Папярэдняя старонка: 2016

№ 47 (1302) 


Дадана: 23-11-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 47 (1302), 23 лістапада 2016 г.


110 гадоў таму назад выйшла "Наша ніва"

"Наша ніва" (тагач. лац. "Nasza niwa") - штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета нацыяльна-адраджэнцкага кірунку. Выдавалася ў Вільні, па-беларуску, у перыяд 10(23).11.1906 - 7(20).8.1915. Друкавалася кірыліцай, да 18(31).10.1912 таксама і лацінкай. Звычайны тыраж складаў 4,5 тыс. асобнікаў. Выхад газеты быў спынены ў сувязі з набліжэннем расійска-нямецкага фронту да Вільні.

Заснавальнікі - кіраўнічая група Беларускай сацыялістычнай грамады (Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Цётка (Алаіза Пашкевіч) і інш.) Тая ж група кіравала газетай і пасля распаду Беларускай сацыялістычнай грамады да сакавіка 1914 г. Заснаванне газеты было вынікам рашэння Віленскай канферэнцыі БСГ (3-4 чэрвеня 1906). А. Луцкевіч, пішучы паказанні следчаму НКУС, успамінаў, што непасрэдная ініцыятыва закладання беларускага друку належала яго брату Івану.

Рэдактары-выдаўцы: Зыгмунт Вольскі, Аляксандр Уласаў - з 8(22?).12.1906, Янка Купала - з 7(20).3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец. Рэдактары аддзелаў у розны час: Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Хведар Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), Вацлаў Ластоўскі (з 1909 сакр. рэдакцыі), Ядвігін Ш., Сяргей Палуян (С. Ясяновіч), Альгерд Бульба (В. Чыж).

Першы нумар газеты выйшаў у друкарні Марціна Кухты.

У праграмным артыкуле першага нумара падкрэслена агульнанацыянальная пазіцыя газеты: "Наша ніва" - газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...". Выданне мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у паветах і губернскіх гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі. Нязменнымі ў "Нашай ніве" заставаліся ідэя сацыяльна-палітычнага, эканамічнага і культурнага адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з іншымі народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 "Наша ніва" напачатку была больш памяркоўная, чым "Наша доля", але пасля "стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару. Найважнейшай задачай "Наша ніва" лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нацыянальнага стылю культуры і нацыянальных школ у беларускай літаратуры, тэатральным, музычным і выяўленчым мастацтвах шляхам засваення айчынных этнакультурных традыцый і творчых здабыткаў сусветнай, а найперш рускай, украінскай і польскай мастацкіх культур. Падтрымлівала ўсе формы народнай эканамічнай і культурна-асветнай самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне літаратуры, іншых відаў мастацтва.

Дзякуючы "Нашай ніве" адбывалася станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Л. Гмырака, А. Бульбы, М. Гарэцкага, В. Ластоўскага, А. Луцкевіча, І. Луцкевіча У. Самойлы, Р. Зямкевіча і інш.). На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы.

"Наша ніва" была свайго роду грамадскім інстытутам беларускай культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907-13 яе намаганнямі апублікаваны зборнікі "Песні-жальбы" і "Апавяданні" Я. Коласа, "Вянок" М. Багдановіча, "Бярозка" Ядвігіна Ш., "Чыжык беларускі" Г. Леўчыка, літаратуразнаўчыя брашуры Р. Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы "Каляндар "Нашай нівы", альманахі "Зборнік "Нашай нівы", "Калядную пісанку. 1913 год" і інш.

Вікіпедыя.


125 гадоў з дня нараджэння Янкі Станкевіча

Ян (Янка) СТАНКЕВІЧ (26 лістапада 1891, в. Арляняты, Ашмянскі павет - 16 ліпеня 1976; псеўданімы: Брачыслаў Скарыніч) - беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч. Доктар славянскай гісторыі і філалогіі (1926).

У 1-ю сусветную вайну ў дзейнай расійскай арміі. Удзельнік з'езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Менску (сакавік 1917), з'езду настаўнікаў Менскай губерні (травень 1917). З снежня 1917 у Вільні, у студзені 1918 абраны ў склад Віленскай беларускай рады, удзельнічаў у сесіі Рады БНР у Менску (24-25.3.1918). У лістападзе 1918 кааптаваны ў склад Літоўскай Тарыбы. Працаваў у літаратурна-выдавецкім аддзеле Наркамасветы Літоўска-Беларускай ССР, загадваў беларускім выдавецтвам "Веда". У час польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў сябар Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, прэзідыума Беларускай цэнтральнай школьнай рады.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1921), Карлаў універсітэт у Празе (1926). Доктар славянскай філалогіі і гісторыі (1926). Працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Варшаўскім універсітэце (1928-1932) і Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні (1927-1940).

У 1940 Янка Станкевіч выехаў у Варшаву, дзе далучыўся да дзейнасці Беларускага камітэта. Я. Станкевіч супрацоўнічаў з В. Іваноўскім, наладзіў кантакты з польскім антыфашысцкім падполлем, стварыў канспірацыйную групу пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН). Стратэгічнай мэтай гэтай дзейнасці з'яўлялася адбудова беларускай дзяржаўнасці ў апоры на Польшчу.

З восені 1941 Я. Станкевіч жыў у Менску, куды перамясціўся і ЦК ПБН, нядоўга працаваў у школьным аддзеле Менскай управы. Станкевіч быў сябрам Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады, адным з заснавальнікаў Беларускага навуковага таварыства. Выкладаў гісторыю Беларусі ў падафіцэрскай школе паліцыі ў Менску.

З 1944 Я. Станкевіч апынуўся на эміграцыі. У Германіі ён аднавіў дзейнасць Беларускага навуковага таварыства. З 1949 Я. Станкевіч жыў у ЗША...

Вікіпедыя.


Міхасю Скоблу - 50

Міхась СКОБЛА (Міхаіл Уладзіміравіч Скобла, нар. 23 лістапада 1966, вёска Паляжын каля Дзярэчына, Зэльвенскі раён, Гарадзенская вобласць) - беларускі паэт, парадыст, перакладчык, эсэіст.

Закончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу (1984), філалагічны факультэт БДУ (1991). Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопісаў "Роднае слова" і "Бярозка", у Міністэрстве культуры і друку, у Дзяржаўным камітэце па друку, у выдавецтве "Беларускі кнігазбор". Вядзе аўтарскую праграму "Вольная студыя" на Радыё Свабода (з 1998). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1991). Быў намеснікам старшыні Саюза (з 2002). Жыве ў Менску.

Аўтар кніг паэзіі "Вечны зніч" (1990), "Вочы савы" (1994), "Нашэсце поўні" (2000), "Акно для матылькоў" (2009), кнігі літаратурных пародыяў "Розгі ў розніцу" (1993), зборніка вершаў для дзяцей "Камень-перунок" (1998), кнігі гістарычных нарысаў "Дзярэчынскі дыярыюш", "Саркафагі страху" (2016) і інш.

Cкладальнік анталогій беларускай паэзіі 20 ст. "Краса і сіла" (2003) і сусветнай паэзіі ў беларускіх перакладах "Галасы з-за небакраю" (2008).

На высокім тэксталагічным узроўні падрыхтаваў і выдаў у серыі "Беларускі кнігазбор" аднатомавікі твораў Уладзіміра Жылкі (1998), Ларысы Геніюш (2000), Рыгора Крушыны (2005), Рыгора Барадуліна (2008). Таксама ўклаў і выдаў кнігі эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш "Каб вы ведалі" (2005), "Лісты з Зэльвы" (2012) і "Духу магутныя чары. Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах (2015), Зоські Верас "Я помню ўсё" (2013), зборнік выбраных твораў Анатоля Сыса "Лён" (2006), Мікалая Ўлашчыка "Даць народу гісторыю" (разам з Аляксеем Каўкам, 2016). Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2000).

Вікіпедыя.


ТБМ у парламенце, каб быць Беларусі з яскравым тварам

Якая роля і сіла Алены Анісім у парламенце, задаюцца сёння пытаннем некаторыя зацікаўленыя.

З'яўляючыся сябрам рады ТБМ, я назірала дзейныя подступы яго кіраўніцтва да рашучага ўдзелу ва ўсебеларускай радзе за дасканалы Закон аб мовах і прагрэс Айчыны. У юбілейнае свята ТБМ прагучала думка Алега Трусава, што Прэзідэнтам можа быць і жанчына. Чаму б не паверыць і не зажадаць гэтага? Намёк быў на Анісім. І спадарыня Алена ў гутарцы са мной выказвалася душой за настойлівыя і прыстойныя дзеянні да гэтай мэты. Чаму стрымалася вылучацца - зразумела, і тлумачыць не трэба. Але пайшоў слых у грамадстве пра яе намеры. Найперш ТБМ рухалася ў святле надання незалежнай Беларусі твару - яе мовы. Той, якая карэнная, якая сцвярджае, што Айчына была, ёсць. І будзе, калі атрымае дарогу родная мова. Быў распрацаваны Праект аб падтрымцы мовы. Парламент яго не падтрымаў. Нават сябры Падсвільскай суполкі ТБМ пісалі спадару Андрэйчанку, каб паспрыяў. Дык не.

За мову змагалася ТБМ у асобе найбольш дзейных у ім беларусаў. Культурна і настойліва. Гэта бачна з газеты "Наша слова". Алег Трусаў аднойчы сказаў: "Я так выхаваны, што павінен мірна шукаць паразумення".

Шукаць нялёгка ў такім інтэлектуальна запушчаным, зарослым пустазеллем, духоўным свеце краіны. Але што значыць жыць у ёй, роднай, патрыёту? Шукаць ратунку! Верыць!

Настойлівасць, сіла разумовай духоўнай волі вяла і вядзе пакуль ёсць дыханне. А можа зразумеюць і іншыя? З блоку ўлады? Хоць і праз хітрасць. Палітычную. Усім жа ў Беларусі трэба жыць. Значыць дамаўляцца. Значыць імкнуцца ў прасветласць, удасканальвацца… Дык Трусаў і Анісім сёння таксама палітыкі. У гэтым сэнсе ім не бракуе кемлівасці і некаторай правіднасці. І дзеянні іх - ад святла. Патрыятычнага. Імі і ўсім ТБМ рухае разуменне, што незалежнасць павінна вызначыцца культурай Радзімы, галоўнай прыкметай - мовай. Каб дастойна зазначыцца ў вялікім свеце, што Беларусь сапраўды ёсць як асоба. Прайшоўшы ўсе выпрабаванні пісьмовыя ўпэўніць улады праз газету не ўдалося. Не хочуць быць інтэлектуальна яскравымі. Лянуюцца вучыць мову? Поўныя расійскага ўплыву. Ад доўгага сумеснага жыцця. Незалежнасць культурная іх не цікавіць. Прадстаўнікі нізавой ўладнай вертыкалі як бы і не абцяжарваюцца маўленнем. Аднак выстаўляюцца расейцамі. Напрыклад, сёлета, у год культуры, на свяце Падсвілля - "Падсвільскі світанак" - спадары, як парламянцёр Андрэйчанка, так і старшыня раённага выканкама Морхат прамаўлялі расейскай мовай. Ясна, што трэба Закон удасканальваць, і, менавіта, не адзіночным дзеяннем зверху, з парламенту; трэба моцная групавая падтрымка - арганізаваць ход мове з вуснаў кіраўнікоў. Правільна кажа спадар Трусаў: "Тады загаворыць народ".

Алег Анатольевіч горача і мэтанакіравана прапаноўваў рэгіянальным суполкам вылучаць кандыдатуры, збіраць подпісы. Думаю - ён усё ж разумеў, што ў іх не знойдзецца такога вынаходніцтва - пранікнення ў парламент. У рэгіёнах найчасцей цвёрда запланаваны ўладны дэпутат. Гэта па-першае. Па-другое, няма асобы жадаючай, здольнай, хоць на гульню ў кандыдаты дзеля прапаганды мовы. Бо ўжо няма і каму прапагандаваць. Вёскамі становяцца гарадскія пасёлкі. Як напрыклад, наш - Падсвілле. Жыццё трымаецца на натуральнай гаспадарцы. Знішчаны льнозавод. "Схуднеў" працоўным калектывам вінзавод. Беспрацоўных шмат. Ужо як бы не да мовы людзям. Патрыятычныя пытанні не ўліваюцца ў слых.

Ну куды ж мы скаціліся, беларусы? Культурная нацыя. Тым не менш верыць трэба. Пакуль жывыя. Вось і верыць Алена Анісім.

Марыя Баравік.


Урок "Чытаем па-беларуску з Velcom" завітаў у Гародню

Урачысты адмысловы ўрок "Чытаем па-беларуску з Velcom" у гарадзенскім Новым Замку прысвяцілі Максіму Багдановічу. На сустрэчу прыехала каля сотні вучняў з розных школ горада, куды перад урачыстасцямі завіталі беларускія пісьменнікі і тэлевядоўцы Раіса Баравікова і Алена Масла, Юры Жыгамонт і Аляксандр Улейчык. Гаворыць Юры Жыгамонт:

- У Гародні на праваслаўных могілках пахаваная маці Максіма Багадновіча. Тут жыла ягоная сям'я. Любы горад можа ганарыцца, калі ў ім жыў такі чалавек як Максім Багдановіч.

Кацярына Ваўкоўская, каардынатар праекту "Чытаем па-беларуску з Velcom ":

- Пачалі мы гарадзенскі кірунак 10-га лістапада з Ваўкавыска і Слоніма. Усяго ў гэтай ініцыятыве па Гарадзенскай вобласці паўдзельнічала 25 школ. Максім Багдановіч мае непасрэднае дачыненне да Гародні. 9-га снежня мы будзем адзначаць 125-годдзе з дня ягонага нараджэння. Максім Багдановіч - любімы беларускі паэт, беларускі класік.

Урокі "Чытаем па-беларуску" праедуць не толькі па абласных цэнтрах, але і па малых гарадах Гарадзеншчыны. А 29 лістапада пры падтрымцы кампаніі ў Гародні адбудзецца сацыяльная ініцыятыва - спектакль з удзелам дзетак з аўтызмам, які пройдзе на сцэне драматычнага тэатра.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.


Моўны бар'ер

Папулярызацыя беларускай мовы - адно з самых вострых пытанняў, якое паўстае сёння перад нацыянальнай элітай. Яна лічыць, што без усебаковых грамадскіх і юрыдычных ініцыятыў, якія павінны быць прыняты на самым высокім узроўні, сітуацыя прынцыпова не зменіцца: зона ўжывання беларускай мовы і яе ўплыў на самасвядомасць будуць памяншацца. Але пэўная частка носьбітаў гуманітарных ведаў мяркуе, што сітуацыя з беларускай мовай не крытычная і яна займае ў сістэме каштоўнасцей грамадзян арганічнае месца. Як усебакова пашырыць уплыў мовы на наша жыццё? Ці не страчваем мы нечага існага разам з тым, што паступова адмаўляемся ад беларускага слова? "Народная газета" звярнулася з гэтымі пытаннямі да экспертаў, у т.л. да А. Анісім.


Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы

Бараніць сваё

- Быў перыяд у гісторыі, калі беларуская мова не ўжывалася афіцыйна. Яна жыла толькі ў народзе. Многія пакаленні адчулі на сабе не толькі ціск, але нават пераслед за ўжыванне беларускай мовы. Што тычыцца сённяшніх рэалій, то некаторая частка грамадства, на жаль, сапраўды адлучана ад беларускай мовы ў наш інфармацыйны век, калі ўсім кіруе інфармацыя. Беларуская мова адстае таму, што не прысутнічае ва ўсіх інфармацыйных сферах жыцця. Але, па-першае, прысутнасць мовы ў інтэрнэт-прасторы ў пэўнай ступені кампенсуе недахоп ва ўсіх іншых сферах. Па-другое, я назіраю цяпер вельмі моцны рух грамадства да мовы. Зараз да яе штурхае не дзяржава, а само грамадства пачынае прасоўваць мову ва ўсе сферы жыцця. І калі дзяржава пачынае падтрымліваць гэта, улоўлівае гэты вектар, ёсць спадзяванне на тое, што сітуацыя можа выраўняцца. Хаця выраўняць яе складана, бо ў побыце ў нас мова не вельмі распаўсюджана. Тым не менш мы ўвесь час працуем над рознымі механізмамі па яе папулярызацыі. Што мы зрабілі ў Таварыстве беларускай мовы? У пачатку 2000-х гадоў мы распрацавалі Стратэгію развіцця беларускай мовы ў XXI стагоддзі. Пазнаёміцца з ёй можна на сайце таварыства. Там мы абазначылі, дзе, што і як можна рабіць для яе папулярызацыі. У адпаведнасці з гэтым мы і дзейнічалі. Тое, што была адкрыта беларускамоўная гімназія № 23 у Менску, - вынік нашых мэтанакіраваных дзеянняў. Шмат што ўпіраецца сёння ў тое, што ў нас няма неперарыўнай адукацыі на беларускай мове. Трэба, каб быў беларускамоўны дзіцячы садок, потым школа, гімназія, сярэдняя спецыяльная і вышэйшая навучальныя ўстановы. Каб увесь час чалавек рос з беларускай мовай, атрымліваў увесь неабходны інфармацыйны матэрыял па-беларуску. На жаль, гэтага няма. Складана адкрыць групу ў дзіцячым садку, клас у школе ці гімназіі. Няма вышэйшай адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове, хаця можна ствараць плыні ў розных ВНУ. Але на практыцы гэта мала ажыццяўляецца, бо цяжка чакаць, што на першым курсе сярод студэнтаў знойдзецца дастатковая колькасць людзей, здольных выступіць з такой ініцыятывай. Шмат што залежыць тут і ад наяўнасці выкладчыкаў, але таксама і ад жадання кіраўніцтва канкрэтнай адукацыйнай установы. У пачатку 1990-х гадоў мой сярэдні сын пайшоў у школу ў мікрараёне Паўднёвы Захад у Менску, і я добра памятаю тую сітуацыю: не было ніякай праблемы аддаць дзіця ў беларускамоўную школу. Яны былі паўсюль. У нас на Паўднёвым Захадзе набіралася шмат класаў з беларускай мовай навучання. І гэта быў натуральны працэс беларусізацыі. У рэгіёнах настаўнікі беларускай мовы адчувалі сваю акрыленасць, запатрабаванасць. Зараз гэта вялікая праблема. Другі важны крок для нас - стварэнне Нацыянальнага беларускага ўніверсітэта як сучаснай установы з беларускай мовай. Зараз працуе грамадскі аргкамітэт па стварэнні такога ўніверсітэта. Нашая задача - акумуляваць увесь напрацаваны гэтымі грамадскімі інстытуцыямі досвед. Мы павінны стварыць сучасную еўрапейскую ўстанову, дзе будзе фарміравацца палітычная і інтэлектуальная нацыянальна арыентаваная эліта. Яшчэ вельмі важны момант, на маю думку: неабходна, каб у Беларусі быў як мінімум адзін тэлеканал, які з раніцы да ночы вёў бы вяшчанне на беларускай мове па ўсіх кірунках і спектрах нашага жыцця. Навіны, спартыўныя і навукова-папулярныя перадачы, культурныя перадачы па-беларуску, лепшыя мастацкія стужкі свету ў перакладзе на беларускую мову, разнастайныя перадачы для дзяцей. Інакш кажучы, каб гэта быў паўнавартасны сучасны тэлеканал. Бачу, што з'яўляюцца мульцікі ў "Калыханцы" на беларускай мове, у перадачы "Дыяблог" гучыць беларуская мова, але гэтага, на мой погляд, недастаткова. Многія беларусы карыстаюцца адной з дзяржаўных моў. Калі сёння вы прыходзіце ў любую дзяржаўную ўстанову і спрабуеце напісаць штосьці па-беларуску, то адсутнасць бланкаў на беларускай мове - гэта ўжо прымус. У вас няма права выбару. І на сёння ёсць прымус менавіта да рускай мовы. Да беларускай - толькі маральны стымул. Прабачце, але ёсць такое юрыдычнае паняцце, і яно павінна выконвацца: чалавек павінен валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі ў аб'ёме, неабходным для таго, каб прафесійна выконваць свае абавязкі. Чаму ў атэлях ад персаналу патрабуюць ведання англійскай мовы, а беларускай - не патрабуюць? Чаму міліцыянеры, ахоўнікі ў супермаркетах не заўсёды валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай? Чаму мы здымаем шапку перад кімсьці і з непавагай ставімся да сябе і сваіх грамадзян? Можа, гэта і ёсць аснова многіх нашых праблем? Чаму ў сталіцы выкарыстанне мовы ўспрымаецца выключна як фактар нейкай апазіцыйнасці? Я бачу, што ў Стаўбцоўскім раёне людзей прываблівае мова, яны адчуваюць, што, калі чалавек размаўляе па-беларуску, ён - свой. Ён не адрокся каранёў. Галоўнае, як сказаў кіраўнік нашай краіны на сустрэчы з дэпутатамі Парламента, што нас вызначае як нацыю, акрамя тэрыторыі, гэта мова. Чаму мы павінны адмаўляцца ад яе? Гэта не нешта штучнае, гэта - стрыжань, які мацуе нацыю і краіну. Нідзе болей яна не будзе развівацца. Ні ў Польшчы, ні ў Літве, хаця там жыве вялікая колькасць этнічных беларусаў. Папулярызацыяй беларускай мовы трэба займацца кожны дзень. Нашым продкам не было лягчэй адстойваць сваю мову. Таму, калі мы будзем таксама пра гэта клапаціцца, да 2020 года ў нас могуць быць вельмі значныя пазітыўныя зрухі. Трэба выходзіць з зоны камфорту і працаваць на карысць пашырэння ўжывання беларускай мовы, а значыць, на ўмацаванне нашай Беларусі.

"Народная газета"


Влада, Ўлада, Улада

Звярнула на сябе ўвагу жаночае імя ў газетнай нататцы "Мне ёсць што сказаць". Як рэжысёр Влада Сянькова шукае будучыню" (ЛіМ, 19.08.2016).

Такое напісанне імя не адпавядае правілу перадачы пачатковага в перад зычным ( Уладзімір, Уладзівасток).

Чаму журналістка (М. Дзяхцяр) напісала Влада? Гэта ўтроп адпаведнаму рускаму імю, нягледзячы на тое, што сама нататка на беларускай мове?

Ці, можа, боязь аманіміі - супадзення асабовага ўласнага імя з агульным назоўнікам улада? Але ж слоўнае акружэнне, ды і напісанне гэтага імя з вялікай літары выразна паказваюць, што перад намі онім ( Улада). Адназначна ўспрымаецца яно і ў вуснай мове: "Вітаем лаўрэата шматлікіх конкурсаў піяністку Уладу Шацкую" ( Беларускае радыё, трансляцыя 2.11.2016).

Сустракаецца другі арфаграфічны варыянт разгляданага імя: "А вось спявачка Ўлада да ўвагі прывучаная, можна сказаць, з маленства" ( Звязда, 14.02.2004).

Ёсць пэўныя падставы запісаць вылучанае слова так, як вымаўляецца. Калі паводле цяперашніх правілаў нават у словах запазычаных "скарачаем" галосны у ( ва ўніверсітэце), то чаму гэтага нельга рабіць спрадвечна беларускіх словах? Тым болей, што у нескладовае пры вымаўленні рэалізуецца, гучыць. Як, напрыклад, у вядомым выразе цётка Ўладзя (пішацца Уладзя) ці ў Коласавых радках:

Загнаўшы ў хлеў на месца статка,

Насеўся Ўладзя на аладкі,

але:

крычыць Уладзя, свішча пужка.

Спашлюся на родную гаворку (в. Брусы Мядзедьскага раёна). Сталага чалавека звалі Ўладзюк (не Уладзюк ці Владзюк), яго сына - Коля Ўладзюкоў.

Такім чынам, фанетычна заканамерная форма імя - Улада (пасля галосных вымаўляецца Ўлада).

Зміцер, Зміцера/Змітра

Некаторыя "свядомыя", "шчырыя" беларусы носяць (і трымаюцца) імя Зміцер (Зьміцер). Ва ўскосных склонах яно выступае ў дзвюх формах:

1) захоўваецца галосны е ( Зміцера, Зміцеру);

2) выпадае галосны е ( Змітра, Змітру).

У варыянтах Зміцера, Зміцеру аснова выраўноўваецца паводле формы назоўнага склону адзіночнага ліку ( Зміцер), што, напэўна, палягчае адэкватна ўспрымаць імя.

"Сімвалы беларускіх гарадоў, створаныя Зміцерам Краўчанкам..." (Звязда, 29.06.2013). "Вершы Зміцера Вішнёва чытае артыст Алег Вінярскі" ( канал "Культура", 31.12.2015). "Новая кніга Зміцера Арцюха - вынік яго дзесяцігадовай працы" ( ЛіМ, 18.09.2016).

У другім выпадку формы ўскосных склонаў імя аддаляюцца ад назоўнасклонавай ( Зміцер). Разам з тым узнаўляецца этымалагічны т. Параўнаем: Дзмітрый, Змітрок, Змітрык, Змітра.

"Я ўжо ад Змітра Герасімавіча ... наслухаўся пра маладнякоўцаў" ( М. Лобан. Полымя. 2016, № 5). "... удзячны лінгвістам-даследчыкам Юрасю Бушлякову і Змітру Саўку, супрацоўнікам выдавецтва "Тэхналогія" Змітру Санько і Марыі Кавальчук" ( Ф. Піскуноў. Вялікі слоўнік беларускай мовы. Прадмова). "Вікторыя Трэнас запрасіла да мікрафона ... Змітра Коласа ( Наша слова. 13.04.2016).

Як бачым, прыклады адной і другой груп выяўлены ў аўтарытэтных аўтараў, выданнях.

На падставе толькі крыніц наўрад ці можна аддаць перавагу якому-небудзь варыянту. У такім разе, бадай, асноўным крытэрыем ацэньвання застаецца моўны густ саміх носьбітаў гэтага імя і тых, хто яго ўспрымае. Напрыклад, мне падаюцца больш прыдатнымі формы з беглым галосным ( Змітру, Змітром).

Алесь Каўрус


"Барысаўдрэў" выпускае запалкі з новым афармленнем

"Барысаўдрэў" пачаў выпускаць запалкі з новым афармленнем. Цяпер на адным з бакоў пачка для запалак размешчаны здымак замка Беларусі. На розных пачках можна ўбачыць розныя замкі: Косаўскі, Мірскі, Нясвіжскі, Ружанскі і інш.

Наш кар.


Трохі пра пакрыўджаны J

(або як беларусы польскі правапіс падправілі) 1

Доўгую і цікавую гісторыю мае наш Ёт ці J доўгі. Перажываў ён на пісьме лепшыя і горшыя часы, быў ужо не раз на возе і не раз пад возам. Цяпер ізноў знаходзіцца як бы ў дарозе пад воз. Не першы раз церпіць бедалага ўпарадкаванні, скарачэнні і наогул пераследы. Праз доўгі час ён быў зганьбаваны, але сто дваццаць гадоў назад выцягнулі яго на дзённае святло, памясцілі ў ганаровы шэраг літар нашага алфавіту і, наогул, так сказаць, легалізавалі. А адбылося гэта не дзе-небудзь, а ў нас на Крэсах, у Вільні.

У № 1 нашага часопіса "Тыднёвік Віленскі" ад 21 лістапада 1815 г. з'явілася праца славутага ўжо ў той час Ёахіма Лелявеля "Заўвагі да разгяду нацыянальнай гісторыі Польшчы". Праца тая пачыналася заявай, у якой аўтар у т.л. пісаў: "....powsta jace pisma per jodyczne w jezyku Polskim, zdawaly mi sie wskazywac srodki na jprzyzwoitize do wczesnego rozgloszenia roznych postrzeieri mo jich, podawaly mi mysl aby racze j dorywczym sposobem ile tego rozmaitosi mater ji i roznych punktow uwazanych rzeczy wymaga" ("... перыядычныя выданні, якія ўзнікаюць на польскай мове, падаюцца мне найпрыдатнейшымі сродкамі для найхутчэйшага распаўсюджання розных маіх заўваг, падавалі мне думку, каб адрывачным спосабам, на колькі вымагае разнастайнасць матэрыялу, з розных пунктаў гледжання іх давесці".

Чытачы "Тыднёвіка Віленскага" адразу заўважылі навацыю: адважны прафесар гісторыі літасціва прыгарнуў пераследваны да таго часу j і ўвёў яго ў свой арыгінальны правапіс на старонцы папулярнага выдання. Аматарам старога правапісу і асабліва прыхільнікам грэцкага y-псільёну была выразна кінута рукавіца. На старонках тыднёвіка распачалася вайна.

9 снежня 1815 г. "Mamert Tyburey Krauzentos Drwingillo" накіраваў з Тэльшаў ліст да рэдактара, у тым лісце рабіў закіды: "Хто ж будзе спрачацца, што ў тых заўвагах яснасць стылю не заўважана і што правапіс, у якім ён (аўтар "Заўваг...") заміж у ужывае j, не нагадвае сатырычнага Скупярдзяя, які з-за ашчаднасці не ставіў кропак над літарай і". Далей у № 20 тыднёвіка ад 9 красавіка 1816 г. дыпламатычна схаваны пад ініцыяламі "Y, E, I" абаронца грэцкага у выстаўляў супраць няшчаснага j доўгага, як супраць сапраўднага крымінальніка, фармальны акт абвінавачвання. У тым акце аўтар абвінавачваў j доўгае: "Ганарліва ён адважваецца забіраць месца ад названага намі у грэцкага. Надта вытыркаецца ён бяспраўна з кароткіх і і е. Пасоўваецца на месца у грэцкага, асабліва ў канцы выразаў, як напрыклад: naszey, waszey, moiey, swoiey і г.д. У гэтым разе той нападнік адважваецца займаць не сваё мейсца. Бо паводле таго ўзурпатара трэба вымаўляць: moji, twoji, роўна, як вымаўляюцца zmii, szyi у добрым правапісе". Адным словам вылаялі тога крымінальніка і нападнікам, і ўзурпатарам. Гэты абвінаваўчы акт пазначаны "з Польшчы". Таму што ў яго ўсунута думка адносна j: што яго "найчасцей ужываюць у Літве" і "ўжываюць яго часта нашыя родзічы ліцвіны", а гэта таму, што "ідуць з павагай да лаціннікаў ці іх успадкоўваюць", - таму трэба рабіць выснову, што аўтар абвінаваўчага акту прызнаваў, што j не быў агульнапольскім, а быў толькі прадуктам красовым. Таму непрыхільнае стаўленне аўтара акту да j можа быць патлумачана пэўнымі рэгіянальнымі непрыязнямі.

На абарону заатакаванага j выступіў нехта схаваны пад ініцыяламі "К. К." у № 22 тыднёвіка ад 16 красавіка 1816 г., выступіў з цэлым трактатам "Уведзена яна (гэтая літара) у правапіс у 1632 г. у выданні Гданьскай бібліі", пісаў абаронца j. Вынішчаны разам з гэтай Гданьскай бібліяй j падоўжаны Лелявель не стварае, не выдумляе, а ўжывае ў пэўных і вызначаных выпадках, можна сказаць, што абапёртых на добрых разважаннях. Як вынікае з таго трактату Лелявель у сваёй навацыі не аказаўся самотным: "Апроч яго выдзелім у "Дзённіку Віленскім" вершы Кіцінскага, тут жа прозу Пэлкі Палінскага, якія той жа j падоўжны на пісьме ўжылі аднастайна. Так жа яшчэ ў "Дзённіку Віленскім" Галянскі ў адной нататцы свайго слоўніка голасна адазваўся з патакваннем j падоўжнаму". Засумняваўся аднак абаронца ў паспяховасці сваёй абароны "каб з'яднаць на j падоўжаны больш лагодныя пагляды, бо на яго так шмат галасоў абуралася"; падаў прыпіскі "Пра падоўжаны j у польскіх выразах" і "Пра падоўжны j у чужаземных выразах", заахвочваючы пісаць: jem, zjem, pij, zyj, jazda, wjazd, objasnic, zdjac i - Anglja, Francja, Akademja, komedja, filozofja, аcytacja, atrakcja і г.д.

Зноў кпіў з той палемікі "Ррр" у № 14 тыднёвіка ад 30 красавіка 1816 г., заахвочваючы наватараў: "Смела, панове, ... не адступайцеся, імкніцеся да большых перамен, бо выгнанне y-псільёна з польскай мовы прыбярэ з яе шмат відочных нерэгулярнасцяў", і скончыў "але што б ні здарылася, мы ў куточку пры шампанскім можам пасміхацца, - inrat valci Luaco solvere".

Так ці гэтак j затрыумфаваў і, дзякуючы віленцам, спраўляў сваё свята аж 120 гадоў.

* * *

Якія адносіны мае пернік да ветрака? Якія адносіны мае ўціск нешчаслівага j да Лідчыны?

Выбачайце.

На працягу звыш сотні з лішнім гадоў мы пісалі тапаграфічныя назвы Лідчыны так, як іх вымаўлялі: Iwje (Іўе), Gawje (Гаўе), Pogawje (Пагаўе), Turja (Тур'я), Kirjanowce (Кір'янаўцы), Marjanowo (Мар'янава), Iljanowo (Ільянава), Juljanowo (Юльянава) і г. д.

Цяпер мы павінны пісаць: Iwie, Gawia, Pogawie, Turia, Kirianowce, Marianowo, Ilianowo, Julianowo.

Мала таго, што на картах паперакручвалі нашыя адвечныя назвы - Ганскевічы на Ганцавічы, Мергінцы на Мершыцы, Малэйкаўшчыну на Маейкаўшчыну, Мялузын на Малужын, Невярышкі на Невяжышкі, мала таго, што ва ўрадавых дакументах і выданнях амаль кожны дзень перахрышчваюць Гарадзенку на Харадзенку, Голдава на Холдава, Хадзюкі на Гадзюкі, Гуту на Уту і нечым вінаватае перад Богам Люцыянава на Лушакова - і гэта ўсё праз нядбайства або непаразуменне, мы цяпер мусім перакручваць праз доўгі час усталяванае напісанне назваў ужо ў сілу як бы афіцыйнага правапісу. А між тым язык тутэйшага беларуса або ліцвіна не прыстасаваны да прапіснога вымаўлення тых назваў паводле новай граматыкі, таму будзе ён скажаць іх і паглыбляць тыя скажэнні яшчэ на свой тутэйшы спосаб, у родзе славутага "я думаўшы", "я хадзіўшы" і г.д. Няхай хто паспрабуе потым развязаць усе тыя вузялкі.

У старасвецкім рускім (старабеларускім) правапісе тапаграфічныя назвы нашай зямлі пісалі спосабам найбольш набліжаным да вымаўлення у тутэйшай гаворцы людзей. Пераканацца ў тым можна хаця б з апублікаваных актаў Літоўскай Метрыкі, у якіх знаходзяцца тысячы геаграфічных назваў.

Асабліва багатыя з погляду на колькасць тых назваў Попісы войска літоўскага 1565 і 1567 гг. Такія назвы як Іўе, Гаўе, Тур'я пішуцца там звычайна з цвёрдым ( ъ), часам з мяккім ( ь) знакам. Лацінская транскрыпцыя ўвяла напісанне тых назваў з і кароткім: Iwie, Gawie або з y псільёнам - Turya. Так яны напісаны напр. у Volum, Legum. Аднак гэтае напісанне цалкам не адпавядае вымаўленню тых назваў сярод найшырэйшых масаў тутэйшай люднасці. Калі ў першай чвэрці ХІХ ст. увялі j у правапіс наогул і ў правапіс тапаграфічных назваў, пытанне аказалася развязаным найбольш добра і слушна. Новы на тыя часы правапіс дазваляў напісанне тых назваў найбліжэй да іх фанетычнага гучання. Найлепшым доказам гэтага ёсць і застанецца паміма ўсякіх недахопаў і недакладнасцяў "Геаграфічны слоўнік" Сулімерскага.

Для пазбягання хоць якіх непаразуменняў належала б да красовых тапаграфічных назваў прымяніць спосаб выключэння з пакіданнем ва ўжытку ў тых назвах нашага любімага j. Выключэнне тое ніякай шкоды для інтарэсаў юрыдычных і грамадскага парадку не зробіць. Можа быць, можна прымяніць устаноўленую аналогію ва ўжыванні розных дзівоцтваў у напісанні родавых прозвішчаў - супраць усялякіх правапісаў граматыкі, як ужыванне падвойных літар - Czeczott (Чачотт), Wojszwillo (Вaйшвілла), Radziwill (Радзівілл), Narbutt (Нарбутт), напісанне заміж j доўгага у-псільёну Beynarowicz (Бейнаровіч), Buywid (Буйвід), Buyko (Буйко), або даданне, Бог ведае, для чаго, такога прыростка, як h - Szemioth (Шамёт). Робіцца гэта, як вядома, з-за няшкоднай сентыментальнасці да старасветчыны, а можа часам і з-за нядбайства. Напісанне шляхецкіх прозвішчаў устанавілі геральдысты ХVIII ст. найчасцей без дастатковых падстаў, а ўзаконілі яго вывадныя дэкрэты губернскіх дэпутацый у апошнія гады ХVIII і першыя гады ХІХ ст. Паводле таго старасвецкага правапісу прозвішчы былі запісаны ў вельмі многіх выпадках выключна дзіўна, без зважання на якія-небудзь правілы граматыкі ў актах асабістых і маёмасных, на ўрадавых пячатках нават у Польскім маніторы і Дзённіку законаў, і нікому гэта не шкодзіць. Нікому не зашкодзіць, калі тапаграфічныя назвы будуць пісацца так, як іх пісалі перад ганеннямі на j.

Міхал Шымялевіч

1 Michal Szymielewicz. Cos o skrzywdzonem J. Ziema Lidzka, №8, 1936.


Па старонках шматграннай творчасці празаіка

Сустрэча чытачоў з сёлетнім юбілярам, пісьменнікам Генрыхам Далідовічам, адбылася 13 лістапада ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча Чырвонага касцёла г. Менска.

Як адзначыла куратар бібліятэкі Галіна Фёдараўна Івуць, такія спатканні працягваюць традыцыі, закладзеныя з часоў заснавання касцёла і яго кнігасховішча ў 1908 годзе, калі каталіцкая інтэлігенцыя, прадстаўнікі розных слаёў грамадства прыходзілі ў бібліятэку, каб сустрэцца са знакамітымі і ўплывовымі ў горадзе асобамі.

У вечарыне прынялі ўдзел старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і яго намеснік Алесь Пашкевіч. Яны высока ацанілі ўнёсак Генрыха Далідовіча ў развіццё жанру беларускай гістарычнай прозы канца ХХ-пачатку ХХI стагоддзя, асэнсаванне нялёгкіх шляхоў станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў раманах "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя", "Свой дом", " БНР-БССР". У шэрагу твораў Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Арлова, Леаніда Дайнекі, Кастуся Тарасава і іншых, раманы і аповесці Генрыха Далідовіча маюць сваю адметнасць і моўную непаўторнасць.

Барыс Пятровіч падкрэсліў, што Далідовіч належыць пакаленню, якое знаходзіцца паміж "шасцідзесятнікамі" і "васьмідзесятнікамі", ці пакаленнем "Тутэйшых". Дзякуючы яму, тагачаснаму рэдактару часопіса "Маладосць", маладыя аўтары змаглі творча ўзняцца да літаратурных вяршынь, бо Далідовіч стаў фактычна хросным бацькам новай літаратурнай хвалі ў Беларусі.

Па жаданні юбіляра на імпрэзе выступіў яшчэ адзін прадстаўнік адгалінавання роду Далідовічаў, кандыдат медыцынскіх навук Казімір Далідовіч. Ён прадставіў створаную ім кнігу пра род Далідовічаў.

Генрых Далідовіч распавёў пра галоўныя ўрокі, якія ён атрымаў ад свайго бацькі, слыннага каваля, калі ён сямігадовым хлопцам круціў тачыла і вастрыў сярпы, нажы і сякеры: "Працуй добра, сумленна, бо тваю працу будуць ацэньваць людзі." Маці і бабуля прывілі любоў да зямлі, чуйнасць да прыроды.

Цёплыя словы аўтару выказала Валерыя Іванаўна Навуменка, дачка народнага пісьменніка Івана Якаўлевіча Навуменкі. Яна ведае Генрыха Вацлававіча з юначых гадоў, з часоў, калі калегі яе бацькі дружна збіраліся на адпачынак у Каралішчавічы са сваімі дзецьмі. У маладыя гады яна пазнаёмілася з яго аповесцямі пра настаўнікаў, а пазней з трапяткімі пачуццямі чытала кнігу пісьменніка "Жар кахання", у якой ён выступіў як выдатны майстар апавядання і тонкі знаўца жаночай псіхалогіі. Акрамя таго, яна не перастае здзіўляцца, як яе сусед па лецішчы старанна і па-гаспадарску абрабляе свае "соткі".

На вечарыне прагучалі ўрыўкі з аповесцяў і апавяданняў "Жывы покліч", "Аглая", "Губаты", у якіх найбольш праяўляецца жыццясцвярджальная моц прозы пісьменніка. Творы Генрыха Далідовіча вучаць любові да роднай зямлі і ўсіх жывых істот, дапамагаюць выхоўваць цвёрды характар, не скарацца перад цяжкасцямі, цаніць добрыя чалавечыя адносіны, берагчы каханне, шанаваць сям'ю.

Калега і сябра Кастусь Травень пажадаў Генрыху Далідовічу добрага здароўя і плённай працы на ніве гістарычнай прозы. Паэтка Ядвіга Іванаўна Рай прачытала для юбіляра вершы "Шчасця мех", "Кропелька неба" і іншыя.

Пісьменнік і прадстаўнікі СБП перадалі ў бібліятэку свае кнігі і нумары часопіса "Дзеяслоў". Між іншым, так званая "Міцкевічаўка" існавала яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, у ёй працавала сястра Эдварда Вайніловіча. У 1923 годзе кнігазбор быў разрабаваны і вывезены, але ў 1998 годзе да 200-годзя А. Міцкевіча бібліятэка была адноўлена і захоўвае зараз больш за 50 000 кніг на тэмы гісторыі, мовазнаўства, рэлігіі, грамадскіх навук.

Эла Дзвінская . На фота аўтара: 1. Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Галіна Івуць, Генрых Далідовіч. 2. Пісьменнік адказвае на пытанні супрацоўніц бібліятэкі Галіны Шэўчук і Галіны Івуць.


У Гародні прэзентавалі "Гісторыю сярэднявечнай Еўропы V-XV стст"

Прэзентацыя кніжкі "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стагоддзяў" прайшла ў гарадзенскім "Цэнтры гарадскога жыцця". Яе аўтар вядомы гісторык, археолаг Алег Трусаў. З ім у Гародню прыехалі Валянцін Голубеў і Павел Церашковіч, якія таксама прывезлі свае гістарычныя і геаграфічныя кніжкі. Што яднае гэтыя кніжкі, апроч іх малога накладу? Адказвае дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас, які мадэраваў сустрэчу з гарадзенцамі:

- Гэтыя падручнікі, перадусім, ствараюцца для вучняў нашага Беларускага гуманітарнага ліцэя. Гэта вельмі прывілеяваная катэгорыя маладых людзей. Я ім даўно і моцна зайздрошчу. Мець такіх выкладчыкаў і такія ўнікальныя выданні, па якіх яны вучацца, - гэта такі шанец, які далёка ні ўсім выпадае. Гэта і дае свае вынікі.

Падчас выступаў аўтараў была магчымасць падыскутаваць. Напрыклад, у выступе Алега Трусава закраналася тэма экспансіі Тэўтонскага ордэна.

Гарадзенцам былі прэзентаваны ажно тры кнігі: "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы" - беларускі погляд Алега Трусава, "Найноўшая гісторыя Беларусі ад 1945 да нашых часоў" Валянціна Голубева, а таксама, яшчэ макет новага падручніка - "Геаграфія Польшчы для беларусаў" Паўла Церашковіча. Як паабяцаў Уладзімір Колас кніжкі павінны з'явіцца ў электронным варыянце, трохі пазней на сайце nastaunik.info.

Якуб Сушчынскі , Беларускае Радыё Рацыя, Гародня Фота аўтара.


У Баранавічах прайшла вечарына памяці Віктара Сырыцы

У Баранавічах прайшла вечарына памяці Віктара Сырыцы ў гадавіну яго смерці. Арганізатары вечарыны - мясцовыя актывісты. Удзел у вечарыне прынялі таксама Юрась Губарэвіч - кіраўнік Руху "За свабоду", паэт і бард Віктар Шалкевіч, жонка і брат Віктара Сырыцы, кажа адзін з удзельнікаў мерапрыемства Аляксандр Швед:

- Віктар Шалкевіч выступіў з канцэртам, прысвечаным памяці Сырыцы. Юрась Губарэвіч паведаміў, што з гэтага часу будзе існаваць прэмія імя Віктара Сырыцы.

Затым прысутныя на вечарыне паглядзелі фільм, створаны сябрамі Віктара Сырыцы. Было сказана шмат добрых слоў у адрас сапраўднага беларуса, цудоўнага бацькі і мужа, якога ўсім не стае.

Беларускае Радыё Рацыя.


500-годдзе Рэфармацыі

Навіны Германіі

31 кастрычніка ў Германіі афіцыйна стартаваў юбілейны год, прысвечаны Марціну Лютару. Па ўсёй краіне будуць праходзіць культурныя мерапрыемствы з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі, а саму круглую дату адзначаць у 2017 годзе.

31 кастрычніка лічыцца зыходнай кропкай у гісторыі Рэфармацыі. Менавіта ў гэты дзень у 1517 годзе заснавальнік пратэстантызму святар Марцін Лютар прыбіў да брамы Замкавай царквы ў Вітэнбергу свае славутыя "95 тэзісаў". У гэтым дакуменце багаслоў раскрытыкаваў ролю царквы ва ўратаванні, практыку продажу індульгенцый, права рымскіх пап на адпушчэнне грахоў і заклікаў лічыць адзінай крыніцай хрысціянскіх ісцін не царкву і яе функцыянераў, а Біблію.

У некаторых абласцях Германіі гэты дзень як памятную дату пачалі адзначаць ужо праз сто гадоў, у 1617 годзе. Але па-сапраўднаму Дзень Рэфармацыі ўвёў і прызначыў на 31 кастрычніка саксонскі курфюрст Іаган-Георг II. Сёння яго адзначаюць па ўсёй краіне, а ў пяці федэральных землях (Брандэнбург, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія і Цюрынгія) Дзень Рэфармацыі лічыцца дзяржаўным святам і з'яўляецца выхадным днём. У цэрквах праходзяць святочныя набажэнствы, музеі рыхтуюць тэматычныя экспазіцыі, а гарадскія ўлады ладзяць народныя гулянні.

Працэс Рэфармацыі закрануў не толькі духоўнае жыццё людзей, але і паслужыў штуршком для вялікай колькасці грамадска-палітычных, эканамічных і светапоглядных змяненняў. Адным з наступстваў гэтага маштабнага працэсу стала раздзяленне царквы і дзяржавы і ўвядзенне паняцця грамадзянскіх правоў, якімі валодае кожны чалавек незалежна ад яго веры, полу і нацыянальнасці.

Аб гэтым сёння помняць больш за 400 мільёнаў чалавек на Зямлі, якія прытрымліваюцца пратэстанцкай веры. Яны рыхтуюцца да вялікага юбілею - 500-годдзя Рэфармацыі, што прыпадае на 2017 год і ўпершыню ў гісторыі будзе адзначацца ва ўсім свеце. Гэта падкрэсліваецца на спецыяльнай старонцы ў Інтэрнэце www.luther2017.de, створанай з нагоды надыходзячага юбілею.

У Вітэнбергу, на радзіме Марціна Лютара, адкрылася маштабная панарамная выстава, прысвечаная 500-годдзю Рэфармацыі. Панарама пад назвай "Лютар - 1517", якая выканана вядомым берлінскім мастаком Ядагарам Азізі, расказвае гісторыю Рэфармацыі ў сярэднявечным Вітэнбергу, прадстаўляе славутыя тэзісы, а таксама розныя сцэны з жыцця святара і сучаснага яму грамадства. Афіцыйны сайт выставы: wittenberg360.de/

На Франкфурцкім кніжным кірмашы, што адбыўся ў кастрычніку гэтага года, было ўрачыста прадстаўлена новае, юбілейнае выданне Бібліі Марціна Лютара. Гэта новы пераклад, у выніку якога прыкладна адна траціна тэксту крыху зменена. Першы наклад юбілейнай Бібліі склаў 250 тысяч экзэмпляраў.

У самым разгары падрыхтоўкі да святкавання 500-годдзя Рэфармацыі ў Кілі знойдзены каштоўныя забытыя гістарычныя дакументы, звязаныя з імем Марціна Лютара. Высветлілася, што ў бібліятэцы ўніверсітэта імя Крысціяна Альбрэхта захоўваюцца па меншай меры 124 такія "адзінкі", некаторыя з якіх з'яўляюцца сапраўдным гістарычным скарбам. Самымі цікавымі з іх лічацца чатыры аркушы, на якіх запісаны 95 легендарных тэзісаў рэфарматара.

Другой найбольш каштоўнай знаходкай стаў арыгінальны асобнік "Вераснёўскай Бібліі" - так неафіцыйна называецца першае выданне Новага Запавету на нямецкай мове, складзенае Лютарам. Тэкст быў надрукаваны ў друкарні ў верасні 1522 года. Рэфарматар зрабіў пераклад усяго за 11 тыдняў у Вартбургскім замку, дзе хаваўся пад псеўданімам "юнкер Ёрг"

Нямецкая камісія ЮНЕСКА ўключыла 14 рукапісных і друкаваных дакументаў Марціна Лютара ў спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны. Размова ідзе пра пісьмы і некаторыя ўнікальныя выданні, у ліку якіх "рабочая" Біблія багаслова на іўрыце і плакат са славутымі 95 тэзісамі, з якіх і пачалася гісторыя Рэфармацыі.

Падрыхтоўка да 500-годдзя Рэфармацыі пачалася загадзя. У 2008 годзе ў Германіі быў дадзены старт агульнанацыянальнаму культурна-адукацыйнаму праекту "Дэкада Лютара", які разлічаны на дзесяць гадоў і доўжыцца да 2017 года. Кожны год дэкады аб'яўлены тэматычным і прысвечаны якому-небудзь з аспектаў гістарычнай спадчыны Рэфармацыі. Тэма бягучага года заяўлена як "Рэфармацыя і слова".

Напярэдадні сёлетняга Дня Рэфармацыі ў цюрынгскім Айзенаху - горадзе, дзе Марцін Лютар правёў дзяцінства - пасля працяглай рэстаўрацыі быў урачыста адкрыты Дом Лютара. Гэта адна з самых старых і прыгожых фахверкавых пабудоў, што захаваліся ў Айзенаху. Зараз у доме-музеі працуе пастаянная экспазіцыя "Лютар і Біблія", якая складаецца з незвычайных экспанатаў, мультымедыйных прэзентацый і нечаканых перспектыў. Яна расказвае аб тым, як і з чыёй дапамогай Марцін Лютар перакладаў Біблію на нямецкую мову.

Паводле матэрыялаў сайта germania-online.diplo.de.


Выйшаў каляндар "Не маўчы па-беларуску!" на 2017 год

Будзьма беларусамі" працягвае папулярны праект "Не маўчы па-беларуску!" і выдала новы каляндар на 2017 год.

Асобаў, якія набылі каляндар чакаюць 365 арыгінальных малюнкаў ад мастачкі і аўтара ідэі Дар'і Мандзік, падпісаных сакавітымі беларускімі словамі і словазлучэннямі. Дызайнерскае афармленне календара зрабіў Анатоль Лазар (студыя "Адліга"). Кожны месяц - новая тэма і новая прыказка, паведамляе marketing.by.

Мінулыя выданні календара на 2015 і 2016 год карысталіся вялікім попытам. Так, каляндар на 2016 год разыйшоўся тыражом у 10 тысяч асобнікаў. Прычым удала прадаваўся ён не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

А студыя дызайнера Ігара Назаранкі зрабіла мабільную версію календара, якая была даступная для бясплатнай спампоўкі.

Новы каляндар "Не маўчы па-беларуску!" ужо можна набыць у інтэрнэт-крамах: knihi.by, imbryk.by i symbal.by (дастаўка па ўсім свеце), а таксама ў буйных кнігарнях Менска.

marketing.by.


Паседжанне Рады ТБМ

У адпаведнасці з рашэннем Сакратарыяту ТБМ чарговае паседжанне Рады адбудзецца 27 лістапада ў сядзібе ТБМ. Пачатак рэгістрацыі 10:30, пачатак паседжання 11:30.

Парадак дня Рады ТБМ 27 лістапада 2016 года:

1. Інфармацыя аб удзеле ТБМ у парламенцкіх выбарах у 2016 годзе.

2. Абмеркаванне плана дзейнасці ТБМ на 2017 год.

3. Аб зменах у складзе Сакратарыяту ТБМ.

4. Аб падпісцы і далейшым лёсе газеты ТБМ "Наша слова".

5. Аб фінансавым становішчы ТБМ.

6. Рознае.

Чакаем вашыя прапановы да праекту плана дзейнасці на 2017 год.


У Шклове ўзгадалі Міхася Зарэцкага

Напярэдадні 115-й га-давіны з дня нараджэння пісьменніка Міхася Зарэцкага, сябры Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" наведалі Зарэчны Шклоў. Менавіта тут, у пачатку XX стагоддзя, жыў будучы вядомы беларускі пісьменнік Міхась Зарэцкі - адсюль псеўданім.

Міхась Зарэцкі (сапраўднае прозвішча Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў), нарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Сенненскага павета, цяпер Талачынскі раён, Віцебскай вобласці - празаік, драматург, перакладчык, крытык.

Дзяцінства прайшло ў Зарэчным Шклове. З 10-гадовага ўзросту вучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семінарыі (у 1917 пакінуў семінарыю пасля 2 гадоў вучобы). Юнака захапілі рэвалюцыйныя падзеі і літаратурная дзейнасць. Бацька яго, Яўхім Ануфрыевіч, быў псаломшчыкам мясцовай царквы Святой Тройцы і адыграў вялікую ролю ў фармаванні эстэтычных густаў пісьменніка.

Будучы пісьменнік працаваў перапісчыкам у вайсковай частцы. З лютага 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, потым быў прызначаны загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзела народнай асветы. У 1920-1927 палітработнік Чырвонай Арміі. Публікавацца пачаў у 1922. З 1924 член літаб'яднання "Маладняк", уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926-1927 рэдагаваў часопіс "Маладняк". У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб'яднання "Полымя". У жніўні - кастрычніку 1927 у складзе дэлегацыі беларускіх літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 (артыкулы "Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай крытыцы)", "Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага плана)".

Аднак ў хуткасці выступленні Міхася Зарэцкага ў друку былі расцэнены як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з пісьменнікамі Андрэем Александровічам і Алесем Дударам ён заявіў пра выхад з БДУ. У 1929 выключаны з ВКП(б). Да лістапада 1936 працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва БелАН. Але творчая актыўнасць пісьменніка трагічна прыпынілася. Яго абвінавацілі разам з Янкам Купалам і іншымі беларускімі пісьменнікамі нібыта за контррэвалюцыйную дзейнасць. Арыштаваны 3 лістапада 1936 у Менску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 як "актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі" да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Загінуў Міхась 13 ліпеня 1941 года. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7 снежня 1957. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

Міхась Зарэцкі дэбютаваў апавяданнем у 1922 (газета "Савецкая Беларусь"). Ён аўтар зборнікаў апавяданняў "У віры жыцця" (1925), "Пела вясна" (1925), "Пад сонцам" (1926), "42 дакументы і Двое Жвіроўскіх" (1926), "На чыгунцы" (1928), "Ракавыя жаронцы" (1930, уключаны і п'есы "Віхор на балоце" ды "Белыя ружы"), апавядання "Бацькаў сын" (1932), аповесці "Голы звер" (1926), раманаў "Сцежкі-дарожкі" (1928), "Вязьмо" (1932), кніжак нарысаў "Падарожжа на новую зямлю" (1929), "Лісты ад знаёмага" (1931). Аўтар п'ес "Сымон Карызна" (1935), "Ная" (1936) і інш., а таксама кінасцэнарыя "Пачатак шчасця". У 1975 выдадзены зборнік выбраных апавяданняў "Пачатак шчасця", у 1989-1991 выйшаў Збор твораў у 4 тамах.

Многія рукапісы Міхася Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма "Рагнеда" (1929), працяг рамана "Крывічы". Пераклаў на беларускую мову раман "Цэмент" Ф. Гладкова (1930), "Прыгода ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну" Я. Гашака (ч. 1, 1931). Выступаў і як крытык. Проза Міхася Зарэцкага вызначалася шчырым гуманізмам, яго называлі пісьменнікам арыгінальнага таленту. Аднак лепшае, што створана аўтарам - раманы "Вязьмо" і "Сцежкі-дарожкі".

Непасрэдна Зарэчны Шклоў, дзе прайшлі дзіцячыя гада хлапчука Міхася, мае вельмі багатую гісторыю. Найбольш ранняе паведамленне пра гэтыя мясціны сустракаецца ў гістарычнай літаратуры яшчэ падчас вайны Маскоўскай дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай у 1654 - 1667 гадах: "Шклоў уяўляў сабой вялікі горад, які меў шэраг прадмесцяў: Аршанскае, Шклоўскае, Заперакопскае і самае шматлюднае - Задняпроўскае. У 1650 годзе з агульнай колькасці 1220 дамоў і 8540 чалавек шклоўскага насельніцтва тут жыло ў 405 дамах 2835 жыхароў".

Таксама паведамляецца, што ў час ваенных падзей, а менавіта ў 1660 годзе, супраць Шклова на левым беразе Дняпра адбыўся бой паміж абаронцамі Шклова і маскоўскім войскам. Бой быў люты і цягнуўся чатыры гадзіны, загінула шмат народу, пасля чаго шклоўцы адступілі назад у горад. Паколькі рускім ваяводам стала вядома, што "жилецкие люди, осаду крепят и хотят сидеть в осаде накрепко", рускія войскі новага прыступу не пачыналі, а адступілі да Магілёва. Менавіта гэтыя дзеянні шклоўцаў прывялі да рашэння караля і сойму Рэчы Паспалітай у 1661 годзе вызваліць горад Шклоў на чатыры гады ад падаткаў.

Аднак у літаратуры XIX стагоддзя паведамляецца, што ў 1880 годзе ў Зарэчным Шклове ўжо налічвалася толькі 351 чалавек мужчын і 366 жанчын, у тым ліку праваслаўных - 373 і 344 чалавекі яўрэяў. Усе пабудовы былі драўляныя. Дамоў налічвалася 134. Было дробных лавак 16, адна праваслаўная царква Святой Тройцы і адна яўрэйская малітвенная школа.

Не мінула жыхароў Зарэчнага Шклова і віхура Другой сусветнай вайны. У мясцовай ваколіцы адбываліся масавыя расстрэлы мірных жыхароў, у тым ліку і вязняў яўрэйскага гета. Акцыі пачаліся прыкладна ў канцы верасня - пачатку кастрычніка 1941 года. Акупанты амаль штодзённа на машынах вывозілі мірных жыхароў на знішчэнне. З дакладу Магілёўскай абласной камісіі аб масавым вынішчэнні мірнага насельніцтва гітлераўскімі захопнікамі на тэрыторыі вобласці ў 1941-1944 гадах: "...В 1941 году в Шклове фашисты согнали около 300 человек, погнали к противотанковому рву у деревни Заречье и произвели массовый расстрел. Заставляли самих несчастных людей ложиться в противотанковый ров, после чего их расстреливали. Часть людей осталось живыми и ранеными, и их вместе с мёртвыми засыпали землёй. Двое суток шевелилась земля на этом месте".

У Зарэчным Шклове актывісты таварыства беларускай мовы наведалі месцца, дзе некалі знаходзілася царква Святой Тройцы і ў якой, безумоўна, бываў яшчэ хлапчуком Міхась. Захаваліся звесткі пра знешні выгляд гэтага храма. Драўляныя калоны дарычаскага ордэна, антаблемент, франтон імітавалі камень. Пад камень распісаны і драўляныя сцены царквы. Такія формы культавай архітэктуры назіраліся ў перыяд устанаўлення класіцызму на Беларусі. Царква перажыла ўсе рэвалюцыйныя і ваенныя ліхалецці, а вось у гады ваяўнічага атэізму знішчана. У 60-х гадах 20 стагоддзя будынак царквы Святой Тройцы быў разабраны і перавезены на іншае месца пад гаспадарчыя патрэбы.

На вялікі жаль, імя Міхася Зарэцкага, да гэтуль адсутнічае ў тапаніміцы горада Шклова. Але памяць аб ім не згасла.

Аляксандр Грудзіна , старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ.


Юлій Таўбін. Першы з "тройкі мсціслаўцаў"

Люблю я край, дзе вечары

Ў далёкім небе сцелюць столкі

І промні ранішняй зары

Вітаюць юныя пасёлкі.


Там дымнай заніззю палі

Не будуць звіты і затканы,

Там буры-ветры размялі

Сляды забытага кургана.


Цвітуць сады... Сінее высь...

Бруіцца зорнае насенне...

Як добра будзе тут калісь

Зарыцца з галавою ў сене!


Ці пад няўпынны зорны бег

У неабсяжным сінім глянцы

Раскласці вогнішча-начлег

Ля стромкіх сосен на палянцы.


Калоссяў спелых сумны звон

Супыняць людзі, бы асілкі,

І прынясуць ім буйны плён

Зубцамі жорсткімі касілкі.


А потым прыйдзе лістапад, -

І восень смуглая угледзіць,

Як будзе вецер лашчыць сад

І граць на яблынькавай медзі.


Ах, гэты край нізін і круч,

Равы, суглінкавыя пашы...

Табе ў адзнаку - "Беларусь"

Надалі назву продкі нашы.

Юлій Таўбін. Люты, 1928, Мсціслаў.

Сацыяльныя і палітычныя змены пасля 1917 года, першыя гады беларусізацыі надалі вялікі штуршок да стварэння ўсяго новага, у тым ліку і новай беларускай літаратуры. На ўсходзе Магілёўшчыны, якая толькі ў 1924 годзе ўвайшла ў склад БССР, шпаркімі тэмпамі набірала абароты новая генерацыя маладых пісьменнікаў. Адным з самых таленавітых і непаўторных сярод іх быў паэт і перакладчык Юлій Таўбін.

Нарадзіўся ён у Расіі ў Варонежскай вобласці. Калі яму было 10 год, пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў, дзе пасля сямігодкі паступіў ў педагагічны тэхнікум. Там уступае ў пісьменніцкую арганізацыю "Маладняк". У педтэхнікуме пэўны час быў дырэктарам вядомы лінгвіст і грамадскі дзеяч Янка Бялькевіч, які здолеў стварыць у навучальнай установе спрыяльную для творчасці атмасферу. Адначасова з Таўбіным навучаліся Станіслаў Шушкевіч, Зяма Півавараў, Павел Левановіч, Ганна Сапрыка. Падчас навучання ўзнікла творчае сяброўства з Змітром Астапенкам і Аркадзем Куляшовым, вядомыя затым як "тройца мсціслаўцаў". Яны нават некаторыя творы пісалі супольна і падпісвалі калектыўным псеўданімам "Амсціслаўцы", або Язэп Качкін.

Першыя вершы Таўбіна з'явіліся ў 1926 годзе ў зборніку "Маладняк Калініншчыны", што выходзіў у Клімавічах. А першы зборнік вершаў "Агні" выйшаў у 1930 годзе. Літаратурныя крытыкі ставіліся да Юлія насцярожана і абвінавачвалі яго ў рабскіх адносінах да старой буржуазнай літаратуры.

У 1931-33 гадах Юлій Таўбін вучыўся ў Менскім педінстытуце. Вось якім яго ў тыя часы апісваў Сяргей Грахоўскі: "Сярод пісьменнікаў Таўбін быў адметны ад усіх: зрэнкі аксамітна-чорных вачэй, здавалася, бачаць навылёт, выразныя тоўстыя губы нечым нагадвалі Пушкіна, у свае дзевятнаццаць гадоў ён хадзіў трошкі сагнуты, нібы толькі ўстаў з-за стала."

У 1933 годзе ГПУ праводзіць чарговую "чыстку" нацыянал-дэмакратаў. Сюды патрапілі Л. Калюга, А. Мрый, З. Астапенка, Ю. Таўбін і іншыя. Студэнта Таўбіна арыштавалі ў лютым і 10 жніўня 1933 прыгаварылі да 2 гадоў ссылкі ў Цюмень.

Але Юлій Таўбін не скараўся лёсу. Ён настойліва займаўся самаадукацыяй і вывучаў англійскую мову. Займаўся перакладамі з англійскай, нямецкай мовы і ідзішу. Перакладаў Г. Гайне, У. Маякоўскага...

У 1936 годзе паэта паўторна арыштавалі і этапавалі ў Менск. Па звестках гісторыка Леаніда Маракова на допытах Юлія Таўбіна катаваў лейтэнант дзяржбяспекі Міхаіл Перскі. Вось як апісваў метады тагачаснага следства ў Менскім НКУС адзін з тых, каму ўдалося выжыць:

З ліста С. Гваздзецкага сакратару ЦК КП(б)Б П.Панамарэнку: "Двадцать месяцев сижу в Минской тюрьме под следствием… В ноябре 1937 г. меня вызвали на так званый допрос, где пытками заставили написать под диктовку следователя Берского (Перского.- Л.М.), что я враг народа, вредитель… Об этом насилии и издевательствах я написал наркому Берману, но очевидно, мои заявления дальше следователя не пошли. Я написал наркому Берману, что большая надстройка над воротами тюрьмы превратилась в застенок, где кровью людей политы стены, от криков их движутся окна… "

А 29 кастрычніка 1937 года выязная сесія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла Ю. Таўбіна да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

Па звестках літаратуразнаўцаў, незадоўга да арышту Юлій Таўбін паслаў у Ленінградскае аддзяленне выдавецтва "Художественная литература" падборку перакладаў на рускую мову вершаў Альфрэда Хаўсмана, якія потым увайшлі ў зборнік "Антология новой английской поэзии". Зборнік выйшаў праз 20 дзён пасля растрэлу паэта…

І, па меркаванні некаторых даследчыкаў, пераклад верша англійскага паэта "Законы Бога и людей" прагучаў для нас, для жывых, як "ліст з таго свету":

…Себе другой избрал я путь -

Они хотят меня вернуть.

Но я, хуля законы их,

Им не навязывал своих.

Мол, как угодно, господа,-

Раз вы туда, так я сюда.

Так нет же! Им стерпеть нельзя,

Что у него своя стезя.

Они грозят - иди назад,

Не то - тюрьма, петля и ад.

Как не робеть мне! Суд их скор.

Могу ль вступить в неравный спор?

Не я построил этот мир.

Я в нём блуждаю, чужд и сир.

Хоть глупые, но господа -

Они. Их сила, их права.

А нам на Марс не улететь

С тобой, душа моя… Так впредь

Смирись и следовать сумей

Законам Бога и людей…

І ўжо толькі ў 1966 годзе падчас хрушчоўскай "адлігі" адзіны з тых, хто застаўся ў жывых з "амсціслаўскай тройкі" - Аркадзь Куляшоў напісаў пра свайго закатаванага сябра ў паэме "Маналог" наступныя пранікнёныя словы:

Адзін памёр ад тыфусу брушнога

За кратамі, сярод муроў сырых.

Без стужак, без вянкоў,

без некралога,

З кляймом абвінавачання цяжкога,

Згубіўся ён сярод магіл глухіх…

Алег Дзьячкоў, г. Магілёў.


Памёр Генадзь Шэршань

Цяжка пішуцца словы некралогу, калі гняце боль беззваротнай страты. 10 лістапада г.г. амаль за чатыры месяцы да свайго 80-годдзя пакінуў нас цудоўны медык, рэдактар, пісьменнік, журналіст, нарысіст, мастак, актыўны сябар Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Генадзь Аляксандравіч Шэршань.

Ён нарадзіўся ў Менску 3-га красавіка 1937 года…

Не паспеў ён прамовіць да бацькі сваіх шчырых дзіцячых слоў на сваёй роднай мове з такім россыпам ласкальных суфіксаў: тата, татка, татуля, татулька, татулечка, татуленька і даросла-паважлівага: татухна

У гэтым жа 1937 годзе арыштоўваюць бацьку-чыгуначніка, расстрэльваюць… (Цяпер, ён, вядома ж, рэабілітаваны.) А пасля вайна. У сваіх успамінах, апублікаваных летась у часопісе "Маладосць", Генадзь Аляксандравіч падрабязна расказвае пра сваё паўсірочае жыццё са старэйшай за яго сястрычкай і маці, настаўніцай пачатковых класаў, у акупаваным фашыстамі Менску; і пра першыя дні пасля вызвалення. Жывая балючая гісторыя…

Далей таксама нялёгкае пасляваеннае жыццё, картачная сістэма, вучоба ў сярэдняй школе з сябрамі такога ж складанага лёсу.

Успамінаў: "Калі ў шостым класе ў нас складалі нейкі спіс, выявілася, што палова вучняў жыве без бацькі…"

Пасля дзесяцігодкі шчаслівае паступленне ў медінстытут. Высокаадукаваныя выкладчыкі, сур'ёзная напружаная вучоба, медпрактыка. Шматграннае студэнцкае жыццё, летнія вандроўкі, вайсковыя зборы, спартыўныя заняткі, значок "Альпініст СССР".

А яшчэ пасля - напружаная праца фтызіятрам у раённай бальніцы, затым - рэдактарам у выдавецтве "Беларусь", дзе ён як медык быў так запатрабаваны пры выданні адпаведнай літаратуры.

Ён быў аўтарам многіх прадмоў, укладальнікам розных медыцынскіх даведнікаў, сямейных экцыклапедый, такіх як "Сам сабе доктар", "Здароўе жанчыны", "Траўмы галавы і шыі", зборніка анектодаў і гумарэсак "Было б здароўе". Ва ўсім гэтым - клопат аб здаровым ладзе жыцця насельніцтва Беларусі.

І як не ўспомніць такую яго кнігу, адрасаваную вучням малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту (вядома ж, і іх бацькам і настаўнікам) "Навошта чалавеку галава". ("Адукацыя і выхаванне", 2008). Даступна, займальна расказваецца ў ёй пра дзейнасць цела чалавека, яго органаў. Поўная цікавых фактаў з гісторыі біялогіі і медыцыны, кніга вучыць маладога чытача беражліва ставіцца да свайго і чужога здароўя і жыцця.

А колькі выдатных постацяў медыкаў нашага мінулага мы пазналі з яго старонак праз многія гады друкавання ў адрыўным календары "Родны край"!..

Працуючы рэдактарам у выдавецтве, ён на працягу дзесяцігоддзяў пасля рабочага дня бег у бальніцу, дзе без аплаты ў другую змену, лячыў хворых.

Неяк пры размове ён зазначыў: "Я шчаслівы, бо ніводзін з людзей, якіх я лячыў, не памёр". Найбольшае шчасце, якое можа зведаць доктар!

І вось ён, шматпакутны і шчаслівы, ужо адышоў… Пайшоў, як кажуць у народзе, да сваіх родных - да сястры, да маці, якія раней памерлі нялёгкай драматычнай смерцю, пайшоў да бацькі… Каб сказаў сын бацьку, а бацька сыну тыя словы ласкі і ўцехі, якія ляжалі на вуснах невымаўленымі амаль восем дзесяткаў гадоў…

Бывай, наш дружа!.. Бывай, дарагі Генадзь Аляксандравіч!

Яўген Гучок, Анатоль Клышка, Кастусь Цвірка.



Адукацыйныя паслугі Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч.

Семінартрэнінг. "Прафілактыка адвергнутасці". 25.11.2016 а 18-ай

Калі вы хочаце даведацца, як папярэдзіць сваю траўму адвергнутасці, каб цябе і тваіх блізкіх - дзяцей, унукаў, іншых сямейнікаў - прымалі, а не адвяргалі, не праганялі, не ігнаравалі, каб ты не ўцякаў у свой свет ад нехарошых людзей, каб у цябе не было ворагаў, якія лічаць цябе нікім і нічым, каб цябе разумелі, каб у цябе не было панікі, каб твой апетыт заўсёды быў добрым, каб цела тваё не худнела, скура не была праблемнай, каб не парушаліся дыхальныя функцыі, каб не было сексуальных праблем, то запрашаем наведаць семінар-трэнінг "Прафілактыка адвергнутасці ", які адбудзецца 18.11.2016 з 18.00 па 21.00 па адрасе: вул. Румянцава, 13 (ст.метро пл. Перамогі).

Для кантактаў:

МТС (+375 29) 769-29-78;

velcom (+375 29) 960-14-53;

e-mail spadarl@yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі - 02.12.16.


Мая малая радзіма

У рамках дэкады гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны рэгіёна "Мая малая радзіма" ў перыяд з 1 па 4 лістапада 2016 года быў праведзены Лідскі раённы фестываль музеяў устаноў адукацыі.

У фестывалі прынялі ўдзел Рады 12 музеяў устаноў адукацыі:

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа №1 г. Ліды",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа №5 г. Ліды",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа №6 г. Ліды",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа №11 г. Ліды",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа №12 г. Ліды",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа №15 г. Ліды",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Сярэдняя школа №17 г. Ліды",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія №1 г. Бярозаўкі",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Бердаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Ёдкаўская сярэдняя школа",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Крупаўская сярэдняя школа",

- дзяржаўная ўстанова адукацыі "Першамайская сярэдняя школа".

У рамках фестывалю, у дзень адкрыцця, яго ўдзельнікамі былі прадстаўлены і творча прэзентаваны тэматычныя выставы рознай скіраванасці.

У другі дзень фестывалю прайшоў фінал, ужо стаўшага традыцыйным, раённага краязнаўчага конкурсу "Знаходка года". Усе знаходкі былі творча абаронены з выкарыстаннем слайд-прэзентацыі, у якой былі адлюстраваны вынікі пошукавай працы, апісанне прадмета, яго гісторыя.

У рамках трэцяга фестывальнага дня ўдзельнікі прэзентавалі сцэнарныя распрацоўкі завочнай краязнаўчай экспедыцыі "Вулачкамі старадаўняга горада" і даследчыя працы "Мой род, мая сям'я".

Фестываль школьных музеяў садзейнічаў актывізацыі і далейшаму ўдасканаленню краязнаўчай, пошукава-даследчай працы ва ўстановах адукацыі, яе папулярызацыі і абмену досведам паміж педагогамі, адказнымі за краязнаўчую працу ва ўстановах адукацыі, кіраўнікамі музеяў устаноў адукацыі, навуковымі супрацоўнікамі Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Наш кар.


Звольненыя гарадзенскія гісторыкі выдалі часопіс

У Горадні прэзентавалі першы нумар новага навуковага гістарычнага выдання - "Гадавік Цэнтра беларускіх студыяў". Новы акадэмічны часопіс выдаецца беларускімі навукоўцамі пры Варшаўскім універсітэце.

Рэдактар "Гадавіка Цэнтра беларускіх студыяў" Генадзь Семянчук сказаў, што новы гістарычны часопіс выдаецца пераважна былымі гарадзенскімі гісторыкамі, якія па палітычных матывах былі звольненыя з унівэрсітэта імя Янкі Купалы. Больш дзесяці звольненых гісторыкаў былі прынятыя ў Цэнтр беларускіх студыяў, які створаны адмыслова для іх пры Варшаўскім універсітэце.

Паводле Семянчука, канцэпцыя выдання не будзе адыходзіць ад класічных акадэмічных навуковых выданняў гуманітарнага кірунку. Плануецца, што большасць тэкстаў у часопісе будуць займаць вынікі навуковых даследаванняў сяброў Цэнтра беларускіх студыяў пры Варшаўскім унівэрсітэце. Таксама будуць госці, абавязкова маладыя навукоўцы. У выданні будуць рубрыкі - "Крыніцы" і "Рэцэнзіі".

Што датычыць тэматыкі, то, паводле рэдактара Семянчука, пераважна будзе рэпрэзэнтавацца беларуская гістарыяграфія, а таксама беларуска-польская гістарычная праблематыка і дачыненні.

- Першы нумар нашага часопіса прадстаўлены тэкстамі, якія датычаць пераважна гісторыі ХІХ-ХХ стагоддзяў, але ёсць і іншае. Да прыкладу, сацыёлаг Вардамацкі прадставіў тэкст, прысвечаны сучасным сацыялагічным аналізам рэакцыі беларускага грамадства на падзеі ва Украіне. Хачу зазначыць, што тэксты ў часопісе будуць друкаваца на адной з трох моваў: па-беларуску, па-польску альбо па-ангельску.

Паводле прафесара Алеся Краўцэвіча, выданне мае прадэманстраваць, што гарадзенскія гісторыкі, звольненыя па палітычных матывах з універсітэта імя Янкі Купалы, надалей прысутнічаюць у навуковай прасторы:

- Вельмі добра, што ў нас з'явілася такая магчымасць выдаваць свой навуковы часопіс. Гэта будзе сведчаннем таго, што мы існуем у навуковай прасторы. Ва ўсёй Беларусі выходзіць толькі адзін навуковы гістарычны часопіс "Беларускі навуковы агляд". Гэта практычна адзінае выданне на ўсю Беларусь на мноства ўніверсітэтаў. Складваецца ўражанне, што беларускім гісторыкам плацяць грошы за тое, каб яны не пісалі гісторыі Беларусі.

Міхал Карневіч. На здымках: 1. Так выглядае новы гістарычны часопіс "Гадавік Цэнтра беларускіх студыяў"; 2. Генадзь Семянчук; 3. Алесь Краўцэвіч.


Кніга Томаса Урбана "Катынь, 1940 год" выйшла па-беларуску

Выдавецтва часопіса "Arche" выдала кнігу нямецкага даследчыка Томаса Урбана "Катынь, 1940 год. Гісторыя аднаго злачынства". Катынская трагедыя пазбавіла жыцця тысячы польскіх афіцэраў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Кніга ўтрымлівае шмат малавядомых фактаў не толькі пра самую трагедыю, але і пра тое, як звесткі пра яе хаваліся і фальсіфікаваліся, - кажа галоўны рэдактар часопіса "Arche" Валер Булгакаў:

- Томас Урбан дбайна, дэталёва рэканструюе тыя падзеі, якія мелі месца, таксама выкрывае тую павалоку хлусні, якую агарнула савецкае грамадства ў звязку з гэтай трагедыяй, у звязку з гэтымі масавымі забойствамі. Томас Урбан таксама распавядае гісторыю пасляваенных і сучасных міждзяржаўных дачыненняў, у якіх Катынь па-ранейшаму адыгрывае вялікую ролю.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX