Папярэдняя старонка: 2017

№ 01 (1308) 


Дадана: 05-01-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 1 (1308), 4 студзеня 2017 г.


З Калядамі, шаноўныя беларусы!

Пад Каляды - "Верасень" № 15

Выйшаў з друку чарговы, пятнаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Таццяны Казановіч, Кастуся Нашчынца, Кацярыны Ваданосавай, Алеся Яшчанкі, Ірыны Грумандзь, Валерыі Куставай, Марыі Сцяфанавай і Васіля Зуёнка.

У раздзеле "Верасок" змешчаны вершы вучняў сталічнай СШ №19 імя Янкі Купалы.

Раздзел "Проза" складаюць апавяданні Яніны Пінчук, Надзеі Філон, Міколы Лешчуна, Наталлі Галавач, Вячаслава Лапціка, Лявона Валасюка, Вінцэся Мудрова, а таксама ўрывак з новага рамана Алеся Аркуша "Сядзіба".

У раздзеле "Пераклады" друкуюцца казкі латышскай пісьменніцы Дагніі Дрэйка ў перакладзе Алены Масла а таксама аповед албанскага празаіка Ісмаіля Кадарэ, пераствораны па-беларуску Максімам Мудровым.

Раздзел "Крытыка" адкрывае эсэ "Называю, значыць, існуе…" Кацярыны Масэ. Пра свае творчыя спадзяванні ў гутарцы з Эдуардам Акуліным разважае вядомы беларускі музыка Андрусь Такінданг. Дзейнасць беларускага "Кінаконга" ў аднайменным артыкуле асвятляе Кацярына Шчасная. Адказ на пытанне: "Ці ёсць яна, сучасная беларускай мода?" - у гутарцы Альдоны Мартыненка з маладой дызайнеркай Вольгай Кардаш. "Ваеннымі" ўрыўкамі з кнігі "Шчонаўскія абразкі" дзеліцца Ала Петрушкевіч. Аб перыпетыях жыццёвага і творчага лёсу паэта Нікіфара Жальбы ў артыкуле "Песні Жальбы" распавядае Сяргей Чыгрын. Крытычную ацэнку новай кнігі Насты Кудасавай "Маё невымаўля" дае ў сваёй рэцэнзіі Анатоль Трафімчык. Заканчваецца раздзел аглядам навінак айчыннай дыскаграфіі, які робіць музычны аналітык Анатоль Мяльгуй.

Пытайце "Верасень" № 15 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце "Верасень" на сайтах: Kamunikat.org і tbm-mova.by. Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: verasenchas@gmail.com.

Наш кар.


125 гадоў з дня нараджэння Адама Станкевіча

Адам СТАНКЕВІЧ (6 студзеня 1892 па новым стылі - 29 снежня 1949) - беларускі каталіцкі святар, літаратуразнавец, выдавец, дзяяч беларускага адраджэння ў Заходняй Беларусі. Кандыдат кананічнага права (1918).

Нарадзіўся ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласць) у сялянскай сям'і беларусаў-католікаў Вінцука і Антаніны Станкевічаў. Пачаў адукацыю ў царкоўна-прыходскай школе ў в. Баруны, але праз год яго перавялі ў Гальшанскую народную школу. Далей вучыўся ў гарадской вучэльні ў Ашмянах. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1914) і духоўную акадэмію ў Санкт-Пецярбурзе (1918). Супрацоўнічаў з беларускімі часопісамі "Светач" і "Дзянніца". 24 - 25 траўня 1917 года ў Менску ўдзельнічаў у з'ездзе беларускага каталіцкага духавенства. Адзін з першых пачаў ужываць беларускую мову ў багаслужэнні. З 1919 года выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 - 1928 гадах быў абраны паслом у польскі Сойм з ліста Блоку нацыянальных меншасцяў.

Быў галоўным рэдактарам і выдаўцом газеты беларускіх каталікоў "Крыніца", а потым выдаваў часапіс "Chryscijanskaja Dumka" ў 1927-1938 гадах. У 1928 годзе сумесна з іншымі дзеячамі заснаваў Беларускае каталіцкае выдавецтва. За дзейнасць па беларусізацыі Касцёла ў 1938 годзе высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Слонім тэрмінам на 5 гадоў

Увосень 1939 году, пасля заняцця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі, вярнуўся ў Вільню, дзе стаў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Там жа перажыў Другую сусветную вайну, будучы святаром касцёла святога Міхала. Арыштаваны савецкімі ўладамі 7 снежня 1944 года, але неўзабаве адпушчаны. Паўторна арыштаваны 13 красавіка 1949 года, прысуджаны да 25 гадоў лагераў. Адпраўлены ў Азярлаг (у Тайшэце, Іркуцкая вобласць, Расея), дзе і памёр у той жа год.

Вікіпедыя.


80 гадоў - Уладзіміру Васько

Уладзімір ВАСЬКО нарадзіўся 2 студзеня 1937 года ў в. Ліпічанка Шчучынскага раёна. Скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Я. Купалы. Працаваў дырэктарам сярэдняй школы на Дзятлаўшчыне, у рэдакцыі Дзятлаўскай раённай газеты "Перамога", у рэдакцыі "Лідскай газеты" (раней - "Уперад") з 1972 па 2000 г. (у т.л. намеснікам рэдактара).

Узначальваў літаб'яднанне "Суквецце" пры "Лідскай газеце". Жыве ў Лідзе. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2007 г.

Друкаваўся ў газетах, часопісах, калектыўных зборніках паэзіі. Аўтар паэтычных кніг "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругазварот жыцця" (2011), а таксама кнігі прозы "Лясная рапсодыя" (2013).

Двойчы лаўрэат (2014 і 2016 гг.) літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя дзецям".

Вікіпедыя.


Васілю Гігевічу - 70

Васіль ГІГЕВІЧ (3 студзеня 1947; в. Жыцькава, Барысаўскі раён, Менская вобласць) - беларускі пісьменнік.

У 1969 годзе скончыў фізічны факультэт Харкаўскага ўніверсітэта і паралельна факультэт грамадскіх прафесіяў па спецыяльнасці журналістыка. Працаваў выкладчыкам фізікі ў Новааляксандраўскай сярэдняй школе Сахноўшчынскага раёна Харкаўскай вобласці. З 1970 г. - карэспандэнт-радыёарганізатар ашмянскай раённай газеты "Красное знамя". Працаваў інжынерам Барысаўскага шклянога завода (1970-1977). У 1979 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1979 па 1981 год працаваў на кінастудыі "Беларусьфільм", пазней - у часопісе "Маладосць". Сябар Саюза пісьменнікаў СССР з 1977 года.

Першае апавяданне апублікаваў у 1972 годзе ў часопісе "Полымя". Лаўрэат прэміі Лен. камсамолу Беларусі (1982) за аповесць "Жыціва".

Вікіпедыя.


Юбілейныя і памятныя даты 2017 года

СТУДЗЕНЬ

1 студзеня - 50 гадоў з часу заснавання выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі" (Менск, 1967 г.).

2 студзеня - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Васько , беларускага паэта, журналіста.

2 студзеня - 70 гадоў з дня нараджэння Кастуся Ільюшчыца , беларускага паэта.

2 студзеня - 60 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Кіслага , беларускага мастака-рэстаўратара.

3 студзеня - 70 гадоў з дня нараджэння Васіля Гігевіча , пісьменніка.

4 студзеня - 490 гадоў з дня нараджэння Васіля Канстанціна Астрожскага (1527-1608), палітычнага і культурнага дзеяча ВКЛ.

5 студзеня - 110 гадоў з дня нараджэння Кастуся Губарэвіча (1907-1987), беларускага драматурга.

6 студзеня - 125 гадоў з дня нараджэння Адама Станкевіча , беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка, публіцыста, літаратуразнаўца, каталіцкага святара.

7 студзеня - 100 гадоў з дня нараджэння Якава Мараша , беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара.

8 студзеня - 455 гадоў таму назад нарадзіўся Тамаш Макоўскі (1562 або 1575 - 1630), беларускі картограф, гравёр, друкар.

9 студзеня - 120 гадоў з дня нараджэння В.А. Шашалевіча , беларускага драматурга, тэатральнага дзеяча.

11 студзеня - 80 гадоў з дня нараджэння Міхася Верацілы , калекцыянера, краязнаўца, мастака, паэта.

12 студзеня - 100 гадоў з дня нараджэння Міхася Калачынскага (1917-1990), беларускага паэта.

14 студзеня - 75 гадоў з дня нараджэння (1942) Веры Вярбы , беларускай паэтэсы, перакладчыцы.

20 студзеня - 125 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча (1892-1938), грамадскага палітычнага дзеяча, літаратара, акадэміка.

20 студзеня - 125 гадоў з дня нараджэння Рыгора Шырмы (1892 - 1978), беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, хормайстра, народнага артыста БССР і СССР, Героя Сацыялістычнай працы.

21 студзеня - 110 гадоў з дня нараджэння Міколы Садковіча (1907-1968), пісьменніка, кінарэжысёра.

24 студзеня - 220 гадоў з дня нараджэння Цімафея Ліпінскага , беларускага і польскага гісторыка, філолага, краязнаўца, калекцыянера.

24 студзеня - 190 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Далеўскага , аднаго з арганізатараў "Саюза вольных братоў" (1846 г.).

31 студзеня - 125 гадоў з дня нараджэння Алеся Гурло (1892-1938), паэта.

31 студзеня - 60 гадоў з часу заснавання Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі (адкрыты ў 1967 г., Менск).

ЛЮТЫ

2 лютага - 115 гадоў з дня нараджэння Станіслава Грынкевіча (1902-1945), беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, літаратара.

4 лютага - 130 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Шантыра (1887-1920), пісьменніка, публіцыста, грамадскага дзеяча.

5 лютага - 440 гадоў з дня нараджэння Мялеція Сматрыцкага (1577-1633), пісьменніка, грамадскага і царкоўнага дзеяча.

5 лютага - 75 гадоў з дня нараджэння Міколы Жылінскага , беларускага журналіста, пісьменніка, гісторыка, кандыдата гістарычных навук.

6 лютага - 140 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Талочкі , беларускага рэлігійнага і культурна-асветнага дзеяча.

8 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Германа Кірылава , пісьменніка.

9 лютага - 470 гадоў з дня нараджэння Крыштафа Радзівіла , дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага.

11 лютага - 210 гадоў з дня нараджэння Напалеона Орды , беларускага мастака, кампазітара.

12 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Алеся Наўроцкага , беларускага паэта.

12 лютага - 75 гадоў з дня нараджэння Генадзя Буралкіна , беларускага скульптара.

13 лютага - 115 гадоў з дня нараджэння Сымона Хурсіка (1902-1972), беларускага пісьменніка.

14 лютага - 260 гадоў з дня нараджэння Казіміра Сапегі , ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, генерала артылерыі, удзельніка бітвы (1794) з расійскім войскам пад Соламі (Смаргонскі р-н).

14 лютага - 110 гадоў з дня нараджэння Алеся Звонака (1907-1996), беларускага паэта.

14 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Міхася Стральцова (1937-1987), пісьменніка, крытыка, перакладчыка.

16 лютага - 260 гадоў з дня нараджэння Юльяна Нямцэвіча , польскага пісьменніка, гісторыка.

17 лютага - 180 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Ельскага (1837, Чэрвенскі р-н -1896), вучонага біёлага, географа, геолага, падарожніка.

20 лютага - 70 гадоў з дня нараджэння (1947) В.Я. Мазынскага , беларускага рэжысёра.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы.

21 лютага - 70 гадоў з дня нараджэння М.Я. Фінберга , беларускага дырыжора, Народнага артыста Беларусі.

23 лютага - 110 гадоў з дня нараджэння Станіслава Станкевіча , беларускага культурнага дзеяча, літаратуразнаўца, доктара філалогіі.

25 лютага - 115 гадоў з дня нараджэння Янкі Геніюша (1902-1979), беларускага лекара, бібліяфіла, мужа Ларысы Геніюш.

26 лютага - 80 гадоў з пачатку выдання газеты "ЛіМ" - органа Саюза беларускіх пісьменнікаў у 1932-2002 гадах.

28 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Георгія Галенчанкі (1937, г. Петразаводск), гісторыка-медыявіста, доктара гістарычных навук.

САКАВІК

3 сакавіка - 950 гадоў ад першага ўпамінання пра Менск у "Аповесці мінулых гадоў".

3 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Мірона Бобера , беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук, дацэнта.

3 сакавіка - 75 гадоў з дня нараджэння Дар'і Карацінскай , беларускага мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук, дацэнта.

5 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Казіміра Машынскага , польскага этнографа.

6 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Крукоўскага , мастака - плакатыста.

9 сакавіка - 75 гадоў з дня нараджэння Паўла Казлоўскага , беларускага вайскоўца, генерал-лейтэнанта.

10 сакавіка - 75 гадоў з дня нараджэння Міхася Ткачова (1942-1992), беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, археолага, доктара гістарычных навук, прафесара.

11 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна (сапр. Аляксандр Уладзіміравіч Прушынскі, 1887-1920), пісьменніка і дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху.

12 сакавіка - 240 гадоў назад нарадзіўся І.І. Аляшкевіч (1777-1830), беларускі жывапісец-партратыст.

12 сакавіка - 120 гадоў з дня нараджэння Аляксандры Смоліч , беларускага педагога, аўтаркі граматыкі "Зорка" (1918, 7 выданняў).

19 сакавіка - 60 гадоў з дня нараджэння Алеся Астроўскага , беларускага вучонага ў галіне біяхіміі, доктара медыцынскіх навук, прафесара.

20 сакавіка - 65 гадоў з дня нараджэння Алеся Емяльянава (1952-1995), беларускага паэта.

25 сакавіка - Дзень Волі. 100 гадоў Нацыянальнаму беларускаму сцягу.

25 сакавіка - 300 гадоў з дня нараджэння Альбрыхта Радзівіла , дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага.

26 сакавіка - 75 гадоў з дня нараджэння Івана Арабейкі , беларускага паэта.

29 сакавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Міколы Сурначова (1917-1945), беларускага паэта.

31 сакавіка - 45 гадоў выдавецтву "Мастацкая літаратура".

КРАСАВІК

1 красавіка - 155 гадоў з дня нараджэння Адама Багдановіча (1862-1940), беларускага этнографа, бацькі Максіма Багдановіча.

1 красавіка - 140 гадоў з дня нараджэння Васіля Захаркі (1877-1943), беларускага дзяржаўна-палітычнага дзеяча.

2 красавіка - 175 гадоў з дня нараджэння Францішка Нарбута (1842-1892), удзельніка паўстання супраць Расіі ў 1863-64 гг.

4 красавіка - 460 гадоў з дня нараджэння Льва Сапегі , беларускага дзяржаўнага, ваеннага і культурнага дзеяча, канцлера Вялікага Княства Літоўскага.

6 красавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Анатоля Дзеркача , беларускага пісьменніка.

6 красавіка - 50 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Хільмановіча , беларускага пісьменніка, журналіста.

10 красавіка - 90 гадоў з дня правядзення ў Гародні з'езду актывістаў Таварыства беларускай школы.

10 красавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Спірыдонава (1937, Бабруйск), кандыдата гістарычных навук.

11 красавіка - 90 гадоў з часу прыняцця Канстытуцыі Беларускай ССР (1927 г.).

14 красавіка - 40 гадоў з часу заснавання Музея беларускага народнага мастацтва, філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусі (в. Раўбічы, Менскі р-н, 1977, адкрыты 12 снежня 1979 г.).

18 красавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Анатоля Дзеркача (сапр. Зімёнка А.Р., 1887-1937), беларускага паэта, сатырыка, гумарыста.

27 красавіка - 60 гадоў таму назад адкрыты ў мяст. Астрына (Шчучынскі р-н) помнік Цётцы.

Красавік . 30 гадоў з часу стварэння Беларускага фонду культуры (БФК) (Менск, 1987 г.).

ТРАВЕНЬ

2 траўня - 80 гадоў з дня нараджэння Івана Будніка , беларускага педагога, краязнаўца.

3 траўня - 140 гадоў з дня нараджэння А.А. Грыневіча (1877-1937), фалькларыста, педагога, выдаўца, кампазітара.

6 траўня - 215 гадоў з дня нараджэння Станіслава Горскага , беларускага батаніка, прафесара.

9 траўня - 80 гадоў з дня нараджэння Анатоля Бараноўскага , мастака.

9 траўня - 80 гадоў з дня нараджэння Валянціна Мысліўца (1987-1993), пісьменніка.

15 траўня - 135 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Галубка (сапр. Голуб), акцёра, мастака, першага народнага артыста Беларусі.

20 траўня - 115 гадоў з дня нараджэння Язэпа Пушчы (сапр. Плашчынскі І.П., 1902-1964), беларускага паэта, крытыка, перакладчыка.

27 траўня - 85 гадоў з часу ўтварэння Саюза беларускіх пісьменнікаў (1932 г.)

27 траўня - 80 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Біча (1937-1999), доктара гістарычных навук.

30 траўня - 90 гадоў з дня нараджэння Вітаўта Кіпеля, гісторыка, грамадскага дзеяча, старшыні Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ерку.

30 траўня - 75 гадоў таму (1942 г.) пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К. Панамарэнкам.

ЧЭРВЕНЬ

2 чэрвеня - 150 гадоў з дня нараджэння Мітрафана Доўнар-Запольскага , беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара.

7 чэрвеня - 80 гадоў з дня нараджэння Пятра Дзмітрачкова (1937, Хоцімскі р-н), гісторыка, заслужанага работніка адукацыі.

8 чэрвеня - 50 гадоў з часу заснавання Клічаўскага краязнаўчага музея (1967, адкрыты 10 чэрвеня 1969 г.).

16 чэрвеня - 80 гадоў з дня нараджэня Аўгусціна Мілаванава , акцёра, народнага артыста Беларусі.

19 чэрвеня - 105 гадоў з дня нараджэння Пятра Бітэля (1912-1991), беларускага пісьменніка, педагога, праваслаўнага святара.

24 чэрвеня - 250 гадоў з дня нараджэння Стэфана Грабоўскага , ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, генерала, аднаго з кіраўнікоў паўстання супраць Расіі.

30 чэрвеня - 90 гадоў з дня нараджэння Галіны Войцік , беларускага і літоўскага мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук, дацэнта.

ЛІПЕНЬ

2 ліпеня - 50 гадоў з дня нараджэння Юрыя Гардзеева , беларускага гісторыка ў Польшчы, доктара гісторыі, прафесара.

4 ліпеня - 70 гадоў з дня нараджэння Ганны Сурмач , беларускага гісторыка, грамадска-культурнага дзеяча на эміграцыі.

6 ліпеня - 80 гадоў з дня нараджэння Пятра Драчова (1937- 2005), мастака.

7 ліпеня - 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы (сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 1882-1942), Народнага паэта Беларусі.

7 ліпеня - 130 гадоў з дня нараджэння Марка Шагала (1887-1985), мастака.

7 ліпеня - 40 гадоў з часу заснавання Музея старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАНБ (Менск, 1977 г., адкрыты 15 траўня 1979 г.).

10 ліпеня - 80 гадоў з дня нараджэння Міколы Капыловіча (1937-2002), беларускага пісьменніка.

10 ліпеня - 45 гадоў з часу адкрыцця Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка ў в. Вязынка Маладзечанскага раёна.

11 ліпеня - 60 гадоў з часу заснавання Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН

25 ліпеня - 85 гадоў з дня наражэння Змітра Смольскага , кампазітара, народнага артыста Беларусі.

25 ліпеня - 70 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Мілінкевіча , беларускага фізіка, палітыка, кандыдата фізічна-матэматычных навук, дацэнта, грамадскага дзеяча.

28 ліпеня - 205 гадоў з дня нараджэння Юзафа Крашэўскага (1812-1887), пісьменніка, гісторыка, грамадскага дзеяча.

29 ліпеня - 30 гадоў з часу заснавання Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея (1987, адкрыты 11 верасня 1992 г.).

31 ліпеня - 215 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі (1802-1889), геолага, мінеролага, даследчыка Чылі, аўтара мемуараў.

31 ліпеня - 200 гадоў з дня нараджэння І.Я. Храпавіцкага (1817-1893), беларускага фалькларыста і грамадскага дзеяча.

ЖНІВЕНЬ

2 жніўня - 85 гадоў таму назад у СССР уведзена ўсеагульная сямігадовая адукацыя, а ў снежні створаны першыя школы-дзесяцігодкі ў БССР.

4 жніўня - 100 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля , беларускага пісьменніка, Народнага пісьменніка Беларусі.

5 жніўня - 110 гадоў з дня нараджэння Эдуарда Самуйлёнка, беларускага пісьменніка.

5 жніўня - 70 гадоў з дня нараджэння Віталя Скалабана , беларускага гісторыка, культуролага, архівіста, кандыдата гістарычных навук.

6 жніўня - 500 год ад пачатку беларускага кнігадрукавання.

7 жніўня - 180 гадоў з дня нараджэння Баляслава Колышкі (1837-1863), аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 г.

7 жніўня - 85 гадоў з дня нараджэння Адама Мальдзіса (1932, Астравецкі р-н), літаратуразнаўца, празаіка, грамадскага дзеяча, доктара філалагічных навук.

9 жніўня - 50 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Клімовіча , беларускага пісьменніка.

17 жніўня - 75 гадоў з дня нараджэння Мікалая Вярэніча , беларускага мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук.

18 жніўня - 80 гадоў з дня нараджэння Браніслава Ермашкевіча , беларускага паэта.

23 жніўня - 100 гадоў з дня нараджэння Пімена Панчанкі (1917-1995), Народнага паэта Беларусі.

26 жніўня - 125 гадоў з дня нараджэння Сымона Якубчыка (1892-1938), беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук.

ВЕРАСЕНЬ

1 верасня - 75 гадоў з дня нараджэння Івана Басюка , беларускага гісторыка, правазнаўца, доктара гістарычных навук, прафесара.

2 верасня - 50 гадоў з дня нараджэння Марыны Калацэй , беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук.

3 верасня - 90 гадоў з дня нараджэння Алеся Адамовіча, беларускага пісьменніка, крытыка, грамадскага дзеяча.

5 верасня - 100 гадоў з дня нараджэння Язэпа Сажыча , беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча на эміграцыі.

6 верасня - 225 гадоў з дня народзінаў Івана Грыгаровіча (1792-1862), археографа, гісторыка, краязнаўца, пісьменніка.

7 верасня - 185 гадоў з дня нараджэння Людвіка Нарбута (1832 - 1863), аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг.

13 верасня - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Содаля , пісьменніка, літаратуразнаўца, краязнаўца.

16 верасня - 80 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Мядзведзя , заслужанага майстра спорту чэмпіёна XVIII, XIX і ХХ Алімпійскіх гульняў, неаднаразовага чэмпіёна свету, Еўропы, СССР па вольнай барацьбе.

16 верасня - 60 гадоў з дня нараджэння Марыі Масла , паэтэсы.

17 верасня - 105 гадоў з дня народзінаў Максіма Танка (сапр. Скурко Яўген Іванавіч, 1912-1995), Народнага паэта Беларусі.

18 верасня - 100 гадоў з дня нараджэння В.К. Зайцава , беларускага літаратуразнаўца-славіста, перакладчыка.

19 верасня - 50 гадоў з часу заснавання Нацыянальнага Полацкага гістарычна-культурнага музея-запаведніка.

20 верасня - 80 гадоў з дня нараджэння Карла Гутшміта , нямецкага беларусіста.

20 верасня - 80 гадоў з дня нараджэння Аляксея Каўкі (1937), маскоўскага гісторыка, літаратуразнаўца.

22 верасня - 45 гадоў з часу заснавання Коласаўскага заказніка ў Стаўбцоўскім р-не.

26 верасня - Еўрапейскі дзень моў.

26 верасня - 160 гадоў з дня нараджэння П.М. Жуковіча (1857-1919), беларускага гісторыка.

27 верасня - 125 гадоў з дня нараджэння Сяргея Барана (1892-1937), беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, педагога.

27 верасня - 70 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Міхнюка , беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук.

28 верасня - 65 гадоў з дня заснавання Ашмянскага раённага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча.

30 верасня - 125 гадоў з дня нараджэння Зоські Верас (сапр. Сівіцкая Л.А., 1892-1991), беларускай грамадска-культурнай дзяячкі, пісьменіцы.

КАСТРЫЧНІК

1 кастрычніка - 70 гадоў з дня нараджэння Васіля Кушнера , беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук.

3 кастрычніка - 120 гадоў з дня нараджэння Міхася Дуброўскага , беларускага паэта.

10 кастрычніка - 60 гадоў з дня нараджэння Тамары Вяршыцкай , беларускага музеязнаўца.

13 кастрычніка - 170 гадоў з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча (1847-1928), гаспадарчага і палітычнага дзеяча Беларусі.

15 кастрычніка - 110 гадоў з дня нараджэння Р.К. Сабаленкі (1907-1975), беларускага пісьменніка.

15 кастрычніка - 70 гадоў з дня нараджэння Валянціны Царук , беларускага музеязнаўца.

20 кастрычніка - 340 гадоў з дня нараджэння Станіслава Ляшчынскага (1677-1766), караля польскага і вялікага князя ВКЛ.

20 кастрычніка - 125 гадоў з дня нараджэння Янкі Тарасевіча (1892-1978), беларускага культурнага дзеяча на эміграцыі, каталіцкага духоўніка, доктара тэалогіі.

20 кастрычніка - 70 гадоў з дня нараджэння Юркі Голуба , беларускага паэта.

21 кастрычніка - 100 гадоў таму ў Петраградзе выйшаў першы нумар газеты "Беларуская крыніца" ("Bielaruskaja krynica").

29-30 кастрычніка - 80 гадоў з часу масавых расстрэлаў прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі ў Менску.

31 кастрычніка - 80 гадоў з дня нараджэння Яўгена Куліка (1937-2002), графіка.

31 кастрычніка - 75 гадоў з дня нараджэння Івана Коўкеля (1942-2009), беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук, прафесара.

Кастрычнік - 40 гадоў з часу адкрыцця філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы (з 11 кастрычніка 1978 г. - Купалаўскі мемарыяльны запаведнік "Ляўкі" ).

ЛІСТАПАД

1 лістапада - 125 гадоў з дня нараджэння Язэпа Троські , дзеяча нацыянальна-культурнага руху ў БССР.

1 лістапада - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Верамейчыка (1937-1999), паэта.

1 лістапада - 20 гадоў таму назад у Лідзе выйшаў 1-шы нумар адноўленай газеты "Наша слова".

2 лістапада - 300 гадоў з дня нараджэння Караля Вырвіча , беларускага гісторыка, географа.

3 лістапада - 135 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа (1882-1956), Народнага пісьменніка Беларусі, вучонага, акадэміка НАН Беларусі.

4 лістапада - 130 гадоў з дня нараджэння Цішкі Гартнага (сапр. Зміцера Хведаравіча Жылуновіча, 1887-1937), пісьменніка, акадэміка НАН Беларусі, палітычнага і дзяржаўнага дзеяча БССР.

6 лістапада - 275 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Саковіча (1742-1787?), паэта, перакладчыка, педагога.

6 лістапада - 30 гадоў з часу заснавання Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (Менск, 1987, адкрыты ў лістападзе 1991 г.)

11 лістапада - 60 гадоў з дня нараджэння Людмілы Смольскай , беларускага мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук.

11 лістапада - 25 гадоў назад устаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам, заснавана Апостальская нунцыятура ў Беларусі.

13 лістапада - Дзень беларускай школы.

13 лістапада - 140 гадоў з дня нараджэння М.М. Нікольскага (1877-1959), гісторыка-ўсходазнаўца.

15 лістапада - 85 гадоў з часу стварэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (Менск, 1932).

15 лістапада - 70 гадоў з дня нараджэння (1947) А.І. Ярмоленкі , Народнага артыста Беларусі.

15 лістапада - 50 гадоў з часу заснавання Саюза кінематаграфістаў Беларусі.

16 лістапада - 80 гадоў з дня нараджэння Валянціна Лукшы , пісьменніка, перакладчыка.

20 лістапада - 300 гадоў з дня нараджэння Г. Каніскага , пісьменніка, царкоўнага і культурнага дзеяча.

21 лістапада - 110 гадоў з дня нараджэння К.І. Гурскага (1907-1943), беларускага мовазнаўца.

26 лістапада - 180 гадоў з дня нараджэння Міхала Эльвіра Андрыёлі (1837-1893), мастака, удзельніка паўстання 1863 года.

26 лістапада - 110 гадоў з дня нараджэння М.А. Скрыпкі (1907-1991), беларускага паэта-сатырыка, празаіка, драматурга.

СНЕЖАНЬ

3 снежня - 80 гадоў з дня нараджэння Дануты Бічэль , паэтэсы.

9 снежня - 100 гадоў з дня нараджэння У.Л. Агуцкага (1917-1941), беларускага паэта.

18 снежня - 100 гадоў таму назад пачаўся Першы ўсебеларускі кангрэс.

20 снежня - 85 гадоў таму прынята пастанова ЦВК і СНК БССР "Аб аб'яўленні Беларускай ССР краінай суцэльнай пісьменнасці" (1932 г.).

26 снежня - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Гніламёдава , крытыка, літаратуразнаўца, акад. НАН Беларусі.

26 снежня - 80 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Талерчыка , беларускага краязнаўца.

У 2017 годзе:

1155 гадоў з часу заснавання Полацка (862 г.)

950 гадоў таму назад (1067) адбылася бітва на рацэ Нямізе паміж войскамі яраславічаў і і полацкага князя Ўсяслава Брачыслававіча.

915 гадоў з дня нараджэння Ефрасінні Полацкай .

800 гадоў таму назад упершыню ўжыта слова Albaruthenia ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі.

700 гадоў таму назад утворана першая на беларускіх землях самастойная праваслаўная мітраполія з цэнтрам у Наваградку.

630 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання пра Бабруйск (да 1387 г.)

630 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання Ігумена (цяпер Чэрвень).

630 гадоў таму назад упершыню ўпамінаецца Радунь (Воранаўскі р-н) у пісьмовых крыніцах.

630 гадоў таму назад пабудаваны ў Крэве (Смаргонскі р-н) адзін з першых у ВКЛ касцёлаў.

630 гадоў таму назад в. Германішкі (Астравецкі р-н) упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах.

530 гадоў з часу першага ўпамінання пра г. Пружаны (1487 г.)

525 гадоў таму назад мяст. Воўпа (Ваўкавыскі р-н) упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах.

495 гадоў з часу стварэння (1522) Францішкам Скарыном друкарні ў Вільні, першай на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы. Выданне "Малой падарожнай кніжыцы".

470 гадоў з дня нараджэння Мацея Стрыйкоўскага .

430 гадоў з часу дакументальнага пацвярджэння існавання Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра (Слонімскі р-н, 1587 г.).

400 гадоў таму назад заснавана (1617) гімназія ў Слуцку , адна з найстарэйшых сярэдніх навучальных устаноў Беларусі.

300 гадоў таму назад (1717) заснавана Налібоцкая шкляная мануфактура (існавала па 1866 г.).

280 гадоў з часу заснавання Урэцкай шкляной мануфактуры (г.п. Урэчча, 1737-1846 гг.).

230 гадоў таму назад у в. Вялікае Мажэйкава (Шчучынскі р-н) закладзены парк, які стаў помнікам садова-паркавага мастацтва Беларусі.

120 гадоў таму назад пабудавана ў в. Войневічы (Дзятлаўскі р-н) Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў стылі беларускага народнага дойлідства.

110 гадоў таму назад (1907) створана першая беларуская тэатральная трупа Ігната Буйніцкага (існавала па 1913 г.).

80 гадоў з часу стварэння Беларускай дзяржаўнай філармоніі (Менск, 1937).


Мы маем адказнасць перад Богам за захаванне беларускай мовы

Настаяцель Свята-Пакроўскага сабора ў Гародні айцец Георгій Рой у размове з "Белсатам" мяркуе, што апошнім часам усё больш праваслаўных святароў і вернікаў звяртаюцца да культурнай і моўнай спадчыны.

Царкоўнаславянская ці беларуская?

- Канешне, вельмі балюча адбіваюцца на жыцці царквы тыя агульныя працэсы, якія перажывае нашае грамадства. Грамадзяне Беларусі ў сваёй большасці не вельмі цікавяцца беларускай мовай і беларускай культурай. Царкоўная грамада ж складаецца са звычайных людзей. Калі ў грамадскім жыцці час ад часу можна сустрэць нейкую падазронасць да беларускай культуры, то бывае і так, што такое стаўленне людзі з сабою прыносяць і ў царкву. Можа, дзесьці хтосьці лічыць, што беларускай мове не месца ў жыцці Царквы. Але большасць праваслаўных вернікаў ставяцца да беларускай мовы станоўча, хоць самі і не гавораць па-беларуску. Цяпер у жыцці нашай Царквы ёсць усе магчымасці ўжываць беларускую мову і ў пропаведзях, і ў набажэнствах, і ў публікацыях, і ў справаводстве. Але, на жаль, мы далёка не заўсёды выкарыстоўваем гэтую магчымасць. Мне падаецца, што мы недастаткова клапоцімся пра захаванне нашае культуры і мовы.

Напэўна, святары маглі б часцей паказваць прыклад шанавання беларускай культурнай спадчыны і ўжывання беларускай мовы вернікам нашых цэркваў. Але пакуль што гэта не так. Беларуская мова прысутнічае ў жыцці царквы, але значнай ролі ўсё-такі не мае. Іншыя хрысціянскія канфесіі ў гэтым кірунку робяць бадай што больш.

- А як святар павінен ставіцца да прысутнасці нацыянальнага ў царкве? Ці не ўзнікне канфлікту паміж, напрыклад, "сакральнай" мовай царквы і мовай нацыянальнай? Узгадайма біблейскі выраз: "Няма болей ні іудзея, ні эліна".

- У нашай царкве не існуе сакральных моваў. Кожная мова, на якой гавораць людзі, годная таго, каб на ёй звяртацца да Бога. Асабіста я практыкую служэнне беларускай літургіі. Кажу пропаведзі па-беларуску. І калі нехта кажа, што можа быць толькі адна "сакральная" мова, то гэта не адпавядае праваслаўнай традыцыі. Не адпавядае самой сутнасці менавіта той традыцыі, якую заклалі святыя Кірыл і Мяфодзій. Лічу, што царкоўнаславянская мова павінна быць асноўнай мовай набажэнства - гэта наша старажытная каштоўная спадчына. Але, пры гэтым, я выступаю і за тое, каб была магчымасць маліцца на той мове, на якой людзі хочуць маліцца. Хочуць царкоўнаславянскую - добра. Хочуць па-беларуску - будзем маліцца па-беларуску. Жадаюць маліцца па-расейску - і тут праблемы быць не павінна. Захочуць іншыя народы пачуць літургію на сваёй мове - і тут патрэбна быць заўсёды гатовымі.

Увогуле праваслаўная царква мае гэткі "ген кансерватызму". Мы кансерватары па сваёй сутнасці і іншымі быць не можам. Гэта дае шэраг перавагаў, але ўзнікаюць і некаторыя праблемы. У нас людзі вельмі насцярожана ставяцца да ўсяго новага. І калі казаць пра пашырэнне беларускай мовы ў жыцці праваслаўнай царквы, то непазбежна сутыкнешся з пытаннем: а навошта? Што мы, па-славянску не разумеем? Нам гэта "не прывычна". Сапраўды, хто практыкуе малітву, той разумее, што такое "прывычнае слова" ў малітве. Але ёсць нямала і тых асобаў, якія хочуць маліцца па-беларуску, якія хочуць чуць сваё роднае слова ў сваёй роднай царкве. Хай яны і не складаюць большасці, але мы, як хрысціяне, як браты і сёстры, павінны шанаваць духоўныя патрэбы кожнага чалавека. Акрамя таго, нельга забываць, што мову, зямлю, культуру народу дае Гасподзь. І мы маем адказнасць перад Богам, за захаванне той мовы, якую Ён нам даў.

- І ўсё ж такі, якія перспектывы Вы ўвогуле бачыце для беларускай мовы і культуры ў жыцці сучаснай беларускай царквы?

- Думаю, што арыял ужывання беларускай мовы ў жыцці нашай царквы будзе паступова пашырацца. Але ўсё гэта павінна адбывацца праз асабісты прыклад святароў, праз заахвочанасць неабыякавых да роднай мовы вернікаў і не павінна быць аніякага прымусу. Беларуская культура павінна прыходзіць у жыццё царквы спакваля. Заўсёды патрэбна спакойная дыскусія.

Беларуская мова і царква - ад XІІ да ХХІ ст.

- Айцец Георгій, калі коратка зазірнуць у мінулае, які ўнёсак зрабіла праваслаўная царква ў гісторыі для беларускай мовы і культуры?

- Мы павінны разумець, што само фармаванне беларусаў як народа пачыналася адначасова з прыходам сюды хрысціянства, якое прынесла пісьмовае слова. Феномен нашай гісторыі ў тым, што гэтае хрысціянскае слова пачало даваць буйныя парасткі ва ўсіх галінах жыцця нашага старажытнага беларускага грамадства. Узнікаюць гарадскія цэнтры - Полацк, Тураў, Менск, Гародня, Пінск і іншыя гарады. Паўсюль з'яўляецца кніга. Асабліва мы можам адзначыць Полацк, дзе жыла і працавала Ефрасіння Полацкая, якая перакладала кнігі, перапісвала іх. Там узнікае першы скрыпторый. Свяціцель Кірыла Тураўскі - гэта ўвогуле чалавек выключнага маштабу ў нашай гісторыі. Ён быў надзвычай адукаваным чалавекам для 12-га стагоддзя. Кірыл Тураўскі - выбітны багаслоў і філосаф. Першы на нашай зямлі. Роўных яму не было ва ўсёй тагачаснай Старажытнай Русі. Ні шмат хто і ў Еўропе мог параўнацца з ім у адукацыі і слове. Мы можам узгадваць цэлы шэраг імёнаў і іншых выбітных сыноў нашага народа. Менавіта яны закладаюць тую аснову, той падмурак, на якім будуецца нашая беларуская культура, наш беларускі народ.

Калі на поўдні і паўночным усходзе старажытнае Русі панавала татарскае іга, якое ў значнай ступені знішчыла старажытную культурную традыцыю і запаволіла яе развіццё, то менавіта беларуская зямля стала той глебай, дзе культура і пісьменства дало вельмі моцныя парасткі. У Вялікім Княстве Літоўскім інтэнсіўна развіваецца і дае надзвычай багаты плён унікальная кніжная культура, архітэктура, іканапіс. І ўсё гэта зараджаецца ў нетрах нашай праваслаўнай царквы. Што цікава, літаратура не была выключна рэлігійнай. Гэтая традыцыя адзначаецца жанравай разнастайнасцю: летапісы, жыццеапісанні, і апісанні падарожжаў, зборнікі біблейскіх афарызмаў і інш.

Нядаўна я прачытаў меркаванне адной вядомай даследчыцы, якая сцвярджала, што стан беларускай царквы да пачатку 16-га стагоддзя быў станам глыбокага інтэлектуальнага застою і нагадваў багну, што, нібыта, не было ў нас ніякай значнай інтэлектуальнай працы. Але гэта вялікі паклёп на наш народ, на нашу культуру і на нашу мову, таму што такой колькасці літаратуры, якая існавала на Беларусі, не было нідзе ў іншых усходнеславянскіх народаў. Можа Францыскава біблія была застоем? Ці нашае друкарства і пісьменства? Ці тая надзвычай багатая літаратура, якая буяла ў нас? Ці брацкія школы, у якіх атрымоўвалі выдатную адукацыю?

Налета мы будзем адзначаць значны юбілей, 500-годдзе Скарынаўскай бібліі. Мы павінны разумець, што гэтая біблія не ўзнікла знянацку, нібыта ўпала да нас з неба. Папярэдняя літаратурная традыцыя нашага народа - тая глеба, на якой вырас геній Скарыны.

Лаўрэнцій Зізаній - праваслаўны манах - выдаў першы буквар. Мяркую, што кожнаму зразумела, якую ролю выконвае буквар для народнай адукацыі. Узнікае палемічная літаратура, і ўсё, што пішацца, яно пішацца на нашай старажытнабеларускай мове. Старажытная беларуская мова выкарыстоўваецца як мова дзяржаўнага справаводства. Нават калі сёння чытаеш тыя старажытныя тэксты, то вельмі лёгка распазнаць, што мова тых тэкстаў вельмі блізкая да сучаснай. Мова таго пісьменства стала ўрадлівай глебай для ўзрастання сучаснай беларускай мовы.


Віншаванні ТБМ

Няхай мір і радасць гэтых святаў будзе з вамі сёння і ў Новым годзе!

Роберт Райлі, Павераны ў справах ЗША. Амбасада ЗША, Мінск.

Вясёлых Калядаў і шчаслівага Новага года! Амбасада Германіі, Мінск.

З Калядамі і Новым годам!

Д-р Марцінс Вірсіс, Амбасадар Латвіі.

Дарагія сябры!

Віншуем вас з Калядамі і Новым годам!

Мы разам ужо больш за чвэрць стагоддзя, і спадзяемся, што ў наступным годзе сувязь паміж намі яшчэ больш умацуецца!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".

Дарагія калегі!

Шчыра віншуем вас з надыходзячым Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам! У час, калі перад намі паўстае ўсё болей і болей выклікаў, няхай Божая любоў сагравае вас гэтымі снежаньскімі днямі! Жадаем вам радасных святаў і цёплага 2017 года!

Ваша любячая Беларуская асацыяцыя журналістаў :)


Лісты ў Дом Урада

Сп. У.П. Андрэйчанку,

Старшыні Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

220010, г. Мінск,

пл. Незалежнасці, Дом Ураду

Шаноўны Уладзімір Паўлавіч!

У ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаюцца грамадзяне Беларусі, асабліва бацькі тых дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску, з патрабаваннем, каб у нашай краіне быў прыняты Кодэкс аб адукацыі на беларускай мове.

Па гэтым пытанні мы звярнуліся ў Міністэрства адукацыі, якое ў сваім адказе параіла нам звярнуцца да Вас, што мы і робім.

Мы спадзяёмся, што камісія па адукацыі, культуры і навуцы, якую ўзначальвае прафесар І.А. Марзалюк, у стане падрыхтаваць адэкватную беларускамоўную версію такога заканадаўчага акта для прыняцця яго ў якасці паўнавартаснага юрыдычнага дакумента.

Мы не сумняемся, што гэтыя дзеянні Палаты прадстаўнікоў па пашырэнні беларускай мовы ў сферы адукацыі будуць цалкам адпавядаць наступнаму выказванню Кіраўніка нашай дзяржавы: "Мы - нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці - гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?"

Дадатак: на 2 ст.

З павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Сп. М.І. Русаму

Намесніку Старшыні

Савета Міністраў

Рэспублікі Беларусь

вул. Савецкая, 11

220010, Дом Урада, г. Мінск

Аб маркіроўцы беларускіх тавараў

Паважаны Міхаіл Іванавіч!

Вы адзначалі ў СМІ, што зараз у Расіі прадаюцца падробкі нашых тавараў з фальшывай маркіроўкай.

Каб зрабіць падробку нашых таварных брэндаў больш складанай, прапануем з 2017 г. абавязкова ўвесці ў нашу маркіроўку дзяржаўную беларускую мову, прычым яна павінна ўтрымлівацца ў асноўнай назве прадукта, якая пазначаецца вялікімі літарамі. Паколькі ў рускім алфавіце няма літар і, ў , а ў нашым адсутнічае літара щ , то падрабіць этыкетку, напісаную па-беларуску будзе цяжэй, а пакупнікі адразу зразумеюць, што тавар менавіта з Беларусі і будуць з ахвотай яго набываць.

Дарэчы, гэтыя дзеянні будуць цалкам адпавядаць наступнаму выказванню Кіраўніка нашай дзяржавы: "Мы - нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці - гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?"

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.


"МакДональдс" загучаў па-беларуску

Нядаўна ў сталiцы з'явiлiся новыя борды мiжнароднай сеткі рэстаранаў "МакДональдс" на беларускай мове.

Таксама i сайт mcdonalds.by атрымаў беларускамоўны iнтэрфейс.

"Калi мы кажам пра нешта добра знаёмае, роднае, пра тое, што нас цешыць i знаходзiць водгук у душы, мы гаворым: "Гэта мне блiзка". Нам блiзка шанаванне, сяброўства i любоў да сваёй сям'і, гонар за краiну i яе гiсторыю. Нам блізка дапамагаць тым, каму зараз цяжка, разам святкаваць перамогi, даражыць беларускай культурай i паважаць традыцыi, старанна працаваць i пачынаць ранак з сытнага сняданку." (Цытата з сайта marketing.by)

"Размаўляць на роднай мове - тое, што нам блiзка", - так сусветна вядомая кампанія абгрунтавала сваю пазіцыю.

Вельмі прыемна і нечакана была ўражана, калі ўбачыла абноўлены рэстаран хуткага харчавання "МакДональдс" на Лагойскім тракце.

На вокнах - беларускі арнамент, на дзвярах - надпіс: "Тое, што нам блізка", на столі - зорачкі з узорамі. Гучыць прыемная беларуская музыка, спявае J-mors. І галоўнае - у меню нашы дранікі!

Не паверыла сваім вушам і вачам. Але вось такі калядны цуд!

Наш кар.


Юбілей у коле сяброў і паплечнікаў

Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, ТБМ і сустаршыня па стварэнні БХД Павел Севярынец адзначыў 40-гадовы юбілей дабрачыннай вечарынай у хрысціянскім каледжы ў Менску.

Добра вядомы ў літаратурных колах сваімі кнігамі "Брату", "Пакаленне Маладога Фронту", "Нацыянальная ідэя", "Лісты з лесу", "Беларуская глыбіня", актуальнымі артыкуламі ў "Нашай Ніве" і шэрагу незалежных выданняў, Павел праявіў сябе яркім публіцыстам, удумлівым празаікам, прынцыповым і сумленным грамадскім дзеячам і палітыкам. Ён здолеў запаліць сотні сэрцаў маладзёнаў любоўю да роднай краіны, натхніць верай і асабістым прыкладам, выхаваць дзесяткі дыджэяў Адраджэння і цэлую кагорту маладафронтаўцаў, якія сталі супрацоўнікамі незалежных СМІ, турыстычнымі і музычнымі менеджарамі, выбітнымі палітыкамі, лідарамі моладзевых суполак.

Кніга Паўла "Люблю Беларусь" некалькі разоў перавыдавалася на Беларусі і была перакладзена на польскую, чэшскую і рускую мовы. Высокую адзнаку яго творам далі ў свой час паэт Генадзь Бураўкін, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч і іншыя. П. Севярынец з'яўляецца лаўрэатам літаратурнай прэміі імя А. Адамовіча і ў 2008 годзе быў узнагароджаны прэміяй "За свабоду думкі" ў Бычках.

Тым не менш, юбіляр у свой дзень народзінаў праявіў сціпласць і папрасіў устрымацца ад падарункаў, скіроўваючы сродкі на падтрымку хрысціянскага інфармацыйнага сайта www. крыніца.інфо. Павел прыцягнуў увагу да дзейнасці партала, які з'яўляецца ідэйным працягам газеты " Крыніца", што існавала ў 1917 годзе, і акумулюе навіны розных канфесій на Беларусі, з'ядноўвае валанцёраў у добрых справах. Сямейную рубрыку сайту "Крынічка" для беларускамоўных бацькоў вядзе жонка Паўла - Вольга. Рэдактарам сайту стаў бацька трох дзяцей Максім Гацак. Партал сфармаваўся як выраз дзейнасці супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў.

З днём народзінаў Паўла Севярынца павіншавалі Вячаслаў Сіўчык, Анатоль Астапенка, Міхаіл Пастухоў, Вольга Мікалайчык, Мікалай Аўтуховіч, Вольга Маёрава і іншыя палітыкі, літаратары, кінарэжысёры і грамадскія актывісты.

Уладзімір Някляеў адзначыў глыбокі змест тэкстаў, напісаных Паўлам Севярынцам у Купліне. Ён упэўнены, што кнігі Севярынца будуць з часам прачытаныя з больш грунтоўным пераасэнсаваннем. Паэт падзяліўся сваім новымі вершамі і павіншаваў грамаду з надыходзячым Новым годам.

У імпрэзе ўзялі ўдзел сябры Паўла Севярынца па "Маладым Фронце" - Аляксей Шэін, Зміцер Дашкевіч, Сяржук Лісічонак, Зміцер Хведарук. Выказваючы словы падтрымкі, сябры, якія разам прайшлі шмат выпрабаванняў, праявілі гумар і крэатыўнасць, аптымізм і бадзёрасць.

Валер Бычкоўскі і яго сястра вырабілі адмысловы торт да 40-годзя Паўла Севярынца. Жонка Вольга выказала мужу словы павагі і любові, і падаравала новы выпуск гістарычнага атласа.

- У 2017 будзе адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 100-годзе з моманту стварэння БХД, 20-годзе "Маладога Фронту", - сказаў Павел Севярынец. Мы плануем годна адзначыць гэтыя даты.

Павел і яго паплечнікі рыхтуюць да выдання кнігу "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", а таксама зборнік біяграфіяў "100 асобаў беларускай хрысціянскай дэмакра-тыі", якія выйдуць у 2017 годзе. Гурт "Laudans" на вечарыне выканаў пранікнёныя спевы для гасцей.

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Павел і Вольга Севярынцы з сям'ёй Максіма Гацака - рэдактара сайту крыніца.інфо; 2. Віншаванне ад сям' і Дашкевічаў; 3. Торт юбіляру ад сяброў.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы
(V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў


УВОДЗІНЫ

Гісторыя - гэта навука аб развіцці чалавечага грамадства, якая вывучае мінулае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці. У сувязі з гэтым гісторыя складаецца з сусветнай (усеагульнай) гісторыі і гісторыі асобных краін, а таксама асобных кантынентаў. У адпаведнасці з паступовым развіццём гістарычнага працэсу і агульнапрынятай перыядызацыяй гісторыя чалавецтва падзяляецца на гісторыю Першабытнага грамадства, гісторыю Старажытнага свету, гісторыю Сярэднявечча (Сярэдніх вякоў), Новую і Навейшую (Найноўшую) гісторыю.

Гістарычная навука мае сваё тэрміналагічнае кола, якое складаецца з канкрэтных вызначэнняў, з дапамогай якіх даецца апісанне гістарычных працэсаў. Адным з базавых вызначэнняў гісторыі з'яўляецца паняцце "цывілізацыя" . Гэты тэрмін прапанавалі французскія пісьменнікі ў другой палове XVIII ст. для абазначэння грамадства, або людской супольнасці, заснаванай на пачатках розуму і справядлівасці. Такое грамадства супрацьпастаўлялася "прыроднаму", прымітыўнаму, або неразвітому ці "варварскаму".

Сучасная гісторыя і філасофія распрацавалі некалькі розных вызначэнняў гэтага тэрміна. Гэта - зямная цывілізацыя, якая адрозніваецца ад магчымых незямных цывілізацый, або цывілізацыя як пэўная стадыя ў развіцці культуры чалавецтва. Сучасныя гісторыкі прапануюць такі тэрмін як "лакальная цывілізацыя" . Асноўнымі прыкметамі такой цывілізацыі з'яўляюцца наяўнасць дзяржавы, пісьмовасці, манументальнай архітэктуры, адзінай культурна-гістарычнай агульнасці, якая мае адноснае адзінства духоўнага (рэлігійнага), грамадска-палітычнага і гаспадарчага жыцця. Першыя лакальныя цывілізацыі ўзніклі ў Афрыцы і Азіі тады, калі мясцовае насельніцтва гэтых кантынентаў ва ўмовах спрыяльнага клімату пачало пераходзіць ад ручнога земляробства да ворыўнага, а таксама ад племяннога грамадства да пачатковых формаў дзяржаўнасці. Усяго разам вучоныя налічваюць больш за дваццаць цывілізацый, якія займалі і займаюць вялізныя культурныя рэгіёны з некалькімі, ці нават многімі, дзяржавамі.

Важную ролю ў стварэнні і развіцці розных цывілізацый адыгралі рэлігіі, асабліва сусветныя, такія як хрысціянства, іслам і некаторыя іншыя. Наша кніга прысвечана еўрапейскім цывілізацыям Сярэднявечча, якія або былі спадкаемцамі антычнай цывілізацыі, або склаліся менавіта ў гэтую гістарычную эпоху.

У сярэднявечнай Еўропе пытанне аб сэнсе гісторыі разглядалася праз прызму рэлігіі. Жыхары Еўропы, якія былі хрысціянскімі вернікамі, лічылі, што ходам гістарычнага працэсу кіруе Бог і ўсё залежыць толькі ад яго. У падмурку гэтай канцэпцыі ляжыць погляд на гісторыю хрысціянскага філосафа Аўрэлія Аўгусціна ( Блажэннага , 354-430), які лічыў, што людзі толькі выканаўцы Боскага плану. Змест гісторыі ён бачыў у набліжэнні чалавецтва да Царства Боскага, дзе для праведных існуе гармонія і несмяротнасць. У адзінага Бога, які ўсё вырашае, верылі і мусульмане, якія з'явіліся на поўдні Еўропы ў VIII ст.

Галіна гістарычнай навукі, якая вывучае гісторыю Сярэднявечча, прычым пераважна Еўропы, мае назву "медыявістыка" . Гэты тэрмін паходзіць ад двух лацінскіх слоў: "medius" (сярэдні) і "аеvum" (век, эпоха). Гісторыкі Cярэднявечча, якія пісалі хронікі, ці "гісторыі", пачыналі свае аповеды ад стварэння свету і даводзілі іх да апісання будучага Страшнага суда. Аднак ужо ў познім Сярэднявеччы з'яўляліся хронікі, прысвечаныя асобным значным падзеям, гісторыям асобных гарадоў або кароткіх гістарычных перыядаў.

Сам тэрмін "сярэднія вякі" прыдумалі ў ХV-ХVІ стст. італьянскія гуманісты, якія ўпершыню вылучылі гісторыю сярэдніх вякоў у асобны перыяд. Яны звярнулі ўвагу на сістэму феодаў і палітычную раздробленасць у гэтыя часы. Гісторыкі эпохі Асветніцтва ў XVIII ст. першымі сфармулявалі такое вызначэнне, як "феадалізм", - грамадскі лад, што панаваў у сярэднявечнай Еўропе. У XIX ст. французскія гісторыкі падзялілі сярэднявечнае грамадства на класы (станы) і апісвалі барацьбу гэтых груп людзей паміж сабою. У гэты час былі надрукаваныя і ўведзеныя ў шырокі навуковы ўжытак шматлікія першакрыніцы эпохі Сярэднявечча.

У XIX ст. склаліся нацыянальныя гістарычныя школы , якія разглядалі праблемы гісторыі Сярэднявечча ў адпаведнасці са сваімі нацыянальнымі поглядамі. Так, нямецкія гісторыкі бачылі ў германскіх плямёнах заснавальнікаў заходнееўрапейскай (каталіцкай) цывілізацыі. З імі спрачаліся французскія даследчыкі, якія бачылі ў фарміраванні тагачаснага еўрапейскага грамадства рымскія, антычныя карані.

У першай палове XIX ст. медыявістыка склалася як навука і ў Расійскай імперыі. Тут ішлі спрэчкі паміж "нарманістамі", якія лічылі, што ў аснове феадальнай Расіі ляжаць варажскія, "нарманскія" карані, і іх супернікамі, якія стварылі "панславізм" - ідэю аб'яднання ўсіх славян у межах Расійскай імперыі.

У Віленскім універсітэце ў канцы XVIII ст. была створана кафедра ўсеагульнай гісторыі, дзе перыяд Сярэднявечча выкладалі ў розныя часы Ёахім Лялевель, Тамаш Гусажэўскі і Ігнат Анацэвіч . Наш зямляк Францішак Папроцкі яшчэ ў 1756 г. выдаў гістарычную працу "Еўропа з найстаражытнейшых часоў", якая некалькі разоў перавыдавалася. Аляксандр Здановіч , выкладчык Віленскага шляхецкага інстытута, у сярэдзіне XIX ст. надрукаваў "Нарыс усеагульнай гісторыі", дзе таксама ішла гаворка пра эпоху Сярэднявечча. У XIX ст. у Германіі ўзнік марксізм , палітычная плынь, якая разглядала Сярэднявечча як час панавання феадалізму. Рухальнай сілай гісторыі марксісты лічылі класавую барацьбу паміж феадаламі і прыгоннымі сялянамі. Падмуркам феадалізму, на іх думку, была феадальная зямельная ўласнасць. У XX ст. у СССР і ў краінах "сацыялістычнага лагера" панаваў дыктат марксісцкага погляду на гісторыю. Вывучэнню паўстанняў сялян і гараджан надавалася асаблівая ўвага, бо гэта сведчыла пра "галоўны стрыжань гісторыі" - класавую барацьбу.

У Францыі навукоўцы Марк Блок і Люсьен Фэўр у 1929 г. пачалі выдаваць часопіс "Аналы", вакол якога склалася гістарычная школа "Аналаў". Прадстаўнікі гэтай школы пачалі вывучаць светапогляд чалавека адпаведнай эпохі, яго духоўны свет і ментальнасць, і асабліва побыт простага чалавека, прадстаўніка так званай "маўклівай большасці".

Для гісторыі Беларусі эпоха Сярэднявечча надзвычай важная. Так, у перыяд ранняга Сярэднявечча на гістарычную сцэну Еўропы выходзяць нашыя далёкія продкі-славяне, якія паступова засяляюць тэрыторыю сённяшняй Беларусі, дзе да іх прыходу жылі плямёны балтаў. Менавіта тут узнікаюць першыя ўсходнеславянскія дзяржаўныя ўтварэнні, спачатку княствы, а потым - у XII ст. - землі. Менавіта ў XII ст., дзякуючы візантыйскаму ўплыву (хрысціянства, пісьмовасць і манументальнае дойлідства), пачынае фармавацца сённяшні беларускі народ, які ў XIII ст. стварыў разам з суседнімі балцкімі плямёнамі адну з найбуйнейшых еўрапейскіх краін - Вялікае Княства Літоўскае, росквіт якога прыпадае на XV ст.

Сучасная медыявістыка падзяляе Сярэднявечча Еўропы на тры этапы:

VІ-ІХ стст. - ранняе Сярэднявечча.

X-XIII стст. - высокае Сярэднявечча.

ХІV-ХV стст. - позняе Сярэднявечча.

Беларускія гісторыкі на тэрыторыі нашай краіны таксама традыцыйна вылучаюць тры перыяды Сярэднявечча:

VI (VII) - IX стст. - перыяд дафеадальнага грамадства.

Х-ХІІІ стст. - час усталявання феадальных адносін.

ХІV-ХV стст. - час росквіту феадальных адносін у ВКЛ.

У гэтай кнізе сцісла і паслядоўна разглядаюцца асноўныя моманты гісторыі Еўропы на ўсёй яе тэрыторыі, прычым значная ўвага накіраваная менавіта на Беларусь як складовую частку еўрапейскай цывілізацыі. У канцы кожнай тэмы раскрываюцца асноўныя тэрміны, выкладаецца храналогія падзей. Кнігай могуць карыстацца ўсе, хто цікавіцца еўрапейскай медыявістыкай.

Аўтар выказвае сваю падзяку Алене Анісім за спрыянне ў падрыхтоўцы рукапісу кнігі.


ЧАСТКА I.
ЕЎРОПА Ў РАННІМ СЯРЭДНЯВЕЧЧЫ (V-ІХ стст.)

РАЗДЗЕЛ I.
НАРОДЫ ЗАХОДНЯЙ I ПАЎНОЧНАЙ ЕЎРОПЫ. РОЛЯ ЗАХОДНЯЙ ЦАРКВЫ

1. Заходняя Еўропа ў V-VІІІ стст.

2. Дзяржава франкаў. Імперыя Карла Вялікага.

3. Заходняе хрысціянства.

4. Народы Скандынавіі ў VІІ-ІХ стст.

5. Плямёны балтаў і фіна-уграў.

6. Яўрэі (габрэі) і іх рассяленне ў Еўропе.

7. Складванне феадальных адносін.

1. Заходняя Еўропа ў V-VІІІ стст.

Канец адзінай Рымскай імперыі. Рымская імперыя пасля заваявання кельцкіх плямёнаў у Галіі выйшла на мяжу са шматлікімі германскімі плямёнамі, што насялялі Паўночную і частку Цэнтральнай Еўропы. Доўгі час абарончыя ўмацаванні рымлян, размешчаныя на берагах Рэйна і Дуная, стрымлівалі набегі германцаў. Аднак у IV - пачатку V ст. германскія плямёны рассяліліся на большай частцы тэрыторыі Заходняй Рымскай імперыі. Яны прызнавалі ўладу рымскіх імператараў, неслі вайсковую службу і абаранялі імперыю ад нападаў іншых плямёнаў. Пры гэтым германскія плямёны нярэдка ваявалі і паміж сабою. Жылі германцы паводле правілаў "ваеннай дэмакратыі", калі большасць важных пытанняў жыцця племені вырашалі на сваіх сходах узброеныя ваяры. Паступова ўзнікла праслойка багатых германцаў, з асяроддзя якіх абіраліся правадыры плямёнаў. Тыя, у сваю чаргу, пазней ператвараліся ў незалежных кіраўнікоў-каралёў, якія стваралі свае незалежныя дзяржавы, так званыя "варварскія каралеўствы". Заняўшы значныя тэрыторыі Заходняй Рымскай імперыі, германскія плямёны фактычна прывялі іх да заняпаду. Большасць гарадоў, у тым ліку Рым, былі разбураныя, а іх насельніцтва значна скарацілася. Заваёўнікі разбуралі храмы-святыні, палацы і тэатры, знішчалі скульптуры ды іншыя творы антычнага мастацтва. Найбольш актыўна гэтым займалася германскае племя вандалаў, найперш пры захопе імі Рыма. Прычым рабілі вандалы гэта з нейкай асаблівай асалодай і таму ўвайшлі ў гісторыю як актыўныя разбуральнікі аб'ектаў культуры і мастацтва. Цяпер "вандаламі" называюць людзей, якія свядома разбураюць або знішчаюць гістарычныя ці культурныя помнікі, творы мастацтва. Аднак простыя германцы, якія трапілі на ўраджайныя землі Рымскай імперыі, пачалі актыўна займацца сельскай гаспадаркай, у першую чаргу земляробствам ці жывёлагадоўляй. Кожная сям'я мела свой уласны надзел ворнай зямлі, які самі апрацоўвалі. Лясамі, рэкамі, азёрамі і лугамі карысталіся супольна ўсе жыхары германскай вёскі. Заможныя германцы пачалі выкарыстоўваць дзеля свайго дабрабыту захопленых мясцовых жыхароў імперыі, асабліва былых нявольнікаў і калонаў. Кожны з іх атрымаў у карыстанне асобны ўчастак зямлі. За гэта ён аддаваў новаму гаспадару пэўную долю сабранага ўраджаю.

Новых гаспадароў было няшмат. Яны складалі толькі каля 5 % ад усіх жыхароў заваяваных імі тэрыторый. Склалася новая сістэма агульнага пражывання. Рымляне жылі паводле сваіх старых законаў, а германцы - па звычаях сваіх плямёнаў. Падаткі ўладам плацілі толькі рымляне, а вось у войску служылі толькі германцы. Рымляне ў асноўным былі хрысціянамі, а германцы - язычнікамі (паганцамі), і таму правадыры плямёнаў пачалі масава прымаць розныя формы хрысціянства і пераводзіць у новую рэлігію сваіх супляменнікаў. Пасля пераходу новых гаспадароў у хрысціянства розніца паміж германцамі і рымлянамі пачала знікаць. Забарона ўступаць у шлюбы паміж рымлянамі і германцамі была паступова скасаваная. Германцы пачалі плаціць падаткі, а рымляне - служыць у войску. У выніку гэтага мясцовае рымскае насельніцтва асімілявала шматлікія германскія плямёны, і ў Еўропе ўзніклі новыя народы з агульнай мовай, рэлігіяй, культурай і ўладай.

Дзяржава Адаакра. У жніўні 476 г. правадыр германскіх плямёнаў, што жылі ў паўночнай Італіі, Адаакр падняў паўстанне і скінуў з трона апошняга імператара Ромула Аўгустула . Узнікла дзяржава Адаакра.

Мясцовы рымскі Сенат прызнаў уладу Адаакра, і з гэтым пагадзіўся імператар Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі) Зянон . Ён прызначыў Адаакра сваім прадстаўніком на Захадзе і надаў яму годнасць патрыцыя. Новая дзяржава фармальна прызнавала ўладу Візантыі, але праводзіла незалежную ўнутраную палітыку.

Германцы атрымалі 1/3 частку ўсіх земляў, а кароль забраў сабе землі, якімі непасрэдна валодаў рымскі імператар. Галоўнай працоўнай сілай засталіся рабы і калоны, а рымскі Сенат працягваў выконваць свае функцыі. Рымляне таксама служылі ў войску і ўваходзілі ў склад дзяржаўнай рады пры каралі. Адаакр заключыў пагадненне з каралеўствам вандалаў, якія засялілі паўночную Афрыку, і ўмацаваў паўночныя межы каралеўства, а таксама надаў свайму сыну тытул цэзара. У адпаведнасці з рымскімі законамі цэзар мог з цягам часу стаць аўгустам (імператарам). Гэта вельмі не спадабалася Візантыі, і яна вырашыла знішчыць дзяржаву Адаакра рукамі моцнага германскага племені готаў. У пачатку н. э. готы жылі на поўначы Еўропы, у Скандынавіі, але потым пачалі рухацца на поўдзень і нават некалькі стагоддзяў жылі часткова і на тэрыторыі Беларусі (некаторыя раёны Брэсцкай вобласці). Пазней яны захапілі частку Крыма і выйшлі на мяжу з Візантыяй. У ІV-V стст. готы падзяліліся на дзве вялікія групы: заходніх і ўсходніх готаў.

Правадыр остготаў (усходніх готаў) Тэадорых пачаў пагражаць сталіцы Візантыі - Канстанцінопалю. Але візантыйцы здолелі з ім дамовіцца і накіраваць войска ост-готаў на захоп Італіі. У 490 г. пачалася вайна остготаў з Адаакрам, падчас якой войска апошняга было разбіта, а сам ён, пасля таго як здаў Тэадорыху сваю сталіцу Равену, быў вераломна забіты ў 493 г.

Остгоцкае каралеўства. Тэадорых, які пазней атрымаў імя Тэадорых Вялікі (493-526), стаў першым каралём новай дзяржавы. Яго ўладу ў Італіі прызнаў імператар Візантыі Зянон, а потым яго наступнік - Юстыніян . Тэадорых праводзіў актыўную знешнюю палітыку. У выніку працяглай вайны ён падпарадкаваў сабе вестготаў (заходніх готаў) і пасля 511 г. на працягу 15 гадоў фактычна ўладарыў у гэтым каралеўстве на Пірэнейскім паўвостраве.

Пасля рассялення ў паўночнай Італіі готы атрымалі 1/3 частку ўсіх земляў, у першую чаргу тых, якімі ўжо валодалі германцы Адаакра. Узнікла шмат дробных землеўладанняў, вольных сялян-абшчыннікаў, якіх падтрымлівала каралеўская ўлада. Тэадорых запрасіў з Паўночнай Афрыкі інжынераў-меліяратараў, якія ўвялі ў гаспадарчае абарачэнне шмат забалочанай зямлі. Італія цалкам забяспечыла сябе харчаваннем і нават пачала прадаваць збожжа за мяжу. Актыўна будаваліся гарадскія ўмацаванні, масты, дарогі, водаправоды ў Рыме і Равене. Непадалёк ад Равены быў пабудаваны маўзалей Тэадорыха, узор дараманскага мастацтва, які захаваўся да нашага часу.

Гэты маўзалей збудаваны з вапняку і мае два дзесяцігранныя ярусы (паверхі), накрытыя дзесяціметровым купалам, зробленым з суцэльнага 300-тоннага каменя. Паколькі магчымасці падняць гэтую цяжкую пліту ў готаў не было, яны засыпалі маўзалей зямлёю па самы верх, потым зацягнулі купал на верх будынка, а зямлю выдалілі. На верхнім ярусе знаходзіцца саркафаг Тэадорыха, зроблены з парфірнага каменю. Унутранае памяшканне яруса пабудавана ў форме крыжа. Святло трапляе ўнутр праз шэсць невялікіх вокнаў, размешчаных па перыметры.

Актыўна развіваліся гандаль і рамёствы. Дзейнічалі дзяржаўныя манетныя двары, быў створаны вялікі марскі флот. Прававая сістэма каралеўства грунтавалася на выдадзеным каля 500 г. "Эдыкце Тэадорыха", зборніку законаў са 155 артыкулаў. Каралеўская рада складалася з прадстаўнікоў гоцкай знаці і рымскай арыстакратыі, і дзейнічаў Сенат Рыма. Узніклі гоцкія магнаты, якія мелі дружыну з двух-трох тысяч ваяроў, і таму каралеўская ўлада страціла былую моц. Пасля смерці Тэадорыха ў 526 г., каралём абралі яго малалетняга ўнука Атапарыха (526-534), але краінай практычна кіравала яго дачка, маці маладога караля Амаласунта . Каралева пачала патаемныя перамовы з Візантыяй, каб атрымаць адтуль падтрымку. У гэты час памірае яе сын, і да ўлады прыходзіць яе стрыечны брат Тэадахад , які ў выніку і арганізаваў забойства былой каралевы.

У 534 г. войскі Візантыі пачалі вайну з остготамі. У 536 г. яны захапілі Рым, а ў 540 г. - Равену. Готы яшчэ доўга супраціўляліся на поўначы Італіі, але ў 553 г. былі канчаткова разбітыя, і іх дзяржава спыніла сваё існаванне.

Каралеўства лангабардаў. Лангабарды прыйшлі ў Італію з Дуная ў 568 г. і пачалі заваяванне Апенінскага паўвострава. Яны захапілі частку Усходняй Галіі, а таксама Паўночную і Сярэднюю Італію. Узнікла каралеўства лангабардаў. Новыя заваёўнікі вельмі жорстка ставіліся да мясцовага рымскага насельніцтва і рассяляліся кроўнародавымі грамадамі (фарамі), якія паступова пераўтвараліся ў суседскія абшчыны. Рымскія землеўласнікі або гвалтоўна зганяліся са сваёй зямлі, або плацілі заваёўнікам 1/3 частку ўсіх сваіх прыбыткаў.

У лангабардаў існавала двайная сістэма ўлады - каралеўская і герцагская (улада мясцовых магнатаў). У VIII ст. герцагі зрабіліся кіраўнікамі адміністрацыйных акруг і разам з каралеўскімі чыноўнікамі склалі пласт вышэйшых службовых асоб. У сярэдзіне VIII ст. была праведзена вайсковая рэформа, у выніку якой маламаёмныя сяляне вызваляліся ад вайсковай службы, больш багатыя служылі ў пяхоце, самыя заможныя - у кавалерыі. Аднак у 774 г. каралеўства лангабардаў, апошняе варварскае каралеўства ў Еўропе, заваявалі франкі.

Каралеўства свеваў узнікла ў сярэдзіне - другой палове V ст. на тэрыторыі Пірэнейскага паўвострава, займала тэрыторыі сучаснай Галісіі і паўночную частку Лузітаніі. Мясцовае іспана-рымскае насельніцтва жыло па сваіх рымскіх законах, і два народы існавалі на адной тэрыторыі паралельна.

У 468 г. на тэрыторыю Пірэнеяў прыйшло войска вестготаў, якія за некалькі гадоў захапілі амаль увесь паўвостраў і частку Галіі. Так пачало сваё існаванне Каралеўства вестготаў . Заваёўнікі ў 506 г. прынялі спецыяльны звод законаў, "Брэвіярый Аларыха" .

Была захавана прыватная ўласнасць на зямлю, падзел людзей на вольных і нявольнікаў, пэўныя прывілеі для мясцовых сенатараў і муніцыпальны лад гарадоў.

У пачатку VI ст. пачаліся войны з франкамі. У 507 г. франкі захапілі землі вест-готаў у Галіі. Але ў 532 г. вест-готы разбілі франкаў пад Сарагосай і захавалі сваю незалежнасць. У 585 г. яны захапілі Каралеўства свеваў, выйгралі вайну з Візантыяй і занялі ўвесь Пірэнейскі паўвостраў. Паступова былі адменены забароны на шлюбы германцаў і іспанарымлян, і ў краіне перамагла Заходняя царква. Біскупы гэтай царквы сталі складовай часткай дзяржаўнага апарату, пачаўся пераслед яўрэяў. Германцы пачалі плаціць падаткі, а іспана-рымляне - служыць у войску.

У 677 г. пачаліся войны з арабамі, якія да 714 г. заваявалі амаль увесь Пірэнейскі паўвостраў. Рэшткі вестготаў замацаваліся толькі ў гарах на поўначы Пірэнеяў. У 718 г. яны здолелі разбіць арабскі атрад і захавалі незалежнасць. З гэтага часу пачалася Рэканкіста, якая скончылася перамогай хрысціян над мусульманамі ў 1492 г.

Германскія дзяржавы Брытаніі . У пачатку V ст. рымскія войскі пакінулі Брытанію, і мясцовае кельцкае насельніцтва непасрэдна сутыкнулася з варварамі. Кельты звярнуліся па дапамогу да германскіх плямёнаў англаў, саксаў і ютаў. Германскія плямёны, якія паступова рассяліліся на тэрыторыі сучаснай Англіі, стварылі шмат дробных каралеўстваў, якія часам называюць "племяннымі каралеўствамі". У VII ст. існавала сем германскіх каралеўстваў. Тры з іх стварылі англы ў цэнтральнай і паўночна-ўсходняй Англіі, тры - саксы на поўдні вострава, а юты мелі каралеўства Кент на паўднёвым усходзе Брытаніі. Кельты (сённяшнія валійцы) стварылі сваю дзяржаву - Уэльс. Існавалі дзяржаўныя ўтварэнні і на тэрыторыі сённяшняй Шатландыі і Ірландыі, дзе жылі таксама кельты. Менавіта ірландцы сталі першымі хрысціянамі на поўначы Еўропы, і іх місіянеры прынеслі хрысціянства заходняга абраду ў германскія каралеўствы на Брытанскіх астравах. Да канца VII ст. хрысціянства стала пануючай рэлігіяй ва ўсіх англасаксонскіх дзяржавах, і іх каралі замацавалі гэта ў сваіх законах.

(Працяг у наст. нумары.)


Магілёўская школа дойлідства з Алегам Трусавым

19 снежня 2016 г. у абласной бібліятэцы г. Магілёва адбылася творчая сустрэча з гісторыкам Алегам Трусавым.

Магілёўскае ТБМ імя Ф. Скарыны запрасіла спадара Алега з нагоды 380-годдзя з часу пабудовы Богаяўленскай царквы - першай мураванай праваслаўнай царквы у нашым горадзе, пабудаванай у стылі магілёўскай школы дойлідства. Агульнавядома, што ў часы ВКЛ 16 - пачатку 18 ст. Магілёў быў самым заможным горадам на тэрыторыі Беларусі, і ў гэты час склалася свая адметная магілёўская школа дойлідства, школа гравюры і школа абразапісання. І лепшага спецыяліста па дадзенай тэме магілёўцам цяжка знайсці, чым Алег Трусаў, які да таго ж наш зямляк родам з горада Мсціслава.

Выступовец каротка прасачыў эвалюцыю развіцця мураванага дойлідства ў Еўропе і Беларусі. Засяродзіў сваю ўвагу на асаблівасці эканамічнага і культурніцкага развіцця Магілёва ў часы ВКЛ. У 1936 годзе была пабудавана першая праваслаўная царква ў горадзе на Дняпры, якая стала прататыпам і іншых культавых будынкаў нашага рэгіёна. Спадар Алег таксама ўзгадаў савецкія часы, калі яму як археолагу прыйшлося даследаваць падмуркі ратушы і гістарычнага цэнтра горада.

Шматлікія пытанні прысутных яшчэ раз яскрава падкрэслілі той факт, што магілёўцы цікавяцца гісторыяй свайго краю. Размова нязмушана працягнулася пасля імпрэзы, дзе ўсе ахвотныя здолелі паразмаўляць з вядомым гісторыкам і ўзяць аўтограф у вернага слугі Кліо.

Тэма гісторыі нашага горада Магілёва невычэрпная і заўсёды актуальная. Таму на наступны 2017 г. запланаваны шэраг сустрэч з цікавымі гісторыкамі і літаратарамі. Вялікі дзякуй Алегу Трусаву і супрацоўнікам абласной бібліятэкі за выдатную магчымасць яшчэ раз адкрыць для сябе таямніцы часу.

Алег Дзьячкоў. Фота: 1. Багаяўленская царква ў Магілёве. Знесена ў 1950-гг. 2. Алег Трусаў выступае ў абласной бібліятэцы.


"Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!.."

24 снежня ў бібліятэцы імя Янкі Купалы была праведзена творчая сустрэча з філолагам і пісьменнікам Віталём Еўмяньковым. ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва запрасіла даследчыка з нагоды юбілею паэта Тамаша Зана (21 снежня 2016 г. - 220 год з дня народзінаў) і дня народзінаў выбітнага беларуска-польскага паэта Адама Міцкевіча.

Спадар Віталь цікава і змястоўна распавёў пра жыццёвы і творчы шлях Міцкевіча, ураджэнца Наваградчыны. Пра яго творчасць, каханне і сяброў удзельнікі мерапрыемства пачулі мноства цікавых вядомых і малавядомых фактаў. Мы яшчэ раз пераканаліся, што кожны з паплечнікаў паэта варты асобнай імпрэзы, і пра іх ужо напісаныя шматлікая мастацкія і навуковыя творы. Асобнае месца ў гэтым шэрагу адведзена Тамашу Зану, пра якога, на вялікі жаль, магілёўцы ведаюць надзвычай мала.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі адпаведную выставу па творчасці паэтаў тае пары.

Зараз пачынаюцца Каляды, і варта пачытаць захапляльны твор Адама Міцкевіча - яго таямнічыя "Дзяды".

Алег Дзьячкоў. Фота Алеся Сабалеўскага.


Песні Коэна загучалі па-беларуску

Не так даўно адышоўшы ў лепшы свет канадскі спявак Леанард Коэн здабыў сусветную вядомасць, як паэт і музыкант, якога па словах сёлетняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Боба Дылана, не было і больш не будзе.

У Беларусі добра ведаюць гэтага сонграйтара і яго смерць выклікала не толькі шкадаванні і спачуванні, але і новую хвалю цікаўнасці. Сведчаннем гэтаму стаў канцэрт-прысвячэнне "Заўсёды твой, Коэн", які прайшоў у Беларускім Прэс-клубе.

Ініцыятарам гэтай музычна-паэтычнай вечарыны сталі вядомы паэт і перакладчык, у тым ліку і "спяванай паэзіі" Леанарда Коэна, Андрэй Хадановіч і музыканты гурта TonqiXod Уладзь Лянкевіч (гітара, спеў), Максім Субач (клавішныя, спеў) і Андрэй Аляксеенка (кахон). Менавіта гэтай творчая суполка з дапамогай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі" вызначыла асноўную танальнасць канцэрту-трыб'юту - лірычны расповед пра жыццё і творчасць спевака, а таксама ажыццяўленне музычнага падарожжа па яго дыскаграфіі і кампазіцыях з альбомаў розных гадоў, пераствораных па-беларуску Андрэем Хадановічам.

Таму паэт і музыканты распачалі сваю беларускамоўную музычную анталогію твораў Л. Коэна адной, як адзначыў Хадановіч, з ранніх кампазіцый выканаўцы - I Can't Forget, якая ў беларускамоўнай займела назву "Я помню ўсё". Далей музыканты прапанавалі слухачам некалькі твораў канадскага выканаўцы, якія адлюстроўваюць яго філасофскі погляд (нагадаю, што Леанард Коэн сем гадоў правеў у дзэн-будзійскім кляштары, як манах пад імем Jikhan,) на жыццёвыя і сацыяльныя з'явы: "Ідзе вайна", "Чэлсі Гатэль", "Закон".

Перад выкананнем па-беларуску бадай самага вядомага ў свеце хіта Коэна "Алілюя", Андрэй Хадановіч адзначыў:

- Пра знакаміты гімн Hallelujah Ленанард Коэн заўсёды казаў, што песня свецкая, а не рэлігійная, што для яго, як аўтара, гэтая песня і мелодыя - метафара таго пачуцця, калі чалавек выходзіць са свайго штодзённага стану, калі яго жыццё асвятляе каханне, натхненне ці прыгажосць прыроды.

Усе выкананыя на канцэрце ў Беларускім Прэс-цэнтры кампазіцыі маюць сваю адметную гісторыю, пра якую з шчырым захапленнем і гістарычнымі нюансамі і анекдотамі (асабліва пра эпічную сустрэчу Л. Коэна і Б. Дылана ў парыжскай кавярні) распавядаў паміж песнямі Андрэй Хадановіч.

Пісьменнік і аўтар-выканавец Міхаіл Валодзін, які, па яго словах, "першым пазнаёміў Менск з Коэнам", калі з-за мяжы ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прывёз у Беларусь усяго толькі фота і звесткі пра гэтага спевака. Яго зацікаўленне Коэнам працягнулася пасля, калі пачаў выконваць свае кампазіцыі пад уплывам вобразаў канадскага выканаўцы. Сярод іх былі выкананы "Вежа слоў", "Венскі вальс". Праўда, гэты вальс не той, што ў Коэна, а свойскі…

Міхаіл Валодзін выказаў сваё меркаванне, што прадзед спевака рэб Лэйзер быў выкладчыкам у Валожынскае іешыве, а маці родам з-пад Коўні. Гэты факт, па прызнанні М. Валодзіна, даў падставу для роздуму, а потым для стварэння настальгічнай кампазіцыі "Мястэчка" - своеасаблівай паэтычнай лакацыі месца, адкуль пачыналіся вытокі паэтыкі Леанарда Коэна.

Эстафету "коэнаўскай" вечарыны падхапіў малады блюзмэн і аўтар-выканаўца Юрась Ускоў, які на мове арыгіналу выканаў кампазіцыі Famous blue raincoat ("Знакаміты сіні плашч"), There is a War ("Ідзе вайна") і інш.

Завершыць музычную вечарыну, прысвечаную Леанарду Коэну, давялося зноў жа паэту, перакладчыку і выканаўцу Андрэю Хадановічу і музыкантам гурта TonqiXod. Цяпер яны прапанавалі слухачам больш вядомыя песні Коэна ў больш экспрэсіўнай манеры выканання: Everybody Knows ("Кожнаму відно"), The Future ("Будучыня"), I'm Your Man ("Я ўвесь твой") , Dance Me to the End of Love ("Танчы да канца кахання") і кампазіцыі а таксама чытанне яго вершаў у перакладах Андрэя Хадановіча і Вальжыны Морт.

Слухачы, якія прышлі ў гэты вечар у Беларускі Прэс цэнтр, адчулі магію паэзіі Коэна, бо ўслухоўваючыся ў кожнае слова, сказ і рыфму, узнагароджвалі выканаўцаў шчырымі апладысментамі і воклічамі "брава!". Гэтыя і іншыя мелодыі нагадалі слухачам, пра вялікія магчымасці беларускай мовы, якія дазваляюць перакладчыку і выканаўцам перадаць надзвычай тонкія метафары і пачуцці самых таленавітых і сусветна вядомых аўтараў "паэзіі спяванай".

Беларусы з удзячнасцю адзначылі, што на канцэрце, прысвечаным творчасці Леанарда Кроэна, у гэты дзень прысутнічаў і амбасадар Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг з жонкай.

Анатоль Мяльгуй.


У тваёй далоні воля...

Часопіс " Беларус " № 10

С ёння мы маем ужо дзясяты, юбілейны, выпуск літаратурнага альманаха беларускіх пісьменнікаў замежжа "Беларус". Вартасць выдатнай задумы ў яе трываласці, здольнасці захапіць вялікае кола людзей. Пацвярджэннем гэтай высновы і ёсць альманах "Беларус". Сучасны беларускі свет вельмі дынамічны. Можна прывесці шматлікія прыклады, калі пісьменнік, што ўжо ўзьняты на вяршыню вядомасці, ці толькі пачатковец, акрылены творчай перспектывай, нечакана для многіх пакідае Радзіму. У большасці выпадкаў - гэта свядомыя рашэнні, і кожны, хто ад'язджае, мае сваю вельмі асабістую гісторыю. Але, змяняючы краіну пражывання, сапраўды творчая асоба ніколі не пазбавіцца свайго натхнення. Паэт гэтак жа будзе ўглядацца ў зорнае неба, захапляцца прыгажосцю краявідаў і бясконца сумаваць па родным краі, выяўляючы гэтае захапленне і гэты сум у сваіх творах.

А самыя загадкавыя - у бальшыні зусім маладыя людзі, якія нарадзіліся далёка ад Беларусі ці трапілі за яе межы ў дзіцячым-падлеткавым узросце, але, падобна Максіму Багдановічу, поклічам беларускай крыві прысягнулі беларускаму слову. Многім шчасціць на ўвагу выдаўцоў і рэдактараў: выходзяць добрымі накладамі кнігі, а на старонках пэрыёдыкі публікуюцца творы. Але ўсё ж не выключаецца пагроза згубіцца творчаму голасу ў шматгалоссі далёкага свету, быць страчаным, непачутым. Сабраць раскіданае, даць магчымасць беларускаму пісьменніку выказацца, грамадзянінам якой бы краіны, блізкай ці далёкай, ён ні быў, данесці яго слова да ягонага чытача, а значыць, не згубіцца, не змаўчаць пра беларускую прысутнасць у свеце - вось гэта і ёсць галоўныя намеры "Беларуса". Яны вельмі своечасовыя і глыбока нацыянальныя. Іх своечасовасць абгрунтавана сённяшнім сацыяльна-палітычным станам рэчаў у свеце, якія моцна ўплываюць на лёс беларускай мовы, беларускай культуры, суверэнітэт Беларусі. Менавіта найперш пра гэта з болем і надзеяй адгукаецца кожнай старонкай літаратурны альманах "Беларус".

Альманах ёсць кніга, якая аб'ядноўвае грамадзян розных краін і розных пакаленняў, што засяваюць шчодрую ніву беларускай літаратуры. А праз кнігу - праз гэты найвялікшы здабытак чалавецтва - адно пакаленне падае руку наступнаму, яна вядзе нас па няпростых шляхах мінулага, дазваляе браць ад яго ўрокі і адчуваць цвёрды грунт, здзяйсняючы справы вялікія, а нават і мізэрныя. Кніга навучае, спачувае, лекуе, трымае за руку ў рызыкоўным падарожжы, не дае чалавеку ўпасці ў адчай, калі, здавалася, ужо ніякі сродак не дапаможа. Нястрымнай сілай і прасьветленым духам кнігі ёсць Слова. Слова было і застанецца найперш. А роднае Слова, што ёсць сінонімам роднае Мовы, Божы дар народу, яго запаветная канстытуцыя, якая ахоўвае ягонае права на нацыянальную ідэнтычнасць, засланяе ад знікнення і знішчэння.

У кніжным свеце літаратурны альманах "Беларус" мае свой адметны голас: ад памяці пра свае карані, ад любові да зямлі, якая ўзгадавала, ад чароўнай мелодыі роднага слова. А на пажаданні прыдаюцца радкі зь вершу выдатнай беларускай паэткі з Украіны Іны Снарскай:

У тваёй далоні - воля,

Поле белае буслоў...

Пастарайся проста выжыць, Даляцець дамоў.

Ганна Запартыка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX