Папярэдняя старонка: 2017

№ 12 (1319) 


Дадана: 21-03-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 12 (1319), 22 сакавіка 2017 г.


25 сакавіка - Дзень Волі


100 гадоў ад часу заснавання Беларускага нацыянальнага камітэта

Беларускі нацыянальны камітэт (г. Менск), БНК - орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху ў г. Менску з 27 сакавіка па 10 ліпеня 1917 г. На чале камітэта ўвесь час быў яго старшыня Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868-1939).

Утвораны ў Менску 27 сакавіка 1917 г. З'ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для рэалізацыі пастаноў з'езду - выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам Расіі асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Беларускую Краёвую Раду (планаванага найвышэйшага органа ўлады аўтаномнай Беларусі). Гэта быў максімум, чаго можна было патрабаваць у тагачасных умовах ад Часовага ўрада Расіі, які кантраляваў тэрыторыю цэнтральнай і ўсходняй Беларусі (з Менскам) і адкладваў пытанне аб дзяржаўным уладкаванні Расіі да склікання Устаноўчага сходу Расіі, аднак неафіцыйна стаяў на прынцыпе "адзінай і недзялімай Расіі".

На з'ездзе ў склад БНК былі выбраны 18 сяброў: 10 асоб ад БСГ, а астатнія ад іншых партый і арганізацый: Раман Скірмунт, Павел Аляксюк, Усевалад Фальскі, Браніслаў Тарашкевіч, Лявон Заяц, Аркадзь Смоліч, Эдвард Будзька, Вінцэнт Гадлеўскі, Яўсей Канчар, Іван Краскоўскі, Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі, Бабарыкін, Фабіян Шантыр, Міхаіл Кахновіч, Вацлаў Іваноўскі, Лявон Дубейкаўскі, Зміцер Жылуновіч. Быў абраны і прэзідыум БНК: Раман Скірмунт (старшыня), Павел Аляксюк (намеснік старшыні), Усевалад Фальскі (намеснік старшыні), Лявон Заяц (скарбнік), Браніслаў Тарашкевіч (пісар-сакратар). З'езд выбраў і дэлегацыю (на чале са Скірмунтам) для перагавораў з Часовым урадам Расіі аб аўтаноміі Беларусі.

Большасць сяброў БНК належала да сацыялістычнай партыі БСГ, аднак кірунак дзейнасці з'езду і новастворанага БНК вызначала невялікая група палітыкаў (Раман Скірмунт, Павел Аляксюк і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі), якая мела цесныя стасункі з лідарамі Менскага таварыства сельскай гаспадаркі і прытрымлівалася не сацыялістычных, а ліберальна-дэмакратычных поглядаў - блізкіх да поглядаў расійскіх лібералаў - "кадэтаў", якія пераважалі ў складзе Часовага ўрада Расіі. Яшчэ да сакавіцкага З'езду беларускіх нацыянальных арганізацый (1917) буйныя абшарнікі Эдвард Вайніловіч (старшыня Менскага таварыства сельскай гаспадаркі), князь Станіслаў Радзівіл і даўняя мецэнатка беларускамоўнага друку княгіня Магдалена Радзівіл ахвяравалі на патрэбы Рамана Скірмунта і будучага БНК значныя фінансавыя сродкі.

Раману Скірмунту пачаткова ўдавалася стрымліваць радыкальныя патрабаванні сацыялістаў у БНК па той прычыне, што ў Расіі тады панавала ўлада Часовага ўрада Расіі (дзе дамінавалі лібералы), таму многія прыхільнікі сацыялізму лічылі ў той час, што лібералы са сваёй праграмай утрымаюцца ва ўладзе новай Расіі, і не думалі, што лібералы хутка выпусцяць уладу, а рэвалюцыя ў Расіі будзе "паглыбляцца штораз далей, аж да камунізму".

Імкнучыся рэалізаваць сваю палітычную праграму (аўтаномія Беларусі), БНК спрабаваў заручыцца падтрымкай сялянства і выканаць пастанову З'езду беларускіх нацыянальных арганізацый (1917) аб арганізацыі сялянства. БНК склікаў 4 красавіка 1917 г. краёвы сялянскі з'езд, на які прыехалі прадстаўнікі сялян Віленскай, Менскай і Магілёўскай губерняў, і на якім пачалося абмеркаванне не толькі палітычнага пытання, але і аграрнага, што не планавалася арганізатарамі з'езду і лідарамі БНК. Сялянскія дэлегаты выказаліся ў падтрымку аграрнай праграмы БСГ (якая адпавядала поглядам не лібералаў, а расійскіх меншавікоў - канфіскацыю ўсёй зямлі ў Беларусі без кампенсацыі былым уласнікам і перадачу ўсёй зямлі органам мясцовага самакіравання, якія б здавалі яе сялянам у арэнду) і выказаўся за стварэнне пад эгідай БНК сялянскіх арганізацый на месцах.

Пасля ўтварэння БНК (якому з'езд надаў права кааптацыі) на яго паседжаннях часта бывалі Эдвард Вайніловіч, князь Станіслаў Радзівіл, князь Геранім Друцкі-Любецкі і іншыя заможныя абшарнікі, - і (паводле ўспамінаў ксендза Вінцэнта Гадлеўскага) стваралася ўражанне, што "буйныя землеўласнікі на Беларусі пачынаюць пазнаваць самі сябе і варочацца да таго народу, з каторага яны выйшлі", а ідэя палітычнай суб'ектнасці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе Расіі атрымлівае ў абшарнікаў шчырую падтрымку.

Але нават гэтыя зусім памяркоўныя патрабаванні хаця б аўтаноміі выклікалі шалёны супраціў. Ні расейскія, ні літоўскія партыі не падтрымалі БНК. У выніку дэлегацыя БНК у Петраградзе самастойна перадала старшыні Часовага ўрада Расіі князю Георгію Львову дакладную запіску з пераказам рэзалюцый з'езду беларускіх нацыянальных арганізацый (пра неабходнасць абвясціць Расію федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясцовага самакіравання, увесці ў школах краю беларускую мову, гісторыю Беларусі і іншыя краязнаўчыя дысцыпліны, кампенсаваць насельніцтву страты, ад вайны).

20-24 красавіка 1917 г. у Менску адбыўся другі з'езд беларускіх сялянскіх дэлегатаў (толькі ад Менскай і Віленскай губерняў), дзе праявіўся ўвесь "патрыятызм" сялянства. Дэлегату з'езду Петрусевічу, які імкнуўся выступіць з прамовай па-беларуску, проста не далі слова. У канечным выніку сялянскі з'езд адхіліў рашэнні БНК аб наданні Беларусі аўтаноміі ў складзе Расіі. "З'езд лічыць неабходным захаваць непадзельнасць з Расіяй, а таксама прадаставіць Беларусі шырокае абласное самакіраванне з дэмакратычным строем".

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, БНК працягнуў сваю дзейнасць, галоўным сэнсам якой стала абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларускага сялянства - у першую чаргу праз стварэнне культурных асяродкаў. Так, у траўні 1917 г. Беларускім Нацыянальным Камітэтам у Менску было заснавана "Таварыства беларускай культуры" з адукацыйным, агранамічным, тэатральным і іншымі аддзеламі. Функцыі тэатральнага аддзела выконвала Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, гастролі якога па Беларусі сталі моцным імпульсам для абуджэння нацыянальнай самасвядомасці. 13 траўня 1917 г. быў скліканы сход сяброў БНК з Менска, Масквы, Петраграда і іншых гарадоў для каардынацыі дзеянняў.

Важным (хоць і запозненым) крокам БНК быў пачатак друку з 28 траўня 1917 г. сваёй газеты "Вольная Беларусь", што значна паляпшала інфармацыйнае асвятленне мэт, задач і дзейнасці БНК. Так, у другім нумары газета надрукавала праграму БНК, якая была прынята З'ездам беларускіх нацыянальных арганізацый 25-27 сакавіка, дзе падкрэслівалася жаданне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, а аграрнае пытанне прапаноўвалася разглядзець на Устаноўчым сходзе Расіі, які павінен быў адбыцца праз некалькі месяцаў (восенню 1917 г.). Прынцып размеркавання зямлі павінна была вырашыць будучая Беларуская Краёвая Рада. Яшчэ раз заклікалася, што працоўныя Беларусі без адрознення канфесій павінны сумесна дзейнічаць для стварэння беларускай нацыянальнай школы і адзінай культуры. Адкідваліся ўсялякія чуткі аб планах далучэння Беларусі да Польшчы.

15 траўня 1917 г. у Менску, пры падтрымцы БНК, узнікае Ваенная Беларуская Арганізацыя (ВБА), якая ставіла сваёй мэтай: "злучыць ваенных беларусаў, што жывуць у Менску, як людзей аднаго краю, звычаю і мовы і маючых агульныя патрэбы, каб падрыхтавацца да Устаноўчага Сойму і выставіць там сваю праграму". У газеце "Вольная Беларусь" за 11 чэрвеня 1917 г. быў надрукаваны Статут ВБА.

БНК таксама імкнуўся прыцягнуць на свой бок шырокія пласты настаўнікаў Менскай губерні. 15 траўня 1917 г. у Менску адбыўся з'езд каля 1200 прадстаўнікоў настаўніцтва Менскай губерні. Аднак ідэя аўтаноміі Беларусі не атрымала на з'ездзе падтрымкі. Рэзалюцыя з'езду настаўнікаў на гэты конт адзначыла: "Беларусь і ў будучым складзе з астатняй Расіяй адзінае палітычнае цэлае, для вырашэння гаспадарчых краёвых пытанняў павінна карыстацца земскім самакіраваннем".

Прадстаўнікі левай плыні ў БНК (Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Бурбіс) настаялі на скліканні новага з'езду беларускіх нацыянальных арганізацый. 4-6 чэрвеня 1917 г. у Петраградзе на II з'ездзе БСГ страшынём цэнтральнага камітэта БСГ быў абраны Зміцер Жылуновіч, які пераймаў лозунгі бальшавікоў і ўжо наладжваў сувязі з рускімі эсэрамі і бальшавікамі, а сацыялістычны лад у Беларусі было вырашана ўводзіць шляхам "развіцця класавай барацьбы і сацыяльнай рэвалюцыі".

Цэнтральным пытаннем з'езду стала пытанне аб статусе беларускіх зямель у складзе Расіі і аб форме гэтага статусу. Большасць дэлегатаў выказалася за нацыянальна-тэрытарыяльную аўтаномію ў складзе Расіі, але разуменне аўтаноміі ў іх рознілася.

Так, Раман Скірмунт са сваімі прыхільнікамі на з'ездзе выступаў "за шырокую краёвую аўтаномію краёў і народаў" і выказаўся, што тэрмін "палітычная аўтаномія", на яго погляд пакуль што , не азначае, што Беларусі трэба мець сваё ўласнае войска, грошы і мытні з Расіяй. Прадстаўнік жа Беларускай народнай грамады Аляксандр Цвікевіч імкнуўся на з'ездзе даказаць непатрэбнасць "палітычнай аўтаноміі", якую прапаноўваў Скірмунт, а задаволіцца толькі мясцовай гаспадарчай аўтаноміяй Беларусі, што азначала па сутнасці больш нізкі статус Беларусі ў складзе Расіі, чым прапаноўваў Скірмунт. У выніку з'езду ліберальнае крыло беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху (на чале якога стаяў Раман Скірмунт і БНПС) было адсунута ад кіраўніцтва - праз ліквідацыю БНК і стварэнне замест яго Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, куды ўвайшлі галоўным чынам прадстаўнікі БСГ.

Такім чынам у першай палове 1917 года менавіта БНК найбольш паслядоўна ставіў пытанне дзяржаўнасці Беларусі, хаця б і ў выглядзе шырокай аўтаноміі на пачатковым этапе.

Вікіпедыя.


ДЗЕНЬ ВОЛІ!

Зварот да беларускага народа

Шаноўныя суродзічы, дарагія сябры беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з нашым вялікім нацыянальным святам! У гэты дзень, 25 сакавіка 1918 г., пасля доўгай няволі, калі вонкавы свет забыўся пра нашае існаванне, народ наш заявіў, што хоча жыць у сваёй незалежнай дзяржаве. Давялося чакаць яшчэ больш як сем дзесяцігоддзяў, пакуль Беларусь сталася ўсімі прызнанай дзяржавай, але калі б не было ў сакавіку 1918 года людзей, якія моцна верылі ў сваё права быць вольнымі на сваёй зямлі, не здабылі б мы ў жніўні 1991-га сваёй дзяржавы.

Дарагія сябры, праз год, 25 сакавіка 2018 г., мы адзначым 100-гадовы юбілей абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У нармальнай дэмакратычнай краіне, дзяржава рыхтавалася б да вялікага свята, але цяпер, на жаль, настрой не святочны. У гэтым 2017 годзе наш край ізноў апынуўся пад пагрозай быць зняволеным тым самым захопнікам. Развіццё апошнім часам падзеяў вельмі трывожнае. Перад мілітарызацыяй нашай зямлі расейскімі базамі і манеўрамі з удзелам тысячаў расейскіх вайскоўцаў, Беларусь успрымаецца Захадам верным саюзнікам Масквы, і падзел паміж двума светамі пакідае нас штораз часцей на баку варожай нам імперыі. У выпадку вайны наш народ ізноў зробіцца першай яе ахвярай. Звяртаюся сёння да беларускага народа, у Беларусі і ўва ўсім свеце. Гэтак, як нашая гераічная моладзь, якая нядаўна бараніла Курапаты, скажыце ўсяму свету і прамаскоўскім хаўруснікам у Менску, што беларускі народ не збіраецца ізноў паміраць за чужыя імперыі, што край наш выбраў нейтралітэт, калі ён меў магчымасць выказаць сваю волю, і што ён быў уцягнуты ў варожую нам Еўразійскую зону, нягледзячы на гэтае жаданне, выказанае ў Канстытуцыі. У гэты вельмі неспакойны час, калі кожная дзяржава мае свае ўласныя клопаты і не мае часу прыслухоўвацца да чужых праблемаў, цяжка пераканаць тых, хто гэтага не ведае, што мілітарныя базы на сваёй зямлі мы ўспрымаем, як пагрозу незалежнасці нашай дзяржавы. Аднак пра гэта трэба гаварыць, трэба пісаць усім нам як індывідуальна, гэтак і калектыўна, ад імя беларускіх арганізацыяў, звароты да ўрадаў краінаў, дзе мы пражываем. Трэба рабіць усё магчымае, каб нас бачылі, каб нас чулі, каб ведалі, што народ наш ізноў пад пагрозай з боку суседа, злачынную небяспеку якога свет нарэшце зразумеў. Трэба, каб лінія абароны Еўропы праходзіла не ўздоўж заходняй мяжы Беларусі з Еўразвязам, а ўздоўж мяжы ўсходняй - з Расеяй.

Дарагія мае суродзічы на Бацькаўшчыне, трэба, каб вы таксама заявілі свету, што вы ізноў быць калоніяй Масквы не збіраецеся. З сумам канстатую, што трэба быць героем, каб у Беларусі змагацца за волю нашай зямлі. З глыбіні сэрца віншую тых, хто гэта штодзённа робіць. Свет пра вашае змаганне ведае. Воля і Незалежнасць Беларусі, у першую чаргу - у вашых руках!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла , старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Сакавік, 2017 г.


65 гадоў з дня нараджэння

Алеся Емяльянава

Алесь (Аляксандр Міхайлавіч) ЕМЯЛЬЯНАЎ (20 сакавіка 1952, вёска Забалацце, Чавускі раён - кастрычнік 2005) - беларускі паэт, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. У 1969 г. закончыў Чавускую СШ № 1. З 1969 па 1971 гг. вучыўся ў БСГА. У 1971-1973 гг. служыў у памежных войсках. Пасля дэмабілізацыі працаваў электрыкам у Менску, у 1973-1983 гг. - карэспандэнтам газеты "Чырвоная змена", "Піянер Белаpyci", у 1983-1987 гг. - у Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1987 г. - літкансультант СП Беларусі. У 1983 г. завочна закончыў філфак БДУ. З 1990-1991 гг. - старшыня Каарданацыйнай рады Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Літаратурнай працай пачаў займацца ў 1968 г. Першы верш "Kраіна марской красы" надрукаваны ў 1968 г. у часопісе "Бярозка". Адзін з аўтараў i стваральнікаў тэлечасопіса "Літаратурная Беларусь". Курыраваў выхад у эфір літаратурна-мастацкага часопіса "Буг" Берасцейскай студыі тэлебачання. Пад яго рэдакцыяй выходзілі штомесячныя перадачы "Сугучча" аб перакладзе на беларускую мову твораў замежных пісьменнікаў. Пісаў пра жыццё сучасніка, яго любоў да Радзімы, роднай мовы, прыроды: гэта зборнікі "Ранак поўніцца жыццём", "Нязжатае поле", "На падкове дарог".

Вікіпедыя.


Беларуская мова на Гарадзеншчыне

Кароткі агляд і прагноз (1991-2019)

(Заканч. Пач. у пап. нумары.)

ІІІ частка.

Працэс "перацякання" носьбітаў беларускай мовы ў рускую, як працяг разбурэння культурна-дзяржаўнага падмурка.


Табліца №4. Гарадзеншчына. Адсотак людзей ( 10 нацыянальнасцяў), якія лічаць роднай мовай мову іншай нацыянальнасці ( у %). Звесткі з розных перапісаў насельніцтва ( 1989, 1999, 2009).

Нацыянальнасць

Беларуская Мова

Руская Мова

Польская Мова


Украінская Мова


Родная мова сваёй нацыянальнасці

2009

1999

1989

1989

1999

2009

2009


2009


2009(1999)


Беларусы

Х

Х

Х


12

29,45

0,03

0,02

68,8 (87,9)

Палякі

58,02

65.2



16,1

34,07

Х

0,009

5,24

Рускія

4.9

11,8


Х

Х

Х

0,004

0.04

94,2 (88)

Украінцы

11,21

17,1



48,7

64,01

0,03

Х

23,39

Літоўцы

33,11





28,61

0,78

-

35,57

Татары

43,04





48,47

0,11

-

6,54

Армяне

4,19





47,40

-

-

46,85

Азербайдж.

4,27





32.89

-

-

58,99

Габрэі

8,56

14



76,9

86,59

0,18

0,37

2,79

Цыгане

12,36





8,87

-

0,26

66,93

Па табліцы №4. Дзесяць найбуйнешых нацыянальнасцяў на Гарадзеншчыне, якія сваю родную мову назвалі роднай:

1 месца - рускія 94,2% (у 1999 г. - 88%) , 2 месца - беларусы 68,8%(у 1999 г. - 87,9%), 3 месца - цыгане 66,93%, 4 месца - азербайджанцы 58,99% .... 9 месца палякі - 5,24%, 10 месца габрэі - 2,76% (на Беларусі ў 20-я гады 20ст. ідыш быў адной з дзяржаўных моў, у Ізрайлі стаў адроджаны іўрыт)

Але, для гэтых 10 нацыянальнасцяў роднай была не толькі свая мова, але і беларуская мова, якая магла б стаць пры разумным падыходзе агульным "цэментам" краіны. Пасля рэферэндума з-за геапалітычных амбіцый была абрана ў якасці цэменту мова суседняй краіны, якая сёння аказалася "траянскім канём"для ўлады. Бо сваіх апанентаў тады ніхто не слухаў.

Толькі за дзесяць гадоў русіфікацыі(1999-2009), паміж дзвума перапісамі насельніцтва зменшылася колькасць людзей, для якіх дзяржаўная беларуская мова перастала быць роднай на Гарадзеншчыне:

Беларусы з 87, 9%(1999) да 66,8% (2009), палякі з 65,2% (1999) да 58,2%(2009), украінцы з 17.1%(1999) да 11.2% (2009), габрэі з 14%(1999) да 8,56%(2009), рускія з 11,8%(1999) да 4,9%(2009).

Руская мова, адзіная мова ў 2009 годзе, доля якой за 10 гадоў паміж перапісамі насельніцтва павялічылася і стала роднай не толькі для 94,2% рускіх, але і для значнай часткі астатніх нацыянальных супольнасцяў Гарадзеншчыны:

Адсотак беларусаў, для якіх руская мова стала роднай мовай, павялічылася з 12,0% у 1999г да 29,4% у 2009г. (17,4%).

Доля палякаў, якія лічаць роднай мовай польскую была - 5,24% у 2009 г.

Адсотак палякаў для якіх роднай мовай стала руская, павялічылася з 16,1% у 1999 г. да 34,07% у 2009 г.(17, 97%).

Адсотак рускіх, для якіх руская мова стала роднай мовай, павялічылася з 88,0% у 1999 г. да 94,2% у 2009 г. (6,2%).

Доля украінцаў для якіх роднай мовай стала руская павялічылася з 48,1% у 1999 г. да 64,01% у 2009 г.(15,91%).

Доля габрэяў, якія габрэйскую мову лічаць роднай была - 2,76%.

Адсотак габрэяў для якіх роднай мовай стала руская павялічылася з 76,9% у 1999 г. да 86,59% у 2009 г. (9,69%)

Параўноўваючы на Гарадзеншчыне адсотак змяншэння беларускай мовы і павелічэння рускай выразна бачна, што ва ўсіх нацыянальных супольнасцяў адбыўся працэс "перацякання" ад беларускай мовы ў бок рускай.

Можна таксама сказаць, што самая высокая "свядомасць" вырасла ў рускіх, бо былі створаны самыя спрыяльныя ўмовы для іх культурнага развіцця ў Беларусі, хоць ёй у РФ нічога не пагражала.

22.04.2014г. у штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу А . Лукашэнка сказаў: "Калі мы перастанем гаварыць па-руску, мы страцім розум. Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй", "Беларуская мова - гэта родная мова, і мы павінны яе ведаць. Мы занадта асцярожна падтрымліваем беларускую мову".

Як беларуская мова, "падтрымвалася" дзяржавай красамоўна сведчаць дадзеныя перапісу насельніцтва 2009г. Якой мове 23 гады аддавалася перавага кіраўніцтва краіны і якая мова карысталася найбольшай падтрымкай дзяржавы. Бачым, у якім дыскрымінацыйным становішчы была і ёсць пакуль першая дзяржаўная беларускай мова. За тры апошнія гады на Гарадзеншчыне ў беларускім школьніцтве, СМІ не адбылося ніякіх значных зменаў у лепшы бок:

1.У Гародні з чатырох дзесяткаў школ няма ніводнай беларускай. Толькі каля 50 вучняў вучацца па-беларуску ў рускамоўных школах за апошнія 7 гадоў, дзякуючы найперш бацькам і актывістам ТБМ. А вось дзякуючы найперш прапагандыстскай працы адзелаў адукацыі Гомельшчыны, адміністрацыі гімназіі №36 і неабыякавым настаўнікам у 2016 годзе ў Гомеле быў набраны паўнавартасны беларускамоўны клас з 26 дзяцей. Набралі таксама і дзве дадатковыя беларускамоўныя групы ў дзіцячыя садкі. Магчыма варта раённым аддзелам адукацыі Гародні пераняць станоўчы вопыт Гомеля і дапамагчы бацькам у стварэнні беларускіх класаў.

2. У Гародні з дзесяткаў дзіцячых садкоў няма ніводнага беларускага. Толькі каля 30 дзяцей вучацца ў садку № 45 у 2 групах па-беларуску. У садку №54 фармальна 6 групаў лічацца беларускімі.

3.У Гарадзенскім раёне з 20 былых беларускіх школ засталіся 2 беларускія. У Астравецкім раёне наадварот, усе школы раёна(акрамя раённага цэнтра) беларускія. У большасці раёнаў вобласці таксама сітуацыя на парадак лепшая

4.У абласной дзяржаўнай газеце "Гродзенская праўда" зрэдку можна можна ўбачыць толькі адзін артыкул на беларускай мове. Дзякуй, што назва газеты па-беларуску. Амаль такая ж сітуацыя ў газеце "Вячэрні Гродна", рэдактар якой у снежні 2014 запэўнівала старшыню гарваканкаму Мечыслава Гоя, што значна падвысіць колькасць друкаваных матэрыялаў па-беларуску.

5. Аператыўнасць друкавання матэрыялаў і іх змест на дзяржaўных сайтах гарвыканкаму і аблвыканкаму па руску і беларуску не адпавядае таксама роўнасці моваў. На 18.02.2017 у "навінах" гарвыканкаму за люты месяц пададзены толькі здымкі з розных мерапрыемстваў без ніякай інфармацыі. На адноўленых сайтах раённых аддзелаў адукацыі гарвыканкаму толькі адна мова - руская. І гэта пасля наведванняў, пісьмовых зваротаў сяброў ТБМ у снежні 2013 і снежні 2014гадоў і адказаў ад 09.12.2014г., што раённыя сайты будуць дапрацаваны з улікам абавязковай наяўнасці беларускай версіі.

Дзякуй, што ёсць пакуль беларускія недзяржаўныя СМІ і шкада, што няма ў Гародні зацікаўленых ідэалагічных работнікаў, каб афіцыйную інфармацыю на ўсіх сайтах выканаўчай улады беларускамоўныя грамадзяне чыталі і па-беларуску.

Дзякуй, што нарэшце і кіраўнік краіны выразна спытаў у вертыкалі: "…Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?"

А вось праверыць адказных асобаў за пашырэнне і папулярызацыю беларускай мовы у Гарадзенскай вертыкалі пакуль не хапіла часу. Можа ўсім неабыякавым варта дапамагчы зрабіць грамадскі маніторынг для прыняцця адпаведных рашэнняў у Менску?

Прагноз да перапісу 2019года. Вымушаны рабіць не навуковы прагноз, бо не давялося нідзе знайсці ў друку грунтоўнага навуковага моўнага аналізу па Гарадзеншчыне. Давялося выбраць недасканалы і просты метад прагнозу. Дынаміку змяншэння долі адных моваў і павялічэння долі іншай паміж перапісамі насельніцтва 1999 і 2009 гадоў дадаем да дадзеных перапісу 2009.

Заўвага да прагнозу. Калі дынаміка "перацякання" асобаў з беларускай мовы ў рускую кардынальна не зменіцца ў гэтым, 2017 годзе, то мы будзем мець прыблізна наступную карціну ў 2019г.

Табліца №5. Гарадзеншчына. Адсотак людзей ( 10 нацыянальнасцяў), якія лічаць роднай мовай мову іншай нацыянальнасці, у працэнтах (адсотках). Звесткі з розных перапісаў насельніцтва 1999, 2009 і прагноз (пры захаванні дынамікі моўных зменаў паміж апошнімі перапісамі насельніцтва) на 2019год.

Нацыянальнасць

Колькасць насельніцтва ў вобласці на 2009 г. (чал.)

Руская мова, як родная

Беларуская мова, як родная.

1999

2009

2019

( праг

ноз )


1999


2009


2019

( прагноз )


Беларусы

715.249

12

29,45

46,9

87,9

68,8

49,7

Палякі

230.810

16,1

34,07

52,04

65,2

58,02

50,84

Рускія

87.451

88

94,2

100,0

11,8

4,9

0,0

Украінцы

14.983

48,7

64,01

79,32

17,1

11,21

5,32

Літоўцы

2.153


28,61

-

-

33,11

-

Татары

1.710


48,47

-

-

43,04

-

Армяне

905


47,40

-

-

4,19

-

Азербайдж.

678


32,89

-

-

4,27

-

Габрэі

537

76,9

86,59

96,28

14

8,56

3,12

Цыгане

372


8,87

-

-

12,36

-

Па табліцы №5. У рускіх і палякаў, адсотак агулам атрымаўся большым за 100%, бо пры складанні адсоткаў дынамікі павышэння па кожнай з моваў, сумарна атрымоўваецца больш 100%. Чаму? Бо навуковая методыка падліку іншая.Таму лічбу 102% у рускіх запісалі 100%, а мінус 2% па беларускай мове ў рускіх напісалі 0,0%. У палякаў дамінуючай роднай мовай можа стаць як руская, так і беларуская. 50 на 50. І калі большасць беларусаў прызнаюць роднай мовай рускую, а палякі беларускую, што даволі верагодна, то будзе вялікі сорам на ўсю Еўропу…

Перапіс 2009 г. Акрамя рускай, усе астатнія мовы Гарадзеншчыны, разам з першай дзяржаўнай (беларускай) зменшылі колькасць сваіх носьбітаў. Беларусы толькі за 10 гадоў (1999-2009) згубілі без вайны кожнага пятага. Пасля 2019 г. страцім яшчэ столькі і застанемся ўпершыню (можа нават ва ўсёй гісторыі краіны) меншасцю на сваёй зямлі. Адбываецца 22(?) гады мэтанакіраваная падмена паняцця "Беларуская - родная мова беларуса" на "Руская - таксама родная мова беларуса". Магчыма нехта не сутыкаючыся з беларускай моўнакультурнай плынню працягвае сябе называць і беларусам, але ён страціў моўную сувязь са сваімі продкамі і сённяшнія падзеі паказваюць яго хуткае "перацяканне" у іншыя культурна-моўныя асяродкі. Значная частка моладзі з'язжае за мяжу, найперш па эканаміных чыннніках. Нягледзячы на гучныя заявы кіраўніцтва Беларусі па папулярызацыі беларускай мовы, 2014год стаў для Гарадзеншчыны самым нізкім па колькасці дзяцей, якія пайшлі ў першыя беларускія класы ў рускамоўныя школы ў параўнанні з 4 мінулымі гадамі. Не палепшала сітуацыя ў 2015 і 2016гг.

У перапісе насельніцтва РІ ў 1897г. нацыянальнасць вызначалі па роднай мове. І беларусы тады паказалі, што яны на сваёй этнічнай тэрыторыі з'яўляюцца большасцю. Паводле перапісу 1897 г. 43,3% каталіцкай шляхты Беларусі сваёй роднай мовай назвалі таксама беларускую.

Магчыма, большасць беларусаў у час перапісу насельніцтва назаве беларускую роднай мовай ў 2019. Па ненавуковаму прагнозу дынамікі "перацякання" беларуская мова ўпершыню з 1897 года для большасці можа стаць ўжо не роднай. Добра будзе, калі да беларусаў далучыцца значная частка палякаў з украінцамі, каб паказаць павагу да першай дзяржаўнай мовы. Адваротны вынік таксама магчымы, бо СМІ суседняй краіны значна лепш праводзяць мэтанакіраваную палітыку па дыскрэдытацыі беларускай мовы, культуры, чым беларускія СМІ гэта ўсё абараняючы. Глабальную памылку, зробленую 22 гады назад, не ўтрымаўшы роўнасць моваў і выціскаючы беларускую, можам выправіць толькі агульнымі намаганнямі усім беларускім грамадствам без ідэалагічных падзелаў і страху чыноўнікаў згубіць "цёплае" месца. Бо мова неабходная для самаідэнтыфікацыі эліты і як каталізатар для новых творчых дасягненняў. У бліжэйшы час неабходна паступова дасягнуць роўнасці моваў. Вертыкалі падключыць да гэтай справы большую частку насельніцтва. 2017 год пакажа, ці захавалася ў вертыкалі матывацыя на такую важную работу.

Ці гатовы Беларусы з роднай беларускай мовай у 2019 годзе стаць ужо і статыстычнай меншасцю?

Алесь Крой.


Сто герояў волі і веры

"І магілы з нашымі героямі

Ўціскалі валуны маны."

(Р. Барадулін.)

Адноўлена яшчэ адна малавядомая старонка нашай гісторыі. У Менску сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў і сустаршыня Аргкамітэта БХД Павел Севярынец прадставіў дзве новыя кнігі: "100 асобаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" і " Беларуская хрысціянская дэмакратыя. 1917-2017".

Кнігі - працяг фундаментальнай працы Паўла Севярынца і яго паплечнікаў па стварэнні панарамы духоўнага жыцця беларускага народа.

- Сёлета адзначаецца 100 гадоў з моманту заснавання Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, - прамовіў на прэзентацыі Павел Севярынец. - 24-25 траўня ў Менску на плошчы Волі ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі сабраліся 30 каталіцкіх святароў, якія пастанавалі, што Беларусі патрэбны беларускамоўны касцёл, беларускамоўнае школьніцтва, свая беларуская газета і хрысціянская партыя. Менавіта тады зарадзілася Беларуская Дэмакратычная Хрысціянская Злучнасць.

У кнігах П. Севярынца "Нацыянальная ідэя" ( 2005) і "Люблю Беларусь" ( 2008), айцам - заснавальнікам БХД ужо былі прысвечаны некалькі асобных раздзелаў. Новая кніга "100 асобаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" расказвае больш падрабязна пра жыццё і дзейнасць святароў Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Язэпа Барадзюлю, Яна Пазьняка, Магдалены Радзівіл, якая фінасавала беларускі рух, кампазітара Паўла Карузы. Звесткі пра іх можна было знайсці толькі ў навуковых манаграфіях ці ў рэдкіх артыкулах з рубрыкі "Наша забытая гісторыя". Пры знаёмстве з гэтым выданнем, як і з іншымі кнігамі П. Севярынца, можна ўявіць сабе, якой была б наша краіна, калі б па ёй не прайшлася камуністычная навала.

У біяграфічны зборнік увайшлі тэксты пра патрыярхаў-папярэднікаў, якія стваралі беларускі рух (Андрэя Зязюлю, Францішка Будзьку, Адама Лісоўскага), ахвярных правадыроў міжваеннай хадэцыі, большая частка з якіх была знішчана бальшавіамі і нацыстамі (Фабіяна Абрантовіча, Язэпа Германовіча). А таксама - дзеячаў 1990-ых, што аднавілі беларускую незалежнасць (Мікалая Крукоўскага, Юрася Хадыку) і іх нашчадкаў з сучаснай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі - хвалі спрадвечнага, тысячагадовага імкнення нашых продкаў да веры і свабоды. Над кнігай пра 100 чалавек працавалі 10 аўтараў. Калектыўнае даследванне працягвае лінію росшукаў, якія рабіў Леанід Маракоў, бо значная частка асобаў БХД пацярпела рэпрэсіі, а таксама блізкае да стылю " Імёнаў свабоды" Ўладзіміра Арлова. На партрэтах, сабраных у кнізе - шляхетныя постаці святароў, адкрытыя светлыя погляды.

Ёсць у кнізе разнастайныя звесткі з гісторыі журналістыкі: узгадкі пра беларускія перыядычныя выданні пачатку ХХ стагоддзя - "Светач", "Гоман", "Вольную Беларусь", "Крыніцу" і першую каталіцкую газету "Беларус". Занатаваныя невядомыя факты, такія як, напрыклад, выратаванне Барыса Кіта ад кулі эсэсаўца Адамам Дасюкевічам.

Суаўтарамі Паўла Севярынца сталі навуковец і пісьменнік Анатоль Астапенка, рэдактар хрысціянскага партала "Крыніца. інфо" Максім Гацак, паэт і бард Андрэй Мельнікаў, журналісты Вікторыя Чаплева і Кастусь Шыталь, аспірант НАН Беларусі Уладзімір Шапіла і іншыя.

Рыхтуючы кнігу "100 асобаў БХД" да друку, яны наведалі мясціны, дзе нарадзіліся і жылі героі міжваеннай хрысціянскай дэмакратыі - Дзісеншчыну, Ашмяншчыну, Смаргонскі край, Астравеччыну, Глыбоччыну, Наваградчыну - і атрымалі пранізлівыя сведчанні. Фотаздымкі былі прадастаўлены прыватнымі асобамі альбо дзяржаўнымі ўстановамі.

"Вяртаючы гістарычную праўду, мы разумеем, - напісаў у прадмове да кнігі П. Севярынец, - вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў павінны насіць імёны Станкевіча, Гадлеўскага, Кашыры, Барадзюлі, Абрантовіча, Талочкі, - а не катаў, што разбуралі і рабавалі Беларусь".

- Гэта ўнікальнае выданне. Мне было вельмі прыемна, што Павел Севярынец сабраў усіх нас для працы над кнігай, - адзначыў Анатоль Астапенка. - Мы імкнуліся паспець да юбілею заснавання БХД і праехалі па мясцінах, дзе жылі героі, сустрэліся з іх сваякамі. Я, як праваслаўны чалавек, напісаў пра праваслаўных дзеячоў.

Першая прэзентацыя кніг адбылася 18 лютага ў Гародні, дзе разам з экскурсіяй гісторыка Яна Лялевіча, вечарынай і канцэртам адзначалася 130-годдзе аднаго з лідараў БХД, гарадзенскага святара Уладзіслава Талочкі, а другая - 2 сакавіка ў Менску. На працягу года Павел Севярынец плануе правесці прэзентацыі кніг у рэгіёнах.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Павел Севярынец. 2. Андрэй Мельнікаў. 3-4. Новыя кнігі.


Вясновыя сябры Таварыства

Майстрыцы

Я - таксама каля вясны. Другая палова лютага падштурхоўвае дзень уверх. Дык во сябры моўнага таварыства (ўсе тры) адзін за другім, у сакавіку нарадзіліся. Ад пачатку яго: чацвёртага сакавіка - Людміла Баброўская, пятага - Валянціна Лагаш, сёмага - Мар'ян Місевіч. Колькі гадоў назад была ў сяброўстве і Валянціна Барташэвіч (цяпер Камандзірчык), з'ехала ў Ашмяны. Яе Дзень народзінаў пятнацатага сакавіка.

Людміла загадвае нашым падсвільскім аддзелам сувязі, бо яшчэ юная пенсіянерка. У яе ёсць асабістая кніжка абразкоў і замалёвак - "Святло маёй душы". Яна любіць збіраць травы і спалучаць іх у напойныя зёлкі. I раптам захапілася ручным майстэрствам. Я раю ёй узяць беларускі творчы матыў.

А Валянціна ўжо не першы год працуе з розным прыродным матэрыялам, з бісерам і г. д. Прыкладное мастацтва захапіла яе ў палон. Асабліва прыгожыя карціны атрымліваюцца з бісеру. Ручная тэхніка іх вытанчаная. Ёй хапае цярпення падбіраць колеры, адценні, прыклейваць мікраскапічныя дэталі - ствараць кветкі, пейзажы. Лесвічная дарожка ўверх, на пяты паверх, уяўляе сабой мастацкую галерэю-выставу творчых прыдумак, упарадкаваных абапал па сценах. Можна вадзіць экскурсіі. Было б каго. I Валя дорыць свае творы людзям. Яна - зацікаўлены чытач бібліятэк. Выпісвае "Наша слова", удзельнічае ў мерапрыемствах.

Асобна трэба згадаць пра Мар'яна, бо ён гэтай вясной - юбіляр.


Юбіляр з хатай беларускага зместу

Бацькі Мар'яна некалі пабудаваліся ў Перадолах, каля школы, і ўжо тады, калі ён закончыў гэтую сямігодку.

Была там школа беларускай.

Рачулкі з воднай перагрузкай

Шырока залівалі дол -

Сцяжынны шлях да Перадол.

У Перадольскай школе вучылася тады больш двухсот вучняў. Сёння у Падсвільскай сярэдняй рускамоўнай ці не столькі ж дзяцей, колькасна мала чым адрозніваецца.

Перадольскай сёння няма. Частачка будынка стаіць, у якой, мусіць, людзі не жывуць. Навейшая, пазней пабудаваная, таксама не працуе. Будынак аддадзены Глыбоцкай царкве для летніх духоўных заняткаў і адпачынку дзяцей.

Раней вёска Перадолы была цэнтрам усёй акругі. Ад той яе сёетое засталося. Культуру Перадол "ратуе" сядзіба Мар'яна. На аснове бацькоўскай хаты ён стварыў беларускі куток. Аформіў яе ўнутры ў родным годным стылі. Таццяна Смоткіна (карэспандэнт радыё "Рацыя") назвала домам, у якім жыве Беларусь.

Тут Мар'ян гатовы сустракаць усіх, хто цікавіцца родным краем, памятнымі мясцінамі ці, хто хацеў бы спыніцца адпачыць.

Недалёка пахаваны вядомы мастак і асветнік - Язэп Драздовіч. Побач - лес, рака Соша. Якіх чатыры кіламетры ўперад - ціхае лясное азерца Белае. Яно, часам, вабіць на адпачынак турыстаў-школьнікаў.

Сёння ўжо можна казаць пра адметныя падзеі ад часу, як стаіць Мар'янава сядзіба. I ўвесь час удасканальваецца змястоўнасць. Тут ён сустрэў мінулы юбілей з раднёй і знаёмымі са свету. Бо сваякі (другое, трэцяе калена) - удалечыні ад Беларусі. А сабрацца разам хацелася.

Але галоўныя сустрэчы - гэта мастацкія пленэры, бардаўскія выступы, сустрэчы ў дні памяці Язэпа Драздовіча.

Абмеркаваць задумы да 130-годдзя мастака таксама збіраліся ў Мар'яна.

Як сябар ТБМ імя Францішка Скарыны Мар'ян рэгулярна падтрымлівае цэнтр - два разы ў год высылае грошы на сядзібу Таварыства. Удзельнічае ў мерапрыемствах разам з жонкай Алесяй, якая летам трымае цэлы двор чароўнай квецені. Да ўсяго пячэ вельмі смачныя пірагі. Юбіляру ўтульна ад яе старанняў і працы. Тут у Падсвіллі - сям'я сына Ігара - унукі.

Названыя сябры нашай суполкі ўзаемна віншуюцца. I ўсе астатнія віншуюць іх з Днём нараджэння. Зычуць здароўя, светлых беларускіх думак, натхнення для радаснай творчасці.

Марыя Баравік, м. Падсвілле


Вяртанне пастыра

1 сакавіка 2017 года ў Ліцвінскім клубе (г. Менск) адбылася прэзентацыя кнігі Ўладзіміра Русецкага "Пастыр Станіслаў Нядзьвецкі і Евангельскае прабуджэнне на паўночным захадзе Беларусі". Духоўна-асветніцкае выданне напісана на беларускай мове. Яно мае наклад 400 асобнікаў. Кніга выйшла ў выдавецтве "Пазітыў-Цэнтр".

Ідэя стварэння гэтай кнігі нарадзілася ў 1990-я гады на чарговым юбілеі Красненскай (вёска Краснае) Царквы Веры Евангельскай. Уважліва слухаючы словы царкоўных патрыярхаў аўтару раптам востра захацелася даведацца,хто гэта пастаянна ўзгадванны Станіслаў Нядзьвецкі (1890-1943(?)) Увечары таго ж дня быў складзены падрабязны пісьмовы план гістарычнага даследвання і вызначаны канкрэтныя крокі па яго рэалізацыі, але аўтар пачаў даследванне толькі праз паўтара дзесяткі гадоў.

У працы над кнігай аўтару дапамагала яго жонка Таццяна Русецкая, а таксама яго брат Сяргей Русецкі, які забяспечваў яго ўсімі неабходнымі сродкамі. Спадар Уладзімір выказвае падзяку рэктару Менскага тэалагічнага інстытута ХВЕ Сяргею Паднюку, які усяляк спрыяў яго працы ў архівах Беларусі і Польшчы. Шмат часоў даследчык працаваў у Ныцыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным архіве Менскай вобласці, Маладзечанскім Дзяржаўным архіве, Архіве новых актаў у Варшаве. Аўтар таксама апытваў доўгажыхароў вёскі Краснае.

Рэцэнзентам кнігі з'яўляецца кандыдат гістарычных навук Юры Бачышча, а рэктарам - кандыдат гістарычных навук Андрэй Унучак. Дызайн вокладкі з густам зрабіў мастак Валеры Козел. Усе вышэйзгаданыя асобы прынялі ўдзел у першай прэзентацыі кнігі.

На мерапрыемстве прысутнічалі сябры Ліцвінскага клуба з розных гарадоў Беларусі, а таксама дэлегацыя інтэлектуалаў з Чэхіі.

Мне, як спецыялісту па гісторыі Беларусі 19-20 ст., было цікава прысутнічаць на гэтай прэзентацыі. Раю набыць кнігу ўсім.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст фрылансер.


"Чытанка для маленькіх" - 2

Прэзентацыя "Чытанкі для маленькіх" - 2 адбылася ў дзіцячай бібліятэцы імя Астроўскага 11 сакавіка, у суботу. Гэта вельмі праcторнае і ўдалае месца: пасярод чытальнай залы - хатка з комінам і домік Карлсана, які жыве на даху, горка і гульнявая пляцоўка. Дзеткам было дзе разгуляцца і палазіць. Але ўсіх запрасілі ў вялікую глядацкую залу са сцэнай.

Вядовец - самы папулярны і любімы сучасны паэт Андрэй Хадановіч, якога дзеткі слухаюць уважліва і нібы заварожана. Ён пацікавіўся, які юбілей мы сёлета святкуем. І адразу атрымаў адказ - 500-годдзе першай друкаванай беларускай кнігі. У 1517 г. наш славуты асветнік Францішак Скарына з Полацка ў Празе надрукаваў кнігу "Псалтыр".

Андрэй прадставіў "Чытанку для маленькіх" - 2 - зборнік казак і вершаў, прыгожа ілюстраваны мастачкай Дар'яй Мандзік, укладальнікам якой з'яўляецца паэт Анатоль Івашчанка.

Лялечны спектакль паводле народнай казкі са зборніка "Як курачка пеўніка ратавала" прадставілі Святлана Тоўсцік і Арцём Сітнікаў. Усе разам з курачкай Чубаткай дапамагалі ратаваць пеўніка Петруська. Было шмат ахвотных выконваць ролі пекара, касцоў, каровы, за што атрымалі ў падарунак часопісы "Буся".

Пасля Святлана і Арцём выканалі песню "Мой дзядуля меў хлеў" - пераклад англійскай "Old MacDonald had a farm" ад Матулі Гускі. Усе ахвотныя апранулі шапачкі ў выглядзе жывёл, пачапілі іх намаляваныя выявы і, стаўшы ў круг, разам заспявалі пра цялё, ягнё, парасё, куранё, качанё, гусянё. У час песні паказваліся актыўныя рухі, і ўсе дружна іх паўтаралі і падпявалі: "Ія-ія-ё". Удзельнікі атрымалі паштоўкі ад кампаніі "Будзьма беларусамі", а тыя, хто адгадаў назвы інструментаў - гітара, акарына, жалейка, - значкі "Пяцісотгоднасць".

Пасля дзеткі разам Андрэем Хадановічам з цікавасцю пачыталі вершыкі пра калючыя агуркі і прыставучую дзяўчынку, пра катальва. З захапленнем падбіралі рыфмы і хорам заканчвалі радкі вершаў Р. Барадуліна, паўтаралі хуткамоўкі. І развучылі верш "Жаўтун-Баўтун сядзеў на муры" - пераклад "Humpty-Dumpty" з англійскай мовы Веры Бурлак з яе новай кнігі "Аліса скрозь люстэрка".

Затым гурт "Мярэжа" распавёў пра народнае свята Саракі (22 сакавіка), калі пяклі з цеста сорак птушачак і падкідвалі ўгору, і Гуканне вясны, калі ўзыходзілі на гару і спявалі вяснянкі. Усе разам развучылі песню "Агу, вясна", гукаючы: "У-у-у". Павадзілі карагод пад песню "Што й па мору". Праспявалі "Куру-шчабятуру" і пагулялі ў "Явар".

Напрыканцы можна было атрымаць аўтографы ад аўтара "Нататак таткі" і некалькіх вершаў "Чытанкі" Андрэя Хадановіча.

Наш кар.


Гасцінцы з пуцявін гасцінцаў

Некаторыя менскія творчыя асобы заўважылі, што даўно не з'яўляўся на мерапрыемствах і вечарынах славуты паэт і краязнавец Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік. Пайшлі чуткі, што творца хварэе, альбо з'ехаў у Чэхію на ПМЖ.

Але, як даведаўся сябар рэдкалегіі "Нашага слова", творца працаваў над новай кнігай, якая мае назву "Гасцінцы з пуцявін гасцінцаў", якая пабачыла свет у выдавец-тве "Тэхналогія" некалькі месяцаў таму... У зборнік вайшлі лепшыя вершы Сяргея Панізьніка (1942 г.н.), адрасаваныя дзецям малодшага, сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Разам з аўтарам маленькія вучні даведаюцца, дзе растуць усмешкі, атрымліваюць падказкі, складаюць казкі і навучаюцца прамаўляць чароўныя словы. Школьнікі-падлеткі рушаць у паход разам з легендарным князем Боем, апрануць светлую кальчугу слова і атрымаюць пароль кавалераў.

Юнакі наведаюць хутар продкаў, спяюць бабуліны песні і назаўсёды захаваюць у сэрцы запаветы СКАРЫНЫ. Аднак дарослым кніга таксама прыдасца: каб з дапамогай непаўторнага аўтарскага гуку папоўніць запас жыццяпісу і арыгінальных вобразаў наноў ажывіць ПАМЯЦЬ-КВАРТУ і папоўніць запас жыцця.

Укладанне і прадмову да кнігі зрабіла Аксенія Тарасевіч, а дызайн вокладкі зроблены з выкарыстаннем малюнка Яны Янішчыц. У афармленні шмуттытулаў скарыстаныя малюнкі Меланні Панізьнік.

Кніга мае наклад 300 асобнікаў. Раю набыць бацькам, а таксама дзядулям і бабулям азнаёміца з літаратурна-мастацкім выданнем на сядзібе ТБМ у Менску і набыць кніжку.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.


Падарожжа ў мінулае

16 лютага 2017 г. ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Пранузы прайшла навукова-практычная канферэнцыя "Лёсам з Нясвіжчынай. 1-я палова ХХ ст.", прысвечаная людзям, якія тут нарадзіліся, жылі, тварылі, людзям, якія праславілі наш край не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі.

Ідэя арганізаваць канферэнцую, прысвечаную выдатным прадстаўнікам Нясвіжчыны першай паловы ХХ ст. узнікла падчас сустрэчы супрацоўнікаў бібліятэкі з сябрамі ГА "Нясвіжане" (Польшча).

Адкрыў навукова-практычную канферэнцыю А.І. Майсеня, намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама. Плёну ў працы ўдзельнікам пажадалі А.І. Бутэвіч, дзяржаўны дзеяч, сябар Беларускага саюза журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў, Ганаровы грамадзянін г. Нясвіжа і Мечаслаў Часлававіч Лысы, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Саюз палякаў на Беларусі".

Вікторыя Жукевіч-Дзівота, сябра ГА "Нясвіжане" прадставіла змястоўны матэрыял, прысвечаны жыццю і дзейнасці М. Лычкоўскага, К. Крашэўскага, М. Стралко,Ю. Баранцэвіча, П. Ярашэвіча і інш.

Пра творчыя ўзаемасувязі кампазітараў і літаратараў Нясвіжчыны нам расказала Т.Г. Мдзівані, доктар мастацтвазнаўства, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

"З дзіцячых гадоў я выхоўваўся ў Нясвіжы і год ад года не толькі больш і больш прывязваўся да гэтага некалі магутнага месца, але і ўсё глыбей адчуваў нейкую непадробную павагу, амаль культавую павагу перад гэтым найстаражытным радзівілаўскім уладаннем." - Так пісаў ў прадмове да сваёй кнігі "Да гісторыі Нясвіжа" ў 1937 г. Баляслаў Таўрагінскі, вядомы гісторык Нясвіжчыны, пра дзейнасць якога нам расказала доктар мастацтвазнаўства Вольга Бажэнава.

Наша гісторыя неразрыўна звязана з гісторыяй царквы. Пра тое, хто прыслужваў у праваслаўным храме 1-й паловы ХХ ст. апісала доктар мастацтвазнаўства Л. Густова-Рунцо падчас свайго дакладу "Калектыўны партрэт царкоўнаслужыцеля Менскай епархіі першай половы ХХ стагоддзя".

Напрыканцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі была перададзена частка нотнага архіву Нясвіжскага касцёла Божага цела. Сярод вялікай колькасці твораў былі знойдзены і рукапісы сачыненняў Эдварда Гірдо. Менавіта аб творчай дзейнасці нясвіжскага кампазітара і арганіста нам расказала Галіна Цмыг, кандыдат мастацтвазнаўства.

Шмат цікавай інфармацыі аб дзейнасці беларускага культурна-асветнага дзеяча, педагога, мемуарыста Язэпа Шнаркевіча мы даведаліся праслухаўшы даклад старшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гістарычна-культурнага запаведніка Нясвіж" А.У. Блінца.

Вядомы рускі паэт сказаў: "Няма нічога больш чалавечнага ў чалавеку, … чым патрэбнасць звязваць мінулае са сваім часам". Вось і мы, ўдзельнікі канферэнцыі зрабілі невялікі экскурс ў мінулае нашага роднага краю. Прыемна, што матэрыялы канферэнцыі папоўняць фонд раённай бібліятэкі, і імі змогуць карыстацца нашы чытачы.

З.А. Сілкова, загадчык ААіІ Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы.


Шаноўныя сябры і партнёры!

Просім сяброў арганізацыі і прыхільнікаў роднай мовы падтрымаць ТБМ сваімі ахвяраваннямі ў сувязі з павелічэннем са студзеня 2017 арэнднай платы за Менскі офіс (зараз яна складае больш за 2000 BYN) і неабходнасці фінансавай падтрымкі нашай газеты "Наша слова" (частка накладу якой распаўсюджваецца бясплатна).

Сродкі можна пералічыць праз сістэму "Расчет" (АРІП). Дадаем інструкцыю па аплаце. Спісы ахвярадаўцаў (з іх згоды) рэгулярна друкуюцца ў "Нашым слове", змяшчаюцца на партале ТБМ.

Змяшчаем інструкцыю па аплаце ўнёскаў і ахвяраванняў праз сістэму разліку "Расчет" (АРІП) і iPay.

Спосабы аплаты

З дапамогай Сістэмы "Расчет" (АРІП):

- электроннымі грашыма (iPay, Webmoney [WMB], Easypay, belqi);

- разліковай карткай (інтэрнэт-банк, мабільны-банк, банкамат, інфакіёск, каса банка і Белпошты*);

- наяўнымі (прылада cashin, каса банка і Белпошты*).

* Калі Вы робіце плацёж у касе банка і Белпошты, калі ласка, паведаміце касіру пра неабходнасць правядзення аплаты праз сістэмы "Расчет" (АРІП).

Для правядзення плацяжу неабходна:

1. Абраць паслядоўна пункты (размяшчэнне паслуг у дрэве АРІП):

- Система"Расчет" (ЕРИП)

- Пожертвования, благотворительность

- ТБМ імя Францiшка Скарыны

- Пожертвования

- Членские взносы

Размяшчэнне паслугі ў дрэве паслуг сістэмы "Расчет" (АРІП) у некаторых пунктах аплаты можа адрознівацца ад апісанага вышэй. У сувязі з гэтым, у выпадку ўзнікнення праблем з пошукам паслугі, прапануем выканаць пошук па нумары паслугі АРІП:

4403011 - Пожертвования

4403021 - Членские взносы

Сістэма iPay- аплата з баланса мабільнага тэлефона**

Зрабіць плацёж Вы зможаце з персанальнага кабінета сайта iPay.by.

Для ўваходу ў персанальны кабінет выкарыстоўвайце свой нумар тэлефона і сеансавы пароль, для атрымання якога дастаткова даслаць любое sms-паведамленне на нумар 5533 (кошт sms вызначаецца тарыфным планам абанента). Пасля паспяховага ўваходу ў персанальны кабінет Вы можаце ажыццяўляць плацяжы, абіраючы паслугі для аплаты. Акрамя таго, Вы можаце даведацца баланс Вашага рахунку мабільнага тэлефона, паглядзець гісторыю плацяжоў, пры неабходнасці раздрукаваць чэк.

Спасылка на аплату паслугі "Пожертвования" праз сістэму iPay для абанентаў:

МТС: https://mts.ipay.by:4443/pls/iPay/!iSOU.Login?srv_no=4413011&opt=1

Life:) https://gate.besmart.by/ipaylife/!iSOU.Login?srv_no=4413011&opt=1

Камісія сістэмы iPay складзе для абанентаў МТС 3%, life: ) 4,5%.

Спасылка на аплату паслугі "Членские взносы" праз сістэму iPay для абанентаў:

МТС: https://mts.ipay.by:4443/pls/iPay/!iSOU.Login?srv_no=4413021&opt=1

Life:) https://gate.besmart.by/ipaylife/!iSOU.Login?srv_no=4413021&opt=1

Камісія сістэмы iPay складзе для абанентаў МТС 3%, life: ) 3,5%.

**Выключэнні складаюць нумары тэлефонаў, падключаныя на карпаратыўны тарыф, тарыфны план "Свободный life: )" і абаненты, якія выкарыстоўваюць аплату паслуг сотавай сувязі па факце. Для ажыццяўлення аперацый у Сістэме iPay даступная не ўся сума баланса … рахунка: пасля спісання выніковай сумы аперацыі на вашым рахунку павінна застацца не менш за 10 капеек для абанентаў МТС і не менш за 50 капеек для абанентаў life: )


Да ведама сяброў ТБМ г. Менска

29 сакавіка ў 18.30 у Менску ў сядзібе ТБМ на вул. Румянцава, 13 адбудзецца справаздачна-выбарчы сход сяброў Фрунзенскай раённай арганізацыі ТБМ г. Менска.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Асіпцова Алена - 6 р., г. Магілёў

2. Лукашанец А.М. - 30 р., г. Менск

3. Жыдаль Дз.У. - 20 р., г. Менск

4. Кузняцова Л.Ф. - 10 р., г. Бабруйск

5. Вераб'ёў Уладзімір - 10 р., г. Менск

6. Яканюк Данат - 20 р., г. Менск

7. Бекарэвіч А.В. - 5 р., г. Менск

8. Ахрамчук Віктар - 5 р., г. Светлагорск

9. Кухаронак Алесь - 10 р., м. Смілавічы

10. Панізоўцаў Сямён - 10 р., г. Чэрыкаў

11. Чыгір Яўген - 5 р., г. Гародня

12. Сп. Сергіенка - 5 р., г. Менск

13. Максімовіч - 1 р., г. Гародня

14. Рыхлік - 50 р., г. Менск


1. Ляскоўскі Ўладзімір - 15 р.

2. Ардынская Людміла - 5 р.

3. Паляк Надзея - 5 р.

4. Крук Віктар - 5 р.

5. Крук Ларыса - 5 р.

6. Асіпенка Аляксандр - 10 р.

7. Кожан Кліменці - 5 р.

8. Райчонак Ада - 5 р.

9. Райчонак Алег - 5 р.

10. Райчонак Аляксандр - 5 р.

Усе - м. Шаркоўшчына


1. Таўгень Людвіка - 10 р.

2. Пятровіч Аксана - 10 р.

3. Сівы Сяргей - 10 р.

4. Гражынская Галіна - 5 р.

5. Бацян Валянціна - 5 р.

6. Трапашка Марыя - 5 р.

7. Таўгень Антон - 5 р.

8. Пятроўская Ліза - 10 р.

9. Панкратава Наталля - 5 р.

Усе - г. Валожын


Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Чарговы, трэці, паход прывёў да таго, што па дарозе англічане захапілі востраў Кіпр, а ў ліпені 1191 г. - горад Акру, якая і стала сталіцай Іерусалімскага каралеўства, бо выгнаць Саладзіна з Іерусаліма не атрымалася.

Пасля смерці Саладзіна ў 1193 г. Папа Інакенцій ІІІ арганізаваў наступны (чацвёрты) паход. Дзякуючы венецыянскаму флоту ў 1202 г. крыжаносцы спачатку захапілі венгерскі горад Задар і перадалі яго Венецыі, а потым, 13 красавіка 1204 г., вераломна захапілі Канстанцінопаль і цалкам яго разрабавалі. Заваёўнікі заснавалі тут сваю дзяржаву - Лацінскую імперыю .

Толькі ў 1225 г. нямецкі кароль Фрыдрых II здолеў дамовіцца з егіпецкім султанам, вярнуў крыжаносцам Іерусалім, Назарэт і Віфлеем і стаў адначасова іерусалімскім каралём. Аднак ужо ў 1244 г. Іерусалім зноў захапілі мусульмане, прычым цяпер на доўгія стагоддзі.

Сёмы крыжовы паход (1248-1254 гг.) узначаліў французскі кароль Людовік IX . Яго войскі высадзіліся ў Егіпце ў 1249 г. і спачатку захапілі некалькі гарадоў. Але потым яны пацярпелі паразу, і кароль разам з тысячамі крыжаносцаў трапіў у палон. Францыя мусіла выкупіць свайго караля і яго рыцараў з палону. У 1268 г. егіпцяне захапілі Антыёхію, і ў крыжаносцаўзасталася толькі Акра. Тады Людовік IX у 1270 г. арганізаваў аношні (восьмы) крыжовы наход. Французы і англічане высадзіліся ў Тунісе і захапілі Карфагенскую крэпасць . Але ў лагеры крыжаносцаў пачалася эпідэмія чумы, і Людовік IX памёр. Неўзабаве ў 1291 г. мусульмане захапілі апошні крыжацкі горад Акру, і эпоха крыжовых паходаў скончылася.

Крыжовыя паходы сталі няўдалым вынікам заходнееўрапейскай знешняй каланізацыі. На заваяваных землях амаль не было заходнееўрапейскіх сялян; ды і феадалаў, якія стала пасяліліся тут, было не шмат. Крыжовыя паходы ўзмацнілі варожасць паміж хрысціянамі і мусульманамі, а таксама выклікалі непрыязь да каталікоў з боку праваслаўных візантыйцаў і мясцовых іўдзеяў. Раскол паміж каталікамі і праваслаўнымі значна паглыбіўся. Крыжаносцы знішчылі ў Палесціне шмат помнікаў архітэктуры і мастацтва, вялікую колькасць кніжных збораў. Галоўны адмоўны вынік крыжовых паходаў - гэта крывавае забойства многіх тысяч людзей, пераважна некаталіцкай веры. Асноўная рэлігійная мэта паходаў - вяртанне хрысціянам іх святынь у Палесціне - у канчатковым выніку так і не была дасягнутая.

5. Рух альбігойцаў (катарызм). Стварэнне інквізіцыі

У 1143-1155 гг. жыхары Рыма на чале з Арнольдам з Брэшыі паднялі паўстанне супраць Папы, выгналі яго з горада і абвясцілі рэспубліку. Толькі з дапамогай германскага імператара Фрыдрыха Барбаросы паўстанне здушылі, і Папа здолеў вярнуць сабе ўладу.

Вялікую небяспеку для афіцыйнай каталіцкай царквы ўяўляў рух альбігойцаў . Так называлі дзве ерэтычныя плыні катараў і вальдэнсаў , якія жылі на поўдні Францыі. Адным з іх цэнтраў пыў горад Альбі . Катары (чыстыя) існавалі, пачынаючы з XI ст. не толькі ў Францыі, але і ў Італіі. Яны лічылі, што Сусвет мае два пачаткі: Дабро (Бог) і Зло (сатана). Матэрыяльны свет для іх быў стварэннем сатаны. Таму каталіцкую царкву яны лічылі д'ябальскай і не прызнавалі яе і каталіцкія догматы. Яны стварылі сваю царкву і мелі ўнутры яе строгую іерархію. Катарамі былі рамеснікі, гандляры, сяляне і некаторыя феадалы, якія выступалі супраць караля і прагнулі захапіць маёмасць каталіцкай царквы.

Лідарам вальдэнсаў быў купец з Ліёна Пётр Вальдо , які ў 70-я гг. XII ст. адмовіўся ад сваёй маёмасці, лічачы, што трэба жыць у галечы, і сабраў вакол сябе шмат прыхільнікаў. Папы забаранілі яго пропаведзі і адлучылі вальдэнсаў ад царквы. Рух вальдэнсаў складалі сяляне і рамеснікі. Яны давалі зарок беднасці і цноты, адмаўлялі каталіцкую царкву і стварылі сваю арганізацыю, якой кіравалі абраныя імі біскупы. Яны не хрысціліся і не пакланяліся абразам. Супраць альбігойцаў III Латэранскі сабор у 1179 г. абвясціў крыжовы паход, аднак ён выніку не прынёс. Другі паход пачаўся з ініцыятывы Папы Інакенція III у 1209 г. Крыжаносцы ўварваліся ў паўднёвую Францыю і забілі тысячы людзей. Гэтым скарыстаўся кароль Францыі Людовік IX і да 1229 г. здолеў далучыць землі альбігойцаў да свайго дамена. Апошні замак альбігойцаў Мансегюр быў захоплены толькі ў 1244 г. Каб змагацца з ерэтыкамі, Папа Рыгор IX у першай палове XIII ст. стварыў спецыяльныя царкоўныя суды інквізіцыі . Інквізіцын на лаціне абазначае "расследаванне". Суды інквізіцыі выяўляпі ды каралі ерэтыкоў і падпарадкоўваліся толькі Папу. Займацца інквізіцыяй Папа даручыў ордэну дамініканцаў, які жорстка караў, як правіла, зусім не вінаватых людзей, асабліва калі на іх паступалі даносы ад іх ворагаў. Іх моцна катавалі, прымушалі прызнацца ва ўсіх грахах, а потым перадавалі свецкім уладам, якія публічна спальвалі ерэтыкоў на вогнішчы. Асабліва цярпелі жанчыны: тых, якіх лічылі вядзьмаркамі, жорстка забівалі. Акрамя дамініканцаў, папы абапіраліся і на тыя крыжацкія ордэны, што пасля крыжовых паходаў вярнуліся ў Еўропу.

Тампліеры мелі свае цэнтры ў Парыжы і Лондане, дзе актыўна займаліся ліхвярствам. Іааніты спачатку жылі на востраве Радосе, а потым на Мальце, дзе мелі сваю незалежную дзяржаву. Нямецкі (Тэўтонскі) ордэн у XIII ст. апынуўся ва Усходняй Прыбалтыцы, дзе на заваяваных балцкіх землях стварыў вялікую і моцную дзяржаву, з якой беларусам давялося доўга ваяваць. У ХІІ-ХІІІ стст. рымскія папы прыдумалі спецыяльныя граматы - індульгенцыі, якія манахі прадавалі тым людзям, што хацелі пазбавіцца ад сваіх грахоў. Гэта вельмі абурала тагачасную адукаваную частку грамадства.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Альбігойцы (катары) - ерэтычны рух XII-XII стст. у Францыі, накіраваны супраць каталіцкай царквы.

Дзесяціна - дзясятая частка ўраджаю або іншых прыбыткаў, якія вернікі аддаюць на ўтрыманне царквы.

Iндульгенцыя - спецыяльная царкоўная грамата аб дараванні грахоў, якую можна было набыць.

Інквізіцыя - спецыяльны суд каталіцкай царквы над людзьмі, якія выступалі супраць царквы і веры.

Кляштар - каталіцкі манастыр.

Лацінкая імперыя - дзяржава, створаная крыжаносцамі на тэрыторыі Візантыі, пасля захопу імі Канстанцінопаля.

Мітрапаліт - кіраўнік царкоўнай акругі-мітраполіі, якога прызначаў іерарх.

Патрыярх - галава (памеснай) Праваслаўнай царквы.

Ордэн манаскі - аб'яднанне каталіцкіх манахаў, якія жывуць і дзейнічаюць у адпаведнасці з правіламі, якія запісаны ў статуце свайго аб'яднання.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

966 г. - князь Польшчы Мешка I прыняў хрысціянства.

988 г. - хрышчэнне князем Уладзімірам жыхароў Кіева.

1054 г. - канчатковы падзел хрысціян Еўропы на каталікоў і праваслаўных.

1096 - 1099 гг. - першы крыжовы паход.

1099 г. - захоп крыжаносцамі Іерусаліма.

1098 - 1216 гг . - пантыфікат Папы Інакенція III.

1204 г. - захоп крыжаносцамі Канстанцінопаля.

1291 г. - мусульмане захапілі апошнюю крыжацкую крэпасць у Палесціне.


РАЗДЗЕЛ VII. КРАІНЫ ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ Ў Х-ХІІІ стст.

1. Феадальнае грамадства Заходняй Еўропы.

2. Штодзённае жыццё.

3. Францыя ў Х-ХІІІ стст.

4. Германія ў Х-ХІІІ стст. Стварэнне Свяшчэннай Рымскай імперыі нямецкага народа.

5. Англія.

6. Гарады-дзяржавы Італіі.

7. Стварэнне саслоўна-прадстаўнічых манархій.

1. Феадальнае грамадства Заходняй Еўропы

У IX ст. распалася вялізная імперыя франкаў. У тых дзяржавах, якія былі яе наступнікамі, ужо мела месца феадальная раздробленасць. Так было і ў іншых еўрапейскіх краінах, бо іх эканамічнай асновай была натуральная гаспадарка. У гэтых дзяржавах захоўвалася каралеўская ўлада, але рэальнай сілы яна ўжо не мела. Каралі практычна не маглі спыніць міжусобныя войны паміж феадаламі свайго каралеўства. Часам феадалы ваявалі нават са сваім каралём. Каралеўствы таго часу былі сукупнасцю магнацкіх даменаў. У сваіх даменах магнаты - герцагі, графы, бароны і іншыя буйныя феадалы - усталёўвалі сваё адзінаўладства. Яны раздавалі частку сваіх вялізных уладанняў сярэднім феадалам у якасці феода, а тыя маглі перадаць частку атрыманых земляў дробным феадалам.

У кожным каралеўстве існавала свая феадальная лесвіца, якая абапіралася на ўзаемадзеянне паміж каралём, сеньёрамі і васаламі. Да X ст. амаль усе сяляне краін Заходняй Еўропы сталі феадальна-залежнымі, яны павінны былі выконваць за карыстанне феадальнай зямлёй ( алодам ) прымусовыя абавязкі (павіннасці): паншчыну і аброк. Сяляне не маглі без дазволу свайго феадала пакідаць яго маёнтак і таму былі пазбаўленыя асабістай свабоды. Таму тысячы сялян і рушылі ў крыжовыя паходы, каб стаць асабіста незалежнымі. Таксама селянін мог уцячы ад феадала ў горад, дзе, пражыўшы пэўны тэрмін, таксама набываў асабістую свабоду. З гэтых прычын феадальная ўрбанізацыя Еўропы, калі былыя сяляне станавіліся гараджанамі (бюргерамі), набірала сілу.

2. Штодзённае жыццё

Асноўную масу насельніцтва Еўропы складалі сяляне. Яны жылі ў вёсках, у маленькіх брудных хацінах, часта галадалі і хварэлі, Феадалы ўвесь час здзекаваліся з іх, асабліва з дзяўчат і маладых жанчын, і абражалі іх людскую годнасць. Таму сяляне ўцякалі ад сваіх феадалаў або вялі з імі барацьбу падчас сялянскіх паўстанняў. Прыгнятала сялян і каталіцкая царква, якой яны мусілі плаціць дзесяціну. Таму некаторыя сяляне далучаліся да розных ерэтычных рухаў і траплялі ў рукі інквізіцыі.

Феадалы жылі асобна ад сялян у сваіх умацаваных замках, збудаваных у цяжкадаступных месцах. Працай на зямлі, заняткамі гандлем ці рамяством яны пагарджалі і лічылі, што адзіны сапраўдны занятак высакароднага чалавека - гэта вайна або паляванне. Сваіх сыноў яны з малых гадоў рыхтавалі да вайсковай службы: добра ездзіць на кані і добра валодаць рознай зброяй. Мара кожнага хлопчыка - сына феадала - было стаць рыцарам - цяжкаўзброеным вершнікам, закутым у цяжкія даспехі. Пасвячалі маладых феадалаў у рыцары за ваенныя заслугі каралі ці буйныя феадалы. Большасць рыцараў не любіла вучыцца: яны часта былі непісьменнымі.

У мірныя часы феадалы займаліся паляваннем, пасля якога наладжвалі баль. На ім яны шмат елі і яшчэ больш пілі алкагольныя напоі - брагу, мёд і віно. Падчас балю іх забаўлялі камедыянты і вандроўныя спевакі. Часта адбываліся і рыцарскія турніры - спаборніцтвы ў вайсковым майстэрстве. Іх праводзілі каралі ды іншыя буйныя феадалы з розных нагодаў: вяселле, пасвячэнне сына ў рыцары, заканчэнне вайны ці проста жаданне паказаць свой асабісты спрыт і смеласць. Для турніраў выбіралі роўны луг каля замка абносілі яго агароджай, рабілі арэну і месца для знаці. Быў спецыяльны трон для дамы, якую лічылі каралевай прыгажосці і аб'ектам рыцарскага кахання. Рыцар, які перамагаў, забіраў сабе ў якасці ўзнагароды каня і зброю пераможанага суперніка. Рыцар, які рамог усіх удзельнікаў турніру, меў права абіраць сярод прысутных жанчын даму-каралеву прыгажосці, і яна ўрачыста займала свой трон.

Гараджане мелі сваё жыццё, адрознае ад сялян і феадалаў. Жылі яны ў невялікіх дамах, драўляных ці мураваных, якія шчыльна абступалі вузкія і брудныя гарадскія вуліцы. З нрычыны паўсюднага бруду гараджане часта хварэлі і паміралі ад розных эпідэмій, і таму яны жылі не так доўга, як сяляне ці феадалы. У гарадах часта адбываліся пажары, калі выгаралі цэлыя гарадскія кварталы. Але гараджане былі асабіста вольнымі людзьмі, і таму яны часта ладзілі розныя гарадскія святы ды кірмашы ў цэнтральнай частцы горада, дзе стаяў галоўны гарадскі сабор. Тут была вялікая гарадская плошча ( рынак ), і часта стаяла гарадская ратуша, дзе знаходзіўся магістрат. На гарадской плошчы гандлявалі і тут жа публічна каралі злачынцаў. У гарадах было шмат беднякоў, якія выконвалі самую брудную і цяжкую працу. Сярод іх было нямала жабракоў і злачынцаў. Гарадская бядота час ад часу ўздымала ўзброеныя паўстанні, і тады багатыя гараджане прасілі ўзброеную дапамогу ў сваіх сеньёраў-феадалаў.

Асобную групу насельніцтва складала каталіцкае духавенства. Гэта былі святары розных узроўняў, феадалы-рыцары каталіцкіх ордэнаў і іх слугі, шматлікія манахі кляштараў, а таксама розныя чыноўнікі Рымскага Папы.

Трэба адзначыць, што ў феадальным грамадстве Заходняй Еўропы існаваў патрыярхат на ўсіх яго ўзроўнях, і жанчыны ніякіх правоў не мелі. Больш за тое, іх маглі звінаваціць у вядзьмарстве і аддаць у рукі інквізіцыі. Сярод мужчын на першым месцы былі старэйшыя сыны, бо яны былі галоўнымі спадчыннікамі як у феадалаў, так і ў сялян ці гараджан. Таму шмат малодшых сыноў ішло ў манахі ці брала актыўны ўдзел у войнах або крыжовых паходах.

(Працяг у наст. нумары.)


Новыя кнігі па канфесійнай гісторыі Беларусі гарадзенскіх аўтараў

Спецыяльны рэпартаж з Гародні

Новыя кнігі па канфесійнай гісторыі Беларусі прэзентавалі (нядаўна) ў Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Яўхіма Карскага. Адна з іх - вучэбны дапаможнік "Канфесійная гісторыя Беларусі" (Менск: РІВШ, 2016) аўтарства прафесара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Э.С. Ярмусіка. Другая кніга - вынік працы вядомага лідскага краязнаўца Л.Л. Лаўрэша "Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс" (Гародня: ЮрСа-Прынт, 2017).

Аўтараў і іх кнігі прадставіў загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Я. Купалы, доктар гістарычных навук, прафесар С. А. Піваварчык . Ён адзначыў, што прэзентацыя праходзіць ў бібліятэцы, дзе вітае дух кніжнасці, дзе захоўваюцца працы нашых папярэднікаў, які вывучалі і папулярызавалі гісторыю.

- Сённяшняя прэзентацыя, якраз звязана з вельмі важнымі і актуальнымі праблемамі гісторыі Беларусі - з канфесійнай гісторыяй. - сказаў прафесар. - Мы ведаем, што наша краіна была поліэтнічная, поліканфесійная, і гэта спецыфіка адлюстравалася з тых культурна-сацыяльных з'явах, якія ў нас адбываліся на працягу стагоддзяў. Вывучэнне канфесійнай гісторыі мае свой пачатак менавіта ў Гародні. Кнігі, якія сёння прэзентуюцца, працягваюць гарадзенскую традыцыю. Першая кніга, навучальны дапаможнік "Канфесійная гісторыя Беларусі", з'яўляецца плёнам працы Эдмунда Станіслававіча Ярмусіка, вядучага спецыяліста па гэтай праблеме, які займаецца ёй на працягу многіх гадоў. Мэта дапаможніка - расказаць пра канфесійную гісторыю Беларусі на працягу доўгага гістарычнага перыяду - на мой погляд, у аўтара добра атрымалася. Яго кніга - сплаў ведаў гісторыка і прафесійнага выкладчыка - неабходна студэнтам, і ўсім, хто цікавіцца нашай гісторый.

Другая кніга, аўтарства вядомага краязнаўца і гісторыка Леаніда Лаўрэша, прысвечана Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) царкве і таксама звязана з праблемамі канфесійнай гісторыі. Таму невыпадкова мы праводзім аб'яднаную прэзентацыю. Да нас, у Беларусь, усё больш едзе турыстаў, і таму кніга пра ўнікальны помнік нашай гісторыі і культуры, які з'яўляецца намінантам на ўключэнне ў спіс ЮНЭСКА, будзе важнай і актуальнай для нас.

Думаю, што мы з задавальненнем пазнаёмімся з гэтымі выданнямі і іх аўтарамі.

Прафесар ГрДУ імя Я. Купалы, доктар гістарычных навук С.В. Марозава ў сваім выступленні адзначыла:

- У другой палове XIX ст. - пачатку XX ст. у Расійскай імперыі выйшла шмат прац па канфесійнай гісторыі Беларусі. Потым сем савецкіх дзесяцігоддзяў пра рэлігію пісалі, галоўным чынам, у дыскрэдытацыйным плане: папулярнай была тэма барацьбы супраць рэлігіі. І толькі ў канцы XX ст. змяніліся дзяржаўна-царкоўныя адносіны, і мы нібы новымі вачыма паглядзелі на гэтую сферу мінулага. Гэта навуковае поле стала адным з навуковых прыярытэтаў.

Кожная краіна мае цікавую канфесійную гісторыю але ў нас яна проста ўнікальная. На гэта звярнулі ўвагу нават не беларускія навукоўцы, але іх замежныя калегі. На захад і ўсход ад нас - монаканфесійныя краіны: Польшча і Расія. У нас асталяваліся розныя напрамкі хрысціянства, і канфесійная гісторыя Беларусі ўяўляе сабой змену іх суадносін.

Традыцыя даследавання гісторыка-канфесійнай праблематыкі была закладзена на нашым факультэце з часу яго заснавання - у сярэдзіне 1950-х г. Заснавальнікам гэтай традыцыі стаў прафесар Якаў Навумавіч Мараш. З таго часу змяніліся метадалагічныя падыходы да трактоўкі мінулага, але моцная крыніцавая база яго прац, багатая фактура, раскрыццё многіх старонак гісторыі распаўсюджвання і дзейнасці каталіцкай царквы ў Беларусі ў XVI-XVIII ст. зрабілі манаграфіі Я.Н. Мараша класікай айчыннай гістарыяграфіі канфесійнай гісторыі. У пачатку 1970-х г. ён заклаў у нашай alma mater навуковую школу гістарычна-канфесійных даследаванняў. І вось ужо сёмае дзесяцігоддзе заснаваная ім традыцыя паспяхова працягваецца і развіваецца. Некаторыя з яго вучняў і сёння працуюць у ГрДУ, і ў навуковае жыццё ўвайшло ўжо трэцяе пакалення даследчыкаў канфесійнай гісторыі Беларусі.

Бібліятэка падрыхтавала выставу прац нашых аўтараў, з чыімі новымі кнігамі мы сёння знаёмімся. Тут знаходзяцца тры манаграфіі, якімі вядомы ў навуковым свеце Беларусі і замежжа прафесар Э.С. Ярмусік. Вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі, падрыхтаваны ім у свой час у суаўтарстве з прафесарам І.І. Коўкелем, вытрымаў 10 выданняў. Кніга "Памяць. Гродна", якой Эдмунд Станіслававіч прысвяціў некалькі гадоў жыцця, і сёння з'яўляецца настольнай кнігай па гісторыі нашага горада.

А вось выстава лідскага аўтара Леаніда Лявонцьевіча Лаўрэша. Знаёмства выкладчыкаў нашай кафедры з ім адбылася ў 2008 г. на канферэнцыі ў Лідзе і з таго часу пачалося плённае супрацоўніцтва. Найперш, усе мы карыстальнікі магутнага, аб'ёмнага і карыснага сайта "Павет", стваральнікам і адміністратарам якога з'яўляецца Л.Л. Лаўрэш. Гэта краязнавец новага пакалення, які паставіў на службу навуцы інфармацыйныя рэсурсы і ўжо 18-ты год забяспечвае нас - даследчыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, краязнаўцаў, аматараў гісторыі - каштоўнай гістарычнай інфармацыяй.

Мы, універсітэцкія гісторыкі, з вялікай павагай ставімся да Л.Л. Лаўрэша і з вялікай увагай да яго прац, бо яны заснаваны на грунтоўнай базе крыніц, ён працуе з яго вялікасцю фактам. У яго няма "разважанняў на вольныя тэмы" - ёсць факты і іх аналіз. Ён узняўся на ўзровень прафесійнага гісторыка. Мы ўжо шмат гадоў запрашаем Л.Л. Лаўрэша ў свае навуковыя праекты, і ён з'яўляецца вельмі плённым аўтарам. На гэтай выставе прадстаўлены ўсе яго кнігі - іх восем. З улікам саліднай прысутнасці ў праблемным полі, у якім працуе Л.Л. Лаўрэш, канфесійнай тэматыкі, мы яго таксама залічваем ў лік даследчыкаў канфесійнай гісторыі.

Прафесар Э.С. Ярмусік сказаў пра сваю кнігу наступнае: "У кожны гістарычны перыяд, з апісаных у кнізе, увага канцэнтравалася на пытанні ўзаемаадносін рэлігіі і дзяржавы, бо інакш немагчыма ўявіць сябе існаванне любой канфесіі. Звяртаю ўвагу на ўдалую вокладку кнігі, зробленую дызайнерамі выдавецтва, на якой адлюстраваны храмы ўсіх беларускіх канфесій (сінагога, касцёл, царква, мячэць і кірха) на гадзінніку, які сімвалізуе бег гісторыі. Мне ўжо задавалі пытанне, у чым асаблівасці нашай канфесійнай гісторыі? Асаблівасць менавіта ў поліканфесійнасці. На працягу стагоддзяў тут мірна суіснавалі пяць канфесій - у гэтым адметнасць нашага народа, нашай гісторыі і культуры.

Я вельмі ўдзячны людзям, прозвішчы якіх пазначаны ў кнізе, рэцэнзентам прафесару Т.П. Кароткай, дацэнту Т.В. Апіок і загадчыку кафедры беларускага мовазнаўства Д.В. Дзядко. Іх заўвагі і творчы ўдзел у падрыхтоўцы гэтага выдання далі свой плён. Даследаванні ў галіне канфесійнай гісторыі будуць працягвацца, і я заклікаю студэнтаў далучацца да гэтай цікавай навуковай праблематыкі.

Л.Л. Лаўрэш падзякаваў сваім рэцэнзентам - кандыдатам навук, дацэнтам С.У. Сілавай і І. І. Трацяку, па кнігах якіх ён вучыў беларускую гісторыю, і навуковаму рэдактару кнігі, прафесару С.В. Марозавай, бо без яе эрудыцыі і працаздольнасці кніга ў нечым страціла бы. Па словах, Леаніда Лявонцьевіча, для яго Маламажэйкаўская царква нароўні з Лідскім замкам заўсёды была навайважнейшым гістарычным аб'ектам на Лідчыне. Ён расказаў, як на працягу гадоў ішло назапашванне матэрыялаў пра царкву; ахарактарызваў крыніцы, на якіх пабудавана даследаванне.

Потым аўтары кніг адказалі на пытанні, якіх шмат задалі прысутныя на прэзентацыі - ад студэнтаў да вядомых даследчыкаў.

Кандыдат культуралогіі, дацэнт І.І. Трацяк сказаў, што "Кніга Л.Л. Лаўрэша - яскравы ўзор, прыклад, асабліва для студэнтаў, як правільна пісаць навуковыя тэксты пры даследаванні лакальнай гісторыі. Тут усё пададзена сцісла, добра адабраны матэрыял, і ідзе не проста апісанне гісторыі ці архітэктуры царквы, а прыводзяцца вельмі цікавыя паралелі ўплыву стыляў, падаецца жыццё парафіі, характарызуецца духавенства, аналізуюцца крыніцы".

Што да вучэбнага дапаможніка па канфесійнай гісторыі, І.І. Трацяк сказаў наступнае: "Тэма для мяне блізкая, і я добра ведаю, як цяжка напісаць такую кнігу аб'ектыўна, бо існуюць розныя падыходы, і напісаць такую працу і нікога не пакрыўдзіць практычна немагчыма. Таму ў мяне пытанне, як аўтар вырашыў гэтую праблему?"

Прафесар Э.С. Ярмусік адказаў, што такая праблема насамрэч існуе, калі даследчыкі пішуць не з навуковых, а з нейкіх іншых пазіцый. Таму трэба імкнуцца адыходзіць ад канфесійнай і палітычнай заангажаванасці. Гэта асабліва датычыць такога жанру як навучальны дапаможнік, у якім напісана мая кніга. Студэнты, для якіх яна створана, павінны атрымаць найперш факты.

Кандыдат гістарычных навук А.С. Горны , які ўжо заявіў аб сабе ў сферы гістарычна-канфесійных даследаванняў, сказаў, што "ідзе такая "мяккая экспансія", і вось ужо Л.Л. Лаўрэша мы лічым гарадзенскім гісторыкам. Маламажэйкаўская царква з'яўляецца ўнікальным гістарычным помнікам, і вельмі добра што выйшла кніга, прысвечаная яе гісторыі. У праведзеным даследаванні можна прасачыць усе праблемы праваслаўя з XV па ХХ ст. Вельмі цікавая гісторыя царквы ў 1920-х г., калі яе абараняў ад пераводу ў касцёл нават каталіцкі святар Адам Станкевіч".

А.С. Горны выказаў упэўненасць, што "кніга "Маламажэйкаўская царква" будзе цікавай і неабходнай, у тым ліку для праваслаўных царкоўна-гістарычных колаў і святароў, і стане прыкладам у напісанні мікрагістарычнага даследавання".

Аўтар кнігі Л.Л. Лаўрэш заўважыў, што менавіта А.С Горнаму належыць прыярытэт ў распрацоўцы гісторыі Маламажэйкаўскай царквы ў 1920-х гадах.

А.С. Горны зрабіў прапанову навукоўцам кафедры гісторыі Беларусі, археаолгіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін падрыхтаваць і выдаць біяграфічны або энцыклапедычны даведнік па канфесійнай гісторыі Гарадзеншчыны.

Пасля завяршэння прэзентацыі яе ўдзельнікі яшчэ доўга не адпускалі аўтараў са сваімі пытаннямі, рэфлексіямі, пажаданнямі.

Наш кар.


Лідская прэзентацыя

Леанід Лаўрэш даўно вядомы лідзянам (і не толькі) як краязнавец, аўтар артыкулаў і кніг па гісторыі Лідчыны, заснавальнік і адміністратар гістарычна-краязнаўчага інтэрнет-сайта "Pawet". У бягучым годзе ў гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" выйшла кніга Леаніда Лаўрэша "Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс" - восьмая кніга аўтара. Яна расказвае пра пяцісотгадовую гісторыю Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) Багародзіцкай царквы-цвердзі - аднаго з унікальных храмаў Беларусі. Першая прэзентацыя кнігі адбылася ў Гародні, а нядаўна кніга была прэзентавана ў Лідзе - у рамках чарговага паседжання літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".

Карэспандэнт не прамінуў пацікавіцца, чым прыцягнула Маламажэйкаўская царква ўвагу Леаніда Лаўрэша як даследчыка.

- Гэта важны, цікавы, унікальны архітэктурны аб'ект у маштабах усёй Беларусі, - гаворыць Леанід Лявонцьевіч. - Дзякуючы такім культавым пабудовам Беларусь увайшла ў гісторыю еўрапейскай архітэктуры. Гэта рэдкі аб'ект беларускай готыкі (царква, падобная па стылі на Маламажэйкаўскую, існуе на тэрыторыі нашай краіны толькі ў Сынкавічах). Яна стылістычна блізкая да касцёлаў у Польшчы, пабудаваных у XVI стагоддзі. У Польшчы падобныя храмы будавалі італьянскія майстры. Мачыма, і Маламажэйкаўскую царкву ў пачатку XVI стагоддзя будавалі італьянцы альбо іх вучні. Будавалася яна як царква-цвердзь. Яе абарончы тып выяўлены ў вежах, у шматлікіх байніцах і ў падвеснай жалезнай браме на ланцугах, якая да нашага часу не захавалася.

Чытаючы новую кнігу Леаніда Лаўрэша, чытач прасочыць пяцісотгадовую гісторыю царквы, пазнаёміцца з уладальнікамі Мажэйкава, з чыноўнікамі, ад якіх залежаў лёс храма, са шматлікімі прэтэндэнтамі на храм і яго маёмасць, з шэрагам прадстаўнікоў духавенства, у тым ліку з настаяцелямі храма, азнаёміцца з дакументамі і матэрыяламі XVI-XX стагоддзяў, якія датычацца Маламажэйкаўскай царквы, па фотаздымках і малюнках прасочыць, як мяняўся выгляд храма, пачынаючы з XIX стагоддзя, атрымае магчымасць убачыць яго велічныя гатычныя скляпенні.

Асобны раздзел у кнізе прысвечаны настаяцелю Маламажэйкаўскай царквы айцу Льву Савіцкаму, які аддаў гэтай царкве 63 гады (1863-1926) з 85 гадоў свайго жыцця. Даследуючы жыццё і дзейнасць святара Льва Савіцкага, аўтар, можна сказаць, адкрыў імя яшчэ аднаго краязнаўца Лідчыны. Справа ў тым, што Савіцкі зрабіў першую спробу напісаць гісторыю Маламажэйкаўскай царквы. Яго вялізны даследчы артыкул аб гэтай царкве, надрукаваны ў 1873 годзе ў некалькіх нумарах "Литовских епархиальных ведомостей", даў Леаніду Лаўрэшу асноўны масіў інфармацыі пры рабоце над кнігай.

- У народзе Маламажэйкаўская царква называецца яшчэ Мураванкаўскай, - заўважае аўтар кнігі. - Тут трэба адзначыць, што вёска Мураванка пачала з'яўляцца ў дакументах і на картах толькі ў канцы XIX стагоддзя, сваю назву яна атрымала з-за суседства з мураванай царквой. Назва "Мураванкаўская царква" паступова пачала прыжывацца толькі пасля 1945 года, таму што праведзеныя межы раёнаў пакінулі царкву ў Шчучынскім раёне і аддзялілі яе ад Малога Мажэйкава, якое засталося ў Лідскім раёне. У сваёй кнізе я аддаю перавагу назве "Маламажэйкаўская царква", якая выкарыстоўваецца ва ўсіх гістарычных крыніцах.

Кніга Леаніда Лаўрэша "Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс" атрымала прызнанне ў навуковым асяроддзі. Яе навуковы рэдактар - доктар гістарычных навук, рэцэнзенты - кандыдат гістарычных навук і кандыдат культуралогіі.

"Леанід Лаўрэш даў прыклад і, у пэўнай меры, узор навуковага мікрагістарычнага даследавання на матэрыяле адной царквы, - піша ў прадмове да кнігі яе навуковы рэдактар, доктар гістарычных навук, прафесар Святлана Марозава. - Як будаўнік цаглінка да цаглінкі стварае будынак, так і даследчык факцік да факту будуе гісторыю адной з найславутых святынь Беларусі. Гэтыя факты, якія гадамі збіраліся ім з архіўных і апублікаваных крыніц (у тым ліку з архіваў Беларусі, Літвы, Расіі), з літаратуры і вышыхтаваныя ў лагічна-храналагічнай паслядоўнасці, разам з аўтарскай аналітыкай, аргументацыяй, назіраннямі і высновамі далі ўнікальную ў сваім родзе працу… Пасля адкрыццяў, якія зрабіў аўтар кнігі, пра Мураванку можна складаць вершы і пісаць ледзь не дэтэктыўныя раманы… Мы атрымалі цэласнае даследаванне пра храм. Яно адпавядае сучаснаму ўзроўню ведаў, яно будзе цікавым і карысным гісторыкам, спецыялістам па культуры, духавенству, аматарам мінуўшчыны, прыхаджанам і гасцям гэтай шанаванай святыні".

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Конкурс танцаў "Мяцеліца"

А як дуду пачуюць,

Самі ногі танцуюць.

Конкурс танцаў "Мяцеліца" з удзелам больш за 70 пар прайшоў у нямецкім адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў 12 сакавіка, у нядзелю. Ён быў арганізаваны школай традыцыйнага мастацтва гурта "Гуда" пад кіраўніцтвам Вікторыі Міхно і этнахарэографа Міколы Козенкі.

Якая радасць - пабачыць у адным месцы, на адным пятачку столькі людзей з розных рэгіёнаў Беларусі ў народных строях, прыгожых вышыванках! Пачуць такія родныя інструменты - гармонік, скрыпачку, бубен, барабан - у выкананні гурта "На таку". Адчуць незвычайную энергетыку беларускіх народных танцаў - "Ночанька", "Мікіта", "Барыня", полька, вальс.

І для мяне проста адкрыццём стаў танец "Жабка"! Такога я яшчэ нідзе не бачыла. Гэта менавіта хлапечы танец. Што толькі на танцполі не вырабляюць! Як у фрыстайле ці брэйк-дансе, качаюцца па падлозе, куляюцца, поўзаюць, скачуць, як сапраўдныя жабкі. І, дарэчы, пераможцам стаў хлопец, які найбольш удала імітаваў рухі гэтай істоты.

Адзін і той жа танец выконвалі ўсе ўдзельнікі, якія былі падзелены на 3 ўзроставыя катэгорыі: ад 15 да 20, ад 20 да 50 і старэй за 50. Выходзілі адначасова па 4-5 пар. Журы выстаўляла кожнай адзнакі. А ў канцы былі і сольныя танцы, і агульныя, для ўсіх ахвотных. Закружылася наша "Мяцеліца" ў адным віхры.

Вельмі прыемна было зноў пабачыць на танцпляцоўцы столькі знаёмых: настаўніка танцаў Сяргея Выскварку з Любані, Васіля Грыня і Юлю Ліцвінаву.

Конкурс "Мяцеліца" сапраўды паказаў хараство і веліч беларускага танцу, што наш народ не толькі араў і сеяў, але і добра і культурна адпачываў. А ўменне танцаваць - гэта цэлая навука, дзе трэба, акрамя ведання рухаў, праявіць вытрымку, спрыт, вынослівасць, майстэрства. Яшчэ важна і адчуванне партнёра, і такту, і рытму, і музыкі.

Наш кар.


Запрашаем на вячоркі

У сучасных умовах, калі адбываецца працэс станаўлення ідэалогіі беларускай дзяржавы і вызначэння яе нацыянальнай ідэі, краязнаўства выступае эфектыўным сродкам выхавання пачуцця патрыятызму, уплывае на фармаванне грамадзянскай пазіцыі, светапогляду, дапамагае ў засваенні і захаванні гістарычна-культурных, духоўных традыцый. Важную ролю ў гэтым адыгрывае бібліятэка. Бібліятэкары імкнуцца захаваць і памнажаць здабыткі, выхоўваць павагу да гісторыі.

17 лютага 2017 г. супрацоўнікі Нясвіжскай раённай бібліятэкі, сумесна з Ланскай сельскай бібліятэкай і сельскім клубам запрасілі гасцей на вячоркі. Канферэнц-зала на час мерапрыемства ператварылася ў традыцыйную беларускую хату. Тут былі прадстаўлены і вышыванкі, і прылады сялянскай працы.

Свята было прысвечана традыцыйнай беларускай культуры: музыцы, фальклору, гісторыі, традыцыям, абрадам і мела назву "Запрашаем на вячоркі". Для сваіх гасцей бібліятэкары і работнікі культуры Ланскага СК падрыхтавалі цікавую і насычаную праграму. Гучалі беларускія песні, гумарэскі і гісторыі з жыцця нашага краю. Была прадстаўлена і традыцыйная беларуская кухня. Гасцямі свята былі як нашы чытачы, так і госці з блізкага замежжа - сябры ГА "Нясвіжане" (Польшча), якія для прысутных падрыхтавалі прыемны сюрпрыз - традыцыйны польскі хлеб.

Напрыканцы мне хочацца адзачыць, што мы жывём у час адраджэння беларускай гісторыі, культуры, мовы. Адраджаецца цікавасць да мінулага, да сваіх каранёў. Памяць аб гістарычным мінулым - гэта ўласцівасць душы чалавека. Да мінулага людзі звяртаюцца не дзеля простай цікаўнасці, а каб лепш зразумець нашу сучаснасць.

З.А. Сілкова, загадчык ААіІ Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы.


У Ліду вярнуліся Вайдыла і Марыя Альгердаўна

17 сакавіка ў 17.00 у Лідскім гістарычна мастацкім музеі адбылася прэзентацыя гістарычнага партрэта-карціны "Вайдыла і княжна Марыя". Аўтар карціны Ўладзімір Мельнікаў, па яго словах, працаваў над палатном 10 гадоў.

Вайдыла і Марыя - персанажы даўняй лідскай гісторыі, а ў дадатак персанажы легенд і літаратурных твораў. Пасцельнічы вялікага князя Альгерда, сакратар вялікага князя Ягайлы атрымаў у жонкі сястру Ягайлы Марыю Альгердаўну, унучку вялікага князя Гедзіміна і горад Ліду ў трыманне.

На карціне пададзены момант, калі Вайдыла і Марыя даведаліся, што да ўлады прыйшоў Кейстут, і іх нічога добрага не чакае. Праз пэўны час Кейстут павесіць Вайдылу.

На прэзентацыю прыйшлі прадстаўнікі ўлады, царквы і грамадскасці, а таксама вучні Лідскай школы мастацтваў, таму і мастацка-гістарычныя аповеды былі скіраваны ў асноўным на адрас моладзі, і верш Уладзіміра Васько "Вайдыла" да яе ж.

Вяла імпрэзу ў вытанчанай манеры глыбокага пранікнення ў тэму Таццяна Нікафарава, супрацоўніца музея.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX