НАША СЛОВА № 38 (1345), 20 верасня 2017 г.
Міжнародны кангрэс і выстава "Францыск Скарына і яго эпоха"
Кульмінацыйным момантам святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання стала правядзенне 14-15 верасня Міжнароднага кангрэсу ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Ён быў арганізаваны Міністэрствам культуры і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і праходзіў пад патранатам ЮНЭСКА. У Менск прыехалі вядучыя спецыялісты бібліятэк, музеяў, архіваў, выдавецтваў, адукацыйных і навукова-даследчых установаў з 24 краін. Цікавасць да мерапрыемства выказалі пісьменнікі і кнігавыдаўцы, бібліёграфы і бібліятэкары, мастакі і журналісты, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.
Ва ўступным слове выдавецкую дзейнасць Францішка Скарыны ў еўрапейскім, славянскім і беларускім кантэксце прааналізаваў доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец. "Беларускае пісьменства мае працяглую традыцыю, а беларуская літаратурна-пісьмовая спадчына - важная частка сусветнай культуры", - адзначыў ён.
15 верасня, у Дзень бібліятэк, святкавалася 95-годдзе галоўнага кнігасховішча і скарбніцы ведаў - Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У ХХI стагоддзі яна ператварылася ў буйнейшы навукова-даследчы цэнтр і ўдзельнічае ў стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы.
Даследчыкі Скарынавай спадчыны з Польшчы, Чэхіі, Расіі, Беларусі, Латвіі на паседжаннях у секцыях пазнаёмілі са сваімі апошнімі знаходкамі, абмяркавалі спрэчныя пытанні. Пра свае манаграфіі і даследванні распавялі кандыдат культуралогіі Алесь Суша і доктар гістарычных навук Георгій Галенчанка з Менска, доктар філалагічных навук Юры Лабынцаў і кандыдат філалагічных навук Ларыса Шчавінская з Масквы, Зоя Ярашэвіч з Ольштына і іншыя навукоўцы.
"Францыск Скарына паўстае перад сучаснікамі як велічная асоба праз творы мастацтва: скульптуру, графіку, жывапіс. Ён звязвае беларускую культуру з заходне-еўрапейскай традыцыяй", - нагадаў А. А. Суша.
"Асобу першадрукара да гэтага часу акружаюць гіпотэзы, загадкі, легенды. Не пацвержаныя дакументамі факты часам прызнаюцца за ісціну", - адзначыў Ігар Котаў з Чэхіі.
"Чалавек кніжнай культуры, доктар лекарскіх навук, багаслоў і філосаф, садоўнік і батанік з'яднаныя ў асобе Францішка Скарыны. Але для хрысціянаў ён, у першую чаргу, перакладчык і выдавец Бібліі", - падкрэсліў пастар царквы "Ян Прадвеснік" Антоні Бокун.
У межах дыскусіі дацэнт БДУ Іван Пляхімовіч засяродзіў увагу на тым, што 7 траўня 2005 года праспект Скарыны ў Менску страціў імя першадрукара, і што толькі 13 % школьнікаў вучацца па-беларуску, і зусім невялічкі адсотак студэнтаў, атрымлівае веды пра асветніка на роднай мове, а астатнія - па-расейску.
14 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы "Францыск Скарына і яго эпоха", на якую запрасіў гасцей дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі. Выставу наведалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, ганаровыя госці, прадстаўнікі духавенства, даследчыкі і навукоўцы, пастаянныя чытачы бібліятэкі.
У светлым прасторным памяшканні на шкляных паліцах размешчана 61 кніга, якая выйшла са скарынаўскіх варштатаў у Празе і Вільні. Іх перадалі для часовага экспанавання архівы і бібліятэкі з Расіі, Польшчы, Германіі і іншых краін.
У экспазіцыі прадстаўлены таксама еўрапейскія біблійныя выданні з Германіі, Італіі, старадрукі з Францыі і Швейцарыі канца 15-га стагоддзя - папярэднікі скарынавых кніг. Центральнае места на выставе займае менавіта Біблія, выдадзеная ў Празе ў 1517 годзе. Наведвальнікі выставы агледзелі друкарскае абсталяванне тых часоў і змаглі адціснуць некалькі аркушоў з тэкстамі і гравюрамі, пабачылі сучасную паліграфічную тэхніку.
Падводзячы вынікі працы кангрэсу, Алесь Суша адзначыў: "Найбольш плённымі былі тры паседжанні секцыі "Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына", на якіх прагучалі разнастайныя выступленні спецыялістаў. Даследчыкі агучвалі найважнейшыя праблемы скарыназнаўства. Глыбокія навуковыя даклады прагучалі пра захаванне скарынаўскіх збораў у Расіі, Украіне, Чэхіі. Разглядаючы дзейнасць на перспектыву, ўдзельнікамі было выкладзена 7 аркушаў прапановаў. Ёсць прапановы, звязаныя з мемарыялізацыяй Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў, ёсць шэраг выдавецкіх ініцыятыў, што варта выдаць і ў якім выглядзе. Прапановы будуць сабраныя ў выніковы дакумент."
Мерапрыемства стала святам, скіраваным на памнажэнне духоўнага багацця, каб беларуская кніга была шырэй ва ўжытку ў грамадстве.
Эла Дзвінская. На фота аўтара: на міжнароднай выставе "Францыск Скарына і яго эпоха".
105 гадоў з дня нараджэння Макасіма Танка
Максім ТАНК, сапр.: Яўген Іванавіч Скурко (17 верасня 1912, в. Пількаўшчына, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя, цяпер Мядзельскі раён, Беларусь - 7 жніўня 1995, Менск, Беларусь; іншыя псеўданімы: Аўгень Бура; А. Граніт) - беларускі і савецкі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік беларускай літаратуры.
Народны паэт Беларусі (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972). Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Ганаровы грамадзянін г. Менска (1987), г. п. Радашковічы (1992). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1978, за кнігу паэзіі "Нарачанскія сосны"), Дзяржаўнай прэміі СССР (1948, за зборнік "Каб ведалі"), літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959, за зборнік "След бліскавіцы"), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1966, за зборнік "Мой хлеб надзённы"), літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980, за кнігу "Прайсці праз вернасць"). Член СП Беларусі з 1940 г.
Яўген Іванавіч Скурко (Максім Танк) нарадзіўся 17 верасня 1912 года у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Менскай вобласці. У 1914 годзе Домна Іванаўна з двухгадовым сынам Жэнем на руках далучылася да бежанцаў, якія былі вымушаны ўцякаць у глыб Расіі. На Дзвінскім вакзале бацька выпадкова сустрэў Яўгена. Салдаты знайшлі для іх месца ў адным з эшалонаў, і сям'я на цягніку эвакуявалася ў Маскву, дзе ён пазней пайшоў у школу. У Маскве сям'я пражыла з 1914 па 1922 год. Маці падрабляла прыбіральшчыцай у доме палкоўніка, затым - святара, пазней перайшла на працу на ваенны завод.
У 1922 годзе сям'я падалася на радзіму. Школа, у якой яму трэба было вучыцца, была польскай, але з нагоды таго, што польскай мовы хлопчык не ведаў, гэты год яму давялося сядзець дома. У вольную часіну бацька вучыў сына чытаць па-польску. У 1923 годзе Жэня пайшоў у Шкленікоўскую пачатковую школу. Не гледзячы на тое, што навучанне вялося па-польску, хлопчык пачаў лічыцца лепшым вучнем, атрымліваў выдатныя адзнакі, стараўся браць цікавыя кніжкі са школьнай бібліятэкі. Зімой вучыўся, а летам пасвіў кароў.
Увосень 1925 года бацька яго перавёў у Сваткоўскую школу. У 1926 годзе Яўген Скурко скончыў пачатковую школу, і жадаў вучыцца далей. Пасвячы кароў, усё лета рыхтаваўся да экзаменаў і ў 1926 годзе паступіў у 3 клас рускай прыватнай гімназіі ў Вілейцы. У 1928 годзе Вілейская гімназія была закрыта польскімі ўладамі, і Яўгену Скурку давялося ехаць у Радашковічы, дзе ён працягнуў навучанне. У Радашковіцкай беларускай гімназіі юнак упершыню пазнаёміўся з падпольнай камсамольскай арганізацыяй, у якую неўзабаве ўступіў.
У новай гімназіі Яўген Скурко прыняў удзел у адной з вучнёўскіх забастовак, накіраванай супраць ліквідацыі беларускіх школ польскім урадам. Пасля гэтага выступу з Радашковіцкай гімназіі было выключана некалькі гімназістаў, у ліку якіх апынуўся і ён. Яўген Скурко, таксама як і шмат хто з выключаных вучняў, у 1929 годзе накіраваўся ў Вільню. У пачатку 1929 года хлопец паступіў у Віленскую рускую гімназію імя А. Пушкіна. Але і тут ён затрымаўся ненадоўга: Яўген прыняў новы ўдзел у забастоўцы. Мясцовыя ўлады расправіліся з рэвалюцыйна настроенай моладдзю і актыўнымі камсамольцамі, якіх чакала выдаленне. Адзінае, што заставалася юнаку - вяртацца ў родную Пількаўшчыну. Дома Яўген Скурко правёў вясну і лета, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, шмат чытаў і пісаў. І ўвесь час марыў працягнуць вучобу.
У 1932-33 гадах працаваў інструктарам ЦК камсамолу Заходняй Беларусі, вёў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне і Наваградчыне. Неаднаразова затрымліваўся польскімі ўнутранымі органамі. У турмах Яўген Скурко правёў з перапынкамі каля двух гадоў. У 1936 годзе быў прыняты ў КПЗБ.
Напачатку Вялікай Айчыннай вайны Яўген Скурко эвакуяваўся ў Саратаў, дзе ўступіў у народнае апалчэнне. Крыху пазней быў накіраваны на Бранскі фронт, у газету "За Савецкую Беларусь".
Яшчэ са сталінскіх часоў не любіў сацыялістычны рэалізм. З 1967 па 1990 з'яўляўся старшынём праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1966 па 1986 - сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, з 1958 па 1991 - старшыня Рэспубліканскага камітэта савецка-польскай дружбы, з 1991 - старшыня таварыства "Беларусь - Польшча". З 1990 - член Рады СП Беларусі. З 1961 па 1966 - кандыдат у члены ЦК КПБ, з 1966 па 1990 - член ЦК КПБ. З 1947 па 1971 - дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, з 1969 па 1989 - дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. З 1963 па 1971 - старшыня Вярхоўнага Савета БССР.
За часам незалежнасці М. Танк не цураўся бел-чырвона-белага сцяга. Перад смерцю падтрымліваў мову і нацыянальную сімволіку, выступіў супраць вынікаў рэферэндуму 1995 года.
Вікіпедыя. (Працяг тэмы на ст. 2-3).
Да ведама сяброў ТБМ г. Менска
24 верасня аб 11 гадзіне ў сядзібе ТБМ (г. Менск, вул. Румянцава, 13) адбудзецца справаздачна-выбарчы сход сяброў Менскай гарадской арганізацыі ТБМ. Удзельнікаў накіроўваюць раённыя арганізацыі г. Менска.
ПРАЙСЦІ ПРАЗ ВЕРНАСЦЬ…
Максіму Танку - 105 год
17 верасня споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, акадэміка НАН Беларусі Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко).
Гэта была ўнікальная асоба ў грамадска-культурным развіцці Беларусі. Дадзеную вялікую асобасную ўнікальнасць утвараў сінтэз, калі можна так сказаць, унікальнасцей прыватных. Я маю на ўвазе ўнікальнасць жыццёвай біяграфіі Яўгена Іванавіча, унікальнасць чалавечага характару, ну, і, вядома, унікальнасць самога мастацкага таленту, уласна творчай дзейнасці.
Жыццёвая біяграфія - гэта творчы лёс пісьменніка, ва ўсякім выпадку паэта. Яна мае вызначальную ролю ў станаўленні і развіцці яго мастацкай індывідуальнасці. Максіму Танку, як нікому іншаму з беларускіх пісьменнікаў, давялося жыць у пяці краінах. Нарадзіўся ён 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні, у царскай Расіі. Рушыўшы разам з бацькамі падчас Першай сусветнай вайны ў бежанства, ён з 1917 па 1922 год жыў у Савецкай Расіі, у Маскве. Вярнуўшыся на Радзіму, апынуўся ў Польшчы, паколькі яго родныя мясціны знаходзіліся ў складзе Заходняй Беларусі, якая паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 года адышла да гэтай дзяржавы. Пасля ўз'яднання Беларусі ў 1939 годзе Танк жыў у Савецкім Саюзе, а памёр 7 жніўня 1995 г. ужо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь.
Цікава, што чытаць і пісаць будучы выдатны беларускі паэт навучыўся спачатку па-руску, затым па-польску і толькі пасля на роднай мове. У пачатковую рускую школу ён пайшоў у Маскве. Вярнуўшыся з уцякацтва, працягнуў вучобу ў польскіх пачатковых школах: спачатку ў Шкленікава, пасля ў Сватках. Дарэчы, з Масквы ён прывёз некалькі сшыткаў вершаў рускіх паэтаў, адмыслова перапісаных з розных маскоўскіх выданняў.
Беларуская кніга ўпершыню трапіла ў рукі Яўгена Скурко толькі ў 1925 годзе. Гэта быў беларускі каляндар, у якім увагу дапытлівага падлетка прыцягнулі сацыяльна і патрыятычна заангажаваныя вершы Янкі Купалы.
Маладому Яўгену Скурко давялося вучыцца ў чатырох гімназіях, аднак ніводнай з іх ён не закончыў: Вілейскую рускую, якая знаходзілася ля самай мяжы з Савецкім Саюзам, з-за нарастання ў ёй падпольнага руху закрылі польскія ўлады, з Радашковіцкай беларускай і Віленскай беларускай пачынаючы паэт быў адлічаны за непадпарадкаванне адміністрацыі і ўдзел у забастовачным руху пратэсту, а падчас навучання ў Віленскай рускай яго непасрэдна ў класе арыштавала польская паліцыя і кінула ў турму на Лукішкі.
Малады М. Танк працаваў інструктарам ЦК камсамолу Заходняй Беларусі, у легальных і нелегальных перыядычных выданнях, неаднаразова арыштоўваўся польскай дэфензівай і знявольваўся ў турму. Усяго паэт адсядзеў на Лукішках каля трох гадоў. У перыяд вайны ён служыў у франтавым друку, паскорана адаптаваўся да новых для яго савецкіх грамадска-сацыяльных умоў і парадкаў. У пасляваенны перыяд працаваў на адказных дзяржаўных пасадах. На працягу 18 гадоў (з 1948 па 1966) паэт кіраваў вядучым беларускім літаратурна-мастацкім часопісам "Полымя", на працягу 24 гадоў (з 1966 па 1990) узначальваў на той час вельмі аўтарытэтную, сацыяльна значную і ўплывовую арганізацыю - Саюз пісьменнікаў Беларусі. 24 гады (з 1947 па 1971) ён з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, 20 гадоў (з 1969 па 1989) - дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. М. Танк працаваў старшынём Вярхоўнага Савета БССР VІ і VІІ скліканняў (1963 - 1971).
Гады, калі старшынём праўлення Саюза пісьменнікаў працаваў М. Танк, былі залатым часам у гісторыі беларускай літаратуры. Тады шырока заявілі пра сябе А. Куляшоў, П. Панчанка, В. Быкаў, І. Шамякін, А. Макаёнак, актыўна самасцвярджаліся маладыя пакаленні таленавітых аўтараў - Р. Барадулін, Н. Гілевіч, В. Зуёнак, А. Разанаў, Я. Янішчыц, Р. Баравікова, М. Мятліцкі, А. Сыс і інш. Вялікімі тыражамі выдаваліся кнігі на беларускай мове, адбываліся сустрэчы літаратараў з вучнёўскай, студэнцкай, працоўнай моладдзю. Пісьменнікі і ў цэлым літаратура былі запатрабаваны ў грамадска-культурных працэсах.
Мала хто ведае, што М. Танк быў народным паэтам БССР, старшынём праўлення Саюза пісьменнікаў, старшынём Вярхоўнага Савета БССР, акадэмікам НАН Беларусі, аднак не толькі не меў вышэйшай адукацыі, але і закончанай сярэдняй.
Такой насычанай жыццёвай біяграфіі не мае ніводзін пісьменнік у гісторыі беларускай літаратуры.
Мне даводзілася шмат сустракацца з Максімам Танкам: і ў яго на працы, і дома, і на лецішчы. Гэта быў на рэдкасць спакойны, мяккі, шчыры, сумленны, непрэтэнцыёзны, вельмі сціплы і нават сарамлівы чалавек. Дадзеныя якасці далі падставы некаторым пісьменнікам, напрыклад, А. Карпюку, Я. Брылю, Л. Арабей, папракаць яго за нерашучасць у адстойванні сваіх жа інтарэсаў старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў.
Сёння добра вядома, што М. Танк адмаўляўся ад усіх пасад, якія яму прапаноўвалі: і ад пасады старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў, і ад пасады старшыні Вярхоўнага Савета БССР, і ад пасады віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук. Адмаўляўся таму, што хацеў засяродзіцца на творчай працы, якая прыносіла яму вялікае маральнае задавальненне.
Уявіце сабе, ён саромеўся насіць свае дзяржаўныя ўзнагароды, саромеўся таго, што іх у яго шмат. Ніхто ніколі не чуў ад М. Танка, што ён з'яўляецца Героем Сацыялістычнай Працы, акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. "Ён быў такі, - прызнаваўся падчас адной з нашых сустрэч і гутарак сын народнага паэта Максім Яўгенавіч, - што ніколі ўперад не палезе, ніколі сам дзесьці ў прэзідыуме не сядзе. Гэта толькі калі абставіны вымагаюць, калі пранумараваныя месцы, з указаннем прозвішчаў канкрэтных асоб…"
Сёння ў гэта цяжка паверыць, але, аказваецца, М. Танк, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР і старшыня Вярхоўнага Савета БССР, плаціў свайму шафёру за кожную паездку на лецішча…
Максім Танк неаднойчы раіў мне пісаць не так пра яго, як пра некаторых іншых літаратараў Заходняй Беларусі, у прыватнасці, пра Валянціна Таўлая, Сяргея Крыўца, Ганну Новік, якіх, на думку паэта, несправядліва забылі, пра ўдзельнікаў народна-вызваленчага руху, людзей таленавітых, сумленных і ахвярных. Яўген Іванавіч вельмі клапаціўся пра тых, з кім некалі разам уваходзіў у літаратуру, з кім плячо ў плячо працаваў у камуністычным падполлі. Пра заходнебеларускіх падпольшчыкаў М. Танк заўжды гаварыў цёпла, прачула, нават сентыментальна. Было бачна (ды ён і не скрываў гэтага), што яны для паэта - дужа дарагія людзі. Ён усяляк дапамагаў ім у атрыманні пенсій, паляпшэнні жыллёвых умоў, выданні кніг і г.д.
Дарэчы, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваюцца сотні пісем да М. Танка ад жыхароў Беларусі (і не толькі) з просьбамі дапамагчы, заступіцца, абараніць і г. д. І фактычна ні адно з іх не засталося без адказу. Прафесар Пётр Кузюковіч у сваіх успамінах "Проста добры чалавек" падкрэслівае: "Захапляла надзвычайная прастата і дабрыня славутага паэта, што дазваляла многім людзям з розных раёнаў Беларусі звяртацца да яго асабіста і пісьмова з просьбамі аб дапамозе і абароне. І я не ведаю выпадку, калі б ён каму адмовіў у гэтым". М. Танк не дзяліў людзей на добрых і кепскіх і памагаў усім, хто да яго звяртаўся.
У 1936 годзе выйшаў першы зборнік вершаў М. Танка "На этапах" (адразу канфіскаваны паліцыяй), які сведчыў, што малады аўтар выхоўваў сябе на трывалых народных духоўна-сацыяльных каштоўнасцях. Творчасць паэта характарызавалі высокая ступень нацыянальна-патрыятычнай свядомасці і грамадзянскай адказнасці лірычнага героя, яго арыентацыя на адвечныя маральна-этычныя прынцыпы і нормы жыцця працоўнага асяроддзя, багатыя залежы калектыўнага вопыту і традыцый. Абапіраючыся на ідэйна-эстэтычныя набыткі і дасягненні сваіх папярэднікаў, найперш Я. Купалы, Я. Коласа і М. Багдановіча, ён імкнуўся асэнсоўваць з'явы і працэсы заходнебеларускай рэчаіснасці ў іх анталагічным змесце, бачыць іх духоўна-сацыяльную прыроду, асноватворную сутнасць і напоўненасць, перспектывы далейшага развіцця. Духоўна-мастацкая свядомасць М. Танка актывізавалася балючай думкай пра зняволены родны край, спакутаваную зямлю, прыгнечаны і занядбаны народ, пра кінутых у турэмныя засценкі братоў па змагарным руху і падпольніцкай дзейнасці.
Паэзія Максіма Танка вызначалася экспрэсіўнасцю светаадчування, свежасцю і вастрынёй мыслення, рамантызаваным выяўленнем суровага рэалізму часу:
Нарач, як мора, шуміць
і на бераг круты наступае,
Дыміць над выгарамі
і над палямі туман.
З ветрам узняўшыся,
кружыцца вывадак чаек,
Спуджаных скрыпам абозаў
і звонам кайдан.
І чуваць, па-над намі
лятуць недзе гусі у вырай.
Развітальны іх крык патанае
ў глухой лебядзе.
Ды балюча скрыпяць
і галосяць калёсы па жвіры,
Па мядзельскім тракту
бясконцы этап наш брыдзе…
Танкаўскія вершы "Нарач, як мора…" і "Спатканне" я заўсёды чытаю з даўкім камяком у горле, нейкім асаблівым душэўным утрапеннем, якое не праходзіць з гадамі. Успамінаецца тужлівы расказ паэта пра тое, як плакала маці Домна Іванаўна, калі яго, юнага падпольшчыка, забірала з роднага пількаўскага хутара польская паліцыя. Здзіўлялася, што яе сын-падлетак такі небяспечны для дзяржавы, плакала, спрабавала пацалаваць руку паліцыянта і прасіла не біць яго…
Даволі характэрным і паказальным для пошукаў М.Танка 1930-х гадоў з'яўляецца верш "Аловак адабралі...":
Аловак адабралі -
Пішу скупым промнем сонца,
што прабіўся праз краты;
Паперы няма -
Пішу на стаптаным
паліцэйскімі ботамі,
Акрываўленым лісце сваёй памяці;
Маркі няма -
Наклейваю на грыпс
Надзею сваю…
За сюжэтна-кампазіцыйнай раскаванасцю твора, стылістычнай несабранасцю паэтычнага радка, нават у нейкай ступені вяласцю аўтарскага прамаўлення прыхаваны глыбока змястоўнае жыццё, напружаны роздум і перажыванне лірычнага героя, дынаміка якога разгортваецца скрозь па ўзрастаючай. За кожным інфармацыйным тэзісам-канстатацыяй у цэлым нейтральнага плану ідзе сцвярджэнне выбуховае па свайму зместу, спакой, засяроджаная развага аўтара змяняюцца адмабілізаванай гарачкаватасцю.
Верш пабудаваны такім чынам, што адна метафара ў ім суседнічае з другою, своеасабліва наслойваецца на яе, канкрэтызуе значэнне, узмацняе зместавую сілу. Лірычны герой піша не проста "промнем сонца", а "скупым промнем сонца", які прабіўся не інакш як "праз краты". Вобраз кратаў надае матэрыялу дадатковую ідэйна-сэнсавую падсветку. Ён піша на "лісце сваёй памяці", але гэты ліст памяці да таго ж "стаптаны паліцэйскімі ботамі" і "акрываўлены".
Абстрактнае спалучаецца ў метафорыцы паэта з канкрэтным, духоўна-ідэальнае - з плоцевым, матэрыяльна-рэчыўным, высокае - з нізкім, малое - з вялікім і г.д. Такім падкрэслена канцэнтраваным мастацкім пісьмом, у якім сінтэзаваліся аб'ектывізавана-рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці і рамантычна-ўзвышанае выяўленне складаных жыццёвых працэсаў, праблемна-тэматычная нагружанасць, глыбіня філасофска-аналітычнага зместу твора і вогніва грамадзянска-публіцыстычнага пафасу, заключанага ў ім, асацыятыўная шырыня і прасторнасць і ўвага да канкрэтаў прыватнага свету асобы, пластычная зрокавасць малюнкаў, малады М. Танк запачаткоўваў якасна новы накірунак у развіцці літаратуры Заходняй Беларусі.
Пазнанне рэчаіснасці ў маладога М. Танка было прасякнута рамантычнай чысцінёй духу лірычнага героя, даверлівай шчырасцю ўспрыняцця з'яў і прадметаў, глыбокім пранікненнем у іх духоўна-маральны змест. Яно грунтавалася на акце здзіўлення, працэсе адкрыцця і, як вынік, - душэўнай узрушанасці. Мастацка-вобразныя структуры паэта вызначаліся такімі асаблівасцямі, як нечаканасць супастаўленняў, суаднясенне розных па сваім характары і маштабе фактаў і працэсаў, кантрастнасць колераў і адценняў, перапад рытміка-інтанацыйнага гучання: "на вясеннім бруку мокнуць Ад ліхтароў жывыя плямы" ("Вільня"), "Хутка пойдуць дзяўчаты грамадою вясёлай, Каб з крыніцы сцюдзёнай чэрпаць вёдрамі золак" ("Ой, калышацца вецер"), "Рассыплюць хмары з сініх хустак Дажджоў сцюдзёную жарству…", "восень агонь распаліла З асенняга лісця…" ("Каля мора") і інш.
Натуральна, М. Танк звяртаўся да трывала ўгнездаваных у мастацкай практыцы паэтаў-рамантыкаў вобразаў вясны, сонца, навальніцы, пажару і інш. Яго ўмоўна-рамантычныя, сімволіка-алегарычныя вобразы і малюнкі неслі сацыяльную праўду жыцця, насычаліся цяжкімі пластамі заходнебеларускай рэчаіснасці, фактамі падпольніцкай дзейнасці лірычнага героя, грунтаваліся на ідэі непрыняцця прыгнёту і несправядлівасці. Яны падпарадкоўваліся высокаму духоўна-маральнаму ідэалу паэта, асаблівасцям яго вострага асацыятыўна-метафарычнага светабачання, раскаванасці мастацкага мыслення, разняволенасці і нязмушанасці вершаванага радка: "Цягнуцца думы барознамі, Чорны змываючы пот…" ("Палавічнік"), "Змоўкла песня, толькі звоняць недзе слёзы На палетках за скрыпучаю сахой" ("Сказ пра Вяля"), "Думы, як пояс сівых журавоў" ("Ноччу") і інш.
Творчасць М. Танка 1930-х гадоў вызначалася маштабнасцю гістарычнага мыслення, шырынёй духоўна-мастацкіх даляглядаў аўтара. Вялікую папулярнасць у чытача набылі яго вершы "Спатканне", "Песня кулікоў", "Чорныя скібы", "Да дня", "Акт першы", "Тры песні", "Паслухайце, вясна ідзе...", "Раманс", "На пероне" і інш. Лірычны герой паэта прывабліваў паўнакроўнасцю ўспрыняцця жыцця, натуральнасцю і нязмушанасцю сваіх паводзін і ўчынкаў, непадробнай чалавечнасцю, цвёрдай верай у народныя першакаштоўнасці, жыццесцвярджальныя сілы грамадства. Ён засяродзіўся на пошуках адказаў на самыя балючыя пытанні часу, на асэнсаванні актуальных грамадска-патрыятычных і сацыяльных праблем рэчаіснасці, глыбокім выяўленні душэўна-псіхалагічнага свету свайго сучасніка. Філасофская лірыка суседнічала ў паэта з сатырычнымі творамі, пейзажныя матывы і вобразы перапляталіся з выяўленнем асаблівасцей інтымнага свету героя, традыцыйныя, сілаба-танічныя вершы змяняліся дольнікамі і верлібрамі і інш. І ўсе ці амаль усе яны хораша ўражвалі багаццем і разнастайнасцю моўна-выяўленчых, мастацка-стылістычных сродкаў.
Кнігі М. Танка "На этапах", "Журавінавы цвет" (1937), "Нарач" (1937) і "Пад мачтай" (1938), вершы і паэмы, сталіся лепшымі ў заходне-беларускай літаратуры. Творчасць паэта сведчыла жыццястойкасць беларускай нацыі, яна сцвярджала моц і сілу народа, які жыў ідэямі аб'яднання, сацыяльнай і нацыянальнай волі, годнага ўпарадкавання сваёй Радзімы, раскрывала прыгажосць яго высакароднай душы.
Адзначаныя і многія іншыя якасці і асаблівасці творчай індывідуальнасці М. Танка напоўніцу раскрыліся ў пасляваенны перыяд духоўна-эстэтычных пошукаў і здабыткаў паэта. Зборнікі вершаў "Мой хлеб надзённы" (1962), "Глыток вады" (1964), "Перапіска з зямлёй" (1967), "Хай будзе святло" (1972), "Дарога, закалыханая жытам" (1976), "Прайсці праз вернасць" (1979), "За маім сталом" (1982) і іншыя вызначаюцца арганічным спалучэннем маштабнасці гістарычнага мыслення, шырыні духоўна-сацыяльных даляглядаў і пластыкі прадметнага аналізу, прыватнай канкрэтыкі з'яў і рэчаў. У іх філасофска-аналітычная медытацыя суседнічае з грамадзянска-патрыятычным характарам мастацкага дыскурсу, прамоўніцка-публіцыстычны пафас дапаўняецца тонкай іроніяй і знішчальнай сатырай.
Зборнік вершаў паэта "Каб ведалі" быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (1948), зборнік "Мой хлеб надзённы" - Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы (1966), а кніга паэзіі ў перакладзе на рускую мову "Нарочанские сосны" (Масква, 1977) - Ленінскай прэміяй (1978).
Творчасць М. Танка аказала і аказвае вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, у прыватнасці, паэзіі. Пад яе дабратворным уздзеяннем узрасло імкненне нашай лірыкі пасляваеннага перыяду да шырыні і яркасці мастацкага мыслення, пластычнай выяўленчасці і прасторнасці. Гэта засведчылі ідэйна-эстэтычныя пошукі А. Вялюгіна, М. Аўрамчыка, некаторых іншых паэтаў. У 1960-я гады пераемнікамі традыцый выдатнага мастака выступілі прадстаўнікі "філалагічнага" пакалення, блізкія да яго характарам лірычнага "я", мастацка-стылявымі асновамі творчасці. Насычаная малюнкавасць, рамантычна-экспрэсіўная вобразнасць, гістарызм мыслення аб'ядноўваюць з Танкавымі раннія творы У. Караткевіча, пластычнай выразнасцю, "зрокавай кранальнасцю рэчаў", шматузроўневым суаднясеннем з'яў тыпалагічна набліжаны да М. Танка Р. Барадулін, Я. Сіпакоў, П. Макаль і інш. Паэзія М. Танка, у прыватнасці, форматворчасць мастака, стылістычныя адкрыцці аказалі значны ўплыў на пошукі беларускай лірыкі ў галіне паэтыкі, на характар архітэктонікі, распрацоўку неметрычных памераў. Прыкладна пачынаючы з 1960-х гадоў у ёй развіваюцца тэндэнцыі, звязаныя з імкненнем да размоўнасці інтанацыі, "раскаванасці рытмарада", разняволення паэтычнай формы. Канвенцыйны верш дапаўняецца дольнікам, тактавіком, рознымі мадыфікацыямі верлібра, кожная з якіх, будучы тыпалагічна набліжанай да танкаўскай, у той жа час сведчыць пра своеадметнасць пошукаў аўтара.
Многія беларускія паэты ўспрымаюць М. Танка як заканадаўцу ў плане сацыяльна-светапогляднага, філасофскага асэнсавання працэсаў рэчаіснасці. Абапіраючыся на вопыт выдатнага мастака, аб чым сведчыць пераклічка канкрэтных вершаў, яны вядуць актыўныя пошукі ў напрамку пашырэння інтэлектуальных даляглядаў творчасці, развіцця шматмернай умоўнасці, гістарызму мыслення і інш. Падкрэсленая лагізаванасць светаадчування, грамадзянская іншасказальнасць, падтэкставая насычанасць, тыпалагічна блізкія да танкаўскага ўспрыняцця жыцця, вызначаюць творы А. Вярцінскага, А. Разанава, А. Сыса. Творчасць М. Танка разглядаецца многімі нашымі паэтамі як арыенцір у пошуку адказаў на пытанні, якія ставяць час, яго духоўна-гуманістычныя супярэчнасці, абумоўленыя грамадска-сацыяльнымі зменамі і зрухамі. Са зваротам да танкаўскага вопыту шмат у чым звязана ўзмацненне ў беларускай паэзіі канца ХХ - пачатку ХХІ ст. гуманістычнага пачатку, грамадзянскасці і патрыятызму, імкнення да паглыбленага асэнсавання духоўных каштоўнасцяў чалавека, паэтызацыі народнай самасвядомасці, зямных першаасноў і інш.
Незвычайныя ўражанні засталіся ад нашых сустрэч і гутарак. Максім Танк, здаецца, ніякіх ідэйных і жыццёвых прынцыпаў не раскрываў і не бараніў, ні на чым асабліва не настойваў, нікога надта не хваліў, але нікога моцна і не ганіў. Ён не імкнуўся зрабіць уражанне, не імкнуўся здзівіць мяне ні веданнем рэдкіх падзей і фактаў, ні глыбінёй і арыгінальнасцю аналізу грамадска-культурных працэсаў, ні дакладнасцю і трапнасцю іх характарыстык і ацэнак. Памятаецца, Яўген Іванавіч ні на што не скардзіўся, ні аб чым не шкадаваў і нікога ні аб чым не прасіў. А былі ж гэта надзвычай складаныя 1990-я гады… Усё, пра што ён расказваў, грунтавалася на нейкай адмысловай дыялектыцы супрыроднасці і было скіравана не на адасобленасць, а на аб'яднанне. Яно несла магнетычную энергетыку цяпла, дабра і мудрасці і засталося ў маёй душы назаўсёды. Гэта быў роздум чалавека, які прайшоў "праз агонь, І воды, І медныя трубы…" (верш "Я спытаў чалавека…"). К таму часу паэт ужо страціў сястру Людмілу Іванаўну, дачку Веру і жонку Любоў Андрэеўну, а таксама ўсіх сваіх асноўных сяброў і таварышаў. Ад яго веяла спакоем і самадастатковасцю, жыццёвай трываласцю і надзейнасцю, веліччу народнага духу і волі.
М. Танк як паэт, асоба, несумненна, з'яўляўся дзяржаўным чалавекам. Але яго мастацкі талент быў настолькі магутны, яркі і шматгранны, што не ўкладваўся ў тагачасную дзяржаўна-ідэалагічную сістэму і палітыку. Ён не вельмі паддаваўся абмежаванням, рэгламентацыі і ўніфікацыі, бо з самага пачатку развіваўся пад кутом высокай духоўнасці і маралі, дабрыні і чалавечнасці, праўды і справядлівасці, красы і гармоніі. М. Танк хоць і з'яўляўся шчырым камуністам, членам ЦК КПБ, аднак не дужа імкнуўся да сцвярджэння і рэалізацыі камуністычных ідэалагем, прынцыпаў і норм жыццядзейнасці, не столькі паэтызаваў іх, колькі маніфеставаў ці канстатаваў. Камуністычныя ідэі і перакананні арганічна спалучаліся ў яго духоўнай свядомасці з нацыянальна-патрыятычнымі, больш за тое - грунтаваліся на апошніх. Можна смела адзначыць: М. Танк найперш быў беларусам, а пасля камуністам, ён, як ніхто іншы, выдатна ведаў цану народна-патрыятычным традыцыям і каштоўнасцям. Падчас адной з нашых гутарак паэт разважаў: "Ідэя беларушчыны... Я хачу ўкрапіць яе ў свае творы, каб яна была як вітаміны ў ежы: не так вылазіла са сваімі вушамі, але каб дзейнічала... Раней пісалі якія-небудзь слабенькія вершы, але, калі ў канцы ўспаміналі Сталіна, яны ішлі на першых старонках. Вось што самае небяспечнае - каб мы нашае святое слова не зацёрлі... Я баюся, каб не стала разменным тое, за што змагаемся. Ад частага ўжывання, бяздумнага, лёгкага. Ужо калі ўспомніў, то ўспомні, каб яно засталося ў памяці не толькі тваёй...".
Што тут дадасі ці ўдакладніш…
Творчасць Максіма Танка - выдатная з'ява ў свеце сучаснай еўрапейскай літаратуры. Па меркаванні Ўладзіміра Конана, паводле свайго мастацкага таленту народны паэт Беларусі - "на ўзроўні сучасных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, калі не вышэй некаторых з іх". Напоўненыя глыбокім філасофска-аналітычным асэнсаваннем жыцця і чалавека, высокім гуманістычным зместам і грамадзянска-патрыятычным пафасам, яго творы шырока раскрылі асаблівасці нацыянальнага характару, гістарычнага шляху і лёсу беларускага народа, выявілі багацце і шматстайнасць яго гісторыі і культуры, вялікія патэнцыяльныя магчымасці мовы, пераканаўча абгрунтавалі паўнапраўнае месца беларусаў у еўрапейскай супольнасці.
Мікола Мікуліч, кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
258. Галоўчанка (Іван) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Галоўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Галоўч(к/ч)-анка. ФП: галоўка (памянш.-ласк. да галава, а таксама 'шарападобны плод, шарападобнае суквецце (або прадаўгаватае ў некаторых раслін; пра клубень цыбулі, качан капусты, пярэдняя частка саняў, ботаў і інш.) - Галоўка (мянушка) - Галоўка (прозвішча) - Галоўчанка.
259. Галубовіч (Яўгенія) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Голуб і значэннем 'нашчадак названай асобы': Голубовіч - Галубовіч. ФП: голуб ('птушка пераважна з шэравата-блакітным ці белым апярэннем і вялікім зобам') - Голуб (мянушка, потым прозвішча) - Галубовіч.
260. Галуза (Ала) - семантычны вытвор ад апелятыва галуза 'гарэза, свавольнік (Нас.); дурны, неразумны (Нас.)', 'бедны, але фарсісты чалавек (КСЧ)'. Або ад укр. галуза 'галіна' (утварэнне з фармантам -уза).
261. Галушка (Ала) - семантычны вытвор ад апелятыва галушка 'круглы камяк, шарык, скачаны з чаго-небудзь мяккага', 'страва ў выглядзе клёцак (з варанай бульбы або мукі), звараная на булёне ці на малацэ'.
262. Гамеза (Валерый) - мажліва, пераробленае з Гамза, якое ад апелятыва гамза - ўтварэння ад гамзаць 'гаварыць у нос, гугнявіць'. ФП: гамзаць - гамза - Гамза - Гамеза.
263. Ганаровіч (Ігар) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад антрапоніма Ганор і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ганоравіч - Ганаровіч. ФП: Ганор (імя <лац. honor 'гонар, павага') - Гонар (прозвішча) - Ганаровіч.
264. Ганебны (Мікалай) - семантычны вытвор ад апелятыва ганебны 'варты асуджэння, ганьбавання'.
265. Ганецкая (Ірына) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Ганец / Ганцы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Ганецская - Ганецкая.
266. Ганусевіч (Наталля) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Гануся і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ганусевіч. ФП: Ганна (імя <ст.-яўр. 'міласць') - Гануся (разм. форма) - Гануся (мянушка, потым прозвішча) - Ганусевіч.
267. Ганчарык (Аляксей) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Ганчар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ганчарык. ФП: ганчар ('майстар, рамеснік, які вырабляе з гліны посуд і іншыя рэчы') - Ганчар (мянушка) - Ганчар (прозвішча) - Ганчарык. Або як пам.-ласк. ад ганчар (суф. -ык) і значэннем 'памочнік ганчара'.
268. Гапонік (Юлія) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Гапон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гапонік. Параўн. Лукашык. ФП: Агафон (імя <грэч. 'дабро') - Гапон (народна-гутарк. форма) - Гапон (празванне, потым прозвішча) - Гапонік.
269. Гаральчык (Іван) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Гараль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гаральчык. ФП: гараль ('горац, гураль' польск. ' goral 'горац') - Гараль (мянушка) - Гараль (прозвішча) - Гаральчык. Або памянш.-ласк. гаральчык, якое набыло ролю прозвішча (праз ступень мянушкі).
270. Гарановіч (Сяргей) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Горан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Горанавіч - Гарановіч. ФП: горан ('кавальская печ', а таксама 'спецыяльная печ для абпальвання керамічных вырабаў', 'ніжняя частка доменнай печы, дзе згарае паліва') - Горан (мянушка, потым прозвішча) - Горанавіч (бацькайменне) - Гарановіч.
271. Гарбуз (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва гарбуз 'расліна сямейства гарбузовых з вялікімі шарападобнымі пладамі', 'плод гэтай расліны, страва з яе', а таксама (перан., зневаж.) 'Пра малога і недарослага' (СНМЗ).
272. Гаргун (Дзяніс) - семантычны вытвор ад апелятыва гаргун 'той, хто гаргае (індык, гусак)'; утварэнне: гарг-ун; параўн. крыкун.
273. Гарнастай (Тамара) - семантычны вытвор ад апелятыва гарнастай 'пушны драпежны звярок сямейства куніцавых, зімой белы з чорным кончыкам хваста', а таксама 'футра гэтага звярка'.
274. Гарошка (Васіль) - другасная форма, першасная Гарошак - семантычны вытвор ад апелятыва гарошак 1) утварэнне з суфіксам -ак ад гарох 'расліна сямейства бабовых з насеннем у стручках і само яго круглае насенне; зерні;' 2) назва некаторых травяністых раслін сямейства бабовых; 3) 'круглыя кружочкі на тканіне'. Змена сегмента ок (ак) на -ка на ўзор браток - братка.
275. Гарчакова (Ганна) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Гарчак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гарчакова. ФП: гарчак ('рыба сямейства карпавых'; 2) 'травяністая расліна сямейства складанакветкавых, засухаўстойлівае ядавітае пустазелле') - Гарчак (мянушка, потым прозвішча) - Гарчакова.
276. Гарын (Эраст) - форма мужчынскага роду ад жан. імя Гарына (-рус. Горина) набыла ролю прозвішча.
277. Гаўрыленка (Антон) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Гаўрыла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гаўрыленка. ФП: Гаўрыла (імя, ст.-яўр. gabriel 'мая сіла - Бог') - Гаўрыла (мянушка, потым прозвішча) - Гаўрыленка.
278. Гаўрыцкі (Іван) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Гаўрыкі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Гаврыкск - Гаў-рыцкі (кс<ц). ФП: Гаўрыіл (Гаўрыла) < ст.-яўр. 'божы чалавек' - Гаўрык (Гаўрык)) - Гаўрык (імя) - Гаўрык (прозвішча) - Гаўрыкі ('паселішча з прозвішчамі Гаўрык') - Гаўрыцкі.
279. Гаўрыш (Алег) - народны варыянт імя Гаўрыла (<ст.-яўр. gabriel 'мая сіла - Бог') набыў ролю прозвішча. Як і аднакаранёвыя Гаўраш, Гаўруш, Гаўрусь і інш.
280. Гваздоўскі (Іван) - вытвор з суфіксам прэстыжнасці -оўскі ад антрапоніма Гвозд і значэннем 'нашчадак названай асобы'. Ад апелятыва гвозд 'металічны або драўляны завостраны шпень для забівання ў што-небудзь, для замацавання чаго-небудзь у што-небудзь'.
281. Гвоздзева (Тамара) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Гвоздзь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гвоздзева. ФП: гвоздзь (рэг.) ' гвозд - металічны або драўляны завостраны шпень для забівання ў што-н., замацавання чаго-н. з чым-н.' - Гвоздзь / Гвозд (мянушка, потым прозвішча) - Гвоздзева.
282. Гедзіч (Аркадзій) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Геда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гедзіч. ФП: геда (літ. geda 'сарамлівасць') - Геда (мянушка, потым прозвішча) - Гедзіч.
283. Гемза (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва гемза 'дзікая каза', 'шкура дзікай казы' (польск.); параўн.: гемзовы 'шаўровы' (СПЗБ).
284. Гендзюк (Кацярына) - другасная форма, першасная Генадзюк - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Генадзь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Генадзюк. ФП: Генадзь (імя, <грэч. 'высакародны, прыстойны') - Генадзь (прозвішча) - Генадзюк - Гендзюк (скарот.).
285. Герашчанка (Аксана) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Гераська і значэннем 'нашчадак названай асобы': Герашч(ск/шч)-анка. ФП: Герасім (імя, з мовы грэкаў 'паважаны') - Герась і Гераська (народны варыянт) - Гераська (празванне, потым прозвішча) - Герашчанка.
286. Герус (Сямён) - народна-гутарк. форма ад кананічнага Герасім набыла ролю прозвішча. Або вытвор з фармантам -ус ад імя Гера ('асоба мужчынскага полу'). Не выключаны і ўплыў літоўскай мовы (фінальнае - ус; параўн. песта ('пястун') і Песціс (прозвішча ад апелятыва песта)).
287. Гецэвіч (Юрась) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Гец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гецэвіч. ФП: гец (укр. геть 'далоў, прэч'; або (рэг.) гэц 'скок, гоц' (СНМЗ) - Гец (мянушка, потым прозвішча)) - Гецэвіч.
288. Гіжук (Таццяна) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Гіж і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гіжук. ФП: гіжаць (рэг. СНМЗ) эквівалент слова кішэць 'мітусліва рухацца ў розных напрамках' ('пра мноства жывёлін, людзей', а таксама 'быць перапоўненым мноствам жывых рухавых істот') - гіж ('істота, асоба, што гіжэе (кішэе)') - Гіж (мянушка, потым прозвішча) - Гіжук.
289. Гізун (Макей) - семантычны вытвор ад апелятыва гізун 'той, хто гізуе' - уцякае, ратуецца ад укусу гіза ('вялікая муха, самка якой жывіцца кроўю жывёлы, а самец - сокам расліны').
290. Гікала (Ігнат) - семантычны вытвор ад апелятыва гікала 'той, хто абзываецца прарэзлівымі адрывістымі гукамі' (утварэнне з фармантам -ла ад гікаць: гікала).
291. Гінько (Алёна) - семантычны вытвор ад апелятыва гінько (утварэнне з фармантам -ко ад гінуць 'знікаць, прападаць, спыняць існаванне', 'паміраць') 'той, хто гіне, знікае, спыняе існаваць'.
(Працяг у наступным нумары.)
VII Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі
17 верасня завяршыў сваю працу сёмы Кангрэс даследчыкаў Беларусі.
Кангрэс арганізаваны ў паразуменні беларускіх, польскіх і літоўскіх інстытутаў і навуковых асяродкаў. Мерапрыемства праходзіла пад ганаровым патранатам прэзідэнта Варшавы. Старшыня аргкамітэта Кангрэсу даследчыкаў Беларусі Андрэй Казакевіч распавёў, што ў сувязі з вялікім Скарынаўскім юбілеем асаблівая ўвага была ўдзелена беларускай гісторыі і культуры.
Гэтым разам Кангрэс праходзіў не ў Коўне, як звычайна, а ў Варшаве. Арганізатары такім чынам разлічваюць прыцягнуць новых удзельнікаў з заходніх краін і прасунуць ідэі Кангрэсу ў новых акадэмічных асяродках. Але размова не ідзе пра пераезд у польскую сталіцу назаўсёды.
Традыцыйна прайшлі дыскусіі і прэзентацыі, а таксама наданне прэміі за найлепшыя навуковыя публікацыі па выніках 2015-га і 2016-га гадоў. Сярод тэмаў, што абмяркоўваліся, ёсць "Беларусь і рэгіён у кантэксце посткаланіяльных даследаванняў", "Прапаганда, дэзінфармацыя і расійская "мяккая сіла" у Еўропе". Сярод гістарычных тэмаў былі заяўленыя Вялікае Княства Літоўскае, войны і паўстанні ў Беларусі ў ХІХ стагоддзі. Літаратуразнаўцы сярод іншага гаварылі пра феміністычную плынь у беларускай літаратуры. Перакладчыкі - пра 500-годдзе беларускага кнігадруку. Усяго працавалі 17 секцый.
Таксама ў праграме Кангрэсу адбылася дыскусія наконт адносінаў паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю на фоне веснавых пратэстаў і масавых рэпрэсіяў. Апроч гэтага, навукоўцы гаварылі пра эканамічнае развіццё і бяспеку ў нашым рэгіёне. На Кангрэсе выступіла і вядомая паэтка, якая піша вершы на беларускай мове, іспанка Анхела Эспіноса. Выступ паэткі адбыўся ў заключны дзень Кангрэсу, 17-га верасня.
Сярод навуковых секцый і панэляў абмяркоўваліся таксама эканоміка, палітыка і бяспека. Гаворыць Аляксандр Пагарэлы з інстытута славістыкі Польскай Акадэміі навук:
- Кангрэс ператварыўся ў добры сацыяльны інстытут, які гуртуе вакол сябе людзей з вельмі рознымі поглядамі на розныя праблемы. Дазваляе сустрэцца, абмяняцца думкамі. Гэта дае магчымасць лепш зразумець і свет вакол Беларусі, і што ў ёй самой адбываецца.
Дзяніс Лаўрухін, прадстаўнік секцыі "Акадэмія і палітыка", зазначыў, што "пераезд" Кангрэсу з Коўні ў Варшаву аказаўся спрыяльным. Прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Ніна Баршчэўская распавяла, што навукоўцы прааналізавалі становішча беларускай мовы ў Беларусі, а таксама сітуацыю з яе выкладаннем ў замежжы.
Тэолаг Наталля Васілевіч кіравала багаслоўскай секцыяй. На секцыі разважалі над магчымасцю зменаў у Праваслаўнай Царкве.
Андрэй Казакевіч падсумаваў вынікі кангрэсу. Удзельнікі выказалі свае прапановы і заўвагі. Сёлета шмат удзельнікаў не змагло даехаць, у тым ліку праз слабое фінансаванне Кангрэсу. Нягледзячы на гэта, рэкорд і так быў пабіты - паводле папярэдніх дадзеных, у мерапрыемстве ўзяло ўдзел каля 600 чалавек.
Радыё Свабода.
БЯСПЛАТНЫЯ ЗАНЯТКІ ПА УКРАІНСКАЙ МОВЕ
Хочаце размаўляць на адной з найпрыгажэйшых моў свету? Хочаце чытаць у арыгінале творы выбітных украінскіх пісьменнікаў? Хочаце падчас падарожжаў па Украіне здзіўляць усіх сваёй прыгожай украінскай мовай? Прыходзьце на БЯСПЛАТНЫЯ заняткі па УКРАІНСКАЙ МОВЕ!
Курсы арганізуе Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы ТБМ імя Францішка Скарыны.
Арганізацыйны сход, на якім можна будзе запісацца на курсы, адбудзецца 26 верасня (аўторак), а 18-й гадзіне ў офісе ТБМ (Менск, вул. Румянцава, 13).
Заняткі будуць праходзіць з 6 кастрычніка штопятніцы (18.00-19.30) па адрасе: Менск, вул. Румянцава, 13.
Запісацца на заняткі і атрымаць больш дэтальную інфармацыю можна па тэлефоне +375296055635 ды ў сацыяльных сетках:
https://www.facebook.com/jahordziobik
https://vk.com/jahor_dziobik
Прэзентацыя "Гісторыі Сапегаў" у Лідзе
8 верасня ў Дзень беларускай вайсковай славы ў Лідскай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя ўнікальнага выдання - энцыклапедыі "Гісторыя Сапегаў. Жыццяпісы, маёнткі, фундацыі". Укладальнік энцыклапедыі Яўстах Сапега. Кніга выйшла ў Менску ў выдавецтве Віктара Хурсіка.
Як зазначыў каардынатар і рэдактар беларускага выдання, паэт Міхась Скобла: сёння ў нас куды ні глянь, усюды ляжаць кнігі пра Радзівілаў, пра Нясвіж, пра Радзівілаўскую бібліятэку, а пра Сапегаў практычна нічога няма, то проста неабходна запаўняць гэты прабел, бо ўклад Сапегаў у нашую гісторыю нічуць не меншы, згадайма хаця б канцлера Льва Сапегу.
Прэзентацыя ў Лідзе - адна з першых і не выпадкова. Кніга гэтая - у асноўным пераклады польскіх аўтараў. Перакладалі восем чалавек: Данута Бічэль, Ларыса Вікторка, Валянцін Дубатоўка, Міхась Скобла, Станіслаў Суднік, Наталля Вайніловіч, Юлія Шэдзько, Язэп Янушкевіч. Станіслаў Суднік з 584 старонак кнігі пераклаў недзе 90. Такім чынам у выданні ёсць і лідскі ўнёсак.
Асноўную масу прысутных склалі работнікі лідскіх бібліятэк, што вельмі добра, бо каму, калі не ім, ведаць пра ўсе навінкі кнігавыдання, асабліва ў год 500-годдзя гэтай з'явы на Беларусі.
Міхась Скобла падарыў асобнік кнігі бібліятэцы. А на завяршэнне выступіла знакамітая спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава з выдатнымі беларускім песнямі.
Наш кар.
Літаратурная сустрэча ў Беліцы
17 верасня ў Беліцкай СШ Лідскага раёна адбылася літаратурная сустрэча, прымеркаваная да Еўрапейскага дня моваў, які адзначаецца 26 верасня. На Лідчыне ў сувязі з гэтым днём асаблівая ўвага ўдзяляецца перакладной літаратуры як з беларускай мовы, так і на беларускую. Таму не выпадкова на сустрэчу былі запрошаны ўкладальнік анталогіі перакладаў на беларускую мову "Галасы з-за неба-краю" Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава.
Сустрэча была арганізаваная Лідскай арганізацыяй ТБМ і прайшла ў цёплай душэўнай абстаноўцы. Беліца знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Ліды, але не закінутая і не забытая, пра што сведчыць і згаданая імпрэза.
Наш кар.
Юбілей сталіцы быў адзначаны навуковай канферэнцыяй
7-8 верасня ў Менску праходзіла навуковая канферэнцыя, прысвечаная 950-годдзю сталіцы. Праца вялася ў секцыях: "Сацыяльныя структуры і эканоміка", " Грамадска-палітычнае жыццё", "Крыніцы па гісторыі горада", "Сувязь пакаленняў". Са змястоўнымі дакладамі выступілі доктар гістарычных навук Леанід Лыч, доктар гістарычных навук Эмануіл Іофэ, кандыдат гістарычных навук Валянцін Мазец, гісторык-тапаніміст, спецыяліст у вобласці менскага краязнаўства Іван Сацукевіч і іншыя.
Да ўдзелу ў канферэнцыі далучыліся вучні школ і гімназій горада. Яны даследвалі тэмы: "Караль Чапскі - мецэнат і рэфарматар Менска", "Менскае гета: жыццё і смерць", "Памяць і боль: пра вязняў канцлагера Дразды", "Дзейнасць Менскага падполля на ЦЭЦ-2", " Падземныя хады Менска" і іншыя.
Доктар гістарычных навук, прафесар Эмануіл Іофэ распавёў пра выбітных габрэйскіх дзеячаў навукі, медыцыны і культуры, якія нарадзіліся ў Менску: пра Якава Зяльдовіча, Майсея Шапіру, Ісаака Брука, Эдзю Агняцвет, Мая Данцыга, Валерыя Рубінчыка, Марыю Фрумкіну і іншых. Прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч прысвяціў сваё выступленне працэсу трансфармацыі Менска ў нацыянальную сталіцу Рэспублікі Беларусь ў 1990-1994 гадах.
Э. Оліна.
Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!
Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на чацвёрты квартал 2017 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 67. Цана змянілася нязначна. У 2017 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.
У памяці даследчыка - больш паўстагоддзя жыцця Менска
З дзевяці з паловай стагоддзяў гісторыі сталіцы больш паўстагоддзя пастаянна жыве ў Менску доктар гістарычных навук, прафесар Эмануіл Рыгоравіч Іофэ. Ён нарадзіўся ў 1939 годзе ў Беразіне. У 1946 годзе Эмануіл пачаў вучыцца ў Бярэзінскай сярэдняй школе № 2. Скончыўшы яе летам 1956 года з дзвюмя чацвёркамі і астатнімі выдатнымі адзнакамі, ён паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта Э. Іофэ быў накіраваны працаваць гісторыкам у школе ў Старадарожскім раёне. Некалькі гадоў адпрацаваўшы ў Навапольскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, ён пераехаў на сталае жыхарства ў Менск у 1967 годзе.
У 1969 годзе, праводзячы заняткі ў школе, ён паступіў у завочную аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. У 1975 годзе Э. Іофэ абараніў кандыдацкую дысертацыю, а 30 жні ўня 1978 года быў прыняты на штатную працу асістэнтам кафедры ў Менскі педагігічны інстытут імя М. Горкага (БДПУ імя М. Танка). У 1983 годзе Эмануіл Рыгоравіч стаў дацэнтам. У красавіку 1993 года ён абараніў доктарскую дысертацыю і з таго часу працуе прафесарам кафедры паліталогіі і права БДПУ імя М.Танка.
На працягу дваццаці гадоў прафесар выкладаў на філфаку БДПУ імя Танка, кіраваў праблемнай групай "Роля дзеячоў беларускай культуры ў фарміраванні грамадска-палітычнай думкі", і вёў лекцыі на роднай мове. Студэнты лічаць яго майстрам дыспуту. Э.Р. Іофэ з'яўляецца аўтарам 48 манаграфій, мае каля 2000 друкаваных прац і лічыцца адным з буйных спецыялістаў па праблеме Халакосту. У 2008 годзе прафесар напісаў кнігу пра нобелеўскіх лаўрэатаў з беларускімі каранямі (Аарона Клуга, Жарэса Алфёрава, Менахема Бегіна, Шымона Перэса і іншых).
- Каля 20-ці Вашых родных загінулі падчас Халакосту. Як Вашай сям'і ўдалося выжыць?
- Бацька быў у камандзіроўцы, калі пачалася вайна. Мама была цяжарная трэццім дзіцём, і чырвонаармейцы ўладкавалі нас з ёй у машыну, якая ад'язджала ў эвакуацыю. Мы знаходзіліся два гады ў Сырдар'інскім раёне ў Казахстане, жылі ў калгасе "Першае мая". Непісьменны казах пытаў: "А ці Масква такая ж вялікая, як наш калгас?" Там я перахварэў малярыяй. У Менску мая бабуля і шмат сваякоў загінулі. Потым мы знайшлі на вуліцы Інтэрнацыянальнай сведчанні пра іх. Пра лёс родных я даў артыкул у кнігу "Вайна вядомая і невядомая" настаўніцы з Асіповічаў Неанілы Цыганок, запісаў успаміны 100 вязняў Менскага гета. Некаторыя з іх пакуль ненадрукаваныя. Вывучаю генеалогію ад пакалення да пакалення, напісаў кніжку пра Беразіно.
- Эмануіл Рыгоравіч, раскажыце, калі ласка, дзе Вам давялося кватараваць з 50-тых гадоў?
- У студэнцкія гады я жыў на прыватнай кватэры на вул. Цнянскай, потым - на трэцім курсе - мне далі інтэрнат на вул. Свярдлова, 21 год я пражыў у Зялёным Лузе і 28 гадоў - на плошчы Перамогі, дзе былі размешчаны рэдакцыі літаратурных часопісаў "Нёман" і " Маладосць". У гэты доме калісьці жыла Эдзі Агняцвет.
- Вы былі гісторыкам і завучам 13-тай менскай школы. Які Ваш выкладчыцкі сакрэт?
- Я імкнуся зацікавіць вучняў і студэнтаў, ніколі на іх не крычу, ніколі не іду на канфлікт. Я не бываю занадта строгім са студэнтамі, бо сам я калісьці 10 разоў паступаў у аспірантуру, і мне адмаўлялі з прычыны 5-тай графы. (Я адчуў на сябе ўвесь цяжар палітыкі дзяржаўнага антысемітызму). Але я і не вельмі паблажлівы. Семінарскія заняткі я праводжу ў выглядзе дыспутаў, прыношу артыкулы, нарысы па гісторыі культуры, і мы са студэнтамі абмяркоўваем думкі розных пісьменнікаў, паэтаў. Журналісты Ціхан Чарнякевіч, Таццяна Сівец наведвалі маю праблемную групу.
Я быў асабіста знаёмы з многімі пісьменнікамі. У 1971 годзе я пачаў пісаць даследванні пра Максіма і Гаўрылу Гарэцкіх, быў знаёмы з Ларысай Восіпаўнай Гарэцкай. Да 100-годдзя Гаўрылы Іванавіча я прааналізаваў аўтографы на кнігах, якія яму дарылі, і прысвяціў цэлы артыкул гэтай тэме, выступаў на Гарэцкіх чытаннях.
- Якія былі Вашыя ўлюбёныя тэмы ў савецкія часы і зараз?
- Тады мяне цікавілі рэвалюцыянеры, савецкія і партыйныя дзеячы, а сёння цікавяць дзеячы нацыянальнага Адраджэння. У свой час я пісаў пра Свярдлова, Фрунзе і Калініна. Цяпер займаюся малавядомымі старонкамі жыцця навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, аднаўляю іх. Пішу пра многіх землякоў - пра пісьменніка Рыгора Няхая, пра сатырыка Міхася Скрыпку, заслужанага артыста Барыса Барысёнка.
Я пачынаў з даследвання дзейнасці акадэміка Уладзіміра Пічэты, якому прысвяціў кандыдацкую дысертацыю, ездзіў у Маскву, сустракаўся з яго жонкай. Асобнае даследванне я напісаў пра сяброўства Уладзіміра Пічэты і Якуба Коласа падчас іх знаходжання ў Ташкенце. У "Нёмане" я надрукаваў артыкул "Уладзімір Пічэта і Якуб Колас". Асобны артыкул напісаў, пра тое, як органы ўлады і ГПУ сачылі за кожным крокам Янкі Купалы і Якуба Коласа. Я даследваў узаемны уплыў славянскіх і яўрэйскай моў і літаратур, і выступаў па гэтай тэме ў Інстытуце мовазнаўства.
З Рыгорам Рэлесам мы падрыхтавалі дзве вялікія кнігі ў выдавецтве "Ураджай" - казкі, загадкі, пажаданні, яўрэйскі фальклор. Мае бацькі гаварылі на ідыш, Рыгор Рэлес потым прыгадаў некаторыя словы. Мне прыходзіцца вяртацца да многіх рэчаў, многае забываецца. Сёння моладзь вывучае, у асноўным, іўрыт, ідыш мала хто памятае. У 90-тыя гады ў нас існаваў фонд "Захаванне і развіццё яўрэйскай духоўнай спадчыны", я быў старышынём гістарычнай камісіі гэтага фонду. Таксама існавала Міжнародная Акадэмія вывучэння нацыянальных меншасцяў. Я быў членам прэзідыюма гэтай Акадэміі.
- Што Вас цікавіць апошнім часам?
- Я напісаў кніжку пра Беразіно і падрыхтаваў артыкулы на тэму "Культурная Бярэзеншчына" для часопіса "Роднае слова". За 2015-2016 год я надрукаваў 26 навуковых прац і выступіў на 18-ці канферэнцыях. Напісаў пра сябра Якуба Коласа прафесара хіміі Барыса Біркінгейма. Яму Колас перадаў на захаванне рукапіс паэмы "Сымон-музыка", бо асцерагаўся вобшуку. Пасля смерці прафесара Біркінгейма ў 1959 годзе яго родныя аддалі рукапіс у літаратурны музей Я. Коласа.
- Ці пайшоў нехта з Вашых дзяцей па Вашых слядах?
- Мая старэйшая дачка Жана - кандыдат біялагічных навук і працуе таксама ў БДПУ, мае трох дачок, малодшая - Галіна жыве ў штаце Нью-Джэрсі і выхоўвае і траіх дзяцей.
- Вялікі дзякуй, жадаем Вам добрага здароўя і новых плённых даследванняў!
Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Пасля трохгадовага змагання бакі ў 1392 г. падпісалі Востраўскае пагадненне, згодна з якім Вітаўт атрымаў уладу ў ВКЛ, але фармальна лічыўся васалам Ягайлы. Каб умацаваць сваю ўладу Вітаўт пасяліў у Лідзе збеглага хана Залатой Арды Тахтамыша і ў 1398 г. заключыў саюз з Ордэнам. Аднак у 1399 г. войска Вітаўта ў бітве на рацэ Ворскле (на тэрыторыі сённяшняй Украіны) ушчэнт разбілі татары, а ён ледзь уцёк з поля бітвы. Яго ўлада ў краіне істотна аслабела.
Тады ён у 1401 г. заключыў унію з Ягайлам (Віленска-Радамскую) і падпісаў такую ўмову, што пасля яго смерці ўлада ў ВКЛ пяройдзе да Ягайлы ці яго нашчадкаў. Галоўным пунктам уніі стаў вайсковы саюз дзвюх краін супраць крыжакоў. Саюзнікі выйгралі Вялікую вайну 1409-1411 гг. супраць Ордэна і разбілі яго асноўныя сілы 15 ліпеня 1410 г. на Грунвальдскім полі.
Вітаўт атрымаў ва ўладу Жмудзь і выхад да Балтыйскага мора. Тэрыторыя ВКЛ пад яго кіраўніцтвам склала каля 960 тыс. кв. км. Але Ягайла рабіў захады да аднаўлення уніі з ВКЛ. У кастрычніку 1413 г. у Гарадзельскім замку над Бугам польскія феадалы і каталікі-феадалы ВКЛ падпісалі новую дамову, якая складалася з трох асноўных частак: 1) Асноўныя пасады ў ВКЛ маглі займаць толькі каталікі. 2) Каб зблізіць магнатаў Польшчы і ВКЛ, польская шляхта дазволіла 47 феадалам ВКЛ карыстацца іх гербамі. 3) Праваслаўная шляхта ВКЛ, якая складала большасць у краіне, ніякіх прывілеяў не атрымала.
Каб падтрымаць праваслаўных, Вітаўт у 1415 г. стварае самастойную праваслаўную мітраполію ў Наваградку, а таксама прапануе заключыць у ВКЛ унію паміж каталікамі і праваслаўнммі. У 20-я гады XV ст. Вітаўт стаў палітычным лідарам Усходняй Еўропы. Ён меў моцны ўплыў у Залатой Ардзе, а праз яе - і ў Маскоўскім княстве. У пачатку XV ст. ён канчаткова далучыў да ВКЛ Смаленскае княства і паставіў у Смаленску свайго намесніка. Больш за тое, ён дамовіўся з Рымскім Папам аб сваёй каранацыі, але гэтым планам перашкодзіла яго смерць.
У канцы XIV - пачатку XV стст. Вітаўт ліквідаваў вялікія ўдзельныя княствы ў ВКЛ і паставіў у Полацку, Віцебску, Кіеве і Наваградку сваіх намеснікаў. На працягу XV ст. намесніцтвы пачалі называцца староствамі ці паветамі. У 1413 г. узніклі і два ваяводствы - Віленскае і Трокскае. Дзякуючы Ягайлу і Вітаўту ў гарады ВКЛ з Германіі прыйшло Магдэбургскае права. Як ужо казалася, першым горадам у ВКЛ з такім правам стала ў 1387 г. Вільня, а потым Берасце (1390). Таксама Вітаўт запрасіў у ВКЛ на вечнае пасяленне яўрэяў і татараў. Першыя яўрэйскія грамадм ( кагалы) з'явіліся ў Гародні і Берасці, а потым пашырыліся па ўсёй тэрыторыі ВКЛ. Татары былі запрошаныя для нясення вайсковай службы і пасяліліся ў заходняй і цэнтральнай частцы ВКЛ у невялікіх гарадах і мястэчках.
Пасля смерці Вітаўта ў 1430 г. магнаты ў Вільні абралі вялікім князем малодшага брата Ягайлы - Свідрыгайлу, які зрабіў стаўку на праваслаўную шляхту. Гэта не спадабалася каталіцкім феадалам, і яны 1 верасня 1432 г. вырашылі забіць Свідрыгайлу, аднак той здолеў уцячы ў Полацк. Змоўшчыкі ў Вільні абралі новага князя, брата Вітаўта - Жыгімонта, якога прызналі ў некаторых землях ВКЛ. Пачалася грамадзянская вайна, якая доўжылася з 1432 па 1436.г. Жыгімонт у 1432 і 1434 г. выдаў два прывілеі, у якіх праваслаўная шляхта атрымала аднолькавыя правы з каталіцкай, акрамя сяброўства ў вялікакняскай Радзе. Пасля гэтага частка праваслаўных баяр перайшла ў лагер Жыгімонта, і ў верасні 1435 г. Свідрыгайла быў разбіты пад Вількамірам і ўцёк на Валынь. Аднак і Жыгімонт нядоўга пакіраваў ВКЛ. Падчас змовы яго ў сакавіку 1440 г. забілі ў Трокскім замку.
4. ВКЛ пад уладай Казіміра Ягелончыка (1440-1492)
У 1440 г. вялікім князем ВКЛ стаў малодшы сын Ягайлы Казімір. У 1447 г. пасля смерці старэйшага брата яго абралі таксама каралём Польшчы. У 1447 г. ён выдаў прывілей, які замацаваў суверэнітэт ВКЛ, бо дзяржаўныя пасады і землі маглі займаць і атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Казімір садзейнічаў будаўніцтву праваслаўных храмаў і манастыроў. Дзякуючы яму ў 1458 г. праваслаўная царква ў краіне канчаткова вызвалілася ад ўлады маскоўскага мітрапаліта і падпарадкавалася непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху.
У 1468 г. на старабеларускай мове з'явіўся першы крымінальны кодэкс у ВКЛ - "Судзебнік 1468 г." Аднак Казімір хацеў перадаць Польшчы Падолле і Валынь, што выклікала змову супраць яго ў 1481 г. сярод праваслаўных феадалаў. Змова, аднак, была выкрытая, а яе ўдзельнікаў пакаралі смерцю. Заняты войнамі з крыжакамі, Казімір не праводзіў на Ўсходзе актыўнай палітыкі, што прывяло да ўзмацнення Вялікага Княства Маскоўскага, якое здолела захапіць двух асноўных саюзнікаў ВКЛ на Ўсходзе - Цвер і Ноўгарад. У 1492 г. да ўлады ў краіне прыйшоў сын Казіміра Аляксандр (1492-1506). Ён выдаў прывілей, паводле якога правы вялікага князя абмяжоўваліся і павялічваліся правы дарадчага органа пры вялікім князі - Паноў-рады. Больш за тое, пастановы, прынятыя Панамірадай большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вялікім князем. Таксама ў XV ст. пачаў у ВКЛ збірацца і вальны сойм - орган саслоўна-прадстаўнічай дэмакратыі.
У XV ст. істотна пагоршылася становішча сялян. Згодна з "Судзебнікам 1468 г.", іх пазбавілі права вольна пераходзіць ад аднаго феадала да другога, а феадалам яшчэ ў 1447 г. было забаронена прымаць "чужых" (збеглых) сялян. У самым канцы XV ст. Вялікае Княства Маскоўскае пачало рэгулярна захопліваць землі ВКЛ на Ўсходзе. Спачатку яно захапіла Вязьму і Дарагабуж, а ў 1500 г. - вяліы горад Бранск. Малалікае войска ВКЛ не здолела супрацьстаяць вялізнай маскоўскай арміі. Па ўсёй краіне пачалі будаваць новыя і рамантаваць старыя ўмацаванні. У 1498 г. пачалі ставіць муры таксама вакол Вільні. Спачатку збудавалі 5 мураваных вежаў-брамаў, праз якія можна было трапіць у горад, а крыху пазней - яшчэ пяць. У 1517 г. Вільня дасягнула памераў Кракава. У 1492 г. тут былі заснаваныя Віленскі манетны двор і першая аптэка (зельня).
АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ
Баяры (шляхта) - вайскова-службовыя людзі ў ВКЛ.
Гвалты - пільныя, неадкладныя работы, выкліканыя стыхійнымі бедствамі, пажарамі, войнамі, паводкамі і г.д.
Магнаты (паны) - прадстаўнікі радавітай арыстакратыі, якія мелі княжацкія тытулы.
"Места" - назва горада ў ВКЛ.
"Месцічы", мяшчане - жыхары гарадоў і мястэчак.
Мула (імам) - духоўны кіраўнік у татараў у ВКЛ.
Муэдзін - памочнік мулы, чалавек, які заклікае мусульман да малітны (намазу).
Мястэчка - невялікае паселішча гарадскога тыпу.
Кагал - яўрэйская грамада.
Паны-рада - Рада ВКЛ - дарадчы орган пры вялікім князі.
Равін - духоўны кіраўнік у габрэйскай грамадзе, якога выбіраў кагал.
Староствы - дзяржаўныя маёнткі ў ВКЛ, якія вялікі князь даваў феадалам у часовае карыстанне за службу.
Шарваркі - работы па рамонце і будаўніцтве дарог і мастоў.
НАЙВАЖНЕЙШЬІЯ ПАДЗЕІ
1323 г. - перанос Гедымінам сталіцы ВКЛ у Вільню.
1362 г. - перамога вялікага князя Альгерда над татарамі ў бітве на Сініх водах.
1368, 1370 і 1372 гг. - паспяховыя паходы Альгерда на Маскву.
1382 г. - забойства вялікага князя Кейстута на загад Ягайлы.
1392 г. - Востраўскае пагадненне Ягайлы і Вітаўта.
І399 г. - параза войскаў Вітаўта ў бітве на Ворскле.
1401 г. - Віленска-Радамская унія Ягайлы і Вітаўта.
1410 г. - актыўны ўдзел харугваў ВКЛ на чале з Вітаўтам у Грунвальдскай бітве.
1415 г. - заснаванне Вітаўтам праваслаўнай мітраполіі ў Наваградку.
1430 г. - смерць вялікага князя Вітаўта.
1432-1436 гг. - грамадзянская вайна ў ВКЛ.
1440-1492 гг. - уладаранне ў ВКЛ Казіміра Ягелончыка.
1468 г. - "Судзебнік Казіміра Ягелончыка".
1492 г. - першая вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ.
1492-1506 гг. - уладаранне ў ВКЛ Аляксандра Ягелончыка.
РАЗДЗЕЛ XIX. ЗАЛАТАЯ АРДА. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА МАСКОЎСКАЕ - УЛУС ЗАЛАТОЙ АРДЫ
1. Залатая Арда ў ХІV-ХV стст.
2. Узнікненне Масквы. Палітыка маскоўскага князя Івана I (Каліты).
3. Вялікае княства Маскоўскае ў другой палове XIV - першай палове XV стст.
4. Вызваленне ад улады Залатой Арды. Палітыка князя Івана III.
1. Залатая Арда ў XIV-XV стст.
У першай палове XIV ст. назіраецца росквіт Залатой Арды, асабліва падчас уладарання ў ёй хана Узбека (1313-1341) і яго сына Джанібека (1342-1357). У пачатку 1320-х гадоў Узбек абвясціў іслам адзінай дзяржаўнай рэлігіяй у краіне. Прыхільнікаў язычніцтва ён жорстка караў і быў вельмі жорсткім кіраўніком. Маскоўскія і цверскія князі, якія мусілі прасіць у яго права на кіраванне сваімі княствамі, вельмі яго баяліся і перад паездкамі ў сталіцу Арды пакідалі духоўніцы (духоўныя тэстаманты) і наказы сваім дзецям, на выпадак сваёй смерці, што і здаралася час ад часу. Хан Узбек збудаваў новы горад-сталіцу Сарай аль-Джэдзід ("Новы палац", непадалёк ад сучаснага Валгаграда) і шмат увагі прысвячаў караваннаму гандлю. Арда актыўна гандлявала з краінамі Заходняй Еўропы, Малой Азіі, Егіптам, Індыяй і Кітаем.
У пачатку XIV ст. Узбек зрабіў у краіне адміністратыўна - тэрытарыяльную рэформу. Былі створаны чатыры вялікія ўлусы Сарай, Харэзм, Крым і Дэшт-і-Кыпчак. Начале іх хан паставіў эміраў (улус-бекаў). Галоўнага ўлусбека, намесніка хана, называлі бек-лярбекам. Наступным паводле пасады быў візір. Чатыры згаданыя ўлусы дзяліліся на 70 дробных уладанняў ( туменаў) на чале з цемнікамі ( тумэн-башы). Пасля цемніка ішлі пасады тысячніка, сотніка і дзясятніка. Як ужо казалася, у часы Батыя сталіцай Арды быў горад Сарай-Бату пазней - Сарай-Берке. Наогул жа, у Залатой Ардзе было шмат гарадоў: іх колькасць дасягала 150. Самымі вялікімі былі Сарай-Бату, Сарай-Берке, Булгар, Казань, Азык (Азоў), Ургенч і інш.
Для міжнароднага гандлю Арда выкарыстоўвала гандлёвыя калоніі генуэзцаў у Крыме і вусці Дона. Гандлявалі сукном, рознымі тканінамі, зброяй, ювелірнымі аздобамі, каштоўнымі камянямі, футрам, скурай, мёдам, воскам, соллю, збожжам, лесам, рыбай, аліўкавым алеем і рабамі. Галоўнай гандлёвай ракой была Волга. Залатая Арда выпускала свае манеты, срэбныя дырхемы і медныя пулы і сумы.
Арда мела вялікае войска, у асноўным гэта былі вершнікі. Ардынцы вельмі добра валодалі шабляй і добра стралялі з лукаў. З XIV ст. яны насілі кальчугі і даспехі з кольцаў і пласцін. У канцы XIV ст. у войску з'явіліся арбалеты і гарматы. Значную частку насельніцтва Арды складалі шматлікія цюркскія народы, у асноўным качэўнікі. Таксама тут жылі славяне, фіна-ўгорскія і паўночна-каўказскія народы. У канцы XIV - пачатку XV стст. качэўнікі Залатой Арды атрымалі агульную назву (этнонім) татары. Менавіта з іх выдзеліліся ў XV ст. волжскія і сібірскія татары. Ад народаў усходняй часткі залатой Арды паходзяць і сучасныя казахі, каракалпакі і нагайцы.
Асаблівыя адносіны склаліся ў ханаў Залатой Арды з заваяванымі імі ў XIII ст. усходнеславянскімі княствамі. Самыя вялікія з іх, Уладзіміра-Суздальская, Мурамская, Разанская землі, прызналі ўладу вялікага хана Залатой Арды і зрабіліся яго васаламі. Яны мусілі прасіць у яго ярлык на кіраванне сваімі тэрыторыямі.
Заваёўнікі перапісалі ўсё насельніцтва ў гэтых княствах і абклалі яго грашовым падаткам "выхадам" у памеры паловы грыўні з кожнай сахі. Спачатку ў складзе сахі было двое мужчын-аратых, а пазней сахой пачалі называць пэўную колькасць ворнай зямлі, з якой і плацілі "пасошны падатак". Акрамя "выхаду", або "царскай даніны", было і шмат іншых пабораў. Напрыклад, "ям" і "падводы" - удзел у перавозках і паштовай службе, "мыт" і "тамга" - гандлёвыя зборы; "корм" - для прыезджых ардынцаў і г. д.
(Працяг у наступным нумары.)
Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання
"Я родам з Адраджэння, і цяпер усім часам, прасторам я належу"
Кніжныя выставы, песні, танцы і многае іншае, і ўсё гэта - проста ў скверы, пад адкрытым небам, на вачах у соцень мінакоў… Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і да Дня бібліятэк быў прымеркаваны фестываль лідскай кнігі і друку "Зоркі лідскіх небасхілаў", які адбыўся ў мінулую пятніцу каля помніка Фран-цішку Скарыну. Зразумела, што арганізатарам гэтага свята кнігі выступіла Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы - галоўны лідскі дом кніг.
Яшчэ перад пачаткам мерапрыемства ля помніка беларускаму першадрукару гучала сярэднявечная музыка ў выкананні гурта "Скудрынка" - музыканты як бы заклікалі мінакоў не праходзіць міма, спыніцца, папрысутнічаць на свяце, пранікнуцца духам даўніны. А яшчэ - ушанаваць памяць беларускага асветніка, які пяць стагоддзяў назад выданнем друкаваных кніг Бібліі паспрыяў увядзенню Беларусі ў "сям'ю" перадавых еўрапейскіх краін.
Нягледзячы на хмарнае, ветранае надвор'е, людзей на фестываль пад адкрытым небам сабралася шмат. Прыемна адзначыць, што вялікую частку прысутных складалі школьнікі, навучэнцы, - значыць, памяць пра Скарыну і яго справу жыве і ў малодшых пакаленнях сучаснікаў.
Са святам прысутных, у першую чаргу работнікаў бібліятэк і тых, хто мае дачыненне да друкарскай і выдавецкай справы, павіншаваў намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк. Гаворачы пра Францішка Скарыну, Віктар Францавіч адзначыў, што на працягу стагоддзяў асоба першадрукара з'яўляецца пуцяводнай зоркай для беларусаў, у тым ліку для лідзян, а заклік, высечаны на помніку Скарыну ў Лідзе: "Бярыце і чытайце" - важны для маладога пакалення лідзян.
Аб вялікім выхаваўчым значэнні Бібліі і ўвогуле кніг гаварылі прадстаўнікі праваслаўнага і каталіцкага духавенства - сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель і ксёндз Фарнага касцёла Узвіжання Святога Крыжа Віталь Сідорка. З гісторыяй друкарскай справы на Лідчыне і з днём сённяшнім мясцовага кнігадрукавання азнаёміў прысутных дырэктар Лідскай друкарні Мікалай Пякарскі. У ролі Францішка Скарыны выступіў мастак-пастаноўшчык і акцёр народнага драматычнага тэатра Палаца культуры горада Ліды, сябар Лідскай гарадской рады ТБМ Алег Лазоўскі. Падчас выступаў неаднаразова згадваўся і важкі ўнёсак у культуру Лідчыны газеты "Наша слова", часопіса "Лідскі летапісец", альманаха "Ад лідскіх муроў".
Былі ў праграме фестывалю выступленне мясцовых рыцараў, сярэднявечы танец, патрыятычныя песні (апошнія - у выкананні салістаў Лідскага эстраднага аркестра). Верш пра беларускую мову зачытала перад публікай лідская паэтэса Ганна Рэлікоўская. Наведалі фестываль і Міхась Скобла ды Таццяна Грыневіч-Матафонава з Менска.
Госці мерапрыемства мелі магчымасць азнаёміцца з імправізаванымі выставамі кніг і іншай друкаванай прадукцыі, прыняць удзел у майстар-класе па пісьме пер'евай ручкай (у апошнім асабліва актыўна ўдзельнічалі дзеці; свой аўтограф забытай пер'евай ручкай пакінуў і галоўны герой урачыстасці - Францішак Скарына, ролю якога, як ужо адзначалася, бліскуча сыграў Алег Лазоўскі).
Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.
Алена Скінадар з Іваноўскіх
Леанід Лаўрэш
У 1911 г. намаганнямі Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і У. Станкевіч-Луцэвіч (будучая жонка Янкі Купалы) былі створаны некалькі нелегальных беларускіх школ у Лідскім павеце і Нова-Вільні.
Пачалася Першая сусветная вайна.
Немцы занялі Ліду 22 верасня 1915 г.
Першая беларуская школа ў зоне Обер-Ост была адкрыта 13 лістапада 1915 года ў Вільні на Юр'еўскай вуліцы дзякуючы намаганням нашай зямлячкі А. Пашкевіч (Цёткі) і Б. Пачобкі, з удзелам Сабіны Іваноўскай.
Ужо ў лістападзе 1915 г. у мястэчку Васілішкі Лідскага павета беларускую пачатковую школу адчыніла Алена Іваноўская, сястра Вацлава Іваноўскага. Але школа доўгі час не магла распачаць заняткі з-за супрацьдзеяння мясцовага "абыватэльскага" камітэта ў якім панавалі польскія абшарнікі .
Вось што вядома пра Алену (Гелену) Скіндар з Іваноўскіх (1885(6) - 1973).
Дачка Леанарда і Ядвігі (з фон Райхеляў) Іваноўскіх выхоўвалася ў Варшаве, у дзяцінстве часта бывала ў фальварку Іваноўскіх Лябёдка на Лідчыне.
Каля 1905 г. Алена Іваноўская прыехала на навучанне ў каледж Нью Нам Кембрыджскага ўніверсітэта. Там з яе ўдзелам склаўся гурток студэнтаў пераважна з англійскай арыстакратыі, якую даследчык Гай Пікарда назваў "Кембрыджская хеўра". У ёй бралі ўдзел паэт Руперт Брук, біяхімікі Мюрыэл Уэлдэйл, Гуя Онслаў і інш. Удзельнікі суполкі сур'ёзна цікавіліся беларускім фальклорам, сяброўка Руперта Брука Кэтрын Кокс у 1912 г. некалькі месяцаў правяла ў Лябёдцы.
Алена пісала гаспадарчыя парады для земляробаў па-беларуску, а ў 1914 г., карыстаючыся са сваіх знаёмстваў, завязаных падчас вучобы ў Кембрыджы, змясціла ў лонданскім часопісе "Folk-Lore" тэксты пятнаццаці беларускіх песень з нотамі, запісаных у ваколіцы Лябёдкі. Публікацыя суправаджалася вялікім уступам, дзе брытанскіх чытачоў знаёмілі з Беларуссю і яе праблемамі. Упершыню ў ангельскай тэрміналогіі пры гэтым быў выкарыстаны тэрмін "WhiteRuthenia" замест " WhiteRussia". Новы назоў дапаўняўся знамянальным тлумачэннем: "No White Ruthenian wold ever allow him self to by called by a name would imply tha the was Russian". ( "Ніводзін беларус ніколі не дазволіць называць сябе імем, якое значыць, што ён - расеец" - анг.) .
З пачаткам Першай сусветнай вайны Кембрыджская суполка перастала існаваць. Алена Іваноўская з'ехала на радзіму і ў 1915 г. патрапіла пад нямецкую акупацыю .
Пра важную асобу ў нашай гісторыі - Алену Іваноўскую - вядома не шмат, покуль я знайшоў толькі два ўзгадванні пра яе ў 1920-30-я гг. у мемуарах лідскіх абшарнікаў.
Сын архітэктара Тадэвуша Раствароўскага Андрэй пісаў: "Яшчэ бліжэй да Васілішак была Лябёдка пані Скіндар з Іваноўскіх - вялікай спартсменкі, якая гадавала прыгожых коней чыстай крыві. Яе муж, так званы "Казюньця" дапамагаў ёй у гадоўлі коней і сабак-хартоў, а таксама ўгаворваў яе супакоіць запал наезніцы, бо яна шмат разоў падала з каня" .
Трохі больш, але пра тое ж напісаў уладальнік Малога Мажэйкава Андрэй Брахоцкі. У толькі што здабытым мною ў Бібліятэцы Асалінскіх рукапісе яго ўспамінаў чытаем "Недалёка ад Касцянёва быў маёнтак Лябёдка пана Іваноўскага, які ў свой час ажаніўся з паннай Рэйхель. Уладальніка Лябёдкі называлі "генералам" бо ён калісьці служыў у Пецярбургу і меў чын "тайного советника", быў дырэктарам дэпартамента гандлю і прамысловасці, што ў той час лічылася вельмі высокай пасадай у іерархіі царскага чынавенства ў Пецярбургу. Купіў ці быў дзедзічам Лябёдкі, маёнтка ў чатырыста гектараў, якія асушыў, пабудаваў новыя добрыя будынкі і завёў чатыры тысячы пладовых дрэў. Меў чатырох сыноў і адну дачку. Два сыны лічылі сябе палякамі, адзін быў беларусам, а адзін - летувісам. Дачка выхоўвалася ў Англіі ... і мела вялікую сімпатыю да гэтай дзяржавы. Тая сімпатыя выражалася ў тым, што яна ўсё жыццё падтрымлівала стасункі з сябрамі з Англіі, гадавала коней і сабак - спачатку англійскіх гончых, а потым хартоў. Аднак яе галоўным захапленнем былі коні. Яны лічыла, што конь мае душу, спрабавала прышчапіць англійскія звычаі на беларускую тэрыторыю, нават арганізоўвала паляванне з гончымі і хартамі ў чырвоных фраках, што ў нашых варунках неяк не вельмі пасавала да ліцвінскага пейзажу і таму не надта і атрымлівалася, а мясцовым сялянам выразна не спадабалася. Ездзіла конна, нават да шлюбу паехала конна з сваім нарачоным панам Казімірам Скіндарам. Нарэшце на скачках у Лодзі ўпала разам з канём, конь яе прыдушыў, і яна доўгі час змагалася за жыццё ў шпіталі. Гэты выпадак не ахаладзіў яе захапленне коньмі, хоць і перастала выступаць на спаборніцтвах і больш не спрабавала арганізоўваць паляванне на лісаў. У цяжкія пасляваенныя гады (маецца на ўвазе Першая сусветная вайна - Л. Л.) колькасць коней значна паменшылася, але хартоў была поўная хата, і калі я прыязджаў у Лябёдку, дык яны панавалі ў салоне, займалі лепшыя фатэлі і рыкалі на таго, хто хацеў іх з фатэля сагнаць".
Брахоцкі не ведае, спадчынным ці купленым маёнткам была для Іваноўскіх Лябёдка, таму ўдакладню, што яшчэ ў 1910 г. "Кур'ер Літоўскі" пісаў, што "Лябёдка 400 гадоў знаходзіцца ў руках Іваноўскіх ...".
У канцы 1930-х гг. гэты маёнтак як раз і быў запісаны на Алену Скіндар з Іваноўскіх. Да 1939 г. яна займалася любімай справай - конегадоўляй. Супрацоўнічала з земляробчым беларускім часопісам "Саха", пісала гаспадарчыя парады для земляробаў-беларусаў. З прыходам савецкай улады выехала з Лябёдкі ў Вільню, адкуль у 1944 г. перабралася ў Варшаву, і далей працавала перакладчыцай для місіі англійскіх квакераў.
Фінансаванне і прасоўванне зялёнай эканомікі: семінар у Гародні
Навіны Германіі
29-30 жніўня Берлінская школа сацыяльных інавацый "Усходняе партнёрства" і АДБ Брусель арганізавалі ў Гародні інтэнсіў па зялёнай эканоміцы і сацыяльных інавацыях. На мерапрыемстве сабралася больш за 30 удзельнікаў з усёй краіны. Гэта людзі, якія працуюць у кірунку развіцця зялёнай эканомікі ў Беларусі: стварэнне і размнажэнне біягумусу, папулярызацыя Эм-прэпаратаў (якія ўтрымоўваюць эфектыўныя мікраарганізмы), аднаўленне глебавых урадлівых земляў, стварэнне ў краіне першага ландшафтнага парку, журналісты зялёнага партала.
Удзельнікі і ўдзельніцы, эксперты семінару сустрэліся ў памяшканні Гарадзенскага філіяла Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі. Затым выступы беларускіх і нямецкіх экспертаў праходзіла на агроусадьбе "Хатні агмень" за 10 км ад Гародні (в. Жуковічы). Сяргей Мядзведзеў, кіраўнік Берлінскай школы сацыяльных інавацый распавёў удзельнікам семінару пра дзейнасць сваёй арганізацыі і запрасіў падаць заяўкі на ўдзел у прад-акселератары Soin і Восеньскай школе ў Германіі (Дортмунд-Берлін).
Выступы экспертаў пачаў Сяргей Тарасюк, дырэктар міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый. Больш за 10 гадоў ён займаецца праграмамі рэгіянальнага развіцця, цесна супрацоўнічаючы з Германіяй і еўрапейскімі інстытутамі. Апошнія некалькі гадоў фонд сканцэнтраваў працу ў некалькіх пунктах, адна з іх - Гомельская вобласць.
- Мы спрабуем з мясцовымі партнёрамі працаваць на працягу працяглага часу, мінаючы ўзлёты і падзенні. Гэта дазваляе зразумець: а што менавіта адбываецца, бо любы добры праект заўсёды сканчаецца не адным, а некалькімі праектамі, і ў гэтым складаецца развіццё.
Цяпер з фондам узаемадзейнічае пяць раёнаў Гомельскай вобласці. На працягу апошніх трох гадоў пяць раёнаў, зыходзячы з досведу працы пры садзейнічанні фонду, маюць зносіны разам. Сітуацыя ў гэтых раёнах стандартная - эканоміка слабая, адток насельніцтва, утрыманства, рост сацыяльнай нагрузкі на бюджэт, абвастрэнне экалагічных выклікаў, абмежаванне мясцовых рэсурсаў на развіццё.
Сяргей Тарасюк падзяліўся з удзельнікамі семінару паспяховымі кейсамі. Ён распавёў пра тое, што з чэрвеня 2014 гады на тэрыторыях Брагінскага і Краснапольскага раёнаў рэалізуецца міжрэгіянальны праект "Зялёная эканоміка саду для адраджэння вёскі (дрэвы супраць беднаты і дэградацыі зямлі)". Асноўнай мэтай праекту з'яўляецца ўкараненне падыходаў зялёнай эканомікі для паляпшэння дабрабыту малазабяспечаных сем'яў двух раёнаў Беларусі, пацярпелых пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Эканамічная мадэль складаецца ў тым, што пры сельскай школе заклалі гадавальнік, які прадае высадкі. Размеркаванне прыбыткаў выглядае так: 15% грошай сыходзіць на запатрабаванні школ, 55 - на падтрыманне бізнэс-патэнцыялу цэнтра, 20% - на высадкі, якія адпраўляюць у шматдзетныя і цяжкія сем'і (калі яны садзяць дрэвы самі, то ставяцца да іх добрасумленна за кошт чаго дасягаецца сацыяльны эфект) 25% - падтрымка мясцовых праектаў. Укладзена ў праграму каля 50 000$, працэс ідзе, і сёння механізм ужо распаўсюджваецца на іншыя раёны.
Першы старшыня Гарадзенскага абласнога аб'яднання "Клуб прадпрымальнікаў" і каардынатар Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі па Гарадзенскай вобласці Франц Мамуль распавёў удзельнікам і ўдзельніцам семінара пра развіццё зялёнай эканомікі ў сябе ў рэгіёне.
- Сёння праграма падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі працуе ў сацыяльным кірунку і кірунку ўстойлівага развіцця. Даводзіцца займацца пытаннямі падрыхтоўкі заявак на фінансаванне, удзельнічаць у конкурсах, падаваць грамадзянам і грамадскім фармаванням падтрымку. Мэта ў рамках устойлівага развіцця - навучыць людзей думаць прагматычна і ведаць, што толькі ад іх асабістай пазіцыі залежыць іх далейшая будучыня. Людзі прывыклі ісці на створаныя дзяржавай працоўныя месцы, але асноўная задача праграмы - навучыць думаць, каб яны разумелі: трэба нарадзіць ідэю, стварыць працоўнае месца сабе і суседу. Дзякуючы працы шматлікіх фондаў, ПРАААН, Еўразія, усе праекты ЕС, праграмы падтрымкі ў многіх выпадках ўдалося пераналадзіць людзей.
Гэтыя словы пацвярджаюцца і на семінары, дзе сабраліся прадстаўнікі розных рэгіёнаў, каб паслухаць, улавіць і навучыцца рэалізоўваць сваю ідэю, напоўніць яе яшчэ большым зместам. У Гарадзенскай вобласці актыўна ствараецца рэгіянальная партнёрская сетка ўстойлівага развіцця. Ужо падпісана дамоўленасць паміж 20 удзельнікамі сеткі, у будучыні будзе павінна дарасці да 50 - у рэгіёне шмат НДА, адкрываюцца новыя грамадскія фармаванні.
- Зялёная эканоміка з'яўляецца залежным кампанентам прыродны асяроддзі. - разважае Франц Мамуль. - У межах гэтага асяроддзя яна існуе і з'яўляецца яе часткай. Каб перавесці эканоміку на зялёныя рэйкі, важна працаваць у розных кірунках. У цэлым па Беларусі каля 2 000 фермераў, у Гарадзенскай вобласці каля двухсот. Сялянска-фермерскія гаспадаркі - гэта звяно, якое можа выцягнуць сельскую мясцовасць, гэта магчымасць ствараць працоўныя месцы. Арганічная сельская гаспадарка развіваецца актыўна ў супрацоўніцтве Гарадзенскай і Менскай абласцей. Прадэклараваць і атрымаць сертыфікацыю зямлі не складана, і працэс афармлення дакументаў доўжыцца тры гады. Але складаней вырабляць прадукцыю ўвесь час і забяспечыць сапраўды арганічную сельскую гаспадарку: адсутнасць ужывання пестыцыдаў, не выкарыстоўваць мінеральныя ўгнаенні, забяспечыць паразуменне з прыродай.
Віктар Велясніцкі, дырэктар Цэнтра сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна, заснавальнік прадпрыемства "Сельская Столинщина" падзяліўся сваім досведам працы ў гэтым кірунку. Таксама Віктар з'яўляецца дырэктарам некамерцыйнай арганізацыі "Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна", якой ужо 11 гадоў. Асноўная місія арганізацыі - дапамагаць жыхарам у рэалізацыі ініцыятыў і чырвонай ніткай праходзіць менавіта дапамога і падтрымка агароднікаў. Штогод у гэтым раёне рэалізуецца гародніны на 50 млн даляраў, але лічба гэта не трапляе ў статыстыку па раёне, бо гаворка ідзе пра фізічныя асобы.
- Пасля плёнкі, распавядае Віктар, - мы падключылі насенне і ўгнаенні. Пачыналі ў 2011 годзе ў мінусе, потым выйшлі ў нуль, толькі з 2015 года пачалі атрымліваць прыбытак, а ўсю дзейнасць субсідуе продаж новай плёнкі. Прыбыткі інвеставалі ў гадоўлю пяці гектараў буінаў. Сёлета ўжо сабралі ўраджай, так што ў наступным годзе плануем рэалізацыю буінаў.
Замежным госцем семінару быў эксперт з Германіі Крысціян Хейман. Ён фермер і чалец сеткі салідарнай сельскай гаспадаркі SOLAWI. Крысціян распавёў пра ферму Speisegut, якая знаходзіцца пад Берлінам. Кліенты могуць аформіць удзел у прадпрыемстве і за адпаведую плату кожны месяц, раз у тыдзень, атрымліваць кошык фермерскай арганічнай гародніны і зелені. Акрамя абавязковых унёскаў кожны ўдзельнік фермы павінен 1-3 разы ў год абавязкова браць удзел у доглядзе ўраджаю.
У другі дзень семінару Іван Вядзенін, крэатыўны дырэктар краўдплатформы talaka.by, правёў з удзельнікамі воркшоп па тэме Business-model-canvas: як раскласці свой праект ад ідэі да бізнэс-канцэпцыі. Каардынатар праграм АДБ Брусель Беларусі Максім Падбярозкін дапамог удзельнікам вызначыцца з фінансавымі прыладамі сацыяльнага развіцця прадпрыемстваў. У заключэнні другога дня ўсе абмяняліся кантактамі ў надзеі на будучае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва па развіцці зялёнай эканомікі і сацыяльнага прадпрымальніцтва ў сваіх рэгіёнах.
Тэкст і фота: Валера Мікалайчык. АДБ Брусель.