Папярэдняя старонка: 2016

№ 46 (1301) 


Дадана: 16-11-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 46 (1301), 16 лістапада 2016 г.


101 год беларускай школе

13 лістапада 1915 года была ўтворана першая сталая беларуская школа ў Вільні (на Юр'еўскай вуліцы), якая дала пачатак масаваму беларускаму школьніцтву.

Гэтая дата як у міжваеннай Заходняй Беларусі, так і ў БССР у 1920-я гады святкавалася як Дзень беларускага школьніцтва.

Летась Лідчына і некаторыя СМІ адзначылі 100-годдзе гэтай падзеі. Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы правяла 4-я Лідскія чытанні, прайшлі публікацыі ў прэсе і на сайтах.

Сёлета 101-я ўгодкі беларускай школы не цікавяць ужо нікога. Не адазваўся нават сайт nastaunik.info.

Пры такой гістарычнай памяці адкуль возьмецца нацыянальная свядомасць?

А разам з тым масавае адзначэнне кожны год Дня беларускай школы становіцца ўжо больш важным і неабходным, чым многія мемарыяльныя мерапрыемствы, і нашыя мёртвыя нас падтрымалі б.

Наш кар.


У Гарадзенскай вобласці запускаюць праект "Чытаем па-беларуску з velcom"

У 25 школах Гарадзенскай вобласці пройдуць спецыяльныя ўрокі сацыяльнага адукацыйнага праекту па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры "Чытаем па-беларуску з velcom". У школы і гімназіі Гародні, Ліды, Слоніма, Ваўкавыска, Смаргоні і Наваградка прыедуць вядомыя беларускія пісьменнікі і тэлевядоўцы. Спецыяльны ўрок праекту адбудзецца ў гарадзенскім Новым замку 16 лістапада - ён будзе прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, якое адзначаецца 9 снежня. У горадзе над Нёманам класік беларускай літаратуры пражыў некалькі гадоў.

За год існавання праекту "Чытаем па-беларуску з velcom", які рэалізуецца кампаніяй сотавай сувязі Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, незвычайныя інтэрактыўныя ўрокі прайшлі ў 80 школах Менска, Гомельшчыны і Берасцейшчыны.

Пастаяннымі настаўнікамі на такіх уроках для вучняў 2-3-х класаў выступаюць пісьменнікі, паэты і акцёры: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юрый Жыгамонт, Алена Масла, Наталля Бучынская. Таксама настаўнікамі праекту часта становяцца беларускія спартсмены, акцёры і тэлевядоўцы.

Чакаецца, што да канца гэтага навучальнага года праект ахопіць каля 150 школ і больш за 20 тыс. вучняў па ўсёй Беларусі. Арганізатары кампаніі адгукаюцца на запыты аб правядзенні ўрокаў ад устаноў адукацыі. Так, у Гарадзенскай вобласці каманда праекту наведае вясковую беларускамоўную школу ў аграгарадку Квасоўка.

Еўрарадыё.


Анатолю Вярцінскаму - 85

Анатоль Ільіч ВЯРЦІНСКІ (18 лістапада 1931, в. Дзямешкава, Лепельскі раён, Віцебская вобласць) - беларускі паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1956). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). У 1962 пераехаў у Менск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва", быў рэдактарам выдавецтва "Беларусь". Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1964). У 1967-1982 - літкансультант, адказны сакратар праўлення СП БССР. У складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у 1977 у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1986-1990 - галоўны рэдактар газеты "Літаратура і мастацтва". Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1990-1995 гадах - дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, член Канстытуцыйнай камісіі ВС БССР.

Дэбютаваў з вершамі ў 1950-я (студэнцкая газета "Беларускі ўніверсітэт", газета "Чырвоная змена", часопіс "Маладосць").

Першая з напісаных ім паэм дала назву і першаму зборніку вершаў - "Песня пра хлеб" (1962). У ёй распавядаецца пра хлеб, пра тое, як ён выпякаўся маці ў вясковай печы ў часы маленства аўтара. Але ва ўсім гэтым такая паэтызацыя, узвышэнне праяў паўсядзённага жыцця, што чытач пранікаецца духам таго часу, адчуваючы водар хлеба, выпечка якога суправаджалася ўрачыстымі прыгатаваннямі і дзеяннямі. Пачынаецца твор з восеньскага пейзажу: паэт сузірае кружэнне кляновага лісця, што выклікае ў яго цёплыя ўспаміны аб мінулым, аб тым, як збіраліся лісты дзеля таго, каб на іх леглі боханы духмянага хлеба. Паэма - гімн хлебу, сялянскай печы, маці, чалавечай працы. Паэт у сваіх узвышаных роздумах сягае думкай у прасторы сусвету, аднак пры гэтым не адрываецца ад зямлі, ад жыццёвай асновы.

Аўтар кніг вершаў і паэм "Тры цішыні" (1966), "Чалавечы знак" (1968), "Выбранае" (1973), "З'яўленне" (1975), "Час першых зорак" (1976), "Ветрана" (1979), "Святло зямное" (1981). У аснове кніг - тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях. Найбольш значныя творы - ліраэпічныя паэмы "Заазер'е" і "Дажынкі" (1968) - прысвечаны жыццю пасляваеннай беларускай вёскі, маці - вясковай працаўніцы - лірычная паэма "Начны бераг", у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філасофская паэма "Колькі лет, колькі зім!" (1979).

А. Вярцінскі напісаў п'есы для дзяцей "Дзякуй, вялікі дзякуй" (1978, пастаўлена ў 1974), "Скажы сваё імя, салдат" (1977, пастаўлена ў 1975), "Гефест - друг Праметэя" (1983, пастаўлена ў 1984).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за кнігу "Нью-Ёркская сірэна". Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" (2010).

(Працяг тэмы на ст. 4.)


80 гадоў - Эрнесту Ялугіну

Сёлета, 19 лістапада, пісьменніку, выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў, Эрнесту Васільевічу ЯЛУГІНУ спаўняецца восемдзесят гадоў.

Нарадзіўся Эрнест Васільевіч Ялугін у вёсцы (станцыі) Асінаўка Аршанскага раёна (цяпер у складзе Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці). Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1954 годзе ў горадзе Крычаве - радзіме бацькоў - службоўцаў, інтэлігентаў, быў літсупрацоўнікам пры крычаўскай раённай газеце "Шлях сацыялізму". З 1957 года па 1960 год працаваў у мсціслаўскай раённай газеце "Калгасная праўда", потым - у шматтыражцы "За коммунистический труд" (Салігорск). З 1961 года - загадчык аддзела, адказны сакратар газеты "Знамя юности". У 1962 годзе завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ. З 1966 года - раз'язны карэспандэнт "Сельскай газеты", з 1969 года - карэспандэнт газеты "Літаратура і мастацтва", з 1976 года - супрацоўнік часопіса "Нёман", з 1978 па 1984 год - намеснік галоўнага рэдактара гэтага ж выдання. З 1991 па 1997 год - галоўны рэдактар газеты "Наша слова". І дзе б ні працаваў Эрнест Ялугін, ён дзейсна прапагандаваў любоў да беларушчыны.

Цяпер - на пенсіі. Жыве ў Менску. Чалавек ён - сумленны, справядлівы, добразычлівы, спагадлівы. Сёння цяжка хварэе, у свой час пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы. Пажадаем шаноўнаму Эрнесту Васільевічу хутчэйшага выздараўлення і новых здзяйсненняў на ніве айчыннага прыгожага пісьменства.

На малой радзіме, у вёсцы Асінаўка (цяпер гэта амаль прыгарад горада Дуброўна) імем пісьменніка Эрнеста Ялугіна названа цэнтральная вуліца і завулак. А ўдастоіўся такога гонару Эрнест Васільевіч за годны ўклад у беларускую літаратурную класіку і яе развіццё.

(Працяг на ст. 3.)


Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь

сп. А. Р. Лукашэнку,

Старшыні Савета Міністраў Беларусі

сп. А. У. Кабякову,

Старшыні Менскага гарвыканкама

сп. А. В. Шорцу

Да 500-годдзя беларускага кнігадруку

6 жніўня 2017 года наша краіна і ўвесь культурны свет будуць адзначаць найвялікшую дату ў гісторыі Беларусі: 500-годдзе ад часу заснавання беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Першая беларуская Біблія была створана вялікім гуманістам, доктарам лекарскіх навук і сямі вольных мастацтваў, вучоным мужам родам з слаўнага горада Полацка Францішкам Скарынам. Яна была чацвёртай у свеце друкаванай Бібліяй на жывой мове (пасля нямецкай, італьянскай і чэшскай). Гэта стала нагодай для стварэння Грамадскага аргкамітэта па правядзенні свята, у які ўвайшлі знакамітыя скарыназнаўцы, гісторыкі, літаратуразнаўцы, літаратары, мастакі, выдаўцы ды іншыя дзеячы ў галіне навукі, культуры і мастацтва. Быў выпрацаваны шэраг захадаў для ўшанавання памяці Францішка Скарыны - выдаўца, пісьменніка, перакладчыка, асветніка.

Свае прапановы мы своечасова даслалі дзяржаўным кіраўнікам, ад якіх залежыць выкананне мемарыяльнай праграмы. Але ніводны з іх не паставіўся па-дзяржаўнаму адказна да актуальнай сёння праблемы нашай культуры. З розных інстанцыяў мы атрымалі адказы, якія, на жаль, не могуць задаволіць ні нас, ні шырокія колы грамадскасці нашай краіны. Таму мы лічым неабходным яшчэ раз сказаць пра гэта сваё слова.

Наданне Нацыянальнаму аэрапорту "Мінск" імя Францішка Скарыны адразу б павысіла імідж нашай культуры ў цэлым свеце. Мільёны пасажыраў бываюць тут. Людзі з розных кантынентаў ведалі б, што ў нашай краіне ўжо на пачатку XVI стагоддзя на старабеларускай мове друкавалі кнігі, прызначаныя для людзей паспалітых, гэта значыць для шырокага кола чытачоў. Ведалі б, што тут быў створаны Статут Вялікага Княства Літоўскага - самы дасканалы ў тагачаснай Еўропе збор законаў - і што ў падрыхтоўцы яго першай рэдакцыі (1529 года), паводле меркавання шэрагу навукоўцаў, браў удзел Францішак Скарына. Дзякуючы наданню аэрапорту імя Францішка Скарыны людзі даведаліся б пра нашу багатую самабытную культуру, а не толькі пра савецкае мінулае.

В. а. дырэктара Дэпартамента па авіяцыі спадарыня І. В. Марозава адказала на нашую прапанову, што яе рэалізацыя "адмоўна адаб'ецца на тэрмінах і кошце работ" па маштабнай мадэрнізацыі, звязанай з будаўніцтвам другой узлётна-пасадачнай паласы і наступным капітальным рамонтам дзейнай. Не зусім зразумела, як дадатак да фразы "Нацыянальны аэрапорт" усяго трох слоў "імя Францішка Скарыны" можа перашкодзіць мадэрнізацыі авіяцыйных аб'ектаў. Сама мадэрнізацыя і падказвае, што прысвоіць імя аэрапорту цяпер самы час.

Святкаванне юбілею беларускага кнігадрукавання варта адзначыць прыняццем пастановы пра ўсталяванне ў недалёкай перспектыве помніка Францішку Скарыну ў Кракаве, дзе першадрукар вучыўся, а таксама ў Вільні, дзе ў 1522 годзе заснаваў друкарню ў доме Якуба Бабіча і цягам трох гадоў выпускаў кнігі. Аднак першы намеснік Міністра культуры Беларусі спадарыня І. Дрыга паведаміла нам, што ў Вільні ўжо ўстаноўлены помнік Скарыну. Мы мусім патлумачыць, што ў Вільні помніка Францішку Скарыну няма дагэтуль.У адным з дворыкаў старога горада ў 1973 годзе быў пастаўлены невялікі помнічак "Летапісец". Аднак паміж "летапісцам" і "першадрукаром", паводле азначэння, вялікая розніца. У 1990 годзе падчас святкавання 500-годдзя з часу нараджэння Францішка Скарыны на гэтым самым доме з боку Ратушнай плошчы была адкрытая мемарыяльная дошка, прысвечаная беларускаму асветніку. Мы ж вядзём гаворку пра манументальны помнік, адпаведны маштабу гэтай асобы. Дзяржаўныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь вымагаюць пашырэння беларускай культуры ў замежжы і перш за ўсё ў суседніх краінах.

Пра тое, што ў Менску ёсць ужо вуліца Францішка Скарыны, нам паведамляе намеснік старшыні Менгарвыканкама І. В. Карпенка. Мы ведаем пра гэта. Аднак, на нашу думку, у свой час праспект Францішка Скарыны скасавалі паспешліва і неабдумана, без шырокага грамадскага абмеркавання, а вуліцу Скарыны перанеслі за гістарычныя межы горада. Чым, акрамя таго, знішчылі важны тапонім "Старабарысаўскі тракт". Аргкамітэт лічыць, што праспект Францішка Скарыны ў Менску павінен быць у цэнтры горада. Трэба вярнуць гэтае імя галоўнаму праспекту сталіцы!

Спадар Карпенка слушна заўважыў, што ў горадзе не можа быць двух аб'ектаў тапанімікі з адным найменнем. Але ў межах Менска маем вуліцу Леніна, вуліцу Ульянаўскую, Ленінскі раён, станцыю метро "Плошча Леніна". Чаму ж нельга надаць галоўнаму праспекту імя нашага вялікага суайчынніка - імя, якое з'яўляецца візітнай карткай Беларусі ва ўсім цывілізаваным свеце?

І апошняе. Францішак Скарына друкаваў кнігі для асветы свайго народа ў роднай мове, якая цяпер, на жаль, занядбаная самой беларускай дзяржавай. І наш святы абавязак - пачаць адраджэнне беларускай школы. Лік беларускіх школ павінен адпавядаць працэнту грамадзян краіны, якія паводле апошняга перапісу прызналі роднай мовай беларускую. Адраджэнне беларускай школы ў краіне стане найлепшым ушанаваннем памяці Францішка Скарыны, найлепшым падарункам 500-гадоваму юбілею беларускага кнігадрукавання. Толькі тады подзвіг Скарыны будзе па-сапраўднаму аддзячаны нашчадкамі. Гэта стане трывалым падмуркам нашай культуры, гарантам неўміручасці нацыі. Ушанаваць з годнасцю 500-гадовы юбілей беларускай Бібліі - наш агульны клопат і ганаровы абавязак.

Радзім Гарэцкі, акадэмік НАН Беларусі;

Леанід Лыч, прафесар, доктар гістарычных навук;

Генадзь Лыч, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь;

Арсень Ліс, доктар філалагічных навук;

Мікола Купава, сябар Беларускага саюза мастакоў;

Зьміцер Санько, галоўны рэдактар выдавецтва "Тэхналогія";

Мікола Савіцкі, прафесар;

Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва;

Ірына Дубянецкая, доктар філасофіі, доктар сакральнай тэалогіі;

Анатоль Верабей, кандыдат філалагічных навук, дацэнт БДУ.



Старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Аб выпуску ў абарачэнне памятнай манеты,

прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання

Паважаны Алег Антонавіч!

Выказваем Вам падзяку за праяўленую цікавасць да пытанняў эмісійнай дзейнасці Нацыянальнага банка.

У адказ на Вашу прапанову выпусціць у абарачэнне ў 2017 годзе памятную манету, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, з выявай Францыска Скарыны (пісьмо ад 20.10.2016 № 71) паведамляем наступнае.

Нацыянальны банк у 2015 годзе пачаў работу па ўвекавечанні гэтай падзеі. Праўленнем Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб выпуску серыі сярэбраных і медна-нікелевых памятных манет "Шлях Скарыны". Серыя ўключае 6 манет, кожная з якіх прысвечана пэўнаму гораду, які стаў знакавым у жыцці і дзейнасці беларускага першадрукара (Полацк, Кракаў, Падуя, Венецыя, Вільня і Прага).

На памятных манетах будуць прадстаўлены гарады, непасрэдна звязаныя з выданнем Бібліі. Так, у Полацку Францыск Скарына нарадзіўся, у Кракаве атрымаў вучоную ступень доктара вольных мастацтваў, у Падуі - ступень доктара медыцыны. У Венецыі, дзе працавалі найлепшыя майстры кніжнай справы таго часу, фарміраваліся тэкставыя і эстэтычныя асновы Бібліі Скарыны. У Празе Францыскам Скарынам была выдадзена Біблія на старабеларускай мове, а Вільня стала працягам яго выдавецкай дзейнасці, адзначанай арганізацыяй першай друкарні на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Ужо выпушчаны ў абарачэнне памятныя манеты "Шлях Скарыны. Полацк" і "Шлях Скарыны. Кракаў". Да канца 2016 года будзе аб'яўлена аб выпуску ў абарачэнне памятных манет, прысвечаных Падуі і Венецыі. Завяршыць серыю плануецца ў 2017 годзе да 500-годдзя выдання Бібліі.

Акрамя таго, пры распрацоўцы эскізных праектаў банкнот і манет, якія з'яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны банк неаднаразова звяртаўся да тэмы спадчыны Францыска Скарыны. Напрыклад, на рэверсным баку памятнай манеты "Мінск. Сталіцы краін ЕўрАзЭС" адлюстраваны помнік, устаноўлены беларускаму першадрукару каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, на адваротным баку банкноты наміналам 10 беларускіх рублёў узору 2009 года выкарыстаны знак у выглядзе сонца і месяца з гравюр Скарыны.

Больш падрабязная інфармацыя аб выпушчаных у абарачэнне Нацыянальным банкам банкнотах і манетах размяшчаецца на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка ў раздзеле "Банкноты і манеты".

З улікам выкладзенага лічым, што Нацыянальны банк як эмісійны цэнтр Рэспублікі Беларусь удзяляе дастатковую ўвагу асобе Францыска Скарыны і яго ўкладу ў гісторыка-культурную спадчыну нашай краіны. У сувязі з гэтым выпуск у абарачэнне грашовых знакаў, прысвечаных беларускаму першадрукару, дадаткова да ўказаных вышэй не плануецца.

Намеснік Старшыні Праўлення Д.М. Лапко.


Ірыне Дубянецкай:Біблія чакае перакладу на жывую сучасную беларускую мову

Паважаная спадарыня, з вялікай цікавасцю і радасцю ўспрыняла Ваіла паведамленне аб прывядзенні ў адпаведнасць тэкстаў Святога Пісання з сучаснай беларускай літаратурнай мовай. Нарэшце і настаўнік каталіцкага веравызнання, як і праваслаўнага, зможа ўзяць кнігу Святога Евангелля і выкарыстаць на ўроку мовы, літаратуры, гісторыі, на пазакласных занятках. Прычын, умоў, тэм для гэтага ёсць дастаткова. Бо Вы, як і шаноўныя чытачы - педагогі нашай газеты, добра ведаеце, што настаўнік пры рабоце з дзецьмі мае права карыстацна толькі той літаратурай, якая цалкам адпавядае ўсім лексічным, граматычным, правапісным нормам мовы, афіцыйна зацверджаным і прынятым у нашай краіне.

Адразу кінулася ў вочы названае імя Сына Божага. Вядома, што праваслаўным некалі прыйдзецца прыняць напісанне, зацверджанае і зафіксаванае ў нарматыўных слоўніках - Ісус.

А вось чаму Вы так катэгарычна заявілі пра імя Ян - не разумею.

Па-першае, хочацца верыць, што гэтае пытанне будзе перагледжана хаця б у знак глыбокай павагі да гістарычнай спадчыны Скарыны, паколькі наш першадрукар ужываў імя Іаан. Напрыклад, адгортваем энцыклапедычны даведнік "Францыск Скарына і яго час" (Мн., 1988) і на с. 17, 32, 66, 145 і інш. чытаем: Іаан, Лука (с. 66, 184, 203) і інш.

Магчыма, трэба пацікавіцца, як пытанне перакладу тэкстаў Святога Пісання вырашылі праваслаўныя. Пажадана не супрацьпастаўляць сябе ім. А калі ўжо закрануць пытанне экуменізму, то якраз цяпер той самы час распачаць яго вырашэнне на першых парах хаця б на лексічным узроўні. Веру, што некалі і католікі, і праваслаўныя Беларусі сядуць за адным сталом і будуць абмяркоўваць падобныя пытанні разам, няхай сабе ўжо не пры нас.

Па-другое, варта лічыцца і з гістарычнай спадчынай Каталіцкай Царквы. Бо тады як растлумачыць паходжанне назвы духоўна-рыцарскага ордэна Іааніты, які ўзнік як брацтва пры шпіталі Святога Іаана ў Іерусаліме (каля 1070 г.). Гэтая назва зафіксавана ва ўсіх беларускіх літаратурных крыніцах. А яшчэ, на наш погляд, пажадана з павагай аднесціся да іааніта - беларуса, прадстаўніка Мальтыйскага ордэна нашага часу. Пра каго ідзе гаворка, Вы добра ведаеце.

Думаецца, што будуць, акрамя імён, правільна ўжыты (у адпаведнасці з афіцыйна прынятымі нормамі) усе геаграфічныя назвы: Іардан, Іарданія, Іерусалім, Віфлеем, Фавор і інш., а таксама словы іудзей, яўрэй і інш. Знойдуць месца суаднясенні паняццяў кадзіла (кадзільніца) - ладан, будзе правільна названы літаратурны жанр прытча, разгледзяцца значэнні і асаблівасці ўжывання займеннікаў каторы - які і шмат інш.

Пажадана размежаваць паняцці пан - Гасподзь.

Тэрмін Гасподзь зафіксаваны ў слоўніках з савецкіх часоў, напрыклад: "Слоўнік беларускай мовы" пад рэд. М.В. Бірылы (Мн., 1987), с. 177. Прыстойнае тлумачэнне значэння гэтага слова можна прачытаць у II т. "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы" (Мн., 1978) пад агульнай рэдакцыяй К. Крапівы, с. 38. Тут нават прыведзены агульнаўжывальны народны выраз "Не дай, Гасподзь" з тлумачэннем няхай не будзе гэтага. Ды і Ф. Скарына ўжывае ў сваіх тэкстах спалучэнне Гасподзь Бог (с. 94, 100 і інш.).

Што тычыцца тэрміна Пан, скажу наступнае. З цікавасцю прачытала (і не адзін раз!) артыкул нашага вядомага лінгвіста Жлуткі А. "Пан, Госпад, Спадар?.." у часопісе "Наша вера" № 1 за 1995 г. (с. 80-88). Усё тут зразумела і вельмі правільна. Але аднабакова. Гэта зроблена ў апраўданне ўжывання Пан у Каталіцкай Царкве Беларусі (па аналогіі з польскай мовай).

Шаноўны аўтар не сказаў, што ў нас, беларусаў, слова пан можа мець і іншую афарбоўку, ужывацца ў прыніжаным значэнні, часам нават не з гумарам, а з сарказмам. Не буду называць такія творы з розных жанраў фальклору, дзе гэта вельмі выразна відаць. Іх усе добра ведаюць са школьных гадоў. А мастацкая класічная літаратура? Чаго толькі вартыя вобразы пана Быкоўскага, пана Цабы, пана падлоўчага, пана ляснічага і іншых літаратурных герояў, з якімі вучні знаёмяцца ў школе.

А гісторыя? Тут нават ёсць свой Пан - паганскі бог лесу, палявання. Яму ў Палесціне на спецыяльным капішчы ўскладалі ахвяры, як і Ваалу. У гонар гэтага Пана быў збудаваны горад, якому далі назву Панаіда (Панеіда). Потым сын Ірада Філіп Панеіду пашырыў і назваў Кесарыяй. Затым у адрозненне ад Кесарыі Прыморскай горад стаў называцца Кесарыяй Філіпавай. Евангелісты сцвярджаюць, што землі Кесарыі Філіпавай наведваў Ісус Хрыстос (Мф 16, 13; Мк 8, 27).

Яшчэ хачу прыгадаць некаторыя факты з уласнага вопыту метадычнай працы. Старэйшыя педагогі майго веку памятаюць, што пры планаванні пазакласнай працы ў школе савецкага часу абавязкова трэба было ўлічыць раздзел "Атэістычнае выхаванне". Без яго план не мог быць зацверджаным. Што было рабіць, весці агітацыю супраць Адзінага Бога? Вядома ж не. I тут на дапамогу прыходзілі язычніцкія багі. I скажу, што настаўнікам і дзецям падабалася параўноўваць нашага беларускага дзеда-лесавіка з паганскім Панам - чалавекападобным, але з рагамі, капытамі. Вучні рабілі параўнальныя малюнкі, праводзіліся конкурсы, выставы. Такія мерапрыемствы ўхвалялі і кіраўнікі школ, і тыя, хто правяраў працу ў школах.

Вядома, цяпер іншы час. Настаўнік пры неабходнасці можа спасылацца на канфесійную літаратуру, ёю карыстацца.

Што тычыцца дапрацоўкі Святога Пісання, то добра, калі ключавыя словы тэксту будуць адназначнымі, зразумелымі, без падтэксту, без лішняй экспрэсіўнай афарбоўкі, а мова ў цэлым узвышаная, сакральная, не прыніжана да прастамоўя. Тады ў школах і для вывучэння стыляў мовы будзе прапанаваны канфесійны стыль. Але такі стыль павінен быць распрацаваным.

Валянціна Раманцэвіч.


Стваральнік жывых твораў

(Заканчэнне. Пачатак на ст. 1.)

Хоць яго творчы, як і жыццёвы, шлях не быў усыпаны ружамі, але створана Эрнестам Ялугіным нямала. Гэта раманы "Мсціслаўцаў посах", "Ідзі і кажы", "Перад патопам" і інш., аповесць "Без эпітафіі" (пра трагічны лёс Цішкі Гартнага) і інш., нарысы "Салёная планета" і інш., эсэ "Толькі камяні" і інш., драматычны твор "Свечкі на дзяды" і інш., сцэнар дакументальнага фільма "Мсціслаў: звенні часу" і інш. Асабліва адзначыўся творца ў стварэнні кніг гістарычнай тэматыкі. Эрнест Ялугін уласнымі сродкамі і з сяброўскай фінансавай падтрымкай выдаў нядаўна выбранае сваіх твораў у трох тамах. Першы том змяшчае раман "Ідзі і кажы", які распавядае пра падзеі ў XVI стагоддзі (з экскурсамі ў мінулае і будучае) на тэрыторыі тагачаснай беларуска-літоўскай дзяржавы ВКЛ, а таксама ў Маскоўскім княстве. У другім томе змешчаныя творы, заснаваныя, паводле слоў самога аўтара, на рэальных падзеях ("Свечкі на Дзяды", "Святло прадоння" і "А потым - Рай"), яны прысвечаныя сучаснасці і не такой ужо далёкай мінуўшчыне. Такая ўжо яго творчая пазіцыя. Трэці том змяшчае зноў жа гістарычны раман "Перад патопам", які ў многім спалучаны з раманам "Ідзі і кажы", але ў ім пададзены падзеі другой паловы XVI стагоддзя.

Пра раман першага тома "Ідзі і кажы" неабходна распавесці разгорнута. Гэты раман, як і амаль усе творы Эрнеста Ялугіна, пра Радзіму, каханне, здраду, людзей годных і нягодных, пра адносіны і стасункі паміж імі і многае іншае. Адразу трэба адзначыць, што "Ідзі і кажы" напісаны ў рэчышчы гістарычнай мастацкай прозы, якая вымагае не толькі ўстанаўлення фактаў мінулага, але і яскравага іх адлюстравання. Нашаму аўтару гэта ўдалося. У яго атрымаўся жывы ва ўсіх адносінах твор. Перад намі само жыццё яго герояў і іх эпохі.

Пераканаўча, з даследчыцкай трапнасцю аўтар абмалёўвае характар мсціслаўскага княжыча Фёдара, які пайшоў на здраду сваёй Айчыне, збег у Маскоўскае княства да вялікага князя Васілія, за што давялося плаціць дарагую цану яму самому і яго радзіме. Закаханасць княжыча ў пляменніцу маскоўскага князя і аднолькава незадаволенасць сацыяльным становішчам, пакуль што адпушчаным яму дома, не апраўдвае здраду.

Персанаж беларускай міфалогіі Дзіў, прысутнасць якога абзначаецца ў рамане ўжо з першых старонак твора, сцвярджае, што ўсё, і каханне ў тым ліку, у параўнанні з вернасцю радзіме не павінна мець літасці. Радзіма - вышэй за ўсё. Любоў да яе - самае першае і высокае духоўнае пачуццё. Ці ні пра гэта гаворыць ускосна прысутны ў рамане і Францыск Скарына ў сваіх прадмовах да Бібліі: "Понеже от рождения звери, ходящие в пустыні, знают ямы своя; птицы, летающие по воздуху, ведают гнезда своя; пчелы и им подобная боронять ульев своих, - тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть в Бозе, к тому месту великую ласку имають".

Вось жа пасля перабегу княжыча Фёдара ў Масковію пачасціліся ўварванні маскоўцаў на землі ВКЛ. Тых маскоўцаў добра і трапна ахарактарызаваў народ Мсціслаўшчыны, пра што засведчана ў "Слоўніку беларускай мовы" Івана Іванавіча Насовіча: "Не паі маскву, яна і так п'яная, не дуры маскву, яна і так дурная".

Вядома, што ў Масковіі і ўсе яе жыхары-насельнікі ад самага высокага статусу баярына да апошняга смерда былі халопамі цара. Вось яна - пераемнасць пабудовы, структуры ўлады Залатой арды і імперыі Чынгіз-хана. У ВКЛ жа магнатэрыя і шляхта (нават дробная) у пэўнай ступені, у адрозненне ад смердаў, перад вялікім князем і каралём пачувала сябе больш-менш вальготна. Нават прыгнечаны працоўны люд - сяляне і рамеснікі тут былі ў крыху лепшым становішчы, чым той жа люд на ўсходзе. Пра гэта мы даведваемся з вуснаў простых людзей, што зафіксавана ў рамане: "У Вялікім княстве падаткамі народ стрыгуць дагала, а ў Масковіі і ўвогуле скуру абдзіраюць". Вось жа ў такіх умовах жыве мсціслаўскі падлетак Пятрок (будучы друкар Пётр Мсціславец), каб апынуўшыся потым у Маскве, пераканацца ва ўсім гэтым.

Рэльефна, выразна абмаляваная магнатэрыя ВКЛ і Кароны (асабліва ў раздзелах 13 і 14 рамана "Вабнае зіхаценне палацаў" і "Каралеўства забавы") і гаспадара Масковіі з яго рабскім атачэннем (самадурства, крывадушша, жорсткасць, агрэсіўнасць, подласць, помслівасць, баязлівасць і інш.). Эрнест Ялугін пераканаўча раскрывае сакрэты, таямніцы і інтрыгі княскага, каралеўскага і царскага двароў-прыходаў .

У кантэксце гістарычнай праўды праглядаецца нешчаслівы лёс Беларусі-Літвы ў рэчышчы супрацьстаяння Азіі і Еўропы. Наша зямля тады была ўсходнім фарпостам Еўропы. Мяжа між Еўропай і Азіяй у тыя часы пралягала па левым беразе Дняпра бліжэй да Масковіі. І вось нашы продкі былі, фігуральна кажучы, між молатам і кавадлам. Не часта ў часы смяротнай небяспекі спяшаўся ім на дапамогу захад. Наадварот, ён быў схільны да аслаблення ВКЛ, каб пасля здзейсніць у яго бок акт інкарпарацыі. І пра гэта можна даведацца з рамана "Ідзі і кажы". Тут жа падаюцца батальныя сцэны Аршанскай бітвы на Крапівінскім полі і на рацэ Крапіўна.

Ад першай і да апошняй старонкі тэкст рамана "Ідзі і кажы" здольны трымаць чытача ў трывожным напружанні. Але ў той жа час у ім ёсць і жартаўлівыя моманты. Такі раман створаны дзякуючы здзіўляльнай энцыклапедычнай эрудыцыі аўтара, глыбокаму веданню чалавечай псіхалогіі, вядома, у бліскучым, непаўторным стылістычным выкананні-афармленні. Яго пяру падуладны і тонкія пейзажныя замалёўкі і трывожна-містычны стан прыроды. Яны ў яго на ўзроўні высокай паэзіі. І таму ствараецца ўражанне, што аўтар не стылізуе, а піша з натуры.

Нельга не сказаць пра кампазіцыйную пабудову рамана, які складаецца з 37 раздзелаў. І што паказальна: кожны раздзел існуе нібыта асобна, самастойна, аўтаномна, а між тым, яны звязаны між сабой і тэматычна, і ідэйна, і сюжэтна, і стылістычна і разам складаюць адзінае цэласнае. Гэта неразрыўнае пано, якое складаюць нібыта самастойныя мазаікі. Як гамераўская "Іліяда" і "Адысея".

Дарэчы, "Ідзі і кажы", як і амаль усе творы Эрнеста Ялугіна, не "падпарадкоўваюцца" тэхніцы хуткага чытання. Глыбока напісаны, раман гэты патрабуе ўдумлівага, можа, нават і ўслых чытання, - чытання на ўзроўні мастацкага выканання.

Неабходна адзначыць, што "Ідзі і кажы" ствараўся цягам дваццаці гадоў, улічваючы, вядома, што аўтар карпатліва даследаваў розныя летапісы, хронікі, акты, дакументы, паданні і інш.; вывучаў творы айчынных і замежных гісторыкаў, мысліцеляў і пісьменнікаў (больш за сотню адзінак!); творча кантактаваў з гісторыкамі-сучаснікамі М. Ермаловічам, М. Ткачовым, А. Трусавым, К. Тарасавым, М. Чарняўскім, А. Белым, З. Сіцькам, А. Пухоўскім і інш. Неацэнную дапамогу аказваў яму сваімі кансультацыямі наш славуты гісторык Мікалай Мікалаевіч Улашчык. Таму раман, можна лічыць, у пэўнай ступені атрымаўся і дакументальным творам. А адкрываецца том з раманам прадмовай доктара гістарычных навук, прафесара Анатоля Пятровіча Грыцкевіча "З гістарычнай дакладнасцю і мастацкай выразнасцю", у якой прызнаецца бясспрэчная ўдача пісьменніка і выказваецца спадзяванне на прыхільную сустрэчу чытачамі гэтага твора.

Вялікі Э. Кант калісьці прапаноўваў вырваць з рук моладзі раманы і аповесці, якія не скіроўваюць яе да высокага жыцця. Гэта ні ў якой ступені не тычыцца твораў Эрнеста Ялугіна. Сёння яны неабходны чытачу, асабліва беларускаму патрыёту. Насычаныя бясспрэчнай інфармацыяй шырокага дыяпазону, з'яўляюцца яшчэ, да ўсяго, удзячнай крыніцай для навукоўцаў-даследчыкаў: гісторыкаў, мовазнаўцаў, рэлігіяведаў, псіхолагаў і інш. Як і ва ўсіх яго творах, у рамане "Ідзі і кажы" багата дэтальнага апісання інтэр'ераў і экстэр'ераў палацаў і храмаў, зброі, палявання-забаў, цырымоній магнатэрыі, царкоўных рытуальных прыналежнасцей, адзення, прычосак, рознага начыння, пітва і страў, жытла беднага люду і многага іншага. Дарэчы, "Ідзі і кажы" можа быць і вартым спадарожнікам падручніка па гісторыі Беларусі.

Няма сумневу, што раман "Ідзі і кажы" нароўні з іншымі творамі Э. Ялугіна - важкі ўнёсак у скарбніцу прыгожага беларускага пісьменства, унёсак, які яе ўзбагачае.

Яўген Гучок , паэт, публіцыст.


Яшчэ адна нагода для асэнсавання беларуска-польскіх літаратурных сувязяў

Да выхаду беларускамоўнага перакладу рамана Т. Даленгі-Мастовіча "Знахар"

Толькі што абвешчаны "Месяц польскай літаратуры ў Беларусі" - гэта магчымасць спазнаць культурную спадчыну блізкага беларусам народа-суседа, яго менталітэт, а таксама пазнаёміцца з творамі польскіх літаратараў як класікаў, так і сучасных аўтараў. Добрым пачаткам гэтага мерапрыемства, які стаў магчымым дзякуючы апецы Амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі і Польскага інстытута ў Менску, стала прэзентацыя беларускамоўнага перакладу рамана польскага пісьменніка беларускага паходжання Тадэвуша Даленгі-Мастовіча "Знахар", што пабачыў свет у выдавецтве "Логвінаў".

У матэрыяле, апублікаваным у газеце "Наша слова" (№ 32 ад 10 жніўня 2016 г., аўтар Э. Дзвінская) вядомы глыбоцкі краязнавец У. Скрабатун на падставе сваіх гістарычных росшукаў сцвярджае, што прататыпам галоўнага героя рамана "Знахар" пісьменнік Тадэвуш Даленга-Мастовіч зрабіў вядомага ў міжваенны час жыхара роднага мястэчка Глыбокае Міхала Алега Нагушча. У доказ сваёй здагадкі краязнавец прыводзіць памятныя многім глыбаччанам звесткі пра гэтага мясцовага знахара - Міхала Алега Нагушчу, які, нягледзячы на калецтва, вельмі доўга, аж да самай смерці ад рук нацыстаў, паспяхова практыкаваў лячэнне мясцовых жыхароў.

Гэтыя акалічнасці вельмі дарэчы, улічваючы новую хвалю цікаўнасці да асобы пісьменніка Тадэвуша Даленгі-Мастовіча, якая была засведчана пад час адкрыцця Месяца польскай літаратуры ў Беларусі і прэзентацыі беларускамоўнага перакладу рамана Т. Даленгі-Мастовіча "Знахар".

З гэтымі падзеямі беларускіх чытачоў і калектыў перакладчыц павіншаваў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік. Спадар амбасадар нагадаў біяграфію пісьменніка, якая цесна звязана з глыбоцкай зямлёй, яго драматычны лёс, а таксама адзначыў унёсак Т. Даленгі-Мастовіча ў польскую літаратуру.

Вялікае значэнне для ўзамаразумення паміж нашымі добрасуседскімі і братэрскімі народамі правядзенне Месяца польскай літаратуры таксама адзначылі дырэктар Польскага інстытута ў Менску Матэвуш Адамскі, каардынатар міжнародных праектаў выдавецтва "Логвінаў" Павел Касцюкевіч.

Сведчаннем таго, што таленавітая кніга, хоць і з арэолам забаўляльнага жанру, можа даносіць да чытачоў высокія пачуцці ахвярнасці і людскасці, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, стала мастацкае чытанне ўрыўкаў рамана "Знахар" у выкананні артыстаў Купалаўскага тэатра А. Маўчанава і Р. Падалякі. Артыстам удалося ў непрацяглых урыўках паказаць тонкі псіхалагізм і гуманізм твора і яго галоўнага героя - прафесара і выдатнага хірурга Рафала Вільчура.

Але галоўнымі героямі прэзентацыі беларускамоўнай версіі "Знахара" стаў жыночы калектыў перакладчыц у складзе Марыі Пушкінай, Ганны Янкуты, Марыны Шоды і Марыны Казлоўскай. Адказваючы на пытанне вядучага прэзентацыі паэта Андрэя Хадановіча наконт асаблівасцяў калектыўнага перакладу, дзяўчаты заўважылі:

- Раней мы былі ўпэўнены, што адзін твор павінен перакладаць адзін перакладчык. Але мы ўзяліся за працу сумесна. Усю працу над тэкстам даводзілася сумяшчаць з абмеркаваннямі зробленага. І калі ўзнікалі заўвагі ад сваіх каляжанак, то іх выпраўлялі. І калі не было магчымасці сустрэцца асабіста, даводзілася абмяркоўваць нейкія ўрыўкі ці нюансы перакладу з дапамогай інтэрнэту on-line. Ад непасрэднага кантакту пад час абмеркавання тэксту ў перакладчыц узнікала пачуццё арганічнасці сумеснай працы.

Перакладчыцы рамана "Знахар" Т. Даленгі-Мастовіча аднадушна выказалі падзяку за руплівую працу Марыйцы Мартысевіч, якая ў якасці рэдактара выдання паспрыяла таму, каб нейкія фрагменты тэксту палепшыць, удакладніць тэрміналогію, уніфікаваць пераклад стылістычна.

Пад час прэзентацыі перакладу "Знахара" вядовец вечарыны Андрэй Хадановіч нагадаў, што раман Тадэвуша Даленгі-Мастовіча "Знахар" мае агульную гісторыю з раманам Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" - абодва сюжэты спачатку былі асновай кінасцэнараў. Абодва творы былі адрынутыя цэнзурай, пыліліся ў архівах. Але, нягледзячы на такія абставіны, літаратурная іх вартасць была высока ацэнена чытачамі і ў наш час яны лічацца класічнымі.

Анатоль Мяльгуй.


Дакранальна да мудрасці Вярцінскага

Столькі напісана і пішацца ў творчым свеце рознага і падобнага. Мы, старэйшыя пісьменнікі, як бы і даследвалі думкай пражытае. Але асмелюся сказаць: вельмі прагне душа зрабіць адкрыццё бляскам думкі, прастатой радка, як, напрыклад, у Анатоля Вярцінскага:

Пра месца ў жыцці, як дзеці,

Гадаем, думаем, снім.

Месца маё ў свеце -

Месца ў сэрцы тваім.

Тое, найгалоўнае, што стварае шчасце. Хіба не трапна сказана? І так проста. Ці вось у такім спакойным філасофскім разважальным стылі паэт паказвае, як павінна быць у жыцці:

Чалавек узнімаецца ў гору

Да жаданай вяршыні,

Да запаветнага піку.

Нарэшце ўзняўся.

А на вяршыні, на запаветным піку

Стаіць другі чалавек,

Працягвае руку

І гаворыць:

"Вітаю цябе!

Я твой брат і друг,

Сапраўды верны друг.

Скончылася твая адзінота.

Хто раней узняўся, той падае руку - дасягнуць вяршыні і быць разам "на запаветным піку". Ланцуг дружбы, дзе і пачынаецца гармонія чалавечых адносін. "Што значыць сапраўдным другам быць? Любіць!.. Што значыць зямное шчасце здабыць? Любіць!". Яшчэ, часам, цярпець.

Цярпення прашу я, цярпення!..

Што ўбачыш у гэтай пене -

У гэткай вось каламуці,

У месіве гэтым густым?..

Бачыце: вецер сціхае…

Яна на дно асядзе.

І мы скрозь чысты слой

У люстраной гладзі

Убачым зноў воблік свой.

Цярпенне ж - не бяздзейнасць, гэта якраз напружанне думкі, паскоранае біццё сэрца. Каб не нарабіць шкоды і сабе, і справе, вызначыцца для дзеяння. Тады і ўбачым "адбітак зорак, вечнасці самой". А ў руках вечнасці - чалавецтва.

Ча-ла-вец-тва! - крыкну я,

І, здаецца, адзавецца

Дальняя будучыня мая…

Чалавецтва будзе жыць…

"Ча-ла-вец-тва"! У слове знакавыя злучкі. Такая выяўна намёклівая, энергічная філасофія разважання паэта Вярцінскага. І, здаецца, ён кажа, што жыццё раскрывае здагадку: не спяшайцеся памыляцца.

Пытальная манера, мастацкі прыём, заклікае думаць. Недзе ў глыбіні кожнага пытання - смутак ад нашай духоўнай цемнаты, адсутнасці высокіх парываў. Але ў сваёй думцы ён упэўнены. Чытаем пра мову:

Будуць адказы - не будзе страчана,

Не знікне, не згіне мова матчына,

Мова бацькоўская, слова роднае -

Мілагучнае, гожае, годнае.

І ставіць паэт крытычныя пытанні, як гляне на моўную мадэрнізацыю:

Іншы час - іншае слова?

"Файна", "супер", "клёва", "крута"…

Што тут прагрэс, а што атрута?

Тут рух наперад, альбо ступар?

Як змагар думкай, словам за волю Айчыны, супраць дурноты і розных прыёмаў зла, ён выяўляе і прымае шчасце "другое - суровае, зімняе, што знаходзіць свой шлях у муках і баях…". Пра гэта нямала вершаў. Але я спынюся на тым, што кранальная паэтычная філасофія Анатоля Ільіча не разыходзіцца з жыццём. У маім творчым лёсе ён адзіны друг, з думкай якога хочыцца зверыць сваю думку. Хоць рэдка бываем у кароткіх перамовах, але радасна, што ён ёсць.

Анатоль Ільіч адгукальны на покліч і суразмоўны з маёй неспакойнай душой. Я, дакранальна да мудрасці Вярцінскага, раблюся натхнёнай.

Марыя Баравік.


Чытай!

Хачу, каб міг самы дробны

Пражыць і заўважыць каб -

Жыцця залатыя кроплі -

Кап-кап-кап…

Анатоль Вярцінскі.


Паэце, спакой! Прытомнасць!

У суравей, адлігу

Не думай пра збор шматтомны -

Пішы залатую кнігу!


"Жыцця залатыя кроплі" -

Як з росаў, кроплі з душы -

Разглядвай пад мікраскопам

Сумлення свайго. Пішы!


Пад мікраскопам, свабодна,

Разглядвай і выясняй

Жыццёвы "міг самы дробны",

Дзе - праўда і, дзе - хлусня…


Дзе пёкам смыліць жывінка,

Дзе й кропля - вялікі свет,

Дзе лепшы наш час - хвілінка

І Божы ў ёй Запавет.


Талент - гэта й прытомнасць:

(Ці ў суравей, ці ў адлігу)

Не марыць пра збор шматтомны -

Пісаць разумную кнігу.


З'явіся, чытач вясновы!

Хоць з наваколля мінскага.

Чытай з захапленнем новым

"Святло зямное" Вярцінскага!

Марыя Баравік.


У Магілёве абмеркавалі захады па стварэнні музея Алеся Адамовіча

Да 90-годдзя Алеся Адамовіча ўрэшце з'явілася надзея на стварэнне ў яго роднай вёсцы Глуша Дома-музея, прысвечанага гэтаму выбітнаму беларускаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу.

5 лістапада 2016 года ў Магілёве адбылася сустрэча ў фармаце круглага стала па тэме "Музей Алеся Адамовіча: супрацоўніцтва грамадства і ўлады". На абмеркаванні прысутнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ігар Марзалюк, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, чыноўнікі ад Бабруйскага раёна - радзімы Алеся Адамовіча. Актыўны ўдзел у сустрэчы ўзялі актывісты розных грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, краязнаўцы і гісторыкі, чальцы пісьменніцкіх саюзаў, рэпарцёры. Прыехала і дачка Алеся Адамовіча - Наталля Адамовіч, якая ўжо даўно займаецца справай стварэння музея.

На пачатку сустрэчы Ігар Марзалюк узгадаў значнасць фігуры Алеся Адамовіча ў справе яднання беларусаў і выказаў здіўленне з нагоды таго, што ў абмеркаванні не прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры. Дэпутат прапанаваў стварыць рэспубліканскі камітэт святкавання 90-годдзя Алеся Адамовіча.

Яго падтрымала і Алена Анісім, яна ў сваю чаргу прапанавала ўключыць гэтыя мерапрыемствы ў план дзейнасці Міністэрства культуры на наступны год, а музею надаць статус нацыянальнага.

Ідэю стварэння цэлага музейнага комплексу кшталту Купалаўскага ці Коласаўскага выказаў кандыдат філалагічных навук Яраслаў Клімуць. Гэта, на яго думку, зможа прыцягнуць большую колькасць турыстаў, а сродкі, акрамя дзяржаўных, можна сабраць праз дабрачынныя тэатральныя пастаноўкі, кінапаказы.

Актыўна абмяркоўваліся стан будынка і захады, якія трэба тэрмінова зрабіць для яго захавання, былі агучаны сумы, неабходныя на першым этапе для распрацоўкі праекту яго аднаўлення. Узгадалі і ўсе папярэднія працы і мерапрыемствы, праведзеныя як мясцовымі ўладамі, так, у прыватнасці, і Таварыствам аховы помнікаў.

Трэба сказаць, што папярэдне ўжо сабрана невялікая сума (каля 9 міліёнаў недэнамінаваных рублёў) на дабрачынны рахунак, які быў адкрыты адмыслова для збору сродкаў на стварэнне музея. А падчас круглага стала была агучана заява Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч аб тым, што яна ўнясе ў фонд музея пяць тысяч долараў.

Гарачыя спрэчкі сярод удзельнікаў сустрэчы выклікаў эмацыйны выступ Алега Дзьячкова - старшыні гарадской суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны. Па яго словах, дзяржаве трэба мяняць адносіны да нацыянальнай культуры, бо, напрыклад, творчасць Алеся Адамовіча нават не ўключана ў школьную праграму. Не ўсё добра і з невялікімі вясковымі музеямі. Так, на сёняшні дзень у вельмі крытычным стане знаходзяцца два музеі на радзіме нашых знакамітых землякоў Аркадзя Куляшова і братоў Гарэцкіх. І гэта адбываецца яшчэ і таму, што такія музеі практычна выключаны з усіх турыстычных маршрутаў, і мала хто пра іх ведае, хоць гэта адны з самых вядомых беларускіх літаратараў.

У выніку ўсіх абмеркаванняў было прынята рашэнне стварыць пры абласной суполцы Таварыства беларускай мовы грамадскую раду, якая будзе кантраляваць збор сродкаў на музей. На рэспубліканскім узроўні прапанавана стварыць нацыянальны аргкамітэт па святкаванні 90-годдзя Алеся Адамовіча. Камітэт павінен падрыхтаваць серыю мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці пісьменніка, сярод якіх будзе і стварэнне музея. Па дапамогу ў фінансаванні было вырашана звярнуцца да органаў Саюзнай дзяржавы, а тэатральным калектывам рэспублікі прапанаваць правесці дабрачынныя спектаклі. Прынята і прапанова ад ТБМ у правядзенні валанцёрскіх прац па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол музея. А яшчэ прысутныя параілі надаць імя Алеся Адамовіча бібліятэцы ў вёсцы Глуша.

Сустрэчу зладзілі ў сценах "Тэхнапарка" пры падтрымцы і актыўным удзеле сяброў Магілёўскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.

Алесь Сабалеўскі, 6tv.by.


Святлана Алексіевіч і Герта Мюлер выступілі ў Мюнхенскім універсітэце

Навіны Германіі

Беларуская і нямецкая нобелеўскія лаўрэаты ўпершыню сустрэліся ў рамках Літаратурнага фэсту, які праходзіць у сталіцы Баварыі.

Тэмай сустрэчы сталі мова і паэзія пры дыктатуры, паведамляе "Наша Нiва" са спасылкай на "Suddeutsche Zeitung".

Актавая зала Мюнхенскага ўніверсітэта 11 лістапада быў перапоўнены: ахвотнікаў паслухаць адразу двух пратаганістаў сучаснай літаратуры сабралася нямала. Мадэратарам выступіў рэдактар "Suddeutsche Zeitung" Йенс Бiскi (Jens Bisky).

Калі Святлану Алексіевіч прадстаўляць беларускай публіцы няма патрэбы, пра Герту Мюлер варта сказаць пару слоў. Яна нарадзілася ў Румыніі, у 1987 годзе пераехала ў Германію. Асноўнай тэмай яе твораў стаў досвед таталітарнай штодзённасці. У 2009 годзе ўзнагароджана Нобелеўскай прэміяй - за створаны ў яе творах "пейзаж бяздомнасці (Heimatlosigkeit)".

Тэма, якая абмяркоўвалася, вельмі хваравітая для нямецкай пісьменніцы, маці якой была ў лагеры, і якая сама пераследвалася ў сацыялістычнай Румыніі. У дыскусіі яна падагульніла сваю спрактыкаванасць у "мове прыгнечаных", якая часцей за ўсё была маўчаннем ці кароткімі, загадкавымі выразамі: "Вецер халадней за снег" ці "Смага горш за голад".

Успамінамі пра сваё дзяцінства гэтыя разважанні развіла Алексіевіч. Яна распавяла пра вясковых жанчын, як яны ўспаміналі свае апошнія начныя гутаркі з мужамі - перад тым, як тыя пайшлі на фронт. Гэта таксама пра мову: ніколі больш не чула Алексіевіч такіх гутарак пра каханне. Менавіта гэты досвед пазней прывёў Алексіевіч да яе "раманаў у галасах".

Як адзначыла журналістка нямецкай газеты, гаворка пісьменніц была вельмі жвавай. Яны ніколі раней не сустракаліся, але шмат чулі адна пра адну. Гэта ўмацоўвала іх узаемную цікавасць. "У публікі склалася ўражанне, быццам яна падслухоўвае мастацкую гутарку на вышэйшым узроўні".

Хартыя-97.


Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці нямецка-беларускай выставы, прысвечанай "Трасцянцу"

Навіны Германіі

Беларуска-нямецкая перасоўная выстава, прысвечаная гісторыі лагера смерці "Трасцянец" адкрылася 8 лістапада ў Гамбургу. Адкрыццё выставы было прымеркавана да 75-й гадавіны адпраўкі першага цягніка з нямецкімі яўрэямі ў Менскае гета.

Удзел у адкрыцці выставы, прысвечанай найбуйнейшаму на тэрыторыі Беларусі лагеру смерці ў часы Другой сусветнай вайны, прынялі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў, настаяцель прыходу храма Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаўнікі ўраду ФРГ, а таксама пасол МЗС Германіі Фелікс Кляйн.

Арганізатары праекту - міжнародны адукацыйны цэнтр (Дортмунд), Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Раў, Фонд "Помнік забітым яўрэям Еўропы" (Берлін).

Праца над стварэннем выставы вялася з восені 2014 года. Распрацоўкай канцэпцыі выставы займалася беларуска-нямецкая працоўная група з ліку беларускіх і нямецкіх гісторыкаў, архівістаў і даследчыкаў.

Плануецца, што пасля Гамбурга выстава накіруецца і ў іншыя гарады Германіі, адкуль ішла дэпартацыя яўрэяў у Беларусь. У сакавіку 2017 года выстава адкрыецца ў Менску.

Паводле ibb.by (IL).


"Хаджу па залах ў захапленні..."

Мінула ўжо пяць гадоў ад таго дня (14 лістапада 2011 г.), як адышоў у іншы свет Анатоль Белы - стваральнік і старшыня культурна-асветніцкага клуба "Спадчына", Старадарожскага прыватнага мастацкага музея і сайта spadchyna.net.

Нехта лічыў яго дзіваком, бо як можна так апантана займацца справай, якая не толькі не дае матэрыяльных выгод, а наадварот, вымагае значных затрат і фінансавых сродкаў, і асабістага часу (ды не толькі свайго, а ўсёй сям'і).

Некаторыя бачылі ў ім ганарліўца можа таму, што зайздросцілі яго таленту гуртаваць вакол сябе людзей, пераадольваць тыя бар'еры, што ўзнікалі на шляху да дасягнення пастаўленай мэты.

Далёка не ўсім падабалася яго прынцыповасць і нягнуткасць, яго смеласць называць белае белым, а чорнае - чорным; не баяцца выказваць сваё бачанне вырашэння той ці іншай праблемы.

А былі і такія, што лічылі яго амаль ворагам.

Толькі А. Белы не азіраўся на цяжкасці-складанасці, на суды-перасуды, а рабіў справу, якую лічыў адзіна патрэбнай, і на многія пытанні ў яго быў адзін адказ: "Я раблю гэта для Беларусі".

Назапасіўшы значную колькасць твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтва, А. Белы, пачынаючы з 1984 г. арганізоўваў тэматычныя выстаўкі (усяго каля 20) у гарадах Беларусі, Яраслаўлі (Расія), ЗША.

З цягам часу калекцыя папаўнялася, і трымаць яе ў сутарэннях і запасніках было не мэтазгодна, а нават злачынна. А. Белы спрабуе знайсці выйсце: звяртаецца да гарадскіх уладаў з просьбай выдзеліць памяшканне для размяшчэння мастацкіх твораў і арганізацыі выставак, якія дзейнічалі б пастаянна. Толькі ў Менску (чаго і трэба было чакаць) такога памяшкання не знайшлося. Няўжо тупік?

Але ў г. Старыя Дарогі ў А. Белага ёсць бацькоўскі дом - і гэта выйсце з тупіка! На сямейнай, як кажуць, радзе гэты варыянт быў грунтоўна абмеркаваны. І жонка А. Белага Ала Мікалаеўна, і дачка Святлана, і зяць Віталь добра ўяўлялі ўсю складанасць і цяжкасць рэалізацыі гэтага праекту. Толькі хіба маглі яны замарозіць, затармазіць, не падтрымаць свайго мужа і бацьку ў ажыццяўленні мары і мэты ўсяго яго жыцця?!

Пра тое, як будавалася-дабудоўвалася пад будучы музей сядзіба Белых Яўхіма Фёдаравіча і Вольгі Сямёнаўны можна зрабіць справаздачу ў некалькіх тамах. А калі прыплюсаваць сюды нявыкарыстаныя А. Белым і яго сям'ёй шэрагі чарговых адпачынкаў, выхадных дзён, ды і проста патрэбных кожнаму чалавеку штодзённых гадзін для аднаўлення фізічных і духоўных сіл, то, як гавораць, стрэлка зашкальвае.

Але дзякуючы сумесным намаганням А. Белага, яго сяброў і аднадумцаў, яго сям'і, справа прыйшла да лагічнага канца: у снежні 1999 г. быў адкрыты першы ў Беларусі прыватны мастацкі музей А. Белага.

Толькі і тут знаходзіліся людзі з кагорты "Фамы нявернага", якія сумняваліся ў паўнавартасным функцыянаванні музея: і ад Менска далёка, і як даведацца пра музей - яго ж няма ў каталогу музеяў Беларусі. Некаторых насцярожвала тое, што музей прыватны, а гэта ў тыя часы атаясамлівался са словам "антыдзяржаўны".

Выказваліся нават такія меркаванні, што музей А. Белага нельга назваць музеем, бо ён не адпавядае музейным законам-канонам: і арганізацыя не тая, і карціны шчыльна размешчаны, ды і тэматыка яго надта ўжо беларуская (быццам у Беларусі павінна быць у першую чаргу іншая). Часта так заяўлялі тыя, хто ні разу не наведваў музей. А наведвальнікі выказваюць супроцьлеглую думку. Бо калі заходзіш у любую з васьмі залаў, то адразу акунаешся ў чароўны свет мастацтва, а ўсведамленне таго, што кожны экспанат адлюстроўвае часцінку тваёй Радзімы, яе сапраўднай гісторыі, якую і раней перапісвалі і цяпер перапісваюць, каб дагадзіць ці то ілжэсябру, ці то адкрытаму ворагу (што па сутнасці адно і тое ж), і дзе кожны мастацкі твор раскрывае таямніцы цярністага шляху нашых продкаў - ліцвінаў-беларусаў ці прыгажосць роднага краю.

Музей жыў. Ён прыцягваў увагу сваёй незвычайнасцю, нестандартнасцю, багаццем экспанатаў. Людзі прыязджалі з усіх куткоў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Наведвалі музей студэнты беларускіх універсітэтаў. Свае ўражанні ад убачанага выказала група экскурсаводаў Менска і Менскай вобласці, метадысты Менскага абласнога інстытута павышэння кваліфікацыі, слухачы ваенных курсаў, вучні і інш. Наведвальнікі знаёміліся з экспанатамі, з цікавасцю слухалі А. Белага, бо для многіх сапраўдная гісторыя Беларусі была белай старонкай - у савецкай школе такіх звестак не давалі.

Хаджу па залах ў захапленні,

І думаю: "Калі і дзе

Я быў ў такім вось акружэнні,

Ў такой,

мне роднай, грамадзе.

М. Ермаловіч

"На выстаўцы

Лявона Баразны".

Добра разумеючы, што для папулярызацыі дзейнасці музея неабходны такі сучасны інфармацыйны сродак як інтэрнэт-прастора, А. Белы становіцца ініцыятарам стварэння сайта. У гэтым яму дапамагалі тэхнічна дасведчаныя людзі. Даволі значная частка праекта была выканана дзякуючы нястомнаму і адказнаму Уладзіміру Раманоўскаму, ды і ўнук А. Белага, Алесь, добра валодаючы камп'ютэрнай тэхнікай, зрабіў важкі ўнёсак у справу свайго дзеда.

Пачалося другое, віртуальнае жыццё Старадарожскага мастацкага музея: сайт кругласутачна наведваюць, і колькасць гасцей даволі значная. Па колькасці гасцей можна меркаваць, у якім кутку планеты Зямля сумуюць па Радзіме нашы суайчыннікі. Калі разглядаць у працэнтных адносінах, то беларусы Рэспублікі Беларусь і беларуская дыяспара ЗША самыя актыўныя госці сайта (разам 70 - 80%), а ўлічваючы часавую розніцу, яны мяняюцца месцамі; за імі ідуць побач Расійская Федэрацыя і Кювейт. А адсюль меркаванне: у ЗША з'ехалі беларусы, якіх хвалюе лёс Радзімы, а ў Расію - у асноўным на заробкі. Заходзяць на сайт госці з Прыбалтыкі, Германіі, Польшчы, Турцыі і інш.

Акрамя інфармацыйна-асветніцкай ролі сайт www.spad chyna.net - гэта сваеасаблівая рэклама. Многія наведвальнікі гавораць, што даведаліся пра музей дзякуючы сайту. Некаторыя прызнаваліся, што адразу не зусім паверылі размешчанай на сайце інфармацыі, бо карцінку і падмаляваць можна. Але калі заходзілі ў музей, праходзілі па яго залах, знаёміліся з экспанатамі, до здзіўляліся, што такі цуд мог стварыць адзін чалавек. Кожны з наведвальнікаў выказваў падзяку, адзначаў унікальнасць музея.

А музей і сапраўды ўнікальны.

У Менску, у вялікіх і малых гарадах, у іншых населеных пунктах Беларусі багата дзяржаўных музеяў рознага кірунку: гістарычныя, гістарычна-краязнаўчыя, этнаграфічныя, мастацкія, літаратурныя, музеі знакамітых людзей, народнай творчасці, побыту і інш. Апошнім часам не здзівіць людзей і наяўнасцю прыватных музеяў. Тут ужо такі палёт фантазіі: музей гадзіннікаў, грошай, прасаў, драўляных лыжак, самагонных апаратаў, пустых бутэлек з-пад алкагольных напояў ("Антыбахус")... Усіх не пералічыць!

Але дасведчаныя людзі сцвярджаюць, што прыватны музей А. Белага - самы ўнікальны па змесце і самы вялікі па колькасці экспанатаў. А ўнікальны ён тым, што, па-першае, у ім знаходзяцца творы звыш 200 беларускіх мастакоў і скульптараў, а гэта вельмі высокі паказчык для прыватнага музея. Па-другое, тэматыка размешчаных у ім экспанатаў вельмі актуальная, жыццеважная: усе творы адлюстроўваюць сапраўдную гісторыю і сучаснасць Беларусі, уся дзейнасць музея скіравана на адраджэнне і захаванне спадчыны. Адзін з наведвальнікаў, пасля экскурсіі па музею даў такую ацэнку: "Тут сапраўдная Беларусь у Беларусі". Да гэтых слоў можна дадаць; "Старадарожскі мастацкі музей А. Белага вучыць любіць Беларусь".

Складана, а часам і "цяжка шлях нам церабіць да Беларусі", асабліва ў абставінах, калі, напрыклад, перад сумнавядомым рэферэндумам нацыянальнае (падкрэсліваю) тэлебачанне не адзін раз паказвала, дзе паставіць "галачку", каб прагаласаваць за двухмоўе, і ні разу - за беларускую мову.

Ішоў час і многае мянялася. Змянілася, як кажуць, аўра вакол музея, і значна ў лепшы бок. Зніклі насцярожанасць, недавер, што апаноўвалі людзей толькі пры ўпамінанні аб беларускім кірунку музея. Кола наведвальнікаў пашыраецца. Радуе тое, што даволі частымі наведвальнікамі музея стала моладзь, вучні агульнаадукацыйных школ. У кнізе водгукаў знаходзім запісы настаўнікаў і вучняў усіх школ Залужскай, Палажэвічскай, Паставічскай сярэдніх школ раёна. Прыязджалі на экскурсію вучні Дараганаўскай і Вяззеўскай школ Асіповічскага раёна. Знайшлі дарогу ў музей вучні з Салігорска і Бабруйска і інш. Настаўнікі заўжды выказваюць падзяку Але Мікалаеўне і Міхаілу Антонавічу за праведзеную экскурсію, за магчымасць азнаёміцца з творамі мастацтва і адначасова пашырыць свае веды аб мінулым Беларусі, а то і ўявіць складаныя жыццёвыя дарогі знакамітых беларусаў.

Несумненна, А. Белы, стварыўшы такі ўнікальны куточак мастацтва і памяці, зрабіў бясцэнны падарунак сваім землякам. Бо хіба магла б такая колькасць вучняў так беспраблемна паехаць у Менск і наведаць музей?! Пытанне рытарычнае.

Узрастаўшая актыўнасць наведвальнікаў, асабліва вучняў сярэдніх школ, вымагала адкрыцця ў музеі раздзела, прысвечанага Старадарожскаму краю. Таму захавальнікі музея і паслядоўнікі справы А. Белага - жонка Ала Мікалаеўна, дачка Святлана, унук Алесь, стрыечны брат Міхаіл і яго жонка Ала - паклалі гэтаму пачатак. Доўга шукаць матэрыял не прыйшлося: у свой час А. Белы дакладна вывучаў гісторыю падпольнай барацьбы на Старадарожчыне. Неабходна адзначыць, што сям'я Белых - бацька і маці А. Белага, дзядзька Навум і яго сын Міхаіл - былі ў гушчы гэтых падзей, аб чым сведчаць многія архіўныя дакументы і прабітая кулямі карціна, якую немцы "расстралялі", не застаўшы ў хаце Вольгу Сямёнаўну з дачкой і малым Анатолем на руках. У раздзеле змешчаны бюсты Міхаіла Навумавіча Белага і камандзіра атрада, лекара Аляксея Іванавіча Шубы, фотаздымкі партызанаў, іх успаміны, карты партызанскага атрада, спісы партызанаў і іншыя дакументы.

Летась музей узбагацілі ўнікальныя мастацкія творы: скульптура малых форм "Абраз Жыровіцкай Божай Маці" (А. Ткачова) і "Халакост" (У. Мурахвер), кампазіцыя "Магутны Божа", адмысловыя вазы "Кветка" (В. Самахвалаў) і "Лета" (С. Шэцін).

Знайшлі сваё месца ў музеі новыя творы скульптараў: медаль "Францыск Скарына" (А. Зіменка); барэльефы "Ніл Гілевіч" і "Ларыса Геніюш", медаль "Мітрапаліт Філарэт" (Ул. Мелехаў).


Прыемная навіна прыйшла з Англіі, з бібліятэкі Оксфардскага ўніверсітэта. Кнігу-альбом "Раскрылі крылы музы" пра мастацкі музей А. Белага ў самы бліжэйшы час можна будзе замовіць у зале Славянскай літаратуры Бадлеянскай бібліятэкі (Bodieian Library). Друкуем пераклад ліста з Бадлеянскай бібліятэкі ад 27 верасня 2016 г.:

"Шаноўная сп. Белая. Ад імя Бадлеянскай бібліятэкі Тэйлерскага Інстытута я хачу падзякаваць вам за дар наступных кніг: Святлана Белая. "Да роднага ганка", Мінск, 2009; "Жыццё ў імя Бацькаўшчыны", Мінск, 2015; "Раскрылі крылы музы". Калекцыя Анатоля Белага. 2011.

Мы ўключым гэтыя кнігі ў наш бібліятэчны каталог у самы бліжэйшы час. Мы вельмі ўдзячны за Вашу падтрымку, якая дапамагае нам развіваць і пашыраць нашу Славянскую калекцыю. Яшчэ раз дзякую.

З пашанай Васілена Секулова, Старэйшы бібліятэкар аддзела новых паступленняў. Бадлеянская бібліятэка. Оксфард. Англія".


Даведка: Бібліятэка Оксфардскага ўніверсітэта (заснавана ў 1610 г.) не толькі падзяляе разам з Ватыканскай бібліятэкай права называцца найстарэйшай у Еўропе, але як і Брытанская бібліятэка мае адзін з найвялікшых збораў Вялікабрытаніі (каля 11 млн. выданняў). Сярод экспанатаў калекцыі бібліятэкі самыя першыя творы на англійскай мове, якія датуюцца 890 годам, адна з васьмі Біблій І. Гутэнберга (перш. пал.1450-х гг.), а таксама Першае фоліо (1623 г., 36 п'ес) У. Шэкспіра.


У гэтую найстарэйшую бібліятэку Оксфардскага ўніверсітэта з усіх краін едуць навукоўцы, каб вывучаць кнігі з яе калекцыі. Спадзяёмся, што кнігі пра А. Белага і яго музей таксама зацікавяць наведвальнікаў бібліятэкі.

Звесткі пра музей можна знайсці ў "Беларускай энцыклапедыі", 2002 г., энцыклапедыі "Музеі Беларусі", 2008 г.; кнізе "Памяць. Старадарожскі раён"

А на радзіме Анатоля Яўхімавіча Белага музей працуе, сустракае зацікаўленых людзей, раскрыве перад імі таямніцы беларускага краю праз мастацкія творы, кнігі, дакументы і інш. У музеі, са слоў наведвальнікаў, "можна вывучаць гісторыю Беларусі", "...музей - прыклад нястомнай працы, грамадзянскага гарэння на карысць Беларусі" і "...вельмі хочацца... каб у залах музея выхоўваліся маленькія Беларусы". Некаторыя ўпэўнены, што "...столькі можа зрабіць той, хто шчыра любіць Беларусь..." і што "даўно не адчувалі пачуцця гордасці за сваю Радзіму і яе дзеячаў, за свой народ". Гучаць словы падзякі "... всем, кто участвовал в создании музея, и тем, кто продолжает трудиться в нем".

Імя Анатоля Белага па-праву займае ганаровае месца сярод адданых змагароў за вольны беларускі дух, за лепшы лёс і незалежнасць, бо ён жыў і працаваў для Бацькаўшчыны. Ён ведаў, што праца яго не прападзе, верыў, што суайчыннікі, наведаўшы музей, яшчэ раз успомняць (а некаторыя даведаюцца!), якіх таленавітых сыноў і дачок даравала свету наша зямля. А магчыма кагосьці з суайчыннiкаў яшчэ чакае той таямнiчы час, калi ў яго душы раптам зварухнецца нешта да болю роднае, блiзкае, i ў ім назаўсёды прачнецца горды, дастойны, свядомы беларус!

Надзея Сармант.


Падарожжа па "Шчучынскім мерыдыяне"

Народная мудрасць гаворыць: "Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць". Менавіта такім прынцыпам кіруюцца вучні і настаўнікі СШ № 11 г. Ліды, ведаючы пры гэтым, што наша беларуская зямля прыгожая ў любую пару года. Восеньскія канікулы не сталі выключэннем. Шмат куткоў ёсць у нас, якія не проста зачароўваюць сваёй прыгажосцю, але і ўражваюць багатай гісторыяй.

Упэўненыя і зацікаўленыя вучні 5-11 класаў адправіліся ў падарожжа пад таямнічай назвай "Шчучынскі мерыдыян". Менавіта з поўначы Шчучынскага раёна на поўдзень пралёг маршрут падарожжа.

Першым населеным пунктам, з якім нам давялося пазнаёміцца, стала невялікая вёска Старыя Васілішкі, дзе мы наведалі клуб-музей Чэслава Немана, аднаго з самых вядомых рок-музыкантаў Усходняй Еўропы ХХ стагоддзя. У свой час яго параўноўвалі з найбольш знакавымі асобамі ў гісторыі польскай музыкі, а на пачатку 2000-х гадоў у вёску Старыя Васілішкі пачалі масава наведвацца турысты, каб пазнаёміцца з месцам, дзе нарадзіўся і дзе вырас Чэслаў Неман. Сёння ў хаце намаганнямі загадчыка музея Уладзіміра Уладзіміравіча Сенюты створаны багатыя экспазіцыі: асабістыя рэчы, шматлікія фотаздымкі, відэа- і аўдыёзапісы выступленняў музыканта, а самае галоўнае, як мы заўважылі, - гэта захаваная атмасфера таго часу. Нездарма штогод у Старыя Васілішкі з'язджаюцца прыхільнікі музыканта з розных краін свету. Акрамя клуба-музея Чэслава Немана, мы змаглі наведаць незвычайнай прыгажосці касцёл Святых Пятра і Паўла. Чым жа ўражвае касцёл? Па-першае, тым, што размешчаны ў вельмі прыгожым месцы; па-другое, здзіўляе знешняй прыгажосцю і багатым унутраным убраннем; па-трэцяе, сваёй гісторыяй. Нашу ўвагу прыцягнулі замалёваныя надпісы на мармуровых плітах пры ўваходзе ў касцёл. Як нам растлумачылі, там былі напісаны імёны заснавальнікаў храма, але напрыканцы ХIХ стагоддзя гародзенскі губернатар загадаў іх замаляваць, бо імя імператара Мікалая II было сярод імён не першае. І сёння, на жаль, мы не можам прачытаць іх.

Другім населеным пунктам нашага маршруту стаў пасёлак Астрыно, дзе мы наведалі адзіны ў нашай краіне музей, прысвечаны беларускай паэтэсе Алаізе Сцяпанаўне Пашкевіч, найбольш вядомай пад псеўданімам Цётка. Музей размешчаны ў Астрынскай сярэдняй школе, якая таксама носіць яе імя. Перад уваходам у школу мы не маглі не спыніцца каля помніка вядомай беларускай асветніцы. А наведванне музея і знаёмства з жыццём і творчасцю Цёткі ў вучняў СШ № 11 г. Ліды выклікала асаблівую цікавасць, бо менавіта ў верасні 2016 года мы адзначалі 140-годдзе з дня нараджэння паэтэсы. А дзе найбольш падрабязна і дакладна можна пачуць пра чалавека, як не на яго радзіме: Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч нарадзілася на Шчучынскай зямлі і пахавана непадалёку ад вёскі Стары Двор Шчучынскага раёна.

Наступным, трэцім, населеным пунктам нашага падарожжа па "Шчучынскім мерыдыяне" стаў раённы цэнтр - горад Шчучын.

Падчас знаёмства з горадам авіятараў мы наведалі Палац творчасці дзяцей і моладзі, які размешчаны ў будынку палаца вядомага на Беларусі роду Друцкіх-Любецкіх. Чым прыемна здзівілі нас гаспадары, дык гэта тым, што перанеслі ў часе на сто гадоў назад, прадэманстраваўшы невялікую пастаноўку салона былых гаспадароў палаца "Не ў кожнага жонка Марыя - каму Бог дасць". Тэатралізаваная экскурсія вельмі ўразіла нас, і ў якасці падзякі мы адрасавалі гаспадарам працяглыя апладысменты.

Пасля мы адправіліся знаёміцца з гістарычным цэнтрам горада: спыніліся каля помніка Цётцы, касцёла Святой Тарэзы, царквы Міхаіла Арханёла і мясцовага "Біг Бэна". Наведваючы горад авіятараў, мы, безумоўна, чакалі знаёмства з аэрадромам, пра які шмат гавораць і ў наш час, нягледзячы на тое, што ваенны гарадок ужо даўно расфарміраваны. Так, апынуўшыся на шырокім прасторы, мы змаглі ўбачыць вялізны па тэрыторыі аэрадром: яго памеры перавышалі плошчу 70-ці футбольных палёў, а ў савецкія часы ён быў другі па памерах і значэнні.

Чацвёртым населеным пунктам, а дакладней сказаць, аб'ектам гэтага населенага пункта, стала вёска Лапаты, каля якой сёння знаходзіцца пункт геадэзічнай дугі Струве "Лапаты". Знакавы ён тым, што ўключаны ЮНЕСКА ў спіс помнікаў Сусветнай спадчыны чалавецтва.

Пятым населеным пунктам нашага падарожжа было невялікае мястэчка Жалудок, вядомае тым, што ў крыпце касцёла знаходзіцца склеп аднаго з самых знакамітых на Беларусі родаў - Тызенгаўзаў. Акрамя гэтага, мы наведалі палацава-паркавы комплекс Святаполк-Чацвярцінскіх, пазнаёміліся не толькі са знешнім выглядам палаца, а таксама змаглі ўбачыць яго ўнутраны стан. Містычная атмасфера і таямніцы, здаецца, і сёння пануюць над палацам. На жаль, палац у вёсцы Жалудок і іншыя пабудовы, якія адносяцца да палацавага комплексу, пакуль не адрэстаўраваны.

Апошнім населеным пунктам нашага падарожжа стала вёска Скрыбаўцы, дзе знаходзіцца ўсім вядомая царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, якую яшчэ называюць царквой-Мураванкай. Гісторыя гэтага храма налічвае больш за 600 гадоў. Вялікія каменныя сцены і надзвычай прыгожы знешні выгляд царквы з першага позірку настолькі ўражваюць, што ў кожнага на нейкае імгненне перахоплівае дух. Сапраўды, дыханне замірае. Апынуўшыся ў сярэдзіне царквы, кожны вучань змог дакрануцца да шматвяковай гісторыі. А хто падняўся на вежы (здаецца, ніхто не прамінуў такой магчымасці), той яшчэ больш ацаніў веліч і магутнасць храма. Падчас наведвання царквы-Мураванкі нашу ўвагу прыцягнуў адноўлены цудатворны абраз Маці Божай Ваўчанкоўскай, які быў страчаны доўгі час. Толькі нядаўна ён быў адноўлены і вернуты мясцовым жахарам і шматлікім паломнікам. Звярнулі мы ўвагу і на адкрытыя часткі сцен, і на рэчы, знойдзеныя пасля рэстаўрацыі, а зараз размешчаныя для агляду ўсім наведвальнікам і прыхаджанам.

Шмат новага і невядомага дагэтуль даведаліся і ўбачылі вучні СШ № 11 г. Ліды падчас падарожжа па "Шчучынскім мерыдыяне". Змораныя, але задаволеныя і натхнёныя, яны ўпэўніліся, што падарожжа - гэта самая лепшая магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю роднай Беларусі.

Наталля Анашкевіч , настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 11 г. Ліды.


ВЯЛІКАЯ ВЯСЕЛЬНІЦА

Спрадвеку, перыяд ад Пакроваў да Піліпаўскага посту быў для нашых продкаў самым вясёлым часам. Сабраны багаты ўраджай, скончана праца ў полі. Аднак у сялянскім жыцці няма духоўнага перапынку. На змену абрадам земляробчага кірунку прыйшлі найцікавейшыя шматдзённыя вясельныя дзействы.

Каб падтрымаць традыцыю, заключны этап свята "Згукі бацькаўшчыны" прайшоў 12 лістапада на базе аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" пад назвай "Вялікая вясельніца".

Да ўвагі гледачоў быў прадстаўлены фрагмент беларускага вяселля (сватанне, заручыны, зборная субота, кавалерскі вечар, вясельны каравай, пасад маладой, выезд маладых да вянца). Прыемныя ўражанні пакінуў сват, які віртуозна і з гумарам сватаў маладую, нявеста пакарыла гледачоў сваёй сціпласцю і прыгажосцю. Малады з дружынаю запрасілі моладзь з залы патанчыць беларускія танцы. Вясёлыя каравайніцы частавалі прысутных вясельнай здобай. Увогуле, мерапрыемства мела выхаваўчы сэнс, і было накіравана на захаванне сямейных каштоўнасцей. Цікавыя, змястоўныя імпрэзы, вясельныя песні, побытавыя танцы, прасякнутыя духам нашых продкаў, пакінулі глыбокі след у свядомасці наведвальнікаў.

Наш кар.


Адукацыйныя паслугі. Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар-трэнінг "Прычыны страты энергіі". 18.11.2016 а 18-ай па адрасе: вул. Румянцава, 13 (ст. метро пл. Перамогі).

Для кантактаў: МТС (+375 29) 769-29-78; velcom (+375 29) 960-14-53; e-mail spadarl@yandex.ru.


Аб роднай Лідзе, аб далёкай карыдзе…

Прэзентацыя дзвюх кніг адбылася на нядаўнім паседжанні літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Гэта зборнік вершаў "Мои стихи - лишь письма в никуда…" менскага паэта з лідскімі каранямі, сябра Беллітсаюза "Полоцкая ветвь" Міхаіла Баранчыка і кніга "Карыды вогненныя іскры" сябра Саюза беларускіх пісьменніка Валера Санько, які ўжо шмат гадоў жыве ў Лідзе.

У зборнік Міхаіла Баранчыка "Мои стихи - лишь письма в никуда…" ўвайшлі вершы, напісаныя ім у асноўным за апошнія два-тры гады. У кнізе аўтар звяртаецца не столькі да чытача, колькі да самога сябе, свайго "я", сваёй памяці. Адсюль і адрасат "писем в никуда". У лірычных цыклах зборніка цесна перапляліся цяга да двух галоўных гарадоў у жыцці паэта - Менска, дзе ён жыве з 1980 года, і Ліды, у якой прайшлі ягоныя дзяцінства і юнацтва - яго настальгія па праведзеных у Лідзе дзіцячых і юнацкіх гадах, рамантызм кахання. Асобныя вершы са сваёй новай кнігі, а таксама некаторыя з тых, што не ўвайшлі ў яе, Міхаіл Айзікавіч зачытаў перад прысутнымі. Прагучалі і аўдыязапісы песень на яго глыбока лірычныя вершы.

Кніга Валера Аляксеевіча Санько "Карыды вогненныя іскры" - 19-я па ліку кніга пісьменніка. У кнізе знайшлі адлюстраванне ўспаміны Валера Санько аб камандзіроўцы ў 1986 годзе ў Мексіку, дзе яму надарылася назіраць баі быкоў. Чытач не толькі знойдзе тут апісанне і гістарычнае ўсхваленне карыды, але і прасочыць сувязь мексіканскіх карыдных спектакляў з грэцкімі і рымскімі дыянісіямі і сатурналіямі, нават з беларускімі Купаллем, Калядамі. Апісаныя шэсць баёў матадораў з быкамі (прычым ні адно з шасці апісанняў не паўтараецца) прыцягнуць чытача відовішчнасцю, дынамікай, этнаграфічнасцю. Кніга "Карыды вогненныя іскры" выйшла на трох мовах - беларускай, рускай і іспанскай. Пераклад на іспанскую мову зроблены выкладчыкам Менскага лінгвістычнага ўніверсітэта Мікалаем-Іванам Ляніўкам.

Кожны, хто прысутнічаў на паседжанні, меў магчымасць набыць прэзентаваныя кнігі. Новымі кнігамі папоўніўся літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Алесь МАЦУЛЕВІЧ.


Мастачка запрашае

4 лістапада 2016 года ў рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў адкрылася юбілейная выстава мастака-кераміста Наталлі Яўгельскай "Роздум каля ачага".

Выстава прадстаўляе шматгранны творчы шлях мастака, які мае сваю духоўную пазіцыю, што і з'яўляецца рухавіком яе творчых памкненняў і служыць падставовым чыннікам натхнення.

Выстава "Роздум каля ачага" - гэта пэўная веха творчай дзейнасці Наталлі Яўглеўскай.

Мастачка стварае аб'екты, выкарытоўваючы прыродную прыгажосць матэрыялу і тэхнічныя прыёмы архаічнага мінулага керамікі як віду мастацтва, спецыфічна сінтэзуе ў сабе выразныя сродкі скульптуры. Глыбокае веданне тэхналогіі, разуменне і аналіз сусветнай айчыннай спадчыны, натхненне, высокае выканальніцкае майстэрства і своеасаблівасць пластычнай мовы робяць яе працы яркімі і запамінальнымі!

Наталля Яўглеўская нарадзілася 19 красавіка 1955 года у Менску. У1981 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працуе у галіне дэкаратыўна - прыкладнога мастацтва (мастацкая кераміка).

З 1981 года - пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх, групавых, замежных і міжнародных мастацкіх выстаў. З 1989 года - сябра Беларускага саюза мастакоў. У 2015 годзе ўзнагароджана Падзякай міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Работы мастачкі ўпрыгожваюць шматлікія і інтэр'еры Беларусі (і ў тым ліку архітэктурнага ансамбля Мірскага замка) і Расіі.

Яе творы знаходзяцца ў фондах нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Масленікава, у мастацкіх фондах Расіі і ГА "Беларускі саюз мастакоў", у прыватных калекцыях Германіі, Галандыі і іншых краін Заходняй Еўропы.

Выстава будзе працаваць па 20 лістапада 2016 года.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX