Папярэдняя старонка: 2016

№ 15 (1270) 


Дадана: 14-04-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 15 (1270), 13 красавіка 2016 г.


18 красавіка - Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін (Дзень сусветнай спадчыны)


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале колькасць падпісчыкаў нязначна павялічылася. Трэба адзначыць Магілёўскую, Гомельскую і Менскую вобласці. Рэзка павялічылася колькасць падпісчыкаў у Магілёве, Уздзе, Мядзелі і Полацку. Павялічылася падпіска ў Менску, але застаюцца яшчэ раёны, куды не ідзе ніводнага нумара. Упершыню такі раён з'явіўся ў Гарадзенскай вобласці.У Зэльвенскім раёне не выпісалі ні аднаго асобніка газеты.

Студзень Красавік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 22 15

Бяроза р.в. 8 9

Белаазёрск р.в. 1 1

Бярэсце гор. 6 7

Ганцавічы р.в. - -

Драгічын р.в. 1 1

Жабінка р.в. - 1

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 7 5

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 1 2

Ляхавічы р.в. - 1

Маларыта р.в. - 1

Пінск гор. 5 6

Пружаны р.в. 5 6

Столін р.в. 1 1

Усяго: 61 60


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 2 1

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 21 23

Віцебск РВПС 3 2

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 9 8

Гарадок р.в. 5 4

Докшыцы р.в. 6 4

Дуброўня р.в. 1 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 3 2

Наваполацк гор. 20 21

Орша гор. 11 11

Полацк гор. 3 7

Паставы р.в. 14 11

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 2 2

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 7 8

Шуміліна р.в. - 1

Усяго: 119 119


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 7 6

Вілейка гор. 3 2

Валожын гор. 9 9

Дзяржынск р.в. 10 12

Клецк р.в. - 1

Крупкі р.в. 3 4

Капыль р.в. 1 1

Лагойск 3 7

Любань р.в. 1 -

Менск гор. 250 260

Менск РВПС 9 11

Маладзечна гор. 10 10

Мядзель р.в. 4 8

Пухавічы РВПС 5 5

Нясвіж р.в. 4 5

Смалявічы р.в. 1 2

Слуцк гор. 7 9

Салігорск гор. 20 19

Ст. Дарогі р.в. - 1

Стоўбцы р.в. 4 4

Узда р.в. 1 6

Чэрвень р.в. 3 3

Усяго: 358 388


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 3

Брагін р.в. - 1

Ветка р.в. 2 2

Гомель гор. 24 24

Гомель РВПС 1 -

Добруш р.в. - 1

Ельск р.в. - -

Жыткавічы р.в. 16 16

Жлобін гор. 2 2

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. - -

Лельчыцы р.в. - 2

Лоеў р.в. - 1

Мазыр гор. 1 2

Акцябарскі р.в. 1 2

Нароўля р.в. - -

Петрыкаў р.в. - 2

Рэчыца гор. 1 1

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 2 2

Хойнікі р.в. - 2

Чачэрск р.в. - 2

Усяго: 55 67


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 3 3

Ваўкавыск гор. 8 8

Воранава р.в. 4 4

Гародня гор. 35 37

Гародня РВПС 15 15

Дзятлава р.в. 13 9

Зэльва р.в. 1 -

Іўе р.в. 3 3

Карэлічы р.в. 3 3

Масты р.в. 3 3

Наваградак гор. 2 3

Астравец р.в. 4 3

Ашмяны р.в. 4 3

Смаргонь гор. 3 3

Слонім гор. 14 12

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 2 3

Ліда 14 16

Усяго: 135 132


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 4 3

Бялынічы р.в. - 1

Быхаў р.в. - 2

Глуск р.в. - 1

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. - 1

Кіраўск р.в. - 2

Клічаў р.в. - 1

Клімавічы р.в. - 1

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. - 2

Крычаў р.в. - 1

Круглае р.в. 2 2

Мсціслаў р.в. 1 2

Магілёў гор. 28 36

Магілёў РВПС - 1

Асіповічы гор. 15 17

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. - 1

Чэрыкаў р.в. 2 -

Чавусы р.в. - 1

Шклоў р.в. 2 2

Усяго 57 80

Усяго на краіне: 785 846


Доўгіх гадоў, спадарыня Івонка!

11 красавіка споўнілася 80 год з дня народзінаў старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі СУРВІЛЫ.

Iвонка Сурвіла (Шыманец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўбцах. З 1944 года - у эміграцыі. Яе бацька, Уладзімір Шыманец, быў міністрам фінансаў ва ўрадзе БНР часоў Міколы Абрамчыка. Жыла ў Францыі' Даніі' Іспаніі. Цяпер жыве ў Канадзе. Мае дзвюх дачок.

Скончыла вышэйшую Мастацкую школу ў Парыжы' пазней - лінгвістычнае аддзяленне Сарбонскага ўніверсітэта (1959). Акрамя роднай мовы' валодае яшчэ васьмю: французскай' іспанскай' ангельскай' нямецкай' дацкай' лацінскай' нарвежскай' польскай. У 1958-1965 гадах працавала ў беларускай рэдакцыі іспанскага Нацыянальнага радыё. З 1969 года працавала ў Федэральным урадзе Канады.

Івонка Сурвіла брала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці дыяспары, рэпрэзентавала ідэю беларускай незалежнасці на сустрэчах з канадскімі палітыкамі, на канфэрэнцыях ды імпрэзах. Займалася жывапісам' удзельнічала ў мастацкіх выставах. У 1989 годзе арганізавала канадскі Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі і заставалася яго кіраўніцай да 1997 года. Дзякуючы фонду, у Беларусь былі перададзеныя лекі ды медычнае абсталяванне на дзесяткі мільёнаў даляраў, на аздараўленні ў Канадзе пабывалі тысячы беларускіх дзяцей.

У жніўні 1997 года абрана старшынёй Рады БНР.

Вікіпедыя.


70 гадоў з дня нараджэння Валянціны Коўтун

Валянціна Міхайлаўна КОЎТУН, у дзявоцтве Новік (6 красавіка 1946, в. Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці - 30 красавіка 2011, Пінск. Псеўданімы: Леся Беларуска; Ясельда) - беларуская паэтэса, празаік, літаратуразнавец.

Нарадзілася ў сям'і настаўніка. Скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу. Працавала піянерважатай у Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёна. Паступіла на філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 4 курса перавялася ў БДУ, які скончыла ў 1969. Працавала настаўніцай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна (1969-1970), літкансультантам "Сельской газеты" (1970-1976). У 1977-1980 вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Член СП БССР (з 1975), СП СССР (з 1976). З 1976 - літсупрацоўнік, з 1979 - рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса "Полымя", з 1982 - загадчык рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва "Юнацтва", з 1990 - старшы рэдактар аддзела прозы часопіса "Полымя", з 2006 - рэдактар аддзела паэзіі часопіса "Маладосць". Старшыня Усебеларускага жаночага фонду святой Еўфрасінні Полацкай (з 1993). Член СП Украіны (з 1997).

Дэбютавала ў друку ў 1966. Аўтар зборнікаў паэзіі "Каляровыя вёслы" (1971), "На ўзлёце дня" (вершы і паэмы, 1977), "На зломе маланкі" (1981), "Метраном" (1985), "Лісты да цябе" (вершы і паэмы, 1988), рамана "Крыж міласэрнасці" (1988), рамана "Пакліканыя" (2002). Адна з важных тэм творчасці - асэнсаванне асобы беларускай паэтэсы Цёткі (А. Пашкевіч), якой прысвечаны паэмы "На зломе маланкі" (1979), "Суд Алаізы" (1985). Аўтар кніжак паэзіі для дзяцей "Мы робім казку" (1983), "Вясёлы заасад" (1986), зборніка апавяданняў "Калінавая гронка залатая" (1988).

Таксама вядомая як крытык і літаратуразнавец. Перакладала з рускай, украінскай і іншых моў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1986) за кнігу паэзіі "Метраном".

Вікіпедыя.


Наш зямляк будзе прызнаны слугой Божым

У нядзелю на пл. Незалежнасці ў Менску гучна білі званы, граў духавы аркестр. Сотні менчуков сталі сведкамі гістарычнай падзеі. 10 красавіка распачаўся працэс беатыфікацыі і кананізацыі беларускага шляхціца, фундатара касцёла св. Сымона і Алены Эдварда Вайніловіча.

Працэс адметны тым, што адбываецца не за мяжой, а на беларускай зямлі, да ліку святых набліжаецца асоба свецкая - годны бацька сям'і, хімік-тэхнолаг, знаўца ў сельскагаспадарчай галіне, дыпламат, банкір і мецэнат, сумленны чалавек-хрысціянін. Каб вернікі розных канфесій у сваіх святынях праслаўлялі Бога, ён ахвяраваў свае сродкі на будаўніцтва касцёла, цэркваў, сінагогі і мячэці. Ён хацеў, каб мір і спакой панавалі на гэтай зямлі.

Эдвард Вайніловіч - гэта карэнны беларускі шляхціц, які меў роднасныя сувязі са слуцкімі князямі Алелькавічамі, нясвіжскімі Радзівіламі, грушаўскімі Рэйтанамі і менскімі Ваньковічамі. Ён нарадзіўся ў менскай Сляпянцы ў 1847 годзе. Яго блізкімі родзічамі з'яўляліся кампазітар Станіслаў Манюшка і мастак Валенці Ваньковіч. У 1881 годзе Э. Вайніловіч скончыў з медалём Слуцкую гімназію, у 1865 годзе паступіў у Пецярбургскі імператарскі тэхналагічны інстытут, а ў 1872 годзе стаў слухачом селскагаспадарчай акадэміі ў Польшчы. У 1876 годзе ён заснаваў на нашых землях Сельскагаспадарчае таварыства. У 1882 годзе адбыўся шлюб Эдварда з Алімпіяй Узлоўскай.

Эдвард Вайніловіч тройчы абіраўся ў Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі, дзе прадстаўляў Менскую губерню. Праз усё свае жыццё ён паказаў сябе ўзорным сем'янінам, мужам і бацькам. У веры і малітве ён чэрпаў мужнасць, цярплівасць і вытрымку. Калі ад іспанкі памерлі яго дзеці Сымон і Алена, ён не ўпаў у роспач і крыўду, а сабраўся з духам і пабудаваў у Менску касцёл у гонар святых Сымона і Алены. Э. Вайніловіч спрыяў культурным справам. Ён падтрымліваў першае беларускае легальнае выдавецкае таварыства " Загляне сонца і ў наша ваконца", часопісы "Лучынка" і " Саха".

Апошнія 8 гадоў свайго жыцця ён правёў у Быдгашчы. Там ён арганізаваў прытулак для дзяцей-сірот і апякаваўся імі да канца жыцця. Бачачы ў Эдвардзе дабрыню і любоў, дзеці гарнулся да яго і давяралі яму свае лёсы.

- Ён застаўся сведкам веры і пакінуў нам Чырвоны касцёл. У атэістычныя часы, калі не маглі казаць людзі, то прамаўлялі камяні. Духам Божым прамаўляў сам касцёл, праз сваю архітэктурную прыгажосць, - адзначыў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. - Сёння ў свеце вядома, што краіна Беларусь не толькі робіць трактары, МАЗы і БелАЗы, але будуе сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях, - падкрэсліў арцыбіскуп. - Сёння вядзецца дыялог паміж каталікамі і праваслаўнымі. Пра гэта ўжо думаў у свой час Эдвард Вайніловіч. Парэшткі Эдварда Вайніловіча ў 2006 годзе былі перавезены з Быдгашча ў Менск праз клопат пробашча Уладзіслава Завальнюка і перапахаваны каля святыні, якая стала візітнай карткай нашага горада. Ватыкан даў згоду на правядзенне беатыфікацыйнага працэсу нашага суайчынніка. Важна, што працэс распачынаецца ў год Божай Міласэрнасці.

Пасля ўрачыстай імшы адбылася першая сесія беатыфікацыйнага трыбунала. Быў зачытаны дэкрэт прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі кардынала Анджэло Амато, якія дазваляе беларускім святарам праводзіць працэс вывучэння жыцця і дзейнасці Эдварада Вайніловіча і збору неабходных дакументаў на месцы.

Беатыфікацыйны працэс з'яўляецца пацверджаннем аднаўлення жыцця Каталіцкага касцёла на Беларусі, які адзначае 25-годзе адраджэння сваіх структур у нашай краіне і 25-годдзе заснавання Менска-Магілёўскай мітраполіі.

Эла Оліна, фота аўтара.


125 гадоў з дня нараджэння Язэпа Варонкі

Радзімай Язэпа Варонкі з'яўляецца Сакольшчына на Беласточчыне, дзе ён нарадзіўся 17 красавіка 1891 года. Дзіцячыя гады Язэпа прайшлі на Беласточчыне, а вось юнацтва і палітычны вопыт набіраліся ў Санкт-Пецярбургу. Там юнак пэўны час слухаў лекцыі на юрыдычным факультэце мясцовага ўніверсітэта, супрацоўнічаў з рознымі пецярбургскімі газетамі і часопісамі і свае матэрыялы падпісваў Юрый Вегаў. Да 1917 года паэту і публіцысту Юрыю Вегаву ў Пецярбургу жылося даволі нядрэнна і весела. Аб гэтым нават згадвае В. Ункоўскі ў рускім часопісе "Возрождение" (Парыж, жнівень, 1956 г.): "Сакратаром рэдакцыі быў сімпатычны студэнт-юрыст Пецярбургскага ўніверсітэта Язэп Якаўлевіч Варонка - беларус з Беластока. Высокі прыгожы брунет, ён хадзіў не ў сціплай тужурцы, а ў адмыслова пашытым студэнцкім сурдуце, зашпіленым на ўсе гузікі. Жыў ён у памяшканні рэдакцыі (Неўскі праспект, нумар 3, насупраць Галоўнага Штаба), спаў на стосах непрададзеных газетаў (а іх тут былі горы). Заробленае прагульваў за лічаныя дні, а пасля любіў наспеўваць нешта пра кішэню з дзюркай. У Пецярбургу выходзіў невялічкі часопіс "Театральное обозрение", які каштаваў 5 капеек, дзе штодня друкаваліся падрабязныя афішы ўсіх спектакляў і канцэртаў, а таксама тэатральная хроніка. Варонка даваў інфармацыйныя зацемкі, а таму быў сталым наведнікам тэатральных грымёрных і заляцаўся да артыстак" . Далей аўтар успамінае: "Пазнаёміўся я з Варонкам у 1913 годзе, а эпісталярна мы былі знаёмыя з 1911 году. Тады я быў рэдактарам другога "Всероссийского Студенческого Сборника". Першы з'явіўся за колькі год перад тым пад рэдакцыяй І. Буніна і М. Целяшова. Варонка даслаў мне для зборніка падпісаную ягоным прозвішчам празаічную мініяцюру "Осеннее" і два вершы пад псеўданімам Юры Вегаў. Усё гэта я надрукаваў. Чысты прыбытак ад продажу зборніка прызначаўся Пяцігорскаму студэнцкаму санаторыю. Першае выданне разышлося, а калі зімою 1913 года я пазнаёміўся з Варонкам, мы задумалі выпусціць "Всеросийский Студенческий Сборник" другім выданнем. Так і сталася: увесну 1914 года другое выданне выйшла, дзякуючы незвычайнай энергіі Я.Я. Варонкі, - кніга з'явілася ў вітрынах кнігарняў Пецярбурга, Масквы, Харкава, Кіева і іншых гарадоў.

Вайна 1914 года. Мяне мабілізавалі як малодшага доктара ва ўласны санітарны цягнік імператрыцы Аляксандры Фёдараўны, і з Варонкам мы больш не сустракаліся. Але ён часта пісаў мне і на адрас цягніка, і на маю харкаўскую кватэру. Мушу прызнацца, я адказваў не заўсёды. У ягоных лістах не было нічога актуальнага. Ён працягваў супрацоўнічаць з "Обозрением театров". Арганізоўваў штотыднёвыя часопісы - "Вереск", "Колосья", але яны спыняліся пасля выхаду першага ж нумара. Яму фатальна не шанцавала. Сябраваў з вядомым таленавітым паэтам Мікалаем Агніўцавым. Той хваліў вершы Варонкі, падпісаныя псеўданімам Юрый Вегаў". (Пераклад тэксту з рускай мовы Лявона Юрэвіча).

З 1917 года Язэп Варонка пачынае сур'ёзна займацца палітыкай. Ён уступае ў Беларускую сацыялістычную грамаду, пасля становіцца членам яе Цэнтральнага Камітэта. На розных расійскіх дэмакратычных нарадах і сходах выступаў з прадмовамі ў абарону Беларусі, а таксама супраць урадавай кааліцыі сацыялістычных партый з буржуазнымі. Жывучы ў Петраградзе, Язэп Варонка ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў гэтым горадзе па аказанні дапамогі тым, хто пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. У канцы 1917 года ён прыязджае ў Менск, дзе яго абіраюць камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады. Варонка актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з'езду. А ў лютым 1918 года ён становіцца старшынём Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў. 25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Язэп Варонка быў адным з яе арганізатараў і ініцыятараў. Наогул, Язэп Варонка заўсёды лічыў, што ворагамі беларускага адраджэння з'яўляюцца Расія і Польшча. Адмоўна ацэньваў палітыку ў нацыянальным пытанні як Часовага ўрада Расіі, так і Савета Народных Камісараў. Адначасова асуджаў захоп Беларусі войскамі Польшчы, паказваў крывадушнасць палітыкі польскіх акупантаў, выкрываў іх і крытыкаваў. У сваёй кніжцы "Беларускі рух ад 1917 да 1920 году" (Коўна, 1920 г.) Язэп Варонка сур'ёзна ўзняў пытанні роднай мовы, адносіны да яе палякаў, рускіх і немцаў. Ён пісаў: "Расейскія русіфікатары лаялі беларускіх дзеячоў за тое, што яны "польскія найміты" і так далей, але ў той самы час палякі ўсюды выступалі проці таго, каб ніякім спосабам не ўводзіць беларускай мовы ў касцёле, бо гэта ёсць пераход да маскалёў і схізматыкаў. Такім чынам і з аднаго, і з другога боку беларускую справу залічалі, то да польскай, то да маскоўскай інтрыгі, але фактычна ні адна з гэтых старон справе не дапамагала… А вось немцы падавалі вялікія надзеі ў дапамозе адраджэнню беларускае культуры і распаўсюджанню беларускага руху. Не можна ўпусціць з вока таго факту, што фепльдмаршал Гіндэнбург першы ў пачатку 1916 году асобным расказам аб'явіў беларускую мову ў старой акупацыі мовай раўнапраўнай іншым мовам у краі: літоўскай, жыдоўскай і польскай. Пры немцах на беларускай мове друкаваліся адозвы, пашпарты, падтрымліваліся беларускія школы, школьныя выдавецтвы…" .

У 1923 годзе Язэп Варонка пакінуў Беларусь і эміграваў у ЗША, дзе і пражыў усё сваё астатняе жыццё (памёр 4.6.1952 г.). Там наш суайчыннік быў адным з пачынальнікаў беларускага палітычнага руху. Ён узначальваў Беларуска-Амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету, арганізоўваў і вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё. Больш шчыра пра амерыканскі перыяд жыцця Язэпа Варонкі напісаў у сваёй кнізе "Беларусы ў ЗША" (Мн., 1993) Вітаўт Кіпель: "Язэп Варонка быў выдатным пачынальнікам і кіраўніком беларускага руху ў Злучаных Штатах. Ён прыехаў у гэтую краіну з ініцыятывы Янкі Чарапука як прадстаўнік Рады БНР. Я.Варонка да свайго прыезду ў Злучаныя Штаты меў ужо значны досвед палітычнага кіраўніцтва, займаючы пэўны час сярод іншага пасаду прэм'ер-міністра Беларускае Народнае Рэспублікі. Ён быў высокаадукаваным чалавекам. Ён адыграў значную ролю ў грамадскім і палітычным жыцці амерыканскіх беларусаў, а ягонае напахіснае жаданне заснаваць магутную беларускую арганізацыю заслугоўвае ўсялякае павагі…".

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

Віцебская абласная канферэнцыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

10 красавіка ў Віцебску прайшла канферэнцыя Віцебскай абласной арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Канферэнцыя заслухала справаздачны даклад аб дзейнасці абласной арганізацыі за два гады і даклад рэвізійнай камісіі.

Падчас канферэнцыі былі выказаны і крытычныя заўвагі ў адрас газеты "Наша слова". Разам з тым падпіска на газету ў Віцебскай вобласці не павялічылася ні на адзін нумар, хаця, скажам, Марыя Баравік проста ўзяла і выпісала некалькі нумароў сваім знаёмым.

Канферэнцыя абрала новага старшыню арганізацыі. Ім стаў Юрась Бабіч, які нядаўна абраны старшынём абласной рады.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел старшыня ТБМ Алег Трусаў і першы намеснік старшыні Алена Анісім, былы старшыня абласной арганізацыі Іосіф Навумчык і начальнік ідэалагічнага аддзела аблвыканкама, які выступіў на добрай беларускай мове.

Падрабязны рэпартаж з канферэнцыі - у наступным нумары

Наш кар.


Газету робяць чытачы

З нагоды публікацый пра газету "Наша слова" хачу і сам колькі слоў сказаць пра яе, пра сутнасць гэтага друкаванага органа. Калі газета з'яўляецца органам якой-небудзь арганізацыі, хай сабе і грамадскай, дык тады хочацца ўскрыкнуць: "Калі стварылі, дык карміце!". Вось чаму хачу сказаць, што клопат пра становішча газеты павінен быць усеагульным клопатам і ў першую чаргу - кіраўніцтва ТБМ. І клопат гэты павінен быць не выпадковым, а пастаянным і значным. Што гэта абазначае, думаю, зразумела ўсім - і знакамітым, і "дылетантам".

Спрачацца ні з кім не хачу, хаця прызнаюся, прачытаўшы абодва нумары (№ 5, № 7), хацелася камунікаму даць "адлуп" ды супакоіўся і па сутнасці хачу заўважыць: "Наша слова" - гэта не "ЛіМ", а таму не трэба мелаванай паперы - добра, калі хапае газетнай. І зверхпрасунутыя фатаграфіі таксама не вельмі патрэбны - было б што даваць у тэксты да іх. Тым пісьменнікам, пра якіх дбаюць "паважаныя", у гэтую газету пісаць проста няма чаго. Пра гумар - яго хапае ў жыцці ды ў розных бульварных газетках.

Пра водгук Міхася Спірыдовіча хочацца адказаць на яго развагу, што газета не цікавая, таму што ў ёй мала матэрыялаў з месцаў, што, дарэчы, ісцінная праўда. Нешта я не прыпомню і допісаў самога М. Спірыдовіча (калі з гэтым памыляюся, прабачце). Параўноўваць "Наша слова" з "Народнай воляй" ніяк нельга, у той працуюць вялікія прафесіяналы, як бы мовіць "зубры", а "Наша слова" - газета сціплая, простая, і не трэба ёй тытулавацца. Аб'ядноўваць яе з "Новым часам" тым больш неразумна. Далей, любая газета перш за ўсё - інфармацыйны сродак, і таму, чым больш у ёй інфармацыі пра людзей, розныя падзеі, гісторыю (у невялікім аб'ёме), тым цікавей і карысней яна будзе.

Што датычыць "перапіскі" А.А. Трусава, то яе, калі і даваць, то ў пераказе, а не цалкам з рознымі тытуламі і г.д. Але газета - гэта "гарачы цэх", яна павінна выходзіць без затрымак, таму часта друкуе тое, што ёсць. Ізноў даводжу сваё: "Газету робяць чытачы", хаця гэта не маё выслоўе, а вельмі даўняе і ўдалае.

Міхасю і іншым хачу таксама сказаць: хопіць "ірваць гужкі" з уладай - з ёй трэба супрацоўнічаць і прынцыпова адстойваць беларусізацыю, якая, дасць Бог, павінна пачацца. Гэта ўжо разумеюць улады - і вышэйшыя, і мясцовыя. Роднага слова апошнім часам пачалі менш цурацца нават у нашым усходнім рэгіёне. Ды тое, хаця і невялікае, павелічэнне часу на вывучэнне роднай мовы ў школах таксама сведчыць пра гэта.

Я, напрыклад, аптыміст і шчыра веру, што беларускамоўе зацвердзіцца ў нашым грамадстве, а "Наша слова" будзе жыць і паляпшацца. Трэба толькі ўсім адукаваным і не вельмі пісаць у газету пра сваё мясцовае жыццё, пра падзеі і розныя навіны, пра сябе і людзей і, канешне ж, пра сваю суполку ТБМ. Я, напрыклад сам узяўся пісаць пра нашы падзеі ў "Наша слова" без усялякіх даручэнняў і лічу, што гэта не лішняе.

Дадам, што я - былы настаўнік, але ж не моўнік, а гісторык, і, можа, з пункта гледжання спецыяліста ад мовы ў мяне і не ўсё гладка, дык выбачайце. Хай прабачаць мяне і тыя, каго зачапіў у сваіх разважаннях.

Мінай Карніенка , сябар ТБМ, г. Орша, Віцебская вобл.


"І не знікаць паэтам вечна..."

І на гэты раз аршанскі музей У. Караткевіча зноў пацвердзіў сваё права называцца літаратурным. Яго работнікі, арганізоўваючы літаратурную гасцёўню да Сусветнага дня паэзіі, улічылі і тое, што пачынаюцца вясеннія канікулы ў школах, ды і запрасілі ў музей школьнікаў - іх сабралася столькі, што давялося ставіць дадатковыя лаўкі ў зале. Сярод прысутных прадстаўнікоў моладзі было нямала юных аматараў паэзіі, якія з задавальненнем чыталі вершы вядомых паэтаў, а таксама свае ўласныя сачыненні. Былі сярод іх і ўдзельнікі ўзорнай школы "Лотас" пад кіраўніцтвам Марыяны Шамалавай, якія займаюцца паэтычным словам на прафесійным узроўні. А больш сталыя паэты былі прадстаўлены ўдзельнікамі літаратурнага аб'яднання "Дняпроўскія галасы". Першымі ўзялі слова дзеці з СШ № 3, якія працуюць пад апекай мастацкага кіраўніка школьнага тэатра "Светлячок" Іны Сяргееўны Астроўскай. Яе выхаванка Кацярына Ліхачова прачытала вершы Уладзіміра Караткевіча "Жаўранак - звонкая песня" і "Бацькі". Потым выступалі чытальнікі беларускіх вершаў з СШ № 17, а таксама іхнія аднагодкі з СШ № 18, якія парадавалі нас цудоўнымі вершамі У. Караткевіча і Петруся Броўкі.

Калі ж арганізатары літаратурнага дзейства адчулі, што слухачы пачалі стамляцца, яны адразу ж далі слова песенніцам з народнага клуба "Яшчэ не вечар" Валянціне Рыгораўне Скарадулі і Але Ільінічне Касцюкевіч, якія і сола, і ў дуэце праспявалі некалькі песень. Асабліва спадабаліся ўсім - і сталым людзям, і школьнікам - песня "Маці", за выкананне якой Валянціна Рыгораўна на прайшоўшым толькі што (12 сакавіка) абласным конкурсе атрымала Дыплом І супені.

Пасля кароткага песеннага адступлення зноў пайшло паэтычнае слова. І тады нам напомнілі моцныя вершаваныя радкі, дзе У. Караткевіч выказваў свае пачуцці да асобных мормантаў жыцця:

Радок бяззбройны і бяспечны,

Слабым - адзіна верны шчыт.

І не знікаць паэтам вечна,

У вечнай песні жывучы.

І як бы ў пацверджанне гэтай паэтычнай вечнасці сваё паэтычнае слова сказалі ўдзельнікі літаратурнага аб'яднання "Дняпроўскія галасы", якія з годнасцю нясуць паэтычную ліру Аршаншчыны. Першай далі слова самай паважанай паэтцы Аршаншчыны Людміле Міхайлавай. Свае вершы і кніжкі дэманстраваў Анатоль Прохараў.

Напрыканцы літаратурнай гасцёўні мы яшчэ раз прыгадалі У. Караткевіча, які пісаў:

Тут прыпала табе нарадзіцца,

Тут звычайныя людзі зямлі

Разгадалі тваю тамніцу

І Сусвету цябе аддалі.

Вось на такой узнёслай ноце мы пакрысе і разыходзіліся, абменьваючыся думкамі і пачуццямі і сыходзіліля ў згодзе, што "не знікаць паэтам вечна".

Мінай Карніенка.


Немэтазгодныя адхіленні

Пра ўжыванне слоў

Паводле публікацый у тыднёвіку "Наша слова" пакажам асобныя словы і слова-формы, у якіх назіраюцца адхіленні ад усталяваных нормаў, правілаў ужывання. Гэта не разавыя хібы і памылкі (у моўнай практыцы яны не рэдкія і самыя разнастайныя), а тыя, што паўтараюцца і пачынаюць прэтэндаваць на статус варыянтаў.

Адрывак. Падчас сустрэчы дэманстраваліся прэзентацыі, адрыўкі з фільмаў і відэаролікі... У раздзеле "Пераклады" друкуецца адрывак з рамана албанскага пісьменніка... (НС, 18.11.2015; 23.12.2015).

Такое слова магло б быць апраўданае ў тэксце, скажам, пачатку ХХ стагоддзя, калі ішло інтэнсіўнае станаўленне публіцыстычнага стылю, і многія словы запазычваліся ці калькаваліся з рускай мовы.

А цяпер, а сёння? Назоўнік урывак усталяваўся ў беларускай мове - кніжна-літаратурнай і гутарковай, зафіксаваны ў слоўніках. Слова гэтае недвухзначнае, зразумелае, словаўтваральна беззаганнае. Дык які сэнс перарабляць яго на адрывак ?

Лідэр. Ён быў лідэрам не таму, што гучней казаў (НС, 18.11.2015).

Варыянт лідар , кадыфікаваны новымі "Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (2011) і дружна прыняты друкаванымі выданнямі, бліжэй да беларускай мовы, чым ранейшы лідэр . Няма патрэбы яго ігнараваць.

Не гледзячы (на) . Не гледзячы на перашкоды з боку камуністычных уладаў (Г. Каханоўскі) стаў дырэктарам Менскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне (НС, 6.01.2016).

Выдзеленае спалучэнне - прыназоўнік, якому ў граматыках і слоўніках адпавядае нягледзячы , ён замацаваўся ў літаратурнай мове. У варыянце нягледзячы выразна выяўляецца фанетычная асаблівасць беларускай мовы - яканне . Напісанне ж не гледзячы схіляе на адыход ад правіла якання . Не толькі ў гэтым слове.

Нейкае апраўданне так (як два словы) пісаць паданалізны прыназоўнік можна знайсці. Прынамсі, такое. У "Руска-беларускім слоўніку" (1982) прыназоўнік несмотря перакладаецца двума сінонімамі: нягледзячы (на каго-што) , не зважаючы (на каго-што) . Калі пішацца не зважаючы (як два словы), то чаму не напісаць не гледзячы ? Ды больш падстаў у традыцыйнага нягледзячы .

Не вядома. ... Ці дойдзе да паездак рэдакцыі па Магілёўскай і Гомельскай вобласці - не вядома ... (НС, 3.02.2016) .

Вылучаным словам адпавядае нарматыўнае невядома .

Некаторыя адхіленні сведчаць пра пошук больш характэрных для беларускай мовы слоў, словаформаў. Напрыклад: Была (К. Анісава) вельмі ўважлівая і клапатлівая, эрудаваная і патрабавальная... (НС, 3.02.2016).

Гэты прыметнік адлюстроўвае тэндэнцыю на пацясненне суфікса -ірава- ў беларускім словаўтварэнні, замены яго суфіксам -ава- .

Мабыць, паслядоўна ўжываецца форма творнага склону назоўніка старшыня : Ганаровым старшынём Баранавіцкай рады ТБМ абраны Міхась Бернат (НС, 23.12. 2015). Варыянт мае права на існаванне. Параўнаем: Кузьма-Кузьмом (у гаворцы вёскі Брусы Мядзельскага раёна).

Алесь Каўрус


Tаленавіты і малады

Сяржук Доўгушаў нарадзіўся 17 красавіка 1983 года ў вёсцы Новае Тарчылава на Аршаншчыне (Віцебская вобласць). Матуля - Наталля Паўлаўна Рыбакова, а тата - Васіль Радзівонавіч Доўгушаў. Хлапец пайшоў у школу ў мястэчка Балбасава, якую закончыў у 2000 годзе. У школьныя гады размаўляў на "трасянцы". У 2000 - 2002 гадах атрымоўваў адукацыю кухара ў вучэльні № 18, а потым з 2002 па 2004 г. вучыўся ў хіміка-тэхналагічным тэхнікуме.

У часы студэнцтва актыўна наведваў Магілёўскі драматычны тэатр. З 15 год пачаў спяваць і ўтварыў у вёсцы Тарчылава гурт "NEMVMA", які неактыўна існуе і зараз.

Сяржук прайшоў конкурс на падрыхтоўчае аддзяленне ў Беларускую акадэмію музыкі і паступіў на спецыяльнасць "Оперныя спевы". Навучэнне працягвалася з 2004 па 2010 год. Мае голас "тэнар" з лірычным ладам.

У 2010 годзе ўладкаваўся ў Філармонію (Менск) як саліст-артыст. Яшчэ ў 2008 годзе заснаваў гурт "FRAT-REZ". У 2011 годзе выйшаў альбом гурта "FRATREZ", які па стылістыцы як сакральны мінімалізм... У 2010 годзе быў заснаваны гурт "VURAJ", які мае ўжо чатыры альбомы. "Раёк" - лепшы альбом (наклад у 500 асобнікаў ужо разышоўся).

Зацікавіўся беларушчынай у 2009 годзе праз знаёмства з Андрэям Аляхновічам з горада Крупкі, а таксама з Аляксеем Жбанавым, які жыве ў Берліне (з ім рабілі праект "Песні філаматаў і філарэтаў").

У калектыў "VURAJ" уваходзяць: Анастасія Папова (скрыпка), Эрык Арлоў (кантрабас), Вольга Палякова (флейта), Алесь Ясінскі (баян), Даніла Залескі (бубны).

Гурт зладзіў некалькі сольных канцэртаў. Ён выступаў у Расіі, Польшчы (Гданьск, Варшава), Чэхіі, Украіне, а таксама аб'ездзіў з гастролямі ўсе абласныя і многія раённыя цэнтры нашай краіны.

Спадар Сяргей цікавіцца беларускай літаратурай, не мае часу марыць, але мае свае мэты і планы...

Аляксей Шалахоўскі.


Памёр выбітны мовазнавец Зміцер Саўка

На 51-м годзе жыцця памёр ад раку ЗміцерСаўка . У яго засталося 5 дзяцей. Апошнія гады Зміцер працаваў на Белсаце.

Зміцер Саўка нарадзіўся 26 ліпеня 1965 года ў Менску. Любоў да беларускай мовы прывіла бабуля па мацярынскай лініі - з чацвёртага класа ён прыязджаў да яе на вёску Сенькавічы Івацэвіцкага раёна, дзе гаварылі па-беларуску.

Вучыўся ў сталічнай сярэдняй школе № 61. Адразу пасля школы спрабаваў паступіць на філалагічны факультэт БДУ. Але не паступіў. Год правучыўся ў школе-краме трэста "Менскхлебгандаль". З другой спробы, у 1983 годзе ўсё ж паступіў на філфак. На факультэце быў ініцыятарам стварэння суполкі Фонду культуры. Суполка даглядала магілы славутых беларусаў на Вайсковых могілках у Менску.

Удзельнічаў у моладзевым грамадскім аб'яднанні "Беларуская Майстроўня" (1979-1984). У чэрвені 1984 го-да Зміцер Саўка, Вінцук Вячорка, Артур Клінаў ды іншыя былі ўдзельнікамі першага пікету, які майстроўцы ладзілі на знак пратэсту супраць руйнавання будынка старога менскага тэатра.

Аўтар кніг выдання "Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія" (у суаўтарстве з В. Кіпелем; Нью-Ёрк-Менск, 2002) і "Беларускі клясычны правапіс" (у суаўтарстве з Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Змітром Санько; Вільня-Менск, 2005).

Зміцер быў адным з аўтараў праграмы "Моўнік", якая выходзіла на тэлеканале "Белсат".

У 2015 годзе разам з моўнай службай "Белсату" і пры чыннай дапамозе валанцёраў стварыў моўны онлайн-сэрвіс "Добрапіс".

Зміцер Саўка хварэў на рак.

Вінцук Вячорка: "Гэта вельмі вялікая страта для нашай культуры, для мовазнаўства. Ды і ўвогуле для беларушчыны. Такога матываванага, такога глыбокага, такога адказнага чалавека яшчэ трэба будзе пашукаць і пашукаць. Калі Зміцер браўся за нейкую справу, то рабіў ён яе да дэталяў. Ён быў яшчэ і бясстрашным чалавекам. Ён не баяўся кідаць лёсу і палітычныя выклікі, а не толькі творчыя і навуковыя. Зміцер не баяўся ісці супраць майнстрымавай плыні.

Зміцер пакінуў пасля сябе немалую навуковую спадчыну. Ведаючы, колькі яшчэ было ў яго планаў, я зноў жа дакараў бы і сябе, і ўсіх: чаму, чаму так складваецца, што не ствараем умоваў такім людзям цалкам здзейсніцца? А іх забірае няўмольны лёс".

Міхась Янчук - супрацоўнік "Белсату": "Я думаю, што без Змітра "Белсату", якім яго мы сёння ведаем, не было б цалкам. Таму што на канал прыйшлі вельмі маладыя людзі, якія былі не падрыхтаваныя да такой цяжкой працы ў такіх цяжкіх умовах. Мовы, якія яны прынеслі на "Белсат", канешне, называліся беларускай моваю. Але ў кожнага яна была свая. Хтосьці пасля свабодаўскай школы валодаў тарашкевіцай, а хтосьці ўвогуле прыйшоў з рускамоўнага асяроддзя.

І вось тая беларуская мова "Белсату", якая стваралася некалькі год, стваралася рукамі і галавой Змітра.

Таму ў мяне сёння такое адчуванне, што ў нас вырвалі мову".

Вечная памяць!


Як два разы старажытную Ліду адкрывалі

Да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін

Усім вядомы пасыл Тодара Нарбута, прывязаны да 1180 года, што на месцы горада Ліды была "асада літоўская". Успрымалася і ўспрымаецца гэта як ці то легенда, ці то гіпотэза.

Разам з тым у газеце "Кур'ер Віленскі" № 273 (2814) за 11 кастрычніка 1933 года была змешчана нататка наступнага зместу:

"Адкрыццё старажытных слядоў чалавека на тэрыторыі Ліды.

На тэрыторыі Ліды на ўчастку "Выган" падчас земляных работ на пляцы настаўніка М. Міхальчука натрапілі на вялікую колькасць чарапкоў гаршкоў, раскіданых на значнай плошчы. Таўшчыня чарапкоў была характэрная для керамічных вырабаў з далёкай мінуўшчыны, таму інжынер, які наглядаў за работамі пераслаў тыя чарапкі ў Кансервацыйную камісію ў Вільні, а земляныя работы прыпыніў.

Чарапкі паказваюць, што посуд быў роблены на ганчарным крузе, а таму з пазнейшага перыяду - можа паходзіць з перыяду ранне-гістарычнага.

Чарапкі знайшлі так-сама і ў іншай частцы ўчастка "Выган". Абодва месцы знаходак размешчаны на схіле ўзвышша тэрыторыі "Выган", якое да нядаўняга часу было аточана дрыгвой, а да хвілі парцэляцыі, што пачалалася ў апошнія часы, служыла пашаю.

Узнікае дапушчэнне, што на ўзвышшы тэрыторыі "Выган" могуць знайходзіцца або старажытныя могілкі, або знішчанае гарадзішча, або рэшткі паселішча. Патлумачаць гэта даследаванні на тэрыторыі, якія будуць праведзены з погляду на тое, што тэрыторыя "Выган" можа хаваць каштоўны гістарычны матэрыял.

У бліжэйшыя дні з Вільні па запрашэнні пана лідскага старасты, які асабіста зацікавіўся адкрыццём, мае прыехаць на месца для правядзення даследванняў асістэнтка кафедры археалогіі УСБ (Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, пер. ) д-р Гелена Цэгак.

Улад."


"Кур'ер Віленскі" № 292 (2833) ад 30 кастрычніка 1933 года друкуе ўжо артыкул слыннага археолага Ўладзіміра Галубовіча "Выправа па невядомае", у якім гаворыцца пра лідскую знаходку:

"На ўчастку "Выган" горада Ліды падчас земляных работ натрапілі на старыя чарапкі гаршкоў, на косці і вуглі. Запахла археалогіяй. Пан стараста Багаткоўскі, як добры гаспадар той зямлі, які дбае пра ўсякія яе каштоўнасці, прыпыніў работы і, пакрыўшы кошт пераезду, запрасіў з Вільні спецыяліста па археалогіі п. д-ра Гелену Цэгак, якую суправаджаў дэлегат гуртка археолагаў УСБ.

"Выган" - тэрыторыя, на якую Ліда вядзе экспансію ўжо некалькі гадоў, запаўняючы яе зграбнымі мураванымі дамкамі. Ліда наогул імпэтна разрастаецца. Што год прыбывае ў ёй каля 30 новых будынкаў, а межы горада займаюць у пэўных кірунках прастору звыш пяці кіламетраў у даўжыню. Паўстаюць прыгожыя грамадскія гмахі, як усеагульная школа імя Нарутовіча і зусім сучаснага выгляду гімназія імя Хадкевіча. Ліда можа ганарыцца гэтымі гмахамі.

"Выган" - узвышша да нядаўняга часу аточанае гразкім балотам, а цяпер перарэзанае сухімі вуліцамі. Ужо амаль увесь перакапаны.

Пробны роў пачынаем капаць на тэрыторыі пляца настаўніка Міхальчыка. Паказваецца гумус змешаны з глінай. Тэрыторыя перакопвалася не так даўно. Ёсць косці і вуглі, дзе-нідзе чарапкі гліняных пасудзін.

Капаюць беспрацоўныя. Адрабляюць атрыманыя перад гэтым дапамогі. Зімой лік беспрацоўных у Лідзе даходзіў да 2500 чалавек на 22 тыс. жыхароў. Цяпер у сезон будаўнічых і дарожных работ колькасць іх зменшылася да 250 чалавек. У нашай групе знаходзіцца 13-гадовы хлопец. Старанна дзяўбе землю велізарнай для яго рыдлёўкай, сапе ад стомы і трывожна зыркае на нас.

- Гэта таксама беспрацоўны?

- Не, адрабляе за бацьку. Гаворыць, што хворы і не можа прыйсці, а хоча адрабіць, - інфармуе інжынер, - казаў яму ісці дадому. Расплакаўся. Бацька - гаворыць. Няхай дзяўбе...

- Ці часта практыкуецца падобная адпрацоўка дапамог іншымі людзьмі?

- Досыць часта. Напрыклад пры рэстаўрацыйных работах у замку Гедзіміна некалькі жанчын адпрацоўваюць за мужоў.

- Ці руіны замка ў небяспецы?

- Не, адрамантаваны малыя шчыліны, а цяпер узмацняецца фундамент на невялікім участку. Гэта земляныя работы.

- Падобна, пад руінамі замка, як гаворыць легенда, ёсць лёхі?

- Цвердзіць гэта легенда, а часткова пэўныя факты. Апавядаў мне 80-гадовы дзядок з бліжняй вёскі, што 65 гадоў таму назад, будучы хлопцам, хадзіў у падзямеллі. Быў тады адкрыты ўваход у іх. Падобна, цягнуцца яны далёка, як гавораць аж да Трок. Так далёка той дзядок не хадзіў, бо яму лучыны не хапіла. Дзядок той часткова можа мець рацыю. Могуць існаваць падзямеллі. Два гады таму назад на дзядзінцы замка зрабілі каток. Навазілі шмат снегу. Аблілі яго вялікай колькасцю вады. Вясной уся маса снегу і лёду хутка растала. І што дзіўна - вада не выцякала і не ўтварала вялікіх лужын, а знікала амаль раптоўна. Знайшла сабе выхад пад зямлёй.

Аповесць дзеда цікавая. Ці ж бы ў традыцыі люду так глыбока сядзела памяць пра старажытную святасць Трок?

Вяртаемся на "Выган". Пробны роў расшыраецца і праглыбляецца. Можна ўжо рабіць высновы. Некалі ў акрэсе часу ад ХІ да ХІІІ стагоддзя існавала на гэтым узвышшы славянскае паселішча ("асада славянская"). Сляды яе сёння цалкам знішчаныя. Чаму славянская? Чарапы посуду маюць славянскі палоскавы (пасьмавы) арнамент, характэрны для племянных груп, ішоўшых з усходу.

Пан стараста Багаткоўскі зрабіў вялікую паслугу навуцы. На археалагічнай карце Польшчы з'явіцца новы знак, які паказвае, што на тэрыторыі "Выгану" знойдзены сляды побыту славян у раннегістарычную эпоху ў нашым краі.

Лідскі павет мае шэраг іншых, не вывучаных яшчэ помнікаў..."


Так было знойдзена старажытнае паселішча на тэрыторыі Ліды. Як відаць з артыкулаў, ніхто пакуль не звязваў знаходку з "Лідай Нарбута". Тым больш, што звесткі пра раскопкі былі надзейна сцёртыя з памяці ў выніку войнаў, зменаў уладаў і г.д.


Другі раз адкрыў гэтае паселішча Леанід Лаўрэш у 2015 годзе рыхтуючы артыкул для "Лідскага летапісца" №3 (71) пад назвай "Лідчына ў люстэрку прэсы, 1930-1935 гг.". Адкрыў, што называецца, "на кончыку пяра", знайшоўшы ў "Кур'еры Віленскім" прыведзеныя артыкулы.


Такім чынам, што мы маем?

Узвышша на Выгане, аточанае балотамі - гэта на чужы погляд. Для лідзян - гэта ўзвышша над поймай рэчкі Каменкі, якая ў ХІ-ХІІІ стагоддзях забалочанай не была, ды і Каменкай ці называлася. У часы раскопак русла Каменкі яшчэ можна было прасачыць.

Паводле раскопак паселішча было спалена і даўно перастала існаваць. Адбылося гэта хутчэй за ўсё ў ХIV стагоддзі, пасля пабудовы замка. Спаленае пад час чарговага набегу крыжакоў ці яшчэ каго паселішча не аднавілася на старым месцы, а ацалелыя жыхары перабраліся пад сцены замка, дзе было значна надзейней. Адлегласць ад паселішча на Выгане да замка - недзе з паўкіламетра.

Калі дапусціць, што паселішча на Выгане і ёсць старажытная Ліда - "Ліда Нарбута", то ўзнікаюць наступныя акалічнасці:

1. Заснавалі Ліду не балты, а славяне.

2. Заснавана Ліда не на Лідзейцы, а на Каменцы. Таму назва паселішча Ліда ёсць першасная, а назва рэчкі Лідзейкі паходзіць ад назвы горада, пра што не адзін раз пісалася. Таму ўжываць для рэчкі назву Лідзея - неправамерна. Назва можа быць толькі Лідзейка .

3. Усе этымалагічныя пошукі ў балцкіх мовах адходзяць на другі план. На першы план выходзіць славянская этымалогія. Хаця славяне таксама маглі нешта запазычыць.

4. Славянскае паселішча не магло ніяк быць старэй за ХІ стагоддзе. На гэты перыяд прыпадае хваля славянскай экспансіі ў балцкія землі Панямоння.

Не трэба быць правідцам, каб здагадацца, што старажытная Ліда, якая сёння - у самым цэнтры Ліды сучаснай, ніяк на карце горада не абазначана. Хаця вышнія сілы, відаць, усё-такі ёсць, бо менавіта тут, прыблізна на месцы старажытнай Ліды пастаўлены знак "Нулявога кіламетра". Адсюль лічацца кіламетры, то, можа, адсюль варта лічыць і гісторыю?

Станіслаў Суднік.


Вечар памяці Уладзіміра Содаля

15 красавіка 2016 а 18 гадзіне ў памяшканні сядзібы Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" па адрасе: г. Мінск, вул. Румянцава, 13 адбудзецца вечар памяці, прысвечаны гадавіне зыходу з жыцця пісьменніка, журналіста, мовазнаўца, рэдактара і вядоўца тэлевізійнай праграмы "Роднае слова" (1979-2000), даследчыка беларускай культуры УЛАДЗІМІРА СОДАЛЯ.

На вечарыне плануецца паказ відэафільма пра Уладзіміра Содаля, прэзентацыя твору станкавага жывапісу работы мастака Алеся Цыркунова, прысвечанага Ул. Содалю, а таксама выступы дзеячоў беларускай культуры і грамадства з успамінамі пра Уладзіміра Содаля.

Запрашаем усіх зацікаўленых прыняць удзел у вечарыне.


Кожная драбніца інфармацыі пра родны горад для яго дарагая

Ад зацікаўленасці гіда тэмай вандроўкі залежыць, наколькі глыбока западуць у душу і памяць падзеі, даты, імёны з мінуўшыны роднага краю. Малады беларускамоўны экскурсавод Павел Дзюсекаў прыцягвае ўвагу групы адразу. Ён збірае сваіх вандроўнікаў праз Інтэрнет і ніколі не дае сваім слухачам сумаваць. Экскурсія пачынаецца з разгадвання загадак, з апавядання легенд. У мінулым годзе Павел стаў пераможцам курсаў Дыджэяў Адраджэння, якія ладзіць Павел Севярынец. Мелі значэнне эрудыцыя, валоданне ўвагай аўдыторыі.

- Вы займаецеся культурна-асветніцкай дзейнасцю, распавядаеце пра гісторыю касцёлаў, старажытных забудоваў Менска, робіце гэта займальна, збіраеце цікавосткі. З чаго пачалося Ваша захапленне?

- Гісторыяй і археалогіяй я захапляўся з дзяцінства. Гэта прывяло мяне на гістарычны факультэт БДПУ імя Танка. Па адукацыі я - настаўнік гісторыі і паліталогіі. Але ў пэўны момант я зразумеў, што мне цікавей расказваць людзям пра жывую гісторыю ў нефармальнай абстаноўцы. Таму з 2008 года я пачаў працаваць экскурсаводам. З 2004 года чытаю "Нашу Ніву" і стараюся быць у курсе ўсіх падзей у культурнай сферы.

Я люблю вандраваць, знаёміцца з новымі сябрамі, распавядаць жыхарам і гасцям нашай краіны пра гісторыю, легенды і таямніцы Беларусі. Правожу гістарычна-архітэктурныя, гістарычна-краязнаўчыя вандроўкі, вайскова-гістарычныя экскурсіі на беларускай і рускай мовах.

- Адкуль Вы самі? Які куточак Менска для Вас найбольш прыцягальны?

- Я нарадзіўся ў Менску. Жыву ва Уруччы ў вайсковым гарадку. Кальварыя і Лошыца для мяне з'яўляюцца найбольш цікавымі месцамі. Больш за 12 гадоў я збіраю матэрыялы пра гэтыя месцы.

Са старажытных часоў Менск вабіў да сябе падарожнікаў, паэтаў, мастакоў і каранаваных асоб нейкай таямнічай сілай. Магчыма таму, што горад стаяў на вялікім шляху, а магчыма і сама гісторыя Менска мела чарадзейную прыгажосць. Яго вуліцы памятаюць вялікіх людзей нацыі - стваральнікаў, абаронцаў і рэфарматараў.

У мяне ёсць 15 маршрутаў па Менску: Ракаўскае прадмесце, музей валуноў, Старажоўка, Кальварыя, Усходнія могілкі, Вайсковыя могілкі, Плошча Свабоды, па месцах БНР у Менску.

Распарацаваныя маршруты па Беларусі: "Шлях у Дудуткі", "Архітэктурныя помнікі Міра і Нясвіжа", "Старажытнае Заслаўе", "Беларускія мястэчкі Ракаў і Івянец", "Малая Радзіма Янкі Купалы", "Віцебск - Здраўнёва", "На Радзіму Адама Міцкевіча" і іншыя.

- Як не надакучыць падарожнікам сухімі звесткамі?

- Праца з людзьмі патрабуе падрыхтоўкі. Манатонным гід бывае тады, калі распавядае чужы тэкст. Я ўсе свае экскурсіі складаю сам. Кожная драбніца інфармацыі для мяне асабіста дарагая і любімая, здабытая пошукам у розных крыніцах. Безумоўна, я вывучаю тое, што да мяне дзесяцігодзямі збіралі тыя людзі, хто пісаў ці распавядаў пра Менск. Аўтарытэтамі для мяне з'яўляюцца Аляксандр Валодзін, Уладзімір Валажынскі, Сяргей Харэўскі. Я стараюся захоўваць у спадчыну тое, што яны адкрылі.

Павел Дзюсекаў запрашае вандроўнікаў праз Фэйсбук. Да яго груп можна далучыцца праз кантакт у Інтэрнеце facebook.com/ groups/vandrouki. u minulae альбо па тэлефоне: 8-029-5647009 мтс.

Эла Дзвінская. На здымках аўтара: Экскурсавод распавядае пра Менск.


Беларускі Конан Дойл у Магілёве

Магілёўская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі" правяла сустрэчу-прэзентацыю кнігі "Нататкі пра Шэрлака Холмса" Артура Конана Дойла ды розных іншых перакладных выданняў. Да нас завіталі перакладчыца гісторыяў пра знакамітага дэтэктыва Ганна Янкута, менеджар праекта Ігар Крэбс і перакладчыца Алеся Башарымава. Госці распавялі гісторыю збору сродкаў на выданне кнігі, Ганна Янкута раскрыла некаторыя падрабязнасці і тонкасці перакладу, расказала пра тое, чым беларускі Шэрлак Холмс адрозніваецца ад рускамоўных перакладаў і экранізацый. Ігар Крэбс прадставіў свой пераклад "Прыгодаў барона Мюнхаўзэна", які плануецца да выдання бліжэйшым часам, прачытаў урыўкі з твораў Генрыха Гейнэ. Алеся Башарымава прэзентавала некалькі новых дзіцячых кніг, якія яна пераклала са шведскай мовы, зачытала ўрыўкі з яшчэ не надрукаванай аповесці пра мумітроляў "Мемуары мумітаты". А яшчэ госці зладзілі віктарыну на веданне прыгодаў Шэрлака Холмса з прызамі ад кампаніі "Будзьма беларусамі", падпісалі ўсім ахвотным свае кнігі, і нават можна было атрымаць аўтограф-факсіміле самога Конан Дойла!

Алесь Сабалеўскі.

На рэстаўрацыю помніка "Ў" можна пералічваць грошы

Грамадскае абяднанне

"Таварыства беларускай мовы"

імя Францішка Скарыны"

Полацкі раённы выканаўчы камітэт па пытанні рэстаўрацыі помніка адной з літар беларускага алфавіту "Ў" паведамляе.

У цяперашні час КУП ЖКГ г. Полацка адкрыты дабрачынны рахунак, на які грамадзяне Беларусі змогуць дасылаць свае ахвяраванні на рэстаўрацыю вышэй згаданага помніка:

№ 3132000200023, г. ПОЛАЦК 216 ААТ АСБ БЕЛАРУСБАНК

МФО 648, УНП 300058727, ОКПО 3373894.

У адпаведнасці з арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-3 дадзены адказ можа быць абскарджаны ў Віцебскі аблваканкам.

Намеснік старшыні А.М. Міхалевіч.



Сакратарыят ТБМ звяртаецца да сяброў ТБМ з просьбай падтрымаць працэс аднаўлення помніка "Ў". Справа зрушылася з месца, і полацкія ўлады абяцаюць правесці аднаўленне помніка прыблізна летам. Палічаны неабходныя выдаткі, пра што ўжо пісала газета "Наша слова", але без грошай - нікуды. Таму сябрам ТБМ вельмі важна праявіць у гэтай справе актыўнасць і сабраць хаця б частку патрэбнай сумы.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Стадуб Іван - 50 000 р., г. Менск

2. Лабачоў Іван - 25 000 р., г. Менск

3. Панамароў Сяргей - 200 000 р., г. Менск

4. Восіпава Аляксандра - 100 000 р., г. Гомель

5. Новікаў Аляксандр - 100 000 р., г. Менск

6. Тоўсцік Святлана - 200 000 р., г. Менск

7. Чыгір Я.А. - 50 000 р., г. Гродна

8. Прыгожыны Аркадзь і Вольга - 5 000 рас. руб., г. Масква

9. Шкірманкоў Фелікс - 100 000 р., г. Слаўгарад

10. Бунецкі Павел - 200 000 р., г. Менск

11. Санько Валер - 100 000 р., г. Ліда

12. Лапенка Аляксей - 50 000 р., г. Менск

13. Самойленка Арцём - 30 000 р., г. Менск

14. Козел Ларыса - 50 000 р., г. Менск

15. Шымко Лілея - 50 000 р., г. Менск

16. Васілеўскі Алесь - 150 000 р., в. Клетнае, Барысаўскі р-н

17. Прылішч Ірына - 100 000 р., г. Менск

18. Новікаў А.С. - 124 000 р., г. Менск

19. Грыбоўскі Васіль - 40 000 р., п. Чурылавічы, Менскі р-н

20. Залькоў С.П. - 600 000 р., г. Гародня

21. Кухаронак А.Д. - 100 000 р., г.п. Смілавічы, Чэрвеньскі р-н

22. Валошчык Мікола - 100 000 р., г. Белаазёрск

23. Ляўшун Дзяніс - 190 000 р., г. Менск

24. Бойса І.Б. - 150 000 р., г. Ліда

25. Рабека Мікола - 100 000 р., г. Менск

26. Кукавенка Іван - 100 000 р., г. Менск

27. Сікора Алег - 100 000 р., г.п. Шаркаўшчына

28. Сутупаў Глеб - 50 000 р., г. Менск

29. Бяспалая Марыя - 50 000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.


Памёр Уладзімір Казбярук

4 красавіка пайшоў з жыцця літаратуразнавец Уладзімір Казбярук. Яму было 93 гады. ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Уладзіміра Міхайлавіча.

Уладзімір Казбярук нарадзіўся 29.08.1923 г. у вёсцы Бандары Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949) працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Любчанскай сярэдняй школе, а ў 1951-1952 гг. - выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры Нягневіцкай сярэдняй школы Наваградскага раёна. Вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце (1952-1955), працаваў выкладчыкам Полацкага педагагічнага інстытута. У 1959-1964 гг. - вучоны сакратар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1964 г. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1977 г. Узнагароджаны медалямі.

У друку выступаў з рэцэнзіямі і крытычнымі артыкуламі з 1954 г. Аўтар манаграфій "Якуб Колас у школе" (1967 і 1975), "Ступені росту" (1974), "Паэма Якуба Коласа "Новая зямля" (1979), "Рамантычны пошук" (1983), нарыса "Якуб Колас (жыццё і творчасць)" (1962), дакладаў на VII Міжнародны з'езд славістаў "Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст." (1972) і на IX Міжнародны з'езд славістаў "Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд)" (1982). Адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры" (1969), кнігі "Старонкі літаратурных сувязей" (1970).

Для беларуска-польскага зборніка "Малыя героі вялікай вайны" (Менск - Лодзь, 1986) пераклаў успаміны маладых польскіх удзельнікаў другой сусветнай вайны. Пераклаў "Клад" З. Бядулі (на расейскую мову, 1986), "Хітры мангуст" (ангольскія казкі, 1987), "Комбле" (грузінскія казкі, 1990), паасобныя казкі і апавяданні пісьменнікаў народаў СССР.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".


На хвалі 1442 мэтры*

З цікавасьцяй беларусы Зах. Беларусі слухаюць Менскай радыёстанцыі.

Ня маючы ніякіх іншых магчымасьцяў чуць аб жыцьці ў Савецкай Беларусі, трэба задаволіцца гэтым радыёінформатарам. Прэса з Саветаў да нас не даходзіць, дастаць экзэмпляр "Чырвонае Зьмены" ці якога-колечы "Калгасьніка Беларусі" могуць толькі адзінкі. Безпасярэднага культурнага кантакту мы з Савецкай Беларусяй ня маем.

Кітайскі мур, дзелячы абедзьве часткі нашае краіны, выключае магчымасьці культурных зносінаў. Розныя экскурсыі, якія адбываліся ў СССР з Польшчы i якія дагэтуль пропагандуюцца, ахаплялі гандлёвыя, літарацкія i іншыя слаі польскага грамадзянства i кіраваліся ў буйнейшыя цэнтры СССР.

Савецкая Беларусь ня была прадметам досьледаў i дзеля гэтага мы ў Зах. Беларусі ня зусім добра ведаем аб сапраўдным жыцьці Беларусаў у Сав. Беларусі. Радыёфонія ёсьць адзіным рэхам, якое адбівае нам тамашняе жыцьцё.

Дык вось - увага! Гаворыць Менск, радыёстанцыя імяні "Совнаркому БССР" на хвалі 1442 мэтры.

Наўперад трэба спыніцца на мове, якая даходзіць да нас з Менску на хвалях этэру. Язык, каторым паслугоўваюцца, - беларускі, зрэформаваны дэкрэтам Рады Народных Камісараў БССР 28 жніўня 1933 году. Гэтая рэформа ёсьць першым этапам да эвалюцыйнага пераходу на мову расейскую.

Беларуская Акадэмічная Конфэрэнцыя ў 1926 годзе імкнулася да рэформы беларускага правапісу i граматыкі ў сэнсе чысьціні языка i ўнезалежненьня яго ад чужых уплываў, - дэкрэт "Савнаркому" скасаваў усю гэную працу. Бальшавіцкая рэформа беларускага языка гэта ўдар па беларускай культуры ў цэлым, з мэтаю загнаць яе ў агульнарасейскую.

Слухаючы менскага радыё, атрымліваем ўражаньне, што беларуская мова ў Сав. Беларусі - гэта нешта непажаданае, але дзеля тактычных прычынаў займаючае нейкае месца. Напрыклад: перадаецца музыкальная загадка, некалькі твораў на піаніно, альбо на іншых інструмантах: прапануецца слухачом адгадаць, хто напісаў гэныя творы, як яны называюцца i г.д.

Таварыш, каторы робіць перадачу, зварочваецца гэтак: - "Ребята, вазьмеце карандаш i паперу i запісвайце". Другім разам чуеце йнакш: - "Ребята, вазьмеце аловік i бумагу i запісвайце". - Гэта не анэгдот, a запраўднасьць!

Далей, перадаюцца мэтэоролёгічныя ведамасьці, варта таксама паслухаць. - "Бачность добрая, умеренные ветры, по Мінску чакается" i г. д. У мэлёдыі языка, у словах, ва ўсім адчуваецца ўзброеная, ужо нават незаконспіраваная, маскоўшчына.

У начы адбываюцца пераклічкі - гэта рэвізія розных урадавых устаноў. Менск выклікае Магілёў, Оршу i іншыя месты; пачаўшы гутарку, напрыклад, з Магілёвам, загадвае іншым падрыхтавацца да справаздачы. Гутарка йдзе, у даным выпадку, аб школьных справах. Начальнік з Менску пытае, ці прыбылі падручнікі для пачаткавых школ на наступны школьны год; ці колькасьць ix ёсьць задавальняючай.

- Таварыш Гусеў, пытаюся, ці атрымалі вы падручнікі? - У адказ даносіцца: "Я?" - Пытаньне паўтараецца. З Магілёва адказвае працяглым: "Что?" - Ці атрымалі вы падручнікі? - Магілёў безнадзейна маўчыць. На начальніка з Менску находзіць праясьненьне: "Ці атрымалі вы учебнікі?". I вось "зав" з Магілёва зразумеў, без тэлевізыі можна ўгледзіць шырокую ўсьмешку здаволеньня на ягоным твары i плаўна, без перапынкаў, пачынае рэфэраваць аб палажэньні на мясцох ва ўсіх галінах школьнае справы, зразумела, на "общепонятном языке" - па-руску. Адным словам буйнае разьвіцьце беларускае культуры, нацыянальнае па форме i соцыялістычнай зьместам!

Цяпер прыгледзімся да праграмы перадач i спрабуем выбраць усё тое, што вядзецца ў беларускай мове.

Апошнія паведамленьні, - лекцыі ў дапамогу самаадукацыі, завочныя курсы партвучобы i часам перадачы для дзяцей. I, здаецца, гэта ўсё, далей гэтага беларуская мова не сягае.

Чым-жа напаўняюцца праграмы беларускай радыёстанцыі? Яны напаўняюцца трансмісіяй з Масквы, альбо перадачамі ў польскай i жыдоўскай мовах. Трансмісіі з Масквы - гэта той дзейнік, які мае на мэце стрымліваць "надмер" беларускіх аўдыцыяў i не даваць слухачом ілюзыі нейкай самастойнасьці менскага радыёфону. Менск - гэта маскоўскі "совхоз", толькі ў вялікім маштабе i, каб аб гэтым не забываліся, каб вуха слухача ня надта прывыкала да гукаў беларускага языка, што дзьве гадзіны менскія батракі павінны "пераключацца" на Маскву i стуль слухаць тое, што ў Маскве лічаць патрэбным запродукаваць. Каб надаць інтэрнацыянальны характар менскім перадачам, вядуцца радыёмонтажы, дзіцячыя перадачы i інш. у польскай мове.

Праўду кажучы, рахітычныя аўдыцыі, жабрацкія галасы, марная польшчына, але часу займаюць шмат - нацдэмам на злосьць, а Домбалям на пацеху. Наступна ідуць аўдыцыі ў "яўрэйскай" мове, мо найкарысьнейшыя з усіх, бо знаёмяць, часам, з творамі беларускіх паэтаў i пісьменьнікаў: Купалы, Коласа i інш., але заганаю ёсьць - доўгая праца, каб навучыцца жыдоўскае мовы, каб праз радыё са сталіцы Сав. Беларусі пачуць і зразумець нешта з беларускай літаратуры. Нарэшце дадамо, што перадаюцца яшчэ апошнія паведамленьні ў латыскай i літоўскай мовах. Словам, цэлы скарб для поліглёта

Калі пачнем дашуквацца беларускага элэмэнту ў беларускіх перадачах, дык апрача афіцыяльнай бальшавіцкай, ці гэта партыйнай, ці ўрадавай, славеснасьці, нічога больш ня знойдзем. Усюды на першым месцы расейшчына.

Аўдыцыі для дзяцей, калі перадае Менск (часьцей трансмісіі з Масквы), складаюцца з твораў расейскіх клясыкаў, толькі ў змодэрнізаванай, прытарнаванай да расейскага вуха, беларускай мове. Напрыклад: "Як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам, паводле Гоголя, альбо апавяданьні Чэхава (найбольш дробнабуржуазнага з усіх расейскіх пісьменьнікаў).

Расейская мяшчанская літаратура дарэволюцыйнае пары, з гледзішча кіраўніцтва беларускага радыё, не зьмяшчае ў сабе мамэнтаў расейскага вялікадзяржаўніцтва i не прадстаўляе небясьпекі для соцыялістычнага будаўніцтва, у той час, як уся беларуская літаратура старэйшай эпохі, адраджэнская i сучасных пісьменьнікаў, створаная перад ix пакаяньнем, у мікрафон не дапускаецца.

Ці гэта не парадокс, што ў Савецкай Беларусі Антон Чэхов зьяўляецца больш за Багушэвіча нацыянальным па форме i соцыялістычным па зьместу?!

Неяк раз удалося пачуць на хвалі 1442 мэтры разучваньне песьні на словы Якуба Коласа, але твор гэты апошняга выданьня завецца "Чэлюскінцы".

З "беларускіх" аўтараў перадаваліся яшчэ творы маладога паэты Броўкі, вельмі таленавітага, але тэматыкай нават рэгіональна ня зьвязанай ні з чым беларускім. Паэмы ягоныя прысьвечаны баём пад Перакопам, разгрому Врангеля, геройскім дзеяньням коньніцы Будзённага. Беларуская літаратура траціць у гэтым паэце вельмі яркі талент, ня дзеля таго, што ён належыць да пралетарскага кірунку, а таму, што творчасьць ягоная, апанаваная расейскім зьместам, служыць умацоўваньню маскоўскае акупацыі Беларусі, па-савецку выражаючыся, служыць цёмным сілам згуртаваным навакол Ц. К. партыі i яе "геніяльнага павадыра таварыша Сталіна".

Пераходзячы да канцэртнае часткі праграмаў радыёстанцыі імяні Савнаркому БССР, трэба адзначыць, што яна таксама дае яркі абраз стрымліваньня разьвіцьця беларускай культуры пад Саветамі.

Kaгo цікавіць беларуская песьня, няхай шукае яе па загранічных радыёстанцыях, бо Менск яе ўважае за праяву мясцовага нацыяналізму, - з Менску беларуская песьня амаль цалком выкінута. Яна пайшла на эміграцыю. Прыпадкова можна пачуць беларускую песьню з Прагі, Коўна, з Рыгі, але не ca сталіцы Савецкае Беларусі, Менскія канцэрты - адпачынкі, канцэрты для калгасьнікаў даюць Рахманінава, Рымскага-Корсакава, Чайковскага і Мусоргскага - усе арыі, натуральна, на мове "рускай". Па-беларуску нічога - літаральна! Розныя камсамольскія песьні, пешыя, конныя, калгасныя на языку Леніна-Сталіна - па-расейску.

Характэрна, што песьні Шумана выконваюцца па-расейску; відаць, цяпер на трэцім годзе другой пяцігодкі, няма ўжо каму займацца перакладамі з нямецкага на беларускі, бо ж нацдэмы будуюць беламорска-балтыцкі канал, а "акадэмікі" тыпу Горына маюць больш паважныя заданьні ў усесаюзным маштабе.

Цікаўна, што нацыянальная палітыка ВКПБ у адносінах да іншых народаў больш толерантная. Радыёстанцыя ў Сімфэропалі амаль штодня перадае татарскія нацыянальныя канцэрты ў выкананьні хору i солістаў. Беларуская песьня сваёй арыгінальнасьцяй i хараством здолела-б захапіць слухачоў далёка за межамі Беларусі. Продукцыі беларускага хору занялі-б у агульна-эўропэйскай радыёаўдыторыі пачэснае месца i былі-б напэўна ня менш папулярнымі, чымся канцэрты цыганскай капэльлі з Будапэшту.

* * *

Нашыя спасьцярогі адносна менскага радыёфону - гэта толькі канва, на каторай што-раз ярчэй выступае абраз узаемаадносінаў i антаганізмаў паміж партыяй i ўрадам з аднаго боку i працоўнымі масамі Савецкай Беларусі з другога.

Адносіны гэтых апошніх да ўраду найтачней можна адзначыць назовам пасыўнага апору. Пасьля разгрому найбольш усьвядомленай часткі сялянства i пролетарскай інтэлігенцыі, барацьба з камуністычнымі душыцелямі беларускага народу перайшла ў больш асьцярожныя, каб ня кідаліся ў вочы, формы. Калі ў "ведамсьцьвенных інформацыях" Менск паведамляе аб наяўнасьці калгасаў, на грунце каторых назіраецца апор проціў новага правапісу, дык у гэтым толькі сьляпы ня ўгледзіць, што працоўныя масы Сав. Беларусі нацыянальна дасьпелі i ня гледзячы на тое, што пазбаўлены духовых павадыроў, якія сасланы ў савецкія катаргі, ня хочуць ісьці на павадку "інтэрнацыянальных" грабароў беларускае народнае думкі.

А хто прыслухоўваўся да паседжаньняў зьезду пісьменьнікаў Савецкай Беларусі ў Менску (перад усесаюзным кангрэсам пісьменьнікаў у Маскве), на каторых абнаглеўшыя маскалі брутальна дыктавалі корыфеям беларускага слова заданьні i кірунак творчасьці, той хіба што ня будзе мець ніякіх ілюзіяў што да ўзаемаадносінаў пад уладай Саветаў.

Таксама праслухаўшы інформацыю Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту (перадавалася 9.V. c.г.) аб прыйме 90 слухачоў на рабфак, з каторых 30 чалавек на польскае аддзяленьне i 30 на яўрэйскае, можна мець зусім конкрэтнае прадстаўленьне аб мэтодах стрымліваньня працэсу нарастаньня беларускае інтэлігенцыі, роўналегла з фарсоўным разьвіцьцём інтэлігенцыі нацыянальных меншасьцяў у Сав. Беларусі.

Той матар'ял, які нам дае радыёстанцыя імяні Совнаркому БССР, ярка сьведчыць аб пасьлядоўнай акцыі заціраньня сьлядоў беларускай самабытнасьці i аб паступовай інкорпорацыі ўсяго беларускага ў агульнарасейскі культурна-нацыянальны савецкі арганізм. Гэта акцыя адбываецца зусім адкрыта. Прытарнаваўшы беларускую мову да вымогаў расейскай граматыкі, бальшавіцкія рэформатары, на далейшым этапе, даводзяць беларускі язык да ўзроўня нейкага правінцыянальнага фольклёру, адначасна перагружаючы ўсе галіны жыцьця цяжкім балястам расейшчыны.

У гэтым рэпортажы, які датыча выключна радыёвяшчаньня, падчырківаем значэньне сталых трансмісіяў з Масквы, каторыя, перагружаючы праграму, убіваюць у галовы слухачоў расейскія словы, мэлёдыі i інш.

Няма сумліву, што на нявырабленага слухача, пазбаўленага сваёй музыкі i сьпеву, цэлыя цэбры расейскага сьпеву, гутаркі (з маскоўскае станцыі імяні Комінтэрну), на чале з разухабістымі частушкамі ў выкананьні заслужанае артысткі рэспублікі Ольгі Ковалевай ( - Уморилась, уморилась, уморилася! - ), разам з букетам усялякіх адрыўкаў з "Князя Игоря" альбо "Хованшчыны", перадаваных з Менску і яшчэ на фоне разбураньня асноў беларускага языка наагул, мае вялізарны дэзорыентацыйны ўплыў. Дзеля паўнаты характарыстыкі менскіх праграмаў радыёвешчаньня, не адрэчы будзе дадаць, што творы клясыкаў эўрапэйскай музыкі, прыкладам Пуччіні, Вэрді і іншых, тамака цалком ігнаруюцца - відавочна, таксама, з мэтаю засугэраваць слухача, выключна, творамі расейскіх маэстро.

На заканчэньне сьмеем выказаць сваё перакананьне, што маскоўскае ахвосьце на Савецкай Беларусі сваіх плянаў, у сэнсе асыміляцыі беларускага народу, не зрэалізуе - адпорнасьць працоўных мае i зьменнасьць палітычнае коньюнктуры стаіць гэтаму на перашкодзе.

I таму перадчасным выдаецца награджэньне таварышоў Галадзеда i Гікалы ордэнам Леніна за выкарчоўваньне контррэвалюцыйнай нацдэмаўшчыны.

А. Бужанскі.

* Артыкул з газеты "Беларуская Крыніца" № 25 (618), 9 чэрвеня 1935. Правапіс захаваны. Знайшоў і падрыхтаваў да друку Леанід Лаўрэш.


КАРЧАВАТКА

Аповед азірання

(Працяг. Пач. у папяр. нумары.)

ХІV

"Пакуль Тамара берагіняй -

Жыць Слабадзе, яна не згіне!"

Жартуем гэтак між сабою

Мы па-сваяцку. Што ж, парою

Ужо й папраўдзе выглядае,

Што Слабада яшчэ жывая

Таму якраз, што наша Тома

Жыве, як і жыла там - дома.

Пляменніца бы й гараджанка,

Па пашпарце яна мінчанка,

Але жыве у вёсцы з мужам,

Такім, як і сама, дасужым;

І ў гарадской кватэры зрэдку

Бываюць быццам бы ў адведках,

Як на спектакль, канцэрт, выставу

Бяруць чарговую выправу.

Найпершы сродак зносін сёння

Ёсць тэлефон. У яго звоне

Заглухла-знікла ліставанне -

Лістоў пісанне і чытанне.

Палёгкі мы ва ўсім шукаем,

Калі што - кнопкі націскаем

І чуем голас, нам патрэбны.

Такім вось спосабам ўсяедным

І я з пляменніцай гамонку

Вяду, бы з роднаю старонкай.

І на пытанне аб навінках

Каторы год - адны "памінкі":

"Памёр Васіль... Таіса... Шурык..."

Адны суцэльныя хаўтуры!

І надта ж рэдка - аж дзівіўся! -

Я чуў, што нехта нарадзіўся;

Куды часцей - памёр, памёрла, -

Да болю ў сэрцы, хрыпу ў горле.

Так пазваніўшы неяк летась

Пляменніцы, пачуў, збянтэжась,

Тамарын голас найапалы:

"Няма Міхайлаўны, Наталлі..."

І я панік. Няма, не стала

Настаўніцы, што нам давала

Найпершыя пісьма урокі

Ў пасляваенны час далёкі.

Дзяліла ліст на палавінкі

І алаўцы на чацвярцінкі,

Каб іх на нас усіх хапіла.

Мяне дык нават пахваліла,

Што я ўжо літары ўсе знаю

І нават трошачкі чытаю.

Не, не Міхайлаўна - Наташа

Была настаўніцаю нашай,

Дзяўчынка з цёмнымі вачыма,

З гадком вучэльні за плячыма.

Але - настаўніца! Й па часе

Я помню цішыню у класе,

Узрушанасць і хваляванне,

І насцярожанасць чакання

Чагось таемнага, святога,

Дасюль нязнанага, такога,

Што нас на доўгі час згуртуе,

Да новай жыткі пакіруе.

Па ёй мы, як унук за дзедам,

Йшлі за настаўнікамі следам.


Настаўнікі! Знайсці як словы,

Каб вашу роль беспамылкова

Акрэсліць ў кожным нашым лёсе?

О, колькі нам бы давялося

Блукаць без вас у цемры ночнай,

Без вас наш шлях быў бы бязвочны,

Вы ад прыступкі да прыступкі

Вялі нас, грунт стваралі цупкі,

Аберагалі ад памылак,

Падтрымкай дыхалі ў патылак,

Не толькі розуму вучылі,

Але й выхоўвалі, рабілі

З нас чалавекаў, ўсім вучэннем

Апраўдваючы прызначэнне

Першалюдзей на земнай кулі.

Настаўнікі! Вас добра чулі

Не толькі дзеці. І дарослым

Былі вы радцамі ў няпростых

Сямейных і жыццёвых спрэчках;

Йдуць як да пастыра авечкі,

Так людзі йшлі на ваш агеньчык

Уцяміць, развязаць вузельчык

Якойсь праблемы ці турботы;

І гэта вашаю работай

Было таксама па тым часе.

А на настаўніцкім папасе -

Ані кватэр, ні нейкіх льготаў.

Вас, помніцца, амаль з ахвотай

Вяскоўкі бралі на кватэру,

Сняданкі, полудні, вячэры

Гатуючы - "са сталаваннем"

Мела назоў кватараванне.

Ахвотна бралі, бо хоць нейку

Жанчыны мелі ўсё ж капейку.

Настаўнікі ж жылі гадамі

Па чужых хатах, покуль самі

Ўзбіваліся на дом уласны...

Ды розум мелі яны ясны,

Рублём не мералі набыткі,

Дый не былі рублі у збытку;

Рамантыкі-ідэалісты,

Іх помысел - высокі й чысты,

А клопат - найвысакародны:

Сеяць мудрае і добрае!

А значыць - вечнае. Пісалі

Святлыні ведаў на скрыжалях

Дзіцячых душ, прытым заўсёды

На мове роднага народа.

Рэжым адзінай мовы ў школе

Абавязковы быў. Сваволіць

Нікому тут не выпадала,

І мова родная гучала

На ўроках і на перапынках,

На працы і на адпачынку.

Настаўнікі на роднай мове

Вялі ўсе гутаркі й размовы,

Не на "трасянцы" - на культурнай,

На правільнай, літаратурнай, -

Ў мове яны не пасавалі,

Ва ўсім нам прыклад падавалі,

Лічылася што сакраментам,

Адзнакаю інтэлігента.

Узор яго ў жывым абліччы -

Антонаў сын Ўладзімір Рыбчык,

Дырэктар школы і выкладчык

Навукі строгай - "матэматчык",

Як мы казалі. У ягоным

З прыемным тэмбрам барытоне

Акрас свой слова набывала

І так высока узлятала,

Што просты доказ тэарэмы

Гучаў старонкаю паэмы...

Няма цяпер такіх "мамэнтаў",

Няма й такіх інтэлігентаў

Сярод настаўнікаў, ці мала, -

Пара інакшая настала.

Пара здабытчыкаў і хватаў,

І накапіцельства ды спратаў,

Пара урвіцеляў, праныраў,

Ахвочых абабраць да дзіраў

Любога, а найперш галоту.

Пара, калі ўжо не работа

Ў цане, а толькі адно грошы -

З далярам ты паўсюль харошы.

Пара падманшчыкаў ды хлусаў,

Фальшыўцаў, цынікаў ды гнусу

Любога іншага парадку, -

І пажываюць анігадкі.

Пара багатых ды заможных,

Разважлівых ды асцярожных,

Пара разумнікаў хітрушчых

І - процьмы бедных ды трывушчых.

Сярод настаўнікаў карціна

Прыблізна тая ж, і ў паміне

Няма былых ідэалістаў,

Альбо зусім няма - звяліся.

Павымерлі, бы дыназаўры.

Адно сыны рабыні Йзаўры

Ды абыціхаўцы няволі

Пераважаюць сёння ў школе.

І ў гэтым наш трагізм найбольшы:

У зрусіфікаванай школцы

Каго нам выгадуюць заўтра?

Унукаў той жа ўсё Ізаўры.

Суворавы ды мураўёвы

Шчэ пачалі здзяйсненне змовы,

Каб рускай школай ды царквою

Наш люд давесці да забою:

Каб мы на спадчыну забылі,

Каб мову страцілі-згубілі,

Каб карані свае пасеклі,

Каб самі ад сябе мы збеглі.

Каб наша карта была біта,

Найперш вырэзвалі эліту.

Рэжым рэжыму йшоў на змену,

А нас вырэзвалі нязменна:

І пад расейцам, і пад ляхам,

Урэшце - сталінская плаха,

На якой секлі адмыслова

Найболей светлыя галовы,

З "рэкордам" вось такім пры гэтым:

Адной начы - трыццаць паэтаў.

А без эліты, у астатку,

Народ апушчаны да статку.

Так, мы апушчаны дашчэнту.

Сапраўднага інтэлігента,

Каб быў свядомым беларусам,

А не па пашпартным хаўрусе,

Няма ў сягонняшняй уладзе,

Ў армейска-афіцэрскім складзе,

Надзвычай мала у навуцы,

Як і ў культуры нашай куцай.

Кагосьці й Салаўкі тым векам

Нібы зрабілі чалавекам.

А ты, пад корань карчаватка,

Каго зрабіла з нас, праклятка?!

За пяць вякоў народ шляхецкі

Стаў зборняй дворні і дварэцкіх,

Лакеяў зборняй і нядбайлаў...

А пачалося ўсё з Ягайлы!

ХV

У хаце ў нас каля люстэрка

Вісела чорная талерка

Радыйная. Пад ёю мама

Сядзець любіла на канапе.

Не так сабе: вязала, шыла.

Ці нешта іншае рабіла,

І з радыё адначасова

Лавіла вухам кожна слова.

Усё любіла слухаць мама,

Якая б ні была праграма:

Апавяданні, вершы, казкі,

Канцэрты, нарысы і вязкі

Навін. Ды самым лоўкім

Лічыла жанр інсцэніроўкі.

Магла забыцца й на работу,

Адкласці нейкую турботу,

Заслухаўшысь неспадзявана

Аповесцю інсцэнаванай.

Талерка ў хаце гаманіла,

Было то міла ці няміла,

Цалюткі дзень, аж да паўночы,

Стары й малы, мы з ёю вочы

Заплюшчвалі і адкрывалі -

Лягалі з ёю і ўставалі.

Была сям'іскі нашай членам

Жывым, разумным, незаменным;

І калі раптам замаўкала,

Чагосьці ўсім нам не хапала,

Прысутнасць ўжо не замінала,

А вось адсутнасць - прыгнятала.

Таму, напэўна, што талерка

Была спрэс беларускай "дзеўкай",

Хоць, так бы мовіць, й языката,

Але - цнатліва і багата,

К таму ж разумная і густам

Адорана; зусім не пуста

У галаве ў яе; у хаты

Шляхцянкай гжэчнай зухаватай

Прыходзіла, не парабчанкай;

Ці то работа, ці гулянка -

Давала ўзор яна высокі,

А не стаяла рукі ў бокі.

Талерка-радыё акрасай

Жыцця была. Я з ёй сам-насам

Правёў таксама шмат гадзінаў,

Шчымліва-любасных хвілінаў,

Калі "глытаў" апавяданні,

Легенды, былі і паданні,

І казкі, і, вядома ж, вершы.

Паэтаў слухаў я замершы:

Гэта ж яны ў час вечаровы

Ці ранішні па хвалях словы

Шлюць не камусь - мне менавіта.

Я бачыў нат, як самавіта

Яны ідуць да мікрафона,

Каб мне, нібы па тэлефоне,

Чытаць свой верш; а больш нікому,

Я тут адзін, адзін я дома!

Тады й набраўся піэтэту

Да нашых слаўных я паэтаў

І праз гады пранёс павагу

Да творцаў самых розных рангаў:

За тое ўжо, што служаць слову,

Бароняць гэтым нашу мову.

І радыё тады служыла

І гэтым самым бараніла,

У масы несла слова наша,

І тое, што талерка кажа,

Збуджала хваляў мегагерцы

Ў мільёнах беларускіх сэрцаў.

Пазней і "тэлік" паявіўся,

Любімцам з ходу ён зрабіўся

У хатах нашых і кватэрах;

Сёй-той ахвяраваць вячэрай

Мог дзеля нейкай перадачы

(Задоўга да багатых плачу).

Калісь і тэле мела гонар,

Бо быў нацыянальны корань,

Бо беларускім было тэле -

Здаровы дух ў здаровым целе.


Упершыню тэленавіны

Сяло глядзела ў нашай Ліны:

Сястра са шваграм Аляксеем

Найпершымі "экран" займелі,

І ці не з год тэлепачосткі

Глядзела ў іх бадай паўвёскі.

І мама йшла туды штовечар -

На бабскае бы колісь "веча",

І з седала там не ўставала,

Пакуль карцінка не згасала.

Я ўжо студэнтам быў тым часам,

Няраз сядзеў з людзьмі там разам,

Й ці прадчуваў, што гэта скрынка

Заслоніць радыёкатрынку,

Што з цягам часу і паціху

Заменіць людзям клуб і кнігу?


А гэтак стала неўзабаве:

З паўсюднай хатняе забавы

Тэлеэкран зрабіўся монстрам,

Забраўшым у сваё палонства

І час увесь наш, і наш розум.

Прыносіць смех ён нам і слёзы,

Дыктуе густы нам і моды,

Дае парады і методы,

Нават указы і загады

І жыць якім нам трэба складам,

Якім такім багам маліцца

І ў якім слове аб'явіцца.

І мо не так было б жахліва,

Каб і такое тэлемліва

Было у слове беларускім,

А не суцэльна і спрэс рускім,

У прынцыпе - каланіяльным.

Адзін назоў - нацыянальны!

І гендырэктары, і служкі -

Няйнакш начальнік сам іх гушкаў -

Ці то прыблуды, ці манкурты.

Прынамсі, ўвесь бадай што гурт іх

Шчабеча, ціўкае, свіргоча,

Рыкае, рохкае, рагоча

"Лишь на великом и могучем" -

Што б ні казаў, што б ні агучваў.

Калісь ТБ было змястоўным,

Вяло гаворку аб галоўным -

Аб хлебе, аб зямлі, аб людзях,

Аб тым, што ёсць, было і будзе,

Аб тым, што грамаду турбуе,

Што радуе, а што сярдуе.

Цяпер паўсюль - адное шоу

Крычыць, кугікае, бы совы,

Ды пра бязглуздае, дурное,

Ды пра нікчэмнае, пустое,

Ды пра цынічнае, брыдкое,

Плюгава-пошлае, тупое.

Нібы пастаўлена задача

Людзей настолькі перайначыць,

Ператварыць усіх у зомбі,

Каб кіраваць мог нават Чомбе!

Які адбор тут адмысловы!

На дых не церпяць наша слова.

Наогул нічагусь, што творыць

Народ наш; тое, што гаворыць

Пра нас і нашую натуру,

Літаратуру і культуру,

Пра нашы звычкі і манеры,

Паводзін лад і нашу веру,

Пра ўсё, чым мы адметны ў свеце,

Якіх бацькоў, чые мы дзеці.

Тэлепяўцы ані цытаты,

Ані асоб, ані там даты,

Што зсюль, ад нас, з нашае хаты,

Што намі за вякі прыдбата, --

Не ўспомняць і не прыгадаюць,

Ўсім гэтым проста пагарджаюць.

І так ад ранку да цямнечы

Штодня каторы год. Дарэчы,

Мы ўжо страчаем "Наше утро",

Не раніцу, ўжо гэтак шустра

І час наш "Времечком" названы,

З Масквы што куплена-прадана,

Дзе салаўі два й салаўіха

Так заліваюцца ўжо ліха.

Дамогся розум вертыкальны:

Час сапраўды каланіяльны!

Найгорка, што прыблудам жорсткім

Тутэйшы лёкай служыць порстка:

Не толькі ім ва ўсім спрыяе,

Але яшчэ й апераджае

У тым, каб збрыдзіць ўсё і згнюсіць

Датычнае да Беларусі.

Найперш, вядома, яе мову -

Душы народнай грунт, аснову.

Без чога - хай ніхто не хлусіць -

Няма й не будзе беларуса!

Падспудна разумеюць, гады,

Няма на свеце большай здрады,

Чым здрада мове бацькі й маці.

Пазбаў ты мовы - і з дзіцяці

Гадуй хоць д'ябла, хоць анёла -

Душы ягонай ніва гола,

Любое семя сей - пацэліш:

Узыдзе тое, што пасееш.

Я сто разоў паслаць гатовы

Праклён знішчэнцам нашай мовы.

Каб гэтак вы сваю шукалі,

Як мы, у поцемках блукалі;

Каб гэтак вы дзяцей гукалі,

Як мы сваіх не пазнавалі;

Каб гэтак бы і вашы ўнукі

Дзядоў не ўлоўлівалі згукі...


Ах, успаміны, успаміны!

І вы вяртаеце ў часіны

Цяпершчыны. На жаль, вяртанне,

Нібы нязбытнае жаданне,

Прыносіць засмучэнне й горыч:

Жыццё не лепшым чынам творыць.

Было адно - цяпер другое,

Ды куды горшае і злое.

А хто жыццё самое творыць?

Ды гома сапіенс. Усякі:

Благі і добры, і ніякі.

Калі ў народа падупалы

Ягоны дух, калі абкралі

Яго душу, ў якой і мовы

Ужо няма, што за высновы

Зрабіць тут можна з занядбайлы?

Так, пачалося ўсё з Ягайлы...

ХVІ

Не, лепш вярнуцца ў час той мілы,

Дзе быў я ўсё ж амаль шчаслівы,

У час дзяцінства запаветны

І ў родны кут свой запаведны!

Сярод уцех дзіцячых розных

Улетку і зімой марознай

Ў мяне - няма у тым сакрэту -

Былі часопіс і газета.

Чакаў іх з Мінска з нецярпеннем.

Я разам з імі летуценіў,

Ў далёкія лятаў краіны,

У экзатычныя мясціны;

Бываў я лётчыкам, танкістам,

І мараком, і альпіністам,

Палярнікам і астраномам,

Геолагам і аграномам;

Хадзіў у марах і артыстам,

Паэтам, нават архівістам --

Усё ў тым вабіла узросце.

Чытаў пра ўсіх іх у "Бярозцы"

І ў "Піянеры Беларусі" -

І верыў, бо яны ж - не хлусяць!

І пра равеснікаў цікава

Яны апавядалі, жвава

Вялі там дыспуты й гаворкі

Пра школу, двойкі і пяцёркі,

Пра дружбу хлопчыкаў й дзяўчынак,

А йшчэ пра спорт і адпачынак.

Мікола ГІЛЬ

(Працяг у наст. нумары.)


Юрый Несцярэнка: з любоўю да малой радзімы

На гэтым тыдні з вялікім поспехам прайшла першая ў сталіцы прэзентацыя кнігі ветэрана беларускага рок-руху, кіраўніка гуртоў White Night Blues і Nestary Band, пісьменніка і краязнаўцы Юрыя Несцярэнкі "Маё мястэчка ў часе і прасторы". Гэтае выданне музыканта прасвечана гісторыі і сённяшняму дню малой радзімы Юрыя - мястэчку Бялынічы, што ў Магілёўскай вобласці.

Было прыемна бачыць, як гасцявую залу адноўленага Музея Максіма Багдановіча запаўняюць прыхільнікі музычнай творчасці Ю. Несцярэнкі, калегі па літаратурным цэху, выдаўцы, знаёмыя і землякі - выхадцы з Бялынічаў і зямлі Магілёўскай...

Вядоўца імпрэзы - прэс-сакратар Саюза беларускіх пісьменнікаў Вікторыя Трэнас запрасіла да мікрафона выдаўца кнігі "Маё мястэчка ў часе і прасторы" Змітра Коласа, які падзяліўся з прасутнымі ўражаннямі ад прачытаннага. Спадар Колас заўважыў, што чытача гэтага краязнаўчага выдання чакае шмат адкрыццяў, невядомых фактаў, а саму кнігу чытаць будзе цікава, а часам і забаўна.

Каб не ператвараць прэзентацыю ў афіцыёз, Юрый Несцярэнка прапанаваў распачаць яе на музычна-паэтычнай ноце. Гэтай нотай стала вядомае блюзавае прысвячэнне музыканта Бялынічам - "Блюзам белай ночы" (адчуваецца семантыка назвы Бялынічаў - А.М. ). Пасля гарачых вітальных апладысментаў, музыкант выканаў яшчэ адну кампазіцыю на верш свайго земляка, паэта В. Казакевіча "Ганс і Грэта".

Па праграме прэзентацыі, свайго калегу павінен быў падтрымаць вядомы беларускі бард Зміцер Бартосік, але той, як і належыць звышпапулярнамцу выканаўцу, спазняўся. Таму Зміцер, на правах гаспадара прэзентацыі, папрасіў запоўніць прагаліну ў праграме аднаго з ветэранаў айчыннага бардаўскага руху Э. Акуліна. Эдуард без ваганняў і лішніх слоў адгукнуўся на прапанову Юрыя і ў сваім шчырым і эмацыянальным стылі выканаў кампазіцыю "Белае паліто", якую прысвеціў сваёй жонцы і ўсім смелым жанчынам. Як заўсёды, слухачы горача віталі Эдуарда і чакалі працягу яго выступу. Але нечакана ў зале з'явіўся Зміцер Бартосік і праграма канцэрту мусіла працягвацца ў запланаваным фармаце.

Зміцер распачаў свой сэт успамінамі пра яго з Юрыем побыт у Бялынічах і сустрэчах там з не так даўно адыйшоўшым ад нас Народным паэтам Беларусі Нілам Сымонавічам Гілевічам. Юрый дадаў іншыя акалічнасці гэтай сустрэчы, зазначыўшы тое, што гэты візіт Народнага паэта застаўся адным з самых светлых успамінаў яго жыцця.

Бартосік жа ад рэфлексій звярнуўся да спраў выканаўчых. Спачатку ён прапанаваў прысутным паслухаць тое, як гучыць у перакладах Р. Барадуліна на беларускую мову частка творчасці расейскага выканаўцы А. Вярцінскага - песня "Ціхенька кахаць".

На замову Юрыя Несцярэнкі і да яшчэ большага задавальнення слухачоў, Зміцер цудоўна, з гумарам выканаў свае гіты мінулых гадоў - сатырычную "Баладу пра арганічныя ўгнаенні" і спробу тагачаснага палітычнага футурызму - кампазіцыю "Калі мы станемся глыбокімі дзядамі".

Пасля музычнай інтрадукцыі Юрый Несцярэнка распавёў пра тое, як стваралася гэтае краязнаўчае выданне. У прыватнаесці ён зазначыў:

- Так атрымалася, што кніга "Маё мястэчка ў часе і прасторы" не стваралася як нейкае мастацкае выданне. Гэта збор краязнаўчых артыкулаў, матэрыялаў, архіўных дакументаў і мап. Артыкулы былі створаны для "Краязнаўчай газеты", для абласной і раённай прэсы. За дзесяць гадоў, колькі я гэтым займаюся, назбіралася іх пэўная колькасць. Гэтыя артыкулы былі па-новаму перагледжаны, адрэдагаваны, дададзены новыя звесткі. Пасля на аснове гэтых артыкулаў былі зраблены раздзелы зборнага выдання. Першапачаткова іх было болей, але частка адсеялася і засталося тое, што ўмацоўвала першапачатковую канцэпцыю новай кнігі - адлюстраваць не толькі гістарычныя падзеі, з'явы, якія звязаны з Бялынічамі, але і прывязаць іх да тых мясцін Бялыніччыны, якія ў памяці народнай знаходзяцца, так бы мовіць, па-за часам. Яны былі тут і тысячу гадоў, і пяцьсот гадоў таму... І сёння гэтыя мясціны выклікаюць непадробную цікавасць нашых жыхароў. Маю на ўвазе курган, з якога пачаліся Бялынічы, унікальныя мясцовыя крыжы, вядомыя мясцовасці Пяскі з залежамі будаўнічых матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся для пабудовы старых будынкаў у Бялынічах, Глінішчы, адкуль пачыналася нашае ганчарнае рамяство і іншыя.

Вельмі важна, на мой погляд, адкрываць чытачам не толькі факты, але і зацікавіць іх старажытнымі легендамі, якімі поўніцца наш край. Гэта робіць кнігу прыцягальнай для моладзі, якой я жадаю новых гістарычных пошукаў і адкрыццяў. Мне пашэнціла: я пазнаёміўся з закладным спісам князёў Сапегаў з тагачаснымі назвамі ўсіх вуліц і межамі Бялынічаў, а таксама з мапай горада XVIII cтагоддзя, якая захоўваецца ў адным з архіваў Санкт-Пецярбурга. Дарэчы, сёння на гэтую прэзентацыю мае землякі-краязнаўцы прынеслі для знаёмства некалькі аўтэнтычных фотаздымкаў Бялыніч пачатку мінулага стагоддзя!

Мне вельмі радасна, што мясцовыя краязнаўцы, маладыя экскурсаводы ўзялі маю кнігу, як за нейкі падручнік, даведнік па гісторыі нашага мястэчка. Яшчэ прыемна тое, што кніга мае адваротную сувязь, знаходзіць водгук у многіх маіх землякоў, які дадаюць новыя звесткі, удакладняюць і абмярковаюць гіпотэзы. Гэта вельмі ўзрушвае і матывуе да новых пошукаў!

На заканчэнне прэзентацыі кнігі вядоўцы запрасілі на сцэну вядомую спявачку Вольгу Акуліч, якая адзначылася і шматлікімі дуэтамі з Юрам Несярэнкам. На гэтай прэзентацыі яны заспявалі разам і паасобку. А гэта былі такія лірычныя творы апошняга часу, як "Мора ўнутры", "Восеньскі мінор", "Лета" і некаторыя іншыя кампазіцыі. А завяршыў прэзентацыю кавер на эвергрын Джона Фогерці і гурта Creedence Clearwater Revival "Мару бачыць гэты дождж", які вядомы ў выкананні дуэта Пятро Ялфімаў - Юрый Несцярэнка. У гэтым выпадку Юра някепска спраўляўся сам, паралельна распавядаючы пра свой досвед кантактаў з Джонам Фогерці.

Трэба адзначыць, што кніга Ю. Несцярэнкі мела ў наведвальнікаў прэзентацыі актыўную цікавасць, і частка яе накладу, як і музычныя дыскі Ю. Несцярэнкі, была набыта чытачамі. У прыватных размовах шчыслівыя ўладальнікі новага выдання параўноўвалі і прадказвалі ёй лёс класічнага даследвання У. Сыракомлі "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах"…

Анатоль Мяльгуй.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX