Папярэдняя старонка: 2016

№ 41 (1296) 


Дадана: 11-10-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 41 (1296), 12 кастрычніка 2016 г.


"Нідзе мы ў Расіі не чулі, што чукчы, якуты і іншыя не павінны развіваць свае традыцыі і сваю мову. А некаторыя дамарошчаныя ў нас, у Беларусі, і асабліва на Усходзе, пачынаюць нас папракаць у залішняй беларускасці. Што за глупства? Мы - нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці - гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?"... "У пятым-шостым класе ў нас англійскай мове - шэсць гадзін. А нашы дамарошчаныя ў Міністэрстве адукацыі дапрацаваліся да таго, што беларускай мовы - дзве гадзіны. Дык чаму мы не кажам, што тут перакос?"

А. Лукашэнка. belapan.by.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале не адбылося такога чаканага павышэння колькасці падпісчыкаў, якое звычайна бывала з восені. Наогул, атрымоўваецца, што цікавасць да газеты стабільна падае. Тыя асобнікі газеты, якія дастаўляюцца ў сядзібу ТБМ, таксама не запатрабаваныя. У гэтай сітуацыі мы змяншаем наклад газеты да 1500 асобнікаў, чаго не было ніколі. Спадзяёмся на ўвагу да праблемы з боку лістападаўскай Рады ТБМ.


Ліпень-Кастрычнік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 13 16

Бяроза р.в. 9 8

Белаазёрск р.в. 1 1

Бярэсце гор. 6 6

Ганцавічы р.в. 1 1

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. 1 -

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 4 3

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 1 2

Ляхавічы р.в. 2 1

Маларыта р.в. 1 1

Пінск гор. 7 7

Пружаны р.в. 7 5

Столін р.в. 1 1

Усяго: 58 56


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 1 -

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 21 19

Віцебск РВПС 2 2

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 9 9

Гарадок р.в. - 4

Докшыцы р.в. 3 3

Дуброўна р.в. 1 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 2 1

Наваполацк гор. 19 19

Орша гор. 6 7

Полацк гор. 4 3

Паставы р.в. 10 10

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 2 2

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 7 5

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 99 97


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 2

Барысаў гор. 6 6

Вілейка гор. 1 1

Валожын гор. 8 8

Дзяржынск р.в. 7 7

Клецк р.в. - -

Крупкі р.в. 5 5

Капыль р.в. 1 1

Лагойск 3 3

Любань р.в. 1 1

Менск гор. 211 222

Менск РВПС 7 7

Маладзечна гор. 10 10

Мядзель р.в. 6 5

Пухавічы РВПС 3 3

Нясвіж р.в. 4 6

Смалявічы р.в. 2 2

Слуцк гор. 8 8

Салігорск гор. 6 6

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 5 4

Узда р.в. 2 2

Чэрвень р.в. 3 3

Усяго: 302 312


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 3

Брагін р.в. - -

Ветка р.в. 2 2

Гомель гор. 21 21

Гомель РВПС - -

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 15 16

Жлобін гор. 2 2

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. - -

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. 1 -

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 1 1

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. - 1

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. 1 2

Усяго: 55 57


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 3 3

Ваўкавыск гор. 8 8

Воранава р.в. 4 4

Гародня гор. 33 34

Гародня РВПС 17 16

Дзятлава р.в. 13 13

Зэльва р.в. 3 3

Іўе р.в. 4 3

Карэлічы р.в. 3 3

Масты р.в. 4 4

Наваградак гор. 3 3

Астравец р.в. 3 2

Ашмяны р.в. 3 2

Смаргонь гор. 3 3

Слонім гор. 9 10

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 2 2

Ліда 10 9

Усяго: 129 126


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 2 3

Бялынічы р.в. 1 1

Быхаў р.в. - 1

Глуск р.в. 2 1

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 2 2

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 2 2

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 28 33

Магілёў РВПС 1 -

Асіповічы гор. 11 11

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 2 2

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 1 1

Усяго 57 62

Усяго на краіне: 700 710


120 гадоў з дня нараджэння Міколы Шчакаціхіна

Мікола ШЧАКАЦІХІН (Мікалай Мікалаевіч Шчакаціхін; 13 кастрычніка 1896 - 1940) - беларускі мастацтвазнавец, гісторык і тэарэтык мастацтва, педагог. "Бацька" беларускага мастацтвазнаўства.

Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. З дзяцінства размаўляў на 4 мовах, пазней вывучыў яшчэ некалькі (паводле розных звестак, ведаў 12 моваў). У 1914 годзе скончыў гімназію А. Флёрава ў Маскве. З 1914 па 1918 вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Працаваў у Расіі: Маскве, Арле, а ў 1920 годзе пераводзіцца ў Харкаў, дзе парацуе адначасова навуковым супрацоўнікам музея, загадчыкам перакладчыцкай калегіі і чальцом рэпертуарнай камісіі пры навукова-тэарэтычным аддзяленні Наркамасветы Украіны. З'яўляўся чальцом праўлення Усеўкраінскага Саюза пісьменнікаў.

У 1921 годзе пераязджае ў Менск. З 1922 года працуе асістэнтам кафедры гісторыі мастацтва БДУ, распрацоўвае і выкладае курс па гісторыі беларускага мастацтва. У 1924 годзе атрымаў званне дацэнта. Адначасова з 1925 года працуе ў Інбелкульце ў якасці навуковага сакратара Секцыі беларускага мастацтва і стыль-рэдактара выдавецкага аддзела. Пры Інбелкульце вучоны стварае Камісію гісторыі мастацтва, у якой збірае менскіх і пераферыйных, пераважна, віцебскіх, мастацтвазнаўцаў, мастакоў, жывапісцаў і графікаў.

У 1928 годзе выйшаў першы том ягонай кнігі "Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва"

18 ліпеня 1930 года арыштаваны па сфабрыкаванай справе "Саюза вызвалення Беларусі". У 1931 годзе сасланы на 5 гадоў у Башкірыю. У Белебеі яму давялося працаваць статыстам, планавіком у райспажыўсаюзе, затым яму ўдалося ўладкавацца на выкладчыцкую працу. Абсалютна пазбаўлены матэрыялу для навуковай працы, ён працягваў навуковыя доследы далёка, не пакідаў надзеі вярнуцца да навуковай працы ў Беларусі.

У 1937 годзе сталінскія ўлады прысуджаюць яму яшчэ адзін тэрмін. У 1940 годзе Мікола Шчакаціхін памірае ў Белебеі ад сухотаў, якія ён набыў пасля чарговага "прафілактычнага" арышту да чарговага камуністычнага свята. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

У 1993 годзе 1-ы том "Нарысаў ..." з ініцыятывы ТБМ імя Францішка Скарыны быў перавыдадзены.

Вікіпедыя.


Вячаславу Шведу - 60

Вячаслаў Віталевіч ШВЕД (нар. 7 кастрычніка 1956, Гародня) - беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (2001), прафесар (2005).

Скончыў гістарычны факультэт БДУ, гістарычнае аддзяленне (1979). У 1974-1979 працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў Гарадзішчанскай сярэдняй школе. У 1979-1983 навучаўся ў завочнай аспірантуры БДУ, у 1995-1998 - у дактарантуры. У 1982-1995, 1998-2001 і з 2005 выкладаў на кафедры гісторыі славянскіх дзяржаў Гарадзенскага ўніверсітэта.

У 1984 абараніў кандыдацкую дысертацыю "Гандаль у Беларусі ў перыяд крызісу феадальна-прыгонніцкіх адносін (30-50-я гады ХIX ст.)" (навуковы кіраўнік кандыдат гістарычных навук, дацэнт М. Баранава), а ў 2001 абараніў доктарскую дысертацыю "Грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772-1863 гг.)". У 2001-2005 прарэктар па навуковай рабоце УА "Гарадзенскі дзяржаўны абласны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіроўных працаўнікоў і спецыялістаў адукацыі". З 1 верасня 2005 прафесар кафедры гісторыі славянскіх дзяржаў Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, з сакавіка 2007 прафесар кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, выконваў абавязкі загадчыка кафедры, з сакавіка 2008 па 1 красавікa 2013 загадчык гэтай кафедры.

Звольнены з пасады загадчыка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, а 1 красавіка 2013 года Рада ўніверсітэта не абрала яго на пасаду прафесара па конкурсе. Выступіў у СМІ з адкрытым лістом, заявіўшы, што звальненне з'яўляецца палітычным. Выдаленне Шведа асудзіў між іншым польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі.

Сферы навуковых зацікаўленняў: сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 1-й пал. XIX ст., грамадска-палітычнае развіццё зямель Беларусі ў 1772-1863., гісторыя Гародні і Гарадзеншчыны (X-XX стст.), развіццё турызму ў Панямонні.

Агульная колькасць публікацый на 1 студзеня 2009 - 257 навуковых прац, 9 навукова-метадычных і 8 аўтарскіх, творчых.

Вікіпедыя.


Алена Анісім: "Парламент будзем беларусізаваць"

Кажуць, што са сваёй 70-ай Стаўпецкай выбарчай акругі, дзе нарадзілася, у сённяшнюю Палату прадстаўнікоў Алена Анісім скокнула як той чарцюк з табакеркі. Тым не менш, ніхто не сумняваецца, што яна набрала рэальныя, а не прыпісаныя галасы выбаршчыкаў на Стаўпеччыне і Нясвіжчыне, дзе нарадзіўся Якуб Колас, дзе яе малая Радзіма, дзе тутэйшыя дагэтуль гавораць па-беларуску. Як жыць далей і з кім ёй "паркавацца" ў тым жа парламенце? І гэта толькі адно з мноства пытанняў да 54-гадовай намесніцы старшыні Таварыства беларускай мовы, філолага па адукацыі, цяпер дэпутата, спадарыні Алены Анісім. На апошніх выбарах яна спрабавала вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

РР: Спадарыня Алена, хоць ваш "шэф", старшыня ТБМ Алег Трусаў і сказаў мне, што Ваш прыход у парламент рыхтавалі 3 гады, здаецца, усё адбылося знянацку, як снег на галаву. Узяць хоць тое, што паведамілі пра абранне пасля гадзіны ночы - так доўга "пытанне" ўтрасалася. Усё ж адчуваецеся падрыхтаванай да будучых баталій і тытанічнай працы?

Алена Анісім: Так, насамрэч да апошняй хвіліны не верылася, што прызнаюць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Зараз свой статус я разумею так - мушу выканаць задачы, якія мы сумесна выпрацавалі з ТБМ, і абяцанні, дадзеныя выбаршчыкам маёй акругі. А ў самым парламенце мушу шукаць аднадумцаў. Бо веру ў тое, што зараз не важна, як той ці іншы дэпутат патрапіў у парламент - па прызначэнні ці яшчэ як - кожны з іх мусіць разумець, што адказны за тое, якім шляхам будзе развівацца краіна. Хочуць яны ці не хочуць, але "ніжэй" гэтага гаварыць не збіраюся.

РР: А не баіцеся застацца "белай варонай"? Тая ж Ганна Канапацкая прыйшла з вельмі дакладнай "партыйнай" задачай прасоўваць правацэнтрысцкую праграму "мільён працоўных месцаў"…

Алена Анісім: Якраз у мяне задача шырэйшая і не звязаная выключна з карпаратыўнай адказнасцю. Безумоўна, у палітычных і сацыяльна-эканамічных пытаннях мы будзем выступаць з Ганнай "адзіным фронтам". Але я перакананая, што ў кардынальным для мяне пытанні прасоўвання беларушчыны я знайду падтрымку ў многіх. І дапамогу, як пачаткоўцу-парламентару. Ёсць ужо дэлегаваны ад Магілёўшчыны Ігар Марзалюк, які дагэтуль быў сенатарам і з'яўляецца сябрам ТБМ. Бачыце - нас ужо трое!

РР: Між іншым, напярэдадні нашай сустрэчы дэпутат з Наваполацка, вядомы кідальнік молата Вадзім Дзевятоўскі падтрымаў грамадзянскую ініцыятыву "Справаводства па-беларуску", каб гарантаваць выкарыстанне беларускай мовы пры маркіроўцы тавараў. Дык мо будзеце спрабаваць стварыць дэмакратычную беларускамоўную фракцыю ў парламенце?

Алена Анісім: Перш за ўсё я хачу, каб кожны чалавек для сябе прыняў свядомае рашэнне - можна і варта гаварыць і па-руску, і па-беларуску. І яшчэ. Будучым калегам варта бачыць перад сабой станоўчы прыклад тых, хто гаворыць па-нашаму, каб было да чаго "падцягвацца". А ствараць фракцыю па прынцыпе "мне так хочацца" - дарэмная справа. Трэба ўзаемна прыгледзецца.

РР: Сёлета напачатку года была заява ТБМ "Беларускую мову - у беларускі парламент!". Дазволю цытату: "Насуперак Канстытуцыі, якая абвяшчае роўнасць дзвюх дзяржаўных моў, дзейнае заканадаўства і асабліва Закон аб мовах ёй пярэчаць і істотна абмяжоўваюць правы беларускамоўных грамадзян краіны, асабліва ў стасунках з дзяржаўнымі структурамі, якія перадусім працуюць на рускай мове. Змяніць сітуацыю павінен беларускі парламент, які можа ўнесці неабходныя папраўкі ў існае заканадаўства" .

Алена Анісім: Першае, чаго ўвесь час дамагаліся - змяненняў у Закон аб мовах. Прапаную зняцце праславутых "ці, або", бо яны і дазваляюць не карыстацца мовай. На іх часцей і спасылаюцца пры адказах чыноўнікі. Зусім тэхнічна не цяжка афармляць ўсе парламенцкія дакументы як мінімум на дзвюх мовах. Па-другое, грунтоўна рыхтуемся да прыняцця Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Не сакрэт, што яна сёння ўнесена ў спіс тых, што знікаюць з мапы свету. І гэта трывожны знак для краіны ў цэнтры Еўропы, дзе з 10 млн, паводле перапісу, шэсць вызнаюць роднай мовай беларускую. Таму не мець у сваёй краіне магчымасці паўнакроўна карыстацца сваёй мовай - ганьба! Гэта трэба тэрмінова мяняць.

РР: Зміцер Дашкевіч з "Маладым фронтам" праводзіць кампанію па зборы подпісаў з мэтай надання статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці бел-чырвона-беламу сцягу. У наступным годзе яго гістарычнае 100-годдзе. Будзеце падключацца як дэпутат?

Алена Анісім: Грамадзянскі абавязак свой выканала - таксама паставіла подпіс. Калі ў Змітра з Міністэрствам культуры зладзіць не атрымаецца - безумоўна.

РР: Другая пастаўленая Вамі сумесна з ТБМ задача - стварэнне першага цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта, дзе калегі бачаць вас і першым рэктарам…

Алена Анісім: Надзею на выкананне дае, прынамсі, той факт, што краіна, урэшце, далучылася да Балонскага працэсу і такім чынам узяла на сабе пэўныя абавязкі. Я брала ўдзел у міжнароднай канферэнцыі, што ініцыяваў нацыянальны Балонскі камітэт - з удзелам нашых намеснікаў міністра адукацыі, а таксама іх калег з Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Украіны, дзе агучыла працу нашага аргкамітэта па стварэнні ўстановы новага тыпу з нацыянальнай мовай навучання, у якой фармаваліся б кадры нацыянальнай палітычнай, інтэлектуальнай і патрыятычнай эліты. Перакананая, што без гэтага краіны не ўтрымаем. Пры тым, што можам улічыць вопыт і памылкі іншых краін. Ужыць напрацоўкі калег з Грузіі, дзе неўзабаве адкрыецца падобная ўстанова ў Кутаісі, ды досвед Украіны. Галоўнае каб наш універсітэт стаў прэстыжным, быў забяспечаны кваліфікаванымі кадрамі, а студэнты ішлі не проста дзеля атрымання дыплома.

РР: Але Вашы калегі з мінулага складу "палаткі" прынялі ўсяго тры законы за 4 гады. Не баіцеся сутыкнуцца з цвердалобай сцяной галоваў, што і не глядзяць па баках?

Алена Анісім: Небяспека такая заўсёды ёсць. Але, у тым ліку, у парламент прыйшло пакаленне 35-40-гадовых, якія памятаюць мітынгі пад тым жа бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй. Спадзяюся сярод іх знайсці тых, хто заклапочаны лёсам краіны і дзяцей, а не толькі ўласным дабрабытам.

РР: Вам прыйдзецца адказваць і на вострыя палітычныя выклікі часу. Неўзабаве пачнецца працэс над палітычным вязнем Эдуардам Пальчысам. А ёсць жа Андрэй Бандарэнка ў невыносных умовах, Дзмітрый Паліенка, іншыя.

Алена Анісім: Канешне, я буду імкнуцца ўзняць свой голас! Бо найважнейшыя каштоўнасці - свабода слова і веры акурат і пераступаюцца існай дзяржавай у часе гэтых судовых працэсаў. Кожны чалавек мае права выказвацца так, як лічыць патрэбным. Не парушаючы закону, натуральна.

РР: І ўсё-такі думаеце ў будучыні паспрабаваць зноў вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты?

Алена Анісім: Для гэтага ты павінна разумець, што папярэдне зрабіла нешта такое, што дазваляе табе прэтэндаваць на большае. Толькі так. Цяпер задача - заканадаўча запачаткаваць нашы напрацаваныя ідэі. Дабіцца іх шырокай падтрымкі ў грамадстве. Тады рухацца далей.

РР: У вас ёсць жыццёвы дэвіз?

Алена Анісім: Дарогу пераадолее той, хто па ёй ідзе і не збочвае.

Віталь Сямашка , Беларускае Радыё Рацыя.


Клопат пра культуру ўзрасце на 12%

Сп. У.П. Андрэйчанку,

Старшыні Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

220010, г. Мінск,

пл. Незалежнасці, Дом Ураду

Аб разглядзе бюджэту на 2017 г.

Шаноўны Уладзімір Паўлавіч!

У сувязі з тым, што дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання павінны разгледзець і зацвердзіць бюджэт на наступны год, звяртаемся з наступнай прапановай:

закласці на 2017 год выдаткі на культуру ў памеры не менш за 2% ад агульнага памеру бюджэту. Гэта дазволіць вырашыць пытанне з падвышэннем заработнай платы работнікаў культуры, якая значна ніжэйшая, чым у медыкаў і настаўнікаў, закрыць праблемы фінансавага забеспячэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, скончыць рэстаўрацыю Лідскага замка і прадоўжыць рэстаўрацыю Быхаўскага замка. Гэта будзе годным завяршэннем абвешчанага ў нашай краіне Года культуры.

Неабходныя сродкі можна атрымаць пры падвышэнні акцызаў на продаж алкагольных вырабаў і тытуню.

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Па даручэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па бюджэце і фінансах сумесна з Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь разгледзела вашы прапановы па фарміраванні праекту бюджэту на 2017 год і паведамляе наступнае.

Рост расходаў на культуру ў праекце бюджэту на 2017 год складае 112,3 працэнта ў дачыненні да расходаў 2016 года, у той час як агульныя расходы праекту бюджэту на 2017 год зніжаюцца і складаюць 98,9 працэнта ад узроўню расходаў 2016 года.

Гэтыя расходы дазволяць забяспечыць дзейнасць бюджэтных устаноў культуры, у тым ліку ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама ажыццявіць расходы па забеспячэнні захаванасці гістарычна-культурнай спадчыны.

Расходы на фонд аплаты працы работнікаў бюджэтных устаноў сацыяльнай сфсры, у тым ліку работнікаў устаноў культуры, запланаваны з ростам у межах 9 працэнтаў.

Пытанне павышэння заработнай платы работнікаў устаноў культуры павінна разглядацца комплексна з улікам узроўню заработнай платы ў другіх галінах бюджэтнай сферы, у тым ліку за кошт правядзення аптымізацыі колькасці працуючых.

Акрамя таго, мяркуем, што павышэнне заработнай платы можа быць дасягнута шляхам накіравання сродкаў, якія ўстановы культуры атрымліваюць ад дзейнасці, якая прыносіць даходы (пазабюджэтнай дзейнасці), на дадатковае матэрыяльнае стымуляванне работнікаў.

Варта адзначыць, што ў апошнія гады забяспечваўся апераджальны рост ставак акцызаў на алкагольную прадукцыю і тытунёвыя вырабы над тэмпамі інфляцыі.

Так, за перыяд з 2010 па 2016 год стаўкі акцызаў на моцныя алкагольныя напоі павялічаны ў 6 разоў, на тытунёвыя вырабы - у сярэднім у 23,8 раза. Пры гэтым рост спажывецкіх цэн за дадзены перыяд чакаецца ў 4,4 раза.

У выніку доля паступленняў ад акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю ў даходах кансалідаванага бюджэту павысілася з 3,1 працэнта ў 2010 годзе да 4,6 працэнта ў 2016 годзе, або з 0,9 працэнта да 1,4 працэнта да ВУП.

З улікам мер, прынятых у дачыненні да фарміравання акцызнай палітыкі на 2017 год, рэзервы для павышэння ставак акцызаў на алкагольную прадукцыю і тытунёвыя вырабы ў цяперашні час адсутнічаюць.

Старшыня Пастаяннай камісіі Л.А. Дабрыніна.


АБВЕСТКА

14 кастрычніка ў Галерэі "Ў" (г. Менск)

адбудзецца прэзентацыя новага навучальнага дапаможніка для беларускіх школ і ліцэяў " Гісторыя сярэднявечнай Еўропы, V - XV стст." (аўтар - Алег Трусаў).

Кніга падрыхтаваная ў Навукова-творчай лабараторыі "Беларуская школа ХХІ стагоддзя" Таварыства беларускай школы. Запрашаюцца настаўнікі гісторыі, краязнаўцы, а таксама ўсе, хто цікавіцца гісторыяй.

Пачатак а 18:00.



15 кастрычніка ў Нясвіжскай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы адбудзецца прэзентацыя новага навучальнага дапаможніка для беларускіх школ і ліцэяў

"Гісторыя сярэднявечнай Еўропы, V - XV стст." (аўтар - Алег Трусаў).

Пачатак у 16.00.


Надзвычайны адраджэнец сучаснасці

4 кастрычніка ў музеі Максіма Багдановіча адбылася вечарына, прысвечаная 85-годдзю Ніла Сымонавіча Гілевіча, з удзелам калег, сяброў і родных паэта.

У самым пачатку шматлікія госці імпрэзы змаглі пачуць велічны голас выдатнага паэта і грамадзяніна з дакументальнай кінастужкі. Сам паэт распавёў, што ён нарадзіўся ў дарозе паміж вёскамі Слабада і Лагаза, а згодна з народным павер'ем гэта азначае, што чалавек будзе мець неспакойны лёс і шмат выпрабаванняў у жыцці, што і спраўдзілася. "Дзед па маці меў незвычайны дар мовы, ён быў музыка і равеснік Янкі Купалы, - успамінаў Ніл Гілевіч. - Верагодна, што яны ў маладосці зналіся. У Янкі Купалы часта ўзгадваецца Гайна. У 14 год, калі я даведаўся, што Купала ўзрастаў зусім побач, то адчуў у гэтым Божую наканаванасць і сам пачаў ствараць рыфмы. Далучэннем да слова, да паэзіі я абавязаны ўсім людзям, сярод якіх я падымаўся з дзяцінства. З 3-4 гадоў я чуў казкі, легенды, выходзіў на падворак і чуў, як пяюць жанкі ў полі. Я стаяў і слухаў, як яны пяюць сярод спелага жыта на пагорку…"

З успамінамі пра брата выступіў беларускі журналіст і паэт Мікола Гіль. Толькі што выйшла з друку яго новая кніга васьмірадкоўяў "Неадступнасць", а крыху раней добра была прынята чытачамі яго паэма " Карчаватка".

- Неардынарная асоба, шматгранная і велічная постаць, універсальны паэт, лірык, эпік, публіцыст, гумарыст і сатырык, нястомны перакладчык, які перастварыў на роднай мове тысячы вершаў усіх славянскіх народаў, - такім вядомы Ніл Гілевіч. У дадатак, ён - фалькларыст, вучоны і педагог, гранічна шчыры і сумленны чалавек, як у творчасці так і ў жыцці, - адзначыў спадар Мікола Гіль. - Ён вельмі шмат значыў для ўсяго нашага гурта: чатырох братоў і сясцёр, быў неаспрэчным аўтарытэтам. Ён не лічыўся паслухмяным хлопцам, а хутчэй - свавольнікам і гарэзай, але быў непараўнальна больш начытаны, дасведчаны і ў падледкавыя гады нястомны ў складанні вершаў. Кожны ў сям'і зведаў яго ўплыў: старэйшая сястра Ліна з яго падказкі пайшла ў Менскую педагагічную вучэльню, пасля і малодшая, Ідзея, пайшла туды. І я, дзякуючы яму, абраў літаратарскую сцяжыну ў жыцці, адчуваў яго духоўную і матэрыяльную дапамогу.

Мікола Сымонавіч Гіль падзяліўся вершамі, якія прысвяціў старэйшаму брату.

Высокую адзнаку дзейнасці Ніла Гілевіча як педагога, выкладчыка кафедры беларускай літаратуры БДУ, прафесара і літаратуразнаўцы даў прафесар Вячаслаў Пятровіч Рагойша. Ніл Гілевіч быў аўтарам шэрагу манаграфій, рэдактарам пяці тамоў збору беларускага фальклору ў сучасных запісах, шматгадовым кіраўніком фальклорных практык, дыпломных, кандыдацкіх і доктарскіх работ.

- Як вялікая рака Ніл цячэ і жывіць аазісы, так і Ніл Сымонавіч ствараў, даглядаў і сілкаваў аазісы беларушчыны: паэтычны, празаічны і велізарнейшы абсяг перакладзеных замежных твораў, - сказаў публіцыст Міхась Скобла. - Ён быў наватарам у такіх формах, як раман у вершах, вянок санетаў, актавы. Ніл Гілевіч - яшчэ і аўтар кнігі эпіграмаў, якая выйшла ў 2015 годзе.

Прамоўцы таксама ўзгадвалі кнігі паэта "Бальшак", "Любоў прасветлая", "Родныя дзеці".

- Ніл Гілевіч - вялікі ўнікальны грамадзянін нашай краіны, - адзначыў акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі. - Надзвычайна таленавіты паэт, навуковец, самы актыўны абаронца беларускай мовы, які вельмі шмат для яе зрабіў. Яго талент праявіўся ў дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці, ён плённа працаваў, увесь час быў у творчасці. Фізічна і маральна прыгожы чалавек, быў шчаслівы ў сям'і. З Нінай Іванаўнай іх звязвала светлае каханне. Унікальная асоба будзе вялікім прыкладам для нас! Яго творы будуць жыць вечна і з часам мы яшчэ больш даведаемся пра гэтага волата беларушчыны, надзвычайнага адраджэнца сучаснасці. Дзякуючы Нілу Гілевічу мы дойдзем да нашай Беларусі! - прамовіў спадар Радзім Гарэцкі.

З успамінамі пра калегу выступілі паэты Анатоль Вярцінскі і Васіль Зуёнак.

- Нам вельмі не хапае Ніла Сымонавіча, - сказаў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў сп. Барыс Пятровіч. - Па добрай традыцыі мы раіліся з ім як са старэйшым сябрам, ён ведаў усе апошнія навіны, на яго стале былі заўсёды новыя часопісы і кнігі. Аўтары імкнуліся з ім пагутарыць і атрымаць яго дакладныя парады. Аднойчы Ніл Гілевіч прызнаўся, што ў яго была мара быць надрукаваным у першым нумары новастворанага часопіса. Такім выданнем стаў " Дзеяслоў".

Сын Ніла Гілевіч Сяргей распавёў пра незвычайную працавітасць бацькі, за якім назіраў з малых гадоў. Сын паэта выдаў 23-ці том збору твораў Ніла Гілевіча, у які ўвайшла публіцыстыка.

Песню на вершы Ніла Гілевіча " Я хажу закаханы ў твае краявіды" і іншыя творы прачула і ўзнёсла выканала Таццяна Грыневіч. Вечарыну завершыла калектыўнае выкананне ўсімі гасцямі песні, якая стала народнай: " Вы шуміце, шуміце, нада мною бярозы".

Эла Дзвінская, фота Э. Дзвінскай і Вікі Трэнас. На здымках: 1. Прафесар Вячаслаў Пятровіч Рагойша; 2. Мікола Сымонавіч Гіль; 3. Акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі; 4. Таццяна Грыневіч-Матафонава; 5. Сяргей Гілевіч, сын паэта.


I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы Да Беларусі!..

Такімі натхняльнымі радкамі з песні на верш Ніла Гілевіча, якую яшчэ ў пачатку 90-х выконвалі з вялікай сцэны "Сябры", завяршылася вечарына, прымеркаваная да 85-годдзя народнага паэта.

Імпрэзу ў гонар выбітнага літаратара, мысляра, грамадскага дзеяча падрыхтавалі і правялі клуб "Натхненне" Палаца культуры вобласці і магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

У аўторак 27 верасня, у кіназале Палаца культуры сабралася не мала прыхільнікаў беларускага слова, каб узгадаць радкі з твораў Ніла Сымонавіча, паслухаць успаміны людзей, якія яго ведалі асабіста, вучыліся ў яго і з ім сябравалі.

На сцэну падымаліся людзі самых розных узростаў - ад шкаляроў да вядомых магілёўскіх літаратараў і паважаных кандыдатаў навук. Кожны знайшоў цёплыя словы ўдзячнасці вялікаму паэту за ягоную невымерную працу для нашай айчыны, за вершы і думкі песняра, што натхняюць на шляху да Беларусі.

У выкананні саліста ВІА "Каскад" Леаніда Савіцкага прагучала адна з самых вядомых песень на верш Гілевіча "Вы шуміце бярозы..." "Запаліла" залу бязмежным пачуццём гумару Тамара Цыганкова, прачыталі вершы Народнага паэта Сяржук Кавылкін, Настасся Латоціна, Карына Бурачэўская.

Шмат розных малавядомых і цікавых фактаў распавялі нашы літаратары Тамара Аўсяннікава і Сяргей Украінка, якія ў свой час вучыліся на факультэце, дзе выкладаў Ніл Сымонаваіч, а ў далейшым падтрымлівалі сяброўскія і творчыя адносіны з ім.

Узгадаў пра грамадскую і палітычную дзейнасць Ніла Гілевіча выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік Яраслаў Клімуць. Спадар Яраслаў быў і першым старшынём магілёўскага ТБМ, арганізацыі, якая робіць вялікі ўнёсак у захаванне беларускага слова, і ля вытокаў якой стаяў Ніл Гілевіч.

Па заканчэнні вечара аўтар гэтых радкоў паразмаўляў з некаторымі выступоўцамі:

- Для Беларусі гэта адно з самых значных імёнаў, яго змаганне за беларускасць, за тое, каб мы дайшлі да Беларусі - былі вельмі значнымі, як у мастацкай літаратуры, так і ў грамадскіх і палітычных справах - адзначыла літаратарка Тамара Аўсяннікава. - Я б параўнала Ніла Сымонавіча з вялікім волатам-дубам, які моцна стаіць на беларускай зямлі, змагаецца за яе, выконвае свой дар несці беларускасць не гледзячы ні на што. Гэта сапраўдны патрыёт, асветнік, прадаўжальнік традыцый нашых знакамітых песняроў - Купалы і Коласа.

Меркаванне, што ёсць і зараз прадаўжальнікі літаратурных традыцыяў, вартыя нават звання "народнага", якім быў ушанаваны Ніл Гілевіч, выказаў Яраслаў Іванавіч Клімуць:

- На жаль, такое званне зараз не прысуджаецца, знайсці людзей заўсёды можна, ёсць дастойныя паэты, проста многія замоўчваюцца, многім не даецца ходу. Увогуле я лічу, што наша адпаведная дзяржаўная палітыка ў літаратуры, у культуры, у гуманітарнай адукацыі не зусім разумная, культура, гуманітарныя навукі - гэта якраз той рухальны стымул, які заўсёды выдаваў вялікія ідэі. Бо тэхнары - гэта рухавік, але ж яму трэба асвяціць шлях, а занядбанасць гуманітарнай навукі вядзе да скатвання назад, потым нацыя будзе страшна перажываць за страчаныя гады непаразумення, заняпад вялікай гуманітарнай навукі.

Пра цікаўнасць людзей да беларушчыны і такіх вось імпрэзаў выказаўся цяперашні старшыня магілёўскай гарадской суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў, які быў вядоўцам вечарыны:

- У нашых школах і ВНУ выкладанне беларускай літаратуры адбываецца трошкі "сухавата", што не спрыяе папулярызацыі роднай літаратуры і мовы. Тыя, хто цікавіцца сваёй культурай, шукаюць магчымасцяў паглыбляць веды, а калі яны яшчэ бачаць і сустракаюцца з такімі ж людзьмі, як самі, да іх прыходзіць усведамленне, што гэта наша найвялікшая каштоўнасць - беларуская мова і літаратура.

І завяршыў ён размову думкамі пра дзяржаўную палітыку ў галіне культуры:

- Каб не згубіць нашу спадчыну, захаваць і развіваць нацыянальную культуру, трэба шмат працаваць. Усё мусіць садзейнічаць гэтаму - і якасць навучання ў школах і садках, і сродкі масавай інфармацыі, і такія вось імпрэзы, прысвечаныя юбілеям, гістарычным падзеям. Трэба, каб гэта падтрымлівалася і на рэгіянальным, і на агульнадзяржаўным узроўні, павінен быць цэлы спектр кірункаў нацыянальнай палітыкі, як гэта было ў 20-30-я гады, у перыяд уздыму і росквіту беларушчыны.

Алесь Сабалеўскі.


IV навуковы Смолічаўскі семінар у Магілёве

Да 125-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча ў Магілёве прайшоў IV навукова-метадычны семінар, які арганізавалі Магілёўскі абласны аддзел Геаграфічнага таварыства, ТБМ, кафедра прыродазнаўства МДУ.

У актавай зале вучэбнага корпуса № 3 МДУ імя А. Куляшова, дзе 29 верасня (якраз у дзень нараджэння навукоўца) адбылася сустрэча, сабраліся выкладчыкі ВНУ і навукоўцы, настаўнікі геаграфіі, гісторыі, беларускай мовы, студэнты і проста неабыякавыя да падзеі грамадзяне.

Аркадзь Смоліч - наш выбітны зямляк (нарадзіўся ў мястэчку Бацэвічы, Клічаўскага раёна). Ён - першы ў Беларусі прафесар геаграфіі, навуковец-эканаміст і глебавед, краязнавец, драматург і грамадскі дзеяч. Аркадзь Смоліч пабудаваў падмурак для развіцця эканамічнай навукі Беларусі, эканамічнай геаграфіі, ён вёў грунтоўныя распрацоўкі па пытаннях размяшчэння вытворчых сіл і раянавання, шмат зрабіў для папулярызацыі навукі аб зямлі, і ў першую чаргу - зямлі беларускай. Дзякуючы яго працы выйшаў першы падручнік па геаграфіі Беларусі.

Смоліч прымаў актыўны ўдзел у стварэнні першай незалежнай беларускай дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі, быў у ёй міністрам земляробства. Пасля, на пачатку 20-х гадоў, пераехаў у БССР, дзе таксама нямала папрацаваў дзеля таго, каб нават у складзе СССР мы былі самастойнай, са сваёй адметнай адукацыяй і навукай, рэспублікай.

Як і бальшыня беларускіх навукоўцаў, Аркадзь Смоліч не пазбег і рэпрэсій, яго працы былі ў Беларусі пад забаронай фактычна да апошніх часоў СССР, хоць з імі было магчыма азнаёміцца ў Маскве ці нават Смаленску. Да сённяшняга часу яго напрацоўкі не страчваюць актуальнасці, а шмат чаго яшчэ як след не асэнсавана і чакае працы даследчыкаў.

Алесь Сабалеўскі.


Памёр Іван Іванавіч Лучыц-Федарэц (26.11.1938 - 14.09.2016)

Беларускае мовазнаўства панесла цяжкую страту: 14 верасня на 78-м годзе жыцця пасля нядоўгачасовай хваробы, выкліканай цяжкай траўмай, сканаў вядомы беларускі мовазнавец, буйны славіст-этымолаг, чалец Этымалагічнай комісіі пры Міжнародным камітэце славістаў Іван Іванавіч Лучыц-Федарэц. Выхадзец з заходнепалескай Драгічыншчыны, выпускнік багемістыкі Львоўскага ўніверсітэта (1960), ён больш за паўстагоддзя, з 1965 года, аддаў служэнню лінгвістыцы ў сценах беларускай Акадэміі навук - Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Пачатак навуковай біяграфіі Івана Іванавіча пазначыўся ўдзелам у вядомай калектыўнай манаграфіі "Лексіка Палесся ў прасторы і часе" (1971), у якой яго пяру належыць вялікая частка, якая паслужыла асновай абароненай праз два гады кандыдацкай дысертацыі "Лінгвагеаграфічная характарыстыка і рэканструкцыя адной групы лексікі Палесся (жылыя і гаспадарчыя пабудовы)". Палеская тэма з тых часоў аказалася адной з самых значных у яго творчасці: серыі артыкулаў, слоўнікавых падборак, яшчэ адна калектыўная праца пад яго рэдакцыяй - "Лексіка гаворак Беларускага Прыпяцкага Палесся: Атлас. Слоўнік" (2008).

Аднак найболей істотныя дасягненні ў беларускай лінгвістыцы і адначасова славістыцы ў цэлым звязаны з трыццаціпяцігадовай працай І.І. Лучыца-Федарца ў складзе аўтарскага калектыва "Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы" (ЭСБМ). Імя Івана Іванавіча значыцца ў выходных дадзеных 9 з 13 выйшаўшых да цяперашняга часу тамоў, прычым 6-ты том напісаны ім цалкам; значны аб'ём слоўнікавых артыкулаў падрыхтаваны так-сама і для падрыхтаванага да друку 14 тома ЭСБМ. Увесь гэты творчы здабытак складае не меней за 8 тысяч слоўнікавых артыкулаў, г. зн. каля чвэрці слоўніка ў цэлым, што з'яўляецца сведчаннем зусім унікальнага ўнёску ў беларускую этымалогію.

Івана Іванавіча Лучыца-Федарца добра ведалі навукоўцы-славісты многіх краін свету - і не толькі як кваліфікаванага суразмоўцы ці арыгінальнага дакладчыка. Незвычайная сяброўская адкрытасць, душэўная шчодрасць, лёгкі і спагадны характар, каларытны гумар - усё гэта не магло не прыцягваць да яго людзей.

Хай такім ён і застанецца ва ўдзячнай памяці ўсіх, хто яго ведаў.

Калегі і сябры.



ДЗЯРЖАЎНАЯ ЎСТАНОВА КУЛЬТУРЫ

"Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы"

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы запрашае прыняць удзел у літаратурным праекце "Чытаем разам Багдановіча".

Мэта праекту - увекавечванне памяці і творчай спадчыны класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Прыняць удзел у праекце можа любы ахвотнік. Для гэтага неабходна выканаць наступныя два дзеянні:

- на камеру прачытаць любімы верш паэта і загрузіць відэа ў адмысловую форму;

- пляцоўкай для здымкі відэа павінны стаць памятныя месцы нашага горада.

Відэазапісы ў DVD-фармаце (да 5 хвілін) прымаюцца да 15 лістапада ўлучна на электронныя адрасы:

- libro-lida@mail.ru;

- libro-metodist@mail.ru.

Лепшыя з відэазапісаў будуць апублікаваны на сайце Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы, а лепшыя з чытальнікаў будуць запрошаны на літаратурна-музычныя зазімкі "І зорка гарыць, і не вяне вянок", якія пройдуць 23 лістапада. Спрабуйце! У Вас абавязкова атрымаецца!

Дадатковая інфармацыя: Марцінкевіч Дар'я Антонаўна, 8 (0154) 53 40 41.


Бундэстаг будзе працаваць з парламентам Беларусі

Навіны Германіі

Бундэстаг будзе на афіцыйным узроўні працаваць з абедзвюмя палатамі беларускага парламента. Нефармальнай забароны на кантакты з Палатай прадстаўнікоў больш няма. Пра гэта ў інтэрв'ю Tut.by распавялі дэпутаты парламента Германіі Утэ Фінке-Крэмэр і Олівер Качмарэк, якія пабывалі ў Менску з трохдзённым візітам.

Дэлегаты Бундэстага ўпершыню на афіцыйным узроўні сустрэліся з калегамі не толькі з Саветам Рэспублікі (верхняя палата), уключаючы Міхаіла Мясніковіча, але і з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў - ад яе на сустрэчы быў Віталь Бусько. Традыцыйна еўрапейскія дэпутаты пазбягалі такіх афіцыйных кантактаў, не прызнаючы Палату прадстаўнікоў легітымным парламентам.

- Гэта вынік палітычных крокаў, зробленых за апошні год, - сказаў Олівер Качмарэк. - Я кажу пра вызваленне палітвязняў, мірныя выбары і канструктыўную ролю Менска ў урэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

З папярэдняга дакладу АБСЕ аб парламенцкіх выбарах, дэпутаты Бундэстага зрабілі выснову, што яны прайшлі не ідэальна, але з невялікім прагрэсам. "Далейшае супрацоўніцтва будзе залежаць ад таго, як будуць выконвацца рэкамендацыі АБСЕ", - сказала Утэ Фінке-Крэмер.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці азначае фармат гэтага візіту прызнанне беларускага парламента Бундэстагам, дэпутат падкрэсліла:

- Няма такога фармальнага акта - прызнанне парламента. Але пасля вывучэння выніковай справаздачы АБСЕ аб выбарах, мы, хутчэй за ўсё, упершыню за шмат гадоў накіруем запрашэнне вашым дэпутатам прыехаць у Берлін. Гэта знак таго, што беларускі парламент хоць у нейкай ступені абраны належным чынам.

У першыя дні працы новага беларускага парламента ў ім сфарміруюць групу сяброўства з Бундэстагам, паведаміў на сустрэчы Міхаіл Мясніковіч.

Па словах Фінке-Крэмер, нельга ставіцца да беларускага парламента больш крытычна, чым да расійскага, кітайскага або азербайджанскага. З усімі з гэтых органаў у Бундэстагу афіцыйныя кантакты ёсць.

- Можна сказаць, што табу на такія кантакты знята і ў дачыненні да парламента Беларусі.

На думку суразмоўцы, няма прычын таго, каб беларускія дэпутаты не былі прадстаўлены ў парламенцкім вымярэнні Усходняга партнёрства ("Еўранэсце" у адрозненне ад сваіх калег з іншых ўсходне-еўрапейскіх краін: "Я была назіральнікам у Азербайджане і я ведаю пра праблемы на выбарах парламента там".

Па ўражаннях германскіх дэпутатаў, іх беларускія суразмоўцы з афіцыйнага боку шчыра лічаць адносіны з Берлінам важнымі, і яны хочуць працаваць разам, як у АБСЕ, так у будучыні - мець больш цесныя кантакты з Радай Еўропы, куды Беларусь не ўваходзіць.

Дэпутаты Бундэстага на сустрэчах паднялі і праблему смяротнага пакарання. Прадстаўнікі афіцыйнага Менска, па словах Фінке-Крэмер, пастаянна спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 20-гадовай даўніны. "Мы ім на гэта кажам, што можна ўвесці мараторый. Яны сказалі, што падумаюць над гэтым", - дадала дэпутат Бундэстага.

- Нам часта кажуць, што трэба час, трэба ісці маленькімі крокамі. Так, мы гэта разумеем. Але ўжо прыйшоў час зрабіць гэтыя першыя крокі ў гэтым кірунку, патрэбен план руху да адмены смяротнага пакарання.

Олівер Качмарэк прызнае, што рух наперад у адносінах з Беларуссю выклікае крытыку часткі грамадзянскай супольнасці.

- Наш дыялог не значыць, што мы адмовіліся ад крытыкі. Беларусь робіць маленькія крокі, мы робім маленькія крокі. І каб працягваць, мы, натуральна, чакаем сустрэчных крокаў з беларускага боку, устойлівага руху наперад. Адкрылася акно для дыялогу, і мы хочам яго выкарыстоўваць.

Акрамя беларускіх парламентарыяў дэпутаты Бундэстага сустрэліся з кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем, намеснікам міністра эканомікі, а таксама наведалі мемарыял у Трасцянцы і аздараўленчы цэнтр для дзяцей-чарнобыльцаў "Надзея".

* * *

Парламенцкія выбары ў Беларусі адбыліся 11 верасня. Па іх выніках, упершыню за 12 гадоў у Палату прадстаўнікоў прайшлі дзве апазіцыянеркі - Алена Анісім і Ганна Канапацкая. Назіральнікі АБСЕ заявілі, што выбары па-ранейшаму не адпавядалі дэмакратычным стандартам, але па асобных кірунках быў невялікі прагрэс.

Арцём Шрайбман, Tut.by. Фота прэс-службы Савета Рэспублікі.


Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР"

Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар-трэнінг "Ачышчэнне свядомасці прыніжанага" 14.10.2016, 18.30

Калі вы хочаце даведацца, як ачысціць сваю свядомасць ад негатыўных эмоцый і думак пра тое, што табе пастаянна сорамна быць такім абжорам, ты саромеешся свайго цела, тоўстага і вялікага, ты мазахіст і любіш пакутаваць, цябе абліваюць граззю, пускаюць пра цябе грубыя плёткі, ганьбуюць цябе, табе агідная твая сексуальнасць, нізкая самаацэнка, ты стаміўся ад пастаяннага пачуцця віны і страху, ад боляў у спіне, у горле, у нагах, у сэрцы, то запрашаем наведаць семінар-трэнінг "Ачышчэнне свядомасці прыніжанага ", які адбудзецца 14.10.2016 з 18.30 па 21.30 па адрасе: вул. Румянцава, 13 (ст. метро пл. Перамогі).

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

Наступныя заняткі - 21.10.16

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88

х.тэл. (+375 17) 231-44-35

МТС (+375 29) 769-29-78

velcom (+375 29) 960-14-53

e-mail spadarl@yandex.ru


Не стала Івана Шэгі

Раніцай 4 кастрычніка ў Слоніме памёр вядомы доктар і грамадскі дзеяч, заснавальнік недзяржаўнай установы "Шэгамедкансульт", каардынатар Слонімскага грамадскага цэнтра, былы дэпутат Слонімскага раённага Савета дэпутатаў 2003-2007 гадоў, сябар ТБМ Іван Шэга.

Івану Шэгу было 63 гады. Родам ён быў з вёскі Валеўка Наваградскага раёна. Скончыў Валеўскую сярэднюю школу амаль на выдатна, а потым Менскі медыцынскі інстытут. З 1980 года жыў і працаваў доктарам-траўматолагам у Слоніме. Івана Шэгу ў Слоніме ведалі ўсе. Гэта быў прыгожы, інтэлігентны, адукаваны і нястомны ва ўсіх справах чалавек. У апошнія дваццаць гадоў ён актыўна займаўся палітыкай, з'яўляўся сябрам Сойму партыі БНФ, яго хваляваў лёс Беларусі і свайго народа. Свае разважанні і думкі пра лёс краіны ён выказаў і паспеў выдаць асобнай кнігай "Пра краіну і пра нас", якая сёлета выйшла з друку ў Менску.

Развітацца з Іванам Шэгам 5 кастрычніка прыехалі прадстаўнікі партый і грамадскіх арганізацый з Гарадзеншчыны, Берасцейшчыны, Менска, сябры, паплечнікі, суседзі. Шмат добрых слоў прагучала ў ягоную памяць з вуснаў Рыгора Кастусёва, Аляксандра Мілінкевіча, Уладзіміра Някляева. Словы спачування блізкім і родным выказвалі сябры, суседзі і калегі па медыцынскай практыцы і паплечнікі па грамадскім жыцці. "Гэта быў доктар ад Бога, умеў лячыць і словам, і сваім прафесіяналізмам. Да яго ішлі і ішлі, - узгадвае старшыня Руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. - Калі ён гаварыў - яго ўсе чулі. Паважалі нават тыя, хто не згаджаўся з ім. Гэты чалавек быў выдатным грамадскім лідарам, таму што вельмі любіў Беларусь. Лічыў, калі любіш, то трэба яшчэ нешта рабіць. І многа рабіў для таго, каб такіх людзей, якія бачаць Беларусь іншай, Беларусь добрай, справядлівай, беларускай, было больш. Ён вельмі многа зрабіў. Сваім прыкладам, сваёй пазіцыяй. Часта кажуць, што незаменных людзей няма. Не праўда. Гэта быў такі чалавек, якога ўжо не будзе.

Светлая памяць."


Ахвяраванні на ТБМ

1. Жыліч Т.М. - 10 р., Лагойскі р-н

2. Кухаронак А.Д. - 10 р., г.п. Смілавічы

3. Лягушаў Алег - 20 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н

4. Прылішч Ірына - 10 р., г. Менск

5. Чэчат Алесь - 10 р., г. Менск

6. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

7. Антанюк Р.Г. - 10 р., г. Берасце

8. Ляўшун Д. - 19, 50 р., г. Менск

9. Сутунаў Г.Ю. - 5 р., г. Менск

10. Кукавенка І.І. - 15 р., г. Менск

11. Бойса І. Б. - 15 р., г. Ліда

12. Рабека М.М. - 15 р., г. Менск

13. Ляўшун Дзяніс - 19,50 р., г. Менск

14. Рабека Мікола - 15 р., г. Менск

15. Барт-Юрэвіч Надзея - 200 еўра, Германія

16. Бусел Мікола - 50 р., в. Дуброва

17. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

18. Малько Пётр - 49 р., г. Менск

19. Фурс Антон - 20 р., г. Паставы

20. Мальцава А.В. - 10 р., Міханавічы

21. Місевіч Мар'ян - 60 р., в. Падсвілле

22. Мануленка Уладзімір - 4 р., г. Берасце

23. Чыгір Я.А. - 5 р., г. Гародня

24. Кісляк В.С. - 27,50 р., г. Менск

25. Сутунаў Глеб - 5 р., г. Менск

26. Панамароў Сяргей - 20 р., г. Менск

27. Кукавенка Іван - 15 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.


Жыццё, аддадзенае дзецям

(Да 100-годдзя з дня нараджэння П.А. Грудзіны)

Грудзіна Пётр Аляксандравіч, нарадзіўся 15 кастрычніка 1916 года ў вёсцы Глухская Сяліба Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Маці памерла яшчэ маладой і асіраціла дваіх дзяцей. Маленькага Пятра і ягоную старэйшую сястру Ніну ўзяла на выхаванне родная сястра бацькі Пелагея Рыгораўна Грудзіна.

Пра жыццё ў Глухскай Сялібе вядома вельмі мала. Але, безумоўна, у складаных умовах перадваеннага часу, тым больш жыццё сіраты і селяніна было вельмі гаротнае. У фондах Шклоўскага раённага гістарычна - краязнаўчага музея захоўваецца наступны дакумент:

Даведка сцвяржае, што сапраўды Грудзіна Пётр Аляксандравіч з'яўляецца жыхаром Глухскай Сялібы Быхаўскага раёна. Яго бацькі працавалі ў калгасе. Да стварэння калгаса, у 1929 - 1930 гады, яны мелі: ворыва - 6, 5 гектара, сенажаці - 0, 9 гектара, аднаго каня, адну карову і адну маленькую "худобу".

Даведка датуецца 22 маем 1939 года і пацвярджае, што ў сучасны момант Грудзіна П.А. вучыцца ў Настаўніцкім інстытуце. Вуглавы штамп Глухскага сельскага Савета зроблены на чатырох мовах: беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай, што адпавядае дзяржаўнай палітыцы таго часу [4].

У гэтым жа годзе Пётр Аляксандравіч закончыў літаратурнае аддзяленне Магілёўскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута па спецыяльнасці беларуская мова і літаратура і быў прызваны на вайсковую службу. Са службай у войску былі звязаны доўгія шэсць гадоў (1939 - 1945), прычым з першага і да апошняга дня ён знаходзіўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Баявыя і мірныя ўзнагароды, шматлікія вайсковыя і іншыя дакументы, асобныя вайсковыя рэчы (афіцэрскі планшэт, біклажка) захоўваюцца ў Шклоўскім раённым гістарычна - краязнаўчым музеі [4,5,6].

З успамінаў пра вайну былы франтавік распавядаў аб шматлікіх цяжкасцях, якія мелі месца асабліва ў першапачатковы перыяд. Успамінаў першы бой, калі салдаты не разумелі, што гэта сапраўдная вайна і ў першыя хвіліны нават спрабавалі выкарыстоўваць вучэбныя артылерыйскія снарады.

За чатыры гады ваеннага ліхалецця на долю артылерыста-зенітчыка выпала шмат выпрабаванняў: складаны час адступлення, цяжкае баявое раненне, страта баявых сяброў. Але паступова адбывалася франтавое гартаванне і набыццё баявога вопыту.

З успамінаў таксама вядома, што аднойчы іх зенітная батарэя вяла вельмі актыўны агонь супраць варожай авіяцыі, і раптам, у непасрэднай блізасці каля батарэі, з'явіліся нямецкія танкі. Танкі прарваліся нечакана і, каб спыніць ворага, зенітчыкі вымушаны былі амаль імгненна перанацэліць і перанесці агонь на новыя цэлі. Артылерыйскі агонь па варожых танках вёўся "прамой наводкай". Бой быў вельмі жудасны, але зенітчыкі вытрымалі, і вораг адступіў.

Апошні год вайны Пётр Аляксандравіч правёў ужо на афіцэрскай пасадзе і даўгачаканую Перамогу сустрэў у Чэхаславакіі. Згадваў, што баявыя дзеянні тут доўжыліся амаль да 15 мая 1945 года. Было шмат загінулых менавіта ў гэтыя апошнія пасляпераможныя дні. Пра баявыя ўзнагароды не распавядаў, але з асаблівай павагай адносіўся да ордэна "Чырвоная зорка". Таксама з павагай успамінаў ён і дакументальныя ўдзячнасці, якія выдаваліся ўдзельнікам баявых дзеянняў.

У 1945 годзе вайсковая частка, дзе праходзіў далейшую службу П.А. Грудзіна, знаходзілася ў мястэчку Шпікаў Вінніцкай вобласці Украіны. У мясцовай школе не хапала педагогаў, і дырэктар школы звярнуўся па дапамогу да вайскоўцаў. Кіраўніцтва вайсковага фарміравання накіравала ў школу дыпланаванага настаўніка. У школе адбылася сустрэча афіцэра-франтавіка і маладой мясцовай настаўніцы Надзеі Нікітаўны Гуцол, а праз невялікі час адбылося і вяселле.

Неўзабаве пачалося скарачэнне войска, і маладажоны пераехалі ў Магілёўскую вобласць, адкуль быў родам Пётр Аляксандравіч. У Шклоў яго накіравалі загадам Магілёўскага аддзела адукацыі на пасаду дырэктара дзіцячага дома № 2 [6].

Шклоўскі дзіцячы дом № 2 быў створаны ў 1945 годзе на базе ўцалелых будынкаў даваеннай пачатковай школы. Дзяцей прывозілі адусюль вельмі многа, і сабралася іх больш за 200. Асабліва цяжкая праца ў супрацоўнікаў дзіцячага дома была ў першыя гады існавання.

З успамінаў Веры Сямёнаўны Алянковай, якая адпрацавала выхавальніцай у дзіцячым доме амаль чвэрць стагоддзя: "У 1946 годзе я прыехала працаваць у Шклоўскі дзіцячы дом № 2. Даручылі групу дзяцей дашкольнага ўзросту. Вечары праводзілі пры капцілках, дзеці спалі па двое "валетам". У памяшканнях было холадна, і дзеці клаліся адпачываць у шапках. Печы палілі торфам, які прывозілі на адзіным падсляпаватым кані па мянушцы Баян...

(Працяг у наст. нумары.)

А.П. Грудзіна


Беларускія спявачкі натхняліся мелодыямі Ганны Герман

У Менску 1-2 кастрычніка праходзіў V агульнанацыянальны фестываль-конкурс песні Ганны Герман "Эўрыдыка". Фестываль быў арганізаваны Амбасадай і Кансулятам Польскай Рэспублікі ў Менску, Інстытутам польскім і Зеленагурскім цэнтрам культуры разам з дуэтам "WitaM" у складзе Марыны Таварніцкай і Віталя Аляшкевіча. Святочны гала-канцэрт з удзелам дыпламантаў адбыўся 2 кастрычніка ў Малой зале Палаца Рэспублікі.

Лаўрэатаў і ўдзельнікаў фестывалю павіншаваў амбасадар Польшчы Кондрад Паўлік. Ён перадаў слухачам прывітанне з Ніжняй Сілезіі, дзе ў г. Уроцлаве Ганна Герман навучалася ва ўніверсітэце імя Баляслава Берута.

- Я вельмі ўсцешаны, што фестываль творчасці спявачкі, якая нясе святло веры, надзеі і любові, праходзіць менавіта ў Менску і аб'ядноўвае нашы народы! - адзначыў дыпламат.

На канцэрце прысутнічалі прадстаўнікі польскай дыяспары, святары менскага Чырвонага касцёла, выкладчыкі і студэнты Беларускай Акадэміі музыкі.

Журы прадстаўлялі ў гэтым годзе артыстка тэатра оперы і балета Таццяна Траццяк, салістка Белдзяржфілармоніі Таццяна Старчанка, салістка вакальнай групы "SOUNDUK" Ганна Хітрык. З польскага боку лепшых выканаўцаў адзначалі старшыня журы пані Агата Медзіньска, дырэктарка амфітэатра імя Ганны Герман у Зялёнай Гуры, польская акторка Аўрэлія Сабчак і вядомы культуролаг, арганізатар канцэртаў з Уроцлава Рышард Слаўчыньскі. Конкурсная праграма была разлічана на вакалістаў і гурты з розных гарадоў Беларусі.

"Увесь свет сваёй

мілосцю агарні,

Каб шчаслівым быць

у лепшыя дні", -

гэтыя радкі з песні Ганны Герман луналі над залай і натхнялі канкурсантаў. Фестываль праводзіцца ўжо пяты раз і мае свае традыцыі, таму на сцэну былі запрошаны пераможцы папярэдніх гадоў: абаяльная Надзея Бронская і вытанчаная Ніна Жукоўская.

Сёлета лаўрэатамі конкурсу сталі польскі гурт "Сhabry", беларускія спявачкі Галіна Саколік, Наталля Каспяровіч і Алена Кананчук. Прэмію "За шчырасць выканання" атрымала Галіна Шнырка з Талочына.

Спецыяльнай узнагародай быў уганараваны ансамбль "Арс-Лонга", які ўпрыгожыў аранжыроўкі менавіта беларускім каларытам - гучаннем цымбалаў.

Ганна Герман валодала чыстым і пяшчотным голасам, які адлюстроўваў лепшыя жаночыя рысы і застаўся ў сэрцах мільёнаў. Удзельнікі фестывалю пранікліся духам яе творчасці, былі блізкімі да яе па змесце і танальнасці выканання.

Ганна Герман нарадзілася 14 лютага 1936 года ў Савецкім Саюзе. Сталінскія рэпрэсіі пазбавілі яе бацькі, які загінуў. У гады Вялікай Айчыннай вайны пасля доўгіх пераездаў яе маці Ірма Мартэнс выйшла замуж за афіцэра Войска Польскага Германа Бернера. Дзяўчынка скончыла 1 клас, і сям'я пераехала ў Польшчу. Пасля заканчэння Уроцлаўскага ўніверсітэта Ганна атрымала дазвол працаваць на эстрадзе. Яна паспяхова дэбютавала на III Міжнародным фестывалі песні ў Сопаце ў 1963 годзе. Атрымаўшы стыпендыю Міністэрства культуры, мілая русавалосая дзяўчына накіравалася ў Італію браць урокі вакалу. У 1965 годзе выйшаў яе першы дыск, і яна стала папулярнай ў Еўропе.

У сталым веку спявачка перанесла цяжкія выпрабаванні: аўтакатастрофа пазбавіла яе магчымасці тры гады выходзіць на сцэну. Сіла духу і настойлівасць дапамаглі ёй вярнуцца да эстраднай творчасці. У 37 гадоў яна адчула падтрымку блізкага чалавека і ўзяла шлюб з даўннім сябрам - Збігневам Тухольскім, а праз два гады нарадзіла сына, якога назвала Збышкам. Глыбокія пачуцці да каханага, пяшчоту да дзіцяці, любоў да маці Ганна Герман перадавала ў песнях. Таму гэтыя творы гучаць сёння з не меншай свежасцю і шчырасцю ў выкананні беларускіх і польскіх артыстаў.

Эла Дзвінская , фота аўтара. На здымках: 1. Выступае амбасадар Польшчы Конрад Паўлік. 2. Лаўрэаты фестывалю-конкурсу "Эўрыдыка". 3. Спявае Галіна Сакольнік.


Як Багач у Вязынцы ссыпалі…

У народныя календары Багач прымяркоўваўся да заканчэння збору ўраджаю, калі запальвалі свечку-Багач у лубцы з жытам. Гэты сімвалічны абярэг ставілі на покуці, каб захаваць да наступнага года. Нашыя продкі верылі, што Багач дадасць дабрабыт іх сямей, дасць ураджайнасць нівам, жывёлам, умацуе лад у іх сем'ях.

На мінулым тыдні Багач адсвяткавалі на тэрыторыі Дзяржаўнага літаратурна музея Я. Купалы ў Вязынцы. Свята было падрыхтавана і адбывалася пры ўдзеле Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ). Як і ў мінулым годзе агульны спеўны калектыў сабраў удзельніц фальклорных калектываў "Рутвіца", "Гарынь", "Мярэжа", "Дайнова", "Калыханка", "Старое Сяло", выканалі шэраг жніўных, дажыначных і восеньскіх спеваў, якія нашыя продкі спявалі пад час святкавання Багача.

Адной з самых галоўных дзеяў свята стала ссыпанне і запальванне Багача. Гаспадар святкавання, актыўны ўдзельнік фальклорнага руху - З. Літвінаў прапанаваў ахвотным насыпаць зерне, каб Багач спрыяў усім у штодзённых гаспадарчых справах, а таксама, у вучобе і каханні. Таму многія наведвальнікі Літаратурнага музея Я. Купалы, асабліва дзеткі, па жменьцы ссыпалі Багача, які праз некаторы час запаліў З. Літвінаў. Ну а памочніцы гаспадара - гаспадыні свята - на радасць прысутным частавалі гасцей і ўдзельнікаў духмяным мядком з пахучым хлебам!

Тым часам цэнтр святкавання перамясціўся на дзіцячую пляцоўку, дзе малыя гулялі ў рухомыя гульні разам з юнымі ўдзельнікамі фолк-гурта "Калыханка" з Міханавіч, вучыліся складаць вянкі з апалай ліствы, капашыліся ў сене, збіралі спелыя яблыкі, і памыўшы іх, са смакам елі. Іншыя ж, разам з дарослымі, аглядалі шапікі з беларускімі сувенірамі, нешта набывалі, частаваліся смачнымі хатнімі стравамі, травяной гарбатай і кавай.

Актывісты СЭТ і танцоры з гурта "Сіта" пад мелодыі танцавальнай капэлы з удзелам скрыпак, цымбалаў, дуды і бубна запрасілі ахвочых у кола да скокаў на галоўнай пляцоўцы. Як і ў мінулы раз гэтая частка святкавання выклікала вялікі энтузіязм у маладых наведвальнікаў свята Багач: адныя дэманстравалі сваё ўменне, іншыя ж толькі навучаліся народным танцам.

На заканчэнне танцавальнай праграмы Багача своеасаблівы перформанс зладзіў акардэаніст А. Крукоўскі, вядомы па запісе на дыску "Дарожанька" дуэта Ю. Літвінавай і В. Грыня "Старое сяло". Музыкант, каб лепш было чуваць, па лесвіцы ўзлез на дрэва і на ім зайграў некалькі танцавальных мелодый, пад якія было прыемна танчыць і незвычайна слухаць, бо музыка лілася, так бы мовіць, з нябёсаў! Тады ўжо цяжка было зразумець, дзе ліха танчаць удзельнікі гурта "Сіта", а дзе пачаткоўцы!

Святу Багач у гэтым годзе спрыяла сонечнае надвор'е, незабыўныя краявіды, добрая арганізацыя святкавання. Відавочна, што Багач стаў больш масавым, шмат якія яго госці скарысталі гэтую нагоду для адпачынку ўсёй сям'ёй на вольным паветры, сярод цудоўных вязынскіх пейзажаў, апетых Купалам. У гэтым бачыцца мэта святкавання - праз кантакт з жывой народнай музыкай і спевамі, прыродай далучаць моладзь да спадчыны беларускага народа - яго фальклорных крыніц.

Анатоль Мяльгуй, Вязынка.


На Дзятлаўшчыне ўшанавалі заходнебеларускіх паэтаў

Адразу ў дзвюх вёсках Дзятлаўскага раёна адкрылі памятную шыльду і памятны камень у гонар мясцовых заходнебеларускіх паэтаў, імёны якіх дагэтуль малавядомыя ў Беларусі.

У вёсцы Труханавічы Дзятлаўскага раёна шыльду адкрылі на доме паэта Нікіфара Жальбы (сапраўднае прозвішча Алесь Бяленка). На імпрэзу сабралася ўся вёска, цяпер тут жыве ўсяго каля сарака чалавек, а ў школу з вёскі ходзіць толькі адно дзіця.

У Труханавічы прыехалі пісьменнікі з Гародні, госці са Слоніма і ансамбаль народнай творчасці "Прымакі" з Дзятлава. Мясцовыя людзі казалі, што даўно ў іх вёсцы не было падобных святаў. Дзятлаўскі краязнавец і ініцыятар усталявання памятнай шыльды Валеры Петрыкевіч распавёў пра паэта, школьнікі прачыталія ягоныя вершы. На імпрэзе прысутнічалі дзве дачкі паэта і ўнук - яны плакалі і дзякавалі арганізатарам.

Дык хто ж такі быў паэт Жальба, якога ўшанавалі на Дзятлаўшчыне? Гэта быў юнак з вёскі Гірычы. Звалі яго Аляксандр Бяленка, а літаратурны псеўданіў быў у яго - Нікіфар Жальба. Пражыў Аляксандр Бяленка (1898-1991) 93 гады на роднай Дзятлаўшчыне: нарадзіўся ў вёсцы Гірычы, але пабудаваў сабе хату і жыў з сям'ёй у суседняй вёсцы Труханавічы. Першыя допісы Жальбы з'явіліся ў газетах "Наш сцяг" і "Змаганне" яшчэ ў 1923 годзе. Вясковы пазаштатны карэспандэнт паведамляў пра сваю вёску Гірычы і пра тое, як вяскоўцы атрымліваюць беларускую прэсу. У 1926 годзе ў "Беларускай ніве" Жальба друкаваў розныя вясковыя здарэнні, якія адбываліся ў вёсках Дзятлаўшчыны, а ў газеце "Жыццё вёскі" за 1925 год апісваў цяжкае жыццё сваіх вяскоўцаў, называючы яго "безнадзейным палажэннем". Разам з рознымі допісамі, найперш пра культурную працу свядомай беларускай моладзі на вёсцы, Нікіфар Жальба спрабуе пісаць і дасылаць у Вільню і свае вершы. Ён пісаў пра тое, што, найперш, хвалявала пры Польшчы беларускіх сялян. У сатырычным вершы "Неаплатная ласка", які быў апублікавана ў часопісе "Авадзень" (1925, №2), аўтар напісаў пра тое, як сяляне з цяжкасцю плоцяць падаткі, аддаючы ўсё да апошняй капейкі. У 1930-х гадах паэт Жальба шмат піша, актыўна супрацоўнічае з беларускімі віленскімі выданнямі, друкуецца на старонках часопіса "Шлях моладзі". Пісаў ён аб тым, што бачыў, што перажыў, што хвалявала яго. І хоць вершам вясковага паэта часам не хапала лірычнай глыбіні, адзінства думкі і эмоцый, яны былі праўдзівыя, напісаныя ад шчырага сэрца, з цеплынёй і дабрынёй. Падрыхтаваў і свой першы зборнік вершаў, але ён так і не пабачыў свет. На землі Заходняй Беларусі прыйшла савецкая ўлада, а потым - вайна, падчас якой Аляксандр Бяленка быў сувязным партызанскага атрада, ён распаўсюджваў зводкі савецкага Інфармбюро. З другой паловы ХХ стагоддзя Н. Жальба (Аляксандр Бяленка) жыў з сям'ёй у вёсцы Труханавічы на Дзятлаўшчыне і асабліва ў вялікія паэты не лез, друкаваўся толькі ў мясцовым раённым друку і сяды-тады яго вершы траплялі ў абласную прэсу. Праўда, Уладзімір Калеснік адзін яго верш змясціў у зборніку заходнебеларускай паэзіі "Ростані волі" (Мн., 1990). На вялікі жаль, паэтычная творчасць Н. Жальбы да сённяшніх дзён не сабрана пад адну вокладку і не выдадзена асобнай кніжкай. Хаця вельмі шмат у яго вершаў, якія варта захаваць для нашчадкаў. У адным з паэтычных твораў, які Н. Жальба прысвяціў свайму народу, ён пісаў:

…Хай цвёрдую ў сэрцы надзею

Нясуць перамогі над злом.

Нас выбіць ніхто не здалее

Турмою, жалезам, агнём!

("Шлях моладзі", 1937, № 1).

Многія вяскоўцы добра памятаюць Жальбу, казалі пра яго толькі добрыя словы і часам, выціраючы слёзы, дадавалі, што не чакалі, каб нехта некалі ўзгадаў і іх землякоў. Пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын зазначыў, што пры жыцці Жальба не выдаў ніводнай кніжкі, але ў міжваенны час друкаваўся ў беларускіх віленскіх выданнях, і ягоныя вершы захаваліся ў газетах, якія зараз знаходзяцца ў архівах. Чыгрын сказаў, што рыхтуе кнігу Жальбы.

Падобная імпрэза адбылася і ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна. Вёску Зачэпічы літаратуразнавец Уладзімір Калеснік некалі называў "гняздом паэтаў". Тут усталявалі памятны камень з шыльдай, на якой імёны трох паэтаў, што нарадзіліся і пісалі ў Зачэпічах у міжваенны час: Пятрусю Граніту (сапраўднае прозвішча Іван Івашэвіч), Гарасіму Праменю (Іван Пышко), Васілю Струменю (Аляксандр Лебедзеў). Тут да грамады дадалася дэлегацыя з Ліды.

На адкрыцці мемарыяльнага знака выступілі пісьменнікі Аляксей Пяткевіч, Сяргей Чыгрын, Станіслаў Суднік, Валянцін Дубатоўка, Леанарда Юргілевіч, а таксама супрацоўнікі Дзятлаўскага краязнаўчага музея, землякі паэтаў. Падчас імпрэзы свае песні на іх словы спяваў бард з Ліды Сяргей Чарняк, а народныя песні выконваў ансамбль "Прымакі" з Дзятлава. Вучні са школ Дзятлаўскага раёна чыталі вершы паэтаў.

Старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка падчас адкрыцця памятнага каменя з шыльдай зазначыў, што ў Еўропе кожнае мястэчка і вёсачка імкнуцца ўшанаваць сваіх землякоў, якія яе праславілі, а ў Беларусі толькі адмыслоўцы могуць распавесці, што тут нехта вядомы нарадзіўся. А ў кожнай беларускай вёсачцы ці мястэчку абавязкова ёсць каму ўсталяваць памятную шыльду.

Прафесар Аляксей Пяткевіч з Гародні ўзгадаў, што быў знаёмы з гэтымі людзьмі. І памятае іх як сціплых вясковых людзей, але пры гэтым вельмі таленавітых.

- Так некаторыя кажуць пра тое, што ў некага былі мацнейшыя ці слабейшыя вершы. Але хачу вам нагадаць, што гэтыя людзі займаліся нялёгкай вясковай працай, а потым знаходзілі час, каб пісаць вершы. І не важна, што яны сталі менш вядомымі, скажам, за Максіма Танка, але яны жылі вялікай ідэяй шанавання роднай зямлі, праўды і справядлівасці і дзеля гэтага пісалі. Яны засталіся ў літаратуры і застануцца ў памяці ўсіх нас.

Да ўстаноўкі шыльды ў гонар Нікіфара Жальбы і мемарыяльнага знака Граніту, Праменю, Струменю шмат намаганняў і сілы прыклалі дзятлаўскі грамадскі актывіст і краязнавец Валеры Петрыкевіч і слонімскі літаратар Сяргей Чыгрын.

Валеры Петрыкевіч, дзякаваў сябрам ТБМ, на складкі якіх замаўляліся шыльды, дзякаваў сваім фундатарам, былым вучням, якія сталі ягонымі аднадумцамі, дзякаваў прадстаўнікам улады і супрацоўнікам музея ў Дзятлаве за тое, што ніхто не адмовіў у дапамозе, дзякаваў вяскоўцам і сваякам паэтаў.

- Ідэя ўшанаваць нашых паэтаў у мяне нарадзілася даўно, відаць, перадалося на генным узроўні, бо тата ўсё жыццё толькі гэтым і займаўся і працаваў у музеі. У яго часта бывалі ў гасцях Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, ён сябраваў і ведаў гэтых нашых мясцовых паэтаў, падтрымліваў іх. І гэта стала як бы маім абавязкам - ушанаваць нашых дзятлаўскіх паэтаў, якія практычна забытыя нават там, дзе яны жылі і працавалі. Я сёння вельмі шчаслівы і дзякуй усім за дапамогу.

Завяршыўся літаратурны дзень на Дзятлаўшчыне ўрачыстай імпрэзай у выдатнай ва ўсіх адносінах бібліятэцы аграгарадка Жукаўшчына, дзе зноў гучалі вершы зачэпіцкіх паэтаў і лірычныя песні ў выкананні Сержука Чарняка з Ліды.

Барыс Баль, Міхал Карневіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX