НАША СЛОВА № 23 (1278), 8 чэрвеня 2016 г.
175 гадоў з дня нараджэння Элізы Ажэшкі
Эліза АЖЭШКА (6 чэрвеня 1841, Мількаўшчына - 18 траўня 1910, Гародня) - беларуская польскамоўная пісьменніца
Эліза Паўлоўская нарадзілася ў сямейным маёнтку Мількаўшчына, каля Гародні. З дзесяці год выхоўвалася ў манастырскім пансіёне ў Варшаве, дзе знаходзілася да 1857 года. Тут пазнаёмілася і пасябравала з Марыяй Васілоўскай, у далейшым - Канапніцкай. Пасля заканчэння выхавання ў 1858 годзе, была хутка выдадзена замуж за Пятра Ажэшку, пачала жыць у Людвінове ў Кобрынскім павеце (цяпер - вёска ў Драгічынскім раёне), дзе ў 1862 годзе стварыла, разам з малодшым братам мужа, школу для дваццаці вясковых дзяцей. Брала актыўны ўдзел у дыспутах земскіх камітэтаў, з мэтай правядзення грамадска-эканамічных рэформ вёскі. Грамадскія прыхільнасці сталі адной з прычын разладу з мужам, Э. Ажэшка пакінула мужа і выехала ў Варшаву.
На час паўстання 1863-1864 вярнулася ў Людвінова, каб дапамагаць паўстанцам, у траўні-чэрвені 1863 г. хавала ў сябе Рамуальда Траўгута, якога пазней пераправіла за мяжу. Па гэтай прычыне восенню 1863 г. Пётр Ажэшка быў арыштаваны, а ў сакавіку 1865 высланы ў Пермскую губерню. Пасля паўстання Э. Ажэшка была вымушана прадаць Людвінова і вярнуцца ў Мількаўшчыну, дзе адкрыла школку для вясковых дзяцей. З таго часу датуюцца яе першыя захаваныя літаратурныя творы.
Тым часам вярнуўся з Пярмі Пётр Ажэшка. Э. Ажэшка не магла знайсці паразумення з мужам, пачала працэс аб ануляванні шлюбу і дабілася гэтага ў 1869 годзе. У 1870 г. Э. Ажэшка прадала Мількаўшчыну і пераехала на сталае жыхарства ў Гародню. Пасля дваццаці гадоў сяброўства з С. Нагорскім, пасля смерці яго жонкі, узяла з ім шлюб (1894).
Дзве яе найлепшыя аповесці "Над Нёманам" і "Хам" з'явіліся ў 1886-1888 гг. Сваю багатую бібліятэку перадала Віленскаму таварыству сяброў навук, суарганізатарам і першым ганаровым чальцом якога была. Сябравала з удзельнікам паўстання 1863-1864 гг. Людамірам Абрэмбскім і яго сынам Максімільянам. Прымала ў сваім доме ў Гародні Францішка Багушэвіча. Пражыўшы ўсё жыццё ў Расейскай Імперыі ні разу не загаварыла па-руску. Памерла Э. Ажэшка ў Гародні і там пахавана.
Літаратурную дзейнасць Эліза Ажэшка пачала ў 1866 годзе (апавяданне "Малюнак з галодных гадоў"). Творчасць 1870-х г. зведала ўплыў ідэй "варшаўскага" пазітывізму, асветнай працы з народам. Выступала за раўнапраўе жанчын (аповесці "Апошняе каханне", 1868, "Пан Граба", 1869-70, "Марта", 1873), з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў (раман "Пампалінскія", 1876), з гуманістычных пазіцый адстойвала інтарэсы працоўных (зборнік апавяданняў "З розных сфер", т. 1-3, 1879-82). У рамане "Над Нёманам" (1887) адлюстравала вострыя праблемы тагачаснай польскай рэчаіснасці. У аповесцях "Нізіны" (1884), "Дзюрдзі" (1885), "Хам" (1888), апавяданнях "Рэха", "Тадэвуш", "У зімовы вечар" і інш. паказала жыццё паслярэформеннай беларускай вёскі. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў напісала нарысы "Людзі і кветкі на берагах Нёмана" (1888-91). У 1890-я гг. у яе творах вастрыня сацыяльнай праблематыкі саступае месца псіхалагічнай заглыбленасці ("Два полюсы", 1893, зборнік апавяданняў "Меланхолікі", 1896). Апошні зборнік навел "Gloria vicis" ("Слава пераможаным!", 1910) прысвечаны героям паўстання 1863-64.
Самыя раннія пераклады твораў Э. Ажэшкі выходзілі яшчэ ў пачатку ХХ ст., напрыклад, апавяданне "Гэдалі" (Вільня, "Наша ніва", 1907, перакладчык не пазначаны). Пазней на беларускую мову творы Элізы Ажэшкі перакладалі Я. Брыль, А. Бутэвіч, Я. Бягомская, Г. Тычка.
У 1904 годзе Ажэшка была намінавана на Нобелеўскую прэмію. Яе кандыдатуру прапанаваў Аляксандр Брукнер, прафесар Берлінскага ўніверсітэта. Члены Нобелеўскага камітэта, азнаёміўшыся з яе творамі, высока ацанілі яе пісьменніцкі талент; у адным з дакументаў напісана: "Наколькі ў тэкстах Сянкевіча б'ецца шляхетнае польскае сэрца, настолькі ў творчасці Элізы Ажэшкі б'ецца сэрца чалавека". Але большасць членаў камітэта прагаласавала за Генрыка Сянкевіча, а невялікая колькасць прапанавала падзяліць прэмію. У 1909 годзе Ажэшку зноў намінавалі на Нобелеўскую прэмію, але гэтым разам узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф.
На пахаванні пісьменніцы адзін з прамоўцаў, Юзаф Катарбінскі, зазначыў: "Яна была жывой мудрасцю і чуйным сэрцам цэлай эпохі". У доме ў Гародні, дзе пісьменніца правяла апошнія гады жыцця, створаны Дом-музей Элізы Ажэшкі, яе імем названая адна з цэнтральных вуліц горада, на якой пісьменніцы пастаўлены помнік.
Вікіпедыя. (Працяг тэмы на ст. 4.)
Вінцуку Вячорку - 55
Вінцук ВЯЧОРКА (псеўданімы: В. Берасьць, Мікола Сьцьвіскі, В.Б., В. Мяцеліца; 07.07.1961, Берасьце), вядомы беларускі палітычны і грамадскі дзяяч, філолаг, выкладчык, журналіст. Ініцыятар многіх грамадскіх ініцыятываў у канцы 1970-х - першай палове 1980-х; у 1988 стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" (БНФ), лідар Партыі БНФ з 1999 па 2007 год.
У 1983 скончыў філалагічны факультэт БДУ, у 1986 - аспірантуру пры інстытуце мовазнаўства Акадэміі Навук. З 1990 выкладаў у Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. З 1990 працуе выкладчыкам у Беларускім гуманітарным ліцэі; таксама з 1990 працуе ў гістарычным часопісе "Спадчына". Тэматыка асноўных даследаванняў Вячоркі - спроба сучаснай нармалізацыі беларускага правапісу.
У 1979 стаўся адным з заснавальнікаў "Майстроўні", якая дзейнічала да 1984. У 1979-1985 уваходзіў у выдавецкую суполку, якая падпісвалася калектыўным псэўданімам "Беларуская Талеранцыйная Грамада". У 1980 разам з С. Дубаўцом і С. Сокалавым выдаваў пазацэнзурны літаратурны і палітычны часопіс "Люстра дзён" (выйшла 4 нумары). У 1985 - адзін з заснавальнікаў Клуба імя У. Караткевіча. У 1986-1989 у "Талацэ". У 1986-1987 разам з С. Дубаўцом і А. Бяляцкім выдаваў самвыдавецкі часопіс "Бурачок". У 1986-1990 уваходзіў у групу "Незалежнасць". У 1988-1989 у Канфедэрацыі беларускіх моладзевых суполак. З першых дзён (ад утварэння Аргкамітэта ў 1988) - у БНФ. Адзін з аўтараў тэксту праграмы БНФ. З 1990 па 1993 уваходзіў у склад рэдакцыі "Навінаў Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне". Рэгулярна друкаваўся ў газеце "Свабода".
З 1995 кіруе Цэнтрам "Супольнасць". У 1999 абраны старшынём Рабочай групы Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі. Адчуваў і адчувае на сабе прэсінг з боку уладаў і іхніх дабраахвотных паслугачоў.
Ініцыятар сучаснага ўпарадкавання беларускага класічнага правапісу. Валодае некалькімі еўрапейскімі мовамі. Мае траіх дзяцей - Радаславу, Ружану і Францішка. Франак Вячорка - моладзевы лідар і грамадскі дзяяч.
Для Вячорка заўсёды ідэал незалежнай і некамуністычнай Беларусі быў адным цэлым.
Вікіпедыя.
Віншуем Ірыну Краўчук
11 чэрвеня свой 50-гадовы юбілей адзначае галоўны бухгалтар нашай арганізацыі Ірына КРАЎЧУК .
Спадарыня Ірына - цудоўны чалавек, клапатлівая матуля, надзейны сябра, дасведчаны ў сваёй справе спецыяліст.
Сакратарыят ТБМ віншуе спадарыню Ірыну з гэтай важнай жыццёвай падзеяй.
Мы жадаем ёй фізічнай моцы, добрага настрою, доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця.
Васілю Жураўлёву - 85
27 траўня споўнілася 85 гадоў вядомаму літаратуразнаўцу, доктару філалагічных навук Васілю Пракопавічу ЖУРАЎЛЁВУ , які амаль 60 гадоў прысвяціў працы ў Акадэміі навук, з'яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій (аўтарскіх і калектыўных).
Васіль Жураўлёў, нарадзіўся 27.05.1931 г. у вёсцы Раздзел 2-гі Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1954 г. скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута і паступіў у аспірантуру пры гэтым жа інстытуце. З 1957 г. - навуковы супрацоўнік, з 1989 г. - галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Доктар філалагічных навук. Сябар СП СССР з 1972 г.
Выступае ў друку як крытык і літаратуразнавец з 1957 г. Адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" (1964-1966), "Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры" (1969), "Истории белорусской дооктябрьской литературы" (1977). Суаўтар кніг "Праблемы сучаснай беларускай прозы" (з П. Дзюбайлам і М. Луферавым, 1967), "Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс" (з А. Андраюком, А. Лысенка, Л. Голубевай, 1971), "Пытанні паэтыкі" (з Я. Шпакоўскім і А. Яскевічам, 1974), калектыўнай працы "Ідэйна-тэарэтычныя пытанні сучаснага літаратурнага працэсу" (1987).
Супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі віншуюць вельмішаноўнага юбіляра і жадаюць моцнага здароўя і далейшых здзяйсненняў.
У ПОШУКУ ДУХОЎНЫХ ІДЭАЛАЎ
(санет)
В.П. Жураўлёву з нагоды юбілею
Літаратура - выбар Ваш і лёс.
З маленства Словам родным счараваны.
Філолага Вам талент дараваны,
Каб з ім прайшлі Вы сотні плённых вёрст.
Вы верыце ў Маральнасці святло,
Структурны змест,
традыцый актуальнасць,
З падзей жыцця - сюжэтавычарпальнасць,
У дабрыню, якая знішчыць зло.
Асэнсавана твораў Вамі шмат,
Шмат выснавана мудрых дум-канцэпцый.
Як сімвал Прыгажосці, добрай, вечнай -
Паміж калосся - васілёк-сабрат.
Ваш Шлях - да Беларусі Дасканалай
Праз пошукі Духоўных Ідэалаў!
Таццяна Барысюк.
Беларускаую мову - у беларускія крамы
Напачатку 2016 года Менскай гарадской арганізацыяй ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" было распачата ліставанне з шасцю найбуйнейшымі сеткамі гіпермаркетаў Беларусі (Гіпа, Green, Еўраопт, BIGZZ, Карона, ProStore).
Сутнасць прапаноў ТБМ была наступная:
1. Арганізаваць мінімум адну касу з беларускай мовай абслугоўвання ў кожным гіпермаркеце.
2. Размясціць інфармацыйныя таблічкі (паказальнікі аддзелаў, інфакіёскаў, прадукцыі і інш.) на беларускай мове.
3. Даваць звесткі па гучнай сувязі на беларускай мове.
4. Афармляць цэннікі на беларускай мове.
5. Зрабіць беларускамоўную версію афіцыйнага сайта.
Гіпермаркеты не далі адказу, што прапановы будуць ўжыты ў дзейнасці крам, а прынялі іх толькі да ведама. Ад Green і ProStore адказаў мы не дачакаліся.
Як заўсёды асноўным абгрунтаваннем адмоў была спасылка на Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў: рускай і беларускай.
У сувязі з гэтым яны мяркуюць, што на рускай дзяржаўнай мове можна весці гандаль, а вось на дзяржаўнай беларускай - не.
Таварыства беларускай мовы не падзяляе такога меркавання і спадзяецца, што беларускае грамадства таксама.
Трэба давесці нашы думкі да кіраўнікоў гэтых сетак, у сувязі з чым ТБМ прапануе ўсім, хто зацікаўлены, каб беларуская мова прыйшла ў вышэй адзначаныя гіпермаркеты, распачаць ліставанне з імі.
Узоры лістоў да кожнага з гіпермаркетаў прыведзены на старонках нашага парталу tbm-mova.by, або можна адсылаць электронныя звароты на афіцыйных сайтах гіпермаркетаў.
Адзін ліст на месяц у бліжэйшы да вашага дома гіпермаркет ці наогул да ўсіх - адаслаць не складана.
Калі ласка, па магчымасці дасылайце сканаваныя копіі адказаў, здымкі з прыкладамі выканання нашых з вамі прапаноў для маніторынгу сітуацыі на адмысловую паштовую скрыню mova-u-kramu@tut.by , у групу Вконтакте ці Facebook пад назвай "Мова ў краму".
Мы верым, што да агульнага голасу сваіх пакупнікоў кіраўніцтва гіпермаркетаў прыслухаецца. Разам мы здолеем дамагчыся нашай мэты.
З павагай, старшыня Менскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А.А. Давідовіч.
ПІШАМ, ГАВОРЫМ...
Пра некаторыя словы, словаформы
Нялёгкі і не надта прыемны гэта занятак - рабіць аўтарам, моўцам заўвагі што да культуры маўлення (хіба ў самога "павучальніка" яно беззаганнае, без памылак?).
Ды займацца гэтым трэба. Усё ж нейкі станоўчы вынік, карысць ад заўваг - падказак бывае. Як прыклад, у апошніх нумарах "Нашага слова" сталі пісаць (друкаваць): невядома , нягледзячы на (адмоўе не адасоблена), лідар не лідэр .
Вядома, пры выбары і ацэньванні слоў, іх формаў трэба кіравацца перш за ўсё аб'ектыўнымі лінгвістычнымі крытэрыямі. Пэўную ролю тут адыгрывае наш моўны густ.
Напрыклад, мне падаецца больш прымальнай словаформа дзеячоў (а не дзеячаў ): выступы дзеячоў беларускай культуры ; член Саюза тэатральных дзечоў (НС, 13.04.2016; 4.05.2016). Шкада, што адпаведная заканамерная форма назоўнага склону дзяяч ужываецца рэдка, у тым ліку і на старонках тыднёвіка.
Здае свае пазіцыі форма меснага склону ў Пецярбурзе пад націскам варыянту ў Пецярбургу (бліжэй да рускай мовы). Аж узрадаваўся, убачыўшы: ... у Санкт-Пецярбурзе кніга выйшла на рускай мове . (НС, 4.05. 2016), універсітэт Рупрэхта Карла ў Гейдэльбурзе (НС, 18.05.2016).
Пакідаючы за рамкамі нататкі разавыя апіскі-абдрукі і арфаграфічныя недагляды кшталту падцвярджае , што трапляюцца на старонках газет і часопісаў, разгледзім некаторыя адхіленні, якія паўтараюцца і тым самым пачынаюць расхістваць літаратурныя нормы.
Часам "падпраўляецца" форма слова, каб прывесці яе ў адпаведнасць з беларускім словаўтварэннем і формазмяненнем, ці каб яна змагла перадаць патрэбныя сэнсавыя і стылістычныя адценні (апошняе яскрава выяўляецца ў індывідуальна-аўтарскіх неалагізмах).
У многіх жа выпадках літаратурае слова зазнае пэўныя змены формы пад уплывам іншых моваў (найболей рускай), народных гаворак і ў працэсе, так скажам, "самаразвіцця" мовы.
... Знаходзіць сілы заставацца чалавекам. I абавязкова трэба пастарацца быць шчаслівым. Не зламіцца (з адказаў С. Алексіевіч на пытанні чытачоў. ЛіМ. 22.04.2016). Традыцыйнае слова: зламацца .
Дзеяслоў выкупляць у літаратурнай мове характарызуецца асабовымі нормамі выкупляю, выкупляеш, выкупляе.. . А ў перадачах радыё, у друку гэтая граматычная норма, бывае, парушаецца: [Маці Тадэвуша] прадала гэтую сядзібу. I ... на атрыманыя грошы выкупае маёнтак Сяхновіча (ЛіМ. 5.02.2016).
У мове некаторых аўтараў і выданняў сустракаюцца асабовыя формы прыставачных дзеясловаў з коранем -сёк- . ...намеснік старшыні Савета Міністраў спыніў фінансаванне гэтага праекту, абсёк грамадную армію экскаватараў, тэхнікі і бульдозераў (В. Якавенка. НС, 4.05.2016). Бутрым абсёкся і не стаў тлумачыць, для чаго [абцугі] (Л. Рублеўская. Полымя. 2015, № 8). Незвычайны груз перасёк нядаўна літоўска-беларускую мяжу (Н. Грушынава. I канал, 20.01.2016). - Я мяркую, што такі палітык у Празе непатрэбны, - адсёк Сяргей Калякін (Наша Ніва. 1.04. 2009).
Паводле беларускіх слоўнікаў і граматык, корань у гэтых і падобных словах мае быць -сек- .
Паэт з багатай літаратурнай мовай, якая мае моцную апору на беларускія гаворкі, ужыў ненарматыўныя, некадыфікаваныя формы. дзеяслова.
[Балота:] Ты знішчыў суродзічаў глёўкія лежанкі,// Павыдраў лазоўе ўсё, да карча..; Нацешыцца думаў і бульбай, і коласам,// Павысахла, бачыш - ні кроплі дажджу; Падраслі, павыраслі іх дзеці; ...пачула вёска жах// Шчэ большае, няведамае сілы.// Ўся сцялася, павыгнаная з хат... (М. Мятліцкі. Полымя, 2016, № 4).
Нават "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова не фіксуе слоў павыдраць, павысахнуць, павырасці, павыгнаць . Увогуле ж такія формы можна напаткаць у мастацкіх творах і іншых пісьменнікаў.
Сучасная літаратурна-маўленчая практыка ў цэлым адхіляе дзеяслоўныя формы з суфіксамі -ем-, -ім-, -юч- . Аднак зрэдку яны трапляюцца. Ён [пісьменнік-перакладчык] не можа поўнасцю пераўасобіцца ў перакладаемага аўтара, цалкам адмовіўшыся ад уласнай творчай індывідуальнасці (Полымя. 2016, № 4).
Замест слова перакладаемы ў значэнні "які перакладаецца, які перакладаюць" правамерна ўжыць перакладаны . Параўнаем аналагічныя дзеепрыметнікі /прыметнікі: меркаваны (рас. предполагаемый ), чаканы ( ожидаемый) , купляны ( покупаемый ) і інш. А вось разгляданая форма дзеяслова ў сказах. Але хіба сучаснай Беларусі не патрэбны чытаныя пісьменнікі (А. Ланіцкая. ЛіМ. 26.02.2016). Раман "Жыткаўскія багіні"... стаў самым прадаваным у Чэхіі за апошнія дзесяцігоддзі (А. Латышава. ЛіМ. 4.03.2016).
У аналагічных кантэкстах вылучаным словам адпавядаюць рускія читаемые продаваемый .
Прыкра, што кваліфікаваны аўтар, філолаг мог пусціць у друк скалькававае слова (у сказе вылучана): ... колькасць збяднелых расіян распе з пужаючай хуткасцю (Народная воля. 3.05.2016). Ці нельга было напісаць неяк інакш: з палохальнай / палохлівай хуткасцю, з застрашлівай хуткасцю... .
Хачу яшчэ раз звярнуць увагу на недакладнае ўжыванне дзеяслова адрознівацца . Лашук адрозніваўся незвычайнай жорсткасцю да палонных (Народная воля. 29.09. 2015). Баевікі адрозніваюцца зменлівасцю сваіх намераў (I канал, 25.03. 2016).
Тут лепш падышлі б дзеясловы вызначацца, вылучацца і інш. Параўнаем сказы: [Эўкаліпт] вызначаецца хуткасцю росту (А. Карлюкевіч). Крытычныя артыкулы М. Гарэцкага вылучаюцца, таксама сістэматызаванасцю... (Полымя. 2016, № 1).
У сказе Беларуская працукцыя адрозніваецца высокай якасцю (І канал, 20.03.2008) можна зрабіць такую замену: ... адметная высокай якасцю, мае высокую якасць.
Даводзілася мве таксама пісаць, што дзеяслоў усталяваць , пашыраючыся ў мове, часам ужываецца неадэкватна (як на сёняшні погляд): Усталяваць прычыны злачынства . У такім кантэксце патрэбны іншыя словы: устанавіць, вызначыць, высветліць.
У дзеяслова апынуцца (апынацца) моўная практыка развівае новае значэнне, такое, як у дзеяслова аказацца - "Стаць, з'явіцца на справе, у сапраўднасці якім-н., кім-, чым-н." (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. І, 1977). ... трэба думаць, што для калег стасункі з гэтым зычлівым і жыццярадасным чалавекам [Алесем Бадаком] заўсёды апынуцца прадуктыўнымі (Ю. Шпакова. ЛіМ. 26.02.2016). ... не хочацца, як ты [Сяргей], апынуцца бамжом (А. Макоўскі. ЛіМ. 8.04. 2016).
Такое ўжыванне вылучаных слоў успрымаецца як нязвыклае. Пакуль?
Недакладкасці нярэдка ўзнікаюць пры выбары адпаведнікаў рускіх слоў. На сілкаванне аўтамабіля электраэнергіяй да 80 % сыходзіць усяго толькі 15-30 хвілін (Народная воля. 1.09.2015).
Відаць, так пераклалі рускі дзеяслоў уходит (тут падышоў бы беларускі ідзе ). I ў некаторых іншых выпадках ужываюць недарэчы дзеяслоў сыходзіць (сысці) : сыходзіць на пенсію, сышоў з жыцця - замест выходзіць на пенсію, пайшоў з жыцця.
У некаторых дзеясловах назіраецца змена традыцыйнага месца націску. У адных з іх націск сыходзіпь з суфікса на корань, у іншых перамяшчаецца з кораня на канчатак. Можа, на гэтай ноце варта і завершыць аповед (канал "Культура", 26.03.2016). [М. Стральцоў:] Дзякуй, што зайшоў, асветліў хату "лучом лицейских светлых дней..." (Р. Барадулін. Дзённікі і запісы, 2015). З французамі на пару з Багінскім [пане Каханку] змаўляецца, каб Панятоўскага дыктатарам абвесціць... (Л. Рублеўская). Акцэнтны варыянт абвесціць ужо даецца ў "Вялікім слоўніку..." (як і раней кадыфікаваны абвясціць ). Яны з намі не пагадзяцца (замест пагодзяцца ) (канал "Культура", 21.012016). Можа яна згадзіцца (замест згодзіцца ) на дзесяць пацукоў, - сказала прынцэса (І канал, 28.01. 2016). Не брал а на сябе адказнасць (М. Дуброўская. Канал "Культура", 31.01.2016). Набрал а найбольшую колькасць галасоў (М. Савіцкая. Канал "Сталіца" 26.04.2016).
У вылучаных словах зрушэнне націску адбылося, мажліва, паводле аналогіі з рускімі дзеясловамі согласятся, согласится, брал а , набрал а .
Усё часцей чуем на радыё праэкт (замест праект ), ім, іх (замест йім, йіх ): Звычайныя сямейныя гісторыі... Колькі [іх] адбываецца! (В. Стэльмах. I канал, 14.05.2016).
Дык хіба ж можна заплюшчыць,.. вочы (і заткнуць вушы) на памылкі ў нашай мове і "далікатненька маўчаць"?
Алесь Каўрус
Як ствараюцца школьныя падручнікі ў ФРГ
Навіны Германіі
Разгледзім, як ствараюцца школьныя падручнікі ў ФРГ. Гэты выбар невыпадковы. Германія - краіна, якая здолела за адносна кароткі тэрмін прайсці шлях ад таталітарнай да сучаснай дэмакратычнай дзяржавы з моцнай эканомікай і сацыяльнай стабільнасцю. На якіх кнігах там вучацца дзеці, як працуюць настаўнікі - пытанне не пустое. І яшчэ адна акалічнасць. На поўначы Германіі ў Браўншвейгу (Ніжняя Саксонія) знаходзіцца ўнікальная даследчая ўстанова - Інстытут міжнароднага даследавання школьных падручнікаў імя Георга Экерта (ГЭІ), які спецыялізуецца на даследаванні школьных падручнікаў розных краін па гісторыі, геаграфіі і грамадазнаўству з адпаведным выхадам на тэксты навучальнага матэрыялу па літаратуры і мовах.
ЧАСТКА І
Асноўныя прынцыпы даследаванняў - мультыперспектыўнасць і ўхіленне канфліктаў праз пабудову зместу. Асноўная задача - праз аналіз пэўных гістарычных падзей з розных пунктаў погляду (супастаўляючы сучаснае і мінулае) і праз напісанне супольных падручнікаў паступова прыйсці да ўзаемаразумення, прывесці колішніх апанентаў і ворагаў да дыялогу. Асобны кірунак даследаванняў - адлюстраванне ў падручніках грамадазнаўства працэсаў трансфармацыі таталітарных грамадстваў у дэмакратычныя. Апошнім часам вялікая ўвага надаецца суіснаванню еўрапейскага хрысціянства з ісламскім светам. Існуюць праекты: Ізраіль - Германія, Ізраіль - арабскі свет, Японія - Кітай, Германія - Польшча, Францыя - Германія, Расія - Германія і г. д. У гэтых праектах, якія падтрымліваюцца ўрадам ФРГ, вучоныя з розных краін з удзелам супрацоўнікаў ГЭІ працуюць над сумеснымі спрэчнымі тэмамі. Інстытут мае гіганцкую бібліятэку (папяровую і электронную), падтрымлівае сталыя сувязі з камісіямі па школьных падручніках на ўсіх кантынентах. Запачаткаваныя ў 90-х гадах мінулага стагоддзя сувязі з беларускімі аўтарамі падручнікаў па гісторыі, на жаль, плённага развіцця не атрымалі.
Агулам працэс ідзе цяжка. Разыходжанні і стэрэатыпы пераадольваюцца не адразу. Працяглы нямецка-польскі дыялог сумесных працоўных груп Польшчы і Германіі, якія меркавалі напісаць супольны падручнік гісторыі для вучняў старэйшых класаў, не прывёў да станоўчага выніку. Больш-менш паспяховым можна назваць супрацоўніцтва Інстытута з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй. Найбольшы прагрэс - з'яўленне пад куратарствам Інстытута двухтомавага супольнага нямецка-французскага падручніка па гісторыі (ад Венскага кангрэсу да 1945 г. і ад 1945 г. да нашага часу). Кнігі выйшлі ў 2006 г. ў нямецкім выдавецтве Klett у Лейпцыгу. Прэзентацыя адбывалася ў Берліне з удзелам французскіх аўтараў і выдаўцоў. Французскія і нямецкія тэксты супадаюць слова ў слова. А немцы ж былі з французамі заклятымі ворагамі падчас абедзвюх усясветных войнаў!
Пра такое нам толькі можна марыць. Уявіце сабе, што з'явіўся падручнік па гісторыі для расіян і беларусаў з абсалютна аднолькавым тэкстам, дзе ўрэгуляваныя ўсе спрэчныя пытанні. Або літоўска-беларускі ці польска-беларускі!..
Тэкст, які мы прапануем для азнаямлення нашым чытачам - скарочаны пераказ дакладу доктара Георга Штэбера (Georg Stаber, кіраўнік аддзела "Школьны падручнік і канфлікт"), які ён зрабіў на 4-ым Швейцарскім сімпозіюме па навучальных сродках у студзені 2010 г. Поўная версія рэферата была надрукавана ў серыі Eckert.Beitrаge 2010/3. Нямецкая назва: Georg Stаber. Schulbuchzulassung in Deutschland. Grundlagen, Verfahrens-weisen und Diskusionen. У нашым перакладзе: "Допуск школьных падручнікаў да выдання ў Германіі. Асноўныя палажэнні, працэдура і дыскусіі".
УСТУПНАЯ ЗАЎВАГА
Паводле заканадаўчага рэгулявання ФРГ, падручнікамі з'яўляюцца апублікаваныя навучальныя дапаможнікі, якія ўключаюць навучальны матэрыял для цэлага года або семестра (паўгадавы тэрмін). У большасці федэральных земляў Германіі такія публікацыі падлягаюць пэўнай працэдуры допуску. Паколькі пытанні культуры, адукацыі з'яўляюцца выключнай кампетэнцыяй федэральнай зямлі (Bundesland), то адпаведна маюць месца значныя разыходжанні ў самой працэдуры, крытэрыях і органах, якія кіруюць гэтым працэсам. Трэба мець на ўвазе, што адзінага погляду на гэтае пытанне ў Германіі не існуе.
КАРОТКІ ЭКСКУРС У ГІСТОРЫЮ
Спробы кантраляваць школьныя падручнікі назіраліся ў Германіі ўжо з 16 стагоддзя. Напачатку гэта была царква, потым дзяржава пашырыла свае кампентэнцыі. Аднак мясцовыя ўлады ўвесь час імкнуліся захаваць свой уплыў. У эпоху феадальнага абсалютызму, які панаваў у землях, у сферы публічнай адукацыі выключнае права і слова суверэна было вырашальным. Прыватныя навучальныя ўстановы кіраваліся сваімі правіламі карыстання падручнікамі. Абсалютнай цэнтралізацыі пытанне допуску школьных падручнікаў дасягнула пры гітлераўскім нацысцкім рэжыме і ў ГДР падчас дыктатуры Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі.
Пасля ўтварэння ФРГ, пачынаючы з 1949 г., пытанні стварэння школьных падручнікаў былі перададзены ў выключную кампетэнцыю федэральных земляў.
Для змяншэння разыходжанняў у школьнай справе паміж тэрытарыяльнымі адміністрацыйнымі адзінкамі ў 1951 г. была створана Пастаянная канферэнцыя міністраў культуры федэральных земляў (Stundige Konferenz der Kultusminister, KMK) як інструмент інфармавання, абмеркавання і каардынацыі. У 1972 г. у змест працы камісіі былі ўнесены некаторыя змены для ўніфікацыі патрабаванняў пастановы "Кантроль і дазвол да друку школьных падручнікаў" у частцы адпаведнасці вучэбных планаў агульным патрабаванням заканадаўства і Канстытуцыі.
ПРАВАВЫЯ РАМКІ
Федэральныя землі Берлін, Гамбург, Саарлянд і Шлезвіг-Гальштэйн ужо некалькі год не маюць ніякай строга рэгламентаванай працэдуры допуску. Астатнія землі карыстаюцца даволі разнастайнымі, у большай ці меншай ступені строгімі, патрабаваннямі, якія ў адпаведных пастановах і распараджэннях міністэрстваў, кіруючых у станоў і зямельных школьных законаў апісваюцца юрыдычнай формулай з дапамогай выразаў: "Падручнікі могуць выкарыстоўвацца ў школах, калі ...", "адказнае міністэрства можа забараніць выкарыстаннне падручніка, калі ...", "падручнікі дапускаюцца міністэрствам, калі ...", "дазвол на выкарыстанне можа быць забраны, калі ...".
Законы аб школе ("Schulgesetze") усіх федэральных земляў абавязкова ўказваюць на тое, што школьныя падручнікі не павінны ўваходзіць у супярэчнасць з Канстытуцыяй і астатнімі законамі, адпавядаць дыдактычным патрабаванням, навучальным планам і эканамічным разлікам. Апошнім часам у школьных законах некаторых земляў паглыблены раздзелы, дзе патрабуецца належная ўвага гендэрнаму фактару і тэкстуальным акцэнтам у апісаннях расава-рэлігійных адметнасцяў пэўных груп грамадзян.
Акрамя зямлі Райнлянд-Пфальц у заканадаўчых актах усіх федэральных адміністрацый апісваецца, якім павінен быць падручнік:
- друкаваны, у цвёрдым пераплёце (як правіла), для кожнага вучня;
- з дызайнам, арыентаваным на спецыфіку прадмета;
- для аднаго прадмета або з міжпрадметным зместам;
- арыентаваны на навучальны план або стандарт;
- з пэўнымі мэтамі, кампетэнцыямі і зместам;
- разлічаны паводле матэрыялу на поўны навучальны год або семестр (паўгода);
- як галоўны навучальны сродак.
Як падручнікі (з усімі далейшымі патрабаваннямі) разглядаюцца таксама атласы і зборнікі тэкстаў. Электронныя навучальныя сродкі не кваліфікуюцца як падручнікі. Слоўнікі, граматыкі замежных моў і зборнікі формулаў могуць часткова кваліфікавацца як падручнікі і тады падлягаюць працэдуры допуску.
Без спецыяльнага допуску ў некаторых землях дазваляецца карыстанне кнігамі ў пачатковых класах, падручнікамі для прафесійнага навучання, у спецшколах з малой колькасцю навучэнцаў (з абмежаваннем паводле зроку, слыху і агульнага развіцця). У Саксоніі вызвалены ад працэдуры допуску падручнікі па сорбскай мове (так у немцаў называюць нацыянальную меншасць серба-лужычан).
Калі падручнікі і рабочыя сшыткі не падлягаюць працэдуры допуску, маецца на ўвазе, што ў іх не павінна быць значных адхіленняў ад агульнапрынятых патрабаванняў.
З улікам геаграфічнай спецыфікі рэгіёнаў і складу насельніцтва, змест падручнікаў па розных федэральных землях можа адрознівацца і канкрэтызавацца праз дадатковыя рэгіянальныя матэрыялы: адказнасць багатых краін перад бяднейшымі, прафарыентацыя мясцовага насельніцтва, бізнес і рэгіянальны крос-маркетынг, гендэрны фактар ў прыватным бізнесе і г. д.
За допуск школьных падручнікаў да друку і выкарыстанне ў навучальным працэсе ў розных землях адказваюць міністэрствы культуры або спецыяльныя педагагічныя даследчыя ўстановы. У чатырох землях строга сфармуляваная працэдура допуску адсутнічае. Ніжэй падаецца карта, дзе пазначаны носьбіты кампетэнцыі допуску (цёмны круг - міністэрствы, ромбікі - даследчыя інстытуты, пусты круг - адсутнасць апісанай працэдуры, даданая зорачка - ідзе працэс удасканалення). Карта адпавядае стану на студзень 2010 г.
Як бачна, кампетэнцыі размеркаваліся наступным чынам: міністэрствы кіруюць гэтым працэсам у Баварыі, Паўночным Рэйне-Вестфалія, у Гесэне і Цюрынгіі. У БадэнВюртэмбергу - Зямельны інстытут школьнага развіцця, у Брэмене - Зямельны інстытут па школьных справах, у Ніжняй Саксоніі - Зямельны інстытут удасканалення і перападрыхтоўкі настаўнікаў і спецыялістаў па сродках навучання, у Саксоніі - Дзяржаўны інстытут адукацыі і школьніцтва (паводле гістарычнай традыцыі Саксонія, як і Баварыя, лічацца дэ-юрэ "дзяржавамі"). У Шлезвіг-Гольштэйне да 2008/2009 г. допуск адбываўся праз міністэрства пасля адпаведнага кантролю Зямельным інстытутам практыкі і тэорыі ўладкавання школьніцтва. Такім чынам, кантроль і допуск арганізацыйна раздзяляліся.
Змест падручнікаў і выкладанне рэлігіі як прадмета каардынуецца звычайна з адпаведнымі рэлігійнымі грамадамі. Вучням, якія не хочуць вывучаць рэлігію, даюцца ўрокі этыкі.
У некаторых землях па асобных прадметах можа практыкавацца так званы спрошчаны допуск, калі прызнаецца дастатковым пісьмовае сведчанне выдавецтва, што падручнік адпавядае агульнапрынятым патрабаванням.
ПРАЦЭДУРА ДОПУСКУ ПРАЗ МІНІСТЭРСТВА
(на прыкладзе Баварыі)
Адказнае міністэрства - адукацыі. Баварская сістэма кантролю - бадай, самая аб'ёмная. Асноўныя палажэнні выкладзены ў Законе аб выхаванні і выкладанні школьных прадметаў, дзе выдзяляюцца сродкі выкладання і навучання, а таксама фармулююцца правілы допуску падручнікаў, рабочых сшыткаў і рабочых фармуляраў. Закон дазваляе міністэрству выдаваць дадатковыя пастановы для кантролю і допуску падручнікаў.
Калі якое-небудзь выдавецтва хоча выпусціць на кніжны рынак новы падручнік, яно падае пісьмовую заяву на допуск. У заяве называецца прадмет і ўзроставая група для адпаведнага тыпу школы. Да заявы прыкладаюцца два кантрольныя экземпляры падручніка. Калі падручнік можа выкарыстоўвацца ў розных тыпах школ, для кожнага тыпу прыкладаюцца па два экземпляры. У якасці кантрольных прымаюцца "надрукаваныя экземпляры навучальнага дапаможніка" або поўныя (з усімі дадаткамі) і збрашураваныя рукапісы з прадугледжанымі каляровымі ілюстрацыямі, калі дадзеные выданне не павінна быць выканана ў чорна-белым фармаце.
(Працяг у наст. нумары.)
Пётра Садоўскі
Гародня, ветрам русіфікацыі нахілёная
Пасля сумнавядомага рэферэндуму 14 траўня 1995 года была змененая дзяржаўная сімволіка і расейскай мове нададзены статус другой дзяржаўнай.
У Гародні моўная сітуацыя пагоршылася адразу, пасля рэферэндуму. Бо па загадзе зверху знайшліся сродкі на тэрміновую замену ўсіх шыльдаў на будынках дзяржаўных установаў. Апрача таго: памяненяны былі старыя бланкі (гербавыя паперы) на новыя, з новым гербам і на дзвюх мовах беларускай і расейскай.
Праз некаторы час дайшла чарга да візуальнай інфармацыі дзяржаўных установаў.
На працягу паўгода пасля рэферэндуму былі зменены ўсе шыльды з Пагоняй і беларускай мовай, на новы герб і ўжо на дзвюх мовах. Усё гэта адбывалася пад пільным наглядам вялікай групы пенсіянераў савецкага войска і КДБ, якія дзейнічалі з дазволу Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Наступ на аснову дзяржаўнасці - беларускую мову, з поўным яе выключэннем з вонкавага афармлення дзяржаўных і камерцыйных установаў пачаўся неўзабаве. Бо пры адкрыцьці новых будынкаў, каб умясціць і без таго раздзьмутае войска чыноўнікаў, пра беларускую мову нават не згадалі. Чыноўнікі атрымаліся не беларускія, а расейскія?
З усяго бачанага, не трэба быць юрыстам, а дастаткова проста быць чалавекам з глуздамі, каб даць праўдзівую ацэнку стаўлення да сваёй нацыянальнай краіны гэтых чыноўнікаў. Ці Беларусь - гэта толькі ілюзія, для тых, хто жыве Беларуссю? Пяройдзем да прыкладаў.
Пракуратура ды іншыя ўстановы груба парушаюць дзяржаўнасць беларускай мовы. Ва ўстанове беларус не знойдзе ніякай інфармацыі па-беларуску. У вонкавым афармленні яна выкінутая, і нішто ўжо не нагадвае, што яна мае дзяржаўны статус. Таксама ніжэй прыведзеныя некаторыя ўстановы з адрасамі ў Гародні, якія ідуць антынацыянальным шляхам у вонкавым афармленні і сваёй унутранай дакументацыі.
1. Упраўленне юстыцыі, начальнік Аляксандар Сянкевіч, вул. Элізы Ажэшкі, 3.
2. ААТ Гроднааблаўтатранс, генеральны дырэктар Дзмітры Харчанка, вул. Элізы Ажэшкі, 25 - філіялы дзейнічаюць ва ўсіх раёнах.
3. КУП Гроднааблдарбуд, генеральны дырэктар Валеры Кокаш, вул. Перамогі, 15А.
4. ААТ Гроднапрамбуд, генеральны дырэктар Абдулвагаб Вагабаў, пр. Касманаўтаў, 52.
5. УП Гроднааблгаз, генеральны дырэктар Яўген Смірноў, пр. Касманаўтаў, 60/1.
6. Камітэт занятасці і сацыяльнай абароны аблвыканкама, Анатоль Зімнавода, вул. Элізы Ажэшкі, 3
7. РУП Гроднаэнерга, генеральны дырэктар Уладзімір Шатэрнік, пр. Касманаўтаў, 64.
8. Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, начальнік Алег Шафранскі, вул. Давыда Гарадзенскага, 20А.
Што тычыцца інтэрнэт-кантэнту, то сайты абласнога і гарадскога выканаўчага камітэтаў не маюць паўнавартасных старонак па-беларуску. Хаця, пасля шматлікіх зваротаў сяброў Таварыства беларускай мовы чыноўнікі гарадскога выканкама трохі падправілі сітуацыю. Беларуская версія ажывілася. Але толькі на застаўках. Тэксты пераважаюць расейскія і на беларускай версіі старонкі інтэрнэту. Іншымі словамі, па-беларуску адсутнічае сваечасовая і поўная інфармацыя пра дзейнасць гарадскіх і абласных выканаўчых уладаў. Таксама ўжо з пяць гадоў на сайтах немагчыма знайсці анонсаў пра грамадска значныя прэсавыя канферэнцыі, якія праходзяць у мурах гэтых установаў.
Колькі ж хадзілі з гэтым пытаннем сябры Гарадзенскай гарадской і абласной радаў па моўным пытанні на прыёмы да чыноўнікаў гарадскога і абласнога выканкамаў? Ужо цяжка падлічыць. Пакуль істотнага поспеху яны не маюць.
Гэтак, на адной з сустрэчаў у аблвыканкаме, на заўвагу, што ў артыкуле 17 дзейнай Канстытуцыі на першым месцы стаіць беларуская мова ў якасці дзяржаўнай, толькі на другім месцы расейская; то чаму беларускай мовы няма на шыльдах гэтых устаноў? выканавец абавязкаў галоўнага ідэолага вобласці Аляксандар Вярсоцкі адказаў, што дзяржаўныя ўстановы канстытуцыю не парушаюць!
Абуральна, што справу дзяржаўнай значнасці, справу нацыянальнай бяспекі не могуць, ці не хочуць развязаць чыноўнікі, якія на службе беларускага народа! Бо нацыянальная мова - гэта адзін з чыннікаў стабільнасці еўрапейскай дзяржавы.
Апошняя сустрэча сяброў ТБМ, перад выхадам гэтага артыкула, прайшла з намеснікам старшыні аблвыканкама Віктарам Лісковічам. Той абяцаў, што сэнсоўна размясціць на шыльдах устаноўваў дзвюхмоўную інфармацыю. Але пра законнае права атрымаць поўную візуальную інфармацыю па-беларуску грамадзянам Беларусі - пытанне дасюль не вырашана.
Ці мог бы выправіць сітуацыю з выраўноўваннем статусу дзяржаўнай беларускай мовы ў вобласці старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў? Пытанне рытарычнае. Не аднакроць грамадскія актывісты, дэкляравалі жаданне запісацца на прыём да вярхоўнага абласнога чыноўніка. Але службы абласнога выканаўчага камітэта адмаўляюць ім у гэтым. Ну, а чыноўнікі ніжэйшага рангу - "флюгеры", "ветрам русіфікацыі нахілёныя".
Віктар Парфёненка, Аляксандар Місцюкевіч, сябры Таварыства беларускай мовы. Фоты шыльдаў Аляксандра Місцюкевіча.
На радзіме Элізы Ажэшкі закрылі школу, а настаўніца ператварыла яе ў музей
У былой школе ў Мількаўшчыне, якую зачынілі тры гады таму, на радзіме пісьменніцы Элізы Ажэшкі ў Гарадзенскім раёне, былая настаўніца Таццяна Савянкова ператварыла школьны музей вядомай пісьменніцы ў літаратурна-краязнаўчы. Тут пануе беларуская культура.
Базавую школу імя Элізы Ажэшкі ў Мількаўшчыне зачынілі з прычыны малакамплектнасьці тры гады таму. Дзетак цяпер возяць у школу ў Скідзель, некаторыя ходзяць у суседнюю вёску Каменку. Але хоць школы і няма, засталіся гурткі для мясцовых дзетак. А з невялічкага музейнага пакоя ў гонар Элізы Ажэшкі вырас цэлы літаратурна-краязнаўчы музей.
Таццяна Савянкова, якая стварыла музей і надалей апякуецца ім, распавядае, што будынак былой школы стаіць з 1947 года. Праўда, цяпер у класах замест партаў - музейныя экспанаты. Паводле яе, местачкоўцы называюць музей па старой звычцы - "імя Элізы Ажэшкі".
Лёгка ўявіць, як у пакоях паабапал калідора месціліся класы. Але для музея яны не менш зручныя. Да таго ж тут цікавыя каларытныя печы.
Заходзім у былы кабінет беларускай мовы. Спадарыня Таццяна распавядае:
- А цяпер тут - "Свет побыту колішняга сялянства". Экспанаты збіралі ўсёй грамадой па навакольных вёсках. Вось і стол дубовы нам дзядок мясцовы падараваў. А тут і кросны, і прасці можна. Калаўроты, розныя глякі, збанкі, нават масла збіць можна. Усе гэтыя экспанаты дзейныя, і мы час ад часу такія рэчы практыкуем. Мы імкнуліся ахапіць усе бакі вясковага жыцця.
А вось мы ў іншым класе. Спадарыня Таццяна распавядае, што экспазіцыя прысвечана гісторыі самой школы ў Мількаўшчыне.
Міхал Карневіч.
Зорка Лідзіі Шагойкі
Лідзія Паўлаўна Шагойка (Шайдо) нарадзілася 26 лістапада 1960 года ў вёсцы Пясчанка Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Маці - Надзея Цярэнцьеўна нарадзілася ў 1929 годзе. Усё жыццё яна працавала ў калгасе "Маяк". Бацька - Павел Ярафеевіч (1924-1990) - удзельнік ВАВ, быў паранены пад Кёнігсбергам, таксама працаваў ў калгасе "Маяк"... Дзядуля Лідзіі - Цярэнцій - загінуў пад Кёнігсбергам.
Дзяўчына ў 1-4 класах вучылася ў пачатковай школе ў вёсцы Стара-Брашчына, а ў 1978 годзе закончыла беларускамоўную школу ў вёсцы Нова-Брашчына. Пашчасціла з выкладчыцай рускай мовы. Гэта была Артамонава Алена Паўлаўна.
У 1978 годзе сп. Лідзія не прайшла па балах на журфак БДУ і ў 1978-1979 гг. працавала піянерважатай у Чарнарускай СШ, а таксама год працавала на заводзе "Тэхнапрыбор".
У 1982-1988 гадах вучылася на філфаку БДУ. Прыязнасць да літаратуры была ў яе заўсёды. Друкавалася ў раёнцы г. Шклова "Ударны фронт", куды пісала вершы і артыкулы на рускай і беларускай мовах. У ВНУ у сп. Лідзіі выкладалі Шамякіна Таццяна Іванаўна, Лойка Алег Антонавіч, Бугаёў Зміцер Якаўлевіч, Казлова Вольга Васільеўна, Любоў Тарасюк. Рэцэнзентам дыплома была Карпава Людміла Уладзіміраўна. Яго назва: "Каб не астыла цяпло зямлі: праблема станоўчага героя ў адвечных сувязях з роднай зямлёй і малоў Радзімай". Кіраўніком дыплома быў Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч, які выкладае і ў нашы дні. Ён прапанаваў сваёй дыпломніцы ісці вучыцца далей. На абароне дыплома прысутнічаў будучы акадэмік Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў.
Асабістае жыццё ў Лідзіі Паўлаўны склалася добра. У 1987 годзе яна пабралася шлюбам з Шагойкам Георгіем Мікалаевічам 1965 г.н. Ён інжынер-тэхнолаг па дрэваапрацоўцы, а зараз апякуецца пчоламі на лецішчы. Лідзія мае двое дзяцей. Гэта дачушка Вольга 1988 г.н., якая закончыла педкаледж, а потым БДУКіМ, а таксама сын Павел, які закончвае хімфак БДУ (аддзяленне фармакалогіі).
У 1988 годзе Лідзія размеркавалася ў адну са школ Воршы, а потым паехала за мужам ў Менск. Уладкавалася ў СШ № 164, дзе з1991 па1997 выкладала беларускую мову і літаратуру. У 1998 годзе уладкавалася ў часопіс "Роднае слова" (рэдактар Міхась Шавыркін). Потым працавала ў газеце "Женский калейдоскоп" з 2006 па 2011 год. З 2011 года сп. Лідзія Шагойка працуе загадчыкам культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. За гэты час правяла каля 100 мерапрыемстваў. Распрацавала праект "Літаратурнае падарожжа", які задумваўся на два гады. Здзейснілі каля 20 падарожжаў (Кушляны, Жупраны, Наваградак, Лепель, Дастоева і г.д.) Апошняя вандроўка адбылася 19 траўня 2016 года, выступалі ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы і вёсцы Шашкі, дзе ёсць школа 1856 гола.
Пра вандроўкі Лідзія Паўлаўна пісала ў "Голас Радзімы" і "Краязнаўчую газету".
Сп. Лідзія вельмі любіць паэзію Аляксея Пысіна, якога ведала асабіста. У 1977-1978 гг. ён арганізоўваў семінары літаратараў-пачаткоўцаў у адной з СШ г. Магілёва. Лідзія Паўлаўна мае любімых празаікаў (Быкаў, Скрыган, Карамазаў).
У апошні час сп. Лідзія захапілася паэзіяй Хрысціны Лялько, а пазней і яе прозай. Лідзія Паўлаўна раіць перачытаць кнігу "Світанак над бярозамі"!
Шаноўная Лідзія Паўлаўна марыць, каб людзі больш чыталі і адкрывалі для сябе багацце нашай літаратуры.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
Культавы раман "Знахар" пераклалі на беларускую мову
Аўтар рамана Тадэвуш Даленга-Мастовіч (1898 - 1939) - беларускі польскамоўны празаік, сцэнарыст і журналіст, які паходзіў з Глыбоччыны, быў самым высокааплатным пісьменнікам міжваеннай Польшчы і запатрабаваным стваральнікам кінасцэнарыяў, некаторымі з якіх перад Другой сусветнай вайной зацікавіліся ў Галівудзе. Пасля загадкавай гібелі пісьменніка ў самым пачатку вайны надышоў перыяд забыцця яго творчасці. Аднак у апошнія гады зацікаўленасць рэтралітаратурай расце, а стаўленне прасунутых чытачоў і рафінаваных крытыкаў да масавай культуры першай паловы ХХ стагоддзя мяняецца з паблажлівага на настальгічнае. Тадэвуш Даленга-Мастовіч і яго сямнаццаць раманаў зноў у цэнтры ўвагі. У тым ліку ў Беларусі, дзе яго параўноўваюць з іншым "забытым класікам" міжваеннага часу Сяргеем Пясецкім. Як вынік такой увагі пабачыў свет першы пераклад рамана Даленгі-Мастовіча на беларускую мову. "Знахара" "вярнулі на радзіму" чатыры перакладчыцы: Марына Казлоўская, Марыя Пушкіна, Марына Шода і Ганна Янкута. Раман выйшаў у серыі перакладной літаратуры "Калекцыя "ПрайдзіСвета". "Знахара" па-беларуску ўжо можна спампаваць на партале беларускіх электронных кніг kniharnia.by .
Паведамляе lohvinau.by. Фота wikipedia.
Выстава ў сядзібе ТБМ
У сталічным офісе ТБМ (Менск, вул. Румянцава, 13) адкрылася выстава Лявона Грышука "Фарбы небакраю". Наведаць выставу можна цягам чэрвеня па буднях з 15.00 да 19.00 (уваход вольны).
Наш кар.
Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!
Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на другое паўгоддзе 2016 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 78. Цана змянілася нязначна. У 2016 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.
Законы неба не адмяняюцца
(Нябесная Беларусь)
паэма-эсэ
(Працяг. Пач. у папяр. нумары.)
* * *
Янку Купалу забілі б і сёння,
Толькі ўжо не ў Маскве,
А ў Мінску.
* * *
Як нібыта пукатасць ці ўзгорак які,
Без цырымоніі тут
Прыкметы Айчыны
імкнуцца ў душах знішчыць.
* * *
І чым бяспраўней і сумленней
Чалавек,
Тым болей да яго
з усіх бакоў прэтэнзій.
* * *
Няпраўда, што няма
за што тут зачапіцца;
Ды тут цябе зачэпяць самі,
А ты - у зямлю ўпотырч галавой.
* * *
Ілжэпатрыётамі
шпаклююць дзіркі тут,
Каб аніхто і анішто не ўварвалася
Сюды з нябеснай Беларусі.
* * *
Тут розных захворванняў -
процьма,
А вось на беларушчыну, на Айчыну
Сягоння - рэдкасць.
* * *
Панаядаліся, задаволілі страўнікі,
А голад духоўны залез ужо ў косці
І паскудствы спараджае
для Бацькаўшчыны.
* * *
Перабудова!..
І гною нападоб,
На людства хлынулі
даброты танныя.
* * *
І свядомасць тут, і сумленне
Стараюцца-выпінаюцца
Пераважна ў накірунку
кішэні і страўніка.
* * *
Сустракаюцца тут і такія,
што "Анегіна"
З захапленнем падоўгу цытуюць,
А вось з "Новай зямлі" ад іх -
ні страфы, ні радочка.
* * *
А вось так званыя сябры-паэты
Адзін аднаго
вершаняты праглядаюць,
Каб іх пасля ж і абняславіць.
* * *
Супраць цябе, дарагая Айчына,
Варажнеча і злосць чужынцаў
Залезла ў сэрцы і косці
многіх тваіх насельнікаў.
* * *
Дух patria слаба прыжыўся
на гэтай зямлі;
Яго паглыналі страўнікі
На фізічнае выжыванне тубыльцаў.
* * *
Радзівілы, Сапегі, Пацы…
Каго яны вывелі ў людзі
З халопаў беспраўных?!.
* * *
Даволі ганарыцца тымі,
Хто з панявольнай Айчыны нашай
Пайшоў няволіць іншых
у імя імперыі.
* * *
Прыгледзься добра
Да многіх "шчырых" патрыётаў,
Як многа сярод іх
узорных стукачоў.
* * *
А дзе няволя, дзе ўціск,
Стукацтва мае там
Размах шырокі.
* * *
А што датычна стукачоў
усіх народаў і часоў
Дык іх у нас, відаць, намнога болей,
Чым у любой краіне свету.
* * *
Ха-ха! Ды наш стукач
Яшчэ і за сваім аднакарытнікам
Цікуе пільна.
* * *
А адмысловых стукачоў
Найболей там,
Дзе пра свабоду
быццам адмыслова баюць.
* * *
Стукач яшчэ
і грошы любіць пазычаць,
Каб іх не аддаваць ніколі…
Вучыўся ў дзяржавы.
* * *
Якая ж розніца паміж
заходнікам і ўсходнікам?!.
Адзін акупантаў чакае з Захаду,
З Усходу - другі.
* * *
А ім бы ружовыя акуляры
Яшчэ і на патыліцы ўскінуць -
І атрымаўся б поўны ажур.
* * *
Жыццё іх - нібыта вяроўка,
Якую ўскінуць ім на шыю,
І ці павесяць, ці павядуць куды.
* * *
Гэта ж трэба дайсці да такога,
Што хвалёная талерантнасць -
Не іншае што,
як талеркі за акупантам вылізваць.
* * *
Тут сціпласць і страх
У такую форму ўвайшлі,
Што тутак навучыўся
шаптаць вачыма.
* * *
Калі ў нас бяруцца
штосьці чысціць,
Дык больш (гарантавана!)
Яго яшчэ і забрудзяць.
* * *
Заходнік заходніцтвам ганарыцца,
Усходнік - паўночнасцю,
А разам чакае іх
Паўночна-Заходні край.
* * *
Чытанне кніг,
тым болей беларускіх!..
Навошта ім!
Ад гэтага бензін не патанее.
* * *
Калісьці паверхню зямлі аддавалі,
А сёння і нетры
Ў расход і разнос ідуць.
* * *
Многія з роду людскога
зусім не з любові
Ўзяліся заводзіць катоў і сабак,
А з мэтай забраць іх здароўе сабе.
* * *
Неба ж агромнісцей, чымся зямля,
А тут пераважная большасць
Хапаецца за малое.
* * *
Хто пераможа: поп ці ксёндз?!.
А той, каму спрыяюць
больш улады,
Вядома, за вернападданства.
* * *
Ну і суды тут!
Калі справядліва ў іх углядзецца,
Дык лаву падсудных часцей
маглі б заняць пракурор і суддзя.
* * *
Што мяч, што шайба,
што Айчына - аднолькавы
Для гэтых хакеістаў, футбалістаў
І іх заўзятараў таксама.
* * *
І большасць насельнікаў
спортам цікавіцца,
Але ж яна - не спартыўная,
А з зашоранымі мазгамі.
* * *
Хто толькі душы сваёй
Дзікунства і крымінальнасць
Праз татуіроўку сёння не сведчыць?!.
* * *
А колькі тут рэк асушылі,
Каб потым у знямозе
поўзаць на днішчах іх
І задумваць супраць Айчыны
паскудствы новыя!
* * *
Вунь Галандыя жыве
з цюльпанаў пераважна…
А завінуць у лён земшар
хіба не здольна Беларусь?!.
Улады не пра гэта думаюць,
а пра Дразды.
* * *
А з бульбы беларускай
Можна выціснуць столькі спірту…
І транспарт перавесці на яго.
* * *
О Беларусь, твой інтэлект
Шукае паратунак па замежжах…
Не тое ў цябе начальства!
* * *
Стварэнне Прыроды і Бога, Айчына,
Ты сталася шчэ і "вырабам"
Акупантаў і здрайцаў з усіх бакоў.
* * *
Як стане Айчына наша
Аб'ектам для рукапрыкладства,
Дык хутка дойдзе
і да ногападкладства.
* * *
Волю тваю свой край бараніць
Ператварылі ў бязволле…
І ты ўжо дома
прыслугоўваеш чужакам.
* * *
Да Расеі і Польшчы пытанне:
"Ці ўсё яшчэ ганарыцеся
за сваіх сыноў,
Што Літву-Беларусь вынішчалі?!"
* * *
Хто ж стане адмаўляць,
Што ім дапамагалі
Нашы здрайцы?!
* * *
І хіба стане хтосьці адмаўляць і тое,
Што здрайцаў тых
Не вельмі потым узнагароджвалі?!.
* * *
Ушчэнт падманутыя прахіндзеямі
Яны адзін другога ўцягваюць
У ашукі.
* * *
Беларусь! Ты мяжуеш сама з сабой,
І па тыя бакі тваіх межаў
Дзеці твае недобразычліўцамі
сталі тваімі.
* * *
Публічна, з выклікам
Святыні зневажае нашы тут,
Той, у каго ўлада,
і душа святла не мае.
* * *
Адсутнасць розуму
Тут маскіруюць пад яго
Нібы наяўнасць і прысутнасць.
* * *
Беларусь! Няма ў цябе сёння
Ні Цёткі, ні Каліноўскага,
ні Грынявіцкага…
Адна ты ў аблозе
і акупантаў, і квіслінгаў.
* * *
Тут сёння нейкі завулак
далі Скарыне,
А там - у небе - імя яго свеціцца
На многіх Птушыных шляхах.
* * *
Беларусь! Твае шыфры ўзламалі,
Шэдэўры твае папрысабечвалі
З Усходу і Захаду
хітраванцы-хціўцы суседзі.
* * *
Яшчэ і таму знішчалі нашы таленты,
Каб акупантам у цені іх
Не апынуцца.
* * *
Добра, што ўлады шырока пакуль
Не падкідваюць ініцыятыву
Даносы пісаць адзін на другога.
* * *
О Беларусь! О Беларусы!
Шчэ больш маштабныя
рэпрэсіі для нас
Рыхтуе Крэмль, то бок
антыбеларуска - "русский мир".
* * *
І узнёсласць, і годнасць, і гонар нашы
Ўвасоблены сёння
Толькі ў драніках для акупантаў.
* * *
Які ты маеш век, Айчына?!.
Стагоддзямі табе не дазвалялі жыць;
Хай, можа,
неба адгукнецца дапамогай!
* * *
А ці ёсць Беларусь поўнакроўная,
А як ёсць, дык жа дзе яна?!
Мо ў душах пакутнікаў тут
ці дзесьці ў небе?!.
* * *
Беларусь - нібы сімвал ахвярнасці
У Сусвеце:
Зямная, яна трымаецца на ахвярах.
* * *
У нас заўсёды поруч з Адраджэннем
Ішло яму насуперак
І выраджэнне.
* * *
Майстры мастацтваў,
Дзе опера, пано ці што яшчэ
З назовам "Курапаты"
ці хаця б "Бяроза"?!.
* * *
А ці варта да тых прымазвацца,
Хто ад Айчыны-Беларусі
Адмазаўся калісь?!.
* * *
Наш паланэз "Сустрэча з Радзімай"
Яшчэ не адчуты, не ўсвядомлены,
А таму і не створаны.
* * *
Стварыць бы такі музей
І ў ім паказаць
хоць бы копіі экспанатаў,
Што рабаўнікі
з нашай Айчыны вывезлі.
* * *
Душа!
Што можа ў неба ўзняць яна,
Калі не ў спаемстве
яна з жыццём беларуса?!.
* * *
"Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог…";
Сёння - нібыта брат,
а заўтра вораг зацяты.
* * *
Бяда, калі сусед твой - наравісты,
І п'яніца, і крымінальнік,
І гультай.
* * *
Не вельмі давярай
паўднёваму суседу:
Калісьці ён напаў
На БНР.
* * *
Навокал народы ўсе - ворагі,
А ты, беларускі народ, -
І сам сабе вораг.
* * *
А Беларусі шчэ і ў тым бяда,
Што ў ёй так мала
Беларусаў.
* * *
Саромецца трэба быць смелым,
Каб здраджваць сваёй Айчыне,
Каб быць беларусу небеларусам.
* * *
О Беларусь! І рэкі твае, і азёры
Паралельна жывуць і ў небе,
І як добра, што паскуднікам
шляху туды няма.
* * *
Напрамак адных:
Беларусь - Чарнобыль,
Другіх: Млечны (Птушыны) шлях -
І далей.
* * *
Мацаваў ён учора гэтую ўладу,
А сягоння мне з-за вугла
Разбурыць яе заклікае.
* * *
Перад усім ты светам абавязана,
А хто, апроч пакутнікаў тваіх
Перад табой, о Беларусь?!.
* * *
Хто падставіў пакорліва
патыліцу ворагам Бацькаўшчыны,
Не мае ён духу і воч,
Каб у нябёсы глянуць.
(Працяг у наст. нумары.)
Яўген Гучок
Войты пана Мальскага
Slowo №150 (5074), 3 czerwca 1938, Slowo №54(5336), 24 lutego1939.
Подпіс пад артыкулам J.M.. верагодна Юзаф Мацкевіч
(пераклад Леаніда Лаўрэша)
Ад перакладчыка
Уладзіслаў Мальскі нарадзіўся 24 ліпеня 1894 г. у Малапольшчы, памёр у 1941 г. Скончыў Львоўскі ўніверсітэт. У 1914 г. уступіў у 1-ю брыгаду польскіх легіёнаў Пілсудскага, дзе даслужыўся да сяржанта, у 1917-18 гг. камандаваў звязам аўстрыйскага войска на Італьянскім фронце. У 1918 г. уступіў у Польскую вайсковую арганізацыю. З 1920 г. працаваў у Звязе абаронцаў айчыны, рыхтаваў паўстанне ў Шлёнску, тады ж узначаліў агульнапольскі Звяз Стральцоў. У 1923 г. у чыне капітана пакінуў вайсковую службу і перастаў кіраваць Звязам Стральцоў. Як асаднік разам з сям'ёй пасяліўся ў Ёдкішках (каля Больценікаў) Лідскага павета. Нейкі час гаспадарыў. Браў удзел ў працы Звязу асаднікаў і ў кааператыўным руху. З 1928 г. актывіст Беспартыйнага блоку працы з урадам (BBWR) - гэта практычна была кіроўная ў Польшчы палітычная групоўка. У 1930 г. быў абраны паслом у сойм, а ў 1935 г. - у Сенат РП. Пасля верасня 1939 г. стаў на чале канспіратыўнай арганізацыі "Цывільная абарона" ў Лідзе. 27 кастрычніка 1939 г. арыштаваны і вывезены ў Менск.
I
Дзе тыя "сейбіты", пане Мельхіёр Ваньковіч, дзе? У Польшчы "В" [1]?
Натуральна, не шараговыя, а ўрадавыя сейбіты.
Даўно мінуў час, калі "Літаратурныя Ведамасці" кожны чацвер прыносілі прыемныя рэпартажы з цыклу "Сеем ў Польшчы "В"" пана Ваньковіча. У іх пісалася пра жыццё за Нёманам (ад Варшавы) у амаль што закутку Сапліцаў, расказвалася пра жыццё ў Шчучыне і, Лідзе, Салешніках і Беняконях, Радуні і Воранаве, Скрыбаўцах і Лябёдцы і гмінная ўлада апісвалася тут як ясны прамень творчасці. У тым ліку і каля Вялікага Мажэйкава, дзе дагэтуль засталіся сляды маёмасці і вёсак гетмана ВКЛ Караля Хадкевіча. Маёмасць тая месцілася налева і направа ад старога тракту які і зараз напамінае нам пра слаўнае мінулае, па якім калісьці рухалася слава, несучы на сваім грэбені сілу і моц.
Сеем пустазелле ў "Польшчы "В""
Зараз пустынна тут, аддана ўсё для сяўбы Камінскім, Мальскім, Пахольчыкам і іншым людзям старасты, а лейб-літаратары апяваюць узыходзячае пустазелле і кажуць Рэчы Паспалітай, што такая замена пладоў ёсць для яе справай пазітыўнай і жыццедайнай.
Можна зразумець памылкі якія тэндэнцыйна не падкрэслены, бяссілле, якое не можа іх выправіць, можна зразумець нават фальш, калі справа ідзе пра тое, каб затушаваць вынікі фатальных эксперыментаў. Так, гэта брыдкія метады, але, нажаль, яны прысутнічаюць ва ўсіх польскіх "А", "В" і "С": "vor handen" ці "на лицо", як кажуць на мовах дзяржаў, якія удзельнічалі ў падзелах (Рэчы Паспалітай - Л.Л. ). Але зноў жа, каб сістэму ўнутранага разладу, злоўжыванняў, крадзяжоў і папросту зладзейства актыўна пакрываць і нават славасловіць, неабходна нешта стратэгічнае. Падобна на тое, што падтрымка гэтаму ідзе аднекуль з вышыні, з вельмі ўплывовай вышыні.
Бо "сяўба" ў Польшчы "В" пачалася ад надання панам мальскім (выбачайце за ўзгадванне ў множным ліку) усялякай манаполіі і вясковых сінякур, млячарняў, кааператываў, касаў Стэфчыка, а таксама камунальных і пазыковых касаў. Потым болей ці меней даходныя арганізацыі: лопы, лігі, чырвоныя і белыя крыжы, будоўля школ, зімовая і летняя дапамога, усялякія "дабраахвотныя" пад прымусам складкі і г.д. Нарэшце лейцы і біч у руцэ: нізы адміністрацыі, самакіраванне, войтаўства, і - паехалі! На дзяржаўнай сеялцы!
А каб не было ніякай мне рэвалюцыі ў краі (з гэтымі мясцовымі), трэба адсунуць аўтахтонаў, шляхту справа, сялян злева, і абапірацца на асаднікаў як базу будучыні, цэнтр, кулю ў плот, у пабелены якраз плот.
Ну і пасыпалася вапна.
А пасыпалася таму, што гэты тутэйшы "народ" енчыць пад ярмом тлумаў гмінных асаднікаў і не чуе заклікаў улад ад ніжэйшых да самых зорных, вышэйшых, дзяржаўных, да самага Складоўскага, пішчыць вечна без выніку і адказу. Махнуў тады рукой і ў той бок і выцягнуў яе ў бок пракурора. Суполка Мальскага і Пахольчыка пачала трашчаць, іх самакіраванне, іх войтаўства, адно за другім ...
Зфальшаваў пратакол
Ёсць у Радуні прызначаны ў 1936 г. войт (відочна - асаднік) Кулікоўскі. Пасля паўгода кіраўніцтва ён зфальшаваў пратакол паседжання наглядальнай рады млячарні. Зараз, у красавіку 1938 г. Акруговы суд у Лідзе прыгаварыў яго да 6 месяцаў турмы. Войт піша апеляцыю і вяртаецца дадому, вяртаецца на ... пасаду. Пракурор піша паперу, каб забараніць яму займаць пасаду. Не! Нават не распачынаюць дысцыплінарную справу.
Войт Катовіч, асаднік натуральна, прызначаны ці таксама "выбраны" яшчэ ў 1933 г. у той самай Радуні, зараз з тым самым Кулікоўскім, у тым самым красавіку бягучага года прыгавораны да 8 месяцаў турмы.
Гэта яшчэ не ўсё. У чэрвені Акруговы суд у Лідзе на публічным пасяджэнні будзе яшчэ разглядаць шэраг спраў пра крымінальныя справы войта Катовіча якія ён рабіў разам з асаднікам Спузякам.
Абакраў касу млячарні
Хто такі Спузяк? А! Гэта, звярніце ўвагу, шэры кардынал сяўбы ў Польшчы "В". У пэўнай ступені гэта класічная постаць, сейбіт-асаднік, годны свайго вобразу ў глорыфікацыйнай літаратуры. Праславіўся крадзяжом 14 тысяч злотых з касы кааператыва ў Радуні за што адсядзеў ужо 6 месяцаў у турме. Грамадскі дзеяч, прэзідэнт альбо сакратар вялікай колькасці арганізацый, дзеяч павятовага сойміка, чалец гміннай рады. Зараз мае справу за злоўжывання пры будоўлі народнага дома і кааператыва ў Радуні.
Пад Скірэйкамі калісьці асаднік пакінуў сваю асаду (хай Пан Бог дае яму за гэта здароўе). Тады Спузяк, прафесіянальны дзеяч (бо ў атачэнні Мальскага бывае), сабраў каля 70 заяў на гэтую зямлю, не кажучы нікому, што акрамя яго ёсць яшчэ 69, і браў з кожнага па 15 злотых за заяву. Для чаго яму плацілі людзі? Такі ёсць у нас парадак - паспрабуй залатвіць справу сам, без пратэкцыі, без палітычнага ўплыву ... ну, паспрабуй.
Сабралі сялян
Калі падыходзіў закон пра скасаванне даўгоў, панства разам з войтам сабрала некультурных, неахайных, гультаяватых аўтахтонаў-сялян і расказалі ім, што можа адбыцца для іх нешта карыснае. Але так вось, за дарма не будзе. Трэба пастарацца. Добра было б паехаць з чалабітнай да (схілілі галаву) самога прэм'ера. З дэлегацыяй. Таму збірайце грошы на дарогу. Сяляне пачухалі патыліцы. Хоць брудныя і гультаяватыя, але спрытныя, як асаднікі: сабралі, аддалі. Грошы войт і Спузяк паклалі ў кішэні, а закон выйшаў у свой тэрмін. Адным словам - сейбіты дабрачыннасці.
Здаецца, што віца-войт у той самай гміне мае нейкае дачыненне да масавай выдачы фальшывых пасведчанняў? Каб напісаць пра ўсё, трэба было б распрадаць выдавецкую газетную суполку - столькі гэтага матэрыялу.
Безвыніковыя грамадскія скаргі
У Дакудаве выканавец абавязкаў войта асаднік Лабко ў гэтую хвілю замешаны ў крадзяжы ў млячарні, касе Штэфчыка і мясцовым кааператыве. Ідзе пракурорскае следства. Але войт выконвае свае абавязкі, працягвае выконваць ...
У Воранаве войт-асаднік Пянка замешаны ў прыкрую справу пакупкі ровара - замест паліцыі за грошы выдаў дазвол. На публічным, вельмі палітычным бо праазоноўскім, сходзе нехта з аўтахтонаў устаў, вельмі бледны і кінуў усім і кожнаму, што абвінавачвае войта ў справе, пра якую раней ўжо даносіў у паліцыю. Камендант паліцыі сядзеў з апушчанай галавой і ківаў. Выйшла так, што грамада Сцілгуны пісала дзве скаргі да самога Складоўскага. У снежні 1937 г. атрымала адказ, што скарга перанакіраваная ў ваяводства. Там і памерла, бо на месцы не праводзілася нават паліцэйскае расследаванне, нават не апытвалі сведкаў.
Падазраваны ў камунізме - Недахопы - Рознае
Урбанскі. Гэта быў кадравы падафіцэр 86 п.п. У свой час усплыла там справа аб камунізме. Перад вайсковым судом ягоную віну не даказалі. Але справа была настолькі відавочнай, што камандаванне выгнала падазраванага падафіцэра з арміі. Што ж далей? Урбанскі становіцца войтам у Жырмунах.
Наступны войт-асаднік Федаровіч займаў пасады розных прэзідэнтаў усіх арганізацый дзяржаўнатворчых, разам з Бердаўскім, напаў на сельскагаспадарчага інструктара Пацэвіча. Гэта з вялікім пылам абмяркоўвалася ў вышэйшых сферах кагорты "сейбітаў" у Польшчы "В".
У Беліцы войт-асаднік Мусял вядомы энергіяй і памяркоўнасцю ў адносінах да просьбітаў. Нічога яму закінуць немагчыма. Меў там, насамрэч, старую справу аб прыўлашчванні грошай работнікаў, якія будавалі школу, але выйграў яе ...
Таксама выйграў сваю справу аб злоўжываннях войт-асаднік з Беняконяў Сянкевіч. Сведчыў за яго і добра характарызаваў Мальскі.
Нейкі Палух у свой час быў чалавек Біркенмайра (Божа, Божа, хто толькі не кіраваў ў гэтым бедным краі!!!). Калі не памыляюся, быў перасунуты з іншага павета ў Лідскі войтам у Забалацкую гміну.
Адзінае, што можа імпанаваць, гэта арганізацыя гэтага клану "сейбітаў", асаднікаў, кіраўнікоў: усемагутная, мацнейшая за пракурорскі нагляд, усюдыісная, самая ўплывовая. Камусьці можа здацца, што ў гэтай Польшчы "В", калі злапаць кагосьці за руку на крадзяжы, дык так проста яго зняць з пасады? А калі ён асаднік альбо войт? Думаеце, што пры нашай бюракратычнай сістэме: раз-два і гол? А не! Нічога падобнага.
Абакралі гмінны кірмаш
Такая ёсць гісторыя, можа пацешыць, але варта паслухаць, бо павучальная:
У Лябёдскай гміне Шчучынскага павета ў 1934-м г. у часы старасты, знанага аматара ZZZ, Чушкевіча "выбраны аднагалосна" войтам асаднік з Малапольшчы Здзіслаў Немчык, а сакратаром гміны асаднік з Малапольшчы Юзаф Абшарны. У наступныя гады адбылося некалькі прыкрых для іх спраў, але самая прыкрая з кірмашом. Кірмашом быдла. За ўваход тамтэйшыя сяляне плацілі па 40 гр. за адзінку, а грошы збіраў гмінны касір. Праз пэўны час выявіліся злоўжыванні. Прыбыў інспектар па самакіраванні Пэрхальскі і ў сакавіку 1937 г. выявіў адсутнасць карэньчыкаў ад квітанцый і г.д. Грошы ў асабістых кішэнях паноў "абраных аднагалосна". У траўні таго ж года справа перададзеная пракурору. Тады войт пакідае пасаду. Але сакратар Абшарны застаецца. І, як раней, атрымлівае заробак і мае казённае жытло.
Таямнічая тэлефонаграма
Прайшло два месяцы. У ліпені аднаасабовы дысцыплінарны суд вынес прыгавор у справе Абшарнага: "Звольніць з кіраўніцтва". Але Абшарны апелюе да міністра, што на падставе адпаведных законаў і пастановаў, суд у такой справе не можа рабіць вырак аднаасобна. Што рабіць? Управа гміны неўкамплектаваная і не можа абраць неабходную колькасць для дысцыплінарнага суду. Трэба праводзіць нармальныя выбары. А Абшарны сядзіць, атрымлівае заробак, мае скарбовае жытло.
Прайшлі два месяцы. У верасні ўжо ёсць новая ўправа, суд укамплектаваны. На 28 верасня прызначаны дысцыплінарны разгляд. Раптам ... за два дні да гэтага ў Наваградскае ваяводства прыходзіць тэлефонаграма з міністэрства:
"Прыпыніць разгляд! Акты пераслаць у міністэрства".
Акты пераслалі. Абшарны атрымлівае заробак, мае жытло ... Прайшлі два месяца. Надышоў лістапад. Гмінная рада ўхваляе рашэнне выслаць дэлегацыю да міністра. Мэта: запытаць, як справа? Нарэшце ухвалілі выслаць дэпешу з просьбай прызначыць дату аўдыенцыі. Няма адказу. Аднак паехалі. Прыняў дзейны дырэктар дэпартамента самакіравання Жбікоўскі і высветлілася, што ніякай тэлефонаграмы не было, і ніхто пра яе нават не чуў.
Мінуў тыдзень, месяц
Мінуў месяц. Прыйшоў снежань. Прыходзіць ліст з ваяводства, у якім прадпісана разгляд справы супраць Юзафа Абшарнага, абвінавачанага ў раскраданні грамадскіх грошай ад кірмаша быдлам, працягнуць. Для разгляду вызначаны люты.
Мінула два месяцы. Ужо 1938 г. Разгляд пачаўся. Тады Абшарны пратэстуе супраць знаходжання ў складзе суда лаўніка Шыманскага, бо ён у свой час дакладаў старасту пра злоўжыванні (адкуль яму гэта вядома?). Добра, лаўніка Шыманскага прыбралі. Суд зноў не мае камплекту. Але ўсе роўна выносіць вырак: "Звольніць з кіраўніцтва".
Мае тры тыдні. Ваяводскі аддзел самакіравання з-за парушэння статута аб дысцыплінарных судах не зацвярджае выраку. Абшарны атрымлівае заробак, мае жытло.
Пан Абшарны беспакараны
Трэба выбары новага лаўніка для камплекту ў дысцыплінарным судзе. Зроблена. Замест Шыманскага выбраны Гурка. Ён прызначаў разгляд. Абшарны піша скаргу да пракурора на новага войта. Скарга анулюецца. Ці можа ўжо пачаць разгляд справы? Не! Бо новы войт ў скарзе на Абшарнага ўжыў выраз "каханка Абшарнага" пра нейкую Семяноўскую. Семяноўская і Абшарны пішуць заявы пра абразу. Семяноўская выігрывае справу, Абшарны праігрывае ў першай інстанцыі, але апелюе і такім чынам зацягвае час на разгляд справы. А для пэўнасці піша прыватную скаргу на новага лаўніка Гурку аб паклёпе.
Дысцыплінарны суд страчвае камплект і паўнамоцтвы. Ідзе час. Ужо травень 38-га, ... травень, а Абшарны мае гміннае жытло, як і раней атрымлівае заробак.
Сеюць пустазелле - збіраюць субсідыі, палёгкі, грашовыя дапамогі
Гэта ўсё было б нявіннай гульнёй, калі б не аказвала прыгнятальнага, запалохвальнага, падбухторчага, антыдзяржаўнага ўплыву на мясцовае насельніцтва, якое гэтыя палітычна-бюракратычнымі гульні бачыць зблізку і адчувае на ўласнай шкуры. Эксперыменты і дыктат улады асаднікаў - гэта язва. Гэта вечная грамадзянская вайна паміж аўтахтонамі і прышэльцамі, часта - навалаччу, гэта дэманстрацыя грамадзянскай несправядлівасці, бо злодзей, п'яніца, авантурыст, такі і сякі, але можа быць войтам, бо чужы нам і мае "плечы", а ты можаш быць спакойным і чэсным, але ты - мясцовы і павінен слухацца! Так гэта бачаць сяляне. Асаднікі маюць асады і пасады, часта дрэнна гаспадараць, зямлю сваю здаюць у арэнду, але заўжды і паўсюдна маюць уладу і палітычнае першынство. Сеюць пустазелле - збіраюць субсідыі, палёгкі, грашовыя дапамогі.
Можна было яшчэ дзесяць гадоў таму дыскутаваць пра няўдалы эксперымент, казаць, што асадніцтва не здало экзамен, што ўплыў асаднікаў у краі адмоўны. Зараз дыскусія ўжо не мае падстаў. Зараз можна толькі казаць, што гэты ўплыў, за рэдкімі выняткамі, абсалютна адмоўны. Зараз трэба нешта рабіць. Можа трэба прызначыць якую надзвычайную камісію ці нешта падобнае для вывучэння асадніцтва, каб ачысціць атмасферу ад гвалту. Перад усім разняволіць асаднікаў з-пад уплыву палітычнай мафіі, спыніць сяўбу пустазелля. Выгнаць злодзеяў! Знайсці нейкі іншы занятак для іх вяльможных абаронцаў, калі няма другога спосабу іх абясшкодзіць.
ІІ
Аблічча Лідскай зямлі, куды я так часта вяртаюся, толькі тады будзе поўным, калі апісаць яго разам з фонам, у каларыце натуральных фарбаў, з светам і ценню, якую на яго кідае аблічча пана Мальскага. Толькі тады будзе бачна сапраўднае аблічча, і мы зразумеем некаторыя сітуацыі, знойдзем тлумачэнні шматлікіх выпадкаў, здарэнняў, саюзаў. Пан Мальскі - гэта магнат, "уплывовая асоба", сучаснасць, "радасная дзяржаўная творчасць", сімвал новага, сімвал асаднікаў, "сяўбы ў Польшчы "В"", - так пішуць.
2 чэрвеня былога года мы надрукавалі вялікі матэрыял "Войты пана Мальскага". У тым артыкуле мы далі шмат інфармацыі ... пра людзей пана Мальскага. ... Але толькі трохі дакрануліся асобы пана Мусяла.
Пан Мусял
Так, як аблічча Ліды без пана Мальскага не будзе поўным, так не будзе поўным шэраг ягоных войтаў-асаднікаў без фігуры пана Мусяла. Ён павінен быў стаяць на першым плане, ён і ягоныя метады. Метады, дзякуючы якім ён узвысіўся і застаўся беспакараным. Думаю, нельга закончыць нарыс пры тутэйшыя грамадска-палітычныя норавы самакіравання і не ўзгадаць справу Мусяла.
Прыехаў ён да нас каб "сеяць" у 1922 г. як чалавек Камітэта асаднікаў.
"Выбары" войта ў Беліцы
У 1923 г. у Беліцы адбываліся выбары войта. Замест падтрымліванай кандыдатуры Мусяла быў абраны кіраўнік мясцовага кааператыва Байкач. Тады Байкача выклікае стараста і прапануе яму, каб адмовіўся.
- Бачыце, вы заслужаны кааператыўны дзяяч, ... без вас усё разваліцца.
Байкач не адмовіўся. Стараста яго не зацвердзіў і прызначыў войтам Мусяла. Пад ягоным кіраўніцтвам адбыліся наступныя выбары. Аб выніках можна не хвалявацца. Натуральна, абралі Мусяла. З гэтага моманту пачынаецца ягонае слаўнае кіраванне.
Будуем школу ў Няцечы
Перада мной ляжыць дакумент падпісаны шэрагам сведкаў, між іншым, і пробашчам у Беліцы ксяндзом Аржалоўскім. Дакумент заканчваецца словамі: "Сведчым, што пра ўчынкі войта Мусяла мы шырока паведамлялі, і яны былі вядомы шырокай грамадскасці, пра гэта ведаў і ён сам, але з 1933 г. ён ні на што не рэагаваў".
У чым справа? У тым, што войт Беліцкай гміны зрабіў сябе падрадчыкам на будоўлі агульнаадукацыйнай школы ў Няцечы, каб браць хабар. Выстаўляў квіткі на сумы большыя, чым выплачваў, і зрабіў шэраг іншых махлярстваў, за якія ў нармальных мясцовасцях судзяць па крымінальных справах.
Вапна на школу
Колькі ж будуецца ў нас школа - і заўжды для будоўлі патрэбна вапна. Але ў мінулым годзе слынны акольнічы пана прэм'ера загадаў прымусова бяліць хаты, туалеты і платы. Для пабелкі патрэбна вапна. Адкуль яе ўзяць, калі раптоўна цэлы край неабходна пабяліць і вышмараваць. Кошты ідуць уверх, яўрэі пачынаюць спекуляваць, а можа нават ужо і не маюць тавару? Што значыць не мець тавару?! Цэлы вагон вапны прыходзіць на чыгуначную станцыю Нёман для школы. Я ўжо добра не памятаю, ці той яўрэй меў прозвішча Зляцоўскі, ці нейкае іншае. У любым выпадку рэвізійная камісія запратакалявала, што вапна была ноччу прададзена яўрэям для перапродажу сялянам - бяліць платы і туалеты.
Пан войт складае паўнамоцтвы
Цэлую літанію можна было б скласці пра вугаль, жыта ці іншыя рэчы, якія павінны былі выдаць працоўным, занятым на будаўніцтве дарогі Беліца - Нёман, ці пра фіктыўныя квіткі ў гміннай касе, ці нейкія закупы, недаацэнкі, трансакцыі, векселі і г.д., і г.д. Тыя літанні можна было б напісаць па кнігах Рэвізійнай камісіі Беліцкай гміны. Але не будзем апярэджваць падзеі.
У жніўні мінулага года чальцы гэтай камісіі Ясюлевіч Антон і Грышчановіч Ян едуць з данясеннем да пана старасты. Пан стараста загадвае дэлегаваць некалькі чыноўнікаў для генеральнай інспекцыі. Замест іх прыязджае пан інспектар па самакіраванні Вільчынскі. Ён ідзе да войта Мусяла, замыкаецца з ім у кабінеце. Размова цягнецца больш працяглы час, чым павінна ... Пасля трох гадзін пан войт здае паўнамоцтвы. Свабодны.
Як гэта свабодны?
Заява пракурору
А было так. Інспектар па самакіраванні запісаў прызнанне і паехаў сабе. А тым часам у пратаколе Рэвізійнай камісіі быў запісаны вырак: перадаць справу пракурору. Мінула тры месяцы, ніхто справай не займаецца. Тады адзін з лаўнікаў піша заказны ліст наўпрост да Наваградскага ваяводы.
Зноў мінула некалькі тыдняў. Нарэшце прыбывае адмыслова дэлегаваны па гэтай справе ваяводскі дарадца Барковіч. Пан дарадца вывучыў справу на месцы. Уважліва выслухаў, прычытаў пратакол Рэвізійнай камісіі. Потым узвышанымі словамі падзякаваў чальцам Камісіі за сумленнае выкананне абавязкаў ...
Потым паклаў у свой партфель кнігу Рэвізійнай камісіі з пратаколам аб перадачы справы пракурору. Як паклаў у партфель, дык з партфелем і паехаў ...
Новая кніга для Рэвізійнай камісіі
Рэвізійнай камісіі патрэбна, відочна, адмысловая кніга, каб запісваць пратаколы, а тая была ўжо трохі старая ... ну і, насамрэч, закончылася ... Таму з Ваяводскай управы ў Беліцу даслалі новую прашнураваную і апячатаную, вельмі дзяржаўную кнігу.
Пра старую кнігу неяк нічога не чуваць. Мінула шэсць месяцаў.
А пан Мусял? Асаднік, прыяцель Мальскага?
Увогуле, здаецца, што адчувае сябе нават нядрэнна. Падобна, атрымаў канцэсію на адкрыццё аўтобуснай лініі што на нашай тэрыторыі ёсць выгоднай справай.
Падобна, на бліжэйшых выбарах зноў высуне сваю кандыдатуру на пасаду Беліцкага войта.
Беларуска-скандынаўскі музычны мост
Напачатку лета перанесціся думкамі ў таямнічую Скандынавію зрабіў магчымым малады беларускі дырыжор Аляксей Фралоў праз творчы праект "Карона Скандынаўскага архіпелага".
Музычнае падарожжа па паўночных краінах вядоўца суправаджаў расповедам пра культуру трох краін, падкрэсліваючы 1000-гадовыя сувязі, якія з'ядноўваюць з імі Беларусь.
Шматлікія госці канцэрту, сярод якіх былі прадстаўнікі беларускай культурнай эліты - мастакі, навукоўцы, музыкі, вернікі менскіх цэркваў - уяўлялі сябе прысутнымі ў Шведскай Акадэміі, дзе ўручалі прэмію Святлане Алексіевіч пад гукі сімфанічнага аркестра.
У гэты вечар у Менску ўпершыню на Беларусі прагучыла дацкая і шведская сімфанічная музыка геніяльных рамантыкаў гэтых краінаў - Карла Нільсэна і Тора Аўліна. Сімфанічны аркестр "Сарella Akademia" Беларускай акадэміі музыкі выканаў даволі складаны твор Карла Нільсэна - сімфанічную ўверцюру "Геліас".
Са старажытнасці ў Скандынавіі цэняць кожны прамень сонечнага святла. Нідзе ў свеце яно не праламляецца прыгажэй, як у паўночным ззянні. Сонечная карона, якая быццам бы вісіць над зімовай далячынню краю, асвятляе вяршыні елак, вострыя пікі скалаў, што стромка ўзвышаюцца вакол фіёрдаў. Высокія шпілі каталіцкіх і евангельскіх цэркваў карануюць скандынаўскія краявіды. Дынамічна прагучаў фрагмент сюіты "Пэр Гюнт" Эдварда Грыга "У пячоры горнага караля", які ўводзіць у казачную атмасферу скандынаўскіх сагаў.
Менавіта духоўнай музыцы і хрысціянскім кантактам, якія даўно звязваюць Беларусь са Швецыяй і Нарвегіяй, прысвяціў канцэрт мастацкі кіраўнік праекту - лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў.
У другой частцы праграмы выступіў спецыяльны госць і саліст з Даніі - стваральнік госпэл-хораў і маштабных фестываляў у Еўропе і Амерыцы, кампазітар і вакаліст Ганс Хрысціян Ёхімсэн, дырэктар міжнароднай школы госпэл-музыкі. Г.Х. Ёхімсэн - на дадзены момант заснавальнік і галоўны дырыжор Copenhagen Gospel Voises, у скаладзе якога 500 удзельнікаў, і Opstand Gospel Choir. Ён - адзін з удзельнікаў Нарвежскага руху Soul children festival.
У сяброўскай, дабразычлівай і займальнай для слухачоў форме ён распавёў пра тое, як зарадзілася госпэл-музыка і як яна распаўсюджваецца па свеце.
Як жанр духоўнай хрысціянскай музыкі, яна нарадзілася ўканцы ХІХ стагоддзя і развівалася да першай трэці ХХ стагоддзя ў ЗША. Жанр негрыцянскага госпэла працягваў традыцыі спірычуэлзаў.
- Слова "госпэл" азначае "добрая вестка". Гэта вестка пра любоў Бога да чалавека, - сказаў дацкі кампазітар.
- Спевы нарадзіліся ў асяродзі людзей у няволі, афрыканскіх рабоў на плантацыях, якія падбадзёрвалі дух і марылі пра свабоду. Таксама праз рытмічную песню яны перадавалі адзін аднаму зашыфраваныя звесткі, як выбрацца з няволі. Нядаўна хваля госпэл - музыкі перамясцілася на Еўропу, - адзначыў спявак і кампазітар.
Сёння ў Германіі існуе 4000 госпэл-хароў. Хор госпэл-музыкі быў створаны так-сама і ў Менску, кіруе ім Павел Шведаў.
Напрыканцы выступлення дацкі кампазітар Ганс Хрысціян Ёхімсэн, выконваючы песню " Let us stand", пажадаў беларусам узняцца за галоўныя каштоўнасці - любоў, чалавечую годнасць і волю.
Мэтай творчага праекту "Карона Скандынаўскага архіпелага" была спроба стварэння музычна - гістарычнага маста паміж культурнымі прасторамі Беларусі і краінамі Скандынавіі.
Эла Дзвінская. Фота аўтара: 1. Ганс Хрысціян Ёхімсэн выступае разам з "Сарella Akademia" і менскім госпэлхорам.
[1] У міжваенны час Польшча ўмоўна дзялілася на часткі "А", "В" і "С", якія розніліся паміж сабой эканамічна. Найбольш прамыслова развітай была Польшча "А" (Паморскае, Лодзьскае, Пазнаньскае, Шлёнскае, Варшаўскае і большая частка Келецкага ваяводства, а таксама заходняя частка Кракаўскага). Польшча "В" - сельскагаспадарчая з невялікай прамысловасцю (Люблінскае, Львоўскае, Станіславаўскае, Тарнопальскае, усходняя частка Кракаўскага і частка Келецкага ваяводсва). Польшча "С" цалкам аграрная (Беластоцкае, Наваградскае, Палескае, Віленскае і Валынскае ваяводствы). У тэсце Мацкевіч часцей называе наш край не Польшчай "С", а Польшчай "В", маючы на ўвазе яе другаснасць для рознага кшталту прыхадняў.