Папярэдняя старонка: 2016

№ 19 (1274) 


Дадана: 13-05-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 19 (1274), 11 траўня 2016 г.


Першы Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры

I Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры прайшоў 5-6 траўня ў Нацыянальнай акадэміі навук у Менску.

Кангрэс сабраў больш за 300 культуролагаў, гісторыкаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў і дзеячаў культуры з трынаццаці краін свету - Беларусі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, В'етнама, Ірана, Кітая, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, ЗША, Украіны і Японіі.

У сваёй рэзалюцыі ўдзельнікі форуму падкрэслілі, што ў Беларусі неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на патрэбы культурнай сферы, а так-сама на падтрымку навуковых даследаванняў у галіне гуманітарных ведаў і шырокае распаўсюджванне нацыянальных духоўных каштоўнасцяў.

Пазнаёміць сусветную грамадскасць з культурнымі дасягненнямі Беларусі, адзначылі ўдзельнікі кангрэса, могуць дапамагчы міжнародныя выставы і публікацыі матэрыялаў культурнай скіраванасці, новыя турыстычныя маршруты, віртуальныя музейныя калекцыі, якія трэба будзе стварыць у будучыні. У той жа час Беларусі важна праводзіць сумесныя навуковыя даследаванні ў галіне культуры з замежнымі вучонымі, адначасна праводзячы працу па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай матэрыяльнай і духоўнай культуры.

У другі дзень форуму праца кангрэсу вялася ў пятнаццаці паралельных секцыях, якія былі прысвечаны гістарычна-культурнай спадчыне і нацыянальнай культуры Беларусі ў цэлым, беларускай мове, літаратуры, фальклору, музыцы, тэатру, кінематографу, выяўленчаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, архітэктуры і дызайну, а таксама рэгіянальным культурным з'явам і культуры дыяспар, якія пражываюць у краіне.

Па выніках працы ўдзельнікі кожнай секцыі выпрацавалі канкрэтныя прапановы, якія будуць уключаны ў тэкст выніковай рэзалюцыі, што будзе апублікаваная на наступным тыдні, паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лакотка.

Вучоны адзначыў, што ўрад Беларусі будзе ўлічваць тыя прапановы, якія былі выпрацаваны на гэтым навуковым форуме. "Улічваючы, што правядзенне кангрэсу было падтрымана як асобнымі міністэрствамі, так і ўсім урадам у цэлым, вядучымі грамадскімі арганізацыямі, то дакументы кангрэсу будуць мець для ўраду значэнне", - падсумаваў акадэмік Лакотка.

Захар Шчарбакоў , БелаПАН.


Кангрэс адкрыўся 5 траўня ў Менску.

Пленарнае пасяджэнне адбывалася ў зале прэзідыума Акадэміі навук.

Пасяджэнне вёў акадэмік, старшыня аддзялення гуманітарных навук НАН Аляксандр Каваленя .

- Культура - душа народа, а якая душа без песні, - аб'явіў ён.

І хор "Акадэмія", складзены з навукоўцаў, выканаў перад іншымі навукоўцамі некалькі беларускіх народных песень, а таксама "Мой родны кут" і "Купалінку" ды адну песню па-польску.

Наступную гадзіну занялі прывітанні ад вышэйшых чыноўнікаў і рэктараў ВНУ мастацкага кірунку. Ніхто з міністраў не прыйшоў прывітаць кангрэс асабіста.

Акадэмік Аляксандр Сукала зачытаў прывітальнае слова ад прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова - па-руску.

Кабякоў заклікаў да актывізацыі культурнай дзейнасці для далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця і дыялогу, які навукоўцы павінны ўсталяваць паміж грамадзянскай супольнасцю і ўладамі.

Рэшта прывітальных слоў гучала па-беларуску.

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у сваім лісце працытаваў Купалу, зазначыўшы, што за 25 апошніх гадоў Беларусь заняла "свой пачэсны пасад між народамі".

Шчымлівае прывітанне сказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі , працытаваўшы Багдановіча: "Нашто на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор".

У прывітальных словах чыноўнікі пералічвалі дыяменты беларускай культуры: крыж Ефрасінні і слуцкія паясы, мастакоў Кандзінскага, Малевіча, Савіцкага і Кашкурэвіча, пісьменнікаў Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Купалу і Коласа, Караткевіча, успаміналі словы апошняга пра культуру як вышэйшы сродак зносін паміж людзьмі.

Адзін раз узгадалі і беларускага нобелеўскага лаўрэата - праўда, не называючы імя.

Сярод дасягненняў Беларусі ў культурнай сферы называлі выяўленне і вяртанне архіву Агінскіх, даспехаў Радзівілаў, Слуцкага Евангелля.

Першы пленарны даклад чытаў галоўны арганізатар кангрэсу, мастацтвазнаўца Аляксандр Лакотка . Даклад называўся "Архітэктурная спадчына як аснова нацыянальнай ідэнтычнасці ў еўрапейскай прасторы". Выступоўца патлумачыў, чым ідэнтычнасць беларускага горада адрозніваецца ад ідэнтычнасці заходнееўрапейскага: гэта былі гарады з сенакосамі і выганамі; тут быў кантраст срэбнага дрэва і беласценных храмаў.

Другі дакладчык, расійскі даследчык архітэктуры Уладзімір Бясолаў пачаў свой выступ словамі: "Беларускі этнас, прысвячаю табе гэты даклад!" На ўсе лады расхваліўшы беларускую школу архітэктуразнаўства, Бясолаў зазначыў, чаго ёй не стае: увагі да пісьмовых і выяўленчых крыніц, бібліяграфіі - зводнага ўказальніка, гістарыяграфіі - навукова-крытычнага агляду спецыяльнай літаратуры, біябібліяграфічнага слоўніка і серыі кніг пра асабістае і прафесійнае жыццё даследчыкаў горадабудаўніцтва. "Нашчадак аланаў з горных вяршынь Каўказа сочыць за архітэктурнай думкай сваіх беларускіх калег", - жартаваў даследчык.

Рэгіна Грыгор'ева прачытала даклад з цікавай статыстыкай пра дэмаграфічны партрэт беларусаў Калінінградскай вобласці.

Цяпер беларусаў у Расіі больш за паўмільёна, а ў Калінінградскай вобласці кожны 29-ы лічыць сябе беларусам. Да 2010 года беларусы былі другой па колькасці нацыянальнай групай, саступіўшы цяпер украінцам. Калі ў 1945-м на Патсдамскай канферэнцыі было прынятае рашэнне пра перадачу часткі Усходняй Прусіі СССР, немцаў прымусова дэпартавалі ў Германію, а вобласць пачала засяляцца выхадцамі з цэнтральных рэгіёнаў Расіі і БССР. На кожную нацыянальнасць былі квоты, і ў першыя гады ў вобласць засяліліся 54 тысячы беларусаў з Беларусі, Смаленскай і Бранскай абласцей. Адміністрацыя спрабавала кампактна рассяляць народы, і ў канцы 40-х гадоў некалькі раёнаў былі заселеныя амаль на 50% беларусамі. Траціна беларусаў Калінінградчыны да 1953 года вярнулася на радзіму. Але колькасць беларускай дыяспары ўсё адно расла - за кошт натуральнага прыросту, які ў вобласці быў у 1,5-2 разы большы чым па СССР: насельніцтвам тут была спрэс моладзь. Да 1989 тут жыло 73,9 тысяч беларусаў. Многія вярнуліся на радзіму ў 90-я: тады Беларусь была такой прывабнай, што стала нават адзінай краінай, з якой у Расіі склалася адмоўнае сальда міграцыі: у канцы 90-х з Расіі выехала ў Беларусь на 14 тысяч больш, чым прыбыло.

Цяпер этнічная ідэнтычнасць калінінградскіх беларусаў размываецца, яе засланяе дзяржаўная, расійская.

З 15-ці старэйшых школьнікаў, якія нарадзіліся ў змешаных сем'ях, толькі адзін адчувае сябе беларусам, 4 адносяць сябе да рускіх, а 10 лічаць сябе беларусамі і рускімі адначасова.

Расійскі філосаф і культуролаг з Санкт-Пецярбурга Валянціна Дзіянава прачытала даклад пра беларускі культурны ландшафт, які быў створаны пад уплывам іншых культур. Беларускую культуру трэба разглядаць у ракурсе транскультурацыі - выхаду за межы сваёй культуры і засваенне досведу іншых культур. Няма праблем з ідэнтыфікацыяй Адама Міцкевіча, Элізы Ажэшкі, Марка Шагала - іх ідэнтыфікацыя транскультурная, сцвердзіла спадарыня Дзіянава.

Першы ж за час кангрэсу даклад па-беларуску прачытала японка Сіёры Кіясава . І сарвала воплескі. Разам з Таццянай Рамзой з БДУ Сіёры напісала падручнік па беларускай мове для японцаў "Спрабуйма" (такую лаканічную назву кніга атрымала замест доўгай "Давайце паспрабуем вывучыць беларускую мову разам"). У сваім дакладзе японская госця распавяла, што большасць матэрыялаў пра Беларусь у японскіх СМІ тычацца палітыкі, эканомікі, а таксама Чарнобыльскай аварыі, але не культуры. Тым не менш, першыя звесткі пра беларускую літаратуру японцы змаглі прачытаць яшчэ ў 1932 годзе. Праз 20 гадоў выйшаў пераклад верша "А хто там ідзе", далей па-японску выдаваліся Адамовіч, Быкаў, Куляшоў, Танк, Лынькоў, Барадулін, Караткевіч, Брыль, Федарэнка. За апошні год пераклалі і выдалі ўсе найважнейшыя кнігі Святланы Алексіевіч. У 1996 годзе славістамі японскіх універсітэтаў была створана першая граматыка беларускай мовы. У 2011 годзе ў Такійскім універсітэце замежных моў адкрыўся факультатыў па беларускай мове, неўзабаве такі ж з'явіўся і ў Цукубскім. Заняткі па беларускай мове, культуры і літаратуры тут праходзяць раз на тыдзень.

У пасляабедзеннай частцы пасяджэння дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч расказаў пра археалагічныя даследаванні ў Беларусі, адзначыўшы, што інстытуту прыходзіцца весці і тэрміновыя раскопкі - на месцы будаўніцтва Астравецкай АЭС, Гарадзенскай і Полацкай ГЭС, другой Менскай кальцавой дарогі. Дарэчы, сярэднявечныя артэфакты з-пад вёскі Васілеўшчына Дзяржынскага раёна цягам пленарнага паседжэння былі выстаўленыя ў холе прэзідыума Акадэміі. А ў кургане пад Друцкам былі знойдзеныя рэшткі хлопчыка з крывічоў - і антраполагам Акадэміі навук удалося цалкам рэканструяваць яго аблічча - чалавека ХІІ стагоддзя. Спадар Даніловіч таксама адзначыў, што Інстытут гісторыі абвяргае нарманскую тэорыю паходжання Русі: прынамсі, абліччам полацкія варагі не надта адрознівалася ад мясцовага крывіцкага насельніцтва, казаў Даніловіч.

Гісторык літаратуры Мікола Хаўстовіч расказаў пра папулярнасць беларускай мовы ў асяроддзі шляхты ХІХ стагоддзя. Шляхціцы захоплена перапісвалі ананімныя "гутаркі", ганарыліся правільным беларускім вымаўленнем, кпілі з русізмаў і паланізмаў адзін аднаго, а сустрэўшыся, ладзілі "батлы" на лепшае веданне баек, аповедаў і дзіўных беларускіх слоў. Так, з мемуараў ХІХ стагоддзя шляхецкі засценак паўстае калыскай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.

Старшыня Навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Аляксандр Груша казаў пра інфармацыйную культуру мінулага: насуперак стэрэатыпам, інфармацыйнага вакууму ніколі не існавала. Месцам фарміравання інфармацыйнага поля былі рынкі, соймы ды вячоркі. Праўда, інфармацыйная культура мінулых стагоддзяў адрознівалася: да з'яўлення кніг і пісьмовых зносін (ліставанне ў ВКЛ прыжылося толькі ў ХV стагоддзі) інфармацыя захоўвалася ў памяці, а значыць была нетрывалай, падуладнай зменам. Да таго ж, інфармацыя захоўвалася толькі ў лакальных супольнасцях і перадавалася праз асабістыя кантакты - у той час як цяпер апаноўвае глабальныя супольнасці і перадаецца дыстанцыйна.

Кожная, нават малая, дзяржава мае права на сваю незалежнасць, развіццё і мову, пачаў даклад старшыня Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук. Па словах Аляксандра Лукашанца , перадумовы для дзвюхмоўя ўзніклі на Беларусі яшчэ ў часы талерантнага Вялікага Княства. Дзвюхмоўе ў культуры - не статычная сітуацыя: у савецкі час насаджваліся стэрэатыпы пра беларускую мову як вясковую, абмежаваную, цяпер беларуская - мова эліты і перспектыўных людзей. Па словах Лукашанца, руская мова для сучаснага беларускага грамадства - і пазітыўны, і негатыўны фактар: з аднаго боку яна пашырае кола культуры агульнай, з другога - звужае кола нацыянальнай культуры. Дырэктар канстатаваў невыкананне Закона аб мовах і заклікаў выконваць яго хаця б у сферы культуры. Ні ў якім разе гаворка не ідзе пра ўшчамленне рускай мовы! - прамовіў пры канцы Лукашанец.

У Беларусі наспеў час прыняць дзяржаўную праграму падтрымкі беларускай мовы, заявіла прафесар кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Валянціна Мароз , выступаючы на кангрэсе:

"За сваю гісторыю беларуская мова прайшла шлях ад гаворак крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў праз перыяды мовы народнасцяў у Вялікім Княстве Літоўскім і нацыянальнага адраджэння ў XIX-XX стагоддзях, дасягнуўшы найвышэйшай ступені свайго развіцця - нацыянальнай мовы", - нагадала яна. Мароз падкрэсліла, што сёння "ва ўсіх сферах, у тым ліку ў сілавых структурах, беларуская мова разглядаецца як фактар абароны і забеспячэння нацыянальнага суверэнітэту".

Ад пачатку 1990-х гадоў у дзяржаве рабіліся розныя захады па рэгуляванні моўнага пытання, пачынаючы ад абвяшчэння беларускай мовы адзінай дзяржаўнай, да рэферэндуму, які надаў рускай мове роўны статус з беларускай, і шэрагу паправак у моўнае заканадаўства:

"Відавочна, што назапашаныя праблемныя пытанні ў практыцы выкарыстання дзвюх моў за апошнія 20 гадоў не могуць быць вычарпаныя асобнымі нават істотнымі папраўкамі ў заканадаўстве, - адзначыла Мароз. - Прававое рэгуляванне і ўнясенне паправак у заканадаўчыя дакументы павінны быць падмацаваны адпаведнай дзяржаўнай праграмай падтрымкі беларускай нацыянальнай дзяржаўнай мовы".

Прафесар Акадэміі МУС нагадала, што адразу пасля прыняцця ў 1990 годзе Закона "Аб мовах ў Беларускай ССР", які вызначыў беларускую адзінай дзяржаўнай мовай, была прынятая дзяржпраграма, якая рэгулявала паэтапны пераход усіх сфер, пачынаючы з адукацыйнай, на беларускую мову. "Для кожнай сферы там пазначаўся пэўны тэрмін - на справавую сферу адводзіліся тры гады, на дашкольнае навучанне і сферу адміністрацыі - пяць гадоў, на адукацыйную сістэму - дзесяць гадоў. Мы добра помнім, што гэты працэс пераходу ўсіх сфер дзяржаўнага рэгулявання сапраўды быў рэальным ", - зазначыла яна.

"Сёння мы таксама на тым этапе, калі патрэбныя рэальныя меры, якія б маглі прывесці да пэўнай роўніцы сістэму двухмоўя ў законе і Канстытуцыі, каб кожны ведаў, як і дзе ён не проста мае права, але і павінен карыстацца беларускай моваю. У гэтай сітуацыі асаблівую ўвагу трэба надаваць сістэме адукацыі, бо выхаванне і навучанне беларусаў мусіць даваць магчымасць сапраўды засвойваць ўсю сістэму нацыянальных каштоўнасцей, гістарычную памяць на нацыянальнай мове. А ва ўмовах двухмоўя гэта можна зрабіць толькі з дапамогай адпаведнай дзяржпраграмы" , - дадала Мароз.

Паводле яе слоў, такая дзяржпраграма мусіць замацаваць, што ў кожнай навучальнай установе "павінна быць вызначана кола прадметаў - не меней за 50% гуманітарных і спецыяльных дысцыплін, якія б чыталіся па-беларуску" .

"Мы можам прапанаваць ад імя кангрэсу стварыць аўтарытэтны навуковы калектыў, які б выпрацаваў механізм рэгулявання і выкарыстання рэальнага двухмоўя ва ўсіх сферах - асобна для адміністрацыйнай, адукацыйнай, навуковай сфер і гэтак далей. Далей мы можам ініцыяваць прыняцце адпаведнай праграмы на аснове навуковых высноў камісіі" , - сказала Валянціна Мароз.

Паводле СМІ.


100 гадоў з дня нараджэння Ніны Тарас

Ніна Міхайлаўна ТАРАС (15 траўня 1916, в. Заполле, цяпер Наваградскі раён Гарадзенскай вобласці - 12 снежня 2006) - беларуская пісьменьніца. Сябра СП СССР з 1940 г.

Нарадзілася ў сялянскай сям'і. Сапраўднае прозвішча - Жданук. У час Першай сусветнай вайны дакументы былі згубленыя, і бацька Ніны (Міхаіл Адамавіч) у час перапісу жыхароў вёскі, узяў сабе прозвішча Тарас, якое потым перадаў і сваім дзецям. Акрамя Ніны ў сям'і Жданук былі тры малодшыя сястры і брат.

Першую адукацыю Ніна Тарас атрымала ад бацькі. Калі пачала працаваць сельская школа, яна была залічана ў другі клас, які складаўся з трох вучняў. Навучанне было толькі на польскай мове.

Свой першы верш - "Пастушка" - яна напісала прыкладна ў трэцім класе. Верш трапіў да дырэктара школы і ён, разам з бацькам Ніны Міхайлаўны, вырашыў паслаць яе вучыцца ў гімназію. Праз некаторы час пачала пісаць вершы на беларускай мове (галоўны чынам, пра прыроду). Бацька падтрымліваў Ніну, яе літаратурныя пачынанні. І ў 1930 годзе Ніна, пасля здачы іспытаў, паступае ў трэці клас Наваградскай гімназіі. У тым жа годзе ўступае ў падпольную камсамольскую ячэйку.

У 1934 годзе гімназію зачынілі, і Ніна вяртаецца да бацькоў. У той час матэрыяльнае становішча ў сям'і было вельмі дрэннае, але, нягледзячы на гэта, Ніна ўгаворвае бацькоў накіраваць яе на два гады ў Вільню - закончыць гімназію. Так Ніна Тарас апынулася ў Віленскай гімназіі, куды таксама пасля закрыцця Наваградскай гімназіі прыехалі яе сябры-наваградчане з розных класаў. Там жа пазнаёмілася з Максімам Танкам, які ў той час працаваў у рэдакцыі газеты "Наша воля". Аднойчы Максім Танк папрасіў у яе верш для газеты "Наша воля". Так упершыню быў надрукаваны яе верш "Яшчэ, веру, ты, вёска, устанеш…"

У 1936 годзе пасля паспяховай здачы выпускнога іспыту Ніна вяртаецца дамоў, дзе ў дрэнным стане знаходзіцца яе сястра Марыся (туберкулёз лёгкіх). У той час матэрыяльныя сродкі ідуць на лячэнне сястры, таму пра паступленне ва ўніверсітэт не магло быць і размовы.

Восенню яна прымае рашэнне пакінуць назаўсёды родны дом, і другога верасня выязджае ў Вільню ў пошуках працы. Пасля доўгіх, безвыніковых пошукаў, звяртаецца ў Віленскае бюро працы. Першым месцам працы аказваюцца звычайныя парнікі ў раёне Звярынца, якія трэба было прыводзіць у парадак. У той жа час кватэра, у якой Ніна пражывала з сяброўкай, становіцца явачнай. Часта для сустрэч з падпольшчыкамі на явачную кватэру прыходзіў і Максім Танк. У той жа час (прыкладна 1935 год) Ніна рыхтуецца да паступлення на філалагічны факультэт (партыйная арганізацыя хацела паслаць яе вучыцца). Адначасова з падрыхтоўкай да паступлення, піша і друкуе новыя вершы, пакуль існуюць газеты "Наша воля" і "Па-просту".

Увесну 1937 года, пасля атрымання паведамлення ад бацькоў, Ніна вяртаецца дамоў каб наведаць сястру, якая адчувае сябе вельмі дрэнна. Прайшло лета, а восенню сястры Марыські не стала.

У Вільні пачаліся арышты падпольшчыкаў, таму не ўдалося вярнуцца туды. Так-сама Ніне не ўдалося і паступіць ва ўніверсітэт.

Летам 1938 года выходзіць замуж за Янка Федаровіча і пераязджае жыць да мужа ў Ліду, дзе ён меў свой домік.

"Чырвоную армію сустракала ў Лідзе. А праз нейкі час пайшла працаваць у лідскую газету "Уперад". Гэта была першая праца ў маім жыцці". "Пачалося новае, вольнае, поўнае захаплення жыццё. Новыя вершы, літаратурныя старонкі ў газеце. Праца грамадская - мяне выбіраюць дэпутатам Лідскага гарадскога савету; прымаюць у члены ВЛКСМ - ужо фармальна, па ўсіх правілах. Выступленьні перад выбаршчыкамі, перад чытачамі" , - пісала ў сваёй аўтабіяграфіі Ніна Тарас.

У 1940 годзе выходзіць першы зборнік - "На ўсход ідучы".

Вялікую Айчынную вайну сустрэла ў Лідзе. У 1942-1944 гг. сувязная лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя С.М. Кірава і партызанскага атрада імя Р.І. Катоўскага брыгады імя Ф.Э. Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці. У час вайны хата Ніны Міхайлаўны выкарыстоўвалася для явак партызан. Праз некаторы час хата згарэла, згарэлі і ўсе рукапісы, памятныя кнігі і іншыя каштоўныя ёй матэрыялы.

Зноў працавала ў райгазеце "Уперад" (1944-1945), была стыльрэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1945-1946), літработнікам рэдакцыі газеты "Піянер Беларусі" (1951-1953), літкансультантам пры рэдакцыі газеты "Звязда" ў Менску.

У пасляваенныя гады друкавала зборнікі вершаў, пісала аповесці. Вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які так і не скончыла. Скончыла Вышэйшыя двухгадовыя курсы ў Маскве.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Аўтар зборнікаў вершаў "Суніцы" (1946), "Вершы" (1952), "Кветка шчасця" (выбранае, 1958), "Пад белым яварам" (выбранае, 1966), "У тапаліную замець" (вершы і паэма, 1976), "Праметэю прыйду пакланіцца" (1981), "Праз вятры-завеі" (выбранае, 1986). Напісала кніжкі паэзіі для дзяцей "Казкі пра абавязкі" (1955), "Наш бор" (1968).

Паасобныя вершы сталі папулярнымі песнямі ("Сонца за хмарамі ўранні…").

Перакладала з рускай, украінскай, польскай моў.

Вікіпедыя.


Аб выкладанні беларускай мовы

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" А.А.Трусаву

Дзякуем за Вашу ўвагу да праблемы вывучэння, выкладання беларускай мовы ў вышэйшых навучальных установах нашай краіны і, у тым ліку, у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

У адказ на ліст ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ад 28 сакавіка 2016 г. № 38, паведамляем наступнае.

Відавочна, што задачу фарміравання адпаведнай сітуацыі дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя, моўнай кампетэнцыі беларускага соцыуму можа і павінна ажыццяўляць сістэма дзяржаўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

У галіне перападрыхтоўкі кіруючых кадраў такую функцыю выконвае дысцыпліна "Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка", якая выкладаецца на факультэце падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Асноўнымі задачамі дысцыпліны "Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка" з'яўляюцца:

- актывізацыя і паглыбленне ведаў аб лексічнай і граматычнай сістэмах мовы, атрыманых раней;

- усведамленне беларускай мовы як базавай каштоўнасці беларускай нацыянальнай культуры і нацыянальнай самасвядомасці народа;

- пашырэнне кругагляду і фарміраванне светапогляду, што звязана з эфектыўнасцю прафесійнай дзейнасці.

Названая дысцыпліна выкладаецца на наступных спецыяльнасцях перападрыхтоўкі: "Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай", "Антыкрызіснае кіраванне прадпрыемствам", "Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне", "Дзяржаўнае кіраванне сферай дасудовай крымінальнай вытворчасці", "Дзяржаўнае кіраванне нацыянальнай эканомікай", "Кіраванне аграпрамысловым комплексам". Адзначаецца зацікаўленасць слухачоў да курса "Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка".

З 2016 года ўнесены змены ў навучальныя планы перападрыхтоўкі. На спецыяльнасцях "Антыкрызіснае кіраванне персаналам", "Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне", "Дзяржаўнае кіраванне сферай дасудовай крымінальнай вытворчасці", "Кіраванне аграпрамысловым комплексам" будзе выкладацца абноўленая дысцыпліна "Дзелавая камунікацыя ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму", сэнс якой не толькі азнаёміць слухачоў з правіламі і нормамі афіцыйнай беларускай мовы, але і акрэсліць яе стан як роўнай (а ў некаторых выпадках і дамінуючай) ва ўмовах прынятага Канстытуцыяй дзяржаўнага білінгвізму. Дысцыпліна "Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка" будзе выкладацца на спецыяльнасцях "Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай", "Дзяржаўнае кіраванне нацыянальнай эканомікай". У 2015 годзе распрацаваны электронны курс лекцый па дысцыпліне "Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка" для слухачоў і магістрантаў Акадэміі кіравання.

Для ўсіх спецыяльнасцей форма кантролю - залік.

Варта адзначыць, што ў Акадэміі кіравання праводзіцца значная растлумачальная і практычная работа аб важнасці ведання і выкарыстання нацыянальнай мовы як культурнай каштоўнасці беларускага народа ў працэсе дзяржаўнага кіравання і падрыхтоўкі кіруючых кадраў. Як кіраўнікі яны імкнуцца навучыцца практычна выкарыстоўваць асаблівасці навуковага і афіцыйна-дзелавога стыляў ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму, авалодаць майстэрствам перакладу навуковых і спецыяльных тэкстаў на беларускую мову, афармляць дзелавыя дакументы на дзвюх дзяржаўных мовах рыхтаваць публічныя выступленні, развіваць навыкі культуры маўлення.

Слухачы нашай установы неаднаразова прымалі ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, дзе выступалі з дакладамі на беларускай мове. Шэраг курсавых і дыпломных работ, якія рыхтуюцца слухачамі па спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай", абараняюцца на беларускай мове.

На беларускай мове выдаюцца падручнікі, слоўнікі і вучэбныя дапаможнікі, адрасаваныя слухачам Акадэміі кіравання. Па-беларуску аформлены заліковыя кніжкі, назвы аддзелаў і кабінетаў. У вучэбным працэсе пытанні мовы, яе функцыі і роля ў грамадстве, узаемаадносіны мовы і культуры разглядаюцца не толькі ў рамках лінгвістычных дысцыплін, але і на занятках па гісторыі і ідэалогіі дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, гісторыі і ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці.

Выкананы праект "Распрацоўка інавацыйнай мадэлі моўнай падрыхтоўкі ("Беларуская мова: прафесійная лексіка") спецыялістаў у галіне дзяржаўнага кіравання" у рамках задання 4.1.07 "Слоўнікавы склад і граматычны лад сучаснай беларускай мовы ў аспекце інавацыйных тэхналогій і новых метадалагічных падыходаў" у рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў "Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава" на 2011-2015 гады.

Калектыў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь пастаянна працуе над пытаннем пашырэння спажывання беларускай мовы як у навучальным працэсе, так і абыдзенным жыцці.

Першы прарэктар А.У. Іваноўскі.



Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч.

Семінар-трэнінг " Лячэнне хвароб траўмы несправядлівасці".

13.05.2016 а 18-ай. Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88;

х.тэл. (+375 17) 231-44-35; МТС (+375 29) 769-29-78;

velcom (+375 29) 960-14-53; e-mail spadarl@yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі - 20.05.16.


Памёр Аляксандр Талерчык

6 траўня сумная вестка прыйшла з Гародні. Там на 84-м годзе жыцця памёр Аляксандр Талерчык , грамадскі актывіст, актыўны сябар ТБМ, краязнавец, адзін з пачынальнікаў "Паходні", мецэнат, педагог, руплівец беларушчыны, аўтар кнігі пра сваю вёску Парэчча ў Слонімскім раёне.

Спадара Аляксандра вельмі цёпла ўзгадваюць як гарадзенцы, так і актывісты са Слоніма, куды ён заўсёды любіў прыязджаць. Добра ведаў гісторыю свайго краю, вельмі хваляваўся за тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

У 2002 годзе выдаў кнігу "Парэчча" пра вёску, дзе нарадзіўся, аднавіўшы яе 450-гадовую гісторыю. У кнізе шмат матэрыялу прысвечана роду Валовічаў, якія былі ў той час гаспадарамі Парэчча. Узгадаў паўстанцаў 1830-31 гг., а да ўсяго зафундаваў сродкі на аднаўленне мемарыяльнага знака ў Парэччы паўстанцам, якія загінулі ў барацьбе супраць Расейскай імперыі.

Пра памерлага гаворыць Сяргей Чыгрын, зямляк і аднадумец:

- Мне сёння ўзгадалася, як Аляксандра Талерчыка віталі аднавяскоўцы, калі ён да іх наведваўся: гэта радасць, абдымкі, як з самым родным чалавекам. Я быў пры гэтых сустрэчах не раз і заўсёды ўражваўся такой пашане да яго. Ён іх усіх добра ведаў, як ведаў сваю вёску, яе гісторыю, а так-сама гісторыю нашай краіны. Хаця паводле адукацыі быў інжынерам, а не гісторыкам. Імкнуўся як мага болей зрабіць для беларускасці, нічога не адкладваў на заўтра. Вось трэба было дамагчыся ўсталяваць помнік кампазітару Антону Валынчыку ў Горадні, пайшоў адразу з іншымі сябрамі ТБМ да абласнога начальства і дамогся. Дзякуючы яму і ягоным сродкам усталявалі мемарыяльны знак і крыж Міхалу Валовічу і іншым паўстанцам на могілках у Парэччы. На гэта ён не шкадаваў ні сродкаў ні сілаў. А сам Аляксандар Талерчык - сціплы, інтэлігентны чалавек - ніколі не хваліўся тым, што зрабіў, па-просту імкнуўся пашыраць добрыя справы. У асабістым жыцці давялося шмат перажыць: загінуў ягоны сын, памерла жонка, ён вельмі цяжка ўсё гэта перажываў. Я думаю, пра яго яшчэ будуць узгадваць людзі, якія яго ведалі.

Былая пахаднянка Людміла Мацюк распавядае, што памятае спадара Талерчыка з першых паседжанняў "Паходні". У ім папросту свяцілася любоў да ўсяго беларускага, ён імкнуўся да гэтага і стараўся перадаваць гэтую любоў іншым.

- Найперш спадар Аляксандар уражваў сваёй беларускай сціпласцю і інтэлігентнасцю, заўсёды ветлівы і добразычлівы. Ён, як і я, быў інжынерам паводле адукацыі, але мяне вельмі ўражвала тое, наколькі глыбока ён ведаў гісторыю. Калі рабіў нейкія даклады, то мне здавалася, што гэта прафесійны гісторык выступае. А яшчэ ў ім па-просту свяцілася любоў да ўсяго беларускага, ён імкнуўся да гэтага і стараўся перадаваць гэтую любоў іншым. І вялікім рупліўцам быў, працаваў без перапынку.

Вечная памяць!


80 гадоў з дня нараджэння Віктара Шматава

Віктар Фёдаравіч ШМАТАЎ (9 траўня 1936, Камарын, Брагінскі раён, Гомельская вобласць - 21 верасня 2006) - беларускі мастак, мастацтвазнавец, доктар мастацтвазнаўства (1990). Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1962). Супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1962). Загадчык аддзела і загадчык музея старажытнай беларускай культуры (1991). Даследаваў кніжную і станкавую графіку Беларусі, мастацкую спадчыну Францішка Скарыны. Аўтар манаграфій "Сучасная беларуская графіка, 1945 - 1977" (1979), "Беларуская кніжная гравюра ХVІ - ХVІІІ стст." (1984), "Мастацтва кнігі Францыска Скарыны" (1990), "Мастацтва беларускіх старадрукаў ХVІ - ХVІІІ стст." (2000), кніг пра мастакоў М. Філіповіча (1971), А. Паслядовіча (1975), С. Геруса (1979), М. Сеўрука (1980), Л. Асецкага (1983), раздзелаў па беларусай графіцы для "Гісторыі мастацтва народаў СССР" (т. 9. М. 1982). Адзін з аўтараў "Гісторыі беларускага мастацтва" (т. 1 - 5, 1987-1992), кніг "Францыск Скарына" (1979, на французскай мове; 1980, на англійскай мове). Складальнік зборніка "Выяўленчае мастацтва Беларусі" (1981). Працаваў у станкавым жывапісе: "Беларускія старадрукі", "Акно (памяці Францыска Скарыны)" (абодва 1976), "Ліра 1863" (1978), "Маці" (1979, 1993), "Лірнік (прысвячэнне Янку Купалу)" (1982), серыя "Чарнобыльская трагедыя" (1986 - 2000). Аўтар пейзажаў, шаржаў, карыкатур, сатырычных плакатаў, экслібрысаў. Аўтар кніг "Беларуская сатырычная графіка 1917 - 1941 гг.". (1975). "Беларускі кніжны знак" (1975, разам з А. Тычынам), "Беларуская станкавая графіка" (1978). Камітэтам Ушанавання ганараваны медалём Герба "Пагоня" (25.03.1997) і адпаведным дыпломам. Занесены ў Кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь".

Малады мастацтвазнавец Наталля Лазука пасля сумеснай сустрэчы са Шматавым на яго персанальнай выстаўцы напісала: "Мастакам, што працуюць над сур'ёзнай тэмай, нялёгка. Ад сапраўднага нацыяльнага мастацтва, па сутнасці, усе адвярнулася. Таму праца над ім патрабуе самаахвярнасці. А яшчэ любові да Бацькаўшчыны, глыбіні ведаў яе гісторыі, разумення складанасцей на гэтым няпростым шляху ўласнага мастакоўскага самавызначэння. Галоўнае тут адказнасць у імкненні захаваць традыцыі, не даць забыцца аб іх існаванні сучаснікам. Складаны, але годны шлях!" .

Віктар Шматаў і ў мастацтве, і ў навуцы, і проста ў жыцці ішоў гэтым шляхам.

Вікіпедыя.


Рэканкіста Эдуарда Акуліна

У Доме літаратара 3 траўня з вялікім поспехам прайшла прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага "Бой з сабой", якую можна аднесці да жанру творчага партрэта. Героем кнігі стаў знакаміты беларускі паэт, бард, сябар Рады ТБМ, рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень" Эдуард Акулін.

Усе без выключэння госці і выступоўцы адзначалі, што прэзентацыя кнігі адбываецца ў такім сімвалічным месцы, якое апошнім часам мала радавала прыхільнікаў беларускага прыгожага пісьменства сустрэчамі з Родным Словам, з любімымі аўтарамі і выканаўцамі. І вось з гэтай прэзентацыяй і пачалося "адваёўванне" (ісп. Reconquista) гэтай унікальнай інтэлектуальнай прасторы, якая яшчэ захавала рэха паэтычных і празаічных твораў, мовы Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса і іншых беларускіх геніяльных творцаў.

Першым з вітальным словам да аўтара кнігі і яго галоўнага героя, да будучых чытачоў звярнуўся акадэмік Радзім Гарэцкі, які падзяліўся сваімі ўспамінамі пра 100-гадовы юбілей Максіма Гарэцкага, які так хораша быў адзначаны ў Доме літаратара. Бо на тым - трыццацігадовай даўніны - свяце прысутнічалі такія выдатныя беларускія аўтары, як Максім Танк, які вёў тую вечарыну, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч і шмат іншых нашых вялікіх пісьменнікаў.

Зусім іншыя ўспаміны і эмоцыі ахоплівалі Радзіма Гаўрылавіча, калі той згадваў, як з Дома літаратараў гвалтоўна выносілі і выкідвалі партрэты беларускіх пісьменнікаў. Дзякуй богу, што хапіла розуму сённяшняму ўладальніку Дома вярнуць партрэтную галерэю, якой ён славіўся ў былыя часы.

Акадэмік Гарэцкі заўважыў, што герой кнігі Алеся Бяляцкага насычаны беларушчынай настолькі моцна, што без яе не ўяўляе свайго жыцця. Але гэта не робіць творчасць Эдуарда Акуліна аднабокай, а, наадварот, здзіўляе разнастайнасцю. Акулін - лірык, які тонка адчувае не толькі прыгажосць пачуцця кахання, але і чароўнасць роднай прыроды, распавя-дае пра прыналежнасць да яе. У той жа час, яго лірыка нясе адбітак філасафічнасці і роздуму над самымі разнастайнымі праявамі беларускага жыцця.

Пісьменнік-раманіст Леанід Дайнека адзначыў, што роўна сорак гадоў таму яго пакаленне было сведкамі, як Дом літаратара быў адкрыты. І цяпер яго сцэна памятае нашых славутых пісьменнікаў, паэтаў, празаікаў, якія ў тыя часы змагаліся за беларушчыну. "І я рады, што мы сёння вярнуліся сюды, - падкрэсліў Дайнека. - Гэта прыклад мяккай рэканкісты. У сярэднявеччы гэтым словам называўся працэс адваёўвання захопленых маўрамі хрысціянскіх тэрыторый. Гэта прыклад нашай беларускай рэканкісты. Вітаю вас з ёй!"

Леанід Мартынавіч ўспомніў першую сустрэчу з Эдуардам у "Беларускай хатцы" - філіяле музея Максіма Багданова на вуліцы Рабкораўскай. Дайнеку ўразіла лёгкасць, душэўнасць і адкрытасць гэтага чалавека. Па свайму складу і душэўнай арганізацыі Эдуард падаўся празаіку сапраўдным паэтам і сапраўдным "веснавым чалавекам". У якасці падарунка спадар Дайнека прапанаваў Акуліну і ўсім слухачам свой паэтычны экспромт "Тры Іваны, два Сысы"…

Аўтар кнігі Алесь Бяляцкі адзначыў, што ствараць нарыс творчасці Акуліна было лёгка, бо з 17 гадоў яны разам ішлі па адных жыццёвых сцежках: разам паступілі ў Гомельскі ўніверсітэт, жылі ў адным інтэрнаце, ездзілі на раскопкі ў Мір, Ішкалдзь, Наваградак, стваралі беларускамоўны рок-гурт "Баскі"… Потым Эдуард па размеркаванні паехаў у правінцыю, а Алесь паступіў у аспірантуру. Калі ў сталіцы было створана таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя", то Эдуард стаў яго сябрам, і землякі зноў былі разам - падсумаваў успаміны Алесь Бяляцкі.

У 2011 годзе, калі аўтар прэзентаванай кнігі трапіў туды, куды "Макар цялят не ганяў" (па выразу А. Беляцкага), то менавіта за кратамі і канчаткова выкрышталізавалася ідэя напісаць творчы партрэт сябра.

Пісалася кніга "Бой з сабой", як не парадаксальна, даволі лёгка, з той прычыны, што Эдуард, сапраўды, добры паэт, які тонка адчувае патэнцыял беларускага слова. "Пішучы пра творчасць Эдуарда я меў на ўвазе не толькі майго сябра, але і ўсё пакаленне "Тутэйшых", якое выдатна стартавала ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя і ўжо ў канцы 80-х зрабіла мастацкі рывок маладой айчыннай паэзіі, прозы і драматургіі ў новае стагоддзе" - заўважыў Алесь Бяляцкі.

Для паўнаты карціны стварэння гэтай кнігі Бяляцкі распавёў пра асаблівасці у напісанні такіх твораў у турэмных умовах, Прыходзілася пастаянна ахвяраваць асабістым часам, каб кожны дзень выконваць запланаванае - пісаць адну старонку нарыса. Але менавіта так можна было ажыццявіць даўно задуманае. Цікава, што турэмнае начальства, бывала, прыхільна ставілася да літаратурнай творчасці "зэка" Бяляцкага. Напрыклад, вершы Акуліна пакідалі для прачытання і абдумвання яго зместу і асаблівасцяў. Хоць да іншай літаратуры "з волі" адносіліся больш строга - адсылалі дамоў сям'і вязня.

Цікавую тэму сувязі мастацкага слова і выяўленчых вобразаў на прыкладзе паэзіі раскрыў старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца, які падкрэсліў, што многія паэтычныя радкі Эдуарда просяцца на палатно. Настолькі яны вобразныя і будзяць фантазію чытачоў.

Пра вобразнасць паэзіі Эдуарда Акуліна нагадалі і запрошаныя на вечарыну музыкі. Алесь Сёмін з фолк-гурта "Пліса" выканаў песню "Камяні" на верш (і да задавальнення аўтара) Леаніда Дайнекі. А вось кіраўнік названага гурта Кастусь Герашчанка прадставіў прэм'еру песню на верш Акуліна "Максім, не вяртайся". Музычную праграму вечарыны працягнула паэтка і кампазітар Кацярына Ваданосава, якая распачынала свой шлях у літаратуру на старонак часопіса "Верасень". Гэтым разам Кацярына са сваім калектывам выканала некалькі аўтарскіх твораў, напрыклад, кампазіцыю паводле Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне", аўтарскую песняю "Паднімі мяне ў неба".

Адзін з арганізатараў знанага праекта "Спеўны сход" Аляксей Галіч таксама прыйшоў на прэзентацыю кнігі "Бой з сабой" з падарункам - прэм'ерай песні на верш Акуліна "Крылакрыж", якая выклікала гарачыя апладысменты і воклічы: "Брава!" слухачоў, якія прыйшлі на гэтую вечарыну.

Удзельнікі гурта NAVI Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка прапанавалі слухачам больш простыя, папсовыя песні са свайго рэпертуару ("Абдымі мяне") і гэта не дзіўна: гурт мэтанакіравана рухаецца да сваёй мэты, да ўдзелу ў "Еўрабачанні" менавіта з беларускамоўнай кампазіцыяй. Пажадаем жа маладым выканаўцам поспехаў на гэтым шляху.

Ну а найбольшы поспех чакаў самога героя прэзентацыі - Эдуарда Акуліна, песні якога "Янка Купала" і "Белае паліто" спявала ўся зала! Сапраўды, рэдкае відовішча…

P.S. На жаль, як распавёў Эдуард Акулін "мяккая рэканкіста" ў Доме літаратара атрымалася не да канца, бо адміністрацыя ўстановы забараніла продаж прэзентаванай тут кнігі. Хоць гэта і абгаворвалася падчас падпісання дамовы і аплаты арэнды Дома літаратара. Як кажа сам "віноўнік" урачыстасці, "калі цябе запрашаюць вярнуцца ў храм, адкуль выгналі, то трэба вяртацца". Але калі падманваюць, варта шукаць альтэрнатыву.

Анатоль Мяльгуй


Пад Менскам зноў адкрыўся музей-дача Васіля Быкава. Ужо капітальна

4 траўня ў дачным пасёлку Ждановічы-6 другі раз - цяпер ужо пасля капітальнага рамонту - адкрыўся музей-дача Васіля Быкава.

Першае ўрачыстае адкрыццё музея адбылося 19 чэрвеня 2014 года, у дзень 90-годдзя народнага пісьменніка, з удзелам міністра культуры Барыса Святлова, прадстаўнікоў афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Музей папрацаваў адно лета і закрыўся на капітальны рамонт. Бо прыватнае лецішча - адно, а ўстанова культуры - зусім іншы аб'ект, які не толькі павінен быць прыстасаваны для наведвання і правядзення разнастайных культурных мерапрыемстваў - згодна з нарматыўнымі дакументамі, яму належыць мець яшчэ шмат чаго, пра што гаспадар звычайнага лецішча і не здагадваецца.

Будынку патрабаваўся касметычны рамонт, рэстаўрацыйныя работы, знешні і ўнутраны водаправод, каналізацыя, неабходна было выканаць мантаж пажарных рэзервуараў, замяніць электраправодку, усталяваць прыборы ўліку электраэнергіі, пажарную і ахоўную сігналізацыю, правесці добраўпарадкаванне музейнай тэрыторыі.

Вольга Гулева, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры, кажа, што асаблівых праблемаў з рамонтам не было. Дзяржава выдзеліла грошы. Магчыма, не ўсё выглядае, як мае быць - прыкладам, па вялікім рахунку, правады трэба было заводзіць пад вагонку, а не пускаць звонку. Але тады давялося б бурыць тое, што сваімі рукамі будаваў, прыбіваў сам Быкаў. Вады пакуль няма, давядзецца знесці прыбіральню, трэба яшчэ добраўпарадкаваць участак. Але збольшага ўсё зроблена, і ад сёння музей-дача Быкава зноў прымае наведнікаў.

Вольга Гулева распавяла, што ідэя была такая - максімальна захаваць мемарыяльнасць, захаваць лецішча такім, якое яно было пры Быкаву:

- Можна па-рознаму глядзець на музеефікацыю. У Ірыны Міхайлаўны Быкавай, якая перадала лецішча ў дар пад музей - свой погляд, у музейшчыкаў - свой. Але магу з гонарам сказаць: прыязджалі нашы калегі з літаратурных музеяў Вільні і з Санкт-Пецярбурга. Супрацоўніца музея Аляксандра Блока - жанчына ва ўзросце, Быкаў - гэта яе пакаленне. Ім усім вельмі спадабаўся музей.

Мы стараліся захаваць тую атмасферу, пакінулі ўсю мэблю, абстаноўку. Што тычыцца кніг, мы паказалі значна больш, чым іх было раней, бо хацелі паўней прадставіць Быкава як творцу і хацелі, каб экспазіцыя была разлічана на розны ўзрост. Таму тут шмат кніг, якія выйшлі ўжо пасля смерці Васіля Быкава, пераклады на іншыя мовы. Для нас было важна паказаць, што Быкаў - як творца, як пісьменнік - працягваецца. Зроблена невялікая дакументальная частка, рукапісы з праўкамі аўтара, хоць было складана вызначыцца, якія кніжкі адабраць. Вырашылі ўзяць "Жураўліны крык", "Мёртвым не баліць" і "Знак бяды". Гэта, зразумела, сімвалічна.

Важнае месца - кабінет Васіля Уладзіміравіча. Пад акном ягонага кабінета былі ружы, якія вырошчвала Ірына Міхайлаўна - яны, на вялікі жаль, не захаваліся, але нам хочацца іх аднавіць, каб было і на двары так, як узгадвае Быкаў.

Гараж і мансарда былі прыбудаваныя да лецішча крыху пазней. Мансарда - самае сонечнае, самае цёплае месца. Тут ён пісаў карціны, і ўсе фарбы, якія былі пры ім, захаваліся і дагэтуль ляжаць на стале. Нядаўна Ірына Міхайлаўна перадала музею невялікую працу Быкава - выяву лецішча. Да таго ж ёсць дзве карціны, напісаныя алеем, рукой Быкава, іх раней перадаў у літаратурны музей сам пісьменнік, кажа Вольга Гулева:

- Некалі пашанцавала Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры - да 70-годдзя Быкава была падрыхтавана вялікая выстава, і значная частка архіву Быкава трапіла туды, Быкаў яе перадаў сам.

І нізкі паклон Ірыне Міхайлаўне, што лецішча было перададзена ў дар дзяржаве пад музей, і ў нас была магчымасць стварыць гэты музей. Цяпер ёсць куды прыехаць і пра што пагаварыць.

Нам вельмі хацелася паказаць малюнкі Васіля Быкава. У Ірыны Міхайлаўны вельмі шмат нататнікаў з малюнкамі Васіля Быкава, я нават не магу сказаць дакладна, колькі іх - дваццаць, трыццаць...

Іна Студзінская, Радыё Свабода.


Навіны Германіі

Пасол Германіі ў Гародні расказаў пра анкалагічны цэнтр, гадзіннiк на вежу кірхі і супрацу з універсітэтам

Пасол Германіі ў Беларусі Петар Дэтмар 2 траўня наведаў Гародню з афіцыйным візітам. Дыпламат сустрэўся са старшынём гарадзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым, пабываў ва ўніверсітэце, а таксама наведаў сярэднюю школу №15 і лютаранскую кірху.

У школе № 15 з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы Петар Дэтмар уручыў дзецям спецыяльныя моўныя дыпломы аб заканчэнні экзаменаў, а таксама пагутарыў з настаўнікамі.

Далей дыпламат адправіўся ва ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзе на сустрэчы з кіраўніцтвам абмяркоўваў магчымасці супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. З рэктарам універсітэта Андрэем Каралём пасол абмеркаваў перспектывы ВНУ ў Балонскiм працэсе і магчымыя абмены паміж беларускімі і нямецкімі ўніверсітэтамі. Таксама Петар Дэтмар сустрэўся са студэнтамі і адказаў на іх пытанні.

Дыпламат расказаў пра беларускія гарады, якія ён ужо наведаў, пра беларускую і нямецкую моладзь - ён заўважыў, што яна вельмі падобная, нягледзячы на нацыянальныя адрозненні. Таксама пасол коратка распавёў пра сваю прафесію: ён рады, што займаецца дыпламатычнай службай ужо 36 гадоў. Гэтая праца як ніводная іншая дае неацэнны вопыт і магчымасці падарожнічаць, сустракаць новых людзей, знаёміцца з асаблівасцямі кожнай краіны і, дзякуючы гэтаму рытму, заставацца маладым і энергічным.

- Мая прафесія гэта доўгая гісторыя. Давайце наступным разам я з вамі даўжэй пагутару і распавяду, - сказаў амбасадар на развітанне студэнтам.

У час сустрэчы дыпламата са старшынём аблвыканкама, была закранута тэма дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Пасол распавёў журналістам, што адзін з праектаў у гэтым кірунку - стварэнне анкалагічнага цэнтра ў Гародні. Ва ўдзеле зацікаўлена адна з нямецкіх фірм. Таксама Петар Дэтмар згадаў пра магчымае інвестыцыйнае супрацоўніцтва паміж нямецкiм і беларускiм бокам, але каб пра гэта размаўляць падрабязней, пасол павінен спачатку вывучыць перспектывы рэгіёна.

Паколькі лютаранская кірха ў Гародні з'яўляецца не толькі месцам рэлігійнага значэння, а таксама сумеснай беларуска-нямецкай культурнай спадчынай, дыпламат у канцы візіту наведаў і яе. Тут ён сустрэўся з пастырам гарадзенскай лютаранскай грамады Уладзімірам Татарнікавым.

Петар Дэтмар адзначыў, што пасольства Германіі дапаможа гораду ўсталяваць на вежы кірхі адмысловы чатырохбаковы гадзіннiк - да Другой сусветнай вайны такі быў у храме. Таксама пасол падзякаваў гарадскім уладам, прадпрыемствам і гараджанам за тое, што знайшлі ў цяжкі час грошы на рэстаўрацыю царквы.

Дарэчы, арыгінальны механізм старага гадзіннiка застаўся ў кірсе. Для працы патрэбныя некаторыя дэталі і цыферблат. У самой кірсе зараз завяршаюцца ўнутраныя работы па аздабленні. У храме з'явяцца чатыры люстры, таксама з'явіцца падсветка будынка.

- Усе работы ў храме завершацца да Фестывалю нацыянальных культур. Ужо 3 і 4 чэрвеня ў нас пройдуць дабрачынныя канцэрты арганнай музыкі. Пакуль яшчэ не вядома ці ўключаць нашыя канцэрты ў афіцыйную праграму фестывалю. Будзем спадзяецца, што пра нас не забудуць, - сказаў пастар Уладзімір Татарнікаў.

На развітанне прадстаўнікі лютаранскай грамады падарылі паслу выяву кірхі і магніцік. Дыпламат паабяцаў павесіць магніцік на халадзільнік, каб ён штодня нагадваў пра Гародню.

- Я вельмі ўдзячны тым, хто працаваў над праграмай [візіту] і дазволіў мне наведаць Гарадзенскі рэгіён. Я вяртаюся ў Менск з вялікай колькасцю інфармацыі і ідэй. Але трэба час, каб усё гэта ўвасобіць у рэальнасць. Гэта азначае, што мне ў Гародню давядзецца прыязджаць значна часцей, - сказаў у канцы дыпламат.

Руслан Кулевіч. Твой стыль.


Прапанова аб выданні марачнага ліста будзе разгледжана

Старшыні Грамадскага

аб'яднання "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск

Аб выданні марачнага ліста

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы ліст грамадскага аб'яднання "Таварыства беларусскай мовы імя Францішка Скарыны" ад 12.04.2016 № 46, паведамляе, што прапанова аб выданні марачнага ліста з 40 відарысамі найлепшых гравюр з Бібліі Францішка Скарыны, у адпаведнасці з пунктам 13 Інструкцыі аб парадку вырабу і распаўсюджвання дзяржаўных і іншых знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 16 верасня 2008 г. № 38, унесена ў парадак дня пасяджэння мастацкага савета па фарміраванні тэматычнага плана выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты на 2017 год, якое адбудзецца 6 мая 2016 года.

Аб прынятым рашэнні Вы можаце азнаёміцца пасля 1 ліпеня 2016 г. на сайце РУП "Белпошта".

Намеснік Міністра Н.М. Гардзеенка.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Кукавенка Іван - 150 000 р., г. Менск

2. Жыдаль Д.В. - 140 000 р., г. Баранавічы

3. Жук Юры - 200 000 р., г. Менск

4. Лявіцкі Ягор - 300 000 р., г. Смаргонь

5. Рабека Мікола - 100 000 р., г. Менск

6. Ждановіч М.В. - 100 000 р., г. Менск

7. Лягушаў Алег - 100 000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н

8. Глебік Юры - 200 000 р., г. Свіслач

9. Новікаў Павел - 400 000 р., г. Менск

10. Булайчык Аляксандр - 200 000 р., г. Менск

11. Варанецкі Максім - 186 618 р., г. Менск

12. Котаў Арцём - 100 000 р., г. Гомель

13. Цынгалёў Віталь - 100 000 р., г. Жлобін

14. Сп. Андрэй - 500 000 р., г. Менск

15. Чайкоўскі Павел - 200 000 р., г. Менск

16. Кухаронак А.Д. - 50 000 р., м. Смілавічы

17. Навумчык Іосіф - 200 000 р., г. Віцебск

18. Грыгор'еў Аляксандр - 50 000 р., г. Менск

19. Панамароў Сяргей - 200 000 р., г. Менск

20. Новікаў А.С. - 50 000 р., г. Менск

21. Восіпава Аляксандра - 100 000 р., г. Гомель

22. Старыкевіч Барыс - 100 000 р., г. Менск

23. Шкірманкоў Фелікс - 100 000 р., г. Слаўгарад

24. Лукашэвіч Валянцін - 200 000 р., г. Менск

25. Ламейка Уладзімір - 100 000 р., г Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


500-годдзе - сведчанне спеласці нацыі

Як пашырыць кола беларускамоўных чытачоў? Як выхаваць традыцыю сямейнага чытання на беларускай мове? Як зрабіць даступнымі і чытанымі кнігі Францішка Скарыны - "Біблію" і " Новы Запавет? Гэтыя пытанні і адначасова мэты паставілі арганізатары грамадскай кампаніі "Наша 500-годнасць", якая распачалася ў Менску 29 красавіка. Яе арганізатарамі выступілі Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшына".

Першая святочная імпрэза стала адначасова глыбокай асветніцкай лекцыяй, якая пашырыла кругагляд прысутных.

- 6 жніўня 1517 года Францішак Скарына выдаў першую беларускую кнігу ў Празе. Дзякуючы гэтаму беларусы сталі ў адзін шэраг з народамі Еўропы, сцвярджаючы сталасць уласнай нацыі і далучэнне яе да культурных асяродкаў Еўропы, - нагадаў ва ўступным слове Усевалад Сцебурака.

- Мы хацелі б, каб 500-годдзе нашага кнігадрукавання не прайшло незаўважана, а каб гэтае свята беларускай кнігі ўвайшло ў кожны дом. Каб мы ганарыліся тым, што з'яўляемся еўрапейскай нацыяй, якая не толькі ў Еўропе, але і адной з першых у свеце займела пераклад Бібліі на родную мову, першую друкаваную кнігу. 500-годдзе беларускай кнігі - гэта наша 500-годнасць, - адзначыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка.

- У тым, што мы пачынаем нашу кампанію новым перакладам "Новага Запавету", ёсць пэўная пераемнасць і паслядоўнасць, - прамовіла Алена Макоўская. - Мы хочам нагадаць пра ўсіх людзей, якія спрычыняюцца да складанага працэсу кнігадрукавання: гэта пісьменнікі, рэдактары і карэктары, мастакі і афарміцелі, інжынеры і тэхнолагі, якія распрацоўваюць друкарскі рыштунак. Мы хочам узняць цікавасць да беларускай кнігі.

Але, як засведчыла выступоўца, паводле статыстычных дадзеных 57 % беларусаў чытаюць мастацкую літаратуру раз у месяц, 3% грамадзянаў чытаюць раз у год, 18% - не чытаюць увогуле. 94% беларусаў аддаюць перавагу рускай мове. Толькі 5% насельніцтва чытае па-беларуску. Прычынай з'яўляецца недастатковае валоданне мовай, адсутнасць сямейнай традыцыі чытання на роднай мове. Рэспандэнты пагадзіліся з тым, што трэба ўздымаць прэстыж беларускай кнігі праз інфармацыйныя кампанні і рэкламу, рэформу сістэмы адукацыі. Ініцыятыўныя групы і людзі будуць дапамагаць у дзейнасці кампаніі "Наша 500- годнасць", каб яны была паспяховай.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў распавёў пра абставіны жыцця і дзейнасці Францішка Скарыны і нагадаў пра яго паслядоўнікаў - Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага, братоў Мамонічаў, Семяона Полацкага і Гальяша Леўчыка.

- 500-годдзе сведчыць, што наша Радзіма, якая была ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, ішла на адным узроўні з еўрапейскімі дзяржавамі і апярэджавала іх. Францішак Скарына, палачанін, здзейсніў гістарычны подзвіг. З Полацка пачаўся наш нацыянальны космас. Князь Усяслаў увёў рукапісныя кнігі ў выкарыстанне, яго справу працягнула Ефрасіння Полацкая. Лепшы каліграф княства Мацей Х скончыў вялізарную працу па перапісванні Бібліі. Скарына быў знаёмы з такім выдатным сучаснікам і марыў пра друкаванне кнігі на новым тэхнічным узроўні.

У Прагу асветнік накіраваўся з Падуі пасля атрымання дыплома доктара лекарскіх навук. Там ён выбраў самую прэстыжную Alma-Mater Eўропы, дзе вучыліся самыя адукаваныя асобы і манархі, здабываў асвету будучы кароль Стэфан Баторый. Біблія Скарыны стала першай ва ўсходніх і паўднёвых славянаў, яна выйшла раней за Біблію Марціна Лютара, на 47 гадоў апярэдзіла рускую, выйшла раней за французскі і англійскі пераклады.

Колькі існуе перакладаў Бібліі на беларускую мову ў сучаснасці і хто іх выконваў? На гэту тэму выступіў з прамовай Лявон Баршчэўскі.

- Сёння існуюць сем перакладаў "Новага Запавета". У 30-тыя гады ХХ стагоддзя з дапамогай Антона Луцкевіча рэлігійны дзеяч Лукаш Дзекуць-Малей зрабіў пераклад і выданне "Новага Запавета" і "Псалмоў", які быў найбольш даступны да 90-тых гадоў. Было вядома і ўжывалася ў практыцы ператлумачэнне Святога Пісьма, зробленае Янкам Станкевічам, выдадзенае ў 1973 годзе. Брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч зрабіў рукапісны пераклад духоўных тэкстаў. Імі карысталіся ў літургіях беларускія цэрквы ў Паўночнай Амерыцы.

Калі прыйшла перабудова, была знята забарона на распаўсюд Бібліі. У 90-тыя гады ХХ стагоддзя Біблійная камісія Беларускага Экзархата даручыла выканаць пераклад Бібліі Васілю Сёмуху. У 2002 годзе Біблія выйшла цаклам на беларускай мове.

Анатоль Клышка друкаваў аўтарскі пераклад "Новага Запавета" ў часопісе "Спадчына", зроблены з арыгінала. Ён выйшаў асобнай кнігай два гады таму.

Пастар Антоній Бокун, сябра Рады ЗБС Бацькаўшчына, на працягу 2012-2016 гадоў працаваў над сваім перакладам "Новага Запавета." Тэкст мае нязначныя адрозненні ад папярэднікаў, але такім чынам біблійнае слова больш дапасоўваецца да сучаснасці, да беларускага светапоголяду.

Узяцца за пераклад і друкаванне "Новага Запавета" Антонія Бокуна змусіў колькасны недахоп беларускамоўных Біблій. Новы пераклад выйшаў накладам 10.000 асобнікаў і з'яўляецца першым крокам да годнага святкавання 500-годдзя беларускага друкаванага слова.

Эла Дзвінская.


Славутыя імёны ў гісторыі Беларусі: Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі, Іван Іванавіч Луцкевіч

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Славутыя імёны ў гісторыі Беларусі: Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі, Іван Іванавіч Луцкевіч". Экспазіцыя прымеркавана да 135 - годдзя з дня нараджэння юбіляраў. Прадстаўленыя матэрыялы распавядаюць пра жыццё і дзейнасць знакамітых асоб.

Пачатак ХХ стагоддзя быў насычаны знакавымі падзеямі, якія вельмі хутка змяняліся. Лютаўская рэвалюцыя. Кастрычніцкая рэвалюцыя. Грамадзянская вайна. Сацыялістычнае будаўніцтва... У гэты складаны гістарычны перыяд дзейсны ўклад у палітычнае, грамадскае і культурнае жыццё краіны зрабілі Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (19.04. 1881 - 4.02.1931) і Іван Іванавіч Луцкевіч (09.06.1881 - 20.08. 1919).

У. М. Ігнатоўскі - палітычны, грамадскі і навуковы дзеяч, які з 1920-х гадоў займаў шэраг адказных пасад у партыйных і дзяржаўных органах, быў актыўным арганізатарам правядзення беларусізацыі. Ён рупліва працаваў на ніве беларускай навукі, яго творчая спадчына складае больш за 30 грунтоўных работ. На экспазіцыі прадстаўлены прыжыццёвыя выданні аўтара. Сярод іх манаграфія "1863 год на Беларусі" (1930), "Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота" (1922), "Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецьця" (1925), публікацыі ў перыядычным друку. На выставе экспануецца праца У. Ігнатоўскага "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" (4-е выд., перапрац., 1925), дзе зроблена спроба перыядызацыі гісторыі Беларусі, У аснову гэтай работы быў пакладзены прынцып дзяржаўнасці і грамадскага стану беларускіх зямель. Кніга вытрымала некалькі перавыданняў і на сённяшні дзень з'яўляецца аўтарытэтнай крыніцай для навукоўцаў. Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі стаяў ля вытокаў стварэння Навукова-тэрміналагічнай камісіі, пазней рэарганізаванай у Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), які ён узначальваў з 1926 г. па 1928 г. Са снежня 1928 года У. Ігнатоўскі - кіраўнік Акадэміі навук. Нягледзячы на сваю дзейнасць і займаную пасаду, трапіў пад рэпрэсіі. Быў абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай барацьбе, выклікаўся на допыты ў ДПУ. Жыццё трагічна абарвалася ў лютым 1931 г. Рэабілітаваны толькі ў 1990-я гг.

Каштоўны ўнёсак у палітычную, грамадскую і культурную дзейнасць краіны зроблены Іванам Іванавічам Луцкевічам , які актыўна змагаўся за неабходнасць дзяржаўнай незалежнасці беларусаў і быў адным з тых, хто імкнуўся да стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. І. Луцкевіч быў адным з ініцыятараў заснавання ў Вільні першай легальнай беларускай газеты "Наша доля" (1906), грамадска-палітычнага, літаратурна-мастацкага і навукова-папулярнага тыднёвіка "Наша ніва" (1906-1915), на старонках якога пачыналі свой творчы шлях Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля і інш., упершыню пабачылі свет адрыўкі з "Новай зямлі" Якуба Коласа, паэмы "Курган" Янкі Купалы. Плённа працаваў у выдавецкіх суполках "Наша хата", Беларускае выдавецкае таварыства. Агульнымі намаганнямі І. Луцкевіча, Цёткі і інш. у 1915 годзе былі створаны нацыянальныя настаўніцкія курсы і адкрыты першыя беларускія пачатковыя школы. Іван Луцкевіч стаяў ля вытокаў стварэння першай беларускай гімназіі ў Вільні, дзе ён выкладаў краязнаўства і беларусазнаўства. У Віленскай беларускай гімназіі (1919-1944) працавалі вядомыя дзеячы: Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Рыгор Шырма і інш.

Багатая калекцыя кніг і старажытнасцей Івана Луцкевіча стала асновай для стварэння першага беларускага нацыянальнага музея. У калекцыі былі ўнікальныя экспанаты: сыгнеты полацкіх князёў Усяслава і Барыса, рукапісныя кнігі ХІV стагоддзя і старадрукі ад ХV стагоддзя, Статут ВКЛ (1588), прадметы з археалагічных раскопак, багатая калекцыя слуцкіх паясоў, вялікая колькасць экспанатаў па беларускай этнаграфіі. У пачатку 1918 г. І. Луцкевіч перадаў свае калекцыі Беларускаму навуковаму таварыству ў Вільні.

Антон Іванавіч Луцкевіч, гісторык, публіцыст, літаратурны крытык, лінгвіст, выдавец. Ён добра ведаў дзейнасць брата і адлюстраваў гэта ў сваіх работах: "За дваццаць пяць гадоў (1903-1928)" (1928), "Беларускі музей Івана Луцкевіча" (1933), якія экспануюцца на выставе.

Шматгранная спадчына І.Луцкевіча доўгі час была мала вядома. Толькі ў 1991 г. упершыню была адзначана гадавіна яго нараджэння шырокім колам грамадства, таму ў экспазіцыі прадстаўлены даследаванні сучасных аўтараў па гэтай тэме.

Выстава "Славутыя імёны ў гісторыі Беларусі: Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі, Іван Іванавіч Луцкевіч" дае магчымасць не толькі яшчэ раз ўзгадаць іх імёны, а грунтоўна пераасэнсаваць дзейнасць нашых суайчыннікаў у гістарычным кантэксце.

Наш кар.


ЧАСЛАЎ ДОЛЬСКІ

"Пісаць пра мінуласць -

не крочыць назад.

Пісаць пра сучаснасць -

не рвацца наперад...

...зважыць былое,

у заўтра паверыць".

Ларыса Геніюш.


Маім калегам, аддаўшым народу

талент, здароўе, а ў шэрагу

выпадкаў - і само жыццё.

Дырэктарскаму корпусу,

вясковай інтэлігенцыі.

Пакаленню, "жыўшаму ў цяні".


Мой родны край, ты Богам даны,

Ды продкам, што збярог цябе,

Усё жыццё з табой мы паяднаны,

Як маці сына, горнеш да сябе!

I ў нас, людзей, як і ў прыродзе,

Карэнні там, дзе семя прарасло,

I нават гарадское асяроддзе

Вытокі мае - вёску ці сяло.


I ў памяць аб мілым тым куточку,

У якім жыццё было калісь пачата,

Плывуць у снах спакойнай ночкай

Азёрка з рэчкай, пад саломай хата.

Даўно ўсё там змянілася на яве,

Нібы вадзіца ў рэчцы, неўзаметку.

Няма дамоў, ні камянёў на справе,

Не тыя сталі далі і палеткі -

Мясціны родныя з другім абліччам.

Не пазнаём яго, як і суседзі нас,

Сябры больш не прыходзяць

на сустрэчу -

Іх забраў няўмольны час.

Усё цячэ на белым свеце,

На месцы не стаіць нішто,

Аблочыну ў нябессі гоніць вецер,

I рух яе не спыніць аніхто.

Бяжыць жыццё нястрымна наша.

Але надзея прывідам маячыць,

Што будуць поўнымі

яшчэ сталы і чашы,

Хацеў бы толькі я зазначыць,

Гісторыя - няпростая навука,

Зубрыць яе карысці мала,

Данесці ж трэба праўду ўнукам,

Каб іх знянацку гора не спаткала.

Каб бераглі свой край,

як зрэнку вока,

Не гандлявалі, не здавалі ў прымакі,

Бо без сваёй зямлі,

адкуль усе вытокі,

Чужынцы яны ў свеце, лайдакі.

Зямля! Спрадвеку ты ўсяму аснова,

Дзяржавы нашай моц табой стаіць,

Мы скажам: гэта ісціна не нова -

I гарады, і прамысловасць,

І вёскі без зямлі не могуць быць.

Яна як маці ўсякаму дастатку,

Надзея нам, уцеха і прытулак.

А ў жыцці, ад самага пачатку,

Дае нам радасць і ратунак.

Вытокі

Дзяцінства сябар - Часлаў Дольскі,

Быў хлопец змалку здатны,

У яго і бацька ў часе польскім

На ўсю акругу

быў цясляр выдатны.

Наўкола ладзіў хаты, свірны, пуні,

Зямлі меў мала, жыў адзіна з працы.

А жонка ўзоры ткала,

бяліла іх ля студні,

Жылі ля рэчкі ў хаце, не ў палацы.

Кірмаш з касцёлам толькі ў святы -

Штодзённа шэрыя будні.


Быў Дольскі добры гаспадар:

Аднаслоўны, дбайны,

не зайздросны.

Падстаць яму Альдона,

прыгожая на твар,

А якія ж узоры ткалі яе кросны!

Змяніла ў краі лад увесь вайна:

Датла згаліла і Дольскіх не забыла,

Іх дзетак - блізнятак мінай забіла.

Міхал маліўся за іх і на фронце,

А вярнуўся дамоў - смутак, гора,

Замест гасцінцаў - крыж на пагосце.

Альдона змарнела, сплакала мора.

О, Божа! Беражы Беларусь!

Не будзь на ёй госцем!

Дастаў Міхал інструмент,

схаваны злым часам.

(Вяскоўцы празвалі яго

"ватэрпасам").

Не было ў той час анікому спачыну:

З руін край паўставаў,

будоўля ішла,

Заводы, дарогі, хаты, адрыны.

Трывог жа і ўлада яшчэ надала -

Новы курс узяла:

Ці хочаш, ці не - уступай у калгас.

Пайшлі, куды ж дзенешся,

без ахвоты.

У нядобры час нарадзіўся

сынок якраз.

Жыццё не стаяла,

штодзённа турботы,

Стараліся, а ў доме - ні ўзяць,

ні даць.

Між тым за іншых ім стала лацвей -

Міхала ўзялі ў МТС

сталяром працаваць.

Завёўся рублік, займелася збожжа,

Памалу і Чэсік падрос,

пайшоў у школу,

Альдона ткала карункі асцярожна.

Мо б і лепш зажылі працалюбы,

але Міхал марнеў, стаў невясёлы.

З вайны ў грудзях яму балела:

У акопах не быў, а на мастах,

Але і там не раз куля ў яго ляцела,

Бо вораг зверху

сеяў смерць і страх.

Спачыну ніякага ні ў дождж,

ні ў холад,

Наперад хутчэй - загад камандзіраў.

О, колькі ж рэк намасціў,

загаціў балот!

I грудзі ў вадзе ледзяной

прастудзіў,

А там да таго ж асколак сядзеў.

Памёр вайны працаўнік;

хавалі радня і суседзі,

Ад калгаса дамавіна, цяля -

вось і ўся дабрата.

А Часлаў у трынаццаць год

стаў сірата.

Каб жа адзін, а то і сястрыца,

На шэсць год маладзей за яго.

(Спробы былі з Альдонай жаніцца -

Адказ быў: " Не! Не змяню

ніколі Міхалку свайго").

Выпрабаванні, гарт

Як ранка ў сэрцы - той смутны год.

Быў Чэсік спрытны,

але ж сілы не меў,

Мо бацькі наказ - не зганьбіць род

Падлетка трымаў

і нейкія сілы даваў.

("Сынок, рабі так,

каб дзякуй казаў народ!").

Сівец не брала каса,

бы д'ябла бараду,

Плужок віхляў,

не лез у зямлю, вырываўся,

Вяскоўцы бачылі ягоную бяду -

Але ж хто плячо падставіць браўся?

Закончыў школу - падацца куды?

I што ж магла даць мама -удава?

(Гадаваць жа патрэбна і сястрыцу).

Сябры пайшлі вучыцца ў гарады,

А ён працу сяла спазнаў,

а не сталіцу.

Зазначыць павінен

здольнасці хлапца.

Выдатнік у школе быў

па ўсіх прадметах:

Дасціпны, уніклівы да ўсяго

без канца,

На гармоніку граў яшчэ пры гэтым.

Капрызны конь дастаўся яму,

а не лёс -

Жыццё пазнаў з тыльнага боку,

I кпіны, і здзекі

замест падтрымкі нёс,

Піў горкі палын заміж мёду ці соку.

Да тэхнікі меў хлапчук

з маленства цягу,

Бацькі і суседзі дзівіліся гэтым -

Падабраў да ходзікаў

шасцярэнькі, вагу,

(З сябрамі рабілі тайком пісталеты).

Любіў прыроду, лес з маленстства,

З увагай слухаў жаўрука, зязюлю,

Напэўна ад іх пераняў тыя каленцы,

Што імітаваў на гармоніку

ў завуллі.

Як стаў гаспадар, павёўся разважна,

Не лез у бойкі, не хваліўся адвагай.

У бацьку Чэсік, пайшоў -

высокі вырас, статны і зграбны.

А ад маці твар прыгожы дастаўся.

Характар меў спакойны, разважны,

Але і ўпарты быў,

як свайго дабіваўся.

На гармоніку граў вечары,

Не быў і ў дзяўчат забыты увагай.

Каханне пазнаў, яшчэ да пары.

Але ж і быць не хацеў сярмягай.

Абставіны кавалі характар хлапца,

Не меў ён падтрымкі вядомага айца.

Што лёгка давалася другім -

То сябру працай і розумам сваім.

I выйсці ў свет яму

Праз ПТВ давялося таму.

Але не толькі прафесію

там набыў юнак,

Сам завуч параіў

займацца далей у ВНУ,

Дыплом з адзнакай

стаў розуму знак.

Іншым і войска не дало анічога,

I з семінарый не ўсе святары.

Часлаў быў з сяла -

але пакрою другога,

Бо стрыжань меў моцны ўнутры.

Прызналі пагодкі, і старэйшыя гэта,

Афіцэры таксама яго паважалі,

Падмянялі сяржантаў,

як аўтарытэтам.

Напэўна б у вайну - меў медалі.

Не траціў дарэмна

ў казарме свой час,

Як мог паглыбляў свае веды,

Хаваўся ад блазнаў у спецклас,

Займаўся спортам пасля абеду.

Падаўся у тэхнікум

пасля звальнення ў запас,

Узлажылі абавязкі старасты курса.

Вагоны грузіў на станцыі не раз -

Адзецца ж патрэбна было і абуцца.

Задаўся цвёрдай мэтай цяпер;

Насілі продкі гонар шляхецкі,

Буду ў родзе першы інжынер,

Цяпер парадак другі - буду савецкі.

А які ж светапогляд засвоіў юнак?

Кірунак жыцця ўсяго ў ім:

Казалі дома - на ўсім Божы знак,

А ў школе - Бога няма зусім.

I гэтай дылемы не рашыў ён ніяк,

З рэлігіяй, як іншыя, не ваяваў,

Але і не хадзіў, узросшы, у святыні,

У падсвядомасці, мусіць,

дзесьці таіў,

Сумленне стараўся мець чыстае,

Звяраў яго часта з бацькамі сваімі.

Не краў, як вялося ў іхняй сям'і,

Ад гарэлкі, брыдкаслоўя выстаяў,

Не стаў і сябрам

разгульнай кампаніі.

Напэўна, скажа які чытач з кпінай:

Ваш Дольскі хворы, ці святы?

Ды не, мой дарагі, прабач,

Проста толькі з моста ў ціну.

Усякае было, як кавалерам быў,

Гонар не губляў

і выбар скоры не рабіў.

Усталяванне.

Вярнуўся дадому - механікам стаў,

Вучобу прадоўжыў завочна.

Праз год у калгасе тэхнікай кіраваў,

I ў раёне на яго завялі лісточак.

Дапамог сястры паступіць у ВНУ,

Напэўна, бацька за іх маліўся ў небе.

Альдона не апускала больш галаву,

(Заўважылі і яе,

аб сваёй помнячы патрэбе).

Дзяўчаты,

з якімі Часлаў хадзіў у школу,

Усе мамамі сталі дагэтуль.

Толькі ён палавіны

не знаходзіў наўкола.

Мо яна на другой палове свету?

Перад жнівом, на раённай нарадзе,

Убачыў здалёк ля дзярэй выканкама

Дзяўчыну - модніцу, як на парадзе.

Зацікавіўся:

адкуль прыгажуня такая?

"Незнаёмка" падышла,

усміхнулася лагодна:

"Часлаў Міхайлавіч,

не пазналі суседку?"

Метамарфоза жанчыны!

Неверагодна!

Марыся!.. Успомніў,

як шукалі кароўку неяк улетку!

Забілася сэрца, пацяплела ў душы.

Дадому разам,

ад сэрца цёплыя словы -

Аб дзяцінстве, жыццях,

што як спарышы.

Марыя Антонаўна -

настаўніца роднай мовы,

Каралева! А была ж цыбатая,

і падумаць не мог!

Падмурак сям'і пачаў закладаць,

аснову.

(Не любіў ён, прызнацца,

хто сыпаў гарох).

А цяпер і сам без канца

гаварыць быў гатовы.

На вёсцы час па-іншаму ідзе,

Каханне таксама:

хацелася быць ім бліжэй,

Абавязкі аддалялі -

сустрэчы радзей.

Вяселле зрабілі таму найхутчэй.

Па калядах гулялі, зімовым часам,

Альдона і сват

паглядалі штось скоса,

(Казалі, іх продкі даўней

"хадзілі ў косы").

Мінулі ж вякі Рамэа і Джульеты,

Нікога не пыталі маладыя пра гэта.

Гняздо звілі ў новым доме -

Калгас яго даў - быў на ўздыме.

Сынок нарадзіўся праз год,

Бацькам прыбавілася турбот.

На жаль, неспрыяльны стаў год,

Надвор'е - біблейскі патоп.

Што і вырасла - вымакла, недарод,

Як маглі, ратавалі кожны сноп.

"Застой", - сягоння кажа

чыноўніка сын.

А дзе ж яго бацька быў

у той час не густы?

Каманды даваў,

а калі што не так - у кусты.

Не вытрымала сэрца

франтавіка старшыні,

Пасля паказных слёз

прывязлі па часе,

Не гаспадара,

а фігляра з цёмнай глыбіні -

Насталі чорныя дні ў калгасе.

Прынёс кар'ерыст

камандны стыль работы,

Не выхаваны, не стрыманы,

лаяўся, па полі як вар'ят насіўся.

Давёў бы можа ўсіх людзей

да сухотаў,

Ды сам на скаце крутым,

ля рэчкі разбіўся.

Тры гады скардзіўся ўсюды народ,

Куды ж глядзелі раённыя вярхі -

напэўна не зналі?

Ды не, закрывалі людзям рот,

Адпіскі ў эшалоны

вышэйшыя слалі.

Паўстала пытанне ў раёне,

Старшынём паставіць каго?

Падумалі і калгаснікі

аб сваёй абароне,

Мо зноў прышлюць

прайдзісвета якога?

Рашылі: не прымем больш

ката ў мяшку,

Не патрэбны другі пустадом.

Ёсць свой: разумны,

талковы і не блудзіў.

Прышлі да Дольскіх гуртам у дом:

"Міхайлавіч, просім: - бяры

кіраўніцтва, гаспадарку вядзі".

Спачатку аднекваўся спецыяліст:

"Не згадзіцца райкам -

ініцыятыва не іх,

Ды я ж - не камуніст".

Не згаджаліся людзі - улада ж

народная, не перамогуць усіх.

Пазвалі Часлава ў

раён праз дзень, па абедзе.

Спачатку ва ўпраўленне

сельскай гаспадаркі.

Начальнік прыняў,

распытаў, аднак...

Дыстанцыю трымаў, сказаў:

"Да "шэфа" едзем".

Аўтарытарны ў раёне

быў кіраўнік, шпаркі.

Накінуўся на начальніка адразу:

"Махноўшчыну развялі,

"самасційнасць"!

Пагоняць хутка і мяне, з вамі разам,

Дадумаліся, самі сябе прызначаць!

Не ведаю Дольскага -

як абкаму рэкамендаваць?"

"Дык стаўце другога", -

голас падаў інжынер.

"Во светладольцы! -

"шэф" ускіпеў, памянуўшы "маць" -

"Такога "з'елі" кіраўніка

спадцішка"-

То ваш, светладольцаў, манер".

Начальнік тузануў

за рукаў пінжака - "не пярэч".

"У партыю чаму не ўступаў,

у цяні хацеў адсядзецца,

Пасаду давай яму цяпер,

расправіў, бач ты, плечы!

Адказнасць уся на табе (начальнік),

пабачым, што атрымаеца".

Адмовіцца і пайсці Часлаў хацеў:

Прычым народ?

Загінуў сам верхагляд.

Ды просьбу помніў,

схаваў свой гнеў,

Не мог інжынерам вяртацца назад.

Хоць Дольскі і стаў старшынём,

Аднак у раёне - аніякай апоры.

Як і колісь, у сіроцкі год - неспакой,

Спадчына - разлад, справаў ворах.

З людзей пачаў малады кіраўнік,

Усіх, хто прыходзіў,

прымаў асабіста,

Яшчэ бацька вучыў -

чалавек не ручнік,

У ім усё глыбока сядзіць,

на паказ не выстаўлена.

I ў вёсцы, і ва ўсім

"Светладольскім",

Патрэбна добра было

людзей распазнаць.

Працавалі і тыя, гаспадарыў

хто пры часе польскім,

I такія, хто любіў па свеце гуляць.

Не было ў старшыні да іх даверу,

Казаў: "Лятун і набытае згубіць,

У яго заўжды адкрытыя дзверы".

Аграном - пажылы,

былы кіраўнік - выпіваў,

Заатэхніца -

з ветрам у галаве кабета.

Было ўзаемна: ён каллектыў трымаў,

і той яго не адпускаў.

Не было, як кажуць,

яму "прасвету".

Гады праз тры стала

лягчэй працаваць,

Разумных спецыялістаў

у калгас падабраў,

Займелі грошы,

пачалі больш будаваць.

А новы кіраўнік раёна

і сам яго спадабаў,

Бо разгледзеў розуму іскру.

Не траціў і Дольскі

дарэмна свой час:

Пашыраў кругагляд,

наладзіў перапіску.

Навуковыя цэнтры наведваў не раз,

Знаёмы з наватарамі многімі

стаў асабіста.

(Працяг у наст. нумары.)

Мар'ян Даргель


Быў такі паэт Міхась Ліст

У былой Заходняй Беларусі жыло шмат здольных паэтаў, талент якіх так і не раскрыўся, лёсы якіх да сённяшніх дзён застаюцца невядомымі. Але некаторым аўтарам усё ж пры жыцці пашанцавала апублікаваць пад рознымі псеўданімамі і крыптонімамі некалькі сваіх твораў на старонках віленскай заходне-беларускай прэсы.

Дасылаў свае творы ў Вільню і вясковы паэт Васіль Камянецкі з вёскі Краснае Лідскага павета, падпісваючы іх псеўданімам Міхась Ліст. Згадаў пра яго аднойчы Уладзімір Калеснік у сваёй кнізе "Лёсам пазнанае" (Мн., 1982. С. 250) . У адным абзацы даследчык літаратуры пісаў пра тое, як паэты з Дзятлаўшчыны Граніт, Прамень, Жальба, Струмень і іх сябра Міхась Ліст, напісалі вершаваны зварот у рэдакцыю "Беларускай газеты" ў абарону лідара нямецкіх камуністаў Эрнста Тэльмана. Пісьмо пры налёце польскай паліцыі на рэдакцыю газеты было тады схоплена і трапіла ў следчыя органы.

Той самы Уладзімір Калеснік, рыхтуючы два зборнікі вершаў паэтаў Заходняй Беларусі, так і не ўключыў ніводнага верша Міхася Ліста ў зборнікі "Сцягі і паходні" (Мн., 1965) і "Ростані волі" (Мн.,1990) . Ды і прозвішчы дзесяткаў паэтаў-заходнікаў не трапілі ў кнігі Уладзіміра Калесніка. Магчыма, даследчык літаратуры не бачыў у тым Міхасю Лісту вялікага паэта, але, што ён пісаў і друкаваўся - гэта факт. Праўда, не ўсё так гладка ў яго атрымлівалася, бо часта Міхась Ліст трапляў у крытычны агляд паштовых і паэтычных скрынак часопісаў. Вось некалькі прыкладаў. "Рытміка: напалову апанавалі. Гэта апрацавана слаба, думка не ясная. І, як бы на агульнае рыштаванне не начэплівалі найбольшую колькасць слоў, верш без ясна праведзенай думкі, мастацка апрацаванага языка і формы, не будзе яшчэ вершам" - пісала газета "Наша воля" (1936, № 9) . "Здольнасць пісаць Вы маеце. Радзім, як найболей чытаць вершы Купалы, Коласа ды іншых паэтаў працы" , - паведамляў часопіс "Родная старонка" (1934, № 1). А часопіс "Шлях моладзі"(1937, № 1) у паштовай скрынцы пісаў Міхасю Лісту: "Пішыце. Асцерагайцеся толькі русізмаў і паланізмаў… Дзеля гэтага старайцеся ляпей пазнаць беларускую мову, граматыку і правапіс, чытаючы беларускую літаратуру" .

І Міхась Ліст пісаў. Лепшыя паэтычныя радкі траплялі на старонкі заходнебеларускіх выданняў "Літаратурная старонка", "Шлях моладзі", "Наша воля" і іншыя. Вядома яшчэ, што ён нарадзіўся ў 1903 годзе. Шчыра сябраваў з паэтамі Дзятлаўшчыны, разам часта сустракаліся, наладжвалі мітынгі ў абарону роднай мовы і патрабавалі пры Польшчы адкрыццё беларускіх школ. На жаль, як склаўся жыццёвы лёс паэта Міхася Ліста (Васіля Камянецкага), пакуль не вядома. Не ўдалося мне знайсці і яго фотаздымка. Але адшукалася некалькі вершаў вясковага паэта з Лідчыны, якія прапаную чытачам "Нашага слова".

Сяргей ЧЫГРЫН.


Запрагай

Мой Каштан цягнуць не можа,

Твой таксама заслабы.

Імі мы дзірван не зможам

Падгатовіць да сяўбы.

Ад людзей каб не астацца -

Дай у пару запражом,

І не будуць з нас смяяцца;

Мы дзірван тады ўзаром.

Пара, брат, ляпей пацягне,

Лепш рассыплецца зямля,

І такое поле стане -

Будзеш рад і ты, і я!

Зацвіце на ім збажжына -

Жыта, бульба і авёс.

Будзе голаду канчына,

Не спалохае мароз.

Малака больш дасць карова,

Больш каніна павязе -

Словам, будзе ўсё здарова,

Будзе, брат, канец бядзе.

Запрагай хутчэй каніну,

Ды у прыпражку араць.

Годзі сам сябе й скаціну

Аж да смерці забіваць.

1936 г.

* * *

Што ты, Нёман, звіхраваўся?

Што так стогнеш і равеш?

На каго так узлаваўся,

І каму пракляцце шлеш?

Можа лемента галодных

І адвечнай нэндзы, слёз

Ў гарадох і вёсках родных

Нёман, ты не перанёс?

Ціха, дзед, ты не нервуйся -

Сэрца ўнука - моцны гарт.

Выціраць слёзы вазьмуся

Я і многа нас - не жарт!

1934 г.

Міхась Ліст


Літаратурныя сустрэчы Хрысціна Лялько:

"Я з тых, хто рукамі і зубамі

трымаецца за родную зямлю"

У чарговы раз сваю малую радзіму - Лідчыну - наведала беларуская пісьменніца, перакладчыца, журналістка, галоўны рэдактар каталіцкіх часопісаў "Наша Вера" і "Ave Maria" Хрысціна Аляксееўна Лялько . Творчая сустрэча з ёй, арганізаваная сумесна літаратурным аб'яднаннем "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" і Лідскай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы, адбылася ў бібліятэцы.

Хрысціна Лялько - аўтар кніг прозы "Дарога пад гару", "Світанак над бярозамі", кніг паэзіі "На далонях любові", "Адвячорак". У яе апрацоўцы выйшаў зборнік народных казак "Хітрэй свету не будзеш". Пераклала на беларускую мову кнігі Папы Рымскага Яна Паўла II, творы Яна Твардоўскага і іншых польскіх тэолагаў. Нядаўна, 30 сакавіка, Хрысціна Аляксееўна адзначыла свой 60-гадовы юбілей.

Пачалася сустрэча з песні Сяржука Чарняка на верш Хрысціны Лялько "Каляды...", надрукаваны ў апошнім нумары альманаха "Ад лідскіх муроў". Песні Сяржука Чарняка суправаджалі ўсю імпрэзу.

З асноўнымі вехамі жыцця пісьменніцы-юбіляра прысутныя азнаёміліся дзякуючы відэаматэрыялам, падрыхтаваным работнікамі бібліятэкі. Таксама адбыўся відэапрагляд фотаздымкаў з асабістага архіва Хрысціны Лялько.

- Люблю прыязджаць да вас на Лідчыну, на свой родны хутар каля вёскі Хадзюкі, - шчыра прызнавалася пісьменніца ў час сустрэчы. - Сваю малую радзіму я ніколі не забываю, у якім бы кутку свету ні знаходзілася (а за сваё жыццё мне давялося пабываць у многіх краінах Еўропы, у Індыі і нават на Кубе). Усюды я ўспамінаю свой родны хутарок, на ім я быццам бы занава нараджаюся, адчуваю прыліў жыццёвых сіл. На Лідчыне, на Белагрудскіх могілках, пахавана мая мама. Увогуле, я з тых, хто, як кажуць, рукамі і зубамі трымаецца за сваю родную зямлю.

Трэба адзначыць, што разам з Хрысцінай Лялько ў Ліду на гэты раз прыехала і яе мінская сяброўка - дырэктар менскага выдавецтва "Про Хрысто", у якім выдаюцца часопісы "Наша Вера" і "Ave Maria", Аліна Новікава . Менавіта яна некалі пераканала Хрысціну Аляксееўну ў патрэбнасці перакладу польскамоўных літургічных тэкстаў, тэалагічных твораў на беларускую мову. Хрысціна Лялько і Аліна Новікава ўспаміналі, як у 90-я гады ствараліся вышэйназваныя каталіцкія часопісы, як за дабраславеннем на выхад гэтых часопісаў Хрысціна Аляксееўна ездзіла на аўдыенцыю да самаго Папы Рымскага Яна Паўла II.

- Дзякуючы гэтым выданням многія класікі беларускай літаратуры былі раскрыты для чытача і як у некаторым сэнсе хрысціянскія пісьменнікі, - расказвае Хрысціна Лялько аб сваіх часопісах. - Многія сучасныя вядомыя пісьменнікі пачалі друкавацца і ў "Нашай Веры". Вакол часопіса згуртавалася пэўнае кола творчай і навуковай інтэлігенцыі.

Расказвала пісьменніца і аб сваёй перакладчыцкай дзейнасці, у прыватнасці - аб рабоце над перакладам "Дзённіка" святой Фаўстыны Кавальскай (кнігі больш чым у тысячу старо-нак), якая заняла два гады.

- Гэтыя два гады я лічу самымі дабраславёнымі ў маім жыцці, - прызнаецца Хрысціна Аляксееўна. - Знаёмства з "Дзённікам" многае для мяне адкрыла. Прызнаюся, па жыцці мне заўсёды цяжка было быць пакорлівай - святая Фаўстына правяла мяне праз школу пакорлівасці, і зараз я гэтаму вучуся і адчуваю, што жыць мне стала неяк лягчэй.

У рамках творчай сустрэчы таксама адбылася прэзентацыя новай кнігі вершаў і перакладаў Хрысціны Лялько "Адвячорак". Дарэчы, адзін з экзэмпляраў гэтай кнігі пісьменніца падарыла рэдакцыі "Лідскай газеты", памятаючы, што яе першыя вершы, тады 15-гадовай дзяўчыны, былі апублікаваны менавіта ў газеце "Уперад".

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX