НАША СЛОВА № 29 (1336), 19 ліпеня 2017 г.
Беларусы ўсіх краёў, яднайцеся!
15-16 лiпеня ў Менску праходзiў VII з'езд беларусаў свету МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
15 лiпеня з'езд распачаў дзейнасць у адукацыйным цэнтры IBB. На радзiму прыехалi 163 дэлегаты з 20 краiнаў замежжа. З уступным словам да прысутных звярнуўся акадэмiк НАН Р.Г. Гарэцкi. Прывiтаннi з'езду прыслалi Iвонка Сурвiла з Канады, а таксама Беларускi iнстытут навукi i мастацтва з Нью-Ёрка. Форум быў адметны тым, што на iм прысутнiчалi прадстаўнiкi дзяржаўных структур: мiнiстэрства замежных справаў, мiнiстэрства культуры i мiнiстэрства iнфармацыi. Паседжанне наведалi амбасадары Вялiкабрытанii, Украiны i iншых дзяржаваў.
"Будзе пакладзены новы iмпульс супрацоўнiцтву беларусаў з iх суродзiчамi з далёкага i блiзкага замежжа, працягнуты ўсебаковы дыялог", - запэўнiлi арганiзатары з'езду. Падзея аб'яднала ў агульных мэтах прадстаўнiкоў розных палiтычных платформаў i поглядаў, розных рэлiгiйных канфесiй, суполак i арганiзацый.
Мiнiстр замежных справаў Уладзiмiр Макей падкрэслiў, што ўсiх прысутных аб'ядноўвае любоў да Беларусi, яе культуры i традыцый. Макей заклiкаў прадстаўнiкоў дыяспары працаваць разам на карысць беларусаў у сацыяльных праграмах, у галiне аховы здароўя, сферах культуры, турызму i спорту. Ён нагадаў пра закон " Аб беларусах замежжа", якi быў прыняты ў 2014 годзе. Намеснiк мiнiстра iнфармацыi Васiль Чэрнiк падзякаваў замежным дэлегатам з'езду за тое, што яны не згубiлi повязi з Бацькаўшчынай, захавалi сваю iдэнтычнасць i спрыялi культурнаму супрацоўнiцтву.
З актуальным дакладам выступiў доктар гiстарычных навук Валянцiн Голубеў, супрацоўнiк інстытут гiсторыi НАН. Ён ацанiў выступленне прадстаўнiкоў дзяржавы як пазiтыўны сiгнал з вышэйшых iнстанцый з клопатам пра абарону незалежнасцi краiны.
Горача падтрымалi ўдзельнiкi з'езду выступ першага мiнiстра замежных справаў незалежнай Беларусi Пятра Краўчанкi, у якiм прагучала патрабаванне дабiцца рэальнай дзяржаўнасцi для беларускай мовы. Як пазiтыўны момант расцанiў П. Краўчанка тое, што за 24 гады, прайшоўшыя з моманту I з'езду беларусаў свету, упершыню прадстаўнiкi дзяржавы афiцыйна падтрымалi iнiцыятывы з'езду i належным чынам ушанавалi дзечаў эмiграцыi. Выступоўца заклiкаў да супольнага святкавання юбiлею ў БНР i БССР, якiя надыдуць у наступным годзе, i ўшанавання памяцi айцоў-заснавальнiкаў БНР.
Алена Макоўская заклiкала да паглыблення супрацоўнiцтва дзяржаўных iнстытуцый i грамадскiх арганiзацый дзеля спрыяння эканамiчнаму i культурнаму росквiту краiны. Яна распавяла пра актыўнасць 26 суполак, якiя iснуюць ў 73 краiнах свету. Наталля Гардзiенка ўзняла тэму захавання гiстарычнай спадчыны, належнага догляду за архiвамi.
Упэўненасць i аптымiзм адчувалiся ў выступленнi Алега Рудакова з Iкруцка. Ён распавёў пра дзейнасць культурна-асветнiцкага клуба "Крывiчы". Выступоўца энергiчна заклiкаў да таго, каб не быць лубочнымі беларусамi, а перадаваць з пакалення ў пакаленне дух, гiсторыю, мову краiны, навучаць моладзь традыцыйным рамёствам, прыцягваць да iнтэрактыўнасцi.
Дэлегаты i госцi з'езду абмянялiся iдэямi супрaцоўнiцтва ў культурнай, сацыяльнай i эканамiчнай сферы. Сярод гаcцей з'езду былi: Арнольд Макмiлiн з Вялiкабрытанii, Хведар Нюнька i Лeакадзiя Мiлаш з Лiтвы, Алег Латышонак i Яўген Вапа з Польшчы, Валянцiна Шаўчэнка з Канады, Пятро Якубук i Пятро Капчык з Крыма.
Яўген Вапа, кiраўнiк Радыё Рацыя, у прыватнай гутарцы адзначыў:
- Беларусы Беласточчыны - неад'емная частка беларускага арэалу. Мы нiкуды не з'язджалi, нашы дзяды i прадзеды жылi тут, змянялiся толькi межы. У сёняшнiх геапалiтычных рэалiях захаваць сваю беларускасць - вялiкi выклiк. Калi не будзе беларускай па духу i змесце дэмакратычнай дзяржавы, то прадстаўнiкi нацыянальных меншасцяў будуць далучацца да этнiчных большасцяў.
Намеснiкам дырэктара Беларускага дзяржаўнага архiва-музея лiтаратуры i мастацтва Наталляй Гардзiенка была падтрыхтавана выстава "За пчалою Скарыны: друкаваная спадчына беларускай эмiграцыi на Захадзе".
Э. Дзвiнская , фота аўтара і "Нашай Нівы". На здымках: 1. Адкрыццё VII з'езду беларусаў свету; 2. Удзельнiкi i госцi форуму; 3. Пётр Краўчанка, Уладзiмiр Макей i Алена Макоўская.
90 гадоў Георгію Штыхаву
Георгій Васілевіч ШТЫХАЎ (нар. 14 ліпеня 1927, в. Старая Беліца, Гомельскі раён) - беларускі археолаг і гісторык. Доктар гістарычных навук (1983), прафесар (1989).
Нарадзіўся ў сям'і службоўцаў. Працаваў настаўнікам у школах Гарадзенскай і Гомельскай абласцях (1956-1959). Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). Вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі АН БССР (1959-1962), на фарміраванне гістарычнага светапогляду Г. Штыхава значна паўплывалі У. М. Ігнатоўскі і А. Р. Мітрафанаў. Малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, загадчык сектара, загадчык аддзела археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі Інстытута гісторыі АН БССР (1962-2000). У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю "Древний Полоцк (IX-XIII вв.)" (навуковы кіраўнік - В.Р. Тарасенка). З 1982 г. узначальвае пастаянную камісію па археалагічным даследаванні старажытнага Менска. У 1983 годзе абараніў доктарскую дысертацыю "Города Полоцкой земли (IX-XIII вв.)". Прафесар (1987). З 2000 г. - галоўны навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Навуковыя зацікаўленні Г. В. Штыхава: археалогія і гісторыя Беларусі VI-XIII стст., гісторыя і археалогія Полацкай зямлі, вытокі беларускай народнасці. Вывучае гарады Полацкай зямлі і курганныя могільнікі ранняга Сярэднявечча паўночнай і цэнтральнай Беларусі. Кіраваў экспедыцыямі па вывучэнні Полацка, Заслаўя, Віцебска, Барысава, Лукомля, Лагойска, Копысі, а таксама ў 2006 годзе праводзіў раскопкі археалагічнага помніка Баронікі - гарадзішча каля вёскі Баронікі Віцебскага раёна, якое знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, на левым беразе ракі Лучоса.
Падрыхтаваў 2 дактароў і 19 кандыдатаў навук. Узначальваў Беларускую асацыяцыю ахвяр палітычных рэпрэсій (1992-1994).
Лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990).
Аўтар больш за 490 прац.
Вікіпедыя.
У Беларусь прывезлі прах княгіні Радзівіл
Падчас VII з'езду беларусаў свету беларуская супольнасць Швейцарыі перадала парафіі святых Сымона і Алены прах княгіні Магдалены Радзівіл. Ва ўрачыстасці прыняў удзел пробашч парафіі ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк.
Прах са Швейцарыі прывёз Аляксандар Сапега - намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі.
- Мы планавалі, што будзем ехаць на сёмы з'езд беларусаў свету і таксама завязём Марыю Магдалену ў Беларусь, - сказаў Свабодзе Аляксандар Сапега.
Пакуль не вызначана месца, дзе будзе пахаваны прах Магдалены Радзівіл, ён будзе знаходзіцца ў Чырвоным касцёле.
- Я не маю маральнага права трымаць яе ў кватэры, пакуль будзе вырашана, дзе пахаваюць прах, - сказаў Сапега. - Я думаю, лепей за ўсё, калі я перадам у Чырвоны касцёл на гэты час. Гэтае пытанне пакуль вырашаецца.
Летась у ліпені князь Мацей Радзівіл у Менску паведаміў, што праўнукі вядомай беларускай мецэнаткі, княгіні Магдалены Радзівіл пастанавілі перапахаваць яе цела ў Менску - у касцёле святых Сымона і Алены, побач з якім яна жыла.
- Мы кожны год сустракаемся з прамым праўнукам Магдалены Радзівіл - прынцам Бурбонам, - сказаў Сапега. - Калі мы летась абвясцілі ідэю перавезці прах у Беларусь, ён падтрымаў і папрасіў нас пасадзейнічаць. З таго часу я займаўся эксгумацыяй, крэмацыяй, афармленнем дакументаў.
Да апошняга часу цела Магдалены Радзівіл, а таксама яе адзінай дачкі былі пахаваныя ў швейцарскім горадзе Фрыбургу. Месяц таму таксама пры дапамозе Аляксандра Сапегі прах дачкі Людвікі Радзівіл быў перавезены ў Варшаву.
Каб перадаць прах у Беларусь, сям'я таксама звярнулася да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама да пробашча Чырвонага касцёла ксендза Ўладзіслава Завальнюка, якія вельмі зычліва паставіліся да гэтай ідэі. Тым больш, што ўжо раней у Чырвоным касцёле перапахавалі парэшткі фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча і англійскага музыказнаўцы, даследчыка беларускай культуры Гая Пікарды.
Антон Трафімовіч, фота Крысціны Шыянок.
АБВЕСТКА
Па прапанове актыўных бацькоў ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" з удзелам першага намесніка старшыні ТБМ, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім ладзіць грамадскае абмеркаванне пад назвай "Беларускамоўная адукацыя: выклікі, праблемы ды шляхі іх вырашэння".
Падчас дыскусіі плануецца абмеркаваць наступныя пытанні:
1) прычыны змяншэння колькасці беларускамоўных школаў і класаў па краіне,
2) адсутнасць пераемнасці беларускамоўнай асветы па лініі дзіцячы садок - школа - універсітэт,
3) падыходы Міністэрства адукацыі да стварэння новых беларускамоўных групаў, класаў, школ, гімназій і ліцэяў.
Запрашаем прыняць удзел у гэтым абмеркаванні ўсіх зацікаўленых асоб.
Мерапрыемства адбудзецца 20 ліпеня ў 18:30 у сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13 (ст.м. Плошча Перамогі).
Алена Анісім: "Расейскую літаратуру трэба вывучаць у курсе сусветнай"
Старшыня прыўладнага Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец прапанаваў Мінадукацыі ўключыць у школьныя праграмы творы расейскамоўных літаратараў Беларусі. І прыклаў спіс, пачаўшы яго з сябе. Да чаго можа прывесці такая ініцыятыва? Госцяй перадачы "Радыё Свабода" - намесніца старшыні ТБМ імя Фрацішка Скарыны, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
- Спадарыня Алена, ледзь не штогод з прыўладнага Саюза пісьменнікаў у Мінадукацыі дасылаюцца падобныя прапановы. Як вы ставіцеся да спробаў Чаргінца ("русскопишущего писателя", як ён сам сябе называе) прапіхнуць свае творы (і творы сваіх калегаў) у школьныя праграмы?
- Да любой спробы "прапіхнуць" я стаўлюся адмоўна, у якой бы сферы гэта ні адбывалася. А што тычыцца літаратуры, то гэта асаблівы прадмет, без яго адукацыйны працэс па-сапраўднаму немагчымы. Бо літаратура ненавязліва вучыць жыццю. Калі ж размова ідзе пра графаманства, будзем казаць прама, то як можна дапусціць, каб на ім выхоўваць цэлыя пакаленні? Літаратурныя творы перад уключэннем у праграму павінны прайсці экспертызу, каб было відавочна, што яны вартыя гэтага, што яны нясуць неабходную нагрузку - і патрыятычную, і любові да чалавецтва, да прыроды.
- У рэкамэндацыйным спісе Чаргінца (апублікаваны Ірынай Халіп) - ён сам (з раманамі "Операция "Кровь"" і "Сыновья"), а таксама такія паэты, як Анатоль Аўруцін, Тамара Краснова-Гусачэнка...
- Шчыра кажучы, я не ведаю гэтых літаратараў.
- Вы не чыталі Чаргінца?
- Спадара Чаргінца чытала, але даўно, у маладосці, калі дэтэктыўна-міліцэйскі жанр яшчэ толькі-толькі пачынаўся. Хачу сказаць, што такога роду літаратура, заснаваная на крымінальных падрабязнасцях, наўрад ці павінна быць у школьнай праграме. Асабліва цяпер, калі ва ўсім свеце адбываюцца тэрарыстычныя акты, часам нават садысцкія. Я супраць такога роду літаратуры.
- Падобныя спробы Чаргінца дагэтуль не мелі поспеху. Пры новым міністры адукацыі Ігары Карпенку шанцы ў яго павялічыліся?
- Калі ў сістэме адукацыі будзе квітнець пратэкцыянізм, то шанцы павялічацца. Міністэрства адукацыі ведае, што ў нашых школах і без прапановаў Чаргінца праблемаў хапае, і іх трэба вырашаць. Я за тое, каб у школьных праграмах быў такі падзел: беларуская літаратура - і сусветная літаратура, куды мае ўваходзіць і літаратура расейская. Гэта было б вельмі правільна, калі б мы разумелі, што ёсць працэсы ўнутры краіны, а ёсць працэсы за яе межамі. Мы тады бачылі б, як мы глядзімся ў сусветным трэндзе, гэта было б вельмі паказальна і вызначала б, дзе мы супадаем з другімі народамі, чым мы адметныя. Тады месца кожнай літаратуры лепш увідавочнілася б. І больш абазначылася б сваё, роднае.
- Свае прэтэнзіі Чаргінец падмацоўвае дзяржаўным двухмоўем. Маўляў, калі беларускую літаратуру вывучаюць у пэўным аб'ёме, значыць, і на расейскую трэба адвесці столькі ж гадзінаў. Прычым не на Пушкіна з Гогалем, а на "представителей русскоязычного крыла отечественной литературы".
- Ды няма ў нас ніякага двухмоўя, давайце казаць шчыра! У нас ёсць прэферэнцыі для расейскай мовы і ёсць дыскрымінацыя мовы беларускай. Пачынаецца яна з сістэмы адукацыі, калі мы не можам дзецям паўнавартасна забяспечыць выхаванне на беларускай мове ў садках, адукацыю на беларускай мове ў школе і ВНУ. Што тычыцца літаратуры, то паўтаруся: павінна быць два курсы - беларуская і сусветная. Калі мы сёння размыем гэта ўсё, то страцім адукаваных, культурных людзей, мы пачынаем ужо гэта адчуваць. Настаўнікі ад гэтага пакутуюць. Падае агульны ўзровень выкладання.
- Адзін з пратэжэ Чаргінца - Анатоль Аўруцін, між іншым, актыўны аўтар сайту "Западная Русь". І вось што ён там піша: "Из всех языков на постсоветском пространстве один только русский имеет обьединительную функцию. Остальные вольно или невольно служат делу разъединения народов". Як вам такі пасаж?>
- Казаць пра раз'яднаўчую функцыю мовы - глупства. Насамрэч, раз'яднаўчую функцыю выконвае чалавек, які навязвае штосьці, абражае, ставіць пад сумнеў якасці іншай мовы і выпячвае сваю. Я лічу, што гэта абсалютна няправільны, нават шкодны пасаж. Калі мова пазіцыянуецца як вышэйшая над астатнімі мовамі, гэта нейкая прэтэнзія на яе "арыйскасць". Гэта ўжо нагадвае дужа нядобрыя рэчы з мінулага, ад якіх мы імкнемся пазбавіцца. Забыць пра іх нам не дае дзейнасць такіх людзей, як Аўруцін.
- Яшчэ адзін "русско-пишущий писатель", варты ўключэння ў школьную праграму, - Тамара Краснова-Гусачэнка (кіраўніца Віцебскага аддзялення чаргінцоўскага саюзу). Відаць, яе вершы сапраўды вартыя, каб іх вывучалі ў школе, напрыклад, гэты:
"Кто на свете всех милее?
Всех красивей и - смелее".
Але як пераканаць вучняў, што гэта Краснова-Гусачэнка, а не Пушкін? Як абараніць школу ад такіх графаманаў-плагіятараў?
- Не пускаць іх "творы" ў школу. Графаманства - гэта заўсёды вельмі нізкая якасць, а непрафесіяналізму ў нас і так хапае. Будучыня толькі за прафесіяналамі. Калі гэта не тваё - не мучайся сам і не муч іншых. Нельга быць непрафесіяналам у творчай прафесіі. Можна рэалізоўваць сябе ў гэтай якасці, але прапіхваць такія "творы" ў адукацыйны працэс - поўная пра-фанацыя. Прафанацыя адукацыі, прафанацыя літаратуры.
- Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў прапаноўвае ўсіх іншамоўных аўтараў Беларусі - ад Міцкевіча да Алексіевіч - вывучаць на ўроках беларускай літаратуры, папярэдне пераклаўшы іх творы на беларускую мову. Вы падзяляеце такі падыход?
- Так, гэта цалкам лагічна. Пісьменнікі, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, часам апісвалі беларускую рэчаіснасць, прыроду і побыт на той мове, на якой атрымлівалі адукацыю. Безумоўна, іх трэба вывучаць у перакладзе на беларускую мову. Можна таго ж Адама Міцкевіча вывучаць і ў арыгінале, але не ў школе. Мала хто ў сённяшняй школе здольны адэкватна разумець тагачасную польскую мову.
- Моўную сітуацыю ў сферы адукацыі мы ўжо закранулі, яна нездавальная. А ці задавальняе вас моўны рэжым у Палаце прадстаўнікоў, дзе вы працуеце ўжо даволі працяглы час?
- Ён мяне не задавальняе, але там я цераз сябе не пераступаю, я карыстаюся ўсюды беларускай мовай - і ў афармленьні дакументаў, і ў выступах. Я сваю пазіцыю акрэсліла і згодна з ёю жыву і працую.
- У сценах Палаты прадстаўнікоў вас ніхто не дыскрымінуе?
- Няхай толькі паспрабуюць дыскрымінаваць! У нас ёсць Канстытуцыя, закон, я ведаю свае правы і буду іх адстойваць.
- Пры тым заканадаўстве, якое ў нас існуе, ці магчыма палепшыць становішча беларускай мовы? Ці варта прыняць нейкія новыя законы? Скажам, заканадаўча абавязаць кіраўніка краіны ў службовы час карыстацца тытульнай мовай дзяржавы.
- Калі мы прытрымліваемся закону і дзейнічаем у адпаведнасьці з законам, то можам шмат чаго добрага зрабіць. Паводле Канстытуцыі, у нас дзве дзяржаўныя мовы. І тая ж Канстытуцыя патрабуе забяспечыць выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Кожны дзяржаўны службовец павінен валодаць абедзвюмя дзяржаўнымі мовамі ў межах, якія дазваляюць яму выконваць свае абавязкі. А што насамрэч адбываецца? Нават не ўсе сайты дзяржаўных органаў маюць беларускую версію. Мы можам знайсці ангельскую версію, версію для тых, хто слаба бачыць, але на дзяржаўнай беларускай мове такой версіі можа не быць. А калі і ёсць, то яна не забяспечаная такім самым кантэнтам, напаўненнем, як расейскамоўная версія. Што гэта, як не парушэнне закону, як не парушэнне канстытуцыйнай роўнасці? Гэта выразны прыклад дыскрымінацыі і невыканання закону. Я ведаю, што большасць грамадзянаў Беларусі лічыць, што ў Беларусі павінна быць адна дзяржаўная мова - беларуская, а расейская можа мець статус мовы афіцыйнай, мовы міжнацыянальных зносінаў. Так, як было да моўнага рэферэндуму. Правёўшы яго, улады выбілі ўсе падпоркі з-пад беларускай мовы. Што да нейкага адмысловага закону... Думаю, дастаткова заўтра Аляксандру Рыгоравічу загаварыць па-беларуску, каб усе чыноўнікі загаварылі...
- На працягу тыдня. І нават ніякіх курсаў "Мова нанова" не спатрэбіцца.
- Рацыянальнае зерне ў гэтым, вядома ж, ёсць. Калі пойдзе такі трэнд, то большасць з іх, можа, і загаварыць. Але, з іншага боку, многія будуць азірацца, чакаць. Заўважце - у нас многа чыноўнікаў, якія этнічна не беларусы, яны нарадзіліся ў Расеі. І вось іх заахвоціць выкарыстоўваць беларускую мову будзе праблематычна. У адрозненне ад многіх мясцовых. Скажам, той жа міністар адукацыі Карпенка выдатна размаўляе па-беларуску, і я ведаю, што ў свой час ён выкладаў гісторыю Беларусі ў БДПУ па-беларуску. А ўвогуле, сярод нашых чыноўнікаў ёсць тыя, хто любіць, умее і хоча працаваць, і тыя, хто не хоча напружвацца. І хто б на якой мове ні гаварыў, такія людзі не будуць пераступаць цераз сябе ні ў плане мовы, ні ў плане таго, каб працаваць для людзей.
Гутарыў Міхась Скобла.
Этнаграфічны тлумачальны слоўнік
Сымон Барыс
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
Чуні (чуни, пеньковые лапти) - вяроўчатыя лапці.
Чур - дамавік, апякун хаты і роду.
Чурыла - вобраз у гульні.
Чучала (чучело) - набітая чым-небудзь шкура жывёлы або птушкі, якая знешнім выглядам нагадвае гэтую жывёлу або птушку.
Чучальнік (чучельщик) - майста, які вырабляе чучалы.
"Чыжык" - гарадскі бытавы танец. Суправаджаецца прыпеўкай "Чыжык, чыжык, дзе ты быў?". Нагадвае бальны танец.
"Чыжык" - дзіцячая гульня з двума кійкамі (кароткі кій - "чыжык"). Колькі разоў удавалася падбіць "чыжыка", столькі ачкоў і налічвалася.
Чыгун, чыгунок (чугунок) - гаршчок, зроблены з чыгуну.
Чылка (чилка) -дзявочы галаўны ўбор у святочным ці вяселным касцюме ў Заходнім Палессі. Уяўляў сабой карону-абручык (вышынёй 8-10 см) з дэкаратыўным зубчыкам.
Чынш (оброк) - грашовыя ці натуральныя плацяжы залежных сялян землеўласніку.
Чыншавік (крепостной, которы платит оброк) - прыгонны селянін, які выплачвае чынш землеўладальніку.
Чыншавыя сяляне (оброчные крестьяне) - сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім, павіннасцю якіх была выплаты чыншу.
Чысленка - 3 ніткі ў кроснах.
Чыстацел, падтыннік (чисттел) - трава сямейства макавых з жоўтымі кветкаміі аранжавым млечным сокам, які выкарыстоўваецца для лячэння некаторых захворванняў скуры.
Чысты чацвер, Вялікі чацвер (Чистый четверг) - гэта апошні чацвер перад Вялікаднем, у які вернікі наводзяць чыстату ў хаце і на падворку.
Чысцец, чысцілішча (чистилище) - паводле каталіцкага ўяўлення, гэта месца на тым свеце, дзе душы нябожчыкаў праходзяць ачышчэнне ад сваіх грахоў.
Чэлядзь (дворня, челядь, прислуга) - 1) хатняя прыслуга ў панскім двары; 2) работнікі, нанятыя ў панскі двор на год.
Ш
Шабан, шлабан (шабан) - драўляная канапа з вечкам.
Шабета, каліта (калита) - невялікая сумка, якая носіцца на поясе.
Шабля (сабля) - халодная зброя з выгнутым клінком і адным лязом, якой сякуць і колюць (прымяняецца ў кавалерыі).
Шабля - атрыбут свяцілкі на вяселлі на Палессі, які яна ўстаўляе ў каравай.
Шавец (сапожник) - рамеснік па пашыве абутку (ботаў і чаравікаў).
Шадрык - загартаваны попел драўніны. У лесе спальвалі лісцёвыя дрэвы і атрыманы попел змешвалі са снегам, а пасля на ім зноў палілі бярвенні. Шадрык ужываўся для адбельвання пражы і палатна на манафактурах.
Шалаш (шалаш) - будан, часовая пабудова ў лесе, на сенажаці, у садзе, на плыце.
Шалгуны, шалестуны, шархоткі, шамкі (бубенцы) - нашыйнік са званочкамі на каня. Выкарыстоўся як вясельны атрыбут.
Шалёўка (шалёвка) -1) тонкія дошкі, якія ідуць на абшыўку драўляных будынкаў; 2) сценка, абшытая тонкімі дошчачкамі.
Шалік (шарф) - выраб з тканіны або суконных нітак для захутвання шыі.
Шаліноўка - вялікая тонкая суконная, кашаміравая хустка ў клетку.
Шаль (платок) - доўгая вузкая вязаная або тканая хустка.
Шанок стары - мера роўная 48 малых гарнцаў (135,5 л.).
Шапавал (шерстобой) - той, хто валяе сукно.
Шапка (шапка) - галаўны ўбор мужчын.
Шапка-рагатка - чатырохвуголная шапка з аўчынных шкур, сшытая па ўзору польскай канфедэраткі.
Шарварка - павіннасць сялян па будаўніцтве і рамонце (пачынцы) дарог, мастоў, грэбляў.
Шаршатка (толстая игла) - тоўстая і доўга іголка.
Шарык, кукла (помпон) - пампон (упрыгожванне ў выглядзе шарыка з нітак, футра і іншага на світках, шапках).
Шаснастка, паўасьмінка - бандарная пасудзіна, роўная 1/16 віленскай бочкі (каля 24, 41 л.), змяшчала паўпуда жыта.
Шастак, шасціграшовік (шестак) - срэбная манета вартасцю 6 грошаў у ВКЛ.
"Шастак" - традыцыйны танец.
Шасціна (шестина) - старая мера плошчы зямлі - звычайна шостая частка зямельнага надзелу. Бядняк (уладальнік шасціны зямлі) меў у полі зусім вузкі загон, а багач (багацейшы селянін) - палавінку зямлі (шырокі загон) у кожным полі, што займаў на палову ўчастка. Такія меры ўжываліся ў быту сялян да стварэння калгасаў.
Шасцінка (шестинка) - вузкі загон у полі, які складае шостую частку ўчастка.
Шаты (сень) - дарагая прыгожая сукенка.
Шаўчыха (жена портного) - жонка шаўца.
Шафа (шкаф) - прадмет мэблі ў выглядзе стаячай скрынкі з дзверцамі, які служыць для захоўвання чаго-небудзь.
Шафер (шафер) - дзяцюк у дружыне маладога і маладой.
Шаферка (шаферка) - дзеўка на вяселлі ў дружыне маладой і маладога.
"Шахцёр" - гарадскі бытавы танец.
Шацёр (шатёр) - пакрыты будынак у выглядзе гранёнай піраміды.
Шаша (шоссе) - дарога, мошчаная шчэбенем, або пакрытая асфальтам.
Шашкі (шашки) - гульня на дошцы паміж двума супраціўнікамі.
Шашка (шашка) - 1) кружок з дрэва, косці або пластмасы для гульні; 2) халодная зброя ў выглядзе доўгага, злёгку сагнутага клінка, са скуранымі похвамі, від шаблі.
Швачка, швяя (портниха, швея) - краўчыха.
Швагра, швагер (шурин) - брат жонкі і муж сястры.
Швагерка (свояченица) - сястра маёй жонкі.
Швайка (шило плоское) - плоская шыла, якім колюць свіней.
Швальня (швальня, швейная) - кравецкая майстэрня.
Швах (ням. schwach) (плохо) - дрэнна, кепска.
Шворан (шворень) - жалезны стрыжань, які з'яўляецца вертыкальнай воссю перадка калёсаў.
Шворка (поводок) - вяровачка, павадок, цугундар.
Шкаляр (школяр) - 1) школьнік, вучань; 2) дарослы з абмежаваным узроўнем ведаў.
Шкатулка (шкатулка) - невялікая скрыначка з вечкам для захоўвання дробных, звычайна каштоўных рэчаў.
Шкілондзя, шкіленда (колбаса) - адзін з відаў каўбасы, напханай у тоўстыя кішкі. Вядома на Гарадзеншчыне.
Шкіпінар (скипидар) - празрыстая ці жаўтаватая гаручая впадкасць з едкім пахам, якая здабываецца перагонкай смалы хвойных дрэў і прымяняецца ў медыцыне і прамысловасці.
Шклавар (стекловар, стеклодув) - рабочы, які вырабляе шкло.
Шкларэз (стеклорез) - 1) рабочы, які займаецца рэзкай шкла; 2) інструмент для рэзання шкла.
Шклянка (стакан) - шкляная пасудзіна цыліндрычнай формы, без ручкі, прызначаная для піцця.
Шклюд (склюд) - тое, што і склюд.
Шкляр (стекольщик) - рабочы, які ўстаўляе шкло.
Школа граматы (школа грамоты) - школы для сялянскіх дзяцей, якія ствараліся сялянскай грамадой і царкоўным прыходам у другой палове ХІХ ст., каб навучыць дзяцей чытаць і пісаць.
Шкудка, саж - драўляны невялікі карабель для захавання і перавозу рыбы.
Шкурнік (шкурник) -1) гандляр шкурамі; 2) чалавек, які жыве толькі ўласнымі інтарэсамі, які клапоціцца толькі пра асабістую выгаду.
Шлюб (брак, венчание) - 1) сямейны саюз мужчыны і жанчыны; цырымонія ўступлення ў такі саюз.
Шлюбавіны (день брака) - дзень, калі афіцыйна афармляецца шлюб. Раней гэта адбывалася ў нядзелю.
Шляга (трамбовка) - прылада, ударамі якой робяць глінабітную падлогу ў хаце і ў гумне ток; прыстасаванне для трамбавання і выраўнівання глебы або пласту пяску.
Шляк (кайма, обвод, подзор) - палоска на краі тканіны, паверх паклеенай паперам сцяны іншага колеру або іншага ўзору.
Шляпа (шляпа) - так называюць нерашучага, незнаходлівага чалавека.
Шляпрок - верхняя жаночая вопратка смаргонскіх мяшчанак. Шылася доўгай да самай зямлі з пакупнога матэрыялу і мела падкладку з ваты або кудзелі (Малчанава, с. 156).
Шлях (путь, большой тракт) - шырокая для руху транспарту дарога, звычайна абсаджаная абапал дрэвамі, часцей бярозамі.
Шляхта (шляхта) -1) прывілеяваны стан служылых людзей у ВКЛ; 2) сяляне некаторых вёсак у ХІХ і ХХ стагоддзях, якія былі нашчадкамі былой шляхты.
Шляхецкія вёскі (шляхецкие деревни) - паселішчы шляхты ў сельскай мясцовасці, засценкі.
Шлячак - павязна на галаву дзяўчат у Кобрынскім раёне.
Шмалец (гусиный жирь) - гусіны тлушч.
Шмат (лоскут, клок) - кавалак чагосьці.
Шматнітовае ткацтва (многоремизочное ткачество) - тэхніка вырабу ўзорных тканін на ручным стане з дапамогай трох і болей нітоў (раміз).
Шмотка (тряпьё) - прадмет адзення.
Шмоцце, шмаццё (тряпьё) - паношанае, рванае адзенне, бялізна і іншае.
Шнітка, снітка (сныть, шнит) - 1) трава, якая выкарыстовалася пасля вайны ў ежу (в. Касічы Вілейскага раёна); 2) вадкая страва са шніткі.
Шнур - 1) загон на полі; 2) паласа сенажаці; 3) мера даўжыні, роўная 75 локцяў (48,7 м); 4) мера плошчы, роўная 100 кв. прутам (0, 25 га).
Шнуроўка (шнуровка) - 1) шнур, шнурок у адзенні; 2) гарсэт.
Шнуроўкі (ботинки) - жаночыя чаравікі, высокія (да палавіны лыткі) на абцасах. Чаравікі шнураваліся спераду або збоку тонкімі папружачкамі, шнуркамі.
Шопа, шопка, шур (навес) - павець.
Шопа - шкафчык, буфет (у вёсках Мядзельшчыны).
Шпалера (шпалера) - 1) насценны бязворсавы дыван ці абівачная тканіна; 2) папер, рулонная ўзорыстая папера для абклейкі сцен, столі.
Шпалернік (шпалернік) - майстар па вырабе шпалераў.
Шпана (шпана) -1) злачынцы, бадзягі; 2) дзеці, якія не прытрымліваюцца прынятых правіл паводзін.
Шпацыр (прагулка) - прагулка на свежым паветры.
Шпілька (шпілька, булавка) - прыстасавнне з тонкага дроту для заколвання валасоў у жаночай прычосцы.
Шпількі - 1) апаўшыя хвойныя ігліцы; 2) металічныя гузікі для зашпільвання вораткі.
Шпонкі (запонки) - запанкі (металічныя ўстаўныя зашпількі ў манжэтах рукавоў мужчынскай сарочкі).
Шпуля, шпулька (катушка) - звычайна драўляны, полы ўнутры стрыжань з кольцамі на абодвух канцах, на які наматваюць ніткі .
Шпунт (шпунт) - падоўжаны выступ, які ўваходзіць у паз і служыць для злучэнняў брускоў, дошак.
Шпунтоўнік (шпунтубель) - сталярны інструмент для адбірання шпунта , чвэрці ў дошках і іншых будаўнічых дэталях.
Шруба (винт) - шпень са спіральнай нарэзкай.
Шрык - завостраны кол у галаве і хвасце плыта для затрымання яго на месцы.
Штаба (запор) - жалезная паласа для запірання дзвярэй; завала.
Штандар - сцяг дзяржавы, вайсковай часці або нейкай грамадскай арганізацыі.
"Штандар" - гульня ў мяч.
Штандара, штампаль, паля (свая) - дубовая калода або невысокі драўляны смаляны слуп, які служыць асновай фундамента будынка.
Штаны (брюки) - верхняе мужчынскае адзенне, якое мае дзве калашыны і закрывае ніжнюю частку тулава разам з нагамі, порткі.
Штахет (забор) - плот, у якім вузкія дошчачкі (штакетнік) прыбіты да гарызантальных жэрдак (Кобрынскі, Столінскі раёны).
Штацкі, цывільны (гражданский) - грамадзянскі, а не ваенны, не вайсковы.
Штора (штора) - заслона на акно або на дзверы.
Штоф (штоф) - 1) руская мера вадкасцей (віна, гарэлкі), роўная 1/10 вядра; 2) шчыльная тканіна з буйным узорам для абіўкі мэблі або на парц'еры.
Штыкет, шчыкет - 1) вузкія драўляныя планкі, з якіх робяць плот: 2) плот з вузкіх драўляных планак.
Штыкеціна (штакетина) - адна вузкая планка.
Шугалея - лодка, выдзяўбаная з дубовага ствала, з набітымі сасновымі дошкамі; тое, што абіянік.
Шула, шулак, шуло (столб, косяк) - слуп, у якім высечаны 1 - 4 падоўжаныя пазы, у якія затым упускаюць абчасаныя канцы бярвенняў.
Шуляк (коршун) - каршун.
"Шуплядка" - народны танец, які танцуюць, як і кадрылю, пад прыпеўкі.
Шурка - мера , роўная 2 кубаметры дроў.
Шуфель (лопата совковая) - шырокая, глыбокая лапата, прызначаная для перасыпання сыпучых рэчываў.
Шуфлік (совок) - ручная веялка.
Шчадраванне - звычай хадзіць у шчодры вечар па хатах і спяваць.
Шчадрэц, шчодры вечар (канун Нового года) - багатая куцця, вечар напярэдадні Новага года.
"Шчадрэц" - калядная гульня, якая бытавала напярэдадні Новага года на Магілёўшчыне.
Шчаўе (щавель) - шматгадовая травяністая расліна сямейства драсёнавых, лісце якой мае кіслы смак і ўжываецца ў ежу.
Шчотачнік (щётачник) - рабочы, які займаецца вырабам шчотак.
Шчотка (щётка) - прыстасаванне для чысткі, змятання ў выглядзе драўлянай калодачкі з густа насаджаным на яе шчаціннем.
Шчотка - грэбень для часання кудзелі (в. Крывічы Іўеўскага раёна).
Шчыт (фронтон) - 1) трохкутны франтон двухсхільнага даху; 2) вертыкальна ўстаноўленая дошка або ліст, на які змяшчаецца што-небудзь для паказу.
Шыба, шыбіна (стекло) - кавалак шкла, устаўлены ў раму.
Шыбкі (быстрый) - хуткі, імклівы, скоры.
Шыгалле (иглица) - ігліца.
Шык - раскоша, форс.
Шыкаваць - жыць з шыкам, фарсіць.
Шынка (окорок) - сцегнавая або лапатачная частка тушы свінні або барана, прыгатаваная для ўжывння.
Шынкаваць (измельчать капусту) - здрабняць капусту перад закваскай.
Шынкар (шинкарь, кабатчик, трактирщик) - уладальнік шынка.
Шынкарка (шинкарка, кабатчица, трактирщица) - уладальніца шынка.
Шынкоўка - прыстасаванне з нажом для здрабнення капусты.
Шынок (шинок, кабак, трактир) - невялікі пітны дом, дзе прадаваліся і распіваліся спіртныя напіткі.
Шып (шип) - выступ на тарцы аднаго элемента, які ўваходзіць у паз другога пры іх злучэнні.
Шыфер (шифер) - будаўнічы матэрыял у выглядзе плітак або лістоў з гліністага сланцу для пакрыцця даху.
Шыфон (шифон) - тонкая баваўняная або шаўковая тканіна.
Шых - вайсковы строй, парадак.
Шыхтавацца - станавіцца ў шыхт паволе чыноў і званняў (паводле Статута ВКЛ у час рушэння).
Шыянка (соломенная коробка) - саламяная каробка паўкруглай формы з вечкам (назва кузуба ў Пружанскім раёне).
"Шэсць" - традыцыйны масавы народны танец. Запісаны ў Жыткавіцкім раёне. Быў пашыраны на правабярэжжы Прыпяці.
(Заканч. у наст. нумары.)
Вечарына ў гонар 120-годдзя Міхася Міцкевіча (Антося Галіны)
13 ліпеня 2017 года нашчадкі Міцкевічавага роду сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва зладавалі сустрэчу, прысвечаную 120-м угодкам з дня народзінаў Міхася Міцкевіча (Антося Галіны), беларускага пісьменніка, перакладчыка, педагога і грамадскага дзеяча, малодшага брата Якуба Коласа.
На вечарыне выступілі Наталля Гардзіенка, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва па тэме: "Захаванне і даследаванне спадчыны беларусаў замежжа", Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа, старшыня ГА "Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння "САКАВІК" па тэме: "Малодшы брат Якуба Коласа", Сяргей Гардун, прафесар Менскіх духоўных семінарыі і акадэміі і Інстытута тэалогіі БДУ, член Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускі Экзархат) па тэме: "Пераклады Міхася Міцкевіча богаслужбовых тэкстаў на беларускую мову", Вера Міцкевіч, унучка Якуба Коласа, Людміла Дзіцэвіч, педагог-псіхолаг, кіраўнік Школы асобаснага росту "ШАР", сябра Рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" па тэме: "Роля беларускай мовы і настаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні (па матэрыялах твораў Міхася Міцкевіча 20-х гадоў)", Яўген Хвалей, пісьменнік.
Адбылося зацікаўленае абмеркаванне прысутнымі творчасці Міхася Міцкевіча і ягонага ўкладу ў развіццё беларускай адукацыі, літаратуры і культуры. Сярод прысутных былі нашчадкі Якуба Коласа, супрацоўнікі культурніцкіх устаноў, а таксама знакамітыя асобы краіны: акадэмік Радзім Гарэцкі з жонкай, навукоўца Лідзія Савік, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка і інш.
Да юбілею Міхася Міцкевіча сям'я Якуба Коласа, ягоная ўнучка Марыя Міцкевіч падрыхтавалі выставу з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і прыватнага архіва нашчадкаў Якуба Коласа: лісты Міхася Міцкевіча, беларускія і эміграцыйныя выданні, рукапісныя творы Міхася Міцкевіча, пераклады рэлігійных тэкстаў і інш.
Людміла Дзіцэвіч , педагог-псіхолаг, кіраўнік Школы асобаснага росту "ШАР", сябра Рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".
Зварот Сакратарыята ТБМ
Ушануем памяць продкаў
Шаноўныя сябры!
Неад'емнай часткай культуры кожнага народа з'яўляюцца могілкі.
Калі на могілках чысціня і парадак, значыць - нацыя развіваецца, калі ж расце быльнёг і дзядоўнік, то народ і краіна - у вялікай небяспецы. Толькі ў часы нашай незалежнасці беларускія могілкі пачалі прыводзіцца ў парадак, там аднаўляюцца хрысціянскія сімвалы, у тым ліку памятныя крыжы і капліцы. Аднак, нас хвалюе адна небяспечная рэч. З часоў Расійскай імперыі, калі беларуская мова была забаронена, каталікі падпісвалі свае надмагіллі па-польску, а праваслаўныя - па-руску. Выключэнні складалі яўрэі і татары, якія ў той час зберагалі свае традыцыі і карысталіся сваімі алфавітамі.
За нядоўгі перыяд беларусізацыі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя пачалі з'яўляцца помнікі з беларускай мовай. Аднак хваля сталінскай і хрушчоўскай русіфікацыі запаланіла нашы могілкі надпісамі на рускай мове. Пацярпелі ў тым ліку яўрэі і татары, бо і іх надпісы пачалі рабіць па-руску.
На жаль, гэта прыкрая для нас традыцыя існуе і зараз. Нягледзячы на тое, што 83,7% насельніцтва краіны вызнае сябе беларусамі, колькасць надмагільных надпісаў па-беларуску не перавышае 1-2%. Нават надмагіллі некаторых дзеячоў беларускай культуры іх нашчадкі падпісваюць па-руску. Пры гэтым, спрадвечныя імёны і прозвішчы беларусаў непазнавальна змяняюцца, Янка становіцца Іванам, а Алена - Еленай.
Таму мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі з прапановай узнавіць спрадвечную традыцыю ўсталявання помнікаў сваім блізкім, якія адышлі ў іншы свет, з надпісамі па-беларуску, каб сцвердзіць сваю нацыянальную свядомасць і прыналежнасць да еўрапейскай сям'і народаў.
12.07.2017 г.
Роля беларускай мовы і настаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні
Да 120-годдзя з дня нараджэння Міхася Міцкевіча (Антося Галіны), беларускага пісьменніка, перакладчыка, педагога і грамадскага дзеяча, малодшага брата Якуба Коласа
Разглядаючы гісторыю нашай краіны, мы можам адзначыць, што Беларусь - краіна-донар. Колькі скарбаў, у тым ліку і людскіх, мы падаравалі іншым краінам. Вось і лёс Міхася Міцкевіча, Антося Галіны, пацвярджае гэтыя высновы. Народжаны, выхаваны, адукаваны на роднай зямлі, Міхась Міцкевіч апынуўся ў дальніх землях, дзе стараўся гэтак жа аддана служыць роднай краіне, мове і адукацыі. І гэта сталася трагедыяй не толькі для яго, але і для многіх, хто апынуўся за межамі любай Беларусі, ды і не толькі ў 20-м стагоддзі, але і па сёння. Бо няма нічога горшага, як ростань з роднымі і любімымі вобразамі, асабліва калі маеш і талент, і здольнасці, якія можаш прысвяціць ім.
Бог не абдзяліў талентамі і малодшага сына Міхася Міцкевіча. Ягоны настаўніцкі, грамадскі і літаратурны чын у сваёй краіне і па-за яе межамі паказвае, што ён выдатна разумеў глабальную ролю духоўнага развіцця, адукацыі і роднай мовы ў яе межах для выхавання маладога пакалення. Праца настаўнікам, дырэктарам школы, школьным інспектарам у Беларусі, мастацкая і публіцыстычная творчасць, рэдактарская, выдавецкая, перакладчыцкая дзейнасць на эміграцыі былі прысвечаны адукацыйным і моўным пытанням. Ды і спрыянне старэйшага брата, Якуба Коласа, у даэміграцыйны перыяд, ягоная творчасць у савецкі час таксама мелі свой станоўчы ўплыў на развіццё ягонай асобы. Публіцыстычныя творы Міхася вызначалі галоўную ролю настаўнікаў і інтэлігенцыі ў нацыянальным адраджэнні, абаранялі беларускую мову і культуру, спрыялі абуджэнню самасвядомасці, праўдзіва паказвалі жыццё.
Пытанні роднай мовы заўсёды хвалявалі Міхася. У артыкуле "Беларуская нацыянальная школа" (Беларусь, 1 студзеня 1920 г.) ён пісаў: "Выступаючы на шлях вольнага культурнага жыцьця, беларуская нацыя павінна збудаваць у першую чаргу сваю нацыянальную школу. Дзеля нацыі гэта патрэбна так, як патрэбны чалавеку рукі і нармальная галава... Асноваю нацыянальнай школы служыць родная мова - адзнака нацыі, яе духоўны твар. Мова зьбірае ўсё, што мае ў сабе дух нацыі. Няма ў нацыі нічога ні малога ні вялікага, чаго-б мова ня ведала. Бяз мовы не адбываецца творчасьць народу. Пакуль жыве мова, галоўная адзнака цэлае нацыі, датуль жыве і народ, датуль нацыянальнае выхаваньне будзе мець вялікую вагу і значэньне".
У артыкуле "Якая ў нас інтэлігенцыя" публіцыст Міхась Міцкевіч разважае аб працы настаўніка. Ён лічыць, што "галоўная моц у справе нацыянальнага адраджэння, глаўная рухомая сіла культурнага поступу і духоўных здольнасцяў нацыі, гэта яе родная школа.... Бадай увесь нацыянальна-культурны рух дзяржыцца на плячох настаўнікаў, тых шчырых сыноў сваей Радзімы, што першые кінулі кліч да спанявераных братоў, кліч да самабытнага духоўнага жыцця..."
"Як відаць, чужая, асымілятарская школа так накіравала розум, што людзі, вышаўшые з яе, як чорт крыжа баяцца некае "інтрыгі" польскае, ці расейскае, глядзя, гдзе хто вучыўся. Трэба асаблівага здарэння, каб прымусіць такога чалавека глянуць перад сабой здаровымі вачыма. Але ўсё-ж тут той грунт, дзе насенне, кінутае беларускімі пісьменнікамі, скора ўзыходзіць. У роднай літаратуры, у роднай песні і матчынай мове яны знойдуць тую крыніцу, якая дасць новые сілы дзеля працы, і пойдуць па дарозе адбудавання роднай культуры".
Пісьменнік, публіцыст, перакладчык Антось Галіна знайшоў гэтую крыніцу, і яна сілкавала яго. "Дзядзька Міхась быў чалавекам добрым, самаўпэўненым і веруючым, - пісаў вядомы дзеяч беларускай эміграцыі Мікола Прускі - гэта быў дабрадушны й цудоўны чалавек, вялікі патрыёт і любіў сваю Бацькаўшчыну як нешта сьвятое". І ў сатырычным апавяданні "Мікіта адстаівае сваіх" (1917 г.) Міхась Міцкевіч шчыра шкадуе Мікіту, якога выбралі дэпутатам на селянскі з'езд, каб там ён бараніў сялянскія справы. Але селянін не змог разабрацца, што нейкі "беларускі язык" - гэта свой, родны, уласны "язык". Тут пісьменнік мае на ўвазе тых, "хто ад свае мовы адказаўся", хто "ў маскоўцы ці палякі запісаўся", а гэта горш за ўсё, бо "лепшбы ты галавы свае адказаўся". Таму ён і аддае вялікую, вызначальную ролю настаўнікам і настаўніцтву.
На жаль, асноўная дзейнасць Міхася Міцкевіча адбывалася не на роднай зямлі, бо ў поўнай меры толькі свая зямля сілкуе талент чалавека, каб заззяць яму ў сузор'і іншых людзей. Але хто ведае, як магла Савецкая ўлада аднесціся да дзейнасці Міхася Міцкевіча падчас нямецкай акупацыі, магчыма, эміграцыя проста захавала для гісторыі гэтую выбітную асобу, як зрабіла гэта з многімі сынамі і дочкамі Беларусі. Аднак нам сёння патрэбна аддаць належную пашану і тым, хто служыў Радзіме на эміграцыі, і тым, хто заставаўся у беларускай краіне ў цяжкія і змрочныя гадзіны рэпрэсій, як і Якубу Коласу, які розумам служыў савецкаму ладу, а душу прысвяціў роднай зямлі і мове.
Гісторыя на працягу многіх гадоў заўсёды расстаўляе ўсе натуральныя акцэнты. Таму наш знакаміты пісьменнік Генадзь Бураўкін у сваёй паэме "Развітанне" выдатна паказаў адносіны старэйшага і малодшага братоў праз іх віртуальны дыялог…
Ажно за мора
Ад бацькоўскай хаты
Цябе віхор выгнанніцкі занёс.
І я не знаю, хто больш вінаваты:
Вайна,
Ці ўлада,
Ці гаротны лёс....
А ты ж быў так не толькі мне патрэбны
У куламесе гарапашных дзён!
Павер, Міхась,
Што мне пільчак твой зрэбны
Быў з незабытай далечы відзён....
Твая хаціна спраўная былая
Гібее,
Як самотная ўдава...
Ніколі,
Брат мой,
Я цябе не лаяў,
Адно -
Да слёз бяссільных -
Шкадаваў.
А ты,
Пачуўшы аб знаёмым імі,
Няўжо выцягваў крыўды за рукаў
І званнямі высокімі маімі
Мяне не раз балюча папракаў?
Не пазірай на маю славу скоса,
Не вер,
Што я ўсяму,
Што маю,
Рад.
Я і сягоння
Той жа самы Костусь,
Твой аднадумца
І старэйшы брат.
Не выракся
Ні бацькавага роду,
Ні росных сцежак,
І ні родных ніў.
І мову -
Найсвяцейшы скарб народу -
Ад забыцця і здзеку бараніў...
Я адпрацавала 35 гадоў настаўнікам школы і выкладчыкам універсітэта, цяпер працую псіхолагам. На маіх вачах паўстае і нараджаецца на новым віражы нашая нацыя. І як важна, што нашыя продкі, кожны ў сваім стагоддзі, уклаў у наш нацыянальны асобасны рост сваю крупінку мудрасці, якую нам, нашчадкам, належыць лічыць залацінкай, настолькі яна дасканалая і каштоўная. І ў сузор'і вобразаў сыноў нашай Радзімы няхай нязгасна гарыць зорка Міхася Міцкевіча (Антося Галіны) са слаўнага роду Міцкевічаў, рупліўцаў беларушчыны.
Людміла Дзіцэвіч, педагог-псіхолаг, сябра Рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", кіраўнік Школы асобаснага росту "ШАР".
"У сэрцы i думках нясу я свабоду…"
Гэтымi словамi распачаў 9 лiпеня Купалаўскi фэст у Радашковiчах ксёндз-пробашч Юры Быкаў. На свята, прысвечанае 135-годдзю з дня нараджэння паэта i 135-годдзю яго хросту, сабралiся прадстаўнiкi духавенства, супрацоўнiкi музея Янкi Купалы ў Менску, госцi з Магiлёва, Бабруйска i iншых гарадоў, паэты i пiсьменнiкi, прадстаўнiкi выдавецтва "Про Хрысто", прыбылi з экскурсiяй сябры магiлёўскага ТБМ на чале з Алегам Дзьячковым. Ва ўрачыстасцi прынялi ўдзел гурт "Гасцiнец" i Алег Хаменка.
Касцёл быў упрыгожаны букетамi кветак, ля алтара стаяў партрэт Янкi Купалы, ля ўваходу была разгорнута фотавыстава пра мясцiны, звязаныя з жыццём i дзейнасцю народнага паэта.
Свята пачалося з урачыстай iмшы ў памяць Яна Луцэвiча, сына Дамiнiкава, якi ўславiў Беларусь на ўвесь свет. Цэлебраваў яе бiскуп Юры Касабуцкi.
12 лiпеня 1882 года ў гэтым касцёле Янка Купала атрымаў сакрамант хросту, ён быў далучаны да хрысцiянскай сям'i. Бацькi паэта арандавалi зямлю ў Вязынцы ў шляхецкай сям'i Станiслава i Алiмпii Замбжыцкіх. Хроснай мацi Янкi Купалы была Алiмпiя Замбжыцкая. Яна наведвала касцёл у Радашковiчах, таму там паэт i атрымаў сакрамант хросту.
- Атрымаўшы праз Дух Святы паэтычны дар, Янка Луцэвiч не занядбаў яго, а ўсё жыццё ўдасканальваў, i праз гэта стаў выразнiкам народных думак, песняром i прарокам, - адзначыў у казанi кс. Юры Касабуцкi.
- Свята ўносiць больш Божых якасцяў у народ, - сказаў ксёндз Юры Быкаў, - дапамагае спалучыць духоўнае з усiм лепшым, творчым i прыгожым, што ёсць у беларускiм народзе. Для нас важна вярнуць у свядомасць чытачоў хрысцiянскiя тэмы ў творчасцi Купалы, якiя прысутнiчалi да 1918 года. У савецкiя гады iх замоўчвалi i не вывучалi ў сярэдняй школе, абыходзiлi лiтаратуразнаўцы. Янка Купала напiсаў два вершы "Малiтва", якiя ўвайшлi ў рэпертуар ансамбля "Песняры".
Кульмiнацыйным момантам свята стала чытанне вершаў Янкi Купалы. Вельмi пранiкнёна прачыталi іх святары, а за iмi прадэкламавалi ўсе ахвотныя: дзецi i вучнi, студэнты, прыгожыя паненкi i людзi сталага веку. Прагучалi творы "Малiтва", "Хрыстос уваскрос", "Валачобнiкi", урыўкi з паэмы пра святога Андрэя Баболю. Панi Ванда з Ракава, апранутая ў вышыванку з каралямi i ў саламяны капялюш, прачытаўшы творы Купалы i свае ўласныя, нагадала, што ў дзяцiнстве ёй прадстаўлялi паэта "мужыком", а сёння мы можам з гонарам казаць, што ён быў католiк i шляхцiц. Тыя, хто не пасаромеўся прачытаць вершы перад усёй грамадой, атрымалi падарункі ад супрацоўнiцы лiтаратурнага музея Янкі Купалы Марыi Бартковай i кс. Юрыя Быкава.
З прамовай i чытаннем сваiх вершаў выступiла пiсьменнiца Хрысцiна Лялько:
- Сёння з вуснаў некаторых чытачоў можна пачуць крытыку Янкi Купалы за савецкi перыяд яго творчасцi. Паэт жыў у вельмi складаныя i драматычныя часы рэпрэсiй. Для яго было важна выстаяць у тыя часы, калi знiшчалi лепшых лiтаратараў, цвет нацыi. У глыбiнi душы i творчасцi ён застаўся хрысцiянiнам.
Хрысцiна Аляексееўна ў маладосцi некаторы час працавала ў музеi Янкi Купалы. Яна памятае, як адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння Я. Купалы, i шчыра радуецца той сапраўднай велiчы, якая нададзена святкаванню 135-годдзя песняра ў святынi Божай.
Паэтычнае свята працягвалася на падворку храма. Для гасцей выступiў гурт "Гасцiнец", моладзь актыўна ўдзельнiчала ў танцах i гульнях. Мясцовыя парафiяне прапанавалi гасцям гарбату i пачастунак. Буйныя хмары ўвесь час абыходзiлi пляцоўку бокам, i толькi, калi ўсё скончылася, разрадзiлiся моцным лiўнем. Відаць, прыслухоўвалiся да словаў купалаўскай "Малiтвы".
Эла Дзвiнская. Фота аўтара.
Пра выплату кампенсацыі былым савецкім ваеннапалонным у Германіі
Навіны Германіі
Федэральнае ведамства цэнтралізаваных службаў і нявырашаных маёмасных пытанняў ФРГ (BADV) нагадвае пра працяг прыёму заявак на атрыманне былымі савецкімі ваеннапалоннымі ў Германіі адначасовай грашовай дапамогі ў памеры 2500 еўра на падставе прынятага германскім Бундэстагам рашэння 21 траўня 2015 г.
Права атрымання выплат распаўсюджваецца на вайскоўцаў Узброеных Сіл СССР, якія знаходзіліся ў перыяд з 22 чэрвеня 1941 г. па 8 траўня 1945 г. у германскіх лагерах ваеннапалонных. Дапамога выплачваецца германскім бокам на добраахвотнай аснове і адрасуецца непасрэдна пацярпелым або ўпаўнаважаным імі асобам.
BADV звяртаецца з просьбай апавясціць зацікаўленых у Беларусі і нагадвае пра тое, што крайні тэрмін падачы заявак мінае 30 верасня 2017 г.
Форма заяўкі прадстаўлена на сайце BADV.
Сайт пасольства Беларусі ў Германіі.
Выданне, якое вельмі ўражвае чытачоў
У 2016 г. выдавецтва "Беларуская навука" парадавала прыхільнікаў беларускай нацыянальнай культуры выданнем шыкоўнага і адначасова фундаментальнага навуковага выдання Марыі Віннікавай і Паліны Богдан "Традыцыйны беларускі касцюм" з допісам на тытульным лісце "Альбом", бо ў ім змешчаны 245 фатаграфій высокай мастацкай якасці. Але гэта не звычайны альбом, якія выдаюць многія аўтары з ужо зробленых іншымі даследаванняў і фотаздымкаў. Тут усе фота выкананы самімі аўтарамі. Гэты альбом - вынік шматгадовай навукова-даследчай працы. Для М. Віннікавай гэта больш за 35 гадоў руплівай дзейнасці - спачатку ў Навукова-даследчай мастацка-эксперыментальнай лабараторыі Ўпраўлення мастацкай прамысловасці, а з 1988 г. - у аддзеле старажытна-беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі (зараз Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). Паліна Богдан мае вышэйшую адукацыю ў галіне музеязнаўства і для яе аддзел старажытна-беларускай культуры, у якім ёсць музей, гэта першае месца працы. Менавіта тут яна даследавала мастацкія асаблівасці традыцыйных беларускіх паясоў і ролю пояса ў стварэнні мастацкага вобраза традыцыйнага беларускага касцюма.
Вывучэнне аўтарамі альбома музейных калекцый, сабраных першымі супрацоўнікамі аддзела, спалучалася з экспедыцыямі па розных раёнах Беларусі і вывучэннем мастацка-дэкаратыўных адметнасцей традыцыйнага сялянскага касцюма ў розных рэгіёнах. У выніку М. Віннікава вылучыла яго новыя лакальныя асаблівасці. Гэта пашырыла ўяўленне пра мастацкую вартасць традыцыйнага беларускага касцюма, на якую ўпершыню звярнуў увагу Міхась Раманюк і ўвёў у навуковы ўжытак тэрмін "строй" як цэласны комплекс адзення, характэрны для канкрэтнай мясцовасці. Навуковыя доследы М. Віннікавай значна ўзбагацілі ўяўленні аб гэтай выбітнай мастацкай з'яве ў традыцыйнай культуры беларускай нацыі. Яна дасканала даследавала ўвесь комплекс адзення, у тым ліку ролю галаўных убораў - наміткі і хусткі як праяў пластычнага дызайну ў традыцыйным касцюме беларусаў. Адначасова М. Віннікава даследавала ролю такога элемента, як безрукаўка (гарсэт, кабат, шнуроўка).
Акрамя таго ў выніку навуковых даследаванняў, праведзеных у розных музеях Беларусі і за яе межамі, у прыватнасці ў Расійскім этнаграфічным музеі і Музеі антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага Расійскай акадэміі навук, што знаходзяцца ў г. Санкт-Пецярбургу, ёй былі рэканструяваны страчаныя варыянты традыцыйных беларускіх строяў канца ХІХ - пачатку ХХ ст., такіх як Тураўскі, Давід-Гарадоцкі, Рагачоўскі, Добрушскі і інш. Паводле сабранага і навукова апрацаванага матэрыялу яны былі адноўлены ў Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве традыцыйных беларускіх рамёстваў "Скарбніца" і паказаны ў альбоме.
Аўтары выдання не абмінулі ўвагай і дзіцячае адзенне, а таксама арыгінальную мужчынскую і жаночую вопратку - світкі, латухі, сярмягі, бурносы. Упершыню чытачы ўбачылі вялікую разнастайнасць традыцыйных жаночых галаўных убораў (намітак, платаў, хустак, чапцоў) і спосабаў іх нашэння. Вельмі ўражваюць яркія каларытныя касцюмы жанчын з вёскі Няглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці з архаічным расхінным паясным адзеннем "панёва", а таксама касцюмы замужніх жанчын Тураўшчыны з незвычайнымі "рагатымі" галаўнымі ўборамі.
Своеасаблівым адкрыццём ХХІ стагоддзя сталася калекцыя традыцыйнага касцюма Бярэзінскага раёна Менскай вобл., сабраная і даследаваная аўтарамі з дапамогай мясцовых краязнаўцаў. Імпульсам для пошукаў на гэтай тэрыторыі з'явілася невялікая, але вельмі цікавая калекцыя прадметаў і фотаздымкаў з Расійскага этнаграфічнага музея, якая была сабрана ў 1905 г. У выніку ў навуковы аварот быў уведзены яшчэ адзін раней невядомы аўтэнтычны беларускі строй.
Акрамя навукова-даследчай работы аўтарам прыйшлося правесці вялікі аб'ём папярэдняй працы, каб падрыхтаваць музейныя прадметы да фотаздымак - памыць, папрасаваць, адрэстаўраваць і нават аднавіць у матэрыяле некаторыя дэталі, якіх не ставала для поўнага строю.
Да апошняга часу навукоўцы вывучалі пераважна духоўную культуру беларусаў - фальклор, літаратуру, кнігадрукаванне, тэатральную дзейнасць, выяўленчае мастацтва. Таму дасканалае навуковае даследаванне М. Віннікавай і П. Богдан аднаго з важнейшых відаў традыцыйнай матэрыяльнай культуры - касцюма - мае вельмі важнае значэнне. Кніга дае шырокае ўяўленне не толькі аб мастацка-дэкаратыўных асаблівасцях прадметаў традыцыйнага адзення, але і аб эстэтычных ідэалах, суцэльным вобразе і абліччы беларускіх мужчын і жанчын, якіх мы бачым на фоне прыгожай беларускай прыроды. Выдадзены альбом - гэта цэльны вобраз багатай культуры Беларусі. Нездарма ён атрымаў дыплом 1-й ступені на XIV Міжнародным конкурсе "Мастацтва кнігі" ў Маскве ў намінацыі "Мая краіна". Лічу, што аўтары заслугоўваюць дзяржаўнай узнагароды за падрыхтоўку такога прыгожага і адначасова навукова дасканалага выдання.
Мая Яніцкая , кандыдат мастацтвазнаўства.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
У XII-XIII стст. развіваецца і гарадская культура. Гараджане ў вершах і казках апавядалі пра хітрых і разумных гараджан і сялян, якія маглі абдурыць і рыцара, і манаха. Большасць людзей у эпоху Сярэднявечча, асабліва сяляне, жылі і паміралі на адным месцы, і далёка ад сваёй вёскі ці горада ніколі не былі. Аднак знаходзіліся асобныя людзі, гандляры і місіянеры, якія любілі вандраваць і потым расказваць пра ўбачанае. Так, жыхар Венецыі Марка Пола ў 1271-1295 гг. дабраўся да Мангольскай імперыі ў цэнтры Азіі, а партугальцы - да берагоў паўднёвай Афрыкі. Крыжаносцы змаглі пабачыць зусім іншую, арабскую, цывілізацыю, шмат у чым вышэйшую за тагачасную заходнееўрапейскую. Пастаяннымі вандроўнікамі былі і шкаляры, якія хадзілі з горада ў горад, з аднаго ўніверсітэта ў другі. Адзінымі вымярэннямі адлегласці былі чалавечы крок і колькасць дзён у дарозе. На думку царкоўных навукоўцаў, Зямля была акружнасцю, над якой была сістэма сфер (ад 3 да 55, бо кожны аўтар называў сваю лічбу).
Вымярэнне часу. Суткі дзялілі на чатыры часткі: раніцу, дзень, вечар і ноч. Больш дакладнай адзінкай вымярэння еўрапейскага часу была гадзіна. Адзначаліся гадзіны біццём званоў. Царква кантралявала не толькі сутачны час, але і гадавы. Належным арыенцірам часу былі штогадовыя каталіцкія святы.
Гістарычны час чалавецтва царква вымярала лінейна: ад стварэння Свету і да яго канца (Страшнага суду). Гэтага канца свету людзі баяліся і думалі, што ён хутка настане, што прыводзіла да масавага пакаяння тысяч людзей, асабліва манахаў.
6. Сістэма адукацыі і развіцця навукі
У XI-XII стст. неабходнасць у адукаваных, пісьменных людзей ва ўсіх еўрапейскіх краінах узрасла. Рамёствы, і асабліва гандаль, патрабавалі такіх людзей. Тым больш у Еўропе існавалі мовы, якія трэба было абавязкова ведаць. У краінах каталіцкай Еўропы мовай адукацыі была лаціна, на поўдні Пірэнейскага паўвострава - арабская, на тэрыторыі Візантыі - грэцкая, а ў краінах усходніх і часткова паўднёвых славян - стараславянская (старабалгарская, ці старамакедонская) мова. Таму ў XII-XIII стст. у гарадах пачалі адкрывацца свецкія школы, дзе вучыліся дзеці гараджан, рыцараў і нават сялян. Гэтыя школы былі або прыватныя, або іх фінансавалі органы мясцовага самакіравання. Вядома, тут таксама, як і ў царкоўных школах, вывучалі малітвы, але дзяцей, апроч таго, вучылі чытаць, пісаць, лічыць і давалі пэўныя звесткі па прыродазнаўстве.
У XII ст. ствараюцца карпарацыі (аб'яднанні) магістраў (настаўнікаў) і шкадяроў (вучняў) і выпрацоўваюцца некаторыя стандарты адукацыі. Узнікаюць і вышэйшыя навучальныя ўстановы - універсітэты. Ужо адзначалася, першы з іх узнік у 1119 г. у італьянскай Балонні. У 1209 г. заснаваны славуты Кембрыджскі ўніверсітэт. Універсітэты мелі некалькі (у асноўным - чатыры) факультэтаў: артыстычны (падрыхтоўчы), багаслоўскі (тэалогіі), медыцынскі і юрыдычны (права). На артыстычным факультэце вывучалі сем вольных мастацтваў: граматыку, рыторыку, дыялектыку, арыфметыку, геаметрыю, астраномію і музыку. Пасля падрыхтоўчага факультэта студэнт выбіраў адзін з трох асноўных факультэтаў і праз два гады навучання пасля іспытаў мог атрымаць спачатку званне бакалаўра, а яшчэ праз два гады - і магістра. Самыя таленавітыя магістры пасля абароны сваіх ідэй у выглядзе тэзісаў перад навукоўцамі маглі атрымаць званне доктара. Доктар быў вельмі ўплывовай асобай. Ён меў права як рыцар насіць меч, уваходзіў у склад органаў гарадскога самакіравання і меў магчымасць стаць рэктарам (кіраўніком) універсітэта.
Навучэнцы ўніверсітэтаў атрымалі назву студэнты (што на латыні азначае, той, хто старанна вучыцца) і былі абавязаны да паступлення ва ўніверсітэт добра ведаць лаціну, бо навучанне ва ўсіх еўрапейскіх універсітэтах было на гэтай мове. Дзеля абароны сваіх інтарэсаў студэнты з адной краіны (а навучаліся ў адным універсітэце навучэнцы з розных дзяржаў) стваралі асобныя групы - зямляцтвы, якія тады называлі "нацыямі". Некалькі такіх нацый стваралі адзіную супольнасць, якую на латыні і назвалі "ўніверсітэт". Асноўны від заняткаў меў назву лекцыя (што на лаціне абазначае "чытанне"). Выкладчык, якога называлі "прафесар", чытаў уголас кнігу нейкага царкоўнага ці свецкага аўтара і тлумачыў яе змест. Студэнты запісвалі лекцыі або сачылі за чытаннем па кнігах. Кнігі былі рукапісныя і напісаныя на пергаменце. Кнігі былі вельмі дарагімі і таму захоўваліся ва ўніверсітэцкіх бібліятэках. Акрамя лекцый студэнты ўдзельнічалі ў дыспутах - навуковых спрэчках, дзе кожны з удзсльнікаў павінен быў абгрунтаваць сваю думку або выказванне. Пры ўніверсітэтах пачалі ўзнікаць навуковыя цэнтры, дзе з'явіліся свецкія навукоўцы.
Адным з такіх даследчыкаў быў англійскі мысляр XIII ст. Роджар Бэкан. Ён вучыў, што свет і прыроду можна вывучаць шляхам доследу і назіранняў. Ён быў выпускніком Оксфардскага ўніверсітэта і вучнем канцлера гэтай навучальнай установы Роберта Тросетэста. Навукоўцы лічылі, што пачаткам працэсу вывучэння прыроды з'яўляецца дослед, наступны крок - аналіз і фармулёўка адпаведнага тэзісу, які атрымаў назву гіпотэза. Апошні крок у працэсе вывучэння - гэта праверка гіпотэзы на практыцы. Такім чынам, вышэйзгаданыя навукоўцы заснавалі эксперыментальны падыход у навуцы. Актыўна развілася і хрысціянская філасофія.
Найбуйнейшым каталіцкім філосафам і тэолагам быў вышэйзгаданы Фама (Тамаш) Аквінскі (1225-1274). Ён атрымаў добрую адукацыю ў Парыжы і Кёльне, быў манахам ордэна дамініканцаў, а потым выкладчыкам тэалогіі. Ён напісаў два буйныя філасофскія творы "Сума тэалогіі" і "Сума супраць язычнікаў". Асноўны прынцып яго філасофіі - гармонія веры і розуму. Розум, на яго думку, можа рацыянальна даказаць існаванне Бога. Самым выдатным тварэннем Бога з'яўляецца чалавек, і таму развіццё чалавечага розуму будзе спрыяць павслічэнню славы Бога. Ён таксама абгрунтаваў ідэю вяршэнства Папы Рымскага як намссніка Бога на зямлі і лічыў уладу манарха свяшчэннай. У 1323 г. ён быў кананізаваны, што значыць прылічэнне яго да ліку "святых". У 1879 г. Папа Леў XIII абвясціў вучэнне Фамы Аквінскага афіцыйнай філасофіяй каталіцызму ў свеце.
АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ
Амбон (ад грэц. Аmbon - узвышэнне) - узвышанае месца перад алтаром у бажніцы (царкве ці касцёле), звычайна багата аздобленае, адкуль чытаюць тэксты з Бібліі, прамаўляюць казанні падчас набажэнства. Паводле падання, амбом сімвалізуе Ноеў каўчэг (карабель). Будаваўся ён з натуральнага ці штучнага каменю, дрэва і металу. Часта мае форму трыбуны з парапетам.
Бергфрыд - галоўная всжа замка, апошняе месца абароны.
Галерэя (франц. galerie, aд італ. galleria) - 1) бакавыя памяшканні з вокнамі, прыбудавамыя да асноўнага аб'ёма храма ХІ-ХІІ статоддзяў; 2) доўгае крытае светлае памяшканне, у якім адну вонкавую падоўжную сцяну замяняе каланада; 3) спецыяльныя зальныя памяшканні ў палацах. асветленыя суцэльнымі шэрагамі вялікіх вокнаў; 4) калідор з суцэльнымі ваконнымі праёмамі на адным з падоўжных бакоў будынка. У Беларусі ў XVI-XVIII стагоддзях існавалі ў манастырах і кляштарах.
Гзымс (карніз) - гарызантальны выступ, які завяршае сцяну будынка, аконныя і дзвярныя праёмы, падтрымлівае дах і ахоўвае сцяну ад сцёку вады, падзяляе фасад на асобныя ярусы і завяршае цокаль.
Данжон - абарончая вежа, прыстасаваная да жылля.
Контрфорс (ад соntre-forсе - процідзейнан сіла) - у архітэктуры папярэчная сценка, вертыкальны слуп або выступ ці рабро для ўмацавання апорнай канструкцыі (пераважна сцяны). Рабіліся ўздоўж сцен і на кутах будынка.
Нервюра (франц. nervurе, ад лац. nervus - жыла, сухажылле) - арка з абчасаных клінападобных камянёў або спецыяльных фігурных цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткавага, зорчатага і іншых формаў скляпення.
Раманскі стыль - стыль сярэднявечнага заходне-еўрапейскага мастацтва Х-ХІІ стагоддзяў. Збудаванні вызначаліся манументальнасцю, масіўнасцю канструкцый, аздабляліся абстрактна-геаметрычным арнаментам і скульптурай. Спачатку будынкі мелі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней - цыліндрычныя, нарэшце - крыжовыя.
Скляпенне - апорная прасторавая канструкцыя для перакрыцця ці накрыцця збудаванняў, якая мае крывалінейны абрыс. Скляпенне бывае розных формаў: цыліндрычнае, крыжовае, люстраное. Разнавіднасць скляпення - купал.
Фасад - вонкавы бок пабудовы. Адрозніваюць фасады: галоўны, бакавыя, дваровы, вулічны, паркавы ды інш.
НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ
1163 г. - пачатак будаўніцтва Сабора Божай маці ў Парыжы.
XIII ст. - узнікненне грамадскіх лазняў у Заходняй Еўропе.
1209 г. - заснаванне Кембрыджскага ўніверсітэта.
Каля 1214 г. - каля 1292 г. - Роджар Бэкан.
1225-1274 гг. - Фама (Тамаш) Аквінскі.
1248 г. - пачатак будаўніцтва Кёльнскага сабора.
ЧАСТКА III.
ПОЗНЯЕ СЯРЭДНЯВЕЧЧА
(ХІV-ХV стст.)
РАЗДЗЕЛ XIV. ГАРАДЬІ - ДЗЯРЖАВЫ ІТАЛІІ
1. Перадумовы Рэнесансу ў гарадах-дзяржавах Італіі.
2. Венецыя.
3. Гснуя.
4. Фларэнцыя.
5. Мілан.
6. Рым.
7. Паўднёвая Італія.
1. Перадумовы Рэнесансу ў гарадах-дзяржавах Італіі
Паняцце "Рэнесанс". Тэрмін "Адраджэнне", або "Рэнесанс", узнік у XVI ст. Упершыню яго ўжыў знакаміты італьянскі мастак i гістарыёграф Джорджа Вазары ў сваёй кнізе "Жыццяпісы найбольш знакамітых мастакоў, скульптараў і дойлідаў", якая была надрукавана ў 1550 г. Вытокі Рэнесансу праглядаюцца ў Паўночнай Італіі сярэдзіны XIII - першай паловы XIV стст. Гэты перыяд звычайна называюць Протарэнесансам. Сам Рэнесанс падзяляюць на тры этапы: Ранні (другая палова (ХІV-ХV стст.), Высокі (канец XV - пачатак XVI стст.) і Позні (XVI - першая палова XVII стст.). Пасля Італіі Рэнесанс пашырыўся і ў іншых краінах Еўропы. Так, на Беларусі Рэнесанс набірае моц у другой чвэрці і сярэдзіне XVI ст.
Рэнесанс - гэта адраджэнне антычнай культуры і мастацтва. Мснавіта ў Італіі захаваліся такія элементы антычнай культуры як мова (лаціна вучоных людзей), помнікі архітэктуры, старажытныя рукапісы антычных аўтараў. Частку гэтых рукапісаў прывезлі ў Італію грэцкія навукоўцы пасля захопу Візантыі туркамі. Само слова "Рэнесанс" мае французскае паходжанне і азначае адмаўленне ад сярэднявечнай культуры ды вяртанне антычнай мастацкай спадчыны.
Адна з самых яскравых рысаў культуры Адраджэння - гэта гуманізм, новы светапогляд чалавека на жыццё і свет. Гуманізм прызнаваў найвышэйшую каштоўнасць чалавека як унікальнай асобы, якая мае права на выказванне сваіх думак, свабоднае развіццё сваіх творчых здольнасцяў, на дасягненне матэрыяльнага дабрабыту і асабістага шчасця.
(Працяг у наст. нумары.)
Ля сімвалічнай магілы Цішкі Гартнага
З вясны, з надыхом цеплыні, ужо па традыцыі, беларускія гурткі ў Магілёве ладзяцца па цікавых мясцінах горада. Беларускі гурток, які прайшоў 18 траўня, быў прысвечаны Змітру Жылуновічу (Цішку Гартнаму) - дзеячу беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, аўтару маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнаму дзеячу БССР, гісторыку, пісьменніку. Леанід Лыч - доктар гістарычных навук, прафесар, які быў у красавіку на сустрэчы з ТБМ у Магілёве, падкрэсліў, што ў айчыннай гісторыі З. Жылуновічу як нацыянальнаму палітычнаму лідару не было і няма роўных сярод усіх першага рангу дзяржаўных дзеячаў.
Сустрэча адбылася каля памятнага знака на месцы, дзе прыкладна вызначана месца яго пахавання. Дакладнае месца пахавання Змітра Жылуновіча невядомае. На ўскрайку Пячэрскага лесапарку ў 1989 годзе сябры мясцовай філіі "Мартыралог" на чале з Валянцінам Ермаловічам паставілі памятны знак літаратару і палітыку. Гэта помнік з абрэзаных металічных канструкцый і замацаваным кавалкам чырвонага шкла ў форме сэрца - даніна памяці вялікаму чалавеку за яго вялікую працу па адраджэнні Беларусі, за мужнасць, любоў і пакуты. Гэтая мясціна і лічыцца сімвалічнай магілай Цішкі Гартнага. Непадалёк ад яе - вар'ятня, дзе ў 1937 годзе загінуў Зміцер Жылуновіч пасля арышту ў 1936 годзе. Па афіцыйных звестках Жылуновіч у турме праз катаванні страціў здароўе, быў абвешчаны псіхічна хворым, і пераведзены ў Магілёў, у псіхіятрычную лячэбніцу, дзе неўзабаве памёр ад гангрэны лёгкіх (па некаторых звестках - скончыў жыццё самагубствам).
Але ж дадам яшче тое, што піша пра гэта Леанід Лыч: "Меркаванні ўсіх, хто пісаў пра апошнія дні жыцця З. Жылуновіча (Цішкі Гартнага), сходзяцца: толькі прадуманым, старанна праведзеным катаваннем следчыя давялі гэтага, здавалася б, зусім нязломнага чалавека да вар'яцтва. Як бачым, высокім "прафесіяналізмам" вызначаліся яны. Няцяжка ўявіць, колькі патрэбна было спрыту, каб такога стойкага, загартаванага нялёгкім жыццём чалавека, цвярозага розумам творцу пазбавіць здольнасці паводзіць сябе адэкватна абставінам. Што датычыць самой прычыны смерці гэтага пакутніка, дык яна, мяркую, не мае аналагаў ва ўсім свеце. Калі не памыляецца наш вядомы сучасны пісьменнік, публіцыст Эрнест Ялугін, З. Жылуновіч наступным чынам развітаўся са сваім зямным жыццём: прыўзняў цяжкі бальнічны спецложак і ўбіў яго ножку сабе ў горла. Гэта значыць туды, адкуль 1 студзеня 1919 г. разносіліся словы пра здзяйсненне такой важнай гістарычнай падзеі ў лёсе нашага народа, як абвяшчэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Не міне і двух дзясяткаў гадоў, як таго вестуна давядуць да самазабойства. Гэта таксама ўнікальны выпадак з палітычнага жыцця народаў планеты Зямля. Здзейснены З. Жылуновічам акт самагубства прыпаў на 11 красавіка 1937 г., за некалькі месяцаў да таго, як велізарная дзяржава-гігант СССР разам з усімі сваімі саюзнымі рэспублікамі ўступіць у запоўненую да краёў паласу масавых фізічных рэпрэсіяў над ні ў чым не вінаватымі людзьмі. Здарылася ж такое з З. Жылуновічам на 50-м годзе яго жыцця".
Алег Дзячкоў распавёў пра ролю Жылуновіча і ягоны ўнёсак у адражжэнне нашай краіны. Чыталі яго, Змітра. Падзякавалі сябру ТБМ Падалінскай Аляксандры Рыгораўне, якая адна пафарбавала памятны знак і высадзіла кветкі каля яго...
Н.М. Шамянкова.
Памятныя сустрэчы
Сярод шэрагу цікавых калекцый аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь захоўваюцца кнігі, якія аб'ядноўвае тое, што раней яны належалі бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў. У свой час выданні былі перададзены ў дар і сёння ствараюць унікальную калекцыю "Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў", дзе налічваецца не адна сотня асобнікаў.
На выставе "Памятныя сустрэчы", прымеркаванай да 85-годдзя з дня заснавання Саюза беларускіх пісьменнікаў, прадстаўлены кнігі з калекцыі, дзе змешчаны аўтографы беларускіх літаратараў. На экспазіцыі можна ўбачыць творы і аўтографы Алеся Адамовіча, Анатоля Астрэйкі, Міколы Аўрамчыка, Петруся Броўкі, Міхася Лынькова, Янкі Маўра, Янкі Сіпакова, Максіма Танка, Алеся Якімовіча і многіх іншых вядомых пісьменнікаў, якія ўвайшлі ў класіку беларускай літаратуры.
Святлана Паўлавіцкая, супрацоўнік Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.
На Замкавым гасцінцы ў Лідзе
15 ліпеня Альтанкау ТБМ на Замкавым гасцінцы ў Лідзе наведалі паэты літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце". Арганізаваў паэтычны дэсант акцёр Лідскага народнага тэатра, сябар ТБМ Алег Лазоўскі. Пачытаць свае вершы прыйшлі паэты Ганна Рэлікоўская, Алесь і Валера Мацулевічы.
Прыемна ўразіла дэкламацыя вершаў лаўрэата прэміі імя Веры Навіцкай паэтэсы Ганны Рэлікоўскай, якая ў камерных умовах залы чытае свае вершы спакойна, а тут змагла прадэманстраваць і мастацтва дэкламатара з цудоўным голасам.
"Баладу пра беларускую школу" і баладу "Тодар з Нарбутаў Лідскіх" Станіслава Судніка прачытаў Алег Лазоўскі.
Свой чуць не адзіны верш прачытаў Валеры Мінец, а верш Ларысы Геніюш агучыў Вітольд Ашурак.
Дабразычліва аднесліся да паэтаў у бліжнім наваколлі. Так, гаспадар крамы сувеніраў дазволіў падключыць гукаўзмацняльнае абсталяванне, а што тычыцца слухачоў, то і іх хапала. Мінакі спыняліся, слухалі, ішлі далей, падыходзілі новыя.
Такая паэтычная дзея з чытаннем вершаў на вуліцы - для Ліды навіна, але навіна цікавая, і на наступную альтанку 22 ліпеня просяцца ўжо і празаікі. Калі ласка, час не абмежаваны, рэгламент вольны. Гучы беларускае слова свабодна. Завяршылася чарговая альтанка харавым выкананнем песні "Простыя словы" з удзелам лідскага барда Сяржука Чарняка.
Яшчэ некалькі выхадаў, і трэба думаць - вымалюецца нейкі стабільны фармат, тым больш, што паэтаў у Лідзе шмат, хопіць, каб рабіць кожную альтанку непаўторнай.
Наш кар. Фота Сяргея Пантуса.
Гучыць над Гудамі прыпеўка
Не выпадкова брэндавым мерапрыествам у філіяле "Гудскі цэнтр творчасці і воль нага часу" стаў кірмаш талентаў "Гучыць над Гудамі прыпеўка". Бо тут вельмі любяць народную музыку і песню. Нездарма ж кажуць, што прыпеўка - родная сятра народнай песні.
У мінулую нядзелю на свята прыехалі прыпевачніцы з аграгарадкоў: Беліца, Ганчары, Ёдкі. Крупава, Пескаўцы. Удзельнічалі таксама жыхарка з вёскі Калясішча Рэгіна Вегждзяновіч (дарэчы ёй 86 гадоў) і трыа клуба "Актыўнае даўгалецце" ДУ "Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва". У дзіцячай катэгорыі прынялі ўдзел аматары прыпевак з Дуброўні і Гудаў.
Трэба адзначыць, што глядзельная зала на гэты раз была амаль запоўнена, і гледачы кожнага ўдзельніка шчыра падтрымлівалі апладысментамі. Панаваў святочны настрой, і прыемна цешыў слых добра складзены на роднай мове сцэнар, які даносілі да слухачоў вядоўцы конкурсу Вольга Бальцэвіч і Андрэй Колышка.
У склад журы ўваходзілі: Таццяна Лісоўская - намеснік дырэктара ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", Руслан Мельнік - старшыня Крупаўскага сельскага Савета, Лілея Мацкевіч - галоўны спецыяліст па ідэалогіі РСУП "Саўгас Лідскі". Журы аднадушна прысудзіла першае месца "Лесапеднаму батальёну" з аграгарадка Ганчары, другое месца Марыі Бальцэвіч з аграгарадка Гуды і трэцяе месца трыа: Лора Васільева, Лілея Лютчык, Станіслава Анацка з клуба "Актыўнае даўгалецце" ДУ "Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва". Спецыяльным прызам адзначаны Галіна Сафонава і Тамара Пяцько з аграгарадка Пескаўцы.
Госць мерапрыемства - народны вакальны гурт "Ятрачанка" з Дзятлава.
Ганна Некраш, вядучы метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
Каля замка на Купалу
Калі сонейка, як кажуць у народзе, закацілася за край зямлі, лідзяне пачалі збірацца на пляцоўку каля замка святкаваць Купалле. Урачыстыя фанфары "Белая Русь ты мая .." абвясцілі аб пачатку свята, пасля якіх, народны ансамбль песні і танца "Лідчанка" ДУ "Палац культуры г. Ліды" з адмысловым запалам прадставіў фальклорна-абрадавую дзею "На Івана, на Купалу". Затым творчую эстафету пераняў танцавальны калектыў "Красовыя забавы" Дома польскага. Выступілі і госці: вакальны гурт "Купалінка" беларускай суполкі "Крыніца" з літоўскага горада Клайпеда.
Усе купальскія традыцыі продкаў на нашым свяце былі вытрыманы. Філіялы: "Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу", "Дварышчанскі Дом культуры", "Беліцкі дом культуры" арганізавалі пляценне і продаж вянкоў. З задавальненнем прысутныя куплялі вянкі і пускалі на ваду. Да спадобы жыхарам прыйшліся і гульні Купалля: перацягванне каната, "кумаванне" (дзе ўдзельнікі паілі адзін аднаго півам), бітва на бярвяне мяшкамі з сенам. Шмат ахвотных было знайсці чароўную папараць-кветку. На сучасны лад была праведзена гульня - квэст "У пошуках папараць-кветкі". Заключным акордам свята "Каля замка на Купалу" стала купальскае вогнішча. Далейшы працяг ужо адбываўся ў замку, дзе аж да ранку ладзілася святочная дыскатэка.
Ганна Некраш, вядучы метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
500-годнасць у Ваверцы
6 ліпеня, напярэдадні 135-х угодкаў з дня нараджэння Янкі Купалы школьны летнік у вёсцы Ваверцы Лідскага раёна наведалі слынны паэт і літаратуразнавец Міхась Скобла ды знакамітая спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава.
Купалаўская тэма імпрэзы сумяшчалася з тэмай 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, што рабіла сустрэчу шматграннай і насычанай. Пытанні літаратурнай віктарыны чаргаваліся з вершамі і песнямі. Улічваючы даволі маладую аўдыторыю, прагучалі вершы дзіцячай, пазнавальнай тэматыкі, а таксама рыфмаваныя загадкі, якія дзеці адгадвалі, не даслухаўшы.
У Ваверцы беларуская школа, настаўнікі і дзеці выдатна валодаюць беларускай мовай, ды і чаму б ім не валодаць, калі людзі на вуліцы гавораць амаль на літаратурнай беларускай. Ваверка - гэта куточак старой Віленшчыны, дзе насельніцтва ў асноўным каталіцкае, а мова і культура чыста беларускія. Таму зусім не дзіўна, што дзеці аказаліся вельмі добра абазнанымі ў скарынаўскай тэматыцы. Пераможцы віктарыны ў канцы былі ўзнагароджаны прызамі праекту "500-годнасць".
Наш кар.