НАША СЛОВА № 52 (1307), 28 снежня 2016 г.
З Новым 2017 годам!
ПЕСНЯ СНЕГАВІКА
Сяргей Панізьнік
Новы Год пад елкаю
святкаваць прывык,
і таму завуся я -
Вольны Снегавік:
- Сею-сею, пасяваю,
з Новым Годам вас вітаю!
Я іду аколіцай -
скрып, скрып, хрусь…
У снягах запомніцца
наша Беларусь.
Ледавік - старэйшы брат,
скавышом - Свістун.
Сівер - гэта бацька наш:
майстра зімніх струн.
Сёстры ў нас: Круцеліца -
днём не супыніць;
скача з ёй Вярцеліца:
і ў начы не спіць.
З імі я - Зімовы Грыб:
хрусь, хрусь, скрып…
Новы Год з ігліцамі
пойдзе на пастой.
І з бяроз нам выльецца
Стрэчання настой.
- Памажы, Божа, зіму замыкаці,
вясну загукаці!
А пакуль пад елкаю
з кнігаю Франціш.
Для Скарыны Біблія -
найсвяцейшы Крыж!
Крыж нясём - і моліцца
з намі Беларусь.
Новы Год запомніцца:
скрып, скрып, хрусь.
Гэтую незалежнасць цяпер вымушаны ўмацоўваць усе беларусы
Пераднавагодні зварот Рады БНР да суайчыннікаў
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла падвяла вынікі гэтага года і акрэсліла планы на будучыню:
"Дарагія суродзічы, дарагія беларусы ва ўсім свеце, сканчаецца 2016 год, і надышоў час нам падвесці ягоныя вынікі.
Разам з усім светам мы перажываем напружаныя часы. Палітычныя падзеі гэтага года ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Расеі і іншых краінах распачалі ў свеце перыяд непрадказальнасці, які нясе для Беларусі большыя рызыкі, чым для многіх іншых краінаў, - гаворыцца ў звароце.
Як і раней, найбольшую небяспеку для Беларусі ўтварае пагроза незалежнасці з боку цяперашняй аўтарытарнай Расеі. Вельмі непакоіць актывізацыя агрэсіўнай прапаганды ў праўладных расейскіх СМІ: прапаганды напоўненай нянавісцю да Беларусі і беларускага народа. Вельмі непакояць закулісныя перамовы, эканамічны ціск і асабліва неадназначныя расейскія вайсковыя перасоўванні каля беларускай мяжы. Падзеі, якія адбываліся ва Украіне ад 2014 года, не дазваляюць спакойна назіраць за гэтым.
Няма сумневу ў тым, што Расея ёсць наш сусед, і нягледзячы на супярэчлівую гісторыю нашых дачыненняў, Беларусь і Расея павінны жыць у сяброўстве і добрасуседстве, грунтуючыся на ўзаемнай павазе.
Але незалежнасць - гэта найвялікшая і найважнейшая каштоўнасць для любога народа, у тым ліку і для нашага, беларускага. На жаль, у цяперашні час нам зноў даводзіцца ўсур'ёз думаць пра неабходнасць для беларусаў бараніць гэтую незалежнасць са зброяй у руках. Прычым ад людзей, якія хочуць называць сябе нашымі братамі.
Сітуацыя робіцца больш напружанай і ўнутры Беларусі. Яе эканоміка знаходзіцца ў цяжкім крызісе, у той час, калі эканоміка ўсіх суседніх еўрапейскіх краінаў расце. Дабрабыт беларусаў працягвае пагаршацца. Гэта яўны знак таго, што цяперашняя мадэль кіравання краінай даўно вычарпала свой рэсурс, што Беларусь патрабуе сур'ёзных рэформаў ва ўсіх сферах: як у эканоміцы, так і ў палітыцы, так і ў грамадскім жыцці.
2016 год адзначыўся актывізацыяй кантактаў паміж афіцыйнымі беларускімі ўладамі і прадстаўнікамі краінаў Вольнага Свету. Гэта ёсць добра, бо патэнцыйна набліжае пераадоленне міжнароднай ізаляцыі нашай Бацькаўшчыны. Але сусветная супольнасць павінна разумець, што саступкі менскім уладам недапушчальныя без канкрэтных і адчувальных крокаў у кірунку дэмакратызацыі ў Беларусі. Менскія афіцыйныя ўлады дагэтуль не зрабілі такіх крокаў. Працягваецца пераслед беларусаў дзеля палітычных матываў, працягваецца цэнзура і прапаганда ў галоўных беларускіх СМІ. Парламенцкія выбары, што прайшлі ў 2016 годзе, былі такімі ж, як і ўсе папярэднія выбары і рэферэндумы за апошнія вось ужо больш як дваццаць гадоў.
Афіцыйная беларуская ўлада павінна ўсведамляць, што дэмакратыя і эканамічныя рэформы неабходныя з пункту гледжання беларускіх нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў. Беларускі народ годны таго, каб жыць у сваёй уласнай дэмакратычнай краіне, каб мець такія ж самыя правы і свабоды, як маюць нашыя суседзі ў іншых краінах Еўропы. Абавязак людзей, якія шчыра клапоцяцца пра дабрабыт беларусаў, а не пра ўласную карысць за народны кошт - даць беларусам гэтыя правы і свабоды.
2016 год быў годам некалькіх важных гадавінаў.
Роўна дваццаць пяць гадоў таму Беларусь стала незалежнай ад СССР і аднавіла свой дзяржаўны суверэнітэт. Вось ужо чвэрць стагоддзя наша Радзіма ёсць паўнавартаснай міжнародна прызнанай дзяржавай. За гэта шмат гадоў перад гэтым змагаліся і за гэта маліліся беларусы ва ўсім свеце. І ніякія вонкавыя і ўнутраныя непрыяцелі за гэты час так і не здолелі пазбавіць нас незалежнасці. Беларусь адбылася як паўнавартасная дзяржава. Мы дабіліся вялікай гістарычнай перамогі, якую ніхто ня здолее ў нас адабраць.
Роўна трыццаць гадоў прайшло з дня Чарнобыльскай аварыі - самай страшнай экалагічнай катастрофы ў гісторыі чалавецтва, у эпіцэнтры якой было наканавана апынуцца нашай Бацькаўшчыне. Гэта страшнае выпрабаванне для нашай Беларусі, якое дагэтуль не пераадоленае - і пераадольваць якое перашкаджае безадказная палітыка ўладаў.
Таксама дваццаць гадоў прайшло з сумнавядомага рэферэндуму 1996 году, які стаў завяршальным этапам перавароту ў Беларусі і зрабіў яе сатэлітам Расеі. Але нават гэты рэферэндум так і не зламаў наш беларускі вольны дух, пра які спяваецца ў нашым гімне, Ваяцкім Маршы. У цяжкіх умовах, насуперак дыскрымінацыі, працягвае існаваць і сіламі простых людзей развівацца беларуская мова, працягваюць выдавацца кнігі пра праўдзівую беларускую гісторыю, працягвае лунаць Штандар наш бел-чырвона-белы і мчаць старадаўняя Пагоня - у прыватных дамах, на вопратцы і на аўтамабілях. І, галоўнае, Беларусь застаецца незалежнай. З гэтым цяпер вымушана мірыцца і гэтую незалежнасць цяпер вымушана спрабаваць умацоўваць і ўлада ў Менску.
Наступны год будзе таксама асаблівы ў тым, што тычыцца юбілеяў. У 2017 годзе мы пачнем адзначаць стагоддзе здабыцця Беларусяй незалежнасці. Драматычныя падзеі 1917 году адыгралі лёсавызначальную ролю для Беларусі і стварылі перадумовы для абвяшчэння ў 1918 годзе незалежнай і дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі. 2017 год - гэта сотыя ўгодкі Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, які быў ключавой падзеяй на шляху да стварэння незалежнай Беларусі і на якім была ўтворана Рада БНР як першапачаткова Рада Ўсебеларускага Кангрэсу.
Дарагія землякі ўва ўсім свеце: на Берасцейшчыне і Віцебшчыне, на Гарадзеншчыне, Гомельшчыне і Магілёўшчыне; у Менску і ў маіх родных Стоўбцах; у Польшчы і Чэхіі, у Расеі і ва Ўкраіне, у ЗША і Канадзе, Вялікай Брытаніі і Бельгіі і ўсіх іншых краінах, дзе жывуць нашыя суродзічы.
Віншую вас з Нараджэннем Хрыстовым, незалежна ад календара, паводле якога святкуеце, і з Новым Годам. Хай гэты святочны час прынясе ўсім нам радасць ад стасавання з блізкімі і надзею на шчасьлівы новы 2017 год. Мы павінны жыць надзеяй і верай у лепшае, у тое, што будучыня прынясе Беларусі доўгачаканае вызваленне - і так яно абавязкова і будзе".
Беларускі народны каляндар на 2017 год
Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Гэта - фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах.
Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы ў тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з'яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з'явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.
У народным календары на 2017 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.
У наступным, 2018, годзе па праваслаўнай пасхаліі Вялікдзень (Пасха) 8 красавіка, па каталіцкай - 1 красавіка.
Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашых кнігах "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 1993, 2002).
Студзень
1. н. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г. "А хто ўпярод? Новы ж год" .
6. пт. Першая, Посная куцця . Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год . Тры Каралі . Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".
7. сб. Раство Хрыстова . Пачатак Каляд . "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…" . Калядавалі. Насілі "звязду". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).
9. п. Сцяпан . "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана" .
13. пт. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня . "Мароз, хадзі куццю есці ".
14. сб. Васілле. Новы год па правасл. календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".
18. с. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця . Апошнія дні Каляд . "Каляда ад'язджае" .
19 . ч. Вадохрышча (Кшчэнне) . "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама" .
20. пт. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд . Пачатак Малой вясельніцы (да посту).
24. а. Аксіння. "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце" . Фядос. "На Фядоса цёпла" .
25. с. Таццяна . Свята студэнтаў. Павел. "Вее вецер - будзе вайна".
31. а. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз" .
Люты
1. с. Ігнат. "На святога Ігната зіма багата".
2. ч. Грамніцы, Стрэчанне . "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца...".
5. н. Агата. Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты" .
6. п. Паўзіміца Аксіння. "На Аксіні мяце". Дарота. "Па Дароце высахнуць хусты на плоце".
11. сб. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".
12. н. *Памінальніца. Памінальны тыдзень. Калі "вея" ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак - то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер - то пакідалі "дзесяцінкі дзве".
14. а. Трыфан. "На Трыфана зорна - вясна позняя". Валянцін. Свята закаханых.
15. с. Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракалася...", "На Грамніцы палавіна зіміцы".
18. сб. Агата. Каровіна свята.
19. н. *Рабы тыдзень, Малая вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленным тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" не жанатым хлопцам.
22. с. *Лысая серада. Праталіны-залысіны.
23. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі".
24. пт. *Дзедава пятніца. Улассе. Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас". Мацей. "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз" .
25. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі".
26. н. Маладзік у 17.58 (колападобнае сонечнае зацменне). *Масленіца. "Масленіца ў "вятху" (пасля поўні) - дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку". *Гуканне вясны. "Блаславі, божа, зіму замыкаці, вясну загукаці" . На Палессі вадзілі карагоды, " спявалі чырачку" , насілі ёлку з вянком. Фаціння. Заступніца ад хвароб.
27. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.
Сакавік
1. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў). *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскоквалі цераз пень.
4. сб. *Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі". Казімір. "Святы Казімір дровы сякець".
5. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця Юліянскага летазлічэння. "Святы Ізбор упярод ступіць" . Пачатак збору ў поле.
9. ч. Янка, Паўраценне . Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.
12. н. Рыгор. "На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора".
13. п. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.
14. а. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. "На Аўдокі голы бокі" . (1.03 - Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). "Святы Еўдакей … пераступ года" .
15. с. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе" .
17. пт. Герасім Гракоўнік. "Герасім гракоў прыгнаў" .
19. н. Язэп. "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту". "На Язэпа пагода - год ураджайны".
20. п. *Пачатак Храстовага тыдня . Пяклі "храсты". Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна". Вясновае раўнадзенства. Усход 7.17, захад 19.17.
22. с. *Серадапосце . Выпякалі "храстцы". Саракі. Было Новым годам/летам. "Святыя Саракі наперад пайшлі" . Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі" . Прыска. "На святога Прыску праб'е лёд і пліска" .
25 . сб. Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора" . Дабравешчанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не кладзе" . Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам. "Перша свята - нова летца, Дабравешчанне зямлю сушыць" .
26. н. Міждабравешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.
27. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. "Дзікая качка яйцом пахваліцца" . Арына. "На Арыну сей капусту ў расадніках".
30. ч. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою".
31. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.
Красавік
1. сб. *Пахвальная (Мезіна) субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.
3. п. Пачатак *Вербнага тыдня.
6. ч. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Дабравеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы".
7. пт. Дабравешчанне. "Дабравешчанне без ластавак - халоднае лета" . Абрад "Страла".
8. сб. Благуста. "На Благусту сей капусту".
9. н. *Вербніца, Пальмовая нядзеля. "Вярба б'е, не я б'ю". *Вербніца. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае".
10. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.
11. а. *Чысты аўторак . Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць.
12. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё дравяное.
13. ч. *Чысты чацвер. Лазня. Абрад мыцця дзежкі.
14. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. "Апрэль - нікому не вер" . Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.
15 . сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.
16. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у праваслаўных і католікаў). "Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!" . Быў Новым годам. "Першае свята - свята Вялікадня" . Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам".
17. п. Працяг *Велікоднага тыдня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць".
19. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. "Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула".
20. ч. *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер) . Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою.
21. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою. Руф. Руф рушыць снягі.
23. н. *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла" . Юры. (Новы год па задыяку). "Першае святца - святы Юр'я" , "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю, і будзе хварэць жывёла" . Войцах . "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".
24. пн. *Радаўнічныя Дзяды. Анціп - ахоўнік зубоў.
25. а. *Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць" . Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як шкварка" .
28. пт. Пуд. "Пуд снег пужне" .
29. сб. Арына. "На Арыну сей капусту".
30 . н. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.
Травень (Май)
1. п. Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".
5. пт. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.
6. сб. Юр'е. Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня" . Абрад "Страла".
7. н. *Міраносцы . "На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця". Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей" . Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.
8. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня . Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля, як шкварка". Станіслаў. "Сей лён на Станіслава - вырасце як лава".
10. с. *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу. Ярылавіца. Свята Ярылы.
13. сб. Якуб . "На Якуба грэе люба".
14. н. Макарэй. Абрады ля вады.
15. п. Барыс. Апякун поля і жывёлы.
18. ч. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.
19. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.).
20. сб. Антоній. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца".
21. н. Іван Веснавы. Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".
22. п. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. "Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".
23. а. Зілот. "Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота".
24. с. Макей. "Мокра на Макея - і лета не прасушыць". Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры - і лета будзе мокра.
25. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. *Ушэсце. Абрад "Страла". Епіфан. "На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".
27. сб. Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".
28. н. Пахом. "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".
29. п. Магдалена. Зязюльку прысылае.
31. с. *Градавая серада. Шэсць дзеў. "Лён сей позні". Канапелька Матруна. "У зямлю махнула" . Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота поўна аўсу кадушка".
Чэрвень
2. пт. *Сёмушныя Дзяды. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".
3. сб. *Духавая субота, Зялёная субота. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.
4. н. *Сёмуха, Зыход Св. Духа. Свята зелені. "На Духа будзе цёпла і суха" . *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...". Васіліск . "Ад Васіліска і салавей блізка".
5. п. *Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі..." . Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.
6. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней.
7. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Ян. "Рой перад Янам - пчаляр будзе панам".
8. ч. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне.
13. а. Ерамей. Антоній. "Антоні, аддай коні".
14. с. Юстын і Харытон . "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".
15. ч. *Божае цела, Зелянок. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. "Дзеўяць ягодзін на ветцы".
16. пт. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых.
18. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі.
19. п. *Пятроўка (Петравіца) Пятроўскі пост да 11 ліп. Пятроўка-галадоўка.
21. с. Летняе сонцастаянне (з 20.06 да 22). Даўжыня дня - 16.50. Усход - 4.46, захад - 21.36 Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа".
22. ч. *Дзясятнік. " Дзесятнік гнаі возіць" . Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.
23. пт. *Дзясятка. "Косы точыць", "Жыта паспявае". Купала. У старажытн. - Новы год/лета.
24. сб. Ян Купальны . "Сонца грае".
25. н. Анапрэй. "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".
26 . п. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.
28. с. Амос. "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс".
29. ч. Ціхан. "Пеўчыя птушкі заціхаюць". Пятрок. "Да Пятра зязюльцы кукаваці", "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".
Ліпень
6. ч. Купалле. Свята Сонца і кахання. "Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне".
7. пт. Іван Купала. "Учора была Купала, а сёння Іван".
10. п. Самсон. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж" . Сем братоў. "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".
12. с. Пятро. Свята заканчэння Купалля.
13. ч. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. "На Сымана й Юды конь баіцца груды".
14. пт. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".
17. п. Андрэй. "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".
18. а. Свята Месяца. "Месяц гуляе".
21. пт. Казанская. Пракоп. "Пракоп бок прыпёк" . Данат. "Святы Данат коскі вострыць".
25. а. Прокл . Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. "На Якуба хлеба поўна губа".
26. с. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. Снапы кладзе.
29. сб. Афінаген. Заціхаюць птушкі.
31. п. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў.
Жнівень
1. а. Макрыны. "Глядзі восень па Макрыні".
2. с. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля", "Укінуў у воду кусок ільда".
4. пт. Мар'я. "Магдалена - вады па калена".
6. н. Барыс Палікоп . "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".
7. п. Ганны. "Святы Ганны бабкі стаўляюць".
9. с. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.
11. пт. Лаўрын. "На Лаўрына спяшай да млына" .
12. сб. Сіла. Жыта сей.
14. п. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.
15. а. Базыль . "Базыль авечкам воўну дае". Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста".
16. с. Антоны Віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак" .
17. ч. Еўдакія. Агуркі збірае.
19. сб. Яблычны Спас. Свята садавіны.
23. с. Лаўрэн - свята млынара.
24. ч. Баўтрамей. "Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".
27. н. Міхей. Выспяваюць брусніцы.
28. п. Прачыстая. Свята ўраджаю.
29. а. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".
30. с. Міроны Ветрагоны. "Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".
31. ч. Флор і Лаўр . Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. "Сухая" навальніца, дождж.
Верасень
5. а. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".
7. ч. Баўтрамей. "Жыта на зіму сей".
8. пт. Другая Прачыстая. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".
10. н. Мацей. Абаронца ад п'янства.
11. п. Калінавік, Іван Крываўнік.
13. с. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.
14. ч. Сымон. Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвіжанне.
19. а. Цуды, Міхал. "Міхал з поля спіхаў".
21. ч. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.
22. пт. Асенняе раўнадзенства. Усход - 7.01, захад - 19.02.
24. н. Тадора. "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".
26. а. Стаўроўскія Дзяды.
27. с. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі - у кучу.
29. пт. Міхал. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі" . Сіцыян. "Святы Сацыян ды ляны пасцілаў"
Кастрычнік
2. п. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы вытне.
3. а. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветры.
4. с. Пранцішак, Францішак. "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".
8. н. Сяргей . Жалезны тыдзень.
9. п. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.
14. сб. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы" . Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.
21. сб. Трыфан, Палагея. "Золкім ветрам вее" . Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра" .
25. с. Марцін - свята млынароў.
28. сб. Сымон і Юда . "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая . Забарона на прадзенне.
29. н. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.
30. п. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.
31. а. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі". Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.
Лістапад
1. с. Усе святыя. Памінальны дзень.
2. ч. Дзяды, Задушны дзень. Памінальны дзень.
4. сб. Казанская. Дождж ці снег. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. "Святыя дзяды, завём вас...".
8. а. Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра" . Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.
9. с. Тодар. "На Тадора поўна камора".
10. ч. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.
11. пт. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. "Мядзведзь кладзецца ў бярлогу".
12. сб. Артошка. Пачатак прадзення.
14. п. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.
21. а. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.
22. с. Матрона . "З Матроны становіцца зіма" .
24. пт. Хвёдар Студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".
25. сб. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны . "Кацярына забрала лета".
27. п. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).
28. а. Піліпаўка - перадкалядны пост.
29. с. Мацей. "На Мацея зіма пацее".
30. ч. Андрэй. Дзявочае свята.
Снежань
3. н. Адвент. Перадкалядны пост.
4. п. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. "Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла" .
5. а. Пракоп. Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".
6. с. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. "Хвалі зіму па Міколе".
7. ч. Кацярыны. "Забрала край лета".
9. сб. Юр'е Зімовы . Юра мосціць. Ганны. "Ад Ганны да Каляд - два тыдні і два дні".
13. с. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.
14. ч. Навум. Наставіць на вум.
17. н. Варвары. "Мікола і Варвара ноч урвалі".
18. п. Савы, Міколін бацька. "Сава мосце, а Мікола гвоздзе" .
19. а. Мікола Зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".
22. пт. Зімовае сонцастаянне. Усход 9.33, захад 16.43. Даўжыня дня 7.10 . Ганны. "Ганны - прыбавіцца багата дня", "Ганкі - палічаны дзянькі".
24. н. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).
25. п. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне. Было Новым годам. "Свята Ражаство упярод пашло, новы гадок павёў радок".
26. а. Сцяпан. "Кожны сабе пан".
31. н. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка" . Багатая куцця, Шчадрэц. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.
Алесь ЛОЗКА.
Трэба не толькі казаць, але і рабіць!
Адказ сп. Савіцкаму на рэпліку, якая з'явілася ў газеце "Наша слова" (№ 50, 14.12.2016, с.3)
Цікавыя людзі і даўнія сябры, актывісты ТБМ спсп. Мікола Савіцкі і Леанід Лыч. Любяць яны пісаць вялікія артыкулы і вучыць іншых, як трэба жыць і працаваць. Асабліва гэтым вылучаецца прафесар Савіцкі, які на кожнай Радзе ТБМ бярэ слова, калі трэба і не трэба. Яго палымяныя выступы носяць не столькі канкрэтныя, а ў асноўным палітычныя заклікі, якія можна дасягнуць толькі палітычнымі, а не культурніцка-асветніцкімі намаганнямі.
Пра гэта сведчыць і яго апошняя публікацыя ў "НС". Значна прасцей крытыкаваць працу кіраўніцтва ТБМ, не робячы нічога канкрэтнага для падтрымкі сваёй арганізацыі.
Прывяду канкрэтны прыклад. Каб існаваць, выдаваць газету "НС", часопіс "Верасень", "Лідскі летапісец", шматлікія календары розных тыпаў, брашуры і кнігі, а таксама плаціць і арэнду за сядзібу ТБМ, патрэбны немалыя сродкі. І іх прыносяць і дасылаюць шматлікія сябры і прыхільнікі ТБМ. Спісы ахвярадаўцаў рэгулярна друкуюцца (з іх згоды) у газеце "НС" і выстаўляюцца на сайце ТБМ (падтрымка якога зараз каштуе каля 100 рублёў у месяц). На жаль, у гэтых спісах вы не знойдзеце прозвішчаў шаноўных прафесараў Л. Лыча, М. Савіцкага, а вось ветэран вайны, жыхар г. Слаўгарада Фелікс Шкірманкоў робіць гэта цягам многіх гадоў штомесяц.
Хачу падкрэсліць, што ТБМ - не палітычная партыя, а тыя палітычныя лозунгі, якія ўвесь час агучвае сп. М. Савіцкі, больш падыходзяць да партыі БНФ ці аргкамітэта па стварэнні Хрысцінскай дэмакратыі. І таму я раю яму прыняць актыўны ўдзел у працы вышэйзгаданых арганізацый. Што датычыць падпіскі, то мы не можам, як гэта рабілі камуністы, прымусіць кожнага сябра ТБМ выпісаць нашу газету ці часопіс. Менавіта гэтым і адрозніваецца дэмакратыя ад аўтарытарнай улады.
Алег Трусаў, старшыня ТБМ.
Міністэрства ківае на райвыканкамы
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот аб стварэнні гімназій. Паведамляем наступнае.
У пісьме Міністэрства адукацыі ад 09.06.2016 № 05-23/1904/дс Вам паведамлялася аб тым, што стварэнне, рэарганізацыя і ліквідаванне ўстаноў адукацыі (класаў) ажыццяўляецца заснавальнікам установы адукацыі.
Такім чынам, стварэнне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку і гімназій, знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Таму пытанне адкрыцця гімназій у Стаўбцоўскім і Нясвіжскім раёнах Мінскай вобласці неабходна разглядаць у аддзелах адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў.
Міністэрства адукацыі лічыць важным адзначыць, што адкрыццё гімназій на беларускай мове трэба вырашаць комплексна: з улікам колькасці асоб, якія падлягаюць навучанню на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, колькасці існуючых дзяржаўных устаноў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі на гэтай тэрыторыі, а таксама з улікам жаданняў законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў. Гэтае пытанне павінна вырашацца не толькі Міністэрствам адукацыі, упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, аддзеламі адукацыі спроту і турызму рай(гар)выканкамаў, але і бацькамі, грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі арганізацыямі, грамадскасцю.
Звяртаем увагу на тое, што толькі агульнымі намаганнямі можна палепшыць сітуацыю ў плане пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў галіне адукацыі.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" Вы маеце права абскардзіць адказ Міністэрства адукацыі ў суд у парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам.
Намеснік Міністра Р.С. Сідарэнка.
Да 125-х угодкаў з дня нараджэння Максіма Багдановіча РУП "Белпошта" выдала мастацкі блок з дзевяці марак. Пры афармленні блока выкарыстаны матывы твораў Максіма Багдановіча.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў студзені
Адаська Віктар Акулін Эдуард Акуліч Аляксандр Алейнікаў Мікалай Сідаравіч Алесіна Ганна Міхайлаўна Аліева Марыя Рыгораўна Аляхновіч Мікалай Мікал. Андрасовіч Наталля Валянцін. Андрыш Андрэй Антонавіч Антаноўскі Мікалай Антанюк Ян Ігнатавіч Анціпенка Лявон Міхайлавіч Апейка Марыя Фёдараўна Аскірка Валянцін Фёдаравіч Ашкінадзэ Аляксандра Аляк. Ашуева Вера Яўгенаўна Бабровіч Вера Грыгор'еўна Баброў Яўген Ігаравіч Багданкевіч Святлана Мікал. Багданчык Таццяна Бакіноўскі Валянцін Баркоўская Настасся Баркун Любоў Сяргееўна Барткевіч Таццяна Фёдараўна Барысаў Лявон Аляксеевіч Барысевіч Аляксандр Вітол. Батуеў Павел Батура Вольга Іванаўна Бахір Алена Белы Павел Аляксандравіч Бернат Міхась Язэпавіч Благачынны Фларыян Мікал. Болбас Данута Вацлаваўна Булыга Міхаіл Бурбоўская Алена Уладзімір. Бяліцкая Ганна Сцяпанаўна Бяляева Кацярына Уладзімір. Варанцоў Міхаіл Ананіевіч Варатынская Галіна Аляксан. Варонька Ніна Адэльфонас. Васілевіч Алена Канстанцін. Віданава Ірына Аляксеўна Вінаградаў Віталь Вісловіч Эдуард Андрэевіч Водзіч Таццяна Водчыц Таццяна Мікалаеўна Выбарнаў Аляксей Анатол. Вярбоўская Надзея Гайдук Марыя Галавач Яўген Галушка Сяргей Анатольевіч Гапеева Вальжына Міхайлаўна Гаравы Марат Гарадко Галіна Станіславаўна Гарачанкова Юлія Аляксандр. Гарбачова Тамара Валер'еўна Гардзіенка Ала Андрэеўна Гасціловіч Уладзімір Всільевіч Гацак Максім Віктаравіч Гедроіць Аляксандр Генадз. Герасёва Таццяна Андрэеўна Герман Таццяна Арсенцеўна Гільвей Валянціна Грабенка Аляксей Уладзімір. Грышкевіч Лявон Іосіфавіч Грэбень Раіса Гундзер Мацвей Уладзімір. Гуркова Каміла Мсціслава Ал. Гурская Людміла Гусарэвіч Максім Фёдаравіч Данільчык Валянцін Максім. Дашкевіч Віктар Мікалаевіч Дварэцкі Аляксей Вадзімавіч Дварэцкі Андрэй Вадзімавіч Дзям'янаў Аляксандр Улазім. Дзям'яненка Юлія Яўгенаўна Доўнар Павел Віктаравіч Драздоў Уладзімір Дранжкевіч Марыя Дробаў Іван Міхайлавіч Дубовік Ганна Уладзіміраўна Дуброўская Наталля Дунецкі Анатоль Пятровіч Дычок Рэгіна Янаўна Езавіт Т. В. Елісееў Андрэй Ефімовіч Аляксандр Вячасл. Ефімоўская Дана Жарнасек Ірэна Францаўна Жук Аляксандр Мікалаевіч Жылінская Святлана Жынь Канстанцін Уладзімір. Заіка Зоя Міхайлаўна Закрэўская Ніна Зарубава Ганна Уладзіміраўна Захарава Кацярына Алякс. Збадоўскі Эдуард Іосіфавіч Здановіч Ніна Іванаўна Землякова Ала Максімаўна Зімніцкая Ганна Ігараўна Зімніцкі Леанід Зорына Любоў Міхайлаўна Зубар Марына Уладзіміраўна Зылеў Уладзіслаў Дзянісавіч Іванковіч Уладзімір Уладзімір. Івановіч Кацярына Анатол. Іваноў Віталь Юр'евіч Ігнатчык Алег Уладзіміравіч Іпатава Вольга Міхайлаўна Кабышаў Зміцер Кавальчук Таццяна Юр'еўна Казак Валянціна_ Казак Галіна Сцяпанаўна Казак Міхась Мікалаевіч Казак Сяргей Іванавіч Казлоўскі Алег Феліксавіч Калесніковіч Максім Калінка Святлана Міхайлаўна Каліноўская Марыя Калоднікава Алена Валянцін. Калядка Іна Канопкіна Таццяна Станісл. Канус Марыя Іванаўна Капарыха Мікалай Уладзімір. Капуста Алена Міхайлаўна Карабан Станіслаў Вацлававіч Каралёнак Мікалай Мікал. Каратчэня Іван Адамавіч Карней Ігар Пятровіч Кароль Вольга Мікалаеўна Карповіч Уладзімір Леанідавіч Картузава Яўгенія Юр'еўна Карэнька Людміла Мікалаеўна Каспяровіч Ілля Алегавіч Касцееў Антон Сяргеевіч Касьян Марыя Віктараўна Кашчэева Людміла Каяла Уладзімір Іванавіч Кізееў Ігар Кісель Таццяна Аляксандр. Клімашонак Віталь Алегавіч Кліменценка Святлана Ульян. Клімуць Яраслаў Іванавіч Клямята Уладзімір Антонавіч Кніга Галіна Кожан Кліменцій Арсенавіч Козел Алена Аляксандраўна Коласава Алена Аляксандр. Корнеў Павел Іванавіч Котаў Павел Аляксандравіч Красоўская Таццяна Мікал. Красоўскі Лявон (Леанід) Мік. Красоцкі Ян Краўчук Ала Крол Вера Сяргееўна Крывальцэвіч Мікола Крывы Яраслаў Віктаравіч Крыж Сяргей Аляксандравіч Кузьмянкоў Генадзь Адамавіч Кулік Анатоль Міхайлавіч Кулінковіч Алена Анатольеўна Курцова Вераніка Мікалаеўна Курчанава Ларыса Вітальеўна Куцэпаленка Яўген Лабанава Наталля Андрэеўна Лабоха Канстанцін Валянцін. Лаеўскі Дзяніс Уладзіміравіч Лазарэнкаў Валянцін Дзмітр. Лазюк Аляксандр Лакішык Аляксей Рыгоравіч Ларычаў Алег Васільевіч Лашук Алег Пятровіч Ліпскі Канстанцін Аляксеевіч Лісоўскі Дзмітры Ліцкевіч Наталля Ліцвінчук Анатоль Лобан Павел Міхайлавіч Лобец Алесь Паўлавіч Лукашэнка Антон Уладзімір. Луцэвіч Аляксандр Сяргеевіч Лысёнак Р.В. Лысы Аляксандр Уладзімір. Люліна Алена Канстанцінаўна Лявончык Алена Рыгораўна Магалінскі Ігар Уладзіміравіч Магучава Таццяна Васільеўна Магучая Галіна Малаковіч Надзея Якаўлеўна Маліноўскі Лявон Яўгенавіч Малышава Людміла Яўгенаўна Малышка Іпаліт Міхайлавіч Малышчыц Ларыса Канстанц. Малюк Марына Мікалаеўна Маляўка Марыя Маркоўская Кацярына Мікал. Мароз Аксана Пятроўна Марцынкевіч Марыя Масакоўскі Генадзь Уладзімір. Масакоўскі Уладзімір Генадз. Мацюшава Яна Аляксандр. Мельнікаў Юры Леанідавіч Мільнова Таццяна Мікалаеўна Мінько Мірына Місілевіч Ксенія Аляксандр. Міхалева Варвара Міхалькевіч Людміла Мікал. Міханчык Нэлі Міцкевіч Людміла Сямёнаўна Мішкель Станіслаў Мішкоў Яўген Музычэнка Андрэй Мікал. Муша Уладзімір Мікалаевіч Мялешка Віктар Александр. Навагродскі Мечыслаў Аляк. Навахрост Кацярына Навуменка Валянціна Мікал. Нагорны Юры Аляксандравіч Нікалаеў Аляксандр Яўгенавіч Нікіцін Аляксандр Аркадз. Новік Міхась Фаміч Норка Алеся Падабед Аляксандр Падгайская Галіна Сяргееўна Палубінская З. Г. Панкратава Наталля Сярг. Панчук Арцём Аляксандравіч Паплеўка Юлія Юр'еўна Патаранскі Сяргей Сяргеевіч Паўлючук Антон Пісарэнка Аляксандр Васіл. Пляхневіч Тамара Пракаповіч Наталля Фёдар. Пракурат Яўген Андрэевіч Пратасаў Мікалай Пратасеня Юры Аляксандр. Прымака Васіль Дзмітрыевіч Прыхач Віталь Іванавіч Прышчыц Валянціна Сцяпан. Псурцава Галіна Аляксандр. Пясецкі Генадзь Леанідавіч Пячкоўскі Франц Уладзімір. Рабянок Дзяніс Радзюк Міхаіл Міхайлавіч Раковіч Аксана Уладзіміраўна Рамановіч Вераніка Ролік Анісій Нікадзімавіч Роўкач Андрэй Рудзіч Алена Руцкая Алена Вітальеўна Рымша Сяргей Сабініна Лілея Іванаўна Савуліч Мікалай Самонаў Алесь Іванавіч Самуйлік Яўген Рыгоравіч Сарокін Андрэй Віктаравіч Саскевіч Алена Мікалаеўна Сасковіч Алена Саханчук Сцяпан Савельевіч Свентахоўская Валянціна Міх. Свістунова Алеся Аляксанд. Семянчук Альбіна Сівіцкі Уладзімір Уладзімір. Сімбіроў Ігар Генадзевіч Сіповіч Святаслаў Іосіфавіч Сірота Вінцэнт Уладзіміравіч Сітніца Рыгор Скамейка Сяргей Кузьміч Скрабатун Уладзімір Іванавіч Скрыпко М.А. Снітко Вера Снітко Тамара Стагначоў Уладзімір Фёдар. Судак Вікторыя Суша Тамара Мікалаеўна Сушчэня Анатоль Сцепанчук Міхаіл Уладзімір. Сцепанчук Надзея Уладзімір. Сытая Таццяна Сяргейчык Аляксей Мікал. Тамашоў Мікалай Васільевіч Тамашэвіч Аляксандр Уладз. Тамашэвіч Тамаш Іосіфавіч Тарасевіч Тамара Сафронаўна Трухін Уладзімір Фёдаравіч Украінка Сяргей Сяргеевіч Федаровіч Святлана Міхайл. Федзюшка Надзея Фёдарава Вольга Дзмітрыеўна Фёдарава Лілея Фядотаў Феакціст Фёдаравіч Хадановіч Маргарыта Міх. Хадоркін Мікола Фёдаравіч Хамайда Барыс Ханонавіч Хамец Міхась Дзмітрыевіч Харытончык Надзея Іванаўна Хмараў Сяргей Рыгоравіч Хомка Вячаслаў Міхайлавіч Храпавіцкі Станіслаў Іванавіч Царкова Ніна Канстанцінаўна Цітоў Ігар Віктаравіч Ціхачова Ганна Андрэеўна Цыбульская Людміла Віктар. Цяцеркін Мікалай Яўгенавіч Чайка Сяргей Чаркасава Любоў Восіпаўна Чарных Наталля Чарнякова Вольга Чачотка Анатоль Ільіч Чылек Міхал Паўлавіч Чырэка Алесь Шаклач Таццяна Шафарэнка Мікалай Мікал. Швец Алена Шунько Наталля Фёдараўна Шыбека Аляксандр Сяргеевіч Шыдлоўская Ніна Анатол. Шыман Дзмітры Валянцін Шыманец Алена Шышко Вадзім Аляксандравіч Юранкова Марыя Віктараўна Юхневіч Яўген Аляксандравіч Якавенка Яўген Яўгенавіч Якалцэвіч Марыя Антонаўна Якушава Аліна Мікалаеўна Янушкевіч Леанід Ярашук Глеб Алегавіч Ярашэвіч Галіна Андрэеўна Яўмененка Мікалай Алякс. Яўсеенка Жана Яцкевіч Уладзімір Антонавіч
Калядныя традыцыі ў Германіі
Перадкалядныя тыдні («Aдвент») маюць для хрысціян абедзвюх канфесій у Германіі вялікае значэнне.
Сімвалам перадкаляднага перыяду з'яўляецца калядны вянок. Першы вянок вісеў у снежні 1839 года ў малельнай зале сіроцкага дома «Раўэс Хаўс» у Гамбургу. Колькасць свечак у вянку, сплеценым з яловых галінак, на працягу дзесяцігоддзяў скарацілася з першапачковых 24-х - на кожны дзень па адной - да 4-х - па адной свечцы на кожную нядзелю. Часам вянок замяняюць на яловую галінку з адной вялікай свечкай.
Першапачатковая ідэя працягвае жыць у калядным календары з 24 акенцамі. Гэты каляндар з'явіўся на пачатку XX стагоддзя ў Германіі. Каля 50 год таму ён пачаў пераможнае шэсце па ўсім свеце.
Сёння за акенцамі календара хаваюцца слодычы і невялікія падарункі. У цэнтры гістарычнага гарадка Гегэнбах на поўдні Германіі ўсталяваны, бадай, самы вялікі экзэмпляр календара: 24 акны ратушы ўяўляюць сабой карціны з каляднымі матывамі.
Больш чым за два тыдні да куцці пачынаюць прадаваць галоўны сімвал нямецкага каляднага свята - ёлку. Каля дваццаці пяці мільёнаў багата прыбраных ёлак стаяць потым у дамах жыхароў Германіі.
Самым важным днём свята лічыцца калядная куцця - 24 снежня. Вернікі прыходзяць у царкву на паўночнае набажэнства, каб на наступны дзень адсвяткаваць дзень нараджэння Ісуса Хрыста.
Каляды лічацца ў нямецкіх сем'ях самым галоўным святам года. Сваякі і сябры збіраюцца каля святочна ўпрыгожанай каляднай ёлкі, абменьваюцца падарункамі і ўсе разам садзяцца за святочны стол, спяваюць калядныя песні і чытаюць вершы.
Большасць насельніцтва Германі святкуе Каляды дома. Але некаторыя ўсё ж адпраўляюцца на гэты час у падарожжа.
У многіх рэгіёнах Германіі існуюць старадаўнія калядныя звычаі.
Так, на паўночным узбярэжжы Нікалаўс (нямецкі Дзед Мароз) прыплывае на караблі ў порт, дзе яго чакаюць дзеці і дарослыя. У адпаведнасці з ганзейскай рамантыкай калядны рынак размяшчаецца прама ў порце.
Усход Германіі - радзіма вырабаў мастацкай разьбы па дрэве з Рудных гор - г. зв. курцоў (Rauchermannchen), што распаўсюджваюць духмянасць, падсвечнікаў у выглядзе дугі (Schwibbogen) і калядных пірамід. У калядны час па вуліцах, нібыта на гіганцкім народным гулянні, праходзяць традыцыйныя капэлы гарнякоў.
Гарадок шкловыдзімальшчыкаў Лаўша ў Сланцавых гарах Цюрынгіі стаў калыскай шкляных упрыгожанняў для каляднай ёлкі.
Славутыя разныя драўляныя яслі родам з поўдня. У многіх баварскіх гарадках існуюць цэлыя маршруты для турыстаў, якія звязваюць месцы, дзе такія яслі выстаўлены для публічнага аглядання (Krippenweg). Вакол яслей разыгрываюцца аматарскія пастаноўкі на матыў біблейскай гісторыі аб нараджэнні дзіцяці Хрыста (Krippenspiel).
На традыцыйныя перадкалядныя канцэрты запрашаюць выканаўцы альпійскай харавой, а таксама духавой музыкі, якія граюць на трамбонах і альпійскіх ражках.
А на захадзе краіны калядным настроем можна пранікнуцца, калі адправіцца па Нямецкай дарозе казак. Яна вядзе ад Ханаў у Гесэне (месца нараджэння братоў Грым) на поўнач да самага Брэмена.
minsk.diplo.de.
Адам Міцкевіч яднае народы
Ужо дзесяты год па традыцыі вернікі і інтэлігенцыя Менска збіраюцца 24 снежня ля помніка геніяльнаму паэту сусветнага значэння, які паходзіць з Беларусі - Адаму Міцкевічу. Са спевам калядак, са знічамі ў руках і святочным настроем працэсія разам са святарамі рушыць з Чырвонага касцёла да скверу з помнікам нашаму велічнаму суайчынніку. На пляцоўцы дзеячы культуры і прыхільнікі паэзіі Адама Міцкевіча дзеляцца цікавымі звесткамі з жыцця і творчасці класіка польскай і сусветнай літаратуры. У свеце існуюць 72 помнікі Міцкевічу, 5 з іх знаходзяцца на Беларусі.
Адам Міцкевіч нарадзіўся 24 снежня 1798 года ў фальварку Завоссе Наваградскага павета Літоўскай губерніі Расійскай імперыі. Ён быў ахрышчаны ў Наваградскім фарным касцёле 12 лютага 1799 года.
Сёлета ў імпрэзе ўзялі ўдзел доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс, дзяржаўны дзеяч, пісьменнік і дыпламат Анатоль Бутэвіч, старшыня Беларускага фонду культуры, галоўны рэдактар "Краязнаўчай газеты" Уладзімір Гілеп і куратар бібліятэкі імя А. Міцкевіча Галіна Івуць. Кветкі да помніка разам з усімі ўсклаў супрацоўнік польскай амбасады.
Вячаслаў Рышардавіч Меданоўскі і Ядвіга Іванаўна Рай распавялі пра мясціны, звязаныя з нараджэннем і жыццём паэта ў Завоссі і Наваградку. Экскурсавод, якая працуе ў Вільні, распавяла пра месцы, звязаныя з вучобай А. Міцкевіча ў Віленскім універсітэце і дзейнасцю філаматаў і філарэтаў. З вуснаў іншых выступоўцаў грамада даведалася пра невядомыя акалічнасці знаходжання паэта ў высылцы ў Адэсу, пра абставіны яго жыцця і выкладання ў "Каледж дэ Франс" у Парыжы. У выкананні вучняў адной з менскіх гімназій прагучалі вершы паэта на польскай мове.
Аляксей Жбанаў пад гітару выканаў спевы на вершы паэта. Хор "Голас душы" шчыра і светла спяваў калядныя песні на беларускай і польскай мовах. Імпрэза прынесла ўсім яе ўдзельнікам радасць і сапраўдны святочны настрой.
Эла Дзвінская. Фота аўтара: 1. Помнік Адаму Міцкевічу ў Менску. 2. Ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк. 3. Выступае Анатоль Бутэвіч. 4. Імпрэза ля помніка А. Міцкевічу.
180 гадоў з дня нараджэння Валерыя Ўрублеўскага
Валеры ЎРУБЛЕЎСКІ (27 снежня 1836, Жалудок - 5 жніўня 1908) - паўстанец 1863 г., дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху.
Нарадзіўся ў мястэчку Жалудок непадалёк ад Шчучына на Лідчыне. Скончыў Віленскі дваранскі і Пецярбургскі лясны інстытуты.
Падчас вучобы ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў сябрам нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Праз гэта завязаў знаёмства з многімі рэвалюцыянерамі, пасябраваў з К. Каліноўскім.
З 1857 г. працаваў памочнікам загадчыка, а пасля загадчыкам лясной школы ў Саколцы на Гарадзеншчыне. Актыўна дапамагаў Каліноўскаму ў яго падпольнай працы, у тым ліку ў выданні і распаўсюджванні "Мужыцкай праўды".
Падчас паўстання кіраваў ваеннымі дзеяннямі інсургентаў. Быў начальнікам штаба паўстанцаў, пазней - камандуючым сіламі Гарадзенскага, Люблінскага і Падляшскага ваяводстваў. Ён быў прыхільнікам левага крыла "чырвоных". Падчас бою з казакамі 7 жніўня 1864 г. Урублеўскі быў пасечаны шаблямі.
Трохі падлячыўшыся, ён эмігрыраваў у Францыю. У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. Калі 18 сакавіка 1871 года ў Францыі адбылася рэвалюцыя, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненні парыжан. У званні палкоўніка (атрымаў падчас паўстання) Урублеўскі прапанаваў камунарам свае паслугі і план ваенных дзеянняў. Неўзабаве яму было прысвоена званне генерала, і ён узначаліў адну з трох рэвалюцыйных армій, якая абараняла паўднёвую частку Парыжа.
У баях Урублеўскі паказаў сябе ўмелым, разважлівым і прадбачлівым палкаводцам і змагаўся на чале арміі да апошняга дня існавання Парыжскай камуны. Версальцы завочна прысудзілі яго да смяротнага пакарання.
З фальшывым пашпартам Урублеўскі пераехаў у Вялікабрытанію, дзе блізка пазнаёміўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. Уступіў у I Інтэрнацыянал. У кастрычніку 1871 г. яго абралі чальцом Генеральнай рады I Інтэрнацыяналу, сакратаром-карэспандэнтам для Польшчы.
Пасля распаду I Інтэрнацыяналу і арганізацыі "Люд польскі" (1876) Урублеўскі перабраўся ў Жэневу.
Калі французскі ўрад аб'явіў амністыю ўдзельнікам Парыжскай камуны, у 1885 годзе Урублеўскі пераехаў у Францыю і пасяліўся ў горадзе Ніцы. У 1901 французскі ўрад нават прызначыў яму пенсію. Апошнія гады жыцця ён правёў ва Уарвілі (каля Парыжа) у доме былога камунара і земляка Г. Геншынскага. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз, каля сцяны Камунараў. На надмагіллі надпіс: "Гераічнаму сыну Польшчы - народ Парыжа".
У Гародні, Катавіцах, Жалудку імем Урублеўскага названы вуліцы.
Вікіпедыя.
Памяці Сцяпана Александровіча
15 снежня 2016 года ў цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі адбылася вечарына памяці вядомага літаратара і навукоўца Сцяпана Александровіча, памерлага ў 1986 годзе. Прысутныя на мерапрыемстве ўшанавалі памяць вядомага журналіста Міхася Шавыркіна. Потым адбыліся цікавыя выступленні Івана Саверчанкі, Разаліі Александровіч, былога муфція Ісмаіла Александровіча, Леаніда Лыча, Вячаслава Чамярыцкага, Яўгена Гучка, Валерыя Навуменкі, Веры Данілаўны Міцкевіч...
Больш за ўсіх мне спадабаўся выступ кандыдата гістарычных навук Святланы Грыбавай, якая жыве ў Берэсці і абаранілася месяц таму.
Было адзначана, што пра юбілей літаратара (95-годдзе) адгукнуліся некаторыя беларускамоўныя выданні: газеты "Звязда" і "Краязнаўчая газета" часопіс "Роднае слова" і іншыя.
Удзельнікі мерапрыемства падкрэслілі, што наступны юбілей класіка трэба адзначыць больш маштабна.
Я быў вельмі задаволены, што наведаў гэтае мерапрыемства. Было цікава.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
У магілёўскім музеі імя Масленікава адкрылася выстава "Плынь часу" магілёўскай мастачкі Веры Юрковай
Экспазіцыю склалі графічныя працы мастачкі, зробленыя за перыяд з 1975 па 85 гады. Гэта выстава распавядае пра самы пачатак творчага шляху Веры Юрковай - у 1974 годзе яна скончыла тэатральна-мастацкі інстытут і пачала ўдзельнічаць у выставах, а ў 1979 годзе была прынята ў Беларускі Саюз Мастакоў.
18 снежня выставу наведалі сябры Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, а экскурсію па экспазіцыі для іх правяла сама аўтар - Вера Юркова. Аматары культуры і мастацтва паслухалі падрабязныя расповеды пра гісторыі стварэння карцін, пра саму тэхніку графікі - працы на выставе прадстаўлены ў некалькіх вельмі розных тэхніках гэтага віду творчасці. Спадарыня Вера ўзгадала нямала цікавых падзей і момантаў са свайго творчага жыцця, а такім людзям заўсёды ёсць што распавесці. Так аказалася, што яна працавала над мастацкім афармленнем аднаго з выданняў кнігі Ўладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха", над некаторымі выданнямі кніг Васіля Быкава. Зразумела, прагучалі і ўспаміны пра сустрэчы з гэтымі знакамітымі пісьменнікамі, з іншымі вядомымі асобамі, і пра шмат чаго яшчэ.
І канешне - шмат удзячных словаў і пажаданняў поспехаў у далейшай працы было выказана Веры Юрковай напрыканцы экскурсіі.
Некалькі слоў пасля наведвання экспазіцыі старшыня магілёўскага Таварыства беларускай мовы сказаў і пра дзейнасць сваёй суполкі:
- ТБМ рэгулярна ладзіць культурніцкія імпрэзы - у халодную пару мы наведваем музеі, выставы нашых мастакоў. Вось на днях распачалася выстава Веры Юрковай, і ў яе шмат прац на нацыянальныя матывы, на гістарычныя тэмы, шмат гарадскіх краявідаў з архітэктурнымі помнікамі.
Як адзін з лепшых магілёўскіх экскурсаводаў і краязнаўцаў, Алег Дзьячкоў выказаў добрыя словы і на адрас магілёўскіх музеяў:
- Увогуле, у нашым горадзе вельмі цікавыя музейныя кампазіцыі, якія яшчэ і дапаўняюцца з часам. Некаторыя людзі, што можа апошні раз былі ў якім-небудзь музеі вельмі даўно, можа яшчэ за савецкім часам, трапіўшы зараз на экскурсію шчыра здзіўляюцца, наколькі там цікава. Нават вось музей Масленікава - гэта не проста выстава карцін гэтага мастака, а вельмі вялікая экспазіцыя па гісторыі горада і магілёўшчыны, тут нават ёсць унікальныя фрэскі з разбуранага Кармеліцкага касцёла.
Акрамя ўзгаданых вышэй фрэсак з бялыніцкага Кармеліцкага касцёла, у музеі Масленікава зараз можна пабачыць унікальную галаграфічную выяву адной з найвялікшых святыняў Беларусі - крыжа Еўфрасінні Полацкай. Будынак музея быў апошнім месцам, дзе да вайны захоўваўся крыж, які быў згублены падчас эвакуацыі. Што цікава, гэтую экспазіцыю размясцілі за сапраўднымі браніраванымі дзвярыма, прыкладна такімі ж, за якімі захоўваліся да вайны і сапраўдныя каштоўнасці.
Выстава "Плынь часу" будзе доўжыцца да 17 студзеня наступнага года. Дададзім, што гэтай экспазіцыяй музей імя Масленікава распачаў новы праект, які на працягу 2017 г. будзе расказваць пра творчасць мастакоў Магілёўшчыны перыяду з 1975 па 1985 гады.
Алесь Сабалеўскі, 6tv.by.
Даўняя пошта і тэлеграф на Лідчыне
Міхал Шымялевіч
(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)
Беняконі. Паштовая станцыя на тракце Ліда - Вільня. Абазначана на паштовай карце 1817 г. Паштовая станцыя Беняконі з усімі сваімі функцыямі захавалася да 1885 г., калі функцыі адпраўкі і прыёму карэспандэнцыі былі перанесены на чыгуначную станцыю. За гэтыя функцыі адказваў начальнік чыгуначнай станцыі. З 1 снежня 1891 г. на чыгуначнай станцыі пачало працаваць паштовае аддзяленне. З 1893 г. яго начальнікам быў Ібрагім Гэмбіцкі, з 1 траўня 1900 г. - Стэфан Гарневіч, з 1906 г. - Уладзімір Лашчук. Тады ж аддзяленне было перанесена ў мястэчка Беняконі, а ў 1910 г. перароблена ў паштова-тэлеграфнае аддзяленне. З 1911 г. начальнікам паштова-тэлеграфнага аддзялення стаў Вінцэнт Пальчак.
Эйшышкі. Паштовая станцыя функцыянавала з 1875 г., да Воранава па паштовым тракце было 20,75 вёрст. Даглядчык станцыі з 1 студзеня 1881 г. - Стэфан Вайноўскі. З 1885 г. пошта пачала дастаўляцца ў Бастуны, да якіх было 22,5 вярсты. 1 студзеня 1891 г. паштовая станцыя перароблена ў паштовае аддзяленне. Пасля Вайноўскага начальнікамі аддзялення былі: з 29 лістапада 1897 г. Аляксандр Марсант, з 1904 г. - Андрэй Троцкі, з 1906 г. - Стэфан Сянько. З 1903 г. дастаўка пошты перанесена на прыпынак Воранава. У 1908 г. паштовае аддзяленне перароблена ў паштова-тэлеграфнае. З 1911 г. начальнікам аддзялення быў Аляксандр Маніт.
Радунь. Да 1905 г. мястэчка і воласць абслугоўвала пошта ў Эйшышках, але ў гэтым годзе ў Радуні адкрылася паштовае аддзяленне, злучанае паштовым трактам праз Эйшышкі з чыгуначным прыпынкам Воранава. У 1910 г. паштовае аддзяленне перароблена ў паштова-тэлеграфнае. З дня адкрыцця, начальнікам Радунскай пошты быў Канстанцін Лапіцкі, а з 1910 г. - Павел Ластоўскі.
Жамаслаў. У выніку хадайніцтва Ўладзіслава Ўмястоўскага, паштова-тэлеграфнае аддзяленне ў адкрылася ў ягоным маёнтку ў 1886 г. Гэта аддзяленне было злучана паштовым трактам з чыгуначнай станцыяй Беняконі - 33,75 вярсты. У 1900 г. пошта пачала дастаўляцца і атрымлівацца з Іўя - 24 км, а ў 1907 г. - з чыгуначнай станцыі Юрацішкі - 13 км. Начальнікамі аддзялення былі: з 1886 г. Мікалай Булгак, з 1892 г. Аляксандр Шубін, з 1897 г. Андрэй Пясецкі, з 1905 г. Аляксандр Барадзей.
Дзевянішкі. У 1885-86 гг. найбліжэйшая паштовая станцыя для Дзевянішак знаходзілася ў Беняконях, потым у Жамаславе. У 1907 г. у Дзевянішсках адкрылася паштовае аддзяленне, начальнікам якога быў Аляксандр Байрашэўскі. Аддзяленне злучалася паштовым трактам з чыгуначнай станцыяй Беняконі. У 1910 г. паштовы тракт быў перанесены на чыгуначную станцыю Юрацішкі праз Жамаслаў.
Суботнікі. Паштовая станцыя ў Суботніках функцыянавала ўжо ў 1878 г. і паштовым трактам была злучана праз Гальшаны і Ашмяны з чыгуначнай станцыяй Солы. У 1883 г. тут выконваліся ўсе паштовыя паслугі. Паштовая станцыя была скасавана адначасова з адкрыццём паштова-тэлеграфнага аддзялення ў Жамаславе ў 1886 г. З 1913 г. паслугі па атрыманні ці адпраўцы карэспандэнцыі пачалі выконвацца ў валасной управе Суботнікаў.
Лупеніца. Конная паштовая станцыя на тракце Ліда - Наваградак, адлегласць ад Ліды 16 вёрст, ёсць на паштовай карце 1817 г. Адсюль адзін тракт бег на Навіны (20 вёрст) да Наваградка, другі - на Беліцу (16 вёрст) да Слоніма. Да 1885 г. адсюль пошту трактам везлі на праз Дакудава ў Іўе. У 1850 г. паштовую станцыю арандаваў купец Спакойны. У 1860 г. паштовая станцыя знаходзілася ў вёсцы Вашкевічы (Ганчары), а ў 1880 г. - у фальварку Дзяковічы. Аперацыі з карэспандэнцыяй закончыліся разам з закрыццём паштовага тракту ў 1885 г.
Іўе. Паштовая станцыя Іўе функцыянавала ў 1879 г. і была злучана паштовым трактам з Лідай праз Дзякавічы (29,5 вёрст). З 1 лютага 1881 г. даглядчыкам станцыі быў Сулейман Мурза-Мурзовіч. У 1885 г. паштовы тракт перанесена непасрэдна на Ліду - 35 вёрст. 1 студзеня 1891 г. паштовая станцыя перароблена ў паштовае, а ў 1897 г. у паштова-тэлеграфнае аддзяленне (у гэтым годзе пабудавана тэлеграфная лінія Іўе - Ліда). Начальнікам аддзялення з 1896 г. быў Канстанцін Цівака, з 1910 г. - Ян Чарняўскі, з 1911 г. - Стэфан Сянько. У 1907 г. пошта пачала дастаўляцца з чыгуначнай станцыі Гаўя - 13 вёрст.
Нёман. У 1885 г. на чыгуначнай станцыі адкрылася паштовая станцыя для прыёму і адпраўкі карэспандэнцыі і тэлеграм. Паштовая станцыя, як і вёска каля чыгуначнай станцыі, мела назву Сялец. Даглядчыкам паштовай станцыі з 11 сакавіка 1885 г. быў Тэадор Гуйда, які пасля таго як станцыю перабілі ў паштовае аддзяленне, 1 студзеня 1891 г. стаў начальнікам аддзялення. У 1907 г. начальнікам аддзялення стаў Афанасій Ігнацьеў. У 1910 г. аддзяленне перароблена ў паштова-тэлеграфнае.
Дакудава. З 1906 г. паштовыя паслугі аказваліся ў валасной управе, пошта атрымлівалася і адпраўлялася праз чыгуначную станцыю Сялец.
Беліца. Паштовая станцыя на дарозе Наваградак - Гародня, у 1803 г. ужо існавала. На паштовай карце 1817 г. Беліца прысутнічае як паштовая станцыя на тракце Ліда - Слонім, 21 вярста ад Дзятлава. Пасля ліквідацыі паштовага тракту праз Беліцу (1820 г.) найбліжэйшаю паштовай станцыяй ад Беліцы была Лупеніцы, а з 1885 г. - станцыя Нёман. 1 студзеня 1914 г. у Беліцы адкрылася паштова-тэлеграфнае аддзяленне, злучанае тэлеграфнай лініяй з Нёманам.
Масявічы. На паштовай карце 1817 г. абазначана паштовая станцыя Радзівонішкі за 15 вёрст (насамрэч за 20) ад Ліды і за 17 вёрст ад Ішчалны. У 1850 г. паштовыя станцыі Радзівонішкі, Ліда і Жырмуны ўтрымліваў (па-конкурсе) купец Вольф Сольц. У 1860 г. станцыя перанесена ў Масявічы ад якой да Ліды было 18 вёрст. Пасля адкрыцця чыгункі Пецярбург-Варшава ў Масявічах утрымлівалася толькі змена паштовах коней на тракце Ліда - Шчучын. У 1906 г. пасля адкрыцця чыгункі Ліда - Ваўкавыск паштовая станцыя ў Масявічах была закрыта.
Ішчална. На паштовай карце 1817 г. ад станцыі Ішчална да станцыі Радзівонішкі - 15 вёрст, ад Шчучына - 13 вёрст. У 1850 г. па конкурсе гэтую станцыю ўтрымліваў купец Спакойны. З 1864 г. тут трымалі толькі змену паштовых коней. Паштовая станцыя месцілася ў вялікіх мураваных будынках, якія былі маёмасцю Скарбак-Важынскіх, уладальнікаў маёнтка Ішчална. У 1906 г. станцыю закрылі. У Ішчалне, як і ў Масявічах ніякіх паштовых аперацый з карэспандэнцыяй не рабілася, толькі забіраліся лісты з паштовай скрынкі і прывозіліся газеты і лісты з Ліды.
Шчучын. На паштовай станцыі Шчучын з 1803 г. прымалі і выдавалі паштовую карэспандэнцыю. У 1846 г. тут аперыравалі карэспандэнцыяй усіх гатункаў. У 1850 г. па конкурсе паштовую станцыю ўтрымліваў купец Эпштэйн. У 1873 г. тут прымалася і выдавалася звычайнай карэспандэнцыя. З 1 студзеня 1891 г. паштовая станцыя Шчучын перароблена ў паштовае, а з 1 кастрычніка 1896 г. - у паштова-тэлеграфнае аддзяленне. Даглядчыкам станцыі, а потым начальнікам аддзялення з 2 студзеня 1871 г. быў Геранім Рэксць, з 1904 г. - Пётр Клопаў, а з 1907 г. - Сямён Цімошкаў.
Шчучын паштовым трактам быў злучаны з Лідай, а з 1906 г. - з чыгуначнай станцыяй Ражанка.
Жалудок . Паштовая станцыя для карэспандэнцыі ўсіх відаў была адкрыта ў Жалудку ў 1882 г. і злучана са станцыяй у Ішчалне (8,5 вёрст). 1 студзеня 1891 г. гэтая станцыя перароблена ў паштовае аддзяленне, якое да 1 студзеня 1898 г. перароблена ў паштова-тэлеграфнае, тэлеграфная лінія злучыла мястэчка са Шчучынам. У 1906 г. паштовы тракт звязаў Жалудок са Скрыбаўцамі (12 вёрст). Даглядчыкам станцыі ад яе адкрыцця, а потым начальнікам аддзялення, на працягу 33 год ажно да яе эвакуацыі ў Расію ў 1915 г. быў Габрыель Раткевіч.
Васілішкі. Паштовая станцыя для карэспандэнцыі ўсіх гатункаў з паштовым трактам да Шчучына адкрыта тут ў 1878 г. З 1882 г. паштовы тракт замест Шчучына злучыў Васілішкі з Ішчалнай. З 1 студзеня 1891 г. паштовая станцыя перароблена ў паштовае аддзяленне. У 1883-1904 гг. даглядчыкам станцыі, а потым начальнікам аддзялення быў Ян Трус. Да 1915 г. - Леан Якубовіч. У 1906 г. пошта пачала дастаўляцца са Скрыбаўцаў.
Лебяда. Звычайныя паштовыя паслугі пачалі выконвацца ў валасной управе з 1904 г. Лебяда ляжала каля паштовага тракту Ліда - Гародня і была далучана да Лідскай пошты. У 1906 г. аддзяленне пачало адпраўляць і атрымліваць пошту праз чыгуначную станцыю Скрыбаўцы.
Забалаць. Звычайныя паштовыя паслугі з'явіліся ў валасной управе з 1904 г., пошта атрымлівалася і адпраўлялася праз Васілішкі.
Астрына. Паштовыя паслугі ў валасной управе з'явіліся з 1901 г. Злучэнне са Шчучынам. У 1910 г. тут адкрыты спярша паштовае, а потым паштова-тэлеграфнае аддзяленне. Да 1915 г. начальнікам пошты быў Юры Гурын.
Нарашы. Паштовыя паслугі з'явіліся ў Дубіцкай валасной управе, якая тут месцілася, у 1901 г.
Каменка. На паштовай карце 1817 г. ёсць гэтая паштовая станцыя. Ад Шчучына - 16 вёрст, ад Скідаля - 19 вёрст.
Мількаўшчына. Знаходзілася на паштовым тракце Ліда - Гародня. У 1912 г. тут функцыянавала паштовае аддзяленне, якім кіраваў Юльян Глода. Аддзяленне паштовым трактам злучалася са Скідалем і з Шчучынам. Аддзяленне знаходзілася ўжо ў Гарадзенскай губерні.
Апрача таго на чыгуначных станцыях лініі Маладзечна - Ваўкавыск: Юрацішкі, Гаўя, Скрыбаўцы і Ражанка адначасова з пачаткам руху цягнікоў у 1906 г. пачаліся выконвацца паштовыя паслугі. Адказнасць за гэтыя паштовыя паслугі была на начальніках чыгуначных станцый.
Першай тэлефоннай лініяй на Лідчыне была лінія паміж фабрыкамі Нёман А (Старая гута) і Нёман Б (Новая гута), якая пачала працаваць у 1894 г. У маёнтках Жалудок і Ліпічна тэлефонная сетка пабудавана ў 1902 г. У горадзе Ліда першая тэлефонная сувязь з'явілася паміж броварамі Папірмайстра і Пупко ў 1907 г. У 1908 г. пачала працаваць тэлефонная лінія паміж маёнткам Шчучын і Станіслава пад Гародняй. У 1909 г. з'явілася тэлефонная сувязь паміж валаснымі ўправамі ў Сабакінцах, Нарашы і Астрыне з канцылярыей земскага начальнікам 5-га ўчастка Лідскага павета ў Марыянполі пад Астрыной. Усе гэтыя лініі былі прыватнымі і таму неадступнымі для публічнага ўжытку.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Пісьменнік, які здзейсніў навуковы подзвіг
Скончылася зямное жыццё Леаніда Маракова. Праводзіць яго ў апошні шлях ў Свята-Петра-Паўлаўскі сабор ў Менску прыйшлі калегі, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Руху салідарнасці "Разам" і іншых грамадскіх арганізацый.
На развітанні доктар філалагічных навук прафесар Адам Мальдзіс cказаў: "Леанід Маракоў зрабіў вялізную справу і падарваў здароўе. Ён рыхтаваў кніжкі пра рэпрэсаваных пісьменнікаў, святароў, лекараў, выконваў вялізную катаржную працу. Адзін чалавек не мог гэта цягнуць і надарваўся. Мы з ім былі ў добрых кантактах, і я дапамагаў яму, чым мог. Ён часам падпісваў мне свае кнігі. Гэты чалавек зрабіў шмат для грамадства, і памяць аб ім будзе жыць да таго часу, пакуль будзе стаяць наша зямля беларуская! Такой сістэмнай работы ў беларускай навуцы, культуры і духоўнасці ніхто не зрабіў."
Пісьменнік Уладзімір Арлоў параўнаў спадчыну Леаніда Маракова з працай Аляксандра Салжаніцына. "У маёй хатняй бібліятэцы кнігам Маракова прысвечана цэлая паліца. Леанід быў таленавітым літаратарам, мог уразіць і незвычайным героем, і закручаным сюжэтам.
Ён напісаў фундаментальную працу пра галоўны праспект нашай сталіцы, але Бог паслаў яго Беларусі з іншай мэтай. Пакліканне Леаніда было ў тым, каб сказаць праўду пра жудасныя злачынствы, якія чыніла на нашай зямлі бальшавіцкая камуністычная ўлада. Пры ўсёй розніцы метадаў даследавання іх, мне хочацца параўнаць тое, што зрабіў Леанід Маракоў, з тым, што зрабіў Аляксандар Салжаніцын. Калісьці Леанід, паспяховы бізнесмен, быў уражаны лёсам свайго дзядзькі Валерыя Маракова, аднаго з самых таленавітых паэтаў 20-30-х гадоў. Менавіта так пра Валерыя Маракова казаў Янка Купала. Аднавіўшы лёс дзядзькі, Леанід распачаў свой подзвіг - грамадзянскі, навуковы - у выніку якога нам вярнуліся некалькі дзясяткаў тысяч імёнаў тых, хто загінуў у крывавыя сталінскія гады. У іншай краіне такой працай займаўся б цэлы інстытут, а ў нас гэта выпала аднаму чалавеку."
Леанід Маракоў склаў 10-томавы энцыклапедычны даведнік "Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі". Апрача кніг пра рэпрэсаваных, пісьменніку належыць багата літаратурных твораў. Гэта такія апавяданні, як "Непамяркоўныя", "100 мініяцюр", "Трое", "Крымінальныя аповедах пра каханне" і іншыя. У іх аўтар паказваў нязгоду людзей з несправядлівасцю, адлюстроўваў іх барацьбу за свабоду і лепшую долю. Героі Леаніда Маракова гатовыя стаяць за права самім вырашаць свой лёс да перамогі - ці страты жыцця.
Пра творчасць Л. Маракова ў свой час пісалі народны паэт Ніл Гілевіч, доктар філалагічных навук Уладзімір Конан, літаратуразнаўца Лідзія Савік, літаратурныя крытыкі Людміла Рублеўская і Алесь Марціновіч. Натхнялі яго на далейшыя пошукі былы Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, доктар гісторыі Янка Запруднік, энцыклапедыст Янка Саламевіч, пісьменніцы Вольга Іпатава і Святлана Алексіевіч.
Мне з сябрамі даводзілася не аднойчы наведваць спадара Леаніда ў яго працоўным кабінеце ў доме на Нямізе ў перыяд з 2006 па 2013 год. Ён быў увесь паглыблены ў даследванні. На падлозе, канапе былі раскладзены стосы аркушоў паперы з цэтлікамі па гадах. Энцыклапедыі, даведнікі, мапы былі пад рукамі. Ён працаваў па 12-14 гадзін у суткі. Калі кнігі ўжо былі падрыхтаваныя да выдання, яму карцела падзяліцца сваімі новым знаходкамі, ён запрашаў да сябе і коратка даваў інтэрв'ю. Так было з кнігай пра рэпрэсаваных медыкаў і томам пра гісторыю Менска.
Да сабранай інфармацыі Леанід Уладзіміравіч падыходзіў вельмі грунтоўна. Рэцензентамі яго тома пра рэпрасаваных лекараў шпіталяў, фармацэўтаў, прафесараў і загадчыкаў кафедраў, фельчараў, медсёстраў былі 11 кандыдатаў і дактароў навук. Яму прыносіла вялікае маральнае задавальненне ўглядацца ў адухоўленыя твары такіх асобаў, як лекар Аляксандр Сямёнаў, фельчар Марк Бакштаеў, навуковец Іван Сурта, педагог Уладзімір Башмакоў, збіраць драбніцы інфармацыі пра іх па архівах, старых дакументах. Ён надаў ім другое жыццё, сцвярджаючы, што, ніхто не забыты і нішто не забыта.
Сапраўднае здзіўленне выклікаў той факт, што Леанід Маракоў ведаў УСЁ пра рэпрасаваных асобаў. Звесткі пра іх ён захоўваў у велізарнай электроннай картатэцы. Аднойчы я запыталася ў яго пра майго прадзеда Станіслава Крыцкага, машыніста, які пацярпеў у 1933 годзе.
Спадар Леанід тут жа адчыніў сваю базу дадзеных і выдаў дакладную інфармацыю, што Станіслаў Іванавіч Крыцкі, народжаны ў 1881 годзе ў Дзвінскім павеце, бацька трох дзяцей, быў асуджаны за антысавецкую агітацыю на 5 гадоў лагераў і знаходзіўся на Беламора-Балтыйскім канале. Справа № 8447.
Праз пяць хвілін Леанід Уладзіміравіч па просьбе майго маладога калегі адшукаў у базе і яго прадзеда. Дрыжыкі пабеглі па скуры. Было зразумела, што даследчык мае лучнасць з Небам, калі валодае інфармацыяй пра тысячы людзей, якія загінулі, зберагае памяць пра іх, што ён любіць нашых продкаў больш за нас. У наступны мой прыход я прынесла пісьменніку сціплы прэзент. З розных канцоў зямнога шара людзі прысылалі лісты Леаніду Маракову і дзякавалі яму за тое, што ён знайшоў іх родных у архівах КДБ і захаваў гэтыя звесткі ў сваіх кнігах і на сайце www.marakou.by
19 красавіка 2013 года ў памяшканні ПЭН-Цэнтра Леанід Маракоў прэзентаваў самую аб'ёмістую кнігу "Гісторыя Мінска. 1880-1940". На сустрэчу, якая па календары была блізкай да яго 55-годдзя, пісьменнік запрасіў сваіх калег і сяброў - навукоўцаў, літаратараў, даследчыкаў. Спадар Леанід гартаў старонкі новага фундаментальнага твора і даваў тлумачэнні фотаздымкам. Ён падараваў гэтую кнігу і іншыя ў офісы грамадскіх арганізацый, бібліятэкі, прыватным асобам.
На ўзгаданай імпрэзе высокую адзнаку яго працы далі доктар філалагічных навук Арсень Ліс, гісторык і краязнавец Анатоль Валахановіч. Святар Леанід Акаловіч нагадаў прысутным, што спадар Леанід быў узнагароджаны медалём "Айцы-асветнікі" за кнігу пра рэпрэсаваных святароў, у якой былі сабраны больш за 2000 біяграфій святароў, пакутнікаў за веру.
У 2013 годзе Леанід Уладзіміравіч сустракаўся з чытачамі на офісе Руху "За свабоду" і знаёміў дэмакратычных актывістаў з кнігай пра гісторыю Менска… Ён адышоў у вечнасць 17 снежня 2016 года пасля цяжкай хваробы, нечакана для многіх.
На развітанні з творцам Павел Севярынец адзначыў: "Я карыстаўся напрацоўкамі і кнігамі спадара Леаніда, каб удакладніць інфармацыю пра рэпрэсаваных. Перабраць дзесяткі тысяч біяграфіяў, дзеля таго, каб памяць пра расстраляных і закатаваных беларусаў засталася, гэта сапраўдны подзвіг. Нагода для кожнага з нас ацаніць яго дзейнасць. Чалавек аддаў свае жыццё, каб аднавіць частку памяці народа. Леанід Маракоў быў цвёрды, упарты характарам, вось такіх людзей Беларусі не хапае, і будзе не хапаць Леаніда Маракова."
Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. Леанід Маракоў дома ў працоўным пакоі. 2. Партрэт дзядзькі Валера Маракова на паліцы даследчыка. 3. Леанід Маракоў і яго дачка Дзіяна.
Кніга пра лёсы беларусаў
Новае выданне
Напярэдадні Новага года ў менскім выдавецтве "Кнігазбор" выйшла з друку новая кніга даследчыка нашай літаратуры і гісторыі са Слоніма Сяргея Чыгрына. Кніга называецца "Час спагадлівым не бывае".
На старонках новага выдання аўтар распавядае пра вядомых раней і малавядомых беларусаў, якіх хваляваў лёс Бацькаўшчыны, і для якіх час спагадлівым ніколі не быў. Шмат старонак у кнізе адведзена братам Яўгену і Ўладзіміру Хлябцэвічам, якіх лёс закінуў далёка ад родных мясцін.
Напісаў аўтар і пра малавядомых у былой Заходняй Беларусі карэспандэнтаў і паэтаў, якія друкаліся ў віленскіх выданнях. Гэта Міхась Ліст, Сапон Дзяга, Янка Вехаць, Марыя Ласько і іншых.
У кнізе чытачы знойдуць шмат новых фактаў з жыцця і творчасці Яўгена Хлябцэвіча, Уладзіслава Паўлюкоўскага, Андрэя Чэмера, перакладчыка паэзіі Максіма Багдановіча Юзафа Вяжынскага, Адольфа Зянюка, Уладзіслава Казлоўскага, заснавальніка Ваўкавыскага музея Георгія Пеха…
Сяргей Чыгрын уключыў у сваю кнігу даследчы артыкул пра жыццё і дзейнасць краязнаўца і педагога з Валеўкі Наваградскага раёна Уладзіміра Урбановіча. Апублікаваны і пісьмы да Урбановіча Янкі Брыля, Рыгора Шырмы, Кандрата Крапівы, Апанаса Цыхуна, паэта Станіслава Шушкевіча, Янкі Саламевіча, Генадзя Каханоўскага…
Прыгадвае аўтар у сваёй новай кнізе і тых, каго ведаў асабіста, з кім сябраваў - Алега Лойку, Алеся Пісьмянкова, Аляксея Караля, Віктара Сырыцу…
Кніга Сяргея Чыгрына пра лёсы беларусаў ХХ - пачатку XXI стагоддзяў - даніна светлай памяці тых, хто любіў сваю Беларусь. Выданне ўжо паступіла ў менскую кнігарню "Акадэмічная кніга", дзе яго можна набыць.
Вольга РАГОЗІК.
Цікавая кніга
Днямі набыў і прачытаў кнігу маладога літаратара Андрэя Лазара "Таварыства кнігалюбаў". Раман пабачыў свет ў выдавецтве "Рэгістр". Яго наклад 500 асобнікаў. "Таварыства кнігалюбаў" - гэта не проста незвычайная гісторыя, а раман-рэбус, у якім сплялося вельмі шмат: дэтэктыўны сюжэт, глыбіня падтэкстаў таямнічыя героі... Чытач, нібы даследчык, крок за крокам ідзе пакручастай сюжэтнай сцяжынкай, сустракаючы на ёй шмат цікавага. Літаратура пра літаратуру - гэта неверагодна захапляльна.
Трэба адзначыць,што кніга мае добры дызайн вокладкі, Раман перамог ў трэцім сезоне літаратурнага конкурсу для аўтараў-пачаткоўцаў "Першая глава". Раю набыць кнігу чытычам нашага выдання.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
Конкурс імя Веры Навіцкай набірае папулярнасць
На літаратурнай хвалі
На працягу амаль што года Лідскай раённай бібліятэкай праводзіўся другі адкрыты літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям", які ставіў сваімі мэтамі прапаганду творчай спадчыны дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай сярод лідзян, заахвочванне лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей (першы такі конкурс праходзіў два гады назад).
Калі ў першым літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай было каля дзесяці ўдзельнікаў, то ў другім - больш за дваццаць (з 27 аўтараў да конкурсу паводле тэматыкі дапушчаны 20 чалавек), што сведчыць аб тым, што конкурс імкліва набірае папулярнасць. Сярод іх як вопытныя аўтары, так і тыя, хто пакуль толькі спрабуе свае сілы ў напісанні літаратурных твораў. Асабліва шмат было даслана на конкурс вершаў (больш за сотню). Нямала паступіла і загадак, ёсць казкі, п'есы, фантастычныя апавяданні, гісторыі з жыцця.
Варта сказаць некалькі слоў пра Веру Сяргееўну Навіцкую, чыё імя носіць конкурс. Дзіцячая рускамоўная пісьменніца жыла ў канцы XIX-пачатку XX стагоддзя, і горад Ліда можа лічыць яе сваёй, бо ў Лідзе Вера Навіцкая жыла сем гадоў (1908-1915) і нават некаторы час з'яўлялася начальніцай мясцовай прыватнай жаночай гімназіі. Вера Навіцкая - аўтар дзіцячых кніг прозы пра дзяўчынак-гімназістак. Ёсць падставы лічыць, што некаторыя свае кнігі яна напісала менавіта ў нашым горадзе. Адзін з арганізатараў конкурсу імя Веры Навіцкай, лідскі паэт, краязнавец, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" Станіслаў Суднік пераклаў на беларускую мову адну з кніг Веры Навіцкай - "Добра жыць на свеце" (напэўна, гэта першы выпадак перакладу твораў Навіцкай на беларускую мову). Пакуль што адзіны асобнік гэтай перакладзенай кнігі ён перадаў у фонд Лідскай раённай бібліятэкі.
Днямі ў раённай бібліятэцы адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў літаратурнага конкурсу, на якое былі запрошаны яго ўдзельнікі. Журы, узначаліў якое намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Уладзімір Самсонаў, вельмі нялёгка было вызначыць пераможцаў. Як ужо было адзначана, удзельнікаў у сёлетнім конкурсе імя Веры Навіцкай было значна больш, чым два гады назад. У выніку прэміяй III ступені быў узнагарожданы Уладзімір Васько, які даслаў на конкурс фантастычнае апавяданне "На залатой планеце" пра касмічныя прыгоды двух школьнікаў, прэміяй II ступені - Ганна Рэлікоўская (вершы пераважна на школьную тэматыку), прэміяй I ступені - Святлана Цішук (вершы і п'еса "Каток-футбаліст"). Пераможцам конкурсу, акрамя дыпломаў, былі ўручаны грашовыя прэміі.
Дыпломы ўдзельнікаў атрымалі Валянціна Троцкая, Валянцін Бярэсціч, Ала Мась, Аляксандр Бойка, Уладзімір Руль. Апошні - жыхар Воранаўскага раёна (нагадаем, што конкурс адкрыты).
Дасланыя на конкурс творы ўвайшлі ў другі выдадзены бібліятэкай зборнік "Дарослыя - дзецям" (першы такі зборнік выйшаў два гады назад).
Застаецца толькі дадаць, што сярод дасланых на конкурс твораў былі і шматлікія дзіцячыя творы лідскага паэта Смарагда Сліўко (1931-2006), якія сабрала для конкурсу яго ўдава Ірэна Нікадзімаўна. Вечар памяці Смарагда Сліўко адбыўся адразу пасля падвядзення вынікаў літаратурнага конкурсу "Дарослыя - дзецям".
Алесь МАЦУЛЕВІЧ. На здымках: 1. Журы конкурсу; 2. Удзельнікі конкурсу; 3. Лаўрэат 2-й прэміі Ганна Рэлікоўская; 4. 3-ю прэмію атрымоўвае Ўладзімір Васько; 5. 1-ю прэмію атрымоўвае Святлана Цішук.
Кішэнныя каляндарыкі ТБМ
Таварыства беларускай мовы выдала кішэнныя календары на 2017 год
Адзін з кішэнных каляндарыкаў прысвечаны 500-годдзю ад пачатку беларускага кнігадрукавання, другі - 100-м угодкам з дня нараджэння Янкі Брыля.
Календары можна знайсці на сядзібе ТБМ.
Наш кар.
Выйшаў з друку "Гарадзенскі персанальны каляндар ад Алеся Госцева"
"Гарадзенскі персанальны каляндар ад Алеся Госцева" выйшаў у выдавецтве "ЮрсаПрынт". Гісторыя Гародні ў здымках з вядомымі і дарагімі сэрцу людзьмі і будынкамі, якіх ужо няма разам з намі, - у падборках вядомага краязнаўцы. Алесь Госцеў згадвае, што некаторыя здымкі ён знайшоў непасрэдна за дзень да выдання календара.
- Гэты здымак вельмі хацелася паказаць, таму што ўслед за шыкоўным юбілеем Максіма Багдановіча, праз год, мы будзем адзначаць 125-ыя ўгодкі і Зоські Верас, яго знакамітай сяброўкі і выдатнага дзеяча беларускай культуры. Я асабіста быў знаёмы з ёй у апошнія гады яе жыцця. Ліставаўся з ёй. Ездзіў да яе. І вось аднойчы мы разам з Віктарам Какарэкам, вядомым нумізматам, з'ездзілі да яе і сфатаграфавалі.
Каляндар ужо прадаецца ў некаторых кнігарнях, можна яго набыць і ў выдавецтве "ЮрсаПрынт". Прыемна, што каляндар выйшаў па-беларуску.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.