Папярэдняя старонка: 2016

№ 33 (1288) 


Дадана: 17-08-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 33 (1288), 17 жніўня 2016 г.


Алег Трусаў запрашае далучыцца да яго перадвыбарнай парламенцкай кампаніі

9 жніўня, на паседжанні Чкалаўскай акруговай камісіі Алегу Трусаву паведамілі, што ён з'яўляецца кандыдатам у дэпутаты і можа пачынаць сваю перадвыбарную кампанію. Сп. Трусаў запрашае далучыцца да яго перадвыбарнай парламенцкай кампаніі і выказвае падзяку ўсім, хто ўваходзіў у склад ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне яго ў кандыдаты ў дэпутаты, а таксама ўсім, хто падпісаўся за яго.

Каб далучыцца да кампаніі, пішыце на пошту siadziba gmail.com.

Спіс давераных асобаў Алега Трусава:

Тушынскі Дзяніс Міхайлавіч

Азёма Уладзімір Пятровіч

Бажок Юлія Анатольеўна

Давідовіч Аляксандр Анатольевіч

Качаноўская Наталля Георгіеўна

Лабачоў Іван Нічыпаравіч

Лавіцкі Мікалай Емяльянавіч

Тоўсцік Святлана Сяргееўна

Пастухоў Міхаіл Іванавіч

Макоўская Алена Паўлаўна

Шыдлоўская Ніна Анатольеўна

Сітніца Рыгор Сямёнавіч

Лозка Аляксандр Юр'евіч

Цвірка Канстанцін Аляксеевіч


Алена Анісім запрашае далучыцца да яе перадвыбарнай парламенцкай кампаніі

10 жніўня, адбылося паседжанне акруговай выбарчай камісіі Стаўбцоўскай выбарчай акругі № 70. На ім было прынята рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Па гэтай акрузе вылучалася шляхам збору подпісаў першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Згодна з рашэннем камісіі за № 7 ад 10 жніўня Анісім Алена была зарэгістравана кандыдытам і атрымала адпаведнае пасведчанне.

Сп. А.Анісім запрашае далучацца да яе выбарнай кампаніі і выказвае ўдзячнасць сябрам ініцыятыўнай групы, якія збіралі подпісы, усім, хто падпісаўся за яе кандыдатуру, а таксама тым асобам, якія спрыялі ў гэтай справе.

Кантакты для сувязі:

8-029-6616598; Alenaanisim gmail.com


Да ведама чытачоў "Нашага слова"

11 жніўня Лідская акруговая камісія № 55 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты рэдактара газеты "Наша слова" Судніка Станіслава Вацлававіча.

У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам Суднік Станіслаў Вацлававіч з 12.08.2016 г. па 11.09.2016 г. знаходзіцца ў адпачынку.

У сувязі з гэтым Сакратарыят ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" пастанавіў:

1. На перыяд з 12.08.2016 г. па 11.09.2016 г. вызваліць Судніка Станіслава Вацлававіча ад абавязкаў рэдактара газеты "Наша слова".

2. Прызначыць выканаўцам абавязкаў рэдактара газеты "Наша слова" на перыяд з 12.08.2016 г. па 11.09.2016 г. Крупкіну Рыту Мікалаеўну, няштатнага супрацоўніка рэдакцыі газеты "Наша слова", старшыню Паўднёвай суполкі Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".


90 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Надсана

Аляксандар НАДСАН (імя пры нараджэнні Аляксандр Антонавіч Бочка, нарадзіўся 8 жніўня 1926 г. у м. Гарадзея Нясвіжскага павета) - беларускі грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы.

Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі ў Нясвіжы. Скончыў курсы кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі ў Альбертыне, менскую афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны. У 1944 годзе пакінуў Беларусь, партызаніў у Францыі, дзе далучыўся да Руху Супраціўлення. Потым уступіў у войска генерала Андэрса, служыў у 2-м Польскім корпусе, ваяваў у Паўночнай Італіі, дзе быў паранены.

З 1946 г. жыў у Вялікабрытаніі. У 1953 г. скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэта. Стаў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі (старшыня ў 1951-1953). Рэдактар часопісаў "Беларус на чужыне" і "На шляху", браў удзел у дзейнасці беларускага хрысціянскага акадэмічнага таварыства "Рунь" і Беларускага народнага незалежнага хрысціянскага руху. Актыўна супрацоўнічаў з найбуйнейшым беларускім духоўным асяродкам на Захадзе - Беларускай каталіцкай місіяй у Вялікай Брытаніі - ад часу яе ўтварэння ў 1947 годзе.

Ад восені 1953 навучаўся ў папскім Грэцкім калегіюме ў Рыме. Высвечаны на святара 23 лістапада 1958. У ліпені 1959 вярнуўся ў Лондан, дзе зноў далучыўся да дзейнасці сярод беларускай эміграцыі. З 1966 кіраваў школай-інтэрнатам імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі. З 1971 - дырэктар бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане. Ад 1981 кіраўнік беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі, ад 1986 апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы. Старшыня дабрачыннага Чарнобыльскага фонду, аўтар шэрагу кніг па гісторыі Беларусі. Цягам гадоў айцец Аляксандар Надсан працаваў над перакладамі візантыйскіх літургічных тэкстаў на беларускую мову - праца, якая зазвычай робіцца вялікімі аўтарытэтнымі камісіямі. Айцец Надсан пераклаў частку велізарнага корпусу тэкстаў літургічнай традыцыі Усходняга хрысціянства, сам склаў службы некаторым беларускім святым і на вялікія беларускія святы. Малітоўнік "Госпаду памолімся", выдадзены ў Менску ў 2002 годзе, стаўся афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня).

З восені 2014 года цяжка хварэў. Памёр 15 красавіка 2015 года ў Лондане.

Вікіпедыя. (Працяг тэмы на ст. 2.)


Юбілей у Леры Сом

Лера СОМ (сапраўднае імя - Алена Уладзіміраўна Сом, нарадзілася 12 жніўня 1966 у Полацку) - беларуская паэтка, бард. Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў (1998). Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута і філалагічны факультэт БДУ. Адна з кіраўнікоў полацкага літаратурнага аб'яднання "Наддзвінне" (2001-2005), настаўніца беларускай мовы і літаратуры, малявання ў Полацкай сярэдняй школе № 5. Актыўны сябар ТБМ. Жыве ў Полацку.

Лера Сом - аўтар цыклу літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, навуковых публікацый на тэмы словаўтварэння, фантастычных апавяданняў "Некалькі гісторый з жыцця Руніты Магі" (1993), аповесці "Суполка Вогнішча" (2001). Першая кніга паэзіі "Блюз каралеўскае кухні" выйшла ў 1994 годзе ў серыі "Паэзія новай генерацыі". Пасля выйшлі паэтычныя зборнікі "Адзінокая зорка" (1996, "Мастацкая літаратура"), "Там, на небе" (2000, Баранавічы), "Свабода. Слова. Зіма" (2005, "Логвінаў"), "Каралева прыйдзе ноччу" (2007, "Логвінаў").

Удзельніца шматлікіх фестываляў бардаўскай песні. У 2000 годзе выдала касету аўтарскіх песень "Genius Loci".

Арганізатар літаратурных конкурсаў і мастацкіх пленэраў на Віцебшчыне.

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" шчыра віншуе спадарыню Леру з днём народзінаў і зычыць добрага настрою для творчай працы, новых вершаў і песень, дыскаў і кніг!


Айцец Аляксандр Надсан: "Мы ж не будзем карміць вашы ўлады!"

Калі выбухнуў Чарнобыль, айцец Аляксандр быў сярод першых еўрапейцаў, хто прывёз у Беларусь гуманітарку. Гэта быў ягоны першы прыезд на радзіму пасля паўвекавой адсутнасці. У час чарговага візіту ў Беларусь у 2010 годзе з апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў у замежжы пагутарыў карэспандэнт TUT.BY Кастусь Лашкевіч.

- Айцец Аляксандр, большую частку жыцця вы правялі за мяжой. Беларусь і цяпер амаль невядомая свету. Што і казаць пра часы, калі незалежнай дзяржавы не было ў прыродзе. Як вы тлумачылі, хто вы і адкуль?

- Я заўжды казаў, што мы самастойны народ, а наша краіна ляжыць паміж Расіяй і Польшчай. Нягледзячы на тое, што жывем пад чужой уладай, мы хочам незалежнасці. Менавіта гэта і было галоўнай мэтай нашай арганізаванай дзейнасці на эміграцыі.

Беларусамі я і маё пакаленне сталі падчас нацыстоўскай акупацыі. Тры гады за немцамі былі жахлівыя. Але нашы настаўнікі ў беларускіх школах выкарысталі тыя мізэрныя магчымасці, каб прышчапіць нам любоў да Бацькаўшчыны. Два гады ў Нясвіжскай семінарыі далі мне так шмат, што цяпер мне 83 гады, я ведаю дзевяць моў, але мая родная - беларуская і пасля 66 год жыцця за мяжой я застаўся беларусам. Тады нам зрабілі такі ўкол беларускасці.

Цікава, што калі я атрымліваў ў Вялікабрытаніі дакументы, там мусілі запісаць маё паходжанне. Я кажу: "Беларус". "Такой краіны няма, - адказваюць. - Выбірайце: ці паляк, ці расеец". Я паходзіў з Заходняй Беларусі, што давала мне права "не быць" расейцам. Але і палякам я таксама не хацеў станавіцца. Тады я пайшоў на хітрасць. У Брытаніі, ЗША графа "нацыянальнасць" азначае не этнічнае паходжанне, а грамадзянства. Я ім і кажу: "Тады пішыце Soviet - савецкі, бо я прыехаў менавіта з гэтай краіны". Ну, а на Захадзе такі варыянт быў найгоршым. Так мяне запісалі беларусам.

З гэткімі самымі праблемамі сутыкаліся і амерыканскія беларусы. Прычым, не тое, каб клеркі іміграцыйных устаноў рабілі гэта наўмысна. Проста яны не разумелі нашай бяды.

- Падчас актыўнай дзейнасці ў царкве св. Пятра і Паўла і Згуртаванні беларусаў Вялікай Брытаніі ці былі праблемы з савецкімі спецслужбамі?

- Канешне, былі людзі, якіх мы падазравалі ў супрацы з Саветамі, некаторых нават ведалі. Калі ведаеш ворага, ён становіцца не такім небяспечным. Але мы ніколі не рабілі нічога крымінальнага, незаконнага і адкрыта заяўлялі нашу галоўную мэту: каб Беларусь стала незалежнай, беларускай дзяржавай. З СССР на нас лілі балота, але мы стараліся не звяртаць на гэта ўвагі.

- Чаму спыніла дзейнасць беларуская школа пры царкве, на чале якой вы стаялі ў 1960-х гадах?

- Яна працавала амаль 15 гадоў, да 1975-га. Але паступова мы старэлі, а новых святарскіх пакліканняў амаль не было. Аднак некалькі пакаленняў маладых людзей мы ўзгадавалі. Не ўсё было ўдала, але некаторыя з выпускнікоў потым нават умацавалі жыццё беларускай дыяспары ў Амерыцы і Канадзе.

- Вы ўпершыню адведалі Беларусь у 1990 годзе. Чым здзівіла радзіма пасля амаль паўвекавога раставання?

- Я ехаў у Менск цягніком і думаў, што аб маім прыездзе ніхто не ведае. А тут поўны перон людзей на вакзале, радасць, бел-чырвона-белыя сцягі! Мяне пасадзілі ў машыну, высунулі з вакна нацыянальны сцяг і павезлі праз цэнтр горада ў "Планету". А гэта ж быў яшчэ Савецкі Саюз. Вядома, потым я агледзеўся і зразумеў, што не ўсё так радасна. Аднак, прынамсі, убачыў, што ёсць маладыя патрыёты, якія, як і мы на эміграцыі, мараць аб незалежнай Беларусі.

Ну, і найперш я ж святар. Думаў, што ўніяцкая царква на Беларусі памерла, як і памяць пра яе. А тут да мяне прыходзяць маладыя людзі; "Айцец, мы ўніяты, хочам з вамі пагутарыць". Сёння тыя, хто хацеў тады са мной пагутарыць, самі святары. Яны вучыліся ў мяне, дзякуй Богу за гэта.

- Як Беларусь змянілася за гэтыя 20 год?

- У 1990-м годзе ў беларускім грамадстве было больш аптымізму, энтузіязму. Цяпер, што б ні здарылася, людзі ставяцца да гэтага, як да нормы.

Сітуацыя з беларускай мовай, асабліва з беларускім школьніцтвам, цяпер яшчэ горш, чым у савецкія часы. Мы праз 60 гадоў захавалі мову на эміграцыі, а ў самой Беларусі гэтага зрабіць не здолелі. Прыязджаеш - паўсюль расейшчына.

Лячу гэтым разам на Менск. Сцюардэса прапаноўвае: "Вам кофе или чай?". Я адказваю: "Гарбату, калі ласка". Дык не зразумела, каву прынесла! Ці неяк засяляўся ў гатэль у Магілёве. Трэба было запоўніць анкету. "На якой мове? - пытаюся. - Па-расейску, канешне. - А па-беларуску можна? - Не, толькі па-расейску!" У выніку запаўняў па-ангельску. Вашы людзі ўсё ніяк не могуць зразумець, што мы ў Брытаніі не абавязаныя ведаць расейскую мову.

Аднойчы нас з Мальдзісам за мову ледзь не пабілі. Было гэта праз некалькі месяцаў пасля вашага рэферэндуму па мове і сімволіцы. Сядзім мы з Адамам на лаўцы каля помніка Перамогі, размаўляем, натуральна, па-беларуску. Падыходзяць два маладзёны нападпітку: "Хватит уже на этой трасянке говорить. Разговаривайте на человеческом языке!" "Што, мы не можам у сваёй краіне на роднай мове размаўляць!?", - спакойна запытаўся я, і неяк яны адразу адступілі.

- Айцец Аляксандр, вы ж былі сярод першых, хто пасля Чарнобыльскай катастрофы прывозіў на Беларусь гуманітарную дапамогу, арганізоўваў аздараўленне беларускіх дзяцей у Еўропе…

- Гэта мой абавязак. Наша дапамога была патрэбна. Займаліся гэтым гадоў пяць-шэсць: з 1990-га аж пакуль ваш прэзідэнт не прыйшоў і не забараніў вывозіць дзяцей. Мы мелі багатыя кантакты са шпіталямі, дзіцячымі дамамі. А потым улады Беларусі пачалі ставіць умовы: прывязіце тое і тое, а мы будзем самі размяркоўваць. Прыйшлося спыніць праекты падтрымкі: мы ж не будзем карміць вашы ўлады. І так атрымалася са многімі. Немцы прывозяць дапамогу, а груз па два тыдні трымаюць на беларускай мяжы. Ну, яны раз пастаялі, другі, а на трэці павезлі ў Румынію.

- Пэўны час назад у Беларусі быў прыняты закон, згодна з якім для прыезду ў краіну замежных прадстаўнікоў неправаслаўных канфесій быў неабходны дазвол Камітэта па справах рэлігій. Ці сутыкаліся вы з такой праблемай?

- Ён з'явіўся у 2000 ці 2001 годзе. Мяне ў той час якраз запрашалі ў Беларусь, і я напісаў артыкул ў "Нашу ніву", што гэта ёсць парушэннем асноўных міжнародных пагадненняў у галіне правоў чалавека. Рэакцыяй уладаў было маўчанне, але візу я атрымаў. Ніколі не пытаўся і ніколі не буду пытацца дазволу прыехаць на радзіму!

- Славуты беларус свету Барыс Кіт перадае свае архівы ў Беларусь. Ці не было ў вас такога жадання датычна ўнікальнай "Скарынаўкі"?

- На пачатку 1990-х мы думалі аб супрацоўніцтве, але пасля 1994 года ад падобных ідэй прыйшлося адмовіцца. Калі б была сапраўдная незалежная беларуская Беларусь, калі б афіцыйныя ўстановы гэтым зацікавіліся і ім можна было даверыць... Варта было б стварыць нейкую ўстанову ў Лондане пад патранатам беларускага ўраду. Але пакуль гэта нерэальна. Супрацоўнічаць папросту няма з кім. Паглядзім, ці зменіцца нешта з прыходам вашага новага міністра культуры.

- Але ці падтрымліваеце вы кантакты з беларускай амбасадай у Лондане?

- Так, канешне. Яны прыходзяць на нашы мерапрыемствы. Просяць паглядзець на старадрукі. Праўда, па-беларуску, апроч маладога консула, там ніхто не размаўляе…

- Старэйшае, паваеннае пакаленне свядомых беларусаў адыходзіць. Новая эміграцыя найперш эканамічная. Нацыянальнае жыццё на Туманным Альбіёне затухае?

- Наадварот, паступова аднаўляецца. Ёсць тут і студэнты, і высокапрафесійныя спецыялісты, якія, апынуўшыся за мяжой, хінуцца да беларускай справы. Ёсць і дзеці з беларускіх сямей, якія ўжо брытанцы ў другім пакаленні, але беларуская для іх родная мова нароўні з ангельскай. Цяпер не мы працуем, а яны. Мне 83 гады, я ўжо не магу рабіць, як раней. Але ў мяне ёсць святар, крышку маладзейшы за мяне - гадоў на 50! Дзякуй Богу, што ёсць!

Канешне, цяперашняя моладзь адрозніваецца ад нашага пакалення. Яны інакш думаюць, і гэта заканамерна. Параўнаць хаця б друкарскія машынкі, на якіх нам даводзілася працаваць, і сучасныя кампутары! Але яны шчырыя беларусы і робяць беларускую справу па-свойму, не горш за нас. Канешне, ёсць і такія, хто прыходзіць на нашыя імпрэзы выключна папіць піва, але і гэта нармальная рэч.

Безумоўна, праблема нацыянальнай свядомасці беларусаў у Вялікабрытаніі стаіць востра. Аднак колькі свядомых беларусаў у самой Беларусі?

- Ці мажлівая ў гістарычнай перспектыве незалежная дзяржава Беларусь без беларускай мовы?

- Мне гэта цяжка ўявіць і прыняць. Вось учора (гутарка адбылася 25 красавіка - TUT.BY) я даваў шлюб маладой пары, і пасля вяселля трохі пасядзеў з гасцямі ў нейкай карчме ў Дудутках. Цётка, апранутая ў псеўдафальклорны строй, вяла ўсё па-беларуску. Але, як толькі была патрэба нешта сказаць "у жыцці", пераходзіла на расейскую. То бок, яна ведае беларускую мову, але ўжывае яе толькі па працы - калі за гэта плацяць. Так і госці. Песні беларускія ўсе ведаюць, спяваюць. Як толькі скончылася песня, усе па-расейску. У Брытаніі многія дзеці беларусаў таксама не могуць па-беларуску. Але ж там не Беларусь! Дзіўна мне ўсё гэта бачыць на радзіме...


80 гадоў з дня нараджэння Ніны Гаўрош

На Карэліцкай зямлі ў в. Лукі ў жнівеньскую спёку (18.08.1936 г.) нарадзілася Ніна. Сям'я ўзорная: дзяды, бабулі, бацька, маці - людзі сумленныя, справядлівыя. Галоўны арыенцір - праца. Яна ніколі не здрадзіць, яна і радасць памножыць, і бяду дапаможа адолець. Так вучыла сваю дачушку мама Вольга Лукінічна, слынная льнаводка, мужная жанчына, ардэнаноска, Герой Сацыялістычнай Працы.

Час і падзеі не заўсёды былі ласкавыя да Ніны Васільеўны. Дзяцінства і юнацтва яе прыпалі на ліхія ваенныя і няпростыя пасляваенныя гады. Цяга да ведаў, імкненне спасцігнуць таямніцы жыцця, светлы розум прывялі Ніну Гаўрош у Наваградскае педагагічнае вучылішча. Пазней была яшчэ вучоба (і Менскі педінстытут, і аспірантура).

I пачалася выкладчыцкая праца. Адказная, няпростая, але такая мілая сэрцу Ніны Васільеўны. 40 гадоў яна працавала на кафедры беларускага мовазнаўства МДПІ імя А.М. Горкага (цяпер БДПУ імя Максіма Танка).

15 гадоў Ніна Гаўрош кіравала выкананнем навуковай тэмы "Слова, фразеалагізм, словазлучэнне ў кантэксце". Вынікам працы стала выданне трох кніг, шэрагу зборнікаў навуковых артыкулаў.

Сярод прац Ніны Васільеўны асаблівае месца займае "Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы" (1998).

Вікіпедыя.


Яўгену Гарадніцкаму - 65

29 ліпеня вядомаму літаратуразнаўцу Яўгену Андрэевічу ГАРАДНІЦКАМУ споўнілася 65 гадоў.

Гарадніцкі Яўген Андрэевіч - літаратуразнавец, літаратурны крытык, паэт. Нарадзіўся 29 ліпеня 1951 года ў вёсцы Ракаў Валожынскага раёна Менскай вобласці. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аўтар звыш ста навуковых публікацый, у тым ліку манаграфій "Думка і вобраз: Праблема інтэлектуалізму ў сучаснай беларускай лірыцы" (1986), "Сучасная паэзія і фальклор" (1988; у сааўтарстве з Т. К. Чабан), "Мастацкі свет беларускай літаратуры ХХ стагоддзя" (2005), "Паэтыка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: Суб'ектна-аб'ектныя адносіны" (2010), раздзелаў у калектыўных манаграфіях і зборніках. Выступае з артыкуламі і рэцэнзіямі ў перыядычным друку. Адзін з аўтараў-укладальнікаў біябібліяграфічнага слоўніка "Беларускія пісьменнікі" ў 6 тамах (1992 - 1995). Прымаў удзел у стварэнні персанальных энцыклапедый "Янка Купала" (1986), "Максім Багдановіч" (2011). Асноўныя кірункі даследаванняў: філасофская і эстэтычная праблематыка літаратуры, тэарэтычная паэтыка, метадалогія літаратуразнаўчага аналізу.

Супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі віншуюць яго з гэтай падзеяй і жадаюць поспехаў і адкрыццяў!


АГМЕНЬ СВЕТАПОГЛЯДУ

(санет)

Я.А. Гарадніцкаму

У рэфлексіі аўтарскіх пошукаў -

думка і вобраз, зямное і высокае,

свет мастацкі, агмень светапогляду,

код суб'ектна-аб'ектных адносінаў.


Праз кірункі, канцэпцыі, метады

Вы разгледзелі творы паэзіі,

іх падтэкст, семіётыку зведалі

ў эмацыйна-ментальнай рэцэпцыі.


Візуальнае, сацыялогія,

рэчаў космас - аб'ектамі ўвагі.

І пакладзена скарбніца Логасу

на фальклорна-лірычныя вагі.


Вы вучоны і паэт - дуалізм.

Хай жыве інтэлектуалізм!

Таццяна Барысюк.


Надзін Лашук: "Не ў акцэнце справа, а ў жаданні зразумець мову"

Навіны Германіі

У сваім першым інтэрвію на беларускай мове палітолаг Надзін Лашук расказвае "Салідарнасці" пра дзяцей-білінгваў, адрозненні беларусаў і немцаў, а таксама пра блог, які вяла "між сям'ёй, дачай і дысертацыяй". Калісьці дзеля мужа-беларуса яна вывучыла беларускую мову, а сёння прэентуе кнігу пра сваё жыццё ў Беларусі. Надзін вырасла ў Заходняй Германіі. Але яшчэ са школы цікавілася Усходняй Еўропай і ў якасці трэцяй замежнай мовы вучыла расейскую. У 2006-м годзе яна ўпершыню прыехала ў Менск, дзе неўзабаве пазнаёмілася з беларусам Аляксеем, будучым мужам. Мовай зносін паміж імі доўгі час была ангельская. Ён адмаўляўся размаўляць з Надзін па-расейску, хоць мову яна ведала нядрэнна. Так у дзяўчыны з нямецкага Эсэна з'явіўся моцны стымул вывучыць мову Коласа, Купалы і Аляксея Лашука - яе будучага мужа.

Беларуская мова - мост у сямейнае жыццё

- На дварэ стаяў 2007-ты год - знайсці ў Менску курсы беларускай мовы для тых, хто яе ніколі не вучыў, было няпроста, - прыгадвае Надзін. - Але мне пашанцавала. Аднойчы ў цягніку на Вільню я пазнаёмілася з дзяўчынай, якая была выкладчыцай расейскай і беларускай моў як замежных. Яна згадзілася са мной займацца.

Сёння, слухаючы беларускую гаворку Надзін, можна засведчыць - вучаніцай яна была стараннай. Адзінае, што выдае ў ёй іншаземку, гэта акцэнт.

- Мне сябры ў Беларусі часта кажуць, што я і выглядаю, як "свая", - пасміхаецца немка. - Замежніцай я адчуваю сябе хіба, калі размаўляю па-беларуску ў менскай краме. Часам нават простае пытанне пра каву, зададзенае па-беларуску, збівае прадаўцоў з панталыку. А вось у кнігарнях мяне разумеюць: значыць, не ў акцэнце справа, а ў жаданні зразумець мову.

У сям'і Аляксея і Надзін пануе дзвюхмоўе, але не класічная для беларускага вуха трасянка, а суіснаванне побач беларускай і нямецкай моў. Дзеці Лашукоў слухаюць казкі як на адной, так і на другой мове.

- Я звяртаюся да дзяцей па-нямецку, а муж - па-беларуску. І яны выдатна разумеюць нас абоіх, - адзначае Надзін. - Паміж сабой з мужам мы таксама гаворым то на адной, то на другой мове. Муж выдатна размаўляе па-нямецку.

Адметна, што з імёнамі для дзяцей Аляксей і Надзін вызначыліся яшчэ да вяселля - "Казімір" і "Паўліна".

- Мой муж быў за традыцыйныя беларускія імёны, да таго ж было важна, каб імёны лёгка чыталіся ў абедзвюх мовах, - зазначае маці Казіміра і Паўліны.

Сям'я Лашукоў доўгі час не магла вырашыць, у якой з дзвюх краін яны будуць жыць. Сёння выбар зроблены на карысць радзімы Надзін, але як заўважае яна сама, муж марыць аб тым, што калісьці сям'я ўсё ж вернецца жыць у Беларусь.

"Спачатку быў блог, пасля - кніга"

З моманту пераезду ў Менск Надзін Лашук пачала весці блог пра жыццё ў Беларусі. За 10 гадоў яна апісала ў ім усё, што калісьці перажыла сама і што сёння працягвае перажываць яе сям'я. Ад вяселля, цяжарнасці і нараджэння першага дзіцяці да культурных адрозненняў, адзення і нацыянальнай кухні двух народаў. У 2016-м на аснове блога была выпушчана кніга "Liebesgrusse aus Minsk. Wo die Babuschka regiert und Heringe Pelzmantel tragen" (бел. "Сардэчныя вітанні з Менска. Дзе [у сям'і] кіруе бабуля і селядцы носяць футра") накладам у 12 тысяч асобнікаў. У кнігу акрамя вытрымак з блогу ўвайшлі таксама рэцэпты традыцыйных беларускіх страў, а таксама фотаздымкі з жыцця сям'і Лашукоў у Беларусі.

- Чытачы, якія прыходзілі на прэзентацыю кнігі ў Германіі, проста ў захапленні, - усміхаецца аўтар. - Шмат хто пасля яе прачытання, хоча ўпершыню прыехаць у Беларусь.

Кніга пра Беларусь выдадзеная пакуль толькі па-нямецку, але Надзін абяцае, што будзе клапаціцца і пра яе пераклад на беларускую мову.

- У Беларусі пра кнігу вядома не вельмі шмат, бо мы яшчэ не рабілі ёй рэкламу, - прызнаецца аўтар. - Увогуле, я была здзіўленая, калі ў Германіі на мяне выйшаў літаратурны агент і прапанаваў апублікаваць маю пісаніну. Але было прыемна, што яму спадабаўся мой блог.

Да каго падобны беларусы? Прыводзячы вытрымкі з кнігі, Надзін расказвае пра тое, што ў беларусах здзівіла яе ў свой час найбольш.

- Немцы, рыхтуючыся да вяселля, амаль за год плануюць дату вяселля, браніруюць рэстаран. А ў Менску мы з Аляксеем прыйшлі замаўляць рэстаран за два (!) тыдні да вяселля і рэстаран быў вольны (!), - адзначае Надзін. - Я часам і ў панядзелак магу спытаць пра планы на нядзелю, але муж суцішвае: "Пачакай, яшчэ трэба дажыць".

Беларусаў маладая пісьменніца называе прыстойнымі і пунктуальнымі - "немцамі" Усходняй Еўропы. Асобнае ўражанне пакінулі на немку і беларускія бабулі:

- У Беларусі роля бабулі ў выхаванні ўнукаў часта нашмат большая, чым у Германіі. Часта бывае так, што бабуля нават пераязджае ў сям'ю, дзе чакаюць дзіця. Беларускія бабулі лічаць сябе вельмі кампетэнтнымі ў справах унукаў.

Надзін адзначае, што, няглядзячы на адукацыю палітолага, у Беларусі працу па спецыяльнасці ёй знайсці было б не так лёгка.

- Я магла б быць уласным карэспандэнтам якойсьці нямецкай газеты, але, на жаль, у Беларусі няма нямецкіх журналістаў - усе яны працуюць з Масквы, - паціскае плячыма палітолаг. Маладая пісьменніца прызнаецца, што калісьці пачынала пісаць дысертацыю пра беларускія аграсядзібы і нават яе пачала. Але, будучы цяжарнай, вырашыла не працягваць.

- Я не зусім навуковец, таму спроба дысертацыі ўжо ў мінулым. Але я вельмі хацела б мець сваю сядзібу, каб займацца яе ўладкаваннем. Мой свёкар кіруе сплавамі па р. Нарачанцы - будзе што прапанаваць турыстам будучай сядзібы, - усміхаецца Надзін.

Напрыканцы я зноў вяртаюся да размовы аб дзецях. Дзецях-білінгвах з сям'і Лашукоў.

- Мы з мужам не загадваем іх будучыню, - кажа Надзін. - Яны вырастуць і самі выбяруць свой шлях. Важна аднак, каб яны жылі з дзвюмя культурамі, якія ёсць у іх бацькоў. Мелі нямецкую і беларускую душу. У мяне, думаю, беларуская душа ўжо з'явілася - у Беларусі я адчуваю сябе, як дома.

Радыё Рацыя.


Дзень беларускай мовы і культуры ў Мінойтах

11 жніўня ў прышкольным летніку Мінойтаўскай СШ Лідскага раёна прайходзіў Дзень беларускай мовы і культуры. З гэтай нагоды летнік наведалі старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" паэт і краязнавец Станіслаў Суднік і яго намеснік, бард Сяржук Чарняк.

Размову распачаў Станіслаў Суднік з пытання, адкуль паходзіць і што абазначае назва вёскі Мінойты. Прагучалі няўпэўненыя версіі, на якія рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" прапанаваў сваю: "Назва Мінойты балцкая, а дакладней дайнаўская, утвораная таксама, як і назвы вёсак Бакшты, Бершты, Мажакайты. Мінк па-літоўску - мяккі. Магчыма, назва Мінойты звязана з мяккай балоцістай зямлёй вакол яе. Але дайнаўская мова не бліжэй да літоўскай, чым беларуская да польскай. І мы ніколі дакладна не даведаемся, як слова Мінойты ўзнікла, бо дайнаўцы не пакінулі пісьмовых крыніц, ні кніг, ні летапісаў. А наш народ пакінуў. Мы мелі столькі друкароў".

І тут адбыўся пераход да асобы Яна Карцана, аднаго з беларускіх першадрукароў, які нарадзіўся побач з Мінойтамі ў вёсцы Вялічкі і які ніяк не прадстаўлены ў вельмі някепскім школьным музеі, што займае мо чатыры пакоі.

Што праўда, музей этнаграфічны, але тут экспазіцыя, прысвечаная Яну Карцану, сама просіцца: "Стварыце мяне". Таксама сёння найбольш падходзіць для Мінойтаў і экспазіцыя, прысвечаная Ежы Путраманту, генеральнаму сакратару Саюза пісьменнікаў народнай Польшчы, які ўздоўж і ўпоперак перамераў мінойтаўскую зямлю, ходзячы ад станцыі Мінойты да бацькоўскага Банева. Раней постаццю Путраманта займалася Дакудаўская школа, якая была бліжэй да Банева, але сёння такой школы больш няма, дзяцей з Дакудава возяць у Ёдкі.

Сяржук Чарняк праспяваў шэраг песень, заахвочваючы дзяцей да сумеснага выканання найбольш вядомых шлягераў. Хаця прысутнічалі дзеці недзе 3-5 класаў, але многія песні яны ўжо чулі і спрабавалі падпяваць.

А настаўнікі запрасілі сяброў ТБМ на пачатку верасня прыняць удзел у традыцыйным Дні пісьменства, каб і старшакласнікі пачулі тое, што ўжо ведаюць малодшыя класы. Тым больш, што Мінойтаўская школа беларускамоўная, настаўнікі паведамілі пра гэта з непрыхаваным гонарам. Сёлета ў Міжнародны дзень роднай мовы мінойтаўскія старшакласнікі разам з настаўніцай прымалі актыўны ўдзел у напісанні Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Не падвядуць яны і ў наступным годзе.

Летась такія творчыя сустрэчы праводзіліся ў летніку пры Дзітвянскай школе, а трэба кожны год і ў кожнай школе, бо, як сведчыць атмасфера гэтых сустрэч, беларускае прыгожае слова, беларуская песня запатрабаваныя ў маладых беларусаў, і трэба іх даць малым і навучыць браць самім старэйшых.

Яраслаў Грынкевіч.


Памёр Алесь Рашчынскі

10 жніўня 2016 года, пайшоў з жыцця знакаміты беларускі кампазітар, збіральнік беларускага фальклору, цудоўны настаўнік і шчыры сумленны чалавек Алесь Уладзіміравіч Рашчынскі. У гэты сумны для нас дзень мы жадаем падзяліцца з беларускім грамадствам нашай балючай стратай.

Алесь Уладзіміравіч нарадзіўся ў Лагойску ў 1949 годзе. Скончыў музычны ўніверсітэт імя Гнесіных у Маскве, а пасля - Беларускую акадэмію музыкі ў класе знакамітага кампазітара Яўгена Глебава. Разам з Назаранка Яўгеніяй Барысаўнай у 1973 годзе заснаваў аддзяленне Народна-харавых спеваў у Менскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І. Глінкі. Доўгі час працаваў з музычнымі калектывамі "Харошкі" і "Купалінка". З 1985 года з'яўляўся членам Саюза кампазітараў Беларусі.

На жаль, шмат з яго твораў і зараз застаюцца невядомымі. Усе свае намаганні ён накіроўваў на выкладанне дырыжыравання, напісанне харавых партытур і апрацовак беларускіх народных песень і напісанне артыкалаў на роднай мове. Як і яго сябра, беларускі пісьменнік Ніл Гілевіч, Алесь Рашчынскі выдаваў зборнікі беларускіх песень за ўласныя грошы і змагаўся за шырокае выкарыстанне і распаўсюджванне беларускай мовы.

Выказваем спачуванні родным і блізкім.


Інфармацыя

10 жніўня 2016 г. у філіяле № 527 "Белжелдор" Беларусбанка кандыдат у дэпутаты беларускага парламента Трусаў Алег Анатольевіч адкрыў спецыяльны выбарчы рахунак № 3014555500865 БІК 153001254.

Грамадзяне Беларусі могуць падтрымаць выбарчую кампанію А. Трусава і даслаць на гэты рахунак ахвяраванні ў памеры не болей за 105 рублёў ад адной канкрэтнай асобы. Ахвяраванні юрыдычных асоб могуць быць не больш за 210 рублёў.

Пры прыёме ахвяраванняў ад грамадзяніна банкам, аддзяленням сувязі ахвярадаўца прадастаўляе пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, і пры гэтым афармляецца плацёжны дакумент, у якім указваюцца наступныя звесткі пра грамадзяніна: прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння (дата, месяц, год), месца жыхарства (месца рэгістрацыі/былая прапіска), серыя і нумар пашпарта. У полі "прызначэнне плацяжу" ўказваецца: "Добраахвотныя ахвяраванні ў выбарчы фонд кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (прозвішча, імя, імя па бацьку кандыдата)".

Ахвяраванне грамадзяніна можа ажыццяўляцца як шляхам унясення наяўных грашовых сродкаў, так і шляхам пералічэння грашовых сродкаў з рахунка грамадзяніна, у тым ліку з выкарыстаннем банкаўскай плацёжнай карткі, на спецыяльны выбарчы рахунак кандыдата ў дэпутаты.

Ахвяраванне ў выбарчы фонд кандыдата ў дэпутаты грамадзянін можа ажыццяўляць праз сістэму "Інтэрнэт-банкінг". Пры афармленні электроннага плацёжнага дакумента грамадзянін абавязкова павінен запоўніць поле "адрас плацельшчыка", у полі "дадатковыя рэквізіты" ўказаць сваю дату нараджэння (дату, месяц, год), серыю і нумар пашпарта, а таксама прызначэнне плацяжу "добраахвотнае ахвяраванне ў выбарчы фонд кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (прозвішча, імя, імя па бацьку кандыдата)".

Ахвяраванне юрыдычнай асобы ажыццяўляецца ў безнаяўным парадку шляхам пералічэння грашовых сродкаў на спецыяльны выбарчы рахунак кандыдата ў дэпутаты.

У плацёжным даручэнні ўказваюцца наступныя звесткі пра юрыдычную асобу: уліковы нумар плацельшчыка, назва, банкаўскія рэквізіты, юрыдычны адрас. У полі "прызначэнне плацяжу" пазначаецца: "добраахвотнае ахвяраванне ў выбарчы фонд кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (прозвішча, імя, імя па бацьку кандыдата)".

12 жніўня ў падраздзяленні ААТ "АСБ Беларусбанк" № 500 - Мінскае ўпраўленне ААТ "Беларусбанк", г. Мінск, пр-кт Дзяржынскага, 69, к. 1 быў адкрыты спецыяльны выбарчы рахунак № 3014555504007 БІК 601 для фінансавання расходаў, звязаных з перадвыбарнай агітацыяй кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Алены Мікалаеўны Анісім.

Грамадзяне і юрыдычныя асобы могуць падтрымаць кампанію Алены Анісім, зрабіўшы добраахвотныя ахвяраванні на гэты рахунак згодна з заканадаўствам.


Максімільян Кольбе і Гарадзенская друкарня

Сёння, калі важна захоўваць колькасць падпісчыкаў і заахвочваць новых, прыкладам можа паслужыць дзейнасць св. Максіміліяна Кольбе, якога лічаць патронам журналістаў. 14 жніўня адзначаецца дзень яго памяці. На Беларусі з 1997 года выдаецца дзіцячы часопіс "Маленькі рыцар Беззаганнай". Рэдагуе яго пісьменніца Ірына Жарнасек. Спачатку гэта быў невялічкі дадатак да выдання " Аве Марыя". Часопіс для дарослых " Рыцар Беззаганнай" быў створаны кс. Максіміліянам Марыя Кольбе.

У 1921 годзе Максіміліян Кольбе прыехаў у Гародню, дзе заснаваў невялічкае выдавецтва. Першыя гады былі цяжкімі і вымагалі шмат высілкаў. А. Максімільян рыхтаваў змест і графічнае афармленне часопіса і шукаў мясцовых аўтараў. Яго памочнікі друкавалі і сшывалі часопіс. Сам ён насіў пачкі часопіса на пошту, уладковаў справы выдавецтва. Сярод іншага, выдавецтва надрукавала праваднік па гарадзенскім музеі, біяграфіі мясцовых духоўных асобаў і іншыя кнігі.

Падвойная праца айца Максіміліяна і яго супрацоўнікаў, ашчаднасць у выдатках не змяншалі фінансавых клопатаў выдавецтва.Усё больш нагадваў пра сябе гаспадарчы крызіс, якому спадарожнічала інфляцыя. Некаторыя выдавецтвы не вытрымалі і закрыліся. Наступства гэтага крызісу адчуваў і "Рыцар Беззаганнай", але ён вытрымаў яго. У слове ад выдаўцоў айцец Максіміліян пісаў: "Маці Беззаганная правяла свайго "Рыцара" праз самыя крытычныя хвіліны для выдавецтваў. Але ён не толькі не ўпаў, але аблачыўся ў каляровую вокладку і адшукаў новых чытачоў". Айцец Максіміліян клапаціўся, каб часопіс быў даступны для найбяднейшых. Гэта атрымлівалася, дзякуючы ахвяраванням сталых, больш заможных чытачоў. Евангелічны пастулат: "Дарам атрымалі - дарам давайце" стаў цвёрдым правілам для а. Максіміляна нават у найцяжэйшыя часы.

Як у Кракаве, так і ў Гародні, а. Максімільян лёгка ўсталёўваў кантакт з мясцовым насельніцтвам. Мэтай яго дзейнасці была прапаганда добрых кніжак і друку. Ён арганізаваў нешта накшталт бібліятэкі-чытальні. Заахвочваў свецкіх асобаў да працы ў сваім выдавецтве на дабрачынных умовах. Акрамя выдавецкай дзейнасці, як і іншыя айцы францішканскага кляштара, дзе ён у той час жыў, прамаўляў казанні, наведваў хворых. "Яго казанні сягалі за Нёман і яго ваколіцы", - узгадвала адна з парафіянак.

Яшчэ ён служыў у касцёле пад Гародняй, у мястэчку Капцёўцы. Яму была ўласціва ветлівасць, сардэчнасць, братэрства і цярплівасць. Да яго на імшу прыходзілі дзеці з школы. Ён праводзіў з імі катэхетычныя заняткі, сардэчна размаўляў з імі, лашчыў хлапчукоў і дзяўчынак па галоўках.

У 1926 годзе, на пяты год працы выдавецтва ў Гародні аб'ём часопіса, выдаванага айцом Максіміліянам Кольбе павялічыўся да 32 аркушаў, а наклад вырас да 40.000 асобнікаў, нязменным застаўся толькі яго кошт у 15 грошаў. 12 братоў-францішканаў умацавалі штат выдавецтва. Быў прызначаны тэхнік і механік, адказны за працу друкарскага абсталявання.

Святар імкнуўся, каб Рыцары Беззаганнай, прадстаўнікі місіі, знаходзіліся ў такіх важных сферах дзейнасці як выхаванне моладзі (сярод настаўнікаў, выкладчыкаў тэхнічных школ, спартовых таварыстваў), кіраванне грамадскай думкай (газеты, часопісы і дзённікі), у розных галінах мастацтва (жывапіс, музыка, тэатр). Выданне часопіса мела мэтай падтрымку рэлігійнай місіі Ваярства Прасвятой Дзевы Марыі. Тэхналогіі масавых камунікацый, на думку а. Максіміліяна, павінны былі служыць высакароднай справе.

Сам польскі юнак, выхаванец шматдзетнай сям'і Кольбе, які насіў у дзяцінстве імя Раймунд, у 1914 годзе прыняў вечныя абеты, узяўшы імя "Максіміліян Марыя", каб падкрэсліць сваю пашану да Маці Божай. М. Кольбе вывучаў у Рыме філасофію, тэалогію, матэматыку і фізіку, у 1915 ён абараніў дысертацыю, а ў 1919 г. стаў доктарам філасофіі.

У 1928 годзе яго выдавецтва пераехала з Гародні ў заснаваны ім новы кляштар ў гміне Тэрэсін за 40 км ад Варшавы - Непакалянаў. Айцец Максіміліян зрабіўся адначасова рэдактарам часопіса і магістрам братоў-навіцыятаў.

У снежні 1928 года ў Непакалянаве працавалі 35 братоў, цягам года да Рыцарства Беззаганнай далучылася 50.000 асобаў, а часопіс "Рыцар Беззаганнай" выйшаў накладам 142.000 асобнікаў.

У 1936 годзе Непакалянаў спалучаў рысы францішканскага кляштара і выдавецкага прадпрыемства. Наклад часопіса "Рыцар Беззаганнай" узрос да 723 000 асобнікаў, "Рыцарык…" для дзяцей выдаваўся накладам 130.000 асобнікаў. На палях тэрэсінскага маёнтка Яна Друцкага-Любэцкага выраслі 15 новых будынкаў, а колькасць братоў і працаў-нікоў наблізілася да 600.

У 1930 годзе, калі яго справа ўкаранілася ў Польшчы, пакінуўшы кіраўніком свайго брата, а. Альфонса, айцец Максімілян з братамі выправіўся на Далёкі Усход з мэтай місіянерскай дзейнасці. А. Максіміліян Кольбе імкнуўся прынесці на ўсходнія землі вестку пра Ісуса Хрыста, распаўсюдзіць культ Божае Маці і праз гэта асвяціць душы людзей і іх жыццё.

Пасля доўгага падарожжа на караблі месцам сваёй місіі браты выбралі горад Нагасакі. У тыя часы ў Японіі было каля 100 000 католікаў, большасць з іх жыла ў горадзе Нагасакі. Для іх спадзвіжнікі а. Максіміліяна Кольбе вырашылі выдаваць часопіс "Рыцар Беззаганнай" на японскай мове, які называўся па японску: "Сейбо но Кішы". Часопіс выйшаў накладам 25.000 асобонікам, з перакладам дапамог мясцовы жыхар Сато Шыгеа. У сакавіку 1931 года за 6800 йен а. Максіміліян набыў 4 гектары зямлі, зарослай дрэвамі і кветкамі, ля падножжа гары Нікасан і заснаваў там маленькі японскі Непакалянаў - кляштар айцоў-францішканаў на ўзор польскага. Яму была дадзена паэтычная назва - Мугензай но Соно - "Агарод Прасвятой Дзевы". Нягледзячы на неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, браты працавалі вельмі самааддана і выклікалі сімпатыі тубыльцаў. Японскі кляштар замацаваўся і вырас. У 1936 годзе М. Кольбе вярнуўся ў Польшчу і працягнуў там выдавецкую дзейнасць.

- Безумоўна, я адчуваю нашу сувязь з заснавальнікам аднаіменнага часопіса, айцом Максімільянам Кольбе, - кажа сп. Ірына Жарнасек, рэдактарка сучаснага "Маленькага Рыцара Беззаганнай". - Абодва яго часопісы - для дарослых і для дзяцей выходзілі на польскай мове і распаўсюджваліся па Заходняй Беларусі. На хутарах мне паказвалі людзі самаробныя падшыўкі часопісаў, якія яны захоўвалі ў сваіх хатах. Мне даводзілася наведваць Непакалянаў. Але самае вялікае ўражанне на мяне пакінула наведванне камерыадзіночкі ў Асвенцыме, дзе ў апошнія дні знаходзіўся а. Максіміліян Кольбе. Ён дабраахвотна аддаў сваё жыццё за бацьку шматдзетнай сям'і Францішка Гаёўнічка.

У вёсцы Удзела Глыбоцкага раёна створаны музей, дзе адлюстравана жыццё і дзейнасць св. М. Кольбе, і пастаўлены яму помнік.

Э. Дзвінская. 1-2. Праца Максіміліяна Кольбе і братоў-францішканаў у Гарадзенскай друкарні ў 1921-1926 г. Фота з музейнай экспазіцыі. 3. Айцец Максіміліян Кольбе.


Беларускі гурток у палацы Каніскага

4 жнiўня беларускi гурток ТБМ імя Ф. Скарыны завiтаў у палац Георгiя Канiскага, дзе ў гэты дзень адбылося адкрыццё краязнаўчага музея. Народу сабралася столькi, што невялiчкiя залы ледзве усiх змяшчалi. Экспазiцыя нас чакала вельмi незвычайная, прысвечаная не толькі дзейнасцi знакамiтага фiлосфа i багаслова, але i ўвогуле развiццю праваслаўя ў Магiлёве. Мабыць, яна атрымалася некалькi хаатычнай, бо рэчы з розных гiстарычных эпох перамяшаныя мiж сабой, сустракаюцца абразы нават розных рэлiгiйных плыняў, не толькi праваслаўныя, а яшчэ каталiцкiя, унiяцкiя. Тлумачыцца гэта тым, што ўся экспазiцыя збiралася невялiкай групай неабыякавых людзей на чале з дырэктарам музея Людмілай Грышанавай на працягу амаль 10 год. I кожны экспанат мае сваю гiсторыю, якую з вялiкiм задавальненем распавяла нам дырэктар, бо кожная з гісторый здабыцця экспанатаў перажытая ёй асабiста. Менавiта гэта надае музею своеасаблiвую хатнюю атмасферу. Там сябе адчуваеш як у гасцях, а не як у афiцыйнай установе.

Супрацоўнiкi добра папрацавалi над афармленнем iнфармацыйных стэндаў, таму можна пабачыць вялiкую колькасць фатаздымкаў i дакументаў. Ёсць у экспазiцыi i драўляная выява Хрыста 17 стагоддзя, якую захавалi ў савецкiя часы, а потым передалi ў музей. Уражвае, як увогуле самааддана ў часы ганенняў людзi заставалiся вернымi рэлiгii, а цяпер мы, нашчадкi, маем магчымасць бачыць усю гэтую прыгажосць. Напрыканцы экскурсii нас чакаў сюрпрыз - прыехаў бацюшка Андрэй, каб асвяцiць абраз Георгiя Канiскага, напiсаны адмыслова для музея, i мы змаглi стаць сведкамi такой унiкальнай падзеі. Пасля нас запрасiлi на iмправiзаваную вячэру з прысмакамi i гарбатай. Так за адным сталом аказалiся праваслаўныя вернiкi i аматары гicторыi. Ужо праз адзін гэты факт гутарка абяцала быць гарачай, такой яна ў вынiку i атрымалася. Iскру ў гатовае вогнiшча падкiнуў не хто iншы, як бацюшка Андрэй, напэўна, не ведаючы, што за вячэрай сабралiся не толькi прыхiльнiкi праваслаўнай веры. Пытанне закранула тэму icцiны, на вузкім мосце якой не змаглi разысцiся ярыя вернiкi, чыя праўда грунтуецца на запаветах Бога, i тыя, хто жадае ўлiчваць усе наяўныя факты. Тушыць прыйшлося таксама святару. Што нас здзiвiла - ён падтрымаў наяўнасць рознах пунктаў гледжання, чым заслужыў усеагульную павагу. Вечар скончыўся на мажорнай ноце, але пакiнуў для ўсiх удзельнiкаў нагоду паразважаць, цi такая адназначная iсцiна, што iснуе ў нашых думках i скрозь шкло якой мы ўспрымаем навакольную рэчаiснасць.

Яўгенія Хмуровіч. Магілёў.


125 гадоў з дня нараджэння Макара Краўцова

Макар КРАЎЦОЎ (сапр. Макар Мацвеевіч Касцевіч; 18 жніўня 1891 - пасля 1939) - беларускі пісьменнік, паэт, перакладчык, публіцыст, грамадска-палітычны дзяяч.

Нарадзіўся ў вёсцы Баброўня Гарадзенскага павета ў заможнай сялянскай сям'і. Скончыў царкоўна-прыходскую школу ў вёсцы Галавачы (Гарадзенскі павет), Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910). Працаваў у школе.

З 1915 года - у войску, пасля вайсковай вучэльні - на Паўночна-Заходнім фронце.

Дэлегат І Усебеларускага кангрэсу (снежань 1917 года). Настаўнічаў у Менску (1917-1918). Выкладаў на курсах беларусазнаўства пры Менскай гарадской думе (1918).

У 1918 годзе ўступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у працы Рады БНР у Менску і Гародні (1918-1919). Удзельнік Слуцкага паўстання, займаўся ў ходзе яго справамі друку, быў загадчыкам паўстанцкай друкарні ў Клецку.

Пазней працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі (1922-1923).

Жыў у Вільні. Рэдагаваў часопіс "Саха" (1923).

З 1927 года актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага навуковага таварыства. Друкаваўся (з 1916 года) у перыёдыках "Гоман", "Звон", "Беларускае жыццё", "Беларускія ведамасці", "Беларусь", "Наша думка", "Маланка", "Грамадскі голас", "Беларускае слова" "Сялянская ніва", "Беларуская культура", "Беларускі дзень". Карыстаўся таксама псеўданімам "Язэп Святазар". Арганізоўваў у родных мясцінах беларускія канцэрты, спектаклі.

Арыштоўваўся ўладамі Польшчы за пракамуністычную агітацыю.

У 1930-х гадах адыйшоў ад літаратурнай творчасці. Быў беспрацоўным.

Сябар Галоўнай управы Таварыства беларускай школы ў 1936-1937 гадах.

У кастрычніку 1939 года працаваў у рэдакцыі газеты "Віленская праўда". Неўзабаве арыштаваны бальшавікамі, загінуў у зняволенні.

Вікіпедыя.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Галай Аркадзь - 10 р., г. Менск

2. Цераш Анатоль - 20 р. + 10 дол. ЗША, г. Асіповічы

3. Сутулаў Глеб - 5 р., г. Менск

4. Бойса І.Б. - 15 р., г. Ліда

5. Ганчарова Роза - 20 р., г. Менск

6. Васілічак М.В. - 20 р., г. Гародня

7. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

8. Панамароў Сяргей - 20 р., г. Менск

9. Лягушаў Алег - 20 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н

10. Плакса Уладзімір - 5 р., г. Менск

11. Касцюкевіч Зміцер - 5 р., г. Чэрвень

12. Мануленка Уладзімір - 5 р., г. Берасце

13. Кукавенка Іван - 15 р., г. Менск

14. Зылькоў С.П. - 60 р., г. Гародня

15. Бойса І.Б. - 15 р., г. Ліда

16. Ляўшун Д. - 19 р. 30 к. - г. Менск

17. Рабека Мікола - 15 р. - г. Менск

18. Давідоўскі Ігар - 20 р. - г. Менск

19. Бандарчык Уладзімір - 10 р., г. Менск

20. Варанцоў Міхал - 10 р., г. Менск

21. Вашкевіч Ігар - 10 р., г. Менск

22. Камлюк Алесь - 10 р., г. Менск

23. Кацярынін Іван - 10 р., Гаваі, ЗША

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Да ўгодкаў надання Чэрыкаву Магдэбургскага права

Апошнім часам у Беларусі вызначылася тэндэнцыя на адраджэнне гісторыі, у тым ліку лакальнай, звяртаецца ўвага на развіццё невялікіх гарадоў, а ў Магілёўскай вобласці распрацавана адпаведная праграма. Як вядома, наша сучаснае і будучае немагчыма без павагі да гісторыі. Банальна гучыць, але ж мы на самой справе нічога не значым, па вялікаму рахунку, калі не ведаем свайго мінулага, не ўшаноўваем яго. Жыхары горада памятаюць, як у нас зусім нядаўна зруйнавалі самы старажытны будынак Чэрыкава. Але ж вельмі добра, што пры падтрымцы сучаснага кіраўніцтва апошнім часам робяцца пэўныя крокі ў кірунку ўшанавання дзейнасці нашых продкаў. Прыкладам гэтага з'яўляецца адкрыццё на будынку канца XVIII ст., дзе да 30-х гадоў XIX ст. знаходзіўся магістрат, інфамацыйнай дошкі аб наданні Чэрыкаву Магдэбургскага права. Спадзяёмся, што такая работа на раённым узроўні будзе працягвацца.

Кожны, хто ўязджае ў горад з боку Магілёва, даведваецца аб тым, што мястэчка Чэрыкаў атрымала статус горада ў 1604 г. і, такім чынам, адзначыць неўзабаве свой 412-ты дзень нараджэння. У сувязі з гэтым варта дадаць, што Чэрыкаў ніколі не быў прыватным уладаннем як у той час, калі ён быў мястэчкам, так і пасля надання яму гарадскога статусу. Чэрыкаў заўсёды ўваходзіў у склад дзяржаўнага валодання - Магілёўскай эканоміі. Наступнай знамянальнай падзеяй у гісторыі Чэрыкава з'яўляецца наданне каралём Рэчы Паспалітай Уладзіславам IV гораду Магдэбургскага права, што адбылося 375 гадоў таму назад. З гэтага часу гараджане вызваляліся ад татальнай апекі каралеўскіх чыноўнікаў і самастойна вырашапі надзённыя пытанні.

Найвялікшым значэннем атрымання Магдэбургкага права з'яўляецца тое, што ў сярэднявеччы, якое характарызуецца існаваннем дзвюх асноўных груп насельніцтва - феадалаў (свабодныя людзі, уладальнікі зямель) і прыгонных (не свабодныя, прыроўненыя да рэчаў), з'яўляецца яшчэ адна катэгорыя вольных - гараджане, жыхары месцаў, якія атрымалі Магдэбургскае права.

Дзякуючы гэтаму, мяшчане Чэрыкава перайшлі на новы ўзровень сацыяльных адносін у іерархічнай лесвіцы тагачаснага грамадства. Напрыклад, яны маглі паскардзіцца і нават прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя.

З'явіліся сімвалы новага статусу - герб і пячатка, якія даваліся разам з прывілеем. На гербе Чэрыкава была адлюстравана цвердзь з трымя вежамі і брамай у цэнтральнай частцы з рыцарам, які трымае ў руцэ дзіду.

З гэтага часу чэрыкаўцы маглі "из своих людей" выбіраць бурмістра, войта "стану шляхецкага", райцаў і лаўнікаў. Такім чынам ствараўся гарадскі кіраўнічы орган самакіравання - магістрат (рада), які ведаў адміністрацыйнымі, гаспадарчымі, фінансавымі, паліцэйскімі і судовымі справамі горада, быў распарадчым, выканаўчым і судовым органам. Яго паседжанні адбываліся ў спецыяльным будынку - ратушы, будаўніцтва якой прадугледжвалася дакументам. У Чэрыкаве ратуша была пабудавана на рынкавай плошчы. Яна мела вежу з гадзіннікам.

Першы прывілей на правы і вольнасці жыхароў Чэрыкава вызначаў падаткі і даходы на карысць дзяржавы, замацоўваў правы насельніцтва мястэчка і акрэсліваў пытанні землеўпарадкавання. Дзякуючы Магдэбургскаму праву, Чэрыкаў пераўтвараўся ў значны рамесны і гандлёвы цэнтр. Кожную нядзелю ў Чэрыкаве дзейнічаў рынак, а два разы ў год на працягу тыдня праводзіліся кірмашы: адзін на Св. Троіцу, другі - на Св. Пакровы.

Відавочна, што залатым векам беларускіх гарадоў і мястэчак з'яўляецца другая палова XVI і першая палова XVII стагоддзяў. У гэты перыяд канчаткова фарміруецца структура кіравання магдэбургскім горадам, афармляюцца яго атрыбуты - пячатка і герб. Першая - як сведчанне юрыдычных паўнамоцтваў гараджан, а другі як сімвал незалежнасці, што аб'ядноўвае ўсіх мяшчан у адну супольнасць, падкрэслівае іх правы і акрэслівае іх абавязкі ў дачыненні да вярхоўнай улады. Магдэбургскае права забяспечыла гарадам развіццё рамяства і гандлю, вызначыла месца і стан гараджан у феадальным грамадстве, бараніла іх ад уціску шляхты і вялікакняскай адміністрацыі, спрыяла саслоўнаму адзінству гараджан на аснове паняцця - вольныя людзі. Вынікам гэтага былі вялікія дасягненні як у галіне эканомікі, так і культуры.

Цяпер зададзімся пытаннем - чаму невялічкі гарадок, у якім не пражывала і тысячы жыхароў, частка з якіх былі габрэямі, быў ганараваны такой каралеўскай міласцю - правам дэмакратычным шляхам абіраць мясцовую ўладу, правам на абарону ад ўсемагутных у той час феадалаў і іншымі правамі? Увядзенне гарадскога самакіравання ў Чэрыкаве, як і ў блізкім нам Крычаве, было абумоўлена знешнепалітычнымі абставінамі. У гэты час рэзка абвастрыліся адносіны Рэчы Паспалітай з Расіяй і, практычна бесперапынна, паміж імі ішлі войны. Улічваючы памежнае месцазнаходжанне нашых зямель, якія падвяргаліся набегам з усходу, мясцовае насельніцтва ўцякала далей ад усходняй мяжы, на Захад. Таму цэнтральныя ўлады каралеўства і княства імкнуліся нейкім чынам спыніць міграцыю мясцовага насельніцтва, зацікавіць яго, у тым ліку праз допуск яго да самакіравання. Варта ўлічыць і тое, што гарадское паветра было паветрам свабоды, і Магдэбургскае права павінна было прыцягнуць у горад сялян, якія ўцякалі сюды для таго, каб атрымаць волю ад шляхты і магнатаў.

Гаворачы аб самакіраванні ў горадзе Чэрыкаве, мы павінны ўлічваць пры гэтым тое, што не ўсе органы кіравання ў горадзе былі выбарнымі.

Так, цяпер мяшчане маглі выбіраць бурмістраў, членаў рады і лавы. Аднак на чале гарадской улады знаходзіўся войт, якога прызначаў і вызваляў кароль, ён жа вялікі князь. Праз войта манарх кантраляваў гарадскія ўлады. Першым чэрыкаўскім войтам быў Міхаіл Жабельскі. З пісьмовых крыніц ХVІІ - XVIII стст. нам вядомы імёны некаторых іншых войтаў: "высакародныя" Якуб Людвік Францішак Ганцкаў, Атрашкевіч, Крыштаў Мамінскі, Ян Міхал Шаблеўскі. У іх абавязкі, як запісана ў прывілеі 1688 г., уваходзілі "бунты, звады, забойствы, вядзьмарствы, крадзяжы, распусты, непадпарадкаванні і іншыя ім падобныя адступленні судзіць і караць...".

У1728 г. у адзін і той жа дзень, 15 снежня, стараста крычаўскі Міхаіл Пац атрымаў каралеўскі рэскрыпт у ахову правоў гарадскіх мяшчан, і кароль падпісаў "Пацвярджальную грамату гораду Чэрыкаву". У канцы другога дакумента, пасля подпісу караля і пячаткі, змешчана апісанне г. Чэрыкава. Гэта першы, самы старажытны, тым больш афіцыйны агляд Чэрыкава, названы "Вытрымка з рэестра здагадкі аб колькасці падаткаў усёй магілёўскай эканоміі і палажэнні, складзенага ў 1649 годзе".

Успомнім, што толькі што адбыліся крывепрапітныя паўстанні, горад быў спустошаны пажарамі, дашчэнту абабраны падчас штурму палякамі, казакамі, насельніцтва цярпела ад размяшчэння салдат на пастой, на начлег і г.д.

У гэтым апісанні паказваецца, што ў мястэчку Чэрыкаве "рынкавых плошчаў 23,5" па 8 грошаў - 3 капы і 8 грошаў; вулічныхучасткаў (зямельных участкаў) 226 і палова; з іх 2 у царквы - свабодных прывіліяваных (былі вызваленыя ад падаткаў)...". Войту Атрашкевічу належала 8 зямельных участкаў, 34 участкі былі пустыя. Названыя прозвішчы гараджан, вызваленых ад дробных гарадскіх збораў, але абавязаных плаціць падаткі ў казну: Мікалай Пяшкевіч, Парфен Маскаль, Цішка Кульгавы, Ян Сталваноўскі. Гэтыя мяшчане вызвапяліся ад капшчыны мядовай, піўной, гарэлачнай (капшчына - падатак, які спаганяецца за выраб і продаж гарэлкі, мёду і піва.) У гарадской уласнасці было 100 валок зямлі, з іх царкве, вызваленай ад выплаты падаткаў, напежала 6, войту - 2 валокі. У1648 г. мяшчане заплацілі з 90 валок аброку з мядовай данінай па 3 капы за валоку - 270 коп., войт - 4 капы, - па 2 за вапоку. Войт Атрашкевіч атрымаў прывілеі на 6 гадоў.

Паказальным з'яўляецца канфлікт 1736 г. паміж Чэрыкаўскімі мяшчанамі і рэчыцкім пісарам Міхаілам Кялчэўскім. Калі Кялчэўскі паспрабаваў парушыць правы абывацеляў Чэрыкава, апошнія звярнуліся са скаргай да караля Аўгуста III, які ў сваёй грамаце папярэдзіў Кялчэўскага "каб ні ты сам, твая адданасць, ні падначаленыя табе асобы, ніякіх свавольстваў у дачыненні да здароўя скаржнікаў не чынілі, ніякіх гвалтаў, нападаў, уварванняў, барацьбы, спусташэння лясоў, апрацоўваных земляў, а асабліва да гаспадарчых землях дзеянняў прадпрымаць не намерваліся". За парушэнне гэтага Кялчэўскаму пагражаў штраф памерам у 5 тысяч коп літоўскіх грошаў.

Аднак у XVII - XVIII стст. феадалы неаднаразова спрабавалі парушыць вольнасці чэрыкаўцаў. У сувязі з гэтым, правы мяшчан падмацоўваліся наступнымі пацвярджальнымі граматамі. Гэта значыць: Магдэбургскае права ў Чэрыкаве дзейнічала аж да 1775 г., пакуль яго не адмяніла сваім указам Кацярына ІІ.

На сучасным этапе фарміравання беларускай дзяржаўнасці асаблівае месца мае вывучэнне гістарычнага мінулага, традыцый, якія фарміруюць пазітыўны вобраз нашай краіны.

Безумоўна, на першым месцы знаходзіцца станоўчы вопыт эканамічнай, культурнай, адукацыйнай дзейнасці асобы і грамадства. Асабліва ў сферы грамадскага самакіравання. Аб гэтым гаварылася мінулым летам, калі ў Чэрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы праводзіўся "круглы стол" "Магдэбургскае права на Магілёўшчыне".

Удзельнікі "круглага стала" падкрэслілі, што Чэрыкаў - адзін з раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці, які мае традыцыі самакіравання яшчэ з часоў сярэднявечча. Іх пачатак быў пакладзены 15 лютага 1641 г., калі кароль Уладзіслаў IV сваім прывілеем надаў Чэрыкаву Магдэбургскае права.

Па выніках "круглага стала" было вырашана стварыць у Чэрыкаве клуб аматараў гісторыі і ўшанаваць памяць аб наданні гораду Магдэбургскага права. На паседжанні клуба прадстаўнікі раённай адміністрацыі, краязнаўцы і гісторыкі вырашылі ўсталяваць на адным з будынкаў Чэрыкава інфармацыйную дошку аб гэтым.

Магілёўская абласная арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" вырашыла дапамагчы чэрыкаўцам у гэтым. Па ўзгадненні з райвыканкамам, на ўласныя сродкі таварыства вырабіла інфармацыйную дошку аб наданні Чэрыкаву ў 1641 г. Магдэбургскага права і перадала яе ў дар жыхарам раённага цэнтра. І вось 17 ліпеня гг. дошка была ўстаноўлена на адным са старэйшых будынкаў горада.

Гісторыя гарадоў нашай краіны, у тым ліку Чэрыкава, сведчыць аб існаванні ў ХІV-XVIII стст. высокаарганізаванай сістэмы самакіравання і глыбокіх дэмакратычных традыцый у Беларусі, якія дазваляюць з аптымізмам глядзець у будучыню.

Паводле: Васіля МАКСІМЕНКІ , выкладчыка гісторыі. Ігара ПУШКІНА, кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гуманітарных дысцыплін УА "Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання". ("Веснік Чэрыкаўшчыны" № 53 і № 54 за 2016 г.)


Пры старажытнай Каложы ў Гародні адкрылася бібліятэка імя Ларысы Геніюш

Кім ёсць знакамітая паэтка Ларыса Геніюш для праваслаўнай царквы, і ці будуць ладзіцца ў бібліятэцы штогадовыя Геніюшаўскія чытанні? На пытанні карэспандэнта "Радыё Свабода" Міхася Скоблы адказвае настаяцель храма протаіерэй Аляксандр Балоннікаў.

- Ойча Аляксандр, чаму вы вырашылі надаць бібліятэцы імя Ларысы Геніюш?

- Тут усё проста. Мы павінны памятаць пра тых людзей, дзякуючы якім мы сёння праваслаўныя вернікі. Ларыса Геніюш - адна з найвялікшых вызнаўцаў праваслаўнай веры ХХ стагоддзя. Менавіта таму наша бібліятэка і носіць яе імя.

- Якім чынам яна камплектуецца?

- Двума шляхамі. Па-першае, кнігі, якія тычацца хрысціянскай веры і гісторыі царквы і Бацькаўшчыны, мы закупляем у самых розных выдавецтваў - у беларускіх і замежных, выпісваем літаратуру з Кіева, Масквы, Пецярбурга, Варшавы, Беластока, Вільні. Мы стараемся адсочваць і набываць тыя выданні, якія нам патрэбныя. Па-другое, кнігі мы атрымліваем ад нашых прыхаджанаў і сяброў. Скажам, шмат літаратуры па мастацтвазнаўстве, па гісторыі Беларусі і краязнаўстве мы атрымалі ад іх. Добрыя людзі прыйшлі і сказалі: "Мы ведаем, што адкрылася бібліятэка, калі ласка, прыміце ад нас дар". Сярод падарункаў трапляюцца кнігі і пра крышнаізм, і пра кірункі ісламу, хоць, як на першы погляд, яны нам непатрэбныя. Але кніга - гэта і помнік, і крыніца ведаў, і па-рознаму можа служыць нам. Мы маем таксама кнігі савецкага часу, калі пра царкву пісалі атэісты, бязбожнікі, пісалі хлусню. І мы сёння не палім гэтыя кнігі, а паказваем, у якой хлуслівай атмасферы жыла царква, і як гэтая хлусня раскрываецца з часам.

- А якія кнігі самой Ларысы Геніюш вы маеце?

- Іх нямала. Вось двухтомнік Ларысы Геніюш, выдадзены ў серыі "Галасы айчыны", вось зборнік "Невадам з Нёмана" 1967 года выдання, вось выбраныя творы пад назвай "Гасціна", выдадзеныя ў Менску ў "Мастацкай літаратуры" ў 2000 годзе. Ёсць у нас і "Споведзь", выдадзеная ў 1993 годзе той жа "Мастацкай літаратурай". А літаральна днямі чарговы ахвярадавец падараваў нам зборнік вершаў, выдадзены ў Лондане ў 1992 годзе, альманах "Ля чужых берагоў" (1955) з вялікай падборкай вершаў Ларысы Геніюш. Там, дарэчы, паэтка прадстаўленая ў раздзеле "Абарваныя струны", паколькі лічылася, што яна загінула ў ГУЛагу. Спадзяюся, што ў хуткім часе мы будзем мець усе выданні Ларысы Геніюш. Ёсць у нас і кніга з яе аўтографам - "На чабары настоена", - падараваная паэткай у 1982 годзе сябрам.

- Як яна трапіла да вас?

- Яна трапіла да нас з Зэльвы. Айцу Георгію Субаткоўскаму, які арганізаваў пры зэльвенскай царкве музей у гонар Ларысы Геніюш, перадалі вернікі некалькі аднолькавых кніг. Адну з іх ён перадаў нам у дзень адкрыцця нашай бібліятэкі.

- Ці плануецца ў бібліятэцы ладзіць літаратурныя сустрэчы, прысвечаныя Геніюш? Бо часам з памяшканнямі для падобных імпрэз узнікаюць праблемы.

- Мне здаецца, што ўсё павінна рабіцца спакойна. У новазапаветнай кнізе "Дзеянні апосталаў" ёсць вельмі цікавае сведчанне. Калі апостала Пятра прывялі на суд у Сінедрыён, то адзін з паважаных фарысеяў, Гамалііл, папярэджваў астатніх, кажучы: "Калі гэта справа ад людзей, то яна разваліцца сама па сабе, а калі ад Бога - не зможаце разваліць яе, беражыцеся, каб вам не зрабіцца багаборцамі". Так і тут. Калі мы сапраўды будзем ушаноўваць Ларысу Геніюш, паэтку і вызнаўцу веры Хрыстовай, то ўсё ў нас атрымаецца. Вядома ж, мы плануем сустракацца тут, ладзіць асветніцкія мерапрыемствы - найперш для саміх сябе, не для кагосьці. Бо нам самім важна разумець, чаму паэтка напісала той ці іншы твор, у якіх умовах гэта адбылося, як яна сама перажывала ўсе жыццёвыя выпрабаванні. А каб гэта ўсё зразумець, трэба чытаць, разважаць разам. І сёлета мы плануем першую такую сустрэчу з нашымі беларускімі пісьменнікамі, некаторыя з іх паходзяць з Зэльвы, ведалі Ларысу Геніюш, памятаюць яе. Спачатку мы памолімся за супакой яе душы, у Каложы будзе адслужана беларуская літургія і паніхіда, а пасля ў бібліятэцы пачытаем яе вершы, паразважаем.

- Ужо каля дваццаці пяці гадоў, колькі існуе незалежная Рэспубліка Беларусь, не сыходзіць з парадку дня пытанне аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Як вы лічыце, чаму адпаведныя органы ўлады не дазваляюць рэабілітаваць паэтку, фактычна - класіка беларускай літаратуры?

- Гэта мне нагадвае гісторыю, калі вернікі шукаюць страчаныя святыні - цудатворныя іконы, абразы, мошчы святых. На гэта патрабуецца пэўны час. А людзям хочацца сёння, цяпер, адразу. Але ці самі яны гатовыя прыняць тое, да чаго так імкнуцца? Вось і тут, мне здаецца, калі ставілася згаданае вамі пытанне, мы яшчэ не былі падрыхтаваныя. Можа быць нешта не так рабілася. Але я сапраўды шчыра спадзяюся - прыйдзе час, і ўсё стане на сваё месца. Хоць для самой Ларысы Геніюш гэта, хутчэй за ўсё, непатрэбна.

- Мне нячаста, але даводзілася сустракаць людзей, у тым ліку сярод чыноўнікаў, якія гаварылі: "Геніюш асуджаная правільна, і рэабілітоўваць яе не варта". Што б вы сказалі гэтым людзям?

- Нічога я ім не казаў бы. Найперш мы павінны маліцца за Ларысу Геніюш і за сябе. Мы павінны маліцца аб тым, каб хутчэй нашыя душы і свядомасць уваскрэслі, каб мы многае зразумелі і аддзялілі сапраўды выдатную асобу, паэтку і хрысціянку ад той не самай чыстай палітыкі, куды яе час ад часу спрабуюць уцягнуць. Я лічу, што гэта рабіць не трэба. Трэба прыйсці да вызначанай мэты духоўным шляхам. Я ўпэўнены, што атрымаецца. Калісці, яшчэ за савецкім часам, мітрапаліт Філарэт быў у службовай паездцы ў ЗША. І там у яго спыталіся журналісты: ці ёсць у праваслаўнай царквы ў Савецкім Саюзе свой радыёканал ці сваё тэлебачанне. І мітрапаліт адказаў: "Пакуль што няма". На той час немагчыма было і марыць пра гэта. А сёння ў нас ёсць і радыё, і тэлебачанне, і інтэрнэт - розныя сродкі, якімі мы можам карыстацца для сведчання сваёй веры. Але ўсё ж найлепшае сведчанне веры - асабістае, калі чалавек сведчыць сваім жыццём.

- У 90-я гады "Споведзь" і вершы Ларысы Геніюш вывучаліся ў школе, пазней іх з падручнікаў выкінулі. Як вы лічыце, ці варта вярнуць творчасць Геніюш у школьныя праграмы па літаратуры?

- У Менскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах мы вывучалі творчасць Ларысы Геніюш, і гэта мне шмат дало, дапамагло ўсвядоміць і беларускасць, і тое, што чалавек у самых цяжкіх абставінах можа застацца сабой, захаваць сваю веру і годнасць. Таму добра было б, каб творы Геніюш вывучалі ў школе, яна ж выдатная беларуская паэтка. Але скажу вам і пра іншае. У савецкі час у школе не вывучалі Закону Божага, не было нядзельных школаў, але былі сем'і, у якіх дзеці ведалі пра Бога ўсё, што трэба. Таму ўсё залежыць ад бацькоў. Калі бацькі будуць ведаць, што гэта за твор, калі яны дадуць дзецям у рукі і скажуць - чытай, то дзеці будуць чытаць. Помню, калі я ўпершыню прачытаў "Споведзь", то можа з год не мог адысці ад прачытанага. Гэта сапраўды вельмі моцнае ўражанне, праўда, і вельмі цяжкае. Таму тут трэба разумець псіхалогію дзяцей, як яны здольныя гэта ўсё ўспрыняць.

- У школьных праграмах ёсць адмысловы пункт: мінімізаваць тэму рэпрэсій 30-40 гадоў. Маўляў, каб не траўмаваць дзіцячую псіхіку...

- Але ж мы вывучаем у нядзельнай школе і дома чытаем з дзецьмі жыціі святых пакутнікаў, якіх катавалі ў розныя часы хрысціянскай гісторыі. І катаванні тыя былі вельмі жорсткія. Проста трэба ўсё правільна падаць. І так было скрозь. А сёння па дабраславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ўтвораная адмысловая Царкоўна-грамадская рада па ўшанаванні памяці новапакутнікаў і вызнаўцаў веры XX стагоддзя. Ад кожнага прыходу нашай царквы патрабуецца плённая праца ў гэтым кірунку.

- Яшчэ ў першай сваёй кнізе "Ад родных ніў" Ларыса Геніюш саманазвалася "ўнучкай Францішка Скарыны". Да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання СБП спрабуе вызначыць 500 найлепшых беларускіх кніг. Столькі прыгадаць мы не паспеем. Назавіце тры найважнейшыя ў вашым жыцці кнігі.

- Вядома ж, мы не будзем называць тут Біблію, яна стаіць асобна. А ў спісе найлепшых кніг на першае месца я пастаўлю ўсё тую ж "Споведзь" Ларысы Геніюш. З радасцю пастаўлю побач "Пропаведзі" нашага архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, якія выдадзеныя па-беларуску і вытрымалі ўжо два выданні. У гэтай кнізе ўладыка Арцемій разважае на тэмы Евангелля, падказвае, як чалавек павінен яго ўспрымаць і жыць па ім. І трэцяя пазіцыя - нават не кніга, а ўсе творы Максіма Багдановіча, напісаныя ім па-беларуску. Менавіта яны могуць дапамагчы лепш зразумець нашую беларускую мову і адрадзіць любоў да яе ў душах людзей.

© Твой стыль.


Геніюшаўскія чытанні ў Гародні

У Гародні, 8 жніўня, у Барысаглебскай царкве, званай у народзе Каложскай, адбыўся малебень за славутую беларускую паэтку Ларысу Геніюш. Пасля ўдзельнікі былі запрошаны ў бібліятэку імя Ларысы Геніюш, заснаваную пры праваслаўным храме стараннямі протаіерэя, настаяцеля Барысаглебскай царквы, айца Аляксандра Балоннікава, і ўрачыста асвечаную 15 траўня епіскапам Гарадзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем. Менавіта тут прайшлі геніюшаўскія чытанні, прысвечаныя чарговай гадавіне з дня народзінаў паэткі. Выступаючы перад прысутнымі, айцец Аляксандр Балоннікаў назваў Ларысу Геніюш адным з выбітнейшых праваслаўных вернікаў 20 стагоддзя. Ларыса Геніюш, не гледзячы на страшэнны пераслед з боку савецкіх карных органаў, засталася шчырай праваслаўнай хрысціянкай і дэманстравала гэта ўсім сваім жыццём. Калі яна памерла, уся Зэльва выйшла праводзіць яе і такога крыжовага шляху ў гэтым горадзе ніколі не было. На сустрэчы перад прысутнымі выступілі людзі, якія асабіста ведалі Ларысу Геніюш, так літаратарка Данута Бічэль, якая часта прыязджала да Янкі і Ларысы Геніюшаў, распавяла:

- Мой універсітэт прайшоў ў Зэльве, у іх бібліятэцы. Яны не давалі кнігі на вынас. Казалі жыві колькі хочаш і чытай. У іх было тры бібліятэчныя зборы, якія яны гублялі падчас жыццёвых навальніц: у Жлобаўцах, Зэльве, Празе і зноў Зэльве. Даваліся гэтыя кніжкі цяжка, нават у наваколлі яны часам знаходзілі свае кнігі. Гаварыць пра дарагога чалавека можна бясконца. Я да яе малюся, з ей размаўляю. Бяру ад яе натхненне і здароўе.

Вольга Іпатава, якая прыехала з далёкай Канады, распавяла ўражанні з сваёй маладосці:

- Мне пашанцавала маладой дзяўчынкай пазнаць класікаў: Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Дануту Бічэль і, дзякуючы ім, я не стала савецкім чыноўнікам і ў той жорсткі савецкі час я дыхнула кавалак паветра. Гісторыя Беларусі ў мяне нараджалася сярод Гарадзенскіх замкаў і старацца жыць па праўдзе я абавязана Ларысе Геніюш.

Юрка Голуб, як малады выпускнік Зэльвенскай сярэдней школы, узгадаў:

- Ларыса Антонаўна з мужам Янкам прыйшлі на мой школьны выпускны вечар. Зорным чалавекам яна была, яны мне падаравалі санеты Уільяма Шэкспіра ў перакладзе Уладзіміра Дубоўкі і падпісалі яе:

"К свабодзе, роўнасці і знанню мы працярэбім сабе свет,

і будзе ўнукаў панаванне,

там дзе сягодня плача дзед".

Знаўца і даследчык творчасці Ларысы Геніюш, яе зямляк, паэт Міхась Скобла, гаварыў пра грамадзянкі вычын паэткі, яе бескампраміснасць і адданасць беларускай справе. Сустрэчу ўпрыгожылі спева Вольгі Цярэшчанкі і Таццяны Грыневіч-Матафонавай. Як адзначыў старшыня Гарадзенскай філіі саюза беларускіх пісьменнікаў, Валянцін Дубатоўка:

- Сёння мы правялі першыя геніюшаўскія чытанні ў Гародні, у бібліятэцы яе імя, і заклалі іх штогадовую традыцыю. Дзякуючы айцу Аляксандру Балоннікаву, мы маем цудоўную бібліятэку і памяшканне, дзе нам ніхто ніколі не скажа, што прапала электрычнасць, прарвала трубы, і мы не можам даць вам памяшканне. Яно ў нас ёсць пры найстарэйшым, дзейным праваслаўным храме Беларусі.

Эдвард Дмухоўскі.


Ад Тульскага крамля да Цютчава

30-31 ліпеня магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны зладзіла двухдзённую краязнаўчую вандроўку ў Расію.

Ужо пачатак вандроўкi Тула-Калуга-Аўстуг паказаў, што цiха i без прыгод яна не пройдзе. За некалькi хвiлiн да азначанага часу прыбыцця аўтобуса пачаўся моцны лiвень, i ўсёй грамадзе прыйшлося разбягацца, хто куды, каб не прамокнуць да нiткi. Тым больш, што аўтобус затрымаўся, хаця, можа, так i лепей, бо дождж як раз крыху надцiх i мы змаглi выбрацца са сваiх хованах i больш-менш сухiмi выехаць па маршруце.

Тула сустрэла нас чыстым блакiтным небам i спякотай, а каля Тульскага крамля нас чакаў наш экскурсавод - Аляксандр, якi i пазнаёмiў нас з гэтым цiкавым збудаваннем, яго гiсторыяй, архiтэктурай, а таксама з двума прыгожымi старажытнымi саборамi, якiя знаходзяцца на тэрыторыi крамля. Нажаль, патрапiць у iх не атрымалася. Далей, рухаючыся па праграме мы патрапiлi ў музей зброi, дзе пабачылi велiзарную калекцыю зброi, што выраблялася на мясцовым заводзе ў розныя часы i нават змаглi ажыццявiць халасты стрэл з вядомага "Максiма" i патрымаць у руцэ легендарную трохлiнейку. Тула знакамiтая не толькi вырабам зброi, а таксама i самаварамi. Таму наш наступны прыпынак - Тульскi музей самавараў, дзе экскурсавод распавёў нам пра розныя тыпы самавараў, прадпрыемствы i iх уладальнiкаў, якiя iх выраблялi ў розныя часы. Але нашых жанчын найбольш уразiў самавар, вельмi падобны да сучаснай мультываркі, у якiм ужо ў той час можна было адначасова прыгатаваць некалькi страў. Далей мы праехалi па горадзе з агляднай экскурсiяй i патрапiлi ў краму з пернiкамi, бо немагчыма пабываць у Туле i не пакаштаваць тульскi пернiк. Калi мы ўзгадваем горад, то гэта першае, што прыходзiць на розум.

Запоўнiўшы багажнае аддзяленне нашага аўтобуса да краёў, мы накiравалiся да Яснай паляны - маёнтка знакамiтага пiсьменнiка Л.М. Талстога. Маёнтак унiкальны тым, што там усе рэчы - сапраўдныя сведкi жыцця класiка рускай лiтаратуры, гэта дазваляе цалкам акунуцца ў атмасферу, у якой былi напiсаны "Вайна i мiр" i "Ганна Карэнiна". Пасля такой насычанай праграмы, досыць стомленыя, мы накiравалiся ў гасцiнiцу, каб адпачыць i на наступную ранiцу быць гатовымi да новых прыгод ужо ў Калузе.

Гэты горад першапачаткова ўразiў нас сваiмi зялёнымi вулiцамi, ад якiх мы ў нашым родным Магiлёве пачынаем адвыкаць. Паколькi Калуга - радзiма выдатнага вучонага К.Э. Цыялкоўскага, то наша вандроўка пачалася з парку яго iмя, дзе мы пабачылi помнiк занавальнiку касманаўтыкi, а таксама музей гiсторыi касманаўтыкi i ракету-дублёр "Васток" да палёту Ю. Гагарына. Калi чытаеш пра космас, альбо глядзiш па тэлевiзары, то ён заўсёды падаецца як нешта далёкае i, мабыць, нерэальнае. Але калi ты на свае вочы бачыш гэтыя рэчы, то погляд змяняецца, i ў наступную ноч на зорнае неба мы глядзелi ўжо неяк па-iншаму. Увогуле Калуга вельмi адрознiваецца ад Тулы - больш прамысловага горада. Гэта адчуваецца нават у атмасферы - тут больш утульна, шмат вузенькіх вулачак купецкiх падворкаў, якiя падкупляюць сваёй прыгажосцю. Што нас яшчэ ўразіла, дык гэта вялiкая колькасць праваслаўных цэркваў, якія захавалі свой першапачатковы выгляд. Каля адной з іх у 1610 годзе быў пахаваны Ілжэдзмітрый II, які паходзіць родам з Магілёўшчыны. Таксама цiкавым падаюцца Прысутныя месцы - будынак, якi няспынна цягнецца 5 км, пятляючы па гicтарычным цэнтры. Мы так захапiлiся горадам, што не заўважылi, як прайшоу час i нават спазнiлiся ў сядзiбу-музей Ф.І. Цютчава ў Аўстугу амаль на гадзiну. Але экскурсавод нас дачакалася, i мы ў поўнай меры змаглi атрымаць асалоду ад цiкавага аповеду пра жыццё i творчасць выдатнага рускага дыпламата i паэта, а таксама прагуляцца па прыгожым парку i пакаштававаць смачнай вады з размешчанай непадалёк крынiчкi. Падчас працяглых пераездаў мы таксама не сумавалі. Паглядзелі некалькі сучасных фільмаў, правялі эрудытлато, паспявалі разам беларускія песні. На гэтым наша насычаная разнастайнымi прыгодамi вандроўка падышла да сканчэння. Мы, стомленыя, але вельмi задаволенныя, селi ў аутобус i накiравалiся на радзiму. На памяць нам засталіся добрыя ўражанні і адмысловы буклет, які распрацаваў Сяржук Дымкоў. Вялікі дзякуй усім удзельнікам за спагадлівую атмасферу і добрую кампанію.

Яўгенія Хмуровіч , Магілёў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX