Папярэдняя старонка: 2016

№ 17 (1272) 


Дадана: 27-04-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 17 (1272), 27 красавіка 2016 г.


З Вялікаднем, шаноўныя беларусы! Хрыстос уваскрос!

95 гадоў з дня нараджэння Міколы Ермаловіча

Мікола Іванавіч ЕРМАЛОВІЧ (29 красавіка 1921, вёска Малыя Навасёлкі, Койданаўскі раён Менскай вобласці - 5 сакавіка 2000, Менск) - беларускі гісторык, публіцыст, пісьменьнік і паэт. Выкарыстоўваў псеўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў.

У 1938 годзе скончыў Койданаўскую сярэднюю школу і паступіў на беларускае аддзяленьне літаратурнага факультэта Менскага педінстытута, дзе да пачатку 2-й Сусветнай вайны скончыў тры курсы. З прычыны дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў Чырвонай Арміі. Быў эвакуяваны і працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры ў в. Лабаскі Мардоўскай АССР. У 1943 годзе вяртаецца ў Беларусь, дзе ў 1943-1944 гадах працаваў настаўнікам у Суражы Віцебскай вобласці, у 1944-1946 - у Койданаве Менскай вобласці. У 1946 годзе аднаўляе навучанне ў педінстытуце, які заканчвае ў 1947, а ў 1947-1948 гадах вучыўся ў аспірантуры пры педінстытуце.

У 1948-1955 працаваў старэйшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце. Да 1957 загадваў метадычным кабінетам Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў, пасля чаго па стане здароўя выйшаў на пенсію. Чалец Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1989. Жыў у Маладзечне.

Актыўную літаратурную дзейнасць рапачаў у 1948 годзе. Выступаў ў друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладзечанскай раённай газеце, альманаху "Нарач", газетах "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Голас Радзімы", часопісах "Полымя", "Нёман", "Маладосць", навуковых зборніках. У 1963 Ермаловіч распачынае выдаваць рукапісны самавыдавецкі часопіс "Падснежнік", чатыры выпускі якога выйшлі да 1964. Вынікам даследніцкай працы было напісанне ў 1968 кнігі "Па слядах аднаго міфа" (доўгі час хадзіла самвыдатам, афіцыйна выданая ажно ў 1989 годзе). У 1970 выйшла кніга "Дарагое беларусам імя", у 1990 - даследаванне "Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды", у 1994 - "Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд", у 2000 - "Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае".

З самага пачатку існавання БНФ М. Ермаловіч, з 1988 года, падтрымаў адраджэнцкую дзейнасць. Ён прымаў удзел у першым з'ездзе БНФ у 1989 годзе ў Вільні.

Дзяржаўная прэмія Беларусі за кнігу "Старажытная Беларусь" (1992). Прэмія імя Ул. Караткевіча. Медаль імя Францішка Скарыны (1993).

Вікіпедыя.


Віншуем вас, дарагія беларусачкі!

Антаніна Яўгенаўна ХАТЭНКА (28 красавіка 1956, вёска Зенькаўцы, Зэльвенскі раён, Гарадзенская вобласць) - беларуская паэтэса, этнакультуролаг, журналістка..

Нарадзілася ў сям'і настаўніка. Скончыла Пружанскую школу-інтэрнат (зараз - СШ № 4). Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1978). Працавала настаўніцай беларускай, рускай мовы і літаратуры ў Задор'еўскай сярэдняй школе. Праз год вярнулася ў Менск, працавала ў кнігарні "Палітычная кніга" (1979-81), карэктарам, малодшым рэдактарам выдавецтва "Народная асвета" (1982-85), у "Белтэлерадыёкампаніі". З 2010 працуе вядучым спецыялістам па этнаграфіі ААТ СП "Іўкон".

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Жыве ў Менску.

Першай вядомай спробай паэзіі быў гімн горада Пружаны. Аўтар кніг "Здзічэлае рэха вясны", "Зніч крыжовых дарог", "Чалавек на далоні Сусвету", "Тры грацыі" і інш.

Вікіпедыя.


Ірына Эрнстаўна БАГДАНОВІЧ (нар. 30 красавіка 1956, Ліда) - беларуская паэтэса і літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук.

Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі (1983). З 1983 працуе ў Інстытуце літаратуры АН Беларусі.

Друкуецца з 1973. Аўтар кніг вершаў "Чаравікі маленства" (1983), "Фрэскі" (1989), "Вялікдзень" (1993), "Сармацкі альбом" (2004), "Прыватныя рымляне" (2006), манаграфій "Янка Купала і рамантызм" (1989), "Авангард і традыцыя: беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння" (2001). Укладальнік зборнікаў "Казімір Сваяк. Выбраныя творы" (2010) і "Вінцук Адважны. Выбраныя творы" (2011). Перакладае з польскай мовы.

У яе зборніках вершаў - паэтычны роздум пра родны край, яго гісторыю і культуру, няпростыя клопаты і турботы сучаснікаў.

Вікіпедыя.


У Менску з'явіўся беларускамоўны білборд сеткі заправак "А-100"

На білбордзе намаляваны байкер у люстэрку задняга агляду і надпіс "Я яго не заўважыў. Гэта не апраўданне".

Нядаўна ў Менску адбыліся два гучныя ДТЗ з удзелам байкераў. У адным выпадку на Лагойскім гасцінцы сутыкнуліся матацыкл і маршрутка, у выніку чаго пачаўся пажар. Загінулі 2 чалавекі.

Год назад сетка заправак "А-100" абвясціла пра перавод абслугоўвання на беларускую мову. Гэта датычыцца рабочай мовы, а таксама тэхнічнага і рэкламнага афармлення.

"Радыё Свабода".


Прыйшоў час вызначацца

Восенню гэтага года адбудуцца чарговыя парламенцкія выбары. У адпаведнасці з рашэннем Рады ТБМ кіраўніцтва арганізацыі праводзіць працу сярод сяброў ТБМ і прыхільнікаў роднага слова. Мы ўжо маем (пакуль яшчэ) невялікую групу сяброў ТБМ з г. Менска і абласцей (Віцебскай, Берасцейскай, Магілёўскай і Менскай). Гэта каля 15 чалавек, якія папярэдне пагадзіліся ўдзельнічаць у выбарах на нашай платформе і праводзіць усю перадвыбарчую кампанію на беларускай мове.

Мэта нашай ініцыятывы - аб'яднаць беларускамоўных грамадзян краіны, якія будуць вылучацца кандыдатамі ў парламент, або ўвойдуць у ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў, ці будуць назіральнікамі.

Кожны кандыдат - сябар гэтай ініцыятывы - з мэтай пашырэння беларускай мовы ў нашым жыцці праводзіць сваю кампанію па-беларуску і выступае за тое, каб новы склад беларускага парламента працаваў па-беларуску, прымаў на беларускай мове ўсе заканадаўчыя акты, унёс неабходныя змены ў Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і прыняў Закон "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".

Мы выступаем за стварэнне аднапалатнага парламента, які будзе мець традыцыйную беларускую назву Сойм і будзе працаваць на дзяржаўнай беларускай мове. Пры неабходнасці праекты законаў будуць перакладацца на рускую і іншыя мовы, якія ўжываюцца на тэрыторыі Беларусі.

Мы заклікаем усіх патрыётаў нашай краіны незалежна ад іх нацыянальнасці, палітычных і рэлігійных перакананняў аб'яднацца ў грамадзянскую ініцыятыву "Беларускія патрыёты за беларускую мову ў парламенце" і прыняць актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах у верасні 2016 года.

14 траўня (мая) мы плануем правесці першую нараду будучых удзельнікаў выбарчай кампаніі і таму запрашаем на яе, акрамя тых, хто ўжо вызначыўся, прадстаўнікоў з Магілёва, Берасця, Гародні, Гомеля, Маладзечна, Салігорска, Жыткавічаў, Пружанаў і іншых рэгіёнаў нашай краіны, дзе ёсць надзейныя і актыўныя структуры ТБМ.

У сувязі з гэтым просім да 10 траўня адгукнуцца на нашу прапанову праз электронную пошту siadziba@gmail.com, альбо напісаць ліст на адрас офіса ТБМ: 220034, п/с №41, г. Мінск, ТБМ.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Будзе вуліца імя Ніла Гілевіча ў Менску

Старшыні грамадскага

аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб ушанаванні памяці

Ніла Гілевіча

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнню кіраўніцтва Мінскага гарвыканкама Ваша прапанова аб прысваенні імя Ніла Гілевіча адной з вуліц горада Мінска ўключана ў пералік імёнаў знакамітых дзеячаў краіны, якія прапанаваны аргнізацыямі і грамадзянамі Беларусі да ўвекавечання ў назвах састаўных частак г. Мінска, і будзе ўлічана камісіяй па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска пры прысваенні найменняў састаўным часткам горада.

Першы намеснік начальніка

галоўнага ўпраўлення - начальнік упраўлення культуры В.У. Рудзікава.



27 красавіка ў сераду ў Менску ў сядзібе ТБМ адбудзецца прэзентацыя кнігі слуцкага краязнаўца і гісторыка Ігара Ціткоўскага "Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры" . Пачатак у 18.45. Уваход вольны.


СПРАВАЗДАЧА

Віцебскай абласной рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" аб рабоце ў 2014 - 2016 гг.

У справаздачны перыяд, як і раней, у цэнтры ўвагі і практычнай дзейнасці рады Віцебскай абласной арганізацыі былі праблемы павышэння статусу рэальнай дзяржаўнасці беларускай мовы, пашырэння яе ўжывання ў розных рэгіёнах Віцебшчыны, папулярызацыя сярод розных груп насельніцтва.

У чэрвені 2014 і 2015 гг. абласная рада падрыхтавала і правяла ўжо традыцыйныя Літаратурныя чытанні, прысвечаныя нашаму славутаму земляку Васілю Быкаву. Імпрэзы ладзіліся на малой радзіме пісьменніка - у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. Падобным мерапрыемствам папярэднічае вялікая падрыхтоўчая праца. Так, у прыватнасці, у мінулым годзе на замову рады і пры падтрымцы вядомай грамадскай актывісткі Таццяны Караткевіч быў выраблены адмысловы партрэт Васіля Быкава, па ініцыятыве сябра рады Алены Сакаловай была падрыхтавана і праведзена віктарына паводле творчасці пісьменніка. Традыцыйна ў згаданай імпрэзе ў Бычках бяруць удзел сябры ТБМ з самых розных раёнаў вобласці, з іншых куткоў Беларусі, прыязджаюць майстры слова, навукоўцы і грамадскія дзеячы з Менска. Мы імкнёмся таксама запрашаць вядомых выканаўцаў беларускіх песень. У 2015 годзе, напрыклад, чынны ўдзел у свяце прыняла папулярная спявачка Таццяна Матафонава.

Свята ў Бычках за апошнія гады стала своеасаблівай візітнай карткай Віцебскай абласной рады. І тут варта сказаць, што кожная падобная імпрэза на радзіме Васіля Быкава ладзіцца ў цесным супрацоўніцтве з раённымі ўладамі Ушаччыны. На наш погляд, гэта яскравы прыклад таго, як грамадская арганізацыя і органы дзяржаўнай улады могуць плённа працаваць на карысць беларушчыны разам.

Абласная рада, гарадскія і раённыя суполкі ТБМ прынялі ў справаздачны перыяд актыўны ўдзел у адзначэнні юбілейных дат айчынных пісьменнікаў, у прыватнасці, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, а таксама вядомай нашай паэткі Марыі Баравік. У розных гарадах вобласці прайшлі сустрэчы з літаратарамі, культуролагамі. Змястоўную імпрэзу, прысвечаную 85-годдзю Уладзіміра Караткевіча, правёў калектыў тэатра "Лялька", дзе працуе сябра абласной рады Людміла Сіманёнак. У гэты ж дзень аматары творчасці знакамітага пісьменніка маглі паглядзець спектакль "Ладдзя роспачы". У Оршы пад назвай "Моўная стыхія Уладзіміра Караткевіча" ў аднайменным музеі прайшоў круглы стол, прысвечаны Дню роднай мовы. У мерапрыемстве, дзе асноўную частку аўдыторыі складалі школьнікі, прыняў удзел вядомы лінгвіст, кандыдат філалагічных навук Вадзім Зіманскі. Там жа, у Оршы, сябрам абласной рады Юрыем Нагорным і іншымі мясцовымі актывістамі ў лютым гэтага года была зладжаная маштабная імпрэза да Дня роднай мовы, у якой прынялі ўдзел запрошаныя госці з Менска Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Колас, Зміцер Бартосік.

У гэтым рэчышчы хацелася б адзначыць і плённую працу, не гледзячы на ўсе цяжкасці, і Полацкай гарадской арганізацыі, якую ўзначальвае сябра абласной рады сп-ня Валянціна Крук, дзейнасць раённах арганізацый - Гарадоцкай (кіраўнік - сябар абласной рады Леанід Гаравы), Бешанковіцкай (кіраўнік - сябра абласной рады Георгій Станкевіч), а таксама працу сяброў Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі (кіраўнік - Ада Райчонак), Глыбоцкай раённай арганізацыі (кіраўнік - Зміцер Лупач), Падсвільскай суполкі (кіраўнік - Марыя Баравік).

Апошнім часам сябры рады актывізавалі дзейнасць у плане супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Віцебска. Так, напрыклад, у ВДУ імя Машэрава ўжо два гады запар праходзіць "Фестываль беларускага слова", у межах якога адбываюцца сустрэчы з беларускамоўнымі пісьменнікамі, з настаўнікамі-метадыстамі, культуролагамі. Таксама другі год запар была праведзена агульнагарадская дыктоўка ў межах патрыятычнай акцыі філалагічнага факультэта "Праз дыялог моў - да душы, да сэрца" (матэрыял пра апошнюю згаданую падзею змешчаны ў "Нашым слове" за 23.03.2016). Сёлета да Дня роднай мовы пры актыўным ўдзеле актывістаў ТБМ была праведзеная інтэлектуальная гульня для першакурснікаў пад назвай "Ведай родную мову". Зазіраючы крыху наперад, скажам, што 21 красавіка ва ўніверсітэце будзе праходзіць конкурс чытальнікаў беларускамоўнай паэзіі, арганізатарам якога выступае абласная рада ТБМ.

Віцебская абласная рада ТБМ надае вялікую ўвагу стану беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці. Так, у 2014 - 2015 гг. быў праведзены чарговы агляд-конкурс мясцовага перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы "З беларускім словам". Звяртае на сябе ўвагу, што такую акцыю праводзіць толькі наша абласная арганізацыя, хоць меркавалася, што такія агляды-конкурсы павінны праходзіць ва ўсіх рэіёнах краіны. Па выніках працы кампетэнтнага журы была падрыхтаваная адмысловая запіска, дасланая ва ўсе рэдакцыйныя калектывы, а таксама кіраўніцтву Віцебскага аблвыканкама, куратарам ідэалагічнай працы (апублікавана ў газеце "Наша слова" за 11.02.2015). У вышэй названай запісцы былі прапанаваныя канкрэтныя парады па павышэнні культуры беларускай мовы ў перыядычным друку, разгледжаны тыповыя недахопы. Рэдакцыі дзевяці раённых і недзяржаўных газет, якія сталі пераможцамі, былі ўганараваныя памятнымі падарункамі і Дыпломамі абласной рады. Мы выказваем шчырую падзяку кіраўніцтву Саюза беларускіх пісьменнікаў, ГА "Бацькаўшчына" і кіраўнічым органам ТБМ, якія дапамаглі нам з прызамі і дыпломамі для рэдакцыйных калектываў-пераможцаў. Урачыстае падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу мясцовага друку адбылося падчас традыцыйнай імпрэзы, прысвечанай дню нараджэння Васіля Быкава, на яго радзіме, у Бычках.

На працягу ліпеня-верасня 2015 года сябры абласной рады наведалі Паставы, Шуміліна, Шаркаўшчыну, Докшыцы, дзе на сустрэчах з калектывамі рэдакцый газет пазнаёмілі журналістаў з вынікамі агляду-конкурсу, уручылі ўзнагароды, адказалі на шматлікія пытанні прысутных.

Паколькі названы агляд-конкурс паказаў нездавальняльную сітуацыю з беларускай мовай на старонках некаторых газет, у верасні 2015 г. кіраўніцтва абласной рады (І.А. Навумчык і Ю. Бабіч) сустрэлася з рэдакцыйным калектывам газеты "Витебские вести". Кіраўнікі рады падзяліліся з журналістамі інфармацыяй пра дзейнасць ТБМ, выказалі заклапочанасць што да выкарыстання беларускай мовы ў газеце, прапанавалі свае паслугі кансультацыйнага характару, а таксама ўручылі падарункі журналістам Г. Шпакоўскай і Т. Пашкевіч. Сустрэча мела канструктыўны, узаемапаважлівы характар. І як яе вынік з кастрычніка 2015 года ў газеце раз на месяц выходзіць адмысловая рубрыка "Вучыце родную мову", дзе кансультантам выступае сябар абласной рады Юрась Бабіч.

Гаворачы пра супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі, варта нагадаць, што ўжо два гады рубрыка, прысвечаная культуры беларускага слова і створаная па ініцыятыве сяброў абласной рады, публікуецца і на старонках газеты Віцебскай дыяцэзіі "Каталіцкі веснік".

Нам прыемна адзначыць, што кожны год па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры вучні школ нашай вобласці займаюць прызавыя месцы. Нядаўна закончылася алімпіяда гэтага года, заключны этап якой праводзіўся, дарэчы, у Полацку. Вучні са школ Віцебскай вобласці атрымалі найбольшую колькасць дыпломаў -11, апярэдзіўшы ўсе астатнія рэгіёны, у тым ліку і Менск. Несумненная заслуга ў такім ведані роднай мовы вучнямі належыць іх настаўнікам, сярод якіх нямала сяброў ТБМ: Таццяна Фёдараўна Барткевіч (Глыбокае), Любоў Яўгенаўна Лукашэнка (Віцебск), Алена Іванаўна Казлова (Полацк) і інш. І гэта пры адсутнасці ў гарадах вобласці беларускамоўных школ.

Віцебская абласная рада, робячы справаздачу за папярэднія два гады, цвяроза ацэньвае сітуацыю і бачыць перад сабой шэраг нявырашаных яшчэ праблем. Так, у прыватнасці, нам неабходна аднавіць дзейнасць раённых суполак у Мёрах, Браславе, Докшыцах ды ў некаторых іншых рэгіёнах, што пакуль зрабіць не ўдаецца. Але менавіта на гэты аспект, на наш погляд, павінна быць скіравана ўвага новага складу рады. На жаль, не расце і колькасць падпісчыкаў на газету "Наша слова", хоць прыхільнікаў беларускай мовы не так ужо і мала. І, безумоўна, адна з асноўных праблем, якая патрабуе тэрміновага вырашэння, - гэта стварэнне ў Віцебску, а таксама ў Полацку, Глыбокім, магчыма, і ў іншых гарадах цалкам беларускамоўных школ ці гімназій. Менавіта названымі праблемамі новаабраным сябрам абласной рады варта заняцца найперш.

Старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ Ю. Бабіч.



Адукацыйныя паслугі. Школа асобаснага росту "ШАР" . Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч.

Семінар - трэнінг "Лячэнне траўмы несправядлівасці" . 29.04.2016 а 18-ай .

Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88; х.тэл. (+375 17) 231-44-35; МТС (+375 29) 769-29-78; velcom (+375 29) 960-14-53; e-mail spadarl@yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі - 06.05.16.


Нямецкі студэнт вывучыў беларускую мову, каб лепей разумець Статут ВКЛ

Нямецкі студэнт Рубэн Більвард першы раз наведаў Беларусь у 2012 годзе. А ўжо з верасня 2014 вярнуўся вывучаць беларускую мову на філалагічным факультэце БДУ. Прычына для вывучэння беларускай мовы была незвычайнай - жаданне лепей разумець Статут Вялікага Княства Літоўскага. У чэрвені гэтага года Рубэн развітаўся з Беларуссю і працягне навучанне ў Дрэздэне ў магістратуры.

Generation.by распытаў Рубэна Більварда пра асаблівасці яго досведу ў межах серыі гісторый беларускамоўных замежнікаў "Размаўляй са мной па-беларуску".

Пачаў вучыць беларускую, каб лепш разумець Статут і іншыя прававыя тэксты ВКЛ на старабеларускай мове

- Мая матывацыя да вывучэння беларускай мовы - інтарэс у гісторыі. Калі я пісаў бакалаўрскую работу на тэму Магдэбургскага права на беларускіх землях у час ВКЛ і Рэчы Паспалітай, я займаўся Статутам ВКЛ і прававымі тэкстамі ВКЛ, напісанымі на старабеларускай мове. Каб лепш разумець гэтыя тэксты, я вывучаю беларускую.

Практыка

- Працэс вывучэння мовы ў асноўным у Беларусі - практыка. У мяне ёсць сябры, якія размаўляюць толькі па-беларуску, з імі я часта практыкаваў беларускую мову. Зараз у Нямеччыне я чытаю тэксты ў інтэрнэце і слухаю беларускую музыку, каб не забыцца пра яе.

Мне беларуская мова адразу спадабалася, хаця на ёй мала людзей размаўляе

- Я ўжо часта бываў у Беларусі. Першы раз у 2012 годзе, калі мы з сяброўкай і аднакурсніцай ездзілі ў Берасце, каб пазнаёміцца з Беларуссю. Потым я праходзіў практыку ў Берасцейскай цвердзі ў 2013 годзе і нарэшце я зноў прыехаў адмыслова, каб вывучаць беларускую мову. Мне беларуская мова адразу спадабалася, хаця на ёй мала людзей размаўляе. Сітуацыя ў Беларусі, канешне, складаная. Але я хачу дапамагчы палепшыць яе.

Калі б я быў беларусам, я бы толькі з людзьмі з Расіі размаўляў на рускай

- Калі б я быў беларусам, я гаварыў бы ўвесь час на беларускай мове. Толькі з людзьмі з Расіі я бы размаўляў і на рускай. Я пагаджаюся, што беларуская мова падобная на рускую, але больш падобная за чэшскую, якую я таксама вывучаю, але яны не аднолькавыя. Я таксама лічу, што беларуская - "мілагучная" мова. Фанетыка вельмі зручная, як і лексіка для немцаў, бо шмат нямецкіх слоў у беларускай мове.

Беларуская мова - мова-партызан

- Беларуская мова - гаротная мова. Гаротная ў тым, што мала людзей ёй карыстаюцца. Яна як кветка, якую выкідаюць таму, што яна не выглядае вартай для захавання, бо ў яе ёсць моцны канкурэнт - руская мова. Але яна таксама - партызан. На ёй мала гавораць, але яна ёсць, яна існуе.

Хачу публікавацца на ёй

- Пакуль што я выкарыстоўваю беларускую мову проста ў размовах з сябрамі і часам у МЭЙК-АЎТ, але я вельмі хачу публікавацца на ёй. Для гэтага трэба вывучыць яе лепш.

Парада замежнікам, што таксама вучаць беларускую

- Замежнікам у мяне адна парада: чытайце вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны класныя паэты. А калі моўнага ўзроўню яшчэ не хапае на паэзію, то чытайце дзіцячую літаратуру. Я зараз чытаю Рабінзона Круза.

Generation.by.


"Лідскае. Легенда" з беларускамоўнай этыкеткай

У юбілейны для сябе год (140-годдзе) ААТ "Лідскае піва" выпусціла новы флагманскі прадукт - піва "Лiдскае Легенда".

Новы прадукт прысвечаны заснавальніку прадпрыемства Носелю Пупко.

"Лiдскае. Легенда" - светлае піва з мяккім смакам, прыемным хмелевым водарам і лёгкім саладовым паслясмакам. У лінейцы гатункаў брэнду "Лідскае" падобнага па балансе піва да 2016 года не было: усе напоі сыходзілі ў бок лёгкасці або паўнаты, або павышанага ўтрымання алкаголю.

Пры варэнні выкарыстоўваўся нізавы спосаб закісання. "Лiдскае. Легенда" цалкам адпавядае нямецкаму закону аб чысціні піваварства: у склад уваходзяць толькі традыцыйныя інгрэдыенты без замутняльнікаў, кансервантаў і стабілізатараў.

Разліў "Лiдскага. Легенды" пачаўся 15 красавіка. А на прылаўках першая партыя новага прадукту з'явілася 19 красавіка. Каштаваць яно мае парадку 15 000 рублёў за 0,5 літра ў шкляной бутэльцы. Таксама "Лiдскае. Легенда" будзе выпускацца ў ПЭТ-упакоўцы 1 і 1,5 літра. У новым лагатыпе ААТ "Лідскае піва" сфакусавалася на назове і сімвале кампаніі - алені. Этыкетка флагманскага прадукта - беларускамоўная , што можна разглядаць, як крок насустрач грамадскасці.

- Сёння наша задача - нагадаць беларусам, што кожны можа стаць легендай. Галоўнае - захацець! - кажа гендырэктар "Лідскага піва" Аўдрыюс Мікшыс.

Новы фірмовы стыль будзе выкарыстаны для гатункаў ўсёй лінейкі брэнда "Лідскае", абяцаюць на прадпрыемстве.

Радыё Рацыя.


Памяці Вітаўта Мартыненкі

Вечная памяць, табе дружа…

Слова на развітаннне

Не стала шчырага рупліўца Беларускага Слова, музычнага крытыка, паэта і перакладчыка Вітаўта Мартыненкі. Вітаўт доўгі час працаваў карэспандэнтам, а пасля і адказным сакратаром ў рэспублікансткім беларускамоўным выданні "Чырвоная змена".

Дзякуючы яго руплівасці і ідэям у рамках музычнай старонкі "Чырвонай змены" пад назвай "Нотны аркуш" выдаваліся артыкулы, прысвечаныя беларускім рок-гуртам і бардам. Так былі "выведзены" з глыбокага падполля (бо "ЧЗ" была выданнем ЦК ЛКСМБ) першыя беларускамоўныя гурты "Мроя", "Магістрат", "Бонда", "Рэй", "Дзіда", барды С. Сокалаў-Воюш, А. Камоцкі, В. Цярэшчанка і шмат іншых

Затым на аснове апублікаваных артыкулаў і інтэрв'ю ў Канадзе і ЗША была выдадзена наша сумесная кніга "Праз рок-прызму" (1989), рукапіс якой гераічнымі высілкамі праз савецкі "жалезны кардон" правёз ў міжнародным вагоне Вітаўт.

Адным з праектаў "Нотнага аркуша" і яго заснавальнікаў - В. Мартыненкі і А. Мяльгуя - было стварэнне ў Менску першага рок-клуба. Гэтую ідэю, пасля адпаведных публікацый ў "ЧЗ" падтрымаў ЦК ЛКСМБ. З гэтага факту і распачаўся першы фестываль беларускай рок-музыкі "Тры колеры", прэзідэнтам якога быў абраны аўтар гэтых радкоў, а Вітаўт стаў намеснікам, рабіў свой важны ўнёсак у працу клуба - вёў перамовы з прадстаўнікамі аддзела культуры Менгарвыканкама, тлумачыўшы ім, што значаць рэдкія беларускія словы і што тэксты гуртоў не нясуць небяспеку "савецкаму чалавеку".

Яшчэ адзін праект, да якога спрычыніўся крэатыўны талент В. Мартыненкі - арганізацыя паездкі і ўдзелу гурта "Бонда" ў міжнародным рок-фэсце "Літуаніка-1986". Дзякуючы яго аператыўнасці і ўменню дамаўляцца ўпершыню беларускамоўны гурт прадставіў сваю творчасць на буйным міжнародным рок-фэсце.

Але не толькі рок-журналістыкай і музычнай крытыкай цікавіўся Вітаў. В. Мартынека быў сябрам "Талакі", літаратурнай суполкі "Тутэйшыя", у газеце "Чырвоная змена" стварыў суполку падтрымкі БНФ. А яго мадэрновую куртку з лагатыпам "Я - беларус" ведалі па ўсёй Беларусі!

Як літаратар Вітаўт пакінуў шмат вершаваных і празаічных твораў, адзін з якіх - аўтабіяграфіяны раман "Карабалом" чакае сваго часу і выдаўца.

Затое на яго творчым рахунку засталіся шыкоўныя выданне Г. Сянкевіча "Quo Vadis" (2002) у перакладзе па-беларуску ксяндза Татарыновіча, якое Вітаўт транслітараваў у кірылічны выгляд. Вітаў дадаў свае грунтоўныя каментары, якія выдаў асобнай брашурай "Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінґвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)" (2003).

Нашай агульнай справа стала стварэнне энцыклапедычных выданняў, прысвечаных гісторыі беларускай непадцэнзурнай музычнай культуры, як "Праз рок-прызму" (1989, New York), "222 альбомы беларускага року і ня толькі" (2006, Менск). Апошння кніга Вітаўта Мартыненкі - "Rock online" (2010, Менск) стала для майго сябра своеасаблівым рубіконам. І Вітаўт пераадолеў яго з гонарам - увесь наклад ім быў рэалізаваны, чым ён даказаў, што беларускамоўнае выданне мае свайго адданага чытача, а беларуская рок-музыка, масавая культура на роднай мове, якой ён дапамагаў ўсё жыццё, мае вялізарны стваральны па-тэнцыял.

Бывай, дружа, няхай беларускай зямля дае табе вечным прытулкам і супакаеннем для тваёй збалелай душы…

Анатоль Мяльгуй.


Віват, князь Вітаўт!..

17 красавіка на 57 годзе пайшоў з жыцця вядомы журналіст, паэт, музычны крытык, аўтар часопіса "Верасень" і тыднёвіка "Наша слова" Вітаўт Мартыненка.

Яго называлі "дэгустатарам" айчыннай музыкі, бо ён адчуваў ноты на смак і смакаваў беларускую Песню ўсё сваё кароткае, але змястоўнае жыццё... Гэта ён, Вітаўт Мартыненка, тады яшчэ супрацоўнік газеты "Чырвоная змена", распачаў неверагодна папулярную серыю гутарак з беларускімі рок-зоркамі і бардамі, друкуючы ў "чырвонцы" іхнія двухпалосныя постары... Гэта ён, разам са сваім сябрам Анатолем Мяльгуем, выдаў першы ў Беларусі бестселер пра айчынны рок і не толькі - "Праз рок-прызму"... Гэта, яго, Вітаўта Мартыненку, можна было заўважыць літаральна на кожным канцэрце беларускіх рок-гуртоў.... Гэта з ім, Вітаўтам Мартыненкам, сябравалі ўсе айчынныя барды і рок-выканаўцы, бо лепшага прамоўтэра іх творчасці за ўсю музычную гісторыю Беларусі проста не было... Вітаўту Мартынеку было шмат дадзена звыш... Але самому яму ад жыцця патрэбна было зусім мала: якасны бумбокс для праслухоўвання музычных дыскаў ды самота для напісання сваіх тэкстаў для айчынных рок-гуртоў...

Апошні раз з Вітаўтам я бачыўся 14 красавіка, наведваючы яго ў 208 палаце дзясятай клінічнай бальніцы, дзе ён лекаваўся... Нават на бальнічным ложку, як і ў паўсядзённым жыцці, ён быў па-спартанску стрыманым - нічога лішняга... З гасцінцаў прыняў толькі мінералку і адмыслова падпісаныя для яго кнігі "Берагі майго юнацтва" Анатоля Сыса і "Бой з сабой" Алеся Бяляцкага. У дарчым надпісе на кнізе "Бой з сабой" я назваў яго "Князем Вітаўтам айчыннай музыкі"... Ну дык і не памыліўся... За два дні да смерці ён па-княску радваўся чужой радасці, зусім не думаючы пра сябе... Вось чаму я лічу, што з апошняга "боя з сабой" Вітаўт Мартыненка, як заўсёды, выйшаў пераможцам...

Віват, князь Вітаўт!

Эдуард Акулін.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў траўні

Абухоўскі Юры Адамковіч Аляксандр Эдмун. Азарка Вольга Уадзіміраўна Акуленка Міхаіл Александровіч Разалія Адам. Алесіна Таццяна Міхайлаўна Аляшчэня Мікалай Мікалаев. Анапрыенка Ірына Анішчык Барыс Вітальевіч Апалька Жанна Віктараўна Апон Мікалай Арлоў Валянцін Мікалаевіч Аскерка Зміцер Астахновіч Андрэй Казіміравіч Астраўх Аліна Эдмундаўна Астроўская Аксана Барысаўна Аўсейка Канстанцін Бабіч Юры Міхайлавіч Багданчык Зміцер Віктаравіч Бакшун Валянціна Баланчук Эдуард Мікалаевіч Баранік Міхась Антонавіч Баркун Юры Васільевіч Бародзіч Сямён Дзмітрыевіч Баронік Міхал Антонавіч Бароўскі Анатоль Мікалаевіч Барыс Сымон Вікенцевіч Бахун Сяргей Пятровіч Белавокая Наталля Бельскі Аляксандр Міхайлавіч Богуш Святлана Яўгенаўна Бордак Уладзімір Адамавіч Борсук Ніна Мікалаеўна Брыцько Уладзімір Буднік Янка Фёдаравіч Буз Андрэй Віктаравіч Буката Людміла Аляксандр. Буката Надзея Эдвардаўна Бурдыка Дзмітры Анатольевіч Бутэнка Зміцер Сямёнавіч Быкава Надзея Мартынаўна Быстранкова Таіса Вікенцеўна Бяйдук Наталля Вайцэховіч А.Р. Валіцкая Іна Валошчык Мікола Антонавіч Валчок Ліля Вараб'ёў Уладзімір Раманавіч Васілеўская Кацярына Васільева Кацярына Васільчук Іван Дзмітрыевіч Ваўчок Крысціна Вішнеўская Дар'я Дзмітрыеўна Галубовіч Вольга Галустаў Эдуард Ганчарык Марыя Яраславаўна Гарбачэўскі Васіль Гаўрыленка Юлія Міхайлаўна Гладкі Леанід Анатольевіч Глямбоцкая Рэната Аляксандр. Гнеўка Анатоль Лявонавіч Гоўша Уладзімір Міхайлавіч Грудзіна Аляксандр Пятровіч Грумо Зміцер Грышкевіч Кірыла Уладзімір. Гундар Уладзімір Тадэвуш. Гуркоў Ігнат Дамінік Аляксан. Гусак Станіслаў Рыгоравіч Давыдзік Кацярына Канстанц. Даніловіч Раіса Дзмітрыеў Андрэй Уладзімір. Дзяконскі Аляксандр Алякс. Долбік Юры Уладзіміравіч Драўніцкая К.М. Драўніцкі Іван Пятровіч Дрозд Галіна Дубейка Ірына Восіпаўна Дубовік Іосіф Вацлававіч Думанскі Аляксандр Жабінская Марыя Пятроўна Жолуд Эдуард Васільевіч Жукоўская Таццяна Яўгенаўна Жураўлёва Таццяна Сяргеўна Жураўскі (Тышчук) Уладзімір Жылач Таццяна Міхайлаўна Зайцаў Андрэй Мікалаевіч Іванова Анфіса Міхайлаўна Іода Тамара Мікалаеўна Ісайкіна Вольга Юр'еўна Кабылка Віталь Кавалавіч Мікалай Антонавіч Кавалёў Станіслаў Аляксандр. Кавальчук Галіна Тадэвуш. Кавальчук Часлаў Францавіч Казакевіч Юры Іосіфавіч Калакольцава Аліна Калацкая Вольга Калеснікава Алена Уладзімір. Калінін Вальдэмар Каляда Ніна Фёдараўна Камандзірчык Алесь Аляксан. Камко Наталля Юр'еўна Кампонеец Святлана Юр'еўна Кандракоў Міхаіл Валер'евіч Кандратовіч Ігар Кандратовіч Ян Янавіч Кандрацьеў Андрэй Васільевіч Кануннікаў Сяргей Іванавіч Карабач Алег Віктаравіч Карнееў Віктар Васільевіч Карнілава Наталля Яўгенаўна Кароль Маргарыта Міхайл. Карпінская Юлія Карповіч Андрэй Іванавіч Карцель Настасся Касавец Іван Язэпавіч Касцюк Георгій Васільевіч Касцюкевіч Зміцер Станіслав. Каўлярова Т. М. Клуйша Яніна Іосіфаўна Кляшторная Мая Тодараўна Корзан Сцяпан Уладзіміравіч Корзан Уладзімір Сцяпанавіч Корзан Яніна Браніславаўна Кот Алена Коўган Сяргей Яўгенавіч Кравец Дзмітры Юр'евіч Красоўская Ганна Казіміраўна Крук Віктар Фёдаравіч Круцікаў Уладзімір Уладзім. Кручкоў Сяргей Мікалаевіч Кудрашоў Віктар Кузьміч Таццяна Адамаўна Кульбянкова Іна Лабачоў Яўген Дзмітрыевіч Лагун Вольга Эдвардаўна Лапо Аляксандр Іванавіч Латоцін Лявон Алякандравіч Лаўранцова Алена Уладзімір. Лебедзева Наталля Мікалаеўна Леўчанкаў Васіль Мікалаевіч Леўшык Станіслаў Станіслав. Лук'янцаў Кірыла Лытнёў Міхаіл Люмарова Галіна Сяргееўна Ляскоўская Зоя Нікіфараўна Майсеня Людміла Іосіфаўна Макарскі Андрэй Георгіевіч Макарчык Уладзімір Макрыцкая Таццяна Міхайл. Максімчук Раман Уладзімір. Малашчанка Таццяна Сярг. Маліноўскі Яўген Лявонцьевіч Малышава Галіна Малько Пётр Іванавіч Мальцава Ганна Валянцінаўна Марцінкевіч Яўгенія Мацвеева Тацяна Генадзьеўна Мацвееў Максім Іванавіч Мекшыла Мікалай Мех Аляксандр Васільевіч Міхноўскі Мікалай Уладзімір. Міцкевіч Кастусь Міцкевіч Яўген Фаміч Моніч Алесь Мурашка Людміла Мікал. Муха Валянцін Станіслававіч Мяснянкіна Ала Міхайлаўна Навасельская Таццяна Уладз. Нагорная Тамара Іванаўна Нароўская Ала Мікалаеўна Нарушэвіч Міхаіл Алегавіч Натынчык Уладзімір Алякс. Ніжанкоўская Ірына Уладзісл. Нікіпорчык Віктар Новікаў Аляксандр Сяргеевіч Отчык Андрэй Падгайская Людміла Лаўрэнц. Палітава Дзіяна Паўлаўна Панізнік Сяргей Сцяпанавіч Паплаўская Ірына Станіслав. Паўлініч Валеры Валерыевіч Паўловіч Віктар Сяргеевіч Паўтаржыцкі Канстанцін Бран. Пашкевіч Ігар Пералыгін Алесь Пожанька Ігар Леанідавіч Пратасавіцкая Марыя Георг. Праташчык Людміла Віктар. Праўдзін Віктар Аляксандр. Пуцікаў Ілля Пушкін Ігар Аляксандравіч Пыжык Аляксей Пясецкая Таццяна Уладзімір. Пяткевіч Таццяна Віктараўна Пятрашка Майя Рагачоў Юры Усеваладавіч Радзюк Алена Іванаўна Радзюк Уладзімір Сяргеевіч Рачэўскі Станіслаў Рыгоравіч Рубанік Таццяна Руды Аляксей Уладзіміравіч Руткевіч Вераніка Антонаўна Рухлова Тамара Рымша Фаіна Ціханаўна Сабуць Галіна Эдмундаўна Савук Аляксандр Юр'евіч Салаўёў Зміцер Сяргеевіч Салговіч Вольга Віктараўны Салодкі Юры Часлававіч Самасюк Ганна Самойленка Арцём Сяргеевіч Саханчук Людміла Мікалаеўна Серакова Вольга Канстанцін. Сердзюкова Марыя Васіл. Сідар Маргарыта Сідаровіч Яніна Дзмітраўна Сілкова Раіса Іванаўна Сільвановіч Станіслаў Алёйз. Сітнік Аляксандр Сіўко Франц Іванавіч Смалянчук Аляксандр Фёдар. Снітко Вольга Уладзіміраўна Снітко Галіна Мікалаеўна Станевіч Тамара Іосіфаўна Станевіч Юры Сташэўскі Яўген Адамавіч Строкач Аляксандр Пятровіч Стукаў Віктар Якаўлевіч Сцефановіч Рамуальд Сяліцкая Рыта Талкачыкава Кацярына Аляк. Таневіч Галіна Янаўна Тарасенка Уладзімір Мікал. Трахімчык Уладзімір Іванавіч Тырсін Васіль Анатольевіч Тышкевіч Галіна Францаўна Фадзеева Таццяна Мікалаеўна Харанека Святлана Станіслав. Харланчук Аляксандр Анат. Хатара Мацвей Леанідавіч Хвайніцкі Часлаў Сіманавіч Хітрун Ілья Андрэевіч Холеў Станіслаў Браніслававіч Хоміч Генадзь Рыгоравіч Храмлюк Марыя Іосіфаўна Цаўлоўскі Канстанцін Дзмітр. Церпугова Алена Фёдараўна Цітоў Леанід Сцяпанавіч Цюрын Аляксей Сяргеевіч Цялюк Мікалай Алегавіч Чарнышова Алена Аляксанд. Чухліб Наталля Чучвага Наталля Мікалаеўна Чхаідзэ Георгій Чэчат Віктар Аляксандравіч Шабуня Ніна Шантар Дзіяна Георгіеўна Шапуцька Віктар Аляксандр. Шарах Мікола Аркадзевіч Шароў Георгі Іванавіч Шарыпкін Генадзь Леанідавіч Шаўкера Алег Шахаб Дар'ян Шахмуць Ніна Іванаўна Шашытайшвілі Марыя Уладз. Шкірманкоў Фелікс Уладзімір. Шошын Руслан Алегавіч Шруб Марына Шупенька Ірына Аляксандр. Шуткін Сяргей Сяргеевія Шчарбіна Святлана Шчэрба Святлана Мікалаеўна Шык Кірыл Іванавіч Шыла Уладзімір Аляксандр. Шыманіца Ала Іванаўна Шышкавец Ала Аркадзеўна Юрэвіч Генрых Іосіфавіч Якубчык Генрых Яніцкая Мая Міхайлаўна Ярмалінская Ніна Адамаўна Ярохаў Уладзімір Пятровіч Яфімчык Генадзь Генадзьевіч Яцыновіч Святлана


У "Чытальніцкім клубе"

14 красавіка на запросіны магілёўскага "Чытальніцкага клуба" і гарадской суполкі ТБМ да нас завіталі вядомыя беларускія паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк. У сяброўскай атмасферы цэнтра "Кола" магілёўцы пачулі цудоўныя вершы ў аўтарскім выкананні, расповеды пра знакавых дзеячоў і творцаў беларускага адраджэння канца дваццатага стагоддзя а спадар Эдуард, які ўсім вядомы яшчэ і як бард, праспяваў некалькі сваіх твораў. Адбылася нават прэм'ера песні "Белае паліто". Але асноўнай тэмай сустрэчы, безумоўна, былі кнігі - госці прэзентавалі некалькі зусім новых выданняў, прычым нават раней за Менск. Быў прадстаўлены найцікавейшы зборнік вершаў Анатоля Сыса "Берагі майго юнацтва", куды ўвайшлі раннія творы паэта, раней нідзе яшчэ не апублікаваныя, якія былі выпадкова знойдзеныя Алесем Бяляцкім і, дзякуючы яму і Эдуарду Акуліну, вось цяпер убачылі свет. Гэтак жа ўпершыню чытачы патрымалі ў руках і кнігу пра самога Эдуарда Акуліна "Бой з сабой", гэткі творчы партрэт паэта, аўтарства ягонага лепшага сябра Алеся Бяляцкага, ну а пачуць хвалюючыя ўспаміны з вуснаў жывога героя кнігі, аднаго з непасрэдных удзельнікаў адраджэнцкага руху 80-90-х гадоў, сучаснага класіка беларускай паэзіі, было проста неверагодна цікава! Яшчэ не мала розных кніг можна было пабачыць, пагартаць, набыць ды атрымаць на памяць подпіс аўтараў гэтым вечарам, тут былі і ўжо вядомыя выданні нашых шаноўных гасцей, і канешне, апошнія нумары часопіса "Верасень", прэзентацыі якога спадары Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк рэгулярна і нястомна ладзяць па самых аддаленых кутках Беларусі. Шчыра дзячым ім за іхную працу, творчасць і гэткі цёплы паэтычны вечар!

Трэба дадаць, што шмат цікавых беларускіх кніг у электронным выглядзе, у тым ліку і розныя навінкі, можна знайсці і спампаваць у інтэрнэт-кнігарні http://kniharnia.by/, а менская прэзентацыя кнігі "Бой з сабой" адбудзецца 3 траўня ў "Доме літаратара".

Алесь Сабалеўскі.


Літаратурная сустрэча ў Лідзе

20 красавіка ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася літаратурная сустрэча з гарадзенскімі літаратарамі. Сустрэча прайшла ў рамках паседжання літаб'яднання "Суквецце" і была надзвычай насычанай і рознапланавай.

Старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка прадставіў чарговы (чацвёрты) нумар альманаха "Новы замак". На сёння выдаюцца альманахі ўсіх абласных аддзяленняў, і гарадзенскі альманах па словах Валянціна Дубатоўкі - найлепшы.

Падчас абмеркавання было выказана пажаданне трымаць высокі мастацкі ўзровень альманаха і пачаць выдаваць яго два разы на год.

Прафесар Аляксей Пяткевіч прадставіў сваю новую кнігу "Слова і кніга Прынёмання". У кнізе згаданы і лідскія літаратары Уладзімір Васько, Станіслаў Суднік, Алесь Стадуб, Міхась Мельнік, Іван Гушчынскі, Валеры Мацулевіч, Леанід Лаўрэш, Пятро Макарэвіч. Прафесар Пяткевіч пакінуў значную колькасць асобнікаў кнігі ў Лідзе, і цяпер яе можна пачытаць і ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы і ў Доміку Таўлая.

Паэт Юрка Голуб чытаў свае пераклады грузінскага паэта Ніколаза Бараташвілі, а таксама гумарыстычныя творы, на якія ён вялікі майстар.

Завяршаў імпрэзу слынны лідскі бард Сяржук Чарняк, які выканаў песні на вершы паэтаў, добра вядомых усім прысутным.

Прыезд гарадзенцаў вельмі абнадзейвае. Гародня стала лёгкай на пад'ём, а таму і лідзяне паабяцалі ў адказ быць у Гародні 6 траўня на падобнай сустрэчы. Лідзяне маюць прэзентаваць 8-мы нумар альманаха "Ад лідскіх муроў".

Яраслаў Грынкевіч. На здымках: 1. Слова мае Валянцін Дубатоўка; 2. У актавай зале бібліятэкі падчас сустрэчы; 3. Сваю кнігу прэзентуе прафесар Аляксей Пяткевіч; 4. Выступае Юрка Голуб; 5. Спявае Сяржук Чарняк.


Магілёўцы зладзілі талаку

У Магілёве суполка Таварыства беларускай мовы зладзіла талаку на мясцовых Петрапаўлаўскіх могілках. Традыцыйна актывісты збіраюцца на Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясцін і прыбіраюць адметныя для горада месцы.

Сёння на старыя клады ў Магілёўскім Задняпроўі прыйшлі два дзясяткі рупліўцаў беларускай мовы і гісторыі. На працягу дзвюх гадзін талакоўцы прыбіралі ад смецця забытыя магілы гарадской знаці.

- На Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясцін мы звычайна прыбіраем занядбаныя ў горадзе помнікі архітэктуры, альбо старадаўнія месцы, - апавядае кіраўнік суполкі Алег Дзьячкоў. - На Петрапаўлаўскіх могілках нямала старых пахаванняў, за якімі амаль ніхто не прыглядае. Ды і не кожны магілёвец ведае, дзе яны знаходзяцца. Перакананы, што сёння мы прыбіраем магілы, якія акрамя нас ніхто не прыбярэ.

Паводле магілёўскага гісторыка Міхаіла Шымукенуса, які таксама прыбіраў могілкі разам з ТБМ-аўцамі, Петрапаўлаўскія клады вядомыя ад XVIII стагоддзя.

- Тут пахаваныя прадстаўнікі вядомага магілёўскага роду Бако, напрыклад. Гэты род згадваецца ў кнігах магілёўскага магістрата 17-18 стагоддзяў. Пахаваныя таксама прадстаўнікі роду Шкеляў. З гэтага роду паходзяць фундатары. Пра іх згадваюцца, што яны былі старастамі Петрапаўлаўскай царквы. На гэтых могілках была цэркаўка святой Ганны. Хавалі тут праваслаўных з Лупалава і Траечча. Гэтыя могілкі не даследаваныя як след на прадмет таго, хто тут з вядомых магілёўцаў пахаваны яшчэ. І наўрад ці выпадае казаць пра магчымасць гэтых доследаў, бо многае зруйнавалася, - зазначае гісторык Міхаіл Шымукенус.

Надмагілле на магіле аднаго з прадстаўнікоў роду Бако талакоўцам удалося адкапаць і ўстанавіць на пастамент. Нямала мармуровых надмагілляў, аднак, застаюцца заваленымі, бо сіламі некалькіх чалавек падняць іх немагчыма. Актывісты абмежаваліся высечкай кустоўя на магілах ды зборам бытавога смецця і лістоты. Да сёння Петрапаўлаўская царква, якая была непадалёк ад могілак, не ацалела. На яе месцы пабудавана гасцініца "Турыст". Няма і цэркаўкі святой Ганны. Казаць пра яе месца на могілках можна прыблізна.

Алесь Асіпцоў , Радыё Свабода.


У вянок памяці Уладзіміра Содаля

Год назад пайшоў у іншы свет нястомны змагар за беларушчыну, знаны журналіст і пісьменнік Уладзімір Содаль. У маім архіве (А. Трусава) захаваліся два калектыўныя лісты, ініцыятарам якіх у 1986 годзе і быў У. Содаль.

Першы ліст пад назвай "Лёс роднай мовы. Трывогі і надзеі" быў дасланы У. Содалем і яго сябрамі ў газету "Літаратура і мастацтва", а копія гэтага ліста (якую мы і друкуем) 27 лістапада 1986 года была даслана ў Саюз пісьменнікаў БССР.

Другі ліст (у арыгінале на рускай мове, спецыяльна для сайта ТБМ і газеты "Наша слова" перакладзены на беларускую мову) быў арганізаваны і дасланы У. Содалем 15 снежня 1986 года кіраўніку СССР Міхаілу Гарбачову. Яго разам з У. Содалем падпісалі 28 чалавек (у тым ліку Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Пімен Панчанка). У лістах выказваецца клопат пра лёс беларускай мовы і змяшчаюцца канкрэтныя прапановы, накіраваныя на захаванне і пашырэнне роднага слова ў нашым грамадстве.

Большасць тых, хто падпісаў першы ліст, арганізаваў У. Содаль. Многія з аўтараў другога ліста ўжо адышлі ў нябесную Беларусь, і іх нашчадкі павінны ведаць, што незалежнасць у 1991 годзе не звалілася на беларусаў з неба, а была падрыхтаваная не адным пакаленнем нашай змагарнай эліты, сярод якой пакінуў і свой след Уладзімір Содаль.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


У саюз пісьменнікаў БССР

Паважаныя таварышы!

Адрасуем вам копію ліста, дасланага намі ў тыднёвік "Літаратура і мастацтва" - "Лёс роднай мовы. Трывогі і надзеі". Ведаем, што ўзнятыя тут пытанні катастрафічнага становішча нашай мовы трывожаць і хвалююць Вас. Таму спадзяемся на ўвагу з боку Саюза пісьменнікаў да выказаных намі думак і прапаноў.

Лёс роднай мовы. Трывогі і надзеі

У цяперашні час, час абнаўлення ва ўсіх сферах жыцця грамадства, час пераасэнсавання нашых дасягненняў, недахопаў і памылак, пытанні гарманічнага і паўнакроўнага развіцця нацыянальнай культуры і мовы вымагаюць асаблівай увагі.

Мова - душа народа, найвышэйшая праява яго культурнай самабытнасці, аснова паўнацэннага духоўнага існавання. Пакуль жыве родная мова, жыве, мае гістарычную перспектыву і народ. З яе заняпадам чэзне, дэградуе культура, народ перастае існаваць як нацыянальны гістарычны арганізм, як неацэнная складовая часціна зямной цывілізацыі.

Мова нашага народа прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Былі ў яе перыяды і заняпаду, і росквіту. Вырасшы з агульных усходнеславянскіх каранёў, набыўшы непаўторныя, адметныя рысы, яна дастойна служыла нашаму народу - мела статус дзяржаўнай мовы ў буйной сярэднявечнай дзяржаве, горда прагучала са старонак першай друкаванай усходнеславянскай кнігі, дала свету выдатныя ўзоры беларускай літаратуры. А ў ліхія часіны забаранялася, бэсцілася прыгнятальнікамі, паланізатарамі і русіфікатарамі ўсіх масцей.

Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла шырокія магчымасці для развіцця беларускай мовы і культуры. Значныя поспехі ў гэтай справе былі дасягнуты ў першае дзесяцігоддзе Савецкай улады. Кампартыя і ўрад Беларусі, кіруючыся ленінскімі прынцыпамі і карэннымі інтарэсамі народа, правялі ў 20-я гады беларусізацыю ўсіх сфер жыцця грамадства - дзяржаўнага і партыйнага апарату, школ, універсітэта і іншых навучальных і навуковых устаноў, што карэнным чынам паспрыяла росквіту беларускай савецкай культуры і росту свядомасці шырокіх народных масаў.

Але адступленні ў часы культу асобы ад ленінскіх прынцыпаў нацыянальнай палітыкі, вульгарна-сацыялагічны падыход у вырашэнні складных задач развіцця літаратуры і мастацтва і, урэшце, рэпрэсіі ў дачыненні да нацыянальных кадраў інтэлігенцыі ў 30-я гады нанеслі беларускай культуры непапраўныя страты. Апошняя вайна давяршыла разбуральны працэс.

Нягледзячы на ўсё гэта, яшчэ цэлае дзесяцігоддзе пасля вайны на ўсёй тэрыторыі рэспублікі існавала шырокая сетка школ на роднай мове. З сярэдзіны 50-х гадоў, у часы валюнтарызму, інтэнсіўна ліквідаваліся беларускія школы ў гарадах, шэраг беларускіх перыядычных выданняў быў пераведзены на рускую мову, родная мова была выціснута амаль з усіх сфер жыцця грамадства.

У апошнія два дзесяцігоддзі гэты працэс паглыбляўся. Становішча з беларускімі школамі ў сельскай мясцовасці значна пагоршылася. Цяпер яны часта з'яўляюцца беларускімі толькі намінальна, бо большасць прадметаў, асабліва ў старэйшых класах, выкладаецца па-руску. Сотні вясковых школ ужо афіцыйна пераведзены на рускую мову навучання. Катастрафічна змяншаецца і колькасць вучняў, што навучаюцца ў беларускіх школах. Так, у 1983 г. у першы клас з беларускай мовай навучання прыйшлі, мяркуючы па тыражы "Буквара", 44 тыс. вучняў, а ў 1986 г. - толькі 34 тыс., што складае каля 25% ад агульнай колькасці першакласнікаў-сямігодкаў, г. зн. сёлета толькі чвэрць усіх першакласнікаў рэспублікі пайшлі ў школу з беларускім букваром.

Да таго ж у навучанні на беларускай мове ў сістэме народнай адукацыі няма ніякай пераемнасці. Беларускамоўныя ВНУ, тэхнікумы, вучылішчы адсутнічаюць. Вось ужо некалькі дзесяткаў гадоў педагагічныя інстытуты рэспублікі не займаюцца падрыхтоўкай настаўніцкіх кадраў спецыяльна для школ з беларускай мовай навучання. У занядбаным стане знаходзіцца і дашкольнае выхаванне на роднай мове.

Яскрава паказвае стан роднай мовы ў БССР кнігавыдавецкая справа. Дастаткова сказаць, што ўдзельная вага мастацкай літаратуры (па друкаваных аркушах-адбітках), якую выпускаюць рэспубліканскія выдавецтвы на рускай мове, павялічылася з 89,9% ў 1981 г. да 95,3% (!) у 1984 г. Практычна няма ў нас і кінематографа на роднай мове. Беларуская мова як рабочая мова і мова справаводства амаль не ўжываецца ні ў партыйных, ні ў савецкіх, ні ў дзяржаўных органах і ўстановах рэспублікі.

Апошнімі часамі як рэакцыя на такое становіша назіраецца прыкметны рост нацыянальнай самасвядомасці. Гэта ў сваю чаргу выклікае адмоўную рэакцыю з боку бюракратыі. Асоб, якія карыстаюцца роднай мовай, нярэдка аўтаматычна залічваюць у "нацыяналісты". Таму нават проста паслядоўнае карыстанне беларускай мовай патрабуе пэўнай грамадзянскай мужнасці.

Мы перажываем складаны перыяд у гісторыі беларускага народа, калі неабходны рашучыя захады па выратаванні (менавіта выратаванні, бо асобныя меры павярхоўна-касметычнага характару становішча не паправяць) роднай мовы, роднай культуры, а, значыцца, беларускага народа ад духоўнага вымірання. Для гэтага трэба ажыццявіць у першую чаргу наступныя мерапрыемствы:

А) Распачаць паступовае ўвядзенне беларускай мовы ў якасці рабочай мовы ў партыйныя, дзяржаўныя (перш за ўсё гэта датычыць міністэрстваў асветы, культуры, вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сувязі, дзяржаўных камітэтаў па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю, па кінематаграфіі, па тэлебачанні і радыёвяшчанні, Акадэміі навук) і савецкія органы і ўстановы рэспублікі;

Б) Устанавіць абавязковы выпускны экзамен па беларускай мове і літаратуры (сачыненне) у сярэдняй школе і па беларускай мове (дыктант) у васьмігадовай (няпоўнай сярэдняй) школе, незалежна ад таго, на якой мове вядзецца навучанне ў гэтых школах;

В) Устанавіць абавязковы для ўсіх абітурыентаў (акрамя тых, хто прыехаў з-за межаў БССР і СССР) уступны экзамен па беларускай мове і літаратуры (сачыненне) ва ўсіх вышэйшых навучальных установах і па беларускай мове (дыктант) у сярэдніх спецыяльных навучальных установах (тэхнікумах) рэспублікі.

Беларуская мова з'яўляецца адной з асноў існавання дзяржаўнасці беларускага народа, і таму яна павінна ахоўвацца спецыяльнымі заканадаўчымі актамі. Яе ўжыванне ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця павінна забяспечвацца і стымулявацца ўсеабдымным комплексам мерапрыемстваў, арганічную частку якіх складаюць і мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні:

1. У галіне ідэйна-выхаваўчай работы

- Партыйным і камсамольскім работнікам у органах друку і ў вусных выступленнях, лектарам у сістэме палітычнай асветы, прапагандыстам паказваць і падкрэсліваць значэнне роднай мовы ў выхаванні савецкага патрыятызму;

- Шырока выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі для азнаямлення насельніцтва рэспублікі з багатымі традыцыямі беларускай культуры, слаўнай і трагічнай гісторыі народа, паказваць багацце і прыгажосць роднай мовы;

- Праводзіць настойлівую тлумачальную работу сярод моладзі па прапагандзе фальклору як антыподу буржуазнай масавай культуры, памятаючы, што самай дзейснай прапагандай з'яўляецца далучэнне моладзі як вясковай, так і гарадской, да традыцый народнай культуры.

2. У галіне народнай адукацыі

- Павінен захоўвацца найважнейшы прынцып - моўная пераемнасць у сістэме народнай асветы і вышэйшай (а таксама сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальнай) адукацыі; асвета на роднай мове не можа нармальна развівацца пры адсутнасці дашкольнага выхавання і вышэйшай школы на роднай мове;

- Перавесці дашкольныя дзіцячыя ўстановы на беларускую мову: у сельскай мясцовасці - усе, у гарадах і гарадскіх пасёлках - у колькасці, прапарцыянальнай нацыянальнаму складу насельніцтва;

- Распрацаваць праграмы і метадычныя рэкамендацыі для беларускамоўных дашкольных устаноў, а таксама для дашкольных устаноў з рускай мовай навучання з улікам спецыфікі рэспублікі;

- Забяспечыць дзіцячыя дашкольныя ўстановы ў дастатковай колькасці кніжкамі-карцінкамі, гульнямі, грампласцінкамі з запісамі дзіцячых песень, вершаў і казак, дыяфільмамі і іншымі дапаможнікамі для выхаваўчай работы на беларускай мове;

- Перавесці ўсе школы ў сельскай мясцовасці на беларускую мову навучання, аднавіўшы ў першую чаргу выкладанне на роднай мове ў тых школах, якія цяпер з'яўляюцца беларускімі толькі намінальна;

- Адчыніць школы з беларускай мовай навучання ва ўсіх гарадах, гарадскіх пасёлках у колькасці, прапарцыянальнай нацыянальнаму складу насельніцтва;

- Увесці ў школах з рускай мовай навучання выкладанне беларускай мовы з першага класа;

- Стварыць новыя падручнікі (для малодшых і для старэйшых класаў) і кнігі для чытання па гісторыі Беларусі, дзе б аб'ектыўна асвятляліся гістарычныя падзеі, а таксама ўклад беларускага народа ў сусветную гісторыю і культуру;

- У школах з беларускай мовай навучання ўвесці выкладанне замежных моў на беларускай мове ў якасці дапаможнай; для гэтага стварыць і выдаць падручнікі па асноўных замежных мовах спецыяльна для гэтых школ, а таксама іншамоўна-беларускія і беларуска-іншамоўныя слоўнікі;

- Забяспечыць школы вучэбнымі, пазнавальнымі і навукова-папулярнымі дыяфільмамі і фільмамі, грампласцінкамі з запісамі мастацкіх твораў і іншымі дапаможнікамі на беларускай мове;

- Увесці ў школах з пятага класа ў якасці факультатыўнага прадмета дыялекталогію (у вясковых школах - з ухілам на мясцовыя гаворкі); падрыхтаваць і выдаць адпаведны дапаможнік;

- Стварыць навукова-метадычны часопіс "Беларуская мова і літаратура ў школе";

- Ажыццявіць перавод тэхнікумаў і вучылішчаў, у першую чаргу тых, якія рыхтуюць кадры для сістэмы асветы і культуры (педагагічныя, музычныя, мастацкія, культасветвучылішчы і інш.), а таксама для сельскай гаспадаркі, на беларускую мову выкладання;

- Перавесці ВНУ, якія рыхтуюць кадры для культуры (інстытут культуры, тэатральна-мастацкі інстытут, кансерваторыю), сельскай гаспадаркі, а таксама гуманітарныя факультэты ўніверсітэтаў на беларускую мову навучання; на астатніх факультэтах і ў іншых ВНУ стварыць беларускія аддзяленні;

- Ажыццявіць пераход на беларускую мову навучання ўсіх педагагічных інстытутаў рэспублікі, у тым ліку інстытута замежных моў;

- Арганізаваць шырокую сетку курсаў для падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў ў вывучэнні і ўдасканаленні ведання беларускай мовы; падрыхтаваць і выпусціць "Курс паскоранага вывучэння беларускай мовы" з камплектам грампласцінак, а таксама ў неабходнай колькасці тлумачальны слоўнік беларускай мовы, руска-беларускі і беларуска-рускі слоўнікі.

3. У галіне навукі

- Ажыццявіць навуковыя распрацоўкі па ахове мовы ад неапраўданых іншамоўных запазычанняў, а таксама па развіцці беларускай мовы на ўласнай аснове ў адпаведнасці з развіццём навукі, тэхнікі і ўсіх сфер жыцця грамадства;

- Актывізаваць і пашырыць дыялекталагічныя даследаванні беларускай мовы, у прыватнасці ў вобласці народнай тэрміналогіі (тэхнічнай, астранамічнай, заалагічнай, батанічнай і г. д.) з далейшым выданнем адпаведных слоўнікаў;

- Шырэй разгарнуць даследаванні гісторыі беларускай культуры і літаратуры мінулых эпох; распачаць выданне серый "Помнікі беларускай мовы", "Помнікі беларускай літаратуры", "Помнікі грамадскай думкі Беларусі"(факсіміле, пры неабходнасці адаптацыя, каментарыі) і інш.

- Арганізоўваць рэгулярныя доўгатэрміновыя камандзіроўкі беларускіх вучоных - спецыялістаў па гісторыі Беларусі, гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мастацтва - у замежныя краіны для працы ў архівах і бібліятэках;

- Выдаваць кнігі навукоўцаў Аддзялення грамадскіх навук АН БССР (па гісторыі, філасофіі, праве, мастацтвазнаўстве і інш.), а таксама іншых аддзяленняў (па рэгіянальнай тэматыцы) на беларускай мове;

- Перавесці на беларускую мову ўсе серыі часопіса "Вестник БГУ им. В. И. Ленина" і часопіс "Здравоохранение Белоруссии"; прывесці ў адпаведнасць фактычную мову часопіса "Весці АН БССР" з той, якая называецца ў тэматычных планах, выдаваць усе серыі гэтага часопіса, як і аб'яўляецца, на беларускай мове.

4. У галіне кнігавыдання, культуры і мастацтва

- Наладзіць пастаянны выпуск на беларускай мове папулярных масавых выданняў (адрыўныя календары, кнігі па дамаводстве, кулінарыі, садоўніцтве, краязнаўстве, пра лекавыя расліны, грыбы і г. д., прыгодніцкая і навукова-фантастычная літаратура, слоўнік замежных слоў і інш.); спыніць існуючую практыку дубліравання цэнтральных выдавецтваў у выпуску гэтых кніг на рускай мове;

- Карэнным чынам змяніць адносіны да выдання перакладной літаратуры (мастацкай, папулярнай, навукова-пазнавальнай, навуковай, навукова-фантастычнай, дзіцячай і юнацкай) на беларускай мове; паставіць на дзяржаўную аснову падрыхтоўку кадраў перакладчыкаў з замежных моў і моў народаў СССР на беларускую; практыкаваць штогадовую стажыроўку маладых перакладчыкаў у замежных краінах і рэспубліках СССР; падрыхтаваць і выдаць вялікія іншамоўна-беларускія слоўнікі па ўсіх асноўных мовах свету і мовах народаў СССР; устанавіць літаратурную прэмію (напрыклад, імя М. Багдановіча) для перакладчыкаў на беларускую мову;

- Наладзіць выданне на беларускай мове падпісных "Бібліятэкі сусветнай класікі", "Бібліятэкі сусветнай дзіцячай літаратуры", збораў твораў класікаў сусветнай літаратуры;

- Стварыць рэспубліканскае выдавецтва "Мастацтва" з мэтай карэннага паляпшэння становішча ў справе папулярызацыі і прапаганды здабыткаў нацыянальнай культуры;

- Пастаянна прапагандаваць матэрыяльную і духоўную спадчыну беларускага народа; выдаваць манаграфіі і альбомы: "Слуцкія паясы", "Мініяцюры беларускіх рукапісных кніг", "Беларусь на старых гравюрах", "Мастацкія аздобы беларускіх старадрукаў", серыю альбомаў "Архітэктура Беларусі" (па розных эпохах і стылях), серыю альбомаў "Скарбы беларускай культуры ў музеях свету", альбомы класікаў беларускага выяўленчага мастацтва і інш., "Папулярную эныклапедыю старадаўняга беларускага мастацтва", "Папулярную энцыклапедыю гісторыі Беларусі", факсімільныя выданні рукапісных кніг і старадрукаў, найперш друкаваную спадчыну Ф. Скарыны, і г. д.;

- З мэтай прапаганды дасягненняў беларускай савецкай літаратуры і культуры, павелічэння ліку перакладчыкаў беларускай літаратуры на мовы народаў свету, пашырэння міжнародных культурных сувязей, арганізаваць штогадовы семінар для замежных перакладчыкаў з беларускай мовы; устанавіць для іх літаратурную прэмію (напрыклад, імя М. Гусоўскага); аналагічную прэмію ўстанавіць для перакладчыкаў з беларускай мовы на мовы народаў СССР;

- Выпусціць для распаўсюджвання за мяжою падручнік "Беларуская мова для небеларусаў" на англійскай, французскай, нямецкай, польскай, чэшскай, італьянскай, іспанскай, арабскай, хіндзі і іншых замежных мовах з камплектам грампласцінак і беларуска-іншамоўнымі слоўнікамі;

- Наладзіць у рэспубліцы выпуск грампласцінак з мэтаю карэннага паляпшэння прапаганды беларускай народнай і прафесійнай музыкі;

- Выпускаць мастацкія, мультыплікацыйныя, дакументальныя фільмы у рэспубліцы на беларускай мове, фільмы іншых кінастудый (савецкія і замежныя), якія паступаюць у рэспубліканскі кінапракат, дубліраваць на беларускую мову;

- Перавесці на беларускую мову работу тэатраў оперы і балету, музычнай камедыі, лялек, тэатра-студыі кінаакцёра, нядаўна створанага маладзёжнага тэатра, абласных тэатраў; стварыць рэспубліканскі літаратурны тэатр;

- Стварыць дзяржаўныя рэспубліканскія музеі: гістарычны, этнаграфіі, беларускага выяўленчага мастацтва (старажытнага і савецкага), дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, а таксама іх філіялы: драўлянай скульптуры, народнага жывапісу, кавальства, кафлі, слуцкіх паясоў, старадаўняй зброі, старадаўняга мастацкага шкла, гісторыі тэхнікі, навукі, медыцыны, тэатра і музычнай культуры Беларусі і інш.;

- Стварыць мемарыяльныя і гістарычна-мастацкія музеі (філіялы дзяржаўных музеяў): Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, С. Буднага, В. Цяпінскага, К. Лышчынскага, К. Семяновіча, Т. Касцюшкі, Т. Ваўжэцкага, М. Агінскага, К. Каліноўскага, Т. Макоўскага, А. Тарасевіча, Н. Орды, Ф. Рушчыца, Я. Драздовіча, С. Манюшкі, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Цёткі (А. Пашкевіч), М. Гарэцкага і іншых выдатных грамадскіх і культурных дзеячоў Беларусі;

- Стварыць у рэспубліцы - на радзіме ўсходнеславянскага першадрукара Ф. Скарыны - музей-бібліятэку скарбаў беларускай пісьменнасці паводле ўзору армянскага "Матэнадарана" з мэтай захавання, комплекснага вывучэння і ўвядзення ў навуковы ўжытак раскіданых па ўсім свеце беларускіх манускрыптаў і старадрукаў;

- Звярнуцца ў адпаведныя інстанцыі з мэтаю вяртання ў Беларусь скарбаў дзяржаўных і прыватных музеяў і бібліятэк, якія ў выніку вялікадзяржаўнай палітыкі рускага царызму, а таксама ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі (пасля паўстанняў у XIX ст., падчас першай сусветнай вайны, белапольскай акупацыі, Вялікай Айчыннай вайны і інш.) апынуліся ў іншых рэспубліках і краінах.

5. У сістэме сродкаў масавай інфармацыі

- Наладзіць выданне на беларускай мове новых часопісаў: "Спадчына" (гістарычны навукова-мастацкі), "Веды і праца" (навукова-папулярны), "Далягляды" (замежная літаратура), "Юнацтва" (для школьнай моладзі), "Культура мовы", "Беларускае народнае мастацтва";

- Побач з выданнем рускамоўных рэспубліканскіх газет "Советская Белоруссия", "Знамя юности" і "Зорька" аднавіць выпуск на беларускай мове "Сельскай газеты", часопісаў "Камуніст Беларусі" і "Сельская гаспадарка Беларусі", абласных газет "Зара" (Брэст) і "Гродзенская праўда" (Гродна);

- Перавесці на беларускую мову часопісы і бюлетэні "Политинформатор и агитатор", "Народное хозяйство Белоруссии", "Сельское строительство Белоруссии", "Строительство и архитектура Белоруссии", "За безопасность движения"; газеты "Физкультурник Белоруссии", "Химик" (Наваполацк), ведамасныя газеты "Железнодорожник Белоруссии", "На страже Октября", "Речник Белоруссии", а таксама аб'яднаныя і раённыя газеты Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, якія цяпер выпускаюцца на рускай мове;

- Перавесці рэспубліканскую праграму тэлебачання цалкам на беларускую мову.

Перадумовай ажыццяўлення гэтых мерапрыемстваў з'яўляецца абнаўленне кадраў, не зацікаўленых у развіцці культуры і адукацыі на беларускай мове, у Міністэрстве асветы, Міністэрстве вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, Міністэрстве культуры, Дзяржкамвыдзе, Дзяржкіно, Дзяржтэлерадыё Беларускай СССР.

1. Содаль У. І., член Саюза журналістаў СССР, рэдактар тэлечасопіса "Роднае слова".

2. Мірачыцкі Л. П., кандыдат гістарычных навук.

3. Маркавец В. П., член Саюза мастакоў СССР, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі.

4. Каханоўскі Г. А., член Саюза пісьменнікаў СССР, кандыдат гістарычных навук.

5. Кулік Я. С., член Саюза мастакоў СССР.

6. Лецка Я. Р., член Саюза пісьменнікаў СССР, кандыдат філалагічных навук.

7. Рашчынскі А. У., член Саюза кампазітараў СССР.

8. Лаўрэль Я. М., старшы навуковы супрацоўнік НДІ педагогікі.

27.11.1986 г.

(Працяг у наступным нумары.)


КАРЧАВАТКА

Аповед азірання

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

ХVІІІ

І зноў я Коласа цытую,

Яго гуканне ў даль святую:

"К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю..."

Ах, родны край, даеш ты лекі

Душы старэчай чалавека.

Пачуеш, ўбачыш і прыпомніш -

І быццам трошкі апрытомнеш,

Душу астылую сагрэеш

І сэрцам трошкі змаладзееш.

Ды з мноства ўсіх дарог таемства

Няма дарогі у маленства,

Каб зноў туды на час вярнуцца

І мо ад шчасця захліпнуцца.

Там і папраўдзе толькі ў думках,

У мроях хісткіх ды лятунках

Мы можам пабываць хвіліну

І ў нашу сумную часіну

Вярнуцца тут жа з засмучэннем,

Душы і сэрца верадзеннем.

О час, бадай, яшчэ ніколі

Ты не судзіў такое долі

Народу нашаму - памерці

Раптоўнай і гвалтоўнай смерцю.

Ніколі ён не быў так блізка

Да самае крытычнай рыскі,

Адкуль ужо няма звароту

Да дзейнага жыцця народу,

Адкуль дарога - да нябыту,

Дзе ўжо ні ночы, ні зеніту.

Пачатак ўсіх пачаткаў - мова,

Яна і ўток, яна й аснова,

Малекула яна і атам, --

Быцця народа ёсць гарантам.

І колькі б там ні гаварылі,

Ў якія б трубы ні трубілі,

А мовы смерць ёсць смерць народа -

Дыктуе так сама прырода.

Народ ва ўсім сябе праз слова

Выказвае найадмыслова,

Прытым, што ўжо само сабою,

Праз роднае, а не чужое,

Якім бы ні было найблізкім,

Ды ўсё ж не тое, што з калыскі.

У слове родным - усе гены,

Ўсе галаграмы і мадэмы,

Усе што здольнасці ўмяшчаюць

І іх у працу уключаюць:

Не толькі творчыя пачаткі,

Любыя й іншыя задаткі.

Сваё, а не чужое слова

І думку будзіць, і гатова

Яе аплодніць, не абрушыць,

Даць ёй разгон, каб далей рушыць,

Каб гэта думка стала явай,

Жыцця канкрэтнаю праявай.

Сваё, а не чужое слова

Закладвае тую аснову,

З якою чалавек не будзе

Служыць драпежнасці й аблудзе;

З ёй будзе ён не марнатраўцам, -

Гаспадаром і дабрадаўцам,

І чулым бацькам, верным мужам,

Людской павагаю акружан.

Зямлі адданасць, працавітасць,

І кемлівасць, і дзелавітасць -

Усё прыходзіць разам з словам

І робіцца перадумовай

Жыццёвых дзеяў чалавека.

І так вядзецца ўжо спрадвеку,

Што ў гаспадарцы там парадак,

Лагода ў сем'ях і дастатак,

Дзе перш за ўсё заўжды ў пашане -

А, баронь Божа, не ў загане! -

Народная жыцця аснова,

А побач з ёю - сваё слова!

Найлепшы прыклад тут - кітайцы,

Яшчэ - японцы і в'етнамцы,

І філіпінцы, і індыйцы,

У рэшце рэшт, і малайзійцы.

Ды, зрэшты, ўсе як ёсць народы

Шануюць родны кліч прыроды,

Ўсе складнікі менталітэту,

І слова роднае - між гэтым.

І толькі мы ўсё не шануем,

Адкідваем і ігнаруем

Ўсё, што за многа соцень годаў

Выпакутавана народам,

Душою выспелена й сэрцам,

Ўсё, што святым ва ўсіх завецца.

І мову бэсцім першым чынам,

Нібы яна няйнакш пярчынай

У горле нашым перасела

І ўсе пячонкі нам ад'ела,

Нібы яна пракляцце роду

І племя нашага, й заводу.

І толькі мы дайшлі да кропкі:

Уласнай мове ўжо дакопкі

Спраўляем, мала - ігнаруем,

Яшчэ й нянавісцю мардуем.

Начальнік прыклад даў ганебны,

І вертыкальцы ўсе пабеглі

У антымоўным тым кірунку,

Бы выстраіўшыся ў струнку.

Адны, йшчэ сорам нейкі меўшы,

Пабеглі ціха, бы знямеўшы.

Другія, бегучы за бацькам,

На мову сталі порстка гаўкаць.

А ўслед за імі нейк паныла

Брыдуць чыноўнікі малыя.

Хто моўчкі йдзе, а хто і гаўкне,

Ці, як шчанё дурное, цяўкне.

А за чыноўным людам дружна

Пайшла эліта саматужна:

Прыгнечана, часам ціхмана,

Сама сабою падганяна.

Саўбеліі інтэлігенты:

Член-кары, дактары, дацэнты,

Пісьменнікі, ўрачы, артысты,

Настаўнікі і журналісты,

Работнікі кіно й эстрады

І рэшта гэтакага ж складу.

І як тут ні шукай ты слова,

А ўсё гэта - люд халуёвы!

Тае ўсё вынік карчаваткі,

Пра што не раз былі ўжо згадкі.

Люд, які змог даўно давесці:

Жыве ён для таго, каб есці.

Якраз жа з шэрагаў ягоных

Пайшлі гуляць ў нас па загонах

Інтэлігенцкія канцэпты:

Хай мовы памаўчаць адэпты!

Перш - дэмакратыя і права!

Перш людзям трэба сытна страва!

Як гэта ў нас усё настане,

Тады і моўнае пытанне

Само сабою будзе знята.

"Пока ж не лезьте с ним, ребята!"

І просты люд у ладкі пляскаў:

"Які толк з мовы? Вось кілбаска!.."

Такая сёння ў нас эліта.

Які кароль, такая й світа!

Ну, і якія ў нас парадкі

Ўвялі Ягайлавы нашчадкі?

Цынічна скрэсліўшы праўдзівы

Закон аб мове, свой фальшывы

Яны абманам навязалі,

Чым мову у труну паклалі,

Бо ў сітуацыі нялюдскай

Яна спаборнічаць тут з рускай,

Каб і хацела, дык не можа.

Бесцырымонна, як нябожа,

Зусюль яна павыганяна,

Ёй дзверы ўсе пазачыняны

Ва ўсіх дзяржаўных установах,

У творчых і у навуковых,

Няма ў царкве (вось наша доля),

У ВНУ, а ўжо і ў школе.

Яны й магутны ўплыву сродак -

Тэлевізійны асяродак -

Зачысцілі ад беларускай,

Пакінуўшы прагалік вузкі:

"Тэлебарометр" (канстанта)

Ды "Падарожжы дылетанта".

Спаборнічаць тут непанадна

З "великим и могучим" ўладным!

І - ні гугу наша эліта!

Для іх пытанне ўжо закрыта.

І на старонках той жа "Волі"

Гілевіч піша гневам болю

Пра лёс і мовы, і народа,

Лыч выверне нутро звыроду,

Ды плюс Рашчынскі, Канаховіч...

Каго яшчэ мой слых узновіць

З тых, што заўсёдна і няўтомна

Гаворыць аб праблеме моўнай,

Даводзіць, што без мовы роднай

Ўсе дэмакратыі бясплодны,

Што тут адна ёсць панацэя,

Адна ратоўчая ідэя

Рашэння ўсіх праблем нялёгкіх;

І што шукаць яе далёка

Зусім не трэба, яна - блізка,

Ад роду з намі, ад калыскі, -

Ідэя гэта - наша мова,

Аб ёй найперш і быць размове?

Як мала ейных абаронцаў!

Тых, што зусім не за чырвонцы,

Не за падачкі ўладнай хеўры

У модных доларах ці еўра, --

Па поклічу душы і сэрца

Бароняць скарб наш неацэнны,

Бароняць сутнасць, дух народа,

Што дадзены яму прыродна,

Мо нават звыш, мо самім Богам.

Таму такая і трывога

Аберагчы ад цмока злога

Наш гэты скарб, каб і унукам

Апорай быў і быў зарукай

Іх слаўнага жыцця пад сонцам,

Каб шчасце мелі не на донцы,

Каб людзі іх у свеце зналі

І паважалі-шанавалі!


І хоць прайшлася карчаватка,

Хоць ацалела ўсяго латка,

Ды вечная зямная сіла

Узгоніць парасткі, імкліва

Яны падымуцца і ўдумна

Пад ветрам загамоняць шумна...

Так і людская сіла ўзгоніць

З нямногіх зернетак сягоння

Гай чалавечы, гай шумлівы,

І будзе болей ён шчаслівы,

Па ім не пройдзе карчаватка,

Не выкарчуе чыста-гладка

Усіх нязгодных і няўгодных.

І сярод новых сіл народных

Не будзе болей беспародных,

Манкуртаў і рабоў бязродных;

Ягайлава мінецца семя,

І чэлядзі дваровай племя

Адыдзе у нябыт. На змену

Прыйдзе народ! Не на замену

Адное дворні на другую,

А той народ, што паслугуе

Не пану, а сабе самому;

Народ, што не паддасца злому,

Што будзе гонар мець і годнасць,

І шчодрасць, і высакароднасць,

Які краіну адбудуе

Не бутафорскую - жывую,

Дзе люд папраўдзе будзе шчасным,

А не як у раі калгасным;

Дзе мова ўжо не Папялушкай -

Прынцэсай будзе долю гушкаць;

Які не дасць нікому згнюсіць

Святое імя Беларусі!


І не ўхмыляйцеся, зласліўцы!

Часы мінуцца вашы, хціўцы!

Рабом больш беларус не будзе,

Ўздыхне на поўныя ён грудзі.

Паўстане мужным ён і смелым,

Раджаць не будзе больш ягелаў.

І ўрэшце зойме, сын свабоды,

Пасад свой годны між народаў!

1 студзеня -

25 сакавіка 2009 года.

Мікола ГІЛЬ


Падарожжа ў пярліну Польшчы - г. Кракаў

Даўно марыў наведаць г. Кракаў, адзін з найстаражытнейшых гарадоў Еўропы, былую сталіцу Польшчы, горад, з якім звязаны імёны славутых людзей, у тым ліку і ўраджэнцаў нашай беларускай зямлі. У пачатку красавіка мая мара здзейснілася. Па прыбыцці ў г. Кракаў нас, групу з 34 турыстаў, размясцілі ў гатэлі "Шапэн"; кароткі адпачынак і ўжо праз паўтары гадзіны пасля прыбыцця мы знаёмімся з размешчанай на беразе р. Віслы перлінкай Польшчы ды і ўсяе Еўропы замкам Вавель, рэзідэнцыяй былых польскіх каралёў. Тут на векі вечныя знайшлі спакой парэшткі не толькі каралёў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), такіх як Ягайла, Казімір (Ягелончык) і іншых, але і нашых суайчыннікаў Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча. Пад белым мармуровым саркафагам знаходзяцца парэшткі загінуўшых у авіякатастрофе пад Смаленскам прэзідэнта Польшчы Качынскага і яго жонкі. На маё пытанне, якая існуе новая версія аб авіякатастрофе, наш гід адказала, што народ Польшчы добра ведае віноўнікаў катастрофы. Праўду цяжка схаваць ад народа. Ля таўшчэннай цвердзевай сцяны замка узвышаецца скульптура на кані Тадэвуша Касцюшкі. У часы вайны немцы вывезлі гэты цудоўны помнік на пераплаўку ў Германію. Але ў пасляваенны час яны стварылі новы помнік і ўсталявалі яго на мінулым месцы. Пешая прагулка па старажытных вулачках горада, і вось мы - на тэрыторыі славутага Ягелонскага ўніверсітэта, адной са старэйшых у Еўропе навучальных устаноў, заснаванай у 1364 годзе каралём Польшчы Казімірам III Вялікім. У кракаўскім Ягелонскім універсітэце вучыліся шматлікія прадстаўнікі беларускай шляхты - Сапегі, Свірскія, Гальшанскія. У пачатку 16 стагоддзя тут, на філасофскім факультэце, займаўся і атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі беларускі асветнік Францішак Скарына, такую ж вучоную ступень атрымаў тут у 1532 годзе таксама сусветна вядомы кнігавыдавец - асветнік Іван Федаровіч, які паводле гіпотэзы, нарадзіўся на Вілейшчыне. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце таксама беларускі асветнік Сымон Будны, аўтар "Катэхізіса", першага твора на практычна сучаснай беларускай мове. Як вядома, з г. Кракавам звязана і жыццё нашага земляка, ураджэнца вёскі Станькава сённяшняга Дзяржынскага раёна графа Эмерыка фон Гутэн Чапскага. У пачатку 90-х гадоў XIX стагоддзя граф раздзяліў сваю маёмасць паміж сваімі сынамі Ежы і Карлам, і ў 1894 годзе свой найкаштоўнейшы музейны скарб ў шасці таварных вагонах перавёз са Станькава ў г. Кракаў, які знаходзіўся ў той час па-за межамі Расійскай імперыі. У гэты скарб, які быў размеркаваны ў набытым Чапскім двухпавярховым будынку, уваходзілі нумізматыка, старажытны фарфор, старажытная зброя, каштоўная бібліятэка, якая налічвала звыш 20 тысяч унікальных выданняў, геалагічная і мінералагічная калекцыя, якая лічылася самай вялікай у Еўропе. Па тастаманце Эмерыка Чапскага ўсё гэтае багацце склала аснову дзейнага сёння ўнікальнага музея. Граф Эмерык Чапскі быццам прадбачыў бальшавіцкі пераварот, які адбыўся ў 1917 годзе; не перавёз бы ён свой скарб, дык з прыходам да ўлады бальшавікоў яго скарб разрабавалі б расійскія вандалы, і ён рассеяўся б на абсягах Расіі, так сама, як і беларускія слуцкія паясы, крыж Ефрасінні Полацкай, шматлікія старажытныя летапісы і інш. А так сёння кожны можа наведаць у г. Кракаве гэты цікавы музей. Я таксама наведаў музей Эмерыка Чапскага, які знаходзіцца на вуліцы Ю. Пілсудскага, 12, і перадаў на захаванне шэраг беларускіх газет, такія як "Голас Радзімы" і "СБ" з артыкуламі пра Эмерыка Гутэн Чапскага і вёску Станькава. Гэтыя газеты мне перадаў перад маім ад'ездам вучоны - літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч прафесар Адам Мальдзіс, які прысвяціў Чапскім і вёсцы Станькава шмат сваіх публікацый. Няхай наведвальнікі музея ведаюць, што тут, на Беларусі, добра ведаюць і шануюць памяць выдатнага земляка Эмерыка Чапскага і яго сыноў. Дарэчы, сын Эмерыка Чапскага Карл доўгі час быў кіраўніком г. Менска і шмат зрабіў для горада добрых спраў. На момант майго наведвання музей ужо скончыў сваю працу, але мяне гасцінна прыняла супрацоўніца музея Іаланта Рынкевіч; яна падзякавала за газеты, і падарыла на ўспамін прыгожы маляўнічы буклет аб кракаўскім музеі Эмерыка Чапскага. У 1896 годзе ў Чапскага разбалеўся зуб; у час лячэння дантыст занёс інфекцыю, ад якой Эмерык Чапскі і памёр. Пахавалі яго на старажытных кракаўскіх Ракавіцкіх могілках. Дзякуючы Юрыю Гардзееву, нашаму земляку, выкладчыку беларускай мовы і літаратуры Ягелонскага ўніверсітэта, а таксама дзякуючы Алесю Ланеўскаму, супрацоўніку Польскай Акадэміі навук мне ўдалося знайсці дагледжаныя магілы Эмерыка Чапскага і беларускага паэта, ураджэнца Меншчыны Алеся Гаруна. Нядаўна я сустрэў паважанага спадара Алега Трусава. І ён мне распавёў, што некалі з сябрамі Таварыства беларускай мовы ён прымаў удзел у дабраўпарадкаванні магілы Алеся Гаруна. Пры ўваходзе на могілкі, пад масіўнай плітой знаходзяцца парэшткі беларускага гісторыка, археолага, этнографа, выдаўца Адама Кіркора. Але гэта - далёка не поўны пералік нашых суайчыннікаў, якія жылі і працавалі ў г. Кракаве. Тут выдаў свой першы паэтычны зборнік "Дудка беларуская" паэт Францішак Багушэвіч, з гэтым горадам звязана творчая дзейнасць беларускага пісьменніка, краязнаўца, гісторыка Аляксандра Ельскага, а таксама беларускага паэта - фалькларыста Адама Гурыновіча. У газетах "Новы час" і "Краязнаўчай газеце" за 2013 год былі надрукаваныя мае артыкулы аб лёсе цудатворнага абраза Маці Божай Юравіцкай Міласцівай, які некалі знаходзіўся ў праваслаўным храме вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна. Шмат каму з вернікаў гэты абраз дапамагаў. У канцы 19 стагоддзя абраз быў вывезены на часовае зберажэнне ў г. Кракаў і быў змешчаны ў каталіцкі езуіцкі касцёл св. Барбары з умовай, што абраз будзе вярнуты ў Юравічы. Копія ж гэтага абраза знаходзіцца ў старажытным юравіцкім манастыры. Ужо амаль паўтара стагоддзя абраз знаходзіцца ў Кракаве. У Юравічах мне давялося ўбачыць копію абраза, і я прымаў удзел у паломніцтве з копіяй абраза з г. Мазыра ў в. Юравічы. Арыгінал абраза ў касцёле не яўляе аніякіх цудаў, а ў Юравічах, на заражанай радыяцыяй тэрыторыі, ён мог бы дапамагаць хворым людзям. Арыгінал абраза можна было б вярнуць на Беларусь, калі б аб гэтым парупіліся беларускія чыноўнікі і дамовіліся з польскім урадам. Але ім гэта, відаць, лішнія клопаты. Я наведаў касцёл св. Барбары і ўбачыў вельмі прыгожы абраз Маці Божай Юравіцкай, які згадваецца з 1630 года. Абраз змешчаны ў нішы, за шчыльна зачыненымі металічнымі ўзорчатымі дзвярамі. У час наведвання г. Кракава давялося ўпэўніцца, як польскія ўлады клапоцяцца аб зберажэнні сваіх старадаўніх каштоўнасцей. Было відаць, што шматлікія старажытныя будынкі касцёлаў адрэстаўрыраваныя, на вуліцах чысціня, можна сустрэць турыстаў з розным колерам твару, з розных краін свету. Яно і не дзіўна: г. Кракаў з насельніцтвам 800 тысяч наведвае штогод звыш 2 мільёнаў турыстаў. Нам бы так! У час майго наведвання г. Кракава (2-3 красавіка) у горадзе ва ўсю моц цвілі алыча, сліва, магнолія, што надавала старажытнаму гораду малады прыгожы выгляд. 3 красавіка, якраз у Дзень геолага, адбылася экскурсія нашай турыстычнай групы ў г. Вялічку, дзе знаходзяцца славутыя, далёка вядомыя за межамі Польшчы саляныя капальні. Радовішча каменнай солі распрацоўвалася тут, пачынаючы з XIII стагоддзя. Ужо больш за 50 год соль у шахтах не здабываецца, і былыя капальні ператварыліся ў аб'ект турызму. Штогод Вялічку наведвае каля мільёна турыстаў, а з 1978 года шахта ўваходзіць у спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. На глыбіні 120 метраў знаходзіца рэстаран, дзе можна смачна паабедаць, а на глыбіні 101 метр - турысты знаёмяцца з унікальнай дзейнай каталіцкай капліцай, даўжыня залы якой - 54 м, шырыня - 18 м і вышыня - 10-12 м. Глыбіня ўсёй шахты дасягае 327 м, але турыстаў знаёмяць толькі з тымі славутасцямі, якія знаходзяцца на глыбіні да 130 метраў: гэта статуі з солі Мікалая Каперніка, Іагана Гётэ, Папы Рымскага Іаана Паўла II, а таксама шматлікія каплічкі з абразамі, у якіх маліліся аб выратаванні сваіх душ на цяжкай працы шахцёры - солездабытчыкі.

Падарожжы ў старажытны г. Кракаў, былую каралеўскую сталіцу Польшчы, і ў шахты Вялічкі пакінулі незабыўныя ўражанні на ўсё астатняе жыццё. Адкрыта яшчэ адна невядомая мне старонка жыцця і творчасці вядомых беларускіх асоб за межамі Беларусі. А гэта натхняе на новыя падарожжы, і новыя адкрыцці.

Лявон Целеш , г. Дзяржынск. Фотаздымкі: 1. Магілу Гаруна прыводзіць у парадак Алесь Ланеўскі. 2. Абраз Маці Божай Юравіцкай у касцёле Св. Барбары. 3. Музей Э. Чапскага.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX