НАША СЛОВА № 45 (1352), 8 лістапада 2017 г.
13 лістапада - Дзень беларускай школы
Як і абяцалася на з'ездзе, за кошт ведамаснай падпіскі для школ колькасць падпісчыкаў у лістападзе значна вырасла і дасягнула прывычнага некалі акрэсу "каля тысячы". Нажаль, самастойна толькі Менск павялічыў падпіску на 9 чалавек, а Орша чамусьці на 5 чалавек знізіла. Таму задача арганізацый - працягваць працу з сябрамі ТБМ. Лозунг "Падпісаўся сам - падпішы суседа" актуальны як ніколі.
Кастрычнік Лістапад
Берасцейская вобласць:
Баранавічы р.в. 17 17
Бяроза р.в. 8 8
Белаазёрск р.в. 1 1
Бярэсце гор. 6 6
Ганцавічы р.в. - 18
Драгічын р.в. - -
Жабінка р.в. - -
Іванава р.в 1 1
Івацэвічы р. в. 4 4
Камянец р.в. 1 1
Кобрын гор. 2 2
Лунінец гор. 2 2
Ляхавічы р.в. 1 1
Маларыта р.в. 1 1
Пінск гор. 8 6
Пружаны р.в. 7 19
Столін р.в. - -
Усяго: 69 87
Віцебская вобласць:
Бешанковічы р.в. - -
Браслаў р.в. 1 1
Віцебск гор. 17 17
Віцебск РВПС 1 1
Верхнедзвінск р.в. 5 5
Глыбокае р.в. 9 9
Гарадок р.в. 4 4
Докшыцы р.в. 3 3
Дуброўна р.в. - -
Лёзна р.в. 1 1
Лепель р. в. 1 1
Міёры р.в. 1 1
Наваполацк гор. 18 18
Орша гор. 18 13
Полацк гор. 3 3
Паставы р.в. 4 5
Расоны р.в. 1 1
Сянно р.в. 1 1
Талочын р.в. 1 1
Ушачы р.в. 2 2
Чашнікі р.в. 1 1
Шаркоўшчына р.в. 7 7
Шуміліна р.в. - -
Усяго: 99 95
Менская вобласць:
Беразіно р.в. 2 2
Барысаў гор. 5 5
Вілейка гор. 1 1
Валожын гор. 7 7
Дзяржынск р.в. 8 9
Клецк р.в. - 22
Крупкі р.в. 3 3
Капыль р.в. 1 22
Лагойск 4 5
Любань р.в. 1 1
Менск гор. 211 220
Менск РВПС 8 7
Маладзечна гор. 9 9
Мядзель р.в. 5 4
Пухавічы РВПС 4 4
Нясвіж р.в. 25 25
Смалявічы р.в. 2 2
Слуцк гор. 7 8
Салігорск гор. 16 16
Ст. Дарогі р.в. - -
Стоўбцы р.в. 4 24
Узда р.в. 1 13
Чэрвень р.в. 2 2
Усяго: 326 411
Гомельская вобласць:
Буда-Кашалёва 3 3
Брагін р.в. - -
Ветка р.в. 1 1
Гомель гор. 21 21
Гомель РВПС - -
Добруш р.в. 1 1
Ельск р.в. 1 1
Жыткавічы р.в. 14 14
Жлобін гор. 1 1
Калінкавічы гор. 1 1
Карма р.в. 1 1
Лельчыцы р.в. - -
Лоеў р.в. - -
Мазыр гор. 2 2
Акцябарскі р.в. 1 1
Нароўля р.в. 1 1
Петрыкаў р.в. 1 1
Рэчыца гор. 1 1
Рагачоў гор. 1 1
Светлагорск гор. 1 1
Хойнікі р.в. - -
Чачэрск р.в. 1 1
Усяго: 53 53
Гарадзенская вобласць:
Бераставіца 3 3
Ваўкавыск гор. 8 8
Воранава р.в. 19 19
Гародня гор. 35 36
Гародня РВПС 18 18
Дзятлава р.в. 9 20
Зэльва р.в. - 13
Іўе р.в. 16 16
Карэлічы р.в. 3 18
Масты р.в. 3 9
Наваградак гор. 1 20
Астравец р.в. 3 3
Ашмяны р.в. 3 20
Смаргонь гор. 5 13
Слонім гор. 6 6
Свіслач р.в. 4 4
Шчучын р.в. 2 2
Ліда 45 45
Усяго: 183 273
Магілёўская вобласць:
Бабруйск гор. 3 2
Бялынічы р.в. - -
Быхаў р.в. 1 1
Глуск р.в. 1 -
Горкі гор. 1 2
Дрыбін р.в. - -
Кіраўск р.в. - -
Клічаў р.в. 2 2
Клімавічы р.в. - -
Касцюковічы р.в. 1 1
Краснаполле р.в. - -
Крычаў р.в. - -
Круглае р.в. 2 2
Мсціслаў р.в. 2 2
Магілёў гор. 28 29
Магілёў РВПС - -
Асіповічы гор. 11 11
Слаўгарад р.в. 1 1
Хоцімск р.в. - -
Чэрыкаў р.в. 2 2
Чавусы р.в. - -
Шклоў р.в. 2 2
Усяго 55 57
Усяго на краіне: 785 976
ДЗЯДЫ - 2017
Апоўдні 5 лістапада ў Менску ад гадзіннікавага завода і парку Чалюскінцаў пачалося дазволенае ўладамі шэсце на Дзяды. Калона з некалькіх соцень чалавек, "абрастаючы" ўдзельнікамі, накіравалася ў напрамку Курапатаў. На акцыю сабраліся людзі розных узростаў. Тыя, хто памятае тысячныя шэсці 90-х, і маладыя, што ўпершыню памінаюць дзядоў. Прысутнічалі лідары не толькі КХП БНФ, але і Партыі БНФ, а таксама "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" і "Маладога фронту".
Кажа даўняя ўдзельніца шэсцяў на Дзяды, дарадца Зянона Пазьняка Дыяна Мікульская:
- Я за тое, за што мы хадзілі яшчэ пры Пазьняку, гэта тое, за што паўзці буду, але пайду. Канешне ў тыя часы, калі было шмат людзей, калі стаялі каля Перамогі і бачылі калону з Плошчы Незалежнасці. Такія былі калоны, такія былі сцягі, так было прыгожа, так было ўзнёсла. Канешне сумная дата, але быў нейкі такі ўздым, хацелася і верылася ў тое, што вось трошкі і пераможам. Хадзіла і хадзіць буду пакуль жывая. Гэта святое - 25 сакавіка і Дзяды.
Кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
- Былі часы, калі на Дзяды хадзілі дзвюмя калонамі, але мы лічым, што гэта недарэчна. Кансерватыўна-хрысціянская партыя падае заяўку, выступае асноўным арганізатарам, але мы заўсёды далучаемся і далучыліся ў гэты раз. На працягу гадоў сэнс Дзядоў не змяняецца і асноўны пасыл, што трэба памятаць сваю гісторыю, сваіх герояў, сваіх загінулых і закатанаваных дзеля таго, каб не дазволіць гэтаму паўтарыцца, дзеля таго, каб нацыя жыла.
На мітынгу ў Курапатах арганізатары зачыталі зварот ад лідара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка, якога называюць "адкрывальнікам Курапатаў". Паводле яго, з 1921 па 1941 год у Беларусі знікла каля 2 млн чалавек, а менавіта ў Курапатах расстраляныя 200-250 тысяч чалавек. Курапаты гэта месца, якое яднае нацыю, сцвярджае Пазьняк, бо "кожны ўсведамляе, што там, пад соснамі, ляжыць расстраляны народ - толькі за тое, што быў народам", а "калі не стане памяці, усё можа вярнуцца, і ўсё можа паўтарыцца".
Акцыі на "Дзяды" прайшлі раней таксама ў Магілёве, Гомлі і Віцебску і па ўсёй астатняй Беларусі.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя.
Беларусы Варшавы адзначылі Дзяды
Аб'яднанне "Беларуская нацыянальная памяць" зладзіла сустрэчу на варшаўскіх могілках Павонзкі (Pawаzki). Удзельнікі ўшанавалі памяць выбітных дзеячаў мастацтва і навукі, якія сваёй дзейнасцю спрыялі развіццю беларускага і польскага нацыянальных рухаў. Гаворыць арганізатар спаткання Анатоль Міхнавец:
- Такія сустрэчы вельмі цікавыя, бо, акрамя таго, што мы наведваем магілы, Зянон Станіслававіч распавядае пра тую эпоху, у якую жылі нашы героі, побач з чыімі магіламі мы сёння стаім, як яны тут апынуліся, што яны зрабілі. Тады будзе жыць Беларусь, калі мы будзем памятаць нашы карані, будзем шанаваць іх.
Пра інфармацыйнае забеспячэнне сустрэчы дбаў лідар беларускага адраджэння Зянон Пазьняк:
- Гэта свята трэба шанаваць. Трэба, каб гэта быў выходны дзень у Беларусі. Каб людзі маглі з годнасцю ўшанаваць сваіх продкаў. Наш народ моцна шануе продкаў. Гэта па-рознаму выяўляецца, але ў ментальнасці нашых людзей пашана да памерлых ёсць.
У сустрэчы на варшаўскіх Павонзках прыняло ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек пераважна маладога веку.
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава. Фота аўтара.
РЭЗАЛЮЦЫІ І ПАСТАНОВЫ ХІІІ З'ЕЗДА ТБМ
РЭЗАЛЮЦЫЯ
ХІІІ З'езда ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
Вышэйшая адукацыя па-беларуску - аснова незалежнасці Беларусі
29 кастрычніка 2017 г. г. Мінск
На пачатку ХХ ст. беларусы марылі пра свой універсітэт на роднай мове. БНР у 1918 г. намагалася яго стварыць, а БССР адкрыла яго ў 1921 г. у Менску і паступова ўкараняла выкладанне на беларускай мове. Мова беларускага народа загучала і ў іншых ВНУ Беларусі, найперш у Горацкай акадэміі.
Аднак ужо ў 30-я гады сталіністы сталі выкараняць беларускую мову з нашых ВНУ. Дайшло да таго, што ў 60-70-х гадах ХХ ст. студэнты філалагічнага факультэта БДУ змагаліся за тое, каб на іх факультэце выкладанне вялося па-беларуску.
Пасля студзеня 1990 г., калі ў БССР беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай, нашы ВНУ зноў пачалі ўводзіць выкладанне на беларускай мове. Але рэферэндум 1995 г. гэты працэс надоўга спыніў і цяпер у многіх ВНУ па-беларуску выкладаецца толькі адзін прадмет "Беларуская мова. Прафесійная лексіка."
ХІІІ з'езд ТБМ лічыць, што гэтую практыку татальнай русіфікацыі трэба раз і назаўсёды спыніць.
Мы прапануем з верасня 2018 г. ва ўсіх ВНУ нашай краіны ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам адкрыць беларускамоўныя плыні і студэнцкія групы. Неабходна заснаваць некалькі дзяржаўных і прыватных гуманітарных універсітэтаў, дзе ўсе прадметы будуць выкладацца па-беларуску. Такія ВНУ стануць кузняй для падрыхтоўкі беларускіх дыпламатаў, дзяржаўных чыноўнікаў, выкладчыкаў і навукоўцаў - сапраўдных патрыётаў нашай краіны, для якіх беларуская мова будзе мовай штодзённага карыстання на працы, у побыце і ў сям'і.
РЭЗАЛЮЦЫЯ
ХІІІ З'езда ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
Беларускія законы павінны стварацца і дзейнічаць на дзяржаўнай беларускай мове
29 кастрычніка 2017 г. г. Мінск
У 1588 г., калі пасля гвалтоўнага стварэння Рэчы Паспалітай беларускаму этнасу пагражала паланізацыя, Леў Сапега ў ІІІ Статуце Вялікага Княства Літоўскага абвесціў нашу мову дзяржаўнай. Дзякуючы гэтаму да 1696 г. усе законы і іншыя юрыдычныя дакументы пісаліся па-беларуску.
У 1918 г. дзяржаўнасць нашай мовы спачатку абвесціла БНР, а потым і БССР.
Пачынаючы з 1991 г. беларускі парламент - Вярхоўны Савет - пачаў працаваць на беларускай мове і значная частка законаў і іншых юрыдычных дакументаў прымаліся па-беларуску.
Аднак у 1996 г. новы заканадаўчы орган Беларусі - Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу - парушыў дзейную Канстытуцыю, вынікі рэферэндума 1995 г. і перайшоў на рускую мову ў штодзённай працы. У выніку амаль усё дзейнае заканадаўства зараз існуе толькі ў рускамоўнай версіі, а беларускія суды адмаўляюцца працаваць па-беларуску.
ХІІІ з'езд ТБМ заклікае спыніць гэтую ганебную практыку і прымаць усе законы на дзвюх дзяржаўных мовах. Беларускія суды павінны працаваць па-беларуску ў выпадку, калі хоць адзін бок судовага працэсу гэтага пажадае ў вуснай ці пісьмовай форме.
Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі, усіх беларускіх патрыётаў падтрымаць нашу рэзалюцыю і накіраваць адпаведныя лісты па звычайнай і электроннай пошце ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
ПАСТАНОВА
ХІІІ З'езда ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
Аб заснаванні электроннай газеты ТБМ
29 кастрычніка 2017 г. г. Мінск
У сувязі з сусветнымі тэндэнцыямі па пераходзе СМІ ў электронныя формы існавання і функцыянавання ХІІІ З'езд ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" пастанаўляе:
1. Заснаваць электронную газету ТБМ у поўнай і мабільных версіях, адаптаваных да ўсіх электронных браўзераў і гаджэтаў.
2. Даручыць Радзе ТБМ распрацаваць усе тэхнічныя і арганізацыйныя пытанні, звязаныя з заснаваннем электроннай газеты ТБМ.
ПАСТАНОВА
ХІІІ З'езда ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
Аб ініцыяванні прыватнай беларускамоўнай адукацыі ў Беларусі
29 кастрычніка 2017 г. г. Мінск
З досведу развіцця адукацыі ў многіх краінах свету выдатна бачна перавага прыватных сярэдніх адукацыйных устаноў над дзяржаўнымі па ўзроўні ведаў, якія там даюцца. Прыватныя адукацыйныя ўстановы - платныя, але яны запаўняюцца вучнямі і паспяхова функцыянуюць. Яны даюць да 100 % выпускнікоў - абітурыентаў і студэнтаў ВНУ.
У Беларусі фактычна ўжо створана платная сістэма адукацыі пад выглядам рэпетытарства, якая паказвае, што беларусы гатовы плаціць за якасную адукацыю сваіх дзяцей.
З'езд ТБМ пастанаўляе:
1. Ініцыяваць заснаванне і развіццё прыватнай беларускамоўнай адукацыі ў краіне ў выглядзе стварэння прыватных беларускамоўных гімназій і ліцэяў.
2. Даручыць Радзе ТБМ склікаць Аргкамітэт па стварэнні і развіцці ўстаноў прыватнай беларускамоўнай адукацыі і запачаткаваць праграму стварэння ўстаноў "Беларускамоўная прыватная гімназія (ліцэй)".
3. Даручыць Радзе ТБМ распрацаваць і ўнесці на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь законапраект "Аб прыватнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь".
ПАСТАНОВА
ХІІІ З'езда ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
Аб унясенні ў парадак дня сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь законапраекта "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы"
29 кастрычніка 2017 г. г. Мінск
У 2011 г. Таварыствам беларускай мовы быў распрацаваны законапраект "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", які з'яўляецца заканадаўчым адказам на русіфікацыйныя працэсы, што адбываюцца ў краіне. У 2014 г. законапраект быў дапрацаваны і накіраваны ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь і атрымаў станоўчыя водгукі, аднак ён не быў уключаны ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 г.
З'езд ТБМ пастанаўляе:
1. Сакратарыяту ТБМ дапрацаваць тэкст законапраекту.
2. Як толькі тэкст будзе гатовы, старшыні ТБМ спн. Алене Анісім як дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь унесці законапраект у парадак дня сесіі Палаты прадстаўнікоў у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.
Віншаванне Алене Анісім
Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь Роберт Райлі даслаў віншавнне старшыні ТБМ Алене Анісіі
Мінск, Беларусь
30 кастрычніка 2017 года
Старшыні Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны
Анісім А.М.
Паважаная Алена Мікалаеўна.
Ад імя Амбасады ЗША ў Беларусі і ад сябе асабіста шчыра віншую Вас з абраннем на пасаду старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Упэўнены, што пад Вашым кіраўніцтвам Таварыства зможа дасягнуць новых поспехаў у пачэснай справе адраджэння беларускага слова. Жадаю Вам плённай працы на пасадзе старшыні і спадзяюся на працяг нашых добрых адносін.
АБ ПРАГМАТЫЦЫ І ЯЕ ЎПЛЫВЕ НА ЛЁС НАЦЫІ
ці Як асветнікі мовы змагаюцца за яе чыстату
(Выступленне на ХІІІ з'ездзе ТБМ)
Маё выступленне на такім форуме - мая мара і апафеоз маёй дзейнасці па захаванні роднай мовы, каб не знікла нацыя. Наша Таварыства і стаіць на варце яе абароны. І гэта вельмі патрыятычна з пункту гледжання захавання нацыі з яе адмысловымі асаблівасцямі і карысна з пункту гледжання прагматычнага асветніцтва роднай мовы, каб захаваць яе духоўную чыстату. Таму выказваю развагу.
Існуе класічнае выслоўе для крытыкі сафіста, які наўмысна карыстаецца няправільным падборам зыходных палажэнняў, каб правесці ў жыццё сваё разумазаключэнне, якое здаецца фармальна правільным, але непраўдзівае па сутнасці: за верхавінамі дрэў ён не бачыць лесу. Таму Кузьма Пруткоў дае параду: "Глядзі ў корань!" У нашым жыцці з-за павярхоўнага ўспрымання моўных тэрмінаў робіцца шмат памылак, якія яго і пагаршаюць. Напрыклад, скарыстанне моўнага тэрміну прагматыка.
У мовазнаўстве гэты тэрмін - навуковы кірунак для вывучэння адносін паміж сродкамі мовы. Яго скарыстанне ва ўтварэнні моўных тэрмінаў карыснае. А вось яго прагматычнае скарыстанне ў жыцці хавае ў сабе небяспечныя вынікі.
Асабліва гэта тычыцца скарыстання роднай мовы. Наш народ прыняў траянскага каня (чужую мову ў якасці дзяржаўнай) прагматычна-палітычна, каб за кошт энергетычных прэферэнцый здабыць дабрабыт ("чарку, шкварку, іншамарку"). Але для захавання нацыі ён аказаўся небяспечным. Як бачым, мы страчваем нацыянальную годнасць.
У гэтай сувязі ўхваляю "Зварот" нашых масцітых прафесараў Леаніда Лыча і Мікалая Савіцкага "Як беларускую мову з сімвалічна дзяржаўнай зрабіць рэальна дзяржаўнай" і падтрымліваю правядзенне агульнанацыянальнага конкурсу "Маё бачанне рэальных шляхоў забеспячэння беларускай мове статусу адзінадзяржаўнай у краіне".
Штосьці падобнае атрымалася і пры скарыстанні злучніка "або" ў "Законе аб мовах", дзе два розныя па значэнні азначэнні (тытульная мова і чужая /руская/ мова) успрымаюцца прагматыкамі як роўныя найменні. Вось так, казуістычна, можна дыскрэдытаваць родную мову. Вось так Траянскі конь на нашай ніве топча нашую нацыянальную годнасць. Таму тут злучнік "або" слушна падлягае выключэнню.
Упершыню я сутыкнуўся з прагматыкай выкарыстання моўных тэрмінаў, калі пяць гадоў назад на старонках "Нашага слова" вяліся спрэчкі аб ідэнтычнасці нацыі.
Вялікі рэзананс у навуковым асяродку выклікала публіакцыя майго крытычнага артыкула "Як нашыя гісторыкі змагаюцца за чыстату нацыянальнай ідэнтычнасці". Нагодай выступлення была публікацыя іранічнага артыкула пісьменніка Эрнеста Ялугіна "Калі ў Гісторыю стрэліць" з крытыкай кніг Вадзіма Дзяружынскага ("Таямніцы беларускай гісторыі" і "Забытая Беларусь") у піку прафесару Івану Лепешаву, які змясціў да гэтых кніг слушную анатацыю, і якую я шаноўна падтрымаў. Тут спадар Ялугін ужо крытыкуе мой артыкул за нібыта недакладнае скарыстанне ў ім слова "чыстата". Згодна з "Тлумачальным слоўнікам" М. Судніка слова " чысціня" трактуецца як " тое, што і чыстата". Ён, нібы дылетант, не заглянуў ў корань, бо ёсць прадаўжэнне яго тлумачэння ў слове " чысты", дзе іх найменні супадаюць толькі ў значэннях, якія характарызуюць якасць прадмета, успрыманага на дотык (пункты 1, 4, 5, 6 і 9). Тым не менш ён палічыў, што яно падлягае замене. У нашым жа выпадку (пункт 8), дзе гаворка вядзецца аб правілах прагматыкі, гэтае слова словам " чысціня", як найменне з іншым значэннем, замене не падлягае.
Як бачым, наша мова заварожвае як сваёй духоўнай чыстатой, так і роляй духоўных інтарэсаў. Таму выказваю яе значэнне страфой, дзе кожны радок заслугоўвае тэмы дысертацыі:
О, мова!
Ты - асвечвання прамень!
Для нацыі -
прымат яе прызнання.
Ты, мова родная -
душы агмень
Хрыстовай веры...
для яе яднання!
Дэлегат ХІІІ з'езда ТБМ Мікола Шаравар,
лаўрэат міжнароднага конкурсу эсэістаў
1967 г
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
649. Крушнёў (Юры) - вытвор з прыналежным суфіксам -ёў ад антрапоніма Крушня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крушнёў. ФП: крушня ('куча камення') - Крушня (мянушка, потым прозвішча) - Крушнёў.
650. Крывадубскі (Ігнат) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Крывадубы і значэннем 'народзінец, жыхар, названай мясцовасці, паселішча': Крывадубскі. Тапонім - ад спалучэння Крывыя дубы - 'мясціна з названымі дрэвамі'. Або шляхетная форма ад прозвішча Крывадубы.
651. Крывёнак (Аляксандр) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Крывы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крывёнак. Гл. Крывеня.
652. Крывеня (Алег) - вытвор з фармантам -еня ад антрапоніма Крывы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крывеня. ФП: крывы ('выгнуты, не просты', 'ненармальны, пакалечаны (пра часткі цела)', 'з пашкоджанай нагой (нагамі); кульгавы') - Крывы (мянушка, потым прозвішча) - Крывеня.
653. Крывец (Вадзім) - вытвор з суфіксам -ец ад антрапоніма Крывы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крывец. ФП: крывы ('вагнуты, не прамы', 'ненармальны, пакалечаны (пра часткі цела)', 'з пашкоджанай нагой (нагамі); кульгавы (разм.)') - Крывы (мянушка, потым прозвішча) - Крывец.
654. Крыклівец (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва крыклівец - утварэння (суфікс -ец) ад крыклівы 'які многа крычыць, любіць крычаць, гучна гаварыць; крыкун'. Або ўтварэнне з суфіксам -ец ад антрапоніма Крыклівы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крыклівец.
655. Крыўчэня (Мікалай) - вытвор з фармантам -эня ад антрапоніма Крыўко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крыўч(к/ч)эня. ФП: крывы ('няпросты, з выгібамі'; 'з пашкоджаной нагой (нагамі), кульгавы'; 'калека') - Крывы (мянушка, потым прозвішча) - Крыўко ('нашчадак Крывога', фармант -ко) - Крыўчэня.
656. Крэйдзіч (Анатоль) - вытвор з суфіксам -іч ад антрапоніма Крэйда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крэйдзіч. ФП: крэйда 'тое, што і мел' (мяккі белы вапняк, які ўжываецца для пісання) - Крэйда (мянушка) - Крэйда (прозвішча) - Крэйдзіч (празванне) - Крэйдзіч.
657. Крэсніцкі (Кузьма) - вытвор з фармантам -скі ад антрапоніма Крэснік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Крэснікскі - Крэсніцкі. ФП: (рус.) крестник ('хроснік, хрэснік') - (бел.) крэснік (тс.) - Крэснік (мянушка, потым прозвішча) - Крэсніцкі.
658. Крэчка (Людміла) - другасная форма, першасная (відаць) Крачка - семантычны вытвор ад апелятыва крачка 'вадзяная птушка сямейства чаек з доўгімі крыламі, вілападобным хвастом і прамой дзюбай'. Або як жан. форма ад Крэчат.
659. Кубас (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва кубас 'паплавок з дрэва' (Фасмер).
690. Кубракова (Людміла) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Кубрак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кубракова. ФП: кубрак ('чалавек, які просіць міластыню на царкоўныя патрэбы (Нас.), а таксама мужчынскае суконнае адзенне (кароткае - вышэй ад калена)') - Кубрак (мянушка, потым прозвішча) - Кубракова.
691. Кудзеліч (Святлана) - вытвор з суфіксам -іч ад антрапоніма Кудзеля і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Кудзеліч. ФП: кудзеля ('валакністая частка лёну, пянькі') - Кудзеля (мянушка, потым прозвішча) - Кудзеліч.
652. Кудзерская (Таццяна) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Кудзеры і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Кудзерская. ФП: кудзеры / кудзеркі ('невялікі ўчастак лесу, звычайна вузкі') - Кудзеры / Кудзеркі (тапонім) - Кудзерская. Або ад антрапоніма Кудзер (семант. вытвор ад кудзер 'локан; кучаравая пасма валос') і значэннем 'нашчадак названай асобы' ( Кудзерская).
653. Кудлачоў (Віктар) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Кудлач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кудлачоў. ФП: кудлач ('пра чалавека з доўгімі кудлатымі валасамі': кудлач) - Кудлач (мянушка, потым прозвішча) - Кудлачоў.
654. Кудрын (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Кудра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кудрын. ФП: кудра ('гай, дзялянка лесу - БРС 1988'), кудзер 'локан' (кучаравая пасма валасоў)) - Кудра (мянушка, потым прозвішча) - Кудрын. Параўн. рус. кудри 'кучары'.
655. Кузёмка (Лявон) - народнагутарковая форма імя Кузьма (<грэч. 'мір, парадак, сусвет') набыла ролю прозвішча.
656. Кузнечык (Альгерд) - семантычны вытвор ад (рус.) кузнечик 'конік' (насякомае, якое скача і стракоча крыламі) або ад кузнечик 'памочнік каваля (кузнеца)'.
657. Кузнячэнкава (Таццяна) - прыметнікавая форма з фармантам -ава ад антрапоніма Кузнячэнка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Кузнячэнкава. ФП: кузнец ('уладальнік кузні', рэг. 'каваль') - Кузнец (мянушка, пазней прозвішча) - Кузнячонак ('нашчадак асобы з прозвішчам Кузнец, суфікс -онак') - Кузнячэнкава.
658. Кузьменка (Рыгор) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Кузьма і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кузьменка. ФП: Кузьма (імя <грэч. 'мір, парадак, сусвет') - Кузьма (прозвішча) - Кузьменка.
659. Куканаў (Вадзім) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Кукан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Куканаў. ФП: кукан ('вяровачка, на якую нанізваюць злоўленую рыбу, каб апусціць яе ў ваду да канца лоўлі') - Кукан (мянушка, потым прозвішча) - Куканаў.
660. Кулагін (Анатоль) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Кулага з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кулагін. ФП: кулага ('страва з мукі' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова, с. 460)), а таксама (бел. рэг.) 'непаваротлівы, няскладны, павольны ў рабоце чалавек' (М. Бірыла) - Кулага (мянушка, пазней прозвішча) - Кулагін.
661. Кулей (Соф'я) - семантычны вытвор ад апелятыва кулей 'той, хто куляецца, пераварочваецца цераз галаву, перакульваецца'; утварэнне: кулей; параўн. вараж(ыць)эй, маней 'хлус', целяпей 'маруда'.
662. Куліковіч (Уладзімір) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам - овіч ад антрапоніма Кулік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Куліковіч. ФП: кулік ('невялікая балотняя птушка з доўгімі нагамі') - Кулік (мянушка) - Кулік (прозвішча) - Куліковіч.
663. Кулікоўскі (Яўген) - вытвор з фармантам -оўскі/-скі ад тапоніма Кулікі, Кулікоўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Кулікоўскі, Кулікоўскі. ФП: кулік ('невялікая балотная птушка з доўгімі нагамі') - Кулік (мянушка, потым прозвішча) - Кулікі ('паселішча з прозвішчамі Кулік') - Кулікоўка (тапонім) - Кулікоўскі.
664. Куль (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва куль, які мае розныя значэнні: 1) тоўсты сноп выбранай няцёртай саломы, з якой звычайна робяць стрэхі; 2) вялікі, звычайна рагожны мяшок; 3) старая гандлёвая мера сыпкіх цел; 4) задняя частка рыбалоўнай сеці ў выглядзе мяшка.
665. Кульба (Ганна) - семантычны вытвор ад апелятыва кульба 'палка з загнутым верхнім канцом для апоры пры хадзьбе; кульбака'.
666. Кульш (Дар'я) - другасная форма, першасная Кульша - семантычны вытвор ад апелятыва кульша 'тазасцегнавы сустаў, бядро', а таксама 'вуглавы застаронак у гумне', 'месца пад звіслай часткай страхі гумна', 'канцавая частка воза, спосаб укладкі, воза', 'тое, што і кульця' (СПЗБ).
667. Кульшыч (Раман) - вытвор з суфіксам -ыч ад антрапоніма Кульша і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кульшыч. ФП: кульша ('сцягно', 'клуб') - Кульша (мянушка, потым прозвішча) - Кульшыч.
668. Кумакін (Анатоль) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Кумака і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кумакін. ФП: кумацца ('спатыкацца, аступацца'; фармант -ака) - Кумака (мянушка, потым прозвішча) - Кумакін.
669. Куні (Георг) - семантычны вытвор ад апелятыва куни (рус. 'птушка сініца' (Даль)).
670. Купава (Мікола) - семантычны вытвор ад апелятыва купава (рус. бат.) 'белы ці жоўты гарлачык'.
671. Купракоў (Аляксей) - вытвор з суфіксам прыналежнасці - оў ад антрапоніма Купрак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Купракоў. ФП: Купрыян (імя, з мовы грэкаў Kyprianos < kyprios 'кіпрскі, жыхар Кіпра') - Купра (з 1540 г.) - Купрык і Купрак (варыянты імя) - Купрак (мянушка, потым прозвішча) - Купракоў.
672. Купцэвіч (Фелікс) - вытвор з фармантам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Купец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Купцэвіч. ФП: купец ('уладаннік гандлёвага прадпрыемства, які займаецца прыватным гандлем', а таксама 'пакупнік' (рэг., уст.)) - Купец (мянушка, потым прозвішча) - Купцэвіч.
673. Купчынава (Вольга) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Купчын і значэннем `нашчадак названай асобы`: Купчынава. ФП: купчын (ст.-бел. `купец`) - Купчын (мянушка, потым прозвішча) - Купчынава.
674. Кур'ян (Дзяніс) - варыянт імя Кірыён (грэч. kurion 'дзяржаўная ўлада, закон'; (1556, Курьян)) набыў ролю прозвішча.
675. Курак (Ганна) - семантычны вытвор ад апелятыва (рэг.) курак 'самец курыцы, певень' (утварэнне: кура ('курыца') - курак; як і гусь - гусак). Або ад курак 'аладка з цеста' (А. Каўрус).
676. Курачэня (Уладыслаў) - вытвор з суфіксам -эня ад антрапоніма Курач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Курачэня. ФП: курач (рэг. 'дымар') - Курач (мянушка, потым прозвішча) - Курачэня.
677. Курлачэнка (Анфіса) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Курлак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Курлач(к/ч)энка. ФП: курлак (рэг.) 'журавель' (ад "курлы-курлы") - Курлак (мянушка, потым прозвішча) - Курлачэнка.
678. Курман (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва курман 'вяроўка' (Грынч.).
679. Курцін (Соф`я) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Курта і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Курцін. ФП: курта (утварэнне безафіксальнае ад куртаты 'з кароткім хвастом (пра жывёл)'; 'недастатковага росту; малы, кароткі'; 'кароткі, цесны (пра адзенне)'; а таксама (перан. іран.) 'абмежаваны, няпоўны') - Курта (мянушка) - Курта (прозвішча) - Курцін.
680. Курчанка (Кацярына) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Курч і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Курчанка. ФП: курч ('балючае скарачэнне цягліцаў цела; сутарга') - Курч (мянушка, потым прозвішча) - Курчанка.
681. Курчатаў (Вадзім) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Курчаты і значэннем 'нашчадак названай асобы': Курчатаў. ФП: курчаты (рус. курчатый) 'кучаравы')) - Курчаты (мянушка) - Курчаты (прозвішча) - Курчатаў.
682. Курыла (Ігар) - народна-гутарковая форма кананічнага Кірыла (з мовы грэкаў 'пан, уладар, гаспадар') набыло ролю прозвішча.
683. Курэчка (Часлаў) - семантычны вытвор ад апелятыва курэчка <польск. kureczka 'курачка'; параўн. kurek 'певень'.
684. Кустава (Валерыя) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Куст і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кустава. ФП: куст ('травяністая расліна з галінамі, якія пачынаюць расці амаль ад зямлі; расліна, сцяблы якой растуць пучком') - Куст (мянушка, потым прозвішча) - Кустава.
685. Кутас (Мікола) - семантычны вытвор ад апелятыва кутас 'пучок нітак, звязаных разам на канцы, для ўпрыгожання чаго-небудзь'.
686. Кутузава (Аксана) - вытвор з фармант -ава ад антрапоніма Кутуз і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кутузава. ФП: кутуз ('падушка, на якой плятуць карункі', 'клумак' (Даль)) - Кутуз (мянушка, потым прозвішча) - Кутузава.
687. Куціла (Анна) - семантычны вытвор ад апелятыва куціла (рус. кутила) 'гуляка'.
688. Кучар (Ігар) - семантычы выбар ад апелятыва кучар (рус. кучер) 'фурман, рамізнік, вазніца'.
689. Кучарэнка (Андрэй) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Кучар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кучарэнка. Гл. Кучар.
690. Кучмель (Ігнат) - семантычны вытвор ад апелятыва кучмель 'чалавек з кучмай - пышнымі густымі валасамі'; утварэнне: кучмель. Па-раўн. гарбель, шчарбель.
691. Кушнерук (Людміла) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Кушнер з значэннем 'нашчадак названай асобы': Кушнерук. ФП: кушнер ('майстар, які вырабляе шкуры пушных жывёл на футры') - Кушнер (мянушка, пазней прозвішча) - Кушнерук. Або ад апелятыва кушнярук 'памочнік кушнера'.
692. Кушнірук (Людміла) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Кушнір і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Кушнірук. ФП: кушнір (фанет. варыянт ад кушнер 'рамеснік, які вырабляе шкуры на футры і шые футры') - Кушнір (мянушка, потым прозвішча) - Кушнірук.
693. Лабачэўская (Вольга) - вытвор з фармантам -эўскі ад тапоніма Лабачы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Лабачэўская. ФП: лабач ('пра чалавека лабатага (з вялікім, пукатым ілбом)') - Лабач (мянушка, потым прозвішча) - Лабачы ('паселішча з прозвішчамі Лабач') - Лабачэўская.
694. Лабовіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Лоб і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лобавы - Лабовіч. ФП: лоб ('верхняя частка твару чалавека або морды жывёлы') - Лоб (мянушка - пра лабастага, разумнага чалавека) - Лоб (прозвішча) - Лабовіч.
695. Лагавы (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва лагавы ад ( лог 'шырокі і доўгі яр з адхоннымі схілавы') 'які знаходзіцца ў логу'.
696. Ладуцько (Кастусь) - народна-гутарк. экспрэс. форма імя Лада (слав. лада 'любая, мілая') набыла ролю прозвішча.
697. Ладынін (Міхаіл) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Ладын і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ладынін. ФП: Лада (ст.-слав. лада 'любая, мілая') - Ладына ('нашчадак Лады', суфікс -ын) - Ладынін.
698. Лазарэнка (Дзмітрый) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Лазар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лазарэнка. ФП: Лазар (імя <ст.-яўр. з семантыкай 'Бог памог') - Лазар (прозвішча) - Лазарэнка.
699. Лазуцін (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Лазута і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лазуцін. ФП: лазута ('лаз у агароджы', 'лазутчык'; 'пралаза' (Даль)) - Лазута (мянушка, потым прозвішча) - Лазуцін.
700. Лакотка (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва лакты і л акотка 'седала (для курэй)' (СБГПЗБП, т. 2, с. 613: лакты). Або ад (рэг.) лакотка 'падкладка пад локці рук', 'падлакотнікі'.
701. Лапато (Ілья) - акцэнтаваны семантычны вытвор ад апелятыва лапата 'прылады для капання зямлі з плоскім шырокім ніжнім канцом'.
702. Лапачук (Адэліна) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Лапач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лапачук. ФП: лапаць ('лавіць' - СНМЗ) - лапач ('той, хто лапае', 'ловіць', суфікс -ач, лапач) - Лапач (мянушка, потым прозвішча) - Лапачук.
(Працяг у наст. нумары.)
Пра лёс нашых замкаў
Адказ Міністэрства культуры на запыт А. Анісім
Сакратарыят Савета Рэспублікі
Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь
копія: Савет Міністраў
Рэспублікі Беларусь
Аб выкананні даручэння
У адпаведнасці з дарученнем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2017 г. № 09/133-33/11801р Міністэрства культуры інфармуе па пытаннях аднаўлення замкаў у Гродзенскай вобласці.
Даводзім да ведама, што дзейнасць дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі" завершана ў 2015 годзе. На змену ёй прынята Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады, якая зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.03.2016 г. № 180.
У рамках Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2016 - 2020 гады вядуцца работы па аб'екце "Рэстаўрацыя і рэканструкцыя Лідскага замка".
1-я чарга аб'екта (вонкавыя сеткі і добраўпарадкаванне за сценамі замка) ўведзена ў эксплуатацыю ў 2016 годзе.
У 2017 годзе за кошт сродкаў абласнога бюджэту накіравана 412,2 тыс.рублёў на правядзенне работ па 2-й (пабудовы, сеткі і добраўпарадкаванне ў межах замка) і 3-й чэргах (правядзенне работ у Паўночна-Ўсходняй вежы і стварэння экспазіцыі) аб'екта, увядзенне якіх плануецца ў 2017 годзе.
Завяршэнне агульнабудаўнічых і іншых работ па Паўднёва-Заходняй вежы і стварэння ў ёй экспазіцыі плануецца ў 2018 годзе. На гэтыя мэты патрабуецца 450,0 тыс.рублёў.
На замку ў Крэва Смаргонскага раёна плануецца ажыццявіць работы па кансервацыі руін з прыстасаваннем і музеефікацыяй аб'екта, уключэннем яго ў пазнавальныя тэматычныя турыстычныя маршруты.
У 2013 годзе распрацавана канцэпцыя работ па аб'екце з выдзяленнем пускавых комплексаў з мэтай паэтапнага ўвядзення аб'екта ў дзеянне:
першы этап - рэканструкцыя з рэстаўрацыяй Княжай (паўночнай) вежы замка ў в. Крэва з прылеглымі фрагментамі сцен. У межах работ першага пускавога комплекса выдзелены работы 1-ай чаргі па кансервацыі Княжацкай вежы з мэтай захавання ўнікальнага помніка сярэднявечнай архітэктуры да пачатку работ па яго аднаўленні і прыстасаванні;
другі этап - кансервацыя з рэстаўрацыяй сцен і добраўпарадкаванне тэрыторыі замка, выяўленне захаваных фартыфікацыйных збудаванняў Першай сусветнай вайны;
трэці этап - прыстасаванне замка пад музейную функцыю з рэканструкцыяй Княжацкай вежы для месцавання музейнай экспазіцыі.
У бягучым годзе пачаліся работы згодна з будаўнічым праектам па аб'екце "Кансервацыя з рэстаўрацыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці . "Фрагменты замка XIV стагоддзя, в. Крэва, Смаргонскага раёна, Гродзенскай вобласці" (заказчык - упраўленне капітальнага будаўніцтва Смаргонскага раёна, праектная арганізацыя - праектны філіял ААТ "Белрэстаўрацыя"). На выкананне гэтых работ накіраваны сродкі з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва ў памеры 105,8 тыс. рублёў, а таксама сродкі рэспубліканскага бюджэту ў памеры 22,28 тыс. рублёў.
Гэтае рашэнне прынята з улікам завяршэння работ па кансервацыі Княжацкай вежы да канца бягучага года, што дазволіць захаваць унікальны помнік і выратаваць яго ад разбурэння. Гэта будзе пачатак буйных работ і вельмі значная падзея па аднаўленні цікавага і важнага для гісторыі і культуры Беларусі аб'екта спадчыны.
На Старым замку ў Гродна праведзены значныя аб'ёмы навукова-даследчых работ - гісторыка-архіўныя, археалагічныя, натурныя даследаванні, вывучэнне аналагаў аб'ектаў адпаведнага перыяду, прызначэння і аўтарства, якія дазволілі падрыхтаваць праект па будаўніцтву страчанага аб'ёмна-прасторавага рашэння замка.
Вынікі археалагічных даследаванняў, праведзеных на тэрыторыі Старога замка, маюць вялікую значнасць, у тым ліку для падрыхтоўкі матэрыялаў, графічных рэканструкцый комплекса Старога замка на розныя перыяды існавання. Атрыманыя матэрыялы даследавання ўжо зараз з'яўляюцца крыніцай звестак аб характары тэрыторыі замка.
У бягучым годзе распрацавана праектная дакументацыя па аб'екце "Рэстаўрацыя і прыстасаванне пад гісторыка-археалагічны музей Старога замка па вул. Замкавая, 22 у г. Гродна (1-я чарга)" (заказчык - ГАУП "УКБ Гродзенскага аблвыканкама", праектная арганізацыя - УП "Інстытут Гроднаграмадзянпраект"). Згодна з праектам плануецца выканаць работы па рэстаўрацыі з аднаўленнем завяршэння Сярэдняй вежы, Крапасной сцяны з абходнай галерэяй, уваходнай Брамы, аднаўленні Барбакану, будаўніцтву Камяніцы і Мернай хаты.
Пасля праходжання экспертызы праектаў плануецца прыступіць да рэалізацыі праектных рашэнняў.
Наконт пытання па змяншэнні кошту пры перадачы асобных гістарычных помнікаў у прыватную ўласнасць з мэтай прыцягнення інвестыцый для больш поўнага і эфектыўнага ўвядзення гэтых аб'ектаў у сферу турыстычнага выкарыстання інфармуем, што згодна з пунктам 5 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2012 г. № 294 аблвыканкамы і Мінгарвыканкам упаўнаважаны на прыняцце рашэння па распараджэнні невыкарыстоўваемай і неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці, што знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, уключанай у пералік невыкарыстоўваемай і неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, у мэтах ўключэння яго ў гаспадарчы абарот, у тым ліку рашэнняў па адчужэнні такой маёмасці на платнай аснове, уключаючы продаж на аўкцыёне з устанаўленнем пачатковай цаны, роўнай адной базавай велічыні, а таксама рашэнняў па бязвыплатнай перадачы ў прыватную ўласнасць для рэалізацыі і інвестыцыйных праектаў.
Такім чынам перашкод па перадачы аб'ектаў за сімвалічны кошт не існуе.
Міністр Ю.П. Бондар.
Новыя кнігі для беларускіх школ
Сакратарыят Савета Рэспублікі
Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь
копія: Савет Міністраў
Рэспублікі Беларусь
Аб выкананні даручэння
У адпаведнасці з дарученнем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2017 г. № 09/133-33/11801р Міністэрства культуры інфармуе па пытаннях аднаўлення замкаў у Гродзенскай вобласці.
Даводзім да ведама, што дзейнасць дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі" завершана ў 2015 годзе. На змену ёй прынята Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады, якая зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.03.2016 г. № 180.
У рамках Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2016 - 2020 гады вядуцца работы па аб'екце "Рэстаўрацыя і рэканструкцыя Лідскага замка".
1-я чарга аб'екта (вонкавыя сеткі і добраўпарадкаванне за сценамі замка) ўведзена ў эксплуатацыю ў 2016 годзе.
У 2017 годзе за кошт сродкаў абласнога бюджэту накіравана 412,2 тыс.рублёў на правядзенне работ па 2-й (пабудовы, сеткі і добраўпарадкаванне ў межах замка) і 3-й чэргах (правядзенне работ у Паўночна-Ўсходняй вежы і стварэння экспазіцыі) аб'екта, увядзенне якіх плануецца ў 2017 годзе.
Завяршэнне агульнабудаўнічых і іншых работ па Паўднёва-Заходняй вежы і стварэння ў ёй экспазіцыі плануецца ў 2018 годзе. На гэтыя мэты патрабуецца 450,0 тыс.рублёў.
На замку ў Крэва Смаргонскага раёна плануецца ажыццявіць работы па кансервацыі руін з прыстасаваннем і музеефікацыяй аб'екта, уключэннем яго ў пазнавальныя тэматычныя турыстычныя маршруты.
У 2013 годзе распрацавана канцэпцыя работ па аб'екце з выдзяленнем пускавых комплексаў з мэтай паэтапнага ўвядзення аб'екта ў дзеянне:
першы этап - рэканструкцыя з рэстаўрацыяй Княжай (паўночнай) вежы замка ў в. Крэва з прылеглымі фрагментамі сцен. У межах работ першага пускавога комплекса выдзелены работы 1-ай чаргі па кансервацыі Княжацкай вежы з мэтай захавання ўнікальнага помніка сярэднявечнай архітэктуры да пачатку работ па яго аднаўленні і прыстасаванні;
другі этап - кансервацыя з рэстаўрацыяй сцен і добраўпарадкаванне тэрыторыі замка, выяўленне захаваных фартыфікацыйных збудаванняў Першай сусветнай вайны;
трэці этап - прыстасаванне замка пад музейную функцыю з рэканструкцыяй Княжацкай вежы для месцавання музейнай экспазіцыі.
У бягучым годзе пачаліся работы згодна з будаўнічым праектам па аб'екце "Кансервацыя з рэстаўрацыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці . "Фрагменты замка XIV стагоддзя, в. Крэва, Смаргонскага раёна, Гродзенскай вобласці" (заказчык - упраўленне капітальнага будаўніцтва Смаргонскага раёна, праектная арганізацыя - праектны філіял ААТ "Белрэстаўрацыя"). На выкананне гэтых работ накіраваны сродкі з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва ў памеры 105,8 тыс. рублёў, а таксама сродкі рэспубліканскага бюджэту ў памеры 22,28 тыс. рублёў.
Гэтае рашэнне прынята з улікам завяршэння работ па кансервацыі Княжацкай вежы да канца бягучага года, што дазволіць захаваць унікальны помнік і выратаваць яго ад разбурэння. Гэта будзе пачатак буйных работ і вельмі значная падзея па аднаўленні цікавага і важнага для гісторыі і культуры Беларусі аб'екта спадчыны.
На Старым замку ў Гродна праведзены значныя аб'ёмы навукова-даследчых работ - гісторыка-архіўныя, археалагічныя, натурныя даследаванні, вывучэнне аналагаў аб'ектаў адпаведнага перыяду, прызначэння і аўтарства, якія дазволілі падрыхтаваць праект па будаўніцтву страчанага аб'ёмна-прасторавага рашэння замка.
Вынікі археалагічных даследаванняў, праведзеных на тэрыторыі Старога замка, маюць вялікую значнасць, у тым ліку для падрыхтоўкі матэрыялаў, графічных рэканструкцый комплекса Старога замка на розныя перыяды існавання. Атрыманыя матэрыялы даследавання ўжо зараз з'яўляюцца крыніцай звестак аб характары тэрыторыі замка.
У бягучым годзе распрацавана праектная дакументацыя па аб'екце "Рэстаўрацыя і прыстасаванне пад гісторыка-археалагічны музей Старога замка па вул. Замкавая, 22 у г. Гродна (1-я чарга)" (заказчык - ГАУП "УКБ Гродзенскага аблвыканкама", праектная арганізацыя - УП "Інстытут Гроднаграмадзянпраект"). Згодна з праектам плануецца выканаць работы па рэстаўрацыі з аднаўленнем завяршэння Сярэдняй вежы, Крапасной сцяны з абходнай галерэяй, уваходнай Брамы, аднаўленні Барбакану, будаўніцтву Камяніцы і Мернай хаты.
Пасля праходжання экспертызы праектаў плануецца прыступіць да рэалізацыі праектных рашэнняў.
Наконт пытання па змяншэнні кошту пры перадачы асобных гістарычных помнікаў у прыватную ўласнасць з мэтай прыцягнення інвестыцый для больш поўнага і эфектыўнага ўвядзення гэтых аб'ектаў у сферу турыстычнага выкарыстання інфармуем, што згодна з пунктам 5 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2012 г. № 294 аблвыканкамы і Мінгарвыканкам упаўнаважаны на прыняцце рашэння па распараджэнні невыкарыстоўваемай і неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці, што знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, уключанай у пералік невыкарыстоўваемай і неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, у мэтах ўключэння яго ў гаспадарчы абарот, у тым ліку рашэнняў па адчужэнні такой маёмасці на платнай аснове, уключаючы продаж на аўкцыёне з устанаўленнем пачатковай цаны, роўнай адной базавай велічыні, а таксама рашэнняў па бязвыплатнай перадачы ў прыватную ўласнасць для рэалізацыі і інвестыцыйных праектаў.
Такім чынам перашкод па перадачы аб'ектаў за сімвалічны кошт не існуе.
Міністр Ю.П. Бондар.
Новыя кнігі для беларускіх школ
1 лістапада першы намеснік старшыні ТБМ Уладзімір Колас, старшыня ТБШ Алесь Лозка, выкладчыкі Лявон Баршчэўскі і Павел Церашковіч прадставілі ў Лідскім каледжы і ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гародні, новыя кнігі, якія можна назваць альтэрнатыўнымі падручнікамі. Кніга Лявона Баршчэўскага мае назву "Словы і вобразы" На падставе аналізу канкрэтных твораў розных часоў і народаў разглядаюцца найважнейшыя этапы станаўлення літаратуры і мастацтва - ад старажытнасці да канца эпохі Адраджэння. Алесь Лозка прадставіў кнігу пра беларускі фальклор. Антраполаг Павел Церашковіч прадставіў ужо падрыхтаваную да выхаду новую кнігу па праблемах глабальнага маштабу. Называецца праца "Глабальныя праблемы чалавецтва: нарысы эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі сучаснасці".
Арганізатар і мадэратар сустрэчы Ўладзімір Колас зазначыў:
- Нам удаецца выпускаць кнігі такога адукацыйнага асветніцкага кірунку. Мы не можам называць іх падручнікамі, бо падручнікі трэба зацвярджаць у Мінадукацыі, і гэта цэлая бюракратычная працэдура. Тым не менш гэтыя кнігі перадусім накіраваныя на вучнёўскую аўдыторыю, прызначаныя для беларускай школы. Іх можна лічыць такімі альтэрнатыўнымі, дадатковымі падручнікамі.
У Лідзе словы знакамітых навукоўцаў ўспрымаліся з вялікай зацікаўленасцю. На сустрэчы прысутнічалі навучэнцы выпускнога і першага курсаў каледжа. Першыя змогуць ужо з восені скарыстаць новыя кнігі на практыцы, а другія яшчэ паспеюць і самі па іх павучыцца. Тым больш, што набор кніг быў пакінуты для бібліятэкі каледжа.
Паводле Радыё Рацыя.
Беларускамоўная "Рэгіянальная газета" з Маладзечна - лепшая рэгіянальная газета 2017 года
27 кастрычніка Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы падвяла вынікі штогадовага конкурсу рэгіянальных СМІ Беларусі. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала больш за 60 журналістаў з розных выданняў.
Найлепшы сайт
intex-press.by
За 2017 год колькасць унікальных наведваннікаў сайта вырасла удвая (430 тысяч было ў вересні). Паводле Gemius, па ахопу беларускай інтэрнэт-аўдыторыі ў жніўні 2017 года баранавіцкі сайт пераўзышоў такія рэспубліканскія рэсурсы, як nn.by, euroradio.fm, citydog.by, gazetaby.com ды іншыя.
Сайт intex-press.by ужо прызнаваўся лепшым "Аб'яднанымі Масмедыямі" ў 2014, 2015 гадах, а папяровае выданне Intex-press было ўзнагароджана як найлепшае ў 2013 і 2016 гадах.
Таксама дыплом фіналіста ў намінацыі "Гісторыя" атрымала журналістка Алена Серыкава за артыкул "20 лет назад в Барановичах заключенные совершили попытку побега из спецвагона. При их задержании погиб 18-летний солдат".
Найлепшы аналітычны матэрыял
Пётр Гузаеўскі, "Ганцавіцкі Час" - серыя матэрыялаў "Калі фінансы пяюць рамансы".
Найлепшае фота
Аляксандр Чугуеў, "Вечерний Бобруйск" - серыя фотарэпартажаў з акцыяў супраць прэзідэнцкага Дыкрэту № 3 у Бабруйску.
Гісторыя
Уладзімір Скарабатун, "Вольнае Глыбокае" - "Уцёкі палка "Глыбокае" з Беразвечча".
Журналісцкае расследаванне і зваротная сувязь
Анастасія Арлоўская, "Інфа-Кур'ер" - "Можем остаться с неподъёмными кредитами".
Сацыяльная акцыя
"Інфа-Кур'ер" - Серыя акцый па падтрымцы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама па падтрымцы беларускай мовы і спорту.
Відэа
Яўген Валадашчук, "Газета Слонімская" - "В Зельвенском районе от безысходности пенсионеры собирают камни на колхозных полях".
Адукацыя і культура
Наталля Тур, "Рэгіянальная газета" - "Акцыя "Беларусь памятае": "Хлопчык, хто ў цябе на партрэце?" - "Не ведаю, нам яго ў школе выдалі".
Беларуская мова
Таццяна Гапеева, "Брэсцкая газета" - "Інтэрнет дапаможа беларусам не згубіць мову?"
Краязнаўства
Рамуальд Жабік, "Интекс-Пресс" - "Мы танцуем на могилах".
Найлепшая рэгіянальная газета 2017 года -"Рэгіянальная газета"
Журналісты газеты адзначыліся ў розных намінацыях. Зоя Хруцкая стала фіналісткай у намінацыі "відэа", Аксана Ярашонак - у намінацыі "аналітычны матэрыял", Наталля Тур - у намінацыі "фота" і "відэа".
Дыпломы фіналістаў газета атрымала за сайт rh.by і за акцыю "Дзясятачка".
Раней лепшай "Рэгіянальная газета" станавілася ў 2015 годзе.
Для даведкі:
Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы заснавана ў 2009 годзе, аб'ядноўвае 14 недзяржаўных прадпрыемстваў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія ў межах сваёй вытворчай дзейнасці выдаюць больш за 20 рэгіянальных масава-палітычных выданняў. Галоўная мэта - развіццё асяроддзя, спрыяльнага для прыватнага выдавецкага бізнесу. Асацыяцыя дапамагае зносінам i абмену досведам незалежных выдаўцоў; спрыяе развіццю рынку рэгіянальных друкаваных CMI; развівае кадравы патэнцыял рэгіянальных кампаній праз рэалізацыю кансультатыўных i трэнінгавых праграм.
У Асацыяцыю ўваходзяць: "Борисовские новости", "Брестская газета", Брестский курьер", "Вечерний Бобруйск", "Вольнае Глыбокае", "Ганцавіцкі час", "Газета слонімская", Intex-Press, "Інфа-кур'ер", "Информ-прогулка", "Наша слова", "Рэгіянальная газета", "Узгорак", электронная газета "Бабруйскі кур'ер".
Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". На фота Ганны Марзы: 1. Прызёры конкурсу; 2. Рэдакцыя "Рэгіянальнай газеты" - пераможац конкурсу.
Берлінскай дзяржбібліятэцы падаравалі перавыданне Скарыны
Навіны Германіі
Берлінскай дзяржаўнай бібліятэцы перададзена ў дар факсімільнае выданне "Кніжная спадчына Францыска Скарыны". Каштоўныя тамы, кожны з якіх - дакладнае ўзнаўленне кніг вядомага першадрукара, перадаў генеральнаму дырэктару Берлінскай дзяржаўнай бібліятэкі Барбары Шнайдэр-Кемпф дырэктар НББ Раман Матульскі.
Вяртанне і захаванасць культурнай спадчыны - прыярытэтны кірунак дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яскравым прыкладам яго паспяховай рэалізацыі стаў сумесны выдавецкі праект Нацыянальнай бібліятэкі і Банка БелВЭБ па ўзнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. У выніку цеснага партнёрскага супрацоўніцтва (2013-2017) у год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання выканаўцы праекту зрабілі сусветнай грамадскасці каштоўны падарунак - факсіміле "Кніжная спадчына Францыска Скарыны". Унікальны шматтомнік - гэта не толькі адлюстраванне гісторыі кнігадрукавання, але і каштоўны пласт культурнай спадчыны беларускага народа, базавая крыніца для гістарычных, філалагічных і культуралагічных даследаванняў. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Германіі Дзяніс Сідарэнка, дарадца пасольства Аляксей Барбук і кіраўнік аддзялення Усходняй Еўропы дзяржаўнай бібліятэкі Берліна Олаф Хаман.
belta.by.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Ніжанкоўская Ірына - 20 р., г. Менск
2. Кукавенка Іван - 15 р., г. Менск
3. Копыл Ілля - 60 р., г. Менск
4. Зылькоў С.П. - 20 р., г. Гародня
5. Панамароў Сяргей - 20 р., г. Менск
6. Рэбека Мікола - 20 р., г. Менск
7. Птушка С. - 54 р., в. Хільчыцы
8. Чыгір Яўген - 10 р., г. Гародня
9. Місевіч Мар'ян - 60 р., г.п. Падсвілле
10. Ляпёшкін Андрэй - 10 р., в. Зара, Круглянскі р-н
11. Фурс Антон - 10 р., г. Паставы
12. Трусаў Алег - 1146 р., г. Менск
13. Восіпава Аляксандра - 10 р., г Гомель
14. Ільініч Дар'я -10 р., г. Менск
15. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад
16. Багданкевіч С.М. - 5 р., г. Менск
17. Анісім Алена - 1355 р., г. Менск
18. Аўласевіч Алеся - 9 р., г. Гомель
19. Гасанаў - 5 р., г. Менск
20. Дзівак з-над Дзісны - 10 р., г. Менск
21. Зенька Вадзім - 22 р. г. Менск
22. Кот Валер - 5 р., г. Менск
23. Плакса Ўладзімір - 5 р., г. Менск
24. Скамейка Сяргей - 20 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V - XV стагоддзі)
Алег Трусаў
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
I тут візантыйцы атрымалі нечаканую дапамогу з Усходу. У 1402 г. у Малую Азію ўварвалася з Сярэдняй Азіі армія вышэйзгаданага Тамерлана (Цімура). У бітве каля Анкары туркаў разбілі, а султана ўзялі ў палон, дзе ён і памёр.
Каб аслабіць Асманскую дзяржаву, Цімур падзяліў яе на чатыры невялікія дзяржавы на чале з сынамі былога султана, і тыя пачалі міжусобную вайну. Аднак туркі здолелі аб'яднацца, у 1444 г. разбілі новых крыжаносцаў пад Варнай, а потым ў 1448 г. - венгерскае войска. Лёс Канстанцінопаля стаў прадвызначаны.
3. Балгарыя і Сербія ў XIV ст.
У ХІV-ХV стст. у паўднёвых славян адбылося грамадскае раздзяленне працы. Значную частку сялян складалі волахі, якія займаліся жывёлагадоўляй. Іх пасяленні і горныя пашы былі ўласнасцю феадалаў, але падаткі яны мелі меншыя, чым у земляробаў. Значная частка насельніцтва (сасы) займалася горнаруднай справай і плаціла падаткі адразу ў каралеўскую казну. Асобны статус быў у гарадоў Андрыятыкі - Дуброўніка, Котара, Спліта і інш. Гэта былі гарады рэспублікі са сваім кіраваннем і эканамічным статусам.
Балгарыя. У 1235 г. у Балгарыі была адноўлена патрыярхія. Балгарскі цар зацвярджаў патрыярха ў яго сане. Царква мела значнае месца ў ідэалагічным і культурным жыцці краіны. Уся служба тут ішла на балгарскай мове. Пасля турэцкага заваявання балгарскую царкву падпарадкавалі канстанцінопальскаму патрыярху, і той загадаў весці набажэнствы на грэцкай мове. У 1371 г. Балгарыя распалася на два незалежныя царствы, Тырнаўскае і Відзінскае. У 20-х гадах XIV ст. на Балгарыю напалі туркі. У пачатку 60-х гадоў яны захапілі Фракію, у 1393 г. - Тырнаўскае, а ў 1396 г. - і Відзінскае царствы. Усе мужчыны-хрысціяне мусілі плаціць султану асобныя падаткі - джыззе і харадж. Самым жахлівым падаткам для балгар быў падатак "крыві" (" дэўшырме"), калі маленькіх хлопчыкаў забіралі ў янычары.
Сербія. Росквіт Сербіі адбыўся пры каралі Стэфане Душане (1331-1355). Ён стварыў вялікае войска і захапіў у Візантыі Албанію, Македонію, Эпір і Фесалію. У 1345 г. яго абвясцілі "царом сербаў і грэкаў". У 1349 г. на сербскім саборы быў прыняты звод законаў "Законнік Стэфана Душана". Ён узаконіў прывілеі сербскіх феадалаў і становішча залежных сялянаў. Актыўна развівалася і сербская праваслаўная царква. У 1345 г. сербскі архіепіскап стаў патрыярхам. У гэты час будуюцца вялікія мураваныя храмы, распісаныя фрэскамі, закладаюцца новыя манастыры. Аднак пасля смерці караля Душана Сербія распалася на шэраг самастойных уладанняў, якія ўвесь час варагавалі міжсобку. У гэтыя часы ўзнікла Чарнагорыя як самастойная частка Сербскага каралеўства.
У другой палове XIV ст. пачалася вайна з туркамі-асманамі. Турэцкі султан даслаў сербам ультыматум, каб яны прызналі яго ўладу, здалі ўсе гарады і заплацілі даніну на сем гадоў наперад. Аднак сербы вырашылі прыняць бой. 15 чэрвеня 1389 г. на Косавым полі адбылася галоўная бітва. Нягледзячы, што сербаў было значна менш, чым туркаў, яны зацята біліся і нават забілі турэцкага султана. Але сілы былі ўсё ж няроўныя, сербы прайгралі, і іх краіна была змушаная стаць васалам Асманскай імперыі. Аднак неўзабаве, пасля разгрому туркаў Тамерланам у 1402 г. сербы часова вызваліліся ад турэцкай залежнасці. Пасля доўгай вайны ў 1459 г. туркі канчаткова захапілі Сербію. Частка сербаў і ўсе албанцы пад турэцкім уплывам сталі мусульманамі. Як і ў Балгарыі, пасада патрыярха Сербіі была скасаваная, сербаў падначалілі патрыярху Канстанцінопаля, а той адразу перавёў набажэнствы на грэцкую мову. Значна пазней, у 1557 г., сербы, аднак, здолелі аднавіць сербскую патрыярхію.
4. Аблога і штурм Канстанцінопаля
Канстанцінопаль абараняў апошні імператар Візантыі Канстанцін IX Палеолаг (1449-1453). Супраць яго ваяваў турэцкі султан Мехмед II. У 1451 г. ён збудаваў дзве цвердзі на абодвух берагах Басфорскага праліва і адрэзаў сталіцу Візантыі ад шляхоў з Чорнага мора. Для штурму горада ён сабраў велізарнае войска, ад 150 да 200 тысяч чалавек, з артылерыяй і вялікім флотам (каля 400 караблёў).
Аблога пачалася 6 красавіка і доўжылася 53 дні. Сілы абаронцаў былі малыя: 7-10 тысяч чалавек, з якіх 3-4 тысячы складалі італьянскія наёмнікі. Еўрапейцы, за выняткам Венецыі і Генуі, не дапамаглі братам-хрысціянам. Аднак горад меў вельмі сур'ёзныя ўмацаванні, і туркі адразу іх узяць не змаглі. Дух абаронцаў узняла выйграная марская бітва каля ўвахода ў бухту Залаты Рог, калі чатыры генуэзскія і адзін візантыйскі караблі разагналі і патапілі турэцкі флот, што меў паўтары сотні караблёў. Тады Мехмед II вырашыў напасці на горад з таго боку, дзе яго не чакалі. Ноччу 22 красавіка туркі перацягнулі 30 сваіх караблёў у бухту Залатога Рога па драўляным насціле, збудавалі плывучы мост і падвялі яго да муроў горада ў самым небяспечным месцы.
На досвітку 29 траўня 1453 г. пачаўся галоўны штурм. На муры Канстанцінопаля султан накіраваў каля 15 тысяч янычараў, і тыя ўрэшце ўварваліся ў горад. Пры штурме загінуў і імператар Канстанцін. Султан загадаў адсячы яму галаву, якую тут жа выставілі ў цэнтры горада. Людзі пабеглі ратавацда ў галоўны храм горада, Сабор Святой Сафіі, але туркі ўварваліся туды і ўсіх пазабівалі. Тых, хто ацалеў, аддалі ў няволю або прадалі за выкуп. Неўзабаве туркі захапілі апошнія рэшткі візантыйскіх уладанняў, у тым ліку паўднёвы Крым. Крымскі хан стаў турэцкім васалам.
Мехмед II назваў Канстанцінопаль Стамбулам і перанёс сюды сталіцу сваёй дзяржавы. У турэцкай прапагандзе з'явіўся лозунг "Стамбул - трэці Рым". Але пачуўся адказ з Масквы, якая абвясціла сябе пераемнікам Візантыі і заявіла, што "трэці Рым - гэта Масква". Руска-турэцкі канфлікт ішоў некалькі стагоддзяў і скончыўся пасля паразы абедзвюх імперый у Першай сусветнай вайне. Адна з іх - Расійская - знікла з мапы свету ў 1917 г., а Асманская - у 1923 г.
АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ
Бейлік - невялікае турэцкае княства.
Газават (джыхад) - свяшчэнная вайна з нявернымі за іслам.
Дэнарый - сярэднявечная залатая візантыйская манета.
Дукат - сярэднявечная залатая італьянская манета.
Зілоты - радыкальная антыарыстакратычная групоўка гараджан у Візантыі.
Крымскае ханства - стэпавая татарская дзяржава, з 1475 г. васал Асманскай імперыі.
Сарацыны - адзін з сярэднявечных назоваў мусульманскіх воінаў, што ваявалі з крыжаносцамі.
Ферара-Фпарэнтыйскі сабор - месца, дзе найвышэйшае каталіцкае духавенства і візантыйская дэлегацыя заключылі царкоўную унію.
Цімар - у Асманскай імперыі - права ваяроў збіраць падаткі з земляробаў на пэўнай тэрыторыі.
НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ
1341-1355 гг. - грамадзянская вайнаў Візантыі.
1389 г. - разгром туркамі сербаў на Косавым полі.
1396 г. - Нікапальскі крыжовы паход.
1402 г. - разгром Цімурам (Тамерланам) асманскага войска каля Анкары.
1438-1445 гг. - Ферара-Фларэнтыйскі сабор.
1439 г. - Фларэнтыйская царкоўная унія.
1444 г. - туркі разбілі крыжацкае войска пад Варнай.
1448 г. - перамога туркаў над венграмі
29 траўня 1453 г. - узяцце туркамі Канстанцінопаля.
РАЗДЗЕЛ XXIII. КАТАЛІЦКАЯ ЦАРКВА Ў ХІV-ХV стст.
1. Катапіцкая царква на мяжы XIII і XIV стст.
2. Авіньёнскі палон папаў.
3. "Вялікі раскол".
4. Канстанцкі сабор і саборны рух.
1. Каталіцкая царква на мяжы XIII і XIV стст.
У XIII ст. рымскія папы ўсталявалі фактычна манархічную ўладу, мелі моцны бюракратычны апарат кіравання царквою, і фактычна гэты апарат быў недзяржаўным. Менавіта з яго дапамогай папы маглі дыктаваць сваю волю свецкім уладарам еўрапейскіх каталіцкіх краін. Узмацненне каралеўскай улады і ўзнікненне цэнтралізаваных краін якраз і прывяло да канфлікту Рыма і еўрапейскіх свецкіх уладароў.
Ініцыятарам такога канфлікту была Францыя. У канцы XIII ст. паміж Францыяй і Англіяй узніклі вялікія праблемы, звязаныя з уладаннямі англійскіх каралёў на французскай тэрыторыі, пра што гаворка ішла вышэй. Таму каралі абедзвюх краін увялі новыя падаткі і ў тым ліку на каталіцкае духавенства. У 1296 г. супраць гэтага выступіў у рэзкай форме вышэйзгаданы Папа Баніфацый VIII. Ён пагражаў адлучэннем ад царквы як феадалам, якія хацелі браць падаткі з духоўных асоб, так і святарам, якія пагадзіліся іх плаціць.
Тады англійскі кароль адмовіў сваім падданым-святарам у праве звяртацца ў каралеўскія суды па абарону сваёй асобы і маёмасці. Гэта вельмі напалохала мясцовае духавенства, а пазіцыю караля падтрымаў англійскі парламент. У сваю чаргу, кароль Францыі Філіп IV забараніў вывозіць з Францыі золата, срэбра і іншыя каштоўнасці, што істотна зменшыла паступленні ў папскую казну. Потым, у 1301 г. на загад караля, арыштавалі і абвясцілі здраднікам аднаго з французскіх біскупаў. Яго дапыталі і пасадзілі ў турму, а звяртацца па данамогу да Папы забаранілі.
У адказ у 1302 г. Баніфацый VIII абнародаваў булу, у якой абвясціў вяршэнства Папы над свецкімі манархамі, і асудзіў паводзіны французскага караля. Філіп IV загадаў дапісаць да тэксту булы сказы, дзе былі абразы гонару караля і ў яго асобе ўсіх французаў, ды распаўсюдзіць фальшывую булу ў сваёй краіне. Караля падтрымалі Генеральныя штаты і даслалі ў Рым афіцыйны пратэст. У 1303 г. французскае духавенства са згоды караля сабралася на свой царкоўны сабор і на ім абвінаваціла Папу ў ерасі. Яны вырашылі судзіць Папу як ерэтыка і загадалі дарадцу караля Францыі захапіць Папу ў яго замку, што ён і зрабіў. Два дні Папу трымалі ў няволі, пры гэтым яго моцна збілі. Вывезці Папу ў Францыю не дазволілі мясцовыя жыхары, якія вызвалілі яго з няволі. Праз месяц Баніфацый VIII памёр. Кароль Францыі запатрабаваў пасмяротна асудзіць Баніфацыя VIII. Італьянскія кардыналы абралі Папам Бенедыкта XI, які адмовіўся ад патрабаванняў Філіпа IV. Неўзабаве і ён памёр: магчыма, яго атруцілі.
(Працяг у наст. нумары.)
Іх імёны не павінны быць забыты
У журботны і балесны вечар памяці расстраляных літаратараў 30 кастрычніка ў менскай галерэі Tut.by прайшла вечарына, арганізаваная Саюзам беларускіх пісьменнікаў з удзелам Алеся Пашкевіча, Міхася Скоблы, акадэміка НАН Радзіма Гарэцкага, Лявона Баршчэўскага і іншых.
Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі ўспамінаў пра рэпрэсіі супраць бацькі і дзядзькі.
- Стагоддзе рэвалюцыі - сумная падзея, - сказаў ён. - Рэвалюцыя пачала жудасны бальшавіцкі тэрор. Браты Гарэцкія сустрэлі яе разам з Янкам Купалам ў Смаленску. Там сотнямі людзей казнілі. Янка Купала пісаў у сваім лісце, што ён быў як непрытомны, убачыўшы ўсю жудасць. На Максіма Гарэцкага гэта аказала вялізны ўплыў. Ён пачаў пісаць сваю аповесць "Дзве душы". У ёй ён прадбачыў і свой лёс, і лёс краіны, і лёс савецкай улады. У 30-тыя гады пасадзілі і Максіма, і Гаўрылу Гарэцкіх. Усіх арыштоўвалі па выдуманых абвінавачаннях. Максіму далі 5 гадоў высылкі, Гаўрылу прысудзілі смяротнае пакаранне, якое замянілі на канцлагер. Максіма выслалі ў Вятку, Гаўрылу - на Салаўкі, а потым адправілі ў Беламора-Балтыйскі лагер. Малады акадэмік Гаўрыла Гарэцкі, працуючы на поўначы, стаў геолагам. Маці Ларысе Восіпаўне дапамагала сям'я Якуба Коласа.
Радзім Гаўрылавіч з дзяцінства адчуў на сабе цяжар наймення "сын ворага народа". У 1937 годзе зноў пасадзілі Максіма Гарэцкага . Потым яго расстралялі, а сям'і не паведамілі праўду. Гаўрылу Іванавіча зноў саджалі ў 1937 і ў 1938 гадах. Нягледзячы на катаванні ў турме, ён здолеў адужаць свой лёс праз вялікае каханне да сваёй жонкі Ларысы Восіпаўны і любоў да дзяцей.
Лявон Баршчэўскі заклікаў успомніць ўсіх вялікіх паэтаў, загубленых сталінскай рэпрэсіўнай машынай. Ён распавёў пра лёс Юлія Таўбіна і Мойшы Кульбака.
- Талент Юлія Таўбіна мог бы раскрыцца на ўзроўні Максіма Багдановіча, - упэўнены літаратуразнаўца.
Майсей Кульбак быў старшынём сусветнага габрэйскага ПЭН-цэнтра ў той, час, калі ён жыў у Берліне ў 20-тыя гады. Свае пачуцці і перасцярогі ён адлюстраваў у паэме "Дзісенскі Чайльд-Гарольд". Лірычны герой паэмы Кульбака з іроніяй ставіўся да бальшавікоў.
Марат Гаравы распавёў пра дзейнасць ініцыятывы экспертаў у абарону Курапатаў, якая існуе ўжо 4 гады. Абвешчаны конкурс на лепшы праект мемарыялізацыі Курапатаў.
- Адраджэнне памяці пра рэпрэсіі, якое пачалося ў канцы 80-тых гадоў, павінна працягвацца , - пераканана даследчыца Ірына Багдановіч.
У тыя часы яна працавала ў Інстытуце беларускай літаратуры пад кіраўніцтвам А. Мальдзіса над стварэннем энцыклапедычнага слоўніка біяграфій беларускіх пісьменнікаў. Тады яна з калегамі атрымала дазвол працаваць з архівамі КДБ і ўстанавіла сапраўдныя даты смерці літаратараў, якія да гэтага часу фальсіфікаваліся і замоўчваліся. У 23 прозвішчаў дата смерці была адна і тая ж: 30 кастрычніка 1937 года.
Акасана Данільчык прадставіла выдадзеную разам з Віктарам Жыбулем анталогію жаночай паэзіі 1930-40 гадоў "Бліскавіцы" , распавяла пра лёс рэпрэсаваных паэтак - Наталлі Вішнеўскай, Яніны Герасімовіч, Валянціны Казлоўскай, Ларысы Геніюш - і прачытала іх вершы.
Гісторык і эсэіст Анатоль Сідарэвіч узгадаў пра лёс Сяргея Астрэйкі, Фелікса Купцэвіча, Леапольда Родзевіча, Юлія Таўбіна і іншых. Паэтаў залічвалі да шкоднікаў, шпіёнаў і трацкістаў, пасобнікаў сусветнай буржуазіі, якія перашкаджаюць сацыялістычнаму будаўніцтву.
- Самыя масавыя рэпрэсіі адбываліся менавіта ў 1936 годзе, а ў 1937 годзе праходзілі ўжо паўторныя арышты, - падкрэсліў Анатоль Сідарэвіч.
- Калі мы ўкладалі з Кастусём Цвіркам і Лідзіяй Савік анталогію "Расстраляная літаратура, - распавёў Міхась Скобла, - я звярнуў увагу на ўзрост тых, каго растрэльвалі. Гэта былі маладыя хлопцы, якія яшчэ не паспелі пажыць і напісаць, што ім наканавана. Максіму Гарэцкаму было 45 гадоў, Міхасю Чароту - 40, Адаму Бабарэку - 39, Міхасю Зарэцкаму - 35, Тодару Кляшторнаму - 34, Алесю Дудару - 32, Валерыю Маракову - 28, Алесю Салагубу - 27 гадоў.
- У чым жа, насамрэч былі вінаваты маладыя беларускія паэты? - паставіў пытанне Міхась Скобла. - У тым, што яны былі патрыётамі і змагаліся за незалежнасць Беларусі, адчувалі сябе абаронцамі і будаўнікамі дзяржавы. У 20-тыя гады прайшла беларусізацыя, па-беларуску гаварыла школа, урад і войска, што дазволіла гісторыку Мікалаю Ўлашчыку сказаць: "Беларусы мелі сваю дзяржаву". Таму паэты ішлі на смерць за Беларусь.
Міхась Скобла звярнуў увагу прысутных на кнігу Алеся Дудара, якая выйшла ў выдавецтве "Лімарыюс" у серыі "Галасы Айчыны". Гэта першае пасмяротнае выданне паэта. У 60-тыя гады пасля рэабілітацыі паэтаў кніжкі выходзілі вельмі сцэнзураваныя, адтуль былі выдалены лепшыя творы.
Госці вечарыны змаглі ўявіць сапраўдны маштаб рэпрэсій і страт для нацыянальнай інтэлігенцыі, якія прынесла кастрычніцкая рэвалюцыя. На развітанне яны праслухалі кранальныя спевы Таццяны Грыневіч на вершы Ларысы Геніюш.
Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Лявон Баршчэўскі. 2. У зале - М. Скобла, Р.Г. і Г.Р. Гарэцкія.
Народны мемарыял невядомых паўстанцаў
Увесь кастрычнік ішла рэстаўрацыя крыжоў паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы ў Лідскім раёне (былы фальварак Шчытнікі). Мемарыял паўстання ўзнік тут у канцы 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Вось што пісала газета "Лідскае жыццё" (укладыш у "Наваградскае жыццё") 9 жніўня 1928 года:
"Ушанаванне палеглых у 1863 годзе.
Дня 5 жніўня ў Шчытніках Тарноўскай гміны адбылося ўрачыстае асвячэнне магілы палеглых герояў, удзельнікаў баёў 1863 года.
Крыж і надмагільны камень зафундаваў вайсковы асаднік п. Кілінскі. Яго стараннем пры дапамозе асаднікаў п. Бердаўскага і палкоўніка Ардылоўскага была арганізавана ўрачыстасць.
Прыгожую і ўзнёслую прамову сказаў ксёндз Гародка, звяртаючыся да баёў 1863-64 гадоў.
Ва ўрачыстасці брала чынны ўдзе люднасць, мясцовая Белагрудская школа са сваёй харцэрскай дружынай і дзятва з Горнага Шлёнска, якая прыбыла ў Белагруду ў летні лагер."
Той крыж прастаяў да канца 90-х гадоў, на ім была пазначана дата: 1925 год, і старыя людзі апавядалі пра камяні з надпісамі, якія пры саветах патапілі ў балоце, і месца паказалі. Такім чынам можна лічыць, што першы крыж на магілах паўстанцаў паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі, каля якога былі пастаўленыя новыя крыжы ў 1995 годзе, быў пастаўлены ў 1925 годзе, а надмагільны камень, якога няма - у 1928 годзе. Аўтэнтычны камень 1863 года захаваўся на адной з магіл праз усе часы і ўлады. (Леанід Лаўрэш. Лідчына ў 1924 - 1929 гг. у люстэрку прэсы. Лідскі летапісец № 70, ст. 34).
Таму падчас рэстаўрацыі крыжоў узнікла ідэя вярнуць на месца і камень, але знайсці аўтэнтычны ўжо немагчыма, таму вырашылі зрабіць новы. На камені напісалі: "Невядомым паўстанцам 1863".
Але чаму невядомым? Бо дагэтуль няма ніякіх звестак пра тое, хто тут пахаваны. Можна выказаць толькі версію.
Фальварак Шчытнікі з часткай Ольжаўскай пушчы да 1863 г. належаў Канстанціну Кашыцу, які паўстанцкім урадам быў прызначаны цывільным начальнікам Наваградскага павета. У якасці камісара з Вільні сюды быў накіраваны У. Борзабагаты з крайне левымі поглядамі. Таму адразу ўзніклі буйныя рознагалоссі паміж Кашыцам і Борзабагатым. Борзабагаты са сваім аддзелам дзейнічаў у асноўным у раёне Налібокаў. Пра баі на захадзе павета - цішыня. Арыштаваны Кашыц выкручваўся, як мог, валіў усё на Борзабагатага, з-за чаго не трапіў у спіс тых герояў, якія на допытах прамаўлялі патрыятычныя лозунгі. Потым Кашыц шкадаваў пра гэта, але на той момант, адмаўляючы свой актыўны ўдзел у паўстанні, не назваў ні адной сваёй бітвы і нічога не сказаў пра тое, які аддзел знайшоў прытулак у яго фальварку Шчытнікі і хто хаваў забітых і памерлых у Ольжаўскай пушчы. Аднак, лагічна меркаваць, што гэта быў разбіты аддзел Наваградскага павета, які перайшоў Нёман, каб схавацца ад пераследу, і прывёў яго ў Шчытнікі, калі не сам Кашыц, то нейкі яго чалавек...
Што ж, пакуль надпіс "Невядомым паўстанцам" адпавядае ўзроўню нашых ведаў пра тыя падзеі.
Першым з высокапастаўленых беларускіх асобаў мемарыял наведаў 3 лістапада намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які ў памінальную дзядоўскую суботу запаліў тут адвечны беларускі зніч.
Будзе спадзявацца, што неўзабаве гэтае месца атрымае статус памятнай мясціны.
Яраслаў Грынкевіч.
Міжнародная канферэнцыя "Нацыянальны ўніверсітэт у 21-ым стагоддзі: місія і выклікі"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і Аргкамітэт Універсітэта Альбарутэнія
запрашаюць да ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі
"Нацыянальны ўніверсітэт у 21-ым стагоддзі: місія і выклікі"
Канферэнцыя адбудзецца 25 - 26 лістапада 2017 года ў Менску.
Пачатак рэгістрацыі ўдзельнікаў: 9.00, 25 лістапада 2017 года.
Месца правядзення: Гатэль "Crowne Plaza", вул. Кірава, 13.
Якім павінен быць нацыянальны ўніверсітэт сёння? У чым яго прызначэнне? Якім чынам нацыянальная ідэнтычнасць і сучасныя нацыянальныя мовы спалучаюцца з выклікам інтэрнацыяналізацыі ў вышэйшай адукацыі? Як арганізаваць навуковыя даследаванні і прымяняць сучасныя дыдактычныя тэхналогіі? Як рэалізаваць прынцыпы ўніверсітэцкай аўтаноміі ў сучаснай Беларусі. І, галоўнае, калі ж насамрэч паўстане нацыянальны ўніверсітэт? Знайсці адказы на гэтыя і шмат якія іншыя пытанні - ёсць мэтай канферэнцыі "Нацыянальны ўніверсітэт у 21-ым стагоддзі: місія і выклікі".
Пытанні для абмеркавання:
- Місія нацыянальнага ўніверсітэта ў 21-ым стагоддзі: case Беларусі.
- Мова, ідэнтычнасць і вышэйшая адукацыя ў сучаснай Беларусі.
- Інтэрнацыяналізацыя і нацыянальны ўніверсітэт: пазітыўны досвед Польшчы, Украіны ды іншых краін.
- Нацыянальны ўніверсітэт як даследчыцкі ўніверсітэт.
- Нацыянальны ўніверсітэт у Беларусі і Балонскі працэс: каштоўнасці і інструменты.
- Нацыянальны ўніверсітэт у Беларусі і найноўшыя навучальныя тэхналогіі.
Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца беларускія і міжнародныя эксперты ў сферы адукацыі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і афіцыйных структур, ініцыятыўныя студэнты, выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі, усе, хто зацікаўлены ў стварэнні ў Беларусі сучаснага нацыянальнага ўніверсітэта.
Кожнаму ўдзельніку даецца магчымасць прадставіць даклад або паведамленне па вышэйазначаных праблемах. Для ўдзелу ў адборы дакладаў неабходна запоўніць фармуляр рэгістрацыі. Аргкамітэт мае абмежаваную магчымасць кампенсаваць замежным і іншагароднім аўтарам адабраных дакладаў выдаткі, звязаныя з удзелам у канферэнцыі.
Заяўкі для ўдзелу ў канферэнцыі прымаюцца да 18 лістапада 2017 па электронным адрасе: siadziba@gmail.com (з пазнакай: канферэнцыя).
Для гэтага неабходна запоўніць заяўку (гл. дадатак), а таксама даслаць кароткі тэкст анатацыі паведамлення, памерам не больш за 200 словаў.
Сямёркі на шчасце
Думаю, як пачаць, як напicaць першы радок. Хацелася, каб ён быў нейкiм нечаканым для чытача, як зараз кажуць, крутым. Уся справа ў лiчбе 77. Але нiчога ў мяне не атрымалася, таму пачну вельмi npocта:
4-га лicтапада паэту, публiцысту Яўгену Гучку cпоўнiлася 77 гадоў. Сапраўды, спалучэнне разам дзвюх сямёрак (77) выглядае вельмi прыгожа, больш значна, чым 75. Лiчба 7 з даўнix часоў прываблiвае i астролагаў, i тэолагаў, i вучоных... Нават вiнаробы вырабляюць вiно, прысвечанае гэтай лiчбе - "Партвейн-777". Вось i зараз прыйшлi ў маю галаву выразы: "сёмае неба", "сем дзён тыдня", "сем цудаў свету", "сем нот", "сем колераў вясёлкi", "сем кругоў пекла"... Пра лiчбу 7 прыдумана шмат мiфаў, быццам яна можа ўплываць на лёсы людзей. Але Яўгена Гучка гэта не тычыцца. Нават дзве сямёркi не здольныя паўплываць на яго лёс. У адным са сваix вершаў ён так i пiша:
"А я - не мы,
Я сам з сабой,
Сам па сабе,
Я быць сабой iмкнуся."
Лiчба 77 да яго датыкнулася так, мiмаходам, на адзiн дзень, i застанецца ў 4-м лiстападзе, як гicтарычнае iмгненне, а Яўген Гучок у сваiм жыццi, у сваёй творчасцi, y сваёй грамадскай дзейнасцi пойдзе далей наперад. Дарэчы, ён вельмi творчы, вельмi адказны, вельмi працавiты чалавек. Словы, сказаныя Юрыем Олешам: "Нi дня без радка" тычацца i Яўгена Гучка. I нават к гэтаму своеасаблiваму 77-гадоваму юбiлею ён сам сабе падрыхтаваў раскошны падарунак. У чэрвенi гэтага года выйшла з друку кнiга Яўгена Гучка "Маё пяцiкнiжжа". Гэта фундаментальны том аб'ёмам у 800 старонак. Але гэты падарунак аўтар зрабiў не толькi cабе, але i адданым прыхiльнiкaм яго творчасцi. Я не буду спыняцца на бiяграфii Яўгена Гучка - хто захоча з ёй азнаёмiцца, той яе знойдзе. Хачу сказаць пра iншае. Калi слухаеш выступы прадстаунiкoў беларускай iнтэлiгенцыi, то можно пачуць, як яны спасылаюцца на выказваннi Бернарда Шоў, Фрыдрыха Нiцшэ, Артура Шапэнгаўэра ды iншых мудрых асоб мiнуўшчыны. Але ж кнiгi вершаў Яўгена Гучка - гэта суцэльныя афарызмы, афарызмы на ўсе выпадкi жыцця, на ўсе падзеi ў грамадстве. Калi чытаеш яго творы, то можна злавiць сябе на думцы, што часам ён супярэчыць сам сабе. Але гэта не так, гэта творчы прыём. Аўтар проста ставiць сябе на тое цi iншае месца, перамяшчае сябе ў гушчу разных падзей, каб усебакова бачыць тое, што адбываецца ў грамадстве. Але я не стаўлю перад сабой мэты рабiць нейкi аналiз яго творчасцi. Творчасць Яўгена Гучка чакае прафесiйных лiтаратурных даследчыкаў. Адзначу толькi, што значнае месца ў творчасцi Яўгена Гучка займае абарона Роднай Мовы. Пакуль у нашай краiне ёсць такiя абаронцы Мовы, яна не загiне, яна будзе жыць.
"Выракацца мовы роднай -
Гэта ж дах з душы
Зрываць."
(Формула травы.)
Вiншую Яўгена Гучка з такiм цудоўным юбiлеем - 77-годдзем i жадаю яму сустрэць 88-годдзе, 99-годдзе. А надалей, як атрымаецца. I чакаем новых кнiг.
Iлля Копыл , чытач i падпicчык "Нашага слова". На фота: 1. Копыл, Басалыга, Гучок. 2. На першым плане: Гучок, Травень, Копыл.
Не трэба сабака ў кватэры
Усё большая колькасць беларускіх і заходніх шкадобнікаў пасабляюць беларусам любіць прыроду. Без сабачак і коцікаў, ці бачыце, беларускія кватэры жыць не могуць.
Пісьменнік, доктар народнай медыцыны Валер Санько прааналізаваў новаўвядзенне з даследчыцкіх пазіцый. Тысячагадовая традыцыя, у тым ліку даўнішнія пласты прыкметавасці, доказна сведчаць: кожнай істоце прыродай адведзена сваё месца для існавання.
Сабак і кошак патрэбна паважаць. Спецыялістамі і неспецыялістамі многіх краін свету ў розныя часы справядліва і доказна шмат сказана на абарону сабакі. Ён патрэбны хлебаробу побліз хаты, дачніку, ахоўніку, паляўнічаму, воіну, міліцыянеру, даследчыку ў лабараторыі. Прыносіць карысць леснікам, мытнікам.
Упершыню ў Беларусі аматарам ваўнянай жыўнасці ў кватэрах кніга "Сабака ў кватэры - сябра ці вораг. Што кажуць пра гэта народныя прыкметы", 2017, 96 стар., расплюшчвае вочы. Просценькае пытанне - якая карысць ад сабакі ў гарадской кватэры - атрымлівае адназначны вывад. Адмоўны.
У канцы кастрычніка на прэзентацыі кнігі ў Лідскай раённай бібліятэцы было нямала бібліятэкараў з горада і раёна. Людзі, якія любяць кнігі не з аматарства, а прафесійна, разбіраюцца ў кніжным верхаглядстве і пенстве, адзначылі праробленую аўтарам цяжкую працу.
Сабраў ён прыкметы ў старых людзей за дзесяцігоддзі паездкаў па Беларусі, у вёсках і мястэчках, бальніцах, вывудзіў з архіваў, старабытнай літаратуры, вытанцаваў у вешчуноў, шаптуноў. Класіфіцыраваў па многіх злабадзённых тэмах - уплыву на беларускае жыццё гарэлкі, курава, лаянкі, інтэрнэтных забавак, наркаты, самазабойстваў, адмовы ад веры продкаў… Асабліва выразныя народныя прыкметы на непатрэбшчыну ў гаспадарстве, сабак і катоў у гарадскіх кватэрах. Прадстаўленая чытачам кніга выклікала станоўчыя водгукі.
Цікава выказваліся пра кнігу бібліятэкары Тэрэза Валяр'янаўна Чайко, Галіна Раманаўна Курбыка, Святлана Канстанцінаўна Ненартовіч, іншыя. Падкрэслілі, што прыкметы дзейнічаюць напрамую і не напрамую на ўтрымальніка жывёлы ў гарадской кватэры, дзяцей. Зачастую прыкметы ў кнізе ўторацца, сумысна і несумысна.
Уражвалі шматлікія прыклады адмоўнасці гэтай жыўнасці ў чалавечым жыллі.
Хіба гэта нармальна, калі раней сем'і і малышня хваліліся, што даглядаюць курак і парасятак, умельствам працаваць, цяпер граматныя дарослыя зачастую вучаць малых лячыць кватэрных жывёл, гуляць, умела адпачываць, часцей ездзіць на поўдзень.
Малюнак у цэлым па Беларусі выглядае непрыглядным. За шэсць месяцаў 2015 года па антырабічную дапамогу звярнуліся 10 233 чалавекі, больш як 7 000 чалавек атрымлівалі прышчэпкі супраць шаленства. 70 % з іх кантактавалі з сабакамі. Хто цалуе катоў і сабак, атрымлівае інфекцыі, бактэрыі.
За леташні год (2016) у Беларусі адстралялі ці ўсыпілі 69 тысяч бадзяжных сабак. У двухмільённым Менску чатыры тысячы.
Варта супыняць выстаўкі, фестывалі гэтай жыўнасці што шырокім фронтам ідуць па вялікіх і маленькіх гарадках, школах.
Удзельнікі абмеркавання і аўтар дзівіліся, чаму ў абласных цэнтрах, нават у суседняй з Лідай Бярозаўцы, праводзяцца выстаўкі сабак і катоў, а пра агляды курэй, гусей, кароў, коней не чуваць нават у сталіцы.
Алена Быстрыцкая, намеснік дырэктара Лідскай раённай бібліятэкі.