Папярэдняя старонка: 2017

№ 14 (1321) 


Дадана: 05-04-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 14 (1321), 5 красавіка 2017 г.


Саюз беларускіх пісьменнікаў уключаны ў пералік творчых саюзаў Беларусі

25 сакавіка на Нацыянальным прававым партале Рэспублікі Беларусь pravo.by была апублікавана адпаведная пастанова Міністэрства культуры.

Пастанова "Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у пастанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 30 студзеня 2017 года № 7" дапаўняе былы пералік творчых саюзаў на тры адзінкі: ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", РГА "Беларускі літаратурны саюз "Полоцкая ветвь", ГА "Беларуская гільдыя майстроў і рамеснікаў".

Нагадаем, што 19 лютага Міністэрства размясціла на сваім сайце Пастанову № 7, дадаткам да якой быў сфарміраваны пералік творчых саюзаў, дзе не знайшлося месца для Саюза беларускіх пісьменнікаў. Паводле пастановы, сябры Саюза, якія знаходзіліся на творчай працы, аўтаматычна ўключаліся ў лік "дармаедаў" і мусілі плаціць адпаведны падатак.

Пастанова Міністэрства культуры з'яўляецца рэакцыяй на заявы і звароты Саюза беларускіх пісьменнікаў з патрабаваннем перагледзець пастанову № 7 і вярнуць найстарэйшай прафесійнай арганізацыі пісьменнікаў Беларусі статус творчага саюза.

Прэс-служба Саюза беларускіх пісьменнікаў.


460 гадоў з дня нараджэння Льва Сапегі

Леў Іванавіч САПЕГА (4 красавіка 1557, в. Астроўна, цяпер Бешанковіцкі раён - 7 ліпеня 1633, Вільня), адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай ў кан. XVI - 1-ай трэці XVII ст.

Нарадзіўся ў магнацкай сям'і, якая мела ўплывовыя сваяцкія сувязі, валодала багатымі маёнткамі, што давала магчымасць зрабіць бліскучую кар'еру. Род Сапегаў быў праваслаўным, але Л.І. Сапегу ў 7-гадовым узросце аддалі вучыцца ў Нясвіжскую пратэстанцкую школу, дзе выкладалі запрошаныя ўладальнікам Нясвіжа Мікалаем Радзівілам Чорным вядомыя тагачасныя дзеячы навукі і культуры. Л.І. Сапега авалодаў польскай, нямецкай, лацінскай, грэцкай мовамі і быў падрыхтаваны да засваення тагачаснага ўніверсітэцкага курса. У 13-гадовым узросце ён паехаў у Ляйпцыгскі ўніверсітэт, дзе некалькі гадоў вывучаў гісторыю рымскага і царкоўнага права, знаёміўся з мастацтвам Рэнесансу. Пасля вяртання ў ВКЛ Л.І. Сапегу па хадайніцтве Мікалая Радзівіла Рудога прымаюць на службу да двара караля польскага і вял. кн. літоўскага Стэфана Баторыя, які быў уражаны эрудыцыяй і ведамі юнака.

У 1580 г., ва ўзросце 23 гадоў, Л.І. Сапега атрымаў пасаду сакратара гаспадарскага, а ў 1581 г. пісара гаспадарскага ў Канцылярыі ВКЛ. У гэтым жа годзе ён выступіў асноўным арганізатарам стварэння Трыбунала ВКЛ - вышэйшага апеляцыйнага суда краіны. Л.І. Сапега ўзначаліў працу над трэцяй рэдакцыяй Статута ВКЛ, выдатнага помніка юрыдычнай думкі, які быў надрукаваны ў 1588 за ўласны кошт Л.І. Сапегі з напісанымі да яго дзвюмя прадмовамі: адна - зварот да Жыгімонта Вазы, другая - зварот да грамадзян ВКЛ. Аўтарытэт Л.І. Сапегі ў ВКЛ быў вялікі, таму, нягледзячы на разыходжанні поглядаў на палітыку, Жыгімонт Ваза ў 1589 г. прызначыў яго канцлерам ВКЛ, гэтую пасаду Л.І. Сапега займаў на працягу 34 гадоў. У 1621 г. стаў таксама і ваяводам віленскім, а з 1625 г. адначасова і вялікім гетманам літоўскім.

Л.І. Сапега падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі ў ВКЛ (1596), бо лічыў, што рэлігійнае адзінства спрыяла б умацаванню дзяржавы і пазбавіла б яе ад многіх унутраных канфліктаў. Разам з тым Сапега быў катэгарычным праціўнікам гвалту як сродку ўмацавання веры. Сам перайшоў з праваслаўя ў кальвінізм, а ў 1588 прыняў каталіцтва, быў адным з прыхільнікаў караля Жыгімонта Вазы, пры якім асабліва ўзмацнілася Контррэфармацыя. На яго час прыпаў перыяд цяжкіх ваенных канфліктаў на паўночна-заходніх, усходніх і паўднёвых рубяжах Рэчы Паспалітай. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у баявых дзеяннях (у т.л. у Лівонскай вайне), ахвяраваў сваю маёмасць на ўтрыманне арміі ВКЛ - сабраны на яго сродкі гусарскі полк удзельнічаў у бітве пад Вялікімі Лукамі і пры аблозе Пскова...

Вікіпедыя.


Шаноўнае спадарства!

Зразумеўшы марнасць намаганняў узяць падаткі з дармаедаў, дзяржава зноў павярнулася да тых, хто плаціць. З красавіка зноў павялічылася арэндная плата за сядзібу ТБМ.

Сакратарыят звяртаецца да сяброў і прыхільнікаў ТБМ перш-найперш заплаціць сяброўскія складкі, а таксама падтрымаць арганізацыю ахвяраваннямі.


140 гадоў з дня нараджэння Васіля Захаркі

Васіль Іванавіч ЗАХАРКА (1 красавіка 1877, в. Дабрасельцы, Ваўкавыскі павет, Гарадзенская губерня (цяпер Зэльвенскі раён, Гарадзенская вобласць) - 14 сакавіка 1943, Прага), беларускі палітычны дзеяч, публіцыст.

Атрымаў хатнюю пачатковую адукацыю. Скончыў Лыскаўскую настаўніцкую семінарыю. З 1895 г. настаўнік царкоўнапрыходскай школы. Вытрымаў экзамен па праграме юнкерскага вучылішча і расійскай гімназіі. У 1898-1902 гг., 1904-1917 гг. на ваеннай службе. Сябар БСГ, адзін з арганізатараў з'езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (22 кастрычніка 1917 г.), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, сябар Вялікай беларускай рады. На 1-м Усебеларускім з'ездзе (1917) абраны сябрам Рады з'езду. Арыштаваны бальшавікамі ў студзені 1918 г.

З 21 лютага 1918 г. у складзе Народнага сакратарыята (урада) БНР. З 21 лютага 1918 г. скарбнік у складзе Народнага сакратарыята БНР. 1 траўня 1918 г. абраны сябрам фінансавай камісіі Рады БНР. Сябар ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. Пасля займаў розныя міністэрскія пасады. З траўня 1918 г. кіраўнік друкарні Народнага сакратарыята БНР. 23 ліпеня 1918 г. ўвайшоў у склад кабінета Я. Серады, заняўшы пасаду народнага сакратара фінансаў. Міністр фінансаў ва ўрадзе А.І. Луцкевіча. У снежні 1918 г. - у Вільні.

Прыехаў у Гародню ў сярэдзіне снежня 1918 г. 15-16 снежня 1918 г. у якасці ганаровага госця прысутнічаў на Гарадзенскім беларускім сялянскім з'ездзе. Выконваў абавязкі кіраўніка канцылярыі міністэрства беларускіх спраў Літвы. Сябар Гарадзенскага БНК і клуба "Беларуская хатка". З другой паловы лютага 1919 года - ва Ўкраіне, куды паехаў да А. Смоліча ў справе ўкраінскай пазыкі. У траўні 1919 года - у Берліне.

Пасля расколу Рады БНР 13 снежня 1919 г. В. Захарка быў абраны намеснікам старшыні Прэзідыума Народнай Рады БНР. На пачатак 1920 г. - зноў у Берліне, у лютым 1920 г. - у Празе.

12 снежня 1925 года абраны старшынём таварыства "Беларуская рада" ў Празе. Намеснік старшыні Рады БНР, з 8 сакавіка 1928 па 6 сакавіка 1943 г. - Прэзідэнт Рады БНР.

Вікіпедыя.


Уладзіміру Хільмановічу - 50

Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ (6.04.1947, в. Каменка Шчучынскага раёна) - беларускі гісторык, журналіст.

У 1984 г. на выдатна скончыў Ракавіцкую сярэднюю школу. З 1984 па 1991 год вучыўся на гістарычным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Паводле адукацыі - гісторык, выкладчык сацыяльна-палітычных дысцыплін. З чэрвеня 1985 па чэрвень 1987 служыў у савецкім войску.

З 1991 па 1998 гг. працаваў настаўнікам у СШ № 20 Гародні, навуковым супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі і метадыстам Гістарычна-мемарыяльнага цэнтра аддзела культуры Гарадзенскага гарвыканкама. У 1998 г. скончыў аспірантуру пры кафедры тэорыі і гісторыі беларускай культуры Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта (спецыялізацыя - канфесійная гісторыя). У 1997-1998 гг. працаваў на Гарадзенскім абласным тэлебачанні.

Стаяў ля вытокаў стварэння Гарадзенскай асацыяцыі маладых вучоных "Віт" (1995), Гарадзенскага рэгіянальнага цэнтра "Трэці сектар" (1996).

У 2000-2003 - намеснік старшыні Гарадзенскай гарадской арганізацыі БАЖ. Сябар ГА Беларуская асацыяцыя журналістаў, Міжнароднай асацыяцыі журналістаў і Асацыяцыі спартыўнай прэсы Рэспублікі Беларусь. Друкаваўся ў газетах "Літаратура і мастацтва", "Гродзенская праўда", "Футбол Беларуси", "Прессбол", "Пагоня" (цягам 9 гадоў), "Наша Ніва", "Биржа информации" і іншых. Быў сувыдаўцом інфармацыйна-аналітычнага бюлетэня "Свой Лад" (2002-2004). З 2004 года стала друкуецца ў беластоцкай газеце "Ніва" і на інтэрнэт-сайтах. Аўтар Беларускага календара-даведніка (Вільня, 2007).

З чэрвеня 2008 г. вядзе перадачы "Беларускае золата", "Імёны Гародні" і "Краязнаўчыя кропкі" на радыё "Рацыя" (Беласток).

Вікіпедыя.


ТБМ не задаволенае станам беларускамоўнай адукацыі ў пачатковых класах Магілёва

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" не задаволена станам беларускамоўнай адукацыі ў пачатковых класах Магілёва. Пра гэта старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў заявіў БелаПАН пасля нарады з удзелам работнікаў устаноў адукацыі, што прайшла 21 сакавіка ў Магілёве. Падчас мерапрыемства абмяркоўваліся першыя вынікі правядзення адзінага дня беларускай мовы ў малодшых класах.

У траўні 2016 года ў Магілёве адбыўся круглы стол па пытаннях беларускамоўнага навучання. Было, у прыватнасці, вырашана праводзіць у дзіцячых садках і школах па чацвяргах дні беларускага маўлення, а таксама абвешчана, што ў Магілёве пройдзе набор у беларускамоўныя першыя класы сярэдніх школ № 1 і 34. Сёння ў горадзе па-беларуску ў першым класе атрымліваюць адукацыю толькі тры вучаніцы ў СШ № 34.

Як заявіў Дзьячкоў на нарадзе, далёка не ва ўсіх навучальных установах прыслухаліся да рэкамендацый, выпрацаваных падчас леташняга круглага стала. Ён паведаміў, што калі праводзіць экскурсіі па-беларуску для вучняў малодшых класаў, дзеці нічога не разумеюць, успрымаючы дзяржаўную мову як замежную. А гэта, на яго думку, сведчыць пра тое, што ў старэйшых групах дзіцячых садкоў у іх або не праводзіліся, або няякасна праводзіліся заняткі па беларускай мове. Дзьячкоў таксама паведаміў, што далёка не ва ўсіх школах праводзіліся дні беларускага маўлення, а перададзеныя ўпраўленню адукацыі дыдактычныя матэрыялы, у прыватнасці беларускамоўныя мультфільмы, мала дзе дэманстраваліся.

Дзьячкоў звярнуў увагу, што аб'явы аб наборы ў беларускамоўныя класы не былі вывешаны ў шэрагу ўстаноў адукацыі, гэта значыць інфармаванне бацькоў аб магчымасці аддаць дзіця ў клас з беларускай мовай навучання не было паўсюдным.

Маці адной з першакласніц, якая атрымлівае адукацыю па-беларуску, Галіна Турандзіна лічыць мэтазгодным не толькі актыўнае інфармаванне аб магчымасці вучыцца ў класах з беларускай мовай, але і стварэнне такіх класаў у кожнай школе.

Намеснік начальніка гарадскога ўпраўлення адукацыі Таццяна Кандраццева рэкамендавала прысутным, каб беларускамоўныя дні ў школах былі тэматычнымі і праводзіліся таксама ў канікулярны час.

- Удасканаліць і актываваць працу напярэдадні прыёму ў першыя класы з бацькамі па пытанні выбару мовы навучання. Не толькі ў заявах павінна быць указаная мова беларуская або руская, але трэба і праінфармаваць бацькоў аб магчымасці навучання на беларускай мове ў сярэдніх школах № 1 і 34 на ўсіх бацькоўскіх сходах, - заявіла чыноўніца.

Рэкамендавана размяшчаць аб'явы аб прыёме ў першы клас з беларускай мовай навучання на інфармацыйных стэндах для бацькоў у школах і дзіцячых садках.

- Нічога новага я не пачуў. Праблемныя пытанні мы так і не абмеркавалі. Што было зроблена правільна, а што няправільна, што сёлета мы павінны зрабіць па-іншаму? Пра гэта не гаварылася. Прадубляваныя тыя ж самыя прапановы, якія былі летась. Думаю, эфект ад іх будзе такім жа нізкім, як і тады, - заявіў БелаПАН Дзьячкоў.

Уладзімір Лапцэвіч , БелаПАН.


Баранавіцкай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Прэс-рэліз

Прадстаўнікі Баранавіцкай Рады ТБМ з 21.02 да 14.03.17 г. наведвалі дзіцячыя садкі, дзе ёсць групы з элементамі выхавання на беларускай мове: №№ 9, 2, 40, 23, 69, 54, 24 - з нагоды Міжнароднага Дня роднай мовы і з мэтаю ўсталявання кантактаў з кіраўніцтвам установаў.

Сябры ТБМ павіншавалі дзетак і іх выхавацеляў: падаравалі кніжкі, налепкі, стужкі з нацыянальным арнаментам, паштоўкі і г.д. У адказ наведвальнікі пабачылі тэатралізаваныя пастаноўкі і дзіцячыя гульні на беларускай мове, пачулі вершы і песенькі ў выкананні выхаванцаў. Адчуваліся прыязныя адносіны кіраўніцтва садкоў да прадстаўнікоў ТБМ і разуменне важнасці справы далучэння дзяцей да беларускай мовы і культуры.

Таксама (як і штогод) наведалі і павіншавалі вучняў адзінага ў горадзе беларускага класа (7 "Д" у гімназіі № 4).

Падсумаваўшы ўбачанае, можна сказаць, што ў звычайных групах беларуская мова мінімальна выкарыстоўваецца ў дзіцячых установах: у лепшым выпадку праводзяцца заняткі на роднай мове 1 раз на тыдзень, у горшым - нічога не праводзіцца. У тых садках, дзе самі загадчыцы, іх намесніцы, метадысткі размаўляюць па-беларуску, агульны стан значна лепшы.

Выхавацелек жа з добрым узроўнем падрыхтоўкі не хапае (і гэта зразумела, бо ўжо амаль 20 год ніхто іх не рыхтуе), таму ў большасці групаў дзеці ўспрымаюць беларускую мову, як замежную. Канешне, гэта ў першую чаргу звязана з адсутнасцю беларускага фону ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

У тых групах, дзе дзеткі вывучаюць мову не першы год, адчуваецца большая разняволенасць. Напрыклад, у садках № 24, № 69, № 2.

Вельмі шмат залежыць ад беларускай накіраванасці музычна-культурных работнікаў, як у садках № 9, № 69, № 24 - там дзе дзеці чуюць і спяваюць песні на роднай мове.

Самая вялікая складанасць для выхавацеляў - гэта праца з тымі бацькамі, якія не хочуць, ці нават адмыслова не прыводзяць дзяцей у дні правядзення заняткаў па-беларуску.

Таксама трэба ўлічваць тое, што беларускае дашкольнае выхаванне не мае дзяржаўнай фінансавай падтрымкі.

Таму Таварыству неабходна прыняць актыўны ўдзел у бацькоўскіх сходах, каб заахвоціць бацькоў да беларускамоўнага выхавання іхніх дзяцей і падрыхтаваць для далейшага навучання ў беларускіх класах.

Баранавічы.


Успомнілі гісторыка і патрыёта Анатоля Валахановіча

У Дольнай зале менскага Чырвонага касцёл на мінулым тыдні было людна. Гэта сябры Народнага гістарычна-краязнаўчага аматарская аб'яднання "Прылуцкая спадчына" Прылуцкага цэнтра народнай творчасці Менскага раёна і культурна-асветнага клуба "Спадчына" праводзілі вечарыну памяці выдатнага беларускага гісторыка і архівіста Анатоля Іосіфавіча Валахановіча.

Распачалася вечарына хвілінай маўчання ў памяць Анатоля Валахановіча, адбыўся памінальны малебен па, які правёў айцец Леанід Акаловіч - настаяцель праваслаўнай суполкі імя Ефрасінні Полацкай. Стваральніца і першы кіраўнік аб'яднання "Прылуцкая спадчына" Інэса Трафімаўна Кароль распавяла гісторыю стварэння клуба і адзначыла, што Анатоль Валахановіч быў актыўным яго ўдзельнікам, шмат зрабіў для ўшанавання выдатных асоб Койданаўшчыны-Дзяржыншчыны.

Перш ўсё Інэса Трафімаўна адзначыла вялікі ўнёсак, які зрабіў Анатоль Валахановіч у вывучэнне і папулярызацыю гісторыю Койданаўшчыны-Дзяржыншчыны: гэта і ўдзел у стварэнні Гістарычна-дакументальнай хронікі Дзяржынскага раёна "Памяць", праца па арганізацыі міжнароднай канферэнцыі па ўшанаванні памяці роду фон Гутэн-Чапскіх - уладальнікаў Прылук, Станькава і ваколіцаў, па выніках якіх выйшла кніга "Жыццё Айчыне, гонар - нікому", у выданні якой гісторык прыняў актыўны ўдзел. У гэтай кнізе апублікавана грунтоўная праца Анатоля Валахановіча - даследаванне жыцця і дзейнасці графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага.

- Безумоўна, наша "Прылуцкая спадчына" з адыходам у лепшы свет Анатоля Іосіфавіча згубіла шмат - карпатлівага даследчыка, цудоўнага і спагадлівага чалавека, сапраўднага патрыёта Бацькаўшчыны. Мы будзем заўсёды памятаць яго неверагодны ўклад у напісання поўнай гісторыі яго радзімы Койданаўшчыны-Дзяржыншчыны, - адзначыла Інэса Трафімаўна.

Адзін з актыўных удзельнікаў "Прылуцкая спадчына" Ігар Гатальскі нагадаў, што хоць Анатоль Іосіфавіч і фактычна нарадзіўся ў Менску, але ўся яго карані былі на Койданаўшчыне. Таму ён лічыў гэты край сваёй духоўнай радзімай. Адсюль і даўняе зацікаўленне яго гісторыяй.

Сённяшні старшыня менскага культурна-асветнага клубу "Спадчына" Пётр Русаў нагадаў асноўныя вехі сумеснай працы з гісторыкам і краязнаўцам з 1989 года, калі яны ўпершыню пазнаёміліся на паседжаннях клуба Анатоля Белага, як разам праводзілі гістарычныя лекцыі ў сталічных школах, бібліятэках Заводскага раёна.

Айцец Леанід Акаловіч успомніў пра незабыўныя сустрэчы і дыскусіі з гэтым энцыклапедычнага кшталту гісторыкам і адзначыў такі факт, што Анатоль Валахановіч быў ад нараджэння ахрышчаны ў каталіцкую веру, якую шчыра шанаваў, але часта заходзіў на службы ў прыход БАПЦ імя Ефрасінні Полацкай.

- Анатоль Валахановіч запоўніўся нам як асоба высокаадукаваная, разнастайная, духоўная. Мы шмат згубілі, калі наш сябра адышоў у лепшы свет, але памяць пра гэтага чалавека застанецца з намі на заўсёды, - адзначыў айцец Леанід.

Аўтар партрэта Анатоля Валахановіча і керамічнай плакеткі з выявай гісторыка, якая ўвайшла ў экспазіцыю Музея выяўленчага мастацтва Анатоля Белага ў Старых Дарогах, мастак Мікола Несцярэўскі распавёў пра гісторыю гэтых твораў. Мастак выказаў жаданне зрабіць з керамічнага барэльефа медальён на магільны помнік гісторыку і для мемарыяльнай шыльды ў гонар А. Валахановіча - выдатнага даследчыка Койданаўска-Дзяржынскага краю.

Прадстаўнік Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, гісторык культуры Аляксей Шалахоўскі адзначыў, што творчасць Анатоля Валахановіча, на яго думку, уваходзіць у дзясятку лепшых аўтараў з пісьменніцкай кагорты.

- У нас шмат гісторыкаў, да якіх цяжка дастукацца, бо яны вельмі ганарлівыя, амбіцыйныя па натуры людзі. Анатоль Валахановіч быў поўнай супрацьлегласцю такім калегам. Быў прыхільнікам новых ідэй, канцэпцый, заўсёды быў гатовы дапамагчы пачаткоўцам, як гісторык і пісьменнік.

Аляксей Шалахоўскі прапанаваў сябрам "Прылуцкай спадчыны" выступіць з ініцыятывай, каб надаць імя А.І. Валахановіча мясцовай бібліятэцы і зрабіць у ёй стэнд з яго гістарычна-даследчай спадчынай - кнігамі, артыкуламі, здымкамі, рукапісамі.

Незвычайны выпадак з агульнай краязнаўчай дзейнасці нагадаў галоўны дызайнер дызайн-студыі "Энергаспадчына" Міхаіл Сугака. Міхаіл Іванавіч падзяліўся сваімі ўспамінамі пра тое, як разам з Анатолем Іосіфавічам фатаграфавалі апошнія моманты адзначыў, што разбурэнне першай менскай ГЭС-1, якую пабудавалі па распараджэнні тагачаснага менскага галавы Караля Гутэн-Чапскага ў 1895 годзе.

- Гэтая трагічная падзея для гісторыі нашай сталіцы , - зазначыў Міхаіл Іванавіч, - лягла на яго сэрца новым рубцом, які негатыўна адбіўся на яго здароўі і жыцці…

З успамінамі пра незабыўныя сустрэчы з Анатолем Валахановічам падзяліліся тыя з яго паплечнікаў, хто ведаў гісторыка асабіста: сябра клуба "Спадчына" Уладзімір Пятровіч Ліпскі, настаўніца мясцовай школы Тамара Арсенцеўна Клепікава, бібліятэкар Ірына Аркадзеўна Цуканава. Паэт, сябар клуба "Прылуцкая спадчына" Юрый Радыёнаў прысвяціў верш памяці Анатоля Іосіфавіча.

Анатоль Мяльгуй, фота аўтара.


Вершы з вышыняў нябесных

Ядвіга Іванаўна Рай з'яўляецца спадзвіжніцай ксендза-пробашча Ул. Завальнюка ў прапагандзе пешых пілігрымак, чыстага посту, здаровага ладу жыцця. Яе можна па-праву назваць прадстаўніцай народнай дыпламатыі, бо яна з беларускай дэлегацыяй ўдзельнічала ў пілігрымцы на Святую Зямлю ў 2011 годзе, калі ў храме Pater Noster у Ерусаліме была ўмацавана дошка з малітвай "Ойча наш" на беларускай мове. Спадарыня Ядвіга ўдзельніцай падзеі, калі 27 чэрвеня 2014 года ў Назарэце быў асвечаны абраз - мазаіка Маці Божай Будслаўскай.

Пра шлях да Бога, веру і малітву, вандроўкі па мясцінах, звязаных з жыццём святых, спадарыня Ядвіга сведчыць у сваіх кнігах "Сцежкі пілігрыма на скрыжаваннях часу", "Кропелька неба", "Малітва ў дарозе". Пабачыла свет новая кніга вершаў Ядвігі Рай "Дыханне цішыні". 26 сакавіка аўтарка пазнаёміла чытачоў са сваімі творамі ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча.

Адважная і ўзнёслая жанчына лёгкай хадой крочыць па шляхах пілігрымаў. Кожнае лета твар яе становіцца маладзейшым і прасветлённым. Ядвіга Іванаўна - дзіця Перамогі. Яна нарадзілася праз дзевяць месяцаў пасля 9 траўня 1945 года. Як часта складаецца ў беларускіх сем'ях, бацька быў каталіком, а мама - праваслаўнай. Ясь Адамавіч скончыў "школу агароднічу" і быў дыпламаваным садаводам. Тады надавалі ўвагу адукацыі сялян, каб яны былі сапраўднымі гаспадарамі. Тыя, хто умеў працаваць і назіраць за зямлёй, мелі добры плён. Тата даваў заданне сынам і дачцэ прышчэпваць дрэвы. Сям'я з пяццю дзецьмі жыла ў маленькай хатцы на хутары Гардынава паблізу Валожына. Выйдзеш з хаты, саступіш з пляскатага каменя - і побач зямля, прырода.

У школу ў Валожын Ядзя хадзіла цераз гару, на якой узвышаўся касцёл св. Юзафа. На яго франтоне быў вылеплены трохкутнік з промнямі, Божае вока. Колькі не зафарбоўвалі яго ў савецкія часы, ён зноў праступаў. У школе была катэгарычная забарона на наведванне дзецьмі касцёла. Гэтая плынь душы сапраўднага жыцця была закідана камуністычнай ідэалогіяй. Матуля не пераломвала дзяўчынку са спадзяваннем, што калі-небудзь у яе душы праб'ецца жывы струменьчык веры.

У школьныя гады Ядзі запомніўся паход з настаўнікам фізкультуры ў Налібоцкую пушчу на возера Кромань. Гайданне на хвалях, вогнішча, сенавал запомніліся на ўсё жыццё і потым клікалі ў новыя вандроўкі. У 1964 годзе дзяўчына паступіла ў Педагагічны інстытут імя Горкага ў Менску на бібліятэчны факультэт. Замужжа, нараджэнне першанца вызначылі далейшы лёс. За Змітром нарадзіліся Сцяпан, Ганна і Алена. "Што нам, мацяркам надае сілы, дык гэта першыя поспехі нашых дзяцей!" - пераканана Ядвіга Іванаўна.

Яна працавала бібліятэкарам у Ленінскай бібліятэцы, а потым, скончыўшы Цэнтральны інстытут павышэння кваліфікацыі і атрымаўшы спецыяльнасць патэнтаведа, займалася патэнтнай справай, працавала са студэнтамі, аспірантамі і прафесарскім складам політэхнічнага інстытута. Дапамагала ім рабіць заяўкі на афармленне аўтарскіх правоў. У асяроддзі адукаваных людзей, якія цікавіліся літаратурай, шмат чыталі і абмяркоўвалі новыя выданні можна было спатоліць прагу да ведаў. Потым яе захапіла праца з дзецьмі ў клубе па здаровым ладзе жыцця.

У 1988 годзе былая сяброўка па "ленінцы" сп. Людміла дала ёй пачытаць Евангелле. Яна столькі разоў чула са школьных гадоў: "Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек". А калі даведалася, что ў фразы ёсць працяг - "але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых" - адчула моц гэтых словаў. У той перыяд яна шмат займалася самаадукацыяй. Гук звона на вежы кафедральнага сабора, які абвяшчаў 1000-годдзе хрышчэння Русі, абудзіў яе душу. Старэйшую дачку Ганну яна ахрысціла ў 15 гадоў у галерэі Чырвонага касцёла, якая самай першай была аддадзена вернікам. Хрост дзяўчыне ўдзяліў кс. Уладзіслаў Завальнюк.

- У мамы я знайшла кніжку хрысціянскіх маці, выдадзеную ў 1898 годзе ў Львове. Калі я пачала наведваць групу "Маці ў малітве", адчула мосцік у сто гадоў, перакінуты ад маёй матулі. Да суполкі "Жывы Ружанец" я далучылася ў чэрвені 1996 года. Яна давала мне магутную падставу, каб увесь час трымацца за малітоўны стан душы, - гаворыць Ядвіга Іванаўна.

З 2009 года на шостым дзясятку, з сівізной у валасах, яна пачала ўдзельнічаць у пілігрымках у Будслаў. Па дарозе яна занатоўвала ўбачанае ў дзённіку:

"Дзень напалову праляцеў. Сонца пачало прыпякаць. Мы апынуліся ў нейкай чароўнай казцы: гарачы летні поўдзень, лёгкая млявасць у паветры. А вакол - прыгажосць квітнеючай прыроды. Цурчыць рачная вада, зрэдку звіняць пчолы, вецер злёгку гойдае галінкі дрэў і гладзіць сцяблінкі раслін. Калі-нікалі чуваць, як плёскаецца ў вадзе рыба" , - пісала яна. Пад уздзеяннем сустрэч з прыродай, пад уплываў пабачаных мясцін, у хвіліны спакою і роздуму пачаў выкрышталізоўвацца літаратурны талент спадарыні Ядвігі.

У 2014 годзе выйшла з друку першая кніга Я.І. Рай "Сцежкі пілігрыма на скрыжаваннях часу", у якую ўвайшлі дзённікі падарожжаў у Будслаў, Гудагай, запісы пра наведванне святыняў Палесся, нататкі паездак ў дальняе замежжа. З 2009 па 2014 год Ядвіга Іванаўна пабывала ў Чэнстахове, Вене, Асізі, Рыме, Ватыкане і Падуі, Ерусаліме. У сталыя гады сп. Ядвіга пад натхненнем Святога Духа пачала пісаць вершы. Яны прасякнуты душэўнай чысцінёй, сонечнай светласцю, жаночай мудрасцю, любоўю да людзей. У 2016 годзе выйшла кніжачка яе вершаў і эсэ "Кропелька неба". Нядаўна Ядвіга Іванаўна арганізавала ў Савецкім раёне філіял курсаў "Мова нанова" і займаецца з асобамі сталага веку.

На сустрэчу з паэткай прышлі яе даўнія сябры, хто працаваў з ёй, хто разам удзельнічаў у пілігрымках. Сп. Ганна адзначыла, што вершам Ядвігі Рай уласціва незвычайная вастрыня думак, яснасць бачання і чысціня пачуццяў. Маладзейшыя сяброўкі, агорнутыя яе мацярынскім цяплом, з удзячнасцю ўзгадвалі пра сустрэчы з ёй, чыталі лепшыя вершы, спявалі разам песні. Госці вечарыны пажадалі шаноўнай Ядвізе Іванаўне доўгіх гадоў жыцця, энергіі і натхнення, росквіту яе літаратурнага таленту.

Эла Дзвінская, фота аўтара і з архіва Я. Рай. 1. Я. Рай і ксёндз У. Завальнюк; 2. На вечарыне паэткі Ядвігі Рай; 3. Ядвіга Іванаўна і яе старэйшыя дзеці.

Адзінства

Будзем адзіны,

Як вучні адзіны з Хрыстом.

З домам, з Радзімай -

Як дрэва адзіна з лістом,

Што нас чакае,

Што заўтрашні дзень прынясе?

Вельмі жадаю,

Каб сталі шчаслівымі ўсе.

Еднасць - умова,

Каб радасцю свет ацаліць,

Бібліі словы

Падкажуць, як жыць.

Ядвіга Рай.


Выданне, патрэбнае ўсім

Хвала Богу - нарэшце ўбачыла свет цікавая і неабходная кніга, якая ўжо сталася з'яваю ў гісторыі беларускага кнігавыдання і відавочна будзе ёй заставацца дзесяцігоддзямі.

Вы скажаце: так не пачынаюць просты артыкул-абвестку, закліканы пазнаёміць чытача з тою ці іншай навінкай друку. А вось і пачынаюць! Бо навінка гэтая - "Даведнік па літаратурнай праўцы" Пятра Жаўняровіча, плён яго дваццацігадовых крапатлівых вышукаў ды намаганняў. І па падобным выданні,грунтоўным і падрабязным, літаральна ссумаваліся несканчоныя шэрагі рэдактараў, карэктараў, перакладчыкаў - тых, хто робіць высілкі, каб кнігі, часопісы, газеты сапраўды можна было б чытаць і разумець.

Вядома ж, у працы "штодзённай, шэрай" нашы спецыялісты не заставаліся зусім ужо безраднымі. Спраўдзіць сваю думку, абвергнуць сумненні ў напісанні слова або пастаноўцы знаку прыпынку ім дапамагалі яшчэ савецкія аўтары, і асабліва Д.Э. Разенталь, кнігі якога сталіся літаральна "бібліяй рэдакцыйнага спецыяліста".

Але ж усе гэтыя гады востра, балюча не хапала сучаснага падобнага выдання, створанага на сваім, беларускім матэрыяле, дзе грунтоўна разглядаліся б цмяныя і блытаныя пытанні менавіта нашае мовы.

І паважаны Пятро Жаўняровіч (1962 г.н.) сваёй кнігай здолеў шчыльна і дакладна запоўніць гэты прабел.

Так, апрача іншага, у ягоным даведніку падрабязна і проста тлумачацца выпадкі слушнага ўжывання канчаткаў назоўнікаў у роднам склоне множнага ліку, формы "год" - "гадоў" , склон назоўнікаў пры адмове "не" , і самае складанае - асаблівасці канчаткаў назоўнікаў II скаланення ў месным склоне адзіночнага ліку, што ў апошні час толком не даследваў ніхто з нашых адмаслоўцаў. Прычым аўтар зыходзіць не з таго, што што ў такіх выпадках раілася даведнікамі пяцідзесяцігадовай даўніны, а з сучаснага бытавання мовы, жывога маўлення і пісання. Дарэчы, што да пісання: даведнік забяспечаны найбагацейшым і густоўна падабраным наборам прыкладаў, узятых з твораў шматлікіх беларускіх аўтараў - адзін толькі пералік прозвішчаў займае чатыры старонкі! Памятае сп. Жаўняровіч і пра адказнасць супрацоўніка рэдакцыі за сэнсавую, лагічную і фактычную дакладнасць матэрыялу - гэтае патанне разглядаецца ў асобным параграфе. А тэхнічнай праўцы і нюансам гэтай працы прысвечаны цэлы раздзел - уся шостая частка.

Усё ж адзін момант падаецца спрэчным: тое, што ў спалучэннях кшталту "2-3 секунды", "2-3 разы" (с. 426, радкі 7 і 13) прапануецца пісаць ...злучок, а не працяжнік. Заўсёды лічылася, што злучок пішацца толькі паміж слоўнымі абазначэннямі лікаў, а не паміж лічбамі! Тэндэнцыя гэтая ідзе, відавочна, з англамоўнай літаратуры, якой у нас апошнім часам становіцца ўсё болей. Магчыма, у выніку якраз такое афармленне і прыжывецца. Але пакуль для рэдакцыйнага вока яно глядзіцца... ну, скажам так, нязвыкла.

Ёсць і яшчэ рэч, якая выклікае расчараванне. Гэта тыраж выдання. Усяго тысяча асобнікаў! На цэлую краіну, дзе акрамя сталіцы і абласных гарадоў ёсць райцэнтры, прадпрыемствы, навуковыя установы, і паўсюль выдаецца разнастайная друкаваная прадукцыя. Ёсць і проста шмат неабыякавых людзей, якія хочуць валодаць і пісьменна карыстацца сваёй мовай на высокім ўзроўні. Усім ім патрэбна такая кніга. Ну хаця б тысячаў пяць... Але вось гэты "недахоп", як падаецца, выправіць элементарна - шляхам перавыдання. Неабходнасць яго стане хутка відавочнай.

P.S. Такія ўдзельнікі кнігавыдавецкага працэсу, як рэдактар або карэктар, застаюцца звычайна незаўважнымі. Але ў дадзеным выпадку немагчыма не згадаць, што ў падрыхтоўцы выдання да друку ўдзельнічалі ў якасці рэдактара Міраслава Шавыркіна, а ў якасці карэктараў - Крысціна Пучынская і Вольга Ярмак. Усе яны вядомыя як найлепшыя спецыялісты ў саёй галіне. Што скажаш? Адмысловец падбірае адмыслоўцаў... І гэта яшчэ раз даказвае выбітнасць кнігі, якая несумненна акажацца патрэбнай многім і многім.

Наталля Кучмель, карэктар з 30-гадовым стажам, рэдактар, перакладчык. Аляксей Шалахоўскі, журналіст-фрылансер.


Школы Гародні, дзе вучацца па-беларуску.

Кантакты.

СШ № 32 ("Дзевятоўка", вул. Ліможа, 11 )

Тэлефон сакратара школы №32: 78-56-01

Завуч пачатковай школы №32: Працоўны тэл.78-56-10 (Багдановіч Валянціна Іванаўна) E-mail: Sh32@mail.grodno.by

Ленінскі аддзел адукацыі: 72-10-65

Прадстаўнік бацькоўскага камітэта беларускіх класаў: 70-62-89, пасля 18.00 (Астроўская Аксана Барысаўна).

СШ № 34 ("Вішнявец", вул. Індурская шаша, 14)

Тэлефон сакратара школы №34: 56-73-13

Завуч пачатковай школы №34: Карпук Таццяна Міхайлаўна, п.т. 54-07-33.

Е-mаіl : Sh34oktroo@mail.grodno.by.

Кастрычніцкі аддзел адукацыі: 52-05-66.

Аддзел адукацыі Гродзенскага гарвыканкама:72-04-02.

Тэлефон начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-05-58

(Семанчык Андрэй Антонавіч).

Кастрычніцкі аддзел адукацыі: 52-05-66.

Калі Вы сапраўды хочаце, каб Вашыя дзеткі праз 10-15 гадоў ведалі нароўні з рускай і беларускую мову, Вы маеце рэальную магчымасць гэта зрабіць, напісаўшы заяву ў першы беларускі клас. Рабіце так, як патрабуе ваша душа і сэрца.

Алесь Крой.


Германія - Беларусь. Чым гандлюем?

Навіны Германіі

Пералік тавараў, якія Беларусь пастаўляла ў Германію ў студзене-ліпені 2016 г., прыкладна ў чатыры разы менш пераліку закупленых па імпарце нямецкіх тавараў.

ПРАДАЁМ З ДЫСКОНТАМ

У першую пяцёрку найболей запатрабаваных у Германіі беларускіх тавараў увайшлі сырая нафта, уключаючы газавы кандэнсат, гарача-катаныя пруткі з нелегіраванай сталі, падоўжна-распілаваныя матэрыялы, легкавыя аўтамабілі і мэбля. Аб'ёмы паставак гэтай прадукцыі нарасцілі, але прадавалі па ніжэйшым, чым летась, кошце.

Амаль палову беларускага экспарту ў Германіі займае сырая нафта - каля 48%. Усяго ў Германію было пастаўлена 945,9 тыс. т сырой нафты на суму 253,704 млн. дол. Пастаўкі ў натуральным выразе ўзраслі на 0,7 %, але ў грашовым выразе зменшыліся амаль на адну траціну - на 32,3 %.

Другая па аб'ёме пазіцыя беларускага экспарту - гарачакатаныя пруткі з нелегіраванай сталі. У натуральным выразе экспарт гэтай прадукцыі вырас на 10,8 % да 88,1 тыс. т, у грашовым выразе зменшыўся на 17,5 % да 26,202 млн. дол. Прыкладна такая ж сітуацыя з пастаўкай падоўжна-распілаваных матэрыялаў: у натуральным выразе экспарт узрос на 10,5 % да 240,4 тыс. кв. м, у грашовым выразе зменшыўся на 1,4% да 24,711 млн. дол.

Экспарт легкавых аўтамабіляў у студзені-ліпені 2016 г. паказаў небывалы рост - больш, чым у 13 раз. Усяго ў гэты перыяд Беларусь паставіла ў Германію 261 легкавы аўтамабіль на суму 18,211 млн. дол. (у 10,6 раза больш).

Замыкае ТОП-5 экспартных тавараў мэбля і яе часткі. Экспарт гэтай прадукцыі ў натуральным выразе вырас на 85 % да 9,383 тыс. т, у грашовым выразе павялічыўся на 61,3% да 14,925 млн. дол.

Акрамя вышэйпералічанага, Беларусь таксама пастаўляе ў Германію тару з драўніны, азотныя ўгнаенні, поліаміды, гародніну, шкловалакно, скручаны дрот з чорных металаў і іншыя тавары.

Усяго па дадзеных Белстата ў студзене-ліпені 2016 г. Беларусь паставіла ў Германію прадукцыі на суму 529,382 млн. дол. У параўнанні з узроўнем студзеня-ліпеня 2015 г. экспарт зменшыўся на 19,4%.

ШТО КУПЛЯЕМ?

Імпарт тавараў з Германіі таксама зменшыўся - на 12,5% да 690,46 млн. дол. У ТОП-5 імпартных тавараў увайшлі лекавыя сродкі, пафасаваныя для рознічнага продажу, часткі і прыналежнасці для аўтамабіляў і трактароў, прычэпы і паўпрычэпы, вадкасныя помпы, электрычныя машыны і апаратура адмысловага прызначэння.

Першую пазіцыю па аб'ёме паставак у грашовым выразе займаюць лекавыя сродкі для продажу ў аптэках - 415 т (+13,7 %) на суму 30,712 млн. дол. (+2,8 %). І гэта адзіная пазіцыя са спісу ТОП-5, якая зменшылася ў кошце за адзінку прадукцыі.

У студзені-ліпені 2016 г. Беларусь закупіла ў Германіі 2,895 тыс. т (мінус 8%) частак і прыналежнасцяў для аўтамабіляў і трактароў на суму 22,07 млн. дол. (+9%). Закупы вадкасных помпаў узраслі на 2,8% да 14,5 тыс. шт., пры гэтым у грашовым выразе імпарт гэтай прадукцыі павялічыўся ў 2,1 раза да 18,374 млн. дол. Імпарт прычэпаў і паўпрычэпаў у натуральным выразе скараціўся на 25,7 % да 1,921 тыс. шт., у грашовым выразе павялічыўся на 83,9 % да 16,202 млн. дол.; імпарт электрычных машын і апаратуры адмысловага прызначэння вырас у 2,1 раза да 2,619 тыс. шт., у грашовым выразе - у 67,7 раза да 15,211 млн. дол.

Пералік тавараў, якія Беларусь закупляе ў Германіі, даволі вялікі - каля 85 пазіцый Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці Мытнага саюза. Сярод іх - кава, сокі і экстракты раслінныя, харчовыя прадукты, прадукты для кармлення жывёл, нафтапрадукты, вакцыны, сыроваткі з крыві, кроў, інсектыцыды і гербіцыды, палімеры, папера, кардон, вата, рознага роду абсталяванне, легкавыя аўтамабілі і іншыя тавары.

У цэлым імпарт тавараў з Германіі ў студзені-ліпені 2016 г. зменшыўся на 12,5% да 690,46 млн. дол.

ТАВАРААВАРОТ ЗМЯНШАЕЦЦА

Пачынальна з 2014 г. таварааварот паміж Беларуссю і Германіяй змяншаецца. Не стаў выключэннем і 2016 г. У студзені-ліпені 2016 г. таварааварот зменшыўся на 15,6% да 1,22 млрд. дол., па дадзеных Нацыянальнага статкамітэта.

Па аб'ёме тавараавароту Нямеччына займае чацвёртае месца пасля Расійскай Федэрацыі, Украіны і Польшчы. Удзельная вага Германіі ў знешнегандлёвым авароце Беларусі складае 4,3%, Польшчы - 4,4%, Украіны - 7,3%, Расійскай Федэрацыі - 50,9%.

Ларыса Міхальчык, Белрынак.


Школьныя канікулы - добры час для паэзіі

На вясновых канікулах у Ходараўскім ВПК д/с - СШ дзейнічаў дзіцячы аздараўленчы лагер "Усмешка". Трэба сказаць, ён штолета адчыняе свае дзверы для школьнікаў і кожны раз пакідае незабыўныя ўражанні і ўспаміны. Зараз тут з вучнямі 2-7 класаў выхавальнікі рэалізоўвалі распрацаваны імі праект "Мы дзеці роднай зямлі".

Мы, вучні, стварылі атрад "Зямляне" і сваім дэвізам абралі словы : "Я ганаруся, што я з Беларусі". У рамках праекту нас чакала многа цікавых мерапрыемстваў. Напрыклад, "Беларуская музычная скарбонка", дзе мы даведаліся шмат цікавага пра беларускія народныя інструменты, глыбей пазнаёміліся з творчасцю "Песняроў", "Троіцы", Анатоля Ярмоленкі і Алесі. Мы не толькі гулялі, але і папаўнялі свае веды пад час гульняў, віктарынаў "Славутыя імёны Беларусі", "Ад Гедыміна да нашых дзён", "У гасцях у беларускай казкі", "Школа Кукарамбскіх навук" і інш. Нашы выхавальнікі паказвалі нам цікавыя відэаролікі пра беларускую архітэктуру, прыроду.

Сумесна з сельскім домам культуры мы гукалі вясну, і нам нават пашанцавала прыняць удзел у здымках тэлепраграмы "Наперад - у мінулае".

Але самай яркай падзеяй у школьным лагеры стала адкрыццё змены. На наша мерапрыемства "Дзе песня льецца, там весела жывецца!" прыехалі госці - лідскі бард, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяржук Чарняк і сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце", сябры ТБМ - паэты Міхась Мельнік і Іван Гушчынскі. Мы з захапленнем слухалі іх вершы - сур'ёзныя і гумарыстычныя, простыя і трошкі філасофскія. Іх паэты чыталі лёгка, хораша і артыстычна, як не чытаў нам ніхто з настаўнікаў. Сюрпрызам для ўсіх стала выступленне нашай настаўніцы англійскай мовы Галіны Іванаўны Малец, якая прачытала свой уласны верш пра Беларусь. А мы і не ведалі, што яна піша вершы!

А потым былі песні. Сяргей Вацлававіч выконваў іх на словы беларускіх паэтаў Генадзя Бураўкіна, Максіма Багдановіча, Міхася Мельніка і іншых. Разам з ім спявалі нашы настаўнікі і, канешне, мы, вучні. "Я не ганю землі чужыя", "Тры чарапахі", "Простыя словы" яшчэ доўга гучалі ў нашых сэрцах.

Мы, вучні і настаўнікі, хочам падзякаваць нашым гасцям - Міхасю Іванавічу Мельніку, Івану Сцяпанавічу Гушчынскаму і Сяргею Вацлававічу Чарняку - за цікавую сустрэчу і творчую атмасферу, якую яны стварылі ў нашым лагеры. Мы пастараемся захаваць яе да канца змены.

Вучні Ходараўскай СШ.


Сустрэчы на Дзятлаўшчыне з песнямі, вершамі і падарункамі

Дзве сустрэчы з пісьменнікамі Міхасём Скоблам, Сяргеем Чыгрыном, спявачкай Таццянай Грыневіч, з былым настаўнікам і мясцовым краязнаўцам Валерыем Петрыкевічам адбыліся на Дзятлаўшчыне.

Гасцей шчыра віталі ў Жукоўшчынскай базавай школе імя Ігната Дварчаніна і ў Дзятлаўскай гімназіі. Настаўнікаў і школьнікаў сваімі песнямі радавала Таццяна Грыневіч, разам з ёй народныя песні спявалі і дзеці, і настаўнікі. Міхась Скобла чытаў усім загадкі, а потым усе разам іх у рыфму адгадвалі. Сяргей Чыгрын праводзіў розныя моўныя конкурсы. Падчас сустрэч гучалі яшчэ вершы, былі таксама падарункі, якія госці прывезлі школьнікам і настаўнікам. А самыя актыўныя вучні і настаўнікі атрымалі ад гасцей паштоўкі, кнігі, дыскі з беларускімі песнямі і вершамі. У Жукоўшчынскай базавай школе імя Ігната Дварчаніна пісьменнікі наведалі адзіны ў раёне музей "Літаратурная Дзятлаўшчына" і пакінулі свае запісы ў кнізе ганаровых гасцей музея і школы.

Беларускае Радыё Рацыя.


50 гадоў - Алегу Хаменку

Алег ХАМЕНКА (нар. 4 красавіка 1967, Менск) - беларускі музыкант, радыёвядовец, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, стваральнік фолк-мадэрну - новага кірунку ў сучаснай музыцы, лідар папулярнага гурта "Палац".

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці кіраўнік эстрадна-духавога аркестра (1990). У 1990-1992 працаваў метадыстам-інспектарам па Менску і Менскай вобласці Міжсаюзнага дома самадзейнай творчасці Аблсаўпрафа.

У 1992 годзе стварыў гурт "Палац", а ў 1998, пасля сыходу з "Палаца" Юрыя Выдронка стаў мастацкім кіраўніком калектыва, праца з гуртом працягваецца і па гэты дзень. Неаднаразова ўдзельнічаў у фестывалях "Басовішча" (Польшча), "Рок-каранацыя" (Беларусь), "Славянскі базар" (Беларусь), фальклорных фестывалях Еўропы: "EBU Contemporary Folk Music Festival" (Германія, 1994), "Suklegos" (Літва, 1987) і краін СНД: "Голас Азіі" (Казахстан, 1995), "Країна Мрій" (Украіна 2010).

У 2003-2004 гадах аўтар і вядовец праграмы "Настаўніцкая" на тэлеканале "Лад". Таксама доўгі час быў радыёвядоўцам радыёверсіі хіт-параду "Тузін гітоў".

У 2008 скончыў аспірантуру БДУКіМ па спецыяльнасці культуралогія. Старэйшы выкладчык кафедры "Рэжысура эстрады" БДУКіМ.

У 2008 годзе пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ, сумесна з Тамарай Лісіцкай і Людмілай Рыжковай запісалі, і выпусцілі, для дзяцей серыю аўдыёказак "Беларускія народныя казкі".

З 2009 года пастаянны вядовец фестывалю "Камяніца". У 2009 годзе стварыў фестываль "BelaMusic", які праходзіў на аэрадроме "Баравая". Вядовец радыёверсіі хіт-параду "Тузін гітоў" на "Радыё Рацыя" і аўтарскай праграмы "Фолк брама".

У складзе гурта "Палац" здымаўся ў мастацкім фільме "Анастасія Слуцкая", эпізадычнай ролі "самога сябе" ў серыяле "Вышэй неба".

Вікіпедыя.


Уладзімір Арлоў наведаў Шклоўскі раён

Шклоўшчына для Уладзіміра Арлова - добра знаёмы куток Беларусі. З вёскі Капысіца Александрыйскага сельсавета паходзіць яго маці. Таму, ў першую чаргу, пісьменнік пабываў у Александрыйскай школе, дзе адбылася сустрэча і размова з калектывам настаўнікаў. Уладзімір Аляксеевіч падзяліўся ўспамінамі пра свой радавод, даследваннямі сваіх асабістых каранёў. Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікалі ўспаміны пра суседнюю вёску Капысіца і звесткі пра яго матулю, якая вучылася ў Александрыйскай школе.

Потым Уладзімір Аляксеевіч прэзентаваў прысутным сваю новую кнігу "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі". Аўтар трывала працаваў над гэтым творам амаль шэсць гадоў. Практычна, пасля выхаду з друку, новая праца літаральна стала бестселерам. Першы наклад быў распрададзены за месяц. Кніга багата аздобленая малюнкамі вабітнага беларускага мастака Паўла Татарнікава.

Далейшы шлях вандроўкі Ўладзміра Арлова быў непасрэдна ў вёску Капысіца. Спачатку Ўладзімір Аляксеевіч наведаў месца, дзе некалі знаходзілася хата яго дзеда і бабулі, а потым і вясковыя могілкі, дзе спачываюць родзічы.

У другой палове дня ў грамадскім цэнтры "МОСТ" горада Шклова адбылася сустрэча Уладзіміра Арлова з мясцовымі аматарамі айчыннай гісторыі і краязнаўцамі. Размова таксама пачалася з прэзентацыі новай кнігі. У ходзе выступлення аўтар расказаў аб тым, як стваралася гэта новае выданне, у тым ліку аб супрацоўніцтве з мастаком Паўлам Татарнікавым, прывёў цікавыя факты са зместу кнігі. Акрамя гэтага, пісьменнік пазнаёміў аўдыторыю слухачоў з іншымі сваімі кнігамі, напісанымі за апошні час. Сустрэча выклікала вялікую цікавасць. Як і на сустрэчы з настаўнікамі, прысутныя мелі магчымасць задаць аўтару свае пытанні і атрымаць грунтоўныя адказы. Напрыканцы мерапрыемства Уладзімір Арлоў правёў аўтограф-сесію.

Аляксандр Грудзіна , Шклоўская арганізацыя ТБМ. На здымках: 1. У. Арлоў вычступае ў школе. 2. Настаўнікі Александрыйскай школы. 3. У вёсцы Капысіцы.


Свята ткацтва

У мінулую суботу аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" адкрыў выставу традыцыйнага ткацтва Лідскага раёна "Белыя сцяжкі".

У аддзеле рамёстваў не першы год вядзецца праца па адраджэнні і захаванні рэгіянальнага шматнітовага або белага фактурнага ткацтва. Гэта - святочныя ручнікі, абрусы з характэрнай ажурнасцю, эфектнай выявай фактуры на паверхні палатна.

Мерапрыемства пад назвай "Свята ткацтва" аб'яднала пад адным дахам этнаграфічны фонд аддзела рамёстваў, сельскіх Дамоў культуры Лідскага раёна і ўласныя калекцыі аматараў, якія збераглі сваю сямейную спадчыну, як найлепшую памяць аб сваіх родных. Паважаным госцем свята была М.М. Віннікава - кандыдат мастацтвазнаўства "Цэнтра даследаваняў беларускай культуры, мовы і літаратуры нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", аўтар навуковых даследванняў па беларускім народным тэкстылі і традыцыйным касцюме. Марыя Мікалаеўна адзначыла стараннасць да вывучэння гісторыі рэгіянальнага ткацтва, адсутнасць паказухі, наяўнасць вялікай колькасці прадметаў ткацтва, выкананых у розных тэхніках.

Шчырая падзяка жанчынам, якія не пашкадавалі часу, каб прывезці цяжкія рэчы, паказаць на ўсеагульны агляд творчасць адышоўшых ў нябыт матуль і бабуль.

Шырока прадставілі дываны, абрусы, посцілкі, ручнікі - вёска і хутар Збляны, вёскі Беліца, Ваверка, Далекія, Мосявічы, Пескаўцы, Ганчары, Цацкі, Ясманты Лідскага раёна. Гарманічна спалучаліся ў агульнай кампазіцыі Дзятлаўскі, Наваградскі, Іўеўскі раёны.

Жанчыны з фальклорнага аматарскага аб'яднання "Ўльяніца" філіяла "Ганчарскі Дом культуры" паказалі анімацыйна-рэалістычнае дзеянне "Калі да лёну з паклонам - аддзячыць добра лён". Гледачы пабачылі ўсе этапы апрацоўкі ільну і паспрабавалі стравы з ільнянога семя на смак. "Ульяніца" як бы нагадала ўсім, што лён з сівой даўніны і па сённяшні час адзявае і корміць беларуса.

Вясёлую, душэўную атмасферу мерапрыемству надаў узорны ансамбль танцу "Сонейка", фальклорны гурт "Талер". Песні і гульні пераклікаліся з тэмай мерапрыемства, удала спалучаючы рухомыя дзеянні і працу майстоў за кроснамі.

Лідарам на "Свяце ткацтва" быў Яўген Маркевіч - майстар па ткацтве, родам з Наваградскага раёна. Ён пераняў майстэрства непасрэдна ад носьбітаў рамяства, распавёў гледачам аб сваім вопыце. Яўген з задавальненнем перадае свае навыкі супрацоўнікам адзела рамёстваў. За кроснамі працавала яго вучаніца - майстар Валянціна Сільвановіч са сваёй дзевяцігадовай дачкою Ўльянай і майстар Наталля Ўлашчык - вучаніца Валянціны. Са словамі пажадання выступіла ткачыха і жыхарка в. Ваверка Т. Ясюкайціс. Такім чынам, "з рук у рукі" перадаюць майстры веды нашых продкаў.

Сучасная сусветная культура глабалізуецца, спрашчае чалавека, робячы яго абязлічанай часткай жывога. Вельмі важна, каб падрастаючае пакаленне выхоўвалася на сваіх мясцовых традыцыях. Так, вяртаючыся да вытокаў, людзі не згубяць сваю малую Радзіму, якая будзе годнай часткай культуры ў культурнай прасторы Сусвету.

Адразу на памяць прыходзяць радкі з верша Р. Барадуліна:

"Трэба дома бываць часцей,

трэба дома бываць не госцем,

каб душою не ачарствець,

каб не страціць

святое штосці…"

І.М. Дыдышка , метадыст Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы* (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

2. Паўночная імперыя

Пачатак узмацнення Даніі ў рэгіёне звязаны з каралём Свенам Вілабародым . Ён разам са шведамі каля 1000 г. разбіў нарвежскі флот і падзяліў разам са Швецыяй нарвежскія землі. Найбольш знакаміты яго сын - Канут Вялікі , які спачатку стаў англійскім каралём, а потым адначасова дацкім і нарвежскім. Яго вялізная краіна пачала называцца Паўночнай імперыяй, але пасля смерці Канута ў 1035 г. распалася на асобныя краіны.

Чарговы росквіт Даніі пачынаецца ў другой палове XII ст., калі да ўлады прыйшоў Вальдэмар I Вялікі (1157-1182) і яго сыны: Канут ІV (1182-1202) і Вальдэмар ІІ (1202-1241). Дацкія каралі вядуць войны, каб скончыць са славянскімі нападамі на іх землі. Спачатку былі знішчаны піраты- венды (заходнія славяне), а потым у 1169 г. Вальдэмар I захапіў іх галоўную базу - востраў Руген . У 1184 г. кароль Канут IV знішчыў у марской бітве флот Памераніі. Князь Памераніі прызнаў уладу Даніі. У 1201 г. дацкія войскі захапілі некалькі нямецкіх земляў, у тым ліку княства Гальштэйн з горадам Гамбургам. На прапанову Рымскага Папы Інакенція III датчане правялі крыжовы паход супраць эстаў і ў 1219 г. захапілі паўночную Эстонію з горадам Рэвелем (цяпер Талін ).

Пасля распаду Паўночнай імперыі Нарвегія зноў зрабілася незалежнай. Кароль Магнус III (1093-1103) захапіў Аркнейскія і Гебрыдскія астравы, а таксама востраў Мэн. У краіне канчаткова ўсталявалася хрысціянства, і была ўведзена дзесяціна. У 1174 г. у краіне паўсталі сяляне, якія мелі мянушку "біркенбейнеры" . Паўстанне перайшло ў грамадзянскую вайну паміж сялянамі і прыхільнікамі караля - баглерамі.

Пасля вайны да ўлады прыйшоў кароль Хокан IV (1217-1263), з якім звязваюць росквіт краіны. Ён стварыў каралеўскую канцылярыю. Таксама актыўна дзейнічала Каралеўская рада . У 1262 г. Ісландыя, а потым і Грэнландыя прызналі ўладу караля Нарвегіі. Нарвежцы пачалі каланізацыю Фінляндыі і Кольскага паўвострава.

У другой палове XI ст. Швецыя канчаткова становіцца хрысціянскай краінай. У XII ст. сітуацыя ў краіне вельмі нестабільная, якая паправілася пры каралі Кануце І Эрыксане (1168-1199), які заснаваў горад Стакгольм. Пасля яго смерці зноў пачалася міжусобная барацьба, якая спынілася ў сярэдзіне XIII ст. У Швецыі з'явілася агульнадзяржаўнае заканадаўства, з'явіліся пасады канцлера, казначэя і суддзі. Існавала рада знаці , якую складалі магнаты і кіраўнікі мясцовай царквы. У 1252 г. Стакгольм атрымаў статус горада. Пачынаючы з 1157 г. шведы наладзілі некалькі крыжовых паходаў у Фінляндыю і здолелі спачатку захапіць яе цэнтральную частку (1249-1250 гг.), а пазней і Заходнюю Карэлію (1291-1300 гг.). Ваявалі шведы і з Наўгародскай рэспублікай, але вялікіх поспехаў у гэтым не мелі.

Большую частку насельніцтва Скандынавіі складалі вольныя сяляне, якія трымалі на сваіх плячах амаль усю гаспадарку.

Сяляне таксама мелі адпаведную зброю і ваявалі як пяхота ў апалчэнні. У XIII ст. з'явіліся рыцары і рыцарская конніца, асабліва ў Даніі. У гэты самы час пачалі актыўна будавацца мураваныя замкі, якія кантралявамі каралеўскія намеснікі ( ярлы ).

3. Палабскія славяне

Продкі палабскіх славян у V-VІІ стст. рассяліліся на прасторы ад Эльбы да Одэра, а таксама на тэрыторыі сучаснай заходняй Польшчы. На гэтай тэрыторыі ўтварылася пяць вялікіх славянскіх групаў: сорбская (міжрэчча Эльбы і Зале); абадрыцкая (Заходні Мекленбург і Ўсходні Гальштэйн); вільчанская (Мекленбург) група з некалькіх плямёнаў у раёне ІІІпрэі (Шпрэ) і Гафеля; лужыцкая і одэрская групы (заходнепольскія плямёны). Іх мовы, палабская і памеранская, разам з іншымі складалі вялікую колькасць славянскіх моваў, што не дайшлі да нашых дзён. Апошнія носьбіты палабскай мовы, якія жылі на ніжняй Эльбе, памерлі яшчэ ў сярэдзіне XVIII ст.

Ад памеранскай моўнай групы захавалася толькі мова кашубаў , народа, які цяпер жыве на тэрыторыі Польшчы ў раёне Гданьска і налічвае каля 200 тысяч чалавек.

На тэрыторыі Цэнтральнай Германіі захавалася каля 150 тыс. чалавек, якія гавораць на сорбскай ( сербалужыцкай ) мове.

У ІХ-Х стст. палабскія славяне ўжо былі на стадыі стварэннм сваіх дзяржаў (княстваў). Прадстаўнікоў вайсковай арыстакратыі, якія служылі князю на кані, называлі "віцязямі" . Вольных сялян яны называлі, як і ўсходнія славяне, "смердамі" . У канцы VIII - пачатку ІХ ст. яны будуюць умацаваныя паселішчы або на пагорках, або каля іх. З усходняга боку ўмацаванні мелі высокія земляныя валы з драўлянымі зрубамі. Ніжнія часткі валоў умацоўваліся камянямі. На тэрыторыі ўмацаванага паселішча жылі князі і дружыннікі, а таксама знаходзіліся язычніцкія святыні.

Палабскія славяне, якія жылі на берагах Балтыйскага мора, былі добрымі мараплаўцамі, і, гэтак сама як вікінгі, займаліся разбоем і пірацтвам. Яны нападалі на нямецкія, дацкія і нават шведскія землі. Былі спробы стварыць і свае незалежныя дзяржавы. Так, лідар племені бодрычаў Готшальк (1031-1066) для вайны з немцамі аб'яднаў бодрычаў і люцічаў і стварыў вендскую дзяржаву, дзе пачаў распаўсюджваць хрысціянства і будаваць кляштары. Аднак прыхільнікі язычніцтва паднялі паўстанне і забілі яго.

Падчас другога крыжовага паходу войскі немцаў і датчан напалі на Палаб'е. Герцаг Саксонскі Генрых Леў заваяваў землі бодрычаў. Альбрэхт Мядзведзь знішчыў рэшткі дзяржавы вендаў і на іх тэрыторыі стварыў Брандэнбургскае маркграфства. На месцах знішчаных славянскіх паселішчаў атабарыліся нямецкія каланісты.

Нямецкія біскупы, якія знішчалі храмы і ідалаў заваяваных славян, пакінулі іх апісанні. Таксама захавалася апісанне язычніцкага храма ў паселішчы Аркона на востраве Руген, зробленае ў 1208 г. Нямецкія археолагі ў 1921 г. правялі раскопкі рэшткаў храма. Храм быў прысвечаны богу Святавіту і стаяў на ўмацаваным гарадзішчы ў паўночнай частцы вострава. У плане гэта быў квадрат, плошчай больш за 20 квадратных метраў. Дах абапіраўся на чатыры калоны, а сцены былі зроблены з вертыкальных плітаў і мелі адзіныя дзверы, аздобленыя разным арнаментам. Дах і сцены храма былі афарбаваныя чырвонай фарбай. Сцены ўнутры былі аздобленыя арнаментам і завешаныя тканінамі. Слупы аздаблялі рогі жывёл. У сярэдзіне святыні, на мураваным падмурку, стаяў ідал бога Святавіта. Ён нагадваў чалавека, які трымаў у правай руцэ рог для піцця. Святы рог напаўнялі віном, каб вызначыць ураджай наступнага года. Чым вышэй паднімалася віноў рогу, тым большы павінен быў быць ураджай. На загад дацкага караля Вальдэмара ў 1168 г. храм разбурылі. Да пачатку XIII ст. усе землі палабскіх славян былі заваяваны іх суседзямі.

4. Узнікненне Польскай дзяржавы

У сярэдзіне IX ст. існавала больш за дзесяць польскіх плямёнаў, якія засялялі басейны Віслы і Одэра. Сярод іх былі паляне, гапляне, памаране, мазаўшане, вісляне і ляндзяне . Як і паморскія славяне, у IX ст. яны будуюць умацаваныя паселішчы. У гэты час найбольшага гаспадарчага развіцця дасягнулі вісляне. Але неўзабаве яны спачатку трапілі ў склад Вялікамараўскай дзяржавы, а потым, да канца X ст. былі залежнымі ад Чэхіі.

У гэты час на тэрыторыі Вялікапольшчы актывізавалася племя палян на чале з князямі з дынастыі Пястаў . Паляне пачалі аб'яднанне польскіх плямёнаў у адзіную дзяржаву з адпаведным адміністрацыйным апаратам. Гэтую дзяржаву ўзначаліў князь Мешка 1, які ў 965 г. ажаніўся з чэшскай князёўнай-хрысціянкай Добравай , а ў 966 г. сам прыняў хрысціянства. Гэты год лічаць датай заснавання Польшчы як еўрапейскай хрысціянскай дзяржавы.

(Працяг у наст. нумары.)

* Выйшаў з друку дадатковы наклад кнігі Алега Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)". Кнігу можна знайсці ў сядзібе ТБМ на Румянцава, 13. Купіць можна ў "Акадэмкнізе". Наклад невялікі. Спяшайцеся.


Памятныя камяні

Міхал Шымялевіч

У нашым краі, раней і зараз, у зямлі і на паверхні ў значнай колькасці раскіданы камяні рознага памеру - малыя і вельмі вялікія, да некалькіх метраў у абхоп. Гэтыя вялікія глыбы ў нас выключна гранітныя. Некаторыя з гэтых камянёў маюць назву, пра іншых існуюць паданні, на некаторых выбіты знакі і г.д. Камянёў з надпісамі пазнейшымі за XVII ст. няма, а з больш раннімі надпісамі таксама не шмат. Выбіць на цвёрдым камені нейкі знак можна было жалезнай прыладай, але якаснае, загартаванае жалеза ў нас было рэдкасцю. Аб вядомых мне памятных камянях маю наступную інфармацыю:

Ліда. На Зарэччы (зараз вуліца Вызвалення) на пляцы Ступновічаў ляжала вялікая глыба старога граніту даўжынёй 4 м, шырынёй 2 м і вышынёй 1,5 м. На паверхні, якую было бачна з зямлі, былі два круглыя паглыбленні з гладкім дном - адно дыяметрам 20 см а другое 25 см, глыбінёй каля 2 см. У 1892 г. майстар па вырабе надмагілляў Баляслаў Хруль разбіў гэтую глыбу на часткі і з адной з іх у сваёй майстэрні вычасаў вялікі помнік у выглядзе дуба. Гэтае арыгінальнае надмагілле з адпаведным надпісам было пастаўлена на магіле ксендза Казіміра Гейдройця ў Забалаці. Ніякіх паданняў пра гэты камень не захавалася.

Яма кума . Натуральны дол дыяметрам у некалькі метраў, 0,5 км на захад ад фальварка Бароўка, у лесе маёнтка Заполле, каля дарогі з Ліды да маёнтка Востраў. На дне гэтага дола ляжаць тры камяні: першы - 2х1 м і каля яго другі - 1,5х1 м, а паміж імі трэці - 0,75х0,5 м. Ніякіх знакаў ці слядоў апрацоўкі на гэтых камянях няма. Камяні амаль што цалкам у зямлі. Людзі казалі, што кум з кумой везлі дзіця да хросту і тут, у гэтай яме, паміж імі "нешта адбылося", у выніку чаго, з-за неасцярожнасці яны задушылі дзіця, а пан Бог іх за гэта пакараў - усіх ператварыў у камяні. У цёмную восеньскую ноч і зараз можна чуць як кумы тут цалуюцца, а дзіця плача.

Бельскія . Вёска за 6 км на захад ад Ліды. Перад 1861 г. вёска Бельскія і суседняя вёска Дайнава з сваімі землямі і падданымі ўваходзіла ў склад маёнтка Дайнава, раней князёў Радзівілаў, потым Рапацкіх, а потым Сангіных. У памятнай кніжцы Віленскай губерні за 1851 г. Адам Кіркор надрукаваў артыкул пад загалоўкам "Сляды Дайнаўскага замка", напісаны ім пад уплывам памылковай інфармацыі Тэадора Нарбута аб Дайнаўскім княстве (Dzieje. VII, dodatki, S. 70.). У гэтым артыкуле аўтар апісвае быццам сляды зруйнаванага замка і ўзгадвае пра вялікі камень, на якім, згодна з паданнем, каралі смерцю злачынцаў: "Камень гэты да гэтага часу ўсімі называецца "Кабыла" , ён знаходзіўся на пляцы перад замкам. Камень "Кабыла" ёсць глыба граніту памерамі каля 2 метраў і ляжыць на зямлі вёсцы Бельскія на левым баку дарогі з Ліды да вёскі Заполле, за некалькіх сотнях метраў ад гасцінца з Крупава да Мыто. Ніякіх знакаў на ім няма. Магчыма, у старыя часы каля камня адбываўся так званы копны суд (нешта накшталт суда Лінча), і пасля таго як грамадой выносіўся вырак па справе, злачынца тут на месцы каралі.

Бенькавічы. Ваколіца ў Жырмунскай гміне за 12 км на паўночны захад ад Ліды. На перакрыжаванні вясковых дарог з вёскі Наркуны да вёскі Рэксці і ад фальварка Бычкоўшчына да Аполіна, ляжыць, амаль што цалкам у зямлі глыба старога граніту. 30 гадоў таму, калі мне яе паказаў тутэйшы шляхціц, с.п. Пётр Бянкевіч, камень гэты быў цэлы. У 1934 г. знайшоў каля каменя выкапаны дол і трэцяя частка яго аказалася адбітая кімсьці з тутэйшых хцівых варвараў. На бачанай з зямлі паверхні каменя маюцца тры круглыя паглыбленні дыяметрам 20 см і глыбінёй 2 см. Згодна з легендай, калісьці на гэтым камені абедаў кароль. Раней камень меў назву, але назва не захавалася.

Пры гасцінцы з Крупава на Жырмуны перад вайной бачыў два вялікія камяні са значнымі круглымі паглыбленнямі, не надта глыбокімі. У часе пабудовы шашы Вільня - Ліда гэтыя камяні разбіты на жвір.

Гоманічы ці Абманічы ці Гутна , вёска за 4 км на паўночны ўсход ад Ліды. Пры дарозе з Ліды на Брындзяняты, у дзяржаўным лесе ляжыць каменная глыба 2,5 м даўжынёй і 1,5 метра шырынёй з натуральным паглыбленнем на некалькі літраў вады на версе, якая пасля дажджу тут звыкла знаходзіцца. Камень мае назву "Гоманава чарка" і "Чортавая чарка". Паданне расказвае, што ў гэтай мясцовасці жыў калісьці селянін Гоман, бедны п'яніца. Не маючы за што купіць гарэлкі, спаткаў на Абманіцкай грэблі д'ябла і прадаў яму сваю душу за цудоўную чарку, з якой гарэлка ніколі не ўбывала. Д'ябал тую чарку ў выглядзе вялікага каменя, відочна, прынёс Гоману, і яна была настолькі вялікай, што бедны п'яніца насёрбаўшыся з яе гарэлкі, адразу памёр. І ёсць адзін дзень у год, калі ў гэтай цудоўнай чарцы знаходзіцца не вада, а сапраўдная гарэлка, але гэты дзень ніхто не змог дапільнаваць, бо заўжды знаходзілася нейкая перашкода.

Няцеч. Вёска за 7 км на ўсход ад Ліды. Нарбут (Dzieje. II, S. 196.), падаючы фізічна-геаграфічнае апісанне літоўскай зямлі, напісаў наступнае: "За Лідай, на тэрыторыі Дубровенскага староства, ёсць велічэзная глыба граніту, да 400 кубічных футаў" . Гэты камень ляжаў у невялікай упадзіне, так званай "Кудры" па левым баку дарогі з Ліды на Ліпнішкі. Расказвалі, што яго здалёк нёс д'ябал у Дуброўню, каб забіць біскупа, які там жыў, але пасля поўначы на Дакудаўскім балоце пачуў спевы пеўня, страціў сілу і камень выпаў з яго кіпцюроў. На камені было зроблена некалькі вялікіх веерападобных драпінаў якія ўважалі за след кіпцюроў д'ябла. Не магу сказаць, ці гэта арыгінальнае паданне, ці паўстала пад уплывам легенды "Камень у Альгінях" Ігната Ходзькі. Пад гэтым каменем аматары неаднаразова шукалі скарб - французскай касы з 1812 г. Пасля парцэляцый і камацый зямлі маёнтка Косаўшчына месца, на якім быў гэты камень, патрапіла ў рукі хцівага на грошы гаспадара, і ён разбіў і прадаў камень на будаўнічыя матэрыялы яшчэ перад 1915 г.

Траццякоўцы. Вёска і фальварак за 5 км на поўдзень ад Ліды, за 0,5 км ад фальварка Траццякоўцы, у лесе каля дарогі на Ліду ляжыць дастаткова вялікі камень з выбітым на ім надпісам: "1665 г. Тут спачывае ўладальнік Астроўлі Канстанцін Калясінскі" . Але пад уплывам атмасферных уплываў паверхня каменя выкрашылася, і дата "1665 г." ужо досыць не выразная, і магчыма, трэцяй лічбай была выбіта не "6", а "7", а можа і "8". Маю ў руках арыгінальны дакумент, які сведчыць, што Крыштаф Наркевіч Ёдка і яго жонка Ефрасіння Палонская, землеўладальнікі Лідскага павета, 25 сакавіка 1666 г. прадалі свой фальварак Астроўля Траццякоўская, ... Канстанціну Паўлавічу Калясінскаму ... і жонцы яго Ўршулі Хражаноўскай за 2 000 коп грошаў. У межаванні Траццякоўцаў, складзеным 30 верасня 1667 г. пазначана: "Гэты маёнтак і сяло з падданымі гэтага маёнтка мае назву Траццякоўцы ў Лідскім павеце, ляжыць над ракой Астроўля". У дакументах элекцыі караля Яна Сабескага 1674 г. сярод выбарцаў ад Лідскага павета фігуруе "Канстанты Дзмітравіч Калясінскі, каморнік лідскі" (Vol. Leg. V. (1860 r.); 150.). Пра гэты камень апавядаюць, што пад ім схаваны скарб, што гэты камень час ад часу ператвараецца ў жывога барана, і гэтага барана неаднаразова бачылі на Траццякоўскай грэблі. І калі хто хацеў гэтага барана, які ляжаў са звязанымі нагамі, падняць і палажыць сабе ў воз ці, калі ногі не былі звязаны, злапаць яго, дык пры дотыку да барана, той знікаў, часам пры гэтым выпускаючы снапы іскраў, і чуўся дзіўны смех д'ябла, які цешыўся, калі яму ўдавалася ашукаць хрышчонага чалавека. Гэты камень заўжды быў агароджаны і шанаваны ўладальнікам фальварка Траццякоўшчына як помнік мінулага і адначасова помнік па продку.

Збляны. Вёска і царква на правым беразе Нёмана, 6 км на паўднёвы захад ад маёнтка Беліца. На паўночны захад ад Зблян, каля дарогі на Парэчча, знаходзяцца тры камяні, якія стаяць за некалькі крокаў адзін ад другога. З іх адзін камень выступае над зямлёй на 1 м, другі на 1,5 м, трэці ледзь бачны. На плоскай паверхні кожнага з камянёў выбіты васьміканцовыя крыжы. Згодна з паданнем, на тым месцы спаткаліся два вяселлі - адно ехала са службы, а другое на службу, і ў выніку сваркі і праклёнаў адно вяселле акамянела. Васьміканцовыя крыжы, паўсталі пасля 1839 г., а можа і потым пад уплывам русіфікацыі. Пра гэтую групу камянёў падае інфармацыю Пакроўскі (Покровский. Арх. карта Виленской губ. 1892.).

Мееры. Вёска ў Ваверскай гміне, 18 км на паўднёвы захад ад Ліды. Тэадор Нарбут у дадатках да Т. VIII Dziejоw Narodu Litewskiego (1840 г.) надрукаваў артыкул "Пра басму", у якім піша, што "басма часцей мае выгляд ступні чалавека". Аўтар артыкула апавядае далей, як вывучаючы значэнне басмы, прыйшоў да разумення, як ён мяркуе, іншай загадкі: "Гэтае назіранне прывяло мяне да тлумачэння знакаў чалавечай ступні, выбітых на камянях, якія ёсць у паветах ... : Гарадзенскім, Лідскім і Ашмянскім. Два такія камяні, знаходзяцца ў добра вядомых месцах. Адзін у Лідскім павеце, Ваверскай парафіі, у маёнтку Юзафа Шышкі, каля вёскі Мееры: ступня на камені там выразная і дакладна выбітая. Сяляне ўважаюць яе за ступню Маці Божай і прызвычаіліся да яе ўшанавання. Другі камень у павеце Ашмянскім, каля дарогі з Трабаў да Гальшанаў, каля карчмы. Называецца той камень "След чорта", такую ж назву мае і карчма. ... Пра камень у Гарадзенскім павеце кажуць, што ён ляжыць над ракой Котрай, на левым беразе, недалёка Берштаў. Нарбут лічыў, што "манголы распаўсюдзілі над Славяншчынай Рускай сваё панаванне, якое як раз даходзіла да таго месца, дзе ляжаў той камень з адбіткам ступні, яны клалі на іх свае знакі - выявы Басмы" . Апісанне каменя ў Меерах і "Следа чорта" Нарбут падаў таксама ў іншай працы (Pomniejszy pisma historyczne, 1856. 219 і 220.) прытым аб першым з іх дадаў: "Дажджавая вада, якая збіраецца ў тыя паглыбленні, лічыцца гаючай для вачэй" . Не падзяляючы меркавання Нарбута аб значэнні камянёў з знакам чалавечай ступні, падаю гэтыя цытаты з рэдкіх зараз кніг адзіна з мэтай папулярызацыі рознабаковых ведаў пра нашу зямлю.

Вёска Мееры складаецца з двух частак - усходняй, якая называецца Мілевічамі і заходняй, вядомай пад назвай Мееры. Камень, пра які ідзе размова, ляжыць за 0,25 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Мілевічы і за некалькі дзясяткаў метраў на поўдзень ад гасцінца Мыто - Паперня, на невялікім пагорку, які парос рэдкімі соснамі. Згодна з выкананым перадзелам зямлі гэтае месца знаходзіцца на зямлі Мацея Чыжыка. Даўгаваты стары камень няправільнай формы, памерам 70х50х40 см не мае ніякіх слядоў апрацоўкі, бачны на ім толькі два, а можа, тры выдзеўбаныя крыжыкі. Пры канцы каменя, на яго нахільнай паверхні знаходзіцца выразнае, як быццам натуральнае паглыбленне, якое мае падабенства з следам глыбока ўціснутай ступні 12-ці гадовай дзяўчыны, даўжынёй 16 см, шырынёй 5-6 см і глыбінёй да 3 см. Магчыма, калісьці камень парушылі з месца, бо след ступні знаходзіцца на бакавой паверхні і вада ў ім утрымлівацца не можа. 10 траўня 1936 г. купка дзяцей, якія бавіліся на вуліцы вёскі, у адказ на маю просьбу паказаць камень са следам Маці Божай, з задавальненнем правялі мяне на месца. Тут я убачыў, што зямля каля каменя чыста падмецена і пасыпана белым пяском, а сам камень атачоны вялікім вянком з дзеразы і ўплеценымі кветкамі палыну. На маё пытанне дзеці адказалі, што камень гэты абмятаюць і ўпрыгожваюць кветкамі вясковыя дзяўчаты. А паважнае стаўленне да каменя ў вясковага люду, па словах Нарбута, мае ўжо не адно стагоддзе і захавалася да нашага часу .

Па старажытнай юрыдычна-земляробчай тэрміналогіі адзінкі зямлі называліся слядамі. Тэрмін "след" спатыкаем і на нашых тэрыторыях у другой палове XV ст.: "Гладку в Радуни Кровопустов след" (Літ. Метр., кн. ІІІ, запіс., С. 72.), каля 1524 г. у Астрынскім павеце - два сляды наданы Шымку Мацкавічу (М. Любавский. Област. дел., С. 451.) і г.д. Маю дакументы - прывілеі Яна з княжатаў літоўскіх, біскупа віленскага, 1538 г. і позву 1743 г. Гэтыя дакументы сведчаць, што старажытныя касцёлы ў Вялікай Ваверцы ці Студзянцы, а таксама ў Дылеве ці Малой Ваверцы ад паловы XV ст. мелі шматлікія наданні землямі і людзьмі, якія ў 1571 г. перайшлі разам з касцёламі да вызнання евангеліцка-рэфарматарскага, а потым былі толькі часткова вернуты, пасля вяртання ў рыма-каталіцкае вызнанне, праз шматлікія і шматгадовыя судовыя працэсы. У выніку праведзенай пры канцы XVI ст. валочнай рэформы, паўсталі ў гэтай мясцовасці новыя вёскі, а старажытныя назвы зямельных надзелаў зніклі і зараз немагчыма ўжо зразумець, якія землі мелі касцёлы і як тая зямля называлася. Адважуся прапанаваць ідэю, што пэўныя землі, якія належалі да пэўнага касцёла, ці нават да алтара Маці Божай, маглі мець назву "След Маці Божай", а камень, з паглыбленнем, падобным, на след патрапіў сюды выпадкова ці наадварот, адмыслова быў тут пакладзены ў якасці доказу не толькі юрыдычнага, а і маральнага, што гэтая зямля ёсць уласнасцю не "ерэтыкоў кальвіністаў", а Маці Божай.

Таболічы. Вёска за 2 км на ўсход ад мястэчка Сабакінцы. Слаўны археолаг Вандалін Шукевіч (Szkice z archeologii przedhistorycznej Litwy. Wilno, S. 33.) падаў такую інфармацыю пра камень: "Адзін з іх стаіць паблізу ад вёсак Казлы і Таболічы, Забалацкай гміны ў Лідскім павеце, уздымаецца над паверхню на 1,35 м. Ёсць гэта ледзь ачэсаны камень ў форме нерэгулярнай піраміды, каля каменя, паверхня зямлі забрукавана дробнымі каменьчыкамі. Другі такога кшталту і такога ж памеру камень, ляжыць каля першага. Народнае паданне кажа, што "нарачоных ператварылі ў камяні ўгневаныя бацькі, бо маладыя хацелі ажаніцца насуперак іх волі" . Не меў магчымасці адшукаць і пабачыць гэтыя камяні. Дапушчаю, што і сам аўтар гэтых камянёў не бачыў, бо падаў месца знаходжання іх надта невыразна. Вёска Таболічы заўсёды была ў гміне Сабакінцы, а не Забалаць, а ў Забалацкай гміне ёсць вёска Казляны а не Казлы за 7 км ад Таболічаў, і таму вызначэнне "паблізу ад вёсак Казлы і Таболічы" ёсць вельмі цьмяным.

Вежанцы. Вёска за 10 км на паўноны захад ад мястэчка Эйшышкі. Святой памяці Вандалін Шукевіч даў наступную інфармацыю пра камень, які знаходзіцца над берагам ракі Вярсокі, якая ўпадае ў раку Мерач, паміж вёскамі Юршышкі, Друскенікі, Зубішкі і Вежанцы. Гэта ёсць глыба дробна-зярністага граніту. Верхняя частка каменя плоская, не роўная. На ёй маюцца два круглыя паглыбленні (місы), старанна выбітыя і адшліфаваныя. З тых місак - як кажа паданне - падчас палявання на берагах Вярсокі хацеў пад'есці нейкі кароль. Гэтага каменя я асабіста не бачыў. Месцазнаходжанне яго акрэслена "паміж вёскамі Юршышкі, Друскенікі, Зубішкі і Вежанцы" , што не надта дакладна.

Дапускаю, што на такіх камянях і іншым камяням некалі расціралі зерне на муку і круглыя, адшліфаваныя паглыбленні паўсталі ад такой шматгадовай працы. А калі на такім камені працавалі некалькі асоб, дык паўсталі некалькі місападобных паглыбленняў.

Вынаходніцтва ручных млынкоў адбылося ў пазнейшыя часы, бо для вырабу такіх млынкоў з цвёрдага каменю патрэбны былі не толькі навыкі выплаўкі жалеза з руды, але і загартоўкі сталі.

Палецкішкі. Вёска за 10 км на захад ад Воранава. 40 гадоў таму чуў апавяданне, што пры дарозе з Гародна да Палецкішак знаходзілася група камянёў, падобна, груба абчасаных, якія былі падобны на сапраўднае вяселле. На некаторых камянях былі значны косы, чым і адрозніваліся каменныя кабеты. Паданне расказвала, што гэтае вяселле было кімсьці заклята і ператварылася ў камяні. Ніколі не меў магчымасці даведацца, ці існуе яшчэ гэтая група, і дзе дакладна яна знаходзіцца.

Апрача гэтых камянёў, нам былі вядомы яшчэ камяні:

Пры маёнтку Капцюжы , каля ваколіцы Навакунцы ў гміне Эйшышкі. Яны зараз знішчаны.

Камень з датай "1724" пры дарозе з маёнтка Дворышча да дварышчанскай капліцы ў Жырмунскай гміне.

Вялікі камень з выбітым крыжам на скрыжаванні даўніх дарог да Кракава і ў Крым - паміж Шчучынам і Ражанкай.

Цэлая група камянёў з невядомымі знакамі ў мясцовасці Бамбізаўшчына каля Касцянёва ў Васілішскай гміне.


Усе гэтыя камяні - невялікая частка ўсіх памятных камянёў на Лідчыне. Амаль што кожная вёска мае камень з назвай, легендай, апавяданнем, на якім ёсць нейкія невядомыя знакі, ці сам ён мае дзіўную форму. Шмат тых камянёў ужо знаходзіцца ў фундаментах касцёлаў ці іншых мураваных гмахаў, шмат разбіта, шмат перароблена ў надмагіллі, жорны да млыноў ці блокі для будоўлі мастоў і г.д.

Працэс знішчэння гэтых цікавых помнікаў нашай даўніны ідзе безупынна і зараз. Хацелася б уратаваць ад знішчэння хоць бы тыя з іх, якія дажылі да нашых часоў. Таму звяртаюся з гарачым заклікам да нашых шаноўных чытачоў, каб збіралі інфармацыю аб памятных камянях, а можа і паправілі напісанае ў гэтым артыкуле, а лепш, каб напісалі пра невядомыя яшчэ камяні на якіх выбіты нейкія знакі, якія маюць назвы ці пра якіх расказваюць паданні. Такую інфармацыю, трэба накіроўваць па адрасу рэдакцыі "Лідскай Зямлі" у Лідзе, вул. Замкавая, 4.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.


Фінальныя акорды "Лідскага падворка"

У гэтыя дні на Лідчыне праходзіць завяршальны этап раённага агляду-конкурсу канцэртных праграм "Лідскі падворак". Лепшыя з лепшых сваіх канцэртаў далі артысты філіялаў ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці " - "Ёдкаўскі Дом культуры", "Ходараўскі Дом культуры", "Ганчарскі Дом культуры", "Крупаўскі Дом культуры" і "Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу".

Гэтыя выхадныя дні, насычаныя творчым узнёсам, уразілі шматлікіх гледачоў аграгарадкоў Лідскага раёна. Да ўдзелу ў традыцыйным аглядзе-конкурсе клубныя ўстановы падрыхтавалі яскравыя канцэртныя праграмы: "Добры дзень, суседзі!", "Ходараўскія вячоркі", "Ударым песнямі і смехам па нашых жыццёвых агрэхах", "Сузор'е талентаў" і "Творчая капель".

Увогуле, справаздачныя праграмы былі настолькі адточаны і адшліфаваны, што нават самае строгае журы не змагло б знайсці ў іх ні малейшай заганы. Музычнае афармленне, рэжысура, трапна ўпрыгожаныя залы, з густам прыбраныя артысты і, канешне ж, сцэнічнае майстэрства, талент выканаўцаў дапамаглі зрабіць канцэртныя праграмы незабыўнымі.

Арганізатары канцэртных праграм задзейнічалі больш за сто ўдзельнікаў. Трэба аддаць належнае, самадзейных артыстаў у аг. Ёдкі, Ходараўцы, Ганчары, Крупава і Гуды нямала. Журы прыемна здзівілі і ўразілі выступы фальклорнай вакальнай групы "Весялуха", сольных спеваў "Мелодыка" і "Званочкі", дзіцячага аматарскага аб'яднання "Пакаленне нэкст" (філіял "Ёдкаўскі ДК"), жаночай вакальнай групы "Медуніца", дзіцячага аматарскага аб'яднання "Суквецце" (філіял "Ходараўскі ДК"), сольных спеваў "Світанак", жаночай вакальнай групы "Надзея", тэатра мініяцюр "Балагур", аматарскага аб'яднання "Сяляначка" (філіял "Ганчарскі ДК"), гуртка сольных спеваў "Язмін" (філіял "Крупаўскі ДК"), ВІА "Постфактум", жаночай вакальнай групы "Чараўніцы" (філіял "Гудскі ЦТ і ВЧ"). Асабліва ж парадавалі гледачоў дзіцячыя калектывы "Вясёлыя жаўраначкі", ансамбль народнай музыкі "Вясёлка", ВІА "Равеснік", вакальная група "Зорачка" (філіял "Гудскі ЦТ і ВЧ"). Бацькі юных артыстаў з задавальненнем наведваюць канцэртныя праграмы клубных устаноў раёна, у якіх прымаюць удзел іхнія таленавітыя дзеткі.

Прыемныя ўражанні ва ўсіх прысутных засталіся і ад выступленняў маладых выканаўцаў: Кацярыны Дайнэкі, Аляксандра Маляўкі, Ангеліны Каршун, Дар'і і Валерыі Жук, Карыны Грынько, Маргарыты Карапецян, Анастасіі Богдан, Ліяны Казлоўскай, Анастасіі Бальцэвіч, Аксаны Марцінкевіч, а таксама Аляксандра Казлоўскага. Кожнае выступленне самадзейных артыстаў суправаджалася дружнымі апладысментамі. Адным словам, задавальненне атрымаў кожны. Асабліва адчувалася гэта падчас фінальных песень, выконваць якія на сцэну выходзілі ўсе артысты філіялаў. Увогуле, творчыя справаздачы ўдаліся і, сапраўды, пакінулі ў сэрцах гледачоў самыя цёплыя ўражанні і падаравалі добры настрой на наступны рабочы тыдзень.

В.Р. Троцкая , вядучы метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".


Паездка на малую радзіму мастака Алеся Цыркунова

Плённа правёў час на сваёй малой радзіме - Жлобіншчыне - беларускі мастак Алесь Цыркуноў. 22 сакавіка ён пабываў у Мормальскай школе, дзе сустрэўся з вучнямі і настаўнікамі. Тэмай яго гутаркі стаў лёс ураджэнца Мормаля, выпускніка мясцовай школы беларускага пісьменніка, гісторыкі літаратуры Уладзіміра Содаля (1937-2015). Алесь Іванавіч заклікаў мормальцаў берагчы родную мову, не цурацца яе, шанаваць сваю Радзіму, як гэта рабіў Уладзімір Содаль. А яшчэ мастак падараваў школе матэрыялы, якія тычацца жыцця і творчасці пісьменніка, у тым ліку аўдыязапісы сустрэч Уладзіміра Содаля з чытачамі і ягоныя кнігі з шчырымі пажаданнямі мормальцам ад жонкі творцы - Клары Барысаўны.

На другі дзень Алесь Цыркуноў прыняў удзел у вечарыне памяці яшчэ аднаго знакамітага ўраджэнца Жлобіншчыны - паэта, пісьменніка і перакладчыка Хведара Жычкі (1927-2007), якому 20 сакавіка споўнілася б 90 гадоў. Мерапрыемства ладзілася ў сценах цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Н.К. Крупскай. У канцы вечарыны Алесь Іванавіч падараваў установе копію свайго плаката "Радавод Полацкіх і Вялікіх Беларускіх (Літоўскіх) князёў.

Мікалай Шуканаў, краязнавец, г. Жлобін. На здымках: Алесь Цыркуноў у Мормальскай школе; у момант перадачы плаката ЦРБ імя Н.К. Крупскай. Фота аўтара.


Невядомая старонка нашай гісторыі

Атрымаў у падарунак цікавую кнігу "Барацьба за маладое пакаленне Заходняй Беларусі і праўрадавы маладзёжны рух (1926-1939 г.г.)", якую напісаў Крывуць Віталій Іванавіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, навуковец.

Віталій Іванавіч нарадзіўся 6 студзеня 1973 года. У 1999 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

Працаваў настаўнікам гісторыі. У 2005 годзе абараніў кандыдатскую дысертацыю на тэму "Маладзёжныя арганізацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі (1929-1939)".

З верасня 2006 года працуе ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце на кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін.

Сфера навуковых інтарэсаў даследчыка - гісторыя Заходняй Беларусі 1920-1930 г.г. Кніга выйшла ў выдавецтве "Баранавічы РВА БарДУ" у 2013 годзе. Манаграфія мае наклад 110 асобнікаў. У ёй раскрываюцца, ідэалогія праўрадавага маладзёжнага руху і яго канкурэнтаў, а таксама асноўныя кірункі дзейнасці кіраўнічых колаў ІІ Рэчы Паспалітай і падначаленых ім маладзёжных арганізацый сярод маладога пакалення Заходняй Беларусі.

Манаграфія каштуе 15 новых рублёў і разлічана на вучоных, выкладчыкаў, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца найноўшай гісторыяй Беларусі.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст - фрылансер.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX