НАША СЛОВА № 27 (1334), 5 ліпеня 2017 г.
Вышыванка яднае нацыю
2 ліпеня ў Менску прайшоў Дзень вышыванкі. Свята ўжо другі год адзначаецца па ініцыятыве Міністэрства культуры, Менгарвыканкама і БРСМ. Перад Палацам спорту былі размешчаныя гульнявыя зоны і канцэртная пляцоўка.
А самым галоўным момантам свята стаў імправізаваны арт-парад у нацыянальных строях. Калоны з абласцей і горада Менска прайшліся па праспекце Пераможцаў, вітаючы ўдзельнікаў.
Ад уладаў на свяце прысутнічалі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў, міністр культуры Барыс Святлоў і прадстаўнікі Менгарвыканкама. Усе ў вышыванках, вядома ж. Прайшлі імпрэзы і ў іншых гарадах
Да прыкладу, у цэнтры Баранавіч адбылося альтэрнатыўнае свята вышыванкі. Сабраліся актывісты горада, прыехалі госці з Ліды, Менска: кіраўнік руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык і бард Зміцер Захарэвіч. Скараціла праграму свята дажджлівае надвор'е, кажа адзін з арганізатараў імпрэзы Уладзімір Гундар:
- Адкрылася свята, пасля правялі віктарыну па вышыванцы і гісторыі Беларусі. Выступіў менскі бард Зміцер Захарэвіч са сваімі патрыятычнымі нацыянальнымі спевамі. Бралі слова ўдзельнікі імпрэзы. Дарэчы, выступіла мая дачка з вершам.
Паводле Ўладзіміра Гундара, над удзельнікамі свята ўвесь час лунала вялікае бел-чырвона-белае палотнішча. Да свята праяўлялі цікавасць гараджане, якія праходзілі ля плошчы. А 3 ліпеня вышыванкі зноў шырока выкарыстоўвліся ўжо афіцыйнымі ўладамі.
Падобна, што вышыванка - адзін з нямногіх нацыянальных атрыбутаў, які ўспрымаецца станоўча ўсім грамадствам.
Паводле СМІ.
135 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы
Янка КУПАЛА, сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч (7 ліпеня 1882, фальв. Вязынка былой Радашковіцкай воласці (цяпер Маладзечанскі раён, Менская вобласць) - 28 чэрвеня 1942, Масква) - беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН БССР (1928), АН УССР (1929).
Янка Луцэвіч нарадзіўся ў фальварку Вязынка Вілейскага павета ў сям'і арандатара Дамініка Ануфрыевіча Луцэвіча і яго жонкі Бянігны Валасевіч, якія належалі да саслоўя мяшчан (прыпісаны да мяшчан Менска) і былі католікамі. Сам Іван Луцэвіч у часы Расійскай імперыі таксама быў католікам і адносіўся да катэгорыі мяшчан (прыпісаны да мяшчан Менска). Дамінік Луцэвіч належаў да роду збяднелай шляхты, якая не змагла ў часы Расійскай імперыі дакументальна даказаць сваё шляхецкае паходжанне і зацвердзіць свой род у статусе расійскага дваранства. Старэйшы продак па бацьку ўпамінаецца ў дакументах XVII ст. Маці паэта паходзіла з рубяжэвіцкай шляхты.
Скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча (1898). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, потым хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах (1903), у маёнтках, супрацоўнікам "Нашай нівы" і адначасова бібліятэкарам бібліятэкі "Веды" Б. Даніловіча (Вільня, 1908-1909). У пачатку снежня 1909 з рэкамендацыйным лістом У. Самойлы да Б. Эпімах-Шыпілы пераехаў у Пецярбург, дзе вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева (1909-1913), працаваў у Публічнай бібліятэцы. З кастрычніка 1913 зноў у Вільні: сакратар "Беларускага выдавецкага таварыства", рэдактар "Нашай нівы" (1914-1915).
З набліжэннем фронту 8.8.1915 эвакуяваўся з Вільні, жыў у Арле, у верасні 1915 выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. Са студзеня 1916 на вайсковай службе. З 1916 жанаты з Уладзіславай Луцэвіч з Станкевічаў. У 1919, пасля абвяшчэння БССР, пераехаў на сталае жыхарства ў Менск. Працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопіс "Рунь" (1920) і "Вольны сцяг" (1920-22). З пачатку 1921 намеснік загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, уваходзіў у склад Акадэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, сябар навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядала прадстаўленыя да друку творы; адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), БДУ (1921), Інбелкульта (з 1922 яго правадзейны чалец), літаратурнага аб'яднання "Полымя". Янка Купала ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).
Неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям. У 1921 на паэта быў накладзены хатні арышт і канфіскаваны рукапісы. У 1930 былі раскулачаны маці і сястра паэта. Летам 1930 у друку з'явіўся артыкул Л. Бэндэ "Шлях паэта", у якім Янка Купала абвяшчаўся "ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму". Купалу выклікалі на допыты ў ДПУ; яму інкрымінавалася лідарства ў "Саюзе вызвалення Беларусі". 20.11.1930 пасля "гутарак" у ДПУ ён зрабіў спробу самагубства, але быў выратаваны. У 1930-я гады творы Купалы падвергліся значнай цэнзурнай праўцы, у т.л. творы са зборнікаў "Жалейка" і "Гусляр". У 1937 над паэтам чарговы раз навісла пагроза арышту - яго імя апынулася ў спісе мяркаваных ахвяр. Арышту ўдалося пазбегнуць.
Удзельнічаў у рабоце І з'езду Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на І з'езд ССП СССР, у склад новага бюро секцыі паэзіі ССП БССР (1937), прэзідыюма Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Менскага гарадскога Савета. У 1939 ён удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927-29, член ЦВК БССР у 1929-31, 1935-38. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1940.
Вялікая Айчынная вайна заспела яго ў Каўнасе. У першыя дні вайны ў Менску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941 з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў у Маскву. 3 лістапада 1941 ён жыў у пас. Пячышчы каля Казані. 18 чэрвеня 1942 Я. Купала прыехаў у Маскву і праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы "Масква" пры нявысветленых абставінах - упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха...
Вікіпедыя. (Працяг тэмы на ст. 7.)
600 старонак, 126 000 слоў: у Мінюст перададуць Грамадзянскі кодэкс па-беларуску
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім абмеркавала з міністрам юстыцыі Алегам Сліжэўскім пытанне прыняцця новых законаў на дзяржаўнай беларускай мове.
Іх сустрэча адбылася 30 чэрвеня ў Менску. Пытанне стаіць не толькі пра новыя законы, але і пра наданне юрыдычнай сілы перакладам ужо існых.
Меўся на ўвазе найперш Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь. Бо дзіўна, але факт: на сёння ў краіне, дзе беларуская мова дзяржаўная, гэты падставовы заканадаўчы акт афіцыйна зацверджаны толькі па-руску.
Дбаннямі грамадскай ініцыятывы пры Таварыстве беларускай мовы пераклад Грамадзянскага кодэкса ўжо амаль скончаны.
- Мы стварылі ў інтэрнэце платформу, на якой можа зарэгістравацца кожны, хто хоча далучыцца да ўдзелу ў перакладзе Кодэкса на беларускую мову, - расказала НН каардынатарка ініцыятывы Вераніка Мазуркевіч. - Зарэгістравалася семдзясят чалавек, актыўна працавалі пятнаццаць. Грамадзянскі кодэкс - гэта каля шасцісот старонак, 126 000 словаў. На сёння нам засталося перакласці працэнтаў пяць.
Але перакладам справа не заканчваецца, кажуць арганізатары. Трэба яшчэ знайсці юрыдычную фірму, якая ўважліва выверыць усе фармулёўкі Кодэкса. На паслугі юрыстаў і збіраюцца яны выдаткаваць сродкі, якія збіраюць на платформе "Талака".
Пасля поўны тэкст Кодэкса будзе перададзены ў Міністэрства юстыцыі, каб унесці яго на наступны 2018 г. на зацвярджэнне ў якасці афіцыйнага перакладу.
Каб зрабіць справу перакладу законаў па-беларуску сістэмнай, Алена Анісім прапанавала стварыць экспертную камісію з удзелам мовазнаўцаў і юрыстаў, у кампетэнцыю якой будзе уваходзіць зацвярджэнне тэкстаў заканадаўчых актаў на беларускай мове. Па даручэнні Алега Сліжэўскага гэта пытанне Мінюст бярэ пад свой кантроль.
- Дзвюхмоўе практыкуецца ў многіх краінах, - адзначыла Алена Анісім. - Але абедзве мовы маюць там сапраўды роўныя правы. У Ірландыі, дзе большасць гаворыць па-англійску, ёсць поўны варыянт заканадаўства на ірландскай мове. У Фінляндыі, дзе толькі 5% шведскага насельніцтва, усе законы прымаюцца па-фінску і па-шведску і адразу маюць сілу.
Мы мусім дасягнуць такой сітуацыі, каб і ў нас кожны новы закон, які прымаецца, адразу публікаваўся і па-беларуску і меў законную сілу. Мы стаім за тое, каб зрабіць беларускую мову юрыдычна правамоцнай.
СМ.
Беларускаае таксі ў Баранавічах
Сябры Баранавіцкай арганізацыі ТБМ наведалі службу таксі "Калі ласка", дзе аўтамабілі аформлены з беларускай сімволікай. Кімроўцы таксі імкнуцца размаўляць па-беларуску. Сустрэча адбылася ў офісе службы таксі. Ініцыятарам мерапрыемства стала Ганна Уладзіміраўна Аніскевіч, сябра камісіі па выкарыстанні беларускай мовы і беларускамоўнай адукацыі. На сустрэчы ад ТБМ таксама прысутнічалі Мікалай Падгайскі і Таццяна Малашчанка. Ганна Ўладзіміраўна ўручыла ўладальніку таксі "Калі ласка" Актаю Гашымаву і кіроўцам аўтамабіляў звязаныя сваімі рукамі сувенірныя бела-чырвона-белыя зоркі, а Таццяна Малашчанка падаравала віншавальныя паштоўкі і буклеты.
- Калі ўбачыла на вуліцы таксі з надпісам "Калі ласка", спачатку не паверыла сваім вачам. Потым падумала, пэўна, нехта з другога горада прыехаў. Пасля зноў мне сустрэлася такая ж машына. Не вытрымала, падышла да кіроўцы. Ён мне паведаміў, што ў Баранавічах арганізавана служба беларускага таксі. У мяне была з сабою вязаная зорачка бела-чырвона-белага колеру, я падаравала яе гэтаму ветліваму хлопцу, - расказала Ганна Аніскевіч.
Жанчыну настолькі ўразіла таксі з беларускім арнаментам, што за яго з'яўленне ў нашым горадзе яна вырашыла падзякаваць асабіста ўладальніку Актаю Гашымаву.
- Спадарыня Ганна патэлефанавала мне, яна сказала шмат добрых слоў, падзякавала за тое, што мы вырашылі адкрыць таксі менавіта беларускага кірунку, а таксама пажадала поспехаў у нашых справах, - паведаміў Актай Гашымаў.
Сябры ТБМ пажадалі кіроўцам і супрацоўнікам службы поспехаў, плёну ў працы і прапанавалі дапамагчы навучыць усіх кіроўцаў размаўляць з кліентамі па-беларуску.
Наш кар, г. Баранавічы.
У Гомелі прайшоў другі фестываль беларускамоўнай адукацыі "Мова дзяцей"
У мінулую суботу больш за 40 дзетак разам з бацькамі наведалі фестываль "Мова дзяцей".
Пляцоўка была падзелена паміж беларускамоўнымі выкладчыкамі, якія спявалі і гулялі ў гульні, вадзілі карагоды, праводзілі майстар-клас па квілінгу і выраблялі з паперы кветкі, фатаграфавалі, малявалі аквагрым з беларускімі сімваламі.
Старшыня Гомельскага ТБМ Алеся Аўласевіч распавядае:
- Беларускамоўная адукацыя знаходзіцца ў прыгнечаным стане, бо для ейнага існавання не ствараюцца ўмовы. Ёсць бацькі, якія хочуць каб дзеткі навучаліся па-беларуску, але механізм стварэння беларускамоўных груп даволі заблытаны і не прадуманы. Дзеці наведваюць нашыя заняткі як альтэрнатыву, таму мы стварылі некалькі груп, бо колькасць навучэнцаў расце. Гэта кажа пра запатрабаванаць і актуальнасць нашай дзейнасці.
Сталыя наведвальнікі гуртка атрымалі фірмовыя кубачкі і магніты.
Гомельскае ТБМ не першы год змагаецца за пашырэнне беларускамоўных груп у садках. Праз заняткі "Мова дзяцей" прайшлі каля 80 маленькіх беларусаў. З выкладчыкамі яны вывучалі мову, культуру, гісторыю, пашыралі светапогляд, прымалі ўдзел у стварэнні відэа, раскрывалі сваю творчасць і весела бавілі час у натуральным асяроддзі беларускай мовы.
Наш кар.
60 замежнікаў з 20 краін свету прыме Міжнародная школа беларусістыкі
Ад 4 да 15 ліпеня на базе Белдзяржуніверсітэта будзе працаваць школа беларусістыкі. Яе слухачамі стануць 60 прадстаўнікоў амаль з двух дзясяткаў краін свету. Мерапрыемства прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Як паведамляе прэсавая служба навучальнай установы, міжнародная летняя школа беларусістыкі пройдзе ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы БДУ. Сярод замежных слухачоў - "абітурыенты" з Венгрыі, Іспаніі, Грузіі, ЗША, Інданэзіі, Індыі, Кітая, Латвіі, Літвы, Германіі, Польшчы, Расеі, Славакіі, Сербіі, Украіны, Чэхіі, Швецыі, Японіі. Навучаньне будзе праходзіць па трох праграмах, разлічаных на розную моўную падрыхтоўку і базавыя веды ўдзельнікаў. Сёлета створаны групы для ахвотных вывучаць беларускую мову з нуля.
Усе праграмы ўключаюць па 40 лекцыйных гадзінаў і столькі ж практычных заняткаў па фанетыцы, граматыцы, развіцці вуснай і пісьмовай мовы, а таксама адмысловыя курсы па розных аспектах беларускай мовы, гісторыі і культуры. Дадаткова прадугледжаны індывідуальныя заняткі па ўдасканаленьні моўнага ўзроўню.
У ноч на 7 ліпеня ўдзельнікі адукацыйнага праекту возьмуць удзел у свяце "Купалле", якое пройдзе ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, таксама для іх будзе наладжана экскурсія ў старажытны Полацак, на радзіму Францішка Скарыны.
Cкверу ля Чырвонага касцёла прысвоена імя Эдварда Вайніловіча
Сталічнаму скверу ля Чырвонага касцёла ў Менску нададзена імя Эдварда Вайніловіча. Як паведамляе БЕЛТА, такое рашэнне было прынята на 23-й сесіі Менскага гарcавета дэпутатаў. Большасцю галасоў дэпутаты прынялі рашэнне аб прысваенні скверу імя Эдварда Вайніловіча ў межах вул. Савецкай (дамы №15-19) і вул. Свярдлова (дом № 4).
catholic.by.
Этнаграфічны тлумачальны слоўнік
Сымон Барыс
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
Тушонка (тушёнка) - кансерва з свінога сала і мяса або цяляціны. Яна бытавала ў ваенны і пасляваенны час, калі паступала са ЗША як дапамога. Пасля такія кансервы выраблялі і ў Беларусі.
Тыдзень (неделя) - адзінка вымярэння часу памерам 7 сутак, ад панядзелка да наступнай нядзелі ўключна.
Тын (забор, тын) - плот з вертыкальных жэрдак, пераплецены лазой, бярозавымі галінкамі ці іншых дрэў.
Тынк (штукатурка) - аддзелачны раствор з сумесі рэчываў (вапны, гліны, пяску, цэменту, вады).
Тынкаванне (шткатурить) - класці тынк на сцяну.
Тынкоўка (штукатурка) - слой тынку на паверхні будынка, насціл гліны па прыбітых на сцяне лучынах унутры хаты.
Тычка (веха, шест) - драўляны шост, які ставіцца на мяжы ўчастка сенажаці або поля.
Тэбель (сверло) - свердзел, свярдзёлак, якім робяць свідравіны адносна вялікага дыяметра.
Тэблі, цвікі (деревянные колки) - невялікія калкі да 5 см, якія забівалі ў спецыялна прасвідраваныя адтуліны драўляных канструкцый.
Тэрніца - месца каля варыўні, на якім труць лён (в. Валішча Пінскага раёна).
У
"У жмуркі" - дзіцячая гульня, калі адзін жмурыць, а астатнія хаваюцца ад яго. Затым ён усіх шукае. (Бытавала ў Вілейскім раёне.)
"У карагодзе мы былі" - танцавльна-гульнёвы карагод. Зафіксаваны ў Лельчыцкім раёне.
"У карнача", "У апуку" - дзіцячая гульня з мячыкам.
"У мядзведзя на бару" - дзіцячая гульня. Дзеці выбіраюць "мядзведзя", затым імітуюць збіранне грыбоў. "Мядзведзь" бегае за імі і стараецца некага схапіць. Каго схопіць, той будзе "мядзведзем" замест яго.
"У намеры" - гульня моладзі у час посту, калі не дазвалялася спяваць. Гульня прадаўжалася да таго часу, пакуль усе не размяркуюцца па парах. Той, хто выбраў сабе пару (калі дзяўчына глядзела ў яго бок), цалаваў дзяўчыну.
Уваходзіны, улазіны, ухошчыны (новоселье) - урачыстасць са звычаямі пры засяленні новай хаты або кватэры.
Увод парадзіхі (введение роженицы в храм после крещения ребёнка) - першы прыход у царкву парадзіхі праз 6 тыдняў пасля родаў.
Угналь (кузнечный гвоздь для подковы) - цвік, якім прыбіваюць падкову да капыта каня.
Удава, удавіца (вдова) - жанчына, у якой памёр муж.
Удава саламяная - жанчына, якая знаходзіцца ў часовай разлучцы з мужам.
Удавец (вдовец) - мужчына, у якога памерла жонка.
Удовіны (вдовий) - той, што належыць удаве.
Узалаўе - прыстасаванне для перавозкі бярвенняў на калёсах, уяўляе сабой шырокую перакладзіну з жалезным шворанам. Кладуць на перадок калёсаў (в. Кіевічы Блеўчыцкага с/с Капыльскага р-на).
Узвар (взвар, компот) - адвар з ягад, траў, сушаных яблыкаў, груш, сліў.
Узвіжанне, звіжанне (воздвижение) - хрысціянскае свята ў гонар Крыжа, аднойчы над вернікамі ўзнік крыж, на якім быў распяты Хрыстос. Адзначаецца 14 верасня (праваслаўныя па с. ст.).
Уклейніца - традыцыйная рыбалоўная снасць, тып сеткі. Мае адно сеткавае палотнішча, праз верхні і ніжні край якога працягнуты дзве вяроўкі. Ею ловяць верхаводку (уклейку).
Украінцы - славянскі народ, які пераважна жыве на Украіне.
Уладыка (владыка) - 1) архірэй, мітрапаліт; 2) уладар.
"У лапу", у чысты вугал, нямецкі вугал - вырубка вуглоў без выступаючых канцоў бярвенняў.
Улегцы (порожняком) - едуць з пустым возам, без груза.
Умітусь, умітуські - дзяцей укладвалі спаць парадкам галава - ногі.
Умывальнік - пасудзіна з кранам.
Умывальня - памяшканне, дзе ўмываюцца.
Умыканне (умыкание) - выкраданне дзяўчыны з мэтай заключэнне шлюбу. На Беларусі часта ўмыканнем займаліся дзецюкі-стараверы, якія каля царквы выкрадалі дзяўчыну, атрымаўшы ад яе папярэднюю згоду.
Унук (внук) - сын сына або дачкі для дзеда і бабы.
Унучка (внучка) - дачка сына або дачкі для дзеда і бабы.
Уплёт - каснік, які ўплятае дзяўчына ў касу.
Урадавец, урадовец, ураднік - дзяржаўная службовая асоба ў ВКЛ.
Ураднік (урядник) - 1) ніжэйшы чын павятовай паліцыі; 2) унтэр-афіцэр у казацкім войску.
Услон, зэдаль, зэдлік (скамейка) - невялікая перанасная лаўка.
Устава - заканадаўчы акт у ВКЛ.
Усходняе Палессе (Восточное Полесье) - этнаграфічны рэгіён, у які ўваходзіць пераважна Гомельская вобласць.
Усыпішча, забойня (деревянная бочка) - бандарная высокая пасудзіна для захоўвання збожжа, ёмкасць на 20 пудоў збожжа (вышыня 140-160, дыяметр 80-90 см.). (Цітоў, с. 57.)
Утворнае цеста (тесто) - такое цеста, якое закісла, але не падышло. З яго пяклі аладкі і бліны.
Уток (уток) - папярочныя ніткі, якія працягваюцца праз зеў асновы кросен.
Утулка, букса, утулак (втулка) - дэталь калодкі кола, у якую ўстаўляецца вось.
Ухіл ракі (уклон реки) - схіл узроўню вады ў метрах на адзін кіламетр.
Ушак, вушак (косяк) - вертыкальны брус, з дапамогай якога фармуюцца праёмы дзвярэй і акон і адначасова забяспечваецца ўстойлівасць сцен.
Учан - старажытны дашчаты карабель. Бытаваў на Заходняй Дзвіне.
Участак зямлі (участок) - пасля рэформы 1861 г. у кожным полі сялянская сям'я атрымлівала паласу зямлі, якая аддзялялася ад суседняй вузкай мяжой (на адну баразну). Пасля ўчасткі драбіліся на меншыя ў выніку падзелу сям'і.
Участковы (участковый) - міліцыянер, які замацаваны на службе за пэўным участкам, наглядае за парадкам у ім.
Ушэсце (вознесение) - свята ў чацвер на шостым тыдні пасля Вялікадня, на саракавы дзень пасля яго.
Ушчунак (наказание, взыскание) - пакаранне, спагнанне.
Ф
Факстрот (фокстрот) - бытавы танец, хуткі рытмічны чатырохдольнага памеру.
Фалда (складка, фалда)) - складка на адзенні.
Фальбона (оборка, подзор) - палоска матэрыялу, прышытая зборкамі да спадніцы, фартуха і г. д.
Фальварак (фольварок) - панская гаспадарка, дзе вытворчасць збожжа і прадуктаў разлічана на продаж. Фальваркі былі на Беларусі з 1557 да 1861 г.
Фальварковец (владелец фольварка) - уладальнік фальварка.
Фалькларыст (фольклорист) - той, хто займаецца фальклорам.
Фальклор (фольклор) - вусная народная творчасць.
Фалюш (сукновальня) - валюшня, будынак, дзе валяць сукно, або прылада для валення сукна.
Фамілія (фамилия, род) - род, сям'я.
Фандачкі (оборка) - складачкі ў прышытай зборцы ў доўгай безрукаўцы.
Фанера (фанера) - матэрыял са склееных тонкіх пласцін дрэва, які выкарыстоўваецца для абліцоўкі сталярных вырабаў.
Фант (фант) - гульня, удзельнікі якой у якасці штрафу выконваюць тыя ці іншя жартоўныя дзеянні.
Фанфара (фанфара) - 1) медны духавы музычны інструмент у выглядзе падоўжанай трубы без вентыляў; 2) сігнал урачыстага характару, які падаецца гэтым інструментам і абвяшчае аб пачатку ўрачыстасці.
Фарба (краска) - рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры фарбаванні.
Фарбавальнік (краситель) - рэчыва, якое дадаецца ў фарбу для змены колеру.
Фарбавальня (красильная) - майстэрня, дзе фарбуюцца тканіны.
Фартух, запаска, затулка, крыска (передник) - паясная адзежына, якую накладваюць спераду на спадніцу.
Фаса, фаска (кадочка) - 1) пасудзіна для масла; 2) адзінка для вымярэння сыпкіх і вадкіх рэчываў; 3) скрынка на адзін пуд збожжа.
Фасад (фасад) - знадворны бок будынка (галоўны, бакавы, тылавы).
Фаска (фаска) - скошаны край якога-небудзь элемента.
Фацэт (шут, комик) - камічны забаўны чалавек.
Фетыш (фетиш) - прадмет, якому пакланяюцца і прыносяць ахвяры, бо па страдаўніх вераваннях ён уладае звышнатуральнымі сіламі. Напрыклад, беларусы лічылі, што некаторыя камяні здольныя лячыць хваробы.
Фіранкі (занавескі) - вырабы для завешвання і ўпрыгожвання акон.
Флігель (флигель) - невялікая прыбудова да дома або асобны невялікі будынак пры вялікім доме.
Фляндроўка (раскраска) - аздабленне драўляных і керамічных вырабаў, пакрыццё спецыяльнымі фарбамі прадметаў у выглядзе зігзагаў, хваль, палос.
Форма (форма) - драўляная прамавугольная ёмкасць для вымярэння масла, прыблізна каля аднаго кілаграма.
Фортка (форточка) - 1) невялікія дзверцы для ўваходу ў падворак з вуліцы; 2) шкляныя дзверцы ў акне для праветрывання памяшкання.
Франтон (франтон) - частка фасада паміж двума схіламі страхі і карнізам.
Фуганак, гэбель (фуганок) - стругальны дрэваапрацоўчы інструмент.
Фундацыя (ад лац. fundacio закладанне асноў) (пожертвания) - ахвяраванне манастырам, цэрквам, касцёлам.
Фунт (фунт) - мера вагі, якая адпавядае 409,5 грама.
Фунтавік (фунтовик) - гіра вагой у адзін фунт.
Фунтоўка - гатунак летніх вялікіх груш.
Футляр (футляр) - скрынка ці чахол, куды кладуць рэчы, каб захаваць ад псавання.
Футляршчык (футлярщик) - майстар, які робіць футляры.
Футра (мех) - 1) поўсць, шэрсць; 2) вырабленая шкура пушнога звера; зімовая вопратка з вырабленых шкур пушнога звера.
Футравіна (пушнина) - вырабленыя шкуркі пушных звяроў як прадмет гандлю.
Футэрка - кароткае адзенне з футра.
Футэршчык (меховщик) - той, хто шые адзенне з футра.
Фургон (фургон) - кібітка, павозка (даўжынёй 2 сажні), пакрытая белым палатном, якая выкарыстоўвалася для перавозкі пасажыраў.У яе запрагалі ад 4 да 6 коней.
Фура, хура (фура) - вялікія калёсы для перавозкі грузаў. Магла быць з будой.
Фураж (фураж) - раслінны корм для свойскай жывёлы.
Фуражка (фуражка) - форменная шапка з аколышкам і казырком.
Фуражыр (фуражир) - асоба, якая ахоўвае і выдае фураж.
Фурман, фурманшчык (кучер) - той, хто кіруе канём, едучы на на калёсах альбо санях.
Фурманка (подвода) - падвода для перавозкі грузаў.
Фэст (ярмарка) - вялікае свята на вёсцы з кірмашом і пагулянкамі.
Х
Хабёр - цар усіх ракаў, які меў залатыя клюшні і вочы. Яго вобраз раскрыты ў чарадзейных казках, дзе ён выступае чароўным памочнікам галоўнага героя.
Хадакі, пасталы (лапти кожаные) - скураныя лапці.
Хаднік - вузкая доўгая паласа грубай тканіны, якая рассцілаецца на падлозе.
Хадунок - прыстасаванне, пры дапомозе якога дзіця вучыцца хадзіць.
Халадзец - страва з загуслага пры ахалоджванні мяснога або рыбнага адвару з дробнымі кавалачкамі мяса або рыбы.
Халаднік (холодник) - вадкая халодная страва з цыбулі, шчаўя, бурачніку.
Халасцяк - нежанаты мужчына.
Халат - верхняе хатняе або рабочае адзенне, якое захінаецца або зашпіляецца.
Халупа, халупіна - невялікая бедная хата.
Халупнікі - малазямельныя і бяззямельныя сяляне ў ХVІ - ХІХ стст.
Халява (голенище) - 1) частка бота ад ступні да калена; 2) здзекліва пра жанчыну лёгкіх паводзінаў.
Хак (резец) - прылада для здабывання жывіцы.
Халера - 1) дэнамічная постаць любой хваробы; 2) заразная хвароба, якая ў мінулыя стагоддзі прыводзіла да масавага мору людзей.
Хамут (хомут) - частка вупражы, што складаецца з драўлянага каркаса (клешчаў), абкладзенага мяккім лямцам (хамуцінай) з унутранага боку.
Хамутнік, рымар - майстар, які вырабляе хамуты.
Хапун - міфічная істота, якою страшылі маленькіх дзяцей.
Хата (изба) - жылы будынак, зроблены з бярвенняў.
Хатнік - 1) дамавік, дух, які жыве ў хаце пад печчу; 2) загадчык хаты-чылальні на вёсцы.
Хатуль, хатулёк, хатыль, - вялікі клунак рэчаў, звязаных у хустку або посцілку, які звычайна носяць за спіной.
Харугва -1) царкоўны сцяг, палотнішча на дрэўку з вобразамі святых; 2) баявы сцяг войска.
Харунжы - 1) сцяганосец; 2) малодшы афіцэрскі чын у конным войску.
Хаўрус - 1) група людзей, звязаная агульнымі мэтамі, інтарэсамі; 2) саюз, садружнасць.
Хаўруснік - саўдзельнік у нейкай справе.
Хаўтуры - абрад провадаў нябожчыка для пахавання.
Хахаль - палюбоўнік, залётнік.
Хвоя - сасна, ігліца сасны
Хлеб (хлеб) - асноўная страва, якая выпякаецца з жытняй мукі.
Хлеў (сарай) - будынак для свойскай жывёлы.
Хлеўнік, хляўнік - сядібны дух, які жыве ў хляве.
Хмель - 1) павойная расліна сямейства тутавых, якая выкарыстоўваецца ў піваварэнні; 2) хмельны напітак.
Ходзікі - насценны гадзіннік з гірамі.
Ходнікі - 1) тканыя дарожкі ў хаце (в. Хойна Пінскага р-на); 2) тратуар.
Хормайстар - кіраўнік хору.
Хорт (борзая) - паляўнічы сабака з доўгай вострай мордай, доўгімі нагамі, паджарым жыватом і гладкай поўсцю.
Хоры (хоры) - адкрытая галерэя або балкон у верхняй часцы царкоўнага будынка для размяшчэння там хору і музыкантаў.
Храпуснік, дзядзеўнік - балотная трава, якую ўлетку збіраюць, вараць і квасяць. Захоўваюць у склепе або халадоўні. Выкарыстоўваюць у ежу як халаднік (в. Нароча Вілейскага раёна).
Хроснік, хрэснік - хрышчоны сын у адносінах да хрышчоных бацькоў.
Хросніца, хрэсніца - хрышчоная дачка у адносінах хрышчоных бацькоў.
Хрусты, хрушчы - кулінарны выраб з пшанічнай мукі.
Хрыстосавацца - у праваслаўных звычай цалавацца 3 разы, віншуючы са святм Вялікадня.
Хрысціцель - той, хто правёў хрышчэнне.
Хрысціцца, жагнацца - рабіць знак Крыжа.
Хрысціяне веры евангельскай - пяцідзесятнікі.
Хрэсны - той, што звязаны з абрадам хрышчэння.
Хрэсны ход - царкоўнае шэсце з крыжамі, харугвамі і абразамі.
Хрэсьбіны, хрысціны, радзіны (крестины) - сямейнае свята, калі хрысцяць дзіця альбо адзначаюць яго нараджэнне.
Хустка (платок) - жаночы галаўны ўбор у выглядзе кавалка прыгожай тканіны.
Хутар, футар (хутор) - асобная сяліба за вёскай.
(Працяг у наступным нумары.)
У Беларусі адкрыўся першы анлайн-універсітэт
"Цэнтр Астрагорскага" 20 чэрвеня пачаў адукацыйны праект Ostrogorski Academy.
Навучальныя курсы складаюцца з інтэрактыўных лекцый, тэстаў, адукацыйных праграмаў і дадатковых матэрыялаў.
Дырэктар па развіцці Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня сказаў карэспандэнту Свабоды пра адметнасці новага праекту, які ствараўся больш за паўгода.
- Мэта нашага праекту палягае ў тым, што мы хочам даць беларусам доступ да адукацыі. Мы зыходзім з таго, што час мяняецца, і дагэтуль у Беларусі не было анлайн-прадукту, анлайн-інструмента, каб даць людзям адукацыю. Менавіта таму мы вырашылі стварыць "Акадэмію Астрагорскага". Такім чынам мы хочам злучыць прадстаўнікоў розных краін, дзе працуюць беларусы. На дадзены момант з шасці выкладчыкаў трое працуюць у Вялікай Брытаніі, і мы хацелі зрабіць так, каб гэтыя людзі маглі нешта рабіць для сваёй краіны, знаходзячыся так далёка ад яе.
- Якая тэматыка лекцый, хто будзе чытаць?
- На дадзены момант мы запусціліся з трыма курсамі. Першы тычыцца эканамічных крызісаў, яго вядзе акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова. Другі курс прысвечаны гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў еўрапейскай і беларускай гісторыі, яго чытае доктар гістарычных навук Аляксандар Краўцэвіч. Трэці курс прысвечаны міжнародным фінансавым інстытутам, яго вядуць прафесар права Яраслаў Крывой, які працуе ў Вялікай Брытаніі, і старшы юрыст Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Тарас Стараселец, які таксама працуе ў Вялікай Брытаніі.
- Хто можа стаць анлайн-студэнтам вашага анлайн-універсітэта?
- Тут няма абмежаванняў, бо адукацыя даступная ў анлайне. Але асноўны наш ухіл - гэта маладыя людзі, якія хацелі б атрымліваць якасную гуманітарную адукацыю.
- А як так атрымалася, што дагэтуль у Беларусі не было анлайн-універсітэта?
- Некаторыя элементы анлайн-універсітэта ўжо існавалі да нас. Напрыклад, "Лятучы ўніверсітэт". Але мы зрабілі больш камплементарны ўніверсітэт, то бок у нас гэта не толькі курсы - у нас можна знайсці падручнікі на сайце, тэсты і мультымедыйныя матэрыялы. Наша задача - зрабіць гэта максімальна падобным да таго анлайну, які існуе на Захадзе.
Чаму такога ўніверсітэта дагэтуль не існавала? Як і шмат чаго ў Беларусі не існавала. То бок няма асаблівага развіцця, няма прасторы для інавацый, няма для гэтага сродкаў. Мы здолелі гэта зрабіць, мы першыя гэта зрабілі. Але ўсё ж мы шмат у чым адстаём ад суседніх краін - ад Польшчы ці Літвы (не кажучы ўжо пра ЗША), дзе гэтым займаюцца ўлады на вельмі сур'ёзным узроўні, дзе ёсць іншыя прыватныя ініцыятывы ў сферы анлайн-адукацыі. Ну вось прыйшла чарга і да Беларусі.
- Анлайн-адукацыя прэстыжная, якасная? Ці можа яна быць альтэрнатывай таму, што ёсць у нашых дзяржаўных ВНУ?
- Мы яшчэ толькі пачынаем, маем не такую велізарную колькасць курсаў. Але, паводле заходніх даследаванняў, анлайнавая адукацыя мала чым адрозніваецца ад звычайнай. Тут толькі пытанне матывацыі студэнтаў. Калі яна ёсць, то гэта дзейнічае па тых жа самых прынцыпах.
- Адукацыя ў вас бясплатная. А ці прадугледжваецца, што студэнты атрымаюць нейкія дыпломы?
- У бліжэйшай будучыні мы плануем зрабіць нейкае партнёрскае пагадненне з заходнімі ўніверсітэтамі ў Польшчы, Вялікай Брытаніі ці Літве, каб мець магчымасьць выдаваць гэтыя сертыфікаты, каб яны насамрэч мелі нейкую вагу. Канешне, можна зрабіць нейкія сертыфікаты, якія аўтаматычна генеруюцца на сайце, тут няма цяжкасці. Але мы хацелі б, каб гэта насамрэч быў сертыфікат аб адукацыі, каб ён нешта значыў.
Неўзабаве "Акадэмія Астрагорскага" прапануе чацвёрты анлайн-курс, прысвечаны сучаснай дыстанцыйнай і бізнэс-адукацыі, які будуць весці выкладчык Школы бізнэсу Адкрытага ўніверсітэта Вялікай Брытаніі Руслан Раманаў і дарадчык дырэктара і старшы выкладчык у Інстытуце бізнэсу і менеджмэнту тэхналогій БДУ Радзівон Марозаў.
Акадэмія названая ў гонар Майсея Астрагорскага (1854-1921) - выбітнага беларускага палітолага, палітыка і гісторыка, які зрабіў значны ўнёсак у вывучэнне прававых і палітычных сістэм пераходнага перыяду ад аўтакратыі да дэмакратыі.
Заснавальнік Цэнтра Астрагорскага - прафесар Яраслаў Крывой.
Алесь Дашчынскі.
З роднай мовай у пяты клас
Вучні чацвёртых класаў завяршылі навучанне ў пачатковай школе. Пасля летняга адпачынку іх чакае знаёмства з новымі настаўнікамі і новымі вучэбнымі прадметамі ўжо на другой ступені навучання ў школе.
Сярод выпускнікоў-пачаткоўцаў Скідзельскай сярэдняй школы № 2 ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ўсе гэтыя гады навучаліся на беларускай мове ў 4 "В" класе. Разам са сваёй настаўніцай Мароз Валянцінай Іванаўнай чатыры гады таму назад яны прыйшлі ў першы клас і адправіліся ў вандроўку па Краіне Ведаў. З цікавасцю і ахвотаю чыталі і пісалі, лічылі і рашалі задачы, спявалі і малявалі, займаліся фізкультурай і ручной працай. З вялікім задавальненнем адкрывалі для сябе старонкі гісторыі сваёй краіны з гадоў мінулых і да сённяшняга дня. Валянціна Іванаўна значную ўвагу накіравала на выхаванне ў дзяцей грамадзянскасці і патрыятызму, дабрыні і міласэрнасці. Школьнае жыццё было цікавым і разнастайным, напоўненым рознымі падзеямі і пазакласнымі мерапрыемствамі. Асаблівае захапленне выклікала правядзенне святаў народнага беларускага календара, дзе кожны з вучняў мог праявіць свае творчыя здольнасці. Разам з бацькамі святкавалі Каляды, Масленіцу, Вялікдзень, успаміналі былыя звычаі і традыцыі сваіх продкаў. Часта наведвалі вучняў адзінага ў горадзе беларускамоўнага класа сябры Скідзельскай суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны з пазнавальнымі і забаўляльнымі праграмамі і пачастункамі.
За гады навучання ў пачатковай школе дзяўчынкі і хлопчыкі пасябравалі, навучыліся жыць і працаваць у калектыве. Яны вельмі рады, што сваёй школьнай невялікай (усяго сем вучняў), але дружнай сям'ёй у поўным складзе падымаюцца на новую прыступку ў пяты клас, дзе будуць працягваць навучанне на роднай беларускай мове.
Зычым ім і ў далейшым падрастаць сапраўднымі беларусамі і патрыётамі сваёй Айчыны.
Таццяна Савянкова.
Альтанка ТБМ пры Замкавым гасцінцы ў Лідзе
13 траўня ў Лідзе адбылася ўрачыстая прэзентацыя новага гарадскога праекту "Замкавы гасцінец". Ідэя палягала ў тым, што пакуль што на суботу, а далей - болей, вуліца "Замкавая" робіцца пешаходнай, тут разгортваюцца розныя атракцыёны, пракат ровараў, а таксама маецца на ўвазе, што тут будзе разгортвацца гандаль сувенірамі, творамі мастацтва і падобнай прадукцыяй. Улады пры гэтым абяцалі на першым этапе поўную свабоду гандлю і бясплатнае размяшчэнне гандлёвых ятак. Абяцалася і свабода для выступленняў вулічных музыкаў.
Што праўда, пешаходнай вуліца Замкавая пабыла нядоўга. ДАІ запатрабавала вуліцу адкрыць для руху, але ідэя Замкавага гасцінца ад гэтага не пацярпела, балазе месца каля замка дастаткова. І вось гэтай нагодай вырашылі скарыстацца лідскія арганізацыі ТБМ.
1 ліпеня пры Замкавым гасцінцы была разгорнута альтанка ТБМ. Альтанку разгарнулі Лідская гарадская арганізацыя ТБМ, Ёдкаўская суполка ТБМ і аграсядзіба "Гасьціна". Чаму альтанка? А перш за ўсё таму, што ніхто ніякіх вялікіх задач перад гэтай пляцоўкай не ставіць. Гэта будзе месца, дзе ў першую чаргу кожны ахвотны зможа пагаварыць па-беларуску, пачуць нейкія навіны з беларускага жыцця, распавесці нешта сваё. Тут можна будзе пакуль бясплатна атрымаць беларускія выданні. Пазней, можа, атрымаецца нешта і прадаваць.
А пакуль гаспадар агратурыстычнай сядзібы "Гасьціна" Віталь Карабач, сябар гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Сідарэнка прапаноўвалі лідзянам газеты "Наша слова" і "Новы час", краязнаўчы часопіс "Лідскі летапісец" і іншыя выданні. Радавалі мінакоў сваімі спевамі пад гітару вядомы лідскі бард Сяргей Чарняк і Ягор Урбановіч.
Лідскія арганізацыі ТБМ у партнёрстве з сядзібаю "Гасьціна" збіраюцца стала ўдзельнічаць у праекце "Замкавы гасцінец". Плануецца значна пашырыць культурную праграму, зрабіць пляцоўку цікавай і прывабнай, тым самым папулярызуючы беларускую мову, буларускую культуру і традыцыі.
Альтанка будзе разгортвацца што суботу недалёка ад Доміка Таўлая, таму ёсць спадзяванне, што сюды будуць наведвацца і аматары паэзіі, хто пачытаць вершы, а хто паслухаць. Міма раз-пораз ідуць экскурсійныя групы, то хоць эмблему ТБМ хто-ніхто пабачыць. З цягам часу павінны з'явіцца якія-кольвеч сядзенні і беларускае надвор'е запатрабуе нейкага намёта, але было б жаданне - і ўсё зробіцца.
Таму, шаноўныя лідзяне і госці горада, чакаем вас што суботу ў Лідзе на Замкавым гасцінцы ў альтанцы ТБМ.
Сяргей Пантус. Фотаздымкі Ягора Ўрбановіча і Дзімы Кантаровіча.
У Гародні развіталіся з Ігарам Жуком
16 чэрвеня Ігар Жук адзначыў сваё 60-годдзе. Ён быў родам з Мядзельшчыны. Скончыў Белдзяржуніверсітэт і аспірантуру. У 1998 годзе выйшла з друку яго кніга літаратурных эцюдаў "Сустрэчны рух". А ў манаграфіі "Празаічны тэкст: дынаміка рытмавага існавання" распрацаваў арыгінальную канцэпцыю метрадынамікі празаічнага выказвання і ўпершыню ў гісторыі літаратуразнаўства апісаў механізм атрымання з дапамогай кампутарнай апрацоўкі тэксту метрычных аўтарскіх эталонаў, разгледзеў сістэму іх дынамічнага ўзаемадзеяння.
Ігар Жук быў вельмі таленавітым і шчырым чалавекам, яго вельмі любілі і паважалі ўсе гарадзенцы. У яго было шмат творчых планаў, якія ён яшчэ не паспеў рэалізаваць.
Паніхіда за супакой прайшла 30 чэрвеня ў Свята-Пакроўскім праваслаўным саборы Гародні, а пахаваны Ігар Жук быў у вёсцы Гожа Гарадзенскага раёна.
Вечная памяць.
Узняў над філфакам бел-чырвона-белы сцяг
У Гародні не стала Ігара Жука, майго калегі з Саюза беларускіх пісьменнікаў. Мы ніколі не былі сябрамі, але існуе гісторыя нашых кантактаў з ім.
Калі КПБ страціла кіраўнічую ролю, у будынак Дома палітасветы (размоўна - "Палітпрос") засялілі філфак Гарадзенскага ўніверсітэта і паставілі кіраваць маладога выкладчыка Ігара Жука. А тут Беларусь стала незалежнай, і начальства вымушанае было вывесіць бел-чырвона-белыя сцягі. Аўтобусам я ездзіў на працу ў рэдакцыю і ўглядаўся ў сцягі: спачатку на райвыканкаме, затым на гар- і абласным гмаху. Але быў неўзабаве яшчэ адзін - на даху філфака. Жук вывесіў. Гэта было зусім незвычайна, каб над універсітэцкім будынкам.
Начальства ачомалася і пачало ціснуць: зняць, не паложана. Ён не пагаджаўся, але мусіў урэшце спусціць свой улюбёны сцяг.
Ігар ганарыўся, што кожны год сталі павялічваць набор на беларускае аддзяленне. Была і ягоная заслуга ў гэтым. Але, але… Не так даўно ён успамінаў, як потым пачалі кожны год скарачаць набор, беларусісты перасталі быць патрэбныя.
Ігар захапляўся крытычнымі тэкстамі Сяргея Дубаўца і гаварыў мне, што гатовы быў даць яму аўдыторыю, каб той расказаў, як трэба пісаць вострыя адметныя рэцэнзіі. Сам ён быў крытыкам хутчэй акадэмічнага складу. Рабіў разбор, напрыклад, нашага альманаха "Новы Замак" грунтоўна, у класічным стылі. Я ўкладаю і рэдагую альманах, Ігар быў у рэдкалегіі. Непакоіўся аб апошнім нумары. У мяне захаваўся e-mail ад яго: "Сяргей, добры дзень! Ці можаш паведаміць, што там з новым нумарам альманаха? Мне дасылалі свае матэрыялы Ала Петрушкевіч і Аліна Паўлоўская. Такія-сякія парады я ім прапаноўваў і рэкамендаваў даслаць на адрас выдання. А што з астатнімі матэрыяламі? Ці ёсць патрэба калектыўнага абмеркавання? І.Ж."
Сам ён пісаў марудна, стыхія выкладчыка - вуснае слова. Аднойчы мы сабраліся разам, я сказаў, што падрыхтаваў нумар і пасля выходных буду перасылаць у Менск. А яму знянацку заманулася напісаць рэцэнзію на невялікі паэтычны зборнік. Прэзэнтацыя была месяц таму, а ён толькі цяпер прапануе, калі час здаваць. Я сказаў яму аб гэтым. Але магу, маўляў, крыху пачакаць. Ён: колькі часу дасі? Тыдзень. Тыдзень? Трэба месяц як мінімум! Я кажу: Ігар, тады мы страцім адзін нумар, кніжка вершаў маленькая, трэба, калі хочаш, зрабіць хутчэй. Ён успыхнуў: вы прывыклі свае блогі пісаць па-хуткаму! І так і не напісаў. Нават для наступнага нумара, нават праз год.
Наогул выйшлі пяць нумароў "Новага Замка", Жук напісаў усяго адзін тэкст. Тэкст, канешне, добры, называўся "Васіль Быкаў: з гісторыі аднаго непрыезду". Але зноў мне трэба было здаваць нумар, а не было біяграфічных звестак Ігара і здымка, хаця я прасіў. Здымак ён так і не даслаў, я паставіў той, які зрабіў сам, Ігару ён спадабаўся. Я яму адказаў: каб быў няўдалы, я б не ставіў.
Ён выпусціў дзве кніжкі - літаратуразнаўчыя эцюды і манаграфію, абедзве па 112 старонак. Эцюды называліся "Сустрэчны рух", выданне абласной філіі Беларускага фонду культуры. Падпісаў мне і пры сустрэчы ўручыў: "Сяргею Астраўцу (гэта мой літаратурны псеўданім), харошаму пісьменніку і слаўнаму хлопцу з павагай і шанаваннем. 16.09.98". Я сказаў: занадта станоўча ты… Слаўным і харошым я сябе нейк не лічыў, няёмка было чытаць, але яму захацелася так падпісаць тады.
Аднойчы ён папрасіў маю новую кніжку, сказаў, што хоча напісаць пра яе. Калі ласка! Але нічога не напісаў. Пры сустрэчы сказаў: "Так прозу не пішуць, а паслямоўе ў цябе бліскучае". Мне было дзіўна такое чуць. Гэта ж элементарна: напісаць, што спадабалася, а што не. Аўтару самому будзе цікава. А "пракурорскія" словы "так прозу не пішуць", яны гучаць непераканаўча. Прозу якраз пішуць так, як пішуць сёння. Не так, як уяўляецца некаму, хто ніколі яе не пісаў, хто заглыблены ў беларускай савецкай літаратуры, час якой мінуў. Уголас ён сапраўды хваліў звычайна тэксты, якія для мяне былі ўчарашнім днём. Што зробіш, мы былі рознымі: ён літаратуразнаўцам, я практыкам.
Адзін час мы з ім жылі, уласна кажучы, на адной вуліцы, але ў розных канцах. Ён ва ўніверсітэцкім інтэрнаце, перажываў, што пытанне з кватэрай адсоўваецца, былі 1990-я гады, фінансаванне будаўніцтва было вельмі мізэрным. Але была вялікая радасць, калі для выкладчыкаў аднойчы закончылі дом.
Непадалёк ад інтэрната была галоўная гарадзенская кнігарня. Мы аднойчы завіталі з ім, ён набраў цэлы стос. Памятаю: і энцыклапедычны том пра Янку Купалу. Ён быў выкладчыкам, мог сабе дазволіць. Я, наадварот, кніжкі тады набываў зрэдку. Наогул часы былі даволі безграшовыя. Людзі кінуліся ў Польшчу, зарабляць таварам, гандлем. Ігар таксама мусіў паспрабаваць, набыў патрыманы бусік. Але гэта было не ягоным, ясна. Можа і тадышнія хваляванні даліся ў знакі. Пазней у чалавека былі праблемы з сэрцам, патрэбная была аперацыя, аперацыя платная, у Вільні. На той час сума гучала фантастычна. Дзе ўзяць? Тэрмін падыходзіць. Вельмі ён хваляваўся. Выйсце ўрэшце знайшлося: альма матэр пагадзілася аплаціць. Потым кожны месяц з заробку вылічвалі.
Ігар Жук двойчы ўдзельнічаў у праграмах Радыё ... . Адзін раз, калі мова была пра песню Лявона Вольскага "У турме" на верш Якуба Коласа, Ігар быў вялікім знаўцам творчасці народнага пісьменьніка. Яму вельмі падабаўся радок з "Сымона-музыкі" - "Кавалі другія, ланцугі ўсё тыя".
Другім разам мова была пра Васіля Быкава. Жука заінтрыгавала думка аб тым, што Быкаў сябе аднойчы назваў больш сачыніцелем, чым фіксатарам фактаў з франтавога і не толькі франтавога жыццёвага вопыту. Свае думкі даследчык выказаў на Быкаўскіх чытаннях у Новым замку, у абласной бібліятэцы.
Нашы адносіны не былі без шурпатасцяў, але былі ўзаемапаважнымі. Ён быў шчырым патрыётам, з гартам, атрыманым ад бацькоў. Яны, як вядома, паходзілі з былых заходнебеларускіх мясцінаў, нарадзіўся Ігар у вёсцы Зані Мядзелскага раёна.
У Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу развіталіся з Гельмутам Колем
Навіны Германіі
У французскім Страсбургу ў будынку Еўрапейскага парламента прайшла цырымонія развітання з былым канцлерам ФРГ Гельмутам Колем. Яна доўжылася дзве гадзіны, на працягу якіх лідары розных краін гаварылі пра заслугі нябожчыка ў аб'яднанні Германіі і ўсёй Еўропы. Труна з целам Коля была накрыта адным сцягам - сцягам Еўрапейскага саюза.
Як паведамляе Бі-бі-сі, на цырымоніі прысутнічалі, апроч іншых, былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, канцлер Германіі Ангела Меркель, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тарэза Мэй і нядаўна абраны прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.
Коль знаходзіўся на пасту канцлера на працягу 16 гадоў - з 1982-го па 1998 год. Ён памёр на 88-м годзе жыцця 16 чэрвеня 2017 года ў сваім доме ў Людвігсхафенам-Райне. Пахаванне былога нямецкага канцлера прайшла адразу пасля цырымоніі развітання ў Еўрапарламенце. Яго цела пахавалі на могілках сабора ў нямецкім горадзе Шпайер на мяжы Францыі і Германіі.
Для Германіі і ўсёй Еўропы постаць Коля стала знакам аб'яднання. Менавіта яго высілкі прывялі да ўз'яднання Заходняй і Ўсходняй Германіі ў 1990 годзе, і шмат у чым дзякуючы яму была падпісана Маастрыхтская дамова, якая заклала асновы Еўрасаюза ў яго цяперашнім выглядзе.
Раней, 27 чэрвеня, у саборы Святой Ядвігі ў Берліне прайшла памінальная служба: на ёй прысутнічала Меркель, дэпутаты нямецкага парламента, прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер і старшыня Бундэстага Норберт Ламерт.
Бі-бі-сі. europarl.europa.eu.
Ён - у таленце, а талент - у ім
Яўген Гучок
"Мы з-пад Новай Мышы" (лірычны раман у вершах) - 24-я па ліку кніга паэзіі выдатнага творцы, удумлівага назіральніка, глыбокага мысляра, бліскучага стыліста, яскравага прадстаўніка мастацкага (амаль народнага) слова баранавіцкага паэта Алеся Корнева. Па прафесіі аўтар лекар са шматгадовым працоўным стажам. Сёння - на заслужаным адпачынку. Як і ўсе яго папярэднія паэтычныя зборнікі, гэты твор так-сама сведчыць, што аўтар сапраўдны, арганічны паэт і што рухі яго творчай таленавітай душы арганічна-таленавіта ўвасабляюцца ў мастацкім слове.
"Мы з-пад Вялікай Мышы" - вялікая, аб'ёмная мазаіка, складнік якой - і гістарычныя, і філасафічныя, і духоўныя, і маральныя, і эстэтычныя разважанні-перажыванні і экскурсы галоўнага героя - самога аўтара - і яго спадарожніка Язэпа. На фоне гэтых экскурсаў паказаны ўчынкі нашых герояў, па-чалавечы добрыя, немудрагелістыя, падсвечаныя часам лёгкім, мяккім гумарам, а часам і незлаблівай (раблезіянскай) сатырай. У гэтым ключы аўтар прадстаўляе нам цэлую галерэю асоб, населеных пунктаў, розных устаноў і інш. Таму раман больш, чым лірычны.
Падарожжа нашых герояў у часе праходзіць праз усе поры года беларускай прыроды. І тут аўтар засведчыў сябе як выдатна-чулы пейзажыст. А Новая Мыш на Баранавіччыне - гэта ўвасабленне ўсёй Беларусі. І таму паэт мае поўнае права з любоўю да Бацькаўшчыны сказаць:
Можа, калі хто прыедзе з Нью-Ёрка,
Карак пачухашы, вымавіць горка:
- Ведаю Нью-Арлеан, Нью-Парыж,
Сорам, не ведаў, што ёсць і Нью-Мыш!
Не парушаючы законаў прыстойнасці, высокай маралі, дазволенасці, калі часам пра штосьці не прынята гаварыць, А. Корнеў гэта робіць далікатна-цнатліва, з усмешлівым гумарам.
Кніга багата і з густам, заўсёды да месца, праілюстравана цудоўнымі па змесце і якасці фота. Многія раздзелы ў кнізе ўдала папярэднічаюць яскравыя эпіграфы, як кажуць, з розных часоў і народаў (Сенека Малодшы, І. Гердэр, І. Гётэ, Г. Менкен, Дзіс Ньюман, М. Твен, амерыканскае выслоўе і інш.). Вітражом мудрых выслоўяў завяршаецца пралог рамана, гэта, безумоўна, сведчыць аб багатым інтэлектуальным багажы паэта. Многа ў кнізе аўтарскіх радкоў і строф, якія самі міжвольна запамінаюцца:
"Жыццё дано нам для таго,
Каб зараблялі на яго".
"Свабоду слова, як не пагляді ты
Найперш прызналі словы-паразіты".
"Прырода, мудрая заўсёды,
Імкнецца кожнаму дарыць,
Апроч жадання асалоды,
Жаданне думаць і тварыць".
Нельга не адзначыць, што схільнасцю А. Корнева ствараць афарызмы адзначаны ўсе яго кнігі. І гэты твор не выключэнне.
Каштоўным выданне робіць і дадатак у ім, дзе змешчаны песні на вершы А. Корнева. Тут жа змешчаны і ноты (музыка Івана Асоса). У якім раздзеле рамана знаходзіцца поўны паэтычны тэкст, падаецца зверху нотнага запісу.
Падсумоўваць сказанае пра раман А. Корнева можна вердыктам: "Ён - у таленце, талент - у ім".
І яшчэ. Кніга адкрываецца дзвюмя невялікімі, але змястоўнымі, аўтарытэтнымі прадмовамі Святланы Беразнюк і Раісы Раманчук. Яны павялічваюць каэфіцыент карыснага дзеяння твора.
А выдадзена кніга ва ўстанове адукацыі "Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт" аб'ём выдання 10,30 ум. друк. арк. - 210 стар. Тыраж - 100 экз. Выданне ажыццёўлена на ўласныя сродкі аўтара.
На развітанне пажадаем аўтару і ўсім, хто спрычыніўся да выхаду ў свет выдатнай кнігі "Мы з-пад Новай Мышы" дабра на ўсіх пуцявінах жыцця. Асабліва ў справе ўзбагачэння беларускага мастацкага слова.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
РАЗДЗЕЛ XIII. КУЛЬТУРА СЯРЭДНЯВЕЧЧА
1. Раманскі стыль (ХІ-ХІІ стст.).
2. Еўрапейская готыка XII-XIII стст.
3. Уплыў асноўных рэлігій на ўжыванне ежы і напояў.
4. Адзенне еўрапейцаў.
5. Штодзённае жыццё еўрапейцаў.
6. Сістэма адукацыі і развіццё навукі.
1. Раманскі стыль (ХІ-ХІІ стст.)
Раманскі стыль як стыль заходнееўрапейскага мастацтва (каля 950-1250 гг.) прыйшоў на змену каралінгскаму мастацтву. Спачатку гэта была тэрыторыя паўночнай Італіі, Францыі і Заходняй Германіі. Пазней гэты стыль распаўсюдзіўся і на іншыя еўрапейскія краіны і нават дайшоў да краін Усходняй Еўропы. Грунтам гэтага стылю былі антычныя, візантыйскія, мусульманскія і французскія культурныя традыцыі. У Беларусь раманскі стыль пранікаў праз кантакты з Польшчай і Галіцка-Валынскім княствам. Назва гэтага стылю паходзіць ад лацінскага слова Rоmа - Рым, бо абрысы раманскіх помнікаў дойлідства нагадвалі антычныя рымскія будынкі. Раманскія будынкі мелі тоўстыя муры, вузкія вокны і базілікальную планіроўку.
Базілікі раманскай эпохі мелі паўцыркульныя арачныя скляпенні, цяжар якіх пераходзіў на сцены. Часам гэтыя сцены ўмацоўваліся слупамі - контрфорсамі. Галоўны ўваход храма (партал) знаходзіўся ў заходняй сцяне храма, а насупраць яго быў алтар. Ад раннехрысціянскай базілікі раманскі храм запазычыў такія элементы дэкору, як мазаіку (Італія) і насценны жывапіс (Германія і Францыя). Самыя элегантныя раманскія будынкі знаходзіліся ў Італіі. Гэта, напрыклад, капліца, сабор і "падаючая" вежа ў горадзе Пізе. Асноўным заказчыкам і апекуном раманскага стылю стала каталіцкая царква, асабліва шматлікія манаскія ордэны. Найлепшыя будаўнікі, муляры, дойліды, рэзчыкі па камені, скульптары, пазалотчыкі і перапісчыкі кніг былі манахамі. Толькі ў XI ст. з'явіліся гарадскія свецкія вандроўныя будаўнічыя арцелі, а заказчыкамі ў іх найчасцей была царква. Мураваныя будынкі кляштараў будаваліся ў асноўным у вясковнй мясцовасці, пераважна на ўзгорках каля ракі. Яны панавалі над ваколіцай і былі бачныя здалёк. Адным з такіх комплексаў было знакамітае абацтва Клюні. Другім відам раманскага будынка быў мураваны рыцарскі замак з высокай вежай (данжонам), які быў добра ўпісаны ў прыродны рэльеф. Усе будынкі будаваліся з добра апрацаваных каменных блокаў.
Пры аздабленні храмаў выкарыстоўвалі вітражы. Яны ўстаўляліся або ў звычайныя ваконныя праёмы, або ў круглае акно - ружу, якое знаходзілася над галоўным парталам. У аснове канструкцыі раманскага храма былі магутныя тоўстыя муры, якія падтрымліваліся аркамі і слупамі, а таксама іншымі архітэктурнымі дэталямі, што выконвалі апорныя функцыі. Дзеля большай трываласці будынка дойліды павялічвалі таўшчыню і моц муроў: менавіта на іх канцэнтравалася асноўная ўвага. Унутры некаторых раманскіх храмаў будаваліся падземныя памяшканні "крыпты", якія ўяўлялі сабою капліцу пад алтарнай часткай храма. Там знаходзіліся пахаванні святых пакутнікаў і свецкіх магнатаў, у тым ліку і каралёў.
У раманскім стылі выконваліся творы жывапісу і скульптуры. Асноўная тэма раманскага мастацтва - розныя біблійныя сюжэты і асабліва выявы Ісуса Хрыста. Асноўны від раманскай скульптуры - гэта рэльеф (разьба па камені). Асноўным відам жывапісу была фрэска.
Раманскае мастацтва на ўсходнеспавянскіх землях. Напрыканцы XI ст. менскі князь Глеб Усяславіч вырашыў збудаваць першы мураваны храм у Менску. Паколькі ён не вельмі сябраваў з Кіевам і нават Полацкам, яму давялося запрасіць будаўнікоў не з гэтых гарадоў, а з Польшчы. Замежныя майстры пачалі будаваць на гарадскім дзядзінцы невялікі крыжова-купальны храм з трыма апсідамі і чатырма ўнутранымі слупамі. Сцены храма таўшчынёй 1,5 м былі зроблены з абчасаных камянёў на вышыню больш за 1 м. Аднак будоўля не была скончана, і Менск яшчэ доўгі час заставаўся без мураванага храма. Варожыя адносіны з Кіевам былі і ў князя невялікага Перамышльскага княства Валадара. Ён таксама звярнуўся да польскіх майстроў, якія каля 1119 года пабудавалі ў горадзе Перамышлі царкву Іаана Хрысціцеля. Пазней, у 40-я гг. XII ст., у горадзе Галічы ўзнікла цэлая архітэктурная школа, заснаваная на раманскай будаўнічай традыцыі. Так, галоўны храм, Галіча, Успенскі сабор, быў аздоблены каменнай разьбой антрапаморфнага і зааморфнага характару. Акрамя крыжова-купальных храмаў, у ваколіцах Галіча будаваліся храмы цэнтрычнага тыпу - ратонды (круглыя ў плане) і квадрыфоліі (чатырохпялёсткавыя ў плане). Падобныя храмы існавалі ў Венгрыі, суседняй краіне Галіцкай дзяржавы.
У 40-я гг. XII ст. раманскія будаўнічыя традыцыі з'яўляюцца ў паўночна-ўсходніх славянскіх княствах. Князь Юрый Даўгарукі, які варагаваў з Кіевам, запрасіў у сваё княства галіцкіх майстроў. Яны збудавалі сабор у горадзе Пераяслаўлі-Залескім і царкву Барыса і Глеба ў ваколіцах Суздаля. Пабудовы выкананы ў цудоўнай белакаменнай тэхніцы з разнымі дэталямі. Наступны князь, Андрэй Багалюбскі, у дадатак да мясцовых будаўнікоў папрасіў імператара Фрыдрыха Барбаросу даслаць раманскіх дойлідаў, і яны прыехалі ва Ўладзімір ажно з Паўднёвай Германіі або з Паўночнай Італіі. Так у 60-я гг. XII ст. ва Ўладзіміра-Суздальскай зямлі склалася ўнікальная будаўнічая арганізацыя, у якой разам працавалі заходнееўрапейскія, галіцкія і мясцовыя майстры.
2. Еўрапейская готыка XII-XIII стст.
Готыка - мастацкі стыль, характэрны для Заходняй, Цэнтральнай і часткова Ўсходняй Еўропы ХІІ-ХVІ стст. Ён знайшоў увасабленне ў многіх сферах тагачаснага культурнага жыцця і, у першую чаргу, у архітэктуры і выяўленчым мастацтве. Гатычнае мастацтва адлюстравала шэраг змен тагачаснага еўрапейскага грамадства: буйны рост і эканамічную моц гарадоў, іх цягу да незалежнасці, узнікненне цэнтралізаваных дзяржаў, высокі ўзровень будаўнічай тэхнікі і рамёстваў. Асноўным элементам гатычнай канструкцыі быў каркас з каменю, які пазбаўляў пабудову грувасткасці збудаванняў раманскага стылю. Разам з тым шмат якія будынкі, што будаваліся на працягу доўгага часу, спалучалі ў сабе рысы раманскага стылю і готыкі - як, напрыклад, знакаміты Домскі сабор у Рызе.
Творцы готыкі зрабілі сапраўдную рэвалюцыю ў тагачасннай архітэктуры, настолькі ўдасканаліўшы апорную сістэму будынка, што яна атрымала поўную самастойнасць. Цяжар і распор скляпення праз вонкавыя паўаркі-аркбутаны перадаваліся на спецыялыныя апорныя (часта шматступенныя) слупы-контрфорсы. Гатычныя саборы былі вельмі высокія і мелі добрае асвятленне, дзякуючы вялікім і выцягнутым угору спічастым вокнам.
Калі вышыня сярэдняга нефа аднаго з самых першых помнікаў готыкі - Сабора Парыжскаіі Божай маці - была 35 м, то ў Рэймскім саборы яна дасягнула 38 м, а ў Ам'енскім - 42 м. Усе ўнутранныя, слупы гатычных храмаў у выглядзе пучка тонкіх калон уверсе пераходзілі ў спічастыя аркі нясучых рэбраў ( нярвюраў) вельмі тонкага крыжовага скляпення.
Узнікшы ў Францыі, гатычны стыль распаўсюдзіўся і на іншыя еўрапейскія краіны, асаблівага росквіту дасягнуўшы ў Германіі і Скандынавіі. У XVIII ст. гатычнае мастацтва разглядалася ўжо як прымітыўнае, "варварскае" і проціпастаўлялася італьянскаму рэнесансу. Толькі ў XIX ст. вучоныя і мастацтвазнаўцы цалкам перагледзелі стаўленне да яго, бо готыка была сапраўднай раніцай еўрапейскай цывілізацыі, прадвеснем і асновай пазнейшага рэнесансу.
(Працяг у наст. нумары.)
Між Шэкспірам і Байранам Янка Купала
Яўген Гучок
* * *
Не рызманнё прыйшоў я цыраваць,
А рваць яго
Ўшчэнт і без аглядкі.
* * *
Слоў беларускіх - процьма,
Душ беларускіх - бездань!..
А як злучыць іх, як суладзіць?
* * *
Паэт ёсць першая праталіна,
А далей будзе што -
Вядома толькі Творцу.
* * *
Як іх наблізіць, як з'яднаць у адно -
Паэта далягляд
І далягляд народа?
* * *
Кожны радок Купалы,
Як і любога паэта,
Сярод люду здабычу шукае.
* * *
І роднае зямлі матыў,
Калі няма ў ім гукаў неба,
Не здольны душы ўздымаць!
* * *
Дзвярэй у свет шырокі ў нас няма.
Што маем - гэта толькі дзверцы,
У якія і галава не лезе.
* * *
Такую душу мець - цяжар:
Ты грэеш-выгараеш, а яны
І блізка падыйсці не хочуць.
* * *
Магчыма б, і мелі цікавасць
да вершаў тваіх,
Калі б парасіўся
Ты імі.
* * *
Ад свядомасці ад аглушанай,
Бы гарох ад сцяны,
Адлятаюць словы паэта.
* * *
Гарыць маё сэрцы, ды стыне душа
Ад гэтага люду
І яго наваколля.
* * *
Ці верш у што ты загарні,
Ці ў верш што захіні...
О, тут паэзія не пройдзе.
* * *
Над чым толькі душу сваю паэт
Не разбіваў, не ўкрыжоўваў,
Ды ўсё гэта часта дарэмна.
* * *
Якая грукатня ў маёй душы...
А на зямлі маёй -
Дык сумнае зацішша.
* * *
Лухтой, драбязой, бязглуздзіцай
Затавараны нашы душы...
І таму неўпрадых тут паэту.
* * *
Няма ў іх мужнасці
Сабрацца
Нават у натоўп.
* * *
Мы ўсё носім, усё даношваем
І ніяк не даносім
Лахманы нягеглага лёсу свайго.
* * *
А ў дадатак яшчэ і страх
Апынуцца ў засценках
І катавальнях.
* * *
Я кідаў словы ім -
Нібы выратавальныя кругі,
І ўсё ж яны пятлёю для паэта сталі.
* * *
Чаго не хапае натоўпу,
Каб годным народам зрабіцца?
Паэзіі і паэта.
* * *
Да Слова трэба дарасці
Паэту
І народу.
* * *
Нібыта крыніцы
праз тоўшчу зямную,
Цяжка паэту прабіцца да Творцы
Праз гушчу народа.
* * *
Над трусліва-забітым народам
І верш праляціць
Ухаластую.
* * *
А суседзі? А што суседзі!
Ад іх "дапамога" -
Хутчэй у магілу сыйсці.
* * *
А суседзі? Захад і Ўсход
Цягам стагоддзяў
ператваралі гэты народ
У маўклівы, пакорлівы статак.
* * *
А суседзям заўсёды
Рупліва дапамагалі
Свае тытулаваныя здрайцы.
* * *
Ах, улада суседзяў...
Калі ужо сыйдзе яна
З нашай зямлі шматпакутнай?!.
* * *
І нашу мову
Пакінуць ў спакоі
У велічы яе несумненнай.
* * *
І ў радавсці, і ў тузе
Я вершы свае адколваў
Нязменна ад лёсу свайго.
* * *
Чаму ў маленстве я
Якім чаротам не згарэў
І лёгкм дымам не пайшоў праз комін?!.
* * *
Тут і знішчыць уласнаю воляй сябе,
Паняволенага,
Не дазволяць табе, не дадуць.
* * *
Купала жадаў, каб народ яго
Не ніц, не цішком, не заплюшчана
Жыў.
* * *
Нарадзіся Купала ў Англіі,
Быў бы ён між
Шэкспірам і Байранам.
* * *
Дзівак паэт...
Прычым тут людзі?
Да творцы больш звяртайся ты.
Паходжанне людзей па-беларуску
Этыялагічныя легенды, паданні, міфы яшчэ недастаткова разгледжаны, даследаваны беларускай фалькларыстыкай. Справа ў тым, што народныя ўяўленні пра паходжанне Сусвету, чалавека, жывёльнага і расліннага свету звязаны і з біблейскай, і з апакрыфічнай касмагоніяй. А вядома, што ўсякае праяўленне "рэлігійнасці" не віталася савецкай ідэалогіяй. Трэба толькі шкадаваць аб тым, колькі выдатных фальклорных тэкстаў, якія раскрывалі светапогляд нашых людзей, бачанне імі свайго месца ў космасе, адышлі ў нябыт разам з іх носьбітамі. Праўда, апошнім часам ідзе інтэнсіўны, сістэмны аналіз народнай міфатворчасці. Не станем пералічваць усе выданні, адзначым толькі найгрунтоўны "Мифологический словарь", які пабачыў свет у Маскве ў 1991 г. пад агульнай рэдакцыяй Е.М. Меляцінскага. У ім надзвычай сістэмна і паслядоўна выкладзены міфы не толькі славянскіх, але і народаў усяго свету.
Праглядваючы ўласны архіў, я натрапіў на этыялагічную легенду, запісаную ў 1974 г. ад Марфы Захараўны Шчурко, 1907 г. нараджэння, жыхаркі в.Заполле Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці. Яе антрапаганічны змест вымусіў мяне звярнуцца да вышэйназванага выдання, каб даведацца, ці сустракаецца падобны сюжэт у іншых народаў. Як ні дзіўна, але міфа з такім сюжэтам у слоўніку я не знайшоў. Вось тэкст "нашага" міфа, "нашай" этыялагічнай легенды пра паходжанне чалавека.
"Чаму на Зямлі добрыя і ўсякія людзі жывуць.
Даўней Адам жыў адзін. Бог рабрыну выняў у Адама, і ў Адама стала жонка. Хадзілі яны голыя, але пасля сталі сорам мець і пачалі адзежу шукаць. Выгадавалі яны сем сыноў і дачку. І кожны сын хацеў з ёю ажаніцца. Тады Адам кажа, каб яны зляпілі па гаршчэчку. Зляпілі сыны, абпалілі і прыняслі бацьку. Адам у першы гаршчэчок пасадзіў дачку, у другі - вядзьмедзіцу, у трэці - авечку, у чацвёрты - курыцу, у пяты - гусь, у шосты - качку і ў сёмы гаршчэчок - змяю. Прыйшлі сыны, і кожны ўзяў свой гаршчэчок, а ў гаршчэчку была кожнаму жонка. Хто ўзяў сабе за жонку дачку, то ад іх пайшлі добрыя і справядлівыя людзі. У каго за жонку стала вядзьмедзіца, то людзі ад іх суровыя, маўклівыя. Буркня слово і маўчыць. У каго курыца жонка - нічого не мелі ў гаспадарцы. Не збірая, а разграбая. А калі зробіць шчо, то ўсім пахваліцца. У каго авечка, тыя людзі спакойныя, разважлівыя, цярплівыя. У якого сына жонкай была качка - гэтыя людзі выйшлі рабочыя, заможныя, жылі ў дастатку, бо ўсё да горбы і да горбы збіралі. Яны могуць жыць адны і на балоці, і ў полі, і ўсюды ўсё мецьмуць. З гусі людзі былі вясёлыя, заўсёды рагочуць. Найгоршыя людзі былі са змяі: на адных падкусах ды абгаворах жылі, муцельстві. Хоча ўсяк пасварыць людзей. І будзе то там, то там языком малоць. Вось чаму на Зямлі добрыя і ўсякія людзі жывуць."
Тэкст аўтэнтычны, у ім захаваны асаблівасці мясцовага маўлення, характэрнага для баранавіцка-гарадзенскіх гаворак. І зноў жа, каб упэўніцца ў арыгінальнасці міфа, мы ўважліва прагледзелі кнігі, якія давалі класіфікацыю сюжэтаў, пазначалі паказчыкі матываў. Гэта наступныя даследаванні: "Указатель сюжетов русских быличек и бывальщин о мифологических персонажах" С. Айвазяна; "Сучаснае бытаванне народнай няказкавай прозы: аспекты наратыва і дыскурса. Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст, тыпалогія, сувязі" А. Боганевай; "Былички и демонологические поверья (Живая старина)" Л. Вінаградавай; "Народная Библия: восточнославянские этиологические легенды", складзеная В. Бяловай; "Легенды" і "Народное православие" А. Панчанкі; "Сказка и быличка (Мифологический персонаж в системе жанра)" І. Разумавай; "Сравнительный указатель сюжетов. Восточнославянская сказка"; шматтомнае выданне "Традыцыйная мастацкая культура беларусаў"; "Нарысы гісторыі культуры Беларусі" т. 3. "Культура сяла XIV - пачатку XX ст." Кніга 2." Духоўная культура" ды інш.
Звернемся да тэксту міфа. Вядома, што першыя адзінаццаць раздзелаў Кнігі Быцця Старога Запавету расказваюць пра пачатак светабудовы і чалавечай гісторыі. Наш Сусвет і ўсё, што ў ім: сонца, месяц, зямля і вада, птушкі, жывёлы - усё здзейснена па волі Божай. А вянцом Божага тварэння стаў чалавек, пакліканы для таго, каб клапаціцца пра сваё і цешыцца сумоўем з Богам. Гэтага чалавека звалі Адам, а жонку яго Ева. Яе Бог стварыў з рабрыны, узятай у Адама (Быццё, 2, 21 - 25). Адам нарадзіў сына Сіфа, а пасля, праз доўгі прамежак часу, яшчэ "спарадзіў ён сыноў і дачок" (Быццё, 5, 3 - 5). Адзначым, што пачатак "нашага" міфа - гэта своеасаблівы пераказ біблейскай гісторыі пра паходжанне людзей. А вось далей назіраецца новы, арыгінальны паварот у развіцці сюжэту, ужо адрозны ад тэксту "Бібліі". І хоць на пачатку мы заўважаем матыў інцэста, кровазмяшэння (усе сямёра сыноў жадаюць узяць за жонку сваю сястру, і ўрэшце рэшт бацька жэніць аднаго сына з ёй), то пасля Адам жэніць сыноў з жывёламі, дзікімі і свойскімі (мядзведзіца, авечка), з птушкамі (курыца, качка, гусь) і з паўзуном (змяя). Ад гэтага шлюбу, згодна з міфам, і пайшлі людзі на зямлі. Усякія - і добрыя, і ліхія.
Калі чытаем "наш" тэкст, найперш кідаюцца ў вочы адзнакі дахрысціянскага бачання свету продкамі: знітаванне, зліццё чалавека з прыродай, пакланенне жывёлам-татэмам. Непадзельнасцю, роднасцю людзей з аб'ектамі жывой і нежывой прыроды напоўнена ўся шматвяковая гісторыя беларускага этнасу. Успомнім абрад пераапранання людзей у жывёл у час калядавання, на вяселлі, матывы жаніцьбы з жывёламі ў казках, паданні, легенды пра людзей-ваўкалакаў і інш. І цяпер, ужо на сучасным вітку цывілізацыі, калі па нашай віне з года ў год знікаюць на Зямлі расліны, птушкі і жывёлы, ці не губім, не трацім пры гэтым мы саміх сябе?!
Хочацца сказаць колькі слоў пра Марфу Захараўну Шчурко. Нарадзілася яна 4 сакавіка 1907 года ў вёсцы Заполле цяперашняга Івацэвіцкага раёна. Бацька меў ладны кавалак зямлі, які патрабаваў дужых мужчынскіх рук. А тут адна за адной нараджаліся дзяўчаткі. Бацька быў строгі, у сялянскай працы не шкадаваў ні сябе, ні дачок. Усе яны змалку былі прывучаны выконваць не толькі жаночую, але і мужчынскую работу: палолі, жалі жыта, рвалі лён, умелі так-сама касіць, класці стагі, упраўляцца з канём. У 1925 годзе Марфа Захараўна выйшла замуж за запалянскага хлопца. Пайшлі дзеці. У 1939 годзе мужа, Міхаіла Іларыёнавіча, забралі ў польскае войска, і ён трапіў у палон. Пасля вызвалення з канцлагера два гады аднаўляў разбураны Сталінград. Марфа гаравала адна з чатырма дзецьмі. Каб не памерці з голаду, выкапала ў полі зямлянку, дзе хавала карову, баючыся і немцаў, і партызан. Худзенькая, кволая, здавалася, дзе тая і сіла ў ёй. Але выстаяла: дапамаглі жыццёвы аптымізм ды спрадвечная сялянская цярплівасць. Вучылася мала. Усяго адну зіму і бегала ў школку яшчэ за царом. Але распісацца і палічыць умела. Набожнай не была, але адзначала, спраўляла гадавыя святы. Хоць магла ў прысвятак і грады палоць. Калі яе дакаралі, ушчувалі, адказвала:"Рабіць ніколі не грэх!" Чуйная, вострая на слова, яна ведала шмат трапных выслоўяў, показак. З мужам выгадавалі пяцёра дзяцей. Дажывалі век у сям'і малодшага сына Мікалая. Няньчылі ўнукаў. Дзеці вельмі любілі бабулю, бо столькі загадак, казак, паданняў, колькі памятала яна, не ведаў ніхто. Памерла Марфа Захараўна Шчурко 24 сакавіка 1999 года.
Ніжэй прыведзены яшчэ некалькі этыялагічных легендаў, міфаў, змест якіх падаецца цікавым і вартым увагі.
"Чаму паны называлі сялян хамамі (зап. ад Марфы Захараўны Шчурко, 1907 г.н. у 1974 годзе, в. Заполле, Івацэвіцкі раён).
Людзі былі несправядлівыя, адзін Ной быў справядлівы. Паклікоў яго Бог да сябе і кажа; "Зрабі ты каўчэг і вазьмі з сабою ў каўчэг звяроў і птаства ўсякаго. І садзіся сам з сям'ёю". Хутко пачалася вялікая паводка і ўсе людзі пагінулі. А Ной і яго тры сыны: Сім, Хам і Яфет - уратаваліся. Пачаў Ной разводзіць на зямлі жывёл. Аднаго разу ён моцно напіўся і лёг спаць на падлозі. Хам смяяўся з бацька, а тыя сыны накрычалі на яго, а бацька накрылі. А рано яны расказалі ўсё бацьку. І Ной пракляў Хама, сказаў, што той много рабіцімя, ніц ні мецімя, а Сім і Яфет будуць панамі. І стаў Хам бедны, і ад яго пайшлі беднякі, а ад Сіма і Яфета багатыя. Вось чаму паны раней называлі сялян хамамі."
"Чаму цыганоў з двара праганяць ні можно (зап. ад Веры Ігнатаўны Лушчык, 1930 г.н. у 1995 годзе, в. Альшаніца, Івацэвіцкі раён).
Калі Ісуса Хрыста на смерць вялі, то цыганы натто шкадавалі яго, плакалі горкімі слязьмі. А як распінаць сталі, то цыганы цвікі кралі. Рукі, ногі прыбілі Хрысту, а яшчэ хацелі ў грудзі забіць, але цвікі кончыліся. Бо ўкраў цыган. З таго часу Бог цыганоў моцно ні карая за крадзёж. І калі зойдзя на твой надворок цыганка, то ты не праганяй яе, хоць што-небудзь дай. Бо яны шануюць Бога."
"Што з людзьмі далей будзе (зап. ад Міхаіла Аляксеевіча Бенюша, 1930 г.н. у 2006 годзе, в. Волька, Івацэвіцкі раён).
Старыя казалі, што даўней удосталь усяго было: і піці, і есці. І людзі павырасталі велькія, з высокую сасну. Моцныя і дужыя. Але шкоды много рабілі: то лес з карэннём павыварочваюць, то каменнямі рэчку перагародзяць. Сваволілі много, бо ні ведалі, куды сілу падзець. За гэто іх Бог пакараў, звёў са свету. А пасяліў на зямлю такіх, як цяпер. Праўда, і зараз, як народзіцца хто велькі, то доўго не жыве, маладым памірая. Але кажуць, што і на цяперашніх людзей Бог крыўду мае: шмат шкоды робяць, забіваюць адзін аднаго, грашаць много. Кажуць, яшчэ будуць на зямле такія людзі, што сямёра памесцяцца пад гаршком."
Алесь Зайка, Івацэвіцкі раён.
Паўторная сустрэча з кнігай Ганны Сурмач
У наш вірлівы камлытны час рэдкі чытач паўторна перачытвае нават моцна ўпадабаную кнігу. Няма часу. Для перачыткі павінны быць не проста асабістыя ці грамадскія прычыны - духоўныя патрэбы. Так сталася ў мяне.
Браў у рукі кнігу "Беларусь бязь межаў" Ганны Сурмач, былой грамадзянкі Беларусі, цяпер грамадзянкі Чэхіі, жыхаркі Нью-Ёрка і пэўніўся, апрача фактуры пра патрэбнага мне замежнага беларуса нічога новага не знайду.
Памыліўся, моцна памыліўся.
Калі вы хочаце ў сціслай форме, з вуснаў беларусаў-замежнікаў даведацца пра радасці/няшчасці іх новага жыцця ў вялікіх і малых закардонных краінах, хочаце параўнання нашанскага беднага і тамашняга багатага заработніцтва, калі прагнеце ўведаць, як цяжка там з жыллём, а не толькі з прыстойнай працай, нарэшце, калі жадаеце мацней пераканацца ў глыбінях і тоўшчах беларускай дзяржаўнай бюракратнай шэрасці, - вам неабходна гэтую кнігу прачытаць. Хоць раз. Аўтар яе не мудрыць з лексічнымі і стылёвымі словамі і фразамі, амаль даслоўнымі выказваннямі нашых ад'язджанцаў гаворыць пра ўсё. Характарыстыка парадкаў у краінах ад Японіі, Аўстраліі да Філіпін і Кот д'Івуар вуснамі з'ехалых беларусаў зацікавіць многіх.
Таўшчэнны значны том быў надрукаваны ў азначэнне дваццацігоддзя Першага з'езду беларусаў свету. (Менск, 8-10 ліпеня 1993 года.) Адным з арганізатараў і кіраўнікоў Першага і Другога з'ездаў беларусаў свету была менавіта Ганна Сурмач. Праводзіўся першы з'езд у беларускім тэатры оперы і балету, былі на ім кіраўнікі дзяржавы Беларусь; дэлегатаў і госцяў за паўтары тысячы чалавек. Гэта асабліва важна падкрэсліць цяпер, упярэдадзень Сёмага з'езду беларусаў свету (15-16 ліпеня 2017), які прывычна ўжо адбудзецца далёка ад цэнтра, не ў беларускім памяшканні - у гасцінным, прыветным і цесным Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў (праспект газеты "Праўда", 11).
Кніга выйшла ў Менску ў 2013 годзе, памер яе на здзіўленне "маленькі" - 694 старонкі. Я чытаў яе даўно, перачытваў гэтымі днямі. Перачытваў, паўтараю, радаваўся. З 270 радыёперадачаў Ганны Сурмач пра раскіданых на ўвесь свет беларусаў, што прагучалі па радыё "..." за шэсць гадоў яе тамашняй працы ў кнізе змешчана 130. У жыцці кожнага беларуса закардоння вокіднае вока аўтара высвяціла самае адметнае. Дапамаглі ёй праўдзівыя выказванні герояў.
Жанр радыёперадачы вымагае сваёй мовы: падыходы да гаворкі з суразмоцам, працяг і заканчэнне гутаркі непазбежна павінны паўтарацца, прынамсі часта, падумвалася мне. Ганна Сурмач удала сумела пазбегнуць паўтораў. Чытаеш тэкст - цікавасць не знікае. Нарастае. Няма збітасці, шаблонаў. Як і прыфарбоўвання жыцця хоць у якой краіне, нават у Чэхіі ці ЗША, дзе аўтар працуе апошнія гады (з сакавіка 2008 рэдактар газеты "Беларус").
Ніхто не праміне ўвагай раздзелы "Беларуская Каталонія" (Іспанія), "Амерыканцы з Парэчча" (вёска пад Гомелем), "Беларуская Філадэльфія", "Аўген Вярбіцкі - беларускае імя ў амерыканскім даведніку", "Любэн - працяг традыцыі" (пра дачку менскага выдаўца і пісьменніка Міхася Дубянецкага Ірыну, якая ў Бельгіі абараніла дыплом доктара багаслоўя), "Пад знакам Скарыны: сям'я Дынглі" (пра славутага англійскага перакладчыка, які выдатна асвоіў беларускую і рускую мовы, цяпер сам і яго абедзве дачкі, жонка беларуска Эля не проста прапагандуюць у Велікабрытаніі беларускую мову, літаратуру, перакладаюць з беларускай і на беларускую).
Запамяталіся частыя, раскіданыя па ўсёй кнізе выказванні жыхаркі Манчэсцера (Англія) Алены Міхалюк і пісьменніка нью-ёркца Янкі Запрудніка. Асабліва цікава даведацца пра заснаванне вялікімі беларусамі біскупам Чэславам Сіповічам (ураджэнец вёскі Дзедзін Міёрскага раёна) і святаром Львом Гарошкам Бібліятэкі і музея Францішка Скарыны ў Лондане. Раздзел "Трагедыя ў Нью-Ёрку: падзеі 11 верасня 2001 года вачыма беларусаў" узрушвае да шчымлівасці сэрца.
Кожны з раздзелаў і падраздзелаў кнігі заслугоўвае асаблівай ацэнкі. Прыходзіцца толькі дзівіцца, як удала змагла Ганна Сурмач празаічна ці дыялогава раскрыць любоў беларусаў да радзімнай зямлі, дзе б яны не апынуліся - на Украіне (Ганна Малахоўская/Васюніна і Андрэй Каранько, Андрэй Біларус), Чылі (Таццяна Дамінікоўская), Канада (Эва Пашкевіч, Пётр Мурзёнак, Руслан Качаткоў, Віктар Саўрыцкі, Юрый Шамецька, Анатоль Храноўскі, Зінаіда Гімпілевіч).
Асабліва прыемна мне сустрэцца з раздзелам "Я атрымаў волю без волі..." пра ўраджэнца Мсціслаўшчыны Георгія Іванавіча Ўсцілоўскага. Ягоны шэдэўр "Шматлікая праўда. Нарысы вязня Гулага", 464 стар., мноства здымкаў, я не проста камплектаваў, рэдагаваў - друкаваў у беларускім выдавецкім таварыстве "Хата", якое ўзначальваў 16 гадоў. Друкаваў пасля і другую кнігу Ўсцілоўскага, змясціў вялікае пасляслоўе. Варта ўзгадаць, што пры выступленні жыхара Саснагорска, Рэспубліка Комі, Георгія Ўсцілоўскага (царства нябеснае) на Першым з'ездзе Беларусаў свету дэлегаты ўсталі, некаторыя плакалі.
Многія дабрачныя беларусы сядзяць у канторах і кватэрах, слухаюць і чытаюць развагі такіх жа браткоў-беларусаў пра замежнае райскае жыццё і паціху поўняцца сумам і маркотаю пра далёкі і блізкі замежны рай, няраз у асобных слізгочыць подумка - там лягчэй жывецца. Знаёмства з аповядамі герояў кнігі Г.І. Сурмач выб'е з глуздоў нашанскіх беларусаў мроі, што недзе хтосьці іхняму прыезду абрадуецца, зараз жа прызнае іх адукацыю і ўмельства, дасць лягчэйшую плённую працу.
Калі і будзе сходу праца, то самага ніжэйшага персаналу, стануць прыезджыя ў асноўным рабочымі вінцікамі і стрэмкамі.
...Намеснік рэдактара салігорскай газеты пані Наталля знезадаволілася працай, зарплатай, жыццём у тупой і бяздарнай Беларусі. У перабудоўны час наслухалася замежнага радыё, паверыла абяцанням зазывалаў. Для пэўнасці спісалася.
З двума дзецьмі ўпраўная маладзічка прыехала ў Канаду. Жыллё атрымала, грошы на першыя месяцы жыцця. Ткнулася на працу ў адну рэдакцыю, другую.
- Вы не зможаце пісаць у нас, мовы, нашых праблемаў не ведаеце.
- Праверце.
Правяралі, двойчы: талковыя матэрыялы, можна публікаваць.
- Публікуйце.
У парадку выключэння змясцілі адзін. Неграмадзянка Канады не магла атрымаць прыстойную працу, тым болей журналіста.
- Чым вы незадаволеная, у вас зарплата большая за беларускую.
- Мне абяцалі.
- Не мы. Службы эміграцыі і занятасці на рэдакцыі не ўплываюць.
З двума дзеткамі праз нейкі год ад выезду валявая пані Наталля апынулася ў тым жа Салігорску. Жанчына цяпер не верыць запэўніванням ні аднаго закардоннага абяцалкіна, зазыўнага фонду: ім трэба генны фон абагачваць, вось і завуць, казала яна.
Не браў грамадзянства ЗША Кірыл Іванавіч Цішчанка, сын майго сябра Івана Цішчанкі, заслужанага беларускага навукоўца. Двойчы абароненыя Кірылам ў закардонні дысертацыі, працяглае выкладанне ва ўніверсітэтах ЗША, а сталую працу двойчы доктар навук атрымаць не мог, тым болей званне прафесара. Бо не мае грамадзянства ЗША…
Прыблізна пяцьсот тысяч беларусаў розных пакаленняў жыве ў ЗША. Паслухаць бы іх, як зрабіла такое Ганна Сурмач, задумаўся б ад'язджанец.
Цікавую інфармацыю пра лёсы беларусаў ва ўсіх частках планеты, пра культуру і побыт іншых народаў дапоўнілі ў кнізе шэсць тэкстаў Сяржука Сокалава-Воюша.
Безумоўна прыцягнуць развагі польскага паэта, празаіка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша. Эмігрант, народжаны на Віленшчыне, які лічыў сябе "грамадзянінам і духоўным нашчадкам Вялікага Княства Літоўскага", справядліва адносіў усіх людзей да выгнаннікаў з раю. "Хто шукае шчасця ў іншых краінах, павінны быць гатовы да расчараванняў, а мо нават да сумнеўнага задавальнення трапіць з гаручага ў балючае", - адзін з вывадаў Чэслава Мілаша.
Пісьменнік Масей Сяднёў, з якім я размаўляў на Першым з'ездзе, на фабрыцы ў ЗША гадамі круціў дрот, славуты на ўвесь свет акадэмік Барыс Кіт, нядаўні дырэктар Віленскай гімназіі, у ЗША спярша працаваў на фабрыцы рабочым, рабіў скрынкі.
...У Даведніку кнігі коратка, у энцыклапедычным стылі тлумачыцца час узнікнення, справы вядомых і не зусім вядомых арганізацыяў і паняццяў - БЦР, БВФ, СБМ, БНФ, БІНІМ, Армія Андэрса, наркамаўка, СЭВ, тарашкевіца, Першы Усебеларускі кангрэс (5.12.1917), Другі Усебеларускі кангрэс (27.6.1944). Паказнік асобаў перавышае васемсот чалавек.
Зверне ўсіхную ўвагу спіс літаратуры, 58 назваў.
4 ліпеня пані Ганне Іванаўне Сурмач - 70 гадоў. Чытачы з Беларусі, у тым ліку аўтар, думаецца нічым істотным з матэрыяльнага не могуць павіншаваць яе. Але шчыра выкажуць аўтарцы цікавай кніжкі пажаданне дабрабыту самой і ўнукам, шматлікіх аўтараў Нью-Ёркскай газеце "Беларус", якую яна ўжо дзевяць гадоў рэдагуе.
Валер Санько , пісьменнік.
Жывіце ў радасці
З 23 па 25 чэрвеня ў горадзе Слоніме праходзіў V фестываль сямейнай творчасці "Жывіце ў радасці". Прымала ўдзел больш за 20 творчых сямей з розных куткоў Беларусі.
Нашу Лідчыну прадстаўляў народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёскі-калыскі" з аграгарадка Бердаўка.
Калектыў стаў лаўрэтам I ступені ў намінацыі "Вакальна-харавы жанр". Быў узнагароджаны дыпломам лаўрэата I ступені і каштоўным падарункам. Высокапрафесійнае журы, на чале са старшынём Дрынеўскім Міхаілам Паўлавічам (лаўрэат дзяржаўнай прэміі "За духоўнае адраджэнне", кіраўнік ДУ "Нацыянальны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча") было ў захапленні ад выступлення нашых землякоў. І не выпадкова. Бо гэтай узнагародзе папярэднічала паўсядзённая крапатлівая праца. Хоць кожны ўдзельнік адзін да аднаго мае сваяцкія адносіны, і як спяваецца ў аўтарскай прывітальнай "Мы ўсе радня", але арганізаваць рэпетыцыі і наогул творчы працэс складана. Усе працуюць у розных арганізацыях і сферах, і ўзрост удзельнікаў ад 6 да 60 гадоў. І тут цяжка пераацаніць ролю нязменнага кіраўніка ансамбля Аляксандра Парфенчыка, які валодае дастатковай падрыхтаванасцю, каб вось ужо на працягу 32 гадоў калектыў меў сваё непаўторнае творчае аблічча.
Шчыра віншуем з заслужанай узнагародай і зычым плённага творчага даўгалецця!
Ганна Некраш , вядучы метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".