Папярэдняя старонка: 2016

№ 27 (1282) 


Дадана: 05-07-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 27 (1282), 6 ліпеня 2016 г.


За змены разам!

Зварот да выбаршчыкаў 96-й акругі Кастрычніцкага раёна г. Менска (гэта частка Кастрычніцкага раёна ад чыгуначнага вакзала да р. Лошыца)

У гэтым годзе наша краіна будзе святкаваць 25-я ўгодкі незалежнасці. Гэта сапраўды значная падзея, бо мы маем уласную дзяржаву, можам вольна выязджаць за мяжу, беларускія маладзёны служаць у беларускім войску, мы маем свае грошы. Наша працавітасць забяспечыла лепшы, чым быў у XIX-XX стст., дабрабыт. Упершыню за апошнія пяць стагоддзяў жыхары Беларусі ўжо больш за 70 год запар не ведаюць вайны. У нашай краіне не паміраюць з голаду і нікога не гоняць на чарговую сусветную ці лакальную вайну.

Аднак у апошнія гады сітуацыя ў свеце і ў Беларусі моцна змянілася. Нацыянальная культура, адукацыя, медыцына знаходзяцца ў заняпадзе, назіраецца эканамічны і палітычны крызіс. Да нашых паўднёвых межаў падышоў ваенны канфлікт ва Украіне, на захадзе адбываюцца вялікія вайсковыя вучэнні НАТА, а наш усходні сусед падганяе свае танкі да нашай мяжы і патрабуе новую ваенную базу на нашай тэрыторыі.

Таму далейшая сітуацыя ў нашай краіне будзе залежаць ад тых дэпутатаў нашага парламента, якія будуць абраныя 11 верасня 2016 года, і ад таго, ці будуць новыя дэпутаты ўголас адстойваць інтарэсы грамадзян, альбо будуць паслухмяна галасаваць за ўсё, што ім прапануе выканаўчая ўлада.

Таму выбар дэпутата - надзвычай важны ўчынак, бо жыццё і дабрабыт выбаршчыкаў можа залежаць ад абранага дэпутата.

Я, Трусаў Алег Анатольевіч, маючы багаты жыццёвы і палітычны вопыт, будучы сярод тых дэпутатаў Вярхоўнага савета ХІІ склікання, якія зрабілі нашу краіну незалежнай, адчуваю тую небяспеку, якая ў апошнія гады нам стала пагражаць непасрэдна. Таму я і прыму ўдзел у гэтых выбарах ад 96-й Чкалаўскай выбарчай акругі г. Менска, у тэрытарыяльных межах якой я працую з 1995 г. і добра ведаю сітуацыю ў гэтай частцы сталіцы.

Некаторыя кажуць, што сапраўдных выбараў у нас даўно няма, што галасы выбаршчыкаў не лічаць, а дэпутатаў не выбіраюць, а "назначаюць", таму грамадзяне і не звяртаюцца па дапамогу, бо не ведаюць абраных. Многія жыхары г. Менска не прымаюць удзел у выбарах і не вераць, што яны могуць нешта змяніць да лепшага. Але сітуацыю можна змяніць, калі пачаць дзейнічаць.

Для таго, каб мяне зарэгістраваць у якасці кандыдата ў дэпутаты, неабходна сабраць не менш за 1000 вашых подпісаў.

У сваёй праграме я буду прапаноўваць рэформу нашай заканадаўчай улады і прапаноўваць прывязаць заробкі і пенсіі чыноўнікаў да сярэдніх па краіне. Заробкі і пенсіі настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ, медыкаў павінны быць роўныя заробкам і пенсіям міліцыянтаў, вайскоўцаў ці дзяржаўных чыноўнікаў, як і тэрмін выхаду на пенсію. А таксама ў праграме будзе ісці гаворка пра сучасны экалагічны стан у Кастрычніцкім раёне г. Менска, які выклікае вялікую занепакоенасць.

Студэнты павінны быць вызваленыя ад абавязковага размеркавання і мець ільготны кошт на праезд у грамадскім транспарце, як і пенсіянеры. Выдаткі на культуру павінны зноў складаць не менш за 2% ад гадавога бюджэту. Усе законы парламент павінен прымаць перадусім на беларускай мове з перакладам на рускую і іншыя мовы пры неабходнасці.

Данесці маю праграму да большай колькасці выбаршчыкаў дапамогуць вашыя подпісы. Менавіта вы вырашаеце свой далейшы лёс.

З павагай, Алег Трусаў.


220 гадоў з дня нараджэння Яна Чачота

Ян Антоні ЧАЧОТ (7 ліпеня 1796, в. Малюшычы, Наваградскі павет - 23 жніўня 1847, мястэчка Ротніца пад Друскенікамі, Гарадзенскі павет) - паэт-рамантык, філамат, філарэт, фалькларыст, этнограф і драматург; сябар Адама Міцкевіча; адзін з найбуйнейшых дзеячоў беларуска-польскага фальклорна-літаратурнага сумежжа XIX стагоддзя.

Паэт сабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у шасці зборніках "Сялянскіх песень…" у перакладзе на польскую мову, восьмую частку з якіх апублікаваў у беларускім арыгінале. У сваёй прадмове да "Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны" 1846 года ён зрабіў нарыс граматычных асаблівасцяў беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага "крывіцкага" правапісу. У сваёй баладнай творчасці Ян Чачот адлюстраваў дванаццаць паданняў і народных казак, а так-сама дзесяць матываў з народных вераванняў і звычаяў. Пазнейшыя збіральнікі народнай творчасці (А. Кіркор, І. Насовіч, П. Шэйн) у сваіх зборніках актыўна публікавалі запісаны Я. Чачотам фальклорны матэрыял, пры гэтым не заўсёды пазначаючы крыніцу вынятых тэкстаў.

Яго руплівая дзейнасць па збіранні беларускага фальклору і спробы ўнармавання беларускай граматыкі, паводле польскіх і беларускіх даследнікаў, з'яўляецца досвіткам беларускага нацыянальнага адраджэння. У пераважнай бальшыні выпадкаў паэт называе беларускую мову "славяна-крывіцкай мовай" альбо "крывіцкім дыялектам". Ужыванне Я. Чачотам у мастацкіх творах выразаў "Белая Русь" і "па-руску пяём" заўважыў яшчэ беларускі мовазнавец Леў Цвяткоў.

Вершы паэта актыўна ставіліся на музыку яго сучаснікам Станіславам Манюшкам: усяго на арыгінальныя тэксты і пераклады вусна-паэтычных твораў Я. Чачота кампазітар напісаў 22 песні, болей, чым на словы кожнага іншага аўтара.

Вікіпедыя.


Уладзіміру Някляеву - 70

Уладзімір Пракопавіч НЯКЛЯЕЎ - беларускі паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч, лаўрэат шэрагу прафесійных і дзяржаўных узнагарод за літаратурную дзейнасць. З 2010 да 2015 г. узначальваў грамадзянскую кампанію "Гавары праўду". 18.11.2010 г. быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Неаднаразова пераследаваўся за грамадскую і палітычную дзейнасць. Намінант на Нобелеўскую прэмію (2011).

Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргонь Гарадзенскай вобласці. Бацька - Някляеў Пракоп Мікалаевіч, рускі, па прафесіі механік. Маці - Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пракоп Някляеў, ураджэнец Сібіры, па сканчэнні вайны быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь ствараць калгас у Смаргонскім раёне. Там ён пазнаёміўся з маці Уладзіміра і пабраўся з ёю шлюбам. Працаваў старшынём сельсавета ў вёсцы Крэва.

Дзіцячыя гады У. Някляеў пражыў у Крэве. У 1962-1966 г. вучыўся ў Менскім тэхнікуме сувязі. Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Займаўся на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Завочна скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1973). У 1972-1975 - літсупрацоўнік рэдакцыі газеты "Знамя юности", у 1975-1978 - рэдактар бюлетэня "Тэатральны Мінск". З 1978 - старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1987 - галоўны рэдактар часопіса "Крыніца" , штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". Сябар Саюза пісьменнікаў СССР (з 1978). Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). З 1998 па 2001 - старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Дэбютаваў вершамі ў 1970 г. Аўтар кніг паэзіі "Адкрыццё" (Мн., 1976), "Вынаходцы вятроў" (Мн., 1979), "Знак аховы" (Мн., 1983), "Местное время" (М., 1983), "Наскрозь" (вершы і паэмы, 1985), "Дерево боли" (М., 1986), "Галубіная пошта" (Мн., 1987), "Вежа" (Мн., 1989), "Прошча" (Мн., 1996), "Выбранае" (Мн., 1998), "Так" (Мн., 2004). Выступае і як празаік (аповесці "Прага", "Няхай жыве 1 Мая" і інш.). Аўтар рамана "Лабух" (Мн., 2003).

Паводле аповесці "Вежа" (часопіс "Полымя", 1988) А. Дударавым была напісана фантасмагарычная камедыя "Вавілон" (пастаўленая Мікалаем Мацкевічам у 1990 г.).

Вікіпедыя.


НЯСТОМНЫ ЛІНГВІСТ

(З нагоды 75-годдзя з дня нараджэння прафесара М.В. Абабуркі)

Мікалай Васілевіч Абабурка (нар. 15 траўня 1941, Морач, Клецкі раён, Менская вобласць (былая Баранавіцкая) - беларускі лексіколаг.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці "Беларуская мова, руская мова і літаратура" (1966), аспірантуру БДУ (пры кафедры беларускай мовы) па спец. "Беларуская мова" (1969). Стажыраваўся ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР (1985).

Кандыдат філал. навук (1971), кандыдацкая дысертацыя "Дыялектная лексіка ў беларускай савецкай прозе" (навук. кіраўнік - доктар філал. навук праф. М. А. Жыдовіч) абаронена ў БДУ.

Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы Грабянецкай СШ Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці (1969-1970), метадыстам Навукова-метадычнага кабінета Міністэрства сярэдняй і спецыяльнай адукацыі БССР (1970).

Старшы выкладчык (1970-1976), дацэнт (1976-1996), прафесар (1996), загадчык (1973-1983) кафедры беларускай мовы МДУ імя А.А. Куляшова.

Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1983).

Навукова-даследчая спецыялізацыя - сучасная беларуская мова (лексікалогія), беларуская дыялекталогія (лексіка), гісторыя беларускай літаратурнай мовы, лінгвістыка тэксту (мова беларускай мастацкай літаратуры), стылістыка (мастацкага тэксту) і культура беларускай мовы, методыка выкладання беларускай мовы, параўнальная граматыка (беларускай і рускай моў), праблемы перакладу (з рускай на беларускую мову), гісторыя мовазнаўства (беларускага) і інш.

З Міколам Абабуркам - яшчэ вельмі маладым выкладчыкам беларускай мовы - я пазнаёміўся, калі ў 1970 годзе ён зайшоў у нашу студэнцкую аўдыторыю Магілёўскага дзяржпедінстытута, каб выкладаць сучасную беларускую літаратурную мову. Адразу нас уразіла яго прыязнасць да роднага слова - пачынаючы ад так званых вузкіх дыялектызмаў і канчаючы шырокаўжывальнымі, сусветнавядомымі словамі-сімваламі. На першых жа нашых практычных занятках ён вызначыў і маю схільнасць да беларускамоўнай лексікі і фразеалогіі, згадзіўся на навуковае кіраўніцтва і пільны кантроль за маімі лексікалагічнымі і лексікаграфічнымі назіраннямі.

У красавіку 1971 года М.В. Абабурка абараняе кандыдацкую дысертацыю "Дыялектная лексіка ў беларускай савецкай прозе", а з 1973 года становіцца загадчыкам кафедры беларускай мовы Магілёўскага дзяржпедінстытута. У 1972 годзе я паспяхова абараняю дыпломную работу і еду працаваць у сектар лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР побач з Кандратам Крапівой. Вось дзе спатрэбіліся намаганні М.В. Абабуркі, г. зн. ягоныя даследаванні беларускага народна-дыялектнага і літаратурнага слова. Неўзабаве, праўда, астранамічна гэта будзе цэлае дзесяцігоддзе, выходзяць з друку такія працы, як "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (1977-1984), складзены супрацоўнікамі (у тым ліку і мной) Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, і "Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў" (1979), а таксама "Матэрыялы да абласнога слоўніка Магілёўшчыны" (1981), складзеныя М.В. Абабуркам і супрацоўнікамі ягонай кафедры. З пункту погляду сённяшняй лексікаграфіі выдадзеныя працы можна назваць альтэрнатыўнымі ў падборы і кваліфікацыі лексічнага матэрыялу. Вельмі важным аказаўся той факт, што ў прадмове да другога тома акадэмічнага ТСБМ нашы прозвішчы і ініцыялы стаялі на адной старонцы (як гэта прыемна бачыць настаўнікам і іх вучням!).

У 1981 годзе выдавецтва "Вышэйшая школа" выпусціла ў свет "Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры" - вучэбна-метадычны дапаможнік манаграфічнага характару, падрыхтаваны М.В. Абабуркам на аснове яго кандыдацкай дысертацыі і з праекцыяй асобных момантаў на далейшае развіццё іх як пастулатаў доктарскай дысертацыі. Роўна праз тры гады М.В. Абабурка становіцца дактарантам, але Інстытут мовазнаўства АН БССР прымае яго як стажора і мяняе яму тэму дысертацыі, якая аказалася надзвычай шырокай і гучала так: "Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры". М.В. Абабурка справіўся і з такой тэмай, і ў 1987 годзе рэспубліканскае выдавецтва "Навука і тэхніка" пусціла ў свет манаграфію дысертанта "Развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры", аднак прыйшлося яму яшчэ рыхтаваць і выпускаць у свет манаграфію з поўнай назвай тэмы "Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры" ў Магілёўскім ужо ўніверсітэце імя А.А. Куляшова ажно ў 2000 годзе. І нарэшце ў 2001 годзе ў 60-гадовым узросце абараняе шматпакутны дактарант сваю дысертацыю ў БДУ.

Паглядзім на праблему абабуркаўскіх "блуканняў па пакутах" больш уважліва: няўжо ж нельга было, скажам, у 1988 годзе, калі былі сабраныя дакументы для абароны доктарскай дысертацыі ў АН БССР, даць зялёнае святло М.В. Абабурку, каб ён паспяхова абараніў першую ў беларускім мовазнаўстве доктарскую дысертацыю па мове беларускай мастацкай літаратуры?! Навошта было дысертанту рабіць ажно пяць варыянтаў сваёй працы, каб праз амаль 15 гадоў абараняцца па першым варыянце?! Хто меў ці мае выгаду ад тармажэння перспектыўных даследаванняў?! Цікава, што пасля пацвярджэння ВАК-ам прысуджанай вучонай ступені доктара філалагічных навук М.В. Абабурку адразу ж з'явіліся адна за адной яшчэ тры доктарскія дысертацыі па мове беларускай мастацкай літаратуры. Ці ж гэта не пад уплывам прац М.В. Абабуркі?! Такі прарыў не атрымліваецца на голым месцы, як гаворыцца, з нуля, а на добра распрацаванай глебе. Адзначу больш-менш прынцыповае.

1. М.В. Абабурка яшчэ ў 1971-1981 гг. паказаў і даказаў, што мова беларускай мастацкай літаратуры - гэта сінтаз беларускага вусна-гутарковага і кніжна-пісьмовага маўлення, а слова і вобраз - традыцыйная аснова вербальнага мастацтва. У кнізе "Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры" (Мінск: "Вышэйшая школа", 1981) на с. 4 чытаем: "Мова мастацкай літаратуры выступае ў якасці ўзору і крытэрыю, на якія прыходзіцца раўняцца пры адборы ў літаратурную мову розных моўна-выяўленчых сродкаў. У адпаведнасці з гэтым становіцца відавочнай роля пісьменнікаў у фарміраванні літаратурнай мовы, у развіцці моўнай культуры. Мусіць, таму большасць нашых граматык і вучэбных дапаможнікаў грунтуецца на фактах, узятых з мастацкай літаратуры. Але ж як не ўсё ў народзе народнае, так і не ўсё ў мастацкай літаратуры літаратурнае".

2. Далей, у 1982-1987 гг., М.В. Абабурка даказаў і паказаў, што "Абагульнены, наддыялектны характар вусна-паэтычнай творчасці [беларускага народа - М.К. ] забяспечыў не толькі ўзнікненне, але і трываласць мастацкай пісьмова-літаратурнай традыцыі, заснаванай на выяўленчых сродках беларускай нацыянальнай мовы" (цытата з кнігі: Абабурка, М.В. Развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры / М.В. Абабурка. - Мінск: "Навука і тэхніка", 1987. - С. 173).

3. У 2000 годзе М.В. Абабурка ў манаграфіі "Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры" (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2000. - С. 4) зрабіў наступнае адкрыццё: "І мову мастацкай літаратуры, і мастацкі стыль (дакладней, мастацкія стылі) варта звязваць з вобразным мысленнем (маўленнем), яго разнавіднасцямі. Гэта растлумачыў яшчэ В.Р. Бялінскі, які бліскуча даказаў, што мастацтва ёсць мысленне вобразамі. Ды і, трымаючыся вучэння І.П. Паўлава пра другую сігнальную сістэму, можна сцвярджаць, што славесная творчасць - гэта паўторнае мадэляванне аб'ектыўнай рэчаіснасці ("Рэчаіснасці-1") пры дапамозе мовы ("Рэчаіснасці-2") у разнастайных паводле жанру літаратурна-мастацкіх тэкстах, г. зн. у мастацкай літаратуры ("Рэчаіснасці-3")".

4. Асноўнымі пастулатамі доктарскай дысертацыі "Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры", паспяхова абароненай у alma mater (БДУ) у 2001 годзе, М.В. Абабурка назваў такія: "Мова беларускай мастацкай літаратуры - гэта функцыянальна-стылёвая разнавіднасць беларускай літаратурнай мовы, якая рэалізуецца ў вершавана-паэтычнай, драматургічна-дыялагічнай і апавядальна-празаічнай формах і з'яўляецца сінтэзам звычайнага і вобразнага, вуснага і пісьмовага маўлення беларускага народа. Асноўным адрозненнем мовы беларускай мастацкай літаратуры ад беларускай літаратурнай мовы неабходна лічыць тое, што пры дапамозе першай ажыццяўляецца пераважна суб'ектыўнае адлюстраванне аб'ектыўнай рэчаіснасці, у той час як апошняя выкарыстоўваецца і як сродак камунікацыі, і як сродак мастацкага адлюстравання, і як сродак справаводства, і інш." (АДД, стар. 4); "У той час як сучасная беларуская літаратурная мова дыферэнцыруе функцыянальныя стылі (гутарковы, мастацкі, публіцыстычны, навуковы, афіцыйна-справавы), забяспечыўшы іх так званымі стылістычнымі нормамі, мова сучаснай беларускай мастацкай літаратуры дазваляе выкарыстоўваць іх інтэграцыйна, г. зн. з пэўнымі мастацкімі задачамі ці мэтамі ў адным тэксце могуць сумяшчацца і свядома змешвацца аўтарам элементы ўсіх названых стыляў ці іх падстыляў " (АДД, стар. 31).

5. Разгорнутае тлумачэнне адрозненняў сучаснай беларускай літаратурнай мовы і мовы сучаснай беларускай мастацкай літаратуры, якія М.В. Абабурка назваў "прынцыповымі (істотнымі, сутнаснымі)" , прафесар зрабіў у калектыўнай манаграфіі "Мова сучаснай беларускай мастацкай літаратуры" (Магілёў, 2005, сс. 8-9).

6. Пасля пацвярджэння ВАК-ам прысуджанай М.В. Абабурку вучонай ступені доктара філалагічных навук прафесар не стаў таўчы ваду ў ступе, а ўзяўся (тэарэтычна і практычна) за распрацоўку паняцця "літаратурна-мастацкі тэкст". Так, ужо ў брашурыметадычцы ("метадычных рэкамендацыях") "Асновы стылістычнага аналізу літаратурна-мастацкага тэксту" (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2002. - 28 с.) у "Прадмове" зазначана: "Функцыянальны аналіз моўных (маўленчых) сродкаў з улікам свабоды аўтарскага выбару выяўленчых асаблівасцей іх, так званая апавядальная норма ў літаратурна-мастацкім творы з дынамізмам і псіхалагізмам аўтарскага маўлення, з узмацненнем мовы аўтара і мовы дзейных асоб, поліфанізм маўлення з узмацненнем сацыяльнага і тэрытарыяльнага каларыту, узмацненне розных "суб'ектыўных" планаў, вобраза аўтара і вобраза чытача - такія і цесна звязаныя з імі іншыя стылістычныя катэгорыі сталі першапачатковымі ў літаратурна-мастацкіх тэкстах, асабліва празаічных" , а ў кнізе "Лінгвістыка тэксту" (Магілёў: УА "МДУ імя А.А. Куляшова, 2008. - 140 с.) асобным абзацам падкрэслена: "Не трэба атаясамліваць маўленчыя жанры з жанрамі функцыянальных стыляў той ці іншай літаратурнай мовы (напрыклад, у гутарковым стылі - гутарка, ліставанне, тэлеграма і інш.; у афіцыйна-справавым - камюніке, дырэктыва, загад, заява, пратакол, даведка і інш.; у навуковым - манаграфія, рэцэнзія, падручнік, лекцыя і інш.; у публіцыстычным - выступленні на сходах, мітынгах, радыё- і тэлепраграмы, газетныя артыкулы, нарысы, інтэрв'ю і інш.; у мастацкім - вершы, паэмы, байкі, апавяданні, драмы, камедыі, аповесці і інш.). Розніцу можна ўбачыць найперш пры аналізе паняццяў "мова" і "маўленне" (адсюль "моўныя і маўленчыя стылі", "моўныя і маўленчыя жанры", "жанрава-стылістычныя асаблівасці таго ці іншага тэксту" і г.д.). Аднак лепш за ўсё абапірацца на так званыя жанрава-сітуацыйныя стылі (маўлення, выказвання, тэксту), г. зн. на пэўную сістэму выкарыстання моўных сродкаў, абумоўленых не толькі самімі функцыянальнымі стылямі, але і сферамі выкарыстання маўлення, маўленчай сітуацыяй, мэтавай устаноўкай выказванняў і характарам аўдыторыі. Праўда, пры такім падыходзе лёгка папасці ў палон індывідуальна-аўтарскага стылю, г. зн. у сістэму спосабаў і прыёмаў аўтарытэтных вучоных, пісьменнікаў і публіцыстаў. Таму школьная класіфікацыя тэкстаў як апавяданне (расповед), апісанне і разважанне, а таксама паводле прыналежнасці тэксту да пэўнага стылю мовы (маўлення) не адпавядае ўсім патрабаванням сённяшняй тэорыі тэксту (інтэртэкстуальнасці, цытатнасці) " (сс. 16-17). Такога роду развагі і высновы прывялі М.В. Абабурку да выдзялення лінгвістычнай паэтыкі і лінгвістычнай тэксталогіі ў асобныя філалагічныя дысцыпліны, якія атрымалі належнае абгрунтаванне ў манаграфіях прафесара "Тэарэтычныя асновы беларускай лінгвістычнай тэксталогіі" (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2003. - 116 с.) і "Беларуская лінгвістычная паэтыка і тэксталогія" (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2008. - 272 с.). У анатацыі апошняй з названых прац гаворыцца надзвычайна проста і зразумела кожнаму, хто возьме ў рукі саму манаграфію: "У працы разглядаюцца беларуская лінгвістычная паэтыка і лінгвістычная тэксталогія як самастойныя адгалінаванні беларускай філалогіі, раскрываецца змест, прадмет і задачы гэтых адгалінаванняў на шырокім навукова-тэарэтычным і практычна-ілюстрацыйным матэрыяле, паказваюцца шляхі станаўлення і развіцця беларускай лінгвістычнай паэтыкі і тэксталогіі як навук і навучальных дысцыплін". Кампазіцыйна кніга дзеліцца на аднайменныя два асноўныя раздзелы з сваімі падраздзеламі і параграфамі. На вялікі жаль, гэта арыгінальная і інавацыйная праца не атрымала неабходнага і грунтоўнага аналізу з боку сучасных беларускіх філолагаў (як лінгвістаў, так і літаратуразнаўцаў, асабліва тэкстолагаў). Таксама чамусьці замоўчваюцца і дзве апошнія манаграфіі М.В. Абабуркі "Паэтыка беларускай літаратуры ХVI-XIX стст." (Магілёў: УА "МДУ імя А.А. Куляшова", 2011. - 200 с.) і "Паэтыка беларускай мастацкай літаратуры ХХ ст." (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2014. - 344 с., у суаўтарстве). Думаецца, што зробленая заўвага ўскалыхне айчынны "вучоны свет", і намаганні М.В. Абабуркі будуць ацэнены як след, па крайняй меры, хоць бы ўдалося зрабіць падказку вучонаму - ламаць далей заскарузлыя стэрэатыпы ці ўжо своечасова яму прыпыніцца (?!).

7. Нягледзячы на адзначаныя, значныя навукова-тэарэтычныя намаганні, М.В. Абабурка працягваў збіральніцкую і лексікаграфічную дзейнасць. Так, на працягу 1998-2012 гг. ім выдадзена наступнае ў гэтым плане:

а) Слоўнік-даведнік асноўных лінгвістычных і тэксталагічных тэрмінаў (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 1998. - 24 с.);

б) Матэрыялы да абласнога слоўніка Магілёўшчыны. Вып. 2 (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2005. - 88 с., у суаўтарстве);

в) Лінгвістычныя і тэксталагічныя тэрміны. Слоўнік-даведнік (Магілёў: УА "МДУ імя А.А. Куляшова", 2011. - 80 с.);

г) Слоўнік лінгвістычных і тэксталагічных тэрмінаў (Магілёў: УА "МДУ імя А.А. Куляшова", 2012. - 284 с., у суаўтарстве).

Акрамя пералічанага, прафесарам у 2012?2016 гг. апублікаваны ў акадэмічных зборніках навуковых артыкулаў "Беларуская дыялекталогія" падборкі сучасных беларускіх народных прыказак і прымавак, а таксама асобныя варыянтна-сінанімічныя рады з гаворкі в. Морач Клецкага раёна Мінскай вобл.: а) "Жыве мова - жыве народ" (вып. 2, с. 86?89); б) "Эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначныя намінацыі асоб і жывых істот у гаворцы в. Морач Клецкага раёна" (вып. 3, с. 81-89); в) "Варыянтна-сінанімічныя рады дзеяслоўнай лексікі ў в. Морач Клецкага раёна Мінскай вобласці" (вып. 4, с. 291).

Мікалай Абабурка падрыхтаваў і выдаў 46 манаграфій, кніг і брашур. Акрамя гэтага, вучоны апублікаваў больш за 200 навуковых артыкулаў і рэцэнзій па праблемах філалогіі. Яшчэ некалькі манаграфій М.В. Абабуркі чакае чаргі выхаду ў свет у выдавецтвах Беларусі. Навуковая і навукова-метадычная "прадукцыя" прафесара М.В. Абабуркі вылічаецца сотнямі ўлікова-выдавецкіх аркушаў. Такім салідным творчым навуковым набыткам можа пахваліцца не кожны спецыяліст. Імя прафесара М.В. Абабуркі ў беларускім мовазнаўстве стаіць у адным шэрагу з такімі імёнамі, як М.Г. Булахаў, А.М. Булыка, А.А. Каўрус, І.Я. Лепешаў, В.У. Мартынаў, А.Я. Міхневіч, В.Дз. Старычонак, якія ў апошнія дзесяцігоддзі ўнеслі ў беларускую лінгвістыку, філалогію вялікі ўклад.

Пры Магілёўскім дзяржаўным універсітэце па праблемах мовы беларускай мастацкай літаратуры, тэксталогіі, паэтыкі прафесар М.В. Абабурка стварыў навуковую школу, 56 гадоў жыцця ён аддаў падрыхтоўцы педагагічных і навуковых кадраў. Тысячы і тысячы былых яго студэнтаў сталі настаўнікамі роднай мовы і літаратуры, многія з аспірантаў - кандыдатамі філалагічных навук.

Лічу, што прафесар М.В. Абабурка даўно заслугоўвае прысваення яму ганаровых званняў, такіх, як "Заслужаны дзеяч навукі" або "Заслужаны работнік вышэйшай школы Рэспублікі Беларусь", іншых высокіх узнагарод дзяржавы.

Трэба яшчэ адзначыць, што Мікалай Абабурка вядомы чытачам і як майстар мастацкага слова. Тут ён выступае пад літаратурным псеўданімам Мікола Бабраўнічы. Яго апавяданні, мініяцюрныя замалёўкі, эсэ публікуюцца ў беларускіх часопісах і газетах.

Мікалай Крыўко ,вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Калі Беларусь межавала з Германіяй?

Навіны Германіі

Калі Беларусь межавала з Германіяй?

Думка адразу кідаецца ў часы Грунвальдскай бітвы, калі беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае межавала з Тэўтонскім ордэнам. Пры гэтым нашыя судаўскія (не жмудскія) землі межавалі з ордэнам непасрэдна. Але Тэўтонскі ордэн, хоць і нямецкай нацыі, але ніякай Германіяй тады не быў, бо прынамсі ніякай цэльнай Германіі, як такой не было. І падпарадкоўваўся ордэн, калі наогул падпарадкоўваўся, нават не імператару Святой Рымскай імперыі нямецкай нацыі, а Папе Рымскаму. Але пакінем тыя далёкія часы гісторыкам Сярэднявечча, а звернемся да больш блізкага часу.

У 1941 годзе Галоўнае ўпраўленне геадэзіі і картаграфіі пры СНК СССР выпусціла "Фізічную карту БССР" з межамі, якія ўзніклі пасля вераснёвай кампаніі нямецкіх і савецкіх войскаў 1939 г.

На гэтай карце мяжа праходзіць так, што Беласточчына з Аўгустовым, Шчучынам і інш. на поўначы і паўночным захадзе мяжуе з Сувалкіяй (некалішняй Судавіяй), якая аказалася непасрэдна ў складзе Усходняй Прусіі, г.зн., у складзе самой Германіі.

У Савецкім Саюзе пасля вайны, гэтыя карты моцна не папулярызаваліся, калі ў тым узнікала неабходнасць, даваліся схематычна.

Разам з тым, з песні слова не выкінеш. Быў такі этап у нашай гісторыі, калі БССР, хоць і ў складзе СССР, межавала з самай што ні на ёсць еўрапейскай краінай Германіяй непасрэдна, праўда, радасці з гэтага займела не шмат.

Наш кар.


ХХIV Гарэцкія чытанні

16 чэрвеня 2016 года ў музеі імя Пятруся Броўкі адбыліся ХХIV Гарэцкія чытанні, якія былі прысвечаны 50-годдзю вяртання Гаўрылы Гарэцкага на Беларусь і 95-годдзю з дня нараджэння Галіны Гарэцкай. Уступнае слова прамовіла дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч. Вольга Бабкова распавяла пра спектакль "Дзве душы" ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Доктар філалогіі Таццяна Дасаева зрабіла прэзентацыю выдання "Беларуская літаратура XX - пачатку XIX стагоддзяў".

З прывітаннямі выступілі пісьменнікі Генрых Далідовіч і Анатоль Бутэвіч, а так-сама грамадска-культурны дзяяч з ЗША Янка Запруднік. На пленарным паседжанні цікава распавядалі Галіна Запартыка, Радзім Гарэцкі, Ядвіга Аношка, Таццяна Якубоўская.

Вельмі цікавым быў быў даклад кандыдата філалагічных навук Лідзіі Савік, які меў назву: "Успаміны пра Галіну Максімаўну Гарэцкую."

Пасля перапынку адбыліся паседжанні секцый, у якіх прыняло ўдзел 15 чалавек, а вось іх прозвішчы: Тамара Тарасава, Вольга Губская, Зінаіда Драздова, Генадзь Кажамякін, Вольга Уткевіч, Таіса Грамадчанка, Алена Гурская, Дзіна Дудзінская, Вольга Нікіфарава, Зоя Траццяк, Кацярына Ермаковіч, Таццяна Супранкова, Алена Ярмоленка. Сярод іх навукоўцы з Віцебска, Полацка, Гародні...

Вельмі цікавым быў даклад даследчыцы з Менска Алены Гурскай, які меў назву "Максім Гарэцкі і Вацлаў Ластоўскі: ідэйна-творчыя перасячэнні".

Таксама адбылося ўскладанне кветак да помніка Максіму Гарэцкаму. Было вельмі цікава наведаць чытанні.

Аляксей Шалахоўскі.


Новы сайт для тых, хто вучыўся ў замежжы

Стыпендыяльная Праграма Польскага ўраду імя К. Каліноўскага будзе перафарматавана ў сістэму стажыровак. Пра гэта паведаміла 29 чэрвеня на прэсавай канферэнцыі старшыня Камітэта "Салідарнасць" Іна Кулей.

Яна пазнаёміла прадстаўнікоў грамадскасці з двума новымі праектамі і праграмай. З новага навучальнага года пачнецца рэалізацыя Стыпендыяльнай праграмы ўраду Рэспублікі Польшча імя Кастуся Каліноўскага - II.

Новая праграма разлічана на грамадзян Беларусі з магістарскай ступенню ў галіне гуманітарных, сацыяльных навук, эканомікі і права і з'яўляецца працягам і развіццём стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, заснаванай 30 сакавіка 2006. Іна Кулей зазначыла, што "ўдзельнічаць у праграме могуць людзі, якія ў стане прадэманстраваць навуковыя дасягненні і актыўнасць у сацыяльных, грамадскіх арганізацыях, звязаных з трансфармацыяй грамадства - палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай". Узрост кандыдатаў (акрамя выключных выпадкаў) - да 39 гадоў. Кожны з адабраных кандыдатаў зможа атрымліваць стыпендыю на працягу 10 месяцаў (з верасня па канец чэрвеня).

Новы праект "Тваё заўтра" заахвочвае выпускнікоў Праграмы Каліноўскага і іншых да вяртання на Беларусь і будзе спрыяць у пошуку працоўных месцаў для маладых спецыялістаў. Усяго вышэйшую адукацыю ў польскіх ВНУ па праграме Каліноўскага атрымлівалі прыкладна 900 чалавек.

Створаны адмысловы сайт "Тваё заўтра" www.yoto. by (Your tomorrow), на якім б выпускнікі еўрапейскіх навучальных праграм змогуць размясціць свае резюме. Сайт уключае раздзелы: "Вакансіі", "Гісторыі поспехаў кампаній" і іншыя. Пра гэта распавяла каардынатар праекту Наталля Літвіненка.

Другі праект носіць назву: "Інтэрнэт відэакансультацыі як новы інструмент для павагі, абароны і ажыццяўлення правоў чалавека ў Беларусі" . З ім пазнаёміла на сустрэчы Людміла Ісакава. У планах - відэакансультацыі па розных тэмах: пра парушэнні правоў грамадзян на рэгістрацыю ініцыятыўных груп і аб'яднанняў; пра адміністрацыйны пераслед незалежных СМІ, пра перашкоды ў стварэнні беларускамоўных класаў у школах і іншыя.

Эла Дзвінская. На фота аўтара: Іна Кулей прэзентуе новыя праекты.


Хор робіць прыцягальнай класіку

Сапраўдным захавальнікам і прапагандыстам каштоўнасцяў народнай музыкі, твораў сучасных кампазітараў з'яўляецца адзін з найстарэйшых калектываў Рэспублікі Беларусь - Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы, створаная 1 лістапада 1939 года.

У багатым рэпертуары капэлы арганічна спалучаюцца класічныя шэдэўры, духоўныя спевы, апрацоўкі народных мелодый і сачыненні сучасных кампазітараў.

У 1987 годзе харавую капэлу ўзначаліла народная артыстка Беларусі Людміла Барысаўна Яфімава. Менавіта пры яе кіраўніцтве капэла стала сапраўды ўніверсальным харавым калектывам, унікальным па сваім гучанні і неабмежаванасці рэпертуару.

Дырыжорам Дзяржаўнай харавой капэлы імя Р. Шырмы з'яўляецца Дмітрый Хлявіч - яркі прадстаўнік беларускай школы харавога дырыжыравання. Ён удзельнічае ў падрыхтоўцы канцэртных праграм, робіць апрацоўкі сачыненняў для хору. Сярод апошніх работ Д. Хлявіча - падрыхтоўка да выканання вакальна-сімфанічнай паэмы " Стыкс" кампазітара Г. Канчэлі ( 2012 г.), " Requiem" кампазітара К. Пендарэцкага (2013 г.) у рамках фестывалю Ю. Башмета ў Беларусі, новая канцэртная праграма "І нават танец можна спець", якая разлічана на шырокае кола слухачоў. Дырыжор і паспяховы вядовец канцэртаў заахвочвае публіку цікавіцца музыкай.

- Дмітрый Мікалаевіч, калі Рыгор Шырма ставараў капэлу ў 1939 годзе, ён марыў аб папулярызацыі беларускай музыкі ў першую чаргу. У якой форме Вы прапануеце слухачам творы беларускіх кампазітараў?

- Калі Шырма вучыўся ў Пружанскім вучылішчы, ён здзіўляўся: а чаму гучаць толькі рускія і польскія песні? Яму адказалі, што беларускіх песень няма. Вялікае яго абурэнне выклікалі шавіністычныя наскокі на родныя песні, калі іх называлі перакручанымі рускімі ці ўкраінскімі або ўвогуле адмаўлялі ім у мастацкай каштоўнасці. "Мы павінны нашу песню, простую сяляначку, вывесці ў свет як высакародную панну!" - казаў ён. І паспяхова займаўся гэтым усё жыццё. Акрамя таго ён быў вялікім знаўцам Чайкоўскага, Кастальскага і Рымскага-Корсакава. Калі ён выконваў абавязкі регента праваслаўнага храма ў Вільні, гаварыў, што яны былі яго моцнай падтрымкай у барацьбе з цемрашальствам. Музыка ў яго не дзялілася па нацыянальнасці. Мастацтва заўсёды наднацыянальнае, інакш мы бы казалі, што Моцарт пісаў аўстрыйскія оперы, а Бетховен - нямецкія сімфоніі. У бытнасць старшынём Саюза кампазітараў Рыгор Шырма раіў творцам апрацоўваць народныя песні. Да сённяшнага дня даследчыкі дакладна не ведаюць, колькі песень ён сабраў і запісаў, верагодна, ад 2 да 5 тысяч. Ён імкнуўся гэтага дасягнуць, але для кожнага часу - свае песні. Сёння канцэрт з чыста беларускіх песень немагчыма ўзвесці ў абсалют.

- Ці не маглі б Вы распавесці пра адну з паспяховых праграм?

- У 1982 годзе мы паехалі на дэкаду беларускага мастацтва ў Талін. Там адбыўся грандыёзны канцэрт з удзелам Віктара Роўды, які быў галоўным хормайстарам капэлы ў 1956-65 гадах. Былі ўдала апрацаваны песні з першага тома анталогіі Шырмы, паміж песнямі артысты чыталі вершы Анатоля Вялюгіна, гучалі інструментальныя ўпрыгожванні, зробленыя Генадзем Мандрусам. Спалучэнне музыкі, вершаў, элементаў шоў пакінула моцнае ўражанне. Менавіта такім, на маю думку, павінен быць канцэрт беларускай музыкі.

На 120-годдзе Максіма Багдановіча высветлілася, што Рыгор Шырма і Багдановіч нарадзіліся вельмі блізка па часе. У 2012 годзе мы святкавалі 120-годдзе Рыгора Раманавіча Шырмы. Вырашылі зрабіць канцэрт "Песня - душа народа". Так называлася яго кніга. Я пайшоў у бібліятэку, знайшоў шмат інфармацыі пра Шырму. Раней я не ведаў пра арышты Р. Шырмы ў Заходняй Беларусі, не ведаў пра яго сувязі з царкоўнай музыкай, прачытаў у кнігах пра яго сяброў, яго пазіцыю.

Людзі слухалі класічную музыку, апрацоўкі харавой музыкі, народных песень, я распавядаў пра дзейнасць Рыгора Раманавіча, і пасля канцэрта ў зале стаяла неверагодная авацыя! Мне ўдалося захапіць і хор, і публіку, мяне слухалі з двух бакоў. Гэта мяне натхніла. Стала зразумела - дырыжор можа на канцэрце расказваць, і гэта вельмі важна.

Не так даўно я прыдумаў харавую праграму " І нават танец можна спець". Мы выканалі праграму 4 разы для дарослай публікі і 8 разоў для дзяцей. У нас ёсць партфель замоваў на яе. 6 аншлагаў адбыліся запар, і думаю, што не выпадкова.

- На канцэртах адчуваецца, што Вы па-сапраўднаму любіце класіку, папулярызуеце яе, усталёўваеце кантакт з публікай.

- Чалавека да ўсяго трэба прывучаць. Памятаю, як у дзяцінстве бацька прымушаў мяне чытаць, і рабіў гэта даволі жорстка, але потым ад кнігі мяне было не адарваць. Першая цыгарэта і першы келіх нікому не падабаліся, але людзі прывучаюць сябе да гэтых заганаў. Лічыцца, што класічная музыка будзе адразу зразумелая. Не, да яе таксама трэба прывучаць з дзяцінства, лепш рабіць гэта раней і далікатней.

Гадоў 25 таму мы прыехалі ў школу, дзе вучыліся праблемныя дзеці, сіроты. Праграма ў нас была не для дзяцей, але наша кіраўніца Людміла Яфімава папрасіла мяне распавесці вучням пра музычныя творы. Я пасядзеў вечар у гатэлі, падрыхтаваўся. Калі мы спявалі " Ой, не вылятай, сівая зязюлька", я падказаў дзецям, што хутка яны могут пайсці калядаваць па сваёй вёсцы і, напэўна, атрымаюць падарункі. Дзецям тое спадабалася, я запомніў іх уражанне і пачаў больш расказваць юнакам пра музыку. Высвятлілася, што многія дырыжоры ў пэўны момант пачалі рабіць тое самае. Яўген Бушкоў, кіраўнік камернага аркестра, гаворыць пра музыку. Яго цыкл канцэртаў " Класіка - гэта класна" карыстаецца поспехам.

- Вы імкнецеся зрабіць канцэрты больш успрымальнымі для слухачоў. Наколькі гэта ўдаецца?

- Харавое мастацтва нарадзілася як частка царкоўнай службы, і мы разумеем, што без хору яна не можа існаваць. Хор прыйшоў у оперу. Немагчыма ўявіць сябе оперы Даргамыжскага, Чайкоўскага, Пракоф'ева без хору. Што мы будзем рабіць без хору ў рэквіемах Моцарта ці Вэрдзі? Што будзе з 9-тай сімфоніяй Бетховена без хору? Хор - вельмі каштоўная частка музычных твораў.

Людміла Яфімава прывяла нас да такога стану як сімфанічны хор. Мы шмат разоў удзельнічалі ў канцэртах разам з сімфанічным аркестрам. Калі чалавек прыходзіць на сімфанічны канцэрт, ён бачыць суцэльнае шоў з рознымі інструментамі: то гучаць адны, то іншыя, то спявае хор. Мне хочацца зрабіць з харавога канцэрту шоў, каб людзі не сумавалі, і слухачы прыходзілі зноў і зноў.

Пэўны час нам казалі: едзьце, падымайце культуру аграгарадкоў! І мы туды везлі С. Рахманінава, П. Часнакова, С. Танеева, і як высветлілася гэта было нашай памылкай. Нам трэба думаць аб тым, як прапаноўваць слухачам тое, у чым ёсць патрэба. Мы некаторы час гублялі сваю аўдыторыю.

- У Вас ёсць свае ўнікальныя праекты…

- Акрамя серыйных у нас ёсць спецыфічныя канцэрты, якія не пацягнеш па аграгарадках, школах. Гэта музыка элітная. Менавіта такія разавыя выступленні дазваляюць утрымлівать высокую планку майстэрства. Я ганаруся, што ў нас з аншлагамі прайшлі цікавыя канцэрты кампазітараў Эміля Наско, Яўгена Паплаўскага, Сяргея Бугасава. Калі-небудзь іх будуць слухаць усе з вялікім задавальненнем, а зараз - дазіравана. Зараз усім людзям і музыкантам, у тым ліку, прыходзіцца шмат думаць пра хлеб штодзённы, а калі мы захочам больш духоўнага і душэўнага жыцця, то мы к таму часу прывучым пэўную кольскасць народу да класічнай музыкі.

Мы шмат гадоў супрацоўнічаем з аўстрыйскім гарадком Эрл, дзе праходзяць Вагнераўскія фестывалі. Адзін з кіраўнікоў фестывалю - Густаў Кун, вучань фон Караяна, выдатны дырыжор, кожны год просіць нас узяць удзел у канцэрце для дзяцей. Густаў Кун расказвае дзецям пра музычныя інструменты і паказвае іх: вось так гучыць фагот, так гучыць труба. А цяпер паслухайце, як гучыць наш гімн - 9-я сімфонія Бетховена - гімн Еўрапейскага саюза.

Можа, і мы прыйдзем да такога, але толькі калі ў нас будуць такія музыканты і папулярызатары, як Густаў Кун, як наш Яўген Бушкоў, харавыя дырыжоры, як Наталля Міхайлава, Інэса Бадзяка, Вольга Янум і шмат іншых, менш вядомых.

- Раней былі папулярныя фестывалі народных спеваў у Латвіі, Эстоніі, на якія збіраліся тысячы людзей. Ці існуюць зараз такія вялікія фэсты, ці бярэ капэла ўдзел у іх?

- У студэнцкія гады я патрапіў на харавы конкурс у якасці ўдзельніка інтэрнацыянальнага хору. У ім бралі ўдзел 5 кансерваторый - з Прыбалтыкі, Беларусі і Расіі. Мой латышскі калега Мартыс Катайс (сёння ён галоўны дырыжор хору аднаго з гарадоў Латвіі) спяваў са мной. Харавое мастацтва ў Прыбалтыцы было сваеасаблівай формай народнага пратэсту, праявай самасвядомасці. "Мы разам спяваем сваю музыку!" У нас харавая музыка ніколі не выступала ў такой форме. Наадварот, поспех беларускай харавой музыкі быў напрасткі звязаны з дзейнасцю камуністычнай партыі, таму што парткамы на прадпрыемствах патрабавалі ствараць аматарскія хоры. У Палацах культуры з'явіліся хоры, якія існуюць і цяпер.

У Прыбалтыцы ў тыя часы спеўная ініцыятыва ішла знізу. "Мая зямля, мой родны край", - спявалі людзі па-эстонску стоячы. Густаў Эрнэсакс, калі напісаў песню, яго пасадзілі пад хатні арышт. Хлопчыкам я ўдзельнічаў у такіх вялікіх спеўных святах і дзівіўся іх велічы.

Нядаўна, калі я быў ў гасцях у Таліне, знайшоў ноты для хору. У час нашай паездкі ў Талін аб'яднаным хорам Белдзяржтэлерадыё і кансерваторыі мы вывучылі некалькі эстонскіх песень. Калі заспявалі "Мая зямля, мой родны край", слухачы былі гатовыя на руках нас несці.

- Хто з сталых супрацоўнікаў Белдзяржфілармоніі найбольш клапоціцца пра захаванне беларускай спеўнай класікі?

- Наша кіраўніцтва - нашы памочнкі, яны імкнуцца зрабіць усё, каб спеўныя праекты адбыліся. Адзін з такіх светлых людзей - народны артыст Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя Жыновіча Міхаіл Антонавіч Казінец. Ён па-трапяткому ставіцца да спадчыны Рыгора Шырмы, да творчасці "Песняроў". Дырыжоры Аляксандр Волкаў і Аляксандр Крымко прапануюць рознапланавыя канцэрты. У вялікай зале яны збіраюць аншлагі.

Наш мастацкі кіраўнік Людміла Барысаўна Яфімава - наш сваеасаблівы талісман. Праз яе дзейнасць ужо з 1990 года, праз тры гады пасля яе з'яўлення ў капэле, мы пачалі выязджаць на гастролі ў еўрапейскія краіны, у нас з'явіліся нямецкі, галандскі і іспанскі менеджары, якія арганізоўвалі канцэрты ў сваіх краінах. Зараз мы падтрымліваем сувязь з аўстрыйскім фестывалем. Мы - адзін з самым выязных калектываў.

- Ці змяняецца склад калектыву з гадамі?

- Большасць артыстаў сёння прыходзіць да нас спявакамі пасля заканчэння Беларускай Акадэміі музыкі ці музычных вучэльняў. Звычайна застаюцца надоўга. Шмат нашых артыстаў маюць адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Таму "цякучка" ў нас вельмі малая, а вось чарга ахвочых далучыцца да нас - даволі вялікая. На жаль, мы не можам усіх ахвотных прыняць адначасова, таму ўсе мы разумеем - нам пашанцавала.

Я прыйшоў у калектыў ў 1988 годзе, за гэты час з 80 чалавек 70 змянілі сваю кар'еру, што цалкам зразумела. Нядаўна мы праводзілі на пенсію ветэрана капэлы Аляксандра Уласава, які прысвяціў ёй 25 гадоў.

Гутарыла Эла Дзвінская , фота аўтара. 1. Выступае Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы. 2. Дырыжор Дмітрый Хлявіч.


Памерла Валянціна Быкава

Каля 8-й раніцы 4 ліпеня ў рэанімацыйным аддзяленні Віцебскай абласной бальніцы пайшла з жыцця сястра Васіля Быкава, найбліжэйшая сваячка і захавальніца ягонай памяці.

Валянціна Уладзіміраўна Быкава трапіла ў абласную бальніцу 30-га траўня, пасля таго, як некалькі дзён яе лекавалі ў Вушацкай раённай бальніцы. 27-га траўня на Валянціну Быкаву быў здзейснены бандыцкі напад, і яна моцна пацярпела.

Пасля смерці старэйшага брата Васіля спадарыня Валянціна шмат рабіла для захавання ягонай памяці. Яна перапісвалася з прыхільнікамі ягонай творчасці, сябравала з пісьменнікамі і журналістамі, распавядаючы пра Васіля Быкава. Калі ў Бычках стваралася мемарыяльная сязіба-музей, яна давала парады па ўзнаўленні інтэр'еру бацькоўскай хаты, у якой гадаваліся Васіль, Валянціна і малодшы брат Мікола.

Сакратарыят ТБМ выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім спадарыні Валянціны.

Вечная памяць!


Святыня, якая аб'ядноўвае

У год срэбранага юбілею адраджэння каталіцкіх структур на Беларусі фэст у Нацыянальным санктуарыі Божай Маці ў Будславе сабраў 1-2 ліпеня значна больш вернікаў, чым звычайна. Тут панавала атмасфера дабрыні і лагоды, сяброўства і супрацоўніцтва.

У цэнтральнай святой імшы ў Будславе, якую цэлебраваў папскі легат кардынал Крыстаф Шонбарн, прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса - пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія Петар Дэтмар і амбасадар Польшчы - Конрад Паўлік.

- Вельмі цешуся, што магу браць удзел у гэтых урачыстасцях, не толькі сам, але і разам з пасламі Германіі, Італіі, а таксама паслом Аўстрыі, - сказаў сп. Конрад Паўлік. - Гэта вельмі важная падзея - не толькі пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай, але і сама нагода 25-годдзя аднаўлення Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

- Вера - гэта крыніца моцы і духоўнага дынамізму, бо яна адкрывае перад намі велізарную перспектыву жыцця, паўнаты нашага існавання, - прамовіў падчас ранішняй імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі.

- Гэта свята падкрэслівае адзніства хрысціянскіх канфесій, супольнасцяў і сямей вернікаў,- адзначыла Галіна Івуць, супрацоўніца Інстытута беларускай культуры ў Менску і бібліятэкі імя А. Міцкевіча. - Традыцыйнае начное шэсце са знічамі ў руках з'яўляецца сімвалам духоўнага святла, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне.

У тыя дні, калі А. Лукашэнка быў з візітам у Папы Рымскага, у Парыжы па запатрабаванні нашай дыяспары мы перадавалі ў праваслаўны кафедральны храм абраз Маці Божай Будслаўскай. Бо вернікі хацелі мець беларускія абразы. Я расказавала святарам і прыхаджанам пра цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.

У штаб-кватэры ЮНЭСКА у мяне была важная размова з дарадцам сакратарыяту па нематэрыяльнай культурнай спадчыне пра тое, што ў снежні 2016 года будзе разглядацца пытанне аб уключэнні нашага фэсту ў гонар Маці Божай Будслаўскай як элемента культурнай спадчыны - у рэпрэзентатыўны спіс сусветнай спадчыны. Калі краіны, удзельнікі ЮНЭСКА, прагаласуюць за гэта рашэнне, пра нашы Будслаўскія святы даведаецца ўвесь свет! - распавяла сп. Галіна Івуць.

Няблізкі шлях у 127 кіламетраў адолелі 82 пілігрымы з Жодзіна, Барысава, Асіповіч і іншых куткоў Беларусі. 21-ая пешая пілігрымка прыйшла ў Будслаў з парафіі св. апостала Андрэя ў Нарачы. У трохдзённым духоўным падарожжы да Маці Божай прынялі ўдзел 182 чалавекі.

Вялікая каманда 150-ці беларускіх скаўтаў пераадолела шлях ад Свіры да Будслава. Са сцягамі ў руках, у паходнай вопратцы яны радасна віталі сваіх сяброў з розных градоў. Падарожжа служыць пілігрымам выдатнай загартоўкай, узбадзёрвае, радуе спатканнем з прыродай, купаннем у азёрах і рэчках, адпачынкам у цені дрэў. Тут, у Будславе, можна паслухаць на досвітку перасвісты і шчэбеты птушак, адчуць духмяны водар кветак і траў.

Пажылыя напрацаваныя і загарэлыя кабеты звычайна размяшчаюцца ў парку са сваімі сямейнікамі. Прыкметай фэсту з'яўляецца прысутнасць шматдзетных сем'яў, бацькоў з дзецьмі ад 2 да 16 гадоў. Сяргей з Валянцінай прыехалі з Менска з дзвумя дочкамі - Кацярынай і Аленай, а яшчэ два іх маленкія хлопчыкі засталіся дома з бабуляй. Трыццацігадовага Сяргея, які рос ў вёсцы пад Івянцом, з маленства бацька прывучаў да касцёла. "Калі я хадзіў у храм, мне лягчэй станавілася на душы, у мяне "вырасталі крылы", таму я прыязджаю сюды з дзецьмі", - кажа ён.

На ўрачыстасцях у шматтысячнай грамадзе не было ніводнага чалавека на-патпітку, ні такога, хто б лаяўся ці блюзнерыў - святочна апранутых мужчын і жанчын, моладзь і дзяцей яднала супольная малітва, сканцэнтраванасць на літургіі і слуханні выступленняў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Аляксандра Яшэўскага і папскага нунцыя кардынала Крыстафа Шонбарна. Дзеці бавіліся гульнямі з балонікамі, цацкамі, але ніхто моцна не капрызіў, нягледзячы на спёку. На ўсіх дабратворна ўздзейнічала атмасфера спакою, замілавання, узаемнай дабрыні.

Студэнты Пінскай духоўнай семінарыі суправаджалі шапік з беларускамоўнымі выданнямі. Клерыкі Яўген Баланёў і Павел Сідарэнка дапамагалі адшукаць інфармацыю пра беларускіх святых з ХVI па ХХ стагоддзе: св. Андрэя Баболю, дабраслаўлёнага кс. Мечыслава Багаткевіча, слугу Божага Зыгмунта Лазінскага, сясцёр-назарэтанак і іншых. Ля шапіка арганізацыі " Карытас" можна было набыць сувенірныя пернікі-сардэчкі, ваду і ахвяраваць сродкі на дабрачыннасць. Вырабы народных рамёстваў, кераміку, карціны і сувеніры госці свята імкнуліся набыць у падарунак родным.

Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. Абраз Божай маці Будслаўскай; 2. Галіна Івуць; 3. Будслаўскі храм.


90 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Лазарука

Міхаіл Арсеньевіч ЛАЗАРУК нарадзіўся 5 ліпеня 1926 года ў в. Ушаловічы Слуцкага р-на Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. З 1933 г. па 1940 г. М. Лазарук вучыўся ў пачатковай, затым сярэдняй школе. У 1940 г. паступіў у Менскі дарожна-механічны тэхнікум, але правучыўся там адзін год. Пачалася вайна, і 15-гадовы юнак вярнуўся ў родную вёску. Пасля вызвалення Беларусі быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію і дайшоў да Берліна.

Пасля Перамогі некаторы час служыў у Савецкіх войсках у Германіі. У 1946 г. дэмабілізаваўся і ў 1947 г. паступіў на падрыхтоўчыя курсы пры Менскім педінстытуце імя М. Горкага. Экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт педінстытута, які скончыў у 1951 г.

Міхаіл Арсеньевіч Лазарук яшчэ да вайны пісаў вершы, пазней друкаваў іх у рэспубліканскіх газетах і часопісах, у інстытуце кіраваў творчым гуртком студэнтаў, а пасля яго заканчэння як выпускнік-выдатнік быў залічаны ў аспірантуру па спецыяльнасці "беларуская літаратура". У 1954 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Менскім педінстытуце. У 1959-1960 гг. па камандзіроўцы Міністэрства вышэйшай адукацыі выязджаў у Польскую Народную Рэспубліку, працаваў там на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. З 1968 г. быў дэканам філфака Менскага педінстытута, адначасова выконваў абавязкі загадчыка кафедры беларускай літаратуры. У 1970 абараніў доктарскую дысертацыю і быў прызначаны прарэктарам па вучэбнай рабоце педінстытута. З 1978 г . - дырэктар навукова-даследчага інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. З 1990 г. загадчык лабараторыі праблем літаратурнай адукацыі гэтага ж інстытута. Быў дэпутатам Менскага гарсавета, Фрунзенскага райсавета, старшынём Педагагічнага таварыства БССР, членам Прэзідыума АПН СССР.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём Францыска Скарыны (1997), іншымі медалямі.

Памёр 14 лістапада 2000 г. у Менску.

Друкавацца пачаў з 1949 г. Спачатку пісаў вершы, потым захапіўся тэорыяй літаратуры, крытыкай. Выкладчыцкую дзейнасць Міхаіл Арсеньевіч Лазарук спалучаў з навукова-даследчыцкай і літаратурна-крытычнай. Пісаў пра паэзію П. Панчанкі - з гэтай работы яго ўвагу займала пераважна паэзія. Аўтар даследаванняў пра беларускую паэму ("Станаўленне беларускай паэмы", "Беларуская паэма ў другой палавіне XIX - пачатку XX стагоддзя"). Уласны паэтычны вопыт, добрае веданне тэорыі літаратуры, шырокі гістарычны погляд на літаратурныя з'явы далі яму магчымасць не толькі паказаць, як зараджаўся ў беларускай літаратуры жанр паэмы, якія гістарычныя этапы прайшоў гэты жанр, і якімі сувязямі ён звязаны з паэзіяй іншых народаў, але і пранікнуць у жывую душу паэзіі, паказаць яе зменлівы твар. Даследаванне агульных эстэтычна-стылёвых тэндэнцый беларускай літаратуры, распрацоўка тэарэтычных пытанняў, жанравых асаблівасцей беларускай паэзіі сталі тым грунтам, на якім нарадзіліся падручнікі для студэнтаў-філолагаў. Адзін з аўтараў і рэдактараў падручнікаў і манаграфій "Уводзіны ў літаратуразнаўства: Хрэстаматыя" (2-е выд.; 1978), "Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: са старажытных часоў да 1917 г." (1985), "Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд" (4-е выд.; 1998), "Гісторыя беларускай літаратуры : XIX - пачатак XX ст." (2-е выд.; 1998), "Беларуская літаратура. 7 клас: дапаможнік для вучняў" (2006), "Беларуская літаратура: вучэбны дапаможнік для 8-га класа" (2011), "Родная літаратура ў 6 класе: Метадычны дапаможнік для настаўніка" (1998), "Вытокі: Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 6-м класе" (2001), "Родная літаратура: Падручнік-хрэстаматыя для 6-га класа" (2001), "Беларуская літаратура: Падручнік для 10-га класа" (2001).

Аўтар больш за 220 навуковых і навукова-метадычных публікацый.

Вікіпедыя.


У Нясвіжы будзе вуліца імя Сяргея Друшчыца

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб увекавечанні памяці

Паважаны Алег Анатольевіч,

выказваем Вам шчырыя словы падзякі за прапанову ўвекавечыць памяць беларускага архітэктара-рэстаўратара Сяргея Друшчыца, які працяглы час быў навуковым кіраўніком рэстаўрацыйных работ па аднаўленні Нясвіжскага замка. Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт паведамляе, што пры будаўніцтве новага мікрараёна і з'яўленні новых вуліц, раённы выканаўчы камітэт будзе хадайнічаць перад Нясвіжскім раённым Саветам дэпутатаў аб прысваенні імя Сяргея Друшчыца адной з новых вуліц горада Нясвіжа.

Намеснік старшыні А.І. Майсеня.


Не бі сябе вёска

Апавяданне

Сіла, якая прымушае беларуса з Далёкага Усходу і Амерыкаў, Каўказа і Англіі прыязджаць у свае Залессі і Валаты, Працавічы і Казловічы, выстойваць на кладах бліз роднасных вясковых магіл, уздыхаць і плакаць, гэтае поклічча асабліва моцна абавязвае прыезджы люд браць жменькі зямлі з радзімнага хатнішча і агароду, саду і кладоў у свае далёкія краі. У любыя дні, асабліва ў Радаўнічныя.

Як слабенечкія квеленькія зялёныя лісточкі і сцяблінкі прабіваюць камяністы жвір і нават бетон, так любоў да роднай зямлі - да Айчыны - адвечна жыве ў душы кожнага нармальнага.

Покліч продкаў праз тоўшчы дзесяцігоддзяў ажыўляе і дапамагае - усім, заўжды. Хто ўчуйваецца ў галасы і ўздыхі адыйшлых, якможна выказвае ім пашаноту, таго яны значаць - гадамі, дабрабытам, нашчадкамі.

Гэта ведаюць. Прыязджаюць беларусы на радзімныя клады, чысцяць помнікі, прыбіраюць лісце, траву, даглядаюць магілы. Размаўляюць адзін з адным, жывымі і адыйшлымі. Абавязуюцца перад сабой і імі, адляцелымі і адначасова жывымі. За гадзіны дагляду імі роднасных магіл, назірання за паводзінамі прыезджых, услухоўвання ў іх словы доктар Аляксей Бялько яшчэ раз пераканаўся ў непарыўнай сувязі пакаленняў, зямлі продкаў з роднымі душамі, на якім бы кантыненце яны не жылі.

Жыццёвы досвед і медыцынская практыка дапамагалі вялікаігрушаўскаму доктару.

Аляксей Бялько не доўгі час загадваў аддзяленнем ў паліклініцы, вызваліўся ад загадвання, каб мець дні на паездкі па Беларусі і за яе межамі.

Запамяталіся тэрапеўту курсы павышэння кваліфікацыі ў Ленінградзе. У горадзе на Няве ў перабудоўны час узмоцнена вучыўся на занятках: удзень на афіцыйных, дзяржаўных, увечары - на неафіцыйных, народна-лячэбных. Выкладчыкі на абодвух былі выдатныя, дацэнтура піцерская выказвалася нестандартна, вызвольна.

На адных занятках тэрапеўт атрымаў пасведчанне пра павышэнне кваліфікацыі, на другіх - дыплом доктара народнай медыцыны. Для роспытаў, навукі і выведніцтва з той пары ён часта ездзіць да шаптухаў, ведуноў, у складаны савецкі час не таіўся з паездкамі.

Дыпломы парапсіхолага і магістра змог атрымаць у Менску. Памог ацалець дочачцы і сыну аднаго вартнага слуццака, той ў аддзяку даў ключы аднапакаёўкі. Для часовага выкарыстання.

У час адна-, двухразовых на месяц прыездаў з Менска на Случчыну, прымаў у ёй здаровых, растрывожаных, хворых. Бясплатна, амаль бясплатна. У Радаўнічныя дні тэрапеўт і доктар народнай медыцыны прыехаў не проста на Случчыну, у родную вёску Вялікая Ігруша. Прычына найістотная.

Некалі светла-шатэністая, а цяпер злёгку пасівелая галава Аляксея Бялько над крыжамі кладоў вёскі прымільгалася пешаходам. Асобныя з аднавяскоўцаў прысупыньваліся, загаварвалі.

Працяглай размовы быць не магло, Аляксей Бялько заняты, фарбуе агароджу на магілах бацькоў, дзядоў, дзядзькаў, прадзедаў, прапра… Словам-другім з трапілым на кладах земляком перакінецца, прапытае навіны, сам што-кольвек вымавіць. Разумны суразмовец, як правіла, пажылы, бачыць пот на ілбе і скронях завіханца, доўга не застойваецца, адыходзіцца. Маладыя і сярэдняга веку вялікаігрушаўцы з паважаным у вёсцы доктарам таксама доўга не расталкоўваюцца, шануюць яго час.

Вычэрніваецца голле ў нягрэйкім сонечным праменні траўня. Гудам уверсе пагуджваюць шаты старых бяроз на кладах вёскі, пахістваюцца галінастыя, пашамотваецца трава, лістота. Звычнае безупыннае гранне і карканне варон, адвечных санітараў і дабрачак.

Да апошніх прытулляў вяскоўцаў далятаюць прыглушаныя выгукі з бліжніх вуліц. Аляксей Бялько драцянкаю і наждаком абдзірае іржу з жалезнай магільнай агароджы, праз даўнія слаі фарбы рыжая кароста яшчэ не ўсюды прабілася.

Воцатам, газаю доктар працірае абадраную ад іржы і фарбы агароджу. У Менску думалася, працы тут мала, за пару гадзін управіцца, ажно з двух дня да пяці вечара не паспеў нават толкам іржу абадраць, загрунтаваць.

У вясковай краме Бялько звычаёва першым павітаўся з пакупнікамі, прадавачкамі, пастаяў у чарзе. Прыспешна выбраў неабходнае - кулітку хлеба, банку соку, паўкаўбасы, грамаў трыста сыру, пакет малака. Няёмка прасіцца да земляка пераначаваць і быць у яго нахлебнікам.

Дзеда і бабы, маці і бацькі на радзіне ўжо няма, нікога няма. Стрыечнага брата Аляксей не лічыць, з пустальгою алкашом сустрэцца - увесь вечар, а то і ноч згамтаюцца, замест спачыну будзе нерваўзводка, крыўды былога механізатара за сённяшняе невыслухоўванне, за недапамогу яму родных і стрыечных братоў і сясцёр, непрывозку даросламу мужыку, сталаму і дужаму пляшкі гарэлкі ці вінца. Будуць узгадкі сто гадоў адбылага, сказанага, колішняга нетакога паводзінства.

Сіла крэўнасці і зямляцтва цягне доктара Бялько, як і кожнага нармальнага чалавека, на радзімныя пуцявіны. Вялікая Ігруша ў сэрцы інтэлігента заўжды. Фінансава памагчы вялікаігрушаўскім гарэтнікам інтэлігентны гарадскі бядняк мала чым можа.

Сумненняў пра начоўку не ўзнікала. Дзе-дзе, а ў кондавай беларускай вёсцы даўніны і традыцыяў не забываюць. Адвечная язычніцкая мудрасць славяніна - дай прытулак бяздомнаму; не адмовіш падарожніку, не адмовяць у дарозе самому і блізкім. За доўгія гады паездак па Беларусі ў гэтым Аляксей Бялько пераконваўся часта.

Родная вёска заўсёды ў думках доктара. Тут пасвіў кароў, лавіў яршоў, карасёў, вытоптваў уюноў у Ігрушаўцы і Працавіцкіх азёрах, збіраў грыбы ў Нежаўскім і Валатоўскім лясах. Нельга адмовіць старцу ў куску хлеба, грэх не пусціць калядоўшчыка ў хату, яшчэ большае выродства не даць прытулку на ноч земляку.

Пачаў фарбаваць агароджу. Клопатная праца ідзе марудна. Сваім молішся, абыякнічаць не будзеш. Не паспеў аглянуцца, напаўзлі зацемкі. У навячэр'і на парослых вялікімі і малымі дрэвамі кладах, узбочным хмызоўі ўсё неразглядней небасхіл, дрэвы, травы, дол. Дзень з'імчаў, зроблена мала.

Ён ужо не сердаваў на братоў і сястру за няўвагу да вечнага прыстанішча бацькоў. Апошні помнік на сямейным месцішчы, помнік маці, доктар Бялько за сваю невялікую зарплату паставіў адзін, агароджу расшырыў таксама за ўласныя капейкі. У яго машыны і дачы няма, у брата і сястры, якія жылі ў райцэнтрах Меншчыны, ёсць, а на магільныя выдаткі ў абзаможненых крэўнікаў сродкаў не выпадала, ну ніяк не выпадала.

Збяруцца на Радаўніцу побліз родных магілаў Бяльковыя і Лысыя, Ярашэвічы і Самусевічы, перад землякамі няёмка за нефарбаваную агароджу. Эхкаюць, трэба, абавязкова патрэбна ў парадак агароджу прывесці, вось-вось збяромся - і ўсё адкладваецца, мізэрнасць гадамі адсоўваецца.

Разоў колькі няўмека Аляксей прапаноўваў рабацяшчым, спрытным і заможным абодвум братам, сястры і стрыечніку навесці парадак на магілах прадзеда і прабабы, дзеда і бабы, двух дзядзькоў, адной цёткі, бацькі, матулі. Вы з аўто, блізка жывяце. Ад фінансавай дапамогі Аляксея родзічы высакародна адмаўляліся, самі такую малечу асіляць, - а паіржавелай агароджы як не заўважалі. Мусіў прыехаць сам.

Здалёк хуткая і спорная справа зблізу аказалася няпростай. На мудрагелістых завітушках агароджы адзін і другі пэндзлі доўга выцвечвалі цвіль старызны, у прыночнай стыні фарба не сохла. Аляксей Бялько перастаў завіхацца пры густым сцямненні. Не паспеў управіцца.

Банкі з фарбаю, пэндзлі, анучкі паклаў у выямку бліз помніка, прыгроб абвялаю травою. Надпіс на большасці надмагілляў на чужой гаспадарам магіл мове, рускай. Хто-ніхто з угаротненых пры пахаванні і пасля родзічаў не звяртае ўвагі на згубныя парадкі слуцкіх хаўтурных пахавальных кантор і канторкаў, асобныя не могуць адбіцца ад хітрамондрых настойванняў - "так у большинства; так мы делаем; по-руски дешевле".

На пытанне, чаму такія надпісы, Аляксей Бялько чуе звычнае тупое няўцямкае - не падумалі, якая розніца, сыйдзе. Калі што якое - нам падкажуць, заўважаць, тады паправімся. Не папраўлялася, гадамі. На помніках нават у адвечных абаронцаў беларушчыны настаўнікаў Цімоха Васільевіча Самусевіча, Дзмітрыя Андрээевіча Бялько рускія надпісы.

Беларускае здаўнінне выконвалася ўсяго ў адным. Самая бяздарная немарач, любой канфесіі, ведае: хоць што разбурыш на кладах, возьмеш з кладоў - хутка ўкладваеш сябе і крэўнікаў не проста ў хворасці, у магілы.

Нямала недагледжаных помнікаў з чорнымі ад бруду літарамі, леташнімі касмылямі травы. Слуцкае і менскае, салігорскае і капыльскае гарадское абыякаўства дакацілася да вёскі.

Тэрапеўту памятаўся хуліганскі рэзрух на вялікаігрушаўскіх кладах гадоў колькі таму; канкрэтных разбівальнікаў помнікаў не знайшлі, ды і не трэба было, іх хутка адшукала няшчасце. Ва ўспамінах, засцярогах і пераказах здаўніннага бабулькамі і дзядамі праўды болей, чым падавалася маладым і сталым недавяркам.

- Марыя Іванаўна, добра, што мы сустрэліся, - пры выхадзе з кладоў Аляксей Бялько ўбачыў настаўніцу Марыю Ярашэвіч. Разоў колькі дбайна выціраў ногі аб траву, каб не ліпла і не хваталася ліхое з кладоў за жывых.

Сагненая прыветлівіца далася ў роспыты пра жыццё ў Менску, адна-, двухразовыя прыезды доктара да хворых у Слуцак, асуджала за бясплатнасць прыёмаў. Дармаўшчыну ніхто не цэніць. Пахваліла земляка за стараннасць на кладах. Даглядаеш магілы - з Тагасвецця іх гаспадары аддзячаць. На просьбу тэрапеўта пераначаваць рэзонна спытала, чаму не ідзе ў хату дваюраднага брата. Ён адзін на чатыры пакоі.

- Удвух лепей, яно так... Мы не сварыліся... - Аляксей Бялько не выказвае чужой пра паводзінства брата. Пазалетась у часе начоўкі Іван ні з таго ні з сяго кідаўся біцца, гразіўся сакераю. Ад зшызоіднага ад грызні з усімі і адзіноты алкаша чакай штохочна. - Падумалася...

- Правільна рашылі. Ваш Іван лез на суседа Шнейдароўскага з віламі. Двойчы. Выдзяцінства не ў аднаго яго. У Вялікай Ігрушы малады Пышнік сёльта забіў маці, у алкашнай гарачцы.

Маладому было за трыццаць.

Сямідзесяцітрохгадовая жанчынка залішне ўглядаецца ў знанага медыка, павольніць:

- Хата ў мяне вялікая, але я адна... З мужчынам начаваць, што людзі падумаюць... Адна я, адна...

Бялько не верыць вушам. Настаўніцы столькі гадоў. Недарэчнасць пустых адгаворак і выплятаў ідзе ад вясковай прасцякаватай дабрыні і наіву.

- У вас мала тутака родзічаў, аднак ёсць. Такога чалавека з радасцю прымуць. - Філалагіца ўспамінае язычніцкае: не адмові ў прытулку спадарожнаму і бяздомнаму. - Не крыўдуйце. Што людзі падумаюць… - разгубленніцца жанчына.

Яна робіць правільна, сходу запэўнівае заўсёды паважаную Марыю Іванаўну доктар, цёпла развітваецца. На душы пашкрэбваюцца кошкі, цемрыўна ў грудзях. Атрымаў аплявушыну ад інтэлігентнай, заўсёды паважанай зямлячачкі.

Крануўся да сваёй вуліцы спакойным. Тут дзве сем'і далідальніх сваякоў, прытулле будзе.

Аляксей Бялько бяздарна памыліўся. Поруч дыхтоўнай мураванкі выстойваў з мятлою Васіль Бабурэвіч, сын аднакласніка Сяргея. Трыццаць пяць гадоў былому механіку, пасля ўсё часцелых выпівонаў шмат доказніўся жонцы і начальству; фініш тыповы для апахмельшчыкаў - жыве не ў сваёй сям'і ў Дудзеве Мусіцкага сельсавета, на той бок Слуцка, а тут, у хаце бацькі, зрэдзь механізатарнічае.

- Не ведаю, проста не ведаю, як вам быць з жытлом, - пазнаваў і як не пазнаваў Васіль Бабурэвіч земляка Аляксея Бялько. Негаспадар не мог прыняць самастойна рашэнне, а п'яны бацька спаў на печы, будзіць злога ў такім просыпе сын не адважваўся.

Тры гады таму Бялько прасіў Васіля засыпаць пяском і падмасціць каменнем выяміну дарогі ўскрай кладоў. Увесну і ўвосень у ёй вада, праехаць можна, прайсці нельга. Гараджанін мусіў тлумачыць вяскоўцу падрабязкі - адкуль, чым, як прывезці пясок, каменне. Той згадзіўся, за грошы.

Як бы ні сутоніла, доктара народнай медыцыны Васіль прызнаў; усё збіраўся трапіць да Бялько на прыём. Мо' паможа адхмеліцца лепей, чым кадзіраванне.

Калі б гэта быў падшыванец гадоў васямнаццаці, а не дарослы чалавек, гаспадарчык, Аляксей Бялько даўжэй тлумачыўся б, чаму позна ў вёсцы, што рабіў на кладах, мацней прасіўся б пераначаваць. Узгадаў бы пра аднакласніцтва з бацькам Васіля, далюдальняе радство, па дзеду.

- Прачнецца бацька, прывітанне перадай ад Аляксея, - шпарыў з падворышча Бабурэвічаў напаўразгублены Бялько. У вялікай хаціне жылі два сталыя мужчыны, трэцяга на ноч не прытулілі.

Яшчэ не прайшла крыўда ад двух атрыманых аплявушын, а наперадзе хата Чыжыкаў. Рушная прыветлівая гаваркая сваячачка, па бабулі, пры сустрэчах абавязкова запыняла Бялько, распытвала, павядала навіны. Часцяком звярталася з просьбамі. Невыканальнымі для тэрапеўта. Апошняя просьба Алены Чыжык - пагаварыць з старшынём калгаса, няхай сына зноў прыме на ферму. - "Чаму дарослы мужык сам не папросіцца ў старшыні?" - "Працаваў. Двойчы звольнілі. Чым прывазным, слуцкім, працу даваць, лепей свайму. Акурат цяпер няма на ферме падвозчыка..." - "П'яным на працу не трэба выходзіць. Хай сам варушыцца". Сярэдняга сына яе Бялько бачыў, размаўляў двойчы.

Пастукаў у вакно. Растлумачыў амаль саракагадоваму цвярозаму мужчынку сэнс просьбы. Цвёрда перакананы, нават у сутоньстве Кірыла пазнаў яго, хаця не выказваў.

- Маці няма, не ведаю... Пайду гляну, мо' ў сенцах... - старанна бязглуздзіў малады гаспадар. Хворая пенсіянерка павінна вырашаць такое нескладанае пытанне.

Пратупаць ад вакна ў сенцы, уключыць святло, упэўніцца, маці няма ў кладоўцы і сенцах, вярнуцца назад - паўхвіліны, крайне хвіліна. Яго не было хвілін шэсць. Немаўляці зразумела, маці і сын раіліся, прымаць на ноч знячэўнага госця ці не.

- Матуля дзесьці ў суседзяў, у другога каго прапытайця начову, - яшчэ мямліў Кірыла, а госць сыходзіў з па-надворку.

- Перадай ёй паклон. - Ад весніцаў, - грэшнікі вы ўсе.

Справа набывала сур'ёзны аварот. Афарбоўку агароджы за чатыры-пяць гадзін не зрабіў, як лёгка меркавалася ў Менску, прасцей простага ўладзіцца з начоўкаю таксама не атрымвалася. Дасюль гутарыў не з кемкімі, нечаму з адвечнага навучанымі вяскоўцамі, а з манекенамі, у якіх не развіліся паняцце даўніны, традыцыі, язычніцтва. Нават незнаёмаму старцу беларус даваў прытулак на ноч, а тут аднавяскоўцу, зямелю адмова за адмоваю.

Цёплая прыемная вечаровасць траўня на хатнішчах і садах Вялікай Ігрушы, у душы Аляксея Бялько марозная шэрань. Пры ўсіх спехах агароджу на магілах сёння ён не змог бы дафарбаваць. А трэба, няскончанае завяршай; без Аляксея ніхто з сваякоў зноў яе не кране; дзевяць кіламетраў са Слуцка для занятых братоў, роднага і стрыечніка, вялікі шлях, тым болей паўкіламетра Івану ў Вялікай Ігрушы. Аляксей у сталіцы гульма гуляе, прыедзе і пафарбуе.

Землякоў усе абараняюць, яны ў прывілеяваным становішчы, як крэўнікі. Для Аляксея Бялько любы слуццак заўсёды сваяк.

(Працяг у наст. нумары.)

Валер Санько


Законы неба не адмяняюцца

(Нябесная Беларусь)

паэма-эсэ

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

* * *

На ўлагоду і пацеху

начальніку-акупанту

Цешыць сябе патрыёт-тутак,

Што нібыта з Айчынай - окей.

* * *

На падмене паняццяў,

На разбаўленні праўды хлуснёй,

Як падменам дзяцей заўжды

прыкарытнік шчыруе.

* * *

І яшчэ тутакі некаторыя

Сыходзілі з дому,

Каб потым вяртацца чужынцамі

і з чужынцамі.

* * *

Хто коштам іншых земляў

Уладкоўвае свой кут мядзвежы,

Ці не мангол ён, ці не рабаўнік?!.

* * *

Прад слабымі ў многіх

косці поўны злосці,

А перад уладамі і сілай

Злосць увасабляецца ў трусасць.

* * *

Таму людская нечысць

Не пераносіць Курапаты,

Бо то ёй напамінак аб расплаце.

* * *

Русіфікуюць Беларусь

не толькі расейцы,

Але і свае -

Кандыдаты ў рускія.

* * *

Так, ёсць жа яшчэ і такія,

Што на чужыне

чужынцаў збіраюць,

Каб потым у Айчыну прывесці

і яе разбурыць.

* * *

Рэпрэсій татальных пакуль няма,

Але прыкметаў навокал -

Хоць адбаўляй.

* * *

І божыя служкі, і храмы,

Як і пра Бога, таксама не дбаюць

Пра цябе, шматпакутная Беларусь.

* * *

А што ў саюзным

брацкім хаўрусе?!.

Старэйшы брат

з двухгаловым арлом,

Малодшы для "раўнапраўя" -

з духмоўем.

* * *

Чынгізіды на ўсходзе па-сталінску

Уздымаюць галовы,

рукамі махаюць,

А тутакі ўжо на старце гатовы.

* * *

Захоплены ў рабства,

Тутак не бунтаваў

у адрас новых уладароў,

Наадварот, страчаў

маўкліва тыя плоймы.

* * *

Заходні пан ужо нібыта не імперыя,

А апетыт імперскі мае

На цябе.

* * *

Усходні "господин"

ужо ля апошняй рысы,

Але адмовіцца ад ўлады над табой -

Ні-ні, ні-ні.

* * *

Паслухаеш іх,

Дык не мы былі пры Грунвальдзе,

І Мантэ-Касіна зусім не пра нас.

* * *

Каштоўнасці ўласнай зямлі

Разам з уварванцамі-прыбышамі

Губіць і сёння тутак.

* * *

Майстры мастацтваў

у большасці сваёй

Паслугавалі пераважна

ўладзе акупанцкай,

Чымся Айчыне-Беларусі.

* * *

Паслугачы Варшавы і Масквы,

Дык вас жа сметнікам

Яны ўзнагароджвалі.

* * *

Хто на зямлі сябе пазбавіў

Бацькаўшчыны -

У духоўнай нэндзе ён, гаротнік,

І на бясконцасць

страчвае мажлівасць.

* * *

Але ж пачне ён першым

Шарсціць у Беларусі беларусаў.

Яднаймася, рыхтуймася,

змагаймася!

* * *

І Захад праз праграмы розныя

і дактрыны

Калабарантаў з тутакоў рыхтуе

Для Айчыны.

* * *

І тут такое неба асвоілі,

Адкуль дасылаць можна бомбы -

І справіць Армагедон.

* * *

Як заваёўніку, рабаўніку,

гвалтаўніку,

Так запраданцу-здрайцу

Ўваход у нябёсы забаронены.

* * *

А хто свае заграбастыя лапы цягне,

Той з тымі ж лапамі трапіць

У пашчу такога ж, як сам.

* * *

Ужо больш актыўна

на ўзроўні маўзалея

Богаабранцы і боганосцы,

дакладней - камунякі

Паміж сабой вядуць разборкі.

* * *

Чакае іх Армагедон,

Хаця яны усё жыццё

Яго для іншых рыхтавалі.

* * *

Той пісталет,

Гарэцкага з якога расстралялі,

Нідзе не знік;

З яго забойца будзе

ў рот сабе страляць бясконца.

* * *

Ці сорамна бывае тутакам, калі

Перад Творцам

Ну ці хаця б перад Айчынай?!.

* * *

За бацькоў бы,

за бацькоўскія чорныя справы

Пакаяцца б ім, дык не -

Яны няшчасны народ вінавацяць.

* * *

Хай застаюцца вам Ажэшкі,

і Манюшкі, і Дастаеўскія,

і Глінкі, і Качалавы;

Пакіньце толькі Беларусь у спакоі… І цуд адбудзецца.

* * *

А як прыйдзе сюды "Русский мир",

Дык маштабна пачнуцца рэпрэсіі -

І адкрыюцца новыя Курапаты.

* * *

І дашле сюды Крэмль

Сваіх 10-ці і 30-ці тысячнікаў -

Нашчадкаў былых

калгасаўладкавальнікаў.

* * *

Нібы ў камунізму, і ў "Русского мира",

Несумненна, расцвітуць-зацвітуць

Падваліны.

* * *

У гады маскоўска-сталінскіх рэпрэсій

Ніхто не пацярпеў так,

Як зямная Беларусь і беларусы.

* * *

Забудзьце Сталіна,

Пілсудскага забудзьце.

Аўтарытэты вашы -

у нябеснай Беларусі.

* * *

Табе выбіраць: "Беларусь" ці "не";

А нябесную заслужыць яшчэ трэба,

І яна выбірае сама.

* * *

Ні Сталіным, ні Панамарэнкам,

ні Пілсудскім

Ні іхнім папярэднікам і паслядоўнікам

Не дадзена Айчыну нашу

(тым больш нябесную) скрышыць.

* * *

Не задушыць вашай большасці

Нашу меншасць:

Нам Творца дарогу ў неба праклаў.

* * *

Не боймася здраднікаў,

Акупантаў не боймася!..

Мы на сваёй зямлі, і з намі Бог!

V. Хто мову Айчыны сваёй не пакінуў

"Ты мой брат, каго зваць беларусам,

Роднай мовы сваёй не цурайся;

Як не зрокся яе пад прымусам,

Так і вольны цяпер не зракайся."

(Алесь Гарун.)


"Даў нам Бог неўміручую мову,

Што жалейкай, то лірай пяе.

Колісь прыхадні бэсцілі слова,

А цяпер узяліся свае…"

(Максім Танк.)


"Радзімаю наканавана жыць мне,

Крывёю сэрца новы спеў пісаць.

Купалавай, Скарынавай, мужыцкай

Народнай мове доўг святы аддаць."

(Ларыса Геніюш.)

* * *

Бяда! Бяда! Страшэнная бяда!

Калі адкрыў ты сэрца для чужое мовы,

А спінай павярнуўся да сваёй.

* * *

Ды што там мова для іх?!.

Тутакі ад яе адмаўляюцца,

А вось ад радыяцыі - не.

* * *

Ну што ім той Інбелкульт?!.

Культ Сталіна больш зразумелы,

І гэты культ ім падавай.

* * *

Тут безліч сваіх і чужых вычварэнцаў,

Што грэбуюць і ганьбуюць

Беларускаю, дадзенай Богам, мовай.

* * *

Пасол, які грэбуе мовай нашай,

Сведчыць, што нашай Айчынай

Грэбуюць яго ўрад і яго дзяржава.

* * *

Так, мову нашу ў хлеў адпраўлялі,

Ды там яе ўжо няма;

Яна - ці ў нябёсах, ці у душы патрыёта.

* * *

А што пра ўладу можна думаць,

Калі яна свайго народа

Мову бэсціць?!

* * *

Якая можа быць дзяржаўнасць мовы,

Калі ва ўладзе

Мовы той няма?!

* * *

Ампутацыя павагі-любові

да Бацькаўшчыны

І прыроднай мовы яе -

Таксама паказчык дасягнення ўлады.

* * *

А гэты ўродла - пагардліва

Кідае нам у твар

Словы нашай адвечнай,

прыгожай мовы.

* * *

Як многія іншыя скарбы нашы,

Сваёй большасцю мова

Пакуль што яшчэ ў Курапатах

і іншых падобных месцах.

* * *

Яно і сёння карыстацца роднай мовай

На перспектыву небяспечна…

Таму пануе абыякавасць між многіх.

* * *

Вядома чаму навучаюць тыя,

Што капытамі

І сёння па душах

і мове нашай топчуцца.

* * *

Ператвары ў жывёлу чалавека,

І ён ад роднай мовы

Сам адмовіцца.

* * *

Хто песні свае не спявае,

Таму забіваюць і вушы, і сэрца

Бадзягі прымітыўнай папсой.

* * *

З амаль двухмільённага Менска

Па аўторках у офіс ТБМ

Збіраецца колькі дзясяткаў

прыхільнікаў беларушчыны.

* * *

Забыты імёны спрадвечныя, наскія…

І сёння дзяцей называюць

Імёнамі выпендракаў на сцэне.

* * *

А былі і Леніны, Сталіны,

Трактарыны, Крэмліны,

Вілоры і многая іншая дзіч.

* * *

Не сваімі вачыма глядзяць,

Не сваімі вушамі слухаюць,

Таму не сваёю гавораць мовай.

* * *

Падонкі ім убівалі

і ўбіваюць у галовы,

Што горш іхняй мовы

У свеце няма.

* * *

Хай спрахнуць традыцыі вашы -

Ператварацца ў монстраў -

І выракацца мовы сваёй зямлі.

* * *

На помніках мовай чужой

Сваю мы адсутнасць сведчым

У зямной і нябеснай Айчыне.

* * *

Тут ад размоваў з тымі-сімі пра мову,

Здараецца, баляць падоўгу

І галава, і сэрца.

* * *

Навошта ім мір і спакой?!.

Каб на роднай зямлі

Жыць без мовы сваёй.

* * *

Калі ты такі разумны і смелы,

Дык чаму па-за межамі

Мовы роднай зямлі

ў Айчыне жывеш?!.

* * *

Не будзьце ў духу скапцамі і еўнухамі

І не слухайце балбатуноў -

"служак" Божых,

Што на мове чужынскай

вашых нябожчыкаў адпяваюць.

* * *

Ён пагарджае мовай нашай…

Садраць бы з яго клабук

Ды падладзіць пад гняздо якой-

небудзь дробнай жывёліны.

* * *

Калі хлуслівасць мець

За слова прыгажосці,

Дык тут выдатных златавустаў -

безліч.

* * *

Тут паэты, палонныя

гукаў і слоў пустых,

У душы пустыя стукаюцца

Сваіх суайчыннікаў-

суграмадзян… безвынікова.

* * *

Мова! Мова!

Для іх не тое яна,

Ад чаго адкусіць

можна ладны кавалак.

* * *

Словы пустыя з пустой душы

Жуюць-перажоўваюць тутакі-паэты

І думаюць, што Айчыну мацуюць.

* * *

Так, "пеўнікі на плоце"

Пра кайстры і пялёсткі

І сёння ўзасёрб пяяюць.

* * *

У большасці сваёй паэты-тутакі

І ў рыфму, і ў велібр

Па сутнасці туляжылі і п'яняжылі.

* * *

Ні агню, ні сметніку не цікава

Тутакоў пісаніна -

Прыкарытных паэтаў.

* * *

У большасці саўдэпаўскіх

Пісьменнікаў-шчыглоў

Надзей і спадзяванняў не шукайце.

* * *

Блудлівым ідэолагам,

паэтам-запраданцам

Няма ўзыходжання ў нябёсы:

Яны маўчалі

пра зыход Айчыны ў нябыт.

(Працяг у наст. нумары.)

Яўген Гучок


Трэба жыць і спадзявацца

Янка Запруднік разам з жонкай пару тыдняў таму назад прыехаў у Беларусь, каб пабачыць родных. За паўтары тыдні яны праехаліся па Палессі, адкуль з Жыткавіцкага раёна родам жонка Надзея Рагалевіч-Запруднік, наведалі Мір - там нарадзіўся сам Янка Запруднік (Сяргей Вільчыцкі).

І вось яны вярнуліся ў Менск, каб прыняць удзел у прэзентацыі кнігі "Кантакты", складзенай на аснове лістоў, якія на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў адпраўлялі беларусы ў Нью-Ёрк Янку Запрудніку. Складальнікамі кнігі з'яўляюцца Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч.

Актавая зала бібліятэкі быў перапоўнены, сабралася каля 150 чалавек.

Вяла прэзентацыю Наталля Гардзіенка. Са словамі віншавання, успамінамі выступілі доктар Адам Мальдзіс, дырэктар Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтвы Ганна Запартыка, пісьменнік Уладзімір Арлоў, даследнік Валер Герасімаў. З віншаваннямі выступілі гісторык Леанід Лыч, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч павіншаваў героя прэзентацыі з кнігай і нагадаў пра 25-годдзе незалежнай Беларусі.

На прэзентацыю прыйшлі праваабаронец Алесь Бяляцк, мастакі Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Алесь Шатэрнік, былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч, пісьменнік Леанід Маракоў. Былі Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч, выдавец Зміцер Санько, старшыня ТБМ Алег Трусаў, пісьменнік Валер Санько, прыехала з Канады пісьменніца Вольга Іпатава.

Айцец Іяан (Алег Бембель, вядомы паэт Зніч) адмыслова прыехаў з Жыровіцкага манастыра і падарыў Запрудніку сваю кнігу і нават зачытаў адмыслова напісаныя да прыезду дзеяча беларускай эміграцыі свежыя вершы.

Сам Запруднік быў нешматслоўны, дзякаваў за віншаванні, а таксама падзяліўся ўражаннямі ад наведвання Беларусі:

- У апошні час шмат кажуць пра дзве душы беларуса, ці пра яе дваістасць. Я, прыехаўшы сюды праз тры гады, стаў думаць. Душа беларуса мае два аспекты. Адзін - пакутніцтва, другі - надзеі.

Пакутніцкая душа, прыехаўшы сюды, адчувае боль, таму што яна не чуе музыкі беларускай мовы з вуснаў дзяцей. Але непаражальная, якая супрацівіцца цяжкасцям душа, ёсць аспект надзеі, і ён падахвочвае нас працаваць, прадпрымаць высілкі ў надзеі, што гэтыя высілкі не марныя.

Запруднік працытаваў верш Наталлі Арсенневай "Трэба жыць" з 1943 г.:

Варта жыць, варта вечна

чагось спадзявацца,

чуцца часткай Айчыны,

малой, а жывой.

Паводле СМІ.


Звініць каса - жыве вёска

У Лідскім раёне, на сенажаці, каля вёскі Ганчары СВК "Беліца -Агра" адбыўся раённы конкурс па ручной касьбе "Звініць каса - жыве вёска", ініцыятарам правядзення выступіла дзяржаўная ўстанова "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Сэнс мерапрыемства закладзены ў самой назве: ручная касьба - здаўна з'яўляецца неад'емнай часткай гістарычна-культурнай спадчыны. Конкурс паказаў, што на Лідчыне ёсць аматары ручной касьбы, якія годна працягваюць традыцыі сваіх продкаў: не толькі зберагаюць, але і адраджаюць гэтыя навыкі. Нягледзячы на спёку, на конкурс з'ехалася 17 касцоў, з іх нават тры жанчыны. Самаму старэйшаму - Матусевічу Івану Антонавічу з вёскі Ганчары было 80 гадоў, а самаму малодшаму Іллі Кудле было 14.

Перад пачаткам касьбы сеназарніцы (так называлі нашы продкі-славяне жанчын, якія, захоўваючы звычаі даўніны, збіралі на сенакосныя ўгоддзі касцоў) дабраславілі касцоў: абвязалі іх травянымі паясамі з лекавых пакосных траў, каб не балелі спіны, і ўручылі кожнаму ляльку-абярэг "Пакосніца", якая нясе абнаўленне душы і цела. Пад песню "Касіў бацька, касіў я" ў выкананні народнага ансамбля бытавых інструментаў "Каханачка" Мажэйкаўскага Дома культуры пачалася касьба.

Ацэньвалася не толькі хуткасць касьбы, а таксама якасць (вышыня травы пасля пракосу), чысціня касьбы (як кажуць, каб барады не было), эстэтычны выгляд пракосу.

Пераможцам стаў Іван Кароль з вёскі Рулевічы, другое месца ў Станіслава Ждонца з аграгарадка "Гуды", трэцяе ў Дыяніза Машкала з аграгарадка "Ваверка".

Хочацца сказаць дзякуй спонсарам мерапрыемства: газеце "Наша слова" Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, ААТ "Хлебапрадукт", Лідскаму хлебазаводу.

Упрыгожваннем мерапрыемства стаў калектыў - народны тэатр беларускай народнай песні "Матуліна песня" з Гарадзенскага раёна.

Г. Некраш , метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX