НАША СЛОВА № 25 (1332), 21 чэрвеня 2017 г.
Міністр замежных справаў Беларусі Ўладзімір Макей: "Трэба больш размаўляць на беларускай мове"
15 чэрвеня ў Празе цэлы дзень гаварылі пра Скарыну. Адбыліся Міжнародны навуковы сімпозіюм, ускладанні кветак да памятнай дошкі на будынку Славянскай бібліятэкі і на месцы друку першай беларускай Бібліі, адкрыццё дзвюх мастацкіх выставаў, прысвечаных Скарыну.
Міжнародны сімпозіюм "Францішак Скарына і Прага" арганізавалі Нацыянальная бібліятэка Чэхіі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і амбасада Беларусі ў Празе. У ім бралі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Літвы і Чэхіі.
Кветкі да памятнай дошкі Францішку Скарыну разам з удзельнікамі сымпозіюму ўсклаў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей.
- Трэба больш размаўляць на беларускай мове, - міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімір Макей сказаў гэтыя словы ў інтэрвію Радыё Свабода, - калі ты беларус, калі разумееш, што без мовы не можа быць краіны - будзе і мова жыць, і краіна развівацца. Але нічога не павінна быць штучна, а павінна ісці ад сэрца.
У будынку былога калегіюма езуітаў у Празе, дзе цяпер месціцца Нацыянальная бібліятэка Чэхіі, адкрыліся дзве мастацкія выставы, прысвечаныя Скарыну.
Падчас адкрыцця выставы беларускай графікі, у якой узялі ўдзел мастакі Ўладзімір Вішнеўскі, Валеры Славук і Раман Сустаў, адбылася ўрачыстая перадача кніг шматтомавага факсімільнага праекту "Кніжная спадчына Скарыны", які выйшаў у Менску, у фонды Нацыянальнай Бібліятэкі Чэшскай Рэспублікі - Славянскай бібліятэкі.
Другая мастацкая выстава арганізавана Бібліятэкай Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, Славянскай бібліятэкай Чэхіі і амбасадай Літвы ў Празе. Абедзве выставы працягнуцца два тыдні.
Радыё Свабода.
Зборнік Максіма Багдановіча па-іспанску
У Мадрыдзе ўрачыста прэзентавалі зборнік вершаў Максіма Багдановіча, які пераклала на іспанскую мову Анхэля Эспіноса.
На прэзентацыі былі міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей і амбасадар у Францыі і Іспаніі Павел Латушка, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Іспаніі.
Прэзэнтацыя адбылася ў рамках першага афіцыйнага візіту кіраўніка МЗС Беларусі ў Іспанію. Неўзабаве пасля прэзентацыі беларускамоўная іспанка Анхэля Эспіноса падзялілася са Свабодай сваімі ўражаннямі і планамі новых перакладаў беларускіх аўтараў на іспанскую.
- Анхэля, у сеціве шырока разышлася фатаграфія, на якой вы побач з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і амбасадарам Паўлам Латушкам. Што і на якой мове вам казалі беларускія дыпламаты?
- Выключна па-беларуску мы размаўлялі. Але яны былі з перакладчыкамі, бо іспанскай не ведалі, а часта імпрэзы прайшла па-іспанску. Яны вельмі высока ацанілі мой пераклад і гэтую працу. Імпрэзу арганізавала выдавецтва "Ediciones irreverentes". Ім кіруюць муж і жонка. Жонка - беларуска Вера Кухарава, а муж - іспанец Мігель Анхэль дэ Рус. Далучылася і беларуская амбасада, якая адчынілася толькі ў снежні...
Ганна Соўсь.
250 гадоў з дня нараджэння Стэфана Грабоўскага
Стэфан ГРАБОЎСКІ (24 чэрвеня 1767, вёска Асташына Наваградскага павета - 4 чэрвеня 1847) - ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал. Адзін з кіраўнікоў паўстання Т. Касцюшкі. Прадстаўнік шляхецкага роду Грабоўскіх гербу "Окша", сын Тамаша Марыяна, генерал-маёра літоўскага войска, і Дароты з Отэнгаўзенаў. Стрыечны брат Паўла Яна Грабоўскага.
Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску Вялікага Княства Літоўскага. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1792) падпалкоўнік, вызначыўся ў баях пад Мірам і Берасцем.
Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі далучыўся да падрыхтоўкі паўстання ў Вільні, у часе вызвалення якой ад расійскай залогі (красавік 1794) падыход яго аддзела змусіў расійскія войскі пакінуць ваколіцы горада. Браў удзел у баях пад вёскамі Солы і Паляны ў складзе паўстанцкага войска пад камандай Я. Ясінскага. Удзельнічаў у абароне Вільні ў ліпені 1794. У канцы жніўня 1794 узначаліў рэйд 2-тысячнага аддзела паўстанцаў на Меншчыну і Магілёўшчыну (Араны - Койданаў - Пухавічы - Бабруйск - Любань). У дарозе да яго далучалася дробная шляхта і сяляне. Аднак пасля Любанскай бітвы (4 верасня 1794) вымушаны быў капітуляваць. Улады Расійскай імперыі выслалі С. Грабоўскага ў Кастрамскую губерню. Волю атрымаў, дзякуючы амністыі паўстанцам ад Паўла I.
У расійска - французскую вайну (1812) перайшоў на бок Напалеона. Абіраўся берасцейскім маршалкам, дзе сабраў войска. У званні генерал-маёра ўзначальваў Ваенны камітэт Камісіі часовага ўраду Вялікага Княства Літоўскага. Па адступленні войскаў Напалеона змагаўся супраць антыфранцузскай кааліцыі разам з Ю. Панятоўскім. Пад Ляйпцыгам трапіў у палон.
Дзякуючы падтрымцы А. Чартарыйскага з захаваннем ваеннага звання ўвайшоў у склад найвышэйшай адміністрацыі Герцагства Варшаўскага. З 1825 міністр-сакратар Царства Польскага. Бараніў інтарэсы свайго краю. З 1826 генерал дывізіі. Браў удзел у руска-турэцкай вайне (1826-1829). З 1839 у адстаўцы.
У шлюбе з Н. Гладкоўскай нашчадкаў не пакінуў.
Вікіпедыя.
10-я прэмія "За свабоду думкі"
Юбілейную, 10-ю прэмію "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава атрымаў Зміцер Дашкевіч.
Цырымонія ўручэння па традыцыі адбылася на радзіме вялікага беларускага пісьменніка і мысляра ў вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці.
Прэмію ў свой час заснаваў Аляксандр Мілінкевіч. На гэтыя мэты ён вытраціў уласную ўзнагароду - прэмію імя Сахарава, прысуджаную яму Еўрапарламентам.
У мінулыя гады лаўрэатамі прэміі былі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч ды іншыя выдатныя дзеячы грамадства і культуры.
36-гадовы Дашкевіч - самы малады лаўрэат у гісторыі ўзнагароды.
Дашкевіч тройчы адбыў доўгі час у турмах. Апошні раз яго арыштавалі ў сакавіку 2017 года - баяліся, каб ён не ўзначаліў пратэсты супраць эканамічнай палітыкі ўладаў, якія разгарнуліся ў шэрагу гарадоў краіны.
nn.by. Фота Э. Дзвінскай.
Гістарычна-краязнаўчая дзейнасць як неад'емная частка патрыятычнага выхавання моладзі
Выступ дэпутата і намесніка старшыні ТБМ Алены Анісім на навукова-практычным семінары ў Паставах
Увесну, 20 і 21 красавіка, у Паставах праходзіў рэспубліканскі навукова-практычны семінар "Пастаўскі край на гістарычна-культурнай карце Беларусі", арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён стаў адной з падзеяў сярод іншых мерапрыемстваў, прымеркаваных у нашай краіне да Года навукі і святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. На семінары чытала даклад дэпутат і намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Прачытаць даклад можна далей.
Краязнаўства - важная частка грамадскага жыцця, яна ўяўляе сабой асобую форму патрыятызму і набывае павышаную запатрабаванасць ў пэўныя перыяды развіцця краіны. Дакладна немагчыма сказаць, ад якога часу бярэ свой пачатак гісторыя беларускага краязнаўства. Але ў найноўшай гісторыі мы можам адзначыць пачатак ХХ ст. Пасля прыняцця ў Расійскай імперыі Закона аб свабодзе друку ў беларускіх інтэлектуальных колах актывізуецца нацыянальны рух, складовай часткай якога з'яўлялася культурна-асветніцкая праца. Важным чыннікам у гэтай справе выступала рэдакцыя газеты "Наша Ніва", якая ставіла сваёй задачай абуджэнне нацыянальнай годнасці беларусаў. Сярод іншых галін навукі важнае месца займалі пытанні краязнаўства, традыцый і нацыянальнага самавызначэння. Рэдакцыя заахвочвала сваіх чытачоў да актыўнай працы па збіранні розных звестак этнаграфічнага характару, тым самым далучаючы іх да асэнсаванай працы па ўсведамленні і замацаванні сваёй нацыянальнай адметнасці і самаідэнтычнасці. Дасланыя карэспандэнцыі, а таксама артыкулы, напісаныя штатнымі супрацоўнікамі рэдакцыі, уяўляюць сабой змястоўны краязнаўчы матэрыял: апісанне мясцовых легендаў, паданняў, гульняў, тлумачэнне адметных слоў, гіпоэтэзы ўзнікнення назваў тапанімічных аб'ектаў і інш. Важнае значэнне надавалася асвятленню традыцыйных святаў, як значнай часткі народнай культуры, у прыватнасці, купальскаму святу. "Як у мове ды песьні, так і абычаях народу адбіваецца яго душа, яго культурны дабытак; дзеля гэтаго сьвяткаваньне Купалы нам беларусам трэба берагчы і, сьвяткуючы, трымацца ўсіх устаноўленых векамі абычаёў, адкідаючы толькі забабоны ды тое, што можэ быць шкодным для другіх людзей" [3:].
Пасля ўтварэння БССР і заснавання Інбелкульта пачынаецца новы этап у развіцці краязнаўчай дзейнасці, які грунтаваўся на сумеснай працы з краязнаўчымі таварыствамі па навуковым даследаванні краіны. Дзейнасць краязнаўцаў арганізоўвалася і кіравалася "Цэнтральным бюро краязнаўства". Паводле справаздачнага даклада Інстытута беларускай культуры за перыяд з кастрычніка 1925 па кастрычнік 1926 г. "усіх краязнаўчых арганізацый, зарэгістраваных у ЦБК лічыцца да 170, але з іх дзейных да 123. Развіццё краязнаўчай сеткі звязана з краязнаўчым ухілам школы. Настаўнікі складаюць прыблізна 60 % усёй масы членаў краязнаўчых арганізацый. Каля 20% прыпадае на вучняў і студэнтаў, каля 10 % - на членаў саюза прац. зямлі і леса і 10 % на інш." [2:52].
У пасляваенны перыяд гістарычнае краязнаўства развіваецца па двух кірунках: дзяржаўнае і школьнае. Удасканальваліся формы і віды дзейнасці, арганізоўваліся разнастайныя клубы і іншыя гістарычна-культурныя аб'яднанні, у выніку агульных намаганняў былі ажыццёўлены выданні "Звод помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", гістарычна-культурныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі "Памяць". Многія раённыя газеты ўвялі тэматычныя краязнаўчыя старонкі, у нядаўні час з'явіліся спецыяльныя перыядычныя выданні краязнаўчай тэматыкі: часопіс "Лідскі летапісец", "Краязнаўчая газета" і інш. У выніку такой змястоўнай мэтаскіраванай дзейнасці ў нашым грамадстве фармуецца ўсё больш запатрабаваны погляд на сапраўдную гісторыю сваёй краіны, назіраецца актывізацыя грамадства да наведвання мясцін, звязаных з постацямі знакавых асоб і важных гістарычных падзей. На гэтым грунце актывізаваліся турыстычныя фірмы і асобныя экскурсаводы, якія з улікам краязнаўчых звестак прапануюць новыя цікавыя маршруты ў розных гарадах Беларусі як для дарослых, так і для навучэнцаў.
Важнасць краязнаўства ўсведамлялася і грамадскасцю краіны, пра што сведчыць значная колькасць аб'яднанняў, якія займаюцца пошукава-адукацыйнай дзейнасцю, і прадстаўнікамі сістэмы адукацыі. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць правядзенне ў Нясвіжы ў 2013 г. Рэспубліканскіх краязнаўчых чытанняў па тэме: "Краязнаўчы кампанент у сістэме грамадзянскага і патрыятычнага станаўлення асобы". Мэтамі гэтага мерапрыемства з'яўляліся абмен вопытам па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і пытанне далучэння навучэнцаў да даследавання гістарычна-культурных адметнасцей краю.
Свет увесь час змяняецца. Не паспелі мы засведчыць наступ глабалізацыі, як пачаўся новы віток у развіцці грамадства. І ўжо на першы план выходзяць патрэбы абароны нацыянальных інтарэсаў, умацаванне дзяржавы як самастойнага суб'екта міжнародных узаемаадносін. Кожная краіна вызначае свой шлях развіцця, у якім знаходзіцца месца як агульным, так і прыватным момантам і кірункам. Для тых краін, якія маюць не адно стагоддзе сваёй дзяржаўнасці, пытанні сучаснага развіцця выглядаюць іначай, чым для Беларусі, асабліва ва ўмовах інтэнсіўнай канкурэнцыі культур. Таму пытанне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі для нашага народа выходзіць на першы план. І краязнаўства як складовая частка культурнай дзейнасці адыгрывае тут асаблівую ролю. Сёння пытанне патрыятычнага выхавання маладога пакалення хвалюе не толькі прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, яно з'яўляецца важным элементам нацыянальнай бяспекі. Так, у Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Указам Прэзідэнта ад 9 лістапада 2010 г. № 575, у Раздзеле ІІ, главе 2 "Нацыянальныя інтарэсы" ў пункце 12 сярод іншага зазначана:
"12. У сацыяльнай сферы асноўнымі нацыянальнымі інтарэсамі з'яўляюцца:
… - развіццё інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства, захаванне і павелічэнне яго культурнай спадчыны, умацаванне духу патрыятызму…" [1:9-10].
А да асноўных патэнцыйных або рэальных пагроз для нацыянальнай бяспекі адносіцца наступнае: .. "страта значнай часткай грамадзян традыцыйных маральных каштоўнасцей і арыенціраў, спробы разбурэння нацыянальных духоўна-маральных традыцый і неаб'ектыўнага перагляду гісторыі, якія закранаюць гэтыя каштоўнасці і традыцыі" [1:17].
Нацыянальная бяспека моцная ў тым выпадку, калі сутнасць існавання дзяржавы і яе ўнутраная палітыка скіраваныя на тое, каб грамадзяне пачуваліся добра ў сваёй краіне. У сваю чаргу, мы, як бацькі, жадаем, каб нашы дзеці паспяхова рэалізаваліся і былі шчаслівымі менавіта на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве. Як дасягнуць гэтага, якім чынам прывіць любоў да сваёй Радзімы ў маладога пакалення? Я хачу зноў вярнуцца да газеты "Наша Ніва" за 1911 год і працытаваць адзін з матэрыялаў, датычных выхавання дзяцей: "Як паступаць, каб дзеці выросшы шанавалі сваіх бацькоў і былі ім апорай на старасьць". "А трэба, пакуль дзіцё малое, вучыць гаварыць яго роднай мовай, шанаваць гэту мову: трэба перасцерэгаць, каб не перэкручывалі яе чужымі славамі; трэба, каб маці пеяла дзецям свае песьні простые, прывучала шанаваць прадзедоўскіе абычаі, - тады, як сынок твой, вырасьце і пойдзе ў чужые людзі, нічым з душы яго не выбьюць любві да свайго роднаго, і дзе-б ён ня быў - хоць за морэм, яго заўсёды пацягне сэрцэ у свой куток, да сваіх бацькоў" (4: ).
Такім чынам, як сведчаць прыведзеныя намі факты, пытанне патрыятычнага выхавання моладзі было, ёсць і будзе аб'ектам пільнай увагі як дзяржаўнай палітыкі, так і грамадзянскай супольнасці. І важным элементам тут выступае мова. Таму хачу яшчэ раз зазначыць: каб наша гістарычна-краязнаўчая дзейнасць мела найбольшы эфект у справе выхавання патрыятызму ў нашай моладзі, важна, каб яна праводзілася менавіта на роднай беларускай мове. Тады наша краіна зойме сваё адметнае месца ў свеце, а наша грамадства здолее скансалідавацца і набудзе ўстойлівасць да чужога ўплыву і неўласцівых нам каштоўнасцей.
Літаратура:
1. Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Мінск, Беларускі Дом друку, 2011. С.-48.
2. Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух". Мінск, 2012 г.,. 52.
3. Наша Ніва. 1911, № 25-26.
4. Наша Ніва. 1911, № 30.
Менгарвыканкам падтрымаў ідэю надаць імя Вайніловіча скверу ля Чырвонага касцёла
Менскія ўлады падтрымалі ініцыятыву аб прысваенні скверу за Чырвоным касцёлам імя Эдварда Вайніловіча.
Эдвард Вайніловіч - рэфарматар Менскага краю, перадавы беларускі грамадска-палітычны дзеяч XIX - пачатку XX стагоддзяў, мецэнат. Ён вывеў сельскую гаспадарку Беларусі на новы ўзровень і стаў ініцыятарам будаўніцтва знакамітага Чырвонага касцёла.
Газета "Советская Белоруссия" піша, што чальцы камісіі па найменні і перайменаванні складовых частак сталіцы прагаласавалі за гэтую прапанову аднагалосна.
Канчатковую кропку ў зацяжной дыскусіі паставіць сесія Менскага гарадскога савета дэпутатаў.
"Стваральнік, а не разбуральнік", - такое меркаванне выказаў на паседжанні камісіі дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч. Заключэнне, выдадзенае ўстановай, адыграла ў рашэнні камісіі ключавую ролю.
У віну Вайніловічу праціўнікамі найменавання найперш ставілася тое, што ён быў адэптам паланізацыі, а значыць, "чужы" беларускім ідэям. Галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіва Ўладзімір Дзянісаў лічыць падобныя сцвярджэнні абсалютна беспадстаўнымі:
- Маюцца дакументы, якія сведчаць: пасля 1905 года Вайніловіч актыўна падтрымліваў рух за адраджэнне нацыянальнай культуры, фінансаваў выданне літаратуры на беларускай мове, асабіста ведаў многіх дзеячаў беларускага адраджэння. Таму казаць, што ён нібыта "польскі памешчык", недарэчна. Калі ішло праектаванне касцёла, Вайніловіч настойваў, каб ён быў пабудаваны менавіта ў неараманскім стылі. Таму што гэты стыль панаваў у Еўропе ў той час, калі не было падзелу царквы на ўсходнюю і заходнюю.
Такім чынам, нязгодныя засталіся ў меншасці: з улікам калектыўных зваротаў грамадзянаў з просьбай увекавечыць імя Вайніловіча ў гарадской прасторы "за" сабрана 2236 подпісаў, "супраць" - 113.
Радыё Свабода.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
Літаратурны музей Петруся Броўкі
Запрашаем у літаратурнае падарожжа на Ушаччыну "1.1.1" Броўка - Быкаў - Барадулін
(24 чэрвеня 2017 г.)
"1.1.1" - так мы назвалі праект-падарожжа, прымеркаванае да дня нараджэння народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі і прысвечанае тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны - Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.
У добрай кампаніі творчых людзей - пісьменнікаў і паэтаў, мастакоў і артыстаў, музейшчыкаў і бібліятэкараў - плануецца наведаць тры пункты: г.п. Ушачы - в. Бычкі - в. Пуцілкавічы.
Да ведама сяброў ТБМ г. Менска. 29 чэрвеня ў 19.00 у сядзібе ТБМ (г. Менск, вул. Румянцава, 13) адбудзецца справаздачна-выбарчы сход сяброў Кастрычніцкай раённай арганізацыі ТБМ г. Менска.
Этнаграфічны тлумачальны слоўнік
Сымон Барыс
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
Семярык - 1) старая руская мера, якая змяшчае ў сябе 7 якіх-небудзь адзінак; 2) 7 коней у адной запрэжцы.
Сенажатка - грашовая павіннасць сялян Вялікага Княства Літоўскага з уладання сенажаці.
Сенніца, пуня (сеновал) - памяшканне для захоўвання сена.
Серадняк (середняк) - маёмасны стан сяляніна, які займаў сярэдняе становішча ў вёсцы паміж багатымі і беднымі.
"Сербіянка" - бытавы танец.
Сервітут (сервитут) - абмежаванае права карыстання чужым зямельным надзелам.
Серп (серп) - прылада для жніва, паўкруглы назублены нож з драўлянай ручкай.
Сетка (сетка) - 1) традыцыйная рыбалоўная снасць; 2) прыстасаванне для лоўлі звяроў і птушак.
Сеўнік, сявенька, сяўня, лубка (севалка) - саламяная каробка авальнай формы, якую выкарыстоўвалі для пераносу насення ў час сяўбы.
Сечка (сечка) - дробна нарэзаная салома.
"Сею, сею мак" (детская игра) - дзіцячая гульня. Спачатку гульцы выбіраюць "сяўца" і "паніча", а ўсе астатнія станавіліся "макаўкамі".
Сівуха (сивуха) - дрэнна ачышчаная жытняя гарэлка.
Сікаўка (опырскователь) - прыстасаванне для апырскавання прывітых на высокіх дрэвах раёў.
Сіло (силок) - 1) самалоўнае прыстасаванне, дзеянне якога заснавана на зацягванне пятлі вакол лапы, шыі або тулава дзічыны; 2) пятля з конскага воласа для лоўлі невялікіх шчупакоў у спякоту.
Сінагога (синогога) - культавы (малітвены) дом у іўдзеяў.
Сірата (сирота) - дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або абодвух бацькоў.
Сіта (сито) - прыстасаванне ў выглядзе дробнай сеткі з адтулінамі для прасейвання, працэджвання або сартавання чаго-небудзь.
Сітак (сетка) - прыстасаванне для аховы твару, шыі і плячэй ад пчаліных джалаў у час работы пчаляра ў пчальніку.
Сітніца (ситный хлеб) - сітны хлеб, хлеб, які спечаны з прасеянай мукі.
Сіўка (сивка) - конь сівой масці.
Скаварада (сковорода) - мелкая металічная пасудзіна круглай формы для смажання; патэльня.
Скавароднік (лепёшка) - плоскі круглы хлеб, спечаны на скварадзе; праснак.
Скавыш (сквозняк) - моцны пранізлівы вецер з завываннем.
"Скакуха" - традыцыйны танец.
Скамарох (скоморох) - народны акцёр.
Сквар (зной) - гарачыня, жара.
Скварка (шкварка) - скрыдлік спечанага сала.
Скіндачка, шлячок, шырынка, павязка (повязка) - дзявочы галаўны ўбор накшталт вузкага ручніка, які завязвалі так, каб макаўка галавы была адкрыта.
Склад, звал (склад) - яго ўтвараюць першыя дзве баразны пры загонным ворыве (валамі або канём).
Склеп (погреб) - невялікі будынак з дрэва і каменю, заглыблены ў зямлю для захавання холаду ўлетку.
Склюд, шклюд (тесак) - разнавіднасць сякеры з шырокім адцягнутым к заду лязом, асіметрычна заточаным з аднаго боку. Ужываўся ў цяслярскай справе для счэсвання і расколу бярвёнаў.
Скобля (скобель) - крывы нож з дзвюмя ручкамі для ачысткі бярвенняў ад кары.
Скрылік, скрыдлік (ломтик) - адрэзаныя маленькія кавалачкі чаго-небудзь для яды (агурка, каўбасы і г. д.).
Cкрыль (ломоть) - адрэзаны вялікі кавалак чаго-небудзь для яды.
Скрыначка (шкатулка, ларчик) - пасудзіна для захоўвання дробных каштоўных рэчаў.
Скрынічнік (сундучник) - сват, які вязе скрыню маладой на вяселлі.
Скрынка (ларчик) - прадмет, які складаецца з чатырох сценак і днішча, зроблены з дошак, фанеры ці металу.
Скрыня (сундук) - драўляная пасудзіна з вечкам і замком для захоўвання рэчаў, каштоўнасцяў; куфар.
Скрыпач (скрипач) - музыка, які іграе на скрыпцы.
Скрыпка (скрипка) - музычны інструмен са струнамі.
Скурат, шкурат (кусок кожи) - кавалак скуры.
Слабада (слобода) - паселішча, якое часова вызвалена ад падаткаў.
Славойка (туалет, уборная) - прыбіральня, дашчаты туалет у Заходняй Беларусі ў 1930-х гадах, названы па прозвішчы міністра ўнутраных спраў Польшчы Феліцыяна Славой-Складкоўскага, па ініцыятыве якога яны былі пабудаваны ў кожным сялянскім падворку.
Слоік, слой (банка) - 1) высокая ганчарная пасудзіна з шырокім горлам; 2) паўлітровая, літровая і больш шкляная або керамічная пасудзіна.
Служанка (прислуга) - жанчына, якая працуе па найму, прыслужвае ў кагосьці багатага.
Слуцкі пояс (слуцкий пояс) - каштоўны, вытканы срэбнымі і залатымі ніткамі пояс на Слуцкай манафактуры ў 1740-х - 1844 гг.
Смалакур, буднік (смолокур, смоловар) - той, хто гоніць смалу.
Смалакурня, смольня, смалярня (смоловарня) - прадпрыемства для гонкі смалы і шкіпінару з сасновага асмолу.
Смаліна (осмол, смольё) - смаляк (смаляны корч).
"Смаргонская акадэмія" - школа беларускіх скамарохаў для драсіроўкі мядзведзяў.
Смык - 1) скрыпка на тры струны; 2) (борона) звязаная драўляная барана;
Смычок - прыстасаванне для ігры на скрыпцы.
Смяцяр (мусорщик) - чалавек, які збірае і вывозіць смецце.
Снавальшчыца (сновальщица) - жанчына, якая робіць аснову для тканіны.
Снаванне (сновка, снование) - падрыхтоўка асновы для красён; размеркаванне пражы так, каб у час ткання ўтвараўся зеў (верхні і ніжні рады).
Сноўніца (сновалка) - прылада для снавання асновы для кросен.
Сняданак, снеданне (завтак) - яда раніцай.
Солад (солод) - брадзільны прадукт, падрыхтаваны з прарошчанага, высушанага і змолатага зерня збажыны, які выкарыстоўваецца для вырабу спірту, гарэлкі, квасу. Жытні солад або ячменны солад.
Солтыс (солтыс) - вясковы стараста ў ВКЛ і Польшчы.
"Сонейка" - вясенні карагод, вядомы ў Бярэзінскім раёне і на Заходнім Палессі.
Соннік (сонник) - тлумачальнік сноў.
Сотнік (сотник) - афіцэрскі чын у казацкім войску, які адпавядаў чыну паручніка ў пяхоце.
Соты (соты) - ячэйкі з воску, якія робяць пчолы і восы для захоўвання мёду і адкладання яец.
Соцкі (сотский) - у дарэвалюцыйнай Расіі селянін, які вылучаўся ад 100 двароў вёскі ў дапамогу паліцыі.
Сошка (сошка) - 1) малая саха, акучнік; 2) падпорка з развілкай, якая выкарыстоўваецца пры збудаванні палаткі і пры каркасных канструкцыях страхі на хатах і гаспадарчых будынках падтрымлівае вільчыкавы брус і апіраецца на бэльку або тарцовую сцяну.
Спаведнік (исповедник) - той, хто прыйшоў на споведзь.
Спавівач, спавівіч (свивальник, повивальник) - 1) доўгая вузкая палоска тканіны, якой спавіваюць маленькіх дзяцей; 2) пояс для спавівання дзяцей.
Спавядальнік (исповедник) - святар, які прымае споведзь, спавядае.
Спавядальня (исповедальня) - памяшканне ў каталіцкай царкве для споведзі.
Спадніца (юбка) - жаночае адзенне, а таксама частка сукенкі ад таліі ўніз.
Спаднічнік (портной) - кравец, які шые толькі спадніцы.
Спаднічніца (швея) - краўчыха, якая шые спадніцы.
Спадчына, спадкі - маёмасць, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у чыю-небудзь уласнасць.
Спадчыннік (наследник) - той, хто атрымлівае спадчыну.
Спадчынніца (наследница) - тая, хто атрымлівае спадчыну.
Спажа, Прачыстая (Прочистая) - асенняе хрысціянскае свята сялян у гонар Маці Божай. Праваслаўныя адзначаюць 28 жніўня па н. ст. Сяляне святкавалі як пачатак завяршэння збору ўраджаю. "Спажа - хлеба поўная дзяжа"- гавараць пра гэта свята прымаўкай.
Спарыш - 1) (спорыш) два каласы жыта на адной сцяблінцы ; 2) (сросток) гліняная пасудзіна з 2-3-х гаршкоў (сальніц), замацаваных ручкай.
Спас, зельна (Спас) - 1) старажытнае свята земляробчага каляндара, прымяркаванае да выспявання садавіны і агародніны; 2) назва аднаго з трох асенніх царкоўных святаў у гонар Ісуса Хрыста.
Сплаўшчык (сплавщик) - плытагон.
"Сплюшка" - традыцыйны танец. Яго танцуюць звычайна ўтрох. Бытаваў у Заходнім Палессі.
Споднікі (исподники, кальсоны) - доўгія споднія порткі.
Спраўдзіць (уточнить, исполнить) - удакладніць, выканаць абавязкова (в. Камарышкі Вілейскага раёна).
Спраўнік (исправник) - начальнік павятовай паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі.
Спружыноўка (пружинная борона) - фабрычны драпак.
Ставы, кросны, варштат, вярстат (кросно) - ручны драўляны ткацкі станок.
Стадола (сарай) - 1) канюшня; 2) вялікі хлеў; 3) гумно ў Гарадзенскім раёне.
Стаеннік (выездной конь) - конь, якога трымаюць на стайні для выезду; выязны конь.
Стажар (стоговой шест) - уваткнутая ў зямлю тычка, вакол якой кідаецца стог.
Стажар'е (подстожье) - аснова стога, падсцілка, на якую ставяць стог сена
Стайліна (бортное дерево) - бортнае дрэва.
Стайня (конюшня) - хлеў для коней; канюшня.
Сталетнік (столетник) - альяс.
Сталоўка (столовая) - памяшканне, дзе харчуюцца.
Стальвага (коромысло) - злучэнне двух ворчыкаў для ворыва двума канямі.
Сталькі, вугольнік (угольник) - самагучальны ўдарны інструмент, сагнуты ў форме трохвуголніка стальны прут.
Стальніца (столешница, крышка стола) - верхняя частка стала.
Сталюга - 1) (козлы) прыстасаванне для распілоўкі бярвён на дошкі; 2) (верстак) прылада для вырабу дранкі.
Сталюжка (верстак) - сталярскі варстат (І. Сербаў. Вільчынскія паляне, с. 26).
Сталяр (столяр) - рабочы па тонкай і дэтальнай апрацоўцы драўніны і вырабах з яе; рамеснік па вырабе сталоў, куфраў і аконных рам.
Сталярка (столярные изделия, столярничество) - 1) сталярныя вырабы (сталы, услоны, аконныя рамы, дзверы, скрыні і іншае); 2) занятак сталярнай справай.
Сталярня (столярная) - майстэрня сталяра.
Станавая кватэра, стан (становая квартира) - паліцэйская тэрытарыяльная адзінка ў павеце Расійскай імперыі з 1837 г. на чале са станавым.
Станавы прыстаў, станавы ( становой пристав) - начальнік паліцыі ў стане (частцы павета). Такая пасада існавала з 1837 па 1917 г. у Расійскай імперыі. Станавому падпарадкаваліся паліцэйскія ўраднікі.
Станік (лифчик, лиф) - бюстгалтар.
Станіна (кусок полотна) - кавалак саматканага палатна даўжынёй 2 м.
Станцыйны дом (станционный дом) - памяшканне, дзе мянялі экіпажы для падарожнікаў у ХVІІІ-ХІХ стст. у Расійскай імперыі.
Станьцейка (пристройка для рабочей одежды) - прыбудоўка ў сенях або на верандзе для вешання ў ёй верхняй вопраткі (в. Старыя Васілішкі Шчучынскага р-на).
Стараверы, стараабрадцы (староверы) - хрысціяне, прыхільнікі старой веры, якія не прызнаюць царкоўную рэформу патрыярха Нікана другой паловы ХVІІ ст.
Стараста (староста) - 1) выбраны кіраўнік вёскі; 2) кіраўнік староства.
Старожка лясная (сторожка лесная) - леснічоўка.
Староства (староства) - зямельнае уладанне, прыбытак ад якога ідзе вялікаму князю або ў казну.
Старшына воласці (валасны галава да 1860-х гг.) (волостной старшина) - кіраўнік воласці.
Стары Запавет (Старый Завет) - першая частка хрысціянскай Бібліі (зборнік выбраных твораў старажытна-яўрэйскай літаратуры).
Стары каляндар (старый колендарь) - юліянскі каляндар, якім і сёння карыстаецца Руская праваслаўная царква.
Стаў, става (пруд) - запруда, сажалка.
Стаў (кросно) - маленькі драўляны ручны такацкі станок для ткання ручнікоў і паясоў (в. Востраў Ласіцкага с/с Пінскага р-на Берасцейскай вобл.).
Стаўбун - стрэлка цыбулі.
Стаўбун, гладышка, гарлач (кринка) - высокі посуд для захоўваня і пераноскі малака ці вады, з выпуклымі бакамі і даўгім звужаным горлам, без ручкі.
Стаўроўскія дзяды, Духовая субота (поминки перед Троицей) - дзяды ў суботу перад Сёмухай. На Вілейшчыне для гэтых дзядоў рыхтавалі 5 або 7 страў. Пілі з адной чаркі, якая ішла па коле. На гэтым заканчвалася вясна. З Сёмухі пачыналася лета.
Стаяк - 1) (стояк) вертыкальны брус, слуп у якім-небудзь збудаванні; 2) (печка) галандская печ, печка.
Стол (стол) - прадмет мэблі ў выглядзе шырокай гарызанталнай дошкі на высокіх ножках.
Столак (скамейка) - зэдлік.
Столь (потолок) - верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе.
Стопка (истопка) - варыўня.
Стражнік (стражник) - ніжэйшы паліцэйскі ў дарэвалюцыйнай Расійскай імперыі, які жыў у воласці. (У СССР яго ролю выконваў участковы міліцыянер у званні сяржанта альбо афіцэра міліцыі.)
"Страла ", ваджэнне і пахаванне "стралы", "сула" - абрад праводзіўся ў вёсках Пасожжа ў канцы вясны ў залежнсці ад традыцыі на Вялікдзень або Юр'е ці на Ўшэсце.
Страха, дах (крыша) - верхняя частка будынка, якая накрывае яго і засцерагае ад атмасферных ападкаў, ветру, сонца. Стрэхі па матэрылу былі саламяныя, чаротавыя, дранкавыя, гонтавыя, чарапічныя, бляшаныя і інш. Па форме - двухсхілныя, чатырохсхільныя, трохсхільныя, з "прычолкам" (з усечаным знізу франтонам), з "залобкам" (з усечаным зверху франтонам).
Страхар (кровельщик) - той, хто крые страху.
Страхоўка - 1) драўляны інструмент для крыцця страхі ў Вілейскім раёне, рабрыстая дошчачка з ручкай; 2) (страховка) афіцыйнае пагадненне (дамова) з дзяржаўнай установай на выпадак няшчасця і бяды для атрымання кампенсацыі панесенных страт.
Строй (костюм) - уборы, убранне.
Строма, стромкі 1) (крутой обрыв) - круты абрывісты схіл; 2) (высокая крыша) - высокая страха (в. Падбалоцце Крамяніцкага с/с Зэльвенскага р-на).
Стромы (слишком крутой, обрывистый) - вельмі круты.
Струг (струг) - 1) вяслова-ветразевы карабель для перавозкі грузаў па рэках; 2) сталярны інструмент для стругання драўніны, прамы нож з дзвюмя ручкамі.
Струннік (струнник) - музыкант, які іграе на струнным шчыпковым інструменце.
Стрыгун (стригун) - аднагадовае жарабя, якому звычайна падстрыгаюць грыву.
Стрыжкі - старажытны абрад першага пастрыжэння дзіцяці. Яго выконвалі бацькі або кумы, калі дзіцяці спаўняўся год.
(Працяг у наст. нумары.)
Карл-Гайнц Камп, дырэктар Нямецкай федэральнай акадэміі ў палітыцы бяспекі: "Усе высокія словы з Крамля не могуць схаваць таго факту, што эканамічна Расея слабая і робіцца ўсё слабейшай"
Навіны Германіі
Падчас міжнароднай канферэнцыі ў пытаннях бяспекі GLOBSEC 2017 у Браціславе дырэктар Нямецкай федэральнай акадэміі ў палітыцы бяспекі Карл-Гайнц Камп расказаў пра адносіны Еўразвязу з Беларуссю і Расеяй, пра тое, як вярнуць Крым Украіне, а таксама пра вынікі праграмы Еўразвязу "Ўсходняе партнёрства".
- Калі мы не можам паўплываць на Расею, мы можам прынамсі паспрабаваць стабілізаваць краіны, якія з'яўляюцца і нашымі, і расейскімі суседзямі. Палітыка добрасуседства тычыцца не толькі эканомікі, але і функцыянальнай дзяржавы, змагання з карупцыяй. Яна тычыцца энергетыкі, стандартаў аховы навакольнага асяроддзя і шэрагу каштоўнасцяў, якія мы спрабуем прыўнесці.
Наколькі я памятаю, ад 2007 да 2013 года Еўразвяз выдаткаваў на праграму "Ўсходняе партнёрства" каля двух з паловай мільярдаў еўра. Гэта да халеры грошай (hell of a lot of money). Ці былі яны выдаткаваныя паспяхова, не так проста сказаць. Напрыклад, у Беларусі мы цяпер назіраем розныя тэндэнцыі, і не заўсёды яны скіраваныя ў кепскі бок. Лукашэнка ўжо шмат гадоў гуляе ў гэтую гульню, балансуючы паміж усходам і захадам. З ягонага гледзішча гэта зразумела. Ён хоча захаваць уладу, а залежнасць ад Расеі вельмі моцная.
Вядома ж, Еўразвяз, патрабуе рэчаў, якія не падабаюцца аўтакратычнаму рэжыму, што дагэтуль існуе ў Беларусі. Але з іншага боку Беларусь вельмі занепакоеная любымі патэнцыйнымі ваеннымі дзеяннямі з боку Расеі. У Беларусі існуе вялікая заклапочанасць, што Расея можа скарыстаць вучэнні "Захад-2017", каб рэалізаваць сцэнар, падобны да ўкраінскага, і акупаваць частку краіны ці ўсю краіну. Таму ўлады Беларусі спрабуюць крыху адкрыцца для Еўразвязу. Вучэнні запланаваныя на верасень - пабачым, што адбудзецца да таго часу.
- Ці значыць гэта, што прадстаўнікі ўладаў Беларусі наўпрост выказваюць заклапочанасць планамі Расеі ў камунікацыі з заходнімі палітыкамі? Ці гэта нейкія ўскосныя сігналы?
- Сам я не маю наўпроставых кантактаў з беларускімі ўладамі. Але я працую ва ўрадавай структуры і атрымоўваю такую інфармацыю праз розныя каналы. І мы даведваемся пра вельмі сур'ёзную заклапочанасць. Ці яна абгрунтаваная, я не магу сказаць. Праблема ў тым, што Расея здольная скарыстаць вучэнні для вельмі хуткіх перамяшчэнняў войскаў. Таму такі сцэнар праўдападобны.
Іншае пытанне, ці будзе Расея рызыкаваць праводзіць яшчэ адну аперацыю кшталту ўкраінскай, якая ёй шмат каштавала, і якая, на маю думку, нашкодзіць ёй у доўгатэрміновай перспектыве. Але калі паглядзець на агульную стратэгічную сытуацыю, дык гэтага нельга выключаць.
Пра слабую Расею
- На Вашую думку, наколькі сур'ёзна ўлады Беларусі імкнуцца да пацяплення адносінаў з Захадам?
- Няма сумневу, што ў Беларусі аўтакратычны рэжым, і Лукашэнка трымае грамадства пад вельмі жорсткім кантролем. У шэрагу аспектаў Беларусь выглядае лепш, чым некаторыя ўсходнееўрапейскія краіны, - дакладна лепш, чым Расея. І пакуль што здаецца, што ідэя, калі аўтакратычны лідар "забяспечвае свой народ" у абмен на маўчанне, спрацоўвае. Вядома ж, Беларусь шмат у чым вельмі моцна залежыць ад Расеі. І так, Беларусь вельмі хітра выкарыстоўвала балансаванне паміж усходам і захадам, каб атрымаць як мага больш. Ці гэта добра? Не. Ці гэта прагматычна? Так.
Я ўпэўнены - кіраўніцтва Беларусі разумее, што Расея не разлічыла сваіх магчымасцяў. Невядома, як доўга Расея зможа падсілкоўваць свае амбіцыі быць глабальнай дзяржавай, якой яна не з'яўляецца. І ў гэтым сэнсе прэзідэнт Абама меў рацыю пару гадоў таму, калі назваў Расею рэгіянальнай дзяржавай. Яна такая і ёсць. Усё высокія словы з Крамля не могуць схаваць таго факту, што эканамічна Расея слабая і робіцца ўсё слабейшай.
Гэта тычыцца таксама і ўсіх патэнцыйных саюзнікаў, і тых, хто схіляецца да Расеі. У доўгатэрміновай перспектыве гэта непаспяховая мадэль.
Пра расейскую нафту
- Наколькі за апошнія гады атрымалася зменшыць залежнасць Еўразвязу ад паставак расейскіх энерганосьбітаў?
- Мне здаецца, што агулам Еўразвяз быў даволі паспяховы ў сваіх намаганнях дыверсіфікаваць пастаўкі энергіі. Праблема ў тым, што некаторыя краіны справіліся з гэтым лепш, а некаторыя горш - не таму, што нехта разумнейшы, а таму, што гэта нельга зрабіць так хутка. Ва ўсходняй Еўропе па-ранейшаму застаецца моцная энергетычная залежнасць ад Расеі.
Добрая навіна ў тым, што Расеі трэба грошы ЕЗ за энерганосьбіты прынамсі настолькі ж, наколькі Еўразвязу трэба расейскія нафта і газ. Пагатоў, што цэны на нафту ўпалі і пакуль што не падымуцца, незалежна ад таго, што робіць Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты.
Расея сутыкаецца з вялікімі праблемамі. Па сканчэнні "халоднай вайны" яна была на другім месцы ў свеце. Сёння Расея не мае на сусветным рынку ніводнага прадукта акрамя энерганосьбітаў і зброі. Таму вельмі малаімаверна, што Расея зможа тут наладзіць шантаж.
Дарэчы, нават у часы "халоднай вайны" Савецкі Саюз заўсёды выконваў свае кантракты на пастаўку энерганосьбітаў
Чаму спынілася пашырэнне Еўразвязу
- На Вашую думку, ці была б цяпер карыснай нейкая публічная дэкларацыя з боку кіраўніцтва Еўразвязу, што ў будучыні краіны "Ўсходняга партнёрства" могуць далучыцца да ЕЗ, калі выканаюць для гэтага неабходныя ўмовы?
- Я не думаю, што трэба рабіць такую дэкларацыю, бо гэта ў любым выпадку маецца на ўвазе. Увесь працэс пашырэння ЕЗ і NATO меў і мае на ўвазе, што перспектыва сяброўства заўсёды адкрытая для тых краінаў, якія а) адпавядаюць патрабаванням, і б) атрымаюць згоду цяперашніх сяброў гэтых арганізацый. Але ў абедзвюх структурах - NATO і ЕЗ - цяпер ёсць адчуванне, што некаторыя краіны, якія да іх далучыліся, не вельмі сур'ёзна ставяцца да сваіх абавязкаў.
Пашырэнне ЕЗ ці NATO павінна спрыяць не толькі тым, хто далучаецца, але і самім гэтым структурам. А цяпер гэта не заўсёды так, асабліва ў Еўразвязе. Некаторыя з новых краін не спраўляюцца з такімі праблемамі як карупцыя, з эканамічнымі праблемамі, з пытаннямі палітычнай трансфармацыі. Яны шмат абяцалі, але не робяць.
У Еўразвязе для далучэння новых краін трэба праводзіць рэферэндум у шэрагу цяперашніх краінчальцоў - напрыклад, у Францыі. А паколькі незадаволенасць некаторымі ўсходнееўрапейскімі краінамі цяпер высокая, дык у найбліжэйшай перспектыве я не бачу магчымасці, каб да Еўразвязу далучылася нейкая новая краіна.
Як вярнуць Крым Украіне
- Ці бачыце вы рэалістычныя сцэнары па вяртанні Крыма ў склад Украіны?
- Гэта добрае пытанне, бо шмат хто кажа: "Санкцыі супраць Расеі не маюць сэнсу, бо санкцыямі не выганіш Расею з Крыма". Можа быць. Можа быць, Расея скажа: "Мы будзем несці ўсе выдаткі і перанясём любы боль, каб утрымаць Крым". Можа быць. Але прадстаўнікі Еўразвязу, і асабліва Германія, кажуць: "Нават калі гэта так, мы ніколі не адмовімся ад пазіцыі, што гэта было незаконна і непрымальна".
Нехта лічыць, што нам трэба добрыя адносіны з Расеяй, таму трэба забыцца пра Крым і прыняць гэта як факт. Не, гэтага не адбудзецца. Калі ў нас цяпер не атрымаецца вырашыць пытанне Крыма, мы яго замарозім. І яно застанецца адкрытым нават пасля патэнцыйнага паляпшэння адносінаў з Расеяй.
А калі казаць пра доўгатэрміновыя перспектывы, дык тут можа адыграць сваю ролю гэтак званая "тэорыя магніта". Што прывяло да аб'яднання Германіі? Шмат гадоў існавалі дзве Германіі, адна з якіх зрабілася дынамічнай, эканамічна паспяховай дэмакратычнай дзяржавай, і другі бок заўсёды гэта бачыў. Паспяховая дзяржава стала магнітам, які прыцягваў людзей з другога боку. І фактычна Германская Дэмакратычная Рэспубліка абрынулася. Прыцягненне стала такім моцным, што людзі пачалі масава з'язджаць з усходу, нягледзячы на Берлінскі мур, нягледзячы на замінаваную мяжу.
Расея ўкладае ў Крым агромністыя грошы, але там велічэзныя праблемы - з пастаўкамі вады, электрычнасці. Так, Расея хоча пабудаваць мост, але гэта зойме шмат часу. Мы можам таксама паглядзець на Прыднястроўе, дзе былі вялікія надзеі на збліжэнне з Расеяй, але нічога добрага не адбылося. Там вялікая карупцыя, людзі змагаюцца за выжыванне. У доўгатэрміновай перспектыве, калі атрымаецца ператварыць Украіну, якая знаходзіцца пад кантролем урада ў Кіеве, у заможную дэмакратычную краіну, яна можа зрабіцца магнітам, які выкліча змены ў Крыме.
Відавочна, што ніхто не будзе выкарыстоўваць сілу, каб вярнуць Крым. Прынамсі NATO гэтага рабіць не будзе. Але з другога боку, мы не здадзімся і не спішам Крым з рахункаў.
Трамп і эўрапейская інтэграцыя
- Ці лічыце Вы, што лозунг прэзідэнта ЗША Дональда Трампа "Амерыка найперш" і яго настойванне на большым фінансаванні абарончых выдаткаў з боку саюзнікаў па NATO можа падштурхнуць Еўропу да большай інтэграцыі?
- Спадар Трамп мае рацыю, калі настойвае на двух працэнтах ад ВУП кожнай краіны на абарону. Еўрапейцы павінны рабіць больш для ўласнай абароны - не таму, што так кажа Трамп, а таму што яны занядбалі ўласную абарону. І яны ўжо павышаюць на гэта выдаткі, у тым ліку так робіць і Германія.
Мы бачым, што Еўропе давядзецца больш рабіць самой, бо курс ЗША няясны - не толькі праз прэзідэнта, але і таму, што ўся краіна выглядае падзеленай. Злучаныя Штаты шмат гадоў будуць занятыя сабой і сваімі праблемамі, шукаючы свайго шляху.
Калі ЗША ўжо не будуць адыгрываць старую ролю лідара свабоднага Захаду, дык еўрапейцам трэба ўзмацняцца. Калі гэтага не робяць Злучаныя Штаты і не робім мы, дык не застаецца каму гэта рабіць.
- Ці мае Еўразвяз пазітыўную стратэгію для ролі лідара - так бы мовіць "вялікія ідэі"?
- Я не ўпэўнены, што нам трэба "вялікія ідэі". Ад 2014 года павестка дня даволі ясная. Еўразвяз упершыню зрабіўся вельмі сур'ёзным гульцом у палітыцы бяспекі. Цяпер крызісам ва ўсходняй Еўропе займаецца Еўразвяз, а не NATO.
NATO займаецца абарончай часткай і прадухіляе ці спрабуе прадухіліць некаторыя рэчы, але менавіта Еўразвяз утрымлівае санкцыі супраць Расеі, займаецца палітыкай добрасуседства, энергетычнай бяспекай, у тым ліку ўкраінскай, і траціць на гэта да халеры грошай.
Ці трэба нам новыя ідэі? Я думаю, што мы ўжо маем адну - трэба забыцца пра ідэю незалежнай еўрапейскай абарончай палітыкі. Гэтага па-просту не будзе. Абарона будзе ў рамках NATO, разам са Злучанымі Штатамі, кропка.
Калі Еўразвяз абмяркоўвае агульную абарончую палітыку, дык гаворка ідзе пра закупкі і больш прагматычную інтэграцыю. Напрыклад, Германія і Нідэрланды, ці Германія і Чэхія арганізуюць сілы ўзаемнай падтрымкі. Гэта дробныя крокі, яны маглі б адбывацца і хутчэй, але я не думаю, што нам трэба "вялікія ідэі".
Германія і Еўропа пасля Брэксіту
- Ці памяняецца роля Германіі ў Еўразвязе ў сувязі з Брэксітам?
- Мне здаецца, што Германія ўжо змяніла сваю ролю ў міжнароднай палітыцы ад 2014 года, яшчэ задоўга да Брэксіту. Яна паабяцала быць больш актыўнай як у вайсковым сэнсе, гэтак і ва ўсіх іншых, - узяць на сябе ролю, больш адпаведную яе эканамічнай і палітычнай вазе. Гэтае абяцанне не ўспрынялі надта сур'ёзна, але гэта адбылося. Ад 2014 года Германія - гэта галоўная сіла ўнутры Еўразвяза, якая адказвае за санкцыі супраць Расеі.
У той жа час Германія пастаўляе зброю курдам у Іраку, а гэта агромністая змена ў нямецкай палітыцы. Для гэтага спатрэбіўся фактычны перагляд Канстытуцыі.
Што тычыцца Брэксіту, дык на маю думку, галоўная праблема ад яго ў тым, што столькі шмат палітычнай энергіі і з брытанскага боку, і з боку ЕЗ будзе выкарыстоўвацца, так бы мовіць, для перамоваў аб разводзе. Гэта нармальна, але нам патрэбны гэты час і энергія з абодвух бакоў для нашмат важнейшых праблемаў - для тых рэчаў, якія мы абмяркоўваем на гэтай канферэнцыі: Расея, Азія, тэрарызм.
- Некаторыя эксперты кажуць, што пасля выхаду Брытаніі з Еўразвяза гэтак званым "паўночным краінам" у ЕЗ будзе цяжэй праводзіць больш дысцыплінаваную фінансавую і эканамічную палітыку, бо зменіцца расклад галасоў. Вы бачыце такое наступства?
- Гэта мае быць прадметам перамоваў. Шмат рэчаў у ЕЗ і ў NATO адбываецца палітычным шляхам - гэта значыць не падлікам галасоў, але паводле ўплыву краінаў. А гэта залежыць і ад актыўнасьці краіны. Напрыклад, Швецыя і Фінляндыя не ўваходзяць у NATO. Але паколькі яны так актыўна ўдзельнічаюць у справах альянса, яны цяпер вельмі блізкія паводле статусу да чальцоў NATO. Яны ўдзельнічаюць у працэсе прыняцця рашэнняў і ва ўсіх асноўных вучэннях.
Таму шмат будзе залежаць ад таго, як будзе аформлены "развод" паміж ЕЗ і Брытаніяй, колькі ўплыву захавае Брытанія. Нарвегія, якая не ўваходзіць у Еўразвяз, пры гэтым мае ўплыў як важны палітычны саюзнік...
... Мы не павінны абражаць Брытанію за Брэксіт. Брытанія вырашыла, што такая мадэль ёй больш не пасуе. Пытанне ў тым, што Брытанія атрымае з гэтага у доўгатэрміновай перспектыве. Калі яна будзе паспяховай, дык іншыя краіны могуць сказаць, што мадэль Еўразвяза не адзіная магчымая. Калі вялікага поспеху не будзе - у што я, дарэчы, веру - дык тады шмат хто скажа: "Так, Еўразвяз мае слабыя месцы, але ўсё адно гэта лепшы шлях". ...
Гутарыў карэспандэнт Радыё Свабода Аляксей Знаткевіч.
(Пададзена ў скарочаным варыянце. Поўная версія будзе на сайце газеты naszaslowa.by.)
На Сарафiнавай гары
Аб Сарафiнавай гары я даведалася з кнiгi Наталлi Iллiнiч "Талька i яе ваколiцы".
Адметная гэтая гара тым, што ў 18-м стагоддзi тут быў пабудаваны касцёл св. Антонiя. Фундуш на будаўнiцтва касцёла i кляштара францысканцаў быў падпiсаны 11.02. 1762. Фундатарамi з'яўлялiся Казiмiр i Бенедыкта Янiшэўскiя. Касцёл праiснаваў да 1939 г., калi быў разбураны Саветамi. Але не ўдалося знiшчыць людскую памяць i веру ў Хрыста. На гэтым месцы штогод 13 чэрвеня, у дзень смерцi святога Антонiя, прадаўжае збiрацца мясцовая шляхта, раскiданая цяпер па ўсiм свеце.
Тут жа, побач з касцёлам, знаходзяць вечны спачын роды Скiндараў, Сухоцкiх, Булгакаў, Гурскiх, Панятоўскiх, Хаткевiчаў i iншых.
Сёлета пабывала на Сарафiнавай гары i я. Уразiла колькасць людзей, не гледзечы на буднi дзень i дождж. Людзi прыйшлi i вельмi сталага веку, i маленькiя. Iмша вялася на беларускай мове. А яшчэ ўразiла колькасць помнiкаў з беларускамоўнымi эпiтафiямi (надпiсамi).
Але болей за ўсе цешыць i захапляе тое, як людзi берагуць i помняць свае каранi.
Таццяна Барэль.
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прапануе: музейны праект "Летнія канікулы ў Доме Коласа"
Лета - час актыўнага адпачынку, пазнання навакольнага свету, дзіўных адкрыццяў. Куды пайсці на КАНІКУЛАХ, калі не трэба рыхтаваць урокі і хадзіць на заняткі? Выбар велізарны, і адна з магчымасцяў - пайсці ў МУЗЕЙ! Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа гатовы гасцінна расчыніць свае дзверы перад дапытлівай дзятвой. Безумоўна, актыўны адпачынак летам - самае галоўнае. Але мы прапануем, гуляючы і адпачываючы, зрабіць для сябе маленькія адкрыцці. Культурна-адукацыйная праграма "Летнія канікулы ў Доме Коласа" ўключае экскурсіі, віктарыны, майстар-класы, выстаўкі.
Мы ўпэўнены, што, пабываўшы ў нашым музеі летам, дзеці скажуць: "МУЗЕЙ - ГЭТА ЦІКАВА!".
Кошт уваходнага білета для школьнікаў - 1 руб.
Экскурсійнае абслугоўванне - 2 руб., 20 кап.
Выязны інтэрактыўны занятак - 2 руб.
Музейны занятак - 2 руб., 70 кап.
Папярэдні запіс абавязковы!
Адрас музея: 220012, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5;
Афіцыйны сайт музея: www.yakubkolas.by
E-mail: muzeykolas@yandex.ru
Будзем рады бачыць вас у гасцінным Доме Якуба Коласа!
ТБМ звяртаецца па дапамогу
Таварыства беларускай мовы вымушана зноў звярнуцца да сяброў арганізацыі і прыхільнікаў роднай мовы з просьбай падтрымаць арганізацыю сваімі ахвяраваннямі ў сувязі з павелічэннем з красавіка 2017 г. арэнднай платы за менскі офіс (складае каля 2000 BYN) і неабходнасці фінансавай падтрымкі нашай газеты "Наша слова" (частка накладу якой распаўсюджваецца бясплатна).
Таварыства рыхтуецца да чарговага з'езду, які пройдзе 29 кастрычніка. Каб правесці яго, таксама трэба немалыя грошы.
У менскім офісе ладзяцца курсы мовы "ПраМова", пераклад заканадаўства на беларускую, штогадовая Агульнанацыянальная дыктоўка па-беларуску, выставы і прэзентацыі, курсы па беларускай мове і гісторыі Беларусі для школьнікаў, лекцыі пра гісторыю Беларусі, курсы замежных моваў праз беларускую. ТБМ рэгулярна звяртаецца да ўладаў і дамагаецца назваў вуліц у гонар беларускіх дзеячоў, ладзіць кампанію па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання і многае іншае.
Пералічыць унёскі і ахвяраванні можна праз сістэму разліку "Расчет" (АРІП) і iPay (інструкцыя тут http://tbm-mova.by/pubs103.html). Памеры ўнёскаў можна паглядзець па спасылцы http://tbm-mova.by/interesting9.html.
Таксама грашовыя сродкі можна прыносіць у офіс ТБМ на Румянцава, 13 штодня (акрамя суботы і нядзелі) з 15.00 да 19.00, альбо пералічыць УВАГА! да 04.07.2017 г. на рахунак ТБМ - УНП ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 100129705, р/р 3015741233011 у Аддзяленні № 539 па Менску і Менскай вобласці ААТ "Белінвестбанк", код 739.
Ад 04.07.2017 г. стары нумар рахунка дзейнічаць не будзе, сродкі можна будзе пераводзіць на новы нумар рахунка УНП ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 100129705, р/р BY84BLBB30150100129705001001, код банка BLBBBY2X.
Спісы ахвярадаўцаў (з іх згоды) рэгулярна друкуюцца ў "НС", змяшчаюцца на партале ТБМ.
УВАГА! Зменена размяшчэнне месцазнаходжання ў сістэме АРІП і новыя нумары рахункаў з 4 ліпеня.
Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ХХV Гарэцкія чытанні "МАКСІМ І ГАЎРЫЛА ГАРЭЦКІЯ. ЖЫЦЦЁ І ТВОРЧАСЦЬ"
22 чэрвеня 2017 г. у 10.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя - ХХV Гарэцкія чытанні "Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць". Сёлетняя канферэнцыя прысвечана літаратурна-мастацкай і навуковай дзейнасці братоў Гарэцкіх (у сувязі з абвяшчэннем 2017 года Годам навукі).
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13). Кантактныя тэлефоны: 334-86-22. Электронная пошта: bellitmuseum@tut.by
Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!
Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на другое паўгоддзе 2017 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 67. Цана змянілася нязначна. У 2017 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
2. Славянская каланізацыя. Гарадзенскае княства
У ІХ-Х стст. суседзямі прыбалтыйскіх народаў сталі славяне, як заходнія, так і ўсходнія. Актыўную ролю ў славянізацыі Прыбалтыкі адыграў ноўгарадскі, а потым кіеўскі князь Яраслаў Мудры. Каля 1030 г. ён далучыў да Кіеўскай Русі частку земляў паўднёвай чудзі (эстаў) і заснаваў тут сваю калонію, горад Юр'еў (цяпер Тарту). Таксама ён ажыццявіў паход супраць яцвягаў і ў 1044 г., калі верыць летапісу, заснаваў горад Наваградак. Гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне кантралявалі полацкія князі, якія заснавалі тут два васальныя княствы Гсрцыке і Кукенойс, а пазнсй, у басейне Нёмана Крывічгорад - будучую Вільню. З поўдня ў басейн Нёмана прыйшлі дрыгавічы і валыняне. Як сведчаць археолагі, у канцы X - пачатку XI стст. славяне ў Верхнім Панямонні заснаналі чатыры вялікія гарады: Гародню, Услонім (Слонім), Ваўкавыск і Наваградак. У XII ст. тут узнікае новае Гарадзенскае княства, якое карыстаецца падтрымкай кіеўскіх князёў. Першым самастойным гарадзенскім князем быў Усевалодка (1116-1141). які ў 1127 г. браў удзел разам з кіеўскімі князямі ў паходзе на Полацк. Сталіцай новай дзяржавы стаў славянскі горад, які атрымаў назву Горадзень, ці Гародня (сучаснае Гродна). Спачатку гэта быў драўляны дзядзінец, з XII ст. узнікае пасад, а пад 1128 г. у летапісе Гародню ўжо называюць горадам. Неўзабаве яна стала цэнтрам удзельнага княства.
Акрамя драўлянага, у Гародні вядзецца і мураванае будаўніцтва. У цэнтры дзядзінца ў другой палове XIІ ст. будуецца мураваная царква, якую цяпср называюць Ніжняй. Рэшткі яе муроў выяўлены падчас археалагічпых пошукаў у 30-я - 40-я гг. XX ст. Пазней былі збудаваныя і іншыя храмы, княжацкі палац (хорам) і мураваныя абарончыя збудаванні на гарадзенскім дзядзінцы. З іх да нашага часу дайшла славутая Барысаглебская (Каложская) царква XII ст.
Вельмі вялікую ўвагу гарадзенскія дойліды надавалі ўпрыгожанню фасадаў. Вонкавая паверхня муроў Ніжняй царквы з чырвонай плінфы аздоблена ўмураванымі шліфаванымі камянямі, паліванымі пліткамі і керамічнымі чашамі. Асабліва старанна падабраны гранітныя або гнейсавыя валуны розных колераў і адценняў - ад шэравата ружовых да чырванавата фіялетавых. З першага погляду размешчаныя нібыта хаатычна, яны ў сапраўднасці старанна падабраныя паводле колеру, формы і велічыні. Аздоба ў выглядзс крыжоў ці ромбаў выканана з паліваных керамічных плітак зялёнага і карычневага колсру.
Спалучэнне чырвонага фону цаглянай муроўкі з рознакаляровымі керамічнымі пліткамі і паліраванымі камянямі шматлікіх адценняў надавала будынкам храмаў і княжацкага палаца асаблівую прыгажосць. Такая сістэма аздобы фасадаў, упершыню распрацаваная гарадзенскімі дойлідамі, стала адной з адмстных рысаў самастойнай архітэктурнай школы, што склалася ў Гарадзенскім княстве.
Акрамя Гародні, гарадзенскія майстры, відаць, ставілі збудаванні і ў іншых гарадах княства. Археолагамі знойдзены рэшткі недабудаванага храма XII ст. у Ваўкавыску. Зроблены толькі падмурак бажніцы, якая мелася быць з шасцю слупамі і трыма апсідамі Каля падмурка знойдзена шмат вялікіх гранітных камянёў самага рознага колеру і адценняў з адпаліраванай паверхняй. Будаўнікі, відаць, меркавалі аздобіць камянямі фасады храма накшталт Каложскай, або Ніжняй, царквы. Чаму будоўля была раптоўна спынена, можна толькі здагадвацца.
Гарадзенскія майстры будавалі не толькі бажніцы. Яны паставілі мураваны княскі палац, рэшткі якога захаваліся на Замкавай гары ў Гародні. Хутчэй за ўсё ён быў двухпавярховы, фасады аздабляліся ў традыцыях гарадзенскай архітэктурнай школы валунамі і маёлікай.
Аўтарам кнігі падчас раскопак у 80-я гг. мінулага стагоддзя на замкавым дзядзінцы ўдалося знайсці рэшткі абарончага мура, зробленага з цэглы (плінфы). Даўжыня мура магла дасягаць 45 м пры вышыні 5-6 м і шырыні 1,5 м. Аналагаў ёй цяпер у краіне фактычна няма. Вядомыя толькі летапісныя звесткі, што падобны мур існаваў на пачатку XIII ст. у ваколіцах Кіева - у Выдубіцкім манастыры. Цяпер цяжка з пэўнасцю казаць аб канкрэтным выкарыстанні велічнага збудавання, але, несумненна, яно было шматфункцыянальным і (акрамя абарончага прызначэння) ўнесла своеасаблівасць у непаўторны архітэктурны ансамбль дзядзінца.
3. З'яўленне крыжакоў на землях Латвіі і Эстоніі. Ордэн мечаносцаў
У канцы XII ст. нямецкія купцы актыўна гандлявалі з лівамі і мават мелі свае паселішчы ў вусці Дзвіны. Напрыканцы XII ст. сюды разам з купцамі прыехаў каталіцкі місіянер Мейнхард. Аднак лівы плацілі даніну полацкаму князю. Місіянер атрымаў у полацкага князя Ўладзіміра дазвол пасяліцца ў паселішчы Ікшкілі. Пасля атрымання дазволу місіянер збудаваў тут мураваны замак. За гэта Рымскі Папа надаў яму сан біскупа на землях ліваў. Пасля смерці Мейнхарда біскупам стаў Бертальд, які арганізаваў крыжовы паход супраць ліваў. Аднак лівы яго забілі. Наступны біскуп Альберт прынёз з сабою шмат крыжаносцаў і прымусіў ліваў прымаць хрост. На месцы паселішча ліваў у 1201 г. і быў заснаваны горад Рыга.
У 1202 г. быў створаны новы крыжацкі Ордэн мечаносцаў начале з магістрам. Захапіўшы землі ліваў, Альберт з крыжаносцамі напаў на селаў і аблажыў іх галоўную цвердзь Селпілс. Пасля доўгай абароны селы здаліся і паабяцалі хрысціцца і плаціць падаткі. Потым настала чарга і латгалаў. Крыжаносцы напалі і на полацкія калоніі, спачатку на Кукенойс, а потым - на Герцыке. Князь Кукенойса Вячка спачатку разбіў крыжаносцаў, а потым са сваімі людзьмі адступіў у зямлю эстаў у горад Юр'еў. Там ён гераічна загінуў пры абароне горада. У 1209 г. крыжаносцы захапілі і Герцыке, забраўшы сабе землі і гэтага княства. Пасля доўгага супраціву ў 1214 г. латгалы здаліся. Тады Альберт дамовіўся з каралём Даніі, каб той напаў на суседніх эстаў з поўпачм а сам ударыў па іх з поўдню. Такім чынам была захоплена і зямля эстаў. Актыўны супраціў крыжаносцам аказалі куршы. У 1210 г. караблі куршаў напалі на караблі крыжаносцаў і разбілі іх у марской бітве, потым яны пайшлі на Рыгу, але захапіць моцную цвердзь не здолелі. Доўга ваявалі з крыжаносцамі і зямгалы. У 1228 г. яны разам з куршамі зноў напалі на Рыгу, але зноў безвынікова. У 1236 г. у Рыгу прыплылі атрады новых крыжаносцаў-крыжакоў, якія напалі на жмудзінаў. Аднак тыя ў ваколіцах Шаўляя ноччу атакавалі крыжацкі лагер і знішчылі заваёўнікаў. Пасля гэтай паразы Ордэн мечаносцау быў ліквідаваны, а яго рэшткі пад назовам Лівонскі ордэн сталі васаламі іншага, Тэўтонскага ордэна. У 1242 г. войскі Ноўгарада разбілі лівонцаў на Чудскім возеры і спынілі іх наступ у свае земні. Зямгалы і куршы яшчэ доўга біліся з крыжакамі. Першымі ў 1267 г. канчаткова здаліся куршы. У 1290 г. зямгалы пакінулі сваё апошняе ўмацаванае гарадзішча і адступілі на тэрыторыю ВКЛ.
Заваяваныя крыжакамі землі атрымалі назву Лівонія. Яны былі падзеленыя паміж біскупамі і Лівонскім ордэнам. Рыцары ордэна давалі прысягу не браць шлюб, не мець маёмасці і ваявацьз язычнікамі. У склад ордэна ўваходзілі сапраўдныя браты - знатныя рыцары, якія мелі права насіць белую накідку з чорным крыжам, іх слугі - паўбраты, якія мелі шэрыя накідкі, і святары. Былі і найміты - ратнікі. Кіраўніком ордэна быў магістр, якога абіралі пажыццёва Рэзідэнцыямі магістра былі замкі ў Рызе ці ў Цэсісе. Памочнікам магістра і кіраўніком войск быў маршал, які жыў у замку Сігулды. Ордэн меў 60 замкаў, у якіх былі ордэнскія браты з ратнікамі. Замкамі кіравалі комтуры ці фогты Кожны замак быў цэнтрам вясковай акругі. Невялікія зямельныя надзелы за службу ордэн даваў у карыстанне і мясцовым жыхарам, якіх звалі лейманамі. За атрыманую ў карыстанне зямлю лейман павінен быў са сваім канём і ўласнай зброяй ісці ў вайсковыя паходы разам з крыжакамі. Біскупы не мелі свайго войска, і таму ўсю сваю зямлю на васальных умовах яны раздавалі рыцарам, якія збіралі падаткі і судзілі мясцовых сялян. На загад біскупа рыцары са сваімі атрадамі павінны былі ісці на вайну.
4. Тэўтонскі ордэн у XIII ст.
Вытокі ордэна сягаюць у 1129 г., калі ў Ерусаліме ўзніклі шпіталь і капліца пры ім у гонар св. Панны Марыі. Паступова вакол гэтага шпіталя ўзнікла рыцарскае аб'яднанне, якое ў 1190 г., падчас аблогі крыжаносцамі горада Акры з дапамогай швабскага князя Фрыдрыха ІІ стварыла новы, Тэўтонскі (або Нямецкі), ордэн. Неўзабаве Рымскі Папа зацвердзіў яго статут, складзены на аснове статутаў ордэнаў іанітаў і тампліераў. Сябры новага ордэна насілі белую рызу з чорным крыжам. Новых сяброў у ордэн бралі толькі з нямецкай шляхты даўняга роду.
У 1192 г. Папа Цэлесцін III і германскі імператар Генрых VI канчаткова зацвердзілі ордэн, які ў якасці духоўных патронаў абраў панну Марыю і св. Юрыя. Ордэн меў права валодаць усімі землямі, якія здабудзе ў няверных. Першым магістрам Ордэна стаў Генрых Вальпот. Ордэн складаўся з трох катэгорый сяброў: рыцараў-шляхціцаў, апранутых у чорную туніку і белы плашч з чорным крыжам на левым плячы; святароў-ксяндзоў, якія даглядалі хворых, вялі набажэнствы і былі капеланамі ў войску, і службовых братоў, якія насілі шэрыя плашчы з выявай "паўкрыжа" (у выглядзе літары Т). Службовыя браты былі збраяносцамі рыцараў ці наёмнымі жаўнерамі, у войску мелі функцыі падафіцэраў. Таксама яны кіравалі гаспадаркай Ордэна (кузнямі, стайнямі, фальваркамі і шпіталямі).
(Працяг у наст. нумары.)
Ніколі не мацюкаліся славянцы*
Інквізіцыя ў роўнай ступені адпраўляла на дыбу і касцёр няверніка ў Бога, засумнявалага ў існасці біблейскіх палажэнняў, папскіх вердыктаў і… лаяншчыкаў. Зыходзіць лаянка ад таго, чыё імя ніхто не называе на вуліцы, тым болей у хаце, бо страшыцца граху, ідзе яна ад нячысціка (імя на Д , Ч ).
Хто б не данёс інквізітарам на вымавілага лаянкавае слова - з першага сігналу лаяншчыка ў катоўню, на эшафот. Нароўні з самімі нявернікамі і лаяншчыка.
Боль і страх болю вучаць. Найрэдкіх узбліскаў лаянкі ў Еўропе не стала. На стагоддзі.
Ніколі не мацюкаліся славянцы. У беларусаў і палякаў, украінцаў да расійскай акупацыі 1795 года самай вялікай лаянкай былі курва і халера, то бок прадажная дзеўка і хвароба.
Палякі і цяпер практычна не мацюкаюцца, славакі, чэхі, славенцы, сербы наогул не мацюкаюцца.
Этрускі, скандынавы, кельты славянцы, балты, раманцы, германцы здавённа не ведалі матаў. Англічанам Вялікабрытаніі і ЗША матаўскія словы прынеслі эмігранты з Венгрыі, Расіі (В. Бутлер "Происхождение жаргона в США", Нью-Йорк, 1981).
Славянцы-язычнікі не мацюкаліся. У старажытнай Кіеўскай Русі і ВКЛ ніхто не лаяўся. Не ўмелі, для іх дзікунствам было абліваць некага слоўнымі памыямі, асабліва бацькоў. Суцэль чулася мацяршчына ў Масковіі, якая акурат і не была Руссю (Арцём Дзянікін "Секретные исследования", №16, 2007), наогул не лічылася славянскай дзяржавай у тагачассі і шмат пасля.
У Масковіі дакументаў (царскіх указаў, думскіх распараджэнняў) пра забарону мацюкоў і пра мацюкі вялізазнае мноства, у ВКЛ і Рэчы Паспалітай - ніводнага.
У 1480 годзе князь Васіль ІІІ заканадаўча патрабаваў ад маскавітаў перастаць лаяцца. Іван Грозны змушваў люд маскавіцкі "непотребной лаею не браницца...". Цар Аляксей Міхайлавіч ва ўказе 1648 года гразіў лаяншчыкам жорсткаю караю.
Мноства рэк, узгоркаў, гаёў, палеткаў, паселішчаў у маскоўцаў называліся на П, Б, Х, Е, Ё, Ч, Д. Толькі ў канцы XVIII стагоддзя ўказам Кацярыны Вялікай большасць, калі не ўсе, непрыстойных лаянкавых назваў нарэшце былі замененыя. У тым ліку тысячы тапонімаў, гідронімаў.
Такое сарамоцце, прыніжаны стан этыкі і культуры народа дакастрычніцкія рускія, а пасля савецкія гісторыкі выкрутліва называлі адказам простага народа на мангола-татарскае панаванне. Знайшлі прыстойную адчэпку. Татарын захопліваў дзяўчыну/жанчыну, казаў, што ён яе "эбле", то бок жэніцца на ёй; яго словы месцічы перакруцілі ў лаяншчыну. Жанчын у вярхаконных і юртавых народаў заўжды мала, не вытрымлівалі таўкатні і пераездаў, мужчынам за гонар мець жонкаю іншаплямёнку, асабліва блакітнавокую бялянку. Даўнейшыя і цяперашнія расейцы звычаёвае бытавое слова "эбле" ("жэніцца"), забярэ ў жонкі, з'іначылі, абпошлілі: ага, заваёўнік гвалціць бабу, уступае ў сексадносіны сам ці аддае яе для гэтага такім жа.
Татары Казані (булгары) былі пад Ардою, як і Масковія. Ніякіх матаў самі не спарадзілі, чужых не перанялі, нічога лаянкавага не засвоілі ад сумесі фіна-ўгорскіх і цюрскіх плямёнаў. Арда мангола-татарская далучала да сябе, па праву еднасці аб'ядноўвала кроўныя народы - мардву, эрзя, мокшу, мураму, чудзь, меру, моксву, пермаў, мяшчэру. Злучала ў цэльную дзяржаву не толькі фінаў Разані, Масковіі і Суздаля, дасягнула фіна-ўгорскіх народаў, што ад Ваалама і Волгі рассяліліся да Ўгоршчыны (Венгрыі).
Нечувана "бессардэчная" Арда (сцвярджалі потым навукоўцы Расіі і СССР) штодня таптала звычаі і захоплены маскавіцкі народ. Не ўзгадвалі, што Масковія толькі плаціла падатак і выстаўляла войска для арміі Арды. Масковія фактычна каланізаванай не была. Па ёй раз'язджалі рэдкія зборшчыкі - дык не татары, а самі маскоўцы, кшталту дружыннікаў Аляксандра Неўскага.
Тэорыя дакастрычніцкіх рускіх і савецкіх гісторыкаў - маскавіты перанялі мат у мангола-татараў - выдумка. Калі не панізіць, дык хоць як апраўдаць размацюкаванне цяперашніх рускіх. У мове цюркаў і манголаў дасёння мацюкоў не існуе, ніякіх.
Экспедыцыі славутага савецкага акадэміка Валянціна Яніна двойчы выкопвалі берасцяныя граматы з шматлікімі матамі пад Ноўгарадам Вялікім, ад татаршчызны і фінаў горадам далёкім і чужым, напаўзалежным ад ВКЛ, поўнасцю незалежным ад Скандынавіі, тым болей ад малазначнай Масковіі. Калі сябраваў Ноўгарад з некім, дык з блізкімі Псковам, Рыгай, Полацкам.
Ноўгарадскія граматы нашмат старажытнейшыя за прыходы ардынцаў у Суздальскае і Маскоўскае княства. Пісалі тэксты на граматах тамашнія фіны-саамы (чудзь, моксва, весь, мурама), заснавальнікі Масковіі, гаспадары земляў маскоўскіх, лаянка і мова ў іх не пазычаныя, свойскія. На выкапаных з-пад паселішчаў бяростах лаянкі процьма. Што, татары на іх мацюкі пісалі? На стагоддзі раней прыехалі, напісалі маты на бяросце і лоўка закапалі ў даўнія земляныя пласты?
Тымі самымі рускімі матамі лаецца яшчэ адзін народ на свеце - венгры. Яны з Волгі пайшлі ў Цэнтральную Еўропу задоўга (на стагоддзі) да Чынгісхана і Батыя. Іх летапісы, як маскавіцкія і наўгародскія, перапоўнены мацюкамі. Аналагічнымі сэнсам, формаю.
Калі венгры, эстонцы, фіны прызнаюць, што яны адзін і той фінскі этнас, то цяперашнія рускія (славянізаваныя кіеўскімі епіскапамі і папамі фінскія плямёны) наўсяляк адмаўляюцца. Вялікаросы ўсенатужна прыбіваюцца да Кіеўскай Русі, ВКЛ, нават РП, з якімі шматшмат варажавалі і ваявалі. Расейцы паўтара стагоддзя плішчацца ў даказваннях старэйшасці над малодшымі братамі - беларусамі, украінцамі. Хаця беларусы, украінцы старэйшыя за так званых цяперашніх суздальцаў, як Кіеў за Маскву, мінімум на паўтысячагоддзе.
Даследаванні рускай прафесуры (2000-2006) неабвержна паказалі: генетычна на 80 працэнтаў цяперашнія рускія сходныя фінскаму этнасу - венгры, мардва, комі, моксва, эстонцы, ханты, мансійцы. Тапонімы Перм - ад народа перм, Мурам - ад народа мурама, Разань - ад народа эрзя, Масква - ад народа мокшы/моксвы, галоўнага сельбішча ў мардоўскім этнасе.
Племя Моксель дало назву рацэ і паселішчу Моксва. У Кіеўскай Русі славянцы пераназвалі галоўнае паселішча мардоўшчыны болей дабрагучна - Масква. Тое ж тычнулася дзяржаў/княстваў Эрзя (Разань), Пермія (Перм). У іхніх мовах і гаворках мацюкоў здаўным даўно плоймы.
Як да 1795 года дзяржаўнага прыгоннага права ў ВКЛ, на Украіне фактычна не было, так не існавала практычна матаўства.
Калі ў асобных старажытных народаў планеты мацюкі - своеасаблівыя водбліскі плоднасці, у рэдкія моманты - эмацыйная разрадка, то фіна-ўгры матаўнілі заўжды, для іх такое звычнасць. У фіна-ўграў, як ва ўсіх беднякоў, гэта адвечная прага выказаць вышэйшаму станам, духам, багаццем, пану і ратніку, нават князю сваю незадаволенасць, жаданне зраўняцца з валадарным і заможным хоць у чым. Мацюкі ў іх нарадзіліся ад нянавісці прыгнечанага да паноўнага. Дарэчы, так выспяваў турэмны слэнг.
Сімптомы эвалюцыйнай недаразвітасці ў індывіда і племені найперш праяўляюцца ў канфліктах, спрэчцы. Абмежаванаму і недарэчнаму тут воля, у словах, лаянцы. Мацюканцу абавязкова патрэбна, каб хто-ніхто чуў яго, смелага, грознага, які нікога не баіцца.
Так малпы для выказу сілы і велічыні дзьмуцца, крывяцца, паказваюць член. Пужаюць суперніка, абражаюць і прыніжаюць гукам (бздзеннем), слюною, мачою. Хочуць узвысіцца найперш не справаю, кулаком, бойкаю - абліваннем другога фізіялагічнымі адходамі.
Індаеўрапейцам (этрускам, скандынавам, русінам, рускім, кельтам, германцам) для выказвання не патрабавалася лаянкавае слова, малпавыя павадкі. Яны выхоўваліся ў іначшым культурным і этычным асяроддзі. Гукаў ім хапала. У вялікалітоўцаў (беларусаў) найгоршым выказам незадаволі былі (паўторымся) словы халера, трасца, курва.
Паступова народы ўшалопілі: мат разбурае аснову грамадства - мараль, духоўнасць. Як гарэлка. Мат, зароджаны на нейкім этапе чалавечага развіцця ў бедняка і слабага як абраза лепшага, багачшага, праціўніка, для прыніжэння яго маці і радні, мат біялагічна адмоўніцца індаеўрапейцу. Лаянка фізіялагічна разбэшчвае дзяцей, спараджае эксгібіцыянізм, парнаграфію, гейства. Нішчыць традыцыю племені, нацыі. Навошта вучыцца ў школе, гімназіі, каб прыраўняцца да лепшых матэрыяльна і духоўна, а то і ўзвысіцца. Можна паслаць вышэйшага на хутар, аргументацыя і доказы другога мне нуль, я пакажу яму сваю крутасць і сілу прасцей.
У ВКЛ не так даўно яшчэ за абразу словам выклікалі на дуэль, білі поўху. Роўні. На лаянку парабка і слугі, як сцёб хвастом быдла (той жа каровы, каня), не звярталі ўвагі. Як на выпуск паветра немаўлём.
На планеце Зямля навучанне хоць чаму патрабуе старання і ведаў, вымогі і поту. Лаяншчык абыходзіцца без усяго - ведаў, культуры, майстэрства. А павагі хоча, увагі патрабуе. Як папуас звяртае ўвагу на сябе пер'ямі і татуіроўкамі, так цяперашні пустадомны фінскі і мордоўскі, славянскі і германскі, кельцкі і раманскі маладзён, духоўна недаразвіты тупак-акселерацік жадае выдзеліцца завушніцамі, металам у носе і на носе, рванаю вопраткаю, нязвычнаю афарбоўкаю валасоў.
Выраджаны манатоннем працы, духоўнай пустаты, тэлевізійным сучасным павярхоўніцтвам, бедным асяроддзем рабацяга і хлебароб крочыць па той жа сцяжыне, пачынае абыходзіцца мінімумам слоў, прыгажосць мовы фінскай і рускай, беларускай, украінскай нізводзіць да аднастайнасці... аднаго-трох слоў. Лаянкавых. Не заўважае малады і сталы ўбоства сваёй лексікі, не кеміць - яно выраджае душу, гноіць цела, не дапускае плоднасці, не дае росту ні ў чым. Як ворагамі свету і любой устоенай рэлігіі з'яўляюцца дэструктыўныя і псеўда рэлігійныя культы, секты, так лаянка нішчыць душу, і пустошыць хутка. Па сіле дэструктыўнага ўздзеяння на свядомасць чалавека таталітарныя культы значна пераўзыходзяць алкагалізм, наркамнію. У чалавека мацюкі адбіраюць лексіку, ён абыходзіцца сотняй-другой слоў, ператвараецца ў працоўнага вала, прыладу новаз'яўных шаманаў, ва ўцялесенага зомбі.
Асабліва небяспечна, калі духоўны недапечанец, незалежна ад нацыянальнасці, узросту, прафесійных уменняў, у сталасці ўзаб'ецца на пасаднае седала, грашоўнасць. Такі непазбежна сам ганебна і хутка фінішуе ў мінусы, такі цягне ў няшчасці іншых.
Мацюканне разбурае біялагічнае поле чалавека, душу, значыць цялеснасць любой двуногай істоты, знішчае яе. Не проста знішчае, аднімае здольнасць супраціўляцца іншародным інфекцыям - алкаголь, тытунь, касмапалітызм, ідэі так званага адкрытага грамадства, то бок закрытыя да нацыянальнага, Бога. Калі чалавек пасылае другога да такой-та маці ці на хутар, пра ніякую духоўнасць і развіццё ў яго нельга гаварыць, з ім не варта перасякацца, тым болей сябраваць.
У недарэкстве асобных цяперашніх эстрадных песняў, касмапалітызме і павярхоўнасці, напаўблатняцтве слэнгу, за ўсе хазы і мызы, асобныя докі зачастую вінавацяць габрэйскія традыцыі. Маўляў, планетарныя інтэрнацыяналы і касмапаліты спецыяльна забруджваюць, разбураюць прыгожую нацыянальную песню любога народа. Гэта не так. У дзяржавы, якой абыякавы паўсюдны сённяшні музыкальны ўсплёск эстраднага гуду і шалу, у нацыі, у якой традыцыйнасць і прыкметы сыходзяць на дзясяты план, лаянства будзе шырыцца, квітнець, выраджэнне і сыход такіх нацыяў у Лету непазбежныя.
Эстрада патрэбна эстэтычна напаўграматнаму, даступная не вымагае істотных напружванняў душы, патрыньквае на малых пачуццёвых струнах. Яна не развівае глыбокай этычнасці, не нясе сапраўднай народнай культуры.
Выверты і спасылкі на касмапалітаў і габрэяў, фінаў і рускіх, беднякоў і багацеяў - звычайнае выкруцельства нацыянальных бяздумцаў. Стараюцца апраўдаць уласную слабасць і бяздзейства, няўменне.
Адумаецца народ, стане караць этычных пустадомкаў і начальніцкіх пустакветаў - ажыве; займее мову, адну, як маці, народную ідэю - ажыве. Іначай знікне, растворыцца, як некалі магутныя этрускі, ацтэкі, майя. Прыкметы першыя пра такое сведчаць, папярэджваюць, вучаць. Асабліва супрацьлаянкавыя прыкметы.
1. Хто лаецца, вымаўляе словы на П, Б, Х, Е, Ё, Д, Ч - засмечвае космас гукавымі нечыстотамі. Блюзнерыць, паніжаецца.
2. Вымавіў лаянкавае слова - плюнуў на самога сябе. Прабіў уласнае біяполе. На перакрыжоўным жыццёвым сутыку аплёваны цяжар пацягне чалавека ўніз, на страты, у цемру. Так набухлая вадою вопратка нават добрага плыўца пераводзіць у шэрагі тапельцаў.
3. Пачуў лаянкавае слова - сунімі лаяншчыка. Не можаш - адыйдзі. Лепей зрабі прыстойны ўчынак, заслужы добрую вагу сабе - упыні маладога/сталага невука. Застаўся бліз яго - атрымаў гукавыя пляўкі, не на голае цела, але атрымаў. Зачарніў ягонымі гукамі сваю аўру, вымазаў біяполе, прабіў біяполе.
4. Твая лаянка збочвае цябе з дарогі, цягне да завілага, стратнага - сябе, родных, грамадства.
5. Не дапускайце брыдкаслоўя на вас, пры вас.
6. Асобныя людцы па цемнаце ці свядомых ілжэдасягненнях і вывадах пэўняцца: мы другой веры, нацыі; сярод людзей другой нацыі/веры нягрэх лаяцца, клясціся, вучыць няправільнаму, шкоднаму. Робяць тое, ад чаго засцерагаюць уласных дзяцей, што не робяць ва ўласных кватэрах, храмах. Хітрамондрыя забылі, што Бог - адзін, усюды. Нездарма ў любой рэлігіі і нацыі Ён - Найдобры, Усебачны, Наймоцны. Магутная Яго бясконцасць любы грэх ацэньвае належна. Нізіць. Як усялякае паскудства, навуку на зло. Пры любых калізіях лаяншчык мажа, ілжывіць не іншаму - сабе.
7. Патрэбна часам радавацца, калі вас прабіраюць, на вас крычаць (не брыдкімі слоўмі). Навука не заўжды спакойная. Нішто так моцна не заганяе чалавека ў сябе, як крыўда.
8. Ачышчайце ад гукавых нечыстотаў найболей успрыйманае і тонкае ў касмічным віры, ачышчайце флюіды паветра ў памяшканнях, парыльнях, на вуліцы. Заслугоўвайце павышаную аддзяку Яго сабе і крэўным, ліквідоўвайце жывёльную грахаводнасць невыхаванцаў, тупакоў, невукаў, супыняйце лаяншчыкаў.
9. У любой дзяржаве, устаялай, здзейсненай, неабходнае забаронства на нецэнзурную лексіку ў кнігах, кіно, спектаклях. Абавязкова. Апраўданства аб'ектывістаў - аўтараў - народ лаецца, мой герой брыдкасловіць у жыцці, у кнізе/спектаклі павінна быць жыццёвасць, чаму б іх не прапусціць - ідзе ад таго ж: а) жадання вылучыцца хоць у чым (завушніцы ў вушы); б) неразумення глыбіннай народнай культуры народа, сярод якога жывеш; в) хоць як дапячы традыцыйнаму аўтару, яго нацыі, дзяржаве.
У кожнага саслоўя любой дзяржавы ўласная мова, лексіка. Чым мацней саслоўе, тым таўсцей яго слоўны пласт, тым меней у мове мацершчыння, няма лаянкі. Для інтэлігента пачуць лаянку - атрымаць пырскі бруднай вады на гарнітур, плявок у душу. Чысціце сваё біяполе, супыняйце лаяншчыка, сарамаціце.
Валер Санько , пісьменнік, доктар народнай медыцыны.
* Кнігу "Жыць - прыкметы вучыць" для набору і друку аўтар здаў у выдавецтва. Гэты тэкст - частка аднаго з раздзелаў.
Звініць каса - жыве вёска
У другі раз у аграгарадку Ганчары 10 чэрвеня 2017 года адбыўся раённы конкурс па ручной касьбе "Звініць каса - жыве вёска". Сэнс мерапрыемства закладзены ў самой назве, і конкурс паказаў, што аматары ручной касьбы ёсць і ў цяперашні час у нашым раёне. Зноў удзельнічалі ў конкурсе майстры касьбы мінулага года: Іван Кароль з аграгарадка Ваверка, Станіслаў Ждонец і Марыя Іванаўна Бальцэвіч з аграгарадка Гуды, Мікалай Сакалоўскі і Дзмітрый Сокалаў з аграгарадка Бердаўка, а таксама самы старэйшы з касцоў Матусевіч Іван Антонавіч (больш за 80 гадоў) з аграгарадка Ганчары. Усіх было 11 касцоў.
Ацэньвалася праца па наступных крытэрыях: хуткасць касьбы, якасць касьбы (вышыня, якая застаецца пасля пракосу), чысціня касьбы ( каб барады не было), эстэтычны выгляд пракосу.
У выніку конкурсу пераможцам стаў Матусевіч Іван Антонавіч, другое месца заняў Ждонец Станіслаў, а трэцяе месца падзялілі Іван Кароль і Яўген Каранюк (Яўген з аграгарадка Ганчары). Асобным падарункам была адзначана адзіная жанчына-касец Марыя Бальцэвіч.
Фундатары мерапрыемства - "Белаграпрамбанк" і Лідская раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама мясцовая гаспадарка.
Напрыканцы хочацца сказаць, што для нашых продкаў касьба была не проста знясільвальным маханнем косамі, не проста зразаннем травы і натужлівай працай, а касьба была для іх святочным рытуалам.
Без перабольшвання зазначу, што ў нас таксама атрымалася сапраўднае свята касьбы, па-беларуску шчырае і прыгожае.
Вядучы метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Ганна Некраш.
Абрадавае мерапрыемства "Купалле" 24 чэрвеня 2017 года з 18:00 да 20:30
Купалле - самы галоўны летні рытуал беларусаў, які здаўна праводзіўся ў ноч з 23 на 24 чэрвеня. Свята Купалы прыпадае на пераломны момант года - перыяд летняга сонцавароту. Як казалі нашы продкі "сонца паварочвае на зіму, а лета на гарачыню". На Купалле адбывалася шмат чароўных рэчаў, і мы прапануем Вам акунууца ў гэтую чароўную стыхію свята, як гэта рабілі нашы продкі. Кожны зможа не толькі паглядзець абрад, але і далучыцца да яго.
Кошт квіткоў:
- для дарослых - 10.00 руб.;
- для дзяцей школьнага ўзросту - 5.00 руб.;
- для дзяцей дашкольнага ўзросту - бясплатна.
Экспазіцыя музея працуе з 11:00 да 19:00. Каса працуе з 11:00 да 18:30.
Наш адрас: 223031, Мінскі раён, п/а Азярцо.
Тэлефон арганізатараў мерапрыемства:
8 (017) 209 41 63 (акрамя суботы і нядзелі);
8 (017) 513 86 10 (акрамя панядзелка і аўторка);
8 (029) 697 89 01 (Velcom).
Вобразы і мелодыі лета ад Алеся Камоцкага
Вядомы паэт і бард Алесь Камоцкі зладзіў у менскім музеі Янкі Купалы адкрыты сяброўскі канцэрт на свой дзень народзінаў і прэзентацыю новай кніжачкі "Забірай маё лета". Уступным акордам да вечарыны сталі словы:
"Душа пакіне сваю самоту,
Каб не забыць ніколі пра мілосць!"
У імпрэзе ўзялі ўдзел сябры-музыкі: капэла Алеся Лася, Кася Камоцкая, Алеся Сівохіна, Іна Перасецкая, Юры Хілавец і іншыя. У канцэрце прагучалі песні на ідыш і на польскай мове ("Nie spoczniemy"), пераклады вядомых бардаўскіх тэкстаў, аўтарскія лірычна-філасофскія спевы пра каханне. Настальгічныя ноткі навеяў спеў Касі Камоцкай з "Народнага альбома" "Мой паляўнічы".
Цудоўнае ўражанне засталося ў публікі ад спеваў Алесі Сівохінай і выканання рамансаў на вершы рускіх і савецкіх паэтаў ( у тым ліку - Бэлы Ахмадулінай), пераствораных па-беларуску Алесем Камоцкім.
Новая кніжачка Алеся Камоцкага аформлена вельмі густоўна. Яе ўпрыгожылі каляровыя фотаздымкі Вадзіма Грудзька. Па задуме яна блізкая да ідэі кнігі Рыгора Барадуліна і фотамастака Джона Кунстадтэра " Навошта". Раней выходзілі кнігі Алеся Камоцкага "Глыбіня дажджу", "Перасьпевы", "Вяровіца", том вершаў "Неспадзяванае", і былі цёпла прынятыя чытачамі.
У 2000-ыя гады вялікі плён прынесла Алесю Камоцкаму як барду супрацоўніцтва з народным паэтам Рыгорам Барадуліным. Альбом на вершы дзядзькі Рыгора "Зорка спагады" (1999), збор хрысціянскай музыкі "Псальмы" (2000) і іншыя кружэлкі: "Асяніна", "Віно дажджоў", а таксама музычна-паэтычныя сюіты: "Дым", "Дом", "Дах" увайшлі ў лік найбольш папулярных запісаў найноўшага часу. Таксама ён браў удзел у супольным праекце "Жыць для Беларусі" - зборы твораў на вершы Ларысы Геніюш.
Алесь Камоцкі праявіў сябе як таленавіты перакладчык. Ён не аднойчы захапляўся перакладам шэдэўраў сусветнай паэзіі, ствараў беларускамоўныя кавер-версіі вядомых хітоў. Адзін з такіх удалых перакладаў - песня французскага барда Жака Брэля "Не губляй мяне". Яна прагучала на імпрэзе з вуснаў Алесі Сівохінай. Слухачоў прыцягвае талент Алеся Камоцкага як меладыста, яго артыстызм, ўражваюць паэтычныя знаходкі. Яго дзейнасць займае ўплывовае месца ў беларускамоўнай музычнай плыні.
Выкладчыца БДУКіМ, вакалістка гурта Dzіvasil Іна Перасецкая зайграла на скрыпцы і выканала некалькі чароўных кампазіцый. Яна і артысты гурта Dzіvasil выступаюць у кірунку этна-эмбіенту. Алесь Лось выканаў танга і іншыя мелодыі, якія былі знойдзены ў экспедыцыях па Ашмяншыне і Вілейшчыне.
Вяльможная пані прывезла букет кветак са свайго лецішча для паэта і барда. "Прыміце гэтыя півоні як знак удзячнасці за вашыя песні, кнігі і дыскі, якія мы набываем для нашых дзяцей і ўнукаў, і за тое, што вы нясеце ў творчасці прыгожае беларускае слова і добрыя пачуцці!"
Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. Новая кніжачка А. Камоцкага. 2. Выступае Іна Перасецкая.