НАША СЛОВА № 29 (1284), 20 ліпеня 2016 г.
Зварот Аляксандра Давідовіча да выбаршчыкаў Грушаўскай акругі г. Менска № 99
Паважаныя сябры!
Зараз у нашай краіне адбываецца важны палітычны працэс: падрыхтоўка да выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
Ад вынікаў гэтага працэсу залежаць усе аспекты нашага з вамі будучага жыцця: заробкі, наяўнасць працы, лёс нашай культуры і адукацыі, стан медыцыны, адносіны з краінамі свету, мір у нашых хатах і шмат іншага.
Мы ўсе ўдзельнікі гэтага няпростага выбару: як нам жыць далей. Гэты выбар зробіць кожны паўнагадовы грамадзянін, незалежна ад свайго жадання прымаць ці не прымаць актыўны ўдзел у гэтым працэсе.
Я, Давідовіч Аляксандр Анатольевіч, і мая ініцыятыўная група вырашылі для сябе, што хочам актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні нашага агульнага лёсу і прыняць удзел у выбарчай кампаніі па Грушаўскай выбарчай акрузе № 99 г. Менска.
Для таго, каб мяне зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў дэпутаты, неабходна сабраць больш за 1000 вашых подпісаў.
У сваёй праграме я буду прапаноўваць:
- падтрымку нацыянальнай культуры і мовы;
- скарачэння колькасці чыноўнікаў;
- поўную адкрытасць і празрыстасць працы дзяржаўных устаноў;
- роўныя ўмовы працы прыватнага і дзяржаўнага сектараў эканомікі;
- даступнасць банкаўскіх крэдытаў для бізнесу і насельніцтва;
- скарачэння бюракратычнай нагрузкі на насельніцтва з пераходам на больш глыбокае выкарыстанне інтэрнэт тэхналогій;
- скарачэння выдаткаў на праезд у грамадскім транспарце для пенсіянераў і студэнтаў;
- рэформу пенсійнай сістэмы з паступовым вяртаннем да выхаду на пенсію мужчын у 60 гадоў і жанчын у 55 гадоў;
і іншыя.
Разам з подпісамі вы можаце ўнесці сваю прапанову для ўключэння ў маю выбарчую праграму ў якасці кандыдата ў дэпутаты, бо мая асноўная праца - прадстаўленне вашых інтарэсаў.
Подпісы можна будзе паставіць на пікетах, якія будуць арганізаваныя на тэрыторыі выбарчай акругі. Можна таксама паставіць свой подпіс у сяброў ініцыятыўнай групы, якія збіраюць подпісы па кватэрах.
Пытанні і прапановы дасылайце на e-mail: a.a.davidovich gmail.com
ЦТ па беларускай мове на 100 балаў здалі 50 чалавек
У гэтым годзе ў ЦТ па беларускай мове прынялі ўдзел 21 717 тысяч абітурыентаў, што на 1462 чал. менш, чым у 2015 годзе. Абсалютны вынік 100 балаў атрымалі 50 чалавек. Такія звесткі прыведзеныя на партале Міністэрства адукацыі.
Па словах міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, у 2015 годзе 100 балаў па беларускай мове атрымалі 18 паступоўцаў.
Сёлета сярод абітурыентаў з абсалютным вынікам выпускнікі ўстаноў адукацыі рознага тыпу з розных рэгіёнаў Беларусі. Так, 23 чалавекі - выпускнікі сярэдняй школы, 21 - гімназіі, 6 - ліцэя. 10 чалавек - з Берасцейскай вобласці, 7 - Віцебскай, 4 - Гомельскай, 9 - Гарадзенскай, 4 - Магілёўскай, 10 - Менскай, 6 - горада Менска. У прыватнасці трое лідзян атрымалі 100 балаў па беларускай мове. Гэта выпускніца гімназіі № 1 Вольга Славінская, 8-й школы Кацярына Белавус і 2-й Бярозаўскай школы Кацярына Рунец. Летась у Лідзе быў адзін стобальнік па беларускай мове.
У 2016 годзе ў ЦТ па расейскай мове прынялі ўдзел 75 832 чалавекі, што на 606 больш, чым у 2015-м. На ЦТ па расейскай мове вынік у 100 балаў паказалі 86 абітурыентаў (у 2015 годзе такіх было 83).
Паводле БелТА.
160 гадоў з дня нараджэння Часлава Пяткевіча
Часлаў ПЯТКЕВІЧ (20 ліпеня 1856, в. Бабчын, Хойніцкі раён - 10 кастрычніка 1936) - беларускі этнограф, фалькларыст.
Працаваў на Палессі, Кіеўшчыне, Смаленшчыне, у Лодзі. Дзякуючы знаёмству з Казімірам Машынскім, з 1923 года - у Варшаве, супрацоўнічаў у аддзеле этналогіі Інстытута антрапалагічных і этналагічных навук Варшаўскага навуковага таварыства. З 1928 г. - у этнаграфічнай камісіі АН у Кракаве. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру насельніцтва Палесся, пераважна беларусаў, іх заняткі і павер'і. У часопісе "Ziemia" ("Зямля") змясціў артыкулы і нарысы "Дарогі на Рэчыцкім Палессі ў другой палове XIX стагоддзя" (1926), "Хойнікі" і "Палессе ў канцы XIX стагоддзя. Пажары ў барах і на балотах" (1927), "Душа і смерць у вераваннях беларусаў" (1930), "Вялікдзень на Беларусі" (1932); у часопісе "Pamietnik Warszawski" ("Варшаўскі дзённік") - "Мёртвыя ў вераваннях беларусаў" (1931); у часопісе "Wiadomosci ludoznawcze" ("Этнаграфічныя звесткі") - "Земляробчыя боствы ў вераваннях беларусаў" (1933). У першай грунтоўнай манаграфіі "Рэчыцкае Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы. Ч. 1. Матэрыяльная культура" (Кракаў, 1928) падрабязна расказаў пра розныя заняткі палескіх сялян: збіральніцтва, бортніцтва, пастухоўства і жывёлагадоўлю, земляробства і агародніцтва, нарыхтоўку прадуктаў харчавання; даў дэталёвае апісанне рамёстваў і шматлікіх прафесійных прылад працы, ілюструючы ўласнымі малюнкамі: бондарства, стальмахоўства, будаўніцтва, апрацоўка валакна, скуры, воску, металаапрацоўка. У манаграфіі "Духоўная культура Рэчыцкага Палесся: Этнаграфічныя матэрыялы" (Варшава, 1938) з вычарпальнай паўнатой паказаў разнастайныя сферы духоўнага жыцця палешукоў: іх арыентацыю ў прасторы і часе, народныя веды пра нябесныя свяцілы, прадказанні надвор'я паводле разнастайных аб'ектаў навакольнай прыроды, старажытныя ўяўленні пра прыродныя стыхіі, раслінны і жывёльны свет; даў звесткі па нар. медыцыне і ветэрынарыі; раскрыў свет хрысціянскіх і язычніцкіх вераванняў; даў характарыстыку нар. музыцы і нар. інструментам і інш.
Скіраваў на вывучэнне Палесся К. Машынскага, дапамагаў у выданні яго кнігі "Усходняе Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы..." (1928), узбагаціў яе сваімі матэрыяламі.
Вікіпедыя.
80 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Чамярыцкага
Вячаслаў Антонавіч ЧАМЯРЫЦКІ, - беларускі крытык і літаратуразнавец, культуролаг, кандыдат філалагічных навук.
Нарадзіўся 22 ліпеня 1936 г. у в. Рабкі Дзятлаўскага раёна ў беднай сялянскай сям'і. З 1937 г. жылі ў Наваградку, тут скончыў беларускую школу. Вучыўся на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філфака БДУ. Настаўнічаў у 7-годцы ў в. Слабада на Вілейшчыне, быў карэктарам Маладзечанскай абласной газеты "Чырвоны сцяг". З 1952 па 1962 гг. - інспектар Маладзечанскага РайАНА. Скончыў аспірантуру ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі і з 1991 г., працуе ў гэтым інстытуце загадчыкам аддзела старажытнай і новай беларускай літаратуры.
Дэбютаваў вершамі ў 1952 годзе (наваградская раённая газета "Новае жыццё"). З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, даследаваннямі па старажытнай літаратуры выступае з 1959 г. Аўтар манаграфіі "Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў" (1969), брашуры "Беларускі тытан эпохі Адраджэння" (1990), аўтар кнігі "Францыск Скарына" (з Г. Галенчанкам і В. Шматавым, на французскай мове - 1979 і на англійскай - 1980, Парыж), адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры" (т. I, 1968), "Истории белорусской дооктябрьской литературы" (1977), "Истории всемирной литературы" (т. 3, 1985; т. 4, 1987), падручніка для ВНУ "Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд" (1985). Прымаў удзел у выданні "Поўнага збору рускіх летапісаў" (т. 32 і 35), складальнік зборніка "Слова пра паход Ігаравы" (1986).
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1983) за ўдзел у стварэнні цыкла прац "Скарына і беларуская культура".
Вікіпедыя.
125 гадоў з дня нараджэння Пятра Бузука
Пётр Апанасавіч БУЗУК (псеўданім і крыптанімы: П.Росіч; П. Б.; П. Р.; П.Р-ч; Р-ч; 14 ліпеня 1891, в. Шарпены Бендэрскага павета - 7 снежня 1938, г. Волагда, НКУС) - лінгвіст-славіст, літаратуразнавец, паэт, празаік, педагог.
Вучыўся ў Цяраспальскім рэальным вучылішчы (1904-1910), потым на гістарычна-філалагічным факультэце Наварасійскага ўніверсітэта ў Адэсе (скончыў у 1916), выкладаў у гэтым універсітэце рускую мову. З 1920 дацэнт Наварасійскага ўніверсітэта. З 1924 - доктар філалагічных навук. Па запрашэнні рэктара БДУ У. Пічэты з восені 1925 працаваў у Менску. У 1926 перайшоў у Інбелкульт, з 1929 старшыня дыялекталагічнай камісіі.
Арыштаваны ДПУ БССР 6 жніўня 1930 па справе "Саюза вызвалення Беларусі", праз некаторы час вызвалены. З 1931 дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР. Адначасова з 1931 загадваў кафедрай мовазнаўства ў МВПІ. Як дырэктар Інстытута мовазнаўства, кіраваў працай па падрыхтоўцы праекту граматычнай рэформы 1933 года.
Зноў арыштаваны 9 лютага 1934 г. Па пастанове "тройкі" пры ДПУ БССР ад 3 кастрычніка 1934 г. высланы ў Волагду тэрмінам на 3 гады. У 1934-1935 працаваў бібліятэкарам, потым выкладаў нямецкую мову ў Валагодскім педінстытуце. Пасля сканчэння тэрміну высылкі зноў арыштаваны 15 ліпеня 1937. Прысуджаны да расстрэлу. Па першым прысудзе рэабілітаваны 26 кастрычніка 1956; па другім - 31 студзеня 1956; цалкам рэабілітаваны 1 чэрвеня 1988.
Вывучаў праблемы праславянскай мовы, праблемы ўтварэння асобных моўных груп эпохі праславянскага адзінства, пытанні агульнага і параўнальнага мовазнаўства, распрацоўваў пытанні беларускай лінгвістычнай геаграфіі. Аўтар першага дыялекталагічнага атласа беларускай мовы "Спроба лінгвістычнае геаграфіі Беларусі. Ч.1. Фонэтыка і марфалёгія. Вып. 1-ы. Гаворкі Цэнтральнае і Ўсходняе Беларусі і суседніх мясцовасцей Украіны і Вялікарусіі ў першай чвэрці XX в." (1928).
Пад псеўданімам П. Росіч выступаў у друку з апавяданнямі, вершамі, перакладамі. У 1928 стаў сябрам "Маладняка".
Вікіпедыя.
Сход правялі, а галоўнага не закраналі
За дзень да V Усебеларускага народнага сходу рэдакцыя газеты "Народная Воля" звярнулася да чытачоў з пытаннем: "Ці знойдзецца той, хто скажа, як мы жывём і як будзем жыць далей." З поўнай адказнасцю заяўляем: "Не знайшоўся". У матэрыялах сходу няма тлумачэння сапраўдных прычын поўнага заняпаду тытульнай мовы народа - галоўнага фактару развіцця і захавання не толькі яго нацыянальнай ідэнтычнасці, але і забеспячэння рэальнай незалежнасці дзяржавы. Такое лёсавызначальнае для Бацькаўшчыны пытанне не ставілася на парадак дня сходу а таму, мяркуем, яно і надалей не будзе вырашацца на дзяржаўным узроўні яно, як і раней, хвалюе толькі самасвядомых беларусаў і зусім не закранае дзейсных самых высокіх дзяржаўных чыноўнікаў. Народжанае ў іх асяроддзі і ўведзенае ў практыку цынічнае, смяротнае для беларускай мовы раўнапраўнае афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе ўжо на самім сваім старце стала фікцыяй, дзейсным галоўным стрыжнем дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі.
Гэтая агідная моўная палітыка прывяла да амаль татальнага пераўтварэння Беларусі ў "русский мир". Прэзідэнцкая вертыкаль зрабіла тое, чаго не дарабіла Расійская імперыя. Поўны парадокс: недаробленае гістарычнымі акупантамі (апалячванне, русіфікацыя) сталася рэальнасцю ў нашыя дні дзякуючы намаганням выдатна спрактыкаванай у палітыцы русіфікацыі Прэзідэнцкай вертыкалі. Дзейсны Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін выступіў за стварэння на постсавецкай тэрыторыі новай імперыі. Сёння Беларусь ужо мае практычна ідэнтычную з Расіяй культурна-моўную прастору, бязлітасна спляжаную палітыкай русіфікацыі. У такой сітуацыі народу цяжка разабрацца ў небяспецы ўключэння яго краіны ў адзіную саюзную з Расіяй дзяржаву. Усяго гэтага дужа прагла Прэзідэнцкая вертыкаль Рэспублікі Беларусь. І на сваю вялікую радасць яна паспяхова правяла ў жыццё такую задуму. Але гэта сталася нічым іншым, як "Піравай перамогай". Яна канчаткова завяршыла працэс пераўтварэння беларускага народа ў марыянетку рускай культуры і мовы, да апошняй падваліны разбурыла яго этнакультурную самабытнасць, зрабіла абыякавым да сваёй прыроднай культурна-моўнай спадчыны. На вачах беларусаў ўладамі чыніцца публічнае афіцыйнае ахайванне яго роднай мовы. Працэс русіфікацыі ідзе адначасова з укараненнем страху ў грамадсве. Страх вымушае беларусаў нібыта не чуць, не бачыць такую абразу, бо яны сталі ледзь не пагалоўна носьбітам і дзяржаўнай мовы суседняй усходняй краіны. Сказанае датычыць і далёка не шараговых людзей.
Такая беспрасветная заняпаласць нацыянальнай культурна-моўнай сферы краіны склалася задоўга да V Усебеларускага народнага сходу і была вядома кожнаму, хто ўдзельнічаў у яго працы. І тым не менш, ні арганізатары, ні ўдзельнікі сходу не пажадалі абмеркаваць разам з сацыяльна-эканамічнай, яшчэ і нацыянальна-культурную, моўную праблему. А на добры лад толькі апошнюю, з-за яе складанасці, вастрыні, і трэба было ставіць на парадак дня дадзенага форуму. Да таго ж сацыяльна-эканамічную праблему ўжо ў пяты раз збіраліся абмяркоўваць. А толку?! Услед за іншымі з вялікім гонарам за здзейсненае намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка заявіў: "На собрании мы обсудили социально-экономическое развитие страны до 2020 года". А вось пра крайнюю аб'ектыўную неабходнасць грунтоўна прааналізаваць катастрафічнае становішча ў нацыянальна-культурнай, моўнай сферы ніхто не адважыўся ці ад страху палічыў нявартым сказаць. Во ў якую далеч закінуў усіх нас нацыянальны нігілізм, які стаў правай рукой і надзейнай апорай сучаснай дзяржаўнай машыны!
Няспынны працэс сусветнай глабалізацыі з магутнай сілай падмінае пад сябе народы, у якіх штосьці не ладзіцца са станам этнакультурнага жыцця карэннага насельніцтва, па ўсіх швах развальваецца яго нацыянальная самасвядомасць, людзі жывуць чужымі духоўнымі каштоўнасцямі, ігнаруючы, забываючыся на свае. З такой экстрэмальнай сітуацыі, а Беларусь акурат не менш як дваццаць гадоў і знаходзіцца ў ёй, не выйсці праз высілкі нават дзейсных грамадскіх арганізацый. Тут патрэбны непасрэдны ўдзел самой дзяржавы з усімі яе адміністрацыйна-гаспадарчым, кадравым, ідэалагічным рэсурсамі і СМІ. Як шкада, як недаравальна для Усебеларускага народнага сходу, што ён не палічыў патрэбным разгледзець тое, што хвалюе сусветную цывілізацыю. Няўжо ж ніхто з удзельнікаў сходу не заўважыў, як здэградавана нашая культурна-моўная спадчына, як далёка зайшла дзяржаўная палітыка русіфікацыі, як франтальна нашая краіна ператвараецца ў "русский мир", губляючы гэтым самым усялякую надзею на захаванне і палітычнага суверэнітэту?!
Аўтары дадзенай публікацыі ніколі не займаліся вялікай палітыкай, але лічаць, што не заўтра, а ўжо сёння трэба ўсебакова разгледзець сучаснае нацыянальна-культурнае, моўнае становішча ў краіне, выпрацаваць канкрэтныя дзейсныя захады па выратаванні беларускага народа ад этнічнага вымірання і неадкладна прыступіць да іх ажыццяўлення. Прэзідэнт і ідэалагічны апарат сваёй галоўнай дзейнасцю павінен лічыць нацыястваральную. А то што ж у нас атрымліваецца? Пасля "ўдала" праведзеных зусім не ў інтарэсах народа абруселымі, прамаскоўскай арыентацыі палітыкамі ў траўні 1995 і ў лістападзе 1996 гг. рэферэндумаў дзяржава наадрэз адмовілася займацца канструктыўнай нацыятворчай дзейнасцю. Бясконцае гучанне выразу: "Беларуская дзяржава - ёсць дзяржава сацыяльнай накіраванасці" проста нагнала ўжо многім людзям аскоміну. Да таго ж яшчэ такое азначэнне зусім не адпавядае рэчаіснасці. Прэзідэнт краіны - гэта найперш за ўсё яе нацыянальны лідар, а не толькі гаспадарнік, Яго галоўная дзяржаўная функцыя - НАЦЫЯСТВАРАЛЬНАЯ, якой трэба займацца нават і тады, калі для нацыі не існуе рэальнай пагрозы страціць сваю этнакультурную самабытнасць.
Узорам сапраўднага нацыянальнага лідара краіны можа быць першы прэзідэнт, утворанай у кастрычніку 1918 года незалежнай Чэхаславакіі Томаш Масарык. На гэты час чэхі і славакі былі не менш анямечаны, чым беларусы зрусіфікаваны напярэдадні распаду СССР. На першым часе існавання Чэхаславакіі ўсе яе палітыкі і інтэлігенцыя, за рэдкім выняткам, размаўлялі толькі па-нямецку. Многія з іх мелі нават нямецкія прозвішчы і імёны. У той экстрамальнай для маладой незалежнай дзяржавы сітуацыі не разгубіліся цвёрдай нацыянальнай арыентацыяі чэхаславацкія палітыкі і інтэлектуалы. У першую чаргу яны канстытуцыйным парадкам пазбавілі нямецкую мову статусу дзяржаўнай, справядліва надаўшы яго чэшскай і славацкай мовам. Аналагічным чынам развязалі яны моўную праблему і ў адной з самых галоўных нацыястваральных для кожнага народа сфераў - у адукацыі. Пра правядзенне моўнага рэферэндуму ў дзяржаўных дзеячоў цвёрдай нацыянальнай арыентацыі нават і думкі не ўзнікала. А каб правялі, дык чэшская і славацкая мовы загінулі б, як гіне ўжо практычна на апошняй стадыі свайго гаротнага жыцця ў роднай хаце беларуская мова пасля травекньскага 1995 года рэферэндуму. Дзякуючы сваёй этнастваральнай дзейнасці Томаш Масарык выратаваў і чэхаў, і славакаў ад анямечвання, стаў любімым Бацькам гэтых двух славянскіх нацый.
Менш за ўсё займаўся сацыяльна-эканамічнымі пытаннямі ў надзвычай цяжкі для Францыі пасляваенны час яе палітычны лідар Шарль дэ Голь, справядліва надаючы шмат увагі кансалідацыі народа, якая была моцна падарвана ў выніку нямецкай акупацыі. Мала чые публічныя выступленні вызначаліся такой прыгажосцю французскай мовы, як у гэтага дзяржаўнага дзеяча. У гэтым плане яму зайздросцілі нават артысты драматычных тэатраў. У нас жа за ўвесь пасляваенны перыяд гісторыі Савецкай Беларусі ніводзін з яе палітычных лідараў не карыстаўся мовай тытульнага народа. Гэтую антынацыянальную злачынную практыку першым парушыў у 1991 годзе Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч (высокая хвала яму!!!). Затым гэтую святую нацыянальна-патрыятычную справу працягнулі такога ж высокага дзяржаўнага рангу Мечыслаў Грыб, Сямён Шарэцкі. Улетку 1994 года, калі Прэзідэнтам краіны стаў Аляксандр Лукашэнка, беларуская мова адразу ж замоўкла ў самых высокіх уладных структурах. Неўзабаве такая антынацыянальная практыка завітала нават у сельскія саветы. Спрэс статус фактычна дзяржаўнай замацаваўся толькі за рускай мовай, што працягваецца і па сёння. Па мове і Прэзідэнцкая вертыкаль, і Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, і Савет міністраў Рэспублікі Беларусь не належаць да беларускай з'явы. Падобнае цяжка знайсці ва ўсім цывілізаваным свеце. Як сорамна за сваю краіну, за свой народ, што ён не разумее, куды яго вядзе Прэзідэнт супярэчнай нашым нацыянальным інтарэсам палітыкай татальнай русіфікацыі.
У час працы V Усебеларускага народнага сходу і пазней мы ўважліва шукалі факты беларускамоўных выступленняў на ім. Расчараванне нечуванае! Мы не пачулі, каб на дзяржаўнай беларускай мове выступіў хто-небудзь з першай пяцёркі самых высокіх палітычных дзеячоў. Адсутнічалі беларускамоўныя выступы і сярод дэлегатаў сходу ад абласных, раённых, сельскіх органаў улады. Вось такая ў нас на справе фактычная роўнасць у статусах дзяржаўнасці беларускай і рускай моваў. Ганьба!
Да крайнасці мала хто карыстаўся беларускай мовай з тых дэлегатаў, прафесійная дзейнасць якіх мае непасрэднае дачыненне да сферы культуры. Лішнім было б тлумачыць, якую карысць апошняя мае ад такіх людзей. На сходзе паставіў сябе па-за беларускай мовай нават міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў: казаў па-руску. Хто-хто, а ён жа ў моц сваёй пасады павінен выдатна разумець, што за межамі беларускай мовы ўжо не існуе, знікае, канчаецца беларуская нацыянальная культура. Атрымліваецца так, што ён цалкам усвядомлена выступаў перад дэлегатамі гэтага прадстаўнічага дзяржаўнага форуму як тыповы, перакананы носбіт рускіх культурнамоўных пачаткаў. І гэта будучы галоўнай кіраўнічай асобай культурнай сферы Беларусі! Атрымліваецца: міністр культуры Беларусі - без беларускай культуры. Этнічная мова - ёсць зерненасенне на ніве культуры. Дык, што ж тады сеяў М. Святлоў з высокай дзяржаўнай трыбуны?! Вядома, ніколькі не звязанае з беларускай культурай.
Проста ўражваюць гіганцкія "дасягненні" нашай хвалёнай суверэннай дзяржавы ў руйнаванні нацыянальнай культуры тытульнай нацыі, пераўтварэнні яе ў безаблічную этнічную масу. Камуністам Савецкай Беларусі такое было недасяжным. Не ведаем, якімі словамі закончыў сваю прамову міністр культуры, але да яе вельмі пасавалі б такія: "Марней, беларуская нацыянальная культура, на зямлі роднай Бацькаўшчыны !"
О, як баліць душа за такі проста смяротны заняпад нацыянальна-беларускай культуры і мовы. І калі ж гэта беларускі народ дачакаецца пазітыўных перамен у дзяржаўнай нацыянальнай палітыцы. Упэўнены, што яны немінуча адбудуцца, бо беларусы як народ з незвычайна багатай гісторыяй і такой жа багатай, арыгінальнай у мінулым культурай не павінны жабракамі сысці з гістарычнай сцэны, выпасці з абоймы цывілізаваных народаў планеты Зямля. Выразна ўяўляем, як яго нашчадкі будуць сурова і справядліва праклінаць сучасных русіфікатараў, асабліва самага высокага рангу палітыкаў, ідэолагаў, што на такую невымерную глыбіню загналі ў асіміляцыйную багну беларускі народ.
І ўсё ж, якую крытычную ацэку мы не давалі б V Усебеларускаму народнаму сходу, а такога апошні заслугоўвае, на гэты раз з родным словам да дэлегатаў звярталіся часцей, чым такое назіралася раней. Нягледзячы на ўсе высілкі русіфікатараў, хтосьці з беларусаў яшчэ не анямеў у сваёй роднай мове. На сходзе ёю, як правіла, карысталіся выключна толькі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Палітыкі ж яшчэ не дацягнуліся да такога ўзроўню. Дый ці дацягнуцца пры сучаснай дзяржаўнай беларусафобнай моўнай палітыцы? Але, на вялікі жаль, беларускамоўныя дэлегаты нават і адным сказам не пакрытыкавалі такую ганебную палітыку.
Не мог інакш, як толькі па-беларуску, выступіць дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома "Звязда", ён жа яшчэ і вядомы ў краіне пісьменнік, незвычайнай дасціпнасці краязнаўца Аляксандр Карлюкевіч. Наўрад ці хто-небудзь з нас лепш за яго ведае пра жахлівы стан сучаснай нацыянальнай (а не ўвогуле) культурна-моўнай сферы, прычын яе страшэннага занядбання. Але паводле змешчанага ў газеце "СБ, Беларусь сегодня" ад 28 ліпеня выступу гэтага дэлегата яго больш за ўсё хвалююць пытанні, напрамую не звязаныя з выцясненнем беларускай мовы рускай з усіх галін духоўнага жыцця, у тым ліку і з літаратурнага працэсу. Каб такая аўтарытэтная асоба набралася смеласці (а ён жа колішні афіцэр!) і перад шматлікай аўдыторыяй сходу выказала законную заклапочанасць па-сапраўднаму каланіяльным становішчам беларускай мовы на сваёй бацькоўскай зямлі, гэта, думаем, не магло б не выклікаць шырокага рэзанансу, а то гневу.
Беларусь гіне не толькі з-за страшэннага нацыянальнага нігілізму абсалютнай бальшыні народа, не выключаючы і яго самых элітарных пластоў, але і з прычыны вострага дэфіцыту ў нас смелых людзей, для якіх нацыянальны інтарэс у дзясяткі разоў важней, даражэй за ўтульнае службовае крэсла. У чарговы раз не знайшлося такога чалавека сярод усіх 2500 удзельнікаў сходу! І ўмеюць жа арганізатары падобнага роду мерапрыемстваў падбіраць для ўдзелу ў іх адпаведных, пажаданых для сябе асобаў. Будзем спадзявацца, што некалі гэтую неапраўданую традыцыю ўдасца парушыць і ад такіх сходаў пачнём атрымліваць вялікую карысць.
Чэрвень-ліпень 2016 г.
Леанід Лыч, прафесар гісторыі; Мікола Савіцкі , прафесар эканамічнай інфарматыкі.
Выстава Міколы Купавы
да 140-годдзя Алаізы Пашкевіч (Цёткі)
14 ліпеня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Менску адбылося адкрыццё выставы мастака Міколы Купавы да 140-годдзя беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі).
Адкрыла імпрэзу дырэктар музея сп. Зінаіда Камароўская. Яна расказала пра шматлікія юбілеі 2016 года, звязаныя і з Цёткай, і з Якубам Коласам, і з музеем.
Дзяржаўны дзеяч, дыпламат і пісьменік сп. Анатоль Бутэвіч адзначыў, што гэты год юбілейны і для Міколы Купавы, бо яму споўнілася 70 гадоў. Сп. Анатоль высока ацаніў працу мастака, яго ўнёсак у адраджэнне і захаванне гістарычнай спадчыны і пажадаў юбіляру добрага здароўя і новых творчых поспехаў на ніве Беларушчыны.
Як заўсёды з гумарам пра свае стасункі з Міколам Купавам расказаў гісторык, картограф сп. Леў Казлоў.
Загадчыца бібліятэкі № 15 імя Цёткі сп. Рэгіна Багамолава распавяла аб тым, што бібліятэцы сёлята 50 гадоў, з іх сорак бібліятэка з гонарам носіць імя Цёткі. Сп. Рэгіна так-сама ўзгадала пра супрацоўніцтва Міколы з бібліятэкай і прачытала вершы Цёткі "Мае думкі" і "Бура ідзе". Вельмі пранікнённа ўрывак з апавядання Цёткі "З дарогі" прачытала паэтка сп. Аксана Спрынчан. Сп. Аксана - кіраўнік паэтычнага тэатра "Арт-С", які сёлета адзначыў 10-годдзе. Сцэнічнай пляцоўкай тэатра якраз і з'яўляецца бібліятэка імя Цёткі. Паэт сп. Мікола Кандратаў, удзельнік паэтычнага тэатра "Арт-С", прадставіў касмаграму Цёткі і праанансаваў выданне кнігі аб касмаграмах 22 выбітных асоб беларускай культуры, у якой будзе і касмаграма Цёткі.
Сп. Мікола Купава расказаў аб гісторыі стварэння работ і правёў невялічкую экскурсію па выставе. Яшчэ падчас навучання ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, ён неаднаразова звяртаўся да творчасці песняроў беларускай літаратуры. У 1972 годзе, да 90-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа, на аддзяленні графікі студэнтамі ўсіх шасці курсаў быў выпушчаны ў тэхніцы эстампа альбом студэнцкіх работ паводле творчасці паэтаў тыражом дваццаць асобнікаў. Пасля заканчэння інстытута падчас самастойнай працы сп. Мікола Купава назаўсёды звязаў свой творчы лёс з вобразамі беларускіх класікаў. У 1976 годзе да 100-годдзя Алаізы Пашкевіч сп. Мікола Купава (тады яшчэ студэнт-дыпломнік БДТМІ) зрабіў аздабленне кнігі паэткі, якая ў тым жа годзе выйшла з друку. У 1996 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" пабачыла свет мініяцюрная кніга "Вершы" Цёткі, якую мастак аздобіў іншымі лінарытамі. І ў далейшым мастак звяртаўся да вобраза Цёткі, былі награвіраваны 4 партрэты Алаізы Пашкевіч і 2 экслібрысы.
Сп. Мікола Купава так-сама анансаваў выданне дзвюх кніг, назвы і змест якіх пакуль трымае ў сакрэце.
У адкрыцці выстаў прыняў удзел сп. Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч - сын Якуба Коласа, для якога, дарэчы, гэты год таксама юбілейны. Міхасю Канстанцінавічу споўнілася 90!
Увесь вечар з удзельнікамі імпрэзы была музыка - гучалі цымбалы, на якіх цудоўна граў лаўрэат міжнародных конкурсаў сп. Алесь Лявончык.
Сп. Мікола Купава вядомы беларускі мастак, які працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, акварэлі, жывапісу, сябар Беларускага саюза мастакоў. Мастак выканаў аздабленне звыш 35-ці кніг і выданняў. Ён удзельнік болей як 90 нацыянальных, персанальных і міжнародных выставак, у тым ліку - персанальная выстаўка ў Брукінскай царкве імя Кірылы Тураўскага ў 2007 годзе, а таксама калектыўная выстаўка ў Кангрэсе ЗША ў Вашынгтоне, якая адбылася ў 2010 годзе. Яго творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным літаратурным музеі Максіма Багдановіча, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Менскім абласным музеі ў Маладзечне, Музеі гісторыі і культуры Аршаншчыны, Музеі-запаведніку "Заслаўе", Беларускім музеі ў Нью-Ёрку, у прыватных зборах многіх краін.
Выстаўка "Алаіза" да 140-годдзя славутай паэтэсы і грамадска-культурнага дзеяча Алаізы Пашкевіч (Цёткі) - вынік асаблівай любові мастака да вобразу Цёткі і яе творчасці.
Выстаўка паказвае больш шырокі культурны кантэкст пачатку ХХ стагоддзя, на якой прадстаўлены важныя для мастака вобразы Айчыны, якія цікава будзе ўбачыць сучаснаму рупнаму і ўдумліваму гледачу.
Мікола Ліннік. Фота аўтара.
У гасцях у Цёткі
15 ліпеня ў літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея (доміку Таўлая) адкрылася выстаўка, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння беларускай паэтэсы, публіцыста і грамадскага дзеяча Алаізы Пашкевіч (Цёткі), якую жыхары Лідчыны лічаць сваёй зямлячкай (нарадзілася на тэрыторыі тагачаснага Лідскага павета).
З гэтай нагоды з фондаў музея ў яго літаратурны аддзел быў часова перавезены бюст паэтэсы работы вядомага беларускага скульптара Андрэя Заспіцкага, перададзены нашаму музею яшчэ ў 1960 годзе (дарэчы, у ліку работ згаданага скульптара - і помнік Леніну ў Лідзе, удзельнічаў ён і ў стварэнні першага ў Беларусі помніка Францыску Скарыну для малой радзімы першадрукара - Полацка). Рамантычная Цётка як быццам адкрывае сабой выстаўку і запрашае наведвальнікаў прайсці далей, паглядзець іншыя экспанаты.
А паглядзець ёсць што. Вось, напрыклад, скрыпка, зробленая, напэўна, яшчэ ў часы Цёткі лідскім майстрам (нагадаем, што першы паэтычны зборнік Алаізы Пашкевіч называецца "Скрыпка беларуская"). Вось кніга "Цётка", выдадзеная да 100-годдзя з дня нараджэння паэтэсы. Вось спецыяльна вырабленыя музеем да выстаўкі закладкі для кніг з партрэтамі Цёткі - такую закладку можа ўзяць на памяць кожны наведвальнік…
На сценах - тэматычныя фотаздымкі, пасведчанне аб заканчэнні Алаізай Пашкевіч Аляксандраўскай жаночай гімназіі ў Пецярбурзе, старонка з заліковай кніжкі Пашкевіч-студэнткі Львоўскага ўніверсітэта, малавядомыя факты з жыцця паэтэсы, малюнкі да 140-годдзя з дня яе нараджэння, перададзеныя для выстаўкі Лідскай дзіцячай мастацкай школай…
На выстаўцы таксама можна пачытаць асобныя вершы Цёткі, урыўкі з яе празаічных твораў. Як адзначыў куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун, вершы Алаізы Пашкевіч прасякнутыя любоўю да Радзімы, ідэяй самаахвярнага служэння народу. У час адкрыцця выстаўкі вершы паэтэсы чыталі перад аўдыторыяй Алесь Хітрун, Міхась Мельнік, Алег Лазоўскі, песні на яе вершы (а таксама на вершы некаторых яе сучаснікаў) выконваў пад гітару Сяргей Чарняк.
Прысутным таксама нагадалі, што Цётка - адна з пачынальнікаў беларускай прозы, аўтар падручнікаў для дзяцей, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў, даследаванняў па гісторыі беларускага тэатра. З маленства яна цікавілася беларускай мовай, хаця і выхоўвалася ў сям'і, дзе размаўлялі ў асноўным па-польску. У 1915 годзе Алаіза Пашкевіч прыкладвала шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школ у Вільні. Ёсць меркаванні, што ў тым жа годзе яна адчыніла беларускую школу і ў Лідзе. Цётка заўсёды імкнулася быць разам з народам, дапамагаць яму. Гэтае імкненне адлюстроўваецца ў такіх старонках яе біяграфіі, як настаўніцкая праца ў вёсцы, праца фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы, дапамога ў стварэнні прытулкаў, догляд хворых у тыфозным бараку і г. д.
Праца новай выстаўкі ў доміку Таўлая разлічана на доўгі час. На фоне гэтай выстаўкі запланаваны шэраг цікавых мерапрыемстваў. Магчыма, яна будзе выкарыстоўвацца і настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры для правядзення пазакласных заняткаў па творчасці Цёткі.
Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.
90 гадоў з дня нараджэння Анатоля Аксамітава
Анатоль Сцяпанавіч АКСАМІТАЎ (17.07.1926, г. Гомель - 05.02.2003), мовазнавец, лексікограф, аўтар прац па пытаннях беларускай і славянскай фразеалогіі, этналінгвістыкі і гісторыі беларускага мовазнаўства.
У 1951 г. скончыў БДУ. Доктар філалагічных навук (1984). У 1952-91 гг. у Інстытуце мовазнаўства, з 1992 г. на кафедры беларускай мовы пры Прэзідыуме АН Беларусі.
Галоўнымі аб'ектамі навуковых даследаванняў А.С. Аксамітава з'яўляюцца беларуская фразеалогія, фразеалогія і мова беларускага фальклору. Гэтым праблемам ён прысвяціў манаграфіі "Лексіка беларускіх прыказак ХІХ ст. у сувязі з агульнай праблемай фразеалогіі" (1958) і "Беларуская фразеалогія" (1978), раздзел "Беларуская фразеалогія" ў калектыўнай працы "Гістарычная лексікалогія беларускай мовы" (1970), шэраг артыкулаў. Гэтыя працы раскрываюць нацыянальна-моўныя заканамернасці развіцця значэнняў як у асобнай адзінцы мовы, так і ў групах падобных моўных адзінак. Кніга "Беларуская фразеалогія" на прыкладзе фразеалогіі (і наогул слоўнікаў) асвятляе працэс самабытнага развіцця беларускай мовы. Распрацаваная А.С. Аксамітавым комплексная методыка збору і аналізу моўнага матэрыялу спалучае фразеалогію з гісторыяй матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага і суседніх з ім народаў. Фразеалогія беларускай мовы апісана ў дынаміцы. Атрыманы канкрэтныя вынікі якасных змен фразеалагічнага складу мовы на розных этапах яе развіцця, устаноўлены цэнтры фразеалагічных інавацый у межах усходнеславянскага арэалу.
Некаторыя артыкулы даследчыка прысвечаны агульным праблемам беларускага мовазнаўства.
А.С. Аксамітаў быў чальцом Міжнароднай камісіі па праблемах славянскай фразеалогіі пры Міжнародным камітэце славістаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябрам рэдкалегіі міжнароднага чпсопіса "Славянская і агульная фразеалогія" (г. Мангейм, Германія). Удзельнік шэрагу міжнародных з'ездаў славістаў і канферэнцый.
І.К. Германовіч.
Як немцы прасоўваюць новыя тэхналогіі, і што робяць беларусы
Навіны Германіі
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
Car2Go
А вось іншая навацыя. Здавалася б, вельмі простая, але таксама карысная і рацыянальная. Немцы распрацавалі і актыўна карыстаюцца сістэмай Car2Go. Гэта сістэма, дзякуючы якой можна арандаваць машыну цягам адной секунды.
Car2Go так і перакладаецца: "машына - ехаць". Выглядае гэта так. Амаль на кожнай вуліцы ёсць стаянка, там прыпаркаваны сінія малыя двухмясцовыя машыны з невялікім багажнікам.
Гэта электрамабілі, якія стаяць на зарадцы да таго моманту, пакуль вы не вырашыце імі скарыстацца. Усё робіцца праз мабільны дадатак, звязаны з крэдытнай карткай кліента. Адна хвіліна аўтарызацыі праз мабільны тэлефон - і дзверы машыны аўтаматычна адмыкаюцца, пасля чаго яе можна заводзіць.
Гадзіна карыстання такой машынай - каля 14 еўра. Не танна? Але танней за таксі. Нават у Беларусі праедзь кудысьці на таксі гадзіну - заплаціш больш. А пры нямецкіх заробках гэта і зусім даступная паслуга.
На адной падзарадцы гэткі электрамабіль праедзе недзе 150 кіламетраў. Скончыўшы паездку, трэба прыпаркаваць машыну на аналагічнай адмысловай стаянцы - гэта, каб праграма выставіла канчатковы рахунак, а наступны чалавек таксама мог сесці ў зараджаны электрамабіль.
Car2Go папулярны сярод гарадскіх жыхароў, для якіх утрымліваць уласныя машыны дорага і часам немэтазгодна. Таму ў планах немцаў стварыць агульнанацыянальную сістэму пракату такіх машын.
Гэта будзе выглядаць накшталт практыкі старадаўніх паштовых станцый, на якіх кур'еры мянялі змораных у дарозе коней на новых. Станцыі Car2Go пачнуць размяшчаць не толькі ў гарадах, але і паміж імі, каб чалавек без праблем мог памяняць машыну з нізкім зарадам і ехаць далей.
Арцём Гарбацэвіч, nn.by
Першая электразапраўка беларускай вытворчасці з'явілася ў Менску
Электрамабілі ўсё часцей сустракаюцца на вуліцах Менска. Не выключана, што праз пяцьдзесяць гадоў яны стануць так папулярныя, што на паркоўках сталічных гандлёвых цэнтраў будуць стаяць некалькі дзясяткаў "зялёных" машын. Гэтага ж меркавання прытрымліваюцца ў E-cars - кампаніі, якая пастаўляе электрамабілі. А нядаўна на прадпрыемстве выпусцілі першую айчынную электразапраўку, якую ўсталявалі ў Менску на вуліцы Веры Харужай, 32а.
У Менску ёсць тры электразаправачныя станцыі. Гэтай колькасці, відавочна, недастаткова для пакрыцця запатрабавання ў сілкаванні электрамабіляў, якіх у Беларусі ўжо нямала.
- Нашы кліенты перад купляй электрамабіля задавалі слушнае пытанне: "А дзе запраўляць машыны?" - распавёў AUTO.TUT.BY дырэктар кампаніі Рыгор Саргсян. - Да нядаўняга часу нам было цяжка на яго адказаць. Таму прынялі рашэнне вырабіць у Беларусі і запусціць электразаправачную станцыю.
Асноўныя камплектавалыя ў новай электрозапраўцы - беларускай вытворчасці. Некаторыя камплектавалыя - амерыканскай вытворчасці. Выкарыстанне беларускіх дэталяў дазволіла істотна зменшыць кошт электразаправачнай станцыі.
Літаральна некалькі дзён назад новая беларуская электразапраўка пачала працаваць. Яе выпрабаванні паказалі станоўчы вынік, а значыць, хуткім часам фірма запусціць серыйную вытворчасць гарадскіх "разетак" для электрамабіляў!
Беларуская электразаправачная станцыя дазваляе цалкам зарадзіць аўтамабільную батарэю за 2-2,5 гадзіны.
Кіраванне працай запраўкі адбываецца праз звычайны мабільны тэлефон. А сама запраўка абсталявана GSM-модулем для двухбаковай сувязі з уладальнікам. Адмыслоўцы прадпрыемства гатовыя падлучаць тэлефон да запраўкі і праз Wi-Fi - тэхнічная магчымасць для гэтага ёсць.
У перспектыве ў фірме плануюць стварыць дадатак для мабільных тэлефонаў і планшэтаў, пры дапамозе якога можна будзе не толькі праверыць стан зарадкі, але і даведацца пра бягучы стан акумулятарнай батарэі. Акрамя гэтага, кожная запраўка будзе абсталявана відэакамерай, якая зможа ў рэжыме рэальнага часу дэманстраваць уладальніку відэа з паркоўкі.
- Пакуль наша запраўка бясплатная. Мы спадзяёмся, што і далей яна застанецца такой, - сказаў Рыгор і растлумачыў сэнс гэтага нявызначанага "спадзяёмся". - Справа ў тым, што ў гэты момант разлік за электраэнергію праводзіцца па тарыфе для юрыдычных асоб, які істотна адрозніваецца ад тарыфаў для прыватных спажыўцоў. Але мы ўжо падрыхтавалі афіцыйныя звароты ў Міністэрства энергетыкі і Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь з просьбай зменшыць тарыфы менавіта для электрааўтазаправак.
Ва ўсім свеце гэта звычайная практыка, і калі мы даможамся зніжэння тарыфаў, то запраўка застанецца бясплатнай. У адваротным выпадку кошт SMS-паведамлення будзе роўны выдаткам на электраэнергію. Аплата будзе праводзіцца па такім жа прынцыпе, як цяпер аплачваюцца паркоўкі ў цэнтры Менска.
Іван Пятрэнка . Фота аўтара, AUTO.TUT.BY.
Станцыі для хуткай зарадкі электрамабіляў з'явіліся на трасе Менск - Вільня
Новыя станцыі для хуткай зарадкі электрамабіляў з'явіліся на дзвюх АЗС на трасе Менск-Вільня. Папоўніць энергію батарэі "зялёных" аўта на 80% тут можна ўсяго за 15 - 30 хвілін. Прычым, першыя часы, абсалютна бясплатна. Пра гэта паведамілі на прадпрыемстве "Беларуснафта".
- Такая зарадка ў экспрэс-рэжыме зручная, у першую чаргу, для вандраванняў і далёкіх паездак на электракарах, - лічаць спецыялісты.
Электразаправачныя станцыі размешчаны на адлегласці прыкладна 60 км адна ад адной: першая - на МАЗС № 38 у Менскай вобласці, другая - на АЗС № 81 г. Ашмяны Гарадзенскай вобласці. На абедзвюх усталявана абсталяванне фінскага канцэрна Ensto з двума раздымамі - ChaDEMO і CCS. "
- Гэтыя стандарты хуткай зарадкі ахопліваюць амаль усе выпусканыя сёння маркі электрамабіляў, - адзначылі на прадпрыемстве.
Сама прылада выглядае як запраўная калонка з лічыльнікам электраэнергіі. Для зарадкі досыць падлучыць да яго свой электрамабіль і націснуць кнопку "старт". Ступень зарадкі батарэі электракара адлюстроўваецца на адмысловым індыкатары.
Пашыраючы і ўдасканальваючы інфраструктуру, "Беларуснафта" разлічвае, што попыт на электрамабілі ў нашай краіне павялічыцца. Раней прадпрыемствам ужо былі адкрыты тры электразарадныя станцыі. Адна ў Менску, на базе філіяла "Беларуснафта-Нафтахімпраект", дзве ў Гомелі - на АЗС №18 і №39. Аднак, каб папоўніць на гэтых станцыях энергію аўта на 100%, у залежнасці ад мадэлі і ёмістасці батарэй, аўтаўладальнікам трэба выдаткаваць 5 - 8 гадзін.
Паводле СМІ.
Кіраўніцтва ТБМ на перадавой
Пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне Алега Трусава кандыдатам у дэпутаты
Пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне Алега Трусава кандыдатам у дэпутаты прайшлі 14 , 18 і 19 ліпеня з 17.00 да 19.00 па адрасе: г. Менск, вул. Маскоўская, 17 (каля Акадэміі кіравання).
Чарговы пікет адбудзецца 21 ліпеня з 17.00 да 19.00 па адрасе: г. Менск, вул. Магілёўская, 12 (каля ўніверсама "Магілёўскі").
На пікеце можна будзе паразмаўляць з самім Алегам Трусавым . Для таго, каб паставіць подпіс, з сабой трэба мець пашпарт.
Наш кар.
Да ўвагі выбаршчыкаў Стаўбцоўскай выбарчай акругі № 70, якая ўключае Стаўбцоўскі і Нясвіжскі раёны
ТБМ ладзіць серыю пікетаў для збору подпісаў па вылучэнні Алены Анісім кандыдатам у дэпутаты.
Пікеты пройдуць 24 ліпеня:
з 11.00 да 12.00 у Стоўбцах каля крамы "Еўраопт";
з 13.00 да 14.00 у Гарадзеі каля крамы "Еўраопт";
з 15.00 да 17.00 у Нясвіжы каля помніка Сымону Буднаму.
У пікетах будуць удзельнічаць сябры ініцыятыўнай групы і ўсё кіраўніцтва ТБМ начале з Алегам Трусавым.
Кожны ахвотны паставіць подпіс павінен мець з сабой пашпарт.
Ініц. група.
Сяргей Доўгушаў выступіў у баранавіцкім ТБМ
Малады спявак і музыка Сяргей Доўгушаў выступіў перад баранавіцкай аўдыторыяй у сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Русіна пад Баранавічамі. Ён граў на народных інструментах і выконваў народныя песні, якія падхоплівалі прысутныя. "Пакуль жывыя носьбіты гэтых песень, іх трэба запісваць", - кажа Сяргей Доўгушаў:
- Песнямі народнымі я зацікавіўся зусім нядаўна, і першая экспедыцыя адбылася ў 2012 годзе, а зараз я вельмі часта ладжу паездкі па ўсіх рэгіёнах, дзе яшчэ можна штосьці знайсці. Чым далей, тым глыбей, гэта ўнікальныя з'явы, калі можна па сённяшні дзень пачуць носьбітаў.
Размова на тэму народнай творчасці працягнулася і пасля канцэрту, калі ўсе ахвотныя таксама маглі набыць кружэлкі выканаўцы.
Беларускае Радыё Рацыя.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Касцюкевіч Зміцер - 50 000 р., г Чэрвень
2. Лягушаў Алег - 200 000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н
3. Новікаў А.С. - 40 000 р., г. Менск
4. Кухаронак А.Д. - 50 000 р., г.п. Смілавічы, Чэрвеньскі р-н
5. Васілючак М.В. - 200 000 р., г. Гародня
6. Карчэўская Любоў - 50 000 р., г.п. Падсвілле, Глыбоцкі р-н
7. Ляўшун Дзяніс - 193 000 р., г. Менск
8. Панамароў Сяргей - 200 000 р., г. Менск
9. Рабека Мікола - 150 000 р., г. Менск
10. Старыкевіч Барыс - 100 000 р., г. Менск
11. Кукавенка Іван - 150 000 р., г. Менск
12. Жыдаль Дз. У. - 100 000 р., г. Баранавічы
13. Сутулаў Глеб - 50 000 р., г. Менск
14. Данілаў Павел - 100 000 р., г. Магілёў
15. Шкірманкоў Фелікс - 100 000 р., г. Слаўгарад
16. Восіпава Аляк-дра - 100 000 р., г. Гомель
17. Богдан Наталля - 280 000 р., г. Берасце
18. Плакса Уладзімір - 100 000 р., г. Менск
19. Бойса І.Б. - 150 000 р., г. Ліда
20. Леванкова Алена - 200 000 р., г. Менск
21. Александровіч Разалія - 50 000 р., г. Менск
22. Пляшко Генадзь - 50 000 р., г. Менск
З 1 ліпеня 2016 г.
23. Новікаў Аляксандр - 14 р., г. Менск
24. Чайкоўскі Павел - 15 р., г. Менск
25. Чыгір Я.А. - 5 р., г. Гародня
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.
ПОМНІКІ САКРАЛЬНАГА БЕЛАРУСКАГА ДОЙЛІДСТВА Ў БССР
Пасля кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе, які пазней у СССР назвалі Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыяй, бальшавікі практычна ўжо ў 1917 г. ліквідавалі інстытут прыватнай уласнасці на зямлю і на ўсе будынкі, якія на ёй стаялі. Была праведзена нацыяналізацыя розных прамысловых і свецкіх будынкаў. Аднак найбольш пацярпелі вернікі розных канфесій, бо бальшавікі абвясцілі вайну рэлігіі і праводзілі палітыку ваяўнічага атэізму. Будынкі храмаў пачалі лічыцца ўласнасцю дзяржавы. Вернікі былі абавязаны пісаць афіцыйныя звароты, каб ім дазволілі карыстацца сваімі будынкамі, якія раней былі іх маёмасцю. Пад пагрозай апыналіся тысячы храмаў і манастыроў, у тым ліку і на тэрыторыі БССР, якая неаднаразова мянялася. Найбольш пацярпела Руская праваслаўная царква, якая панавала ў Расійскай імперыі. У 1917 г. у Расійскай імперыі было 79 767 храмаў і 51 105 святароў, то ў 1939 г. засталося каля 400 храмаў і каля 400 святароў, прычым у БССР храмы ўсіх канфесій былі зачынены.
У перыяд з лістапада 1917 па 1919 г. царкву пазбавілі права юрыдычнай асобы, духавенства пазбавілі палітычных правоў, закрылі некаторыя манастыры і храмы і зрабілі частковую рэвізію маёмасці царквы.
У 1918 - 1920 гадах бальшавікі разгарнулі кампанію супраць пакланення мошчам святых Рускай праваслаўнай царквы і прынялі рашэнне аб іх ліквідацыі.
У 1925 годзе была створана масавая грамадская арганізацыя "Саюз ваяўнічых бязбожнікаў" на чале з Емяльянам Яраслаўскім (Губельманам). Яна мела сваю газету "Бязбожнік" і дзейнічала да 1947 года. Актыўна яны працавалі і ў БССР. Так, у 1932 годзе сябрамі гэтай структуры быў прыняты план дзеянняў на пяць гадоў, у якім было прадугледжана закрыць культавыя будынкі ўсіх рэлігійных канфесій, выслаць святароў і забараніць выраб прадметаў культу.
У сваім распараджэнні ад 1 траўня 1919 г. Ленін загадваў папоў расстрэльваць, а храмы зачыняць. Іх памяшканні апячатваць і пераўтвараць у склады. У наступным загадзе ад 19 сакавіка 1922 г. Ленін загадаў канфіскаваць царкоўныя каштоўнасці. Адбылася канфіскацыя каштоўнасцей галоўнага храма Расійскай імперыі - Хрыста Збаўцы. 5 снежня 1931 г. храм быў узарваны.
Нягледзячы на гэта інтэлігенцыя патрабавала ад новай улады аховы помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку і старажытных будынкаў. 5 кастрычніка 1918 г. Ленін загадаў правесці першую дзяржаўную рэгістрацыю ўсіх манументальных і рэчавых помнікаў мастацтва і старажытнасці.
10 красавіка 1919 г. новыя ўлады заснавалі Расійскую Акадэмію гісторыі матэрыяльнай культуры. Пасля вайны гэтая ўстанова атрымала назву Інстытут археалогіі АН СССР. Адпаведная праца па ахове помнікаў гісторыі і культуры пачала праводзіцца і на тэрыторыі Усходняй Беларусі, дзе ўлада была ў руках бальшавікоў.
5 кастрычніка 1918 г. выканкам Савета Заходняй Камуны са сталіцай у Смаленску прыняў дэкрэт "Аб перадачы культурных каштоўнасцяў, маёнткаў і ўстаноў аддзелам народнай асветы і аб арганізацыі іх збору, уліку і аховы".
Аналагічную пастанову прыняў 30 студзеня 1919 г. урад БССР і надрукаваў яе ў газеце "Звязда".
14 чэрвеня 1924 г. было зроблена распараджэнне аб парадку дзейнасці вышэйзгаданага закона. Былі вызначаны катэгорыі помнікаў, што падлягалі ахове. 5 ліпеня 1926 г. з'явіўся заканадаўчы акт "Аб парадку аховы помнікаў даўніны, мастацтва, быту і прыроды, якія абвешчаны дзяржаўным здабыткам". Упершыню ў БССР быў зацверджаны спіс помнікаў з 94 назваў. Усе гэтыя помнікі былі абвешчаны дзяржаўнай уласнасцю. Напрыклад, у г. Магілёве былі ўзятыя пад ахову Гарадская ратуша, гарадскія брамы, сабор Св. Іосіфа, Багаяўленскі манастыр, Спаская царква і драўляная сінагога на беразе Дняпра.
Вялікую ролю ў вывучэнні помнікаў беларускага дойлідства адыграў Інстытут беларускай культуры, створаны ў 1922 г. Пасля яго стварэння вывучэнне помнікаў старажытнага беларускага дойлідства пачало імкліва развівацца. Працы вядомых беларускіх вучоных - мастацтвазнаўцы Міколы Шчакаціхіна і археолага Івана Хозерава - і зараз маюць вялікую навуковую каштоўнасць.
У 1928 г. М. Шчакаціхін выпусціў кнігу "Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва", дзе ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак і разгледзеў такія прынцыпова важныя моманты ў гісторыі нашай архітэктуры, як "беларуская готыка", "беларускае Адраджэнне" і "беларускае барока".
У тым жа годзе I. Хозераў правёў раскопкі Барысаглебскай і Пятніцкай цэркваў XII ст. у Бельчыцкім манастыры, што дало вучоным магчымасць гаварыць аб існаванні самастойнай полацкай архітэктурнай школы. Вывучаў ён і будаўнічыя матэрыялы, асабліва старажытную цэглу-плінфу і знакі майстроў-рамеснікаў на ёй. У першыя гады пасля Другой сусветнай вайны ён даследаваў Полацкую Сафію і Каложскую царкву ў Гародні.
У 20-30-х гг. XX ст. маскоўскі даследчык А. Някрасаў звярнуў увагу на абарончыя беларускія храмы XVI ст. і адзначыў у іх архітэктурныя рысы полацка-смаленскага дойлідства XII ст., якое ў сваю чаргу, на яго думку, аказала ўплыў на маскоўскую архітэктуру XV-XVI стст.
16 жніўня 1923 года Сталін, абапіраючыся на рашэнні ХІІ з'езду РКП(б) выдаў цыркулярны ліст ўсім губернскім камітэтам РСФСР з патрабаваннем забараніць закрыццё цэркваў і спыніць арышты рэлігійнага характару. У 1928 годзе быў прыняты крытэрый аб вызначэнні каштоўнасці культавых будынкаў. Храмы, збудаваныя да 1613 г., былі абвешчаны недатыкальнымі, будынкі 1613 - 1725 гадоў будаўніцтва ў выпадку асаблівай неабходнасці маглі мець змены; ад храмаў 1725 - 1825 захоўваліся толькі іх фасады. Храмы, што былі пабудаваны пасля 1825 года да помнікаў не адносіліся і дзяржавай не ахоўваліся. Іх пачалі масава перабудоўваць ці разбураць, асабліва пасля 1929 года.
У 1930-м г. з храмаў пачалі здымаць званы, бо царкоўны звон стаў забаронены. У пачатку XX ст. у Менску толькі праваслаўных храмаў было больш за 30, то ў 1937 г. дзейнічала толькі адна царква Св. Марыі Магдалены на Старажоўцы. У 1938 г. у БССР засталіся толькі тры адкрытыя царквы: у Бабруйску, Оршы і Мазыры. Неўзабаве закрылі і іх. Царкоўныя будынкі масава знішчаліся, альбо перабудоўваліся.
У Магілёве да 1917 г. былі 73 храмы розных канфесій, а да 1941 г. захавалася толькі 5 будынкаў. Толькі ў 1937 г. за адну ноч тут узарвалі 9 царкоўных ансамбляў, каб яны не псавалі выгляд на толькі што пабудаваны ў цэнтры горада "Дом Саветаў". Галоўным спецыялістам па знішчэнні беларускіх храмаў стаў начальнік штаба сапёрнага батальёна Пётр Грыгарэнка, які распрацаваў новую методыку падрыву культавых будынкаў.
Менавіта ён у 1934 г. узарваў сабор у Віцебску, Свята-Мікалаеўскі сабор у Слуцку, храмы ў Менску, Магілёве і Смаленску. Пасля вайны, ён стаў дысідэнтам і вернікам, выехаў у ЗША, дзе выдаў кнігу ўспамінаў, у якой апісаў і сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.
Сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў практычна знішчылі кадры гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, і вывучэнне беларускага дойлідства прыпынілася.
Быў знішчаны і славуты Рагвалодаў камень - нацыянальная святыня беларускага народа. Спачатку разабралі і перавезлі ў іншае месца драўляную царкву, якая ў пачатку ХІХ ст. была збудавана над знакамітым валуном і ахоўвала яго ад снегу і дажджу. 10 чэрвеня 1936 года Рагвалодаў камень быў узарваны падрыўнікамі, што рыхтавалі друз для будаўніцтва аўтамагістралі Масква - Менск. Кавалкі гэтага каменя у 1947 годзе мясцовыя сяляне выкарысталі для пабудовы падмуркаў сваіх дамоў.
Адносіны да праваслаўнай царквы і вернікаў іншых канфесій змяніліся падчас вайны 1941-1945 гг. На акупаванай тэрыторыі немцы дазволілі дзейнічаць хрысціянскім вернікам, як праваслаўным, так і каталіцкім, аднак масава знішчалі будынкі сінагог. У 1943 г. Сталін дазволіў абраць патрыярха Сергія, вярнуў яму Загорскі манастыр пад Маской і пасля выгнання немцаў. Храмы, адчыненыя пры іх, адразу не закрываліся, а дзейнічалі пэўны час, да новай хвалі змагання з рэлігіяй.
Пастановай СНК СССР № 299 ад 16.03.1943 г. была створана "Дзяржаўная надзвычайная камісія па ўстанаўленні і разглядзе злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і нанясенне імі стратаў грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР".
На месцах ствараліся абласныя камісіі, якія актыўна дзейнічалі і на тэрыторыі БССР. Так, Магілёўская абласная камісія дзейнічала з 06.12.1943 г. па 29.12.1944 г. У сакавіку 1945 г. яна абследавала 9 храмавых будынкаў. У Магілёве гэта два касцёлы і сем праваслаўных храмаў. Аднак з гэтых аб'ектаў ацалеў толькі Нікольскі манастыр. Астатнія будынкі ніхто не аднаўляў, іх руіны паступова знеслі, а тэрыторыю забудавалі.
Найбольшую цікавасць уяўляюць архівы гэтай камісіі, бо пазней яны былі выкарыстаны рэстаўратарамі для аднаўлення некаторых культавых аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі.
Рэстаўрацыйныя работы на тэрыторыі СССР пачаліся пасля таго, як 14 кастрычніка 1948 г. Савет Міністраў СССР прыняў пастанову, у якой гаварылася пра неабходнасць аховы, вывучэння і рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры. У 1949 г. адпаведны дакумент з'явіўся і ў БССР. На працягу 1953-1957 гг. быў зроблены спіс помнікаў гісторыі і культуры Беларусі і прынята пастанова "Аб зацвярджэнні спіску помнікаў архітэктуры БССР, якія патрабуюць дзяржаўнай аховы". Пачаўся новы этап у вывучэнні нашай архітэктурнай спадчыны. Ён характарызуецца вялікім аб'ёмам археалагічных даследаванняў, у выніку якіх знойдзены дзясяткі раней невядомых помнікаў, атрыманы новыя звесткі аб збудаваннях, якія захаваліся. Раскопкі М. Вароніна (Гародня), В. Тарасенкі (Менск), М. Каргера (Полацк, Віцебск, Ваўкавыск, Наваградак, Тураў), П. Рапапорта (Полацк, Ваўкавыск), В. Булкіна (Полацкая Сафія), I. Чарняўскага (Гародня) дазволілі па-новаму зразумець і растлумачыць складаныя з'явы станаўлення і развіцця архітэктуры ХІ - ХІІ стст. на тэрыторыі Беларусі, канчаткова сцвердзіць існаванне Полацкай і Гарадзенскай архітэктурных школ.
Чарговы ўдар па культавай архітэктуры Беларусі нанесла хрушчоўская канцэпцыя змагання з рэлігіяй. Сотні бажніц, што належалі вернікам розных канфесій, былі зачынены, перароблены ў клубы і зернясховішчы альбо цалкам знішчаны.
Актывізацыя антырэлігійнай барацьбы пачалася ў 1956 годзе. У 1958 годзе Савет Міністраў СССР прыняў Пастановы "Аб манастырах у СССР" і "Аб павышэнні падаткаў на даходы дыяцэзіяльных прапрыемстваў і манастыроў".
У сакавіку 1961 года з'явілася сакрэтная інструкцыя па ўжыванні заканадаўства аб культах, дзе была забаронена дзейнасць некаторых пратэстанцкіх канфесій.
У масавай свядомасці захавалася прыпісанае Хрушчову выказванне таго перыяду, у якім ён абяцае паказаць апошняга папа па тэлевізары ў 1980 годзе.
29 лістапада 1961 года ў Гародні быў узарваны славуты гарадзенскі касцёл Фара Вітаўта. 29 лістапада 2000 г. на месцы былога касцёла вернікі паставілі чатырохметровы памятны крыж, але прастаяў ён нядоўга.
З беларускіх школ і навучальных устаноў выкаранялася не толькі беларуская мова, гісторыя і культура, але і вера нашых продкаў. Шмат касцёлаў і цэркваў былі ўзарваны альбо перабудаваны да непазнавальнасці. Так, напрыклад, на знішчэнне полацкага касцёла і кляштара езуітаў "мэтавым накіраваннем" з бюджэту Віцебскай вобласці было выдзелена 30 тысяч (тагачасных!) рублёў. У студзені 1964 г. касцёл св. Стэфана і частка калегіюма былі ўзарваны. Ад выбуху ўтварылася каля 50 тысяч кубічных метраў "дабраякаснацй цэглы і друзу, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу года былі выкарыстаны на добраўпарадкаванне горада". "За хорошо выполненные работы по обрушению здания кадетского корпуса в городе Полоцке" ўдзельнікам акцыі была аб'яўлена падзяка, двое з іх былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама. Сапраўдныя дакументы па рэалізацыі гэтага акту вандалізму, доўгі час былі надзейна схаваныя ад цікаўных у Полацкім архіве, нарэшце апублікаваныя ў першым нумары гістарычна-літаратурнага часопіса "Полацкі летапісец".
На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976-1979 гг. пабудаваны прэстыжны 9-павярховы жылы дом для правінцыйнай эліты. Ад калегіюма, закрытага ад вачэй гэтай плоскай каробкай, зберагліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.
Таксама былі знішчаны Дабравешчанская царква XII ст. у Віцебску, уніяцкі храм у Беразвеччы, мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, езуіцкі касцёл у Пінску і іншыя культавыя будынкі.
У канцы мінулага стагоддзя Дабравешчанская царква (царква Звеставання) ў Віцебску была адноўлена. На месцы ўзарванага 29 лістапада 1961 г. касцёла Фара Вітаўта ў Гародні ў 2014 г. быў зноў усталяваны памятны знак (Паклонны крыж) у выглядзе скульптурнай кампазіцыі. Гэта паўразбураная арка з памятным надпісам.
У сярэдзіне 60-х гг. мінулага стагоддзя сітуацыя ў краіне стала паляпшацца. У снежні 1966 г. было створана Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якое да канца 70-х гг. налічвала каля мільёна чалавек. На грошы, сабраныя сябрамі таварыства, пачалася рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры, у тым ліку і культавых будынкаў. У 1968 г. быў складзены спіс помнікаў першачарговай значнасці для рэстаўрацыі. У яго былі ўключаны Сафійскі сабор у Полацку, Прэабражэнская царква ў Заслаўі, Храм-спачывальніца Паскевічаў у Гомелі, Мікольскі манастыр у Магілёве і іншыя аб'екты.
(Заканч. у наст. нумары.)
Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук
Законы неба не адмяняюцца
(Нябесная Беларусь)
паэма-эсэ
(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)
* * *
Апошні дзень, апошняя ноч
А за імі першая раніца прыйдзе,
А за ёю - нябесная Беларусь.
* * *
І думаць дарэмна, што неба не бачыла
Кірпатых, шырокаскулых катаў
Народа нашага ў Курапатах.
* * *
Багаты беларускі свет у нябёсах
Сялянамі, рабочымі, інтэлігенцыяй,
Якія вернымі Айчыне
засталіся да канца.
* * *
І ўсіх адразу не пазнаеш,
А мо калі і не пазнаеш,
Ну дык, вядома,
памяць ажыўляецца няхай!
* * *
Яшчэ і таму ты ў прасторы нябеснай,
Айчына наша, каб табой акармляліся
Годныя дзеці твае на зямлі.
* * *
А Айчына нябесная
На зямлі пачынаецца
З перасадкі-выратавання
лепшых пачаткаў душы.
* * *
Калі з-за цёмна-пагрозлівых хмар
Сонечны промень цябе,
суайчыннік, даткнецца,
Ведай, гэта табе усміхнулася
нябесная Беларусь.
* * *
А ў нябеснай маёй Беларусі
Нашым ворагам
і недабразычліўцам -
Розным мангольскім "мирам"
месца няма.
* * *
Тыя, што сувязі з небам не маюць,
Лезуць захопліваць
Землі чужыя.
* * *
Няма ўваходу у нябёсы і тым,
Хто ў момант гістарычны, зручны
Не далучаецца…,
каб дом зямны свой ажывіць.
* * *
Дарэмна "товарищи"
на неба забыліся,
А неба ўсё ж ёсць,
І там Беларусі большасць.
* * *
Ёсць і сягоння людзі ў Беларусі,
Нябёсаў годныя
Цераз ахвярную любоў
да беларушчыны.
* * *
Заўжды над Беларуссю неба болей,
Калі прыходзіць сакавік
І асабліва - 25-е.
* * *
Калі ты думаеш пра неба,
Дык ёсць і ў неба думка
Пра цябе.
* * *
Айчыне, тым больш нябеснай,
Даказваць не трэба, які ты адданы;
Яна разбярэцца сама.
* * *
І толькі праз нябесную Беларусь
Можна ачысціць
Сэрца сваё зямное.
* * *
Аб Айчыне нябеснай нашай
Ведаць што можа той,
Хто пра зямную не дбае, не рупіцца?
* * *
Брыдзе, паўзе Армагедон,
Але народам і асобам годным
Заўсёды будзе паратунак ў небе.
VII. Дык будзьма ж, як Сонца!..
"Добра, у каго запас на ліхі час."
(Беларуская народная прыказка.)
* * *
Айчына!
І зверху, і знізу, і з усіх бакоў
Твая і мая звыш Тройца.
* * *
Калі гіне Айчына,
А ты застаешся пры дабрабыце,
Дык які ты герой-патрыёт?!.
* * *
І для душы, і для кішэні
Заўсёды знойдзеш справу ў Айчыне;
Ну дык які ты патрыёт,
калі адсюль ўцякаеш?!.
* * *
Не вер ні Захаду, ні Усходу,
Што, можа, за цябе яны
Заступяцца.
* * *
Ну а калі і падступяцца,
Дык больш гаротным
Лёс твой будзе.
* * *
І глеба менш урадлівай будзе
Калі яе гаспадары -
У паняволенні і акупацыі.
* * *
Вяртаюся ў дзяцінства!
Вяртаюся - і сёння бачу
Непамятнасць і рабства
бацькоў, дзядоў і іншых.
* * *
Ну а калі ты патрыёт,
То ў разуменні акупанцкай улады
Ніжэй павінен галаву схіляць.
* * *
Хіба птушкі пяюць уначы?!.
А ў палітычна-глухую ноч у паэта
Хіба будуць вясёлымі песні?!.
І ўсё ж…
* * *
Душа, паглыбленая
ў глупства і драбязу,
Губляе здольнасць зазірнуць
У таямніцы неба.
* * *
Так, дзе маці - патрыётка,
Такімі ж там і дзеці
Будуць.
* * *
Няма з кім параіцца,
Душу сваю ў неба ўздымі:
Аб Беларусі таксама там думаюць.
* * *
Калі стаміўся думаць аб сваім,
Перадыхні; падумай аб чужым,
Але - аб годным і каб светлым.
* * *
Калі не ведаеш, што дзеіць,
Дык не рабі нічога…
Але - галоўнае - не напаскудзь.
* * *
Даюць - бяры, б'юць - уцякай -
Не трэба так! А трэба:
Забіраюць - не аддавай,
а б'ючым адбівай ахвоту…
* * *
"Улада ад Бога!"?!.
Улада ад дурасці і ад трусасці!
Будзь чыстым і сам уладар над сабой.
* * *
Няхай ты ігнаруеш
так званае грамадства,
Дык на ўзроўні асабовым
І светлым будзь, і чыстым.
* * *
Сваёй раўнавагі ў душы трымайся,
А раўнавагі ўяўнай
між Захадам і Усходам
Не табе вырашаць.
* * *
Адзінота…
Надзейны і найлепшы мой сябра
У гэтым так званым грамадстве.
* * *
Ёсць што сказаць,
Ды няма вось каму;
Сабе гавары і дзейнічай адпаведна.
* * *
На зямлі абавязак свой выканалі
Пасяленцы нябеснае Беларусі…
А я, а ты, а вы, а мы?!.
* * *
Не пытай у мяне, як маё жыццё;
Лепш спытай у Айчыны, як ёй
З тваёй ласкі жывецца.
* * *
Не адарвалася ж Сонца
Ад нашай Айчыны, а мы…
Дык будзьма ж, як Сонца!
* * *
Ні Сонца, ні Зоркі не адвернуцца
Ад Беларусі,
Калі ты, беларус,
не адвернешся ад яе.
* * *
Вунь дзядзька (заўтра паміраць яму)
Францішка Багушэвіча чытае.
Навошта? А хутка ён
сустрэнецца з паэтам.
* * *
Мы свабодны ў выбары,
Якую нам пад удар
Падстаўляць шчаку.
* * *
Пакуль беларускія слёзы
Зрэнкі воч не прымаюць,
Неба і Творцу табе не адчуць.
* * *
Глыбей зазірні ў сябе -
Там твой зямны паратунак
І там жа пачатак уздыму ў неба.
* * *
Жалезны воўк, што Вільню заснаваў,
Хай кожнаму з нас, беларусаў,
Родным братам будзе.
* * *
То праўда горкая - хто апускае рукі,
У таго і ў думках крылы
Не растуць.
* * *
Ні ўверсе, ні ўнізе
Мяжы не шукай між зямлёй і небам;
Жывая яна - у тваёй душы.
* * *
Ты свой узровень асабовы
Святлом Сусвету напаўняй
І сцеражы, як зрэнку вока.
* * *
Не трэба нам вестак
Ні з Усходу, ні з Захаду;
Патрэбны нам весткі з Неба!
* * *
Хто светла і чыста жыў на зямлі,
Праз нябёсы зліецца ў спаемстве
З сусветнай гармоніяй.
* * *
І там ты сам святлом і музыкаю
Будзеш
І сам забудзеш пра сябе.
* * *
Мой Божа, Гасподзь мой,
вечны жыцця падацель,
Аберагай мяне сёння!
І ў будучым не адвярніся.
VIII. Замест "Не бойся" - "Смялей"…
"Божа, памажы, а сам не ляжы."
(Беларуская народная прыказка.)
* * *
"О Русь!" Гарацыя і Пушкіна,
і наша Русь!
Вы мала ў чым адрозны;
Ды, дзякуй Богу, няма слядоў
мангольшчыны на нашай!
* * *
Цяжка быць пад уладай
чужынца і здрадніка,
Але не час расслабляць сваё сэрца;
Шукайма ўплыву Творцы!
* * *
Хто толькі і ці раз
Нас ні садзіў ў мяшок,
Ды завязаць ніколі не ўдавалася.
* * *
Хто загінуў, палёг за Айчыну,
Для таго яна ў неба ўзнялася
І забрала яго з сабой.
* * *
Хопіць маліцца на тых і за тых,
Хто народ свой гаротны пакінуў
І суседзяў пайшоў мацаваць.
* * *
Калі не збярог ты Айчыну сваю,
Дык як зберажэш
Душу сваю, небарака?!.
* * *
А калі ты сапраўдны патрыёт,
Дык твае тэксты
І рэдактар быццам незалежны
не друкуе.
* * *
Не кісні, не расслабляйся,
Спявай гераічныя песні,
Якія калісь сярод продкаў
героі спявалі.
* * *
Каб у свой час уся Беларусь-Літва
Прыйшла на дапамогу слуцакам,
Дык сёння б вольнаю
была б краіна наша.
* * *
Як са свечкі нагар
Здымайма з душ нашых тое,
Што перашкаджае Айчыну любіць.
* * *
Калі ўжо замест "Не бойся"
Будуць казаць беларусы:
"Смялей!"?
* * *
І кроплю, якая ў сутарэнні
Вісіць галавою ўніз,
Неба чакае таксама.
* * *
З-пад сіні неба ў сіню неба
Дарогу знойдзе твая душа,
Калі Айчыне ты верна служыш.
* * *
Адзін. Самота. Занядбанасць.
Няпраўда!
А праца і ў імя нябеснай Беларусі!
* * *
У знямозе, у адчаі
напаўжывы патрыёт
Свой позірк скіроўваў у неба
І нябесную там знаходзіў Айчыну.
* * *
Буксірам у нябесную Беларусь
Будзе толькі зарад любові
Да Айчыны - зямной Беларусі.
* * *
Калі праз зямную Айчыну
Маеш веру ў Творца,
Дык Творца Сусвету мае веру ў цябе.
* * *
Быць беларусам - імкнуцца да ведаў,
Любіць справядлівасць,
Айчыну любіць
І неахайным ніколі і знешне не быць.
* * *
Беларусы-ліцвіны,
Калі мы адзін аднаму
ўступаем дарогу,
Дарога наша шырэйшай робіцца.
ІХ. І сэрцы, і думкі, і воля…
"Шчасця большага няма ў зярняці,
Як на ніве роднай прарасці."
(Валянцін Таўлай.)
* * *
Няма асобы - няма грамадства,
Няма грамадства - няма народу…
Для статка ж "Айчына" - гук пусты.
* * *
І ўсё ж зямля Беларусі
Не толькі для здрайцаў
І дзяцей "капітана Гранта", але…
* * *
Так, каб беларусы кіравалі ў Беларусі,
Былі б і годнасць тут,
Духоўнасць і грамадства.
* * *
Паслугуй ці то Захаду, ці то Усходу
Ва ўшчэрб зямной Беларусі -
І для нябеснай ты - перакрэслены.
* * *
Балюча глядзець,
як гад вынішчае гада,
Але разам нядаўна
яны зжывалі са свету
Айчыну нашу.
* * *
Трусасць, лянота ды яшчэ нарката…
З такімі "годнасцямі" і "ўзнагародамі"
Адкіньце спадзевы на неба.
* * *
Сям'я без культу Айчыны
Зямной і нябеснай -
Пустая ячэйка.
* * *
Хто адмаўляе хлеб духоўны,
Той хлеб надзённы
Гатовы спажываць і ў хлеве.
(Заканчэнне ў наст. нумары.)
Яўген Гучок
З нататніка Вандаліна Шукевіча
# Каханне - гэта цукар абмакнуты ў атруту.
# Не трэба брудзіцца злом і ніколі не рабіць зло, трэба імкнуцца перарабіць зло ў дабро.
# Можна не мець ілюзій, але пры тым мець веру ў лепшую будычыню.
# Няма нічога горшага за песімізм, ён нішчыць жыццёвую энергію.
# Мой, святой памяці, бацька, параўноўваў сямейную пару з дзвюмя дошкамі збітымі адным цвіком. Калі цвік трымае добра, сям'я мае шчасце.
# Не магу мець нічога агульнага з касцёлам, які вучыць, што ўсялякая ўлада ад Бога, і забойства па загаду ўлады не ёсць грахом.
# Вера як вынік працы думкі, ёсць больш веды, чым інтуіцыя.
# Хто не цікавіцца чужымі заганамі, той добра ведае свае.
# Хто народнае шчасце грунтуе на разбурэнні традыцыйнага парадку рэчаў, той не зможа збудаваць нічога трывалага і толькі будзе запэўніваць у будучым шчасці. А для яго патрэбен спакой, развагі і справядлівасць. Бліскі маланкі ніколі не заменяць дабрачыннага ўплыву працяглай працы сонечных промняў. Расійская рэвалюцыя ёсць тая самая маланка, якая наразе разваліла вежу старой сістэмы. Але заклала падваліны для будоўлі будучыні на рыхлым грунце ўтопіі, непрыдатнай для жыцця тэорыі, якая ніколі не ўтрымаецца, бо нясе ў сабе элементы разлажэння.
# Несвядомыя народы ствараюць не грамадства, а статак з людзей, якія не дараслі да прыняцця дабрадзействаў свабоды. Такі статак ёсць зараз у Расіі, выпушчаны з шматгадовай турмы на волю, загубіў свае жыццё, нішчыць даробкі ўласнай культуры, не разумее нават таго, што гэтым найболей шкодзіць сабе.
З астатніх нататак Вандаліна Шукевіча
# Малады жэніцца на панне якая значна старэйшая за яго і без пасагу.
- Дзіўны гэты шлюб, - кажуць людзі.
- Але гэта не шлюб! Гэта антыкварыят: бо яна антык а ён - вар'ят!
# Якая розніца паміж рэдактарам і мужам?
Рэдактар ведае ўсіх сваіх супрацоўнікаў.
# Калі б быў малады, піў бы не мёд, не віно, але толькі нектар з самых найсалодiых, тваіх вуснаў, дзяўчына.
# Носіць і Бога просіць.
# Глухі, як пень. (Напісана па-беларуску - Л.Л. )
# Пушча - гэта прыгожая выспа.
# Слухач брухам, а не вухам. (Напісана па-беларуску - Л.Л. )
# Той хто вам кажа, што да багацця ідзе іншая дарога, чым праз працу і ашчаднасць - падае вам атруту.
# - Прывітанне, як маешся, ці здаровы?
- Памаленьку, а самога як Бог хавае? (Напісана па-беларуску - Л.Л. )
# Навука, філасофія, мастацтва ідуць рознымі шляхамі, але да адной мэты - да пазнання.
Падрыхтаваў Леанід Лаўрэш.
Візітная картка Гарадзеншчыны
Цікавай была паездка ў сталіцу "Славянскага базара" для супрацоўнікаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" на конкурс народнага касцюма сярод гасцей горада. Ад Ліды на суд журы было прадстаўлена 10 дарослых і 2 дзіцячыя камплекты Лідскага народнага касцюма Наваградскага строю першай паловы ХХ ст. Дэманстрацыя ў тэатралізаванай форме адлюстроўвала святы і абрады беларусаў па земляробчым календары. Такім чынам, гледачы змаглі ўбачыць вопратку сялян ва ўсе чатыры поры года. Лабачэўская В.А. - старшыня журы, а таксама аўтар кніг па народным касцюме, у сваім каментары пад час узнагароджання ўдзельнікаў конкурсу высока ацаніла працу супрацоўнікаў Лідскага аддзела рамёстваў, уручыла дыплом у намінацыі "Традыцыйны касцюм гасцей свята-конкурсу" і каштоўны падарунак. Пахвала заслугоўвае павагі, улічваючы той факт, што традыцыйнае адзенне на Панямонні рана пачало страчваць лакальныя асаблівасці. Таму спрыялі даўнія кантакты з рознымі народамі і развітая сістэма шляхоў зносін, якая рана прынесла на вёску гарадскую моду. Была праведзена даследчая праца па зборы матэрыялу ў вёсках Лідскага раёна, выкарыстана шмат навуковай літаратуры перад тым, як пачаць рэканструкцыю народнага касцюма Лідчыны. Шэсць гадоў крапатлівай працы па ткацтву і пашыве адзення далі свой плён - атрымаліся вобразы, якія акунаюць гледача ў асяроддзе сівой даўніны. Кожны супрацоўнік паклаў частку душы ў стварэнне свайго камплекту адзення, таму выглядаў вельмі гарманічна і індывідуальна. Жыхары і госці Віцебска не давалі праходу - прасілі фота на памяць. Традыцыйны народны касцюм Лідчыны стаў годнай прэзентацыяй рэгіёна Гарадзенскага Панямоння ў Віцебску.
Ірына Дыдышка , метадыст АРіТК.
Па-беларуску бывае і так
У Лідзе каля замка адкрылася невялікая кавярня з арыгінальнай беларускай назвай "Біг Смак".
Што праўда да поўнай беларускасці кавярні далекавата, але дзякуй і за назву.
Наш кар.