Папярэдняя старонка: 2017

№ 21 (1328) 


Дадана: 24-05-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 21 (1328), 24 траўня 2017 г.


"Жывая мова" ў Полацку

Першы намеснік старшыні ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім 16 траўня 2017 г. была ў Полацку, куды яе запрасілі ў якасці госця ўдзельнікі курсаў "Жывая мова". Падчас сустрэчы сп. А. Анісім распавяла пра дзейнасць ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", а таксама пра сваю працу ў Палаце прадстаўнікоў.

Наведвальнікам курсаў госця пакінула ў падарунак некалькі экземпляраў "Нашага слова", свежы нумар газеты "Новы час", а таксама часопіс "Верасень".

Размова выйшла за межы вызначанага часу, было зададзена шмат пытанняў. Удзельнікі пыталіся пра ўзаемаадносіны паміж дэпутатамі ў Палаце прадстаўнікоў, пра перспектывы заканадаўства на беларускай мове. Асаблівую цікавасць, найперш у моладзі, выклікала інфармацыя аб працы аргкамітэта па стварэнні ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Усе прысутныя ўхвальна ўспрынялі гэтае паведамленне і выказалі свае меркаванні адносна канцэпцыі будучай установы.

Напрыканцы адзін з актыўных удзельнікаў курсаў "Жывая мова" зрабіў выснову, якую можна перадаць наступным чынам: "Каб Беларусь была такой, якой мы хочам яе бачыць, нам як грамадзянам сваёй краіны трэба кожны дзень працаваць на гэта, у тым ліку і як мага часцей карыстацца і падтрымліваць беларускую мову".

Наш кар.


Дні славянскай культуры і пісьменства ў Бельску

У Бельскім Парку каралевы Алены прайшоў фэст "Пралог. ІІІ Дні славянскай культуры і пісьменства". Падчас мерапрыемства можна было наведаць сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, канцэрты музычных калектываў з Беларусі, Літвы і Польшчы, а таксама прыняць удзел у майстар-класах па царкоўнаславянскай мове.

Кастусь Антановіч з выдавецтва Брацтва ў гонар Віленскіх пакутнікаў з Менска паведаміў:

- Мы прывезлі свае выданні - гэта ў першую чаргу часопіс "Праваслаўе", "Беларускі праваслаўны каляндар", "Святыя зямлі беларускай", малітвасловы, богаслужэбную літаратуру на беларускай мове, асветніцкія, краязнаўчыя матэрыялы. У тым ліку тыя, якія выйшлі нядаўна, акрамя таго, ёсць у нас і зборнікі багаслоўскіх прац. Таксама мы ўзялі на наш стэнд літаратуру іншых беларускіх выдавецтваў, якія таксама прысвечаны асветніцтву і царкоўнаму краязнаўству.

Варта адзначыць, што ў Парку каралевы Алены адкрылася тэматычная выстава прысвечаная Францішку Скарыну і 500-годдзю беларускай друкаванай кнігі.

Мацей Рацінеўскі , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


80 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Біча

Міхаіл Восіпавіч БІЧ (27 траўня 1937, в. Мілявічы, цяпер Мастоўскі раён, Гарадзенская вобласць - 17 траўня 1999) - беларускі гісторык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і Восіпа Пятровіча і Ганны Антонаўны Бічоў. Скончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу, у 1953 г. праз конкурс 8-м чалавек на месца паступіў на гістарычны факультэт БДУ, які скончыў з адзнакай у 1958 г. Працаваў настаўнікам у сельскіх школах Пастаўскага і Мастоўскага раёнаў. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у інстытуце гісторыі. М. Біч распрацоўваў тэму "Грамадска-палітычны рух у Беларусі ў 1900-1917 г." - акрэсліў кірунак сваіх даследаванняў гісторыяй рабочага і сацыял-дэмакратычнага руху ў 2-й пал. 19 - пач. 20 ст.

У 1970 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: "Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883-1903 г.", якая ў 1973 г. выйшла манаграфіяй. У 1971 г. М. В. Біч быў абраны на пасаду старшага навуковага супрацоўніка. Пасля публікацыі манаграфіі амаль дзесяцігоддзе вывучаў рабочы рух у Беларусі ў 1861-1907 г. У 1984 г. у выніку даследаванняў выйшла манаграфія "Рабочее движение в Белоруссии в 1861-1904 г.", якая была абароненая як доктарская дысертацыя (1984). З ліпеня 1983 г. М.В. Біч - загадчык сектара гісторыі Беларусі перыяду капіталізму. Потым сектар змяніў сваю назву і быў пераўтвораны ў аддзел гісторыі Беларусі кан. 18 - пач. 20 ст. З 1989 г. кіраваў аддзелам на грамадскіх пачатках, бо быў абраны намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР па навуковай рабоце. Разам з вывучэннем рабочага класа і буржуазіі ён даследаваў дзейнасць буржуазных і дробнабуржуазных партый і груповак, а таксама народніцкі рух, перыядычны друк Беларусі і праблемы нацыянальнага Адраджэння пач. 20 ст.

Адначасова быў намеснікам старшыні вучонага Савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацыяў, створаным пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, сябрам Савета па абароне дысертацый пры Дзяржпедуніверсітэце, уваходзіў у склад навуковага Савета інстытута. Апроч гэтага, М. В. Біч на працягу 4 гадоў узначальваў экспертны савет Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь па гістарычных навуках і мастацтвазнаўству. Шэсць аспірантаў пад яго кіраўніцтвам абаранілі кандыдацкія дысертацыі.

Апроч дзвюх манаграфій, аўтар раздзелаў у 7 калектыўных кнігах: Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. (Мінск, 1972), Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 г. (Мінск, 1985), Полоцк: исторический очерк. 2-е изд. (Минск, 1987), Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х частках. Ч. І. (Мінск, 1987) і інш. Таксама аўтар 54 артыкулаў у нав. выданнях і 230 артыкулаў у энцыкл. выданнях, 4-х вучэбных дапаможнікаў і 5 праграм для сярэдняй школы па гісторыі Беларусі.

Вікіпедыя.


Я нарадзіўся тут

27 траўняў 19.00 на аграсядзібе "Гасьціна" ў в. Пескі Лідскага раёна творчая сустрэча са Зміцерам Вайцюшкевічам "Я нарадзіўся тут". Уваход вольны.


"Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст" адбудзецца ў Менску

Міжнародная канферэнцыя

25 траўня ў Менску адбудзецца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Мова як фактар захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: беларуска-ўкраінскі кантэкст".

Арганізатарамі яе выступаюць: Пасольства Украіны ў Беларусі, Дзяржаўная навуковая ўстанова "Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі", Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі - Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры; Сяргей Гаранін, намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа; Алег Трусаў, старшыня ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"; Юры Громык, дэкан факультэта філалогіі і журналістыкі Усходнееўрапейскага ўніверсітэта імя Л. Украінкі (г. Луцк, Украіна); Ірына Ключкоўская, дырэктар Міжнароднага інстытута адукацыі, культуры і сувязяў з дыяспарай нацыянальнага ўніверсітэта "Львоўская палітэхніка" (г. Львоў, Украіна); Віктар Місіюк, кіраўнік украінскай навукова-педагагічнай суполкі "Берагіня" (г. Берасце), а таксама шэраг вядомых навукоўцаў і экспертаў з Украіны і Беларусі. У працы канферэнцыі таксама возьмуць ўдзел Надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі.

На канферэнцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня славянскай пісьменнасці, будуць абмеркаваныя праблемы захавання і развіцця нацыянальных моваў як складніка нацыянальнай бяспекі і культурнай памяці, размова пойдзе пра агульныя беларуска-ўкраінскія моўныя карані, перспектывы і цяжкасці вывучэння беларускай і ўкраінскай моў ва Украіне і Беларусі. У рамках адзначэння 500-годдзя беларускага кнігадрукавання будуць праследжаны беларуска-ўкраінскія кніжныя сувязі.

Канферэнцыя адбудзецца па адрасе: г. Менск, пр. Незалежнасці, 116, Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, цэнтральны ўваход, 3-ці паверх, зал адукацыйных тэхналогій.

Пачатак канферэнцыі - 10-00.

Для ўдзелу ў працы канферэнцыі просьба зарэгістравацца па тэл. 8 017 2831982.


У Гомелі прайшла літаратурная сустрэча з Наталкай Бабінай

Аўтарка кніг "Рыбін горад", "Крыві не павінна быць відно", заснавальніца беларуска-ўкраінскага альманаха "Справа" і старшыня Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў Наталка Бабіна выступіла ў Цэнтры беларускай мовы пры мясцовай філіі ТБМ.

Таленавітая пісьменніца распавядала пра сваю дзейнасць, гісторыі цікавых людзей, прэзентавала апошні нумар літаратурнага альманаха, навучыла наведвальнікаў чытаць па-ўкраінску і распавяла пра мясціны, дзе нарадзілася.

На сустрэчы прысутнічаў ганаровы сябра ТБМ пісьменнік Анатоль Бароўскі.

Гомельская арганізацыя ТБМ.


Перадз'ездаўскія гутаркі сяброў ТБМ

Рэспубліканская рада ТБМ імя Ф. Скарыны прыняла рашэнне правесці чарговы з'езд у кастрычніку 2017 года. Прыняла да ведама заяву старшыні А. Трусава аб няўдзеле яго ў выбарах на чарговы тэрмін. Гэтая інфармацыя прагучала ў СМІ, уключна з "Народнай воляй", радыё "Свабода". Названы шэсць прэтэндэнтаў на пасаду старшыні. Менавіта кожны з іх павінен надрукаваць у "Нашым слове" сваю праграму. Два кандыдаты ўжо, як паведамляла газета, адмовіліся ад папярэдне дадзенай згоды. Цікава было б, каб і яны надрукавалі свае погляды, чаму адмовіліся. Вось, шаноўны галоўны рэдактар, які ў Вас багаты патэнцыйны творчы рэдакцыйны партфель. Як мне бачыцца, гэта павысіць цікавасць падпісчыкаў да нашай газеты. У трэці раз прапаную "Нашаму слову" адкрыць рубрыку "Перадз'ездаўскія гутаркі".

Стан беларускай мовы ў Беларусі пасля рэферэндуму 1995 года трагічна-катастрафічны. Рэферэндум, як вядома, праведзены насуперак рашэнню Канстытуцыйнага суда. Нагадаем, што на галасаванне было пастаўлена пытанне: "Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?". Згодна з міжнароднымі законамі і практыкай правапрымянення моўнае пытанне не можа (не рэкамендуецца) выносіцца на рэферэндум - гэта па-першае. Усе пытанні рэферэндуму 1995 года былі па-пярэдне аб'яўлены як кансультатыўныя - гэта па-другое. Прэзідэнт пагадзіўся на рэкамендацыйны характар рэферэндуму ў абмен на спыненне Канстытуцыйным судом працэдуры імпічменту. Пытанне, якое выносіцца на рэферэндум, не павінна супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а менавіта: абмяжоўваць, адмяняць, ушчамляць агульнапрызнаныя правы і свабоды грамадзяніна, канстытуцыйныя гарантыі рэалізацыі гэтых правоў і свабод. Моўнае пытанне на рэферэндум 1995 г. не магло выносіцца і ў адпаведнасці з законам "Аб рэферэндуме" 1991 г., артыкул 3.

Што адбылося ў Беларусі пасля незаконнага рэферэндуму 1995 года з былой адзінай дзяржаўнай беларускай мовай? Нацыянальная катастрофа. За апошнія 21 год у Беларусі ва ўсіх сферах: выхаванні і адукацыі, культуры, навуцы, СМІ, дзяржаўнага і грамадскага кіравання, карацей - ва ўсіх сферах жыццядзейнасці беларусаў у Беларусі органы ўлады адабралі ў беларусаў родную, этнічную мову.

Заклікаю сяброў Рады ТБМ і чытачоў газеты аглянуцца на перыяд дзейнасці нашага Таварыства пасля рэферэндуму, заглянуць у Статут ТБМ, асэнсаваць прафесійна, патрыятычна і запытацца ў саміх сябе, а ці годна мы працавалі, што маглі зрабіць лепш ды не зрабілі і што можам зрабіць адэкватна рэальнай сітуацыі.

Як мы працавалі? Наша праца будзе ацэнена нашымі дзецьмі і ўнукамі. У мяне тры ўнучкі: малодшая пойдзе ў першы клас, сярэдняя - у другім класе, старэйшая - у дзявятым. Вось яны ў працэсе сталення і асэнсаванага ўсведамлення трагедыі лінгвацыду беларусаў на мяжы 20 - 21 стагоддзяў спытаюцца, а што зрабіў наш дзядуля, каб мы не былі бязроднымі ў роднай беларускай мове. У архівах прачытаюць пра гераічнае шматгадовае змаганне адзінай сям'і дзяўчынкі з прыгожым імем Ялінка ў горадзе Магілёве і аб іншых бездапаможных бацьках за права вучыцца ў роднай мове. І ці зразумеюць мае ўнучкі "ліберальныя" мае дзеянні на працягу амаль трох дзясяткаў у складзе сяброў ТБМ?!!

ТБМ пасля рэферэндуму 1995 года не заняла абаронча-радыкальную пазіцыю ў барацьбе з уладнай стратэгіяй канчатковага знішчэння беларускай мовы і дэградацыі нацыянальнай свядомасці беларусаў, а незаўважна стала не замінаць ўсёй дзяржаўнай машыне давесці моўную праблему беларусаў да сённяшняга стану. Аб некаторых прычынах і шляхах выхаду з фактычнага гета я выказаўся на старонцы "Нашага слова" 14 снежня 2016, №50. Там я прапанаваў змяніць трэнд стратэгічнай і тактычнай дзейнасці ТБМ.

Стратэгія і тактыка дзейнасці ТБМ, планы нашай дзейнасці, як мне бачыцца, павінны апірацца на лозунгі, якія прапаную для абмеркавання перад чарговым з'ездам. Галоўнымі, на маю думку, бачацца тры:

1. "У Беларусі, як ва ўсіх краінах СНГ - адзіная дзяржаўная мова - беларуская!"

2. "Спыніць русіфікацыю Беларусі!".

3. "Беларуская мова - гарант рэальнага суверэнітэту!"

Прапаную для абмеркавання наступныя пытанні:

1. У цэнтр дзейнасці паставіць праблему аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове. Змагацца за аднаўлення закона "Аб мовах" 1990 года і адпаведных прававых актаў па яго выкананні. Будзем мэтанакіравана рухацца да беларускамоўнага жыццёвага асяроддзя ў Беларусі.

2. Усю дзейнасць трэба праводзіць пад лозунгам "Спыніць русіфікацыю Беларусі!". У свой час Менская гарадская Рада ТБМ праводзіла сваю работу пад гэтым лозунгам, што прынесла станоўчыя вынікі.

3. Аднавіць камісіі пры сакратарыяце ТБМ па кірунках жыццядзейнасці грамадства, якія незаўважна зніклі (па адукацыі ... і далей назвы з архіва).

4. Паралельна з барацьбой за адкрыццё новага цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта неабходна дабівацца ад уладаў надання такога статусу (беларускамоўнага) галоўнаму Педагагічнаму ўніверсітэту імя М. Танка. Абгрунтаванне гэтай прапановы: настаўнік ёсць падмурак усёй выхаваўча-адукацыйнай піраміды.

5. Актывізаваць, зблізіць прадметна-функцыянальную работу ТБМ з прафесійнымі дзяржаўнымі ведамствамі шляхам сумеснага правядзення розных мерапрыемстваў (круглыя сталы, канферэнцыі і іншыя формы) па ўсім спектры моўна-культурнай асветніцкай праблематыкі.

6. Увесь час усімі магчымымі спосабамі і сродкамі дамагацца вяртання беларускай мовы на беларускае тэлебачанне. На першых парах вярнуць беларускую мову ў перадачу "Навіны", як было ў часы СССР - БССР і да рэферэндуму 1995 года. Замест рускамоўных каналаў стварыць паўнавартасны, прафесійны тэлеканал "Культура". Вярнуць у радыё- і тэлепрастору правераныя часам спектаклі і іншыя формы як з архіўнага фонду, так і новыя, сучасныя. Настаў час падумаць і аб стварэнні нацыянальнага музычнага канала, дзе б гучала сусветная класіка, творы беларускіх кампазітараў, беларуская эстрада і музычныя гурты ўсіх краін суседзяў: Літвы, Латвіі, Польшчы, Расеі, Україны, Эстоніі. Нават заўзятары футболу дамагліся жаданага - адкрыцця футбольнага тэлеканала. "Народная Воля" 14.02.17 г.. №13 паведаміла, што "ўжо вясной гэтага года" пачне сваю работу тэлевізійны футбольны канал.

7. У цэнтры ўвагі будзе заставацца газета "Наша слова". Рэдакцыйная палітыка газеты запрашае для прафесійных пошукаў шляхоў выхаду да свайго масавага чытача. Без актывізацыі інтэлектуалаў сталіцы і сакратарыяту ТБМ зрабіць гэта па аб'ектыўных абставінах у Лідзе, як паказаў час, не ўдасца.

8. Патрабуецца абмеркаванне форм і метадаў па ажыўленні ўзаемадзеяння Менскай гарадской Рады ТБМ, раённых радаў ТБМ сталіцы з сакратарыятам ТБМ.

9. Як паведамлялася, фарміруецца Рабочая група пры Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў для перакладу праекту Кодэкса аб адукацыі з рускай мовы на беларускую. Лічу мэтазгодным, маючы свайго ТБМ-дэпутата Алену Анісім, пашырыць функцыі гэтай рабочай групы на ўсе статутныя праблемы ТБМ (па неабходнасці). Такая камісія працавала пад кіраўніцтвам дэпутата Яўгена Цумарава ў Вярхоўным савеце 12 склікання.

10. Больш цесна каардынаваць дзейнасць ТБМ з Таварыствам беларускай школы, з Мова-Нанова і іншымі грамадскімі культурна-асветніцкімі арганізацыямі і інтэлектуальнымі асобамі.

Сябар Рады ТБМ, прафесар Мікола Савіцкі.


Этнаграфічны тлумачальны слоўнік

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Манжэта, манжэтка (манжета, обшлаг) - прышыты абшлаг рукава ў сарочцы.

Мансарда (мансарда) - жылое памяшканне на гарышчы хаты.

Мара (призрак, кошмар) - вобраз у старадаўніх павер'ях, невялікая чалавекападобная істота, скура якой пакрыта поўсцю або пер'ем.

Маргавое - плата сялян феадалам ВКЛ у 16 -18 стст. за карыстанне агародамі (вымяралася моргамі).

Маровая панна - па павер'ях, жанчына ў чорнай хустцы, якая прыносіць эпідэмію, мор.

Мароз (Мороз) - міфічная істота, якая ўвасабляла зімовы холад.

Марынатка, марынарка - світка (Вілейскі раён).

Марэна - увасабленне смерці. Раней на Радаўніцу прыбіралі, як бабу, куль саломы, які тапілі ў лужыне за вёскай.

Марш (марш) - імправізацыйны танец, рухі якога нагадваюць маршыроўку салдат. Яго танцавалі ў канцы вечарынкі, а таксама некалькі разоў на вяселлі: на пачатку, у час провадаў маладых да шлюбу, пры сустрэчы маладых, калі абдорвалі маладых, калі маладую адпраўлялі да маладога, калі прыданкі на лаве ламаюць лаву.

Маршчэнне (морщение) - адзін са спосабаў аздаблення традыцыйнага адзення; збіранне тканіны ў дробныя складачкі-зборкі.

Масленіца, запусты, сырніца (масленица) - народнае свята провадаў зімы.

Маставое - плата за праезд цераз мост або грэблю ў ВКЛ.

Мастаўнічы - павятовая пасада ўрадоўца, які сачыў за станам мастоў і перапраў у сваім павеце ВКЛ.

Мата (циновка) - пляцёнка з саломы для закрывання акон або дзвярэй зімой знадворку для ўцяплення.

Матавіла (мотовило) - прылада для пераматвання пражы.

Матачнік, рашотка (маточник) - крацістая драўляная пушачка з ручкай для часовага ўтрымання і пераноскі пчалінай маткі з адной борці ў другую.

"Матлет", "Матлот" - гарадскі бытавы парнамасавы танец.

Матуз (бечёвка) - скручаная вузкая палоска тканіны, шнурок для завязкі.

Матушка (трубка) - маток лыка.

Матушка (попадья, матушка) - жонка святара, папа.

Матыка, капаніца, грасоўка (мотыга, тяпка) - ручная прылада для апрацоўкі глебы ў агародзе, для акучвання бульбы.

Матылёк, матыль - традыцыйная рыбалоўная снасць тыпу дарожкі.

Маслёнка (пахта) - адходы пры вырабе масла.

Мач - драўляная двухзубая прылада для накапвання гною ў хлеве.

Мачала (мочало) - валакністая частка лубу.

Мачанка (мачанка) - 1) верашчака; 2) страва, якая рыхтуецца з тварагу, смятаны і малака (Вілейскі раён).

Мачаха (мачеха) - няродная маці дзецям мужа.

Маштарня - памяшканне для жытла конюхаў у 16 - 19 стст. у панскіх сядзібах або невялікая майстэрня па папраўцы экіпажаў і калёсаў.

Мегера (мегера) - злая, сварлівая жанчына (ад імя грэцкай багіні кроўнай помсты).

Медавар (медовар) - той, хто займаецца мёдаварэннем.

Медаварня (медоварня) - памяшканне, дзе вараць мёд.

Медавуха (медовуха) - традыцыйны мядовы напітак.

Медагонка, пушніца, цэнтрабежка (медогонка) - машынка для выціскання мёду з сотаў.

Медарэз - пчалярскі нож для падразання сотаў, вырэзвання матачнікаў, ускрыцця забруса (васковая пячатка спелага мёду).

Медніцтва - выраб гаспадарчых і мастацкіх рэчаў з медзі.

Медзякі (медяки) - медныя грошы (манеты).

Межавік, каморнік (межевщик) - землямер, геадэзіст.

Межань (межень) - доўгае сезоннае стаянне самага нізкага ўзроўню вады ў рацэ.

Мезанін (мезонин) - надбудова над сярэдзінай дома.

Мера - адзінка вымярэння масы ў сістэме мер Вялікага Княства Літоўскага, якая адпавядала аднаму пуду.

Мерка (мерка) - бандарная ёмкасць, якая выкарыстоўвалася як мера сыпучых рэчываў, была роўная 16 гарнцам.

Мернік, мернічы, мерчы, геаметр - службовая асоба ў ВКЛ у 16-18 стст., якая займалася вызначэннем межаў і вымярэннем участкаў.

"Месячык" - бытавы танец.

Меша - нячысты дух, які ўяўляўся калматай чорнай жывёлінай невялікага росту.

Мешань - 1) сумесь, мешаніна; 2) паўторнае ворыва.

Мігдалік (мигдалик) - крыж або выява святога, або зорачка, якія ўстаўлены ў металічны круглы абадок пад шкло. Яго насілі на шыі дзяўчаты і маладыя жанчыны ў Слонімскім і Кобрынскім паветах (Шэйн, т. 3, с. 368; Малчанава, с 163).

"Мікіта" - традыцыйны старадаўні танец з палкай пад прыпеўку.

Мікола (праздник Николая Чудотворца) - хрысціянскае свята ў гонар Мікалая Цудатворцы. Адзначаецца праваслаўнымі два разы на год: вясновы - 22 траўня і зімовы - 19 снежня (па н. ст.).

Мілта, талакно (толокно) - густая страва з аўсянай мукі.

Міля руская - адлегласць, роўная 7467 м.

Міска (миска) - ганчарная або такарная пасудзіна, звычайна круглая і глыбокая для ежы.

Мітра (митра) - пазалочанаы і аздоблены рэлігійнымі эмблемамі галаўны ўбор прадстаўнікоў вышэйшага духавенстава ў праваслаўнай і каталіцкай царкве, які надзяваецца ў час набажэнства.

"Мітусь" - традыцыйны ўмерана хуткі танец, які можа выконвацца любой колькасцю пар

Млын (мельница) - механічны станок для памолу збожжа, які прыводзіцца у рух вадой або ветрам.

Млынар (мельник) - той, хто працуе на млыне.

Могілкі, пагосты (кладбище) - месца пахавання нябожчыкаў.

Мокаш - багіня шлюбу і эротыкі, вады і ўрадлівасці. У 14 ст. нашы продкі прыносілі ёй у чацвер ахвяру - кідалі ў калодзеж кудзелю або пражу. Яе днём была пятніца, а ў Перуна - чацвер. Пазней хрысціяне Мокаш замянілі на Параскеву Пятніцу.

Моль, россып (моль) - спосаб сплаву па рацэ асобных бярвенняў, не звязаных у плыты.

Моль (моль) - шкодныя насякомыя.

Морква - вадкая страва звараная з морквы.

Морг - старая мера зямлі, роўная 0,71 га.

Мост (пол) - 1) падлога ў свірне; 2) збудаванне на рацэ, рэчцы або канале для пераходу і пераезду.

Мотальскія ручнікі - традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць у вёсцы Моталь Іванаўскага раёна.

Музыка - народны скрыпач на Віцебшчыне.

Мурлаціна - тоўстая дошка, якую кладуць на бэлькі хаты знадворку і да якой прыбіваюць кроквы драўлянымі штырамі.

Мурня - прамавугольнае ў плане памяшканне з плеценымі і абмазанымі сценамі і саламянай страхой для зімоўкі пчол.

Мутнік - традыцыйная рыбалоўная снасць тыпу невада для лоўлі рыбы на вялікіх глыбінях.

Мыйня (автомойка) - месца і памяшканне, дзе мыюць аўтамашыны (г. Мінск).

Мыліца (костыль) - пратэз, прыстасаванне для хадзьбы калекі.

Мысюры (бусы) - пацеркі (в. Моталь Іванаўскага раёна).

Мыцельнік, бабін кут (судомойня) - месца ў супрацілеглым кутку ад печы, дзе вісела альбо стаяла вядро з вадой (в. Жабчава Капыльскага раёна).

Мэбля (мебель) - унутранае абсталяванне памяшкання. Для традыцыйнай хаты - гэта стол, услон (зэдаль), лавы, паліца, палаткі, пол, стул, кубел, куфар, скрыня, гратаўка, ложак, калыска, пазней - шафа, канапа, шабан, крэсла.

Мэндлік, бабка (бабка) - 9 снапоў жыта, пастаўленых ў купу, а дзесятым накрытыя (камлём уверх).

"Мядзведзь" - традыцыйны танец-гульня, які імітуе ўстаўшага дыбкі мядзведзя. Быў пашыраны ў калядным абрадзе. На Палессі захаваўся да нашага часу.

Мядніца - мера сыпучых рэчываў і вадкасцей, роўная 12 гарнцам (33,84 л.).

Мядніца (медница) - медная або гліняная пасудзіна накшталт міскі ёмкасцю 8 - 12 літраў для ўмывання і мыцця посуду.

Мяжа (межа) - вузкая паласа зямлі, зарослая травой паміж участкамі зямлі.

Мяздра (мездра) - слой падскурнай клятчаткі жывёл, ніжняя мясістая паверхня скуры.

Мязга (мезга) - 1) мяккая частка дрэва паміж карой і драўнінай; 2) маса, якая ўтвараецца пасля таўчэння або расцірання чаго-небудзь.

Мяла (пест) - прылада для мяцця сырамятнай скуры.

Мяльніца, мялка, церніца (мялка) - прылада для мяцця ільняной і канаплянай трасты.

Мянташка (наждачная лопатка) - прылада для вастрэння касы. Рабілі яе з цвёрдай драўніны ў выглядзе маленькай лапатачкі з насечкамі на шырокім канцы. Паверхню з насечкамі намазвалі смалою або змочвалі вадою і потым пасыпалі пяском.

Мярэжа, мярэжка - традыцыйная рыбалоўная снасць. Складваецца з двух нацягнутых на абруч кулёў, злучаных з аднаго боку сеткай, што перагароджвала шлях рыбе і накіроўвала яе ў горлы.

Мярэжка (мерёжа) - ажурная вышыўка.

Мясаед (мясоед) - час ад Калядаў да Запустаў (ад 37 да 73 дзён).

Мястэчка (местечко) - паселішча, якое адрозніваецца ад горада аграрнымі рысамі, ад сяла - большай колькасцю насельніцтва і гандлем.

Мятлік - адзенне для немаўляці, прамавуголны кавалак мяккага льнянога палатна (або адрэз матчынай кашулі) з круглай дзіркай пасярэдзіне для галавы.

"Мяцеліца" - традыцыйны танец. Бытаваў на Заходнім Палессі.

"Мяцёлачка" - традыцыйны танец, які вядомы ў Івацэвіцкім, Ганцавіцкім і Іванаўскім раёнах.

Н

"На лодцы" - дзіцячая гульня з шапкамі на лаўцы.

"На рэчаньку" - гарадскі бытавы танец, які скакалі на вясковых вечарынках у пасляваенны час. "Нарэчанька" - бытавы танец, шырока вядомы ў пасляваенны час у Павіллі.

"На росу" - старажытны карагод, які выконваўся на Юр'е каля засеянага аўсом поля.

На сяло (на посиделки) - знаходжанне з тутэйшымі на вёсцы. (Пайшоў на сяло, каб пагаварыць, даведацца пра навіны.)

Набадры, набедрыкі (шоры, шлея) - рамяні, прымацаваныя да хамута і накладваліся на спіну каню.

Набіліцы, набелкі, набёрдкі (набилки) - састаўная частка ткацкага стану (кроснаў), прыстасаванне, якое разам з бёрдамі служыла для прыбівання ўтку.

Набойка, набіванка (набойка) - спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам.

Наваселле, улазіны, уваходзіны (новоселье) - урачыстасць у гонар засялення новай хаты.

Наважыць (наметить работу) - захацець нешта зрабіць (в. Камарышкі Вілейскага раёна).

Навес (навес) - страха на слупах або іншых апорах для абароны ад дажджу.

Навой (навой) - задні вал ткацкага станка.

Нагавіцы, порткі (мужские шерстяные брюки) - суконныя мужчынскія штаны.

Нагель (нагель) - драўляны круглы стрыжань для замацавання драўляных канструкцый.

Нагруднік (безрукавка) - мужчынская безрукаўка, сшытая з аўчыны і сукна (Віцебшчына).

Надкоснік - вясельны чын з боку маладой, дзяцюк з яе радні, звычайна яе брат.

"Нажніцы" - традыцыйны танец.

Нажутка (кофточка) - блюзка (Вілейскі раён).

Наезд (нападение) - напад на маёнтак.

Найміты (наёмники) - людзі, асноўным заняткам якіх была праца па найму.

Накотка - трубка палатна.

Наколка (сколка) - галаўная павязка, у якой злучаны каптур і хустка. (Молчанава, с. 170. 171.)

Накроп - валасяное крапіла для апырскавання вадою пчол пры лоўлі раёў.

Наліснікі (блины) - тонкія бліны.

Намітка, намётка (повойник) - галаўны ўбор замужняй жанчыны, які нагадвае доўгі ручнік з тонкага кужэльнага палатна.

Намёты - тонкае кужэльнае палатно.

Намеснік (державца) - тое, што і дзяржаўца.

Напітак (напиток) - спецыяльна прыгатаваная для піцця вадкасць.

Нарог (лемех, сошник) - рабочая жалезная частка плуга.

Народнае вучылішча (народное училище) - пачатковая школа, якая адкрывалася і ўтрымлівалася Міністэрствам асветы Расійскай імперыі.

Народная медыцына - народныя спосабы лячэння людзей.

Народная музыка, музычны фальклор - песенная і інструментальная творчасць народа.

Народны каляндар, аграрны каляндар (народный календарь) - каляндар, які заснаваны на народных святах, якія прывязаны да сельскагаспадарчага года.

Нарты (нарты) - прыстасаванне ў форме шырокіх лыж або пляцёнак, якія прывязваліся да ног для пераходу цераз балота або для хадзьбы па снезе.

Насатка - драўляны посуд з носам для мёду, мядовага піва, медавухі і квасу.

Насілка - лёгкая жэрдачка перад печчу, на якой сушылі анучы (в. Садавічы Капыльскага раёна).

Насілкі (носилки) - прыстасаванне ў выглядзе дзвюх жэрдак з насланымі на іх дошкамі для пераносу гною, каменняў і іншага.

Насілы (носилки) - прыстасаванне ў выглядзе дзвюх невялікіх жардзін асобных або збітых дошкамі, для пераносу коп сена.

Насценнікі, бурлаціны, пясочніцы - падоўжныя бярвенні на гарышчы для дадатковага мацавання крокваў (Пастаўскі раён).

Насоў - верхняе расхіннае адзенне з белага сукна.

Насоўка, насатка (платок носовой) - невялікая хустачка для выцірання носа.

Настаўка, невад, нерат (невод) - рыбалоўная прылада.

Настольнік (скатерть) - абрус, якім засцілаюць стол.

Наўскі чацвер - чацвер пасля Сёмухі, дзень памінання продкаў.

Начоўкі, ночвы (корыто) - выдзяўбаная цяслом з дрэва пасудзіна для мыцця бялізны.

Начлег (ночлег) - месца, дзе начуюць.

На начлезе - пасуць ноччу коней. Такая практыка існавала на вёсцы да калектывізацыі.

Нацягіч (натягуш) - прыстасаванне для нацягвання абручоў на кадку альбо бочку.

Неглюбскія ручнікі - традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі вёскі Неглюбка і навакольных вёсак Веткаўскага раёна.

Нерат (мерёжа, вёрша) - стаўная пастка ў выглядзе сеткавай камеры, нацягнутай на драўляны каркас для лоўлі рыбы.

Неф (неф) - падоўжаная ўнутраная прастора будынка, адгароджаная або знешнімі сценамі або аркадамі і слупамі.

Німб (лац. воблака, хмара) - умоўнае абазначэння ззяння вакол галавы багоў і святых.

Ніт, нічальніцы (ремизки) - 1) злучэнне ніцяных петляў у ткацкім станку для падымання нітак асновы; 2) спосаб ткання, ад якога залежыць від перапляцення ніцей у тканіне.

Новы год (Новый год) - 1) першы дзень новага года; 2) свята ў гонар пачатку новага года.

(Працяг у наст. нумары.)


Памяці Міколы Аўрамчыка

8 траўня 2017 года пасля працяглай хваробы на 98-м годзе жыцця адышоў у лепшы свет апошні рамантык беларускай літаратуры, вядомы паэт, празаік і перакладчык Мікола Якаўлевіч Аўрамчык, які нарадзіўся 14 студзеня 1920 года ў сялянскай сям'і ў вёсцы Плёсы на Бабруйшчыне.

Упершыню выступіў у друку з вершамі ў 1937 годзе. У 30-я гады сябраваў з класікам беларускай літаратуры народным паэтам Янкам Купалам. Да вайны паспеў скончыць тры курсы літаратурнага факультэта менскага педінстытута. Ваяваў на Паўночна-Заходнім і Волхаўскам франтах, быў ў фашысцкім палоне. Пасля вайны скончыў журфак БДУ. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Выдаў дзясяткі зборнікаў вершаў і два празаічныя раманы. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Я. Купалы. Ганаровы грамадзянін Бабруйшчыны. Мікола Якаўлевіч нарадзіўся ў сям'і доўгажыхароў, бо ўсе яго браты і сёстры дасягнулі 90-гадовага ўзросту.

З Міколам Аўрамчыкам мы пазнаёміліся ў 2007 годзе. Ён мне падпісваў сваю перадапошнюю кнігу "Знаёмыя постаці". Літаратурнае выданне напісана інтэлігентна і цікава. У кнігу увайшлі нарысы,прысвечаныя празаікам, паэтам і грамадскім дзеячам. З павагай і ўдзячнасцю піша аўтар пра Я. Коласа, К. Крапіву, А. Куляшова, П. Панчанку і М. Танка. Лірызмам і смуткам прасякнуты ўспаміны пра А. Коршака, А. Пысіна, І. Мележа, З. Бядулю...

Мне асабіста спадабалася, як аўтар распавядае пра Пятра Міронавіча Машэрава. У 2015 годзе выдавецтва "Беларуская навука" выдала выбраныя творы Міколы Аўрамчыка. Наклад кнігі 700 асобнікаў. Да выдання спрычыніўся Георгій Кісялёў. Карэктарам з'яўляецца славутая паэтка Наталля Кучмель.

Развітанне з Міколам Аўрамчыкам адбылося 10 траўня 2017 года ў "Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры" (лечкамісіі).

Развітацца з патрыярхам прыйшлі тры дачкі, сястра і ўнукі паэта. Таксама шматлікія калегі і паплечнікі Міколы Якаўлевіча далучыліся да жалобнага мерапрыемства. Сярод іх былі: Генрых Далідовіч. Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Кастусь Цвірка, Анатоль Бутэвіч, Мікола Лавіцкі, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Марыя Баравік, прадстаўнікі грамадскіх устаноў, арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама дачка сябра Міколы Якаўлевіча - Валерыя Іванаўна Навуменка, кандыдат медыцынскіх навук Валеры Шумілаў...

На мерапрыемстве прысутнічаў сусветна вядомы паэт Сяргей Іванавіч Законнікаў.

Трэба адзначыць, што асабіста я тэлефанаваў шаноўнаму Міколу Якаўлевічу адзін раз на тыдзень. Мы разам абмяркоўвалі навіны беларускай літаратуры і культуры, падзеі ў грамадстве. Пісьменнік з гонарам узгадаваў сваіх лепшых сяброў Анатоля Кудраўца і Ўладзіміра Дамашэвіча, якія пакінулі гэты свет некалькі год таму.

Мікола Якаўлевіч быў малады духам чалавек. Пра гэты факт зняў рэпартаж славуты журналіст Іван Мацяс, які асвятляе пытанні культуры...

Трэба адзначыць,што на Бабруйшчыне неабходна ўстанавіць мемарыяльную шыльду ў гонар славутага земляка і назваць вуліцы ў імя паэта ў Менску і Бабруйску, а таксама надаць імя Міколы Аўрамчыка бібліятэкам на радзіме і ў сталіцы і выпусціць паштовую марку, прысвечаную класіку.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


Экскурсія па старажытным Магілёве на Фэсце экскурсаводаў

24 красавіка, цёплым сонечным вечарам панядзелка, зацікаўленная грамада сабралася ў парку Горкага, каб прагуляцца з вядомым магілёўскім гісторыкам, старшынём магілёўскага ТБМ імя Ф. Скарыны Алегам Дзьячковым па гістарычным цэнтры і даведацца пра цікавыя факты з мінулага нашага горада.

Парк Горкага - замкавая гара - месца, з якога пачынаўся горад Магілёў, менавіта тут знаходзіўся Магілёўскі замак, пабудаваны напачатку 16 стагоддзя. Ён вытрымаў шмат войнаў, некалькі разоў быў спалены і зноў адбудаваны, але ж час няўмольны, і зараз пабачыць, як ён выглядаў, можна толькі на старых гравюрах. Мы разглядалі наваколле і ўяўлялі сабе гэтую добра ўмацаваную цвердзь з тоўстымі сценамі, сямю вежамі, дзвюмя брамамі. Не дарма ж герб горада гэта выява рыцара ў адчыненай браме. Герб быў дадзены Магілёву ў 1661 годзе і з гэтым звязана вельмі цікавая гісторыя. У 1654 г. магілёўцы без бою здалі горад маскоўскаму войску. Падстаў для гэтага было некалькі - і страх паўтарэння мсціслаўскай "трубяцкой" разні, і тое, што маскоўцы былі праваслаўныя, а ў той час і большасць жыхароў горада былі таксама праваслаўнай веры, і вялікія павіннасці з боку Януша Радзівіла, і жаданне пашырыць гандлёвыя сувязі з Масквой. Але ж захапленне расейцамі было нядоўгім, і к 1661 году ў горадзе не засталося жыхароў, якія б ім сімпатызавалі. Было падрыхтавана і здейснена паўстанне, перабіты ўвесь маскоўскі полк. За вызваленне горада кароль Ян Казімір і надаў Магілёву герб з выявай "Пагоні", які з'яўляецца нязменным да гэтага часу.

Крочым далей і аказваемся на Плошчы Славы (раней Савецкай). Спачатку яна мела назву "Гандлёвая", на ёй былі размешчаны гандлёвыя рады, а пасля далучэння да Расейскай імперыі стала "Губернатарскай" і была забудавана шэрагам устаноў - суд, дом губернатара, губернскае праўленне і інш. Нажаль, з усіх будынкаў 1770-х гадоў застаўся толькі будынак акружнога суда, у якім зараз знаходзіцца Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава, астатнія былі разбураны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэты ансамбль будынкаў варты ўвагі яшчэ і таму, што з 1915 па 1917 г. тут знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміі Мікалая ІІ.

А метраў праз сто пачынаюцца ўжо страты іншай вайны - вайны з культурнай спадчынай горада, якая пачалася з прыходам да ўлады бальшавікоў і працягваецца да нашых часоў. Першымі на нашым шляху аказаліся езуіцкі калегіюм, касцёл Святога Ксаверыя і гасцініца "Францыя". Калегіюму пашчасціла больш за ўсіх, бо захавалася аўтэнтычная сцяна 17 ст., гэта ўнутраная сцяна музея этнаграфіі. Астатнія былі разбураныя у 50-ыя гады, і ад іх захаваліся толькі падмуркі. А між тым менавіта калегіюму ў часы свайго існавання (1680-1820 гг.) належала вядучае месца ў навучанні, пасля яго заканчэння вучні маглі паступаць у любы еўрапейскі ўніверсітэт.

Далейшы наш шлях пралягае яшчэ праз адну страту мірных 50-х - Багаяўленскі брацкі манастыр. Гэта быў цэлы комплекс будынкаў - галоўны храм - Багаяўленскі сабор (асвечаны ў 1636 г.), мураваная царква св. Іаанна Багаслова, мураваная друкарня, драўляная бальніца і званіца. У 1928 годзе абедзве царквы былі закрыты і тут размяшчаўся дзяржаўны архіў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны захаваліся сцены цэркваў, а зараз - і ўвогуле толькі падмуркі.

Зусім недалёка бачны фарны касцёл Св. Казіміра, пабудаваны ў 1604 годзе. Гэта першы каталіцкі касцёл у Магілёве. Ён захаваўся амаль што цалкам, страціўшы толькі свой купал, але ж, на жаль, пабачыць яго цяжкавата, бо знаходзіцца ён за агароджай на тэррыторыі рэжымнага аб'екта РУП "Белтэлекам". Таму доўга тут не затрымліваемся, і экскурсія па невялікім кавалку цудам захаванай брукаванкі павольна крочыць да палаца архірэя Георгія Каніскага. Гэты будынак быў пабудаваны ў стылі барока напрыканцы 18 ст. Ён, два бакавыя флігелі і брама - цяпер адзіныя сведкі гісторыіі, а вось будынак Спаса-Праабражэнскага сабора Спаскага манастыра, кафедральны сабор адзінай праваслаўнай епархіі Рэчы Паспалітай, пабудаваныя ў 1740-62 гг. у стылі віленскага барока, страчаны назаўсёды пасля вайны.

Далей нас чакае сімвал магдэбургскага Магілёва - гарадская ратуша. Яна пабудавана на прыканцы 17 ст. і была разам са званіцай Багаяўленскага сабора асноўнай архітэктурнай дамінантай горада. Была, менавіта так, бо той будынак, які зараз узвышаецца над Савецкай плошчай - навабуд, пабудаваны ў 2000-х гг. на старых падмурках. Аўтэнтычны будынак, пашкоджаны ў вайну, але годны да рэстаўрацыі, спачатку, нават спрабавалі аднавіць. Застаўся фотаздымак, на якім вежа ратушы стаіць у будаўнічых рыштаваннях, але ў 1957 годзе ўсё ж такі знеслі. Зараз тут знаходзіцца музей гісторыі Магілёва, у якім захоўваецца шмат цікавых экспанатаў, у тым ліку адзіны на тэрыторыі Беларусі арыгінальны экземпляр статута ВКЛ 1588 года на старабеларускай мове.

Сонейка амаль зайшло, таму хутка рухаемся да наступнай часткі нашай экскурсіі - Школішча. Толькі ў гэтым раёне з 17 ст. было дазволена сяліцца магілёўскім яўрэям згодна з граматай караля Сігізмунда ІІІ ад 1626 года. А назва пайшла ад таго, што "школамі" ў тыя часы называлі сінагогі. Быў тут і каштоўны помнік архітэктуры - двухпавярховая драўляная "Халодная сінагога", пабудаваная 1680-х гадах. На пачатку XX стагоддзя роспісы гэтай сінагогі атрымалі еўрапейскую вядомасць, а ў 1918 г. савецкая ўлада нават прызнала сінагогу помнікам даўніны. Але ж цуд не здарыўся і яе напаткаў лёс многіх рэлігійных і культурных помнікў горада - у 1938 г. яна была разабрана.

Але ж на Школішчы жылі не толькі яўрэі, таму з сінагогай суседнічалі касцёл і царква, лёс іх таксама падобны. Бернардзінскі касцёл Святога Антонія пабудаваны ў 1720 гг. Ён яшчэ на пачатку ХІХ ст. быў пераабсталяваны пад архіў, а ў 50-ыя гады 20 ст. увогуле знесены, і зараз з пад зямлі бачны толькі невялікі кавалак падмурка. Драўляная Пакроўская праваслаўная царква была пабудавана ў 1554 г., у 1668 г. на яе месцы паўстаў мураваны храм, а побач храм-званніца. Разбураны гэтыя будынкі былі у 50-ыя, і, калі падмуркі званніцы былі раскапаны археолагамі ў 2014 г., то падмуркаў самой царквы ўжо не існуе, бо на яе месцы быў пабудаваны рэзервуар гарвадаканала. Толькі і застаецца, што разглядаць старыя фатаздымкі і ўяўляць былую прыгажосць гэтых мясцін.

Экскурсія тым часам рухаецца да заканчэння, пераходзім праз новы мост цераз Дняпро і аказваемся на чарговых падмурках, на гэты раз Траецкай царквы, пабудаванай у 1810 г., а разбуранай ў тыя ж самыя 50-ыя гг. 20 ст. Унікальнасць царквы ў тым, што гэта апошні магілёўскі храм, пабудаваны з выкарыстаннем мясцовых будаўнічых матэрыялаў - цэглы-пальчаткі. Падмуркі былі знойдзены зусім нядаўна, зімой 2016 года, калі праводзілі рэканструкцыю Пушкінскага маста. Раней лічылася, што на месцы храма праходзіў Пушкінскі праспект, на шчасце, гэта не так. І, мабыць, у недалёкай будучыні ў Магілёве паўстане з руін гэтая святыня, а пакуль што падмуркі адкрыты для агляду турыстаў.

Апошняя кропка маршруту - таксама царква, Петрапаўлаўская, але зараз не пабачыш не тое, што яе самую, але і падмуркі, бо на месцы, дзе стаяў храм знаходзіцца добраўпарадкаваная пляцоўка для адпачыку насупраць гасцініцы "Турыст". Пабудаваная царква была ў 1750-х гадах, на яе ўпрыгожванне ахвяравала грошы сама імператрыца Кацярына ІІ, у 1928 закрыта, а ў 1958 г. знесена.

Заўважылі, як часта згадваюцца 50-ыя гг., 20 стагоддзя? Несумненна, гэта глыбокі шрам на гісторыі нашага горада, Магілёў у тыя часы страціў шмат сваёй культурнай спадчыны. І яшчэ больш баліць ад таго, што нанесены быў гэты шрам далёка не ў ваенны час… Яго нельга нічым апраўдаць, а нам, нашчадкам, застаецца толькі берагчы тое, што яшчэ існуе і вучыцца на памылках мінулага.

Яўгенія Хмуровіч , г. Магілёў.


Уладальнік чароўнай флейты

Ёсць людзі, якія сваёй апантанасцю музыкай, адданасцю захапленню ўздымаюць сваіх слухачоў на вышыні ўспрыняцця і разумення класічных твораў, павышаюць узровень духоўнасці ў грамадстве. Такім з'яўляецца Павел Сурагін, выкладчык музыкі і кіраўнік квартэта блокфлейтаў " Вrevis". Выхаванец Менскага інстытута культуры і мастацтва ў 90-тыя гады прыйшоў працаваць ў звычайную 13-тую сярэднюю школу, дзе стварыў для вучняў клас флейты. У 1997 годзе па прыкладзе Андрэя Канстанцінава, кіраўніка ансамбля "Контрданс" з Баранавічаў, ён заснаваў са сваімі вучнямі музычны гурт " Вrevis".

Першы сур'ёзны поспех прыйшоў да Паўла Сурагіна і яго юнакоў у 2002 годзе на фестывалі "Славянскі базар". 2006 год быў надзвычай плённым для маладых артыстаў. Яны сталі лаўрэатамі нацыянальнага тэлевізійнага фестывалю "Сузор'е надзеі", а таксама лаўрэатамі I прэміі міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў імя М.К. Агінскага. Па выніках конкурсу калектыў атрымаў грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі на набыццё музычных інструментаў, з якімі яны зараз выходзяць да публікі. У 2010 годзе квартэт "Вrevis" выступаў на Рэспубліканскім фестывалі, прысвечаным 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.

У 2012 годзе музыкі сталі ўладальнікамі Гран-пры на міжнародным фестывалі "Кубак Еўропы", а таксама лаўрэатамі фэсту старадаўняй музыкі ў замку Мальбарк. У 2016 годзе гурт з поспехам выступіў у Маскве, а ў лютым 2017-га года стаў дыпламантам агульнапольскага конкурсу ансамбляў старажытнай музыкі і атрымаў музычную прэмію Belbrend.

Беларускія флейтысты з поспехам бяруць удзел у фестывалях старадаўняй музыкі, такіх як "Сузор'е надзеі", "Мірскі замак", " Меч Лідскага замка", "Музыка беларускіх сядзібаў" і ў рыцарскіх фэстах. Вытанчаныя, узнёслыя мелодыі яны гралі для слухачоў Паставаў, Віцебска і Міра, гарадоў Польшчы і Нямеччыны.

Віртуозныя музыкі выконваюць складаныя творы, напісаныя для фартэпіяна, аргана, клавесіна і адаптаваныя для блокфлейты. У іх канцэртах гучаць творы Баха, Гендэля, Моцарта, Куперэна і сучасных кампазітараў. І яшчэ такую музыку стваралі прыдворныя кампазітары Стэфана Баторыя. Можна ўявіць, як пад гукі флейты, лютні і дуды, скрыпак і свірэляў у палацах Слуцка і Нясвіжа, Ружанаў і Слоніма на балях ў ВКЛ танчыла беларуская шляхта і еўрапейскія арыстакраты. Квартэт выпусціў 6 кампакт - дыскаў.

Сёлета ў канцы траўня квартэт блокфлейтаў " Вrevis" прадставіў слухачам юбілейны канцэрт. На вечарыне слухачам вельмі спадабаліся творы "Маленькія паветраныя млыны", "Музычная табакерка" і іншыя. Саюз музычных дзеячаў Беларусі ўзнагародзіў квартэт "Вrevis" ганаровай граматай за высокі ўзровень майстэрства і папулярызацыю твораў класікі. У складзе квартэта - дзве ўзроставыя групы. Плячысты брунэт з блакітнымі вачыма прадставіў сваіх выхаванцаў.

- Раскажыце, калі ласка, з чаго Вы пачыналі працу з вучнямі?

- У мяне былі дзеці, ім было цікава. Даводзілася ўсё рабіць самастойна, набываць інструменты за свой кошт, шыць касцюмы, выбіраць творы, якія падабаюцца, адаптаваць іх для блокфлейты. У нашай краіне не было яшчэ класа блокфлейтаў і адсутнічаў нотны матэрыял, - узгадвае Павел.- Калі дзеці выйшлі на сцэну ў старажытных строях і барэтах і зайгралі на флейтах музыку Гендэля, уражанне было непаўторнае!

- Як Вы выхоўваеце рамантычны і рыцарскі дух у Вашай моладзі?

- Мы шмат вандруем па свеце, бывалі ў Люксембургу, Польшчы, Літве, Арабскіх Эміратах, Паўднёвай Карэі, не аднойчы гастралявалі ў Германіі. Немцам такая музыка прыходзіцца вельмі даспадобы. Некалькі разоў нас запрашаў на свае мерапрыемствы Міхаіл Фінберг. Мы - мабільны калектыў.

У старэйшы склад ансамбля ўваходзяць мае былыя вучні, якім ужо 21-27 гадоў. Яны паказваюць высокі ўзровень майстэрства. Аляксей Ладзік скончыў Беларускую Акадэмію музыкі, працуе ў музычным тэатры. Аляксей Чорнавокі працуе ў тэатры оперы і балета. Канстанцін Алехна і мой сын - Уладзіслаў Сурагін - працуюць праграмістамі. Інтэлектуалы па родзе дзейнасці, яны маюць вялікі канцэртны досвед выканаўцаў. У лепшыя часы мы мелі 7-10 канцэртаў на месяц. Сёння мы - у Наваградку, заўтра - у Вільні, паслязаўтра - у Варшаве. У Германіі мы выступалі з раніцы з Вістбадэне, а ўвечары - у Майнцы.

Юнакі з малодшага складу гурта яшчэ вучацца ў школе. Калі дзіцёнку гэта цікава, ён бегае на рэпетыцыі 7 разоў на тыдзень. Са старэйшым складам гурта ў нас быў менавіта такі графік рэпетыцый, а цяпер - 4-5 разоў на тыдзень. Такія незвычайныя дзеці як, напрыклад, Антон Стасюк, выдатна валодаюць флейтай! Па віртуознасці яны пераўзыходзяць дарослых. Я ганаруся Лізай Федасеенкай, Даніілам Харлапам і іншымі.

Эла Дзвінская, фота аўтара 1. Кіраўнік квартэта блокфлейтаў " Вrevis" Павел Сурагін; 2. Юныя музыкі.


Беларуска атрымала прэмію за актывізм у Берліне

Навіны Германіі

У Дзень Еўропы, арт-актывістцы мянчанцы Марыне Напрушкінай уручылі прэстыжную ўзнагароду Еўрапейскага культурнага фонду Princess Margriet Award for Culture. Прэмію заснавала прынцэса Маргрыт Францыска Нідэрландская.

Прэмію Марыне прысудзілі за праект Neue Nach-barschaft / Moabit ("Новае суседства / Маабіт"). Маабіт - гэта раён у Берліне, у якім жыве шмат старых і "новых" (эмігранты, бежанцы) берлінцаў. Праект Марыны накіраваны на тое, каб з дапамогай мастацтва спрыяць іх узаемнай інтэграцыі, піша citydog.by.

У інтэрвію кіеўскай газеце "Дзень" Марына распавядала, як у 2013 годзе пачынаўся праект. Яна выпадкова пазнаёмілася з сем'ямі бежанцаў у інтэрнаце.

- Там жыло больш за сто дзяцей, ніхто імі не займаўся. Я пагутарыла з сацыяльнымі працаўнікамі, яны нам выдзелілі маленькі пакой. У насельнікаў інтэрната былі жудасныя ўмовы, таму што ім займалася прыватная фірма, якая проста раскрадала грошы. Напрыклад, дзяржава выдзяляла сродкі на дзіцячы садок, а яго нават не адкрылі. Пральных машын бракавала. Людзі недаядалі, жылі ў перапоўненых пакоях. Мы пачалі гэта крытыкаваць, і нас адтуль выгналі.

Пасля гэтага Марына дамовілася з суседняй кавярняй, дзе пачалі праводзіць розныя заняткі для жыхароў інтэрната. А пазней з'явілася вялікае памяшканне, дзе цяпер і збіраюцца ўдзельнікі праекту.

- Важна, што атмасфера тут зусім іншая. Людзі ў інтэрнаце жывуць, як селядцы ў банцы, таму часта ўзнікаюць этнічныя і рэлігійныя канфлікты, утвораюцца іерархіі. А ў нас за тры гады ніводнай спрэчкі не паўстала. Пэўна, дзякуючы памяшканню. Яны самі яго рамантавалі, усе разам дапамагалі. Чачэнцы, расейцы, сірыйцы, афрыканцы сядзяць за адным сталом, вывучаюць нямецкую, а ў інтэрнаце такое было б немагчыма.

citydog.by. Фота: citydog.by.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на другое паўгоддзе 2017 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на

ст. 67. Цана змянілася нязначна. У 2017 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы(V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

5. Турава-Пінская зямля

Тураўскае княства склалася ў X ст. у басейне ракі Прыпяці на аснове племяннога саюза дрыгавічоў. Першая сталіца княства горад Тураў згадваецца пад 980 г. Першым вядомым князем быў Тур. Княства мела выгаднае геаграфічнае становішча і магло весці міжнародны гандаль з рознымі краінамі, у т. л. з Візантыяй і Польшчай. Спачатку княства было незалежным, але ў канцы X ст. яно трапіла ў склад Кіеўскай Русі. Кіеўскі князь Уладзімір паставіў кіраваць васальным княствам свайго сына Святаполка. Таму тураўскія князі атрымалі права на кіеўскі сталец. У такім выпадку ў Тураў прысылалі княжацкага намесніка-пасадніка. Горадам і акругай кіравала веча, якое нават магло абіраць епіскапа. Тураўская епархія была заснавана ў 1005 г. Аднак сваёй кіроўнай дынастыі ў княстве не было, і яно паступова губляла свае тэрыторыі. У 1143 г. яно страціла гарады Берасце, Драгічын, Клецк, Рагачоў, а ў 1155 г. - Мазыр. Аўтаномнай часткай дзяржавы да сярэдзіны XII ст. была Берасцейская зямля, якая ў другой палове XII ст. трапіла ў залежнасць ад галіцка-валынскіх князёў. Сталіцай княства ў XII ст. стаў горад Пінск.

Як ужо згадвалася, у 1158 г. тураўскі князь Юрый Яраславіч адмовіўся плаціць даніну Кіеву і стаў незалежным. Але пасля яго смерці княства на ўдзелы падзялілі яго сыны. Узніклі спачагку ўдзельныя Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы, а пазней - Клецкае, Берасцейскае і Драгічынскае.

Гарадзішча старажытнага Турава вельмі добра захавалася. Яно знаходзіцца на мысе ракі Язды, што ўпадае ў прыток Прыпяці Струмень, мае трохкутную форму і ўмацавана валамі і равамі. Асобным валам гарадзішча падзяляецца на дзядзінец і вакольны горад. На тэрыторыі вакольнага горада кіеўскія майстры ў XII ст. збудавалі вялікі храм, які меў плошчу, большую за Сафійскі сабор у Полацку. Храм загінуў падчас землятрусу 1230 г., і яго руіны цяпер раскапаны археолагамі. У цяперашні час над падмуркамі храма зроблены музейны павільён. На Тураўскім гарадзішчы пастаўлены вялікі помнік знакамітаму беларускаму дзеячу XII ст. Кірылу Тураўскаму (каля 1130 - каля 1182). У 1158 г. ён стаў тураўскім епіскапам. Захаваліся яго пісьмовыя казані - "словы", прысвечаныя розным біблійным святам. Таксама ён актыўна пашыраў хрысціянства і змагаўся з рэшткамі язычніцтва, быў знакамітым прапаведнікам. Яшчэ пры жыцці яго менавалі Залатавусным.

6. Уладзіміра-Суздальская зямля

Доўгі час міжрэчча Волгі і Акі было заселена рознымі фіна-ўгорскімі плямёнамі. Так, на Волзе жыло племя мера, а на Ацэ - мурама, з якога паходзіць былінны рускі багатыр - Ілья Мурамец. Славянскае насельніцтва тут было спачатку невялікім і жыло ў гарадскіх паселішчах. Выхадцы з Ноўгарада ў Х-ХІ стст. заснавалі тут гарады Белавозера, Растоў і Суздаль. Потым узніклі гарады Мурам, Уладзімір і Яраслаў. Да канца XI ст. гэтыя землі былі глухой правінцыяй Кіеўскай Русі.

Пасля з'езду 1097 г. у Любечы тут узнікае самастойнае Суздальскае княства пад кіраўніцтвам сына Манамаха - Юрыя Далгарукага, які заснаваў гарады Маскву і Юр'еў Польскі. Масква была заснавана ў 1147 г., на землях, дзе жылі вяцічы. Спачатку гэта быў невялікі ўмацаваны горад на рацэ Маскве, але ўжо на мяжы XII-XIII стст. гэта адносна вялікі горад Ўладзіміра-Суздальскага княства.

Істотную ролю ў стварэнні вялікай дзяржавы на гэтых землях адыграў князь Андрэй Багалюбскі, сын Юрыя Далгарукага. Ён заснаваў новыя гарады: Цвер, Кастраму і Галіч Мерскі. У той час колькасць славян на гэтых землях значна павялічылася, бо гэта былі ўцекачы з поўдню, якія моцна цярпелі ад набегаў полаўцаў.

Ішла актыўная асіміляцыя і хрысціянізацыя мясцовых фіна-ўгорскіх плямёнаў, і на іх базе пачаў складацца вялікарускі народ, які цяпер называецца проста рускім. Ворных земляў тут было мала, большасць зямлі займаў вялікі лес. Таму мясцовыя жыхары актыўна займаліся бортніцтвам, паляваннем, вырабам адзення, лыка і мачала.

Гарадоў было мала, але існавала шмат невялікіх пасёлкаў. Асноўныя шляхі праходзілі па рэках. У адрозненне ад іншых земляў у Суздальскім княстве, а потым і ў Уладзіміра-Суздальскім, уся зямля адразу належала князю, а гарадскога веча практычна не было. Князь Юрый, каб арганізаваць будаўніцтва мураваных храмаў, запрасіў майстроў з Галіча, якія збудавалі з белага мясцовага каменю (цэглы тут не было) сабор у Пераяслаўлі Залескім і царкву Барыса і Глеба ў Кідэкшы (пад Суздалем). Царква ў Кідэкшы - гэта першы белакаменны храм на тэрыторыі княства, які датуецца 1152 г. Сын Юрыя ад палавецкай князёўны Андрэй быў моцным і вядомым палітыкам і дыпламатам, які абапіраўся на простых гарадскіх і пасадскіх людзей і з іх дапамогай разабраўся з растоўскімі і суздальскімі баярамі. Яго войскі нават захапілі і разрабавалі Кіеў. Але Андрэй не застаўся ў Кіеве, а вярнуўся на радзіму і сталіцай сваёй вотчыны зрабіў горад Уладзімір на рацэ Клязьме.

Горад быў умацаваны валамі і драўлянымі сценамі, а галоўны ўваход у яго ішоў праз мураваную вежу - браму, збудаваную ў 1164 г. Гэтая вежа атрымала назву Залатыя вароты Ўладзіміра. На супрацьлеглым канцы горада стаялі такія ж магутныя і белакаменныя Срэбныя вароты. У цэнтры горада быў пабудаваны Ўспенскі сабор (1158 -1161 гг.). На яго будоўлю князь Андрэй выдзеліў дзясятую частку ўсіх сваіх даходаў. У саборы знаходзіўся абраз Уладзімірскай Божай Маці, прывезены з Візантыі. На запрашэнне Андрэя Багалюбскага прыбылі нямецкія майстры з імперыі Фрыдрыха Барбаросы, якія дасканала валодалі майстэрствам каменнай разьбы. У сваёй загараднай рэзідэнцыі, сяле Багалюбаве, князь Андрэй збудаваў храм Раства Багародзіцы і мураваны палац. У 1166 г. збудавана царква Пакрова-на-Нярлі за 1 км ад Багалюбава. Царква пастаўлена на каменным цокалі вышынёй 4 м і выдатна глядзіцца ў пойме лугавіны.

У часы панавання наступнага князя, Усевалада, брата Андрэя, які атрымаў мянушку "Вялікае Гняздо", Уладзіміра-Суздальская зямля дасягае свайго найбольшага росквіту. Пры ім ва Ўладзіміры збудаваны Дзмітрыеўскі сабор (1194-1197 гг.). Храмы Ўладзіміра і іншых гарадоў княства адрозніваюцца сваёй унікальнай белакаменнай разьбой. У 1230 - 1234 гг. збудаваны апошні храм Уладзіміра-Суздальскай ахітэктурнай школы - Георгіеўскі сабор у горадзе Юр'еве Польскім. Княжацкая ўлада тут абапіралася на сярэдніх і малых феадалаў, якія за сваю службу атрымоўвалі зямлю разам з сёламі і сялянамі. Аднак зімой 1238 г. войскі хана Батыя захапілі Ўладзімір. Дзясяткі іншых гарадоў княства, у тым ліку і Масква, былі абрабаваныя і спаленыя. Тысячы людзей трапілі ў палон, загінулі ўнікальныя помнікі культуры і мастацтва.

7. Галіцка-Валынская зямля

Пасля распаду Кіеўскай Русі на тэрыторыі сённяшняй Украіны існавала пяць самастойных княстваў: Кіеўскае, Чарнігава-Северскае, Галіцкае, Валынскае і Пераяслаўскае. Менавіта Пераяслаўская зямля якая межавала з палавецкімі землямі, у 1187 г. у летапісе была названа як Украіна (ускраінная зямля славянскага свету). У 1240 г. Пераяслаўскую зямлю цалкам знішчылі мангола-татары, і яна знікла як самастойная адзінка.

Кожнай з гэтых земляў кіраваў вялікі князь: яму падпарадкоўваліся малыя ўдзельныя князі, якія мелі свае княжацкія воласці. Воласці складаліся з пагостаўскіх акругаў. Вакол вялікага князя групавалася рада ці дума, што складалася з найвышэйшых дружыннікаў, баяр і епіскапаў. У вялікіх гарадах існавала веча з вялікімі паўнамоцтвамі. Вялікую ролю ў кіраванні княствамі мелі і мясцовыя баяры. Самымі моцнымі з пералічаных вышэй княстваў былі Галіцкае і Валынскае.

Галіцкае княства займала паўночна-ўсходнія схілы Карпацкіх гор, а таксама басейн рэк Днястра, Прута і Серэта. На паўночным захадзе княства межавала з Польшчай, а на поўдні - з Венгрыяй, якая ў ХІ - XII стст. захапіла Закарпацце. Галіцкая зямля знаходзілася ў добрых прыродных умовах. Тут былі пладародныя землі, краблеходныя рэкі і добрыя радовішчы солі, якая тады была стратэгічным таварам. У княства масава перасяляліся сяляне, якія хаваліся ад набегаў полаўцаў на Прыдняпроўе. Актыўна развіваліся гандлёвыя стасункі з Заходняй Еўропай і Дунайскімі краінамі. Галіцкія купцы гандлявалі футрам, мёдам, воскам і хатнімі жывёламі, асабліва быкамі. Ад улады Кіева Галіч пачаў адасабляцца ў канцы XI - пачатку XII стст. Князь Уладзімірка Валадаравіч (1145-1152) аб'яднаў мясцовыя ўдзельныя княствы ў адзіную моцную дзяржаву са сталіцай у Галічы. Пры яго сыне Яраславе Асмамысле (1152-1187) назіраўся далейшы рост краіны. З дапамогай заходніх майстроў, якія прынеслі раманскую будаўнічую тэхніку ў вёсцы Крылосе (Стары Галіч), быў у 1187 г. збудаваны Ўспенскі сабор. Будынак складаецца з вялікіх каменных блокаў (памерам 58x40 см), змацаваных гіпсавай рошчынай. Падлога выкладзена паліванымі керамічнымі пліткамі з арнаментам. Пасля смерці князя Яраслава краіна пачала прыходзіць у заняпад, і ў 1188 г. Галіч захапілі венгры.

Першым самастойным князем на Валыні быў сын нашай князёўны Рагнеды і кіеўскага князя Ўладзіміра Ўсевалад. Ён заснаваў сталіцу княства, горад Уладзімір-Валынскі. Росквіт Валынскага княства назіраецца ў канцы XII ст. Валынскі князь Раман Мсціслававіч у 1199 г. разбіў венграў, завалодаў Галіцкім княствам і аб'яднаў яго з Валынскім. Так узнікла вялікая і моцная Галіцка-Валынская дзяржава, у якую ўваходзіла і Берасцейская зямля з гарадамі Берасцем, Кобрынам і Камянцом. Князь Раман вёў паспяховыя войны з полаўцамі і летапіснай літвой, а таксама прэтэндаваў на ўладу ў Кіеве. Аднак падчас вайны з Польшчай у 1205 г. ён загінуў. У краіне пачалася грамадзянская вайна, і частка мясцовых баяр запрасіла на дапамогу венграў. У 1214 г. Польшча і Венгрыя падзялілі паміж сабою землі Галіцкага княства і пачалі пераводзіць мясцовае насельніцтва ў каталіцтва. Выбухнула паўстанне гараджан у Галічы. Ім на дапамогу з Ноўгарада з дружынай прыйшоў князь Мсціслаў Удалы. У 1214 г. яго войска разбіла венграў і вызваліла Галіч. У 1228 г. пасля смерці князя Мсціслава да ўлады прыйшоў яго сын Даніла Галіцкі. Ён меў вялікае войска і паспяхова ваяваў з суседзямі. У 1240 г. ён стаў адначасова і кіеўскім князем. Сваім намеснікам у Кіеве ён прызначыў ваяводу Дзмітрыя, які мужна бараніў горад ад войск хана Батыя. Пасля таго як Дзмітрый трапіў у палон, яго за асабістую мужнасць хан Батый адпусціў на волю.

Галіцка-Валынская зямля была адзінай дзяржавай на тэрыторыі сённяшняй Украіны, якая не была знішчана мангола-татарамі і заставалася моцнай еўрапейскай дзяржавай. У 1245-1246 гг. Данііл Раманавіч прызнаў уладу хана Батыя і атрымаў ярлык на вялікае княжанне. Ён заваяваў і далучыў да свайго княства землі яцвягаў на Заходнім Бугу. Ён заснаваў горад Львоў, а ў Камянцы, на Беларусі, у другой палове XIII ст. была збудавана Камянецкая вежа. Такая самая вежа была і ў Берасці. Князь выступаў за царкоўную унію з Рымам і таму ў 1253 г. ад Рымскага Папы атрымаў каралеўскую карону. Памёр у 1264 г.

8. Узнікненне Ноўгарадскай Рэспублікі

Старажытны Ноўгарад быў размешчаны на абодвух берагах ракі Волхава за 4 км ад упадзення яе ў возера Ільмень. У летапісах горад упершыню згадваецца пад 859 г. у сувязі з паданнем аб пакліканні ў горад князя Рурыка. Археолагі лічаць, што магчымай рэзідэнцыяй яго было Гарадзішча, якое знаходзіцца на правым беразе Волхава, за 3 км на поўдзень ад сучаснага Ноўгарада. Самыя старажытныя пласты ў горадзе, добра вывучаныя археолагамі, датуюцца пачаткам Х ст. Першая драўляная грэбля-маставая і стабільная забудова гарадскіх вуліц адносяцца да 40-х гадоў X ст. Ужо ў X ст. горад складаўся з трох кварталаў (канцоў), якія мелі назвы Славенскі, Людзін і Нярэўскі. У творы візантыйскага імператара Канстанціна "Аб кіраванні дзяржавай", напісаным у 948-952 гг., ёсць звесткі пра Ноўгарад. Згадваюць пра яго і скандынаўскія сагі (пад назвай Хольмгард).

Ужо ў X ст. горад займаў даволі вялікую тэрыторыю і быў значным рамесна-гандлёвым цэнтрам. Археолагі знайшлі пры раскопках шмат усходніх манет X ст., што сведчыць пра актыўныя гандлёвыя сувязі гараджан. Каля горада, там, дзе Волхаў выцякае з возера Ільмені, знаходзіцца пагорак Пярынь, дзе было капішча бога Перуна. У 1951-1952 гг. яно было раскапана археолагамі пад кіраўніцтвам Валянціна Сядова.

У цэнтры капішча была круглая пляцоўка дыяметрам 21 м, абмежаваная ровам шырынёй да 7 м і глыбінёй больш за 1 м. У цэнтры пляцоўкі знайшлі яму ад драўлянага слупа дыяметрам 0,6 м. Тут стаяў стод Перуна, які ў 988 г. ссеклі ды скінулі ў Волхаў. Перад ідалам быў ахвярнік - кола, выкладзенае з камянёў. Роў, выкапаны вакол капішча, меў звонку 8 акруглых выступаў і таму зверху капішча нагадвала вялікую кветку з васьмю пялёсткамі. У кожным з іх гарэў ахвярны агонь, які запальвалі падчас святаў. У XII-XIII стст. склаўся гістарычны цэнтр Ноўгарада. На пагорку, на левым беразе Волхава знаходзіўся ўмацаваны дзядзінец (крэмль), у якім у 1045-50 гг. быў збудаваны Сафійскі сабор. Таму гэтая частка горада называлася "Сафійскай стараною". На правым беразе ракі знаходзілася "Гандлёвая старана" з торгам і Яраслававым дварышчам, дзе збіралася гарадское веча. У пачатку XI ст. абедзве часткі горада злучылі драўляным мостам.

(Працяг у наступным нумары.)


У межах гістарычнага Наваградка (ХІ-ХХ ст.)

Разалія Александровіч

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

У 1921 - 1939 гг. у складзе Польшчы адрадзілася Наваградскае ваяводства. Наваградак стаў цэнтрам павета і ваяводства. Пілсудскі імкнуўся да стварэння саюзнай з Польшчай літоўскай федэрацыі - Літвы Паўночнай (Літвы Ковенскай), Літвы Сярэдняй і Літвы Паўднёвай (са сталіцай у Наваградку).

У 1938 г. у Наваградскае ваяводства таксама ўваходзілі (былі далучаны некалькі раней) паветы: Лідскі, Валожынскі, Стаўпецкі, Шчучынскі.

З 1939 г. Заходняя Беларусь была далучана да БССР, а з 1941 г. Наваградак стаў раённым цэнтрам Баранавіцкай вобласці.

З 4 ліпеня 1941 г. горад акупаваны нямецкімі войскамі. Вызвалены 8 ліпеня 1944 г. у ходзе Беластоцкай аперацыі 2-м Беларускім фронтам.

З 1954 г. Наваградак і раён знаходзяцца ў складзе Гарадзенскай вобласці.

Канфесіі і культавыя храмы

Адным з старадаўніх храмаў, які мае сваю багатую гісторыю з'яўляецца Барысаглебская царква, што была пабудавана мясцовымі дойлідамі ў ХVІ ст. на тым месцы, дзе яшчэ з першай паловы ХІІ ст. існаваў храм. Спачатку царква была драўлянай, у першай палове ХVІІ ст. цалкам перабудавана ў мураваную і павялічана ў памерах.

Сімвалам горада з'яўляецца пабудаваны ля падножжа Замкавай гары Фарны касцёл. У 1395-1712 гг. ён быў драўляным, у 1723 г. пастаўлены мураваны будынак. У 1422 г. у храме вянчаўся кароль польскі Ягайла з беларускай князёўнай Соф'яй Гальшанскай. 29 лютага 1799 г. у Фарным касцёле хрысцілі Адама Міцкевіча.

У Літоўскім Дзяржаўным Гістарычным Архіве ў фондзе "Віленская Духоўная Рымска-каталіцкая дыяцэзія" захоўвацца "Дарчая грамата Захарыя Абрамава, Якава Абдулічава - татараў наваградскіх аб перадачы зямельных пляцаў на карысць Наваградскага фарнага касцёла за 1636 год" 13.

У 1724 г. на месцы згарэўшага ў 2-й палове ХVІІ ст. драўлянага касцёла св. Яцака пабудаваны мураваны Міхайлаўскі касцёл, таксама дзейнічаў кляштар дамініканцаў. Комплекс быў абнесены мураванай агароджай. У 1898 г. да 100-годдзя нараджэння Адама Міцкевіча ў яго гонар нелегальна была ўсталявана мармуровая дошка.

У 1780 г. пабудаваны касцёл і кляштар францысканцаў. Адпаведна вуліца стала называцца Францысканскай. У 1831 г. кляштар скасаваны, у 1846 г. мураваны касцёл францысканскага кляштара перароблены ў Мікалаеўскую царкву - у перыяд мікалаеўскай рэакцыі пераасвячэнне касцёлаў у праваслаўныя храмы было распаўсюджанай з'явай.

З ХV ст. у Наваградку пачынаюць пасяляцца татары, была пабудавана мячэць, якая не захавалася. З фрагменту выпісаў з кніг судовых земскіх Новагародскае зямлі, бачна, што на той час татары ўжо былі сярод людзей аселых: "Жыгимонт Август, Божею милостью король полский, великий князь литовский, руский, пруский, жомойтский, мазовецкий, ифлянтский и иных. Князем, паном, воеводам, старостам, державцам, кнегиням, паням, вдовам, бояром и дворяном нашым, татаром и всякому стану подданным нашым, тым, которые оселости свои, именья земские, мають в повете Новгородском…" 14.

У 1792 г. каралём Станіславам Аўгустам быў выдадзены прывілей на будаўніцтва ў Наваградку драўлянай мячэці, якая была збудавана праз чатыры гады. У 1854 г. хатып Наваградскай саборнай мячэці Багдановіч ад імя мясцовых прыхаджан хадайнічаў аб дазволе на пабудову ў Наваградку новай мячэці. Адноўленая мячэць знаходзілася на вуліцы Валеўскай, побач з Татарскай і Мячэтавай вуліцамі - месцамі кампактнага пражывання татараў.

У 1529 г. упершыню ўзгадваюцца яўрэі. Яўрэі спачатку жылі сярод хрысціянскага насельніцтва на вуліцы Падляшскай. 30 верасня 1563 г. выйшаў загад караля Жыгімонта Аўгуста рэвізору Б.Ф. Сапегу, які праводзіў валочную памеру, аб перасяленні яўрэяў з вуліцы Падляшскай на іншую, "абы жидове особливою улицею поселилися".

Яўрэі былі вымушаны перасяліцца на гарадскую ўскраіну - вуліцу Трусаўскую. У 1648 г. намаганнямі грамады ў Наваградку непадалёк ад гарадской плошчы была пабудавана мураваная сінагога, а забудаваная побач вуліца атрымала назву Яўрэйская 15 (Жыдоўская).

У 1817 г. сярод 1571 жыхароў горада жыло 726 яўрэяў, 319 татараў. На той час сінагога была адным з 9 мураваных будынкаў горада, а ў 1854 г. акрамя мураванай сінагогі было 6 мураваных і 4 драўляных малітоўныя школы.

У 1861 г. у 24 воласцях Наваградскага павета Менскай губерні паводле веравызнання пражывала праваслаўных - 71 %, каталікоў - 23,58 %, іўдзеяў - 4,98 %, магаметанаў - 0,43 %.

Насельніцтва горада Наваградка паводле веравызнання падзялялася наступным чынам (для параўнання дадаём звесткі з 1888 г.):

У 1864 г. выходзіць "Атлас народонаселения Западно-Русского края по исповеданиям. С предисловием П. Батюшкова". (СПб., 1864. Складальнік А.Ф. Рыціх) 16.

Веравызнанне Мужчыны Жанчыны 1888 г.


Праваслаўныя 1064 309

Католікі 678 736 2200

Іўдзеі 1617 1615

Магаметане 246 223 1160

Пратэстанты 9 4

Усяго: 3612 2887 12000


910 год. Насельніцтва горада паводле веравызнання:


Веравызнанне Колькасць (чал.) Працэнтны склад (%)

Праваслаўныя 1620 19,3

Католікі 708 8,4

(з іх палякі - 428)

Магаметане 545 6,5

Іўдзеі 5524 65,6

Пратэстанты 17 15 0,2

Згодна з прыведзенымі ў кнізе "Памяць" матэрыяламі, можна скласці пэўнае ўяўленне аб наяўнасці ў горадзе культавых храмаў18:

Схема праектнага плана

1866 г.

3 цэрквы (2 мураваныя і 1 драўляная), 3 касцёлы і 2 кляштары, 1 сінагога і 5 малітоўных дамоў, 1 мячэць 19.

Схема праектнага плана

1872 г.

Мураваныя цэрквы, касцёлы, яўрэйская школа. Драўляная татарская мячэць.

Могілкі: праваслаўныя, рымска-каталіцкія, татарскія, яўрэйскія.

Праектаваныя могілкі ў іншых месцах: праваслаўныя, рымска-каталіцкія, татарскія, яўрэйскія.

Перапіс 1897 г.

Мікалаеўскі сабор, царква, касцёл, капліца, мячэць, сінагога, 12 яўрэйскіх школ.

1902 г.

Мікалаеўскі сабор, Барысаглебская царква. Мячэць. Сінагога і 12 яўрэйскіх малітоўных дамоў.

1931 г.

2 царквы, 2 касцёлы, 3 сінагогі, 1 мячэць.

Аб знакамітых ураджэнцах Наваградка

З наваградскай зямлёй звязана імя вялікага польскага і беларускага паэта Адама Міцкевіча. У Наваградку сям'я адваката Мікалая Міцкевіча жыла ў сваім доме, які стаяў на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца дом-музей паэта. Разам з жонкай Барбарай, з роду віцебскай шляхты Маеўскіх, яны мелі сыноў Францішка, Адама, Аляксандра, Юрыя. Старэйшы з братоў Францішак (1794-1862) стала жыў на Наваградчыне да 1831 г., але вымушаны быў эміграваць, каб пазбегнуць пераследу за ўдзел у паўстанні 1830-31 гг. Пад уплывам брата Адама і яго сябра Э. Адынца пачаў пісаць мемуары, якія былі выдадзеныя ў 1923 г. Яны ахопліваюць падзеі 1800-1812 гг., ярка паказваюць атмасферу бацькоўскага дома аўтара. У мемуарах сустракаюцца звесткі аб розных сацыяльных і этнічных групах насельніцтва, іх занятках. На старонцы 66 знаходзім згадку аб татарах: "Яны мелі пэўныя прывілеі, што захаваліся і пасля далучэння да Расійскай імперыі: не давалі рэкрутаў, не плацілі з залежных душ падаткаў, альбо на вечных чыншах, арэндах, альбо на ўласнай валоцы зямлі седзячы - вырошчваннем цыбулі, тытуню, зеляніны, садавіны, вырабам скур і фурманствам займаліся".

На Наваградчыне нарадзіўся сусветна вядомы ўсходазнавец, прафесар Пецярбургскага універсітэта 20, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук Антон (Алі) Мухлінскі (20 кастрычніка 1808, Наваградчына 21 - 25 кастрычніка 1877). Аўтар выдання на рускай мове "Исследование о происхождении и состоянии литовских татар" (СПб.: Тип. Эдуарда Веймара, 1857). Дасканала валодаў арабскай, персідскай, турэцкай, армянскай, старажытнаяўрэйскай і новагрэчаскай мовамі, а таксама санскрытам. Гэта дапамагло яму падарожнічаць і вывучаць Усход. За тры гады ён наведаў гістарычныя цэнтры Турцыі, Сірыі, Лівана і Палесціны - Смірну (Ізмір), Конню, Тарсус, Адану, Халеб, Трыпалі, Бейрут, Сайду (Сідон), Яфу, Іерусалім. У Яфе гасцяваў у прыяцеля па Віленскім універсітэце, рускага віца-консула А. Шпіцнагеля, які садзейнічаў яго вандроўцы ў Егіпет, дзе прабыў год. У Стамбуле Мухлінскі пазнаёміўся з невядомым раней рукапісам мусульманіна з нашых краёў, які на шляху да Мекі спыніўся ў Стамбуле і па просьбе візіра султана Сулеймана напісаў трактат аб татарах - "Risale-i-Tatar-i-Lech" (1588 г.). А. Мухлінскі выдаў трактат у Вільні на польскай мове пад назвай "Zdanie sprawy o tatarach litewskich" (Теkа Wіlеnsка - 1858 - № 4-6).

У сусветнай навуцы імя Антона Мухлінскага назаўсёды застанецца звязаным з адкрыццём адзінага вядомага да гэтага часу рукапісу геаграфічнага сачынення арабскага географа і гісторыка IX ст. Якубі па Асірыі, Егіпце і Арабскім халіфаце, які быў выдадзены ў класічнай серыі "Віblіоthеса Сеоgrарhогum Агаbісогum". У 1869 г. Мухлінскі зноў пабываў у Егіпце, дзе ў якасці ганаровага госця прымаў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця Суэцкага канала. Удзел Антона Мухлінскага ў гэтых мерапрыемствах - даніна павагі арабскага свету да вучонага-арабіста 22.

З Наваградка паходзяць расійскі ўсходазнавец, семітолаг Аўрам Гаркаві (1835, Наваградак - 1919) і яўрэйскі мовазнавец, пісьменнік Аляксандр Гаркаві (1863, Наваградак - 1939). Аўрам Якаўлевіч Гаркаві атрымаў адукацыю ў Віленскім рабінскім вучылішчы, універсітэтах Пецярбурга, Берліна, Парыжа. З 1877 г. загадваў аддзелам яўрэйскіх кніг Публічнай бібліятэкі Пецярбурга, склаў вопіс рукапісаў, якія там знаходзіліся, займаўся іх публікацыяй. Быў рэдактарам перакладаў многа прац па гісторыі яўрэяў, чальцом навуковых, асветных таварыстваў многіх краін свету. Яму належыць даследаванне "Сказанні мусульманскіх пісьменнікаў пра славян і рускіх…" (1870), дзе змяшчаныя вытрымкі з твораў 26 арабскіх пісьменнікаў VІІ-Х стст. Даследаваў гісторыю яўрэяў, хазараў ("Сказанні яўрэйскіх пісьменнікаў пра хазараў і хазарскае царства", 1874), караімаў ("Нарысы гісторыі караімства", 1897-1902).


13 Трусов, И. Г. Материалы по истории Новогрудка в зарубежных хранилищах. / Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы) - Выдавецтва "Рыфтур", 2010. - 375 с. С. 54-55; ЛДГА, фонд 694, вопіс 1, справа 178.

14 30 красавіка 1565 г. Жыгімонтам Аўгустам быў падпісаны Прывілей аб абмежаванні Новагародскага павета і ўвядзенні ў ім земскага суда /Памяць: Гістор.-дакум. хроніка Навагруд. р-на. - Мінск: Беларусь. - 559 с.: іл. С. 102.

15 Гайба, М. Планіроўка і знешняе аблічча г. Навагрудка ў ХІ - пачатку ХХ стст. / Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы) - Выдавецтва "Рыфтур", 2010.- 375 с. С. 61-66.

16 А.Ф. Рыціх уключае ў этнічную тэрыторыю беларусаў Віленскі край, Беласточчыну, паўднёвую ўскраіну Латгаліі, большую частку Смаленшчыны.

17 Пратэстанцкае насельніцтва складалі немцы (паводле перапісу іх 17 чал.)

18 Памяць: Гістор.-дакум. хроніка Навагруд. р-на. - Мінск: Беларусь. - 559 с.: іл.

19 Схема праектнага плана 1863 г. сведчыць, што сярод іншых храмаў у горадзе ёсць 1 драўляная мячэць.

20 З Пецярбургам звязана імя яшчэ аднога слаўнага ўраджэнца Наваградка - Фабіяна Абрантовіча (1884, Наваградак - 1940), грамадскага і культурнага дзеяча, каталіцкага духоўніка, педагога. Скончыў каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу, дзе затым і выкладаў. Вучыўся ў каталіцкім універсітэце ў Лювене (Бельгія). Быў кіраўніком грэка-каталіцкай епархіі рускай эміграцыі ў Кітаі. Прыхільнік беларусізацыі касцёла, ідэолаг беларускага нацыянальнага адраджэння. Рэпрэсаваны і закатаваны ў Львове.

21 Месцам нараджэння А. Мухлінскага паводле версіі А. Пяткевіча з'яўляецца Валеўка, а паводле Г. Каханоўскага - маёнтак Саснова.

22 Ярмоленка, В.А. Антон Мухлінскі - першы даследчык беларускіх татар // Бюлетэнь "Жыццё татарскае". - 2002. - № 9(93), верасень. - С. 4.


Брытанскі пісьменнік Джэк Файрвэзер ў Лідзе

Скарыстаўшыся магчымасцю наведаць Беларусь на працягу 5 дзён без візы, у Ліду прыехаў вядомы брытанскі пісьменнік і журналіст Джэк Файрвэзер (Jack Fairweather), аўтар бестселераў пра войны ў Афганістане і Іраку ("The Good War: Why We Couldn't Win the War or the Peace in Afghanistan", "War of Choice: The British in Iraq" і "A War of Choice: Honour, Hubris and Sacrifice: The British in Iraq").

Ужо больш за год брытанец збірае матэрыял для сваёй будучай кнігі пра нашага славутага земляка Вітольда Пілецкага - чалавека, які добраахвотна пайшоў у Асвенцым, каб даведацца, што там робіцца, потым арганізаваў уцёкі з лагера і гераічна ваяваў супраць нацыстаў і камуністаў. Брытанскі гісторык прафесар Майкл Фут (Michael Foot) залічыў Вітольда Пілецкага да ліку шасці самых адважных герояў Другой Сусветнай вайны.

Пісьменнік прыехаў з дзвумя асістэнткамі, якія дапамагаюць яму збіраць матэрыял - Ханнай Вальдэ (Hannah Wadle) і Мартай Гольян (Marta Goljan). Сын Пілецкага Андрэй парэкамендаваў пісьменніку ў Лідзе сустрэцца з рэдактарам газеты "Лідская зямля" Аляксандрам Колышкам, а менская акадэмічная супольнасць звяла брытанца з даследчыкам і рэдактарам сайта "Павет" Леанідам Лаўрэшам. Гэтыя людзі з'яўляюцца лепшымі знаўцамі рэалій лідскай гісторыі 1920-30 гг.

Джэку Файрвэзеру быў прэзентаваны нумар "Лідскага летапісца" з артыкулам пра Пілецкага. Потым уся група наведала месца, дзе быў маёнтак Пілецкіх - Сукурчы (за кіламетр ад легендарнага Вострава, месца, у якім адбылося Востраўскае пагадненне 1392 г, паміж Вітаўтам і Ягайлам). У Крупаўскім касцёле, дзе да гэтага часу вісіць абраз пэндзля Вітольда Пілецкага, Файрвэзер выпадкова сустрэўся з Данутай Лапян (1934 г.н., цёткай вядомага польскага пісьменніка Аляксандра Юрэвіча), у доме якой жыла жонка Пілецкага Марыя з дзецьмі. Пані Данута расказала, як разам з дзецьмі Пілецкага святкавала Каляды 1939 г. (у красавіку 1940 г. Марыя Пілецкая перайшла мяжу і пасялілася ў сваіх бацькоў у Востраве-Мазавецкім). Потым уся група наведала старога лідскага краязнаўца Станіслава Ушакевіча.

Сябры даследчай групы на свае вочы пабачылі людзей і зямлю, адкуль паходзіць герой Другой сусветнай вайны, запісалі шмат цікавай інфармацыі і зрабілі шэраг здымкаў. Кніга пра Вітольда Пілецкага павінна выйсці ў наступным годзе ў адным з самых славутых брытанскіх выдавецтваў ХарперКолінз (HarperCollins).

Наш. кар. На здымках: 1. А. Колышка, Дж. Файрвэзер, Л. Лаўрэш з часопісам "Лідскі летапісец"; 2. Дж. Файрвэзер у Сукурчах; 3. Ханна Вальдэ з Данутай Лапян.


Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры з п'есай "Патрыкей" на фестывалі батлеек

14 траўня супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" з п'есай "Патрыкей" тэатра "Батлейка" прынялі ўдзел у ІІІ адкрытым рэгіянальным фестывалі батлеечных тэатраў "Чароўны свет батлейкі" сектара культуры і вольнага часу "Залескі Дом культуры" г. Смаргоні.

На суд журы ў складзе М.М. Андрэева - старшыні журы, Т.М. Ражэвай, І.Ю. Жук-Куніцкай, А.У. Лася, А.М. Рэцікава - сяброў журы, работы прадставілі 5 аматарскіх калектываў Гарадзеншчыны. Дыплом удзельніка фестывалю ўрачыста атрымалі:

- Лялечны тэатр "Батлейка" ДУА "Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі";

- Тэатр-студыя батлейка "Вера. Надзея. Любоў" ДУА СШ № 16 г. Ліды;

- "Беларуская хатка" ДУА СШ № 10 г. Саліргорска;

- Лялечны тэатр "Буслянка" аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўпецкага выканаўчага камітэта.

- Лялечны тэатр "Батлейка" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці"

Пасля прагляду спектакляў, журы размеркавала пераможцаў у наступнай паслядоўнасці:

- дыплом І ступені атрымаў лялечны тэатр "Батлейка" ДУА "Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі";

- дыплом ІІ ступені - аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" (Узнагароджаны таксама мастак па сцэнаграфіі Дыдышка І.М. - метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" - дыпломам удзельніка ІІІ рэгіянальнага фестывалю батлеечных тэатраў "Чароўны свет батлейкі" і падарункам, а таксама рэжысёр п'есы "Патрыкей" Вашкевіч І.І. - рэжысёр святаў і абрадаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці"- дыпломам ІІ ступені і каштоўным падарункам);

- дыплом ІІ ступені - народны тэатр лялек "Батлейка" ДУК "Смаргонскі раённы цэнтр культуры";

Намінацыю "Батлейка - хіт" атрымаў лялечны тэатр "Буслянка" аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўпецкага выканаўчага камітэта.

М.М. Андрэеў - старшыня журы, пасля цырымоніі ўзнагароджвання, падзякаваў удзельнікам фестывалю і даў творчыя парады. Мікалай Мікалаевіч выказаў думку, што ва ўстановах адукацыі дзеці павінны заставацца галоўнымі гледачамі і ўдзельнікамі лялечных тэатраў. Што датычыцца ўстаноў культуры, то батлейка павінна несці асветніцкую дзейнасць, а таксама можа з'яўляцца дадатковым сродкам выканання платных паслуг.

А.У. Лось, сябар журы, зрабіў канструктыўныя заўвагі кіраўнікам тэатраў і выказаў упэўненасць, што заклад поспеху ў гледача - гэта адданасць гульні з дзіцячай непасрэднасцю. Не трэба баяцца шукаць новыя формы падачы, але непрыймальна выкарыстоўваць сучасныя міргаючыя гірлянды, якія адцягваюць увагу ад дзеяння. Дзешавяць тэатр пакупныя мяккія цацкі. Яны не заменяць індывідуальнасць лялькі, зробленай сваімі рукамі. Важна максімальна закрываць акцёраў за корпусам, каб захаваць сакрамант гульні. Лялька застаецца галоўным персанажам у спектаклі. Яна павінна быць цікавай і суразмернай памерам скрыні батлейкі.

Алесь Уладзіміравіч Лось, заснавальнік Залескага тэатра лялек, разам з памочніцамі паказаў майстар - клас. Корпус батлейкі і лялькі прадстаўлены як рэканструкцыя старажытнага народнага тэатра XVII ст.. П'еса "Цар Ірад" і сатырычныя мініяцюры бытавога характару выконваюцца максімальна прыбліжана да архаічнай формы гульні. Жывы гук галасоў, скрыпкі і бубна, запаленыя свечкі на паверхах батлейкі, якія асвятляюць цемру залы, вяртаюць гледача ў сівую даўніну. Строгасць і прастата асяроддзя дапамагаюць успрыманню таго, што адбываецца на сцэне.

І.М. Дыдышка, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX