Папярэдняя старонка: 2017

№ 31 (1338) 


Дадана: 26-04-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 31 (1338), 2 жніўня 2017 г.


6 жніўня - 500 гадоў ад пачатку беларускага кнігадрукавання

6 жніўня 1517 г. Францішак Скарына выдаў першую друкаваную беларускую кнігу - «Псалтыр». У гэты сам дзень адзначаецца дзень беларускага кнігадруку.


У Друі завяршыўся дзевяцідзённы мастацкі пленэр "Скарынэр"

У Друі на Браслаўшчыне завяршыўся дзевяцідзённы мастацкі пленэр "Скарынэр". У гэтым годзе ў ім прынялі удзел каля 40 мастакоў з Беларусі, Расеі ды Галандыі. Пленэр быў прысвечаны 500-годдзю выдання беларускай Бібліі Францішкам Скарынам. Па словах аднаго з арганізатараў пленэру, ксендза Сяргея Сурыновіча, стварыць для мастакоў скарынаўскую атмасферу дапамаглі Юры Ўсціновіч з Менска і Вячаслаў Дзмітровіч з Глыбокага.

- Спадар Юрый Усціновіч - гэта гісторык, рэканструктар сярэднявечнай беларускай вопраткі. Ён адмыслова прыехаў сюды, яго пісалі, бо ягоны твар вельмі ўніверсальны і, як мастакі палічылі, з ягоным тварам можна працаваць і шукаць вобразы Скарыны. Майстар з Глыбокага прывёз рэканструяваны станок Гутэнберга. Ён зараз усталяваны ў касцёле і на ім можна друкаваць.

І вось, станок, Скарына ў адноўленых, рэканструяваных вопратках сярэднявечча ажыў тут, у Друі, ажыў на палотнах. Думаю, гэтая тэма дастаткова раскрыта, бо многія мастакі звярнуліся да слова, да кнігі. Падчас пленэру для мастакоў і гасцей парафіі Святой Тройцы ў Друі праводзіліся творчыя вечарыны з гісторыкамі, пісьменнікамі, музыкамі. За гэты час Друю наведалі Віктар Сямашка, Адам Глобус, Уладзімір Някляеў, Вольга Акуліч, Міхаіл Рубін, N.R.M. ды іншыя. Дыпломы ўдзельнікам пленэру ўручыў віцебскі біскуп Алег Буткевіч. Імпрэза скончылася вернісажам у Друі. Потым выстава пераедзе ў менскі Чырвоны касцёл.

Таццяна Смоткіна, Радыё Рацыя


100 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля.

Янка (Іван Антонавіч) БРЫЛЬ (4 жніўня 1917, Адэса - 25 ліпеня 2006) - беларускі пісьменнік. Народны пісьменнік БССР (1981).

Нарадзіўся ў Адэсе ў сям'і чыгуначніка Антона Данілавіча Брыля. У 1922 г. разам з бацькамі вярнуўся на іх радзіму, у вёску Загор'е (цяпер Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласць). У 1931 г. Я. Брыль скончыў польскую сямігодку і паступіў у Наваградскую гімназію, але не змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцей.

У 1939 прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пасля пачатку II Cусветнай вайны, у верасні таго ж года трапіў пад Гдыняй ў нямецкі палон, у 1941 г. уцёк, вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызанаў. У 1942 г. Я. Брыль стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а ў 1944 - разведчыкам партызанскай брыгады "Камсамолец". Рэдагаваў газету "Сцяг свабоды" Мірскага падпольнага райкама партыі і сатырычны лісток "Партызанскае жыгала". Па вызваленні Беларусі працаваў рэдактарам раённай газеты ў г. п. Мір, літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну", загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса "Вожык".

У розныя гады Я. Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў "Маладосць" і "Полымя", працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, вёў актыўную работу па ўмацаванні сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі народаў СССР і краін сацыялістычнай садружнасці. Шмат сіл Я. Брыль аддаваў працы ў якасці старшыні Беларускага таварыства "СССР - Канада".

З 1945 года член Саюза пісьменнікаў СССР. У 1966-1971 - сакратар праўлення СП БССР. Двойчы абіраўся дэпутатам ВС БССР (1963-1967, 1980-1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства "СССР - Канада" (1967-1990), член Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989. Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994). Адзін з заснавальнікаў ТБМ. Я. Брыль памёр 25 ліпеня 2006 года. Пахаваны ў Калодзішчах.

Вікіпедыя. (Працяг тэмы на ст. 2, 3.)


70 гадоў з дня нараджэння Віталя Скалабана

Віталь Уладзіміравіч СКАЛАБАН (5 жніўня 1947, вёска Шылавічы Слонімскага раёна - 20 жніўня 2011, Менск) - беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук.

У 1970 скончыў Ленінградскі ўніверсітэт. З 1972 працаваў у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя" рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі. У 1995-2000 намеснік дырэктара, дарадца Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы. З 2000 намеснік дырэктара Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны, з 2002 навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Даследаваў гісторыю беларускага нацыянальнага руху, культуры XIX - пачатку XX стст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Рэдактар-складальнік гістарычна-дакументальнай хронікі "Памяць. Ляхавіцкі раён", выдадзенай у 1989. Аўтар шматлікіх артыкулаў. Суаўтар сцэнарыяў дакументальна-мастацкіх тэлефільмаў.

Вікіпедыя.


Скарыніяна Сяргея Панізьніка

Першаптах

Прысвячаецца 505-годдзю Францішка Скарыны.

Уздымаюцца кнігаў крылы:

на стагоддзі у кніг размах.

Светлы вырай пачаў

Скарына -

дальназорны наш Першаптах.

З кнігай роднаю падрастаў я

і тэўтону казаў: "Не руш

ты ахоўніцу небакраю

і збіральніцу нашых душ!"

З кнігай знішчыць

нас не ўдалося.

Веру кожнаму ў ёй радку

пра крывіцкае ускалоссе

на Скарынаўскім мацерыку.

Птах вярнуўся. У ціхай стоме

на гучальнай стаіць вярсце.

З мудрай кнігай

у родным доме

юны родзіч яго расце.

1995 г.

На ўзвышша Роду

Шумяць вякі зялёна,

Бо глыбока

Карэняцца Скарынавы сляды.

Рыгор Барадулін "Скарынавы сляды"


Калі ў Дзвіну плыў з ручая,

было мне вузка…

І вось я з "Бібліяй…". Чыя?

Чытаю: "…руска"

Скарына працу падарыў

не жніўню - Спасу.

Адратаваў, а не скарыў

зямлі акрасу.

Ці з веры рускае мой хрост,

ці з веры рымскай, -

на доўгія вякі быў пост

краіне крыўскай.

Ліцвінам быў я, быў рабом

расейскай сілы…

Мне б сёння

вольнасць піць нагбом!

Ды - Божа мілы -

яшчэ не выпрастаў хрыбет…

А стаў я гонкі,

калі Скарыны запавет

збіў лёд палонкі.

Палон палонкі, біч ярма

вякі паскручваў…

Апроч Скарыны і няма,

хто б сэрца мучыў

і выпраўляў знямелы лёс

на ўзвышша Роду, -

каб смела беларускасць нёс,

жыў не ў дагоду…

- Ахвярты Спас!

Апостал быў?

" - Да Влтавы збочыў…"

А ў Палату глядзіць не Дзіў, -

Скарыны вочы.

З іх Знічка рысу правяла:

слязу - у жнівень…

І ўжо паболела святла

на нашай ніве !

------------------------

Спас - эпітэт ва ўслаўленні Ісуса Хрыста.

6 (19) жніўня ў народзе ад-значаюць Праабражэнне Ісуса.

Яблычны Спас - дзень дабра-слаўлення пладоў.

Дзіў - у далёкіх продкаў боства неба, бацька багоў і людзей, кіраўнік Сусвету і стваральнік маланак.


Францішку Скарыну прысвячаецца


Павяленнем, працаю

і выкладам…

Каб мы… усялякага

труда і скарбу

для паспалітага дабра і для айчыны не шкадавалі…

Эгрэгіус. Ф. Скарына .


Слаўлю, гордыя словы

незгасальны ваш лад!

Наглуміліся з мовы

каля тронаў, палат, -

а яе не скарылі,

бо на вуснах цвіла

і нашчадкаў Скарыны

у паход павяла.

Ні пагрозных указаў,

ні завейных магіл,

ні пякучай абразы,

ні бяздомнай тугі

не збаяліся словы, -

бо з аховай жылі…

А знішчальнікі мовы

палыном параслі.

З намі гордыя словы

назаўжды, назусім.

І Скарыны

прадмовы -

перад светам усім!

------------------------

Эгрэгіус ( egregius ) на лаціне - шаноўны, слаўны.

РОДНАМУ ПОЛАЦКУ

Францішака,

Скарыніна сына з Полацка,

у лекарскіх навуках доктара, прамаўленне:

- Калі у далёкіх краях

на мяне заяўлялі правы,

Паўтараў, што са слаўнага Полацка родам.

Генадзь Бураўкін "Скарына".


- Бераг нямеў.

Пад пяском зараслі

пласкадонкі.

І перакулены

вежы, званіцы, крыжы…

Полацак!

Ты крутабокі і звонкі:

кроны святыя свае

ўскалышы!

На крыжака прабіраўся ты

воўчаю сцежкай,

зьлюбамі-шлюбамі

весніў прыдзвінскі прастор…

Полацак!

І каб нашчадкаў усцешыць, -

ордам жахлівым

даваў ты адпор.

Веча гудзе.

Адраджаецца Полацка вера.

Славу тваю я вяду

ў далячынь і на ўзвыш.

Полацак!

Дужай дзяржаўнасці бераг,

помны як наш

Еўфрасінеўскі Крыж!

Пажытак

Усялякае Слова,

Богам натхнёнае, - карысна!

Яно вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае!

Францыск Скарына

(Паводле прадмовы да "Псалтыра")


Пайду, падумаю… Паеду…

На час няўродны адлучуся.

Хай Беларусь -

Каханка-Веда -

паверыць, што і я вучуся

у Празе, Кракаве,

у Львове…

Радню шукаю ля Таронта…*

Крутыя ў нас шляхі любові,

ліхія думаў гарызонты.

Была спагада да Майсея:

маца, разлом вады,

скрыжалі…

Пажытак свой мы паважалі.

А сталі з кнігамі вітрыны

падкрылкамі для Беларусі?

Пайду, падумаю… Вярнуся,

адкрыю Біблію Скарыны.

Пакуль у Слова

не ўвапруся, -

не нажыву сваёй Краіны.

-----------------------

* Сям'я Георгія Яна Скарыны знаходзілася ў Мексіцы, Стэнлі (Станіслава) Скарыны - у Канадзе.

18.02.2006, 16.12.2015, 2017.


Раннія вершы Янкі Брыля

Нагода

У сваёй кнізе запісаў і эсэ "Парастак" (Мінск, 2006) народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль (1917-2006) напісаў, што "друкавацца я пачаў у часопісе "Шлях моладзі" на пачатку 1938 года, псеўданімамі не карыстаўся, і таму маё "пісьменства" не было таямніцай для бліжэйшых землякоў, тым больш сяброў…".

Сапраўды, Янка Брыль напачатку сваёй творчасці не карыстаўся псеўданімамі, хаця яны ў яго былі. Пазней ён падпісваўся пад сваімі творамі і Асцюк , і Бобрык , і Дубец , і Лупаты , і Прышчэпа і г.д. Але пачынаў ён свой шлях у літаратуру з вершаў і падпісваў іх сваім уласным прозвішчам Янка Брыль. Першыя яго вершы былі апублікаваныя ў віленскім часопісе "Шлях моладзі" ў 1938-1939 гадах. Гэта былі шчырыя радкі пра родны край, пра тое, што аўтар чуў, бачыў, ведаў. Пісаў і друкаваў ён свае вершы і пазней, яны з'яўляліся ў "Піянер Беларусі", і ў "Вожыку".

Я прыгадаў пра гэта таму, што ў пачатку жніўня Янку Брылю спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння. Гэты светлы і вялікі юбілей нашага пісьменніка, якога многія ведалі, з якім сябравалі, якога паважалі і шанавалі, адзначаць у многіх кутках Беларусі.

З Янкам Брылём я сустрэўся, калі быў студэнтам філфака БДУ. Мы любілі бываць на літаратурных вечарах у Доме літаратара ў Менску, якія ён вёў, бо яны былі вельмі цікавыя і запамінальныя. Янка Брыль заўсёды распавядаў нешта асаблівае, вясёлае і новае.

У 2006 годзе ён папрасіў, каб я яму даслаў сваю кнігу "Чамяры і чамяроўцы", прысвечаную вёсцы Чамяры Слонімскага раёна. Я праз Уладзіміра Ягоўдзіка перадаў яму кнігу. Іван Антонавіч ужо моцна хварэў. Але ён уважліва прачытаў кнігу, бо там я распавядаў і пра яго сяброў маладосці Якуба Міско і Анатоля Іверса. А ў знак падзякі ён даслаў сваю кнігу "Парастак" з аўтографам: "Паважанаму Сяргею Чыгрыну - з падзякай за "Чамяры" і найлепшымі пажаданнямі. Янка Брыль. 8.07.2006 г.".

Янка Брыль вялі майстар прозы. Багацце асобы, літаратурная манера пісьма, высокае моўна-стылёвае майстэрства зрабілі яго прозу эмацыянальна хвалюючай. Але ў літаратуру ён прыйшоў найперш з вершамі, якія пачалі з'яўляецца амаль 80 гадоў таму. Першыя раннія паэтычныя радкі Янкі Брыля прапаную чытачам "Нашага слова".

Давайце сёння разам пабудзем з Брылём-паэтам, які прыгожа і вобразна апісваў і жніво, і поле, і вясну, і людзей, якія з ім жылі побач.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Ідзе жніво…

Сакочуць конікі… Бялеюць жыта нівы…

Павісла духата над гонямі палёў…

І мошак свет звініць дакучлівы, гуллівы,

І калыхаюць ветрыка павевы

Чароўны свет вусатых, цяжкіх каласоў.

Бульба красуецца, узорныя палосы

Аўсоў зялёна-сівых, жоўтых ячмянёў.

Гарох кішыць ад красак матылёў…

І не падняць вачэй на сінія нябёсы.

1939 г.

***

Ажываюць лес і поле,

Зашумелі, зацвілі…

А ў садочку на прыволле

З вулляў пчолкі загулі.

І пяюць - прыгрэе сонца,

Распускацца вербы стануць.

Пабялеюць вішні, грушы,

А на лузе кветкі глянуць.

І праз лодку, праз ваконца

Мы, гуллівай чарадою,

За вясною маладою

З песнямі да працы рушым…

Будзь разумны і ахвярны:

Дай нам догляду, спакою -

Хутка злюбімся з табою,

Працаваць цябе навучым,

Знімеш з сотаў мёд пахучы -

І паправіш лёс свой марны.

1938 г.

Апошнія крыгі

Ля моста лёд спынілі крыгаломы,

Нібы вясну хацелі затрымаць.

А з-пад лядовае вырваўшысь кары

На поўнач шпарка шэрыя кацілісь хвалі.

Іх сонца лашчыла і вецер карбаваў,

Гуляючы па іх халоднай сталі.

А з вёскі выйшлі хлопцы з бусакамі,

Ганяюць крыгі, весела крычаць…

Зірні: і дзед ў кажушку з дзецюкамі

Прыйшоў зіму ліхую праганяць…

Вунь. Як заўзята крыгу папіхае:

- Ну, праклятая! Як быццам ты не знаеш,

Што ў хляве карова не ўстае,

Што каніна шоры ледзь цягае,

Што ў хаце хлеба не стае,

Што год за годам ў лесе даражае…

Ну, яшчэ, яшчэ, э-эп! Па-а-йшла!..

12.03.1938 г.

***

Запрог ў саху Рыгор сівулю,

Барозны змейкаю кладзе,

Сынок жане ў хмызняк Красулю -

Вясна ідзе! Вясна ідзе!

Глядзіць Марыля, ці ўжо суха

Ўсадзіць цыбулю на градзе.

Пайшла у бабаў завяруха -

Вясна ідзе! Вясна ідзе!

Бы дзеўчынка у шлюбнай модзе,

У садзе дзераўца цвіце.

Гудуць жа пчолкі ў агародзе -

Вясна ідзе! Вясна ідзе!

Вецер свежанькім запахам

Пляцёнкі з зеляні пляце.

Варушыць ўсё пад Божым дахам -

Вясна ідзе! Вясна ідзе!

Ах ты, вясна, як ты ўсім міла,

Ты ўсім пацеху прынясла.

Сваім вянком зямлю пакрыла,

Чароўным ўзорам запляла.

1938 г.

Спатканне

Рана ў нядзельку старэнькі дзядуля

Выйшаў у поле з сяла

Глянуць, як статак пільнуе Настуля,

Глянуць, як грэчка ўзыйшла.

Ідзе ён і цешыцца спевам птушыным,

Радасна вокам глядзіць.

І бачыць ля свежай капы канюшыны

Заяц спакойненька спіць.

З літасцю, з смехам падходзе старэнькі,

Зайчыну кульбай крануў.

І засмяяўся, кажа: "Дурненькі

Добра ты тут храпянуў.

Смачна паснедаў, відаць, небарака,

Добра, што я надыбаў.

Гэтак не важна: не дай Бог сабака -

Вось ты б тады і паспаў!.."

Зайка адбегся, дубка прыпадняўся -

Бы слухаць, як дзед наракаў, -

Сеў, пасядзеў… і спакойна у жыта,

Ўдоўж па аўсе паскакаў…

Быццам ён ведаў, што ў сэрцы старога

Светлы пануе спакой…

Быццам ён знаў, што не крыўдзіць нікога

Той, хто магутны душой!..

1938 г.


Мовазнаўцы вызначылі свае прыярытэты

На VII з'ездзе беларусаў свету ў рамках працы секцыі "Беларуская мова і культура - аснова нашай дзяржаўнасці" дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў распавёў пра даследчыцкую дзейнасць супрацоўнікаў інстытута. Айчынныя лексікографы падрыхтавалі да друку і выпусцілі ў 2017 годзе арфаэпічны і гістарычны слоўнікі беларускай мовы.

- Стварэнне новага фундаментальнага акадэмічнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы з'яўляецца адной з прыярытэтных задач сучаснай беларускай лексікаграфіі, - адзначыў кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Лявонавіч Капылоў. - Корпус тэкстаў новага тлумачальнага слоўніка складае каля 100000000 словаўжыванняў. Мяркуецца, што ў слоўніку будзе прадстаўлена каля 150000 слоў. Туды важна будзе ўключыць канфесійную лексіку, словы, які папоўнілі мову дыяспары ў найноўшы час. Мова дыяспары патрабуе асобных даследванняў.

Шэраг навуковых аддзелаў інстытута працуе ў гэтым кірунку. Асноўны напрамак навуковай дзейнасці аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі - даследаванне лексіка-семантычнага складу сучаснай беларускай літаратурнай мовы шляхам манаграфічнага апісання і стварэння перакладных і тлумачальных слоўнікаў. Асновы гэтай працы былі закладзены мовазнаўчымі камісіямі Інбелкульта і Інстытута літаратуры, мастацтва і мовы.

Супрацоўнікі аддзела лексікаграфіі інстытута рэгулярна кансультуюць вучняў і настаўнікаў па пытаннях беларускай лексікалогіі і анамастыкі, удзельнічаюць у падрыхтоўцы конкурсных заданняў па беларускай мове для школьнікаў, з'яўляюцца членамі журы і экспертных камісій на гарадскіх конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях навучэнцаў у секцыі "Беларуская філалогія", а таксама праводзяць тэматычныя адукацыйныя семінары "Першыя крокі ў навуку".

Дзейнасць лінгвістаў аддзела сучаснай беларускай мовы, сярод якіх - доктар філалагічных навук Русак В.П., кандыдаты філалагічных навук Максімава Т.Я., Сяргеева А.М., Уласевіч В.І., Шчасная К.Д, падпарадкавана адной мэце - дапамагчы носьбітам мовы і ўсім, хто імкнецца яе вывучыць, зразумець сутнасць змен, навучыцца прымяняць новыя правілы, свабодна карыстацца нарматыўным напісаннем з улікам новай рэдакцыі беларускага правапісу.

Асноўныя выданні аддзела, навуковыя артыкулы, слоўнікі-даведнікі складзены з разлікам на носьбітаў беларускай мовы, якія жадаюць удакладніць свае веды пра напісанне, змяненне знамянальных слоў, іх вымаўленне. Усе выданні адрасуюцца самаму шырокаму колу чытачоў: настаўнікам і вучням, выкладчыкам і студэнтам, усім, хто карыстаецца беларускай мовай у пісьмовай і вуснай форме, для каго важна правільная моўная практыка. Актуальнасць выдадзеных прац відавочная: унармаванае, аднастайнае выкарыстанне беларускай літаратурнай мовы ў друку, справаводстве, СМІ, вучэбным працэсе неабходна для павышэння культуры мовы ўсіх грамадзян, улічваючы, што беларуская мова з'яўляецца адной з дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь.

Аддзел гісторыі беларускай мовы займаецца асвятленнем ўнутранай гісторыі беларускай літаратурнай мовы, тых працэсаў і змен, якія адбываліся на яе графіка-арфаграфічным, граматычным, лексічным узроўнях; знешняй гісторыі беларускай літаратурнай мовы, звязанай з вызначэннем яе ролі і функцый у грамадска-палітычным і культурным жыцці нашых продкаў; вывучэнне мовы асобных помнікаў старабеларускай пісьменнасці.

Ідзе праца над стварэннем публічнага агульнага корпусу беларускай мовы.

- У 2019 годзе Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа будзе адзначаць 90-годдзе,- паведаміў дырэктар інстытута.

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымку: Ігар Капылоў і Алена Анісім.


Да 100-годдзя Янкі Брыля

"Белпошта" з ініцыятывы ТБМ выпусціла маркаваны мастацкі канверт да 100-годдзя з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля.


Мова - прызнак этнасу

Выступ Хведара Нюнькі на VII з'ездзе беларусаў свету

Вельмі хутка праляцелі чатыры гады ад шостага з'езду. Шмат значных і важных падзей адбылося за гэты час у свеце - мяняліся палітычныя і эканамічныя асновы дзяржаў свету, дзе мірным шляхам, а дзе з кроўю. Толькі ў нашай Беларусі ўсё захавалася стабільна, як было раней. Як каралі, так і караюць - звальненнем з працы, штрафамі, міліцэйскімі расправамі за гістарычную нацыянальную сімволіку, за мірныя пратэстныя акцыі, за крытыку існага рэжыму, тым самым парушаючы элементарныя правы чалавека. Не палепшылася драматычная сітуацыя з беларускай мовай, яна не стала дзяржаўнай, у адрозненне ад сіту-ацыі ва ўсіх суседніх краінах. У Літве на галоўных каналах тэлебачання кожны тыдзень перадаюцца канцэрты па заяўках слухачоў і гледачоў. Канцэрт доўжыцца 2-3 гадзіны і запоўнены выключна літоўскай эстраднай і народнай музыкай і ніякай іншай. Дык вось, прыклад адносін дзяржавы да сваёй мовы. Ці магчыма такое ў Беларусі? Справа мовы архіважная для захавання беларускага этнасу. Калі параўнаць колькасць выдаваных дзяржаваю беларускіх газет, кніг і іншай прадукцыі, то варта спытаць, у якой незалежнай дзяржаве мы жывем? А школы, якія павінны выхоўваць беларускіх патрыётаў, якія захаваюць беларускі этнас і культуру, а таксама пры патрэбе будуць абараняць Беларусь ад сапраўдных ворагаў, а не выдуманых з "пятай калоны" ці "Белага легіёна". Сумна, але ў гарадах Беларусі наогул беларускіх школ няма - поўная русіфікацыя. Беларуса трэба выхаваць, каб ён стаў сапраўдным патрыётам сваёй краіны. Так робяць усе цывілізаваныя народы свету.

З гонарам хачу адзначыць, што дзякуючы маім намаганням і добрым адносінам з усімі літоўскімі ўладамі, мне ўдалося атрымаць дазвол на бюджэтным фінансаванні адкрыць у Вільні беларускую школу (цяпер гімназія) і беларускі факультэт пры педуніверсітэце. Аднак, замест падзякі, за мае шматлікія пратэстныя акцыі супроць існага рэжыму і супроць парушэння правоў чалавека ў Беларусі адбыўся разрыў нашых адносін на 20 гадоў паміж мною і беларускай амбасадай з падкантрольнай ёй беларускай школай.

Хачу нагадаць мой асабісты прыклад з жыцця і станаўлення нас як нацыі і народа. Я жыў у Беларусі пры польскай уладзе, вучыўся і выхоўваўся ў польскай школе і ў польскім духу, бо ні беларускіх, ні іншых не было. Калі адкрыліся беларускія школы, а ў 1942 г. усе школы перайшлі на беларускую мову, настаўнікі, бальшыня з іх, былі мясцовыя беларускія патрыёты і вучылі нас праўдзівай беларускай гісторыі. Я зразумеў, што ніякі я не паляк і мова мая павінна быць беларускаю. У школе я стаў актывістам і беларускім патрыётам і захаваў гэта на ўсё жыццё, ды стаў сябрам Беларускай Народнай Самапомачы. У часе нямецкай акупацыі я памагаў беларусам і беларускай справе прафесыйна валодаючы нямецкай моваю.

Цяпер цёпла і з удзячнасцю ўспамінаю сваіх першых настаўнікаў-выхаваўцаў. Нажаль лёс іх склаўся трагічна. Дзеля пашаны да іхняй памяці, хачу назваць некаторых з іх: гэта прафесар, выкладчык гісторыі Дзмітры Агіцкі, фізіку і матэматыку выкладалі Язэп і Юрка Клышэвічы, культуру - Пётра Рандарэвіч, Шляхтун і інш.

Пётра Рандарэвіч, Язэп і Юрка Клышэвічы і многія, многія іншыя былі замардаваныя чырвонымі, ці белымі бандамі, якія не змагаліся з акупантамі, а забівалі беларускіх актывістаў-адраджэнцаў.

Прафесар Дзмітры Агіцкі (сын святара ў Шчучынскай царкве) перажыў вайну, але асабістае жыццё склалася не менш трагічна. Мне даслалі газетны артыкул "Кароль Лір са Шчучынскага раёна", дзе апісаны апошнія гады жыцця гэтага выдатнага навукоўца і патрыёта. Гэта ён першы спрычыніўся да выхавання мяне беларускім патрыётам, што і пранёс я праз усё жыццё. Таму і тэрміновы пераезд мой напрыканцы 1943 года ў Вільню не быў прыпадковым, а звязаны быў з маёй беларускасцю.

Жыццё паказвае, што, як толькі пры акупацыях з'яўляюцца спрыяльныя ўмовы (Першая і Другая сусветныя войны) беларусы здольныя арганізавацца і змагацца за свае інтарэсы, і ў першую чаргу закладаюць беларускія нацыянальныя школы, аб чым сведчаць дакументы. У мяне захаваўся арыгінал пашпарта, выдадзенага ў Літве ў 1916 годзе на нямецкай і беларускай мове - ні на рускай, ці польскай, ці літоўскай, а на беларускай.

У заключэнне хачу коратка спыніцца на падзеях у Таварыстве беларускай культуры ў Літве на працягу 2014-2017 гадоў, паколькі неаб'ектыўны розгалас пра гэта дайшоў да беларусаў усяго свету.

Па ініцыятыве бізнесоўца Мікіты Забугі (які фактычна сам знаходзіцца ў складанай сітуацыі судова-фінансавых праблемаў) сабралася купка беларусаў, якім ён распавёў, як можна лёгка набыць вялікія грошы: "Калі б вярнуць былыя тры дамкі айцоў-марыянаў і адкрыць фінансавыя банкаўскія рахункі старшыні ТБК Х. Нюнькі... Тады можна будзе разбагацець..."

Купка выслухала і ўспрыняла сур'ёзна. Бо хто ж не хоча разбагацець? Сказана-зроблена. Пачалася энергічная працa з дапамогаю адвакатаў з праваахоўнымі ўладамі Рэспублікі па дыскрэдытацыі Нюнькі, якому прыпісваліся маштабныя злачынствы.

Такім чынам "путч", які пачала купка нясумленных людзей, працягваўся амаль тры гады. Па справе, Віленскі акружны суд наняў адпаведных фінансавых экспертаў і два разы праверыўшы ўсю фінансавую і гаспадарчую дзейнасць таварыства больш, чым за 10 гадоў, зняў усе абвінавачанні супроць Нюнькі, як безпадстаўныя і абавязаў "путчыстаў" выплаціць для яго грашовую кампенсацыю, канчаткова закрыўшы судовую справу. "Путч" прынёс шкоду здароўю і дабрабыту асабіста Хведара Нюнькі і яго сям'і. Але, ці не яшчэ большую шкоду, беларусізацыі і ўсім беларусам Віленшчыны? Цікава:

- На каго працуюць правакатары?

- Хто іх фінансуе?

- Каму спатрэбілася ліквідаваць аўтарытэт найстарэйшай арганізацыі беларусаў у Літве?

На гэтыя і шмат іншых пытанняў адказаў пакуль няма. Але яны будуць абавязкова знойдзены пры вашай дапамозе.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў жніўні

Адамін Іван Адамчык Валеры Зянонавіч Азаранка Аляксандр Іванавіч Акіменка Антаніна Акрамава Іна Акрушка Яўген Анатольевіч Александровіч Ала Ібрагім. Альхіменка Лідзія Альховік Надзея Васільеўна Аляксандровіч Валянціна Анацка Алег Андросенка Сяргей Андрэевіч Андрэеў Ілля Аляксандравіч Антановіч Кастусь Уладзімір. Антанюк Раіса Рыгораўна Анціпенка Алесь Ілліч Арлоў Уладзімір Аляксеевіч Арэшкава Марыя Асаула Рыгор Міхайлавіч Астапенка Анатоль Уладзімір. Бакач Алесь Уладзіміравіч Бандарчык Уладзімір Мікал. Банцэвіч Ілья Сямёнавіч Барадзіна Інга Мікалаеўна Бардашэвіч Яна Валер'еўна Бартноўская Яна Аляксандр. Барысік Таццяна Іванаўна Басанец Анастасія Ільінічна Басін Якаў Зіноўевіч Бахметава Святлана Бацюкоў Аляксей Мікалаевіч Белахвостава Людміла Ігараўна Більскі Ілья Андрэевіч Блоцкая Ірына Мікалаеўна Бранішэўская Света Бубешка Антаніна Бука Алег Рывалдавіч Бурко Іосіф Віктаравіч Бут-Гусаім Святлана Феадос. Вайноўскі Міхаіл Валатоўскі Вячаслаў Валянцін. Варапееў Уладзімір Васіляўскайце Таццяна Васько Яніна Мікалаеўна Ваўранюк Ірына Ільінічна Вера Канкаловіч Войніч Станіслаў Эдуардавіч Воўк Яўген Вуек Ул. Ул. Вырвіч Барыс Іванавіч Вячорка Аляўціна Сямёнаўна Габец Ягор Валер'евіч Галавіна Клаўдзія Іванаўна Галаўнёў Мікалай Іванавіч Галоцік Ірына Пятроўна Галубовіч Ксенія Леанідаўна Гаплічнік Аксана Мікалаеўна Гапоненка Алег Паўлавіч Гаравая Ніна Віктараўна Гарэлікаў Уладзімір Марат. Гедрэвіч Валянціна Глазырын Сяргей Грудніцкая Тамара Грыгенча Вераніка Грынюк Вольга Віктараўна Грышуніна Наталля Губскі Ўладзімір Гудкова Вольга Ўладзіміраўна Гундар Марына Юр'еўна Дабравольскі Андрусь Дабрадзей Алеся Пятроўна Дакурна Генрых Фабіянавіч Дарафяюк Міхаіл Дваранчук Юры Яўгенавіч Дзергачова Любоў Рыгораўна Дзешчыц Алена Аляксандр. Дзьячкова Ларыса Дзянісік Алена Догелева Ала Доўгі Ўладзімір Драздоў Юры Другакоў Уладзімір Пятровіч Дрыгайла Зміцер Ісаакавіч Дычок Сяргей Уладзіміравіч Ерашэня Раман Віктаравіч Жаркоў Аляксандр Іванавіч Жаўрыд Марына Аляксандр. Жукоўская Алеся Іванаўна Забенька Сяргей Аляксандр. Зайка Аляксандр Фаміч Запрудскі Сяргей Мікалаевіч Зверава Тамара Зуева Валянціна Дзмітрыеўна Іваноў Мікалай Аляксеевіч Іскарцкая Марына Каваленка Анастасія Ўладзім. Кавалеўскі Яўген Міхайлавіч Кавалец Аляксей Паўлавіч Кажарская Эліна Сяргееўна Казак Алег Казмірук Аліна Вітальеўна Камарова Алена Аляксандр. Камароўскі Мікалай Міхайл. Камароўскі Мікола Іванавіч Камбалава Анжаліка Набіл. Камянецкая Ірына Кананенка Тамара Міхайлаўна Кануннікава Ніна Паўлаўна Капціловіч Тамара Карабельнікава Алена Карніенка Мінай Лявонавіч Кароль Алег Карпекін Канстанцін Рыгор. Карповіч Андрэй Уладзімір. Касаты Людвіг Канстанцінавіч Касьяненка Антон Кірвель Юзаф Юзафавіч Князева Часлава Вячаславаўна Коваль Альвіна Козіч Ганна Леанідаўна Колесень Ірына Копыл Ілля Піліпавіч Корбут Аляксандр Іванавіч Косінец Анатоль Краснік Вольга Краснова Наталля Красюк Фёдар Краўцоў Генадзь Сямёнавіч Краўчанка Пётр Кузьміч Крокас Ірына Круглая Марына Віктараўна Кручонак Ігар Мікалаевіч Кузьміч Леанід Пятровіч Кузьмянкоў Зміцер Уладзімір. Куксар Наталля Куль Дзмітры Кунцэвіч Святлана Віктараўна Купава Вітаўт Мікалаевіч Куплевіч Віталь Эдуардавіч Курловіч Аляксандр Адамавіч Кушаль Глафіра Васільеўна Леановіч Алена Георгіеўна Лемеш Яўген Вікенцьевіч Лепяшко Аляксандр Віктар. Лойка Тамара Лук'янава Марыя Рыгораўна Ляскоўскі Ўладзіслаў Канст. Ляўкевіч Наталля Міхайлаўна Ляшкевіч Таццяна Маёрава Вольга Ўладзімір. Макарэвіч Віталь Сяргеевіч Малашчанка Ўладлена Алег. Малей Кацярына Маліноўскі Макар Яўгенавіч Мальдзіс Адам Восіпавіч Мандрык Наталля Мандрыкін Раман Аляксандр. Марцінкевіч Андрэй Андрэев. Марчанка Дзяніс Васільевіч Марчык Віктар Машчэнская Алена Мілевіч Ларыса Васільеўна Мінчук Уладзімір Міхайлоўская Анастасія Вяч. Міхайлоўская Таццяна Васіл. Міцкевіч Марыя Міхайлаўна Мішкевіч Аліна Міхайлаўна Мудроў Алег Л. Муха Анатоль Міхайлавіч Муха Барыс Ібрагімавіч Мыслівец Андрэй Аляксандр. Мялешка Аляксей Аляксеевіч Мясніковіч Юры Навумец Яўген Часлававіч Наліўка Лідзія Вячаславаўна Неткачава Валянціна Аляксан. Нікіценка Мікалай Оліна Эла Ігараўна Пабірушка Надзея Палівода Святаслаў Мікітавіч Панамарова Жанна Сцяпан. Папова Варвара Сяргееўна Пархімчык Святлана Мікал. Патапчук Леанід Паўловіч Іван Іванавіч Пацёмкін Уладзімір Леанідавіч Петухоў Алесь Піваварчык Сяргей Аркадз. Плевака Валеры Сцяпанавіч Плотнікаў Уладзімір Правалінскі Віталь Пухоўская Юлія Аляксандр. Пучынскі Ўладзімір Станісл. Пушкін Аляксандр Мікал. Пшэннік Тамара Францаўна Пятровіч Ева Іванаўна Рагачэўская Валянціна Пятр. Раманава Юльяна Ігараўна Раманчык Надзея Дзмітрыеўна Рамук Андрэй Раткевіч Лілея Рачко Віктар Русакевіч Юры Яўгенавіч Руснак Ганна Вітальеўна Рынкевіч В. У. Рысявец Уладзімір Аляксандр. Рэйда Святлана Юр'еўна Сабаленка Аляксандр Міхайл. Сабінін Сяргей Юр'евіч Савіцкая Ірына Канстанцінаўна Савосценка Ігар Садаўнічы Дзмітры В. Садоўская Анастасія Раман. Сак Міхал Міхалавіч Салодкіна Святлана Самайлюк Тамара Андрэеўна Самусенка Кім Андрэевіч Сармант Сяргей Аляксандр. Саўко Марыя Сафонава Вольга Віктараўна Сека Васіль Сенькавец Ганна Сідарэвіч Наталля Скрыган Ігар Генадзевіч Скрыпаль Аляксей Сяргеевіч Смаленкін Іван Анатольевіч Сом Алена Ўладзіміраўна Стамінок Наталля Стаціўка Алесь Канстанцінавіч Сташкевіч Яна Ігараўна Стукала Алена Субоцін Аляксандр Аляксан. Супрановіч Віталь Канстанц. Сушчэўскі Алесь Аляксандр. Сцефановіч Здзіслаў Уладзісл. Сцяцэнка Наталля Валер'еўна Сырапеня Пётр Андрэевіч Сямашка Я. І. Торап Аляксандр Валер'евіч Тоўсцік Святлана Сяргееўна Трафімчык Дамініка Сярг. Трубач Таццяна Георгіеўна Трусаў Алег Анатольевіч Трухановіч Ларыса Трухановіч Леанід Мікалаевіч Тупянец Дзмітры Валянцінавіч Туронак Людміла Данатаўна Тэжык Ірына Утачкіна Людміла Фёдарава Таццяна Дзмітр. Федуковіч Васіль Філімонава Іна Ўладзіміраўна Філіпчык Васіль Іванавіч Форнэль Кастусь Іванавіч Халіпскі Рыгор Веніамінавіч Хітрун Алесь Часлававіч Царук Вольга Іванаўна Цвірко Іван Яўгенавіч Цімашэвіч Уладзімір Максім. Цыганкова Анастасія Дзмітр. Чабанава Таццяна Аляксандр. Чарнякоўскі Віталь Радзівон. Чэчат Алесь Віктаравіч Шаўчук Ігар Іванавіч Шкель Ульяна Андрэеўна Шумскі Андрэй Мікалаевіч Шчэрбіч Мікола Аляксандр. Шыла Святлана Іванаўна Шымко Лілея Канстанцінаўна Юч Галіна Ярмоленка Тамара Іосіфаўна Ясюк Іван Вітальевіч Яцкоўская Святлана Анатольеўна.


"Прабегчы 165 км за суткі ў 55 гадоў? Лёгка, калі ты шчаслівы чалавек!"

Як старшыня лідскага ТБМ скарае еўрапейскія стадыёны

Лявон Анацка цягам двух гадоў бегае 24-гадзінныя марафоны. Як адзіны беларус, ён прэзентаваў краіну на апошнім міжнародным чэмпіянаце ў Белфасце. "Белсат" даведаўся ў спадара Лявона, як пераадолець сябе, дасягнуць мэты і застацца маладым.

Некалькі дзён назад Лявон Анацка вярнуўся з двухдзённага марафону ў Празе з вынікам 256 км. Перад гэтым беларус прывёз неблагі вынік з Англіі, пераадолеўшы 165 км за суткі ў забегу на чэмпіянаце свету ў Белфасце. Сярод 400 удзельнікаў спадар Лявон адзіны прэзентаваў Беларусь і ў сваёй узроставай катэгорыі заняў 4-е месца.

- Шмат хто пабаяўся, бо, вядома ж, трапіць у Англію з Беларусі досыць цяжка. Шэнген там не дзейнічае, прыйшлося візу вырабляць, а гэта вельмі складана. Прычым па маім заробку будаўніка на абутковай фабрыцы, як высветлілася, 105 фунтаў - гэта дзённы заробак таго англічаніна, што будзе мяне ў Англію пускаць. Прыйшлося папацець, каб сабраць нейкія там дывідэнды рэальныя, якія я атрымоўваю. Затое цяпер маю візу. Планую на Каляды ў Лондан паляцець, а перад гэтым будзе забег у Барселоне, а пасля гэтага, 31 снежня хачу прыняць удзел у забегу ў Капенгагене і там жа сустрэць Новы год, - распавядае пра свае планы беларускі бягун.

Стартаваў апошні, каб усе бачылі цішотку "Belarus"

Спадар Лявон з гонарам паказвае нам сваю спартовую форму:

- Усё ў бел-чывона-белым. Гэта мая цішотка была, я вам пакажу. Дзе лацінкай пачынаецца, я стартаваў, а вось з кірыліцай я ўжо фінішаваў. Я хацеў, каб Беларусь было бачна. Адзеў на ангельскай мове цішотку, стаў самы апошні, пабег і паціху пачаў усіх абганяць, каб усё ж такі яны прачыталі. Страціў хвілінку, але мне было прыемна. У выніку прабег роўна 100 кругоў. Усе да сотні або болей за сотню, а ў мяне такі круглы вынік атрымаўся.

На апошнім чэмпіянаце ў Белфасце ўдзельнічала каля 400 чалавек з 40 краін свету, пры чым сярод жанчын прадстаўніца Польшчы Патрыцыя Беразноўская пабіла новы сусветны рэкорд - 258 км за суткі! Сярод мужчын наперад выйшаў японец, пераадолеўшы 267 км.

"Галоўнае - любіць жыццё!"

Спадар Лявон дае парады тым, хто хоча прабегчы марафон.

- Па-першае, добры абутак! Бо я, як патрыёт і прадстаўнік Лідскай абутковай фабрыкі, набыў сабе нейкія красоўкі нашага вырабу. У выніку такія мазалі націраў, што цалкам ад усёй ступні адыходзілі. Цяпер перайшоў на больш салідны абутак. Не буду казаць, каб не рабіць рэкламы. А па-другое: любіць жыццё, быць шчаслівым і ведаць, і верыць, што дойдзеш да раніцы. Быць цярплівым і самае галоўнае, хутка не стартаваць. Бо гэта як у жыцці: у 18 гадоў можна так загуляць, што потым у 25 ні здароўя, ні сіл, ні жадання. А я вось хачу паказаць, што можна быць шчаслівым і здаровым і на другой палове жыцця.

Як распавядае спадар Лявон, у дзяцінстве ён 12 разоў перахварэў на запаленне лёгкіх, а на першым курсе інстытута пастаянна цярпеў на павышаны ціск. Але гэта не перашкодзіла яму адчуваць сябе здаровым і шчаслівым.

Што датычыць харчавання, то 55-ці гадовы спартовец стараецца прытрымлівацца вегетарыянскай ежы. Галоўнае, каб хутка засвойвалася.

- Перад Белфастам я ўвогуле два месяцы нічога мяснога не еў. Пры бегу і ўвогуле такой цяжкай працы, трэба есці ежу, якая хутка засвойваецца. Я вельмі люблю кефір, якую-небудзь агародніну, ягады, магу яблыкаў шмат з'есці. І яно адразу ў кроў ідзе і гэта дапамагае. Бо калі твае ныркі недзе не спрацоўваюць на 12-й гадзіне, і пачынае ўся ежа ад стомленасці не прымацца. А ў мяне апетыт страшэнны. Я, калі іду, ем усё запар, звычайна іду і ем на хаду. Ну і з вадой. Я з дзяцінства ў лесе суткі без вады мог абыходзіцца. Ну праводзіў эксперыменты некалі для сябе, 68 гадзін сухой галадоўкі, і нармальна сябе адчуваў.

Як узгадвае спадар Лявон, цярплівасць і ўмеранае спажыванне ежы дапамагала часам і ў іншых сітуацыях. Да прыкладу на допытах КДБ падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў, калі ён узначальваў назіранне за выбарамі ва ўсёй Гарадзенскай вобласці.

- Калі мяне выклікалі на допыт, дык ужо гэты кгбіст спяшаецца да хаты ісці, а я: "Нее…". Давайце на беларускую мову перакладзём пратакол. І мы пакуль гадзінку перакладалі, другую, трэцюю. А цяпер давайце пытанні задаваць. А яму ўжо жонка тэлефануе. А я есці не хачу, піць не хачу і курыць - не куру. Магу сядзець там колькі заўгодна. Не-не-не, давайце яшчэ. Я замучыў яго так, што ён ужо ўсё: "Ідзіце, ідзіце, ідзіце", - узгадвае грамадскі актывіст.

"Бегаць і бегаць!"

Лявон Анацка каля 20-ці гадоў узначальвае Лідскую арганізацыю "Таварыства беларускай мовы", дзейнічаў у Беларускім хельсінкскім камітэце, працаваў у Фондзе Льва Сапегі, каля 8-мі год быў дэпутатам гарадской рады ў Лідзе. Цяпер спрабуе навязаць супрацу з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі, па пытанні пашырэння беларускай мовы. Аднак яго лісты ў федэрацыю пакуль вяртаюцца назад без адказу.

Наступны чэмпіянат свету па сутачным бегу будзе праходзіць у Аўстрыі ў 2019-м годзе, на які спадар Лявон хоча сабраць каманду з Беларусі. У нашай краіне 24-гадзінны бег не праводзіцца, максімальныя забегі па 12 гадзінаў, але, як кажа спартовец, "бегуноў у нас хапае".

- У клубе "Рэгіён", хачу адзначыць, што на марафоне мяне даганяюць некаторыя сябры з 39-га і 36-га года і прыходзіцца з імі змагацца! Так што, думаю, мне яшчэ бегаць і бегаць!


Увага!

З 26 ліпеня змяніўся нумар тэлефона Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Новы нумар (8017) 2638511.


Працаваць, як конь у Берліне нельга нават коням

Навіны Германіі

Дзясяткі тысяч подпісаў сабралі актывісты пад петыцыяй супраць таго, каб коні працавалі на турыстычны сектар Берліна.

У галоўным кіраванні юстыцыі, абароны правоў спажыўцоў і антыдыскрымінацыйным кабінеце пры гарадской радзе пацвердзілі: на сённяшні дзень сабраны больш за 80000 подпісаў пад петыцыяй за забарону турыстычных карэт з коньмі ў Берліне. У першую чаргу актывісты хочуць абараніць коней, якія стаяць парой гадзінамі запрэжанымі каля Брадэнбургскіх варот у чаканні кліентаў для рамантычнай прагулкі па Берліне.

Карэт у Берліне не так ужо і шмат. На Парыжскім пляцы штодня працуюць ад шасці да дзевяці коней. Аднак абаронцы правоў жывёл востра крытыкуюць некамфортныя працоўныя ўмовы для коней. Па іх меркаванні жывёлы пакутуюць з-за гарадскога шуму, выкідных газаў, а таксама ад адсутнасці нармаванага працоўнага графіка - коні мала адпачываюць, лічаць іх абаронцы.

Палітыкі ўпрэгліся за коней

Берлінская кааліцыя сацыял-дэмакратычнай партыі, Левай партыі і партыі "Зялёных" ужо прыняла рашэнне пра забарону турыстычных карэт з коньмі ў цэнтры Берліна. Дазвол на працу і ўдзел у транспартным руху горада карэтам выдаюць раённыя кіраванні сталіцы. У 2009 годзе была апублікавана дырэктыва па эксплуатацыі конных вазкоў у горадзе. У ёй агучаны наступныя пункты: жывёлы павінны быць здаровыя, добра ўкормленыя, дагледжаныя і ўпрэжаныя ў працоўную турыстычную схему толькі пасля дасягнення пяцігадовага ўзросту. Працоўны дзень берлінскага каня не павінен перавышаць дзевяці гадзін у дзень, уключаючы запрэжку, дарогу са стайні на "працоўнае месца", дарогу назад у стайню. І гэта незалежна ад сапраўды адпрацаваных гадзін.

Ада Астроўская, г. Берлін.


Раённае свята "Згукі Бацькаўшчыны"

Шмат філіялаў ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прыняло ўдзел у раённым свяце фальклору "Згукі Бацькаўшчыны", якое адбылося мінулай суботай у Лідскім замку, у рамках праекту "Замкавы гасцінец".

Мова, звычаі, традыцыі, рамёствы - усё перададзена нам продкамі скрозь вякі, як каштоўныя знакі памяці. Яны могуць знікнуць назаўсёды, калі не захаваем іх, каб перадаваць і надалей сваім дзецям і ўнукам, з пакалення ў пакаленне. Вось чаму, мы імкнемся зберагчы гэтае багацце. Доказ - народныя песні, якія гучалі на свяце ў выкананні народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік" Гудскага ЦТіВЧ, ансамбля бытавых інструментаў "Каханачка" Мажэйкаўскага ДК, народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў з Бердаўскага ЦКіВЧ. Дзітвянскі Дом культуры прадставіў абрад "Дажынкі", а пагуляць ў народныя гульні запрашаў народны тэатр "Бераг" Мінойтаўскага ЦКіВЧ. Знайшлося месца і частаванню стравамі традыцыйнай кухні. Напрыканцы фальклорны гурт "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры запрасіў на этнадыскатэку.

Па ўсяму было бачна, што свята спадабалася і гледачам, і тым, хто напасрэдна ладзіў яго. А гэта заўжды натхняе на перспектыву праводзіць такія мерапрыемствы.

Ганна Некраш , вядучы метадыст ДУ "Лідскі РЦ культуры і народнай творчасці.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Антановіч Тамара - 20 р., пас. Лясны, Менскі р-н

2. Давідоўскі Ігар - 20 р., г. Менск

3. Птушка Сяргей - 10 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н

4. Чыгір Яўген - 10 р., г. Гародня

5. Чэчат Алесь - 20 р., г. Менск

6. Чайкоўскі Павел - 5 р., г. Менск

7. Вяргей Валянціна - 25 р., г. Менск

8. Суша Тамара - 10 р., г. Менск

9. Бандарэнка З.А. - 10 р., г. Менск

10. Судлянкова Вольга - 10 р., г. Менск

11. Шагулін Алег - 10 р., г. Менск

12. Прыстрэм Наталля - 10 р., г. Менск

13. Котава Іна - 20 р., г. Менск

14. Шуканаў А.Г. - 10 р., г. Менск

15. Анісім Алена - 101 р., - г. Менск

16. Дзівак з-пад Дзісны - 1 р.

17. Грыбоўскі В.А. - 10 р., в. Чурылавічы

18. Сівы Сяргей - 5 р., г. Валожын

19. Панасюк А.П. - 30 р., п. Лясны, Менскі р-н

20. Карповіч А.Н. - 20 р., г. Менск

21. Сабалюк Людміла - 50 р., г. Менск

22. Барыс Сымон - 7 р., г. Менск

23. Якавенка Яўген - 107 р., г. Гомель

24. Грахоўскі Сяргей - 10 р., г. Менск

25. Прылішч Ірына - 10 р., г. Менск

26. Герэра Ідаэль - 20 р., г. Менск

27. Асіпцова Алена - 8 р., г. Магілёў

28. Глод Аляксандр - 50 р., г. Масква

29. Раманаў Віктар - 10 р., г. Менск

30. Ралько Леанід - 50 р., г. Баранавічы

31. Урублеўская Ганна - 20 р., г. Менск

32. Клюшня Алег - 2 р., г. Менск

33. Законнікаў Сяргей - 10 р., г. Менск

34. Шкірманкоў Фелікс 10 р., г. Слаўгарад

35. Гасанаў - 5 р., г. Менск

36. Яшкіна Надзея - 5 р., г. Менск

37. Шалянок Тамара - 100 р., г. Віцебск

38. Несцераў Віктар - 20 р., г. Менск

39. Кот Валер - 5 р., г. Менск

40. Кавалюк - 5 р., г. Менск

41. Кукавенка Іван - 15 р., г. Менск

42. Аніскевіч Ганна - 20 р., г. Баранавічы

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У канцы ХІV-ХV стст. Венецыя захапіла значную частку Паўночнай Італіі з гарадамі Веронай, Падуяй, Равенай і інш. Колькасць жыхароў дзяржавы складала 200 тысяч чалавек. У XV ст. краіна ўкладала ў свае дзелавыя аперацыі 10 млн. дукатаў (залатых манет), якія прыносілі прыбытак у памеры 4 млн. дукатаў. Венецыя мела 3345 караблёў і 36 тысяч маракоў. 16 тысяч венецыянскіх майстроў выраблялі шаўковыя, ваўняныя і баваўняныя тканіны. Вельмі славіліся і вырабы са шкла, асабліва люстэркі.

3. Генуя

Горад знаходзіцца на беразе Генуэзскай бухты ў Лігурыйскім моры (частка Міжземнага мора). Росквіт Генуі пачаўся ў X ст., калі, пасля набегу арабаў у 934 г., былі збудаваны гарадскія ўмацаванні і вялікі флот. У XII ст. Генуя - гэта незалежная дзяржава, якой кіравала рада выбарных консулаў , якія прадстаўлялі гандлёвыя інтарэсы розных купецкіх гільдый. У часы крыжовых паходаў Генуя - багатая і ўплывовая краіна з насельніцтвам 100 000 чалавек, з развітым гандлем, вялікім флотам і ўласнай банкаўскай сістэмай. Генуя мела разгалінавую сетку калоній. Гэта былі як асобныя будынкі (гандлёвыя факторыі ), так і гарадскія прадмесці (напрыклад, Галата пад Канстанцінопалем). Часам генуэзцы захоплівалі цэлыя выспы і ўзбярэжжы, ім належаў востраў Корсіка, паўночная частка Сардзініі, некаторыя гарады і цвердзі ў Крыме. У канцы XIII ст. Генуя перамагла свайго важнага гандлёвага канкурэнта Пізу. Увесь час ішло змаганне з Венецыяй. Пасля аднаўлення ў 1261 г. Візантыйскай імперыі генуэзцам за іх дапамогу аддалі ўсе прывілеі, якія мелі веніцыянцы, а таксама два прадмесці каля сталіцы - Перу і Галату. У 1139 г. частка мясцовых купцоў здзейсніла дзяржаўны пераварот, і яны абралі першага пажыццёвага дожа Генуі. Пры дожах існавала Рада старэйшых . У 1407 г. быў заснаваны банк Святога Георгія, які з другой паловы XV ст. стаў найбуйнейшым банкам Еўропы і часта даваў крэдыты каралям. Аднак у 1380 г. генуэзскі флот разбілі венецыянцы, і роля Генуі аслабла. Пасля захопу Візантыі туркамі Генуя страціла свае калоніі ў Крыме. У 1451 г. у Генуі нарадзіўся будучы знакаміты падарожнік Хрыстафор Калумб.

4. Фларэнцыя

Назва горада паходзіць ад лацінскага слова "квітнеючая". Горад знаходзіцца ў Сярэдняй (Цэнтральнай) Італіі. Росквіт горада пачаўся ў XII ст. У 1250 г. тут была прынятая першая ў гісторыі гарадскіх рэспублік Італіі мясцовая канстытуцыя. У 1252 г. Фларэнцыя пачала выпускаць сваю залатую манету - фларэнтыйскі фларын . У сярэдзіне XIV ст. тут налічвалася 200 мануфактур па вырабе сукна. Таксама фларэнтыйцы выраблялі шоўк, апрацоўвалі футра, славіліся сваімі ювелірнымі вырабамі. Да чумы 1348 г. у краіне жыло 125 тысяч чалавек. У XIV ст. улада ў горадзе належала Сіньярыі - радзе з дзевяці прадстаўнікоў найбольш уплывовых цэхаў. Кіраўніком Сіньярыі быў ганфаланьер (сцяганосец) правасуддзя (справядлівасці), і ён меў значныя паўнамоцтвы, нават кіраваў апалчэннем Фларэнцыі падчас вайны. Яго выбіралі тэрмінам на два месяцы. Фларэнтыйскія банкіры выступалі ў Еўропе як зборшчыкі даходаў Рымскага Папы і таму маглі пазычаць грошы магнатам і нават каралям.

З 1434 г. у Фларэнцыі фактычную ўладу захапіла багатая купецкая сям'я Медычы. Прадстаўнікі гэтага роду сталі некараванымі каралямі Фларэнцыі, прытым фармальна рэспубліканскія структуры захоўваліся. Медычы былі самым магутным банкірскім домам Фларэнцыі і часта выступалі ў ролі мецэнатаў мастацтваў. У горадзе пачалося вялікае будаўніцтва, сюды запрашаліся найлепшыя архітэктары, мастакі і пісьменнікі Італіі. Найбольшай магутнасці Медычы дабіліся пры кіраванні Ларэнца Пышнага (1469-1492). Ларэнца быў вельмі адукаваным чалавекам, валодаў грэцкай мовай і збіраў творы мастацтва. У яго былі банкірскія канторы ў розных буйных гарадах Еўропы, і праз іх ён мог уплываць на палітычнае жыццё шмат якіх еўрапейскіх краін. Аднак 10 лістапада 1494 г. у Фларэнцыю ўварваліся французскія войскі, і апошні кіраўнік з роду Медычы П'ер мусіў уцякаць з горада. У горадзе была адноўленая рэспубліка на чале з Джыралама Саванаролам . Ён быў аскетам і фанатыкам, загадваў паліць карціны, знішчаць кнігі ды музычныя інструменты. У 1498 г. яго, на загад Папы, схапілі і павесілі, а цела потым спалілі.

5. Мілан

Горад быў заснаваны кельтамі ў 600 г. да н. э. Потым яго заваявалі рымляне (каля 222 г. да н. э.) і назвалі "Медыяланум" . У IV ст. Мілан пэўны час быў сталіцай Заходняй Рымскай імперыі. У XI ст. назіраецца росквіт горада. Падчас чумы 1349 г. Мілан пазбегнуў гэтай пандэміі і пачаў развівацца даволі хутка. Міланам кіравалі герціпі сямействаў Вісконці і Сфорцаў , пры двары якіх працавалі славутыя італьянскія мастакі.

Мілан хацеў стаць галоўным горадам італьянскай Ламбардыі, і тут ён павінен быў уступіць у канфлікт з Венецыяй. У Таскане , іншай італьянскай вобласці, Мілан меў спрэчкі за панаванне над гэтай тэрыторыяй з Фларэнцыяй. Велічны міланскі сабор св. Марыі - чацвёрты паводле велічыні гатычны храм у свеце. Яго пачалі будаваць у XIV ст., а скончылі толькі ў XIX ст.

Самая прыгожая царква горада, Санта Марыя дэла Грацыя , была пабудаваная ў XV ст. Да яе муроў далучаны кляштар, у былой трапезнай якога знаходзіцца знакамітая фрэска Леанарда да Вінчы "Таемная вячэра". У Мілане захаваўся і замак кіраўніка краіны герцага Франчэска Сфорцы , збудаваны ім у пачатку XV ст. З роду Сфорцаў паходзіць наша каралева і вялікая княгіня ВКЛ Бона , якая ў ХVІ ст. збудавала сабе замак у Рагачове ў рэнесансавым стылі. У XV ст. Мілан быў захоплены Францыяй, а потым, у пачатку XVI ст. - Іспаніяй.

6. Рым

У апошняй чвэрці XIII ст. рымскія папы захапілі шмат гарадоў Сярэдняй Італіі - такія, як Балоння, Перуджа, Ферара, Урбіна і інш. У параўнанні з Паўночнай Італіяй Папская вобласць была даволі адсталая. Тут панавалі феадальныя адносіны, а гарады не мелі самастойнасці. У Рыме панавала феадальная знаць - бароны , якія змагаліся за папскі трон. У 1294 г. Рымскім Папам стаў Баніфацый VIII , які ўступіў у канфлікт з каралём Францыі. Перамога была на баку Францыі, і папская курыя мусіла пераехаць з Рыма ў Авіньён. У 1347 г. у Рыме пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Кола дзі Рыенцы . 20 мая 1347 г. ён захапіў горад, абвясціў Рым рэспублікай і пачаў рэформы. Аднак неўзабаве мясцовыя феадалы здолелі аб'яднацца, і ў канцы 1347 г. Кола дзі Рыенца ўцёк, а потым усё ж такі трапіў у турму. Але з дапамогай Папы Інакенція VI ён адтуль выйшаў і зноў у 1354 г. захапіў уладу ў Рыме. Пасля таго як ён падвысіў падаткі, рымляне паўсталі і забілі яго. У 1357 г. прадстаўнік Папы кардынал Альбарнос зрабіў адміністратыўную рэформу. Ён падзяліў папскую дзяржаву на сем правінцый, на чале кожнай стаяў рэктар, прызначаны Рымскім Папам. У 1377 г. папскі сталец зноў вярнуўся ў "вечны горад". Рымскія папы ў той час актыўна займаліся непатызмам - раздачай розных пасад і прывілеяў сваім сваякам. У XV ст. шмат якія папы былі вялікімі мецэнатамі, фундатарамі і пабудавалі ў цэнтры Рыма шмат шыкоўных палацаў. Але на гэта былі патрэбныя грошы, і папы зараблялі іх на продажы індульгенцый, а таксама праз увядзенне новых падаткаў.

7. Паўднёвая Італія

На поўдні Італіі знаходзілася Неапалітанскае каралеўства . Улада караля была слабая, краіна практычна распалася на дробныя феадальныя ўладанні. Мануфактур тут не было, увесь гандаль быў у руках купцоў з Паўночнай Італіі. Пасля паўстання ў Палерма ў 1282 г. каралеўства распалася, і ўлада Анжуйскай дынастыі спынілася. З 1302 г. Сіцылія ўвайшла ў склад пірэнейскага каралеўства Арагон . Астатняя частка каралеўства засталася ў руках Анжуйскай дынастыі са сталіцаю ў Неапалі. Эканоміка краіны прыйшла ў поўны заняпад. Неапалітанскія каралі праводзілі жыццё ў баляванні, марнатраўстве ў змаганні за трон паміж блізкімі сваякамі. У XV ст. на ўладу пачаў прэтэндаваць кароль Арагона і Сіцыліі Альфонс I . Пасля доўгага змагання з неапалітанскім каралём і яго саюзнікам, герцагам Мілана ў 1442 г. каралеўства перайшло пад уладу Альфонса I.

У канцы XV ст. Францыя вырашыла захапіць італьянскія гарады-дзяржавы. У 1494 г. вялікае французскае войска (каля 50 тысяч чалавек) уварвалася на Апенінскі паўвостраў. Паміж Фрамцыяй і Іспаніяй пачаліся т. зв. "італьянскія войны" за ўладу, якія доўжыліся ў 1494 да 1559 г.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Антропацэнтрызм - светапогляд, у адпаведнасці з якім канчатковай мэтай і цэнтрам Сусвету з'яўляецца чалавек.

Вялікая рада - найвышэйшы орган улады ў Венецыі.

Дож - кіраўнік Венецыі, якога пажыццёва абірала на пасаду Вялікая рада.

"Залатая" кніга - спіс самых знакамітых сем'яў Венецыі, з прадстаўнікоў якіх абіралася Вялікая рада.

Інтэлігенцыя - асобая група людзей, якая займаліся разумовай працай.

"Італьянскія войны" - войны паміж Францыяй і Іспаніяй за валоданне Італіяй.

Мануфактура - прадпрыемства, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы.

Урбаністыка - горада-будаўніцтва, адзін з раздзелаў архітэктуры навукі пра пабудову і планіроўку гарадоў.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1407 г. - заснаванне банка св. Георгія ў Генуі.

1420-1436 гг. - стварэнне архітэктарам Ф. Брунэлескі купала сабора Санта Марыя дэль Ф'ёрэ ў Фларэнцыі.

1434 г. - усталяванне ўлады сям'і Медычы ў Фларэнцыі.

1451 - 1506 гг. - Хрыстафор Калумб.

1451 - 1519 гг. - Джыралама Саванарола.

1494 - 1498 гг. - рэспубліка ў Фларэнцыі на чале з Саванаролам.

РАЗДЗЕЛ XV. ФРАНЦЫЯ I АНГЛІЯ

1. Стагадовая вайна.

2. Паўстанне Жакерыя.

3. Паўстанне Уота Тайлера.

4. Міжусобная вайна ў XV ст. у Англіі.

5. Герцагства Бургундыя.

6. Завяршэнне аб'яднання Францыі.

1. Стагадовая вайна

Доўгая вайна паміж Францыяй і Англіяй, якую ў XIX ст. пачалі называць Стагадовай, адбывалася з пэўнымі перапынкамі ў прамежку часу ад 1337 да 1453 гг. Вытокі гэтага канфлікту ў XI і XII стагоддзі. Як ужо згадвалася, у 1066 г. герцаг Нармандыі Вільгельм захапіў Англію, стаў там каралём і заснаваў Нармандскую дынастыю, але адначасова па-ранейшаму валодаў і Нармандыяй у Паўночнай Францыі. У 1152 г. будучы кароль Англіі Генрых ІІ заснавальнік дынастыі Плантагенетаў, ажаніўся з Аліянорай Аквітанскай і далучыў да англійскіх земляў і Нармандыі яшчэ і Аквітанію, вялікую тэрыторыю на паўднёвым захадзе Францыі. Такім чынам, каля паловы французскіх земляў пачало належаць англійскім каралям. Зачэпкай для вайны стала смерць караля Францыі Карла IV , які не меў сыноў і таму быў апошнім прадстаўніком дынастыі Капетынгаў.

На карону караля Францыі адначасова прэтэндавалі стрыечны брат Карла IV - Філіп Валуа і яго пляменнік, кароль Англіі, Эдуард III Плантагенет. Французскія феадалы пагадзіліся з тым, каб каралём іх краіны стаў і, такім чынам, заснаваў новую дынастыю Філіп Валуа. Незадаволены англійскі кароль Эдуард III пасля грунтоўнай падрыхтоўкі ў 1337 г. пачаў вайну. У 1340 г. англічане знішчылі марскі флот Францыі (амаль 200 караблёў) каля берагоў Фландрыі а потым, у 1346 г., выйгралі сухаземную бітву пад Крэс і. Рыцарскую конніцу французаў амаль ва ўпор расстралялі англійскія лучнікі. Пасля 11-месячнай аблогі англічане захапілі важны марскі порт на поўначы Францыі, горад Кале . Наступны кароль Францыі, Іаан II Добры , быў вымушаны працягваць вайну, што разгарэлася ў Аквітаніі. 19 верасня 1356 г. адбылася вялікая бітва пры Пуацце, дзе французы страцілі ад 5 да 6 тысяч чалавек, прычым палова з іх былі рыцары, а сам кароль трапіў у палон і быў адпраўлены ў Лондан. Французы мусілі заплаціць за яго вялізны выкуп, падпісаць перамір'е і прызнаць усе заваёвы англічан. У кастрычніку 1356 г. улада перайшла да сына караля, дафіна Карла. Ён павінен быў тэрмінова склікаць Генельныя штаты, каб знайсці грошы на працяг вайны. Аднак дэлегаты пачалі крытыкаваць уладу, і дафін штаты распусціў. Тады ў Парыжы пачаліся народныя хваляванні, і ў 1357 г. дафін зноў склікаў штаты, якія абмежавалі ўладу Карла і пачалі самі збірацца некалькі разоў на год без дазволу дафіна. Фактычна ўлада ў краіне перайшла ў рукі асобнай камісіі (34 чалавекі), прызначанай французскім парламентам. У лютым 1358 г. у Парыжы адбылося паўстанне гараджан, і дафін уцёк у горад Камп'ен на поўначы Францыі. Перачакаўшы сялянскае паўстанне Жакерыя , у ліпені 1358 г. дафін вяртаецца ў Парыж і адмяняе ўсе рэформы Генеральных штатаў. Пасля смерці ў англійскім палоне французскага караля (бо на яго выкуп французы грошай не сабралі) дафін Карл стаў новым каралём Францыі пад імем Карла V (1364 - 1380). Ён правёў карэнную вайсковую рэформу, феадальнае рыцарскае апалчэнне замянілі прафесійным наёмным войскам пад адзіным камандаваннем канетабпя. У войсках з'явіліся гарматы, якія стралялі каменнымі ядрамі, і атрады лучнікаў ды арбалетчыкаў. Карлу V ўдалося таксама аднавіць ваенны флот. У 1369 г. кароль аднавіў вайну з Англіяй і здолеў выгнаць захопнікаў амаль з усёй французскай тэрыторыі. Але ў руках Англіі засталіся 5 важных марскіх портаў, у тым ліку Кале і Бардо. У 1380 г. кароль памёр, і трон заняў яго малагадовы сын Карл VI. Ён быў слабы і хворы. Францыю скаланалі феадальныя спрэчкі і сялянскія паўстанні, а цэнтральная ўлада практычна перастала існаваць. У 1413 г. адбылося чарговае паўстанне гараджан у Парыжы, якое з цяжкасцю змаглі здушыць.

(Працяг у наст. нумары.)


Культурнае піцейства - некультурнае самазнішчэнне

Валер Санько

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

*** Сталі выводзіць радыяцыю. Ды так, што да аварыі на Чарнобыльскай АЭС 40% абслуговага персаналу на ўсіх АЭС Савецкага Саюза былі ўжо алкаголікамі. Аб якой тэхніцы бяспекі можна казаць, калі надта складаныя тэхнічныя сістэмы абслугоўвалі людзі з дэградаванымі разумовымі здольнасцямі.

*** Доўгі час у СССР існавалі забаронныя меры на распаўсюд хлусні і дэзынфармацыі, прапаганды парнаграфіі, гвалту, жорсткасці. Забароны адмянілі. Атрымалі хаос, ледзь на бядлам.

*** Ад 70 да 80 % школьнікаў краін СНД пакутуюць тымі ці іншымі нервова-псіхічнымі расстройствамі. Да 90 % дзяўчынак і хлопчыкаў спрабавалі спіртное ў школьныя гады, амаль 50 % па разу напіваліся амаль да алкагольнага атручвання, алкагольныя псіхозы сёння рэгіструюцца ўжо ў нованароджаных.

*** Задумайцеся толькі над такой лічбай: каб вярнуць радавога наркамана да нармальнага паўнавартаснага жыцця, па разліках Еўрапейскага бюро СААЗ, трэба выдаткаваць да 35 тысяч долараў. Ні ў кога такіх грошай няма.

*** Любое градуснае не што іншае, як нейратаксічны яд. Тут усё роўна, шампанскае гэта, піва, віно ці лікёр вішнёвы. Механізм дзеяння градусаў падобны снатворным барбітуратавага шэрагу, тыпу люміналу.

*** Вельмі часта абаронцамі алкаголю прыводзіцца такі аргумент - у крыві чалавека знаходзіцца 0,01 - 0,03 працэнта этылавага спірту (або 2-3 мг на літр крыві), ён патрэбны, ён утвараецца пры прамежкавым абмене ці закісанні ежы ў стрававальным тракце.

Такія навукоўцы ўзмоцнена даказваюць, пры пераварванні кіслот і шчолачаў чалавечы арганізм за суткі выпрацоўвае 15 міліграмаў алкаголю (0,015), значыць піва, малаградусны напой, ужываць можна, нават карысна. Райшчыкі дазваляюць ужываць 1-2 бакалы піва ў суткі нават жанчыне - яно знімае стрэсы. Мужчынам раяць ужываць 1 грам гарэлкі на кілаграм вагі.

Бяспечныя нормы ўжывання алкаголю паводле ілжывых навукоўцаў: для мужчын 20 грам, для жанчын меней за 10 - надта згубныя для маладых людзей да 20 гадоў. Кожны неўмацаваны орган пакутуе ад любых доз алкаголю, найперш галаўны і спінны мозг, пасля ныркі і пячонка, страўнік, палавая сістэма.

*** Нізкая працягласць жыцця, высокая смяротнасць у Беларусі ў асноўным ад агульнавядомага і пакуль нязбытнага - п'янства, алкагалізму, курэння, гіпадынаміі, нерацыянальнага харчавання, лішняй вагі, наркаманіі. У краіне штодня памірае 42 чалавекі з-за хвароб, звязаных з курэннем (15500 чалавек за год). Найбольш выпівохаў і курцоў сярод рабочых прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі. Другое ганебнае месца - у навучэнцаў вучылішчаў, каледжаў.

*** У жанчын поўная алкагольная залежнасць фармуецца літаральна за 3-4 гады. Амаль усе дзеці алкаголікаў пакутуюць ад нервова-псіхічных захворванняў.

*** Падлетку дастаткова адной-дзвюх бутэлек піва на тыдзень, праз пару месяцаў, рэдка праз год абавязкова ён становіцца залежным. Піўны алкагалізм у іх наступае ўтрая хутчэй за гарэлкавы, цяжэй лечыцца, бо піва падлетак не лічыць небяспечным напіткам, як гарэлку, ужывае часта і лёгка.

*** У ЗША гарэлку цяпер можна набываць пасля 21 года, а не пасля 18, як было нядаўна. Купіў гарэлку дваццацігадовы - яму штраф 500 долараў. Набыў для яго, хто па ўзросту мае права набываць - штраф пакупніку 1000 долараў. За спойванне непоўнагадовых. Калі ў ЗША ў 2007 годзе з-за алкаголю было 17 тысяч аўтааварыяў, то пасля абмежавання продажу гарэлкі маладым нашмат зменшылася аварыяў.

*** Маладым людзям да 21 года ў Злучаных Штатах не расчыняць дзверы ўсе бары, дыскатэкі, начныя клубы. Асобныя дастатныя прыезджыя з былога СССР звычна падраблялі пасведчанні, праходзілі ва ўстанову, каб тут жа заплаціць "вясёленькую" суму штрафу. 21 год патрабуецца і для перавозкі ў легкавіку спіртнога. У школах, ліцэях, каледжах самыя строгія адносіны да тых, хто спрабуе выпіваць.

*** Тры стадыі выпівохства - культурнае ўжыванне, п'янства, алкагалізм. Як правіла, старанны аматар праходзіць усе тры стадыі за 5-7 гадоў. Ужо ён пераядае нервы сям'і, выпрошвае гуманітарную дапамогу. Найлепш абмежаваць дэградацыю ўпэўненца ў сваёй непітушчасці, пачаткоўца можа сям'я. З першых яго крокаў па слізкай дарозе ў сям'і стануць пратэставаць - адтэрмінуюць псіхапатычныя выбухі, неўрозы, інваліднасць, бойкі, раннюю смерць.

*** У Расіі 2,5 мільёны чалавек хварэюць на алкагалізм, курыць больш за 60 % мужчын і за 30 % жанчын. Нядаўні галоўны санітарны ўрач Расіі, славуты прафесар Генадзь Анішчанка ўдакладняе: "Неабходна яшчэ далучыць так званых цяжкіх маладых спажыўцоў алкаголю. У іх яшчэ няма гнілога дыягназу, хаця яны поўнасцю залежныя. Лічба нашмат узрасце". ("Зв.", 19.9.2009).

*** Няраз вышуквалася з'яднальнае стырно, цэнтр, прычыны не пагашэння, а росту алкагольна-курцоўскіх недарэчнасцяў. Лячэнне ў адным. Дзяржаўцам патрэбна не выхоўваць і перавыхоўваць слабавольных - поўнасцю забараніць выраб і продаж градуснай атруты. Культурнае выпівонства, справядліва цвердзіў акадэмік Фёдар Углоў, раней ці пазней вядзе да дэградацыі чалавека, сям'і, нацыі, дзяржавы.

*** Славянскія продкі не ўжывалі алкагольныя напоі. Распаўсюдная хлусня, што пілі, тычыць рэдкіх славянскіх святаў, калі ўжывалі медавуху - мёд з вадою або ваду з мёдам. У будзённі зрэдзь ужывалі не віно, а выстаялую медавуху, толькі як лекі, лыжкамі.

*** У гады савецкай перабудоўнай антыалкагольнай кампаніі смяротнасць насельніцтва панізілася за год на цэлых 14 %.

*** Змешаная плынь праўды і няпраўды ліецца з тэлеэкранаў. Без алкаголю жыць нельга чалавецтву, алкаголь паліва эвалюцыі, выдаюць культурпіцейцы Другі шэдэўр аналагічнага плану: чырвонае віно - эліксір ад усіх хваробаў. Апостал Павел раіў вучням піць віно. У Францыі няма хваробаў сэрца, атлусцення, бо ў Францыі шмат п'юць чырвонага віна, яно абараняе сценкі сасудаў ад халестэрыну. Кожны дзень 20-30 грам віна і пражывеш лішнія 10 гадоў. Чырвонае віно залечвае раны. Вялікая таямніца прыроды - гэта чырвонае віно, дарунак багоў. Яно было ў старажытных арыйцаў. У райскім садзе пілі чырвонае віно. Хрыстос ваду ў віно ператварыў…

Даходзіць да парадоксу, асобныя "знаўцы" сцвярджаюць, хто ўжывае чырвонае віно - меней курыць, у іх радзей катаракты, меншая рызыка раку.

Чамусьці забываюць узгадаць, што самае дарагое хвалёнае вінаграднае віно нельга ўжываць пры хваробах сэрца, пячонкі, нырак, імпатэнцыі.

Такое ж глупства настойваць травы на віне, гарэлцы, ужываць настой па кроплі ці піць, рабіць травяны чай з любым віном.

*** Паўсюдна прадаваныя цыгарэты зачастую насычаюцца двума сотнямі розных саставаў. Асабліва часта спайсавымі. Ад курыльных сумесяў, нікацінізацыі да алкагалізацыі дарога адзін метр, ад алкагалізацыі да наркатызацыі, да "марак" (невялічкіх кусочкаў паперы, насычаных наркотыкам) - адзін міліметр. А там... прамая залежнасць, маніпуляванне блізкімі, турэмныя нары, слабаразум'е (прыдуркаватасць), суіцыд.

На сённяшні дзень наркотыкі ў Беларусі спажывае 80 - 150 тысяч чалавек. Хацелі раўняцца з Еўропаю - зраўняліся. Амаль столькі ў Галандыі.

Не толькі курцы, алкаголікі і наркаманы, але і медыкі ведаюць: няма таблетак ад тытуню, гарэлкі, спайсу. Штогод у Беларусі ад курава памірае 20 тысяч чалавек, ад гарэлкі - 6 -10 тысяч чалавек ("НВ", 8.4.2014).

*** Не ўдаецца падлічыць страты ад прамых алкаголікаў і ціхіх п'яніц. З 182 тысяч грамадзян, што стаяць на ўліку ў аддзяленнях наркалогіі Беларусі працуе меней за 10 %. Каля 40 % усіх забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў у дзяржаве, як ні парадаксальна, у сельскай мясцовасці. Людзей у вёсках утрая меней, а згвалтаванняў, крадзяжоў, разбойных нападаў адносна болей. Тупых, хто марыць сходу разбагацець тут болей. Многія гарадскія п'яніцы, дэбашыры, раней судзімыя, самахоць пазбаўленыя працы асядаюць у вёсках. П'яніцам тут вальгота большая, чым у горадзе. На участковага міліцыянера тут значна болей цяжкасцяў, усіх яму цяжка пракантраляваць.

Прыкладна 80 % злачынстваў здзяйсняецца ў стане алкагольнага дурманства. ("Зв.", 18.11.2010).

*** Як спойваюць дарослых самагонкеа, танныя віны, так спрыяюць хуткаму ўцягванню падлеткаў у вялікае выпівонства піва, джын, тонікі, кока-кола.

*** Стэрэатыпнымі байкамі пра піва, як бяскрыўдную вадкасць, вялікая рэклама пеннага і хмельнага напою ў геаметрычнай прагрэсіі павышае яго ўжыванне ў грамадстве, асабліва ў моладзі. Не так даўно яшчэ ўбачыць хлопца з дзяўчынай і бутэлькай піва было дзівам, ганебшчынай. Цяпер амаль норма. Як наталенне смагі бацькі і сына півам пасля лазні, у кватэры перад тэлевізарам, пры баўленні часу маладзёнамі ў гасцях, скверах.

Гарманальныя рэчывы піва расшыраюць жывот і таз, павялічваюць грудныя залозы ў мужчын. У жанчын наадварот - грубее голас, маршчыніцца твар, валосіцца. Асабліва хутка такія змены ў падлеткавым і юнацкім узростах.

*** Горкія рэчывы і хмель павышаюць апетыт, вагу. Піва выклікае гарманальныя парушэнні, валасатасць цела, набуханне малочных залоз, піўны жывот, абтлушчванне бёдраў. У ім шмат фіта-экстрагену, жаночага гармону расліннага паходжання. Яно ператварае мужчын у гермафрадытаў.

Піва як правіла на хмелі, хмель малодшы брат каноплі, яна малодшая сястра морфію, няраз сцвярджаў славуты маскоўскі прафесар Іван Паўлавіч Няўмывакін. Яно з падступнай хуткасцю развівае дзіцячы піўны алкагалізм, алкагалізуе моладзь, асацыяльныя паводзіны дарослых.

*** У Берасцейскай вобласці да рэвалюцыі было два заводзікі па выпуску піва, усе астатнія пабудаваны па пастановах ЦК КПСС і СМ СССР "Аб чарговых мерах па пераадоленню п'янства, алкагалізму і самагонаварэння". Было напісана "павялічыць вытворчасць піва, віна і безалкагольных напояў" .

У Берасці пабудавалі гігант "Брэсцкае піва", завод па разліву вінаградных вінаў і піваварны завод. Для змагання з п'янствам. Нібы дарослыя людзі не цямілі, што самае добрае безалкагольнае піва мае два градусы алкаголю, атручвае як і 4-4,5%.

*** Смех і грэх, дзесяцігоддзямі ў Расіі прабівалі закон "Пра дзяржаўнае рэгуляванне вытворчасці і абароту этылавага спірту і алкагольнай прадукцыі". З цяжкасцю зацвердзілі. Адразу ж, у 1996 годзе, Камітэт жанчын падаў да яго папраўку: лічыць алкагольнымі вырабамі ўсе напоі, у якіх болей паўтары працэнта алкаголю. Апрача піва.

Выключэнне зрабілі для піва, аднаго з самых хцівых, прывабных і заразных напіткаў. 25 снежня1996 года Дзярждума папраўку прыняла, выключная хуткасць, на другі дзень(!) адобрыў яе СФ.

*** У жанчын, якія пяць разоў на тыдзень выпіваюць усяго 350 г піва, стандартную баначку, актыўна развіваецца псарыяз, у 2,3 разы часцей чым у непітушчых, бо ў піве шмат бялка травы глютэну. ("Зв., 19.8.2010).

*** У вядры навуковай хлусні і нацяжкаў раствараюцца грамы праўды, іх проста не паспее ўсэнсіць слухач. Так, продкі славян выпівалі: 1) на святы, якія былі кароткія і выпадалі рэдка, 2) пілі медавуху, яна па градуснасці не вышэй за безалкагольнае піва - 1-2%, 3) віно ніколі не пілі ў чыстым выглядзе, толькі разбаўленае, 4) пілі паволі, не кубкамі і куфлямі, як у цяперашніх кінасерыялах, 5) да 20 гадоў хлопец не меў права выпіваць, 6) дзяўчына/жанчына наогул не мела права выпіваць; нават за сталом часта ёй месца не было.

*** Не піце піва! - павінна стаць дэвізам культурнага чалавека.

Галоўны наш вораг самазаспакоенасць. Піва і віно ў руках хлопца/дзеўкі на вуліцы - прыкмета не смеласці і культуры, а прыкмета дэградацыі маладых, глупства і тупасці бацькоў.

*** Абсалютная большасць цяжкіх падлеткаў упершыню пакаштавала спіртное ў кампаніі бацькоў. З хатніх спрыяльных умоваў пры бацьках і сваяках дзятва пераходзіць на самастойныя рэйкі - п'юць тонік і піва на дыскатэках, вуліцах, парках, нават у школах.

*** Божа літасцівы, колькі 14-18-гадовых падлеткаў мучыцца ў фізічным і духоўным плане з-за бацькоў алкашоў. У дзяцей няма капейкі, увагі, цёплага слова старэйшага, з дзетак у адкрытую і патайна пасміхваюцца аднагодкі, ім няма з кім словам падзяліцца... Вось і кідаюцца ў грубіянствы, крадзяжы, нематываваныя бойкі, выпівонства, а то і ў пятлю.

*** У 2008 годзе ад атраўлення алкаголем у Менску памерла 350 чалавек. На алкагалізм пакутуе ў сталіцы 11-12 тысяч, 844 накіравана ў ЛТП, 200 з іх жанчыны, 4 тысячы дзяцей мусілі адабраць ад п'яных бацькоў, сцвярджаў па радыё намеснік начальніка міліцыі Менска. (4.02.2009).

За год амаль 13 тысяч выклікаў на менскую станцыю хуткай дапамогі з-за траўмаў ад людзей на падпітку. У прыёмных аддзяленнях бальніц мусяць дзяжурыць міліцыянеры.

*** У агляднай будучыні хутка адвучыць народ ад гарэлкі будзе цяжка яшчэ з адной прычыны. Велізарная Расія гоніць мноства тэхнічнага спірту. Тоны яго ідуць на бытавыя патрэбы ў растваральніках, ім чысцяць шыбы, акварыюмы, аўтамашыны, абястлушчваюць розныя паверхні. У Расіі і Беларусі выпівохі яго разводзяць і жлукцяць.

*** Сціплыя падлікі кандыдата навук Н. Буланкінай агаломшваюць. Нявінненькае піва ў Беларусі служыць надзейным трамплінам гарантаванага набыцця алкагольнай залежнасці. Болей за 15 % насельніцтва ў такой залежнасці. Прызнана ў свеце, колькасць такіх адважнікаў і пакутнікаў ў дзяржаве не павінна перавышаць 3 %.

Незваротная дэградацыя генафонду нацыі пачынаецца з 5-6 л выпітага спірту на жыхара ў год, часам асобныя навуковыя здатнікі лічбу павышаюць да 8 л - на старога і малога, хворага і здаровага. Сёння ў Беларусі - 13-15 л на чалавека. Хранічных алкаголікаў амаль 300 тысяч, непоўнагадовых не меней 30 тысяч. Ці не таму сёння дзяржава выхоўвае амаль 30 тысяч сірот пры жывых бацьках і амаль столькі, паводле слоў А. Р. Лукашэнкі, патрэбна тэрмінова забіраць з выпівошных сем'яў.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)


Вандроўка ў мінулае па Гарадзеншчыне

Каля паўсотні чалавек рознага ўзросту і прафесій, пераважна моладзі сабраліся ў цэнтры горада Баранавічы каля камфертабельнага аўтобуса, каб здзейсніць вандроўку ў мінулае па Гарадзеншчыне.

Па дарозе ў Слонім Міхась Бернат расказаў экскурсантам аб гістарычных падзея і людзях Баранавіцкага краю, якія прынеслі славу не толькі землякам, але і беларусам у цэлым: Андрэй Рымша з Пенчына - заснавальнік панегерычнай літаратуры ХVI ст. Іван Хведаровіч (Фёдараў) з Петкавіч (ХVI ст.) - першадрукар Масковіі, Яўхім Храптовіч з Ясенца (ХVI ст.) - бацька адукацыйнай рэфрмы ў Рэчы Паспалітай і апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага і аб філаматах і філарэтах, ураджэнцах гэтага краю, якія пачалі абуджаць нацыянальную свядомасць беларусаў.

Гаварыў аб вынішчаных і занядбалых палаца-паркавых сядзібах Баранавіччыны. Стараліся ў вінішчэнні не толькі прысланыя маскоўскай адміністрацыяй людзі ў гэты край, але не адставалі ў гэтым і мясцовыя манкурты з калабарантаў.

Баранавіцкі край, зазначыў экскурсавод, адметны трыма лёсавызначальнымі для Бацькаўшчыны гістарычнымі мясцінамі - Палонка (ХVII ст.), Сталовічы (ХVIII ст.), Мілавіды (ХIХ ст.). Пасля тых падзей, у тыя часы, мяняўся і кірунак развіцця нашай Айчыны.

Слонім сустрэў экскурсантаў добрым надвор'ем, але, мякка кажучы, непадрыхтаванасцю некаторых супрацоўнікаў краязнаўчага музея імя І. Стаброўскага. Хаця напоўненасць экспазіцый дастатковая, каб фармаваць і развіваць думкі і паняцці наведвальнікаў.

Асабліва шырока прадстаўлена камуністычнае падполле (падзем'е) у 20-30-х гадах ХХ ст., пад час польскай акупацыі. Не менш цікавай ёсць і прыродазнаўчая экспазіцыя. Але тым не менш размазанасць тэксту і мовы не дае таго эфекту, на які хацелася б спадзявацца.

Слонім адзін з найстаражытнейшых і найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі. Адметнасць і своеасаблівасць яго архітэктурнаму абліччу надаюць помнікі горадабудаўніцтва і архітэктуры мінулых стагоддзяў. Найбольш каштоўныя з іх - Ніжні замак, касцёл і кляштар бернардынцаў першай паловы ХVII стагоддзя, касцёл і кляштар бернардынак другой паловы ХVII стагоддзя, выдатны ўзор архітэктуры позняга барока фарны касцёл св. Андрэя. Вельмі цікавы помнік гідратэхнічнага будаўніцтва ХVIII ст. канал Агінскага (1767 - 1783 гг.), які злучыў Ясельду (прыток Прыпяці) са Шчарай - Нёманам і склаў 47 км, а з выганаўскім возерам 54 км.. злучаўшы Чорнае мора з Балтыйскім. Цікавыя і гаспадарчыя пабудовы ранейшых часоў. Тут можна яшчэ сустрэць розныя архітэктурныя стылі: готыка, барока, мадэрн. Гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе яшчэ не ўспелі разбурыць да канца ўсю гэтую прыгажосць.

Таму перад тым, як ехаць далей па складзеным маршруце, экскурсанты правялі самастойна экскурсію па вуліцах горада. А далей шлях ляжаў да Зэльвы. Туды, дзе некалі жылі апальныя сапраўдныя інтэлегенты Геніюшы - Іван Пятровіч і Ларыса Антонаўна.

Яны вярнуліся сюды, на "малую" радзіму Івана Пятровіча ў 1956 годзе пасля зняволення і пасяліліся на сталае жыццё. Іван Пятровіч прадоўжыў сваю медпрактыку, ну, а Ларыса Антонаўна была без працы. Яе жыццё было нялёгкае. Нарадзілася ў 1910 годзе ў былым маёнтку Жлобаўцы. Пасля вяртання з бежанцаў скончыла Ваўкавыскую жаночую гімназію (1928 г.), пабралася шлюбам з Іванам Пятровічам Геніюшам. Жыццё змусіла маладых паехаць у Прагу. Там іх застала ІІ Усясветная вайна, тут яны былі арыштаваныя савецкімі карнікамі і дастаўлены, як злачынцы ў БССР. Геніюшы прайшлі праз канвеер сталінскіх касталомаў, самай злачыннай арганізацыі НКВД. Ларысу Антонаўну дапытваў кат беларускага народа Л. Цанава. Пра гэта і многае іншае яна піша ў сваёй кнізе "Споведзь", выдадзенай у Менску ў 1993 г.

Савецкі суд "самы справядлівы і гуманны" вынес вырак - 25 гадоў зняволення. За такі тэрмін мала хто выжываў. Яны - выжылі.

Ларыса Антонаўна першую сваю кнігу "Ад родных ніў" выдала ў 1942 г. Другую аж 1967 годзе, але ўжо у савецкай Беларусі.

А жыла яна з мужам у Зэльве аж да самай смеці. Не трэба думаць, што ў гэтыя "зельвенскія" гады іх жыццё было шчаслівае і бясхмарнае. Некалькі разоў падавалі заявы аб зняцці з іх судзімасці і рэабілітацыі. Усё бло марна. Заявы ігнараваліся, мясцовыя чынілі розныя дробныя перашкоды. Лісты-скаргі да Максіма Танка - тады старшыні Вярхоўнага Савета БССР - мала што дапамагалі. Кіраўніцтва рэспублікі прапаноўвала толькі прыняць савецкае грамадзянства. Але Ларыса Антонаўна адмовілася.

У адным са сваіх вершаў яна аб гэтым шчыра і адкрыта сказала:

Не згінай мяне, я не сагнуся,

Не баюся ні страхаў, ні зла.

Нездарма я з зямлі беларускай

Непахіснай сасною ўзрасла.


Напрасткі йду няходжанай сцежкаю,

Мудрасць продкаў у гарачай крыві,

Ні прад кім не схіляю паспешна

Крыху гордай сваёй галавы.


Абмінаю ўсю набрыдзь, што вокал,

Чалавечы мой блытае лёс.

Гляджу ўдаль, не маргнуўшы нат вокам.

Розум цемру праніжа наскрозь!

Памерла Ларыса Антонаўна 7 красавіка 1983 г. Экскурсанты прыпыняюцца каля зельвенскіх могілак, адведваюць месца вечнага спакою Геніюшаў, ускладаюць кветкі. Тамара Зверава расказвае, моладзь слухае і чуе гэта ўпершыню. Помнік-бюст на магіле забаранілі ўжо сёняшнія ўлады. Убачыць бюст можна толькі на тэрыторыі мясцовай царквы ў Зэльве.

А далей Мастоўскі раён і вёска Гудзевічы - музей Алеся Белакоза. Яшчэ адна легендарная постаць, як і створаны ім літаратурна-этнаграфічны музей.

Сустракаюць нас ветліва, даюць згоду на абедзенны перапынак, разбіваюць на групы і вядуць экскурсіі па залах Гудзевіцкага музея. Цэны на квіткі ўмераныя, эксукрасовды падрыхтаваныя, залаў многа, кожная з гэтых залаў нясе ў сабе беларускасць, і толькі тут адчуваеш краіну Беларусь, сваю Радзіму, а сябе беларусам.

Экскурсавод Мая Антонаўна Сідар што ні возьме, што ні скажа, усё ў яе прыгожа, як і яна сама. Думкі яе ляцяць хутчэй, чым яна паспявае іх выгаварыць, а калі возьме ў рукі якую-небудзь рэч, ну хаця б тую ж самую, з маленства знаёмую, звычайную драўляную качаргу, то адразу ж сапраўдны цэлы лірычны раман. Каб не любіў, то палюбіш усё што там ёсць і да чаго дакранешся. Калі не ведаў, то даведаешся. Аб паэтах краю і мастаках, аб змагарах за волю і чалавечую долю, праўду аб вялікіх і самых маленькіх, на чыіх плячах усё трымалася і трымаецца Радзіма Беларусь. Як проста і адначасова складана.

Пескі ўразілі веліччу і прыгажосцю касцёла, зробленага ў 1915 годзе замест старой драўлянай царквы. Пабудаваны касцёл з чэсаных велічэзных валуноў-гранітаў падагнаных адзін да аднаго так, што з іголкай не знойдзеш пустэчы між імі. Храм-дзіва. Талент нашых майстроў спалучае ў аздобе гэтага храма, амаль што ўсе вядомыя архітэктурныя стылі - ад раманскага да мадэрну.

Агледзець і азнаёміцца з храмам-цвердзю ў Сынкавічах рэкамендаваў экскурсантам былы галоўны архітэктар горада Баранавічы Баляслаў Тумашчык, які ўсю дарогу з Зэльвы да Сынкавіч расказваў аб архітэктуры сынкавіцкага храма-цвердзі, двор якога ўпарадкаваны і абнесены каменнай сцяною.

Гісторыя архітэктурных помнікаў Гарадзеншчыны ўразіла і абудзіла шмат думак і пачуццяў у вандроўнікаў. Арганізавалі вандроўку сябры Баранавіцкай арганізацыі ТБМ, а кіраваў старшыня Рады Мікалай Падгайскі.

Міхась Бернат. На здымках: 1. Каля магілаў Геніюшаў у Зэльве; 2. У Гудзевіцкім музеі; 3. Касцёл у Песках; 4. Царква - цвердзь у Сынкавічах.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX