НАША СЛОВА № 3 (1310), 18 студзеня 2017 г.
Айчына ад Рагнеды да Касцюшкі
Пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак Павел Татарнікаў скончылі працу над кнігай "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі".
Як расказаў TUT.BY бізнесмен Павел Бераговіч, які выступіў фундатарам выдання, Павел Татарнікаў працаваў над кнігай шэсць гадоў, Уладзімір Арлоў - чатыры. Калі параўноўваць з іншымі кнігамі Арлова, то можна сказаць, што гэта "Краіна Беларусь" для дзяцей і падлеткаў.
- Мяркую, кніга такога мастацкага ўзроўню - сярод унікальных ў свеце, не гаворачы пра Беларусь, - кажа Бераговіч. Кніга выходзіць у дзвюх частках і ахоплівае гісторыю нашай краіны ад з'яўлення на ёй старажытнага чалавека да аднаўлення беларускай незалежнасці на пачатку 1990-х гадоў. Першая кніга заканчваецца паўстаннем Тадэвуша Касцюшкі 1794 года, пасля паражэння якога Беларусь была ўключана ў склад Расійскай імперыі. Як паведаміў Бераговіч, зараз ідзе праца над другой часткай.
Кніга мае вялікі фармат (21,8 на 29 см), 223 старонкі, цвёрдую вокладку. Пакуль яе можна замовіць праз блог журналіста Глеба Лабадзенкі. Кошт адной кнігі складзе 45 рублёў (пры самавывазе ў Менску), 50 рублёў (з паштовай дастаўкай па Беларусі). У выпадку замовы падпісчыкі атрымаюць кнігу ўжо да канца студзеня. Як паведаміў Бераговіч, магчыма, у гэты час кніга з'явіцца ў кнігарнях, але хутчэй за ўсё будзе там каштаваць даражэй.
Дзяніс Марціновіч, TUT.by.
На шляху да Нацыянальнага ўніверсітэта
12 студзеня 2017 г. у сядзібе ТБМ адбылося чарговае паседжанне аргкамітэта па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання.
Падчас паседжання была абмеркавана канцэпцыя ўніверсітэта, распрацаваная цягам папярэдніх сустрэч, а таксама план далейшай дзейнасці.
Удзельнікі яшчэ раз засяродзілі сваю ўвагу на тым, што беларуская мова выкладання з'яўляецца найгалоўнейшым фактарам для паўнавартаснага функцыянавання заяўленага ўніверсітэта.
У паседжанні ўпершыню ўдзельнічала кіраўніцтва Інстытута матэматыкі і кібернетыкі, у якім вядзецца навучанне праграмаванню на беларускай мове. Досвед працы гэтай установы як варыянт практычнага ўвасаблення канцэпцыі Нацыянальнага ўніверсітэта выклікаў зацікаўленую размову і дыскусію.
Наступнае паседжанне аргкамітэта запланавана на 9 лютага на 17.30 у ТБМ. Падчас гэтага паседжання будзе абмеркавана магчымасць рэгістрацыі юрыдычнай асобы ў Беларусі для таго, каб ідэя Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання пачала ўвасабляцца практычна.
Наш кар.
Да ведама сяброў Рады ТБМ
Паважаныя сябры Рады ТБМ!
У адпаведнасці з рашэннем Сакратарыяту ТБМ чарговае паседжанне Рады адбудзецца 22 студзеня 2017 г. у сядзібе ТБМ.
Пачатак паседжання - 11.30.
Пачатак рэгістрацыі - 10.00.
Парадак дня Рады ТБМ
22 студзеня 2017 года:
1. Справаздача аб дзейнасці ТБМ за 2016 год.
2. Зацвярджэнне Плану дзейнасці ТБМ на 2017 год.
3. Вызначэнне даты чарговага з'езду ТБМ.
4. Вызначэнне квоты дэлегатаў на з'езд ТБМ.
5. Вызначэнне кандыдатур ад Рады ТБМ на пасаду старшыні і намеснікаў старшыні ТБМ.
6. Аб зменах у складзе Сакратарыяту ТБМ.
7. Рознае.
Сакратарыят ТБМ.
125 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча
Браніслаў Адамавіч ТАРАШКЕВІЧ (20 студзеня 1892 - 29 лістапада 1938; Псеўданімы: Адам Навука, "Тарас на Парнасе", Я. Тарас, Тарас Язычнік, Тарас Навіна ) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнавец, пісьменнік-перакладчык. Кандыдат філалогіі (1916). Акадэмік АН Беларусі (1928).
Нарадзіўся ў засценку Мацюлішкі, 30 км на ўсход ад Вільні, (цяпер Літва) у сям'і каталіцкага селяніна-серадняка. У народным вучылішчы Браніслаў паказвае выдатныя вынікі. Вестка пра гэта дайшла да маладой абшарніцы Гелены Стамброўскай. У 1906 годзе яна забрала Браніслава да сябе, апекавала яго і дапамагла паступіць у трэці клас 2-й Віленскай гімназіі. У гімназіі Тарашкевіч трапляе ў студэнцкія згуртаванні. У гэты ж самы час Тарашкевіч канчаткова самавызначаецца як беларус Пад час навучання ў Вільні знаёміцца з беларускай інтэлігенцыяй, наведвае выдавецтва "Нашай Нівы". У жніўні 1911 года Браніслаў Тарашкевіч апынуўся ў сталіцы Расіі і быў без перашкод прыняты на гістарычна-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Тут на працягу чатырох гадоў вучыўся пад кіраўніцтвам славутых мовазнаўцаў: Яна Бадуэна дэ Куртэнэ, Яўхіма Карскага. Навуковым кіраўніком Браніслава быў акадэмік Аляксей Шахматаў.
У 1916 г. скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта і быў пакінуты там пры кафедры рускай мовы і літаратуры. У 1917 г. становіцца актыўным удзельнікам і адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Знаходзіцца ў Менску пад час абвяшчэння БНР. У 1918 годзе, працуючы загадчыкам культурна-асветнага аддзела Белнацкама, падрыхтаваў і выдаў у Вільні першую "Беларускую граматыку для школ". З 1921 г. - дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 г. быў абраны паслом у польскі сойм, у 1922-1924 гадах быў старшынём Беларускага пасольскага клуба. Актыўны дзеяч і кіраўнік ТБШ. У студзені 1927 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі, а ў траўні 1928 г. асуджаны на 12 год зняволення. 3 верасня 1933 г. у выніку абмену палітзняволенымі, выехаў у СССР. 6 траўня 1937 г. арыштаваны. 5 студзеня 1938 "двойкай" НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.
Пераклаў на беларускую мову "Іліяду" Гамера і "Пана Тадэвуша" Міцкевіча.
Вікіпедыя.
125 гадоў з дня нараджэння Рыгора Шырмы
Рыгор Раманавіч ШЫРМА (Псеўданімы: Р. Баравы; Вучыцель. Крыптанімы: В. М.; В.-ч; Г. Ш.; Р. Ш .; 20 студзеня 1892, в. Шакуны Пружанскага павета Гарадзенскай губерні, цяпер Пружанскі раён, Берасцейская вобласць - 23 траўня 1978, Менск) - беларускі харавы дырыжор, фалькларыст, грамадскі і музычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец.
Нарадзіўся ў вялікай сям'і, дзе спевакамі былі ўсе, пачынаючы з бондара дзеда Васіля па мянушцы Майстровіч. У 1904 употай ад бацькі з 15 капейкамі ў кішэні Рыгор пешкі накіраваўся ў Пружаны, каб паступіць у гарадское вучылішча. Скончыў школу на ўсе пяцёркі.
Падчас навучання на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Свянцянах у 1911-1912 Шырма праходзіць сальфеджыа, вучыцца іграць на скрыпцы, арганізуе настаўніцкі хор. Адначасова ён спрабуе запісваць мелодыі. Пасля сканчэння курсаў настаўнічаў у Лідскім і Свянцянскім паветах.
У канцы Першай сусветнай вайны мабілізаваны ў армію, скончыў Чугуеўскае ваеннае вучылішча. Служыў у званні прапаршчыка. Улетку 1922 вярнуўся ў родныя Шакуны, дзейнічаў у Беларускім выбарчым камітэце. У 1926 выкладае ў гімназіі спевы і арганізуе хор. У гэтым самым годзе стаў першым кіраўніком народнай капэлы ў Дзяляцічах ля Наваградка.
Р. Шырма ўдзельнічаў у дзясятках з'ездаў ТБШ, прачытаў сотні лекцый па беларускай культуры, выдаў для школьных і самадзейных хораў зборнікі "Беларускія народныя песні" (1929) і "Наша песня" (1938). У 1941 г. быў арыштаваны нквдыстамі і сядзеў у турме да сакавіка 1942 года. Вызвалены па хадайніцтве Я. Коласа перад П. Панамарэнкам і высланы пад нагляд органаў НКУС у Паўночны Казахстан.
Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій БССР за канцэртна-выканаўчую дзейнасць (1966) і за "Беларускія народныя песні ў апрацоўках для хору" (1974). Народны артыст БССР (1949) і СССР (1955), Герой Сацыялістычнай Працы (1977), Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1946). Узнагароджаны ордэнамі Леніна і інш., балг. ордэнам Кірылы і Мефодзія II ст., медалямі.
Вікіпедыя.
Справаздачны даклад старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2016 год
Мінулы год, год парламенцкіх выбараў, эканамічнага крызісу і складанай міжнароднай сітуацыі на межах нашай краіны прайшоў для нас у штодзённай стваральнай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны.
На жаль, у мінулым 2016 г. адышлі ў лепшы свет некаторыя заснавальнікі і сябры ТБМ. Сярод іх стваральнік і першы старшыня ТБМ, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, адзін з заснавальнікаў ТБМ на Гарадзеншчыне Алесь Белакоз, актывіст ТБМ са Слоніма Іван Шэга, актыўны палітычны дзеяч і прыхільнік роднага слова Юрась Хадыка, вядомы беларускі матэматык, які ўдасканаліў беларускую матэматычную тэрміналогію, вядомы навуковец Якаў Радына, актыўны аўтар "Нашага слова" і "Новага часу" Вітаўт Мартыненка, вядомы мовазнавец Зміцер Саўка, былы галоўны рэдактар часопіса "Роднае слова" Міхась Шавыркін, актывісты ТБМ з Менска Анатоль Валахановіч і Генадзь Шэршань, і шмат іншых рупліўцаў роднага слова.
Зараз наша арганізацыя налічвае больш за 7000 чалавек. З іх у базе дадзеных Сакратарыяту па стане на 1 студзеня 2017 г. знаходзіцца 6 тысяч 385 чалавек.
Гэты год быў для нас годам цяжкай, але стваральнай працы як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Гомеля, Магілёва, Гародні, Ліды, Полацка, Баранавічаў, Пружанаў, Паставаў, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Оршы, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску.
Была створана і пачала актыўна дзейнічаць Скідзельская суполка ТБМ. Напрыканцы мінулага года аднавіла сваю рэгістрацыю і пачала актыўна дзейнічаць раённая арганізацыя ТБМ у г. Стоўбцы. Таксама актывізавала сваю работу студэнцкая суполка ТБМ на гістфаку БДУ. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі "Наша слова", "Новы час", "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", "Краязнаўчая газета", "Камсамольская праўда ў Беларусі" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё "Свабода", радыё "Рацыя", Еўрарадыё, партал tut.by і іншыя.
Аднак актыўнасць некаторых нашых арганізацый жадае быць лепшай. Нас працягвае хваляваць сітуацыя з дзейнасцю нашых сяброў у Берэсці, Кобрыне, Бабруйску, Пухавічах, Ваўкавыску, Клецку, Наваградку і Мазыры.
Беларуская мова паступова вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ, з'яўляюцца новыя праграмы з удзелам моладзі на беларускай мове. Працуе новы дзяржаўны канал "БТ-3", дзе беларуская мова актыўна прысутнічае.
Але напрыканцы мінулага года ўзнікла пагроза закрыцця адзінага ў свеце спадарожнікавага беларускамоўнага тэлеканала "Белсат", які быў некалі створаны па прапанове ТБМ. Сакратарыят ТБМ адным з першых з грамадскіх арганізацый 16 снежня прыняў заяву ў абарону канала і распаўсюдзіў яе ў СМІ. Зараз сітуацыя з існаваннем канала робіцца вырашальнай і мы спадзяёмся на станоўчы вынік гэтай справы.
Беларуская мова найбольш пашырана ў сферы культуры, адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ў візуальным афармленні.
У мінулым годзе беларускі парламент прыняў вялікі заканадаўчы дакумент Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які складаецца з 257 артыкулаў, напісаны толькі па-беларуску і ўступае ў сілу з лютага 2017 г.
Дзякуючы намаганням ТБМ у артыкуле 69 вышэй згаданага кодэкса запісана, што "Да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў адносіцца беларуская мова (вусная і пісьмовая), імёнаслоўныя традыцыі і традыцыйная форма звароту да людзей" . Гэты сказ будзе карысны падчас спрэчных пытанняў у пашпартных сталах ці іншых установах нашай краіны.
Зараз нашыя намаганні накіраваныя на тое, каб новая версія Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь таксама была прынятая на беларускай мове.
З мэтай захавання мовы як культурнай спадчыны беларускага народа ва ўстановах адукацыі арганізуюцца канферэнцыі, выставы мастацкай літаратуры, дні і тыдні беларускай мовы і літаратуры, алімпіяды, конкурсы, тэматычныя выхаваўчыя гадзіны; ствараюцца віртуальныя музеі і этнаграфічныя пакоі, на базе якіх праводзяцца вучэбныя заняткі, пазакласныя мерапрыемствы, экскурсіі на беларускай мове. Ва ўстановах пазашкольнага выхавання і навучання краіны працуюць гурткі, клубы і іншыя аб'яднанні вучняў, у якіх арганізавана вывучэнне гісторыі, этнаграфіі, фальклору, тапанімікі роднага краю. Так, напрыклад, толькі ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і молодзі Гарадзенскай вобласці дзейнічаюць больш за 200 гурткоў па вывучэнні гісторыі Беларусі, культуры мовы і інш.
Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі выкладаецца курс "Беларуская мова (прафесійная лексіка)". Распрацоўваюцца і выдаюцца вучэбна-метадычныя комплексы па асобных вучэбных прадметах (дысцыплінах), у тым ліку і спецыяльных. Для ажыццяўлення якаснага выкладання дысцыплін на беларускай мове арганізавана павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў (праз спецыяльныя курсы). У асобных установах вышэйшай адукацыі (звыш 20) створаны вучэбныя групы, у якіх студэнты навучаюцца на рускай і беларускай мовах. Пашыраецца колькасць спецыяльных дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове.
Факультатыўныя заняткі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праводзяцца ў адпаведнасці з зацверджанымі Міністэрствам адукацыі праграмамі факультатыўных заняткаў. У цяперашні час на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі пры арганізацыі факультатыўных заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання рэкамендуецца выкарыстоўваць праграмы факультатыўных заняткаў "Храмы, палацы і замкі Беларусі" (VII клас), "Архітэктура Беларусі" (IX клас), якія распрацаваныя на беларускай мове.
Актыўную працу па пашырэнні беларускай мовы ў дзіцячых садках Гомеля праводзіць мясцовая арганізацыя ТБМ пад кіраўніцтвам Алесі Аўласевіч. Гомельская суполка ТБМ зладзіла фэст удзельнікаў беларускамоўнай адукацыі. Дзеці розных узростаў з бацькамі вучыліся разам спяваць беларускія песні, танцаваць, прыдумляць і маляваць ілюстрацыі да беларускіх казак, рабіць лялькі. Створаны першыя беларускамоўныя класы ў Лідзе і Гародні. У горадзе Лідзе, дзякуючы Станіславу Судніку, з'явіліся 3 білборды ў падтрымку беларускай мовы.
Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прымалі актыўны ўдзел у 9-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы. Зараз нас чакае юбілейная 10-ая Агульнанацыянальная дыктоўка, якую можна прысвяціць Францішку Скарыну, Пімену Панчанку і Янку Брылю.
У мінулым годзе выйшлі 14 і 15 нумары часопіса "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за яе межамі.
Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7-11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Увесь 2016 г. працавалі беларуска-польскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам Людмілы Бурлевіч і Леанарды Мухінай, а таксама псіхалагічныя беларускамоўныя заняткі "Школа асобаснага росту" Людмілы Дзіцэвіч.
Летась актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства "Прамова", кіраўнік - Аляксандр Давідовіч. Актыўна дзейнічала ў першай палове 2016 г. гістарычная школа пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках з Алегам Трусавым" (каардынатар Алена Анісім). Зараз гэтым займаецца клуб "ПраМова".
Варта адзначыць вялікі поспех курсаў "Мова нанова", заснаваных актывістамі ТБМ Глебам Лабадзенка і Алесяй Літвіноўскай. Курсы атрымалі афіцыйную рэгістрацыю, іх наведалі больш за тысячу асобаў у розных гарадах краіны, дзе працуюць філіялы гэтых курсаў.
Мы працягваем выпускаць "Наша слова" (наклад 2000 асобнікаў да кастрычніка 2016 г., зараз 1500 асобнікаў) ў фармаце 8-мі палос (індэкс выдання 63865). Нягледзячы на тое, што з'яўляюцца новыя аўтары і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. У 2015 годзе створаны адмысловы сайт газеты.
Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ў другой палове 2016 г. выдзеліла сродкі на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.
Вось ужо восьмы год кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гарадзеншчыны.
З 2012 г. дзейнічае інтэрнэт-партал ТБМ, каардынатар партала і сацыяльных сетак Юлія Бажок. Дзякуючы парталу, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: нашу гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя слаі грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі. За 2016 год колькасць праглядаў партала склала 76 323 са 103 краін.
Актыўна займаюцца краязнаўчай і турыстычнай працай нашы сябры з Гародні, Магілёва, Паставаў, Шклова, Баранавічаў, Шаркаўшчыны, Магілёва і Ліды. Яны ладзяць беларускамоўныя экскурсіі, пленеры, канферэнцыі і семінары. У гэтым плане хочацца адзначыць сяброў Рады ТБМ Станіслава Судніка, Алега Дзьячкова, Алеся Кроя.
Улічваючы інфляцыю, Рада ТБМ прыняла рашэнне з 1 студзеня 2016 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што большасць суполак ТБМ своечасова здала складкі, а таксама сабрала немалыя ахвяраванні. Па стане на 30 снежня 2016 г. на нашым рахунку было 1627,35 беларускіх рублёў.
Адбыліся змены ў рэгіянальным кіраўніцтве ТБМ. Абраныя новыя кіраўнікі ў Полацку і Салігорску. У мінулым годзе былі выдадзены насценныя і кішэнныя календары і паштоўкі, прысвечаныя Нілу Гілевічу, Алесю Смолічу, Макару Краўцову, ксяндзу Уладзіславу Чарняўскаму і Янку Брылю.
Выдавецкі дом ТБМ у Лідзе таксама выдаваў календары і зрабіў банер, прысвечаны 500-м угодкам беларускага кнігадрукавання.
Дзякуючы намаганням сяброў ТБМ была зроблена рэстаўрацыя помніка літары "Ў" у Полацку, дзе помнік доўгі час быў занядбаны. Увесну мінулага года была працягнутая на чарговыя 3 гады арэнда памяшкання сядзібы ТБМ у Менску. Таксама ў сядзібе ўсталявалі новую пажарную сігналізацыю.
Напрыканцы 2015 г. па ініцыятыве ТБМ быў створаны аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, у які ўвайшлі прадстаўнікі розных палітычных і грамадскіх арганізацый. Сустаршынямі аргкамітэта абраны сп. Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Колас і Алег Трусаў, каардынатар Алена Анісім. Увесь мінулы год аргкамітэт плённа працаваў, таму я спадзяюся, што ў 2017 годзе сітуацыя ў гэтым кірунку пачне змяняцца да лепшага.
У беларускіх і замежных сродках масавай інфармацыі актыўна асвятлялі перадвыбарную кампанію і парламенцкія выбары ў Беларусі 2016 года, і цяпер, дзякуючы перамозе на парламенцкіх выбарах першага намесніка старшыні Таварыства беларускай мовы спн. Алены Анісім, пра ТБМ ведаюць ва ўсім свеце. Як паведамляецца ў некаторых СМІ, з 2004 года ў парламент траплялі толькі актыўныя прыхільнікі дзейнай улады, таму перамога аднаго з кіраўнікоў ТБМ з'яўляецца сапраўдным поспехам, бо наша арганізацыя адстойвае не заўсёды зручныя для ўладаў погляды. Праз гэта нас нават пачалі параўноўваць з палітычнай партыяй апазіцыйнага кшталту.
А перамога спн. Анісім не адбылася б без двухгадовай папярэдняй падрыхтоўкі. ТБМ мэтанакіравана і паслядоўна рыхтавалася да вераснёўскіх выбараў 2016 года, актыўнымі сябрамі нашай арганізацыі праводзіліся абмеркаванні і планаванні, на Радах ТБМ 2015 і 2016 гадоў галасаваннем прымаліся адпаведныя рашэнні.
Акрамя таго, некаторыя сябры ТБМ маюць непасрэднае дачыненне да нефармальнага аб'яднання беларускіх патрыётаў, якое арганізавала 21 снежня 2014 года Усебеларускі кангрэс за незалежнасць (спн. Анісім з'яўляецца каардынатарам Рады Кангрэса). На ім было прапанавана стварыць грамадзянскую ініцыятыву "Беларускую мову - у парламент", а абранне спн. Анісім у парламент фактычна з'яўляецца пачаткам рэалізацыі планаў вышэйзгаданай грамадзянскай ініцыятывы.
Да ініцыятывы далучыліся і іншыя сябры ТБМ. Акрамя мяне подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты збіраў старшыня менскай гарадской арганізацыі, намеснік старшыні ТБМ Аляксандр Давідовіч. У рэгіёнах найбольш праявілі сябе сябры Лідскай і Баранавіцкай арганізацый ТБМ, а таксама сябра Рады ТБМ з Кобрына сп. Аляксандр Мех.
На першым месцы тут знаходзіцца Лідская арганізацыя ТБМ, якая здолела вылучыць (праз партыю БНФ) і зарэгістраваць шэсць кандыдатаў у дэпутаты беларускага парламента. Вядома, што ўсе кандыдаты ў дэпутаты сябры ТБМ, вялі сваю выбарчую кампанію па-беларуску.
Зараз наша задача з дапамогай сяброў ТБМ Алены Анісім і Ігара Марзалюка пачаць актыўна беларусіфікаваць наш парламент, а таксама ўнесці неабходныя змены ў Закон аб мовах Рэспублікі Беларусь і прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.
У кастрычніку гэтага года нас чакае чарговы З'езд ТБМ, на якім мы павінны пагаварыць аб выніках нашай працы за апошнія тры гады, а таксама абраць новае (пажадана маладзейшае) кіраўніцтва ТБМ. Перад гэтым неабходна ва ўсіх суполках ТБМ да верасня правесці справаздачна-выбарчыя сходы і вылучыць дэлегатаў на наш З'езд.
Жадаем вам моцнага здароўя, духоўнай моцы, бадзёрасці і аптымізму.
Дзякуй вам усім за актыўную працу на карысць беларускай мовы і нашай Бацькаўшчыны.
Жыве наша мова і жыве Беларусь!
Дзякуй за ўвагу.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Справаздача Гарадзенскай абласной арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" за 2016 г.
1. 15.01.2016 г. Штогадовы ўдзел ва ўзнагароджванні пераможцаў абласной аліпіяды па беларускай мове і літаратуры Гарадзенскай вобласці. Каштоўныя кнігі пад рэдактарствам В. Карнелюка і І. Трацяка "Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гарадзеншчыны і Сувальшчыны" атрымалі каля 50 лепшых вучняў вобласці (Буднік І., Місцюкевіч А., Парфёненка В., Крой А.).
2. 11.02.2016 г. Візіт да намесніка старшыні гарвыканкама Кулешы З.В. наконт шырокага святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ад абласной і гарадской радаў Гарадзенскіх філіяў ТБМ. (Пяткевіч А., Крой А.)
3. 20.02.2016 г. Удзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы ў СШ № 34 (дзе ёсць беларускія класы) разам з нам. начальніка гарадскога аддзела адукацыі, прадстаўніком ідэалагічнага аддзела, кіраўніцтвам школы і паэтамі двух пісьменніцкіх саюзаў. (Крой А., Паўлоўская А., Камароўскі А., Семінскі П.)
4. Пасля правядзення неабходных працэдур у сядзібе ТБМ атрымала рэгістрацыю Скідзельская гарадская суполка ТБМ пад кіраўніцтвам Савянковай Т. (Савянкова Т., Буднік І., Крой А.)
5. Сакавік. Актыўны ўдзел сяброў ТБМ у дыктоўцы (ІІІ этап), праведзенай "Гарадзенскай бібліятэкай".
6. Сустрэча з нашымі фундатарамі і перавод 1,5 млн.руб. на беларускія газеты для бібліятэк вобласці і кнігі для школьнікаў (Місцюкевіч А., Буднік І., Крой А.).
7. Удзел сяброў ТБМ у жалобе па Нілу Гілевічу ў Пакроўскім саборы Гародні. 5 святароў правялі жалобную малітву па-беларуску для тых, хто не змог паехаць у Менск на паніхіду. У траўні паміж Вялікаднем і Радуніцай памёр актыўны сябар па стварэнні беларускіх класаў у 90-я гады Талерчык А.С. У апошні шлях правялі яго шматлікія сябры ТБМ і іншых грамадскіх арганізацый.
8. Красавік-травень. Удзел сяброў ТБМ у школьных бацькоўскіх сходах горада для будучых першакласнікаў па папулярызацыі бел. навучання і дапамогі бацькам у стварэнні бел. класаў. Крой А. (6, 12, гімн 4, 31, гімн.1), В. Парфёненка (5,26,3), А. Астроўскі (16,27,28), М. Святлана (гімн. 7, гімн10, пач. школа на в. Серафімовіча), Марозава С. (сш35, Гр. гар. гімн. на в. Парыж. Камуны), Пяткевіч А. (32, 34), Буднік І. (гімн. 5, 23), Петрашкевіч А. (гімн. 5, сш. 35), Кузьмініч І. (кіраўнік гарадзенскай "Мова нанова", гімн 6), У. Хільмановіч з Я. Курчэўскім (СШ 40), С. Тарасава (гімн. 9), В. Янчарская і паэт А. Паўлоўскі (СШ 33, 38). Агулам у гэтым годзе ў красавіку і траўні ўдзельнічалі ў бацькоўскіх сходах 14 чалавек. Праведзены маніторынг сярод адміністрацыі навучальных устаноў у час дамоваў аб удзеле сяброў таварыства ў бацькоўскіх сходах засведчыў, што шмат дырэктараў і завучаў школ добра валодаюць беларускай мовай.
9. Падпіска бібліятэк вобласці на газету "НС". (Місцюкевіч А., Буднік І., Крой А.)
10. 03.08.2016. Візіт да нач. абласнога ўпраўлення адукацыі сп. Сангіна А.Г. (Крой А., Кузьмініч І.).
А) Азнаёмілі начальніка адукацыі з самымі лепшымі і горшымі раёнамі вобласці па стварэнні беларускіх класаў у рускамоўных школах за апошнія 7 гадоў.
Б) Даведаліся, чаму бацькі павінны штогод пісаць заявы на працяг навучання ў гімн. № 10 (Кузьмініч І.)
В) Прасілі пасадзейнічаць стварэнню рэкламы беларускім класам ў транспарце і на сайтах школ №32 і №34 аб наборы дзяцей у бел. класы. (зрабілі часткова ў 2016 г.)
Г) Узнята пытанне пра новую ініцыятыву ТБМ ад Кузьмініча пра наведванне ТБМ бацькоўскіх сходаў у д/с. Пасля хаджэнняў (усё лета) па чыноўніках раённых аддзелаў адукацыі вымушана ўзнялі гэтае пытанне перад спадаром Сангіным А.Г. Разам з падначаленымі спрабавалі разабрацца і вырашыць. Канчатковае рашэнне перанеслі на пазнейшы час .
11. 18.08.2016 г. Паездка сяброў Гарадзенскай абласной Рады ў Баброўню на юбілей М. Краўцова. (Пяткевіч А., Крой А., Буднік І., Місцюкевіч А.,) Арганізавалі мерапрыемства Старшыня скідзельскай ТБМ Савянкова Т. разам са сп. А. Юшкевічам, У. Трахімчыкам і інш.сябрамі ТБМ. Запрасілі і родных М. Краўцова. Вельмі цёпла прайшло мерапрыемства. Пра яго напісалі незалежныя і дзяржаўныя СМІ.
12. Пяцідзённая краязнаўчая водная вандроўка па Нёмане (ад Мікалаеўшчыны да Шчорсаў) (арганізатар В. Петрыкевіч з Дзятлава, было 8 чал. В. Парфёненка, У. Хільмановіч, А. Крой і інш.)
13. 30.08.2016 г. Візіт да нач. аддзела ідэалагічнай працы,культуры і па справах моладзі Гарадзенскага раёна Рамановіч Н.І. аб неабходных дакументах па ўсталяванні памятнага знака Я. Карскаму ў в. Мігова Гарадзенскага раёна (Крой А.)
14. 1.09.2016 г. Атрымалі ліст ад адміністрацыі гарадзенскага заапарку на зварот ТБМ наконт шыльдаў на беларускай мове (ініцыятыва Хільмановіча У.).
15. 3.09.2016 г. Паездка на Дзятлаўшчыну і ўсталяванне крыжа памяці ўдзельнікам 1863 г. (Петрыкевіч В., Хільмановіч У., Крой А., Чыгрын С. і інш.)
16. 13.09.2016 г. Усталяванне шыльды на вул. Дзяржынскага на корпусе ГрДУ ў памяць аб засл. дзеячы мастацтваў А. Валынчыку (Місцюкевіч А., Парфёненка В., Талерчык А.).
17. 15.09.2016 г. Візіт да нач. абл. упраўлення адукацыі Сангіна А.Г. наконт прыняцця рашэння аб дазволе ТБМ на ўдзел у бацькоўскіх сходах у д\с. Рашэнне аб гэтым перанесена на заўтра (Крой А.).
18. Прынята рашэнне аб дазволе ўдзелу ТБМ у бацькоўскіх сходах д/с горада. Дадзены кантакты адказных за гэта ў Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах. Атрымалі графік бліжэйшых бацькоўскіх сходаў у мікрараёнах Дзевятоўка і Вішнявец.
19. 19.09.2016 г. Удзел сяброў ТБМ у "Тыдні беларускага мыслення" ў Цэнтры гарадскога жыцця.
А) Параўнальны аналіз выкарыстання беларускай мовы ў школах вобласці, дэмаграфічныя складнікі і інш. за гады Незалежнасці: "Моўныя шанцы Гарадзеншчыны" (Крой А.)
Б) Прэзентацыя краязнаўчай кнігі А. Місцюкевіча пра малую радзіму в. Піронім Слонімскага раёна. (Місцюкевіч А.)
20. Візіт да сп. Андрэйчыка, нач. абласнога ўпраўлення па спорце і турызме наконт адсутнасці "пашпартоў турыста" на беларускай мове. Пасля дадатковых зваротаў ад суайчыннікаў з Летувы і Польшы было вуснае і пісьмовае абяцанне аб друкаванні новых "пашпартоў турыста" і па-беларуску.
21. 20.10.2016 г. Першы ўдзел у бацькоўскім сходзе ў д/с №84, на які нас запрасіла нам. загадчыка садка (у садку з пачатку 90-х да сёння вядзецца пісьмовая справаздача на беларускай мове). Пасля выступу перад бацькамі падарылі адміністрацыі садка кнігу "Этнакультурныя і турыстычныя рэсурсы Гарадзеншчыны і Сувальшчыны" (Крой А., Кузмініч І.).
22. 30.10.2016 г. Могілкі каля ВА "Азот". Да Дзядоў. Успаміны, чытанне вершаў, упарадкаванне магіл грамадска-культурных дзеячоў, якія адышлі ад нас у апошнія дзесяцігоддзі. (А. Цыхуна, сына А. Талерчыка, А. Валынчыка, А. Шыдлоўскага, Ю. Гуменюка, Б. Ржэўскага, Ю. Астроўскага, А. Карпюка). Сябры ТБМ былі разам са студэнтамі УЗВ. (Крой А., Буднік І., Парфёненка В., Рунге У. і інш.)
23. 26.11.2016 г. Папярэдні выбар пляцоўкі для ўсталявання памятнага знака Я. Карскаму ў былым маёнтку Мігова. Зацвярджэнне на сходзе праўлення СТ "Мігова" 5 вуліц у гонар вядомых мясцовых гарадзенцаў Я. Карскага, князя Комата, гаспадара маёнтка Аляксандра Абуховіча, І. Амельяновіча і інш. (Крой А.).
24. 27.11.2016 г. Удзел гарадзенцаў у рэспубліканскай Радзе ТБМ (Пяткевіч А., Крой А., Буднік І.)
25. 02.12.2016 г. Удзел абласной і гарадской радаў ТБМ у пахаванні ў в. Гудзевічы засл.настаўніка Беларусі А. Белакоза (Пяткевіч А., Буднік І., Крой А., Карнялюк В., Хільмановіч У., Парфёненка В.).
26. 03.12.2016 г. Развітанне з гарадзенскім краязнаўцам Ф. Ігнатовічам (Смалянчук А., Парфёненка В., Крой А.).
27. 06.12.2016 г. Удзел у бацькоўскім сходзе ў д/с № 80 (вул. Кляновая, 3) па папулярызацыі навучання па-беларуску ў будучай школе (Кузмініч І.).
28. 08.12.2016 г. Удзел у бацькоўсім сходзе у д/с № 65 (Рэпіна, 7) па папулярызацыі навучання па-беларуску ў школе (Крой А.).
29. 14.12.2016 г. Візіт у Гарадзенскі райвыканкам. Перадача дакументаў для памятнага знака Я. Карскаму ў Мігова (Крой А.).
30. 17.12.2016 г. 11.00. Удзел у абласной краязнаўчай канферэнцыі "Край гарадзенскі" ў гімн. №1 імя Я. Карскага (Карнялюк В., Крой А., Маразевіч С., Соркіна І.,).
31. 17.12.2016 г. 14.00. Абласная і гарадская рады ТБМ. Падвядзенне вынікаў за 2016 год і планы на 2017 г.
32. 20.12.2016. Віншаванні дзетак 1 і 2 беларускіх класаў СШ № 32 з Калядамі і Новым годам ( Крой А., Місцюкевіч А., Буднік І.).
33. Друкаванне шматлікіх артыкулаў у СМІ ("РР", "Гродна лайф", "Новы час", "НС" перадрук у "Хартыі 97" і іншых СМІ) аб любові да сваёй мовы габрэяў, чэхаў, фінаў, палякаў, кашубаў, галісійцаў, баскаў, каталонцаў, іспанцаў і інш., а таксама "12 прычын … "з-за якіх варта весці сваіх дзетак у першы беларускі клас" у "НЧ" (Крой А.). Пастаянная праца, інтэрвію, друкаванне шматлікіх артыкулаў, кніг ў СМІ па папулярызацыі беларускай мовы, гісторыі і культуры (Хільмановіч У., Парфёненка В., Буднік І. (у студзені выйдзе новая кніга), Пяткевіч А., Петрашкевіч А., Крой А., Рымар Р., суполка гісторыкаў на чале са Смаленчуком А., Краўцэвічам А). Падпіска бібліятэк вобласці на газету "НС" на першае паўгоддзе 2017 г. (Місцюкевіч А., Буднік І., Крой А.) і інш.
Справаздача Гарадзенскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" аб рабоце за 2016 г.
1. Вечарына, прысвечаная 80-годдзю дзіцячага паэта В. Кудлачова (19.01).
2. Візіт да намесніка старшыні гарвыканкама наконт выступленняў беларускіх паэтаў у школах (11.02).
3. Прэзентацыя рамана-хронікі Я. Трацяка "Саветы" (18.02).
4. Выступлснне маладых беларускіх паэтаў у гарадзенскай СШ №34 (19.2).
5. Прэзентацыя новай кнігі пісьменніцы А. Петрушкевіч (28.02).
6. Вечарына, прысвечаная 30-годдзю гістарычна-культурнага клуба "Паходня" (12.03).
7. Вечарына, прысвечаная 85-годдзю А. Пяткевіча. Прэзентацыя яго новай кнігі (30.03).
8. Уссбеларуская дыктоўка (каля 200 чал., 3.04).
9. Абласная навуковая краязнаўчая канферэнцыя школьнікаў (сумесна з абласной радай, 16.04).
10. Круглы стол, прысвечаны гарадзенскаму кнігазнаўцу, калекцыянеру М. Чарвякоўскаму (26.04).
11. Выступленні ў школах горада перад бацькамі будучых першакласнікаў (канец красавіка).
12. Прэзентацыя літаратурнага альманаха "Новы замак" (№ 4), органа Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў (19.05).
13. Прэзентацыя гістарычна-краязнаўчай кнігі А. Госцева (20.05).
14. Вечарына, прысвечаная вясне, у музеі М. Багдановіча (25.05).
15. Паседжанне гарадской і абласной Радаў ТБМ (26.05).
16. Выступленні ў школах горада перад бацькамі будучых першакласнікаў (канец траўня).
17. Прэзентацыя кнігі вершаў і перакладаў Х. Лялько (27.05).
18. Прэзентацыя новай кнігі С. Астраўцова (8.06).
19. Выезд (з абласной радай) у Баброўню (Гарадзенскі р-н) на святкаванне 125-годдзя М. Краўцова (20.08).
20. Вечарына, прысвечаная памяці гісторыка і паэта Э. Мазько (29.08).
21. Адкрыццё на будынку Гродзенскага ўніверсітэта памятнай дошкі ў гонар А.М. Вальшчыка (14.09).
22. Прэзентацыя краязнаўчай кнігі А. Місцюкевіча (22.09).
23. Прэзентацыя зборніка дакладаў па гісторыі і культуры Гародні (9.11).
24. Прэзентацыя новай кнігі вершаў А. Чобата (10.11).
25. Вечарына, прысвечаная 50-годдзю С. Тарасавай (18.11).
26. Прэзентацыя новай кнігі Д. Бічэль (1.11).
27. Вечарына ў зале праваслаўнай царквы св. Пакрова, прысвечаная 125-годдзю М. Багдановіча (11.12).
28. Вечарына (сумесна з кафедрай беларускай літаратуры ўніверсітэта), прысвечаная 125-годдзю М. Багдановіча (12.12).
29. Вечарына ў музеі М. Багдановіча, прысвечаная 125-годдзю М. Багдановіча (14.12).
Падрыхтоўка і выданне "Беларускага настольнага перакіднога краязнаўчага календара (на матэрыяле Гродзеншчыны) на 2017 год".
Падрыхтоўка (сумесна з абласной Радай) памятнага знака ля в. Мігова (Гарадзснскі р-н), прысвечанага акадэміку Я. Карскаму.
Арганізацыя падпіскі на газету "Наша слова".
Работа з бацькамі па стварэнні ў горадзе беларускіх класаў. У выніку ў гэтым павучальным годзе ў 1-ы беларускі клас набрана 10 чал.
Сабраны складкі сяброў ТБМ за 2016 год.
Старшыня Рады Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны
А.М. Пяткевіч.
Несправядлівыя папрокі
У газеце "Наша слова" № 53 за 28.12.2016 г. сп. А. Трусаў папракае сп. Л. Лыча і сп. М. Савіцкага ў тым, што ім трэба не толькі казаць, але і рабіць.
Гэтыя папрокі лічу несправядлівымі.
У іхніх кнігах, артыкулах, выступах на сходах, канеферэнцыях - змаганне за беларускую культуру, за беларускую мову, за праўдзівую гісторыю Беларусі, за нацыянальнае адраджэнне, за тое, каб спыніць дзяржаўную палітыку русіфікацыі, каб супрацьстаяць размыванню нацыянальнай свядомасці беларусаў.
Добра, што такія таленавітыя, шчырыя самаадданыя людзі ёсць у нашай краіне. Яны не віляюць і не прагінаюцца перад уладамі, не прыстасоўваюцца, гавораць тое, што думаюць, яны ахвяруюць сваім часам і здароўем дзеля Беларусі.
Не трэба папракаць, што яны "пішуць вялікія артыкулы і вучаць іншых, як трэба жыць і працаваць". Вялікі дзякуй ім за вялікую працу на карысць Бацькаўшчыны.
На вялікі жаль іхнія артыкулы і кнігі не даходзяць да масавага чытача, бо гэта не ў інтарэсах кіраўнікоў дзяржавы. Нават "Наша слова" не атрымлівае большасць сяброў ТБМ, не кажучы ўжо пра кнігі Л. Лыча, якія з-за недахопу фінансавых сродкаў друкуюцца малымі ці мізэрнымі накладамі па 100, 113 асобнікаў ці ляжаць у стале, бо няма сродкаў на іх выпуск.
Так што не трэба папракаць сп. Л. Лыча і сп. М. Савіцкага ў тым, што яны не ахвяруюць на газету "Наша слова". Будзем спадзявацца, што кнігі Леаніда Міхайлавіча Лыча пры нацыянальна-свядомым кіраўніцтве Беларусі дойдуць да шырокага кола чытачоў, бо гэта кнігі пра нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі; пра гісторыю яе культуры, пра беларускую нацыянальную ідэю і аб працэсах яе зараджэння, фармавання і распаўсюджвання, аб дзейнасці розных рэлігійных канфесій на землях Беларусі; аб выдатных постацях сярод нашага народа.
А. Лапенка, сябар ТБМ.
Беларусь - мая мова і песня
"Беларусь - мая мова і песня" - так называецца новы культурна-асветніцкі праект, які пачаў дзейнічаць у Лідскім раёне. Ладзіць яго аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама. Праект мае на мэце пашырэнне ўжывання беларускай мовы і адраджэнне беларускай культуры ў Лідскім раёне. У праекце бяруць удзел сем культурніцкіх структур, пакуль што ў плане за дзве сотні мерапрыемстваў.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Марына Дукі не хавае, што да распрацоўкі новага праекту іх падштурхнулі сябры ТБМ, якія планавалі арганізаваць у Лідзе курсы "Мова Нанова".
Праўда, Дукі адразу падкрэслівае, што іхні культурна-асветніцкі праект па форме значна адрозніваецца ад курсаў "Мова Нанова": у ім бяруць удзел усе ўстановы культуры раёна, ён уключае ў сябе сем вялікіх праграмаў, і кожная складаецца з шэрагу самых розных мерапрыемстваў.
- Да прыкладу, адна з такіх праграмаў, музейна-адукацыйная "Ў школу да Цёткі", ужо пачала дзейнічаць у літаратурным філіяле гістарычна-мастацкага музея і была прысвечана тэме беларускамоўнага навучання. Інтэрактыўна-асветніцкая бібліятэчная праграма "З беларускай кнігай у будучыню", тры праграмы клубных устаноў, якія ўключаюць у сябе адраджэнне традыцыйнай культуры, абрадаў, рамёстваў і г.д. Цяпер мне нават цяжка сказаць, колькі ўсяго мерапрыемстваў адбудзецца на працягу 2017 года, паколькі кожны кірунак налічвае іх мноства.
Асобна спадарыня Дукі падкрэслівае, што галоўная ўмова правядзення мерапрыемстваў - беларуская мова. Паводле яе, усе мерапрыемствы плануецца праводзіць толькі на беларускай мове. Яна кажа, што Лідскі эстрадны аркестар адмыслова рыхтуе праграму толькі з твораў беларускіх аўтараў.
Да ўсяго, яна раіць наведаць кулінарныя імпрэзы, якія будуць праходзіць пад дэвізам "Спазнай смак сваёй кухні". Кажа, што ўжо набыла папулярнасьць праграма "Танцуем па-даўнейшаму", прыжыўся ў раёне конкурс па ручной касьбе і іншыя фальклорныя святы.
- Прычым хацела б падкрэсліць, што мерапрыемствы нашага культурна-асветніцкага праекту разлічаныя практычна на ўсіх жыхароў раёна, пачынаючы ад дзетак, якія наведваюць садкі, і заканчваючы пенсіянерамі. У нас вялікі рэсурс, і мы будзем імкнуцца выкарыстоўваць яго напоўніцу.
Першае мерапрыемства новага культурна-асветніцкага праекту ўжо адбылося ў межах музейна-адукацыйнай праграмы ў літаратурным філіяле Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Віктарына была арганізавана па форме тэлеперадачы "Размаўляем па-беларуску" з 3-га канала Беларускага тэлебачання. Яго вядовец і аўтар - супрацоўнік музея і сябар ТБМ Алесь Хітрун - расказаў Свабодзе, што мерапрыемства называлася "Ў школу да Цёткі".
- Мне здаецца, што такія мерапрыемствы вельмі патрэбныя. У мяне былі першымі вучні шостых класаў, і многія з іх не ведалі, хто такая Цётка, хто такі Максім Багдановіч. Веды наагул кволыя ў нашых вучняў. Даводзілася больш распавядаць, чым слухаць. Але адчуваецца, што дзецям нешта адкладваецца. І на мове неяк сарамліва гавораць, але калі чуюць яе ўвесь час, то нармальна ўспрымаюць і імкнуцца гаварыць. Наша праграма налічвае 14 тэмаў, і, вядома, каб сістэмна гэта дзеці ўспрымалі, то шмат чаго маглі б даведацца. І важна, што на ўсіх занятках галоўны акцэнт робіцца на беларускую мову. Гэта, лічу, галоўнае.
Алесь Хітрун кажа, што іхні культурна-асветніцкі праект розніцца ад курсаў "Мова Нанова": ён ахоплівае і большую колькасць людзей, і тэматычна нашмат шырэйшы. Але, паводле яго, некаторыя формы правядзення мерапрыемстваў яны таксама запазычылі ў тых, хто праводзіць курсы "Мова Нанова". А галоўнае адрозненне, што курсы "Мова Нанова" ладзіць грамадская структура, а "Ў школу да Цёткі" запрашае дзяржаўная.
Глеб Лабадзенка, арганізатар курсаў "Мова Нанова", каментуючы Свабодзе з'яўленне новага Лідскага культурна-асветніцкага праекту, заўважыў, што вельмі рады ініцыятыве лідскіх уладаў. Паводле яго, курсы "Мова Нанова" - не адзіны шлях да беларушчыны.
- Галоўнае, каб гэта было шчыра, цікава і прафесійна. Мы ўжо сустракаліся, калі нам казалі, што вашы курсы непатрэбныя, зробім самі, а на справе адбыліся дзве сустрэчы, і на гэтым усё заглухла. Нашы курсы - усё ж гэта вельмі высокая планка, і ў кожным горадзе іх праводзяць, як правіла, лепшыя людзі гэтага горада. Я за канкурэнцыю і за тое, каб курсы множыліся і каб сапраўды была альтэрнатыва нашым курсам. І таму мы заўсёды ў Менску на сваіх занятках рэкламуем усе курсы беларускай мовы, якія праводзяцца ў Менску. Мы не павінны разыходзіцца па вуглах, як баксёры, і казаць, што ў нас тут адны курсы, а ў вас іншыя. Галоўнае, каб на курсах было цікава людзям і каб яны ўцягвалі людзей у космас беларушчыны.
Міхаіл Карневіч, Радыё Свабода.
На заняткі запрашае Цётка
На календары студзень, а ў літаратурным аддзеле гістарычна-мастацкага музея (доміку Таўлая) распачаўся навучальны год. Толькі пачакайце здзіўляцца часу і месцу, бо ёсць яшчэ адзін цікавы факт: урокі ў школе будзе весці Цётка, або вядомая нам Алаіза Пашкевіч.
Скажаце: "Нейкі абсурд?" А вось і не! Усяго толькі вобразнае прадстаўленне ўнікальнай у сваім родзе музейна-адукацыйнай праграмы "У школу да Цёткі".
Такая назва выбрана не выпадкова. Алаіза Пашкевіч родам з Лідскага павета (цяпер гэта Шчучынскі раён). Але куды больш важны іншы факт: беларуская паэтэса, публіцыст і грамадскі дзеяч арганізавала ў Вільні ў 1915 годзе разам з Баляславам Пачопкам першую ў гісторыі легальную беларускую школу, а таксама паводле мясцовай легенды арганізавала ў тым жа 1915 годзе і першую легальную беларускую школу ў Лідзе
- Ідэя арганізаваць такую праграму ўзнікла 15 ліпеня мінулага года падчас падрыхтоўкі да адкрыцця выставы "Жыве мая ліра нанова!", прымеркаванай да 140-годдзя з дня нараджэння Цёткі, - расказвае куратар адукацыйнай праграмы, супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун.
- Алаіза Пашкевіч пакінула нам вялікую літаратурную, а таксама педагагічную спадчыну. З пашанай да яе мы ўзялі на сябе смеласць працягнуць гэтую традыцыю і ў наш час.
Музейна-адукацыйная праграма "У школу да Цёткі" разлічана на ўвесь год і ўяўляе сабой заняткі па 14 асобных тэмах, прысвечаных беларускай мове, літаратуры, традыцыям, нацыянальным каштоўнасцям, гісторыі краю і іншаму. Пры гэтым кожная тэма будзе паўтарацца некалькі разоў для розных аўдыторыяў.
Першы такі занятак прайшоў ужо на гэтым тыдні і тычыўся гісторыі першай беларускай школы на Лідчыне. На ім прысутнічалі вучні 6-га класа СШ № 11, іх настаўнікі, а таксама прадстаўнікі культурных устаноў горада і раёна, гісторыкі, паэты і артысты. Музейна-адукацыйная праграма разлічана ўсё ж такі на дзяцей, і каб ім было не сумна, але каб у той жа час занятак быў пазнавальным, урок быў пабудаваны ў выглядзе віктарыны. Акрамя пытанняў-адказаў ён уключаў аўдыёзапісы, відэафільмы, музычна-паэтычныя адступленні.
Відэарэпартаж пра падзею можна паглядзець на сайце www.lixmuseum.by.
Вікторыя Русілевіч.
Алена Анісім: Беларуская мова на ўпакоўцы абароніць беларускі тавар ад падробак
Спрэчкі на тэму "Ці павінна беларуская мова абавязкова прысутнічаць у інфармацыі аб таварах і паслугах?" перайшла на новы ўзровень - збор подпісаў пад петыцыямі ў Палату прадстаўнікоў і Прэзідэнцкую адміністрацыю. Сэнс у тым, каб вытворцаў абавязалі выкарыстоўваць абедзве дзяржаўныя мовы.
Дзейны закон "Аб абароне правоў спажыўцоў" дазваляе вытворцам выбіраць, якой мовай карыстацца: рускай альбо беларускай.
Актывісты прапануюць змяніць тэкст закона такім чынам, каб інфармацыя спажыўцам падавалася "на рускай і беларускай мовах". Як стала вядома Еўрарадыё, у міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю нічога змяняць у законапраекце не будуць.
- Мы кіруемся законам "Аб мовах", дзе ўказана, што гэта можа быць альбо руская, альбо беларуская мова. Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся на паседжанні працоўнай групы пры Нацыянальным цэнтры прававых даследаванняў. І не была падтрымана ініцыятыва (каб былі руская і беларускія мовы на этыкетках - Еўрарадыё) . Потым гэта абмяркоўвалася на грамадска-кансультацыйным савеце пры нашым міністэрстве. І там гэтая прапанова таксама не была падтрымана. Адпаведна, у такім выглядзе гэты праект пайшоў далей, - тлумачаць Еўрарадыё ў прэс-службе міністэрства.
Гэта азначае, што з міністэрства законапраект перадалі ў Саўмін, а адтуль ён прыйдзе ў парламент - на разгляд дэпутатаў.
На думку дэпутата Алены Анісім, калі руская і беларуская мовы ў нас роўныя, то гэта павінна быць заканадаўча замацавана. Адпаведна, калі распрацаваны Мінгандлю законапраект будзе разглядацца ў парламенце, то яна ўнясе прапанову пра размяшчэнне інфармацыі на ўпакоўку на беларускай і рускай мове. Але дэпутат прапануе глядзець шырэй.
- Каб гэта стала рэальнасцю і каб кожны разумеў, што гэта не проста маральны абавязак, але яшчэ і надзённая патрэба, то ва ўсіх законах, якія датычаць інфармацыі, павінна быць прапісана: "Інфармацыя змяшчаецца на дзяржаўных беларускай і рускай мовах". Гэта роўнасць абвешчаная, павінна быць заканадаўча замацавана і праведзена скрупулёзна праз усе заканадаўчыя акты, - сцвярджае Анісім.
Менавіта таму дэпутат ужо ўнесла праўкі, датычныя мовы, у законапраекты "Аб дзяржаўных закупках" і "Аб бяспецы прадуктовай сыравіны і харчовых прадуктаў". У першы законапраект прапанавала дадаць, што "дамовы аб дзяржаўных закупках афармляюцца на беларускай і рускай мовах" , у другі, што "інфармацыя аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктах павінна ўтрымлівацца ў суправаджальных дакументах, на ўпакоўках, этыкетках альбо даводзіцца да ведама насельніцтва на рускай і беларускай мовах" .
Добра, але як змагацца з аргументам вытворцаў, што дадатак на ўпакоўку беларускай мовы вядзе да павелічэння выдаткаў і падаражання прадукцыі? Анісім рыхтуе свае аргументы. Да прыкладу, лічбы ад замежных вытворцаў, якія сцвярджаюць, што выкарыстанне імі беларускай мовы павялічыла продажы ў краіне. Ну, і яшчэ адзін момант.
- Недаацэнка беларускай мовы прыводзіць да таго, што з'яўляюцца падробкі беларускіх тавараў у Расіі. Прычым, яны выкарыстоўваюць акурат-такі беларускую мову. І такім чынам пад выглядам нашых брэндаў з'яўляецца прадукцыя іншых вытворцаў. Калі б нашы вытворцы зразумелі, што пісьменнай беларускай мовай яны абараняюць сваю прадукцыю, то, думаю, іх стаўленне змянілася б да гэтага пытання, - лічыць дэпутат.
Насамрэч, ужо дастаткова шмат вытворцаў выкарыстоўваюць беларускую мовы. Да прыкладу, піўная кампанія "Аліварыя". Прадстаўнік кампаніі Ала Ляцяга гаворыць, што выкарыстанне беларускай мовы было натуральным. Тым не менш, на "Аліварыі" з разуменнем ставяцца да перасцярог іншых з нагоды абавязковага выкарыстання дзвюх моў на ўпакоўцы.
- Мы з насцярожанасцю ставімся да ініцыятыў, якія накладваюць нейкія прымусовыя абавязкі на вытворцаў. Справа ў тым, што памеры этыкетак на прадуктах абмежаваныя, а патрабаванняў да зместу этыкеткі вельмі шмат, таму не бачу нічога дрэннага ў тым, каб пакінуць гэта на выбар вытворцаў, - кажа Ала Ляцяга.
У сваю чаргу Алена Анісім упэўненая, што вытворцы павінныя "ўмець працаваць на рынку, у тым ліку і як грамадзяне Беларусі, а не толькі як людзі, якія імкнуцца атрымаць звышпрыбытак".
Еўрарадыё. Фота Еўрарадыё.
Нататкі з Рады, нататкі перад Радай
Цягнік з Магілёва крыху запазніўся, і я ледзве паспяваю да пачатку. У невялічкай зале сядзібы ТБМ амаль усе месцы ўжо занятыя. Вольнае толькі месца ў тарцы стала, і я праціскаюся туды. Па праўдзе, на гэтае месца павінны б сядаць тыя, хто гатовы заняць кіраўнічую пасаду. Але ў нашай арганізацыі канкурэнцыі тут не заўважаецца, і таму "кіраўнічае" месца застаецца пустым. Воляй выпадку яно дастаецца мне. Адтуль добра аглядваць усіх прысутных. Пераважна гэта дзяды з сівымі галовамі. Яно як бы і правільна: разважлівая мудрасць аксакалаў павінна прэваліяваць у нашай справе. Але ўсё ж маладых твараў хацелася б бачыць болей.
Старшыня з намесніцай займаюць месцы ў другім тарцы стала, каля парога, паседжанне пачынаецца.
Алена Анісім распавядае аб праведзенай выбарчай кампаніі, аб першых кроках свайго дэпутацтва і магчымых кроках надалей. Памылкова, следам за А. Трусавым, называе Палату прадстаўнікоў парламентам. Яно і хацелася б уяўляць сябе часткай вышэйшага заканадаўчага органа краіны, але ў нас "вышэйшым" з'яўляецца Прэзідэнт. Тым не менш, будзе хаця б доступ да мікрафона, з якога голас гучней чуецца. "Не абраная, а дапушчаная," - гучыць нечая іранічная папраўка. Аўтар выгуку, несумненна, мае рацыю, але, на мой погляд, "дапушчаная" - таксама перамога, бо раней і дапушчаных не было.
Па заканчэнні выступу сп. Алены ў атаку кідаецца Мікола Савіцкі: "Чаму б вам не зрабіць так, як зрабіла Ганна Канапацкая, не абнародаваць сваю зарплату як дэпутата?.." Пытанне выклікае непаразуменне ў зале: па-першае, зарплата ўжо абнародавана, навошта гэта рабіць другі раз? Яна ж ва ўсіх дэпутатаў амаль аднолькавая. Куды б цікавей дадатковыя пытанні: за што дэпутатам плоцяць прэміі? І што такое "выслуга"?
Збянтэжана і Алена наскокам прафесара. І ад нечаканасці робіць небіблейскі ход: паведамляе, што частку зарплаты яна будзе пералічваць на… Пералічваць куды ці не пералічваць свае грошы - гэта справа самой Алены, ніхто не можа ад яе гэтага патрабаваць. Я б нічога кепскага не ўбачыў у тым, калі б усю зарплату яна скарыстоўвала на свае патрэбы. А калі ўжо вырашыла частку каму перадаваць, то агучваць гэтага не трэба, любую добрую справу ацэняць на "высокім судзе", а не ў чалавечым асяродку.
Спадар Мікола спрабуе яшчэ нешта запытацца, але пытанне ў яго непадрыхтаванае, яно выглядае агрэсіўна і гучыць доўга, у наслаенні слоў сутнасць пытання не асэнсоўваецца, таму ў зале нарастае раздражненне. Адчуваючы гэта, прафесар садзіцца з незадаволеным выглядам.
На жаль, яго наскокі стварылі нярвознасць у зале, і гэта ўплывае на вядзенне паседжання з боку старшыні.
Усё ж паседжанне вяртаецца ў рабочае рэчышча. У парадку пытанне аб падпісцы на газету ТБМ і фінансавыя справы. Падпісваюцца на газету менш за 10 адсоткаў сяброў ТБМ. Частыя размовы-роздумы аб тым, як гэта паправіць, не даюць вынікаў. Газеты на паперы зараз людзі ўвогуле амаль не чытаюць, пераходзяць на інтэрнэт-версіі. Выявілася, што "Наша слова" выпісваюць нават не ўсе сябры Рады. Нечы заклік да сяброў Рады выпісваць газету для сябе і сваіх сяброў, думаецца, знойдзе мала водгукаў.
Крытычна стаіць пытанне і з арэнднай платай за памяшканне. Амаль паўтары тысячы рублёў за месяц, гэта 18 тысяч за год. Дзяржава да дзейнасці ТБМ ставіцца абыякава-грэбліва, і падтрымкі з таго боку чакаць не даводзіцца. "А колькі ў нас сяброў ТБМ?" - цікавіцца Савіцкі. Выяўляецца, што каля шасці тысяч. Прафесар памнажае гэтую лічбу на 10 (гадавы памер унёскаў) і ў разгубленасці разводзіць рукамі. Атрымліваецца, што калі сабраць складкі хаця б з трэцяй часткі сяброў, то гэтых сродкаў хопіць болей, чым на год. "Што за арганізацыя?!" - хочацца выгукнуць яму, але ён стрымліваецца, не хочучы ўздымаць чарговы кіпеж.
Рада заканчваецца прызначэннем даты чарговага паседжэння.
Міхась Булавацкі.
Баранавіцкія ахвярадаўцы за 2016 год
1. Карлінскі В.А. - 100 руб.
2. Макарэвіч Р.А. - 50 S.
3. Сухарэпскі В.І. - 60руб.
4. Гоўша С.К. - 20 Е.
5. Ганчарук М.В. - 20 руб.
6. Сырыца Т.А. - 15 руб.
7. Антановіч Л.А. - 11 руб.
8. Аніскевіч Г.У. - 10 руб.
9. Данільчык В.М. - 5 руб.
10. Гундар У.Т. - 5 руб.
11. Паўлоўскі А.У. - 5 руб.
12. Малашчанка А.М. - 1 руб.
13. Малашчанка Т.С. - 1 руб.
Баранавіцкая рада ТБМ.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Капіровіч Паліна - 20 р., г Менск
2. Рабека Мікола - 20 р., г. Менск
3. Тэлесябрына - 20 р., г. Менск
4. Чэчат Алесь - 20 р., г. Менск
5. Краўчанка Рыгор - 10 р., г. Менск
6. Навуменка Валянціна - 20 р., г Менск
7. Рысевец Уладзімір - 10 р., г. Менск
8. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад
9. Кароткі Мікалай - 15 р., г Менск
10. Трусаў Алег - 10 р., г. Менск
11. Голуб Валер - 30 р., г. Менск
12. Давідоўскі Ігар - 20 р., г. Менск
13. Ляскоўскі Ўладзіслаў - 25 р., м. Шаркаўшчына
14. Фурс Юры - 20 р., г. Паставы
15. Новікаў Аляксандр - 10 р., г. Менск
16. Зылькоў С.П. - 80 р., г. Гародня
17. Плакса Ўладзімір - 5 р., г Менск
18. Осіпава Аляксандра - 10 р., г. Гомель
19. Чыгір Я.А. - 22 р., г. Гародня
20. Лягушаў Алег - 20 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н
21 Дайнека Аляксандр - 10 р., г. Менск
22. Лявончык Раман - 15 р., г. Салігорск
23. Камінская А.А. - 30 р., г. Менск
24. Чачотка Анатоль - 5 р., г. Менск
25. Любін Мікола 10 р., г. Менск
26. Кашуба Тамара - 7 р., г. Менск
27. Чыжова Таццяна - 7 р., г. Менск
28. Нурчынскі Б.Б. - 15 р., г. Ашмяны
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
У VII ст. шведскія вікінгі напалі на балцкае племя куршаў, якія жылі на ўсходнім беразе Балтыйскага мора. Яны заснавалі на землях куршаў свае ўмацаваныя паселішчы непадалёк ад сённяшняга латышскага горада Ліепаі. Гэтая база вікінгаў існавала каля 200 гадоў, аж пакуль куршы не знішчылі яе. У сваю чаргу куршы рабілі набегі на востраў Готланд і Данію. У IX ст. вялікае войска датчан напала на куршаў, але тыя разбілі заваёўнікаў і захапілі палову іх караблёў.
У 854 г. на землі куршаў напаў шведскі конунг Улаф і прымусіў іх плаціць яму даніну. Але неўзабаве куршы адмовіліся ад гэтага.
Падобная сітуацыя была і з заходнімі славянамі, якія жылі на берагах Балтыйскага мора. Яны таксама аказвалі моцны супраціў вікінгам і не раз самі нападалі на іх паселішчы ў Скандынавіі. У стасунках з усходнімі славянамі і фіна-уграмі дачыненні былі іншымі, бо варагі павінны былі разам з імі пракладаць транскантынентальныя гандлёвыя шляхі, у тым ліку і Вялікі Волжскі шлях , а таксама "шлях з варагаў у грэкі" . Варагі разам з мясцовым насельніцтвам заклалі першыя раннегарадскія цэнтры як апорныя базы на вышэйзгаданых гандлёвых шляхах. Гэта - Старая Ладага, Рурыкава гарадзішча пад Ноўгарадам, Гнёздава каля Смаленска, Кіеў і інш. Паасобныя конунгі вікінгаў пачалі кіраваць некаторымі мясцовымі плямёнамі. Так у 862 г. вараг Рурык быў запрошаны на княжанне славянскімі і фінскімі плямёнамі.
Прысутнасць варагаў на Беларусі зафіксавана ў пісьмовых крыніцах і пацверджана археолагамі. Першы вядомы з пісьмовых крыніцаў полацкі князь Рагвалод таксама мог быць варагам, бо "прыйшоў з замор'я". Назва горада Полацка ( "Палтэск'я" ) згадваецца ў скандынаўскім эпасе - сагах ; у геаграфічных творах. Пра варагаў сведчаць і пісьмовыя крыніцы скандынаваў - рунічныя надпісы на манетах і некаторых рэчах. Археолагі не раз знаходзілі на тэрыторыі Беларусі варажскую зброю і ювелірныя аздобы. Гэта каралінгскія мячы, наканечнікі дзідаў і стрэлаў. Сярод ювелірных скандынаўскіх вырабаў знойдзены арнаментальныя падвескі, шыйныя грыўні, бранзалеты і рэшткі пояса.
У 1984 г. на Ніжнім замку ў Полацку знайшлі скарб з залатых бранзалетаў, якія маюць паўночна-еўрапейскія аналогіі. На арабскіх манетах з некаторых скарбаў, знойдзеных на Беларусі, ёсць выявы ў выглядзе рун і рунападобных знакаў. Цэлы комплекс костак (больш за 120) з рунічнымі надпісамі і малюнкамі знойдзены на гарадзішчы Маскаўцы ў Віцебскай вобласці. Гульнявая костка варагаў ( астрагал ) з рунічнымі знакамі знойдзена пры раскопках у Полацку.
Руны - гэта знакі старажытнага германскага алфавіту, што высякаліся на дрэве, косці, камені і метале. У II-VII стст. агульнагерманскі рунічны алфавіт меў 24 знакі. У варагаў быў свой варыянт рунічнага алфавіту. На тэрыторыі Швецыі захавалася шмат памятных каменных стэлаў з рунічнымі надпісамі.
Рака Заходняя Дзвіна ў ІХ-Х стст. стала часткай міжнароднага гандлёвага шляху са Скандынавіі ў Візантыю і Арабскі халіфат. На тэрыторыі Беларусі злучаліся два кірункі гэтага шляху. Першы кірунак ішоў па Дзвіне да Дняпра, а другі - праз рэкі Няву, Волхаў, возера Ільмень і раку Ловаць таксама да Дняпра. Па Дняпры варагі траплялі ў Візантыю, а па Волзе - у Арабскі халіфат. Улетку 2016 г. беларускія археолагі на тэрыторыі сённяшняга Шумілінскага раёна (Віцебшчына) адкрылі паселішча ІХ-Х стст. Кардон , дзе было знойдзена каля 600 рэчаў (а ртэфактаў ) выразна скандынаўскага паходжання.
Варагі-нарманы паспрыялі завяршэнню працэсу ўтварэння ранне-феадальных дзяржаў ва ўсходніх славян, умацавалі з дапамогай конунгаў і наёмнага войска (дружыннікаў) апарат княжацкай улады і паскорылі працэс утварэння гарадоў. Нават тэрмін "Русь" - як назву палітычнай супольнасці ўсходніх славян і яе тэрыторыі, супольнасці невялікіх дзяржаў-княстваў - славяне запазычылі ў скандынаваў. Еўрапейскія гісторыкі лічаць канцом эпохі вікінгаў 1066 год, калі герцаг Нармандыі Вільгельм пачаў заваяванне Англіі.
5. Плямёны балтаў і фіна-уграў
Балты. Да іх навукоўцы адносяць групу індаеўра-пейскіх плямёнаў і народаў, якія гаварылі, або і цяпер гавораць, на балтыйскіх мовах ці іх дыялектах. Цяпер гэта сучасныя літоўцы і латышы. Упершыню тэрмін "балты" ўвёў у навуковы ўжытак нямецкі вучоны Генрых Фердынанд Нэсельман у 1845 г. Балцкія плямёны сфармаваліся ў эпоху позняга неаліту і бронзы. Яны займалі басейны рэк Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны , верхняга Дняпра , вярхоўе Волгі і Акі . Гэтыя плямёны з антычных часоў здабывалі і прадавалі рымлянам, бурштын. У раннім Сярэднявеччы балты займаліся жывёлагадоўляй і рыбалоўствам. Паступова развівалася і земляробства. Асноўным тыпам пасяленняў у іх былі ўмацаваныя гарадзішчы, а пазней і вёскі, дзе жыло некалькі сем'яў. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (латгалы, селы, земгалы, жэмайты і інш.) і дняпроўскіх (племя голядзь і іншыя невядомыя з летапісных крыніц плямёны), пазней асіміляваныя славянамі. Да VII ст. балты насялялі большую частку сённяшняй Беларусі і суседняй з ёю Смаленшчыны. Асіміляцыя балтаў славянамі на нашай тэрыторыі працягвалася да ХІІ-ХІІІ стст., а на захадзе Беларусі і пазней.
Заходнія балты. Да іх належалі прусы - група заходнебалцкіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі сённяшніх Польшчы (Мазурскае Паазер'е) і Калініградскай вобласці Расіі. Гэта былі вельмі ваяўнічыя плямёны, якія рабілі набегі на сваіх суседзяў. Прусы хавалі сваіх ваяроў разам з іхнімі коньмі, што зрабілася іх этнічнай прыкметай. У V ст. прусы занялі паўвостраў Самбію , вусце Нёмана, а пазней і тэрыторыі Верхняга Панямоння. У пахаваннях прусаў археолагі знаходзяць шмат узбраення (мячы, дзіды, сякеры, рэшткі драўляных шчытоў), аздобаў з металу, бурштыну і шкла.
Суседзямі прусаў былі роднасныя да іх яцвягі , якія занялі суседнюю з прусамі тэрыторыю: заходнюю частку Мазурскага Паазер'я і басейн сярэдняга і верхняга Нёмана. Племя, якое жыло на правым беразе Нёмана, мела назву дайнова , а жыхары левага берага пазываліся яцвягамі. Сваіх нябожчыкаў яцвягі спальвалі, а іх парэшткі хавалі ў каменных курганах, калі на земляным пагорку над рэшткамі спаленага нябожчыка ляжалі камяні. Найбольш яцвягаў жыло на тэрыторыі сённяшняй Польшчы і Гродзенскай вобласці Беларусі. Куршы жылі на берагах Балтыйскага мора. У IX ст. яны мелі пяць асобных племянных тэрыторый - земляў. У куршаў быў добры флот, іх ведалі ў скандынаўскіх краінах.
Усходнія балты . На аснове даўніх усходнебалцкіх плямёнаў узніклі сённяшнія літоўцы і латышы. Да латышскіх плямёнаў адносіліся латгалы, селы і земгалы . Латгалы мелі чатыры зямлі - племянныя тэрыторыі. Суседнія славяне называлі гэты народ латыгола . Латгалы засялілі правы бераг Дзвіны; яны займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Была развіта апрацоўка жалеза і каляровых металаў. Латгалы жылі ва ўмацаваных паселішчах, а таксама мелі паселішчы на драўляных насцілах сярод азёр. Земгалы мелі сем зямель, яны жылі на левым беразе Дзвіны побач з куршамі і селамі.
Да IX ст. латышскія плямёны складаліся з асобных родаў. Пазней роды падзяліліся на вялікія сем'і, а тыя - на малыя. Такім чынам узніклі суседскія грамады-вёскі . Некаторыя моцныя сем'і сяліліся асобна, на хутарах. Большай тэрыторыяй быў пагост . Некалькі пагостаў складалі зямлю, або акругу, цэнтрам якой быў умацаваны замак кіраўніка акругі .
Побач з драўляным замкам існаваў пасад - тэрыторыя, дзе жылі рамеснікі; умацаванняў там не было. Кіраўнік замка меў баявую дружыну, якая ахоўвала жыхароў акругі, а таксама рабіла набегі на суседзяў. Такім чынам узнікалі протагарады .
Побач з латышскімі плямёнамі жылі літоўскія ( жамойты, аўкштайты ). Жамойты займалі правы бераг ніжняга Нёмана і займаліся жывёлага-доўляй, паляваннем і збіральніцтвам. Для іх уласцівыя грунтавыя могільнікі, у якіх знаходзяць зброю і ювелірныя вырабы. Суседнія аўкштайты займалі басейны рэчак Нявежы і Віліі (Нярыса) . Яны жылі ў неўмацаваных паселішчах, а суседнія з імі гарадзішчы былі толькі сховішчамі ў ваенны час. У Х-ХІІІ стст. побач з нябожчыкамі хавалі няспаленых коней (да дзесяці і болей жывёл) з усім конскім рыштункам.
Усе балты былі язычнікамі, шмат якія з іх у якасці татэмных жывёл мелі вужа або змяю. Змяіны культ прасочваецца ў ювелірным - мастацтве балтаў, калі канцы бранзалетаў аздабляюць змяінымі галоўкамі. Некаторыя плямёны мелі свяшчэннае дрэва - дуб, а галоўным богам лічылі Пяркунаса , бога маланкі і грому. У латышоў і літоўцаў захаваліся старажытныя народныя песні- дайны , якія ўзніклі ў эпоху Сярэднявечча, яшчэ ў язычніцкі перыяд.
Фіна-угры . Гэтая гру-па плямёнаў даўней засяляла лясную зону Усходняй Еўропы і Заўралля, басейн верхняй і сярэдняй Волгі, Акі і Камы. Паступова яна падзялілася на фінаў і уграў. Старажытныя угры - гэта продкі венграў, хантаў і мансі .
Сярод фінаў вылучаюць паволжскіх, прыбалтыйскіх і пермскіх фінаў. Да паволжскіх адносяць сённяшніх мардву і марыйцаў , якія жывуць на Волзе. Да пермскіх фінаў - такія народы, як комі , комі-пермякі і ўдмурты . Прыбалтыйскія фіны падзяляюцца на ўсходніх і заходніх. Усходнія прыбалтыйскія фіны - гэта плямёны суомі, хама (ем, ям) і карэла . У IX ст. у іх узік першы гандлёвы цэнтр на месцы цяперашняга горада Турку. Да іх таксама адносіліся такія плямёны, як водзь, весь, чудзь і іншыя, якія мелі цесныя кантакты са славянамі. Да заходніх, прыбалтыйскіх фінаў можна аднесці ліваў і эстаў .
Лівы жылі на беразе Фінскага заліва, у басейнах рэк Дзвіны і Гаўі і на Курземскім паўвостраве . Яны займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, былі добрымі ваярамі і мелі чатыры племянныя акругі-землі. Самыя галоўныя ў іх былі ваяры-дружыннікі - знаць , або баяры . Большасць вольных сялян мелі назву людзі . Былі халопы-нявольнікі накшталт рабоў, захопленых некалі ў палон. Іх называлі нелюдзі . Існавалі народныя сходы , на якіх вырашаліся галоўныя пытанні акругі. Славяне называлі суседніх ліваў "ліб'ю" .
Эстамі ( эсціямі, айстамі ) спачатку, у VI ст., назы-валі прусаў, а пазней, у IX ст. - фіна-ўгорскія плямёны, продкаў сённяшніх эстонцаў. Славяне называлі эстаў як племя "чудзь"; адсюль назва гідроніма Чудскае возера . Эсты спачатку займаліся рыбалоўствам і жывёлагадоўляй, а пазней засвоілі і земляробства. Сябе яны называлі "народам зямлі" . Сляды фіна-ўгорскага насельніцтва прасочваюцца на поўначы Беларусі, асабліва ў Гарадоцкім і Аршанскім раёнах Віцебскай вобласці. Пры раскопках гарадоў Полацкай зямлі знойдзена шмат знаходак, якія сведчаць пра цесныя сувязі мясцовых жыхароў з фінскімі плямёнамі.
6. Яўрэі (габрэі) і іх рассяленне ў Еўропе
У 313 г. рымскі імператар Канстанцін выдаў у Мілане ўказ аб тым, што ўсе рэлігіі ў Рымскай імперыі роўныя. Аднак пазней, у 325 г. ён склікаў Нікейскі сабор , на якім вырашылі, што хрысціяне не павінны святкаваць сваю Пасху адначасова з яўрэямі.
З гэтага часу хрысціянская рэлігія пачала ўсё болей адрознівацца ад веры яўрэяў. Наступнік Канстанціна імператар Канстанцый II забараніў шлюбы яўрэяў і хрысціян. У раннім Сярэднявеччы асноўная маса яўрэяў жыла ў Азіі і паўночнай Афрыцы. Пасля раздзелу Рымскай імперыі ў 395 г. на дзве самастойныя дзяржавы яўрэі жылі як у Італіі, так і ў Візантыі. Першыя рымскія папы яўрэяў не пераследавалі, але намагаліся зрабіць іх хрысціянамі. Папа Рыгор Вялікі ў 590 г. дазволіў яўрэям жыць па сваіх законах і звычаях. Тым жа, хто пераходзіў у хрысціянства, даваліся розныя ільготы. Але такіх было не шмат. Добра жылося ім і ў імперыі Карла Вялікага ў VIII-IX стст. Імператар падтрымліваў іх як арганізатараў міжнароднага гандлю. Вялікія яўрэйскія грамады ўтвараліся ў Рыме, Венецыі, Неапалі і на востраве Сіцылія. Найлепей ім жылося ў Рыме, дзе рымскія папы іх не чапалі, а некаторыя нават давалі ім прывілеі.
У Візантыйскай імперыі ім жылося значна горш. Візантыйскія імператары гвалтам прымушалі іх пераходзіць у хрысціянства. У 723 г. імператар Леў ІІІ Ісаўр загадаў, каб усе яўрэі сталі хрысціянамі. Шмат хто з гэтым мусіў пагадзіцца, астатнія перасяліліся ў Крым і Таўрыду. Аднак пазней сітуацыя палепшала, і яўрэі займелі вялікія калоніі ў Канстанцінопалі, Салоніках ды іншых візантыйскіх гарадах на Балканах. Яны займаліся тут рознымі рамёствамі, асабліва вырабам шаўковых і пурпурных тканін. Яўрэйскія грамады кіраваліся сваімі выбарнымі старшынямі "эфорамі" .
Моцна пераследавалі яўрэяў вестготы, якія стварылі сваю дзяржаву на Пірэнейскім паўвостраве. Каралі вестготаў прымушалі іх або прымаць. хрысціянства, або пакінуць краіну. Калі ў 711 г. на Пірэнеях з'явіліся войскі арабаў, яўрэі сустрэлі іх як сяброў і дапамагалі ваяваць з вестготамі. Арабскія халіфы далі ім самакіраванне і свабоду веравызнання. Менавіта тут іх рэлігія расквітнела і дасягнула высокага ўзроўню.
У асновее іўдаізму - рэлігіі яўрэяў - ляжыць вера ў адзінага бога Ягве, "богаабранасці" яўрэйскага народа, вера ў нябеснага збаўцу (месію) і ў святыя кнігі яўрэяў - Стары Запавет і Талмуд . Канчаткова талмуд як зборнік святых тэкстаў, склаўся ў V ст. У Сярэднявеччы ў яўрэяў узнікла містычнае вучэнне Кабала , дзе былі выкладзены пачаткі іўдаізму, якія спалучаліся з элементамі хрысціянскага светапогляду, а таксама ісламу. У гэты час склаўся орган духоўнага кіраўніцтва яўрэяў - равінат , які тлумачыў рэлігійныя абрады і 613 запаведзяў, выкладзеных у Старым Запавеце. Іўдзейская рэлігійная грамада на чале са святаром ( равінам ) атрымала назву сінагога. Таксама сінагогай называецца і будынак яўрэйскага храма. У сінагогах чытаюць Тору - першыя пяць кніг Старога Запавету, якія, паводле падання, напісаў Майсей са слоў бога Ягве.
У часы Рымскай імперыі яўрэі з'явіліся на тэрыторыі Францыі і Германіі. Іх калоніі былі ў Марселі, Арлеане, Клермоне, Парыжы, Кёльне ды іншых гарадах. У Франкскай дзяржаве ў эпоху Меравінгаў царкоўныя саборы ў Армане (533-541 гг.) забаранілі шлюбы паміж хрысціянамі і яўрэямі, і пачаўся пераслед апошніх. Аднак у часы Карла Вялікага яны атрымалі шмат прывілеяў і нават былі дыпламатамі пры каралеўскім двары. У нямецкіх гарадах яўрэі жылі асобнымі грамадамі на чале з равінамі і старэйшынамі. Тут існавалі талмудычныя школы і жылі вядомыя яўрэйскія навукоўцы.
У VIII ст. (каля 730 г.) іўдаізм як дзяржаўную рэлігію прынялі хазары , якія мелі сваю дзяржаву ў паўднёвай частцы Усходняй Еўропы. У сталіцы хазараў горадзе Іцілі на Волзе (каля Астрахані) будаваліся сінагогі. Сюды запрашалі з іншых краін яўрэйскіх багасловаў і навукоўцаў. Аднак у X ст. кіеўскі князь Святаслаў знішчыў іх гарады на Волзе, і дзяржава хазараў распалася. У X ст. яўрэі з'явіліся ў Кіеве і Польшчы, асабліва пасля таго, як там прынялі хрысціянства.
7. Складванне феадальных адносін
Заходнееўрапейскае грамадства X-XIII стст. вызначаецца як феадальнае. У шырокім сэнсе слова феадалізм азначае сістэму ўлады, заснаваную на перадачы за выкананне пэўнай службы зямельнага надзела ( феода ) ў спадчыннае трыманне, што такім чынам аб'ядноўвала вышэйшыя слаі тагачаснага грамадства.
Аснову заходнееўра-пейскай эканомікі ў гэтыя часы складала аграрная вытворчасць - земляробства, жывёлагадоўля, хатнія промыслы, а таксама рыбалоўства і паляванне. Эканоміка развівалася экстэнсіўна, праз пашырэнне плошчы ўрабляных зямель падчас унутранай каланізацыі. Сярэднія і малодшыя сыны сялян, якія не мелі права на спадчыну, асвойвалі новыя землі, высякалі лясы, асушалі балоты і засноўвалі новыя вёскі. Ініцыятыва перасялення на новае месца магла сыходзіць ад караля ці магната. Новыя вёскі ў такім разе станавіліся вайсковымі пасяленнямі, жыхары якіх абаранялі межы феадальных уладанняў і гандлёвыя шляхі. У якасці апорных пунктаў унутранай каланізацыі выступалі і кляштары.
Натуральная гаспадарка. Да канца IX ст. у краінах Заходняй Еўропы не засталося вольных земляў, прыдатных да апрацоўкі. Усе былыя вольныя сяляне, за выняткам дзяржаў Скандынавіі, сталі залежнымі ад феадалаў. Землі ў адной мясцовасці, якія належалі феадалу, складалі яго маёнтак. Сяляне забяспечвалі сябе і сям'ю феадалаў харчамі ды пітвом, ткалі палатно, шылі вопратку і абутак. Рамеснікі ў маёнткавых майстэрнях кавалі жалеза, рабілі зброю і розныя прылады працы. Жыхары такога маёнтка амаль нічога, акрамя солі і некаторых металаў, не куплялі. Таму такая гаспадарка і называлася натуральнай . Феадалы хацелі вырошчваць усе сельскагаспадарчыя культуры, якія маглі б ім спатрэбіцца. Таму ніякай спецыялізацыі не было, і ўраджаі былі дрэннымі. У якасці ўгнаення выкарыстоўваўся толькі попел ад спаленых дрэў і кустоў на месцы ворыўнай зямлі.
Феадалы і сяляне. Да IX ст. знешні выгляд феадалаў і сялян не вельмі розніўся, бо апраналіся яны амаль аднолькава. Аднак паступова феадалы пачалі лічыць сябе элітай, "высакароднымі" людзьмі і імкнуліся заключаць шлюбы толькі паміж сем'ямі феадалаў. Феадалы пачалі лепш апранацца, выкарыстоўваць ювелірныя вырабы са срэбра і золата, ужываць дарагія віны, розныя мясныя стравы. Але ўсё гэта патрабавала грошай, бо натуральная гаспадарка не магла забяспечыць новыя патрэбы феадалаў. Таму феадалы пачалі прадаваць частку прадуктаў, забраных у сялян, і на атрыманыя грошы купляць розныя замежныя тавары, асабліва візантыйскія ці арабскія. Каб атрымліваць стабільныя прыбыткі, зямля маёнтка была падзелена на дзве часткі. Большая частка, дзе землі былі больш ураджайныя, складалі панскія палі, і ўвесь ураджай з іх належаў феадалу. Меншая частка складала сялянскія надзелы, з якіх карміліся сяляне. Таму залежнасць сялян ад феадалаў павялічылася і складалася з двух абавязкаў. Першы - гэта паншчына , калі сяляне павінны былі працаваць некалькі дзён у тыдзень на панскіх палетках. Другі называўся аброкам - калі сяляне аддавалі феадалу пэўную колькасць прадуктаў са сваіх земляў, а таксама некаторыя вырабы са сваёй гаспадаркі. Паступова сяляне страцілі сваю асабістую свабоду і не маглі без дазволу феадала пакінуць сваю вёску ці хутар.
У IX, і асабліва ў X ст., у Заходняй Еўропе склалася феадальная іерархія . Найбольш выразна гэта выявілася ў Францыі, якая стала ўзорным прыкладам феадальнай сістэмы. На чале краіны стаяў кароль, якому фармальна належалі ўсе землі краіны. Аднак за вайсковую службу частку зямель у якасці феодаў каралі раздавалі магнатам (герцагам, графам і г.д.). Тыя раздавалі частку гэтых земляў за службу іншым, драбнейшым феадалам. Феадал, які даваў феод, пачаў называцца сеньёрам , а той, хто яго атрымаў - васалам . Калі васал атрымліваў феод, ён даваў прысягу вернасці свайму сеньёру і павінен быў выконваць яго загады. Сеньёр, у сваю чаргу, павінен быў бараніць маёмасць і жыццё сваіх васалаў. Таму васал прызнаваў у першую чаргу ўладу свайго сеньёра, а загады вышэйшых феадалаў, нават караля, для яго не былі абавязковыя. Для таго каб пракарміцца, каралі мелі свае ўласныя землі з сялянамі, што называліся даменам . Усе набыткі з іх непасрэдна ішлі каралю.
Паступова некаторыя буйныя магнаты, якія мелі шмат васалаў, зрабіліся багацейшымі за караля, займелі свае замкі, войска і судовую ўладу. Усё часцей буйныя феадалы ваявалі паміж сабою і нават выступалі супраць караля. Такія войны называліся міжусобнымі і моцна падрывалі эканоміку краіны.
У выніку большая частка заходнееўрапейскіх краін распалася на невялікія дзяржаўныя ўтварэнні са сваімі кіраўнікамі. Пачынаючы з X ст. распаўсюджанай з'явай стала феадальная раздробленасць.
(Працяг у наст. нумары.)
ЮБІЛЕЙ КАЛЯДНАЮ ПАРОЙ
Мар'яну Даргелю - 70
Даргель Мар'ян Міхайлавіч. Нарадзіўся 12 студзеня 1947 годзе у вёсцы Більдзюгі Шаркаўшчынскага р-на ў сям'і беларусаў Даргеляў, Міхала і Францішкі, якія тады былі яшчэ сялянамі, аднаўлялі пасля вайны сваю ўласную гаспадарку. Бацька быў на фронце ў складзе Польскай Арміі Людовай, маці ў 1943 г. была гвалтоўна вывезена фашыстамі на прымусовую працу ў Германію. Дзякуючы Божай апецы абое ўцалелі. Але бацька, пасля хваробы, памёр у траўні 1960 г., калі Мар'яну было 13 год, малодшаму Юру - усяго 4. Закончыў 8 класаў Більдзюжскай васьмігадовай школы. Далей было патрэбна дапамагаць маці, прышлося ў 16 год ісці ў калгас працаваць. У 1964 г. паступіў у Відзаўскае СПТВ №32, пасля заканчэння працаваў трактарыстам. У 1974 г. быў накіраваны Міёрскім райкамам КПБ у Менскую ВПШ. Працаваў на розных пасадах: заатэхнікам, намеснікам па ідэалогіі, дырэктарам саўгаса "Лосьвіда" Віцебскага раёна і інш. На пенсіі. Піша па-беларуску вершы і паэмы.
Перадкалядная пара
Перадкалядная пара,
Цярушыць неба іней-манку,
Мяняе ўзоры модніца-зара,
Каб сонцу спадабацца ўранку.
Мацнее к вечару мароз,
Зіма бярэцца ў сілу,
Убранне новае ў бяроз,
Яна іх вэлюмам накрыла.
Сваё ў тым часе мае хараство,
Блішчыць на дрэвах зорны іней.
Усе чакаюць Збаўцы нашага раство,
У задуме вёска ў прадкаляднай сіні.
Дымы над дахамі бы волаты ўстаюць,
Сінічка туліцца ў падстрэшшы,
Чакае, людзі можа што дадуць:
Галодных пакарміць - душу пацешыць.
Ля рэчкі на крутой гары,
Дзе дуб дзядуля дрэмле,
Шыбуюць санкі дзетвары,
Пакуль на вёску не надыдзе цемень.
Эх, дзеткі, паляцеў бы з вамі я,
Гадочкі толькі не пускаюць.
Гуляйце ж покуль тата, мама ў вас сям'я,
Пакуль аб гульнях думкі дбаюць.
Уладзіміру Мулявіну
Хвалюецца сэрца, гітара звініць,
Беларуская песня па свеце ляціць,
Хлапчына з Урала на крылы ўзняў,
Магутным імпэтам пад неба паслаў.
Палацы і залы яму падпявалі,
І следам за Ясем рукамі махалі,
Распетай душою з Купалам маліўся,
Каб Бог за наш край у бядзе заступіўся.
Калядкі спяваў, што ў сёлах і вёсках,
Не чулі дагэтуль такіх пагалоскаў,
Ляцелі навокал са стольных вышыняў,
Быў жа ўсім свойскі, з-пад нашых асінаў.
Матыў беларускі засвоіў працяжны,
Як гоні палёў і лясоў неабсяжных,
Легендаў зямля і азёр светлавокіх,
Зраднілася з хлопцам, што з дальніх далёкаў.
Спявала душа самацвету з Урала,
Беларусь яго сынам любімым назвала.
Пясняр стаў Мулявін па духу, прыродзе,
Не згасне аб ім успамін у народзе!
Нахабнік верабей
Дзядуля добры адным часам,
Карміў на вулцы галубкоў,
Не маюць птушкі ведама ж прыпасаў,
А холад цісне іх з усіх бакоў.
І галубкі ўсе чынна і прыстойна,
Ішлі к яму і ежу спажывалі.
Як інтэлігенты - важна і дастойна,
А на вераб'я, што знекуль прыляцеў,
увагі не звярталі.
А той стаяў, вярцеў галоўкай, прыглядаўся,
Як усіх абвесці, мусіць, цікаваўся.
А момант толькі як спадручны даўся -
Схапіў кавалак булкі і схаваўся...
Цікава, што ж рабілі галубкі,
(Было ў чародцы іх каля дзесятка.)
Здаецца і не хілыя, не прастакі,
І як бы вучоныя ўсе з віду...
Але ж нахабнік пазбавіў іх усіх дастатку.
Вось так бывае і сярод людзей:
Нехта ўвесь свой век стараецца,
Другі да скарбу (...) прыглядаецца,
Ды моманту чакае ліхадзей...
Проза жыцця
Загадка вечная - жыццё,
Прозаю найбольш заткана,
Цячэ ж у бок адзін - у небыццё...
Збываецца ўсё, лёсам што наканавана.
А проза гэта, як само здароўе,
Няяркая, някідкая - але галоўная.
Ці як цудоўнае надво'е,
Хапаемся тады - як неспакойнае.
Усё імкнемся мы кудысь:
З далёкіх вёсак - у гарады,
У дзяцінстве - вырасці ўвысь,
А ў старасці - спыніць гады.
Што значыць проза гэтая жыцця,
Што змалку ўсюды з намі?
Як разгадаць яе, загадку нашага быцця,
Ці знойдзем код калі мы самі.
Жыццё адвеку ж у людзей,
Як неба восеньскага дня:
Свеціць сонца - поўнае надзей,
Ліецца дождж без спыну да відна.
На працу едзем раніцой,
Аб прыгожым нечым марым.
Раз іншы нездаволены сабой,
Ці суседам скупярдзяем, скнарам.
Дзяцей гадуем, настаўляем,
Яны ж нас слухаюць неўважна,
Згадалі пэўна, што і мы ўсяго не знаем ...
Прыйдзе час - і ім таксама будзе "адудзячана".
Памяць як бы зарасла імхом,
Каменні - помнікі сыйшлі з палетак,
Бачым часта ў снах бацькоўскі дом,
Прыносім маме з поля кветак.
Жыццё цяпер, як бы ліфтом,
Угару імкліва падымаецца,
У новае грамадства - напралом,
Не згодны хто - карэнні адрываюцца.
Дай Бог, каб пасля нас жыццё
Лепшанькі ўзяло варунак,
Халуйства адмяло, жабрацкае быццё,
А сэнс прыняў разумны накірунак.
ТРЫ КАРАЛІ Ў ВАВЕРЦЫ
Калядныя святкаванні ў Лідскім раёне - традыцыя шматвекавая. Работнікі клубных устаноў культуры з пашанай адносяцца і выконваюць абрады продкаў. Прыклад таму - адноўленае Ваверскім Домам культуры каледаванне на каталіцкае свята "Тры Каралі".
Тры Каралі - свята Аб'яўлення Пана, успамін аб падзеі, калі, ідучы за зоркай, каралі (мудрацы) прыбылі ў Бэтлеем, шукаючы нованароджанага юдэйскага караля і прынеслі Езусу дарункі на Каляды.
З роляй вешчуноў Каспера, Бальтазара і Мельхіёра бліскуча справіліся вучні Ваверскай сярэдняй школы Антон Іодка, Артур Мікуліч, Павел Рулько. Апранутыя ў прыгожыя сінія плашчы-накідкі, з падабенствам зорнага неба, хлапчукі не толькі ўрачыста выконвалі прывітальную песню "Сёння Бэтлеем", але яшчэ шчыра і сардэчна адрасавалі свае віншаванні. А віншавальны абыход "Тры Каралі" пачалі з сельскага савета, затым перайшлі ў хаты вяскоўцаў. Не забыліся калядоўшчыкі наведаць і мясцовую бальніцу, дзе пацыенткі шаноўнага ўзросту без меры былі ўдзячныя за падараваную надзею на хутчэйшае выздараўленне. Безумоўна, усе вяскоўцы, да каго заходзілі калядоўшчыкі былі прыемна здзіўлены. Гаспадары не толькі частавалі, але таксама ўключаліся ў дзею і спявалі песні разам. Гэта нейкім чынам аб'ядноўвала ўсіх. А мне асабіста, было радасна за нашу моладзь, якая асэнсавана цікавіцца нашай спадчынай.
Ганна Некраш, метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці"
Традыцыі беларускай батлейкі адраджаюць у магілёўскім музеі імя Масленікава
Некалі батлейка была вельмі распаўсюджаным відам народнага мастацтва, фактычна - своеасаблівым тагачасным тэлевізарам. У вандроўных батлейках пад час кірмашоў, у асноўным у перыяд калядных святаў, просты люд мог паглядзець і кананічныя біблейскія сюжэты, і невялічкія інтэрмедыі з жыцця месцічаў. Часта некаторыя сюжэты ствараліся заезджымі артыстамі-батлейшчыкамі проста ў выніку назірання за жывым жыццём гараджан, сялян, нават шляхты, ці па слядах нейкіх мясцовых гісторый. І традыцыя гэта прыжылася на нашых землях прыкладна з сямнаццатага стагоддзя, калі гэткі перасоўны лялечны міні-тэатр прывезлі сюды езуіты.
Не так даўно магілёўскую батлейку, сам яе выгляд і лялечных персанажаў, аднавілі на ўзор самай сапраўднай аўтэнтычнай батлейкі з нашых краёў, якая знаходзіцца ў сховішчах расейскага музея этнаграфіі ў Пецярбургу. Захаваліся і некаторыя тэксты старадаўніх пастановак.
І ўжо на пачатку двухтысячных гадоў батлейка ў якасці экспаната выставы "Захаваная спадчына" з'явілася ў музеі Масленікава. Спачатку тут зрэдку ладзілі паказы пастановак батлейкі, хутчэй у якасці музейнай інтэрактыўнай экспазіцыі. Але з часам гэта станавілася часцей, супрацоўнікі музея нават арганізавалі міні-тэатр з назвай "Шчодра". А некалькі год таму зладзілі ў сваім музеі першы міжнародны фестываль батлейкі, які доўжыўся на працягу цэлага месяца ў калядны перыяд са снежня па студзень. Зараз калектыў не толькі паказвае сваю батлейку ў сценах музея, але і наведвае са спектаклямі дзіцячыя дамы, іншыя дзіцячыя ўстановы.
10 студзеня ў магілёўскім музеі імя Масленікава адбыўся першы ў гэтым годзе паказ батлейкі. Арганізацыйную і інфармацыйную падтрымку ў гэтым аказала гарадская суполка Таварыства беларускай мовы. Гледачы пабачылі некалькі сюжэтаў, у першую чаргу самы традыцыйны, біблейскі сюжэт пра цара Ірада, які загадаў знішчыць усіх немаўлят у сваёй краіне, калі даведаўся пра нараджэнне Хрыста. З гэтага пайшла і сама назва "батлейка" - бо падзеі адбываліся ў горадзе Бэтлеем (Віфлеем). Некаторыя з міні-спектакляў былі і з часоў не такога далёкага мінулага. Так, адзін з сюжэтаў распавядаў пра лекара-шарлатана, які мог лячыць "панскія" хваробы, а другі - пра жыццё сямейкі мясцовых габрэяў. Была паказана і зусім новая сцэнка, прыдуманая ўжо самімі ўдзельнікамі "Шчодры". Гэта інтэрмедыя, пастаўленая на рамантычна-гістарычны сюжэт, з вялікай доляй іроніі і гумару пра царыцу Кацярыну Другую і яе фаварыта генерала Зорыча.
- Раней батлейка была вельмі распаўсюджана, асабліва сярод простага люду. А зараз мы на такой стадыі нашай культуры, што для многіх гэта навіна і экзотыка, нехта ўпершыню пра батлейку сёння пачуў і пабачыў гэта. Такі заняпад нацыянальнай культуры, не толькі батлеечнай, быў звязаны з дэнацыяналізацыяй, з вынішчэннем нацыянальнай эліты пасля трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, усяго пласту носьбітаў нацыянальнай культуры. Але апошнім часам мы зноў назіраем адраджэнне, - пракаментаваў падзею старшыня магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў.
Алесь Сабалеўскі, Магілёў.