Папярэдняя старонка: 2016

№ 21 (1276) 


Дадана: 28-05-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 21 (1276), 25 траўня 2016 г.


110 гадоў выдавецкай суполцы "Загляне сонца і ў наша аконца"

"Загляне сонца і ў наша аконца" - беларуская выдавецкая суполка, заснаваная ў траўні (18.05) 1906 года ў Пецярбургу.

Юрыдычнай падставай легальнай выдавецкай дзейнасці на беларускай мове быў выдадзены 12(25).12.1904 указ імператара Мікалая ІІ, які скасоўваў ранейшыя абмежаванні ўжытку мясцовых моваў у заходніх губернях Расейскай імперыі. Выкарыстаць гэтую магчымасць вырашыў нядаўні выпускнік Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута Вацлаў Іваноўскі, які ўжо меў досвед нелегальнай выдавецкай дзейнасці. У варунках, якія дазволілі развіваць пастаянную і значна шырэйшую выдавецкую дзейнасць, неабходныя былі большыя сродкі і новыя супрацоўнікі. В. Іваноўскі ў 1905 спрабаваў прыцягнуць да гэтай справы беларускіх абшарнікаў А. Ельскага і Э. Вайніловіча, але безвынікова. Тым не менш вынік арганізацыйнай працы быў станоўчы: у студзені 1906 суполка налічвала 45 удзельнікаў.

Суполка "Загляне сонца і ў наша аконца" была афіцыйна зарэгістраваная ў траўні 1906. Ва ўправу ўваходзілі В. Іваноўскі (старшыня), У. Сталыгва (сакратар), Б. Эпімах-Шыпіла, Ю. Іваноўскі, В. Валейка, С. Іваноўская, У. Калашэўскі. 5 (18).5.1906 г. згаданыя асобы ўклалі да канца 1908 г. натарыяльную дамову, паводле якой неслі салідарную адказнасць за дзейнасць і абавязкі суполкі. На практыцы амаль усе рэдакцыйныя працы выконвалі В. Іваноўскі і Б. Эпімах-Шыпіла, апошні перадаў на патрэбы суполкі частку сваёй кватэры. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К.Л. Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай, некаторыя паралельна двума шрыфтамі. Асноўная частка тыражу адпраўлялася на Беларусь.

У ліпені 1906 выйшаў "Беларускі лемантар, або Першая навука чытання" (лацінскі варыянт) і серыя паштовак, а праз некалькі тыдняў - кірылічны варыянт лемантара і "Першае чытанне для дзетак-беларусаў" Цёткі (у двух варыянтах). Трэці падручнік, "Гутаркі аб небе і зямлі", перакладзены з польскай мовы верагодна К. Кастравіцкім пры ўдзеле В. Іваноўскага, пакінуў друкарню на пачатку 1907. Да сакавіка 1908 суполка выдала чатыры кніжкі пісьменьнікаў XIX ст. у серыі "Народныя песняры" - "Дудка беларуская" і "Смык беларускі" Ф. Багушэвіча, "Гапон" В. Дуніна-Марцінкевіча і пераклад дзвюх былін паэмы А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш". На пачатку 1908 выйшаў з друку першы зборнік вершаў Я. Купалы "Жалейка". Увесну 1908 плён выдавецкай дзейнасці складалі дзесяць кніжак і крыху больш за дзесяць паштовак.

Затым аж да восені 1909 суполка не выдала ніводнай кніжкі. На гэта паўплываў часовы ад'езд В. Іваноўскага ў Мюнхен, а таксама прэтэнзіі з боку царскай цэнзуры.

30 красавіка 1909 быў заключаны новы дагавор сяброў-заснавальнікаў. З ліку ранейшых чальцоў выбылі Б. Шыпіла і У. Калашэўскі, засталіся В. і С. Іваноўскія, Ю. Іваноўскі, У. Сталыгва, В. Валейка (усе выхадцы з Лідскага павета); з'явіліся новыя сябры: А. Трэпка-Неканда з жонкай, А. Грыневіч і Г. Ражноўскі. Адначасова суполка пераехала ў новае памяшканне. Актывы яе істотна павялічыліся, што стварыла магчымасці пашырэньня выдавецкай дзейнасці. Кіраўніком выдавецтва застаўся В. Іваноўскі, а Ю. Іваноўскі стаў адказным рэдактарам.

Пачаўся новы этап дзейнасці...

Вікіпедыя.


180 гадоў з дня нараджэння Яна Карловіча

Ян Аляксандр КАРЛОВІЧ (28.5. 1836, в. Субартоніс Алітускага пав., Літва - 14.6.1903), лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец. Акадэмік Акадэміі ведаў у Кракаве (1887, член-карэспандэнт 1877). Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1857). Вучыўся ў Парыжы і Гайдэльбергу (1857-59), у Брусельскай кансерваторыі (1859-60). З 1861 г. выступаў як вілаянчаліст, граў на фартэпіяна, займаўся кампазіцыяй і тэорыяй музыкі. У 1866 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі ў Берлінскім універсітэце, абараніўшы працу аб кіеўскім паходзе Баляслава Храбрага.

У 1871-82 жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Лідскі павет) і Вішнеў (Ашмянскі павет). З 1882 у Гайдэльбергу, Дрэздане, Празе, з 1887 у Варшаве. Аўтар фундаментальных лінгвістычных прац "Слоўнік польскай мовы" (т. 1-8, 1900-27, у суаўт. з А. Крыньскім і В. Нядзведзкім), "Слоўнік польскіх гаворак" (т. 1-6, 1900-11, закончыў Ян Лось), "Слоўнік выразаў замежнага і малавядомага паходжання..." (А-К, 1894-97). Важнейшыя філасофскія і музыказнаўчыя працы: "Дон Карлас, каралевіч іспанскі" (1867), "Нарыс жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі" (1884-85), "Міфалогія і філасофія" (1899). Жывучы ў беларускім асяроддзі, грунтоўна ведаў нар. вусна-паэтычную творчасць, казкі, легенды, паданні народа, яго вераванні і забабоны, абрады і звычаі, прыказкі і прымаўкі і г.д. Пранікся павагай да духоўных скарбаў беларускіх сялян, разумеў іх высокія мастацкія вартасці, заўсёды цаніў іх узровень.

Сын, Мечыслаў Карловіч, стаў знакамітым кампазітарам.

Вікіпедыя.


Віншуем Алу Нароўскую

Ала Мікалаеўна Нароўская - вядомы беларускі этнолаг і мастацтвазнаўца, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў і некалькіх манаграфій, актыўны сябар ТБМ.

Навуковыя зацікаўленасці Алы Мікалаеўны звязаны з вывучэннем праблем сучаснай музеялогіі, сусветных тэндэнцый ў галіне праектавання музейных выстаў і экспазіцый, этналогіі і этнаграфіі Беларусі. У 1989 г. яна абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму "Агульныя і лакальныя асаблівасці беларускага народнага жылля (канец ХІХ - пачатак ХХ ст.)". У 2015 г. выходзіць фундаментальная праца "Інтэр'ер традыцыйнага народнага жылля" (Нарысы гісторыі і культуры Беларусі. - Мінск: Беларуская навука, Т. 3).

З 1999 г. Ала Мікалаеўна працуе на кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе выкладае курсы "Ахова гісторыка-культурнай спадчыны", "Навукова-экспазіцыйная дзейнасць музея", "Менеджмент музейнай справы", "Этнаграфія і этналогія Беларусі" і інш.

Навуковую і педагагічную работу Ала Мікалаеўна паспяхова спалучае з грамадскай дзейнасцю. Яна з'яўляецца сакратаром Міжнароднага грамадскага аб'яднання мастакоў і мастацтвазнаўцаў "Майстар". Ала Нароўская шырока вядома ў краіне як куратар міжнародных мастацкіх выстаў. На яе рахунку рэалізацыя многіх дзясяткаў творчых праектаў, у якіх бяруць удзел як айчынныя, так і замежныя мастакі.

Вызначальным ў гэтым кірунку дзейнасці Алы Мікалаеўны было ажыццяўленне дзвюх аўтарскіх задумак - правядзенне з 2004 г. традыцыйнай выставы "Мартаўскія каты", дзе прадстаўляюцца мастацкія творы адпаведнай тэматыкі, і адкрыццё ў 2015 г. вельмі кранальнага "Музея ката".

Але, мабыць, самае галоўнае - гэта тое, што абсалютная большасць арганізаваных Алай Мікалаеўнай культурных мерапрыемстваў, маюць дабрачынныя мэты. Падчас іх правядзення адбываюцца зборы сродкаў на лячэнне хворых дзяцей, мастакоў, на набыццё медыцынскага абсталявання і інш.

Калегі па рабоце, студэнты ведаюць Алу Мікалаеўну як таленавітага выкладчыка, добрага сябра, аптыміста па жыцці, клапатлівую маці, вельмі добразычлівага і мэтанакіраванага чалавека, які заўсёды дапаможа і словам, і справай.

Супрацоўнікі кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў шчыра віншуюць Алу Мікалаеўну Нароўскую з днём нараджэння, зычаць ёй добрага здароўя, шчасця, новых вандровак па свеце і поспехаў у педагагічнай, навуковай і грамадскай дзейнасці.


СЕМАНТЫКА БЕЛАРУСКАЙ НАВУКОВАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ І НАМЕНКЛАТУРЫ

Распрацоўка навуковай тэрміналогіі - неад'емная частка развіцця нацыянальнай навукова-адукацыйнай сістэмы. Навуковыя тэрміны і паняцці ёсць цаглінкі, з якіх будуецца адмысловая адукацыя і якія даюць уяўленне пра навакольны свет. Ад іх семантычнай дакладнасці, адпаведнасці, зручнасці ў немалой ступені залежыць якасць навучання, хуткасць засваення пазнавальнага матэрыялу. Тэрмін "семантыка" ўвёў у навуковы зварот французкі лінгвіст Мішэль Брэаль пры канцы ХІХ ст. Зараз семантыка, або семасіялогія - цэлая галіна мовазнаўства. Яна знайшла новую сферу ўжывання - у вывучэнні моў праграмавання ў інфарматыцы. Слова "семантыка" ў мовазнаўстве: 1) абазначае змест моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў); 2) перадае сэнс з'явы пры дапамозе і на падставе зместавых адзінак (Бел. мова..., 1994) .

Семантычныя з'явы назіраюцца часта ў навучальных, навуковых і папулярных тэкстах рознага навуковага профілю. Адлюстраваннем іх служыць наяўнасць полісемічных тэрмінаў, амонімаў, тэрміналагічных і наменклатурных сінонімаў, тэрмінаў-антонімаў і іншых лексічных утварэнняў. Семантыка беларускай навуковай тэрміналогіі мае свае межы і нацыянальныя асаблівасці.

Полісемія , або шматзначнасць - "наяўнасць у аднаго і таго ж слова... некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў, якія звычайна ўзнікаюць у выніку відазмены і развіцця першапачатковага значэння гэтага слова" (Ахманова, 1966: 335) . Гэта адна з найраспаўсюджаных у навуковых тэрміна-сістэмах шматлікіх моў з'ява, адначасова і супярэчлівая. Дз.С. Лотэ (1961) адным з першых навукоўцаў-тэрмінолагаў заявіў, што "тэрмін не павінны быць шматзначным". У беларускай навукова-тэрміналагічнай лексіцы наогул яна сустракаецца параўнальна рэдка, што сведчыць пра старажытнасць і семантычную дакладнасць мовы. Шматзначныя тэрміны - як правіла, гэта інтэрнацыяналізмы (у бальшыні лацінізмы і грэцызмы). Вось некаторыя прыклады з біялогіі: альвеолы - 1) пухіра-падобныя ўздуцці ў лёгкіх на канцах танчэйшых разгалінаванняў бронхаў, 2) паглыбленні для каранёў зубоў у сківіцах смактуноў, 3) шарападобныя адэномеры, або ацынусы - канцовыя аддзелы шматвузавых залозаў у жывёл; апаспарыя - 1) спосаб размнажэння некаторых вышэйшых раслін, 2) развіццё заростка ў папарацяў з тканкі ліста ці ножкі спаранга, 3) развіццё зародкавага мяшка з вузаў нуцэлуса без рэдукцыйнага дзялення (мяёзу) у пакрытанасенных; корыюм - 1) ніжні пласт скуры (дэрма), 2) частка пярэдняга крыла ў клапоў; парабіёз - 1) рэакцыя тканкі на ўплыў моцных раздражняльнікаў, 2) штучнае злучэнне жывёл праз крывяносную сістэму або зрашчэнне тканак для вывучэння ўзаема-ўплыву аднаго арганізма на другі; рострум - 1) пярэдні аддзел чэрапа са сківіцамі ў хрыбетных, 2) частка вапнавага шкілета белямнітаў, 3) хабаток - колюча-смактальны орган у чэлясаногіх; сіфоны - 1) выцягнутыя жалабаватыя вырасты мантыі... (у смаўжоў), 2) адтуліны, якія вядуць у глотку і клааку (у асцыдыяў) і г. д.

Сярод беларускай біялагічнай наменклатуры, якая базуецца на нацыянальнай лексіцы, выпадкі полісеміі значна радзейшыя (Сцепановіч, 1996) : ваўнянка - 1) шапкавы базідыяльны грыб (Lactarius tor-minosus) з роду малачаяў сям'і сыравежкавых, 2) матыль (Leucoma salicis) з сям'і вусякоў (насякомых) аднайменнага атрада; гарчак - 1) род раслін (Picris) сям'і складанакветных, 2) рыба (Rhodeus sericeus) сям'і карпавых атрада карпападобных; макрыца - 1) вусяк з падатрада ракападобных (Oniscidea) атрада раўнаногіх, 2) від расліны (Stellаria mеdia) з роду зоркавак сям'і гваздзіковых; малачай - 1) род раслін (Euphorbia) аднайменнай сям'і, 2) род грыбоў (Lactarius) сям'і сыраежкавых; пясчанка - 1) род травяністых раслін (Arenaria) сям'і гваздзіковых, 2) род птушак (Crocethia) сям'і бакасавых атрада сеўцападобных, 3) шэраг гідронімаў Беларусі; чаротніца - 1) род травяністых раслін (Phalaroides) сям'і злакаў, 2) птушка (Gallinula chloropus) сям'і пастушкоў атрада жураўлепадобных і інш. Беларуская ўнутрыгаліновая біялагічная наменклатура амаль цалкам монасемічная.

Полісемія ў межах адной тэрмінасістэмы непажаданая, бо губляецца першасная і важная функцыя адрознення тэрмінаў (Будагов, 1965) . Полісемічнасць звычайна ўзнікае на падставе: а) метаніміі - пераносу назвы аднаго прадмета на другі, што знаходзіцца з першым у асацыятыўнай сувязі як від - род, частка - цэлае ; б) адпаведных агульнаўжывальных слоў тыпу рэакцыя, сувязь, узровень, функцыя ды іншыя, якія набываюць сваё канкрэтнае значэнне ў кантэксце.

У навуковай тэрміналогіі маюць месца выпадкі катэгарыяльнай полісеміі, калі змест тэрміна або паняцця складваецца з прыкметаў, што належаць некалькім лагічным адзінкам (катэгорыям), напрыклад, дзеянне і вынік дзеяння, працэс і велічыня, у меншай меры ўласцівасць і велічыня. Такая двухзначнасць выкарыстоўваецца для перадачы адносін: навука (раздзел навукі) - аб'ект (прадмет) навукі. Гэткім шляхам узнікла полісемія паняццяў сінтаксанамія і экалогія . У прыватнасці, адбыўся метанімічны перанос назова навуковага аб'екта сінтаксанамія раслінных супольніцтваў на раздзел фітацэналогіі "сінтаксанамію", якаснай ацэнкі стану (экалогіі) асяроддзя - на навуку "экалогію". У кантэксце словазлучэння, як бачна, "метанімічная" шматзначнасць (Головин, Кобрин, 1987) лёгка здымаецца.

Можна сустрэць у навуковых тэрмінасістэмах і асаблівы выпадак полісеміі - гэтак званую аўтарскую шматзначнасць. Пад ёй разумеецца абазначэнне ўжо наяўным у навуцы тэрмінам новых аб'ектаў і паняццяў - у залежнасці ад даследніцкай пазіцыі аўтара, ад яго прыналежнасці да навуковай школы, кампетэнтнасці, уласных поглядаў і г. д. Так, у залежнасці ад аўтара-карыстальніка рознае семантычнае напаўненне набываюць тэрміны агульналінгвістычнага характару: абмен, абсалютны, адаптацыя, аналіз, апарат, асяроддзе, блакада, від, кропка, метад, парадыгма, род, сувязь, тып, умова... Нярэдка назіраецца розначытальнасць і трактаванне іх. Падобная з'ява адносіцца да ліку негатыўных, паколькі яна ўскладняе тэарэтычную распрацоўку шмат якіх навуковых праблемаў і прыкладное ўвасабленне распрацовак, часам парушае ўзаемаразуменне даследнікаў. Сярод фітацэнолагаў, у прыватнасці, такімі "камянямі" з'яўляюцца паняцці асацыяцыя і фармацыя, сінтаксанамія і класіфікацыя, фітацэноз і расліннае супольніцтва.

Мовазнаўцы, аднак, полісемію лічаць "адным з важных шляхоў развіцця і ўдасканалення лексіка-семантычнай сістэмы мовы. Узнікшы і замацаваўшыся ў маўленчай практыцы, новыя значэнні тэрмінаў і паняццяў узбагачаюць мову ўцэлым, служаць крыніцай вобразнасці" (Шкраба, 1994: 425) . Такая багатая полінайменнасць тлумачыцца перад усім тым, што "асноўнай крыніцай узбагачэння новай беларускай літаратурнай мовы, фармавання i далейшага развіцця спецыфічнай лексічнай сістэмы" заставалася ў пачатку XX ст., як i раней, "народна-размоўная гаворка ў яе дыялектных разнавіднасцях" (Анічэнка, 1978) .

Аманімія - гукавое супадзенне дзвюх ці некалькіх розных па значэнні моўных адзінак, напрыклад: галіны (дрэва) - галіны (улады) - галіны (ведаў), паспелі (памідоры) - паспелі (на цягнік), норка (жывёла) - норка (памяншальнае ад нара ), соты (пчаліныя) - соты (лічэбнік)... Розніца паміж амонімам і сугучным полісемічным тэрмінам даволі ўмоўная. Толькі этымалагічны і граматычны аналізы дазваляюць устанавіць семантыку паддоследных слоў і іх аманімічнае альбо полісемічнае паходжанне.

Для навуковых, у т. л. біялагічных, тэрмінасістэмаў характэрны два асноўныя тыпы тэрмінаў-амонімаў: 1) лексічныя амонімы: аперацыя, з'ява, сакрэт, функцыя, ядро... - у гукавых адносінах цалкам супадаюць і адносяцца да адной часціны мовы, пераважна да назоўнікаў; 2) фанетычныя амонімы, або амафоны - аднолькавыя па гучанні, але розныя напісаннем словы: грыб - грып, кот - код, лес - лез (лезці), мох - мог (магчы), род - рот...

Як правіла аманімія носіць міжнавуковы характар, гэта значыць адзін і той жа тэрмін уваходзіць у розныя галіновыя тэрміналогіі. Дадзеную з'яву называюць міжнавуковай (міждысцыплінарнай) тэрміналагічнай аманіміяй (Реформатский, 1967) . Да біялагічных тэрмінасістэмаў яна мае частае дачыненне. Вось прыклады: асацыяцыя - 1) у біялогіі (сінсістэматыцы), 2) у філалогіі (лінгвістыцы), 3) у псіхалогіі; 4) у кампутарнай тэхніцы, 5) у экалогіі; асіміляцыя - 1) у батаніцы, 2) у фізіялогіі, 3) у філалогіі, 4) у этнаграфіі; вірус - 1) у біялогіі, 2) у кампутарнай тэхніцы; дрэнаж - 1) у глебазнаўстве, 2) у тэхніцы, 3) у фізіялогіі; індукцыя - 1) у псіхалогіі, 2) у фізіцы, 3) у фітацэналогіі; каморка (ячэйка) - 1) у біялогіі, 2) у вылічальнай тэхніцы, 3) у сацыялогіі; кіла - 1) у батаніцы, 2) у медыцыне; корань - 1) у біялогіі, 2) у матэматыцы, 3) у інфарматыцы, 4) у лінгвістыцы; мыш (мышка) - 1) у заалогіі, 2) у кампутарнай тэхніцы; рак - 1) у заалогіі, 2) у медыцыне; рэакцыя - 1) у паліталогіі, 2) у фізіялогіі, 3) у хіміі; сінус - 1) у анатоміі, 2) у матэматыцы; слімак - 1) у анатоміі, 2) у заалогіі, 3) у матэматыцы (слімак Паскаля); фракцыя - 1) у геалогіі і глебазнаўстве, 2) у паліталогіі, 3) у фізіялогіі, 4) у хіміі і г. д. Фактычна ўсе пералічаныя амонімы міжнародна ўніфікаваныя.

У параўнанні з полісемічнасцю, з'ява міжнавуковай аманіміі не ўскладняе камунікацыю. Пад час працы з тэрміналогіяй, якая абслугоўвае канкрэтную сферу прафесійнай дзейнасці яна проста не бярэцца пад увагу - тэрмін (паняцце) успрымаецца абстрагавана. Унутры канкрэтных галін ведаў выпадкі аманіміі адзінкавыя, у прыватнасці ў батаніцы: гарлачык - два роды раслін з сям'і гарлачыкавых; у заалогіі: конік - 1) птушка, 2) рыба, 3) вусяк; сякач - 1) кабан і дарослы самец ластаногіх, 2) вусяк.

Амонімы ўзнікаюць у выніку запазычання навуковых тэрмінаў і паняццяў, абрэвіяцыі ды іншых скарачэнняў, якія фанетычна супадаюць з этымалагічна рознымі адзінкамі нацыянальнай тэрмінасістэмы і нярэдка парушаюць ужо сфармаваны лексічны камфорт, напр., вітальны (які вітаецца - гум. ) і вітальны фактар ( экал. ), лятальны апарат ( тэхн. ) і лятальны зыход ( фізіял. ). Аналагічнае адбылося некалі з увядзеннем у геабатаніку лексемаў для абазначэння паняццяў луг, лёс і інш. У той час у беларускай мове паняцце луг абазначаюць два словы: аборак - сухадольны луг (водападзелавы, у прыродных умовах звычайна на кантакце з лесам) і поплаў - заліўны луг (на поплаве ракі, возера). Выразная этымалогія. А яшчэ беларускае луг азначае водную выцяжку з попелу, прызначаную для мыцця валасоў. Тэрмін лёс разумеецца толькі ў кантэксце: лёсавызначальны крок - сац.-псіхал., лёсападобны (лёсавы) суглінак - геал. Зняць сугучча можна захаваннем падвоенай зычнай с ( лёссавы - ад ням. Lоss).

На мой погляд, аманімію і полісемію як з'явы з часткова адмоўнай нагрузкай не варта заахвочваць. Каб захаваць чысціню і выразнасць нацыянальнай мовы, замежныя тэрмінолагі прыбягаюць да розных прыймоў адаптацыі запазычанняў. Так, у Славеніі прымяняюць амаграфічны падыход - змену націску (напрыклад, t е rmin і term і n - аналагічныя нашаму амоніму тэрмін ) (Сцепановіч, 1996) . Адзінкавыя прыклады ёсць і ў беларускай мове: кас а і к а са, мук а і м у ка, рас а і р а са .

Сінанімія - "поўнае ці частковае супадзенне значэнняў моўных адзінак. Сінанімічнымі могуць быць словы, фразеалагізмы, марфемы, словаўтваральныя мадэлі, сінтаксічныя канструкцыі" (Бел. мова..., 1994: 482) . Абсалютных сінонімаў, гэта значыць поўнасцю супадальных па значэнні і выкарыстанні слоў у агульналітаратурнай лексіцы, мусіць, няма. Сярод біялагічнай тэрміналогіі і наменклатуры, асабліва батанічнай, іх досыць шмат. Менавіта ў высокай ступені распаўсюджання абсалютнай сінаніміі яскравая адметнасць беларускай навукова-тэхнічнай тэрмінасістэмы. Такая сінанімічная з'ява мовазнаўцамі-тэрмінолагамі названа тэрміналагічнай дублетнасцю (Даниленко, 1977) . Тэрміналагічныя дублеты - гэта словы або словазлучэнні, якія аб'ядноўваюцца асаблівай тэрміналагічнай суадноснасцю з адным і тым жа навуковым паняццем і аб'ектам рэчаіснасці.

Роля сінонімаў надзвычай вялікая ў развіцці навукова-моўнай культуры: чым лепш навуковец або выкладнік знаёмы з сінонімамі сваёй мовы, тым вальней і дакладней ён можа выказаць думку, раскрыць сэнс з'явы, адлюстраваць выразна ўсе бакі прадмета. Сінанімічны шэраг звычайна складаецца з 2-3 слоў адной часціны мовы найперш назоўніка, у меншай меры дзеяслова ці прыметніка. У кожным шэразе сінонімаў вылучаецца стылёва нейтральнае і найбольш ужывальнае слова, якое называецца асноўным або дамінантай (Сучасная бел. літ. мова..., 1993) . На фармаванне сінанімічнага шэрагу ў вялікай ступені ўплывае шматзначнасць тэрміна.

Існуе некалькі відаў тэрміналагічнай сінаніміі. У беларускай навуковай тэрміна-сістэме шырока пададзены наступныя:

1) тэрміны-дублеты: абдамінальны - чэраўны; аборт - спарон; абстрагаванне - ігнараванне; адаптацыя - прыстасаванне; акцэптар - прыймач; аморфны - бясформенны; анастамоз - сутока; баланс - роўнасць; вакуоля - пустотка; валошка - васілёк; гемаграма - крывярыс; гемоліз - крыверазбурэнне; гіпатэрмія - ахалоджванне; дубляванне - капіяванне; дыфузія - пранікненне - пашырэнне; дэфект - г а на; інстынкт - пан і ка; мурожніца - аўсяніца; мышца - цягліца; падзолісты - папялісты; паток - плынь; прынтар - друкарка; пульс - тутно; слімак - смоўж; трахея - дыхніца; трофіка - жыўленне; флексія - згінанне... Як бачна, тэрміналагічная і наменклатурная дублетнасць узнікае пераважна за кошт увядзення іншамоўных слоў, радзей - мясцовых дыялектызмаў. Тэрміны-дублеты ёсць у кожнай мове.

2) сінтаксічныя сінонімы - сінтаксічныя канструкцыі, суадносныя па пабудове і супадальныя па значэнні. Так-сама шырока распаўсюджаны. Можна вылучыць тры групы такіх сінонімаў:

а) сінанімічная адпаведнасць "слова - словазлучэнне": альбумін - просты бялок; анальгетыкі - болепатольныя сродкі; аўсюк - авёс пусты; бівалент - парная храмасома; верасовік - глызнік (баравік) хваёвы; імшара - хвойнік забалочаны; сеткавіца - рэціна - сеткаватая абалонка; хларафіл - зялёны пігмент...;

б) сінанімічная адпаведнасць "словазлучэнне - словазлучэнне": адаптар інтэрфейса - сеткавы адаптар; апорна-рухальны апарат - апарат апоры і руху; апахларыстычныя арганізмы - бесхларафільныя арганізмы; барэальная флора - флора тайговай (барэальнай) зоны; брак вітамінаў - вітамінная нястача; Граафаў пухірык - пухірчаты фаллікул яечніка; махавік (казляк) руды - зайцаў грыб; мутацыйная тэорыя - тэорыя пра мутацыі; стэнабатныя жывёлы - глыбакаводныя жывёлы...;

в) сінанімічная адпаведнасць "поўная форма тэрміна - кароткая форма тэрміна": базідыяльныя грыбы - базідыяміцэты; біялагічная маса - біямаса; дванаццаціпалая кішка - дванастка; лішайнікавая флора - ліхенафлора; паядальнікі раслін - фітафагі; стэнатопныя арганізмы - стэнатопы...

Тэрміны-словазлучэнні прэвалююць у сучасных тэрміналогіях увогуле. Дадзены факт тлумачыцца неабходнасцю намінацыі складаных паняццяў, удакладнення іх і аб'ектаў па меры пазнання іх сутнасці, вывучэння новых бакоў вывучальных з'яў. Ужыванне складаных сінтаксічных сінонімаў не парушае камунікацыйны камфорт. Спецыялісты, прафесійна валодаючы канкрэтнай тэрміналогіяй, свабодна арыентуюцца ў сінанімічных шэрагах, склад якіх вызначаецца як семантыкай, так і граматычнай сістэмай мовы. У сучасных варунках шырокага выкарыстання аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм на базе кампутарнай тэхнікі з уладкаванымі тэрміналагічнымі тэзаўрусамі мусяць быць пазначаны ўсе выпадкі сінаніміі, а ў класіфікатарах ды машынных слоўніках сінонімам павінны давацца адзіны код. Гэта значыць, коду павінны адпавядаць свой сінанімічны шэраг, з якога карыстальнік можа выбраць найбольш прыймальны тэрмін ці паняцце.

У гутарковым выкарыстанні, аднак, шматслоўныя тэрміны нязручныя з-за сваёй грувасткасці. І што асабліва важна, выкарыстанне поўных формаў уступае ў супярэчнасць з прынцыпам моўнай эканоміі, згодна з якім рэалізуюцца толькі асобныя, што аптымізуюць камунікацыю, лексічныя формы. Менавіта таму ў тэкстах нярэдка прымяняюцца кароткія варыянты тэрміна, усечаныя яго формы, абрэвіятуры, а таксама з'явы элліпсісу, калі ўжываецца семантычна суаднесеная з поўным тэрмінам адна з яго складовых частак (Головин, Кобрин, 1987) .

В. Даніленка (1977) вылучае тры асноўныя моўныя спосабы ўтварэння кароткіх форм тэрмінаў:

а) лексічнае скарачэнне, якое здзяйсняецца апусканнем слова ў словазлучэнні (напр., абісаль - абісальная зона; каўчуканосы - каўчуканосныя расліны; светлалюбы - светлалюбівыя расліны, сінантропы - сінантропныя арганізмы... ) або заменай словазлучэння словам, суаднесеным па вытворнай аснове з адным з кампанентаў словазлучэння (напр., аскарбінка - таблетка з глюкозай і аскарбінавай кіслінай; глабуліны - глабулярныя бялкі; жыццёвасць - прыстасаванасць да ўмоў існавання (жыцця); сеткавіца - сеткаватая абалонка вока... );

б) скарачэнне сродкамі словаўтварэння, у прыватнасці субстанцыяваннем прыметнікаў і дзеепрыметнікаў (напр., інцыставанне - здольнасць прасцейшых арганізмаў утвараць цысту; макраэвалюцыя - эвалюцыйныя пераўтварэнні, якія вядуць да фармавання таксонаў вышэйшага чым від рангу; фітамаса - агульная маса арганічнага рэчыва раслін... ), абрэвіяцыі (напр., АТФ - адэназінтрыфасфат; ДНК - дэзаксірыбануклеінавая кісліна; КЛК - каэфіцыент лінейнай карэляцыі; ЛДК - лімітна дапускальная канцэнтрацыя; СКТ - страўнікава-кішачны тракт; ТКД - трансфармаваны каэфіцыент Дайса; ФАД - флавінадэнінды-нуклеатыд; ФАР - фізіялагічна актыўная радыяцыя; цГМФ - цыклічны гуаназінмо-нафасфат; ЭФП - экалага-фітацэнатычны профіль... );

в) скарачэнне сродкамі сімволікі, напрыклад: А (альфа)-разнастайнасць - паказнік складанасці фітацэнозаў, відавой разнастайнасці; вітамін B - рыбафлавін (лактафлавін); індэкс Марысіта - паказнік нераўнамернасці размеркавання відаў; каферменты Q - група замешчаных бензахінонаў; Q-аналіз - метад аналізу геабатанічных апісанняў; PH-асяроддзе - абменная кісліннасць (рэакцыя) асяроддзя; X-храмасома - палавая храмасома…

Кароткія формы тэрмінаў і паняццяў займаюць значнае месца ў навуковых, навукова-папулярных і навучальных тэкстах. Поўнае значэнне кароткай формы тэрміна (паняцця) звычайна аднаўляецца ў кантэксце.

3) дэфініцыйныя сінонімы. Яны ўзнікаюць у выніку асаблівай семантыкі супадзення значэнняў тэрміна і яго дэфініцыі (лагічнага вызначэння паняцця, устанаўлення яго зместу, асаблівасцяў). Пры гэтым тэрмін перадае паняцце, але паняцце перададзена і вызначэннем тэрміна. У дэфініцыі ясна праяўляюцца істотныя бакі тэрмінавальнага класа прадметаў: быць словам, вызначаць прадмет ці з'яву, падкрэсліваць уласцівасці, якасці, прыкметы. Гэтыя ж прыкметы зададзены і семантыкай самога тэрміна. Напрыклад: алгарытм - дакладна сфармуляваны парадак дзеянняў; архіватар - праграма сціскання файлаў для больш кампактнага доўгатэрміновага іх захоўвання на вонкавых носьбітах; аўтатрофы - арганізмы, здольныя сінтэзаваць неабходныя для жыцця арганічныя рэчывы; дэкстрын - прамежкавы прадукт гідролізу крухмалу; катыён - дадатна зараджаны іён; рубец - пачатковы аддзел 4-камернага страўніка жуйкавых жывёл; сімбіёз - супольнае існаванне арганізмаў (сімбіёнтаў) розных відаў і г.д. У дадзеных выпадках істотныя прыкметы зададзены ў вызначэнні тэрміна і адначасова перадаюцца яго семантыкай пры ўжыванні ў межах тэрмінасістэмы адпаведнай прадметнай галіны, напр. біялогіі (батанікі, генетыкі, заалогіі, фізіялогіі...).

Дэфініяванасць з'яўляецца абавязковай прыкметай навуковага тэрміна. Дадзены факт адзначалі В. Даніленка (1977) , Т. Кандэлакі (1977) , іншыя лінгвісты.

Антанімія - семантычная супрацьпастаўляльнасць слоў, а антонімы - словы з супрацьлеглымі значэннямі. Яны сустракаюцца не часта ў навуковай і тэхнічнай тэрміналогіях, але з'яўляюцца важнымі лексічнымі і стылістычнымі ўтварэннямі. Дзякуючы іх сувязі паміж сабой даецца магчымасць для стварэння кантрасту пры характарыстыцы прадметаў, супрацьпастаўлення і параўнання з'яў, узмацнення сэнсу навуковай думкі даследніка ці выкладніка дысцыпліны. У навуковай тэрміналогіі антанімія выступае ў якасці аднаго з рэгулярных спосабаў наймення паняццяў з супрацьлеглым зместам як: верх - ніз, малы - вялікі, цёмна - светла . Антонімы могуць утварацца з дапамогай афіксаў: іншамоўных прыставак а-, ана-, анты-, дэ-, ды-, рэ- і г.д. ( мітоз - амітоз, фаза - анафаза, ген - антыген, інфекцыя - дэзінфекцыя, асіміляцыя - дысіміляцыя, культывацыя - рэкультывацыя... ) і ўласных адмоўяў без-, бяз- (бяс-), не-, ня- ( пладавіты - бясплодны, зваротны - незваротны... ). Антанімічныя пары адносяцца да адной часціны мовы - да назоўніка, прыметніка ці дзеяслова. Не маюць антонімаў словы з канкрэтным значэннем, у прыватнасці наменклатурныя назовы ( амарант, бусел, ліст, нырка, спірахета, шалягоўка... ), вузка-адмысловыя тэрміны ( астэон, пігмент, сома, стамінодыі, філагенэз, храматафор, эмбрыён... ), а таксама словы, якія ў пэўных тэрміналагічных спалучэннях страчваюць значэнне якасці: лёгкія (орган), цяжкая вада (хім.)... З'ява антаніміі шырока выкарыстоўваецца пры складанні вызначнікаў раслін, жывёл, грыбоў (гл.: тэза - антытэза ).

Паранімія - агульна-моўная семантычная з'ява, у роўнай ступені ўласцівая тэрміналогіі навуковых тэкстаў. Паронімамі называюцца словы з гукавым і структурным падабенствам, але з розным лексічным значэннем (Сучасная бел. літ. мова, 1993) . Паронімы - гэта аднакаранёвыя словы адной часціны мовы, найчасцей - назоўнікаў ( антаганіст - антаганізм, арганізм - арганізацыя, гняздо - гняздоўе, дублет - дублікат, покрыва - пакрыццё - покрыўнасць, супольніцтва - супольнасць... ), радзей - прыметнікаў ( бурны - бурлівы, дзейны - дзейсны, дробны - дробязны, набухлы - напухлы... ) і дзеясловаў ( квасаваць - квасіць, крышталізаваць - крышталяваць, пацягнуць - расцягнуць... ).

Фанетычнае - марфалагічнае супадзенне ці блізкасць гучання паронімаў прыводзіць, бывае, да лексічных памылак, да парушэння сэнсу выказваных думак. Прывяду прыклады з фітацэналогіі. Так, нярэдка нават самімі спецыялістамі змешваюцца названыя вышэй паняцці супольніцтва і супольнасць (Сцепановіч, 1996) . Супольніцтва ёсць аб'яднанне, згуртаванне. Супольнасць - якасны стан, еднасць, згуртаванасць, ступень аб'яднання. Падобная дыферэнцыяцыя замацавана ў чэшскай мове.

Таксама патрабуецца выразнае і дакладнае ўжыванне слова пакрыццё . Дагэтуль калькуецца расейскае "покрытие" (гл.: праекцыйнае пакрыццё відаў ). Лічу гэта памылкай. Пакрыццё азначае дзею, працэс. У словазлучэнні праекцыйнае пакрыццё відаў слова пакрыццё павінна быць заменена іншым адпаведнікам - покрыўнасць (ад каранёвага: покрыва ), - што азначае якасць, яе ступень, паўната. І па чэшску так: pokryvnost . Паранімічныя сувязі наогул дынамічныя. Іх сэнс можа мяняцца да такой ступені, што словы-паронімы пераходзяць у разрад сінонімаў.

Гіпанімія - рода-відавыя адносіны лексічных адзінак. У выніку такіх адносін утвараюцца два тыпы слоў: словы-гіпонімы, што перадаюць відавыя паняцці, і словы-гіперонімы - родавыя (Новиков, 1982) . На родавідавых адносінах пабудавана ўся біялагічная наменклатура. Назовы відаў арганізмаў паводле Карла Лінэя бінарныя, або двухслоўныя, г. зн. складаюцца спалучэннем двух назоваў (імёнаў) - родавага і відавога (эпітэту), напрыклад: батлачык лугавы ( батлачык - родавы назоў травяністай расліны, лугавы - яе відавы назоў) і г. д. У сістэме тэрмінаў і паняццяў гіпанімія таксама пашырана. Тут словы-гіперонімы маюць базавае значэнне, напрыклад: умоўны рэфлекс абарончы, умоўны рэфлекс найвышэйшага парадку, умоўны рэфлекс пераймальны, умоўны рэфлекс следавы, умоўны рэфлекс спазняльны, умоўны рэфлекс танічны і інш.

У навуковай тэрміналогіі, як правіла, перадаюцца сістэмныя адносіны паміж прафесійнымі паняццямі, прычым змест відавога паняцця шырэй родавага, а аб'ём - вузей. Адсюль вынікае, што значэнне слоў-гіпонімаў (відавых паняццяў) уключае ў сябе большы лік семантычных кампанентаў, чым значэнне слоў-гіперонімаў (родавых паняццяў). У прыватнасці, гіперонім орган кровазвароту ўключае ў сябе менш семантычных камбінацыяў, чым гіпонім сэрца , а сінтаксон - чым асацыяцыя і г. д. Гіпанімічнымі адносінамі праніцаны тэрмінасістэмы ўсіх галін біялагічных ведаў. Гіпанімія як семантычная з'ява носіць нярэдка міжгаліновы характар.

Такім чынам, у беларускай навуковай тэрмінасістэме маюць месца ўсе семантычныя з'явы. Веданне іх, узаемаадносін паміж імі, характару праяў неабходна ў працэсе тэрмінастварэння, пры ўкладанні слоўнікаў, даведнікаў, пры падрыхтоўцы падручнікаў, у навуковай і выкладніцкай справе. І адна з важнейшых і адметных рысаў беларускай лексікі наогул - монасемічнасць, сэнсавая адпаведнасць і дакладнасць.

Я. М. Стэпановіч, Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, г. Менск.


Беларускія навукоўцы здолелі даказаць, што ў Буквара беларускія карані

Нарэшце з'явілася магчымасць прадставіць публіцы якасныя выявы першай у гісторыі кнігі, якая мела назву "Буквар". Ім аказалася беларускае выданне, якому праз два гады споўніцца 400 гадоў.

Адкрыццё ўдалося зрабіць дзякуючы візіту ў Лондан у канцы 2015 года Алеся Сушы, старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Справа ў тым, што ў свеце захаваліся толькі два асобнікі гэтага ўнікальнага выдання. Адзін з іх, на жаль няпоўны, знаходзіцца ў Даніі, у Каралеўскай бібліятэцы. А другі (поўны) экзэмпляр - у Вялікабрытаніі, у Бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая размяшчаецца ў гістарычным раёне Лондана Тэмпл, дзе некалі мелі сваю рэзідэнцыю знакамітыя рыцары-тампліеры.

Ні ў аднаго з беларускіх даследчыкаў, ва ўсялякім разе з тых, хто жыве сёння, раней не было магчымасці ўбачыць "Буквар" на свае вочы. На радзіме ні аднаго асобніка не захавалася: іх проста "зачыталі да дзірак", як часта бывае з вучэбнымі выданнямі. Як ні дзіўна, але нам вельмі пашанцавала, што адна з тых кніг яшчэ ў пачатку 17 стагоддзя была вывезена ў Лондан калекцыянерам вучэбных выданняў Робертам Эшлі. У далейшым яна трапіла ў закрыты для знешняга свету збор лонданскіх барыстэраў (карпарацыю адвакатаў), дзе захоўваецца і сёння.

Алесь Суша адзначыў:

- Дзякуючы спрыянню брытанскіх беларусістаў, прафесараў Лонданскага ўніверсітэта, і перш за ўсё Джыма Дынглі, у мяне з'явілася магчымасць вывучыць гэты надзвычай каштоўны помнік нашай культуры і нават зрабіць некаторыя копіі.

Як удалося ўдакладніць Алесю Сушу, першая ў свеце кніга пад назвай "Буквар" была выдадзена ў 24 ліпеня 1618 года ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі. Гэта было адно з самых старадаўніх і ўплывовых беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім, якое выпускала нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах.

Варта адзначыць, што у 2018 годзе мы маем магчымасць адсвяткаваць 400-годдзе Буквара, беларускага Буквара. А да гэтага часу было б выдатна выпусціць факсімільнае выданне, правесці канферэнцыю, а таксама стварыць Музей Буквара.

zviazda.by.


Матчына мова - спадчына ўсіх беларусаў

Да выхаду новай кнігі Вінцука Вячоркі

Сталыя наведвальнікі сайта і слухачы беларускай рэдакцыі Радыё Свабода не так даўно сталі ўдзельнікамі цікавай мовазнаўчай імпрэзы, якая прайшла ў сталічнай галерэі "Ў" - прэзентацыі навукова-папулярнага выдання вядомага палітыка і мовазнаўца В. Вячоркі "Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам". Кніга ўбачыла свет ў серыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе".

Чаму мы гаворым пра імпрэзу? Таму, што яе ўдзельнікаў акрамя традыцыйнай прэзентацыі, чакалі відэа-сюжэты і апытанні па моўных праблемах сярод нашых землякоў, віктарыны і загадкі ад аўтара кнігі "Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам".

Вітальнае слова аўтару ад імя калегаў па цэху выказаў кіраўнік менскага бюро Радыё Свабода В. Жданко, які адзначыў, што за кароткі час Радыё Свабода выдала каля 50 кніг і мультымедыйных дыскаў. І многія з тых, хто прысутнічае на гэтай прэзентацыі, маюць іх ў сваіх бібліятэках. Новая кніга В. Вячоркі аб'яднала пад адной вокладкай шэраг сюжэтаў, якія шмат гадоў гучалі на хвалях Радыё Свабода пад вядомай слухачам рубрыкай "Моўныя лекцыі Вінцука Вячоркі". Калі чытаеш кнігу "Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам", то ўзнікае ўпэўненасць, што беларусы змогуць захаваць і перадаць нашчадкам яе скарбы, што з роднай мовай у краіне будзе ўсё ладна і цывілізавана.

Пра гісторыю стварэння гэтай кнігі распавядаў сам аўтар. В. Вячорка адзначыўшы, што беларуская служба Радыё Свабода заўсёды клапацілася пра тое, каб Роднае Слова не забывалася і супрацьстаяла хвалям русіфікацыі. Вінцук падзякаваў супрацоўнікаў рэдакцыі, а так-сама выказаў шчырую падзяку не толькі жывым паплечнікам, але і тым сваім сябрам і аднадумцам, якіх ўжо няма з намі: Віктару Івашкевічу, Юрасю Бушлякову, Змітру Саўку…

Адметнасцю прэзентацыі стала трансляцыя сюжэта адной з перадач "Моўныя лекцыі Вінцука Вячоркі" са спробамі, з мэтай, па словах аўтара, "дакапацца да беларускага кораня іх душы". Канешне, сюжэт выклікаў шмат з'едлівых каментароў і ўсмешак, але зусім іншы кантэкст быў адзначаны, калі "простыя рускамоўныя беларусы" намагаліся перакласці па-расейску такі беларускі выраз, як "Матчына мова". Атрымлівалася нязграбна, таму і самі яны прыходзілі да высновы, што гэтае словазлучэнне з'яўлецца выключна нашым беларускім паняткам.

Журналіст і літаратар Сяргей Дубавец адзначыў, што той, хто ўзяў у рукі кнігу "Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам", той трымае ў руках сапраўдны скарб. Бо гэтая кніга выкліча цікаўнасць і ў інтэлектуала, і ў самага звычайнага чалавека. Таму, што наша мова жыве, прысутнічае ў ментальнасці, падскарынцы галаўнога мозга кожнага беларуса… Мы адзіны народ: мы - беларусы, - падсумаваў свой выступ С. Дубавец і яшчэ раз павіншаваў Вінцука са здзяйсненнем ягонай мары і пажадаў развіцця і працягу гэтага надзвычай цікавага выдання.

Доктар тэалогіі, беларускі філосаф Ірына Дубянецкая прачытала для прысутных на прэзентацыі сваю вершаваную рэцэнзію на кнігу В. Вячоркі, якую назвала "Першая лыжка з Вінцуковай кніжкі". Яна па словах спадарыні Ірыны, адлюстроўвае самыя першыя ўражаннні ад прачытанага:

"Кніга свежая.

Толькі-толькі пачытаная,

хоць не ўся дачытаная,

пасмакаваная,

моцна ўпадабаная

ды іншым гурманам

рэкамендаваная!"

Што тычыцца празаічных уражанняў, то І. Дубянецкая адзначыла, што такія праекты, як кніга В. Вячоркі, важныя для мабілізацыі спецыялістаў і аматараў роднага слова на стваральную працу на карысць Роднага Слова - адзначыла спадарыня Ірына.

Былы палітвязень і кіраўнік праваабрончага цэнтра "Вясна" А. Бяляцкі нагадаў, што не так даўно разам з сябрам, бардам Э. Акуліным прэзентаваў у Доме літаратара кнігу "Бой з сабой". І вось Вінцук з дапамогай рэдакцыі Радыё Свабода завершыў свой выдавецкі праект, з чым яго Алесь шчыра павіншаваў: "Гэтай кнігай ты, Вінцук мяне здзівіў, бо змест яе вельмі багаты, з шматлікімі цытатамі, рэмінісцэнцыямі, цікавымі гістарычнымі фактамі, адсылкамі на іншыя тэксты... Калі яе чытаеш, то глыбока, усім сэрцам разумееш, што наша мова вартая, каб як берагчы, вывучаць, ўзбагачаць, на ёй штодзённа і паўсюдна размаўляць на ёй і пісаць".

Мовазнаўца і выкладчык Надзея Старавойтава выкладае роднае слова студэнтам Беларускага эканамічнага ўніверсітэта. А зацікаўленасць сваім студэнтам, якія перажылі "моўны разрыў пакаленняў" з беларускім словам, яна прышчапляе з дапамогай старажытных тэкстаў (у прыватнасці, рыцарскім раманам "Трышчан ды Іжота"), запісаным цяперашняй беларускай арфаграфіяй. Спадарыня Надзея падзялілася ўспамінамі пра наведванне яе студэнцкага гуртка аўтарам прэзентаванай кнігі.

Знакаміты беларускі мовазнавец, палітык і дыпламат Пётра Садоўскі на просьбу аўтара выказаў шэраг крытычных разваг адносна новай кнігі. Яны не тычыліся высноваў, зместу кнігі. Яны краналі некаторыя кантэкстныя аспекты публіцыстычнасці ў падачы мовазнаўчага матэрыялу, якія б маглі зашкодзіць прачытанню кнігі прыхільнікамі "русско-язычных белорусов". Бо для многіх людзей "матчына мова" ні чым не лепшая чым "родная речь"… Гэта значыць, што беларуская мова не павінна ў кнізе падавацца кантрастам у параўнанні з іншымі мовамі - падкрэсліў П. Садоўскі.

Лірычную ноту ў дыскусійна-аналітычную плынь прэзентацыі ўнёс улюбёны бард усіх мовазнаўцаў і лінгвістаў Алесь Камоцкі. Бо ягоны густ і прыхільнасць да лепшых узораў высокай беларускай паэзіі, талент кампазітара, які тонка адчувае сэнс беларускага слова, дазволілі мець Алесю Камоцкаму такую слынную рэпутацыю. У пацверджанне гэтых слоў прагучалі кампазіцыі А. Камоцкага "Слодыч" (на верш С. Дубаўца) і "Роздум" на верш Уладзіміра Караткевіча. Гэтыя спевы Камоцкага былі сустрэты слухачамі вельмі цёпла шчырымі апладысментамі.

Анатоль Мяльгуй.


Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў - 25 гадоў

Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ) з'яўляецца грамадскім аб'яднаннем навуковага і культурна-асветніцкага кірункаў дзейнасці, якое яднае даследчыкаў у галіне сацыяльных і гуманітарных навук, выкладчыкаў, дзеячаў культуры і асветы, перакладчыкаў розных краін свету, што даследуюць культурна-гістарычную спадчыну і сучаснае развіццё беларускага народа, іншых народаў Беларусі, спрыяюць пашырэнню і папулярызацыі ведаў пра Беларусь, садзейнічаюць узаемадзеянню беларускага народа з іншымі народамі.

Прадметам дзейнасці МАБ з'яўляецца супрацоўніцтва беларусістаў свету ў навуковай і культурна-асветніцкай галіне. Мэта МАБ - ажыццяўленне супрацоўніцтва беларусістаў свету. Для гэтага вырашаюцца наступныя задачы: збор, сістэматызацыя і распаўсюджванне інфармацыі ў галіне беларусістыкі; правядзенне Міжнародных кангрэсаў беларусістаў і іншых навукова-культурных мерапрыемстваў; выдавецкая дзейнасць; заахвочванне ўдзелу замежных навукоўцаў у беларускіх навуковых канферэнцыях і беларускіх навукоўцаў у замежных канферэнцыях; садзеянне выкладанню беларусазнаўчых дысцыплін за межамі Беларусі.

МАБ утворана 26 траўня 1991 г. на ўстаноўчым сходзе ў Менску. Сузаснавальнікамі асацыяцыі выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Міжнародныя кангрэсы беларусістаў праводзіліся:

І - 25-27 траўня 1991 г., Менск.

ІІ - «Беларусь паміж Усходам і Захадам», 15-18 траўня 1995 г., Менск.

ІІІ - Першая сесія - «Беларусь і сусветная супольнасць: узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне культур (Да 2000-годдзя хрысціянства)», 21-25 траўня 2000 г., Менск; другая сесія - «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый», 4-7 снежня 2000 г., Менск.

IV - «Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін», 6-9 чэрвеня 2005 г., Менск.

V - 20-21 траўня 2010 г., Менск.

VI - 27-29 траўня 2015 г., Менск.

З 1993 г. у заснаванай ГА «МАБ» серыі «Беларусіка=Albaruthenica» выдадзены шэраг зборнікаў па гісторыі культуры Беларусі.

У 1996-2002 гг. МАБ выдаваў штомесячны інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (выйшлі 82 нумары). У 2000 г. два нумары бюлетэня (першы з іх здвоены) выйшлі на англійскай мове. З cакавіка 2003 г. «Кантакты і дыялогі» ў выглядзе асобных старонак друкуюцца ў газеце «Голас Радзімы». З траўня 1991 г. па чэрвень 2005 г. старшынём МАБ быў прафесар Адам Мальдзіс. У 2005-2010 гг. старшынём МАБ з'яўляўся дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Сяргей Запрудскі. З 2010 г. - Міхаіл Касцюк (Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі). Намеснікі старшыні: Герман Бідэр (Аўстрыя, Зальцбургскі ўніверсітэт), Зінаіда Гімпялевіч (Канада, Універсітэт Ватэрлоа), Юрый Лабынцаў (Расія, Масква, Расійская акадэмія навук), Рыгор Піўтарак (Украіна, Кіеў, Нацыянальная акадэмія навук Украіны), Міхал Саевіч (Польшча, Люблінскі ўніверсітэт), Алесь Суша (Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Навуковы сакратар - Ірына Савіцкая.

У 2015 годзе дэлегатамі VI Міжнароднага кангрэса беларусістаў старшынём Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ) быў выбраны намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.

Вікіпедыя.


Навіны Германіі

Пютлінгскае аб'яднанне прапануе беларускім дзецям і юнакам адпачынак у Кёлертале

Дзякуючы аб'яднанню "Дзеці Чарнобыля - дапамога Беларусі" маладыя беларусы могуць тры тыдні вакацый правесці ў Кёлертале (Германія). Аб'яднаннне ўжо з 1997 года займаецца дзецьмі з абпрамененага пасля выбуху 1986 года на ЧАЭС рэгіёна.

Чарнобыль не заканчваецца на межах аднайменнага горада і нават на межах Украіны. Беларускія дзеці, якія да гэтай пары адчуваюць вынікі атамнай катастрофы 1986 года, з'яўляюцца асноўнай мэтавай групай Пютлінгскага аб'яднання "Дзеці Чарнобыля - дапамога Беларусі".

Кожны год аб'яднанне запрашае маладых беларусау з бліжніх да Чарнобыля раёнаў у Саарлянд. Летась у летні лагер прыязджалі госці з Жыткавіч. Аўтобусным падарожжам працягам 27 гадзін прыбылі 30 дзетак ва ўзросце паміж 9 і 15 гадамі, каб правесці ў часовых "бацькоў" у Саарлянде тры тыдні, распавёў кіраўнік аб'яднання Готфрыд Хольцар. Дзве апякункі, якія абедзве працуюць настаўніцамі і добра размаўляюць па нямецку, прыязджалі разам з дзецьмі.

За тры тыдні спадар Хольцар пастараўся зрабіць усё, каб дзеці змаглі правесці нічым не захмараны адпачынак. Чыстае паветра, здаровая ежа і шмат розных актывітэтаў павінны за гэты час узмацніць імунную сістэму. Беларускія інстанцыі, праўда, выбралі для ўдзелу не хворых дзяцей, кажа Хольцар. Але ён таго пераканання, што нават на адзначаных, як здаровыя, дзецях ёсць уздзеянне радыеактыўнага абпраменьвання. Хаця ён не мае навуковых ведаў па гэтай тэме, яму і яго калегам падаюцца гэтыя беларускія дзеці "трохі слабейшымі ў параўнанні з іншымі такімі".

Шматгранная праграма вакацый

Трэба яшчэ сказаць, што культурныя прапановы на беларускай радзіме для дзяцей вельмі абмежаваныя. Тым больш важным знаходзіць Хольцар шматгранную культурную праграму ў Саарляндзе. 30 маладых беларусаў між іншым вандравалі, займаліся склалазеннем, грылілі, наведалі Саарбрукенскі заапарк і з'ездзілі ў парк атракцыёнаў Holiday-Park. Грамадскія аб'яднанні, людзі і прадпрыемствы падтрымліваюць акцыю праз запрашэнні ці скідкі на ўваход. Усе ахвотна дапамагаюць, каб малых гасцей "шчаслівымі і адпачыўшымі адправіць назад да іх сем'яў".

Да кульмінацыі праграммы вакацый адносіцца вялікае летняе свята, якое адкрыта і для ўсіх астатніх дзяцей, што адбылося ў апошнюю нядзелю. Пры гэтым па інфармацыі аб'яднання дзецям было прапанавана шмат атракцыёнаў. Выручаныя на свяце грошы (піва, каўбаскі) былі закладзены у бюджэт на гэты год - 30-ты год ад Чарнобыльскай катастрофы, калі маладыя беларусы ізноў змогуць прыехаць у Кёлерталь.

Пютлінгскае аб'яднанне "Дзеці Чарнобыля - дапамога Беларусі" (Саарлянд) у 2016 годзе ізноў запрашае дзяцей з Беларусі на трохтыднёвыя вакацыі з 16 ліпеня по 6 жніўня ў Саарлянд і шукае новых ахвочых прыняць іх у свае сем'і.

Падрыхтаваў да друку Арцём Суднік.


Нам павінна быць сорамна за нашу Берасцейшчыну

Вось я зноў трымаю ў руках чарговы нумар нашай газеты "Наша слова", дзе змешчана табліца з вынікамі падпіскі на другі квартал 2016 года. Што ж я тут бачу? А бачу і адчуваю боль і горыч за нашу мову, роднае слова і за беларусаў. Падпіска на "Наша слова" адлюстроўвае нашы адносіны да беларускасці, да нашай галоўнай нацыянальнай каштоўнасці - мовы. Нават Год культуры, які аб'яўлены ўрадам краіны, не прымусіў беларусаў схамянуцца і задумацца: што мы робім, куды ідзём і да чаго імкнемся?

А падпіска на беларускамоўныя газеты і часопісы, у тым ліку і на "Наша слова", жадае лепшага. Давайце заглянем у табліцу з вынікамі другога квартала. Тут Берасцейшчына сярод абласных цэнтраў - на апошнім месцы. Усяго яна мае 60 падпісчыкаў. I толькі сем - горад Берасце. Хіба ж не сорам? У Баранавічах болей, чым у два разы, паводле Берасця. Хоць па колькасці насельніцтва гарады розняцца. У краіне ёсць шэсць раёнаў, дзе няма зусім падпісчыкаў. I сярод іх Ганцавічы. Па адным маецца ў Драгічыне, Жабінцы, Іванаве, Ляхавічах і Маларыце. Лепш выглядаюць на іх фоне Бяроза (10), Пружаны (6), Івацэвічы (5). У Пінску таксама шэсць, Але ж параўнайце Пінск з Бярозай, Пружанамі і Івацэвічамі па насельніцтву! I за Пінск становіцца сорамна. Кобрын - трэці сярод гарадоў вобласці па насельніцтву, але тут набралася толькі два падпісчыкі, для якіх наша слова - роднае слова. Затое Кобрын ганарыцца музеем Суворава. Палкаводзец, які забіваў нашых людзей і рабаваў беларускую зямлю. I за гэта Сувораву расійская царыца падаравала Кобрын і Кобрынскую зямлю. Ёсць жа чым ганарыцца кобрынцам! Жах і сорам!

Багатая гістарычная спадчына, якой могуць ганарыцца жыхары Століна і Камянца, але прыхільнікаў роднага слова, "Нашага слова" знайшлося толькі па аднаму.

Нават ў самім Берасці і многіх раёнах няма суполак Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Распалася суполка і ў Пінску, якую няма каму сабраць. I гэта горад, дзе ёсць дзесяткі школ, гімназій, каледжаў. I ёсць нават універсітэт. Няўжо сярод тысяч маладых навучэнцаў і студэнтаў няма прыхільнікаў беларускай мовы? І куды глядзяць настаўнікі роднай мовы і літаратуры?

Спадзяюся, што тыя рэдкія экземпляры нумароў "Нашага слова", якія ёсць у сталіцы беларускага Палесся, трапяць у рукі многіх сапрадных беларусаў і абудзяць іх цікавасць да захавання роднай мовы - найкаштоўнейшай спадчыны нашай Бацькаўшчыны. I адновіцца (ці створыцца новая) суполка ТБМ, і ў рукі пінчан трапяць дзесяткі (я ўжо не кажу сотні) нумароў "Нашага слова". Гэта - мара. I гэта - надзея.

I яшчэ пра адну непрыемнасць хачу нагадаць чытачам Берасцейшчыны. У Берасці ёсць два ўніверсітэты: гуманітарны і тэхнічны. У педагагічным ёсць факультэт беларускай мовы і літаратуры. Але ў горадзе няма арганізацыі Таварыства беларускай мовы, якая б узначаліла абласную арганізацыю. Хіба ж гэта не сорам для цэлай вобласці?

Родная Берасцейшчына, абудзіся і задумайся! I хопіць быць (у сэнсе беларушчыны) у самым канцы ўсіх абласцей краіны!

Сябар ТБМ імя Ф. Скарыны

Уладзімір Гук, Пінскі раён.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на другое паўгоддзе 2016 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 78. Цана змянілася нязначна. У 2016 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Памёр Алег Аблажэй

18 траўня 2016 года ў Вільні раптоўна памёр беларускі мастак, ілюстратар кніг, пісьменнік, грамадскі дзеяч Алег Аблажэй. Зусім нядаўна, 6 траўня, яму споўнілася 62 гады.

Нарадзіўся 6.5.1954 г у вёсцы Лязневічы недалёка ад Наваградка ў сялянскай сям'і. У 1971 г. закончыў Кошалеўскую беларускую сярэднюю школу і ў той жа год паступіў на мастацкі факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, які закончыў у 1976 г., атрымаўшы спецыяльнасць настаўніка мастацтва... Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў Гародні, мастаком афарміцелем у Наваградку. У 1977-1979 г. служыў у савецкім войску

З 1979 года жыў у Вільні.

У 1979 г. паступіў у Літоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут (цяпер Літоўская мастацкая акадэмія), які закончыў у 1985 г., атрымаўшы дыплом мастака-графіка. Займаўся жывапісам, акварэллю, ілюстраваў кнігі. Як мастак-ілюстратар аформіў звыш 40 кніг у выдавецтвах Літвы, Беларусі, Польшчы, Расеі і Малдовы. Выдадзены кнігі для дзяцей у Варшаве, Вільні і Менску. У яго афармленні ў Беларусі выйшлі творы В. Жуковіча "Гуканне вясны", Д. Бічэль "Гараднічанка", у Маскве - "Шведскія казкі" Э. Хэмінгуэя, "Сербская паэзія", у Вільні - "Казка пра Султана" і інш. У 1984-1986 гг. у Літве выдадзена серыя канвертаў з партрэтамі літоўскіх дзеячаў, аформленая Алегам Аблажэем, а таксама серыя паштовак. Маляваў таксама партрэты вядомых дзеячоў, краявіды. Любімай яго тэмай была жанчына ў фантастычных строях і проста жанчына. Яго працы выстаўляліся неаднаразова ў Літве, Польшчы, Германіі, Эстоніі, Латвіі, Беларусі, ЗША. Быў чальцом суполкі мастакоў краін Балтыі "Маю гонар".

З 2007 г. з'яўляўся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Супрацоўнічаў з часопісамі "Мастацтва", "Дзеяслоў", газетамі "Свабода", Рэспубліка", Летувас Рытас", "Наша слова", з літоўскім радыё і беларускім радыё "Рацыя" ў Беластоку.

Удзельнічаў у дзейнасці "Саюдзіса", узнагароджаны медалём 13-студзеня.

Актыўна ўдзельнічаў у беларускім культурным жыцці. Ад заснавання ў 1999 г. быў сябрам Беларускага культурнага таварыства ў Літве, ад якога адышоў у 2015 г., пратэстуючы супроць дзейнасці, новага кіраўніцтва, скіраванай на дыскрэдытацыю заснавальніка ТБК і шматгадовага лідара Хведара Нюнькі.

Ён меў шмат творчых планаў, задумак. Радаваўся вясне, квітнеючай прыродзе, ды, на жаль, усё абарвалася. Але будуць жыць яго творы:

"І верыць, і баяцца, і прасіць

Ты будзеш, хоць і ведаеш, што нельга,

І хадакі жалезныя насіць,

І жыць, нібыта ў свеце паралельным,

І з вернай да апошняга сястрой

Надзеяй не разлучышся ніколі,

І будзеш ты змагацца сам з сабой

Самотным воінам у чыстым полі…"

(Алег Аблажэй.)

Вечная памяць!


У рэдакцыі "Нашага слова" з пэўных прычын заляжаўся неапублікаваным адзін з артыкулаў Алега Аблажэя, то, на жаль, хоць цяпер прапануем яго нашым чытачам.


"ЭЛЕГАНТНАЯ" ПРАВАКАЦЫЯ

У даўнія ўжо часы, калі Літва толькі-толькі адрадзіла незалежнасць, адначасова аднавілі сваю дзейнасць нацыянальныя суполкі. І старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька даведаўся, што да трох драўляных дамкоў на вул. Жыгіманту ў Вільні мелі дачыненне беларусы. А менавіта, яны належалі Друйскім айцам-марыянам і былі збудаваны на беларускія складкі. А, значыць, ёсць сэнс патрабаваць іх вярнуць ва ўласнасць цяперашняй беларускай грамадзе.

Я сам быў сведкам, як Лявон Луцкевіч казаў спадару Хведару: "Чалавеча! Кінь пустое, нічога з гэтага не атрымаецца!" А той не здаваўся. Клопатаў было нямала, сустрэчы і перапіска з уладамі, і адбыўся цуд! Выйшла пастанова аб перадачы ўсіх трох дамкоў Таварыству! Але нядоўга цешыліся беларусы - айцы-марыяне, ужо сучасныя, абурыліся: пры чым тут свецкая беларуская арганізацыя! І пастанову адмянілі. Аднак дамкі былі ў такім стане, што марыяне пагадзіліся на іншую маёмасць, больш прыстойную і ў іншым месцы. Беларусам жа перадаваць дамкі не спяшаліся, ніводзін не быў вызвалены. Зноў была доўгая тузаніна, у рэшце рэшт выдзелілі памяшканне ў адным з дамкоў. Але ненадоўга - пільныя асобы ва ўладзе спахапіліся, што ў Літве няма закону аб перадачы маёмасці юрыдычным асобам і грамадскім аб'яднанням. Выйшла чарговая пастанова, паводле якой ТБК мела ў кароткі час вызваліць і гэта невялікае памяшканне. Усё пачалося спачатку - просьбы, хадайніцтвы, перапіска з найвышэйшымі ўладамі. Памяшканне ўдалося адстаяць, хоць і на "птушыных правах". Але карысталіся, і нават занялі некалькі пустых пакояў у суседнім дамку, дзе размясцілася рэдакцыя "Нашай Нівы". Часы былі нястрогія, ліберальныя. А побач з асноўным памяшканнем, дзе была кухня, знайшоўся маленькі пакойчык, у якім пасялілася маладая беларуская сям'я з дзіцем, якая не мела ўласнага кутка. Далей было б, як у казцы -- і сталі беларусы жыць - пажываць, ды дабра нажываць. З "дабром" атрымлівалася не надта - двойчы абкрадалі, а сам дом быў у аварыйным стане, пайшлі трэшчыны, высветлілася, што дом... не мае падмурка! Ацяпленне было пячное, зімой было холадна, тым больш, што палілі толькі перад імпрэзамі, пайшла плесень, з'явіўся спецыфічны смурод. Але ж неяк трывалі. Маладая сям'я прыдбала сваё жытло, на іх месца пасялілася іншая. І тут ледзь не здарылася трагедыя: газавая інсталяцыя на кухні прагніла настолькі, што калі б ноччу хтось пстрыкнуў выключальніку, выбух быў бы немінучы. Кухняй карыстацца стала немагчыма. Але і гэта было яшчэ паўбяды - ды выйшла з ладу яшчэ і прыбіральня! Як жа сорамна было і самім хадзіць і гасцям паказваць на бліжэйшыя кусцікі! І праблемы такога кшталту толькі нагрувашчваліся - у сцены ўбіўся грыбок, што было невылечна. Дапамогі чакаць не было адкуль,спадар Хведар прынцыпова не звяртаўся з просьбамі аб падтрымцы да ўладаў Беларусі. Мясцовыя кіраўнікі таксама не рваліся дапамагаць. І тут з'явілася прапанова абмену гэтай руіны на добраўпарадкаваную чатырохпакаёвую кватэру ў цагляным доме брэжнеўскай забудовы непадалёк вакзала, меншую па плошчы, але прыгодную для карыстання, бо была і кухня, і прыбіральня, і ванна.

Які быў выбар - чакаць з мора пагоды, спыніць дзейнасць, ці пагадзіцца? Пытанне было вынесена на Раду ТБК, і было вырашана - мяняць! Тым больш, што, як ужо было сказана, правы на плошчу ў дамку на Жыгіманту не былі пацверджаны заканадаўствам Літвы. Такім чынам ТБК перабралася на вуліцу Бролю, 9 - 86. Вядома, было цеснавата, у зале ўсяго 40 месцаў, затое цёпла, светла. Прыязджалі госці з Беларусі, тым больш, што былі ўмовы пераначаваць, адпачыць, падсілкавацца. Адбываліся сустрэчы, сходы, адзначаліся святы, юбілеі, невялічкія канцэрты. Знайшлося месца для бібліятэкі. Клопатаў было таксама нямала - утрыманне такой кватэры ў Вільні каштуе нямала, асабліва зімой. Неяк выкручваліся - частку аплочваў сам старшыня ТБК, частку студэнты, якія пасяліліся ў вольным пакойчыку, не зусім легальна, бо ТБК паводле статуту не мела права займацца прыбытковай дзейнасцю. Большасць праблемаў вырашаў спадар Нюнька, які за гэты час набыў аўтарытэт не толькі ў беларускім асяроддзі, стаў чальцом Рады БНР, але і ў кіраўнічых колах Літвы. Вядома, як многа значаць асабістыя кантакты ва ўрадзе, Сойме, міністэрствах. За будучыню арганізацыі спадар Хведар быў спакойны: з'явілася кандыдатура, якой можна было даверыць кіраўніцтва ТБК у бліжэйшай перспектыве. Гэта быў малады гісторык, які працаваў над доктарскай дысертацыяй, добра валодаў беларускай мовай, Аляксандар Адамковіч. У яго былі праблемы з жытлом - ён жыў у нейкім сутарэнні, за якое плаціў досыць вялікую суму. Спадар Нюнька саступіў яму пад жытло за значна меншую плату ўласны кабінет у ТБК - і арганізацыі капейчына, і чалавеку палёгка. Да ўсяго вызвалялася пасада дырэктара Беларускай гімназіі ў Вільні, і спадар Хведар атрымаў ад мэра Вільні Артураса Зуокаса абяцанне, што Адамковіч гэта месца зойме. (З гэтага нічога не атрымалася, бо Адамковіч не меў літоўскага грамадзянства).

І тут ідылія, якая цягнулася каля 11 гадоў, раптоўна скончылася. Спадар Нюнька здаўна меў нядобразычліўцаў, як сярод "амбасадаўскіх" (яго нават пазбавілі візы ў Беларусь за арганізацыю шматлікіх пікетаў у абарону палітзняволеных), так і сярод землякоў у Вільні. Прычыны былі самыя розныя - хтось пакрыўдзіўся за тое, што яму не хапіла месца ў чарговай паездцы, іншы напазычаў грошай, а вяртаць не хацеў... І вось сфармавалася група "актывістаў", якія пачалі настойліва распаўсюджваць наступную версію абмену плошчы: мала таго, што атрыманая плошча значна меншая за аддадзеную, але і страчанае месца было куды больш прэстыжнае, ды ўвогуле беларусам належалі ўсе тры дамкі, пра што Нюнька не казаў. Цяпер жа яны разам з пляцам каштуюць каля 7 мільёнаў літаў, а абмен адбыўся зусім без даплаты! Куды падзелася розніца? Вядома, куды - у кішэню прагнага старшыні ТБК! Мала таго - ТБК атрымлівала розныя гранты, аплату праектаў, ахвяраванні, карацей, арганізацыя мела грошай, як дурань махоркі, але ўсе яны затойваліся ад грамады і ішлі на асабістыя патрэбы старшыні. Наіўныя ж сябры ТБК былі ўпэўнены, што суполка голая, як сакол.

Трэба аддаць належнае лялькаводам гэтай правакацыі - задумка сапраўды "элегантная": знішчыць кіраўніка адзінай беларускай суполкі, якая 25 гадоў нязменна была апазіцыйнай да менскага рэжыму, рукамі саміх беларусаў. "Путч" узначаліў той самы Адамковіч, лёсам якога так клапаціўся спадар Хведар. Дзейнічалі рашуча - напісалі заявы адразу ў тры месцы: у суд, пракуратуру, крымінальную паліцыю. Склікалі сход ТБК, на якім абралі новую Раду, і, патрасаючы "дакументамі" сабралі подпісы пад патрабаваннем сурова пакараць былога старшыню і вярнуць беларусам дамкі. Адамковіч пераконваў усіх, што справа бяспроігрышная, нават, калі маёмасць не вернуць, то будзе грашовая кампенсацыя. Агаломшвае тое, з якой лёгкасцю грамада паверыла паклёпнікам. Выпадкова захавалася відэаздымка мерапрыемства ТБК, на якое ўварвалася група "путчыстаў". Ганебнае відовішча - перакошаныя нянавісцю твары, дзікія крыкі, лаянка... амаль суд Лінча! Знарок стараюся называць як найменш прозвішчаў - гэтым людзям яшчэ жыць і жыць, і не трэба траціць надзеі, што яны калісь усвядомяць, якой бруднай справай займаліся. Да кампаніі ачарнення былога старшыні новая Рада ТБК падключыла нават радыё "Свабода", і такога палітычнага "зубра", як Станіслаў Шушкевіч. А ў Раду БНР паляцела патрабаванне выключыць спадара Нюньку з яе шэрагаў. На шчасце, на гэту заяву там не адрэагавалі. Следства цягнулася, апытваліся сведкі, чамусь толькі тыя, што сведчылі супраць былога старшыні (новым стаў Адамковіч). І ўсё ж, не гледзячы на актыўнасць "путчыстаў", справа не клеілася. Урэшце наняты імі адвакат сфармуляваў абвінавачванне ажно з 32 пунктаў. І патрабаванне спагнаць з Хведара Нюнькі на карысць ТБК 32 608 еўра, 68 цэнтаў. (Асабліва расчульваюць гэтыя 68 цэнтаў!) Усё гэта цягнулася доўгія месяцы, апісваць увесь працэс - шкода месца. Аднак да суда справа не дайшла. Галоўны пракурор уважліва разгледзеў усе матэрыялы і вынес вердыкт - спыніць справу з прычыны адсутнасці злачынных дзеянняў з боку падазраванага Хведара Нюнькі. Здавалася б, можна ўздыхнуць з палёгкай! Але дзе там... Літоўскае заканадаўства дазваляе падаваць апеляцыі колькі заўгодна разоў, толькі пакрывай выдаткі. Хто так шчодра аплочвае "путчыстам" іхняе "змаганне за праўду", не вядома. Зразумела, не яны самі, бо сумы сур'ёзныя.

Гэтак вось спадар Хведар атрымаў "калядны падарунак" - у адказ на чарговую апеляцыю пракуратура прыняла рашэнне распачаць следства нанова...

Каляды я ўзгадаў не выпадкова - і сам Адамковіч, і ягоныя паплечнікі ўсюды падкрэсліваюць, што яны глыбока веруючыя хрысціяне. Імпрэзы, якія ладзіць новая Рада ТБК, рэдка абыходзяцца без святара. А ў адной са сваіх адозваў яны напісалі: "З намі Бог!" Але ў Бібліі сказана, што аб людзях трэба меркаваць "па справах іх". Удумаемся, што значыла б для пенсіянера Нюнькі выплата 32 608 еўра? Продаж кватэры, бяздомнасць... Ну, ці ж не хрысціянскі ўчынак?

Даўно заўважана - ад таго, хто шмат і квяціста разважае пра веру, пускае слязу ў касцёле ці царкве, у звыклым жыцці так і чакай "падлянкі". Сэнс новай апеляцыі не ў дамках, якіх ніхто не верне, бо яны ТБК і не належалі. І не ў грашах - літоўскія суды не настолькі крыважэрныя, каб выкідваць на вуліцу 88-гадовага чалавека дзеля капрызу жменькі "дзеячаў". Мэта іншая, наколькі простая, настолькі мярзотная - як мага больш азмрочыць, апаганіць фінальны перыяд жыцця спадара Хведара. Каб ён пакінуў гэты свет не як чалавек, які ўсе свае сілы аддаў змаганню за вольную Беларусь, а як прайдзісвет, што думаў толькі пра нажыву. Ды вось праблема - не на таго нарваліся. Спадар Хведар Нюнька - чалавек старога гарту, перажыў вайну, пасляваенны голад і нястачы, страту самых блізкіх людзей, і не сагнуўся, не зламаўся. І годна трымаецца дагэтуль. Калі чалавек мае чыстае сумленне, ніякія суды яму не страшныя.

А вось паклёпнікам варта задумацца пра сябе - законы кармы ўзніклі не на пустым месцы, і расплочвацца за свае дзеянні, рана ці позна, давядзецца.

Алег Аблажэй. Вільня, 10.01.2016 г.


ЧАСЛАЎ ДОЛЬСКІ

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Слухаў усіх, разважаў,

але не жадаў згаджацца:

"Чаму ж толькі фермер

у вёсцы павінен застацца.

А як жа майстэрню

ці комплекс-махіну дзяліць?

I зямля не павінна ні ў чым, а людзі, Нашто ж яе на кавалкі зноў рваць?

А з боку другога - як працаваць Такіх прымусіць,

Хто і сваёй сям'і жыць не дае,

Гарэлку п'е,

Ды хлусіць?

Успамінаў і сваіх бацькоў размовы, (Яны не любілі,

як вядома, парадак новы),

Але ж у іх быў і свой розум:

глыбокі і здаровы,

Бо ніколі не хвалілі панскія

ўстановы.

Калі прыехаў Рудольф -

з Баварыі фермер,

(Пасля вайны ён, палонны,

Брэст аднаўляў),

Спыталі - як калгас падзяліць -

рукою махнуў:

"Вы храмы бурылі,

а цяпер узяліся "фірмы" -

Зразумець не мог - навошта ?"

ды ўсяк адмаўляў.

Упэўніўся Дольскі

пераканаўча і цвёрда,

Як Радзіму,

трэба гаспадарку берагчы.

Бо Расію разгледзеў ён добра,

Не адзін там кішэні напоўніў

і паспеў уцячы.

Турыстам, як другія,

зямляк не катаўся -

Як людзі жывуць - унікаў,

да бізнесу прыглядаўся,

I ўсюды, дзе мог,

сувязь наладзіць стараўся.

За мяжой, не так

як у нейкай там казцы:

Чалавек, як і ў нас,

такі ж рэальны ёсць, -

Зямля ў іх розная, але на працы - Нідзе ён не бачыў,

каб быў нехта госць...

Прыехаў, наладзілі выпуск

сыроў у гаспадарцы,

Суседні калгас,

каб зямлі стала болып, узялі,

А тым, інтарэс у каго

быў толькі ў гарэлцы,

Сказалі цвёрда -

разгульныя дні ў нябыт уцяклі.

Але ж колькі патраціў Дольскі

сіл і здароўя,

Як шчыгрыная скура

скарачаліся дні.

Непакоіла яго больш пытанне:

Каму далей даверыць

гаспадаркі будоўлю,

Каб старанні свае, не дай Бог,

як вада ў пясок не сыйшлі.

I народ не ўвялі

каб у зман брахуны,

Пустазеллем галовы не засеялі,

Не разбурылі набытае без вайны,

Яго і светладольцаў

старанні не развеялі.

Роздум

Часцей цяпер разважаў

Часлаў дзяржаўна:

У Рудольфа гаспадарку

сын прыняў малодшы,

(Старэйшы быў у футбольным

клубе душой).

А мой сынок - маёр,

у гарнізоне пад Воршай,

Дачушка стала паэтэсай маладой, Мо я дзе што праглядзеў

ці ўпусціў?"

А мо і не я, мо нонсэнс

нашага ладу ў гэтым,

Няўжо ж я не прыклад

дзецям сваім у жыцці?

Пасля мяне прыйдзе

чужы які дзядзька,

Дай Бог, каб разумны,

ды справядлівы чалавек.

А калі на вецер пусціць

набытае намі ўсё,

Ды людзям не стане як бацька?

I колькі ж я сустрэў

людзей безкарысных

За свой немалы ўжо век?

Сягоння ўсе, хто з галавой,

у бізнес даліся,

Не хоча моладзь

аб другіх клопат мець,

I грошы свае -

ой, як лічыць узяліся,

А літасці менш,

каб другога сагрэць.

(Ад старэйшых не навучыліся!)

Узяць таго ж сакратара гаркама,

(Раней штохвілінна Леніна цытаваў).

Цяпер - банкір,

у сына - уласная крама.

Сустрэліся - тры пальцы падаў.

Вось такі чалавек гэты - флюгер,

Заўжды свой нос па ветры трымаў. Як справа добра ішла - яго заслуга,

На пралікі - другіх падстаўляў.

А ці ж верыў Дольскі

сам у камунізм?

Наўрад ці змог бы

і сам адназначна адказаць.

Яшчэ ў ВНУ,

калі асвойваў марксізм,

Рашыўся філосафу пытанне задаць: "Як можа жыць

без дзяржавы грамадства:

Без міліцыі, турмаў, судоў?

А хто ў дарожных здарэннях

будзе вінаватых шукаць?

Ці сам той віноўнік стане сябе

Тады на замок знутры зачыняць?" Не змог анічога канкрэтна

адказаць навуковец,

Наўкола хадзіў, стараўся

класікаў больш цытаваць.

Як стрэмка,

засела гэта пытанне ў сябра,

Задаваў яго ён не раз і не адному, Нават жонцы сваёй,

ды і сабе самому.

А раз няма станоўчага адказу,

То камунізм - гэта, як далягляд. Падкупляе справядлівасцю

мара адразу,

Ды рэчаіснасць

у будні вяртае назад.

I грамадства, і класы -

з боку другога,

Не суцэльны ж яны маналіт ці скала, Папярэджвалі і класікі

аб гэтым строга,

Што крывадушнікі прылепяцца

Да ўлады народнай,

як да рук смала.

А калі яе зламаць не атрымаецца, Тады прыкінуцца

дарадцамі і сябрамі.

Народ як малы -

казкі яму падабаюцца,

Спажытак ягоны

яны ж раздзеляць самі.

Прайдзісвет абяцае -

лад жыцця прыўнясе,

Ад якога і дождж залаты праліецца, I багатыя стануць ўсе,

Як часнык у кілбасе.

Мо Дольскі і сам верыў часткова, Як болынасць справядлівых людзей. Але чыноўнікі, што залезлі

пад каўдрамі ва ўладу,

Не пазнаўшы жыцця дастаткова,

Правадырамі і вырашальнікамі

сталі самі,

Маючы цёмныя, подлыя душы,

Становішча змаглі скарыстаць

адмыслова.

Эканоміку гналі,

як штрафную роту,

Не патрэбным лічылі

на затраты глядзець,

Пакуль не грымнулі

ў Чарнобылі грымоты,

А дзяржава выдахлася,

і пачала здаваць.

(Казаў Часлаў:

" Не, кукіш вам, бюракраты,

Эканоміка - не конь,

пугай яе не падгоніш").

За два вякі чалавек

не на многа змяніўся.

Бальзака і Мапасана нядаўна

перачытаў... I здзівіўся -

Персанажы нашага часу, і з Марыяй

думкай аб тым падзяліўся -

Злачынца больш вытанчаным стаў. Так Дольскі разважаў,

як меў якую хвіліну:

"Ці намнога ж савецкая ўлада

чалавека змяніла?

А колькі патрацілі грошай,

гадоў, гадзінаў?

(Як прапаганда

аб выхаванні трубіла!)

Усё дрэннае - недзе там,

за кардонам, не ў нас.

А з якога ж семя

карупцыя тая ўзрасла?

Ад зямлі адарваліся

і да неба не даляцелі!

Справядлівасць -

адна з цнот хрысціянства,

Мой бацька і маці

з ёй жыццё сваё пражылі.

Не ведалі навукі,

ні Леніна, ні Маркса,

А эталонамі маралі ў вёсцы былі. Чаму б

"Пісьмы аб добрым і цудоўным"

Вялікага гуманіста Расіі - Ліхачова

Ў аснову законаў не ўзяць

дэпутатам шаноўным?

"У чалавеку павінна быць

мера чалавечага,

Мудрасць - то розум,

павянчаны з дабром.

А калі ж гэтая ісціна

хітрасцю збэшчана -

Самому крывадушніку

хай вернецца злом."


Усякія людзі і ў нашай акрузе былі, Мудрэц казаў:

"I лес, і людзі не роўныя".

Але ж не было даўней столькі

нядбайства

Да працы і роднай зямлі.

А як марылі родныя Коласа

аб ёй не раз,

I чаму ж яна цяпер маладым

апастылела,

Чаму непатрэбнай стала,

як атэісту абраз?

Нечакана сваю

каштоўнасьць страціла?

Эканамісты, а ці ж думаюць стала, - Што зямля і той, хто на ёй працуе -

падмурак грамадства!

Чытаць уважліва раю

Купалу і Коласа,

Паглядзець у інтэрнэт,

у раздзел мастацтва,

Паслухаць далёкіх эпох розгалас, Камп'ютара файлы

пагартаць па чарзе,

Знайсці "Мужычка на адной назе". Не было ў Часлава

ў маладосці магчымасці

Лекцыі слухаць, класікаў чытаць, Але ж цяга была

заўжды ў свядомасці

Мудрасць жыцця

праз навуку спазнаць.

Казаў ён з жартам жонцы:

"Ты ў нас выдатнік,

Ты - салавей, а я - верабей,

Ты на стацыянары вучылася,

а я - завочнік",

Вось і цягні мяне

да "ззяючых вяршынь" хутчэй.

Самадукацыя,

Як зорка, вяла яго па жыцці,

Сумесна з Марыя абмяркоўвалі Цікавыя артыкулы, публікацыі, Бібліятэку імі сваю напаўнялі.


Любілі папарыцца

ў лазні мы з земляком,

У сад Акадэма

ператваралі яе з парком.

Як у споведзі, там з ім адкрываліся,

А дыспуты якія

іншы раз адбываліся!

Не ўздымуць

Радзіму адукаваныя хамы,

I тыя, хто д'яблу прадаў сумленне, Не выхавалі іх ні камсамол,

ні таты і мамы,

А як цяпер ад іх знайсці збаўленне? Ды самі якое народзяць

яны пакаленне?

Ці зберагуць Радзіму,

ці яе абароняць?

А мо прададуць яе, як тавар,

гэтыя гіперактыўныя стварэнні? Заслужыць дабрабыт трэба працай, За хітрыкі розныя біць па руках,

З прайдзісветамі

лепш грамадству не знацца,

Бо вынік іх дзейнасці - заўсёды крах. Над вёскай клін паляцеў -

хутка зіма:

"А ты ў вырай які кіруешся,

птушка-Беларусь?

Маладыя скрыдлы свае

не спалі сама,

Прайдзісветам не вер,

не заблудзіся!

Каб не закрапалі яны

цябе ў павуцінне".

Дабра і шчасця жадаў Часлаў

сваёй Айчыне.

Мо крыху і быў ён летуценнік,

але быў патрыёт,

Не набыў для сябе

ён скарбу вялікага,

Але ж каб такія як ён былі ўсе -

Якім быў бы шчаслівым народ!

Бы нейкі камень

у сябра ляжаў на душы,

Не прывык, як другія,

ён красці ў цішы,

Было сумленне яму

важней за грошы,

Глядзець не мог

на хамаў у раскошы.

Чалавек і народ,

свабода і грамадства -

Адвечныя пытанні,

Думак скрыжаванні:

Павінны працаваць,

каб не знаць жабрацтва,

Зрабіць надзейны

заслон злоўжыванням.

А дзе ж ўзяць, як сам,

чалавека такога,

Каму даверыць

набытак жыццёвы свой?

Каб справа жыцця

ўсяго майго не згінула,

Як сыйду на пакой.

Каторы год на таблетках трымаўся, Нарэшце спецыяліста,

як шукаў, знайшоў,

Ажаніў на сваячніцы,

каб прыжыўся...

Але сам аднойчы

да дому не дайшоў...

Не ад старасці Дольскі зваліўся, Зваліў яго груз апошніх гадоў,

Не за сябе, за ўвесь Светлы Дол

шчыра змагаўся,

I, як шчыры баец,

з жыццём расстаўся.

Не стала сябра, пуста на сэрцы,

Журба і туга сумленне грызуць,

Адыйшоў чалавек найсвятлейшы,

Салоўкі цяпер яму вясной пяюць...

Не стала сябра майго, патрыёта,

Аб Радзіме ён думаў заўжды,

гаварыў шчыра,

Як пацеры не раз,

адкрыта, не ўпотай:

"Магутны Божа, страціць не дай -

Я тройчы кожны дзень

Цябе прашу!

Роднага краю, твар васільковы,

Нашу звонкую мову

і жывую душу!"

* * *

Жыццё ёсць дар найвялікшы, -

Не дасць другога нам аніхто!

Магу сказаць, жыццё пражыўшы: "У пракрустава ложка тэорый

не ляжа яно нізашто."

Прарокам быць не бяруся,

Жыццё ў наш час паскорвае бег.

На крутым павароце

не ляці, Беларусь,

Хай будзе счаслівым, свабодным

Наступны твой век!

Мар'ян Даргель


Сябры!

Саюз беларускіх пісьменнікаў і Kniharnia.by прэзентуюць новы аўдыёпраект

"Лета з Быкавым" і прадстаўляюць у папулярных аўдыёфарматах (у тым ліку для iPhone, iPod, iPad) тры аповесці класіка нацыянальнай літаратуры "Бліндаж", "У тумане" і "Пакахай мяне, салдацік".

Акцыя распачынаецца 19 чэрвеня, у Дзень нараджэння Васіля Быкава.

Тэксты славутага творцы агучылі акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Запіс зроблены на студыі HUKAPIS кампаніі Prastora.by.


"Ные сэрца і радасцю, і болем"

Літаратурная гадзіна "Ные сэрца і радасцю, і болем", прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння беларускай паэтэсы Ніны Тарас, у біяграфіі якой ёсць і лідская старонка, адбылася ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На імпрэзу былі запрошаны бібліятэкары Лідчыны, а таксама ўсе ахвотныя.

Перад аўдыторыяй выступалі супрацоўнікі раённай бібліятэкі Дар'я Марцінкевіч і Галіна Курбыка, паэт, краязнавец, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік.

Выступоўцы адзначылі, што Лідчына таксама можа лічыць Ніну Тарас сваёй паэтэсай: на лідскай зямлі яна пражыла сем гадоў - з 1938 па 1945. У наш горад яна прыехала пасля таго, як выйшла замуж за Яна Федаровіча. Тут сустрэла прыход савецкай улады, пачала працаваць, як і не менш вядомы нам паэт Валянцін Таўлай, у газеце "Уперад". "Гэта была першая праца ў маім жыцці", - пісала пазней Ніна Міхайлаўна ў сваёй аўтабіяграфіі.

Увогуле, нямала значных падзей у жыцці паэтэсы адбылося менавіта ў "лідскі" перыяд. Яе выбіраюць дэпутатам Лідскага гарадскога Савета, прымаюць у камсамол. У 1940 годзе выходзіць яе першы зборнік "На ўсход ідучы". У тым жа годзе яе прымаюць у Саюз пісьменнікаў СССР. У гады нямецкай акупацыі Ніна Тарас у якасці сувязной удзельнічае ў партызанскім руху на Лідчыне, за што пазней узнагароджваецца ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі. Удзельнічала ў кампаніі па вызваленні Валянціна Таўлая з фашысцкай турмы.

Аднак ёсць у насычанай падзеямі лідскай старонцы біяграфіі паэтэсы і белыя плямы. Напрыклад, кім быў яе муж Ян Федаровіч? У якім доме ў Лідзе яна жыла? Чаму ў 1945 годзе пераехала ў Менск? Гэтыя пытанні пакуль што чакаюць сваіх даследчыкаў. На жаль, ніхто з лідскіх краязнаўцаў не сустракаўся з Нінай Тарас, не распытаў падрабязна пра яе жыццё ў нашым горадзе. Цяпер зрабіць гэта ўжо немагчыма: амаль дзесяць гадоў, як паэтэсы няма ў жывых.

Аднак яна пакінула пасля сябе багатую паэтычную спадчыну, асобныя яе вершы сталі папулярнымі песнямі. Песня на словы Ніны Тарас "Што ж ты мне сэрца параніў?" і некалькі яе вершаў прагучалі ў ходзе імпрэзы. Вядоўцы імкнуліся паказаць аўдыторыі Ніну Тарас не толькі як паэтэсу-змагара, але і як тонкага лірыка. А яшчэ - абудзіць цікавасць да гэтага амаль забытага літаратуразнаўцамі імені ў беларускай літаратуры.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Фестываль "Паланез" у Слоніме

21-22 траўня ў Слоніме прайшоў міжнародны фестываль "Паланез-2016". Праходзіць ён ужо дванаццаты раз. Месца фестывалю выбрана невыпадкова. Менавіта ў Слоніме прайшло дзяцінства кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара знакамітага паланеза "Развітанне з Радзімай". У горадзе пражываў ягоны дзядзька Міхал Казімір Агінскі. Дарэчы, ён жа - і стваральнік помніка гідратэхнікі XVIII стагоддзя, канала Агінскага. Побач з каналам Агінскі ў 1775 годзе пабудаваў і славуты на ўсю Еўропу тэатр, для пастановак якога сам жа складаў музыку. Сёння пра Агінскага ў Слоніме нагадвае і канал, і вуліца ў яго гонар, і мемарыяльная шыльда на будынку Слонімскага драмтэатра, і некалькі будынкаў той эпохі. А да 1939 года ў Слоніме аркестр мясцовай пажарнай каманды два разы на дзень іграў паланез, як сігнал дакладнага часу. Фестываль пачаўся традыцыйна ад пажарнай вежы, а потым усе ўдзельнікі свята прайшлі па цэнтральнай вуліцы да мясцовага Цэнтра культуры.Там паланезы Агінскага гучалі ўсюды: на сцэне, у грымёрках, на лесвіцы. Паланезы гралі, танцавалі, спявалі на розных мовах. Па сутнасці, гэта фестываль аднаго твора, але ў кожнага выканаўцы ён гучаў па-рознаму, таму свята - ужо нешта большае, чым проста прыгожая музыка. Сёлета працяг фестывалю адбываўся і пад адкрытым небам на набяражнай канала Агінскага. Дарэчы, у XVIII стагоддзі слонімскі мецэнат Агінскі практыкаваў выступленні свайго тэатра на самім канале. У слонімскім фестывалі паланезу прынялі ўдзел музычныя і танцавальныя калектывы з розных гарадаў Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі.

Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


Слонімская "Ноч музеяў"

Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага падтрымаў міжнародную акцыю "Ноч музеяў" і наладзіў сваё музейнае мерапрыемства. Гэта ўжо не першы год, як музей у Слоніме адзначае цікавае свята. І з кожным годам яно становіцца ўсё больш масавым і разнастайным. У мінулую суботу, 21 траўня, "Ноч музеяў" пачалася каля музея на спецыяльнай пляцоўцы з арлом. Мясцовыя юныя артысты паказалі вясёлую праграму "Рытмы часу" з песнямі і танцамі. У гэты вечар працавалі выставы "Рэдкая кніга і абраз", рэтра-інсталяцыя "Фота на памяць", адбылася прэзентацыя фотавыставы Дзмітрыя і Вольгі Наўгародскіх, прысвечаная вяселлю, і шэраг іншых добрых спраў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX