Папярэдняя старонка: 2018

№ 01 (1360) 


Дадана: 03-01-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 1 (1360), 3 студзеня 2018 г.


З Калядамі!

Мы чакалi Калядаў з маленства...

Мы чакалi Калядаў з маленства

I нiяк не маглi дачакацца,

Тату трэба было на работу,

Мацi трэба было на працу.


А Гагарын ляцеў на ракеце

Па-над нашым дваром ды садам,

Мы глядзелi ўслед

са здзiўленнем

I мiжволi чакалi Калядаў.


Мы ўвосень падпальвалi лiсце,

Мы ўзiмку хварэлi на гланды

I, прыклаўшы далонi да вуснаў,

У цямрэчы чакалi Калядаў.


Мы пiсалi ў школе дыктоўкi,

Нас вадзiлi глядзець на парады,

Прафсаюз выдаваў карамелькi,

Мы бралi i чакалi Калядаў.


Нам даводзiлi, хто мы i што мы,

Нас вучылi выконваць загады,

Нам казалi, ды мы не чулi,

Мы ўпотай чакалi Калядаў.


Мы рабiлi высновы хутка,

Мы павольна спявалi балады,

Мы назлосць валасы расцiлi

I ўпарта чакалi Калядаў.


Што з таго, што ўсё гэта знiкла,

Быццам бурбалкi ад лiманаду,

Засталiся сям'я i дзеткi,

Засталося чаканне Калядаў.


Засталiся сябры ды праца,

А адзiн, дык "вабшчэ" ў Канадзе,

Мы на святы дашлём паштоўку,

Будзем разам чакаць Калядаў.


Позна ўвечары посуд памыем

I пакiнем, каб сохнуў на тацы.

Мы чакаем Каляды з маленства

I не можам нiяк дачакацца.

Міхал Анемпадыстаў.


"Як літара Ў уратавала Каляды"

30 снежня ў Маладзёжным тэатры эстрады прайшла прэм'ера казачнага спектакля "Як літара Ў уратавала Каляды". Гэта новы дзіцячы музычна-тэатральны праект музыкі і прадзюсара Рамана Арлова, вядомага па гуртах "J:МОРС", "У нескладовае", мюзікле "Чарадзей".

Але адным спектаклем справа не абмяжоўваецца.

Кожнага гледача, а іх у гэты перадапошні дзень 2017 года ў Тэатр эстрады прыйшло шмат - поўная зала сабралася - на ўваходзе чакаў салодкі падарунак. А ў холе дзяўчаты і хлопцы з фальклорнага калектыву спявалі калядныя песні, вучылі дзетак танчыць беларускія танцы. Часам не маглі стрымацца і пачыналі танчыць нават бацькі. Усё мерапрыемства, кажа арганізатар імпрэзы Віталь Супрановіч, скіраванае на тое, каб "акунуць дзяцей у атмасферу сапраўдных калядных цудаў, пазнаёміць іх з беларускай міфалогіяй у цікавай і пазнавальнай форме".

І, здаецца, задумка ў Рамана Арлова атрымліваецца. Прынамсі, у Віктара, які прывёў на спектакль дачку Адэльку, уражанні выключна пазітыўныя.

- Даўно заўважыў, што перад Новым годам у нас адбываецца вельмі шмат падобных мерапрыемстваў для дзяцей, але пераважна - на рускай мове. Але калі рабіць свята дзецям, то лепш ужо весці на спектакль на роднай мове. Тым больш на такі, які знаёміць з нашымі айчыннымі культурнымі традыцыямі і звычаямі. А самае галоўнае - дзеці ў захапленні ад убачанага. Праўда, Адэлька? - кажа Віктар, звяртаючыся да дачкі, дзяўчынкі гадоў пяці.

- Мне вельмі спадабалася! - адказвае Адэля, ледзь не падскокваючы на месцы.

Пра што ж спектакль? Старажытныя духі беларускага сусвету паўкрыўдзіліся, што дзеці іх забыліся і вырашаюць іх правучыць: спыняюць час і замарожваюць усе літары са слова "надышоў". А значыць Новы год і Каляды ніколі не прыйдуць! Але Яська і Янінка яшчэ могуць выправіць сітуацыю. Іх чакаюць прыгоды і выпрабаванні ў чароўным калядным бары, падчас якіх яны мусяць сабраць чароўныя літары і скласці з іх чароўнае слова "надышоў". А Зюзя, Ляля, Жыжаль, Мара ды іншыя духі беларускага космасу дзецям дапамогуць.

А што там з літарай "Ў", якая нібыта ўратавала Каляды? Пра гэта можна будзе даведацца 4 студзеня, калі завітаеце ў Тэатр эстрады.

Быў на спектаклі вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Цікаўлюся, ці спадабалася яму тое, што зрабіў яго сын Раман Арлоў.

- Нават мне захацелася разам з дзеткамі-гледачамі сфатаграфавацца ў чароўным бары па заканчэнні спектакля, - смяецца аўтар "Айчыны". - Мне падчас прагляду ўзгадаўся Полацк часоў майго дзяцінства. Ялінка на пляцы горада, куды мяне везлі на санках… Вось толькі спектакляў такіх тады не было, і на літару "Ў" надзейна забыліся ўжо ў той час дзеці, бо адны толькі расійскія школы былі ў Полацку ў маім дзяцінстве. А цяпер я веру - знойдуць нашы дзеці літару "Ў"!"

nn.by.


60 гадоў Рыгору Сітніцу

Рыгор СІТНІЦА нарадзіўся 1 студзеня 1958 года ў вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Пасля заканчэння шостага класа сярэдняй школы на радзіме па рэкамендацыі настаўніка Івана Маліноўскага перавёўся вучыцца ў Менск, у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па выяўленчым мастацтве і музыцы імя І. Ахрэмчыка, якую скончыў у 1976 годзе. Пасля паступіў на аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, які скончыў у 1982 годзе. Вучыўся ў В. П. Шаранговіча. З 1980 года прымае ўдзел ў рэспубліканскіх, замежных і міжнародных мастацкіх выставах і літаратурных імпрэзах. З 1983 года выкладае ў Беларускім каледжы мастацтваў. Выкладаў таксама ў Беларускай акадэміі мастацтваў.

У 1985 годзе стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў, а ў 2007 годзе - першым намеснікам старшыні грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў". У 2013 годзе абраны, у 2016 годзе пераабраны кіраўніком Беларускага саюза мастакоў.

Лаўрэат літаратурнай прэміі "Залаты апостраф" (2006).

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".


Патрабуй ужываць беларускую мову ў Нацыянальным аэрапорце!

Увосень 2017 года інфармацыя на шыльдах і табло Нацыянальнага аэрапорта пачала дублявацца на кітайскай мове. Дагэтуль яна змяшчалася на рускай і англійскай. Беларускую мову кіраўніцтва порта дадаваць не збіраецца, матывуючы гэта надуманымі нагодамі. Гэта адбываецца, нягледзячы на неаднаразовыя папярэднія звароты грамадзян.

З гэтай нагоды я стварыў петыцыю "За выкарыстанне беларускай мовы на шыльдах Нацыянальнага аэрапорта" на сайце "Petitions.by. Зручны горад". Нумар петыцыі - 1270. Адрас: https://petitions.by/petitions/1270.

Калі ў ранейшых петыцыях проста заклікалі і прасілі, апелюючы да патрыятызму, маральнасці і здаровага сэнсу, то зараз зварот абгрунтоўваецца супярэчнасцю пазіцыі кіраўніцтва аэрапорта дзейнаму заканадаўству.

З сённяшняга дня пад петыцыяй можна падпісацца. Менш, чым праз месяц яна будзе накіравана адрасату. У НАС ЁСЦЬ МЕНШ МЕСЯЦА, каб рэальна паўплываць на сітуацыю!

Што вы можаце зрабіць:

1. Пастаўце подпіс самі.

2. Падзяліцеся спасылкай на петыцыю ў сацыяльных сетках.

3. Заклікайце падпісацца сваякоў, сяброў і знаёмых!

Намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі.


Гарадзенская ТБМ павіншавала новыя беларускія класы і дзіцячыя групы з Калядамі і наступаючым Новым 2018 годам

Гарадзенская абласная грамадская арганізацыя "ТБМ імя Ф. Скарыны" штогод на Каляды ці на Дзень роднай мовы наведвае школы і дзіцячыя садкі, дзе створаны беларускія класы і групы. Дзякуючы мясцовым фундатарам, сябры ТБМ звычайна прыносяць розныя падарункі. З кожным годам паступова расце колькасць беларускіх класаў і груп у садках, але, на жаль, эканамічная сітуацыя не стымулюе людзей і кіраўнікоў прадпрыемстваў на розныя падарункі-пачастункі дзецям. Нават буйныя прадпрыемствы горада ("Контэ Спа", "Тытунёвая фабрыка" ) з-за свайго эканамічнага стану (першыя не знайшлі часу адказаць на ліст за 6 месяцаў) не знайшлі сродкаў на некалькі дзясяткаў кніг дзецям. У Гародні існуе таксама праблема куплі "беларускамоўных цукерак". Толькі ў пятым па ліку магазіне былі 2 гатункі цукерак "Камунаркі", фактычна без выбару. Астатняе па-руску, ці ўкраінску. Сорамна за заканадаўцаў і міністраў краіны, якія не дбаюць пра сваю мову. Дзякуй, што хоць за 20 гадоў збольшага вырашана праблема па набыцці дзіцячых беларускамоўных кніг. Дапамаглі ў іх набыцці неабыякавыя прыхільнікі роднага слова, сябры Радаў ТБМ і актывісты іншых грамадскіх арганізацый. Варта сказаць дзякуй Сафіі Вараб'ёвай, Данілу Жукоўскаму, Паўлу Мажэйку, Уладзіміру Хільмановічу, Віталю Карнелюку, Кацярыне Галоце і іншым. Усе здымкі ў матэрыяле, акрамя д/с № 45, зроблены фатографам Аксанай Савашынскай, якая ўжо некалькі гадоў дапамагае нам як валанцёр бясплатна.

У гэтым годзе фармат віншавання першакласнікаў і новых груп у дзіцячых садках быў пашыраны з ініцыятывы старшыні арганізацыі. Да нас далучыліся гарадзенскія калядоўшчыкі з "Зорканошам", "Мядзведзем", "Казой" і "Буслікам", некаторыя з іх з'яўляюцца нават сябрамі ТБМ. Самы актыўны ўдзел у перадсвяточных мерапрыемствах прынялі сябры абласной і гарадской Радаў ТБМ - спадары Іван Буднік, Аляксей Пяткевіч, Алесь Крой, Кася Галота, шматдзетны бацька Уладзімір Хільмановіч, Вольга Крапоціна.

Распачалі віншаванні 20 снежня з д/с № 65 на вул. Рэпіна, пра мерапрыемства ў гэтым садку падрабязна напісалі журналісты гарадзенскага інтэрнэт-выдання "Hrodna. Life".

На наступны дзень былі ў СШ № 34 (Вішнявец), дзе павіншавалі першы беларускі клас (6 чалавек) з Калядамі і Новым годам. Торт з Парэчча, цукеркі, асадкі і дыск для пада-рожжаў па Гарадзеншчыне дасталіся дзецям. Усе цукеркі, прызначаныя для конкурсу вершаў забраў адзін вучань, бо толькі ён вывучыў некалькі вершаў. А спадарыня Кася падрыхтавала адмысловае запрашэнне для класа ў музей Каралеўскага Замка на сваю экскурсію (любая тэма на выбар бясплатна).

На трэці дзень, 22 снежня, наведаліся ў СШ №32 (Дзевятоўка). У свой час тут захаваліся беларускія класы да пачатку ХХІ стагоддзя, а ў 2010 годзе зноў упершыню ў Гародні адрадзілася традыцыя адкрываць кожны год невялікія беларускія класы да 10 чалавек.

Праз паўгадзіны наведалі дзве беларускія групы ў д/с № 45 на вул. Сухамбаева. Калядоўшчыкі ледзь паспелі дабрацца з аднаго мікрараёна горада ў другі, каб павіншаваць дзетак у дзіцячым садку. А дзеці так добра былі падрыхтаваныя вахавацелямі, што дэманструючы свае здольнасці, іх беларускія вершы "адскоквалі ад зубоў". Калі "каза" пасля доўгіх танцаў згубіла прытомнасць і ўпала на падлогу, то дзеці яе "рэанімавалі" з дапамогай цукерак і беларускіх вершаў. І яна ажыла! За гэта задаволеныя дзеткі атрымалі падарункі ўжо ад гасцей. Шкада, што многія дзеці ў садках і школах у гэтыя дні хварэлі і не змаглі ўбачыць вясёлае каляднае прадстаўленне.

Перадсвяточныя мерапрыемствы ТБМ разам з калядоўшчыкамі атрымаліся добрымі, таму з дазволу адміністрацый школ і аддзела адукацыі новы фармат віншаванняў варта было б працягваць і ў наступныя гады.

У гэтым 2017 - 2018 гг. навучальным годзе ў першы клас СШ № 32 паступілі вучыцца 8 чалавек, у СШ № 34 - 6 чалавек, была сфармавана новая беларуская група ў д/с № 65 - 22 чалавекі, найперш дзякуючы ініцытыве сям'і Станкевічаў. На сёння ў Гародні навучаецца ў беларускіх класах больш за 60 дзяцей ( СШ № 32, СШ № 34, гімназія № 7, гімназія № 10).

У дзіцячых садках вучыцца больш за 50 дзетак (д/с № 45 і д/с № 65). З мінулага года акрамя штогадовых бацькоўскіх сходаў у школах сябры ТБМ пачалі наведваць і дзясятак дзіцячых садкоў каля школ, дзе адкрыты беларускія класы. Запрашаем далучацца бацькоў з дзецьмі ў гэтыя школы.

У кожным раёне горада (Ленінскі і Кастрычніцкі) ёсць мінімум па адной школе і дзіцячым садку, дзе дзеці вучацца па-беларуску. Наступная задача для дзейнасці мясцовых ТБМ - дамагчыся адкрыцця прэстыжнага беларускага ліцэя (гімназіі). Для гэтага неабходна штогод набіраць мінімум два беларускія класы ў горадзе і не баяцца аддзелам адукацыі шчыльней працаваць з ТБМ.

Алесь Крой, намеснік старшыні Гарадзенскай абласной Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".


"Гісторыя беларускай літаратурнай мовы (1918 - 1941 гг.)"

Не так даўно ў выдавецтве БДУ выйшаў з друку вучэбна-метадычны дапаможнік "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы (1918 - 1941 гг.)", аўтарам якога з'яўляецца наш вядомы мовазнаўца Сяргей Запрудскі. Выданне прызначанае для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, якія навучаюцца па спецыяльнасці 1-21 05 01 "Беларуская філалогія (па напрамках)". Згаданы дапаможнік адразу прыцягнуў увагу адмыслоўцаў: і выкладчыкаў ВНУ, і настаўнікаў-наватараў, і студэнтаў, прынамсі тых, хто цікавіцца лінгвістычнымі навінкамі. Аўтар - С.М. Запрудскі - у даступнай форме падае перыядызацыю гісторыі беларускай літаратурнай мовы міжваенных гадоў, акцэнтуючы ўвагу на пэўных асаблівасцях вывучэння нарматыўнасці нашай мовы ў 20-ыя - 30-ыя гады ХХ стагоддзя. Істотная ўвага звяртаецца аўтарам на мову "Нашай нівы", якая адыграла выключную ролю ў станаўленні лексічнага складу сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Шмат увагі аўтар дапаможніка надае пытанню моўнага рэдагавання 1920-30-ых гг. як сацыяльнай практыцы і лінгвістычнай рэфлексіі. Асобна разглядаюцца зрухі ў сінанімічных радах, што адбываліся на працягу двух дзясяткаў міжваенных гадоў.

Вучэбна-метадычны дапаможнік Сяргея Запрудскага асабліва актуальны і таму, што міжваенны перыяд існавання беларускай літаратурнай мовы супярэчліва асветлены ў навуковай літаратуры. З аднаго боку, у працах савецкага часу вельмі часта празмерна крытычна апісваліся 1920-ыя гады. З іншага, у пэўных крыніцах, падрыхтаваных ужо ў гады існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь, назіраецца не да канца абгрунтаваная тэндэнцыя трактаваць міжваенны этап функцыянавання мовы як узор для сучаснага перыяду яе існавання.

Выданне структураванае такім чынам, што некаторыя тэмы з гісторыі беларускай літаратурнай мовы міжваенных гадоў пададзены ў форме лекцыйнага курса. Пасля кожнага раздзела прапануюцца пытанні для самакантролю і спіс рэкамендаванай літаратуры, што дапаможа студэнтам больш эфектыўна засвоіць адпаведную тэму.

Без усякіх сумненняў, вучэбна-метадычны дапаможнік Сяргея Запрудскага "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы (1918 - 1941 гг.) - выданне надзвычай актуальнае і своечасовае, што паспрыяе больш якаснай падрыхтоўцы студэнтаў-філолагаў, а таксама будзе карыснае ўсім, хто цікавіцца родным беларускім словам і яго гісторыяй.

Юрый Бабіч, кандыдат філалагічных навук, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


НОВАЕ Ў БЕЛАРУСІСТЫЦЫ

T. Jasinska-Socha przy wspolpracy T. Chylak-Schroeder i J. Gluszkowskiej-Babickiej, Jezyk bialoruski (poziom podstawowy i srednio zaawansowany), pod red. R. Kalety, Warszawa 2017.

Прапанаваны падручнік прызначаны для студэнтаў гуманітарных факультэтаў ВНУ, якія вывучаюць беларускую мову як іншамоўную. Асноўная мэта падручніка - дапамагчы студэнтам набыць практычнае ўменне карыстацца сучаснай беларускай мовай, а таксама засвоіць граматычныя нормы беларускай мовы. Асаблівая ўвага акцэнтуецца на развіцці навыкаў вуснага маўлення. Вучэбны матэрыял складаецца з 10 тэматычных блокаў (напр. cям'я, кватэра, навука, праца і г.д.). У кожным з іх знаходзяцца 3 раздзелы. У кожным раздзеле прыводзіцца асноўны тэкст публіцыстычнага ці мастацкага характару. Пасля тэксту даецца беларуска-польскі слоўнік. На аснове арыгінальнага тэксту прапануюцца рознага тыпу практыкаванні, неабходныя для разумення мовы з улікам граматычнага і лексічнага матэрыялу. Граматычны матэрыял і рэкамендацыі даюцца на польскай мове, каб лепш зразумець і выканаць практыкаванні. У кожным блоку змешчаны ў рамках (з указаннем "Запомні") характэрныя моўныя выразы і канструкцыі з мэтай іх запамінання. Для праверкі лексічнага і граматычнага матэрыялу ці самастoйнай працы даюцца анекдоты, гумарэскі і нататкі, а таксама заданні перакладнога тыпу (галоўным чынам з польскай мовы на беларускую). У якасці загалоўкаў тэматычных блокаў (і раздзелаў) паслужылi выразы ці фразы, прыведзеныя з арыгінальных беларускіх тэкстаў, якія дасканала перадаюць моўныя асаблівасці беларускай мовы. Напр. IX блок: Маладым адкрыты ўсе шляхі.

1. Дзе і як мы вучымся?

2. Цішэй, ідзе сесія!

3. Я мару стаць...

Падручнік можна замовіць на старонцы Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта (Wydawnictwo. Ksiazki wydane przez Katedre) https://portal.uw.edu.pl/web/katedra-bialorutenistyki/ksiazki-wydane-przez-kb


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

1028. Родзін (Кірыл) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Родзь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Родзін. ФП: Радзівон (імя, з мовы грэкаў 'жыхар Радоса') - Родзь (народна-гутарковая форма) - Родзь (мянушка, потым прозвішча) - Родзін.

1029. Родчанка (Вадзім) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Родка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Родч(н/ч)анка. ФП: Радзівон (імя <грэч. Rhodion 'жыхар Радоса') - Родка (народна-гутар. форма) - Родка (мянушка, потым прозвішча) - Родчанка.

1030. Розанаў (Пётр) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Разан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Разанаў. ФП: разан (рус. 'ружа, куст і кветка ружы' (Даль)) - Розан (мянушка, потым прозвішча) - Разанаў - Розанаў (адмежаванне ад апелятыва).

1031. Роман (Марыя) - акцэнтаваная форма імя Раман (<лац. Romanus 'рымскі', рымлянін) набыла ролю прозвішча; параўн. Барыс > Борыс.

1032. Ропат (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва (рус.) ропот 'нараканне, папрок' (Даль).

1033. Роўба (Віталь) - семантычны вытвор ад апелятыва роўба (утварэнне з фармантам -ва ад раўці (утвараць гук рову (пра жывёл))); (перан.) 'утвараць моцныя, працяглыя гукі, падобныя на роў жывёл'; (разм.) 'моцна гаварыць, пець, крычаць', (разм. 'моцна плакаць') 'крыкун', 'плаксун'.

1034. Роўнейка (Сяргей) - вытвор з фармантам -ейка ад антрапоніма Роўны і значэннем 'нашчадак названай асобы': Роўнейка. ФП: роўны ('гладкі, прамы, які не мае ўзвышэнняў, патаўшчэнняў, выгінаў', 'аднолькавы, надта падобны', 'раўнамерны, спакойны', 'ураўнаважаны') - Роўны (мянушка, потым прозвішча) - Роўнейка.

1035. Рубінчык (Вольф) - вытвор з суфіксам -чык ад антрапоніма Рубін і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рубінчык. ФП: рубін (апелятыў з двума значэннямі 1) 'каштоўны камень чырвонага колеру'; 2) 'рабін' (духоўны кіраўнік вернікаў у яўрэйскай рэлігійнай грамадзе) - Рубін (мянушка, потым прозвішча) - Рубінчык.

1036. Рудзенік (Віктар) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Рудзеня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рудзенік. ФП: руды ('рыжа-карычневы') - Руды (мянушка, потым прозвішча) - Рудзеня (вытвор з фармантам -еня і значэннем 'нашчадак Рудога') - Рудзенік.

1037. Рудзько (Зоя) - семантычны вытвор ад апелятыва рудзько 'руды'. ФП: руды ('рыжа-карычневы') - рудзько ('пра рудога чалавека (жывёліну)', фармант -ко: руд(дзь)ко) - Рудзько (мянушка) - Рудзько. У іншых рэгіёнах Беларусі (і на Украіне) - Рудэня / Рудзеня, Рудэнка.

1038. Рудніцкая (Галіна) - вытвор з фармантам -ская/-іцкая ад тапоніма Руднікі / Рудня і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Руднікская - Рудніцкая - Рудніцкая. ФП: руда ('прыродная мінеральная сыравіна, якая змяшчае ў сабе металы ці іх злучэнні') - рудня ('прадпрыемства, якое здабывае руду'), руднік ('горнапрамысловае прадпрыемства для здабычы руды, карысных выкапняў') - Рудня, Руднік(і) (тапонімы) - Рудніцкі(ая).

1039. Ружэвіч (Тадэвуш) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Ружа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ружэвіч. ФП: ружа ('расліна з прыгожымі шырокаляпёсткавымі пахучымі кветкамі і са сцяблом, звычайна пакрытымі калючкамі', а таксама 'архітэктурнае або ювелірнае ўпрыгожанне, схематычна падобнае на ружу') - Ружа (мянушка, потым прозвішча) - Ружэвіч.

1040. Рукшына (Клара) - вытвор з фармантам -ына ад антрапоніма Рукша і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Рукшына. ФП: рукша (рэг. эквів. рыкша 'чалавек, які запрогся ў лёгкую двухколавую каляску, перавозіць седакоў і грузы' (у краінах Паўднёва-усходняй Азіі)) - Рукша (мянушка, потым прозвішча) - Рукшына [дысім. ыв-уы].

1041. Румак (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва румак 'той, хто працуе на руме' - мясціне на беразе ракі, куды звозяць бярвенне для сплаву і вяжуць плыты ( румак).

1042. Румо (Алег) - другасная форма, першасная Рум - семантычны вытвор ад апелятыва рум 'месца на беразе ракі, куды звозяць бярвенне для сплаву і вяжуць плыты'.

1043. Румянцаў (Мікалай) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Румянец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Румянцаў. ФП: румянец ('ружовы ці ярка-чырвоны колер твару, шчок') - румянец ('асоба з румянцам') - Румянец (мянушка, потым прозвішча) - Румянцаў.

1044. Русанок (Ігнат) - вытвор з фармантам -анок ад антрапоніма Русы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Русанок. ФП: русы ('светла-карычневы з шараватым ці жаўтаватым адценнем (пра валасы); пра чалавека, які мае такія валасы') - Русы (мянушка, потым прозвішча) - Русонак - Русанок.

1045. Русінава (Таццяна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Русін і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Русінава. ФП: русін (мн. русіны 'назва ўкраінцаў заходнеўкраінскіх земляў, якая мела найбольшае пашырэнне падчас іх знаходжання пад аўстра-венгерскім гнётам') - Русін (мянушка, потым прозвішча) - Русінава.

1046. Руткоўскі (Антоній) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Руткова і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Руткавскі - Руткоўскі. Або вытвор з фармантам -скі/-оўскі ад тапоніма Руткаўка, Руткі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Руткоўскі, Руткоўскі. ФП: рута ('від шматгадовых травяністых раслін і паўкустоў з жоўтымі кветкамі і лісцем, у якіх змяшчаецца эфірны алей') - рутка (памян.-ласк. утварэнне, фармант -ка) - Рутка (мянушка, потым прозвішча) - Руткі ('мясцовасць, паселішча з прозвішчамі Рутка, тапонім') - Руткоўскі.

1047. Рутэнка (Сяргей) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Рута і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рутэнка. ФП: рута ('шматгадовая травяністая расліна з жоўтымі кветкамі і лісцем, у якіх змяшчаецца эфірны алей') - Рута (мянушка, потым прозвішча) - Рутэнка. Або трансфармацыя прозвішча Рудэнка ( ад Руды - Руд[т] - Рутэнка).

1048. Рыдлеўская (Ларыса) - вытвор з фармантам -ская / -еўская ад тапоніма Рыдлі / Рыдлеўка і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Рыдлеўская / Рыдлеў(к)ская.

1049. Рыжанкова (Вольга) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Рыжанок і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Рыжанкова. ФП: рыжы ('чырвона-жоўтага колеру', 'з валасамі такога колеру') - Рыжы (мянушка, потым прозвішча) - Рыжанок ('сын Рыжага', фармант -анок) - Рыжанкова.

1050. Рыжая (Аляксандра) - семантычны вытвор ад апелятыва рыжая 'чырвона-жоўтая (пра колер валасоў, шэрсць)', 'які выліняў ад сонца, дажджу, стаў бурым'; 'пра чалавека, звера з валасамі, шэрсцю чырвона-жоўтага колеру'.

1051. Рыжкоў (Алесь) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Рыжко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рыжкоў. ФП: рыжко ('пра рыжавалосага чалавека (жывёліну)') - Рыжко (мянушка, потым прозвішча) - Рыжкоў.

1052. Рыжыкава (Аліна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Рыжык і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Рыжыкава. ФП: рыжык ('ядомы пераважнага рыжага колеру, грыб сямейства сыраежкавых') - Рыжык (мянушка, потым прозвішча) - Рыжыкава.

1053. Рыжэвіч (Ала) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Рыжы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рыжэвіч. ФП: рыжы ('чырвона-жоўтага колеру', 'з валасамі такога колеру, рыжавалосы') - Рыжы (мянушка, потым прозвішча) - Рыжэвіч.

1054. Рымаровіч (Эдуард) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Рымар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рымаровіч. ФП: рымар ('майстар, які вырабляе раменную вупраж (хамуты, сёдлы, аброці)') - Рымар (мянушка, потым прозвішча) - Рымаровіч.

1055. Рымша (Андрэй) - варыянт мужчынскага імя Рыма (лац. Roma < Romalus) набыў ролю прозвішча (< Рам-ша).

1056. Рынкевіч (Андрэй) - другасная форма, першасная Рымкевіч - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Рымко і значэнннем 'нашчадак названай асобы': Рымкевіч. ФП: Рыма (імя мужч., гл. Рымша) - Рымко (вытвор з фармантам -ко ад Рыма і значэннем 'нашчадак Рымы', першасна Рымок) - Рымкевіч - Рынкевіч.

1057. Рысявец (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Рысева і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Рысевец - Рысявец. ФП: рысь ('драпежная млекакормная жывёліна сямейства кашэчых') - Рысь (мянушка, потым прозвішча) - Рысева (тапонім Рысева ўладанне (сцягнутая форма), які стаў назвай паселішча) - Рысявец.

(Працяг у наст. нумары.)


Нарадзіўся на Слонімшчыне, жыў у Вілейцы

Педагог і паэт Уладзімір Весялуха - мой зямляк са Слонімшчыны. Але так склаўся лёс, што сустрэцца нам на гэтым свеце, на вялікі жаль, не ўдалося, аб чым, як заўсёды, вельмі шкадую.

Памятаю, калі быў яшчэ школьнікам, у Слонімскай раённай газеце сяды-тады друкаваліся вершы Уладзіміра Весялухі. Я іх чамусьці добра запомніў. Бо неяк аднойчы даследчык нашай літаратуры Генадзь Каханоўскі (1936-1994) мне напісаў у лісце, што ў Вілейцы жыве мой зямляк Уладзімір Весялуха - добры паэт, педагог і краязнавец, які падрыхтаваў і выдаў некалькі кніг. І прыслаў мне вілейскі адрас земляка. Я адразу ўспомніў пра вершы з "раёнкі" Уладзіміра Весялухі і падумаў: магчыма гэта і ёсць той Весялуха. А потым напісаў у Вілейку пісьмо. Але адказу доўга не было. І дзесьці ў сярэдзіне 1990-х гадоў прыйшоў ад Уладзіміра Весялухі ліст і невялікая бандэролька з кнігамі. Нядаўна ў папках свайго хатняга архіва адшукаў я гэты першы ліст. Прыгожым роўненькім почыркам Уладзімір Мікалаевіч пісаў: "Паважаны Сяргей Мікалаевіч! Шчыра ўдзячны Вам за лісты і ўвагу да мяне. І адразу прашу прабачэння за маўчанне. Першае пісьмо прыйшло на адрас аддзела адукацыі, дзе я працаваў, але нехта памылкова, мабыць, яго са сваімі паперамі знішчыў, а адраса ў мяне не засталося. Спрабаваў даведацца ад брата, які жыве ў Слоніме, але ён мне не змог дапамагчы. Цяпер, маючы адрас, пастараюся трымаць з Вамі сувязь.

Коратка пра сябе. Працую ў Вілейскай гімназіі намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце і выкладаю беларускую мову і літаратуру. Па меры магчымасці займаюся з вучнямі, якія праяўляюць літаратурныя здольнасці. Патроху пішу і сам. Друкаваўся ў мясцовай газеце. Некалькі вершаў змясціў у калектыўным зборніку "Спатканне" (1994), які Вам дасылаю. Наконт дзвюх кніг, аб якіх гаварыў Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі. Гэта кнігі не з маімі творамі: адна з іх накшталт даведачнага матэрыялу пра літаратурную Вілейшчыну на аснове сабранага мною матэрыялу (экземпляр Вам дасылаю, праўда, ужо засталіся без вокладак (працую над дапаўненнем брашуры); а другая - з вершамі вучняў сельскіх школ - "Усё пачынаецца са школы", укладальнікам якой я з'яўляюся.

Шчыра дзякуй, Сяргей Мікалаевіч, за зборнік Вашых вершаў "Шчырая Шчара". Прачытаў на адным дыханні, прачытаў і нібы пабываў на радзіме, па якой часам сумую. Многія вершы ўражваюць, а адзін з іх (думаю, Вы не пакрыўдзіцеся) я выкарыстаў у 11 класе на заключным уроку па творчасці Васіля Быкава. Дарэчы, Ваша імя часта сустракаю ў перыядычным друку, што, безумоўна, радуе… На гэтым свой кароткі ліст заканчваю. Да чарговай, хоць і завочнай, сустрэчы! З удзячнасцю і найлепшымі пажаданнямі Уладзімір Весялуха".

Вось такі быў першы ліст ад майго земляка са Слонімшчыны Уладзіміра Весялухі. Пасля мы перапісваліся. Але не так часта. Тым не менш сувязі не гублялі. А летам 2004 года зайшоў у рэдакцыю "Газеты Слонімскай", дзе я працаваў, пляменнік Уладзіміра Весялухі - міжнародны арбітр па шашках Аляксандр Аніська - і сказаў, што 1 жніўня не стала Уладзіміра Мікалаевіча. Я быў шакіраваны: майму земляку 2 студзеня 2004 года споўнілася толькі 56 гадоў…

Уладзімір Весялуха нарадзіўся 2 студзеня 1948 года ў вёсцы Старыя Дзевяткавічы Слонімскага раёна. У сям'і Весялухаў было шасцёра дзяцей. Гадавала іх адна маці, бо бацькі рана не стала - яго забіла маланка.

Уладзімір быў перадапошнім дзіцём у сям'і. Ён скончыў мясцовую дзесяцігодку. Спачатку працаваў загадчыкам клуба, бібліятэкарам у роднай вёсцы, а пасля завочна паступіў на філфак Белдзяржуніверсітэта. Падчас вучобы жыў не ў інтэрнаце, а на кватэры недалёка ад факультэта. Лекцыі ніколі не прагульваў, бо быў старастам, меў шмат абавязкаў. Выкладчыкі яго добра ведалі, таму адразу заўважылі б яго адсутнасць. На апошнім курсе вучобы Уладзіміру Весялуху прапаноўвалі паступаць у аспірантуру, бо дыпломная праца "цягнула" на кандыдацкі мінімум. Але вясковы юнак са Слонімшчыны не пагадзіўся. Ён вярнуўся на Слонімшчыну і пасля трох гадоў настаўніцтва яго прызначылі на пасаду дырэктара Хмяльніцкай васьмігадовай школы. Дарэчы, той школы, дзе з восені 1912 да траўня 1915 года настаўнічаў Ігнат Дварчанін (1895-1937) - у будучым вядомы грамадска-палітычны дзеяч, літаратар, доктар філасофіі. Цяпер у Хмяльніцы няма школы, ды і вёска даўно стала неперспектыўнай.

У пачатку 1983 года Уладзімір Весялуха з сям'ёй пераехаў у Вілейку. У апошнія гады свайго жыцця ён працаваў у мясцовай гімназіі № 1. Настаўнік не толькі актыўна займаўся педагагічнай дзейнасцю, але і прывіваў любоў у дзяцей да роднай культуры, да матчынай мовы, захапляўся літаратурным краязнаўствам. Ён добра разбіраўся ў паэзіі, ведаў яе, цаніў працу беларускіх літаратараў. Уладзімір Весялуха даследаваў літаратурную Вілейшчыну. Для школьнікаў ён падрыхтаваў і выдаў брашурку пра літаратараў Вілейшчыны. А ў 1990 годзе ў Вілейцы, пры падтрымцы аддзела народнай адукацыі Вілейскага райвыканкама, выйшаў зборнічак паэзіі школьнікаў пад назваю "Усё пачынаецца са школы...". Гэты зборнічак склаў і рэдагаваў Уладзімір Мікалаевіч. У ім надрукаваны вершы 22 юных паэтаў Вілейшчыны. І ўсе вершы на беларускай мове, толькі адзін па-руску. Цяпер гэтым паэтам па 30 і больш гадоў. А тады яны былі вучні 5-11 класаў. Зборнік пачынаўся вершам "Беларусь" вучаніцы Даўгінаўскай сярэдняй школы Святланы Ляшковіч:

Беларусь, родны край,

Мілы кут.

Люба сэрцу ты мне,

Бо радзіма мая -

Гэта звонкая песня,

Што ля рэчкі плыве,

Гэта матчына доля,

Што жыццё мне дае,

Гэта тыя бярозы,

Што стаяць у бары,

Гэта бацькавы рукі,

Што ў працы заўжды.

Ўсім паклон я даю:

Лясам, рэкам і долам,

Людзям, птушкам, звярам,

Маладым навасёлам.

Пакуль сонца свеціць,

Пакуль месяц ззяе,

Беларусь назаўжды

Застаецца з намі!

Ва ўступным слоўцы да гэтай кніжачкі Уладзімір Весялуха сказаў: "Усё пачынаецца са школы...". Такая назва зборніку вучнёўскіх вершаў дадзена невыпадкова. Як вялікая рака пачынаецца з маленькіх ручайкоў, так і вялікая любоў да Радзімы, людзей, усяго, што акружае, пачынаецца са школьнай парты... Не будзем строга судзіць юных паэтаў у некаторай недасканаласці іх вершаў. Галоўнае, што іх вызначае - шчырасць, дзіцячая непасрэднасць, а часам - і летуценнасць. Пажадаем жа ім любоў да мастацкага слова пранесці праз усё жыццё. Магчыма, нехта з іх стане нашым гонарам...".

Магчыма, нехта з аўтараў зборнічка "Усё пачынаецца са школы..." і, сапраўды, стаў гонарам Вілейшчыны. Але гэта найперш дзякуючы сціпламу і шчыраму настаўніку Уладзіміру Мікалаевічу Весялуху. Творы некаторых паэтаў з вышэй упамянутага зборнічка я прачытаў ужо ў кнізе вершаў "Спатканне" (Вілейка, 1994). Яны былі надрукаваны побач з паэтычнымі радкамі іх настаўніка. Гэты зборнік тады з'яўляўся вынікам творчай дзейнасці сяброў аб'яднання "Майстэрства. Фантазія. Шчодрасць", якое працавала пры Вілейскай гарадской бібліятэцы. У "Спатканні" на суд чытачоў Уладзімір Весялуха вынес 7 вершаў, прысвечаных настаўнікам, Масіму Багдановічу, Н.Ф. Купрыянавай, якая ў часы Другой сусветнай вайны не дачакалася сваіх сыноў, а таксама вершы-развагі пра наша жыццё.

Многія творы Уладзіміра Весялухі раскіданы па розных выданнях. Бо ён пісаў не толькі вершы, але і педагагічныя артыкулы, рэцэнзіі на кнігі і падручнікі. Свае працы друкаваў у раённых выданнях Слоніма і Вілейкі, у "Настаўніцкай газеце" і ў іншай перыёдыцы. У адным з пісем Уладзімір Мікалаевіч напісаў, што "сваіх зборнікаў я пакуль не выдаваў і не планаваў выдаваць. Думаю, што пакуль рабіць гэта не варта...".

Праз два гады пасля смерці Уладзіміра Весялухі я атрымаў ліст ад яго жонкі Аляксандры Паўлаўны. Яна пісала: "…Я і трое сыноў Уладзіміра Мікалаевіча Весялухі шчыра дзякуем Вам за памяць пра нашага мужа і бацьку. Прайшло ўжо два гады, як яго няма, а горыч вялікай страты нас не пакідае… Пры жыцці Уладзімір Мікалаевіч быў вельмі сціплым чалавекам. Ён быў фанатычна адданым чалавекам сваёй працы. У апошнія гады жыцця выкладаў беларускую мову і літаратуру. Любіў пісаць вершы і быў актыўным сябрам літаратурнага аб'яднання Вілейшчыны. Але калі яму прапанавалі выдаць асобны зборнік вершаў, ён сціпла адмовіўся, маўляў, на зборнік не хапае добрых паэтычных твораў…".

2 студзеня 2018 года Уладзіміру Весялуху споўнілася б толькі 70 гадоў. А яго ўжо няма сярод нас 14-ць. Ён рана пакінуў сваю сям'ю, землякоў, сяброў. Магчыма, пры жыцці Уладзімір Мікалаевіч сабраў бы ўсё лепшае ім напісанае і выдаў бы асобным зборнічкам. Але гэтага ён не паспеў зрабіць. Тым не менш, творчая спадчына Уладзіміра Весялухі павінна быць сабрана і выдадзена. І гэта будзе найлепшай памяццю пра яго. І, магчыма, гэта некалі і будзе.

Чытачам "Нашага слова" прапаную вершы Уладзіміра Весялухі, напісаныя ім у розны час.

Сяргей ЧЫГРЫН.


З паэтычнай спадчыны Уладзіміра Весялухі

***

Ізноў надыходзіць зіма,

Закружацца пухам сняжынкі…

Я ведаў, што сёння сама

Прыдзеш ты на тыя сцяжынкі.

І будзеш цярпліва чакаць

І зорак, і цёплага ветру.

І толькі хусцінка ў руках

Здрыгнецца, як злоўлены ветразь.

1966 г.

У сэрцы маім ты навекі….

Прыгожы ты, горад Вілейка,

У летнюю спёку і люты мароз…

Цябе палюбіў я навекі,

З табою звязаў назаўсёды свой лёс.

Славуты ты, горад Вілейка,

Бо многа зрабіў за чатыры вякі,

У войны і ў мірны час працы

Дастойны бяссмерця мае землякі.

Багаты ты, горад Вілейка,

Цудоўных жа маеш нямала людзей -

Музыкаў, паэтаў, артыстаў,

Неўміручым што робяць

кожны твой дзень.

Адметны ты, горад Вілейка,

Сяброўскай і шчырай

над Вілляй-ракой

З другімі ты рады сустрэчы,

Каб бачыць,

што правільны выбраў шлях свой.

Натхнёны ты, горад Вілейка,

Хоць узрост і салідны, а маладым

З аптымізмам глядзіш ты ў заўтра,

Да мэты жаданнай ідзеш праз гады.

Вілейка, мой горад Вілейка,

Як сын сёння шчыра табе гавару:

У сэрцы маім ты навекі,

З табою я толькі шчасліва жыву.

Нястомнасць

Ганне Новік

Жыццё пражыць - не поле перайсці.

Ваш шлях жыццёвы сведчанне таму:

Спазнаўшы наймічкі нялёгкі лёс,

Прайшлі праз дэфензіву і турму.

Калі шугала полымя вайны,

Настаў нялёгкі ліхалецця час,

Вы на пярэднім краі зноў былі,

Бо думалі не пра сябе, пра нас.

I ў мірны час нялёгка Вам было

(Ды Вы не зналі, як магло б інакш):

Зноў там, дзе больш за ўсё не дастае,

Дзе больш за ўсё

патрэбен вопыт Ваш.

…I сёння Вы таксама ў страі,

У гушчыні жыцця, сярод людзей -

Дарадчык і нястомны працаўнік,

I праваднік найноўшых усіх ідэй.

Жыццё пражыць - не поле перайсці.

I цяжкасці, і радасці былі.

Калі б прыйшлося зноўку ўсё пачаць,

Упэўнены: інакш Вы б не змаглі…

Хлеб

Хлеб - са стомы і поту,

Бяссонных начэй і трывог,

З мазалёў ад работы,

З бясконцых жыццёвых дарог.

Хлеб - з расы і туманаў,

І з сонечных промняў, зары...

Хлебу ўвесь я адданы,

З ім усё змагу я тварыць...

Не зайздрошчу

Не зайздрошчу,

Каму лёгка жывецца,

Каму ў жыцці

Ўсё проста даецца.

Хто не зведаў

Ні стомы, ні поту,

Хто не меў

Мазалёў ад работы,

Хто сапраўднага

Шчасця не знае -

Быць такім

Я ніяк не жадаю.

***

Чаго жадаю ў жыцці?

На месцы не стаяць, ісці...

Чаго жадаю ў жыцці?

Не вянуць у спёку, а цвісці...

Да самай старасці расці...

Не ведаю большага шчасця

Не ведаю стомы прыемней,

Чым стома, аблітая потам.

Я лепшай не ведаю песні,

Чым спетая пасля работы.

Дзівосней не знаю часіны

За ранак, туманам спавіты.

Не ведаю лепшага смаку

За хлеб, мазалямі здабыты.

І мары не знаю жаданей -

Сям'ёй на зямлі жыць адзінай.

Не ведаю большага шчасця -

Сваёй быць патрэбным Радзіме.


У Лідскім замку адбылося ўрачыстае адкрыццё вежы Вітаўта

Упершыню пасля працяглай рэстаўрацыі Лідскага замка яшчэ адзін важны складнік сярэднявечнага абарончага збудавання, вежа Вітаўта, якая на працягу сваёй гісторыі не раз падвяргалася разбурэнням, стала даступнай для наведвання. Ва ўрачыстай абстаноўцы, з удзелам шматлікіх гасцей 22 снежня ў яе сценах была адкрыта выстаўная экспазіцыя "Гістарычныя падзеі і постаці".

На кожным з пяці паверхаў паўночна-ўсходняй вежы, а гэта парадку ста квадратных метраў, гасцей сустракалі супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея. У фактах і легендах мінулае ажывала на вачах. Фармоўшчык, ці "цагельнік", які віртуозна "ладзіў" цэглу-пальчатку, зазірнуў у мінулае, у перыяд з 1323 па 1328 год (час непасрэднага будаўніцтва замка).

Усё вышэй па прыступках - і перад вачамі моманты вялікіх бітваў, сярэднявечнае паляванне ў наваколлях Ліды і, вядома, вяселле караля Ягайлы і Соф'і Гальшанскай. Дадалі ўражанняў пазнавальнай экскурсіі выстава "Прылады катаванняў сярэднявечнай Еўропы" вядомага беларускага калекцыянера Сяргея Нурматава і наведванне лялечнага тэатра "Батлейка". Не зрабіў селфі, а таксама фота наваколляў горада з пятага паверха вежы хіба што гультаяваты.

Аўтэнтычныя прадметы розных часавых перыядаў (некаторыя артэфакты доўгі час захоўваліся ў фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея і былі недаступныя для прагляду), таямнічасць калідораў, веліч сцен - замак ізноў напоўнены духам рыцараў і прыгожых дам. Вежа Вітаўта расчыніла дзверы для жыхароў нашага горада, а таксама турыстаў, якіх у найблізкай будучыні стане яшчэ больш.

- Лідскі замак - не адзіны ўнікальны гістарычны аб'ект, якому ў апошні час надавалася асаблівая ўвага, - адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам раёнкі начальнік галоўнага кіравання ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. - Праводзіўся шэраг работ у такіх вядомых архітэктурных помніках, як Стары, Крэўскі і Гальшанскі замкі. Высілкі шматлікіх людзей не марныя. Усё рабілася і робіцца для таго, каб Гарадзенская вобласць стала яшчэ больш прывабнай і цікавай для грамадзян іншых дзяржаў. З падпісаннем Указу № 318 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь турыстычны струмень у краіну павялічыўся. Таму наша агульная задача - здзіўляць гасцей, каб жаданне наведаць і Гарадзенскую вобласць у тым ліку ўзнікала зноў і зноў.

Вольга Антонава, "Лідская газета".


Камунальнікі зняліся для беларускага календара ў вышыванках

Менскія камунальнікі стварылі карпаратыўны каляндар на 2018 год у стылі беларускіх святаў і звычаяў. Мадэлі - праграмісты і спецыялісты "Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Менгарвыканкама". На прадпрыемстве кажуць, што падчас падрыхтоўкі календара ўзнікалі розныя складанасці: як з пошукам нацыянальных строяў, так і рэквізіту для абыгрывання сюжэтаў. Але дзякуючы дапамозе Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра задумкі ўдалося ўвасобіць у жыццё.

tut.by.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Шкірманкоў Фелікс - 10 р., г. Слаўгарад

2. Раўнейка В.І. - 5 р., г. Пінск

3. Чэчат А. - 15 р., г. Менск

4. Чычын Яўген - 10 р., г. Менск

5. Фурс Антон - 10 р., г. Паставы

6. Кажарская Эліна - 20 р., г. Менск

7. Любін Мікалай - 10 р., г. Менск

8. Іваноў І.Е - 77 р., г. Менск

9. Карабач В. - 10 р., в. Пескі, Лідскі р-н

10. Бойса І.Б. - 20 р., г. Ліда

11. Кот В.У. - 5 р., г. Менск

12. Шуканаў А.І. - 20 р., г. Менск

13. Васільеў - 25 р., г. Менск

14. Якімовіч Т.В. - 10 р.

15. Ярашэвіч І.А. - 10 р., г. Менск

16. Парфенчык - 10 р., г. Менск

17. Жучкоў Я.А. - 10 р., г. Менск

18. Салдатава Н. - 10 р., г. Магілёў

19. Арлоўскі - 10,78 р., г. Лагойск

20. Бусел В.Н. - 10 р., г. Менск

21. Шыдлоўскі Р.Е. - 20 р., г. Менск

22. Шыдлоўскі Б.Р. - 20 р., г. Менск

23. Аглушэвіч К.Л. - 15 р., г. Менск

24. Сячко Зміцер - 20 р., г. Менск

25. Каліноўскі М.І. - 25 р. г. Менск

26. Зенька В.Б. - 30 р., г. Менск

27. Луцэвіч М.Г. - 5 р., г. Менск

28. Дулько В.М. 10 р., г. Менск

29. Пепін Д.Л. - 10 р., г. Менск

30. Клімук У.І. - 50 р., г. Менск

31. Беляўцова О.С. - 50 р., в. Драздова

32. Хадзько Р.І. - 50 р., г. Менск

33. Булыга І.І. - 100 р., г. Менск

34. Крывенка Улад - 15 р. г. Менск

35. Шутаў А.В. - 15 р., г. Менск

36. Тынкевіч В.А. - 20 р., г. Менск

37. Турбал Я.М. - 20 р., г. Менск

38. Філімонава А.У. - 100 р., г. Менск

39. Шашко І. - 7 р., г. Менск

40. Пятроўскі В. - 20 р., г. Менск

41. Гнядзько І.А. - 10 р., г. Лунінец

42. Лісоўскі Д.І. - 10 р., г. Бабруйск

43. Шклярык В.А. - 20 р., г. Менск

44. Сямічава - 10 р, г. Менск

45. Чабатар А.М. - 10 р., г. Менск

46. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы

47. Катлянік А.В. - 5 р., г. Менск

48. Клімовіч Д.С. - 10 р., г. Менск

49. Супіталёў А.Б. - 10 р. г. Менск

50. Вяргейчык В.П. - 10 р., г. Барысаў

51. Паповіч А.І. - 10 р., г. Менск

52. Іваноў І.І. - 10 р., г. Менск

53. Кісель Я.І. - 2 р., г. Менск

54. Енін С.Ю. - 100 р., г. Менск

55. Гнятуля - 20 р., г. Менск

56. Скарына Ф. - 10 р., г. Вільня

57. Лагуціна М.Ю. 10 р., г. Менск

58. Трухановіч - 20 р., г. Менск

59. Яўген - 5 р., г. Менск

60. Мануленка - 10 р., г. Менск

61. Краўчанка А. - 2 р., г. Менск

62. Бадасетнікаў В. - 10 р., г. Менск

63. Журок С.В. - 5 р., г. Менск

64. Запрудскі С.М. - 50 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Беларускі народны каляндар на 2018 год

Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Гэта - фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах.

Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы ў тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з'яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з'явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.

У народным календары на 2018 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.

У наступным, 2019, годзе па праваслаўнай пасхаліі Вялікдзень (Пасха) 28 красавіка, па каталіцкай - 21 красавіка.

Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашых кнігах "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 1993, 2002).

Студзень

1. п. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г. "А хто ўпярод? Новы ж год".

6. сб. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. "Які дзень, такі і год" . Тры Каралі . Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".

7. н. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд . "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…" . Калядавалі. Насілі "звязду". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).

9. а. Сцяпан . "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана" .

13. сб. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня . "Мароз, хадзі куццю есці" .

14. н. Васілле. Новы год па правасл. календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".

18. ч. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. "Каляда ад'язджае" .

19. пт. Вадохрышча (Кшчэнне) . "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама".

20. сб. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. с. Аксіння. "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце" . Фядос . "На Фядоса цёпла".

25. ч. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. "Вее вецер - будзе вайна" .

31. с. Апанас, Гусінае свята . Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз".

Люты

1. ч. Ігнат . "На святога Ігната зіма багата".

2. пт. Грамніцы, Стрэчанне . "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца".

4. н.*Памінальніца. Канец Памінальнага тыдня. Калі "вея" ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак - то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер - то пакідалі "дзесяцінкі дзве".

5. п. *Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленным тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" нежанатым хлопцам. Агата. Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты" .

6. а. Паўзіміца Аксіння. "На Аксіні мяце". Дарота. "Па Дароце высахнуць хусты на плоце".

11. н. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".

14. с. *Лысая серада. Праталіны-залысіны. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў). Трыфан. "На Трыфана зорна - вясна позняя". Валянцін. Свята закаханых.

15. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі" . Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася", "На Грамніцы палавіна зіміцы".

16. пт. *Дзедава пятніца, Стрэчаньскія Дзяды.

17. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі".

18. н. *Масленіца. "Масленіца ў "вятху" (пасля поўні) - дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку" . *Гуканне вясны. "Блаславі, божа, зіму замыкаці, вясну загукаці" . На Палессі вадзілі карагоды, "спявалі чырачку", насілі ёлку з вянком. Агата. Каровіна свята.

19. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.

21. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскаквалі цераз пень.

24. сб. *Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі". Улассе . Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас" . Мацей. "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз".

25. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця юліянскага летазлічэння. "Святы Ізбор упярод ступіць". Пачатак збору ў поле.

26. п. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

Сакавік

4. н. Казімір . "Святы Казімір дровы сякець".

9. пт. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

12. п. *Пачатак Храстовага тыдня . Пяклі "храсты". Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна". Рыгор. "На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора ".

13. а. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. с. *Серадапосце. Выпякалі "храстцы". Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. "На Аўдокі голы бокі" . (1.03. Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль) . "Святы Еўдакей … пераступ года".

15. ч. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе".

17. сб. Герасім Гракоўнік. "Герасім гракоў прыгнаў".

18. н. Вясновае раўнадзенства. Усход - 07.17, захад - 19.18.

19. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня . "Дзікая качка яйцом пахваліцца". Язэп. "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту". "На Язэпа пагода - год ураджайны".

22. ч. Саракі . Было Новым годам/летам. "Святыя Саракі наперад пайшлі". Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі" . Прыска. "На святога Прыску праб'е лёд і пліска".

23. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.

24. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.

25. н. * Вербная (Пальмовая) нядзеля. "Вярба б'е, не я б'ю" . Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора" . Дабравешчанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не кладзе". Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам. "Перша свята - нова летца, Благавешчанне зямлю сушыць".

26. п. Пачатак *Вербнага тыдня. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.

27. а. Арына. "На Арыну сей капусту ў расадніках".

30. пт. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою".

31. с. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

Красавік

1. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў). *Вербніца. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

2. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак . Бялілі і мылі ў хаце.

3. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць.

4. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё дравяное.

5. ч. *Чысты чацвер. Лазня. Абрад мыцця дзежкі.

6. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы".

7. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту. Благавешчанне. "Благавешчанне без ластавак - халоднае лета". Абрад "Страла".

8. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ. "Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!" . Быў Новым годам. "Першае свята - свята Вялікадня". Благуста. "На Благусту сей капусту".

9. п. Працяг *Велікоднага тыдня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць". Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае".

11. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы тыдзень. "Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула".

12. ч. *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. * Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою.

13. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою.

14. сб. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. "Апрэль - нікому не вер" . Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. н. *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".

16. п. *Радаўнічныя Дзяды. Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам".

17. а. *Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць".

21. сб. Руф. Руф рушыць снягі.

23. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Юры. (Новы год па задыяку). "Першае святца - святы Юр'я", "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла". Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".

24. а. Анціп - ахоўнік зубоў.

25. с. Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як шкварка".

28. сб. Пуд. "Пуд снег пужне".

29. н. *Міраносцы. "На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця". Арына. "На Арыну сей капусту".

30. п. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй . Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.

Травень (Май)

1. а. Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".

2. с.*Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу.

5. сб. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.

6. н. Юр'е. Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня" . Абрад "Страла".

7. п. Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей" . Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. а. Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля як шкварка" . Станіслаў . "Сей лён на Станіслава - вырасце як лава".

10. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Ярылавіца. Свята Ярылы.

11. пт.*Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.).

13. н. Якуб. "На Якуба грэе люба".

14. п. Макарэй. Абрады ля вады.

15. а. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

17. ч. *Ушэсце. Абрад "Страла".

18. пт. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.

20. н. *Сёмуха, Зялёныя святкі. Свята зелені. "На Духа будзе цёпла і суха" . Антоній. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца".

21. п. Іван Веснавы. Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".

22. а. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. "Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".

23. с. *Градавая серада. Зілот. "Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злата".

24. м. Макей. "Мокра на Макея - і лета не прасушыць" . Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры - і лета будзе мокра.

25. пт. *Сёмушныя Дзяды. Епіфан. "На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".

26. сб. *Духавая субота, Зялёная субота .

27. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі..." . Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".

28. п. *Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі..." . Пахом. "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".

29. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Магдалена. "Зязюльку прысылае" .

30. с.*Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь.

31. ч. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне. *Божае цела, Зелянок . Шэсць дзеў. "Лён сей позні" . Канапелька Матруна. "У зямлю махнула" . Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота поўна аўсу кадушка".

Чэрвень

2. сб. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".

3. н. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. п. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўка (Петравіца). Пятроўскі пост да 11 ліп. "Пятроўка-галадоўка" . Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка".

5. а. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.

7. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. "Дзеўяць ягодзін на ветцы" . Ян. "Рой перад Янам - пчаляр будзе панам".

8. пт. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы.

13. с. Ерамей. Антоній. "Антоні, аддай коні".

14. ч. *Дзясятнік. "Дзесятнік гнаі возіць" . Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".

15. пт. *Дзясятка. "Косы точыць", "Жыта паспявае".

16. сб. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых.

19. а. Летняе сонцастаянне. Усход - 04.37, захад - 21.45. Даўжыня дня - 17.08 гадзін.

21. ч. Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа".

22. пт. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.

23. сб. Купала. У старажытн. - Новы год/лета.

24. н. Ян Купальны. "Сонца грае" .

25. п. Анапрэй. "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".

26. а. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.

28. ч. Амос. "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс"

29. пт. Ціхан. "Пеўчыя птушкі заціхаюць" . Пятрок. "Да Пятра зязюльцы кукаваці", "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".

Ліпень

6. пт. Купалле. Свята Сонца і кахання. "Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне".

7. сб. Іван Купала. "Учора была Купала, а сёння Іван".

8. н. Данат. "Святы Данат коскі точыць, сянцо косіць".

10. а. Самсон. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж" . Сем братоў. "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".

12. ч. Пятро . Свята заканчэння Купалля.

13. пт. Паўпятро . Дзень талакі. Сымон і Юда. "На Сымана й Юды конь баіцца груды".

14. сб. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".

17. а. Андрэй. "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".

18. с. Свята Месяца. "Месяц гуляе".

21. сб. Казанская. Пракоп. "Пракоп бок прыпёк" . Данат . "Святы Данат коскі точыць".

25. с. Прокл . Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. "На Якуба хлеба поўна губа".

26. ч. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. "Снапы кладзе" .

29. н. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

31. а. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў.

Жнівень

1. с. Макрыны. "Глядзі восень па Макрыні".

2. ч. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля", "Укінуў у ваду кусок ільду".

4. сб. Мар'я. "Магдалена - вады па калена".

6. п. Барыс Палікоп. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".

7. а. Ганны. "Святы Ганны бабкі стаўляюць".

9. ч. Палікоп. "Паліць копы" . Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

11. сб. Лаўрын. "На Лаўрына спяшай да млына".

12. н. Сіла. "Жыта сей" .

14. а. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. с. Базыль. "Базыль авечкам воўну дае" . Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста".

16. ч. Антоны Віхравеі. Рох . "Кірмаш на паненак".

17. пт. Еўдакія. "Агуркі збірае" .

19. н. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. ч. Лаўрэн. Свята млынара.

24. пт. Баўтрамей . "Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".

27. п. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. а. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. с. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".

30. ч. Міроны Ветрагоны. "Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".

31. пт. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч . "Сухая" навальніца, дождж.

Верасень

5. с. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".

7. пт. Баўтрамей. "Жыта на зіму сей" .

8. сб. Другая Прачыстая. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".

10. п. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. а. Калінавік, Іван Крываўнік.

13. ч. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. пт. Сымон. Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвіжанне.

19. с. Цуды, Міхал. "Міхал з поля спіхаў".

21. пт. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

24. п. Тадора. "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".

25. а. Асенняе раўнадзенства. Усход - 07.01, захад - 19.02.

26. с. Стаўроўскія Дзяды.

27. ч. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. "Гадзюкі - у кучу" .

29. сб. Міхал. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі" . Сіцыян. "Святы Сацыян ды ляны пасцілаў".

Кастрычнік

2. а. Зосім. "Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць".

3. с. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветры.

4. ч. Пранцішак, Францішак. "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".

8. п. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. а. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. н. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы" . Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.

21. н. Трыфан, Палагея. "Золкім ветрам вее". Зміцер. "Да Змітра баба хітра".

25. ч. Марцін - свята млынароў.

28. н. Сымон і Юда. "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая . Забарона на прадзенне.

29. п. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. а. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. с. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі" . Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. ч. Усе святыя. Памінальны дзень.

2. пт. Задушны дзень. Дзяды. Памінальны дзень.

3. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. "Святыя дзяды, завём вас...".

4. н. Казанская. "Да Казанскай - не зіма, а пасля - не восень; зранку дождж, звечара - снег. Выязджай на Казанскую на калёсах, а палазы з сабой прыхапі" .

8. ч. Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра". Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. пт. Тодар . "На Тадора поўна камора".

10. сб. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. н. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. "Мядзведзь кладзецца ў бярлогу" .

12. п. Артошка. Пачатак прадзення.

14. с. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. с. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. ч. Матрона. "З Матроны становіцца зіма".

24. сб. Хвёдар Студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".

25. н. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. "Кацярына забрала лета".

27. а. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).

28. с. Піліпаўка - перадкалядны пост.

29. ч. Мацей. "На Мацея зіма пацее".

30. пт. Андрэйкі . Дзявочае свята.

Снежань

2. н. Адвэнт. Перадкалядны пост.

4. а. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. "Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла".

5. с. Пракоп. Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".

6. ч. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. "Хвалі зіму па Міколе".

7. пт. Кацярыны. "Забрала край лета" .

9. п. Юр'е Зімовы. " Юра мосціць" . Ганны. "Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні".

13. ч. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. пт. Навум. "Наставіць на вум".

17. п. Варвары. "Мікола і Варвара ноч урвалі".

18. а. Савы, Міколін бацька . "Сава мосце, а Мікола гвоздзе".

19. с. Мікола Зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".

22. сб. Ганны. "Ганны - прыбавіцца багата дня", "Ганкі - палічаны дзянькі".

23. н . Зімовае сонцастаянне. Усход - 09.27, захад - 16.50. Даўжыня дня - 07.23 гадзіны.

24. п. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).

25. а. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне . Было Новым годам. "Свята Ражаство упярод пашло, новы гадок павёў радок".

26. с. Сцяпан. "Кожны сабе пан".

31. п. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка" . Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.

Алесь ЛОЗКА, фалькларыст. Здымкі з "Піліпаўскіх вечароў" у Лідзе.


Творчы вечар сям'і Аляксея і Алены Белых

22 снежня ў Цэнтральнай бібліятэцы Баранавіч з нагоды юбілею Алены Іванаўны Белай адбыўся творчы вечар сям'і Аляксея і Алены. Два выбітныя творцы, паэты, сабраліся ў гэтай сям'і. Алена Іванаўна - кандыдат філалогіі, прафесар БАРДУ, заканчвае доктарскую дысертацыю. Аляксей Ільіч - мэтр журналістыкі, рэдактар газет, аўтар многіх кніг, сябар саюза пісьменнікаў і журналісцкіх арганізацый. У поўнай зале Цэнтральнай бібліятэкі прагучалі вершы, песні, віншаванні, гісторыі з жыцця. Вечар прайшоў цікава і прыгожа.

Мікалай Падгайскі, г. Баранавічы.


Новая кніга вершаў

8 снежня 2017 года атрымаў па пошце ў падарунак: зборнік вершаў Людмілы Шувалавай пад пад назвай "Жыцця сюрпрыз", які выдала ўстанова "Фенікс" (выдавец Ю.Ю. Аляксеева). Паэтка нарадзілася 31 кастрычніка 1947 года ў голадзе Котлас Архангельскай вобласці. Бацька - беларус, маці - расіянка.

Як неаднойчы распавядала Людміла Аркадзеўна, вялікую падтрымку яна атрымала ад будучага сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоля Станкевіча, які пастаянна адзначаў і заўважаў яе лепшыя вершы! Яна друкавалася ў газетах "Наш край", "Шаг", "Текстильщик", у альманахах "Святліца", "Гоман", "Акно", кнігах " "Подыхам адзіным", "Гаманлівая дрэва любові", "Вечнасць... А там што там?" "Паэзія" (2010, 2011).

Характар сп. Людмілы такі, што што паэтка дбае не толькі пра сябе, але арганізоўвае творчыя юбілейныя мерапрыемствы лепшых прадстаўнікоў літаратурнага аб'яднання "Ліра" пры гарадскім Доме культуры горада Баранавічы, якім кіруе ўжо 10 гадоў...

На вершы сп. Шувалавай кампазітарамі В.В. Аліхверам, І.І. Асосам, Н.У. Жыткевіч, М.Д.Скрыпка напісана багата песень, якія выконваюць з поспехам салісты хораў "Ветэран" і "Неспакойныя сэрцы".

У Людмілы ёсць чатыры аўтарскія песні. Усе творы горача ўспрымаюцца гледачамі на канцэртах і шматлікіх творчых сустрэчах.

Людміла Шувалава 38 год жыцця аддала працы! Тэхнічны інвентарызатар, інжынер, інжынер-брыгадзір. Яна мае дачку, двух ўнукаў і маленькую праўнучку Юлечку, якой два з паловай гадкі. Мне асабіста спадабаліся вершы: "Веснавое здарэнне", "На кірмаш", "Жыцця сюрпрыз", "Лепшы сябар". Цікавая гумарэска "Сустрэча" мне таксама вельмі спадабалася. Наклад згаданай кніжнай навінкі - 99 асобнікаў. Карэктар - Вольга Майсюк.

Я вельмі задаволены падарункам баранавіцкай літаратаркі і спадзяюся на будучыя творчыя сустрэчы і ў г. Баранавічы і ў сталіцы. Чакаем!!!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


Цяпер у Бердаўцы два музеі

Яшчэ тыдзень таму назад в. Бердаўка Лідскага раёна была слаўная толькі адным музеем - школьным краязнаўчым, які даўно носіць званне "народнага" і мала чым саступае славутаму Гудзевіцкаму, хіба што літаратурнай складовай, ды тым, што экскурсаводы тут вучні. Экспазіцыю абслугоўваюць 9 экскурсаводаў, якія на цудоўнай беларускай мове вядуць змястоўныя экскурсіі па сваіх раздзелах. Музей знаходзіцца пад сталай апекай яго стваральніка, дырэктара школы Анатоля Крупы.

І вось 28 снежня ў філіяле "Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" адбылося ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго музея - Музея сям'і.

Ганаровыя госці намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Францавіч Пранюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Ірына Ганадзеўна Рабец, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Валянцінаўна Івуць сказалі шмат добрых і шчырых слоў у адрас арганізатараў свята і заснавальнікаў Музея, а таксама ўручылі памятныя падарункі. Сведкамі немалаважнай для раёна падзеі сталі кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў Лідчыны, якія ўваходзяць ў раённую каардынацыйную Раду палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, жыхары і ўраджэнцы аграгарадка Бердаўка. У якасці гаспадароў мерапрыемства былі ўдзельнікі народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў.

Не засталіся ў баку ад гэтай добрай справы і спонсары. Дырэктар прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства Віталь Міхаловіч вырабіў спецыяльна для музея мэблю. Словы падзякі і прызнання таксама заслугоўваюць Віктар Сухойда, Юрый Гурэнда, Юрый Раманцэвіч, Ігар Рышкевіч, яны ў асноўным выхадцы з ваколіц Бердаўкі.

Пад апладысменты гасцей намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Францавіч Пранюк і загадчык філіяла "Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу" Парфенчык Аляксандр Генадзевіч перарэзалі чырвоную стужку, што стала адным з самых урачыстых момантаў свята.

Пасля ўсіх прысутных запрасілі ў першы музейны пакой, які прысвечаны творчасці народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў "Мы з вёскі-калыскі", дзе была прадстаўлена канцэртная візітоўка ансамбля і праведзена цікавая экскурсія па творчым шляху, геаграфіі гастрольнай дзейнасці, узнагародах, традыцыях і хобі сям'і Парфенчыкаў.

Далей расчыніў свае дзверы вясельны пакой, дзе гасцей свята чакала інтэрактыўная экскурсійна-пазнавальная праграма, быў прадстаўлены эпізод традыцыйнага беларускага вяселля "Надзяванне вэлюма", усе наведвальнікі атрымалі сямейны абярэг.

Застаецца дадаць, што ўсе экспазіцыі аформлены па-беларуску, а сам музей знаходзіцца ў былым палацы Дамбавецкага, які сам па сабе ёсць цікавы турыстычны аб'ект.

Такім чынам на Беларусі з'явілася, калі мо не першая, то адна з нямногіх вёсак, дзе ёсць два музеі.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX