НАША СЛОВА № 34 (1341), 23 жніўня 2017 г.
Помнік У. Мулявіну ўсталявалі ў Менску
Помнік народнаму артысту СССР і Беларусі, заснавальніку ансамбля "Песняры" Ўладзіміру Мулявіну ўрачыста адкрылі сёння ў Менску. Вялікі музыка прадстаўлены прысутным з гітарай у руках. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі гарадскога выканаўчага камітэта, міністэрстваў і ведамстваў Беларусі, адміністрацыі Свярдлоўскай вобласці Расіі.
Скульптурная кампазіцыя ўпрыгожыла сталічны бульвар Мулявіна. Доўга ішлі спрэчкі пра тое, дзе ўсё-такі яна павінна мясціцца - перад філармоніяй ці за ёй. Паколькі фасад будынка выходзіць на плошчу Якуба Коласа, дзе размешчаны помнік класіку беларускай літаратуры, улады палічылі больш правільным увекавечыць памяць заснавальніка ансамбля ў скверы, куды ён любіў прыходзіць адпачываць.
Выява абрана роднымі Ўладзіміра Мулявіна. У 2014 годзе помнік музыку быў адкрыты на яго радзіме ў Екацярынбургу. Там жа зрабілі і скульптуру, якая ўпрыгожыла Менск. Яна стала свайго роду падарункам беларускай сталіцы ад уральцаў.
Аўтарам скульптуры стаў Аляксандр Кострукоў, які асабіста ведаў Уладзіміра Мулявіна. Упершыню яны сустрэліся, калі скульптар быў яшчэ маладым, а cам Мулявін і ансамбль яшчэ не былі настолькі папулярнымі. У інтэрв'ю БЕЛТА раней ён казаў:
- Такіх музыкаў, як Мулявін, не было і не будзе. Ён як месія для беларускага народа. Як улюбляюцца ў музыкаў, у мастакоў у вялікім сэнсе слова? Твае ўнутраныя струны і гукі павінны быць ва ўнісон з музыкай. А тое, што зайгралі "Песняры", запала ў душу многім - і ў Беларусі, і не толькі. Яны развіваліся па нарастальнай і паступова скарылі ўсіх. Заспявалі па-беларуску шмат у чым дзякуючы "Песнярам" і Мулявіну.
Як адзначыў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, адкрываецца помнік вялікаму сыну Беларусі і Расіі, чалавеку, які стаяў ля вытокаў стварэння легендарнага ансамбля "Песняры".
- Уладзімір Мулявін унёс неацэнны ўклад ва ўзбагачэнне беларускай культуры. Творчасць музыкі прайшла выпрабаванне часам і служыць эталонам прафесійнага майстэрства, шчырасці выканання і душэўнасці. Доўгія гады поспехі, дасягнутыя неперасяжным майстрам сваёй справы, які ўмеў дзіўна тонка адчуваць і чуць музыку, будуць служыць стымулам прафесійнага і асобаснага развіцця, - падкрэсліў ён.
Са знамянальнай падзеяй павіншаваў мінчукоў часовы выканавец абавязкаў губернатара Свярдлоўскай вобласці Яўген Куйвашаў.
- Уладзімір Георгіевіч Мулявін па характары і нараджэнні - уралец, а па жыцці і творчым шляху - беларус. Мулявін сам казаў пра сябе, што ў яго "дзве мовы", як два крылы ў птушкі, і гэта сапраўды так. Гэтай падзеяй і гэтым помнікам мы кажам адзін аднаму словы ўдзячнасці, аддаём даніну павагі ўнікальнаму чалавеку, які вельмі шмат зрабіў для нашых краін, дзякуючы якому беларускія песні пазнаў увесь свет, - сказаў Яўген Куйвашаў.
БЕЛТА.
Да ведама сяброў ТБМ г. Менска. 24 жніўня ў 18.00 у сядзібе ТБМ (г. Менск, вул. Румянцава, 13) адбудзецца справаздачна-выбарчы сход сяброў Савецкай раённай арганізацыі ТБМ г. Менска.
100 гадоў з дня нараджэння Пімена Панчанкі
Пімен Емяльянавіч ПАНЧАНКА (23 жніўня 1917, горад Рэвель (цяперашні Талін, Эстонія) - 2 красавіка 1995). Народны паэт Беларусі.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959) за "Патрыятычную песню", Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1967) за кнігу вершаў "Пры святле маланак", Дзяржаўнай прэміі СССР (1981) за кнігу вершаў "Где ночует жаворонок" (Масква, 1979).
Нарадзіўся Пімен Панчанка ў сям'і бедных сялян, якія ў пошуках заробку выехалі ў Прыбалтыку. Ваенныя цяжкасці, адсутнасць у хаце гаспадара, які быў у войску, ускладнілі і без таго нялёгкае жыццё салдаткі Дар'і Факееўны Панчанкі. З двума дзецьмі на руках ёй было цяжка ў чужым горадзе, і жанчына ў 1920 г. падалася да сваёй маці. Там, у Бягомлі, прайшлі дзіцячыя і раннія юнацкія гады паэта.
У 1933 г. сям'я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, і Пімен пачаў працаваць на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце рабочым, а затым паступіў на настаўніцкія курсы. Пасля іх заканчэння працаваў у пачатковай, сямігадовай, сярэдняй школах у Бабруйскім і Кіраўскім раёнах (1934-1939). Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Менскага настаўніцкага інстытута, які скончыў у 1939 годзе.
Пісаць Пімен Панчанка пачаў яшчэ ў юнацтве. Упершыню апублікаваў свае вершы ("Ураджайнае" і "Моладзі") у 1934 г. у альманаху "Ўдарнікі". Як паэт ён пачаўся з лірыкі, аб чым сведчаць яго першыя зборнікі "Ўпэўненасць" (1938) і "Вераснёвыя сцягі" (1940). У іх знайшоў адлюстраванне рамантычна-ўзнёслы настрой мастака. Паэтычную сталасць П. Панчанку прынеслі вершы, напісаныя ім у час вайны. З верасня 1939 г. да студзеня 1946 г. у Савецкай Арміі - спецыяльны карэспандэнт, пісьменнік у армейскіх і франтавых газетах. На франтавых дарогах ён бачыў кроў, смерць, балюча перажываў трагедыю беларускага народа. Яго ваенныя радкі прасякнуты верай у перамогу над ворагам, суперажываннем, спагадай да чужога гора. Прымаў удзел у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Пазней быў Бранскі, а затым - Калінінскі франты, дзе Пімену Панчанка даручылі працу на франтавой газеце "За свабодную Беларусь" і ў сатырычным часопісе "Партызанская дубінка". Адсюль паэт быў пераведзены на Паўночна-Заходні фронт пад Старую Русу і працаваў там у газеце "Героический штурм". У 1944 г. штаб, дзе служыў Пімен Панчанка, перакінулі ў Іран. Яшчэ два доўгія гады паэт быў адарваны ад Радзімы. Думкамі, пачуццямі, клопатамі, аднак, знаходзіўся на Беларусі, якая была ўжо вызвалена ад фашыстаў. У Іране Піменам Панчанкам быў створаны вядомы цыкл вершаў "Іранскі дзённік". Адным з лепшых твораў таго часу не толькі ў беларускай, але і ўсёй савецкай паэзіі стаў верш П. Панчанкі "Сінія касачы". Ваенныя ўражанні паэта склалі зборнікі "Дарога вайны" (1943), "Далёкія станцыі" (1945), "Гарачыя вятры" (1947).
У 1946 г. паэт дэмабілізаваўся. Закончыўся адзін з вызначальных этапаў у жыцці і творчай біяграфіі паэта. Ён вяртаецца ў Менск і пачынае працаваць у часопісе "Вожык", пазней перайшоў у газету "Літаратура і мастацтва". Пяць гадоў (1953-1958) рэдагаваў альманах "Советская Отчизна" (цяпер "Нёман"). Адзін за другім выходзяць зборнікі паэта "За шчасце, за мір" (1950), "Шырокі свет" (1955), "Кніга вандраванняў і любові" (1959), "Нью-Ёркскія малюнкі" (1960), "Тысяча небасхілаў" (1962). З 1966 г. паэт пачынае працаваць сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1972 г. цалкам аддаецца творчай дзейнасці, спалучаючы яе з абавязкамі дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. У 1973 г. Пімену Панчанка было нададзена ганаровае званне Народнага паэта Беларусі.
У сваіх творах Пімен Панчанка - шчыры патрыёт Беларусі, нястомны змагар за захаванне прыроды, за культываванне ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, выкрывальнік партыйнай і ўрадавай бюракратыі. У яго вершах спалучаецца лірызм з публіцыстычным напалам. Пімен Панчанка становіцца адным з папулярных паэтаў СССР і свету.
Паэт і публіцыст, крытык і перакладчык П. Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго творчай спадчыне - яго вершы, якія былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, вершы, у якіх ніколі не было фальшы, але заўсёды адлюстроўвалася багатая гама чалавечых пачуццяў.
Імя П. Панчанкі носіць вуліца ў Менску.
Вікіпедыя.
Дарагія суграмадзяне!
Мы ўпэўненыя - вы разумееце, што матэрыяльныя нястачы, жабрацтва і галечу мы перажывём. Нашаму народу такое жыццё не ўпершыню. Мы перажылі не адну акупацыю, высяленні, тэрор і генацыд, пасляваеннае жыццё. Але мы выстаялі.
І мы выжывем як нацыя, калі захаваем нашу мову, калі нашых дзяцей і ўнукаў навучым роднай мове. Родная мова - наша культура, наш сродак культуры, санітарны кардон ад усялякай набрыдзі, якая цягнецца ў нашую краіну, таму што тут можна не вучыць і не ведаць беларускую мову. Наша мова - гарантыя выжывання нацыі, гарантыя будучыні народа.
Беларускае тэлебачанне ў нас фактычна знішчанае. Толькі беларуская, усімі любімая "Калыханка" для нашых дзетак і ўнукаў па-ранейшаму гучыць. Але пасля "Калыханкі" ідуць рускамоўныя мульцікі, тады, калі дзеці ўжо спяць. А беларускіх зусім няма. І ніякіх беларускіх перадач для дзяцей няма. Ды і вінаватых за адсутнасць перадач і мультфільмаў для дзяцей таксама няма. Дзіцячы беларускі канал вымагае вялікай інтэлектуальнай і творчай працы. А Г. Давыдзька бярэ чужое, гатовае і гвалтам упіхвае ў праграму Нацыянальнага тэлеканала. Ён яшчэ ў 5-м класе сам глядзеў той самы "Ералаш". А для чаго нам глядзець?! Трэба мець адмысловы талент, каб жыць на ўсім чужым і самому нічога не прыдумляць.
А ў выніку роднай мовы няма ні для дзяцей, ні для дарослых, ні ў дзіцячых садах, ні ў школах, ні ва ўніверсітэце, ні на працы.
Мы павінны аб'яднацца дзеля адраджэння роднай мовы, каб зусім не загінуць. Класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч даў нам запавет яшчэ ў 1891 г.: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі". Таму што са смерцю мовы духоўна і фізічна памірае нацыя. Таму адраджэнне мовы важней за ўсякія паборы нібыта з дармаедаў, бо наша мова памірае кожны дзень.
Пачнем адраджэнне нашай мовы, нашай культуры, нашай гістарычнай сутнасці!
Бацькі дзетак, якія ідуць у першы клас, запісвайцеся абавязкова ў клас з беларускай мовай навучання. Гэтак могуць рабіць бацькі і двух- і трохкласнікаў. Яшчэ не позна. Ніколі не позна патрабаваць справядлівасці аж да ўзросту 10 класаў. У нас іншага шляху няма. Толькі нашай воляй на навучанне на роднай мове мы можам прымусіць улады адчыняць беларускія класы напачатку, а затым і школы. Як складзецца 2017 год - будзе зарукай далейшага поступу. Многія з вас начуюць у чэргах, каб запісаць сваіх дзяцей у беларускія гімназіі, і гэта наіўна. Можа пашанцаваць двум-тром, але ж такім чынам становішча не выправіш. Трэба патрабаваць адкрыцця беларускіх школ ці гімназіяў - новых, у розных раёнах Менска і ў іншых гарадах.
Гэта і мы патрабуем!
Каб у кожным раёне Менска ў бягучым 2017 годзе адчынілі дзверы новыя беларускія гімназіі ці школы.
Каб у кожным горадзе стварылі хоць адну беларускую школу як мінімум. А ўжо самі, выпускнікі, патрабуйце заснавання Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта.
Ведайце, што беларуская грамадскасць працуе над гэтым пытаннем.
Мы разумеем, што кіраўніцтва краіны не будзе вырашаць гэтыя праблемы, таму бярэмся за працу самі. Мы багатыя талентамі: пісьменьнікі, мастакі, музыкі, навукоўцы і іншыя. Мы здольныя самі ўсё зрабіць. Мы больш не можам за нашыя падаткі вучыць дзяцей на чужой мове, бачыць, як замбуюць наш народ праз расейскія тэлеканалы. Стварайма беларускія садкі, класы, стварайма беларускія школы, універсітэт, беларускае тэлебачанне. І мы будзем трымаць моцныя сувязі з усім беларускім грамадствам. Гэтыя нашыя ініцыятывы павінны пашырыцца на ўсю краіну. А калі ў вашай вёсцы ці другім населеным пункце беларуская школа ўсё ж захавалася - беражыце яе, усяляк яе падтрымлівайце і не дазваляйце русіфікаваць. Палепшыць школу заўсёды можна, гэта лепш, чым пачынаць з нуля. А калі што горшае задумалі ўлады, паведамляйце нам у рэдакцыю газеты, якая надрукуе гэты матэрыял. Нам усім неабходна двухбаковая сувязь. Усім грамадствам, разам, мы пераможам.
Дык усе разам - за працу - дзеля нашай Радзімы!
Мікола Савіцкі, прафесар; Леанід Лыч, прафесар, доктар гістарычных навук; Мікола Купава, сябра БСМ; Тамара Кароткая, філолаг; Сяргей Бахун, супрацоўнік выдавецтва; Віталь Абакановіч, інжынер.
Н. І. Качанавай,
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
вул. Карла Маркса, 38, г. Мінск, 220016
Аб ушанаванні трагічнай гадавіны Хатынскай трагедыі
Паважаная Наталля Іванаўна!
22 сакавіка 2018 года споўніцца 75 год з моманту Хатынскай трагедыі, пра якую павінен ведаць кожны жыхар Беларусі, а таксама шматлікія госці нашай краіны.
У сувязі з гэтым было б добра падрыхтаваць з гэтай нагоды асобнае распараджэнне ці Указ Прэзідэнта, у якім можна прадугледзець наступныя моманты:
1) З верасня гэтага года арганізаваць штодзённа аўтобусны маршрут Мінск-Хатынь-Лагойск, каб кожны жадаючы мог сам наведаць гэты ўнікальны мемарыял. Зараз туды можна даехаць толькі на асабістай машыне, альбо на спецыяльным аўтобусе турфірмы.
2) Выдаць адпаведны канверт і паштовую марку і зрабіць іх спецгашэнне 22 сакавіка 2018 г. на тэрыторыі мемарыяла.
3) У сакавіку 2018 г. ва ўсіх школах краіны правесці заняткі з паказам адпаведных фільмаў і друкаванай прадукцыі.
4) Зняць дакументальныя кіно і тэлевізійныя фільмы па гэтай тэме.
5) Уключыць Хатынскі мемарыял у план дзейнасці МЗС з мэтай наведвання яго замежнымі дыпламатамі і дэпутатамі.
З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.
У Паставах развіталіся з Алесяй Фурс
У Паставах (Віцебская вобласць) развіталіся з Алесяй Фурс (Умпіровіч). Яна памерла на 92-м годзе жыцця.
У часе вучобы ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі Алеся ўступіла ў Саюз беларускіх патрыётаў. 25 сакавіка 1946 году для цырымоніі прысягі сяброў арганізацыі на вернасць Беларусі намалявала "Пагоню".
У 1948 была арыштаваная і прысуджаная да 25 гадоў канцлагера, але ў выніку смерці Сталіна прасядзела толькі восем. У 1956 г., пасля вызвалення, пабралася шлюбам з іншым былым палітвязнем-беларусам Антонам Фурсам, жылі ў Казахстане. У 1982 вярнуліся на радзіму, пасяліліся ў Паставах.
Ёй пашчасціла пабачыць Беларусь незалежнай. А сама яна была рэабілітаваная ў 1993 годзе. Выгадавала дзяцей і ўнукаў і пражыла нялёгкае, але, урэшце, шчаслівае жыццё.
Вечная памяць.
Што для мяне родная мова?
Многія лічаць, што родная мова - гэта мова, якую ты чуў ад нараджэння і да якой цябе прывучылі бацькі ці жыццёвыя абставіны. На самай справе, родная мова - гэта мова твайго роду: дзядоў, прадзедаў. Мае продкі былі беларусы, дык чаму маёй роднай мовай не павінна быць беларуская?
Гісторыя беларускай мовы, як і нашай краіны, нялёгкая, складаная, супярэчлівая. Войны, акупацыі, панаванне больш моцных дзяржаў не садзейнічалі ёй, а тармазілі яе развіццё і росквіт. Прадстаўнікі эліты грамадства здаўна пераймалі мову пануючай улады. А ніжэйшыя слаі пад страхам і ціскам паступова адыходзілі ад сываёй мовы следам за элітай. Камуністычная ідэалогія таксама паспрыяла разбуральным працэсам: пры камунізме будзе адна ўлада і адна мова, у выпадку з СССР - адпаведна руская. Адзін высокі кіраўні к гаварыў беларусам: вы першыя прыйдзеце да камунізму таму, што найлепш вучыце рускую мову. І беларускія школы закрываліся. Дзякуй вёсцы і яе жыхарам, якія збераглі мову ад поўнага вынішчэння, захавалі яе нам, нашчадкам.
Цяпер Беларусь - суверэнная краіна, камунізм адсунуўся на нявызначаны тэрмін, а сітуацыя з нашай беларускай мовай дрэнная, нават многа дзе пагаршаецца. Многія прадстаўнікі ўлады бачаць (ці хочуць бачыць) тут прычыну ў выніках рэферэндуму. Людзі ж на рэферэндуме выступалі не за знікненне роднай мовы, яны проста падтрымалі маладога палітыка, цікавага і энергічнага.
Што для мяне родная мова?
Гэта не толькі сродак зносін. Па тым, як чалавек ставіцца да роднай мовы, я мяркую аб яго інтэлектуальных, маральных якасцях, яго культуры і патрыятызме. Вывучэнне, валоданне мовай патрабуе ад чалавека высілкаў, працы. Але не многія здольныя на гэта. Большасць людзей ставіцца да мовы з чыста прагматычных пазіцый. Патрэбна на рабоце, будзе вучыць і карыстацца ёю і наадварот. Хтосьці сказаў: колькі ты ведаеш моў, столькі разоў ты чалавек. Гэтае выказванне не ўражвае, калі ёсць многа іншых.
Выпускнікі, падвучыўшы замежную мову (і найбольш здольныя), едуць за мяжу ў заработкі. У школе ім на вывучэнне замежнай мовы адводзіцца па 2-4 гадзіны ў тыдзень, а сваёй, беларускай - хопіць і адной. Дзе логіка? У чым тут карысць для краіны?
Паглядзіш тэлеперадачу, пабудзеш у афіцыйнай установе - успамінаюцца прачытаныя калісьці апавяданні пра маўглі-дзяцей, якія былі маленькімі ўкрадзеныя звярамі і выкормліваліся імі. Спробы вучоных адаптаваць іх у грамадства не мелі поспехаў. Здаецца, такое сталася і ў сітуацыі з нашай беларускай мовай. Прабачце за некарэктнае параўнанне.
Без удзелу і дапамогі дзяржавы сітуацыя са станам беларускай мовы ў краіне не палепшыцца. Нехта кажа, што для гэтага патрэбны вялікія сродкі. Але, відавочна, каб даць чалавеку веру і ўпэўненасць у меркаваных неабходных зменах у моўнай сферы, дастаткова некалькі выказванняў і артыкулаў у СМІ на высокім дзяржаўным узроўні. І людзі, грамадства зменяць сваё стаўленне па гэтым пытанні, запрацуюць унутраныя рэзервы. Хто ведае родную мову - будзе карыстацца ёю, хто не ведае - будзе да гэтага імкнуцца. Будуць узнікаць фонды падтрымкі мовы і г.д.
На першым этапе рыхтавацца і, калі ёсць пэўныя ўмовы, пачынаць выконваць раней прынятыя рашэнні: у кожным райцэнтры - беларускамоўная школа, у ВНУ - беларускамоўныя плыні, каб у недалёкай будучыні выйсці на на адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта, веданне кіраўнікамі абедзвюх дзяржаўных моў. Усё няхай робіцца абдумана, паступова, спакойна, без палітычных завіхрэнняў, на карысць суверэннай Беларусі, яе людзей ды іхніх нашчадкаў.
Аб значэнні нацыянальнай мовы ў жыцці дзяржавы гаворана і напісана шмат, як і пра тое, якой распрацаванай і цудоўнай з'яўляецца нашая родная мова. Трэба памятаць толькі, што мы, беларусы, маем свае гонар і годнасць.
Рыгор Шундрык, г. Дзятлава.
Э л і т а
Даводзяць разумнікі-знаўцы: нібыта,
Моц, росквіт дзяржаваў ідуць ад эліты.
Напэўна. Вы згодны? Часткова?
Не новае гэта паняцце і слова.
Ад часу пячораў да эры фінансаў
Ляпіла гісторыя свету эліту:
З цікаўнасці, сквапнасці, сілы і спрыту.
Аднак тут, вядома, было шмат нюансаў,
Работа ішла без ніякага плану,
То, часам, няспешна, то апантана.
Прайшло так стагоддзяў крывавых нямала.
Ды ў чалавека праблем менш не стала.
Ні Біблія Божая, ні моц капіталу
Не могуць зрабіць, каб Сонца ўсім ззяла.
А sapiens homo, і з той жа эліты,
Заўжды хоча большы кавалак з карыта.
Дзе тут рашэнне ў маштабе планеты?
Не дасканалы свет дзіўны гэты...
У слове-паняцці прыгожым "эліта"
Вялікая сіла і тайна закрыта.
Эліта, па сутнасці, нейкі ўсё ж статак,
Якому патрэбен Пастух і Парадак.
Гісторыя помніць безліч вядоўцаў,
Першапраходцаў і мысляроў.
Казалі ж усе, каб людзям пад сонцам
Зямных было болей і Божых дароў.
Калумб, Галілей, Ян Гус, наш Скарына,
Ульянаў, Махатма, і Кінг, і Дэ Голь...-
У кожнай краіне быў свой герой,
Помняць і любяць яны свайго сына.
Будзе свет мець яшчэ многа навацый,
Напішуць разумнікі шмат дысертацый.
Я ж думаю болей і клапачуся
Аб роднай старонцы, аб Беларусі.
Вера мая ў яе лёс не прапала:
Быў, ёсць і ў нас Янка Купала...
У вечнасць дарога нам не закрыта,
Пакажа сябе яшчэ наша эліта!
Рыгор Шундрык.
Прозвішчы Беларусі
Новая серыя
Павел Сцяцко
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
86. Байгот (Жанна) - мажліва другасная форма ад апелятыва байкот (менак на выбухны [g] 'спыненне адносін з кім-н. у знак незадавальнення чыімі-н. паводзінамі'), якая перайшла ў онім (анімізацыя): Байкот - Байгот - Байгот.
87. Байда (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва байда `рыбацкая, крыху большая за човен, лодка`, а таксама `брус, увагнаны ў грунт (паля)`.
88. Бакунін (Алег) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -ін ад антрапоніма Бакун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бакун-ін. ФП: Абакум (<ст.-яўр. 'абдымі' (Божа)) - Бакун (1541) - Бакунін.
89. Балабайка (Федзя) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) балабайка 'балалайка' (Нас., КСЧ).
90. Балахонаў (Барыс) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Балахон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Балахонаў. ФП: балахон ('халат шырокага крою, які раней насілі сяляне', а так-сама (разм.) 'шарокая бясформавая вопратка') - Балахон (мянушка, потым прозвішча) - Балахонаў.
91. Балбатоўскі (Ігнат) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Болбаты і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Балбатоўскі. ФП: балбатаць ('гаварыць несупынна, невыразна, а таксама займацца пустымі размовамі'); 'булькаць' - пра ваду, што бяжыць (або кіпіць:) - болбат (нульсуфіксавы вытвор ад балбатаць з тымсама значэннем) - Болбат (мянушка) - Болбат (прозвішча) - Болбаты ('мясцовасць, дзе жывуць асобы з прозвішчам Болбат') - Балбатоўскі. Або шляхетная форма ад прозвішча Болбат.
92. Баліцкі (Антон) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Балічы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Балічскі - Баліцкі. ФП: Балтазар (імя <лац. Balthasar <асір. 'каго абараняе Бог') - Баль (народны варыянт) - Баль (празванне, потым прозвішча) - Баліч ('бацькайменне з фармантам -іч') - Балічы ('паселішча з прозвішчамі Баліч') - Баліцкі.
93. Балтрук (Ірына) - размоўная форма ад кананічнага Барталамей набыла ролю прозвішча.
94. Балтунова (Ніка) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Балтун і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Балтунова. ФП: балтун (рус. болтун 'балбатун, пустаслоў', 'пляткар', а таксама 'баўтун' (наседжанае без зародка яйцо)) - Балтун (мянушка, потым прозвішча) - Балтунова. Або (у рускай арфаграфіі белар.) Баўтунова ( баўтун 'яйцо').
95. Бальшакоў (Дзяніс) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Бальшак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бальшакоў. ФП: бальшак ('вялікая (у адрозненне ад прасёлачнай) дарога; шлях') - Бальшак (мянушка) - Бальшак (прозвішча) - Бальшакоў.
96. Банадысева (Любоў) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Банадысь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Банадысева. ФП: Бенядзікт (імя <лац. `benedictus` 'шчаслівы (дабраслаўлёны)' - Бенадысь (вытвор з -ысь 'экспрэсіў') - Бенадысь (празванне, потым прозвішча)) - Банадысева.
97. Барадзеня (Аляксандр) - вытвор з фармантам -еня ад антрапоніма Барада і значэннем 'нашчадак названай асобы': Барадзеня. ФП: барада ('пярэдняя частка ніжняй сквіцы', 'валасяное покрыва ніжняй часткі твару ў мужчын', (перан.) 'пра чалавека, які носіць бараду') - Барада (мянушка, потым прозвішча) - Барадзеня.
98. Барадзіхіна (Ала) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Барадзіха і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Барадзіхіна. ФП: барада (апелятыў, які мае шмат значэнняў: 'пярэдняя частка сківіцы', 'валасяное покрыва ніжняй часткі твару ў мужчын'; 'пра чалавека, які носіць бараду'; 'касмыль недапрадзенай кудзелі, воўны'; 'невялікі кусцік жыта, каля якога спраўляюць дажынкі') - Барада (мянушка) - Барада (прозвішча) - Барадзіха ('жонка Барады') - Барадзіхіна.
99. Барадун (Юлія) - семантычны вытвор ад апелятыва барадун 'барадаты, барадач'; параўн. гарбун 'гарбаты, гарбач'. ФП: барада ('пярэдняя частка сквіцы', 'валасяное покрыва ніжняй часткі твару ў мужчын', 'пра чалавека, які носіць бараду') - барадун ('барадач' суфікс -ун) - Барадун (мянушка) - Барадун.
100. Бараненкава (Людміла) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Бараненка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бараненкава. ФП: баран ('жвачная млекакормная жывёліна з густой воўнай і выгнутымі рагамі; самец авечкі', перан. 'пра тупога, някемлівага чалавека' (лаянк.), а таксама 'двухручны (на два чалавекі) гэблік для габлявання дошак') - Баран (мянушка, потым прозвішча) - Бараненка ('нашчадак Барана', фармант -енка) - Бараненкава.
101. Бараноўскі (Ян, Юзаф) - вытвор з фармантам -оўскі ад та-поніма Бар аны і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Бараноўскі.
102. Баранчык (Юрый) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Баран і значэннем 'нашчадак названай асобы': Баранчык. Або семантычны вытвор ад апелятыва баранчык ('памянш. да баран (жвачная жывёліна)' ці 'двухручны гэблік'); 'невялікія пеністыя хвалі на вадзе, а таксама невялікія перыста-кучаравыя воблакі', 'гайка з двума вушкамі для закручвання рукамі'.
103. Барканава (Раіса) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Баркан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Барканава. ФП: баркан ('тканіна баркан' (Нас.), 'паркан' (рэг.), 'морква' ( Даль)) - Баркан (мянушка, потым прозвішча) - Барканава.
104. Баркоўскі (Альфонс) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Баркі / Боркі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Баркоўскі. ФП: бор ('стары густы сасновы лес, які расце на высокім месцы') - барок (пам.-ласк. форма) - Баркі (тапонім) - Баркоўскі.
105. Бароўка (Ванда) - семантычны вытвор ад апелятыва Бароўка -рэг. 'брусніцы', польск. borowka 'тоесама'.
106. Бароўскі (Сяргей) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Бароўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Бароў(к)-скі. ФП: бароўка (рэг. 'брусніцы', польск. borowka 'тс') - бароўка ('мясціна, дзе растуць брусніцы - бароўкі') - Бароўка (тапонім) - Бароўскі.
107. Бароўчанка (Ігнат) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Бароўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бароўч(к/ч)анка. Гл. Бароўка.
108. Барскі (Алесь) - скарочаная форма антрапоніма Баршчэўскі - (з выняткам сярэдзінавай часткі - шчэў -): Бар(шчэў)скі.
109. Барсучэня (Вера) - вытвор з фармантам -эня ад антрапоніма Барсук з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Барсукеня - Барсуч(к/ч)эня. ФП: барсук ('драпежны пушны звер сямейства куніцавых з вострай мордай і доўгай грубай шэрсцю') - Барсук (мянушка, потым прозвішча) - Барсучэня. Або акцэнтаваная форма ад барсучаня 'дзіцяня барсука', якая набыла ролю прозвішча. Форма з фанмантам -эня для адмежавання ад апелятыва ( барсучаня > барсучэня) ці захаванне дыялектнага варыянта наймення.
110. Барташ (Віктар) - семантычны вытвор ад імя Барташ / Бартош ( -Варфаламей / Барталамей). Гл. Бартосік.
111. Барташэвіч (Дзмітрый) - вытвор з суфіксам бацькаймення - эвіч ад антрапоніма Барташ і значэннем 'нашчадак названай асобы': Барташэвіч. ФП: Барталамей (імя арам.) - Барташ / Бартош (нар.-гут. форма) - Барташ (мянушка, потым прозвішча) - Барташэвіч.
112. Бартніцкі (Дзмітрый) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Бортнікі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Бартніцскі - Бартніцкі. ФП: бортнік (саст.) 'той, хто займаецца бортніцтвам; пчаляр' - Бортнік (мянушка, потым прозвішча) - Бортнікі (тапонім) - Бартніцкі.
113. Бартосік (Зміцер) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Бартос / Бартош і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бартосік. ФП: Барталамей (імя, арамейскае Bar - Tolmai `сын Талмая`) - Бартош / Бартос (народна-гутарк. форма) - Бартос (мянушка, потым прозвішча) - Бартосік.
114. Барысавец (Дзмітрый) - семантычны вытвор ад апелятыва барысавец 'з паселішча Барысаў'. ФП: Барыс (скарочана імя Барыслаў) - Барысаў - (форма прыметніка з суфіксам -аў і значэннем 'тое, што належыць названай асобе') - Барысаў (тапонім) - Барысавец - Барысавец.
115. Барэйкіна (Вера) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Барэйка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Барэйкіна. ФП: барэйка ('той, хто борацца', фармант - эйка) - Барэйка (мянушка, потым прозвішча) - Барэйкіна.
116. Басалай (Мікалай) - семантычны вытвор ад апелятыва басалай 'залётнік, жартаўнік, нахабнік' (Нас.).
117. Басалыга (Уладзімір) - вытвор з фармантам -ыга ад антрапоніма Басалай (семантычные ўтварэнне ад апелятыва басалай 'нахабнік, жартаўнік, залётнік' (Нас.)), рус. 'фарсун, франт' (Даль) з адмоўна-павеліч. значэннем: Басалыга.
118. Басанец (Анастасія) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Басаны і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці паселішча'. Басанец. ФП: босы ('неабуты, з голымі нагамі') - басан ('босы чалавек') - Басан (мянушка, потым прозвішча) - Басаны ('мясцовасць, паселішча з названымі прозвішчамі') - Басанец.
119. Басінскі (Віктар) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Басіна і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Басінскі.
120. Батура (Леанід) - семантычны вытвор ад апелятыва батура 'балагур, пустамеля' (Нас.), 'упарты, непаслухмяны' (Даль), а таксама 'вышка, каланча' (Даль). Або ад размоўнага імя Батура (<Барталамей).
121. Батурыцкая (Жана) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Батурыкі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Батурыкская - Батурыцкая ФП: Барталамей (арамейскае імя), Батура, Батурык (варыянты яго) - Батурыкі (тапонім) - Батурыцкі (-ая).
122. Баўсук (Ала) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Баўс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Баўсук. ФП: баўс (ст. рус. 'каштоўны камень') - Баўс (мянушка, потым прозвішча) - Баўсук.
123. Бахараў (Віктар) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Бахар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бахараў. ФП: бахар (рус. бахарь 'гаварун', 'хвалько', 'казачнік' - Даль) - Бахар (мянушка, потым прозвішча) - Бахараў.
124. Бачарэнка (Іван) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Бачар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бачарэнка. ФП: бачар (ст.-бел. 'бондар') - Бачар (мянушка, потым прозвішча) - Бачарэнка.
125. Баяркіна (Алёна) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Баярка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Баяркіна. ФП: баярка ('шаферка, дружка маладой ў час вясельнага абраду', а таксама 'высокая футравая шапка') - Баярка (мянушка, потым прозвішча) - Баяркіна.
126. Баярчук (Ігар) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Баяр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Баярчук. ФП: баяр / баярын (гіст. у дапятроўскай Расіі - вышэйшы дараваны сан, а таксама асоба, якой надаваўся гэты сан; 'радавіты дваранін, буйны памешчык', 'шафер, распарадчык на вяселлі ў жаніха, дружка маладога') - Баяр (мянушка, потым прозвішча) - Баярчук.
127. Белавец (Андрэй) - вытвор з суфіксам -ец ад 1) антрапоніма Бялоў і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бяловец - Белавец; 2) тапоніма Бялова і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Бяловец - Белавец. ФП: белы 1) 'які мае колер снегу, малака, проціл. чорны'; 'з моцна пасівелымі валасамі', 'дагледжаны, чысты, чыста памыты'; 2) светлы, ясны; 3) які мае белы колер скуры (пра расу); 4) контррэвалюцыйны - Белы (мянушка, потым прозвішча) - Бялоў (нашчадак Белага, фармант -оў) - Бялова (`уладанне Бялова`) - Белавец.
128. Белавус (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва белавус 'той, у каго светлыя або сівыя вусы'.
129. Белавусаў (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Белавус і значэннем 'нашчадак названай асобы': Белавусаў: ФП: белыя вусы - белавус (апелятыў) - Белавус (прозвішча) - Белавусаў.
130. Беланог (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва беланог - нульсуфіксавае ўтварэнне ад прыметніка беланогі 'з белымі нагамі'.
131. Беланожка (Раман) - семантычны вытвор ад апелятыва беланожка 'з белымі нагамі'. Або вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Беланог і значэннем 'жанчына (жонка, дачка) названай асобы': Беланож(ч/ж)ка.
132. Беларэцкі (Андрэй) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Беларэчча і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Беларэччскі - Беларэцкі.
133. Белякоў (Адам) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Бяляк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бялякоў. ФП: бяляк ('заяц, які мяняе зімой колер поўсці на белы', а таксама 'белагвардзеец' (разм. пагард.)) - Бяляк (мянушка) - Бяляк (прозвішча) - Бялякоў>Белякоў;
134. Бень (Святлана) - народна-гутарковая (скарочаная) форма імя Бенядзікт набыла ролю прозвішча.
135. Беразовіч (Ірына) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Бяроза і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бярозавіч - Беразовіч. ФП: бяроза ('лісцевае дрэва з белай карой') - Бяроза (мянушка, потым прозвішча) - Беразовіч.
136. Бераснева (Алёна) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Берасцень і значэннем 'нашчадак названай асобы': Берасценева - Берас(це)нева. ФП: бераст ('дрэвавая ці кустовая расліна сямейства вязавых') - берасцяны ('які мае адносіны да берасту, зроблены з берасту', фармант - яны (-ены)) - берасцень ('бераставы выраб', - нульсуфіксавы вытвор) - Берасцень (мянушка, потым прозвішча) - Берасценева - Берас(це) нева.
137. Берастаў (Валерый) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Бераст і значэннем 'нашчадак названай асобы': Берастаў. ФП: бераст ('дрэвавая ці кустовая расліна сямейства вязавых') - Бераст (мянушка, потым прозвішча) - Берастаў.
138. Берасцянка (Алёна) - семантычны вытвор ад апелятыва берасцянка, які мае два значэнні: 1) 'каробка, сплеценая з бяросты', 2) 'невялічкая лясная пеўчая птушка атрада вераб'іных; зяблік'. Або вытвор з фармантам -янка ад тапоніма Бярэсце і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча (горада)': Берасцянка, які набыў ролю прозвішча: Берасцянка. Параўн. берасцеец - берасцеец.
139. Бердніковіч (Канстанцін) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Берднік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бердніковіч. ФП: берднік ('майстар, які вырабляе бёрды (частка ткацкага варштата)') - Берднік (мянушка, потым прозвішча) - Бердніковіч.
140. Бібікава (Ала) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Бібік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бібікава. ФП: бібік ('гультай, лодар, нядбайнік - той, хто бібікі б'е') - Бібік (мянушка, потым прозвішча) - Бібікава.
141. Бірыч (Жанна) - семантычны вытвор ад апелятыва бірыч рус. бирич 'клікун, вяшчальнік, чалавек, які абвяшчаў на плошчах пастановы' ( Даль).
(Працяг у наст. нумары.)
Бясстрашны хірург і адважны падарожнік
Скарынаўскі юбілей яднае не толькі кнігавыдаўцоў і літаратараў, але і знаўцаў лекарскіх навук. 6 жніўня на свята 500-годдзя кнігадрукавання ў Менску прыйшла фармацэўт з 45-гадовым стажам Валянціна Іванаўна Салавей. У гэтыя дні яна адзначала важную сямейную дату. 9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння яе бацькі, Івана Трафімавіча Салаўя (1917-1989), беларускага хірурга, партызанскага лекара, арганізатара працы ўстаноў аховы здароўя. Ён пражыў цяжкое, але насычае падзеямі жыццё.
Іван Трафімавіч нарадзіўся ў Слуцкім раёне. Яго бацька Трафім Дзмітрыевіч удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Пад Смаргонню ён быў паранены і патрапіў у шпіталь, а праз некалькі дзён на месцы баёў адбылася газавая атака, у якой загінулі 7 тысяч чалавек. Трафім прыехаў дадому, а праз дзевяць месяцаў пасля вяртання з вайны ў яго нарадзіўся сын Іван. У дзеда Трафіма Дзмітрыевіча і бабулі Ганны Сямёнаўны было шасцёра дзяцей. Дзед, які ведаў асновы земляробства і жывёлагадоўлі, зведаўшы цяжкую працу, заахвочваў сваіх дзяцей да навучання.
У школе, збудаванай Янушам Радзівілам
Ваня Салавей вучыўся ў будынку школы № 1 ў Слуцку, якую пабудаваў калісьці яшчэ ў 1617 годзе Януш Радзівіл для сваіх дзяцей. Ён вырашыў стаць медыкам і выправіўся ў 1934 годзе ў Менск. Яго аднакурснікам па лячэбным факультэце медінстытута стаў Аляксей Іванавіч Шуба, потым - яго партызанскі сябар і будучы галоўны лекар 1-ага клінічнага менскага шпіталя. Пасля заканчэння інстытута Іван Трафімавіч працаваў у Глушы на Палессі, а потым - у Глуску і Бабруйску.
Сялянскі хлопчык, які вывучыўся на лекара, адчуваў, што ён павінен усяго сябе аддаць любімай медыцынскай прафесіі. Ён быў вельмі строгім загадчыкам аддзялення шпіталя, шмат займаўся самадукацыяй, чытаў кнігі па хірургіі і траўматалогіі, спрабаваў асвоіць нейрахірургію. Ён не цярпеў разгільдзяйства. Толькі ў яго можна навучыцца хірургіі з поўнай аддачай справе.
Яго жонкай у 1939 годзе стала ўрач-гінеколаг Вольга Міхайлоўская, з якой ён разам вучыўся ў медынстытуце. Першае дзіця, Валечка, адчула на сябе цяжкі ваенны лёс партызанскіх медыкаў.
Ваенная навала накацілася нечакана. Іван і Вольга працавалі дактарамі ва Ўрэччы Слуцкага раёна. Пры немцах яны вялі прыём насельніцтва, а заробак атрымлівалі прадуктамі харчавання. Вяскоўцы прыносілі сала, яйкі, гародніну. А іх сябар Аляксей Іванавіч Шуба тым часам абсталяваў амбулаторыю і вёў прыём у Старых Дарогах, лячыў мясцовае насельніцтва. Вельмі энергічны чалавек і выдатны спецыяліст, Аляксей Іванавіч патрабаваў медыкаменты ў нямецкай управе, ведаючы, што іх ён аднойчы перадасць партызанам. Так і здарылася. У адну ноч па дамоўленасці пагрузілі на падводы абсталяванне і лекі. Аляксей Іванавіч прывёз медыкаменты ў партызанскую зону. Немцы ўзнялі перапалох. За галаву доктара Аляксея Шубы яны прызначылі ўзнагароду ў тысячу марак, каб нехта яго выдаў. Але гэтага не здарылася, ён быў ужо ў партызанскай зоне, якая ахоплівала Любаньскі і Старадарожскі раён.
Будні партызанскіх ўрачоў
У жніўні 1943 года Івана Трафімавіча Салаўя ва Ўрэччы папярэдзілі, што яго могуць арыштаваць за сувязь з партызанамі. Узяўшы медыкаменты, Іван і Вольга з дачушкай непрыкметна накіраваліся ў бок лесу.
Дзяўчынцы было тры годзікі і дзевяць месяцаў, калі яна разам з бацькамі патрапіла ў партызанскую брыгаду № 64 імя Чкалава ў Любаньскім раёне. Чатырохгадовая Валя была ўвесь час з бацькамі - дактарамі ў партызанскім атрадзе № 5 імя Лазо. Часта байцы атрада, сыходзячы на заданне, пакідалі хворых, параненых і абмарожаных байцоў пад доглядам дактароў. Іван Трафімавіч Салавей клапаціўся пра тое, як знайсці харчаванне для хворых, шукаў, дзе і як выкапаць для іх зямлянку, схаваць ад немцаў у надзейным месцы пад хвоямі. Ён вучыў маладых дзяўчат, як рабіць перавязкі, дапамагаць абмарожаным, карміць хворых. "Тата насіў хлеб у мяшэчку для свайго партызанскага шпіталя", - узгадвае дачка.
- У нашым атрадзе тыфу не было.Тата так строга паставіў пытанне гігіены, што тых, хто прыходзіў з партызанскіх вылазак, аглядалі лекары і адпраўлялі адразу ў лазню. Тату ў канцы вайны прызначылі ўрачом усёй партызанскай брыгады.
Калі Івана Трафімавіча параніла ў руку, Вольга Аляксееўна яго тут жа перавязала. Доктар палічыў раненне шчаслівым, бо куля магла прайсці ніжэй і патрапіць у печань.
Падчас партызанскай блакады Вольга Аляксееўна з дачушкай схаваліся пад елкай, накрыўшыся анучай. Дзяўчынка ледзь не плакала, але маці катэгарычна загадала маўчаць. Немцы з сабакамі прачэсвалі лес. Вялізная аўчарка пацягнула немца за павадок у бок бежанцаў. Пажылы немец быў у акулярах і не мог хутка бегчы, ён з сілай прыцягнуў сабаку да сябе і скіраваў яе ў іншы бок.
Іншы раз яны ішлі па балоце. Тата ідзе ў вадзе па грудзі і на галаве нясе дачушку, а на плячы ў яго - вінтоўка і санітарная сумка. За імі крочаць параненыя… Калі байцы з партызанамі пайшлі 30 чэрвеня 1944 года вызваляць Слуцк, матулю з фельчарамі, медсёстрамі і хворымі пакінулі ў лесе. Іван Трафімавіч выходзячы з партызанамі, моцна хваляваўся за жонку і дачку.
- Не ведаю, як мама выжыла зімой, намёрзлася, нацярпелася за ўсю вайну, - успамінае Валянціна Іванаўна Салавей. - Потым яе турбаваў радыкуліт, яна пасівела ў 26 гадоў. Мама выйшла з балот цяжарнай, і нарадзіўшы другое дзіця, майго брата Валодзю, у 1944 годзе, адразу пайшла працаваць у вясковы шпіталь ва Ўрэччы Слуцкага раёна.
Пасля вайны Іван Трафімавіч з 1945 па 1946 год працаваў загадчыкам Слуцкага раённага аддзела аховы здароўя, а Вольга Аляксееўна - ва Ўрэччы. Потым яны пераехалі ў Кіраўскі шпіталь пад Бабруйскам. Іван Трафімавіч быў там галоўным лекарам шпіталя. Там гадаваліся Валя з Валодзем.
Пасля вайны іх сябар Аляксей Іванавіч Шуба заняў пасаду галоўнага ўрача 1-ага менскага клінічнага шпіталя. Аднойчы ён паклікаў да сябе Івана Салаўя і сказаў: "Ванечка, ты ж выдатны хірург, згадзіся пайсці да нас на самы цяжкі ўчастак: ў аддзяленне гнойнай хірургіі!". І калега згадзіўся.
Калі Аляксей Іванавіч памёр, Іван Трафімавіч засумаваў і змяніў месца працы. Давялося яму прымаць пацыентаў у 18-тай і 19-тай менскіх паліклініках, у тым ліку, і на гадзіннікавым заводзе.
У аперацыйнай на акіянскім сейнеры
У 1972 годзе, Іван Трафімавіч, хірург вышэйшай катэгорыі, паехаў у Калінінград, заключыў дамову з рыбалавецкай базай і пяць гадоў плаваў на караблях Калінінградскай рыбалавецкай флатыліі, дзе існавала абсталяваная медыка-санітарная частка. Ужо не малады доктар адпраўляўся на чатыры месяцы ў рэйсы ў Атлантыку, быў спецыялістам на ўсе рукі: хірургам, уролагам, зубным тэхнікам. Не аднойчы каманда атрымлівала сігнал SOS, да карабля прычальвала шлюпка і Івана Трафімавіча забіралі на іншы карабель, дзе здараўся прыступ апендыцыту. У каманды былі прыпынкі на Канарскіх астравах, у Сенегале, яны выходзілі на бераг і аглядалі экзатычныя краіны.
Аднойчы яны вылецелі назад самалётам на світанку, палёт праходзіў на вышыні дзевяці тысяч метраў, у ілюмінатары былі бачны абрысы Афрыканскага кантынента. Сухаземнаму чалавеку падарожжы былі надзвычай цікавымі. Іван Трафімавіч вёў дзённікі ў падарожжах, сумаваў па Беларусі. Жонка і дачка пісалі яму лісты, сустрэчныя караблі перадавалі іх яму. Ён прыязджаў дадому, прывозіў сямейнікам рэдкія гатункі рыб: масляную рыбу, чучала акіянскіх рыб-вожыкаў і акул.
На пенсіі доктар зноў пайшоў працаваць у паліклініку, каб не сядзець у баку ад любімай справы. Іван Трафімавіч быў вельмі сціплым чалавекам. Калі размяркоўвалі жыллё ад 1-ага шпіталя, ён меркаваў, што, можа, яно патрэбна камусьці яшчэ. Потым прышлося пазычаць грошы ў сябра, каб зрабіць першы ўнёсак на кааператыўную кватэру.
Іван Трафімавіч і Вольга Аляксееўна пражылі 72 гады і адышлі ў адзін год. Іх дачка Валянціна Іванаўна кожнае 9 траўня выходзіць на Плошчу Перамогі з іх партрэтам ў руках. Яна перадала ў музей медыцыны рэдкія кнігі з бібліятэкі бацькі, фотаздымкі і ўспаміны пра легендарных партызанскіх дактароў - у Любаньскі музей народнай славы, запісы гісторый дзяцей вайны - сваім знаёмым і пляменнікам.
Эла Дзвінская, Фота з сямейнага архіва Валянціны Салавей: 1. Іван Салавей ў дзяцінстве; 2. Іван Трафімавіч Салавей і Вольга Аляксееўна Міхайлоўская; 3. Іван Салавей на працы; 4. Гінеколаг Вольга Міхайлоўская; 5. Іван Трафімавіч з унучкай Волечкай.
Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк у Магілёве
3 жніўня 2017 г. у Магілёў па запрашэнні ТБМ імя Ф. Скарыны завіталі слынныя беларускія пісьменнікі Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк. Імпрэза была прысвечаная памяці Максіма Багдановіча і праходзіла ў музеі імя П. Масленікава.
За дзень адбыліся дзве сустрэчы: першая ў Абласным доме ветэранаў і другая - агульнагарадская - у музеі. Паэты цікава і захапляльна ўзгадалі Максіма Багдановіча і яго ролю ў іх асабістым жыцці і творчасці. Прысутным былі прэзентаваныя вядомыя і невядомыя творы менскіх гасцей.
Эдуард Акулін прачытаў некалькі вершаў і непаўторна выканаў песні, у тым ліку "Купала ідзе". Падчас сустрэчы у многіх магілёўцаў раптам прачнуліся вакальныя здольнасці і яны з энтузіязмам падпявалі спадару Эдуарду. Харызматычны Леанід Дранько-Майсюк таксама нікога не пакінуў абыякавым. Пры прэзентацыі часопіса "Верасень" былі ўзгаданыя і магілёўцы, якія друкуюцца ў гэтым выданні.
Вялікі дзякуй за дапамогу ў арганізацыі галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскаму абласному мастацкаму музею. Асабістая падзяка спадарыні Святлане Строгінай за цікавую экскурсію і выдатны прыём гасцей.
Алег Дзьячкоў.
Філіял "МОСТААТРАД № 88" запрашае на працу:
- бетоншчыкаў,
- цесляроў (плотнікаў),
- арматуршчыкаў
з досведам працы на будаўнічых пляцоўках.
Заработная плата ад 500 руб.
Тэлефон для даведак: 8(044)755-74-32, вэлкам; (017)345-86-72 (аддзел кадраў).
Адрас прадпрыемства: г. Мінск, вул. Прамысловая, д. 16
(аўт. № 66 ад станцыі метро "Магілёўская" да канчатковага прыпынку "Прамысловая").
Семінар у Гародні: "Зялёная эканоміка: мадэлі, фінансы, пасоўванне"
Навіны Германіі
Берлінская школа "Ўсходняе партнёрства" запрашае дзейсных аўтараў і пачаткоўцаў сацыяльна значных праектаў у сферы рэгіянальнага развіцця і зялёнай эканомікі на семінар па тэме развіцця зялёнай эканомікі ў Беларусі і свеце. Семінар пройдзе 29-30 жніўня 2017 г. у Гарадзенскім філіяле Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі па адрасе: г. Гародня вул. Горкага 72 а.
Часавыя рамкі семінара:
29 жніўня 2017 г. 13:00 - 20:30
30 жніўня 2017 г. 09:00 - 14:00
Удзельнікі і ўдзельніцы змогуць прадставіць ідэі развіцця сацыяльнага бізнэсу ў сферы зялёнай эканомікі, пазнаёмяцца з асновамі стварэння сацыяльнага стартапа і ўстойлівымі бізнэс-мадэлямі сацыяльнага прадпрымальніцтва, а таксама абмяркуюць з экспертамі і прадпрымальнікамі са сферы зялёнай эканомікі магчымасці сацыяльных інавацый у гэтай сферы. Увечар 29 жніўня ў рамках семінара пройдзе публічная дыскусія з міжнароднымі экспертамі па пытаннях развіцця сацыяльных інавацый у вобласці зялёнай эканомікі ў Германіі і Беларусі.
Лепшыя праекты ўдзельнікаў змогуць прыняць удзел у акселерацыйнай праграме "Soin" і актыўна прапрацаваць свой праект у рамках Восеньскай школы ў Берліне. Праграма праводзіцца па ініцыятыве нямецкай няўрадавай арганізацыі "Снежаньцы" ў супрацоўніцтве з "Часопісам" і "Impact Hub Odessa" пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі.
Каб стаць удзельнікам неабходна да 24 жніўня 2017 г. адказаць на пытанні анкеты. Семінар праводзіцца па ініцыятыве Берлінскай школы сацыяльных інавацый "Усходняе партнёрства" пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі ў супрацоўніцтве з АДБ Брусель.
Нашы эксперты:
Крысціян Хейман, фермер, чалец сеткі SOLAWI (салідарная сельская гаспадарка) (Германія).
Віктар Велясніцкі, дырэктар Цэнтра сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна, заснавальнік прадпрыемства "Сельская Століншчына" (Беларусь).
Сяргей Тарасюк, дырэктар міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый (Беларусь).
Франц Мамуль, каардынатар Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі па Гарадзенскай вобласці (Беларусь).
Сяргей Мядзведзеў, кіраўнік Берлінскай школы сацыяльных інавацый (Германія).
Іван Вядзенін, крэатыўны дырэктар краўд-платформы "Талака" (Беларусь).
Максім Падбярозкін, каардынатар праграм у Беларусі, АДБ Брусель (Бельгія-Беларусь).
АДБ Брусель.
"Беларускі гурток" у Магілёве
10 жніўня "Беларускі гурток" магілёўскай суполкі ТБМ быў прысвечаны Ўладзіміру Караткевічу. Сустрэча прайшла каля фантанаў насупраць Марыінскай жаночай гімназіі (цяпер - сярэдняя школа № 1), якую калісьці скончыла маці Караткевіча - Надзея Васільеўна. Сябры Таварыства беларускай мовы падзяліліся сваімі думкамі і ўражаннямі пра творчасць нашага класіка, ўзгадалі любімыя творы выбітнага пісьменніка, пачыталі некаторыя з іх.
Алесь Сабалеўскі.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
З 1340 па 1410 гг. крыжакі здзейснілі 97 паходаў на землі ВКЛ. Асабліва пацярпелі Жмудзь, Гародня, Вільня, Берасце, Наваградак, Трокі і Ліда. У адказ войскі ВКЛ зрабілі каля 55 паходаў на ордэнскія землі. У 1360 г. крыжакі захапілі ў палон Кейстута, але той здолеў уцячы. У канцы 1379 г. Кейстут і Ягайла (сын яго брата Альгерда, які памёр у 1377 г.) у Троках падпісалі мір на 10 гадоў з крыжакамі. Аднак Ягайла, які вырашыў аднаасобна кіраваць ВКЛ, уступіў з крыжакамі ў таемную змову супраць Кейстута. У 1381 г., не чакаючы войскаў Ягайлы, крыжакі напалі на Жмудзь, якая належала Ксйстуту. У выніку канфлікту паміж Ягайлам і Кейстутам, Ягайла падманным шляхам схапіў у палон Кейстута і Вітаўта. Кейстута адвезлі ў Крэўскі замак, дзе і забілі. Потым туды прывезлі і Вітаўта, але той з дапамогай сваёй жонкі Ганны здолеў адтуль уцячы. Вітаўт уступіў у хаўрус з Ордэнам, а Ягайла ў 1385 г. стаў польскім каралём і працягваў змаганне з Вітаўтам за ўладу ў ВКЛ. У 1392 г. ён падпісаў пагадненне з Вітаўтам, што перадае яму ВКЛ да канца ягонага жыцця, а сам застаецца толькі каралём Польшчы.
Пасля гэтага Польшча і ВКЛ аб'ядналіся ў змаганні з крыжакамі, якія любым коштам хацелі захапіць Жмудзь, каб злучыць свае землі з Лівоніяй. У 1401 г. Жмудзь паўстала супраць Ордэна і ВКЛ іх падтрымала. У 1404 г. Польшча дамовілася аб тым, што яна выкупіць у крыжакоў Добжынскую зямлю, а тыя пакінуць сабе Жмудзь. У 1398 г. крыжакі з дапамогай марскога дэсанта захапілі востраў Готланд у Балтыйскім моры, а ў 1407 г. вялікім магістрам Ордэна быў абраны Ульрых фон Юнгінген, які праводзіў актыўную палітыку па пашырэнні ўплыву Ордэна на ўсходзе. 31 траўня 1409 г. Жмудзь зноў паўстала, а ў жніўні 1409 г. Ордэн пісьмова аб'явіў вайну Польшчы і захапіў некаторыя польскія замкі і гарады. Але Вітаўт злучыў свае атрады з паўстанцамі-жмудзінамі: яны нават захапілі горад Мемель (Клайпеду), акрамя замка. У верасні польскія войскі выгналі крыжакоў з Быдгашча, і ў кастрычніку Ягайла заключыў перамір'е з Ордэнам да чэрвеня 1410 г. Скончыўся першы этап Вялікай вайны з Ордэнам (1409-1411 гг.).
Вайна крыжакоў з Вітаўтам працягвалася. Так, 16 сакавіка 1410 г. яны раптоўна напалі на Ваўкавыск, спалілі яго і забілі шмат людзей, якія сабраліся на набажэнства. Але ў траўні Ордэн замірыўся і з Вітаўтам (да 24 чэрвеня), як і з Ягайлам. Крыжакі вельмі спадзяваліся на свайго васала, Лівонскі ордэн, які мог ударыць па Вітаўце адначасова з асноўнымі сіламі крыжакоў. Аднак гэтага не здарылася, бо ў 1409 г. Вітаўт наладзіў добрыя стасункі з Псковам і Ноўгарадам, і лівонцы спалохаліся гэтага сяброўства.
Пасля мабілізацыі Ордэн прывёў на Грунвальдскае поле каля 33 тысяч чалавек, з іх 21 тысячу вершнікаў, 6 тысяч пяхоты і 5 тысяч дапаможнага войска. Частка крыжакоў засталася ў замках; на левым беразе Віслы былі рэзервы, а Лівонскі ордэн наогул на бітву не з'явіўся. Вітаўт прывёў 10-11 тысяч вершнікаў і 500 чалавек пяхоты, а Ягайла - 18 тысяч вершнікаў і каля 2 тысяч пяхоты. Разам аб'яднанае войска мела 31500 ваяроў, да якіх трэба дадаць пару тысяч татараў на чале з ханам Джэлал-ад-Дзінам, саюзнікам Вітаўта. Польскі гісторык Ян Длугаш, які праз 40 з нечым гадоў першы апісаў Грунвальдскую бітву ў ліпені 1410 г., згадвае 48 харугваў ВКЛ і 50 харугваў Польшчы. Таму не выпадкова Грунвальдскую бітву называюць бітвай народаў. На ўзбраенні абодвух войскаў былі гарматы, у асноўным бамбарды, што стралялі каменнымі ядрамі. Пакуль доўжылася перамір'е, Вітаўт нечакана для крыжакоў прывёў сваё войска ў Польшчу. Аб'яднаная армія перайшла цераз Віслу і рушыла ў прускія землі на Мальбарк. Сама бітва на Грунвальдскім полі доўжылася ад 12 да 19 гадзін і скончылася перад заходам сонца поўнай паразай крыжакоў. Разам з вялікім магістрам загінулі амаль усе саноўнікі Тэўтонскага ордэна. Загінула каля 18 тысяч чалавек, каля 14 тысяч трапіла ў палон, каля 1,5 тысячы ўцякло. Ужо 17 ліпеня пераможцы рушылі на крыжацкую сталіцу. Большая частка гарадоў і замкаў здавалася без бою, некаторыя гараджане і шляхта нападалі на ордэнскія замкі і перадавалі іх саюзнікам.
25 ліпеня войскі Ягайлы і Вітаўта ўжо былі пад мурамі Мальбарка. Аднак камандзір крыжацкага рэзерву Генрых фон Плаўэн, які не браў удзел у бітве, здолеў прывесці свой атрад у горад раней, 18 ліпеня, і добра падрыхтаваў яго да абароны. Залога замка складала 2,5 тысячы чалавек, яна была добра ўзброеная і мела харчаванне на некалькі тыдняў. Мальбаркскі замак быў адным з найлепшых умацаванняў у Еўропе, і ўзяць яго саюзнікі не змаглі. У гэты час у Кёнігсберг прыбылі вайсковыя адзінкі Лівонскага ордэна. Таму ў верасні Вітаўт і Ягайла знялі аблогу і з вялікай здабычай вярнуліся дадому. Пасля іх адыходу прускія гарады і замкі зноў перабеглі пад уладу Ордэна, знішчылі ці ўзялі ў палон польскія гарнізоны.
У палякаў засталося некалькі замкаў і гарады Стары Торунь ды Гданьск. 9 лістапада 1410 г. Генрыха фон Плаўэна абралі вялікім магістрам (гохмайстрам), і той пасля доўгіх перамоваў у лютым 1411 г. падпісаў Торуньскую мірную дамову. Жмудзь перадавалася Вітаўту, а Добжынская зямля - Ягайлу. Астатнія землі засталіся за Ордэнам. Пасля гэтай вайны Ордэн паступова прыйшоў да заняпаду і зрабіўся васалам польскага караля.
Лівонскі ордэн. У ХІV-ХV стст. Лівонія складалася з пяці амаль незалежных краін, якія фармальна прызвалі ўладу германскага імператара. Большая частка тэрыторыі належала непасрэдна Лівонскаму ордэну. На поўначы Лівоніі (цяпер гэта тэрыторыя Эстоніі) знаходзілася Дэрпцкае і Эзельскае біскупствы, на захадзе - Курляндскае біскупства, а ў цэнтры - вольны горад Рыга і Рыжскае біскупства.
Спачатку горад Рыга залежаў ад улады архібіскупа, але Лівонскі ордэн хацеў так-сама трымаць гэтае вялікае места пад сваім кантролем. Рыжскім купцам гэта не падабалася, асабліва пасля таго як Ордэн набыў кляштар каля рыжскага порту і пачаў спаганяць з іх мыта. Гараджане ўзнялі паўстанне і захапілі, а потым разбурылі Рыжскі замак - апору Ордэна. Тады рыцары абклалі горад і ў 1330 г. прымусілі яго прызнаць уладу Ордэна. Але гэта не спадабалася рыжскаму біскупу; пэўны час Рыга мусіла плаціць падаткі абодвум сеньёрам і паступова атрымала ад іх значную незалежнасць. Роля Рыгі ўзрасла пасля ўступлення горада ў Вялікую Ганзу. Акрамя немцаў, у Рызе жыло і шмат мясцовых жыхароў: ліваў, земгалаў, куршаў і латгалаў. У канцы XIV ст. немцы пачалі абмяжоўваць іх правы. Ім забаранілі купляць дамы, гандляваць, уступаць у цэхі. Яны зрабіліся транспартнымі рабочымі, а таксама стварылі свае брацтвы (напрыклад, разносчыкаў піва ці вытворцаў зашпілек). Галоўнымі людзьмі ў Рызе былі купцы. Яны былі аб'яднаныя ў Вялікую гільдзію. Брацтвы рамеснікаў стварылі Малую гільдзію. Замежныя халастыя гандляры ўваходзілі ў брацтвы Чорнагаловых. Горадам кіравала рада (ням. "рат"). Яе складалі ратманы - самыя багатыя людзі, якія мелі дамы і землі за межамі Рыгі. Галоўную пасаду ў радзе займаў бургамістр. Астатнія гарады Лівоніі ствараліся каля ордэнскіх і біскупскіх замкаў і цалкам залежалі ад сваіх сеньёраў. Мясцовыя рамеснікі абслугоўвалі ў асноўным жыхароў замка, але гандлявалі і з навакольнымі сялянамі. Феадалы Лівоніі былі нямецкага паходжання і жылі ў замках. Яны збіралі падаткі і судзілі мясцовых сялян, тутэйшых жыхароў. Сяляне былі павінны апрацоўваць іх землі пад прымусам як паншчыну. Мясцовыя паны жадалі ўдзельнічаць у кіраванні краінамі, дзе яны жылі. Таму пры біскупах былі створаныя зямельныя рады, дзе прадстаўнікі паноў і багатых гараджан прымалі найбольш важныя рашэнні. З 1419 г. у Лівоніі была створана рада ўсіх феадалаў краіны - ландтаг. Яго маглі склікаць магістр Ордэна і рыжскі архібіскуп. У пачатку XV ст. ландтаг прыняў рашэнне, што феадалы павінны або вяртаць збеглых да іх сялян іх пану, або выплаціць яму ўсе пазыкі гэтага селяніна. Так у Лівоніі з'явілася прыгоннае права. Акрамя сялян, якія мелі свае зямельныя надзелы, існавалі беззямельныя батракі, якія маглі мяняць месца жыхарства і наймацца на працу да тых людзей, што мелі свой двор і зямлю. Некаторыя сяляне працавалі слугамі ў феадалаў і маглі за службу атрымаць у карыстанне дом і зямлю. Дробная нямецкая шляхта мела пяць ці шэсць сялянскіх двароў, а вялікія паны валодалі сотнямі.
На мяжы ХV-ХVІ стст. з розных балцкіх і ліўскіх плямёнаў на тэрыторыі паўднёвай і цэнтральнай Лівоніі склаўся латышскі народ. Поўнач Лівоніі насялялі эсты (чудзь) - продкі сённяшніх эстонцаў. Іх сталіца - горад Талін - узнікла на паўднёвым беразе Фінскага заліва. Упершыню гэты горад згадваюць арабскія географы пад 1154 г. Славяне называлі яго Калывань. У 1219 г. горад захапілі датчане і назвалі яго Рэвель, але эстонцы заўсёды называлі яго Талін (дацкі горад). У 1285 г. горад далучыўся да Ганзы і стаў вялікім гандлёвым асяродкам. У 1346 г. Данія прадала гэты горад і землі Паўночнай Эстоніі, якія ёй належалі, Тэўтонскаму ордэну, а потым яны ўвайшлі ў склад Лівонскага ордэна.
5. Швейцарыя
Землі будучай краіны-канфедэрацыі ўваходзілі ў эпоху Сярэднявечча ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Гэта былі асобныя валоданні свецкіх і духоўных феадалаў ( лены), вясковыя грамады ( лясныя кантоны) і аўтаномныя гарады ( гарадскія кантоны). Самымі буйнымі феадаламі тут былі графы Савойскія, Кібургі і Габсбургі.
У 1273 г. Габсбургам пачалі непасрэдна належаць тры лясныя кантоны Уры, Швіц і Унтэрвальдэн. Жыхары гэтых кантонаў у жніўні 1291 г. стварылі "Саюз трох" і падпісалі пагадненне пра ўзаемную падтрымку. 16 кастрычніка да іх далучыўся горад Цюрых, і аб'яднанне пачало называцца Ліга. Супраць іх выступіла армія аўстрыйскага герцага Леапольда I. 15 лістапада 1315 г. адбылася бітва, у якой сяляне знянацку напалі на аўстрыйцаў і забілі каля 1500 чалавек. Назва кантона Швіца, які найбольш праявіў сябе на полі бітвы, легла ў аснову назвы новай краіны.
Пасля бітвы 9 снежня 1315 г. пераможцы падпісалі новае пагадненне ў горадзе Брунене, дзе дамовіліся праводзіць узгодненую знешнюю палітыку. 16 сакавіка 1316 г. уся маёмасць Габсбургаў перайшла фармальна да імператара, а фактычна - да аб'яднаных кантонаў. Такім чынам, у цэнтры Еўропы ўтварылася новая дзяржава - Швейцарскі саюз. На працягу XIV ст. да яго далучылася яшчэ пяць кантонаў, сярод якіх былі гарады Цюрых і Берн. У 1370 г. была прынятая "Хартыя пра святароў", у якой атрымалі значныя прывілеі мясцовыя і транзітныя купцы, забаранялася дзейнасць замежных святароў і ўпершыню быў выкарыстаны тэрмін "канфедэрацыя". У 1380 г. адбылася новая вайна з Габсбургамі, у якой зноў перамаглі ў дзвюх бітвах швейцарцы. Габсбургі мусілі юрыдычна прызнаць існаванне Швейцарыі. У XV ст. Швейцарыя павялічылася за кошт земляў Габсбургаў і міланскага герцага. У другой палове XV ст. Швейцарыя пачала вайну з Бургундыяй. Вайна пачалася ў 1474 г. Пакуль герцаг Бургундскі Карл Смелы ваяваў у Латарынгіі, швейцарцы напалі на Савою і захапілі там 14 гарадоў і 43 замкі. У 1476 г. войскі Бургундыі ўварваліся ў Швейцарыю і захапілі горад Грансон, аднак 2 сакавіка 1476 г. швейцарцы разбілі бургундцаў і захапілі ўсю іх артылерыю. 22 траўня яны зноў атрымалі перамогу над Бургундыяй у бітве пры Муртэне, дзе страты ворага склалі каля сямі тысяч чалавек. 5 студзеня 1477 г. бургундцы пры Нансі былі канчаткова разбітыя, а іх герцаг Карл Смелы загінуў у баі. Пасля гэтай перамогі швейцарскае войска стала адным з найлепшых у Заходняй Еўропе. У 1499 г. адбылася апошняя і зноў пераможная Швабская вайна Швейцарыі з германскім імператарам Максіміліянам І. 22 верасня 1499 г. быў падпісаны Базельскі мір, паводле якога Свяшчэнная Рымская імперыя канчаткова прызнала незалежнасць Швабскай канфедэрацыі. У склад дзяржавы ўваходзілі 10 кантонаў: 5 гарадскіх і 5 вясковых, а таксама саюзныя землі і фогцтвы - землі, заваяваныя Швейцарыяй. Кожны кантон праводзіў самастойную ўнутраную палітыку, агульныя пытанні вырашаліся на соймах. Лясныя кантоны насялялі вольныя сяляне, якія жылі грамадамі. Гарады займаліся гандлем і рамяством. Выраблялі на продаж тканіны і скураныя вырабы, а таксама шоўк і ювелірныя вырабы. Крэдытная справа была ў руках яўрэяў. У выніку лішку мужчынскага вясковага і гарадскога насельніцтва з'явілася чыста швейцарская з'ява - вялікая колькасць швейцарскіх наймітаў, якія за грошы служылі ў войску розных еўрапейскіх краін.
(Працяг у наст. нумары.)
Генерал К.А. Кандратовіч ў 1916 - 1917 гг.
Да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі
Леанід Лаўрэш
Да нядаўняга часу дакладнай iнфармацыi пра службу генерала К.А. Кандратовiча ў расiйскiм войску ў перыяд з верасня 1914 да 1917 г. не было. Найверагодней, што даследчык гiсторыi расійскага войска А. А. Кярсноўскi памылкова лiчыў, што ўжо ўвосень К.А. Кандратовiч быў начальнiкам штаба 2й армii.
Пасля катастрофы рускага войска ва Ўсходняй Прусіі ў ліку многіх генералаў і афіцэраў генерал К.А. Кандратовіч 30 жнiўня 1914 г. быў звольнены ў адстаўку. Верагодна, што пасля адстаўкi генерал нейкі час з сям'ёй жыў ва ўласным маёнтку, у Гародна, бо паводле iнфармацыi ўнука генерала, сям'i прыйшлося пакiнуць свой дом у 1915 г. пры наблiжэннi нямецкага войска (другi i апошнi раз удава генерала Ада Кандратовiч спешна пакiнула Гародна ў вераснi 1939 г.). Але ўжо з 25 лістапада 1915 г. генерал Кандратовіч знаходзiўся ў рэзерве чыноў пры штабе Менскай вайсковай акругі. У спісе генералаў Генеральнага штаба за 1916 г. значыцца сярод прызначаных на службу з запасу і адстаўкі.
З канца 1915 г., пасля цяжкай паразы і адступлення рускіх войскаў у 1915 г., па даручэнні камандуючага фронтам, ён пачаў інспектаваць войскі. Першы вядомы нам рапарт на імя камандуючага фронтам генерала Эверта пра стан 2-й арміі: "Умацаванні баявых пазіцый у раёне размяшчэння войскаў 2-й арміі яшчэ ў вельмі дрэнным стане. ... У многіх месцах ўмацаванні ўяўляюць сабой адну лінію акопаў ... У дні агляду акопы былі настолькі засыпаны снегам, што стральба як праз байніцы, так і па-над брустверам, пакрытым тоўстым пластом снегу, стала немагчымай. ... Акопы прыкрытыя лёгкімі шырокімі брылямі, якія закрываюць зверху амаль увесь акоп. У некаторых месцах акопы абваліліся і часткова разбураны; у некаторых акопах і сховішчах стаіць зверху змёрзлая вада. Зямлянкі не асвятляюцца. Штучныя перашкоды месцамі развіты вельмі слаба (2-3 рады калоў); на некаторых участках замест загарод на калах пастаўлены рагаткі, змацаваныя паміж сабой. Сховішчаў ад цяжкіх снарадаў мала.
... Асноўным буйным недахопам ўмацаванняў 2-й арміі з'яўляецца няправільны выбар месца для умацаванай пазіцыі. У гэтых адносінах асабліва нездавальняюча размяшчэнне 20-га корпуса ў балоце, дзе няма магчымасці ні трывала ўмацавацца, ні жыць і дзе тыл пазіцый назіраецца з боку праціўніка ва ўсіх кірунках ... Войскі адчуваюць настойлівую патрэбу ў цяжкіх шанцавых прыладах, .. у кірка-матыках і, асабліва, ламах ..." .
Рэзалюцыя Эверта на гэтым месцы даклада Кандратовіча: "Шанцавага інструменту на складах дастаткова". Але чаму гэты шанцавыя прылады не завезены ў часткі 2-й арміі, засталося невядомым.
Праверка генерала Кандратовіча выявіла вялікія недахопы ў забеспячэнні арміі: "Цёплым адзеннем войскі, наогул, забяспечаны, - дакладваў Кандратовіч, - але ў частках 36-га корпуса целагрэйкі яшчэ не атрымалі, што недапушчальна; боты паўсюль дрэнныя і шмат маламерных. Бялізнай людзі забяспечаныя слаба".
Зноў рэзалюцыя Эверта: "Бялізны на складах маецца дастаткова". І зноў невядома, чаму яна не завозіцца ў часткі.
Далей даклад Кандратовіча малюе непрывабную карціну з харчаваннем частак. З дня ў дзень, па яго словах, часткі сілкуюцца адным супам; каша не варыцца, бо няма алею і сала. Крупы якія атрымліваюць войскі, закладваюцца ў суп. Рэзалюцыя Эверта: "Кашу варыць, спажываючы посны алей".
На ўсім дакладзе Кандратовіча Эверт наклаў такую заключную рэзалюцыю: "Вельмі сумнае і індыферэнтнае стаўленне ўсіх кіраўнічых асобаў".
Камандуючаму фронтам стала вядома, што ніхто з генералаў наогул не лічыў патрэбным наведваць акопы і глядзець, як яны абсталяваны і як у іх жывуць людзі. У арміі, калі ў адзін з акопаў прыбыў генерал (верагодна, К. А. Кандратовіч), ён звярнуў увагу на тое, што салдаты не ўмеюць нават адказваць генералу на прывітанне.
Цікавымі для нас з'яўляюцца ўспаміны генерала В.Ф. Джункоўскага (1865-1938), які ў 1908-1913 гг. займаў пасаду маскоўскага губернатара, а ў 1913-1915 гг. камандаваў Асобным корпусам жандараў. Аднак пасля таго як 19 жніўня 1915 г. Джункоўскі паспрабаваў выкрыць імператару Мікалаю II згубны ўплыў Рыгора Распуціна, ён быў звольнены з пасады галоўнага жандара і адпраўлены на фронт. З 26 снежня 1916 г. Джункоўскі камандаваў брыгадай у 8-й Сібірскай стралковай дывізіі на Заходнім фронце, а потым і самой 8-й Сібірскай стралковай дывізіяй.
На пачатку зімы 1916 г. руская армія ў паўночна-заходняй частцы Беларусі рыхтавалася да правядзення наступальнай аперцыі, якая атрымае назву Нарачанская аперацыя. У студзені 1916 г. да Джункоўскага "павінен быў прыехаць з штаба фронту генерал Кандратовіч для агляду пазіцыі з баявога пункту гледжання і ў сэнсе яе падрыхтаванасці ... што тычыцца падрыхтаванасці пазіцыі з баявога пункту гледжання, дык тут можна было знайсці шмат дэфектаў, але ... віной гэтаму былі стыхійныя бедствы (цяжкая, марозная зіма - Л. Л.)" .
Камандзіраваны галоўнакамандуючым фронтам Эвертам генерал ад інфатэрыі Кандратовіч прыехаў у дывізію Джункоўскага 13 студзеня 1916 г.: "Я не бачыўся з ім гадоў з 15, мы сустрэліся як старыя знаёмыя. Ён служыў у якасці афіцэра Генеральнага штаба для даручэнняў пры нябожчыку вялікім князі Сяргеі Аляксандравічы .... Потым ён камандаваў дывізіяй падчас Японскай вайны, ... а потым корпусам, але няўдала, зняты з пасады.
Прыезд Кандратовіча, якога мы ў гэты дзень не чакалі, ледзь не парушыў прызначанай у нас у штабе развітальнай вячэры, якую мы задумалі для нашых двух атрадаў Чырвонага Крыжа, з якімі расставаліся з-за адходу нашай дывізіі на адпачынак у армейскі рэзерв.
Неўзабаве пасля прыезду да мяне Кандратовіча, прыехаў камандуючы корпусам і мы зладзілі нараду, даўшы Кандратовічу падрабязныя звесткі пра стан нашай пазіцыі. Пасля гэтай нарады я папярэдзіў Кандратовіча аб маючай адбыцца ў нас вячэры і запрасіў яго прыняць у ёй удзел. Ён ласкава прыняў запрашэнне і сказаў мне толькі, што хацеў бы пад раніцу абыйсці акопы, каб азнаёміцца з баявой службай у іх.
Вячэра прайшла вельмі ажыўлена, потым танцавалі, музіцыравалі, адна сястра, якая валодала вельмі добрым голасам, праспявала некалькі рамансаў, раз'ехаліся каля гадзіны ночы" .
У 4 гадзіны раніцы генералы і афіцэры на аўтамабілі, разам з "начальнікам інжынераў" 10-й арміі і яшчэ двума афіцэрамі паехалі ў штаб 31-га палка, а ўжо адтуль - пешшу ў акопы: "Кандратовіч быў вельмі здзіўлены, што я не ўзяў з сабой ні ардынарца, ні казака, і сам увесь час паказваў шафёру дарогу, а калі мы ўвайшлі ў акопы, дык на ўсе яго пытанні я адказваў сам, не звяртаючыся ні да камандзіра палка, ні да начальніка штаба. У акопах з-за моцнай адлігі было шмат вады, месцамі яна даходзіла да каленяў. Мы вымазаліся страшна, але Кандратовіч застаўся ўсім вельмі задаволены, а галоўнае - цудоўным выглядам стралкоў і іх бадзёрымі вясёлымі тварамі. Ён заходзіў у бліндажы і зямлянкі, гутарыў з імі і быў вельмі задаволены, а мне ён увесь час паўтараў, што бачыць першага начальніка дывізіі, які ў акопах пачуваецца, як у сябе дома.
На зваротным шляху я прапанаваў яму заехаць на назіральны пункт, які быў зладжаны на вышцы і меў вялікі кругагляд. Падняўшыся на вышку і азнаёміўшы Кандратовіча з пазіцыяй немцаў, я спытаў у яго, ці не хоча ён праверыць стральбу. Ён пагадзіўся, я загадаў адкрыць агонь звязамі шрапнеллю, якія адна за другой сталі прыгожа разрывацца над акопамі. Затым я загадаў перайсці на гранаты, і мы ясна бачылі, як яны сталі падаць у акопы, ўздымаючы цэлыя слупы снегу і пяску. Выпусцілі два дзесяткі снарадаў і пайшлі піць гарбату да камандзіра батарэі. Немцы адразу сталі адказваць і пачалі моцную кананаду, якая доўжылася больш за гадзіну, яны абстрэльвалі нашы акопы і ўпадабаны імі штаб 31-га палка.
Я не мог зразумець, чаму немцы на мае 20 стрэлаў адказвалі сотнямі. Аказалася, што сёння быў дзень нараджэння Вільгельма, і таму яны стралялі па ўсім нашым фронце. .... Усе суседнія карпусы ўстрывожыліся, і адусюль мяне запыталі па тэлефоне, што гэта за стральба. Я адказваў, што гэта падарунак Вільгельму да дня яго нараджэння. Тады мае суседзі па маім прыкладзе таксама пачалі абстрэл. ...
Вечарам быў на вячэры ў Гарадзенскім атрадзе Чырвонага Крыжа, а 15-га ўвесь дзень займаўся з генералам Кандратовіч і з ім жа абедаў у 65 й дывізіі ..." .
Генерал Кандратовіч не памыліўся ў Джункоўскім - падчас правядзення ў сакавіку 1916 г. Нарачанскай аперацыі Джункоўскі праявіў сябе адважным военачальнікам і 15 верасня 1916 г. атрымаў мячы да ордэна Св. Уладзіміра 2 ст. 29 лістапада 1916 г. ён быў прызначаны камандуючым 131-й пяхотнай дывізіі, 10 студзеня 1917 г. - камандуючым 15-й Сібірскай стралковай дывізіі. 2 красавіка 1917 г. атрымаў чын генерал-лейтэнанта.
Зусім па іншаму апісаў праверку сваёй дывізіі Кандратовічам камандзір 70-й дывізіі генерал А. П. Будберг. У сваіх мемуарах, ён паведамляе пра складанасці, якія мела яго дывізія зімой 1915-16 гг. падчас вядзення абароны ў нашым Нарачанскім краі і падрыхтоўцы да правядзення наступальнай аперцыі. Да цяжкасцяў выкліканых размяшчэннем у балоцістай мясцовасці, як заўжды, дадаваліся цяжкасці выкліканыя неразумнымі загадамі з вышэйшых штабоў. Пасля аднаго з такіх загадаў Будберг патрабаваў ад вышэйшага штаба перагледзець свае ранейшыя пастановы. З праверкай ад імя камандуючага фронта ў дывізію прыехаў генерал К. А. Кандратовіч, з якім Будберг быў знаёмы па агульнай службе на Далёкім Усходзе і на Каўказе: "... Кандратовіч наведаў ... акопы аднаго батальёна, прычым я адмыслова правёў яго па самых кепскіх месцах, каб паказаць самыя абуральныя недахопы нашага размяшчэння ... і даць падставу ... каб адвесці ўсю дывізію на ўсходнія ўзвышшы азёрнай даліны (возера Нарач - Л. Л.)" . Вынікам рэвізіі Кандратовіча быў "страшэнны разнос, зроблены ўсёй 1-й арміі (часткай якой была 70-я дывізія - Л. Л.) загадам галоўнакамандуючага Паўночна-Заходняга фронту генералам Эвертам і асабліва з'едлівыя для нас заўвагі, што за той жа час немцы здолелі і паспелі пабудаваць у сябе выдатныя ўмацаваныя пазіцыі, а нашы войскі ў гэтым сэнсе нічога не зрабілі" .
Немагчыма адназначна выявіць, хто меў рацыю ў гэтай справе, аднак вядома, што ў другой палове 1916 г. немцы на асобных участках Паўночна-Заходняга фронта дазвалялі сабе пакідаць супраць рускай паўнакроўнай дывізіі полк непаўнавартаснага ландвера і нічым пры гэтым не рызыкавалі.
На працягу некалькіх старонак сваіх мемуараў генерал Будберг апісвае цяжкасці абароны ў беларускай балоцістай мясцовасці, а поспех немцаў у справе пабудовы умацаванняў тлумачыць выдатнай арганізацыяй тылу: "Мы ўсё цягалі на людзях, а ў немцаў вузкакалейкі падыходзілі амаль што да акопаў першай лініі ... на баку непрыяцеля ўсё насельніцтва працавала па вайсковых нарадах і перавозках, а мы вымотваліся на папраўцы дарог прычым мясцовыя жыхары (маюцца на ўвазе беларусы - Л. Л.) знарок псавалі бліжэйшыя да вёсак дарогі ...".
Будберг піша, што такім чынам мясцовыя людзі спадзяваліся пазбавіцца ад "нашых абозаў з іх рухам праз вёскі і мястэчкі; дзеля гэтага яны адмыслова ламалі пабудаваныя намі масткі, засыпалі выкапаныя канавы, раскідвалі накатнікі (маюцца на ўвазе дарогі з бярвення - Л. Л.) і г.д.".
Думаю, што насельніцтва ахвотна дапамагала немцам і байкатавала патрэбы, як быццам, свайго войска, таму што немцы нядрэнна плацілі за працу. Нямецкія ж вузкакалейкі таго часу шмат дзе працавалі да 1960-х гг.
У траўні 1917 г. у Менску было створана арганізацыйне бюро Беларускай народнай партыі сацыялістаў, узначаліў партыю Раман Скірмунт. Сярод яе сяброў былі Павел Аляксюк, Аляксандр Уласаў, пісьменнік Ядвігін Ш. (Лявіцкі), кс. Гадлеўскі, генерал Кандратовіч, Паўліна Мядзёлка, а. Кульчыцкі, кс. Цікота. Бюро месцілася у адным доме з Беларускай кнігарняй (Захар'еўская, 24) .
Ужо 8 траўня 1917 г. Кандратовiч прыняў на сябе камандаванне 75й пяхотнай дывiзiяй. Можна выказаць здагадку, што вяртанне Кандратовiча ў войска было выклiкана перспектывай беларусiзацыi войска i ўдзелам у гэтым генерала. Тым больш, што 15 траўня 1917 г. у Менску ўзнiкла Беларуская вайсковая арганiзацыя, якая згуртавала вайскоўцаў, што знаходзiлiся ў Менску.
Дарэчы, у канцы верасня 1917 г. Часовы ўрад чамусьцi запланаваў 75ю дывiзiю, якая дыслакавалася ў Беларусi падвергнуць "мусульманiзацыi". Паводле планаў 75я пяхотная дывiзiя павiнна была камплектавацца татарамi з Казанi.
Як бачна з успамінаў вышэйзгаданага генерала Джункоўскага, з чэрвеня 1917 г. генерал ад інфатэрыі К.А. Кандратовіч камандаваў 3-м Сібірскім корпусам, але нечым не дагадзіў начальству (вядома, што апошні да Кандратовіча камандзір корпуса генерал-лейтэнант В.А. Трафімаў пайшоў у адстаўку з пасады 6 красавіка 1917 г.).
У верасні 1917 г. салдацкі камітэт на пасаду камандзіра 3-га Сібірскага армейскага корпуса абраў Джункоўскага: "3-ці Сібірскі корпус быў мне родным, я пачаў у ім баявую службу, але ў той час гэты быў страшна распушчаны корпус, апошнім часам у ім корпусныя камандзіры змяняліся адзін за адным і, калі мне прапаноўвалі гэтае прызначэнне, то на чале корпуса стаяў генерал ад інфантэрыі Кандратовіч, якому на працягу трох месяцаў не давалі зацвярджэння на пасадзе, ён быў увесь час часовым камандуючым. Чаму яго хацелі зусім прыбраць, я не ведаў" .
Штаб 3-га Сібірскага корпуса месціўся ў мястэчку Мір, а гэта значыць, блізка ад Менска, горада, у якім разгортваліся галоўныя падзеі, вызначыўшыя далейшую гісторыю Беларусі.
2 кастрычніка 1916 г. Керанскі зацвердзіў генарала Джункоўскага на пасадзе. У гэты час старая царская армія амаль што цалкам перастала існаваць, усе ахвотныя даўно дэзертыравалі з фронту, вайсковымі часткамі кіравалі салдацкія камітэты, забівалі афіцэраў, узмацнялася развальная бальшавіцкая прапаганда.
Джункоўскі так апісвае сваё заступленне на пасаду: "Устаў я 6-га дня (кастрычніка - Л. Л.) у 9 гадзін раніцы, напіўся кавы і адправіўся да камандзіра корпуса Кандратовіча, застаў яго ў вельмі мінорны духу, адхіленне яго ад камандавання корпусам падзейнічала на яго гнятліва - цяжка было на яго глядзець. Пагаварылі з ім ад душы, вырашылі, што я ў гэты дзень буду знаёміцца з справамі і начальнікамі асобных частак корпуса, на другі дзень заступлю ўжо на пасаду ... Цяжка было на душы - корпус знаходзіўся на краі поўнага развалу.... Начальнікі дывізій не атрымлівалі ніякіх дырэктыў, ніякай падтрымкі ад бліжэйшага начальства, і самі не праяўлялі ініцыятывы. Кандратовіч, адчуваў сябе часовым камандзірам, дазваляў усяму плыць па цячэнні і толькі падпісваў бягучыя паперы ...".
Тады ж адбылася развітальная вячэра: "У гэты дзень у сталовай штаба адбылася вячэра ў гонар Кандратовіча і мяне, былі начальнікі частак корпуса, прадстаўнікі карпуснога камітэта. Вячэра прайшла ажыўлена, проста і сімпатычна. Вельмі сардэчна праводзілі Кандратовіча і вельмі сардэчна віталі мяне. Было шмат тостаў, прыйшлося шмат гаварыць, разышліся ў 12 гадзін.
8-га я выехаў з Кандратовічам на аўтамабілі ў вёску Юравічы на свята 31-га палка. Тое, што я там убачыў, перасягнула ўсе мае чаканні - дэмакратызацыя гэтага палка была поўная, для мяне гэта ўсё было дзіка. Па-першае, мяне не пачакалі і пачалі малебень без мяне. Пасля набажэнства адбыўся парад, праходжанне было агіднае, ішлі не салдаты, а нейкі зброд. Потым быў абед - салдаты і афіцэры сядзелі за адным сталом, абедалі разам з катла, а начальства і штабныя ў шатры. Падавалі нам тое ж, што было і ў салдатаў, і для поўнай дэмакратызацыі пасадзілі за наш стол маіх і начальніка дывізіі шафёраў.
З 31-га палка я накіраваўся на аўтамабілі разам з Кандратовічам да камандуючага арміяй у г. Слуцк ..." .
На з'ездзе воiнаўбеларусаў Заходняга фронту генерал Кандратовіч быў абраны ў Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР). 15-24 кастрычнiка 1917 г. у Менску адбылася другая сесiя Цэнтральнай рады беларускiх арганiзацыяў i партый (ЦРБАiП), падчас якой гэты орган быў ператвораны ў Вялiкую беларускую раду (ВБР), якая павiнна была стаць зародкам будучага органа дзяржаўнай улады. Як сведчыць фотаздымак гэтага мерапрыемства, генерал узяў у гэтым удзел .
Кніга і для Генштаба
Яўген Гучок
Прыемна і радасна мне было атрымаць чарговую кнігу "Ад берагоў Свіслачы да Кузніцы" нястомнага працаўніка на ніве беларушчыны, гарачага (але не раскручанага, як іншыя) патрыёта Беларусі гарадзенца Івана Фёдаравіча Будніка. Не толькі на Гарадзеншчыне, а і ў культурных колах Беларусі І. Буднік вядомы як выдатны педагог, удумлівы краязнаўца, добры паэт і не крыклівы стойкі грамадзянін. Гэтыя якасці ён пранёс праз гады, працуючы ў школах і аддзеле адукацыі Гродзенскага раёна. І. Буднік вывучае і прапагандуе гісторыю палітычнага, сацыяльнага і культурнага развіцця Гарадзеншчыны ў ХІХ-ХХ стст. як складовай часткі нашай Бацькаўшчыны. Ім выдадзены кнігі: "Да падзеяў 1863-1864 гадоў на Гарадзеншчыне", зборнік вершаў "Знойдзенае ў дарозе" і інш. Яго публіцыстычныя і паэтычныя тэксты друкаваліся ў зборніках "Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны", "Надзённыя пытанні лінгвістыкі", "Галасы", часопісе "Magazin polski", шматлікіх газетах. Ён сабраў, уклаў і адрэдагаваў кнігі знакавага беларуса Апанаса Цыхуна "Улюблёны я ў сваю зямлю" і "Скарбы народнай мовы" (слоўнік). І. Буднік актыўна займаецца грамадскай справай - працаваў у Таварыстве беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Зусім нядаўна чытачы "Нашага слова" мелі магчымасць у некалькіх нумарах (з працягам) прачытаць аб яго дзейнасці ў прасторы ТБМ. І яшчэ. Чалавек ён - змястоўны, цэласны, мэтанакіраваны, працалюбівы і, можа, занадта сціплы. Безумоўна, усё гэта упрыгожвае яго як асобу.
А цяпер пра "Ад берагоў Свіслачы...". Заўважым адразу, кніга гэта амаль дакумент, і што рака з назвай Свіслач ёсць і на Гарадзеншчыне. У сваёй кнізе на аснове дакументаў Цэнтральнага архіва Мінабароны Расійскай Федэрацыі, публікацый-успамінаў удзельнікаў баявых дзеянняў завяршальнага этапа аперацыі "Баграціён" на тэрыторыі Гарадзенскага раёна, розных літаратурна-даследчых крыніц, банка дадзеных "Вікіпедыі" і інш. аўтар паказвае вельмі цяжкі, занадта складаны, а таму і зацяжны характар вызвалення яго родных мясцін. Тут жа раскрываюцца і прычыны гэтага, расказваецца аб стойкасці, вынаходлівасці і мужнасці савецкіх воінаў. Яму, аўтару, знаёмаму з дзяцінства з гэтымі мясцінамі, была мажлівасць назіраць тыя падзеі на працягу тыдня, і яны засталіся ў яго памяці на ўсё жыццё.
Вядома, Гарадзенскі раён - гэта не Сталінград і не Курская дуга, але тут таксама адбывліся знішчальныя ваенныя дзеянні паміж войскамі Савецкага Саюза і Трэцяга рэйха. І гэта дакументальна паказана на гераічных і трагічных лёсах савецкіх салдат, афіцэраў і генералаў. На гарадзенскім ваенным полі задача разгрому гітлераўцаў вырашалася пераважна сілай духу і самаахвярнасцю савецкіх воінаў. Аб цяжкіх умовах нашых байцоў сведчыць хаця б вось гэтая сцэна: "Выкліканы ў штаб фронту для атрымання баявой задачы рухацца пад Гродна для наступлення на Кузніцу, гв. палк. В. Котаў заявіў аб неабходным папаўненні. "Мое сообщение, очевидно, очень не понравилось командующему (ген. Захарову). Он начал нервничать, повысил голос и говорит мне:
- Видите, стоит генерал, - и указал на Широколобова. - Так вот он вам всё и обеспечит…
Позднее у меня состоялся разговор с Широколобовым. Я ему говорю:
- Вы слышали, что сказал командующий?
Он мне ответил, что слышал.
- Так давайте всё необходимое, чтобы выполнить задачу.
А он мне отвечает:
- А где я тебе возьму".
(Стар. 55-56).
Страшэнна пацярпела і насельніцтва раёна.
Аб разбурэнні вёскі Квасоўкі-Пагаран успамінаў яе жыхар Бык Станіслаў Пятровіч: "Яшчэ пры немцах згарэла млячарня, падпаленая партызанамі. А ў час баёў пры адступленні немцаў ад вёскі засталося суцэльнае папялішча. Вёска пераходзіла з рук у рукі некалькі разоў. То савецкія абстрэльваюць з гармат, наступаюць і праганяюць немцаў, то немцы бамбяць, абстрэльваюць і наступаюць. Пацярпелі касцёл, званіца каля яго і школа, але ўстаялі, а хаты амаль усе пагарэлі, толькі ўнізе ў Пагаранах, захавалася 3-4 хаткі без вокан: адна ў пачатку вёскі, цагляная - у сярэдзіне і адна ў канцы вёскі".
(Стар. 63).
Такі ж лёс напаткаў і вёску Агароднікі. Усе іншыя вёскі таксама пацярпелі, хаця крыху менш.
У раздзелах кнігі "Некаторыя вывады і роздум", "Памяць не гасне" і "Дадаткі" даюцца падрабязныя звесткі пра многіх удзельнікаў тых страшных ваенных дзён, пра ўвекавечанне іх памяці. Асабліва вялікі жаль выклікае смерць маладых (дзевятнаццацігадовых) неабстраляных, непадрыхтаваных салдат, якіх неразумна кідалі ў бой.
У кнізе багаты іканаграфічны (фота) матэрыял ад простага воіна да генерала арміі. Тут таксама змешчаны тэматычныя табліцы і схема. Падаюцца карты той гераічнай мясцовасці: "Сучасная мапа" і "Нямецкая мапа 1944 г.", а таксама "План Беластоцкай аперацыі". На першай старонцы вокладкі змешчана фота месца бою батарэі І. С. Фуранка, каля в. Падліпкі.
Падагульняючы сказанае вышэй, немагчыма не назваць "Ад берагоў Свіслачы..." надзвычай цікавай, сумленнай, карыснай і неабходнай кнігай. Яна разлічана не толькі на новыя пакаленні шараговых чытачоў, але і на кіраўнікоў усіх узроўняў Рэспублікі Беларусь. Гэтая кніга вартая таго, каб заняць годнае месца на сталах камандзіраў і начальнікаў штабоў вайсковых утварэнняў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, каб пазбегнуць розных некампетэнтнасцей, неадэкватнасцей, неразумнасцей, неспадзяванасцей і г. д. (аб чым пераканаўча тут распавядаецца), калі, не дай Бог, раптам прыйдзецца... Таму, яшчэ думаецца, не пашкодзіла б тыя былыя проігрышныя сітуацыі праглядзець сёння на маніторах. Асабліва ў Генеральным штабе Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь.
А выйшла кніга "Ад берагоў Свіслачы да Кузніцы" у Гародні ў ТАА "ЮрСа-Прынт" зусім нядаўна - у гэтым годзе.
Справаздачна-выбарчыя канферэнцыі Лідскай і Лідскай гарадской арганізацый Грамадскага аб'яднання ТБМ імя Ф. Скарыны пройдуць 2 верасня 2017 г. ў 11.00 на 3-м бібліятэчным філіяле ў мікрараёне Маладзёжны г. Ліды. Спіс дэлегатаў вызначаюць рады арганізацый, а таксама кіраўнікі суполак ТБМ.