НАША СЛОВА № 39 (1346), 27 верасня 2017 г.
26 верасня - Еўрапейскі дзень моў
Цёплыя вечары... ... ды халодныя ранкі
Трэба сказаць, што ўсе мерапрыемствы традыцыйнай культуры, што ладзяцца ў нас на Лідчыне, праходзяць вельмі душэўна і шчыра. Не выключэнне і адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі…", які прайшоў у мінулыя выхадныя ў філіяле "Мажэйкаўскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
Земавіт Фядэцкі нарадзіўся 22 жніўня ў 1923 у маёнтку Лебяда, непадалёк Мажэйкава. У цяжкія часіны вайны жыў у вёсцы Феліксава, у сям'і свайго сябра Ўладзіміра Мальца. Ён працаваў з ім у полі, дапамагаў будаваць новую хату, хадзіў на вячоркі, на вяселлі, на талокі, на хрысціны і на хаўтуры, дужаўся з хлопцамі на ігрышчах, танцаваў з паненкамі на вечарынах, а потым запісваў у сшытак песні феліксаўскіх сялян, не ведаючы, ці будзе з гэтага запісу нейкі спажытак і ці здолее ў будучым надрукаваць свой зборнік.
Зборнік гэтых песень пад назвай "Цёплыя вечары …..ды халодныя ранкі, czyli co spiewano w Fieliksowie" выйшаў 1992 годзе і дайшоў да Новай Зеландыі, а ў Італіі яго назвалі "Песні Атлантыды". Рэпертуар удзельнікаў самы разнастайны:вясельныя, зажыначныя, дажыначныя, вялікодныя, калядныя. Удзельнікі дарослай катэгорыі выконвалі песні са сборніка Земавіта Фядэцкага, а вось носьбіты выконвалі песні, якія спявалі ў маладосці і пачутыя яшчэ ад сваіх матуль і бабуль. Сталі пераможцамі ў сваёй катэгорыі носьбіты самага шаноўнага ўзросту: Яніна Браніславаўна Буткевіч (87 год) з вёскі Бялевічы - лаўрэат III ступені, Яніна Іванаўна Руцкая з аграгарадка Крупава (89 год) - лаўрэт II ступені, Станіслава Іванаўна Грабліс з аграгарадка Дзітва (78 год) - лаўрэат I ступені, а таксама лаўрэтам I ступені стаў фальклорны гурт "Вавярэск" з Ваверскага Дома культуры.
У дарослай катэгорыі лаўрэатам III ступені сталі гаспадары - ансамбль бытавых інструментаў "Каханачка" з Мажэйкава, лаўрэатам II ступені - фальклорны гурт "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, лаўрэатам I ступені стала Алеся Ярунічава з агргарадка Ёдкі, Алеся яшчэ атрымала і прыз глядацкіх сімпатый.
Пранікнёна выканалі пралог да фестывалю акцёры народнага тэатра "Бераг" з Мінойтаў. І не менш бліскуча вялі фестываль акторка Лідскага народнага тэатра Тамара Зенюкевіч і кіраўнік гурта "Гудскі гармонік" Андрэй Колышка.
Трэба адзначыць, што ні адзін мастацкі калектыў, хто выконвае народныя песні ў апрацоўцы ці пад сучасны акампанемент на фестываль дапушчаны не быў.
Напрыканцы хочацца сказаць, што ў прадмове да зборніка песень Земавіт Фядэцкі пісаў: "Я і сам буду заглядваць у свой зборнік, услухоўвацца ў словы і ноты, каб яшчэ раз убачыць Беларусь, каторую я пакахаў з маленства, гэтую цудоўную старонку, сумную і вясёлую, што грае і пяе быццам яе нехта гукамі апырскаў".
Трэба дадаць і наступнае: Земавіт Фядэцкі памёр 8 студзеня 2009 года, а ўжо ўсяго праз 8 гадоў, сёлета ў 2017 годзе быў заснаваны фестываль ягонай памяці. Такое адбываецца з нямногімі вялікімі. (Скажам, першы фестываль памяці У. Высоцкага прайшоў у Беларусі праз 35 гадоў пасля смерці). Для гэтага трэба мець вялікія заслугі або перад мастацтвам ці культурай, або перад народам. Маленькая кніжачка з сабранымі песнямі адной вёскі наўрад бы ці заважыла на такую вялікую заслугу перад культурай. Значыць, тут асноўная заслуга перад народам, перад грамадствам, перад тымі людзьмі, якія тут жылі некалі і жывуць цяпер.
Некалі на ровары маладога паніча Зёмака Фядэцкага навучылася ездзіць моладзь некалькіх навакольных вёсак. І гэта таксама памяталі ўсе, пакуль жылі. Земавіт Фядэцкі хаваў рукапіс гэтых песень амаль 50 гадоў у ваенны час, у час працы ў амбасадзе Польшчы ў Маскве, потым на розных кватэрах у Варшаве, як быццам не было нічога больш каштоўнага, што варта было б схаваць ці вазіць з сабою і праз вайну, і праз паваенную разруху, і праз варшаўскі побыт, такі далёкі ад страчанай, як падавалася, навек Беларусі, у якую ён і прыехаць ужо не спадзяваўся. За ўсім гэтым відна вялікая любоў Земавіта Фядэцкага да радзімы, і ра-дзіма адказала яму такой жа любоўю, як ува ўсіх добрых людзей быць павінна.
Вялікі дзякуй спонсарам мерапрыемства: Дому гандлю, асабіста кіраўніку - Валерыю Генрыхавічу Касяку, лідскаму хлебазаводу - кіраўнік Лявон Лявонавіч Кулік і ЛРСУП "Мажэйкава" - кіраўнік Роўба Пётр Феліксавіч. У куточках фестывальных банераў сціпла прымясціўся лагатып газеты "Наша слова". Гэта значыць, што і газета спрычынілася да падрыхтоўкі фестывалю.
Наш фестываль стаў доказам любові кожнага ўдзельніка да народнай песні, да сваёй маленькай радзімы, да Бацькаўшчыны, доказам таго, што мы пачалі вучыцца памятаць сваіх продкаў і іхнія заслугі перад краінай і народам.
Ганна Некраш , вядучы метадыст ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.
125 гадоў з дня нараджэння Зоські Верас
Зоська ВЕРАС, сапр.: Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік (30 верасня 1892, пас. Мяджыбаж, цяпер Лятычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласць, Украіна - 8 кастрычніка 1991, Вільня; псеўданімы: Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка) - беларуская пісьменніца і грамадскі дзеяч.
Нарадзілася ў сям'і вайскоўца Антона Сівіцкага і Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны.
Пачатковую адукацыю, у тым ліку і музычную, атрымала ад бацькоў, а ў 1904 паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі ў 1908 пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі (па іншых крыніцах - маёнтак Крыштапарова) Сакольскага павета. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гародні (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914).
З 1915 у Менску. Працавала сакратаркай у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярлелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Беларускай сацыялістычнай грамадзе.
У канцы 1918 г. З. Верас пакідае Менск з прычыны хваробы маці і вяртаецца ў маёнтак дзеда - Альхоўнікі. У 1919 г. у Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, яго бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны бальшавікамі ў 1920 г. У 1946 годзе ўжо Антона Шантыра арыштавалі і асудзілі. Ні маці, ні сястра не ведалі, дзе ён знаходзіцца і што з ім. Вярнуўся ў 1956 г.
У 1924-1929 гг. Зоська Верас працавала адміністратарам рэдакцыі газет Беларускай сялянска-рабочай грамады, у іншых беларускіх выданнях...
Вікіпедыя.
80 гадоў Аляксею Каўку
Аляксей Канстанцінавіч КАЎКА (псеўданімы: А. Кастрыца, А. Каваль, К. Лямец, А. Канстанцінаў; 20.09. 1937, в. Равіцкі Бор (цяпер Машчаліна) Чэрвеньскага р-на Менскай вобл.), беларускі літаратуразнаўца, актыўны ўдзельнік руху самвыдату 1970 - першай паловы 1980-х, шмат зрабіў для перасылкі беларускіх альтэрнатыўных тэкстаў на Захад і іх выдання там. Навуковец, выдавец альманаха "Скарыніч".
У 1954 скончыў Менскі бібліятэчны тэхнікум, у 1961 - філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Перад Каўкам паўставалі перспектывы службовай кар'еры ў савецкай сістэме, ён быў уцягнуты ў камсамольскую дзейнасць, у 1959-1963 быў нават першым сакратаром Чэрвеньскага райкама ЛКСМБ; далей працаваў у апараце ЦК ВЛКСМ, дзе быў "куратарам" польскага камсамолу. У 1971 скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС, тады ж стаў кандыдатам гістарычных навук.
На працягу 1971-1979 гг. Каўка працаваў у Інтстытуце эканомікі сусветнай сістэмы сацыялізму, дзе спецыялізаваўся на польскай праблематыцы, быў загадчыкам аддзела ПНР. Каўку накіроўвалі на дыпламатычную службу - ён працаваў дарадцам пасольства СССР у ПНР (1979-1982). Гэтаму перыяду прысвечаны "Недыпламатычныя нататкі", якія ў 1997 г. пачалі публікавацца ў газеце "Наша Ніва". З 1983 Каўка працаваў у розных акадэмічных інстытутах, у 1987-89 быў галоўным рэдактарам часопіса "Советское славяноведение". З 1989 да цяпершняга часу - галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай літаратуры РАН. У 1991 стаў доктарам філалагічных навук. Мае шмат публікацыяў па гісторыі беларускае літаратуры і культуры, а таксама па гісторыі Польшчы XX стагоддзя. Каўка ўяўляе сабой рэдкі для Беларусі прыклад чалавека, які зрабіў паспяховую кар'еру ў дзяржаўных органах і адначасова праводзіў заканспіраваную беларускую дзейнасць, змог пазбегнуць пры гэтым сур'ёзных рэпрэсій.
Вікіпедыя.
Вышэйшая адукацыя па-беларуску - аснова незалежнасці Беларусі
Пастанова ХІІІ з'езду ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
Праект
Напачатку XX ст. беларусы марылі пра свой універсітэт на роднай мове. БНР у 1918 годзе намагалася яго стварыць, а БССР адкрыла яго ў 1921 г. у Менску і паступова ажыццяўляла выкладанне на беларускай мове. Беларуская мова загучала і ў іншых ВНУ Беларусі, найперш у Горацкай акадэміі.
Аднак ужо ў 30-я гады сталіністы надоўга выкаранілі беларускую мову з нашых ВНУ. Дайшло да таго, што ўжо ў 70-х гадах XX ст. студэнты філфака БДУ, у тым ліку і будучы паэт Алесь Разанаў, змагаліся за тое, каб на іх факультэце выкладанне вялося па-беларуску.
Пасля студзеня 1990 г., калі ў БССР беларуская мова бьша абвешчана дзяржаўнай, нашы ВНУ зноў пачалі ўводзіць выкладанне на беларускай мове. Але рэферэндум 1995 г. гэты працэс надоўга спыніў, і зараз шмат у якіх ВНУ нашай краіны па-беларуску выкладаецца толькі адзін прадмет "Беларуская мова. Прафесійная лексіка." (варыянт - "Беларуская мова. Афіцыйна-справавы стыль."). Курс вядзецца на працягу 36 гадзін, форма кантролю - залік.
XIII з'езд ТБМ лічыць, што з гэтай практыкай татальнай русіфікацыі трэба раз і назаўсёды скончыць.
Мы прапануем з верасня 2018 года ва ўсіх ВНУ нашай краіны ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам адкрыць беларускамоўныя плыні і студэнцкія групы. Запачаткаваць некалькі дзяржаўных і прыватных гуманітарных універсітэтатў, дзе ўсе прадметы і найперш замежныя мовы будуць выкладацца па-беларуску. Такія ВНУ стануць кузняй для падрыхтоўкі беларускіх дыпламатаў, дзяржаўных чыноўнікаў, выкладчыкаў і навукоўцаў - сапраўдных патрыётаў нашай краіны, для якіх беларуская мова будзе мовай штодзённага карыстання на працы, у побыце і асабліва ў сям'і.
29 кастрычніка 2017 г. Мінск.
Беларускія законы павінны быць напісаны і дзейнічаць на дзяржаўнай беларускай мове
Пастанова ХІІІ з'езду ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
Праект
У 1588 г., калі пасля гвалтоўнага стварэння Рэчы Паспалітай Беларусі пагражала паланізацыя, Леў Сапега ў III Статуце ВКЛ абвесціў нашу мову дзяржаўнай, а таксама захаваў на дзяржаўным узроўні наш спрадвечны алфавіт - кірыліцу. Дзякуючы гэтаму да 1696 года ўсе законы і іншыя юрыдычныя дакументы пісаліся і дзейнічалі па-беларуску.
У 1918 годзе дзяржаўначсць нашай мовы спачатку абвесціла БНР, а потым і БССР.
Пачынаючы з 1991 г. беларускі парламент - Вярхоўны Савет - пачаў працаваць на беларускай мове, і значная частка законаў і іншых юрыдычных дакументаў прымалася па-беларуску.
Аднак у 1996 годзе новы заканадаўчы орган Беларусі - Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу - парушыў дзейную Канстытуцыю і вынікі рэферэндуму 1995 г. і перайшоў на рускую мову ў штодзённай працы. У выніку гэтага амаль усё дзейнае заканадаўства зараз існуе толькі ў рускамоўнай версіі, а беларускія суды адмаўляюцца працаваць па-беларуску.
XIII з'езд ТБМ заклікае спыніць гэтую ганебную практыку і адразу ўсе законы прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а беларускія суды павінны працаваць па-беларуску ў выпадку, калі хоць бы адзін бок судовага працэсу гэтага пажадае ў пісьмовай форме.
Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі, усіх беларускіх патрыётаў пісьмова падтрымаць нашую заяву і накіраваць адпаведныя лісты па звычайнай і электроннай пошце ў ПП НС Беларусі.
29 кастрычніка 2017 г. Мінск.
Справаздачна-выбарчы сход Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ
23 верасня ў вёсцы Жукоўшчына Дзятлаўскага раёна прайшоў справаздачна-выбарчы сход Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Па факту то рабіць справаздачу не было каму. Недзе ў лютым памёр старшыня арганізацыі Мікола Грышан, і абавязкі часова выконваў Фёдар Красік, але арганізацыя дзейнічала, прынамсі апошняе свята паэзіі ў Зачэпічах таксама ішло пад эгідай ТБМ. Актыўна працавала Дварэцкая суполка.
Былі праведзены выбары новага кіраўніцтва арганізацыі. Старшынёй Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ абрана Алена Рыгораўна Абрамчык, якая працуе навуковым супрацоўнікам Дзятлаўскага музея. Намеснікам абрана Наталля Ляўкевіч з Дварэцкай сярэдняй школы. Пры неабходнасці іншыя функцыянеры будуць абраны пазней.
Алена Абрамчык абрана дэлегатам на ХІІІ з'езд ТБМ.
На сходзе прысутнічала вялікая дэлегацыя ТБМ з Ліды: старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ Станіслаў Суднік, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ Сяргей Чарняк, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Ганна Мальцава, намеснік старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Сяргей Трафімчык, старшыня Ёдкаўскай суполкі Лідскай арганізацыі ТБМ Валер Мінец.
На сходзе эскізна разгледжаны план будучай дзейнасці Дзятлаўскай раённай арганізацыі. Дасягнута пагадненне аб цесным узаемадзеянні Лідскіх арганізацый і Дзятлаўскай арганізацыі, тым больш, што намеснік старшыні Лідскай арганізацыі ТБМ Сяргей Трафімчык жыве ў Беліцы, на самай мяжы з Дзятлаўскім раёнам.
Такім чынам Дзятлаўская раённая арганізацыя ТБМ прайшла перагрупоўку і працягвае працу.
Наш кар.
У Слуцку прайшла "гадзіна беларускай мовы"
Дзесяць случчан сабраліся 17 верасня разам, каб вывучаць беларускаю мову. Пяць сяброў ТБМ і пяць прыхільнікаў беларушчыны на працягу амаль дзвюх гадзін вывучалі асаблівасці беларускай мовы і практыкаваліся ў размовах па-беларуску.
Аляксандр Туміловіч, былы рэжысёр народнага тэатра імя Галубка, нядаўна стаў сябрам ТБМ, яго можна назваць сапраўдным распаўсюднікам беларускай мовы ў Слуцку.
- Я размаўляю толькі па-беларуску і зацікаўлены ў развіцці роднай мовы, таму з радасцю згадзіўся выкладаць курс беларускай мовы ў рамках ТБМ, - распавёў спадар Аляксандр. - Мяне радуе, што ў Слуцку ёсць людзі, якія падтрымліваюць мову сваіх продкаў. На мой погляд, у краіне паціху адбываецца адраджэнне нашай мовы. Калі раней жыхары горада слухалі мяне як нейкага дзівака, то зараз хваляць за "смачную" беларускую мову і шкадуюць, што не ўмеюць самі размаўляць.
Аляксандр Туміловіч лічыць, што беларускамоўныя лекцыі павінны гучаць для сотняў людзей, а не толькі для сяброў ТБМ.
Аўдыторыя ўважліва выслухала лекцыю Туміловіча пра цвёрдыя зычныя, асіміляцыю гукаў, правілы, звязаныя з напісаннем уласных імёнаў. Слухачы таксама папрактыкаваліся ў правільным вымаўленні беларускіх гукаў, размове па-беларуску на розныя тэмы.
Пенсіянерка Тамара Блінова, бібліятэкар па адукацыі, 28 гадоў пражыла ў Расіі. Яна прыйшла на ўрок, каб папрактыкавацца ў размове.
- Мне вельмі спадабаўся ўрок, - гаворыць жанчына, - прыемна было паслухаць добрых носьбітаў беларускай мовы і паразмаўляць самой. Абавязкова буду наведваць іншыя ўрокі і цікавыя культурныя беларускамоўныя мерапрыемствы.
У планах слуцкай філіі ТБМ - сустрэчы з гісторыкамі, выкладчыкамі мовы, паэтамі і пісьменнікамі, краязнаўчыя беларускамоўныя экскурсіі, наведанне тэатра імя Янкі Купалы і тэатра Беларускай драматургіі.
Зінаіда Цімошак, "Новы час".
Шаноўныя сябры!!!!
Шмат хто з Вас мабыць чуў, што Іркуцкі маладзёвы клуб "Крывічы" ў канцы вясны 2017 года напаткаў цяжкі лёс. У нас зніклі апошнія фундатары, у нас узнікла вялікая пазыка за арэнду сядзібы і г.д. Але, шаноўнае спадарства, наш актыў не паддаецца цяжкасцям, і мы ўсё лета працавалі, каб выйсці ў "новы сезон" з добрымі напрацоўкамі!
Па-першае, афіцыйна паведамляем, што мы правялі нечарговы сход нашай суполкі і вырашылі ўнесці змены ў наш статут. Гэтыя змены ўжо зацверджаны Міністэрствам юстыцыі РФ у Іркуцкай вобласці і ўлічаны ў падаткавых органах.
Мы пазбавіліся ў на-зове слова "маладзёвы".
Цяпер, мы афіцыйна называемся: Іркуцкае гарадское грамадскае аб'яднанне "Беларускі клуб Крывічы".
Такім чынам мы "пасталелі". Але гэта зусім не азначае, што мы пазбавіліся моладзі. Наадварот, у нас яе стала шчэ болей, але і больш сталага ўросту сябры атрымалі магчымасць адчуваць сябе больш "утульна".
У нас цяпер усё ж такі ёсць свой офіс па адрасе: г. Іркуцк, вул. Свердлава, 40, каб. 307.
Паштовая скрыня: 664038, г. Іркуцк, вул. Рабочага штаба, 30 А, "Беларуская хата", Алегу Рудакову.
Па-другое, мы вырашылі актыўна пачаць "новы сезон" нашай працы на карысць Беларускага руху ў Прыбайкаллі !!!
І першае вялікае мерапрыемтсва мы правялі 16 верасня - Абласныя дажынкі ў вёсцы Тургенеўка Баяндаеўскага раёна Іркуцкай вобласці.
Алег Рудакоў.
Прозвішчы Беларусі
Новая серыя
Павел Сцяцко
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
292. Гіро (Андрэй) - другасная форма, першасная Гіра - семантычны вытвор ад апелятыва гіра `металічны груз пэўнай вагі, які служыць масай вагі пры ўзважванні прадметаў`, 'спартыўная прылада для гімнастычных практыкаванняў у цяжкай атлетыцы', 'павіслы груз, які прыводзіць у рух механізм або з'яўляецца процівагай'. А таксама (рэг.) 'валасы, чуб' (П. Сцяцко. Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны).
293. Главацкая (Вольга) - другасная форма, першасная Галавацкая (гл.). Дзеля адмежавання ад першаснай ці з арыентацыяй на расійскую ці польскую мову.
294. Глінскі (Міхаіл) - вытвор з фармантам -скі ад антрапоніма Гліна / Глінішча (ы) і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселіш-ча': Глінскі.
295. Глобус (Адам) - семантычны вытвор ад апелятыва глобус 'мадэль зямнога шара або нябеснай сферы, умацаваная на вертыкальнай падстаўцы'.
296. Глод (Эдмунд) - семантычны вытвор ад глод (рэг.) эквівалент слова глог 'кустовая або невялікая дрэўная расліна сямейства ружакветных з ядомымі ярка-чырвонымі, аранжавымі і жоўтымі пладамі'.
297. Глухоўская (Кася) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Глухава і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Глухоўская.
298. Глухоўскі (Дзяніс) - вытвор з фармантам -оўскі ад антрапоніма Глухі і значэннем 'нашчадак названай асобы': Глухоўскі. Або як прэстыжная форма да прозвішча Глухі ці ўтварэнне ад тапоніма Глухаўка з фармантам -скі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Глухаў(х)скі - Глухоўскі.
299. Глушакоў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам - оў ад антрапоніма Глушак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Глушакоў. ФП: глушак ('глухі чалавек'), а таксама 'вялікая лясная птушка сямейства цецерукоў' - Глушак (мянушка) - Глушак (прозвішча) - Глушакоў.
300. Глушыцкі (Леў) - вытвор з фармантам -скі/-ыцкі ад тапоніма Глушыкі / Глуша і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Глушыкскі - Глушыцкі, Глушыцкі. ФП: глуш ('густа парослы ўчастак лесу', 'захалусце') - Глуш і Глушыкі (тапонім) - Глушыцкі.
301. Гмырак (Віталь) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) гмыра / гмырак 'чалавек суровага выгляду', 'той, хто жмурыцца, прыжмурвае вочы' (Нас.), 'пануры чалавек', 'вялы, непаваротлівы' (Даль).
302. Гнядзёнак (Аляксандра) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Гняды і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гнядзёнак. ФП: гняды / гнеды (апелятыў з значэннем 'цёмна-рыжы' (пра масць коней) - Гняды (мянушка, потым прозвішча)) - Гнядзёнак.
303. Гняздоўскі (Сцяпан) - вытвор з фармантам -скі / -оўскі ад тапоніма Гнёзды / Гняздоўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Гняздоўскі / Гняздоўскі.
304. Гогалева (Святлана) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Гогаль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гогалева. ФП: гогаль ('вадаплаўная птушка падсямейства качыных', а таксама 'смелы, адважны чалавек' (Нас.), 'франт, валакіта' (Даль)) - Гогаль (мянушка, потым прозвішча) - Гогалева.
305. Голубеў (Валянцін) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Голубь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Голубеў. ФП: голубь (рус.) 'голуб' (птушка) - Голубь (мянушка, потым прозвішча) - Голубеў. Па-белар. Голубаў (губныя гукі-цвёрдыя) ці Галубовіч.
306. Гоман (Варвара) - семантычны вытвор ад апелятыва гоман 'бязладны шум мноства галасоў', 'пра спалучэнне прыродных гукаў', а таксама нульсуфіксавы вытвор ад дзеяслова гаманіць: гоман (іць), 'тое, што і гамана'.
307. Гомарава (Алёна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Гомар / Гамар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гомарава. ФП: гамар ('пра вялікі і цяжкі прадмет' - СНМЗ) - Гамар (мянушка, потым прозвішча) - Гамарава > Гомарава; акцэнтаваная форма (націск на першым складзе) дзеля адмежавання ад апелятыва.
308. Горбат (Юрый) - пераафармленне ў форму назоўніка былога прыметніка-антрапоніма Гарбаты з акцэнтаваннем на першым складзе: Гарбат - Горбат.
309. Горлаў (Юрый) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Горла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Горл-аў. ФП: горла (апелятыў з многімі значэннямі: 'храстковая трубка ў пярэдняй частцы шыі, якая з'яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў', 'поласць па-за ротам (з'еў, глотка і гартань)', 'верхняя звужаная частка пасудзіны', 'вузкі выхад з заліва, вусце (спец)') - Горла (мянушка, потым прозвішча) - Горлаў.
310. Гошын (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Гоша і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гошын. ФП: Георгій (імя <грэч. georgos 'земляроб') - Гоша (народна-гутарк. форма) - Гоша (празванне, потым прозвішча) - Гошын.
311. Грабавіцкі (Зміцер) - вытвор з фармантам -цкі (-скі) ад тапоніма Грабавічы з значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Грабавічскі - Грабавіцкі. ФП: граб ('лісцевае дрэва сямейства бярозавых з рабрыстым ствалом') - Грабавіцкі.
312. Грабцэвіч (Людміла) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Грабец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Грабцэвіч. ФП: грабец ('той, хто грабе, зграбае сена, салому') - Грабец (мянушка, потым прозвішча) - Грабцэвіч.
313. Грабчыкаў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Грабчык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Грабчыкаў. ФП: грабці / грэбці ('збіраць, зграбаць у кучу граблямі, віламі і пад. (звычайна пра сена)', 'капаць, разграбаць', 'працаваць рукамі або вёсламі, плывучы, едучы ў лодцы', (перан.) 'з прагнасцю браць, захопліваць сабе' або грабіць ('сілай забіраць чужое дабро, рабаваць') - Грабко ('той, хто грабе', 'той, хто рабуе') - Грабко (мянушка, потым прозвішча) - Грабчык (вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Грабко і значэннем 'нашчадак названай асобы') - Грабчыкаў. 314. Градзіцкая (Людміла) - вытвор з фармантам -іцкая ад тапоніма Грады і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Градзіцкая. ФП: града ('палоска зямлі, спецыяльна прыгатаваная для гадоўлі агародніны, кветак'; 'ланцуг невысокіх узгоркаў, гор', 'мноства аднастайных прадметаў, размешчаных у адзін рад'; 'паласа лесу') - Грады (тапонім) - Градзіцкая. Або вытвор з фармантам -ская ад антрапоніма Градзік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Градзікская - Градзіцкая. ФП: Градзіслаў (імя славянск., рэдкаўж.) - Градзік (нар.-гут. форма) - Градзік (прозвішча) - Градзіцкая.
315. Граковіч (Лізабета) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Грак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Граковіч. ФП: грак ('пералётная птушка сямейства крумкачовых з чорным блішчастым апярэннем') - Грак (мянушка, потым прозвішча) - Граковіч.
316. Грамадчанка (Таісія) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Грамадка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Грамадч(к/ч)анка. ФП: грамада ('група людзей, натоўп') - грамадка (памянш.-ласк. форма з фармантам -ка) - Грамадка (мянушка, потым прозвішча) - Грамадчанка.
317. Грамовіч (Вольга) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Гром і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Громовіч - Грамовіч. ФП: гром ('грукат, які суправаджае маланку ў час навальніцы`) - Гром (мянушка, потым прозвішча) - Грамовіч.
318. Грамыка (Міхайла) - семантычны дэрыват ад апелятыва грамыка (вытвор з фармантам -ыка ад гром, грымець: грамыка) 'той, хто мае 'грымучы' (гучны) голас'. Параўнай аднамадэльныя хадыка, уладыка ( уладаць).
319. Грачоў (Васіль) - прыметнікавая форма з суфіксам -оў ад антрапоніма Грач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Грачоў. ФП: грач (рус.) 'грак' (птушка) - Грач (мянушка, потым прозвішча) Грачоў.
320. Грудка (Прохар) - семантычны вытвор ад апелятыва грудка - памянш. да груда 'куча зваленых у беспарадку прадметаў, рэчаў', - 'глыба, кавалак чаго-н. цвёрдага, звычайна зямлі'.
321. Грушэцкі (Алег) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Грушкі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча'. ФП: груша (пладовае дрэва) - Груша (прозвішча) - Грушы (тапонім) - Грушэцкі. Або непасрэдна ад тапоніма Грушкі (Грушэк) + скі - Грушэкскі - Грушэцкі.
322. Грыбалёва (Ларыса) - вытвор з фармантам -ёва ад антрапоніма Грыбаль і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Грыбалёва: ФП: грыбаль (апелятыў з значэннем 'грыбнік (аматар збіраць грыбы'), грыбаль) - Грыбаль (мянушка, потым прозвішча) - Грыбалёва.
323. Грыбанава (Алёна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Грыбан і значэннем `нашчадак названай асобы`: Грыбанава. ФП: гры`бан (`губаты, губач`; ад (рэг.) грыбы `губы` (насмешліва - ВСБМ) - Грыбан (мянушка, потым прозвішча)) - Грыбанава.
324. Грыдзюшка (Уладзімір) - вытвор з фармантам -юшка ад Грыдзя і значэннем экспрэсіі ад імя Грыгорый (з мовы грэкаў 'быць пільным') набыў ролю прозвішча.
325. Грыкень (Аляксандр) - форма асваення літоўскага прозвішча Грыкеніс.
326. Грымаць (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва грымаць 'удар кулаком, грымак'.
327. Грынько (Мікола) - народна-гутарковая форма (з фінальным -ко) кананічнага Грыгорый (грэч. 'быць пільным') - Грынько - Грынь, зафіксаваная 1589 г.) набыла ролю прозвішча.
328. Грынявіцкі (Ігнат) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Грынявічы / Грыневічы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Грынявічскі - Грынявіцкі: ФП: Грыгорый (імя, з мовы грэкаў 'быць пільным') - Грынь (народная форма) - Грыневіч (бацькайменне з суф. -евіч) - Грыневіч (прозвішча) - Грыневічы / Грынявічы (тапонім) - Грынявіцкі.
329. Грыцава (Улада) - прыметнікавая форма з фармантам -ава ад антрапоніма Грыц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Грыцава. ФП: Грыгорый (<грэч. 'быць пільным') - Грыц (1597) - Грыцава.
330. Грышкевіч (Сяргей) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Грышка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Грышкевіч. ФП: Грыгорый (імя, з мовы грэкаў 'быць пільным') - Грышко (варыянт імя, з 1556 г.) - Грышко (празванне, потым прозвішча) - Грышкевіч.
331. Грышко (Настасся) - гутарковая форма імя Грыгорый (з мовы грэкаў 'быць пільным') набыла ролю прозвішча (трансфармацыя: Грыша - Грышка - Грышко).
332. Грышук (Анатоль) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Грыша і значэннем 'нашчадак названай асобы': Грыш-ук. ФП: Грыгорый (імя, з мовы грэкаў, з семантыкай 'быць пільным') - Грыша (мянушка, потым прозвішча) - Грышук.
333. Гудач (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва гудач 'той, хто гудзе - шуміць, сварыцца, бурчыць'. Параўн.: іграч 'музыкант', ткач, грабач 'грабец'.
334. Гудачкова (Валянціна) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Гудачок / Гудачко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гудачкова. ФП: гудак (рэг.) 'музыка, скрыпач' (Грынч.) - гудачок (памянш. да гудак, суфікс -ок, чарг. к/ч) - Гудачок (мянушка, потым прозвішча) - Гудачкова.
335. Гудзевіч (Алесь) - вытвор з суфіксам -евіч ад антрапоніма Гуд і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гудзевіч. ФП: гуд (апелятыў з значэннем 'гудзенне', або ад літоўск. gudas 'беларус') - Гуд (мянушка, потым прозвішча) - Гудзевіч. Ад гэтага прозвішча (ў форме множнага ліку) узнікла найменне паселішча Гудзевічы, дзе функцыянуе літаратурна-этнаграфічны музей, створаны Алесем Белакозам.
336. Гумілеўскі (Леў) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Гумілёва і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Гумілёўскі - Гумілеўскі.
337. Гумінскі (Віктар) - 1) вытвор з фармантам -інскі ад тапоніма Гума і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча, мясцовасці': Гумінскі. ФП: гума ('эластычны матэрыял - вынік вулканізацыі каўчуку') - гума (`мясціна, дзе атрымлівалі гуму`) - Гума (тапонім) - Гумінскі. 2) другасная форма, першасная Ігуменскі - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Ігумен (назва Чэрвеня да 1924 г. - БелСЭ, і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Ігуменскі - Гумінскі).
338. Гундар (Марына) - семантычны вытвор ад апелятыва гундар 'нягоднік, гультай'. З ням. Hund `сабака.`
339. Гурбо (Галіна) - акцэнтаваны семантычны вытвор ад апелятыва гурба 'куча снегу, намеценая ветрам', з канцавым -о- для адмежавання ад апелятыва.
340. Гурко (Адам) - размоўная форма ад імя Гурый (<ст.-яўр. 'малады леў') набыла ролю прозвішча. Або трансфармацыя формы Гурок на ўзор браток - братко.
341. Гуртых (Клаўдзія) - форма Р. мн. л. ад антрапоніма Гурт - семантычны вытвор ад апелятыва гурт - 'група людзей, натоўп', 'статак буйной рагатай жывёлы, авечак і пад.'.
342. Гурулёў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -ёў ад антрапоніма Гуруль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гурулёў. ФП: Гурый (імя <ст-яўр. 'малады леў') - Гур і Гуруль (народныя варыянты яго) - Гуруль (празванне, потым прозвішча) - Гурулёў.
343. Гурчанка (Людміла) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Гурка (Гурко) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гурч(к/ч) анка. ФП: Гурый (імя <ст.-яўр. gur 'малады леў') - Гурка / Гурко - Гур-чанка.
344. Г урына (Наталля) - вытвор з фармантам -ына ад антрапоніма Гурый і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Гурына. ФП: Гурый (імя ст.-яўр. 'малады леў') - Гурый (празванне) - Гурый (прозвішча) - Гурына.
345. Гусіч (Дар'я) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Гусь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гусіч. ФП: гусь ('дзікая і свойская вадаплаўная птушка з доўгай шыяй') - Гусь (мянушка, потым прозвішча) - Гусіч.
346. Дабравольскі (Сідар) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Дабраволя і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Дабравольскі.
347. Дабранак (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва дабранак 'вітальна-зычэнневае слова - эквівалент спалучэння "Добры ранак! Добрага ранку!"'.
348. Дабрыдзень (Іна) - семантычны вытвор ад апелятыва дабры-дзень 'вітальнае слова беларусаў "добры дзень"'. Яго падае "Вялікі слоўнік беларускай мовы Ф. Піскунова: "дабрыдзень выкл."(с.252)". А прозвішча такое мае рэдактарка газеты "Гродзенскі ўніверсітэт" (гл. № 7 (445) за чэрвень 2015 года) Іна Мікалаеўна Дабрыдзень.
349. Дабрыніна (Святлана) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Дабрыня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дабрыніна. ФП: дабрыня ('тое, што і дабрата' - 'спагадлівасць, чуласць у адносінах да людзей'; 'раскоша, хараство, любата') - Дабрыня (мянушка, потым прозвішча) - Дабрыніна.
(Працяг у наступным нумары.)
Беларуская мова на Lidbeer
Рэпартаж з лідскага піўнога фестывалю 9 верасня 2017 г. у газеце ад 12 верасня называўся "Свабода, піва, музыка і мова на Lidbeer - 2017", але тады амаль не ўдалося распавесці менавіта пра мову. А мова была ўсюды: у візуальнай і аўдыёпрасторы. Перад святам лідскія ўлады замянілі пано "Ліда турыстычная" на вуліцы Замкавай. Раней тут вісела аналагічнае пано на рускай мове, цяпер яно цалкам беларускамоўнае. Пано там абсталявалася надоўга, мінулае вісела сем гадоў. А што тычыцца кароткачасовых атрыбутаў фестывалю, то іх былі сотні, і ўсе беларускамоўныя. Безумоўна, былі недакладнасці і памылкі. Скажам, надпіс "Скачай мабільны дадатак" павінен быў гучаць "Спампуй мабільны дадатак". Сям-там праскоквалі граматычныя памылкі, але калі курс на беларускамоўнасць захаваецца, то ўсё да наступнага года паправіцца, як, да прыкладу, у рэкламе лідскага піва, запісанай раней для тэлебачання гучыць: "Музыка грамчэй", а ўжо ўсюды на фестывалі стаяла: "Зробім гучна".
У адным з рэпартажаў ці постаў у сацыяльных сетках было зазначана, што дыджэй пад вечар сарваў голас. Але, шаноўнае спадарства, ён сарваў голас цэлы дзень гукаючы і гамонячы па-беларуску. Я не кажу пра ўсіх грамадзян Беларусі, але каб кожны сябар ТБМ хоць сяды-тады зрываў голас, цэлы дзень выступаючы ў падтрымку і абарону беларускай мовы, то сітуацыя ў краіне патроху лепшала б. І вось што мы маем у Лідзе. Падчас агульнанацыянальнай дыктоўкі тут да мовы дакранулася 6 тысяч чалавек. Падчас фестывалю Lidbeer да мовы далучылі 120 тысяч. Падчас фестывалю лідскага друку 15 верасня было каля 500 чалавек. 8 верасня прайшоў яшчэ Фестываль патрыятычнай песні, а 24 верасня - Фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага. Такія тут крокі да Беларусі.
Наш кар.
80 гадоў з дня нараджэння Карла Гутшміта
Навіны Германіі
Карл Гутшміт (ням.: Karl Gutschmidt; 12 верасня 1937, в. Фербелін, Германія - 1 сакавіка 2012) - нямецкі славіст.
Карл Гутшміт нарадзіўся ў горадзе Фербелін. Пасля заканчэння ў 1960 г. Берлінскага ўніверсітэта імя братоў Гумбальтаў ён з 1967 г. доўгі час выкладаў там беларускую філалогію. Тады ж у часопісе "Zeitschrift fur Slavistik" з'явілася і яго першая беларусазнаўчая праца - рэцэнзія на "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы". У гэтым папулярным славістычным выданні Карлам Гутшмітам было апублікавана больш за два дзясяткі рэцэнзій і асобных аглядаў навуковых прац беларускіх лінгвістаў, сярод якіх бібліяграфічны паказальнік "Беларускае мовазнаўства", першыя штогоднікі "Беларуская лінгвістыка", асобныя нумары "Весніка БДУ", акадэмічнае выданне "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы" (т. 2) І.І. Крамко, А.К. Юрэвіч і А.І. Яновіч, "Дыялектны слоўнік" П.У. Сцяцко, "Беларуская фразеалогія" Ф.М. Янкоўскага і інш. Як ніхто іншы ў заходняй Еўропе, Карл Гутшміт імкнуўся шырэй і паўней прадставіць для лінгвістычнай грамадскасці набыткі беларускіх моваведаў. Менавіта дзякуючы яго публікацыям па лексікаграфіі, фразеалогіі, дыялекталогіі, стылістыцы, анамастыцы, гісторыі беларускай мовы і мовазнаўства ў еўрапейскай славістыцы сталі вядомы імёны А.І. Жураўскага, М.А. Жыдовіч, Я.М. Рамановіч, А.Я. Супруна, Л.М. Шакуна, М.Г. Булахава, П.П. Шубы і інш.
У 1976 г. вучоны абараніў доктарскую дысертацыю "Нарысы па гісторыі славянскіх нацыянальных літаратурных моў", у якой знайшлі адлюстраванне і грунтоўныя манаграфічныя даследаванні гісторыкаў беларускай літаратурнай мовы. К. Гутшміт фактычна ўпершыню даследаваў важнейшыя напрамкі развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў параўнанні з рускай, польскай, балгарскай і сербскахарвацкай мовамі. У гэтай працы важнае значэнне надаецца ролі ўкраінскай мовы ў станаўленні слоўнікавага складу беларускай літаратурнай мовы, прасочваюцца шляхі і спосабы пранікнення балтызмаў у беларускую мову. Пры гэтым увага звяртаецца не толькі на час дзеяння гэтых працэсаў, але і аналізуецца выкарыстанне адпаведнай лексікі ў мастацкіх творах пісьменнікаў другой паловы ХІХ - першай трэці ХХ ст. (Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (А. Пашкевіч), Я. Коласа, М. Гарэцкага, З. Бядулі, К. Чорнага і інш.).
Будучы загадчыкам аддзялення славянскіх моў секцыі славістыкі Берлінскага ўніверсітэта, Карл Гутшміт быў у ліку першых арганізатараў міжнародных сустрэч беларускіх, украінскіх і іншых лінгвістаў і філолагаў з тагачасных сацыялістычных краін са сваімі заходнееўрапейскімі калегамі, садзейнічаў іх прадстаўніцтву на міжнародных навуковых канферэнцыях, славістычных кангрэсах. Дарэчы, на большасці Міжнародных з'ездаў славістаў, пачынаючы з Варшаўскага ў 1973 г., ён нязменна выступаў з дакладамі па беларусазнаўчай праблематыцы.
Працуючы над доктарскай дысертацыяй, Карл Гутшміт трымаў у полі зроку не толькі пытанні, звязаныя са станам функцыянавання беларускай літаратурнай мовы ў другой палове ХХ ст. Важнае значэнне ён надаваў праблемам сінхроннага і дыяхроннага даследавання беларускай і іншых усходнеславянскіх моў, аб чым сведчаць такія яго артыкулы, як "Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР", "Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным аспекце", "Балтыйскія даследаванні ў Беларускай ССР" і інш.
Нямецкі славіст быў адным з тых, хто на канферэнцыі летам 1990 г. у Варшаве падтрымаў ідэю аб стварэнні Міжнароднага згуртавання беларусістаў. Як успамінае Адам Мальдзіс, "у выніку кансультацый з вучонымі розных краін было склікана арганізацыйнае пасяджэнне... пасля доўгіх і часта напружаных спрэчак была прынята "Дэкларацыя аб утварэнні Міжнароднага згуртавання беларусістаў" і выбраны яго арганізацыйны камітэт". У спісе тых, хто стаяў ля вытокаў сённяшняй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, ёсць і імя Карла Гутшміта, які на працягу многіх гадоў уваходзіў у склад камітэта МАБ, спрыяў пашырэнню кантактаў паміж філолагамі Беларусі і замежжа.
З распадам СССР, утварэннем суверэннай беларускай дзяржавы, ускладненнем моўнай сітуацыі ў постсацыялістычных краінах паступова сталі мяняцца напрамкі навуковых зацікаўленняў нямецкага славіста. Усё часцей і часцей у яго навуковых публікацыях адчуваецца непрыхаваная трывога за лёс асобных еўрапейскіх моў, у тым ліку і беларускай. Менавіта роздум аб далейшым развіцці ўсходнееўрапейскіх моў стаў стрыжнем зборніка яго навуковых прац "Моўная палітыка і літаратурныя мовы ва Ўсходняй Еўропе ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст.", артыкула "Славянскія мовы ў аб'яднанай Еўропе". У названым артыкуле Карл Гутшміт адзначае, што "беларуская мова - адзіная ў славянскай прасторы, якая ўжываецца як дзяржаўная яшчэ з адной мовай рускай... што выразна сведчыць пра тэндэнцыю ў кірунку да С-мовы, якая абслугоўвае толькі пэўныя сферы камунікацыі". Тым не менш, нягледзячы на англамоўнае еўрапейскае асяроддзе ва ўмовах так званай глабалізацыі, нацыянальныя мовы Еўропы (ў тым ліку і славянскія), на думку лінгвіста, "не павінны абмежавацца роллю другасных моў, таму што мовы з'яўляюцца не толькі сродкамі камунікацыі, але і выканаўцамі сімвалічнай функцыі: "Аналіз посткамуністычнай эпохі сведчыць пра паступовае пераадоленне моўна-ідэалагічнага расколу Еўропы, і ў сённяшняй шматмоўнай Еўропе значна большую ролю, чым дагэтуль, будуць выконваць славянскія мовы". Як лічыць Карл Гутшміт, "вывучэнне і ўжыванне славянскіх моў неабходныя і карысныя як у агульнаеўрапейскім кантэксце, так і ў сувязі з кантактаваннем асобных краін, цэлых рэгіёнаў Еўропы і іх жыхароў".
Падчас працы ў 1991 г. у бібліятэцы Семінара славянскай філалогіі Гамбургскага ўніверсітэта Карл Гутшміт выпадкова знайшоў рукапісную беларускую граматыку (70 старонак вялікага фармату), якую ў 1916 г. напісаў Антон Луцкевіч, калі ў 1915-1916 гг. у Вільні вёў заняткі па беларускай мове з будучымі настаўнікамі беларускіх школ. Напісаная на лацінцы першая частка граматыкі Антона Луцкевіча, як відаць, была створана на два гады раней за вядомую працу Браніслава Тарашкевіча. Адкрыццё К. Гутшміта дазволіла істотна ўдакладніць гісторыю стварэння першых беларускіх вучэбных дапаможнікаў для школ. На вялікі жаль, сам аўтар знаходкі ў апошнія гады жыцця не мог з-за хваробы падрыхтаваць і выдаць працу А. Луцкевіча, аднак ёсць надзея, што ў хуткім часе гэта зможа зрабіць Герман Бідэр, якому Карл Гутшміт перадаў свае рукапісы.
У творчай спадчыне Карла Гутшміта налічваецца некалькі дзясяткаў беларусазнаўчых прац, ёсць і такія, што яшчэ чакаюць свайго даследчыка, які б змог іх увесці ў шырокі навуковы кантэкст. Адной з бліжэйшых задач беларускіх славістаў павінна стаць падрыхтоўка зборніка выбраных даследаванняў нямецкага лінгвіста, які на працягу амаль 45 гадоў нястомна вывучаў розныя аспекты стану і функцыянавання беларускай мовы, імкнуўся аб'ектыўна і па-навуковаму строга ацаніць здабыткі і страты адной з найстаражытнейшых еўрапейскіх моў.
М.Р. Прыгодзіч.
"Маленькі Прынц" прыляцеў у магілёўскі "Космас"
У магілёўскім кінатэатры "Космас" у першыя выходныя верасня прайшлі паказы анімацыйнага фільма "Маленькі прынц". Экранізацыю сусветна вядомага твора ў беларускай агучцы прадставіў магілёўцам праект "Беларускія ўік-энды" пры падтрымцы кампаній "VELCOM" і "АТЛАНТ ТЭЛЕКАМ".
Фільм "Маленькі прынц" ужо паглядзелі больш за 3,5 тысяч чалавек у Менску і Гародні, там нават прыйшлося ладзіць дадатковыя кінапаказы. Гэта анімацыйная стужка не першая, якая была агучана праектам "Беларускія ўікэнды", на родную мову перакладзена ўжо больш за 20 кінахітоў. У 2017 годзе праект падтрымалі кампанія "VELCOM" і яе брэнд "АТЛАНТ ТЭЛЕКАМ", што дало магчымасць узняць яго на новы якасны ўзровень і значна пашырыць глядацкую аўдыторыю. Дзякуючы праекту "Беларускія ўікэнды" і кампаніі "VELCOM" таксама была перавыдадзена кніга "Маленькі прынц" на беларускай мове, наклад якой быў перададзены ў бібліятэкі і навучальныя ўстановы.
Прэм'ера фільма ў Магілёве прайшла пры поўным аншлагу, а гледачы атрымалі магчымасць сустрэцца з заснавальнікамі праекту "Беларускія ўікэнды" і акторамі, што агучвалі кінастужку. У Магілёве планавалася правесці толькі тры кінапрагляды "Маленькага прынца", але цудоўны фільм, ды яшчэ на роднай мове выклікаў такую цікаўнасць, што яго дэманстрацыю працягнулі на тыдзень, а да пракату далучыўся яшчэ адзін кінатэатр - "Радзіма".
Алесь Сабалеўскі, Магілёў.
"Нашчадкі Францыска Скарыны" ў бiблiятэцы Янкi Купалы
Першая гарадская бібліятэка 14 верасня ў рамках акцыі "Бібліятэчны чацвер па-беларуску" ладзіла свята беларускай кнігі "Жыве ў кнізе душа народа". У гэты дзень супрацоўнікі бібліятэкі імкнуліся як мага шырэй раскрыць фонд дакументаў на беларускай мове. З гэтай нагоды былі аформлены кніжныя выставы разлічаныя на розныя катэгорыі чытачоў: "Промні асветніцтва", "Літаратурны зоркапад юбіляраў", "Вечнасць друкаванага слова", "Зялёны лісток на планеце зямля", "Ведай нашых" і інш.
На працягу дня працаваў міні-музей Янкі Купалы, дэманстравалася падборка відэаролікаў "Мая Беларусь". Для вучняў 6 "В" класа ДУА "Сярэдняя школа № 39 г. Магілёва" была праведзена інфармацыйная гадзіна "Невядомы Скарына".
Фіналам святочнага дня стала літаратурная вечарына "Нашчадкі Францыска Скарыны". Галоўная тэма мерапрыемсва - кніжная спадчына Магілёўшчыны. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі сябры ТБМ імя Францішка Скарыны. Кіраўнік аб`яднання Алег Дзьячкоў зрабіў цікавы агляд кніг аўтараў Магілёўшчыны. Гэтую ж тэму падтрымалі ў сваіх выступленнях даўняя сяброўка бібліятэкі Тамара Аўсянікава і паэт, журналіст, чалавек энцыклапедычных ведаў Эдуард Мядзведскі. Не абышлося ў гэты дзень без падарункаў. Дзякуючы Наталлі Матэвушавай і Алене Асмакоўскай папоўніўся фонд экспанатаў міні-музея Янкі Купалы.
Галіна Жмачынская, Магiлёў.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Паколькі ўсю залатую і срэбную манету ардынцы забіралі, на заваяваных імі славянскіх землях наступіў "безманетны перыяд". У якасці дробных плацёжных адзінак выкарыстоўвалі шкуркі звяроў, шыферныя праселкі, шкляныя пацеркі і старыя манеты. Эканоміка была ў доўгім заняпадзе. Аднак у адносінах да праваслаўнай царквы дзейнічала "Яса Чынгісхана", закон, паводле якога манастыры і святары не плацілі данін і падаткаў, калі маліліся за хана і яго сям'ю.
Пасля Узбека Ардой кіраваў яго сын, вышэйзгаданы Джанібек, якога славянскія летапісы называлі "добрым". Пасля Джанібека на сталец прыйшоў яго сын Бердыбек, якога неўзабаве ў 1359 г. забілі, і дынастыя Батуідаў закончылася. Пасля гэтага ў Залатой Ардзе пачаліся міжусобіцы. З 1359 па 1380 г. на ханскім троне змянілася больш за 25 ханаў, і некаторыя ўлусы імкнуліся стаць незалежнымі. Гэтаму перыяду маскоўскія летапісцы далі назву "Вялікая замятня". У гэтыя часы на палітычнай арэне Залатой Арды з'явіўся цемнік Мамай, які стварыў уласны ўлус у заходняй частцы Арды. Аднак, не будучы нашчадкам Чынгіс-хана, ён не мог стаць вялікім ханам Залатой Арды і таму меў пасаду беклярбека пры тых ханах, якія часта змяняліся на пасадзе ўладара Арды. Арда ўгэты час працягвала развальвацца на асобныя ўлусы, якія варагавалі паміж сабою.
Мамай пачаў персанальную вайну з маскоўскім князем Дзмітрыем і спачатку ў 1378 г. прайграў бітву на рацэ Вожы, а потым у 1380 г. - на Кулікоўскім полі. Пакуль ішоў узброены канфлікт на Захадзе, у Ардзе да ўлады прыйшоў хан Тахтамыш (1380 - 1395). Перад гэтым ён спыніў сепаратныя выступы кіраўнікоў розных улусаў у Ардзе і на рэчцы Калцы, разграміў рэшткі войск Мамая, які іх зноў сабраў пасля Кулікоўскай бітвы. У 1382 г. Тахтамыш захапіў і спаліў Маскву, пасля чаго прымусіў князя Дзмітрыя зноў плаціць даніну Ардзе. Аднак у 1391 г. на Арду напалі войскі Тамерлана, які прыйшоў з Сярэдняй Азіі. У выніку вайны 1391-1396 гг. войскі Тахтамыша былі разбітыя, а паволжскія гарады, у тым ліку і сталіца Арды, былі разбураныя. Потым Тамерлан абрабаваў і гарады Крыма. Пасля гэтага Залатая Арда прыйшла ў заняпад. У першай палове XV ст. яна пачала распадацца на асобныя, незалежныя дзяржавы. У пачатку 1420-х гадоў узнікла Сібірскае ханства, у 1428 г. - Узбекскае ханства, потым - Казанскае (1438 г.), Крымскае (1441 г.) ханствы, Нагайская Арда (1440-я гады) і Казахскае ханства (1465 г.). Галоўнай дзяржавай сярод гэтых новых дзяржаўных утварэнняў лічылася Вялікая Арда. У 1480 г. яе хан Ахмат зрабіў паход на маскоўскага князя Івана III, але мусіў адступіць без бою, а Іван III адмовіўся плаціць яму даніну і пачаў кіраваць з 1480 г. незалежнай дзяржавай - Вялікім Княствам Маскоўскім. У пачатку 1481 г. Ахмата забілі войскі Сібірскага ханства і Нагайскай Арды. У самым пачатку XVI ст. пры дзецях хана Ахмата Залатая Арда канчаткова спыніла сваё існаванне.
2. Узнікненне Масквы. Палітыка маскоўскага князя Івана I (Каліты)
Узнікненне Маскоўскага княства. Першы ярлык на вялікае княжанне ханаў Залатой Арды атрымаў вышэйзгаданы пераяслаўскі князь Аляксандр Неўскі. Пры ім татары накіравалі ў заваяваныя гарады сваіх карнікаў на чале з баскакамі (намеснікамі хана), якія зрабілі перапіс заваяванага насельніцтва і абклалі яго данінай. Потым даніну даручылі збіраць і прывозіць у Арду таму князю, які меў ханскі ярлык. Вядома, кожны князь, збіраючы даніну, не забываўся і пра сябе. Таму за права атрымаць ярлык паміж князямі ішлі вялікія спрэчкі і нават бойкі. У выніку гэтых спрэчак паступова на першае месца выйшлі маскоўскія і цверскія князі, што не раз прыводзіла іх да міжусобных войнаў. Але Масква паступова ў іх перамагала.
Асобнае Маскоўскае княства ўзнікла ў другой палове ХІІІ ст. Першым удзельным маскоўскім князем стаў малодшы сын Аляксандра Неўскага Даніла. Масква мела вельмі выгоднае геаграфічнае становішча, бо стаяла на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў з поўдня на поўнач і з Ноўгарада ў Разань. Перасяленцы з поўдня, якія мусілі ратавацца ад татараў, сяліліся вакол Масквы, бо тут, у лясах, татары іх значна менш турбавалі.
Даволі вялікая рака Масква злучала вярхоўі Волгі і сярэднюю Аку. Па гэтым водным шляху ноўгарадцы везлі сабе з Разанскай зямлі хлеб, воск і мёд, а маскоўскія князі бралі з іх за гэта немалое мыта. Першыя маскоўскія князі Даніла і яго сын Юрый здолелі прыўлашчыць усё цячэнне Масквы-ракі і захапіць у разанскага князя Каломну, а ў смаленскага князя - Мажайск. Таксама князь Даніла атрымаў у спадчыну горад Пераяслаў-Залескі.
Адчуўшы сваю моц, маскоўскі князь Юрый захацеў атрымаць ярлык на вялікае княжанне Ўладзімірскае і пачаў змаганне за яго са сваім сваяком цверскім князем Міхаілам. Скончылася гэта тым, што ў Ардзе забілі абодвух князёў, а ярлык атрымаў сын Міхаіла Аляксандр Цверскі. Маскоўскім князем стаў брат Юрыя Іван з мянушкай Каліта (кашэль). Гады яго ўладарання - 1328-1340. Ён праводзіў праардынскую палітыку, чым моцна спадабаўся вялікаму хану (якому ён заўсёды прывозіў, акрамя даніны, і хабар). З 1328 г. ён здолеў адабраць у Цверы ярлык на вялікае княжанне і практычна стаў адзіным прадстаўніком хана на паняволеных татарамі землях. Дзякуючы яму хан адмяніў сістэму баскакаў і вывеў у Арду карныя татарскія атрады. Усю даніну збіраў і адвозіў у Арду толькі князь Іван. Калі ж мясцовыя ўдзельныя князі былі не ў змозе заплаціць сваю частку даніны, Каліта за гэта забіраў іх землі сабе.
Сабраўшы вялікія грошы, Іван распачаў у Маскве вялікае будаўніцтва. Менавіта ён збудаваў з дубовага бярвення першы Маскоўскі крэмль, а на яго тэрыторыі - пяць мураваных (белакаменных) храмаў, у тым ліку славуты Ўспенскі сабор. Тут быў пахаваны першаіерарх праваслаўнай Русі мітрапаліт Пётр, які з Уладзіміра пераехаў жыць у Маскву, а пазней быў далучаны да ліку святых.
Так Масква зрабілася галоўным рэлігійным цэнтрам паўночна-ўсходніх славянскіх земляў. З прычыны, што татары не бралі даніны з праваслаўнай царквы, яе матэрыяльнае становішча палепшала. У гэтыя часы былі заснаваныя Тройца-Сергіеўскі і Кірыла-Белаазёрскі манастыры. Іншы крамлёўскі сабор, св. Архангела Міхаіла, стаў храмам-пахавальняй маскоўскіх князёў. У ім і пахавалі Івана Каліту.
3. Вялікае Княства Маскоўскае ў другой палове XIV - першай палове XV стст.
Сыны Івана Каліты - Сямён Ганарлівы (1340-1353) і Іван Красны (1353-1359) умацавалі і памножылі бацькоўскую спадчыну. Вакол іх сфармавалася кіроўная маскоўская эліта - удзельныя князі і баяры, а таксама мясцовыя святары. Так, фактычным кіраўніком Масквы ў гады княжання Івана Краснага і яго малагадовага сына Дзмітрыя быў маскоўскі мітрапаліт Алексій, які паходзіў з багатай баярскай сям'і. Ён меў таксама вялікую падтрымку і ў Залатой Ардзе, бо здолеў вылечыць ад цяжкай хваробы вачэй Тайдулу, жонку вялікага хана. Пазней яго таксама пачалі лічыць святым. Другім вядомым Маскоўскім святаром быў манах Сергій, які заснаваў славуты Троіца-Сергіеўскі манастыр непадалёк ад Масквы. Да другой паловы XIV ст. у Маскоўскае княства ўвайшлі новыя ўдзелы: Дзмітрыеўскі, Галіцкі, Угліцкі, землі Ўладзімірскага і часткова Разанскага княстваў.
Варта адзначыць, што сыны Івана Каліты доўга не жылі. Сямён Ганарлівы памёр ад чумы і дзяцей не меў. Яго брат Іван пакінуў толькі двух сыноў і памёр у 31 год. Таму Маскоўскую зямлю не разабралі на ўдзелы сваякі і дзеці вялікіх князёў, што спрыяла яе ўмацаванню. Аднак пасля раптоўнай смерці Івана ярлык на вялікае княжанне атрымалі суздальскія князі.
Але мітрапаліт Алексій і маскоўскія баяры, якія фактычна кіравалі краінай (князь Дзмітрый меў толькі 10 гадоў), здолелі праз два гады вярнуць ярлык, і Масква яго ўжо больш ніколі не губляла...
Стаўшы дарослым, князь Дзмітрый стварыў вялікае войска і ў міжусобных войнах перамог разанскага і цверскага князёў, а потым наважыўся ўпершыню пачаць вайну з татарамі. У гэты час у Ардзе ішло змаганне за ўладу і тыя сілы, якія ваявалі паміж сабою, каб умацавацца пачалі рабіць без дазволу вялікіх ханаў набегі на славянскія землі. У 1377 г. вялікі татарскі атрад разбіў атрады мясцовых князёў на рацэ П'яне і разрабаваў Разань і Ніжні Ноўгарад. Потым прыйшлі войскі аднаго з кіраўнікоў Арды Мамая. Ён спаліў Ніжні Ноўгарад, і ад яго ж пацярпела Разань. Пазней ён пайшоў у маскоўскія землі, але на рацэ Вожы (1378 г.) быў разбіты князем Дзмітрыем. Каб заваяваць Маскву, Мамай сабраў вялікую армію і дамовіўся аб дапамозе з князем ВКЛ Ягайлам і разанскім князем Алегам.
Добра падрыхтаваўся да вайны і маскоўскі князь. 8 верасня 1380 г. каля вусця рэчкі Няпрадвы, дзе яна ўпадае ў Дон, на Кулікоўскім полі адбылася бітва, у якой Мамай быў разбіты і ўцёк з поля бою. Ягайла і разанскі князь на дапамогу Мамаю не прыйшлі, а князю Дзмітрыю дапамаглі беларускія войскі з Полацка ды Бранска і ўкраінскія - з Валыні. У гонар гэтай перамогі князь Дзмітрый атрымаў прозвішча Данскі. Аднак замацаваць гэтую перамогу Масква не змагла. Як ужо згадвалася, у 1382 г. армія хана Тахтамыша захапіла і спаліла Маскву ды іншыя гарады, а Дзмітрый Данскі мусіў зноў плаціць даніну Ардзе і аддаў Тахтамышу ў закладнікі свайго сына Васіля. Варта адзначыць што пасля вялікага пажару 1365 г. князь Дзмітрый збудаваў, замест драўлянага, мураваны Крэмль, пры гэтым павялічыўшы яго памеры. Паколькі муры будавалі з белага каменю, Маскву пачалі на называць "белакаменнай".
Пасля смерці Дзмітрыя вялікім князем стаў яго сын Васіль (1389-1425). Ён здолеў захапіць у суздальскіх князёў важны гапдлёвы цэнтр на Волзе, Ніжні Ноўгарад. У 1408 г. на Маскоўскую дзяржаву раптоўна напаў татарскі мурза (князь) Едыгей, які моцна разрабаваў краіну і аблажыў Маскву. Васіль мусіў заплаціць яму вялікую даніну, і той з трыумфам вярнуўся ў Арду. Значныя тэрыторыі далучыла да сябе і ВКЛ. Васіль маскоўскі ажаніўся з дачкою князя Вітаўта Соф'яй і мусіў прызнаць за мяжу з ВКЛ рэчку Угру, левы прыток Акі. Пасля яго смерці вялікім князем маскоўскім у 10-гадовым узросце стаў яго сын, таксама Васіль (1425-1462). Аднак яго дзядзька Юрый, удзельны князь Галіча, гэтага не прызнаў і пачаў змагацца за ўладу ў Маскве. Пачалася доўгая міжусобная вайна, якая ішла з пераменным поспехам каля 20 гадоў (1430-1450). Падчас вайны князь Васіль часова трапіў у палон, і ворагі пазбавілі яго зроку, за што ён атрымаў мянушку Цёмны (што абазначала "сляпы").
У гэтыя самыя часы ідзе міжусобіца і ў Ардзе, якая распадаецца на асобныя часткі. Так, хан Улу-Махмет стварыў на Волзе сваю дзяржаву - Казанскае ханства - і пачаў рабіць набегі на Маскву. Войскі князя Васіля выйшлі супраць казанскага хана, але ў 1445 г. пад Суздалем 6ылі разбітыя, а сам князь Васіль трапіў у палон. За яго давялося заплаціць вялікі выкуп. Калі Васіль вярнуўся ў Маскву, ён прывёў з Арды шмат татараў, якіх узяў сабе на службу, што выклікала незадавальненне мясцовага насельніцтва.
У часы яго праўлення маскоўскі мітрапаліт грэк Ісідар наведаў Італію і далучыўся да Фларэнтыйскай уніі, падпісанай у 1439 г. паміж Рымскім Папам і Візантыяй. У 1441 г. ён вярнуўся ў Маскву і пачаў прасоўваць ідэю уніі. За гэта яго арыштавалі, але ён уцёк спачатку ў ВКЛ, а потым і ў Італію. Тады маскоўскім мітрапалітам стаў разанскі епіскап Іона, і ў Маскве вырашылі аддзяліцца ад Канстанцінопальскага патрыярха і выбіраць сабе мітрапаліта на сваім саборы з ліку мясцовых святароў.
4. Вызваленне ад улады Залатой Арды. Палітыка князя Івана III.
Іван III пачаў кіраваць Маскоўскай дзяржавай яшчэ пры сваім бацьку, які зрабіў яго суправіцелем, бо сам быў сляпы. З 1462 па 1505 г. ён адзін кіруе Маскоўскай дзяржавай і стварае вялікае войска. Спачатку ён падпарадкоўвае сабе Яраслаўскае і Растоўскае княствы, а потым вырашае заваяваць Ноўгарад і Цвер. Пасля таго як Ноўгарад у 1471 г. заключыў саюз з ВКЛ, Іван распачынае вайну. Спачатку ноўгарадцы былі разбітыя на паўднёвым беразе возера Ільмені, а потым - на рацэ Шэлоні. Кіраўнік ноўгарадскага войска баярын Барэцкі трапіў у палон, а потым быў забіты. ВКЛ не дапамагло Ноўгараду, які, у выніку, здаўся, адмовіўся ад саюза з ВКЛ і заплаціў велізарную даніну.
(Працяг у наступным нумары.)
Квітнела на Случчыне "Папараць-кветка"
(Споўнілася 100 гадоў з пачатку дзейнасці культурна-асветніцкага таварыства "Папараць-кветка")
У нашым краі, што Случчынай завецца, здаўна былі ў пашане беларуская песня, трапнае народнае слова. Яны гучалі ў выкананні харыстаў, казачнікаў на вясковых вечарынах, якія асаблівае распаўсюджанне атрымалі пасля 1905 года. Нездарма беларускі этнограф, фалькларыст, мовазнавец і літаратар Аляксандр Сержпутоўскі на працягу больш, чым трыццаці гадоў запісваў жыццёвыя апавяданні, казкі, байкі менавіта на Случчыне. Ён заўважаў, што скарб захаваны ў думках і сэрцах случакоў, і "крыніцы народных твораў ніколі нельга вычарпаць".
Аднак крыніцы гэтыя "бруіліся" стыхійна, ды і царскія паслугачы сачылі, каб яны не вельмі праяўляліся ў культурным рэчышчы Расійскай імперыі. Калі ж на яе ўскраінах у пачатку ХХ стагоддзя ўзнялася хваля нацыянальна-адраджэнцкага руху, Случчына стала адным з яго асяродкаў у Беларусі. У ліпені 1917 года па ініцыятыве камісара Слуцкага павета пры Часовым расійскім урадзе Радаслава Астроўскага была заснавана Слуцкая агульная земская (беларуская) гімназія. Як пісаў у 1921 годзе палітычны дзеяч, публіцыст і перакладчык Юрка Лістапад, "сам дырэктар гімназіі пан Астроўскі ў той час быў надта шчыры працаўнік на ніве беларушчыны, дзякуючы гэтаму ён і паставіў справу беларускую ў гімназіі на свае ногі".
У такой атмасферы навучэнцы гімназіі Сяргей Бусел і Іван Ракуцька задумалі арганізаваць культурна-асветны гурток "Папараць-кветка". Ніхто з сталых прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі не адгукнуўся на прапанову арганізатараў увайсці ў гурток. Таму ў адзін з вераснёўскіх дзён 1917 года, па словах Ю. Лістапада, "С. Бусел прымусіў вучняў ніжэйшых класаў прыйсці на першы сход, каб выбраць праўленне гуртка. Бальшавікі дазволу на сход не далі, тады гэта куча дзяцей-вучняў рэвалюцыйным парадкам адчыніла сход і выбрала праўленне".
Бальшавікі тут упамянуты таму, што да гэтага часу яны займелі большасць у Слуцкім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які быў утвораны ў сакавіку 1917 года. Дарэчы, Іван Ракуцька, якога выбралі старшынём праўлення, хацеў арганізаваць работу гуртка на камуністычнай аснове, але з гэтым катэгарычна не згадзіўся Сяргей Бусел. З цягам часу сябрамі "Папараць-кветкі" станавіліся не толькі вучні, але і дарослыя людзі, і калі апошніх стала большасць, то ў кастрычніку 1919 года зрабілі перарэгістрацыю гуртка. З гэтага часу сябры гуртка дзяліліся на паўнамоцных (грамадзяне ўзростам не меней сямнаццаці гадоў) і спрыяючых (вучні да сямнаццаці гадоў), якія мелі права дарадчага голасу. У "Папараць-кветку" прымалі толькі тых, за каго паручаліся не менш, чым два паўнамоцныя сябры гуртка.
"Папараць-кветка", як вызначалася яе статутам (рукапісны варыянт захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь), "ёсьць культурна-прасьветны гурток, заданьня якога - працаваць дзеля адраджэньня культуры бацькаўшчыны і падрыхтаваць сваіх сяброў на сьвядомых грамадзян, якіе б у будучыне маглі аддаць сваю моц на карысьць Беларусі. У "Папараць-кветку" могуць паступаць беларусы без розьніцы полу і рэлігіі... Гутарка між сябрамі павінна вясьціся толькі на беларускай мове. Гуртком кіруе праўленьне, выбранае з ліку паўнамоцных сяброў простым, роўным і патаемным галасаваньнем срокам на паўгода. Лік праўленьня ня павінен перавышаць 7 (сямі) сяброў, якое можа перавыбірацца і да пары, калі яно згубіло даверые гуртка... "Папараць-кветка" мае пячатку з надпісямі: "Слуцкі Беларускі Культурна-Прасьветны Гурток "Папараць-кветка". Гурток мае свой нацыянальны штандар".
Статут прадугледжваў, што агульныя сходы сяброў таварыства маглі праводзіцца па заяве не меней чым пяці яго ўдзельнікаў і адзін раз на месяц - для справаздачы праўлення аб праведзенай рабоце. Статут дазваляў таварыству "Папараць-кветка" арганізоўваць беларускія культурна-асветніцкія гурткі на тэрыторыі Слуцкага павета, курсы беларусазнаўства для вывучэння эканамічнага, гістарычнага і культурнага жыцця Беларусі, а таксама - збіраць ахвяраванні і праводзіць "усялякіе ігрышча і лекцыі дзеля павелічэньня свае эканамічнае моцы". Для праверкі дзейнасці таварыства была створана кантрольная камісія, у якую ўвайшлі пяць чалавек.
Наколькі складана было сябрам таварыства выконваць статутныя задачы, можна меркаваць па тым, што з лютага па снежань 1918 года Слуцкі павет акупавалі войскі кайзераўскай Германіі, у жніўні 1919 года - ліпені 1920 года і ў кастрычніку - лістападзе 1920 года на яго тэрыторыі "гаспадарылі" польскія захопнікі. У гэтыя перыяды часта прыходзілася дзейнічаць падпольна, у першую чаргу падтрымліваючы арганізацыйныя сувязі. Органы тагачаснай дзяржаўнай савецкай улады, якія прыходзілі пасля немцаў і палякаў, таксама не вызначаліся добразычлівым стаўленнем да беларускай справы. Нягледзячы на гэта, актывісты таварыства заснавалі ў Слуцку бюро для дапамогі беспрацоўным, удзельнічалі ў правядзенні беларускіх павятовых настаўніцкіх курсаў беларусазнаўства, у сельскіх населеных пунктах павета арганізоўвалі сельскагаспадарчыя і спажывецкія кааператывы, чытальні, філіі-гурткі, беларускія школы.
Таварыства "Папараць-кветка" ў адпаведнасці са статутам магло "выдаваць які-небудзь друкованы орган". З цягам часу такім друкаваным органам стала газета "Наша Каляіна" (галоўны рэдактар Андрэй Бараноўскі), якой былі выдадзены два нумары: № 1 газеты датаваны 27 кастрычніка 1919 года, № 2 - 20 лютага 1920 года. Рукапісы наступных нумароў газеты канфіскавалі польскія ўлады.
Свае ўражанні адносна першага нумара "Нашай Каляіны" красамоўна выказаў класік беларускай літаратуры Янка Купала ў артыкуле "Моладзь ідзе", які быў змешчаны ў газеце "Беларусь" за 15 лістапада 1919 года: "...Сягодня кожны, каму не атуманіла ра-сійская і польская рэакцыя мазгоў, адчуе і разумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваньнем сваёй незалежнай Бацькаўшчыны! Цяпер, браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!..
Але што цікавейшае: перада мной ляжыць беларуская часопісь "Наша Каляіна!. Выдана яна [ў] Слуцку! Слуцак - павятовы гарадок - куды яму, здавалася бы, лезьці ў людзі ды яшчэ з сваёй газэтай! Аднак палез. Беларуская душа, як бачым, - жывучая, творчая, як яе не заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца. Мала таго: гэта часопісь зьяўляецца органам беларускай нацыянальнай злучнасьці "Кветка-Папараці", каторая сваю чыннасьць пашырае на ўвесь Слуцкі павет і нават далей, за яго межы.
Гэта папраўдзе, як у песьні сьпяваецца: "А ў Слуцку на рыначку сталася праява!". Так, сябры, гэта вялікая праява! Адбудаваньне незалежнасьці Беларускай Дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь. Чэсьць і слава табе, беларуская моладзь, паўстаючая з пад беларускай саломенай страхі! Ты сама сваімі рукамі адбудуеш сабе і сваім патомкам лепшую і сьвятлейшую будучыну. На бок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Ўсходу! Беларуская моладзь ідзе!".
Культурна-асветніцкае таварыства "Папараць-кветка" мела тры секцыі: краязнаўчую, літаратурную і драматычна-харавую. Кіраўнік драматычна-харавой секцыі Андрэй Бараноўскі пісаў пазней: "Мяне зацікавіла ідэя беларусізацыі краю і ўтварэння самастойнай Беларускай рэспублікі. З мэтай найлепшага вывучэння беларускай літаратуры... уступіў у таварыства пад назвай "Папараць-кветка"... Сярод яе членаў ідэя самастойнасці Беларусі была надзвычай папулярнай. Адных яна прывяла ў партызанскія атрады і бальшавіцкае падполле ў час белапольскай акупацыі, другіх зрабіла ўдзельнікамі так званага Слуцкага збройнага чыну ў канцы 1920 года".
Агульныя сходы, заняткі гурткоў і секцый, літаратурна-мастацкія вечары, экскурсіі па родным краі, даклады, спеўкі, рэпетыцыі, а потым і спектаклі не толькі ў Слуцку, але і ў сельскіх населеных пунктах павета - вось асноўныя формы работы культурна-асветніцкага таварыства "Папараць-кветка". Пры гэтым сябры таварыства ўсё рабілі выключна на беларускай мове. Спектаклі ставілі толькі па творах беларускіх пісьменнікаў - "Паўлінка" Янкі Купалы, "Хам", "Рысь" Элізы Ажэшкі, "Госць з катаргі", "Бязвінная кроў", "Душагубы" Ўладзіслава Галубка і іншыя. Пастаноўкі спачатку адбываліся ў земскай гімназіі, а потым - у будынку народнага тэатра (цяпер тут знаходзіцца краязнаўчы музей).
Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч ураджэнец Слуцка Язэп Дыла ўспамінаў: "Слуцкая публіка, часта нават не беларуская, ахвотна адгукнулася на пастаноўкі "Папараць-кветкі". Нягледзячы на тое, што яны насілі выразна аматарскі характар, былі слаба апрацаваны з артыстычнага боку, слаба дэкараваны, часта не былі забяспечаны патрэбнай вопраткай - нягледзячы на ўсё гэта тэатр заўсёды быў поўны. Кожны ішоў, бо хацеў пераканацца, што пагарджаная беларуская мова і быт гэтага сярмяжнага народа ўжо не становяць сабою аб'ект насмешкі і пагарды, а маюць у сабе штосьці прывабна-блізкае, прыгожае, адначасова здаровае і моцнае, на што варта паглядзець, над чым варта задумацца".
У адным з нумароў за сакавік 1920 года газета "Беларусь" паведаміла аб прыездзе ў Слуцк беларускага тэатральнага дзеяча, пісьменніка, рэжысёра, акцёра, мастака Ўладзіслава Галубка. Акрамя іншага, ён зацікавіўся станам мастацкай самадзейнасці сярод жыхароў Слуцка і пасля азнаямлення з гэтым адзначыў, што "ў вялікай пашане ў случчан свой тэатр". Яму запомнілася, што 29 лютага 1920 года на спектакль "Праменьчык шчасьця" паводле яго п'есы ў тэатры былі раскуплены ўсе білеты, збор склаў каля 2 500 рублёў. "Тэатр сам па сабе невялікі - дэкорацыі бедные. Пьеса ставілася пасьля 3 рэпэтыцый і, праўду кажучы, прайшла нядрэнна. Пэрсонал тэатральны падбіраецца, але брак (адсутнасць, недахоп. - А.Ж.) жаночых сіл. Між іншым, пры трупе ёсьць хор, арганізатарам каторага зьяўляецца п. Русак. Хор шмат завучыў песень і часта выступае на сцэне. Вялікая заслуга п. Русака ў тым, што ён, жывучы пры Слуцку ў вёсцы (Ячава. - А.Ж.), запісвае там на ноты песьні і штадня прыходзіць у горад кіраваць хорам. Запісаных на ноты песень вялікі лік і гэта для тэатру і музыкі беларускай вялікі скарб", - пісаў Уладзіслаў Галубок. Ён прыязджаў у Слуцк і летам 1920 года, некаторы час працаваў з артыстамі "Папараць-кветкі" ў якасці педагога і рэжысёра. Дарэчы, імя Ўладзіслава Галубка носіць Слуцкі народны тэатр драмы і камедыі, створаны ў 1950 годзе.
Значнай падзеяй у культурным жыцці тагачаснага Слуцка, якую арганізавала "Папараць-кветка", стаў прыезд беларускага хору пад кіраўніцтвам ураджэнца Случчыны Ўладзіміра Тэраўскага. Хор правёў вечар-канцэрт, на наступны дзень даў спектакль, але найбольш запомнілася прыхаджанам яго выступленне ў час абедні ў мясцовым Свята-Мікалаеўскім саборы. Акрамя гэтага ў Слуцку хор правёў для жадаючых адкрытыя ўрокі народных спеваў.
Аўтарытэт "Папараць-кветкі" з цягам часу павялічыўся настолькі, што да яе дзейнасці падключыліся многія прадстаўнікі слуцкай інтэлігенцыі. Летам 1920 года таварыства налічвала ў сваім складзе больш за 300 чалавек. Яго ўдзельнікі з канцэртамі, лекцыямі, спектаклямі былі жаданымі гасцямі ў вёсках і мястэчках Слуцкага павета. З рамана-дакумента Алеся Пашкевіча "Пляц Волі" (2001, Беллітфонд): "Папараць-Кветка" станавілася не толькі арганізацыяй культурна-асветнай, але й амаль напаўпадпольнай, ваярскай. І са Слуцку пачалі перадавацца "па ланцугу" розныя адозвы і пракламацыі, што раніцамі красаваліся па вёсках - на валасных будынках, цэрквах і касцёлах". У ліпені 1920 года польскія акупацыйныя ўлады забаранілі дзейнасць таварыства "Папараць-кветка".
Яго актывістам удалося аднавіць працу праз чатыры месяцы, у лістападзе. Некаторыя з іх прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Беларускага з'езду Случчыны, у Слуцкім збройным чыне. З усталяваннем на Случчыне савецкай улады многія сябры таварыства адышлі ад актыўнай дзейнасці. Бібліятэку "Папараць-кветкі" перадалі аддзелу народнай адукацыі, а грашовыя сродкі - аддзелу мастацтва павятовага рэвалюцыйнага камітэта. У гэты ж аддзел перайшла працаваць амаль у поўным складзе драматычная секцыя. Адначасова з 45 чалавек быў створаны беларускі хор, які неўзабаве стаў папулярным на Случчыне. Паводле Язэпа Дылы, "нават мінчане, што часам бывалі ў Слуцку, адзначалі добрае выкананне песень, казалі, што хор мала чым уступаў тагачаснаму мінскаму хору Тэраўскага".
У пачатку 1922 года, калі прайшлі шматлікія арышты беларускіх нацыянальных дзеячаў, "Папараць-кветка" спыніла сваё існаванне. Удзельнікі культурна-асветніцкага таварыства "Папараць-кветка" нямала зрабілі (нагадаю: у вельмі няпростых умовах акупацыі Случчыны нямецкімі і польскімі войскамі) па арганізацыі беларускіх школ у Слуцкім павеце, падрыхтоўцы для работы ў іх настаўнікаў, распаўсюджванні сярод насельніцтва беларускай літаратуры. Іх намаганні ў канчатковым выніку садзейнічалі развіццю самасвядомасці беларусаў, стварэнню эканамічных і культурных падстаў для незалежнай беларускай дзяржаўнасці.
Савецкая ўлада праз некаторы час па-свойму "ўлічыла" дзейнасць актывістаў "Папараць-кветкі". Напрыклад, Фабіян Шантыр, які дапамагаў наладжваць работу таварыства, у 1920 годзе быў расстраляны; Андрэй Бараноўскі і Юрка Лістапад расстраляны ў 1938 годзе; Сяргей Бусел у 1940 годзе прыгавораны да 15 гадоў папраўчапрацоўных лагераў, Васіль Русак у 1946 годзе - да 10 гадоў лагераў; Алесь Аніхоўскі ў 1931 годзе быў высланы на 5 гадоў з Беларусі, а потым атрымаў 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў; Іван Ракуцька ў 1930 годзе праходзіў па "справе Саюза вызвалення Беларусі"; па гэтай жа "справе" Мікалай Мамчыц быў высланы за межы Беларусі, а ў 1937 годзе прыгавораны да 10 гадоў лагераў; Улас Дубіна ў 1933 годзе высланы за межы Беларусі.
Анатоль Жук , сябар Слуцкай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.
Абласное свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах
У вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна ў суботу, 23 верасня, адбылося першае Гарадзенскае свята беларускай паэзіі, якое арганізавалі Гарадзенскае адддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, ТБМ і Дзятлаўскі райвыканкам. Рэч у тым, што летась у Зачэпічах быў адкрыты мемарыяльны знак, прысвечаны тром паэтам-аднавяскоўцам Петрусю Граніту (Івану Івашэвічу), Васілю Струменю (Аляксандру Лебедзеву) і Гарасіму Праменю (Івану Пышко), якія актыўна друкаваліся ў беларускіх віленскіх выданнях былой Заходняй Беларусі. Менавіта тады было вырашана штогод восенню арганізоўваць і праводзіць у Зачэпічах свята беларускай паэзіі. Прайшоў год і першае Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі завітала ў Зачэпічы. Яно прысвечана памяці паэтаў-землякоў, а таксама 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Свята адкрыў мясцовы грамадскі актывіст і краязнавец Валерый Петрыкевіч, які шмат зрабіў дзеля захавання памяці паэтаў-землякоў. У гэты дзень у Зачэпічах свае творы чыталі паэты і празаікі Міхась Скобла, Сяргей Чыгрын, Станіслаў Суднік, Мікола Канановіч, Янка Трацяк, Віктар Сазонаў і іншыя, гучалі песні на словы нашых паэтаў у выкананні бардаў Зміцера Бартосіка, Уладзіміра Хільмановіча, Сяргея Чарняка. На свята прыехалі творцы з Менска, Гародні і розных раёнаў Гарадзеншчыны. Вершы беларускіх паэтаў чыталі вучні Жукоўшчынскай базавай школы і Дзятлаўскай СШ №3.
У рамках першага Гарадзенскага свята беларускай паэзіі ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна ў суботу 23 верасня адзінай вуліцы ў вёсцы Зачэпічы надалі імя заходнебеларускага паэта Петруся Граніта (Івана Івашэвіча), які быў родам з гэтай вёскі. На хаце, дзе жыў паэт, старшыня Жукоўшчынскага сельскага Савета Валерый Верамейчык прымацаваў памятную шыльду. Цяпер родная вуліца паэта Петруся Граніта стала насіць яго імя. Нагадаем, што свае першыя вершы ў "Беларускай газеце" Пятрусь Граніт апублікаваў 10 лістапада 1933 года. Гэта былі верш "Прывітанне", у якім аўтар шчыра вітаў газету і верш "Мужыцкая восень". У 1934 годзе ў часопісе "Літаратурная старонка" (№1) Пятрусь Граніт публікуе яшчэ адзін свой верш "Каваль":
Гэй, каваль, распальвай горын!
Будзем строіць новы плуг.
З лемяшом сталёвым, новым,
Пасля пойдзем араць луг.
І работа загудзела,
Чуцён стукат малатка.
Іскра з шумам адляцела -
Будзе плуг для мужыка.
Гне жалеза на кавадлі,
Валіць молатам каваль.
Пот цячэ, а ён заядла
Робіць із жалеза сталь…
Плуг гатоў, бяры яго ты,
Ары дзікі наш дзірвон;
І паддай другім ахвоты
Успульхняці свой загон.
З вёскі Зачэпічы свята ў гэты дзень пераехала ў суседнюю вёску Жукоўшчына і працягвалася ў Жукоўшчынскім Доме культуры і сельскай бібліятэцы. Яго шчыра віталі кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама, мясцовыя настаўнікі і бібліятэкары. Свае вершы чыталі паэты Дзятлаўшчыны, а школьнікі радавалі прысутных вершамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Юныя чытальнікі былі ўзнагароджаны кнігамі гарадзенскіх літаратараў з аўтографамі.
Аксана Фок , Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён.
- Kto ty jestes?
- Polak maly!
- Jaki znak twoj?
- Orzel bialy!
(З польскага.)
Маладзёну
(размова)
- Хто ты, мілы?
- Я тутэйшы,
А дакладней, беларус.
- У што верыш?
- У свае сілы,
У лёс лепшы,
У Беларусь.
- Які сцяг твой?
- Бел-чырвона-белы,
I яшчэ дзяржаўны сцяг.
Паважаць буду і смела
Несці праз жыцця прасцяг.
- Ганарыцца кім, чым трэба?
- Татам, мамай і Радзімай,
Нашай любай і адзінай.
Працай слаўнай, чыстым небам,
Тоўстым салам, смачным хлебам.
- А што скажаш ты пра мову?
- Па душы мне яе словы.
Буду ведаць дасканала,
Амаль як Колас і Купала.
- Кім стаць хочаш?
-Умельцам, знаўцам і важатым,
Кіроўцам, сябрам, добрым татам.
I Радзімы абаронцам.
Усім карысным быць пад сонцам.
Мабыць, буду пчаляром,
Як дзядзька мой Мікола,
Бо з пчолкай век мы не памром, -
Паглядзім пасля школы.
- Табе ўжо нямала год,
Ты - сапраўдны патрыёт.
Будзе больш такіх людзей -
Беларусь не прападзе.
Шчасных дзён табе й дарог.
У жыцці - толькі перамог.
Хай ва ўсім спрыяе Бог!
- Дзякуй вялікі!
Г. Шундрык, г. Дзятлава.