Папярэдняя старонка: 2016

№ 32 (1287) 


Дадана: 09-08-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 32 (1287), 10 жніўня 2016 г.


Памяць пра Ларысу Геніюш

Традыцыйна ў дзень народзінаў Ларысы Геніюш у Зэльву з'язджаюцца людзі з розных гарадоў Беларусі, каб ушанаваць ейную памяць. Сёлета на магіле Геніюшаў у Зэльве запалілі знічы, усклалі кветкі актывісты пад бел-чырвона-белымі сцягамі. 9 жніўня - 106 год з дня яе нараджэньня.

Слонімскі пісьменнік і краязнавец Сяргей Чыгрын, прамаўляючы на магіле паэткі, згадаў адзін эпізод звязаны з Ларысай Геніюш, праўда, ужо пасля яе смерці.

- Недзе ў сярэдзіне 80-х гадоў у Зэльву прыехала жонка сына Ларысы Геніюш, яна павінна была прадаць яе бібліятэку Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Была ўжо такая дамоўленасць, але раптам Нацыянальная бібліятэка адмовілася набываць бібліятэку Геніюш. Тады Валянціна Геніюш прапанавала ўсім ахвотным, хто хацеў, нешта ўзяць з рэчаў і кніжак Геніюш, браць проста так. Мне аб гэтым паведавіў настаўнік з Дзярэчына, і мы паехалі ў Зэльву. Я тады ўзяў на памяць некалькі кніжак беларускіх пісьменнікаў з надпісамі, якія былі падараваныя Ларысе Геніюш. Вельмі шкадую, што не ўзяў ніводнай рэчы яе на памяць.

Паводле Чыгрына, тады ў доме Ларысы Геніюш быў па-сапраўднаму гатовы яе музей, там былі ўсе рэчы, якімі яна карысталася і ўся бібліятэка.

- Прыходзілі проста людзі і бралі нешта сабе: нават посуд, чайнік, ды ўсё спадарыня Валянціна аддавала, паколькі ў яе сканчалася віза, і яна павінна была выехаць. Дарэчы, тое, што спадарыня Валянціна не раздала, то потым прыехала машына з быткамбіната і ўсё гэта вывезла ў невядомым кірунку...

Міхал Карневіч


Выйшаў каляндар "Родны край" на 2017 год

У продажы з'явіўся адрыўны каляндар "Родны край" на 2017 год.

Складальнік Казлоўская Варвара Валер'еўна.

Наклад 5000 асобнікаў, на 1000 меншы, чым летась, каб купіць, трэба паспяшацца.

Наш кар.


185 гадоў з дня нараджэння Вінцэся Каратынскага

Вінцэсь КАРАТЫНСКІ (15 жніўня 1831 г. вёска Селішча, Наваградскі павет, Гарадзенская губерня - 7 лютага 1891 г., Варшава) - беларускі пісьменнік і перакладчык.

Нарадзіўся ў сям'і былога прыгоннага селяніна Аляксандра Каратая, бацька атрымаў вольную ад свайго пана Яна Залескага, верагодна, на просьбу Марка Татароўскага, апекуна Юзафаты з Далідовічаў - шляхцянкі з якой Аляксандар Каратай хацеў ажаніцца. Калі ў Аляксандра з Юзафатай было ўжо трое сыноў - Вінцэсь, Ян і Міхал, ён утапіўся ў Нёмане, а праз нейкі час Юзафата выйшла замуж за свайго былога апекуна. Адукацыю В. Каратынскі набыў самавукам, пад наглядам мясцовага арганіста. Навучыў чытаць і пісаць малодшых братоў. Працаваў хатнім настаўнікам. У 1850-1862 гадах быў сакратаром У. Сыракомлі. За кароткі час самавукам атрымаў выдатную адукацыю, апроч беларускай і польскай, валодаў расейскай, чэшскай, французскай і нямецкай мовамі, трохі ведаў з латыні. Граў на скрыпцы. Разам з расейскім пісьменнікам М. Лясковым падарожнічаў па Літве (Беларусі). Супрацоўнічаў з польскімі газетамі і часопісамі, друкаваў артыкулы тэматычна звязаныя з беларускім краем.

Дэбютаваў у друку ў 1856 годзе. Аўтар зборніка паэзіі "Чым хата багата, тым рада" (па-польску, 1857), паэмы "Таміла" (па-польску, 1858), так-сама В. Каратынскаму прыпісваюць ананімныя антыцарскія творы "Гутарка старога дзеда" і "Гутарка суседзяў". З беларускамоўных твораў захаваліся вершы "Уставайма, братцы, за дзела, за дзела", "Далі бог-то, Арцём…", "Туга на чужой старане". У 1994 годзе выйшаў збонік твораў.

Перакладаў на польскую мову творы А. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Гейне і інш. Пакінуў шмат біяграфічных нататкаў пра Адама Міцкевіча, гістарычна-краязнаўчых нататкаў пра Наваградак і Наваградчыну.

Вікіпедыя.


160 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дабравольскага

Уладзімір Мікалаевіч ДАБРАВОЛЬСКІ (11 жніўня 1856, в. Краснасвяцкае Прудкаўскай вол., Смаленскага пав., Смаленскай губерні (цяпер Пачынкаўскага раёна, Смаленскай вобласці) - 7 траўня 1920, Смаленская вобл.) - беларускі і рускі краязнавец, этнограф і мовазнавец.

Нарадзіўся ў сям'і чыноўніка-двараніна. У 1868-1876 гг. вучыўся ў Смаленскай гімназіі, у 1880 г. скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў выкладчыкам Смаленскай жаночай гімназіі, а з 1883 г. перабраўся ў свой маёнтак, збіраў этнаграфічны, фальклорны і лінгвістычны матэрыял. З 1902 г. працаваў інспектарам народных вучылішчаў у Разанскай губерні, а ў 1906-1917 гг. - у Ельнінскім павеце Смаленскай губерні. З 1918 г. выкладаў на чырвонаармейскіх курсах у Смаленску, у Беларускім народным універсітэце ў Маскве, у Віцебскім інстытуце народнай адукацыі і Смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. Падтрымліваў сувязь з А.А. Шахматавым, Я.Ф. Карскім, У.І. Ламанскім, І.В. Ягічам. Трагічна загінуў на Смаленшчыне.

Краязнаўчай работай зацікавіўся яшчэ студэнтам, слухаючы лекцыі Ф.І. Буслаева, Ф.Я. Корша, У.Ф. Мілера. Выдаў "Смаленскі этнаграфічны зборнік" (т. 1-4, 1891-1903), напісаў шмат артыкулаў мовазнаўчага характару (пра гукаперайманні, народныя прозвішчы, пра тайныя мовы краўцоў, канавалаў, мяшчан). Яго самая каштоўная праца ў галіне мовазнаўства - "Смаленскі абласны слоўнік" (1914), у якім распрацавана 16 560 артыкулаў з дыялектнымі словамі руска-беларускага пагранічча. Праца складалася на падставе матэрыялаў для "Смаленскага этнаграфічнага зборніка", таму ілюстрацыямі ў ёй служаць і ўрыўкі з апісанняў абрадаў, звычаяў, побыту. Чэшскі этнамузыколаг Л. Куба ў час прыезду да Дабравольскага запісаў беларускія народныя песні в. Данькава Смаленскага павета (апублікаваны ў 1887 г.). Шматлікія запісы У. Дабравольскага папоўнілі тамы БНТ.

Вікіпедыя.


Яшчэ раз пра прышпільныя майткі

Хачу адказаць на артыкул "Пра "20 крокаў да беларускай мовы" паважанага спадара С. Раманчука ў № 24 за 15 чэрвеня 2016 г. газеты "Наша слова".

Мы ўсе, хто любіць нашу родную мову, па меры сваіх магчымасцяў адраджаем яе, працуем на карысць беларушчыны. Важна збіраць старыя словы, важна ствараць слоўнікі, важна змагацца за чысціню мовы таксама.

Нажаль, на сёння няшмат людзей захавалі сваю мову з дзяцінства. Цэлае пакаленне людзей, якія пераехалі з вёскі ў горад, выракліся сваёй роднай мовы, перайшлі на расейскую, каб зрабіць кар'еру, каб проста спакойна жыць і не вытыркацца. Шмат хто з гэтага пакалення стаў адкрытым ворагам беларушчыны, але большасць засталася абыякавай.

Зараз адраджэнцамі мовы сталіся маладыя людзі з расейскамоўнага асяродку. У мяне, напрыклад, нават бабулі беларускамоўнай няма. Мы вучылі мову па творах У. Караткевіча і Р. Барадуліна, а сучасная моладзь па творах В. Марціновіча і А. Бахарэвіча.

Таму для нас аўтэнтычная старажытная гаворка трохі чужая, прабачце. Мы падсвядома выбіраем словы адметныя, непадобныя на расейскія. Таму менавіта "лядоўня" , што "не халадзільнік" , і таму "майткі" , бо "не трусы" . Гэтыя словы прыжыліся ў сучаснай беларускай мове, для моладзі яны ўжо свае, і не важна паходжанне гэтых словаў і іхняя старажытнасць. З'яўляюцца зусім новыя словы: "прышпільна" . Нам больш падабаецца "цішотка" і "івэнты" менавіта таму, што яны не расейскія. Я не бачу ў гэтым пагрозы засмечвання мовы, галоўнае, што мова жыве і развіваецца. Важна заахвочваць моладзь размаўляць па-беларуску. Тады наша мова будзе жыць вечна!

Анэля Камбалава , г. Баранавічы.


ХАРЧЭЎНЯ, ЛЯДОЎНЯ

Чытаючы "Наша слова"

У 90-я гады, калі яшчэ вялася беларусізацыя, група студэнтаў праходзіла педагагічную практыку ў адной сярэдняй школе, што ў Зялёным Лузе.

Неяк на перапынку ці пасля ўрокаў некаторыя з іх пайшлі ў школьную сталоўку, якая знаходзілася на першым паверсе. Шыльда (па-руску) дагэтуль была "Столовая", а цяпер я аж узрадаваўся, калі на яе месцы ўбачыў "Харчэўня". Ці ж гэта не пацверджанне таго, што беларуская мова набліжаецца не толькі да розуму, але і да страўніка настаўнікаў і вучняў...

Было момантнае адчуванне, якое можна перадаць хіба што словамі з казкі: "Добра, ды не зусім".

У беларускім слове "харчэўня" тады пачулася ... прыземленасць і архаічнасць.

Так успрыняў гэтае слова чалавек з пэўнай філалагічнай падрыхтаванасцю.

Можа яму прыгадаліся іншыя блізказначныя словы: сталавальня, сталоўня, страўня, ядальня (паводле літаратурных крыніц). У той сітуацыі (і цяпер) больш прыдатнымі, рэальнымі падаліся назвы: сталоўка, сталовая .

Даўні выпадак яскрава ўспомніўся, калі чытаў водгук С. Раманчука на кнігу "20 крокаў да беларускай мовы" (НС, 15.06.2016), у якім значнае месца адведзена праблеме выбару і ўжывання слова.

Шкада, што з гэтай "па-своему ўнікальнай" кніжкай я не знаёмы, таму не магу ставіць ёй адзнаку ці заводзіць дыскусію з рэцэнзентам. І ўсё ж нельга пакінуць без увагі цікавую, надзённую публікацыю С. Раманчука.

Пры чытанні водгуку заўважаем, што пра мову клапоцяцца, дбаюць і аўтары дапаможніка Алеся Літвіноўская ды Глеб Лабадзенка, і яго крытык-папулярызатар. Таму хочацца падтрымаць іх памкненні, захады, неяк далучыцца да гэтай пільнай справы.

Слушнай падаецца праводжаная ў рэцэнзіі думка, што для неафіцыйных "курсаў беларускай мовы" за аб'ект вывучэння належыць браць "агульнаўжывальныя і правільныя словы".

Аднак мы не маем выпускаць з-пад увагі і тое, што па меры засваення мовы набываюць значэнне актуальныя лексічныя адзінкі, якія выходзяць за вышэй акрэсленыя рамкі. Якраз некаторыя з такіх словаў трапілі ў поле зроку аўтараў і рэцэнзента.

Аналізуючы словы з кнігі "20 крокаў..." С. Раманчук выкарыстоўвае слоўнікі, "Дыялектычны атлас..." моўныя факты з літаратуры, маўлення.

Гэтак ён разгледзеў, у прыватнасці, словы лядоўня і халадзільнік ды прыйшоў да высновы: "Называнне халадзільніка "лядоўняй" - грубая моўная памылка. Гэтыя словы калісьці (гадоў 100 таму) істотна адрозніваліся значэннем". Тут зробім удакладненне. У працэсе развіцця мовы слова лядоўня змяніла першапачатковае значэнне "пограб/склеп у зямлі, напоўнены лёдам і снегам, дзе сяляне захоўвалі мяса і рыбу" (паводле даведкі С. Раманчука).

Цяперашнім часам у такой ролі лядоўня (на тэрыторыі Беларусі) наўрад ці выкарыстоўваецца. А значыць, гэтае слова "вольнае", не занятае, каб узяць на сябе іншую нагрузку - абазначаць халадзільнік. Толькі, ці ёсць патрэба ў гэтым?

Між іншым, не зусім адэкватна ўжыта слова называнне : "Называнне халадзільніка "лядоўняй" з'яўляецца грубай моўнай памылкай" . Напраўду, назваць гэты прадмет у побыце можна і так. Параўнаем: тачка (нехта так скажа на легкавую машыну).

Пытанні ўзнікаюць і адносна іншых сцверджанняў і ацэнак канкрэтных слоў. Але ж гэта натуральна для працы (тэксту), прысвечанай складанай праблеме - функцыяванню беларускай мовы.

Добра, што самі мовазнаўцы не шукаюць (як гэта было нядаўна, яшчэ ў 70-я) "зламыснікаў" сярод тых, хто імкнецца "нановіць" (абнаўляць, ажыўляць) роднае слова. І ўсё ж інерцыя ранейшага "выкрывальніцтва" пакідае адбітак (у мякчэйшай, не ідэалагізаванай форме) на стылі паданалізаванага водгуку.

"Чаму абсалютна некрытычнае стаўленне аўтараў "20 крокаў..." да навамодных вычварных дзівацтваў так адметнае?"; "...варта ўсё ж даваць найбольш ужывальныя варыянты слоў, а не падтрымліваць дурную барацьбу супраць іх". Дарэчы, думка не абсалютна бясспрэчная: часам варыянты менш ужывальныя больш адпавядаюць беларускаму словаўтварэнню і формазмяненню, і яны патрабуюць падтрымкі.

Падобныя эмацыянальна-экспрэсіўныя выразы не памацняюць аргументавальнасць выкладу.

Паводле С. Раманчука, "галоўнае, з чым змагаецца "Мова нанова" - з падыходам да беларускай мовы, як да нейкай (?) нуднай, састарэлай спадчыны дзядоў, ці то вясковых, ці то менскіх літаратараў-прафесараў". І гэта рэцэнзент залічвае да "выразных плюсаў выдання".

А хіба не мусяць пільней прыглядацца, болей ашчадна ставіцца да моўнай спадчыны сённяшнія маладыя людзі? Вось элементарны прыклад. "Дзяды" і "літаратары прафесары" збераглі выраз вялікі дзякуй , а некаторыя іх спадкаемцы, прыхільнікі і носьбіты "новай сучаснай культуры" аддаюць перавагу варыянту, бліжэйшаму да рускага большое спасибо : "... хочацца сказаць асаблівае шчырае дзякуй" (піша аўтар водгуку).

У водгуку закранаецца стаўленне аўтараў дапаможніка да слоў з суседніх моваў - польскай і рускай. Рэцэнзент адзначае непаслядоўнасць, неабгрунтаванасць ацэнак асобных запазычанняў тымі, хто "актыўна прасоўвае" модныя слоўцы.

Не маючы магчымасці ў кароткім газетным допісе вуказаць меркаванне адносна ўсіх разгляданых С. Раманчуком слоў, абмяжуюся агульнай заўвагай.

Заняць правільную пазіцыю ў абыходжанні з пазычаннямі можа дапамагчы досведпарада Янкі Брыля: "... Можна, шукаючы адпаведнага слова, кінуцца ў адзін бок, узяць русізм, у другі бок - узяць паланізм... А трэба ж ні ўлева, ні ўправа, а толькі проста - да слова толькі свайго, якое заўсёды ёсць".

P.S. Пасля напісання гэтых старонак перачытаў водгук праз некалькі дзён. Можа, быў паспяшаўся, недакладна зразумеў яго ў цэлым і ў дэталях?

І мушу падкрэсліць. Уважлівы, грунтоўны разгляд моўнага матэрыялу С. Раманчыком паказвае яго шчырае жаданне ("намаганне") прычыніцца да поспеху "Мовы нанова".

Выклад вызначаецца добрым навуковым узроўнем. Хіба што ў дзвюх-трох мясцінах убачылася недавыказанасць. У прыватнасці: "Не бяруся сцвярджаць, што тэма неафіцыйнай гульні ў змаганне супраць беларускіх словаў (я напісаў бы: слоў - А.К. ) згодна з максімай "як заўгодна нядбала, абы каб непадобна да расейскай" з'яўляецца годнай асобнага "кроку". Што маецца на ўвазе?

Каб яснейшаю была мая пазіцыя ў пытанні, што абмяркоўваецца, дадам: сам я, карыстальнік беларускай мовы, знаходжуся паміж"стара і навамоўцамі". На гэтым месцы пачуваю сябе - кажучы сучасна - амаль камфортна. І за гэта дзякуй усім, хто нясе ў сэрцы і на сваіх плячах наша роднае слова!

Алесь Каўрус


Майткі ці ..., ці ..., ці брукі?

Сейлавіцкія мужчыны з пачатку 20-га стагоддзя не насілі майткаў, штаноў, брукаў, нагавіцаў, ганавіцаў і інш. Насілі толькі порткі . Пад ніз насілі споднікі . Порткі мелі такія дэталі, як калоша , прарэх, кішэні , гузікі, аплікі . Падпяразвалі порткі папругай , якая мела клямар або спражку . Ніякіх дзягаў, рамянёў, пасаў, паясаў не было, толькі папругі . Пояс - гэта для іншага. Пас і пасак для іншага. Порткі навыпуск называлі яшчэ клёшы , порткі ў боты сяды-тады называлі галіфэ . З 60-х гадоў 20 стагоддзя з'явіліся крамныя кальсоны . І слова "кальсоны" ўвайшло ва ўжытак. Тады ж з'явілія зноў жа крамныя трусы , спачатку толькі мужчынскія і хлапечыя. Словы "кальсоны" і "трусы" прыйшлі разам з этыкеткамі на вырабах, яны не пярэчылі нормам беларускай мовы і лёгка ўвайшлі ва ўжытак. На сподніках, а часта і на галіфэ ўнізе на калошах былі завязкі . Гузікі ў гэтых месцах практычна не прымянялі. Пры цары і яшчэ пры Польшчы споднікі шылі з цвікляй , гэта такі клін паміж калошамі - спадчына сярэдніх вякоў, калі і порткі шылі з цвікляй, бо без яе ў сядле, калі ногі шырока расстаўлены, порткі проста лопаліся пасля доўгай язды.

Асобнай з'явай былі лееныя порткі . Леі гэта вялізныя латы з моцнай тканіны тыпу корт , якія нашываліся, скажам, на суконныя порткі. Сёння можна ўбачыць у фільмах нашытыя налакотнікі. Гэта нешта падобнае, толькі на ўсе порткі. Леі маглі быць толькі спераду ці спераду і ззаду. Латаныя порткі гадзіліся толькі куды-небудзь на працу. У лееных новымі леямі портках сейлавец мог пайсці і да касцёла. Леі адышлі ў нябыт у канцы 60-х. Калі на Навагодняе свята 1972 года нам для маскараднага касцюма зажадалася мець менавіта лееныя порткі, то ўжо з вялікай цяжкасцю знайшлі адны больш-менш прыстойныя на ўсім сяле.

Малым хлопчыкам шылі кароткія портачкі на шлейках . Слова "шорты" не ведалі.

Шылі порткі з рознай тканіны: з лепшай і горшай - з сукна, з кужалю, са зрэбя, з корту, з "чортавай шкуры" , а потым ужо з лепшых крамных тканін. Крыкам моды былі порткі з крамплену .

Майткі ў выглядзе жаночых панталонаў з'явіліся пры Польшчы. Да гэтага часы абыходзіліся спадніцамі . Спачатку слова "майткі" абазначала толькі адзін гэты элемент вопраткі, пазней распаўсюдзілася і на дзіцячыя портачкі розных відаў. Усялякія шаравары ці трыко ў дзяцей называлі "майткамі" . Калі трыко надзяваў мужчына, то яно тут жа станавілася порткамі . Жаночыя і дзявочыя трусы таксама прыйшлі з крамы і прынеслі з сабой назву на этыкетках. Першыя калготкі з'явіліся ў дзяцей таксама ў 60-я пад назвай "райстопы" . Словы "калготы" і "калготкі" пачалі гучаць у канцы 60-х. Слова "брукі" прынеслі ў вёску дзяўчаты. Жанчыны па ўсіх навуках павінны быць кансерватарамі, але што тычыць вопраткі, то тут усе навукі побаку. Тут яны - наватары. "Дзеўкі ў портках" з'явіліся ў вёсках у самым канцы 60-х і ў пачатку 70-х. Купіць тыя порткі асабліва не было дзе, іх замаўлялі ў гарадскіх атэлье. Адтуль і прыперлі слова "брукі" . І дзеўкам не важна было, што гэтага слова не было і няма ні ў адным беларускім слоўніку, што яно пярэчыць нормам беларускага маўлення. У тым слове іх падтрымалі маладыя настаўніцы з Менска, якія студэнткамі асвоілі брукі раней. Неўзабаве з'явілія "бручныя касцюмы" ці "бручныя гарнітуры" , і слова ўкаранілася.

Пра джынсы пачулі ў пачатку 70-х. Ужывала гэтае слова толькі моладзь. Старыя язык не ламалі і на тыя навамодныя джынсы казалі: "Порткі".

Але "штаны" за 20-е стагоддзе ў Сейлавічы не прабраліся.

Чаму ўсе навамодныя з'явы прыпадаюць на 60-я гады 20-га стагоддзя? Таму, што ў 60-х у вёсцы перасталі ткаць і павярнуліся тварам да крамы.

З нагоды кранёмся і іншых элементаў вопраткі.

На верхнюю частку цела надзявалі кашулю . Вядомае было слова сарочка . Прынамсі, мая бабуня 1893 года нараджэння ў прымаўцы: "Не чапай, каб цябе сарочка не чапала ", - ужывала слова сарочка . Бацькі 1927 і 1932 гг нараджэння сарочку не згадвалі, абыходзіліся кашуляй . Класічная майка , без рукавоў, са шлейкамі , з глыбокімі выразамі прыйшлам ў 60-я з крамы. Слова "майка" не пярэчыла нормам беларускай мовы і лёгка прынялося. Пры гэтым усё, што з рукавамі, называлася "кашулькамі" . Рубашка не была чужая, але таксама канкрэтна саступала кашулі . Ніякіх цішотак, саколак, футболак ніхто ў гэтым значэнні не ведаў. Пра футболку крыху пазней.

Жанчыны насілі камбінажкі і станікі , у пачатку 70-х дзяўчаты адправілі станікі ў адстаўку і пачалі насіць ліфчыкі . Бюстгалтары сейлаўкі мо і цяпер ці асвоілі, цяжка выгаварыць.

На кашулю мужчыны адзявалі свэтар , апраналі марынарку ці фрэнч . Слова пінжак ужывалі, мо, настаўнікі. Касцюм - з двух элементаў: порткі і фрэнч (марынарка) . Гарнітур - з трох, тое ж плюс камізэлька . Дома некаторыя мужчыны насілі гарсэты - тая ж камізэлька, толькі цёплая. У пэўны час прыйшла мода на футболкі , зусім не зразумела, чаму такая назва, бо насілі іх мужчыны, якія пра футбол ці чулі. Шылі футболкі з вельвету , які называлі бархатам . Крой вайсковай афіцэрскай рубашкі. Здаралася павязаць гальштук або крават , ведалі і мушку - гэта тое, што па-расейску называюць "галстук-бабочка" , а беларусы перакладаюць як "гальштук-матылёк" . Таму, шаноўнае спадарства, сейлавец "пад мушкай" і сейлавец "пад мухай" - гэта два зусім розныя сейлаўцы.

Жанчыны насілі сукенкі, спадніцы з блюзкамі, свэтры, гарсэты, жакеткі. Калі сукенку трэбала падперазаць, то шыўся пасак . Магла выкарыстоўвацца і папружачка . У пэўны момант ва ўсеагульны ўжытак увайшлі шырокія цыратовыя блішчастыя папругі. У 70-я пачаў з'яўляцца на вёсцы сарафан . Хоць і не наша вопратка, але сарафан насілі і жанчыны і дзяўчаты.

Асобным элементам жаночай вопраткі быў фартух . Пры гэтым нямецкае слова "фартух" лічылася сваім і шырока ўжывалася, а славянскае "пярэднік" было чужым і да ўжытку не дапускалася.

Жанчыны, якія нарадзіліся ў канцы 19-га, пачатку 20-га стагоддзя фартухі насілі пастаянна. Мянялі, які для дому, які "ў людзі". Гэта была вельмі патрэбная і практычная рэч. Нарваць прыпол зелля, струкоў гароху, прынесці прыпол гуркоў - было звычайнай з'явай. І той прыпол можна было прынесці толькі ў фартуху, бо прыпол спадніцы ці сукенкі можна скарыстаць толькі ноччу, як ніхто не бачыць. Мая бабуня трапіла ў нямецкі пастарунак у Сейлавічах у 1944 годзе, калі немцы і паліцаі праводзілі спешную эвакуацыю, грузілі на падводы ўсё, што маглі: мяшкі, пачкі, клункі. Адзін мяшок лопнуў, і на падлогу высыпалася нешта белае. Збіраць не было калі, так і пакінулі. Калі падводы ад'ехалі, жанчыны кінуліся ў пастарунак, каб мо чым пажывіцца, і бабуня нагрэбла поўны фартух гэтага белага. Бяжыць, як казалі, а рэальна ідзе подбегам на Касцянева і нават не паспрабавала, што яна нясе. Думае: "Вось, нарэшце солі разжылася". Прынесла, акуратна высыпала ў міску, тады толькі паспрабавала. Аказаўся цукар. Колькі было радасці. Цукру таго не бачылі ўсе тры ваенныя гады, а тут цэлы фартух. Жанчыны, якія нарадзіліся ў 20-я, 30-я гады фартухі насілі ўжо толькі дома, зрэдку на працу, і то бралі з сабой - на вёску ішлі ўжо без фартухоў. Фартухі, як элемент школьнай формы дасталіся дзяўчатам. Яны былі штодзённыя - чорныя і святочныя - белыя. Трэба сказаць, што дзяўчаты ў гэтых фартушках глядзеліся вельмі прыгожа. Ну і трэба дадаць, што фартушкамі былі завешаны ўсе крыжы, пакуль бальшавікі іх не пазразалі.

Сярод жаночых аксесуараў былі сумачкі , і, як ні дзіўна для вёскі, муфты . З упрыгожанняў былі ў асноўным толькі пярсцёнкі, завушніцы, пацеркі, брошкі, грэбені . Дзяўчаты насілі абручы для валасоў і розныя заколкі .

Абувалі мужчыны боты, валёнкі з галёшамі. Глыбокія самаробныя галёшы называліся бахіламі . Абувалі яшчэ туфлі і зрэдку чаравікі . Боты былі хромавыя, ялавыя, керзавыя, гумовыя, літыя . Зімовыя кароткія боцікі для мужчын з'явіліся тут недзе мо ў 80-я. Валёнкі былі бітыя і шытыя . Лапці памяталі і пры Польшчы яшчэ абувалі на касьбу, але ўжо і тады гэта быў анахранізм. З'явай нашай беднасці былі апорк і, гэта калі нехта багацейшы адпорваў ад ботаў халявы, каб паставіць іх на новы ніз і мець новыя боты таней. А дабіты ніз даставаўся бедняку і замяняў рабочыя, скажам, туфлі.

Жанчыны ў 40-я, 50-я таксама насілі хромавыя боты, валёнкі, туфлі , магчыма, і чаравікі . Прынамсі насілі блішчастыя гумовыя чаравікі, якія называлі снягоўцамі .

Для дзяцей радасцю былі сандалі , потым кеды , ну ясна, што туфлі, чаравікі, валёнкі . Пазней у дзяўчат з'явіліся боцікі . Як ні дзіўна хлопцы ахвотна насілі ў школу боты . Я, як сёння памятаю, як мне купілі керзавыя боты 33-га памеру, зусім дзіцячыя. Цяпер такія хіба што ў музеі знойдзеш.

Хлопцы насілі толькі шкарпэткі, а ў боты анучы . Дзяўчаты насілі шкарпэткі, гольфы, панчохі , ну і пазней калготкі .

Хатніх тапачкаў або пантофляў на вёсцы практычна не было. Раззувацца было не прынята, як і стукаць у дзверы.

Зімой на рукі надзявалі рукавіцы і рукавічкі . Пальчаткі былі непрактычныя і ўжываліся рэдка. Рукавіцы былі робленыя пруткамі . Слова "вязаць" у гэтым значэнні не ўжывалася, толькі - "рабіць пруткамі" ці "рабіць шыдэлкам" . Бывала, што для грубай працы рукавіцы шылі. Здаралася, што рукавіцы шылі нават з аўчыны. Былі досыць практычнымі, ахвотна ўжываліся і нават шыліся двухпалыя "вайсковыя" рукавіцы.

Верхняя вопратка

У 20-м стагоддзі былі ўжо забытыя світкі , жупаны . Ведалі слова "каптан" , але што гэта такое, то - не. Насілі капоты, кажухі, плашчы, вясёнкі . Паліто прыйшло позна. У 1962 г. я ішоў у школу яшчэ ў капоце . Вясёнка - вясенняе (асенняе) паліто. На штодня насілі куфайкі або ватоўкі , што цалкам адно і тое ж. Жанчыны ў людзі апраналі кофткі або плюшоўкі , што таксама адно і тое ж. Кофткі былі, а вось кофтаў не было. Кофтка - гэта плюшавая куртка. Само слова "куртка" таксама прыйшло позна з дзіцячымі балоневымі куртачкамі і паступова заняло грунтоўныя пазіцыі. Мужчыны для выхаду ў людзі мелі суконныя бравэркі - гэта таксама такая грунтоўная, цёплая куртка, мелі шкураныя тужуркі . Плашчы былі з прагумованай тканіны, прыгожыя. Балоневыя плашчы з'явіліся, як і ўсюды, але хутка з параднага гардэробу перайшлі да пастухоў. У іх - лёгкіх - зручна было кароў пасвіць, ды і ад дажджу трохі засланялі.


На галаве мужчыны насілі шапкі . Шапкі былі летнія і зімовыя . Але ніякіх іншых слоў не ўжывалі. Хіба што ведалі слова "капялюш" ці "барэт" . З войска ведалі фуражку, пілотку, папаху, кубанку, кепку, але дома панавала шапка .

Жанчыны насілі хусткі . Хусткі былі простыя, паркалёвыя, кашаміравыя , былі канаплянкі. Былі хусткі таксама і цёплыя, шарсцяныя. Тут не трэба баяцца слова "шэрсць" і мяняць на слова "воўна" , бо хусткі маглі быць не толькі з авечай воўны, але і з ангорскай трусінай шэрсці, і з казінага пуху. А то нашыя знатакі мовы і на свіні воўну знойдуць. Насілі жанчыны і капелюшы , але на вёсцы такое дзіва здаралася рэдка.

Да галаўных убораў дзяўчат можна аднесці стужкі. Асабліва, калі з'явіліся капронавыя рознакаляровыя стужкі, то такія банты завязвалі, мо тая адна стужка метр ці паўтара метры даўжыні была.

У 50-я, пачатку 60-х гадоў 20-га стагоддзя яшчэ шырока ўжывалася слова каптур , але праз пэўны час адмерла і замянілася на шапачку . Немілагучным падалося, ці што?


Ну і што з усім гэтым будзем рабіць? У які падручнік упішам? Сейлаўцы філфакаў не заканчвалі, яны ў гэтай мове жылі штодня. Ну добра, сейлавіцкіх мужчын, якія не насілі ні штаноў, ні майтак, а абыходзіліся аднымі порткамі, можам запісаць у несвядомыя, ці паставіць пазнаку абл . А ўсё астатняе? А ўсё астатняе - гэта жывая беларуская мова, і ўся яна правільная.

Іншая справа, якія словы падтрымліваць у школьных падручніках, а для якіх месца ў асноўным у вялікіх слоўніках. Але ні адно слова не можа быць выкінута ці забыта. Ні з адным не трэба змагацца, нават, з прышпільнымі , а раптам з якога брыдкага качаняці і вылюднее прыгожае, ёмкае слова.

Станіслаў Суднік з Сейлавіч.


90 гадоў з дня нараджэння Леаніда Дробава

Леанід Ніканоравіч ДРОБАЎ (6.8. 1926, в. Растаў Акцябрскага р-на - 7.7.2002), беларускі мастацтвазнавец, жывапісец. Доктар мастацтвазнаўства (1984), праф. (1987). Скончыў БДУ (1958), Бел. тэатр-маст. ін-т (1965). З 1964 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Даследаваў бел. жывапіс 19-20 ст. Аўтар кн. "Беларускія мастакі XIX ст." (1971), "Жывапіс Беларусі XIX - пачатку XX ст." (1974), манаграфій "А. Мазалёў" (1976), "А. Шаўчэнка" (1980), "А. Бархаткоў" (1988) і інш. Адзін з аўтараў кн. "Гісторыя мастацтва народаў СССР" (т. 5-9, 1972-82), "Гісторыя беларускага мастацтва" (т. 1-6, 1987-94). Сярод жывапісных твораў: "Партызанская кухня", "Партызанская друкарня", "Трагедыя спаленых вёсак", "Сям'я партызана" (усе 1965), "Аўтапартрэт" (1972), "Успаміны аб юнацтве" (1973), "Вясной павеяла" (1977), "Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў" (1987); пейзажы "Крым. Гурзуф" (1970-я гг.), "Роднае Палессе", "На рацэ Пціч"; нацюрморты "Кветкі палявыя", "Мой дом - мая майстэрня" (усе 1980-90-я гг.). Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Пісьменнік Уладзімір Караткевіч зрабіў літаратурную апрацоўку даследавання Дробава "Беларускія мастакі ХІХ стагоддзя". Іх творчае супрацоўніцтва адкрыла для шырокага кола аматараў мастацтва імёны Ігната Дамеля, Напалеона Орды, Івана Хруцкага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Прыгадвае сын творцы фотамастак Канстанцін Дробаў: "Яны над ёй працавалі з вялікім энтузіязмам. Бацька як навуковец, Караткевіч як пісьменнік. Яна стала падручнікам для маладых мастацтвазнаўцаў, мастакоў. Яна разышлася ўмомант. Гэта асноўная справа яго жыцця. Паралельна ён займаўся жывапісам". Напісаў мастак Дробаў больш як дзвесце карцін.

Творчую спадчыну падсумоўваеУладзімір Басалыга: "Я Лёню добра ведаў. І сёння мы можам весці размову пра Дробава як пра такую постаць, якая знаходзіцца на скрыжаваньні дарог, жывапісца і даследніка. І ў гэтым плане давядзецца згадваць яго, успамінаць…"

Паводле Л.Ф. Салавей, Вікіпедыя.


Не магу застацца абыякавым

Добры дзень, паважаная рэдакцыя!

Не магу застацца абыякавым прачытаўшы ў "Нашым слове" ад 13 ліпеня 2016г. публікацыю старшыні Менскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксандра Давідовіча "Сябрам грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" . Спадар Аляксандр вельмі расчараваны тым, што ніхто з нас, сяброў ТБМ, не адгукнуўся і не падтрымаў ініцыятыву Менскай гарадской арганізацыі, каб кожны сябар ТБМ напісаў ліст кіраўніцтву гіпермаркетаў з прапановай адкрыць у іх хаця б адну касу з беларускай мовай абслугоўвання. Насамрэч дзіўна, што ніхто з сяброў нашага шасцітысячнага грамадскага аб'яднання не адгукнуўся на ініцыятыву менскіх калегаў. Што гэта: абыякавасць, боязь, нязгода з ініцыятывай? У кожнага сябра ТБМ будзе сваё апраўданне ці меркаванне, калі б трэба было адказваць за сваю бяздзейнасць. Лагічна будзе, калі спадар Аляксандр спытае ў мяне, а чаму я не адгукнуўся на ініцыятыву Менскай гарадской арганізацыі ТБМ і не напісаў ліст кіраўніцтву гіпермаркетаў?

Я прынцыпова не згодны з гэтай канкрэтнай ініцыятывай. Аляксандр Давідовіч сам пагаджаецца, што адказы ад кіраўніцтва гіпермаркетаў будуць стандартнымі: а) прапанова прынята для разгляду; б) у Рэспубліцы Беларусь дзве дзяржаўныя мовы, і закон аб мовах дазваляе карыстацца ў дзяржаўным і грамадскім жыцці або беларускай, або рускай мовамі. Нават калі ў якіх - небудзь гіпермаркетах і адкрыюць колькі кас з абслугоўваннем па-беларуску - гэта не вырашае праблему адраджэння беларускай мовы ў дзяржаўным, грамадскім і духоўным жыцці беларускага народа. Колькі ўжо было такіх зваротаў і кіраўніцтва ТБМ, і шараговых сяброў аб'яднання да ўладаў розных узроўняў!? Адказыадпіскі мы ведаем. Яны часта друкуюцца на старонках нашай газеты. Я мяркую, што такімі лістамі, зваротамі да чыноўнікаў, адміністратараў мы як быццам выпрошваем у іх міласціну: адкрыйце хаця б адну беларускамоўную групу ў садку, адзін клас у школе, адну ВНУ... Не трэба нам прыніжацца перад чыноўнікамі. Кіраўніцтву ТБМ, усім сябрам грамадскага аб'яднання трэба дабівацца ад беларускіх уладаў выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У артыкуле 17 Канстытуцыі запісана, што дзяржаўнымі мовамі ў нашай краіне з'яўляюцца беларуская і руская мовы. З гэтай фармуліроўкі вынікае, што дзяржаўныя мовы раўназначныя ў дзяржаўнай дзейнасці. Усе законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы ўрада, рашэнні мясцовых уладаў павінны прымацца і публікавацца на дзвюх дзяржаўных мовах. Вось гэта прынцыпова. Калі мы вядзём гаворку аб адукацыі, то трэба дабівацца ад улад, каб 50% школ, ліцэяў, гімназій, ВНУ былі беларускамоўнымі. Калі мы хочам штосьці змяніць у сферы абслугоўвання, дык нам трэба дабівацца ад чыноўнікаў, каб персанал крамаў, магазінаў, гіпермаркетаў і г.д. валодаў у аднолькавай ступені дзвюмя дзяржаўнымі мовамі. Такія патрабаванні павінны быць да чыноўнікаў, службовых асоб дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, устаноў.

Безумоўна, двухмоўе для любой дзяржавы патрабуе вялікіх бюджэтных выдаткаў. Але ж Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь пагадзіўся з гэтым, калі ініцыяваў у траўні 1995 года рэферэндум, на якім адным з пытанняў было моўнае. Беларусы на рэферэндуме прагаласавалі за роўнасць дзвюх дзяржаўных моў: беларускай і рускай. А вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі разам з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў думалі, што падмануць беларускі народ, унёсшы змены ў закон аб мовах, прапісаўшы там сумнавядомы злучнік "або". Гэты падман трэба выкрываць усімі магчымымі сродкамі. Не прасіць міласціну ў чыноўнікаў, а патрабаваць і змагацца. Змагацца за мову, за беларускасць. Вось тут само сабою ўзнікае пытанне: а ці здольныя мы, сябры ТБМ, на барацьбу за мову? Толькі лістамі - зваротамі дабіцца поспехаў у гэтай барацьбе немагчыма.

Усе сябры ТБМ ведаюць, як у 1952 годзе 21 лютага ў пакістанскай правінцыі Бангладэш студэнты выйшлі на вуліцы гарадоў з патрабаваннем да ўрада Пакістана надаць іх роднай мове бенгалі статус дзяржаўнай. Выступленні студэнтаў падтрымалі жыхары Бангладэш. Людзі былі гатовыя ахвяраваць жыццём за мову. І яны перамаглі. У памяць аб тых падзеях ААН у 1999 г. аб'явіла 21 лютага Міжнародным днём родных моў. Сёння кожны сябар можа супаставіць свае дзеянні ў абарону роднай мовы з дзеяннямі жыхароў Бангладэш. Сорамна нам, праўда? Мы 21 лютага сядзім у якой - небудзь цёплай зале і пішам традыцыйную дыктоўку. А чаму нам хоць бы у гэты дзень не пайсці ў працоўныя калектывы, у школы, гімназіі, ВНУ з расказамі аб тым, як жыхары нашай планеты змагаліся за свае родныя мовы, як і чаму знікаюць мовы, а разам з імі і нацыі, як нашы чыноўнікі ўсё робяць дзеля таго, каб знікла наша родная беларуская мова. А чаму б не выйсці нам у гарадах і пасёлках на пікеты ў абарону роднай мовы? Хто гэта можа арганізаваць? Дзе нашы актывісты? Боязна? Шкада грошай на штрафы? Можа я памыляюся, але ж не чуваць было, каб хтосьці спрабаваў дабіцца дазволу ўлад на пікеты. Мяркую, што ў пасёлках і малых гарадах гэта не будзе вялікай праблемай.

У нашым аб'яднанні, як і ўвогуле ў грамадстве, ужо даўно выспелі змены. Наша абыякавасць да ўсяго, боязь за свой дабрабыт, нерашучасць, безыніцыятыўнасць не толькі перашкаджаюць змаганню за мову, за беларускасць, але могуць наогул пагубіць грамадскае аб'яднанне. Падагульніць свае разважанні хачу цытатай прафесараў Леаніда Лыча і Міколы Савіцкага з іх артыкула ў газеце "Народная Воля" ад 15 ліпеня 2016 г. "Калі ў Беларусі з'явіцца свой Томаш Масарык?": "Беларусь гіне не толькі з-за страшэннага нацыянальнага нігілізму абсалютнай бальшыні народа, не выключаючы і яго самыя элітарныя пласты, але і з прычыны вострага дэфіцыту ў нас смелых людзей, для якіх нацыянальны інтарэс у дзясяткі разоў важней, даражэй за ўтульнае службовае крэсла".

Міхась Спірыдовіч, г.п. Івянец, Валожынскі раён.


З гледзішча народнай праўды

Правамерна сказаць, што напісаная на высокім прафесійным (як гісторыка, так і краязнаўца) узроўні, кніга слуцкага аўтара Анатоля Жука "1920 год на Случчыне" (сталічны выдавец "Белстан", 2016 г., памер - 7,44 ул. друк. арк., тыраж - 80 экз.), з'яўляецца годным унёскам у тэму рокашнай Случчыны. Тэма гэта грунтоўна асветлена ў працах прафесійных гісторыкаў (А. Грыцкевіч, Н. Стужынская, Ю. Віцьбіч і інш.), а таксама ў творах беларускіх літаратараў (В. Быкаў, А. Петрашкевіч, А. Пашкевіч, А. Федарэнка, Н. Арсеннева, М. Краўцоў і інш.), з якімі аўтар добра знаёмы. А. Жук у сваёй працы шырока скарыстоўвае матэрыялы перыёдыкі як таго часу, так і сённяшніх дзён, а таксама архіўныя дакументы, успаміны відавочцаў і ўдзельнікаў падзей 1920 года, энцыклапедычныя даведнікі і інш. Невялікі па памеры гістарычна-краязнаўчы нарыс "1920 год на Случчыне" дакладна, дэталёва (даты, імёны, назвы ваенных фарміраванняў, картаграфічныя і іканаграфічныя матэрыялы) і адначасова маштабна і панарамна праз цярплівае разблытванне не такога ўжо і простага пытання паказвае пярэдадзень Слуцкага збройнага чыну, яго ход і ўсталяванне савецкай улады ў краі. І ўсё гэта падаецца ў кантэксце мясцовай, усебеларускай і маскоўска-варшаўскай імперскіх гісторый.

Ставіў перад сабой аўтар задачу, углядаючыся ў поўныя драматызму падзеі таго часу, паказаць праз чатырохвугольнік праўду на лініі "Народ - Свабода - Улада - Суседзі" невядома, але менавіта так, на наш погляд, у яго атрымалася. І ён гэта напоўніцу выдатна выканаў. Паўтараемся, на наш погляд.

Гаворачы пра пераважную большасць народа Случчыны, з тэксту кнігі (як і з пазіцыі сённяшняга дня) можна смела сказаць, што ён (народ) займаў пазіцыю неабходнасці самастойнага дзяржаўнага жыцця. "Нам не трэба польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў", - гучала і на слуцкай зямлі. Насельніцтва не жадала аднаўлення тут польскай улады, а савецкая ўлада - была страшная. Іх зверскія імперскія "зачысткі" беларусаў пераўзыходзілі ўсякія меры. Сялянства ж наогул з прыязнасцю сустракала весткі аб беларускім руху. Вось яно праяўленне народнай праўды! Гэта адзначалі і акупанты як з аднаго, так і з другога боку. Што ж тычыцца нацыянальнай свядомасці - патрыятызму - нацыяналізму (у лепшым сэнсе гэтага слова), гэта таксама зафіксавана фактамі гісторыі тых дзён. Ні палякі, ні маскоўцы не прызнавалі беларусаў як нацыю, а тым болей іх мову. Пад польскай акупацыяй вывескі-шыльды ў Слуцку вывешваліся па-польску, а пад расейскай - па-руску. А гэта ж ужо быў 1920 год, ужо па ўсёй Беларусі з 1905 года гучалі, звязваючы беларусаў у народ, словы Я. Купалы, Я. Коласа і іншых майстроў беларускага прыгожага пісьменства. Адносна ўзросту ўдзельнікаў збройнага чыну - ён быў самы розны, але пераважала там у асноўным моладзь (глядзі імёны некаторых удзельнікаў таго чыну - стар. 104 - 116). Так яшчэ ў канцы 1919 года Я. Купала, азнаёміўшыся з першым нумарам слуцкай маладзёвай газеты "Наша каляіна" ад 15 кастрычніка гэтага года ў сваім артыкуле "Моладзь ідзе", які быў змешчаны ў газеце "Беларусь" ад 15 лістапада, пісаў: "Сягоння кожны, каму не атуманіла расейская і польская рэакцыя мазгоў, адчуе і разумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваннем сваёй незалежнай Бацькаўшчыны! Цяпер, браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!.. На бок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Ўсходу! Беларуская моладзь ідзе!" Сярод ваяроў Слуцкага збройнага чыну былі школьнікі, гімназісты, студэнты, рабочая і сялянская моладзь.

Свабоду, а не разбэшчанасць беларусы любілі і паважалі заўсёды і за яе часам ахвяравалі жыццём. І ці не таму жыхары Гародні (а яна была пад акупацыяй палякаў) перадалі слуцакам сцяг з надпісам: "Тым, хто пайшоў паміраць за свабоду". Канечне, лепш бы гарадзенцам (і не толькі ім!) самім узняцца і далучыцца да слуцакоў. Дык не, сядзелі, як мышы пад венікам. У гэтым уся наша бяда. Ды і сярод слуцкіх ваяроў, на вялікі жаль, не было часам даверу адзін да аднаго; карацей не заўсёды было адзінства і паразуменне. Ды яшчэ плюс да гэтага правакацыі палякаў.

А ўлада, калі яна - аўтарытарная, тым больш - таталітарная ў адносінах і да свайго насельніцтва, можна меркаваць, як яна ставілася і ставіцца да паняволеных, каланіяльных народаў. Беларусы не бачылі ніякай розніцы паміж польскімі панамі з іх разбэшчанымі бандамі легіянераў, шляхецкіх сынкоў і ўпаўнаважанымі Масквы з іх дэвізам "Нязгодных - да сценкі". Гэта яны сваю злосць і спаганялі на безабаронным, імі ж абрабаваным, беларускім насельніцтвам. Больш таго - акупанты знішчалі знакавых людзей і прысабечвалі культурныя маёмасці Беларусі. Як не прыгадаць тут словы У. Шэкспіра: "Чума на вашыя два дамы"?!. І да сённяшнягя дня ні адзін з тых імперска-ўладных бакоў не пакаяўся за свае злачынствы перад беларусамі. Аб гэтым добра не так даўно сказаў выдатны польскі кінарэжысёр італьянскага паходжання Кшыштаф Занусі. Але імперская закваска не дазваляе ім нават даўмецца да гэтага.

Суседзяў, як кажуць, не выбіраюць. Нам з імі не пашанцавала. Кожны паасобку (палякі і расейцы) прыгнечвалі наш народ. Калі ж была неабходнасць для іх, дык яны нават аб'ядноўваліся супраць нас. Трагічны лёс спасціг многіх удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, калі Польшча выдавала іх Саветам. Саветы каралі смерцю нават тых, хто быў супраць польскай акупацыі. А яшчэ суседзі нашы - Польшча, Расія і прадстаўнікі паняволенай Украіны, не дазволіўшы сабе запрасіць Беларусь у Рыгу, падзялілі яе летам у 1921 годзе на Заходнюю (пад Польшчу) і Усходнюю (пад Саветы). "Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы - цёмных дарог махляры…" (Я. Колас).

Пра ўсё гэта і многае іншае ў сувязі з 1920 годам на Случчыне даведаецца зацікаўлены чытач з гэтай кнігі. І ўсё ж сваю вялікую і рупную працу аўтар заканчвае на аптымістычнай ноце: "Слуцкі збройны чын 1920 года - адметная падзея ў гісторыі нашага краю, якая арганічна ўпісваецца ў працэс фарміравання нацыянальнай свядомасці беларускага народа, сведчыць аб яго імкненні да незалежнасці і суверэнітэту".

А ў заключэнне нельга не сказаць колькі слоў пра лёс кнігі А. Жука ў яго родным Слуцку. Так, кіраўнік раённага аддзялення "Мінскаблсаюздрук" адмовілася набыць яе ў аўтара для продажу праз кіёскі. Праігнаравала прапанову набыць некалькі экзэмпляраў кнігі і дырэктар раённай цэнтральнай бібліятэкі. У дадзеным выпадку атрымліваецца: у Слуцку - не па-людску. А набыць кнігу А. Жука "1920 год на Случчыне" з закладзенымі ў ёй аб'ектыўнымі інфармацыйнымі і інтэлектуальна-маральнымі пасыламі і іх тлумачэннямі можна ў Менску ў краме "Акадэмкніга".

Яўген Гучок


"Газета Слонімская" № 1000

Выйшаў 1000-ны нумар незалежнага рэгіянальнага выдання "Газета Слонімская", з чым шчыра віншуем нашых калегаў і ў многім аднадумцаў.

Святочнае мерапрыемства (рэкламную акцыю) з нагоды выхаду 1000-га нумара праводзіла не ў скверы ў цэнтры горада, а больш лакальна, - паведаміў галоўны рэдактар і выдавец "Газеты Слонімскай" Віктар Валадашчук. Правесці мерапрыемства не дазволілі ўлады.

- Загадзя падалі заяўку ў райвыканкам, каб нам дазволілі правесці мерапрыемства - нашу рэкламную акцыю ў цэнтры горада. Аднак, на вялікі жаль, нам адмовілі ў правядзенні гэтага мерапрыемства. І таму вырашылі правесці на прыватным падворку. Мы рэгіянальная газета, мы рабілі тое, што і павінны рабіць - выдаваць газету, скажам так, на добрым прафесійным узроўні. Як гэта ў нас атрымалася - няхай пра гэта гавораць наш чытач і нашы рэкламадаўцы. Падчас мерапрыества 33 слонімцы сталі пераможцамі ў конкурсах і віктарынах і атрымалі памятныя падарункі. Грошы, сабраныя падчас акцыі (можна было купіць свежы выпуск газеты), пойдуць на лячэнне хворай дзяўчынкі.

Улад Грынеўскі


У Лідзе нават кангалезцы спяваюць па-беларуску

У Лідзе падчас правядзення фестывалю нацыянальных культур выступілі слухачы Беларускай вайсковай акадэміі, афіцэры-лётчыкі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Яны парадавалі мяцовых жыхароў, выканаўшы песню па-беларуску. Для выканання госці з Конга абралі вядомую песню "Алеся" на словы Аркадзя Куляшова. Гэта твор з рэпертуару легендарных "Песняроў".

Трэба адзначыць, што ўвесь канцэрт вёўся па-беларуску. Па-беларуску вітальнае слова сказаў і старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Канстанцінавіч Карповіч.

Наш кар.


Караткевіч будзе на эсперанта

У Беластоку адбылася прэзентацыя рамана Баляслава Пруса "Лялька" ў перакладзе на мову эсперанта. Кніга выйшла дзякуючы намаганням Беластоцкага таварыства эсперантыстаў і "Падляшскай ксёнжніцы". Як падкрэслівае перакладчык Тамаш Хмелік, дзякуючы такім перакладам, людзі ва ўсім свеце могуць знаёміцца з творчасцю польскіх класікаў.

- Гэта дало новае жыццё кнізе. Вельмі прыемна, калі нехта заўважае падобную працу, калі цэніць. Тут ёсць сімпатычныя людзі, якія падходзяць, пытаюцца. Я цешуся, што кніга ідзе да людзей, яе будуць чытаць. Ёсць тут свая асаблівасць: цяпер кнігу, якая напісана на малой мове, могуць чытаць на цэлым свеце. Цяпер яна можа свабодна вандраваць. Цяпер можам чакаць пераклады на японскую, на кітайскую мову.

Тамаш Хмелік таксама пераклаў творы беларускага пісьменніка Сакрата Яновіча на мову эсперанта. Яго чарговым выклікам з'яўляецца пераклад рамана Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні".

Уля Шубзда


Будучыя сумесныя беларуска-нямецкія праекты ў галіне ўстойлівага развіцця абмеркавалі ў Гародні

Навіны Германіі

Перспектывы сумесных беларуска-нямецкіх праектаў абмеркавалі ўдзельнікі сустрэчы па наладжванні партнёрства і абмене досведам ў галіне ўстойлівага развіцця, якая прайшла ў Гародні 28 ліпеня і была арганізавана АДБ "Брусель" у межах праграмы "Дом узаемаразумення" ў партнёрстве з Праграмай падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі. Сацыяльная праца, валанцёрства, аднаўленне балот і інавацыі ў сельскай гаспадарцы ды энергетыцы - кірункі супрацоўніцтва, у якіх сёння зацікаўлены беларускія і нямецкія НДА.

На сустрэчы ў Гародні прадстаўнік Фонду імя Міхаэля Зукава (Германія) Вендалін Віхтман распавёў пра нямецкі досвед у аднаўленні балот і працу Грайсфальдскага цэнтра па вывучэнні балот - у справе выкарыстання навуковых даследаванняў у фармаванні палітыкі экалагічнага менеджменту тэрыторый з каштоўнай прыроднай спадчынай.

Прысутнасць фонду на сустрэчы ў Гародні невыпадковая: па словах Вендаліна Віхтмана, сёння ўстанова зацікаўлена ў ачыстцы вод Панямоння, забалочванні тарфянікаў, аднаўленні мясцовых экасістэм.

Апроч захавання прыроднага багацця, якое мае ўплыў на глабальны экалагічны баланс, фонд мае і іншыя мэты: пабудову поўных ланцугоў вытворчасці біямасы, выкарыстання яе ў альтэрнатыўнай мясцовай энергетыцы (з працай на сенажацях і нарыхтоўкай мясцовых паліўных рэсурсаў). Таксама Фонд імя Міхаэля Зукава мае намер падзяліцца досведам развіцця мясцовага турызму і асветніцтва ў сферы захавання водна-балотных тэрыторый. Як адзначыў спадар Вендалін Віхтман, фонд гатовы ажыццяўляць у Беларусі праекты для мясцовага насельніцтва і турыстаў па назіранні за птушкамі, веславанні на байдарках, асветніцкай працы па тэме захавання балот і тарфянікаў ды г.д.

Пра накірункі сацыяльнай працы і магчымыя вобласці супрацоўніцтва з беларускімі арганізацыямі распавяла Зара Эрдман з Міжнароднага саюзу "Берлін-Брандэнбург".

Гэта арганізацыя працуе з мігрантамі, беспрацоўнай моладдзю, цяжкімі падлеткамі ды іншымі мэтавымі групамі. Установа займаецца прафесійнай адукацыяй і падрыхтоўкай да працы тых маладых людзей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або маюць дывіянтныя паводзіны, цяжкасці ў атрыманні адукацыі, рызыку ўчынення злачынстваў, інш.).

Міжнародны саюз "Берлін-Брандэнбург" дапамагае такой моладзі атрымаць адукацыю і прафесійную падрыхтоўку для далейшай працы ў разнастайных сферах: дрэваапрацоўцы, будоўлі, продажах, кулінарыі, цырульнай справе, ландшафтным дызайне, садаводстве, офісным менеджменце і г.д. Таксама гэтая нямецкая арганізацыя займаецца развіццём валанцёрства, каардынацыяй моладзевай працы. Сёння Міжнародны саюз "Берлін-Брандэнбург" працуе ў Паўднёва-Ўсходняй Еўропе, Турцыі, Расійскай Федэрацыі, Кітаі, Польшчы, Таджыкістане, Грузіі, Расіі ды інш. Арганізацыя прапануе таксама кансультацыйныя паслугі для ўрадаў, прыватнага сектара і грамадзянскай супольнасці многіх краін.

Удзельнікі сустрэчы па наладжванні беларуска-нямецкага партнёрства і абмене досведам ў Гародні абмеркавалі агульныя праблемы, якія сёння паўстаюць перад арганізацыямі ў Беларусі і Германіі: экалагічныя пытанні, прадухіленне ўцягвання моладзі ў крымінальную актыўнасць, развіццё валанцёрства і нефармальнай адукацыі, прафілактыка алкагольнай залежнасці і да т.п.

Прадстаўнікі беларускіх і нямецкіх арганізацый пазнаёміліся з мэтамі Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі ў галіне сацыяльнай працы і ўстойлівага развіцця. Так каардынатар кірунка "Арганізацыйнае развіццё" Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Раў Сяргей Лабода паведаміў пра магчымасці ўдзелу ў міжнародным конкурсе на фінансаванне сумесных праектаў у межах 8-га этапа Праграмы, якая разлічана на 2017-2019 гады. Па яго словах, умовы ўдзелу ў конкурсе для арганізацый Беларусі і Германіі будуць абвешчаны напрыканцы жніўня 2016 года.

Наш кар.


У Полацку на свята Перамянення Госпада грэка-католікі прэзентавалі "Псалтыр" А. Надсана

У Полацку ў грэка-каталіцкай парафіі святой Параскевы Полацкай 6 жніўня, у свята Перамянення Госпада, адбылася прэзентацыя новага грунтоўнага выдання з галіны айчыннай біблійнай спадчыны, - "Псалтыра" (кнігі Псальмаў Давіда) у перакладзе а. Аляксандра Надсана.

Прэзентацыі кнігі была прымеркаваная адразу да дзвюх датаў - 8 ліпеня нядаўна памерламу а. Надсану споўнілася б 90 гадоў. Другая дата амаль круглая - 499 гадоў таму ў Празе, у дзень свята Перамянення Госпада, Францішак Скарына надрукаваў "Псалтыр" - першую кнігу на беларускай мове, якая сталася адначасова першым рэлігійным выданнем па-беларуску.

- Гэтая падзея сталася сапраўдным Святам Перамянення нашай нацыі на шляху хрысціянства і цывілізаванасці, - разважае рэдактар выдання, біблііст, рыма-каталіцкі святар Сяргей Сурыновіч з Друі. Таксама ў сваім разгорнутым ўступе да кнігі кс. Сурыновіч ўводзіць чытача ў біяграфію перакладчыка і знаёміць з Септуагінтай - старагрэцкай версіяй Святога Пісання, яе значэннем у Новым Запавеце і ва Ўсходняй Царкве.

Выданне "Псалтыра" - грандыёзнай працы жыцця а. Надсана - запачаткаваў яго пераемнік у Лондане, душпастыр беларусаў Вялікабрытаніі, грэка-каталіцкі святар а. Сяргей Стасевіч, маючы мэтай ушанаваць такім чынам шлях святара і беларуса, які цягам усяго жыцця служыў Бацькаўшчыне на чужыне.

Айцец Сяргей Стасевіч ініцыяваў супольную падрыхтоўку выдання, сабраўшы каманду аднадумцаў: уступную і заключную малітву, змешчаныя ў кнізе, падрыхтаваў а. Аляксандр Аўдзяюк, карэктуру кнігі рабіла перакладчыца і літаратарка Крысціна Курчанкова, мастацкае афармленне кнігі здзейсніла мастачка Алена Ткачова, адмысловы шрыфт на падставе кнігаў Скарыны распрацаваў Антон Брыль, унук Янкі Брыля.

Прэзентацыі кнігі, якая адбылася ў прыходзе з удзелам Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыта Сяргея Гаека, і барда, аўтара і выканаўцы духоўнай лірыкі Арцёма Сітнікава, папярэднічала Боская літургія, падчас якой настаяцель прыхода а. Аляксандр Шаўцоў заклікаў вернікаў да духоўнага перамянення, у т. л., з дапамогай Святога Пісання на роднай мове, а таксама, згодна з усходне-хрысціянскай традыцыяй, асвяціў дары зямлі - вінаград, яблыкі і грушы, якімі пасля частаваліся вернікі, кіруючыся на прэзентацыю ў прыходскую залю.

На працягу жыцця а. Аляксандр Надсан рабіў велізарную працу па перакладзе літургічных тэкстаў візантыйскай традыцыі. Плён яго працы за дваццаць гадоў - поўны збор багаслужбаў. Цяпер гэтая праца даступная беларускім вернікам.

krynica.info.


Рэфэраты аб Менску*

І. Камунальная гаспадарка

Грамадзянін М. Клім - айчым Ф. Аляхновіча два месяцы назад прыбыў з Менску да Вільні. Як колькігадовы жыхар савецкага Менску ён шмат чаго цікавага ведае пра сталіцу Савецкае Беларусі. 5-га гэтага кастрычніка ў памяшканьні Беларускага Інстытуту Гаспадаркі i Культуры ў Вільні гр. Клім прачытаў рэфэрат аб Менску i яго цяперашняй гарадзкой гаспадарцы.

Гарадзкая Менская Рада (горсовет) загадвае гаспадаркаю ня толькі самога гораду Менску, але і землямі ў 10-верставым радыюсе вакол гораду.

Менск налічвае цяпер 130.000 жыхароў. Адчуваецца, як сказалі-б па-нашаму, недахоп кватэраў, а па-бальшавіцку - недахоп жилплощади, г.зн, плошчы для памяшканьняў.

Менскія жыхары пражываюць у пакоях, а не ў кватэрах: на кожную асобу вызначана ўсяго па 2 квадратныя сажні плошчы падлогі. Сам аўтар рэфэрату меў пакой з плошчаю падлогі ў 5,2 кв. сажняў на сябе i на жонку, i яго ўлады выселілі ў меншае памяшканьне, дакучаючы перад гэтым рознымі спосабамі: то пасялялі ў яго ашчэ аднаго жыхара, то загадвалі перагарадзіць памяшканьне, аж пакуль ня змусілі высяліцца ў меншае.

Навуковыя работнікі (прафэсура) дастаюць дадатковыя 2 квадратныя сажні плошчы памяшканьня.

Гарадзкія будынкі вартасьцю больш, як 10 тысяч рублёў знацыяналізованы i змуніцыпалізованы, г. зн, належаць да дзяржавы (большые будынкі) i да гораду.

Дамы вартасьцю да 10 тысяч рублёў пакінуты ix уласнікам разам з гародчыкамі пры ix.

Гарадзкая зямля, як у самым горадзе, так i ў 10-верставой зоне за горадам здаецца ў арэнду жыхаром з тэндэнцыяй здаваць яе цэлым установам з мэтаю калектыўнага карыстаньня. Але паміж самымі нават дробнымі арандатарамі саду пры якім-небудзь доме заўсёды выходзілі непаразуменьні пры падзеле прадуктаў. Дробнымі дзялянкамі асобныя сем'і ахватней бяруць гарадзкія землі ў арэнду, i гэты спосаб карыстаньня найчасьцей праўляецца. Памяшканьнямі i землямі загадваюць г.зв. "жакты", ix у Менску 27, па ліку раёнаў. Спробы падзелу зямельнае прадукцыі паводле ліку "трудаднёў", патрачаных на апрацоўку зямлі кожным асобным арандатарам, таксама не давялі да ладу і, як правіла, землі арандуюцца acoбнымi дзялянкамі (вучасткамі).

Горад за час войнаў моцна пацярпеў i бальшавіком прышлося падумаць аб рамонце дамоў, якога ніхто не рабіў за ваенна-рэвалюцыйны час,

Перад першаю "пяцілеткаю" ў эпоху г. зв. НЭПу (1923-1927 гг.) бальшавікі спрытна ашукалі былых домаўласьнікаў, нібы вяртаючы ім дамы, калі ўласьнікі гэтыя начнуць ix рамантаваць. На рэмонт выдаваліся нават пазыкі ўласьнікам з заложанага Камунальнага Банку. Пазыкі былі ад 2 да 4 тысяч рублёў. У часе НЭПу жыцьцё ў горадзе ажыло, пачалі будавацца прыватныя дамы на 2 кватэры на пазыкі з таго-ж Камунальнага Банку. Дзеля таго, што ў вёсках пакідалі "кулаком" (заможнейшым сялянам) усяго 10 дзесяцін зямлі, рэшту яе адбіраючы ад ix, заўважаўся ў часе НЭПу вялікі наплыў у горад вясковага насяленьня: кулакі кідалі гаспадаркі i будавалі ў горадзе дамкі.

Скончылася ўсё гэта, як ведама, "разгромам спэкулянтаў" пасьля НЭПу, "кулакі" i ўласьнікі дробнага гандлю ссылаліся ў Сыбір ды на Салоўкі. Дамы ізноў былі знацыяналізаваны i змуніцыпалізаваны.

Пачалася ўрадовая будова г.зв. стандартных дамоў (з дзерава) для студэнства i наагул для вучнёўскае моладзі i будова іншых вялікіх будынкаў для розных урадавых установаў.

Гэтак у 1925 годзе пабудаваны быў унівэрсытэцкі гарадок каля вакзалу б. Лібава-Роменскае чугункі. Пастаўлены вялізарны "Дом Ураду" для ўсіх камісарыятаў у 1930 годзе. Будынак гэты мае 9 паверхаў, плошча падлогі ў ім 200.000 кв. мэтраў. Пабудавана клініка на Камароўцы, лазьня (3-я ў горадзе) на Ляхаўцы. Недахоп лазьняў адчуваецца вельмі востра, таксама, як i недахоп мыла, замест якога ўжываецца г.зв. "мыльная паста".

Замест даўнейшае конкі па горадзе ходзіць электрычны трамвай, але функцыянаваньне яго даволі часта затрымліваецца з прычыны недахопу электрычнага току,

1932 году асьветлены электрычнасьцю акраіны гораду. Але электрычнасьць гэтая сьвеціць цьмяна i разы 8-4 за вечар гасьне. У цэнтры, дзе разьмяшчаюцца розныя ўрадавыя ўстановы ды жывуць савецкія саноўнікі электрычнасьць ня гасьне. Як прычыну няспраўнасьцей улады заўсёды называюць "шкоднікаў". Два інжынэры былі расстраляныя, а сямёх павысылалі за шкодніцтва.

Быў, напр. выпадак, што ў часе важнае апэрацыі, робленай вядомым хірургам д-рам Шапірай, раптам пагасла электрычнасьць доктар памёр ад разрыву сэрца, а пацыент таксама загінуў. Спэцыяльнасьць д-ра Шапіры так моцна бралася пад у вагу бальшавікамі, што яму пазволена было мець сваю бальніцу.


На пытаньні сабраных гр. Клім даў таксама цікавыя адказы.

Нехта пытаецца, ці праўда, што пабудованы ў Менску Дом Селяніна.

- Будаваўся гэткі дом, - пачуўся адказ, - але вы думаеце, што калі ён называўся Домам селяніна, дык там быў які-небудзь селянін? Цяпер у гэтым доме цэнтральны камітэт Камуністычнае Партыі.

Архірэйскі i Юбілейны дамы разбудованы, i цяпер там будынак Чырвонае арміі.

Будынак Жаноцкага манастыра па Прэабражэнскай вуліцы заняты Саюзам Коопэрацыі.

У былой Сынагозе - Жыдоўскі Тэатар.

У Чырвоным касьцёле на Захараўскай вуліцы, збудаваным калісь коштам абшарніка Вайніловіча, месьціцца цяпер Польскі Тэатр.

Каталіцкі Катэдральны Касьцёл існуе, бо недалёка ад яго месьціцца польскі консулят, дзе даволі шмат служачых-каталікоў, якія ходзяць маліцца ў гэты касьцёл.

Праваслаўны Катэдральны Сабор абернены бальшавікамі, пасьля разбудоўкі яго, у элеватар (вялікі магазын збожжа, якое звозіцца сюды з калгасаў i совгасаў кожны год 1-га кастрычніка).

Разбудованы б. завод Янсона, які завецца цяпер заводам імя Ворошылова.

Пабудована бальшавікамі ў Менску вялікая галянтарэйная фабрыка.

Кожны савецкі грамадзянін 5 дзён працуе, а ў шосты (выхадны) дзень адпачывае, што адбываецца вельмі "ўмоўна", бо заўсёды знойдуцца якія-небудзь "ударныя" работы, як расчыстка сьнегу ў часе зімовых завеяў, зборы з палёў летам i інш. Існуе агульная "трудавая" павіннасьць, ад якой не звальняецца нават i студэнская моладзь.

Студэнты прымаюцца ў ВУЗы (вышэйшыя школы) паводле г.зв. "кантрактацыі". Студэнт павінен падпісаць пэўны кантракт, паступаючы ў той ці іншы ВУЗ (па-расейску "ВЫСШЕЕ УЧЕБНОЕ ЗАВЕДЕНИЕ") i мусіць выпаўняць усё, чаго зажадае ад яго ўлада, згодна з падпісаным кантрактам. I ня дзіва, што летам у часе палявых збораў студэнская моладзь масамі скіроўваецца на палявыя работы ў ударным парадку.


Грамадзянін Клім дэкляраваў мець яшчэ некалькі гутарак аб жыцьці ў Менску.

Сабраныя шчыра дзякавалі г-ну Кліму за яго рэфэрат i засыпалі яго пытаньнямі рознага роду, хоць гэтым разам ён прасіў абмежавацца толькі аднэю камунальнаю гаспадаркаю Менску.

II. Бытавыя варункі

У пятніцу 12-га кастрычніка г. г. грам. Клім меў 2-гі свой рэфэрат на гэткую тэму ў Бел. інстытуце Гаспадаркі i Культуры.

Грам. Клім чалавек немалады, гадоў за 65, усё сваё жыцьцё правёўшы ў працы, быў i ў Менску працаўніком (бугальтарам) Мэліёрацыйнага трэсту, зарабляючы па 3 руб. 70 кап. у дзень: да гэтага яшчэ даходзіла невялічкая "эмэрытура" г-на Кліма.

Як-жа можа жыць падобны працаўнік у псэўдасоцыялістычнай дзяржаве?

Паводле словаў г-на Кліма, выказваных бяз ніякае тэндэнцыі, проста так па-людзку маляваўшых тое, што ён сам перажываў, - вялікая бяда для савецкага грамадзяніна ў халодную пару - гэта справа апалу. Жыхары Менску, як работнікі так i вураднікі, студэнты i іншыя, проста бяз коняў, на сабе цягалі дровы, скуль было можна ў эпоху ваеннага камунізму. А калі надыйшоў НЭП, дык палепшылася i справа апалу. Дровы i нават вугаль дастаўляўся ў Менск прыватнікамі-спэкулянтамі. Перад тым, дык зусім былі парасьцягваны дзеравянныя платы вакол сядзібаў i ўжыты на апал.

Ня лепш выглядала i справа асьвятленьня. У пэрыяд 1921-1923 г.г. зусім ня было ў горадзе газы. Пры НЭПе яна зьявілася таксама; людзі рабілі запасы газы, налівалі цэлыя бочкі i ванны, у каго яны былі. Пасьля НЭПу усё гэта канфіскавалася. Ня маючы газы, жыхары прыдумвалі розныя прымітыўныя спосабы асьвятленьня сваіх памяшканьняў. У 1927-1928 г. г. цана літра газы была 30 кап. на картачкі, цяпер больш як рубель за літр. Цяпер газу дастаць цяжка, савецкі транспарт зруйнаваны страшэнна. Раней газа выдавалася па 2 літры на чалавека, цяпер толькі 1 літр на аснаўнога работніка. Асноўным работнікам завецца той член сям'і, які сам беспасярэдня зарабляе, а тыя, хто знаходзіцца на яго ўтрыманьні, па-бальшавіцку завуцца "иждивенцамі". Купіць газу выпадкова "з-пад палы", г. зн. у нелегальным прыватным гандлі можна часам, але цана тут яе - 5 рублёў за літр.

Цікавы парадокс: бальшавікі хваляцца тым, што яны скасавалі клясы. Калі гаварыць аб старых дарэвалюцыйных соцыяльных клясах, дык гэта ў пэўнай меры так. Але-ж бальшавікі вытварылі нешта вельмі падобнае.

У сэнсе распадзелу харчоў, апалу, сьвятла, вопраткі, абутку i іншых рэчаў першае патрэбы, савецкія жыхары дзеляцца на дзьве катэгорыі: 1-ю i 2-ю, Кожная з гэтых катэгорыяў, у сваю чаргу, дзеліцца на 3 сьпісы i гэткім спосабам вытварана аж 6 групаў жыхароў, нібы б соцыяльных клясаў новага рэжыму. Да 1-е катэгорыі жыхароў належаць работнікі цяжкае фізычнае працы i навуковыя працаўнікі. Сярод гэтае першае катэгорыі ёсьць яшчэ i партыйная вяршынка: вылучэнцы, ударнікі, камісары. Яны маюць той прывілей, што бяз картачак атрымліваюць прадукты ў г. зв. "закрытых распределителях", куды звычайны сьмяротны доступу ня мае.

Харчуюцца жыхары ў савецкіх сталоўках, якія ёсьць пры кожнай установе Установа робіць контракт з тым ці іншым калхозам або совхозам на дастаўку харчоў для яе сталоўкі. Да 1926 году сталоўкі значэньня ня мелі, жыхары харчаваліся сяк-так дома, бо хлеба тады давалі яшчэ па кілёграму на чалавека, цяпержа ад 150 да 800 грамаў на аснаўнога работніка, у залежнасьці ад таго, да якое групы работнік гэты належыць. На "иждивенцев" ня выдаюць нічога.

Цікавы контраст цэнаў, якія можна падзялiць аж на чатыры групы. У той час, як хлеб, напр., у Торгсине (торговля с иностранцами) купіць можна за 10 капеек кілё, у коопэратывах ён каштуе 50 кап. кілё, у дзяржаўным гандлі (госторг) 1 руб. 50 кап. кілё, у прыватным гандлі 3-4 рублі кілё. Гэткім чынам істнуе: Торгсин, коопэрацыя, дзяржаўны гандаль і спэкуляцыя, або гандаль прыват-ны, які строга прасьледуецца. У Торгсине купляць тавары можна толькі за золата або за чужаземную цьвёрдую валюту. Кілё цукру, напр., каштуе ў Торгсине 50 капеек, у коопэрацыі 5 рублёў, у дзяржаўным гандлі 15 рублёў.

Утрыманьне ня толькі каровы, а нават i курыцы зрабілася для жыхара немагчымым, бо старая бульба ў чэрвені 1934 г. каштавала 15-20 руб. пуд, ячмень - 65-70 руб. пуд.

Апал цяпер таксама дарагі: 60 - 45 руб, воз.

Які паёк нават жыхара 1-й катэгорыі, навуковага працаўніка, інжынера, які выкладае ў ВУЗе можна бачыць з гэткага прыкладу: на месяц чэрвень сёлетняга году інжынер атрымаў: паўтара кілё цукру, 1 кілё круп, 1 кілё макаронаў i 1 кілё селядцоў, па коопарацынай цане. А сям'я ў інжынера - 6 душ. Жыхары 2-е катэгорыі нічога, падобнага да гэтага скромнага пайка, не атрымліваюць. Селядзец у Менску лічыцца вялiкім ласункам.

Стаўкі навуковых працаўнікоў (прафэсуры) ад 450 да 800 рублёў. Пайкі выдаюцца не дарма, а за плату.

Усякія сабраньні жыхароў больш як 5 асобаў строга забаронены. На ix трэба прасіць дазволу ў ГПУ. Калі адзін, напр., прафэсар, сьвяткуючы імяніны свае жонкі, заявіў дамоваму сторажу, што ў яго будуць госьці, дык той спытаўся, колькі будзе чалавек? Пачуўшы адказ, што можа быць чалавек 15-20, стораж казаў прасіць дазволу, бо ён мусіць заявіць міліцыі. Калі прафэсар прасіў дазволу, дык ГПУ патрэбавала ад яго паіменны сьпіс гасьцей і, пераглядзеўшы гэты сьпіс, проста заявіла, што сабраньне можа адбыцца, бо сярод гасьцей ГПУ мае сваіх 3 чалавекі.

На пытаньні прысутных г-н Клім даў гэткія адказы аб справе харчаваньня ў Менску:

Мясны абед на заводах каштуе 1 рубель з капейкамі, у сталоўках пры ўрадавых установах 1 р. 20 к. - 1 руб. 50 кап. Абед гэткі складаецца з баршчу ці супу i аднае лыжкі кашы. Два разы ў тыдзень бывае мяса: порцыя велічынёю ня большая за скрыначку ад сернікаў. Для навуковых працаўнікоў у іхных сталоўках абеды крыху лепшыя, мясныя, па цане 2-3 руб.

Студэнт дастае 300 грамаў хлеба ў дзень. У студэнцкіх сталоўках на абед даюць таксама суп i кашу на маргарыне.

Абед для чужаземцаў у Эўропэйскай гасьцініцы каштуе 5-10 рублёў. Чужаземцам даюць нават булкі, якіх савецкі жыхар ніколі i ня бачыць.

Як-жа адбываецца сякі-такі прыватны гандаль прадуктамі?

Трэба сказаць, што індывідуальны гаспадар, г. зв. "единоличник" мае права прадаць у горадзе лішку свае прадукцыі, калі дастане пасьведчаньне, што ён усе свае падатковыя павіннасьці споўніў.

Савецкая коопэрацыя правальваецца. На 1932 г. напр., Цэрабкоп (цэнтральная работніцкая коопэрацыя) у Менску даў дэфіцыт у 2 мільёны рублёў.

На пытаньне. ці можна ў Менску паправіць боты, калі яны паднасіліся, пачуўся адказ, што падбіць падноскі ў ботах (гумовыя) каштуе 25 руб.

Боты каштуюць 8-10 рублёў у Торгсине i 50-70 рублёў у дзяржаўным гандлі.

Абутак i вопратка таксама выдаецца па картачках...

III. Народная асьвета

У пятніцу 19 гэтага кастрычніка грам. Клім расказваў аб народнай асьвеце ў БССР.

Наагул асьвета ў Савецкім Саюзе перажывае гэткія самыя экспэрымэнты, як i іншыя галіны жыцця.

Спачатку існавалі 3-годкі i 5-годкі (ніжэйшыя школы). Пасьля гэтых школаў прайшоўшы агульна-адукацыйныя (сярэднія) курсы, вучань мог паступаць у ВУЗы i ВТУЗы (высшие учебные заведения и высшие технические учебные заведения). Цяпер бальшавікі імкнуцца пазакладаць 9-годкі (сярэднія школы), з якіх па конкурсовых экзаменах можна паступаць у ВУЗы i ВТУЗы.

Дзеля таго, што пры паступаньні ў вышэйшыя школы бярэцца пад увагу соцыяльнае паходжаньне будучага студэнта, маладыя людзі стараюцца абходзіць гэты парадак, калі паходжаньне ix бацькоў было непрацоўным. Вучань, пасьля сярэдняе школы ідзе ў які-небудзь калхоз або совхоз i адбывае там работніцкі стаж у працягу якога-небудзь году ці больш, а пасьля ўжо дэлегуецца ў ВУЗ ці ВТУЗ, як сябра таго ці іншага прафэсіянальнага саюзу.

Аднак ён заўсёды можа быць выкрыты сваімі калегамі-студэнтамі ў ВУЗу цераз сьценгазэту i вычышчаны з ВУЗу, калі, напрыклад, бацька яго быў духоўнікам, заможнікам, абшарнікам i г. д.

Сьцен-газэты - гэта органы даносаў, робленых публічна самымі студэнтамі адзін на аднаго.

Ня гледзячы на розныя дробныя прывілеі, моладзь апошнім часам ня хоча паступаць у вышэйшыя школы, таму кожны студэнт за канікулярны час павінен завербаваць яшчэ двух маладых людзей у тую вышэйшую школу ў якой ён вучыцца.

Студэнты прымаюцца па кантракце, якім абавязваюцца служыць пасьля скончаньня вышэйшае асьветы ў Беларусі i наагул выпаўняць усе загады.

Навука ўва ўсіх савецкіх школах бясплатная, ні за навуку, ні за падручнікі i розныя навуковыя прылады плаціць ня прыходзіцца.

Кошты навукі пакрываюцца з падатку свайго роду на гэтую мэту, які завецца зборам на культурнае будаўніцтва, сьцягваным з усяго жыхарства.

У школах істнуюць камітэты вучняў i камітэты бацькоў усюды.

Студэнт атрымлівае стыпэндыю 60-100 руб. у месяц, на якія ён i павінен жыць. Абеды ў студэнцкіх сталоўках каштуюць ад 45-50 кап. да 1 рубля.

Ёсьць пры выш. школах інтэрнаты, дзе жывуць разам як студэнты, так i студэнткі. Гэткі парадак вядзе часта да вельмі неморальных рэзультатаў. Калі ад сужыцьця пары маладых людзей здараецца патомства, дык маці нованароджанага лёгка можа высудзіць (цераз мэдыцынскую нават экспэртызу айцоўства) належныя на дзіця алімэнты, але маладыя хлопцы ўхіляюцца ад гэтага тым, што мяняюць прозьвішчы (гэта ў саветах вельмі лёгка) i ўцякаюць у іншую мясцовасьць, дзе ix вельмі i вельмі трудна знайсьці.

Раней адміністравалі ў школах загадчыкі, а цяпер заўважваецца поўны паварот да старых назоваў: школамі кіруюць рэктары, дырэктары, ёсьць у ix інспэктары, як i даўней. Начальнік гэткі - сам адзінаасабова рашае справы адміністраваньня школаю.

Пераважаюць сярод студэнтаў беларусы. Усіх студэнтаў у Менску больш, як 3000.

Расейскіх сярэдніх школ у Менску ёсьць толькі 4. Апрача беларускага, ёсьць жыдоўскі i польскі пэдагогічныя інстытуты (пэдтэхнікумы).

Факультэты ў унівэрсытэце завуцца інстытутамі. Ніякіх экзаменаў пры скончаньні курсу ўсіх школаў раней ня было, а вучню або студэнту проста выдавалася пасьведчаньне, што ён праслухаў курс тае ці іншае школы. Цяпер i ў гэтым сэнсе вярнуліся да старога парадку: канчаючы школу, вучань ці студэнт павінен здаваць экзамен.

Школьная сетка наагул даволі густая, аднак не разьвінута яшчэ да поўнае меры, як гэта відаць з заяваў офіцыяльных прадстаўнікоў савецкае асьветы ў БССР. У кожным мястэчку ці большым сяле ўлады стараюцца залажыць сярэднія школы 9-годкі.

Для камуністаў, ударнікаў i чырвоных партызанаў існуе РАБФАК (работніцкі факультэт), які зьяўляецца сярэдняю школаю. З Рабфаку яны ідуць у КАМВУЗ (камуністычны унівэрсытэт), праходзячы там палітграмату ў пашыраным разьмеры.

Ня гледзячы на тое, што ўжо даўно, яшчэ ў часе кіраваньня асьветнымі справамі народным камісарам Баліцкім (сасланым на Салоўкі), ўлады хваліліся поўным выкараненьнем няпісьменнасьці, ёсьць яшчэ шмат анальфабэтаў у веку 45 i болей гадоў.

Палажэньне пэдагогаў ува ўсіх школах вельмі цяжкае; пэнсіі ня выплачваюцца ім па паўгода.

Прафэсіянальная, тэхнічная асьвета пераважае ў саветах.

Газэты цяпер дарма не раскідаюцца бальшавікамі. Гэткая "Зьвязда", напрыклад, выходзіць у ліку 30-40 тысяч экзэмпляраў i яе трэба набываць за грошы. Праўда, што падпіска на яе выглядае на прымусовую. Расейская газэта "Рабочий" мае тыраж у 50 тысяч экзэмпляраў.

У школы ўводзіцца выкладаньне гісторыі i географіі. Раней гэтыя прадметы зусім не выкладаліся.

IV. Земляробства ў БССР

1-га кастрычніка г.г., гр-н Клім меў гутарку аб земляробстве ў Беларускай Савецкай Рэспубліцы.

Як ведама, бальшавікі правялі экспропрыяцыю, ці вярней нацыяналізацыю ўсяе зямлі на абшары былое Расеі, г. зн., што ўся зямля перайшла на ўласнасьць савецкае дзяржавы.

Спачатку ішоў, пачаты яшчэ ў керэншчыне самым сялянствам, стыхійны падзел бліжэйшых двароў. Калі сяляне ў суседнім двары мелі пры старых парадках, напр., права пасьбішча, ці г. зв, сэрвітуты, дык у рэвалюцыю яны лічылі, што зямля, на якой пасьвілі сваю жывёлу, бязyмoўнa павінна належаць да ix, i наагул захаплялі сенакосы, ці якія іншыя кускі, выгаднейшыя для карыстаньня.

Ясна, што на захопленыя, ці наагул на быўшыя ў карыстаньні сялян землі ня было ніякіх дакумэнтаў. I бальшавікі мелі шмат клопату, калі прыступілі да рэгуляцыі землекарыстаньня цераз зямельныя камісіі на мясцох, Прышлося адкрываць кароткасрочныя курсы для каморнікаў (землямераў), якія нанова абмервалі землі паасобных землекарыстальнікаў. Старыя межавыя знакі былі сялянствам рупліва пакасованы і зямельным камісіям не заставалася нічога больш, як дашуквацца старых межаў шляхам паказаньняў сьведкаў.

Анархія землекарыстаньня ішла ад 1917 да 1923 году.

Апрача зямельных камісіяў былі ўстаноўлены спэцыяльныя суды. У гэтых інстытуцыях была гэткая навала справаў, што яны не маглі даць ім ніякае рады.

Земляробства істнавала да 1922 году не паводле якога-небудзь закону, а паводле інструкцыяў ды цыркуляраў Народнага Камісарыяту Земляробства.

Трэба зазначыць, што ў часе зямельнае анархіі ішло таксама i стыхійнае ніштажэньне лясоў сялянствам. Была проста рабунковая лясная гаспадарка, ніхто аб засяваньні лясоў ня думаў

У 1926 годзе выйшаў нарэшце зямельны закон. Пачалася хутарызацыя, трываўшая да 1926-1927 году. Затым надыйшла першая пяцілетка i з ёю колектывізацыя.

Хоць падаткі на хутаран накладаліся вельмі высокія, ішло абцінаньне хутарных гаспадарак з зямлі, у якіх яе было часам да 50 дзесяцін, але ў нядоўгі пэрыяд НЭПу усіх прадуктаў было на рынку даволі.

Перад колектывізацыяй больш спрытныя дробныя земляўласьнікі кінуліся на хітрасьць пачалі злучацца з сваякамі i наагул чэснымі суседзямі ў арцелі, каб прыдаць землякарыстаньню колектыўны выгляд. Ясна, што ўсё гэта было толькі на паперы i па-старому кожны гаспадарыў на сваім куску. Улады гэта заразжа зразумелі i арцелям быў паложаны канец.

З двароў пароблены цяпер совхозы (советскіе хозяйства), а з сялянскіх, вясковых земляў - колхозы.

Совхозы зьведзены былі ў трэсты, як напр.: сьвінатрэст, конскі трэст, малочны трэст i інш. Дзіўна, што гэткія буйныя гаспадаркі вяліся з дэфіцытам, i з Масквы ішлі асыгнаваньні ў паўмільёна i мільён на падтрыманьне розных земляробскіх трэстаў. Дабро совхозаў моцна раскрадалася i нарэшце 8 жніўня 1932 году выйшаў драконаўскі закон, які грозіць караю сьмерці за кражу ў совхозе або ў колхозе. Лагоднейшаю караю за гэта лічыцца ссылка ў канцэнтрацыйныя лягеры на 10 гадоў.

Уся бальшавіцкая земляробская сыстэма палягае на г. зв. подстегивании колхозьнікаў, г. зн. былых сялян.

Як-жа жывуць людзі ў гэтых совхозах ды колхозах?

У совхозах (казённых дварох) жывецца работнікам (былым панскім парабком) лепш у параўнаньні з колхозьнікамі. Совхоз мае грамадзкае харчаваньне - агульную сталоўку для ўсіх работнікаў, як i ў гарадох.

У колхозах сяляне жывуць яшчэ па сваіх хатах, харчуюцца самі тымі прадуктамі, якія выдаюцца кожнаму з іх, пасьля пагашэньня ўсіх павіннасьцяў. Бяда пануе тут страшэнная. Сала лічыцца нявіданаю роскашай.

Істнуюць яшчэ i гаспадаркі індывідуальныя, г. зв. гаспадаркі единоличников, якіх улада стараецца дабіць непамернымі падаткамі: ад гэктара яны мусяць плаціць 4 пуды збожжа, 25 пудоў бульбы, 200-250 літраў малака ад кожнае каровы ў год (1933). На гэтым падатковы цяжар не канчаецца, бо кожны жыхар БССР плаціць яшчэ: страхавы збор, насенны фонд, культзбор.

Бальшавікі імкнуцца за другую пяцілетку сколектывізаваць земляробства на ўсе 100% і правясьці ў жыцьцё грамадзкае харчаваньне нават i ў колхозах. На гэтыя мэты выпушчана ўнутраная пазыка на 1934 год у разьмеры трох з палавінаю мільярдаў рублёў (1 мільярд - 1000 мільёнаў).

Офіцыяльна ў Беларусі колектывізацыя праведзена на 56%, але ў запраўднасьці куды менш.

- Ці ёсьць якія заработкі для сялян, апрача земляробства?

Ёсьць работы на лесазагатоўках i пры будаваньні ды папраўляньні дарог, дзе плаціцца 26 руб. за дзень працы з канём, але на рукі выдаюць толькі 3 руб., рэшта пералічваецца на колхоз, дзе вядзедзкцца г. зв. строгі ўчот i рэгулулюцца рахункі кожнага паасобнага колхозьніка.

- Як-жа праводзілася гэтая колектывізадыя? - спытаўся нехта з прысутных .

Прыяжджала ў вёску камісія, выймала з кішанёў рэвальвэры, клала ix на стол i пыталася ў сабраных сялян: "Хто проці колектывізадыі?" - пачуўся на гэта адказ.

Ясна, што колектывізацыя ў гэткіх варунках выглядала дабравольнай i прымалася аднагалосна.


Грам. Клім сам асабіста быў у дзьвёх камісіях, якія выяжджалі наводзіць парадкі ў два совхозы. Адзін раз было гэта якраз у двары, належаўшым да рэвалюцыі да пана Ельскага. Старыя парабкі адважна хвалілі гэтага пана перад камісіяй, жалячыся на цяперашні свой лёс.

Даўней, - кажуць, - лепей было: сям'я пабольшала, ці няшчасьце якое здарылася, ардынацыі не хапае - ідзеш да пана, а ён i павялічыць ардынарыю. А цяпер, дык невядома да каго зьвяртацца.

- О, каб наш пан вярнуўся, - дадае іншы дзядзька, - дык мы-ж ня ведалі-б дзе й пасадзіць яго, як яму дагадзіць.

Відаць несалодкае жыцьцё совхозьнікаў, калі яны ўздыхаюць па панскіх часох?

Цяпер яны працуюць, як i даўней, устаноўлены строгі нагляд за нормаю працы, аплата працы мужчын i жанчын няроўная.

Земляробства ўва ўсім СССР пад страшэннаю прынукаю i дзеля гэтага маса зямлі ляжыць адлогам. Совхозы часта гараць, улады шукаюць "шкоднікаў", тэрор ня літуецца ні над кім.

Машыннае абрабляньне зямлі правясьці немагчыма, бо на ўвесь СССР ёсьць толькі каля 200 тысяч трактараў.

Як совхозьнікі, так i колхозьнікі апранаюцца ў крамныя вырабы, бо хатні выраб матар'ялаў для вопраткі перастаў існаваць.

Пра колектывізацыю ходзіць сярод савецкіх жыхароў цікавы анэкдот:

"Усерасейскі стараста" Калінін прыходзіць аднаго разу да Сталіна i жаліцца яму:

- Бяда, браце, блашчыцы даймаюць зусім.

- Чудак, - адказвае Сталін, - а ты абвясьці колектывізацыю, дык зараз-жа ўсе разьбягуцца.


I селянін, як тая блашчыцца, разьбягаецца з вёскі, прэцца ў гарады, пабольшваючы гэтым лік падонкаў пролетарыяту.

Слухач.

(Падрыхтаваў да друку Леанід Лаўрэш. )


Літаратурная сустрэча ў Мінойтах

8 жніўня 2016 г. у школьным лагеры пры Мінойтаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна адбылася літаратурная сустрэча з паэтам Міхасём Скоблам і спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай.

На сустрэчы прысутнічалі вучні 3-5 класаў. Таму задача ў мескіх гасцей была не простая: падабраць ключык да такой аўдыторыі не проста. Сустрэча адразу пайшла ў форме літаратурнай віктарыны. Дзецям прапановалася праслухаць верш, а пасля назваць прозвішчы ўсіх паэтаў, якія ў гэтым вершы згадваюцца, або пералічыць усе рэкі, якія былі названы ў вершы і г.д. Пераможцы атрымалі адмысловыя прызы.

Прыгожыя песні сп. Таццяны выклікалі замілаванне, а калі справа дайшла да народных песень, дзіцячая аўдыторыя падключылася да выканаўцы, і гучнае "Гэй" разляталася на ўсю школу.

Пасля імпрэзы гаспадары запрасілі гасцей у школьны музей, які займае некалькі пакояў і ўтрымоўвае амаль поўны набор побытавых рэчаў беларускай вёскі першай паловы 20-га стагоддзя, а таксама некаторыя экспанаты савецкага часу.

Наступным пунктам наведвання стала сядзіба "Гасціна" ў Песках, дзе госці пазнаёміліся з гаспадаром сядзібы Віталем Карабачом, паразважалі над магчымасцю супрацы па папулярызацыі беларускай паэзіі, беларускай песні, беларускай мовы. І, магчыма, што такая супраца будзе мець месца, балазе Пескі стаяць на бойкай дарозе.

Наш кар.


Беларусы ў Клайпедзе

Горад-курорт Клайпеда (Літва) прымаў гасцей на Свята мора з 29 па 31 ліпеня. Па запрашэнні консула Рэспублікі Беларусь Мікалая Логвіна і беларускай суполкі "Крыніца" супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прадставілі Беларусь.

Усіх народных майстроў размясцілі па вул. Бажнічу, 4 і ў Дворыку мастацтваў. Работнікі аддзела зрабілі ўсё магчымае, каб ахвотныя змаглі акунуцца ў атмасферу нашай краіны, паназіраць за працай рук рамеснікаў і самім прыняць удзел у майстар-класах па саломапляценні, ткацтву паясоў, складанні лялек з лапікаў. На жаль, для маладых літоўцаў лялечны тэатр - батлейка меў моўны бар'ер. Затое лялькі і збудаванне батлейкі прывабілі маленькіх гледачоў. Цікаўныя тварыкі дзяцей толькі і мільгацелі каля навінкі, якую яны не бачылі і не краналіся сваімі рукамі.

Праграма фальклорнага гурта "Талер" адпавядала хвалям балтыйскага мора: то рухавая, то павольная, так, што гледачы перажывалі некалькі эмацыянальных настрояў. Напрыклад, лірычныя песні выклікалі жыццёвыя ўспаміны, самоту па родных мясцінах, што на вачах бліскацелі слёзы. Але запрашэнні на побытавыя танцы ажыўлялі натоўп, і туга прападала. Магія нескладаных рухаў у танцах "Нарэчанька" альбо "Базар" аб'яднала незнаёмых людзей. Адбыўся цуд - удзельнікаў захапіла ўсеагульная весялосць: ногі тупалі, далоні пляскалі, твары ўсміхаліся.

Турысты мелі магчымасць палюбавацца лідзянамі ў народных касцюмах, якіх каталі вікінгі па р. Дане на лідскім жа караблі "Яцвяг" і паслухаць "Купалінку" ў іх выкананні. Цікава адзначыць, што капітан ладдзі Зміцер Вараноўскі і яго каманда - нашы землякі, з якімі не было нагоды сустрэцца на Радзіме.

Святочнае шэсце па галоўнай вуліцы Клайпеды з кожным годам набывае ўсё больш міжнародны маштаб. У парадзе, услед за мэрыяй горада ішлі прадстаўнікі кампаній порта, нацыянальныя суполкі. Упершыню ўдзельнічалі госці з Беларусі, якіх прадстаўлялі супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры" ў народным святочным адзенні Гарадзеншчыны. Было прыемна, як рэагавалі на беларусаў жыхары горада. Пачуццё гонару за сваю краіну не пакідала на працягу ўсяго шляху. Добразычлівыя ўсмешкі, фотаздымкі на памяць, абмен пажаданнямі дабра і міру адразу наладзілі духоўную повязь з абодвух бакоў. Не было сумнення: памяць пра Вялікае Княства жыве!

Вяртаючыся дадому, кожны пажадаў: "Да пабачэння, мілая Клайпеда!"

Ірына Дыдышка , метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуы ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".


Кім быў прататып Знахара?

Папулярны раман Тадэвуша Даленгі-Мастовіча пераклалі на беларускую мову. Прачытанне кнігі вачамі беларуса можна знайсці на сайце kniharnia.by/catalog/zamezhnaya_litaratura/znakhar/ і хуткім часе ў кнігарні "Логвінаў" з'явіцца папяровы варыянт кнігі.

Ці існаваў рэальны прататып Знахара? Што вядома пра аўтара кнігі, які паходзіў з Глыбоччыны? Як ён змог так дакладна апісаць варшаўскую клініку, ход аперацый і ўзаемадносіны лекараў, калі ў яго досведзе пераважала вайсковая служба?

Тадэвуш Даленга-Мастовіч нарадзіўся 10 жніўня 1898 года ў фальварку Акунёва Глыбоцкага раёна ў сям'і Стэфана Мастовіча і Станіславы з Паповічаў. З пытаннямі пра пісьменніка мы звярнуліся да глыбоцкага краязнаўца Уладзіміра Скрабатуна.

- Акунёва знаходзіцца за 12 кіламетраў ад Глыбокага на беразе возера.Там засталіся падмуркіі фальварка, які належаў бацькам пісьменніка, і захаваліся старыя ліпы. Не аднойчы шукальнікі скарбаў знаходзілі там манеты. Ёсць два меркаванні: згодна з першым, Тадэвуш нарадзіўся ў Акунёве. Па іншай версіі, ён нарадзіўся ў Глыбокім, калі яго бацька Стэфан прадаў фальварак і набыў дом у цэнтры мястэчка на вуліцы Кракаўскай побач з касцёлам.

У 1915 годзе юнак скончыў гімназію ў Вільні і распачаў вучобу на факультэце права Кіеўскага ўніверсітэта. У той час ён належаў да канспірацыйнай арганізацыі польскіх вайскоўцаў. У 1917 годзе Даленга-Мастовіч накіраваўся ў Варшаву, дзе ўступіў у войска. Ён быў кавалерыстам і ўдзельнічаў у вайне. З 1922 па 1924 Т. Даленга-Мастовіч быў супрацоўнікам штодзённіка "Rzecz Рospolita". Як фельетаніст, ён падпісваўся псеўданімам С. Хр. Зан. Ён быў праціўнікам Юзафа Пілсудскага і крытыкаваў яго палітыку. За сваю прафесійную дзейнасць у 1927 годзе ён быў вывезены незнаёмцамі ў лес і моцна збіты. Яго знайшоў і выратаваў селянін, які праязжаў побач. Гэты эпізод ён пазней апісаў у "Знахары". Журналісту давялося праходзіць працяглае лячэнне ў варшаўскім шпіталі.

"У 1931 годзе Тадэвуш Даленга-Мастовіч пачаў друкаваць у газеце АBC свой раман "Кар'ера Нікадзіма Дызмы", які змяшчаў вострую сатыру на грамадска-палітычнае жыццё Польшчы," - піша біёграф пісьменніка польскі прафесар Юзаф Рувальскі. Фрагменты рамана былі выдалены цэнзурай, але пісьменнік набыў папулярнасць.

Ён меў незвычайную лёгкасць у пісьме і з 1931 па 1939 год надрукаваў 17 раманаў, з якіх найбольш вядомымі сталі " Тры сэрцы", " Знахар", " Прафесар Вільчур". З 1934 года пісьменнік пачаў супрацоўнічаць з кінематографам, шэсць яго твораў былі экранізаваныя. З пачаткам Другой сусветнай вайны, у 1939 годзе Т. Даленга-Мастовіч быў пакліканы ў войска. Ён служыў на румынска-польскай мяжы ў гарадку Куты. Там яму давялося арганізоўваць міліцыю і ахоўваць мястэчка, раздаваць хлеб жыхарам, якія галадавалі. У верасні 1939 годы ён быў забіты, як мяркуюць, пры сутыкненні польскага патруля і савецкага войска.

- Прататыпам Знахара паслужыў рэальны знахар Міхал Алег Нагушча, які жыў у Глыбокім, - распавёў далей Уладзімір Скрабатун.- Ён быў вельмі дасведчаным і дамагаў хворым. Да яго дома пад'язджалі падводы і фурманкі, на якіх прывозілі хворых з усёй ваколіцы, і ён вёў прыём. Міхал Алег Нагушча быў інвалідам і насіў пратэз на адной назе. У 1941 годзе, з наступленнем нямецкіх войск на савецкую тэрыторыю НКВД вырашыла знішчыць усіх "недабранадзейных асобаў", вязняў Глыбоцкай турмы і іншых. Сярод іх апынуўся і Міхал Алег Нагушча. Іх сабралі ў калонну і пагналі па дарозе на Улу. Раптоўна наляцелі нямецкія самалёты і пачалі бамбардзіроўку, многія людзі там загінулі, а сярод іх і знахар. У тых мясцінах улетку святары праводзяць малебны і служаць імшы.

Да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменіка Уладзімір Скрабутан звярнуўся ў гарвыканкам з просьбай паставіць бюст пісьменніку на радзіме. Бюст зрабіць не ўдалося. Але з дапамогай польскай амбасады была зроблена і ўсталявана мемарыяльная дошка на доме, які належыць цяпер да вуліцы Савецкай.

Назіраючы за працай чулага знахара і за лекарамі варшаўскага шпіталя, пісьменнік з дапамогай аўтарскай фантазіі стварыў вобраз прафесара Рафала Вільчура. Знахар, які бескарысліва лечыць як сялян, так і заможных асобаў, і выбітны хірург, які прысвячае свой час і досвед хворым, з'ядналіся ў адзін вобраз, які прышоўся вельмі па душы чытачам і гледачам аднайменнага фільма. З перакладам на беларускую мову прыхільнікаў твору стане больш.

Эла Дзвінская, На фота аўтара: краязнавец Уладзімір Скрабатун насупраць касцёла і дома, дзе жыў пісьменнік.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX