Папярэдняя старонка: 2016

№ 40 (1295) 


Дадана: 04-10-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 40 (1295), 5 кастрычніка 2016 г.


Алег Трусаў: - Хай маладзейшыя бяруць уладу!

Неўзабаве выйдзе новая кніга старшыні ТБМ, гісторыка ды археолага Алега Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стагоддзяў". Таксама пачалася "перазагрузка" новымі ідэямі і планамі працы Таварыства беларускай мовы, старшынём якога ён з'яўляецца 17 год, у тым ліку ў сувязі з абраннем яго намесніцы Алены Анісім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Віталь Сямашка з Беларускае Радыё Рацыя пагутарыў з Алегам Трусавым.

Алег Трусаў:

- Спачатку пра кнігу, якую пісаў 2 гады. Браў для яе нават ілюстрацыі ўласных раскопак. Там адмыслова беларускае гледжанне на тагачасную еўрапейскую гісторыю. Акурат тады з невядомых нікому славян у цэнтры Еўропы стварыліся беларускі народ і магутнае ды велізарнае Вялікае Княства Літоўскае. Між іншым, рэдактарам манаграфіі выступіў вядомы і ўсяведны Лявон Баршчэўскі. Таксама ў якасці дарадцы мая намесніца па Таварыстве беларускай мовы, цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

РР:

- Ці шмат будзе малавядомых і зусім невядомых фактаў?

Алег Трусаў:

Думаю, цікава будзе даведацца як стваралася Маскоўская дзяржава, калі насамрэч яна стала Расеяй. І пра тыя княствы, што былі рэальнымі канкурэнтамі Масквы - цяперашняя Масква стараецца пра іх не прыгадваць. Выкарыстаў і канцэпцыю, цытаты навукоўцаў, якія лічаць, што мы ніякія не "браты" з расейцамі...

РР:

- У чэрвені споўнілася 27 год ТБМ. Колькасць валанцёраў, што вас падтрымліваюць зараз па краіне вы ацэньваеце ў 6 тысяч асобаў. Як казалі ў савецкія часы, як думаеце пашырацца ў чарговай "пяцігодцы"? Калі за кропку адліку браць апошнія выбары, дзе прадстаўніца ТБМ набыла дэпутацкія паўнамоцтвы…

Алег Трусаў:

- Мы зараз выдаём дзве газеты, унікальны часопіс "Верасень", рэгіянальныя выданні "Лідскі летапісец" і "Ад лідскіх муроў". Увогуле, ТБМ пазіцыянуем як арганізацыю, што не цураецца амаль штодзённага кантакту з уладамі. І тая - любіць не любіць - але паважае. Асабіста быў запрошаны у дзве грамадскія рады - пры Макеі і Саўміне. Пры тым, ашчадна захоўваем уласную Незалежнасць - да "кармушак" ніколі не датыкаліся, "хвастом" не круцім, у Маскву не ездзім, на Захадзе грошай не просім. Задача - прасоўваць нашу беларускую справу, пачынаючы з заканадаўства. Галоўныя звышзадачы зараз - прыняцце Закона аб дзяржпадтрымцы беларускай мовы. Каб дзяржава на развіццё мовы давала хаця б такія сродкі, як напачатку 90-х. А таксама стварэнне першага цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта. З дапамогай Алены будзем патрабаваць, каб "палатка" працавала напачатку на дзвюх дзяржаўных мовах, а не толькі на расейскай як зараз. Каб гэтак жа друкаваліся законы. Каб на культуру давалася з бюджэту не менш за 2 %. Бо не будзе гэтага - не патрэбныя ані лібералы, ані кансерватары!

РР:

- Якія яшчэ ініцыятывы будуць у сувязі са з'яўленнем "уласнага" дэпутата?

Алег Трусаў:

- Ужо ідуць! Мы з Аленай рэгулярна сустракаемся з замежнымі амбасадарамі. Дарэчы, на Захадзе ТБМ лічаць паспяховай палітычнай дэмакратычнай партыяй, што прайшла ў парламент - не разумеюць нашу ролю і статут (смяецца)... ... Думаю, з дапамогай спадарыні Анісім даможамся, каб бел-чырвона-белы сцяг быў абвешчаны гістарычна-культурнай каштоўнасцю. У наступным годзе юбілей, які варта адпаведна сустрэць - 100-годдзе нацыянальнага сцяга!

РР:

- Але няўжо Лукашэнка пойдзе на вяртанне Пагоні і бел-чырвона-белага сцяга?

Алег Трусаў:

- Думаю, і не варта чакаць ад яго немагчымага. Даць ім адпаведны статус, каб за іх не рэпрэсавалі носьбітаў. Памяняецца сітуацыя - урачыста здадзім ў музей "зялёныя" сімвалы і заменім нацыянальнымі. Была ж такая сітуацыя, да прыкладу, у Францыі. Галоўнае - мову захаваць!

РР:

- Не магу не запытацца пра забаўны факт. У часы заснавання ТБМ пасведчанне нумар адзін было выдадзена… Вячаславу Кебічу. Няўжо ён і зараз у вашых шэрагах?

Алег Трусаў: (смяецца)

- Не, быў выключаны. І яшчэ не пры мне. Мая мэта - захаваць і ўмацаваць, наколькі, магчыма, арганізацыю. Ну і потым хай маладзейшыя бяруць уладу!

Віталь Сямашка , Беларускае Радыё Рацыя, Менск. Фота аўтара.


140 гадоў з дня нараджэння Яна Булгака

Ян БУЛГАК (6 кастрычніка 1876, маёнтак каля в. Асташын Наваградскага павета - 4 лютага 1950, Варшава) - беларускі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст.

Бацька - Валеры Антоні Станіслаў Булгак гербу "Сыракомля" (1842-1905), маці Юзэфа з роду Хаціцкіх гербу "Рох" (пам. 1893). На Беларусі ў вёсцы Варонча, што на Наваградчыне, каля касцёла Св. Ганны знаходзяцца 4 магілы продкаў Яна Булгака.

Скончыў класічную гімназію ў Вільні (1897), паступіў на факультэт філасофіі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Але абмежаванасць сродкаў прымусіла праз два гады пакінуць вучобу. Да 1912 жыў у вёсцы Пярэсека Менскага павета, дзе знаходзіўся маёнтак, які ён атрымаў у спадчыну ад маці (спадчына стрыечнага дзеда Грынеўскага).

У жніўні 1901 года ажаніўся са стрыечнай сястрой Ганнай Хаціскай. Пасля смерці бацькі прадаў маёнтак і набыў у Радзівілаў фальварак у Беліцы каля Менска.

27 красавіка 1906 года нарадзіўся яго адзіны сын Януш Булгак.

Першыя свае фатаздымкі Я. Булгак зрабіў у 1905 годзе - жонка атрымала ў падарунак просценькі фотаапарат. Напачатку парадамі яму дапамагаў наваградскі фатограф Баляслаў Ігнаці Дамейка. У 1908 годзе стварыў сваю фоталабараторыю ў сядзібе Пярэсіцы. У той самы год дэбютаваў і здабыў галоўную ўзнагароду на фотаконкурсе рэдакцыі "Ілюстраванага жыцця" (штотыднёвы дадатак да "Літоўскага кур'еру").

У 1910 годзе ўпершыню ўдзельнічаў у сусветнай фотавыстаўцы ў Бруселі. У 1911 годзе зладзіў фотавыстаўку ў Менску. Атрымаў ганаровы дыплом ў катэгорыі мастацкага партрэту на конкурсе ў Антверпене. Усяго ўдзельнік 174 міжнародных выставаў.

У 1919-1939 кіраваў фатаграфічнай лабараторыяй пры факультэце мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Аўтар кнiг "Мая зямля" (1919), "Эстэтыка святла" (1936), "Дваццаць шэсць гадоў з Рушчыцам" (1939).

Фатаграфіямі Булгака ілюстраваны даведнік па горадзе Вільні Юліюша Клоса, кніга пра Вільню Ежы Рэмера і іншыя выданні.

Вікіпедыя.


Юбілей у Валянціны Вяргей

Валянціна Сяргееўна ВЯРГЕЙ (28 верасня 1946, Петрыкаў, Гомельская вобл.) - беларускі археолаг. Кандыдат гістарычных навук (1984).

Бацька Валянціны Вяргей усю вайну быў шафёрам грузавікоў - спачатку савецкай палутаркі, затым амерыканскага студэбекера. Франтавымі дарогамі ён прайшоў ад Беларусі да Берліна. На пачатку 1946-га вярнуўся на радзіму - у Петрыкаў. Праз дзевяць месяцаў у сям'і шафёра Сяргея і бухгалтаркі Таццяны нарадзілася малодшая дачка Валянціна - дзіця Перамогі.

Валянціна ў пяць гадоў навучылася чытаць, тым больш што ў хаце і на гарышчы было шмат кніг на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах.

Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1968). На працягу двух гадоў працавала ў ім, потым у Гарадзенскім педагагічным інстытуце, а з 1978 у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

Сваю кандыдацкую дысертацыю маладая даследчыца абараняла ў Пецярбурзе, бо з-за расстрэлу заснавальнікаў айчыннай археалогіі ў гэтай навуковай дысцыпліне на Беларусі ў 1970-я гады яшчэ не было сваіх дактароў навук, каб стварыць адмысловы савет па абароне кандыдацкіх дысертацый. Трэба адзначыць, што манаграфія Валянціны Вяргей стала грунтам для напісання шэрагу спецкурсаў і прац па гісторыі беларускай археалогіі.

Асноўны кірунак навуковай дзейнасці - гістарыяграфія археалогіі Беларусі і гісторыя насельніцтва Беларускага Палесся ў жалезным веку. Выявіла і абследавала каля 100 археалагічных помнікаў на Беларускім Палессі, брала ўдзел у напісанні кнігі "Беларуская археалогія" (1987), аўтар кнігі "Археалагічная навука ў БССР, 1919-1941 гг." (1992). Даследавала некаторыя пытанні гісторыі Менска.

Валянціна Сяргееўна спрычылілася да актыўнай працы ў шэрагу адмысловых грамадскіх ініцыятыў, такіх, як "Мартыралог Беларусі", "За ўратаванне мемарыялу Курапаты" і "Эксперты ў абарону Курапатаў", у тым ліку да збору звестак пра помнікі і мемарыяльныя дошкі, камяні і крыжы, усталяваныя на тэрыторыі Беларусі ў гонар ахвяр сталінізму. І зараз даследчыца старанна працягвае свой грамадзянскі чын - складае бібліяграфію па злачынствах сталінізму супраць Беларусі і базу дадзеных па месцах забойстваў ахвяраў таталітарызму на Бацькаўшчыне.

Вікіпедыя.


ГУТАРКІ З НІЛАМ ГІЛЕВІЧАМ

Да 85-годдзя народнага паэта Беларусі

Я заўсёды ўспрымаў Ніла Гілевіча як аднаго з блізкіх паплечнікаў і таленавітых вучняў Максіма Танка. А таму да яго ідэйна-мастацкіх пошукаў адносіўся з вялікай цікавасцю - уважліва чытаў новыя кнігі, вывучаў асаблівасці жыцця і творчасці. Ну, і, канешне, па меры магчымасці імкнуўся сустрэцца і пагутарыць з паэтам, каб удакладніць той ці іншы эпізод ці аспект яго жыццёвай і творчай біяграфіі, праясніць адносіны да пэўных з'яў і працэсаў літаратурнага і грамадскага жыцця Беларусі, каб лепш адчуць і зразумець мастака як асобу.

Упершыню непасрэдна давялося пазнаёміцца з Нілам Сымонавічам дзесьці ў ліпені 1987 года. Тады па заданні рэдакцыі газеты "Звязда" я наведаў паэта ў яго рабочым кабінеце першага сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі на Фрунзе, 5 з тым, каб ён адказаў на мае пытанні пра развіццё беларускай літаратуры, падзяліўся сваімі думкамі і назіраннямі адносна актуальных праблем грамадска-сацыяльнага жыцця. Памятаецца, было вельмі цёплае, сонечнае надвор'е, паэт выглядаў бадзёра, прызваіта, да мяне і маіх пытанняў аднёсся зацікаўлена, нераўнадушна. Гутарка адбылася жывая, насычаная, змястоўная, працяглая.

Па маёй просьбе Ніл Сымонавіч скоратку распавёў пра свае дзіцячыя і юнацкія гады, пра тое асяроддзе, у якім яму давялося расці і выхоўвацца. Ён заўважыў, што нарадзіўся і вырас у сям'і камуніста, які ўсё жыццё свята верыў у сацыяльныя і маральныя ідэалы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дух святасці ў дачыненні да рэвалюцыі і Савецкай улады, казаў паэт, быў у бацькоўскай хаце натуральнай атмасферай, тым сацыяльным паветрам, якім дзеці штодзённа дыхалі ад калыскі і да выхаду ў людзі. З гэтага пачалося станаўленне яго жыццёвых прынцыпаў, адсюль ідуць вытокі і яго грамадскага светапогляду, і ўсіх ідэйна-творчых пошукаў.

Гаворачы пра свае першыя крокі ў літаратуру, паэт адзначыў, што прыкладам і дапамогай яму паслужылі творы Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча, а таксама Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Маякоўскага, Ясеніна, Шаўчэнкі. З удзячнасцю думае ён і пра кнігі старэйшых сучаснікаў, асабліва Танка, Куляшова, Панчанкі, Твардоўскага. Аднак нейкага канкрэтнага настаўніка ці апекуна, які б вёў за руку ў літаратуру, у яго не было - "церабіўся" сам, "варыўся ў сваім саку". Хоць добрыя людзі (неабавязкова знакамітыя), падкрэсліў Ніл Сымонавіч, не раз падтрымалі добрым словам завочна - пісьмом ці ў друку. Паэт успомніў вялікі ліст з мудрымі парадамі і з прыемным паведамленнем, што яго верш друкуецца ў адным з часопісаў, летам 1946 года ад Міколы Лупсякова. Пры паступленні ў Саюз пісьменнікаў вясной 1954 года ён шчырую сімпатыю і падтрымку адчуў ад Міхася Клімковіча і Янкі Маўра, Івана Мележа і Янкі Брыля.

Адказваючы на пытанне пра тое, што вызначае яго пісьменніцкі шлях, Ніл Сымонавіч адказаў, што нядаўна, пераглядаючы свае самыя раннія вершы, напісаныя вясной 1947 года, быў вымушаны сам сабе прызнацца: з чаго пачынаў, тым, відаць, і кончыш… Прайшло чатыры дзесяцігоддзі, разважаў ён, многае істотна змянілася на дарозе да сённяшняга разумення місіі і абавязкаў працаўніка на ніве прыгожага пісьменства. Але ці змяніўся агульны кірунак руху душы і сэрца? Думаю, што не. Такая значная падзея, як ХХ з'езд КПСС, была ў пэўным сэнсе пераломнай, яна дапамагла лепш убачыць і зразумець сябе і сваю эпоху, адкрыла вочы на супярэчлівасці рэальнага стану рэчаў, але не павярнула творчыя пошукі з абранага шляху кудысьці ўбок - убок ад паняццяў Бацькаўшчына, Народ, Рэвалюцыя, Мова. Ніл Сымонавіч адзначыў, што паэзія для яго - гэта тое, што дазваляе найлепшым чынам сказаць людзям пра самае запаветнае, пра самае дарагое, пра самае балючае. А колькі ў ёй жывапісу, колькі філасофіі, колькі публіцыстыкі - на гэта звяртаюць увагу тады, калі пачынаюць паэзію прэпарыраваць. Маштаб творчай асобы ён вымярае не толькі сілай таленту, але і грамадзянскай мужнасцю і чалавечай высакароднасцю, ступенню далучанасці жыцця і лёсу творцы да жыцця і лёсу свайго народа. На яго думку, "маральная нестаноўкасць", брак мужнасці, сумленнасці, годнасці непазбежна вядуць да здрабнення асобы мастака і да творчага заняпаду.

Тады, можна сказаць, у разгары была гэтак званая перабудова, і я, натуральна, запытаўся: "У чым вам бачыцца перабудова для пісьменніка?" Паэт разгарнуў даволі шырокі адказ, з мноствам цікавых і павучальных фактаў і меркаванняў. Галоўнае, разважаў ён, каб кожны з нас разабраўся перш за ўсё са сваім уласным сумленнем, у сваіх жыццёвых і творчых прынцыпах. Каб кожны мабілізаваў усе рэзервы мужнасці - гаварыць у творах толькі праўду. І каб кожны прад'явіў самыя высокія патрабаванні да сябе як да мастака слова.

У Саюзе пісьменнікаў, працягваў Ніл Сымонавіч, пакуль што не адбыўся сапраўдны пералом у рабоце творчых секцый, камісій, саветаў і праўленняў. Задаўненая хвароба раўнадушнасці, апатыі, безыніцыятыўнасці ў пісьменніцкай масе і ў кожным з нас да канца не пераадолена. Па-ранейшаму пануе псіхалогія чакання: усё перайначыцца на лепшае само па сабе. А тым часам набірае сілу голас дэмагога. Хто і раней хварэў на гэта - цяпер актывізуецца яшчэ больш. Крык незадаволенасці нібыта агульным станам рэчаў у сапраўднасці аказваецца крыкам незадаволенай прэтэнцыёзнасці, непамернай ці нават хваравітай амбітнасці. У гэтым крыку - не клопат аб якасці літаратуры, аб вырашэнні праблем народнага жыцця, а - падкрэслены інтарэс да пасад, да званняў, да прэмій. Хочацца запытаць у такога крыклівага таварыша: а чаму вы, шаноўны, не працуеце як належыць цяпер - на сваім пісьменніцкім месцы? Пачніце з галоўнага: напішыце добрыя новыя творы - такія, каб пра іх з удзячнасцю загаварылі людзі. Або: з'ездзіце ў "прыют" да няшчасных дзяцей, узятых туды ад бацькоў-алкаголікаў, і наплачцеся там горкімі слязьмі спачатку самі, а тады выкажыце свой боль і гнеў па тэле- ці па радыё - на ўсю рэспубліку, ды так, каб тысячам сорамна і балюча стала, каб тысячы запыталі ў сябе: "Дык хто ж мы? Ці людзі мы? І чаму мы так жывём на гэтым свеце? Што мы робім? Што церпім? З чым мірымся?.." Або: пабывайце ў адной-другой школе і пагутарце з настаўнікамі аб тым, як трэба выхоўваць у дзяцей павагу да гісторыі і культуры свайго краю, да фальклору і мовы народа… Вось гэта і будзе ваша канкрэтная дапамога перабудове - эмацыянальна падагульніў паэт.

Пасля першай гутаркі пайшлі іншыя, не менш цікавыя, змястоўныя і павучальныя. Мы сустракаліся і гутарылі з Нілам Сымонавічам Гілевічам у яго дома па вуліцы Карла Маркса, 36, на працы, у рабочым кабінеце спачатку першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, затым старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Даводзілася бачыцца і гутарыць з паэтам у Акадэміі навук, дзе ён быў членам савета па абароне дысертацый пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, на канферэнцыях, напрыклад, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, на свяце паэзіі ў Вязынцы і інш. Шэраг нашых гутарак не толькі добра адклаўся ў памяці, але і захаваўся ў аўдыёзапісе. Як, да прыкладу, гутарка ў кастрычніку 1994 года ў яго рабочым кабінеце старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі.

Даючы характарыстыку тым працэсам, якія адбываліся ў рэспубліцы, Ніл Сымонавіч адзначыў наступнае: паглыбляецца грамадска-палітычны разлад, абвастраецца канфрантацыя. Гэта - небяспечна; калі працэс не стрымаць - ні да чаго добрага ён не прывядзе. Хто ці што можа ўтаймаваць жарсці, што ўсё больш распаляюцца - не ведаю. Верх бяруць эмоцыі, палітычныя і асабістыя амбіцыі, прага дарвацца да ўлады і ўсесціся ў высокія дзяржаўныя крэслы.

Адзіная сіла, якая магла б хоць у нейкай меры аб'яднаць разнамасных і рознагалосых, сцвярджаў паэт, - гэта беларуская нацыянальная ідэя, ідэя адраджэння Беларусі як незалежнай дзяржавы - са сваім уласным абліччам, уласнай мовай і культурай, уласнай, самастойнай унутранай і міжнароднай палітыкай. Праз гэта абавязкова праходзілі ўсе дзяржавы. Палітыка - гэта тое, разважаў далей Ніл Сымонавіч, што ўсе з божай ласкі паэты і мастакі павінны, на добры лад, абыходзіць за сто вёрст збоку. І толькі боль за няшчасную долю Бацькаўшчыны прымушае іх займацца гэтай дзейнасцю. Так было ў часы Купалы, Гаруна, Гарэцкага, так ёсць і цяпер.

Я пацікавіўся ў Ніла Сымонавіча пра тое, наколькі сумяшчальныя, на яго погляд, паняцці камерцыя і культура? Ён некалькі задумаўся, а пасля адказаў: камерцыя сама павінна быць культурнай. Калі камерцыя будзе ў руках людзей культурных - г.зн. сумленных, сціплых, маральна выхаваных - тады яна не будзе дзікай, грубай, брыдкай, і будзе спрыяць развіццю культуры мастацкай, духоўнай. У прынцыпе не лічу неспалучальным - камерсант і ён жа шчыры аматар музыкі, паэзіі, мастацтва, адным словам - чалавек з высокімі духоўнымі запатрабаваннямі, цвёрда заключыў паэт. Іншая рэч - наша сённяшняя "камерцыйна-культурная" рэальнасць. І камерцыя - дзікая, вульгарная, і культура ўсё больш дзічэе…

Ніл Сымонавіч гаварыў, што ад беларускай літаратуры, і ў прыватнасці, паэзіі чакае большага, мацнейшага, ярчэйшага, чым тое, што паяўляецца ў друку. Чаму? Таму што кожным сумленным пісьменнікам і паэтам за апошнія гады перажыта вельмі шмат поўных драматызму падзей - падзей гістарычнага маштабу і значэння, падзей і велічных, і ганебных, і радасных, і трывожных… Не магло ж усё гэта прайсці міма сэрца мастака слова. Сур'ёзны, сапраўды таленавіты творца ў такія гістарычныя эпохі праходзіць праз моцны катарсіс, зведвае вялікія душэўныя ўзрушэнні, выпрабаванні і пакуты, цяжкія пакаянні, горкія расчараванні і балючыя прарывы да новага, да лепшага, да чысцейшага і святлейшага на даляглядзе. Але ж гэта - незаменны, найлепшы і найудзячны "матэрыял" для вершаў і паэм, для апавяданняў і раманаў, для драм і камедый! Думаю, неўзабаве такія - добрыя і выдатныя - творы паявяцца, падкрэсліў суразмоўца. Талентаў жа не бракуе!..

Па шматлікіх выказваннях і характарыстыках Ніла Гілевіча было відаць, што ён вельмі даражыў сяброўскімі адносінамі з Васілём Быкавым, высока цаніў мастацкі талент Пімена Панчанкі. Паэт заўсёды з вялікай цеплынёй і глыбокай павагай выказваўся пра Максіма Танка, даволі часта ўспамінаў гады іх сумеснай працы ў кіраўніцтве Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэта была яркая, каларытная, маштабная асоба, казаў ён, вялікі мастак, паэт глыбока нацыянальны, менавіта беларускі. На яго жыццёвым шляху было столькі розных выпрабаванняў, столькі цяжкасцей і непамыслот, але ён з гонарам усе іх вытрымаў, пераадолеў, пакінуўшы нам вялікія ўрокі мужнасці, дабрыні, шчырасці, сціпласці, вернасці высокім ідэалам хараства, любові да свайго, роднага. Такія паэты нараджаюцца раз у стагоддзе! - заключыў Н. Гілевіч.

Мы ведаем, Н. Гілевіч у меру сваіх магчымасцей імкнуўся дапамагчы свайму настаўніку ў самыя складаныя хвіліны яго жыцця. Пабываўшы ў цяжка хворага М. Танка ў лечкамісіі 1 жніўня 1995 года, глыбока ўсведамляючы месца і значэнне выдатнага паэта, грамадскага і дзяржаўнага дзеяча ў гісторыі беларускай духоўнасці і культуры, ён у той жа дзень, за тыдзень да смерці Яўгена Іванавіча, устрывожана і пранікнёна пісаў, звяртаючыся да віцэ-прэм'ера беларускага ўрада У. Русакевіча: "Быў сёння ў бальніцы ў Максіма Танка. Ён у вельмі цяжкім становішчы, слабее з кожным днём, пачуваецца ўсё горш і горш. Ну але тут ужо воля Божая. А ёсць і тое, што залежыць ад волі людзей. Здзівіла і балюча ўразіла мяне, што Яўген Іванавіч ляжыць у агульнай палаце, ды яшчэ й на сонцы. А ў бальніцы ёсць люксы і паўлюксы, дзе раней яго заўсёды лячылі. Максім Танк не перастаў быць тым, кім ёсць. З усіх жывых больш заслужанага перад Беларуссю няма (падкрэслена мною. - М.М.). Вельмі Вас прашу: умяшайцеся, калі ласка, каб яму былі створаны лепшыя ўмовы, ён у зусім кепскім стане. Сам ён не спадзяецца, што ўжо выйдзе адтуль. Умяшайцеся ж!"

Запомнілася цікавая сустрэча з Н. Гілевічам 13 красавіка 2005 года ў Гродне. У горад над Нёманам ён прыязджаў разам з пісьменніцай і рэдактарам Хрысцінай Лялько дзеля выступлення перад выкладчыкамі і студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. Акрамя мінскіх гасцей у сустрэчы, якую давялося мне весці, бралі ўдзел мясцовыя літаратары - Данута Бічэль, Юрка Голуб, Аляксей Пяткевіч, Людміла Кебіч і інш. Ніл Сымонавіч хаця і выглядаў прыкметна стомленым пасля дарогі, аднак трымаўся даволі бадзёра, быў вынаходлівым, дасціпным, шмат жартаваў. Паэт літаральна зачараваў абаяльнасцю сваёй асобы актавую залу ўніверсітэта. Ён чытаў новыя вершы, расказваў цікавыя гісторыі са свайго літаратурнага і грамадска-палітычнага жыцця, адказваў на пытанні слухачоў. Пасля выступлення каля гадзіны падпісваў студэнтам кнігі, даваў аўтографы. Памятаецца, цікава прайшла і нефармальная частка сустрэчы ў мясцовай кавярні. Там падчас шчырай сяброўскай гутаркі Ніл Сымонавіч падпісаў мне сваю даўнюю кнігу паэзіі "У добрай згодзе", адзначаную ў свой час Дзяржаўнай прэміяй Беларусі: "Міколу Мікулічу - на ўспамін аб выдатнай сустрэчы ў ГДУ. З вялікай беларускай літаратурай у сэрцы - хутчэй пераможам. Ніл Гілевіч. 13.4.05."

Дзесьці ў канцы ліпеня 2012 года, даведаўшыся пра тое, што я рыхтую да выдання сваю кнігу "Максім Танк. Талент, заручаны з небам", прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта, Ніл Гілевіч паклікаў мяне да сябе і прапанаваў для кнігі некалькі рэдкіх здымкаў. Наша сустрэча адбылася 2 жніўня 2012 года. Мы гаварылі пра "залатыя часы" ў нашай літаратуры - 1960 - 1980-я гады і асабліва пра той перыяд, калі М. Танк быў старшынёй, а Н. Гілевіч першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, калі актыўна заяўлялі пра сябе яркія пісьменніцкія індывідуальнасці, выдаваліся таленавітыя кнігі, калі літаратура была важным чыннікам грамадска-культурнага жыцця рэспублікі а таксама пра дарчыя надпісы некаторых пісьменнікаў і асабліва М. Танка. На адыход Ніл Сымонавіч падпісаў мне кніжку "Люблю цябе, жыццё…: штрыхі да партрэта народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча": "Дарагому Міколу Уладзіміравічу Мікулічу на ўспамін аб адной грунтоўнай размове пра аўтографы (і не толькі). З сяброўскай павагай - Ніл Гілевіч. 2.8.2012."

Апошнія нашы сустрэчы адбыліся ў ліпені 2015 года. Па папярэдняй дамоўленасці з Нілам Сымонавічам 2 ліпеня я прапанаваў яму спіс з 63 пытанняў на розную тэматыку, у асноўным звязаную з яго літаратурнай і грамадскай дзейнасцю, - з тым, каб ён прадумаў на іх адказы, а пасля надыктаваў мне для запісу ці, калі будзе магчымасць, хоць на некаторыя з іх коратка адказаў пісьмова. У той дзень паэт падпісаў мне сваю апошнюю кнігу "У віры быцця": "Дарагому Міколу Мікулічу - з пажаданнем здароўя і новых творчых плёнаў у навуцы аб літаратуры. З сардэчнай павагай - Ніл Гілевіч. 2.7.15."

Прыйшоўшы да паэта 10 ліпеня, я заўважыў, што ён адчувае сябе кепска. Ніл Сымонавіч адзначыў, што даць грунтоўныя адказы на пытанні ні вусна, ні пісьмова не можа - няма сілы. Каб не пакрыўдзіць мяне, на некаторыя пытанні паэт адным-двума словамі ці кароткімі сказамі паспрабаваў адказаць, зрабіўшы надпісы алоўкам зверху. Пасля ён прайшоўся па ўсім спісе і пад мой запіс даў пэўныя каментарыі да сваіх лапідарных адказаў, удакладніўшы і пашырыўшы некаторыя з іх.

Прапаную ўвазе чытачоў асобныя з гэтых адказаў.


- Ніл Сымонавіч, якім абставінам ці асобам Вы асабліва ўдзячны за тое, што звязалі свой лёс з літаратурай?

- Тарасу Шаўчэнку, Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Францішку Багушэвічу.

- Як Вы лічыце, ад каго Вам у спадчыну перадаўся мастацкі дар, паэтычны талент?

- Думаю, што ад дзеда па маме Мікалая Давыдавіча Рулькевіча.

- Што забяспечыла паступальнае развіццё Вашага таленту? Як Вы спасцігалі сакрэты паэтычнага майстэрства?

- Чытаннем паэзіі вялікіх - перш за ўсё.

- Ніл Сымонавіч, ці адчувалі Вы на пэўным этапе сваёй творчасці ўплыў асобы і паэзіі М. Танка? Калі так, дык у чым ён выявіўся? Чаму Вы вучыліся ў М. Танка?

- Вядома, адчуваў. Маштабнасці думання.

- Чым Вам, студэнту, прыглянулася паэзія М. Танка? Што здалося ў ёй самым характэрным, самым цікавым і каштоўным? Чым М. Танк адрозніваўся ад іншых беларускіх паэтаў?

- Заходнебеларускімі тэмамі.

- Ніл Сымонавіч, у свой час мяне моцна ўразілі Вашы зборнікі "Бальшак" (1965) і "Перазовы" (1967). Прыгадайце, калі ласка, чым быў абумоўлены, як узнік прысвечаны М. Танку вянок санетаў "Нарач", які ўвайшоў у апошні з іх? Дзе, пры якіх абставінах Вы яго стваралі? Чаму Вы вырашылі прысвяціць М. Танку не верш, не паэму, не нарыс, а менавіта вянок санетаў?

- Убачыў, што М. Танк - пясняр Нарачы.

- Як Вы сталі першым сакратаром Саюза пісьменнікаў, па значнасці другою асобаю ў літаратурнай арганізацыі рэспублікі?

- Я вам расказваў. Супраць маёй волі, Машэраў прымусіў.

- Як Вам, першаму сакратару Саюза пісьменнікаў Беларусі, працавалася з М. Танкам, яго старшынёй? Ці не маглі б Вы ўспомніць колькі цікавых і характэрных эпізодаў з Вашых сумесных дзеянняў, звязаных з кіраўніцтвам Саюзам пісьменнікаў?

- Працавалі зладжана, канфліктаў не было ніколі.

- Як Вы, першы сакратар, і М. Танк, старшыня Саюза пісьменнікаў, звычайна рыхтаваліся да правядзення важных літаратурных мерапрыемстваў - пленумаў, з'ездаў, нарад, круглых сталоў і інш.?

- Руціна!..

- Якія Вы можаце прыгадаць характэрныя і паказальныя прыёмы і метады М. Танка-менеджара?

- Прыходзіў, расказваў анекдот і знікаў…

- Ніл Сымонавіч, якім быў М. Танк у штодзённых вытворчых літаратурных варунках? Ці даводзілася Вам бачыць яго ўзбуджаным, нервовым, нецярплівым, мітуслівым?..

- Узбуджаным бываў.

- А разгубленым, прыгнечаным?..

- Не помню.

- Пісьменнікі - людзі складаныя, ранімыя, канфліктныя. Як Вы з М. Танкам імі кіравалі? Відаць, было нялёгка?

- Руціна!

- Ці былі ў М. Танка сярод літаратараў блізкія сімпатыкі, г.зв. любімчыкі, якім ён усё ці многае дараваў?

- Не цікавіўся. Можа, і былі.

- А нядобразычліўцы, апаненты?

- О, яшчэ колькі! Адзін А.С. шмат нерваў ад'еў.

- М. Танк з'яўляўся кіраўніком Саюза пісьменнікаў Беларусі 24 гады - з 1966 па 1990 год. Пасада тады адказная, важная і ўплывовая… Ці былі ў яго рэальныя апаненты пры выбранні на гэтую пасаду? Ці былі тыя, хто яго моцна і адкрыта не хацеў, крытыкаваў і г.д.?

- Не выбіралі, назначаў ЦК! Напэўна, але што з таго?

- Вы працавалі першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі 9 гадоў - з 1980 па 1989. Скажыце, калі ласка, як складваліся ўзаемаадносіны ўлады, кіраўніцтва рэспублікі, і кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў? Ці былі ў вас якія супярэчнасці, непаразуменні і г.д.?

- У Танка не было, у мяне шмат.

- Ніл Сымонавіч, нараджэнне верша - таямніца з таямніц… Розныя паэты прыход свайго паэтычнага натхнення тлумачаць па-рознаму. А як гэты працэс звычайна ажыццяўляецца ў Вас? Як Вы пішаце? Як адбываецца працэс нараджэння мастацкага твора?

- Ніколі не думаў пра гэта. Прыпрэ - хапаю пяро і пішу.

- Доўгія гады сваю творчую працу Вы спалучалі з актыўнай грамадскай і дзяржаўнай дзейнасцю. Гэтае спалучэнне дапамагала ці шкодзіла творчасці?

- Дапамагала! Быў у гушчы жыцця.

- Ніл Сымонавіч, на Ваш погляд: ад чаго найперш залежыць развіццё, сталенне мастацкага таленту?

- Праца, праца і праца!

- З гадамі, назапашаным вопытам, набытым майстэрствам Вам вершы пісаць лягчэй ці цяжэй?

- Цяжэй! Бо - пачуццё адказнасці большае.

- Ніл Сымонавіч, я магу памыліцца - папраўце мяне, калі што: Вы апублікавалі 35 зборнікаў вершаў (акрамя кніг выбранага), 16 кніг паэтычных і празаічных перакладаў, 13 кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, 8 кніг эсэістыкі і публіцыстыкі. Такога творчага набытку не мае ніводзін беларускі літаратар!!! Якая з кніг для Вас самая адметная, самая дарагая? Якая з іх далася Вам асабліва цяжка і пакутна? Чаму?

- Раман "Родныя дзеці".

- Што Вам не падабаецца ў сваёй паэзіі?

- Асобныя творы, асабліва з ранніх.

- Як Вы адносіцеся да крытыкі ў свой адрас?

- Разумную - вітаю!

- Што б Вы назвалі сваёй самай вялікай творчай і жыццёвай удачай?

- Шлюб з Нінай Іванаўнай.

- Ці адчуваеце (адчувалі) Вы, што Вашы мастацкія пошукі пэўным чынам уплываюць на грамадзянска-патрыятычнае пасталенне і творчае развіццё іншых беларускіх паэтаў, зразумела, асабліва маладзейшых? Як Вы лічыце, якія асаблівасці Вашай творчасці (тэндэнцыі, блізкія Вам) развівае сучасная беларуская паэзія?

- Пытанне не да мяне. Сёй-той краў, пераймаў - Бог ім суддзя.

- Што б Вы маглі параіць маладым паэтам?

- Больш вучыцца і больш працаваць.

- Ніл Сымонавіч, якія, на Ваш погляд, самыя эфектыўныя рычагі ці стымулы развіцця мастацкай літаратуры?

- Творчая свабода пісьменніка.

- Якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны паэт, творца, мастак?

- Праўдзівасць, шчырасць, мужнасць…

- Каго Вы лічыце сваім галоўным чытачом?

- Настаўнікаў.

- Хто з сучасных беларускіх паэтаў Вам блізкі? Чым?

- Пімен Панчанка. Сумленнасцю.

- Які літаратурны герой найбольш падобны да Вас?

- Сц. Вячорка.

- Ці вядома Вам такая з'ява, як творчы крызіс?

- Не.

- Як Вы змагаецеся з кепскім настроем?

- Толькі не віном!

- Хто Ваш улюбёны пісьменнік?

- Іх некалькі: Чорны, Мележ…

- На Беларусі ва ўсе часы па шэрагу прычын даволі актыўна развівалася рускамоўная паэзія, проза і драматургія. З многімі рускамоўнымі аўтарамі, я ведаю, Вы падтрымлівалі прыязныя адносіны. На Вашу думку: гэта беларуская ці руская літаратура? Якая яна па сваёй генетычна - родавай сутнасці, духоўна-сацыяльным змесце, менталітэце?

- Руская!

- Якімі ўчынкамі, дзеяннямі ў сваім жыцці Вы ганарыцеся? А ці былі ўчынкі, аб якіх Вы шкадуеце, за якія Вам сорамна?

- Былі! І не адзін!

- Якую падзею ў сваім жыцці Вы лічыце самай важнай, самай галоўнай?

- Нараджэнне сына.

- Калі Вы адчувалі сябе найбольш свабодным?

- Калі пісаў!

- Вы верыце ў лёс, у фатальнае прадвызначэнне чалавека?

- Веру.

- Якія рысы свайго характару Вы цэніце найбольш?

- Працавітасць!

- З кім Вы блізка сябравалі ў ранейшыя часы? Хто Вашы сябры зараз?

- З Быкавым. Іх многа.

- Чаго Вы не зможаце дараваць чалавеку?

- Здраду!

- Назавіце, калі ласка, пяць буйнейшых пісьменнікаў у гісторыі беларускай літаратуры, якія, на Вашу думку, аказалі самы значны ўплыў на яе развіццё.

- Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі.

- Што ў сённяшнім нашым грамадстве і літаратуры Вас больш за ўсё засмучае?

- Пагібельны стан роднай мовы.

- У чым заключаюцца Вашы галоўныя жыццёвыя каштоўнасці?

- Вернасць Радзіме, народу.

Я ўдзячны Нілу Сымонавічу Гілевічу за ўрокі шчырасці, дабрыні і высакароднасці. Гэта быў вялікі патрыёт Беларусі, выдатны паэт, чалавек вялікага, нераўнадушнага сэрца, да канца верны свайму высокаму духоўна-маральнаму і грамадзянскаму абавязку.

Мікола МІКУЛІЧ

Апошні да мяне ліст Ніла Гілевіча

Ведаючы пра падарванае здароўе Ніла Сымонавіча, пра вельмі аслабелы яго зрок, я ў апошнія гады не хацеў асабліва турбаваць пісьменніка. Але калі выйшаў з друку мой пераклад Новага Запавету, выслаў яму і Новы Запавет, і інтэрв'ю з гэтай нагоды Яўгена Гучка са мною "Хайрэ, хай-рэтэ" ("Наша слова", 8 ліпеня 2015 года), а таксама ранейшыя зборнікі сваіх загадак "Тысяча арэшкаў" і "Прыгаршчы языкаломак". Я знарок напісаў, што знаходжуся на лецішчы (маючы на ўвазе, каб ён не рупіўся з адказам, хоць і чакалася яго водгуку). Але ж я ведаў і тое, што Ніл Сымонавіч ужо амаль не чытае сам, яму, прыходзячы, чытаюць родныя.

А ўражанне такого высокадасведчанага чалавека ведаць мне вельмі хацелася, бо пра зацікаўленасць Ніла Сымонавіча Бібліяй я ведаў яшчэ са студэнтцкіх часоў. Якраз тады бачыў у яго руках першае выданне Святога Пісання пры Савецкай уладзе ў 1956 годзе. Шкада, што я так і не ведаю, дзе і як удалося Нілу Сымонавічу дастаць яго. Гэта амаль немагчыма было ў тыя атэістычныя гады . (Згадаць хоць бы тое, што многія службоўцы, каб ахрысціць сваё дзіця і не "запляміць" сябе перад уладай, ехалі аж у Вільню, бо ў Літоўскай ССР святары не абавязаны былі паведамляць у адпаведныя органы, якія бацькі ахрысцілі сёння сваю малечу…)

Пазней я ведаў, што савецкае выданне Святога Пісьма сярод пісьменнікаў было яшчэ і ў Антона Бялевіча. Ён неяк напрасіўся на сустрэчу з тагачасным мітрапалітам Беларусі, і той пасля размовы пры развітанні падараваў яму Біблію.

Я ведаў таксама, як рупіла Нілу Сымонавічу, каб Святое Пісанне было перакладзена ўсё ж не з царкоўна-славянскай (В. Сёмуха), і не з лацінскай (Ул. Чарняўскі), а з мовы арыгінала на сучасную беларускую літаратурную мову.

…І вось, вярнуўшыся з лецішча, неўзабаве я атрымліваю ліст ад Ніла Сымонавіча. Напісаны нязвыкламі для мяне вялікімі літарамі, у два разы(!) большымі - як пішуць у сваіх "Пропісях" першакласнікі - слабы зрок выразна выдаваў сябе, а мяне як бы дакараў, што вымушаю яго на такую работу.

І мяне вельмі ўразіла, хоць і ніякавата гаварыць пра гэта, такая характарыстыка Нілам Сымонавічам майго перакладу як "навукова - творчага", вельмі дарагая мне, бо для мяне гэта быў не проста моўны пераклад з адной мовы на другую. А цяжкое прынцыповае намаганне сагнаць стогадовыя паланафільскія і русафільскія заносы на беларушчыну. Але пра гэта мы ўжо гаварылі з Яўгенам Гучком…

У пісьме быў укладзены і новы Гілевічаў зборнік "Эпіграмы (1958 - 2012)" з прадмоваю Міхася Скоблы. Дарчы надпіс засведчыў: "Анатолю Канстанцінавічу Клышку - у знак даўняй (яшчэ са студэнцкіх часоў) сяброўскай павагі, з найлепшымі - ад душы і сэрца - зычэннямі. Ніл Гілевіч."

І калі я ў тэлефоннай размове з ім адначасова з падзякаю ўзгадаў адну з яго эпіграм, што яшчэ паўстагоддзя таму назад запала ў памяць з першага прачытання і якая, на жаль, не трапіла ў зборнік:

Нічаво, што непісьменна,

Для дашкольнікаў сайдзёць,

А дзе нада непрэменна,

Там рэдактір давядзёць.

Вечны Гілевічаў боль аб нашай мове!

І раптам чую ад яго:

- Прызнаюся, і мне ў гэтым маім зборніку падабаюцца чатыры эпіграмы…

Толькі чатыры з усяго зборніка?! Я ледзь не аслупянеў. Ніколі ад ніводнага пісьменніка я не чуў такіх слоў пра сваю кнігу.

Загадкавы і да канца не зразумелы Ніл Сымонавіч!..

Мне здаецца, многім чытачам будзе цікавы гэты прыватны ліст Ніла Гілевіча, я і прыводжу яго.

"Дарагі Анатоль Кастанцінавіч!

Шчыра дзякую за вельмі каштоўную пасылку. Асабліва - за "Новы Запавет". Гэта вялікая падзея ў духоўным жыцці нашага народа. Вы здзейснілі навукова-творчы подзвіг. Хто гэтага не разумее - той недарэка.

Моцна ўразілі і "Тысяча загадак", і "Языкаломкі".

А цяпер - пра Ваша недаўменне, якое мяне страшэнна ўцешыла. Пытаеце: "Як бы Вы паставіліся, каб Янку Брыля ўзнагародзілі прэміяй Пімена Панчанкі, або Пімена Панчанку прэміяй Янкі Брыля?" Адказваю: паставіўся б дакладна так, як Ніл Гілевіч да прысуджэння яму прэміі Васіля Быкава. Вельмі рад, што Вы зразумелі гэты спосаб прынізіць яшчэ раз Н. Г-ча. Пасля кучы графаманаў - Ніл Гілевіч!.. Ну, што ж, праглынуў і гэтую жабу. Скандалу падымаць не стаў. Доля мая, доля!.. Арудуюць "ворагі беларушчыны".

Пра сябе: сем гадоў не выходжу з хаты, цяжка хварэю… Усе надзеі на Пана Бога.

Тэлефануйце, заходзьце - буду вельмі рад. Абдымаю - Ніл Гілевіч".

Анатоль Клышка.


Да 85-годдзя Ніла Гілевіча

Да 85-годдзя з дня нараджэння Ніла Гілевіча ТБМ выдала насценны каляндар, кішэнны каляндарык і паштоўку.



Адукацыйныя паслугі Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар-трэнінг "Ачышчэнне свядомасці пакінутага". 07.10.2016 а 18-ай

Калі вы хочаце даведацца, як ачысціць сваю свядомасць ад негатыўных эмоцый і думак пра тое, што ты - ахвяра жыцця, адзінокі, нікому не патрэбен, што цябе пакінулі блізкія людзі, калегі адвярнуліся ад цябе або з'ядаюць на рабоце, усе занятыя сваімі справамі, вам шкада сябе і хочацца, каб вас абнялі, прытулілі, "узялі на ручкі", любілі і былі побач, калі ваша цела, мускулы абвіслі, а шыйныя пазванкі сагнуліся пры астэахандрозе, то запрашаем наведаць семінар-трэнінг "Ачышчэнне свядомасці пакінутага", які адбудзецца 07.10.2016 з 18.00 па 21.00 па адрасе: вул. Румянцава, 13 (ст. метро пл. Перамогі).

На семінары-трэнінгу разглядаецца псіхалагічная траўма пакінутасці, характэрныя асаблівасці людзей з гэтай траўмай, спецыфіка іх думак і эмоцый і метадам псіхалагічных практыкаванняў адбываецца ачышчэнне свядомасці траўмаванага, навучанне быць незалежным, знайсці сваё Я, любіць сябе. У выніку наведвання семінару-трэнінгу чалавек становіцца больш спакойным і радасным, вучыцца пазбаўляцца ад маркоты і дэпрэсіўных думак, ад боляў у спіне, астмы, бранхітаў, мігрэняў, дыябету і інш. хвароб. Жыццё становіцца больш паспяховым, камфортным і радасным.

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88;

х.тэл. (+375 17) 231-44-35;

МТС (+375 29) 769-29-78;

velcom (+375 29) 960-14-53;

e-mail spadarl@yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі - 14.10.16.


Моўная палітыка ў вышэйшай адукацыі

23-24 верасня ў Менску праходзіла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Грамадскі ўдзел у мадэрнізацыі вышэйшай школы: роля грамадзянскай супольнасці ў імплементацыі Дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі".

Арганізатары канферэнцыі: Грамадскі Балонскі камітэт/Беларусь, Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы/Літва, Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства /Беларусь, Міжнародны кансорцыум "ЕўраБеларусь"/Беларусь, Навукова-даследчая ўстанова "Аналітычная група ЦЕТ"/Беларусь. Партнёр канферэнцыі - Офіс па правах людзей з інваліднасцю/Беларусь, генеральны інфармацыйны партнёр - Журнал/ journalby.com. У форуме прымалі ўдзел Андрэа Віктарын, кіраўнік Дэлегацыі ЕС у Рэспубліцы Беларусь, Ян Садлак, прэзідэнт Абсерваторыі акадэмічнага рэйтынгу і якасці IREG (Францыя), намеснікі Міністраў адукацыі Украіны і Грузіі, прадстаўнікі Азербайджана і Арменіі.

У канферэнцыі брала ўдзел першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Тэкст яе выступу прапануем вашай увазе.

Моўная палітыка з'яўляецца складовай часткай агульнай дзяржаўнай палітыкі. Палітычныя прыярытэты эліты ў моўнай сферы вызначаюць сутнасць самой дзяржавы. Пра гэтую ўзаемаабумоўленасць беларускі філосаф В. Акудовіч выказаўся так: "Палітыка, як форма ўлады - гэта перадусім мова".

На самым пачатку дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі напрыканцы ХХ ст. моўнаму пытанню надавалася вялікая ўвага. Так, прыняты яшчэ ў БССР "Закон аб мовах" прадугледжваў поўны пераход усіх сфераў грамадскага жыцця на беларускую мову на працягу 10 гадоў. Важнай часткай моўнай палітыкі было пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў сістэме адукацыі ў цэлым і ў сферы вышэйшай адукацыі ў прыватнасці. Аднак перыяд тагачаснай беларусізацыі аказаўся занадта кароткім. Абвешчанае ў выніку рэферэндуму 1995 г. дзвюхмоўе на справе аказалася дзяржаўным аднамоўем з ігнараваннем дзяржаўнасці беларускай мовы.

У выніку так і не была створана сістэма адукацыі на беларускай мове ў ВНУ, нягледзячы на яе запатрабаванасць у грамадстве: за адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання падпісалася на той час больш як 50 тысяч грамадзян.

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ўвесь час надавала вялікую ўвагу таму, каб у сферы вышэйшай адукацыі беларуская мова займала належнае месца. Але максімум, чаго можна было дамагчыся, гэта выкладанне асобнай дысцыпліны "Беларуская мова. Прафесійная лексіка" ("Беларуская мова. Афіцыйна-справавы стыль"). Трэба адзначыць, што і гэты курс увесь час карэктаваўся на прадмет змяншэння аб'ёму і гадзін на яго выкладанне. Таму наша арганізацыя пастаянна займалася маніторынгам гэтай сітуацыі, дасылаючы адпаведныя лісты непасрэдна ў навучальныя ўстановы, а таксама ў Міністэрства адукацыі. Наша трывога была выклікана тым фактам, што пасля атрымання дыплома беларускай ВНУ выпускнікі не маглі ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць на дзяржаўнай беларускай мове па прычыне слабога валодання. А гэта прама супярэчыць заканадаўству, якое патрабуе ад любога службоўца валодання абедзвюмя дзяржаўнымі мовамі ў поўным аб'ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў. У выніку такой моўнай палітыкі наша грамадства прыйшло да стану, які не можа не выклікаць трывогу: размытая нацыянальная самаідэнтыфікацыя як значнай часткі грамадства ў цэлым, так і палітычнай эліты ў прыватнасці. А гэта ўжо ставіць пад пагрозу існаванне незалежнай краіны Беларусь.

Якім бачыцца выйсце з такой сітуацыі?

Пэўныя перспектывы дае, на нашу думку, далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу. Наша грамадскае аб'яднанне бачыць на сёння, як адзін з неабходных крокаў, магчымасць заснаваць Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання як установы новага тыпу, у якой будуць улічаны выклікі новага часу, а таксама вопыт трансфармацыі сістэмы вышэйшай адукацыі ў суседніх краінах. Такі ўніверсітэт павінен стаць установай для падрыхтоўкі нацыянальна арыентаванай палітычнай і інтэлектуальнай эліты краіны. Пэўныя захады для гэтага ўжо зроблены: створаны аргкамітэт з удзелам прадстаўнікоў многіх грамадскіх арганізацый (Еўрабеларусь, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі калегіум, Грамадскі Балонскі камітэт і інш.), якія маюць досвед працы ў сістэме вышэйшай адукацыі і ў сферы нефармальнай адукацыі. Працы наперадзе шмат. Аднак час і сітуацыя вымагаюць таго, каб накіраваць намаганні для змянення моўнай палітыкі з мэтай вяртання беларускай мове - мове тытульнай нацыі краіны - яе рэальнага статусу дзяржаўнай. Як зазначае член-карэспандэнт НАН Беларусі А.А. Лукашанец: "Менавіта фарміраванне культуры моўных адносін і моўнай адукацыі, прававой граматнасці насельніцтва ў сферы моўнага жыцця,... высокай адказнасці і карэктнасці дзяржаўных органаў і дзяржаўных служачых за выкананнем моўнага заканадаўства павінна стаць адным з прыярытэтаў дзяржаўнай ідэалогіі на наступным этапе развіцця і паглыблення беларускай дзяржаўнасці. Толькі ў такім выпадку Беларусь зможа захаваць сваё нацыянальнае аблічча і прэтэндаваць на дастойнае месца ў сусветнай супольнасці".

Алена Анісім, першы намеснік старшыні ТБМ.


Карэспандэнта "Нашага слова" прынялі ў "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

27 верасня адбылося чарговае паседжанне Рады ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", на якім у арганізацыю былі прынятыя новыя сябры, літаратары Эла Оліна (Дзвінская), Зміцер Дзядзенка, Ала Нікіпорчык, Марыя Новікава. Была адноўленая як чалец СБП празаік Алена Брава.

Віншуем усіх новых сяброў Саюза і ў першую чаргу спадарыню Элу. Зычым сілаў і натхнення ў літаратурнай і журналісцкай дзейнасці.

На здымку: крайняя злева Эла Оліна.


Усходнееўрапейская акадэмія сацыяльнай дэмакратыі 2016 (Германія)

Навіны Германіі

Фонд Фрыдрыха Эберта запрашае маладых лідараў (25-35 год) з краін "Усходняга партнёрства" і Расіі ў Берлін і Шверын для навучання ва Ўсходнееўрапейскай акадэміі сацыяльнай дэмакратыі - з 20-га па 27-га лістапада 2016 года.

Мерапрыемства спланавана для 25-ці ўдзельнікаў, якія зацікаўлены ва ўзмацненні палітычнага дыялогу паміж іх краінамі і Германіяй, а таксама Еўразвязам. Навучанне дае магчымасць набыць ключавыя кампетэнцыі і навыкі ў галіне ўзаемаразумення, прамоўцыі мірнага дыялогу, абмену досведам сацыяльнай дэмакратычнай палітыкі. Прадугледжаны дыскусіі з удзелам экспертаў у галіне грамадзянскай супольнасці і палітыкаў. Праграма навучання ўключае дадзены варкшоп у Германіі лістападзе, а таксама сесіі ў Малдове, Грузіі і Украіне ў 2017-м.

Патрабуецца добрае валоданне ангельскай мовай. Вітаюцца актывісты грамадзянскай супольнасці, маладыя лідары прагрэсіўных палітычных партый і сацыяльных дэмакратычных моладзевых арганізацый, маладыя парламентарыі і прадстаўнікі ўрадаў.

Арганізатары пакрываюць выдаткі ўдзельнікаў. Кандыдаты мусяць адправіць CV (памер - 1 ліст) і матывацыйны ліст (максімум 2 старонкі), які ўтрымлівае 2-3 ідэі па стварэнні сеткі для будучага супрацоўніцтва ў Еўропе. Дэдлайн - 15 кастрычніка 2016 года.

Абраныя кандыдаты пройдуць Skype-сумоўе ў кастрычніку.

АДБ "Брусель".


Інстытут Гётэ ў Менску: Стыпендыі для выкладчыкаў нямецкай мовы на павышэнне кваліфікацыі ў Германіі

Інстытут Гётэ ў Менску інфармуе пра магчымасць для выкладчыкаў нямецкай мовы падаць дакументы на стыпендыю для павышэння кваліфікацыі ў Германіі ў 2017 годзе. Вітаюцца тыя, хто хоча ўдасканаліць свае моўныя веды, паглыбіцца з краіназнаўства і пазнаёміцца з сучаснай Германіяй і яе культурай.

Арганізатары прапануюць удзел у:

- семінарах для ўдасканалення ведаў у галіне краіназнаўства (тып L);

- семінарах для ўдасканалення ведаў у галіне краіназнаўства і ў методыцы выкладання нямецкай мовы (тып MD).

Патрабаванні да кандыдатаў:

- з'яўляцца настаўнікам нямецкай мовы або рыхтаваць будучых настаўнікаў нямецкай мовы, займацца перападрыхтоўкай;

- працягваць працаваць выкладчыкам нямецкай мовы ў бліжэйшыя некалькі гадоў;

- быць гатовым перадаць набытыя веды калегам па навучальнай установе;

- з'яўляцца сталым удзельнікам праграм Інстытута Гётэ ў Менску;

- абавязкова прымаць удзел у прадугледжанай культурнай праграме семінару;

- мець добры ўзровень валодання мовай, інш.

Стыпендыя ўключае:

кошт заняткаў, экскурсій, культурных мерапрыемстваў;

пражыванне ў 1-2-месным пакоі, сняданкі;

кошт абедаў (акрамя святочных дзён, выходных);

медыцынскую страхоўку;

выплаты на кішэнныя выдаткі;

кампенсацыі вандроўкі.

Апошні дзень падачы дакументаў - 16 кастрычніка 2016 года.

АДБ Брусель.


Грэгар Зандэр наведаў Менск і паўдзельнічаў у літаратурных сустрэчах

Супольны літаратурны выступ беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча і нямецкага Грэгара Зандэра адбыўся ў Менску. Імпрэза прайшла ў кнігарні "Логвінаў" пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ. Адна з галоўных арганізатарак сустрэчы Таццяна Захарэнка распавяла пра значэнне такой сустрэчы:

- Самае малое, што можа даць такі сімбіёз, то гэта - нашыя чытачы і беларускія пісьменнікі, якія не валодаюць нямецкай мовай, могуць пазнаёміцца з творчасцю нямецкага аўтара. І гэта не адзіны аўтар, з творчасцю якога яны ўжо пазнаёміліся. І не толькі беларускія пісьменнікі, а таксама студэнты прыходзяць да нас. Урыўкі з твораў гучалі ў сінхронным перакладзе. Такім чынам у беларускага чытача была магчымасць даведацца больш пра культуру Нямеччыны, а ў нямецкага пісьменніка - абмяняцца літаратурным досведам з беларускімі калегамі.

Грэгар Зандэр нарадзіўся ў 1968 годзе ў Шверыне. Вывучаў медыцыну, германістыку, гісторыю, а таксама журналістыку ў Берліне. Дэбютаваў у 2002 годзе, апублікаваўшы кнігу "Але я нарадзіўся тут". Аўтар двух раманаў і зборнікаў апавяданняў, лаўрэат некалькіх літаратурных прэмій, у тым ліку прэміі найлепшаму нямецкаму аўтару кароткай прозы Deutscher Erzаhlerpreis за кнігу Winter-fisch і прэміі Аннэлізэ Вагнер. Жыве ў Берліне.

Беларускае Радыё Рацыя. Фота з фэйсбука Альгерда Бахарэвіча.


Не стала Міхася Бараніка

24 жніўня 2016 года перастала біцца сэрца Міхася Бараніка, рыцара і пясняра беларускай мовы. Ён нарадзіўся 3 траўня 1945 г. у агромністай краіне, якая звалася Савецкім Саюзе, якой цяпер няма, у маленькім старадаўнім мястэчку Гарадзішча Баранавіцкага раёна. У верасні 1939 г. мястэчка было далучана да той магутнай дзяржавы, якой цяпер няма. Людзі тутэйшыя мовы расейскай не ведалі. Але хутка ўсё змянілася. На кіраўнічыя пасады ў мястэчка новая ўлада прыслала людзей рускіх. Школа Гарадзішчанская робіцца рускамоўнай. Потым, чамусьці, беларусам робіцца сорамна кантактаваць на сваёй мове, і мы, гарадзішчанцы, пераехаўшы ў Менск, ужо ганарымся адсутнасцю беларускага акцэнту.

Міхась апярэдзіў свой час, адчуў адраджэнне раней за іншых. Яшчэ да калапсу Саюза ён паварочваецца да мовы роднай і ўжо ніколі не вяртаецца назад, не боўтаецца ў двухмоўі, як большасць з нас. З ёю ён надалей жыў, за яе хварэў і з ёю ў сэрцы памёр, апяваючы і песцячы яе ў сваіх песнях пад гукі нязмена вандруючай з ім па жыцці гітары. Мова беларуская будзе ягоным помнікам.

Наталія Лабанава.


Клецкія бітвы: 1506 і 1706

За апошнія два гады я набыў пяць кніг, якія выдаў індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Мікалаевіч Янушкевіч.

Апошняя выданне: "Клецкія бітвы: 1506 і 1706 гады" прыдбаў ў славутай краме "Акадэмкніга". У кнізе гісторыка Андрэя Блінца распавядаецца пра дзве ваенныя падзеі, якія аб'ядноўвае адно месца здарэння. Пад Клецкам ў1506 і 1706 гадах адбыліся бітвы, якія значна паўплывалі на гістарычнае развіццё Беларусі, пра гэтыя падзеі я чуў на семінарах і лекцыях Паўла Алегавіча Лойкі. Разгром крымскіх татар войскам Вялікага Княства Літоўскага ў жніўні 1506 г. з'яўляецца адной з найбольш славутых перамог у айчыннай гісторыі. Бітва паміж шведскімі і расійска-украінскімі злучэннямі вясною 1706 г. стала кульмінацыяй баявых дзеянняў у Наваградскім ваяводстве падчас Вялікай Паўночнай вайны. У дадатак змешчаны шэраг малавядомых дакументаў XVI і XVIII ст.ст., некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню.

Дызайн вокладкі зрабіла Антаніна Нявінская. Карэктары - Надзея Вішнеўская і Настасся Трафімчык.

Наклад кнігі - 500 асобнікаў. Выданне разлічана на ўсіх, хто цікавіцца ваеннай гіторыяй эпохі ранняга і новага часу.

Аляксей Шалахоўскі , гісторык, краязнавец.


Не! - "Бульбашу"

У Салігорску ўзнікла грамадская ініцыятыва "Не! - "Бульбашу" ў Беларусі". Сябры Салігорскай суполкі ТБМ распачалі збор подпісаў за адмену дзяржаўнай рэгістрацыі гандлёва-прамысловага брэнду "Бульбашъ". Гэтая назва, абразлівая для беларусаў, не павінна ўжывацца на дзяржаўным узроўні. Прапануем сябрам суполак ТБМ салідарызавацца з намі і падтрымаць грамадзянскую ініцыятыву "Не! - "Бульбашу" ў Беларусі".

Бланкі з подпісамі просім накіроўваць на адрас: 220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13, ТБМ.


Паважаны Беларус! Паважаныя суайчыннікі!

Звярнуцца да Вас прымусілі наступныя абставіны. У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае гандлёвы брэнд "Бульбашъ", які сваёй назвай абражае годнасць беларусаў, выкарыстоўваючы імперскую мянушку народа. Тым самым, на дзяржаўным узроўні, прапагандуецца абразлівае стаўленне да нашай нацыянальнай і чалавечнай годнасці.

У суседніх краінах на бытавым узроўні ходзяць абразлівыя выразы "кацап", "хахол", але на дзяржаўным узроўні гэта не практыкуецца. Мы, падпісанты, выказваем свой пратэст супраць гэтага брэнду і выступаем за яго адмену. Трэба Беларусам у Беларусі "людзьмі звацца". Твой подпіс - твой асабісты ўнёсак у адрадженне нацыянальнай і чалавечай годнасці.


"Русский мир" у беларускім касцёле

У Магілёве католікі ўпершыню правялі імшу па-расейску

У Магілёве ўпершыню адбылася каталіцкая імша на расейскай мове. У кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава прыйшлі на яе 34 чалавекі.

Цягам некалькіх дзён у канцы беларускамоўных службаў святары абвяшчалі, што ад нядзелі 2 кастрычніка пачнуцца службы па-расейску. Святары тлумачылі: быў зварот ад вернікаў, якія папрасілі праводзіць такія службы, бо не разумеюць беларускай і польскай моваў. Адзначалася, што набажэнствы на расейскай мове - эксперымент, і далейшы яго лёс будзе залежаць ад наведванняў.

Тым часам некаторыя католікі, якія прыходзяць на службы па-беларуску, не ўтойвалі сваёй незадаволенасці расейскамоўнымі набажэнствамі. Іх дазвол вернікі разглядалі як правакацыю ці дапускалі, што каталіцкія герархі пагадзіліся на ініцыятыву пад ціскам уладаў. Вернікі адзначалі, што не змаглі адшукаць у гісторыі магілёўскага касцёлу, каб службы адпраўлялі на расейскай мове. Разам з тым ніводзін з незадаволеных не пагадзіўся публічна агучыць сваёй пазіцыі. Сваю адмову тлумачылі тым, што касцёл - не месца для палітыкі.

Устрымаліся ад каментароў наконт расейскамоўных набажэнстваў і магілёўскія святары. У прыватных гутарках яны давалі разумець, што дазвол на службы па-расейску - гэта місіянерскі крок.

Святая імша на расейскай мове была прызначаная на 17 гадзінаў. Вялікага наплыву вернікаў на яе не назіралася. Час ад часу на цвінтары збіраліся невялікія купкі людзей, якія між сабою гутарылі, а потым заходзілі ў касцёл.

- Мы беларусы, але мы расейскамоўныя беларусы. Усё жыццё мы пражылі ў нашай вялікай краіне - Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, - адрэагаваў на пытанне журналіста, чым выкліканая неабходнасьць правядзення расейскамоўных набажэнстваў, вернік, які прыйшоў на службу з жонкай. - Мы выгадаваліся на расейскай мове, і, галоўнае, мы думаем па-расейску. Працэнтаў дзевяноста беларусаў таксама думаюць на расейскай мове. Гэта мае вялікае псіхалагічнае значэнне для чалавека, - патлумачыў сваю пазіцыю суразмоўца. - У той жа час мы любім, нам падабаецца беларуская мова, але думаем мы ўсё ж на расейскай. Таму яна нам і родная.

- Мы большую частку жыцця пражылі ў Санкт-Пецярбургу. Выйшлі на пенсію і прыехалі ў Беларусь, - далучылася да гутаркі жонка суразмоўцы.

- Я сёння пабываў на беларускамоўнай імшы, і найбольш актыўныя вернікі напружыліся, пачуўшы абвестку, што ў касцёле адбудзецца служба па-расейску. Некаторыя з іх не ўтойвалі, што такі крок разглядаюць, як правакацыю? - пытаю суразмоўцаў.

- Я магу і па-беларуску гаварыць, - паспяшалася адказаць магілёўская каталічка. - Я вывучала набажэнствы па-беларуску і па-польску. Мяне завуць Браніслава, і бабцю маю звалі Браніслава. Яна таксама была каталічка. Аднак іншым разам пачуеш беларускае слова і не ведаеш, што яно азначае, бо думаеш усё роўна на расейскай. У нас жа і малітоўнікі на расейскай мове ёсць, - паказала малітоўнікі кабета, спяшаючыся з мужам на службу.

- Прыйшла, каб паглядзець, хто не разумее беларускай мовы. Дзеля цікавасці прыйшла, - заявіла наступная суразмоўца. - Гэтай ініцыятыве "русский мир" паспрыяў. Не думаю, каб дваццаць вернікаў наважыліся на такі крок. Гэта не першая ўжо спроба. Папярэднія скончыліся нічым, і гэтая скончыцца гэтаксама, - упэўнена адзначыла беларускамоўная каталічка.

Наступная суразмоўца ў купцы са святаром абмяркоўвала навіны каталіцкага жыцця. На пытанне, ці прыйшла яна на расейскамоўнае набажэнства, пэўна не адказала, аднак ініцыятыва такая ёй да спадобы.

- Мы знаходзімся побач з Расеяй, і людзям, якія прыязджаюць адтуль, сапраўды цяжка маліцца па-беларуску ці па-польску. У каго слабая вера, той прыйдзе, паслухае і скажа: "Ай, мне неяк незразумела". І перастане хадзіць у касцёл. Перастане змагацца, і, самі ведаеце, да чаго гэта прывядзе, - выклала сваю пазіцыю дзяўчына і тут жа дадала: - Калі ж служба будзе на роднай мове такіх вернікаў, то нават для пяцёх яе трэба праводзіць, у гэтым ёсць сэнс.

- А чаму, - пытаю у суразмоўцы, - такая ініцыятыва ўзнікла цяпер, а не год ці два таму?

- Бо больш святароў стала, - адказала яна. - Раней не было рэсурсаў, а цяпер яны з'явіліся.

- Прыйшлі да біскупа расейскамоўныя вернікі, каб была імша на іхняй мове, - далучыўся да гутаркі святар. - Калі б да яго прыйшлі нямецкамоўныя, то біскуп меўся б зрабіць імшу па-нямецку. Трэба быць адкрытым для людзей, каб яны сустрэлі Хрыста.

Яшчэ адна маладая каталічка прызнаецца, што з недаверам ставіцца да ініцыятывы наконт расейскамоўнай службы. Суразмоўца бачыць у ёй няшчырасць:

- Я ўсё сваё жыццё хаджу ў касцёл, і службы праходзяць па-беларуску і па-польску. Да расейскамоўнай імшы стаўлюся трохі насцярожана. Я прысутнічала на такіх службах, калі адбываліся міжнародныя сустрэчы з удзелам беларускай, расейскай і ўкраінскай моладзі. Але тады расейская мова дапамагала паразумецца. З аднаго боку, расейскамоўныя службы, можа, і дапамогуць людзям, якія кажуць, што не разумеюць па-беларуску. А з другога боку, дужа падазрона, што гэтыя людзі не разумеюць беларускай мовы, хоць яны ў Беларусі жывуць.

Радыё Свабода, Магілёў.


Як гэта было 100 гадоў таму назад

Міхал Шымялевіч: Са старой кніжкі [1]

Нядаўна адміністрацыя Гарадской бібліятэкі ў Лідзе, упарадкоўваючы свой кнігазбор, адабрала, як кажуць, цэлы воз рознага непатрэбнага кніжнага смецця - відочна шкоднага для моладзі і дарослых - і, прыгаварыўшы да аўтадафэ, часова пакінула гэтыя кнігі ў кутку. Тым часам наш паважаны рэдактар (Абрамовіч - Л.Л.), які ўсім цікавіцца і ўсё можа здабыць, выпадкова натрапіўшы на гэтыя кнігі, запусціў у іх рукі і вылавіў смутную кнігу, якую памятаюць старыя людзі, але не ведае моладзь: Bolcewicz Henryk. Stosunki koscielne na Litwie: listy otwarte ksiedza do ksiezy. Monachium, 1905. Naklad Jana Zawadzkiego.

Мушу адзначыць, што першае выданне гэтай кніжкі было надрукавана ў Львове у 1900 г. У прадмове да другога выдання выдавец пісаў: "Калі фактычны бок лістоў зараз ужо не надта цікавы, дык ідэйны бок іх заўсёды актуальны".

Аўтар лістоў не падаў ні свайго імя, ні прозвішча. Верагодна, ён быў рыма-каталіцкім ксяндзом. Арыентуючыся па ўзгадваных у лістах геаграфічных назвах: Вільня, Ашмяны, Эйшышкі, Ліда, Гародня, Беласток, можна выказаць здагадку, што аўтар жыў і пісаў дзесьці на Лідскай зямлі. І таму для нас, жыхароў гэтай зямлі, кніга мае пэўную цікавасць.

Не магу устрымацца ад таго, каб не падзяліцца з чытачамі "Лідскай зямлі" некалькімі старонкамі гэтай смутнай кнігі. Хай старыя ўспомняць а маладыя даведаюцца, як гэта было сорак гадоў таму. Хіба, ніхто з узгаданых у лістах асобаў ужо не жыве і, непрыемна, канешне, узгадваць іх імёны - бо не могуць адказаць. Мушу сказаць, што не маю інтэнцыі прынізіць памяць памерлых ці жывых, а маю інтэнцыю паказаць той час трохі з іншага боку. Схіляюся над магіламі памёршых, а перад аўтарам лістоў, калі яму выпадкова патрапіць гэты артыкул, выбачаюся.

Вось аб чым думаў і што пісаў аўтар тых лістоў:

С. 23.

Нягледзячы на русіфікатарскія ўплывы школы і войска, наш народ калі не варожа дык абыякава ставіцца да ўраду. Народ - гэта белы ліст, на якім яшчэ нічога не напісана. Дабрадзейства адмены прыгону не адчуваюцца маладым пакаленнем, якое не ведае паншчыны. З-за павелічэння насельніцтва гаспадаркі драбнеюць і разам з імі драбнее і "ўдзячнасць" ураду. Рэлігійны ўціск, цяжкасць зарабіць у сваім краі на хлеб толькі таму, што ты - католік, расплюшчвае селяніну вочы. Вымагальніцтва, хабарніцтва, пыха чыноўнікаў усіх рангаў не дадаюць павагі да расійскіх парадкаў. А помнік Мураўёву абудзіў патрыятызм нават у віленскіх прачак і дзявотак (касцельных святошаў).

С. 88.

Пабожнасць нашага люду я назваў бы паганскім хрысціянствам. Рэлігійныя абрады выконваюцца досыць скрупулёзна, а ў жыцці - паганскі дух. Народ ходзіць у касцёл, спавядаецца, штодзённа адмаўляе пацеры, цалкам адбывае пасты і адначасова поўны ўзаемнае незычлівасці, цешыцца з чужога гора, не шануе чужой уласнасці, падпаламі сее нянавісць паміж суседзяў, сваркамі і праклёнамі робіць пекла з сваёй сям'і. Наш звычайны селянін будзе засмучаны з-за страты ружанца ці з таго, што сплюне пасля камуніі, але без усялякага сумнення ўлезе на чужы луг, ніву, лес, абкрадзе брата, будзе за рубель ці кілішак фальшыва сведчыць у судзе, грошы, пазычаныя без сведкаў, не верне, будзе крыўдзіць удаву і сірот, і пры тым ніхто не абароніць слабых, бо прызвычаіўся да пакутаў бліжняга і шануе толькі сілу. Адзін селянін скраў кавалак сала, але гэта была пятніца і таму не еў гэтае сала ні ў той дзень, калі скраў, ні ў наступны і толькі ў нядзелю пачаў есці тое, што скраў. Іншага злапалі, калі пасвіў быдла на чужой ніве, ён пры гэтым меў ружанец і маліўся.

С. 67.

Інтэлігенцыя не працуе з народам і ўвесь свой час праводзіць за картамі. Ксёндз ёсць "пажондным" партнёрам калі не хапае чацвёртага. Карцёжная гульня ёсць адзіным нашым інтэлектуальным высілкам у правінцыі, цэнтрам гэтага руху часта ёсць плябанія а варштатам капланскай працы - зялёны столік. Па-за картамі, "інтэлектуальнай" ежай служаць плёткі, "тоўстыя" нясмешныя анекдоты і ў самым лепшым выпадку палітыка, якая разумеецца на газетным узроўні.

С. 77.

На парозе плябаніі стаіць заплаканая кабета, вітае пробашча нізкім паклонам. "А, што скажаш?" - пытаецца слуга Божы. "Муж памёр, колькі духоўны айцец скажа заплаціць за пахаванне?" - "Ці ж не ведаеш, столькі, як і ўсе". - "Ойча духоўны, дзеці малыя, муж доўга хварэў, лекі, доктар шмат каштавалі". - "Цыц! Што там пішчыш, баба, на дактароў знайшла, а чым касцёл горшы?". "Праўда, ойчанька, на касцёл гэта, як для Бога, не трэба шкадаваць, але ж я бедная, маю толькі тры рублі і тыя пазычыла". "Маеш гаспадарку, маеш карову, можаш яшчэ пазычыць". Падобныя дыялогі паміж пастарам і авечкамі не належаць да выключэнняў. Гандлі пры пахаванні і іншых рэлігійных паслугах адбываюцца сапраўды, як у лаўцы. Хцівасць і бязлітасны холад веюць ад такіх жывых "евангельскіх" урокаў адносін да бліжняга. Духоўныя айцы маюць шмат жыццёвай інфармацыі: ведаюць, колькі за дзяўчыну далі пасагу, і ўмеюць хутка падлічыць свой працэнт. Умеюць адныя шлюбы праводзіць каля алтара, а іншыя каля дзвярэй, якія вядуць у прэсбітэрыюм - у залежнасці ад колькасці грошай, заплачаных за шлюб. Так разумеецца роўнасць багатых і бедных перад Богам і касцёлам.

С. 78.

Ведаю "слупоў" касцёла, якія насільна навязваюць сваім авечкам складковыя імшы, яны даводзяць, што такія зборныя імшы прыцягваюць асаблівыя ласкі, што не кожны можа знайсці грошы на імшу, а ўсе разам могуць аплаціць святую імшу. Цяжка касцельным святошам адмовіцца ад такой спакусы і рупліва збіраюць яны грошы на складковую імшу, дастаючы такім спосабам сваім духоўным кіраўнікам pecunia stipendi .

С. 79.

"Візіта парафільяная", ці так званая ў нас "каляда", ці ж не ператварылася яна ў нас у напаўненне торбаў і кішэняў капланскіх?

С. 20 - 22.

"Наша бацькаўшчына - Рым, а наш патрыятызм - гэта трэбнік", часта паўтараюць яны (ксяндзы, абыякавыя да няшчасцяў бацькаўшчыны). Для іх чужой ёсць польская гісторыя і літаратура, а трымаюцца польскай мовы яны толькі таму, што злучаны з каталіцтвам. З польскай прэсы выпісваюць толькі Przeglаd katolicki i Misye katolickie, і то толькі таму, што на рускай мове каталіцкай прэсы наогул няма. Свабоду каталіцкай рэлігіі гатовыя купіць адрачэннем ад усяго польскага і з задавальненнем рабілі б казанні па-руску, каб толькі Айцец Святы гэта дазволіў. Цытуюць словы Хрыста: "Дык аддайце цэзару цэзарава", часта, як афарызм, паўтараюць: "Уся ўлада ад Бога", чым акцэнтуюць сваю расійскую каталіцкасць.


Ад ксяндзоў першай катэгорыі (прахвостаў і здраднікаў) яны адрозніваюцца сваімі каталіцкімі перакананнямі, беззаганным жыццём, але падобныя да іх сваім адступніцтвам. Наогул, яны значна больш небяспечныя за першых. Тыя носяць на чале выразную пляму, якая сцеражэ авечак ад ваўка. Гэтыя сваёй прывязанасцю да касцёла і маральным жыццём усыпляюць чуйнасць авечак і вядуць іх да мэтаў, якія вызначае ўрад. Гэтыя "распалячаныя ксяндзы" дапамагаюць ураду ў распалячванні вернікаў, г.зн. у русіфікацыі Краю.

Да трэцяй катэгорыі залічым тых, якія не прыхільнікі ўраду, жывяць у сваім сэрцы прывязанасць да ўсяго, што сваё, аднак да нацыянальнай справы рукі не прыкладаюць, хоць у сваёй душы яе і дабралаславяць. Гэтая трэцяя катэгорыя самая шматлікая, гэта большасць нашага святарства.

Да чацвёртай катэгорыі залічым маленькую частку капланаў - грамадзян. Іх сэрца палае любоўю і да нябеснай, і да зямной бацькаўшчыны. Яны служаць ля алтара веры і ля алтара бацькаўшчыны. Як пабожныя католікі, яны святкуюць касцельныя святы, як палякі і ліцвіны - нацыянальныя. Ім патрэбны Дзень канстытуцыі 3 мая і свята адкрыцця помніка Міцкевічу. Жывяць рэлігію святых, жывучых на небе, і адначасова паважаюць памяць герояў і геніяў і робяць усё, каб іх імёны не былі забытыя. Такіх, аднак, мала, іх можна палічыць на пальцах.

Бачым, што наш клір, акрамя малой часткі, для абароны нацыянальнага нічога не робіць. Ксёндз у нас прыніжаны і ў той ці іншай меры працуе на ўрад.

С. 65.

У Гародні, на такой важнай пляцоўцы, з усіх бакоў абкладзенай праваслаўем і русіфікацыяй, дэканам ёсць разбэшчаны пошукам выгады ксёндз, скончаны сібарыт, адзінай мэтай якога ёсць падабацца ўраду. Ва ўсіх павятовых гарадах нашай дыяцэзіі сядзяць дэканы альбо рашуча праўрадавыя (Ясевіч, Сайкоўскі), альбо несвядомыя прылады ў дзяржаўных руках (Сянкевіч, Карвоўскі, Шымкевіч, Дзякевіч). У іх касцёлах народ не мае нічога ні для сэрца, ні для розуму. Касцёлы брудныя, казанні ніжэй крытыкі, хораў, гэтага магутнага сродку прыцягнення народа да касцёла, няма, арганы лямантуюць аб божай помсце, касцельныя служкі жывуць у п'янстве і распуце, а ксяндзы - рэнегаты ці сібарыты - збіраюць грошы.

С. 15-16.

У 1898 г. ксяндзы і клірыкі світы біскупа былі сведкамі яго вялікай добразычлівасці, якую ён выказваў знанаму прыхільніку ўраду, чалавеку ганебнаму, ашмянскаму дэкану Сайкоўскаму падчас сваёй кананічнай візіты ў Ашмяны. Падчас выступу загадаў прапаведніку кс. Курчэўскаму хваліць з амбона гэтую парафію і яе кіраўніка. У плябаніі быў папераджальна ветлівы з гаспадаром, паводзіў сябе так, як не паводзіў з звычайнымі, паважанымі ксяндзамі. Паслухаўшыся ксендза, прыхільніка ўраду, зрабіў візіт да ашмянскага спраўніка, які быў гэтым надта незадаволены, бо візіт каталіцкага біскупа мог паламаць яму рэпутацыю. Пры абедзе кс. Звяровіч сказаў хвалебную прамову пра дэкана. Ніколі такога раней не бачылі ксяндзы, не заплямленыя саюзам з урадам. Звычайныя ксяндзы з болем глядзелі на гэта і казалі: каб цешыцца павагай біскупа, трэба быць такім вось Сайкоўскім, біскуп робіць для нас узорам праўрадавага ксендза.

Прахвост Сайкоўскі быў даносчыкам і саслаў у кляштар свайго вікарыя за тое, што той, шануючы кананічнае права, не згадзіўся справіць жалобную імшу па смерці Аляксандра ІІІ. Гэты быў свежы факт. А за дзень да прыезду біскупа, настаўляў вернікаў з амбона, каб людзі не спатыкалі біскупа авацыямі, бо "біскуп - не цар" - казаў Сайкоўскі.

С. 100.

Калі рыхтаваў сваю працу да друку, атрымаў я новую інфармацыю. Кс. Сайкоўскі данёс не на аднаго, а на двух сваіх вікарыяў. Пра аднаго з іх я ўспамінаў раней. Другі вікарый атрымаў пакаранне ў кляштары, так-сама дзякуючы ашмянскаму дэкану. Вікарый пасля адпраўлення ганаровай Св. Імшы ў святочны дзень меў ужо спяваць "цэзароўку" (Pro supremo gloriosissimo), калі да алтара прыйшоў сам дэкан, каб прыняць удзел у спеве. Вікарый збянтэжыўся і, пакланіўшыся перад алтаром, вярнуўся ў сакрыстыю. Ксёндз - рускі патрыёт убачыў у гэтым непавагу да імператара і адразу напісаў данос.

Крэўны па духу з Сайкоўскім ёсць кс. Алехна, былы прэфект мужчынскай гімназіі ў Вільні. Даносіў ён на вучняў за чытанне польскіх кніжак у класе. Поўны хвалы, спачывае зараз на лаўрах як пробашч парафіі Усіх Святых у горадзе Гедзіміна. Тым жа самым шпегаўска-данасіцельскім майстэрствам валодае ксёндз Шварц, дэкан у Беластоку і прэфект тамтэйшай рэальнай школы. Я абразіў бы яго, калі б не залічыў у кола ксяндзоў - рускіх патрыётаў.

С. 17.

Нягоднікі дэканы і пробашчы сядзяць на багатых пробаствах і ані валасінка з іх галавы не ўпадзе. Рускія прафесары ў семінарыі павялічваюць патрабаванні пры вывучэнні рускіх літаратуры і гісторыі. Хатні арышт з ксяндзоў не зняты. Працэсіі па-за касцёлам не дазволены. Спяваць пры жалобнай пахавальнай працэсіі нельга. Забраныя касцёлы не вернуты. "Неблагонадёжных" ксяндзоў у пробашчы ўрад не дапушчае.

* * *

Для разумення гэтага тэксту даю інфармацыю аб асобах, якія згадваюцца ў тэксце:

Сянкевіч Юзаф, ксёндз-пробашч і дэкан у Лідзе ў 1889-1905 гг.

Курчэўскі Казімір, з 1893 г. ксёндз-пробашч у Эйшышках.

Элерт Юльян-Алойзы, ксёндз-пробашч фары і дэкан у Гародні, кандыдат акадэміі рыма-каталіцкай у Пецярбурзе, на службе з 1889 г.

Шварц Вільгельм, ксёндз-пробашч і дэкан у Беластоку, на службе з 1861 г., узнагароджаны ордэнамі Станіслава 2 і 3 ступені і Ганны 3 ступені.

Ясевіч Мойжаш, ксёндз-пробашч і дэкан у Свянцянах з 1891 г., узнагароджаны ордэнам Ганны 3 ступені.

Сайкоўскі Казімір, ксёндз-пробашч і дэкан у Ашмянах, на службе з 1859 г., узнагароджаны ардэнамі Ганны 3 ступені і Станіслава 3 ступені.

Карвоўскі Юзаф, ксёндз-пробашч і дэкан у Троках з 1878 г.

Шымкевіч Бенядыкт, ксёндз-пробашч і дэкан у Дзісне з 1856 г., узнагароджаны ордэнам Станіслава 3 ступені.

Дзякевіч Фердынанд, ксёндз-пробашч і дэкан у Свіры.

Алехна Юзаф, ксёндз-магістр тэалогіі, на службе з 1860 г., пробашч касцёла Усіх Святых у Вільні з 1887 г., член экзаменацыйнай камісіі школьнай акругі.

Солнцаў Міхаіл Дзмітравіч, калежскі саветнік, спраўнік ў Ашмянах з 1891 г., узнагароджаны ордэнамі Ганны 3 ступені і Станіслава 3 ступені, Знакам Чырвонага Крыжа. Вядомы палякажэрца.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.


Вайцюшкевіч у "Torvald'зе": песні для сяброў

На мінулым тыдні сябры ТБМ, актывісты грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма", а таксама журналісты, музыканты выправілася ў Віцебск. Мэтай паездкі стала экскурсія па гэтым слаўным беларускім горадзе, сустрэчы з яго жыхарамі і актывістамі мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы. У праграме вандроўкі было і знаёмства віцяблян з новымі песнямі і кружэлкамі вядомага аўтара і выканаўцы Змітра Вайцюшкевіча ў рамках праекта "Разам да справы!", а таксама прэзентацыя кнігі, якія распавядае пра творчасць гэтага спевака і кампазітара - "Беларускае слова ад спеву".

Гасцямі са сталіцы апекаваўся і быў ім гідам па горадзе гісторык, краязнавец Мікола Півавар, які не толькі зрабіў цікавы экскурс у гісторыю сваёй малой радзімы. Разам аглядалі экспазіцыі Віцебскага краязнаўчага музея, а пад час шпацыру пазнаёміліся з пярлінамі беларускай архітэктуры - Віцебскай ратушай і яе няпростай гісторыяй, з віцебскімі святынямі - Святаўваскрасенскай царквой, царквой Прачыстай Багародзіцы і базыльянскім кляштарам, царквой Звеставання Багародзіцы…

Шмат цікавых гісторый спадар Мікола распавёў гасцям і пра віцебскія мясціны, якія звязны з падзеямі руска-французскай кампаніі 1812 года і знаходжаннем у горадзе Напалеона Банапарта, а таксама з жыццём і дзейнасцю мастака Марка Шагала, вядомага музыказнаўцы, тэатральнага крытыка І. Салярцінскага, кампазітара М. Фрадкіна…

Захапіў менчукоў і конны помнік віцебскаму князю, а потым і Вялікаму князю ВКЛ Альгерду з сімвалам княжацкай улады - сокалам. Помнік уздымаецца ў адным з прыгожых месцаў Віцебска побач з Святаўваскрасенскай царквой.

Далейшы шлях вандроўнікаў ляжаў па віцебскіх вуліцах да вядомай у горадзе культурніцкай пляцоўкі - арт-паба "Torvald", дзе ўсіх гасцей чакаў яго гаспадар спадар Віталь Броўка. Аддзячыўшы нашаму гіду Міколу Півавару за ягоныя веды, сапраўдны патрыятызм і захапляльны расповед пра Віцебск, госці падрыхтаваліся да канцэрту Змітра Вайцюшкевіча.

Артыстычную накіраванасць "Torvald'а" падкрэслівае і вінтажнае афармленне залы і галерэі арт-паба, а яго нацыянальную накіраванасць - беларускамоўнае меню і абслугоўванне наведвальнікаў. Усім гэтым акалічнасцям менчукі шчыра парадаваліся таму, што і ў сталіцы не часта такое сустрэнеш.

Арганізатар гэтай канцэртнай паездкі, журналістка і адзін з аўтараў кнігі "Беларускае слова ад спеву" Эла Дзвінская выказала падзяку віцяблянам за гасціннасць, нагадала пра мэты кампаніі "Будзьма беларусамі!" а так-сама коратка распавяла пра творчы шлях сённяшняга госця Віцебска - спевака і кампазітара Змітра Вайцюшкевіча.

Аўтары кнігі "Беларускае слова ад спеву", распавялі пра стылістычную і жанравую разнастайнасць кампазіцый, якія запісаны на альбомах і складанках Змітром Вайцюшкевічам. А таксама звярнулі ўвагу на негалосную забарону канцэртаў выканаўцы, на бюракратычны ціск, які суправаджае яго апошнім часам.

І вось да віцебскіх і менскіх слухачоў, што сабраліся ў арт-пабе "Torvald", выйшаў Зміцер Вайцюшкевіч. У першую частцы канцэрта выканаўца нагадаў слухачам песні чэха Я. Нагавіцы ў перакладах А. Хадановіча і В. Воранава з альбома "Камета": прагучалі творы драматычнага гучання "Святло Сараева", філасафічныя і іранічныя "Як бралі мяне ў салдаты", "Коўдра-магіла", "Стары муж", "Амерыка", прысвячэнне канадскаму спеваку Леанарду Коэну "Танец смерці", гумарыстычныя прыпеўкі "Вядома і дэбілу".

Заключная частка песеннай праграмы Вайцюшкевіча была адзначана новымі песням на вершы паэта Уладзіміра Някляева для праекту "Жаночае імя Беларусі", які выканаўца запісвае ў Польшчы са струнным квартэтам. Зміцер з уласцівым яму артыстызмам паказаў, як будуць гучаць кампазіцыі з гэтага праекту - "Дамініка", "Будзьце самымі жаданымі і каханымі" - са струнным квартэтам, замяняючы яго партыі сваім голасам.

Зміцер выканаў яшчэ некалькі супер-гітоў са свайго рэпертуару - "Жыве Беларусь!" на верш У. Някляева, "Я нарадзіўся тут" аўтарства Л. Вольскага, "Бывайце здаровы!" Ісака Любана і Адама Русака, якія зала ўжо выконвала разам са Змітром Вайцюшкевічам. Вечарына скончылася добрым настроем усіх, хто ў той дзень трапіў у арт-паб "Torvald", а таксама пажаданнямі слухачоў новых сустрэч з выканаўцам у слаўным беларускім Віцебску.

Анатоль Мяльгуй.


Рыцарскі фэст у Мсціславе

У Мсціславе адбыўся чарговы рыцарскі фэст. Такога кшталту мерапрыемствы ладзяцца тут штогод. Але сёлетні значна адрозніваўся. Ён быў перанесены з лета на восень і ўключаны ў праграму мерапрыемстваў… абласных "Дажынак".

Старажытны Мсціслаў, што раскінуўся сярод пагоркаў Усходняй Беларусі, ведаў і лепшыя часы. Калісьці цэнтр буйнога княства, цяпер цэнтр не самага буйнога раёна Магілёўскай вобласці, гэты горад, нягледзячы на шматвяковыя пакуты, войны і руйнаванні, здолеў захаваць кавалачак занядбанага і забытага беларускага сярэднявечча. Кожны, хто наведваў яго, мог лёгка гэта адчуць дзякуючы рэшткам касцёлаў, кляштараў, магутнаму муру Замкавай гары, на якой дагэтуль мрояцца вежы даўно зруйнаванага замка. Дый сама атмасфера горада, асабліва падчас чарговага фэсту, гэтаму спрыяла.

Засмучаў, між тым, заняпад старых будынкаў і недарэчны перакос у бок савецкай забудовы. Таму, каб адчуць даўніну, яе, як часта бывае ў Беларусі, трэба было, па-першае, яшчэ адшукаць, а па-другое, паспрабаваць абстрагавацца ад таго, што адбываецца і ўзвышаецца навокал.

Пры адсутнасці фінансавання і разумення неабходнасці захавання гістарычна-культурных каштоўнасцяў доўгі час справа аднаўлення гонару Мсціслава ішла рукамі мясцовых (магілёўскіх) археолагаў, якія год ад году шурфавалі Замкавую гару, знаходзячы то рэдкі рыцарскі даспех, то берасцяную грамату (таксама, хто не ведае, каштоўная ў гістарычным сэнсе рэч).

І вось неўзабаве справа зрушылася. Не без намаганняў прафесара (а цяпер і дэпутата) І. Марзалюка, кіраўніка тых самых археолагаў, знайшліся і грошы, і жаданне. Магчыма, не ў апошнюю чаргу таму, што гораду выпаў "гонар" правесці абласное свята працаўнікоў сяла "Дажынкі-2016"… Мэты дадзенага мерапрыемства абмяркоўваць цяпер няма сэнсу, трэба толькі адзначыць, што грошы на адбудову Мсціславу былі патрэбныя, і грошы гэтыя ён атрымаў. Заставалася толькі, каб яны былі скарыстаныя па прызначэнні і голас спецыялістаў-гісторыкаў быў пачуты. І вы ведаеце, цуды здараюцца…

На тэрыторыі Замкавай гары быў узведзены аўтэнтычны драўляны замак з брамай і вежамі, першы і адзіны такі ў Беларусі. На тэрыторыі замка адбудавалі таксама драўляны данжон (такі тып абарончых вежаў), дзе размясцілі этнаграфічную выставу і археалагічны музей (у аўтэнтычным таксама стылі), дзе можна пабачыць рэшткі сярэднявечнай гарадской забудовы (калі хто быў у Берасці - не горшыя) і шэраг каштоўных экспанатаў, сярод якіх - вышэйзгаданая берасцяная грамата.

Змены закранулі і сам горад. Была адноўленая пажарная каланча ХХ ст. (які шыкоўны від на горад адкрываецца цяпер з яе верхняй пляцоўкі!) з экспазіцыяй, ля якой супрацоўнікі МНС ладзілі сапраўды цікавыя рэчы. Быў адкрыты "Парк міру", дзе майстры з усёй Беларусі выставілі каменныя скульптуры даволі высокай мастацкай якасці, вартай музея. Нязграбную савецкую "каробку" ператварылі ва ўрачысты прыгожы палац шлюбаў. Былі адноўленыя іншыя гістарычныя будынкі. Але адразу кідалася ў вочы тое, што занядбаныя неадрэстаўраваныя старажытныя касцёлы і каталіцкі кляштар стаялі побач з новенькімі адноўленымі бліскучымі праваслаўнымі цэрквамі. Але гэта так, дарэчы.

А цяпер да самога свята.

Суседства такіх мерапрыемстваў, як "Дажынкі" і рыцарскі фэст, у многіх выклікала непаразуменне. Было ўражанне, што, уваходзячы праз браму з горада на Замкавую гару, трапляеш з бээсэсэра з яго саладухамі, чаркамі на пасашок, конкурсам "Уладар сяла", выставай трактароў, амапаўцамі, танным півам і турнікетамі, у якуюсьці Рэч Паспалітую ці ВКЛ, з вежамі, харугвамі, коннікамі, выкшталцонымі паненкамі і суворымі рыцарамі.

Зрэшты, кожны мог знайсці для сябе тое, па што прыехаў. Пакуль райцэнтр ладзіў канцэрт для пераможцаў "Дажынак", забавы для дзяцей і дарослых (тут табе і каруселі пасярэдзіне колішняга кляштара, і традыцыйны ўжо кірмаш, і народныя ансамблі, і знакамітыя намёты з кожнага райпо вобласці з шашлыком і гарэлкай), Мсціслаў старажытны прывабліваў наведнікаў коннымі і пешымі баямі рыцараў, лучнікамі, сярэднявечнымі танцамі, выставай колішняй зброі ў сутарэннях кармеліцкага касцёла і шмат чым яшчэ. То бок адбыўся абмен вопытам: тыя, хто прыехаў на "Дажынкі", пабачылі рыцарскія спаборніцтвы, а тыя, хто збіраўся на фэст, паслухалі савецкую папсу.

Карацей, уражанне ад мерапрыемства засталося дваістае. Хаця цешыць тое, што горад насамрэч змяніўся. Яму ёсць што паказаць. Горад жывы. І калі справа на гэтым не спыніцца, Мсціслаў неўзабаве здолее паспрачацца за турыстаў з Нясвіжам і Міром.

Свята сапраўды было вельмі насычанае. У розных частках горада адначасова праходзіла шмат мерапрыемстваў, канцэртаў, спаборніцтваў, выставаў і экспазіцый. Кожнаму было чым задаволіць свой густ. Але трэба завітаць сюды пазней і ў цішыні, без натоўпу і паважанага спадара Саладухі з дынамікаў дажыначных шашлычных, паспрабаваць зразумець, што цяпер уяўляе з сябе адноўлены старажытны Мсціслаў. Як казаў адзін ветлівы чалавек, катлеты - асобна, мухі - асобна.

Арцём Іваноў.


Беларусы Сібіры адсвяткавалі "Багач"

2 кастрычніка іркуцкі беларускі клуб "Крывічы" правёў старажытны беларускі абрад "Багач". Імпрэза праходзіла ў вёсцы Жызнеўка Заларынскага раёна Іркуцкай вобласці, гаворыцца ў прэс-рэлізе клуба, атрыманага charter97.org:

"Багач" - старажытны беларускі абрад, прысвечаны канчатку ўборкі ўраджаю. Здаўна гэтае свята праводзілася ў беларускага народа пасля восеньскага раўнадзенства, калі ўсе палявыя працы, за выключэннем пасеву зімовых культур павінны быць скончаны.

На працягу ўсяго ўборачнага перыяду чалавек не аднойчы праводзіў розныя рытуальныя дзеянні і прыносіў ахвяраванні зямлі і некаторым духам, якія апякуюцца палямі, сенажацямі, гародамі і ў цэлым усім ураджаем.

Але свята "Багач" у гэтым шэрагу вылучаецца асабліва.

Сапраўды, добры быў ураджай ці не вельмі, але ў любым выпадку ў свіранах маецца адпаведны дастатак. Самы час падвесці вынік збору ўраджаю і правесці галоўны абрад, звязаны з уборкай.

Само слова "Багач" мае тры сэнсавых значэнні. Першае - "багач" ад слова "багацце", г.зн. сабраны ўраджай і ёсць галоўнае багацце земляроба. Другое: "Багач" - гэта міфалагічнае боства, якое адказвае за збор ураджаю і за яго захаванне. Трэцяе - так звалі саму лубку (выдзеўбаную драўляную чару), насыпаную збожжам, у цэнтры якой стаяла запаленая свечка.

Усе тры значэнні слова "Багач" дапаўняюць адно аднаго і прымушаюць нас з вялікай увагай ставіцца да самога абраду.

У беларускай традыцыі падчас правядзення абраду не было выпадковых рухаў, прадметаў ці слоў. Усё мела адпаведнае сімвалічнае значэнне.

Сам лубок павінен быць менавіта выдзеўбаны з дрэва, бо гэта рабілі нашы продкі з глыбіні стагоддзяў, тым самым мы падкрэсліваем пераемнасць пакаленняў, выкананне архаічных народных абрадаў.

Тое, што ў лубок, насыпаецца збожжа, прычым усім сялом, кажа пра супольнае селішча, пра ўзаемадапамогу, пра сувязь селяніна ў першую чаргу з ураджаем хлеба.

Свечка, пастаўленая ў цэнтр лубка са збожжам сімвалізуе Сонца, якое абагравае, асвятляе і адорвае (распаленым воскам) сваёй мілатой наш ураджай.

У народных прымаўках - суправаджальніках гэты абрад, прысутнічае яшчэ адзін сімвалізм - "рагач" ("Багач заткнуў у страху рагач"; "Прыйшоў Багач - кідай рагач"). Большасць этнографаў-даследнікаў лічаць, што "рагач" - гэта агульная назва ўсяго земляробчага інвентару. А ў энцыклапедычным слоўніку "Беларуская міфалогія" (Мінск, "Беларусь", 2004) "рагач" тлумачыцца як "саха", што, увогуле, таксама з'яўляецца земляробчай прыладай, - гаворыцца ў прэс-рэлізе.

charter97.org.



[1] Szymielewicz Michal. Ze starej ksiazki // Ziemia Lidzka №12-1937. S.140-142.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX