НАША СЛОВА № 41 (1348), 11 кастрычніка 2017 г.
Дарагія сябры "Нашага слова"!
У гэтым квартале адбылося павелічэнне колькасці падпісчыкаў. З верасня часткова з'явілася ведамасная падпіска для некаторых раёнаў, недзе папрацавалі арганізацыі ТБМ, недзе пры наяўнасці жывых арганізацый падпіска яшчэ знізілася. Можна адзначыць працу арганізацый у Баранавічах, Оршы, Гародні, Салігорску. Але пры тым павялічылася колькасць раёнаў, дзе не выпісваюць ні адной газеты.
Ліпень Кастрычнік
Берасцейская вобласць:
Баранавічы р.в. 11 17
Бяроза р.в. 9 8
Белаазёрск р.в. 1 1
Бярэсце гор. 7 6
Ганцавічы р.в. - -
Драгічын р.в. - -
Жабінка р.в. - -
Іванава р.в 1 1
Івацэвічы р. в. 3 4
Камянец р.в. 1 1
Кобрын гор. 2 2
Лунінец гор. 2 2
Ляхавічы р.в. 1 1
Маларыта р.в. 1 1
Пінск гор. 8 6
Пружаны р.в. 7 19
Столін р.в. - -
Усяго: 54 69
Віцебская вобласць:
Бешанковічы р.в. - -
Браслаў р.в. 1 1
Віцебск гор. 16 17
Віцебск РВПС 1 1
Верхнедзвінск р.в. 4 5
Глыбокае р.в. 7 9
Гарадок р.в. 3 4
Докшыцы р.в. 3 3
Дуброўна р.в. 1 -
Лёзна р.в. 1 1
Лепель р. в. 1 1
Міёры р.в. 1 1
Наваполацк гор. 19 18
Орша гор. 6 18
Полацк гор. 3 3
Паставы р.в. 7 4
Расоны р.в. 1 1
Сянно р.в. 2 1
Талочын р.в. 1 1
Ушачы р.в. 2 2
Чашнікі р.в. 1 1
Шаркоўшчына р.в. 7 7
Шуміліна р.в. - -
Усяго: 88 99
Менская вобласць:
Беразіно р.в. 2 2
Барысаў гор. 2 5
Вілейка гор. 1 1
Валожын гор. 9 7
Дзяржынск р.в. 9 8
Клецк р.в. - -
Крупкі р.в. 3 3
Капыль р.в. 1 1
Лагойск 5 4
Любань р.в. 1 1
Менск гор. 198 211
Менск РВПС 5 8
Маладзечна гор. 10 9
Мядзель р.в. 5 5
Пухавічы РВПС 4 4
Нясвіж р.в. 9 25
Смалявічы р.в. 1 2
Слуцк гор. 9 7
Салігорск гор. 6 16
Ст. Дарогі р.в. - -
Стоўбцы р.в. 3 4
Узда р.в. 2 1
Чэрвень р.в. 2 2
Усяго: 287 326
Гомельская вобласць:
Буда-Кашалёва - 3
Брагін р.в. 1 -
Ветка р.в. 1 1
Гомель гор. 20 21
Гомель РВПС - -
Добруш р.в. 1 1
Ельск р.в. 1 1
Жыткавічы р.в. 14 14
Жлобін гор. 1 1
Калінкавічы гор. 1 1
Карма р.в. 1 1
Лельчыцы р.в. - -
Лоеў р.в. - -
Мазыр гор. 2 2
Акцябарскі р.в. 1 1
Нароўля р.в. 1 1
Петрыкаў р.в. 1 1
Рэчыца гор. 1 1
Рагачоў гор. 1 1
Светлагорск гор. 1 1
Хойнікі р.в. - -
Чачэрск р.в. 1 1
Усяго: 50 53
Гарадзенская вобласць:
Бераставіца 3 3
Ваўкавыск гор. 8 8
Воранава р.в. 4 19
Гародня гор. 28 35
Гародня РВПС 19 18
Дзятлава р.в. 6 9
Зэльва р.в. - -
Іўе р.в. 2 16
Карэлічы р.в. 3 3
Масты р.в. 4 3
Наваградак гор. 3 1
Астравец р.в. 2 3
Ашмяны р.в. 3 3
Смаргонь гор. 4 5
Слонім гор. 7 6
Свіслач р.в. 4 4
Шчучын р.в. 1 2
Ліда 12 45
Усяго: 112 183
Магілёўская вобласць:
Бабруйск гор. 3 2
Бялынічы р.в. - -
Быхаў р.в. 1 1
Глуск р.в. 1 -
Горкі гор. 1 1
Дрыбін р.в. - -
Кіраўск р.в. - -
Клічаў р.в. 2 2
Клімавічы р.в. - -
Касцюковічы р.в. 1 1
Краснаполле р.в. - -
Крычаў р.в. - -
Круглае р.в. 2 2
Мсціслаў р.в. 2 2
Магілёў гор. 30 28
Магілёў РВПС - -
Асіповічы гор. 11 11
Слаўгарад р.в. - 1
Хоцімск р.в. - -
Чэрыкаў р.в. 2 2
Чавусы р.в. - -
Шклоў р.в. 1 2
Усяго 56 55
Усяго на краіне: 647 785
170 гадоў з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча
Эдвард Антоній Леанард Адамавіч ВАЙНІЛОВІЧ (13 кастрычніка 1847, Вялікая Сляпянка (цяпер у межах Менска) - 16 чэрвеня 1928, Быдгашч, Рэспубліка Польшча) - буйны гаспадарчы і палітычны дзеяч Беларусі і Расійскай імперыі. Належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба "Сыракомля". Як асоба з'яўляўся глыбока веруючым, сумленным і працавітым чалавекам, абаронцам права прыватнай уласнасці, праявіў сябе патрыётам Беларусі. Усё жыццё быў праціўнікам нацыяналізму, актыўна падтрымліваў беларускі нацыянальны рух, не прымаючы толькі сацыялістычныя кірункі апошняга.
Атрымаў тэхнічную і сельскагаспадарчую адукацыю і практыку (у тым ліку - за мяжой), але хутка пачаў актыўна займацца ва ўласным маёнтку сельскагаспадарчай вытворчасцю, грамадскай і дзяржаўнай службай у родным Слуцкім павеце Менскай губерні. Уступіў у 1878 г. у Менскае таварыства сельскай гаспадаркі (1878-1921), стаў у 1888-1907 гг. яго віцэ-старшынём, а ў 1907-1921 гг. старшынём. З 1888 г. фактычна быў кіраўніком Менскага таварыства сельскай гаспадаркі і вывеў яго ў шэрагі самых эфектыўных і прагрэсіўных гаспадарчых арганізацый Расійскай імперыі.
У 1905-1910 гг. на свае грошы пабудаваў у Менску велічны каталіцкі касцёл Святога Сымона і Святой Алены (Чырвоны касцёл) у памяць аб сваіх заўчасна памерлых дзецях. Быў шчырым католікам, але і заўзятым прыхільнікам міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру, свабоды сумлення; будаваў праваслаўныя цэрквы, стаў заснавальнікам камітэта абароны праў яўрэяў і татар у Клецку.
Маючы велізарны аўтарытэт у літоўска-беларускім краі, быў выбраны дэпутатам (1906-1909) ад Менскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, дзе ў 1906-1908 г. узначальваў групоўку дэпутатаў "Польскае кола" (і паралельна яе частку - "Кола Літвы і Русі"). У 1906 г. адмовіўся ад прапанаванай Пятром Сталыпіным пасады намесніка міністра земляробства Расійскай імперыі. Стаў адным з лідараў ліберальна-кансерватыўнага кірунку "краёвасці" і першым старшынём Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907-1908) - выступаў за аўтаномію свайго края ў складзе Расійскай імперыі, скасаванне саслоўных адрозненняў, ліквідацыю сялянскага малазямелля, развіццё сістэмы бясплатнай пачатковай адукацыі, прававую роўнасць народаў, моў, культур, канфесій і інш.
У 1911-1917 гг. быў (па выбары) дэпутатам ад "польскай" (каталіцкай) курыі Слуцкага павета ў менскай губернскай земскай управе (менскім земстве).
У час Першай сусветнай вайны як кіраўнік Менскага таварыства сельскай гаспадаркі аказваў дапамогу бежанцам і ахвярам вайны, захоўваў эвакуяваную пародзістую жывёлу, арганізаваў дагляд за прыватнымі гаспадаркамі Менскай губерні, чым памяншаў страты ад вайны і нямецкай акупацыі. Пасля падзення расійскага самаўладдзя ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917) станоўча ўспрыняў працэс палітычнага самавызначэння беларусаў і стаў разам з іншымі лідарамі Менскага таварыства сельскай гаспадаркі актыўным прыхільнікам палітычнай суб'ектнасці Беларусі (аж да стварэння беларускай дзяржаўнасці). У 1917 г. выдаткаваў грошы на Беларускі нацыянальны камітэт (у Менску). Падтрымліваў свайго "палітычнага вучня" і паплечніка Рамана Скірмунта, які летам 1918 г. на пасадзе прэм'ер-міністра ўрада БНР рабіў захады, каб БНР фарміравалася як капіталістычная дзяржава.
Пасля адыходу з Беларусі нямецкіх войск узначаліў Саюз палякаў беларускіх ускраін, актыўна ўдзельнічаў у снежні 1918 г. у арганізацыі набору і фінансавання Літоўска-беларускіх дывізій, падтрымаў ідэю ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад шматнацыянальнай федэратыўнай Рэчы Паспалітай, увайшоў у склад Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі і Саюза маянткоўцаў Літвы і Беларусі ў Варшаве. У снежні 1921 г. са сваякамі вырашыў асесці ў польскім Быдгашчы, адышоў ад палітычнай дзейнасці і не ўступаў у палітычныя партыі.
11 чэрвеня 2006 г. труна з рэшткамі Эдварда Вайніловіча была ўрачыста перапахавана ў Менску каля касцёла Святога Сымона і Святой Алены пры прысутнасці далёкіх сваякоў Вайніловічаў.
Вікіпедыя.
Аншлаг на курсах украінскай мовы ў Менску
6 кастрычніка ў менскай сядзібе ТБМ распачаліся бясплатныя курсы ўкраінскай мовы, якія сабралі сапраўдны аншлаг. На першым занятку прысутнічалі пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, старшыня ТБМ Алег Трусаў і першы намеснік старшыні Алена Анісім. Украінскі дыпламат адзначыў, што не чакаў убачыць столькі ахвотных вывучаць украінскую мову ў Менску, а таксама паабяцаў, што ўкраінскі бок зробіць усё магчымае, каб падтрымаць гэтую зацікаўленасць. Ігар Кізім агучыў інфармацыю пра адкрыццё ўкраінскага тэлеканала ў Беларусі. Усю тэхнічную дакументацыю па гэтым пытанні ўкраінскі бок ужо перадаў у Менск. Пасол зазначыў, што гаворка ідзе таксама і пра адкрыццё бюро агенцтва "Ўкрінфарм" у беларускай сталіцы.
Фота Волі Афіцэравай. nn.by.
Як беларускую мову з сімвалічна дзяржаўнай зрабіць рэальна дзяржаўнай
Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Качанавай Наталлі Іванаўне
Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусьі Мясніковічу Міхаілу Ўладзіміравічу
Прем'ер-міністру Рэспублікі Беларусь Кабякову Андрэю Ўладзіміравічу
З В А Р О Т
Мінула больш за год пасля нашага Звароту да Вас з прапановай пачаць тэрмінова ратаваць беларускую мову ад так рэальнага для яе на сёння вымірання. Згодна з даўно заведзенай практыкай вы даручылі даць адказ падпарадкаваным вам установам - Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук, гэта значыць структурам, у кампетэнцыю якіх не ўваходзіць распрацоўка канцэпцыі дзяржаўнай моўнай палітыкі. У іх адказе на наш Зварот ні слова аб тым, як беларускую мову з сімвалічна дзяржаўнай зрабіць рэальна дзяржаўнай.
Неабходнасць непасрэдна Вашага ўдзелу ў развязванні гэтай лёсавызначальнай для беларускага народа праблемы дыктуецца дзвюмя наступнымі галоўнымі прычынамі: па-першае, менавіта па віне ўладных структур, а не народа беларуская мова даведзена амаль да поўнага заняпаду (да гэтага прамое дачыненне маюць ініцыяваныя ўладамі майскі 1995 і лістападаўскі 1996 г. рэферэндумы); па-другое, выратаванне беларускай мовы ад пагібелі набыло такі архіскладаны характар, што з гэтай бядой можа справіцца толькі дзяржава. Любая грамадзянская ініцыятыва не дасць належнага выніку. Таму ва ўнісон з папярэднім Зваротам мы зноў прапануем вам абвясціць народу, што ў моўнай сферы з-за сур'ёзных хібаў рэгулявання яе склалася надзвычайнае становішча. Пільнай увагі дзяржавы да беларускай мовы настойліва патрабуе і святкаванне 500-гадовага юбілею зараджэння беларускага кнігадрукавання. Вы павінны пераканаць народ, што сваімі канкрэтнымі практычнымі захадамі ў дадзенай сферы дзяржаўнай палітыкі зробіце усё, каб ужо ў бліжэйшы час у суверэннай Рэспубліцы Беларусь забяспечвалася поўнамаштабнае выкарыстанне ў афіцыйным жыцці той мовы, якую Францішак Скарына абраў для выдання Бібліі.
На нашу мінулагоднюю крык-прапанову тэрмінова ратаваць беларускую мову не адрэагавалі і падпарадкаваныя вам дзяржаўныя газеты. І як непазбежны вынік, уладамі краіны і кроку не зроблена ў інтарэсах беларускай мовы. Як і раней, у афіцыйнай моўнай сферы пануе матухна-стыхія, што выгадна толькі рэальна адзінай у нас дзяржаўнай рускай мове, што вядзе да татальнай русіфікацыі Беларусі.
Мы, як і многія іншыя арганічна, цесна інтэграваныя ў нацыянальнае культурнае жыццё Бацькаўшчыны людзі, спадзяваліся штосьці добрае, заспакаяльнае пачуць пра беларускае роднае слова падчас выступлення Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў пачатку лютага сёлетняга года перад вельмі прадстаўнічай аўдыторыяй, дзе прысутнічала шмат высокага рангу палітыкаў, творчых асоб, гэта значыць тых, хто больш за ўсіх адказны за лёс свайго народа, у якога проста на вачах гіне родная мова. Зараз нават сярэднестатыстычны беларус выдатна разумее небяспеку панавання ў яго краіне "русского мира", бо гэта немінуча вядзе не толькі да страты яе этнакультурнай самабытнасці, але і дзяржаўнага суверэнітэту. Тут шмат чаго залежыць ад таго, якую сацыяльную ролю ў краіне адыгрывае яе тытульная беларуская мова. У гэтым плане нічога не было сказана Прэзідэнтам. Наадварот, з яго вуснаў прагучала зусім процілеглае: "Я вас заклинаю (падкрэслена намі - Л.Л., М.С.) и прошу: не отказывайтесь от русского языка. Потому что вы откажетесь от своего родного." На практыцы ж з-за бязмежнага панавання рускай мовы ў грамадскім жыцці краіны ўжо мільёны беларусаў страцілі роднае беларускае слова. У дашчэнту зрусіфікаванай Беларусі руская мова суправаджае беларуса ад дзіцячага садка да заканчэння вышэйшай школы, гэта значыць усё самастойнае жыццё, аж да самай смерці.
Прыведзеныя вышэй словы Прэзідэнта ніяк не стасуюцца з тым, што больш за сотню гадоў таму сказаў свайму дарагому народу, любай Бацькаўшчыне яе слаўны вяшчун Францішак Багушэвіч: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі." Пад напорам русіфікатараў не паслухалі свайго Апостала, таму беларуская мова і апынулася ў такім трагічным стане. Калі ўлады, як і сёння, у абслугоўванні ўсіх сфераў афіцыйнага жыцця будуць выкарыстоўваць толькі рускую мову, беларуская мова немінуча загіне. Раім шаноўным палітыкам падумаць, ці ж з'яўляецца гэта вашым службовым абавязкам загубіць беларускую мову? Ці не разумней было б вам рабіць усё так, каб яна стала фактычна дзяржаўнай, а руская мова, як мова рускага народа, Расіі, выконвала ў нас толькі тыя сацыяльныя функцыі, якія вы цалкам свядома ўсклалі на беларускую? Цвёрда перакананыя, што гэта самы правільны, дэмакратычны, гуманны варыянт развязвання створанай вамі, пачынаючы з мая 1995 года, моўнай праблемы.
Прапануем нарэшце набрацца смеласці і публічна заявіць, што адсутнасць беларускай мовы ў афіцыйным жыцці, камунікатыўных зносінах паміж людзьмі выклікана непрадуманымі майскім 1995 і лістападаўскім 1996 г. рэферэндумамі, у выніку якіх пайшлі пад нож ўсе дасягнутыя ў адраджэнні беларускай мовы досыць пазітыўныя набыткі пасля прыняцця 26 студзеня 1990 года самага знакавага за ўсё ХХ стагоддзе Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". Абавязкова растлумачце народу, што ўсе еўрапейскія ўнітарныя краіны, а Рэспубліка Беларусь якраз і належыць да іх, у якасці дзяржаўнай выкарыстоўваюць толькі мову тытульнага насельніцтва, не прызнаючы аніякага афіцыйнага двухмоўя, таму іх родныя мовы, не ў прыклад беларускай, квітнеюць, не зведваюць аніякай пагрозы заняпаду.
Грубыя пралікі прэзідэнцкай вертыкалі ў рэгуляванні моўнага працэсу ў значнай ступені маглі быць выкліканы яшчэ і тым, што дзеля гэтага не выкарыстаны творчы патэнцыял адпаведных інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў, дзе працуе нямала здаровай беларускай нацыянальнай свядомасці навукоўцаў. Яны маглі б быць незаменнай надзейнай апорай уладаў пры распрацоўцы найважнейшых нарматыўных актаў па забеспячэнні беларускай мове статусу рэальна дзяржаўнай.
Калі ж і пасля прапанаваных намі шляхоў па выратаванні беларускай мовы ад скону справа не зрушыцца з месца, калі ўзнікнуць непераадольныя перашкоды, як зрабіць яе асноўным сродкам абслугоўвання афіцыйнага жыцця, тады рэкамендуем максімальна выкарыстаць дзеля гэтага розум як мага большай колькасці не адарваных ад нацыянальнай глебы спецыялістаў. Вельмі суцяшае, што апошнім часам у многіх беларусаў абудзілася зацікаўленасць, павысілася адказнасць за лёс роднага слова. Увайшло ў практыку штогадовае правядзенне агульнанацыянальных дыктовак у Міжнародны дзень роднай мовы. Назіраецца пэўны ўсплёск шматлікіх грамадскіх патрыятычных ініцыятыў у абарону нацыянальных духоўных каштоўнасцей беларускага народа і найперш самай галоўнай з іх - мовы. Гэта - "Будзьма беларусамі", "Не маўчы па-беларуску", "Мова - нанова", "Чытаем па-беларуску з Velcom" і іншыя. Але без мэтанакіраванай нацыястваральнай дзейнасці самой дзяржавы ўсе гэтыя ініцыятывы не ў стане паўплываць на ўзрастанне сацыяльнай ролі беларускай мовы, на пашырэнне яе функцый па абслугоўванні афіцыйнага жыцця, г.зн. зрабіць практычны крок для набыцця ёю статусу рэальна дзяржаўнай. Тут патрэбная адпаведная палітычная воля самой дзяржавы, падобная той, з якой яна ў маі 1995 і лістападзе 1996 г. праводзіла рэферэндумы. Час для гэтага наспеў і да таго ж адчуваецца нацыянальнае ажыўленне беларускага народа, чаго не заўважалася раней.
Не выключаем, што шмат карысных прапаноў па трансфармацыі моўнай сферы Беларусі з каланіяльна залежнай у нацыянальна суверэнную магло б даць правядзенне пад кіраўніцтвам уладных структур і з удзелам грамадскасці агульнанацыянальнага конкурсу па такім пытанні: "Маё бачанне рэальных шляхоў забеспячэння беларускай мове статусу адзінадзяржаўнай у краіне". Пытанне пра рускую мову тут не павінна ўзнімацца, бо ў Беларусі яна пачувае сябе, як у Расіі. У конкурсе можна ўдзельнічаць індывідуальна і групамі. Конкурсу ніяк не могуць абысці ўсіх рангаў палітыкі Прэзідэнцкай вертыкалі, ідэалагічная эліта. Вельмі пажаданы ўдзел у ім і моладзі, якой так уласціва імкненне бачыць свой народ, сваю краіну не копіяй чагосьці чужога, а арыгіналам. Заўважым, што ў міжваенны перыяд у шэрагу ўстаноў іх беларусізацыя была паспяхова завершана галоўным чынам дзякуючы намаганням моладзі. У нашым сучасным грамадстве магутнай сілай - шкада толькі што мала скіраванай на нацыянальны інтарэс - стаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ). Аднак, верыцца, што ад удзелу ў конкурсе яго нацыянальна арыентаваных сяброў ўладам удасца атрымаць шмат чаго карыснага пра шляхі, як узвесці і пакінуць на дзяржаўным п'едэстале цалкам законна адну беларускую мову, чым толькі і выратуем краіну ад страты яе этнакультурнай самабытнасці, загубы нацыянальнага суверэнітэту.
Упэўнены, што ў ходзе правядзення такога адпаведнага нацыянальнаму ідэалу Бацькаўшчыны конкурсу ўлады атрымаюць цэлы масіў каштоўнага матэрыялу, прыдатнага для карэннага паляпшэння дзяржаўнай палітыкі ў моўнай сферы, дзе на вялікую шкоду краіны пануе толькі руская мова. Не выключаем, што такі конкурс можа мець і планетарнае значэнне, з высокай практычнай аддачай быць выкарыстаным іншымі народамі, якія вядуць няспыннае змаганне за захаванне сваіх родных моваў ад руйнавальнага ўздзеяння на іх смяротных наступстваў сусветнай глабалізацыі. Каштоўнымі прагматычнага характару матэрыяламі конкурсу Рэспубліка Беларусь можа праславіць сябе на ўсю планету Зямля.
Уладным структурам прапануем неадкладна пачаць праводзіць праз радыё і тэлебачанне пастаяннае агульнанацыянальнае асветніцтва людзей аб значэнні і месцы роднай (этнічнай) мовы, беларускамоўнай адукацыі, беларускай песні ў жыцці асобы і Дзяржавы Беларусь. Неабходна раскрыць абсурднасць і смяротнасць для яе дзейнага канстытуцыйнага афіцыйнага двухмоўя, дапамагчы народу знайсці рэальныя шляхі забеспячэння беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай у краіне.
Агульнавядома, што нацыя памірае тады, калі памірае яе родная мова. Каб такой катастрофы не здарылася з намі, дзяржава павінна ўкараніць беларускую мову ва ўсе сферы жыццядзейнасці краіны. Пачынаць вяртаць беларускую мову на тэлебачанне трэба найперш з найбольш важных і запатрабаваных праграм - з "Навін". Бясспрэчна, кожны грамадзянін вольны гаворыць на той мове, на якой жадае, аднак афіцыйнай, дзяржаўнай мовай у Беларусі павінна быць мова карэннага этнасу дзяржавы - беларуская мова.
Мова - душа народа, аснова культуры, дзяржаўнасці. Толькі родная мова дазваляе беларусу па-сапраўднаму пачуваць сябе беларусам, патрыётам дзяржавы Беларусь. Татальны заняпад беларускай мовы вымушае людзей не па сваёй волі жыць у рэчышчы іншай культуры. Акрамя ўсяго гэтага, этнічная мова з'яўляецца надзейным гарантам і абаронцам нацыянальнай бяспекі. Гісторыя сведчыць: там, дзе мае месца няспынны працэс культурнамоўнай асіміляцыі, а ў нас гэта адбываецца ў форме франтальнай русіфікацыі, там ідуць войны або пануюць бестэрмінова замарожаныя ваенныя канфлікты.
Улады нарэшце павінны вырашыць і заявіць народу, кім павінна быць яго Айчына: суверэннай дзяржавай ці прыдаткам Расіі, а беларусы - самабытным народам ці адгалінаваннем рускай нацыі?
Пытанне ж пра рускую мову не павінна ўзнімацца, бо ў Беларусі з ёю няма праблем. Руская мова ў нас - гэта найперш імперскія інтарэсы Расіі ў Беларусі. Гістарычная місія ўладаў Беларусі - гэта выратаванне, абарона беларускай мовы, беларускай культуры, а значыцца і самой беларускай нацыі. У рускай мовы, у рускай культуры хапае абаронцаў і без беларусаў.
P.S. Пасланы Вам тэкст будзе прапанаваны намі для надрукавання ў газетах: "Звязда", "Советская Беларусь", "Рэспубліка", "Народная газета", таму просім Вашага ўказання рэдактарам пералічаных перыядычных выданняў змясціць яго на сваіх старонках.
Каб Вам, высокія дзяржаўныя дзеячы, глыбей усвядоміць гістарычную ролю роднай мовы народа, якому вы служыце, прапануем пазнаёміцца са зместам наступных цытат:
Когда исчезнет народный язык, народа нет более … Пока жив язык народный в устах народа, до тех пор жив и народ. (Рускі педагог Канстанцін Ушынскі, 1824 - 1870.)
Там, дзе кожны валодае дзвюмя мовамі, заўсёды ў рэшце рэшт агульная перавага па тых ці іншых прычынах будзе аддадзена адной з іх … нацыя знікне не з-за вымірання і не з-за знікнення яе культурной агульнасці, а проста таму, што яна перастане гаварыць на сваёй мове. (Сусветна вядомы тэарэтык па нацыянальным пытанні Карл Каўцкі, 1854 - 1938.)
Увядзенне другой дзяржаўнай мовы пагражае нацыянальнай бяспецы, самабытнасці, унітарнасці дзяржавы, інтэгрыруючай ролі мовы і культуры (карэннага народа) і не ў апошнюю чаргу, асноўным эканамічным правам чалавека. (Прафесар Македонскага ўніверсітэта Чэда Цветаноўскі.)
Когда мы разучимся говорить на белоруском языке, мы перестанем быть нацией. (Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.)
Мяркуем, што ёсць сэнс дзве першыя цытаты папулярызаваць праз змяшчэнне іх у залах, аўдыторыях і іншых месцах, дзе ўладамі, грамадскасцю праводзяцца рознага роду палітычныя, культурна-асветніцкія мерапрыемствы.
Просім развязанне моўнага пытання не ставіць у залежнасць ад сацыяльна-эканамічнага, палітычнага становішча ў краіне.
Леанід Міхайлавіч Лыч, прафесар.
Мікалай Іванавіч Савіцкі, прафесар.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
411. Дунецкі (Анатоль) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Дунец і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Дунецскі - Дунецкі.
412. Духоўнікаў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Духоўнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Духоўнікаў. ФП: духоўнік ('святар, які пастаянна прымае ў каго-небудзь споведзь') - Духоўнік (мянушка, потым прозвішча) - Духоўнікаў.
413. Дучэнскі (Казюк) - вытвор з фармантам -энскі ад тапоніма Дудкі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Дудчэнскі - Дуччэнскі - Дучэнскі.
414. Дыбоўскі (Іван) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Дыбы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Дыбоўскі. ФП: дыбы ('высокія шасты з прыступкамі для хадзьбы не згінаючы ног') - Дыбы (тапонім) - Дыбоўскі.
415. Дыла (Язэп) - семантычны вытвор ад апелятыва дыла 'маруда' (-літоўск. dula 'тс') або рэканструяванае - дыля 'тоўстая дошка', ('тое, што і дылёўка') 'адна з дзвюх рамаў ткацкага варштага'.
416. Дыро (Настасся) - семантычны вытвор ад апелятыва дыра (рус.) 'дзірка', а таксама 'глухі закутак, глуш'; форма з фінальным "о" для адмежавання ад апелятыва.
417. Егарэйчанка (Сяргей, Валянціна) - вытвор з фармантам - анка ад антрапоніма Егарэйка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Егарэйч(к/ч)-анка. ФП: Ягор (імя, з мовы грэкаў georgos 'земляроб') - Егарэйка (памянш.-ласк. форма, фармант -эйка) - Егарэйка (празванне, потым прозвішча) - Егарэйчанка.
418. Ельскі (Зігмунд) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Ельск і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Ельск - Ельскі (накладанне суфікса -ск- на фіналь ўтваральнай асновы).
419. Ерасенка (Андрэй) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Ерась і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ерасенка. ФП: ерась (1) у рэлігіі: адступленне ад афіцыйных царкоўных догмаў; 2) перан. 'бязглудзіца, лухта') - Ерась (мянушка) - Ерась (прозвішча) - Ерасенка.
420. Есіп (Яўген) - другасная форма, першасная Ёсіп - народна-гутарковая форма імя Іосіф (<ст.-яўр. 'Бог прыбавіць, памножыць') набыла ролю прозвішча.
421. Еча (Зоя) - семантычны вытвор ад апелятыва еча 'прага да яды'.
422. Жабёнак (Уладзімір) - семантычны вытвор ад дыялектнага апелятыва жабёнак 'жабяня'; фармант -ёнак ( жабёнак < жаба).
423. Жадоба (Ігнат) - семантычны вытвор ад апелятыва жадоба 'моцнае жаданне чаго-небудзь', а таксама 'скупы чалавек, скнара'.
424. Жалток (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва жаўток / желток (рус.) 'густое жоўтае рэчыва ў птушыным яйцы'. Форма жалток - дзеля адмежавання ад апелятыва.
425. Жамойдзік (Вольга) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Жамойда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жамойдзік. ФП: Жамойда ('літовец, жыхар Жамайціі, жмудзін' (Фасм.)) - Жамойда (мянушка, потым прозвішча) - Жамойдзік.
426. Жанчак (Ян) - семантычны вытвор ад апелятыва жанчак 'кішэнь' (кірг.) (Бірыла).
427. Жарына (Алёна) - вытвор з фармантам -ына ад антрапоніма Жары і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Жарына. ФП: жары ('жоўта-карычневы, рыжы') - Жары (мянушка) - Жары (прозвішча) - Жарына. Або ад апелятыва жарына 'вялікая жара' (параўн. халадзіна), які стаў мянушкай асобы, а потым прозвішчам.
428. Жаўняровіч (Пётр) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Жаўнер і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жаўняровіч. ФП: жаўнер ('салдат польскай арміі' - састар.) - Жаўнер (мянушка, потым прозвішча) - Жаўняровіч.
429. Жданук (Ніна) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Ждан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жданук. ФП: ждан ('той, тое (дзіця), якога чакаюць, хочуць' - ждан) - Ждан (стараж. імя) - Ждан (прозвішча) - Жданук.
430. Жолуд (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва жолуд 'плод дуба'.
431. Жудзь (Эдвард) - семан-тычны вытвор ад апелятыва жудзь 'жудасць'.
432. Жукавец (Алег) - вытвор з суфіксам -ец ад 1) антрапоніма Жукаў і значэннем 'нашчадак названай асобы'; Жукаўец - Жукавец; 2) тапоніма Жукава і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Жуковец. ФП: жук (насякомае) - Жук (мянушка, потым прозвішча) - Жукаў (прозвішча) - Жукава (тапонім) - Жукавец.
433. Жуковіч (Васіль) - вытвор з фармантам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Жук і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жуковіч. ФП: жук ('насякомае з жорскім надкрыллем', а таксама (перан.) 'пра хітрага, пранырлівага чалавека') - Жук (мянушка) - Жук (прозвішча) - Жукавіч (бацькайменне) - Жуковіч.
434. Журавовіч (Ларыса) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Жураў і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жураўовіч - Журавовіч. ФП: жураў ('тое, што і жораў / журавель') - Жураў (мянушка, потым прозвішча) - Журавовіч.
435. Журба (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва журба 'пачуццё смутку, душэўнай прыгнечанасці; туга, маркота'.
436. Журбін (Якаў) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Журба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Журбін. ФП: журба ('пачуццё смутку, душэўнай прыгнечанасці; туга, маркота') - Журба (мянушка, потым прозвішча) - Журбін.
437. Жучка (Янка) - семантычны вытвор ад апелятыва жучка - 'пякучая крапіва з дробным лісцем'. Або жан. да жук (перан.) 'Пра хітрага, пранырлівага чалавека'. У сялянскім асяродку - 'клічка каровы, сучкі'. На сучасным этапе рэканструяванае - Жучко.
438. Жучкевіч (Вадзім) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Жучок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жучкевіч. ФП: жук ('насякомае з жорсткім надрыллем'; перан. 'хітры, пранырлівы чалавек') - жучок (памянш. ад жук: жучок) - Жучок (мянушка, потым прозвішча) - Жучкевіч.
439. Жыбуль (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва жыбуль 'блішчасты' (літ. zibulis 'тое, што блішчыць', 'бліскучае').
440. Жывулька (Аркадзь) - семантычны вытвор ад апелятыва жывулька 'насякомае, якое кусае (вош, блыха)' (Даль).
441. Жыгалаў (Анатоль) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Жыгала і значэннем 'нашчадак названа асобы': Жыгалаў. ФП: жыгала ('металічны распалены прут, якім прапякаюць дзіркі ў дрэве, косці') - Жыгала (мянушка, потым прозвішча) - Жыгалаў.
442. Жыгалка (Валерый) - семантычны вытвор ад апелятыва жыгалка 'куслівая асенняя муха з калючымі шчацінкамі на хабатку, якая пераносіць узбуджальнікаў многіх інфекцыйных хвароб'.
443. Жыдкоў (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Жыдок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жыдкоў. ФП: жыд ('яўрэй') - жыдок (памянш.-ласк. форма, фармант -ок) - Жыдок (мянушка, потым прозвішча) - Жыдкоў.
444. Жылевіч (Людміла) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Жыла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жылевіч. ФП: жыла ('назва крывяносных сасудаў, сужылляў'; 'горная парода ў трэшчыне зямной кары'; 'багністае месца з падземнай крыніцай') - Жыла (мянушка) - Жыла (прозвішча) - Жылевіч.
445. Жылінскі (Лявон) - вытвор з фармантам -скі / -інскі ад та-поніма Жылы / Жыліны і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Жылінскі, Жылінскі. ФП: жыла (апелятыў мае некалькі значэнняў: 1) 'назва крывяносных судзінаў, сухажылляў'; 2) 'трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай', а таксама 'горная парода ў тонкай трэшчыне'; 3) 'багністае месца з падземнай крыніцай'; 4) 'асобны провад, кабель') - Жыла (мянушка, потым прозвішча) - Жыліна (вытвор з фармантам -іна і значэннем 'нашчадак названай асобы') - Жылы і Жыліны (найменні паселішчаў з прозвішчамі Жыла, Жыліна) - Жылінскі.
446. Жыхараў (Георгій) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Жыхар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жыхараў. ФП: жыхар ('той, хто жыве (пражывае) дзе-небудзь; насельнік'; 'той, хто жыве ў памяшканні; жылец') - Жыхар (мянушка, потым прозвішча) - Жыхараў.
447. Жэліба (Барыс) - семантычны вытвор ад апелятыва (рус.) желиба < Желя (Фасмер) - 'шкадаванне', 'шкада'.
448. Забалоцкі (Анатоль) - вытвор з фармантам -цкі (-скі) ад тапоніма Забалаць і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Забалацскі - Забалоцкі. ФП: забалаць ('забалочанае месца') - Забалаць (тапонім) - З абалацкі - Забалоцкі.
449. Завальня (Сяргей) - другасная форма, першасная Заваліна - семантычны вытвор ад апелятыва заваліна (рус. 'прызба' (земляны невысокі насып уздоўж знадворных сцен хаты)).
450. Загорская (Ніна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Загора (Загор'е) і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Загорская. ФП: гара ('пагорак') - За гарой (тапонім, неаднаслоўны) - Загора (тапонім, нярэдка згадваецца Янкам Брылём як блізкая яму мясціна) - Загорская.
451. Задворка (Ігар) - семантычны вытвор ад апелятыва задворка 'тое, што за дваром', 'той, хто жыве за дваром' (утварэнне задворка).
452. Залатар (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва залатар 'майстар у вырабе розных рэчаў з золата; ювелір' (састар.); а таксама 'даўнейшая іранічная назва асенізатара'.
453. Залога (Генадзь) - семантычны вытвор ад апелятыва залога 'залог, заложнік' (Нас.), 'аблога, залеж' (Даль), 'гарнізон', 'ахоўны пост' (Грынч.).
454. Заманіха (Алеся) - семантычны вытвор ад апелятыва заманіха 'дрэва або кустоўе з дробнымі зеленаватымі кветкамі і сакавітымі пляскатымі пладамі'.
455. Запрудскі (Мікола) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Запруддзе і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Запруддзскі - Запрудскі. Або ад мікратапоніма За прудам: Запрудскі.
456. Зароўскі (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Зароўе (< За ровам) і значэннем 'жыхар (народзінец) з Зароўя': Зароўскі.
457. Зарыцкі (Эдуард) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Зарыца і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Зарыцскі - Зарыцкі. ФП: зоры ('зоркі') - Зорыца (`мясціна, асветленая зорамі`) - Зарыцкі.
458. Зарэмба (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва (польск.) zarаba 'зарубка'.
459. Зарэцкая (Лілея) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Зарэчча і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Зарэччская - Зарэцкая.
460. Засінец (Міхась) - другасная форма, першасная Засенец - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Засень і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Засенец. ФП: засень (`месца, зацененае чым-н. ад прамянёў сонца`; зацень) - Засень (тапонім) - Засенец - Засінец.
461. Заслонава (Ірына) вытвор з суфіксам -ава ад антрапоніма Заслон з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Заслонава. ФП: заслон ('вайскова атрад для аховы і прыкрыцця галоўнай часткі войска', 'хатняя пераносная лаўка') - Заслон (мянушка, потым прозвішча) - Заслонава.
462. Зась (Леанід) - семантычны вытвор ад апелятыва зась (укр.) (выкл. разм.) 'дудкі'; 'нельга'.
463. Збруеў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Збруя і значэннем 'нашчадак названай асобы': Збруеў - Збруеў. ФП: збруя ('прыналежнасці для запрагання або сядлання коней і іншых цяглавых жывёл; вупраж') - Збруя (мянушка, потым прозвішча) - Збруеў.
464. Званец (Раіса) - семантычны вытвор ад апелятыва званец 'травяністая расліна сямейства залознікавых з жоўтымі кветкамі і плодам у выгляде каробачкі'.
465. Звяруга (Анастасія) - семантычны вытвор ад апелятыва звяруга 'вялікі, страшны звер', а таксама 'тое, што і звер 'дзікая, звычайна драпежная жывёліна''; перан. 'Пра вельмі злога, жорсткага чалавека'. Антрапонім нярэдка набывае форму з фінальным "о": Звяруга > Зверуго (для адмежавання ад апелятыва).
466. Зігуля (Нэлі) - семантычны вытвор ад апелятыва зігуля 'водбліск' - утварэнне ад дзеяслова зігацець (Вялікі слоўнік беларускай мовы Ф.А. Піскунова, с. 371) 'блішчаць, зіхацець, адбіваючы святло, прамяні'.
467. Зіменка (Андрэй) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Зіма і значэннем 'нашчадак названай асобы': Зіменка. ФП: зіма ('самая халодная пара года паміж восенню і вясной') - Зіма (мянушка) - Зіма (прозвішча) - Зіменка.
468. Зінава (Роза) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Зіна і значэннем 'нашчадак названай асобы': Зінава. ФП: Зіновій (імя, з мовы грэкаў 'жыццё Зеўса') - Зінь і Зіна (народна-гутарк. форма) Зіна (празванне, потым прозвішча) - Зінава. Або рэканструкцыя імя Зіновій.
469. Зінкевіч (Часлава) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Зінко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Зінкевіч. ФП: Зіна (імя мужч., з мовы грэкаў Zenos) - Зінко (мянушка, потым прозвішча) - Зінкевіч.
470. Змеяшыйка (Агата) - семантычны вытвор ад апелятыва змея-шыйка 'птушка атрада весланогіх з тонкай, доўгай шыяй'.
471. Зубар (Людміла) - рэгіянальны варыянт (паводле народнага вымаўлення сегмента бар на месцы графемнага бр) нарматыўнага Зубр - семантычнага ўтварэння ад апелятыва зубр 'дзікі лясны бык сямейства пустарогіх', а таксама (пераносна) 'Пра буйнога спецыяліста, уплывовую асобу (разм., жарт.)'). ФП: зубр (звер) - зубр (спецыяліст) - Зубр (празванне) - Зубр - Зубар.
472. Зубец (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва зубец 'востры выступ на інструменце, прыладзе працы, частцы машыны і інш.', а таксама 'востры выступ на паверхні, абрысах чаго-небудзь'.
473. Зубніца (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва зубніца 'шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з буйнымі белымі, палавымі або пурпурнымі кветкамі'.
474. Зубрыцкая (Юлія) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Зубрычы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Зубрычская - Зубрыц(чс/ц)кая.
475. Зуеў (Антон) - вытвор з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Зуй і значэннем 'нашчадак названай асобы': Зуйеў. ФП: зуй ('ачоскі шэрсці') - Зуй (мянушка, потым прозвішча) - Зуеў.
476. Зяловіч (Арсен) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Зяло і значэннем 'нашчадак названай асобы': Зяловіч. ФП: зяло ('насенне пустазелля ў збожжы') - Зяло (мянушка, потым прозвішча) - Зяловіч.
477. Зяньковіч (Дар'я) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Зенька / Зянько і значэннем 'нашчадак названай асобы': Зяньковіч. ФП: Зіна (муж. імя -грэч. Zenos 'Зеўс') - Зянько (мянушка) - Зянько (прозвішча) - Зяньковіч.
(Працяг у наст. нумары.)
ПАМЯЦІ МІКАЛАЯ ПУПКО
Сябры Івянецкай суполкі ТБМ імя Францішка Скарыны смуткуюць у сувязі з канчынай на 86-м годзе жыцця надзейнага сябра суполкі, грамадскага дзеяча, актыўнага змагара за беларускасць, прапагандыста роднага слова ў сваіх вершах, былога настаўніка, душэўнага, мудрага чалавека МІКАЛАЯ МІКАЛАЕВІЧА ПУПКО.
Вечнага супакою табе, сябар!
Памяці Міколы Аўрамчыка
У 2007 годзе на літаратурным мерапрыемстве ў Палацы мастацтваў я пазнаёміўся з класікам беларускай літаратуры Міколам Аўрамчыкам,з якім мы абмяняліся нумарамі тэлефонаў. Творца запрасіў дадому. 3 лістапада 2007 года ён падпісаў мне вельмі цікавую кнігу ўспамінаў "Знаёмыя постаці", якая пабачыла свет у выдавецтве "Мастацкая літаратура" у 2004 годзе. Літаратурна-мастацкае выданне мае наклад 2000 асобнікаў і чытаецца вельмі хутка і цікава...
Пасябравалі з класікам. Я пачаў паведамляць шаноўнаму творцу апошнія навіны з літаратурнага жыцця г. Менска і краіны дзесьці раз у два тыдні... Таксама я прысутнічаў на 90-годдзі і 95-годдзі класіка. Я пазнаёміўся таксама з дочкамі літаратара і асабліва са спадарыняй Ірынай Мікалаеўнай.
23 верасня 2016 года класік запрасіў дадому, бо выйшла кніга яго выбраных твораў у "Беларускім кнігазборы". Аўтарам праекту і галоўным рэдактарам з'яўляецца знакаміты Кастусь Цвірка. Адказным за выпуск з'яўляецца Георгій Кісялёў, а карэктарам славутая Наталля Кучмель. Наклад кнігі 700 асобнікаў. З цікавасцю чытаюцца вершы класіка "Трыо", "Святлане", "Анкета", "Кузня", "Чаканне"...
Асабіста мне вельмі спадабаўся аўтабіяграфічны раман "У падзямеллі", які я прачытаў усяго за 4 дні. Таксама з цікавасцю чытаюцца ўспаміны творцы "З імем Купалы ў сэрцы", "Сустрэчы", "Незабыўнае", "Пакутныя блуканні", " Шчодрасць паэзіі" і іншыя.
Вельмі сумна было прысутнічаць на развітанні з Міколам Аўрамчыкам, на якое прыйшлі амаль усе лепшыя паэты і празаікі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Было шкада, што адышоў апошні сябар Янкі Купалы.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, літаратар.
Актуальнае пераасэнсаванне жыццяпісу Скарыны
Гэты год багаты не толькі на навукова-папулярныя выданні, прысвечаныя подзвігу Францішка Скарыны, але і на сцэнічныя формы асэнсавання біяграфіі асветніка.У жніўні паспяхова прайшла і выклікала зацікаўленасць прэм'ера спяктакля "1517" у сталічным тэатры беларускай драматургіі.
Новая інтэрактыўная пастаноўка "Друкар" па п'есе А. Петрашкевіча адбылася 4 кастрычніка ў менскім Ліцвінскім клубе ў прысутнасці больш 100 гледачоў.Творчая група пад кіраўніцтвам Наталлі Бачышчы засяродзіла ўвагу на драматычных момантах з жыцця Францішка Скарыны і дазволіла адчуць выпрабаванні і пакуты першадрукара. Адзін з такіх эпізодаў адбываўся ў 1532 годзе, калі Скарына быў зняволены у турме ў Познані за даўгі свайго брата Івана. Вартаўнік прыносіць ежу ў камеру і распытвае пана Францішка, ці не рабаўнік ён, ці не валацуга, ці не злодзей. Супраць Скарыны, які ўносіў свае прапановы ў Статут ВКЛ 1529 года і марыў, каб у валадароў дзяржавы побач са зборнікам свецкіх законаў знаходзілася Біблія, плятуцца прыдворныя інтрыгі. Ён сумуе па доме, па каханай жонцы Маргарыце, балюча перажывае вестку пра пажар у друкарні. Яго ратуе моцная вера і суцяшае слова Божае.
Назіральнік у астрозе, ролю якога выканаў Раман Патапчук, разважае пра тое, колькі ўсяго спатрэбілася пану Францішку для першадрукаў: дасканалы пераклад Бібліі, над якім ён працаваў пяць гадоў, кірылічныя шрыфты, гравюры для ілюстрацый, папера і, ўрэшце, грошы. Ён пачынае глыбока паважаць яго, становіцца яго сябрам і дапамагае яму - прыносіць у камеру ягоныя кнігі.
Лёс доктара лекарскіх навук і кніжніка вырашаюць кароль Жыгімонт з каралевай Бонай Сфорцай. Яны запрашаюць на свой баль усіх гледачоў Ліцвінскага клуба разам з дзецьмі і танчаць з імі мінуэты. Скарыне перадаюць ліст, у якім кароль вызваляе яго ад судовых прэтэнзій і абяцае сваю асабістую апеку.
Роль Францішка Скарыны выканаў будучы гісторык Радыён Мадатаў, які вучыцца ў магістратуры ў БДУ. У караля пераўвасобіўся Алег Рукаль, Гаштольдам быў Барыс Гарбачэўскі, а роля каралевы прышлася вельмі да твару выкладчыцы беларускай літаратуры Марыне Багародзь. Актуальнае пераасэнсаванне жыццёвага шляху Скарыны ўдала дапаўняе творчыя імпрэзы юбілейнага года.
Эла Дзвінская. На фота аўтара: 1. Кароль Жыгімонт і каралева Бона Сфорца (А. Рукаль і М. Багародзь); 2. Гаштольд і Францішак Скарына (Б. Гарбачэўскі і Р. Мадатаў).
Пра лёс нашай спадчыны
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб разглядзе звароту
Паважаны Алег Анатольевіч!
У адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі разгледжаны Ваш зварот па пытанні забеспячэння захаванасці палаца Рдултоўскіх у аг. Сноў Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Паведамляем наступнае.
Пытанне далейшага выкарыстання гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "2" "Былы палацава-паркавы ансамбль: палац, парк у аг. Сноў Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці", якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці Нясвіжскага раёна, прапрацавана сумесна з Мінскім аблвыканкамам і дзяржаўнай установай "Нацыянальны гісторыка- культурны музей-запаведнік "Нясвіж".
Стан былога палацава-паркавага ансамбля ў аг. Сноў нельга назваць нездавальняючым. У належным стане знаходзяцца апорныя канструкцыі, падмуркі, дах палаца (што таксама пацвярджаецца заключэннямі экспертыз, праведзеных Нясвіжскім райвыканкамам за апошні год).
Не пацвердзілася інфармацыя аб наяўных дэфектах дахавага пакрыцця, цэласнасць якога фактычна не парушаная. Наяўная адтуліна ў паддашкавым перакрыцці ўнутры будынка не з'яўляецца крытычнай і не вядзе да разбурэння бўдаўнічых канструкцый. Фасады палаца не маюць сур'ёзных пашкоджанняў (акрамя фарбавальнага пласта), у добрым стане знаходзяцца дэкаратыўныя элементы, якія ўпрыгожваюць палац як звонку, так і ўнутры. У парку неабходна правесці работы па добраўпарадкаванні, чыстцы воднай сістэмы, аднак дзве асноўныя гістарычныя алеі захаваліся, і ў цяперашні час пагрозы іх страты не існуе.
Неабходна адзначыць, што пасля прыняцця ў камунальную ўласнасць дадзенай маёмасці Нясвіжскім райвыканкамам прымаюцца пэўныя меры па забеспячэнні яго захаванасці. Райвыканкамам забяспечана кругласутачная ахова аб'екта сіламі Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, праводзіцца штоквартальны маніторынг стану аб'екта, пакос і ўборка прылеглай да будынка тэрыторыі. Акрамя таго, будынак палаца забяспечаны вадой, тэлефоннай сувяззю, электразабеспячэннем, у ацяпляльны перыяд - цеплазабеспячэннем.
У цяперашні час Нясвіжскім райвыканкамам праводзіцца работа па арганізацыі адкрытага аўкцыёну Фондам "Мінскаблдзяржмаёмасць". Падрыхтаваны неабходны пакет дакументаў, уключаючы поўную інвентарызацыю будынкаў і збудаванняў на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, экспертныя заключэнні аб стане аб'ектаў нерухомасці, інжынерных сетак, і вядзецца праца над заключным этапам ацэнкі маёмасці ў комплексе ўсіх будынкаў.
Улічваючы наяўнасць на тэрыторыі аб'екта будынкаў і памяшканняў, якія могуць быць абсталяваны для лячэбных і рэкрэацыйных мэтаў без істотнай перапланіроўкі і перапрафілявання (інфраструктура шпіталя пагранічных войскаў), адным з варыянтаў далейшага выкарыстання вышэйназванай гісторыка-культурнай каштоўнасці можа быць стварэнне санаторыя (базы адпачынку) за кошт прыватных інвестыцый.
Паводле папярэдніх ацэнак для правядзення рэстаўрацыйна - аднаўленчых работ на будынку палаца Рдултоўскіх неабходна каля 14,0 млн. беларускіх рублёў.
Прыняцце аб'екта спадчыны ў рэспубліканскую ўласнасць для стварэння на яго базе турыстычнага комплексу дзяржаўнай установы "Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" лічым нямэтазгодным, з прычыны адсутнасці неабходных фінансавых сродкаў для вырашэння дадзенага пытання.
Сядзібны комплекс "Жыбартоўшчына", які размешчаны ў в. Жыбартоўшчына Дзятлаўскага раёна, не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Паводле інфармацыі, прадастаўленай галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, у адпаведнасці з рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. ад 27.11.2014 № 476 "Об отчуждении объектов недвижимости за одну базовую величину" дадзены аб'ект у 2015 годзе прададзены з аўкцыёну індывідуальнаму прадпрымальніку.
Пры продажы маёмасці вызначаны наступныя ўмовы: увядзенне нерухомай маёмасці ў гаспадарчы абарот на працягу 2-х гадоў з моманту заключэння дамовы куплі-продажу, ажыццяўленне пакупніком прадпрымальніцкай дзейнасці з выкарыстаннем набытай нерухомай маёмасці на працягу 3-х гадоў з моманту ўключэння аб'екта ў гаспадарчы абарот, забарона на адчужэнне маёмасці да выканання ўмоў дагавора куплі-продажу.
Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы В.М. Чэрнік.
У Кракаве знайшлі дакумент з подпісам і пячаткай Васіля Цяпінскага
У Кракаве знайшлі дакумент з уласнаручным подпісам і пячаткай беларускага асветніка, пісьменніка і кніга-друкара Васіля Цяпінскага. Знаходка належыць магістру гістарычных навук Ягору Сурскаму, які працуе ў аддзеле краязнаўства і археалогіі Інстытута гісторыі беларускай Нацыянальнай акадэміі навук.
Як распавядае Сурскі Радыё Свабода, дакумент знаходзіўся ў бібліятэцы Польскай акадэміі навук у Кракаве сярод розных маёмасных і фінансавых папераў шляхецкіх радоў, але храналагічна выбіваўся з пазначанага ў тэчцы датавання. Папера была анатаваная, у архіве ў Вільні нават знаходзіцца мікрафільм з дакументам, але ліст дагэтуль не быў уведзены ў навуковы абарот.
- Пячатка належыць да гербу Асвея, якім карысталіся і іншыя прадстаўнікі роду Цяпінскіх, на ёй выяўлены крыж і два паўмесяцы. Ініцыялы "WC" пацвярджаюць, што гэта асабістая пячатка Васіля Цяпінскага, - тлумачыць Сурскі.
Гісторык зрабіў даклад пра знаходку на кангрэсе "500 год беларускага кнігадруку" ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Еўрарадыё. Фота: Ягора Сурскага.
Платная стажыроўка беларускіх менеджараў у ФРГ
Навіны Германіі
Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь праводзіць мерапрыемствы па падвышэнні эфектыўнасці арганізацыі стажыровак беларускіх менеджараў у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія, якія будуць рэалізаваны ў 2018 - 2019 гг. у рамках сумеснай заявы пра супрацоўніцтва ў падвышэнні кваліфікацыі кіраўнічых кадраў беларускай эканомікі, падпісанага 30.06.2015 г. паміж Федэральным Міністэрствам эканомікі і энергетыкі ФРГ і Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь. Дэдлайн: 31.10.2017.
Дадзеная заява працягвае эканамічнае супрацоўніцтва паміж ФРГ і Рэспублікай Беларусь шляхам рэалізацыі двухбаковай Праграмы падвышэння кваліфікацыі кіраўнічых кадраў беларускай эканомікі.
Мэты Праграмы: садзейнічанне рэарганізацыі беларускай эканомікі і яе інтэграцыі ў сусветную эканамічную сістэму; узмацненне рынкавай арыентацыі і падвышэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў; павелічэнне замежнаэканамічнага патэнцыялу беларускіх прадпрыемстваў; наладжванне кантактаў з нямецкімі прадпрыемствамі; падвышэнне прывабнасці беларускіх прадпрыемстваў для замежных фундатараў.
Удзельнікі праграмы аплачваюць навучанне ў Рэспубліцы Беларусь і праезд у Германію і назад. Кошт навучання - 470 беларускіх рублёў. Аплата праводзіцца пасля адбору па выніках гутаркі. Навучанне, пражыванне, сілкаванне (сняданкі і абеды), транспарт у Германіі фінансуецца са сродкаў Федэральнага Міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі. На 2018 год плануецца прыняць на стажыроўку ў агульнай колькасці 40 чалавек.
Кандыдаты і кандыдаткі павінны запоўніць анкеты і накіраваць іх да 31.10.2017 па электроннай пошце на адрас: germany@sbmt.by для Марозава Радзівона Ігаравіча. Анкеты змешчаны на сайце www.sbmt.by у частцы "Наш Інстытут - Міжнародныя праекты - Беларуска-нямецкая стажыровачная праграма".
Крыніца: sbmt.by.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Герасіменка А.В. - 10 р., г . Гомель
2. Чыгір Яўген - 10 р., г. Гародня
3. Кунцэвіч Святлана - 20 р., г. Менск
4. Сечка Зміцер - 10 р., г Менск
5. Яніцкая Майя - 10 р.
6. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н
7. Бусел Мікола - 5 р., в. Прушынішчы, Акцябрскі р-н
8. Восіпава Аляксандра - 10 р., г. Гомель
9. Лявонава Марыя - 20 р., г. Віцебск
10. Несцераў Віктар - 10 р., г. Менск
11. Сусла Мікола - 40 р., г. Вілейка
12. Асіпцова Алена 7 р., г. Магілёў
13. Жыдаль Дзяніс - 20 р., г. Менск
14. Дваранчык Юра - 15 р., г. Менск
15. Старыкевіч Б.У. - 10 р., г. Менск
16. Коўган І.К - 10 р., г. Менск
17. Філіповіч Валер - 10 р., г. Менск
18. Ралько Леанід - 10 р., г. Менск
19. Панамароў Сяргей - 20 р., г. Менск
20. Осіпава Аляксандра - 10 р., г. Гомель
21. Амяльковіч Андрэй - 40 р., г. Менск
22. Кукавенка Іван - 15 р., г., Менск
23. Рабека Мікола - 40 р., г. Менск
24. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад
25. Чэчат Алесь - 15 р., г Менск
26. Санько Валер - 5 р., г. Ліда
27. Несцкраў Віктар - 20 р., г. Менск
28. Бойса І.Б. - 15 р., г. Ліда
29. Кот Валер - 5 р., г. Менск
30. Саковіч Сяргей - 20 р., г. Слуцк
31. Гнятуля Алег - 10 р., г. Менск
32. Прылішч Ірына - 10 р., г. Менск
33. Грыбоўскі Васіль - 5 р., в. Чурылавічы, Менскі р-н
34. Марозаў Валер - 15 р., г. Менск
35. Фядосенка А.В. - 10 р., г Менск
36. Анісім Алена - 100 р., г. Менск
37. Панасюк А.П. - 20 р., п. Лясны, Менскі р-н
38. Федасенка А.В. - 10 р., г. Менск
39. Марозаў Валер - 15 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
У самым канцы 70-х гг. XIV ст. Феафан Грэк, які прыехаў сюды з Візантыі, распісаў фрэскамі царкву Спаса-Праабражэння, збудаваную ў 1378 г.
Крызіс у дзяржаве. Паступова, аднак, палітычнае жыццё і сістэма кіравання ў Наўгародскай рэспубліцы пачалі занепадаць. Да 1354 г. у Ноўгарадзе быў адзін пасаднік, але ў 1354 г. з'явілася калегія пасаднікаў з шасці чалавек і кожны з іх толькі год па чарзе мог кіраваць краінай. У 1417 г. калегія ўжо мела да 12 чалавек, а з 1423 г. - да 24 чалавек. З іх кола прызначаўся пасаднік толькі на паўгода кіравання, і ў сувязі з гэтым паступова пачаўся крызіс дзяржаўнай улады. З 1420 г. Ноўгарад мае свае манеты з выявай Святой Сафіі. Гербам горада ў XV ст. стала выява "вечавай сцепені" (прыступкавае збудаванне, трыбуна веча), а таксама, уздоўж яе, выява жазла пасадніка.
Насельніцтва краіны складалася з эліты - баяр, "жытніх людзей" - буйных землеўласнікаў, дробных баяр і купцоў. Асноўная маса гараджан - гэта дробныя рамеснікі (чорныя людзі). На вёсках жылі сяляне-палоўнікі, на прыватных баярскіх землях, і смерды - на дзяржаўных землях. Былі яшчэ і сяляне-земцы, якія мелі ўласную зямлю, але апрацоўвалі яе разам з суседзямі, грамадою. Некаторыя гараджане мелі сваю зямлю за горадам, і таму яны атрымалі мянушку "лутшые" людзі. Самых знатных баяр у Ноўгарадзе было каля 50 чалавек. Фактычна яны і кіравалі краінай.
Пасля таго як маскоўскі князь Іван III пачаў называць Ноўгарад сваёй вотчынай, ноўгарадцы вырашылі прасіць дапамогі ў ВКЛ. Склалася антымаскоўская партыя на чале з удав ой ноўгарадскага пасадніка Марфай Барэцкай і яе сынамі. У 1470 г. ноўгарадцы запрасілі на пасаду служылага князя праўнука Альгерда Міхайлу Алелькавіча. У 1471 г. урад краіны накіраваў да князя ВКЛ Казіміра паслоў з просьбаю далучыцца да ВКЛ на правах аўтаноміі. Гэта вельмі не спадабалася Маскве, яна пачала вайну і разбіла вялікае, але слабое з вайсковага гледзішча, войска ноўгарадцаў на чале з сынам Марфы Дзмітрыем Барэцкім на рацэ Шалоні. Маскоўцы забілі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, а некаторых забралі ў палон.
Наўгародская эліта была або знішчана фізічна, або адпраўлена ў маскоўскія турмы. Усю іх маёмасць забраў маскоўскі князь. Такім чынам, у 1478-1479 гг. Наўгародская рэспубліка канчаткова спыніла сваё існаванне.
2. Пскоўская рэспубліка
Росквіт Пскова пачаўся ў XIII ст. Пра гэта сведчаць яго абарончыя збудаванні. З XIII ст. да Крома быў прыбудаваны яшчэ адзін умацаваны гарадскі квартал, які атрымаў назву Даўмонтаў горад. На працягу XIV-XV стст. тут паставілі шэсць мураваных храмаў і мураваныя палаты. Археолагі знайшлі рэшткі гэтых будынкаў, а таксама сляды старажытных вуліц, вымашчаных драўлянымі плахамі на лагах. Шырыня іх вагалася ад 3 да 3,15 м, а паабапал стаялі платы з абчасаных бярвёнаў дыяметрам ад 8 да 12 см. Быў знойдзены і драўляны вадаправод у выглядзе труб, што складаліся з двух жалабоў, абгорнутых бяростай. Гараджане ў гэты час жылі ў драўляных хатах плошчай у сярэднім 20-25 м 2.
У 1309 г. будуюць трэцяе кола гарадскіх муроў, і з'яўляецца ўмацаваны Сярэдні горад. У канцы XIV - пачатку XV стст. гарадскія муры дабудавалі і павялічылі іх таўшчыню да 4 м, а таксама паставілі шэсць вежаў з байніцамі. У другой палове XIV ст. будуюцца новы мураваны сабор св. Тройцы, 20 іншых мураваных храмаў у розных частках горада і чацвёртае кола гарадскіх муроў, абнесенае глыбокім ровам. Асобны раён горада называўся Запскоўскім і знаходзіўся на другім беразе рэчкі Пскавы.
З XIV ст. склалася самастойная пскоўская будаўнічая школа, адрозная ад ноўгарадскай. Пскоўскія дойліды стварылі аднакупальную, трохапсідную кубічную кампазіцыю храма, а таксама асобны тып бесслуповага храма з сістэмай прыступкавых скляпенняў. Плоскія пабеленыя сцены падзялялі плоскімі лапаткамі на тры часткі, з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні храма. У якасці прыкладу можім прывесці царкву Ўспення ў Мялятаве (1463 г.). Адной з адметных рысаў пскоўскай школы былі высокія шматпралётныя званіцы.
У ХІV-ХV стст. расквітнела і пскоўская школа жывапісу. Творы вылучаюцца павышанай экспрэсіяй вобразаў, падкрэсленасцю блікаў і выразнасцю мазка пэндзля. Гэта - фрэскі вышэйзгаданых сабора Раства Багародзіцы і царквы Ўспення. Да другой паловы XIV ст. адносяцца ўнікальныя абразы: "Сабор Маці Божай" і "Параскева Пятніца, Варвара і Ўльяна".
У XV ст. узнікае славуты Пскоўска-Пячорскі манастыр у мясцовасці Пячора, які меў абароннае значэнне. У 1473 г. збудавалі першую падземную пячорную Ўспенскую царкву. У XVI ст. вакол манастыра ўзнікае пасад, які абнеслі разам з манастыром мурам з 9-цю вежамі. Уваход ішоў праз Святыя вароты з вежай. Падземныя пячоры маюць даўжыню каля 200 м. У XVI ст. у манастыры зрабілі шматпралётную двух'ярусную вежу-званіцу з гадзіннікам. У ХVІ-ХVІІ стст. тут будуюць 4 цэрквы, якія дайшлі да нашых дзён.
У 1465 г. узнікае пятае кола гарадскіх муроў Пскова. Горад дзяліўся на 7 канцоў, з іх два - у Запскоўі. Канцы падзяляліся на сотні. За межамі горада з'явіліся рамесныя слабоды. У цэнтрах канцоў, або спабод, пачалі будаваць храмы, якія адначасова былі і складамі зброі.
У XVI ст. гарадскія муры мелі даўжыню 9 км, уздоўж іх мясціліся 37 вежаў, з якіх вылучалася вежа Грымячая, збудаваная ў 1524 г.
Пскоўская дзяржава была невялікай і займала тэрыторыю ўздоўж рэк Вялікай і Наровы. З поўдня на поўнач яна мела даўжыню каля 300 км пры шырыні каля 100 км. Акрамя рэчак, Пскоўская зямля мела і два буйныя возеры - Чудскае і Пскоўскае.
Найвышэйшым органам улады Пскоўскай рэспублікі было народнае веча, якое выбірала спачатку аднаго, а потым з 1420 г. - двух пасаднікаў, канчанскіх старастаў і соцкіх. Існавала ўрадавая рада на чале з запрошаным (наёмным) князем, які кіраваў баявой дружынай і служыў за грошы ( корм). Была і судовая калегія - гаспода, у якую ўваходзілі выбарныя чальцы з ліку баяр.
Пскоўскае грамадства складалася з баяр (але не вельмі багатых), купцоў, рамеснікаў і вольных сялян, якіх звалі земцамі, або сябрамі. Бедныя сяляне браді зямлю ў арэнду і называліся ізорнікамі. А халопаў тут не было.
Княжанне Даўмонта. Вялікі ўклад у атрыманне Псковам незалежнасці ад Ноўгарада зрабіў князь Даўмонт. Гэты нальшчанскі князь у 1263 г. забіў Міндоўга, заснавальніка ВКЛ, і ў 1265 г. з дружынай колькасцю 300 чалавек уцёк у Пскоў, ратуючыся ад войска сына Міндоўга - Войшалка. У 1266 г. ён прымае хрысціянства і імя Цімафей ды абіраецца князем. Доўгі час ён ваюе з крыжакамі, а таксама з Полацкам і нават забівае полацкага князя Гердзеня. Пасля смерці князя кананізавалі як Святога Цімафея - абаронцу Пскова, а яго меч лічыўся сімвалам незалежнасці.
У часы Гедыміна Пскоў хацеў канчаткова вызваліцца з залежнасці ад Ноўгарада, і таму яго адносіны з ВКЛ значна палепшыліся. Актыўна дапамагаў пскоўцам зяць Гедыміна, вышэйзгаданы Давыд Гарадзенскі. Калі крыжакі ў 1323 г. аблажылі Пскоў, ён адагнаў іх лд горада і знішчыў сценабітныя машыны крыжакоў.
У 1341 г. пскоўцы звярнуліся па падтрымку да Альгерда, і ён прыйшоў ім на дапамогу разам з Кейстутам. Сын Альгерда Андрэй быў ахрышчаны і стаў пскоўскім князем з 1342 па 1345 г. Яго намеснікам быў таксама выхадзец з ВКЛ - Юрый Вітаўтавіч. У 1342 г. пры абароне Пскова ад крыжакоў загінуў сын полацкага князя Воіна - Любка.
Атрыманне незалежнасці Псковам. У 1348 г., пасля падпісання з Ноўгарадам Болатаўскай дамовы Пскоўская дзяржава канчаткова зрабілася незалежнай. Аднак духоўная ўлада засталася ў руках ноўгарадскага ўладыкі, які раз у тры гады прыязджаў у Пскоў і здзяйсняў царкоўны суд.
У XV ст. эканоміка Пскова знаходзілася на ўздыме. Сяляне вырошчвалі шмат жыта, а таксама пшаніцу, авёс, ячмень. На гародах збіралі добрыя ўраджаі рэпы, цыбулі і капусты. Пскоўскі лён актыўна вывозіўся ў краіны Прыбалтыкі. Актыўна развівалася рыбалоўства, вырабляліся вялікія лодкі - учаны. Славіліся і мясцовыя рамеснікі, якія шылі адзенне, апрацоўвалі металы і скуры, выраблялі солад і малолі муку. Пскоўскія муляры запрашаліся на працу ў Масковію ды іншыя краіны Ўсходняй Еўропы. У Пскове таксама квітнеў выраб званоў. Актыўна развіваўся і гандаль з суседзямі - Цверскай дзяржавай, Ноўгарадам, Разанню, ВКЛ, а таксама з нямецкімі краінамі З 1424 г. Пскоў наладзіў чаканку ўласнай срэбнай манеты з выявай рысі - герба горада.
У XV ст. Пскоў пачаў праводзіць прамаскоўскую палітыку і спадзяваўся такім чынам захаваць сваю незалежнасць. Ён падтрымліваў Масковію ў войнах з Ноўгарадам і ВКЛ, асабліва падчас вайны 1500-1503 гг. Але гэта не дапамагло пскоўцам, бо Масковія не хацела мець побач з сабою незалежную рэспубліку.
Наступ Масквы. 13 студзеня 1510 г. маскоўскае войска ўвайшло ў Пскоў, быў спушчаны са званіцы вечавы звон як сімвал волі і незалежнасці. Трыста самых багатых сем'яў пскоўскіх баяр і купцоў адправілі ў высылку. Прычым ім усім дазвалялі ўзяць з сабою толькі тое, што яны мелі як вопратку на сваім целе. Таму на дзяцей апраналі па двое-трое футраў, хавалі залатыя манеты ў жаночую бялізну. Як жа раскулачванне ў сталінскія гады нагадвала даўнюю практыку маскоўскіх уладароў!
Да сённяшняга часу захаваліся пскоўскія летапісы ХІV-ХVІІ стст. у колькасці 25 спісаў. Найбольш цікавы - летапісны збор 1450-х - 1460-х гг., які вёўся пры Траецкім манастыры.
3. Вялікае Княства Смаленскае
На захадзе суседам Вялікага Княства Смаленскага ў XIV стагоддзі становіцца Вялікае Княства Літоўскае, а на ўсходзе - Вялікае Княства Маскоўскае, улус Залатой Арды. На мяжы ХІІІ-ХІV стст. Мажайскае ўдзельнае княства захапілі маскоўскія ваяры. Аднак тады ж смаленскія князі бяруць пад часовы кантроль бранскія землі. Пасля шлюбу з віцебскай князёўнай вялікі князь Альгерд далучае да ВКЛ Віцебскае княства і выходзіць на межы са Смаленскім. Смаленскі князь Іван прызнае Гедыміна напрыканцы 1320-х гадоў "сваім старэйшым братам" з мэтай захаваць гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне з ганзейскімі гарадамі.
У 1331 і 1333 гг. маскоўскія войскі робяць два напады на Смаленск, але ён адбіваецца і спыняе выплату даніны Залатой Ардзе. Смаленск становіцца саюзнікам ВКЛ, і ў 1348 г.: смаленскія войскі ўдзельнічаюць у бітве з крыжакамі на рацэ Страве на баку ВКЛ, прычым адзін са смаленскіх князёў гіне ў гэтай бітве.
У 1352 г. на Смаленшчыну з Заходняй Еўропы прыходзіць эпідэмія чумы. Шмат людзей у розных смаленскіх гарадах памерла, і дзяржава падупала. Скарыстаўшыся гэтым, князь Альгерд далучае да ВКЛ Мсціслаў, Крычаў і Рослаў. Але потым ён падпісвае саюзніцкую дамову са смаленскім князем Святаславам, і яны разам робяць паход на Маскву. Пасля таго як Ягайла ў 1385 г. становіцца польскім каралём, яго старэйшы брат, полацкі князь Андрэй, вырашас з дапамогай крыжакоў і смаленскага князя Святаслава захапіць уладу ў ВКЛ. Святаслаў спачатку паспрабаваў захапіць Віцебск і Воршу, а потым аблажыў Мсціслаў, каб вярнуць сабе Мсціслаўскае княства Аднак войскі Ягайлы 7 траўня 1386 года разбілі пад Мсціславам смалян, забілі князя Святаслава і аблажылі Смаленск. Смаленскас веча заплаціла вялікі выкуп, і князем стаў сын Святаслава Юрый. Ён мусіў прысягнуць на вернасць Ягайлу і стаць яго васалам.
У гэты час да ўлады ў ВКЛ прыходзіць князь Вітаўт, жанаты з дачкою смаленскага князя Святаслава - Ганнай. Ён вырашае далучыць Смаленшчыну да ВКЛ. У 1395 г. ён бярэ ў палон смаленскіх князёў, ліквідуе Вялікае Княства Смаленскае і садзіць тут свайго намесніка. Аднак князь Юрый здолеў пазбегнуць палону і ўцёк. Пасля паразы Вітаўта ў 1399 г. у вайне з Залатой Ардой (бітва на Ворскле) Юрый захапіў Смаленск і кіраваў ім да 1403 года, калі Вітаўт зноў, і ўжо канчаткова, заняў горад і княства. У 1410 г. тры смаленскія палкі ўзялі чынны ўдзел у знакамітай Грунвальдскай бітве: гэта былі палкі з Воршы, Мсціслава і Смаленска. Аднак у рускіх і савецкіх падручніках іх упарта называюць "тры рускія смаленскія палкі". I гэта не выпадкова, бо менавіта смаленскія палкі фактычна выратавалі сітуацыю ў цэнтры баявога шыхту саюзных войскаў і стрымалі крыжацкі наступ, нягледзячы на вялізныя страты.
У красавіку 1440 г. жыхары Смаленска паднялі ўзброенае паўстанне супраць намесніка вялікага князя ВКЛ ваяводы Андрэя, і смаленскім князем стаў мсціслаўскі князь Юрый Сямёнавіч. Да яго далучыліся жыхары Віцебска і Полацка. Новы князь ВКЛ Казімір восенню 1440 г. выступіў супраць паўстанцаў. Юрый уцёк у Ноўгарад, а войскі Казіміра ўзялі Смаленск ды іншыя гарады. Паўстанне згасла.
(Працяг у наст. нумары.)
Генерал Кандратовіч і БНР
Леанід Лаўрэш
Да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі
Захар'еўская, 24 . Генерал Кандратовіч прысутнічае ў спісе 29-ці першых сяброў партыі.
Ужо 8 траўня 1917 г. Кандратовiч прыняў на сябе камандаванне 75й пяхотнай дывiзiяй. У 1914 г. гэтая дывiзiя была створаная на базе 38й i ўваходзiла ў склад Варшаўскай вайсковай акругi. Дывізія брала ўдзел у бiтве пад Варшавай, а ў 1917 г. дыслакавалася ў Беларусi. Травень 1917 г. - не лепшы час для таго, каб генералу ад iнфантэрыi ва ўзросце 59 гадоў аднаўляць сваю вайсковую кар'еру. Расiйская армiя развальвалася, генералаў здымалi з пасад. На 1 траўня 1917 г. былi адхiленыя ад сваiх пасад 3 з 5 галоўнакамандуючых войскамi фронту (60%), 7 з 14 камандуючых армiямi (50%), 39 з 77 камандзiраў корпусаў (50,5%), каля трацiны начальнiкаў дывiзiй (75 з 240), такiм чынам, больш за палову вышэйшага каманднага складу былi выкiнутыя з войска. У траўнi 1917 г. зафiксаваны першыя забойствы генералаў на фронце. 17 траўня група салдат арыштавала i забiла камандзiра 177й пяхотнай дывiзii генерала Я.Я. Любiцкага. Тады ж загiнуў ад рук сваiх салдатаў камандзiр 184й пяхотнай дывiзii генерал П. А. Шкарпэтак. А хваляваннi ў 75й дывiзii пачалiся з сакавiка. Захавалася аператыўная перапiска за вясну 1917 г. штаба корпуса, якому падпарадкоўвалася 75я дывiзiя. Адна з спраў штаба - "Аб розных здарэннях у сувязi з увядзеннем новага ладу" - на 115 лiстах уяўляе з сябе карцiну распаду войска - арышты старэйшых камандзiраў прапаршчыкамi, непадпарадкаванне загадам цэлых палкоў 75й дывiзii, масавае дэзертырства, бездапаможнасць вышэйшага камандавання, жудасны стан перадавых частак, крывавы шлях шыхтовых афiцэраў; два дзесяткі лiстоў гэтых тэчак апiсваюць хваляваннi ў красавiку 1917 г. у 75й дывiзii. За адзiн месяц у дывiзii змянiлася тры камандзiры: генералы Штэгельман (паспяхова камандаваў дывiзiяй з 1914 г.,), Снесараў (быў камандзiрам 2 тыдні ў красавiку), Баркоўскi. У траўнi гэтую дывiзiю прыняў К.А. Кандратовіч. Але ў канцы верасня 1917 г. Часовы ўрад чамусьцi запланаваў 75ю дывiзiю, якая дыслакавалася ў Беларусi падвергнуць "мусульманiзацыi", паводле планаў 75я пяхотная дывiзiя павiнна была камплектавацца татарамi з Казанi.
Упэўнена можна выказаць здагадку, што вяртанне Кандратовiча да камандавання рэальнай вайсковай часткай было выклiкана перспектывай беларусiзацыi войска i ўдзелам у гэтым генерала. Тым больш, што 15 траўня 1917 г. у Менску ўзнiкла Беларуская вайсковая арганiзацыя, якая згуртавала вайскоўцаў, што знаходзiлiся ў Менску
З успамінаў згаданага ў папярэдніх артыкулах генерала Джункоўскага бачна, што з чэрвеня 1917 г. генерал ад інфатэрыі К.А. Кандратовіч камандаваў 3-м Сібірскім корпусам, але нечым не дагадзіў начальству (вядома, што апошні да Кандратовіча камандзір корпуса генерал-лейтэнант В.А. Трафімаў пайшоў у адстаўку з пасады 6 красавіка 1917 г.).
Магчыма з-за таго, што гэтым корпусам тры месяцы камандаваў Кандратовіч, Васіль Захарка пісаў пра беларусізацыю 3-га корпуса, называючы яго не 3-м Сібірскім, а 3-м Армейскім.
У 1917 г. наступіў кароткі перыяд гісторыі, калі нацыянальныя рухi Расiйскай iмперыi маглі скарыстацца з дэмакратыi, здабытай пасля перамогi Лютаўскай рэвалюцыi. Наступны спрыяльны перыяд гісторыі для паняволеных нацый наступіць толькі ў 1991 г. але таксама хутка закончыцца.
У кастрычніку 1917 г. расійскі Часовы ўрад і Стаўка на прапанову генерала Мікалая Духоніна, выканаўцы абавязкаў Вярхоўнага галоўнакамандуючага, прыступілі да перафармавання арміі на нацыянальна-тэрытарыяльных асновах. У сувязі з гэтым было дазволена арганізаваць у Менску з'езд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту. Прысутныя выказаліся за пераўтварэнне Расійскай дзяржавы ў федэратыўную дэмакратычную рэспубліку, арганізацыю беларускага войска прызналі важнейшай задачай. З'езд стварыў Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР). Яе часовы выканаўчы камітэт узначаліў былы настаўнік, старшы унтэр-афіцэр 24-га транспарту 5-га абознага батальёна Сымон Рак-Міхайлоўскі, яго намеснікамі сталі, таксама былы настаўнік паручнік К. Езавітаў, і малодшы унтэр-афіцэр 24-й асобнай тэлеграфнай роты 12-й арміі Я. Мамонька (хутка яго змяніў студэнт Тамаш Грыб). Як бачым, досвед у ваеннай справе ў гэтых людзей быў, у лепшым выпадку, на ўзроўні малодшага тылавога афіцэра.
На з'ездзе воiнаўбеларусаў Заходняга фронту генерал Кандратовіч быў абраны ў ЦБВР. Удзельніца з'езду Зоська Верас пісала: "Увечары ў зале Губернскага дому зьезд адкрыўся. Колькі было дэлегатаў - ня помню. Але шмат салдатаў і афіцэраў - з генэралам Кандратовічам".
9 студзеня 1978 г. у адказ на запыт Міколы Ермаловіча пра генерала, Зоська Верас патлумачыла: "Зьезд вайскоўцаў Заходняга фронту адбыўся 18-21 кастрычніка 1917 г. Я была дэлегатам і адной з арганізатарак, прытым - адзінай жанчынай на зьезьдзе. Загадзя прыгатаваныя значкі - бел-чырвона-белыя - параздавала ўсім сябрам зьезду і ўспакоілася. Аж тут падходзіць нехта да мяне і кажа: "А ў генэрала Кандратовіча значка німа". А ў мяне ўжо - ніводнага. Тады я адшпіліла сваю гаспадарскую бел-чырвона-белую разэтку (круглую) і прышпіліла генэралу. На трэці дзень зьезду пасадзілі мяне запісываць тых, хто хоча ў беларускія батальёны. Першым запісаўся генэрал Кандратовіч..." .
15-24 кастрычнiка 1917 г. у Менску адбылася другая сесiя Цэнтральнай рады беларускiх арганiзацый i партый (ЦРБАiП), падчас якой гэты орган быў ператвораны ў Вялiкую беларускую раду (ВБР), якая павiнна была стаць зародкам будучага органа дзяржаўнай улады. Як сведчыць фотаздымак з гэтага мерапрыемства, генерал узяў у ім удзел. Да таго ж яго памятала і Зоська Верас: "Калi рабiлi здымак удзельнiкаў Усебеларускага зьезду i Вайсковага (у залi Губэрнатарскага дому), то i ген. Кандратовiч на гэтым здымку ёсьць (здымак маю)".
Пасля гэтага пачалася канкрэтная праца па арганiзацыi беларускiх вайсковых фармаванняў. Утворанае ў гэты час бюро па арганiзацыi беларускага войска ўзначалiў генерал Кіпрыян Кандратовiч, ветэран балканскай, японскай i Першай сусветнай войнаў, аўтар тэарэтычных прац у вайсковай галiне. Ягонымi памочнiкамi былi генералмаёр Пажарскi, палкоўнiк Камароўскi i паручнiк К. Езавiтаў. Кандратовiч распрацаваў адпаведны план i атрымаў дазвол на стварэнне беларускага палка ў Менску, а пасля - беларускага корпуса на Заходнiм фронце.
У канцы кастрычнiка 1917 г. дэлегацыя воiнаў-беларусаў Заходняга фронту ў складзе старшынi выканкама ЦБВР С. РакаМiхайлоўскага, К. Кандратовiча, М. Ярушэвiча i I. Шчэрбы выехала ў Стаўку ВГК дзеля перамоваў з Вярхоўным галоўнакамандуючым генералам М. Духонiным аб арганiзацыi беларускiх вайсковых фармаванняў. Генерал М. Духонiн першапачаткова нiчога канкрэтнага не адказаў, але праз некалькi дзён прыслаў тэлеграму, якая дазваляла фармаванне беларускiх аддзелаў праз папаўненне беларусамi выбраных адзiнак расійскага войска. К. Кандратовiч распрацаваў адпаведны план i атрымаў дазвол на стварэнне беларускага палка ў Менску, а потым i беларускага корпуса на Заходнiм фронце.
У час, калi генерал К. Кандратовiч чакаў канкрэтных распараджэнняў Стаўкi, М. Духонiна паглынаў нарастаючы канфлiкт з бальшавiцкiмi ўладамi. 9 лiстапада генерал М. Духонiн быў зняты з пасады галоўнакамандуючага. На яго месца бальшавiкi прызначылi паручнiка Мiкалая Крыленку. Бальшавiкам тады таксама ўдалося зняць з пасады галоўнакамандуючага Заходнiм фронтам генерала П. Балуева. ЦБВР i ВБР у той час негалосна прызналi бальшавiцкую цэнтральную ўладу i не згаджалiся толькi з узурпацыяй мясцовай улады .
Кастусь Езавітаў пісаў: "У віну ген. Кандратовічу безмоўна трэба палічыць тое, што ён не зразумеў усей вялікай адпаведнасьці моманту i ня змог перажаргнуць праз вайсковую традыцыю, патрабуючую ад падпарадкаванага безмоўнай паслухмянасьці распараджэньню старшага i не даказаў, з належным у гэтым выпадку упорствам i націскам, усю неадкладную патрэбнасьць зараз-жа, не трацячы ніводнай хвіліны часу, разьвязаць беларускую вайсковую справу ў поўным маштабе i хутка аддаць патрэбныя срочныя загады".
Але генерал К. Кандратовiч быў чалавека старой школы, трымаўся прысягі і чакаў распараджэнняў ад законнага вышэйшага кiраўнiцтва. Пазiцыя старога ваякi складалася ў тым, што патрэбна палiтычнае рашэнне, пасля якога прафесiйныя вайскоўцы выканаюць свой абавязак. Але Часовага ўраду, ад iмя якога Духонiн дазволiў стварэнне беларускага войска, ужо не было, а да прыняцця палiтычнай дэкларацыi аб суверэнiтэце Беларусi заставалася яшчэ тры месяцы, па мерках рэвалюцыйнага часу - цэлая эпоха. Не з'яўляючыся палiтыкам, як, напрыклад, Пiлсудскi, фармаваць войска, якое будзе служыць невядома каму, генерал не мог. I таму ягоны намеснiк, палкоўнiк Камароўскi, стрымлiваў маладых калег ад "неабдуманых крокаў". Такiм чынам, паза межамi Менска арганiзацыйную працу па стварэннi беларускiх вайсковых фармаванняў генерал аддаў на волю лёсу. Мiж тым, дзякуючы iнiцыятыве франтавых рад, якiя рэалiзоўвалi пастановы сваiх з'ездаў, праца па фармаваннi беларускiх аддзелаў павольна прасоўвалася наперад .
На 14 лютага 1918 г. генерал Кандратовіч лічыўся ў распараджэнні начальніка штаба армій Заходняга фронту.
Тым часам галоўнакамандуючы М. Крыленка выдаў загад на стрыманне "нацыяналiзацыi" войскаў i забаранiў склiканне народных з'ездаў у прыфрантавых зонах. Суровыя загады, скiраваныя супраць украiнцаў i палякаў, камандуючы Заходнiм фронтам А. Мяснiкоў выкарыстаў супраць беларусаў i загадаў 8 снежня далучыць салдат 1-га Беларускага палка ў Менску да размешчанага ў гэтым горадзе 289га запаснога палка пяхоты. Гэта была лiквiдацыя беларускага палка. У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 1918 г. бальшавiкi арыштавалi чальцоў БЦВР.
18 лютага немцы занялi Маладзечна i пачалi наступ на Менск. Бальшавiкi спешна пакiдалi горад. 19 лютага беларускiя вайскоўцы вырашылi ўзяць на сябе ахову парадку ў горадзе. Камендантам Менска стаў К. Езавiтаў. Спехам арганiзаваныя групы беларускiх вайскоўцаў i чальцоў прафсаюзаў каля 21.00 пачалi займаць горад. Аперацыю па захопе горада пачалi таксама i польскiя вайскоўцы. 20 лютага беларускiя атрады былi аб'яднаныя ў 1ы Менскi полк. 23 лютага ў 11-й гадзiне ранiцы ў Менск увайшлi нямецкiя войскi. 25 лютага немцы раззброiлi беларускiя часткi .
На пачатку красавiка немцы забаранiлi дзейнасць Народнага Сакратарыяту БНР. Шукаючы выйсця з такога становiшча, Рада БНР дакааптавала ў свой склад кiраўнiкоў беларускiх правых з утворанага ў лютым 1918 г. Менскага Беларускага народнага прадстаўнiцтва. Вядучымi палiтыкамi правых былi Р. Скiрмунт, П. Алексiюк, генерал К. Кандратовiч, ксёндз В. Гадлеўскi, генерал А. Багдановiч, протаiерэй А. Кульчыцкi, А. Уласаў, В. Чавусаў.
Пра Камітэт беларускага народнага прадстаўнiцтва, яго ўдзельнік Вінцэнт Гадлеўскі пісаў: "25 лютага быў выбраны i Выканаўчы Камітэт Прадстаўніцтва ў ліку 9-ці асоб, у які ўвайшлі: пратаерэй Кульчыцкі, генэрал Кандратовіч , Скірмунт, кс. Гадлеўскі, Уласаў, Аляксюк, Чаўсаў, Зямкевіч i Русецкі". Прадстаўніцтва аб'ядноўвала палітычныя сілы, якія канкуравалі з Беларускай сацыялістычнай грамадой. У праграмных дакументах заявіла, што "прадстаўляе інтарэсы беларускага народу і з'яўляецца палітычным цэнтрам", які абараняе незалежнасць Беларусі, культуру і самабытнасць беларускага народа.
Вiленская газета "Гоман" перадрукавала артыкул з "Беларускага шляху" № 20 ад 16.04.1918 г., у якiм гэтай падзеi давалася такая ацэнка: "У Раду Рэспублiкi адразу ўвайшоў моцны "цэнтр", i цяпер праца над адбудаваннем Беларускай Народнай Рэспублiкi пойдзе моцнымi крокамi… Рада пры яе чыста сацыялiстычным складзе мела многа крытыкаў добраахвотных i злых… цяпер - пры новым складзе з беларускiм моцным цэнтрам i левым крылом мае магчымасць быць працаздольнай… Мы дачакалiся вялiкай хвiлi, калi беларусы зрабiлi адзiны нацыянальны фронт".
Пасля 25 сакавiка 1918 г. стварэнне Беларускага войска было працягнутае.
У сярэдзіне красавіка 1918 г. у спісе 80-ці сяброў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ад Камітэта беларускага прадстаўніцтва, пад № 42 прысутнічае і генерал Кандратовіч .
Дзякуючы сваёй кампетэнтнасцi, дзеячы Менскага беларускага народнага прадстаўнiцтва мелi большую павагу ў немцаў, чым сацыялiсты ў складзе Рады БНР. 25 красавiка Рада БНР па iнiцыятыве Р. Скiрмунта паслала тэлеграму з падзякай нямецкаму кайзеру Вiльгельму II i прасiла аб дзяржаўнай незалежнасцi ў звязе з немцамi. Тэлеграму падпiсалi: кiраўнiк Рады БНР I. Серада, кiраўнiк Народнага Сакратарыяту Я. Варонка, Р. Скiрмунт i iншыя. Кандратовiча сярод iх не было.
Тэлеграма нямецкаму кайзеру Вiльгельму II выклiкала востры крызiс у беларускiм руху. Распаўся Народны Сакратарыят, з якога ў знак пратэсту выйшлi некалькi мiнiстраў. На пачатку траўня на яго месцы была створаная Рада мiнiстраў пад кiраўнiцтвам Р. Скiрмунта. Сакратаром унутраных спраў у гэтай радзе быў прызначаны генерал Кіпрыян Кандратовiч, замежных спраў - А. Аляксюк, сельскай гаспадаркi - Р. Астроўскi. Новага ўраду не прызнаў старшыня Народнага Сакратарыята БНР Язэп Варонка, якога падтрымлівала частка Рады БНР. Аб утварэннi новай рады ў нумары ад 22 траўня паведамiла вiленская газета "Гоман". Урад Скірмунта праіснаваў да 22 ліпеня 1918 г.
У Вільні інтарэсы Рады БНР прадстаўляла падпарадкаваная ёй Віленская Беларуская рада, якую Германія прызнала ў якасці беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва. 20 чэрвеня 1918 г. Язэп Варонка з Менска піша Антону Луцкевічу ў Вільню пра тое, што генерал "Кандратовіч перадасьць Вам "на выданньне "Гомана" як два разы ў тыдзень" ад Народнага Сэкрэтарыяту - 5 000 рублёў" , 23 чэрвеня ён паведамляе, што генерал ужо павёз грошы. У Менск Кандратовіч вярнуўся 27 чэрвеня і 28 чэрвеня ўдзельнічаў у паседжанні Рады БНР, на якой разглядаліся пытанні міжнароднага і ўнутранага стану Беларусі, пытанні бежанцаў і "жалаванне членам Рады, іх правы і абавязкі" .
Адметна, што Каштарыс Рады БНР на "выплату пэнсіі сябрам Рады за 20.03. - 1.07.1918" паказвае, што ў адрозненні ад большасці сяброў Рады, Кіпрыян Кандратовіч грошы за сваю працу не атрымліваў. Беларускі генерал жыў на асабістыя сродкі, выдаткоўваўся на паездкі па краіне бо, верагодна, лічыў несумленным для сябе браць грошы ад дзяржавы, якая яшчэ толькі адраджалася.
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
Кніга з адмецінай энцыклапедычнасці
Што Аляксандра Грыцкевіч не абдзелена літаратурным талентам (паэта і асабліва празаіка і публіцыста) сведчаць яе кнігі: "Адлюстраванні" (паэзія), 2013 г. (пра гэты зборнік у свой час пісала "Наша слова"); "Рэха вякоў" (пераклады), 2014 г.; "Страта" (проза), 2017 г.; "Хай скрыпачка грае" (паэзія), 2017 г.; "Дзецям" (паэзія), 2017 г. Адразу трэба адзначыць: А. Грыцкевіч - асоба неардынарная. Па бацьку (па мячы) яна паходзіць з таго роду, што і наш слынны светлай памяці гісторык Анатоль Пятровіч Грыцкевіч. Маці яе - Марыя Мацвееўна - педагог ад Бога - "Заслужаны настаўнік БССР" (1967 г.), "Выдатнік народнай асветы" (1967 г.). Яна аўтар некалькіх кніг і шматлікіх публікацый у галіне адукацыі і педагогікі.
Нарадзілася А. Грыцкевіч у мястэчку Вызна (зараз Чырвоная Слабада). Жыццё двух яе дзядоў па бацьку і па маці абарвалася ў Слуцкай турме. Дзед па мацеры Кірдзей Мацвеевіч Кузьміч быў там расстраляны ў 1937 г. як удзельнік Слуцкага паўстання. Дзед па бацьку Грыцкевіч Васіль Аляксеевіч быў арыштаваны як нібыта польскі шпіён у 1938 г. У гэтым жа годзе і ў той жа турме ён і памёр. Рэабілітавалі абодвух у 1989 г.
А. Грыцкевіч - рознабакова адукаваны чалавек з устойлівай патрыятычна-грамадзянскай пазіцыяй. Скончыла Ленінградскі ўніверсітэт па спецыяльнасці фізіка, матэматыка і астраномія. Вельмі дасведчана яна і ў пытаннях літаратуры, філасофіі, паліталогіі і інш. Карацей, яна сябе свабодна пачувае ў навуках як прыродазнаўчых, так і гуманітарных. Яе багаж у абсягах гэтых дысцыплін не абмяжоўваецца арыентацыяй у дачыненнях мінулых часоў, яна, што называецца, валодае здабыткамі навукі і сённяшняга дня.
А цяпер колькі слоў пра яе адну з апошніх кніг "Страту" - (успаміны, каментары і разважанні), што выйшла днямі ў Смаленску ў выдавецтве "Ноопрэс". "Страта" - твор рознажанравы, шматпланавы і многасюжэтны. Калі яго чытаеш (асабліва пра дзяцінства), міжвольна ўспамінаюцца "Шлях з цемры" Я. Маўра, "Расці, Ганька" А. Васілевіч і інш. з беларускай літаратуры, а з рускай "Детство, отрочество, юность" Л. Талстога, "Детство Тёмы" М. Гарына-Міхайлоўскага, "Детство Никиты" А. Талстога і інш., з заходняй літаратуры творы Ч. Дзікенса, М. Твэна, Р. Ралана і інш. Я і сам калісьці напісаў паэму ў прозе пра дзяцінства (друкавалася ў часопісе "Маладосць" і выйшла асобным выданнем у выдавецтве "Юнацтва" (1983) "Блакітныя чмялі". І ўвогуле мне падабаецца літаратура пра дзяцінства. Як і кнігі пералічаных аўтараў, кніга А. Грыцкевіч - арыгінальная. Яна не толькі пра дзяцінства і пра сябе. У ёй панарамна падаецца навакольнае жыццё яе аднагодкаў, і людзей дарослых, і розных (асабліва педагагічных) устаноў і інш.
Кнігу складаюць тры часткі: "Пра лецішча", "Байкі савецкай веранды" і "Страта". Першыя дзве часткі (невялікія памерам - разам займаюць 35 старонак з 290) - пра дачныя (фазэндныя) клопаты і забаўкі гараджан на сваіх лецішчах. А вось "Страта" - самая важкая і важная частка выдання. У ёй аўтарка распавядае пра сваё жыццё з радасцямі і засмучэннямі ад дня абуджэння яе свядомасці і да сённяшнягя дня, ад Вызны (Чырвонай Слабады) цераз Клецк, Новы Пагост, Чашнікі, куды па службе пераводзіўся яе бацька Аляксандр Васіл'евіч Грыцкевіч. Распавядаецца і пра Лыскі (Чашніцкі раён), дзе аўтарка пазней настаўнічала. Фрагментарна ўзгадваюцца Віцебск, Ленінград, Масква, Пенза, Ліда і інш. Разам з экскурсамі ў сваё мінулае аўтарка часта публіцыстычна па-грамадзянскі смела каменціруе з'явы і праявы ў грамадскім жыцці як мінуўшчыны, так і цяпершчыны.
Асноўны паказчык "Страты", як і іншых кніг А. Грыцкевіч пры падачы тэкставага матэрыялу, з гледзішча інтэлектуальна-маральнай ацэнкі - безаглядная шчырасць. Яшчэ больш каштоўнай яе робіць стылістычная дасканаласць і чыстая прыродная беларуская мова. "Страта" багата насычана этнаграфічным матэрыялам. Тут таксама многа расповядаў пра фаўну і флору тых мясцін, дзе праходзілі сляды гераіні кнігі. Прываблівымі выходзяць з-пад пяра аўтара пейзажы. Цікавымі будуць расповяды і для кулінараў: аўтарка, як кажуць, і тут у тэме.
У кнізе шмат гумару і сатыры і, непазбежна, драматычных, а то і трагічных афарбовак розных старонак нашага беларускага жыцця. Тут цэлыя галерэі як станоўчых, так і адмоўных тыпажоў і тыпаў чалавечых. Асабліва запамінаюцца псіхалагічныя партрэты на фоне местачковай бытавухі. І ўсё ж гэта ўзята з паўсядзённай рэчаіснасці. І яшчэ "Страта" ў пэўным сэнсе мае адмеціны энцыклапедычнасці.
Аднаго чашніцкага хлопчыка бацькі здолелі адправіць у Артэк - усесаюзны піянерскі лагер ля Чорнага мора, а ён адтуль узмаліўся: "Забярыце мяне...тут няма рэчкі...". Рэчкі Вульянкі (Вулы, Улы) - у мінулым адной з частак шляху з варагаў у грэкі і дзе Найвышэйшы гетман ВКЛ Мікалай Радзівіл Руды (1512-1584 гг.) 26 студзеня 1564 года перамог галоўнага маскоўскага ваяводу князя Пятра Шуйскага. Да 9000 маскавітаў загінула, гэтулькі ж патанула, уратаваліся ўцёкамі каля 7000. Ліцвіны ўзялі ў палон 12 ваяводаў і абоз з 3000 саней. Шуйскі загінуў. Дык вось, кожная звіліна, кожны перакат гэтай ракі ў тых, хто правёў і на ёй сваё дзяцінства, застанецца ў памяці на ўсё жыццё, а самыя шчаслівыя ў яго сны - сны пра яе - Улу (Вулу - Вулянку). Няма сумневу, што ў таго чашніцкага хлопчыка ў падсвядомасці і гэтая славутая рака.
Дарэчы, аўтарка "Страты" празаічныя тэксты часам перамяжоўвае з уласнымі вершамі. Гэта яшчэ больш удакладняе і ўзмацняе яе інфармацыйна-сэнсавыя пазіцыі-пасылы.
Пра "Страту" можна было б сказаць і болей, але лепш хай чытач сам увойдзе ў прастору гэтага твора, хай не пазбавіць сябе прыемных уражанняў ад сустрэчы з сапраўднай творчасцю. Няма сумневу, што гэты твор упрыгожыў бы любое часопіснае выданне, але, як кажуць, там свае сяброўскія колы, і вырашаюць яны інтарэсы сваёй сябрыны, сваіх сяброў. А дарэмна, бо гэта не на карысць беларушчыны і беларускай літаратуры.
І яшчэ. У кнізе змешчаны цікавы іканаграфічны матэрыял (фота), які цесна прывязаны да яе зместу. У афармленні першай старонкі вокладкі "Страты" выкарыстана рэпрадукцыя з карціны вядомага мастака Алеся Пушкіна "Страта". Вось жа адсюль і назва кнігі А. Грыцкевіч. Змест-сімвал карціны мастака і пераважна змест кнігі нашай аўтаркі ў чымсьці супадаюць.
Праўда, як у большасці добрых спраў, заўсёды можна знайсці і які-небудзь прыкры момант, так такі момант прысутнічае і ў "Страце". Тут сустракаюцца граматычныя (асабліва марфалагічныя) памылкі (канчаткі). Гэта паказчык і таго, што ў выдання не было карэктара, ды і рэдактар пільна не зазірнуў спачатку ў рукапіс, а пасля і ў карэктуру. Не апраўдвае любая памылка і аўтарку, хаця яна, відаць, даўно ўжо не кантактавала з беларускай граматыкай. Але гэта лёгка паправіма.
І яшчэ. Ёсць у кнізе адна недакладнасць: Музей камянёў знаходзіцца не ў Лошыцы, а ва Уруччы ІІ (Менск, вуліца Шугаева).
А напрыканцы немагчыма не павіншаваць аўтарку "Страты" і яе чытачоў са з'яўленнем кнігі, якая ніколькі не саступае, а часам і пераўзыходзіць кнігі яе любімай маскоўскай пісьменніцы Людмілы Уліцкай, і пажадаць далейшых творчых здзяйсненняў і ўдач.
Яўген Гучок, паэт, публіцыст.
У Беларусі выйшлі "Хронікі БІНіМу" - самай дасведчанай навуковай установы беларусаў-эмігрантаў. Гэта 33 кніга выдавецкай серыі "Бібліятэка "Бацькаўшчыны"
Пры канцы 1951 года намаганнямі беларусаў, якія па вайне апынуліся ў Злучаных Штатах Амерыкі, у Нью-Ёрку была створаная легендарная навуковая інстытуцыя - Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Арганізацыі было наканавана не толькі праіснаваць да сённяшніх дзён, але праз пераемнасць пакаленняў даследчыкаў і наладжванне трывалых сувязяў шматкроць узмацніць свой аўтарытэт у навуковым асяродку беларусістаў. За савецкім часам БІНіМ быў ці не адзінай установай, якая на высокім навуковым узроўні займалася даследаваннем беларускай эміграцыі, у гістарычных працах унікала звычайных для айчынных даследаванняў скажэнняў і фальшавання фактаў, а таксама звярталася да рэлігійных тэмаў, рэгулярна друкуючы матэрыялы ў альманаху "Запісы".
За гады існавання БІНіМ пашырыўся на два філіялы - у Мюнхене (Германія) ды ў Таронта (Канада), - усталяваў кантакты з сотнямі арганізацый, бібліятэкамі (асабліва шчыльныя з Публічнай бібліятэкай у Нью-Ёрку), каледжамі, фондамі.
Амаль семдзесят гадоў руплівай плённай працы інстытута - больш чым дастатковы тэрмін для таго, каб паўстала нагода для гістарычнага даследавання цяпер ужо яго самога. Сябры БІНіМа Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, скарыстаўшыся архівамі Вітаўта Тумаша (узначальваў інстытут у 1955-1982) і Вітаўта Кіпеля (узначальвае БІНіМ з 1982 года па сёння), бліскуча выканалі гэтую задачу, стварыўшы цікавую чытанку, у якой праз лісты, успаміны і пратаколы ключавых дзеячаў эміграцыі раскрываюцца няпростыя ўмовы працы, праз якія праходзіў шлях да немалых дасягненняў арганізацыі.
Выданне дапоўнена бібліяграфіяй альманаха "Запісы", а таксама біяграфічным даведнікам, датычных да дзейнасці БІНіМа асобаў.
Набыць кнігу можна ў крамах: "Акадэмкніга" (пр-т Незалежнасці, 72); "Кнігарня пісьменніка" (вул. Казлова, 2); "Веды" (вул. К. Маркса, 36); "Светач" (пр-т Пераможцаў, 11); "Цэнтральная кнігарня" (пр-т Незалежнасці, 19); "Кнігі & кніжачкі" (пр-т Незалежнасці, 14); "Эўрыка" (вул. Куйбышава, 75), а таксама ў інтэрнэт-крамах knihi.by і imbryk.by.
nn.by.