Папярэдняя старонка: 2016

№ 43 (1298) 


Дадана: 25-10-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 43 (1298), 26 кастрычніка 2016 г.


Беларускую мову ў беларускі парламент

Сп. У.П. Андрэйчанку,

Старшыні Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

220010, г. Мінск,

пл. Незалежнасці, Дом Ураду

Шаноўны Уладзімір Паўлавіч!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе Вас з абраннем на пасаду старшыні беларускага парламента.

Мы ведаем Вас як беларускага патрыёта, які шануе нашу мову, гісторыю і культуру. Мы не сумняваемся, што Вы падзяляеце наступнае выказванне Кіраўніка нашай дзяржавы, які на агульным паседжанні дэпутатаў Нацыянальнага сходу сказаў: "Мы - нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці - гэта мова."

У сувязі з гэтым просім Вас весці ўсе паседжанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на дзяржаўнай беларускай мове.

Было б добра, каб дэпутаты шостага склікання, якія па словах Марзалюка І.А. добра ведаюць дзяржаўную беларускую мову, але часам гэтага саромеюцца (бо так склалася на працягу апошніх 300 гадоў, што беларус размаўляе на мове начальства), атрымлівалі адразу ўсе законапраекты ў адпаведнасці з дзейнай Канстытуцыяй на дзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь і прымалі іх адначасова.

Такім чынам мы ўмацуем аўтарытэт нашага парламента, што паспрыяе падвышэнню яго іміджу як у нашай краіне, так і за мяжой.

Таксама мы прапануем зрабіць на 1-м канале БТ пастаянную перадачу "Парламенцкая гадзіна", якую з цікавасцю будуць глядзець усе выбаршчыкі, каб ведаць, што канкрэтна робяць іх абраннікі ў Палаце прадстаўнікоў і як бароняць іх інтарэсы.

Жадаем Вам плённай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны.

З павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Спадару П.У. Калауру,

Старшыні праўлення

Нацыянальнага банка

Рэспублікі Беларусь

Паважаны Павел Уладзіміравіч!

У наступным годзе ўся наша краіна будзе святкаваць 500-я ўгодкі беларускага кніга-друкавання.

У сувязі з гэтым просім Вас увесці ў абарачэнне першую беларускую юбілейную манету з нагоды гэтай знамянальнай падзеі. Было б добра, каб гэта быў беларускі рубель з выявай Францішка Скарыны.

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.


Паседжанне Рады ТБМ

У адпаведнасці з рашэннем Сакратарыяту ТБМ чарговае паседжанне Рады адбудзецца 27 лістапада ў сядзібе ТБМ. Пачатак рэгістрацыі 10:30, пачатак паседжання 11:30.

Чакаем вашыя прапановы да праекту плана дзейнасці на наступны 2017 год.


105 гадоў з дня нараджэння Міколы Лобана

Мікола (Мікалай Паўлавіч) ЛОБАН (27 кастрычніка 1911, в. Чапліцы, Слуцкі павет, цяпер Слуцкі раён - 28 снежня 1984) - беларускі пісьменнік і мовазнавец. Заслужаны работнік культуры БССР (1974).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў 2-гадовыя педагагічныя курсы ў Слуцку (1931). Працаваў настаўнікам у вёсках Пласток, Таль на Любаншчыне (1931-1934), у мястэчку Шацк Пухавіцкага раёна, вёсцы Пярэжыр Рудзенскага раёна. У 1939 паступіў на філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, праз год перавёўся ў БДУ. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Волхаўскім фронце. Быў двойчы паранены, дэмабілізаваны ў 1942. Адзін год выкладаў рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў пасёлку Келераўка (Казахстан), зноў вучыўся ў БДУ, які скончыў у 1945. У 1944-1967 - навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, у 1967-1968 - загадчык рэдакцыі выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя", у 1968-1978 - зноў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа - загадчык сектара, навуковы супрацоўнік. Кандыдат філалагічных навук. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1950).

Дэбютаваў апавяданнем у 1930. Аўтар аповесці "Іркуцянка" (1953).

У трылогіі "На парозе будучыні" (1964), "Гарадок Устронь" (1970), "Шэметы" (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. ХХ ст. (рэвалюцыя, грамадзянская вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вялікую Айчынную вайну).

Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці. У 1984 выйшла кніга артыкулаў і эсэ "Пяць раніц тыдня". У 1986 - Выбраныя творы ў 3-х тамах.

Адзін са складальнікаў "Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (1959), "Арфаграфічнага слоўніка" (з М.Р. Суднікам, 1948, 1961, 6-е выд. перапрацаванае і дапоўненае ў 1990), "Руска-беларускага слоўніка" (1953), "Беларуска-рускага слоўніка" (1962), кіраваў падрыхтоўкай "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы" ў 5-ці тамах (1977-84, рэдактар т. І).

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Віктара Турава

Віктар Цімафеевіч ТУРАЎ (25 кастрычніка 1936, Магілёў - 31 кастрычніка 1996, Менск) - беларускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Народны артыст Беларусі (1979), Народны артыст СССР (1986).

Бацьку В. Турава ў час Вялікай Айчыннай вайны расстралялі як партызана, сам В. Тураў разам з маці быў вязнем "сямейнага" канцлагера на Рэйне. З 1959 - рэжысёр кінастудыі "Беларусьфільм", аўтар шэрагу дакументальных фільмаў і сюжэтаў у кіначасопісе "Савецкая Беларусь". Скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (Масква, 1961, майстэрня А. Даўжэнкі і М. Чыаўрэлі. Працаваў выкладчыкам Акадэміі мастацтваў Беларускай акадэміі мастацтваў. У 1976-1981 - першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі.

Этапнымі работамі В. Турава былі экранізацыі "Палескай хронікі" І. Мележа "Людзі на балоце" (1982), "Подых навальніцы" (1983), тэлефільм паводле апавядання І. Тургенева "Жыццё і смерць двараніна Чартапханава". Сярод іншых фільмаў, прысвечаных тэме вайны і гісторыі, - "Я родам з дзяцінства" (1966), "Сыны ідуць у бой" (1969), "Пераправа" (1987), "Чорны бусел" (1993), "Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных апавяданнях" (1994) і інш. Мастацкія стужкі В. Турава неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на ўсесаюзных і замежных кінафестывалях. Здымаў фільмы з удзелам Уладзіміра Высоцкага, з якім сябраваў. Творчай манеры Турава ўласцівы эпічная глыбіня, востры драматызм у спалучэнні з лірычнымі інтанацыямі, імкненне да разнастайнасці жанраў.

Дыпламант кінафестываля рэспублік Прыбалтыкі, Беларусі і Малдавіі (1965, дыплом II ступені і прыз рэжысёру) за лепшы дэбют, фільм "Праз могілкі", а таксама пераможац і лаўрэат многіх іншых фестываляў і конкурсаў.

Уключаны ЮНЕСКА (1995) у лік 50 кінематаграфістаў свету, з якіх складаўся Ганаровы камітэт па святкаванні 100-годдзя кінематаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996) за вялікі ўклад у кінематаграфію.

Вікіпедыя.


Хрысціянская азбука - працяг сямейнай традыцыі

Маладыя бацькі, згуртаваныя вакол сайта Крыніца.info, ажыццявілі выданне чытанкі-маляванкі "Беларуская хрысціянская азбука". Арыгінальныя вершы для дзетак на кожную літарку склаў віцебскі паэт, журналіст і перакладчык Канстанцін Севярынец. Тонкі задумлівы лірык, аўтар зборнікаў вершаў "Пакуль дыхаю"," Закатный сад", стварыў запамінальныя вобразы для дзяцей у кнізе " Там дзе жыве вясёлка", прыдумаў сюжэты для "Роднай азбукі". Некалькі гадоў таму Кастусь Севярынец паспяхова ажыццявіў пераклад на расейскую мову кнігі свайго сына Паўла Севярынца "Люблю Беларусь!"

К.П. Севярынец вучыўся на філфаку БДУ на аддзяленні мастацкага перакладу ў Язэпа Семяжона, ён працуе ў журналістыцы з 1979 года. Ягоныя тонкія паэтычныя назіранні і ўражанні друкаваліся ў "Настаўніцкай газеце", "Чырвонай змене", "Нашай Ніве", часопісах "Нёман", "Беларусь" "FloriДа", альманаху "Па камянях як па зорах", штогодніку "Далягляды", кнізе-даследаванні "З глыбінь жыватворных".

Шматдзетнасць, любоў да дзяцей - глыбокая сямейная традыцыя, што ідзе ад бабулі Марусі, маці Канстанціна Паўлавіча з вёскі Унорыца Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, якая ў галодныя пасляваенныя гады выгадавала чатырох малых братоў і сястрычак мужа і дала жыццё тром дзецям - Кастусю, Аляксандру і Мікалаю.

У самога Канстанціна Паўлавіча - трое дзяцей і шасцёра ўнукаў. Улетку дзед Кастусь і яго ўнукі збіраюцца на вёсцы над Дняпром. Там яны назіраюць разам за бусламі, пеўнікамі, вавёркамі, ласямі, якія так і просяцца на кніжныя старонкі для дзетак.

Чатырохрадкоўі К.П. Севярынца з новай кніжачкі блізкія па духу вершам Рыгора Барадуліна з кнігі "Ксты". Вершыкі да літар атрымаліся настолькі прыгожымі і душэўнымі, што было вырашана зрабіць да іх ілюстрацыі. Малюнкі да азбукі падрыхтавала Аляксандра Дзежыц, студэнтка 2 курса Уроцлаўскай Акадэміі мастацтваў. Камп'ютарную вёрстку выканала Вікторыя Гручанкова. На працягу мінулага года літаркі разам з вершамі і ілюстрацыямі друкаваліся на сайце Крыніца.інфо і атрымалі шмат станоўчых водгукаў ад матуляў і татаў.

Збор сродкаў на выданне "Азбукі" ішоў на краўдфандынгавай платформе Talaka.by. Адным з галоўных спонсараў стаў Павел Хівук і яго сям'я, якае жыве ў Францыі, сваімі ахвяраваннямі выданне падтрымалі Ніна Шыдлоўская, Максім Гацак, Алесь Мазанік, сям'я Дзмітрукоў, Валянціна Шычко, Алесь Карцель і інш.

Вершаваная чытанка-маляванка ў 70 старонак выйшла ў Менскім "Пазітыў-цэнтры" накладам 1000 асобнікаў і была презентаваная 22 кастрычніка ў Верхнім горадзе ўва ўтульным будынку на вуліцы Кірыла і Мяфодзія, 6. Генератарам ідэі і рухавіком супольнага праекту была Вольга Севярынец, жонка сустаршыні Аргкамітэта па стварэнні БХД.

- Вырасла гэтая ідэя з супольнага чытання Бібліі ў нашай сям'і, - распавёў К.П. Севярынец. - Калі Павел прыязджае дадому, мы заўсёды чытаем Біблію разам. Мне аднаму чытаць бывае сумна. У такі момант Волечка і падала нам добрую думку. Пісалася азбука лёгка і цудоўна. Для мяне было важна паставіць маячкі для дзетак у кірунку чытання Бібліі, бо ў ёй жыве глыбокая мудрасць і паэзія.

- Хрысціянская азбука аб'ядноўвае бацькоў, дзяцей і ўсіх, хто хоча, каб сем'і былі адкрытыя для Бога і роднай мовы, - адначыла на сустрэчы аўтараў і іх сяброў спадарыня Ніна Шыдлоўская.

У той час, калі мы рыхтуемся да 500-годдзя выдання беларускай Бібліі, у краіне пакуль што не хапае літаратуры на роднай мове, якая б задавальняла нядзельныя школы, педагогаў-катэхізатараў, сем'і на шляху вывучэння Старога і Новага Запаветаў. У 2003 годзе "Хрысціянская азбука: чытанне для дзяцей і бацькоў" выдавалася ў Менску Біблейскім таварыствам накладам 3000 асобнікаў. За прайшоўшы час нарадзілася і падрастае новае пакаленне дзетак-беларусаў.

Прэзентацыя новай кнігі стала добрым і вясёлым святам для шматлікай грамады. Для маленькіх чытачоў са спевамі выступіў хор царквы "Новае жыццё". Забаўляльную праграму з казачным спектаклем, стварэннем цацак прадставіла ў форме "Альтанкі-чытанкі" шматдзетная маці Таццяна Крыцкая. Фея Ўсмешка паказала дзеткам, як з маленькіх вусеняў нараджаюцца каляровыя матылькі, тым самым падкрэсліваючы:

"Цуд, што мы

жывём на свеце,

Цуд ,што сонейка нам свеціць,

Цуд паўсюды, там і тут.

Кожны з нас ёсць Божы цуд."

Эла Дзвінская, Фота аўтара: 1. Аляксандра Дзежыц, Вольга і Канстанцін Паўлавіч Севярынцы. 2. "Беларуская хрысціянская азбука". 3. Таццяна Крыцкая ў ролі Феі Ўсмешкі з дзецьмі.


АБАРОНА "БУКВАРА"

Адкуль нябяспека?

Артыкул Вячаслава Чамярыцкага "Дык перачытайма "Буквар"!" (НС, 29.06. 2016 г.) заінтрыгаваў і назваю, і сваім палемічным, выклічным пачаткам: "Непрафесіяналізм - рэч небяспечная".

Асноўная частка выступу слыннага акадэмічнага навукоўцы прысвечана паказу вартасцяў Клышкавага "Буквара" і аспрэчванню заўваг Міколы Купавы.

У 1970-я гады даводзілася мне ў якасці рэдактара здаваць "Буквар" А. Клышкі ў друк. Скажу шчыра, гэта была самая прыемная, лёгкая мне праца (усё добра дагледзеў сам аўтар і папярэдні рэдактар) - на фоне цяжкападымальных рукапісаў з абсягу беларускай мовы і методыкі яе выкладання. Назаўсёды запомніўся "Буквар" багатым, жыццёвым зместам і мовай, арыгінальнай падачай матэрыялу, які вывучаецца.

Потым, у сувязі з пераменай месца працы, я не мог назіраць, як ішло дасканаленне кнігі беларускага першакласніцтва (слова з артыкула В. Чамярыцкага). Але ведаў пра яе папулярнасць і прызнанне.

I вось цяпер В. Чамярыцкі ўсебакова і поўна паказвае (напамінае) нам, які ўнікальны і актуальны "Буквар" А. Клышкі, тым самым нібы нанава прэзентуючы яго.

Можна пазайздросціць дасведчанасці дыспутанта-рэцэнзента ў методыцы навучанная грамаце на базе "Буквара" (і веданні апошняга), грунтоўнасці асвятлення закранутых пытанняў. На жаль, яму часам не стае цярплівасці, каб дакладна перадаць Купававы сцверджанні, думкі.

"Кажучы, што на малюнку ў "Буквары" Ф. Скарына паказаны не на сваім месцы, М. Купава ніша: не на той "асноведзі". Што за "асноведзь"? Што за купавізм?"

Не магу абмяркоўваць гэты малюнак (выяву), але зазначу: асноведзь - не "купавізм", яго ўжываюць іншыя аўтары ў значэнхі "фон". Мабыць, так пакарыстаўся ім М. Купава ў сваёй мове. Дык хіба справядлівы папрок: "Ці не такімі "купавізмамі" хоча ён замяніць зразумелыя для шасцігодкаў раму, жмуркі, верталёт?"

Яшчэ прыклад. "А, можа, М. Купава замест слова верталёт надумаў выцягнуць з даўніны гелікаптэр. Дык яго напісаць не проста. А зверыцца? Дык гэтага слова нават у тоўстым "Беларускім арфаграфічным слоўніку" (Пад рэдакцыяй А.А. Лукашанца. Мінск, "Беларуская навука", 2009) не знойдзеш". Тут зноў хоць завуаленыя, але недакладнасці. Сапраўды, у форме, пададзенай В. Чамярыцкім, сінонім верталёта напісаць ды і прамовіць не проста. Але ж насамрэч гелікоптар у "таўсцейшым", "Вялікім слоўніку беларускай мовы" выдатнага беларускага лексікографа Ф.А. Піскунова ёсць. Тут я не закранаю мэтазгоднасці яго ўжывання.

Нібыта, каб болей знайсці мінусаў у тэксце апанента, В. Чамярыцкі нават спрабуе адгадаць яго "жаданні": "М. Купаву хочацца (вылучана намі. - К.К. ) убачыць назву "Вялікае Княства Літоўскае". Тады ў шасцігодкаў узнікне неразуменне, чаму Літоўскае?" Дарэчы, ці толькі праз яе недаступнасць разуменню шасцігодкаў "імгненна знікла з "Буквара" назва "сталіца беларуска-літоўскай дзяржавы" ?

Мяне зусім не дзівіць, што тэкст В. Чамярыцкага перасыпаны ўхвальнымі словамі добра, выдатна, цікава, грунтоўна, упершыню і інш., бо гэтыя якасці, бясспрэчна, уласцівыя Клышкавай кнізе.

Дзівіць іншае: як дыскусійнік заглыбіўся ў праблему стварэння буквара, у тонкасці методыкі навучання грамаце? Гэта ён мог зрабіць цяпер, рыхтуючы водгук (аператыўна), ці раней ужо займаўся педагогікай - паралельна з планавай даследчыцкай працай у АН Беларусі (за якую ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй)?

Вячаслаў Антонавіч выступіў перад намі як прафесіянал. Мяркуйма: "Мяне вельмі турбуе галоўнае - М. Купава не бачыць асноўнага - прынцыповай розніцы "Буквара" А. Клышкі як буквара. У прыватнасці, ад іншых буквароў, якія пачынаюць вывучэнне літар з галосных і чытанне складоў з прыстаўлення да адной зычнай розных галосных..."

Значыць, В. Чамярыцкі знаёміўся з рознымі букварамі і заклікае чытача перагартаць замежныя буквары: польскі, нямецкі, французскі. Звяртаецца ён і да "гісторыі адкрыцця пісьма": "...гукавое пісьмо спярша пачыналася з фіксацыі толькі зычных..." Хапіла ў яго навуковай пільнасці, каб заўважыць прамашкі ў букварыстыцы: "Апошнім часам бачу выданні, дзе ідуць літары, малюнкі ды асобныя словы - аб сапраўднай навуцы чытання няма гаворкі" .

Напрыканцы артыкула В. Чамярыцкі падкрэслівае: "...мне хацелася паказаць, які надзённы сённяшні "Буквар" А. Клышкі з яго накіраванасцю ў заўтрашні дзень (насуперак Купаваму вярзенню)" . Напэўна, Купававаму , як і Купалаваму ?

Пазнаёміўшыся з публікацыяй В. Чамярыцкага, я не мог не прачытаць артыкула М. Купавы "Разам адродзім (у В. Чамярыцкага: адкрыем ) Беларускую школу" (Народная воля. 17.05.2016), прымеркаванага да лёсавызначальных для беларускага народа датаў.

У гонар 100-годдзя беларускай школы, адкрытай у Вільні ў 1915 годзе, з якой распачалася стварэнне шырокай сеткі беларускіх школ у нашым краі.

Да 400-годдзя выдання Беларускага буквара ў Віленскім Святадухавым брацтве ў 1616 годзе, надрукаванага ў друкарні мястэчка Еўе на Віленшчыне.

Да 500-годдзя заснавання беларускага кнігадрукавання .

Мікола Купава ўздымае праблему адраджэння беларускай школы, прапануе шэраг захадаў дзеля яе вырашэння. На яго думку, у гэтай справе вялікую ролю маюць адыграць новыя падручнікі па геаграфіі (і добры беларускамоўны глобус), гісторыі выяўленчага мастацтва, само выкладанне гэтых, а таксама "матэматычных прадметаў па-беларуску" .

Сярод навучальных кніг, бадай, галоўная, першая для дзяцей - буквар (а "працягам адраджэння беларускай школы павінен стаць Беларускі нацыянальны ўніверсітэт" ). Невыпадкова М. Купава адводзіць яму ў сваім артыкуле асобны раздзел.

Прывёўшы агульнавядомую высокую ацэнку "Буквара" А. Клышкі, ён меў неасцярожнасць сказаць сваё: "А той [буквар], па якім дзеткі вучацца сёння, наўрад ці лепшы варыянт" ; "Аднак з сённяшняга гледзішча гэта ўжо ўчарашні дзень буквара" ; "...уражваюць даволі нязграбныя тлумачэнні літар..." .

Ну, зрабіў зацікаўлены чытач заўвагу, то падзякуем яму, аоабліва за паказ "выяўленчых хібаў" . Малюнкі ж, увогуле мастацкае афармленне - арганічная складовая частка буквара. У гаворцы пра іх якасць, педагагічную прыдатнасць голас мастака-прафесійніка не павінен ігнаравацца.

Што кепскага ў марыжаданні Міколы Купавы павысіць якасць кніг для школ і ВНУ? На яго думку, "грамадства мае права мець выдатны буквар, якім будзе ганарыцца кожны беларус і сёння, і праз 100 гадоў" . I гэтыя словы небезпадстаўныя: "Будзем спадзявацца, што ў нас ёсць два будучыя аўтары названага буквара (першы, канешне ж, Анатоль Клышка) (другі, паводле меркавання М. Купавы, мастак Адам Глобус, - А.К. ). У іх шырокі пратор для працы..."

Ці ж гэта не прызнанне ролі А. Клышкі як сучаснага беларускага першабукварыста? Але, як бачым, прапанова "паднавіць" дзейны "Буквар" занепакоіла асобных "свядомых беларусаў". А пра тое, адкуль ідзе небяспека беларускаму слову, калі і гаворыцца, дык ціха, амаль шэптам.

Думаю, сам Анатоль Канстанцінавіч не лічыць свае апублікаваныя працы "недатыкальнымі", непадлеглымі ніякім заўвагам.

Алесь Каўрус


Магілёўскае ТБМ ідзе ў школы

У гэтую восень магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны вяла плённую супрацу з магілёўскімі школамі. Так, яшчэ 8 верасня 2016 г. старшыня гарадской суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў правёў урок гісторыі ў СШ № 4 г. Магілёва . Былі два класы, старэйшыя школьнікі з ахвотай задавалі пытанні і каментавалі знаёмыя фотаздымкі. Для малодшых дзяцей была дадзена трохi менш складаная лекцыя. Напрыканцы урока дзеці пабачылі некалькі відэаролікаў, прысвечаных нашаму гораду. Да Дня беларускай мовы супрацоўнiкi школы аформілі прыгожы стэнд у фае, на якім былі і фотаздымкі дзеячоў, і адмысловыя выслоўі.

22 верасня ў адзіны дзень беларускай мовы Алег Дзьячкоў правёў аглядную экскурсію па гістарычным цэнтры Магілёва для дзевяцікласнікаў СШ № 34. Ен зрабіў змястоўны экскурс у мінулае Магілёва і Беларусі наогул, расказаў пра гісторыю Нясвіжскага і Мірскага замкаў, абарончых храмаў Беларусі, ратушаў у розных гарадах краіны. Вучні з удзячнасцю праслухалі аповед экскурсавода і папоўнілі свае веды цікавымі фактамі.

А 6 кастрычніка Дзень беларускай мовы ў СШ №34 быў праведзены і пры ўдзеле І.М. Шарухі - дэкана факультэта прыродазнаўства МДУ імя Куляшова. Для маленькіх першакласнікаў быў арганізаваны прагляд беларускіх мультфільмаў. Вучні ўважліва і з асалодай глядзелі, а потым адказвалі на пытанні і абмяркоўвалі змест. І.М. Шаруха зрабіў падарунак школе - вялікі атлас Беларусі і карціны з відамі на Магілёў.

13 кастрычніка адбылася падобная сустрэча і ў магілёўскай 41-й сярэдняй школе. На сустрэчу прыйшлі вучні 5-6 класаў, ім распавялі пра вусную народную творчасць, прапанавалі паўдзельнічаць у віктарыне "Скарбы роднай мовы". Вучні з захапленнем адгадвалі загадкі, чыталі скорагаворкі, працягвалі прыказкі па зададзеным пачатку. Сустрэча завяршылася праглядам і абмеркаваннем мультфільмаў на беларускай мове па матывах народных казак. Такім чынам, кожны вучань атрымаў магчымасць дакрануцца да фальклорнага багацця роднай мовы, папоўніць свой слоўнікавы запас, адкрыць для сябе яшчэ адну старонку беларускай культуры.

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ. Выкарыстаны матэрыялы сайтаў school34.mogilev.by і school41.mogilev.by.


Дасведчана, сумленна, шчыра...

Чацвёртая кніга Міколы Лавіцкага, якая пабачыла свет, уражвае сваёй дасведчанасцю, сумленнасцю, шчырасцю і грамадзянскай, беларусацэнтрычнай пазіцыяй. Гэтыя якасці ўласцівыя і першым тром яго кнігам: "Радзімы покліч" (зборнік вершаў, эсэ, успамінаў), "Пульс дарогі" (зборнік публіцыстыкі і аўтабіяграфічных нататак), "Куламеса" (зборнік вершаў розных гадоў). Заўважым, таленавіты аўтар выдаў усе свае кнігі ўласным коштам: для дзяржаўных выдавецтваў яны, так бы мовіць, не зусім фарматныя па змесце, а для іншых выдавецкіх структур - аўтар з прычыны сваёй "нягнуткасці" і сціпласці не падпадае пад гранты.

У гэтым годзе Мікалаю Емяльянавічу Лавіцкаму споўнілася 70 гадоў, і яго чацвёртая кніга "Пра крочанае" - гэта як бы юбілейны падарунак сабе і, вядома, паспалітаму чытачу - прыхільніку яго таленту.

Кнігу складаюць тры раздзелы. У першы - паэтычны ("Раздзьмем цяпельца") уваходзяць трынаццаць вершаў, якія ў большасці сваёй пакідаюць шчымлівае ўражанне патрыятычнага звароту да суайчыннікаў і сучаснікаў, а таксама нашчадкаў. Некаторыя з вершаў маюць прамыя адрасаты. Гэта прысвячэнні Уладзіміру Арлову, Генадзю Бураўкіну, Уладзіміру Содалю, Алесю Станкевічу. Паэзія М. Лавіцкага мае здольнасць, пры ўсёй яе суровасці, дадаваць чытачу душэўнага цяпла і веры ў сябе.

Раздзьмем цяпельца

Калыша, люляе энергія свету,

Кідае ў дзівоснае полымя дня.

Спатоленыя душы там будуць сагрэты,

Запоўніць сабой мітусні мітусня.

Пакрыецца сажай наш купал-скляпенне,

Патухне агонь - знікнуць хвалі святла.

Пакуль не астыла там зорак іскрэнне,

Для заўтра раздзьмем, каб не згасла датла.

Другі раздзел "Успомненае" змяшчае некаторыя словы і выразы, якія аўтар праз дзённікавыя запісы і эсэ тлумачыць у традыцыйным этымалагічным ключы. Але часам дадае зусім апраўданае то сацыяльна-этнічна-эгаістычнае, то жартаўлівае, а то і эратычна-гуллівае вытлумачэнне тых моўных адзінак. І атрымліваецца ў яго гэта далікатна, у рамках-рэчышчы народнай вярбальнай культуры.

Усё роўна

"А нам усё роўна: згарэла вёска - пойдзем у другую", - кажуць людзі без пэўнага месца жыхарства, ці тыя, хто абыякавы да справы, да падзей, да мясцін, хто не пільнуецца свайго дому, сваёй культуры. Гэтак жа могуць сказаць некаторыя этнічныя супольнасьці, якія жывуць у Беларусі і не жадаюць памагчы вярнуць у шырокі ўжытак беларускую мову: "А нам усё роўна, як загаворыць беларус". Перафразаваць гэта выслоўе, значыць: "Згарэла дзяржава, будзем жыць у іншай".

Раздзел трэці "Пра крочанае" - самы аб'ёмісты і шырока змястоўны. Гэта - біяграфічныя нататкі пра сябе (ад маленства да сталасці), пра родных, блізкіх і іншых асоб, што былі на шляху сумленнага, даверлівага, спачувальна-спагадлівага і адначасова прынцыповага беларускага чалавека ў прасторы дзяцінства, юнацтва і сталасці. Пракручана-адкручаныя назад жыццёвыя крокі М. Лавіцкага, пачынаючы з дзяцінства, пралягалі праз нялёгкія, прынамсі для яго, праявы жыцця. Гэта ніколькі не зламала яго; наадварот, загартавала ў ім годныя якасці характару. Несумненна, такое цікава і павучальна для чытача, асабліва юнага.

У якасці дадатка для выдання на яго старонках змешчана апавяданне "Паводле законаў прыроды", якое сведчыць пра добрае веданне аўтарам жывёльнага і расліннага свету. Дарэчы, гэта апавяданне пераклікаецца з вершам "Такая дарога" з першага раздзела кнігі.

У заключэнне неабходна сказаць, што кніга М. Лавіцкага "Пра крочанае" атрымалася багатая інтэлектуальна і духоўна. І многія яе тэксты варты таго, каб змясціць іх на старонках "Полымя", "Маладосці", "Дзеяслова", "Верасня", "Роднага слова", "Беларускага гістарычнага часопіса", "ЛіМа", "Роднай прыроды", "Вожыка", "Нашага слова" і іншых беларускамоўных выданняў. І яшчэ. М. Лавіцкі - сябар ТБМ імя Францішка Скарыны, сталы падпісчык "Нашага слова" і, галоўнае, ён - адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы.

Пажадаем яму здароўя, шчасця і поспехаў на ўсіх пуцявінах жыцця!

Яўген Гучок, паэт, публіцыст.


Як мы стваралі белмоўную групу ў дзіцячым садку

Гэта адбылося дзякуючы намаганням нашага актыўнага таты Віталя Абакановіча, які праявіў настойлівасць, упартасць, цвёрдасць і рашучасць у сваіх дзеяннях. І, вядома ж, дзякуючы ў першую чаргу падтрымцы грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) і яго старшыні Алега Трусава, які даваў слушныя парады і падказваў, як трэба рабіць. Але ўсё па парадку.

Мы звярнуліся (загадзя, за года паўтара) спачатку ў аддзел адукацыі і спорту Савецкага раёна з просьбай аб стварэнні беларускамоўнай групы, дзе нам адказалі не адразу. Таму давялося звяртацца да іх часцей і чакаць вырашэння пытання. Прычым не толькі вусна, але і абавязкова ў пісьмовай форме.

Нам прапаноўвалі даўно і добра вядомы садок № 314, але мы жывём у Зялёным Лузе, і нам далёка дабірацца.

Нам сказалі, што, каб адкрыць групу, трэба набраць 20 чалавек. А гэта ж практычна немагчыма! І мяне ахапіў сум і адчай, нявер'е ў справу.

Але Віталь не здаваўся, а толькі дзейнічаў. Ён вырашыў размясціць аб'явы ўсюды: у газетах "Наша ніва", "Наша слова" і інш., у краме, у "Галерэі Ў", у Фэйсбуку, у спартыўным цэнтры (дарэчы, на гэта трэба было браць спецыяльны дазвол). І адразу адгукнулася 5-6 чалавек, што было ўжо паловай поспеху. Ды і сярод нашых знаёмых знайшліся ахвотныя, дзякуй Богу.

Да адкрыцця групы заставалася не так ужо і шмат часу. Потым Віталь выступіў на курсах "Мова нанова". Бо, зразумела, адзін у полі не воін.

Пасля ўжо трэба было самім выбраць садок у нашым раёне, і Віталь, пахадзіўшы і паразмаўляўшы з загадчыцамі, прыпыніўся на адным, хоць і трошкі далёкім ад дома, пад № 356. І ўжо аддзел адукацыі сам прапаноўваў усім ахвочым бацькам запісвацца ў групу.

І вось, нарэшце, доўгачаканы момант: нам паведамляюць аб стварэнні групы… Мы з заміраннем усё лета чакаем, хто ж будзе выхавальніцай. А ў верасні мы прыйшлі ў садок і былі рады пабачыць дзвюх выхавальніц і дзетак.

Дзякуй усім неабыякавым, хто адгукнуўся на прапанову.

Святлана Тоўсцік.


Беларуская вечарынка на дзень народзінаў

Нядаўна адзначыла дзень народзінаў мая любімая дачушка Юлечка. Вось ужо 32 гадочкі і 8 з паловай месяцаў яна грэе маё мацярынскае сэрца цеплынёй і святлом, атрымаўшы іх у дар ад прапрабабуляў Францішкі і Магдалены, прабабуляў Міхаліны і Алесі, бабулі Юлі. І ў той жа час шмат рознага было ў нашых узаемаадносінах, але я нястомна паўтарала сваёй дачцы: "Я цябе любую люблю, што б ты ні ўтварыла!" Толькі любоўю і дэманстрацыяй яе мы выратуем нашых блізкіх ад самых страшных заганаў жыцця. І таму атрымала ад дачкі на сваё 60-годдзе верш "Матуля, я хачу сказаць табе "дзякуй"! і такія радкі:

Дзякуй за веру ў мяне

і маю чысціню,

Што казала заўсёды:

"Любую люблю!"

Калі я насіла яе пад сэрцам, то да мяне шмат заляцалася мужчын, якія прапаноўвалі замужжа, столькі дачушка выпраменьвала мяккасці і пекнаты. І цяпер яна прыгожая і чароўная, мякка-сардэчная і пяшчотная, чуллівая і клапатлівая, таленавітая і крэатыўная, імпэтная і рашучая, аналітычная і эмацыйная, тонкая і далікатная, камунікатыўная і ўдзячная, дасціпная і гумарыстычная ды проста залатая дачка! Колькі яна дала мне дзіцячай няўрымслівай, натхнёнай, радаснай, шчырай, адкрытай, чыстай энергетыкі!

У псіхалогіі ёсць такая тэхналогія "Маё ўнутранае дзіця". Калі чалавеку становіцца нецікава і цяжка жыць, яму нічога не хочацца, нішто яго не радуе, яго адольваюць хваробы, то трэба знайсці свой першы дзіцячы фотаздымак, глядзець на яго, успомніць сябе дзіцем, і тады гэтая магутная дзіцячая энергія радасці, мноства жаданняў вернуцца да чалавека.

Я шмат пісала пра дачушку, а пачала запісваць за ёй яе досціпы яшчэ з яе трох гадкоў. Я напісала пра Юльку 3 песні, 4 вершы, 33 апавяданні, 4 эсэ, стварыла 3 прэзентацыі пра яе жыццё. А дачушка да сваіх 30 гадоў напісала 8 песень (словы і музыка) для гітары, 100 вершаў, 50 апавяданняў, 4 аповесці, 500 сцэнараў, 2000 рэкламных артыкулаў, 1 навуковы артыкул,1 сцэнарый поўнаметражнага фільма, 7 відэафільмаў пра сваю радню.

Але я шчаслівая не гэтым. Шчасце мне прыносіць тая энергетыка любові да беларускасці, якою напоўнена мая дачушка. Яна зладавала беларускую вечарынку на свой дзень народзінаў, апранула вышымайку, з Мікітам і яго бацькамі Віктарам і Інай наладавалі смакотных беларускіх страў, вяршыняй якіх сталі мачанка і дранікі, упрыгожыла кватэру беларускім арнаментам і папрасіла мяне быць вядоўцам. Я столькі вяла беларускіх вечарынаў, але гэтая была асаблівая. Да мяне стала вяртацца тая энергія любові да беларушчыны, якую я столькі гадоў рассявала.

Цэлы вечар мы былі ў палоне беларускай гісторыі, паэзіі, мовы і песняў. Якія цудоўныя скокі былі пад сучасныя беларускія спевы нашых гуртоў, як смакатліва гучалі спрадвечныя беларускія словы - госьці, кагосьці, хтосьці, десьці, штосьці . Нават гімны "Пагоня" і "Магутны Божа", які дачушка спявала маленькай гімназісткай з аднакласнікамі для Біла Клінтана ў Курапатах (я была завучам гімназіі № 5 і арганізоўвала з гімназістамі сустрэчу кіраўнікоў нашай дзяржавы з амерыканскім прэзідэнтам у Курапатах), Юля папрасіла мяне дапамагчы ёй праспяваць. Мы дуэтам спявалі таксама і песню Сокалава-Воюша "Беларусь мая", якая на працягу маіх 20 гадоў паездак за мяжу ў справе аздараўлення беларускіх дзяцей па лініі Чарнобыля была нашай візітоўкай, бо не адразу пасля нашай незалежнасці італьянцы, ангельцы ды ірландцы ведалі, як называецца наша краіна і дзе яна знаходзіцца. Яны лічылі, што мы з Расіі.

А як былі захоплены беларушчынай госці Юлі і Мікіты, як з захапленнем яны перастваралі свае імёны ў спрадвечнабеларускія Міколы, Рыгоры, Гальяшы, Змітракі, Паўлюкі і Настулі. Як гумарыў адзін з гасцей, калі даведаўся, што ён Змітрок Гальяшавіч, а яго жонка Кацярына Паўлюкаўна! Мне для гэтага шчасця трэба было нарадзіцца ў беларускамоўнай сям'і, закончыць беларускую школу, філалагічны факультэт БДУ, 40 гадоў займацца беларускамоўнай педагагічнай дзейнасцю, 20 гадоў весці асветніцкую працу ў Таварыстве беларускай мовы, каб атрымаць такую беларусачку ў сваёй сям'і, якую я ў дзяцінстве клікала "жучок з крылцамі" і "качанятка-пухнацік". Як шчодра надзяляе нас сваімі дарамі родная мова і зямля!

Людміла Дзіцэвіч , сябра Рады, псіхолаг, кіраўнік школы асобаснага росту "ШАР".


СУЩЕСТВИТЕЛЬНОЕ

40 гадоў таму назад была напісана гутарка Міколы Ермаловіча "Существительное"

Змітрок выйшаў са школы яшчэ больш невясёлым, чым у ранейшыя дні. Усе яго непрыемнасці пачаліся з таго, што ён не так гаворыць, як трэба. Праўда, летась, калі ён вучыўся ў першым класе, яму настаўніца пра гэта нічога не гаварыла. Наадварот, яшчэ хваліла яго за тое, што ён так прыгожа гаворыць. Але новая настаўніца, якая стала вучыць яго ў другім класе, увесь час папраўляе яго, як і іншых дзяцей, і вучыць яго, як яна кажа, правільна і прыгожа гаварыць. Але ў Змітрака гэта дрэнна зусім выходзіць.

Ужо ў першы дзень, знаёмячыся з вучнямі і пытаючыся, як каго завуць, настаўніца сказала яму, што Змітраком называцца непрыгожа і што яна будзе зваць яго Дмитрием . I хоць прайшло некалькі ўжо тыдняў, але Змітрок ніяк не можа прызвычаіцца да новага імя. І калі настаўніца звяртаецца да яго, называючы Дмитрием , яму здаецца, што гэта яна не яго, а некага іншага выклікае.

Пасля яна адвучыла Змітрака ад слова "як". Ён ніяк не можа ўцяміць, чаму непрыгожа гаварыць "як", а прыгожа "как". Яму наадварот, "как" здаецца непрыгожым, і ён саромееца вымаўляць гэтае слова і маўчыць. Настаўніца садзіць яго, зазначаючы: "Странный ты, мальчик, Дмитрий" .

А сёння вучылі Существительное . Змітрок ледзь навучыўся вымаўляць гэтае слова. Пасля быў здзіўлены, калі зразумеў, што ўсё на свеце, як ёсць, - Существительное . I душа Змітрака ніяк не магла прыняць гэтага. Як: і птушкі. і дрэвы, і рэчка, і звяры, і ўсё-ўсё - толькі Существительное . Яму зрабілася страшна і сумна. I Змітрок стаў думаць над тым, на што падобна гэтае дзіўнае Существительное . У яго ўяўленні ўжо было прамільгнула нешта страшэннае, але адразу знікла. Змітрака ў гэты час выклікала настаўніца:

- Ну, Дмитрий, приведи мне примеры существительного. Я тебя второй раз спрашиваю, а ты всё не слышишь.

Змітрок устаў, падумаў крыху і пачаў называць Существительные . Пасля кожнага сказанага ім слова ён прыпыняўся, бо яны выклікалі ў яго ўяўленні жывыя малюнкі ўсяго таго, што ён бачыў і чым любаваўся кожны дзень, ідучы ў школу і назад.

- Бусел... - пачаў ён. I адразу ўявіў буслоў на вялізным і таўшчэзным лугавым дубе. Змітрок заўсёды падоўгу глядзеў на іх нават тады, калі яны, не варушачыся, стаялі на гняздзе...

- Гай... - На міг праплыў перад вачыма невялічкі гай з яго бярозкамі, такімі белымі, што нават Змітраку яны здаваліся пабеленымі, і ён ніяк не мог утрымацца ад таго, каб не правесці па кары некалькіх бярозак і пасля не паглядзець на руку: ці не засталася пабелка? I хоць рука была чыстая, але і ў наступныя разы ён праводзіў рукой па бярозках і пасля глядзеў на яе...

- Жыта... - прадаўжаў Змітрок. На момант з'явілася поле з жытнёвай рунню, такою непрывычна зялёнаю ў гэты час, калі ўжо ўсё пачало жаўцець...

- Шпак... - Адразу ў вачах узнік ясень ля бацькоўскай хаты, на ім каля шпакоўні сядзіць шпак. Ідучы ў школу і вяртаючыся назад, Змітрок заўсёды махаў яму рукой...

Змітрок хацеў яшчэ сказаць некалькі слоў, але яго спыніў ласкавы голас настаўніцы:

- Подожди, Дмитрий, ты опять неправильно говоришь. Надо говорить не "бусел", а "аист", не "гай", а "роща", не "жито", а "рожь", не "шпак", а "скворец". Ну, повтори, как нужно говорить?

Змітрок адразу збянтэжыўся. Яснасць, якая пачала ўстапёўвацца ў яго галаве, знікла. Значыць, не кожнае слова можа быць Существытельным . Спачатку трэба, каб яно стала нейкім пярэваратнем, аб якіх ён ведаў з дзедавых казак, і толькі тады яно можа зрабіцца Существительным . I Змітрок маўчаў. Настаўніца зноў сказала паўтарыць словы.

- Аист, роща, скворец, рожь, - услед за настаўніцай гаварыў Змітрок. I дзіўна, гэтыя словы нічога не выклікалі ў яго ўяўленні, нібы ён называў нешта ніколі не бачанае ім.

- Садись, Дмитрий, и никогда не капризничай, когда тебя учат.

I вось зараз, ідучы са школы, ён прадаўжае раздумваць над гэтым дзіўным Существительным. Ён усё ніяк не можа ўявіць, на што яно падобна. Глыбока задумаўшыся, Змітрок быў безуважны да ўсяго. Ён не палюбаваўся бусламі, а яны ж сёння нават ляталі каля гнязда, не правёў рукой па кары бярозак, хаця ў гэты сонечны дзень яны выглядалі асабліва белымі, безуважна прайшоў каля жытнёвай руні і не прывітаў рукой шпака. Дома ён таксама думаў пра Существительное .

А ўночы прысніўся яму сон. Нібы ідзе ён са школы і бачыць, як насустрач яму паўзе нешта вялізнае, доўгае і таму такое страшэннае. Ды не паўзе яно, а расцягваецца ўдоўж і таўсцее. Змітрака апанаваў страх. Ён аглянуўся назад, а па баках - нікога не было, і ад гэтага стала яшчэ больш вусцішна. А тое доўгае, тоўстае, пачварнае ўсё больш расцягвалася і набліжалася да яго. Змітрок немым крыкам спытаў:

- Што гэта?

Хтосьці нябачны адказаў яму:

- Гэта ж - Существительное.

А Существительное ўжо расцягнулася да ясеня, падняло галаву і пытаецца ў шпака, які сядзеў там:

- Ты - кто?

- Я - шпак, - адказвае той.

- Нет, ты - не "шпак", а скворец, - гаворыць Существительное , разяўляе сваю зяпу і глытае шпака разам са шпакоўняй і ясенем і, патаўсцеўшы, расцягнулася далей.

Хаця Существительное было страшным і агідным, аднак голас яго ласкавы, і здаўся ён Змітраку вельмі знаёмым.

- Дык гэта ж такі голас у нашай настаўніцы, - пазнаў ён.

А Существительное ўжо расцягнулася да гаю, падняло галаву, і Змітрок зноў чуе:

- Ты - кто?

- Я - гай.

- Нет, ты - не "гай", ты - роща.

I гай гэтак жа знікае, як і шпак, а Существительное , зноў патаўсцеўшы, расцягваецца далей, глытаючы ўсё на сваім шляху. І ў мілым кутку Змітрака застаўся толькі бусел.

"Можа, яно не заўважыць бусла?" - са шчаслівай надзеяй падумаў Змітрок. Ды не! Вось яно расцягваецца ў бок дуба, уздымае гапаву, і да Змітрака даходзіць жахлівая гутарка:

- Ты - кто?

- Я - бусел.

- Нет, ты - не "бусел", а аист...

I бусел знікае разам з дубам. Што ж яно цяпер будзе глытаць? А пачварнае Существительное зноў пачало расцягвацца і ўжо ў бок Змітрака. Чамусьці ён раней не думаў, што яно можа праглынуць і яго. I толькі зразумеўшы гэта, ён скамянеў ад страху. А Существительное ўжо расцягнулася да яго.

- Ты - кто? - пытае яно.

- Я - Змітрок, - ледзь паварочваючы языком, адказвае ён.

- Нет, ты - не Змітрок, ты - Дмитрий, - гаворыць яно, разяўляючы зяпу і... тут Змітрок прачнуўся.

"Добра, што я прачнуўся, а то б яно і мяне з'ела б", - па-дзіцячы падумаў Змітрок. Але страх яго быў нядоўгім. Ён скора змяніўся радасцю ад таго, што Змітраку нарэшце ўдалося даведацца, на што падобна гэтае дзіўнае Существительное .

1976 г.


Немка на дарогах Беларусі

Навіны Германіі

Ужо некалькі гадоў спадарыня Краўс выкладае ў нашай краіне нямецкую мову: спачатку ў Менску, потым у Берасці. Навошта? Таму што пагадзілася на прапанову Канферэнцыі міністраў культуры і адукацыі земляў ФРГ рыхтаваць вучняў да здачыы "Шпрахдыплома II ступені" (DЅD). Ён прызнаецца ўсімі ВНУ Германіі як сертыфікат, які сведчыць пра ўзровень валодання нямецкай мовай, неабходным для навучання ў нямецкіх універсітэтах. Карын з'ехала з Цвікаў (Zwickau), горада ва Усходняй Германіі (Саксонія), дзе калісьці выраблялі аўтамабільны знак ГДР - знакамітыя Trabant-ы. Так яна апынулася ў Беларусі, сярод яе спецыфічных дарог і кіроўцаў.

У першыя гады Карын каталася па сталіцы на аўтобусе. Успамінае пра гэтыя часы не без эмоцый:

- Гэта было жудасна. Гадзіна сыходзіла на дарогу ў адзін бок. Часта прапускала па пяць-шэсць аўтобусаў, каб не ехаць у таўханіне. Адзін плюс - танна.

У выніку Карын вырашыла, лепш прывезці з Германіі машыну. Спачатку ездзіла на "дзявятцы", цяпер па берасцейскіх вуліцах рассякае яе Kia Ceed 2009 года выпуску з нямецкімі нумарамі. Яна заўсёды аддавала перавагу малалітражкам: Ford Ka, Fiat Cinquecento. Тут кампактных гарадскіх машын яна не сустрэла:

- Галоўным чынам тут вялікія красоверы і пазадарожнікі. У нас іх няма зусім не з-за рацыянальных меркаванняў, хутчэй эканамічных. Шмат немцаў хацела б катацца на "джыпах", як у вас кажуць, але не можа сабе гэтага дазволіць. Па-першае, яны ў Германіі каштуюць даражэй, чым ва Усходняй Еўропе. Па-другое, заплаціць прыйдзецца яшчэ і падатак, дарагую страхоўку. І тое, і другое лічыцца ад аб'ёму рухавіка, а калі аўто дызельнае, гэта моцна вытне па кашальку.

У цэлым жа, па назіранні суразмоўніцы, у Германіі стаць кіроўцам прасцей:

- У нас ніколі не было даверанасці. У Беларусі абавязковая папера, якую немцы не носяць з сабой у партманетцы з дакументамі. Гэта медда-ведка. Кажуць, тут яе трэба атрымліваць раз у пяць гадоў, і гэта ператвараецца ў непрыемную прыгоду. У Германіі яна неабходна людзям, якія маюць праблемы са зрокам, слыхам ці жаляцца на іншыя захворванні, якія ўплываюць на працэс язды. Рэгулярна медкамісію трэба праходзіць толькі пажылым людзям (наколькі памятаю, пасля 65-70 гадоў).

- У Германіі я ездзіла без адмысловых клопатаў, адпачывала за рулём, - кажа немка. - А тут спачатку кожная паездка была стрэсам. Не на ўсіх вуліцах была разметка: як ехаць, як арыентавацца? Заставалася толькі глядзець на мясцовых, вучыцца ў іх. Часта, параўноўваючы краіны, кажуць пра дысцыпліну кіроўцаў, культуры кіравання. Я заўважыла, што нават унутры Беларусі ёсць адрозненні. У Берасці аўтамабілісты больш дысцыплінаваныя, чым у Менску. У сталіцы мне ўвесь час не давалі магчымасці выехаць з двара - проста не прапускалі.

У Германіі першым радком у ПДР прапісана самае галоўнае - бяспека. Удзел у дарожным руху патрабуе сталай асцярожнасці і ўзаемнай увагі (вольны пераклад) - так указана ў нямецкіх правілах.

Жыхарка Германіі гаворыць, што яе дзівіць, раздражняе і выклікае найвялікшую абуранасць:

- Калі чалавеку трэба направа, ён за некалькі дзясяткаў метраў апярэджвае мяне злева і ў апошні момант тармозіць перад паваротам. Я такога нідзе не бачыла, сумленна. У апошнія гады былая нямецкая дысцыплінаванасць на дарогах павольна знікае. На вуліцах усё часцей можна бачыць нахабнаватую моладзь, якая ездзіць так, як ездзяць у вас звычайна. Такі манеўр перастаў быць рэдкасцю. Адкуль яны набраліся такога досведу?

Другім самым раздражняльным фактарам спадарыня Краўс заве беларускія асаблівасці карыстання "паваротнікамі":

- Навошта яны наогул патрэбныя ў машыне? Правільна - каб папярэджваць іншых пра свае намеры. Прычым, па маім меркаванні, прынамсі за 5 метраў загадзя. Тут я часта сутыкаюся з паводзінамі, якія лічыла нонсэнсам. Пад'язджаеш да скрыжавання, гарыць чырвоны, перад табой адна машына. Стаіш, чакаеш, і, як толькі загараецца зялёны, гэты невядомы кіроўца ўключае "паваротнік" - яму, аказваецца, трэба налева. А я, якая збіралася ехаць прама, павінна разам з ім чакаць, пакуль праедзе сустрэчная плынь і ён вызваліць паласу. Ну што гэта такое? Я б перашыхтавалася правей і ўжо паехала б.

Яшчэ адно вострае пытанне - паркоўка. Карын кажа, што цяпер у нашай краіне толькі пачынаецца развіццё той сістэмы, якая ў яе роднай краіне існуе ўжо даўно - аўтаматычная рэгістрацыя парушэнняў стаянкі.

- Паліцыянты не ганяюцца за кіроўцамі, штрафы за паркоўку дасылаюць на пошту, - кажа жанчына. - У кожнага месца ёсць свае ўмовы: час, працягласць стаянкі, залежнасць ад будняга/выходнага дня і іншыя. Уладам любога горада вельмі выгодна мець такую сістэму - ад яе прыходзяць вялікія паступленні ў бюджэт. Можа, таму яна і развівалася так імкліва. Яшчэ мяне дзівіць, што тут на асфальце няма разметкі для стаянкі, людзі ўвесь час паркуюцца як прыйшлося, нерацыянальна. Заўсёды можна знайсці два месцы памерам у палову корпуса аўтамабіля: адно напачатку, другое ў канцы стаянкі. У нас усё раскрэслена.

- Калі я толькі пачала ездзіць па Беларусі з нямецкімі нумарамі, мяне ўвесь час спынялі інспектары, - мы не маглі абыйсці тэму ўзаемаадносін з ДАІ. - Часта правяралі дакументы. Спачатку мне было нязвыкла. У роднай Германіі за ўвесь мой стаж мяне не спынілі ні разу. Пра адносіны з беларускай паліцыяй у мяне засталіся два ўспаміны: пазітыўны і негатыўны. Прыемна ўспомніць, як аднойчы мой калега запрасіў мяне на свята з беларускім каларытам у глухую вёску. За рулём была я, яна села на пярэднюю пасажырскую сядушку, яе муж - на заднюю і не захацеў прышпіляцца папругай! Я яму сказала: "Добра, можаш не прышпіляцца. Але тады пойдзеш пешшу, пешаходам папругі не патрэбныя". Ён усё ж прышпіліўся, але з такім выразам твару! Прыязджаем на месца, а там - патрульная машына. Першае, што яны спыталі: ці ўсё прышпілены? Дарэчы, у Германіі штраф даюць толькі пасажыру, які не скарыстаўся папругай, да кіроўцы пры гэтым няма пытанняў.

А непрыемная гісторыя звязана з ДТЗ на пл. Перамогі ў Менску. Гэта было яшчэ ў 90-х. Хтосьці рэзка перашыхтаваўся перад маёй машынай, і я "заскочыла" на высокі бардзюр. Зламала бампер, адляцела кола. Прыехаў паліцыянт запоўніў паперы, а мне пратакол не даў, сказаў, у яго толькі адзін застаўся, трэба было чакаць яго калегу. Праз нейкі час з'явіўся іншы паліцыянт, выклікаў эвакуатар і кажа: "А дзе чалавек, які афармляў аварыю? Без яго эвакуяваць нельга". Я зусім разгубілася, пачала панікаваць - вы не ўяўляеце, што значыць патрапіць у такую непрыемнасць у чужой краіне. У выніку другі паліцыянт спытаў, адкуль я. З Усходняй Германіі, кажу, з Цвікаў. Ён адразу падабрэў: "З Усходняй? Я там служыў у маладосці". У выніку ён мне і дапамог - "па спрошчанай схеме".

Потым я спазнала кошт яго слоў - калі пачала шукаць спосаб адрамантаваць сваю пабітую машыну, хадзіць па розных СТО. На станцыі мне далі спіс запчастак са словамі "шукайце". У нас так не робяць: прапануюць розныя варыянты на месцы. Убачыўшы маё здзіўленне, рамонтнік спытаў: "Вы адкуль?" З Усходняй Германіі, кажу, з Цвікаў. І ён адразу заўсміхаўся: "Калі з Усходняй - дапамагу і ўсё сам знайду. Я там служыў. Мараком на флоце". Я, вядома, нічога не сказала, але ад Цвікаў да мора - не менш 500 кіламетраў. Так многае вырашаецца на дарогах Беларусі: у першую чаргу не за кошт строгіх законаў, а дзякуючы неабыякавым людзям, гатовым дапамагчы нават незнаёмцы.

Tut.by.


"Шляхамі філаматаў"

Запрашаем сяброў ТБМ у вандроўку са "Спеўным сходам" "Шляхамі філаматаў"

да 220 годдзя Яна Чачота 30 кастрычніка 2016 года.

Спяваем песні філаматаў з Сяржуком Доўгушавым і "Спеўным сходам" на маршруце:

Менск - Завоссе, Карчова - Туганавічы, Варонча, Райша - Карэлічы - Наваградак - Валеўка - воз. Свіцязь - Менск. Кошт 38 бел. руб+ музеі.

Запіс на вандроўку і інфармацыя па тэл. 8025-5458430, 8029-1342804 Валерыя,

8017-2175515 ( з 14-00 да 19.00)



Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар-трэнінг

" Ачышчэнне свядомасці несправядліва пакрыўджанага"

28.10.2016 а 18-ай

Калі вы хочаце даведацца, як ачысціць сваю свядомасць ад негатыўных эмоцый і думак пра тое, што з табой несправядліва паступаюць, цябе не прызнаюць, не паважаюць, ты не атрымліваеш таго, што заслугоўваеш, табе не даюць тое, чаго ты варты, з табой людзі халодныя, няўважлівыя, ты імкнешся да ідэальнасці, але гэта не ўдаецца, у цябе страх выбару, памылкі, ты напружаны, знясілены, замотаны ў працы, ты пастаянна ратуеш некага, а потым аказваешся ахвярай, то запрашаем наведаць семінар-трэнінг "Ачышчэнне свядомасці несправядліва пакрыўджанага", які адбудзецца 28.10.2016 з 18.00 па 21.00 па адрасе: вул. Румянцава, 13 (ст. метро пл. Перамогі).

На семінары-трэнінгу разглядаецца псіхалагічная траўма несправядлівасці, характэрныя асаблівасці людзей з гэтай траўмай, спецыфіка іх думак і эмоцый і метадам псіхалагічных практыкаванняў адбываецца ачышчэнне свядомасці траўма-ванага, навучанне быць больш эмацыйным, раскаваным, душэўным, адкрытым, гнуткім, любіць сябе, даваць сабе адпачынак і задавальненне.

У выніку наведвання семінара-трэнінгу чалавек перастае быць жорсткім да сябе, перастае імкнуцца да ідэальнасці, параўноўваць сябе з іншымі, застаецца самім сабой, становіцца больш спакойным і радасным, пазбаўляецца пачуцця сораму, віны і страху, вучыцца пазбаўляцца ад нярвовай знясіленасці, бяссонніцы і інш. хвароб. Жыццё становіцца больш паспяховым, камфортным і радасным.

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88

х.тэл. (+375 17) 231-44-35

МТС (+375 29) 769-29-78

velcom (+375 29) 960-14-53

e-mail spadarl@yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе:

вул. Румянцава, 13.

Наступныя заняткі - 11.11.16.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на першае паўгоддзе 2017 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 78. Цана змянілася нязначна. У 2017 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Каляндар беларускіх татараў: агляд юбілейных падзеяў за 2016 год

Татары моцна аселі на зямлі Беларусі і рэальныя крокі для пераезду на новыя мясціны мала прадпрымаюцца імі. Аднак з кожным дзесяцігоддзем колькасць татарскага насельніцтва Беларусі скарачаецца, аб чым красамоўна сведчаць як зусім малая лічба 0,1% ад агульнай колькасці жыхароў, так і назвы месцаў, што толькi нагадваюць аб сваiх былых насельнiках. Колькі татараў застанецца да 2047-га, калі споўніцца 650 гадоў пражывання многіх пакаленняў гэтай этнічнай групы далёка ад сваёй прарадзімы, прадказаць, мяркую, немагчыма па шматлікіх прычынах. Але адчуванне нечага сыходзячага, цягне звяртацца да татарскай тэматыкі як прадстаўнікоў самога этнасу, так айчынных і замежных даследчыкаў.

За стагоддзі, што прайшлі ад часу пасялення татарскіх воінаў, адбываліся розныя падзеі. Зробім агляд гадавінаў 2016 года, паспрабуем вылучыць юбілейныя даты, якія датычацца нашай агульнай гісторыі. Гэты своеасаблівы каляндар пабудуем па тэматычным прынцыпе і па храналогіі падзеяў, якія вылучылі звычайным чынам: яны адбываліся ў год з канцавой лічбай "6" ці "1".

Але спачатку зазірнём наперад - у надыходзячы год. Ён жа, 2017-ы, будзе ўжо 620-ым ад часу, калі па запрашэнні Вітаўта Вялікага на землях Княства Літоўскага пасяліся воіны з Залатой Арды. Мяркую, што ні тыя (пачынаючы ад вялікага князя), хто прымаў перасяленцаў, ні яны самі не спрабавалі на стагоддзі планаваць сваю агульную будучыню. Але сталася так, што лёс такіх адрозных ад мясцовага насельніцтва прышэльцаў, прадстаўнікоў некалькіх плямёнаў з роўнамагутнай ВКЛ дзяржавы, з'яднаўся з гісторыяй трох сучасных краін - Беларусі, Літвы і Польшчы.

600-годдзе пражывання татараў урачыста святкавалася на дзяржаўным узроўні ва ўсіх трох краінах. У Беларусі да яго было прымеркаванае адкрыццё вернутага і адрэстаўраванага будынка мячэці ў Наваградку, а таксама закладка каменя на месцы будучай мячэці ў Менску. Каб нагадаць аб былых абаронцах агульнай Айчыны, арганізаваны цэнтрам нацыянальных культур "Караван-байрам" па месцах кампактнага пражывання татараў суправаджаўся святочнымі шэсцямі: на чале шэсця рухалася конніца - на лепшых конях з Ратамкі сядзелі вершнікі, апранутыя ў адзенне татарскіх воінаў, калону якіх вёў "хан Тахтамыш" …

Вайсковая справа

Хан Тахтамыш сабраў шматлікіх сваіх прыхільнікаў, якія не згаджаліся з тым, што адбывалася ў Залатой Ардзе. Новае воінства не стала першапраходцамі: пасяленні здараліся і дзесяцігоддзі раней. Ужо 630 гадоў таму татары запрашаюцца на службу да вялікага князя літоўскага Ягайлы. Цікавы факт, што 12 лютага 1386 г. пры ўрачыстым уездзе ў Кракаў Ягайлу сярод іншых суправаджаў і аддзел татараў. 18 лютага Ягайла абвянчаўся з трынаццацігадовай Ядвігай, а 4 сакавіка ўрачыста каранаваўся з тытулам "кароль Польшчы, вярхоўны князь Літоўскі і дзедзіч Рускі". Пасля гэтых падзеяў пройдзе 330 гадоў, калі давер да татараў не знікне, а іх набліжанасць да караля і вялікага князя ўзрасце ў шмат разоў. Так, у 1717 г. стаў асабiстай каралеўскай гвардыяй Рэчы Паспалiтай увесь полк ротмістра Аляксандра Улана, полк складаўся з 8 харугваў, якія налічвалі 400 коней.

"... Ёсць татары перакопскія, кыпчакі, што былі на службе Рэчы Паспалітай, некаторыя засталіся ў Оўруцкай зямлі, прынялі хрысціянскую веру, а большасць у Літве трымаюцца пры сваёй веры, маюць мячэці і мулаў. З такой вось сям'і быў слаўны генерал Беляк і нямала вышэйшых афіцэраў: Ахматовічы, Азюлевічы і г.д., якія да скону свайго жыцця верна служылі абранай Радзіме... Трэба аддаць належнае ўсім без выключэння..." (Ян Дуклян Ахоцкі) .

390 гадоў таму ў вайсковых дзеяннях Польшчы супраць Лівоніі (1626 г.) нязгаснай славай пакрылі сябе палкі ротмістра Мустафы (Стэфана) Улана, а таксама воіны пад камандаваннем татарскіх ротмістраў Асановіча, Кенскага (Кінскага), Лоўчыцкага, Заблоцкага.

360 гадоў таму самаахвярны ўчынак здзейсніў татарскі ротмістр Аляксандр Крычынскі - у баі 29 верасня 1656 г. ён ратуе жыццё гетману Патоцкаму. Трэба адзначыць, што ахвяраванне сваім жыццём дзеля выратавання чужога жыцця - нярэдкі для татарскіх воінаў учынак. Вось яшчэ адзін са шматлікіх прыкладаў: 7 кастрычніка 1683 г. у бітве пад Парканамі татарскі ротмістр Самуэль Крачэўскі ратуе жыццё караля-гетмана Яна Сабескага.

За ўвесь час пражывання татараў амаль не зафіксавана сутычак з асноўнымі насельнікамі, а тым больш генацыду. Але ў 1616 г. сойм забараніў татарам набываць шляхецкія ўладанні, трымаць чэлядзь, пад пагрозай смерці браць шлюб з хрысціянкамі. Адмова набыць зямлю за здабытыя крывёй грошы выклікала абурэнне і ў выніку шмат татараў выехала ў Крым і Турцыю - асабліва тыя, хто пасяліўся параўнальна нядаўна. Частка ж прыняла каталіцызм і паступова асімілявалася.

Аб тым, як адмоўна рэагавалі мясцовыя жыхары на негатыўныя праявы ў адносінах да сваіх суседзяў-татараў можна меркаваць з пісьмовых крыніц. 360 гадоў таму пад час вайны са Швецыяй (1656-1660 гг.), як пісаў наш зямляк Уладзіслаў Сыракомля, татараў "стрэла вялікае няшчасце", сведчанні аб якім ён прыводзіць на аснове знойдзеных дакументаў: "Калі шведы занялі Беларусь, шмат якія мусульмане сем'ямі ўцякалі ў Польшчу. Калі далей шведы занялі Польшчу, мусульмане варочаліся назад. У 1656 г. у чацвер перад Вялікаднём, калі яны ехалі з Замброва табарам у 300 вазоў з жонкамі, дзецьмі і маёмасцяй, прагавітая польская шляхта кінулася іх рабаваць. Не дапамаглі нават каралеўскія ўніверсалы: узброеных мусульманаў пабілі, безабаронныя ўцяклі, табар зрабавалі, а жанок зняважылі. Падобныя напады паўтараліся і на іншыя табары мусульманскія, прыклад, на табар, што ішоў цераз Ломжу ў кірунку Ганёндз. Вынікам падобных нападаў было тое, што сёлы мусульманскія асталіся без насялення. Татары за часы Жыгімонта ІV перасяліліся ў Крым і Турцыю (Дабруджа, правінцыя Хелевенгар у ваколіцах Брусы каля вусця ракі Кызыл-Ірмак)".

Татары, асноўным заняткам якіх была вайсковая служба, заўсёды мелі свае фарміраванні. Пры гэтым права ўзначальваць іх часта перадавалася прадстаўнікам мясцовай шляхты, што выклікала незадаволенасць татараў і іх пэўную рэакцыю. 240 гадоў таму (1776 г.) быў створаны татарскі полк пад началам палкоўніка Мустафы Аляксандра Улана. У 1794 г. полк Мустафы Улана падтрымаў Тадэвуша Касцюшку, як і іншыя татарскія фарміраванні.

185 гадоў таму сярод удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг. было нямала татараў, якія ваявалі ў арміі на баку Польшчы, у партызанскіх аддзелах, дапамагалі паўстанцам харчаваннем, пастаўлялі інфармацыю аб руху войскаў непрыяцеля. Аб патрыятычных настроях, якія панавалі сярод мусульманскага насельніцтва, сведчаць крыніцы XIX ст. Захавалася ліставанне паміж паўстанскімі ўладамі і імамам Даўбучскай мячэці Давідам Александровічам. У лісце ад 21 красавіка 1831 г. кіраўнікі паўстання заклікаюць прыкласці ўсе намаганні дзеля найхутчэйшага далучэння татараў да паўстанцаў.

Гісторыя ўдзелу ў паўстанні трох татарскіх капітанаў для кожнага з іх была сваёй. У паўстанні браў удзел Самуэль Улан (1780 - 1831), камандзір палка, які складаўся выключна з татараў-мусульман. У дзённіку Яна Няймоўскага запісана наступнае: "Улан Мірза Самуэль падчас кампаніі 1809 г. быў паручнікам III палка уланаў, а падчас знаходжання Напалеона ў Маскве - капітанам і камандзірам татарскага эскадрона. У 1814 г. атрымлівае крыж Ганаровага легіёна. Загінуў у сутычцы пад Стопніцай у верасні 1831 г." . Яшчэ адзін вядомы капітан Багдан Беляк - нашчадак адважнага генерала Юзафа Беляка - змагаўся ў шэрагах інсургентаў, 21 верасня 1831 г. загінуў ад шалёнай кулі ў сутычцы з данскімі казакамі. Капітан Давід Крычынскі двойчы трапляў у палон і яму даводзілася рабіць выбар - ён трымаўся з гонарам. Капітан Крычынскі быў узяты ў палон, калі ў Ашмянскім павеце падраздзяленне палка пяхоты расійскай арміі абяззброілі паўстанцы. Давід Крычынскі перайшоў на бок паўстанцаў, а неўзабаве яму былі давераныя абавязкі каменданта Ашмянаў. У канцы красавіка 1831 г. пад Румам капітан Крычынскі апынуўся другі раз у палоне - гэтым разам у расійскім. У сярэдзіне траўня яго знявольваюць у віленскую турму, а праз некалькі месяцаў адбыўся судовы працэс, на якім ён быў асуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне. Аднак, улічваючы старэчы ўзрост афіцэра, смяротная кара была адменена, але да канца жыцця Крычынскі знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Адметнай старонкай у гісторыі татарскіх вайсковых аб'яднанняў з'яўляецца фарміраванне 1-ага Татарскага эскадрона 13-га палка Віленскіх уланаў Войска польскага - апошняга эскадрона татараў-уланаў. Эскадрон кватараваў у Новай Вілейцы, што была бліжэй да месцаў адкуль прызываліся татары-навабранцы. 80 гадоў таму 3 снежня 1936 г. яны прысягалі на Кур'ане. Факт існавання татарскага эскадрона палка Віленскіх уланаў такі ж выбітны як і дзейнасць у Вільні аўтакефальнага Муфціята ды культурна-асветнага аб'яднання татараў. Усё гэта адыгрывала вялікую ролю ў падтрымцы нацыянальнага і патрыятычнага духу татарскага насельніцтва. Татарскі эскадрон быў апошнім польскім аб'яднаннем уланаў, што супрацьстаялі немцам пасля падзеяў 1 верасня 1939 г.

Духоўнае жыццё

Асноўным стрыжнем самасвядомасці татарскай грамады была рэлігійная еднасць - заклік да агульнай малітвы моцна гучаў ў душы кожнага. Пасля захопу Расійскай імперыяй ў 1783 г. тэрыторыі Крымскага ханства, каб пазбавіць татараў цесных стасункаў з Асманскай імперыяй, засноўваецца свой муфціят. Праз пэўны час муфціят ператвараецца ў Таўрычаскае магаметанскае духоўнае праўленне з размяшчэннем ў Сімферопалі. У Таўрычаскае магаметанскае духоўнае праўленне прадстаўляліся дакументы для зацвярджэння кандыдатаў на пасаду мулы і нават яго намеснікаў. У месцах кампактнага пражывання існавалі свае прыходы. Адзін з іх - Відзаўскі мусульманскі прыход - быў арганізаваны 200 гадоў таму (1816 г.).

У гэтым годзе мінула 220 гадоў ад часу пабудовы мячэці ў Наваградку на Валеўскай, адной з асноўных вуліц горада. Прывілей на будаўніцтва мячэці апошнім каралём Польшчы Станіславам Аўгустам падпісаны ў 1792 г., незадоўга да канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай. Праз чатыры гады мячэць была пабудавана. Рамантавалася мячэць у 1855 г. намаганнямі адстаўнога афіцэра Аляксандра Асановіча, які ініцыяваў гэтую справу і стаў яе фундатарам. Савецкія ўлады ператварылі мячэць у жылы дом. Да 600-годдзя пражывання татараў на землях Беларусі, Літвы і Польшчы будынак быў перададзены мусульманскай грамадзе, адкрыццё адрэканструяванай мячэці адбылося 11 ліпеня 1997 г. На цяперашні час у храме пабывала шмат наведвальнікаў, у тым ліку даследчыкаў, журналістаў, кінематаграфістаў, турыстаў.

Хоць мячэці і службы ў іх не вылучаліся раскошай, а храм і мула знаходзіліся на ўтрыманні грамады, але дазвол на будаўніцтва мячэці можна было атрымаць, калі прыход налічваў не менш як 200 мужчын-вернікаў. У 1856 г . па прашэнні мясцовага мулы Палтаржыцкага быў атрыманы дазвол на будаўніцтва мячэці ў мястэчку Смілавічы Ігуменскага павета. Пры гэтым неабходны для пабудовы пляц дабраахвотна ахвяравалі татарам на вечнае карыстанне мясцовыя землеўладальніцы Паўліна і Ерасціна Манюшкі, што і зафіксавана ў справе ад 19 жніўня 1856 г. "Аб пабудове ў мястэчку Смілавічы Ігуменскага павета на зямлі, якую Манюшкі саступілі пад пляц, мячэці" (НАРБ, фонд 299, воп.1, спр. 454).

Здаралася, што драўляныя храмы знішчаў агонь. 25 траўня 1881 г. мусульмане Слонімскай мячэці звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Расійскай імперыі па грашовую дапамогу на адбудову пасля пажару мячэці. У прашэнні яны даводзілі, што "магометанское духовенство и мечети в Северо-Западном крае по силе закона существуют исключительно на лепту прихожан." Але збяднелыя землеўладальнікі не мелі дастаткова грошай і прасілі тысячу рублёў. Міністр паставіўся спачувальна, і Дэпартамент духоўных спраў 21 сакавіка 1883 г. звярнуўся ў Таўрычаскае духоўнае праўленне, каб тое выдзеліла грошы за кошт вакуфаў і грашовых капіталаў. Грашовая падтрымка слонімскім мусульманам была аказана.

У 1881 г. татары-дваране Слуцкага павета Сцяпан Якубоўскі, Аляксандр Міскевіч, Іосіф Ясінскі накіравалі менскаму губернскаму праўленню прашэнне дазволіць стварыць у Клецку і Капылі асобную мусульманскую грамаду. Спачатку губернскія ўлады адмовілі з прычыны недахопу ў вернікаў неабходнага мінімуму грашовых сродкаў для належнага ўтрымання мячэці і яе імама. Аднак потым па прапанове дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў МУС было вырашана хадайнічаць перад царом аб дазволе адкрыць у Клецку мячэць з мэтай "падтрымкі мусульманскага элементу ў Заходнім краі" . Хутчэй за ўсё расійскія ўлады спадзяваліся такім чынам схіліць на свой бок татараў у супрацьстаянні каталіцкаму ўплыву. У 1886 г. хадайніцтва было задаволена Аляксандрам ІІІ.

Татары заходніх губерняў Расіі доўгі час захоўвалі самастойнасць, але пасля паўстання 1830 - 1831 гг. падпарадкаванне Таўрычаскаму магаметанскаму духоўнаму праўленню стала больш жорсткім. Каб кантраляваць з боку дзяржаўных уладаў пытанні жыцця мусульманскіх грамад Заходняга краю, патрабавалася зацвярджэнне права на будаўніцтва мяцэці, прычым па агульным праекце на "ўзор просты"; рамонт таксама мог адбыцца з атрыманнем дазволу, у тым ліку і для збору ахвяраванняў.

125 гадоў таму (1891 г.) расійскія ўлады паспрабавалі здзейсніць пераўтварэнне Таўрычаскага магаметанскага духоўнага праўлення: "изъять татар заходних губерний по духовным делам из ведения означенного правления и подчинить их мулл общему гражданскому управлению" . Але пасля разгляду справы, вырашылі пакінуць усё, як было. Змены адбыліся пасля прыняцця 17 сакавіка 1921 г. Канстытуцыі Польшчы, якая гарантавала нацыянальным меншасцям свабоду веравызнання, вернікі маглі ствараць уласныя рэлігійныя саюзы. Напрыканцы 1925 г. у Вільні адбыўся Агульнапольскі мусульманскі кангрэс, на якім быў заснаваны муфціят Рэчы Паспалітай Польскай. Татарамі Заходняй Беларусі, Літвы і Польшчы на мяжы 1925 - 26 гг. была абвешчана аўтакефалія мусульманскіх парафій. У склад духоўнага праўлення мусульман уваходзілі як духоўныя, так і грамадзянскія асобы з найбольш вядомых і паважаных мусульман. Старшынём быў абраны муфцій Якуб Шынкевіч.


Немагчыма не вызначыць яшчэ некалькі датаў, якія не могуць не хваляваць беларускіх татараў, бо звязаныя з вяртаннем крымскіх татараў на іх родныя землі. У 1956 г . шэраг былых партыйных і савецкіх работнікаў Крымскай АССР падпісаў ліст з просьбай аб рэабілітацыі крымскіх татараў. Напісанне гэтага ліста сведчыць, што яшчэ 60 гадоў таму з боку савецкіх уладаў не было прынята рашэнняў аб вяртанні крымскім татарам іх земляў. У 1967 г.быў прыняты ўказ аб зняцці абвінавачванняў у дачыненні да крымскіх татараў, але аб вяртанні ў Крым маўчалі. Не дачакаўся гэтага часу адзін з тых, хто падпісаў ліст у 1956 г. Сябар беларускага лётчыка-аса, генерала Паўла Якаўлевіча Галавачова, двойчы Герой Савецкага Саюза Амет-Хан Султан трагічна загінуў пры лётных выпрабаваннях 1 лютага 1971 года - 45 гадоў таму. Сёлета 95-годдзе ад нараджэння вялікага гуманіста А.Д. Сахарава. У 1970-х гадах Андрэй Дзмітрыевіч неаднаразова выступаў у абарону крымскіх татараў. У сваёй Нобелеўскай лекцыі "Свет. Прагрэс. Правы чалавека" сярод парушэнняў правоў чалавека ў СССР ён назваў і дыскрымінацыю крымскіх татараў: "Свобода передвижения, выбора места работы и жительства… продолжает нарушаться для сотен тысяч крымских татар, 30 лет назад с огромными жестокостями выселенных из Крыма и до сих пор лишенных права вернуться на родную землю".

25 гадоў таму (1991 г.) выйшаў першы нумар квартальніка "Байрам" пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара Якуба Якубоўскага. Квартальнік - першае перыядычнае выданне татараў Беларусі. Выйшла 28 нумароў, апошнія рэдагаваў Ібрагім Канапацкі. Мовай выдання была абрана беларуская. Аўтарамі артыкулаў былі як самі татары, так-сама беларускія і замежныя навукоўцы, пісьменнікі, краязнаўцы - А. Грыцкевіч, М. Ермаловіч, М. Ткачоў, К. Тарасаў, Л. Лыч, Д. Міцкевіч і многія інш. Юбілейны грунтоўны агляд часопіса падрыхтаваны доктарам гістарычных навук Леанідам Лычом.

Выбітныя асобы

135-ая гадавіна нараджэння Івана Германа Луцкевіча (1881 - 1919) - аднога з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў беларускага культурна-асветнага і грамадска-палітычнага руху на пачатку ХХ ст. Мы ж звяртаем увагу на тое, што ён адлюстраваў у друку - увёў у навуковы ўжытак помнік літаратуры ХVІ ст. "Аль-Кітаб", які шчаслівым выпадкам перад заняццем Вільні немцамі ў 1915 г. знайшоў у ваколіцы Сорак Татараў у мулы Стэфана Палтаркевіча. У кітабе праз арабскую графіку зафіксавана характэрнае беларускае вымаўленне, якое можна праілюстраваць такім прыкладам: "Цёмна было, вочы светласці ня відзелі" . Іван Луцкевіч, які практычна не меў часу для падрыхтоўкі навуковых артыкулаў, апісаў рарытэт і захоўваў у заснаваным ім у Вільні Музеі беларускіх старажытнасцяў.

115 гадоў таму нарадзілася Фаціма Мустафаўна Канапацкая з Мухляў (1891 - 1985), якой ўжо пасмяротна было нададзена званне Праведніцы народаў свету. Такое ж званне атрымала і яе дачка Айша (Ганна) - у гады Другой сусветнай вайны яны ратавалі ад смерці яўрэйскую сям'ю Давідсонаў з пяці чалавек. Імёны Фацімы і Ганны Канапацкіх сярод іншых Праведнікаў, у тым ліку і з Беларусі, выгравіраваныя на сцяне мемарыяла Яд Вашэм у Ерусаліме. Дачка Давідсонаў Рахіль жыве разам з мужам, які паходзіць з Іўя, і дзецьмі ў Ізраілі. У 2002 г. адбылася сустрэча Рахіль з Ганнай у Ерусалімскай студыі тэлебачыння з транслацыяй на ўсю краіну. Другі раз Ганна Сулейманаўна прыязджала ў складзе беларускай дэлегацыі. 20 чэрвеня 2010 г. беларускія Праведнікі сустракаліся з Шымонам Перасам, з прамовай да якога было прапанавана выступіць Ганне Сулейманаўне. Ганна (Айша) Сулейманаўна Канапацкая нарадзілася 24 снежня 1926 г. у Менску ў сям'і Сулеймана Асанавіча і Фацімы Мустафаўны Канапацкіх. Жыве ў Менску ў атачэнні родных, у тым ліку ўнукаў і праўнукаў. Сёлетні год - юбілейны ў яе жыцці. Пажадаем, каб сваё 90-годдзе гэтая мудрая і высакародная жанчына сустрэла сярод дарагіх ёй людзей у добрым настроі з адчуваннем удзячнасці Усявышняму за яго апеку.

100 гадоў таму 26 красавіка 1916 г. было нададзена званне генерал-лейтэнанта Мацею Сулькевічу . У выпрабавальны 1918 год менавіта ён узначаліў рух па стварэнні незалежнай Крымскай рэспублікі для ўсіх жыхароў паўвострава. 25 чэрвеня 1918 г. ён заняў пасаду прэм'ер-міністра, міністра ўнутраных і вайсковых спраў першага Крымскага краёвага ўраду. У той час, калі стваралася Беларуская Народная Рэспубліка, Сулейман-паша (так яго называлі ў Крыме) рабіў намаганні склікаць Крымскі курултай. Як і Беларуская Народная Рэспубліка, Крымская Рэспубліка праіснавала нядоўга. Далейшы лёс генерал-лейтэнанта быў звязаны з Азербайджанам, дзе яму была даверана пасада начальніка Генеральнага штаба ўзброеных сілаў. У траўні 1920 г. арыштаваны бальшавікамі, 15 ліпеня гэтага ж года расстраляны.

12 лютага 1916 г. нарадзіўся ветэран вайны, танкіст, крымскі татарын Ісмаіл Ісмаілавіч Меметаў . Скончыў сярэднюю школу і Камвуз ў Сімферопалі. Удзельнік баёў на Халхінголе, вызваляў Беларусь і Прыбалтыку, больш за 30 гадоў служыў у беларускай вайсковай акрузе. Сябра праўлення згуртавання "Аль-Кітаб", складальнік крымскататарска-беларускага слоўніка "1500 слоў і словазлучэнняў ад дзядзькі Ісмаіла Меметава" (надрукаваны ў квартальніку "Байрам"). Сярод сяброў згуртавання Ісмаілага карыстаўся вялікай павагай, яму як носьбіту культуры крымскіх татараў (мовы, фальклору, сакрэтаў нацыянальных страў, ведання звычаяў, назваў роднай зямлі) даводзілася выступаць з народнымі песнямі пад суправаджэнне свайго дарэ (бубна), у каларытнай шапцы з барашкавага футра на ўсіх нашых канцэртах (Ісмаілага быў самым старэйшым, Коля Гімалетдзінаў і Дзінара Мазітава самыя малодшыя), у тым ліку на Першым фестывалі нацыянальных культур у Гародні.

85 гадоў таму нарадзіўся Варановіч Ісмаіл Мухарэмавіч (1931 - 2011). Напрыканцы 1980-х гадоў быў адным з ініцыятараў татарска-мусульманскага адраджэння ў Беларусі. Апошнія гады - старшыня Духоўнага ўпраўлення мусульман Рэспублікі Беларусь. Ён быў адным з тых, хто ў дзіцячыя гады вучыўся ў годжыяў (настаўнікаў мусульманскай граматы). Мог праводзіць абрады, у тым ліку пахавальныя, быў блізкім да простых мусульман, меў з імі чалавечыя стасункі, па-магчымасці стараўся захаваць веру і адрадзіць традыцыйнае навучанне дзяцей з сем'яў беларускіх татараў.

10 ліпеня 1936 г. у Менску нарадзіўся Барыс Амуратавіч Байрашэўскі , беларускі вучоны ў галіне цепла-энергетыкі, доктар тэхнічных навук. З 1964 г. працаваў у Інстытуце цепла- і масаабмену АН Беларусі, з 1970 г. у Беларускім філіяле Энергетычнага інстытута, затым у Менскэнерга (1979-1998). Аўтар навуковых прац па ўдасканальванні тэхналагічных працэсаў, мадэрнізацыі абсталявання ЦЭЦ, кацельных і цепласетак, распрацоўцы новых метадаў ацэнкі і аналізу іх тэніка-эканамічных паказчыкаў. Прапанаваў шэраг матэматычных мадэляў даследаваных тэхналагічных працэсаў.

Са знакамітага татарскага роду Смольскіх выйшлі акадэмік Бекір Міхайлавіч Смольскі , музыказнаўца Браніслаў Сільвестравіч Смольскі , народны артыст Дзмітрый Браніслававіч Смольскі . У сувязі з юбілейнымі датамі ўзгадаем яшчэ двух прадстаўнікоў гэтага роду. 65 гадоў таму нарадзіўся Амурат Смольскі (1951 - 09.11.2011) - музыкант, мастацтвазнаўца, лідэр, вакаліст і бас-гітарыст групы "Дойліды" (назва групы ўзнікла ад сцецыяльнасці, на якой вучыліся музыканты). Візітоўкай "Дойлідаў" была беларуская народная песня "Касіў Ясь канюшыну", якая выконвалася ў іх ўласнай аранжыроўцы, зробленай раней за славутых "Песняроў". Спявалі таксама "Зорку Венеру" Багдановіча і сваю "Где найти ту девчонку". Сёлета адзначае 50-годдзе мастак Бекір Смольскі (нарадзіўся ў Менску 17 траўня 1966 г.). У 1994 г. скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, вучань Гаўрылы Вашчанкі. Для Чырвонага касцёла ў Менску напісаў абразы "Святы Сымон і Святая Алена" і "Прыйдзі валадарства Тваё". Удзельнік шматлікіх выстаў у Беларусі і за мяжой. Працуе пераважна ў жывапісе і вітражы. Жыве ў Вене (Аўстрыя), наведвае радзіму, дзе жыве яго маці.

На завяршэнне нашага агляду з'яднаем дзве асобы, якія добра вядомыя ў беларускім літаратурным свеце - гэта Сцяпан Хусейнавіч Александровіч і Мацей-Муса Канапацкі . Мацей-Муса Канапацкі нарадзіўся 29 студзеня 1926 г. На яго фарміраванне ў беларускай плыні аказаў уздзеянне знакаміты бацька - палкоўнік Гасан Канапацкі , старшыня Беларускай Вайсковай Камісіі у 1920-ыя гады; пазней ў Вільні наведваў беларускія культурніцкія арганізацыі, сябраваў з Францішкам Аляхновічам і аддаў сына ў Віленскую беларускую гімназію. Пасля гімназіі (1941-1943) Мацей вучыўся ў Торуньскім універсітэте. 60 гадоў таму ў 1956 г. абараніў магістарскую працу па тэме "Янка Купала як перакладчык паэзіі Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі і Марыі Канапніцкай". Гэта першая праца ў гісторыі Варшаўскай славістыкі на беларускую тэму. У гэтым жа годзе пачаў працаваць у беластоцкай беларускамоўнай газеце "Ніва", вынікам яго журналісцкай дзейнасці сталі даследванні невядомых старонак з жыцця і творчасці беларускіх пісьменнікаў. Сябраваў і вёў перапіску з Сцяпанам Александровічам, айцом Надсанам, Ібрагімам Канапацкім і многімі іншымі дзеячамі беларускага і татарскага адраджэння. У Сопаце на вуліцы Сыракомлі - сталася так, што менавіта яму прысвечана першая публікацыя М. Канапацкага - былі частымі госці з Беларусі, улетку 2003 г. мелі гонар гасцяваць ў дарагога Мацея-Мусы і мы з дачкой. "Увесь свет Мацея Канапацкага" апісала Алена Глагоўская і выдавала кнігу, прысвечаную Гасану і Мацею Канапацкім. Мацею Канапацкаму ўзімку споўнілася 90 гадоў, за сваю актыўную дзейнасць на карысць татарскага адраджэння адзначаны дзяржаўнымі ўзгародамі і добра вядомы ў Польшчы.

Напрыканцы года спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Хусейнавіча Александровіча (15 снежня 1921 - 1 траўня 1986), "вялікага татарскага беларуса" (А. Каўка), доктара філалагічных навук, пісьменніка, даследчыка і гісторыка беларускай літаратуры. Памёр Сцяпан Хусейнавіч 1 траўня 1986 года. "З горкім-горкім шкадаваннем думаецца: як жа заўчасна звяла яго ў магілу бязлітасная хвароба , - напіша народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, - якой жа патрэбнай была б сёння яго прысутнасць у нашым грамадскім жыцці, як бы хораша служыла сёння справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі яго жывое слова - праўдзівае, разумнае, пераканаўчае!.."

Падрыхтавала Разалія АЛЕКСАНДРОВІЧ.


Радасці і не толькі першага беларускага Алімпіёніка

Рэцэнзія

Двухразовы чэмпіён Еўропы, чэмпіён свету, чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960 года ў Рыме, заслужаны трэнер БССР і СССР Леанід Гейштар на днях адзначыў васьмідзесяцігоддзе (15 кастрычніка). Людзей у гэтым узросце не проста паважаюць. Шануюць. Калі яны сапраўдныя людзі, цэльныя, разумныя, працавітыя.

Нядаўна Леанід Гейштар сказаў: "Бог табе дапамагае, дапамагай і ты Яго слугам - людзям". Працягнуў высокую думку тым жа глыбокім рэфрэнам: "Гасподзь радуе поспехамі і ўзростам не ўсіх. Гэта заслужыць трэба працаю, болем, думкамі".

Леанід Рыгоравіч заслужыў. Непрыкметная жыццё доўгацярпліўца ў аглядзе пражытых яго васьмідзесяці гадоў - сапраўды гераічныя старонкі беларускага працаўніка, чэмпіёна і гарэтніка.

... Алімпійскія спаборніцтвы ў Рыме даўно мінулі. Пяцьдзясят шэсць гадоў прайшло пасля 1960. Але ранейшыя спаборніцтвы і новыя не скончыліся для спартсмена і трэнера Гейштара. Жывуць, працягваюцца.

- Перамогі і паражэнні, як родная зямля і хлеб, даюць кожнаму вартаму дух і сілу. Для мяне асабліва. Хочацца думаць, для многіх іншых, - задуменна працягвае Алімпіёнік з Гомеля менавіта гэтымі высокімі сур'ёзнымі словамі.

Мяккая добрая ўсмешка на грубаватым адкрытым твары дапаўняе важкія словы.

Незабыўныя хвіліны спаборніцтваў, перамог і нягодаў жывуць у памяці весляра на каноэ, хвалююць душу і сэрца. Але святыя - Алімпійскія.

"Як словы "маці, дом, хлеб, Радзіма, зямля". Гэтыя словы і слова "Алімпіяда" для мяне зліліся разам. Даюць жыццё, сілу, радасць існавання", - напісаў ён у адным лісце.

Яго кнігі "Вясло і золата" (1995), "Малая флатылія" і яе гісторыя" (2000), "Алімпіяды вачыма Алімпіёніка з Гомеля" (2002) - перш-наперш найбагацейшы матэрыял аб веславанні на байдарках і каноэ, пра ўсе Алімпіяды сучаснасці. Апісваецца ў іх цяжкая спартыўная доля спартсменаў, трэнерская праца.

- Ёсць чэмпіёны некалькіх Алімпіяд, ёсць аўтары шматлікіх кніг. Дзякуй Богу, - кажа Л. Р. Гейштар. Дадае: - Я фактычна пішу адну кнігу. Сваю. Якая складаецца з некалькіх. Пішу пра дарагіх мне людзей, аб радасных і балючых падзеях, пражытых гадах. Хай іншыя напішуць кнігі лепш, у большай колькасці. На любую тэму. Пра вядомае ім і невядомае.

Пагодзімся з першым беларускім Алімпіёнікам. Хай яму - і нам усім - дапамагаюць сілы Неба.

Зусім нядаўна ў залатога Алімпіёніка выйшла кніга "Зорка над Сожам" (Мн., "Смэлток", 2016, 99 экз., 460 с.), ён дэталёва, шчыра гаворыць пра свой шлях у спорце, развіццё веславання на байдарках і каноэ ў Беларусі.

Вялікі чэмпіён, таленавіты трэнер не змякчае вострыя вуглы і праблемы пры выхаванні ім годнай спартыўнай змены.

Перацягванне спартсменаў у добрага трэнера, падножкі сыну Ігару, адсутнасць інвентару на спортбазах - мноства жыццёвых эпізодаў, станоўчых і адмоўных, амаль у кожным раздзеле цікавай кнігі.

Упершыню расказана аб фатальных выпадках, калі жыццё добрага хлопца Лёнькі Гейштара вісела на валаску, аб тайных паходах падлетка і юнака ў царкву ў Гомелі, майстра спорту ў Ленінградзе ў 1960 годзе, пры адборы на Алімпіяду ў Рым.

Сэрца кожнага чытача закрануць эпізоды падножак ад беларускіх спартыўных зайздроснікаў і проста абыякавых дзяржаўных бюракратаў. Дайшло да таго, што ў 1976 годзе беспрацоўны Алімпіёнік Гейштар афармляўся ў Гомелі на працу грузчыкам. Копія накіравання грузчыка Гейштара на старонцы 418.

Ярка казаць пра гісторыю веславання на байдарках і каноэ, зараджэнне і станаўленне беларускага веславання, аб поспехах і няўдачах весляроў Беларусі на працягу звыш за паўстагоддзе аўтару дапамагаюць успаміны з яго раней выдадзенай у БВТ "Хата" кнігі "Вясло і золата" (1995). Несумнеўную цікавасць у дадатках уяўляюць красамоўны фотаархіў і статыстычныя звесткі пра спаборніцтвы розных узроўняў, дасягненні выдатных весляроў СССР, Беларусі, свету.

Што пяро не напіша - то вока не прачытае. Шэсцьдзясят гадоў у спорце і 80-гадовы юбілей дазволілі Л. Р. Гейштару сёння пісаць і гаварыць без змякчэння вострых вуглоў балючай беларускай рэчаіснасці.

Нікога не пакіне абыякавым любы радзел кнігі, асабліва - "Радасныя і горкія, горкія іскры памяці".

Пражыў ён цяжкае жыццё. Успаміны, чаканыя і няпрошаныя, варочаюцца, грукаюць у яго сэрцы. Уторацца часам бессістэмна, аднак моцна, часта.

Скончыў сваю кнігу вялікі чэмпіён арыгінальнымі ўласнымі фразеалагізмамі. Часцяком нечаканымі: "Малітва дурніцай не бывае, не можа ўсіх цалкам слухаць. Яна выбірае, а не мы, дурні ўсё-такі.

Ведай, вялікі ты ці малы, багаты ці бедны, не наракай на лёс і людзей, тым болей на Бога.

Не зайздросці чужому здароўю і багаццю, свае драбніцы не згубі, не растраць.

Гасподзь даў мне здароўе, Гасподзь яго забраў. Слава Яму. За ўсё! За ўнучку Юлю, праўнучку Марыю таксама.

У спорце і ўвогуле ў жыцці трэба паверыць у сябе, і прымусіць іншых паверыць у твае сілы.

Не думай, што не вытрымаеш дыстанцыю, толькі тады яе пройдзеш".

Фразеалагізмы варта расшырыць, выдаць асобнай кніжачкай.

Прайшлі гады, праляцелі птушкамі. Радасць пасляалімпіядных душэўных адкрыццяў, радасных і горка-горкіх, балезных працоўных, з Л.Р. Гейштарам застаецца. Навечна. Як яго чатыры кнігі.

... Мушу. Проста абавязаны сказаць слова крытыкі рэдактару цудоўнай кнігі Валеру Санько.

Па ўсяму яе тэксту адчуваецца паміж імі братэрства, пісьменнікам Санько, аўтарам грунтоўнага пасляслоўя "Спортивная гребля глазами Олимпионика", і героем і яе аўтарам Гейштарам. Можна было, патрэбна было пісаць і выдаваць яе на беларускай мове.

Кожны абавязаны класці сваю цагліну ў будынак беларускага дома, не наракаць на нязробленае іншымі, суцэльныя беларускія даробкі шмат у чым: не так і не тое кладуць. Кожны сам павінны ўмуроўваць уласныя цаглінкі ў дом беларушчыны. Нялёгкае жыццё пісьменніка Валера Санько сведчыць: ён паслядоўна торыць сцяжыны беларускасці. А тут не змог пераадолець пласты рускамоўнага матэрыялу, абавязковую паспешнасць друку фаліянта да юбілею, адсутнасць спонсарскай дапамогі і часу на пераклад… Кніга безумоўна выйграла б, грамадства таксама, калі б патрыёт Гейштар чытаўся на беларускай.

Крыўдна і другое. Значных людзей на Гомельшчыне нямала. Юбілеяў паўсюдна адзначаецца шмат. Пра юбілей першага (!) беларускага чэмпіёна амаль забылі ў Прысожжы. Варта было адзначыць факт ва ўсіх раёнах, спартыўных калектывах. Адмеціліся ў гарвыканкаме, усяго ў двух таварыствах.

Вяртаўся ён з Алімпіяды ў 1960 годзе, у мудрых кіраўнікоў Гомеля і вобласці не знайшлося аўто, каб па-людску прывезці славутага земляка дахаты. Прыкацілі ў машыне хуткай дапамогі (стар. 76). Пошла, хаця гэта праўда.

Няўжо паўзабытасць і абыякавасць да Леаніда Рыгоравіча Гейштара паўтараюцца і цяпер, на новым - ветэранскім - вітку жыцця чалавека, імем якога абавязкова павінна называцца вуліца...

Васіль Славашэвіч.


Пакроўскі кірмаш

У рамках другога этапу раённага свята "Згукі бацькаўшчыны" ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адбыўся "Пакроўскі кірмаш". Народныя гульні, забавы і розыгрышы, шэраг дэгустацый традыцыйных страў беларускай кухні на суд гледачоў прадставілі адразу пяць клубных ўстаноў раёна.

Што толькі не прывезлі на "кірмаш" гаспадыні і майстрыхі з філіялаў "Тарноўскі Дом культуры", "Дварышчанскі Дом культуры", "Ёдкаўскі Дом культуры", "Мажэйкаўскі Дом культуры", а таксама структурнага падраздзялення "Дубровенскі клуб-бібліятэка"! Парася з бульбы, калдуны і зразы, піражкі з самымі рознымі начыннямі - на стале яблыку не было дзе ўпасці. Дарэчы, і восеньскія дарункі садоў і агародаў таксама былі пададзены багата. Але пальма першынства па праве была аддадзена бульбе.

Дарэчы, сапраўдным бульбяным раем лічыцца ў нашым раёне Дварышчанская зямля. Разабраўшыся з хатнімі клопатамі (выкапаўшы другі хлеб, спарадкаваўшы агародніну), мясцовыя працаўніцы займелі хвілінкі і для прыемных хатніх клопатаў, у тым ліку і кулінарных. Падчас кірмашу яны частавалі гледачоў вельмі смачнай старадаўняй стравай - гультаямі.

- Беларуская кухня вельмі шматгранная, - прэзентуе апетытныя стравы загадчыца Дварышчанскага Дома культуры Таццяна Рубава. - З даўніх часоў нам знаёмы кулеш, локшына, калдуны, ламанцы. А хто з вяскоўцаў не ведае крупнік або зацірку? Але асабліва разнастайныя ў Беларусі стравы з другога хлеба. Бульбяная бабка, камы, дранікі, калдуны, поліўка, тушанка. І вось сёння мы частуем нашых гасцей таксама вельмі духмянай стравай - гультаямі. Рэцэпт іх нескладаны, а якая смаката!

Бойка выступалі артысты розных Дамоў культуры, радуючы аўдыторыю народнымі песнямі. Хтосьці ім падпяваў, хтосьці падтанцоўваў. Але асабліва актыўны ўдзел у конкурсах і віктарынах прыняла дзетвара. Было бачна, як хлопчыкі і дзяўчынкі хвалююцца, жадаючы атрымаць як прыз духмяны дранік, кавалачак сальца або хатняй каўбаскі, салёныя агуркі, хатнія булачкі і піражкі з полымя з жару.

- Пра тое, што ў суботу адбудзецца такое добрае мерапрыемства, я прачытала ў "Лідскай газеце", - гаворыць удзячная глядачка Алена Вацлаваўна Крупеня. - Адразу для сябе вырашыла: абавязкова яго наведаю, бо на пенсіі асаблівых хатніх клопатаў няма, а жыць у адным рытме з горадам трэба. Адметнай асаблівасцю гэтага свята з'яўляецца вяртанне да нашых вытокаў. Гэта і звычаі, і абрады, і нават кухня. Паспрабавала вельмі шмат страў, за што вялікі дзякуй жанчынам з Мажэйкава, Ёдак, Дворышча, Тарнова і Дуброўні.

Не толькі кулінарным і творчым талентам было месца на кірмашы. Майстар-класы по саломапляценні, ткацтве прадэманстравалі работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Кожны жадаючы мог таксама змалоць муку або сшыць сапраўдныя валёнкі. Госці кірмашу былі задаволены, і невыпадкова: яшчэ ў самым пачатку свята абяцала быць яркім і запамінальным!

Вольга Мацеша., "Лідская газета".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX