Папярэдняя старонка: 2016

№ 49 (1304) 


Дадана: 06-12-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 49 (1304), 7 снежня 2016 г.


25 гадоў рэальнай незалежнасці Беларусі

Пасля спробы зрушэння М.С. Гарбачова з пасады прэзідэнта СССР па-ранейшаму працягвалася праца над новым Саюзным дагаворам. Кіраўнікі большасці рэспублік заяўлялі пра свой намер далучыцца да дагавора аб Саюзе Суверэнных Дзяржаў. Апошні раз такая заява была зроблена ў лістападзе 1991 года і транслявалася на тэлебачанні, а само падпісанне было прызначана на снежань.

1 снежня ва Украіне быў праведзены рэферэндум па пытанні яе незалежнасці ад СССР, які паказаў 90 % сцвярджальных адказаў.

7 снежня 1991 г. дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання сталі сведкамі незвычайнага выступу. Прамову трымаў Барыс Ельцын. Расійскі прэзідэнт гаварыў аб цеснай гістарычнай дружбе рускіх і беларусаў, перспектывах адносін паміж дзвюмя рэспублікамі.

8 снежня 1991 г. кіраўнікі трох саюзных рэспублік падпісалі знакамітае Белавежскае пагадненне, якое прадугледжвала роспуск СССР як суб'екта міжнароднага права. Пагадненне падпісалі ў Віскулях (Белавежская пушча, Беларусь) вышэйшыя службовыя асобы і кіраўнікі ўрадаў трох саюзных рэспублік: Барыс Ельцын і Генадзь Бурбуліс (РСФСР), Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч (БССР), Леанід Краўчук і Вітольд Фокін (Украіна).

Прэамбула дакумента канстатавала, што "Саюз ССР як суб'ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне".

Артыкул 1-ы Пагаднення абвяшчаў: "Высокія Дагаворныя Бакі ўтвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў" (СНД).

Пагадненне заяўляла пра імкненне развіваць супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай, культурнай і іншых абласцях.

Артыкул 14-ы вызначаў Менск "афіцыйным месцам знаходжання каардынацыйных органаў садружнасці".

У спецыяльнай Заяве кіраўнікоў дзяржаў Рэспублікі Беларусь, Расіі і Украіны канстатавалася, што недальнабачная палітыка Цэнтра прывяла да глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу, да развалу вытворчасці, катастрафічнага паніжэння ўзроўню жыцця практычна ўсіх без выключэння сацыяльных слаёў насельніцтва. Цэнтральная ўлада, апроч усяго іншага, абвінавачвалася ў нагнятанні сацыяльнай напружанасці на нацыянальнай глебе. Таму адзіны выхад, як гаварылася ў Заяве, бачыцца ў стварэнні СНД.

Праз дзень пасля падпісання Белавежскага пагаднення - 10 снежня 1991 г. - пастанова Вярхоўнага Савета Беларусі аб яго ратыфікацыі была вынесена на суд парламентарыяў.

Пачаўшы свой выступ, Шушкевіч заявіў, што разумее «хваляванне і нецярплівасць» дэпутатаў. Паводле Шушкевіча, сустрэча лідараў трох славянскіх рэспублік наспела даўно, таму што перамовы аб саюзным дагаворы зайшлі ў тупік. Старшыня Вярхоўнага Савета паспяшаўся супакоіць дэпутатаў, запэўніўшы іх у тым, што ён стаіць з Ельцыным і Краўчуком на адных і тых жа «канцэптуальных пазіцыях».

Пераважная большасць дэпутацкага корпуса досыць пазітыўна ўспрыняла падпісанне Белавежскага пагаднення і была яўна настроена на ягоную адназначную ратыфікацыю. Пра гэта сведчаць выступы многіх дэпутатаў. Вельмі высока ацаніў дзеянні беларускага кіраўніцтва ў Віскулях Анатоль Вярцінскі.

Вынікі галасавання па ратыфікацыі Белавежскага пагаднення былі наступнымі. З 266 дэпутатаў, што галасавалі, «за» прагаласавалі 263 парламентарыі, «супраць» - 1, устрымаліся - 2, не галасавалі 27 чалавек.

Працэдура дэнансацыі прайшла без асаблівых ускладненняў, аднак карціна была трохі іншай. З 240 дэпутатаў, што галасавалі, "за" аддалі свае галасы 212 чалавек, супраць - 7, устрымаліся - 21. У выніку была прынята адпаведная пастанова.

Наступны этап роспуску СССР ажыццявіўся 21 снежня 1991 г., калі ў сталіцы Казахстана Алма-Аце быў падпісаны Спецыяльны пратакол да Пагаднення і шэраг іншых дагавораў аб стварэнні СНД. Цяпер сяброў Садружнасці налічвалася адзінаццаць...

Вікіпедыя.


125 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Максім Адамавіч БАГДАНОВІЧ (9 снежня 1891, Менск - 25 траўня 1917) - беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец; класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Багдановіч выступаў як крытык і гісторык літаратуры. Распачынальнік традыцыі беларускага мастацкага перакладу. Нізка "Места" з адзінага прыжыццёвага зборніка паэта "Вянок" з'яўляецца першым узорам урбаністычнай лірыкі ў новай беларускай паэзіі. Спадчына Максіма Багдановіча ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры.

У 1892 годзе сям'я перабралася ў Гародню, дзе бацька Максіма Адам Ягоравіч Багдановіч атрымаў працу ў сялянскім пазямельным банку. Жылі на ўскраіне горада, на Новым Свеце, 15 па Садовай. Умовы былі добрымі для выхавання дзяцей: мяккі клімат, у двары сад, а вакол сады, палі, недалёка лес і Нёман.

Маці летам выязджала з сынамі на вёску. Вядома яе паездка ў Вяззе на Асіповічыне да сваёй старэйшай сястры, дзе дзеці ўпершыню апынуліся ў беларускай народнай стыхіі.

16 кастрычніка 1896 года памерла маці будучага паэта. Пасля смерці любімай жонкі Адам Ягоравіч не змог жыць у Гародні і ў лістападзе 1896 года ён з дзецьмі пераязжае ў Ніжні Ноўгарад. Так Максім аказаўся надоўга адарваным ад Беларусі.

Маці дзецям Адама Ягоравіча замяніла цётка па бацьку Марыя Багдановіч. Бацька аддаваў шмат увагі сваім сынам, дзякуючы яму яны палюбілі літаратуру. У 1906 годзе хрышчоная маці Максіма В. Сёмава, якая жыла ў Пінску і трымала там прыватную гімназію, выпісвае для яго газету "Наша доля", а потым і "Нашу ніву". У хуткім часе Максім стаў сталым супрацоўнікам "Нашай нівы" і завочна пасябраваў з супрацоўнікамі газеты, асабліва яму імпанаваў яму Сяргей Палуян, які адказваў М. Багдановічу ўзаемнасцю...

Вікіпедыя.


75 гадоў з дня нараджэння Васіля Ліцвінкі

Васіль Дзмітрыевіч ЛІЦВІНКА нарадзіўся 7 снежня 1941 года ў вёсцы Верхні Церабяжоў на Століншчыне. Пасля заканчэння сярэдняй школы выкладаў беларускую мову, літаратуру і спевы ў сямігодцы вёскі Лука на Століншчыне (1958-1960). Служыў у ваенна-марскім флоце СССР (1961-1964).

Вучыўся на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта (1964-1970). Падчас вучобы ўзначальваў студэнцкі клуб, ладзіў канцэрты самадзейных калектываў універсітэта, гастролі вядомых вакальна-інструментальных ансамбляў ва ўніверсітэце.

У 1971 годзе стварыў на філфаку першую ва ўніверсітэце лінгафонную лабараторыю. З верасня 1975 году перайшоў на выкладчыцкую работу на кафедру расейскай савецкай літаратуры філфака, дзе выкладаў фальклор.

У 1981 годзе Васіль Ліцьвінка разам з калегамі дамогся стварэння на філалагічным факультэце БДУ навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору, якой кіраваў да выхаду на пенсію ў 2005 годзе.

У 1987-2003 гг. - аўтар і вядовец тэлепраграмы "Запрашаем на вячоркі". Уваходзіў у рэдакцыйны склад газеты "Балесы Полісься" ("Галасы Палесся").

Абіраўся старшынём Беларускага саюза фалькларыстаў на першым і другім з'ездах у 1992 і 1995 гадах. Быў віца-старшынём Таварыства беларускай школы. Кандыдат філалагічных навук.

Пасля выхаду на пенсію ў 2006 г. планаваў стварыць у родных мясцінах на Століншчыне фальклорна-этнаграфічны цэнтр заходнепалескай традыцыйнай культуры, аднак раптоўная смерць зашкодзіла здзяйсненню планаў.

Быў шчырым сябрам ТБМ і актыўным аўтарам газеты "Наша слова". Рэгулярна друкаваў у газеце календары народных святаў і абрадаў.

Памёр 12 ліпеня 2007 г. у Менску. Пахаваны на могілках у роднай вёсцы.

Вікіпедыя.


БОГ - БІБЛІЯ - БАЦЬКАЎШЧЫНА!
ФРАНЦЫСК СКАРЫНА
S.D.G et H.B.M.V.

Жыццё-вера-памяць-святасць!
Ніякай працы і скарбаў ніякіх не шкадуйце для паспалітай карысці для Айчыны сваёй.
Любіце і шануйце,
як святыню,
роднае слова,
з якім вас літасцівы Бог
на свет пусціў.
Ф. Скарына.

ФРАНЦЫСК СКАРЫНА - СЫН БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ.

Яго вялікая духоўная і навуковая дзейнасць належаць не толькі многім народам Еўропы, але і ўсяму свету. Яна набірае ўжо планетарныя кшталты міжнароднага значэння з далёкіх стагоддзяў і будзе існаваць вечна.

Нягледзячы на тое, што прайшло 5 стагоддзяў з таго часу, як жыў і тварыў Францішак Скарына, удзячная памяць народаў з усё большаю сілаю кранае і абуджае сэрцы новых пакаленняў не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Праца Францыска высока ацэнена і прызнана ЮНЕСКА, 1990-ы год быў абвешчаны годам Скарыны.

Сапраўды, Францыск Скарына - асоба сусветнага маштабу як навуковец, асветнік, гуманіст, першадрукар.

Свет навукі і культуры годна ацаніў яго заслугі перад чалавецтвам: выдадзена і выдаецца многа кніг, навуковых прац, прысвечаных Скарыне. Ёсць медаль яго імя, граматы і дзяржаўныя ўзнагароды, помнікі, мемарыяльныя дошкі. Імем Францыска названы вуліцы, бібліятэкі, навучальныя ўстановы, рэгулярна праводзяцца канферэнцыі і чытанні аб вялікім укладзе Скарыны ў гісторыю Беларусі і сусветную культуру.

У Падуанскім універсітэце (Італія) ёсць "Зала Сарака". У ёй партрэты яго сусветнавядомых выпускнікоў - Галілео Галілей, Мікалай Капернік і інш. Над партрэтам Францыска Скарыны напісана на лаціне: "Францыск Скарына з Полацка. Беларус. 1512".

Здаецца, што Францыск Скарына ўжо годна адзначаны нашым народам і ўдзячным чалавецтвам.

Але для такой славутай асобы, як Францыск, недастаткова адной свецкай памяці, нягледзячы на тое, што яна ўжо перасягнула межы часу, 500 гадоў жыве ў памяці пакаленняў.

Мінула атэістычная навала пераследу веры і ганьбавання ўсіх хрысціянскіх каштоўнасцей - духоўных і мастацкіх. Ваяўнічае цемрашальства знішчала не толькі духоўнае, але і ўсё нацыянальнае, знішчала простых і славутых Сыноў Беларусі.

Францыск не толькі доктар, гуманіст, першадрукар. Ён - волат Слова Божага! Але яго заслугі перад Богам і веруючым народам яшчэ недастаткова ацэнены. Ён пакінуў нашчадкам "Псалтыр", 23 кнігі Бібліі, у якіх павучае і разважае. Францыск не проста перакладаў, друкаваў. Ён жыў духам Бібліі, любіў Бога і бліжняга - свой просты люд.

Настаў час убачыць і па-сапраўднаму ацаніць не толькі інтэлектуальныя здольнасці Францыска, працу і цярпенні, але і зазірнуць у яго духоўны свет веры, хрысціянскага жыцця і дзеяў, якія ён поўнасцю прысвяціў на хвалу Божую і дабро паспалітаму люду Бацькаўшчыны. Каб ушанаваць яго і духоўна, усім Усяленскім Касцёлам і Праваслаўнай Царквою ва ўсіх святынях Беларусі і свету.

Цяпер ёсць магчымасць вяртаць на Айчыну славутых, але не прызнаваных Сыноў Беларусі. Вяртаць не толькі іх парэшткі-рэліквіі, напрацаваныя інтэлектуальныя вынаходніцтвы, культурныя мастацкія і літаратурныя шэдэўры, матэрыяльныя і духоўныя. Усё гэта арганізацыйна лёгка зрабіць. Трэба вяртаць і іхні дух у актыўнае культурнае, інтэлектуальнае і хрысціянскае жыццё нашага пакалення, у нашу рэчаіснасць, каб мы ставілі іх за ўзор для сябе і ўсяго народа. У дадзеным выпадку нам могуць вельмі дапамагчы Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква.

Францыск не толькі доктар, гуманіст, паэт, вучоны, першадрукар, і ўсё гэта дзякуючы яго вялікай хрысціянскай душы і велічы выхаванаму духу.

Лічу, што такі пералік вонкавых заслуг не поўнасцю раскрывае веліч яго высокароднага ўнутраннага свету і нязломнага духу веры, як волата Слова Божага, і не поўнасцю ацэньваюцца яго заслугі перад Богам і веруючым народам. Яго вобразнае параўнанне мудрасці ў прытчах з ядром у арэху, з золатам у зямлі, з сілай каштоўнага каменя. Гэта сведчыць, што ён - паэт-філосаф, які не можа не здзіўляць арыгінальнасцю і трапнасцю сваіх доказаў.

Па Скарыне:

- Заўважыць дух чалавека, як ядро ў арэху.

Ні адзін друкар не рабіў і не робіць пераклад кніжак у сваёй друкарні, не піша прадмоў і анатацый-разважанняў для чужых кніг, тым больш да Бібліі. Ні адзін друкар не дае свае каментары, павучэнні і праніклівыя, з жывой верай заахвоты да простага люду, не абмінаючы вучоных і заможных, як гэта робіць Францыск. Кожны друкар толькі друкуе ўсё, што яму прыносяць і за гэта атрымлівае ганарар. Тут, у адносінах да Францыска, штосьці большае, чым друкар! Францыск стаіць на многа вышэй за ўсіх друкароў і выдаўцоў.

Францыск не даў сябе зацерці, усыпіць у дастатку ў багатай Еўропе. Яго дух любові да Бога і ўдзячнай памяці да свайго народа перамог. Ён не стаў на дарогу ўзбагачэння, а мог! Мог друкаваць свецкую даходную, сумніўнага зместу літаратуру, якая напэўна бы яго ўзбагаціла, азалаціла, як гэта бачым сёння па многіх выдавецтвах, якія гатовы друкаваць усё.

Для свайго вялікага пачыну - выдавецкай дзейнасці - Францыск Скарына выбраў менавіта Біблію, найбольш папулярную ў хрысціянскім свеце кнігу, у якой людзі імкнуліся знайсці адказы на самыя розныя жыццёвыя пытанні.

Францыск не толькі асабіста друкаваў кнігі Святога Пісання. Любіў Бога і бліжняга - свой просты-паспаліты люд.

Трэба ўбачыць і ацаніць не толькі інтэлектуальныя здольнасці Францыска, працу і цярпенні, але смела зазірнуць у яго духоўны мір веры, хрысціянскага жыцця і дзеяў, якія поўнасцю прысвяціў на хвалу Боскую і дабра паспалітага люду Бацькаўшчыны. Ён вялікі Радзімалюб!

Трэба ўшанаваць яго і яго хрысціянскую высокароднасць духоўна, усім нам, сваёй верай з усёй Усяленскай Царквою ва ўсіх святынях не толькі Беларусі, але і ўсяго свету.

Францыск быў вельмі таленавіты і шматгранны. Ён увабраў у сябе многія навукі і ў кожным з іх кірункаў мог сябе бліскуча праявіць, рэалізаваць і ўзбагаціцца, як і ў той жа медыцыне, але ён абраў толькі Біблію, шлях даволі круты, цярністы.

Хто прывіў яму такую любоў да Бібліі, або Што?

Францыск знаходзіўся ў тагачасных высокіх і элітных навуковых і духоўных колах. Быў глыбока веруючым з аналітычна-лагічным мысленнем навукоўца, гэта назіраецца ва ўсім яго жыцці і працы. З усіх філасофскіх навук ён пераканаўся, што Біблія з'яўляецца Кнігаю Кнігаў. Да Бога прывялі яго не толькі бацькі і духоўныя настаўнікі, ён сам прыйшоў дзякуючы навукам і свайму інтэлектуальнаму развіццю.

Што было асноваю гэтага выбару? Менавіта Біблія!

Невыказная памяць і ўдзячнасць Радзіме і свайму паспалітаму шматпакутнаму люду, пра якога памятаў і якому ўсімі сіламі намагаўся дапамагчы. Але як? Едзе на Радзіму не як лекар ці - вучоны, а як місіянер-друкар з Бібліяй, бо для тых, хто пазнае яе святы змест, яна стане лякарствам, спакоем, мудрасцю… і жыццём вечным.

"Найвышэйшая мудрасць у разважанні пра смерць, у спазнанні сябе самога і ў памятанні наступнасці".

Біблія дзецям і людзям простым - кніга для навучання, настаўнікам і людзям мудрым - для захаплення.

Біблія - дзівосная рака! Яна бывае мелкай, і нават авечка можа перайсці! Але адначасна і глыбокай, калі і слон змушаны плысці цераз яе! У гэтай кнізе - пачатак і канец усёй існай мудрасці, бо толькі праз яе можна спасцігнуць Бога-Ўладара! У гэтай кнізе - усе законы і правы, якімі карыстаюцца людзі ў зямным жыцці! У гэтай кнізе - усе лякарствы душэўныя і цялесныя разам знойдзеце! Тут - навучанне філасофіі дабрапрыстойнае: як Бога любіць для самога сябе і для бліжняга свайго! Тут - справа ўсялякага збору людскога і горада, якія праз веру, ласку і згоду паспалітую дабро памнажаюць. Тут - поўнае навучанне сямі навук вызваленых!

З вышэй сказанага робім выснову, што, маючы вялікую веру і любоў да Бога і Маці Божай, Францыск загарэўся і вялікай любоўю да свайго люду. А як найлепей дапамагчы яму, як не друкам Бібліі, пашыраць веру і веды ў сваім народзе. Вось, ШТО было яго святым рухавіком.

Я адчуваю сваім святарскім перакананнем, што Францыск - гэта Божы голас праз стагодзі для нашага пакалення, нашай сучаснасці!

Францыск прысвячае для гэтага здароўе, маёмасць і ўсё сваё жыццё. Адрокся ад славы і багацця ў свеце. Як манах і пустэльнік зачыняецца ў сваім пакоі-кабінеце і друкарні, нягледзячы на тое, што жыў у цэнтры дзяржаўных сталіц - Прагі і Вільні, перапоўненых людзьмі і жыццёвымі радасцямі.

Меў выпрацаваную вялікую сілу волі. Вось яго ахвярны славянскі дух!

Вера Францыска праходзіць залатой ніццю праз усё яго жыццё.

Ён, як рэдка хто, дзень і ноч разважаў і працаваў над тэкстам Бібліі. Ён палюбіў Біблію - Слова Божае, захапіўся ім і палымнеў душою, каб перадаць гэты агонь Божай любові свайму любаму паспалітаму народу. Толькі той запаліць, хто сам гарыць.

"Дык няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсць у небёсах" - (Мф 5, 16).

Ён жыў Бібліяй. Ён прапускаў праз сваё сэрца кожны біблейскі сказ, як бачым у яго каментарах. Не быў абыякавы да напісанага тэксту. У духу бачыў Біблію на сталах і алтарыках у кожным доме Беларусі, дзе сабраныя ў кола бацькі і дзеці чыталі Слова Божае. Вось што было вялікім рухавіком для Францыска - духоўная і інтэлектуальная адукацыя народа.

"Псалом ест щит против бесовскым нощьным мечтаниям и страхом, покой денным суетам и роботам, защититель младых и радость старым, потеха и песня, женам набожьныя молитва и покраса, детем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце, мужем модное утверьжение".

Францыск - узор любові да роднай мовы і народа ў духу жывой веры і ўзорнага, цнатлівага хрысціянскага жыцця.

У друкаванай кнізе Скарына бачыў невычарпальныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысціянскіх, маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрапейскім культурна-гістарычным соцыюмам.

Францыск сваёй філіграннай працаю намагаўся наблізіць свой народ, нашу Айчыну да Еўрапейскага ўзроўню жыцця.

Францыск поўнасцю і даслоўна намагаўся наследаваць Збаўцу Ісуса Хрыста, Які маліўся: "Слаўлю Цябе, Ойча, Гаспадар неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў для малых" (Мф 11, 25).

Ён услед за Евангелістам Мацвеем лічыў, што просты чалавек можа ўбачыць у Святым Пісьме тое, што нярэдка застаецца няўспрынятым добра адукаванымі людзьмі.

Добра разумеючы ролю кнігі ў грамадстве, Скарына бачыў у ёй адзін з найважнейшых сродкаў культурнага прагрэсу і нацыянальнага Адраджэння. Яго кнігі на роднай мове сталі той паходняй, якая ўказвала людзям сапраўдны шлях у будучыню, тым знічом, які саграваў і асвятляў людское жыццё ў непагадзь і завею.

Разам з тым яны адлюстроўваюць і асабістыя рысы выдаўца, яго духоўную адоранасць і непаўторнасць, веліч яго подзвігу.

Францыск - вялікі ўмілавальнік Слова Божага, і, не пабаюся сказаць, на ўзроўні Святога Гераніма, які пераклаў Біблію на лацінскую мову.

Францыск - місіянер і катэхізатар Слова Божага для нашых народаў, як Святыя Кірыл і Мяфодзій для Еўропы.

Кнігі Скарыны зрабілі вялікі ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях.

Богу въ Троици единому

ко чти и ко славе,

Матери его Пречистой Марии

к похвале.

Всем небесным силам

и святым его к веселію,

Людем посполитым

к доброму научению.

Паэтычныя радкі стваралі ўзнёслае ўспрыманне ўсёй кнігі, абуджалі эмоцыі і глыбокія пачуцці ў чытача, рыхтавалі яго да сустрэчы з незвычайным, таямнічым, прыгожым.

Усе пераклады кніг Бібліі Ф. Скарына прысвяціў "людем посполнтым к доброму наученню". Ён хацеў пашырыць духоўную асвету сярод суайчыннікаў, дапамагчы простым людзям пазнаць мудрасць і навуку Божую. З гэтай мэтай кожную з кніг Ф. Скарына суправаджаў прадмовамі і пасляслоўямі. У іх першадрукар выказваў свае грамадскія і асветніцкія погляды, заклікаў да ўмацавання правапарадку, да стварэння справядлівых заканадаўчых кодэксаў аб дзяржаве, войску, зямлі, тлумачыў незразумелыя словы і звароты, а таксама розныя звесткі па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, філасофіі, астраноміі.

У "Малой падарожнай кніжыцы" Скарына змясціў розныя каляндарныя і астранамічныя звесткі (беларускія назвы месяцаў, знакаў задыяку) - усё тое, што неабходна было чалавеку ў дарозе.

"Псалтыр" (зборнік 150 Псалмоў, па якіх у сярэднявеччы вучыліся грамаце) Скарына адрасаваў "дзецям малым як пачатак усякай добрай навукі", а таксама дарослым у якасці настольнай кнігі, душавыратавальнага чытання. Псалмы "Псалтыра", лічыць Скарына, - "гэта скарб, безліч каштоўных каменняў! Яны розную немач духоўную і цялесную выганяюць! Душу і розум прасвятляюць і гнеў, і лютасць уціхамірваюць! Мір і спакой чыняць! Смутак і скруху адганяюць! Пачуцці ў малітвах даюць! Людзей зычлівымі робяць! Ласку і міласць мацуюць! Д'ябла праганяюць, анёлаў на дапамогу заклікаюць!"

Францыск - узор для ўсіх майстроў узвышанага слова навукі, паэзіі і прозы. Няхай кожны сумленны майстар слова і навуковец дае свой глыбокі каментар пра напісанае і сказанае.

Асветнік Скарына садзейнічае пашырэнню пісьменства і ведаў. Пра гэта сведчыць яго заклік да чытання Бібліі:

"Кніга (Біблія) - люстэрка людскога жыцця і душэўныя лекі, уцеха - самотным, знявераным - помач, і асабліва тым, каго немач точыць і верад рушыць".

"У Бібліі пачатак і канец усёй існай мудрасці! Толькі праз яе можна спасцігнуць Бога - Уладара! У гэтай кнізе - усе законы і правы, якімі карыстаюцца людзі ў зямным жыцці! У гэтай кнізе ўсе лекі душэўныя і цялесныя разам знойдзеце!"

"Прото ж добре Григорий Великий, учитель Вселенский - (Папа), о сей книге пишет, глаголя: "Святое Писмо все иные науки превышает, понеже егда бывает чтено, под простыми словами замыкает тайну".

Гуманіст Скарына пакінуў свой маральны запавет у наступных радках, якія ўтрымліваюць мудрасць чалавечага жыцця і ўзаемаадносін паміж людзьмі. Пераказваючы сюжэты біблейскіх кніг, Скарына ў прадмовах акцэнтуе ўвагу чытача на самых важных момантах Бібліі - на законах вечнасці: "Закон прироженый в том наболей соблюдаем бываеть: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных имети... Сей закон прироженый написан ест в серци единого кажного человека"; "...Наболей любовь ко всем да соблюдает, ежели ест совершенна над все иные дарования, без нея же ничто поспешно ест".

Прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны да Бібліі, дзе ён раскрывае глыбокі сэнс біблейскіх паданняў, прасякнуты клопатам аб разумным упарадкаванні грамадства, выхаванні чалавека, усталяванні годнага жыцця на зямлі.

Францыск, напэўна, марыў вярнуцца на Бацькаўшчыну і такім быў, напэўна, яго тастамант апошняй волі. Ён хацеў вярнуцца з назапашаным, узбіраным інтэлектуальным і духоўным багажом, каб тут разгарнуць сапраўдную выдавецкую дзейнасць на хвалу Божую і дабро людзей.

Францыск Скарына - пачынальнік новага разумення патрыятызму любові і павагі да сваёй Айчыны і люду. З патрыятычных пазіцый, прасякнутых жывой і глыбокай верай, успрымаюцца наступныя яго словы, якія Францыск Скарына скіраваў з любоўю да сваёй малой радзімы: "Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведаюць гнёзда своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять ульев своих, - тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають".

Адсюль і палкае жаданне Скарыны служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансна-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, спасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і Боскіх Запаветаў.

З Еўропы Францыск некалькі разоў намагаўся вярнуцца на Бацькаўшчыну, у Вільню, бо толькі там магла быць матэрыяльная падтрымка ад мецэнатаў і аднадумцаў для друкавання Бібліі, чаго ён не знаходзіў у родным Полацку.

У 1520 годзе ён пераязджае ў Вільню - сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, дзе засноўвае першую на тэрыторыі дзяржавы ВКЛ друкарню, каб разгарнуць нанова выдавецкую дзейнасць для ўсёй славянскай прасторы. У 1522 годзе выдае "Малую падарожную кніжыцу", а ў 1525 годзе "Апостал".

У 1534 годзе Францыск Скарына з надрукаванымі кнігамі і з вялікай надзеяй распачаў падарожжа ў Вялікае Княства Маскоўскае, дзе паспрабаваў зацікавіць сваімі выданнямі маскоўскае грамадства, але там яго ніхто не падтрымаў. Яго выгналі, бо ён быў католікам, а кнігі Бібліі ў Маскве былі публічна спалены як ерэтычныя.

Хрыстос настаўляе Вучняў: "Ісус жа адказаў: не забараняйце яму, бо той, хто робіць цуды імем Маім, не зможа пасля казаць благое пра Мяне" (Мк 9, 39).

Можна адчуць боль і скрушны дух Францыска падчас вяртання з Масквы ў Вільню. Падобны лёс мог чакаць яго і ў родным Полацку, у якім быў толькі праездам. Напэўна, яго сэрца разрывалася, адчуваючы родныя мясціны. Адкінуты і незразуметы сваімі суайчыннікамі, ён не пакідае сваё святое заданне далейшай працы над Бібліяй, яе выданнем і не перастае любіць Радзіму і свой народ. Пакора перамагла і знесла ўсе крыўды.

У віленскага Біскупа Яна Скарына служыў сакратаром і лекарам да 1535 г. Праз год Біскуп Ян пакінуў Віленскае біскупства, быў пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць выразнай сацыяльнай падтрымкі вымусілі Францыска Скарыну пакінуць ВКЛ, пакінуць Радзіму і ад'ехаць назад у Прагу.

Вяртаецца зноў у Еўропу, дзе яго прымаюць, але там ён заўсёды чужынец. З такім пачуццём дажывае апошнія дні свайго жыцця. Толькі жывая вера і крапатлівая праца над Бібліяй дапамагаюць яму - волату Божага Слова - перамагчы адзіноту.

Магістр Тэўтонскага ордэна Альбрэхт Брандэнбургскі запрасіў Францыска ў Кёнігсберг (Калінінград). Піша сам герцаг: "Не так даўно прынялі мы ў наша валоданне і Прускае княства слаўнага мужа Францыска Скарыну з Полацка, доктара медыцыны, надзвычай шаноўнага з вашых грамадзян як нашага падданага, двараніна і любімага намі вернага слугу."

У выданнях Скарыны паўтараецца выява сонца і месяца з чалавечымі тварамі. Выбар сімвала яўна невыпадковы. Гэты знак быў створаны і абраны Скарынам "у якасці свайго асабовага герба".

У выяве сонца з прамянямі, месяц і кніга-Біблія, як крыніца мудрасці, ведаў і асветы - сімвал перамогі святла над цемрай, жыцця над смерцю.

Знак Скарыны трактуецца як хвала і слава кнізе Бібліі - крыніцы святла, мудрасці, дабрачыннасці і ведаў.

У вершы "Скарына пакідае Радзіму" Уладзімір Караткевіч сцвярджае думку аб недаравальнай віне суайчыннікаў перад такім тытанам, які вымушаны быў цярпець нягоды, нястачы, шукаць прытулку на чужыне; ствараючы ўзвышанае.

Упершыню ў гісторыі ўсходнеславянскага друкавання асветнік увёў тытульны ліст, тлумачальныя падзагалоўкі, пааркушавую нумарацыю, абзацы, г. зн. прыдаў кнізе сучасны выгляд.

Па гэтай прычыне кнігі шырока распаўсюджваліся ў Еўропе і мелі вялізны ўплыў на чытачоў у многіх краінах свету. Вынаходніцтва першай друкаванай кнігі стала падобна да вынаходніцтва першага кола ці цяпер телефона…

Пры перакладзе "Бібліі" Скарына абапіраўся на глыбокі філалагічны аналіз папярэдніх выданняў і выкарыстоўваў старадрукі. Рыхтуючы да друку тэксты Святога Пісання, асветнік грунтоўна займаўся іх глыбокімі тэксталагічнымі апрацоўкамі, экзегетыкай і герменеўтыкай.

Багаты духоўны інтэлект Скарыны ставіць яго ўпоравень з найвыдатнейшымі людзьмі эпохі Рэнесансу.

Скарына выступіў гарачым прыхільнікам духоўнага і грамадскага адзінства ўсяго народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці.

Будучы верным Богу і з Божай дапамогаю, Францыск вытрываў да канца і перамог. Бог дапамог!

Ён дачакаўся, што пра яго на Бацькаўшчыне не толькі ўспомнілі. Ён можа смела вярнуцца да яе, як СЫН, як муж вялікай славы і гонар для ўсёй Беларусі.

Поўнасцю падтрымліваю і лічу своечасовым зварот навукоўцаў і інтэлігенцыі да Мітрапалітаў Тадэвуша і Паўла, як і да Нунцыя Апостальскай Сталіцы, каб Усяленскі Касцёл на чале з Папам Францыскам разгледзеў заслугі Скарыны, чысціню яго веры, гераічнасць жыцця і вернасць Хрыстовай Усяленскай Царкве.

Але, на маю думку, у дачыненні да Францыска, мы маем яшчэ многа незавершанай працы, цяпер, бачу тры святыя абавязкі:

1. Знайсці ў Чэхіі і ўшанаваць месца пахавання Францыска Скарыны;

2. Зрабіць паўторны зварот да шаноўных Мітрапалітаў Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў у Беларусі Архібіскупа Тадэвуша і Паўла, як і скласці просьбу на рукі Нунцыя Апостальскай Сталіцы з хадайніцтвам аб распачацці інфармацыйнага працэсу і вылучэнні Францыска Скарыны да годнасці Слугі Божага і, калі будзе на тое Божая воля, да ліку Бласлаўлёнага і Святога. Для гэтага трэба сабраць подпісы з усёй Беларусі, як сведчанне духоўнай удзячнасці Усявышняму за славутага Сына Беларусі.

3. Завяршэннем усяго будзе тое, калі Францыск Скарына ўсіх нас аб'яднае ва ўзаемнай хрысціянскай любові, бо такім быў дэвіз усяго яго жыцця: Бог - Біблія - Бацькаўшчына!

Францыск Скарына павінен быць прыняты ўсёй нашай краінай і яе жыхарамі розных веравызнанняў, як узор годны да наследавання.

"Напісанае застаецца", - гаварылі старажытныя рымляне.

Францыск Скарына пакінуў нашчадкам кнігі, у якіх засталіся самыя патаемныя, выпакутаваныя яго думкі.

Гэтыя кнігі Вялікага беларуса ўспрымаюцца сёння як самая дарагая нацыянальная рэліквія, як духоўны скарб, нацыянальная святыня, як сімвал усёй тысячагадовай беларускай культуры.

Цяпер настаў час сумленнага адраджэння, удзячнасці і прызнання нашым пакаленнем духоўных якасцейцнотаў Францыска Скарыны. Трэба і нам спасцігаць азы духоўнасці і веры, вучыцца ўглядацца ў духоўны і сумленны мір чалавека, а не толькі бачыць і славіць вынік дзейнасці духу чалавека.

Убачыць ядро ў арэху, як Наш Брат Францыск Скарына!

Ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк.


130 гадоў з дня нараджэння

Міколы Равенскага

Мікола Якаўлевіч РАВЕНСКІ (5 снежня 1886, маёнтак Капланцы, Ігуменскі павет, цяпер Бярэзінскі раён Менскай вобласці - 9 сакавіка 1953, Лёвен, Бельгія) - беларускі кампазітар, дырыгент, музычны крытык.

Напісаў музыку да шэрагу вершаў беларускіх паэтаў, аўтар музыкі да гімну "Магутны Божа", кампанаваў рэлігійную музыку.

Нарадзіўся ў сям'і садоўніка. З пяці гадоў спяваў у царкоўным хоры, навучаўся ў вясковай школе. У 1895 прыняты на поўнае ўтрыманне ў Менскі архірэйскі хор, дзе атрымаў пачатковую музычную адукацыю. У 1903 г. быў накіраваны ў Менскі мужчынскі манастыр як дырыгент тамтэйшага хору.

У 1905 г. атрымаў ад архірэя накіраванне ў Наваградак, дзе працаваў дырыгентам царкоўнага хору і выкладаў музыку ў школах. У 1912-1914 гг. прайшоў курсы рэгента царкоўнага хору ў Маскве. З пачаткам Першай сусветнай вайны эвакуяваны з Наваградка, працаваў канторшчыкам, загадчыкам складамі ў вайсковым будаўніцтве. З 1917 - выкладчык спеваў і музыкі ў Ігумене.

У 1919 г. пераехаў у Менск, працаваў дырыгентам царкоўнага хору, школьным выкладчыкам. У 1920 г. пачаў працаваць кіраўніком хору пры Беларускім работніцкім клубе (эсэраўскім) у Менску. У гэты час з'яўляюцца ягоныя першыя кампазіцыі - песні на вершы Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, уступ да паэмы "Гапон" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, песня "Ах ты, Нёман-рака" на словы Цішкі Гартнага. У 1922 г. у Менску выйшаў друкам амаль увесь тагачасны песневы рэпертуар М. Равенскага - "Зборнік песьняў з нотамі". Пасля забароны дзейнасці эсэраў арыштаваны, па вызваленні пэўны час працаваў хормайстрам у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры (1923).

У 1923 г. выехаў у Маскву працягваць сваю музычную адукацыю, дзе жыў сем гадоў, закончыўшы ў 1927 годзе музычны тэхнікум імя Стасава і ў 1930 годзе кампазітарскі аддзел кансерваторыі. Адначасна ў 1924-1930 быў сябрам-карэспандэнтам Беларускай Акадэміі навук. У Маскве Мікола Равенскі піша песенныя кампазіцыі на словы Ўладзіміра Дубоўкі і Янкі Купалы. Пад уплывам У. Дубоўкі звярнуўся да музычнай крытыкі і напісаў два крытычныя артыкулы ва "Ўзвышша".

З 1930 г. выкладаў у музычным тэхнікуме, Беларускай кансерваторыі. У 1938 г. выключаны з Саюзу кампазітараў як брат расстралянага Антона Равенскага. У 1940 г. пераехаў у Магілёў, але праз год вярнуўся ў Менск, дзе і застаў акупацыю. Тут 23 чэрвеня згінулі ў пажары ўсе ягоныя рукапісы і друкі.

З 1943 г. - рэгент царкоўнага хору ў г. Ігумене, у 1944 г. вярнуўся ў Менск. З надыходам савецкіх войскаў эміграваў у Нямеччыну, жонка з дзецьмі засталася ў БССР. Працаваў рабочым на тартаку пад Мюнхенам, выкладаў у беларускіх гімназіях у Рэгенсбургу і Остэргофене. Быў сябрам Рады БНР у выгнанні.

З 1950 г. у Бельгіі, у Лювенскім універсітэце стварыў студэнцкі ансамбль беларускай музыкі. У апошнія гады захварэў на рак. Пахаваны ў Лёвене.

Аўтар апрацовак беларускіх народных песень і песень на вершы М. Багдановіча ("Пагоня", "Слуцкія ткачыхі" і інш.), Я. Купалы, Я. Коласа ("Мой родны кут", "Край наш бедны" і інш.), К. Буйло ("Люблю наш край", гістарычная сюіта "Курган" паводле аднайменнага верша), Ц. Гартнага, З. Бядулі, якія часткова ўвайшлі ў яго "Зборнік песень з нотамі" (1922), У. Дубоўкі ("О Беларусь, мая шыпшына"); беларускай оперы "Браніслава" (лібрэта У. Дубоўкі; не завершанае); беларускай аперэты "Залёты" (паводле В. Дуніна-Марцінкевіча); музыкі на тэксты царкоўных малітваў, у тым ліку "Магутны Божа" (на словы Н. Арсенневай).

Кампанаваў рэлігійную музыку. Падрыхтаваў працу "Характэрныя рысы беларускай народнай песні" (засталася ў рукапісе).

У канцы жыцця кіраваў хорам беларускіх студэнтаў у Бельгіі, з ім даў шмат канцэртаў у краінах Заходняй Еўропы, запісаў грамафонныя кружэлкі з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі песнямі. Па смерці на гэтай пасадзе яго змяніў Канстанцін Кіслы.

Вікіпепдыя.


Дыялог Алены Анісім з Урадам

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь

1) Прапаную ў 2017 годзе вярнуць льготны праезд у гарадскім транспарце для студэнтаў і пенсіянераў за кошт дадатковых сродкаў, атрыманых падчас павышэння акцызаў на алкаголь і тытунь.

2) У сувязі з тым, што 2016 год быў аб'яўлены Годам культуры і таму шмат што было запачаткавана ў гэтай сферы патрэбнага, прапаную на 2018 год закласці 2% ад бюджэту на культуру.

3) У культурнай і турыстычнай сферы Беларусь прапагандуецца як краіна замкаў. Скажыце, калі ласка, калі завершыцца рэстаўрацыя Лідскага замка, пачатая ў 1980-м годзе? Калі пачнецца рэстаўрацыя Быхаўскага замка і Старога замка ў Гродне?

4) 18 кастрычніка 2016 г. да мяне як да дэпутата Палаты прадстаўнікоў звярнуўся прадстаўнік брытанскай кампаніі Аляксандр Мінін, які 5 гадоў таму пачаў рэалізоўваць інвестыцыйны праект у Стаўбцоўскім раёне. 1 кастрычніка 2016 г. ён накіраваў адкрыты зварот па электроннай пошце на імя Прэм'ер-міністра А.У. Кабякова, адказ на яго не атрымаў. У сувязі з тым, што Аляксандр Мінін падымае пытанні, важныя для інвестыцыйнага іміджу нашай краіны ў Еўропе, адкажыце, калі ласка, ці быў атрыманы зварот і які адказ на яго.

З павагай, Анісім Алена Мікалаеўна.


Сакратарыят Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага збору

Рэспублікі Беларусь

Пра прадстаўленне інфармацыі

У выкананне даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2016 г. № 09/133-30/14457р у межах сваёй кампетэнцыі паведамляем наступнае.

... Па запыце дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анісім А.М. ад 14 лістапада 2016 г. № 19:

пункт 2: Міністэрства культуры падтрымлівае прапанову пра фінансаванне сферы культуры ў 2018 годзе ў памеры 2 % ад выдаткаў кансалідаванага бюджэту, што дазволіць удасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу арганізацый культуры, павялічыць заработную плату працаўнікам культуры, забяспечыць правядзенне культурных мерапрыемстваў на больш высокім узроўні, завяршыць правядзенне рэстаўрацыйных работ раней вызначаных тэрмінаў.

Даведачна:

доля выдаткаў на культуру ў агульным аб'ёме кансалідаванага бюджэту складала ў 2012 годзе - 2,10 %, у 2013 г. - 1,93 %, у 2014 г. - 1,62 %, у 2015 г. - 1,39 %, у 2016 г. (план) - 1,49 %;

пункт 3: інфармуем пра рэстаўрацыю замкаў у гарадах Ліда, Гародня, Быхаве, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

1. Гістарычна-культурная каштоўнасць XIV ст. - замак у г. Ліда.

Работы праводзяцца ў адпаведнасці з архітэктурным праектам "Рэстаўрацыя і рэканструкцыя Лідскага замка".

Заказчыкам выступае дзяржаўнае абласное ўнітарнае прадпрыемства "УКБ Гарадзенскага аблвыканкама".

Фінансаванне ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. У перыяд з 2010 па 2015 год з рэспубліканскага бюджэту на аб'ект накіравана 850 тыс. дэнамінаваных рублёў, у 2016 г. - 68,2 тыс. рублёў.

Заканчэнне работ плануецца ў 2018 г.

2. Гістарычна-культурная каштоўнасць канца XI - XIX стагоддзяў - комплекс Старога замка ў г. Гародня.

Міністэрствам культуры ў 2016 г. разгледжаны і ўхвалены будаўнічы праект "Рэстаўрацыя і прыстасаванне пад гістарычна - археалагічны музей комплекса Старога замка па вул. Замкавая, 22 у г. Гародня (1 чарга)", які ўключае ажыццяўленне комплексу мерапрыемстваў па навукова-абгрунтаваным аднаўленні страчаных элементаў комплекса Старога замка, працы па паляпшэнні яго тэхнічнага стану з прыстасаваннем пад музейную функцыю.

Заказчыкам выступае дзяржаўнае абласное ўнітарнае прадпрыемства "УКБ Гарадзенскага аблвыканкама"

Работы праводзяцца за кошт мясцовага бюджэту.

Для завяршэння работ па распрацоўцы будаўнічага праекту 1-ай чаргі ў 2017 годзе спатрэбіцца 598,7 тыс. рублёў.

Гады рэалізацыі праекту: 2018-2023.

Фінансаванне работ па аб'екце плануецца ажыццяўляць у будучыні за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і сродкаў абласнога бюджэту.

3. Гістарычна-культурная каштоўнасць (XVII стагоддзе) "Фрагменты Быхаўскага замка" ў г. Быхаве.

Міністэрствам культуры ў 2013 г. разгледжаны і ўхвалены будаўнічы праект "Помнік архітэктуры ХVII ст. - замак у г. Быхаве. Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй 2-х вежаў і кансервацыяй фрагментаў замка", 2 этап, які ўключае правядзенне комплексу мерапрыемстваў па забеспячэнні захаванасці тэхнічнага стану фрагментаў замка, супрацьаварыйныя работы, навукова-абгрунтаванае аднаўленне страчаных элементаў і канструкцый, экспанаванне захаваных адметных элементаў (размалёўкі сцен), добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Заказчыам па аб'екце выступае ўнітарнае вытворчае камунальнае прадпрыемства "Цэнтр па рэстаўрацыі" (г. Магілёў).

Работы фінансуюцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту.

У 2015-2016 гадах сродкі рэспубліканскага бюджэту на аб'ект не выдзяляліся ў сувязі з іх адсутнасцю.

Завяршэнне рэалізацыі праекту: да 2022 г.

Пры гэтым трэба адзначыць, што тэрміны правядзення работ па кожным аб'екце могуць быць удакладнены зыходзячы з інвестыцыйных магчымасцяў бюджэтаў.

Міністр Б.В. Святлоў.


Сакратарыят Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу

Рэспубліі Беларусь

Савет Міністраў

Рэспублікі Беларусь

Пра зварот дэпутата Анісім А.М.

У мэтах выканання даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2016 г. № 09/133-30/14457р зварот дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анісім А.М. па пытанні вяртання ільготнага праезду ў гарадскім пасажырскім транспарце пенсіянерам разгледжаны ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь (далей - Мінфін).

У межах кампетэнцыі паведамляем наступнае.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян" (далей - Закон) права бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце, які ажыццяўляе гарадскія перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах, прадастаўлена больш за 10 сацыяльным групам насельніцтва рэспублікі.

Даведачна. Да ўступлення ў сілу Закона права на 50-працэнтную зніжку з кошту праезду ў гарадскім транспарце мелі пенсіянеры (мужчыны, якія дасягнулі 60 гадоў, жанчыны - 55 гадоў). Фінансаванне расходаў па прадастаўленні сацыяльных ільгот, устаноўленых заканадаўствам, ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах, а таксама ў бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Паводле інфармацыі Мінфіна, дзейныя тарыфы на пасажырскія перавозкі агульнага карыстання ў цяперашні час значна ніжэй фактычна склаўшыхся ў транспартных арганізацый выдаткаў па іх забеспячэнні (насельніцтвам кампенсуецца толькі 67 працэнтаў выдаткаў).

Пры гэтым, на пакрыццё транспартным арганізацыям стратаў, панесеных у выніку такога зніжэння тарыфаў для насельніцтва, у 2015 годзе з дзяржаўнага бюджэту накіравана больш за 2,5 трлн. рублёў.

Па стане на 1 лістапада 2016 г. у Рэспубліцы Беларусь пражывала 2,5 млн. пенсіянераў. Вырашэнне пытання аб прадастаўленні ільготнага праезду названай катэгорыі грамадзян запатрабуе значных расходаў бюджэтных сродкаў.

Даведачна. Кошт праязнога білета для праезду на двух відах гарадскога наземнага транспарту на адзін месяц у г. Мінску складае 30,03 рубля.

З улікам колькасці пенсіянераў, за выключэннем ільготных катэгорый грамадзян, якія на сённяшні дзень маюць права на бясплатны праезд у гарадскім транспарце, правам ільготнага праезду (50-працэнтнай зніжкі з кошту праезду) змогуць скарыстацца больш за 2,4 млн. чал. Для пакрыцця страт транспартным арганізацыям спатрэбіцца больш за 432 млн. рублёў у год са сродкаў бюджэту.

З улікам мер, прынятых у дачыненні да фарміравання акцызнай палітыкі на 2017 год, рэзервы для павышэння ставак акцызаў на алкагольную прадукцыю і тытунёвыя вырабы ў цяперашні час адсутнічаюць. Дадатковае павелічэнне ставак акцызаў, звыш прадугледжанага і закладзенага ў праект бюджэту на 2017 год, можа разбалансаваць алкагольны і тытунёвы рынкі і негатыўна адбіцца на фінансава-эканамічным стане прадпрыемстваў гэтых галін.

Даведачна. Варта адзначыць, што ў апошнія гады забяспечваўся апераджальны рост ставак акцызаў на алкагольную прадукцыю і тытунёвыя вырабы над тэмпамі інфляцыі.

Так, за перыяд з 2010 па 2016 гг. стаўкі акцызаў на моцныя алкагольныя напоі павялічаны ў 6 разоў, на тытунёвыя вырабы - у сярэднім у 23,8 раза. Пры гэтым рост спажывецкіх цэн за гэты перыяд чакаецца ў 4,4 разы.

У выніку доля паступленняў ад акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю ў даходах кансалідаванага бюджэту павысілася з 3,1 працэнта ў 2010 годзе да 4,6 працэнта ў 2016 годзе, або з 0,9 процэнта до 1,4 працэнта да валавага ўнутранага прадукту.

У 2017 годзе ў мэтах забеспячэння эфектыўнай работы прадпрыемстваў-вытворцаў стаўкі акцызаў на моцныя алкагольныя напоі прапанавана захаваць на ўзроўні III квартала 2016 г. (13,45 рублёў за 1 літр чыстага спірту). Павелічэнне ставак акцызаў на моцныя алкагольныя напоі не забяспечыць дадатковыя паступленні ў бюджэт у сувязі з падзеннем аб'ёмаў рэалізацыі моцнага алкаголю.

Даведачна. Пры ўмове ўстанаўлення стаўкі акцызаў на моцныя алкагольныя напоі ў 2017 годзе на ўзроўні IV квартала 2016 г. (13,83 рублёў за 1 літр чыстага спірту) аб'ём рэалізацыі гэтай прадукцыі не перавысіць 91 млн. рублёў (95,2 працэнта да ацэнкі 2016 года, паступлення акцызаў 535,5 млн. рублёў (103,3 працэнта да цэн 2016 года).

З улікам таго, што ў папярэднія гады стаўкі акцызаў на тытунь індэксаваліся значнымі тэмпамі, іх дадатковае павелічэнне ў наступным годзе можа негатыўна адбіцца на аб'ёмах вытворчасці гэтай прадукцыі.

Адначасова інфармуем, што ў рэспубліцы прыняты дадатковыя меры сацыяльнай падтрымкі пенсіянераў.

Так, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 2011 № 176 "Аб дзяржаўнай падтрымцы пенсіянераў" прадугледжана штогадовае права грамадзянам, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту (мужчыны - 60 гадоў, жанчыны - 55 гадоў), на 50-працэнтную зніжку кошту праезду на чыгуначным транспарце агульнага карыстання ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа, водным і аўтамабільным пасажырскім транспарце агульнага карыстання рэгулярных прыгарадны зносін (акрамя таксі) на перыяд сезонных сельскагаспадарчых работ з 1 мая па 30 верасня.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2012 г. № 3 "Аб павышэнні пенсій" з 1 студзеня 2012 г. устаноўлены даплаты да пенсій непрацуючым атрымальнікам пенсій, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, дасягнуўшым узросту: 75 гадоў - у памеры 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту (па стане на 1 лістапада 2016 г. - 32,72 рубля); 80 гадоў - у памеры 100 працэнтаў; мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту (па стане на 1 лістапада 2016 г. - 43,63 рубля).

Першы намеснік Міністра А.В. Лабовіч.


Пасол Германіі ў Беларусі пазітыўна ацаніў палітычны дыялог з Менскам

Навіны Германіі

2 снежня Магілёўскі аблвыканкам падпісаў дэкларацыю з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый пра гатоўнасць знізіць няроўнасць у грамадстве. Гэта адна з сямнаццаці мэтаў канцэпцыі ўстойлівага развіцця. Яна прадугледжвае і ратаванне людзей ад жабрацтва. У імпрэзе браў удзел і амбасадар Германіі Петар Дэтмар.

Беларуска-германскі дыялог развіваецца станоўча, заявіў пасол Петар Дэтмар у Магілёве.

- За дванаццаць месяцаў мы маглі назіраць, што адбылося шмат сустрэч як на палітычным, так і на эканамічным узроўні. У цэлым можна сказаць, што назіраюцца вельмі станоўчыя тэндэнцыі, - сказаў пасол Германіі ў каментарыі БелаПАН. Аднак, паводле яго слоў, вынік, які б задавальняў абодва бакі, пакуль не дасягнуты. - Мы - як Федэратыўная Рэспубліка Германія, так і ЕС - з цікавасцю назіраем, якія тэндэнцыі развіцця адзначаюцца [у Беларусі] ў такіх галінах, як правы чалавека, дэмакратызацыя, прававая дзяржава. І мы будзем далей абмяркоўваць і закранаць гэтыя тэмы, - сказаў Петар Дэтмар.

Ён не падзяляе папрокаў некаторых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў тым, што ЕС апошнім часам нібыта стаў грэбаваць пытаннем правоў чалавека ў Беларусі, каб дагадзіць нейкім палітычным мэтам.

- Я ведаю, што ёсць такі папрок, і я не падзяляю гэтага меркавання. Трэба сказаць, што без дыялогу нічога не атрымаецца, - падкрэсліў пасол. - Дыялёг з беларускім урадам на тэму дэмакратызацыі, правоў чалавека, прававой дзяржавы як за адчыненымі, гэтак і за зачыненымі дзвярыма вядзецца і мае для нас вялікае значэнне. Трэба адзначыць, што нядаўна мы прынялі разам з Беларуссю праграму дзеянняў па правах чалавека, і мы спадзяёмся, што гэтая праграма будзе рэалізоўвацца і прывядзе да пэўнага поспеху, - казаў журналістам Петар Дэтмар.

У Беларусі, казаў ён журналісту Свабоды, розніца між заможнымі і збяднелымі пластамі насельніцтва не такая вялікая, як у Еўропе.

- Калі ж гаварыць пра дэмакратычныя правы, дык тут ёсць адрозненні. Да прыкладу, у праве на дэманстрацыі. Таксама ў адносінах да сродкаў масавай інфармацыі вядзецца дужа строгая палітыка. Акрамя таго, правядзенне выбараў выклікае ўвесь час пытанні ў заходняга свету. Можна крытычна выказацца і пра тое, як будуецца тут прававая дзяржава - напрыклад, пра даступнасць судоў, - сказаў дыпламат.

Што да эканамічных адносін, то ў апошнія два гады, паводле яго слоў, назіраецца спад тавараабароту паміж дзвюмя краінамі.

- На жаль, трэба канстатаваць той факт, што за апошнія два гады назіраецца зніжэнне тавараабароту - як экспарту, так і імпарту. Быў час, калі мы дасягнулі адзнакі ў чатыры мільярды долараў, але ў гэтым годзе мы ледзь перавысім два мільярды, - адзначыў Дэтмар.

Для Германіі, сказаў ён, вельмі важна ведаць, якія эканамічныя ўмовы існуюць у Беларусі, ці ёсць тут станоўчыя змяненні.

- Напрыклад, мы назіраем таксама за тым, як Беларусь зараз прыкладае намаганні для таго, каб заключыць пагадненне з Міжнародным валютным фондам, - падкрэсліў кіраўнік нямецкай дыпмісіі. belapan.by.

Паводле Бела ПАН і Радыё Свабода.


Дзякуем за падтрымку

Старшыні Федэрацыі

прафсаюзаў Беларусі

Сп. М.С. Ордзе

220126, Мінск, пр. Пераможцаў, 21

СПРАВАЗДАЧА

На падставе дагавора дабрачыннай (спонсарскай) дапамогі, заключанага на падставе Пастановы выканкама Савета федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ад 28.10.2016 № 655, Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" атрымала ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі грашовыя сродкі ў памеры 400, 00 (чатырыста) беларускіх рублёў.

У адпаведнасці з дагаворам грашовыя сродкі былі выкарыстаныя на падпіску шэрагу цэнтральных раённых бібліятэк краіны, музеяў, гімназій і школ горада Мінска, а таксама ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на беларускамоўныя перыядычныя выданні Рэспублікі Беларусь. У дадатку № 1 да справаздачы абазначаны суб'екты падпіскі і грашовыя сумы.

Да справаздачы дадаюцца копіі плацёжных дакументаў на дзвюх старонках.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў

Дадатак да справаздачы ад 23.11.2016 № 1

1 ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" шэсць мес. 142,74 бел. р. ("Беларускі час", "Звязда")

2 ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" чатыры мес. 46,56 бел. р. "ЛіМ"

3 Цэнтральная раённая бібліятэка г. Ляхавічы шэсць мес. 7,98 бел. р.

4 Нацыянальны гістарычна-культурны музей-запаведнік шэсць мес. 7,98 бел. р. "Нясвіж"

5 Нацыянальны гістарычны музей Беларусі шэсць мес. 7,98 бел. р.

6 Нараўлянская ЦРБ шэсць мес. 7,98 бел. р.

7 Бібліятэка УА МДЛУ (г. Менск) шэсць мес. 7,98 бел. р.

8 Цэнтральная раённая бібліятэка г. Маларыта шэсць мес. 7,98 бел. р.

9 Цэнтральная раённая бібліятэка г. Мсціслаў шэсць мес. 7,98 бел. р.

10 Гімназія № 9 г. Менска шэсць мес. 7,98 бел. р.

11 СШ № 190 г. Менска шэсць мес. 7,98 бел. р.

12 Кармянская раённая бібліятэка шэсць мес. 7,98 бел. р.

13 СШ № 68 г. Менска шэсць мес. 7,98 бел. р.

14 СШ № 60 г. Менска шэсць мес. 7,98 бел. р.

15 Мсціслаўскі гістарычна-археалагічны музей (НС, КГ) шэсць мес. 7,98 бел. р.

16 Гімназія № 4 г. Менска шэсць мес. 7,98 бел. р.

15 Гімназія № 23 г. Менска шэсць мес. 7,98 бел. р.

18 Гімназія № 14 г. Менска (НС, КГ) шэсць мес. 7,98 бел. р.

19 Петрыкаўскі раённы краязнаўчы музей шэсць мес. 7,98 бел. р.

20 Чэрыкаўская ЦБС шэсць мес. 7,98 бел. р.

21 Клічаўскі раённы краязнаўчы музей шэсць мес. 7,98 бел. р.

22 Добрушская ЦРБ шэсць мес. 7,98 бел. р.

23 Ганцавіцкі краязнаўчы музей шэсць мес. 7,98 бел. р.

24 Калінкавіцкі краязнаўчы музей шэсць мес. 7,98 бел. р.

25 Ельскі краязнаўчы музей шэсць мес. 7,98 бел. р.

26 Стаўбцоўская ЦРБ шэсць мес. 7,98 бел. р.

27 Клічаўская ЦРБ шэсць мес. 7,98 бел. р.

28 Любанская ЦРБ шэсць мес. 7,98 бел. р.

29 СШ № 14 г. Баранавічы шэсць мес. 7,98 бел. р.

Агульная сума падпіскі: 404,76 бел. р.

З іх 400,00 - сродкі ФПБ, а - 4,76 сродкі ТБМ.

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.



Папулярную кнігу Алега Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стст." можна будзе прачытаць у газеце "Наша слова" на працягу першага квартала наступнага года

У сувязі з тым, што ў ТБМ звяртаюцца шматлікія грамадзяне Беларусі і замежжа з просьбай набыць вышэйзгаданую кнігу, Рада ТБМ на сваім пасяджэнні 27 лістапада звярнулася да сп. Станіслава Судніка з прапановай пачаць друкаваць са студзеня 2017 г. папулярны падручнік А. Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV стст."

Таму ўсе ахвотныя азнаёміцца з гэтай кнігай могуць выпісаць на наступны год газету "Наша слова", кошт якой на паўгода складае ўсяго 7 руб. 44 кап. (паштовы індэкс 63865).

27 лістапада 2016 г. Сакратарыят ТБМ.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на першае паўгоддзе 2017 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 76. Цана змянілася нязначна. У 2017 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Нематэрыяльная спадчына Шклоўшчыны

23 лістапада ў Шклоўскім гістарычна-краязнаўчым музеі прайшоў семінар-практыкум пад назвай "Нематэрыяльная гістарычна-культурная спадчына Шклоўшчыны", на які былі запрошаны настаўнікі, супрацоўнікі ўстаноў культуры, бібліятэкары, кіраўнікі школьных музеяў і творчых аб'яднанняў, краязнаўцы. Арганізатары мерапрыемства: УК "Шклоўскі гістарычна-краязнаўчы музей" і ДУА "Цэнтр дзіцячай творчасці "Прамень" горада Шклова". Прысутнічалі журналісты раённай газеты "Ударны фронт" і тэлеканала "Шклоў".

Распачаўся семінар уступным словам дырэктара музея Ларысы Сельвестравай. Кіраўнік установы падрабязна азнаёміла прысутных з асноўнымі кірункамі працы музея па пошуку, вывучэнні і сістэматызацыі краязнаўчага матэрыялу па нематэрыяльнай гістарычна-культурнай спадчыне Шклоўшчыны і падзяліўся досвелам работы ў гэтым кірунку.

З падрабязным аналізам турыстычна-краязнаўчай работы і існай метадычнай дапамогі ў галіне захавання нематэрыяльнай спадчыны ва ўстановах адукацыі выступіла метадыст УА "Цэнтр дзіцячай творчасці "Прамень" Людміла Солтан.

Потым прагучалі даклады прадстаўнікоў профільных арганізацый. Найбольшую цікавасць у прысутных выклікалі паведамленні: "Гісторыя Трафімавай крыніцы" - вучні старэйшых класаў, ДУА "Александрыйская сярэдняя школа", "Легенды і паданні Шклоўскай ратушы" - Святлана Алейнікава, ДУА "Гімназія г. Шклова", "Вынікі вывучэння этнаграфічных тканін Шклоўшчыны: рэканструкцыя ручніка" - Марыны Пчалянкова, ДУК "ЦКС Шклоўскага раёна, "Абрад "Міколава свяча" - Наталля Валуева, ДУК "ЦКС Шклоўскага раёна, "Аўтэнтычны фальклорны калектыў "Прыгажуні" - Валянціна Алейнікава, біблятэкар вёскі Заходы, "Назвы зямлі роднай" - Аліна Салаўёва, бібліятэкар вёскі Чарнаручча, "Эпітафіі на яўрэйскіх пахавальных помніках (асаблівасці яўрэйскіх могілак Шклова)" - Аляксандр Грудзіна, раённае навукова-творчае аб'яднанне "Ведай і любі свой край", "Рэгіянальныя асаблівасці кулінарнай традыцыі Шклоўшчыны" - Ганна Канаваленка, УК "Шклоўскі гістарычна-краязнаўчы музей".

Удзельнікі семінару абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі ў галіне вывучэння і захавання нематэрыяльнай гістарычна-культурнай спадчыны Шклоўшчыны. Таксама дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве, а асабныя выступоўцы былі запрошаны на новыя сустрэчы ў школы раёна. Вынікі працы падвяла старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Гапеева: "Нематэрыяльная культурна-гістарычная спадчына, гэта вельмі моцны індэтыфікатар. Менавіта тое, што адрознівае кожны народ. Для беларусаў нематэрыяльная спадчына мае вялікі патэнцыял, але трэба спяшацца. Час многае знішчае". Сустрэча прайшла цікава і безумоўна вельмі карысна. Трэба адзначыць, што большая палова паведамленняў прагучала па-беларуску.

Аляксандр Грудзіна, удзельнік семінару.


ВЫБРАЦЬ ЛЕПШАЕ З ТАГО, НЕ ВЕДАЮ З ЧАГО

Які ж той выбар,
калі ты скаваны?
Уладзімір Высоцкі.

Апошнія некалькі год Беларускім ПЭН-цэнтрам праводзіцца конкурс "Кніга года". Задума, на першы погляд, вартасная, бо любы конкурс прыцягвае ўвагу, якой сёння вельмі не хапае беларускай літаратуры. Таму я з прыхільнасцю ставіўся і да самога конкурсу, і да яго пераможцаў.

У мінулым годзе выйшла мая кніга, тым самым і я атрымаў магчымасць далучыцца да названага конкурсу і ў якасці стваральніка кнігі, і ў якасці сябра журы. Журы ў складзе 74 пісьменнікаў павінна было выбраць самую прыкметную з 82-х кніг, выдадзеных у 2015 годзе. Формула выбару самая простая: кожны сябар журы называе адну, на яго погляд, найбольш вартасную кнігу; якая кніга названа часцей, тая і становіцца "кнігай года". Такі варыянт выбару мяне збянтэжыў і насцярожыў.

Кнігі сёння выдаюцца мізэрнымі накладамі. Нярэдка самі аўтары іх і распаўсюджваюць на сустрэчах з чытачамі. У кнігарні (тым болей у дзяржаўныя кнігарні) патрапляюць далёка не ўсе, а калі патрапляюць, то найперш у сталічныя. Дый у бібліятэкі (за рэдкім выключэннем) пераважная большасць свежавыдадзеных кніг не паступае.

І тады як мне выбраць адну кнігу, самую-самую, калі з названых 82-х я знаёмы толькі з пяццю ды яшчэ пра столькі ж маю нейкае ўяўленне, напрыклад, праз публікацыю ўрыўкаў у "Дзеяслове". Натуральна, што я магу выбіраць толькі з гэтых дзесяці. Мяркую, такая ж праблема паўстала і перад іншымі сябрамі журы, бо маю сумненні, што хтосьці з іх знаёмы хаця б з чвэрткай намінаваных кніг.

І тады што? Кожны назаве кнігу з таго мініспісу (у кожнага свайго) кніг, з якімі ён знаёмы? Значыць, трэба чакаць, што прэтэндэнтаў на перамогу будзе названа шмат, а пераможа кніга, названа, напрыклад, чатырма сябрамі журы, бо ў іншых названых галасоў будзе менш. Атрымліваецца, калі ў нейкага пісьменніка маецца пяць сяброў сярод пісьменнікаў, якія ў захапленні ад яго кнігі, то яны і вырашаць вынік конкурсу.

Так і здарылася: названых кнігай году было ажно сорак кніг і кнігай году была абвешчана кніга, якую адзначылі, ну не чатыры, а сем сябраў журы. 7 - "за", 67 - "супраць". Рашэнне прынята. Цікавае галасаванне!

Не хачу кінуць ніводнага каменя ў бок аўтара кнігі-пераможцы. Мяркую, што кніга сапраўды вартая ўвагі (хаця вартыя ўвагі пераважная большасць намінаваных кніг). І аўтар выклікае маю вялікую павагу. Таму хачу толькі паразважаць пра формулу выбару.

Ініцыятары ідэі, мабыць, вельмі не любілі ў школе матэматыку і таму абралі варыянт, які дазваляе не замарочвацца на падліках. Але калі меркаванне дзевяці-дзесяці адсоткаў складу журы становіцца вырашальным, а меркаванне астатніх дзевяноста адсоткаў неістотным, то правільнасць такога выбару пад вялікім пытальнікам. Тады як інакш?

Конкурсы падобнага роду праводзяцца даволі часта ў розных сферах. І формулы выбару там напрацаваныя.

Разгледзім наступную. Кожны сябра журы называе не адну, а, напрыклад, пяць кніг у пэўным парадку. Названую першай ён лічыць лепшай кнігай году, названую другой - лепшай з астатніх і гэтак далей. Першай названай кнізе налічваецца пяць балаў, другой - чатыры, трэцяй - тры, чацвёртай - два, пятай - адзін. Так зробіць кожны сябар журы.

Сябар журы можа назваць не пяць, а меншую колькасць кніг, напрыклад, тры, пранумараваўшы іх, скажам, так: 2; 3; 5. Гэта будзе азначаць, што кнігі на 5 балаў, якая павінна быць пад нумарам 1, і кнігі на 2 балы, якая павінна быць пад нумарам 4, ён у спісе не знайшоў. Можа ўвогуле не назваць ніводнай кнігі.

Потым балы падсумоўваюцца і кніга з большай сумай балаў абвяшчаецца лепшай.

Натуральна, можна прапанаваць назваць не пяць, а тры кнігі (з баламі ад трох да аднаго) ці дзесяць (з баламі ад дзесяці да аднаго), як вырашыць аргкамітэт.

Пры такім выбары лепшай можа аказацца кніга, якую ніхто з журы не назаве першым нумарам, але калі яе сума балаў вышэйшая, то трэба разумець, што значная частка сяброў журы ўключыла гэтую кнігу ў пяць імі абраных.

Гэтай прапановай я патурбаваў аргкамітэт конкурсу і ад каардынатаркі аргкамітэту Дар'і Візнер атрымаў паведамленне, што раней так і рабілася, а вось на гэты раз вырашылі памяняць формулу выбару. Мне стала цікава, хто ж стаў ініцыятарам такой змены, прычым такім дзейсна-ўплывовым, што змог пераканаць аргкамітэт у мэтазгоднасці сумніўнай змены. Але Даша трымалася, як той куляшоўскі юнак на дапросе і не выдала таемнае імя. І я западозрыў, што ініцыятарам змены і быў той самы пераможца. Сітуацыя станавілася пікантнай.

Хаця зноў жа: не хачу кідаць каменне ні ў кога. Разумею, што чалавек пабачыў, што і агучаны мною бальны варыянт выбару ў нашай сітуацыі пакідае вялікія сумненні. Сапраўды, з баламі ці простым галасаваннем як выбраць лепшую з 82 кніг, калі знаёмы толькі з пяццю?

Можна, зразумела, пашукаць варыянты. Напрыклад, дадаць другі тур таго ж галасавання, у якім будуць выбіраць кнігу года з скарочанага спісу, дзе будзе кніга-пераможца першага туру галасавання і кнігі, якія набралі не менш за палову яе колькасці галасоў. У нашым выпадку такіх кніг было б толькі пяць. Выбраць адну з пяці ўсё ж прасцей, чым адну з 82. Але ж трэба, каб любы сябар журы мог тыя пяць кніг прачытаць ці хаця б удумліва пагартаць.

Такі варыянт мне мог бы бачыцца больш прыдатным, але…

Паспрабуйце, напрыклад, выбраць лепшую кнігу (кнігу года) з наступнага кароценькага спісу:

1) Рыгор Барадулін. Дзённікі і запісы.

2) Духу магутныя чары... Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах.

3) Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны.

4) Алесь Краўцэвіч. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага: 1248-1377.

5) Міхась Стральцоў. Выбраныя творы.

Я б не ўзяўся сказаць - вось гэтая лепшая. Бо кожная з іх лепшая, кожная з іх - кніга года. І гэта ж можна сказаць пра шмат астатніх, у гэтым спісе не названых. У тым ліку пра кнігу-пераможцу.

А таму, мяркую, варта адмовіцца ад конкурсу "Кніга года" з-за немагчымасці ў нашай сітуацыі адэкватнага і пераканаўча правільнага выбару.

Міхась Булавацкі.


Данута Бічэль: "Гэтая кніга - вынік маёй працы"

У гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця прайшла творчая вечарына паэткі Дануты Бічэль. Нагодаю сталася новая кніга выбраных твораў, якая выдана пад вокладкай серыі "Беларускі кнігазбор". На вечарыне сабраліся аматары творчасці паэткі, якія дэкламавалі яе вершы, абмяркоўвалі яе творчасць. На колькі важная кніга для пісьменніка, кажа Данута Бічэль.

- Гэтая кніга - як раз вынік маёй працы. І паколькі яна ў цвёрдай вокладцы і добра зроблена, то застанецца нашчадкам, хоць і не такім вялікі накладам выдадзена. Я хачу вам сказаць, што кніга для пісьменніка - гэта вельмі важная з'ява, яна звязвае мяне з вамі, якія прыйшлі, я вам удзячная за гэта, а таксама з тымі, хто будзе чытаць цяпер і будзе чытаць пасля.

Што да паэтычнай часткі, то гучалі творы, якія напісала Данута Бічэль у розныя гады. Сярод успамінаў, якім значнае месца адводзіцца ў кнізе, апрача знаёмых шырокаму чытачу класікаў літаратуры, згадваюцца таксама мала вядомыя творцы Панямоння: Рудольф Пастухоў, Іван Сяргейчык, Ян Збажына, Венанцы Бутрым, Іван Лагвіновіч.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.


Створым музей Алеся Адамовіча

У Бабруйскім раёне вядзецца збор грошай на стварэнне музея Алеся Адамовіча.

Дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама,

р/с 3642129272326

у філіі 703 ААТ СБ "Беларусбанк", код 760, г. Бабруйск,

УНН 701226324.

Прызначэнне плацяжу "Для стварэння праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў п. Глуша пад музей А. Адамовіча"

Падтрымаем добрую ініцыятыву!

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


Памёр Алесь Белакоз

1 снежня на 89-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі краязнавец і настаўнік, актыўны сябар ТБМ Алесь Белакоз.

Алесь Белакоз нарадзіўся 11 лістапада 1928 г. у Лятках (сёння Мастоўскі раён) у сям'і малазямельнага селяніна, які па вяртанні з заробкаў у Бразіліі пабудаваў на заробленыя грошы дом у вёсцы Ляткі і адкрыў прыватную краму.

Амаль усё жыццё Алесь Белакоз пражыў у сваёй вёсцы, якая з цягам часу злілася з буйнейшымі Гудзевічамі.

Пасля няўдалай спробы паступіць у Менскі медыцынскі інстытут адмовіўся ад кар'еры доктара і ўладкаваўся настаўнікам другіх і чацвёртых класах у Гудзевіцкай школе. З 1958 г. - выкладчык беларускай мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе

У 1965 ён наладжвае перапіску вучняў з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, арганізоўвае школьны кабінет беларускай літаратуры, які з цягам часу ператварыўся ў музей.

Белакоз сагітаваў вяскоўцаў прынесці старыя рэчы. Стварыў музей, дамогся, каб яго зацвердзіла начальства. З кожнай хаты ахвяравалі для музея нейкія старыя рэчы - ганчарныя, кавальскія або зробленыя з дрэва. На словах начальства было не супраць краязнаўчага музея, хоць рабіла казіную мызу. Навошта музей не калгаснага ладу, а нейкай старызны?

Вучні захапіліся літаратурнай і даследніцкай дзейнасцю, іх працы пачалі друкавацца ў беларускіх газетах і часопісах.

У 1966 г. Белакоз разам з вучнямі выдаў першы нумар машынапіснага літаратурна-краязнаўчага альманаха "Праменчык". Выданне выходзіла раз на два гады. Усяго да канца 1980-х выйшла 14 нумароў, па 4 асобнікі кожны.

Праз сваю прынцыповую беларускую пазіцыю настаўнік ад 1960-х меў сутыкненні з уладамі і КДБ.

- Белорусский язык должен исчезнуть, а вы нам мешаете. Изменяйте своё отношение к этому языку, пропагандируйте русский, - казалі кадэбісты Белакозу ў 1969-м.

З 1990 Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей, заснаваны Белакозам, набыў статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных разам з вучнямі.

Нават пасля выхаду на пенсію Алесь Белакоз вадзіў у музей экскурсіі, бо ніхто не здольны быў гэта рабіць так захапляльна і эмацыйна.

Алесь Белакоз быў адным з заснавальнікаў Мастоўскай арганізацыі ТБМ. Ад ТБМ быў дэпутатам Гарадзенскага абласнога савета дэпутатаў. У канцы 1990-х гг. актыўна супрацоўнічаў з "Нашым словам".

Пахаванне славутага краязнаўца і настаўніка беларускай мовы Алеся Белакоза прайшло ў вёсцы Гудзевічы. Адпяванне прайшло ў мясцовай царкве. На развітанне прыйшлі пераважна аднавяскоўцы, прыехалі знаёмыя з Мастоў і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый з Гародні. Былі вянкі ад прадстаўнікоў улады, прыехалі супрацоўнікі музея з Гародні і з Гудзевіцкага музея, які стварыў Алесь Белакоз.

... У траўні 1984 г. у Гудзевічах было многа гасцей з Менска, з Гародні. Тут, у сярэдняй школе яшчэ ў 1965 г. настаўнік беларускай мовы і літаратуры Белакоз Алесь Мікалаевіч заснаваў літаратурна-краязнаўчы музей. Ён месціўся ў адным пакоі. І калі ў 1981 г. пабудавалі новую двухпавярховую школу, то Алесь Мікалаевіч пастараўся, каб пад музей, які ўзбагаціўся новымі артэфактамі, аддалі будынак старой школы. І вось мы прыехалі адсвяткаваць дзень узнаўлення музея. І калідор, і чатыры цудоўна аздобленыя залы запоўнены аўтэнтычнымі экспанатамі. Ніводнай копіі! Вы калі-небудзь бачылі беларускамоўны глобус планеты Зямля? Такі - толькі ў Гудзевічах. І сам музей у Гудзевічах - нібыта глобус Беларусі.

А ў двары нас падвялі да этнаграфічнага помніка-сялянскай хаты 18-га стагоддзя. Пільна ўглядаўся я ў гаспадарчае начынне, пазнаючы прылады з бацькоўскага хутара паўночна-заходняй Беларусі. Захаваць скарбы народнага яшчэ, скажам так, дапатопнага побыту - высілак незвычайны (вы да каменнага мыцельніка дакраналіся?).

Дзівілі нас і гудзьбістыя песні дзяўчат у самаробных народных строях, і вытканыя паводле старажытных узораў палоскі, з якіх рыхтавалі асучасненыя падарункі - гальштукі.

Многія госці на тым свяце музейнага адраджэння не былі звыклымі наведнікамі. Бо сярод многіх тагачасных пісьменнікаў, мастакоў, людзей іншых творчых прафесій аб'явілася грамада ахвярадаўцаў-дабрадзеяў. І з аповедаў А. М. Белакоза, і з пазнейшага досведу вядома, што спрыялі станаўленню музея ў Гудзевічах С. Александровіч, Я. Брыль, В. Вітка, Л. Геніюш, У. Караткевіч, А. Мальдзіс, І. Мележ, П. Панчанка, М. Прашковіч, А. Пяткевіч, Ф. Янкоўскі… Падарункі ў музей прыходзілі ад Зоські Верас з-пад Вільні, М. Забэйды-Суміцкага з Прагі, В. Целеша з Рыгі, ад многіх мастакоў з Менска і з іншых мясцін Беларусі.

Ад Белакоза дазнаўся, каб выйшаў паштовы канверт з малюнкам той самай хаты 18-га ст. з надпісам:"Вёска Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Музей этнаграфіі", пастараліся мастак Алесь Ліпень і напорысты пісьменнік пры пасадзе Аляксей Карпюк.

І сёння не стыне слава Гудзевіцкага дзяржаўнага (з 1990 г.) літаратурна-краязнаўчага музея. Яго называюць яшчэ і гістарычным. Тут захоўваецца, да прыкладу, грамата 1539 г., і паводле першага дакументальнага ўспаміну сёлета можна адзначаць 477-годдзе Гудзевічаў.

А я адзначыў незабыўнае 30-годдзе пабыўкі там пад апякунствам А. М. Белакоза. Гэта ён звыш трыццаці гадоў стаяў атлантам пад калючай брамай сваёй святыні, дзе ў 11 залах было выстаўлена 12 тысяч экспанатаў. Дзве тысячы падарункавых кніг - у бібліятэцы музея. Ды і тэматыку стэндаў адразу не пералічыш: літаратурнае краязнаўства, этнаграфія, народная медыцына, жывапіс, графіка, скульптура…

А найперш настрой душы, выказаны ім такімі словамі: "Мой дэвіз праз усё жыццё адзін - усё для Беларусі!".

І яшчэ два незгасальныя праменьчыкі берагу я ў сваім доме: гэта два вытканыя ў Гудзевічах гальштукі. А вось і ліст ад Алеся Мікалаевіча на афіцыйным бланку музея ад 24 снежня 1984 г., дзе выказаны віншаванні з Новым годам і пажаданні "…плёну ў працы для роднай Беларусі". А далей словы пра гальштук, які пачалі ткаць яшчэ да майго 40-годдзя, але няскончаную працу школьніцы Аліны давяла да ладу кіраўнік гуртка народнага ткацтва Белакоз Вера Ігнатаўна.

Чытаю далей: "Гальштук ткалі Вам пад колер вераску. Хай гэты сціплы падарунак заўсёды прыпамінае Вам беларускую вёску, верасную сцяжынку і родны парог".

Я не толькі для сябе знайшоў скарб у перасылцы з Гудзевічаў. Паводле прыпіскі Алеся Мікалаевіча выканаў яго даручэнне:"Вельмі прашу перадаць лісты і гальштукі Пімену Панчанку і Вользе Іпатавай"…

Пры нагодзе я асцярожна пераварачваю на кашулі гальштук, каб былі відаць дата нараджэння і маё вышытае прозвішча, і прамаўляю, што гэта мой нагрудны пашпарт з гудзевіцкай шэнгенскай візай…

Сяргей Панізнік.


"Сакральная Беларусь": разгледзець сваю беларускую зорку

Вось ужо больш за дзесяць год пры сталічнай бібліятэцы імя Цёткі дзейнічае паэтычны тэатр "АРТ.С". Тут праводзяцца літаратурна-музычныя, творчыя вечарыны і прэзентацыі новых беларускіх выданняў, выставы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотавыставы. Адным з кірункаў дзейнасці тэатра "АРТ.С" - рэалізацыя літаратурна-музычных праектаў, такіх, як "Сакральная Беларусь". Кожны з выпускаў гэтага праекту прысвячаецца аднаму з сакральных вобразаў роднага краю - ад мястэчка і вёскі, да неба і гор. Не так даўно адбылася чарговая вечарына праекту "Сакральная Беларусь", якая была прысвечана зорам, беларускаму зорнаму небу.

Вядоўцы вечарыны і дырэктарка тэатра "АРТ.С" Аксана Спрынчан і галоўны музыка тэатра Яраш Малішэўскі нагадалі прысутным пра нашыя адвечныя назвы сузор'яў, планет і асобных зорак, адзначылі тое, што беларусы мелі "сваё, беларускае неба". У доказ гэтага быў прыведзены той факт, што ў беларускім фальклоры можна знайсці згадкі пра больш як дваццаць бачных няўзброенным вокам сузор'яў.

Пастаянны ўдзельнік паэтычна-міфалагічнага праекту "Сакральная Беларусь", паэт Віктар Шніп падзяліўся ўспамінамі пра дзяцінства, калі ноччу любіў углядацца ў таямнічае зорнае неба. Паэт адзначыў, што і цяпер гэтая цяга да зор у яго не праходзіць дагэтуль: яму цікава глядзець на падаючыя знічкі, на Месяц у розных яго фазах. Таму для сённяшняй паэтычна-міфалагічнай вечарыны паэт выбраў адпаведныя вершаваныя творы са свайго паэтычнага зборніка "Заўтра была адліга".

Вядомая даследчыца беларускай міфалогіі, сакральнай Беларусі Ірына Клімковіч, якая ў суаўтарстве з Людмілай Дудчыц выдала грунтоўнае даследаванне "Язычніцтва старажытных беларусаў", нагадала слухачам тое, як паэтычна, з вялікім піетэтам, трактавалі зорнае неба, і ўсю "зорную сям'ю" нашыя продкі: "Стаіць дом - вышэй усіх харом. А ў тым доме ды чатыры вуглы, ды чатыры вакны. У адным вакне ясны Месяц, у другім вакне - красна Сонейка. У трэцім вакне - дробны зорачкі, ясныя дзетачкі. У чацвёртым вакне - цёмная ноч". Лічылася, што кожнаму чалавеку адпавядае свая зорка на небе, а тагачасныя знахары маглі вылічыць чалавеку асабістае свяціла на небе.

Спадарыня Ірына нагадала, як па-беларуску гучалі назвы сузор'яў - "Перуновая павозка", а нашую галактыку беларусы называлі Птушыным шляхам, Шляхам да продкаў, Венеру - Вечарніцай, Начніцай, а ў ранішняй іпастасі - Зарой-Зараніцай. Таксама было адзначана, што васьміпраменная зорка, якая пашырана ў беларускім традыцыйным арнаменце - гэта і ёсць старажытны вобраз зоркі Венеры.

Даследчыца распавяла пра так званыя "зоркі падучыя", якія па вераваннях беларусаў, лічыліся знакамі грэшнікаў альбо людзей, якія памерлі раптоўна. Таму "зоркі падучыя" лічыліся прадвеснікамі няшчасця. Для таго, каб засцерагчыся ад цёмных сіл неба, існавалі замовы, якія іх залагоджвалі.

Абавязковая частка паэтычна-міфалагічнага праекту "Сакральная Беларусь" - музычная, у якой бяруць удзел сталічныя выканаўцы, якія ў сваёй творчасці абапіраюцца на паэтычнае слова. Адным з першых на імправізаваную сцэну праекту быў запрошаны вядомы блюзавы выканаўца Юры Несцярэнка. Пад апладысменты слухачоў і ўдзельнікаў праекту Юры выканаў па-беларуску кампазіцыю "Я з дзяцінства схільны да перамен" Андрэя Макарэвіча з сумеснага праекту (нажаль, пакуль не рэалізаванага), а таксама кампазіцыю на верш расейскага паэта беларускага паходжання Вячаслава Казакевіча "Хаджу, хаджу", а завяршыў Юры Несцярэнка свой музычны сэт кампазіцыяй Чэслава Немана "Час, як рака".

Асабліва цёпла быў сустрэты слухачамі дуэт Яраш Малішэўскі - Альжбета Малішэўская-Спрынчан. Бацька і дачка выканалі імпэтную песеньку-даведнік для падарожжаў па Беларусі "Вандроўка з багоўкамі і без". У выкананні Яраша прагулі таксама сольныя кампазіцыі "Вільня", "Без цябе, мая Марылька", "Нехта ноччу" на верш Ларысы Геніюш. Апладысментамі былі ўганараваныя і іншыя выканаўцы, сярод якіх вакалістка Людміла Шчэрба, гітарыст Валянцін Юркевіч.

Музыка і этнограф Яраш Малішэўскі, карыстаючыся этнаастранамічнай тэматыкай вечарыны, падзяліўся расповедам пра ўнікальную знаходку, якую яны разам з бацькам Антонам Антонавічам зрабілі не так даўно, калі выратавалі ад знішчэння шэраг металічных артэфактаў, якія ўпрыгожвалі не так даўно па-варварску зруйнаваную ўніяцкую царкву. Сярод іх каваная выява Месяца з рысамі чалавечага профілю, якую Яраш прадэманстраваў гасцям і ўдзельнікам вечарыны.

Завяршыць вечарыну "Зоркі" паэтычна-міфалагічнага праекту "Сакральная Беларусь" выпала вядомым выканаўцам з гурта "Мерада" Стыву і Ганне Крамер. Музыканты толькі некалькі дзён таму, як вярнуліся з Беласточчыны, дзе ўдзельнічалі ў фэсце "Бардаўская восень-2016".

Кампазіцыі "Мерады" атрымалі высокую адзнаку слухачоў і новыя канцэртныя запрашэнні з мэтай прадставіць кампазіцыі з наступнага, другога па ліку, альбома гурта. Таму гэтыя песні і прагучалі для ўдзельнікаў і гасцей вечарыны. Сярод іх кампазіцыі "Мой горад", "Зоркавы кілім" (на верш Яраша Малішэўскага) і іншыя кампазіцыі.

Анатоль Мяльгуй.


Рыхтуемся да Калядаў

У бібліятэцы Пушкіна праходзяць заняткі фальклорнага гурточка для бацькоў з маленькімі дзеткамі, дзе можна навучыцца спяваць калядныя песні. А таксама развучваем танцавальныя рухі, водзім карагоды, знаёмімся са спеўнай народнай традыцыяй. Вядзе Наталля Сухая.

У праграме:

- раскрыццё голасу праз гульнявыя тэхнікі і традыцыйныя гульні;

- знаёмства з жанрамі беларускага дзіцячага фальклору;

- вывучэнне традыцыйных народных песень;

- навучанне кантролю над дыханнем праз спевы і дыхальныя практыкаванні;

- засваенне рытму праз цялесныя рухі;

- тэорыя, рэлакс і творчая рэалізацыя для мам.

Заняткі 1 раз на ты-дзень.

Месца правядзення:

вул.Гікалы, 4. Тэл. 507-75-25


Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР"

Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Семінар -трэнінг "Прафілактыка прыніжанасці"

09.12.2016 а 18-ай

На семінары-трэнінгу разглядаецца псіхалагічная траўма прыніжанасці, характэрныя асаблівасці людзей з гэтай траўмай, спецыфіка іх думак і эмоцый і метадам псіхалагічных практыкаванняў адбываецца папярэджанне гэтай траўмы, ачышчэнне свядомасці прыніжанага, навучанне быць узвышаным, годным, мець высокую самаацэнку.

Для кантактаў:

МТС (+375 29) 769-29-78

velcom (+375 29) 960-14-53

e-mail spadarl@yandex.ru

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную пятніцу а 18-ай гадзіне (звяраць з абвесткамі) ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі - 16.12.16.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX