Папярэдняя старонка: 2018

№ 02 (1361) 


Дадана: 11-01-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 2 (1361), 10 студзеня 2018 г.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

Падпіска рэзка ўпала. З аднаго боку, гэта звязана з адсутнасцю сацыяльнай падпіскі на пачатак года, з другога, відаць, што толькі некалькі арганізацый прадаўжаюць працаваць на падпіску. Рэальна папрацаваў і падняў падпіску толькі Слонім, некаторыя арганізацыі захавалі статус, або паднялі падпіску на 1-2 асобнікі. Таму лозунг "Падпісаўся сам - падпішы суседа" прадаўжае заставацца актуальным як ніколі.

Лістапад Студзень

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 17 18

Бяроза р.в. 8 8

Белаазёрск р.в. 1 -

Бярэсце гор. 6 6

Ганцавічы р.в. 18 -

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 4 4

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 2 3

Ляхавічы р.в. 1 2

Маларыта р.в. 1 1

Пінск гор. 6 7

Пружаны р.в. 19 7

Столін р.в. - -

Усяго: 87 60

Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. - -

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 17 17

Віцебск РВПС 1 -

Верхнедзвінск р.в. 5 4

Глыбокае р.в. 9 8

Гарадок р.в. 4 3

Докшыцы р.в. 3 3

Дуброўна р.в. - 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 1 1

Наваполацк гор. 18 17

Орша гор. 13 10

Полацк гор. 3 4

Паставы р.в. 5 6

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 1 2

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 7 7

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 95 91

Менская вобласць:

Беразіно р.в. 2 2

Барысаў гор. 5 6

Вілейка гор. 1 1

Валожын гор. 7 6

Дзяржынск р.в. 9 7

Клецк р.в. 22 -

Крупкі р.в. 3 2

Капыль р.в. 22 1

Лагойск 5 5

Любань р.в. 1 1

Менск гор. 220 210

Менск РВПС 7 9

Маладзечна гор. 9 9

Мядзель р.в. 4 2

Пухавічы РВПС 4 4

Нясвіж р.в. 25 5

Смалявічы р.в. 2 2

Слуцк гор. 8 5

Салігорск гор. 16 5

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 24 6

Узда р.в. 13 1

Чэрвень р.в. 2 2

Усяго: 411 291

Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 3

Брагін р.в. - 1

Ветка р.в. 1 1

Гомель гор. 21 21

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 14 11

Жлобін гор. 1 2

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. 1 2

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. - 1

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 1 1

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 1 1

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. 1 1

Усяго: 53 53

Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 3 2

Ваўкавыск гор. 8 4

Воранава р.в. 19 4

Гародня гор. 36 30

Гародня РВПС 18 13

Дзятлава р.в. 20 10

Зэльва р.в. 13 1

Іўе р.в. 16 2

Карэлічы р.в. 18 2

Масты р.в. 9 3

Наваградак гор. 20 4

Астравец р.в. 3 3

Ашмяны р.в. 20 3

Смаргонь гор. 13 4

Слонім гор. 6 11

Свіслач р.в. 4 3

Шчучын р.в. 2 3

Ліда 45 10

Усяго: 273 112

Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 2 2

Бялынічы р.в. - -

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. - -

Горкі гор. 2 3

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 2 2

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 2 2

Мсціслаў р.в. 2 1

Магілёў гор. 29 21

Асіповічы гор. 11 9

Слаўгарад р.в. 1 -

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 2 2

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 2 2

Усяго 57 46

Усяго на краіне: 976 653


125 гадоў з дня нараджэння Канстанцыі Буйло

Канстанцыя БУЙЛО нарадзілася 14 студзеня 1893 г. у сям'і аб'ездчыка графа Тышкевіча. Была ахрышчана 17 студзеня 1893 г. у Віленскім касцёле Святога Якуба. Асноўную адукацыю атрымала дома ў хатніх настаўнікаў. Скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні (1914).

Тут пазнаёмілася з Максімам Гарэцкім. Сябравала з Уладзіславай Луцэвіч. Настаўнічала ў вёсцы Горнае Скробава (1912-1913), дзе вучыла сына пана Дзеўчапольскага. А. Шоцкі адзначае, што К. Буйло некалькі разоў наведвала Крошын, Завоссе, Туганавічы, Калдычэўскае возера і мясціны, звязаныя з жыццём філаматаў і філарэтаў.

Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (1915-1916), але ў сувязі з яе закрыццём перайшла на працу ў Земскі саюз..

7 чэрвеня 1916 г. выйшла замуж за Віталя Адольфавіча Калечыца, сына надворнага дарадцы, якi паходзiў з засцянковай шляхты Менскага павета (у 1933 арыштаваны).

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бухгалтарам саўгаса "Данілкава". З 1923 г. пераехала ў Маскву да свайго мужа, дзе жыла да самай смерці на Ціхвінскім завулку, № 11.

Працавала на заводзе "Аграном" (1929-1934), начальнікам аддзела збыту палітэхлабарсаюза (1934-1940), у 1940-1951 гг. - начальнікам аператыўнага аддзела, затым в. а. намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам.

Сябар Саюза пісьменнікаў СССР (з 1944 г.).

Памерла ў Маскве 4 чэрвеня 1986 года. У 1989 г. урну з яе прахам перавезлі ў Вішнева (Валожынскі раён).

Друкавацца пачала ў 1909 г., змясціўшы ў "Нашай Ніве" пад імем свайго брата Эдуарда першыя свае вершы - "Хвоя", дасланы з Адравонжы Ашмянскага павета ("Наша Ніва", № 9), і "Скора зіма" ("Наша Ніва", № 46). Паводле іншых звестак, першым надрукаваным вершам быў "Лес" (1903). Пад уласным імем пачала друкавацца з 1910 г. У 1914 годзе Беларускае выдавецкае таварыства выпусціла дэбютны зборнік вершаў К. Буйло - "Курганная кветка" (1914, Вільня, друкарня Марціна Кухты; факсімільнае выданне ў 1989), які адрэдагаваў Я. Купала і аформіў Язэп Драздовіч.

Да сярэдзіны 1940-х, амаль 20 гадоў не друкавалася.

Аўтар зборнікаў вершаў "Світанне" (1950), "На адноўленай зямлі" (1961), "Май" (1965), "Роднаму краю" (1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), "Выбранае" (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей "Юрачка" (1957), "У бляску зор" (1968), "Вясной" (1984). Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку. Асабліва шырокую вядомасць займела песня "Люблю", якая стала народнай.

Максім Гарэцкі ў сваёй "Гісторыі беларускае літэратуры" лічыў яе "найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай у нашай поэзіі".

Аўтар п'ес "Кветка папараці" (1914) і "Сягонняшнія і даўнейшыя" (1914, пастаўлена ў 1921).

Узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны" і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).

У гонар Канстанцыі Буйло названа вуліца ў Менску, усталявана мемарыяльная дошка на Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна, якой прысвоена яе імя.

Вікіпедыя.


Данчыку - 60

ДАНЧЫК, сапр. Багдан Андрусішын (3 студзеня 1958, Нью-Ёрк) - беларускі спявак, журналіст і грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся, вучыўся і пражыў большую частку жыцця ў Нью-Ёрку. Яго бацька Паўло - украінец, а маці Юлія - беларуска. З дзяцінства Данчык ведаў і беларускую, і ўкраінскую мовы.

Калі яму было 16 год, трапіў на канцэрт "Песняроў" - ансамбль гастраляваў у Амерыцы. А ўжо праз год Данчык запісаў свой першы альбом, які стаў першым беларускім дыскам у ЗША.

У 1981 г. скончыў універсітэт (факультэт масавых камунікацый). У 1989 г. наведаў Беларусь, дзе выступіў з канцэртамі. Тады Данчык выступаў таксама і ў Вільні. Другі раз наведаў з канцэртамі Беларусь у 1996 г. У 1997 г. заявіў, што спыняе сваю музычную кар'еру.

Асноўным заняткам Данчыка стала журналістыка. Супрацоўнік, намеснік дырэктара Беларускай службы Радыё "Свабода". Жыве ў Празе.

Вікіпедыя.


У аэрапорце Менска нарэшце з'явіўся расклад па-беларуску

Такі фотаздымак быў змешчаны ў тэлеграм-канале "Матолька Дапамажы". Раней інфармацыя на табло публікавалася па-руску, па-англійску і з нядаўняга часу па-кітайску.

- Руская мова, у адрозненне ад беларускай, гэта яшчэ і адна з васьмі моў, якія прынятыя ў свеце як міжнародныя. Таму на сённяшні дзень інфармацыя падаецца на трох з васьмі агульнапрынятых моў, - тлумачыў у лістападзе адсутнасць беларускай мовы дырэктар Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" Дзмітрый Мелікян.

На мінулым тыдні намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі стварыў петыцыю "За выкарыстанне беларускай мовы на шыльдах Нацыянальнага аэрапорта" на сайце "Petitions.by. Зручны горад". Нумар петыцыі - 1270. Адрас: https://petitions.by/petitions/1270.

І вось вынік. Засталося ўдакладніць дэталі.

Наш кар.


Справаздача аб дзейнасці Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў 2017 годзе

У 2017 годзе праведзена наступная работа:

1. 15 студзеня адбылося сумеснае паседжанне раённага таварыства ТБМ і грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат" на тэму: "Шклоў Магдэбурскі". Былі заслуханы даклады: "Магдэбургскае права - традыцыі і сучаснасць", з якім выступіў кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін, горад Магілёў; "Шклоўкая і Магілёўская Ратушы - падабенства і адметнасць лёсу", з якім выступіў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Агееў, горад Магілёў; "480 год з дня нараджэння Яна Хадкевіча (1537-1579) - уладара Шклова", з якім выступіў краязнавец Аляксандр Грудзіна. Па выніках паседжання прыняты зварот да старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў "Аб інфармацыйнай дошцы на шклоўскай ратушы ў памяць аб наданні г. Шклову Магдэбургскага права". 2 ліпеня адбылася адпаведная ўрачыстасць з нагоды ўсталявання інфармацыйнай дошкі на будынку ратушы.

2. 28 студзеня сябры таварыства А. Грудзіна, Р. Кастусёў, П. Мігурскі прынялі ўдзел ў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Ад Магдэбургскага права да сучаснаснага самакіравання", якая прайшла ў Магілёве. У зборнік навуковых прац канферэнцыі "Ад Магдэбургскага права да сучаснага самакіравання", ПКАУ "Магілёўскі маладзёжны цэнтр", Грамадзянская ініцыятыва "Грамадскі магістрат", Магілёў, 2017 год уключана паведамленне А. Грудзіны "Магдэбургскае права і адраджэнне ратушы ў Шклове".

3. 18 лютага адбылося сумеснае паседжанне раённага таварыства ТБМ і грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат" на тэму: "Рэлігійныя ўплывы на Беларусі праз люстэрка Шклова". Былі заслуханы даклады: "Вытокі веравызнання на Шклоўшчыне", Хрысціянскія храмы Шклова", З гісторыі Спаса-Праабражэнскай царквы", з якімі выступілі краязнаўцы М. Кучарэнка, А. Грудзіна, Л. Осіпаў.

4. 22 сакавіка сябар таварыства А. Грудзіна прыняў удзел у раённай канферэнцыі, якая адбылася ў Шклоўскім гістарычна-краязнаўчым музеі пад назвай "Шклоўшчына рэлігійная: гісторыя і традыцыі", дзе выступіў з паведамленнем "З гісторыі ўніяцкіх храмаў Шклова".

5. 31 сакавіка па запрашэнні раённай арганізаціі ТБМ і грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат" Шклоўскі раён наведаў беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Адбыліся дзве сустрэчы пісьменніка з жыхарамі Шклоўшчыны. Напачатку ў Александрыйскай школе, потым ў грамадскім цэнтры "МОСТ". Прысутныя мелі магчымасць задаць аўтару свае пытанні і атрымаць аўтограф.

6. 14 красавіка ў горадзе Магілёве на выніковым паседжанні грамадскага праекту "Узел жизни" была прадстаўлена кніга пад назвай "Узел жизни", Могилев, 2017 год, у якую таксама ўвайшлі краязнаўчыя даследванні па гісторыі яўрэйскай грамады Шклова сябра таварыства А. Грудзіны.

7. 25-26 траўня сябры таварыства А. Грудзіна і П. Мігурскі прынялі ўдзел у X Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць", прысвечанай 750-годдзю Магілёва.

8. 23-26 лістапада сябар таварыства П. Мігурскі прыняў удзел у Міжнароднай канферэнцыі "Нацыянальны ўніверсітэт у 21 стагоддзі: місія і выклікі", скліканай па ініцыятыве ТБМ і Аргкамітэта ўніверсітэта "Альбарутэнія".

9. Праведзены некалькі беларускамоўных экскурсій для турыстычных груп.

10. Ад імя раённай арганізацыі ТБМ агучаны прывітальныя словы і ўручаны падарункі сябру ТБМ Рыгору Кастусёву ў сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння.

11. Асобныя матэрыялы сяброў таварыства: Л. Анціпенкі, А. Грудзіны, Р. Кастусёва, П. Мігурскага грамадска-палітычнага, літаратурнага і гістарычна-краязнаўчага кірункаў друкаваліся ў газеце ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" "Наша слова", а таксама ў выданнях: раённай газеце "Ударны фронт", рэгіянальным інтэрнэт-партале www.6tv.by "Магілёўскі рэгіён" і іншых беларускіх інтэрнэт-выданнях.

12. Сабраны і пералічаны фінансавыя ахвяраванні на дзейнасць ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

Старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ А. Грудзіна.


Мовы Зачараванай краіны

Якія асацыяцыі можа выклікаць назва амерыканскага штата Нью-Мексіка? Магчыма, старажытныя палеаіндзейскія культуры; сучасныя плямёны карэнных амерыканцаў: апачы, наваха і пуэбла; іспанскія каланіяльныя паселішчы; Дзікі Захад і яго стралкі (напрыклад, Білі Кід і Пэт Гарэт). А магчыма, Лос Аламас ці гарадок Разуэл, дзе (па чутках) разбілася лятаючая талерка (прыхадзень увекавечаны на гарадской пячатцы)? Не дзіўна, што мянушка штата - Краіна зачаравання.

Менавіта ў сталіцы гэтага штата, горадзе Санта-Фэ (у перакладзе з іспанскай - Святая Вера) я выступіў гэтым летам з невялікай прамовай пра дзйнасць Таварыства беларускай мовы. У межах Праграмы міжнародных візітаў Дзярждэпартамента ЗША я праходзіў стажыроўку па тэме "Захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны". Дэлегацыя адмыслоўцаў з Беларусі наведала шэраг з найбольш выбітных месцаў краіны з пункту погляду захавання гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Вопыт, назапашаны ў гэтай паездцы, варты цэлага цыклу нарысаў, якія, я спадзяюся, неўзабаве будуць апублікаваныя.

Падчас шматлікіх сустрэчаў мне не раз даводзілася распавядаць пра наша Таварыства і пра моўную сітуацыю ў Беларусі спецыялістам. А вось у Санта-Фэ арганізатары візіту загадзя запрасілі на сустрэчу з беларусамі ўсіх ахвотных. У нашай краіне часам выказваюцца, маўляў, някепска было б заснаваць у нас нешта кшталту беларускамоўнай рэзервацыі. На гэтым фоне можа падацца сімвалічным, што сустрэча праходзіла ў Музеі індзейскіх мастацтваў і культуры. Нью-Мексіка другі пасля Аляскі штат па працэнце карэнных амерыканцаў у агульным складзе насельніцтва. Дарэчы, быў я і ў сапраўднай рэзервацыі, пра што будзе асобны расповед. Дык вось, баюся, што такога ўзроўню палітычнай і эканамічнай самастойнасці тут дасягнуць будзе цяжкавата.

У выступе я распавёў пра асноўныя накірункі нашай дзейнасці і паказаў кароткаметражку пра курсы беларускай мовы, якую знялі на замову Таварыства.

Дарэчы, штат Нью-Мексіка ўяўляе цікавасць у плане моўнай разнастайнасці. Толькі 63,5% насельніцтва размаўляюць дома толькі на англійскай мове, 28,7% - па-іспанску, 4,1% - на мове наваха. Частка іспанамоўных размаўляе на асобным Новамексіканскім дыялекце іспанскай мовы. Гэты дыялект захоўвае рысы іспанскай мовы каланіяльнага перыяду, а таксама мае шмат індзейскіх запазычанняў. Увогуле, 48% насельніцтва маюць іспанскае ці лацінаамерыканскае паходжанне, амаль 10% - карэнныя амерыканцы. Іспанцы праніклі на гэтую тэрыторыю яшчэ ў першай палове 16 стагоддзя.

Даследчыкі спрачаюцца, ці можна назваць гэты штат афіцыйна двухмоўным. Хаця ў канстытуцыі 1912 года ніводная мова не называецца афіцыйнай, там прапісана, што ўсе законы павінны публікавацца на англійскай і на іспанскай мовах. Гэта палажэнне дзейнічала першыя 20 год, а потым мусіла было перыядычна прымацца наноў, што рабілася да 1949 года. Але і зараз заканадаўства змяшчае палажэнні, скіраваныя на падтрымку іспанскай. Канстытуцыя гарантуе кожнаму права займаць пасаду, удзельнічаць у выбарах і быць прысяжным, без залежнасці ад таго, валодае ці не чалавек англійскай ці іспанскай мовай. Канстытуцыя гарантуе забеспячэнне прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў як у англійскай, так і ў іспанскай мовах. Праекты паправак у канстытуцыю публікуюцца на дзвюх мовах, таксама як і ўсе матэрыялы, што датычацца выбараў.

У 1906 годзе амерыканскі ўрад прапанаваў аб'яднаць дзве тэрыторыі: Нью-Мексіка і Арызону ў адну. Гэта выклікала пратэсты ў пераважна англамоўнай Арызоне, жыхары якой не захацелі аб'ядноўвацца з двухмоўнай тэрыторыяй, дзе веданне англійскай не было абавязковым, каб, напрыклад, займаць афіцыйную пасаду. І сёння заканадаўства Арызоны скіравана на падтрымку менавіта англійскай мовы. У прыватнасці, настаўнікам з моцным акцэнтам не дазваляюць працаваць з людзьмі, якія вывучаюць англійскую мову - яны могуць вярнуцца да выкладання толькі па праходжанні адмысловага курса па карэкцыі вымаўлення.

Наадварот, заканадаўства Нью-Мексіка гарантуе фінансавае забеспячэнне для двухмоўнага (звычайна англаіспанскага ці англа-карэнна-амерыканскага) полікультурнага навучання ў школах штата. Яшчэ ў 1989 годзе заканатворцы штата першымі ў краіне прынялі так званую Рэзалюцыю "Англійская мова +". Гэты дакумент-дэкларацыя засведчвае, што пазіцыі англійскай мовы ў ЗША не патрабуюць адмысловага заканадаўства для яе падтрымкі; што нацыянальным інтарэсам найлепш адпавядае, каб усе грамадзяне мелі магчымасць вывучаць і англійскую, і яшчэ адну іншую ці некалькі іншых моў; што білінгвізм нясе карысць культуры і эканоміцы, і што валоданне англійскай і яшчэ адной мовай мусіць падтрымлівацца па ўсёй краіне.

Увогуле, Нью-Мескіка і горад Санта-Фэ - чароўныя і экзатычныя мясціны са своеасаблівай атмасферай, прыродай і архітэктурай. Тым прыемней было знайсці ў Музеі народнага мастацтва, што насупраць Музея індзейскіх мастацтваў і культуры, некалькі беларускіх лялек.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ.


Калядныя сустрэчы - на добры плён!

Сустаршыня БХД, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў і сябар ТБМ Павел Севярынец правёў сустрэчу з чытачамі на Менскай сядзібе ТБМ, падчас якой пералічыў сродкі ад продажу сваіх кніг на мэты грамадскай арганізацыі. Мінулы год быў плённым для пісьменніка і яго паплечнікаў.

Праз выданне кнігі "Сто герояў волі і веры" ўдалося вярнуць у культурную традыцыю рыцараў рэлігійнага і нацыянальнага адраджэння Беларусі: А. Станкевіча, В. Гадлеўскага, А. Лісоўскага, Я. Барадзюлю, Я. Германовіча, А. Дасюкевіча і іншых. Адначасова выйшла кніга пра гісторыю беларускай хрысціянскай дэмакратыі і яе сённяшніх актывістаў. Да 100-годдзя БХД было ажыццёўлена факсімільнае выданне нумароў газеты "Крыніца" з 1917 па 1926 год.

У снежні пабачыў свет раман Паўла Севярынца " Беларусалім", над якім аўтар працаваў 12 гадоў. Першая кніга рамана " Золак" была прэзентавана ў менскім гатэлі "Вікторыя". З выхадам кнігі П. Севярынца павіншавалі Міхась Скобла, Аляксей Шэін і іншыя.

Для многіх чытачоў, па першым знаёмстве з выданнем, стылістыка рамана з'явілася нечаканай пасля створананага ўзнёслага і ідэальнага вобразу краіны і знакамітых асобаў гісторыі і культуры ў кнізе "Люблю Беларусь".

Новы твор П. Севярынца адлюстроўвае ўзрушаны стан душы і перажыванні моладзі на пераломе ХХ і ХХІ стагоддзяў, нясе адбітак перажытых рэпрэсій. Чытачы зараз знаёмяцца з раманам, а літаратурныя крытыкі выкажуць сваё меркаванне пазней. Пастаянныя наведвальнікі менскай сядзібы пажадалі Паўлу Севярынцу ў Новым годзе здароўя, творчых поспехаў і шчасця ў сям'і.

Э. Дзвінская, фота аўтара. На сустрэчы - П. Севярынец і сябры ТБМ.


Да вопыту адраджэння родных моў народамі, якія былі пад акупацыяй і застаюцца сёння

Аналітычна цікавы артыкул "Суіснаванне дзяржаўных моў паводле фінскага і беларускага заканадаўства" Дзяніса Тушынскага ў "Нашым слове", № 49, 6 снежня 2017 г. кліча да думання над лёсавызначальнай праблемай існавання беларускай нацыі ў не так і далёкім гістарычным часе. Для гэтага трэба правесці радыкальныя меры па выратаванні пакуль што жывой беларускай мовы. Навукова-практычная аксіёма: "Няма мовы - няма нацыі". Згадаем, да прыкладу, пра лёс нашых гістарычных суседзяў - народ прусаў. Калі крыжак у сучасным Калінінградзе фізічна забіў апошняга носьбіта прускай мовы - пруская мова стала мёртвай, а пруская нацыя знікла.

Фінляндыя ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Згодна з Вікапедыяй, у Фінляндыі з 1863 года фінская мова была дзяржаўнай. Таксама цікавая гістарычная інфармацыя: у гімне Карэла-Фінскай ССР (таксама Грузінскай і Эстонскай ССР) не ўпаміналася Расія ці рускі народ.

У артыкуле спадара Тушынскага аналізуюцца існыя закадаўчыя акты Фінляндыі і Беларусі па ўжыванні і развіцці дзяржаўных моў у дзвюх краінах, якія развіваюцца на амаль супрацьлеглых сацыяльна-эканамічных і культурных асновах. Выбар краін для параўнання існавання афіцыйнага двухмоўя ў гэтых краінах правільны. Але, як слушна заўважае аўтар артыкула, "тэорыя слабага боку ў праваадносінах" у Беларусі не працуе. У практычным плане не так шмат мы можам запазычыць. Двухмоўе ў Беларусі фактычна спыніла хвалю адраджэння беларускай мовы на дзяржаўным узроўні і прывяло да моўнага калапсу.

Для Беларусі заслугоўвае ўвагі вывучэнне і выкарыстанне вопыту адраджэння чэхаў пасля амаль поўнага анямечвання.

Асноўная мэта гэтай нататкі папрасіць спадара Тушынскага гэтую ж тэму пашырыць і разгледзіць яе ў параўнанні сучаснага трагічнага стану родна-этнічных моў у Беларусі і на тэрыторыі расфармаванай у 1956 годзе Карэла-Фінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Яна была ператвораная ў Карэльскую аўтаномную рэспубліку ў складзе Расійскай Федэрацыі. Чытачам газеты будзе цікава прачытаць, а што ж сталася з фінскай, карэльскай і вепскай мовамі ў сучаснай Расіі на тэрыторыі КФССР? А які моўны стан соцень тысяч прымусова пераселеных беларусаў і ўкраінцаў у часы СССР у КФССР? Пашыраны погляд (экстрапаляцыя) на азначаную праблему: Беларусь - Фінляндыя - Карэлія будзе ўспрыняты чытачамі з удзячнасцю і выкліча далейшую дыскусію па азначанай праблеме. Зычу поспеху.

Мікола Савіцкі, прафесар.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

1058. Рэва (Дар'я) - семантычны вытвор ад апелятыва рева (укр.) 'плакса' ( рова, роўгала, раўгач гл.).

1059. Рэвяка і Равяка (Адам, Васіль) - народныя формы ад імя Рэвяка (ст.-яўр. з семантыкай 'сетка ці прывязка') або семантычны вытвор ад апелятыва равяка 'той, хто раве, плакса, равун'.

1060. Рэдзько (Святлана) - семантычны вытвор ад апелятыва рэдзька 'караняплод з тоўстым і светлым (у цёмнай скурцы), з гаркаватым вострым смакам і пахам'. Форма з канцовым "-о" для адмежавання ад апелятыва.

1061. Рэйда (Святлана) - форма жаночага роду ад антрапоніма Рэйд - семантычнага вытвора ад апелятыва рэйд 'месца стаянкі карабля на якары каля берага'. Або семантычны вытвор ад апелятыва рэйд 'гультай'. Утварэнне ад рэйдаваць 'хадзіць без справы'.

1062. Рэкуноў (Уладзімір) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Рэкун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рэкуноў. ФП: рэкці ('крычаць, прасіць, сказаць' (Слоўнік паўн.-зах. Беларусі, т. 4, с.332)) - рэкун ('той, хто просіць, крычыць') - Рэкун (мянушка, потым прозвішча) - Рэкуноў.

1063. Рэмез (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва рэмез 'сініца, якая жыве на берагах вадаёмаў'. Бытуе і ў форме Рэмес (маўленчы варыянт).

1064. Рэмес (Ігар) - семантычны вытвор ад апелятыва рэмес 'сініца' (птушка).

1065. Сабалеўскі (Сямён) - вытвор з фармантам -скі/-еўскі ад тапоніма Сабалеўка / Сабалі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Сабалеўскі / Сабалеўскі. ФП: собаль ('невялікі драпежны звярок сямейства куніцавых з каштоўным футрам бурай афарбоўкі', а таксама футра гэтага звярка) - Собаль (мянушка, потым прозвішча) - Сабалі / Сабалеўка (тапонім) - Сабалеўскі.

1066. Сабіна (Сняжана) - форма жаночага асабовага імя набыло ролю прозвішча (лац. Sabina - 'сабінянка').

1067. Савановіч (Міхаіл) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Саван і значэннем 'нашчадак названай асобы': Савановіч. ФП: саван ('пахавальны ўзор з белай тканіны для нябожчыка') - Саван (мянушка, потым прозвішча) - Саванавіч (бацькайменне) - Савановіч.

1068. Савачкіна (Зоя) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Савачка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Савачкіна. ФП: Сава (імя, з мовы грэкаў 'суботні') - Саўка, Савачка (народныя формы) - Савачка (мянушка, потым прозвішча) - Савачкіна.

1069. Савеня (Алена) - вытвор з фармантам -еня ад антрапоніма Сава і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Савеня. ФП: Сава (імя <лац. 'дзед', 'старац') - Сава (прозвішча) - Савеня. Або семантычны вытвор ад апелятыва савян я 'дзіцяня савы'. Форма Савеня для абмежавання ад апелятыва ( савяня) або рэгіянальная форма апелятыва саве ня (з націскам на прадапошнім складзе).

1070. Са вік (Лідзія) - вытвор з суфіксам - ік ад антрапоніма Сава і значэннем 'нашчадак названай асобы': Савік. ФП: Сава (імя, з мовы грэкаў 'суботні') - Сава (празванне, потым прозвішча) - Савік.

1071. Савіцкі (Алесь) - вытвор з фармантам -цкі (-скі) ад тапоніма Савічы і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Савіц(ч/с)кі. ФП: Сава (імя <грэч. 'суботні') - Сава (мянушка, потым прозвішча) - Савіч (бацькайменне з значэннем 'нашчадак Савы') - Савічы (паселішча з прозвішчамі Савіч) - Савіцкі.

1072. Савошчык (Лілея) - вытвор з суфіксам -шчык ад антрапоніма Савось і значэннем 'нашчадак названай асобы': Савосьчык - Савош(с/ш)чык. ФП: Савасцей (імя, з мовы грэкаў 'суботні') - Савось (варыянт імя) - Савось (празванне, потым прозвішча) - Савошчык.

1073. Савянкова (Ірына) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Савянок і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Савянкова. ФП: Сава (імя, з мовы грэкаў 'суботні') - Савянок ('нашчадак Савы', суф. - ёнак) - Савянкова.

1074. Садковіч (Франц) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Садко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Садковіч. ФП: Садок (імя) - Садко (народна-гутарк. форма) - Садко (мянушка, потым прозвішча) - Садковіч.

1075. Садоўнічы (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва-прыметніка садоўнічы - утварэння ад садоўнічаць 'працаваць садоўнікам' ці 'займацца садоўніцтвам'.

1076. Садоўскі (Юрась) - вытвор з фармантам -оўскі ад антрапоніма Сад і значэннем 'нашчадак названай асобы': Садоўскі. ФП: Садок (імя <ст.-яўр. 'справядлівы, праведны') - Сад (варыянт) - Садок (мянушка, потым прозвішча) - Садоўскі.

1077. Саевіч (Андрэй) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Сай і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сайевіч. ФП: Ісай (імя, ст.-яўр. 'выратаванне Бога') - Сай (гутарк. форма) - Сай (мянушка) - Сай (прозвішча) - Саевіч.

1078. Сайкоў (Канстанцін) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Сайко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сайкоў. ФП: Ісай (імя гл. Саевіч) - Сай (гутар. форма) - Сайко ('нашчадак Сайка'; суф. -к-а) - Сайкоў.

1079. Сакоўскі (Віктар) - другасная форма, першасная Ісакоўскі - форма прэстыжнасці (шляхетнасці) з суфіксам -оўскі ад імя Ісак (<ст.-яўр. 'ён будзе смяяцца') - Сак (1540) - Сакоўскі.

1080. Саксафонава (Ірына) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Саксафон і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Саксафонава. ФП: саксафон ('медны духавы музычны інструмент') - Саксафон (мянушка, потым прозвішча) - Саксафонава.

1081. Салагубік (Юлія) - вытвор з суфіксам -ік антрапоніма Салагуб і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Салагубік. (Параўн. Хворык, Вутлік). ФП: салагуб ('чалавек з тоўстымі заўсёды мокрымі губамі', укр. (лаянк.) сологуб 'гандляр, мешчанін') - Салагуб (мянушка) - Салагуб (прозвішча) - Салагубік.

1082. Саладоўнікаў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам - оў ад антрапоніма Саладоўнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Саладоўнікаў. ФП: Саладоўнік 'рабочы соладавага прадпрыемства' (вырабляецца (з соладу) спірт, піва, квас і пад.).

1083. Салдаценка (Анастасія) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Салдат і значэннем 'нашчадак названай асобы`: Салдаценка. ФП: салдат ('радавы службовец', 'вайсковец, воін') - Салдат (мянушка, потым прозвішча) - Салдаценка.

1084. Саломава (Ірына) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Салома і значэннем 'нашчадак названай асобы': Саломава. ФП: Саламон (імя <ст.-яўр. Salomo 'мір') - Саламонія (жан. імя) - Саломія (варыянт (укр.) - Саломія (празванне, потым прозвішча)) - Саломава. З гэтым жа этымонам і прозвішчы Саламевіч, Саломін, Салома.

1085. Самаль (Ніна) - форма імя Самуіл ((<ст.-яўр. Semuel 'Шэм ёсць Бог') набыла ролю прозвішча).

1086. Самусенка (Ірына) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Самусь і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Самусенка. ФП: Самуіл (імя -ст.-яўр.) - Самусь (нар.-гутарк. форма) - Самусенка.

1087. Санковіч (Алёна) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Санко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Санковіч. ФП: Аляксандр (імя, з мовы грэкаў Alexandros 'абаронца') - Сан і Санко (народн. варыянты); Санко з 1555 г.)) - Санко (празванне) - Санко (прозвішча) - Санковіч.

1088. Санюкевіч (Алёна) - вытвор з суфіксам бацькайменння - евіч ад антрапоніма Санюк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Санюкевіч. ФП: Аляксандр (імя) - Саня, Санюк (народн.-гутар. форма) - Санюк (мянушка, потым прозвішча) - Санюкевіч.

1089. Сапуноў (Уладысь) - форма з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Сапун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сапуноў. ФП: сапці ('цяжка дыхаць, утвараючы гукі з прысвістам') - сапун (найменне асобы паводле названага дзеяння: сапун) - Сапун (мянушка) - Сапун (прозвішча) - Сапуноў.

1090. Сарноў (Давід) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Сарна і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сарноў. ФП: сарна ('парнакапытная жывёліна сямейства пустарогіх; горная антылопа') - Сарна (мянушка, потым прозвішча) - Сарноў.

1091. Сарочык (Зоя) - вытвор з суфіксам -ык (<-ік) ад антрапоніма Сарока і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сароч(к/ч)ык. ФП: сарока (птушка) - Сарока (мянушка) - Сарока (прозвішча) - Сарочык.

1092. Сасноўскі (Вячаслаў) - вытвор з фармантам -скі / -оўскі ад тапоніма Сосны / Сасноўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Саснаўскі - Сасноўскі, Сасноў(к)скі.

(Працяг у наст. нумары.)


"Чаму ў праграмах "Барадзіно" ёсць, а "Пахне чабор" няма?"

Настаўніца рускай мовы напісала адкрыты ліст міністру адукацыі

Настаўніца рускай мовы і літаратуры са Смалявіч Ганна Севярынец напісала адкрыты ліст, у якім распавядае пра катастрафічную сітуацыю з вывучэннем беларускай літаратуры ў школе. З праграм незаўважна знікаюць найлепшыя творы, якія мусіць ведаць і якімі мусіць ганарыцца кожны беларус.

Ганна Севярынец звяртаецца да Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, складальнікаў праграм па беларускай літаратуры, доктара педагагічных навук Вольгі Праскаловіч (у жніўні 2017 яна тлумачыла змены ў школьнай праграме па беларускай мове і літаратуры - Рэд.), загадчыкаў кафедр беларускай літаратуры ўніверсітэтаў, даследчыкаў, выкладчыкаў, настаўнікаў.

"Шаноўныя калегі!

Звяртаюся да Вас ад свайго імя, а таксама ад імя іншых настаўнікаў, даследчыкаў, бацькоў, ад імя вучняў, ад імя ўсіх тых, хто жыве, вучыцца і працуе ў Беларусі.

Апошнім часам склалася катастрафічная сітуацыя з вучэбнымі праграмамі па беларускай літаратуры. Правільней будзе сказаць, што гэтая сітуацыя складалася і развівалася дзесяцігоддзямі, але сёння набыла цалкам невытлумачальны і непрагназаваны характар.

Прадмет "Беларуская літаратура" ў школе разам з беларускай мовай і гісторыяй Беларусі - нацыяўтваральны. Немагчыма пераацаніць яго важнасць у навучанні і выхаванні беларускай моладзі. Дзякуючы гэтаму прадмету, дзякуючы адзінай, агульнапрынятай праграме па ім у нас ёсць магчымасць ствараць і занатоўваць агульнанацыянальны культурны код, той набор сэнсаў, фармулёвак, вобразаў, культуралагічных феноменаў, якія забяспечваюць, з аднаго боку, адзінства нацыі, з другога - перадачу краевугольных паняццяў нацыянальнага менталітэту, нацыянальнага культурнага здабытку, нацыянальнай гістарычнай спадчыны ад пакалення пакаленню.

У кожнай нацыі, у кожнай дзяржаве выкладанню нацыянальнай літаратуры, складанню адзінай праграмы па ёй адводзіцца самае сур'ёзнае месца. Людзі, адораныя пачуццём слова, пакліканыя сваім народам да пісьменніцкай трыбуны, фармулююць і агучваюць тыя праблемы, якімі жыве народ, нацыя, якія з цяжкасцямі і пакутамі вырашаюць людзі, што жывуць і працуюць на гэтай зямлі. Нацыянальная літаратура і нацыянальнае мастацтва наогул - той голас, які вылучае нас сярод іншых нацый і народаў, той голас, які дае нам права "людзьмі звацца" ў сусветнай супольнасці.

У беларускай школе нацыянальная літаратура вывучаецца паралельна з літаратурай рускай. Асобнае пытанне - чаму мы абмяжоўваем сваіх дзяцей літаратурай аднаго толькі народа, маючы суседзямі не толькі Расію, але і Украіну, і Польшчу, наогул, маючы на мэце інтэграцыю ў агульнаеўрапейскую прастору. Але зараз пра тое, што мы маем сёння: дзве літаратуры, якія вывучаюцца паралельна, маюць аднолькавую колькасць гадзін, у асобныя перыяды супадаюць пры вывучэнні храналагічна і, зразумела, гучаць на ўроках побач у межах выкарыстання методык міжпрадметных сувязяў.

Немагчыма ігнараваць той факт, што вучні ў любым выпадку параўноўваюць дзве гэтыя літаратуры.

Праграма па рускай літаратуры, пры ўсіх яе хібах, складаецца з лепшых твораў, якія маюць выключнае мастацкае значэнне і бясспрэчную эстэтычную вартасць. Над гэтай праграмай дзесяцігоддзямі працуюць найлепшыя навукоўцы, найлепшыя школьныя настаўнікі, даследчыкі і выкладчыкі. Спісы твораў па рускай літаратуры, абавязковых для прачытання, шырока дыскутуюцца і абмяркоўваюцца на самым высокім узроўні. Тое, што маюць беларускія школьнікі на ўроках рускай літаратуры, - гэта сапраўды бліскучыя творы высокаразвітой літаратуры.

У такіх умовах складанне праграм па беларускай літаратуры - справа асабліва важная, бо наша літаратура не павінна выглядаць другасна, бедна, неахайна, так, як яна выглядае сёння ў праграмах і падручніках.

У 2017 годзе з базавай праграмы па беларускай літаратуры былі выключаныя творы, бліскучыя па сваіх паэтычных вартасцях, творы, якія сапраўды складаюць наш культурны код, якія ведаюць на памяць бацькі сучасных дзяцей, творы знакавыя: верш Пятруся Броўкі "Пахне чабор", верш Рыгора Барадуліна "Бацьку", раман у вершах Ніла Гілевіча "Родныя дзеці". Замест легендарнага "Чабору" цяпер дзеці чытаюць "Будзем сеяць, беларусы" - верш сумнеўны з эстэтычнага боку, цалкам несучасны па тэматыцы і праблематыцы, нецікавы для вучняў старэйшых класаў.

У гэты ж час па рускай літаратуры яны чытаюць Яўгенія Еўтушэнку, Роберта Раждзественскага, Бэлу Ахмадуліну: як выглядае побач з гэтымі творцамі балада "Надзя-Надзейка" ці памянёны ўжо "Будзем сеяць, беларусы"?

Раней з праграмы быў выдалены вядомы раман Кузьмы Чорнага "Пошукі будучыні". Пытанні, якія вырашаюць у сваіх "школьных" раманах Леў Талстой і Фёдар Дастаеўскі, ёміста і дасканала вырашаюцца і нашым Кузьмой Чорным, прычым - на нашай, нацыянальнай глебе. Чаму нашы дзеці павінны чытаць пра Барадзіно і Кутузава - і не павінны чытаць пра Першую сусветную і беларускае бежанства? Па мастацкіх вартасцях проза Кузьмы Чорнага не саступае прозе Талстога і Дастаеўскага - чаму яна выдалена з абавязковай праграмы?

Тады ж з праграмы знік бліскучы сатырычны раман Андрэя Мрыя "Запіскі Самсона Самасуя" - пры тым, што значна больш цяжкі для вучнёўскага разумення Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын добра пачуваецца ў курсе рускай літаратуры. Што з сённяшняй праграмы па беларускай літаратуры можа быць супрацьпастаўлена сатырычнай традыцыі літаратуры рускай - Мікалаю Гогалю, Міхаілу Зошчанку, Міхаілу Булгакаву? Чаму беларуская літаратура страціла ў школьнай праграме і гэтую сваю перавагу - своеасаблівы, тонкі гумар, жорсткую грамадскую сатыру?

І Чорны, і Барадулін, і Гілевіч, і Мрый - гэта творцы, якія па мастацкіх вартасцях сваёй спадчыны стаяць поплеч з самымі знакамітымі рускімі і еўрапейскімі пісьменнікамі. Найлепшыя вершы Пятруся Броўкі нічым не горшыя за вершы рускіх шасцідзясятнікаў. Чаму адных выкідаюць з праграмы, а другіх прэзентуюць дрэннымі вершамі?

Чаму наш знкаміты жыццятворца Уладзімір Дубоўка, чалавек, які па сваіх жыццёвых прынцыпах, па асабістых вартасцях, па шляху, які ён прайшоў, можа стаць сапраўдным героем для беларускай моладзі, мае паўтары старонкі нецікава выкладзенай біяграфіі ў новым падручніку? У праграме па рускай літаратуры прадугледжана асобнае вывучэнне перыядаў творчасці Пушкіна (паўдзённая высылка, Міхайлаўскае, Болдзінская восень) - і не прадугледжана асобнае вывучэнне перыядаў творчасці Дубоўкі, кожны з якіх ёсць прыкладам адданай працы дзеля чалавечай годнасці і дзеля сваёй краіны? Чаму так? Чаму ў беларускіх дзяцей ёсць падрабязнае, за некалькі год атрыманае, уяўленне пра жыццёвы і творчы шлях Пушкіна, Лермантава, Някрасава - і няма пра жыццёвы шлях Францішка Багушэвіча ці Уладзіміра Дубоўкі?

Чаму нашы дзеці і па сёння не чытаюць твораў міжваеннага часу, твораў бліскучых беларускіх паэтаў еўрапейскага ўзроўню - Алеся Дудара, Уладзіміра Жылку, Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна, пры тым, што яны глыбока і разнастайна вывучаюць вялікую колькасць рускіх творцаў гэтага ж самага перыяду? Чаму яны не ведаюць выдатнага крытыка Адама Бабарэку, пры тым, што яны добра ведаюць рускіх Вісарыёна Бялінскага і Дзмітрыя Пісарава? Чаму з творчай спадчыны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі, Пятруся Броўкі выбіраюцца творы нецікавыя, тэматычна аднастайныя, не адпаведныя настроям і цікавасцям вучняў?

У адрозненне ад праграмы па рускай літаратуры, праграма па літаратуры беларускай перанасычана нецікавымі, недасканалымі з эстэтычнага боку творамі. У вучняў непазбежна складаецца прыкрае ўражанне, што іх нацыянальная літаратура - тэматычна бедная, эстэтычна ўбогая, змястоўна нецікавая. Але ж гэта не так.

Беларусь мае бліскучую літаратуру. Гэта літаратура мае ўсё, каб быць патрэбнай вучням: напружаныя, драматычныя сюжэты, вострыя, рубам пастаўленыя пытанні, разнастайную, на любы густ тэматыку, эмацыянальна насычаны пафас, глыбокую філасофскую насычанасць.

Чаму гэта ніяк не адлюстроўваецца ў школьнай праграме? Чаму агулам у вучняў застаецца ўражанне пра беларускую літаратуру як пра літаратуру, напісаную беднымі і неадукаванымі сялянамі, прычым пераважна пра Вялікую Айчынную вайну?

Нам усім - краіне, народу, вучням і настаўнікам - востра неабходна сёння:

Наладзіць шырокую адкрытую грамадскую дыскусію з удзелам экспертаў па змесце школьнай праграмы па беларускай літаратуры.

Скласці ў выніку гэтай дыскусіі шырокі і разнастайны спіс абавязковых для агульнанацыянальнага ведання і вывучэння класічных твораў беларускай літаратуры.

Перагледзець прынцыпы складання школьнай праграмы па беларускай літаратуры з кулуарнага абмеркавання да агульнанацыянальнай справы ў бок фарміравання і падтрымання нацыянальнага культурнага коду.

Узгадняць змены ў праграме з самым шырокім колам настаўнікаў, даследчыкаў, бацькоў.

Вярнуць у базавую школьную праграму "Пахне чабор" Пятруся Броўкі, "Бацьку" Рыгора Барадуліна, "Родныя дзеці" Ніла Гілевіча, "Пошукі будучыні" Кузьмы Чорнага, "Запіскі Самсона Самасуя" Андрэя Мрыя.

Уключыць у праграму па беларускай літаратуры асобныя творы з творчай спадчыны Адама Бабарэкі, Алеся Дудара, Уладзіміра Жылкі, Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна.

Выкладанне і вывучэнне беларускай літаратуры павінна стаць нашым агульнанацыянальным клопатам, а не клопатам вузкага кола зацікаўленых у асабістых творчых выгодах людзей.

Толькі тады будзем жыць як народ".

Ганна Севярынец, настаўнік рускай мовы і літаратуры, лаўрэат конкурсу "Настаўнік года Менскай вобласці-2017", пісьменніца, даследчыца беларускай літаратуры, маці траіх дзяцей, якія навучаюцца ў адукацыйных установах Беларусі.

nn.by.


280 гадоў з дня нараджэння Казіміра Даніэля Нарбута

Некалькі невялікіх мясцовасцяў, размешчаных на дзітвянскіх і нёманскіх абшарах, акрэсліваюць жыццё Казіміра Нарбута - гэта КРУПА (сёння Крупава - рэд.), РАДЗІВОНІШКІ, ШЧУЧЫН і, безумоўна, ЛІДА.

Казімір Нарбут (фактычна Даніэль, таму што Казімір - гэта яго ордэнскае імя, якое, аднак, настолькі атаясамлівалася з Нарбутам, што замяніла ў свядомасці нашчадкаў імя, дадзенае пры хрышчэнні) нарадзіўся ў Крупе, за 6 кіламетраў ад Ліды. Яго бацька, Казімір, быў мечнікам, харунжым, а пасля - лідскім маршалкам. Маці - Мар'яна з Навіцкіх - таксама паходзіла са шляхецкага роду. Трэба дадаць, што Даніэль Нарбут меў ажно пяць братоў. Яго выцвілую метрыку хрышчэння, напісаную на лаціне гусіным пяром, знайшоў у 1938 г. у кнігах прыхадскога касцёла Святога Крыжа ў Лідзе, дзякуючы добразычлівай дапамозе ксендза Іпаліта Баярунца, Аляксандр Снежка, аўтар шматлікіх артыкулаў у перадваеннай "Лідскай зямлі". З гэтай знойдзенай метрыкі можна даведацца, што 5 студзеня 1738 г. ксёндз пробашч Пётр Стракоўскі ахрысціў імем Даніэль - Казімір немаўля "са шляхецкай сям'і Казіміра Нарбута, мечніка літоўскага з КРУПЫ", што хрышчонымі бацькамі былі дзве пары - Міхал Нарбут з Перапечыц і Антаніна Юрэвічова, а таксама Зыгмунт Юрэвіч і сандамерская падчашына Аляксандра Навіцкая. Надрукаваная Аляксандрам Снежкам загінуўшая ўжо метрыка дапамагае вырашыць пытанне, якое ўздымаецца ў розных публікацыях і энцыклапедыях, аб месцы нараджэння Даніэля Нарбута (у Крупе ці ў Дакудаве).

Новы пункт у біяграфіі Нарбута - ШЧУЧЫН ЛІТОЎСКІ, які называлі таксама Шчучынам Лідскім. Тут знаходзілася піярская школа (калегіюм), якая славілася добрай рэпутацыяй і ў якую адправілі Даніэля.

Тут "... прагны навукі семнаццацігадовы юнак абраў сабе за поле славы і грамадскай карысці Ордэн Піяраў і 25 ліпеня 1755 года ў тамашнім калегіюме прыняў яго рызы...", г.зн. распачаў паслушніцтва, якое праходзіў у піяраў на Палессі, у ЛЮБЯШОВЕ каля Пінска. У любяшоўскім калегіюме праграма навучання ахоплівала ўжо геаграфію, гісторыю і сучасныя мовы (нпр., французскую). Але адначасова гэта была і знакамітая гуманістычная школа, якая дазваляла як авалодаць лацінскай мовай і вывучыць старажытную літаратуру, так і пазнаць багацце і прыгажосць роднай мовы. Паслушніцтва ў Любяшове доўжылася два гады, наступныя два гады Нарбут вучыўся ў ДУБРОЎНІЦЫ, размешчанай таксама каля Пінска.

Нарбута перавялі з Дуброўніцы ў Вільню, а потым сям'я Казіміра Нарбута вырашыла за ўласны кошт паслаць здольнага маладога піяра ў Вечны Горад, каб ён мог там непасрэдна сутыкнуцца з самымі новымі навуковымі дасягненнямі і разумовай элітай у духоўных і свецкіх колах.

У Рыме 23-гадовы піяр прымае 6 красавіка 1761 года святарскае прысвячэнне. Папрацаваўшы выкладчыкам, Нарбут у 25 год атрымлівае пасаду прэфекта Віленскай піярскай друкарні. Па даручэнні ксендза Паўла Ксаверыя Бжастоўскага, віленскага каноніка і пісара Вялікага Княства Літоўскага, падчас сваёй працы ў Вільні Нарбут напісаў ПЕРШУЮ ПОЛЬСКАМОЎНУЮ ЛОГІКУ, якая пад назвай "Логіка, або прадумвання і разважання рэчаў навука" была надрукавана ў 1769 годзе ў Вільні - і "напісаная па загадзе", і выдадзеная за кошт Паўла Бжастоўскага, як падкрэслівае 31-гадовы аўтар, прысвячаючы яму гэтую кнігу.

"Логіка..." Нарбута даволі доўга выкарыстоўвалася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага як школьны падручнік...

Паводле Ірэны Стасевіч Ясюковай.


Святары - у цэнтры адраджэнцкіх працэсаў

Пісьменнік Аляксей Карпюк у сваім рамане "Данута" стварыў эпізадычны вобраз маладога каталіцкага святара, шляхетнага і разумнага, які ўпэўнены, што народ можна перамяніць праз адукацыю і культуру, а не праз рэвалюцыю і бунт.

"Перада мной сядзеў сімпатычны інтэлігент. Чорная сутана была на ім добра адпрасаваная і чысцюткая, а край белага і бліскучага ад крухмалу каўняра прыемна гарманіраваў з шыяй маладога і дужага мужчыны. Твар у ксяндза быў старанна паголены, прычоска ўкладзена волас у волас, загарэлы адкрыты лоб, а карыя вочы глядзелі на мяне смела і разумна, заклікаючы да шчырасці." Шаноўны пане, - прамовіў ксёндз, - не праз нівеліроўку і бунтарства нам трэба ісці. Трэба дапамагаць касцёлу ачысціць людзей ад прыроднага бруду."… ( А. Карпюк.)

Сёння каталіцкія святары ў больш за 350 парафіях Беларусі нясуць прыгожае беларускае слова ў народ, Божае слова. Пра фармацыю маладых святароў і іх служэнне мы пагутарылі з рэктарам Пінскай Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага, ксендзам Андрэем Рылкам.

- Ксёндз-рэктар, колькі студэнтаў вучацца сёння ў Вашай семінарыі? Адкуль яны паходзяць?

- У нас навучаецца 20 будучых святароў на розных курсах. Калі маладыя людзі адчуваюць у сваім сэрцы пакліканне, яны прыходзяць да нас у Пінскую семінарыю. Яны паходзяць з самых розных куточкаў Беларусі: ад Белавежскай пушчы да мяжы са Смаленшчынай, ад Піншчыны да Віцебшчыны. У гэтым - добрая разнастайнасць, што яны паходзяць з розных мясцін. Неабходна заўважыць, што Гарадзеншчына мае сваю духоўную семінарыю. Пасля шасці гадоў сумеснага навучання і фармавання будучыя святары становяцца, сапраўды, як родныя браты, наведваюць адзін аднаго, падтрымліваюць, і ў гэтым - вялікае багацце.

Быў такі перыяд, калі здавалася, што ў нас не стае хлопцаў, якія рашаюцца на такое сур'ёзнае, складанае пакліканне, бо нялёгка поўнасцю даверыць свае жыццё Божай справе, пасвяціцца служэнню цалкам. Сучаснай моладзі часта не хапае адвагі прыняць такое сур'ёзнае рашэнне на ўсё жыццё. Пры розных моладзевых спатканнях мы можам заўважыць, што ёсць шмат такіх юнакоў, якія адчуваюць пакліканне да святарства, але пры гэтым яны маюць многа страхаў. Мы цэнім тых, хто верны гэтаму пакліканню, і іх важна падтрымліваць. У гэтым годзе, сярод тых, хто паступіў, маем некалькі семінарыстаў пасля службы ў войску, а таксама такіх, якія прыйшлі пасля заканчэння ўніверсітэтаў.

- Ці ёсць у Вас курс па беларускай мове і літаратуры?

- Абавязкова. Першыя два гады навучання. Ёсць спецыяльны прадмет, які называецца "Беларуская культура", дзе мы дапамагаем студэнтам пазнаёміцца з багаццем беларускай культуры.

- Дзе будучыя святары папаўняюць свой досвед?

- На прыканцы вучобы нашы выпускнікі атрымліваюць пасвячэнне ў дыяканы. Праз паўгода-год яны атрымліваюць святарскае пасвячэнне. Пасля шасці год навучання ім, у першую чаргу, патрэбна практыка. Біскуп кіруе дыяканаў і новапасвечаных святароў да старэйшых і больш дасведчаных у душпастырстве, каб тыя дапамаглі маладым увайсці ў іх спецыфічную працу, навучыцца правільна паступаць у розных складаных сітуацыях, якія сустракаюцца ў служэнні. Зазвычай святары-пачаткоўцы скіроўваюцца ў некалькі парафій, служачы ў кожнай па 1-2 гады, што дае магчымасць папрацаваць у розных рэгіёнах краіны, у маленькіх і вялікіх супольнасцях, набіраючыся досведу працыі з дзеткамі і з моладдзю, і са старэйшымі. Першыя гады - гэта шматбаковая практыка.

Кожны семінарыст на заканчэнне вучобы здабывае ступень магістра тэалогіі. Тым, хто выказвае асаблівыя здольнасці ў навуковай працы, біскуп прапануе працягнуць навучанне, і яны едуць у каталіцкія ўніверсітэты, якія мы маем у Еўропе: у Італіі, Аўстрыі, Францыі ці Польшчы. Там яны атрымліваюць ступень доктара тэалогіі, права, філасофіі ці іншых навук, каб пасля працаваць у навуковым і акадэмічным асяроддзі. Так мы атрымоўваем высокакваліфікаваных выкладчыкаў.

- Восенню гэтага года Нацыянальная бібліятэка перадала семінарыі 21 том факсімільнага ўзнаўлення твораў Францішка Скарыны.

- Для нас гэта быў вялікі гонар, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі сярод усіх устаноў, якім былі ўручаны гэтыя кнігі, перадала іх і нашай семінарыі. Я прымаў гэты дарунак і асабіста дзякаваў дырэктару бібліятэкі Раману Сцяпанавічу Матульскаму. Спадар Раман пажадаў, каб маладыя святары былі знаёмы з багаццем спадчыны Францішка Скарыны. 500-годдзе кнігавыдання на Беларусі, якое пачалося з Бібліі - гэта пэўны знак. Важна, каб мы памяталі пра тое, што Францішак Скарына мог выбраць любую іншую кнігу ці іншага аўтара, а ён выдаваў, пісаў прадмовы і разважанні менавіта да Бібліі. Таму варта беларускай культуры зноў вярнуцца да Божага слова, якое так захапляла нашага першадрукара. Факсімільнае выданне "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" выстаўлена ў бібліятэцы семінарыі ў чытальнай зале, і семінарысты з вялікай цікавасцю прыходзяць пазнаёміцца з гэтым выданнем.

- Святарам, напэўна, трэба быць вельмі дасведчаным і падрыхтаванымі, каб дапамагаць моладзі вырашаць іх няпростыя праблемы?

- Святарскі досвед паказвае, што моладзь перадусім цэніць шчырасць. З моладдзю трэба быць шчырым. Моладзь трэба шчыра любіць, не чакаючы ад іх нічога. Жадаць ім дабра. Бацькі часам любяць дзяцей эгаістычнай любоўю, чакаючы чагосьці ўзамен. Калі ж да моладзі праяўляць шмат шчырай дабрыні, цэнячы кожнага з іх як унікальную асобу, дар Божы, і не прыціскаць іх, тады яны адкрываюцца. Моладзь бывае змучаная тым, што дарослыя ад іх пастаянна чагосьці чакаюць і патрабуюць. Важна, каб яны адчувалі, што ад іх не столькі патрабуюць, колькі жадаюць падзяліцца цікавым і карысным досведам, пры гэтым нічога не навязваючы, але сведчачы ўласным прыкладам. Гэта адкрывае іх на тое, каб яны пачалі слухаць і цаніць людзей старэйшага пакалення, адкрываліся на аўтарытэты. Святы Ян Павел II часта паўтараў, што трэба ўмець слухаць моладзь.

- Ксёндз Андрэй, раскажыце, калі ласка, трошачкі пра сябе і свой досвед. Адкуль Вы самі родам, дзе вучыліся? Хто паспрыяў Вашаму пакліканню да святарства, хто паслужыў для Вас прыкладам?

- Я родам з памежжа гістарычнай Піншчыны і Случчыны, з гэтак званых "коласаўскіх мясцін". Вырас у Ганцавіцкім раёне, дзе пачынаў сваю прафесійную і літаратурную творчасць наш пясняр - Якуб Колас. Маё дзяцінства і юнацтва былі вельмі моцна звязаныя з мясцовай творчай інтэлігенцыяй, якая гуртавалася пры літаратурна-этнаграфічнай спадчыне Коласа. Крушэнне атэістычнай сістэмы суправаджалася пошукам каранёў, чагосці вечнага і сапраўднага. Наша сям'я пачала гарнуцца да Касцёла. Прыклад мясцовага каталіцкага святара - шчырага, надзвычай інтэлігентнага і адкрытага - быў для мяне важным імпульсам да таго, каб пайсці таксама гэтым шляхам: несці людзям Божае святло праўды, годнасці, вечных і сапраўдных каштоўнасцей. Так я закончыў Гарадзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, атрымаў святарскае пасвячэнне, служыў у парафіях Берасцейскай вобласці.

- Раскажыце, калі ласка, як Вы вучыліся на філасофскім факультэце ў Люблінскім каталіцкім універсітэце імя Яна Паўла II. Якая была тэма Вашага дактарата?

- Пасля некалькіх гадоў душпастырскай працы ў парафіях, кардынал Казімір Свёнтак запрапанаваў мне працягнуць навучанне ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Там я скончыў спачатку магістратуру, а пасля - дактарантуру на філасофскім факультэце. Тэма майго дактарата - даследванне сутыкнення каталіцкай сістэмы адукацыі з новымі антыхрысціянскімі плынямі ў еўрапейскай філасофіі, пачынаючы з часоў французскай рэвалюцыі.

- Сёння Каталіцкі Касцёл вядзе працу з сем'ямі, праводзіць духоўныя практыкаванні, сужанскія сустрэчы, семінары ў абарону жыцця.

- Праца з сем'ямі вельмі важная. Сучасныя еўрапейскія супольнасці адчуваюць крызіс сям'і з прычыны наступстваў грамадскіх ідэалогій, якія мы перажывалі ў ХХ стагоддзі. Лібералізм б'е моцна па сям'і. Калі нешчаслівая сям'я, то і нешчаслівыя дзеці выходзяць з такой сям'і. Таму Касцёл прыкладае вялізарныя намаганні, каб падтрымаць сям'ю, каб дапамагчы бацькам, каб муж з жонкай былі шчаслівымі і дзеці у іх былі шчаслівымі. Тут патрэбна рознабаковая дапамога: маральная, духоўная, псіхалагічная, матэрыяльная. Касцёл у гэтым кірунку робіць вельмі шмат.

Папа Францішак звяртае ўвагу на тое, каб мы не спыняліся толькі на душпастырстве здаровых і веруючых сем'яў. Мы жывём ў такім свеце, дзе існуе вялікая колькасць разбітых сужанстваў, вялікая колькасць разведзеных, тых, хто жыве ўжо ў наступным шлюбе або перажывае пакінутасць і самоту. Вядома, што з пункту гледжання Божых запаведзяў яны маюць шматлікія праблемы і страхі. У іх ёсць сумневы, ці жывуць яны ў Божай ласцы, ці, можа, яны адкінутыя Касцёлам. У іх ёсць спакуса ўцякаць ад Бога, бо кожны напамін пра Яго - гэта выклік іх сумленню. Мы са свайго боку павінны ім дапамагчы. Можа, яны паводле нейкіх царкоўных/касцельных/ юрыдычных норм не могуць жыць усёй паўнатой практыкавання веры, прымаць св. Камунію (Прычасце), але гэта не значыць, што яны не могуць у іншых справах рэалізоўваць сябе як хрысціяне. Мы стараемся не замыкаць веру толькі да такіх " ідэальных" вернікаў, а выйсці насустрач тым, якія, можа, найбольш патрабуць дапамогі і падтрымкі, якія заблыталіся ў сваім жыцці.

- Новыя медыцынскія тэхналогі патрабуюць парады святара, каб распазнаць, што ёсць карыснага, а што ёсць дрэннага.

- Сапраўды, гэта вельмі важна. Мы ведаем, што камерцыялізацыя ўваходзіць у медыцыну і гэта вельмі небяспечна. Некаторыя фармацэўтычныя фірмы і канцэрны выкарыстоўваюць рэкламны бізнес і маркетынг, каб узбагаціцца за кошт прэпаратаў, якія на самай справе шкодныя або, прынамсі, сумнеўныя ў сваёй эфектыўнасці. Яны маніпулююць страхамі людзей, заклапочаннасцямі здароўем. Касцёл выступае супраць такіх маніпулятыўных і амаральных структур, якія, карыстаючыся клопатам пра здароўе, прапануюць метады лячэння або прэпараты, якія служаць не аздараўленню чалавека, але ўзбагачэнню фармацэўтычных фірм.

Існуюць пэўныя ідэалогіі, якія пужаюць людзей міфам пра пагрозу перанаселенасці планеты, тым самым у імя скарачэння кольскасці насельніцтва яны прапануюць аборты, кантрацэпцыю, эўтаназію. Гэта шлях у нікуды. Наадварот, трэба бараніць жыццё і годнасць кожнага чалавека як найсвяцейшую каштоўнасць на зямлі.

- Каталіцкі Касцёл удзельнічае ў шматлікіх культурных мерапрыемствах, фэстах духоўнай музыкі, фестывалях фільмаў, літраратурных чытаннях. Як Вы далучаеце да гэтых працэсаў Вашых студэнтаў?

- Духоўная семінарыя атрымлівае столькі запрашэнняў на самыя разнастайныя мерапрыемствы, што прыходзіцца выбіраць толькі некаторыя. Інакш мы б не паспявалі з навучаннем. Па-гэтаму зыходзім з прыярытэтаў, удзельнічаем у найбольш важных мерапрыемствах з пункту гледжання выхавання будучых святароў. Гэта, у першую чаргу, удзел у масавых паломніцтвах да цудадзейных абразоў Беларусі: Будслаў, Браслаў, Лагішын, Гудагай, Тракелі. Таксама стараемся ўдзельнічаць у музычных фестывалях, дзе семінарыю прадстаўляе музычны гурт нашых навучэнцаў "Подых Духа". У 2018 годзе плануем удзел, прынамсі, ў двух музычных фестывалях: "Дастукацца да нябёсаў" у Баранавічах 10 лютага і ў Беразінскім (каля Маладзечна) ў пачатку жніўня. Гэта найбольш масавыя музычныя форумы, якія збіраюць вельмі цікавых творцаў і некалькі тысяч моладзі, зацікаўленых хрысціянскай музыкай самых розных стыляў: ад класікі да року. Таксама ўдзельнічаем у літаратурных і мастацкіх спатканнях, на якія запрашаюць нас або навукова-акадэмічныя асяродкі, або бібліятэкі, або асобныя аўтары з нагоды прэзентацыі сваёй творчасці.

Вельмі цешыць тое, што ў Беларусі назіраецца вельмі бурлівае культурнае жыццё. Можа яму не хапае нейкай сучаснай рэкламы і відовішчнасці. Але, на маю думку, найважнейшае тое, што гэтая культурная і творчая актыўнасць кіруецца не камерцыяй, але натхненнем, патрэбай душы. Такая творчасць праўдзівая, таму яна вечная. А шчырасць і праўдзівасць - гэта аснова здаровай чалавечнасці, якая так неабходная сучаснаму свету.

- Дзякуй вялікі! Жадаем поспехаў у новым годзе Вам і Вашым студэнтам!

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара і Сatholic.by.

На здымках: 1. Ксёндз-рэктар Пінскай Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага, спадар Андрэй Рылка. 2. Перадача бібліятэцы семінары " Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны".


Юбілейныя і памятныя даты 2018 года

Студзень

1 студзеня - 60 гадоў з дня нараджэння ў вёсцы Курыцічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці Рыгора Сітніцы, старшыні Беларускага саюза мастакоў.

1 студзеня - 10 гадоў таму ў Беларусі абавязковая прапіска заменена на рэгістрацыю і ў пашпартах не сталі ставіць дазвольную адзнаку на выезд за мяжу краіны.

3 студзеня - 280 гадоў з дня нараджэння Казіміра Нарбута (1738, в. Крупава 1807 г.), асветніка, філосафа.

3 студзеня - 60 гадоў з дня нараджэння ў Нью-Ёрку Данчыка (сапр. Багдан Андрусішын) беларускага спевака, журналіста і грамадскага дзеяча.

8 студзеня - 430 гадоў з дня нараджэння Яна Юрыя Радзівіла (1588-1625 гг.), дзяржаўнага дзеяча ВКЛ.

11 студзеня - 125 гадоў таму нарадзілася Канстанцыя Буйло (1893-1986 гг.), паэтэса, заслужаны дзеяч культуры БССР.

13 студзеня - 375 гадоў з дня нараджэння Тодара Гераніма Абуховіча (1643-1707 гг.), мемуарыста, дзяржаўнага дзеяча ВКЛ.

13 студзеня - 75 гадоў з дня нараджэння Міколы Чарняўскага (1943 г.), паэта, празаіка.

19 студзеня - 180 гадоў з дня нараджэння Апалоніі з Далеўскіх Серакоўскаай.

21 студзеня - 200 гадоў таму (1818 г.) ў в. Славіна Манастырскага р-на Смаленскай вобл. нарадзіўся Адам Ганоры Карлавіч Кіркор, зтнограф, археолаг, выдавец, грам. дзеяч. Памёр 23.11.1886 г.

22 студзеня - 155 гадоў пачатку паўстання 1863 года ў Варшаве.

28 студзеня - 430 гадоў (1588 г.) вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт III зацвердзіў Статут ВКЛ.

28 студзеня - 75 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Мікалаевіча Пташука (1943-2002), кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі.

Студзень - 30 гадоў таму (1988 г.) выйшлі у свет навуковы і метадычны ілюстраваны часопіс "Беларуская мова і літаратура ў школе" (з 1992 г. мае назву "Роднае слова") і моладзевы часопіс "Крыніца".

Студзень - 25 гадоў таму (1993 г.) выйшаў у свет першы нумар навуковага, навукова-метадычнага "Беларускага гістарычнага часопіса".

Люты

1 лютага - 155 гадоў пачатку паўстання 1863 года на Беларусі і Літве, Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі ў гэты дзень абнародаваў Маніфест.

2 лютага - 180 гадоў з дня нараджэння ў в. Мастаўляны Беластоцкага ваяв. (1838 г.) Кастуся Вінцэся Сымонавіча Каліноўскага, публіцыста, паэта, кіраўніка паўстання 1863 -1864 гг. у Літве і на Беларусі. Загінуў 22.03.1864 г. у Вільні.

4 лютага - 210 гадоў з дня нараджэння (1808 г., фальв. Панюшкавічы Бабруйскага пав.) Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, драматурга і тэатральнага дзеяча. Памёр 29.12.1884 г.

8 лютага - 125 гадоў з дня нараджэння Антона Неманцэвіча (1893-1943), першага экзарха беларускай уніяцкай царквы выдаўца, публіцыста, педагога. Памёр у турме ў Берліне 01.04.1943 г.

10 лютага - 150 гадоў з дня нараджэння Каруся Каганца (сапр. Казімір-Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі), беларускага паэта і грамадскага дзеяча. Памёр 20 траўня 1918 г.

10 лютага - 125 гадоў з дня нараджэння (1893 г, маён. Мейшты Браслаўскага пав.) Станіслава Нікадзімавіча Булак-Балаховіча. Загінуў у 1939 г.

10 лютага - 90 гадоў з дня нараджэння (1928 г.) у в. Семежава Капыльскага раёна Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага, доктара тэхнічных навук, акадэміка НАНБ, канструктара па машынабулаванні, Героя Беларусі. Памёр 25 лютага 2013 г.

18 лютага - 125 гадоў з дня нараджэння Максіма Іванавіча Гарэцкага (1893- 1938), пісьменніка, літаратуразнаўца, крытыка, фалькларыста.

20 лютага - 100 гадоў таму назад (1918 г.) Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага з'езда прыняў Першую Ўстаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі - Народны сакратарыят Беларусі на чале з Язэпам Варонкам. Народны сакратарыят прыступіў да выканання абавязкаў 21 лютага. Пасада, раўназначная пасадзе міністра, называлася "народны сакратар".

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы.

23 лютага - 140 гадоў з дня нараджэння Казіміра Севярынавіча Малевіча, мастака, тэарэтыка мастацтва. Памёр 15.05.1935 г.

24 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння І.У. Скурко (1938-1989), беларускага паэта, кінадраматурга, перакладчыка.

26 лютага - 90 гадоў з дня нараджэння (1818 г., в. Шыркі Сенненскага р-на) Пятра Міронавіча Машэрава, які загінуў 4.10.1980 г.

27 лютага - 130 гадоў з дня нараджэння Я.Я. Бялевіча (1888-?), дзеяча беларускага нацыянальнага руху.

Сакавік

1 сакавіка- 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Генрыхавіча Пецюкевіча (1913 г.), паэта-песенніка.

2 сакавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Алеся Бачылы (1918-1983), беларускага паэта, драматурга.

4 сакавіка - 275 гадо ў з дня нараджэння (1743) Гераніма Сангушкі, ваеннага дзеяча Рэчы Паспалітай, генерала Вялікага Княства Літоўскага. У час паўстання супраць Расіі (1794) узначаліў у Гародні войскі Вялікага Княства Літоўскага. Памёр у 1812 г.

7 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Міхайлавіча Чарняўскага (1938 г.), археолага, мастацтвазнаўца, пісьменніка.

8 сакавіка - 460 гадоў з дня нараджэння (1558) Альбрыхта Радзівіла, дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага. Памёр у 1592 г.

9 сакавіка - 155 гадоў таму назад (1863) адбыўся бой паўстанцкага аддзела Людвіка Нарбута з царскімі войскамі пад Рудняй.

9 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння ў Вільні (1883 г.) Франішка Аляхновіча, драматурга, тэатральнага дзеяча. Забіты партызанамі 3 сакавіка 1944 г. у сваёй кватэры ў Вільні.

9 сакавіка - 100 гадоў таму назад прынята Другая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі.

10 сакавіка - 350 гадоў з дня нараджэння (1668) Юрыя Радзівіла, дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага. Памёр у 1689 г.

10 сакавіка - 225 гадоў з дня нараджэння Ігната Іосіфавіча Шыдлоўскага (1793- 1846), паэта, выдаўца, фалькларыста.

11 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Гілепа, беларускага гісторыка, краязнаўца.

12 сакавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Эдуарда Валасевіча (1918-1997), беларускага паэта-байкапісца.

15 сакавіка - 150 гадоў з дня нараджэння Яўгена Аляксандравіча Ляцкага (1868-1942), беларускага фалькларыста, этнографа.

15 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэня Г.М. Малажай (1938-2006), мовазнаўцы, літаратуразнаўцы.

17 красавіка - 15 гадоў таму (2003 г.) выйшаў у свет першы нумар "Краязнаўчай газеты" (заснавальнік - Беларускі фонд культуры).

25 сакавіка - 250 гадоў з дня нараджэння (1768) Адама Храптовіча, беларускага асветніка, грамадска-палітычнага дзеяча. Памёр у 1844 г..

25 сакавіка - Дзень Волі. 100 гадоў з дня абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

28 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Іосіфавіча Раговіча (1938, г.г. Парычы - 2005), харавога дырыжора, фалькларыста, педагога.

Красавік

4 красавіка- 125 гадоў з дня нараджэння Міколы Шчаглова-Куліковіча(1893-1969), кампазітара, музычнага і тэатральнага дзеяча.

5 красавіка - 225 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Радзівіла (1793-1856), дзяржаўнага дзеяча, мецэната, фалькларыста.

5 красавіка - 75 гадоў з дня нараджэння (1943) Мар'яна Дуксы, беларускага паэта.

6 красавіка - 90 гадоў з дня нараджэння (1928) Хведара Нюнькі, беларускага грамадска-культурнага дзеяча ў Літве.

11 красавіка - 155 гадоў таму назад (1863) адбыўся бой паўстанцкага аддзела Людвіка Нарбута з царскімі войскамі паміж Дубічамі і Глыбокім.

12 красавіка - 50 гадоў з дня нараджэння (1968) Сяргея Токця, беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук.

18 красавіка - 180 гадоў з дня нараджэння (1838) Уладзіслава Дыбоўскага, беларускага біёлага, мінеролага, палеантолага, фалькларыста, доктара мінералогіі. Памёр у 1910 г.

19 красавіка - 125 гадоў з дня нараджэння В.С. Гарбацэвіча (1893-1935), драматурга, педагога, заслужанага настаўніка БССР.

20 красавіка - 260 гадоў з дня нараджэння Іасафата Булгака (свецкае імя Ігнат, 1758-1838), беларускага царкоўнага дзеяча.

20 красавіка - 155 гадоў таму назад (1863) адбыўся бой паўстанцкага аддзела Людвіка Нарбута з царскімі войскамі пад Кавалькамі.

24 красавіка - 80 гадоў з дня нараджэння (1938) Алеся Стадуба, беларускага паэта.

25 красавіка - 150 гадоў з дня нараджэння (1868 г.) Рамана Аляксандравіча Скірмунта, палітычнага дзеяча. Забіты ў в. Парэчча Пінскага пав. у 1939 г.

Травень

1 траўня- 75 гадоў з дня нараджэння Алеся Крыгі(сапр. А.А. Асіпенка, 1943-2009), празаіка.

3 траўня - Сусветны дзень свабоды друку.

5 траўня - 155 гадоў таму назад загінуў пад Дубічамі начальнік паўстання Лідскага павета Людвік Нарбут.

9 траўня - 100 гадоў таму назад (1918) створаны ў Гародні Беларускі нацыянальны камітэт - орган беларускіх нацыянальных арганізацый Гарадзеншчыны.

16 траўня - 80 гадоў з дня нараджэння А.В. Луцэвіча (1938-2002), акцёра, заслуж. артыста Беларусі.

17 траўня - 100 гадоў з дня нараджэння (1918) Лізаветы Лаўрынайціс, беларускага мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук, дацэнта. Памерла ў 1994 г.

18 траўня - 80 гадоў з днянарадэння Міхаіла Антонавіча Позінца (1938 г.), дырыжора, народнага артыста Беларусі.

21 траўня - 330 гадоў з дня нараджэння Мікалая Фаўстына Радзівіла (1688-1746), дзярж. і ваен. дзеяч ВКЛ.

22 траўня - 155 гадоў з дня пераможнага бою (1863) паўстанцаў Кастуся Каліноўскага з расійскім войскам каля в. Кадыш (Гарадзенскі р-н).

25 траўня - 75 гадоў з дня нараджэння М.М. Федзюковіча (1943-1997), паэта, перакладчыка.

25 траўня - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Іванавіча Карызны (1938 г.), паэта.

26 траўня - 155 гадоў з дня смерці (1863 г.) Генрыха Дмахоўскага ў баі пад Парэччам.

28 траўня - 155 гадоў таму ў Вільні (1863 г.) павешаны паўстанцкі камандзір Баляслаў Колышка.

31 траўня - 70 гадоў з дня нараджэння Святланы Алексіевіч, беларускай пісьменніцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Чэрвень

1 чэрвеня - 75 гадоў з дня нараджэння (1943) Андрэя Майсяёнка, беларускага біёлага, краязнаўца, доктара біялагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

3 чэрвеня - 155 гадоў таму (1863 г.) адбылася бітва паміж паўстанцкімі атрадамі і царскімі войскамі пад Мілавідамі.

3 чэрвеня - 155 гадоў таму ў Вільні за абвяшчэнне маніфеста паўстання расстраляны жалудоцкі вікары, ксёндз Станіслаў Ішора.

3 чэвеня - 30 гадоў таму (1988 г.) быў надрукаваны артыкул З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва "Курапаты - дарога смерці" ў штотыдневіку "Літаратуры і мастацтва".

5 чэрвеня - 155 гадоў таму назад (1863) за абвяшчэнне маніфеста паўстання расстраляны на Лукішках пробашч касцёла ў Ваверцы (Лідскі р-н) Раймунд Зямацкі.

5 чэрвеня - 155 гадоў таму расстраляны паўстанец Альберт Ласковіч.

9 чэрвеня - 215 гадоў з дня нараджэння ў Нясвіжы Адольфа Міхала Валяр'яна Юліяна Янушкевіча (памёр 18 чэрвеня 1857, маёнтак Дзягільна Менскага павета Менскай губерні, цяпер у Дзяржынскім раёне Менскай вобласці) - беларускі паэт, этнограф, пісьменьнік.

9 чэрвеня - 150 гадоў з дня нараджэння (1868) Уладзіслава Вярыгі, беларускага этнографа і фалькларыста. Памёр у 1915 г.

14 чэрвеня - 30 гадоў адраджэння прадпрымальніцтва ў Беларусі.

15 чэрвеня - 80 гадоў з дня нараджэння В.С. Чайкі (1938-2007), мастака, жывапісца.

15 чэрвеня - 70 гадоў з дня нараджэння (1948 г., в. Баяры Нясвіжскага р-на) Анатоля Іванавіча Бутэвіча, дзяржаўнага дзеяа, пісьменніка, перакладчыка.

16 чэрвеня - 80 гадоў з дня нараджэння (1938 г.) у Яраслаўскім раёне Паўла Лук'янавіча Марыева, доктара тэхнічных навук, Героя Беларусі.

18 чэрвеня - 15 гадоў таму ў Ялце, на гарадскіх могілках, устаноўлены новы помнік Максіму Багдановічу.

20 чэрвеня - 110 гадоў з дня нараджэння (1908) Уладзіміра Галубовіча, беларускага і польскага археолага, прафесара. Памёр у 1962 г.

20 чэрвеня - 80 гадоў з дня няраджэння М.А. Аўласевіча (1938-2008), мовазнаўца.

22 чэрвеня - 130 гадоў з дня нараджэння (1888, Берасце) Аляксандра Іванавіча Цвікевіча, грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, юрыста, філосафа, публіцыста. Загінуў 30 снежня 1937 г. у Менску.

24 чэрвеня - 155 гадоў таму ў Лідзе за абвяшчэння маніфеста паўстання расстраляны ішчлнскі пробашч ксёндз Адам Фалькоўскі.

26 чэрвеня - 80 гадоў таму - першыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР.

26 чэрвеня - 15 гадоў таму ў Менску закрыты Беларускі гуманітарны ліцэй, які існаваў з 1991 г.

Чэрвень - 25 гадоў таму выйшаў у свет гістарычна-публіцыстычны ілюстраваны часопіс "Беларуская мінуўшчына", які выдаваўся да 1999 г.

Ліпень

1 ліпеня- 425 гадоў з дня нараджэння Альбрыхта Станіслава Радзівіла (1593-1656), дзяржаўнага дзеяча, пісьменніка, гісторыка.

5 ліпеня - 80 гадоў з дня нараджэння У.Г. Машкова (1938-2000), празаіка.

5 ліпеня - 80 гадоў з часу заснавання Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.

6 ліпеня - 230 гадоў з дня нараджэння Дамініка Манюшкі (1788, Меншчына - 1848), асветніка, філантропа.

8-10 ліпеня - 25 гадоў таму (1993 г.) у Менску ў Вялікім тэатры оперы і балета праходзіў 1-шы з'езд беларусаў свету.

15 ліпеня - 80 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Андрэевіча Шабаліна, публіцыста. празаіка. заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

19 ліпеня - 100 гадоў таму назад (1918) адкрыта ў Гародні беларуская прагімназія.

19 ліпеня - 30 гадоў таму (1988 г.) у Віцебску пабудаваны летні амфітэатр з самымі вялікімі ў краіне сцэнай і залай на 5400 месцаў. У ім штогод праводзіцца фестываль песні "Славянскі базар".

27 ліпеня - 155 гадоў з дня пакарання смерцю аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 г. Зыгмунта Серакоўскага.

29 ліпеня - 110 гадоў з дня нараджэння Юркі Лявоннага (сапр. ЮркевічЛеанід Мікалаевіч, 19087-1937), беларускага паэта, перакладчыка.

30 ліпеня - 70 гадоў з дня нараджэння Захара Васільевіча Шыбекі, беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара.

Ліпень. 10 гадоў таму ў Светлагорскім р-не ля в. Каралёва Слабада доктар гістарычных навук С.Я. Расадзін раскапаў былы горад Казімір, які быў знішчаны ў 17 ст.

Жнівень

4 жніўня - 180 гадоў з дня нараджэння Юзафа Беркмана(1838-1919), беларускага жывапісца.

5 жніўня - 60 гадоў з дня нараджэння (1958) Уладзіміра Макея, беларускага дзяржаўнага дзеяча, дыпламата.

6 жніўня - 80 гадоў з дня нараджэння Ігара Міхайлавіча Лучанка (1938 г.), кампазітара, народнага артыста СССР.

9 жніўня - 125 гадоў з дня нараджэння В.Ф. Мачульскага, беларускага літаратуразнаўца.

12 жніўня - 70 гадоў з дня нараджэння (1948) Алены Шандар, беларускага мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Гарадзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

12 жніўня - 60 гадоў з дня нараджэння (1958) Паўла Лойкі, беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук, дацэнта. Памёр у 2010 г.

14 жніўня - 155 гадоў з дня расстрэлу (1863 г.) ксендза Ісідора Нарэйкі

14 жніўня - 75 гадоў з дня нараджэння (1943) Аляксандра Місцюкевіча, беларускага грамадскага дзеяча, краязнаўца.

20 жніўня - 90 гадоў з дня нараджэння (1928 г. ) у в. Некрашэвічы Карэліцкага р-на Івана Васілевіча Палуяна, доктара гістарычных навук, прафесара.

21 жніўня - 80 гадоў з дня нараджэння С.М. Ларчанкі, беларускага мастака манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, скульптара.

23 жніўня - 155 гадоў з дня расстрэлу (1863 г.) ксендза Тэафіла Рачкоўскага.

28 жніўня - 130 гадоў з дня нараджэння А.В. Багдановіча (1888-1969), беларускага мовазнаўца.

31 жніўня - 250 гадоў з дня нараджэння (1768) Раймонда Корсака, польскага паэта. З в. Жукоўшчына (Дзятлаўскі р-н). Памёр у 1817 г.

Верасень

1 верасня - Дзень ведаў.

1 верасня - 155 гадоў з дня бітвы (1863) паўстанцаў Кастуся Каліноўскага з расійскім войскам каля мяст. Баруны (Ашмянскі р-н).

2 верасня - Дзень беларускага пісьменства.

4 верасня - 125 гадоў з дня нараджэння Юзюка Фарботкі (Язэпа Аўгусцінавіча; 1893-1956), беларускага паэта, літаратуразнаўца, перакладчыка.

4 верасня - 90 гадоў з дня нараджэння (1928) Яраслава Звяругі, беларускага археолага, кандыдата гістарычных навук. Памёр у 2011 г.

8 верасня - Міжнародны дзень пісьменнасці.

8 верасня - Дзень беларускай вайсковай славы.

10 верасня - 125 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Міхайлавіча Ляўданскага (1893- 1937), археолага.

13 верасня - 125 гадоў з дня нараджэння Андрэя Мрыя (сапр. Андрэй Антонавіч Шашалевіч; 1893-1943), беларускага пісьменніка, журналіста.

13 верасня - 60 гадоў з дня нараджэння (1958) Аляксандра Краўцэвіча, беларускага гісторыка, археолага, пісьменніка.

15 верасня - 15 гадоў таму ў Менску, на плошчы Свабоды, адбылося ўрачыстае адкрыццё занава пабудаванай ратушы.

20 верасня - 115 гадоў з дня нараджэння (1903) Наталлі Арсенневай, беларускай паэткі. Памерла ў 1997 г.

20 верасня - 75 гадоў з дня нараджэння Ніны Мацяш (1943-2008), паэтэсы, драматурга, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

21 верасня - 100 гадоў з дня нараджэння (1918) Фёдара Янкоўскага, беларускага мовазнаўца, пісьменніка, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Памёр у 1989 г.

21 верасня - 100 гадоў з дня нараджэння (1918) Браніславы Маргуліс, беларускага і яўрэйскага гісторыка, кандыдата гістарычных навук. Памерла ў пач. 2000 гг.

23 верасня - 75 гадоў таму назад (1943 г.) ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вызвалены першы раённы цэнтр БССР - Камарын.

24 верасня - 125 гадоў з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі (1893-1974), мемуарыста, заслужанага дзеяча культуры БССР.

25 верасня - 80 гадоў В.М. Целешу, мастаку, краязнаўцу фалькларысту.

26 верасня - Еўрапейскі дзень моў.

28 верасня - 80 гадоў з дня нараджэння (1938) Мечыслава Грыба, беларускага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, генерал-лейтэнанта міліцыі, засл. юрыста Беларусі.

30 верасня - 290 гадоў з дня нараджэння (1728) Марціна Пачобута-Адляніцкага, асветніка, астранома, прафесара. Памёр у 1810 г.

Кастрычнік

5 кастрычніка - 560 гадоў з дня нараджэння Казіміра Святога(1458-1484), дзяржаўнага дзеяча ВКЛ і Польскага каралеўства.

7 кастрычніка - 230 гадоў з дня нараджэння Івана Насовіча (1788-1877), літаратара, мовазнаўца, лексікографа, фалькларыста.

7 кастрычніка - 75 гадоў з дня нараджэння Я.П. Жыпілы (1934-1999), народнага артыста Беларусі.

10 кастрычніка - 130 гадоў з дня нараджэння (1888) Мікалая Дзямідава, беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, вайскоўца, педагога. Памёр у 1967 г.

13 кастрычніка - 130 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча (1888-1954), мастака, скульптара.

15 кастрычніка - 80 гадоў з дня нараджэння (1938) Пятра Макарэвіча, беларускага паэта. Памёр у 2014 г.

18 кастрычніка - 125 гадоў з дня нараджэння У. I. Уладзімірскага (сапр. Малейка 1893-1971), акцёра, народнага артыста СССР.

19 кастрычніка - 155 гадоў з дня расстрэлу (1863 г.) ксендза Антонія Гаргаса.

19 кастрычніка - 100 гадоў таму назад (1918) у Лідзе заснавана першая беларуская нацыянальная арганізацыя новага часу на чале з генералам Яўгенам Аляксандравічам фон Гротэ дэ Буко.

19 кастрычніка - 30 гадоў таму (1988 г.) у Менску створаны арганізацыйны камітэт "БНФ за перабудову "Адраджэньне".

22 кастрычніка - 100 гадоў з дня нараджэння (1918) Алеся Бажко, беларускага пісьменніка. Памёр у 2013 г.

24 кастрычніка - 90 гадоў з дня нараджэння А.Я. Супруна (1928-1999), мовазнавец.

26 кастрычніка - 180 гадоў з дня нараджэння М. В. Радзевіча (1838 - пасля 1917), публіцыста, крытыка, педагога, этнографа.

29 кастрычніка - 80 гадоў з дня нараджэння Янкі Саламевіча, літаратуразнаўца, краязнаўца, бібліёграфа, перакладчыка.

Лістапад

6 лістапада - 135 гадоў з дня нараджэння (1883 г.) Язэпа Юр'евіча Лёсіка, грамадскага дзеяча, мовазнаўцы, пісьменніка, акадэміка АН БССР. Памёр 01.04. 1940 г.

7 лістапада - 80 гадоў з дня нараджэння В.У. Блакіта (сапр. Болтач, 1938-2007), празаіка.

8 лістапада - 160 гадоў з дня нараджэння Тадэвуша Урублеўскага (1858-1925), адваката, публіцыста, грамадскага дзеяча.

8 лістапада - 135 гадоў з дня нараджэння (1883 г.) Вацлава Юстынавіч Ластоўскага, грамадскага дзеяча, гісторыка. Расстраляны ў турме г. Саратава 23.01.1938 г.

8 лістапада - 80 гадоў з дня нараджэння Івана Сачанкі (1938 г.), гісторыка, журналіста.

9 лістапада - 160 гадоў з дня нараджэння У.К. Стукаліча (1858-1918), гісторыка, літаратуразнаўца.

11 лістапада - 90 гадоў (1928 г.) з дня нараджэння Алеся Мікалаевіча Белакоза ў в. Ляткі Мастоўскага раёна. Памёр 01.12.2016 г.

12 лістапада - 150 гадоў з дня нараджэння (1868 г.) Ганны Баляславаўны Місуны, першай жанчыны-геолага Беларусі. Памерла 02.05.1922 г.

14 лістапада - 125 гадоў з дня нараджэння (1893) Льва Багдановіча, брата Максіма Багдановіча, вайскоўца. Загінуў у 1918 г.

16 лістапада - 130 гадоў з дня нараджэння Вінцэся Гадлеўскага (1885-1942), грамадскага і рэлігійгага дзеяча.

17 лістапада - 125 гадоў з дня нараджэння (1893, Дзвінск, цяпер г. Даўгапілс, Латвія) Кастуся Барысавіча Езавітава, палітычнага, грамадскага і ваеннага дзеяча, публіцыста. Загінўу 23 траўня 1946 г. у турме ў Менску.

20 лістапада - 70 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Іосіфаўны Янішчыц (1948-1988), беларускай паэткі.

21 лістапада - 125 гадоў з дня нараджэння У.М. Страмінскага (1893-1952), мастака.

26 лістапада - 75 гадоў таму (1943 г.) савецкія войскі вызвалілі першы абласны цэнтр Беларусі - г. Гомель.

28 лістапада - 60 гадоў з дня нараджэння (1958 г.) у Берасці Уладзіміра Мікалаевіча Карвата, першага Героя Беларусі, лётчыка, які загінуў загінуў 23 траўня 1996 года, ратуючы вёску.

30 лістапада - 250 гадоў з дня нараджэння (1768) Андрэя Снядэцкага, беларускага і польскага асветніка, вучонага ў галіне хіміі, доктара медыцыны і філасофіі, прафесара. Памёр у 1838 г.

30 лістапада - 230 гадоў з дня нараджэння К.А. Буйніцкага (1788-1878), пісьменніка, публіцыста, краязнаўца.

Снежань

4 снежня - 75 гадоў з дня нараджэння Казіміра Камейшы, беларускага паэта.

4 снежня - 15 гадоў таму (2003 г.) Канстытуцыйны Суд РБ прызнаў, што на практыцы парушаецца баланс ужывання беларускай і рускай моваў. Ён прапанаваў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўнесці змены ў заканадаўства для падтрымкі беларускай мовы.

7 снежня - 140 гадоў з дня нараджэння (1878) Андрэя Зязюлі, беларускага паэта, каталіцкага святара. Памёр у 1921 г.

10 снежня - 70 гадоў з дня прыняцця (1948 г.) Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Яна складаецца з 30 артыкулаў. Прапануецца для выканання ўсімі дзяржавамі, якія ўваходзяць у склад ААН.

12 снежня - 100 гадоў з дня нараджэння Кастуся Кірэенкі (сапр. Канстанцін Ціхановіч; 1918-1988), беларускага паэта.

14 снежня - 440 гадоў з дня нараджэння (1578) Юрыя Радзівіла, дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага. Памёр у 1613 г.

16 снежня - 80 гадоў з дня нараджэння Эдуарда Канстанцінавіча Агуновіча (1938), мастака.

18-26 снежня - 40 гадоў з часу першага палёту (1973 г.) у космас беларускага касманаўта Пятра Ілліча Клімука. Пабываў у космасе на караблі "Саюз-13".

21 снежня - 100 гадоў з дня ўтварэння (1918) "Першага беларускага палка ў Гародні".

23 снежня - 80 гадоў таму (1938 г.) створаны Беларускі саюз мастакоў.

24 снежня - 220 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча (1798-1855), паэта, публіцыста грамадскага дзеяча.

26 снежня - 125 гадоў з дня нараджэння Яўгена Цікоцкага (1893-1970), кампазітара, народнага артыста СССР.

27 снежня - 100 гадоў з дня пераезду (1918) у Гародню ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам.

28 снежня - 155 гадоў з дня расстрэлу (1863 г.) ксендза Антонія Мацкевіча.

30 снежня - 10 гадоў таму ў Менску адкрыўся спартыўны комплес "Мінскарэна" (веладром).

У 2013 годзе спаўняецца:

525 гадоўтаму назад (1593 г.) у друкарні Мамонічаў у Вільні надрукаваны "Буквар".

455 гадоў таму назад (1563 г.) у Вільні выйшла ў свет першая беларуская газета "Навіны грозныя і жаласлівыя…"

240 гадоў (1778 г.) з дня нараджэння Міхаіла Гедэона Радзівіла, галоўнакамандуючага паўстання 1830-1831 гг. у Польшчы і Літве.

125 гадоў таму (1893 г.) у маёнтку Вялава, што ў Налібоцкай пушчы, граф Бенядыкт Станіслававіч Тышкевіч (1852-1935) зрабіў фоталабараторыю і здымачны павільён. Адзін з першых фатограваў Беларусі.

120 гадоў таму назад (1898 г.) у Віцебску пушчаны першы ў Беларусі трамвай.

80 гадоў таму быў створаны Ансамбль песні і танцу Беларускай вайсковай акругі (цяпер Акадэмічны ансамбль песні і танцу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь).

30 гадоў таму назад завершана выданне "Збору помнікаў гісторыі і культуры" ў 8 тамах.

10 гадоў таму на р. Нёман пачалося будаўніцтва Гарадзенскай ГЭС, якая ўступіла ў дзеянне ў верасні 2012 г.

Склалі: Сымон Барыс, Станіслаў Суднік.


Спадчына

Верш, прысвечаны кампазітару Антону Валынчыку

З гарадзенскім паэтам і журналістам Уладзімірам Шурпам (1939-1998) я пазнаёміўся яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. Ён працаваў на Гарадзенскім абласным радыё журналістам і часам бываў у Слоніме. Тут мы і сустрэліся. Невысокага росту, сціплы і шчыры чалавек распавядаў пра сваю працу на радыё, прасіў дасылаць інфармацыі, пісаць пра тыя падзеі, якія адбываюцца на слонімскай зямлі. Тым больш, я працаваў у "Слонімскім весніку", а Гарадзенскае радыё цікавілася навінамі з рэгіёнаў.

Зрэдчасу Уладзімір Шурпа тэлефанаваў мне, нават некалькі разоў рабіў са мной гутаркі на радыё. Пазней я даведаўся, што родам ён быў з вёскі Саволеўка, якая знаходзіцца недалёка ад Гародні. І сёння заўсёды прыгадваю Уладзіміра, калі са Слоніма еду ў абласны цэнтр і прыдарожная шыльда паказвае на Саволеўку.

Пасля школы Уладзімір Шурпа працаваў у Скідзельскай МТС, потым на цукровым заводзе, а ў 1964 годзе скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага педінстытута. Працаваў настаўнікам, дырэктарам сельскіх школ, а з 1974 года - журналістам Гарадзенскага абласнога радыё.

Вершы Уладзімір Шурпа пісаў з маленства. А друкавацца пачаў з 1959 года. Яго паэтычныя творы змяшчаліся ў многіх калектыўных зборніках. У прадмове да зборніка літаратурнай Гарадзеншчыны "Краю мой - Нёман" (Мн., 1986) Васіль Быкаў аднёс Уладзіміра Шурпу да "вопытных майстроў паэтычнага слова". Гэты вопытны майстар у 1996 годзе выдаў у Гародні свой першы і адзіны зборнік вершаў "Перазвон адліг".

Збіраючы звесткі пра свайго земляка кампазітара і музычнага педагога з вёскі Мяльканавічы Слонімскага раёна Антона Валынчыка (1896-1985), звярнуўся я ў 2009 годзе да гарадзенскага кампазітара Яўгена Петрашэвіча. Тады спадар Петрашэвіч перадаў мне шмат каштоўных дакументаў Антона Валынчыка, якія мне дапамаглі ў напісанні кнігі "Жыў роднай песняй" (Мн., 2010). Гэта былі ноты і тэксты песень, запрашальныя білеты і фотаздымкі, скрыпка, граматы і дыпломы Антона Валынчыка. Многія з гэтых рэчаў я перадаў у Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага. Сярод архіўных папер Антона Валынчыка нядаўна адшукаўся і верш Уладзіміра Шурпы "Антону Валынчыку". Ён быў напісаны паэтам да 85-годдзя Антона Валынчыка. Гэты верш нідзе раней не публікаваўся. Таму прапаную яго "Нашаму слову".

Сяргей ЧЫГРЫН.

Антону Валынчыку

Над сялянскім

простым зрубам

Шчодра сонца прыгравала,

І зямля Айчыны любай

Песняра падаравала.

А зязюля кукавала…

Падрастаў Антон Валынчык

На нішчымнай, на галынцы,

Ліха зведана нямала.

А зязюля кукавала…

Ды заззялі для грамады

Промні новае улады,

Адыйшла ў нябыт навала.

А зязюля кукавала…

Расцвітае шчодра талент

Хлопца з слонімскай сядзібы,

Кім былі і кім мы сталі!

Век бы жыў і век свяціў бы,

На спачын пара настала.

А зязюля кукавала…

Ветэран не кажа - годзе,

Юбілеі хоць святкуе,

Ён з народам і ў народзе,

І натхненне не праходзіць,

Бо зязюля ўсё кукуе.

Уладзімір Шурпа, 1981 г. На здымку: А. Валынчык.


Плакаты завуць і клічуць

Менскі Палац мастацтваў. Будзённы восеньскі паказ.

Смех і грэх, горш высмеяць сябе аднапартыйная сістэма не магла, чым наладзіўшы ў Маскве, Новасібірску, Ленінградзе цудоўную выстаўку выдатных савецкіх плакатаў. Нарэшце пакацілася выстаўка па правінцыйных адсталых гарадочках - Кіеве, Ташкенце, Рызе, Тбілісі, Кішынёве, Душанбэ, Менску.

Ідэя выстаўкі актуальная ў дзейны перабудоўны час. Паказаць нясціхную прагрэсіўную хаду савецкай улады праз элементарна простае, нам гадамі паказванае, нагляднае, усім даступнае - плакаты, лозунгі.

Аднавяскоўцы Ігар Бадановіч і Аляксей Бялько за гэта лета трэці раз былі ў Менскім палацы мастацтваў. На гэты раз спяшаліся запісваць, фатаграфаваць. Пэўніліся, мясцовыя беларускія цэнзары не пракапялюшаць усесаюзную і маскоўскую крамолу, прыляпнуць вераснёўскую выстаўку. На трэцім годзе перабудовы такія плакаты рана паказваць, асабліва ў правінцыях гмахкай краіны. Менскія цэнзары свяцейшыя за Папу Рымскага.

Не памыліліся два сябры.

Хаця, на цвярозы розум, выстаўкам не было што хаваць, чаго таіцца. Кожны з вывешаных плакатаў і лозунгаў месяцамі, дзе там, гадамі высвечваўся ў газетах, кнігах, на стэндах, сценках. Зазыўныя поклічы чыталі мільёны, школьнікі і студэнты цытавалі ў кантрольных, на экзаменах, заліках.

Перабудове шырокую дарогу!

Таварышы! Будзем верныя ідэалам Кастрычніка, адстаім імя і справу Леніна!

Народныя дэпутаты - камуністы! Памятайце аб высокім даверы выбаршчыкаў, ўмацоўвайце Савецкую ўладу! Сваю ініцыятыву, канструктыўную і эфектыўную працу ў Саветах накіроўвайце на карысць народа.

Грамадзяне нашай шматнацыянальнай Айчыны! Будучыня СССР - у адзінстве суверэнных рэспублік! Так - новаму Саюзнаму дагавору!

Братэрскае прывітанне камуністам, прыхільнікам сацыялістычнай ідэі, усім прагрэсіўным сілам планеты!

Гарбачоў: нашым дзецям трэба малако.

Будзем жыць пры камунізме!

Рыначныя адносіны працоўным калектывам.

У палітыцы навіны не асноўнае.

Павернем паўночныя рэкі.

Болей тавараў палепшанай якасці.

Эканоміка павінна быць эканомнай.

Пяцігодку не сарваць.

Нечарназем'ю - клопат партыі і народа.

БАМ нарэшце завершым.

Далоў бесперспектыўныя вёскі.

Дарогу кукурузе - каралеве палеткаў.

Ліквідуем рэшткі рэлігійнага дурману.

Дагонім і перагонім Амерыку.

Цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме.

Прыродныя выкапні нашай Радзімы бясконцыя.

Дадзім тры планы па мясе і два па малаку.

Перавысім звышпланавыя сацыялістычныя абавязацельствы на 50%.

Цалінным землям глыбокае ворыва.

Радзіма-маці заве!

Будзем біць ворага на яго тэрыторыі.

Выявім ізвергаў і патайных ворагаў народа.

Скінем лапці, пераабуемся ў гумавікі і боты.

З няшчасных хутароў у шчаслівыя калгасы.

Знішчым хутарскую сістэму.

Жанчыну з кухні на п'едэстал.

Газету ў кожную хату-чытальню.

Гарэлку піць толькі патрошку.

Лішэнцаў у халады Сібіру.

Развернем барацьбу з класава чужым элементам.

Рэлігія - опіум народа.

Камсамолкі, разумейце несямейных камсамолак.

Жаночы дзень - у сем'і перадавых работніцаў і сялянак.

Далоў рэлігію.

Папоў да сценкі.

Няграматнасць вон з хатаў і дамоў.

Інтэлігентаў, афіцэраў і паноў - да сценкі.

Ты запісаўся ў Чырвоную Армію?

Рэвалюцыя - лакаматыў гісторыі.

Наш лозунг - тварам да вёскі

Абламаем лапы шкоднікам і інтэрвентам.

Заменім уладу рэўкомаў уладай Саветаў.

Узмацнім адпор кулаку.

Пытанне ўсіх пытанняў - адносіны паміж горадам і вёскай.

Дальнейшы націск на кулака - працяг нашай палітычнай лініі.

Ударым па шпекулянту, парушальніку савецкіх законаў.

Стойка праводзіць класавую лінію - значыць асаджваць кулака.

Лозунг ліквідацыі кулацтва стаў у нас галоўным.

Забяспечым згуртаванасць батрацка-бядняцкага ядра.

Шырэй выкарыстоўваць кулацкую арганізаванасць у сацыялістычным будаўніцтве.

Выраўняць фронт сацыялістычнага будаўніцтва.

Вярнуць маёмасць няправільна раскулачаным.

Не дапусціць кулакоў і лішэнцаў у кааперацыю.

Выберам бясконных і вызваленых ад сельгаспадатку.

У райвыканкамы - пралетарскія пласты.

"Не" - лозунгу вызваліць Саветы ад камуністаў.

"Не" - утрыманскім і ўраўняльным тэндэнцыям беднякоў.

Не страціць кантроль над мясцовымі Саветамі.

Калектыўнай апрацоўцы зямлі - інтэнсіфікацыю і машынізацыю.

Самаабкладанне ў вёсцы пашыраць.

Выйграць бітву з контррэвалюцыйнымі элементамі ў вёсцы.

Адваяваць серадняка ў кулака.

Хлебанарыхтоўкі выканаць! Нават канфіскацыяй збожжа ў серадняка.

Не баяцца абвастрэння класавай барацьбы ў вёсцы.

Не дапусціць развалу блока беднаты і серадняка.

Арганізаванасці заможнікаў супрацьпаставіць арганізаванасць бедняка і пралетара.

Дапаможам пралетару вёскі ўзмацніць кіроўную ролю беднякоў у сельсаветах.

Расшырыць абкладанне другарадных прыбыткаў.

Расшырым савецкую дэмакратыю.

Пазбаўленым выбарчых правоў няма добрай працы.

Не адновім НЭПаўшчыну.

Усе за калектывізацыю сельскай гаспадаркі.

Выявім кулацкія схроны і запасы

Кулацтву - бой!

Смерць буржуазіі і яе прыхвасням.

Свята жаночага дня толькі для перадавых работніц і сялянак.

Прымусіць рабочага адмовіцца ад папоў.

Створым антыцаркву і антысаборы.

Хрыстос не заклікаў дараваць.


Смех і грэх, нават ім, доктару сельскагаспадарчых навук Ігару Бадановічу і слуцкаму лекару Аляксею Бялько, нямала асветным у палітычнай праўдзе/няпраўдзе роднай краіны, сабраныя купна, убачаныя ў далі часу лозунгі і плакаты заяснелі выродствам, свядома твораным нядаўнімі начальнікамі дабрачных, працавітых і тупых продкаў.

Сябрукі абзванілі знаёмцаў, пераказалі суседзям сходу паглядзець цемру шматгадовых выдатных савецкіх выгаласкаў. Назаўтра планавалі прыйсці на выстаўку. Не ў адзіночку.

Прыйшлі. Не ў адзіночку. Пацалавалі замок. Па тэхнічных прычынах і з-за адсутнасці наведнікаў выстаўка тэрмінова зачынілася: старыя плакаты нікога не зацікавілі. Карысці нікому не прыносілі, мусілі выстаўку ў Менску закрыць раней часу.

Добра, знялі плакаты. Дык дазвольце прачытаць дадатковыя допісы на класна выкананых размалёўках і дадатках менскіх мастакоў да прывезеных маскоўскіх плакатаў і лозунгаў.

- Пра якія дадаткі і размалёўкі вы гаворыце, ніхто іх не бачыў. Гэта студэнты накрэмзалі нешта на шпаргалках, наляпалі ўзбоч.

Кнігу прапановаў і скаргаў патрабавала сімпатычная таўсмаценькая чарняўка.

- Кніга водгукаў была тут ці не, не памятаю, я радавая супрацоўніца.

Ёй і яшчэ некалькім чалавекам другі шараговы супрацоўнік Палаца мастацтваў сітуацыю граматна растлумачыў. Выстаўка ўчора закрылася, за тыдзень наведаць яе мог кожны мянчук і госць сталіцы, кнігу прапановаў забралі арганізатары.

- У абласных цэнтрах выстаўку пакажуць?

Жэншчына, не смяшыце народ.

На адыходзе асветны стары пасівелы супрацоўнік разумна буркоча:

- Гадамі анекдоціліся, цяпер трошкі агаліліся, а ўжо беларускія ўладнікі саромеюцца ўласнай шматгадовай тупасці. Нічога пяцігодкамі не бачылі, а тут за дзень пасвятлелі, плакатная хмурынка заўважылася...

Валер Санько, пісьменнік, доктар народнай медыцыны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX