Менскiм аўтазаводзе. Дзе б Алесь Цыркуноў не працаваў, куды б яго не закiдваў лёс, яго заўсёды цягнула да мастацтва. Ён наведваў розныя мастацкiя гурткi, студыi. Гэтыя пошукi прывялi яго ў студыю ДК Менскага трактарнага завода, дзе па-сапрауднаму зацiкaвiлiся яго талентам. Урэшце, Алесь Цыркуноў паступае на вучобу у Менскi тэатральны iнстытут, якi закончыў у 1976 годзе. Адразу яго накipaвалi працаваць на Гомельшчыну. Там ён паказаў сябе не толькi як мастак, але i як педагог, ён перадавау свой вопыт, свае веды маладому пакаленню - арганiзаваў дзiцячую мастацкую студыю.

Пакуль я тут збipaў аўтабiяграфiчныя звесткi пра Алеся Цыркунова, Алена Анiciм закончыла свой выступ i перадала слова аўтару выставы. Агульная назва выставы карцiн мастака Алеся Цыркунова наступная: "Слава героям Бацькаушчыны." Назва нам падказвае, што карцiны, якія прэзентуюцца на выставе, маюць гicтарычна-патрыятычны кipyнак.

- Выставу сваix кapцiн мастак Алесь Цыркуноў падзяляе на дзве часткi. Першая частка - гэта карцiны, прысвечаныя нашым суайчыннiкaм, якiя ў складзе Польскай армii пад камандаваннем генерала Уладзiслава Андэрса удзельнiчалi ў cycветна вядомай бiтве за Монтэ-Касiна ў часы Другой сусветнай вайны. Тут усяго тры карцiны, але якiя! Апicaць ix немагчыма, ix трэба бачыць, трэба думаць, трэба над iмi разважаць. Бачыць сваю карцiну менавiта такой можа не проста таленавiты мастак, а мастак-фiлосаф. Першая карцiна мае назву "Боскае паклiкaнне". На ёй злева мы бачым бязлiкyю чалавечую масу вязняў за калючым дротам сталiнскix ГУЛАГ-аў. Справа на карцiне - Боскае з'яўленне, паклiкaнне. Яно было пачута ўрадам Вялiкaбрытанii. Дзякуючы аўтарытэту прэм'ера Чэрчыля, рашучасцi i кaмпетэнтнасцi польскix генералаў Сiкopcкaга i Андэрса са сталiнскix ГУЛАГ-аў удалося вызвалiць 115 тысяч палонных палякаў i беларусаў, якiя назвалicя палякамi. Цiкaва, што у армiю Андэрса запicaлася больш за 4000 габрэяў, якiя гэтак сама назвалi сябе палякамi. Але ж па прагнозе польскага боку у савецкi палон трапіла каля 300 тысяч жаўнераў. Дзе астатнiя? Вось так, стоячы каля гэтай карцiны, можна разважаць гадзiнамi. Трэба дадаць, што на гэтай карцiне маецца выява генерала Андэрса, яна зверху, а знiзу могiлкi загiнуўшых польскix жаўнераў, побач манастыр. Пры штурме Монтэ-Касiна загiнула, як сцвярджае ў сваix успамiнах генерал Андэрс, 3779 жаўнераў.

На адкрыццi выставы карцiн Алеся Цыркунова прысутнiчау паэт Уладзiмip Пацюкевiч. Ён прачытаў свой верш, прысвечаны бiтве за Монтэ-Касiна. Для чытачоў "Нашага слова" я прывяду адзiн слупок верша:

Якая мужнасць,

Якая сiла

Ў беларускай

Змагарнай рацi!

Вучы, вучы нас,

Монтэ - Касіна,

Як баранiць нам

Радзiму-мацi.

Заслугоуваюць увагi i дзве iншыя карцiны гэтай часткi: "Споведзь былога жаўнера з армii Андэрса" i "Крывiцкая кропля на Монтэ - Касiна."

Другая частка выставы карцiн Алеся Цыркунова прысвечана сучасным падзеям у суседняй Украiне. Там працягваецца вайна, якую развязала непрадказальная, агрэсiўная, iмперская Расея. Частка ўкраiнскай тэрыторыi пад расейскай акупацыяй. Распавядаючы прысутным людзям пра сваю выставу, Алесь Цыркуноў трымаў у руках зборнiк вершаў Тараса Шаўчэнкi "Кабзар". Ён прачытаў некалькi радкоў з верша вялікага песняра "Дума":

Ляхi булы - усё узялi

Кров повыпывалы!

А москалi i cвiт божы

В путо закувалы...

Дарэчы, каб стварыць гэтую серыю карцiн пра Украiну, Алесь Цыркуноў здзейснiў туды паездку. Ён наведаў тыя мясцiны, дзе зусiм нядаўна адбывалiся баявыя дзеяннi, сустракауся там з украiнскiмi вайскоцамi. А вышэй згаданы том вершаў Тараса Шаучэнкi "Кабзар" ён знайшоў на развалiнах будынка бiблiятэкi, у якi трапіла расейская ракета. Усё гэта гаворыць аб тым, што Алесь - мужны, смелы чалавек. Ён гэтак сама пабываў i на месцы баёў каля Монтэ - Касiна, праўда праз 70 гадоў. Сярод карцiн пра Украiну мяне асаблiва ўразiлi такiя, як: "Усходнi фарпост", "З верай у будучыню", "Поступ "Русского мира" ды iншыя. Але яшчэ раз падкрэслiваю, што карцiны Алеся Цыркунова лепш паглядзець, чым пра ix прачытаць.

Пры абмеркаваннi выставы выступiлi: Генадзь Драздоў, старшыня суполкi мастакоў "Пагоня", да якой належыць i Алесь Цыркуноў; Мiкoла Савiцкi, кандыдат эканамiчных навук, прафесар; Леанiд Лыч, доктар гicтарычных навук, прафесар; Яўген Гучок, паэт, пicьменнiк. Усе выступоўцы станоўча ацанiлi талент, цвёрдую грамадскую пазiцыю мастака Алеся Цыркунова. Яго мастацтва мае патрыятычны кipyнак. У сваёй творчасцi ён звяртаецца як да гicторыi далёкай мiнуушчыны, так i да найноушай гiсторыi. Творы Алеся Цыркунова знаходзяцца у музеях многix гарадоў Беларусi: Вiцебска, Гародні, Менска, Магiлёва, Оршы, Наваполацка i многіх iншых. Яго творы знаходзяцца ў Старадарожскiм музеi Анатоля Белага, у якi варта наведацца - там ёсць што паглядзець.

Мастак Алесь Цыркуноў стварыў цэлую партрэтную галерэю знакамiтых асоб нашай краiны, такix як Францiшак Скарына, Вялiкi князь ВКЛ Вiтаўт, Янка Купала, Якуб Колас, Васiль Быкаў ды iншыя.

У 2005 годзе Алесь Цыркуноў узнагароджаны медалём iмя Яна Масарыка i ганаровым дыпломам МЗС Чэхii.

Застаецца пажадаць мастаку Алесю Цыркунову творчых поспеха, новых карцiн, новых выстаў.

Падрыхтаваў матэрыял для газеты "Наша слова" Iлля Копыл .


Зоську Верас успомнілі ў Бабруйску

Напрыканцы лютага пісьменнік Міхась Скобла і выканаўца Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі ў Бабруйску.

Імпрэзу распачаў галоўны рэдактар "Бабруйскага кур'ера", сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоль Санаценка. Ён прадставіў аўдыторыі гасцей мерапрыемства.

Сп. Міхась Скобла з'яўляецца складальнікам кнігі, якая прысвечана выдатнай беларускай паэтцы, перакладчыцы, выдаўцу і моваўзнаўцы Зосьцы Верас. Менавіта аб кнізе "Успамінаў і лістоў", а так-сама пра жыццёвы шлях яе гераіні Мiхась Скобла распавёў бабруйчанам.

- Зоська Верас сімвалічна вярнулася ў Бабруйск на старонках кнігі мемуараў, - кажа сп. Скобла. - Яна пражыла амаль сто год (1892-1991) і завітвала ў ваш горад сто год таму, калі тут працаваў яе першы муж Фабіян Шантыр. Фабіян распачаў беларусізацыю бабруйскага гарнізона. Жонка дапамагала яму ў гэтым. У лістах, якія яна дасылала шматлікім знаёмым, знайшлося багата згадванняў пра той перыяд, пра яе лекцыі ў Бабруйску. Савецкая ўлада абарвала той шчаслівы перыяд у жыцці закаханых.

У 1920-м Шантыр быў расстраляны і знішчаны па палітычных матывах. Ён так і не пабачыў свайго сына… Зоська Верас працягнула іх агульную справу. Пад яе кіраўніцтвам выходзілі часопісы на роднай мове, яна склала слоўнік з батанічнымі назвамі, якім захапляўся Якуб Колас. Лепшай сяброўкай спн. Верас была знакамітая паэтка Ларыса Геніюш. Жанчыны пісалі адна адной па два лісты ў дзень…

Сп. Скобла адзначыў, што гэтыя сяброўкі сталі ўзорам таго, як трэба шанаваць роднае. Яны змянілі светапогляд вялікай колькасці людзей і прывялі іх да беларускай мовы… Дарэчы, такія людзі ёсць і ў Бабруйску. Калі сп. Міхась прапанаваў гасцям імпрэзы перакласці колькі складаных батанічных назваў з расейскай на родную мову - адказы гучалі з усіх бакоў. Назвы правяраліся па кнiзе Зоськi Верас. Колькасць правільных адказаў і глыбіня ведаў гараджан уразілі пiсьменнiка. Напрыканцы вечара перад гасцямі выступіла спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава. "Яе аблічча вельмі нагадвае Зоську Верас у маладосці," - зазначыў сп. Скобла. Менавiта таму яна сыграла паэтку ў дакументальнай стужцы ад канала "Белсат".

Спн. Таццяна таксама з'яўляецца аматаркай творчасці знакамiтай паэткi. Яна выканала песні на вершы паэтаў - сяброў выдатнай мовазнаўцы. Прагучалі "О, Беларусь, мая шыпшына", "Зорка Венера", "Дробненькі дожджык"і шмат іншых.

Бабруйчане падхоплівалі знаёмыя з дзяцінства радкі, спявалі разам… Вечар скончыўся доўгімі авацыямі і вершам Міхася Скоблы "Мова, удыхнутая ў нас, як душа…".

Паводле: Александрыны Глаголевай , babruysk.by.


Помнік "Ў" адновяць

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб звароце па пытанні

рамонту памятнага знака

Шаноўны Алег Анатольевіч!

На Ваш зварот на імя Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб рамонце памятнага знака "Ў" у Полацку паведамляем. Згодна з інфармацыяй Полацкага райвыканкама, на гэты момант мясцовымі ўладамі арганізавана абследаванне тэхнічнага стану дадзенага аб'екта, вызначаюцца аб'ёмы работ і крыніцы іх фінансавання.

Аднаўленне памятнага знака плануецца правесці ў 2016 годзе.

Намеснік Кіраўніка спраў

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Н.М. Каткавец.


Гомельскіх школьнікаў вучаць беларускай мове і гісторыі ВКЛ пры дапамозе гульні "Кемлівы кот"

З ініцыятывы студэнткі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, маршалка моладзевай гістарычна-культурніцкай суполкі "Талака" Ліды Лешчанкі ў школах абласнога цэнтра пачалі ладзіць інтэлектуальную гульню "Кемлівы кот". У суботу, 19 сакавіка, з падтрымкі педагагічнага калектыву гульня праходзіла ў гарадской сярэдняй школе № 11.

Паўсотні кемлівых вучняў з васьмі школаў ды гімназій прыехалі сюды падужацца сваёй дасведчанасцю ў беларускай гісторыі, культуры і мове.

Дырэктарка школы Наталля Літвінава, адкрываючы турнір, заўважыла, што ён асаблівы, бо ладзіцца выключна па-беларуску:

- Упэўнена, што пераможа каманда, якая заззяе не толькі інтэлектам, але і веданнем роднай мовы.

Адзінаццатая школа, дарэчы, выставіла на інтэлектуальны турнір ажно дзве каманды - "Кракавяк" і "Рэнтгенаўскія промні".

Вядоўца гульні Ліда Лешчанка зачытвае першае пытанне: "Гэта тыповая котка, хоць велічынёю з буйнога сабаку. У скандынаўскай традыцыі яна была звязана з багіняй Фрэяй. Лічылася, што яны запрэжаныя ў яе калясніцу. Старажытныя грэкі верылі, што яе востры позірк здольны пранізваць наскрозь непразрыстыя прадметы. Яе можна пабачыць на гербе аднаго з найбуйнейшых беларускіх гарадоў. Назавіце гэты горад!"

Хвіліна на роздум. Каманды гуртуючыся ў цеснае кола, перашэптваюцца.

Капітаны хуценька пазначаюць варыянты адказаў. Канчатковы ўносіцца ў адмысловы бюлетэнь. І праз хвіліну паўз каманды пралятае "ластаўка", ролю якой выконвае Ірына Карпенка, трэнер і сябра журы - яна збірае пісьмовыя адказы, каб пакласці на стол журы. Правільны адказ - адзін бал. Кампутарная праграма скрупулёзна падрахоўвае вынікі, улічваючы нават сотыя долі балу.

Два з паловай дзясяткі пытанняў - самых разнастайных, самых нечаканых. Яны звязаны з гістарычнымі назвамі беларускіх рэк і гарадоў, плямёнамі, якія жылі на роднай зямлі, з паэзіяй Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, з першымі еўрапейскімі ўніверсітэтамі, у прыватнасці, Ягелонскім у Кракаве, дзе вучыліся ліцвіны - продкі цяперашніх беларусаў.

У перапынку, калі знаўцы беларускай гісторыі выправіліся падмацаваць свае сілы гарбатай ды печывам, цікаўлюся ў гаспадыні "Кемлівага ката", што паспрыяла таму, каб ён пасяліўся ды прыжыўся ў горадзе над Сожам?

- Я вельмі даўно цікаўлюся беларускай культурай. Інтэлектуальнай гульнёй "Што? Дзе? Калі?" - таксама, бо мая маці была трэнерам гэтай гульні. Вось і падумалася: "А чаму б нам, беларусам, не гуляць у такую гульню па-беларуску, калі ў Расеі гэта робяць па-расейску, ва Украіне - па-ўкраінску?

Баліць сэрца, калі нашы дзеці не ведаюць пра ВКЛ, ліцвінаў, пра беларускія гарады, якія мелі Магдэбургскае права, калі не ведаюць, што ў нас была агульная гістарычная спадчына з Еўропай. Хачу праз такія пытанні раскрыць дзецям вочы - мы вялікая еўрапейская нацыя, - кажа Ліда Лешчанка.

Папярэднія два туры "Кемлівага ката" студэнтка, будучы дыпламаваны педагог ангельскай мовы, ладзіла ў сярэдняй школе № 12 і 51-й гімназіі. Першы з іх, пробны, прайшоў у межах міжнароднага турніру "Калядная песня" і спадабаўся многім школьнікам.

На сакавіцкім, трэцім туры, пераможцамі ў розных узроставых групах сталі каманды: "Ордэн Сонца", "Спарта" і "25 элемент".

Радыё Свабода.


Дысертацыя па-беларуску

Упершыню за доўгі час на беларускай мове была абароненая дысертацыя па медыцыне. Аўтарам дысертацыі стаў 37-гадовы дзіцячы рэаніматолаг з Менска Андрэй Вітушка.

Ён працуе ў 1-й клінічнай бальніцы сталіцы, у яго 15-гадовы стаж работы.

Ягоная дысертацыя датычыла выяўлення прычын і прадухілення ўнутрычарапных крывязліццяў у неданошаных дзетак вагой ад 500 да 1500 грамаў.

Дысертацыйная рада прагаласавала "за" аднагалосна: усе 11 членаў.

Вітушка - выпускнік Беларускага медыцынскага ўніверсітэта. У час вучобы ён быў адным з лідараў Задзіночання беларускіх студэнтаў.

Сям'я Вітушкаў актыўна займаецца і грамадскай дзейнасцю. Жонка Андрэя Крысціна, напрыклад, узначальвае апякунскую раду адной з беларускамоўных гімназій Менска.

Незвычайнасць абароны дысертацыі Вітушкам у тым, што гэта адна з першых беларускамоўных абаронаў у медыцыне за доўгі час.

- Што да беларускай мовы, то першае здзіўленне навуковай рады перайшло ў павагу. Усе адзначылі высокі навуковы ўзровень, практычную значнасць і актуальнасць даследвання, тэма на вастрыі цікавасці спецыялістаў усяго свету, - адзначае сведка абароны. - Дарэчы, Андрэй паспяхова прэзентоўваў свае доследы за мяжой і па-руску, і па-ангельску, і па-нямецку, прывозіў узнагароды за найлепшы вынік і з Масквы, і з Зальцбурга, высокія адзнакі дысертацыі даслалі з Кіева, Санкт-Пецярбурга і іншых замежных навуковых цэнтраў.

Сяргей Гезгала , фота facebook.com/kvitushka.


Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч.

Семінар-трэнінг " Мая маска мазахіста" 25.03.2016 а 18-ай.

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88, х.тэл. (+375 17) 231-44-35,

МТС (+375 29) 769-29-78, velcom (+375 29) 960-14-53,

e-mail spadarl@yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

Наступныя заняткі - 01.04.16.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на другі квартал 2016 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 73. Цана змянілася нязначна. У 2016 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Яшчэ раз пра генерала фон Гротэ дэ Буко

Мужыцкай нацыі

каравую лічыну

Мы ўбок адсоўваем памалу,

З вякоў вяртаюцца

ў сваю Айчыну

Яе князі і генералы.

Станіслаў Суднік.

Наша газета ўжо пісала пра першага лідара беларускага руху ў горадзе Лідзе генерала Яўгена Аляксандравіча фон Гротэ дэ Буко, які з 1905 па 1914 г. быў лідскім спраўнікам, потым мужна ваяваў у Першай сусветнай вайне і 9 кастрычніка 1917 г. атрымаў чын генерал-маёра. Пра гэтага чалавека вядома няшмат, яшчэ меней вядома пра ягоны ўдзел у беларускім руху. Ведаем нешта толькі са слоў яго тагачасных палітычных ворагаў. Адзін з лідараў польскага руху таго часу ў Лідзе Юзаф Дзічканец пісаў у сваёй кнізе "Самаабарона Лідскай зямлі": "Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў у справе атрымання зброі ад немцаў побач з яўрэямі быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі "исправник" фон Гротэ-дэ-Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павета). Толькі ён мог прыняць рашэнне аб выдачы зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі". Далей Дзічканец адзначае: "Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды, як да "истинно русского города", у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе "истинно русские люди" пакінулі чужы для іх край і горад, накіроўваючыся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны - Расіі. Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко і той пакінуў шэрагі расіян. ... фон Гротэ дэ Буко ... пачаў арганізоўваць беларусаў, каб стварыць Беларускую Народную партыю".

Далейшую інфармацыю пра фон Гротэ дэ Буко мы знаходзім у мемуарах лідскага ксендза Гіпаліта Баярунца, адкуль даведваемся, што пры другім "нашэсці бальшавікоў на Ліду" , у горадзе засталіся яслі і прытулак для старых, "якія пры бальшавіках цярпелі вялікую нястачу, бо галоўнае кіраўніцтва над імі пераняла яўрэйка Камянецкая і былы колішні расейскі спраўнік Гротэ дэ Буко" .

У віленскай прэсе 1930-х гг. мне ўдалося знайсці згадкі пра беларускага генерала, што вельмі істотна для лідскага краязнаўства.

У кастрычніку 1930 г. Міністэрства Справядлівасці Польшчы вырашыла адкрыць ў Лідзе Аддзел Акруговага суда ў складзе васьмі суддзяў, Аддзел павінен быў пачаць працу з 2 студзеня 1931 г. Для Акруговага суда першапачаткова выдзяляліся два аднапавярховыя будынкі (вул. Камерцыйная, 14) коштам 54000 злотых. Але потым распачалася гісторыя, у якой прыняў ўдзел генерал фон Гротэ дэ Буко, а мы даведваемся пра лёс найцікавейшага будынка нашага горада - будынка былой гімназіі Навіцкай (тады, 3-га Мая, 14).

На пачатку лістапада 1930 г. на паседжанні Лідскай гарадской рады быў зачытаны праект дамовы са спадаром Слаўцілам, адвакатам і ўладальнікам нерухомасці (д. 14 па вул. 3-га Мая), аб размяшчэнні тут аддзела Акруговага Віленскага суда ў Лідзе. Рада адмовілася ад гэтага праекту з-за "спробы ўзбагаціцца за кошт дзяржаўнага скарбу" .

Уладальнікам гэтага дома была заснавальніца Лідскай жаночай гімназіі Марыя Канстанцінаўна Навіцкая. Пасля яе смерці ў 1907 г. дом перайшоў у пажыццёвую ўласнасць яе мужу і, верагодна, Навіцкі не меў права прадаць ці здаць у арэнду гэтую маёмасць. Адразу пасля ўсталявання польскай улады ў гэтым доме пачала працаваць гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча. Пасля 1920 г. маёмасць часова не мела ўладальніка і курыравалася дзяржавай - над ёй была прызначана апека ў асобе дырэктара гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча п. Хмеля, а потым п. Паслаўскага.

Былы лідскі спраўнік Гротэ дэ Буко, які ў 1930 г. жыў у Вільні, стаў пасярэднікам паміж панамі Слаўцілам і мужам сп. Навіцкай, які жыў у Маскве. Навіцкі ўпаўнаважыў Гротэ дэ Буко прадаць гэты дом. Быў вызначаны кошт 3 - 4 тысячы долараў. 3 000 прапанаваў Слаўціла, а 4 000 - нехта з лідскіх яўрэяў. З Масквы прыйшла тэлеграма: "Калі Слаўціла дае 3 000, а яўрэі 4 000 - прадаю Слаўцілу" . Так, у 1927 г. уладальнікам гэтага будынка разам з вялікім пляцам у цэнтры горада, стаў віленскі адвакат Слаўціла.

Тады ў газеце "Наваградскае жыццё" з'явіўся выкрывальніцкі артыкул, па меркаванні аўтара гэтага артыкула ўся справа ў Лідзе знаходзілася ў руках "прыяцеляў", "калег" і "крэўных" Навіцкага і Слаўцілы. Акт куплі-продажу быў пацверджаны Віленскім акруговым судом, і магістрат Ліды за 3 гады арэнды гмаха для гімназіі выплаціў 30 000 злотых - больш за кошт яго продажу. Таму газета "Наваградскае жыццё" падняла скандал і паведаміла, што каб не незаконны, па яе меркаванні, продаж гмаха, дык гэта маёмасць без уладальніка аўтаматычна сталася б дзяржаўнай з 1 студзеня 1931 г. Трэба адзначыць, што ў так званую "лідскую сям'ю", якая арганізавала справу продажу гмаха, як быццам ўваходзіў і пасол у Сойм доктар Гарневіч, які не пераабраўся ў 1930 г. у Сойм, але абраўся ў Гарадскую раду, і таму гэты скандал у значнай ступені, быў часткай выбарчай кампаніі.

Праз некалькі дзён Гарадская рада разгледзела пытанне закупу мэблі для новых школ, зацвердзіла звальненне магістратам работнікаў гарадской электроўні і прыняла да ведама рэкамендацыю Магістрата арандаваць для аддзела Акруговага суда дом Слаўцілы, такім чынам паставіўшы кропку ў справе.

16 сакавіка 1931 г. у Ліду з Вільні, для кантролю рамонту ў будынках, дзе меў размесціцца суд, прыехаў віца-пракурор Акруговага суда. Ён агледзеў гмахі на вуліцах Камерцыйнай, 14 і 3-га Мая, 14 - "будынак па-гімназійны". На пачатку кастрычніка прэзідэнт віленскага Акруговага суда Кадушкевіч наведаў Ліду і прыняў удзел у асвячэнні будынкаў лідскай філіі.

Але гісторыя з продажам будынка былой гімназіі так проста не закончылася. З-за артыкула ў "Наваградскім жыцці", у якім абвінавачваліся асобы, датычныя да продажу будынка, адбыліся некалькі судоў. Аўтарам выкрывальніцкага артыкула быў суддзя Акруговага суда ў Наваградку Яўген Ловіч-Баранскі. У выніку па выраку Апеляцыйнага суда ў Вільні рэдактар газеты Здановіч быў прысуджаны да 6 месяцаў турмы (пасля чаго газета спыніла сваё існаванне), а суддзя Ловіч-Баранскі праз газету "Слова" прасіў прабачэння ў "адваката Слаўцілы і даверанай асобы Фёдара Навіцкага Яўгена Гротэ дэ Буко" .

З вышэй сказанага бачна, што генерал не страціў сувязі з Лідай і зарабляў на жыццё пасярэдніцтвам. Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко пражыў у Лідзе да да канца 1920-х гг., потым, да 1937 г. жыў у Вільні.

Са спісу Георгіеўскіх кавалераў удалося даведацца, што генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко загінуў у Варшаве ў 1944 г.

Леанід Лаўрэш


Гукалі вясну ў Гудах

Вось і падыходзіць да завяршэння доўгая зіма, а на змену ёй ідзе прыгажуня - вясна. Каб паскорыць яе прыход, 12 сакавіка ў філіяле "Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу" правялі абрад "Гуканне вясны", на які былі запрошаны вучні Гудскай базавай школы. Спачатку ўсе разам упрыгожылі бярозку (як сімвал вясны і жыцця) каляровымі стужкамі і папяровымі птушачкамі, затым вадзілі карагод і спявалі песні-вяснянкі. Асаблівасцю такіх песень з'яўляецца тое, што кожны куплет заканчваўся гучным крыкам "Гу-у-у-у!". Пасля ў госці да дзяцей прыйшлі Зіма з Вясною. Гэта была сяброўская сустрэча, дзе стомленная Зіма аддала ключы кіравання сяброўцы Вясне. На заканчэнні мерапрыемства для дзяцей былі падрыхтаваны гульні з падарункамі.

ДУ "Лідскі раённыцэнтр культуры і народнай творчасці".


КАРЧАВАТКА

Аповед азірання

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

А там - не месца паняверцы.

Жылі мы ў суладдзі годным

З тутэйшым комплексам прыродным,

З мовай зямлі - не фігуральнай,

З канкрэтнай, нашай, натуральнай.

Мы й слыхам, а не толькі вокам

Ўбіралі ўсё, што было вокал;

Гучалі музыкай прыязнай

Зямлі прадзедаўскія назвы:

Раўкі Папковы й Смаляковы,

Куды ганялі мы каровы,

Красная Горка, Буда, Ліпнік

(Што й сёння ёсць, а што і знікла),

Сысоўшчына і Паддубоўе

(Таксама пасвішча кароўе),

Падлужжа, Лежнеўка і Буй

(Апошніх двух - як вецер здзьмуў),

І Зубава гара, і Лучкі

(Яны і сёння неразлучкі),

Сялібная і Карчаватка

(Апошняя - не проста згадка),

Баранава і Падрабінне

(Куды ганялі пасвіць свінне),

Масток Гарбаты, другі - Яськаў

(Няма іх, а й шчупак не пляскаў),

Маяк і Маслава крыніца

(З яе і сёння льга напіцца),

Балотца Несцерава... Зрэшты,

Час і спыніцца... Ўсё дарэшты

Пералічаць ці ёсць патрэба?

Тым болей, што пад родным небам

Столькі ўсяго паруйнавана,

Парушана і пазнішчана,

Што не знайсці, бадай, і следу

Ўжо шмат чаго. Тут не да бедаў,

Што знікла Ямішча, дзе й мама

Зімой трымала бульбу ў яме,

А не ў капцы на агародзе,

Дзе магла й змерзнуць пры нагодзе.

Няма ж аб'екта - памрэ й слова,

Такая ўжо жыцця выснова.

І паміраюць, спрэс, штогодна,

Зямельку робячы бязроднай,

Глухой, сляпой, бязлюднай бытта,

Як пасля ханскага капыта.

А ў сто разоў, мо нават болей

На нашым беларускім полі

Імён і назваў памянялі,

Чужы акрас нахабна далі,

Дзе болей польскі, а дзе рускі,

Абы не наш, не беларускі.

Цяпер абсяг тут велізарны

Сярэневых і Лучазарных,

Пасёлкаў Звёздных і Янтарных,

Пабед савецкіх легендарных...

Не бачыць, як катастрафічна

Знішчаецца тапанімічны

Наш фонд - ці не злачынства гэта?

А хто ў набат б'е? Звоннік, дзе ты?

Зусюль - маўчанне. Паўсюль - глуха.

І толькі полечка-скакуха,

Якой штаны й спадніца вузкі,

Бы на кладах на Беларускіх,

Ўсё скача й скача... Божа, Божа,

Чаму ж Ты ім ніяк не ўложыш

Глуздоў хоць шчопаць у галовы,

Нашчадкам чэлядзі дваровай,

Каб нейк маглі яны даўмецца:

Цынізмам гэта ўсё завецца?!.


V

Няхай чытач, калі ён будзе,

Даруе мне і не асудзіць

За ўвесь сумбур, бязладдзе гэта, -

Як той казаў, я не паэта.

От закарцела азірнуцца,

К пачатку дзён сваіх вярнуцца,

Ступіць зноў на дарогі тыя,

Што знаў у леты маладыя,

Што ў далеч светлую гукалі,

Мяхі нам шчасця абяцалі...

Як вы падманлівы, дарогі!

Мы йшлі калейкай без знямогі,

Трымаліся, бы сляпы плоту, -

Куды ж прыйшлі? Дык, у балота,

Што днём сягонняшнім завецца,

Дзе болей мрэцца, чым жывецца!

Таму і думаў азірнуцца,

Убачыць, дзе і як схібнуцца

Паспелі нашы пуцявіны,

Што за ўсяго таго прычыны,

Чаму наогул мы спрадвечча

Не маем долі чалавечай?

Зрабіць у часе падарожжа

Мільгнула думка. Дапаможа ж

Мне ў тым рыфмованая проза.

Няхай хто й скажа: выбрык, поза!

І не адно, і не другое!

А прыцяжэнне як зямное,

Трымае рыфма раўнавагу

Аповеда, а йшчэ і ўвагу

Таго, хто піша і чытае.

Яна - як пульс, які змушае

Радок і думку гулка біцца,

А не паўзці, не валачыцца.

Народ таксама рыфму любіць,

Здаўна шануе і галубіць,

Аб чым нам скажуць з ходу, зразу

Паэмы, гутаркі і сказы,

Тамоў народных песень зборы,

Жывыя й сёння іх узоры.

Таму і я хай буду грэшан,

Што свой аповед вяду вершам.


Як памяць кажа, у дзяцінстве

Жылі мы ў згодзе і адзінстве

З прыродай і вакольным светам,

Не адчуваючы пры гэтым

Ні дысанансу, ні разрыву,

Бо ўсё жыло і гаварыла

У родным слове, ў родным духу,

І свае гукі чула вуха,

Не мелі ўплыву мы чужога

Ні ад улад і ні ад Бога, -

Бо цэрквы ўсе пазачынялі,

А ўладаў мы амаль не зналі.

Улада дзесь была далёка -

Ў Маскве, у Мінску... А пад бокам,

У сельсавеце ці ў калгасе, -

Начальства тут свайго папасу.

Няёмка і казаць пра гэта:

Быў тата старшынём Савета.

Яно, вядома, іншым разам

Ён мог азвацца й рускім сказам

На мітынгу якім, на сходах,

Але увогуле з народам

Заўсёды гаварыў па-наску,

Здабыўшы й гэтым, пэўна, ласку,

Любоў людскую і пашану, -

Не меў люд мову за загану!

Якраз наадварот: па мове,

Па роднае гаворцы, слове

Аб чалавеку меркавалі,

Ягоны статус вызначалі,

Ступень вучонасці, культуры

І нават прыгажосць натуры.

На ўвазе тут найперш, вядома.

Настаўнікі. Яны свядома,

Рамантыкі-ідэалісты,

Бяссрэбранікі-альтруісты,

Асветніцтва абралі долю,

Каб несці дзецям без спатолі

Свабоды зерне - святло ведаў.

О, колькі цяжкасцей і бедаў

Ім, юным, на жыцця пачатку,

У большасці сваёй дзяўчаткам,

Прыйшлося зведаць ягамосцям

У паваеннай беднай вёсцы!

А не зламаліся ж! На ўласны

Забыўшы лёс, на шлях прыўкрасны

Дзяцей калгасных настаўлялі,

Для ўзлёту крылы ім давалі.

Паклон вам нізкі, да зямелькі,

Наўчыцелі і наўчыцелькі!

Як толькі Беларусь ўваскрэсне

(Рэжым дзікунскі лопне ж, трэсне!),

Яна ўзвядзе высакародны

Помнік асветнікам народным,

Настаўнікам гадоў дваццатых,

Саракавых, пяцідзесятых,

Самаадданым, пажыццёвым

Ахвярнікам роднага слова!

На жаль, не сённяшнім... Сягоння

Настаўнік - быццам другагоднік,

Не фантазёр, не летуценнік,

Ён проста выкладач, прадметнік.

Настаўнік сёння, як і ўсе мы,

Закладнік, раб, халуй сістэмы;

Адным найбольш ён заклапочан,

Як будзе дзень яго аплочан.

Я не раблю абагульненняў -

Вядома ж, ёсць і выключэнні,

Ды ў бальшыні у пераважнай

Настаўнік - не баец адважны

За родны край і нашу мову,

За незалежны грунт, аснову

Дзяржавы нашай Беларусі.

Напэўна ўсё ж вякі прымусу,

Вякі чужога панавання,

Бясконцых здзекаў, рабаванняў,

Пагарды, крыўды, прыніжэнняў

Шматлікіх цягам пакаленняў, -

Ўсё ж прывялі да прыкрых зменаў

Ажно ці не на ўзроўні генным

Людочкаў нашых... Божа мілы,

І так дзе браліся йшчэ сілы

Даваць адпор нахабаў зброду

То з захаду, а то з усходу!

З часоў Ягайлы занядбаны,

Сваёй элітай пагарджаны,

Пакінуты ёй на мадзенне,

На выміранне й вынішчэнне, -

Народ збярог у сабе дужасць,

Змог смеласць праявіць, рашучасць

Ўваскрэснуць і з калень падняцца,

Гукнуць аб праве "Людзьмі звацца"!

Эліты жменька з "Нашай Нівы"

Нястомнай працаю руплівай

За час, надзіва караценькі,

Зрабіла цуда: як з сявенькі

Ў раллю укінуты зярняты

Даюць увосень плён багаты,

Так слова роднае з'яднала

Народ у нацыю, паўстала

БНР - ВКЛ працягам,

Пад бел-чырвона-белым сцягам,

З Пагоняй-гербам... Шчэ ўзлунаюць

Яны над краем і зазнаюць

Былую славу векавую,

І разаб'юць сцяну глухую,

І выведуць народ з няволі -

Заззяюць ярка, як ніколі!


VІІ

У словах родных я купаўся,

Іх смакаваў і захапляўся,

Яны былі мне асалодай

І лёгкаю душы свабодай.

- Вазьмі во кошычак лазовы

Ды падрабінкі для каровы

Нарві, -- казала мама. - Вельмі ж

Паласавацца любіць, шэльма!..

З падобным да ліста рабіны

Лісцём, трава не без прычыны

Такую назву атрымала,

Хаця сама аб тым не знала.

На нізкіх месцах між кустамі

Яна гусцілася, часамі

Мама й прасіла: "Ўззуй галёшы

Ды падрабінкі нарві кошык..."

Ад мамы, знаўцы адмысловай,

Я ўведваў кветак, траў назовы.

Яна іх, пэўна, усе знала,

Хоць і іспытаў не здавала

І ў школу нават не хадзіла -

Само жыццё, зямля вучыла.

Юргіні, боцікі, званочкі,

Ўюнкі, рамонкі і млыночкі,

Жаўтуха, смолкі і начнічкі,

Касачы, слёзкі, завушнічкі,

Валошкі-васількі, магрэткі -

Вось толькі кропля з мноства кветак

Ў найменнях тых, як мама звала,

Як мая памяць захавала.

Былі ж яшчэ і шалястункі,

І аксаміткі, і мядункі,

І дзяцелінка, і агеньчык...

Мне гэта ўсё - нібы праменьчык,

Што свеціць стуль,

здалёк, дзе вольным

І шчасным быў на ўлонні дольным,

Не знаўся з фальшам і цынізмам,

Хоць жыў пад сцягам камунізму.

У мамы нас было багата,

Васьмёра - як трывала й хата,

І кожны меў свой абавязак,

Ды я - найменш, бо быў з блізнятак,

Таму мо й сілы бракавала,

І мяне мама шкадавала,

Да працы надта не шпыняла,

Адно - вучыцца падганяла.

Ў вучобе быў, па ўсім, я дока,

Хоць мо ўнікаў і неглыбока.

Дзяцінства час - час адмысловы,

Нямераны і выдумовы.

І чым я толькі ні займаўся,

Ні цешыўся, ні забаўляўся!

Рабіў з лучынак сабе "рэчы":

Платы, вароты, санкі, печы..,

Ляпіў людзей, жывёлін з гліны

І лыжы майстраваў з асіны,

Канькі драўляныя я дротам

Падкоўваў; стралялі шротам

Мае наганы-пісталеты,

Зайздросцілі мне хлопцы летам,

Бо самакат сабе я хвацкі

Зрабіў, ніхто такое цацкі

Не меў. А мне ж зусім няцяжка

Было зрабіць і каламажку,

Ды самаходку, з рычагамі,

Што ў рух прыводзяцца нагамі,

Сядай і едзь баронам-панам

Па сцежцы цупкай, ўтрамбаванай...

Яшчэ займаўся маляваннем,

І не з няменшым, пэўна, дбаннем.

У мастаках хадзіў і дома,

І ў школе, і ў радні, вядома,

Дзе поспех меў мой вопыт гэткі:

Партрэт намаляваць па клетках

З малога здымка. Ад партрэта

Патрабавалася пры гэтым

Адно: каб быў на ім падобны,

Які б ні трапіў здымак дробны,

Той чалавек, калісьці зняты,

На што я часам і быў здатны.

У школе талент іншым бокам

Меў попыт: нават і з урокаў

Мог быць адпушчан, каб плакаты

Ці два-тры лозунгі да свята

Мог напісаць. І я стараўся,

Над аркушамі завіхаўся,

Чарнілам сінім і чырвоным

Выводзіў слоў я эшалоны

Пра Май, калоніяў свабоду,

Адзінства партыі й народа...

І тут - хай мне чытач прабачыць,

Ды не магу я не адзначыць:

Ўсю тую школьную "нагрузку"

Заўжды пісаў па-беларуску!

Хай гэта й дробязь, але тая,

Што, калі ў згадку залятае,

Мне цешыць сэрца цеплынёю,

Якойсьці свойскай дабрынёю.


І тут згадаць бадай нагода

Яшчэ адну тых дзён прыгоду.

Настаўніцу прыслалі ў школу,

Красуню - слоў няма, і полу

Хлапечаму жыцця не стала,

З нас кожнага душа ўздыхала

І млела ў марах у салодкіх,

Каб хоць на міг адзін кароткі

Яна пагляд свой запыніла,

Усмешку шчасця падарыла.

Чым мог звярнуць яе увагу

Я на сябе? Маёй адвагі

Ані на што не выстарчала,

А думка ўсё адно сквірчала:

Зрабіць жа нешта я павінен,

Каб злітавалася княгіня?

Яе білецік камсамольскі

Я з сумкі выкраў па-свавольску

І з фотакарткі досыць лоўка

Зрабіў яе партрэт алоўкам,

І ў сумачку цішком з білетам

Паклаў і сшытак свой з партрэтам.

Ларыска - так яе ласкава

У вёсцы звалі - неўзабаве

На след мой выйшла і такога

Дала мне пытлу жарсцвянога,

Што мне жыццё было няміла,

Хоць за партрэт і пахваліла.


Як шмат гадоў лягло ўжо спратам!

Гэта было ў пяцідзесятым,

А ўспомнілася - і спружынка

Зноў разагнулася драцінкай

Калючаю таго ж аднога,

Балючага, незажыўнога!

Ларыска з Мурама, з Расіі

Была прыслана. Ці ж прасілі

Аб гэткай ласцы мы кагосьці?

Спрадвек няпрошаныя госці

Прыходзілі, каб нас абрусіць,

Каб як мага хутчэй нас змусіць

Забыцца, скуль мы й чые дзеці,

Што мы не байструкамі ў свеце,

Што ўласныя мы маем спадкі, -

Мы слаўных ліцвіноў нашчадкі,

Што мы і самі ўжо з вусамі

І хочам дома быць панамі.

Палітыку русіфікацыі

Без усялякіх там абстракцый

Прадоўжылі і камуністы

Пад сваім лозунгам агністым

Аб лучнасці аб пралетарскай.

І зноў да нас не з нашай ласкі

Йшоў самы розны люд службовы,

Ўсё больш вайсковы й навуковы.

І сёння ў нашых установах -

Дзе трэць, а дзе і больш паловы

Расійцаў рознага замесу,

Яны там служаць сваю месу.

Сядзіць русак і не шманае,

Што Беларусь тут - бы й не знае,

Яму тут зручна, цёпла, ўежна, -

Вось нам і наша незалежнасць!

Там беларус маўчыць, не ахне -

Там рускі дух, там Руссю пахне!

І гэта зноўку - карчаватка,

Не аб мясціне роднай згадка,

А нас пад корань карчаванне,

Каб ані знаку, ані звання

Не засталося ад хаўруса

Тут Беларусі й беларусаў.

О, колькі год, стагоддзяў цэлых

Карчуюць нашы душы з целаў

Расійцы (а было - й палякі)!

Не вытрываў бы аніякі

Народ, апрача нас, цярплівых,

Зацятых, ўпартых і... маўклівых.

Няйначай нашае цярпенне

І сталася для нас збавеннем,

Тым фактам, што й дасюль трываем,

Ды, здэцца, ўсё-такі канаем.


І от жа дзіва: час хаўтураў

Прыходзіць к нам, калі ў натуры

Стварылі мы сваю дзяржаву

І сцвердзілі нарэшце права

Заняць пасад свой між народаў

І рушыць далей дружным ходам.

Дык зноў жа - рэха карчаваткі:

Благія дзеці зямлі-маткі -

Манкурты, цынікі, прахвосты -

Да ўлады прыраслі каростай

І доўжаць справу Мураўёва

Па вынішчэнні канчатковым,

Найперш чужой царквой і школай,

Усяго нашага наўкола.

І чыніцца злачынства гэта

Пад знакам суверэнітэту, -

З лакейскай подласцю цынічнай,

А йшчэ з хлуснёю шматаблічнай

Увесь кагал службовых хлусаў

Крычыць аб шчасці Беларусі.

Хоць уцякай тут патарочы,

Каб гэтага не зналі вочы.

Ды з роднай уцякаць зямелькі -

На гэта розум трэ не велькі.

Мо слова ўжо такому спорту:

- Каму тут трэба даць у морду?

(Працяг у наступным нумары.)

Мікола ГІЛЬ


Прэзентавалі альманах "Ад лідскіх муроў"

Лідчына літаратурная

Доўгачаканай і значнай падзеяй для літаратараў Лідчыны сталі выхад і прэзентацыя восьмага па ліку літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў".

- Матэрыялы для альманаха збіраліся не адзін год, - гаворыць галоўны рэдактар зборніка Станіслаў Суднік. - Паміж выхадамі 7-га нумара "Ад лідскіх муроў" і 8-га ляжыць часавы адрэзак больш, чым у чатыры гады. За гэты прамежак часу назбіралася вялікая колькасць паэтычных і празаічных твораў, таму новы альманах убачыў свет у значна большым аб'ёме, чым папярэднія, у ім нават не хапіла ўжо месца для некаторых з запланаваных раздзелаў. 440 старонак - такі аб'ём 8-га зборніка "Ад лідскіх муроў". У зборніку - творы каля 40 аўтараў і перакладчыкаў, напісаныя, надрукаваныя альбо перакладзеныя ў 2012-2015 гадах. Такім чынам, у ім прадстаўлена даволі шырокая карціна сучаснага літаратурнага жыцця Лідчыны.

Пры першасным азнаямленні са зборнікам карэспандэнт заўважыў, што раздзелаў тут таксама шмат, што гаворыць аб шматграннасці гэтага жыцця: "Паэзія", "Пераклады", "Проза", "Драматургія", "Мемуары", "Літаратурнае жыццё", "Мемарыял", "Кнігапіс". Уражвае і разнастайнасць жанраў: вершы, песні, апавяданні, казкі, п'есы, гумарыстычныя мініяцюры і г. д. Спіс аўтараў не абмяжоўваецца толькі тымі, якія жывуць і твораць на Лідчыне цяпер - сваімі лічыць альманах і тых творцаў, хто нарадзіўся на лідскай зямлі, а цяпер жыве па-за яе межамі (напрыклад, Данута Бічэль, Крысціна Лялько, Ірына Багдановіч, Віктар Праўдзін). Акрамя імёнаў, што ўжо сустракаліся чытачам у папярэдніх зборніках, ёсць на старонках новага зборніка і імёны аўтараў-дэбютантаў: Ірыны Маркевіч, Дзмітрыя Гуліцкага, Алега Лазоўскага, Алены Сіманчык і іншых. Як адзначыў галоўны рэдактар "Ад лідскіх муроў", упершыню даслалі ў альманах свае творы такія вядомыя майстры прозы, як Валер Санько і Віктар Праўдзін, упершыню друкуюцца тут пераклады польскамоўных вершаў Антонія Гарэцкага і Ежы Путраманта.

Са светам паэзіі звязана і афармленне вокладкі: на першай і апошняй яе старонках - бюсты шырока вядомых паэтаў, адпаведна Янкі Купалы і Ларысы Геніюш. Дарэчы, абодва бюсты ўстаноўлены ў Лідзе: першы - у Цэнтральнай раённай бібліятэцы, другі - у бібліятэцы-філіяле № 3 у Маладзёжным.

На прэзентацыі зборніка, якая адбылася ў літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея, прысутнічалі многія з тых аўтараў, чые творы надрукаваныя на старонках "Ад лідскіх муроў". Кожны з іх у той дзень атрымаў зборнік у падарунак. Адзін з лідскіх паэтаў Міхась Мельнік прачытаў перад прысутнымі цёплы водгук пра альманах, напісаны старэйшай паэтэсай Лідчыны Алесяй Бурак. Да прэзентацыі была падрыхтавана міні-выстава ўсіх нумароў літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў", з якой можна было ўбачыць, як з нумара ў нумар мяняўся дызайн альманаха, пашыраўся яго аб'ём - а гэта значыць, адкрываліся новыя імёны, не згасала на Лідчыне літаратурная дзейнасць.

Цікавым момантам імпрэзы быў удзел у ёй слыннага лідскага барда Сяржука Чарняка. Першай ён выканаў песню на верш Крысціны Лялько, які якраз і надрукаваны ў восьмым нумары альманаха "Ад лідскіх муроў". А апошнюю песню - "Зорку Венеру" - на словы Максіма Багдановіча ўсе прысутныя выканалі хорам. Трэба сказаць, што Сяржук Чарняк культывуе харавыя спевы на сваіх канцэртах, але пісьменніцкую грамаду нахіліў да харавога выканання ўсім вядомай песні ўпершыню.

Вельмі добра, што ёсць на Лідчыне сваё літаратурна-мастацкае выданне, якое дае магчымасць творчым людзям заявіць аб сабе. Вельмі добра, што ёсць людзі, зацікаўленыя ў падрыхтоўцы такога каштоўнага зборніка. А што свой літаратурны альманах Лідчыне патрэбны, сведчыць хаця б вялікая колькасць імён аўтараў у новым нумары "Ад лідскіх муроў".

Лідчына - край творчых людзей, а значыць - "Лідскім мурам" быць!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX