НАША СЛОВА № 8 (1315), 22 лютага 2017 г.
У краіне - тыдзень роднай мовы
Беларусь піша Х Агульнанацыянальную дыктоўку
Заява Сакратарыяту ТБМ з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы
Віншуем усіх з Міжнародным днём роднай мовы, які штогод адзначаюць 21 лютага. Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама прыхільнікаў беларушчыны за мяжой з просьбай выказаць у гэты дзень сваю падтрымку жывому беларускаму слову.
Давайце ў гэты дзень публічна праявім сваё шанаванне да старажытнай, тысячагадовай беларускай мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, мовы трох Статутаў ВКЛ, мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава.
Мы заклікаем Вас прыняць удзел у дзясятай Агульнанацыянальнай дыктоўцы, якую мы прапануем пісаць па творчасці Францішка Скарыны, Янкі Брыля і Пімена Панчанкі.
Узоры дыктовак чытайце ў газеце "Наша слова", а таксама на нашым партале tbm-mova.by.
Любіце і карыстайцеся роднай мовай: яна дасканалая і прыгожая!
Беларускія навукоўцы абураныя пазіцыяй чыноўнікаў
Падчас круглага стала "Сучасная беларуская мова ў сітуацыі дзяржаўнага двухмоўя" першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец узгадаў нядаўняе абмеркаванне ў парламенце зваротаў грамадзян наконт неабходнасці прысутнасці на этыкетках тавараў не толькі рускай, але і беларускай мовы. Лукашанец заявіў, што не разумее пазіцыі чыноўніцы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірыны Барышнікавай, якая сказала, што выкарыстанне беларускай мовы нароўні з рускай на этыкетках пакуль ёсць несвоечасовай мерай.
- Чаму дзяржаўны службовец бярэ на сябе права вызначаць, якой мовай павінен карыстацца грамадзянін Беларусі? - задаецца пытаннем Лукашанец. - Ці адпавядае гэта Канстытуцыі і ці адпавядае Дэкларацыі ад правах чалавека? Мяне здзіўляе таксама пазіцыя старшыні парламенцкай камісіі Юрыя Дарагакупца, які лічыць, што нельга навязваць людзям, на якой мове ім размаўляць. Па ягонай логіцы выходзіць, што выкарыстанне беларускай і рускай дзяржаўных моў у інфармацыі аб таварах з'яўляецца навязваннем мовы, а выкарыстанне толькі адной мовы - не. Дзе тут логіка?
Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук, пагаджаецца з пазіцыяй Аляксандра Лукашанца і ўзгадвае яшчэ адну важную праблему.
- Вельмі важная сфера гэта сфера заканадаўства. На сённяшні дзень застаецца актуальнай праблема падрыхтоўкі і прыняцця законаў на дзвюх дзяржаўных мовах, бо пераклад прынятых на расейскай мове законаў на беларускую мову не мае юрыдычнай сілы.
У межах Тыдня беларускай мовы, які пройдзе 20-26 лютага, Акадэмія навук плануе правесці яшчэ некалькі сустрэч, у тым ліку з дэпутатамі і прадстаўнікамі выканаўчай улады з нагоды цяперашняга стану роднай мовы і культуры.
Сяргей Залескі , Беларускае Радыё Рацыя.
Сёлета ў Беларусі нарэшце з'явіцца Нацыянальны корпус беларускай мовы
Пра гэта падчас абмеркавання ў Менску стану беларускай мовы ў сітуацыі двухмоўя паведаміў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў.
Нацыянальны корпус - гэта дасяжны для пошуку электронны анлайнавы збор тэкстаў.
- Сёлета мы прэзентуем стварэнне Нацыянальнага корпуса беларускай мовы. Гэта інавацыйны праект: усе славянскія і заходнееўрапейскія краіны маюць Нацыянальныя корпусы, і Беларусь ужо таксама можа ганарыцца такім праектам, які дазволіць у значнай ступені аптымізаваць не толькі навуковыя даследаванні, але і працу і рэдактараў, і настаўнікаў, і ўсіх, хто звязаны з нацыянальным словам.
Адказваючы на пытанне, што патрапіць у Нацыянальны корпус, Ігар Капылоў сказаў, што там будзе захоўвацца ўсё, што выходзіла і будзе выходзіць на беларускай мове.
Сяргей Залескі , Беларускае Радыё Рацыя.
180 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Ельскага
Канстанцін Міхайлавіч ЕЛЬСКІ (17 лютага 1837, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Менскай вобл. - 26 лістапада 1896) - беларускі вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік. Належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Ельскіх. Сын Міхала Францішкавіча Ельскага. Вучыўся ў Менскай губернскай гімназіі. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт (1860). Адзін з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюцыйнай тэорыі Ч. Дарвіна. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863-1864 гадоў на Украіне, у 1863 годзе эміграваў эа мяжу. З 1865 года ў Французскай Гвіяне, з 1869 года ў Перу, вывучаў фаўну гэтых краін. Удзельнічаў у стварэнні (1875) і дзейнасці (да 1879 захавальнік) прыродазнаўчага музея ў Ліме. Адкрыў новы від жывёлы Dinonys. Удасканаліў спосаб захоўвання насякомых, дасылаў сабраныя калекцыі насякомых, раслін, чучалы птушак, у музеі Еўропы. Як заолаг і геолаг працаваў у Турцыі, Германіі, Францыі. З 1880 года ў Кракаве - захавальнік прыродазнаўчых калекцый Акадэміі навук. У гонар вучонага названы від лаўра, некаторыя віды птушак і звяроў. Аўтар даследавання "Аб узаемнай залежнасці геалагічных з'яў" і кнігі "Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу" (1898).
Вікіпедыя.
Міхаілу Фінбергу - 70
Міхаіл Якаўлевіч ФІНБЕРГ (22 лютага 1947, Мазыр, Гомельская вобласць) - прафесар Беларускай акадэміі музыкі. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, народны артыст Рэспублікі Беларусь, кавалер Ордэна Францыска Скарыны (2006) "За значны асабісты ўклад ва ў развіццё нацыянальнай культуры, захаванне і прапаганду лепшых музычных традыцый".
Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (1970, дырыжор) і аспірантуру пры ёй (1973). Прафесар Беларускай акадэміі музыкі.
Выхаванец вайсковага аркестра штаба Беларускай вайсковай акругі (1962-1966); артыст аркестра Беларускага радыё і тэлебачання (1967-1970); дырыжор, галоўным дырыжор аркестра Менскага дзяржаўнага цырка (1970-1987).
З 1987 года мастацкі кіраўнік - дырэктар Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь.
Чалец Камітэта па дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь. Чалец праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў. Намеснік старшыні грамадскага савета па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
У снежні 2000 года Прэзідэнт Беларусі прызначыў мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай эстраднай музыкі Міхаіла Фінберга членам Савета Рэспублікі НС Рэспублікі Беларусь.
Вікіпедыя.
Паседжанне Сакратарыяту ТБМ
17 лютага ў Менску ў сядзібе ТБМ адбылося чарговае паседжанне Сакратарыяту ТБМ.
У выкананне рашэння Рады ТБМ на паседжанне Сакратарыяту былі запрошаны Алена Анісім, Лявон Баршчэўскі і Людміла Дзіцэвіч - тыя асобы, якіх сябры Рады прапанавалі на пасаду старшыні ТБМ на будучы з'езд ТБМ.
Падчас гутаркі ўсе трое пагадзіліся застацца ў спісе прэтэндэнтаў на пасаду старшыні і ў бліжэйшы час прадставіць тэзісы сваіх праграм па далейшым падтрымцы ці зменах курсу ТБМ, па прыярытэтных задачах аб'яднання і спосабах іх рэалізацыі. Прадстаўленыя праграмы будуць хутчэй за ўсё апублікаваныя ў "Нашым слове" ці размешчаны на сайце ТБМ з тым, каб кожны сябар ТБМ, асабліва будучы дэлегат з'езду мог азнаёміцца з пазіцыямі прэтэндэнтаў, падтрымаць ці выказаць крытыку, пажаданні і прапановы. Да з'езду ў кожнага сябра ТБМ будзе рэальная магчымасць выпрацаваць сваю ўласную пазіцыю наконт таго, каго падтрымаць і які наказ даць свайму кандыдату.
На адно з наступных паседжанняў Сакратарыяту ТБМ будуць запрошаны яшчэ два прэтэндэнты: Вінцук Вячорка і Ўладзімір Колас. Такім чынам, у бліжэйшы час з прэтэндэнтамі ад Рады будзе ўсё ясна. Аднак з'езд будзе мець поўнае права вылучыць на пасаду старшыні і зусім новага чалавека.
Наш кар.
"Лобі чыноўнікаў і вытворцаў вельмі моцнае", - Алена Анісім пра сітуацыю вакол беларускай мовы на этыкетках
Міністэрскія чыноўнікі, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, вытворцы, дэпутаты абмяркоўвалі на круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў, ці трэба замацоўваць у заканадаўстве, каб на этыкетках і ўпакоўцы тавараў абавязкова падавалася інфармацыя па-беларуску. Цяпер вытворцы могуць рабіць гэта, як палічаць патрэбным - альбо па-расейску, альбо па-беларуску.
- Самае большае, чаго мы дасягнулі - што мы не пасварыліся, не разышліся ворагамі. Гэта вялікае дасягненне, - так коратка падсумавала Свабодзе вынікі круглага стала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
Яна сказала, што ў Палату прадстаўнікоў паступіла каля 250 зваротаў грамадзян з патрабаваннем абавязкова размяшчаць інфармацыю пра тавары на беларускай мове.
- Але, як мне падалося, і дэпутаты, і чыноўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, і вытворцы не зусім схільныя гэтыя звароты прымаць пад увагу. Бо, маўляў, "яны ўсе аднатыпныя, спампавалі з аднаго месца і даслалі. Некаторыя звароты эмацыйныя: "Абараніце мае правы" - і ўсё, неканкрэтныя". Так казалі пра звароты прысутныя на круглым стале", - кажа Алена Анісім.
Начальнік кіравання абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Барышнікава сказала, што пытанне пра абавязковае размяшчэнне інфармацыі пра тавары па-беларуску разглядалася на паседжанні грамадска-кансультацыйнай рады. І менавіта рада прыняла рашэнне не ўносіць зменаў у Закон аб правах спажыўцоў.
- Я, канешне, даносіла ўсім прысутным, што людзі выказваліся за беларускую мову на этыкетках і ўпакоўцы падчас радыёэфіру, і бізнэс цяпер выказваецца за беларускую мову і рухаецца ў гэтым кірунку, многія рэкламуюць і прасоўваюць сваю прадукцыю па-беларуску. Кажу: "Вы ж не адставайце ад тых трэндаў, што зараз ідуць - моладзь хоча чуць беларускую мову, глядзіце, каб вы не адсталі ад тых працэсаў, якія зараз ідуць. Дый замежныя вытворцы прымушаюць нас гэта рабіць, яны пішуць па-беларуску на прадукцыі, якая ідзе да нас. А мы самі ніяк сябе не пазіцыянуем", - сказала А. Анісім.
На круглым стале ніякіх канкрэтных рашэнняў не прымалася, гэта быў вольны абмен думкамі. Але, паводле Алены Анісім, лобі чыноўнікаў і вытворцаў вельмі моцнае:
- Гэта была масіраваная атака, што "ніякіх зменаў уносіць не трэба", і наагул, маўляў, "да моўнага пытання трэба ставіцца асцярожна". Вось гэтае "або" (або расейская мова, або беларуская) у цяперашняй рэдакцыі Закону аб правах спажыўцоў дазваляе выбіраць адну мову. І выбіраюць у асноўным адну - расейскую.
Ясна, што лобі вытворцаў і чыноўнікаў вельмі моцнае, яны баяцца нечага. Самае большае, чаго мы дасягнулі - што мы не пасварыліся, не разышліся ворагамі. Гэта ўжо вялікае дасягненне!
Іншая справа - кожны баіцца ўзяць на сябе адказнасць. Яны баяцца, што калі ўнясём у Закон аб абароне правоў спажыўцоў адназначнае рашэнне пра абавязковасць дзвюх моваў, то тады ўсё - не толькі этыкеткі, але і шыльды давядзецца рабіць на дзвюх мовах. Іх гэта напружвае, што давядзецца несці адказнасць. Таму яны і ўпіраюцца.
Але мы абмяняліся думкамі, я думаю, працэс пойдзе, і прыйдзем да таго, да чаго трэба, - выказала спадзяванне дэпутатка Алена Анісім.
Чыноўніца з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Барышнікава паведаміла, што закона-праект цяпер на разглядзе ў Савеце міністраў і хутка павінен паступіць у Палату прадстаўнікоў.
Іна Студзінская.
Алена Анісім: "Мы прабіваем гэтую сцяну…"
Алена Анісім патлумачыла, чаму ў сталіцы пайшла хваля па беларусізацыі школ і дзіцячых садкоў. Начальнік кіравання адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна Менска Ірына Чарняўская паведаміла, што ў іх раёне будзе сем садкоў з беларускай мовай замест двух ранейшых, а замест адной гімназіі - сем школ і гімназій.
Алена Анісім:
- Гэтую інфармацыю я пачула ўчора падчас "Круглага стала" ў Палаце прадстаўнікоў. Вядома ўсцешана такімі фактамі і звязваю гэта з тым, што ў нашым грамадстве назіраецца вялікая запатрабаванасць да беларускай мовы. У нас актывізуюцца людзі, якія хочуць даць сваім дзецям адукацыю на беларускай мове - пачынаючы з садкоў і школ і заканчваючы вышэйшай адукацыяй. Мы, дарэчы, зараз працуем у кірунку заснавання Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Таму ўсе гэтыя пасылы зводзяцца да аднаго, і прадстаўнікі ўлады (хочуць таго альбо не), але мусяць зважаць на гэтыя тэндэнцыі. І, да таго ж, многія з іх самі разумеюць пра неабходнасць набліжэння ў некаторых кірунках да роўнасці моў. Хаця да поўнага ўраўнаважвання правоў рускай і беларускай мовы яшчэ вельмі далёка. Але першыя крокі сведчаць пра тое, што ўлада пачынае патрохі разварочвацца да грамадства. Мы прабіваем гэтую сцяну.
РР:
- Агучана інфармацыя толькі па адным раёне сталіцы. А што робіцца ў іншых раёнах?
Алена Анісім:
- Пакуль не валодаю такімі звесткамі, але раней я дасылала прапановы ў Міністэрства адукацыі з тым, каб мы правялі нараду, на якой бы высвятлілі, у якім стане знаходзіцца сёння беларускамоўнае навучанне. Тут хапае праблем. Напрыклад, ведаем пра сітуацыю ў Жодзіна, дзе мама ўжо даўно хоча навучаць сына на беларускай мове, але ёй двойчы ў гэтым адмовілі. Маўляў, трэба спачатку знайсці 20 дзяцей, якія пажадаюць вучыцца на мове, і тады будзе разглядацца пытанне аб адкрыцці беларускамоўнага класа. Я папрасіла тую маці напісаць мне канкрэтна, у якой школе яна хацела б, каб вучыўся яе сын. А ўжо далей мы будзем са свайго боку ціснуць на ўлады, каб такі клас з'явіўся. Бо Канстытуцыя гарантавала бацькам навучанне іх дзіцяці на дзяржаўнай мове. І чалавек не абавязаны шукаць 20 бацькоў, каб вучыцца на роднай мове. Гэта праблема органаў улады. Таму будзем працаваць, каб у кожным раённым і абласным цэнтры была напачатку хаця б адна прэстыжная беларускамоўная ўстанова з нармальным узроўнем выкладання.
Кастусь Заблоцкі, Беларусакае Радыё Рацыя.
Менскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны аб дзейнасці ў 2016 годзе
Справаздача
1. Цягам года выходзіла газета "Новы час".
2. Цягам года дзейнічаў клуб красамоўства "ПраМова".
3. Быў праведзены паэтычны конкурс "Быў нейкі зусім незвычайны дзень".
4. Ліставанне з буйнымі гіпермаркетамі па справах ўжывання беларускай мовы, у тым ліку адкрыцця беларускамоўных кас.
5. Сябры арганізацыі прымалі актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
6. Партызанскай раённай арганізацыяй ладзіліся выставы "Беларуская гісторыя ў творах Алеся Цыркунова".
7. Кастрычніцкай раённай арганізацыяй ладзіліся імпрэзы прысвечаныя 270-годдзю Тадэвуша Касцюшкі, 25-годдзю Незалежнасці і 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
8. 7-9 ліпеня 2016 г. старшыні Менскай гарадской арганізацыі і Фрунзенскай раённай арганізацыі прадстаўлялі ТБМ на VI Фестывалі нефармальнай адукацыі "Адукацыя дарослых у XXI стагоддзі: вучыцца, каб дзейнічаць".
9. Раённыя арганізацыі Менска 25 сакавіка бралі ўдзел у арганізацыі на месцах нацыянальнай дыктоўкі, якая была прысвечаная да Дня Волі, тэкстам дыктоўкі быў верш Макара Краўцова "Мы выйдзем шчыльнымі радамі…"
10. Фрунзенскай раённай арганізацыяй у бібліятэцы імя Францішка Багушэвіча 29 лістапада ладзілася сустрэча з паэтам Аляксеям Шэіным і музыкам Андрусём Такіндангам, 8 снежня адбылося мерапрыемства, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
Старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксандр Давідовіч.
Гомельскае ТБМ падсумавала вынікі працы за 2016 год
Пачатак 2016 года быў адзначаны пачаткам кампаніі "Дзякуй за мову", падчас якой актывісты арганізацыі заклікалі адзначаць праявы беларускай мовы ў Гомелі. Хэштэгам былі адзначаны фатаздымкі шыльдаў горада, рэклама на пакунках, акцыі ды аб'явы, крамы. Напярэдадні Дня роднай мовы і ў Дзень Канстытуцыі ўсім прадпрыемствам ды арганізацыям, якія былі заўважаны на працягу кампаніі, былі разасланыя віншавальныя лісты і падзяка за выкарыстанне мовы ў сваёй працы. Каардынаванне кампаніі ўзяў на сабе прадстаўнік Рады арганізацыі Ўладзіслаў Сабалеўскі, які стварыў тэматычную суполку.
У межах "Тыдня супраць расізму" 18 сакавіка Гомель наведала Моладзевая Праваабарончая Група (МПГ-Беларусь), дзе ў супрацы з Гомельскім ТБМ прэзентавала фільм на беларускай мове "Гран Тарына" з абмеркаваннем. Мерапрыемства стала першым досведам супрацы з іншай ініцыятывай.
Гурток беларускай мовы для дзяцей "Мова дзяцей" распачаў сваю дзейнасць 2 красавіка. Па колькасці ахвочых вывучаць мову былі сфармаваны тры групы рознага ўзросту: 4-5 гадоў, 5-6 і 8-12. За год было праведзена больш за 30 заняткаў. На занятках дзеці малодшага ўзросту вывучалі літары і лексіку, рабілі аплікацыі, глядзелі мульцікі, малявалі, танчылі і спявалі. Старэйшая група вывучала гісторыю і культуру Беларусі, грала ў беларускія настолкі, разбіраліся з правіламі беларускай мовы, выконвалі моўныя практыкаванні.
Адкрыты занятак з праглядам мультфільма "Свінка Пэпа" і гульнямі прайшоў 2 чэрвеня. Радыё Свабода зрабіла пра гурток асобны матэрыял, што прыцягнула новых удзельнікаў гуртка, таму праца "Мовы дзяцей" не спынялася нават на летнія вакацыі.
Паралельна гуртку адбывалася перапіска з дашкольнымі навучальнымі ўстановамі Гомеля па магчымасці стварэння беларускамоўных груп у горадзе па жаданні бацькоў і сабрана 506 подпісаў пад зваротам у гарвыканкам. Па выніках кампаніі ў горадзе былі створаныя дзве групы з беларускамоўным навучаннем. Выніковая праца была размешчана ў блогу на "Моцных навінах".
Першае беларускамоўнае свята Купалля прайшло ў межах гуртка "Мова дзяцей". Маленькія ўдзельнікі разам з бацькамі плялі вянкі, вадзілі карагоды, пелі, скакалі цераз "вогнішча", гулялі ў гульні.
9 верасня сярод бацькоў навучэнцаў гуртка "Мова дзяцей" прайшоў адкрыты бацькоўскі сход, дзе мы прэзентавалі зробленую працу па перапісцы з садкамі. Госцем выступіў Глеб Лабадзенка.
Фестываль беларускамоўнай адукацыі "Мова дзяцей" прайшоў на пачатку навучальнага школьнага года. Незвычайнае мерапрыемства сабрала больш за 40 дзетак ад 2 да 12 год. Пляцоўка фестывалю была падзеленая на творчыя секцыі: фота і відэа, майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў, выстава малюнкаў дзяцей ды ілюстрацыі да казак Алега Боклага, грым на воднай аснове з нацыянальнымі сімваламі, спевы, карагоды і самаробныя музычныя інструменты. На імпрэзе выступіў этнаграфічны фэнтэзі-гурт "Млын сонца".
22 кастрычніка адбылася паездка з навучэнцамі гуртка ў Веткаўскі музей стараабрадства і народных традыцый.
У дзень памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсій з аншлагам прайшоў спектакль актывістаў "Арт-Сядзібы "Браніслаў. Сцэны з жыцця ды сноў" паводле аднайменнай п'есы Эльдара Бякірава. Мерапрыемства было арганізавана разам з "Цэнтрам рэгіянальнага развіцця ГДФ".
Заняткі "Мова дзяцей" разам з "Арт-Сядзібай" і актывістамі ТБМ агучылі казку гомельскага пісьменніка Анатоля Бароўскага "Начное падарожжа". Галоўную ролю казкі ўзяў на сабе чатырохгадовы навучэнец заняткаў Ягор Крупскі, ягоная маці Ірына Кунцэвіч агучыла маці героя.
Упершыню быў апублікаваны дапаможнік беларускай мовы для выхавацеляў і настаўнікаў, якія працуюць з маленькімі дзецьмі. У электроннай версіі дапаможніка месцяцца парады, гульні, прыклады пытанняў, забаўкі і распрацаваная структура 10 заняткаў "Мова дзяцей".
Разам з філіяй Веткаўскага музея і моладзевай краязнаўчай арганізацыяй "Талака" правялі адзіную ў горадзе беларускамоўную ялінку для дзетак.
Гурток намінаваўся на конкурс "Падзея года ў нефармальнай адукацыі". "Мова дзяцей" увайшла ў топ 10 і заняла 8 месца з 53 удзельнікаў, сярод якіх былі нараўне і з ніцыятывамі аддзела адукацыі.
За перыяд першага сезону "Мова дзяцей" было знята 11 відэа з заняткаў.
Развівалі ўнікальныя ў беларускім інтэрнэце супольнасці "Мова дзяцей", дзе акумулююцца цікавыя для беларускамоўнага выхавання матэрыялы, "Пошукі старога Гомеля" ды "Смачна есці" - адзіны ў Беларусі праект, які стала займаецца стварэннем кулінарных рэцэптаў на беларускай мове, у межах якога ўжо маецца больш за 1000 рэцэптаў. За 2016 год старшыня суполкі ТБМ Алеся Аўласевіч была госцем на курсах "Мова Нанова" у Гомелі, Светлагорску, Гародні, Берасці і Менску. Так-сама стала экспертам па тэме "Смачна есці" у перадачы "Мова Нанова", што на Белсаце.
Гомельская Рада ТБМ.
Лідчына пачала пісаць Х Агульнанацыянальную дыктоўку
Мінойты
Х Агульнанацыянальную дыктоўку на Лідчыне распачала 18 лютага Мінойтаўская бібліятэка. Сюды прыйшлі вучні суседняй Мінойтаўскай СШ. Дыктоўка ў Мінойтах праводзілася ў другі раз, пісалі 10 чалавек.
Для дыктоўкі быў выбраны тэкст Янкі Брыля "Ўсмешка". Чытала дыктоўку настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мінойтаўскай школы Ганна Чаславаўна Енка.
Найлепшыя вынікі паказалі Надзея Мусатава, Марыя Шчалканогава, Данііл Чайка, Таццяна Навагран. Усе яны атрымалі прызы (кніжкі лідскіх аўтараў) ад Лідскай арганізацыі ТБМ. Прызы ўручыў старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.
Пасля дыктоўкі дзеці паўдзельнічалі ў віктарыне, якую арганізавала бібліятэкар Марына Міхайлаўна Халявінская. Віктарына была прысвечана біяграфіі і дзейнасці Францішка Скарыны, і трэба сказаць, што дзеці паказалі бліскучыя веды і далі правільныя адказы на ўсе пытанні.
Наш кар.
Бярозаўка
19 лютага ў Бярозаўскай гарадской бібліятэцы Лідскага раёна пісалі дыктоўку сябры Бярозаўскай арганізацыі ТБМ. Дыктоўку ў Бярозаўцы пісалі ў дзявяты раз.
Прыйшло пяць чалавек, арганізацыя летась крыху паменшала, частка сяброў перайшла ў іншыя суполкі.
Пісалі прадмову Францішка Скарыны да кнігі "Эклізіяст". Чытаў старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.
Найлепшы вынік паказаў старшыня Бярозаўскай арганізацыі ТБМ Сяргей Дычок, другое месца заняў Андрэй Ашурак, на трэцім - Юрась Дзяшук. Пераможцы атрымалі прызы (кнігі Леаніда Лаўрэша).
Наш кар.
Да ведама сяброў ТБМ Лідчыны
Лідская гарадская арганізацыя ТБМ і сябры Лідскай аганізацыі ТБМ з паўночнага захаду Лідскага раёна пішуць дыктоўку 25 лютага на 3-м бібліятэчным філіяле ў мікрараёне "Маладзёжны". Пачатак у 11.00.
Ёдкаўская суполка ТБМ і сябры Лідскай арганізацыі ТБМ з паўднёвага ўсходу Лідскага раёна пішуць дыктоўку 26 лютага ў 18 .00 на аграсядзібе "Гасціна" ў Песках Траццякоўскага сельсавета.
Домік Таўлая сабраў дзяцей вайны на Агульнанацыянальную дыктоўку
Міжнародны дзень роднай мовы ў Лідзе пачалі адзначаць ў літаратурным аддзеле гістарычна-мастацкага музея 19 лютага. Трэба зазначыць, што дом паэта Валянціна Таўлая - гэта тое месца, дзе пануе беларуская атмасфера. Так, так! Менавіта тут гучыць беларуская мова і толькі беларуская мова. Так вырашана супрацоўнікамі музея. Тут усе выставы распрацаваны па-беларуску. Тут збіраюцца лідскія майстры прыгожага пісьменства на паседжанні літаратурнага аб'яднання "Суквецце", якое дзейнічае пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Акрамя гэтага праходзяць шматлікія імпрэзы, у тым ліку, прэзентацыі кніг, сустрэчы з пісьменнікамі. А ў выставачнай зале "Вайны свяшчэнныя старонкі" збіраюцца сведкі тых ваенных падзей, якія прайшлі на нашай тэрыторыі. Так, у рамках ваенна-гістарычнай гасцёўні "Памяць за сабою пакліч" за кубкам гарбаты і смачным печывам праходзяць сустрэчы з дзецьмі вайны. Гэтае тое пакаленне, якое сваімі вачыма бачыла жудасныя дні ваеннага ліхалецця, гэта тыя людзі, якія адчулі невыносны цяжар вайны. Яны не толькі ўзгадваюць пра жахі ваеннага дзяцінства, але і з пашанай адносяцца да беларускасці. На гэты раз свой чарговы сход яны прысвяцілі Міжнароднаму дню роднай мовы.
Аўтар гэтых радкоў, сябар Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, пазнаёміў прысутных з гісторыяй узнікнення святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Уважліва пранікшыся да гістарычных звестак, дзеці вайны ахвотна ўзяліся за асадкі з паперай. Паслухалі зачытаны тэкст "Усмешка", аўтар якога двойчы ветэран вайны Янка Брыль. Зазначу, што сярод 11 удзельнікаў, сюды сабраліся не толькі беларусы, але і тыя, хто нарадзіўся за межамі нашай Радзімы. І што важна, усе разумеюць беларускае слова і, безумоўна, адказна паставіліся да яго напісання. У выніку пераможцамі сталі: куратар ваенна-гістарычнай гасцёўні Каладзяжная Анастасія Аляксандраўна (І месца), Букоўская Таццяна Георгіеўна (ІІ месца), Ганевіч Любоў Васільеўна (ІІІ месца).
Дзякуючы гэтай дыктоўцы, домік Таўлая яшчэ гучней папоўніўся беларускай гаворкай. Падкрэслю, што запланаваны тут 22 лютага і чарговы занятак "Ў нескладовае - адзіная беларуская літара ў свеце: гісторыя ўзнікнення" музейна-адукацыйнай праграмы "Ў школу да Цёткі" раённага культурна-авсетніцкага праекта "Беларусь - мая мова і песня". Чакаецца, што агульна-нацыянальная дыктоўка будзе зачытана і напісана і ў рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб'яднання "Суквецце", якое дзейнічае пры рэдакцыі "Лідскай газеты", дзе майстры прыгожага пісьменства прымуць у ёй непасрэдны ўдзел.
Алесь Хітрун , навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея.
У Гародні пачалі вешаць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц
Вуліцы Савецкая, Леніна і Ажэшкі ў сераду 15 лютага сталі першымі ў цэнтры Гародні, якія абзавяліся адмысловымі шыльдамі з гістарычнымі назвамі вуліц. Іх устаноўкай займаецца гарадская ЖКГ. Плануецца, што астатнія 16 вуліц, уключаных у першы этап, атрымаць такія ж шыльды ў бліжэйшы час. У спіс 16 адабраных вуліц увайшлі: вул. Баторыя, вул. Вялікая Траецкая, вул. Будзёнага, вул. Гараднiчанская, вул. Кірава, вул. Леніна, вул. Карла Маркса, вул. Ажэшкi, вул. Кастрычніцкая, вул. Парыжскай Камуны, вул. Свярдлова, вул. Савецкая, пл. Савецкая, вул. Сацыялістычная, вул. Тэльмана, вул. Урыцкага.
hrodna.life.
Юбілей нацыянал-камуніста
Івану Стадубу - 80
Стадуб Іван Дзям'янавіч нарадзіўся 26 лютага 1937 г. у вёсцы Юшавічы Нясвіжскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Беларус.
У 1953-1956 гг. студэнт Нясвіжскай педвучэльні, у 1956-1957 гг. - Пінскай. Непрацяглы час працаваў настаўнікам спеваў у 1 і 2-ой сярэдніх школах у Давыд-Гарадку. Служыў у арміі. Працаваў загадчыкам пачатковай, настаўнікам васьмігадовай школы ў Смалявіцкім раёне.
У 1962-1967 гг. студэнт гістарычнага факультэта, скончыў з адзнакай, у 1967-1970 гг. аспірант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1970-1983 гг. выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт (1978), намеснік загадчыка кафедры гісторыі КПСС прыродазнаўчых факультэтаў БДУ. Падрыхтаваў аднаго кандыдата навук.
Загадчык кафедры гісторыі КПСС, палітычнай гісторыі (1983-1989 гг.), вызвалены сакратар партыйнага камітэта і адначасова загадчык кафедры (1989-1991 гг.), дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і замежных краін Менскага інстытута культуры (1991-1996 гг.). Па сумяшчальніцтву працаваў намеснікам дэкана ў недзяржаўных інстытутах (1993-1996 гг.).
Дэкан (1996-2002 гг.), з 2003 г. прафесар кафедры міжнароднага права, кафедры тэорыі і гісторыі права Беларускага інстытута правазнаўства, Член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх навук (2000).
Быў членам Менскага гаркама і Кастрычніцкага райкама КПБ. Дэлегат XXXI з'езду КПБ (1990), Першага і Чацвёртага з'ездаў Беларусаў свету (1993, 2005), IV кангрэсу дэмакратычных сіл Беларусі (2000). Сябар Таварыства беларускай мовы.
Пасля распаду СССР - адзін са стваральнікаў і арганізатараў Партыі народнай згоды і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), сябар іх цэнтральных органаў. У 1995 годзе балатаваўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання Рэспублікі Беларусь.
Працяглы час чытаў лекцыі аб міжнародным становішчы ў Беларусі і ва Ўкраіне. Удзельнік міжнародных і ўсесаюзных канферэнцый па міжнародных адносінах і знешняй палітыцы вядучых краін свету.
Навуковыя зацікаўленні: гісторыя Беларусі ў 40-60-х гадах XX ст., гісторыя дзяржавы і права замежных краін. Аўтар 39 навуковых работ, у тым ліку "Гісторыя дзяржавы і права замежных краін". Дыстанц. адукацыя: Вучэб. - метад. дапаможнік (20,5 д.а.) у трох выданнях (2003, 2005, 2008).
Даследаваў радаслоўную сваёй сям'і з 1765 г. да нашых дзён. Выдаў кнігу "Родавыя карані" (2008).
Узнагароджаны Граматай Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР (1967), Граматай і Ганаровымі граматамі Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР (1967, 1978, 1987), Ганаровай граматай ЦК УЛКСМ (1964) і Ганаровай граматай Уральскага абласнога камітэта ЛКСМ (1964), Ганаровай граматай Менскага абкама КПБ (1987), Граматай Усесаюзнага таварыства "Веды" (1983), Граматамі таварыства "Веды" БССР (1978, 1987, 1988), Граматамі і Ганаровымі граматамі БДУ, Менскага інстытута культуры, Беларускага інстытута првазнаўства.
Жанаты - тры сыны, шэсць унукаў і тры праўнукі.
Наш кар.
Развітанне славянкі-беларускі
На бой нас кліча звонкая труба,
Радзіму - маці трэба адстаяць,
Нялёгкай будзе наша барацьба,
Патрэбна злога ворага зламаць.
- Мая родная, каханая, бывай,
Дабраславі, запомніць дай,
Вярнуцца цэлым пажадай,
Моцнай будзь, сваю тугу стрымай!
- Запомні, родны мой герой:
Ідзеш на справядлівы бой,
Сям'ю бароніш і край свой.
Душою ўсюды, ведай, я з табой!
- Бывай, любы бацькоўскі край!
Нам мужнасці і моцы дай!
У адказны і суровы час,
Хай мужны марш натхняе нас!
Пайшлі харугвы і палкі,
Пайшлі адважныя стралкі,
Радзіму нашу бараніць…
Да перамогі б ім дажыць!
Грымелі бітвы, гінулі браты,
Радзелі нашых воінаў шыхты,
Свабоды дух на бой натхняў,
Сцяг перамогі над краем узняў!
Перамогу атрымаў народ,
Навекі ў памяці той год!
Музыкі, грайце слаўны марш,
Край свабодны любы наш!
Мар'ян Даргель.
Падвядзенне вынікаў конкурсу "Ўсё пачынаецца з кахання"
Якое моцнае каханне -
З'яднае двух, не разлучыць,
Адзінства дум, адны жаданні,
Інакш яны не могуць жыць.
Няхай свой выгляд мае кожны,
Ды за жыццёвыя гады
Зліюцца так, што не адрозніш,
Як кропля з кропляю вады.
Пятрусь Броўка.
14 лютага літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея падвёў вынікі конкурсу "Усё пачынаецца з кахання". Паводле ўмоваў конкурсу ў сацыяльныя групы Лідскага гістарычна-мастацкага музея неабходна было даслаць сумесны фотаздымак, пад якім неабходна было змясціць цытату, ці кароткі верш на тэму кахання аднаго з класікаў беларускай літаратуры.
У конкурсе ўзялі ўдзел 17 пар. Сярод іх пераможцамі стала сям'я Часноўскіх, акая атрымала запрашальны білет на рамантычны вечар у адным з кафэ горада Ліды.
Акрамя гэтага ўсе ўдзельнікі будуць мець магчымасць наведваць Лідскі замак і выставы музея на працягу 2017 года.
Вялікі дзякуй усім, хто далучыўся да ўдзелу ў конкурсе. Сачыце за навінамі! Супрацоўнікі музея абяцаюць Вас парадаваць цікавымі мерапрыемствамі.
Алесь Хітрун.
Магілёў святкуе ўгодкі Магдэбургскага права
Сёлета спаўняецца 440 год надання гораду Магілёву Магдэбургскага права каралём ВКЛ Стэфанам Баторыем. Гэту знакавую падзею нашай славутай гісторыі магілёўцы пачалі адзначаць у самым галоўным будынку горада - ратушы, якая з'яўлялася сімвалам Магдэбургскага права. Зараз у адноўленай у 2008 г. ратушы, дакладнай копіі помніка архітэктуры 17-18 стагоддзяў, знаходзіцца Музей гісторыі Магілёва.
Болей за 100 грамадзян, сабраных дзякуючы нястомнаму Алегу Дзячкову, прыйшлі ў музей гісторыі Магілёва 12 лютага - менавіта ў гэты дзень 1577 года Магілёву ўручылі грамату аб наданні гораду Магдэбургскага права. Дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў у ролі бурмістра, адпаведна апрануты у сярэднявечны строй, павіншаваў грамаду і распавёў аб гісторыі, значэнні і ролі Магдэбурскага права ў жыцці нашага горада і ўсёй еўрапейскай гісторыі нашай краіны. Гісторык, кря'знаўца - найвыдатны кіраўнік Музея правёў таксама экскурсію па залах музея.
Дараванне Магдэбургскага права гораду было перш за ўсё звязана з геапалітычным становішчам Магілёва і абвастрэннем адносін з Маскоўскай дзяржавай пасля захопу Смаленска, таму рэалізацыя норм Магдэбургскага права разглядалася як адна з умоў ваеннага ўмацавання самога горада і ўсходніх межаў дзяржавы. Гарадское самакіраванне надавала моцны імпульс развіццю культуры, гандлю і рамёстваў. Магдэбургскае права з'яўлялася зводам правоў, прывілеяў і юрыдычных норм, якія спрыялі таксама развіццю грамадска-палітычнай дзейнасці гараджан.
Магілёў быў, безумоўна, не самы вялікі тагачасны горад, калі параўноўваць з іншымі беларускімі гарадамі, але за часы Магдэбурскага права здолеў стаць на пачатку 17-га стагоддзя самым заможным, найвялікшым пасля сталіцы - Вільні, пярлінай ВКЛ і прыняў на сябе функцыі ўсходняга "фарпосту", перш-наперш у гандлі. Да спалення расійскімі войскамі падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе ён быў найбуйнейшым гандлёвым горадам. Па колькасці цэхаў, напрыклад, у 2-2,5 разы пераўзыходзіў Менск на той момант. Неад'емным атрыбутам, сімвалам гарадскога самакіравання, знакам самастойнасці і палітычнай вольнасці горада з'яўлялася ратуша, якую пабудавалі на галоўнай (рыначнай) плошчы. У ратушы змяшчаліся канцылярыя самакіравання, гарадскі скарб, архіў з кнігамі адміністрацыйных прадпісанняў рады і яе судовых рашэнняў, граматы з прывілеямі, выдадзенымі гораду. Тут праводзіліся і паседжанні судоў.
Зараз у шыкоўнай і самай вялікай канферэнц-зале адбываюцца ўрачыстыя сустрэчы. Зала ўпрыгожана партрэтамі выбітных магілёўцаў, якія пакінулі яскравы след у гісторыі нашага горада і ўсёй Беларусі. Гэта Спірыдон Собаль - беларускі друкар, асветнік і літаратар; Трафім Сурта - магілёўскі летапісец, першы аўтар Магілёўскай хронікі; Свяціцель Георгій Каніскі - праваслаўны архіепіскап Магілёўскі і Беларускі; архібіскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч - мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі; Аляксандр Дамбавецкі - магілёўскі губернатар і Еўдакім Раманаў - беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг.
Войтаўская зала вяртае нас у часы Магдэбургскага права, у часы самастойнага і заможнага горада. Тут, акрамя партрэтнай галерэі каралёў Рэчы Паспалітай, гарадская харугва і харухвы цэхаў, якіх налічвалася ў Магілёве больш за 18.
У вялікай зале макет старажытнага Магілёва - рэч наогул унікальная. Мастак Базыль Камароў зрабіў яго з вялікай гістарычнай верагоднасцю. Праца гэта вялізная і вартая ўвагі магілёўцаў. Напрыклад, праўдзіва адлюстравана тэрыторыя сучаснага парка імя Горкага. Тут стаяў спачатку драўляны замак. У вежах былі памяшканні для вояў. Быў і падземны ход, каб можна было ўцячы ў выпадку небяспекі. Адзіная мураваная сцяна ішла ад Кутняй вежы недзе да сучаснага Краязнаўчага музея. Адна з брамаў замка дужа нагадвае Мірскі замак і называецца Алейная. Трэцяя брама - Каралеўская, яна была аздоблена мармурам. Чацвёртая брама выходзіла на Ветраную вуліцу. Была там і саджалка для лоўлі карасёў. Гандлёвая плошча займала каля 2,5 га.
Адлюстравана на макеце Б. Камарова гарадская турма ці астрог. Быў таксама і млын на рацэ Дубравенка. Самы прыгожы будынак тых часоў - Багаяўленскі храм. Ён пабудаваны на пляцы Яна Агінскага, буйнейшага праваслаўнага магната Вялікага Княства Літоўскага. Агінскі аддаў праваслаўным гэты пляц, а правобразам для будаўніцтва храма зрабілася царква Святога Духа ў Вільні. Нікольскі храм, дарэчы, - дакладная зменшаная копія храма Багаяўленскага. Ёсць таксама і першы каталіцкі касцёл, драўляная Ўваскрасенская царква. Многія храмы, якія адлюстраваў Камароў, маюць не зусім звыклы выгляд - яны яшчэ драўляныя. Надзвычай добра спадар Базыль паказаў замак, вызначыў планіроўку вуліц. На сённяшні дзень гэта найлепшая выява старога горада. Аднак праца яшчэ не завершана. Мастак будзе, хочацца на гэта спадзявацца, сёе-тое дарабляць.
Гісторыя Магілёўскай магдэбургіі трагічная і гераічная. У 1654 годзе падчас вайны з Маскоўскім княствам магілёўцы добраахвотна здалі горад маскоўцам. За здраду дзяржаве кароль Жыгімонт Ваза пазбавіў Магілёў прывілею на самакіраванне. Першага лютага 1661 года магілёўцы ўзняліся супраць маскоўцаў. Яны вынішчылі акупацыйную залогу і перайшлі на бок Рэчы Паспалітай. У горадзе аднавілі Магдэбургскае права і прыраўнялі у правах да сталіцы дзяржавы Вільні. Магілёў атрымаў новы герб, які па сёння застаецца афіцыйных гербам Магілёва. Менавіта паўстанне магілёўцаў супраць маскоўскага гарнізона адлюстравана на адным з макетаў.
На стэндах музея - калекцыі археалагічных знаходак, у тым ліку, упрыгожанняў 10 - 11 ст. (бісер, бразготкі, пацеркі), калекцыі кафлі, посуду, цацак, люлек, зброі 16 - 18 ст.,
Аляксей Бацюкоў з гонарам дэманстраваў нам выбітную каштоўнасць у музейнай экспазіцыі - адзіны ў Беларусі экземпляр Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., выкуплены за кошт прыватных ахвяраванняў грамадзян і дзякуючы спонсарскай дапамозе. Статут 1588 г. - вышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, папярэднік еўрапейскіх канстытуцый і самы прагрэсіўны ў тагачаснай Еўропе дзяржаўны звод законаў.
З каштоўных экспанатаў Батюкоў звярнуў увагу на камергерскі ключ апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і шаблю-касцюшкоўку, якая датуецца сярэдзінай 18 ст. Для Магілёва гэты ключ сімвалізуе не толькі сыход апошняга караля і скон Рэчы Паспалітай, але і скасаванне Магдэбургскага права. Што тычыцца шаблі - знайшоў яе рыбык, які закінуў у Дняпро спінінг, а дастаў з вады шаблю ў похвах. Похвы не дужа захаваліся, затое шаблю час пашкадаваў. Шабля сімвалізавала суверэннасць і справядлівасць. Шабля пры боку гараджаніна - знак свабоднага чалавека. У Рэчы Паспалітай насіць шаблю мелі права толькі шляхціцы і мяшчане. Кожны магілёвец быў абавязаны мець дома зброю - халодную і агняпальную, бо перадусім быў абаронцам горада...
Экспазіцыя музея дазволіла прасачыць асноўныя этапы ў развіцці горада, а цэнтральная частка экспазіцыі прысвечана часу найбольшага культурнага росквіту Магілёва, калі горад быў адным з самых буйных і ўплывовых ва Усходняй Еўропе - перыяду з ХVI па ХVII стагоддзе і быў прыроўнены ў правах да сталіцы дзяржавы - Вільні. Магдэбургскае права ў Магілёве было скасавана ў лістападзе 1775 г. паводле загаду расійскай імператрыцы Кацярыны II пасля далучэння ўсходняй Беларусі да Расійскай імперыі.
Паведаміў дырэктар музея нам і аб рарытэтах, якія музей спадзяецца яшчэ набыць з дапамогай гараджан. Музей гісторыі Магілёва шукае грошы на фрагмент Бібліі Скарыны.
Цягам амаль дзвюх гадзін грамада з задавальненнем уважліва слухала спадара Бацюкова, а некаторым прыходзілася і прыслухвацца, бо ў малых залах музея не хапала месца для экскурсантаў. Як паведаміў старшыня магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзячкоў, гэтая імпрэза толькі пачатак мерапрыемстваў па святкаванні 440-й гадавіны славутай даты нашага горада.
Наталля Шамянкова.
Баранавіцкай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" аб сітуацыі з наяўнасцю беларускамоўнай літаратуры ў кніжных крамах
Прэс-рэліз
Сябры Баранавіцкай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) правялі аналіз наяўнасці літаратуры розных кірункаў на беларускай мове ў кніжных крамах горада. З гэтай мэтай яны завіталі ў тры найбуйнейшыя і найбольш папулярныя крамы, якія знаходзяцца ў цэнтры г. Баранавічы.
У выніку аналізу высвятлілася, што:
- недастаткова дзіцячай літатратуры ўвогуле,
- зусім няма перакладаў сусветных класікаў на беларускую мову,
- няма навуковых і навукова-тэхнічных даведнікаў,
- адчуваецца недахоп адукацыйнай літаратуры і дапаможных матэрыялаў па спецпрадметах для сярэдняй школы.
Беларуская сярэдняя адукацыя не мае працоўных сшыткаў і дапаможных матэрыялаў (зборнікаў задач, табліцаў, атласаў, контурных мапаў) па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, хіміі, біялогіі, гісторыі, геаграфіі, астраноміі, грамадазнаўстве. Напрыклад, калі па гісторыі контурныя карты можна знайсці, то па геаграфіі іх няма зусім. Для тых дзяцей, якія атрымоўваюць адукацыю на беларускай мове, у пэўнай ступені складана атрымаць дастатковую паўнавартасную інфармацыю і забяспечыць сваё права на адукацыю на адной з дзяржаўных моў.
Баранавіцкая суполка Таварыства Беларускай мовы выказвае падзяку супрацоўнікам кніжных крамаў за магчымасць правесці дадзены аналіз, а таксама за дапамогу і садзейнічанне.
Камісія ТБМ па выкарыстанні беларускай мовы і адукацыі накіравала пісьмо ў ААТ "Белкніга" Вашкевічу А.А. з прапановай падаць заяўку на друкаванне па-беларуску навуковай, адукацыйнай, мастацкай (замежнай), выхаваўча-забаўляльнай дзіцячай літаратуры.
Ці загучыць на хвалях "Твайго Радыё" ў Лідзе беларуская музыка?
Старшыня Ёдкаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ Валер Мінец патрабуе, каб на мясцовай радыёстанцыі "Тваё радыё" гучала беларуская музыка.
- Лідскае "Тваё радыё" распачало трансляцыю ад 9 сакавіка мінулага года. Але ад таго часу і да гэтай пары на хвалях радыёстанцыі амаль немагчыма пачуць беларускую музыку - ледзь не на 100% змест складаецца з расейскага шансону і поп-шлягераў. Лічу, што такім чынам радыёстанцыя не спрыяе развіццю беларускай музычнай культуры. Па-сутнасці кіраўніцтва "Твайго радыё" не выконвае функцыю мясцовага радыё, застаючыся ў расейскай культурнай прасторы і прывучаючы да таго сваіх слухачоў. Да таго ж, гэтая радыёстанцыя не ёсць прыватнай установай, яна належыць дзяржаве, але не праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне культуры. Вельмі дзіўна, што дзяржаўныя органы, з аднаго боку, выступаюць за імпартазамяшчэнне і прапагандуюць лозунг "Купляй беларускае!", а з іншага боку не падтрымліваюць айчынных вытворцаў культурнага прадукту. Я памятаю, што раней дзейнічала квота наконт абавязковага ўключэння ў музычныя трансляцыі твораў беларускіх выканаўцаў - таму і звярнуўся па тлумачэнні на гэты конт да Міністэрства інфармацыі. А то з такім плэй-лістом, як у нашай мясцовай радыёстанцыі, мы ніколі не выіграем Еўрабачанне!
Аднак Міністэрства інфармацыі ў адказ на запыт актывіста паведаміла, што ў заканадаўстве адсутнічае норма пра максімальна дазволены аб'ём замежнай музыкі ў эфіры.
Цікава, што спявачка Ірына Дарафеева, якая нядаўна стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, у часе сваёй перадвыбарчай кампаніі так-сама звяртала ўвагу на гэтую праблему і прапаноўвала заканадаўча замацаваць абавязковую квоту для беларускай музыкі ў радыёэфіры: "Цяпер я ўключу любую радыёстанцыю, і буду вельмі моцна здзіўленая, калі пачую беларускую песню. Таму я б вярнула квоту, паколькі нам вельмі цяжка канкураваць у медыяпрасторы", - казала Дарафеева ў часе мінулагодняга ўсебеларускага народнага сходу.
Валер Мінец, які сам на мінулых парламенцкіх выбарах вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, будзе прапаноўваць дэпутатам парламента аднавіць увагу да гэтай праблемы і скарыстацца дэпутацкімі паўнамоцтвамі для яе вырашэння. Актывіст ТБМ плануе ізноў накіраваць у Міністэрства інфармацыі прапановы аб аднаўленні нормы пра пашырэнне квоты беларускіх выканаўцаў у радыёэфіры.
Што да лідскай радыёстанцыі "Тваё радыё", то на яе адрас Валер Мінец рыхтуе адмысловы падарунак у выглядзе некалькіх дыскаў сучасных беларускіх выканаўцаў, якія адпавядаюць фармату радыёстанцыі, з прапановай уключыць беларускую музыку ў плэй-ліст.
Радыё Свабода.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
У расійскай гісторыі існуюць некалькі версій стварэння Расійскаіі дзяржавы, звязанай з прыходам на княжанне Рурыка. У XVIII створана нарманская тэорыя з дапамогай нямецкіх навукоўцаў, якія працавалі ў Расіі. Адпаведна ёй Руская (старажытна-руская) дзяржава заснавана варагамі, або нарманамі. З XVIII ст. існавалі і вучоныя антынарманісты, на чале з Міхайлам Ламаносавым, якія сцвярджалі што славяне самі стварылі сваю дзяржаву, а варагі вялікай ролі тут не мелі. У СССР, у часы Сталіна, у сярэдзіне XX ст., была распрацавана канцэпцыя існавання асобнай "старажытнарускай" народнасці, якая жыла ў дзяржаве з назвай "Старажытная", або "Кіеўская" Русь. Галоўным прыхільнікам антынарманскай тэорыі ў СССР быў знакаміты савецкі археолаг, акадэмік Барыс Рыбакоў, які сваю навуковую кар'еру пачынаў у Беларусі. Сучасны расійскігісторык Паранін вылучыў новую, "карэльскую", тэорыю паходжання Кіеўскай Русі. Ён лічыць, што першая дзяржава ўсходніх славян у VI-VIII стст. існавала на тэрыторыі Карэльскага перашыйка (на поўнач ад цяперашняга Санкт- Пецярбурга). Паводле яго, гэтае месца і ёсць востраў Рус, які згадваецца ў візантыйскіх, арабскіх і іншых пісьмовых крыніцах. Сталіцай гэтага дзяржаўнага ўтварэння была Старая Ладага, дзе і жыў яго кіраўнік ( хакан). Менавіта сюды прыйшоў легендарны Рурык Адначасова з дзяржавай Рурыка і Полацкай дзяржавай у 30-я - 40-я гг. ІХст. існавала і дзяржава палян на Сярэднім Дняпры са сталіцай у Кіеве. Кіраваў ёю хакан (князь). Вядомыя два кіеўскія князі, Аскольд і Дзір. Паміж Ноўгарадам і Кіевам узнік канфлікт за магчымасць кантраляваць гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі". На гэтым шляху было яшчэ адно княства крывічоў - Смаленскае. У IX ст. тут узнікаюць першыя гарадскія паселішчы. Гэта вышэйзгаданае Гнёздава на Дняпры, а пазней і Смаленск, на адлегласці 12 км на ўсход ад Гнёздава. Некаторыя даследчыкі лічаць, што жыхары Гнёздава і перасяліліся пазней на месца Смаленска. Вакол Гнёздава знаходзіцца вялізны курганны могільнік. Яго раскопкі выявілі ўнікальныя ўпрыгожанні, што належалі славянам, варагам і фіна-ўграм. Аднак у пачатку IX ст. значная частка жыхароў пакінула Гнёздава, і на першае месца выходзіць Смаленск, які ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 863 г. Назву горада некаторыя даследчыкі тлумачаць, што яна паходзіць ад слова "смаліць" - рамантаваць, апрацоўваць смалою днішчы і карпусы гандлёвых караблёў, якія плылі па Дняпры ў Чорнае мора. Паводле іншай версіі, гэтая назва мае скандынаўскае паходжанне ("горад на малой зямлі"). У 863 г. кіеўскія князі-варагі Аскольд і Дзір хацелі захапіць Смаленск, але не здолелі гэта зрабіць.
Пасля смерці Рурыка ў 879 г. кіраваць Ноўгарадам пачаў яго сваяк Алег, які быў апекуном малога сына Рурыка - Ігара. У 882 г. ён захапіў Смаленск, пасля падманам завалодаў Кіевам, а кіеўскіх князёў забіў. Такім чынам у яго руках апынуўся ўвесь шлях з "варагаў у грэкі", а дакладней, яго дняпроўская частка. Потым Алег прымусіў плаціць яму даніну плямёны драўлян і севяран і вызваліў беларускае племя радзімічаў ад хазарскай даніны. Так пад яго кіраўніцтвам у Еўропе і ўзнікла новая вялікая дзяржава, якая пазней у гісторыі атрымала назву Кіеўская Русь. Спачатку ў яе ўваходзілі кіеўскія, смаленскія і ноўгарадскія тэрыторыі.
Трэба адзначыць, што сучасныя ўкраінскія гісторыкі лічаць Кіеўскую Русь сваёй, а не Рускай (Расійскай) дзяржавай, а яе заснавальніка Рурыка - не варагам, а заходнім славянінам (венедам). На іх думку, родавы знак ( татэм) Рурыка, выява сокала, які падае на сваю здабычу, цяпер - дзяржаўны сімвал Украіны, і выглядае як тызуб.
Кіеўскі князь стаў вялікім князем, гаспадаром усіх земляў у краіне. Усе племянныя князі зрабіліся яго васаламі, а іх падданыя - простыя людзі мусілі плаціць кіеўскаму князю адмысловую даніну - "палюддзе". Таксама вайсковыя дружыны племянных князёў удзельнічалі ў ваенных паходах кіеўскіх князёў на Хазарскі каганат і Візантыю.
Полацкае княства ў IX ст. захоўвала сваю незалежнасць і ў Кіеўскую дзяржаву не ўваходзіла. Яно валодала часткай гандлёвага шляху "з варагаў у грэкі", што праходзіла па Заходняй Дзвіне, і кантралявала "волакі" - шляхі з Заходняй Дзвіны ў Дняпро. Таму кіеўскія князі прызнавалі полацкіх князёў за роўных сабе і заключалі з імі ваенныя саюзы. Так, у 907 г. Полацк разам з кіеўскім князем Алегам удзельнічаў у ваенным паходзе на Візантыю. У выніку перамогі Візантыя мусіла плаціць даніну не толькі Кіеву, але і Полацку.
АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ
Авары (обры) - саюз качавых мангола- і цюркамоўных плямёнаў.
Быліна - народны эпічны твор (песня) ў усходніх славян аб важнейшых падзеях і асобах іх гісторыі.
Вешчуны - язычніцкія жрацы ў усходніх славян.
Капішча - язычніцкае свяцілішча ў славян.
Палюддзе - аб'езд князем і яго дружынай падуладных тэрыторый і плямёнаў Кіеўскай Русі дзеля збору даніны.
Протабалгары - цюркскія качавыя плямёны, якія прыйшлі з Волгі на Балканы ў VII ст.
Хазары - напалову качавы народ, які ў VII ст. стварыў сваю дзяржаву Хазарскі каганат.
Хан - кіраўнік першай Балгарскай дзяржавы.
Язычнік (паганец) - чалавек, які верыць у мноства багоў.
НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ
568 г. - стварэнне Аварскага каганата.
681 г. - утварэнне Першага Балгарскага царства.
791-803 гг. - вайна авараў з франкамі.
VII ст. - стварэнне Хазарскага каганата.
820-885 гг. - св. Мяфодзій.
827-869 гг. - св. Кірыл.
830-906 гг. - Вялікамараўская дзяржава.
864 г. - прыняцце балгарамі хрысціянства.
Сярэдзіна IX ст. - стварэнне славянскай азбукі Кірылам і Мяфодзіем.
Сярэдзіна IX ст. - фарміраванне дзяржаўных утварэнняў вакол Ноўгарада, Кіева, Смаленска і Полацка.
ЧАСТКА II. ВЫСОКАЕ СЯРЭДНЯВЕЧЧА (Х-ХІІІ стст.)
РАЗДЗЕЛ V. СЯРЭДНЯВЕЧНЫ ГОРАД. РОСКВІТ ГАРАДСКОГА САМАКІРАВАННЯ
1. Заходнееўрапейскі горад у V-VII стст.
2. Горадабудаўніцтва ў Еўропе ў IX ст.
3. Федальная ўрбанізацыя Заходняй Еўропы Х-ХПІ стст.
4. Гарады ўсходніх і заходніх славян.
5. Магдэбургскае права.
6. Візантыйскія гарады.
I. Заходнееўрапейскі горад у V-VІІ стст.
Пасля захопу Заходняй Рымскай імперыі германцы ды іншыя плямёны разбуралі былыя рымскія гарады і знішчалі храмы, палацы, тэатры, каб узяць каменне на ўласныя патрэбы. Аднак некаторыя з іх, разрабаваныя і спустошаныя, тым не менш ацалелі. Сярод іх былі Рым, Мілан, Фларэнцыя, Балоння, Неапаль, Парыж, Кёльн, Майнц, Страсбург, Аўгсбург, Вена, Лондан, Трыр і інш. Шмат якія з іх страцілі ролю гандлёва-рамесных цэнтраў і сталі рэзідэнцыямі біскупаў каралёў ды свецкіх магнатаў. Толькі ў Візантыі, Італіі і арабскай Іспаніі гарады заставаліся цэнтрамі гандлю, найперш з краінамі Усходу. У той частцы Еўропы, дзе не было антычных традыцый, паселішчы гарадскога тыпу былі невялікія, маланаселеныя і не мелі істотнага эканамічнага значэння.
2. Горадабудаўніцтва ў Еўропе ў IX ст.
Аднак у IX ст., і асабліва ў X ст., сітуацыя ў Заходняй Еўропе змямілася. Дзяржава і царква пачалі спрыяць развіццю гарадоў новага феадальнага тыпу як цэнтраў рамяства і гандлю. Насельніцтва гарадоў павялічвалася за кошт сялян і рамеснікаў, якія ўцякалі ад феадалаў і сяліліся каля ўмацаваных рэзідэнцый каралёў, князёў, арцыбіскупаў, цэнтраў адміністрацыйнага кіраванння цвердзяў і вялікіх кляштароў. Часта сяляне сяліліся разамі з купцамі на скрыжаваннях гандлёвых сухапутных шляхоў і водных магістраляў, там, дзе былі добрыя парты для абслугоўвання караблёў. У Італіі гэтыя працэсы адбываліся раней, ужо ў VIII-IX стст. Да ліку такіх гарадоў можна аднесці Венецыю, Геную, Пізу, Неапаль і інш.
Асобнае месца займае "вечны горад" Рым, які пачаў актыўна развівацца пасля таго, як у 756 г. стаў сталіцай Папскай вобласці, атрымаўшы статус царкоўна-палітычнага цэнтра Заходняй (будучайі каталіцкай) Еўропы.
У Х-ХІ стст. масава ўзнікаюць феадальныя гарады ў Паўночнай Францыі, Германіі, Нідэрландах і Англіі. Прычым, нямецкія гарады на Рэйне і Дунаі ўзніклі раней за іншыя. У Скандынавіі і Ірландыі гарады з'яўляюцца толькі ў XII-XIII стст.
3. Феадальная ўрбанізацыя Еўропы Х-ХІІІ стст.
Гарады ствараліся на землях феадала, які станавіўся сеньёрам для ўсіх гараджан. З апошніх бралі аброк рамеснымі вырабамі, шматлікія мыты і штрафы. Феадал судзіў гараджан. Таму гараджане змагаліся за свае правы.
Камунальны рух. Барацьбу гарадоў са сваімі сеньёрамі з X - XIII стст. называюць камунальным рухам. Спачатку гарады дамагаліся; скарачэння падаткаў, а потым набывалі самакіраванне і адпаведныя правы ды своеасаблівы палітычны лад. Першымі атрымалі незалежнасць ад сваіх сеньёраў у XI-XIII стст. гарады Паўночнай і Сярэдняй Італіі. У першую чаргу гэта былі Венецыя, Генуя, Мілан, Фларэнцыя і Балоння. У ХІІІ ст. яны падпарадкавалі сабе суседнія сельскія вобласці і маленькія гарады. Так узніклі гарады-дзяржавы, прычым некаторыя атрымалі агульнаеўрапейскае значэнне. У Германіі ў ХІІ і асабліва ў XIII ст. узніклі так званыя імперскія гарады, якія фармальна залежалі ад імператара, але сталі фактычна незалежнымі гарадскімі рэспублікамі. Гэта - Любек, Гамбург, Кёльн, Нюрнберг, Аўгсбург і інш. Яны мелі сваё войска, самастойна абвяшчалі вайну ці заключалі мір і нават чаканілі свае грошы.
У ХІІ ст. гарады паўднёвай Францыі атрымалі кансулат - кіраванне консулаў (выбарных асоб ад шляхты, гандляроў і рамеснікаў). Побач з кансулатам у гарадах існавалі Вялікія рады, якія складаліся з прадстаўнікоў гараджан. Гарадская камуна зрабілася, па сутнасці, калектыўным сеньёрам. Яна мела зямельныя ўладанні і залежных сялян, свой суд, фінансы і войскі. Камуна магла заключаць саюзы, падпісваць мірныя дамовы і ўступаць у дыпламатычныя зносіны. Вярхоўным органам кіравання стала гарадская рада, якая абіралася гараджанамі. Кіраўнік рады ў Англіі і Францыі называўся мэрам, а ў Германіі - бургамістрам. У выніку еўрапейскага камунальнага руху гараджане паступова вызваліліся ад асабістай залежнасці. У Заходняй Еўропе ўсталявалася правіла: калі селянін уцёк ад свайго феадала ў горад і пражыў там год і адзін дзень, то ён рабіўся вольным. Таму і ўзнікла наступная прыказка: "Гарадское паветра робіць свабодным".
Гарадскі выгляд і насельніцтва гарадоў. Пасля набегаў нарманаў заходнееўрапейскія гарады пачалі будаваць мураваныя ўмацаванні вакол цэнтральнай, асноўнай часткі горада ў выглядзе абарончых муроў і вежаў. Жылыя дамы спачатку былі драўляныя, але ў XII-XIII стст. большасць з іх пачалі будаваць з каменю або цэглы. Вуліцы былі крывыя і вузкія. Шырыня галоўных вуліц не перавышала сем-восем метраў. Маленькія вуліцы і завулкі мелі шырыню не болей за два метры, а некаторыя і да аднаго метра. Так, адна з вуліц Бруселя мела назву "Вуліца аднаго чалавека". Па вуліцах, акрамя людзей, рухаліся жывёлы, вершнікі і павозкі. Дамы ў гарадах не мелі нумароў, але мелі свае адзнакі - розныя скульптурныя выявы. На перакрыжаваннях часта стаялі вялікія крыжы. У італьянскіх і французскіх гарадах на плошчах былі фантаны. На вуліцах было брудна, бо смецце скідвалі ў рэкі ці бліжэйшыя канавы. Доўгі час вуліцы не мелі ходнікаў. У Парыжы першыя каменныя брукаванкі з'явіліся ў канцы XII ст. Да XIV ст. ужо ўсе вуліцы французскіх гарадоў былі забрукаваныя. Рашэнне брукаваць вуліцы ў Празе прынялі ў 1331 г. У нямецкіх гарадах брукаванкі з'явіліся пазней. Першая брукаваная вуліца ў багатым горадзе Аўгсбургу з'явілася ў пачатку XV ст. Толькі ў вялікіх гарадах у ХІV-ХV стст. з'яўляюцца на вуліцах вадасцёкавыя канавы. Гарады складаліся з розных частак (кварталаў). Так, у XI ст. горад Рэймс меў тры часткі: царкоўную, каралеўскую і купецкую.
(Працяг у наст. нумары.)
Прэзентацыя ўнікальнага выдання прайшла ў Магілёве
- Тры тысячы старонак - творчы даробак вядомага беларускага гісторыка Мікалая Улашчыка, і гэтае выданне па сутнасці - вяртанне вялікага нашага гісторыка на Радзіму. Патрэба такога выдання была прадыктаваная ненармальнаю сітуацыяй, якая склалася з папулярызацыяй творчай спадчыны гэтага найбуйнейшага беларускага гісторыка XX ст., - так пракаментаваў выхад першага тома збору твораў Улашчыка выдавец Валер Булгакаў.
У чацвер 16 лютага па запрашэнні гарадской суполкі ТБМ у Магілёў завіталі рэдактар часопіса "ARCHE" Валер Булгакаў і Зміцер Віцько - рэдактар выдання ўзгаданага збору твораў. Усяго плануецца выдаць тры аб'ёмныя тамы. У апошнім, трэцім томе выдаўцы абяцаюць надрукаваць невядомыя працы Мікалая Улашчыка. Пасля смерці аўтара ніхто так і не выдаў яго гістарыяграфічныя працы асобным выданнем. Выдавалася белетрыстыка, дзённікі, успаміны, але асноўныя ягоныя працы па ВКЛ, эканамічным развіцці Беларусі не былі даступныя ў адным томе. Каштоўнасць усіх работ Улашчыка палягае і ў тым, што працуючы ў расейскіх архівах, у тым ліку і розных правінцыйных гарадах, ён меў магчымасць азнаёміцца з малавядомымі крыніцамі, рэдкімі летапісамі і старадрукамі. Акрамя таго, у адрозненне ад БССР, у тыя часы ў Маскве і, тым больш, у іншых расейскіх гарадах, пільна не прыглядаліся да прац навукоўцаў па гісторыі Беларусі і ВКЛ.
Вельмі адметны і лёс Мікалая Улашчыка. Яшчэ ў 1930-м годзе, фактычна на пачатку сваёй навуковай дзейнасці, ён быў першы раз арыштаваны і некалькі год правёў у лагеры. Потым быў яшчэ двойчы рэпрэсаваны, а канчаткова быў вызвалены толькі 25 сакавіка 1955 года. Пасля лагераў Улашчыку не далі магчымасці вярнуцца ў Беларусь, ён працаваў у Маскоўскім універсітэце, а потым у Інстытуце гісторыі СССР Акадэміі навук.
Мікола Улашчык - доктар гістарычных навук, аўтар навуковых працаў па гісторыі Беларусі часоў ВКЛ, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі. Першы том збору твораў уключае ў сябе крынiцазнаўчыя i археаграфiчныя даследаваннi - манаграфii "Нарысы па археаграфii i крынiцазнаўству гiсторыi Беларусi феадальнага перыяду" i "Уводзiны ў вывучэнне беларуска-лiтоўскага летапiсання", артыкулы, рэцэнзii i прадмовы да розных публiкацый на адпаведную тэматыку, а таксама два пасмяротныя выданнi, якiя планавалiся як трэцяя i чацвёртая кнiгi гэтай тэматычнай серыi: "Нарысы па археаграфii i крынiцазнаўству гiсторыi Беларусi дасавецкага перыяду: частка другая" i "Мемуары i дзённiкi як крынiцы па гiсторыi Беларусi".
Пад час сустрэчы Зміцер Віцько і Валер Булгакаў вельмі падрабязна распавялі пра навуковы шлях і працы Мікалая Ўлашчыка, акалічнасці яго біяграфіі і лагерныя "прыгоды". Шмат цікавай інфармацыі атрымалі магілёўцы і датычна навінак кнігавыдавецкай дзейнасці, як у навукова-гістарычнай сферы, так і адносна мастацкай літаратуры. Не абыйшлося і без пытанняў і адказаў, бо тэмы гісторыі заўсёды выклікаюць жывую цікавасць.
Акрамя ўзгаданай кнігі, магілёўцы пабачылі і змаглі набыць апошнія нумары часопіса "ARCHE", перавыданні некаторых ранейшых папулярных нумароў, наклады якіх хутка разышліся ў свой час. Менскія госці прывезлі і шмат іншай літаратуры, у тым ліку вельмі папулярную серыю кніг пра Вялікіх князёў і магнатаў ВКЛ, шмат новых мастацкіх твораў беларускіх аўтараў.
Алесь Сабалеўскі.
У Гародні прэзентавалі кнігі па канфесійнай гісторыі
Канфесійная гісторыя Беларусі ўзбагацілася новымі кнігамі аўтараў з Гарадзеншчыны: Эдмунда Ярмусіка і Леаніда Лаўрэша. У гарадзенскай бібліятэцы імя Карскага прайшла прэзэнтацыя плёну іх працы. Эдмунд Ярмусік, прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта, напісаў навучальны дапаможнік для студэнтаў. Кажа аўтар:
- Я пастараўся, наколькі гэта дазваляў ракурс гэтага выдання, прасачыць паўнавартасную канфесійную гісторыю на тэрыторыі нашай краіны, пачынаючы яшчэ з язычніцкіх часоў і заканчваючы сённяшняй сітуацыяй. Краіна наша поліканфесійная, тут назіраецца перасячэнне розных культур. У розныя гістрычныя перыяды аддавалася перавага, у залежнасці ад дзяржаўнай палітыкі, той ці іншай канфесіі.
Другі аўтар, Леанід Лаўрэш, - вядомы на Гарадзеншчыне краязнавец, стваральнік інтэрнэт-сайта Pawet. net. Яго кніга "Маламажэйкаўская царква" - пакуль унікальная з'ява ў вывучэнні гісторыі храмаў Беларусі. На думку Леаніда, лёс царквы адлюстроўвае шматканфесійны характар нашага мінулага.
- Уласна, царква была адзіная, не было такога рэзкага пераходу паміж уніяй і праваслаўем. Гэта ўсё легенды. Натуральным шляхам яна стала ўніяцкай царквой, грэка-каталіцкай царквой. Там было сваё жыццё, свае праблемы, свае дасягненні. Потым яна стала ўжо расейскай праваслаўнай царквой. Быў такі святар Леў Савіцкі, найцікавейшая асоба, ён імкнуўся абгрунтаваць, што царква была пабудавана ў 15-м стагоддзі. Галоўны міф, які ён запусціў. Нават у пачатку 20-га стагоддзя ўжо святкавалі 500-годдзе царквы. А яно вось толькі што прайшло.
Як заўважыла на імпрэзе прафесар Святлана Марозава, Гародня мае глыбокія карані ў вывучэнні канфесійнай гісторыі, з самага пачатку існавання Купалаўскага ўніверсітэта. І гэтыя кнігі - таму пацверджанне. На прэзентацыі былі не толькі гісторыкі са стажам, але і студэнты. Прэзентаваныя выданні ўжо можна набыць у кнігарнях Гародні.
Якуб Сушчынскі , Беларускае Радыё Рацыя, Гародня. Фота аўтара.
Пасля адкрыццяў, якія зрабіў Лаўрэш, пра Мураванку можна складаць вершы
Пра кнігу Леаніда Лаўрэша "Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс" піша доктар гістарычных навук, прафесар Святлана Марозава.
Спачатку - пра гісторыкаў, краязнаўцаў і старажытныя храмы.
Неяк я збірала матэрыялы пра гісторыкаў Гарадзеншчыны. У гэтым мне дапамагаў Леанід Лаўрэш. Трэба было чуць, з якім навуковым натхненнем і ўпэўненасцю ён заявіў: "Я адкрыў імя новага краязнаўца Лідчыны. Гэта - Леў Савіцкі". Напэўна, гэта было падобна на тое, як даследчык, зрабіўшы сенсацыйнае адкрыццё, ускліквае: "Эўрыка!".
У хуткім часе пра Льва Савіцкага - маламажэйкаўскага святара, што пражыў 90 гадоў, з якіх 63 гады (з 1863 па 1926) прысвяціў сваёй царкве, - давялося пачуць на адной з навуковых канферэнцый. Гэта сапраўды было новаадкрытае імя ў гісторыі нашага краю. Мураванкаўскі храм-цвердзь, пра які з кнігі ў кнігу перакачоўвала адна і тая ж інфармацыя, пачынаў набываць новыя навуковыя абрысы.
У 2013 годзе прыйшло запрашэнне ўзяць удзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі "З гісторыі Супрасльскага манастыра ў XVI-ХХ ст." у Польшчы. Спачатку я не ўяўляла, што можна два дні групе даследчыкаў (а было каля двух дзясяткаў выступоўцаў з розных краін), гаварыць пра адзін манастыр, хай сабе і з пяцісотгадовай гісторыяй? На канферэнцыі стала зразумела, што грунтоўнае навуковае асэнсаванне феномену Супрасля толькі пачынаецца.
Але здзіўленні на гэтым не скончыліся. Супрасльскую царкву і манастыр раскручвае ў навуковым сэнсе цэлая група даследчыкаў з шэрагу краін. А тут адзін лідскі краязнавец, Леанід Лаўрэш, бярэцца пісаць кнігу (не артыкул!) пра сястру Супрасля - Маламажэйкаўскую царкву-цвердзь з пяцісотгадовай гісторыяй. Здавалася, дзе ён столькі інфармацыі пра яе возьме? Не кожны вопытны гісторык рызыкне гэтым заняцца.
І вось мы маем вынік гэтай скрупулёзнай, няпростай, адказнай і патрэбнай нашаму краю працы. Фактычна, Леанід Лаўрэш даў прыклад і, у пэўнай меры, узор навуковага мікрагістарычнага даследавання на матэрыяле адной царквы. Як будаўнік цаглінка да цаглінкі стварае будынак, так і даследчык факцік да факту будуе гісторыю адной з найславутых святынь Беларусі. Гэтыя факты, якія гадамі збіраліся ім з архіўных і апублікаваных крыніц (у тым ліку з архіваў Беларусі, Літвы, Расіі), з літаратуры і вышыхтаваныя ў лагічна-храналагічнай паслядоўнасці, разам з аўтарскай аналітыкай, аргументацыяй, назіраннямі і высновамі далі ўнікальную ў сваім родзе працу.
Старонка за старонкай мы гартаем кнігу гісторыі Маламажэйкаўскай царквы даўжынёй у 500 год. Мы знаёмімся з падзеямі і людзьмі: уладальнікамі Мажэйкава, "калятарамі" царквы (дабрадзеямі і самадурамі), са шматлікімі прэтэндэнтамі на сам храм і яго маёмасць, рэліквіі, землі. З дзяржаўнымі мужамі і мясцовымі чыноўнікамі, ад якіх залежаў лёс храма. Перад намі праходзіць цэлы шэраг прадстаўнікоў духоўнага саслоўя: ад вышэйшых царкоўных іерархаў да шараговых святароў. Дарэчы, Лаўрэш аднавіў імёны ўсіх настаяцеляў храма, пачынаючы з сярэдзіны ХVII ст.
Гісторыя Маламажэйкаўскай царквы - гэта не роўнае поле, як спачатку можа падацца. На старонках гісторыі храма і на яго сценах, у яго падзямеллях, на могілках, у мясцовых паданнях - раны войнаў, вандалізм мясцовых Неронаў, ахвяры рэпрэсій. Не аднойчы бушавалі людскія жарсці вакол гэтай святыні.
Кніга Лаўрэша - гэта не звыклы нам краязнаўчы нарыс. Чым далей чытаеш, тым больш разумееш веліч і трагізм нашай мінуўшчыны (аж да бальшавіцкай расправы з сынамі і ўнукам згаданага Савіцкага). Пасля адкрыццяў, якія зрабіў аўтар кнігі, пра Мураванку можна складаць вершы і пісаць ледзь не дэтэктыўныя раманы.
Хай сабе і ёсць ў напісанай Лаўрэшам кнізе гісторыі Маламажэйкаўскай царквы "белыя плямы" і незапоўненыя радкі, што тлумачыцца станам базы крыніц па тэме, мы атрымалі цэласнае даследаванне пра храм. Яно адпавядае сучаснаму ўзроўню ведаў, яно будзе цікавым і карысным гісторыкам, спецыялістам па культуры, духавенству, аматарам мінуўшчыны, прыхаджанам і гасцям гэтай шанаванай святыні.
"Канцэрцік" наўздагон зіме
Традыцыйны канцэрт вядомага беларускага барда Алеся Камоцкага ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы гэтым разам быў прымеркаваны да надыходзячай вясны. Менавіта прадчуванне скорага прыходу цяпла і сонца ў наша жыццё і было лейтматывам песеннай сустрэчы з выканаўцам.
Перад "канцэрцікам", як Алесь жартам называе свае музычныя сустрэчы са слухачамі, выканавец распавёў наступнае:
- Я заўсёды ў канцы зімы ці напачатку лета раблю такія дабрачынныя "канцэрцікі" без білетаў, каб праспяваць свае песні, якія праз інтэрнэт замаўляюць мае сябры, а таксама, каб пазнаёміць з новымі музыкантамі. Вось і сёння я прадстаўлю слухачам сваіх сяброў - гурт MorkvaЦвет. У музычным плане гэты гурт, на мой погляд, вельмі цікавы, і цяпер мы блізка кантактуем, у выніку чаго ў нас з'явілася некалькі супольных кампазіцый. І сёння ў нас з маладым гуртом першы сяброўскі канцэрт.
Неўзабаве канферэнц-зала музея Янкі Купалы была поўнай і Алесь распачаў канцэрт. Яго пачатак складалі аўтарскія творы, а таксама, знакамітыя беларускія песні. Адна з іх - "Зорка Венера" Сымона Рак-Міхайлоўскага на верш Максіма Багдановіча найбольш кранула слухачоў, якія аддзячылі выканаўцу шчырымі апладысментамі.
Асобную частку "канцэрціка" склалі беларускія пераклады, ці хутчэй варыяцыі, ірландскіх народных спеваў. Алесь Камоцкі прапанаваў у сваім перакладзе і выкананні некалькі баладаў, у тым ліку, філасофскія "Там дзе калісьці…", "Якой дарогай патрапіць у рай…", "Тутэйшы чалавек", а таксама, беларускамоўныя адаптацыі песень савецкай эстрады.
Вялікі поспех напаткаў песню Севярна Краеўскага "Nie spocznemy", якую Алесь Камоцкі выканаў па-польску спецыяльна для сваіх прыхільнікаў з суседняй Польшчы, якія завіталі на яго "канцэрцік". Шматмоўную стыхію свайго сэту Алесь Камоцкі замацаваў яшчэ і душэўнымі спевамі на ідыш.
Удзельнікі акустычнага гурта MorkvaЦвет Яўген Бялькевіч і Павел Рыжкоў выконваюць акустычныя (бывае выкарыстоўваюць і электычныя інструменты) гітарныя кампазіцыі, абапіраючыся на каноны рок-музыкі, авангарднага джазу, фолку, пры гэтымі ім падабаецца шматгалоснае вакальнае выкананне. Гурт MorkvaЦвет існуе каля чатырох гадоў. За гэты час дуэт быў удзельнікам фэстаў "Суседні свет" (Менск), "Гаркундэль", "Рэгіён" (Санкт-Пецярбург), даў шэраг канцэртаў па гарадах Беларусі…
Пасля ўступнага слова Алеся Камоцкага гурт MorkvaЦвет прадставіў слухачам шэраг сваіх кампазіцый, сярод якіх слухачы адзначылі такія кампазіцыі, яе "Дождж", "Дар'я", "Каралева". Ну а завяршылі свой выступ гурт MorkvaЦвет эксперыментальнай кампазіцыяй антываеннага гучання "Звар'яцелы генерал".
Завяршыўся канцэрт сумесным выкананнем ірландскай балады ў перакладзе на нашу мову са зразумелым для кожнага беларуса пазітыўным тэкстам: "Казалі нам з усіх бакоў: "Глядзіце, вас не стала!", а мы спявалі пра любоў да бульбы і да сала!"
Трэба адзначыць, што ў дзень, калі праводзіўся традыцыйны "канцэрцік" Алеся Камоцкага, у сталіцы адбываліся і іншыя музычна-паэтычныя імпрэзы, у тым ліку масавы "Спеўны сход з Сержуком Доўгушавым". Але ўсе яны прайшлі пры перапоўненых залах, на пазітыўнай ноце і з вялікай карысцю для слухачоў і выканаўцаў. Такая актыўнасць напярэдадні вясны не можа не радаваць.
Анатоль Мяльгуй. На здымках: 1. Алесь Камоцкі; 2. Гурт MorkvaЦвет; 3. Удзячныя слухачы.
"Гудскi гармонiк" трапіў у гiсторыю беларускай музычнай культуры
Яшчэ зусім нядаўна даводзілася адзначаць творчыя дасягненні народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскi гармонік" па выніках 2016 года. Але пачатак i гэтага года выдаўся для калектыва выдатным. Напэўна, упершыню ў сваёй амаль 30-гадовай гісторыі калектыў трапіў у друкаваны летапіс беларускай народнай творчасці.
Справа ў тым, што ў верасні мінулага года ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" выйшла вельмі цікавая і ўнікальная ў сваім родзе кніга "Беларускія народныя музычныя інструменты". Аўтарам гэтага энцыклапедычнага даведніка з'яўляецца вядомы дзеяч культуры, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, якi, маючы багаты вопыт у гэтай сферы i, напэўна, карыстаючыся беларускай прымаўкай "Пачутае слова можна забыць, а запiсанае будзе вечна жыць", зрабiў такую вялiкую справу. Ён з'яўляецца аўтарам і арганізатарам многіх вядомых і папулярных фестываляў народнай творчасці ў Беларусі. На адным з іх, а менавіта на міжнародным фестывалі "Звiняць цымбалы і гармонік", які праходзіць у Паставах на Віцебшчыне, калісьцi ўдзельнічаў і ансамбль "Гудскi гармонік".
І вось вельмі сімвалічна, што менавіта ў год культуры, які быў абвешчаны ў 2016 годзе, дзякуючы Тадэвушу Стружэцкаму такая выдатная энцыклапедыя змагла ўбачыць свет і з-за невялікага тыражу становіцца ўжо рэдкасцю ў Беларусі. Сама гэтая кніга выдадзена на дзвюх мовах - беларускай і англійскай і прысвечана музычнай культуры Беларусі. У ёй даволі падрабязна апісана гісторыя стварэння і выкарыстання ў жыцці беларускага народа музычных інструментаў. Безумоўна, што ў кнізе вельмі шмат ілюстрацый тых самых разнастайных беларускіх музычных інструментаў, а таксама згадваюцца творчыя калектывы і майстры, якія і з'яўляюцца носьбітамі беларускай музычнай культуры. Вось і ансамбль "Гудскi гармонік" дзякуючы аўтару заняў сваё годнае месца на старонках даведніка.
Але нездарма кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Вось і аўтары гэтай цікавай кнігі разважалі так і арганізавалі 9 лютага ў Палацы культуры Менскага трактарнага завода канцэрт-прэзентацыю, на якім ганаровыя і вядомыя ў сферы культуры госці i простыя гледачы змаглі на свае вочы ўбачыць і, вядома ж, пачуць многія вядомыя калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі, якія у першую чаргу, стараліся данесці да публікі жывое і непаўторнае гучанне многіх самабытных інструментаў. Па запрашэнні самога аўтара кнігі ансамбль "Гудскi гармонік" з вялікай удзячнасцю разам з іншымі выканаўцамі і музыкамі прыняў удзел у гэтым мерапрыемстве і, здаецца, вельмі нядрэнна ўпісаўся ў канцэртную праграму.
Варта адзначыць, што дзякуючы высокаму ўзроўню арганізацыі, канцэрт глядзеўся на адным дыханні, і таму было вельмі шкада так хутка пакідаць гэтае ўнікальнае для Беларусі мерапрыемства.
Дзмітры Пухнарэвіч, удзельнік калектыва "Гудскі гармонік".