Папярэдняя старонка: 2017

№ 18 (1325) 


Дадана: 02-05-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 18 (1325), 3 траўня 2017 г.


У Гародні абралі лепшую беларусачку

28 красавіка ў Гарадскім доме культуры г. Гародні прайшоў урачысты конкурс "Гарадзенская беларусачка - 2017". У барацьбе за тытул дзяўчаты паказвалі свае кулінарныя, танцавальныя, прамоўніцкія і спартовыя здольнасці, паведаміў "Белсат".

- Галоўны крытэр - беларускасць, валоданне беларускай мовай. Таксама мы глядзелі на прыгажосць дзяўчат, на іх крэатыўнасць, здольнасці. Сёлета ўпершыню быў конкурс па чырлідынгу: Міністэрства спорту і турызму нядаўна ўключыла чырлідынг у лік алімпійскіх відаў спорту. Хто ведае - можа праз чатыры гады на Алімпіядзе будуць выступаць менавіта гэтыя дзяўчаты, - сказаў PR-менеджар праекту Сяргей Іваноў.

Даведка. Летась Міжнародны алімпійскі камітэт прызнаў Міжнародны саюз чырлідынгу часовым чальцом. Праз тры гады чырлідынг можа ўвайсці ў праграму Алімпійскіх гульняў.

Дзяўчаты рыхтаваліся да конкурсу два месяцы: займаліся танцамі, вучыліся хадзіць па подыюме, шылі гарнітуры, рыхтавалі розныя стравы і складалі мультымедыйныя аўтапрэзентацыі. А таксама, па ўсёй бачнасці, падцягвалі беларускую мову.

У выніку з дваццаці чатырох кандыдатак журы абрала сямёрку лепшых, якія выйшлі ў фінал. Сёлета ўпершыню за саламяную карону змагаліся не толькі студэнткі гарадзенскіх каледжаў і ВНУ, але і маладая настаўніца беларускай мовы з пачатковай школы № 8 Анастасія Трафімчук, якая і перамагла.

Карону пераможцы надзеў намеснік старшыні аддзела ідэалагічнай працы Гарадзенскага гарвыканкама, які ўзначальваў сёлета журы, што складалася з васьмі мужчын.

- У галаве круціцца пытанне: чаму я? Дагэтуль не магу паверыць, - кажа ўсхваляванае пераможца. - Вырашыла паўдзельнічаць, бо гэта сапраўднае свята беларускай мовы, якую, нажаль, у паўсядзённым жыцці цяпер так рэдка пачуеш. А так хочацца, каб яна жыла - і яна сапраўды жыве тут.

Неспадзеўкай для Анастасіі Трафімчук стала запрашэнне на тэлеканал "Гародня Плюс" весці суботнюю ранішнюю перадачу на беларускай мове.

- Што да ролі вядоўцы, я вельмі баюся працы з карэспандэнтамі, з тэлебачаннем. Мае першыя спробы працы з камерай былі такія: "Ааа! Што казаць ?!", - кажа дзяўчына. - Але гэта штосьці неверагоднае, не веру, што гэта са мной адбылося.

Тытул самай таленавітай і прыгожай гарадзенкі прысудзілі ў 11-ты раз. За гады існавання "Гарадзенская беларусачка" ператварылася з фальклорнага конкурсу ў вялікае шоў. Арганізатары кажуць, што мерапрыемства праводзіцца з мэтай адраджэння беларускіх нацыянальных традыцый, дзеля папулярызацыі беларускай мовы і народнай творчасці, прыцягненні ўвагі гарадзенскай моладзі да спадчыны беларускай культуры.

І трэба толькі вітаць такі падход гарадзенскіх работнікаў культуры да пашырэння беларускай мовы. Насуперак розным "песням жальбы" ў самых розных месцах, самымі рознымі спосабамі беларусы імкнуцца павярнуць грамадства да мовы. Цяпер без мовы і на подыюм не выйдзеш.

Фота: belsat.eu.


140 гадоў з дня нараджэння Антона Грыневіча

Антон Антонавіч ГРЫНЕВІЧ (3 траўня 1877, хутар Іванаўшчына, Лепельскі павет - 8 снежня 1937) - збіральнік беларускага музычнага меласу (фальклору), выдавец, педагог.

Скончыў Дзісненскае гарадское вучылішча. Калежскі сакратар у Санкт-Пецярбургу. Удзельнік суполкі "Загляне сонца і ў наша ваконца". Заснавальнік "Выдавецтва Антона Грыневіча" (1910). У 1910-1912 гадах выдаў два тамы кніжкі "Беларускія песні з нотамі" (разам з А. Зязюлем, 1912), зборнікі паэзіі Я. Купалы "Гусляр", "Адвечная песня", тры зборнікі апавяданняў Я. Коласа, першую кнігу У. Галубка "Апавяданні", зборнікі навел Таўруса і Гвазда.

Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкама (1918), Беларускага народнага дома.

У Вільні з 1920 г. Падтрымліваў Беларускую драматычную майстэрню. У час быцця ў Вільні быў арыштаваны дэфензівай, адбыў год зняволення ў варшаўскай турме. У Вільні выдаў "Народны спеўнік" (1920), "Школьны спеўнік" (1920), "Навука спеву" (1923), "Беларускі дзіцячы спеўнік" (1925). Рыхтаваў "Канцэртны спеўнік", "Аднагалосыя, двухгалосыя і харавыя канцэртныя спевы". Быў звольнены з Віленскай бел. гімназіі за недобранадзейнасць, ізноў паддадзены следству. Уцёк у БССР.

У Менску з 1925 г. Сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульта (1925-1928), потым у Акадэміі навук БССР (1929-1930). Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі. Падрыхтаваў да друку ў БССР зборнікі "Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні", "Дзіцячыя гульні", зборнік фартэпіянных твораў рэвалюцыйнага зместу на тэксты беларускіх пісьменнікаў. Збіраў фальклор на Палессі і ў Падзвінні. Аўтар артыкулаў у беларускім перыядычным друку.

Арыштаваны ў 1933 г., памёр у лагеры.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Валянціна Мысліўца

Валянцін МЫСЛІВЕЦ, нарадзіўся 09.05.1937 г. у вёсцы Хазянінка Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў тэхнічную навучальню ў Менску па спецыяльнасці майстар-будаўнік (1956). Служыў у марскіх пагранічных частках (1956-1957). Працаваў мантажнікам у Менскім будаўніча-мантажным кіраванні радыёфікацыі (1958), мадэльшчыкам на заводзе аўтаматычных ліній (1959-1964). З 1965 г. - літсупрацоўнік рэдакцыі "Чырвоная змена", з 1967 г. - рэдактар на Беларускім радыё. У 1967 г. скончыў вячэрняе аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1976 г. - галоўны рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1980 г. - рэдактар аддзела нарысу часопіса "Полымя", з 1983 г. - літкансультант "Сельской газеты", у 1987-1988 гг. - начальнік аддзела Беларускага фонду культуры. Сябар СП СССР з 1967 г.

У друку выступаў з 1962 г. Выдаў шэраг нарысаў, аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў "Дубы не маўчаць" (1967), "Гарачая сталь" (1971), "Каханне на золаку" (1986), раман "Мужанцы" (1982), дакументальную аповесць "Выгнанне грэшнікаў" (1990). Зрабіў літаратурны запіс кнігі І. Макарэвіча "Гаспадар на зямлі" (1989).

Вікіпедыя.


Цяньцзіньскі ўніверсітэт пачне набор на спецыяльнасць "Беларуская мова"

Першы набор на спецыяльнасць "Беларуская мова" пройдзе ўлетку ў Цяньцзіньскім універсітэце замежных моў (ТУЗМ), паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў КНР.

ВНУ стане другой у Кітаі, у якой выкладаецца гэтая спецыяльнасць. Беларуская мова ўжо вывучаецца ў Другім пекінскім універсітэце замежных моў. Тэма пашырэння навучання беларускай мове ў ліку іншых абмяркоўвалася падчас сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Беларусі ў КНР Кірыла Рудого з рэктарам ТУЗМ Сюй Ганам.

Акрамя таго, разглядаліся пытанні супрацоўніцтва ў цэлым у сферы адукацыі і іх перспектывы. Сустрэча прайшла падчас міжнароднай канферэнцыі "Кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі ў рамках канцэпцыі "Адзін пояс - адзін шлях", у якой удзельнічаў беларускі дыпламат. Мерапрыемства было арганізавана ў Цяньцзіньскім універсітэце замежных моў пры ўдзеле кітайскіх і беларускіх ВНУ. З беларускага боку на канферэнцыі былі прадстаўлены Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.


Валанцёр Беларушчыны

Івану Будніку - 80!

2 траўня, сябру Рэспубліканскай Рады, намесніку старшыні Гарадзенскай абласной Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Івану Будніку споўнілася 80 гадоў, 27 гадоў з якіх ён валанцёр ТБМ. Інтэрвію ў юбіляра ўзяў А. Крой.

А. Крой: "Іван Фёдаравіч, шматлікія сябры ТБМ сардэчна віншуюць Вас з юбілеем і перадаюць самыя цёплыя пажаданні на Ваш адрас! Іван Фёдаравіч, у гэтым годзе будзе 500 гадоў, як выйшла Біблія Ф.Скарыны. У дадатак у Вас свой юбілей і Вы, як вядомы гарадзенскі актывіст-валанцёр аддалі больш 27 гадоў грамадскай арганізацыі, якая носіць імя славутага беларускага першадрукара. Раскажыце з нагоды важнага юбілею чытачам "НС" пра сябе. Калі і дзе Вы нарадзіліся, хто Вашы бацькі, чым яны займаліся? На якой мове гаварылі? Як праходзілі Вашы школьныя гады?"

І. Буднік: "Я нарадзіўся ў 1937 г. і да трынаццаці гадоў жыў у самай-самай беларускай вёсцы Лікоўка Гарадзенскага раёна. Усе жыхары яе (а гэта ў даўнейшыя часы ад 200 да 300 чалавек) былі беларусамі, праваслаўнымі і жаніліся з аднаверкамі. Толькі адзін з лікоўскіх жаніхоў, Кірыла Герынг, "здрадзіў" традыцыі - узяў у жонкі дзяўчыну-каталічку Ядзю з суседняй вёскі Баранава і часта жартаўліва паўтараў іншым мужыкам:

- Вось вы на Каляды і Вялікдзень толькі два дні ясце белыя пірагі і каўбасы, а я - чатыры. Так што думайце, мужыкі! Але хлопцы не надумваліся і болей паглядалі на паўднёвыя вёскі Сухую Даліну, Лашу, Балічы, дзе былі больш урадлівыя землі і нявесты з багацейшым пасагам. Мае бацькі - тата Фёдар Фаміч і матуля Ганна Дзмітрыеўна - таксама паходзілі з той жа старажытнай Лікоўкі, якая фігуруе ў Пісцовай кнізе каралеўскіх зямель пад 1558 годам. Бацькі размаўлялі па-беларуску, хаця у дзяцінстве атрымалі расійскую прышчэпку, калі ў Першую сусветную вайну ў 1915 годзе іх сем'і былі вывезены ў Паволжа (сям'я таты) і Башкірыю (матуля). Там яны атрымалі пачатковую адукацыю, а матуля ведала многа рускіх песень. Пасля вяртання з бежанства ў 1921 годзе жыццё хутка ўвайшло ў родныя беларускія берагі. Вярнуліся ўжо ў іншую краіну, дзе грунтоўна ўсталявалася Польская дзяржава, у якой беларусы лічыліся народам другога гатунку. Дзеці школы ўжо не наведвалі.

Мае бацькі паходзілі з сялянскіх сем'яў, дзе галоўнай каштоўнасцю лічылася зямля, а яе набыццё было найважнейшай задачай. Так, мой дзед Фама (Тамаш), купіўшы 3 га зямлі з карчамі ў паноў Красінскіх, палажыў здароўе на ачыстку палетка: выкарчоўваў, калоў, сушыў, вазіў дровы за 7 вёрст у Індуру; падарваўся па гэтай працы і ў 58 гадоў адышоў у іншы свет. У сям'і назбіралася сваёй зямлі 12 га і давялося апрацоўваць яшчэ 4 га, што засталіся ад стрыечнага бацькавага брата Навума, які не вярнуўся з бежанства, трапіўшы ў Омскую губ. Вось гэтая колькасць была заўсёды косткаю ў горле зайздроснікам і прычынай для звядзення рахункаў па сквапнасці.

Бацькі - тата Фёдар і матуля Ганна Дзмітрыеўна з Паўлюкевічаў - пажаніліся ў 1932 г. па каханні, хаця Буднікам (быў у сям'і толькі адзін мужчына) патрэбны былі і работнікі на гаспадарцы. У 30-я гады яны займелі двое дзяцей (сястра і я), а пасля вайны - яшчэ сястрычку.

Бацькі цанілі навучанне, школу і імкнуліся ўсё жыццё даць нам адукацыю, але прымусу не было. Сястра, старэйшая на тры гады, пайшла ў школу да вайны, а пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. пайшлі мы абое ў другі клас Квасоўскай пачатковай школы. Яшчэ праз тры гады скончылі Лашанскую сямігодку і нашы шляхі павялі нас з бацькоўскай хаты ў шырокі свет. Бацькі ўсё жыццё пражылі ў Лікоўцы, былі ў ліку першай групы стваральнікаў калгаса ў вёсцы. А перад уступленнем у калгас доўга разважалі і думалі. Але стрыечны брат з Омска на просьбу таты даць параду напісаў, што калі не ўступіць, то ўлады задушаць падаткамі, а потым вывезуць на Салаўкі ці ў Сібір. У калгасе працавалі на самых радавых пасадах: паляводаў, матуля - каля васьмі гадоў на ферме. І ўсюды пераважала ручная праца".

А.К.: "У в. Лаша, дзе Вы скончылі семігодку, нарадзіўся славуты акадэмік Я. Карскі. Але музей Я. Карскага ў Лашы, дзякуючы засл. настаўніку Беларусі А. Цыхуну быў створаны значна пазней, у 1964 г. Лаша была беларускай, а горад Гародня зрусіфікаваўся. Вы, атрымаўшы беларускую адукацыю на вёсцы вымушаны былі падладжвацца пад савецкую гарадскую сістэму, якая была не беларускай? У СШ № 6 Вы вучыліся ў адным класе з сынам А. Цыхуна будучым вядомым філолагам Г. Цыхуном. Як Вы сябе пачувалі ў рускамоўным класе і пазней ў інстытуце з нярускім вымаўленнем?"

І.Б: "Загартоўка на беларускасць, якую мы атрымалі ў сям'і і школе, захавалася на ўсё жыццё і спрацавала праз гады. Сярэднюю адукацыю я атрымліваў у рускай сярэдняй школе № 6 гор. Гародні, і спачатку было складана і цяжка прывыкаць. Нават да гэтай пары помніцца адна невялікая абраза за маё няўдалае выкарыстанне рускага словазвароту. І я стараўся хутчэй пазбавіцца майго беларускага адрознення, хаця, думаецца, неразумнае хлапчанё не падлягае асуджэнню за такое імкненне. Расійскія парасткі раслі і мацаваліся ў маёй свядомасці пасля паступлення і пяцігадовага навучання на рускім аддзяленні гістфілфака ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце імя Я. Купалы (1953-1958 г.), двухгадовай службы ў Савецкай Арміі і далейшай працы. Здавалася, што пасля інстытута і арміі мая расійская аснова стала даволі грунтоўнай. Але гэта было не так, у чым пераканаўся на рабоце ў школе. Першыя два гады пасля дэмабілізацыі працаваў у Жукевіцкай васьмігодцы (Гарадзенскі раён, А.К.). У адзін з дзён пасля ўрокаў мы з дырэктарам школы Жуком У.М. асвойвалі магнітафон для выкарыстання яго на ўроках. Калі я запісаў і праслухаў у сваім чытанні на рускай мове байку І. Крылова "Волк и ягнёнок", у мяне вушы гарэлі ад сораму за маё вымаўленне. У ВНУ не ўдзялялі ўвагі практычнай адпрацоўцы рускай арфаэпіі. Ва ўсім было відаць прыроджанага беларуса. І я сур'ёзна заняўся асваеннем рускага вымаўлення як уласнага, так і адпрацоўкай яго ў вучняў, калі працаваў намеснікам дырэктара Капцёўскай СШ і выкладаў рускую мову. У гэтай справе былі пэўныя поспехі, якія адзначалі мае калегі, калі давялося ў 80-я гады тройчы выязджаць у Венгрыю для правядзення заняткаў з венгерскімі настаўнікамі на курсах па рускай мове.

Так што русіфікацыя была моцнай і грунтавалася не толькі на тым, што я быў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры і павінен быў належным чынам адпавядаць гэтаму. Але галоўная прычына ў тым, што праводзілася дзяржаўная палітыка, накіраваная на зліццё нацый, іх культур і моваў у нейкую адзіную, г. зв. савецкую на расійскай аснове. І, што важна, гэтаму замбіраванню верылі мільёны людзей, быццам бы так і павінна быць, і нікуды ад яго не дзецца.

Верылі ў вышэйшую мудрасць, бязгрэшнасць і дальнабачнасць вярхоўных правіцеляў краіны, у камуністычную сістэму, хаця травілі з'едлівыя анекдоты і пра іх, і пра палітычны лад. Маім сябрам здавалася, што ў цэлым сама сістэма правільная, толькі чагосьці ў ёй трохі не хапае, чагосьці "вярхі" не даглядзелі, таму і былі недахопы. А дзе няма недахопаў! Усяго не даглядзіш! Даверлівая маладосць вырасла на маральных прынцыпах праўды і чэснасці: давярала настаўнікам, прапагандзе, верыла правадырам, камуністычнаму вучэнню. Лічылася, што вучоным усё даступна ведаць і яны пішуць толькі праўду, статыстыка не падманвае, а гэта робяць ворагі Саюза і завіснікі на Захадзе. Думалася, што калі і ёсць нейкія парушэнні і недахопы, то вінаваты ў гэтым мясцовыя правіцелі. Памятаецца выпадак, калі я ў 1952 г. пачуў упершыню "голас з-за бугра" і перадачу пра расправу з маршалам Васілём Блюхерам, то не паверыў, палічыў выдумкай ворагаў: не можа савецкая ўлада знішчаць сваіх верных слуг; гэта, канешне, нямецкі шпіён (прозвішча - нямецкае!), які зачасаўся ў шэрагі байцоў рэвалюцыі. Так ім і трэба! У сувязі з гэтым успамінаецца рэакцыя на смерць І. Сталіна. Раніцай 5 сакавіка 1953 г. гаспадар кватэры, дзе я жыў, паведаміў: "Сталін памёр".

Пачуўшы гэта, я сядзеў на ложку і думаў, што цяпер у свеце адбудзецца: ці землетрасенне, ці абвал, ці неба рухне на зямлю. Потым пайшоў у школу, дзе заняткаў нармальных не было, а пад вечар мы стаялі ў жалобнай варце каля бюста Сталіна, які знаходзіўся амаль пасярэдзіне, бліжэй да ўваходу ў 9-ю школу Гародні (на перакрыжаванні вуліц Гарнавых і Гагарына, сёння дзіцячы цэнтр "Прамень", А.К.). Сумбур у маладых галовах быў поўны. А ў першыя студэнцкія гады нас, маладых камсамольцаў, гаркам і камітэт камсамолу выводзілі вечарамі на вуліцы горада на барацьбу са "стылягамі", каб мы, злавіўшы такога, накастылялі яму ў падваротні за несавецкі выгляд: штонікі ў дудачку і жоўтыя туфлі на тоўстай падэшве. Раслі канфармістамі: і верылі ў камунізм, і кпілі, асуджалі. Але камуністычнае ачмурэнне было моцнае, ды і яно мела трэшчыны і скончылася. Яшчэ пры стварэнні калгаса ў Лікоўцы ў нас з сястрой склаліся непрыязныя адносіны да яго з-за гвалту пры стварэнні, грубага ўціску, бяспраўнага становішча чалавека ў ім. Мы гэта назіралі на сваіх бацьках і прымалі іх настроі і ацэнкі. Нявопытны розум верыў, што вышэйшае кіраўніцтва краіны не будзе чыніць гвалт над сваім народам, а гэта робяць мясцовыя ўлады, якія скажаюць мудрую ідэю з калгасамі для вызвалення сялян ад цяжкай працы. Пра прыгонніцкую сутнасць калгасаў вялі мы, студэнты 2-3 курса, размовы, калі збіраліся ў нядзелю на вечарынкі да Дуброўскага Лёні і Жыгярэвіча Зютка на знятай імі кватэры на пл. Леніна. Прыехаўшы ў гэты дзень з вёсак, мы везлі новыя факты пра ўпадак калгасаў, імі дзяліліся, рабілі агульны вывад. Моцны ўдар па нашых поглядах нанёс даклад М. Хрушчова аб кульце асобы Сталіна, з якім пазнаёмілі студэнтаў у траўні ці чэрвені 1956 г.

(Працяг у наст. нумары.)


Этнаграфічны тлумачальны слоўнік

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Жвір (гравий) - буйна-зярністы жоўты пясок.

Жлукта (бук) - 1) драўляная пасудзіна, выдзеўбаная з драўлянай калоды, для запарвання бялізны; 2) бандарная пасудзіна на ножках, у якой запарвалі бялізну.

Жменя (горсть) - колькасць чаго-небудзь, што змяшчаецца ў далоні са сціснутымі пальцамі.

"Жмуркі", "Хованкі" ("Жмурки") - дзіцячая гульня ў хованкі: выбіраюць таго, хто будзе жмурыць, а ўсе хаваюцца. Ён павінен іх знайсці.

Жніво, пільніца (жатва) - час, калі жнуць азімае жыта.

Жняя, жнейка (жница) - жанчына, якая жне сярпом.

Жняярка (жатка) - конная машына з крыламі, якая жне.

Жолаб (жёлоб, кармушка) - 1) паўдупло для сцёку вады; 2) выдзяўбаная або дашчатая пасудзіна, у якой кормяць свойскую жывёлу.

Жорны (ручная мельница) - ручная прылада для памолу збожжа.

Жупан, шарок (жупан) - верхняя вопратка шляхты і мяшчан.

Жур (кисель) - аўсяны кісель.

Журавель (журавль) - традыцыйнае прыстасаванне каля студні для даставання вады.

Жывіца (живица) - вадкая празрыстая смала, што выцякае з хваёвых дрэў.

Жыжаль (Жижель) - бог агню і кавальскай справы ў язычніцкай міфалогіі ўсходніх славян.

Жыта (рожь) - аднагадовая расліна сямейства злакавых, зерне якой скарыстоўваецца для прыгатавання хлеба.

ыта" - старажытны карагод на Юр'е, які бытаваў на Палессі.

Жытняк (житняк) - шматгадовая кармавая травяністая расліна сямейства злакавых.

Жытняя баба - міфічная гаспадыня поля.

Жытнічкі - дзеці, якія нарадзіліся ў полі ў час жніва.

Жыцень - міфічны гаспадар поля, бог восені.

Жычка (красная лента) - чырвоная істужка.

Жэрабя (жребий) - умоўны знак (дробная рэч), якая выцягваецца наўгад з падобных прадметаў пры вызначэнні чарговасці на што-небудзь.

Жэрасці, жарасці (поперечины) - папярэчныя жэрдкі-перакладзіны на абодвух канцах плыта, да якіх віцамі прывязвалі бярвёны.

З

Забалаць (заболоть) - назва баваўняных каляровых нітак для вышывання і ткання.

Забор (изгородь) - плот (в. Марозавічы Лапацінскага с/с Пінскага раёна).

Завознік (помольщик, завозчик) - той, хто прывёз збожжа малоць у млын.

Завойка (портянка ) - кавалак палатна або ануча для акручвання лытак ног жняі на жніве, каб зберагчы іх ад пашкоджвання.

Заворванне, першая баразна- традыцыйны земляробчы абрад першай баразны.

Завушніца (серьга) - упрыгожванне ў выглядзе кольца, якое прымацоўваецца да мочкі вуха.

Загата (завалина) - прызба (в. Жабчава Капыльскага раёна).

Загарадка, праварына (стойло) - адгародка жэрдкамі стойла для жывёлы ў хляве.

Загон, шнур (загон, полоса) - паласа зямлі ў полі, якая належыць аднаму гаспадару.

Загнет (загнетка) - 1) маленькія дробненькія смалякі і трэскі для распальвання агню; 2) маленькі агонь пры распальванні ў печы.

Задворак (задворки) - частка двара паміж хатай і хлявамі (Гарадзенскі раён).

Зажынкі (зажинки) - урачыстасць пачатку жытняга жніва.

Зазоўка - дэманічная лясная істота, якая заманьвае маладых мужчын і хлопцаў. Занатавана ў Вілейскім раёне.

Закот (фронтон) - 1) зрубны шчыт; 2) зрубная страха ў свірне, якая накрываецца саламянай страхой.

Закраса (приправа) - тое, што дабаўляюць у ежу для лепшага смаку і паху (сала, мяса грыбы, рыба, прыправы).

Закрутка, круцёлка (завёртка) - драўляная ручка ў шуле для адкрыцця дзвярэй.

Закрыліны, прычэліны (закрылины) - дошкі, якія завяршаюць страху і франтон.

Закутак (закоулок) - цёмны, цесны вугал, куток.

Залатар (ювелир, золотарь) - майстар па вырабе розных рэчаў з золата.

Залатнік (золотник) - старая мера масы, роўная 1/96 фунта (каля 4,26 г.).

Залатоўка (золотовка) - манета ў 15 капеек.

Залатуха (золотуха) - дзіцячая хвароба, якая характарызуецца высыпкай і нарывамі на целе.

Залеж (целина) - аблога, цаліна.

Залобак (фронтон) - загін страхі ў верхняй частцы франтона.

Заложачнік, заложнік (ложечник) - паліца для лыжак.

Залом, завітка, закрутка, кукла (залом) - пучок зламаных і асаблівым чынам закручаных сцяблін жыта або іншага збожжа, знак шкодлівага чарадзейства.

Залоўка, залувіца - сястра мужа для ягонай жонкі.

Замова, загавор (заговор) - фальклорны твор, заснаваны на веры ў магічную сілу слоў і малітвы.

Замок (замок) - 1) прылада для замыкання чаго-небудзь; 2) сімвал аховы ў звычаях і абрадах.

Замёт (бревечатый забор) - плот з бярвенняў, якія закідваліся ў шулы.

Замша (замша) - мяккая скура з аксамітнай паверхняй.

Запань (запор) - адгароджаная частка ракі для затрымкі і сартавання сплаўных бярвенняў і сама агароджа.

Запарожац (запорожец) - казак з Запарожскай Сечы.

Запарожцы - тыя, хто прыйшоў на вяселле, каб толькі паглядзець на яго і знаходзяцца за парогам.

Запоіны, малая гарэлка (сватовство) - сватанне з застоллем, за якім дамаўляліся аб часе заручын і вяселля.

Запаска (шерстяной передник) - суконны фартух.

Запер - застаронак гумна (в. Жабчава Капыльскага раёна).

Запечак, запечча (запечье) - 1) месца паміж печчу і сцяной; 2) выступ печы.

Запусты, запускі, загавіныасленица) - нядзеля перад вялікім пастом.

Запяканка - страва з бульбы. Сырая бульба націраецца на цёрцы (тарцы) з вялікімі адтулінамі і запякаецца, як бабка (Вілейскі раён).

Заручыны, змовіны (заручины, сговор) - падрыхтоўчы этап перад вяселлем, калі маладыя заяўляюць сваім бацькам і радні на бяседзе, што яны згодны ўступіць у шлюб.

Засаўка, засоўка (запор, засов) - рухомая металічная або драўляная пласцінка для запірання дзвярэй.

Засек, аруд (закром) - адгароджанае месца ў клеці для пэўнай культуры збожжжа.

Засеўкі - земляробчы абрад пачатку сяўбы. Найбольш прыдатнымі днямі былі аўторак і субота, радзей пятніца.

Засланка, заслонка (заслонка) - бляшаны ліст з ручкай або дошка з ручкай для закрыцця вусця печы пасля таго, як яна выпаліцца.

Застава даўняя (залог) - залог, маёмаснае забеспячэнне атрымання пазыкі ці іншага абавязацельства.

Заступ (лопата деревянная) - лапата, у якой на драўляны шчыт насаджваецца шырокі жалезны падковападобны наканечнік.

Засценак (застенок) - невялікае сельскае паселішча, якое ўзнікла ў выніку правядзення валочнай памеры. У засценку сялілася дробная шляхта. Хутар.

Засценак (застенок) - месца катаванняў пры допыце ў турме.

Застаронак, запер, тарпа (закром) - адгароджаная ад малатаўні частка гумна.

Застрэшак (козырёк) - рабілі яго з саломы або дошачак, і ён прыкраваў верх сцяны спераду хаты.

Затор (затор) - 1) бандарны інструмент у выглядзе 3-5-зубнай пілкі, замацаванай на канцы драўлянай ручкі; 2) скучанасць людзей, транспарту і іх затрымка; сумесь прызначаная для браджэння пры вырабе гарэлкі, піва і іншага.

Заходняе Палессе (Западное Полесье) - гістарычна-энаграфічны рэгіён Беларусі, які займае басейн верхняй Прыпяці і яе прытокаў Піны і Ясельды і на захадзе ўключае правабярэжжа Заходняга Буга.

Зашчапка (защёлка, крючок) - прыстасаванне для запірання дзвярэй у выглядзе кручка.

Зацірка - вадкая мучная страва.

Збан, жбан, збанок (кувшин) - керамічны высокі посуд з ручкай для малака.

Збіцень (збитень) - 1) гарачы напітак, які гатаваўся з вады, мёду і вострых прыпраў; 2) гатовая маса, збітая, скалочаная з чаго-небудзь..

Зборная субота, суборная субота - вечар перад вяселлем.

Званіца (колокольня) - вежа са званамі на царкве або пры царкве.

Звездары, каляднікі (звездари) - тыя, што ходзяць на Каляды з зоркай і віншуюць гаспадароў са святам.

Звеставанне, Дабравешчанне (Благовещанье) - свята ў хрысціян, якое адзначаецца 25 сакавіка (у католікаў, уніятаў і пратэстантаў па н. ст., у праваслаўных па ст ст.).

Здань - прывід у выглядзе чалавека, жывёлы ці агнёў.

Здор (жир) - унутраны тлушч.

Зелле (зелье, снадобье) - 1) лекавыя расліны; 2) храп'ё (трава на корм жывёле).

Злівак (горшок) - гліняны гаршчок з ручкай і рыльцам.

Злыдні (лиходеи, злыдни) - нячысцікі, варожыя духі, якія насылаюць на чалавека бяду і нягоды.

Злоты (злоты) - лікава-грашовая і грашовая адзінкі ў ВКЛ і Польшчы, роўная 30 грошам.

Знахар, шаптун, варажбіт (знахарь) - той, хто лечыць людзей і жывёлу народнымі сродкамі (вадой, замовай і настоем траў), здымае нагаворы і суроцы.

Знахарства (знахорство) - народнае лекарства.

Зрэб'е (веретье, посконь) - гатунак кудзелі пасля часання яе, лепшы, чым радно.

Зэдаль, услон (скамейка) - невялікі пераносны ўслончык.

Зэдлік (скамеечка) - невялікі ўслончык.

Зюзя (Зюзя) - язычніцкі бог холаду і зімы.

Зябліва, зябло (зябь) - узараная ўвосень зямля пад яравыя.

Зямлянка (землянка) - жылое памяшканне ў зямлі са страхой.

Зямяне (земяне) - ваеннаслужылае насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім.

І

Іван Галавасек, Галаварэз (Иван Постный) - свята ўсячэння галавы Івана Хрысціцеля. Праваслаўныя адзначаюць 29 жніўня па ст. ст.

Ігліца - прыстасаванне для вязання сетак - невялікая лучына з проразямі на адным канцы.

Ігрышча (игрище) - святочная забава моладзі шлюбнага ўзросту з музыкай, танцамі і вячэрай (застоллем у складчыну). Папярэдняе размеркаванне пар для гульні і застолле адрознівала ігрышча ад вечарынкі. Звычайна праводзілася на Каляды і загадзя былі вядомыя яе ўдзельнікі. На ігрышчы была абрадавая гульня "Жаніцьба Цярэшкі". Пра ігрышчы ў радзімічаў упершыню ўпамінаецца ў Іпаццеўскім летапісе.

Ігумен (игумен) - настаяцель мужчынскага праваслаўнага манастыра.

Ігумення (игуменья) - настаяцельніца жаночага праваслаўнага манастыра.

Ідал - матэрыяльны прадмет, які з'яўляецца аб'ектам рэлігійнага пакланення.

Ілля, Ілья (Илья) - старажытны прарок, апякун земляробства і абаронца ад нячыстай сілы. Ён увабраў у сябе рысы язычніцкага бога Перуна, у гонар якога ладзілася свята дажджоў і навальніц.

Імша (обедня) - каталіцкая або ўніяцкая абедня.

Імшара (болото) - мохавае балота.

Імшанік (омшаник, зимовник) - уцепленае памяшканне для зімоўкі пчол.

Імшыць (мшить) - класці мох паміж бярвёнамі зруба дзеля ўцяплення памяшкання.

Імяніны (именины) - асабістае штогадовае свята каго-небудзь з хрысціян у той дзень, калі царква адзначае памяць аднайменнага святога.

Інвертар (инвентар) - вопіс феадальнага ўладання.

Інстрыгатар - дзяржаўны абвінаваўца ў судах ВКЛ (цяпер яго ролю выконвае пракурор).

Інтэрас (интерес) - занятак гандлем, дзелавая патрэба.

Інтэр'ер (интерьер) - унутраная прастора будынка, памяшкання.

Іржышча, ржышча, іржэўнік (стерня) - 1) астаткі сцяблоў ад зжатага збожжа на полі: 2) зжатае поле.

Іржэўніна, ржэўніна (стернина) - адна сцяблінка збажыны на зжатым полі.

Ірха (ирха) - вузкая палоска скуры або аўчыны, якой абшываюць край адзення або абутку.

Ірыс (ирис) - 1) гатунак каляровых нітак для вышывання і вязання; 2) гатунак цвёрдых цукерак у выглядзе плітачак.

Істопка, варыўня (кладовая, истопка) - памяшканне для захавання гародніны і іншых прадуктаў. Зімой чым-небудзь абагравалася.

Істужка, стужка (лента) - палоска каляровай тканіны, якая выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання.

Іцвіна - драцяны цяж, які сцягвае галоўку саней з пярэднім капылом.

Ішак (ишак) - свойскі асёл.

К

Кабат, станік, кітлік, шнуроўка, каптан (душегрейка) - верхняе жаночае адзенне без рукаваў да пояса, якое апраналася на сукенку.

Каберац (коврик) - невялікі дыванчык, які падсцілаюць пад ногі маладым пры вянчанні ў царкве.

Каблук (каблук) - 1) драўляная рамка як аснова ў вязанай драўлянай баране; 2) ніжняя патоўшчаная частка падэшвы ботаў, чаравікаў.

Кабылы (свинки) - прыстасаванне для будоўлі корпуса варыўнай печы.

Каваль (кузнец) - майстар, які займаецца коўкай металу.

Кавеня (кочерга) - качарга з жалезным наканечнікам.

Каверзні (лапти) - святочныя лапці па сваім выглядзе падобныя на маскоўскія. Яны мелі прыгожы выгляд, глыбокі насок, высокі заднік, тоўстыя барты, двайную або трайную падэшву. (Молчанова, с. 177.)

Каганец (светильник, плошка) - пасудзіна з тлушчам і кнотам пасярэдзіне для асвятлення.

Кадыр (долблёнка) - ліпавая дуплянка для збожжа ў в. Гарадок Глускага раёна.

Кадаўб, кадоўб, кузуб, кадаімнаадолбь) - пасудзіна, зробленая з дупла дрэва.

Кадаўбец - невялікі кадаўб.

Кадоўбчык - саламяная каробка малых памераў.

Кадрыль (кадрыля) - бытавы танец.

Кадушка (кадка) - невялікая кадзь (бандарная пасудзіна для захоўвання збожжа або прадуктаў).

Казлы (ключи) - 1) перакрыжаванні з брусоў, якія ставіліся на верхнім вянку зруба гаспадарчых будынкаў, і ў якія клалі тонкае бервяно - старадаўні спосаб будоўлі стрэх; 2) апора драўляная для кладкі або невялікага мастка на рацэ.

Каланісты (колонисты) - група людзей, паселеных з іншай вобласці або краіны.

Каламажка (бричка, тележка) - лёгкая выязная павозка на рысорах.

Каламазь (коломазь) - калёсная мазь (мазь з дзёгцю, смалы і солі).

Калатоўка (мутовка) - нятоўстая палачка з сучкамі на адным канцы для размешвання цеста (Молчанова, с. 189).

Калатуха (кулеш) - густая страва, звараная з грэцкай, або гарохавай, або бабовай мукі. Перад варкай яе размешвалі мялам або калатоўкай. (Шейн П. В. Материалы… Т. 3. С. 131. Молчанова, с. 194.)

(Працяг у наступным нумары.)


Конкурс адукацыйных міні-праектаў

Навіны Германіі

Прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства "Deutscher Volkshochschul-Verband e.V." (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь абвясціла конкурс адукацыйных міні-праектаў на 2017-2018 гг.

Да ўдзелу запрашаюцца мясцовыя і рэгіянальныя недзяржаўныя некамерцыйныя арганізацыі, а таксама міжнародныя і рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, якія дзейнічаюць на рэгіянальным і мясцовым узроўні.

Магчымымі тэматычнымі кірункамі міні-праектаў могуць быць: развіццё грамадзянскіх кампетэнцый; прававая пісьменнасць; прадпрымальніцтва і самазанятасць; інклюзія людзей у складанай жыццёвай сітуацыі; беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя і інш. Памер грантаў - ад 9 000 да 12 000 еўра. Тэрмін рэалізацыі: ад 6 да 12 месяцаў.

Для ўдзелу ў конкурсе адукацыйных міні-праектаў неабходна запоўніць форму заяўкі і бюджэту і накіраваць іх у электронным выглядзе на адрас pristrom@dvv-internatio-nal.by з пазнакай "Конкурс міні-праектаў" да 20 траўня 2017 года.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці ў Палажэнні пра конкурс.

З пытаннямі і за папярэдняй кансультацыяй можна звяртацца па электроннай пошце pristrom@dvv-international.by ці па тэлефонах (017) 207 98 35, (029) 171 93 97, (029) 257 43 97 (Наталля).

Конкурс адукацыйных міні-праектаў праводзіцца ў рамках праекту "Вучыцца, каб дзейнічаць", які рэалізуецца Прадстаўніцтвам зарэгістраванага таварыства "Deutscher Volkshochschul-Verband e.V." (ФРГ) у супрацоўніцтве з Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы (АДАІА) і Народным універсітэтам г. Кам (Баварыя, Нямеччына).

Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і суфінансуецца DVV International (са сродкаў Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця - BMZ).

АДБ "Брусель".


Як паглядзець беларускае кіно?

Старшыні ГА

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб разглядзе ліста

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваш ліст пра недахопы на беларускім тэлебачанні беларускамоўных фільмаў (мастацкіх, дакументальных, мультыплікацыйных) быў разгледжаны ў генеральным прадзюсарскім цэнтры Белтэлерадыёкампаніі і накіраваны ў галоўную дырэкцыю тэлеканала "Беларусь 3" генеральнага прадзюсарскага цэнтра.

У адказ паведамляем наступнае.

Галоўная дырэкцыя тэлеканала "Беларусь 3" сумесна з дырэкцыяй ліцэнзійных праграм і кінапаказу падрыхтавалі для Вас зводныя табліцы, у якіх адлюстраваны беларускамоўныя фільмы, праграмы, серыялы і мультфільмы (ў тым ліку мультфільм "Аповесць мінулых гадоу" і мульты-плікацыйны серыял пра Несцерку), якія выйшлі ў эфір на тэлеканале "Беларусь 3" у 2016 г. - пачатку 2017 г. (табліцы прыкладзены).

Агульны аб'ём вяшчання па беларускамоўных фільмах (мастацкіх, дакументальных, мультыплікацыйных) у 2016 годзе склаў прыкладна 54 гадзіны 20 хвілін, а ў першым квартале 2017 года - прыкладна 4 гадзіны 10 хвілін.

У выпадку стварэння РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" новых беларускамоўных праектаў будзе разгледжана магчымасць іх паказу на тэлеканале "Беларусь 3".

Таксама паведамляем Вам пра тое, што на тэлеканале "Беларусь 3" выходзяць у эфір наступныя праграмы ўласнай вытворчасці на беларускай мове:

штодзённы праект пра навіны культуры "Калейдаскоп";

штодзённая тэлеперадача "Гэты дзень", якая асвятляе асноўныя памятныя даты і падзеі беларускай і сусветнай культуры;

штотыднёвы праект "Тэатр у дэталях", які знаёміць гледачоў з гучнымі тэатральнымі прэм'ерамі і спектаклямі, якія сталі класікай айчыннай сцэны;

штотыднёвая праграма "Наперад у мінулае", прысвечаная спрадвечнай песеннай культуры Беларусі;

штотыднёвая музычная праграма "Нацыянальны хіт-парад"; праграмы для дзяцей "Дабраранак" (па буднях) і "Калыханка" (штодзённа);

пазнавальная праграма "Музеі Беларусі"; віктарына "Размаўляем па-беларуску" і інш.

Генеральны прадзюсар генеральнага прадзюсарскага цэнтра Г.М. Шульман.



Адказ вельмі грунтоўны, бо да гэтага ліста прыкладзены 23 старонкі табліц з пералікам перадач і фільмаў на беларускай мове. Як паглядзець то і не мала. Але пачытаем уважліва ліст. На самым беларускім тэлеканале "Беларусь 3" "агульны аб'ём вяшчання па беларускамоўных фільмах (мастацкіх, дакументальных, мультыплікацыйных) у 2016 годзе склаў прыкладна 54 гадзіны 20 хвілін, а ў першым квартале 2017 года - прыкладна 4 гадзіны 10 хвілін".

Гэта значыць, што за 2016 год на канале "Беларусь 3" беларускамоўныя фільмы ішлі ажно тыдзень, а ў 2017 годзе - якое шчасце, ужо паўдня.

А на іншых беларускіх дзяржаўных каналах і гэтага няма.

Дык што нам у тых 23 старонках з пералікам фільмаў і перадач? Адпіска з прэтэнзіяй на грунтоўнасць. А калі ж мы прычакаем 4 гадзіны беларускага тэлебачання не за тры месяцы, а кожны дзень на кожным канале? Двухмоўе ж аднак!


Лідскія тэатральныя сустрэчы

XI абласны фестываль народных тэатральных калектываў "Лідскія тэатральныя сустрэчы" прайшоў 29-30 красавіка ў Лідскім палацы культуры, у вялікай і малой залах.

Па традыцыі, тэатральны фестываль праводзіцца раз у два гады з мэтай падтрымкі і папулярызацыі творчасці народных тэатраў вобласці. Мерапрыемства, якое па праве можна лічыць галоўнай тэатральнай падзеяй усёй Гарадзеншчыны, спрыяе пашырэнню сферы ўплыву аматарскіх тэатраў на ўзровень эстэтычнай культуры насельніцтва. "Лідскія тэатральныя сустрэчы" - гэта істотная дапамога для развіцця творчых здольнасцей маладых артыстаў, важны стымул для падвышэння ўзроўню выканальніцкага майстэрства калектываў.

У фестывалі прынялі ўдзел 12 лепшых тэатральных калектываў вобласці. Артысты паказалі драматычныя, лялечныя і музычныя спектаклі.

У прыватнасці самі лідзяне прадставіліі два спектаклі: драму "Найдаражэйшае, што ёсць у мяне" па п'есе Т. Ламонавай, рэжысёр Ірына Сільчанка, і батлейку "Патрыкей", рэжысёр Ірына Вашкевіч.

Падзеі драмы, якую прадстаўляў Лідскі народны тэатр, разгортваюцца ў старажытным Наваградку ў эпоху караля Міндоўга. Міндоўга і Марту бліскуча ігралі Алег Лазоўскі, у жыцці работнік Палаца культуры, сябар ТБМ, і Тамара Зенюкевіч, у жыцці бібліятэкар СШ № 11. Арганічна ўпісваліся ў канву спектакля і крыж Ефрасінні Полацкай і Пагоня, а стоды на заднім плане ядналі ўсё ў адну беларускую рэчаіснасць.

Батлейку "Патрыкей", як напісана ў анатацыі, па матывах казкі "Ліса Патрыкееўна" прадстаўляў калектыў Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, які змагаецца за званне "народнага". Асноўны герой дзеі - унук князя Гедзіміна, князь Патрыкей, які праславіўся ў 14-м стагоддзі выключнай хітрасцю, прагнасцю і авантурызмам. Ён пражыў 80 гадоў і ў той няпросты час сумеў не схадзіць ні на адну вайну, пры тым, што войны тыя былі па два разы на год. Трэба сказаць, што адразу так і не згадаць, які б пісьменнік падымаў вобраз Патрыкея ў сваім творы. Магчыма, што лідская батлейка зрабіла гэта першай і зрабіла выдатна, пры тым, што ўсе лялькі і абсталяванне былі выраблены тут жа ў Лідзе, у Доме рамёстваў, і Лідскі замак служыць фонам для дзеі.

Па выніках конкурсных праглядаў вызначаны лепшыя калектывы, якія прымуць удзел у рэспубліканскіх фэстах народнай творчасці і абласной тэатральнай акцыі "Лепшыя тэатральныя спектаклі аматарскіх тэатраў вобласці - жыхарам г. Гародні" на сцэне Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатра.

Нажаль фармат здачы газеты ў друк не дазваляе паведаміць пра ўсе вынікі фестывалю, але ўжо вядома, што драма пра Міндоўга атрымала прыз "За лепшае сцэнічнае ўвасабленне твора беларускай драматургіі", а батлейка пра Патрыкея ўзяла агульнае 3-е месца фестывалю і шэраг прызоў у розных намінацыях. Абсалютна заслужанае прызнанне працы, таленту і майстэрства.

Наш кар.


Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Выстава кніг Святога Пісання прайшла ў Жлобіне

З нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Жлобінскім дзяржаўным гістарычна-краязнаўчым музеі ў красавіку 2017 года праходзіла выстава розных выданняў Бібліі і духоўнай літаратуры ў перакладах на беларускую мову з прыватнай калекцыі супрацоўніка музея Ўладзіміра Мальца.

На думку Ўладзіміра, без кнiг Старога i Новага Запаветаў, лiтургiчных і багаслоўскіх тэкстаў, катэхiзiсаў, малiтоўнiкаў i iншай рэлiгiйнай лiтаратуры на роднай мове не можа быць сапраўднага духоўнага адраджэння нашага народа. Беларусам у гэтай справе прыклад паказаў яшчэ Францішак Скарына. Яго перакладчыцкую справу ў XX-м стагоддзі, з выданняў гэтага часу і пачынаецца калекцыя Ўладзіміра Мальца, працягнулі Васіль Сёмуха, пратаіерэй Сергій Гардун, ксяндзы Ўладзіслаў Чарняўскі і Ўладзіслаў Завальнюк, грэка-каталіцкі святар Аляксандар Надсан і многія іншыя рупліўцы роднага слова.

У калекцыю Ўладзіміра Мальца ўваходзяць кнігі Святога Пісання і духоўная літаратура, выдадзеная католікамі, праваслаўнымі і пратэстантамі. У тым ліку - "Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Марка", "Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Лукі", "Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Іаана" на чатырох мовах: грэцкай, славянскай, рускай і беларускай. Яны ўбачылі свет у Менску ў 1999-м, 2003-м і 2005-м гадах адпаведна. Пераклад на беларускую мову належыць Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Таксама былі прадстаўлены "Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету" ў беларускім перакладзе Васіля Сёмухі (Мінск, 1999), "Святое Евангелле і праблемы перакладу на беларускую мову. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі па абмеркаванні перакладу Святога Евангелля на сучасную беларускую літаратурную мову" (Мінск: Рымска-Каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, 2011), іншыя.

Выстава выклікала цікавасць у наведвальнікаў музея.

Мікалай ШУКАНАЎ, краязнавец, г. Жлобін. На здымках: Уладзімір Малец распавядае пра сваю калекцыю; выданні Святога Пісання на родная мове. Фота аўтара.


Пачынае працаваць

"Музей-дача Васіля Быкава"

3 траўня 2017 года а 12 гадзіне пачынае сваю працу філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры "Музей-дача Васіля Быкава".

Жыццёвы шлях Васіля Быкава - аднаго з самых значных і самабытных творцаў беларускай літаратуры - пачаўся ў невялікай вёсцы Бычкі Ўшацкага раёна. З Віцебшчынай звязаны дзіцячыя і юнацкія ўспаміны пісьменніка, тут адбылося першае знаёмства Васіля Быкава з літаратурай, пачалося захапленне мастацтвам. Менавіта ў гэты час заклаўся падмурак Васіля Быкава-пісьменніка.

Невыпадкова, што новы сезон філіял "Музей-дача Васіля Быкава" пачынае з выставы "Усе мы родам з дзяцінства…". З 3 па 20 траўня адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага прадмета з фондаў музея - венскага крэсла, што належала Уладзіміру Хведаравічу Быкаву, бацьку народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. На выставе будзе магчымасць:

даведацца пра дзяцінства пісьменніка;

пазнаёміцца з гісторыяй крэсла;

убачыць унікальныя фотаздымкі і малюнкі Васіля Быкава.

Чакаем Вас па адрасе: Мінскі раён, а.г. Ждановічы-6, вул. 6-я Дачная, д.62. Праезд ад ст.м. Пушкінская (аўт. №219, маршрутка №1419).

Кантактны тэлефон:

(017) 334-56-21,

(017) 335-44-47

Эл. пошта: bellitmuseum@tut.by


Творчай энергіяй ён узбагачаў беларускую культуру

На 60-тым годзе жыцця адышоў у вечнасць актывіст Таварыства беларускай мовы, ганаровы сябар клуба "Спадчына", карэспандэнт газет "Новы час" і "Наша слова", музычны аналітык Анатоль Мяльгуй.

Анатоль Мяльгуй нарадзіўся 14 снежня 1957 года ў Менску. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 1989 годзе. З 1982 года выступаў у якасці пазаштатнага карэспандэнта газеты "Чырвоная змена", быў адным з вядоўцаў музычнай старонкі "Нотны аркуш" разам з Вітаўтам Мартыненкам. У 1983-1993 гг. быў музычным аглядальнікам газеты "Чырвоная змена".

У 1985 годзе А. Мяльгуй стаў пераможцам І Усесаюзнага конкурсу знаўцаў рок-музыкі, арганізаваным часопісам "Студенческий меридиан" (Масква). У 1986-1988 гг. сп. Анатоль быў старшынём менскага рок-клуба "Няміга". Ён удзельнічаў у арганізацыі першых беларускамоўных рок-фэстаў "Тры колеры-І" (1986) і "Тры колеры-ІІ" (1987). У 1993-2001 гг. ён выступаў як музычны аглядальнік шэрагу рэспубліканскіх выданняў, з 1999 г. - музычны касультант лэйблу "БМАgroup". У 2001-2005 гг. - вядовец музычных рубрык і аглядальнік газет "Новы Час", "Наша слова", "Знамя юности", "Белорусы и рынок", часопісаў "Дзеяслоў", "Роднае слова", ад 2005 г. - музычны карэспандэнт і аналітык інтэрнет-парталу "Тузін гітоў".

Анатоль Мітрафанавіч быў аўтарам шматлікіх публікацыяў і крытычных матэрыялаў, прысвечаных праблемам нацыянальнай культуры, стану беларускай мовы ў краіне, сучасных музычных кірункаў у Беларусі.

Сумесна з журналістам Вітаўтам Мартыненкам у 1989 годзе ў выдавецтве БІНіМ (Нью-Ёрк) яны выдалі першую беларускую рок-энцыклапедыю "Праз рок-прызму". У 2006 годзе пабачыла свет іх новая сумесная кніга, прысвечаная беларускай музычнай культуры: "222 альбомы беларускага року і не толькі…". Грунтоўны том быў адзначаны спецыяльным прызам арганізатараў "Рок-каранацыі - 2006". У 2010 годзе выйшла кніга "Беларускае слова ад спеву" у суаўтарстве Анатоля Мяльгуя, Элы Дзвінскай і Паўла Севярынца.

Анатоль Мяльгуй быў сябрам культурна-асветніцкага клуба "Спадчына". Узнагароджаны медалём з выявай "Пагоні" за "…актыўную і плённую працу на ніве беларускай нацыянальнай журналістыкі, за смелае адстойванне права беларускага народа на дзяржаўны суверэнітэт" (1998), а таксама срэбраным пярсцёнкам з выявай "Пагоні" і дэвізам "Жыве Беларусь" за "…дабрачынны і самаахвярны ўклад у падрыхтоўку і выданне альманаха "Скрыжалі "Спадчыны-4" (2005). Акрамя таго, спадар Анатоль быў узнагароджаны медалём імя Яна Масарыка "…у падзяку за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў" (2007).

Мы памятаем яго шчырым сябрам, удзельнікам актуальных падзей у культурным і грамадскім жыцці. Да самага апошняга часу, нягледзячы на хваробу сэрца, ён наведваў прэзентацыі беларускамоўных выданняў, творчыя вечарыны, канцэрты вядомых музыкаў, выставы карцін, і імкнуўся зрабіць яскравыя і эмацыйныя рэпартажы з падзей. Ён адзначаў выданне кніг Алеся Бяляцкага "Бой з сабой" і Алега Трусава "Гісторыя сярэднявечнай Еўропы", вітаў выхад новага дыска Т. Дайнекі, гастролі "Старога Ольсы" ў ЗША, рыхтаваў 25-гадовы агляд творчасці "Палаца". Сваім аўтарытэтным і палымяным словам ён натхняў калегаў-журналістаў і сяброў ТБМ. Да апошняга часу ён меў шмат ідэй і планаў.

А яшчэ дзесяцігоддзем раней Анатоль Мяльгуй з Вітаўтам Мартыненкам маглі гадзінамі распавядаць пра рэцэнзаваныя ў іх кнізе літаратурна-музычныя праекты беларускіх выдаўцоў, дзе ў розных жанрах сучаснай музыкі ажывала наша сучасная, класічная і архаічная паэзія: трыб'ют-альбомы меладычных песень на вершы Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Сяргея Новіка-Пяюна, аўтарскія кружэлкі папулярных артыстаў (Алеся Камоцкага, Вальжыны Цярэшчанкі, Таццяны Беланогай, гуртоў "Tesaurus", "P.L.A.N.", "DeadMarsh") з новым гучаннем паэзіі Рыгора Барадуліна, Сяргея Законнікава, Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Някляева, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна.

Вераснёўскім вечарам 2010 года мы з Анатолем і Вітаўтам сустрэліся на фэсце "Камяніца" ў Азярцы пад Менскам. Сябры супольна рабілі агульную справу. Анатоль фатаграфаваў удзельнікаў музычнага фэсту. Вітаўт распаўсюджваў кнігі пра музыку. Па заканчэнні выступленняў фольк-калектываў пад зоркамі мы крочылі да аўтобуснага прыпынка і па дарозе Вітаўт расказваў амаль дэтэктыўную гісторыю пра тое, як ён перапраўляў праз мяжу іх першую з Анатолем кнігу ў скрутку са шпалерамі, каб яна змагла быць выдадзенай на Захадзе, а Анатоль дзяліўся успамінамі пра ўдзельнікаў рок-клуба "Няміга". Гэта былі два рамантыкі, апантаныя музыкай і беларушчынай, у якіх захапленні спалучаліся з высокім прафесіяналізмам і адказнасцю.

- Толя нарадзіўся ў Менску ў 5-ай радзільні, - успамінае яго сястра Таццяна. - Нашы Бацькі Леакадзія Вікенцеўна і Мітрафан Вікенцевіч працавалі на Менскім аўтазаводзе, жылі ў Заводскім раёне. Праца была цяжкой, родныя будавалі дом, а малы Толя часта забіраўся ў катлаван і там гуляў, што было небяспечна. У школе па вучобе ён не быў лепшым, але яго абралі старастам класа. Старэйшы за мяне на пяць гадоў, ён быў мне за няньку, і таму на ўсё жыццё застаўся лепшым сябрам. Для маіх дзяцей, сваіх пляменнікаў, ён стаў хросным бацькам. Гэта быў самы выдатны хросны бацька на свеце! Ён не прапускаў ніводнага свята, ні дня народзінаў, каб не прыйсці з падарункамі. Маці перанесла інсульт і ляжала 13 гадоў, бацька даглядаў яе. Анатоль скончыў спачатку энергетычны тэхнікум, а затым паступіў у інстытут, але зразумеў, што гэта не яго шлях. І потым ён абраў журфак БДУ. Па заканчэнні яго Толя ўладкаваўся на завод "Атлант" у шматтыражную газету, дзе ён працаваў да 2015 года. Завод выдзяліў яго сям'і двухпакаёвую кватэру.

- Як сапраўдны беларус ён вельмі любіў нашу зямлю і прыроду, - успамінае Станіслаў Мяльгуй. - Тата вучыў мяне быць добрым да кожнай жывой істоты на зямлі. Мне вельмі пашанцавала быць яго сынам. Аднойчы ён узяў мяне маленькім на канцэрт "Крамы", і гэта мела ўплыў на мяне. Мы разам ездзілі ў грыбы. Гуляць на свежым паветры і радавацца адно аднаму - было шчасцем! Яшчэ мы любілі разам пафіласофстваваць і падумаць пра мінулае. Ён таксама цікавіўся новымі тэхналогіямі і ніколі не губляў смак да жыцця.

- Анатоль быў маім першым настаўнікам у журналістыцы, якому я ўдзячны за дапамогу, - кажа Андрэй Андрыеўскі. - Ён унёс у маю адукацыю ўсе асноўныя матывацыі, якія я сёння маю. Ён быў адным з лепшых журналістаў, якіх я бачыў у жыцці. У рубрыцы " Спадчына" ў газеце "Атлант" мы пісалі пра гісторыю розных гарадоў і параўноўвалі яе з сучаснасцю.

Сябры ТБМ смуткуюць і выказваюць шчырыя спачуванні сваякам і блізкім спадара Анатоля. Ён толькі на год перажыў свайго паплечніка Вітаўта Мартыненку, які сышоў з жыцця 17 красавіка 2016 года. Нам будзе яго вельмі не хапаць. Светлая памяць!

Эла Дзвінская. На фота аўтара: Анатоль Мяльгуй на прэзентацыі кнігі " Беларускае слова ад спеву", 2010 год.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Вялікім кіеўскім князем стаў старэйшы сын Яраслава Ізяслаў, але ён не змог адзін кіраваць вялізнай краінай. Уладу ён мусіў падзяліць з двума братамі - Святаславам (чарнігаўскі князь) і Ўсеваладам (пераяслаўскі князь). Гэты трыумвірат супольна кіраваў краінай 15 гадоў. У 1068 г. на дзяржаву напалі полаўцы, якія на рацэ Альце разбілі аб'яднанае войска братоў, і трыумвірат распаўся. У дзяржаве пачаліся міжусобныя войны, у якіх удзельнічалі і польскія войскі, разам з полаўцамі. У выніку кіеўскі сталец пасля Ізяслава заняў Святаслаў, потым Усевалад, а пазней - зноў Ізяслаў, які загінуў у 1078 г.

Княжанне Уладзіміра Манамаха. У канцы XI ст. кіеўскім князем стаў сын Усевалада Ўладзімір Манамах. Ён пачаў праводзіць сумесныя з'езды князёў ( снемы), на якіх абмяркоўваліся пытанні як знешняй, так і ўнутранай палітыкі. Самым галоўным быў снем у Любечы, які адбыўся ў 1097 г. На ім фактычна быў зафіксаваны падзел Кіеўскай Русі на асобныя самастойныя княствы, якімі паводле спадчыннага права кіравалі мясцовыя князі. Князі дамовіліся не нападаць адзін на аднаго і разам ваяваць з полаўцамі. Аднак гэтае рашэнне не было рэалізаванае, і канфлікты паміж князямі не спыняліся. У 1100 і 1103 гг. адбыліся яшчэ два снемы, дзе падымаліся тыя самыя пытанні, што ў Любечы. Апошні ўздым Кіеўскай дзяржавы адбыўся пры ўладзе Ўладзіміра Манамаха (1113-1125) і яго сына Мсціслава Вялікага (1125-1132). Яны паспяхова трымалі ўладу і паспяхова ваявалі з Полацкай дзяржавай. Так, у 1119 г. у Глеба Менскага адабралі яго ўдзельнае княства, а потым князь Мсціслаў адолеў і полацкіх князёў ды выслаў іх у Візантыю.

Феадальная раздробленасць і мангола-татарская пагроза. Пасля смерці князя Мсціслава ў 1132 г. Кіеўская дзяржава канчаткова распалася на асобныя самастойныя княствы-землі. Аднак мясцовыя князі, з выняткам полацкіх, увесь час змагаліся паміж сабою за ўладу ў Кіеве, каб хоць фармальна называцца вялікім кіеўскім князем. Часам князі арганізоўвалі сумесныя паходы супраць полаўцаў. Так, у 1183 г. аб'яднаныя дружыны дзевяці князёў на рацэ Арэлі разбілі вялізнае палавецкае войска. Шмат палавецкіх ханаў трапіла ў палон і мусіла плаціць вялікі выкуп, а галоўнага хана Кабяка ўзялі ў палон і забілі ў Кіеве. Пра гэтую бітву паведамляе невядомы аўтар "Слова пра паход Ігаравы".

У першай палове XIII ст. з'явіўся новы вораг - мангола-татары. У бітве з імі на р. Калцы ў 1223 г. удзельнічала аб'яднанае войска розных князёў, але яны былі разбітыя. Кіеў страціў каля 10 тысяч чалавек і свайго князя Мсціслава Раманавіча. У 1240 г. горад захапіла і інішчыла войска вышэйзгаданага хана Батыя.

Гаспадарчае жыццё і сацыяльная структура Кіеўскай Русі. Асновай гаспадаркі краіны былоземляробства. Сяляне вырошчвалі збожжавыя культуры, асабліва жыта, гарох, боб, лён, каноплі, разводзілі сады і агароды. Але агратэхніка была прымітыўнай. Зямлю аралі з дапамогай плуга і сахі. Ворыўнае земляробства было або падсечна-агнявым, або лясной аблогай. Таксама была папарная сістэма і двухпольны ці трохпольны севазварот. На другім месцы ў гаспадарцы была жывёлагадоўля. Асабліва шанаваліся коні і валы, якія былі асноўнай цяглавай сілай. Па-ранейшаму развівалася паляванне і рыбалоўства, а таксама бортніцтва, бо ў тыя часы мёд замяняў цукар. У той час панавала натуральная гаспадарка, і людзі самі рабілі ўсё неабходнае. Доўгі час вясковае насельніцтва ва ўсходніх славян называлася проста "людзьмі". Таму і даніна з іх мела назву "палюддзе". Аднак у IX-XII стст. раней вольныя сяляне падзяліліся на наступныя групы: чэлядзь - слугі ў феадалаў; халопы - у становішчы нявольнікаў, якія былі маёмасцю феадала; радовічы і закупы - сяляне, якія мусілі працаваць за даўгі ў гаспадарцы феадала. Захоўвалася і вялікая група адносна вольных сялян-земляробаў, якія мелі назву смерды.

У XIII ст. у пісьмовых крыніцах узнікае тэрмін "крэсцьянцы", што значыць хрысціянін. Гэта сведчыць пра тое, што тады хрысціянства канчаткова запанавала і на вёсцы.

Сяляне жылі разам, вялікімі групамі - грамадою, або абшчынай. Грамада валодала агульнай зямлёю (выганы для жывёлы, пакосы, рыбныя лоўлі і іншае), а зямля, якую абраблялі сялянскія сем'і, замацоўвалася за імі і была іх надзелам. Памеры надзелаў былі розныя і залежалі ад розных чыннікаў.

Гарадское насельніцтва прызнавала ўладу або вялікага, кіеўскага князя, або князя мясцовага. Гараджане мелі і сваё самакіраванне - рады гарадской знаці ( "старцы гарадскія" і народныя сходы мужчын-гараджан - "вечы"). Асноўнымі заняткамі гараджан былі рамёствы і гандаль, але існавала і земляробства ў гарадскіх ваколіцах. Кіравалі гарадамі прызначаныя князем ці абраныя чыноўнікі: пасаднікі, агнішчане, цівуны і інш. Да феадалаў адносіліся вялікія князі, мясцовыя князі і іх дружыннікі, якія паступова сталі баярамі. Яны валодалі ўсімі правамі на зямлю і маглі перадаваць яе ў спадчыну. У XI-XIII стст. асобную катэгорыю насельніцтва складалі святары і манахі, прадстаўнікі праваслаўнага духавенства. Значная частка духавенства жыла ў гарадах ці ў прыгарадных манастырах. Так, у Ноўгарадзе ў XI-XII стст. было 17 манастыроў, а ў Кіеве - некалькі дзясяткаў мураваных храмаў. Асобную групу насельніцтва складалі купцы, якіх звалі " госці". Госці былі заможнымі людзьмі і займаліся міжнародным гандлем; яны ўтваралі свае прафесійныя карпарацыі. Так, у Ноўгарадзе ў XII ст. была карпарацыя пад назваю "Іванскае сто". Яна мела свой статут, казну, старастаў і нават царкву-заступніцу, збудаваную за свае грошы.

Культура Кіеўскай Русі. Вялікую ролю ў развіцці мясцовай культуры адыграла ўсходняе хрысціянства, запазычанае ў Візантыі. З Візантыі прыехалі не толькі святары і манахі, але і дойліды, мастакі-іканапісцы і іншыя высокаадукаваныя людзі. Сярод іх былі не толькі грэкі, але і славяне, асабліва балгары.

Дзякуючы ім мясцовая эліта навучылася чытаць і пісаць, узніклі першыя школы для святароў і дзяцей знаці. Росквіт культуры звязаны з імем князя Яраслава, які за сваю схільнасць да адукацыі нават атрымаў мянушку "Мудры". Пры збудаваным ім у Кіеве Сафійскім саборы былі створаны буйны літаратурны цэнтр і вялікая бібліятэка. Мясцовыя пісьменнікі перакладалі на стараславянскую мову творы розных грэцкіх аўтараў. Яшчэ адзін цэнтр культуры Кіеўскай Русі - Кіева-Пячорскі манастыр, дзе жыў і працаваў знакаміты летапісец манах Нестар, які ўпачатку XII ст. напісаў унікальны твор "Аповесць мінулых гадоў". Яраслаў Мудры ўвёў у дзеянне і звод пісьмовых законаў - "Рускую праўду". Тут былі названыя ўсе катэгорыі феадальна-залежнага насельніцтва і вызначаны юрыдычныя адносіны паміж імі.

Цікавым літаратурным творам, прысвечаным падзеям XII ст. на тэрыторыі Кіеўскай Русі, з'яўляецца "Слова пра паход Ігаравы". Арыгінал гэтага твора не захаваўся, а адзіны вядомы нам яго спіс XVI ст. згарэў падчас пажару Масквы ў 1812 г. Невядомы таксама і яго аўтар. На гэты конт існуюць розныя меркаванні. Так, савецкі акадэмік, археолаг Барыс Рыбакоў лічыў, што гэтую працу напісаў кіеўскі баярын Пётр Барыславіч. Некаторыя лічаць, што твор мог напісаць іншы чалавек, які дарэчы добра ведаў і тагачасную Беларусь, асабліва Гародню. Расійскі даследчык Аляксандр Зімін, шэраг заходніх вучоных наогул адносяць стварэнне вядомага нам тэксту гэтага твора да канца XVIII ст. Так ці іначай, асноўная тэма "Слова" - няўдалы паход на полаўцаў у 1185 г. ноўгарад-северскага князя Ігара, яго параза і палон. Таксама аўтар заклікае князёў спыніць міжусобіцы і разам бараніцца ад агульнага ворага.

У пачатку XIII ст. у Кіеве быў складзены "Кіева-Пячэрскі пацярык". У ім ідзе гаворка пра жыццё манаха ў Пячорскім манастыры, пра будаўніцтва вялікага манастырскага храма і пра ўзаемаадносіны манастыра са свецкімі ўладамі Кіева.

У адрозненне ад Заходняй Еўропы, гарадское насельніцтва краіны было больш пісьменнае.

Пра гэта сведчаць знаходкі берасцяных грамат, якія пісалі адзін аднаму простыя людзі, што не належалі да феадальнай знаці. Сам Кіеў быў адным з самых вялікіх еўрапейскіх гарадоў. У 1037 г. горад быў істотна перабудаваны і павялічаны ў сваіх памерах князем Яраславам Мудрым. Кіеўскі дзядзінец атрымаў ўмацаванні працягласцю 3,5 км. Вышыня вала складала 11 м, шырыня (ўнізе) - 30 м. Вышыня вала разам з драўлянымі сценамі наверсе дасягала вышыні 16 м. Галоўны ўваход у горад абараняла вялікая мураваная вежа-брама "Залатыя вароты". Памеры вежы 10,5х17,65 м і вышыня каля 15 м.

Уверсе ад брамы стаяла царква Дабравешчання. Акрамя дзядзінца, іншыя раёны Кіева - Капылоў канец і Падол - таксама мелі ўмацаванні, што складаліся з валоў, равоў і драўляных сцен-гародняў. Галоўным храмам горада быў Сафійскі сабор. Да нашых дзён з тых часоў захаваліся Кірылаўская царква і Выдубіцкі храм св. Міхаіла. Інтэр'еры Сафійскага сабора аздоблены ўнікальнымі мазаікамі і фрэскамі. Шырока вядомымі былі таксама вырабы кіеўскіх ювеліраў, якія выраблялі шэдэўры як свецкага, так і царкоўнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва: розныя бранзалеты, крыжы, царкоўны посуд, жаночыя аздобы (колты) і пярсцёнкі, а таксама княжацкія дыядэмы.

Сярод мастацкіх вырабаў старажытнага Кіева трэба адзначыць разьбу па камені і мармуры. Захаваліся разныя саркафагі, вырабленыя з мяккага чырвонага каменю (шыферу): магчыма, княгіні Вольгі, а таксама саркафаг Яраслава Мудрага, зроблены з белага мармуру. Ёсць меркаванне, што ён быў выраблены дзесьці ў Візантыі, а затым у XI ст. прывезены ў Кіеў. Шырока вядомыя і каменныя рэльефы XI ст. з Дзмітрыеўскага і Міхайлаўскага манастыроў з выявамі ўзброеных святых вершнікаў, якія едуць насустрач адзін другому.

(Працяг у наступным нумары.)


Першая ластаўка ў даследаванні літаратурнай Лідчыны

У бягучым годзе 50-гадовы юбілей адзначыць літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". У гэты юбілейны для "Суквецця" год вучнямі сярэдняй школы № 11 падрыхтавана даследчая праца па гісторыі і дні сённяшнім літаб'яднання. Яна так і называецца: "Літаратурнае аб'яднанне "Суквецце": гісторыя і сучаснасць". Даследаваннем займаліся адзінаццацікласніцы СШ № 11 Вераніка Аляхновіч і Дзіяна Жэгала пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталлі Мікалаеўны Анашкевіч.

- Кожны год у красавіку праходзіць адкрытая раённая канферэнцыя даследчых прац навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі "Ступені да навукі", - гаворыць Наталля Анашкевіч. - І кожны год наша школа, як і іншыя, рыхтуе да гэтай канферэнцыі даследчыя працы. У гэтым годзе мы вырашылі даследаваць гісторыю і дзень сённяшні літаратурнага аб'яднання "Суквецце". Да гэтага ў нашай школы ўжо меўся пэўны вопыт даследавання калектыўных і асабістых зборнікаў лідскіх паэтаў, а сёлета мы вырашылі, што ўжо выспелі для даследавання цэлай суполкі паэтаў пад назвай "Суквецце", тым больш што ў "Суквецця" сёлета якраз юбілей, а даследаваннем яго гісторыі да нас ніхто не займаўся. Да таго ж, штогод у нашай школе арганізоўваюцца сустрэчы з лідскімі паэтамі ў рамках прадметных Тыдняў беларускай і рускай мовы і літаратуры, і мы падтрымліваем сувязь з літаб'яднаннем.

Як расказала далей Наталля Мікалаеўна, праца дзвюмя вучаніцамі (якія, дарэчы, удзельнічаюць у навуковых канферэнцыях з 5-га класа) пад яе кіраўніцтвам была прароблена вялізная і карпатлівая. Было перагорнута шмат падшывак "Лідскай газеты" пры зборы артыкулаў, што датычацца літаратурнага жыцця Лідчыны, літаратурных старонак. Даследчыкі таксама знаёміліся са зборнікамі вершаў і прозы, сустракаліся з былымі кіраўнікамі "Суквецця" Ўладзімірам Васько і Міхасём Мельнікам, з цяперашнім кіраўніком літаб'яднання Алесем Хітруном, заглядвалі і на сайт суполкі ў групе "ВКонтакте", наведвалі пастаянную экспазіцыю літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея (доміка Таўлая) "З мастацкім словам па жыцці".

На адкрытай раённай канферэнцыі "Ступені да навукі" даследчая праца заняла пачэснае 2-е месца, усяго адзін бал аддзяліў яе ад 1-га, якое было прысуджана даследчай працы дзесяцікласніцы гімназіі № 1 горада Ліды Марыны Герасімчук пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Аляксея Аляксандравіча Сымановіча (дарэчы, паэта і сябра літаб'яднання "Суквецце") "Прыёмы моўнай гульні ў медыятэкстах сучасных падлеткавых СМІ".

* * *

Складаецца даследчая праца "Літаратурнае аб'яднанне "Суквецце": гісторыя і сучаснасць" з чатырох раздзелаў. Першы раздзел знаёміць з літаратурнай спадчынай Лідскага краю (а Лідчына літаратурная бярэ свой пачатак задоўга да ўзнікнення "Суквецця"), у другім даследчыкі спрабуюць высветліць, калі дакладна пры рэдакцыі ўзнікла літаратурнае аб'яднанне, у трэцім прыводзяцца інтэрвію з кіраўнікамі "Суквецця" і іх успаміны, у чацвёртым раздзеле даследуецца дзень сённяшні літаб'яднання. Акрамя гэтых раздзелаў, праца мае мноства дадаткаў - гэта і "кніжная паліца" (пералік зборнікаў паэзіі і прозы лідскіх аўтараў), і храналагічная табліца знамянальных дат і падзей у літаратурным жыцці Лідчыны за апошнія некалькі гадоў, і спіс вядомых беларускіх пісьменнікаў, якія ў розныя гады прыязджалі на літаратурныя сустрэчы ў Ліду, і пералік удзельнікаў і пераможцаў літаратурных конкурсаў, і многае іншае. Значнае месца ў дадатках займаюць артыкулы і літаратурныя старонкі з "Лідскай газеты", па якіх можна прасачыць літаратурнае жыццё Лідчыны, дасягненні лідскіх творцаў.

Як ужо адзначалася, гісторыя літаратурнай Лідчыны пачалася задоўга да ўзнікнення "Суквецця". Яе пачаткам у даследчай працы лічыцца самы канец XVI стагоддзя, а дакладней - 1598 год, калі лідскі стараста Ян Абрамовіч выдаў у Вільні "Катэхізіс", у які ўвайшло 300 рэлігійных песень. Пачаткам жа гісторыі ўласна літаб'яднання "Суквецце" ўмоўна лічыцца 1967 год, калі літаратурнае аб'яднанне пры рэдакцыі газеты "Уперад" (папярэдніцы "Лідскай газеты") узначаліў адказны сакратар Віктар Кучынскі. Аднак у ходзе даследавання аўтары працы знайшлі матэрыялы, якія сведчаць аб існаванні пры рэдакцыі літаратурнай суполкі і да 1967 года. Магчыма нават, што паэты і празаікі Лідчыны пачалі згуртоўвацца пры газеце "Уперад" у першыя гады існавання самой газеты, калі ў ёй працавалі беларускія паэты Валянцін Таўлай і Ніна Тарас (а гэта 1939-1941 гады). Назву ж "Суквецце" літаб'яднанню даў яго кіраўнік Уладзімір Васько, які ўзначальваў аб'яднанне больш за 30 гадоў (1972-2004).

Даследчыкі падлічылі, што толькі за апошнія дзесяцігоддзі выйшла больш за 50 кніг паэзіі і прозы лідскіх творцаў, з году ў год не памяншаецца колькасць мерапрыемстваў у рамках дзейнасці "Суквецця", яно працягвае актыўна працаваць, заяўляць аб сабе. Толькі за пяць апошніх гадоў, зноў жа па скрупулёзных падліках юных даследчыкаў, на літаратурнай старонцы "Лідскай газеты" былі змешчаны творы больш як 100 аўтараў.

"Амаль у кожным выпуску літаратурнай старонкі з'яўляюцца новыя імёны, - пішуць аўтары працы. - А колькі таленавітых літаратараў яшчэ не заявілі аб сабе? Колькі новых імён прыйдзе на змену старэйшаму пакаленню! Хочацца даць невялікую параду тым, хто яшчэ толькі плануе звязаць сваё жыццё з літаратурай ці толькі пачынае пісаць: не ўпусціце час, пазнаёмцеся з пісьменнікамі старэйшага пакалення. Сёння яны - сапраўдныя майстры мастацкага слова. Яны гатовыя перадаць свой вопыт, дапамагчы настроіцца на лірычную хвалю кожнаму, яны чакаюць сустрэч з юнымі талентамі".

* * *

Даследчая праца "Літаратурнае аб'яднанне "Суквецце": гісторыя і сучаснасць" выклікала вялікую цікавасць і захапленне ў сяброў літаб'яднання, некаторыя з іх нават напісалі водгукі аб ёй. Так, напрыклад, Міхась Мельнік назваў працу вельмі актуальнай і пазнавальнай; Ганна Рэлікоўская адзначыла, што ў гэтай працы "ўпершыню сістэматызаваны адрывачныя матэрыялы аб дзейнасці лідскіх паэтаў"; Алесь Хітрун назваў даследаванне "першай ластаўкай" у навуковай распрацоўцы тэмы літаратурнайі дзейнасці Лідчыны, знакавай падзеяй для рэгіянальнай літаратуры, значным штуршком для далейшага навуковага даследавання Лідчыны літаратурнай, якая багатая на творцаў. Магчыма, праца будзе апублікавана ў часопісе "Лідскі летапісец", прэзентавана ў час святкавання юбілею "Суквецця", якое запланавана на чэрвень.

- Наша даследчая праца стане каштоўным дапаможнікам пры вывучэнні літаратурнага краязнаўства Лідчыны, - гаворыць кіраўнік працы Наталля Анашкевіч. - Яе можна выкарыстоўваць на пазакласных занятках па літаратуры, пры правядзенні літаратурных гасцёўняў, экскурсій. Само даследаванне па гэтай тэме ў нашай школе будзе працягвацца: не ўсе падшыўкі газеты "Ўперад" мы яшчэ праглядзелі, застаецца адкрытым пытанне аб дакладным часе ўтварэння літаб'яднання, і ўвогуле, існуе яшчэ шмат адкрытых пытанняў па Лідчыне літаратурнай (асабліва для дарослых даследчыкаў), гісторыя якой, як мы высветлілі, налічвае больш за чатыры стагоддзі. Поле дзейнасці тут вельмі шырокае, і спадзяюся, што нашу работу ў гэтым кірунку падтрымаюць юныя даследчыкі і настаўнікі іншых школ.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ. На здымках: даклад робіць Вераніка Аляхновіч, распавядае Наталля Мікалаеўна Анашкевіч.


А. Мельнікаў у "Коле сяброў"

13 красавіка ў госці да магілёўскай арганізацыі ТБМ на "Кола сяброў" завітаў славуты бард Андрэй Мельнікаў. Вядомы не толькі сваёй творчасцю, але і грамадскай дзейнасцю музыка і спявак не толькі парадаваў нас сваімі песнямі, але і расповедам пра розныя старонкі гісторыі нашай краіны, пра любоў да Бацькаўшчыны, пра галасы мінулага. Не абышлося і без славутай Багдановічавай "Пагоні", а таксама без згадак пра Магілёў - бард праспяваў яшчэ і на словы "Летапісца" Багдановіча, а таксама "Машэкі" Караткевіча. Дзякуем спадару Андрэю за прыемную, цёплую сустрэчу і чакаем наступнага разу!

Магілёўская гар. арг. ТБМ.


У гонар Міхася Стральцова

28 красавіка ў Магілёў завіталі паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава, каб правесці сустрэчу ў гонар нашага земляка, паэта Міхася Стральцова, якому сёлета споўнілася б 80 год. Госці наведалі сярэднюю школу № 34, а таксама бібліятэку імя Янкі Купалы, дзе і адбылася сустрэча з прыхільнікамі беларушчыны, у тым ліку з сябрамі ТБМ. Міхась Скобла распавёў пра талент славутага паэта, пра тое, як быў знойдзены яго архіў пасля 20 год невядомасці, пра значнасць творчасці Міхася Стральцова не толькі для беларускай, але і для сусветнай паэзіі (на паэтычныя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці Стральцова, прыязджаюць творцы ажно з Новай Зеландыі). Прагучалі і вершы нашага земляка - іх прачытаў не толькі наш госць, але і вучаніцы СШ № 4 Лада, Таццяна і Эвеліна, якія завіталі са сваёй настаўніцай Лідзія Пятроўнай. Але і на гэтым сустрэча не скончылася - прысутных чакала яшчэ шмат песняў на словы беларускіх паэтаў, у тым ліку сяброў Міхася Стральцова, у выкананні Таццяны Грыневіч-Матафонавай. Дзякуем бібліятэцы імя Янкі Купалы, а таксама гасцям за выдатны вечар і вандроўку ў свет цудоўнага паэта!

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


Ад яе сыходзіла дабрыня, ласка, цяпло

Новую кнігу вершаў "Ты осталась со мной" франтавік , геолаг і паэт Фелікс Шкірманкоў прысвяціў сваёй незабыўнай жонцы Веры Васільеўне, якая адышла ў іншы свет восенню 2016 года. У зборнік увайшлі вершы розных гадоў. "Зоранькай яснай, зоранькай чыстай", " крыніцай яснай і празрыстай" называе паэт сваю каханую, праз гады піша ён пра свае ўсеабдымнае пачуццё.

- Мы пазнаёміліся ў 1946 годзе, - успамінае Фелікс Уладзіміравіч. - Вера Васільеўна нарадзілася ў Пензе ў 1928 годзе. Я служыў у адной частцы з яе бацькам маёрам Ёжыкавым. Пасля заканчэння вайны ён перавёз сваю сям'ю ў месца дыслакацыі войска на Ўкраіне. Вялікае шчасце, што мы сустрэліся, мы былі прызначаны адно аднаму. Гэта быў падарунак ад Госпада на ўсё маё жыццё. Мы прайшлі суровую школу жыцця ў геалагічнай партыі на Калыме. Ехалі туды ў 1951 годзе па дамоўленасці, а адпрацавалі там да пенісіі.

Усе семдзесят гадоў, шэсць месяцаў і адзін дзень мы былі разам, саграваючы адзін аднаго. Ніколі мы не сказалі адзін аднаму крыўднага, абразлівага слова. У нас не было падзелу на "тваё" і "маё", а ўсё было НАША - агульнае і недзялімае…

Калі мы адзначалі 65 гадоў сумеснага жыцця, у Свята-Петра-Паўлаўскім храме вёскі Лясное, нас павянчаў айцец Георгій. Святар, які набліжае людзей да веры, культуры і годнасці, уручыў нам памятны абраз-складзень. Гэты абраз стаіць зараз на стале ля майго ложка.

Калі яна пакінула мяне, у душы застаўся боль, які нічым немагчыма сцішыць. Я буду годна пераносіць гэты боль да скону. Але я застаўся тут на зямлі яшчэ для важнага задання. Я супакойваюся, разумеючы, што мне даравана жыццё для праслаўлення светлай памяці той, што паслана была, каб я пазнаў шчасце вернага кахання. Я павінен расказаць нашым нашчадкам пра шчасце, якое яна мне дарыла ўсе гэтыя семдзесят гадоў, восем месяцаў і адзін дзень.

У шаноўнага ветэрана і паэта, акрамя каштоўнага жыццёвага досведу, застаўся вялікі скарб: сын і дачка, чацвёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў.

" Ты - маё яснае неба,

уся з дабрыні і цяпла", -

пісаў паэт ў 2003 годзе ў вершы "Я без цябе".

"Кніга павінна дайсці да кожнага маладога чалавека, які ўступае ў жыццё, - адазваўся, прачытаўшы яе, акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.

Эла Дзвінская , на здымку: Фелікс Уладзіміравіч і Вера Васільеўна Шкірманковы, 1996 год.

У нас на дваіх адно дыханне

Мне цяжка гэта ўявіць,

Што мы маглі і не сустрэцца.

Тады жыццё сваё пражыць

Прышлося б, як прыдзецца.


Без цяплыні тваіх вачэй.

Без незабыўнага прызнання,

Без дзіўных казачных начэй,

Без шчасця боскага кахання.


І сёння побач ты са мной,

У нас дваіх адно дыханне.

З'яднаны ім на ўсё жыццё.

З хвіліны першага спаткання.

25 студзеня 2015 года.

Яна пайшла, а я застаўся

Яна пайшла, а я застаўся,

Даўно стары, не маладзён,

Знік сэнс жыцця, бо ўжо не будзе,

Тых, што былі, шчаслівых дзён.


Туды пайшла, адкуль яшчэ

Пакуль нікога не вярталі.

З той таямніцы, што здаўна

Тым светам людзі называлі.


Ці цемра там, ці ўсюды свет.

І ўсё спакойна і прыгожа.

Ці ёсць там памяць, ці няма,

Ніхто сказаць, на жаль, не можа.


З казанняў продкаў пра той свет

Што-кольвечы вядома,

Але дакладна, што і як,

Нікому невядома.


Таму адна надзея ёсць:

У сне сустрэчы дачакацца,

Каб з першых вуснаў ад яе,

Што там і як дазнацца.


Цяпер я гэтым і жыву.

У думках сцелецца дарога,

Якой яна са мной ішла,

Чароўным падарункам Бога.

22 студзеня 2017 года.


Тэатр - выхаванне творчасцю

Стварэнне культурнага беларускамоўнага асяроддзя - адна з важных задач, якія стаяць перад Ільічоўскай школай, бо перш за ўсё ў атмасферы культуры можна выхаваць чалавека, які імкнецца да самарэалізацыі, што валодае пачуццём нацыянальнай самасвядомасці. Гэта тая аснова, якая дазваляе вырашаць праблемы выхавання і адукацыі больш арганічна, не навязваючы сацыяльных ўстановак. Стварэнне тэатральнай групы "Васількі" з'явілася вынікам укаранення і выкарыстання ў паўсядзённай школьнай практыцы методыкі праектаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры.

Тэатральная дзейнасць дае ўяўленне аб асаблівасцях мовы, жыцці, побыце, традыцыях, гісторыі, музыцы, жывапісе, святах, абрадах, словам аб тым, што ўключае ў сябе паняцце менталітэт беларускай нацыі. Вучні насамрэч пагружаюцца ў беларуска-моўнае асяроддзе. У тэатры адбываецца навучанне ў дзеянні, якое дастаўляе дзецям задавальненне, развівае, падтрымлівае матывацыю да вывучэння роднай мовы. Праца над інсцэніроўкамі актывізуе, замацоўвае і ўзбагачае слоўнікавы запас, садзейнічае эстэтычнаму выхаванню, развівае мастацкі густ і музычны слых. Сумесны выбар рэпертуару, адпрацоўка тэкстаў і песень замацоўваюць міжасабовыя адносіны, гуртуюць калектыў, дазваляюць выявіць адораных дзяцей, а самым слабым вучням - самавыявіцца.

Пачалося ўсё ў мінулым годзе, калі я пачаў працаваць у дзяржаўнай установе адукацыі "Ільічоўская сярэдняя школа" Рагачоўскага раёна, спачатку намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а потым і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. У мінулым годзе была пастаўлена п'еса Георгія Марчука "Новыя прыгоды Несцеркі". У 2016 годзе я таксама напісаў п'есу "Лясны цар" (паводле оперы Н. Арсенневай "Лясное возера"). П'еса была адзначана дыпломам 2 ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Інсцэніроўка вельмі спадабалася дзецям, яны актыўна ўключыліся ў сумесную працу. Вялікую дапамогу ў ажыццяўленні праекту аказалі педагог-арганізатар Галомзік Д.Дз., а таксама бібліятэкар Рамачкова В.М., якая паставіла народны беларускі танец. Таксама я хацеў бы падзякаваць кіраўніку Рагачоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Навумавай В.С., намесніку дырэктара Любагошчаву В.Л., супрацоўнікам цэнтра Марчанка Т.В., Чахавай Г.А. за кансультацыі і парады.

У Ільічоўскім тэатры пануе атмасфера паразумення, любові і супрацоўніцтва. Малодшыя школьнікі набываюць уменні і навыкі, старэйшыя ўдасканальваюць іх, усе дапамагаюць адзін аднаму. Ужо ёсць задума паставіць новы спектакль па інсцэніроўцы, якую стварылі самі вучні школы.

У 2016/2017 навучальным годзе ў складзе Ільічоўскай тэатральнай групы "Васількі" ўдзельнічала 18 вучняў і 2 настаўнікі. У рэпертуары калектыва - 3 гатовыя спектаклі, 2 народныя танцы, некалькі абрадаў, прыпеўкі, а таксама лірычныя мініяцюры. Праца над ролямі, песнямі, дэкарацыямі мае велізарную практычную значнасць, актывізуе вучняў, дазваляе ім працаваць у індывідуальным тэмпе з улікам зацікаўленняў і здольнасцей, а таксама развівае агульныя ўменні і навыкі.

Каштоўным з'яўляецца не толькі вынік (спектакль, песня, малюнак, дэкарацыя, чытанне верша), але і сам працэс працы, які прадугледжвае працу па-за класам, школай, раёна, ствараючы тым самым умовы для творчасці, пошуку, узаемадзеяння школьнікаў, іх бацькоў, а таксама педагогаў.

Дзейнасць, у якую ўключаны вучні, адпавядае кагнітыўнай, інтэлектуальнай і эмацыйнай сферы развіцця асобы, дае кожнаму вучню магчымасць для самавыяўлення.

Як у кожным тэатры ў нас ёсць акцёры, якія з'яўляюцца школьнымі кумірамі, іх ведае ўся школа з 1 па 11 клас. Я з задавальненнем хачу назваць прозвішчы і імёны дзяцей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Ільічоўскага школьнага тэатра: Піменаў Данііл, Іваноў Мікіта (7 клас), Антонава Вольга, Малюкова Тамара, Малюкова Таццяна, Кражаў Антон (9 клас), Александрэнка Ксенія, Ярмоліна Дзіяна, Вопсева Марыя (10 клас), Балахонаў Іван (11 клас). Група гэтых акцёраў красавала ў інсцэніроўцы "Лясны цар" у красавіку 2017 года раённага этапу абласнога конкурсу тэатральных і лялечных калектываў. Многія вучні адзначаны дыпломамі і падзякамі. Яны не толькі добра сыгралі, але і цудоўна танцавалі і спявалі народныя песні на роднай беларускай мове. Я вельмі паважаю ўсіх маіх выхаванцаў, ганаруся імі і ўдзячны ім за творчасць, цярпенне, працавітасць. Яны не толькі акцёры нашага тэатра, але і надзейныя сябры і таварышы.

Закончыць мой артыкул я хацеў бы словамі вучаніцы 10 класа Александрэнкі Ксеніі, якая пра наш тэатр сказала наступнае: "Тэатр для мяне - гэта глыток крынічнай вады, гэта паветра, якім хочацца дыхаць і дыхаць…"

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ільічоўскай сярэдняй школы, кіраўнік тэатральнай групы "Васількі"

Юры Ўладзіміравіч Мянькоў .

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX