Папярэдняя старонка: 2016

№ 26 (1281) 


Дадана: 29-06-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 26 (1281), 29 чэрвеня 2016 г.


Купалле крочыць па планеце

Ад каталіцкага Яна да праваслаўнага Івана святкуюць беларусы язычаскае Купалле

Рудабельскае Купалле сабрала звыш 500 чалавек

Беларусы працягваюць святкаваць старажытнае народнае свята Купалле. Пачатак "купальскаму марафону" быў дадзены пад Веткай 19 чэрвеня, працягнуты ў Менску каля будынка Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы 21 чэрвеня. У іншых месцах Беларусі гэтую папулярную народную традыцыю ўшаноўваюць у розныя дні.

25 чэрвеня ў рамках Рэспубліканскага фэсту фальклорнага мастацтва прайшло "Рудабельскае купалле" ў Акцябрскім раёне. Больш за 500 чалавек прыняло ўдзел у пляценні вянкоў, святочным шэсці. На возеры адбылася містэрыя купальскага агню з удзелам усіх творчых калектываў.

Паводле СМІ.


Купалле для дзетак у Гомелі

26 чэрвеня Гомельская філія Таварыства беларускай мовы зладзіла Купалле для дзяцей. Мерапрыемства праводзілася ў межах нефармальных адукацыйных гурткоў "Мова для дзяцей". Старшыня гомельскай філіі ТБМ Алеся Аўласевіч распавядае пра сваю ініцыятыву:

- Пытанне пра тое, што ў Гомелі бракуе дзіцячай нефармальнай адукацыі падымалася яшчэ ў 2014 годзе, калі маці, сябра ТБМ Марыя Сідарэнка хацела стварыць беларускамоўную групу ў садку. Дзіцячыя садкі не хочуць, не могуць. Мы вядзём перамовы і ўсё ж такі спадзяёмся, што група ў Гомелі з'явіцца, але пакуль яе няма, мы стварылі нефармальную адукацыю. На гэта нас натхнілі бацькі. Падчас мерапрыемства дзеці развучылі аўтэнтычныя купальскія песні, сплялі вянкі, скакалі цераз імправізаванае вогнішча і гулялі ў народную гульню "Шуляк".

Беларускае Радыё Рацыя.


Купалле ў Залуках - падляшская традыцыя

Пусканне вянкоў па рацэ Супрасль, пошукі папараць-кветкі і канцэрты народных калектываў - усё гэта прайшло ў час "Купаль-ночкі", якая адбылася з 25 на 26 чэрвеня ў Залуках на Падляшшы. У гэтую вёску штогод прыязджаюць на свята не толькі жыхары гміны Гарадок, але і людзі з іншых куткоў ваяводства.

- Гэта ўжо традыцыя, - кажа дырэктар Гміннага цэнтра культуры ў Гарадку Юры Астапчук, - Мы адзначаем "Купальночку" у нашай гміне, і мяне вельмі цешыць, што прыязджае шмат калектываў з розных мясцовасцяў, якія падтрымліваюць гэтую традыцыю, звязаную з самым галоўным у сэрцы, з любоўю. Сёння можна шукаць папараць-кветку - сваё каханне. У час "Купальночкі" акрамя мясцовых калектываў "Калінка" і "Залукі", выступіў таксама вядомы на Падляшшы калектыў "Хутар" з Гарадка. Зоркай канцэрту сталі "Прымакі".

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя.


Беларусы Чэхіі адсвяткавалі Купалле

25 чэрвеня Беларусы Чэхіі святкавалі Купалле каля аднаго з вадаёмаў Прагі. Удзельнічалі каля 70 чалавек, далучыліся таксама мясцовыя расейцы, украінцы, чэхі ды італьянцы.

Ладзілі вогнішча, спявалі народныя купальскія песні, танчылі.

Асаблівай забавай для дзяцей сталі гульні: гулялі у "Цяцерку", "Яваровых людзей", "Шуляка". Для дарослых арганізатары прыгатавалі крупнік і верашчаку.

Фота Яўгенія Прадэль.


Дык перачытайма "Буквар"!

Непрафесіяналізм - рэч небяспечная. Прачытаўшы артыкул Міколы Купавы "Разам адкрыем Беларускую школу" ("Народная Воля" за 17 траўня г.г.), я не ўстрымаўся, каб не ўступіць у палеміку пра сенняшні беларускі буквар, бо кніга гэтая, мне здаецца, не абыякавая кожнаму свядомаму беларусу. А мне тым больш яшчэ і як былому настаўніку сямігодкі, а пасля інспектару Маладзечанскага райана і ўжо навукоўцу Акадэміі навук.

Я цалкам згодны з высокай ацэнкаю працы А. Клышкі як букварыста Лявонам Баршчэўскім у адным з ранейшых сёлетніх нумароў "Народнай Волі". Слушна і М. Купава адзначае "міжнародныя ўзнагароды на выставах у краіне і за мяжой", якія атрымаў гэты "Буквар". Я дадаў бы сюды і яшчэ адну, якую прысуджала не пэўнае журы, а ўзнагароду "чытацкую" .

Рэдакцыя газеты "Звязда" на завяршэнні 2000-га года як гістарычнага рубяжа звярнулася да чытачоў: якімі на ваш погляд высокамастацкімі беларускімі творамі пазначыліся апошнія дзесяцігоддзі? І сярод выдатных кніг - хоць як бы і не зусім дарэчы - бо пытанне тычылася мастацкай літаратуры, выплыў раптам падручнік - адзіны - "Буквар" Анатоля Клышкі. А з другога боку, не так і дзіўна, бо "Буквар", з яго тагачасным накладам - больш за паўтараста тысяч асобнікаў добра рабіў сваю справу.

І мне здаецца, тое, што у нас, напрыклад, пашырылася замест калькі "Прыемнага апетыту!" жывое народнае слова "Смачна есці (снедаць і г.д.)!" ці "Добрай ночы!", "Дабранач!" замест "Спакойнай ночы!" не малая заслуга і "Буквара"…

М. Купаву зусім не кранае, што Клышкаў "Буквар" з першых старонак звяртаецца да першакласнікаў са Скарынавымі словамі аб любові да роднай зямлі.

Гэтыя Скарынавы словы не так даўно былі перакладзены на чатыры дзесяткі моваў. Але А. Клышка першым адкрыў імі свае беларускі, рускі і польскі буквары.

Называючы А. Клышку класікам букварыстыкі, М. Купава лічыць яго "Буквар" ужо ўчарашнім днём і дакарае: "па-ранейшаму тут шмат калек з расійскай мовы, прыкладам: рама, шалаш, верталёт, жмуркі і г.д.

Калі ў слова шалаш сапраўды ёсць дублет будан, то чаму А. Клышка не мае права ўжыць слова шалаш, якое ўжывалі і Максім Танк, і Пятрусь Броўка, і многія-многія іншыя нашы пісьменнікі? А ці не чытаў М. Купава апавяданне Уладзіміра Караткевіча, як знарок, пад назваю "У шалашы"?

Шаноўны М. Купава! Звярніцеся да М. Фасмера. У "Этимологическом словаре русского языка" ён патлумачыць: цюркізм. І ці мне трэба тут прыводзіць адпаведнікі з турэцкай ды азербайджанскай моваў?

Не варта баяцца русізмаў, дзе іх няма!

А ў "Буквар" шалаш трапіў, мажліва, і з-за сваёй складовай будовы. А, можа, і з-за гульні. Гэта слова можна чытаць як злева направа, так і справа - налева. На стар. 90-й "Буквара" якраз так будуць чытацца словы: Піліп, Патап і г.д.

А якія дублеты ў слоў рама, жмуркі (ёсць жа і дзеяслоў жмурыцца)? А, можа, М. Купава замест слова верталёт надумаў выцягнуць з даўніны гелікаптэр. Дык яго напісаць не проста. А зверыцца? Дык гэтага слова нават у тоўстым "Беларускім арфаграфічным слоўніку" (Пад рэдакцыяй А.А. Лукашанца. Мінск, "Беларуская навука", 2009) не знойдзеш.

Або. Кажучы, што на малюнку ў "Буквары" Ф. Скарына пастаўлены не на тым месцы, М. Купава піша: не на той "асноведзі". Што за "асноведзь"? Што за купавізм? Ці не такімі "купавізмамі" хоча ён замяніць зразумелыя для шасцігодкаў раму, жмуркі, верталёт?

Прачытаўшы ў "Буквары": "Наваградак - першая сталіца магутнай старажытнай дзяржавы", М. Купава тут жа ўсклікае: "А якой дзяржавы, як яна звалася?"

М. Купаву хочацца ўбачыць назву "Вялікае Княства Літоўскае"? Тады ў шасцігодкаў узнікне неразуменне: чаму Літоўскае?

Сёння на першым часе для шасцігадовага дзіцяці добра ведаць, што была "магутная старажытная дзяржава", і Наваградак быў яе сталіцай.

Была ж у пэўных выданнях Клышкавага "Буквара" і тлумачальна-апісальная назва: сталіца "Беларуска-літоўскай дзяржавы", але яна імгненна знікла з "Буквара".

М. Купаву абурае (прыводжу доўгую цытату з яго артыкула): "Дадзена выява Наваградскага замка і - "Так нараджалася Беларусь"… Зноў жа - як "так"? На руінах Наваградскага замка ці што? Такое, лічу, недапушчальна".

Але М. Купава як бы знарок не бачыць, што пад назваю "Так нараджалася Беларусь" перш ідзе скразны - праз усю старонку - малюнак Полацка і адпаведныя радкі да яго.

А пад ім ужо два меншыя малюнкі - руіны Наваградскага замка і побач з ім выгляд найбліжэйшага да Наваградка Мірскага замка, ужо адноўленага. І подпіс: "А якія замкі будавалі нашы прадзеды! Вось замак у Міры".

І бачачы выгляд высозных руін, і шасцігадовае дзіця пэўна ж дамалюе ў сваім уяўленні колішнюю веліч замка, звязаўшы сённяшняе і даўняе. Бо што ж можна паказаць цяпер ад старадаўняга Наваградка?

Мяне вельмі турбуе галоўнае - М. Купава не бачыць асноўнага - прынцыповай розніцы "Буквара" А. Клышкі як буквара. У прыватнасці, ад іншых буквароў, якія пачынаюць вывучэнне літар з галосных і чытанне складоў з прыстаўлення да адной зычнай розных галосных, напрыклад: м - ма, мо, му і г.д.) Як марудна засвойваецца такое чытанне складоў першакласнікамі! Як цяжка дзецям! Я гэта неаднаразова назіраў сам.

Зусім іншае, прапанаванае А. Клышкам: вывучэнне перш літар зычных (спачатку ідуць дзесяць частотных з іх), а тады ўжо літары галосных. Як лёгка тады засвойваецца чытанне складоў!

Вось слупок зычных. Настаўнік прыстаўляе літару а і чытае разам з вучнямі: ма, на, са … - праз тры-чатыры склады ён прымаўкае, а вучні і далей самі лёгка дачытваюць наступныя, не заўважаючы, што настаўнік прымоўк.

Дзякуючы такой методыцы, такому спосабу навучання чытанню дзецям хутка адкрываецца шлях да тэкстаў. Колькі адразу складуць гэтыя 10 складоў розных слоў: мама, тата, наша, Маша, Даша, Саша, Паша і г.д. Аж 25 слоў у вашым распараджэнні!

Ды варта згадаць і такое: з гісторыі адкрыцця пісьма добра вядома, што гукавое пісьмо спярша пачыналася з фіксацыі толькі зычных. Бо яны акурат апора слова.

І яшчэ. У "Буквары" грунтоўна адпрацоўваецца падзел слова на склады, паслядоўнасць іх у слове. Але не ўбачыш ніводнага тэксту, дзе словы рыскамі дзяліліся б на склады. Вучань павінен прывучацца адразу бачыць і чытаць слова цэласна. Такое перакананне А. Клышкі.

А ці ж не даводзілася вам бачыць не толькі букварныя словы, а нават цэлыя кніжачкі, скажам, казак, дзе кожнае слова знявечана рыскамі?! Дзіця прывучаюць чытаць па складах, каб пасля яму даводзілася адвучвацца ад такога чытання. А гэта даволі не проста.

Я сам быў сведкам, калі ўнучку маіх знаёмых у гімназіі прымушалі чытаць словы толькі па складах, хоць яна ўжо самастойна вымаўляла словы цэласна, чытаючы вершы і казкі.

Я не буду больш спыняцца на спецыфічных праблемах навучання грамаце. Хто цікавіцца, няхай звернецца да Клышкавай метадычкі "Буквар: старонкі і ўрокі". А спыняўся, каб паказаць, што буквар не проста якая чытанка-маляванка. Бо апошнім часам бачу выданні, дзе ідуць літары, малюнкі ды асобныя словы - аб сапраўнай навуцы чытання няма і гаворкі. І як вучыць чытанню, напрыклад, збегу зычных на канцы слова, у сярэдзіне слова, на пачатку?

Звяртае на сябе багатая маляўнічая беларуская мова "Буквара". Яна жыве ва ўсіх разнастайных тэкстах - у вершаваных двухрадкоўях і чатырохрадкоўях, у жартах, загадках, прыказках, народных прыкметах, языкаломках, добра адкладаючыся ў памяці дзіцяці. А колькі рэбусаў!

На стар. 116 - верш "Ветлівасць" і "Ласкавыя словы" - доўгія радкі пяшчоты да маці: мама, мамка, мамачка, матуленька, матулечка, матуля, матулька. Гэтак жа да таты, да бабулі, да дзеда.

На стар. 114 ёсць для шасцігадовак і маленькі ўрок этымалогіі: "Пяро і аловак" (дзяўчынка пытаецца ў дзеда пра назвы, а ён тлумачыць: даўней пісалі гусіным пяром і алавянаю палачкаю. І задае ёй (а разам і ўсяму першакласніцтву), каб здагадаліся: "адкуль пайшла назва "аловак"?)

На стар. 86 "Буквар" дае пары слоў - дрэва і лес: дуб - дуброва, елка - ельнік, хвоя - хвойнік, асіна - асіннік, а на стар. 87 - іншыя новыя адпаведнікі: соль - сальніца, цукар - цукарніца, цукерка - цукерніца.

У "Буквары" добрае пачатковае знаёмства і з сінонімікаю пад назваю "Словы - браты". Вось, скажам, назоўнікі: "Адзенне, вопратка, убранне" (стар. 107), "пісьмо, ліст" (стар 124), дзеясловы: "спачуваць, спагадаць, шкадаваць" (стар. 97), "бяжыць, імчыцца, нясецца" (стар.118) і г.д.

Або з антонімамі (вядома, без ужывання гэтага мовазнаўчага тэрміна). На стар. 67 ідзе радокузор: "Новы - стары" і пад ім слупком пасталі наступныя прыметнікі: малы, дужы, сыры, гарачы, малады, чакаючы ад вучня, каб ён падставіў патрэбнае слова.

Закладваюцца ў "Буквары" і пачатковыя веды па арфаграфіі.

У падручніку паўстае сапраўдны быт школьнікаў. Тут і гульні: дома яны гуляюць "У ката і мышку" (стар. 69), "У жмуркі" (стар.74), на дварэ - у "Хованкі" (стар. 78), забаўляюцца са скакалкаю (стар. 90). Не забыты і футбол!

Вельмі натуральна для Беларусі, з яе багаццем рэк, гэтая наяўнасць у "Буквары" малюнкаў і назваў рыб (стар. 60): плотка, вугор, сом, шчупак, сазан; на літару "ь" "падплылі" новыя - язь, лінь, акунь.

"Буквар" знаёміць дзяцей з грыбамі: баравікамі, лісічкамі, рыжыкамі, з ягадамі: суніцамі, клубніцамі, чарніцамі, брусніцамі.

Прыгожа паўстае ў "Буквары" птушыны свет з многіх вершаў. Тут і твор даўняга паэта Алеся Гурло "Нашы птушкі" і цудоўныя вершы: А. Вялюгіна "Снегіры", Д. Бічэль "Курапатка", М. Лужаніна "Галубы" і інш.

А колькі зляцелася перад гэтым птушак у вершаваным чатырохрадкоўі на літару г (стар. 52): галка, голуб, грак, груган ды яшчэ да іх падбег, як іх сваяк, і гусак.

Карысны і пазнавальны матэрыял "У каго якая хата?" (стар. 56): у сабакі - будка; чмелікі зашыліся ў мох, там іх хата; варона і сарока сядзяць у гнёздах; а ў лісы - нара. А ўнізе старонкі на малюнку шпакоўня, вулей, хлеў і пытанне: "А тут што? Хто тут?"

А. Клышка адначасова рупіцца і пра шырокі досвед дзіцяці.

У тэксце "Хто які голас падае" (стар. 84) заявілі пра сябе "птушыныя" дзеясловы: "каркае, буркуе". І тут жа пытанне: "А зараз адкажы: хто з птушак кукуе, курлыкае, кугакае?" і на малюнку ўнізе - сава, зязюля, журавель.

Ці вось малюнак на апазнаванне птушак "Чый гэта нос?" (стар. 80), дзе пададзены адметныя дзюбы бусла, вароны, гусі, папугая, а збоку намаляваны самі птушкі.

У тэксце "У каго хто?" (стар. 100) падаецца птушыная малеча: "У курыцы - кураняты. У гусі - гусяняты. У качкі - качаняты".

Цікава пададзена тэма: "Як хто спіць?" і шмат чаго іншага. Чым не маленькая энцыклапедыя жывёльнага свету для шасцігодак?

Хочаце астранамічныя звесткі? Калі ласка! На стар. 105 - "Зменлівы месяц". Дзяўчынка стаіць пры акне і глядзіць на месяц. "Дзіва дый годзе. Нядаўна месяц быў як ражок. "Маладзік", - казала мама. Рос, рос і цяпер як залаты шар. Гэта поўнік, або поўня…" А далей унізе пад подпісам "Розны месяц" на малюнку пададзены ўсе чатыры квадры з подпісамі. А на наступных 106 - 107 старонках яшчэ даецца і казка "Чаму Месяц без вопраткі ходзіць?" (пра тое, як Месяц хадзіў да краўца, а той прымерваў і шыў, але калі праз тыдзень ужо зменены Месяц прыходзіў, яму вопратка не падыходзіла).

Пасля алфавітнай старонкі "Буквар" добра ўводзіць ў беларускую дзяржаўнасць. Чытаем: "Беларусь - твая Радзіма". І не магу не зацытаваць заключных радкоў тэксту: "Ёсць на свеце краіны меншыя за Беларусь. Ёсць большыя. Але Радзіму любім мы не за тое, што яна вялікая ці багатая. А за тое, што яна наша!"

Ці ж не спрадвечная мудрасць ажывае ў гэтых радках?!

Далей: "Так нараджалася Беларусь" - Полацк, Наваградак… "Нашы асветнікі" - Е. Полацкая, К. Тураўскі. А як не нагадаць тэкст пра Скарыну: "Як прыйшла да нас кніга", які інтрыгоўна разбіўся на падраздзелы: "Буквар на гліняных таблічках", "Кнігі на ланцугу", "Наш першадрукар". Пры згадцы пра князя Усяслава Чарадзея - кароткая, але таксама важная гістарычная звестка: "Пры ім на рэках Нямізе і Свіслачы быў закладзены горад Мінск". "А вось што мы ўбачылі ў музеі" - тэкст не толькі пра славутыя слуцкія паясы, але пра прадметы побыту беларусаў. Вось гаршкі-спарышы: "У час касьбы і жніва ў іх насілі на поле абед. Адразу тры стравы".

На наступнай старонцы - наш сучасны прамысловы, культурны "Мінск", з яго падземнай чыгункай - метро; і з малюнкам Нацыянальнай бібліятэкі. А каб гэты горад яшчэ пабліжэў для шасцігодах - радок: "Тут надрукаваны ваш "Буквар".

І пэўна ж, дарагая для кожнага свядомага беларуса, старонка "Твая мова", з яе патрыятычнаю канцавою часткаю: "Дык давай гаварыць па-беларуску! Дзе б ты ні быў: дома ці ў школе, у вёсцы ці ў горадзе. Вучы гаварыць свайго браціка і сястрычку на роднай мове. Гавары па-беларуску ветліва, каб і іншым, хто цябе пачуе, хацелася гаварыць па-беларуску".

Добра ў "Буквары" чаргуюцца рознажанравыя матэрыялы. Напрыклад, перад тэкстам "Янка Купала" ідзе яго верш "Хлопчык і лётчык", каб потым зазначыць: "Яго вельмі любіў першы ў свеце касманаўт Юрый Гагарын". Пасля тэксту "Якуб Колас" - яго верш "Каток".

З узрастаннем чытацкіх уменняў большаюць тэксты, а часам значна даўжэюць і вершы. Напрыклад, цудоўны Танкаў верш "Жук і Слімак" размясціўся аж на дзве старонкі. Але ўсё у сваю меру.

Сярод далейшых тэкстаў ранейшай тэмы варта адзначыць "Нашы святы", дзе школьнікі згадваюць іх улюбёныя народныя святы - Дзяды, Каляды, Вялікдзень, Купалле, а таксама Дзень Незалежнасці… А да гэтага ж на літару в быў тэкст "Слава воінам!"…

І міжволі з народнымі святамі згадваюцца старонкі "Буквара", дзе пад Купалаў радок "А гармонік грае-грае…" загучалі назвы народных танцаў і дзеясловаў пры іх: скакаць "Лявоніху", кружыцца ў "Крыжачку", круціць "Мяцеліцу"…

Але я хачу асабліва падкрэсліць, што ўвесь пазнаваўчы матэрыял не ідзе сам па сабе, а якраз як букварны, які вучыць грамаце. У гэтым канкрэтным выпадку сабраліся танцаваць хлопчыкі і дзяўчынкі з двухскладовымі імёнамі на канцавую галосную я. Для адпрацоўкі імгненнага цэласнага ўспрыняцця і чытання слоў пры "Лявонісе" імёны пасталі ў слупок (з канцавым ня): Яня, Аня, Маня, Ваня, Фаня, Таня і г.д.

А ўвогуле "Буквар" А. Клышкі са сваімі цікавымі разнастайнымі шматжанравымі тэкстамі добра вучыць дзяцей этыкету, быць дружалюбнымі, працавітымі. І зноў жа, здаецца, так і просяцца многія тэксты, каб назваў іх, як, скажам, "Дзесяць памагатых" ці казка "Воўк-гультай"…

… Расстаючыся з леташнімі шасцігодкамі, а ўжо сёлетнімі сямігодкамі, "Буквар" не забывае напомніць ім пра часопіс "Вясёлку", газету "Раніца".

А цяпер перагартайма замежныя буквары. Вядома ж, не патрэбна польскаму буквару ўгаворваць малога паляка гаварыць па-польску, гэтак жа як нямецкаму буквару - малога немца гаварыць па-нямецку, як і французскаму буквару… І г.д., і г.д. Але ці ёсць у польскім буквары старонкі, прысвечаныя Адаму Міцкевічу ці Юліюшу Славацкаму, а ў нямецкім - Гётэ? У іх адна найпершая задача - навучыць чытаць.

Анатоль Клышка зрабіў з "Буквара" нібы маленькую займальную энцыклапедыю, а што да методыкі навучання грамаце - паслухайце суседа-букваразнаўца. У маскоўскім выдавецтве не так даўно выйшла кніга Валерыя Марусяка "Учим ребенка читать. Как? Когда? Зачем?" Аўтар кнігі адзначае: "Буквар" Анатоля Канстанцінавіча Клышкі ў метадычным плане дзіўны і ўнікальны. Магу сцвярджаць гэта з поўнай адказнасцю, паколькі нічога падобнага я не знайшоў у больш чым трохтысячнай калекцыі Юрыса Цыбулса (рыжскага калекцыянера). Ёсць буквары, якія пераўзыходзяць "Буквар" Клышкі ў афармленчых адносінах, але ніводзін не параўнаецца з яго метадычнай прапрацоўкай". Так што і сёння праца А. Клышкі высока ацэньваецца нават за межамі Беларусі, што і заканамерна.

Я, можа, з залішняй падрабязнасцю спыняўся тут на некаторых букварных старонках, але мне хацелася паказаць, які надзённы сённяшні "Буквар" А. Клышкі з яго накіраванасцю ў заўтрашні дзень (насуперак Купаваму вярзенню).

Нам трэба рупіцца аб іншым. Паглядзіце, на колькі старонак скараціўся беларускі "Буквар", а значыць, колькі выдатных твораў не дайшло ў школе да шасцігодак. Зменшыўся і яго наклад.

Вельмі хвалюе таксама, што змяншаецца колькасць беларускамоўных школ і дзяцей, якія вучацца на роднай, беларускай мове.

Вячаслаў Чамярыцкі , кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.


ЧАРГОВАЕ БЫКАЎСКАЕ СВЯТА Ў БЫЧКАХ

19 чэрвеня, у нядзелю, на малой радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна адбыліся чарговыя Літаратурныя сустрэчы, зладжаныя Віцебскай абласной арганізацыяй ТБМ пры падтрымцы грамадскага аб'яднання Рух "За свабоду". Падобныя творчыя спатканні, прымеркаваныя да дня нараджэння народнага пісьменніка-земляка, даўно ўжо сталі своеасаблівай візітнай карткай рады Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.

Па традыцыі перад выездам у Бычкі сябры таварыства, кіраўнікі абласной рады, прадстаўнікі грамадскасці ўсклалі кветкі да Мемарыяльнай дошкі Васілю Быкаву на будынку, дзе ён вучыўся яшчэ ў даваенны перыяд.

Надвор'е ў гэты дзень, калі таксама праваслаўнымі адзначалася свята Тройцы, было цёплае, лагоднае, сонечнае. Такім жа пазітыўным атрымалася і ўсё мерапрыемства.

На пачатку да прысутных звярнуўся старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрась Бабіч, які падкрэсліў важнасць Быкаўскіх літаратурных сустрэч, бо гэта пляцоўка, дзе не толькі ўшаноўваецца памяць славутага творцы і вялікага патрыёта Бацькаўшчыны, але і месца творчых і грамадскіх дыскусій, месца дыялогу ў самым шырокім сэнсе гэтага слова.

А непасрэдна літаратурна-мастацкую частку імпрэзы адкрыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, які акцэнтаваў увагу на ролі Быкава не толькі ў беларускай, але і, увогуле, у сусветнай літаратуры.

Сваімі ўспамінамі пра славутага пісьменніка падзяліліся Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, кіраўнік Беларускай службы радыё "Свабода" Аляксандр Лукашук, публіцыст і пісьменнік Сяргей Абламейка, віцебскія літаратары Уладзімір Папковіч, Міхась Мірановіч, Кастусь Севярынец. Паэт і бард з Бешанковічаў Георгій Станкевіч выканаў дзве свае песні ў гонар Быкава.

Вядоўца імпрэзы намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Алена Сакалова прапанавала ўсім прысутным паўдзельнічаць у віктарыне, прысвечанай творчасці Васіля Быкава. Пытанні не былі такімі ўжо простымі і насамрэч патрабавалі добрага ведання празаічнай спадчыны пісьменніка. Найбольш дасведчанымі аказаліся мастак Алесь Марачкін і Мар'ян Місевіч - добра вядомы сябра ТБМ з Падсвілля, што на Глыбоччыне. Яны і атрымалі ў якасці прыза новыя выданні Уладзіміра Арлова і Сяргея Абламейкі з аўтографамі аўтараў.

Постаць Васіля Быкава ў нашай свядомасці непарыўна звязана з імёнамі яго сяброў і калегаў па пісьменніцкім рамястве - Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. Можна сказаць, што іх жыццёвыя і творчыя дарогі цесна пераплеценыя, знітаваныя. І гэтая важная дэталь была цудоўна паказаная ў літаратурна-мастацкай кампазіцыі "Тры волаты - тры сябры", якую прадставілі прысутным тры надзвычай прыгожыя дзяўчыны - Вера Гямбіцкая, Вольга Сянькова і Любоў Глазман. Тут гучалі і вершаваныя радкі, і ўспаміны, і некаторыя новыя факты.

Робячы своеасаблівае падсумаванне літаратурна-мастацкай часткі імпрэзы, ганаровы старшыня Віцебскай абласной рады Іосіф Навумчык нагадаў прысутным, што рэальна пакуль няма на Віцебшчыне належнага ўшанавання памяці ні Быкава, ні Бураўкіна, ні Барадуліна. Бо па-ранейшаму мы чуем толькі абяцанні ці дэкларацыі пра намеры, а не фактычнае ажыццяўленне планаў. Іосіф Адамавіч заклікаў таксама ўсіх прыхільнікаў беларускага слова годна адзначыць юбілейныя даты пісьменнікаў-землякоў - Сяргея Законнікава, Анатоля Вярцінскага, Генадзя Бураўкіна, падзяліўся інфармацыяй пра стан здароўя сястры Васіля Быкава Валянціны Уладзіміраўны, якая пасля бандыцкага нападу на яе праходзіць лекаванне ў Віцебскай абласной бальніцы.

Напрыканцы ўрачыстасці Віцебская абласная рада ТБМ перадала ў падарунак Сядзібе-музею Васіля Быкава ў Бычках партрэт пісьменніка, які цяпер будзе пастаянна там знаходзіцца.

Цешыць, што на свяце было шмат моладзі, тых, хто любіць беларускае слова і творчасць знакамітага пісьменніка. А яшчэ ва ўсіх прысутных выклікала сапраўднае захапленне маленькая, чатырохгадовая беларусачка з Лужак (Шаркаўшчынскі раён) Уладзіслава, якая ў шыкоўным беларускім строі дарыла кветкі выступоўцам - пісьменнікам і грамадскім дзеячам, дадаючы святу яшчэ больш непадробнай радасці і пазітыву.

Вяртаючыся ў Віцебск, актывісты ТБМ наведалі Мемарыяльны комплекс "Прарыў", а таксама магілу Рыгора Барадуліна, дзе ўшанавалі яго памяць, усклалі кветкі.

Абмяркоўваючы зладжаную імпрэзу, сябры абласной рады ўжо цяпер уносілі свае прапановы наконт арганізацыі Літаратурных сустрэч у наступным годзе. І такі сур'ёзны падыход да справы дае ўпэўненасць, што і чарговае свята будзе належным чынам падрыхтавана і праведзена.

А сёлетнія Літаратурныя сустрэчы атрымаліся сапраўды запамінальнымі! Карыстаючыся магчымасцю, хацелася б выказаць падзяку кіраўніцтву Ушацкага раённага выканаўчага камітэта за спрыянне ў правядзенні імпрэзы.

Юрась Бабіч , старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


Быкаў - гэта сумленне

20 чэрвеня ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры "Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому...", створаная па матывах аднайменнай апошняй прыжыццёвай кнігі народнага пісьменніка і прымеркаваная да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Выставу адкрыла намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына, якая адзначыла, што для яе гэта вялікі гонар - прадстаўляць у знешнепалітычным ведамстве краіны такую экспазіцыю, прысвечаную народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву:

- На маю думку, праўду перагледзець немагчыма. Праўда таму і праўда, што заўсёды застаецца такой, якой яна стала вядомая людзям. Але праўду мы павінны пераасэнсоўваць, мы павінны таксама, памятаючы аб тым, што з намі адбывалася, памятаючы аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны, мы павінны падрыхтавацца да будучыні. Я глыбока ўпэўнена, што ўся творчасць Васіля Быкава была дзеля будучыні Беларусі. Нам трэба было зразумець, што з намі адбывалася, мы павінны былі даць зразумець іншым народам свету, якім быў унёсак Беларусі ў агульную вялікую перамогу і, увогуле, у чалавечую цывілізацыю, каб разам будаваць новую будучыню Беларусі. Сёння ўжо гаварылі, што Васіль Быкаў заўсёды казаў пра еўрапейскасць Беларусі. Гэта значыць, што ён усё сваё жыццё, і нават у цяжкія дні вайны, глядзеў у будучыню. Таму памяць - гэта не толькі мінуўшчына. Для мяне памяць - гэта і будучыня. Імя Быкава вядомае не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце. Паводле дадзеных Бібліятэкі Кангрэсу Злучаных Штатаў Амерыкі, творы Быкава перакладзены на 52 мовы свету. Канешне, імя Быкава вядомае! І Васіль Быкаў - гэта сумленне, сумленне не толькі таго пакалення, пра якое ён пісаў у сваіх творах, але гэта і сумленне маладых людзей, якія цяпер праходзяць праз усе выпрабаваньні разам з новай Еўропай.

Выстава - гэта дзясятак стэндаў, сотні фотаздымкаў. Экспанатамі выставы сталі дакументы, рукапісы, вокладкі кніг, малюнкі Васіля Быкава. Дырэктарка Беларускага дзяржаўнага музея беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч распавяла, што ў 1994 годзе, у год свайго 70-годдзя, Васіль Быкаў перадаў у фонды музея ўнікальную калекцыю сваіх матэрыялаў:

- Гэта былі рукапісы, фотаздымкі, кнігі на замежных мовах, кнігі з аўтографам, асабістыя рэчы. І мы да 70-годдзя з дня нараджэння пісьменніка рыхтавалі выставу. Адна з галоўных тэм на той выставе гучала так: "Голас Быкава чуе ўвесь белы свет". У аснове гэтай выставы - кніга "Доўгая дарога дадому". Але каб выстава мела большы рэзананс, мы да яе дадалі вельмі шмат здымкаў. Вялікую частку здымкаў зрабіў ягоны сябар Яўген Коктыш. На нашу просьбу зрабіць здымкі мясцінаў, дзе жыў і працаваў Быкаў, адгукнуліся і дыпламаты, якія працавалі ў Германіі, Чэхіі - Аляксей Жбанаў, Аляксей Кухарчык. Ёсць фотаздымкі малодшага сына Васіля. Гэтыя здымкі нам асабліва дарагія.

На здымках, прадстаўленых на выставе - бацькі пісьменьніка, ягоная сям'я, сябры і паплечнікі Быкава: Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Андрэй Вазнясенскі.

Ёсць некалькі здымкаў і з супрацоўнікамі Радыё Свабода, зробленымі ў 2003 годзе ў Празе: з дырэктарам Беларускай службы Свабоды Аляксандрам Лукашуком, з супрацоўнікам і сябрам Быкава Сяргеем Навумчыкам і старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. Ёсць здымак 2002 года з цяперашняй лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі Святланай Алексіевіч.

На адкрыцці выставы прысутнічала шмат замежных дыпламатаў - кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, амбасадары Германіі, Вялікай Брытаніі, Балгарыі, Ірака, Лівіі, Палестыны, Сырыі, Кіргізстана, Туркменістана, ААЭ ды іншых краінаў.

Радыё Свабода.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені

Адамчык Надзея Іванаўна Амбразевіч Людміла Мікал. Амяльковіч Віталь Леанідавіч Амяльковіч Павел Анатол. Аніскевіч Ганна Уладзіміраўна Арбузаў Анатоль Цімафеевіч Арэшка Вераніка Вечаслав. Аўдзейчык Ілля Анатольевіч Аўласевіч Алеся Дзянісаўна Аўсей Аляксандр Бабенка Сяргей Бабчанок Марына Сяргееўна Балашка Алег Баран Аляксандр Бараноўскі Ігар Віктаравіч Барболін Васіль Васільевіч Бармута Юлія Уладзіміраўна Бацілава Надзея Мікалаеўна Бацян Пётр Дзмітрыевіч Белан Наталля Белы Іван Юр'евіч Бельская Святлана Блізнюк Аляксандр Аляксан. Богдан Вадзім Міхайлавіч Бразгуноў Алесь Уладзімір. Бубешка Уладзімір Бумажэнка Я. М. Буцко Павел Анісімавіч Быстрык Арцём Аляксандр. Бязрукая Маргарыта Юр'еўна Варачаева Анастасія Андр. Васечка Іван Уладзіміравіч Ваўчок Аляксандр Верамоўскі Аляксей Мікал. Вячорка Вінцук Рыгоравіч Гайко Сяржук Анатольевіч Галавань Алесь Галай Аркадзь Апанасавіч Ганчароў Мікалай Паўлавіч Гаўрыленка Вольга Герасімовіч Казімір Станісл. Гікс Станіслаў Анатольевіч Гіркін Сяргей Уладзіміравіч Глазко Дзмітры Мікалаевіч Гняткоў Валеры Голышаў Павел Сяргеевіч Гоўша Ларыса Аляксандраўна Грузноў Валеры Іосіфавіч Грынько М.У. Гулевіч Пётар Фёдаравіч Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Дабравольская Наталля Міх. Данілава Таццяна Даніловіч Мар'яна Даўмантовіч Іван Уладзімір. Дзергачоў Аляксандр Март. Дзянісаў Гальляш Дзяржаўцаў Ян Аляксеевіч Дзяшук Юры Віктаравіч Догіль Андрэй Алегавіч Дрожынава Іна Аркадзеўна Ермакова Святлана Сяргееўна Ермалёнак Вітольд Антонавіч Ермаловіч Святлана Жмачынскі Аляксандр Вікт. Жук Марына Мікалаеўна Жыгальская Вольга Анатол. Завальнюк Уладзіслаў Мац. Залацілін Аляксандр Валер'ев. Звераў Юры Звонік Святлана Згурская Ганна Здановіч Іван Юльянавіч Зелянкевіч Наталля Знавец Павел Кірылавіч Зылева Святлана Васільеўна Ільініч Наталля Валянцінаўна Ішчанка Кацярына Сяргееўна Кавалёнак Л. П. Казакоў Ігар Яўгенавіч Казлова Алена Казлова Святлана Мікалаеўна Казляк Любоў Калеева Вераніка Уладзімір. Кальцова Зінаіда Іванаўна Камароў Васіль Васільевіч Карабач Віталь Віктаравіч Каракін Андрэй Анатольевіч Кардаш Наталля Аляксандр. Кароткі Мікалай Мікітавіч Карп Алена Аляксандраўна Картавенкава Галіна Пятроўна Карчэўскі Анатоль Касяк Кастусь Сяргеевіч Кітурка Ірына Фёдараўна Кобер Таіса Копаць Алег Міхайлавіч Корзун Валянціна Коцікаў Ян Краснеўскі Віталь Сяргеевіч Красноўскі Аляксандр Віктар. Краўчанка Сяргей Канстанц. Краўчук Маргарыта Дзмітр. Крываручанка Ігар Мікал. Крывашэеў Зміцер Сяргеевіч Крывёнак Міхаіл Фадзеевіч Крэнт Зміцер Ксянзоў Кірыл Уладзіміравіч Кузняцоў Ігар Мікалаевіч Кузьміч Алег Андрэевіч Кулак Жанна Язэпаўна Кульбеда Дзмітры Сяргеевіч Кульбіцкі Пятро С. Кундас Ганна Кухарчык Пётр Андрэевіч Лабадзенка Глеб Паўлавіч Лагутаў Віталь Лажкова Наталля Лапановіч Андрэй Васільевіч Лапкоўскі Алег Мікалаевіч Лаўнікевіч Дзяніс Эдуардавіч Лесавы Кірыл Лецяга Ігар Ліннік Міхаіл Аляксандравіч Ліннік Сяргей Мікалаевіч Літвіненка Аляксандр Лукін Ілля Міхайлавіч Лява Арцём Лявіцкі Антон Мікалаевіч Ляўчук Вольга Васільеўна Ляўчук Леанід Аляксандравіч Макарыч Максім Міхайлавіч Макоўская Алена Паўлаўна Максімава Кацярына Максуць Надзея Віктараўна Маоклы Дзяніс Ігаравіч Мароз Наталля Алегаўна Марчанка Пётр Георгіевіч Машанскі Аляксандр Іванавіч Машынская Ірына Антонаўна Мікалаеўская Анастасія Іван. Місарэвіч Таццяна Іванаўна Місцюк Уладзімір Мікалаевіч Місцюкевіч Аляксандр Іван. Місько Алег Пятровіч Міхалевіч Аляксандр Анатол. Млынарчык Марыя Молчан Барыс Валянцінавіч Мулашкіна Лізавета Дзмітр. Мядзведзеў Кірыл Навіцкі Пётр Лявонавіч Нагдаляп Андрэй Мікалаевіч Найдзёнава Вера Нашкевіч Дар'я Іванаўна Недзялкоў Яраслаў Нікалаеўская Вольга Ігараўна Нікановіч Васіль Васільевіч Новікава Марыя Сяргееўна Някляеў Уладзімір Пракопавіч Пазняк Жанна Панізнік Алена Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг. Парда Аліна Іванаўна Пастарнак Барыс Натанавіч Паўлоўская Ганна Валер'еўна Пашкевіч Алег Эдуардавіч Пашкевіч Мікалай Іванавіч Пашкевіч Таццяна Валер'еўна Піліпішын Павел Барысавіч Піскун Андрэй Анатольевіч Пракоф'ева Юлія Прыбыткова Святлана Пузанкевіч Сяргей Уладзімір. Пяткоўская Алена Іосіфаўна Пятроў Аляксандр Аляксанд. Радзіонава Ірына Яўгенаўна Радчук Віталь Дзмітрыевіч Рамановіч Станіслаў Канстанц. Рамашкевіч Кацярына Уладз. Рамук Алена Расказава Лізавета Пятроўна Рашчэўскі Віталь Часлававіч Розін Дзмітры Барысавіч Рудовіч Мікалай Русаў Пятро Аляксандравіч Рымша Алесь Георгіевіч Савік Мікола Пятровіч Савіна Анастасія Савіч Дзмітры Уладзіміравіч Савянкова Таццяна Анатол. Сагалец Ілля Фёдаравіч Сакалоўскі Уладзімір Самасюк Аляксандр Міхайл. Сарокін Арцём Адамавіч Саўчанка Андрэй Віктаравіч Сахно Таццяна Анатольеўна Сватко Павел Аляксандравіч Семчык Ганна Аляксандраўна Семяненка Максім Уладзімір. Сінцова Таццяна Скупановіч Уладзімір Леанід. Смаль Валянцін Мікалаевіч Смола Таццяна Стрыгельская Наталля Анат. Сулкоўскі Уладзімір Якаўл. Сухаверхі Міхаіл Пятровіч Сыраваткаў Аляксандр Васіл. Сыч Ніна Лявонцьеўна Сюбарава Серафіма Іванаўна Сяркоў Андрусь Сяткоўская Вераніка Уладзім. Талапіла Алесь Львовіч Талатай Святлана Танкевіч Аляксандр Яўгенавіч Ткачова Вольга Ткачэнка Антон Алегавіч Трапашка Марыя Трацяк Вера Тумаш Генадзь Тупік Кацярына Віктараўна Турчак Наталля Уладзіміраўна Уласава Руслана Ігараўна Усцінава Людміла Нікіфараўна Філіповіч Валер Аляксеевіч Хаданёнак Віктар Мамертавіч Хасанаў Ігар З. Храпавіцкая Тамара Аркадз. Хрол Часлаў Часлававіч Цімохін Ілья Вітальевіч Цітко Валянцін Уладзіміравіч Ціцянкова Галіна Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Цішко Валянцін Уладзіміравіч Цыганкоў Генадзь Васільевіч Цюшкевіч Сяргей Анатольев. Чапля Данута Чарнышоў Алесь Ігаравіч Чарткоў Мікола Алегавіч Чувахова Алена Уладзіміраўна Чыгір Клаўдзія Сцяпанаўна Чысцякоў Аляксей Уладзімір. Шалупенка Васіль Іванавіч Шапуцька Ганна Віктараўна Шарашовец Аляксандр Мік. Шафаловіч Аляксандр Пятр. Шкутко Анастасія Эдуардаўна Шрубейка Іаланта Антонаўна Шумскі Ягор Аляксандравіч Шусціцкі Тадэвуш Віктаравіч Шымірка Анатоль Шынкевіч Уладзімір Мікал. Шыпай Аляксандра Генадз. Шычко Святлана Вячаслав. Шэравера Руслан Уладзімір. Юран Антон Ярмац Аляксандр Аляксандр. Яскін Андрэй Алегавіч


Дзякуем Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Сп. М.С. Орда

220126, Мінск, пр. Пераможцаў, 21

СПРАВАЗДАЧА

На падставе дагавора дабрачыннай (спонсарскай) дапамогі, заключанага на падставе Пастановы выканкама Савета федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ад 19.05.2016 № 51, Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" атрымала ад Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі грашовыя сродкі ў памеры 3750000 (тры мільёны семсот пяцьдзясят тысяч) беларускіх рублёў.

У адпаведнасці з дагаворам грашовыя сродкі былі выкарыстаныя на падпіску шэрагу цэнтральных раённых бібліятэк краіны, музеяў, гімназій і школ горада Мінска, а таксама ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на беларускамоўныя перыядычныя выданні Рэспублікі Беларусь. У дадатку №1 да справаздачы абазначаны суб'екты падпіскі і грашовыя сумы.

Да справаздачы дадаюцца копіі плацёжных дакументаў на дзвюх старонках.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Белпошта выпусціла мастацкі канверт да 175 -х угодкаў з дня нараджэння Элізы Ажэшкі

Эліза Ажэшка (06.06.1841, маёнтак Мількаўшчына, Гарадзенскі р-н - 18.05.1910) - пісьменніца, грамадскі дзяяч. Раманы, аповесці, апавяданні, навэлы пісьменніцы, якую двойчы намінавалі на Нобелеўскую прэмію, перакладзены на 20 моў свету. Э. Ажэшка з'яўляецца ганаровай грамадзянкай г. Гародні, яе імя носіць вуліца, дзе яна жыла. Сёння ў доме пісьменніцы знаходзіцца інфармацыйна-адукацыйны цэнтр.


"Адносіны Беларусі і Еўразвязу адчувальна палепшыліся"

Навіны Германіі

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Нямеччны ў Беларусі Петар Дэтмар адзначыў, што адносіны Беларусі і Еўрапейскага звязу адчувальна палепшыліся, перадае БЕЛТА.

- Найбольш відавочнай праявай гэтага стала скасаванне санкцыяў ЕЗ у дачыненні да Беларусі ў лютым гэтага года. Менавіта Германія больш за іншыя краіны выступала за скасаванне санкцыяў, - адзначае амбасадар. - Можна канстатаваць, што нават праблемныя тэмы могуць зноў адкрыта абмяркоўвацца. Гэта можа стаць пачаткам шляху, які дасць нам магчымасьць актыўна рэалізоўваць шырокі патэнцыял двухбаковых адносінаў. Гэта запатрабуе часу, цярплівасці і даверу да партнёраў.

Германія - адзін з найвялікшых донараў Беларусі сярод краінаў Еўразвязу. З 2006 па 2012 год яна выдзеліла нашай краіне 129,17 мільёна даляраў ЗША. Гэта амаль чвэрць агульнай сумы донарскай дапамогі ад краінаў ЕЗ за гэты перыяд. 2/3 нямецкай дапамогі накіроўваюцца на адукацыю. Пераважна гэта расходы на навучанне беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Германіі. Сродкі, выдаткаваныя на развіццё гэтага кірунку, фактычна застаюцца ў Германіі.

Як адзначае Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, які двойчы праводзіў даследаванне ролі і месца грамадзянскай супольнасці Беларусі ў сістэме донарскай дапамогі ЕЗ для Беларусі, для нямецкай дапамогі характэрнае супрацоўніцтва з уладамі Беларусі. І ў выпадку, калі дапамога выдзяляецца праз канал "НДА і грамадзянская супольнасць", то гэта зусім не значыць, што сродкі накіраваныя на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Радыё Свабода.


Мітрапаліт Германіі назваў галоўны вынік Усеправаслаўнага сабору на Крыце

Усеправаслаўны сабор на Крыце завяршыўся ў нядзелю, 26 чэрвеня, урачыстым набажэнствам, паведамляе DW.

Як заявіў старшыня праваслаўнага Епіскапскага збору Германіі мітрапаліт Аўгустын, найважнейшым вынікам мерапрыемства стала рашэнне пра тое, што Святы і Вялікі Сабор становіцца сталым органам праваслаўнай царквы.

У саборы прынялі ўдзел 166 дэлегатаў з дзесяці памесных цэркваў. Расійская праваслаўная царква адмовілася ад удзелу. Акрамя таго, на сабор не прыехалі прадстаўнікі Антыахійскай, Грузінскай, Сербскай і Балгарскай праваслаўных цэркваў.

Хартыя-97.


АБ'ЯВА

У ліпені сядзіба ТБМ працуе па серадах і чацвяргах з 17:00 да 19:30, па пятніцах -

з 17:00 да 20:00.


АБ'ЯВА

Кніжная выстава працуе толькі па серадах і чацвяргах з 17:00 да 19:30. З суботы па аўторак - выходныя.


Круглы стол у Магілёве

На пачатку двухтысячных гадоў у Магілёве былі закрыты апошнія беларускія класы. Мая стрыечная сястра да 6 класа навучалася ў беларускім класе СШ № 42, але потым без абмеркавання з бацькамі гэты клас перавялі на рускую мову навучання. Пры гэтым перавялі не з першага верасня, бо супраць паўсталі бацькі вучняў, а з новага года. Вось такімі метадамі ў нашым горадзе Магілёве была знішчана нацыянальная беларуская адукацыя.

Ужо шэсць год у нас па-беларуску навучаецца толькі адна вучаніца - гэта Ялінка Салаўёва. І ў верасні мінулага года пасля звароту Міхася Булавацкага да намесніка старшыні аблвыканкама Валерыя Малашкі ў Магілёве, нарэшце, быў праведзены круглы стол па праблемах нацыянальнай адукацыі ў Магілёве. Мерапрыемства прайшло на базе СШ № 1 досыць канструктыўна: былі абмеркаваныя шляхі вырашэння дадзенай сітуацыі ў сферы нацыянальнай адукацыі і прызначаны тэрмін наступнага круглага стала. Вырашылі, што варта сабрацца ў наступны раз напрыканцы зімы, у студзені-лютым, калі бацькі першаклашак вырашаюць, у якую школу аддаваць сваіх дзяцей.

Але прайшоў студзень, люты, сакавік, актывісты ТБМ нагадвалі чыноўнікам пра дамову аб правядзенні мерапрыемства, але чыноўнікі ад адукацыі рабілі ўсё, каб зацягнуць час і пахаваць праблему ў сваіх кабінетах і бюракратычнай валакіце.

18 траўня 2016 г. мне прыйшлося пайсці на прыём да Малашкі Валерыя Анатолевіча і нагадаць яму пра леташнія абяцанні нашых чыноўнікаў. І толькі тады была аператыўна вызначына дата правядзення чарговага круглага стала.

26 траўня адбыўся другі круглы стол. Мерапрыемства пачалося з дакладу чыноўніцы ГарАНА Кандраццевай Т.І. Даклад быў зроблены у стылі справаздачы савецкіх часоў, пра тое, як нашыя чыноўнікі ў адукацыі шмат робяць для папулярызацыі нацыянальнай культуры і адукацыі. Падобныя даклады прагучалі і ад іншых чыноўнікаў.

Затым, нарэшце, перайшлі да абмеркавання задач, якія неабходна вырашыць для таго, каб у Магілёве паўсталі паўнавартасныя беларускія класы. Было адзначана, што чыноўнікаў у нас вельмі шмат, але ніводнага пытання ў адукацыі аператыўна і кампетэнтна вырашыць немагчыма. Была звернута ўвага на тое, што ў Магілёве вельмі мала надаецца ўвагі папулярызацыі нацыянальнай культуры і беларускай мовы. Мала праводзіцца прэзентацый і сустрэч з нацыянальнымі дзеячамі, а калі яны ладзяцца, то зачастую ў нязручны час. На слабым узроўні ідзе выкладанне беларускай мовы ў дзіцячых садках, і таму дзеці прыходзяць у школу непадрыхтаваныя - для іх беларуская мова гучыць як замежная.

Было вырашана, што ў нашым горадзе з першага верасня 2016 года адкрыюцца два першыя беларускія класы на базе СШ № 1 і СШ № 34. На сённяшні дзень ёсць пакуль што толькі адна заява. Штосьці было зроблена чыноўнікамі для рэкламы класаў: з'явіліся артыкулы ў газетах, на сайтах, абвесткі ў школах і садках. Але тыя абвесткі, якія падрыхтавала ТБМ, чамусьці забракавалі і сказалі далей іх узгадняць і дапрацоўваць з чыноўнікамі адукацыі. Зробленага, відавочна, вельмі мала і недастаткова. Час яшчэ ёсць для працы, але складваецца ўражанне, што ў магілёўскіх чыноўнікаў ад адукацыі зусім няма жадання займацца дадзеным пытаннем.

Трэба больш актыўна і самім свядомым беларусам, сябрам грамадскіх арганізацый і партый далучацца да папулярызацыі беларускіх класаў, аддаваць у іх сваіх дзяцей і ўнукаў. А многія выбралі вельмі зручную пазіцыю: з боку назіраюць, толькі крытыкуюць дзяржаўных чыноўнікаў і грамадскія арганізацыі. Такімі метадамі мы ніколі нічога не дасягнём. Так што летам для магілёўскага ТБМ будзе гарачая і плённая пара.

Чэрвень 2016 г.

Алег Дзьячкоў, Магілёў.


Беларускі гурток - Траецкае прадмесце

Кожны цацвер магілёўскае ТБМ імя Ф. Скарыны ладзіць беларускі гурток. Тэмы абіраюцца розныя. І вядуць гурток кожны раз розныя людзі. Паколькі зараз лета і ўсталявалася цёплая пара, то ў гэты раз мы вырашылі нашае мерапрыемства правесці не ў офісе, а на свежым паветры.

Зімой гэтага года пры рэканструкцыі старога маста праз Дняпро адкрыліся падмуркі старажытнай Траецкай царквы. Вось і вырашылі тэмай чарговага гуртка абраць Траецкае прадмесце. Запрасілі распавесці пра цікавосткі гэтага кутка нашага Магілёва вядомага гісторыка і краязнаўца Міхася Шымукенуса. Спадар Міхась змястоўна распавёў пра першыя цэрквы і касцёл на Задняпроўі, асаблівасці ўзнікнення Траецкай царквы. Паколькі гісторык працуе і з архіўнымі матэрыяламі, то слухаць такога апавядальніка было надзвычай цікава. Не абышлося, вядома, і без спрэчак, паколькі сабраліся на гурток і іншыя адмыслоўцы краязнаўчага руху Магілёва. Наведала гурток жанчына, якая нарадзілася ў гэтым прадмесці. Спадарыня Людміла распавяла пра старыя будынкі, старыя вулачкі і першы драўляны мост праз раку. Да гэтага часу існуюць шматлікія пытанні па лакалізацыі старажытных храмаў, у тым ліку і Траецкай царквы; калі была зруйнаваная царква; дзе і калі існавалі перавозы і паромы цераз Дняпро; дзе знаходзіўся каталіцкі касцёл; што адлюстравана на старажытных гравюрах і мапах нашага горада?

Ва ўсіх гэтых пытаннях мы паспрабавалі разабрацца, як кажуць, з выхадам на мясцовасць. Каля 20 магілёўцаў яшчэ крыху даведаліся пра свой родны горад на Дняпры. Наступныя беларускія гурткі магілёўцы і надалей пры спрыяльным надвор'і плануюць праводзіць на свежым паветры ў розных адметных кутках нашага старажытнага горада.

24 чэрвеня 2016 г.

Алег Дзьячкоў.


Аб чым пяе азан у Наваградку

Да 220-годдзя Наваградскай мячэці

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Спадзяёмся, што Адаму Міцкевічу таксама было вядома аб перакладзе. А ў снежні 1826 г. ён пicaў з Масквы ў Казань Юзафу Кавалеўскаму: "Цікавяць мяне падрабязнасці пра твой татарскі слоўнік. Ці вядомы табе стары татарска-рускі слоўнік, здаецца, у Казані выдадзены, які я тут бачыў? Граматыку (арабскай мовы. - Р.А.) Сасі можаш трымаць, колькі табе трэба; хаця яна не мая, але я здолею апраўдацца перад яе гаспадаром. Можа, прышлю яшчэ які ўсходні падарунак...". Калі ў 1855 г. Міцкевіч апынуўся ў Турцыі, ён спрабаваў вывучаць арабскую мову. Аўтограф (копія) з практыкаваннямі ў арабскай каліграфіі ёсць у музеі Адама Міцкевіча ў Наваградку.

У Турцыі Міцкевіч стварыў Польскі легіён для барацьбы з царскай Расіяй. Зусім верагодна, што заўважную ролю ў стварэнні Саюза крыжа і паўмесяца ў Польскім легіёне ў Турцыі мелі татары, у тым ліку выхадцы з Наваградчыны. Узаемаадносіны паміж краінамі вымушалі татараў, якія знаходзіліся на службе ў расійскай арміі, выступаць на процілеглым Турцыі баку. Існуе нават паданне пра татарына з маёнтка Харавічы пад Наваградкам Яна Мурзіча, які ўдзельнічаў ў вайне на баку расійскай арміі. У паданні расказваецца, што "пасля сканчэння руска-турэцкай вайны 1877-1878 гг. згаданы вайсковец, узяў у маёнтак некалькі палонных юнакоў, якія перакладалі на турэцкую мову тэксты мусульманскіх духоўных кніг, напісаных па-арабску" 19. У Турцыі ведалі арабскую мову, а мясцовыя татары, якія мелі адпаведную адукацыю, ведалі турэцкую мову, наведвалі Турцыю. У даваенны час у Наваградскую мячэць прыязджала дэлегацыя з Турцыі 20.

Узаемаадносіны з мясцовымі жыхарамі

"Паводзіны насельнікаў горада, хрысціян і татараў, узорныя; узаемаадносіны шчырыя, простыя, амаль вясковыя; бура пачуццяў, якая стрымліваецца рэлігіяй і славянскай лагоднасцю; прастата, ветлівасць, гасціннасць - усё гэта ўяўляецца вельмі сімпатычным" - так пазначыў у згаданых вышэй запісках Вінцэсь Каратынскі.

Агульнае пражыванне, актыўны ўдзел татараў у абароне інтарэсаў краіны дазволілі старэйшаму брату Адама Міцкевіча Францішку запісаць у сваім дзённіку: "Гэты народ незвычайна патрыятычны. Ён вядомы сваёй сардэчнасцю, кожны з іх нічым не здрадзіць веры. Не было выпадку, каб за злачынствы, крадзёж судзілі татарына… акуратныя, працавітыя, смелыя, спрытныя, яны непахісна верныя свайму слову і рашэнню" 21 .

У Наваградку ў 1930-я г. у час выбараў у мясцовыя органы ўлады былі створаны блокі прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў і канфесій - так габрэі стварылі свой блок, палякі разам з татарамі стварылі адзіны каталіцка-мусульманскі блок. Дэлегацыя, што прыехала ў Наваградак начале з Ігнацыем Масціцкім, наведвала мячэць.

11 ліпеня 1997 г. адбылося адкрыццё адрэканструяванай мячэці. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел прадстаўнікі гарадскіх структур, Камітэта па справах нацыянальных меншасцяў , хрысціянскія святары з Наваградка, мусульманскае духавенства, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, прыехалі татары з іншых месцаў Беларусі і замежжа - Украіны (Крыма), Літвы, Польшчы. Адкрыццё прымеркавалі да святкавання 600-годдзя пражывання татараў на землях Беларусі, Літвы і Польшчы. На цяперашні час у храме пабывала шмат наведвальнікаў, у тым ліку даследчыкаў, журналістаў, кінематаграфістаў, турыстаў.

Музейная экспазіцыя

Адрэканструяваная мячэць, як і ранейшая, мае прыбудову з асобным уваходам і невялікімі пакоямі, дзе адбываюцца заняткі нядзельнай школкі, агульныя сходы. Ёсць намер аформіць тут музейную экспазіцыю, таму мясцовыя татары пачынаюць збіраць экспанаты для экспазіцыі і здымкі для фотаальбома, прысвечанага гісторыі татарскай грамады Наваградчыны.

Першыя экспанаты з'явіліся ў 2010 годзе да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы - гэта гістарычны зборнік, а таксама фотафрагмент карціны Эдуарда Рымаровіча "Грунвальдскай бітве прысвячаецца". На карціне мастак змясціў і такое выслоўе "Толькі ў таго, хто памятае сваю гісторыю, ёсць будучыня". Гэта важна беларускім татарам: ведаць гісторыю свайго мужнага і годнага народа.

Заслугоўваюць вялікай павагі татараў тыя, хто прысвячаў свае даследаванні культурнай спадчыне татараў. Прафесар Антон Восіпавіч Мухлінскі нарадзіўся ў сям'і дробнага шляхціца 20 кастрычніка 1808 г. у маёнтку Саснова на Наваградчыне, ён першым пачаў сур'ёзна вывучаць Кітабы. 9 чэрвеня была 135 гадавіна з дня нараджэння Івана Германа Луцкевіч (1881-1919) - аднаго з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў беларускага культурна-асветніцкага, грамадска-палітычнага руху на пачатку ХХ ст. Ён увёў у навуковы ўжытак пісаны арабскай графікай помнік старабеларускай літаратуры ХVІ ст. - "Аль-Кітаб", які знайшоў шчаслівым выпадканам перад заняццем Вільні немцамі ў 1915 г. у ваколіцы Сорак Татараў у мулы Сцяпана Палтаракевіча. І. Луцкевіч апісаў кнігу і захоўваў у заснаваным ім у Вільні музеі беларускіх старажытнасцей. Цудоўны прамоўца, за сваё поўнае спраў, але кароткае жыццё ён амаль не пакінуў друкаванай спадчыны за выключэннем артыкула"Ай-Кітаб-Кіцёп", што набыў шырокую вядомасць 22. Гісторыі мячэцяў у Лоўчыцах і Наваградку былі прысвечаны даследаванні Ляона Наймана Крычынскага (1934).

Аб кім гучыць азан у Наваградку

Існуе ў татараў Беларусі, Літвы і Польшчы звычай узгадваць блізкіх людзей, якіх з намі ўжо няма: маліцца за спачын душы асобнага чалавека, а таксама за "ўсіх крэўных", "за бясплодныя душы", "за ўсе мізары".

У татарскіх сем'ях Байрашэўскіх, Радкевічаў, Сафарэвічаў, Шагідзевічаў, Шчансновічаў з болем узгадваюць ахвяраў рэпрэсій 1930-1950 гг. Магчыма, некалі будзе прачытана агульная малітвы ў памяць аб тых, жыцці каго скалечыла сістэма.

У травеньскія дні гучыць малітва ў памяць аб загінулых і пакалечаных у гады Другой сусветнай вайны. Хоць кніга "Памяць" не ў поўнай меры змяшчанае іх імёны, але яны ў памяці сем'яў Абрамовічаў, Александровічаў, Асановічаў, Багдановічаў, Бекіравых, Вясноўскіх, Курмановічаў, Палтаржыцкіх, Радкевічаў, Сафарэвічаў, Смольскіх, Шабановічаў, Шагідзевічаў, Эльяшэвічаў, Якубоўскіх…

Вайна забрала жыцці прадстаўнікоў трох пакаленняў роднай мне сям'і Радкевічаў. Два з іх - бацька і сын - Мацей і Аляксандр Радкевічы. Мой прадзед Мацей Радкевіч летам 1944 г. быў узяты "ў абоз" разам з яшчэ пяццю татарамі з вуліцы Спартовай. Самастойна мужчыны на запрэжаных у вазы конях рухаліся да чыгуначнай станцыі Баранавічы, калі трапілі пад авіяцыйныя бомбы. Усе загінулі акрамя майго дзеда Сулеймана Александровіча - шчаслівым выпадкам яму было вызначана застацца ў жывых. Магчыма, каб нарадзілася апошняя пасляваенная дачка Мяр'ема, і каб дзед змог пабачыць двух сваіх першых унучак Анюту (Анну) і Рузьку (Разалію). Мой дзед памёр у канцы 1956 г., калі мне было паўгода, але, веру, праз цеплыню сваіх рук, ён перадаў мне свой запавет.

Аляксандр-Алёша Радкевіч (1909 г. нар.), сын Мацея Радкевіча і родны брат маёй бабулі Халімы загінуў напачатку Першай сусветнай вайны ў баях на тэрыторыі Польшчы, пакінуўшы жонку і сынка Сцёпачку. Мая бабуля Халіма свайму народжанаму сярод вайны сыну дала імя ў гонар брата, Алёшамі названыя і два ўнукі бабулі. У апошнія дні вайны 28 сакавіка 1945 г. у баях за вызваленне Чэхаславакіі загінуў унук Мацея і сын Якуба - радавы 29-га гвардзейскага кавалерыйскага палка дваццаціпяцігадовы Мацвей Якаўлевіч Радкевіч. Яны загінулі ў адзін дзень у баі за вызваленне Чэхаславакіі разам з наваградчанінам Асановічам Бекірам Аляксандравічам (1925 г. нар.). А праз некалькі дзён 4 красавіка ў Чэхаславакіі загінуў яшчэ адзін зямляк і аднапалчанін Багдановіч Іван Мацвеевіч (1921 г. нар.).

Прадстаўнікі роду Александровічаў напрыканцы чэрвеня ўзгадваюць, што жыў на свеце татарын Адам, сын Сулеймана Александровіча і Халімы з Радкевічаў. Гэта мой дарагі тата, якім я ганаруся і кажу дачцы, якая не бачыла дзеда, што герб роду Александровічаў "у полі чырвоным два, у слуп вастрыямі складзеныя, мячы срэбраныя з рукаяцямі залатымі, а на іх дзве скрыжаваныя срэбныя косы канцамі дагары" - гэта пра яго. Нашчадак смелых воінаў стаў земляробам. З 54 адпушчаных гадоў жыцця (нар. 28 чэрвеня 1928 г.) роўна чатыры дзесяткі працаваў толькі на адным месцы - млынкамбінаце, прайшоў шлях ад рознарабочага да начальніка мукамольнага цэха. Так і памятаю яго прыцярушаныя мукой касцюм і не паспеўшыя пасівець валасы. Ён быў магутны і адметны, адказна апекаваў сваю сям'ю, любіў жыццё і братоў нашых меншых: асабліва галубоў і коней, як і належыць нашчадку залата-ардынскіх воінаў.

Усе мы разам - татары і беларусы - не можам не ўзгадаць "татарскага беларуса" Сцяпана Хусейнавіча Александровіча (1921 - 1986), які выкладаў у наваградскай беларускай школе 23. Мелі самае непасрэднае дачыненне да аднаўлення Наваградскай і Лоўчыцкай мячэцяў адраджэнцы татарскага руху Якуб Адамавіч Якубоўскі (1932 - 1998) і Ібрагім Барысавіч Канапацкі (1949 - 2005), ім мы кажам: "Дзякуй, што былі пасланыя нам Алагам! Вы і сёння разам з намі, Вы - незаменныя!". У памяць аб гэтых вялікіх людзях таксама гучыць азан у Наваградку…

Разалія Александровіч.


Талерантнасць (ад лац. цярпенне) - шчырая цярпімасць, арыентаваная на паважлівае ўспрыняцце іншай этнічнай ці рэлігійнай асаблівасці, іншых культур, звычаяў і ладу жыцця. Талерантнасць можа быць звязанай з высілкамі, якія патрабуюць пераадолення ці пазбаўлення непрыняцця, нецярпімасці да іншага, непадобнага. Лагоднасць талерантнай асобы выяўляецца ў імкненні да мірнага суіснавання і паразумення з іншым чалавекам ці групай людзей.

19 Лакотка, А.І. Бераг вандраванняў, ці адкуль у Беларусі мячэці. Мінск: Навука і тэхніка, 1994, с. 33.

20 Традыцыя ўзаемаадносін татараў з Турцыяй аднавілася ў незалежнай Беларусі. Пасол Турцыі Шуле Сойсал у час візіту ў Наваградак таксама наведала мячэць. Пры падтрымцы турэцкага пасольства была арганізавана ў Стамбуле фотавыстава работ наваградчанкі Таццяны Царук, прысвечаная родным мясцінам Адама Міцкевіча.

21 Гайба, М.П. Сэрцу мілая айчына: Вобраз радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча. - Баранавічы: БелАніГал, 2008. - 112 с.

22 Луцкевіч, І. Ай-Кітаб // Беларускае жыццё. - 1920. - № 6 ад 11 сакавіка. Перадрукаваны ў часопісах: Спадчына. - 1992 - № 3; Скарыніч. Вып. 2; Байрам. - 1992 - № 2. С. 73.

23 Яго вучнямі і паслядоўнікамі былі скарыназнаўца Вячаслаў Чамярыцкі і аўтар буквара Анатоль Клышка. 15 снежня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння С.Х. Александровіча.


Законы неба не адмяняюцца

(Нябесная Беларусь)

паэма-эсэ

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

* * *

Запаветы Скарыны і Бурачка

Іх бацькі і дзяды адмаўлялі,

А самі яны адмаўляюць сёння сябе.

* * *

Іх словы ад губашлёпства - пустыя,

І слёзы ад алкаголю - таксама.

Дамовы іх - подлыя змовы.

* * *

Дурышча!

Яна сябе за польку выдае,

Каб мець сярод такіх дурышчаў

Праз пшэканне якуюсь перавагу.

* * *

А гэта расіянку з сябе строіць;

А рот трасянкаю забіты

Непапраўна.

* * *

Здраджваць Айчыне -

У іх не толькі прыбытак,

А і вясёлая забаўка.

* * *

Цяпер не імкнуцца выйсці

У людзі,

А ўжо калі выйсці -

дык у мярзотнікі.

* * *

Іх сэрцы, як сэрцы зайца,

лісы, ваўка,

Трымцяць, хітруюць, хапаюць,

А Айчыны для іх няма.

* * *

Ордэны і медалі тутэйшыя

Драгметалаў не вартыя,

А грошы - шпалераў танных.

* * *

Куды шчэ болей многім тут ісці,

Як не ў краму

Па "чарніла"?!.

* * *

А ці не занадта многа

бульбы мы ядзім?!.

Таму і пераважна

шлях бульбяны наш -

З зямлі ў зямлю.

* * *

А хто баіцца перамен,

Той бессэнсоўна

Топчацца на месцы.

* * *

А хто сапраўднай

незалежнасці не мае,

Той ўсцяж услых чаўпе

Пра ўяўны свой суверэнітэт.

* * *

Няўжо не абудзяцца

І не адкінуць поўную бруду жытку,

У якой затаптаны святыні іх?!.

* * *

Тут толькі плоць, а духу няма,

А неба бярэ толькі

З Духам.

* * *

Тутэйшым быць…

Крый Божа і Купала,

Быць тутаком - двайная ганьба;

Быць Беларусам - гэта годна!

ІV. Ганьба чужым і сваім

"…чужаніцы,

Цёмных дарог махляры."

(Якуб Колас.)


"За плячыма ганьба,

а перад вачыма пустэча."

(Кузьма Чорны.)

* * *

Быць у складзе кагосьці, чагосьці -

Парадыгму такую

Вызначаюць чужынцы

і здрайцы былой Літве.

* * *

Варагавалі і варагуюць

суседзі з-за нас,

Каб мы донарамі ім

І надалей былі.

* * *

Адны з Масквы па-руску

любяць Беларусь,

У другіх - з Варшавы

польская любоў,

Тутэйшы ж імі

ўспрымаецца халопам.

* * *

"За нашу і вашу свабоду!" -

Даўно гэта ўжо зразумела…

А за нашу свабоду калі?!.

* * *

Разбэшчаныя тлустыя "браты"

А ці то з Захаду, а ці з Усходу

Не раз ператваралі нашу

Бацькаўшчыну ў пустэльню.

* * *

Нібы ледавік той, а то і горай

Суседзі з Захаду і Усходу

Прасавалі заўжды наш народ.

* * *

Так, як Захад, так і Усход

Заўжды прывучыць

беларусаў імкнуліся

Гаварыць пра нібыта

прыемнае з імі спаемства.

* * *

Яны знішчалі наш народ

яшчэ і таму,

Што ён дабрэйшы

ў сваёй прыродзе,

Чым яны.

* * *

Курапатаў, Бярозаў

Архітэктары, выканаўцы

і паслядоўнікі…

Ганьба вам, праклён і адплата!!!

* * *

"Любіце ворагаў вашых", -

Так патаемна чытаецца

Лінія Сталіна.

* * *

Дразды-ы-ы-ы…

Сёння у іх пад "хвастамі"

Айчына наша.

* * *

"Каб неяк выжыць,

На двух-на трох работах

завіхацца трэба", -

Бяспраўнаму ў мазгі ўцірае акупант.

* * *

Любяць панявольнікі-акупанты,

Каб паняволеныя іх называлі:

"Нашы".

* * *

Прыгнечваць колькасна меншых -

Гэта не сіла,

Гэта паказчык зла і пачварства.

* * *

Але калі і меншасць колькасная

Імкнецца згвалціць шар зямны -

Гэта таксама і зло, і пачварства.

* * *

Не меншай небяспекай для свету

З'яўляюцца іх памагатыя -

Здраднікі-паслугачы.

* * *

І ад немачы духоўнай таксама

Творыцца зло

І у нас, і ў Еўропе, і ўсюдна.

* * *

О колькі іх і ў нас, і ў свеце

Богаабранцаў, боганосцаў,

Што на зямшар спакусу маюць!

* * *

Іх і паходка - сведчаннем аб тым,

Што ў свет яны прыйшлі,

Каб заграбаць.

* * *

Іх не хвалюе золата

зыходзячага сонца

Ім золата ў метале

Падавай.

* * *

Хто прагне хоць адзін народ

заваяваць,

Той, безумоўна, светам авалодаць

Прагу мае.

* * *

Да нас, пякельных-панявольных,

Еўропы стаўленне бывае горшым

Чымся "ласка" Азіі.

* * *

Суседзі вынішчалі нас яшчэ за тое,

Што не жадалі мы быць імі -

Самазакахана-фанабэрнымі

нахабнікамі.

* * *

Еўропа! Еўропа!

Былі мы табе шчытом ад манголаў,

Ты ж вынішчала індзейцаў

тым часам.

* * *

Культура! Культура!

Гэта не толькі кнігі,

партытуры, пэндзлі…

І, вядома, не самахвальства.

* * *

Культура! Культ святла!

Гэта яшчэ, як ты на зямлі працуеш

І як да суседзяў ставішся.

* * *

Не забывайма, з нетраў якіх

Сюды напаўзлі

Наседкіны, Берманы і Цанавы!

* * *

Работа і рэлігія бальшавікоў

З прыматаў, з вылюдкаў

"Герояў" гартавала кожны дзень.

* * *

І забываць не трэба

Мясцовых іх паслугачоў -

Тутэйшых-тутакоў.

* * *

І тут, і ва ўсім свеце

Не так мангола паважалі,

Як яго баяліся.

* * *

Як і іншыя шкурнікі,

Крамнікі-лавачнікі таксама

На Беларусі свой капіталец робяць.

* * *

Хто ўласны дом не ўладкаваў,

Той дом чужы прыходзіць

Разбураць.

* * *

Апроч, як чужое дзяліць,

Акупанты не здольны

І не жадаюць нічога рабіць.

* * *

З Масквы - Курапаты,

З Варшавы - Бяроза,

І каментар тут ніякі не трэба.

* * *

Бязлітасны здзек,

канчатковае вынішчэнне -

Вось мэта ў наш адрас

"Культуры" суседзяў

з Усходу і з Захаду.

* * *

"Ты, патрыёт, - ты пятая калона", -

Усцяж так цвердзіць

Акупант- падонак.

* * *

Бойцеся землепрахадзімцаў

Ці то з Захаду, ці з Усходу…

Ад іх - акупацыя, гвалт і смерць.

* * *

Ездзіць на rovery

І пляваць беларусам у морду -

Мінуў нібыта для Варшавы

той час, але…

* * *

П'яніцы горкія,

Наравістыя тыпы…

О, як яны нявечылі Беларусь!

* * *

І тыя, што край свой

дзесьці спаганілі,

Лёгка знаходзяць прытулак

У большасці тутакоў.

* * *

Так, Герцан бачыў

Чынгізхана з тэлеграфам,

Галоўны чынгізід сягоння

З ядзернаю зброяй.

* * *

Ды хіба адно толькі там,

Але адтуль і сюды валакуцца,

Каб біць і дурыць беларуса.

* * *

Чарнее, чарнее Еўропа…

Хутка ляжа пад ногі

Прыбышоў чарнаскурых.

* * *

А гэта яшчэ - і адплата

За земляпрахадзімства

І не жаданне сябе абслугоўваць.

* * *

"Раскосыя, жадныя очи…"

І сёння Айчыне нашай

Няма ад іх паратунку.

* * *

Акупанты не толькі

зямлю забіраюць,

Яны і неба над ёй

Знішчыць імкнуцца..,

ды безвынікова.

* * *

Хто сімвалы нашы ірве і топча,

Ён не сатрэ між Еўропай і Азіяй

Раздзяляльны духоўны знак.

* * *

Як хлус - хлуснёй,

рабаўнік - рабаўніцтвам,

Так нашымі гонямі і барамі

Суседзі ўзбагачалі сябе.

* * *

Саюз, змацаваны арканам,

Хамутом, бізуном,

І сканае ў гэтых скрэпах.

* * *

Не трэба людзей дурыць:

"Русский мир" -

Гэта мангола-татарскае ачмурэнне.

* * *

Нібыта прайшоў той час,

Калі беларусаў зганяла Масква

У калгасы, але…

* * *

Беларусь, безумоўна, - балота ціхае,

Але пры саўдзеле яе

Можа пачацца вайна -

Сусветная, Трэцяя.

* * *

Па мерках многіх тутакоў

І акупанты - браты нашы

Родныя.

* * *

Тут лічаць братамі

І тых, хто і сёння

Твой дом разбурае і пасміхаецца.

* * *

Хіба то парадак, хіба то гармонія,

Калі брат на брата

Чужынца вядзе?!

* * *

Замест таго, каб сваю цаглінку

У дом беларускі ўкласці,

Тутакі адзін аднаго

ўкусіць імкнуцца.

* * *

Што прыбыш-акупант,

Што тутак - запраданец -

Паміж імі - ніякай розніцы. Фу!..

* * *

Ганьба чужым і сваім

Прыгнятальнікам-хлебазабраннікам

Часоў і былых, і сённяшніх!

* * *

А ў патрыётаў казённых

Шырыня іх душы

Не шырэй прарэха-шырынкі

ў портках.

* * *

А бач! Якія людзі! -

Нібыта мужчыны…

Але тут боты акупанту

можна спаласнуць.

* * *

Ілюзійная тутакоў ідылія

Пабудавана чужынцамі

На трусасці і ідыятызме мясцовым.

* * *

Ператвараецца беларус у бералуса,

А Айчына яго -

Адпаведна у мангола-татарскі улус.

* * *

Як нкусаўцы мацярок

Ад дзяцей адрывалі

Так многія тутакі

адрываюцца ад сэрца Айчыны.

* * *

Апазіцыянер!

Уладзе, якую ты ўчора стварыў,

Не кажы сёння "не", а рабі гэта "не".

* * *

А псеўдаапазіцыя -

уладзе падтанцоўшчыца -

На продажы шукае,

Што не раскрадзена ў Айчыне,

не прададзена.

(Працяг у наст. нумары.)

Яўген Гучок


Крыніца натхнення - роднае слова

"…Бiйце ў сэрцы iх -

бiйце мячамi,

Не давайце чужынцамi быць!..."

М.Багдановіч, "Пагоня".

Адной са сваіх важнейшых задач Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны лічыць садзеянне развіццю творчага патэнцыялу сваіх сяброў - прыхільнікаў роднай мовы. Таму таварыства, нягледзячы на цяжкасці, дапамагае ім у правядзенні паэтычных сустрэч з вядомымі літаратарамі, паэтамі, аўтарамі-пачаткоўцамі. Пад час такіх вечарын з'яўляюцца не толькі цікавыя творы, але і ўзнікаюць выдавецкія ідэі, знаходзяцца шляхі іх рэалізацыі.

Сведчаннем гэтага творчага працэсу можна назваць выхад паэтычнага зборніка "Аднойчы вечарам", які быў здзейснены па ініцыятыве паэтаў-сяброў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Як адзначыў ў прадмове да гэтага выдання аўтар праекту паэт Яўген Гучок, новы зборнік змяшчае вершы паэтаў-рупліўцаў беларускай мовы, якія прагучалі на сядзібе ТБМ на адной з вячэрніх красавіцкіх паэтычных сустрэч. Адсюль і назва кніжкі "Аднойчы вечарам".

Своеасаблівымі ўводзінамі ў кантэкст зборніка можна назваць вершы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Святланы Багданкевіч. Асноўная тэма яе - лёс роднай мовы. Але яна раскрываецца аўтарам без плачу па беларушчыне, без сумных алюзій. У вершы, прысвечаным У. Содалю ("Каб не ўмёрлі") С. Багданкевіч аддае даніну павагі і захапляецца подзвігам такіх беларусаў:

Хто вы сёння, яе

(Беларушчыны - А.М.) героі?

Непрыкетныя рыцары-воі

Што па кроплях яе збераглі.

Хай абраных не шмат. Іх вобмаль.

Ды сам дух яны, соль зямлі!...

Святлана Багданкевіч чуйна ўслухоўваецца ў мову горада і з радасцю адзначае, што роднае слова, асабліва ў моладзі, становіцца прыкметай яго вяртання і ўмацавання ("Беларусы ў горадзе!"), смяецца над выкрунтасамі свядомасці некаторых нашых сучаснікаў, якія адракаюцца ад сваіх моўных каранёў. Асабліва гэта камічна выглядае, калі такіх поглядаў трымаюцца некаторыя вяскоўцы ("Імперац").

Яшчэ адзін з аўтараў зборніка - паэт-тэбээмавец, стараста праваслаўнай суполкі Ефрасінні Полацкай Мікола Бакас. Мэта суполкі - адрадзіць ў краіне дзейнасць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. І гэтае імкненне вернікаў адлюстравана ў паэзіі Міколы Бакаса, які таксама бачыць у родным слове Боскую дапамогу нам, беларусам:

Ад Слова стварылася наша жыццё,

А наша Айчына - ад роднага слова.

Няхай жа гучыць

яно гімнам вясновым

Магутнаму Богу, і маці з айцом.

Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Вера Буланда - шукае натхненне ва ўспамінах пра дзяцінства ("Крый Божа"), калі жыла ў натуральным, родным моўным асяродку, калі кожнае слова мела мела сакральны сэнс:

Нібы запавет пранясу я два словы,

Каб дзеці і ўнукі запомнілі іх.

Крый Божа

не ведаць бабулінай мовы,

Крый Божа зрачыся вытокаў сваіх.

Таму асноўны лейтматыў творчасці паэткі - адраджэнне Беларусі разам з мовай яе народа, якія стануць асновай дарабрабыту яе грамадзян і росквіту краіны. Для гэтага трэба ўсвядоміць нашу мэту - адрадзіць беларускасць у сабе і адчуць сваю адказнасць за Беларусь як перад продкамі, так і перад нашчадкамі.

Такі ж лірычна-філафофскі роздум характэрны і для творчасці паэткі Аляксандры Грыцкевіч з ліцвінскага шляхецкага роду герба "Харугва". Спадарыня Аляксандра з дзяцінства мела прагу да творчасці класікаў. І гэта паспрыяла нараджэнню цікаўнасці аўтара да перакладаў, у тым ліку твораў У. Шэкспіра, М. Забалоцкага, Р. Шырмана, С. Ясеніна, Г. Ахматавай. Упэўнены, чытачам будуць таксама цікавыя прысячэнне аўтаркі У. Караткевічу, наследванне павучэнням Буды да першых паслядоўнікаў у садзе Газэляў ("Праўда пра боль"), арыгінальны экскурс у гісторыю ўзнікнення рускай мовы ("Нататкі дылетанта")…

Адзін з самых актыўных аўтараў-сяброў ТБМ імя Ф. Скарыны Яўген Гучок прадставіў чытачам сваю новую паэму трохрадкоўяў "Пакутнік-пілігрым", прысвечаны жыццёваму шляху вучонага-педагога, прафесара Ф.А. Бельскага. Паэме Я. Гучка папярэднічае "Слова да чытача" доктара філілагічных навук А. Бельскага, у якім мовазнаўца распавядае біяграфію вучонага, яго ролю ў айчыннай педагагічай навуцы. Разглядаючы вершы Я. Гучка, аўтар прадмовы адзначае інавацыйную форму паэмы трохрадкоўяў, у якой працуе паэт, а таксама яго "…ёмістыя сацыяльна-філасофскія абагульненні адносна… ролі школы, настаўніка, адукацыі, культуры ў жыцці грамадства…"

Калі ў пачатку гэтых нататкаў мне даводзілася гаварыць пра тое, што і шматлікія рускамоўныя беларусы выступаюць за вяртанне роднага слова ў грамадскае жыццё краіны, то меў на ўвазе творчасць паэта, сябра культурна-асветнага клуба "Спадчына" Іллі Копыла, творы якога прадстаўлены ў гэтым зборніку. Сваю пазіцыю сапраўднага беларуса спадар Ілля тлумачыць вершам "На перекрёстке", "Очнитесь, беларусы!", "Мне 80 лет", "Путь к свободе" і іншымі творамі. Трэба адзначыць, што тэматыка паэтычных радкоў І. Копыла, яго разуменне патрыятызму наводзіць на думку, што аўтар гатовы да працэсу вершаскладання на роднай мове, і беларускія словы, якія ён часам "укручвае" ў свае вершы, сведчаць пра гэтую гатоўнасць.

Міхась Мазурэнка больш вядомы як аўтар гумарыстычных вершаў і баек, якія друкаваліся ў часопісе "Вожык". На старонках зборніка "Аднойчы вечарам" мы знаёмімся з паэтычным бокам яго творчасці: вершы "Афганская Хатынь", "Тут Курапаты" ўздымаюць пытанне, чаму ў адных умовах беларусы становяцца катамі, а ў іншых - ахвярамі? Адказ аўтар бачыць у тым, што нашым лёсам кіруе не Бог, а хцівая імперыя, у якім абліччы нам бы яе не навязвалі, ці то ў іпастасі Расейскай, ці то - Савецкай.

Эмацыянальнай выразнасцю адрозніваюцца вершы Надзеі Сармант, якая з'яўлецца ветэранам нацыянальна-асветніцкага руху, ад часу стварэння ТБМ была яго актыўным сябрам. На старонках выдання прадстаўлены вершы спадарыні Н. Сармант, у якіх аўтар імкнецца перадаць вытокі сваёй любові да роднай зямлі і мовы яе народа ("Мова мая", "Да суачыннікаў") і, у той жа час, дзеліцца сваімі лірычнымі перажываннямі, якія хвалявалі і цяпер хвалююць аўтарку ("Ты, мая маладосць", "Дарога да шчасця", "Не размінуліся").

Амаль ў гэтым жа рэчышчы працуе і іншая аўтарка - паэтка Ганна Хваль, вершы якой прасякнуты лірызмам і шчырымі развагамі пра лёс краіны ("Беларусь, ты - Радзіма"). Адна з асаблівасцяў паэтычнай палітры спадарыні Ганны - паэтычныя прысвячэнні ("Масею Сяднёву"), альбо творы, якія нагадваюць чытачам пра жыццёвы подзвіг беларускіх патрыётаў ("Ларыса і Янка").

Пры ўсёй жанравай разнастайнасці зборніка вершаў паэтаў-сяброў ТБМ імя Ф. Скарыны (вершы, прысвячэнні, наследванні, паэмы, песні), некаторыя творы з яго яшчэ захоўваюць рысы спрошчаных уяўленняў пра шляхі нацыянальнага Адраджэння ў ХХІ стагоддзі, але ўжо без залішніх песімістычных прадчуванняў, без пустых стогнаў пра тое, што "гіне мова"…

Анатоль Мяльгуй.


Свечка растала

На 33-ім годзе жыцця ў выніку трагічнага збегу абставін загінуў паэт Ігар Канановіч, які нарадзіўся 22 ліпеня 1983 года ў Клецку. У 2000 годзе ён скончыў Застравецкую СШ Клецкага раёна.

У 2003 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння з 2008 года па 2013 год працаваў настаўнікам беларускай і рускай моў у школах Клецкага раёна... Друкаваўся ў часопісах "Дзеяслоў" і "Верасень", у газетах "ЛіМ", "Настаўніцкая газета", " Да новых перамог".

У 2015 годзе выдаў кнігу "Астэроід" у выдавецтве "Кнігазбор",якая мела наклад 200 асобнікаў і хутка знікла з паліц. Вершы са зборніка зараз неяк па-іншаму чытаюцца:

Я - астэроід.

Незалежны, моцны рух.

Я - скамянелая энергія палёту.

І, гравітацыі чужой

парваўшы круг,

Ператвараюся

ў свабоды вечнай ноту...

Трэба адзначыць, што паэт у сталіцы не прыжыўся, бо не меў добрай працы. Творца чытаў свае вершы на юбілейным мерапрыемстве Леаніда Галубовіча, якое адбылося ў галерэі "Ў".

Паэт загінуў так, як і гара-дзенскі паэт Юры Гумянюк, упаўшы з даху.

Свечка растала.

Агеньчык дрыжаў і слабеў.

Але раптам успыхнуў

з нядаўняю сілай -

нібы вярнуўся зазначыць,

як важна ў жыцці

гарэць шчыра...

Спачуванне родным, блізкім і сябрам Ігара Канановіча.

Аляксей Шалахоўскі.


Малітва за Бацькаўшчыну

8 чэрвеня 2016 года адбылася імпрэза "Малітва за Бацькаўшчыну", якая была прысвечана прэзентацыі кнігі. "Кузьма Чорны, Чалавек - гэта цэлы свет." (Менск, 2016), якая выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі". Наклад кнігі - 1500 асобнікаў. Укладальнік - Галіна Шаблінская. Кніга каштуе 150 тысяч.

У юбілейным выданні, аб'ёмам 500 старонак, сабраны ўспаміны, артыкулы, эсэ, інтэрвію родных і блізкіх класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага, яго сяброў, пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, дзеячоў мастацтва. Усе разам яны ствараюць партрэт жывога чалавека, на долю якога выпала шчасце быць мастаком "Боскай міласцю" і зведаць на ўласным лёсе жорсткую праўду свайго часу, але не здрадзіць сабе, беларускаму слову і Бацькаўшчыне.

Упершыню друкуецца некалькі ўнікальных матэрыялаў з сямейнага архіва пісьменніка, а таксама лісты К. Чорнага з фондаў Беларускага дяржаўнага архіва, музея літаратуры і мастацтва, а таксама аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі...

Да імпрэзы супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры падрыхтавалі выставу "Кузьма Чорны - масштабнасць прозы і талент чалавечнасці".

У творчай імпрэзе прынялі ўдзел: літаратуразнаўцы Міхась Мушынскі, Міхась Тычына, Пятро Васючэнка, паэтка і навуковец Ірына Багдановіч, унук Кузьмы Чорнага, перакладчык Мікола Раманоўскі, унучка К. Крапівы, прафесар Алена Атраховіч, таксама навуковец-гісторык Эмануіл Іофэ, кампазітар і літаратар Уладзімір Саўчык, пісьменнікі Васіль Зуёнак і Навум Гальпяровіч, дырэктар БДАМЛІМ Ганна Запартыка...

Народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч і Віктар Манаеў выступалі з адрыўкамі радыёспектакляў па творах Кузьмы Чорнага...

Цудоўна спяваў вядомы бард Алесь Камоцкі. Было цікава. Панавала творчая атмасфера.

Аляксей Шалахоўскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX