Папярэдняя старонка: 2017

№ 40 (1347) 


Дадана: 02-10-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 40 (1347), 4 кастрычніка 2017 г.


XVIII з'езд Партыі БНФ і XV з'езд ГА БНФ "Адраджэньне"

30 верасня ў Менску прайшоў чарговы 18-ты справаздачна-выбарчы з'езд Партыі БНФ і 15-ты з'езд ГА БНФ "Адраджэньне". У ім прынялі ўдзел 163 дэлегаты са 192 абраных.

З вітальным словам да з'езду выступіла першы намеснік старшыні ТБМ, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, было зачытана прывітанне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Са справаздачай выступіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Дэлегаты далі здавальняючую ацэнку працы мінулага складу кіраўніцтва.

На пасаду кіраўніка партыі былі вылучаны 6 кандыдатаў. Гэта Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні партыі, Вольга Дамаскіна з Наваполацка, менскія сябры партыі Васіль Астроўскі, Ілля Дабратвор, Алесь Таўстыка, а таксама Аляксандр Страх з Магілёва. Намеснік старшыні партыі Ігар Лялькоў, які раней заяўляў аб намеры балатавацца, зняў сваю кандыдатуру на карысць Вольгі Дамаскінай.

Старшынём Партыі БНФ быў абраны Рыгор Кастусёў - ён набраў 107 галасоў. Намеснікамі яго абраны Юры Лукашэвіч, Аляксей Янукевіч, Вадзім Саранчукоў, Зміцер Салошкін, Аляксандр Стральцоў. Зала сустрэла такі выбар апладысментамі. За старшыню Наваполацкай раённай арганізацыі Вольгу Дамаскіну прагаласавалі 32 дэлегаты, за прадпрымальніка Ілью Дабратвора - 11, за бізнесмена Васіля Астроўскага - сем, за прадпрымальніка Алеся Талстыку і магілёўскага актывіста Аляксандра Страха - па два.

У выніку таемнага галасавання з 66 вылучаных асобаў быў абраны кіраўнічы орган партыі - Сойм у складзе 51 сябра Сойму (разам са старшынём і намеснікамі старшыні). Была таксама сфармавана рэвізійная камісія ў складзе 5 чалавек, старшынём рэвізійнай камісіі абраны на яе першым паседжанні Алесь Каліта.

З'езд Партыі БНФ, разгледзеў таксама пытанне кандыдата ў прэзідэнты ад партыі на выбарах-2020. Удзельнікі прынялі рашэнне, што на дадзеным этапе ад партыі будзе вылучаны не адзін, а некалькі кандыдатаў, якія ў будучыні вырашаць, хто з іх найбольш годны.

Былі вылучаны шэсць кандыдатур. Рыгор Кастусёў, Вольга Дамаскіна, Алесь Стральцоў, Васіль Астроўскі ўзялі самаадвод. У выніку засталіся толькі два прэтэндэнты: былы старшыня партыі Аляксей Янукевіч і юрыст з ЗША Юрась Зянковіч.

Менавіта за іх галасавалі ўдзельнікі з'езду. За Янукевіча прагаласавалі 110 дэлегатаў (ён абраны кандыдатам №1), за Зянковіча - 76 (кандыдат №2).

Аляксею Янукевічу 41 год, ён жыве ў Менску. Юрасю Зянковічу праз месяц будзе 40, ён пераважна цяпер жыве ў ЗША (паміж Нью-Ёркам і Каларада).

З'езд прыняў шэраг заяваў "Аб святкаванні 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі", "Падтрымка беларускай мовы, адукацыі і культуры - гарантыя ўстойлівасці беларускай дзяржаўнасці", "Будучыня краіны - Міжмор'е!", "Саюз з Крамлём - камень на шыі беларускай дзяржаўнасці", "Нюрнберг над камунізмам - ніколі не позна!"

З'езд ГА БНФ "Адраджэньне" зацвердзіў кіраўніцтва аб'яднання ў тым жа складзе, што і для Партыі БНФ.

Паводле СМІ.

1 кастрычніка ў Беларусі адзначылі Дзень настаўніка

У першую нядзелю кастрычніка - у Беларусі адзначаюць Дзень настаўніка. У нашай краіне гэта свята для 116-ці тысяч педагогаў. Калі ж палічыць усіх занятых у сферы адукацыі, атрымаецца ледзь не кожны дзясяты беларус.

На адукацыю ў 2017 годзе бюджэт заклаў 808 млн рублёў, а на суды і міліцыю - амаль у два з паловай разы болей. Але беларускія настаўнікі самааддана выконваюць свае высакародныя абавязкі, рыхтуюць новых грамадзян незалежнай Беларусі.

А таму ў сувязі з гэтым святочным днём хочацца пажадаць нашым настаўнікам большай да іхніх праблемаў увагі як з боку дзяржавы, так і з боку грамадства.

Беларускае настаўніцтва 100 гадоў назад ішло ў першых шэрагах барацьбы за незалежнасць Беларусі, яно ставіла школу паперадзе ўсяго нацыянальнага адраджэння.

Будзем спадзявацца, што і сённяшнія беларускія настаўнікі акажуцца годнымі сваіх папярэднікаў, і іхнія выхаванцы будуць разбудоўваць вольную і багатую, беларускую Беларусь у 21-м стагоддзі.

Са святам!

Сакратарыят ТБМ.


Падтрымка беларускай мовы, адукацыі і культуры - гарантыя ўстойлівасці беларускай дзяржаўнасці

Заява XVIII з'езду Партыі БНФ

30 верасня 2017 года г. Менск

Мы, удзельнікі XVIII з'езду Партыі БНФ, перакананыя, што развіццё беларускай мовы, адукацыі і культуры з'яўляюцца прынцыповай умовай і гарантыяй устойлівасці беларускай дзяржаўнасці. Мова - гэта душа народа. Без выразнай нацыянальнай і моўнай ідэнтычнасці дзяржаўныя і грамадскія інстытуцыі застануцца пазбаўленымі сэнсу існавання і чужымі для народа. Мы лічым безпадстаўнымі і небяспечнымі аблуды, што Рэспубліка Беларусь можа быць пабудаванай на іншым падмурку, апроч як нацыянальная беларуская дзяржава, заснаваная на грунце беларускай мовы, адукацыі і культуры.

Мы з занепакоенасцю адзначаем, што, нягледзячы на пазітыўныя зрухі ў грамадстве на карысць беларушчыны, у палітычным курсе дзейнай улады ў цэлым захоўваецца неспрыяльны вектар для развіцця мовы і культуры тытульнай нацыі. Спрыяльнае стаўленне грамадства да такіх праяваў нацыянальнай культуры як нацыянальны арнамент не можа кампенсаваць наяўнай дыскрымінацыі беларускай мовы ў дзяржаўных установах, змяншэння аб'ёму беларускамоўнага школьніцтва, адсутнасці вышэйшай адукацыі на беларускай мове, недабразычлівага, а часам і адкрыта варожага стаўлення асобных дзяржслужбоўцаў да праяваў нацыянальнай культуры і беларускай ідэнтычнасці ў грамадскім жыцці. Цяперашняя дзяржаўная палітыка ўціску на структуры грамадзянскай супольнасці, невыкарыстанне яе патэнцыялу ў культурніцкай сферы, а таксама неэфектыўнае супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай і слабая падтрымка беларусаў замежжа шкодзяць нацыянальным інтарэсам.

Гэткі дзяржаўны курс з'яўляецца памылковым і, у даўгатэрміновай пэрспектыве, небяспечным для ўстойлівасці беларускай дзяржавы. Рэспубліка Беларусь будзе ўстойлівай і моцнай дзяржавай толькі тады, калі будзе ўсведамляць і рэалізоўваць сабе як нацыянальная дзяржава беларускага народа, якая створаная і развіваецца як форма дзяржаўнага будаўніцтва беларускай нацыі, на аснове беларускай нацыянальнай культуры і беларускай мовы. Безумоўным прыярытэтам для дзяржаўнай палітыкі павінна быць развіццё беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях, уключна з універсітэцкім.

На цяперашнім этапе ў якасці першачарговых крокаў для змянення дзяржаўнай палітыкі мы разглядаем наступныя захады, скіраваныя на развіццё беларускай мовы, адукацыі і культуры:

- Стварэнне на заканадаўчым узроўні дзяржаўнай праграмы развіцця адукацыі на беларускай мовы, з прыярытэтнай дзяржаўнай падтрымкай грамадскай ініцыятывы па стварэнні беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, у якім адукацыя будзе весціся на беларускай мове.

- Перавод дзяржаўнага справаводства і законапраектнай дзейнасці на беларускую мову, каб усе нарматыўна-прававыя акты распрацоўваліся і прымаліся на беларускай мове.

- Замацаванне на заканадаўчым ўзроўні гарантыяў атрымання спажыўцамі тавараў і паслугаў інфармацыі пра тавары і паслугі на беларускай мове.

- Увядзенне ў беларускую замежнапалітычную дактрыну ў якасці імператыву падтрымку суачыннікаў за мяжой, у тым ліку з распрацоўкай канцэпцыі "карты суайчынніка", якая б замацоўвала сувязь беларускай дыяспары з Бацькаўшчынай.

- Павелічэньне дзяржаўнага фінансавання праграмаў па развіцці беларускай культуры і мовы, у тым ліку з выдзяленнем сродкаў на конкурснай аснове недзяржаўным ініцыятывам і арганізацыям грамадзянскай супольнасці.



З 6 кастрычніка (пятніца) ў Менскім офісе Таварыства беларускай мовы (вул. Румянцава, 13) распачынаюцца бясплатныя заняткі па вывучэнні ўкраінскай мовы, арганізаваныя амбасадай Украіны сумесна з ТБМ. Заняткі будуць праводзіцца з 18:00 да 19:30 адна група, другая група - з 19:30 да 21:00.


Вітальнае слова першага намесніка старшыні ТБМ, дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Алены Анісім да ўдзельнікаў з'езду партыі БНФ

Паважаныя дэлегаты!

Шаноўныя госці, удзельнікі сённяшняга форуму!

Дазвольце мне ад імя нашай арганізацыі - Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і ад сябе асабіста прывітаць вас і павіншаваць з нагоды правядзення чарговага з'езду партыі БНФ.

Ваш з'езд адбываецца напярэдадні выдатнай падзеі - 100-годдзя аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, якое мы будзем адзначаць, як і нашы суседзі Літва, Латвія, Эстонія. Гэты шлях быў для нас няпростым. Наш народ на працягу ХХ ст. зазнаў і тэрытарыяльны падзел, і моўную дыскрымінацыю, і фізічнае знішчэнне інтэлектуальнай эліты. Але нашы папярэднікі знаходзілі сілы і зноў, і зноў заяўлялі пра сваё права на дзяржаўнасць і нацыянальнае самавызначэнне. Згадаем Усебеларускі з'езд у снежні 1917 г., абвяшчэнне БНР, і нарэшце стварэнне БССР.

Напрыканцы ХХ ст. пытанне пра дзяржаўную незалежную Беларусі паўстала зноў. Прадстаўнікі шырокага народнага руху БНФ "Адраджэнне" ў Вярхоўным Савеце ХІІ склікання здолелі аб'яднаць і скансалідаваць усе здаровыя палітычныя сілы дзеля пабудовы незалежнай Беларусі. Менавіта ваша партыя, адна з нешматлікіх апазіцыйных сіл, падтрымала ініцыятыву грамадзянскай супольнасці і дапамагла правесці Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, які адбыўся ў снежні 2014 г.

І сёння мы бачым, якая няпростая сітуацыя ў свеце. І гэта накладае на кожнага з нас асабістую адказнасць за ўсё, што адбываецца ў Беларусі, незалежна ад нашых палітычных поглядаў.

Паважаныя сябры партыі БНФ!

Шаноўныя дэлегаты з'езду!

Я шчыра веру ў тое, што незалежна ад таго, хто ўзначаліць партыю БНФ, вы застаняцеся прыхільнікамі і паслядоўнікамі ў ажыццяўленні ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Я жадаю вам адказнага ўсвядомленага разумення таго, што мы ўсе - грамадзяне сваёй краіны. І няма сёння найважнейшай задачы, як штодня працаваць на ўмацаванне нашай дзяржаўнасці і знутры і звонку дзеля таго, каб наша краіна набыла глыбокі беларускі змест і зазначыла сваю сталую прысутнасць у свеце як незалежная самастойная нейтральная дзяржава.

Я ўпэўнена, што па выніках сённяшняга з'езду вы станеце больш згуртаванай моцнай палітычнай сілай.

Я жадаю вам плённай працы сёння і штодня дзеля годнага жыцця нашых людзей і на карысць Бацькаўшчыны.

Жыве Беларусь!

30 верасня 2017 г., г. Менск.


"Аб заснаванні электроннай газеты ТБМ "Nasza_slowa.by" ("Наша_слова.бел")"

Пастанова ХІІІ з'езду ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

Праект

29 кастрычніка 2017 г. г. Менск

У сувязі з сусветнымі тэндэнцыямі па пераходзе СМІ ў электронныя формы існавання і функцыянавання ХІІІ з'езд ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" пастанаўляе:

1. Заснаваць электронную газету ТБМ "Nasza_slowa.by" ("Наша_слова.бел") у поўнай і мабільных версіях, адаптаваных да ўсіх электронных браўзераў і гаджэтаў.

2. Даручыць Радзе ТБМ прапрацаваць усе тэхнічныя і арганізацыйныя пытанні, звязаныя з заснаваннем электроннай газеты ТБМ "Nasza_slowa.by" ("Наша_слова.бел").


"Аб ініцыяванні прыватнай гімназічнай (ліцэйнай) беларускамоўнай адукацыі ў Беларусі"

Праект

Пастанова ХІІІ з'езду ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

29 кастрычніка 2017 г. г. Менск

З сусветнага досведу развіцця адукацыі ў многіх краінах свету выдатна бачная перавага прыватных сярэдніх адукацыйных устаноў над дзяржаўнымі па ўзроўні ведаў, якія там даюцца. Прыватныя адукацыйныя ўстановы ўсе платныя, але запоўненыя вучнямі і паспяхова функцыянуюць. Яны даюць да 100 % выпускнікоў - абітурыентаў і студэнтаў ВНУ.

У Беларусі па факту ўжо створана платная нелегальная сістэма адукацыі пад выглядам татальнага ўсебеларускага рэпецітарства, якая паказвае, што беларусы гатовыя плаціць за якасную адукацыю сваіх дзяцей.

З'езд ТБМ пастанаўляе:

1. Ініцыяваць заснаванне і развіццё прыватнай элітнай беларускамоўнай адукацыі ў краіне ў выглядзе стварэння прыватных беларускамоўных гімназій і ліцэяў.

2. Даручыць Радзе ТБМ склікаць Аргкамітэт па стварэнні і развіцці прыватнай элітнай беларускамоўнай адукацыі і запусціць праграму "Беларускамоўная прыватная гімназія (ліцэй)".

3. Даручыць Радзе ТБМ распрацаваць і ўнесці на разгляд Палаты Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь законапраект "Аб прыватнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь".


"Аб унясенні ў парадак дня сесіі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь законапраекту "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы"

Праект

Пастанова ХІІІ з'езду ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

29 кастрычніка 2017 г. г. Менск

Некалькі год таму Таварыствам беларускай мовы быў распрацаваны законапраект "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", які з'яўляецца заканадаўчым адказам на русіфікацыйныя працэсы, што адбываюцца ў краіне. Законапраект ужо атрымліваў станоўчыя водгукі Палаты Прадстаўнікоў, якая, аднак, адмовілася ўносіць яго ў парадак дня праз быццам бы недахоп грашовых сродкаў у краіне.

На сёння Першы намеснік старшыні ТБМ спн. Алена Анісім з'яўляецца дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў, што адкрывае рэальную перспектыву разгляду законапраекту.

З'езд ТБМ пастанаўляе:

1. Сакратарыяту дапрацаваць тэкст законапраекту.

2. Спадарыні А. М. Анісім унесці законапраект у парадак дня сесіі Палаты Прадстаўнікоў у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам па яго гатоўнасці.


Маральная перамога Францішка Скарыны

У Еўропе і на тэрыторыі Беларусі пра Францішка Скарыну забыліся на некалькі стагоддзяў і ўзгадалі толькі тады, калі стала фарміравацца новая беларуская нацыя ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. Ф. Скарына стаў сімвалам славутай гісторыі Беларусі эпохі Сярэднявечча і Новага часу. Палітычныя дзеячы і БНР, і БССР спрыялі папулярызацыі асобы Ф. Скарыны ў беларускім грамадстве. Менавіта ў БССР у эпоху беларусізацыі постаць Ф. Скарыны стала знакамітай і трапіла ў школьныя падручнікі.

Як лічаць сённяшнія даследчыкі дзейнасці нашага першадрукара, "ён зрабіў важныя крокі для інтэграцыі беларускага і наогул беларуска-літоўска-ўкраінскага рэгіёна (колішняга Вялікага Княства Літоўскага) у агульнаеўрапейскую культурную палітыку, вельмі шмат зрабіў для трансляцыі сусветных агульнахрысціянскіх каштоўнасцей у нашым рэгіёне. Самае важнае: ён, з аднаго боку, адкрыў вочы беларусам на ўвесь свет, а з другога - свету адкрыў вочы на нашу зямлю. Адкрыў нам магчымасць сказаць сваё сапраўднае друкаванае слова і сімвалічнае слова пра саміх сябе. Ён не прыдумаў новую тэхналогію, ён не прыдумаў, як перакладаць кнігі ці Біблію, ён не прыдумаў, як рабіць батанічныя сады ці нешта іншае. Але ён зрабіў, як мне падаецца, значна больш: змяніў непазнавальна ўсход Еўропы, уключыў вялікія масы людзей, якія пражывалі на ўсходнееўрапейскіх землях, у агульнасусветны культурны арэал, дзякуючы чаму агульнасусветная культура ўзбагацілася новымі ідэямі, досведам… Шэкспір таксама не першым у свеце прыдумаў пісаць вершы, але зрабіў гэта таленавіта. Тое ж мы кажам пра Скарыну". Так справядліва пра Ф. Скарыну напісаў Алесь Суша, беларускі культуролаг, кнігазнавец, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Актыўная друкарская дзейнасць Ф. Скарыны заняла два гады: з 1517-а па 1719-ы 22 кнігі. Усяго Ф. Скарына надрукаваў 24 кнігі. 22 кнігі былі надрукаваныя ў Празе, а 2 у Вільні. Напрыклад, апошняя кніга - "Апостал" - выйшла ў Вільні ў 1925 г.

Вядома, Ф. Скарына не змог бы выдаць кнігі без падтрымкі спонсараў. Яго мецэнатамі сталі віленчукі Багдан Онькаў і Якуб Бабіч, а таксама князь Канстанцін Астрожскі ды іншыя адукаваныя магнаты эпохі. Лічыцца, што Я. Бабіч і Б. Онькаў фінансавалі пераклад і выданне ўсіх 24-х кніг. А Віленская друкарня Ф. Скарыны месцілася ў доме Я. Бабіча.

Можна задумацца пра тое, навошта прадстаўнікам тагачаснай беларускай эліты ўкладаць вялікія грошы ў друкарскую справу, калі яна наўрад ці была самаакупляльнай, ужо не кажучы пра вялікія прыбыткі? На нашую думку, кнігадрукаванне ў ВКЛ было справай не толькі адукацыйнай, але, у першую чаргу, палітычнай.

Некаторыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі называюць той час, калі жыў і дзейнічаў Ф. Скарына, "залатым векам" Беларусі. На нашую ж думку, сапраўдны "залаты век" на нашай тэрыторыі пачаўся пасля Грундвальдскай перамогі і скончыўся ў канцы XV ст., яшчэ да нараджэння славутага першадрукара. У 1480 г. у Еўропе паўстала новая вялікая дзяржава Вялікае Княства Маскоўскае, якое да 1485 г. захапіла вялізную тэрыторыю суседніх Наўгародскай рэспублікі і Вялікага Княства Цвярскога, а Пскоўскую рэспубліку і Вялікае Княства Разанскае пераўтварыла ў сваіх паслухмяных васалаў. Неўзабаве добра падрыхтаванае да вайны велізарнае варожае войска абрынулася на паўночныя і ўсходнія межы ВКЛ. З поўдня пачаліся няспынныя татарскія наезды.

Пакуль Ф. Скарына набываў адукацыю, жыў і працаваў за мяжой ВКЛ страціла вялікія тэрыторыі на ўсходзе: у 1500 г. Бранск, а ў жніўні 1514 г. Смаленск. Поўдзень і цэнтр Беларусі нішчылі, рабавалі і палілі татарскія атрады. Уся дзяржава дзень і ноч рыхтавалася да абароны. Умацоўваўся Полацк, радзіма Ф. Скарыны, дзе нават Полацкая Сафія набыла рысы абарончага храма, а тагачасная сталіца ВКЛ Вільня атрымала мураваныя гарадскія ўмацаванні, нягледзячы на існаванне Верхняга і Ніжняга замкаў. У выніку вялікіх намаганняў нашыя войскі ў 1506 г. разбілі крымскіх татараў пад Клецкам і вялізнае маскоўскае войска ў 1514 г. пад Воршай. Аднак вярнуць Смаленск так і не здолелі.

Але нашыя эліты разумелі, што перамір'е з ворагам часовае і трэба мацаваць мясцовы патрыятызм, які не магчымы без адукацыі і культуры. Дарэчы, менавіта пасля Аршанскай перамогі кіраўнікі Свяшчэннай Рымскай імперыі нямецкага народа адмовіліся ад хаўрусу з маскоўскімі ўладамі і з павагай сталі ставіцца да ВКЛ і яго эліты, якая складалася з каталіцкіх і праваслаўных магнатаў і шляхты.

Паколькі ў ВКЛ тады панавала старабеларуская мова, якая была дзяржаўнай, і пісьмовая культура, якая грунтавалася на кірылічным алфавіце, Ф. Скарыне было даволі лёгка знайсці неабходныя грошы і пачаць імклівую выдавецкую дзейнасць перакладаў Бібліі.

Наша эліта пераадолела разгубленасць, умацавала свой патрыятычны дух, у тым ліку і дзякуючы друкаванай кнізе на роднай мове, і выйграла чарговую "Старадубскую вайну" з Масковіяй, у выніку якой быў вернуты стратэгічна важны аб'ект - горад Гомель.

У гэтыя часы быў прыняты Першы Статут ВКЛ, а кнігі Ф. Скарыны распаўсюджваліся сярод магнатаў і шляхты, якія пільна сачылі за рэфарматарскім рухам у Еўропе, а некаторыя з іх нават станавіліся прыхільнікамі арыянаў і кальвіністаў. Таму невыпадкова постаць Ф. Скарыны мацуе патрыятычны дух беларусаў менавіта ў часы розных гістарычных выклікаў, якімі так багатая беларуская гісторыя.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

350. Дабрэнка (Марыя) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Добры і значэннем 'нашчадак названай асобы': Добрэнка - Дабрэнка. ФП: добры ('чулы да людзей, спагадлівы, сардэчны', 'блізкі па-сяброўскі' і інш.) - Добры (мянушка, потым прозвішча) - Дабрэнка.

351. Давідовіч (Альбіна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Давід і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Давідовіч. ФП: Давід (імя <ст.-яўр. 'любімы') - Давід (прозвішча) - Давідовіч.

352. Дайлідзёнак (Крысціна) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Дайлід і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дайлідёнак - Дайлідзёнак. ФП: дайлід (ст.-бел. 'цясляр, будаўнік' <з літ. dailide 'цясляр') - Дайлід (празванне, потым прозвішча) - Дайлідовіч.

353. Данец (Ірына) - вытвор з суфіксам -ец ад антрапоніма Дан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Данец. ФП: Дан (імя <ст.-яўр. Дан `суддзя`) - Дан (празванне, потым прозвішча) - Данец.

354. Данік (Арсень) - варыянт імя Даніла (< ст.-яўр. Daniel 'мой суддзя - Бог') набыў ролю прозвішча.

355. Данілішына (Аліна) - вытвор з фармантам -ына ад антрапоніма Даніліха і значэннем 'нашчадак названай асобы': Даніліхіна - Данілішына. ФП: Даніла (імя <ст.-яўр. 'мой суддзя - Бог') - Даніліха ('жонка Данілы', фармант -іха) - Данілішына.

356. Дарапей (Хрысціна) - другасная форма, першасная Дарафей - імя (з мовы грэкаў 'дар Бога') -набыло ролю прозвішча (трансфармацыі: ф-п).

357. Дарашкевіч (Наталля) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Дарошка і значэннем `нашчадак названай асобы': Дарашкевіч - Дарашкевіч. ФП: Дарафей (імя, з мовы грэкаў 'дар Божы') - Дораш і Дарошка (народныя варыянты) - Дарошка (празванне, потым прозвішча) - Дарашкевіч.

358. Дарашэвіч (Уладзімір) - форма бацькаймення з акцэнтаваным суфіксам -эвіч ад антрапоніма Дораш з семантыкай 'нашчадак'. ФП: Дарафей (грэч. 'божы дар') - Дораш (1540 г.) - Дарашэвіч.

359. Дарэнка (Яўген) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоні-ма Дар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дарэнка. ФП: Дарый (з мовы грэкаў Dareos <перс. dara 'уладар') - Дар (мянушка, потым прозвішча) - Дарэнка.

360. Даўжанок (Алёна) - вытвор з суфіксам -анок ад антрапоніма Доўгі і значэннем 'нашчадак названай асобы': Доўж(г/ж)анок. ФП: доўгі ('працяглы ў прасторы', 'працяглы ў часе', 'высокі і тонкі' (пра чалавека)) - Доўгі (мянушка, потым прозвішча) - Доўжанак - Даўжанок.

361. Двужыльная (Інэса) - семантыны вытвор ад апелятыва (рус.) двужильный (дзвюхжыльны) - 'вынослівы, дужы, моцны' (разм.) або 'які ўяўляе з сябе дзве скручаныя жылкі (спец.)'.

362. Джэгайла (У.) - сементычны вытвор ад апелятыва (рэг.) джэгайла - (ад дзеяслова джэгаць з выкарыстаннем суфікса -ла / -йла і значэннем 'гайдацца') 'той, хто гайдаецца', 'гайдаш'.

363. Дзевятоўскі (Вадзім) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Дзевятоўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Дзевятоў(к)скі.

364. Дзелянкоўскі (Міхаіл) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Дзялянка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Дзялянкоўскі - Дзелянкоўскі. ФП: дзялянка ('участак зямлі, лесу, адведзены для апрацоўкі пад высечку', а таксама 'тое, што атрымана пры дзяльбе') - Дзялянка (тапонім) - Дзелянкоўскі.

365. Дзербін (Аляксей) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Дзерба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзербін. ФП: дзерба (рэг.) -укр. дерба 'дзёран' (Грынч.) - Дзерба (мянушка, потым прозвішча) - Дзербін.

366. Дзерваед (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва дзерваед (рэг.), эквівалентна дрэваед (заалаг. тэрмін).

367. Дзехцярук (Алёна) - другасная форма, першасная Дзегцярук - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Дзягцяр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзягцярук - Дзегцярук. ФП: дзягцяр ('той, хто гоніць або прадае дзёгаць') - Дзягцяр (мянушка, потым прозвішча). Дзегцярук - Дзехцярук (вынік аглушэння [г], які даў [х]).

368. Дзіневіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Дзіна і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзіневіч. ФП: Дзіяна (<грэч. Diana - імя багіні палявання; чысціні) - Дзіна (варыянт імя ў народнай мове) - Дзіна (празванне, потым прозвішча) - Дзіневіч.

369. Дзмітрык (Еўдакія) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Дзмітрый і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзмітрык. ФП: Дзмітрый (імя, з мовы грэкаў - 'належыць да Дзяметры - багіні земляробства і ўрадлівасці') - Дзмітры(й) (прозвішча) - Дзмітрык. Або як памянш. -ласк. форма з суфіксам -ык: Дзмітрык. Параўн. Лукашык.

370. Дзягілева (Галіна) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Дзягіль з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Дзягілева. ФП: дзягіль ('травяністая меданосная расліна сямейства парасонавых; выкарыстоўваецца ў медыцыне') - Дзягіль (мянушка, пазней прозвішча) - Дзягілева.

371. Дзядзюля (Алёна) - семантычны вытвор ад апелятыва дзядзюля - утварэнне з суфіксам ветлівасці -юля ад дзядзя 'дарослы мужчынам' (у мове дзяцей). Параўн. аднаструктурнае Дзядуля.

372. Дзядовіч (Сяргей) - форма бацькаймення з суфіксам -овіч ад антрапоніма Дзед і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзедавіч - Дзядовіч. ФП: дзед ('бацькаў або матчын бацька', 'стары чалавек', (разм.) 'муж'; а таксама 1) 'пустазелле з калючым лісцем і сцяблом, бадзяк', лопух; 2) (саст.) 'прыстасаванне, у якое ўтыкалася лучына для асвятлення хаты') - Дзед (мянушка) - Дзед (прозвішча) - Дзядовіч.

373. Дзялендзік (Анатоль) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Дзяленда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзялендзік. Ад сучаснага літоўскага прозвішча Delindas.

374. Дзямешчык (Любоў) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Дземеш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дземешчык - Дзямешчык. ФП: Дзям'ян (імя, <лац. Damianus 'прысвечаны багіні Даміі') - Дземеш (празванне, потым прозвішча) - Дземешчык (бацькайменне) - Дзямешчык.

375. Дзямко (Аляксей) - вытвор з фармантам -ко ад антрапоніма Дзёма і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзёмка - Дзямко. ФП: Дзіямід (імя <грэч. Diomedes: dios 'боскі'; і medo 'клапаціцца') - Дзямід / Дзёма (народныя варыянты) - Дзёма (празванне, потым прозвішча) - Дзямко.

376. Дзяргач (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва дзяргач 'птушка драч', 'дзяркач' (венік), 'абдзірала, перакупшчык' (Нас.).

377. Дзятлава (Марына) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Дзяцел і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзяцелава - Дзятлава. ФП: дзяцел ('лясная птушка з моцнай дзюбай, якой яна здабывае ежу з шчылін дрэў і расколін кары') - Дзяцел (мянушка, потым прозвішча) - Дзятлава.

378. Дзяшко (Леанід) - варыянт імя Дзям'ян (< лац. Damianus 'прысвечаны багіні Damii': зафіксаваны 1528 г.) набыў ролю прозвішча.

379. Длатоўская (Аліна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Длатоўка і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Длатоў(к) ская.

380. Длускі (Віктар) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Длугі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Длугскі - Длускі. ФП: длуг ('доўг', параўн. польск. dlug доўг) або длугі 'доўгі' (польск. dlugi `тс`.) - Длуг ці Длугі (тапонім) - Длускі.

381. Домаш (Андрэй) - варыянт імя Дамінік (лац. Dominicus 'дзень божы, нядзеля', зафіксаваны 1539 годам) набыў ролю прозвішча.

382. Доста (Валянцін) - семантычны антрапанімічны вытвор ад апелятыва доста (укр.) 'дастаткова, досыць'.

383. Доўжык (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -ык (-ік) ад антрапоніма Доўгі і значэннем 'нашчадак названай асобы': Доўгік - Доўж(г/ж) ык. ФП: доўгі ('працяглы ў часе, прасторы', перан. 'высокі і тонкі' (пра чалавека)) - Доўгі (мянушка, потым прозвішча) - Доўжык.

384. Доўнар (Валянціна) - другасная форма, першасная Даўнар - семантычны вытвор ад апелятыва даўнар ' даўні, даўнейшы' (структура: даўнар, фармант -ар). ФП: даўні - даўнар - Даўнар (празванне) - Даўнар (прозвішча) - Доўнар. Параўн. мястэчка Даўнары Іўеўскага р-на Гарадзенскай вобласці.

385. Дравіца (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва дравіца (рус.) 'дровы'. Або ад (з) дравіца, магчыма і ад травіца (трава) з азванчэннем першага гука.

386. Драголь (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва драголь 'стары чалавек, які дрыжыць ад нямогласці, хваробы'.

387. Дражын (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -ын (-ін) ад антрапоніма Драга і значэннем 'нашчадак названай асобы': Драж(г/ж)ын. ФП: драга (1) землечарпальная машына для распрацоўкі россыпных залежаў карысных выкапняў (золата, плаціны, волава і інш.), а таксама для паглыблення рэк, азёраў і пад.; 2) прылада для здабывання жывёл і раслін, якія жывуць на дне вадаёмаў) - Драга (мянушка) - Драга (прозвішча) - Дражын.

388. Драздзенка (Аляксей) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Дрозд і значэннем 'нашчадак названай асобы': Драздзенка. ФП: дрозд ('лясная птушка атрада вераб'іных') - Дрозд (мянушка) - Дрозд (прозвішча) - Драздзенка.

389. Драпеза (Зінаіда) - другасная форма, першасная Трапеза - семантычны вытвор ад трапеза 'агульны стол для яды ў манстыры, а таксама прыём яды за такім сталом і сама яда'. Форма з пачатковым "Д" і зменай месца націску ( Драпеза) - для адмежавання ад апелятыва.

390. Дробыш (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва дробыш 'драбяза, дробязь'; утварэнне з суфіксам -ыш ад дроб, дробны; параўн. малыш, мякіш.

391. Дронь (Шура) - семантычны вытвор ад апелятыва дрон 'драніца, дранка' (ВСБМ), 'металічны прут для загароджвання выхаду з дзвярэй у хляве (СНМЗ)'.

392. Дрыга (Уладзімір) - семантычны вытвор ад дзеяслова дрыгаць (нульсуфіксавы дэрыват) 'рабіць рэзкія адрывістыя рухі (пераважна нагамі)'; відаць, непасрэдна ад выклічніка дрыг (ад дрыгаць і дрыгануць) у значэнні выказніка - фінальнае а, відаць, для абазначэння жаночага ці агульнага роду.

393. Дрыла (Надзея) - семантычны вытвор ад (рэг.) дрыла - эквівалента дрэль 'інструмент для свідравання дзірак у метале, дрэве і пад.'. Форма з фіналлю -ла рэканструявана пад жаночы ці агульны род асабовых назоўнікаў. Параўн. Скобла (літар. Скобля). Не выключана і матывацыя дзеясловам з суфіксам -л(а): шыла.

394. Дубатоўка (Валянцін) - семантычны вытвор ад апелятыва дубатоўка 'той, хто тоўк дубовую кару' (пры дубленні скуры / вырабе аўчын).

395. Дубік (Таццяна) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Дуб і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дубік. ФП: дуб ('буйнае лісцевае дрэва сямейства букавых з моцнай драўнінай і пладамі жалудамі', перан.) 'Пра высокага, моцнага чалавека'; пагард. 'Пра тупога, неразумнага чалавека', а таксама 'адзін з відаў вялікіх лодак (на Дняпры, Доне)' - Дуб (мянушка) - Дуб (прозвішча) - Дубік. Або 'малады, кволенькі дуб (дрэва)', які мог пераасэнсавацца ў родавае найменне, стаць прозвішчам: дубік - Дубік.

396. Дубко (Аляксей) - другасная форма, першасная Дубок - семантычны вытвор ад апелятыва дубок - памянш.-ласк. з суфіксам -ок ад дуб 'буйное ліставое дрэва сямейства букавых з цвёрдай драўнінай і пладамі-жалудамі'. Або ад ' дубка-прысл.' на заднія ногі (са словамі 'стаць', 'станавіцца: пра коней, мядзведзяў'). У народнай мове (Гродзеншчына) фінальнае спалучэнне -ок / -ак нярэдка замяняецца на -ко / -ка, асабліва ў антрапаніміі: Браток - Братко, Бажок - Бажко, Кіёк - Кійко, Лучок - Лучко, Лясок - Ляско, Чарток - Чартко.

397. Дубовік (Мікалай) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Дубовы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дубовік. Або ад апелятыва дубовік 'грыб, што расце пад дубам'; 'чалавек з паселішча Дубы': Дубовік.

398. Дубок (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва дубок - памяншальна-ласкальны ад " дуб", "дуб" - лексема мае некалькі значэнняў: 1) буйнае лісцевае дрэва сямейства букавых з цвёрдай драўнінай і пладамі - жалудамі; 2) драўніна гэтага дрэва; 3) перан. Пра высокага, моцнага чалавека або пра неразумнага чалавека (ТСБЛМ), 2016, с. 233).

399. Дубоўка (Уладзімір) - семантычны акцэнтаваны вытвор ад апелятыва дубаўка 'зараснік дубу' або (ст. бел.) 'карабель, лодка з дубу'.

400. Дубоўская (Вольга) - вытвор з фармантам -ская/-оўская ад тапоніма Дубава / Дубы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Дубоўская, Дубаўская - Дубоўская.

401. Дубрава (Лявон) - семантычны вытвор ад апелятыва дубрава / дуброва 'ліставы лес з мноствам дубоў і маладога дубняку'.

402. Дударэвіч (Станіслава) - вытвор з фармантам бацькаймення - эвіч ад антрапоніма Дудар і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Дударэвіч. ФП: дудар ('музыкант, які іграе на дудзе') - Дудар (мянушка, потым прозвішча) - Дударэвіч.

403. Дударэнка (Андрэй) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Дудар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дударэнка. ФП: дуда ('духавы народны музычны інструмент') - дудар (музыка, які іграе на дудзе) - Дудар (мянушка, потым прозвішча) - Дударэнка.

404. Дудзік (Яўген) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Дуда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дудзік. ФП: дуда ('духавы народны інструмент, 'валынка'') - Дуда (мянушка) - Дуда (прозвішча) - Дудзік. Параўн. Лукашык.

405. Дудзінскі (Дзяніс) - вытвор з фармантам -інскі / -скі ад тапоніма Дуды / Дудзінка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Дудзінскі / Дудзін(к) скі. ФП: дуда ('духавы народны музычны інструмент, валынка') - Дуда (мянушка, потым прозвішча) - Дуды ('мясцовасць, паселішча з прозвішчамі Дуда') - Дудзінка (тапонім) - Дудзінскі.

406. Дудук (Аксана) - семантычны вытвор ад апелятыва дудук 'той, хто дудукае - ціха, павольна размаўляе' (нульсуфіксавае утварэнне): дудук (-аць) (ТСБЛМ, 2016, с. 233).

407. Дудчанка (Мікалай) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Дудка (о) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дудч(к/ч) анка. ФП: дуда ('музычны інструмент у выглядзе драўлянай або чарацянай трубкі з круглымі дзірачкамі' або 'сцябліна, звычайна пустая ўсярэдзіне') - Дудка (мянушка) - Дудка / Дудко (прозвішча) - Дудчанка.

408. Дульба (Аляксандр) - семантычны вытвор ад ст.-рус. дульба 'племя на Валыні'.

409. Дунаеўская (Людміла) - вытвор з фармантам -эўская ад тапоніма (гідроніма) Дунай і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Дунайэўская - Дунаеўская.

410. Дундзін (Мікалай) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Дунда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дундзін. ФП: дунда ('смактун' - ад дундзіць 'смактаць' - "Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны") - Дунда (мянушка) - Дунда (прозвішча) - Дундзін.

(Працяг у наступным нумары.)


Менгарвыканкам зарэгістраваў офіс беларускамоўнага ўніверсітэта

Менскія ўлады зарэгістравалі юрыдычны адрас будучага беларускамоўнага ўніверсітэта "Альбарутэнія". Офіс размяшчаецца ў Партызанскім раёне сталіцы на вуліцы Шчарбакова, 32. Днямі туды пачнуць завозіць мэблю і павесяць адпаведную шыльду.

Функцыі рэктара "Альбарутэніі" выконвае старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. "Калі ўлада не хоча ствараць дзяржаўныя ўстановы, трэба ствараць прыватныя", - сходу патлумачыў ён галоўную ідэю адукацыйнага праекту.

З Алегам Трусавым гутарыць карэспандэнт Радыё Свабоды Ігар Карней.

- Спадар Трусаў, трэба разумець, што гэта ўсё ж не зусім тое, чым яшчэ з 1990-х заклапочанае грамадства, - Нацыянальны дзяржаўны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання...

- У гэтым выпадку сэнс вельмі просты: калі дзяржава не бачыць патрэбы ствараць дзяржаўны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, мы хочам стварыць прыватны аналаг. Сёння ў краіне прыватных універсітэтаў каля дзесяці, чаму не стварыць адзінаццаты?

Нейкі час таму пачалі актыўна гэтым займацца, самы першы крок ужо зроблены - мы атрымалі офіс, маем назву. Пакуль гэта структурнае падраздзяленьне ТБМ "Універсітэт "Альбарутэнія"". Менавіта пад такой назвай атрымалі памяшканне, і на днях ужо будзем туды заязджаць. Потым падаём заяву на статут і гэтак далей па спісе. Сам статут ужо гатовы, праз пэўны час панясём яго на рэгістрацыю.

- Якім будзе адукацыйны ўхіл? Гуманітарны, тэхнічны, плануюцца нейкія спецыялізацыі?

- Арыентацыя на класічны ўніверсітэт. Асноўныя факультэты будуць гуманітарнага кірунку. Таксама не выключаны факультэт "ІТ-тэхналогій": па-першае, сёння імі займацца вельмі важна, па-другое, ва ўсім свеце дастаткова беларускамоўных спецыялістаў. Не выключаныя і некаторыя элементы медычнай скіраванасці - кшталту псіхалогіі, псіхатэрапіі і г.д.

Спачатку збіраемся працаваць з невялікай колькасцю студэнтаў. То бок, як атрымаем дазвол на адукацыйную дзейнасць, пачнём з магістратуры. На першым этапе трэба падрыхтаваць магістраў, каб у перспектыве яны сталі выкладчыкамі нашага ўніверсітэта. Наогул запланавана шмат стадый, але першы крок, як я ўжо казаў, зроблены: мы маем асобны офіс, там будзе засядаць аргкамітэт, праходзіць паседжанні. Карацей кажучы, пачнуць працаваць людзі, будзе ўсталявана неабходная тэхніка. Як ствараецца любы прыватны ўніверсітэт: спачатку юрыдычны адрас, потым статут, ліцэнзія і г.д.

- У якой перспектыве можна весці гаворку пра першых студэнтаў-магістрантаў?

- Натуральна, пакуль няма зарэгістраванага статуту, няма адпаведнага дазволу, пра ўсё можна казаць толькі з прыцэлам на аглядную будучыню. А калі ўсё гэта будзе зроблена, адразу ж пачнём набіраць студэнтаў магістратуры. Гэта тыя, хто ўжо скончыў бакалаўрыяты ў замежных ці беларускіх універсітэтах. Наша задача відавочная: праз пару гадоў пасля старту падрыхтаваць беларускамоўных выкладчыкаў новага светапогляду - з еўрапейскім поглядам на адукацыю.

- З улікам, што менавіта вы выконваеце значную частку арганізацыйнай працы, можна дапусціць, што будзеце і рэктарам гэтай установы?

- Пакуль што я і з'яўляюся гэтым рэктарам - праўда, на грамадскіх пачатках. Аргкамітэт прапанаваў мне выконваць функцыю рэктара, на маё імя зарэгістраваны новы офіс, менавіта я падпісваў усе дакументы. Ну а там жыццё пакажа...

- Якую колькасць студэнтаў можа прыняць універсітэт? Ці будзе адукацыя платнай?

- Пакуль мяркуем прыняць некалькі сотняў магістрантаў - ад 200 да 300 чалавек. А калі праз пару гадоў яны скончаць, то будзем залежаць ад розных абставінаў. Паколькі ўніверсітэт прыватны, натуральна, усе студэнты за навучанне будуць плаціць - як і ва ўсіх падобных установах. І я лічу, што гэта добра: адразу адсейваюцца ўсе халяўшчыкі. Значыць, паступленне на агульных асновах, але не забывацца пра камерцыйны складнік. Сістэма аплаты прыблізна, як у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце - з сістэмай зніжак, прэферэнцый і г.д.

Дарэчы, магу сказаць, што ў нашым аргкамітэце нямала былых выкладчыкаў ЕГУ - нават з кіраўніцтва ўніверсітэта. Гэтыя людзі разышліся з Анатолем Міхайлавым (рэктар ЕГУ. - РС) у нацыянальным пытанні і мусілі ўстанову пакінуць. З імі вельмі лёгка працаваць, таму што яны ведаюць усе нюансы. Ну а мы ад пачатку маем досвед заходняй адукацыі, бо яны цудоўна ведаюць ангельскую, французскую, нямецкія мовы, некаторыя выкладаюць у еўрапейскіх ВНУ. Працаваць з імі - адно задавальненне.

- Якая верагоднасць таго, што ў працэсе легалізацыі не пачнуць узнікаць "пазаштатныя сітуацыі"?

- Тое, што пачнуць устаўляць палкі, гэта стопрацэнтна. Нават не сумняваюся, што па ходу пачнуць рабіць розныя паскудствы. Тым не менш мы разлічваем на яшчэ адзін эфект: калі запусцім прыватны ўніверсітэт, то і дзяржава на чале з Ігарам Марзалюком (старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у адукацыі, культуры і навуцы. - РС) створыць Нацыянальны дзяржаўны ўніверсітэт.

Тым больш наша пазіцыя адназначная: трэба выбудоўваць усю беларускамоўную дзяржаўную сетку - яслі, садок, гімназія, ліцэй, універсітэт. На з'ездзе ТБМ, які адбудзецца 29 кастрычніка ў Менску, плануем прыняць адмысловую рэзалюцыю з заклікам да спраўных людзей укладаць грошы ў стварэнне прыватных дашкольных, школьных, спецыяльных і вышэйшых установаў. Гэта дазволена законам.

Яшчэ раз паўтаруся: раз дзяржава катэгарычна супраць усяго беларускага, то мы справімся ў прыватным парадку. А як створым прыватнае, то неўзабаве і дзяржава пабяжыць наперадзе. Так заўжды было...

- Спадар Трусаў, паўстае лагічнае пытанне: хто плаціць за "банкет"?

- Пакуль спраўляемся сваімі сіламі, бо гаворка толькі пра юрыдычны адрас. Арэнда памяшкання ў будынку ЖРЭА выліваецца дзесці ў 200 рублёў на месяц. Думаю, сіламі сяброў ТБМ і неабыякавых грамадзян такія грошы знойдзем.

Папярэдне дамова заключаная на тры гады - гэта час з запасам для тэхнічнай працы, каб атрымаць дазвол на дзейнасць установы адукацыі. Вядома, калі ўніверсітэт пачне працаваць, выдаткі будуць зусім іншыя. Але ў нас ужо ёсць унутраныя і міжнародныя спонсары, якія будуць дапамагаць. У іншым выпадку такі фінансаёмісты працэс быў бы неабачлівай авантурай...

Рашэнне аб рэгістрацыі структурнага падраздзялення ТБМ "Універсітэт "Альбарутэнія"" Менскі гарвыканкам прыняў 11 верасня. Менавіта гэтую дату Анатоль Трусаў і паплечнікі прапануюць лічыць пачаткам першага беларускамоўнага ўніверсітэта ў найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі.

Радыё Свабода.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў кастрычніку

Акаловіч Леанід Аляксандр. Алейнік Іна Міхайлаўна Алейнік Юры Леанідавіч Антановіч Лідзія Аляксандр. Арлова Эрыка Архуцік Мікалай Арцёменка Віталь Аўдошчанка Валянціна Ашурак Вітольд Міхайлавіч Байдакова Ганна Дзмітрыеўна Бамбіза Мікалай Рыгоравіч Баравік Пятро Пятровіч Барташэвіч Антаніна Бархамовіч Мікалай Сямёнавіч Барэль Васіль Бекарэвіч Зміцер Геннадзевіч Бераставы Глеб Андрэевіч Бордак Наталля Васільеўна Брыцько Аляксей Бубала Антон Буйніцкая Марына Букаты Алесь Уладзіміравіч Булавацкі Міхась Пятровіч Булат Алена Анатольеўна Бурлевіч Людміла Мікалаеўна Бусел Мікалай Кліменцьевіч Бычэнка Аляксей Уладзімір. Бягун Рацібор Аляксандравіч Бялецкі Віктар Пятровіч Валуненка Ірына Іванаўна Варабей Таццяна Пятроўна Васільева Вераніка Пятроўна Ваўкавыцкая Таццяна Вератынскі Кірыл Віктаравіч Войніч Вераніка Восіпава Аляксандра Яўген. Гайдукевіч Ганна Іванаўна Гарбуль Аляксандр Васільевіч Гарніцкі Янка Андрэевіч Герасіменка Алесь Герашчанка Аліна Андрэеўна Гіль Міхаіл Нікадзімавіч Глот Аляксей Гражынская Галіна Іосіфаўна Грушка Мікалай Пятровіч Грынкевіч Георгі Ігаравіч Грыцавец Алесь Андрэевіч Грышчук Ганна Рыгораўна Дамарад Святлана Данілаў Уладзімір Аляксандр. Даніловіч М.А. Данілюк Віктар Уладзіміравіч Даржынкевіч Генрых Фелікс. Дашкевіч Святлана Мікал. Джэйгала Ўладзімір Васільевіч Дзегцярова Кацярына Алякс. Дзедушкова Алена Дзеружынская Вераніка Авяр. Дзіцэвіч Юлія Дзмітрыенка Анатоль Іванавіч Долбік Ларыса Рыгораўна Драздова Валерыя Аляксанд. Дубейка Васіль Міхайлавіч Дудар Таццяна Аляксандраўна Думанская Ганна Рыгораўна Ермаковіч Леанід Іванавіч Ермаловіч Васіль Васільевіч Жылінская Кацярына Алякс. Жэгалава Тарэса Міхайлаўна Жэгалік Любоў Зволінскі Тодар Землякоў Міхаіл Канстанцін. Зубарава Алена Мікалаеўна Зяневіч Галіна Сямёнаўна Зянковіч Юрась Іваноў Максім Генадзьевіч Ігнашэвіч Вадзім Уладзімір. Іўчанкоў Мікалай Мікалаевіч Кавецекая Наталля Ўладзімір. Казак Валянціна Казлоў Алег Яўгенавіч Каліноўская Бажэна Андр. Каліноўская Крысціна Калыска Раіса Рыгораўна Каморчанка Алена Мікалаеўна Каратай Уладзімір Арсеньевіч Карвацкая Валянціна Мікал. Каржанеўская Марыя Станіс. Карповіч Лілея Васільеўна Касцючэнка Ірына Каханчык Зміцер Качаноўская Наталля Георг. Качарагіна Людміла Алякс. Кірыленка Анатоль Іванавіч Клундук Святлана Сяргееўна Князюк Андрэй Вас. Конюх Віктар Лявонавіч Краўцоў Мікалай Крой Аляксандр Ільіч Крот Міхаіл Мікалаевіч Крупіца Валянціна Кубанская Любоў Леанідаўна Кулеш Алена Кульбіцкі Сяргей Валер'евіч Кунцэвіч Зінаіда Мікалаеўна Куржалаў Алег Васільевіч Кутас Тамара Кушнер Васіль Фёдаравіч Лабко Іван Антонавіч Ланец Вадзім Уладзіміравіч Лебедзеў Уладзімір Ануфр. Лебедзь Вераніка Аляксанд. Лебядзевіч Д.М. Ліс Дар'я Алегаўна Ліхадзіеўская Вольга Мікал. Ліцін Алесь Лазаравіч Лучко Валянцін Станіслававіч Люкевіч Уладзімір Паўлавіч Лявонава Галіна Лявончык Раман Раманавіч Мазырка Аляксандр Макоўская Вікторыя Алякс. Макруш Сяргей Вячаслававіч Малец Таццяна Малочка Віктар Уладзіміравіч Малочка Наталля Мікалаеўна Малько Вячаслаў Аляксандр. Мальцава Ірына Малюкова Яніна Ігараўна Мартысюк Вера Марцінкевіч Іван Віктаравіч Маслюкоў Іван Віктаравіч Масяйчук Аляксандр Мацвеенка Аляксандр Яўген. Медзяны Сяргей Віктаравіч Мезаўцоў Павел Васільевіч Мерынава Алеся Сяргееўна Мінаў Леанід Уладзіміравіч Мінец Валер Уладзіміравіч Міняйла Ганна Сяргееўна Місевіч Аляксандра Міснікова Кацярына Міцкевіч Уладзімір Валянцін. Мішчанчук Мікалай Іванавіч Навуменка Генадзь Навумчык Іосіф Адамавіч Несцярук Валерый Фёдаравіч Осіпава Аляксандра Падаляка Павел Аляксандр. Палейка Анатоль Дарафеевіч Палікарпаў Валер Канстанцін. Палсцюк Валеры Віктаравіч Палтаржыцкая Ірына Генадз. Палубятка Іосіф Паляжаеў Мікалай Уладзімір. Палянскі Аляксандр Сярг. Панамарова Лізавета Сярг. Парыжэская Кацярына Пастушэнка Герман Сяргеевіч Пасюкевіч Ірына Ўладзіслав. Паўлоўскі Аляксандр Уладзім. Пахолак Марына Іосіфаўна Пеганава Інга Піліпенка Алена Поўжык Карына Сяргееўна Пракаповіч Ілля Мікалаевіч Пракопчык Таццяна Васіл. Прыбыш Іван Вітольдавіч Прылішч Ірына Аляксандр. Пунько Вольга Язэпаўна Пярова Маргарыта Сяргееўна Пярова Наталля Юр'еўна Пяткевіч Лізавета Алегаўна Рагачэўскі Сяргей Віктаравіч Раманоўскі Валер Іванавіч Раманоўскі Уладзімір Іванавіч Раманцоў Зміцер Уладзіміравіч Раманюк Раман Раплевіч Юры Альбінавіч Розберг Дзяніс Уладзіміравіч Рудзенак Алег Рудовіч Алена Руды Яўген Ігаравіч Русіновіч Іван Кузьміч Рындзевіч Вячаслаў Савацееў Кім Сяргеевіч Савіч Яўген Сагановіч Яніна Генадзеўна Сазонаў Віктар Паўлавіч Сазонаў Вячаслаў Мікалаевіч Сакевіч Уладзімір Клеменцевіч Салаўёў Мікалай Сварцэвіч Алег Іосіфавіч Святоха Генадзь Уладзіміравіч Сёмкіна Вольга Віктараўна Семянчук Валеры Семянчук Генадзь Сенькавец Уладзімір Адамавіч Сідарчук Кірыл Валер'евіч Сікора Алег Георгіевіч Сіндзееў Уладзімір Дзмітр. Сіняк Павел Віктаравіч Скалабан Аляксандр Максім. Скіцёў Зміцер Андрэевіч Смашная Марына Ўладзімір. Спосабаў Іван Іванавіч Станеўская Людміла Станкевіч Георгій Статкевіч Дар'я Валер'еўна Стральцоў Алесь Уладзімір. Стэпановіч Алесь Язэпавіч Субоцін Андрэй Юр'евіч Суднік Святлана Георгіеўна Суліменка Дзмітрый Сяргеев. Сульжыц Кацярына Сярг. Сухаверхі Андрэй Сямёнавіч Сухарэвіч Віталь Пятровіч Сухоцкі Андрэй Аляксеевіч Сцежкін Кірыла Аляксандр. Сцефаненка Ірына Віктараўна Сялюк Іван Сямёнава Анастасія Васільеўна Сямёнаў Віталь Сянькевіч Надзея Іосіфаўна Трафімчык Сяргей Аляксан. Угрын Аляксандр Сяргеевіч Урублеўскі Вадзім Валер'евіч Уюльская Надзея Іларыёнаўна Фалейчык Алесь Філіповіч Дзіяна Леанідаўна Хадачок Міхаіл Хадневіч Цімафей Хархардзін Уладзіслаў Цвік Наталля Казіміраўна Цішкевіч Юлія Іванаўна Цыганкоў Віталь Аляксеевіч Цыхун Генадзь Апанасавіч Цюлькоў Аляксей Цярэшка Паліна Васільеўна Чайкоўскі Павел Іванавіч Чмарава Марына Чубат Аляксей Леанідавіч Чыжова Таццяна Дзмітраўна Шалястовіч Людміла Васіл. Шаршнёва Наталля Анатол. Шаткова Дар'я Дзмітрыеўна Швед Вячаслаў Вітальевіч Швед Іна Анатольеўна Шохан Вольга Шуй Вольга Васільеўна Шульвінскі Віктар Віктаравіч Шчэрбік Вераніка Мікалаеўна Шыдлоўскі Раман Яўгенавіч Шык Уладзімір Раманавіч Шырокава Наталля Алякс. Юхноўскі Віктар Францавіч Янкоўскі Юры Ўладзіміравіч Янушкевіч Станіслаў Антон. Яраховіч Марына Рыгораўна Яроменкаў Аляксандр Леанід.


Вяртанне невядомай класікі

Прэзентацыя кнігі рэпрэсаванага беларускага паэта Юлія Таўбіна прайшла 26 верасня ў магілёўскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы. Ініцыявала імпрэзу гарадская суполка Таварыства беларускай мовы імя Скарыны, а прадставіў новую кнігу яе ўкладальнік Андрэй Хадановіч, вядомы беларускі літаратар, перакладчык і бард.

Юлій Таўбін (Юдаль Абрамавіч Таўбін) - беларускі паэт і перакладчык, нарадзіўся ў 1911 годзе ў гарадку Астрагожск Варонежскай губерні ў сям'і аптэкара. У 1921 годзе пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў, дзе спачатку закончыў сямігодку, а потым Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум.

Дэбютаваў паэт у 1926 годзе вершам, надрукаваным у клімавіцкім часопісе "Маладняк Калініншчыны", увосень 1930 года выйшаў першы зборнік вершаў "Агні". Тагачасная крытыка ставілася да паэта насцярожана, яго абвінавачвалі ў "рабскіх адносінах да старой буржуазнай літаратуры".

Юлій Таўбін быў арыштаваны ў канцы лютага 1933 г. і прыгавораны да двух гадоў ссылкі. Нагодай для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амерыку. Тэрмін адбываў у Цюмені, але ў 1936 годзе быў паўторна арыштаваны і этапаваны ў Менск. 29 кастрычніка 1937 года выязная сесія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла паэта да расстрэлу.

Урывак з верша "Люблю я край, дзе вечары…"


Люблю я край, дзе вечары

Ў далёкім небе сцелюць столкі

І промні ранішняй зары

Вітаюць юныя пасёлкі.


Там дымнай заніззю палі

Не будуць звіты і затканы,

Там буры-ветры размялі

Сляды забытага кургана…

… А потым прыйдзе лістапад, -

І восень смуглая угледзіць,

Як будзе вецер лашчыць сад

І граць на яблынькавай медзі.


Ах, гэты край нізін і круч,

Равы, суглінкавыя пашы…

Табе ў адзнаку - "Беларусь"

Надалі назву продкі нашы.

Люты, 1928, Мсціслаў.


Андрэй Хадановіч вельмі падрабязна распавёў пра лёс паэта, яго творчасць і спадчыну. Магілёўцы пачулі нататкі і ўспаміны сяброў Юлія Таўбіна, паслухалі яго, надзвычай таленавітыя і вельмі сучасныя па гучанні, вершы ў выкананні Хадановіча.

Сюрпрызам для магілёўцаў стаўся выступ удзельнікаў музычнага гурта "Балцкі субстрат" Максіма Іўкіна і Юрася Несцярэнкі, якія выканалі некалькі сваіх твораў на вершы Юлія Таўбіна. Адна з кампазіцый нават была выканана ўпершыню на публіцы.

На прыканцы вечара Андрэй Хадановіч, як укладальнік новай кнігі вершаў Юлія Таўбіна, падпісаў асобнікі для ўсіх ахвочых.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.


Пратэстанцкі пастар прабег 500 км за 5 дзён у гонар скарынаўскай Бібліі

500-годдзе выдання Бібліі Скарыны пастар пратэстанцкай царквы Тарас Цялькоўскі адзначыў ультрамарафонам. Тарасу 29 гадоў, ён скончыў багаслоўскую семінарыю ў Лондане, цяпер падаў дакументы на адкрыццё евангельскай пратэстанцкай царквы ў Менску. Бегам, як кажа, займаецца амаль 20 гадоў, быў членам юніёрскай зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы. Сваім марафонам ён вырашыў нагадаць беларусам пра юбілей Бібліі і запрасіў да ўдзелу ў забегу ўсіх ахвотных.

Уладзь Грыдзін.


Перамога Меркель: спадзявалася "на лепшы вынік", але "стратэгічная мэта дасягнутая"

Навіны Германіі

Дзейны канцлер Германіі Ангела Меркель заявіла, што яе блок ХДС/ХСС дасягнуў стратэгічнай мэты на парламенцкіх выбарах, якія адбыліся 24 верасня.

На парламенцкіх выбарах у Германіі, якія прайшлі 24 верасня, перамогу атрымаў блок хрысціянска-дэмакратычных партыяў ХДС/ХСС на чале з канцлерам Ангелай Меркель. Пра гэта сведчаць папярэднія афіцыйныя вынікі галасавання па выніках апрацоўкі ўсіх бюлетэняў, апублікаваныя ў ноч на панядзелак, 25 верасня. Такім чынам, Мэркель прэтэндуе на чацвёрты тэрмін паўнамоцтваў канцлера.

Блёк ХДС/ХСС падтрымалі 33 адсоткі выбарнікаў. За іх цяперашніх партнёраў ва ўрадавай кааліцыі, сацыял-дэмакратаў на чале з Мартынам Шульцам, выказаліся 20,5 адсотка выбарнікаў, паведамляе Deutsche Welle. Абедзве партыі панеслі прыкметныя страты ў параўнанні з мінулымі выбарамі. У 2013 годзе кансерватары набралі 41,5 адсотка, сацыял-дэмакраты - 25,7 адсотка. Сацыял-дэмакраты, якія паказалі найгоршы вынік у сваёй гісторыі, ужо абвясцілі пра сыход у апазіцыю.

На трэцім месцы - правапапулісцкая "Альтэрнатыва для Германіі" з 12,6 % галасоў. Далей ідуць: ліберальная Свабодная дэмакратычная партыя - 10,7 %, Левая партыя - 9,2% і партыя "Саюз-90" / "Зялёныя" - 8,9%. Астатнія партыі атрымалі менш за 5 адсоткаў, неабходных для праходжання ў парламент. Меркель прызнала, што спадзявалася "на лепшы вынік" партыі на гэтых выбарах і будзе прыслухоўвацца да "трывог" выбарнікаў правапа-пулісцкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі", якая ўпершыню трапляе ў парламент, каб вярнуць іхнія галасы.

Таксама Мэркель заявіла пра гатоўнасць стварыць новы ўрад Германіі.

- Мы моцная партыя, і наша задача - сфармаваць урад, - заявіла Мэркель падчас выступу перад прыхільнікамі.

Паводле звестак мэдыякампаніі DW, яўка выбарнікаў склала 75 адсоткаў, на папярэдніх выбарах у галасаванні прынялі ўдзел 71,5 адсотка выбарнікаў.

Радыё Свабода.


Часопіс "Верасень" і Янка Купала ў Магілёве

28 верасня па запрашэнні Магілёўскай суполкі ТБМ Эдуард Акулін разам з Леанідам Дранько-Майсюком наведалі Магілёў, дзе правялі дзве творчыя сустрэчы: у Магілёўскім дзяржаўным ліцэі № 1 і СШ № 35. Сустрэча была прымеркавана да юбілею Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Госці адзначылі важнасць творчасці Купалы для беларускага народа і для магілёўцаў. Менавіта нашаму гораду Купала прысвяціў сваю паэму "Магіла льва". Эдуард Акулін разам з вучнямі праспяваў сваю вядомую песню "Купала ідзе".

У СШ № 35 падрыхтавалі для гасцей музычны падарунак: песня "Спадчына" на словы Купалы прагучала ў выкананні музычнага супрацоўніка Сяргея Вайцэховіча. Школьныя настаўнікі і бібліятэкары падрыхтавалі адмысловую кніжную выставу, прысвечаную Народнаму паэту. Харызматычныя Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк нікога не пакінулі абыякавымі. Воплескі і кветкі яны ад шкаляроў і настаўнікаў атрымалі заслужана.

Алег Дзьячкоў, Магілёў.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У 1475 г. Іван III прыехаў у горад і сам судзіў непакорных мясцовых баяр. Аднойчы ноўгарадцы ў адным са сваіх зваротаў да маскоўскага князя назвалі яго не "гаспадзінам", а "гасударом", гэта значыць, "уладаром", але потым ад гэтага адмовіліся. Тады Іван зноў прывёў сваю армію і аблажыу Ноўгарад. Ноўгарадцы здаліся і ў студзені 1478 г. прызналі поўную ўладу Масквы. Пераможцы забаранілі веча, вечавы звон вывезлі ў Маскву, а ноўгарадскіх баяр адправілі ў далёкую высылку. У 1489 г. маскоўскія войскі захапілі апошнюю калонію Ноўгарада - горад Вятку. Таксама Іван III выгнаў з Ноўгарада нямецкіх купцоў, і гандаль з Захадам неўзабаве спыніўся. У 1480 і пасля вышэйзгаданага няўдалага паходу на Маскву татарскага хана Ахмата, якому на дапамогу зноў жа не прыйшлі войскі ВКЛ, Вялікае Княства Маскоўскае атрымала незалежнасць.

Пасля смерці першай жонкі ў 1467 г. Іван ІІІ ажаніўся з пляменніцай апошняга візантыйскага імператара Зояй-Соф'яй Палеалог, якая жыла ў Італіі. Шлюб адбыўся ў 1467 г.

У 1485 г. войскі Івана III выступілі супраць Цверы і аблажылі горад. Пасля таго як здраднікі адкрылі гарадскую браму, апошні цверскі князь уцёк у ВКЛ, і Цверская дзяржава спыніла сваё існаванне, а Пскоў і Разань ператварыліся ў паслухмяных васалаў Масквы. З таго часу Іван III ва ўсіх афіцыйных паперах пачаў ужываць новы тытул: "Государь всея Русы і велыкый князь".

Культура Маскоўскай дзяржавы. Разам з Соф'яй Палеалог у Маскву прыехала шмат італьянцаў і грэкаў. Іван III высока ацэньваў іх прафесіяналізм і даручаў ім будаваць цвердзі, храмы і палацы, чаканіць манеты і вырабляць гарматы. Часам іх рабілі і дыпламатамі. У Маскве італьянцаў называлі "фразінамі" ад слова "фраг" ці "франк", і таму майстроў з Італіі называлі: Іван Фразін, Марк Фразін, Антоні Фразін і гэтак далей. Пры двары Івана III былі і немцы, найперш лекары.

Самым вядомым італьянскім дойлідам быў Арыстоцель Ф'яраванці, які і збудаваў у Маскве новы цагляны Крэмль з элементамі позняй італьянскай готыкі. Дарэчы, італьянцы навучылі маскоўскіх рамеснікаў вырабляць тоўстую чырвоную цэглу, бо раней у Маскоўскай дзяржаве будавалі толькі з дрэва ці абчасанага каменю. Будаўніцтва новага Крамля пачалі ў 1485 г. Адначасова Ф'яраванці збудаваў на тэрыторыі Крамля новы Ўспенскі сабор на месцы старога будынка (1475-1479 гг.). Пасля яго смерці будаўніцтва Крамля працягвалі Антон Фразін і Марк Фразін, а з 1490 г. - П'етра Антоніа Салары. Менавіта, ён збудаваў славутую Спаскую вежу Крамля. У 1499 г. будаўніцтва Крамля было скончана. Перыметр крамлёўскіх муроў склаў больш за 2 км. У канцы XIV-XV стст. у Маскоўскай дзяржаве сфармавалася выдатная мастацкая школа іканапісцаў і майстроў фрэскавага роспісу. На мяжы XIV і XV стст. жылі і працавалі Андрэй Рублёў і Феафан Грэк. Манах Андрэй Рублёў распісаў фрэскамі інтэр'еры храмаў Уладзіміра, Звянігарада, Масквы і іншых гарадоў. Таксама ён напісаў шмат абразоў, сярод іх і знакамітая "Тройца". Феафан Грэк прыехаў у Масковію з Канстанцінопаля ў XIV ст. Спачатку ён працаваў у Ноўгарадзе, а потым у Маскве і падмаскоўных гарадах. Разам з Рублёвым ён распісваў і храмы Маскоўскага Крамля. У канцы XV ст. у Маскве зрабілася знакамітаю сям'я мастакоў: Дыянісій-іконнік і яго сыны Ўладзімір і Феадосій. Яны распісалі храмы Ферапонтавага манастыра і некаторыя пабудовы ў Маскоўскім Крамлі.

У канцы XIV ці ў першай палове XV ст. быў напісаны эпічны твор "Задоншчына", прысвечаны перамозе князя Дзмітрыя Данскога над татарскім правадыром Мамаем у Кулікоўскай бітве. Яго аўтарам мог быць разанскі святар Сафоній.

"Судзебнік". У 1497 г. у Маскоўскай дзяржаве быў прыняты вялікі юрыдычны дакумент, "Судзебнік", які меў агульнадзяржаўнае значэнне як юрыдычная аснова новага ўтварэння, якое пазней назавуць Расіяй. У гэтым дакуменце адлюстравана пачатковая стадыя прыгоннага становішча сялян. У "Судзебніку" ўпершыню выкарыстаны тэрмін "памесце" - асобная форма зямельнай уласнасці, якая давалася за выкананне дзяржаўнай службы. Сяляне маглі пераходзіць ад аднаго памешчыка (які валодаў памесцем) да другога толькі за тыдзень да 26 лістапада (Юр'евага дня) або на тыдзень пазней за гэтую дату. Прытым селянін павінен быў заплаціць памешчыку грошы за карыстанне яго зямлёй - "пажылое".

Вельмі цяжкія былі пакаранні. Акрамя смяротнага пакарання, ужываліся: "гандлёвая кара" (калі сцябалі пугай на гандлёвай плошчы), адразанне вушэй і языка, а таксама клеймаванне гарачым жалезам. Усе сяляне падзяліліся на дзяржаўных (чарнасошных), якія працавалі на "чорных" (дзяржаўных) землях, і прыватнаўласніцкіх, якія працавалі на землях баяр і памешчыкаў. Таксама былі манастырскія сяляне і сяляне-каланісты ( "сваяземцы"), якія жылі на межах краіны і засялялі новыя землі, якія лічылі сваёй уласнасцю.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Баскак - ханскі намеснік, кіраўнік карнага атрада для збору даніны.

Беклярбек - намеснік кіраўніка (хана) Залатой Арды.

Вотчына - зямельная ўласнасць, якую меў феадал пры ўмове абавязковай службы вялікаму князю. Яна заставалася спадчыннай маёмасцю феадала, яе можна было дзяліць сярод спадчыннікаў і прадаваць.

Вялікая Арда - цэнтральная (аўтаномная) частка Залатой Арды ў другой палове XV ст.

"Выхад" - права вялікага князя збіраць з мясцовага насельніцтва даніну для Залатой Арды.

Памесце - зямельная ўласнасць, якая часова давалася феадалу за дзяржаўную службу. Пасля смерці ўласніка гэтую ўласнасць забірала дзяржава.

Памешчык (дваранін) - феадал, які атрымліваў "памесце", пакуль знаходзіўся на дзяржаўнай службе.

"Чорныя землі" - землі, якія належалі толькі дзяржаве.

Чарнасошныя сяляне - сяляне, якія працавалі на чорных землях і плацілі падаткі толькі дзяржаве.

Ярлык - грамата, якую атрымлівалі вялікія князі ад хана Залатой Арды на права трымаць уладу.

"Яса Чынгісхана" - татара-мангольскі закон, які абараняў праваслаўную царкву і вызваляў манастыры і святароў ад усіх данін і падаткаў пры ўмове маліцца за хана і яго сям'ю.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1313-1341 гг. - уладаранне хана Ўзбека.

1320-я гады - абвяшчэнне ісламу дзяржаўнай рэлігіяй Залатой Арды.

1325-1340 гг. - уладаранне маскоўскага князя Івана I Каліты.

1342-1357 гг. - уладаранне хана Джанібека.

1359-1380 гг. - "Вялікая замятня" - аслабленне Залатой Арды.

1380 г. - Кулікоўская бітва.

1380-1395 гг. - уладаранне хана Тахтамыша.

1382 г. - захоп Тахтамышам Масквы; аднаўленне выплаты даніны маскоўскім князем.

1391-1396 гг. - паходы Тамерлана, разгром Залатой Арды.

1420-я гады - пачатак распаду Залатой Арды.

1425-1453 гг. - міжусобная вайна ў Маскоўскім княстве.

1438 г. - стварэнне Казанскага ханства.

1441 г. - стварэнне Крымскага ханства.

1462-1505 гг. - уладаранне Івана III Васільевіча.

1480 г. - атрыманне незалежнасці Вялікім Княствам Маскоўскім.

1497 г. - з'явіўся агульнарасійскі Судзебнік, узнікла новая дзяржава - Расія.


РАЗДЗЕЛ XX. УСХОДНЕСЛАВЯНСКІЯ ДЗЯРЖАВЫ ХІV -ХV стст.: НАЎГАРОДСКАЯ I ПСКОЎСКАЯ РЭСПУБЛІКІ. ВЯЛІКІЯ КНЯСТВЫ СМАЛЕНСКАЕ, ЦВЯРСКОЕ I РАЗАНСКАЕ

1. Наўгародская рэспубліка ў ХІV-ХV стст.

2. Пскоўская дзяржава.

3. Вялікае Княства Смаленскае.

4. Вялікае Княства Цвярское.

5. Вялікае Княства Разанскае.

1. Наўгародская рэспубліка ў XIV-XV стст.

XIV ст. было эпохай чарговага росквіту Наўгародскай дзяржавы. Уся тэрыторыя краіны дзялілася на пяціны і воласці. Каля Фінскага заліва была Водзьская пяціна, бо там жыло фінскае племя водзь. Паміж рэкамі Мста і Лаваць знаходзілася Дзярэўская пяціна, на рацэ Шалоні - Шалонская, а каля Цверы - Бежацкая. На поўначы была воласць Завалочча, або Д звінская зямля, побач - Пермская зямля, Югра (Урал) і Пячора. Да сярэдзіны XIV ст. у Наўгародскую дзяржаву на правах аўтаноміі ўваходзіў Пскоў, але потым ён набыў самастойнасць. З іншых гарадоў у Наўгародскай зямлі былі: Ладага, Волак-Ламскі, Вялікія Лукі, Таржок, Ржэў і Вятка. З канца XIII ст. у Ноўгарадзе зноў пачалося мураванае будаўніцтва. Першай у 1292 г. збудавалі царкву Міколы-на-Ліпне, пазней - царкву Ўспення на Волатавым полі. У ХІV-ХV стст. склаўся класічны тып багата аздобленага ноўгарадскага храма. У якасці аздобы выкарыстоўваліся выступы на фасадах ( лапаткі), розныя нішы, броўкі, паўвалікі і дэкаратыўныя крыжы. Пры будаўніцтве выкарыстоўвалі і тоўстую брусковую цэглу.

Большасць жыхароў горада былі адукаванымі і пісьменнымі людзьмі, пра што сведчаць знойдзеныя археолагамі берасцяныя граматы, прытым большасць з іх датуецца XIV ст. Літары на бяросту наносілі касцяным вастрыём. Граматы напісаныя простай размоўнай мовай і распавядаюць пра штодзённае жыццё ноўгарадцаў.

Археолагі раскапалі рэшткі гарадскіх умацаванняў, збудаваных у 1335 г. Таўшчыня муру складала каля 3 м. У гэтым годзе і быў збудаваны Ноўгарадскі крэмль, які захаваўся да нашых дзён; вышыня яго муроў, абкладзеных цэглай, складала 8-10 м, таўшчыня ўнізе - да 4 м. У XV ст. каля Ноўгарадскай Сафіі збудавалі ансамбль двара Ўладыкі (Епіскапа) Ноўгарада з Гранавітай палатай, якая мае вялікую залу, перакрытую дэкаратыўнымі скляпеннямі. У палаце збіралася "рада паноў", ладзіліся прыёмы для замежных паслоў і знакамітых гасцей. Побач стаіць дазорная вежа "Часазвоня", збудаваная ў 1443 г. У 20-я - 30-я гг. XV ст. ноўгарадцы заснавалі славуты Салавецкі манастыр на астравах у Белым моры.

Пачынаючы з XIII ст. у Ноўгарадзе існаваў культ Міколы Цудатворца, а ў XV ст. склалася ноўгарадская школа іканапісу. Для яе характэрныя выявы св. Георгія-пераможцы.

(Працяг у наст. нумары.)


Сабака ў кватэры - сябар ці вораг?

Што кажуць пра гэта народныя прыкметы і медыцына

Сабаку трымаю ў гарадской кватэры, бо:

*** Люблю прыроду, яе жывую падзабытую людзьмі істоту - сабаку.

*** Сабака ахоўвае мяне, сям'ю.

*** Дае грошы (прадаю шчанят, злучваю за грошы).

*** Супакойваюся поруч сабакі ад грызні з сямейнікамі, гарадской таўканечы, папрокаў саслужыўцаў і знаёмцаў, супакойваюся ў час догляду яго, пагладжвання.

*** Аздараўліваюся ў час выгулаў сабакі, размоваў з ім.

*** Дзеці з сабакам таўкуцца, меней бузацёраць, меней улазяць у шкоды, не гойсаюць у благіх кампашках.

*** Разбівае адзіноту ў старой гаспадыні.

*** Сабакі нямала памагаюць у барацьбе супраць наркотыкаў

*** Яны бываюць праваднікі і памочнікі глухіх, сляпых.

Супраць утрымвання сабакі ў гарадской кватэры (паўторы тады-сяды пракідаюцца):

*** Любасць да прыроды нельга зводзіць да вузкага промня. Траву, лес, ваду, паветра ты не бачыш толкам з-за сабакі. Болей таго, сабакам абгаджваеш. Паглядзіце ўвесну гарадскі растайвалы снег, увесь у смярдзючых адходах выжлаў, мінак баіцца ступіць на сцежку, асфальтоўку, каб не ўлезці ў фекалійныя міны. Прыбіральшчыцы праклінаюць не сабак - іхніх гаспадароў.

*** Карысна асобнаму чалавеку што карысна многім. Грамадству таксама. Твой сабака ахоўвае цябе і сям'ю, а людзей на вуліцы, суседзяў на паверсе і ў пад'ездзе абгаўквае, пужае. Не дае ім адпачываць, думаць, чытаць.

Пры кожным замку для сабак былі, ёсць псярні. У любым вясковым дворышчы для сабакі - будан ускрай хаты, будка, вальер. Народы Поўначы фіны і ўгры, ненцы, чукчы, эскімосы і комі без сабакі не ўяўляюць існавання, аднак не трымаюць сабаку ў адной юрце/чуме з сабою. Дык што казаць нам, этрускам, парусам, земгалам, арыям, славянцам, германцам, саксам, калі ў нашых традыцыях святасць і следаванне традыцыям здавённыя, засведчаныя тысячамі пакаленняў. Сабаку ніколі не было месца ў нашым жыллі, толькі побліз жылля.

*** Атрыманыя за сабаку і ад сабакі грошы не ідуць на карысць табе і сям'і. Расходуюцца на лекі для сабакі, гаспадара, прыфальбоўванне сабакі, кватэрныя рамонты, куплю згубленага, абнаўленне пагрызенага. У дзяржаве ці нацыі, дзе сабачынае мяса адвечна ўжываюць у ежу, гэта не так.

*** Супакоіўся зблізь сабакі, аддаў яму эмацыйныя радасныя хвалі і ўзрухі, палашчыў, пагаманіў з самай разумнай істотай на свеце - разрадзіўся, як лейдэнская банка - сілаў/настрою на радню, крэўных не стала. З імі гатовы доказніцца. Грозьбы сямейных і просьбы аспрэчваюцца, пярэчанні не ўспрыймаюцца. Толькіштошныя подумкі "апрыкла ўсё, паміруся са сваёю пройдаю/кабеткаю" адляцелі, паўсталі тыя ж "вінаватка не слухае, настойвае. Не стану ёй падпарадчыцца, сама ў кватэры ўсё паробіць".

Болей таго, утрымальнік мілага сабачкі гатовы для новай грызні і звадаў з блізкімі. Не стане шукаць хуткіх шляхоў замірэння з сямейнікамі, суседзямі, тым болей са знаёмцамі, сябрамі.

*** Да дзесяці працэнтаў дружбоўства і ладу з сям'і забірае гаўкала і аблавусцік. Акурат іх не хапіла для замірэнства, ліквідацыі развадной хварабітнай расколіны.

Наблізь сабакі ты ўжо заспакайнеўся, яму аддаў памірны струмень, табе не хочацца распачынаць захады на ўладоўванне з малодшымі і старэйшымі, сваякамі, прыяцелямі, тобок плюеш на блізкіх, якія таксама перажываюць нямір'е. Як правіла, супакой поруч сабакі - адрыў ад крэўных і някрэўных. Аддаленне. Гаспадыня замест дзяцей гуляецца з сабакам, забаўляецца, стрыжэ.

*** Распараджаешся чужым часам, хаця не маеш на такое ніякага права - грэшыш.

*** Дзе сабака пастаіць (яшчэ горай - паляжыць), а потым там пастаіць гаспадар (асабліва басанож ці ў шкарпэтах) - чалавек шчэрбіць уласнае біяполе.

*** З чалавекам заўсёды анёл-ахоўнік. На зямлі, у паветры, пад вадою. Чалавек спіць - адпачывае анёл. Сабака ўвечары ці ўночы забрахаў у пакоі - спалохаў, а то і выгнаў анёла-ахоўніка з пакоя, кватэры. У суцэльнай аўры кватэры і рэчаў уладальніка з'яўляюцца правалы, пустоты, а то, не дай Бог, нячысцікі, ліхія.

*** Сабакі любяць церціся аб ногі мужчыны, жанчыны, дзяцей. Патрэцца - забірае працэнты здаровасці, наносіць слабасць, раздражненне, імпатэнцыю, жаночыя хворасці.

*** Мужу шкарпэткі і насоўкі жонка рэдка мые, яшчэ радзей цыруе, а на чацвёраногага раздуру час знаходзіць. Шые сабачы гарсэцік, каптанік, папону, налапнік, палошча іх.

*** У дзяцей сталыя адбіраюць цягу да школы, спорту, вязання, самасілам змушваюць даглядаць сабаку, прагульваць.

*** Жонцы муж не паспагадае - паліцу не прыб'е, у краму не сходзіць, посцілкі і ходнікі не выб'е, на сабаку час знаходзіць - выгульвае. Чым ніжэйшаму служыш, тым ніжэйшы сам.

*** За абгнюшаныя травы, лесвіцы, пясочніцы і газоны, абгаджаныя сабаччом сцежкі і двары, вымазаную ў сабачыныя нечыстоты дзятву, гаўканне сабак у кватэрах, смырод у калідорах, раскіданую сабачыную поўсць у калідорах - за ўсё гэта людзі ўладальнікам сабак кажуць звонкія словы. Мовяць услых і мысленна, у вочы і завочна.

*** Правёў рукой па поўсці кошкі, сабакі - за дзвесце спораў на далоні. Трапляюць у вочы, рот, вушы, нос, страўнік чалавека. Асабліва часта дурэюць з сабакам дзеці, яны, непрыстасаваныя да жыцця з бактэрыямі і глістамі, найболей пакутуюць, часта захворваюць. Асабліва на бранхіяльныя астмы, алергіі, скураныя і кішэчныя хваробы. Глісты, экземы, разбурэнне імуннай сістэмы.

*** "Сабака - сапраўдны член нашай сям'і" заяўляюць дзясяткі ўладальнікаў (цаў). Неасветныя настойваюць: сабака ў іх - раўнапраўны член сям'і, паўнапраўна месціцца ў кватэры.

Колькі адзінокіх дзяцей выраслі з хібамі ў характары, не займелі браціка ці сястрычку, бо абмежаваныя ў сродках і кватэрнай плошчы бацькі не вызвалілі ім пакой/метры, не пажадалі своечасова расстацца з пульхнатым вісклям ці спакойным сабачышчам.

*** Каб чалавек падараваў яблык ці рыбіну, макароны ці булку суседцы-медычцы або настаўніцы, дзятве альбо старым, перадаў усяго пятую частку ўласных выдаткаў на праклятага выжлу - заслужыў бы прызнанне суседа, найшчырае слова падзякі знаёмай. Кепска самому пазбаўляць сябе добрага ўчынку, радасці ад цёплага слова ўдзячнага табе стрэчнага.

*** Чалавек жыве па сабачыным графіку. Не можна выпаўзці у тэатр і цырк, ні ў госці, ні да сябе гасцей, тым болей у другі горад, турпаездку. За абмежаванне ўласнай духоўнасці тая ж узнагарода - страты, кара.

*** Не можа чалавек паглядзець уласных унукаў і суседскіх дзяцей, час забірае пульхнатае паскудства, рослы ліслівы дагоднік. Узрастае нядобразычча ва ўласных сем'ях, абыякаўства з суседзямі.

*** За спалоханых дзяцей і сталых, жаночыя выкідышы і раннія роды, укушаных людзей сабакару тое ж - абгаворы, кара. Ад грамадства, прыроды. Ад Наймагутнага і Ўсебачнага не затрымаецца пакаранне самому, блізкім.

*** За з'едзеныя сабакам нашыя - грамадскія! - прадукты, тобок упустую выкінутыя грошы сям'і - тая ж узнагарода. Усемагчымыя апраўданні - "я плачу за прадукты свае грошы; сабачка есць адходы; не з'еў бы цюцля, у краме ўсё адно прапала б; не столькі ў нас гіне" - пустыя слоўныя выверты нятумкага. Безпадстаўная гаварыльня няцямкага сталага.

Не лічы чужое зробленае і нязробленае, страчанае чалавекам і грамадствам, лічы самім затрачанае, незахаванае. Не прамянтрэжыў бы ты і падобныя з крамы і базару прадукты на сабак - знізіліся б цэны. Не ў дзяржкрамах - на базарах, прыпынкавых ларках. Не адразу, але знізіліся б. Прынамсі, не ўзраслі.

*** Чалавек не толькі абмяжоўвае ўласную фізічную і духоўную сілу, развальваецца фізічна і эстэтычна, з-за недахопу часу не расце прафесійна, абмяжоўвае палітычны кругагляд. Узнагарода - як і за кожны грэх.

*** Шэрсць і смырод псіны па ўласнай кватэры і калідорах - гэта не проста алергіі, гіпертаніі, бранхіяльныя астмы, гепатыты, лішаі, экзэмы ў сябе, родных, суседзяў, яны перадаюцца генетычна.

*** З працы чалавек прыйшоў рассердаваны, дзеліцца навінамі не з мужам (жонкаю), лашчыць не мужа (жонку) - сабаку. Падточваецца лад сям'і.

*** Абараняючы сабаку, які пагрыз рэчы і мэблю, абгрыз тапкі і шпалеры, шмат мужоў зло на жонках зрываюць, жонкі на дзецях. Замест міру і суладдзя, замест дома-цвердзі чалавек атрымлівае раздрай і вакзальны гармідар, падазронасць і калатнечу, павышаны ціск крыві, боль галавы.

*** Дзеці ў сем'ях уладальнікаў сабак з-за драбязы грызуцца між сабою і аднакласнікамі, яны часта абсалютна не ўмеюць саступаць, мірыцца. Для асобных з іх часта крытэрый ацэнкі пасябручка - не ўмельства рук і здатнасць розуму, а пахвала ці ганьба сабакі. Такія дзеці не ўмеюць таварышкаваць са старэйшымі людзьмі. Выдатнікаў і праграмістаў сярод іх практычна няма.

*** Бясплатна раздаеш шчанюкоў у гарадскія чужыя сем'і - засмечваеш у іх лад і супакой, накідваеш на невінаватых лішнія турботы і праблемы. Варварыш!

*** Мужу саступіць слоўна не долее, усё казырыцца, пахваліць хоць за што не петрыць, плачацца пра недахоп часу, а перад чарвяком, нікчэмнасцю ў параўнанні з бацькам дзіцяці нізіцца штодня. Грэшыць!

*** Сам апускаеш сябе і годнасць уласную перад нашмат ніжэйшым за цябе - не чакай спагады ад Вышэйшага. Прыніжаешся перад сабакам, то хто цябе за нармальнага лічыцьме. У пакаленнях народы хваляцца дзецьмі і зробленым, не сабаччом, якое б пародзістае не было.

*** Сабаку трэба любіць і берагчы. Захварэе - лячы. Мноства грошай расходуецца на кармы, лекаванне, абрэзку хвастоў. На стрыжкі і завіўкі сабак, папоны, фальбоны, банцікі. На зімовыя целагрэйкі для сабачыных спінак. Непатрэбнае раскідацтва.

*** Зваць сабаку чалавечым імем - моўна грашыць. У сабачнікаў суцэль Марта, Света, Нюся, Сара, Пеця, Мойша, Джон, Махмуд. Тупыя соўваюць рукі ў вар, бяздумна не цямяць што робяць; аварыі, зладзействы, крадзяжы, падзенні на роўным месцы, вучэбныя і пасадныя невылучэнні клічуць яны на сябе і кодла. Карову, каня назваць, чалавечым імем нельга, а імя чалавечае, якое носяць людзі, на якое адзываюцца мужчыны і жанчыны, аддаюць сабаку, пустаце. Горка, крыўдна, няможна.

*** У сабакі растуць кіпці і зубы, мусіць іх тачыць на мэблі гаспадара ў хаце і кватэры - ірве. Калі дзіця абалье ці замажа верх мэблі, яго дружна бэсцяць, караюць. Сабаку даруюць, мусяць дараваць. Нічога не возьмеш з інстынктамі неасветнай жывёліны.

На чыю карысць няроўнасць?

*** Хто даражэй у гаспадарстве - конь, карова, свіння, авечка ці сабака? Нелагічнае параўнанне. У кожнага свая каштоўнасць, кожнаму цана на ягоным месцы.

Любы ваяр і шляхціц, хлебароб і гараджанін, інтэлігент і падлетак адкажа злёту - даражэй конь, карова, авечка. Не сабака. Дык чаму каня, свінчо, куру, авечку шкадуеш меней за сабаку. Іх з хлява ў хату і кватэру не бярэш, а сабаку можна?

*** Мноства глістоў прыходзіць да чалавека праз натуральнага прыроднага іх пераносчыка - сабаку і кошку. Сям'я нясе страты на здароўі, леках. Па інфекцыйнай заражанасці ўладальнік сабакі і сабака становяцца роўныя, заражаюць блізкіх і няблізкіх, суседзяў, асабліва часта інфекцыі ў дзяцей, якія інстынктыўна праяўляюць добрасць характару да слабейшага, імкнуцца пагладзіць ліслівага адданіка.

*** Дзіцё пераступіць цераз сабачыныя фекаліі - два-тры дні нэндзіцца, нервуецца, дарослы - дзень месца не знаходзіць, з усімі псіхуе, сексуальна слабее. Жанчына пераступіць - на ўсіх сабакам агрызаецца, усе для яе дрэнныя. Нечыстоты і смецце пры хадзе - на вуліцы, сцяжыне... - разумныя людзі паміж ног не прапускаюць, а сабачынае гнюсоцце пераступаць мусяць. З-за цеснаты - у кватэры, на вузкай сцяжыне. У ліфце таксама, бо невыводжваны сабака мусова гадзіць ліфт.

*** Прыбіральшчыца чысціць ліфт і, паўторымся, сцяжыну бліз дома. На кім праклёны ўзлаванай, доктар ведае. Як і слухачы, чытачы яго лістоўкі пра шкоду жывёлы ў кватэры.

*** Сабачынае віскоцце і гаўканне, кошкавае мяўканне не музыка, не павінна іх нудоцце і скавыт засціць быт суседзяў, перасільваць вышнія гукі прыроды. А шкадобнікі і ўяўныя абаронцы прыроды жывыя каналы існавання перакрываюць, абмяжоўваюць.

*** Выгульваць самую нявінную любімую істоту без намысніка, не на павадку - парушаць заканадаўства не толькі еўрапейскае, а і беларускае. Парушаюць свядома. І пнуцца, каб саміх і звяр'ё іхняе любілі, шанавалі.

*** Нельга здзекавацца з жывога. Паглядзіце, як муштруюць, бесперапынна ўшчуваюць сабаку асобныя ўладальнікі. Узнімае хамло ўласны аўтарытэт тузаннем павадка з пакорнаю аўчаркаю, расляком дварнягам. Большасць сабак у такіх шкадавальнікаў - прыніжаныя забітыя істоткі. Нягегласць існавання гняце нават адвечных непародзістых цярпліўцаў - дварнякоў. Крыкма выюць чацвёраногія ў такіх спагаднікаў: людцы, вызвальце нас ад болю штодзёння, забярыця ад абаронцаў, выратуйце з ярма падняволі.

*** Мноства страт грамадству ад выкінутых на вуліцу сабак, шчанят, кошак. Страт - значыць, усеагульнага нядобразычча на былых шкадобнікаў. У 2000 годзе ў адным Менску вымушана адлавілі каля дванаццаці(!) тысяч бязлітасна выкінутых чацвёраногіх.

*** Чукчы, ненцы, комі, эскімосы, юкагіры без сабакі не явяць існавання, як славяне без каровы, свінні, курэй. Але комі, чукчы... сабаку у юрце, чуме не трымаюць. Нельга, грэх, шаман абурыцца. А славянцы што сабе дазваляюць? Разумнейшыя?

*** Ні ў адным замку ці высотным доме, дзе жыве колькі чужых сем'яў, законы Англіі і Германіі не дазваляюць трымаць сабаку. Нельга замінаць іншым жыць па іх разуменні і здольнасцях, жыльцы не павінны прыстасоўвацца да твайго выжлы. У вышынніках ЗША сабаку трымаць строга забаронена. Хочаш трымаць - атрымай пісьмовую згоду жыльцоў. Не паверха - усяго пад'езда, зачастую дома.

*** На асвечванне ўласных дзяцей граматаю і прывуку да спецыяльнасці гаспадар часу не мае, а выводзіць праклятага выжляка на прагулкі знаходзіць. Неразумнаму гаспадар дае перавагу перад разумным. Абражае ўсяведнасць і чысціню неба, космасу, топча ўласную генетычную цялеснасць.

*** Наглядзяцца цяперашнія беларускія ўсяведкі чужакраінных серыялаў, паездзяць па Амерыках і Еўропе, патрабуюць ад дзяржавы ўтрымання хворых і кінутых сабак, адкіды грамадства, па еўрапейскіх нарматывах, утылізацыі па еўрапейскіх нарматывах.

*** Сабака выпадкова забег у касцёл/царкву, пратэстанцкую царкву, сінагогу, на хвіліну-дзве, храм адразу паўсюдна ачышчаюць, нанава свенцяць. Святары, як бы іх задаўнейшыя папярэднікі не бэсцілі святое язычніцтва, галоўныя святы якога пераназвалі хрысціянскімі, кемкія і праведныя святары чуюць праўду для храма і чалавека, вытурваюць сабаку з храма.

*** Хто-ніхто выдаткуецца на пустое, без чаго можа існаваць - сам пустым становіцца, не адно Тут - і Там!

*** Кошка за год тры разы коціцца, прыводзіць за акот да пяці кацянят, бывае болей. Давайце станем усіх берагчы. А што, мы добрыя, любім прыроду…

*** Выстаўкі коней, кароў у абласным цэнтры не праводзяць, а сабак і кошачак па некалькі разоў.

Задумайцеся, чаму, як правіла, не прымусіш трымаць жывёлу чалавека, які 15-20 гадкоў пашчаслівіўся з сабакам/кошкаю ў гарадской цеснаце/раі.

Уладальнікі сабак у гарадскіх кватэрах, як правіла, добрыя чуллівыя людзі. Шкадуюць жывое. Дык шкадуйце шматдзетныя сем'і, адзінокіх пенсіянераў, затурканую настаўніцу і медычку, выхавацельку дзіцячага сада і прыбіральшчыцу, шкадуйце жывое не на шкоду самім сабе, людзям, грамадству.

Кошка/сабака ў гарадской кватэры, малой/вялікай неістотна - гэта суцэпьныя скаргі ад неўладальнікаў сабак (99,9%) у ЖЭСы, СЭСы, міліцыю, выканкамы, суды, звягства з суседзямі, мінакамі. Пры мінімуме плюсоў - гэта суцэльныя страты. Для ўсіх: уладальніка, суседзяў, дзяржавы.

Раней сем'і і малышня хваліліся, што даглядаюць курак і парасятак, умельствам працаваць, цяпер напаўграматныя дарослыя, так званыя інтэлігенты, малых вучаць лячыць кватэрных жывёл, умела адпачываць, часцей ездзіць на поўдзень.

*** Слюна кошак і сабак - гэта мікробы, гніллё, зараза, нават калі на вопратцы, а не толькі на руках, твары.

*** Сабакі пераносяць кляшчоў.

*** Шмат разоў змушваюць гаспадароў бегаць па ветэрынарах.

Вельмі шкодна для вачэй утрыманне ў кватэры кошкі, сабакі; два разы на год жывёлы ліняюць, бактэрыі, мікробы, поўсць непазбежна трапляюць на вопратку, цела, асабліва часта ў вочы; чалавек мусіць праціраць іх, не заўжды насоўкаю, а пальцамі, не заўжды вымытымі.

*** Паводле славутага аўтара Астхіты Калпаковай, кніга "Невылечных хвароб няма", усе кошкі і сабакі насіцелі аскарыд, усе хатнія жывёлы бакцыланасіцелі. Хто цалуе кошак і сабак - атрымлівае інфекцыі, бактэрыі.

*** Даходзіць да выродства, асобныя замежныя жальботнікі помнікі сабачкам ставяць. Правільна? Мо' і мы пачнём чужаніцтва пераймаць.

*** Людзі, свойскія і дзікія жывёлы адвечна жывуць побач, але здаровы дзікі звер заўжды хаваецца ад чалавека.

*** Ніхто з валадарных не дапетрыў чамусьці, што ў Беларусі няма музея бульбы, каровы, свінча. А сабачку практычна цэлыя кватэры прысвячаюцца.

Сабраў, скамплектаваў, адрэдагаваў Валер Санько.


Сонечныя пялёсткі таленту

Ода хрызантэме

Прысвячаю Масако Тацумі

Кветка з імператарскага кімано

Японскім ветрам занесена ў Беларусь.

Чарнакосая японачка Масако

Чайную цырымонію гасцям дэманструе.

У Краіне Ўзыходзячага сонца зноў землятрус.

Барані, Божа, паўднёвы востраў і дрэўца-сакуру.

Чырвона-белы арнамент на шырме і на абрусе

Гаворыць аб роднасці кантынентаў і нацый.

Хрызантэмы пялёсткі, лісце зялёнае,

Нібы таемная сэрца сімфонія…

Шматколернае гаркавае вогнішча

Ў Беларусі кожную восень, кожную восень.

Святлана Раманава.


Цёплымі восеньскімі колерамі, яркімі фарбамі вяргіняў і хрызантэмаў падзялілася на сваёй выставе "Пад знакам Сонца" паэтка і мастачка Святлана Раманава, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. На імпрэзе, якая адбылася ў межах кампаніі " Будзьма беларусамі!" у 5-тай менскай дзіцячай бібліятэцы, выступіла з успамінамі яе сястра, вядомая паэтэса, якая працуе ў Веткаўскім музеі, Ларыса Раманава.

Святлана Дмітрыеўна Раманава нарадзілася ў вёсцы Покаць Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў 1965 годзе. У Веры і Змітра Раманавых было чацвёра дзяцей: Ларыса, Святлана, Пётр і Надзея. Чуйныя дзявочыя натуры шчодра надзелены паэтычным і мастацкім дарамі.

- Святлана заўсёды была завадатарам у нашых дзіцячых гульнях, - успамінае Ларыса Раманава. - Часам яна збірала прыгожыя букеты і заахвочвала дзятву маляваць з натуры.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1982 годзе Святлана паступіла на факультэт журналістыкі БДУ. У гэты перыяд яна далучылася да дзейнасці літаб'яднання "Тутэйшыя" і адначасова пачала займацца ў мастацкай студыі Алеся Квяткоўскага.

З таго часу ў яе жыцці так шмат значаць паэзія і жывапіс, што яна застаецца верным духу творчасці насуперак усім жыццёвым цяжкасцям!

У 1989 годзе Святлана Раманава прыняла ўдзел у стварэнні калектыўнага зборніка літаб'яднання "Тутэйшыя", у 2002 выступіла суаўтарам кнігі паэзіі " Верш на свабоду". У 2013 г. яна прапанавала чытачам ужо свой уласны паэтычны зборнік "Смарагдавы рай".

"Ткуцца палотны жыцця

З сустрэч выпадковых

І невыпадковага лёсу,

З сонечных шчырых пялёсткаў

З думак, наіўных і чыстых,

З цяжкіх і радасных слёзак," - піша паэтка.

У 2012 годзе С. Раманава скончыла факультэт эстэтычнага выхавання БДПУ імя Танка. У 2013 годзе яна вучылася ў аспірантуры ў БДАМ і даследвала жанр аўтапартрэта ў беларускім мастацтве.

На яе новай выставе сагравае шчодрымі фарбамі нацюрморт з мёдам і калінай, радуе вока краявід у Залессі, прываблівае выява хаты ў Азярышчы ў атачэнні вогненых клёнаў. Паэтку і мастачку натхнілі вобразы іншых творцаў і сучаснікаў - пейзажыста Леаніда Гоманава, фотамастака Сяргея Плыткевіча. Іх партрэты можна ўбачыць на выставе. У вершах Святлана Раманава не раз звяртаецца да сваіх роднасных душаў, да матулі Веры Іванаўны, да паэткі Людмілы Сільновай і мастака Ўладзіміра Сулкоўскага. У словах і вобразах пранікнёна гучыць тэма любові і мацярынства. Спадарыня Святлана - шчаслівая маці, у яё дзве дачкі - Вікторыя і Марыя, падрастае ўнучка Аліса.

У дзень адкрыцця выставы выдатную магчымасць падзяліцца сваімі ўражаннямі і абмяняцца думкамі прадаставіла загадчыца бібліятэкі Людміла Пятроўна Бягун. Восеньскай пяшчоты надало імпрэзе выступленне дзіцячага калектыва "Вольніца" пад кіраўніцтвам Аляксандры Жук .

У гасцей мерапрыемства выклікала цікавасць новая кніга Ларысы Раманавай "На мяжы межаў. Этнаграфічныя нарысы", яе аповед пра дзейнасць музея і збор каштоўных узораў ткацтва. Удзел у дыскусіі прыняла кіраўніца Цэнтра японскай культуры ў Менску сп. Масако Тацумі. Ёй Святлана Раманава прысвяціла свой верш.

Эла Дзвінская, фота аўтара. 1. Святлана Раманава 2. Дзіцячы калектыў "Вольніца" на імпрэзе 3. Адна з карцін паэткі і мастачкі.


Гучалі малітвы, вершы і песні ля крыжа

У мінулую сераду, 27 верасня, праваслаўныя вернікі адзначылі свята Крыжаўзвіжання. У гэты дзень вернікі ўспаміналі, як у 326 годзе ў Іерусаліме, каля гары Галгофы, быў цудам знойдзены Крыж, на якім распялі Ісуса Хрыста.

Ужо не першы год 27 верасня ў Лідзе, па ініцыятыве настаяцеля храма Усіх Святых протаіерэя Ўладзіміра Яроміча, вечарам прыхаджане названага храма прыходзяць на святочны малебен і акафіст да праваслаўнага паклоннага крыжа, які ўстаноўлены па вуліцы Касманаўтаў, недалёка ад бальніцы. Так было і ў мінулую сераду. Цырымонію праводзіў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Яго Прэасвяшчэнству саслужылі вышэйзгаданы айцец Уладзімір і клірык храма Усіх Святых іерэй Аляксандр Збераноўскі. Малебныя песнапенні выканаў хор пад кіраўніцтвам рэгента Ірыны Мухі.

Па заканчэнні богаслужэння ўладыка нагадаў прысутным, што свята Крыжаўзвіжання нагадвае людзям аб крыжы, які кожны з нас нясе па жыцці, і кожны павінен несці свой крыж годна.

Варта таксама адзначыць, што па старой традыцыі, ініцыяванай зноў жа айцом Уладзімірам, на цырымонію каля праваслаўнага крыжа былі запрошаны і сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" ды Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны". Пасля богаслужэння лідскія паэты Алесь Хітрун, Таццяна Сямёнава, Марыя Масла, Вольга Верасняк, Алесь Мацулевіч прачыталі перад прысутнымі вершы духоўнага зместу, лідскі бард Сяргей Чарняк выканаў пад гітару адпаведныя святу песні на вершы лідскіх паэтаў Станіслава Судніка і Валерыя Мацулевіча. Своеасаблівы вечар духоўнай паэзіі пад адкрытым небам таксама падкрэсліваў урачыстасць свята.

У завяршэнне правячы архіерэй выказаў падзяку ўдзельнікам літаб'яднання і ўручыў ім памятныя падарункі. Сёстры Свята-Васільеўскага брацтва пры храме Усіх Святых пачаставалі ўсіх прысутных ласункамі.

Алесь МІХАЙЛОВІЧ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX