НАША СЛОВА № 11 (1318), 15 сакавіка 2017 г.
21 сакавіка - Сусветны дзень паэзіі
НОВЫ ЗАМАК № 5
У менскім выдавецтве "Кнігазбор" свет пабачыў літаратурны альманах "Новы замак" Гарадзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў". З друку выйшла ўжо пяць выпускаў. "Новы замак" на гэты раз парадуе чытачоў прозай старой Гародні: "Гістарычнымі палотнамі" Сяргея Астраўцова і апавяданнямі Віктара Варанца. Хто любіць паэзію з вялікім задавальненнем прачытаюць вершы Святланы Абдулаевай, Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Юркі Голуба, Міколы Канановіча, Мечыслава Курыловіча, Аліны Паўлоўскай, Сяргея Чыгрына. Проза Прынёмання парадуе творчымі адкрыццямі Валянціна Дубатоўкі, Міхася Зінюка, Альжбеты Кеды, Віктара Сазонава, Андрэя Мялешкі, Віктара Шукяловіча, Міколы Канановіча. З публіцыстыкі таксама чытачам будзе на што кінуць вока. А гэта "Сказ пра Каложу" Яўгена Петрашэвіча, "Як здымалі "Пана Тадэвуша" у 1928 годзе" Інгі Астраўцовай, згадку пра Алега Лойку Сяргея Чыгрына, успаміны Аляксея Пяткевіча з мінулага гарадзенскай пісьменніцкай суполкі, пра творчасць Зьніча разважае Таццяна Трафімчык, пра архіў Юрыя Гуменюка распавядае Віктар Жыбуль. Анатоль Брусевіч пазнаёміць чытачоў з пытаннямі энтрапіі ў сістэме мастацкага слова, а Сяргей Астраўцоў - з публіцыстычнымі матэрыяламі "Апавяданне Быкава пра Быкава і Карпюка" і " 486 лістоў да беларускай эміграцыі". Як бачыце, у "Новым замку" ёсць што пачытаць.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.
Аб павышэнні ролі патрыятычнага выхавання
І.В. Карпенку,
Міністру адукацыі
Рэспублікі Беларусь
вул. Савецкая, 9
220010, Мінск
Аб павышэнні ролі патрыятычнага
выхавання ў сістэме адукацыі
Рэспублікі Беларусь
Паважаны Ігар Васільевіч!
Нас вельмі непакоіць стан патрыятычнага выхавання ў сістэме адукацыі нашай краіны. Гэта звязана з тым, што наша моладзь дрэнна ведае сваю гісторыю, кепска валодае дзяржаўнай беларускай мовай і часам абыякава ставіцца да шматлікіх помнікаў гісторыі і культуры на тэрыторыі нашай краіны.
У сувязі з гэтым просім Вас на бліжэйшай калегіі Міністэрства абмеркаваць стан патрыятычнага выхавання нашай моладзі, пачынаючы з дзіцячага садка і заканчваючы ВНУ.
Мы прапануем закупіць дакументальныя фільмы на гістарычную тэму, знятыя на кінастудыі "Летапіс", а таксама на канале АНТ, перавесці іх у фармат і забяспечыць імі ўсе навучальныя ўстановы краіны.
Для дзіцячых садкоў неабходна закупіць беларускія мультфільмы, знятыя на дзяржаўнай беларускай мове, для выкарыстання ў штодзённай працы выхавацеляў.
Асноўны дзень для патрыятычнага выхавання можа быць субота, калі вучні павінны наведваць мясцовыя і рэспубліканскія музеі, займацца краязнаўчай працай, а вучні старэйшых класаў - удзельнічаць у археалагічных раскопках, а таксама ўдзельнічаць у валанцёрскай працы па добраўпарадкаванні гістарычных мясцін, у тым ліку і старадаўніх могілак.
З верасня 2017 г. вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі на дзяржаўную беларускую мову, незалежна ад мовы навучання ўстановы.
З верасня 2017 г. прадугледзець павелічэнне колькасці гадзін па гісторыі і курса "Беларуская мова. Прафесійная лексіка" ва ўсіх ВНУ краіны і ўвесці абавязковую форму кантролю - экзамен. (Пра гэта неаднаразова выказваўся старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь доктар гістарычных навук, прафесар І.А. Марзалюк).
З павагай, Старшыня ТБМ А. Трусаў.
130 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна
Алесь ГАРУН (сапр. імя Аляксандар Уладзіміравіч Прушынскі; 11 сакавіка 1887 - 28 ліпеня 1920) - беларускі паэт, празаік, публіцыст, дзяяч беларускага Адраджэння пачатку XX стагоддзя.
Нарадзіўся 11 сакавіка 1887 года ў фальварку Новы Двор (цяпер у межах Менска) у сям'і чорнарабочага. Скончыў гарадскую прыходскую вучэльню ў Менску (1897), вучыўся ў рамесніцкай вучэльні. З 1902 года працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Менску.
У 1904 годзе ўступіў у партыю эсэраў і актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную дзейнасць. У 1907 годзе арыштаваны. 26 лютага 1908 года. Віленская судовая палата прыгаварыла Алеся Гаруна да чатырох гадоў астрогу, як непаўнагадовага. Аднак пракурор апратэставаў пастанову судовай палаты, і ў ліпені 1908 г. Алесь Гарун быў асуджаны на катаргу. 6 лістапада катарга была заменена на дзевяцігадовую высылку ў Сібір.
У Менск Гарун вярнуўся ў верасні 1917 года. У 1918 годзе, падчас нямецкай акупацыі, рэдагаваў газету "Беларускі шлях". У 1919 годзе, пасля заняцця Менска палякамі, стаў сябрам Беларускай вайсковай камісіі. У жніўні 1919 года ўзначаліў Часовы беларускі нацыянальны камітэт, які ўключаў радных Рады БНР.
У ліпені 1920 года захварэў. Санітарны цягнік вывез яго ў Кракаў. Памёр 28 ліпеня 1920 г. Пахаваны ў Кракаве на вайсковых Ракавіцкіх могілках.
У друку дэбютаваў вершам "Маці-Беларусі" ў 1907 годзе (газета "Наша Ніва").
Выйшаў зборнік паэзіі "Матчын дар" (меўся быць выдадзены ў Вільні ў 1914 г., але выйшаў толькі ў 1918, перавыданне 1929, факсімільнае выданне ў 1988), таксама зборнік "Жывыя казкі" (1920).
Вікіпедыя.
60 гадоў - Алесю Астроўскаму
Алесь Аляксандравіч АСТРОЎСКІ (нар.19 сакавіка 1957, Гародня) - беларускі марфолаг, доктар медыцынскіх навук (1993), прафесар (1994), грамадска-палітычны дзеяч.
Скончыў Гардзенскі медыцынскі інстытут (1980). Адпрацаваў 34 гады тут жа, 20 з якіх - на пасадзе прафесара. Выкладаў па-беларуску. Навуковыя працы па марфалагічным аналізе рэгенератыўнага патэнцыялу эпідэрмісу, развіцці вытворных эпідэрмісу ў розных відах скурных трансплантатаў і выяўленні іх рэпаратыўных уласцівасцівасцяў у сысуноў, распрацоўцы мінімальна траўматычных спосабаў атрымання скурных трансплантантаў.
З 2010 года ўключыўся ў актыўную і паспяховую барацьбу за права навучання для дзяцей на беларускай мове ў школах Гародні.
У 2014 годзе звольнены з універсітэта за два з паловай гады да пенсіі.
Вікіпедыя.
За беларускамоўнае навучанне
У Гародні (Кастрычніцкі раён) з ініцыятывы сям'і Віталя і Аксаны Станкевічаў на вул. Рэпіна ў д/с № 65 ёсць магчымасць сфармаваць чацвёртую ў горадзе беларускую групу, але, ці хопіць часу да 1 красавіка? Для стварэння групы не хапае некалькіх бацькоўскіх заяў! Ахвочыя далучыцца да беларускай групы адразу тэлефануйце Віталю і Аксане Станкевічам: +375(44) 768-05-14(Вэлкам), +375 (33) 381-72-78(МТС).
Акрамя ініцыятараў стварэння беларускай групы сям'і Станкевічаў, неабходна патэлефанаваць галоўнаму спецыялісту дашкольнага выхавання Кастрычніцкага аддзела адукацыі Бараноўскай Святлане Ўладзіміраўне: 8-0152-52-05-65, ці прыходзіць у прыёмныя дні (аўторак - з 8.00 да 17.00, серада- з 8.00 да 13.00, чацвер з 14 да 20.00).
У Ленінскім раёне бацькі могуць падаваць заявы ў аддзел адукацыі для навучання сваіх дзетак ў дзіцячым садку № 45 таксама да 1 красавіка.
Пры стварэнні новых беларускіх груп у Ленінскім раёне неабходна тэлефанаваць у д/с № 45 і ў аддзелы адукацыі Ленінскага раёна (вул. Савецкая, 14, каб 253, Рэкець Наталля Пятроўна і Чурак Наталля Аляксандраўна) -74-07-85. І зрабіць гэта неабходна да 1 красавіка 2017 г.
Тэлефоны для кантакту Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ: 943-58-09, 342-16-17 (Крой Аляксандр ), 285-93-07 (Буднік Іван ). Эл. пошта: tbm.garodnia@tut.by.
Беларуская мова на Гарадзеншчыне
Кароткі агляд і прагноз (1991-2019)
Абсалютная большасць насельніцтва дзвюх самых вялікіх нацыянальных супольнасцяў Гарадзеншчыны (беларусы і палякі) яшчэ нядаўна, у часы апошніх перапісаў насельніцтва (1999, 2009) прызнавалі беларускую мову роднай. Што змянілася за часы незалежнасці ў моўным пытанні сярод беларусаў, палякаў, рускіх, украінцаў і іншых нацыянальных супольнасцяў Гарадзеншчыны, асабліва паміж перапісамі насельніцтва? У адкрытых крыніцах усе дадзеныя знайсці цяжка, прыйшлося часткова шукаць у закрытых дзяржаўных крыніцах і дапрацоўваць на калькулятары. Зрабіць дэталёвыя высновы па моўнай дэмаграфіі без доступу да усіх звестак і новых методык падліку даволі складана. Але і з таго што ёсць, можна заўважыць тэктанічныя змены, якія ўжо толькі дзяржава можа прадухіліць пры тэрміновых захадах… верагодна, у іншых рэгіёнах Беларусі сітуацыя значна горшая. Існуе вялікая небяспека, што на перапісе насельніцтва 2019 г. больш паловы насельніцтва Беларусі, прызнае роднай не беларускую мову, як было больш стагоддзя з першага перапісу Расейскай імперыі у 1897 г., а рускую.
Добра, што нарэшце прагучалі і правільныя думкі пра беларускую мову ад А.Г. Лукашэнкі: "Мы нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці - гэта мова.Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?"
І частка
У 1991 г. на геаграфічнай карце свету з'явілася новая дзяржава. 19.09.1991 г., 25 гадоў назад Вярхоўны Савет Беларусі выдаў Законы Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўным суверэнітэце, назве краіны і транслітэрацыі назвы "Беларусь" на іншыя мовы. Прыняты былі беларускія дзяржаўныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і гістарычны герб "Пагоня". Дзяржаўнасць беларускай мовы, як адзінай дзяржаўнай была прынята да атрымання Незалежнасці, яшчэ ў БССР 26 студзеня 1990 г. Руская атрымала статус мовы міжнацыянальных зносін. Такія законы прайшлі у большасці рэспублік былога СССР.
У Гародні групай спецыялістаў на чале з намеснікам старшыні гарвыканкама Аляксандрам Мілінкевічам была вывучана і прааналізавана моўная сітуацыя, каб распачаць навучанне па-беларуску. Вырашылі, што згодна з нацыянальным складам насельніцтва Гарадзеншчыны і апошнім перапісам насельніцтва (дзе абсалютая большасць не толькі беларусаў, але і палякаў) беларускую мову прызналі роднай, неабходна адкрыць першыя беларускія класы. У іх пайшло ў 1993/1994 гг. каля 75-80% першакласнікаў. Астатнія навучаліся па-руску, таксама як і ва ўсіх старэйшых класах. Гвалтам у Гародні ніхто нікога не пераводзіў і не прымушаў вычыцца на беларускай мове. Усё было вельмі ўзважана. Колькасць вучняў ва ўсіх школах горада па звестках Тамары Талерчык у 1994/1995 н.г. складала 45 357 чалавек. Тыя 75-80% першакласнікаў, якія пайшлі ў беларускія класы разам з мінулагоднімі наборамі з беларускай мовай навучання складалі ўсяго 13315 чал. (29,4%), з рускай мовай навучання 31776 чал. (70,6%).
Пасля рэферэндуму, з лета-восені 1995г., вельмі хутка колькасць вучняў у класах з беларускай мовай пачала змяншацца… Штучна створанай дызарыентацыяй грамадства скарысталіся нешматлікія бацькі беларусафобы, і проста бацькі, якія не хацелі напружвацца ў вывучэнні беларускай мовы. Яны думалі, што пры пераводзе дзіцяці на рускую мову здымуцца іншыя набалелыя для іх праблемы. Адчуваючы падтрымку на самым версе, яны разам з адміністрацыяй некаторых школ хадзілі і агітавалі аб пераводзе 2,3,4 беларускіх класаў у рускамоўныя. Беларускія культурна-дзяржаўныя каштоўнасці пасля рэферэндуму былі знівіліраваны і гэта давала адпаведныя вынікі. Воля шматлікіх беларускіх бацькоў была спаралізавана яшчэ ад шоку пасля рэферэндуму… Шмат хто бачыў слёзы на вачах бацькоў. Светлай памяці, шырокавядомы гарадзенскі мастак і грамадскі дзеяч Зміцер Іваноўскі нават намаляваў карціну-шэдэўр, на якой маленькая беларусачка стаіць і плача каля рэферэндумнай скрыні, дзе дарослыя бацькі вырашалі лёс яе роднай мовы. На Гарадзеншчыне, у гэты цяжкі перыяд 1995 г. актывісты ТБМ, ТБШ і іншых грамадскіх арганізацый змаглі аб'яднацца і неяк стрымаць імгненны працэс разбурэння беларускага школьніцтва ў параўнанні з усходнімі абласцямі краіны. Але гэта толькі часова запаволіла рух імперскага свету і падзення колькасці вучняў беларускіх класаў. На графіку відаць падзенне па 2 абласцях і Беларусі (Гарадзеншчына і Гомельшчына выбраны, як вобласці з найлепшымі і найгоршымі паказчыкамі).
Нягледзячы на магутны ціск прыхільнікаў новага моўнага курсу, бацькі разам з актывістамі ТБМ і іншых грамадскіх арганізацый коштам неверагодных высілкаў стрымвалі радыкалаў хутка перавесці класы на рускую мову (праводзілі сходы і тлумачылі сітуацыю). У некаторых навучальных установах (дзе адміністрацыя прыхільна ставілася да беларускй мовы) бацькі разам з грамадскімі арганізацыямі працягвалі ствараць беларускія класы і ў першыя гады пасля рэферэндуму. Не толькі на Гарадзеншчыне, па ўсёй Беларусі тысячы дзяцей змаглі атрымаць адукацыю на беларускай мове. Стварэнне беларускага класа па ініцыятыве бацькоў у другой палове 90-х гадоў можна было назваць подзвігам. Як і пазней у 2010 г. у Гародні… Лічбы графіка падзення долі беларускіх вучняў красамоўна сведчаць пра тую складаную сітуацыю
Ініцыятыўныя бацькі і актывісты грамадскіх арганізацый абходзілі сотні кватэр запрашаючы іншых бацькоў далучыцца да беларускіх класаў, а міністэрскія чыноўнікі і мясцовыя ўлады стваралі новыя, больш прадуманыя механізмы выцяснення беларускай мовы, якая не паспела з 1990 г. нават заняць адпаведнае месца, будучы дзяржаўнай. Светлай памяці, вядомы прафесар з Санкт-Пецярбурга Валянцін Грыцкевіч рэферэндум інспіраваны пэўнымі імперскімі коламі назваў лінгвацыдам і этнацыдам беларускага народа. Немагчыма ўявіць, разважаў ён, каб у Расіі дзеля хуткай інтэграцыі пачалі закрываць рускія школы і адкрываць замест іх беларускія?
Новы курс беларускія чыноўнікі, як самыя адказныя ў былым СССР сталі выконваць і перавыконваць, было проста галавакружэнне ад поспехаў па выцясненні беларускай мовы са школы, ВНУ, іншых навучальных устаноў, усіх сфераў гаспадаркі. Гэта нагадала часы Мазурава і Хрушчова…
Намагаючыся аднавіць беларусізацыю, у студзені 1959 на святкаванні 40-годдзя БССР Кірыла Мазураў зрабіў даклад на беларускай мове. У перапынку Мікіта Хрушчоў, які сядзеў у прэзідыуме, пачаў лаяць Мазурава: "Ни черта не понятно!" На прыступках БДУ Хрушчоў выказаўся яшчэ больш выразна: "Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм". Вынік вядомы.
Камунізм для народа не пабудавалі, а беларускую мову з гарадоў выжылі.
Хочацца нагадаць, што ў 1995 г. рэферэндум быў аб наданні рускай мове аднолькавых правоў з беларускай мовай. А што ў выніку выйшла? За больш як 20 гадоў, ініцыятары рэферэндуму так нічога і не зрабілі каб выканаць вынікі свайго моўнага рэферэндуму. Ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, культуры і мастацтва адбыўся неверагодны перагін, дзе мова аўтахтоннага насельніцтва знаходзіцца ў дыскрымінацыйным стане. А мова суседняй краіны, якой нічога не пагражае ў сваёй дзяржаве, мае ў нас неверагодныя перавагі ва ўсім. Калі мы незалежная краіна, то і дзяржаўныя мовы на сёння павінны мець, як мінімум аднолькавыя правы ва ўсіх сферах дзейнасці грамадства. Грамадтва ў большасці падрыхтаваны, каб вучыць мовы не па выбары, а дзве дзяржаўныя пры роўных умовах для кожнай. Пра што нарэшце, неаднаразова, загаварылі на самым версе. Толькі шкада, што іх правільныя словы губляюцца ўжо на ўзроўні аблвыканкамаў, не даходзячы да райвыканкамаў і ніжэй.
Аддзелы адукацыі праявіць уласны крэатыў па пашырэнні і папулярызацыі беларускай мовы пакуль не лічаць прыярытэтам. Відаць на рэгіянальным узроўні пакуль не было адпаведнага загаду міністра адукацыі…
Наступныя звесткі з аддзелаў адукацыі за 2003/2004 гады. Што засталося беларускага ў школах Гародні пасля 10 гадоў "роўнасці моваў"?
З 1994 года па 2004 год, за 10 гадоў сітуацыя з беларускамоўным навучаннем у Гародні радыкальна змянілася.
З 13315 вучняў, якія вучыліся ў 1994 г. па-беларуску, у 2004 г. сталі вучыцца толькі каля 660 чалавек - гэта ў 20 разоў менш!
ІІ частка
Арганізатары рэферэндуму спасылаліся і на тое, што для большасці насельніцтва роднай мовай з'яўляецца руская. Вырашыў праверыць па перапісах насельніцтва, як па найбольш аб'ектыўных крыніцах інфармацыі, бо мы добра ведаем, як сёння праводзяцца сацыялагічныя апытанні. Тых, хто размаўляе дома па-беларуску "знаходзяць" не болей 3-5%. Ніжэй, у табліцы № 3 афіцыйныя дадзеныя па ўсіх раёнах Гарадзенскай вобласці за 2009 г. Механізмы выцясненя беларускай мовы працавалі з 1995 года. Нягледзячы на гэтую тэхналагічную 14 гадовую (апошнюю за гісторыю) русіфікацыю для 68,9 % (2009) жыхароў Гарадзеншчыны беларуская мова была роднай! А гэта большасць! У 1999 г., лічбы жыхароў, для якіх роднай мовай была беларуская былі яшчэ вышэй -72,6 %. А па Беларусі беларуская мова роднай была ў 1999 г. для 81,9% насельніцтва.
Другі важны паказчык - колькасць людзей, якія звычайна дома размаўляюць па-беларуску. У 1999 г.такіх людзей было на Гарадзеншчыне 53,6 %. А гэта зноў большасць насельніцтва вобласці! Атрымоўваецца, што за нас на Гарадзеншчыне вырашыла моўнае пытанне меншасць, прыкрываючыся сярэднерэспубліканскай большасцю? Параўноўваем дадзеныя ў табліцы № 3, якія стараюцца не чапаць дзяржаўныя СМІ, яны часцей спасылаюцца на розныя сацыялагтчныя апытанні.
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
Культурна-асветніцкую дзейнасць вядуць паэткі
Як адзначалася на 17 з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў, менавіта паэткі і пісьменніцы праводзяць значную частку творчых вечарын ў школах і дамах культуры ў рэгіёнах. 4 сакавіка, напярэдадні Дня вясны і прыгажосці, жанчыны-пісьменніцы расказалі пра сябе і новыя кнігі.
Валянціна Осіпава родам з Берасцейшчыны, жыве ў г. Бярозе, яна аўтар чатырох паэтычных зборнікаў. Апошні называўся "Папяровы змей". Яна распавяла:
- Я працую пазаштатным карэспандэнтам газеты "Маяк", займаюся культурна-асветніцкай дзейнасцю. На базе бярозаўскага сыраробчага камбіната мы арганізавалі музычна-літаратурны фестываль "Славянскі вянок". Сёлета ў чэрвені ён у чацвёрты раз прыме літаратараў з Украіны, Польшчы, Славакіі, Харватыі на сваёй пляцоўцы. Са сваімі вершамі я разам з сябрамі выступаю ў школах, універсітэтах і бібліятэках па ўсёй рэспубліцы, супрацоўнічаю з кампаніяй "Будзьма беларусамі". Усім творчым жанчынам жадаю здароўя, кахання, сямейнага ладу і натхнення!
Вера Буланда жыве ў Менску і працуе ў тэатры Беларускай драматургіі. Яна - аўтар васьмі зборнікаў вершаў. Нядаўна яна выдала кнігу прозы "Найлюбая", прысвечаную сястры Любові.
- Я нарадзілася ў Маскве, - кажа спадарыня Вера, а вучылася ў Мсціжскай сярэдняй школе. У нас у сям'і было тры сястры: Вера, Надзея і Любоў, і два браты Дзмітрый і Аляксандр. У гэтым годзе збіраюся выдаць у Віктара Хурсіка два зборнікі вершаў і апавяданняў пра маіх родных і блізкіх людзей, землякоў і аднакурснікаў. Ужо чатыры гады мы збіраем паэтычныя пасядзелкі. Яны пачаліся ў доме ў Людмілы Хейдаравай, а зараз працягваюцца ў Менску ў літаратурным музеі-кватэры Пятруся Броўкі. Жанчынам жадаю шчасця, радасці, штодзённага вясенняга настрою, каб іх шанавалі і кахалі!
Ларыса Раманава - паэтка і вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея , яна родам з Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. У канцы 80-х - пачатку 90-х сп. Ларыса ўзначальвала філію "Тутэйшых" - гомельскую "Поўню". Яе кніга "Птушкі і рыбы" выходзіла ў выдавецтве "Беларускі кнігазбор" у 2004 годзе.
- Апошні зборнік мне дапамог выдаць Уладзімір Кацура з Гомеля, - узгадвае спадарыня Ларыса. - Там этнаграфічныя накіды, прысвечаныя народнай культуры Палесся, а таксама мая аўтарская казка "Кіт". Кніга "Святая вада" друкавалася ў бібліятэчцы часопіса "Дзеяслоў" ў 2012 годзе. У ёй - вершы і проза, пераклады з украінскай і нямецкай мовы.
Наш музей, дзе я працую з 1993 года, з'яўляецца найвялікшым цэнтрам па вывучэнні ткацтва. У фондах музея знаходзяцца каля 1400 ручнікоў. Гэта самая вялікая калекцыя ў свеце рэгіянальнага ткацтва. У нас ёсць рукапісныя кнігі 1550 года і 1632 года. Супрацоўнікі музея расказваюць школьнікам пра нашу культуру і традыцыі. Праводзяцца заняткі, прысвечаныя абразам і рукапісам, створаным у гэтай мясцовасці.
Таццяна Барысік жыве і працуе ў Магілёве. Сюжэты для сваіх апавяданняў яна бярэ з самога жыцця. Яе вершы, фельетоны, нарысы і апавяданні друкаваліся ў зборніку "Жанчыны выходзяць з-пад кантролю" (Логвінаў, 2007), часопісах "Першацвет", "ARCHE", газеце "Наша Ніва". Таццяна была ўзнагароджана 2-ой прэміяй імя Гедройца ў 2015 годзе за кнігу апавяданняў "Жанчына і леапард".
- Хачу адлюстраваць размаітасць фарбаў і формаў нашага жыцця, а не толькі васількі ў жыце, - кажа сп. Таццяна. - Побач багата розных сюжэтаў. Людзі ў нас вельмі таленавітыя, хочацца, каб сляды іх жыцця засталіся. Удзяляю ўвагу адыходзячаму свету, традыцыйнай культуры. Творчасць ратуе і выцягвае на вышэйшы ўзровень, - упэўнена пісьменніца.
Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Валянціна Осіпава; 2. Вера Буланда; 3. Ларыса Раманава; 4. Таццяна Барысік.
Роднаму слову - гучаць!
Сябры Скідзельскай суполкі таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны актыўна далучыліся да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы.
На працягу тыдня прайшлі разнастайныя мерапрыемствы ў школах і дзіцячых садках Скідзеля, сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, у Скідзельскай гарадской бібліятэцы, Галавацкай сярэдняй школе і літаратурна-краязнаўчым музеі вёскі Мількаўшчына.
Роднае слова гучала на сустрэчах з вучнямі 6-га класа СШ № 1 Скідзеля і чацвёртакласнікамі другой гарадской школы, якія з першага класа навучаюцца на беларускай мове. Школьнікі гэтых класаў вывучаюць сваю гістарычную і культурную спадчыну, цудоўна размаўляюць па-беларуску і ганарацца тым, што з'яўляюцца "першапраходцамі" на шляху адраджэння роднай мовы.
У час наведвання вучняў пачатковых класаў у Скідзельскай сярэдняй школе № 3 Таццяна Савянкова нагадала пра гістарычны шлях беларускай мовы, мілагучнасць і прыгажосць яе гучання. Паэтка Тамара Мазур прачытала свае вершы, пазнаёміла са сваёй чытанкай-маляванкай "Літарынка". На роднай мове хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі песні, гулялі ў народныя гульні, адказвалі на пытанні віктарыны.
21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, ў Скідзельскай гарадской бібліятэцы прайшло мерапрыемства "Мову родную шануйце!". Хлопчыкі і дзяўчынкі з беларускамоўнага класа СШ № 2 г. Скідзеля са сваёй настаўніцай Валянцінай Мароз паўдзельнічалі ў конкурсах "Назаві па-беларуску", "Любімыя словы", "Наадварот", "Назаві адным словам", паслухалі і самі пачыталі вершы беларускіх паэтаў, адгадалі загадкі і пазнаёміліся з кніжнымі выставамі "Роднаму слову - гучаць!" і "500-годдзе беларускага кнігадрукавання". Ад бібліятэкара Вольгі Савянковай на памяць аб сустрэчы кожны ўдзельнік атрымаў картку-размалёўку "Калі ласка, размаўляй са мной па-беларуску!".
Урок роднай мовы ў сямікласнікаў сярэдняй школы № 2 правяла загадчык Мількаўшчынскага літаратурна-краязнаўчага музея Таццяна Савянкова. З вялікай цікавасцю слухалі вучні аповед з гістарычнага мінулага нашага краю, пра складаны шлях да незалежнасці і беларускасці. Асаблівая ўвага была звернута на сёлетнюю юбілейную падзею - святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Ва ўсіх была магчымасць пабачыць старонкі факсімільнага выдання "Бібліі" Францішка Скарыны, а некаторыя вучні нават паспрабавалі прачытаць асобныя ўрыўкі.
Паэтка Тамара Мазур актыўна ўдзельнічала ў святкаванні Дня роднай мовы і за межамі свайго рэгіёна. Яна сустрэлася з аматарамі роднага слова ў гарадской бібліятэцы г. Бярозаўкі Лідскага раёна, дзе падзялілася ўласным бачаннем ролі беларускай мовы ў жыцці кожнага беларуса. Свае высновы падмацоўвала чытаннем вершаў з лірычнага зборніка "Пакуль кахаю", за які была ўшанавана прэміяй Гарадзенскага аблвыканкама імя А. Дубко "За дасягненні ў галіне культуры і мастацтва" ў 2014 годзе. Асабліва крануў удзельнікаў літаратурнай сустрэчы верш "Запавет сыну", які заканчваецца радкамі: "Мала нарадзіцца беларусам - неабходна жыць як беларус". Паэтка пазнаёміла чытачоў бібліятэкі з творамі, якія напісаны ёю ў апошні час. Яны значна адрозніваюцца ад ужо надрукаваных у трох яе кнігах, а таксама ў часопісах і альманахах. Прызналася, што шукаць новыя вершаваны формы прымушае жаданне дастукацца да сэрцаў падрастаючага пакалення.
Народнае свята Масленіца ў гэтым годзе па часе супала з Тыднем роднай мовы. Вясёлыя забавы, народныя гульні, песні, танцы, спаборніцтвы ў спрытнасці, хуткасці і знаходлівасці - усё было напоўнена гучаннем роднага беларускага слова ў Мількаўшчыне, дзе на свята развітання з зімой сабраліся як мясцовыя жыхары, так і госці з навакольных вёсак і са Скідзеля.
Удзельнікі ўсіх святаў і сустрэч прыйшлі да высновы, што патрэбна імкнуцца да таго, каб роднае беларускае слова гучала шырэй і часцей.
Таццяна Савянкова , старшыня Скідзельскай суполкі ТБМ.
Мовы беларускай абаронцы
19 лютага, пад Міжнародны дзень роднай мовы, чытачы Дварышчанскай сельскай бібліятэкі Лідскага раёна прынялі ўдзел у напісанні агульнацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове. Быў абраны адзін з прапанаваных тэкстаў - урывак з твора Янкі Брыля "Усмешка". Тэкст дыктоўкі прачытала бібліятэкар Марцінкевіч Людміла Ўладзіславаўна.
Удзел у дыктоўцы ўзяў старшыня Дварышчанскага выканаўчага камітэта Ганевіч Іван Феліксавіч - вялікі аматар беларускай мовы, творчы і ўлюблёны ў беларускі край чалавек. Гасцей Дварышчанскай зямлі ён не толькі вітае па-беларуску, але і цудоўна расказвае пра ўнікальную спадчыну роднага края. Адклікнуліся актыўныя чытачы сельскай бібліятэкі, а менавіта бацькі, якія прыходзяць сюды з маленькімі дзецьмі, маючы час і жаданне прачытаць ім творы беларускіх пісьменнікаў. У гэты дзень не вызначалі пераможцаў і не ставілі адзнакі за работы. Галоўная мэта правядзення дыктоўкі - не ацэнка ведаў, а папулярызацыя беларускай мовы і павышэнне граматнасці людзей.
Дварышчанская зямля - адзін з тых куточкаў нашай краіны, дзе любяць і шануюць матчыну мову, з павагай ставяцца да яе. Таму ў дзень роднай мовы сельская бібліятэка арганізавала сапраўднае свята, літаратурную гасцёўню "Мовы беларускай абаронцы", куды былі запрошаны вучні сярэдніх класаў мясцовай школы.
А пачалося ўсё з прыгожай легенды: "Ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы, стаміліся, прыселі і чуюць - спявае нехта. Прыслухаліся, не жаўранак, не лес шуміць. Трэці падарожнік прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:
- Дык гэта ж зямля наша спявае, наша беларуская зямля. Таму ў нас і песні такія прыгожыя, і словы мілагучныя".
Каб падтрымаць гэтую думку госці прачыталі вершы Пятруся Макаля і Віктара Шніпа. Перш чым распачаць літаратурна-гістарычную віктарыну, ўдзельнікаў падзялілі на дзве каманды: "Паясок" і "Капялюшык", назвы якіх з'яўляюцца неад'емнымі атрыбутамі беларускага касцюма; а таксама вызначылі капітанаў, якім сходу далі магчымасць паразважаць над пытаннем: "Якая ж яна наша мова беларуская?"
Дзеці адразу далі ўпэўнены адказ, што наша родная беларуская мова мілагучная, яскравая, жывая, старажытная… Далей удзельнікам прапанавалі прамовіць вітальныя звароты, якімі мы сустракаем родных, знаёмых і гасцей; на хуткасць сабраць і растлумачыць сэнс прыказак. Некаторыя пытанні віктарыны былі даволі складаныя, але дзеці хутка адказвалі, чаму нашу краіну называюць сінявокай, хто з'яўляецца беларускім першадрукаром, якія ведаюць цікавыя факты з жыцця выдатнай асветніцы Ефрасінні Полацкай і г.д. Мэта правядзення віктарыны - вызначыць, як дзеці ведаюць гісторую сваёй краіны і дзеячаў айчыннай культуры, асабліва юбіляраў гэтага года - Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Танка, Янку Брыля, Пімена Панчанку і г.д.
Самым неспадзяваным конкурсам стала заданне "апрануць" і "накарміць" ляльку, карыстаючыся толькі малаўжывальнымі словамі, якія адпавядаюць назвам адзення і ежы (адрына, бурнос, каптур, жвір, конаўка, пячурка, хрусты). У дапамогу дзецям былі выдадзены этнаграфічныя даведнікі. У выніку атрымалася вельмі творчая гульня.
Як тэатралізаваць беларускую казку без падрыхтоўкі? Гэта магчыма толькі сапраўдным аматарам літаратуры і наведвальнікам бібліятэкі, якія сябруюць з беларускай кнігай. Яна і стала той крынічкай фантазіі, якая дапамагла сатварыць маленькі літаратурны твор. У канцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі і госці частаваліся гарбатай і прысмакамі, за сталом вялася гутарка пра цікавыя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў, што зараз карыстаюцца попытам у нашай бібліятэцы, на што абавязкова трэба звярнуць увагу і прапанаваць сваім сябрам.
Вось такіх актыўных карыстальнікаў бібліятэкі можна ўпэўнена назваць сучаснымі абаронцамі беларускай мовы.
Дар'я Марцінкевіч , загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".
Памяці Алеся Пісьмянкова
24 лютага 2017 года ў музеі Максіма Багдановіча грамадскасць г. Менска адзначыла 60-годдзе Алеся Пісьмянкова, памерлага ў 2004 годзе. Паэт нарадзіўся 25 лютага 1957 года ў в. Іванаўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобласці. У 1964 г. Алесь паступіў у Бялынкавіцкую сярэднюю школу. У школе ён рана пачаў пісаць вершы, але сур'ёзнай увагі ім не надаваў. У 1974-1975 працаваў карэспандэнтам Касцюковіцкай раённай газеты. Тады ж асабіста пазнаёміўся з Аляксеем Пысіным, які прыязджаў на сустрэчу з чальцамі раённага літаб'яднання. У 1975 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1980. У 1980-1982 працаваў карэспандэнтам газеты "Літаратура і мастацтва" З 1982 - рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса "Полымя".
З 1990 - намеснік старшыні СП Беларусі. Сярод чытачоў мелі поспех яго зборнікі "Белы камень" і "Чытаю зоры"... Таксама трэба адзначыць, што паэт быў адным з паспяховых рэдактараў газеты "Літаратура і мастацтва"...
Вядоўцам вечарыны быў славуты паэт і журналіст Навум Гальпяровіч. Перад прысутнымі выступілі: Васіль Зуёнак, Віктар Карамазаў, Уладзімір Ягоўдзік, Антаніна Хатэнка, Хрысціна Лялько, Уладзімір і Валянціна Скарынкіны, брат паэта Мікола Уладзіміравіч, які працуе дырэктарам Лапіцкай школы, а таксама жонка паэта Алёна Рыгораўна. Таксама перад прысутнымі гралі славутыя барды Анатоль Кудласевіч і Аляксей Нежавец.
Было вельмі цікава! Мерапрыемства прайшло ў цёплай творчай атмасферы. Трэба адзначыць, што пра юбілей класіка напісалі многія беларускія перыядычныя выданні. Ён прайшоў годна.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
Літаратурна-музычныя сустрэчы на Дзятлаўшчыне
Так цёплы і шчыра гасцей могуць сустракаць толькі ў навучальных установах Дзятлаўшчыны. Ды такіх гасцей, як бард і журналіст Зміцер Бартосік, пісьменнік, краязнавец, гісторык Сяргей Чыгрын і дзятлаўскі грамадскі энтузіяст, былы дырэктар спартыўнай школы ў Дзятлаве Валеры Петрыкевіч.
У сераду, 1 сакавіка, іх з радасцю віталі настаўнікі і вучні Жукоўшчынскай базавай школы імя Ігната Дварчаніна і Гезгалаўскай сярэдняй школы. Настаўнікі і вучні нават і не памятаюць, калі ў іх школах выступалі беларускія літаратары. У юбілейны год беларускага кнігадрукавання Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра гісторыю беларускай кнігі, паказаў рэдкія і арыгінальныя выданні кніг, асабліва ўсіх зацікавілі кніжкі-малюткі. А таксама госць прэзентаваў сваю кнігу пра Дзятлаўшчыну і яе знакамітых людзей "На радзіме Ігната Дварчаніна". Зміцер Бартосік дапаўняў выступленні Сяргея Чыгрына беларускімі песнямі, распавядаў пра гісторыю беларускай бардаўскай песні.
Валеры Петрыкевіч знаёміў настаўнікаў і школьнікаў з творчасцю літаратараў, з тымі добрымі справамі па ўшанаванні пісьменнікаў-землякоў, якія адбываюцца на Дзятлаўшчыне. Акрамя выступленняў госці праводзілі розныя літаратурныя конкурсы. Асабліва ўсіх зацікавіў конкурс на веданне жыццёвага і творчага шляху беларускіх пісьменнікаў за апошніх 500 гадоў. Усіх здзівіла сваімі ведамі па беларускай літаратуры вучаніца Гезгалаўскай сярэдняй школы Любоў Смірнова.
У гэты самы дзень Зміцер Бартосік, Сяргей Чыгрын і Валеры Петрыкевіч наведалі вёску Зачэпічы, дзе нарадзіліся заходнебеларускія паэты Гарасім Прамень, Пятрусь Граніт і Васіль Струмень. Госці ўсклалі кветкі да мемарыяльнага каменя і шыльды гэтым паэтам, якія былі ўстаноўлены летась у цэнтры вёскі.
Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён.
Адышоў у лепшы свет Яўген Петрашэвіч
У Гародні 11 сакавіка не стала беларускага кампазітара, педагога, паэта, мастака, былога кіраўніка фальклорнага ўзорнага ансамбля "Гарадзенскія дударыкі", актыўнага сябра ТБМ, шчырага беларуса і добрага чалавека Яўгена Петрашэвіча.
Яўген Петрашэвіч нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Падбараны Мастоўскага раёна. З слыннага Гудзевіцка-Лунненскага гнязда. Скончыў Менскае музычнае вучылішча. Працаваў настаўнікам музыкі, акампаніятарам Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
У розны час Яўген Петрашэвіч кіраваў аркестравымі групамі пры народным ансамблі "Нёман", "Вянок". Быў кіраўніком дзіцячага ўзорнага фальклорнага ансамбля "Гарадзенскія дударыкі", які неаднойчы выступаў у Польшчы, Літве, Францыі, Нарвегіі, Швецыі. У Гданьску ансамбль атрымаў Гран-Пры "Zloty Kogucik".
За сваё жыццё Яўген Петрашэвіч выдаў зборнікі вершаў "Пасынкі", "Віншаванкі", "Байкі-непазяхайкі", "Балада пра Грунвальд", "Сказ пра Каложу". Напісаў цыкл песень-балад на гістарычную тэму Яна Чачота, зборнік песень "Беларускі вясёлкавы край", песеннікі "Спявайце, братцы, спявайце" і "Пяшчотнасць".
Як мастак Яўген Петрашэвіч з'яўляецца аўтарам гранітнай скульптуры ў гонар заснавання вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна, драўлянай скульптуры "Вікінг" у Даніі, зя якую атрамаў медаль вікінгаў.
Выказваем спачуванні родным і блізкім, сябрам і паплечнікам з нагоды страты сапраўднага Беларуса.
У Беларусі адзначылі 75-годдзе Міхася Ткачова
10 сакавіка, у пятніцу, споўнілася 75 год з дня нараджэння грамадскага і палітычнага дзеяча, першага старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады - цяпер Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) - выдатнага археолага, галоўнага рэдактара Беларускай Энцыклапедыі, прафесара Міхася Ткачова.
На менскіх Усходніх могілках паплечнікі Міхася Аляксандравіча, ветэраны партыі, партыйная моладзь і землякі з Мсціслава ўсклалі вянок і кветкі на магілу М. Ткачова.
Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) наведалі Мсціслаў, дзе ўсклалі кветкі каля шыльды першаму старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (цяпер БСДП).
Шыльда знаходзіцца ў самым цэнтры горада на будынку былой школы, у якой вучыўся Міхась Ткачоў. Надпіс на шыльдзе такі: "У гэтым будынку з 1949 па 1959 год вучыўся грамадска-палітычны дзеяч, доктар гістарычных навук, прафесар Міхась Ткачоў".
75 гадоў ад нараджэння славутага навукоўцы і грамадскага дзеяча Міхася Ткачова адзначылі гарадзенцы. Круглы стол, ускладанне кветак да мемарыяльнай шыльды гісторыка і выкладчыка правялі студэнты ўніверсітэта.
Сябры БСДП з Гароднт ўшанавалі памяць Міхася Ткачова ўскладаннем кветак да мемарыяльнай дошкі на доме ў Гародні, у якім з 1978 па 1989 год жыў выбітны беларускі навуковец.
Пазней сябры БСДП прынялі ўдзел у вечарыне, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння Міхася Ткачова, якую зладзіў "Цэнтр гарадскога жыцця", дзе паплечнікі і сучаснікі дзяліліся сваімі ўспамінамі з прысутнымі маладымі людзьмі.
Паводле СМІ.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Той чалавек, які праходзіў праз катаванні і вытрымліваў іх, лічыўся апраўданым, а хто не вытрымліваў - вінаватым. Толькі ў 1215 г. Латэранскі сабор гэтую практыку забараніў.
Цэнтрамі адукацыі і культуры былі ў раннім Сярэднявеччы толькі цэрквы, кляштары (манастыры) і манастырскія школы. Пры манастырах існавалі бібліятэкі і майстэрні па перапісванні кніг - "скрыпторыі". Тут адукаваныя манахі перапісвалі біблійныя тэксты, творы старажытных філорсафаў і паэтаў.
У манастырскіх і прыходскіх школах вучылі хлопчыкаў ва ўзросце ад сямі гадоў. Тэрмін вучобы - 7 або 8 гадоў. Тут выкладалі пісьмо, чытанне, спевы, лацінскую мову, арыфметыку, тэалогію, астраномію і тэорыю музыкі (гармонію). Пазней у гарадах узніклі і свецкія школы на чале са свецкімі настаўнікамі (магістрамі). Некаторыя вучні нават ездзілі з горада ў горад, каб паслухаць лекцыі найбольш вядомых настаўнікаў. Такіх вучняў называлі "вандроўнымі шкалярамі".
У ХІ -XII стст. у вялікіх гарадах узніклі новыя навучальныя ўстановы - універсітэты . Першы з іх адкрыўся ў XI ст. у горадзе Балоні (Італія). Выкладанне ў ім ішло на мове каталіцкай царквы - лаціне. Сярод факультэтаў самым прэстыжным быў багаслоўскі (тэалагічны) факультэт, дзе вучылі будучых святароў i філосафаў. Асноўная форма навучання - лекцыі і дыспуты, сумесныя абмеркаванні складаных і спрэчных пытанняў пераважна багаслоўска-тэалагічнага характару.
У Х-ХІ стст. значна ўмацоўваецца ўплыў царквы і ў Візантыі. Склаўся трывалы хаўрус царквы і дзяржавы, прычым, у адрозненне ад Заходняй Еўропы, царква тут залежала ад свецкай улады. Выбары патрыярха непасрэдна залежалі ад імператара. Шмат у Візантыі было і манастыроў, якія мелі вялікія зямельныя ўладанні. Некаторыя буйыя манастыры былі значнай палітычнай сілай, і таму на працягу X ст. імператары спрабавалі абмежаваць рост манастырскага землеўладання. Афіцыйнай мовай царквы ў Візантыі была грэцкая, але дзякуючы Кірылу і Мяфодзію славянскія народы, якія былі праваслаўнымі, карысталіся стараславянскай мовай у набажэнстве і кірылічным алфавітам, што значна пашырыла культурны ўплыў хрысціянства сярод славянскіх народаў.
3. Царкоўны раскол 1054 г. і ўзмацненне каталіцкай царквы ў Заходняй Еўропе
Царкоўны раскол 1054 г. Пачатак падзелу хрысціянства на дзве плыні - усходнюю і заходнюю - пачаўся пасля падзелу адзінай Рымскай імперыі на дзве. Усходняй (візантыйскай) царквой кіраваў канстанцінопальскі патрыярх, які залежаў ад імператара. Ён таксама быў першаіерархам новых хрысціянскіх цэркваў, што ўзніклі на тэрыторыях, дзе жылі ўсходнія і часткова паўднёвыя славяне. Але не ўсе ўсходнія хрысціяне падпарадкоўваліся Канстанцінопалю. Існавалі і іншыя незалежныя ўсходнія (праваслаўныя) цэрквы, якія называліся "аўтакефальнымі" , на чале са сваімі патрыярхамі. З цягам часу іх колькасць павялічвалася і цяпер дасягнула 15. Ужо ў IV ст. існавалі, акрамя Канстанцінопальскай, Александрыйская, Антыяхійская і Іерусалімская цэрквы.
У Заходняй Еўропе хрысціян узначалілі рымскія папы, якія ў меншай ступені залежалі ад каралеўскай улады, мелі сваю незалежную дзяржаву і праводзілі самастойную палітыку, асабліва ў часы феадальнай раздробленасці. У IX і X стст. паміж рымскімі папамі і канстанцінопальскімі патрыярхамі пачалося змаганне за душы тых жыхароў Еўропы на Поўначы і Ўсходзе, якія прынялі хрысціянства. Канфлікт закончыўся тым, што ў 1054 г. Рымскі Папа і канстанцінопальскі патрыярх праклялі і адлучылі ад царквы адзін аднаго. За заходняй царквой канчаткова замацавалася назва "каталіцкая" , што азначае "сусветная", а за ўсходняй - "праваслаўная" , што значыць "царква правільнай веры", або "артадаксальная". Даволі часта каталікі называлі праваслаўных "схізматыкамі" (ерэтыкамі). Узніклі і замацаваліся і пэўныя адрозненні паміж гэтымі плынямі.
Так, каталікі лічаць, што Святы Дух сыходзіць адначасова ад Бога-Айца і Бога-Сына (Хрыста), а праваслаўныя - што толькі ад Бога-Айца. У каталіцызме ёсць догмат пра чысцец (чысцілішча) , а ў праваслаўі яго няма. Каталікі лічаць свайго лідара - Рымскага Папу - цалкам непагрэшным у пытаннях веры і маюць толькі адзін рэлігійны цэнтр - Ватыкан . У праваслаўных няма адзінага кіраўніка і адзінай духоўнай Сталіцы. Каталіцкія святары не маюць права мець сям'ю і ўступаць у шлюб (цэлібат), а праваслаўныя святары (за выняткам "чорнага" манаства) сям'ю маюць. У каталікоў ёсць каталіцкія манаскія ордэны і моцны культ Багародзіцы, а праваслаўныя гэтага не маюць. У касцёле няма іканастаса, але ёсць шмат скульптур, чаго не скажаш пра праваслаўную царкву. У каталіцкіх храмах гучыць арган, людзі сядзяць на лаўках, часам стаяць і моляцца на каленях. Людзі ў праваслаўнай царкве звычайна стаяць, і тут спявае царкоўны хор, але музычны інструмент не гучыць. Як святары, так і манахі маюць адрозныя царкоўныя (касцельныя) строі.
Узмацненне каталіцкай царквы ў ХІІ-ХІІІ стст. Вялікую ролю ў гэтым адыграў Папа Інакенцій ІІІ (1198-1216). Ён здолеў падпарадкаваць сабе шмат якіх еўрапейскіх манархаў. Непакорлівых ён адлучаў ад царквы, забараняў праводзіць набажэнствы на тэрыторыі іх краіны. Васаламі Рымскага Папы прызналі сябе каралі Даніі, Англіі, Польшчы, Венгрыі, Кастыліі і Арагона. Папа пачаў называць сябе "намеснікам Бога" на зямлі. Яму цалавалі пантофлі ўсе, хто прыходзіў да яго на аўдыенцыю. У сваёй краіне, горадзе Рыме і ваколіцах, ім быў створаны бюракратычны апарат з вялікай колькасцю духавенства Багацце каталіцкай царквы дасягала велізарных аб'ёмаў. Волю Папы даводзілі да вернікаў не толькі святары, але і манаскія ордэны.
4. Крыжовыя паходы
Крыжовымі паходамі называюць ваенныя паходы заходнееўрапейскіх хрысціян з мэтай забраць у мусульман галоўныя хрысціянскія святыні ў Святой Зямлі (Палесціне). Іх удзельнікі нашывалі на свае плашчы крыжы - сімвалы хрысціянства. Арганізатарамі крыжовых паходаў былі рымскія папы.
Пачатак крыжовых паходаў адлічваюць з 1096 г. (пачатак першага паходу), а заканчваюць або ў 1270 г. (апошні восьмы паход), або ў 1291 г., калі мусульмане захапілі апошнюю крыжацкую цвердзь на Усходзе - горад Акру . Рымскія папы таксама арганізоўвалі крыжовыя паходы супраць ерэтыкоў і нават супраць непакорных ім каралёў. У XIV і XV стст. адбываліся крыжовыя паходы і супраць туркаў-асманаў.
Пачалося ўсё ў французскім горадзе Клермоне ў лістападзе 1095 г., дзе перад натоўпам вернікаў пасля царкоўнага сабора выступіў Рымскі Папа Урбан II . Ён заклікаў прысутных дапамагчы Візантыі, "на якую напалі падступныя мусульмане" , і вызваліць ад іх хрысціянскія святыні ў Палесціне. Усім удзельнікам ён паабяцаў вызваленне ад грахоў, а тым, хто загіне - вечнае жыццё ў раі. Яго ідэю ўсе падтрымалі і вырашылі ісці ў паход.
Вясной 1096 г. тысячы сялян, узброеных сякерамі, кіямі і косамі, рушылі ў паход, па дарозе рабуючы мясцовых жыхароў, бо не мелі з сабою харчоў. Калі яны дабраліся да Канстанцінопаля, візантыйцы перавезлі іх у Малую Азію. Мясцовыя войскі мусульман іх або перабілі, або забралі ў палон.
Тады рушылі на вайну добра ўзброеныя феадалы, малодшыя сыны ўласнікаў феодаў, якія не мелі права на спадчыну бацькі, каб захапіць сабе ўласнасць у заваяваным краі. Імператар Візантыі Апяксей Комнін прымусіў іх даць яму прысягу вернасці і толькі тады перавёз іх у Малую Азію. У 1097 г. крыжаносцы разам з візантыйцамі захапілі Нікею, якая зноў пачала належаць Візантыі. Пасля войска крыжаносцаў прыйшло ў Кілікікію , дзе жылі хрысціяне і хутка захапіла яе Потым крыжаносцы падзяліліся на два атрады, якія пайшлі ў розныя бакі: адны на Эдэсу , другія - на Антыёхію ў Сірыі. Эдэсу, дзе жылі армяне, занялі без бою, і тут узнікла першая дзяржава крыжаносцаў - графства Эдэскае.
Антыёхія абаранялася больш за сем месяцаў; яе захапілі ў чэрвені 1098 г. у выніку здрады некаторых абаронцаў горада. Тут узнікла другая крыжацкая дзяржава - Антыяхійскае княства . Частка крыжаносцаў на чале з Раймондам Тулузскім пайшла далей - на Iерусалім. 7 чэрвеня 1099 г. горад быў абложаны, а 15 ліпеня - узяты штурмам. Пераможцы забілі ўсіх мусульман і іўдзеяў. Толькі ў мячэці Амара было забіта каля 10 тысяч чалавек. Узнікла трэцяя, самая галоўная крыжацкая дзяржава - Іерусалімскае каралеўства на чале з Готфрыдам Булонскім . Пазней крыжаносцы з дапамогай Венецыі захапілі прыбярэжныя ліванскія гарады і стварылі чацвёртую дзяржаву - Трыпальскае графства . Валоданні крыжаносцаў выцягнуліся вузкай паласой па берагах Міжземнага мора працягласцю каля 1200 км. Галоўным кіраўніком тут лічыўся іерусалімскі кароль, якому прысягнулі на вернасць астатнія кіраўнікі, але гэта было ў асноўным фармальна. Заваёўнікаў было няшмат, толькі 2-3% ад агульнай колькасці насельніцтва; астатнія былі сяляне - мусульмане, армяне і яўрэі. Галоўнай сілай у каралеўстве стала каталіцкая царква. Каталіцкі іерусалімскі патрыярх, архібіскупы, біскупы, абаты кляштароў сталі буйнымі землеўласнікамі. Яны атрымалі землі, якія раней належалі мусульманскаму і часткова праваслаўнаму духавенству, а таксама зямельныя падарункі ад свецкіх сеньёраў.
Каб умацаваць сваю ўладу ў новых землях, рымскія папы ў пачатку XII ст. стварылі духоўна-рыцарскія ордэны . Гэтыя ордэны мелі статуты, зацверджаныя Рымскім Папам, і падпарадкоўваліся толькі яму. На новых землях існавалі ордэны тампліераў, іанітаў (шпітальераў), тэўтонаў і Святой Гасподняй дамавіны . Самым моцным быў ордэн тампліераў, які меў 18 уласных крэпасцяў-цвярдыняў. У гарадах, што належалі крыжаносцам, пераважала хрысціянскае насельніцтва розных веравызнанняў. Шмат тут было італьянскіх купцоў, асабліваз Венецыі і Генуі. У пачатку XII ст. веніцыянцы мелі па адным квартале ў кожным горадзе Іерусалімскага каралеўства. Італьянцы прывозілі з Еўропы хлеб, будаўнічае дрэва, металы, коней і вопратку. У Еўропу везлі шоўк і бавоўну, цукар, віно, спецыі, фарбавальнікі, слановую косць, каштоўныя камяні і шкляны посуд. Адчуваўся ўздым міжземнаморскага гандлю.
Аднак у другой палове XII ст. сітуацыя для крыжаносцаў на Ўсходзе вельмі пагоршылася. Другі крыжовы паход (1147-1149 гг.) не прынёс хрысціянскім уладарам на чале з французскім каралём Людовікам VII жаданых вынікаў. А ў 80-я гады XII ст. мусульманскія землі, якія межавалі з крыжацкімі дзяржавамі, трапілі пад уладу егіпецкага султана Салах-ад-Дзінн (Саладзіна) . Яго войска 3 ліпепя 1187 г. разбіла войска крыжаносцаў і ўзяло ў палон іерусалімскага караля, якога давялося выкупляць за вялікія грошы. 2 кастрычніка 1187 г, войска Саладзіна ўвайшло ў Іерусалім, які капітуляваў.
(Працяг у наступным нумары.)
"Нават разбураны, горад выглядае еўрапейскім"
(Магілёўцам паказалі іхні горад у вайну)
5 сакавіка ў Магілёве скончылася ўнікальная выстава "Невядомы Магілёў: горад на фотаздымках 1941-44 гг." Нягледзячы на даволі сціплую рэкламу, выстава выйшла на першае месца па папулярнасці ў горадзе (нават, відаць, і за апошнія некалькі год), яна зацікавіла не толькі вузкае кола аматараў гісторыі, але і вялікую колькасць звычайных жыхароў горада!
Магілёўская суполка ТБМ імя Скарыны ладзіла аж дзве экскурсіі (28 студзеня і 25 лютага) на гэтую выставу. Экскурсіі праводзіў сябра нашай арганізацыі, супрацоўнік музея Яўген Балбераў. Дык чым жа так зацікавіла магілёўцаў гэтая фотавыстава? Чым яна прывабіла столькі народу глядзець на старыя фота? А прычына не толькі ў тым, што ў Магілёве расце цікаўнасць да сваёй гісторыі, але і ў тым, што на фотаздымках - страчаная архітэктурная спадчына нашага старажытнага горада.
Трэба ўлічыць, што ў мірныя даваенныя часы здымаць на вуліцах гарадоў у СССР было фактычна забаронена. Даваенныя здымкі вялікая рэдкасць, бо далёка не ў кожнага грамадзяніна меўся фотаапарат, ды і не кожны наважыўся б адкрыта здымаць архітэктуру ў 30-я гады. Унікальнасць выставы у тым, што аўтары работ - нямецкія вайскоўцы. Лёс склаўся так, што менавіта нямецкія акупанты ненаўмысна захавалі для нас стары Магілёў. І дзякуючы іх здымкам мы можам паглядзець неверагодную колькасць раней нябачаных куткоў горада, а таксама ўбачыць вядомыя месцы ў іншых ракурсах, у асноўным усе старыя краявіды Магілёва мы ведаем толькі праз дарэвалюцыйныя паштоўкі.
Выставу арганізаваў музей гісторыі Магілёва. Фотаздымкі прадстаўленыя з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага і фондаў Музея гісторыі Магілёва. Гэта вынік некалькіх гадоў руплівай працы па зборы фотаздымкаў калекцыянерам Алегам Давідам Лісоўскім. Былы магілёвец, Алег Лісоўскі зараз жыве і працуе ў Германіі. Лісоўскі шукае ў архівах і прыватных калекцыях не толькі фотаздымкі Магілёва, але і усё, што датычыцца яго гісторыі, і за свае ўласныя грошы набывае іх. Старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ, краязнаўца і гісторык Алег Дзьячкоў таксама дапамагаў Алегу Лісоўскаму ў пошуках і набыцці фотаздымкаў, як і дзясяткі іншых неабыякавых магілёўцаў .
Зробленыя нямецкімі вайскоўцамі ў нашым горадзе падчас акупацыі, фотаздымкі і нават аэрафотаздымкі з самалётаў-выведнікаў на выставе былі прадстаўленыя ў розных памерах - ад стандартных факсімільных копіяў да раздрукаваных у вялікім фармаце. На экспанатах паказана гарадская архітэктура, пашкоджаная бамбаваннем, але да разбурэння, калі яшчэ не было моцных бамбёжак, цяжкіх баёў за вызваленне горада, якія нанеслі першыя вялікія страты гарадскому абліччу. Ну і канечне да ўсіх "зачыстак" горада (канец 50-х, а потым 1975-85 гадоў), калі дзеля "светлай будучыні" савецкая ўлада знішчала рэшткі старажытнага Магілёва, якія трапілі пад савецкую ідэалагічную перабудову.
Фотаздымкі паказваюць - Магілёў быў еўрапейскім горадам! Нават разбураны горад выглядаў велічна. Уражваюць архітэктурныя дамінанты. Велічныя вежы нашых непаўторных магілёўскіх храмаў і касцёлаў надавалі гораду адметнасць. Касцёл св. Ксаверыя і гасцініца "Францыя" знаходзіліся насупраць магілёўскага драмтэатра. На адным з фота на заднім плане - выява Ратушнай плошчы. Від на цэнтр горада з-за Дняпра - бачны Спаскі і Богаяўленскі храмы, відаць і Быхаўскі базар. На фотаздымках дакументальна зафіксаваныя трагедыі, з якімі сутыкнуліся гараджане падчас акупацыі гітлераўцамі. Здымак "Патоп на Дубравенцы 10 красавіка 1942 года" - "магілёўскае цунамі" - трагедыя на Дубравенцы, што здарылася 10 красавіка 1942 года і забрала сотні чалавечых жыццяў
На выставе можна выразна адчуць і трагедыю народаў Беларусі, горада, асобных людзей, калі ў жыццё надыходзіць вайна, усе тыя жахі і выпрабаванні, што з ёй звязаныя, розныя бакі гарадскога ваенага жыцця. Сярод фотаздымкаў ёсць выявы масавага публічнага смяротнага пакарання на Савецкай плошчы. Бачым фотаздымкі з габрэямі, якім наканавана прайсці праз Халакост - нявольнікамі гета на вуліцах горада. Разбураныя будынкі і масты, чорныя ад курадыму пажараў дамы - рэаліі акупаванага горада, поўнае небяспекі жыццё.
Вядома ж, гэтыя здымкі нясуць цяжкі адбітак жудаснай вайны. Яны сталі помнікам не толькі страчаным славутасцям даўніны, але і страчаным людскім жыццям. Гэта выстава пра нашу гісторыю і нашу трагедыю. Яе наведалі шмат магілёўцаў, што памятаюць часы акупацыі. Некаторыя знаходзілі дамы, у якіх раней жылі, двары, дзе гулялі ў дзяцінстве.
На выставе, акрамя фотаздымкаў, была і невялічкая экспазіцыя некаторых рэчаў тых часоў. Акрамя гэтай калекцыі Алег Лісоўскі абяцае падараваць роднаму Магілёву перакладзеную ім кнігу ўспамінаў былога гітлераўскага салдата, які знаходзіўся ў палоне ў горадзе з 1944 па 1949 год.
Не так даўно Алег Лісоўскі знайшоў яшчэ 28 унікальных, непаўторных здымкаў нашага горада з 1914 года, яшчэ да Першай сусветнай вайны. Амаль кожны здымак зяўляецца не толькі гістарычнай, але і мастацкай каштоўнасцю, бо ўяўляе сабой узор фотамастацва. Гэты скарб каштуе немалыя грошы: Алег і музей гісторыі Магілёва звярнуліся па дапамогу да жыхароў і зараз ідзе збор неабходнай колькасці грошай.
Вялікую і вельмі каштоўную працу зрабіў Алег, і гэта выклікае захапленне. Магілёўцы вельмі ўдзячныя яму за яго руплівую працу.
Наталля Шамянкова, сакавік 2017 г.
Даглядчык магілёўскага часу
Людзі розных прафесій жывуць у Магілёве - бухгалтары, прадаўцы, настаўнікі, лекары, артысты, і ўсе маюць у сваёй справе калег і магчымасць прафесійных стасункаў. І толькі Генадзь Галоўчык у абранай справе ўнікальны - ён адзіны ў Магілёве "даглядчык гарадскіх гадзіннікаў". Менавіта яго запрасіў на сустрэчу з магілёўскай суполкай ТБМ і яе прыхільнікамі старшыня Алег Дзьячкоў. Генадзь падрабязна і вельмі цікава распавёў нам, як пачыналася яго захапленне, чым займаецца зараз, а таксама падзяліўся планамі на будучыню.
У далёкім 1983 годзе ўчарашні школьнік Генадзь прыехаў з Берасцейскай вобласці ў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут працягваць адукацыю. Тут, у Магілёве, пабраўся шлюбам і застаўся працаваць інжынерам-зваршчыкам. Але неабходнасць вырашаць знакамітае "кватэрнае пытанне" змяніла ягоную прафесію, а, можа, і лёс.
У дзяцінстве Генадзь, як многія хлопчыкі, бавіў час, разбіраючы гадзіннікі, бо ні "ЛЕГА", ні кампутараў не было, ды ўвогуле цацкамі савецкіх дзетак не закідвалі. Зразумела, гадзіннікавым майстрам ён стаў не адразу - так склаліся абставіны яго жыцця.
У Генадзя з'явілася цікавая думка, з якой ён пайшоў да гарадскіх уладаў з прапановай: маўляў, я адрамантую гадзіннік на Тэатральнай плошчы, а Вы дапаможаце мне з жытлом. "Тэатральны" гадзіннік пайшоў у кастрычніку 1991 года, а праз некаторы час сям'я Генадзя Галоўчыка абгрунтавалася ў сваёй уласнай кватэры. Тады яму і выпісалі тое ўнікальнае пасведчанне № 1 - "Даглядчык гарадскіх гадзіннікаў" з вялікай пячаткай і подпісам мэра Магілёва Сяргея Габрусева. Цяпер раз на тыдзень ён наведвае свой адноўлены гадзіннік, а ўзімку дык бывае і два разы на дзень, бо на стрэлках наліпае наледзь, якую трэба прыбіраць, каб стрэлкі не пашкодзіліся.
Амаль праз 15 гадоў, калі пачалі аднаўляць нашу красуню Ратушу, Генадзь зноў звярнуўся да старшыні гарвыканкама, але ўжо да Віктара Шорыкава, з прапановай зрабіць механічны гадзіннік на ратушнай вежы. Атрымаў дазвол і падтрымку гарадской улады і з захапленнем прыступіў да стварэння. Ён майстраваў 24 гадзіны на суткі і нават у сне. Нават сям'і і сяброў для яго ў той час не існавала. Усе часткі механізма ен рабіў на заводзе "Чырвоны металіст" і работнікі гэтага прадпрыемства яму ва ўсім шчыра дапамагалі, за што нават і зараз Генадзь ім усім вельмі ўдзячны. Гадзіннік быў зроблены даволі хутка: з кастрычніка 2007 года да червеня 2008-га. Гэта эксклюзіўны механізм з дыаметрам цыферблата 1500 мм і боем, які ствараюць 9 званоў.
Адроджаная Ратуша была адкрыта 3 ліпеня 2008 г. Унікальным кампанентам адноўленага помніка архітэктуры і гісторыі стаў вежавы эксклюзіўны механічны гадзіннік са звонам, аўтарам ідэі, канструктарам і стваральнікам якога быў Генадзь Галоўчык.
Але на гэтым майстар не спыніўся. У яго таленавітай галаве заўсёды процьма ідэяў і планаў. І вось зранку, на свята "Дзень горада" 28 чэрвеня 2014 года з балкона Ратушы амаль двухмятровы медны хлопчык-гарніст першы раз выканаў для гараджан і гасцей сваё музычнае прывітанне. Гэта таксама тварэнне майстра гадзіннікавых спраў. Аўтарам мастацкай часткі (твар і рукі) стаў магілёўскі скульптар Андрэй Вераб'ёў, а інжынерная і механічныя часткі - увасабленне здольнасці і таленту Генадзя. Новаму "жыхару" на вежы Ратушы далі імя Магіслаў - "чалавек, які славіць Магілёў". А супрацоўнікі музея его клічуць па бацьку - Генадзевічам. Механічная фігура гарадскога гарніста з'яўляецца на Ратушы тройчы на суткі: а 12-ай гадзіне дня; а 8-ай гадзіне вечара (сімволіка гэтага выхаду звязана з сімволікай лічбы 8, як знаку бясконцасці); трэці раз - у тую хвіліну, калі над Магілёвам садзіцца сонца.
Паведаміў нам наш цікавы госць і пра свае творчыя планы. Плануецца, што ў хуткім часе механічны гарніст пачне "размаўляць". Ён зможа расказаць аб сваім стварэнні, аб гісторыі горада і надзеях яго жыхароў, бо многае бачыцца яму з вышыні птушынага палёту. Магіслаў будзе гаварыць голасам свайго стваральніка на роднай беларускай мове, а прыводзіць у дзеянне акустычны механізм, размешчаны ў яго корпусе, будзе спецыяльная кнопка. У перспектыве гэта будзе цэлая клавіятура і Магіслаў зможа гутарыць.
Наталля Шамянкова, Фота Алеся Сабалеўскага.
"Музыка без межаў": мастацкія вобразы айчынных рок-выканаўцаў
Беларускія рок-музыканты заяўлялі пра сябе, як пра мастакоў яшчэ ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. І гэта не выпадкова: многія з іх былі выпускнікамі, напраклад, мастацкай вучэльні імя Глебава (як напрыклад, удзельнікі тагачаснай "Мроі" Лявон Вольскі і Ўладзь Давыдоўскі) альбо студэнтамі Менскага тэатральна-мастацкага інстытута (ўдзельнікі гурта "Бонда" Ігар Варашкевіч, Янка Маркаў і Сяржук Кныш), Беларускай акадэміі мастацтваў (лідар гурта "Zygimont VAZA")…
Таму ў творчым багажы гэтых музыкаў назапасілася багата твораў выяўленчага мастацтва, якія было вырашана прапанаваць для азнаямлення прыхільнікам беларускай рок-музыкі пад час выставы "Музыка без межаў", адкрыццё якой з аншлагам адбылося не так даўно ў сталічнай культурнай прасторы "ЦЭХ". Ініцыятарамі яе правядзення сталі Еўрарадыё, БМАgroup і грамадская ініцыятыва "Музыка без межаў".
Экспазіцыя выставы пазнаёміла першых наведвальнікаў з алейнымі творамі лідэра гурта Znich Алеся Таболіча, некаторыя з якіх ён выкарыстоўваў для афармлення сваіх музычных дыскаў у стылі paganmetal, з палатном з рысамі аўтапартрэта "Лістапад" лідара "Крамы" Ігара Варашкевіча, фантастычнымі эцюдамі барабаншчыка гурта "Re1ikt" Алеся Дземідзенкі.
Аматары беларускай рок музыкі адкрывалі для сябе сюррэалістычныя палотны лідара гурта "Дай Дарогу!" Юрыя Стыльскага, знаёміліся з узорамі мастацтва плаката ад Сяргея Скрыпнічэнкі - лідара гурта "Zygimont VAZA", з яркімі і жыццярадаснымі палотнамі Андруся Такінданга - фронтмена гуртоў Recha, Harotnica. З усімі гэтымі музыкантамі-мастакамі іх прыхільнікі маглі папросту паразмаўляць наконт іх музыкі і жывапісу, зрабіць з музыкантамі сэлфі на фоне іх жывапісных палотнаў.
Шмат маладых і больш сталых гледачоў цікавілася жывапіснымі творамі Лявона Вольскага, сярод якіх наведвальнікі асабліва вылучалі палатно Лявона "Дрэва радасці і суму". Нажаль, музыкант у гэты дзень быў заняты ў іншых праектах, таму не змог удзельнічаць ні ў афіцыйнай частцы выставы, ні ў музычнай…
Але адсутнасць Лявона Вольскага кампенсавалася экспрэсіўнымі музычнымі сэтамі Юрыя Стыльскага - лідара гурта "Дай Дарогу!", фолк-апрацоўкамі і аўтарскімі кампазіцыямі на фальклорныя тэмы Алега Хаменкі ("Палац"), баладамі і рок-кампазіцыямі ў акустычным выканання Ігара Варашкевіча, які зрабіў сюрпрыз сваім прыхільнікам - выканаў трэцюю частку знакамітага "бондаўска-крамаўскага" хіта "Стэфка" - "Стэфка. Праз 30 год", а таксама на біс - баладу "Падае дождж".
Пасля перапынку наведвальнікаў выставы "Музыка без межаў" чакаў працяг музычнага сэту, ужо ад Андруся Такінданга і гурта "Re1ikt". Нягледзячы на запознены час, слухачы ўпадабалі выступы музыкантаў-мастакоў і аддзячылі шчырымі апладысментамі за незвычайныя ўражанні і добры настрой!
Выстава будзе дзейнічаць да 19 сакавіка на выставачнай пляцоўцы культурніцкай прасторы "ЦЭХ" (вул. Кастрычніцкая, 16). Кошт білета - сімвалічны.
Анатоль Мяльгуй.
Паэты злучаюць душы
Гэта адчула Таццяна Беланогая падчас стварэння паэтычна-музычнага дыска "Матылёк" на вершы Яўгеніі Янішчыц. Яго прэзентацыя адбылася ў рамках кампаніі "Будзьма беларусамі!" у менскай бібліятэцы імя Пушкіна ў Міжнародны дзень роднай мовы.
На вечарыну былі запрошаны літаратары, якія сябравалі з Яўгеніяй Янішчыц. "Яе называлі "палескай ластаўкай", - узгадаў гістарычны пісьменнік і паэт Леанід Дайнэка, які працаваў з паэткай у рэдакцыі "Сельскай газеты". Хрысціна Лялько прысвяціла верш сваёй сяброўцы. Анатоль Іванавіч Бутэвіч успомніў сярэдняе пакаленне філфакаўцаў (Алеся Разанава, Яўгенію Янішчыц, Генрыха Далідовіча), для якіх чыталі лекцыі Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Сцяпан Александровіч і Алесь Адамовіч. У памяці сяброў Яўгенія засталася сонечным чалавекам.
У створаных песнях сышліся шляхі адкрытай і даверлівай споведзі Яўгеніі Янішчыц і чуйнай спявачкі. "Таццяна патрапіла ў высокую танальнасць Жэнінай паэзіі", - адзначыў на вечарыне пісьменнік Васіль Аляксеевіч Жуковіч. Пранікнёныя словы песні закранулі прысутных:
" Чую тваю жаўруковую музыку
Ў скошаных травах мурожных,
Мова! Як сонца мае беларускае,
Ты свецішся словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі.
I ўсё ж нашы продкі праз гора
Данеслі да нас цябе, родную, цёплую,
Жывую і непаўторную."
Шэсць гадоў доўжылася праца над зборам матэрыялу, апрацоўкай і дызайнам дыска. Рэдактарам тэкстаў быў Зміцер Саўка. Спявачка наведала вёску Парэчча Пінскага раёна, дзе вучылася ў школе Яўгенія Янішчыц, і музей, створаны там.
Таццяна Беланогая нарадзілася ў Менску, а дзяцінства яе прайшло ў Маладэчне. Яе мама Зоя Іларыёнаўна - лекар-педыятр, тата Аляксей Аляксандравіч - інжынер. Пасля заканчэння СШ № 6 у 2002 годзе адораная дзяўчына паступіла на прыродазнаўчы факультэт Беларускага педуніверсітэта імя Максіма Танка. У тыя часы яе вельмі ўразіў верш Я. Янішчыц "Жораў - ты, а я - сініца", які быў надрукаваны ў газеце "Пераходны ўзрост". Праз гады ён застаўся вельмі актуальным для бардаўскай спявачкі і вось увайшоў у новую кружэлку.
Абаяльная і далікатная выканаўца выступае з аўтарскімі канцэртамі і ўдзельнічае ў творчых вечарынах паэтаў. У 2004 годзе яна стала пераможцам конкурсу "Бардаўская восень" у Бельску-Падляскім, у 2007 паспяхова выступіла на конкурсе "ОРРА-2006" у Варшаве. З густам былі выдадзены яе дыскі "Там, дзе мы" (2004),"Пабачыць свет" (2006), "Дзвюхкроп'е" (2008),"Ніткі" (2010),"Святло і цені"( 2013).
Складанка на вершы Яўгеніі Янішчыц з'явілася яшчэ ў 2016 годзе, і аўтарка прадставіла яе на фестывалі беларускай культуры ў Іркуцку. Пасля выхаду альбома " Матылёк" у жыцці Таццяны адбыліся лёсавызначальныя перамены - яна стала жонкай Змітра Дайнэкі і адчула яго шчырую падтрымку.
Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Таццяна Беланогая - Дайнэка з матуляй. 2. Дыск на вершы Яўгеніі Янішчыц.