Папярэдняя старонка: 2017

№ 15 (1322) 


Дадана: 11-04-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 15 (1322), 12 красавіка 2017 г.


Хрыстос уваскрос!

З Вялікаднем, дарагія беларусы!

Хрыстос уваскрос!

І свет прачнуўся

вясной на голлечку бяроз.

Ударыў звон на Беларусі:

Хрыстос уваскрос!

Хрыстос уваскрос!

Хрыстос уваскрос з крыві і болю,

каб светач праўды не пагас.

Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў,

васкрос Ён, брацці, і для нас.

Так будзем помніць мы ў кайданах,

падняўшы сэрцы ўгару,

што так, як Бог ускрыжаваны,

уваскрэсне наша Беларусь!

Ларыса Геніюш. 1954 г.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале ізноў адбылося паніжэнне колькасці падпісчыкаў. Пры тым, што большасць абласцей узровень падпіскі захавала, самыя моцныя суб'екты: Менск, Менская вобласць і Гарадзенская вобласць некалькі здалі, што і прывяло да падзення на 25 чалавек. Тым не менш, трэба назваць Магілёў, Нясвіж, Докшыцы, Наваградак і Астравец, дзе падпіска паднялася на два і больш асобнікаў.

Студзень Красавік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 16 14

Бяроза р.в. 8 8

Белаазёрск р.в. 1 1

Бярэсце гор. 9 6

Ганцавічы р.в. 1 1

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 3 3

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 1 1

Ляхавічы р.в. 1 1

Маларыта р.в. 1 1

Пінск гор. 6 6

Пружаны р.в. 18 19

Столін р.в. - -

Усяго: 66 65


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. - -

Браслаў р.в. 1 2

Віцебск гор. 19 18

Віцебск РВПС 1 1

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 11 10

Гарадок р.в. 4 4

Докшыцы р.в. 2 4

Дуброўна р.в. 1 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 1 1

Наваполацк гор. 19 19

Орша гор. 10 10

Полацк гор. 3 3

Паставы р.в. 9 6

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 2 2

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 5 7

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 99 99


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 1 2

Барысаў гор. 6 6

Вілейка гор. 2 2

Валожын гор. 12 8

Дзяржынск р.в. 12 12

Клецк р.в. 1 2

Крупкі р.в. 4 3

Капыль р.в. 1 1

Лагойск 5 5

Любань р.в. 1 1

Менск гор. 246 237

Менск РВПС 9 7

Маладзечна гор. 12 10

Мядзель р.в. 4 4

Пухавічы РВПС 4 5

Нясвіж р.в. 25 27

Смалявічы р.в. 3 2

Слуцк гор. 9 9

Салігорск гор. 7 8

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 32 31

Узда р.в. 1 1

Чэрвень р.в. 3 2

Усяго: 400 385


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 3

Брагін р.в. - 1

Ветка р.в. 1 1

Гомель гор. 22 22

Гомель РВПС - -

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 15 15

Жлобін гор. 2 2

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. 1 1

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. - -

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 2

Рэчыца гор. 3 3

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 1 1

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. 2 1

Усяго: 59 60


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 4 3

Ваўкавыск гор. 8 8

Воранава р.в. 20 19

Гародня гор. 35 35

Гародня РВПС 20 19

Дзятлава р.в. 11 9

Зэльва р.в. 1 -

Іўе р.в. 3 3

Карэлічы р.в. 3 3

Масты р.в. 4 4

Наваградак гор. 3 5

Астравец р.в. 3 5

Ашмяны р.в. 3 3

Смаргонь гор. 4 5

Слонім гор. 17 8

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 2 2

Ліда 49 49

Усяго: 194 184


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 3 3

Бялынічы р.в. 1 1

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. - -

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 2 2

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 2 2

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 31 34

Магілёў РВПС - -

Асіповічы гор. 15 15

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 2 2

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 2 2

Усяго 64 67

Усяго на краіне: 885 860


Найстарэйшаму сябру ТБМ - 107 гадоў

Найстарэйшаму сябру ТБМ, дзеячу беларускай эміграцыі Барысу КІТУ, які апошнія дзесяцігоддзі жыве ў Франкфурце-на-Майне, споўнілася 107 гадоў.

Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 у Пецярбургу.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Наваградскай гімназіі. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. З 1933 г. выкладаў матэматыку ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а ў 1939 г. стаў яе дырэктарам. У 1940 г. заняў пасаду акруговага інспектара Баранавіцкай навучальнай акругі, арганізаваў пачатковыя і сярэднія школы ў Баранавіцкім, Слонімскім, Валожынскім і Ваўкавыскім раёнах. Аднавіў Беларускую гімназію ў Наваградку.

У часы гітлераўскай акупацыі быў дырэктарам школы ў Лебедзеве, гімназіі ў Паставах і гандлёвай школы ў Маладзечне, навучанне ў гімназіях ратавала моладзь ад вывазу ў Германію. Многія вучні былі ўдзячныя яму за настаўніцкую дзейнасць. Нейкі час быў у нямецкай турме, выжыў.

Улетку 1944 г. выехаў у Германію, у 1947 г. прыехаў у ЗША. Адзін са стваральнікаў беларускага асяродка ў Саўт-Рыверы. Кіт разам з Франакам Шаўроўскім, Лангінай і Уладзімірам Брылеўскім, Міхасём Сенькам запрашалі беларусаў з Германіі ў Саўт-Рывер, шукалі ім жыллё, працу. Такім чынам паўстаў беларускі асяродак з царквой, які паспяхова дажыў да нашага часу.

У 1950 г. Кіт пераехаў у Лос-Анджэлас, дзе таксама спрычыніўся да арганізацыі беларускага жыцця.

З сярэдзіны 1960-х удзельнічаў у касмічных праектах, у выніку чаго пакінуў грамадскую дзейнасць.

З'яўляецца акадэмікам Сусветнай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), чальцом Амерыканскага астранаўтычнага таварыства.

Пару тыдняў таму журналістка "Народнай волі" Раіса Унукава патэлефанавала яму.

- Чым вы заняты?

- Заняты думкамі, - адказвае ён. - Сяджу вось у вазку ці ляжу ў ложку і ўспамінаю сваё жыццё… Думаю пра тое, што зрабіў шмат дабра і для навукі, і для людзей. Успомнілася сёння, як я быў старшынём першага сходу - гістарычнага сходу ў Вашынгтоне, на якім адбылося паяднанне СССР і Амерыкі ў ракетнай галіне. Гэта была першая двухбаковая сустрэча. 1960 год. У Амерыку прыехала група савецкіх акадэмікаў і міністраў. Паколькі я добра ведаў рускую мову і меў на той час вялікі вопыт у ракетнай справе, мяне і прызначылі кіраўніком гэтай групы. Успамінаю, што на гэтай сустрэчы не было ніякай палітыкі - толькі навука. Атмасфера была надзвычай дружалюбная… І я вельмі ганаруся, што распачаў гэтую справу, якая працягваецца і па сённяшні дзень. А вынікам тых перамоў стаў запуск у 1972 годзе савецка-амерыканскай сістэмы "Саюз-Апалон".

Я рады, што большую частку жыцця займаўся навукай, што прынёс шмат карысці чалавецтву… Я даследаваў неверагодна цікавыя рэчы ў галіне астранаўтыкі. Асабліва ганаруся тым, што ўдзельнічаў у распрацоўцы вадкага вадароду, які стаў асноўным ракетным палівам, дзякуючы чаму зрабілася магчымым падарожжа на Месяц… На працягу 25 гадоў я працаваў у галіне касмічных даследаванняў у Амерыцы, напісаў першы ў гісторыі касманаўтыкі падручнік па паліве для ракетных сістэм, які быў станоўча ацэнены ва ўсім свеце. І я быў заўсёдным дэлегатам усіх міжнародных кангрэсаў па астранаўтыцы, дзе выступаў з дакладамі і паведамленнямі.

Пра Барыса Кіта два гады таму напісала "Frankfurter Allgemeine". Пра сакрэт даўгалецця ён сказаў тады: "Нічога не раблю для гэтага. Абсалютна. Выбіраюся гуляць, "калі добрае надвор'е".

Вікіпедыя.


У бурлівай плыні падзей

(Некалькі пытанняў да Рыгора Кастусёва з нагоды 60-гадовага юбілею)

17 красавіка 1957 года ў вёсцы Цяхцін Белыніцкага раёна нарадзіўся Рыгор Адрэевіч Кастусёў, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, намеснік старшыні партыі БНФ, актыўны сябар ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

У першыню з Рыгорам Андрэевічам Кастусёвым мне давялося пазнаёміўся ў лістападзе 1994 года пад час падрыхтокі ўстаноўчай канферэнцыі Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Непасрэдна канферэнцыя адбылася 28 лістапада ў зале музычнай школы і была даволі прадстаўнічай. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі ўлады, супрацоўнікі адукацыі, культуры, вытворчай сферы, пенсіянеры і нават даехаў прадстаўнік лясной гаспадаркі. Прысутнічаў на мерапрыемстве і тагачасны галоўны механік Шклоўскай МПМК-283 Рыгор Кастусёў.

Гэты чалавек адразу звярнуў на сябе ўвагу сваёй інтэлігентнасцю, тактоўнасцю і дасканалай беларускай мовай. Маючы інжынерную адукацыю, Рыгор Андрэевіч, таксама ўразіў сваімі ведамі ў разнастайных кірунках развіцця сучаснага грамадства і, што асабліва цікава была для мяне, ведамі беларускай гісторыі. У далейшым знаёмства перарасло ў сяброўства, якое працягваецца да гэтага часу. На пярэдадні 60-ці годдзя з дня нараджэння я не вытрымаў, каб не задаць Рыгору некалькі пытанняў:

- Спадар Рыгор, пасля таго, як набылі сярэднюю адукацыю, які кірунак выбралі ў жыцці?

- З дзяцінства марыў аб вайсковай службе і рыхтаваў сябе да гэтага. Яшчэ ў школьныя гады добра асвоіў стралковую зброю, добра страляў. Пасля заканчэння школы паступаў у вайсковае вучылішча горада Санкт-Пецярбурга (Ленінграда), але ўжо там, у вучылішчы змяніў свае меркаванні і "ўцёк" з вучылішча. Вярнуўшыся да хаты уладкаваўся на працу рабочым саўгаса "Друць". У траўні 1975 года быў празваны на службу ў войска, дзе імкнуўся разабрацца ў сваім стаўленні да службы. Але пацягнула на Радзіму. Адслужыў і паступіў на вучобу ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, якую скончыў у 1982 годзе. Вярнуўся ў родную гаспадарку саўгас "Друць" на пасаду загадчыка майстэрні. Працаваў творча, і праз паўгода даручылі пасаду галоўнага інжынера. 1988 год памятны тым, што быў абраны калектывам саўгаса "Іскра" Бялыніцкага раёна на пасаду дырэктара.

- Амаль чатыры гады дырэктарства. Потым аказаўся Шклоў?

- Так! У 1991 годзе па сямейных абставінах быў пераведзены на працу ў Шклоў. Пачаў з галоўнага механіка Шклоўскай будаўнічай арганізацыі МПМК-283. Аддаваў усё сваё ўменне працы. Відаць, гэта паслужыла таму, што кіраўніцтвам раёна быў прызначаны дырэктарам Шклоўскага раённага вытворчага аб'яднання ЖКГ, дзе працаваў да 2001 года. Вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам улады пасля прэзідэнскіх выбараў з-за ўдзелу ў камандзе кандыдата дэмакратычных сіл.

- Як далей склаўся лёс?

- Працаваў на разнастайных пасадах у камерцыйных структура, пэўны час быў прыватным прадпрымальнікам.

- Паралельна з працай, як складвалася грамадская дзейнасць?

- З 1989 года, з часу выбараў у Вярхоўны Савет СССР, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і палітычным жыцці краіны. У 1993 годзе выбіраўся старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ, у 2002 - старшынём Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. З 2009 года з'яўляюся намеснікам старшыні Партыі і ГА БНФ. Годам раней абраўся старшыём Магілёўскай абласной Кааліцыі дэмакратычных сіл. У 2010 годзе вылучаны Партыяй БНФ кандыдатам у Прэзідэнты Беларусі. За вылучэнне было сабрана 107083 подпісы. Паводле афіцыйных выніках набраў 1,97 % галасоў. Аспрэчваў вынікі Ў ЦВК.

- Але вернемся ў Шклоў. Якія найбольшыя ўражанні засталіся ад працы ў Шклове?

- Гэта перыяд падрыхтоўкі Шклова да "Дажынак" у 1998 - 2000 гадах. То была не толькі самаадданая праца, але і вялікая школа ў арганізацыі і правядзенні такіх мерапрыемстваў, дзе былі задзейнічаны шматлікія прафесіяналы з усіх куткоў Беларусі.

- А ці ёсць нейкія асабістыя захапленні?

- У першую чаргу - гэта тэхніка: аўтамашыны, трактары, іншае. Увогуле, работа рухавікоў успрымаецца як музыка, па якой можна вызначаць недахопы і няспраўнасці. Так склалася, што гэта захапленне перарасло ў прафесіяналізм. Яшчэ адно засталося са службы ў войску - "марзянка". Да гэтай пары, калі пачую, то нават настрой паляпшаецца. Ну і цырульная справа, якой навучыўся самастойна. Калі каго-небудзь з сямейных трэба стрыгчы, то я гэта раблю з задавальненнем.

- І нарэшце, што Вы пажадаеце чытачам газеты "Наша слова"?

- Жадаю ўсім чытачам газеты "Наша слова" поспехаў ва ўсіх справах. Я ўпэўнены, што нашыя агульныя высілкі па адраджэнні беларускай мовы, культуры, адраджэнні беларускай дзяржаўнасці будуць мець плён. А газеце "Наша слова" жадаю, каб колькасць чытачоў і прыхільнікаў газеты ўзрастала штогод.

- Дзякуй за інтэрвію. Жадаю надалей безліч гадоў дабротнага жыцця, адметнага здароўя, далейшай актыўнасці ў грамадстве!

Аляксандр Грудзіна, Шклоўская раённая арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. На здымках: 1. Рыгор Кастусёў; 2. На паседжанні шклоўскага ТБМ 15.03.1998 г.; 3. На паседжанні шклоўскага ТБМ 2017 г.


Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук пачаў курсы беларускай мовы

Дасканаласці няма межаў. Нават беларускамоўныя пацягнуліся на курсы беларускай мовы, якія распачаў днямі Інстытут мовазнаўства імя Якуба коласа Акадэміі навук Беларусі. Гаворыць дырэктар Інстытута Ігар Капылоў.

- Цікавасць да беларускай мовы ёсць: канфесійная сфера, асабліва, што тычыцца каталіцкай канфесіі дзе пашыраецца яе выкарыстанне, сфера інтэрнету, сёння ў бізнесе выкарыстоўваецца беларуская мова і радуе тое, што моладзь таксама цягнецца да беларускай мовы. Мы вырашылі прапанаваць навукова-асветніцкія курсы на базе акадэмічнага інстытута, гэта такога плану адзіныя курсы ў нашай краіне і даць магчымасць слухачам пазнаёміцца з тымі даследаваннямі ў галіне мовазнаўства, якія праводзяцца ў нашай установе. Курсы што-сераду ўвечары можа бясплатна наведваць кожны ахвочы. Заняткі складаюцца з лекцыі і з жывой практыкі. Наперадзе заняткі па этыцы зваротаў сярод беларусаў і іншыя. Па заканчэнні курсаў кожнаму іх пастаяннаму слухачу будзе выдадзены адмысловы сертыфікат.

Максім Каўняровіч , Беларускае Радыё Рацыя, Менск.


Прайшоў чарговы этап напісання Х Агульнанацыянальнай дыктоўкі

На гэты раз сябры Асіповіцкай рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" пісалі дыктоўку разам з вучнямі і настаўнікамі Дараганаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, да якіх далучыліся і некаторыя жыхары а/г Дараганава. Дыктаваў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Тамашоў М.В.

Наш кар.


Этнаграфічны тлумачальны слоўнік

Сымон Барыс

Пачынаем друкаваць беларускі кароткі тлумачальны этнаграфічны слоўнік. Спадзяёмся, што нашы чытачы ў музеях і настаўнікі ў школах сумеюць яго выкарыстаць у сваёй рабоце. Складальнік гэтага слоўніка Сымон Барыс падрыхтаваў яго для сябе і сваіх супрацоўнікаў, калі працаваў загадчыкам навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту (скансэн). Для сучаснікаў, асабліва ў гарадах, шмат слоў з гэтага слоўніка зусім незразумелыя. Пасля дыялектнага слова ў дужках курсівам напісаны рускі адпаведнік гэтага паняцця. Некаторыя тэрміны будуць праілюстраваны фотаздымкамі або малюнкамі.

А

Абарог, шур (оборог) - пабудова з пад'ёмнай страхой для стагавання сена.

Аблавуха (шапка-ушанка) - футровая мужчынская шапка з вушамі.

Аблог (новь, целина) - цаліна.

Абоз (обоз) - некалькі падвод адна з адной.

Абозня - халодны будынак для захоўвання калёсаў, саней і іншага.

Абора - 1) хлеў на Палессі; 2) валока - вяровачная завязка ў лапцях.

Аброк - корм (авёс) для коней.

Аброць (узда) - скураное або вяроўчатае прыстасаванне на галаву каню для кіравання.

Абрус, настольнік (скатерть) - тканіна, якой накрываюць стол.

Аграгарадок (агрогородок) - вёска, якой афіцыйна дадзены такі статус, што азначае сельскагаспадарчы гарадок.

Агароднік (огороднік) - прыгонны селянін, які апрача свайго двара і агарода плошчай адной дзесяціны больш нічога не меў.

Агата, загата (завалина) - прызба (Ваўкавыскі ра-ён). Агачыць - акапаць прызбу.

Аглабель, аглоблі (оглобля) - драўляная жэрдка, якая мацавалася адным канцом да восі калёсаў, а другім - канцом да гужоў хамута. Іх было дзве.

Аглабіна - біла, якім мацуюцца лёсткі ў драбінах.

Агляды, агледзіны (смотрины) - агляданне бацькамі маладой гаспадаркі маладога перад вяселлем (Вілейскі раён).

Агніца - лампада перад абразамі.

Адведкі, адведзіны (посещение роженицы) - наведванне сяброўкамі жанчыны, якая нарадзіла дзіця. Звычайна прыходзілі заўсёды з аладкамі.

Адрына (одрина) - гаспадарчы будынак для захоўвання неабмалочанага збожжа, сена, саломы ды інвентару.

Адрынка, прыгумак - бакавая прыбудова да гумна пад адной страхой (Мядзельскі раён).

Аднадворац (однодворец)-вольны селянін, часцей за ўсё шляхціц, становішча якога прыраўнівалася да заможнага вольнага селяніна.

Адзёнак - памост разам з шастом для стога, незавершаны стог.

Адліў - дошкі, прыбітыя да нізу франтона, каб сцякала вада і не зацякала сцяна. (Бялыніцкі раён).

Аднаручка (одноручка) - невялікая піла для работы адной рукой, нажоўка.

Азадкі - адходы пры малацьбе збожжа ўручную.

Азярод, пярэплат (прясла) - драўлянае прыстасаванне - 2 або 3 слупы з гарызантальнымі жэрдкамі для сушкі кармоў (канюшыны, бульбоўніку, гарохавін, сілядэры).

Аканом - наёмны работнік у панскім маёнтку, які кіраваў гаспадаркай.

Аканіцы (ставни) - драўляныя створкі для закрывання акон знадворку.

Акалёнцы - панская прыслуга, якая жыла ў хатах каля панскага дома альбо палаца.

Акалот - абмалочаныя жытнія снапы.

Аколіца, ваколіца (околица ) - 1) плот з варотамі ў канцы вёскі; 2) наваколле, ваколіца; 3) паселішча дробнай шляхты.

Акуркі (окурки) - начная малацьба на панскім гумне.

Аксаміт, мошаст (бархат) - тоўстая шаўковая тканіна, пакрытая з аднаго боку ворсам.

Алейня (маслобойка) - невялікаае прадпрыемства, на якім выраблялі алей (з сем'я або са сланечніку).

Альтанка (беседка) - лёгкі летні будынак у садзе для адпачынку.

Аляксей (Алексей) - вясенні прысвятак рыбакоў і прырэчных сялян. Праваслаўныя адзначаюць 30 сакавіка па новым стылі.

Андарак, сукня, даматкан (шерстяная юбка) - суконная спадніца.

Андрэй - прысвятак, дзявочае свята, калі дзяўчаты варожаць. Бывае 13 снежня па новым стылі.

Ангарыя, падвода (ангария) - падводная павіннасць для прыватных і казённых маёнткаў у 14 - 19 стст.

Апука - камандная народная гульня ў мяч.

Апалушкі, паланачкі (корытце) - маленькія начовачкі для палання (ачысткі) круп.

Арандатар (арендатор) зямлі - той, хто ўзяў у маёнтку зямлю ў арэнду.

Аруд (засек, суссек, закром) - адгароджаная частка клеці для захавання збожжа.

Арфа (веялка) - ручная машына з сітамі і з ручным прывадам для веяння абмалочанага збожжа (ачыстка яго ад мякіны).

Аршын (аршин) - мера даўжыні ў Расійскай імперыі, роўная 0,72 м.

Арэлі, гушкаўкі (качели) - качэлі.

Асаднікі (осадники) - былыя польскія вайскоўцы, якія былі надзелены казённымі землямі ў Заходняй Беларусі ў 1920-х гадах.

Асвер - журавель у калодзежы.

Аселіца -1) наваколле паселішча; 2) агарод каля вёскі, сенажаць каля агарода.

Асець, восець, сушня (осеть) - зрубнае памяшканне з печкай для прасушкі снапоў перад малацьбой.

Асочнікі (асочники) - сяляне-слугі ў ВКЛ ХІV - ХV стст., якія ахоўвалі пушчы і займаліся паляваннем. Яны вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў. За службу яны атрымоўвалі дзве валокі зямлі, якая не абкладалася падаткамі.

Астроўкі, астрыё (кастрома) - жэрдачнае прыстасаванне для прасушкі гароху.

Атрускі - салома, што абтрасаецца з возу або дробная салома пры нарыхтоўцы кулёў.

Атоса, цяга (тяжа) - вяроўчатая, або кручаная з лазы ці жалезнае прыстасаванне, якое рэгулявала нацяжэнне паміж аглобляй і колам калёсаў.

Аснова (основа) - падрыхтаваныя ніткі ў кроснах для ткання.

Асьміна, асьмінка (осминка) - 1) старая мера аб'ёму сыпучых цел на Беларусі, роўная 1/8 бочкі віленскай, што складала 51 літар; 2) пасудзіна бандарная мерай на 2 пуды ячменю, якая была амаль у кожнай сялянскай гаспадарцы.

Асяніны (осенины) - асеннія дзяды.

Ачэпа - бервяно, на якое ставілі кроквы.

Ашорстак (жердь) - тоўстая жэрдка, якая злучала пячны слуп (стоўб) з пярэдняй сцяной хаты.

Афіцыят, шчыт (фронтон) - франтон хаты, які забіваецца звычайна дошкамі паміж страхой і сцяной.

Б

Баба, гбала - прыстасанне на сцяне для гнуцця дуг.

Баба (баба, бабушка, повивальная бабка) -1) бабуля для ўнукаў; 2) ганаровая асоба на хрэсьбінах, якая прымала роды ў маці гэтага дзіцяці.

Бабіна каша або яечня - абрадавая страва на беларускіх хрэсьбінах.

Бабін кут - месца, дзе стаіць печ у вясковай хаце.

Бабіна лета (бабское лето) - асеннія цёплыя дні.ў канцы верасня або на пачатку кастрычніка.

Бабка, таркаванка (бабка) - страва з цёртай на тарцы бульбы і спечаная ў печы ў "чыгунку".

Бабка (бабка) - 1) кавадлачка для кляпання касы; 2) мэндлік; 3) грыб падбярозавік.

Бабкі - народная гульня.

Бабовішча - месца, дзе рос боб.

Бабыль, кутнік (бобыль) - бяззямелны селянін, які меў толькі сялібу.

Багатая куцця - шчодры вечар напярэдадні Новага года па юльянскім каляндары.

Багач, багатуха (Прачистая, Богородица) - 1) асенняе свята збору ўраджаю, якое адзначаюць у дзень нараджэння Багародзіцы 8 верасня; 2) лубка жыта са свечкай, што ставяць у гэты дзень на покуці.

Багнік - нячысцік, які жыве ў багне, балоце.

Баддзя (деревяное ведро) - драўлянае вядро, якое прымацавана да жураўля каля калодзежа.

Бадзякі - вадкая страва з маладога палявога асоту, які варылі на Палессі.

Бажніца, багоўня - драўляная шафка або палічка з абразамі на покуці хаты.

Бай - казачны персанаж або сам казачнік

Байдак (байдак) - рачны грузавы карабель з крутымі, амаль адвеснымі бартамі і двухсхільным дахам.

Баламуцень - вадзяны чалавек паводле міфаў.

Балотнік (болотник) - пачвара, якая жыве ў балоце.

Балея (лохань) - шырокі невысокі круглай формы бандарны посуд для ўмывання ў хаце і для мыцця бялізны.

Баклага, біклага, барылка (бочонок) - невялікая двухдонная бочачка прыплюснутай формы. Яна закрывалася драўляным коркам.

Балалайка (балалайка) - народны струнны шчыпковы музычны інструмент.

Бальшак (столбовая дорога) - вялікая дарога.

Балахоўцы (балоховцы) - жаўнеры арміі Станіслава Булак-Балаховіча.

Баль - плыт на Піне і Ясельдзе.

Бальнікі - плытагоны на Піншчыне.

Барана (борона) - земляробчая прылада працы для рыхлення глебы.

Баранчык, баран (рубанок) - гэблік з дзвюмя ручкамі, які разлічаны на габляванне ўдваіх.

Баранчык - 1) драўляны станок для наматвання нітак на вітушку (в. Дайнава Іўеўскага раёна): 2) невялікі малады баран.

Баранак, барак, ворчык (валёк) - драўляная перакладзіна з жалезнай пятлёй для злучэння з плугам, да канцоў яе прывязваюць пастронкі (Капыльскі раён).

Бараніца - аўчыннае пакрывала, пацягнутае сукном, для ахутвання ног у санях. Бытуе на Палессі.

Барак, ворчык (пристяжка) - прыстасаванне для прыпражкі каня ў дапамогу каранніку.

Барка (барка) - драўляны плоскадонны карабель для славу грузаў па рэках. Рабілі без ветразя, палубы і даху, з закругленымі носам і кармой.

Баркан, паркан (бревенчатый забор) - закідны плот з бярвенняў (Столінскі раён).

Барта (бортный топор) - адмысловая сякера для выдзёўбання борцяў.

Барташак - станок для перамотвання нітак на вітушку.

Барцявік - назва бурага мядзведзя, які знішчаў борці і калодныя вуллі.

Барылка (бочонок) - двухдонная бочачка на 5-7 літраў.

Барыш - пачастунак пасля куплі-продажу, заключэння здзелкі.

Басманы - 1) басманікі, прэсныя коржыкі без солі, памінальная страва, з якой пачыналі памінальную вячэру бытавалі ў Заходнім Палессі); 2) куракі, бульбяныя аладкі ці піражкі з дамешкам мукі (вядомыя на Мядзельшчыне).

Басэтля (контрабас) - музычны струнна-смыкавы інструмент.

Басты, байструкі (внебарные дети) - пазашлюбныя дзеці.

Басяк (босяк) - бедны чалавек, свавольнік.

Басота, басата (босяки) - галадранцы, басякі.

Батрак (батрак) - беззямельны селянін, якога кулак або памешчык наймаў да сабе на работу; парабак.

Батлейка (вертеп, раёк) - старадаўні лялечны тэатр.

Баўтуха, калатуха (болтушка) - вадкая страва з любой мукі, па прыгатанні нагадвае зацірку. Бытавала на Палессі.

Бацвінне, зеляніна (борщ со свеклы) - вадкая страва з лісцяў і дудак буракоў.

Бацян, буська (аист) - 1) бусел (назва птушкі ў некаторых вёсках Заходняй Беларусі); 2) народная дзіцячая гульня.

Башлык (капюшон) - суконны галаўны ўбор, які адзяваюць на шапку ад дажджу.

Бачурка - маленькая бочка.

Баяры (бояры) - вайсковыя людзі ў ВКЛ.

Бедная куцця - посная куцця-вячэра, якая бывае напярэдні Калядаў і Вадохрышча.

Бельчык, кубельчык (кадочка) - невялікая бандарная ёмкасць на 3-4 літры.

Берліна, барліна (берлина) - рачны грузавы карабель з палубай, двухсхільным дахам, мачтай і каютамі.

Берда - ткацкая прылада, што служыць для прыбівання ўтоку ў кроснах. Для ткання яно ўстаўлялася ў набіліцы.

Берасцянка (туесок) - каробачка з бяросты для захавання солі або дробных прадметаў.

Берасцень, берасцянік - гліняная пасудзіна, абгорнутая бяростай.

Біла - верхняя частка спінкі ложка або драбінак.

Біклага, баклага (фляга) - двухдонная нізкая плоская бочачка.

Бітук (покрывало) - штодзённая посцілка з кудзелі (в. Ляхавічы Зэльвенскага раёна).

Бічук, біч (било) - рабочая частка цэпа, якім б'юць па снапах.

Бірка - 1) кароткая палачка, якая раней замяняла гузік; 2) палачка, на якой непісьменны скарбнік вёў улік здадзенага збожжа ў сховішча; бярозавы квас.

Благавешчанне, звеставанне, дабравешчанне - веснавое свята, якое адзначаюць 25 сакавіка.

Блініца - маленькая дзежачка, у якой рыхтуюць цеста для выпечкі бліноў.

Блуза (сорочка) - 1) мужчынская верхняя рабочая сарочка без пояса; 2) прасторная хатняя жаночая кофта.

Бляхі (противни) - жалезныя пасудзіны для выпечкі пірагоў, пернікаў.

Бодні (кадка) - так называюць кубел на Палессі.

Бойка, біянка (маслобойка) - бандарная ёмкасць з вечкам і палкай з крыжавінай для вырабу масла са смятаны ўручную.

Бомы (бубенчики) - званочкі ў выглядзе пустых металічных шарыкаў з кавалачкамі металу ў сярэдзіне. Прымацоўваліся да хамута ці дугі.

Бонда - традацыйны звычай запрашаць сваякоў на пачастунак свежыной (садавіной, салам).

Бондар (бондарь, кадочник, бочар) - 1) майстар па вырабу драўлянага посуду; 2) традыцыйны народны танец, які выконваўся двума мужчынамі.

Бондзіць - зарабляць грошы (Глыбоцкі раён).

Бонды - печыва - цеста з сырой бульбы, замешанае мукой і спечанае на сухім капусным лісце ў печы.

Боты, чобаты (сапоги) - шыты скураны абутак з халявамі. У ХХ ст. насілі пераважна мужчыны.

Бор (бор) - 1) дзялянка лесу, на якой знаходзілася 60 борцяў; выступаў як падаткавая адзінка (у скарбовых пушчах з кожнага бору спаганялася ручка мёду); 2) стары густы сасновы лес, які расце на высокім месцы.

Борць (борть) - дупло ў дрэве, дзе жывуць дзікія пчолы.

Бортнікі (бортники) - пчаляры, якія займаюцца ўтрыманнем і доглядам баровак (лясных пчол) у борцях.

Бортніцтва (бортничество) - збор мёду ад дзікіх пчол.

Бочка віленская (бочка виленская) - Статутам ВКЛ 1588 г. зацверджана як асноўная дзяржаўная адзінка вымярэння сыпучых рэчываў. Ад яе вызначаліся памеры таксама асноўных адзінак вымярэння - гарцаў і вядра. Паводле пастановы Сойма ВКЛ ад 1766 г., яна раўнялася 406,54 літра. Яна змяшчала прыблізна 18 пудоў жыта, або 15 пудоў ячменю, або 10 пудоў аўсу.

(Працяг у наст. нумары.)


Нямецкія ўлады будуць штрафаваць сацсеткі за фэйкі і агрэсію

Навіны Германіі

Нямецкі ўрад у мінулую сераду ўхваліў ўвядзенне штрафаў на суму да 53 млн. даляраў супраць сацыяльных сетак, якія не будуць выдаляць паведамленні і фэйкавыя навіны, што распальваюць нянавісць, пасля скаргаў карыстальнікаў.

"Злачынствы на глебе нянавісці, з якімі недастаткова эфектыўна змагаюцца, уяўляюць велізарную небяспеку для мірнага адзінства свабоднага, адкрытага і дэмакратычнага грамадства", - цытуе ВВС заяву кабінета міністраў.

З тых часоў, як у Германію ў 2015 годзе прыбыло больш за мільён мігрантаў, колькасць распальваючых варожасць нападак у сацыяльных сетках вырасла ў шмат разоў.

Урад некалькі разоў папярэджваў інтэрнет-кампаніі, што яны недастаткова эфектыўна змагаюцца з падобным кантэнтам.

Акрамя таго, у верасні гэтага года ў Германіі пройдуць выбары. Многія нямецкія палітыкі асцерагаюцца, што перад выбарамі ў сацыяльных сетках з'явіцца мноства лжывай інфармацыі.

У выпадку, калі законапраект атрымае ўхваленне парламента, у сацсетак будзе толькі 24 гадзіны пасля паступлення скаргі, каб выдаліць допісы, якія адкрыта парушаюць нямецкі закон.

Законапраект, ухвалены кабінетам міністраў, таксама тычыцца дзіцячай парнаграфіі і дзейнасці, звязанай з тэрарызмам, у інтэрнэце.

У Германіі ўжо дзейнічае адзін з самых жорсткіх у свеце законаў аб агрэсіўнай рыторыцы, які тычыцца распаўсюджвання зневажальных звестак, паклёпу, падбухторванняў і пагроз.

nn.by.


Ада Райчонак святкуе 80-гадовы юбілей

10 красавіка 80-гадовы юбілей адзначыла вядомая беларуская грамадская дзяячка Ада Райчонак. Грамадскай дзейнасцю яна пачала займацца з 1990 года. У 2010-м германавіцкая асветніца стала лаўрэаткай прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі", якую ўручае "Рух за Свабоду". Сваёй галоўнай заслугай Ада Райчонак лічыць заснаванне культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча і папулярызацыю яго імя і творчасці.

- Я ўпершыню пачула пра Язэпа Драздовіча ад Марачкіных. Я ніколі не думала, што мой лёс будзе звязаны з Язэпам Драздовічам. Мы арганізавалі культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча. Правялі 25 мастацкіх пленэраў. Усе пленэры былі драздовіцкія, але былі прысвечаны выбітным сынам і дочкам Беларусі. І Язэпу Драздовічу мы таксама прысвяцілі пленэраў 5.

Першы пленэр, прысвечаны Язэпу Драздовічу, адбыўся ў Пуньках і Ліплянах, на радзіме мастака. Ада Райчонак узгадвае пра гэта з асаблівай пяшчотай на магіле мастака і этнографа.

- Па першым пленэры нават пастаўлены фільм. Вельмі цікавы. І тут, на першым пленэры, было шмат жыхароў Малых Давыдак і Ліплян. Усе гэтыя бабулькі і спявалі тут, і маліліся. Мы рабілі ўсё, каб было вядомае імя Язэпа Драздовіча. Мы рабілі гэта з мастакамі, з журналістамі, з навукоўцамі - з усімі разам працавалі. Мы правялі адну вялікую навуковую канферэнцыю, прысвечаную Язэпу Драздовічу, і нават выпусцілі кніжку, дзе сабраныя ўсе даклады па Язэпу Драздовічу. Я вельмі рада, што і мая праца, і праца майго Міхася, мае плён, мае працяг, і будзе мець працяг. Ужо з'явіліся вуліцы, якія названы імем Язэпа Драздовіча.

Беларускі Леанарда да Вінчы, як называюць некаторыя Язэпа Драздовіча, у вобразе "вечнага вандроўніка" дайшоў і да Менска. Гэтаму таксама паспрыяла і Ада Эльеўна Райчонак.

- Я рада, што ў Менску стаіць скульптура "Вечны вандроўнік", у ажыццяўленні якой мне пашчасціла прымаць удзел. Ведаеце, калі святкавалі юбілей Драздовіча, я пазнаёмілася са студэнтам мастацкай акадэміі Ігарам Голубевым. Мы з ім хадзілі па вёсках, збіралі матэрыял. І вось ён зрабіў тую скульптуру, гэтая была ягоная дыпломная праца. Я сем разоў ездзіла да рэктара і прасіла, каб яе не знішчалі, каб паставілі яе ў метале. А яна была зробленая ў пластыліне. І трэба было 2 тысячы долараў на гэтую скульптуру. Сельсавет абяцаў даць тысячу, калгас абяцаў даць тысячу, але абяцанкі-цацанкі зацягнулі да новага года і яна стала ўжо каштаваць 12 тысяч. А такое мне не пад сілу. І прыехалі да мяне Навум Гальпяровіч і Лявон Баршчэўскі. Я ў слёзы: "Хлопцы, дапамажыце". Тады Фонд беларускай культуры ўзначальваў Чыгрынаў, і мы звярнуліся да яго. А пакуль збіралі грошы скульптура стала каштаваць ужо 37 тысяч. І дзякуючы падтрымцы беларусаў гэтыя грошы сабралі. Вы не можаце ўявіць, якая была ў мяне радасць, калі я прыехала забіраць тую скульптуру. А потым яе паставілі ў Траецкім прадмесці, каля моста. Я, калі прыязджаю, дык думаю: вось і мая праца будзе тут, у гэтым помніку, і я ганаруся гэтым.

Не толькі адным культурніцкім цэнтрам абмяжоўваецца дзейнасць Ады Райчонак. Акрамя гэтага на Віцебшчыне яна разам з паплечнікамі ладзіць мастацкія пленэры, бардаўскія фэсты, навуковыя канферэнцыі.

- У мяне з'явілася шмат сяброў. Наш цэнтр імя Язэпа Драздовіча не толькі праводзіць пленэры, мы праводзім бульбяныя фэсты, краязнаўчую канферэнцыю, выпускалі газету "Бацькаўшчына", дзе друкаваліся краязнаўчыя матэрыялы. Нешта робім, стараемся. Паводле Ады Райчонак, яна і надалей будзе працаваць на карысць Беларусі. У бліжэйшы час грамадская актывістка рыхтуецца да бардаўскага фэсту, які пройдзе ў пачатку чэрвеня на Шаркоўшчыне.

Таццяна Смоткіна , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


Ці будзе беларускае кіно?

Н.І. Качанавай,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

вул. К. Маркса, 38, г. Мінск

Аб трагічным лёсе

беларускага кінематографа

Шаноўная Наталля Іванаўна!

У ТБМ звяртаюцца грамадзяне Беларусі з пытаннямі пра тое, калі мы зможам пабачыць беларускія дакументальныя і асабліва мастацкія фільмы на дзяржаўнай беларускай мове? Варта адзначыць, што ў апошнія гады іх няма ўжо і на рускай мове, бо нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" з маўклівай згоды Міністэрства культуры ператварылася ў губернскі філіял суседняй дзяржавы, прадстаўнікі якой за невялікія грошы эксплуатуюць абсталяванне, купленае за грошы нашых падаткаплацельшчыкаў, а потым паказваюць нашым грамадзянам фільмы накшталт "Викинга", у якім зневажаюць нашу нацыянальную гераіню князёўну Рагнеду. Адзіная дзейная структура гэтай установы кінастудыя "Летапіс", якая здымае цудоўныя дакументальныя фільмы, у тым ліку і на беларускай мове, абмежаваная ў фінансаванні і ўвесь час знаходзіцца пад пагрозай закрыцця і расфармавання. Дакументальныя фільмы гэтай кінастудыі практычна немагчыма пабачыць не толькі ў беларускіх кінатэатрах, але і на "БТ".

У сувязі з гэтым было б добра падрыхтаваць адмысловы Указ Прэзідэнта аб развіцці беларускага кінематографа, у якім неабходна прадугледзець жорсткі кантроль за расходаваннем дзяржаўных сродкаў, прызначаных для фінансавання беларускага кіно, вызначыць папярэднюю тэматыку фільмаў, асабліва гістарычных, аднавіць у Мінску і абласных гарадах дзейнасць кінатэатраў, дзе можна пабачыць дакументальныя фільмы, знятыя на кінастудыі "Летапіс" і на канале АНТ.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.


ГА "Таварыства беларускай

мовы імя Ф. Скарыны"

220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13,

Трусаву А.А.

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

На Ваш зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях развіцця беларускага кінематографа Міністэрства культуры паведамляе наступнае.

У 2011-2016 гадах УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" (далей - кінастудыя) штогадова займалася вытворчасцю фільмаў у неігравой і анімацыйнай формах на беларускай мове. Так, з 103 фільмаў у неігравой форме 47 створаны на беларускай мове, з 55 фільмаў у анімацыйнай форме 23 - на беларускай мове. Як правіла, гэта фільмы, прысвечаныя беларускай гісторыі і культуры, яе знакамітым дзеячам, фільмы-казкі і фільмы, накіраваныя на далучэнне дзяцей да беларускай мовы, гісторыі і культуры.

Сярод іх трэба адзначыць цыкл фільмаў "Замкі Беларусі", цыкл фільмаў "Аповесць мінулых гадоў" (аб гербах беларускіх гарадоў), серыял пра Несцерку (рэжысер І. Волчак) і пачаты ў 2016 годзе цыкл фільмаў "Беларуская азбука" (рэжысёр У. Пяткевіч).

Фільмы на беларускай мове набываюцца для паказу беларускімі тэлеканаламі, выкарыстоўваюцца ў якасці дапаўнення да перыядычных выданняў па іх гэматыцы, а таксама кінапракатнымі ўстановамі (пры правядзенні тэматычных мерапрыемстваў).

У цяперашні час у структуры кінастудыі працуюць студыі ігравых, анімацыйных фільмаў і студыя "Летапіс". Фінансаванне вытворчасці фільмаў ажыццяўляецца па выніках адкрытых рэспубліканскіх конкурсаў у выглядзе працэдуры дзяржаўнай закупкі на аказанне паслуг па стварэнні фільмаў, вынікі ўдзелу ў якіх залежаць ад якасці прадстаўленых кінапраектаў і іх адпаведнасці конкурсным тэмам.

Так, у 2016 годзе па выніках кункурсу фільмаў у неігравой форме кінастудыя была вызначана пераможцам па 10 з 12 конкурсных лотаў. Чуткі аб закрыцці студыі "Летапіс" не адпавядаюць рэчаіснасці.

У пачатку 2017 года Міністэрствам культуры ўпершыню была праведзена працэдура папярэдняй адкрытай абароны творчых ідэй кінапраектаў альбо кінасцэнарыяў фільмаў у ігравой, неігравой і анімацыйнай формах, на якой быў вызначаны шэраг тэм, прысвечаных беларускай гісторыі ("1155-годдзе Полацка", "950-годдзе Мінска", "205-годдзе вайны 1812 года", "100-годдзе Узброеных Сіл Беларусі", "75-годдзе абароны Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", "610-годдзе Грунвальдскай бітвы", "Навейшая гісторыя Беларусі", "Пантэон нацыянальных герояў", "Гісторыя Беларусі для дзяцей" і іншыя).

Значная частка сцэнарыяў і кінапраектаў не была рэкамендавана камісіяй для ўдзелу ў адкрьггых рэспубліканскіх конкурсах у выглядзе працэдуры дзяржаўнай закупкі на аказанне паслуг па стварэнні фільмаў па прычыне іх творчай неабгрунтаванасці і неабходнасці дапрацоўкі.

У сувязі з гэтым Міністэрства культуры плануе арганізаваць сумесна з кінастудыяй у 2017 - 2018 гадах конкурс на напісанне сцэнарыяў па тэмах "Гісторыя Беларусі" і "Жыццё сучаснай Беларусі".

Пытанні фінансавання кінавытворцасці рэгулююцца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2011 г. № 567 "Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі" і Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.07.2012 г. № 419-3 "Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)". Выдзяленне дзяржаўных сродкаў вядзецца праз конкурс па сацыяльна-значных тэмах, звязаных з гісторыяй і сучасным жыццём Рэспублікі Беларусь.

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны і знаходзіцца на ўзгадненні ў Міністэрстве фінансаў праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб стымуляванні развіцця кінематаграфіі", які прадугледжвае павелічэнне адказнасці стваральнікаў фільмаў за карыстанне бюджэтнымі сродкамі.

Першы намеснік Міністра І.У. Дрыга.


Спевы гімнаў у Магілёве

Напярэдадні Дня Волі ТБМ імя Скарыны ў Магілёве, ужо па традыцыі, на гуртку спявала гімны. Кіраваў спевамі Сяргей Дымкоў. Ён жа і паведамляў аб гісторыі кожнага твора.

Гімны краіны пішуцца, як вядома, не па замове, а самой гісторыяй. Пры тым сам факт з'яўлення гімну можа быць выпадковай падзеяй, неадпаведным вершам і мелодыяй, але, трапіўшы у гістарычны кантэкст народа, яны становяцца яго гімнам. Вядома, напрыклад, гісторыя французскай салдацкай песні "Марсельеза", што стала гімнам Францыі, ці мазуркі "Ешчэ Польска не згінэла", якая стала ў 1918 годзе дзяржаўным гімнам Польшчы.

Гімны найчасцей ствараюцца ў барацьбе за нацыянальна-культурнае, дзяржаўнае і духоўнае адраджэнне і выбіраюцца народам, які змагаецца за сваю волю і лепшую долю.

Спяваць пачалі з гімна "Багародзіца"- найстарэйшага з захаваных беларускіх гімнаў. "Багародзіца" - гімн Вялікага Княства Літоўскага ў 14-18 стагоддзях і найстарэйшы польскі рэлігійны гімн. З 15 стагоддзя зваўся таксама "Песняй Айчыны" і ўжо тады лічыўся старадаўнім. Спяваўся пры каранацыях, прыдворных цырымоніях і іншых урачыстасцях, войскам перад бітвамі, пры асвячэнні мошчаў святых, на пахаваннях дзяржаўных асоб. "Багародзіцу" адносяць да гімнаў, а не да малітваў, на падставе наяўнасці вершаванага тэксту. Найстарэйшы запіс тэксту з мелодыяй зроблены ў 1407 годзе.

У 16 стагоддзі быў перакладзены на лацінскую мову. Вядома шаснаццаць нотных запісаў "Багародзіцы", зробленых у 15-18 стагоддзях. На вялікай дзяржаўнай харугве ВКЛ з аднаго боку была выява "Пагоні", а з другога - выява Багародзіцы. Улічваючы, што з другой паловы 13 стагоддзя выява Багародзіцы была гербам Полацкага княства, магчыма, ВКЛ пераняло гэты герб, а можа, і гімн "Багародзіца" ў спадчыну ад Полацка.

На падставе моўных даследаванняў прыблізна вызначаюць час узнікнення гімна - сярэдзіна 14 стагоддзя, аднак ужытыя ў тэксте архаізмы кажуць за значна ранейшае аднясенне гэтага твору (нават да 13 стагоддзя). "Багародзіца" з'яўляецца арыгінальным творам, даследчыкі не адшукалі адпаведнікаў у грэчаскай, лацінскай, чэшскай і нямецкай літаратуры.

Упершыню ў крыніцах "Багародзіца" згадваецца Янам Длугашам, у сваёй Хроніцы ён распавядае, што на пачатку бітвы пры Грунвальдзе польска-літоўскае войска заспявала "Багародзіцу" і, патрасаючы дзідамі, рушыла на ворага.

Разам з гуртом "Стары Ольса" грамада спявала:

Багародзіца, Дзявіца,

Богам славёна, Марыя.

У твайго сына, Гаспадзіна,

Маці звалёна, Марыя,

Маці звалёна, Марыя,

Зычы нам і адпусці нам,

І дзеля Хрысціцеля, Божыча

Пачуй галасы,

чалавечыя мыслі споўнь.

І малітву табе ўзносім,

І даць рады цябе ж просім.

Дай на свеце збожны пабыт,

Па жывоце дай райскі быт,

Багародзіца, Дзявіца,

Богам славёна, Марыя.

Наступным спявалі ўсім вядомы, знакаміты гімн "Пагоня" на вершы геніяльнага Максіма Багдановіча.

"Не загаснуць зоркі ў небе, покі неба будзе,- не загіне край забраны, покі будуць людзі" - пачатковыя радкі верша Янкі Купалы, які ён прысвяціў газете "Наша Ніва" да пяцігоддзя ў 1911 годзе. Верш пакладзены на музыку Міколам Янчуком. Песня пачала выконвавацца як гімн у асяродку беларускіх патрыётаў.

"Мы выйдзем шчыльнымі радамі", таксама вядомы як "Ваяцкі марш" - дзяржаўны гімн Беларускае Наронае Рэспублікі. Тэкст быў упершыню апублікаваны 30 кастрычніка 1919 года ў газеце "Беларусь" пад назвай "Ваяцкі гімн" Макара Краўцова. Музыку да гімну напісаў Уладзімір Тэраўскі. У якасці гімну Беларусі марш быў прыняты ў 1920 годзе. На момант яго напісання БНР ужо дэ-факта не існавала, а яе кіраўніцтва знаходзілася ў выгнанні.

У "Беларускім спеўніку" Ўладзіміра Тэраўскага (Менск, 1921) радок "Штандар наш бел-чырвона-белы" быў заменены на "Свабоды сцяг, штандар чырвоны". Але ноты спеўніка былі набраныя раней, бо выданне рыхтавалася ў 1920 годзе секцыяй Беларускае вайсковае камісіі, таму ў друкарні на загад цэнзараў замалявалі згадку пра бел-чырвона-белы сцяг чорнай фарбай. Марш актыўна выкарыстоўваўся арганізацыямі беларускае дыяспары, якія стаялі на незалежніцкіх пазіцыях.У 1991 годзе, пасля аднаўленя незалежнасці Беларусі, вылучаліся прапановы зрабіць "Ваяцкі марш" гімнам Рэспублікі Беларусь, побач з аднаўленем гербу "Пагоня" і Бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўных сімвалаў. У прыватнасці, з публічным зваротам наконт гэтага выступілі вядомыя літаратары Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і Рыгор Барадулін. Сёння марш карыстаецца пэўнай папулярнасцю ў асяродках беларускай дэмакратычнай апазіцыі і рэгулярна фігуруе сярод прапанаваных альтэрнатываў сучаснаму гімну Беларусі.

"Магутны Божа! Ўладар сусветаў, вялікіх сонцаў і сэрц малых! Над Беларусяй, ціхай і ветлай, рассып праменне свае хвалы." - радкі з верша "Малітва", напісанага Наталляй Арсенневай у 1943 годзе. У 1947 годзе кампазітар Мікола Равенскі паклаў яго на музыку. У 2002 годзе на сходзе грамады і інтэлігенцыі ў Палацы мастацтваў менавіта "Магутны Божа" быў выстаўлены ў якасці гімну Беларусі.

Напрыканцы 1990-х, калі яшчэ не быў прыняты цяперашні гімн, менавіта тэкст песні "Радзіма мая дарагая" быў надрукаваны ў школьных дзённіках побач з дзяржаўнымі гербам і сцягам. Сюжэтнасць верша, напеўнасць радка далі магчымасць верш Александра Бачылы пакласці на музыку Ўладзміра Алоўнікава.

Самыя вялікія апладысменты выпалі на долю кампазіцыі "Беларуская песня". Гэты спеў - прысяга вернасці Бацькаўшчыне, клятва не зракацца "той гордай мовы, якую і тады не забудзем, калі сонца з зямлёю ў апошні паглыбяцца змрок..." Відавочна, што менавіта ў гэтую кампазіцыю Зміцер Вайцюшкевіч уклаў усю любоў і піетэт да паэзіі Ўладзіміра Караткевіча, якая загучала сучасна і актуальна. Як і належыць творчай спадчыне Генія.

Праспявалі дзве рэчы на словы Ўладзіміра Некляева, якія маглі прэтэндаваць на тое, каб стаць гімнамі - гэта "Жыве Беларусь" і "Сцяг". А закончылі нашы спевы з нагоды Дня Волі гімнам нашага роднага горада Магілёва.

Н.М. Шамянкова.


Памёр беларускі паэт Міхась Кавыль

У амерыканскім Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі) 6 красавіка памёр беларускі паэт Міхась Кавыль. Пра сумную навіну паведаміў Янка Запруднік.

* * *

Паэт Міхась Кавыль (сапраўднае імя - Язэп Лешчанка) нарадзіўся на Случчыне 1 снежня 1915 г. Скончыў Грэскую сямігодку. Вучыўся на пазашкольным аддзяленні Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Менску. Быў сябрам "Маладняка". У 1933-м арыштаваны і асуджаны на 3 гады. Адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе. Здолеў вызваліцца, потым жыў у Варонежы (у Беларусь было забаронена вяртацца), працаваў настаўнікам. Быў у Чырвонай арміі на фронце, трапіў у палон, быў вызвалены. Пад нямецкай акупацыяй жыў у Менску, працаваў у аддзеле прапаганды.

З лета 1944 г. на эміграцыі. Жыў у Германіі, Бельгіі. У 1950 г. выехаў у ЗША і пасяліўся ў Саўт-Рыверы, дзе быў вялікі асяродак беларусаў. У эміграцыі Кавыль выдаў зборнікі паэзіі "Ростань", "Пад зоркамі белымі", "Цяжкія думы", "Міжагнёўе".

Міхась Кавыль быў адным з заснавальнікам і выдаўцом часопіса "Беларуская думка", што выдаецца ў Саўт-Рыверы з 1960 года і па сённяшні дзень.

Жонка Міхася Кавыля Соня Лешчанка прыгадвала ў лістападзе 2016 года: "Міхась ні разу не прыязджаў у Беларусь. Баяўся, што ў Сібір вышлюць. Ён ў Сібіры быў тры гады. Толькі я прыязджала. Тры разы. Хоць яму і можна было ехаць, але ён баяўся".

У лістападзе 2015 г. у Саўт-Рыверы адзначалі 100-годдзе Кавыля, віншаванне прыйшло і ад Барака і Мішэль Абамаў.

Паводле СМІ.


Наведванне магіл і ўшанаванне памяці адметных людзей нашага краю

Светлай памяці Віктар Сырыца гадоў 5-10 назад запачаткаваў традыцыю наведвання магіл змагароў за Беларусь, дэмакратыю і справядлівасць, якія пахаваны на Русінаўскіх могілках. У першую чаргу гэта людзі, якія прайшлі праз сталінскія турмы, таксама паэты, грамадскія дзеячы.

Звычайна на Дзень Волі Віктар збіраў 5-10 бліжэйшых сяброў, прыходзілі разам на магілы, ускладалі кветкі, ўспаміналі памерлых. Год назад склалі спіс і мапу месц адзінаццаці пахаванняў, бо могілкі вельмі вялікія і знаходзіць магілы цяжка. За апошні год у спіс унеслі яшчэ сем прозвішчаў. 26 сакавіка 2017 года мерапрыемства пачалося са службы вернікаў Уніяцкай царквы пад кіраўніцтвам Айца Яўгена Маліноўскага. У час літургіі маліліся за упакаенне душ памерлых змагароў за Беларусь і за тых, хто сёння ў няволі.

Пасля службы 16 чалавек сабраліся на могілках, падыходзілі да кожнай магілы, дзе трэба, прыбіралі. Распавядалі пра памерлых, іх жыццё і справы, маліліся пад кіраўніцтвам айца Яўгена. На кожную магілку палажылі кветкі, чыталі вершы. Больш за тры гадзіны наведалі ўсяго 15 месц пахаванняў.

Вырашылі, што трэба ствараць летапіс пра гэтых людзей і іх справы. Прапануем дэмакратычнаму актыву іншых гарадоў Беларусі падтрымаць традыцыю ўшанавання памяці сваіх герояў.

Баранавіцкая гарадская арганізацыя

ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны"


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Мешка I далучыў да Польшчы спачатку Заходняе Памор'е, а потым, пасля вайны з Чэхіяй - Малапольшчу і Сілезію. Каб выйсці з залежнасці ад германскай імперыі, Мешка пераходзіць пад непасрэдную апеку Рымскага Папы і плаціць яму спецыяльную даніну ("грош св. Пятра"). Яго палітыку грунтоўна прадаўжаў яго сын Баляслаў I Харобры (992-1025). Баляслаў пашырыў тэрыторыю Польшчы і нават часова далучыў да яе Маравію. У 1000 г ён дамогся права мець польскую царкоўную мітраполію, незалежную ад Германіі. У горадзе Гнезне заснавалі арцыбіскупства. У 1025 г. Баляслаў I стаў першым польскім каралём, але неўзабаве памёр.

Аднак сын Баляслава Мешка ІІ не здолеў утрымаць заваёвы бацькі, страціў некаторыя тэрыторыі і ў 1032 г. прыняў васальную прысягу нямецкаму імператару Конраду II ды страціў каралеўскую карону. У 1037-1039 гг. у Польшчы адбылося народнае паўстанне, бо людзі хацелі вярнуцца да язычніцтва. Сітуацыя ў краіне палепшылася, калі яе ўзначаліў Казімір I Адноўца (1038-1054). Ён здолеў вярнуць страчаныя землі, а сталіцу дзяржавы з Гнезна перанёс у горад Кракаў. Яго сын Баляслаў II Смелы пайшоў далей за бацьку і ў 1076 г. вярнуў Польшчы каралеўскую карону, аднак неўзабаве, у 1079 г. яе страціў і мусіў пакінуць краіну. У выніку ваеннага паходу ў 1121-1122 гг. польскія войскі занялі Заходняе Памор'е і захапілі горад Шчэцін. Мясцовы князь прызнаў уладу Польшчы, і Памор'е стала хрысціянскім.

У 1133 г. уладар Польшчы Баляслаў III увёў прынцып сеньярату і падзяліў дзяржаву паміж сваімі сынамі. Вышэйшую ўладу меў старэйшы брат - сеньёр, які ў якасці дамена меў Кракаў і Памор'е. Палітычнае значэнне Польшчы аслабела, і яна ўступіла ў перыяд феадальнай раздробленасці. У 1226 г. князь Конрад I Мазавецкі запрасіў крыжаносцаў для змагання з прусамі, і Польшча надоўга займела моцнага ворага - Тэўтонскі (Нямецкі) ордэн. У 1241 г. на Польшчу напалі мангола-татары, якія захапілі гарады Кракаў, і Сандамір і Ўроцлаў. Іх чарговыя набегі адбыліся ў 1259 і 1287 гг. У пачатку XIV ст. Польшчай кіравалі чэшскія каралі.

5. Стварэнне Чэшскага каралеўства

Да пачатку X ст. землі сённяшніх Чэхіі і Славакіі ўваходзілі склад Вялікай Маравіі. Пасля яе падзення мясцовыя славяне прызналі ўладу племені чэхаў, якія жылі на рацэ Влтаве. Калі верыць паданню, Чэхам звалі іх старадаўняга правадыра. На чале чэхаў сталі князі з роду Пржэмыславічаў. Князь Вацлаў (920-я гады - 935) стаў хрысціянінам і стараўся распаўсюдзіць новую веру сярод супляменнікаў. Ён заснаваў у Празе галоўны храм краіны, сабор св. Віта, і знаходзіўся пад уплывам усходняга хрысціянства, якое прынеслі ў Маравію Кірыл і Мяфодзій. Аднак родны брат, прыхільнік язычнікаў, па-зладзейску забіў князя. Потым Вацлава ў Чэхіі пачалі лічыць нацыянальным святым і заснавальнікам чэшскай дзяржавы. Палітыку Вацлава праводзіў яго наступнік Баляслаў I (935-972). Менавіта пры ім сталіцай стаў горад Прага, які ператварыўся ў буйны гандлёвы цэнтр. У 973 г. у Празе ўзнікае біскупства, і чэхі канчаткон.і прымаюць гэтым разам ужо заходняе хрысціянства. У 982 г. біскупам Прагі становіцца багаты чэх Войцех, які пры хросце прыняў імя Адальберт. Ён закончыў школу місіянераў у Магдэбургу і потым паехаў распаўсюджваць хрысціянства ў Польшчу, а потым у Прусію, дзе быў забіты язычніцкім святаром. Цяпер Войцех - адзін з самых знакамітых святых у Чэхіі і Польшчы. У 1041 г. князь Бржэціслаў І прысягнуў як васал нямецкаму імператару, і Чэхія ўвайшла ў склад нямецкай імперыі. У XI ст. Чэхія далучыла да сябе суседнюю Маравію. У 1085 г. імператар Генрых IV каранаваў чэшскага князя Враціслава II, і Чэхія стала каралеўствам. Чэшскія каралі фармальна прызнавалі ўладу нямецкіх імператараў, але былі амаль цалкам самастойныя і праводзілі незалежную палітыку. У XIII ст. Чэхія зрабілася адной з самых моцных краін Еўропы, якая ў 1241 г. адбіла напад мангола-тататараў. Уладар Чэхіі Пржэмысл II (1253-1278) захапіў Аўстрыю, Штырыю, Карынцію і Крайну і выйшаў да Андрыятычнага мора. У канцы XIII ст. кароль Вацлаў ІІ (1278-1305) захапіў Польшчу і ў 1300 г. стаў польскім каралём.

Суседзі чэхаў славакі да пачатку X ст. уваходзілі ў Вялікую Маравію. У XI ст. за Славакію ішло змаганне паміж Чэхіяй, Польшчай і Венгрыяй. Перамаглі венгры, і Славакія ўвайшла ў склад Венгерскага каралеўства. У 1241-1242 гг. значная частка Славакіі была разбурана нападам мангола-татараў.

6. Прыход венграў (мадзьяраў) у Цэнтральную Еўропу

У канцы IX ст. у Заходняй Еўропе з'явіліся новыя заваёўнікі, мадзьяры (венгры). Гэтыя ваяўнічыя плямёны-жывёлаводы прыйшлі з Паўночнага Урала. Іх былыя суседзі і далёкія сваякі, народы ханты і мансі, там жывуць і цяпер (басейн ракі Обі). Яны прыйшлі на сярэдні Дунай і знішчылі магутную славянскую краіну - Вялікую Маравію. Iх коннае войска рабіла штогадовыя набегі на суседнія народы і нават даходзіла да Атлантычнага акіяна. Але найбольш ад венграў пацярпелі нямецкія землі. Каб абараніцца ад ваяўнічых качэўнікаў, кароль Генрых I на мяжы з венграмі збудаваў шмат невялікіх умацананняўбургаў, дзе былі вайсковыя гарнізоны. Генрых і яго сын Атон I Вялікі стварылі моцнае нямецкае коннае рыцарскае войска і з дапамогай бургаў пачалі паспяхова ваяваць з венграмі. У 955 г. у Баварыі на рэчцы Леху войска венграў было разбіта, і яны спынілі свае крывавыя набегі. Венгры змяшаліся з карэнным насельніцтвам, славянамі, і пачалі таксама займацца земляробствам. Паступова ўзніклі венгерскія магнаты, якія ўступілі ў барацьбу за ўладу ў новай краіне. Адны заставаліся язычнікамі, другія шукалі падтрымкі ў Візантыі, а трэція - у германскіх імператараў. Да ўлады прыйшоў род Арпадаў. Адзін з князёў гэтага роду прыняў ад візантыйцаў усходняе хрысціянства, але каля 995 г. у Венгрыю з Прагі прыехаў біскуп Адальберт-Войцех і паўторна ахрысціў венгерскага князя, ужо ў заходняе хрысціянства, надаўшы яму новае імя - Стэфан (венгерскі варыянт - Іштван). Каб умацаваць хрысціянства, Стэфан запрасіў з Германіі нямецкіх рыцараў, і яны гвалтам пачалі хрысціць венграў і мясцовых славян. За гэта Папа Сільвестр ІІ даслаў Стэфану каралеўскую карону, і каля 1000 г. Стэфан стаў каралём. Пасля смерці за заслугі перад каталіцызмам яго абвясцілі святым, а цяпер шануюць як нябеснага заступніка Венгрыі.

Галоўнай святыняй венгерскай дзяржавы стала карона Св. Стэфана, якая складаецца з двух вянцоў: адзін, заходні - ад Папы Сільвестра II, а другі, усходні - ад імператара Візантыі. Карона зрабілася самастойным аб'ектам шанавання феадальнай Венгрыі, мела свой прыдворны штат, свае палацы і землі, і яе ахоўвала ганаровая варта. Усе прэтэндэнты на каралеўскі пасад хацелі ёю авалодаць. Шмат разоў карону выкрадалі і хавалі, нават вывозілі з краіны, але яна зноў знаходзілася і вярталася на радзіму.

У канцы XI ст., калі ўплыў Германіі на Венгрыю зменшыўся, адзін з венгерскіх феадалаў, які не любіў немцаў, захапіў уладу ў краіне, папрасіў новую карону ад візантыйскага імператара і атрымаў яе Таму і складаецца каралеўская карона Венгрыі з двух злучаных паміж сабою вянцоў. У канцы XII ст. у Венгрыі канчаткова перамог каталіцкі ўплыў. Кароль Стэфан падзяліў сваю краіну на 45 каралеўскіх акругаў - камітатаў, якімі кіравалі графы (ішпаны) Ён ажаніўся з баварскай прынцэсай, і ў Венгрыю, асабліва ў гарады, пачалі перасяляцца нямецкія каланісты. У сярэдзіне XII ст. колькасць камітатаў павялічылася да 70. Пры венгерскім каралі існавала Каралеўская рада і была пасада каралеўскага намесніка. Кіраўнік венгерскай царквы з XIII ст. займаў пасаду каралеўскага канцлера. Пасля смерці першага караля ў Венгрыі з 1039 па 1070 г. змянілася 7 каралёў. У канцы XI - пачатку XII стст. венгры далучылі да свайго каралеўства славянскія землі - Славенію, Харватыю і Славонію, а пазней і Далмацыю. У 1136 г. кароль Бэла II Сляпы аб'явіў сябе каралём Босніі. Таксама венгры ў ХІ-ХІІ стст. вялі войны з усходнімі славянамі за Галіцыю.

Пры каралі Андрашы II (1205-1235) узмацнілася ўлада венгерскіх магнатаў. У 1222 г. прывілеі венгерскай шляхты былі замацаваны каралеўскай "Залатой булай". З 1235 па 1270 г. Венгрыяй кіраваў кароль Бэла IV. 11 красавіка 1241 г. у бітве каля в. Мохі на поўначы Венгрыі войскі караля былі разбітыя ордамі хана Батыя, а сам кароль уцёк у Далмацыю. Аднак летам 1242 г. мангола-татары пакінулі Венгрыю і вярнуліся на Волгу, дзе заснавалі сваю дзяржаву. Бэла IV пачаў будаваць мураваныя замкі і ўмацаваныя гарады, дзе жыло шмат немцаў.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Варагі - славянская назва жыхароў Скандынавіі.

"Варажскае мора" - Балтыйскае мора.

Вікінгі - саманазва скандынаўскіх германскіх плямёнаў данаў і свіёнаў.

Вінланд - "краіна дзікага вінаграду" - усходняе ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі, адкрытае вікінгамі.

Хутары - асобна размешчаныя на значнай адлегласці адна ад адной сялянскія гаспадаркі.

Шлях "з варагаў у грэкі" - тэрмін, якім у "Аповесці мінулых гадоў" названы гандлёвы шлях па рэках ад Балтыйскага да Чорнага мора.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

872 - 900 гг. - аб'яднанне нарвежскіх зямель.

874 г. - пачатак каланізацыі Ісландыі.

972 г. - разгром нямецкіх нападнікаў польскім князем Мешкам І.

983 г. - агульнае паўстанне палабскіх славян.

980-я гг. - адкрыццё Грэнландыі і астравоў Паўночнай Амерыкі нарвежцамі і ісландцамі.

Каля 1000 г. - аб'яднанне Швецыі.

1017-1035 гг. - уладаранне Канута Вялікам, караля Англіі, Даніі і Нарвегіі.

1025 г. - каранаванне кіраўніка Польшчы Баляслава І Харобрага.

1061-1091 гг. - адваяванне Сіцыліі ў арабаў нарманамі.

1130 г. - утварэнне Сіцылійскага каралеўства.

1241-1242 гг. - напад манголаў на Польшчу і Венгрыю.


РАЗДЗЕЛ IX. ВІЗАНТЫЯ I ПАЎДНЁВЫЯ СЛАВЯНЕ Ў Х-ХІІІ стст.

1. Візантыя ў Х - XIII стст.

2. Першае Балгарскае царства: працяг гісторыі.

3. Другое Балгарсхас царства.

4. Утварэнне Сербскай дзяржавы.

1. Візантыя ў Х-ХІІІ стст.

У першай палове X ст. Візантыя была ў цяжкім становішчы. У 902 г. арабы канчаткова захапілі Сіцылію. Апорнай базай арабскіх піратаў стаў востраў Крыт. У 911 г. яны напалі на горад Салонікі і істотна пашкодзілі яго. Толькі ў 961 г. візантыйскія войскі вярнулі Крыт у склад імперыі. Яшчэ адной праблемай былі напады славян, як паўднёвых так і ўсходніх. Войскі кіеўскага князя Ігара двойчы падыходзілі да муроў візантыйскай сталіцы. Аднак у 957 г. удава Ігара княгіня Вольга прыняла хрысціянства, і ў Кіеў прыехалі місіянеры з Візантыі.

У 963 г. імператарам стаў Нікіфар II Фока. Ён абмежаваў уласнасць праваслаўнай царквы, забараніў стваварэнне новых манастыроў і пачаў вайсковую рэформу. Было створана цяжкаўзброенае войска з вялікай колькасцю вершнікаў. Новал армія разбіла арабаў і вярнула Візантыі Кілікію, Кіпр і паўночную Сірыю. Наступны імператар Іаан Цымісхій працягваў палітыку папярэдніка. Ён захапіў паўночную Балгарыю, усю Сірыю і Палесціну.

Далсйшы росквіт імперыі звязаны з імператарам Васіліем II, які пасля заваявання Балгарыі атрымаў прозвішча Балгарабойца. Ён максімальна пашырыў межы сваёй імперыі і кіраваў ёю з 976 па 1025 гг. Акрамя Балгарыі, былі далучаны Грузія і часткова Арменія, а Ссрбія і Харватыя сталі васаламі Візантыі. Пасля яго смерці, а дзяцей у Васілія II не было, Візантыя страціла былую сілу. У 1051 г. яна канчаткова пасварылася з папскім Рымам, а ў 1071 г. страціла апошні італьянскі горад - Бары, які захапілі нарманы. У гэтым жа годзе армію імперыі разбілі войскі новага ворага - туркаў-сельджукаў, якія ў выніку захапілі значную частку Малой Азіі. Сітуацыя змянілася да лепшага пасля прыходу да ўлады вышэйзгаданага Аляксея I Комніна.

Эпоха Комнінаў (1081-1180 гг.). Імператар Аляксей I разбіў у 1091 г. армію печанегаў і знайшоў сабе саюзніка ў Заходняй Еўропе - Веніцыянскую рэспубліку. Венецыянскія купцы атрымалі значныя прывілеі на тэрыторыі імперыі. Імператар прыхільна паставіўся да крыжаносцаў, якія пачалі крыжовыя паходы ў Азію, і з іх дапамогай у 1097 г. вярнуў Нікею. Яго пераемнікі - сын Іаан II і ўнук Мануіл І - паспяхова прадаўжалі палітыку ўмацавання Візантыі. Пад кантроль імперыі перайшлі Сербія і Венгрыя (1164 г.). Каб аслабіць уплыў Венецыі, візантыйцы падпісалі гандлёвыя дамовы з Генуяй (1169 г.) і Пізай (1170 г.). У 1171 г. у Канстанцінопалі ўспыхнула народнае паўстанне супраць венецыянцаў, а іх маёмасць канфіскавалі.

Аднак пасля смерці Мануіла I Візантыя значна аслабела. Яна страціла ўплыў на Сербію і Венгрыю, зноў стала незалежнай Балгарыя, і ад дзяржавы аддзяліўся Кіпр, які абвясціў незалежнасць, а потым быў захоплены англійскім каралём.

Таксама новыя візантыйскія імператары вярнулі Венецыі былыя прывілеі і канчаткова аслабілі свой айчынны гандаль. На аслабелую імперыю нечакана напалі крыжаносцы і ў красавіку 1204 г. захапілі яе сталіцу. На кавалках былой дзяржавы ўзніклі Лацінская імперыя і незалежныя грэцкія дзяржавы: Нікейская імперыя, Трапезундская імперыя і Эпірская дзяржава.

Лацінская імперыя (Раманія). Першы лацінскі імператар Балдуін І (былы граф Фландрыі) захапіў чацвёртую частку былых зямель Візантыі. Акрамя Канстанцінопаля яму на васальных умовах належалі Фракія, Салонікі, Афіны і Марэя. Яго ўладу абмяжоўвала рада з уплывовых магнатаў і прадстаўнікоў Венецыі. Аднак новая дзяржава не была моцнай. У 1205 г. крыжаносцаў разбіла балгарскае войска, а ў 1225 г. іх перамагла армія Нікейскай імперыі.

(Працяг у наст. нумары.)


Славойкі

Леанід Лаўрэш

Гэты артыкул пра "далікатную" тэму.

Дзе-нідзе ў Заходняй Беларусі да нашага часу драўляны туалет-шпакоўню завуць "славойкай". Канструктыўна нічога не змянілася. Славойка - невялікая будка, якая асобна стаіць над выграбной ямай з памостам, у дошках якога выразана дзірка. Дзверы славойкі замыкаюцца знутры, таксама звычайна знутры маецца цвік, на якім вешаюцца газеты ці часопісы, яны маюць двайное прызначэнне. У дзвярах ці над імі, звычайна выразаецца акенца ў форме сэрцы ці знака бубновай масці. Гэтая канструкцыя свайму паўсюднаму распаўсюджанню абавязана польскаму міністру унутраных спраў і апошняму перадваеннаму прэм'ер-міністру, генералу, доктару медыцыны, паплечніку Пілсудскага Феліцыяну Славой-Складкоўскаму.

Неўзабаве пасля перавароту 1926 г. Пілсудскі прызначыў Славой-Складкоўскага міністрам унутраных спраў, раней ён ўзначальваў санітарную службу польскай арміі. Надаючы велізарнае значэнне гігіене, новы міністр распачаў энергічныя дзеянні каб палепшыць санітарны стан у дзяржаве. Былі выдадзены прадпісанні, якія абавязвалі мясцовыя органы дзяржаўнай адміністрацыі і тэрытарыяльнага самакіравання ў сціслыя тэрміны забяспечыць чысціню на вуліцах, рынках і прыватных дварах, арганізаваць падмятанне вуліц, іх ўпарадкаванне і азеляненне, забяспечыць наяўнасць у кожным прыватным уладанні туалетаў і накрытых урнаў.

Тэма славоек знайшла сваё адлюстраванне ў літаратуры, гісторыі і шматлікіх успамінах. Польскія калоніі пачынаюцца за Рэмбертавым (усходняя частка Варшавы), - казаў міністр замежных спраў Юзаф Бек. Ён меў на увазе, што Польшча пасля 1920 г. - край небагаты і, асабліва на ўсходзе, цывілізацыйна занядбаны. Сімвалам гэтага былі дрэнныя дарогі, а таксама паўсюдны бруд і нізкі ўзровень гігіены.

Апаненты міністра горка іранізавалі, напрыклад пасля Другой сусветнай вайны хадзіў жарт пра адзінага сапраўднага палітыка ў былым урадзе - прэм'ера Славой-Складоўскага. Ён загадаў фарбаваць платы і ставіць на падворках клазеты бо ведаў, што ў Польшчы нічога лепшага зрабіць немагчыма - пісаў пісьменнік і эсэіст Казімір Брандыс. А палітычны праціўнік Славой-Складкоўскага, рэдактар віленскай газеты "Слова" Цат-Мацкевіч, які за часы прэм'ерства Складкоўскага нават патрапіў у Картуз-Бярозу, пісаў: "Калі ўся Еўропа будавала бамбасховішчы, Складкоўскі свідраваў дзіркі ў платах, дамагаючыся, каб уся Польшча мела платы з дроту ці каб сяляне бялілі свае хаты ... Складкоўскі меў размах, дынамічнасць і раскрыўся ў справах, да якіх дарос - перад усім у справах клазетаў і іншых санітарных рэчаў. Яго рэформы ў гэтай справе былі да такой ступені свавольныя і гэтак энергічна праводзіліся ..., што яго назвалі клазетным Пятром Вялікім".

Пакінем зласлівасць палітычным апанентам. Генерал Славой-Складкоўскі насамрэч быў энтузіястам гігіены і добра разумеў фатальны ўзровень санітарыі ў краі, дзе большасць насельніцтва свае патрэбы лацвіла "за гумном" і таму змагаўся з гэтым, чым мог - дзяржаўнымі ўказамі і асабістым кантролем. Пасля перавароту 1926 г. стаў міністрам унутраных спраў і выдаў першае распараджэнне, якое прымушала насельніцтва да элементарнай гігіены: "У туалетах неабходна часта мыць памосты і падлогі ... трэба іх добра ўтрымліваць і яны не павінны атручваць паветра навокал", - пісаў міністр унутраных спраў ваяводам у лютым 1927 г. У 1928 г. з яго ініцыятыве выдадзена распараджэнне прэзідэнта, якое абавязала мець туалет ў кожнай асобнай сядзібе як у горадзе, так і на вёсцы.

Генерал-доктар, як звалі міністра, добра разумеў, што паперы не прымусяць да гігіены і таму высылаў у ваяводствы інспекцыі, і сам ахвотна браў у іх удзел. У сваіх мемуарах, напісаных пасля Другой сусветнай вайны, пісаў, як ў пагодны майскі вечар вяртаўся з старастам павета з інспекцыі: "Стараста падышоў да селяніна і пасля некалькіх хвілін іх размовы я пачуў:

- Ехаў з самой Варшавы, каб пабачыць мой туалет?

Потым зноў пачуўся шэпт і пасля гэтага гаспадар пайшоў у хату, адкуль вярнуўся з кухонным ліхтаром і павёў нас вільготнай сцежкай да славойкі. Перад яе дзвярмі аддаў ліхтар старасту, выняў з світкі малаток з долатам і пачаў адбіваць забітыя цвікамі дзверы туалета. Калі мы выказалі свае здзіўленне, спакойна адказаў, што дзецям у школе ўбілі ў галаву глупства і яны не жадаюць хадзіць "за гумно" а жадаюць толькі ў туалет. А туалет для камісіі павінен быць чыстым. Таму забіў цвікамі і зараз спакойны... Калі мы ад'яджалі, былі чутны ўдары малатка - гаспадар зноў забіваў дзверы".

Генерал у мемуарах дэманстраваў пачуццё гумару і не крыўдзіўся на выкарыстанне свайго імя - а нават і сам такія туалеты называў славойкамі. Пісаў таксама: "Адзін багаты селянін зачыніў туалет і трымаў у ім каўбасы і шынкі. Бывалі выпадкі, калі сяляне ставілі свае славойкі ў рад уздоўж вясковай вуліцы, бо казалі, што нейкі міністр іх патрабуе, калі ездзіць па дарогах. Такі гарадскі ў полі ср... не сядзе!"

Знакаміты пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч у сваёй слыннай кнізе "Дзе-нідзе" (Tędy i owędy) заўважаў: "Славой-Складкоўскі быў бічам божым для старастаў, з якімі бязлітасна ваяваў за пунктуальны прыход на працу, пабелку парканаў і чыстату славоек". Ваньковіч, далей: "Прыціснутыя зверху ваяводы рупліва кантралявалі справу туалетаў. Калісьці быў з віленскім ваяводам Бацянскім на інспекцыі (ён не прызнаваў беларусаў і лічыў іх за звычайных палякаў, такіх напрыклад, як кашубаў). У кожнай гміне мы беглі адразу аглядаць славойкі".

Міністр унутраных спраў, генерал Славой-Складкоўскі з рэвізіяй санітарнага стану горада прыязджаў таксама і ў Ліду. 17 кастрычніка 1928 г.. яго сустракалі лідскі стараста Багаткоўскі і наваградскі ваявода Рачкевіч, але нейкіх падрабязнасцяў прэса не паведамляла, магчыма, лідскія славойкі задаволілі строгага міністра. Я знайшоў ўспаміны пра лідскую славойку былога жыхара Ліды Яна Станіслаўскага, маці якога была з заможнага роду лідскіх Вісмантаў. Апісваючы дзядоўскую сядзібу, дзе жыла яго сям'я (недалёка ад старых каталіцкіх могілак, па вуліцы Гражыны, а раней - на Вісмантах) ён так апісаў сваю славойку: "За домам, на неабходнай адлегласці стаяў добра выбелены вапнай белы дамок. Зваўся ён "славойкай" ад прозвішча прэм'ера Славоя-Складкоўскага. Ён паўсюдна, у тым ліку і ў занядбанай вёсцы, ўвёў абавязак пабудовы туалетаў, пабелкі платоў і іншых санітарных абавязкаў. Сучаснікі гэта ацанілі. Хвала яму за гэта. Наш адмысловы дамок рэгулярна абнаўляўся, ушчыльняўся, чысціўся і без націску ўладаў. Такія ж добрыя туалеты былі і па ўсёй Лідзе, але меліся і выключэнні".

Знакаміты пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч ў кнізе "Дзе-нідзе" заўважаў: "Як там ні было, але славойкі палепшылі сітуацыю ... У паважных маёнтках, я, ідучы ў славойку, атрымліваў ад гаспадароў ліхтарню, парасон, галёшы і бізун, каб чым было мне адбівацца ад сабак."

Славойкі праславілі генерала, але былі толькі часткай ягонай дзейнасці. Ён выдаў распараджэнне аб санітарным стане падворкаў, гатэляў, гасцінцаў, а таксама пляжаў. У другой палове 1930-х гг., як прэм'ер выдаў загады аб пачатку праектавання і будаўніцтва каналізацыі ў гарадах і мястэчках, санітарным кантролі рынкаў, продажы масла ў крамах выключана са шкляных ёмістасцяў, напоўненых вадой і накрытых чыстай тканінай. Але з-за Другой сусветнай вайны большасць з гэтых пачынанняў засталася на паперы. Загадваў таксама фарбаваць платы, брамы і фасады дамоў прытым у адзіны, узгоднены колер. Загадваў разбіраць брыдкія пабудовы, здымаць платы-пляцёнкі з лазы і ставіць платы з дарагой металёвай сеткі. А таксама брукаваць на падворках дарожкі, і я яшчэ памятаю ў нашых вёсках такія ўнутраныя брукаванкі.

Часта нават не хапала фарбы ці вапны. Віленскі пісьменнік Юзаф Мацкевіч пісаў пра злоўжыванні войтаў-асаднікаў у нарысе "Войты пана Мальскага": "... будуецца ў нас школа - і заўжды для будоўлі патрэбна вапна. Але ў мінулым годзе слынны акольнічы пана прэм'ера (Славой-Складкоўскага - Л.Л.) загадаў прымусова бяліць хаты, туалеты і платы. Для пабелкі патрэбна вапна. Адкуль яе ўзяць, калі раптоўна цэлы край неабходна пабяліць і вышмараваць. Кошты ідуць уверх, яўрэі пачынаюць спекуляваць, а можа нават ужо і не маюць тавару? Што значыць не мець тавару?! Цэлы вагон вапны прыходзіць на чыгуначную станцыю Нёман для школы. Я ўжо добра не памятаю, ці той яўрэй меў прозвішча Зляцоўскі, ці нейкае іншае. У любым выпадку ... вапна была ноччу прададзена яўрэям для перапродажу сялянам - бяліць платы і туалеты".

Выдаў генерал пастанову і пра санітарыю ў гатэльнай справе. Тэхнічны і культурны прагрэс даваў магчымасць уладкоўваць там гігіенічныя месцы па-сучаснаму. Верагодна адзін з першых унітазаў у Лідзе быў усталяваны ў "Пецярбургскім гатэлі" Ісака Глаўбермана, вуліца Каменская, 6. Пра гэты цуд сантэхнікі пісалі розныя аўтары.

Мельхіёр Ваньковіч ў кнізе "Дзе-нідзе" занатаваў: "... у Лідзе пані Глаўберман, уладальніца гатэля "Пецярбургскі", ўладаваўшы клазет са злівам вады на кухні, лопалася ад гонару. Яна горача ўгаворвала мяне скарыстацца ім. Калі сказаў, што не жадаю, яна аргументавала свой націск: "Хай пан толькі паспрабуе. Пан В. з Пэцяшы таксама не хацеў, а як паспрабаваў, дык адразу захацеў". Для Ліды гэта быў люкс і камфорт. У гатэлі стала жылі лётчыкі, і пані Глаўберман перад святамі без цырымоній забірала ў маладых афіцэраў грошы, тлумачачы, што "ўсяроўна прап'юць ...". "Ахвярай" пані Глаўберман быў таксама і лідскі абшарнік Андрэй Раствароўскі, ён пісаў: "І яшчэ, для камплекту, пра "Пецярбургскі" гатэль ці "Пецярбургскую цёцю". Вельмі чысты гатэлік, дзе volens nolens прыходзілася пад час з'ездаў, баляў ці іншых аказій рэзерваваць сябе пакой. Уладальніца, пані Глаўберман - дзедзічка гатэля, паходзіла са старой лідскай сям'і Цыдзяровіч, выйшла замуж за добра малодшага за сябе яўрэя з Пінска Глаўбермана. Ён выконваў абавязкі пакаёвага, парцце, пасыльнага і выкідалы. Неяк, пані Глаўберман устанавіла новы клазет са спускам вады, і таму заахвочвала ўсіх пастаяльцаў карыстацца ім, каб ацаніць выгоды. Казала: "Што значыць не патрэбна? Пану Ваньковічу таксама было не патрэбна, але як сеў, дык гадзіну сядзеў!"".

Звычайныя славойкі мелі старыя школы горада, напрыклад № 5 каля замка. І толькі новыя школы, пачынаючы з № 1 і 2 (гэта зараз школа № 1) атрымалі сучаснае сантэхнічнае абсталяванне. А пры канцы 1930-х гг. у Лідзе пачалося будаўніцтва каналізацыі.


"Дзея" ўшанавала памяць Юркі Лістапада

Выбітны змагар за беларускасць і незалежнасць краіны Юрка Лістапад нарадзіўся 7 красавіка 1897 года. Актывісты ініцыятывы "Дзея" адзначылі 120-годдзе з дня нараджэння суайчынніка вандроўкай па гістарычных мясцінах.

Юрка Лістапад быў удзельнікам слуцкага паўстаня, сябрам Беларускай Рады Случчыны, настаўнікам, перакладчыкам, ён арганізоўваў курсы беларусазнаўства і ствараў беларускія школы на Случчыне, удзельнічаў у выданні альманаха "Наша слова". У свой час не пабаяўся назваць сталінскі лад тэрарыстычнай дыктатурай, што будуе так званы сацыялізм на касцях зэкаў, у якіх Сталін і яго памагатыя ператварылі народ. Быў арыштаваны і закатаваны бальшавікамі ў 1938 годзе ў Бамлагу ва ўзросце 41 года.

Разам з Алінай Нагорнай і гісторыкам Нінай Стужынскай вандроўнікі ўшанавалі памяць герояў Слуцкага паўстання ў вёсцы Грозаў, а пасля наведалі вёску Варкавічы Слуцкага раёна, дзе нарадзіўся Юрка (Георгій Іванавіч) Лістапад.

Гісторык Ніна Стужынская лічыць што патрыятычная дзейнасць Юркі Лістапада павінна быць у будучыні адзначана належным чынам і мемарыялізавана беларусамі.

- Гэта быў сапраўдны патрыёт Беларусі, якіх не так многа ў нас, - гаворыць Ніна Стужынская. - Яго жыццё з маладога ўзросту і да гвалтоўнай смерці было падпарадкавана ідэі служэння вольнай і незалежнай Беларусі.

Па словах гісторыка, бальшавісцкія ўлады былі надта напалоханы свабодалюбівым зместам ужо першага нумара альманаха "Наша слова", дзе Юрка Лістапад выказваў свой пункт гледжання на дэмакратычную дзяржаву. "Свабода слова і друку, веравызнання - вось гарантыя ад прыгнёту і крыўды ўлады", - пісаў змагар за Беларусь яшчэ ў тыя часы. Гэтыя яго выказванні актуальныя і да нашых часоў.

Група з 16 ўдзельнікаў гістарычнага падарожжа складалася ў асноўным з маладых актывістаў, зацікаўленых у вывучэнні гісторыі роднага краю і забытых імёнаў.

Але былі і людзі сталага веку. Анатолю Болазю, случчаніну, хутка споўніцца 70 гадоў. Мужчына шкадаваў, што пражыў жыццё, не ведаючы гісторыі Случчыны.

- Пра Георгія Жукава, як пра знакамітага палкаводца, ведаю з пялёнак. Але не ведаў, што ён узначальваў вайсковую частку, якая задушыла слуцкае паўстанне. Настаўнік Юрка Лістапад быў актыўным удзельнікам слуцкага паўстання - пра яго ў Слуцку нічога не нагадвае, а Жукаву стаіць помнік. Гісторыя ў нас нейкая ўся перайначаная наадварот, - гаворыць пенсіянер.

Кастусь Ахроменка - малады чалавек са сталіцы, музыка-фрылансер, падзяліўся ўражаннямі ад вандроўкі.

- Вельмі ўдзячны арганізатарам і асабіста Ніне Стужынскай. Цікава было больш падрабязна даведацца пра Юрку Лістапада, пазнаёміцца з архіўнымі матэрыяламі яго справы, якую даследвала гісторык. Такія ўнікальныя экскурсіі павінны праводзіцца і найдалей. Шкада, што яны даступны невялікаму колу ўдзельнікаў.

Зінаіда Цімошак.


"Абрады маёй краіны" працягваюцца...

Народная творчасць заўсёды пераважала ў дзейнасці нашых клубных устаноў культуры. У гэтым кірунку ў 2016 годзе ў Год культуры ў ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" стартаваў праект - адраджэнне "Абрады маёй краіны". І як паказала практыка, абудзіў у насельніцтва жывую цікаўнасць да гэтых мерапрыемстваў. Таму ў бягучым годзе праект - адраджэнне мае працяг. Пра нашу абраднасць шмат разоў пісала рэспубліканская газета "Культура". А ў бягучым годзе, у канцы сакавіка, завітаў тэлеканал "Беларусь - 3" на здымкі перадачы "Наперад у мінулае".

Здымалі ў філіяле "Беліцкі Дом культуры" абрад "Юр'е". Удзельнікі аматарскага аб'яднання "Вяртанне да вытокаў" расказалі, як праводзіўся раней і як цяпер аднавілі, з дапамогай мясцовых старажылаў, гэты абрад. У выкананні вакальнага гурта "Надзея" гучалі юр'еўскія песні: "А мы Юр'е сустрачалі", "Маладая, малодачка", "У мураванай мураванцы", "Юр'ева маці ў свет пайшла", "Ідзе, ідзе карагод", "За гарою хмара ўстала". У аграгарадку Ходараўцы здымалі абрад "Гуканне вясны". Работнікі філіяла "Ходараўскі Дом культуры" як і здаўна, праводзілі гэты абрад на ўзгорку каля лесу. Расклаўшы вогнішча, дзеці і моладзь вадзілі карагоды, падкідалі, зробленыя з паперы птушачкі, імітуючы рухі крылаў, каб паскорыць прылёт сапраўдных птушак. Дзеці з задавальненнем крычалі : "Жавараначкі, прыляціце, вясну прынясіце - у-у-у-". Фальклорны гурт "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры выканаў песні-вяснянкі: "Дзякуй Богу, што вясна прыйшла", "Жавараначкі прыляціце", "А ў лесе, лесе", "Ах ты, вясна-красна", "Моладзец, моладзец ".

Напрыканцы хочацца сказаць, што нават, калі да абраднасці нашых продкаў іншым разам і дабаўляюцца элементы сучаснасці, то ўсяроўна традыцыі працягваюць сваё жыццё. А гэта самая сапраўдная повязь часоў.

Г.М. Некраш, вядучы метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX