Папярэдняя старонка: 2017

№ 42 (1349) 


Дадана: 17-10-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 42 (1349), 18 кастрычніка 2017 г.


Лабадзенка пачаў збор сродкаў на помнік Касцюшку ў Беларусі

Ахвяраваць на першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку можа любы ахвотны на платформе "Талака". Каб помнік з'явіўся, неабходна сабраць 11 тысяч рублёў. Усталяваць яго плануюць у Мерачоўшчыне, дзе нарадзіўся нацыянальны герой Беларусі.

Ініцыяваў збор сродкаў Глеб Лабадзенка. На яго думку, гэта самая правільная рэакцыя беларусаў на скандал вакол помніка Касцюшку ў Швейцарыі.

- Самае рацыянальнае зерне, якое прагучала ва ўсіх гэтых сварках вакол помніка ў Швейцарыі, у тым, што не трэба шукаць ворагаў, а трэба самім ушаноўваць сваіх герояў, - кажа Глеб Лабадзенка. - Мы самі вінаватыя, што ў Беларусі няма ніводнага помніка Касцюшку, але гэта тое, што заўжды можна выправіць.

Адзін з двух бюстаў Касцюшкі стаіць на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Менску. Другі - у вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе месцілася сядзіба Касцюшкаў. Ёсць памятны валун у Мерачоўшчыне.

- Калі я сёння з раніцы пазваніў дырэктарцы музея ў Мерачоўшчыне і агучыў ідэю паставіць помнік Касцюшку, яна сказала: "Вы, напэўна, прачыталі мае думкі", - працягвае Глеб. - Дэлегацыю ад іх музея якраз запрасілі на адкрыццё помніка Касцюшку ў Залатурне, і яны абмяркоўвалі, як было б добра, каб у іх таксама адкрылі такі помнік. Дырэктарка дадала, што з раённым кіраўніцтвам таксама калісьці ўжо абмяркоўваліся такія ідэі, але, зразумела, вельмі часта ўсё ўпіраецца ў грошы. Я перакананы, што не трэба нікога папракаць: ні музей, ні ўлады, ні Міністэрства культуры - нікога. Бо такія помнікі павінны быць народнымі. Калі мы ганарымся, што наша зямля дала такога чалавека свету, як Тадэвуш Касцюшка, гэта значыць, кожны павінен даць па капейцы, па рублю на гэты помнік.

Скульптар Генік Лойка ўжо прыкінуў, як можа выглядаць такі помнік і што будзе каштаваць ён тыя 11 тысяч рублёў. За першыя паўтара дні была сабрана ўжо палова сумы.

Паводле СМІ.


Як будзе праходзіць з'езд ТБМ

ХІІІ з'езд ТБМ адбудзецца ў вялікай зале на першым паверсе па адрасе: г. Менск, пр. газ. "Праўда", 11, дзе месціцца цэнтр Ё. Раў (ад ст. м. "Пятроўшчына" - 5-10 хвілін пешкі).

Рэгістрацыя дэлегатаў і гасцей будзе праходзіць з 9:00 да 10:25. Падчас рэгістрацыі дэлегаты з'езду павінны прад'явіць пасведчанні сябра ТБМ (калі яшчэ не маеце пасведчання, то просім тэрмінова запоўніць анкету дэлегата і даслаць разам са сваім здымкам у офіс ТБМ). Пасля прад'яўлення пасведчання дэлегаты атрымаюць неабходныя паперы, у тым ліку мандат і талон-пропуск на абед.

Усе заўвагі па рэзалюцыях і заявах з'езду, праекты якіх ужо надрукаваныя ў газеце "Наша слова" і выстаўленыя на партале ТБМ, павінны падавацца толькі ў раздрукаваным выглядзе ў Сакратарыят з'езду, альбо непасрэдна ў рэдакцыйную камісію да 13:00 (пасля гэтага часу заўвагі ўжо прымацца не будуць).

Усе дакументы з'езда прымаюцца за аснову, альбо цалкам. Калі будзе неабходнасць, то з'езд даручыць рэдакцыйнай камісіі дапрацаваць прынятыя за аснову праекты і ў трохдзённы тэрмін перадаць іх у СМІ як канчатковыя.

Калі ж некаторыя дэлегаты з'езда хочуць прапанаваць свае рэзалюцыі, то неабходна самастойна раздрукаваць іх колькасцю 100 асобнікаў кожная (адпаведна колькасці дэлегатаў з'езда) і перадаць падчас рэгістрацыі раздрукаваныя матэрыялы рэгістрацыйнай групе для распаўсюду з іншымі дакументамі з'езда.

Аплата праязных дакументаў дэлегатам з'езда будзе адбывацца адразу пасля заканчэння з'езда. Тыя, хто хоча атрымаць кампенсацыю за праезд, павінны прадаставіць білет да Менска і ксеракопію білета на зваротны шлях (зробленую загадзя самастойна).

Сакратарыят ТБМ.



Гомельская гарадская арганізацыя Грамадскага аб'яднання "ТБМ імя Францішка Скарыны" сардэчна віншуе з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання і запрашае сяброў Гомельскага ТБМ 21 кастрычніка (субота) прыняць удзел у справаздачна-выбарчым сходзе, які пачнецца а 15 гадзіне.

Адбудзецца справаздача аб дзейнасці арганізацыі за 2015-2017 гады, пройдуць выбары старшыні Рады, складу Рады і рэвізійнай камісіі.

Сход пройдзе ў Цэнтры беларускай мовы, па адрасе: вул. Кірава, 3, пакой 1-8. Тэлефон для даведак +375299089162.


70 гадоў Міхасю Булавацкаму

БУЛАВАЦКІ Міхась Пятровіч нар. 11.10.1947 г. у в. Восы Глускага р-на Магілёўскай вобл. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ў 1971 годзе; спецыяльнасць: настаўнік матэматыкі і фізікі сярэдняй школы, працаваў настаўнікам, выкладчыкам, з 1977 г. выступае як журналіст. У 1988 г. стаў адным з заснавальнікаў магілёўскай філіі аб'яднання "Мартыралог Беларусі", кіраўнік магілёўскай суполкі Беларускага ПЭН-цэнтра.

Сябар ТБМ. Сябар рэспубліканскай Рады ТБМ. Заснавальнік і шматгадовы арганізатар праекту "Беларускае пяціборства".

З пачатку 90-х займаецца літаратурнай дзейнасцю, рэдактурай, піша вершы, перакладае з рускай. Першая літаратурная публікацыя: артыкул "Запозненае слова" пра творчасць У. Высоцкага з перакладамі "Паляванне на ваўкоў" і "Канец палявання на ваўкоў" у газеце "Ратуша" 29 студзеня 1992 г.

У 1999 г. выйшла кніга В. Высоцкага "Я не падману" ў перакладзе М. Булавацкага. Эсэ "Ноч свабоды" заняло прызавое месца ў літаратурным конкурсе "Мая свабода" (2004 г.), праведзеным радыё "Свабода". Эсэ "Лыжачка" - ІІІ месца на літаратурным конкурсе памяці К. Сіманава (2011 г.).

Месца жыхарства: Магілёў. Месца працы: індывідуальны прадпрымальнік у галіне матэматычнай адукацыі.

Вікіпедыя.


60 гадоў Леаніду Дранько-Майсюку

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК (нар. 10 кастрычніка 1957, Давыд-Гарадок) - беларускі паэт.

Нарадзіўся ў рабочай сям'і. Скончыў Давыд-Гарадоцкую СШ № 2 (1974), працаваў на Давыд-Гарадоцкім заводзе слясарна-мантажных інструментаў. У 1975 паступіў на завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1976-1978 служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянарнае аддзяленне Літінстытута, які скончыў у 1982. У 1982-2002 - рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура". Са жніўня 2002 года - на вольнай працы. Сябар ТБМ. Цесна супрацоўнічае з часопісам ТБМ "Верасень". Адзін з найактыўнейшых прапагандыстаў беларускай мовы і беларускай літаратуры.

Дэбютаваў вершамі ў столінскай раённай газеце "Навіны Палесся" ў 1972, у рэспубліканскім друку ў 1975 (газета "Чырвоная змена"). Аўтар 16 кніг, у тым ліку, зборнікаў паэзіі "Вандроўнік" (1983), "Над пляцам" (1986), "Тут" (вершы, паэмы, эсэ, 1990), "Проза радости" (пераклад з беларускай; М.: "Советский писатель",1991), "Пра тое, як я…" (13 несур'ёзных апавяданняў, 1992), "Акропаль" (паэзія, эсэ, 1994), "Стомленасць Парыжам" (вершы і эсэ, 1995), "Гаспода" (выбранае "Залатая серыя" "Паэзія XX стагоддзя", 1998), "Места і свет" (вершы, 2000), "Паэта-графічны раман" (вершы, проза, 2002), "Вершы. Каханне. Проза" (выбранае, 2003), "Белая вежа" (разам з Юрыем Кабанковым; вершы, лісты; Уладзівасток, 2004), "Цацачная крама" (кніжка для вялікіх і малых, 2008), "Анёлак і я" (апавяданне, 2009), "Кніга для спадарыні Эл" (проза, вершы, п'еса, 2012), "...Натуральны, як лінія небасхілу" (архіўная аповесць пра Максіма Танка, Менск, "Кнігазбор", 2017).

Лeaнiд Дpaнькo-Мaйcюк - aдзiн з caмыx пaпyляpныx i apыгiнaльныx cyчacныx бeлapycкix пaэтaў. У. Гнiлaмёдaў зaзнaчыў, штo Лeaнiд Дpaнькo-Мaйcюк пaчынaў y XX cт., aлe гэтa пaэт XXI cтaгoддзя, мaючы нa ўвaзe aктyaльнacць i caмaбытнacць ягo эcтэтычнaгa пoшyкy. Пaэт твopчa пpaцягвae тpaдыцыi эcтэтызмy y бeлapycкaй пaэзii, для ягo, як i для Мaкciмa Бaгдaнoвiчa, Улaдзiмipa Дyбoўкi, пpыгaжocць - нaйвышэйшы iдэaл. "Аpфeeм, pacпятым нa cтpyнax лipы" нaзвaлa ягo Г. Кicлiцынa, пaдкpэcлiўшы aддaнacць пaэтa выcoкaмy мacтaцтвy, yзвышaнa-paмaнтычны cклaд ягo тaлeнтy. Вepшы Л. Дpaнькo-Мaйcюкa нязмyшaнa ўвoдзяць чытaчa ў cвeт кpacы i гapмoнii, яны пpacякнyты cyлaднымi i вытaнчaнымi мyзычнымi iнтaнaцыямi (нeздapмa нa ягo cлoвы нaпicaнa звыш 40 пeceнь, мнoгiя з якix cтaлi вeльмi пaпyляpнымi ў выкaнaннi "Сябpoў", Я. Пaплaўcкaй i А. Цixaнoвiчa i iншыx cпeвaкoў). Для cённяшнягa Л. Дpaнькo-Мaйcюкa xapaктэpнa iнтэлeктyaльнaя глыбiня, мeдытaтыўнacць, з'яднaнaя з кaнкpэтнa-пaчyццёвaй вoбpaзнa-cцю, выcoкaя кyльтypa мacтaцкaгa мыcлeння, якaя aбaпipaeццa нa дoбpae вeдaннe тpaдыцый cycвeтнaгa мacтaцтвa, эcтэтычны пoшyк i бaгaццe вoбpaзнa-выяўлeнчыx cpoдкaў

Вікіпедыя.


Справаздачны даклад старшыні ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі з кастрычніка 2014 г. па кастрычнік 2017 г.

Ад з'езда да з'езда

Як і заўсёды, мінулыя гады прайшлі для нас у штодзённай стваральнай працы на карысць нашай Радзімы.

У нашай арганізацыі, якая існуе з 1989 года, адбываецца змена пакаленняў, што асабліва праявілася ў апошнія гады. Адышлі ў лепшы свет шмат якія заснавальнікі і актыўныя дзеячы ТБМ. Сярод іх першыя кіраўнікі ТБМ Генадзь Бураўкін і Ніл Гілевіч, сябры Рады ТБМ Анатоль Грыцкевіч і Ўладзімір Содаль, старшыня Баранавіцкай арганізацыі ТБМ Віктар Сырыца, галоўны рэдактар газеты "Новы час" Аляксей Кароль і многія іншыя рупліўцы роднага слова.

Па стану на 15 кастрычніка наша арганізацыя налічвае 6401 чалавек. З іх у Менску 2502 і Менскай вобласці 735, у Гарадзенскай вобласці 909, у Берасцейскай вобласці 536, у Гомельскай вобласці 420, у Віцебскай вобласці 752, у Магілёўскай вобласці 235, за межамі нашай краіны 312 чалавек.

Гэтыя гады былі для нас гадамі цяжкай, але стваральнай працы як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гародні, Ліды, Полацка, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Паставаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску. Была створана новая суполка ТБМ у Скідзелі, аднавіла сваю дзейнасць Стаўбцоўская арганізацыя ТБМ.

Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі "Наша слова", "Новы час", "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", ЛіМ, "Краязнаўчая газета" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё "Свабода", радыё "Рацыя", Еўрарадыё, партал tut.by і іншыя.

Аднак актыўнасць некаторых нашых арганізацый жадае быць лепшай. Нас хвалюе сітуацыя з дзейнасцю нашых сяброў у Берасці, Бабруйску, Пухавічах, Ваўкавыску, Мазыры і Нясвіжы.

Нягледзячы на неаднаразовыя абяцанні сябра Рады ТБМ Аляксандра Меха аднавіць дзейнасць Кобрынскай раённай арганізацыі, а таксама стварыць і зарэгістраваць Берасцейскую абласную арганізацыю ТБМ ім нічога не было зроблена ў гэтым кірунку.

З красавіка 2014 г. па чэрвень 2015 г. рэгулярна праводзіўся маніторынг моўных правоў грамадзян Беларусі. Мы накіравалі запыты аб стане моўных правоў усім 117 раённым выканаўчым камітэтам Беларусі. Зроблены аналіз адказаў мясцовых райвыканкамаў паказвае, што большасць рашэнняў выканкамаў і пастаноў мясцовых раённых саветаў прымаецца на рускай мове. Справаводства таксама пераважна вядзецца па-руску. Атэстацыя на валоданне беларускай мовай супрацоўнікамі арганізацый дзяржаўнай улады не праводзіцца.

Беларуская мова найбольш пашырана ў сферы культуры, адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ў візуальным афармленні.

У Савеце Міністраў Беларусі за вышэй азначаны перыяд па-беларуску было прынята толькі 13% пастаноў (170 з 1287) і 64% распараджэнняў Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь (246 з 384).

Маніторынг аказвае стымулюючае дзеянне. Некаторыя органы ўзялі на сябе абавязальніцтвы па паляпшэнні сітуацыі, асабліва ў стварэнні беларускамоўных версій сайтаў.

Нядаўна беларускі парламент прыняў вялікі заканадаўчы дакумент Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які складаецца з 257 артыкулаў, напісаны толькі па-беларуску і ўступіў у сілу з лютага 2017 г. Дзякуючы намаганням ТБМ у артыкуле 69 вышэй згаданага кодэкса запісана, што "Да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў адносіцца беларуская мова (вусная і пісьмовая), імёнаслоўныя традыцыі і традыцыйная форма звароту да людзей". Гэты сказ будзе карысны падчас спрэчных пытанняў у пашпартных сталах ці іншых установах нашай краіны.

Зараз нашыя намаганні накіраваныя на тое, каб новая версія Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь таксама была прынятая на беларускай мове.

Актыўную працу па пашырэнні беларускай мовы ў дзіцячых садках Гомеля праводзіць мясцовая арганізацыя ТБМ пад кіраўніцтвам Алесі Аўласевіч. Гомельская суполка ТБМ зладзіла фэст удзельнікаў беларускамоўнай адукацыі. Дзеці розных узростаў з бацькамі вучыліся разам спяваць беларускія песні, танцаваць, прыдумляць і маляваць ілюстрацыі да беларускіх казак, рабіць лялькі. Створаны першыя беларускамоўныя класы ў Гомелі, Жодзіна, Лідзе і Гародні. У горадзе Лідзе, дзякуючы Станіславу Судніку, з'явіліся 3 білборды ў падтрымку беларускай мовы.

У гэтым годзе прайшла юбілейная 10-я Агульнанацыянальная дыктоўка, у якой прынялі ўдзел тысячы чалавек як у Беларусі, так і за яе межамі.

У гэтым годзе выйшаў 16 нумар часопіса "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за яе межамі.

Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7-11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. 2016-2017 гады працавалі беларус-капольскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам Людмілы Бурлевіч і Леанарды Мухінай, а таксама псіхалагічныя беларускамоўныя заняткі "Школа асобаснага росту" Людмілы Дзіцэвіч. У кастрычніку гэтага года пачалі працаваць курсы ўкраінскай мовы сумесна з амбасадай Украіны ў Беларусі.

Апошнія гады актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства "Прамова", кіраўнік - Аляксандр Давідовіч. Актыўна дзейнічала ў 2015 г. і першай палове 2016 г. гістарычная школа пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках з Алегам Трусавым" (каардынатар Алена Анісім). Зараз гэтым займаецца клуб "ПраМова".

Варта адзначыць вялікі поспех курсаў "Мова нанова", заснаваных актывістамі ТБМ Глебам Лабадзенка і Алесяй Літвіноўскай. Курсы атрымалі афіцыйную рэгістрацыю, іх наведалі больш за тысячу асобаў у розных гарадах краіны, дзе працуюць філіялы гэтых курсаў.

Вось ужо дзявяты год кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гарадзеншчыны.

З 2012 г. дзейнічае інтэрнэт-партал ТБМ, каардынатар партала і сацыяльных сетак Юлія Бажок. Дзякуючы парталу, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: нашу гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя слаі грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі.

Актыўна займаюцца краязнаўчай і турыстычнай працай нашы сябры з Менска, Гародні, Магілёва, Паставаў, Шклова, Баранавічаў, Шаркаўшчыны, Магілёва і Ліды. Яны ладзяць беларускамоўныя экскурсіі, пленеры, канферэнцыі і семінары. У гэтым плане хочацца адзначыць сяброў Рады ТБМ Станіслава Судніка, Алега Дзьячкова, Алеся Кроя і Аляксандра Давідовіча.

Адбыліся змены ў рэгіянальным кіраўніцтве ТБМ. Абраныя новыя кіраўнікі ў Полацку, Слуцку, Дзятлаве і Салігорску. Былі выдадзеныя насценныя і кішэнныя календары і паштоўкі, прысвечаныя Нілу Гілевічу, Алесю Смолічу, Макару Краўцову, ксяндзу Уладзіславу Чарняўскаму і Янку Брылю.

Выдавецкі дом ТБМ у Лідзе таксама выдаваў календары і зрабіў банер, прысвечаны 500-м угодкам беларускага кнігадрукавання.

Дзякуючы намаганням сяброў ТБМ была зроблена рэстаўрацыя помніка літары "Ў" у Полацку, дзе помнік доўгі час быў занядбаны. Увесну 2015 года была працягнутая на чарговыя 3 гады арэнда памяшкання сядзібы ТБМ у Менску. Таксама ў 2016 г. у сядзібе ўсталявалі новую пажарную сігналізацыю.

Напрыканцы 2015 г. па ініцыятыве ТБМ быў створаны аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, у які ўвайшлі прадстаўнікі розных палітычных і грамадскіх арганізацый. Сустаршынямі аргкамітэта абраны сп. Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Колас і Алег Трусаў, каардынатарка Алена Анісім.

Дзякуючы намаганням аргкамітэта 11 верасня 2017 г. Менскі выканаўчы абласны камітэт выдзеліў для дзейнасці будучага ўніверсітэта як структурнай адзінкі ТБМ "Універсітэт Альбарутэніка" асобнае памяшканне. Зараз мы актыўна працуем над канчатковай версіяй Статута ўніверсітэта.

28 сакавіка 2015 г. у Менску адбылася Міжнародная канферэнцыя "Моўныя правы і іх абарона". Былі запрошаныя праваабаронцы і навукоўцы з Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі, Эстоніі. Сярод беларускіх удзельнікаў праваабаронцы з праваабарончага цэнтра "Вясна", навукоўцы з НАН Беларусі, вядучых універсітэтаў краіны.

Было праведзена пленарнае паседжанне і 2 секцыі. У канферэнцыі прынялі ўдзел звыш 50 удзельнікаў. Інфармацыя пра канферэнцыю была апублікаваная ў "Свободных новостях плюс", у "Нашым слове", на Еўрарадыё, ва ўкраінскіх СМІ.

Па выніках канферэнцыі ў чэрвені 2015 г. быў надрукаваны зборнік (у дзвюх частках). Гэта каштоўная крыніца інфармацыі для навукоўцаў і абаронцаў моўных правоў. Экземпляры матэрыялаў канферэнцыі былі перададзены ў бібліятэкі і навуковыя асяродкі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Англіі, Германіі.

Для рэкламы сваёй дзейнасці мы надрукавалі каляровы буклет разам з календаром у колькасці 1600 асобнікаў. Буклеты распаўсюджаны ў Менску, у Баранавічах, Слуцку, Салігорску, Лідзе, Гомелі і за мяжой (у Літве, Украіне, Польшчы і Расіі). Зроблена і англамоўная версія буклета ТБМ, якая размешчана на сайце ў зручным для пампавання фармаце.

Сакратарыят ТБМ у 2015 годзе накіраваў усім кандыдатам у прэзідэнты прапановы па паляпшэнні стану беларускай мовы ў краіне, каб яны ўключалі адпаведны пункт у свае прадвыбарчыя праграмы. Трэба адзначыць, што сп. Таццяна Караткевіч нашы прапановы ўключыла ў сваю праграму са спасылкай на нашу арганізацыю.

Сябры ТБМ прынялі актыўны ўдзел у апошніх парламенцкіх выбарах у 2016 г. Акрамя мяне подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты збіраў старшыня Менскай гарадской арганізацыі, намеснік старшыні ТБМ Аляксандр Давідовіч. У рэгіёнах найбольш праявілі сябе сябры Лідскай і Баранавіцкай арганізацый ТБМ, а таксама сябра Рады ТБМ з Кобрына сп. Аляксандр Мех і Алена Анісім з Менска.

На першым месцы тут знаходзіцца Лідская арганізацыя ТБМ, якая здолела вылучыць (праз партыю БНФ) і зарэгістраваць шэсць кандыдатаў у дэпутаты беларускага парламента. Вядома, што ўсе кандыдаты ў дэпутаты - сябры ТБМ - вялі сваю выбарчую кампанію па-беларуску.

У беларускіх і замежных сродках масавай інфармацыі актыўна асвятлялі перадвыбарную кампанію і парламенцкія выбары ў Беларусі 2016 года, і цяпер, дзякуючы перамозе на парламенцкіх выбарах першага намесніка старшыні Таварыства беларускай мовы спн. Алены Анісім, пра ТБМ ведаюць ва ўсім свеце. Як паведамляецца ў некаторых СМІ, з 2004 года ў парламент траплялі толькі актыўныя прыхільнікі дзеючай улады, таму перамога аднаго з кіраўнікоў ТБМ з'яўляецца сапраўдным поспехам, бо наша арганізацыя адстойвае не заўсёды зручныя для ўладаў погляды. Праз гэта нас нават пачалі параўноўваць з палітычнай партыяй апазіцыйнага кшталту.

Перамога спн. Анісім не адбылася б без двухгадовай папярэдняй падрыхтоўкі. ТБМ мэтанакіравана і паслядоўна рыхтавалася да вераснёўскіх выбараў 2016 года, актыўнымі сябрамі нашай арганізацыі праводзіліся абмеркаванні і планаванні, на Радах ТБМ 2015 і 2016 гадоў галасаваннем прымаліся адпаведныя рашэнні.

Акрамя таго, некаторыя сябры ТБМ маюць непасрэднае дачыненне да нефармальнага аб'яднання беларускіх патрыётаў, якое арганізавала 21 снежня 2014 года Усебеларускі кангрэс за незалежнасць (спн. Анісім з'яўляецца каардынатарам Рады Кангрэса). На ім было прапанавана стварыць грамадзянскую ініцыятыву "Беларускую мову - у парламент", а абранне спн. Анісім у парламент фактычна з'яўляецца пачаткам рэалізацыі планаў вышэйзгаданай грамадзянскай ініцыятывы.

Зараз наша задача з дапамогай спн. Алены Анісім пачаць актыўна беларусіфікаваць наш парламент, а таксама ўнесці неабходныя змены ў Закон аб мовах Рэспублікі Беларусь і прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Праца ў гэтым кірунку ўжо вядзецца.

На гэтым з'ездзе трэба вызначыцца, як нам працаваць далей у тых знешніх і ўнутраных абставінах, якія рэзка змяніліся за апошнія тры гады.

Пасля анексіі Крыма і вайны на Данбасе над нашай краінай навісла пагроза страты незалежнасці і пераўтварэння ў чарговую ахвяру так званага "рускага свету". У гэтых умовах роля працы па пашырэнні беларускай мовы і культуры ва ўсіх сферах нашага жыцця значна ўзрастае.

Паколькі ўлады Беларусі не спяшаюцца рэальна пашыраць ужыванне беларускай мовы, асабліва ў сферы адукацыі наспеў час стварыць у краіне сістэму прыватнай беларускамоўнай адукацыі ад дзіцячых садкоў да нацыянальнага ўніверсітэта з дапамогай уласных сродкаў. Нам патрэбныя прыватныя беларускамоўныя школы і асабліва гімназіі, дзе будуць вучыцца па-беларуску нашыя дзеці і ўнукі за нашыя грошы ў лепшых умовах, чым у дзяржаўных школах і гімназіях, дзе ўжо шмат год назіраецца дэградацыя сістэмы навучання.

Папулярная ў Беларусі рускамоўная газета "Камсамольская праўда" адзначае, "што ў апошні час ёсць усё больш запытаў на беларускамоўных нянек" для маленькіх дзетак. Калі бацькі знаходзяць грошы на беларускамоўную няньку, то яны знойдуць іх на беларускамоўную школу ці гімназію, дзе будуць працаваць высокапрафесійныя беларускамоўныя настаўнікі, якія размаўляюць па-беларуску не толькі на ўроках, але і ў сям'і, крамах, транспарце і іншых грамадскіх месцах.

Я бачу дзейнасць ТБМ у новых умовах як згуртаванне аднадумцаў, якія не лямантуюць, што ўсё страчана, а ўмеюць гуртавацца, працаваць у камандзе і знаходзіць грошы на сваю дзейнасць.

Я прапаную зменшыць колькасць новай Рады ТБМ з 54 да 30-35 чалавек і не выбіраць туды "вясельных генералаў", якія потым не будуць нават з'яўляцца на паседжаннях, ужо не кажучы пра штодзённую працу. Тое ж можна сказаць і пра Сакратарыят ТБМ.

Рэгіянальныя структуры таксама павінны ўзяць на сябе абавязкі рэгулярнага фінансавання офіса ТБМ у Менску (сума складае каля 2000 BYN за месяц), дзе зарэгістравана ТБМ як юрыдычная асоба і штодзень працуе Сакратарыят ТБМ. Гэта складкі і ахвяраванні, якія трэба рэгулярна пералічваць на рахункі ТБМ.

Сярод найбольш актыўных ахвярадаўцаў і фундатараў ТБМ я хачу адзначыць сп. Бераговіча, які фінансуе выданне часопіса "Верасень", сябра ТБМ з Масквы сп. Казакова, нашага канадскага сябра сп. Мурзёнка, ветэрана вайны са Слаўгарада Фелікса Шкірманкова, спн. Алену Анісім і сотні іншых сяброў і прыхільнікаў ТБМ, імёны якіх мы рэгулярна друкуем у газеце "Наша слова" і абвяшчаем на партале ТБМ.

Я спадзяюся, што новае, больш маладое і дынамічнае кіраўніцтва ТБМ, якое мы абяром на нашым з'ездзе, не толькі захавае тыя здабыткі, якія мы маем зараз, але і здолее іх павялічыць.

Сыходзячы з пасады старшыні ТБМ, якую займаю з 1999 г., я выказваю шчырую ўдзячнасць сотням найбольш актыўных сяброў ТБМ, якіх я ведаю асабіста і якія назаўжды застануцца маімі сябрамі і аднадумцамі.

Жыве наша мова і жыве Беларусь!

З павагай да вас усіх

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Прозвішчы Беларусі

Новая серыя

Павел Сцяцко

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

478. Іванец (Андрэй) - вытвор з суфіксам -ец ад антрапоніма Іван і значэннем 'нашчадак названай асобы': Іванец. ФП: Іван (імя <ст.-яўр. iohanan 'Бог мілуе') - Іван (празванне, потым прозвішча) - Іванец.

479. Ількевіч (Міхаіл) - форма бацькаймення з суфіксам -евіч ад антрапоніма Ілька і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ількевіч. ФП: Ілья (імя <ст.-яўр. 'Яхве - мой Бог') - Ілька (з 1541 г. - народная форма) - Ілько (Ілька) (празванне, потым прозвішча) - Ількевіч.

480. Ільніцкі (Андрэй) - другасная форма, першасная Ільяніцкі - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Ільянічы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Ільянічскі - Ільяніцкі. ФП: Ілья (імя <ст.-яўр. 'Яхве - мой Бог') - Ільіч (бацькайменне з суфіксам -іч) - Ільяніч ('тое, што і Ільіч') - Ільянічы (тапонім) - Ільяніцкі - Ільніцкі (спрашчэнне формы з выпадзеннем сегмента -я-).

481. Ісаеўскі (Раман) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Ісаеўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Ісаеў (ка)-скі. ФП: Ісай (імя, ст.-яўр. з семантыкай 'выратаванне Бога') - Ісай (мянушка, потым прозвішча) - Ісаеўка (тапонім з жыхарамі з прозвішчамі Ісай, уладанне Ісая) - Ісаеўскі.

482. Істомін (Віктар) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Істома і значэннем 'нашчадак названай асобы': Істомін. ФП: Істома (імя -слав. 'стомлены') - Істома, Стома (мянушка, потым прозвішча) - Істомін.

483. Кабушкін (Іван) - вытвор з фармантам -ін ад антрапоніма Кабушка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кабушкін. ФП: кабушка / кабушек (рус. 'круглы сырок, шарык з сыру ці творагу' (Даль)) - Кабушка (мянушка, потым прозвішча) - Кабушкін.

484. Кавалец (Васіль) - вытвор з суфіксам -ец ад 1) антрапоніма Каваль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кавалец; 2) ад тапоніма Кавалі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Кавалец. ФП: каваль ('рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу') - Каваль (празванне) - Каваль (прозвішча) - Кавалі ('пасяленне з прозвішчамі Каваль') - Кавалец.

485. Кавалькоў (Валерый) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Кавалёк і значэннем 'нашчадак названай асоба': Кавалькоў. ФП: каваль ('рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу', (перан.) 'той, хто настойлівай працай дамагаецца чаго-н.; стварае што-н.') - кавалёк ('памочнік каваля' або памян.-ласк. форма да каваль') - Кавалёк (мянушка, потым прозвішча) - Кавалькоў.

486. Кавыль (Міхась) - семантычны вытвор ад апелятыва кавыль 'травяністая стэпавая расліна сямейства злакавых з вузкімі лістамі і кветкамі, сабранымі ў пушыстыя мяцёлачкі'.

487. Кавяла (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва кавяла 'самаробны драўляны пратэз для нагі'.

488. Кадачнікаў (Павел) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Кадачнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кадачнікаў. ФП: кадачнік (рус. спец. кадочник 'кадушачнік' (той, хто вырабляе кадкі, кадушкі)) - Кадачнік (мянушка, потым прозвішча) - Кадачнікаў.

489. Кажадуб (Алесь) - семантычны вытвор ад апелятыва кажадуб (рус. кожедуб) 'дубільшчык скуры'.

490. Кажанеўская (Вераніка) - вытвор з фармантам -еўская ад тапоніма Кажаны і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці': Кажанеўская. ФП: кажан ('начная млекакормная жывёліна з шырокімі перапонкавымі крыламі; лятучая мыш') - Кажан (мянушка, потым прозвішча) - Кажаны (тапонім 'мясцовасць з прозвішчамі Кажан') - Кажанава - Кажанеўка (тапонім) - Кажанеўская.

491. Кажушка (Анатоль) - другасная форма, першасная Кажушак - семантычны вытвор ад апелятыва кажушок - памянш. ад кажух 'доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын'. Антрапонімы з канцавым сегментам -ок часта набываюць форму з фінальным -ко/-ка: Кажу-шок > Кажушка. Як і Чарток > Чартко, Бажок > Бажко і пад.

492. Казачок (Сафія) - семантычны вытвор ад апелятыва казачок, які мае 2 значэнні: 1) вытвор з памянш. суфіксам -ок ад казак: даўней на Ўкраіне і ў Расіі - 'член земляробчай грамады пасяленцаў на ўскраінах дзяржавы, якія актыўна ўдзельнічалі ў абароне дзяржаўных межаў', а таксама 'нашчадак гэтых пасяленцаў (на Доне, на Кубані і іншых мясцовасцях)', 'радавы вайсковай часці з гэтых сялян'. Акрамя таго: у рускіх дваран, памешчыкаў: хлопчык-слуга; 2) народны танец з паступова нарастальным рытмам, а таксама музыка да гэтага танцу.

493. Казбярук (Уладзімір) - другасная форма, першасная Каспярук - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Каспер і значэннем 'нашчадак названай асобы': Касперук - Каспярук. ФП: Каспер (з мовы грэкаў Gaspares < санскр. gataspa 'майстар, настаўнік') - Каспер (празванне) - Касперук - Каспярук - Казбярук (вынік азванчэння: сп > зб).

494. Казей (Марат) - семантычны вытвор ад апелятыва казей 'шчыкалатка, костачка нагі (Даль)'.

495. Казека (Ала) - семантычны вытвор ад апелятыва казека (рэг. 'вош' (Дабр.)).

496. Казелка (Валерый) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Казёл / Козел і значэннем 'асоба жаночага полу (жонка, дачка) названага намінанта': Козелка - Казелка. Або трансфарманая форма ад Казелак (м.р.) - семантычны вытвор ад апелятыва казелак 'расліна казлабарод лугавы' (ЭСБМ).

497. Казеятка (Лявон) - відаць, другасная форма, першасная Казыятка / Казыяка - семантычны вытвор ад ст.-бел. казыяка 'жаночы кафтан' (ЭСБМ).

498. Казіміроўскі (Саламон) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Казіміроўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Казіміроў(к)-скі. ФП: Казімір (імя ўласнае славянскае) - Казіміраўка (тапонім-мясцовасць, дзе ёсць антрапонімы Казімір) - Казіміроўскі.

499. Казінец (Міхась) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Казіна і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Казінец. ФП: Казімір (імя, слав. 'прадказваць мір') - Казя(ё) (народна-гутарк. форма) - Казя (празванне, потым прозвішча) - Казіна ('уладанне Казя') - Казінец.

500. Казлоўскі (Руслан) - вытвор з фармантам -оўскі / -скі ад тапоніма Казлы / Козлаўка / Козелкі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Казлоўскі / Казлоўскі. ФП: казёл (апелятыў мае шмат значэнняў: 'самец казы'; 'дзікая млекакормленая жывёліна сямейства пустарогіх, якая водзіцца звычайна ў гарах'; 'род гульні ў карты, даміно'; 'метал, шлак, які застыў пры плаўленні і прыкарэў да сценак печы, каўша і пад.'; 'гімнастычны снарад у выглядзе кароткага, абабітага скурай бруса на чатырох ножках'; 'род бабкі: некалькі снапоў ячменю, аўсу, састаўлены пэўным чынам для прасушвання'; 'тое, што і казляк 'ядомы грыб з масляністай слізкай шкуркай на шапачцы; масляк'; 'легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці') - Казёл (мянушка) - Казёл (прозвішча) - Козел (для адмежавання ад апелятыва) Казлы / Казелкі / Казлоўка (тапонім) Казлоўскі.

501. Казусёнак (Андрэй) - вытвор з фармантам -ёнак ад антрапоніма Казус і значэннем 'нашчадак названай асобы': Казусёнак. ФП: казус ('складаная, заблытаная справа ў судовай практыцы', а таксама 'незвычайны, недарэчны выпадак') - Казус (мянушка) - Казус (прозвішча) - Казусёнак.

502. Казюк (Адам) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Казя / Казё і значэннем 'нашчадак названай асобы': Казюк. ФП: Казімір (слав. 'прадказваць мір') - Казя / Казё (народна-гутарк. формы) - Казя (мянушка, потым прозвішча) - Казюк. Або ад разм. Казюк (у іншых рэгіёнах Казік), якое набыло ролю прозвішча.

504. Казяльцоў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Казялец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Казяльцоў. ФП: казялец ('шматгадовая травяністая расліна сямейства казяльцовых, звычайна з жоўтымі кветкамі') - Казялец (мянушка, потым прозвішча) - Казяльцоў.

505. Какора (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва какора 'ніжняя частка камля хвойнага дрэва, якая выкарыстоўваецца для будоўлі барак', а таксама 'вывернутае з коранем дрэва; карчага'.

506. Какошнікава (Алеся) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Какошнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Какошнікава. ФП: какошнік ('старадаўні рускі жаночы галаўны ўбор у выглядзе ўпрыгожанага шчытка над ілбом', а таксама 'ўпрыгожанне на фасадах будынкаў, якое нагадвае па форме такі галаўны ўбор') - Какошнік (празванне, а пазней прозвішча) - Какошнікава.

507. Каладынскі (Аляксандр) - вытвор з фармантам -ынскі (-інскі) ад тапоніма Калоды (Калода) з семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Калодінскі - Каладынскі. Або ад прозвішча Калода з фармантам шляхетнасці -ынскі: Калодынскі - Каладынскі.

508. Каламіец (Эмілія) - семантычны вытвор ад апелятыва каламіец < укр. коломиець 'жыхар Каламійскай акругі', 'той, хто здабывае соль' (Грынч.).

509. Каламінская (Вольга) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Каломіна / Каломна і значэннем 'жыхарка, народзінка названага паселішча': Коломінская - Каламінская.

510. Калінковіч (Леанід) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Калінка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Калінковіч. ФП: Каліна і Калінік (імя) - Калінка (памянш.-ласк. форма) - Калінка (мянушка, потым прозвішча) - Калінковіч. Або ад апелятыва калінка (па-мян.-ласк. ад каліна 'кустовая расліна з белымі кветкамі і чырвонымі горкімі ягадамі, а таксама ягады гэтай расліны'), які набыў ролю прозвішча.

511. Каліціна (Таццяна) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Каліта і значэннем 'нашчадак названай асобы': Каліц(т/ц)іна. ФП: каліта ('сумка для грошай; вялікі кашалёк', 'паходная торба, сумка', 'грошы, багацце') - Каліта (мянушка, потым прозвішча) - Каліціна.

512. Калымага (Ніна) - семантычны вытвор ад апелятыва калымага 'даўнейшая карэта з высока размешчаным кузавам'.

513. Калядзіч (Наталля) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Каляда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Калядзіч. ФП: каляда ('даўнейшы абрад хаджэння па хатах у калядныя вечары з віншаваннем, велічальнымі песнямі, а таксама песня, што спяваецца ў час гэтага абраду і падарункі атрыманыя ад гаспадара за віншаванне') - Каляда (мянушка, потым прозвішча) - Калядзіч.

514. Калядны (Мікола) - семантычны вытвор ад апелятыва калядны 'які мае адносіны да каляд; такі, які бывае на Каляды'.

515. Калясінскі (Аўгуст) - вытвор з фармантам -скі ад антрапоніма Калясіны і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Калясінскі. ФП: калёсы ('конная чатырохколая гаспадарчая павозка') - калясіна ('дарога-след ад калёсаў') - Калясіна (тапонім) - Калясінскі.

516. Камароўская (Зінаіда) - вытвор з фармантам -ская / -оўская ад тапоніма Камароўка / Камары і значэнне 'народжанка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Камароў(к) ская / Камароўская. ФП: камар ('маленькае двухкрылае насякомае-крывасмок з тонкім прадаўгаватым цельцам і кароткім хабатком') - Камар (мянушка) - Камар (прозвішча) - Камары (тапонім - 'паселішча з прозвішчамі Камар') - Камароўка ('мясціна, дзе шмат камароў, дзе жывуць жыхары з прозвішчамі Камар') - Камароўскі(-ая). Або шляхетная форма з фармантам -оўская ад Камар.

517. Камарэц (Міхаіл) - вытвор з суфіксам -эц ад антрапоніма Камар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Камарэц. ФП: камар ('насякомае-крывасмок') - Камар (мянушка, потым прозвішча) - Камарэц. Або ад апелятыва камарэц ('невялікі камар), які шляхам семантычнага ўтварэння стаў прозвішчам'.

518. Камбалава (Анжаліка) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Камбала і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Камбалава. ФП: камбала ('плоская марская рыба з вачамі на адным баку') - Камбала (мянушка) - Камбала (прозвішча) - Камбалава.

519. Камела (Ніна) - форма імя Каміла (жан. форма ад Каміл < лац. сamillus 'малады чалавек са знатнай сям'і') набыла ролю прозвішча (праз ступень мянушкі).

520. Камінская (Марыя) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Камін і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Камінская.

521. Камлюк (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва камлюк 'ніжняя частка ствала дрэва; камель'.

522. Кананчук (Таццяна) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Конан (імя <грэч. Konon 'імя славутых грэкаў') і значэннем 'нашчадак названай асобы': Конанчук - Кананчук.

523. Канапацкі (Дзяніс) - семантычны вытвор ад апелятыва канапацкі 'той, хто канапаціць - затыкае дзіркі або шчыліны ў чым-н. пакуллем, мохам і інш.'.

524. Канаплянік (Ларыса) - семантычны вытвор ад апелятыва канаплянік, які мае наступныя значэнні: 1) сцёблы канопляў без насення, канапляная салома; 2) участак зямлі, засеяны каноплямі; 3) верабей (рэг.).

525. Кандакова (Марыя) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Кандак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кандакова. ФП: кандак (рэг.) 'песня ў гонар Хрыста, Багародзіцы ці іншага Святога' (Даль) - Кандак (мянушка, потым прозвішча) - Кандакова.

526. Кандрашова (Зінаіда) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Кандраш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кандрашова. ФП: Кандрат (імя <лац. з семантыкай 'квадратны, шыракаплечы' <грэч. Kodratos) - Кандраш (народная форма) - Кандраш (мянушка, потым прозвішча) - Кандрашова.

527. Кандыбовіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Кандыба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кандыбовіч. ФП: Кандыба ('кульгавы, крывы', а таксама 'маруда, павольны ў хадзе' (Нас.) 'дрэнны конь' (укр.)) - Кандыба (мянушка, потым прозвішча) - Кандыбовіч.

528. Каненка (Анатоль) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Каня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Каненка. ФП: каня ('драпежная птушка сямейства ястрабіных, дакучлівы манатонны крык якой нагадвае слова 'піць', сарыч, канюк', а таксама (рэг.) 'кнігаўка') - Каня (мянушка, потым прозвішча) - Каненка.

529. Канна (Ларыса) - семантычны вытвор ад апелятыва канна 'шматгадовая травяністая расліна, якая мае чырвоныя вялікія кветкі'.

530. Канюк (Пётр) - семантычны вытвор ад апелятыва канюк ('тое, што і каня - птушка сямейства ястрабіных, якая жыве на балотах, сырых лугах, крык якой нагадвае слова "піць"; кнігаўка').

531. Канюта (Вераніка) - вытвор з фармантам -юта ад антрапоніма Каня і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Канюта (параўн. Васюта (< Вася-Васіль)). ФП: каня ('птушка кнігаўка') - Каня (мянушка, потым прозвішча) - Канюта.

532. Канякін (Ігар) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Каняка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Канякін. ФП: каняка ('слабы заезджаны конь') - Каняка (мянушка, потым прозвішча) - Канякін.

533. Капаткова (Людміла) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Капотка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Капоткава - Капаткова. ФП: капота, памянш. капотка ('хламіда-нязграбная шырокая і доўга адзежына' (разм.)) - Капотка (мянушка, потым прозвішча) - Капаткова.

(Працяг у наступным нумары.)


70 гадоў Юрку Голубу

Юрка ГОЛУБ (20 кастрычніка 1947, в. Горна, Зэльвенскі раён Гарадзенскай вобласці) - беларускі паэт, празаік і перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970) працаваў рэдактарам на Гарадзенскай студыі тэлебачання. З 1978 - загадчык аддзела культуры абласной газеты "Гродзенская праўда", з 1979 - загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гарадзенскага абласнога тэлебачання і радыё. Вядучы тэлепраграмы "Гродзеншчына літаратурная". Сябар Саюза пісьменнікаў СССР з 1971.

Друкавацца пачаў у раённым друку ў 1963, у рэспубліканскім - у 1965. Выдаў зборнікі паэзіі "Гром на зялёнае голле" (1969), "Дрэва навальніцы" (1973), "Векапомнае поле" (1976), "Помню пра цябе" (1983), "Сын небасхілу" (1989), "Поруч з дажджом" (2001), "Зажураны камень. Трыялеты" (2002), "Брама зімы" (2004) і "Багра" (2006). Аўтар кнігі для дзяцей "У бары грыбы бяры" (1986). Выступае як празаік, перакладчык.

У вершах Юркі Голуба - свет маладога сучасніка, які абвострана адчувае праявы жыцця. Шчырасць лірычнага самавыяўлення, лаканічнасць выказвання, яркая метафарычнасць вобразаў, багатая інструментоўка радка - асаблівасці яго творчай манеры.

Вікіпедыя.


ПРОСТАЯ МОВА

Раса раскашуе, рудзець

Загару маёва.

Выносяцца гукі з грудзей -

Простая мова.


У матчынай хусткі каснік -

Сусвету абнова.

Нясхільная звону казны

Простая мова.


Будзіла будынкі бяда

Грымотна, сурова.

Ахоўвала краю будан

Простая мова.


Патрапіў у пекла сатрап,

У жорсткія ловы.

Кавадла - радзіма сярпа.

Простая мова.


Дарэмна ламаў ураган

Вясёлку на дровы.

Зубры са стажком на рагах -

Простая мова.


Зракліся замовы ануч,

Дзе з шэптамі змова.

Зацятыя вусны на ключ -

Простая мова.

Юрка Голуб.


Выстава "Эрнст Барлах - Кеце Кольвіц. Пераадольваючы існаванне"

Навіны Германіі

З 7 кастрычніка па 3 снежня 2017 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбываецца міжнародны мастацкі праект-дыялог, які ўключае ў сябе выставу "Эрнст Барлах - Кеце Кольвіц. Пераадольваючы існаванне" і камунікатыўную праграму face art - face future. Дадзены праект арганізаваны сумесна з Таварыствам Эрнста Барлаха (Гамбург)* пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, пад патранажам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Федэратыўнай Рэспублікі Германіі ў Рэспубліцы Беларусь Петэра Дэтмара.

Упершыню ў Беларусі дэманструюцца творы двух вялікіх нямецкіх мастакоў першай паловы ХХ стагоддзя - Эрнста Барлаха (1870-1938) і Кеце Кольвіц (1867-1945). Выстава прадставіць больш за 200 твораў скульптуры і графікі (малюнкі, гравюры) з калекцыі Інстытута міжнародных адносін Штутгарта (ifa), музеяў Эрнста Барлаха ў Ратцэбургу і Ведале, а таксама з прыватных збораў Германіі. Экспанаты выставы дазволяць пазнаёміцца з асноўнымі этапамі творчага шляху мастакоў у перыяд з 1890 па 1945 год.

"Мастацтва ёсць справа найглыбокай людскасці, проба на чысціню сэрца і душы", - гэтыя словы Эрнста Барлаха сталі свайго роду лозунгам яго творчасці. У працах мастака нязменна прысутнічае высокі духоўна-эстэтычны ідэал, які Барлах знаходзіў у простым і шчырым чалавеку з народа, які ўвасабляў для яго найболей маральную катэгорыю чалавечага грамадства. Яго творчы шлях і само жыццё - шлях мужнасці і рашучасці мастака, які свядома аддалаў сябе служэнню адвечна актуальнай ідэі маральнага фармавання чалавека і які тлумачыў яе ў класічным рэпертуары адвечных жа тэм - дабра і злы, кахання і нянавісці, жыцця і смерці.

У мастацтве Кеце Кольвіц гледача захопліваюць, хвалююць і кранаюць чалавечыя лёсы. Тэмы і сюжэты сваіх твораў мастачка чэрпае з самога жыцця - вайна, нянавісць, барацьба, каханне, воля, патрэба і смерць. Гэта надае яе творчасці велізарную сілу і пераканаўчасць. Пры гэтым Кольвіц не капіюе рэчаіснасць, але малюе сапраўднае жыццё. Яе творы прасякнуты глыбокай спагадай; мова яе мастацтва - агульназразумелая і надзвычай выразная.

Абодва мастакі бачылі сваю асноўную задачу ў тым, каб змяніць свет пры дапамозе ўласных глыбока гуманістычных прац, перасцерагчы чалавецтва ад вайны і заразіць яго ідэяй міру. Гэта творчая пазіцыя мастакоў захоўвае актуальнасць іх твораў і ў наш час.

Выстава "Барлах - Кольвіц" заклікана стаць не толькі экспазіцыяй твораў мастацтва, але і платформай для актуальнага дыялогу пра мінулае і сучаснасць Еўропы. Нароўні з гістарычнымі падзеямі, пра якія нагадвае выстава, імпульс да яго даюць у першую чаргу ключавыя для мастакоў пытанні пра імкненне да мірнага суіснавання і мірнай будучыні - пытанні, якія застаюцца надзённымі і сёння. Правядзенне такога дыялогу з'яўляецца асноўнай мэтай суправаджальніка выставы арт-праекту для моладзі face art - face future.

Праект face art - face future - гэта навучальная праграма для маладых людзей, якая дапаўняе выставу "Эрнст Барлах - Кеце Кольвіц. Пераадольваючы існаванне". Пачынальна з 7 кастрычніка 2017 года 20-24 маладыя чалавекі пройдуць курс інтэнсіўнага навучання па двух кірунках: арт-медыяцыя і стварэнне ўласных відэапраектаў у суаўтарстве з сучаснымі мультымедыйнымі мастакамі, і стануць пасланцамі выставы.

У 2018 годзе выстава "Эрнст Барлах - Кеце Кольвіц. Пераадольваючы існаванне" і праграма face art - face future будуць прадстаўлены ў Дзяржаўным Рускім музеі (Санкт-Пецярбург) і ў Нацыянальным мастацкім музеі Ўкраіны (Кіеў). Відэа-работы пасланцаў выставы з Менска, Санкт-Пецярбурга і Кіева будуць дэманстравацца на выстаўных пляцоўках буйных гарадоў Германіі ўвосень 2018 гады.

Куратар і кіраўнік праекту "Эрнст Барлах - Кеце Кольвіц. Пераадольваючы існаванне" - Хейке Штокхаўс, выканаўчы дырэктар Таварыства Эрнста Барлаха (Гамбург).

*Таварыства Эрнста Барлаха ў Гамбургу было заснавана ў ліпені 1946 года. Займаецца даследаваннем мастацкай і літаратурнай спадчыны Эрнста Барлаха. Таварыства падтрымлівае працу двух уласных музеяў у Ратцебургу і Ведале, а таксама з'яўляецца арганізатарам выстаў Эрнста Барлаха, класічнага мадэрну і сучаснага мастацтва ў Германіі і за мяжой. З 1991 года на нерэгулярнай аснове Таварыства Эрнста Барлаха ў Гамбургу ўручае ўзнагароду імя Эрнста Барлаха за выбітныя дасягненні ў вобласці сучаснага мастацтва. Пачынальна з 2009 г. у рамках праграмы Barlach Go Young Таварыства Эрнста Барлаха арганізуе адукацыйныя праекты ў вобласці музейнай педагогікі, а таксама праекты-дыялогі. Навучалую праграму Таварыства прайшлі ўжо 89 маладых музейных пасланцаў, якія ў сваю чаргу прадэманстравалі больш тысячы падлеткам, як актуальныя пытанні культуры і грамадства пераламляюцца ў мастацтве.

Афіцыйны сайт: www.ernst-barlach.de.

Святлана Пракоп'ева, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва.


Сяржуку Сокалаву-Воюшу - 60

Сяржук Сокалаў-Воюш (сапр.: Сяргей Сокалаў) нарадзіўся ў сям'і службоўцаў 16 кастрычніка 1957 г. у вёсцы Астроўшчына Полацкага раёна. З 1973 жыў у Наваполацку. Працаваў слесарам на заводзе жалезабетонных вырабаў (1974-1976), на Наваполацкім вытворчым аб'яднанні "Палімір" (1979). Служыў у Савецкай Арміі (1976-1978). У 1979 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, пасля 3-х курсаў перавёўся на завочнае аддзяленне, якое скончыў у 1985 г. Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб'яднанні "Беларуская Майстроўня" (1979-1984).

Працаваў настаўнікам у сярэдняй школе № 5 Наваполацка (1982-1984, 1985-1988), навуковым супрацоўнікам філіяла Літаратурнага музея Якуба Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна (1984-1985), звольнены за арганізацыю святкавання Купалля на тэрыторыі музея. Сябар Саюза пісьменнікаў СССР і Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1990 г.).

У 1991 г. па сямейных абставінах пераехаў у ЗША. Працуе на Радыё "Свабода", жыве ў Празе (Чэхія). Жанаты, мае трох сыноў.

Аўтар зборніка паэзіі "Кроў на сумётах" (1989) і інш. У ЗША і Канадзе выйшлі дыскі яго песень. Сяржук Сокалаў-Воюш напісаў алегарычную паэму пра русіфікацыю беларускай мовы. Паэма называецца "Мяккі Знак".

Самых цьвёрдых бралi сьпярша:

Гэта цьвёрдыя чыняць шкодy,

Гэта ў iх не балiць дyша

Пра патрэбы свайго народy.


…Бралi ж лёгка i без разваг,

Пазбаўлялi падсyдных лавы,

Бо кароткае слова "враг!"

Баранiцца зьнiшчала права.


…I тады, быццам цень, няўзнак,

Безгалосы слyга граматык,

Раптам выстyпiў Мяккi Знак

Hа арэнy сьмяротных схватак.


Самы мяккi пайшоў y бой,

Браў, як цьвёрды, сьцены крyтыя,

Каб цьвярдзейшых прыкрыць сабой,

Каб пасьпелi ачyцца тыя.


…Высьпяваў спакваля закон,

Як мярцьвяк ажываў пад сьнегам:

Мяккi Знак асyдзiць на скон,

Як бyржyйскага здрайцy-шпега.


…Хто згадае той гук і зык,

Хто паўторыць яго нанова?

Калі змейны ва ўсіх язык,

Калі ён двайны да паловы...


Уцякаю, бягу - куды?

Дзе ні ткніся, паўсюдна "змеі":

Як жахліва "сіпяць" гарады,

Як пачварна вёскі нямеюць!


Быццам хто апрануў аброць

Ды кіруе сьвет зацугляны,

І ніхто ні слова супроць,

Толькі продкаў крывяняць раны.


Мо таму і маўчым цяпер,

Што на гэтай крыві паўсталі,

Што, як ікламі ў цела зьвер,

Нам у гены уеўся Сталін


Адзіны дзень беларускай мовы ў СШ № 41 г. Магілёва

У межах Тыдня беларускай мовы і літаратуры, прысвечанага Дню беларускага пісьменства, 7 верасня прайшла літаратурная гадзіна з паэткай Магілёўшчыны Таццянай Барысік. Падчас сустрэчы Таццяна Барысік распавяла пра сябе, пазнаёміла вучняў і настаўнікаў са сваімі творамі.

Дзякуючы такім сустрэчам, на якіх можна пачуць родную мову і па-за межамі ўрокаў, у вучняў прывіваецца цікавасць да беларускага слова.

Паводле матэрыялаў сайту school41.mogilev.by.


Пра Хатынскую трагедыю

Н. І. Качанавай,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

вул. Карла Маркса, 38,

Мінск, 220016

Аб ушанаванні трагічнай

гадавіны Хатынскай трагедыі

Паважаная Наталля Іванаўна!

22 сакавіка 2018 года сноўніцца 75 год з моманту Хатынскай трагедыі, пра якую павінен ведаць кожны жыхар Беларусі, а таксама шматлікія госці нашай краіны.

У сувязі з гэтым было б добра падрыхтаваць з гэтай нагоды асобнае распараджэнне ці Указ Прэзідэнта, у якім можна прадугледзець наступныя моманты:

1) З верасня гэтага года арганізаваць штодзённа аўтобусны маршрут Мінск-Хатынь-Лагойск, каб кожны жадаючы мог сам наведаць гэты ўнікальны мемарыял. Зараз туды можна даехаць толькі на асабістай машыне, альбо на спецыяльным аўтобусе турфірмы.

2) Выдаць адпаведны канверт і паштовую марку і зрабіць іх спецгашэнне 22 сакавіка 2018 г. на тэрыторыі мемарыяла.

3) У сакавіку 2018 г. ва ўсіх школах краіны правесці заняткі з паказам адпаведных фільмаў і друкаванай прадукцыі.

4) Зняць дакументальныя кіна- і тэлевізійныя фільмы па гэтай тэме.

5) Уключыць Хатынскі мемарыял у план дзейнасці МЗС з мэтай наведвання яго замежнымі дыпламатамі і дэпутатамі.

З павагай, старшыня ТБМ А.Трусаў.


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварысгва беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі разгледжаны Ваш зварот па пытанні ўшанавання гадавіны Хатынскай трагедыі, накіраваны у адрас Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Н.І. Качанавай. Па выніках разгляду паведамляем наступнае.

Дзяржаўнымі органамі кіравання добра разумеецца неабходнасць ушанавання трагічнай гадавіны Хатынскай трагедыі і правядзення ў 2018 годзе на высокім дзяржаўным узроўні памятных мерапрыемстваў да 75-годдзя Хатынскай трагедыі. Адпаведная падрыхтоўчая работа па правядзенні гэтых мерапрыемстваў ужо вядзецца.

Так, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь рыхтуецца правесці ва ўстановах адукацыі ў 2017/2018 навучальным годзе комплекс заняткаў да гадавіны Хатынскай трагедыі. Адпаведны рэкамендацыйны ліст аб правядзенні такіх тэматычных мерапрыемстваў, у тым ліку інфармацыйных часоў, "урокаў мужнасці", праглядаў хроніка-дакументальных і мастацкіх фільмаў, прысвечаных Хатыні і інш., накіраваны ва ўстановы адукацыі.

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь плануе забяспечыць выпуск тэле- і радыё-сюжэтаў, прымеркаваных да памятнай даты, у эфіры вядучых рэспубліканскіх тэлекампаній. Белтэлерадыёкампаніяй будзе падрыхтаваны цыкл праграм "Спецыяльны рэпартаж", прысвечаны дадзенай гадавіне. ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" запланаваны да паказу некалькіх дакументальных фільмаў "Кто сжег Хатынь?", "Засекреченная трагедия", "О чем не знали колокола", "Последний фильм о войне", "И будет жить Хатынь". ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" ўключана ў план на 2018 год вытворчасць тэлепрадукцыі, прысвечанай Хатынскай трагедыі.

Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь плануецца ўключэнне ў тэматычны план выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь на 2018 год паштовага праекту "75 год Хатынскай трагедыі" і арганізацыя гашэння спецыяльнага маркіраванага канверта на тэрыторыі мемарыяла.

Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь выказана гатоўнасць забяспечыць запрашэнне на мерапрыемствы, прысвечаныя Хатынскай трагедыі, прадстаўнікоў замежнага дыпламатычнага корпуса.

Такім чынам, пераважную большасць Вашых прапаноў плануецца рэалізаваць, за выключэннем арганізацыі штодзённага аўтобуснага рэйсу па маршруце "Мінск-Хатынь-Лагойск". Па інфармацыі Мінскага аблвыканкама, арганізаваны ў 2015 годзе такі рэйс быў незапатрабаваны і, адпаведна, эканамічна нямэтазгодны. Пытанне дастаўкі жадаючых у мемарыял будзе вырашацца шляхам арганізацыі тураператарамі спецыяльных экскурсійных маршрутаў.

Інфармуем таксама, што Міністэрствам культуры сумесна з зацікаўленымі распрацаваны і накіраваны ва Ўрад на ўзгадненне рэспубліканскі план памятных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя Хатынскай трагедыі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення

культуры і аналітычнай работы В. М. Чэрнік.


Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)

Алег Трусаў

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У XV ст. назіраецца росквіт Смаленска. Смаленскай зямлёй кірус намеснік вялікага князя, прадстаўнік мясцовых феадалаў у Сойме і Радзе ВКЛ. Існавала і смаленскае веча, якое вырашала надзённыя пытанні жыцця горада і вясковага наваколля. Намеснік меў і мясцовую раду. У яе ўваходзілі смаленскі епіскап, маршалак ды іншыя гарадскія службовыя асобы. Мяшчане Смаленска абіралі сабе свайго прадстаўніка - старасту. Смаленскія землі падзяліліся на воласці, якімі кіравалі цівуны. Прывілеі жахароў Смаленска былі зафіксаваныя ў вялікакняскіх граматах 1402, 1404, 1505 гадоў. Побач са Смаленскай зямлёй існавалі аўтаномныя Мсціслаўскае, Вяземскае і Дарагабужскае княствы.

На землях цэнтральнай Смаленшчыны з 1404 г. існуе Смаленскае ваяводства. У гэты час Смаленск робіцца адным з найбуйнейшых старабеларускіх культурных цэнтраў, дзе квітнее летапісанне і духоўная літаратура. Існаваў смаленскі летапіс, які складаўся з XII да пачатку XV стст., твор прасякнуты ідэяй захавання і ўмацавання незалежнасці Смаленскай дзяржавы.

У канцы XIV ст. у Пустынскім Успенскім манастыры пад Мсціславам Лука Смалянін стварае славуты Смаленскі псалтыр, напісаны на пергаменце, аздоблены мініяцюрамі, 22-ма застаўкамі. 150-цю ініцыяламі з выявамі людзей, жывёл, розных фантастычных істот і складаным плеценым арнаментам. Пры аздабленні тэксту была выкарыстана фарба сіняга, зялёнага і чырвонага колеру, а таксама золата. У 1657 г. на загад патрыярха Нікана падчас маскоўскай акупацыі Смаленскі псалтыр вывезены на востраў Кій Анежскай губы Белага мора. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве, у Гістарычным музеі.

У XV ст. у Смаленску напісана Смаленская хроніка - старажытны беларускі літаратурны твор, а таксама такія гістарычна-літаратурныя творы як "Пахвала Вітаўту" і "Беларуска-Літоўскі летапіс", дзе апісаны розныя падзеі на тэрыторыі Смаленшчыны і ВКЛ, а таксама сумежных землях.

У канцы XV ст. пры двары смаленскіх епіскапаў манах Аўраамка склаў вялікі летапісны зборнік памерам 450 старонак. Ён атрымаў назву "Летапіс Аўраамкі". Даследчыкі лічаць, што менавіта ў Смаленску ў XV ст. быў напісаны Радзівілаўскі летапіс, які пазней быў ва ўласнасці Януша Радзівіла. Потым рукапіс трапіў у Кёнігсберг, а пазней, у XVIII ст. - у Санкт-Пецярбург, дзе знаходзіцца і цяпер. Летапіс мае каля 600 малых каляровых малюнкаў, якімі ў наш час ілюструюць падручнікі і энцыклапедыі.

Свайго часу вядомасць набылі смаляне-вандроўнікі: архімандрыт Аграфіст, які апісаў сваю вандроўку ў Палесціну ў 1370 г., і смаленскі духоўнік Ігнат. Апошні суправаджаў мітрапаліта Пімена ў 1389 г. у паездцы ў Канстанцінопаль і пакінуў літаратурны твор, прысвечаны гэтай падзеі. Выдатным беларускім помнікам прыгожага пісьменства першай паловы XV ст. з'яўляецца летапісная "Аповесць пра паўстанне ў Смаленску". Даследчыкі вызначаюць высокі мастацкі ўзровень гэтага твора і яго выдатную старабеларускую мову.

Аднак у канцы XV ст. мірнае жыццё Смаленшчыны скончылася. Маскоўскі князь Іван III абвясціў сябе "Гасударом усяе Русі" і вырашыў захапіць беларускія землі, пачынаючы са Смаленшчыны. Спачатку былі невялікія набегі на памежнае Вяземскае княства. Вялікая вайна пачалася ў 1492 г. Зімой 1493 г. маскоўскія войскі захапілі Вязьму, а ў чэрвені 1500 г. - Дарагабуж. 25 ліпеня 1500 г. на рацэ Ведрашы пад Дарагабужам войска ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім было разбіта вялікім маскоўскім войскам, а Астрожскі трапіў у маскоўскі палон.

У 1501 г. маскоўцы аблажылі Смаленск, але ўзяць яго не здолелі і адступілі. Новая вайна пачалася ў 1512 г. Летам 1514 г. 80 тысяч маскоўскіх ваяроў на чале з Васілём III маючы 300 гармат з усіх бакоў абклалі Смаленск і распачалі штурм. Горад быў захоплены. Аднак пасля перамогі Канстанціна Астрожскага ў верасні пад Воршай смаляне на чале са смаленскім епіскапам Варсанофіем пачалі рыхтаваць паўстанне. Але іх выдаў здраднік. Кіраўнікоў паўстання забілі, епіскапа выслалі ў манастыр. Смаленскіх баяр і мяшчан гвалтам перасялілі пад Маскву, а Смаленск засялілі маскоўцамі. ВКЛ, між тым, не прызнала захопу Смаленска.

Новая ўлада зрабіла большасць смаленскіх зямель дзяржаўнымі і засяліла іх сялянамі з глыбіні Маскоўскай дзяржавы. Таксама будаваліся праваслаўныя манастыры, якія былі адначасова пунктамі абароны падчас вайны.

4. Вялікае княства Цвярское

Гэта была ўнікальная дзяржава, на тэрыторыі якой бярэ пачатак найбуйнейшая рака Еўропы Волга і велізарным сапфірам блішчыць возера Селігер.

Узнікла гэтая краіна на землях, заселеных смаленскімі крывічамі, у XIII ст. і існавала амаль да канца XV ст. Горад Цвер узнік у XII ст. і спачатку належаў Ноўгараду, а з 1209 г. перайшоў пад уладу Ўладзіміра-Суздальскага княства. Яго росквіт прыпадае на XIII-XV стст., калі ён стаў буйным культурным і рамесным цэнтрам. Цверскія купцы гандлявалі з гарадамі Прыбалтыкі і Каўказа, Блізкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі. Найбольш вядомы з іх - Афанасій Нікіцін, першы еўрапеец, які ў 1466-1472 гг. здзейсніў вандроўку ў сярэднявечную Індыю. Гэта быў адукаваны чалавек, які валодаў арабскай, татарскай і персідскай мовамі. Спачатку па Волзе ён дабраўся да горада Дэрбента, адтуль пераехаў у Баку і Персію. З Персіі трапіў у арабскі порт Армуз, а потым па моры дабраўся да Індыі. Назад ён вяртаўся праз Персію і горад Трапезунд - порт на Чорным моры. Пераплыўшы праз Чорнае мора, высадзіўся ў Крыме ў горадзе Кафе (цяпер Феадосія). Пераадолеўшы доўгі шлях з Крыма, ён крыху не даехаў да дому і восенню 1472 г. памёр пад Смаленскам. Шмат разоў выдаваліся яго ўспаміны "Хождение за три моря". У 1955 г. у Цверы землякі паставілі Нікіціну помнік, зроблены з бронзы і граніту.

У пачатку XIII ст. Цвер - гэта цэнтр Пераяслаў-Залескага княства. Але пасля разгрому Ўладзіміра-Суздальскай зямлі мангола-татарамі Цвер атрымлівае ў 1247 г. незалежнасць пры князі Яраславе Яраславічы, родным браце Аляксандра Неўскага. З 1264 г. ён становіцца вялікім князем уладзімірскім. У наступным годзе ў Цверы ўзнікае епіскапская кафедра, якую ўзначаліў былы полацкі епіскап Сімяон. Другім цверскім епіскапам у 1289-1316 гг. быў Андрэй, сын полацкага князя Гердзеня.

Сталіца новай дзяржавы, як некалі і Полацк, не магла існаваць без мураванага сабора. I ён быў закладзены ў 1285 г. князем Міхаілам Яраславічам, яго маці княгіняй Аксінняй і епіскапам Сімяонам. Паколькі будаўніцтва храма ішло доўга, у ім усярэдзіне зрабілі часовую драўляную царкву, якая дзейнічала падчас будаўніцтва. Асвяціў храм у імя святога Спаса Прэабражэнскага епіскап Андрэй у 1290 г.

Як бачым, нават назва храма была сугучная назве знакамітай Спаса-Праабражэнскай царквы, пабудаванай у XII ст. Ефрасінняй Полацкай. Праз два гады храм распісалі фрэскамі, і ён стаў кафедральмым, галоўным храмам новай краіны. Неўзабаве да яго прыбудавалі два малыя храмы ( прыдзелы). У адным з іх у 1323 г. і быў пахаваны епіскап Андрэй. У 1399 г. князь Міхаіл Аляксандравіч капітальна адрамантаваў царкву. Спаскі сабор стаў першым мураваным храмам на тэрыторыі Паўночна-Ўсходняй Русі пасля татарскага разгрому 1238 г. Такім чынам, Цвер істотна апярэдзіла Маскву ў галіне мурананага будаўніцтва. У XVII ст. царкву некалькі разоў перабудоўвалі, а ў 1935 г. яна загінула. Храм быў зроблены з белага каменю і, магчыма, быў аздоблены разьбою. У 1992 г. на месцы храма быў знойдзены кавалак белакаменнай разьбы ў выглядзе пляцёнкі.

Яшчэ адну мураваную царкву пачалі будаваць цверцы ў 1323 г. у Фёдараўскім манастыры. Збудаваў храм у імя святога Фёдара ігумен манастыра Іван Цараградзец. Гэта таксама быў белакаменны храм, які знішчылі ў 1773 г. Падчас раскопак на месцы храма археолагі знайшлі шмат кавалкаў белакаменных блокаў (у тым ліку адзін разны) і вялікапамернай цэглы.

У XIV ст. у Цверы на беразе Волгі стаяў яіпчэ адзін храм Міхаіла Архангела. Даследчыкі лічаць, што яго збудаваў камандзір цверскага войска тысяцкі Міхаіл Шатэн, і потым тут адбываліся пахаванні цверскіх тысяцкіх. Аднак невядома, ці гэта быў драўляны, ці мураваны будынак.

У 1369 г. князь Міхаіл Аляксандравіч умацаваў Цвер драўляным крамлём, а ў 1372 г. узвёў вакол земляны вал. Цяпер культурны слой Цверскага крамля мае таўшчыню ад 4 да 5,6 см, у ім добра захоўваюцца арганіка і асабліва вырабы са скуры.

Вельмі актыўна развівалася ў Цверы выяўленчае мастацтва. Мясцовыя мастакі ў ХІІІ-ХV стст. мелі ўласную жывапісную школу. Найбольш вядомыя абразы і мініяцюры да рукапісаў. Яны вылуча юцца экспрэсіяй вобразаў і лінейнасцю пісьма.

Таксама ў Цверы вяліся ўласныя летапісы, а некаторыя рукапісныя шэдэўры дайшлі да нашых дзён. Сярод іх вылучаецца пераклад візантыйскай "Хронікі Георгія Амартола".

Да буйных цверскіх гарадоў можна аднесці Кашын, Ксняцін, Зубцоў, Старыцу (дзе здабывалі белы камень для будаўніцтва), Холм, Мікулін і Дарагабуж. На мяжы ВКЛ, Вялікага Ноўгарада, Маскоўскай дзяржавы і Цверы стаяў горад Ржэў, дзе беларуская прысутнасць была зафіксавана яшчэ на этнаграфічных картах XIX - пачатку XX ст. Пэўны час Ржэвам адначасова валодалі і ВКЛ, і Ноўгарад, а жыхары горада сваю даніну дзялілі напалову паміж двума вышэйзгаданымі ўладальнікамі.

(Працяг у наст. нумары.)


Генерал Кандратовіч і БНР

Да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі

Леанід Лаўрэш

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

З чэрвеньскіх лістоў Варонкі да Луцкевіча бачна, што ў чэрвені 1918 г. генерал ездзіў у Вільню, і можна выказаць здагадку, што мэтай паездкі быў пошук грошай для беларускага войска. Галоўныя праблемы, якiя даводзiлася вырашаць мiнiстру абароны - гэта грошы i кадры, бо прафесiйнае i баяздольнае войска на энтузiязме не ствараецца. I таму толькi 9 лiстапада беларускi ўрад выдаў яшчэ адну пастанову аб фармаваннi войска. 11 лiстапада генералу К. Кандратовiчу, палкоўнiку К. Езавiтаву даручана стварэнне штаба 1­га Беларускага палка. Кіпрыян Кандратовiч, як сябар Рады БНР, прапанаваў праект арганiзацыi 20­тысячнага войска i паведамiў, што вiленскiя банкiры i грамадзяне ў падтрымку гэтай iдэi гатовы выдаткаваць значныя фiнансавыя сродкi. Адзiнай перашкодай, паводле генерала К. Кандратовiча, была неабходнасць згоды немцаў i пастаўка праз iх зброi .

У лістападзе 1918 быў утвораны чацвёрты Урад БНР - Рада народных міністраў на чале з А. Луцкевічам. Антон Луцкевіч стрымліваў пачынанні генерала бо не верыў у магчымасць стварэння такога вялікага войска. Нават польская Самаабарона, якая мела значна большую падтрымку землеўласнікаў, скардзілася тады на малую грашовую дапамогу. Да таго ж немцы абяцалі знішчаць ўсе ўзброеныя аддзелы .

Напрыканцы нямецкай акупацыi Беларусi кiраўнiцтва Обер­Ост (Нямецкая акупацыйная адміністрацыя на Ўсходзе, у Коўне) выказала згоду на фармаванне агульнай для ўсiх нацыянальнасцяў мiлiцыi пад кiраўнiцтвам генерала К. Кандратовiча, з чым, аднак, не былi згодныя палякi, якiя ўтваралi аддзелы самаабароны зямлi менскай, лiдскай i iнш. Таму ў часе сустрэчы генерала Кандратовiча з польскiм камандуючым генералам Уладзіславам Вейткам было вырашана, што кожная народнасць будзе мець уласныя аддзелы самааховы на прынцыпах аўтаномii i толькi ў выпадку агульнай пагрозы будзе падпарадкоўвацца агульнаму кiраўнiцтву. У хуткiм часе ў Менску адбылася супольная нарада, на якой генерал К. Кандратовiч прапанаваў месца начальнiка штаба паляку - палкоўнiку Фабiяну Каборду. Аднак да ўтварэння агульнага фронту супраць бальшавiкоў не дайшло, i абодва бакi стваралi асобныя вайсковыя сiлы .

Генерал Уладзіслаў Вейтка пісаў пра гэта ў сваіх мемуарах: "20 лістапада ў сувязі з перспектывай адыходу немцаў з Літвы, Польскі Камітэт стварыў "Камітэт грамадскай бяспекі" (Komitet Bezpieczenstwa Publicznego - Л. Л.) … . Камітэт вёў перамовы з немцамі, літоўцамі, яўрэямі і беларусамі з мэтай арганізацыі супольнай самаабароны, але да паразумення ў гэтай справы не дайшло, хоць немцы і прапаноўвалі кіраўніком супольнай самаабароны Кандратовіча, які раней служыў у царскай арміі, а пасля рэвалюцыі далучыўся да беларусаў". І далей: "Немцы згаджаліся на фармаванне супольнай для ўсіх нацыянальнасцяў міліцыі, пад кіраўніцтвам генерала Кандратовіча, на прынцыпах, устаноўленых Обер-Остам, аднак на гэта не было згоды польскай самаабароны, і прапанова не было прынятая … . Падчас сустрэчы і знаёмства ў вагоне генералаў Вейтка і Кандратовіча было вырашана, што кожная нацыянальнасць будзе мець сваю ўласную самаабарону на самастойнай аснове, але пры ўмове агульнага камандавання падчас вайсковых акцый, і неўзабаве ў Менску адбылося сумеснае паседжанне палякаў і беларусаў, у ходзе якой генерал Кандратовіч выявіў тэндэнцыю апоры выключна на польскую самаабарону, запрасіўшы на пасаду начальніка штаба палкоўніка Каборду, але, убачыўшы, што ў Менску ён не можа дасягнуць поспеху, вярнуўся ў Вільню, дзе ён перайшоў у распараджэнне літоўскай Тарыбы..." .

Калі Вейтак нічога не выдумляе, дык спроба абаперціся на польскую Самаабарону магла тлумачыцца больш паспяховым фармаваннем польскіх аддзелаў і неабходнасцю абароны края ад бальшавікоў. Генерал Кандратовіч мог добра ведаць, як фармуецца лідская Самаабарона, якая на пачатку снежня 1918 г. налічвала больш за 60 узброеных чалавек. А для А. Луцкевіча, які доўгі час прытрымліваўся краёвай ідэалогіі, такая пазіцыя магла быць цалкам натуральнай.

Тым не менш справа стварэння беларускага войска паступова рухалася наперад. 23 лістапада 1918 г. Рада БНР паведаміла: "Галоўнакамандуючы Беларускай народнай арміі генерал-ад'ютант К. А. Кандратовіч выехаў з Менска па справах арганізацыі Арміі. На час яго адсутнасці намеснікам прызначаны генерал Святлоўскі. Канчаткова атрымалі прызначэнні па вайсковых частках генералы Крэйчман, Алсуф'еў і інш. Па ўсіх дадзеных ў бліжэйшы час Беларуская армія можа даць да 10000 войска, не лічачы бясконцага прытоку ў многіх гарадах Беларусі запісваючыхся ў войска добраахвотнікаў. Асаблівая ўвага пры запісванні ў рады Беларускай народнай арміі звяртаецца на вайсковую падрыхтоўку. Першымі прызначаюцца ўсе афіцэры, ... фельдфебелі, старшыя і малодшыя унтэр-афіцэры. Шмат хто з добраахвотнікаў прыходзіць з канём пры поўнай амуніцыі і ў сваім абмундзіраванні. Хутка чакаецца вялікая адозва ад Галоўнакамандуючага Беларускай Народнай арміі, у якой будуць выкладзены мэты стварэння войска і пададзены дакладныя ўмовы паступлення і прыёму. У Менску хутка ствараецца Афіцэрская школа."

Звяртае на сябе ўвагу пасада галоўнакамандуючага Беларускай народнай арміяй і новы чын генерала ад інфатэрыі - "генерал-ад'ютант". Зразумела, што гэты чын Кандратовіч атрымаў ад Рады БНР. Покуль не вядома, што значыў гэты чын у БНР, але ў Расійская імперыі генерал-ад'ютант ўзначальваў паходную канцылярыю пры цары ці пры генерале-фельдмаршале. З 1808 г. чын генерал-ад'ютанта выкарыстоўваўся як ганаровае званне для вышэйшых генералаў, якіх за заслугі залічвалі ў світу імператара. Верагодна, гэтым новым генеральскім чынам Рада БНР вырашыла адзначыць працу Кіпрыяна Кандратовіча.

З вышэйцытаванага тэксту паведамлення Рады БНР бачна, што афіцэраў для беларускага войска не хапала. Гэта было вынiкам апалiтычнасцi кадравых афiцэраў i стомленасцi ад вайны. Нават тыя нямногiя вышэйшыя афiцэры, якiя, як Кіпрыян Кандратовiч, добраахвотна вызначылiся на беларускiм баку, часта сустракалi абвiнавачваннi ў кан'юнктурызме i клопаце выключна пра асабiстую выгаду. Так, напрыклад, левыя папракалi Кандратовiча за тое, што ён валодае маёнткам Гародна ў Лiдскiм павеце. Беларусы ніяк не маглі пераадолець класавую варожасць - зрабіць тое што зрабілі суседзі якія паставілі свае нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя.

У сувязi з магчымай акупацыяй Менска ў канцы 1918 г. частка беларускiх дзеячаў на чале з А. Луцкевiчам падалася ўслед за адыходзячымi нямецкiмi войскамi ў Вiльню. Разам з А. Луцкевiчам былi генерал Кіпрыян Кандратовiч i палкоўнiк К. Езавiтаў з групай афiцэраў­добраахвотнiкаў .

10 снежня 1919 г. бальшавiкi занялi Менск i рушылi далей на захад.

Генерал К. Кандратовiч згодна з дамовай памiж урадамi БНР i Летувы з лiстапада 1918 г. камандаваў беларускiм войскам, адступiўшым з Беларусi ў Летуву.

1 студзеня 1919 г. у сувязi з бальшавiсцкiм наступам лiтоўскi ўрад пакiнуў Вiльню, кiруючыся ў Коўна, большасць беларускiх дзеячоў яшчэ 27 снежня 1918 г. пераехала ў Гародню. Туды ж накiравалiся i беларускiя вайскоўцы.

Прыканцы 1918 г. у Гароднi Кандратовiч бярэ ўдзел у фармаваннi 1­га Беларускага палка. Ад пачатку снежня 1918 г. да канца красавiка 1919 г. полк месцiўся ў Аляксандраўскiх казармах i складаўся з пяцi рот i аднаго эскадрона.

Цікава адзначыць, што калі восенню 1919 г. у Гародні польскія ўлады пачалі фармаваць у сваім войску беларускія часткі, дык казалася, што "будуць фармавацца "часьці", якія роўна нічога не маюць супольнага з гэн. Кандратовічам", г. зн. не падначаленыя Радзе БНР. Пра гэта напісаў Тамаш Грыб у лісце да Антона Луцкевіча. Такім чынам, як бы там не было, але імя генерала сталася сімвалам прыналежнасці да БНР, да Беларусі.

* * *

Вывучаючы падзеі 1917-1920 гг. на землях былога ВКЛ, можна прыйсці да высновы, што ніводзін з тутэйшых народаў не стварыў вялікага войска, здольнага абараніць свой край. Польскую справу на нашых землях вырашылі дывізіі з этнічнай Польшчы, літоўцы ўдала выкарысталі дыпламатычную кан'юктуру, атрымаўшы прызнанне з боку бальшавіцкага ўрада супраць Польшчы. А Беларуская дзяржавы была раздушана чужымі войскамі з усходу і захаду. Таму для беларусаў лесавызначальным з'яўляўся пошук саюзнікаў, але суседзі: расійцы, палякі, украінцы і літоўцы бачылі беларускія землі ў складзе сваіх дзяржаваў.

Вырашальнай была хуткасць, бо ў рэвалюцыйны час страта некалькіх тыдняў магла прывесці да паразы ўсёй справы. Мы беларусы, запозна дайшлі да ўсведамленне поўнай незалежнасці, дэклараваўшы яе 25 сакавіка 1918 г., украінцы зрабілі гэта 22 студзеня 1918 г. а літоўцы 16 лютага 1918 г.


Лідчына перад Дзядамі

7 і 14 кастрычніка на Лідчыне прайшлі талокі па ўпарадкаванні мемарыялу "Крыжы" ў былой асадзе Шчытнікі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы.

У талоках бралі ўдзел сябры БНФ і ТБМ з Лідскага раёна (Ліда, Шырокае, Бярозаўка, Беліца) пад кіраўніцтвам новага старшыні БНФ Лідскага раёна Сяргея Пантуса.

Былі ачышчаны ад імху абодва крыжы, пастаўленыя яшчэ ў 1995 годзе. Была ўмацавана канструкцыя, нанесена прапітка, падведзены літары, умацаваны ніжнія часткі.

Як дакляравалі актывісты, работы на гэтым яшчэ не скончаныя.

Лідзяне з разуменнем аднесліся да рашэння арганізатараў Свіслацкага фэсту не весці людзей пад суды і штрафы ў Свіслачы і Якушоўцы. У сваю чаргу на Лідчыне спланаваны шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці паўстанцаў. Невялікія і нешматлікія імпрэзы пройдуць у многіх месцах Лідскага, Шчучынскага і Воранаўскага раёнаў.

У гэтым годзе да традыцыйных лідскіх мясцін паўстання будуць далучаныя новыя. На Лідчыне ўсе абсалютна ўпэўненыя, што яшчэ годдва і пытанне з недазволенымі акцыямі з павесткі дня ў Беларусі будзе знята, будзе прыняты закон пра заявачны характар такіх акцый. Таму сёння вельмі важна не скласці крылы, не занядбаць памяць, а працягваць усё што можна ў межах прававога поля.

Для лідзян вельмі важнай і пакуль невырашальнай задачай застаецца аднаўленне сядзібы Тодара Нарбута ў Шаўрах. Тодар Нарбут - не толькі бацька беларускіх гісторыкаў, але і бацька цэлай паўстанцкай сям'і. Акрамя таго на Лідчыне няма яшчэ ні адной вуліцы імя Тодара Нарбута, Лідвіка Нарбута, Тосі Нарбут., але яны будуць.

Наш кар.


Адвечная жаночая тэма не перастае хваляваць слухачоў

У другі раз лаўрэатам нацыянальнага фестывалю-конкурсу песні Ганны Герман "Эўрыдыка" стала ўзыходзячая зорка беларускай эстрады Галіна Сакольнік. З асаблівай пранікнёнасцю яна выконвае творы польскай спявачкі, поўныя любові, веры і надзеі. На восеньскім тыдні паміж двума святамі - Днём работнікаў культуры і Днём маці - публіцы было асабліва прыемна патрапіць у атмасферу душэўнасці і пяшчоты, трапяткой жаноцкасці.

VI фестываль песні "Эўрыдыка", які праводзіўся 7-8 кастрычніка пры падтрымцы Польскай амбасады, Інстытута польскага ў Менску і Зеленагурскага цэнтра культуры, выклікаў яшчэ большую зацікаўленасць гледачоў.

- Гэтае мерапрыемства мае важнае значэнне ў кантэксце 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных стасункаў паміж незалежнай Беларуссю і Польшчай, - адзначыў на цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў амбасадар Польшчы Конрад Паўлік. - З кожным годам фестываль развіваецца і набывае вышэйшы ўзровень. Песні Ганны Герман важныя і для палякаў, і для беларусаў.

Амбасадар падзякаваў дырэктару фестываля Марыне Таварніцкай, калектывам, хорам і салістам з Беларусі і Польшчы.

- Ганна Герман з'яўляецца сімвалам чысціні, спакою, шчырасці, - прамовілі ва ўступным слове вядоўцы. - Да гэтага часу слухачы не перастаюць захапляцца яе песнямі. На першых пяці фестывалях гучалі вершы расійскіх, украінскіх і польскіх паэтаў, прысвечаных спявачцы. Яўгенія Янішчыц пісала:

"Вы ўся такая маладая,

і валасы шумяць як травы,

Смяецца голас і вітае

на сціплых вулачках Варшавы".

Ганна Герман валодала чыстым і пяшчотным голасам, які адлюстроўваў лепшыя жаночыя рысы. Ёй была ўласціва душэўная гармонія. Песня "Рэха любові", запісаная ў студыі "Мелодыя" стала гімнам пачуццю, якое не канчаецца на зямлі і мае працяг у вечнасці. Удзельнікі фестываля пранікліся духам яе творчасці, былі блізкімі да яе па змесце і танальнасці выканання.

Сёлета на гала-канцэрце выступілі дыпламанты і лаўрэаты фестывалю: Іна Траян, Паліна Данская, Наталля Каспяровіч, Юлія Шпілеўская, гурт "Бліскавіца" і гурт "Piаtka", ансамбль Ars Longa з Ракаўскай школы мастацтваў. Ужо другі год падзеяй становіцца выступленне на фестывалі спявачкі Галіны Сакольнік. Яна валодае цудоўным меца-сапрана і пяе пра тое, што блізка кожнай жаночай душы. У кастрычніку 2016 года Галіна Сакольнік ўразіла членаў журы V конкурсу "Эўрыдыка" песняй "Зноў матулін голас чую". Пасля гэтага яна ажыццявіла свой творчы праект, прысвечаны 80-годдзю Ганны Герман.

Cёлета ўсе лаўрэаты конкурсу выступлілі ў канцэрце пад назвай "PLANETA ANNA" у малой зале Белдзяржфілармоніі. Юлія Скурко, Анастасія Рачыцкая, Надзея Бронская і Наталля Каспяровіч перадалі ўсю разнастайнасць рэпертуару польскай артысткі. Больш апладысментаў выпала на фінальную песню Галіны Сакольнік "Ты - побач". Колькі б ні было песень пра каханне, а самая пераканаўчая з іх тая, у якой гучаць простыя словы падзякі дарагому чалавеку за тое, што ён ёсць на свеце.

- Спадарыня Галіна, Вы з вялікім пачуццём і болем спявалі мінулы раз песню пра матулю. Адчуваецца, што гэтая тэма Вам блізкая.

- Я страціла матулю ва ўзросце 8 гадоў. У песні праяўляюцца мае душэўныя перажыванні.

- Раскажыце, калі ласка, пра сябе.

- Я нарадзілася ў Менску, скончыла музычнае вучылішча імя Глінкі, а потым - Беларускую Акадэмію музыкі. З'яўляюся салісткай аддзела для дзяцей і юнацтва Белдзяржфілармоніі.

Песні Ганны Герман я спявала яшчэ з дзяцінства, перад паступленнем у музычную школу. У 2006 годзе я паехала на конкурс "Романсиада" у Маскву. Старшыня журы Галіна Прэабражэнская заўважыла маё знешняе падабенства з Ганнай Герман, і мне паведамілі, што я выйшла ў фінал.

- Тэма кахання гучыць з Вашых вуснаў вельмі шчыра. Ці сапраўды Вы сустрэлі такога чалавека на Вашым шляху, якому можна прысвяціць " Рэха любові"?

- Так. Я яго сустрэла і яго завуць Аляксандр. Ён даў імя нашай маленькай дачушцы - Віталіна. Яна - мой самы верны маленькі слухач, мы разам з ёй развучваем песні, яна прыходзіць на мае канцэрты і ўжо танцуе ў ансамблі "Равеснік".

На фестывалі "Эўрыдыка" прадстаўлялі сваю творчасць салісты, ансамблі, было некалькі катэгорый спевакоў. Я патрапіла ў самую старэйшую катэгорыю выканаўцаў, пасля 25 гадоў. Мне спадабалася атмасфера і публіка, якую звязвае сімпатыя да Ганны Герман. Для такой публікі спяваць лёгка. Летам мы з іншымі выканаўцамі ўдзельнічалі ў турнэ па Польшчы. Слухачы прымалі нас сардэчна і цёпла.

Эла Дзвінская, фота аўтара: 1. Амбасадар Польшчы Конрад Паўлік; 2. Лаўрэаты VI фестывалю песні Ганны Герман "Эўрыдыка"; 3. Галіна Сакольнік.


Як жывецца беларусу ў Беларусі?

"Беларус у Беларусі. Эпісталярыі пра мову і маральнасць" - з такой назвай выйшла кніга-зборнік ліставанняў беларуса з рознымі інстанцыямі - па статусе беларускімі. Размова ў кнізе ідзе пра камфортнасць ці дыскамфортнасць пражывання беларуса на сваёй зямлі...

Аўтар кнігі - Міхась Пятровіч Булавацкі, настаўнік матэматыкі, паэт і перакладчык, журналіст і грамадскі дзеяч, сябар ТБМ імя Скарыны. Да гэтага, акрамя падручнікаў і дапаможнікаў па матэматыцы, Міхась Булавацкі выдаў дзве кнігі перакладаў вершаў Уладзіміра Высоцкага - "Я не падману" ў 1999 г. і "Пра жыццё, пра волю, пра сябе ..." у мінулым годзе. У літаратурным конкурсе "Мая свабода", што праводзіла радыё "Свабода", яго эсэ "Ноч свабоды" заняло прызавое месца.

У кнізе "Беларус у Беларусі" аўтар сабраў перапіску з усялякімі інстанцыямі і на самыя розныя тэмы, датычныя выкарыстання роднай мовы, адукацыі на ёй і іншых падобных пытанняў, за апошнія 10-15 гадоў. Кніга можа быць цікава не толькі, як эпісталярны помнік пэўнаму гістарычнаму перыяду, але і як дапаможнік для ўсіх тых, хто змагаецца за свае правы беларуса, за сваю мову і культуру.

На прэзентацыі, якая адбылася ў чацвер 12 кастрычніка ў магілёўскім грамадскім цэнтры "Кола", сябры і калегі павіншавалі аўтара з юбілеем, бо 11 кастрычніка Міхась Пятровіч Булавацкі адзначыў сваё 70-годдзе. Арганізавала імпрэзу гарадская суполка Таварыства беларускай мовы пры падтрымцы магілёўскага адзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Алесь Сабалеўскі.


Сяргей Чыгрын выдаў "Слонімскія гісторыі"

Новая кніга беларускага літаратара, гісторыка, краязнаўца і журналіста са Слоніма Сяргея Чыгрына "Слонімскія гісторыі" выйшла ў менскім выдавецтве "Кнігазбор". Аўтар кнігі зноў звярнуўся да гісторыі слонімскай зямлі, да яе знакамітых і забытых людзей, да тых падзей, якія адбываліся тут на працягу шматлікіх стагоддзяў. Кнігу "Слонімскія гісторыі" склалі артыкулы Сяргея Чыгрына, якія былі напісаны ім у апошні час. Найперш у кнізе прыцягваюць увагу матэрыялы, прысвечаныя забытым і невядомым раней асобам, лёс якіх быў звязаны са Слонімшчынай ці, наогул, з былым Слонімскім паветам.

Кніга адкрываецца матэрыялам пра Рыгора Акулевіча (1907-1974) - былога дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі, а потым грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца і публіцыста ў Канадзе. Можна прачытаць пра Гальяша Леўчыка, Уладзіміра Пянткевіча і іншых.

Беларускае Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX