Папярэдняя старонка: 2018

№ 04 (1363) 


Дадана: 24-01-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 4 (1363), 24 студзеня 2018 г.


Паседжанне Рады ТБМ

21 студзеня ў Меску прайшло паседжанне Рады ТБМ. Рада разгледзела наступныя пытанні:

1. Святкаванне 100-гадовага юбілею БНР.

2. Справаздача старшыні ТБМ за 2017 г.

3. Абмеркаванне і прыняцце плана дзейнасці ТБМ на 2018 г.

4. Аб фінансавым становішчы арганізацыі.

5. Прыняцце Пастановы аб памеры штогадовых складак.

6. Прыняцце звароту да ўдзельнікаў мясцовых выбараў.

7. Аб зменах у рэдкалегіі газеты "Наша слова".

8. Рознае.

Рада разгледзела тактыку дзейнасці ТБМ падчас падрыхтоўкі і святкавання 100-годдзя БНР. У прыватнасці аргкамітэт начале з Радзімам Гарэцкім увайшоў у агульнанацыянальны аргкамітэт. Асобна ТБМ запланавала выдаць паштоўку да 100-годдзя БНР, выпусціць два сакавіцкія нумары "Нашага слова", прысвечаныя БНР, мясцовым арганізацыям рэкамендована арганізаваць шэраг мерапрыемстваў па ўсёй Беларусі. Так ад спадара Навумчыка паступіла прапанова апублікаваць у "Нашым слове" сцэнар школьнага свята да 100-годдзя БНР.

Падчас абмеркавання Плана на 2018 год было разгледжаена пытанне аб узнагародзе ТБМ. Рада згадзілася з неабходнасцю ўвядзення такой узнагароды і даручыла Сакратарыяту прапрацаваць дэталі.

Рада павысіла з 1 ліпеня 2018 года памер штогадовых складак, які не мяняўся ўжо тры гады, і абавязала мясцовыя арганізацыі актывізаваць збор складак з усіх сяброў ТБМ.

Рада прыняла зварот да ўдзельнікаў мясцовых выбараў.

Рада ўвяла сябра Рады Людвіку Таўгень у склад рэдкалегіі газеты "Наша слова".

У "Розным" увагі заслугоўвае спавешчанне Валянціны Раманцэвіч пра існаванне розных лінгвістычных канфігурацый у сённяшнім беларускім грамадстве:

- афіцыйная дзяржаўная лінгвістычная сістэма;

- лінгвістычная сістэма каталіцкага касцёла;

- лінгвістычная сістэма праваслаўнай царквы;

- ці то сістэма мовы ці сістэма слэнгаў, якая ўжываецца ў моладзевым асяроддзі, у т.л. на курсах "Мова нанова".

А як быць школьніку? Як пісаць у сачыненні: Езус, Іісус ці Ісус? Калі настаўніца не выправіць памылку?

Спадарыня Валянціна прапанавала правесці на ўзроўні Акадэмі навук адпаведкую канферэнццыі па стандартызацыі лінгвістычных сістэм.

Наш кар.


Зварот да ўдзельнікаў мясцовых выбараў - 2018

Паважаныя сябры!

18 лютага ў нашай краіне адбудуцца чарговыя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Мы падтрымліваем тых кандыдатаў, хто вырашыў прыняць удзел у гэтай выбарнай кампаніі і актыўна выкарыстоўвае дзяржаўную беларускую мову падчас агітацыйных мерапрыемстваў.

Мы прапануем усім удзельнікам выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў ставіць пытанне аб адкрыцці беларускамоўных класаў, школ і гімназій у кожным горадзе і раённым цэнтры, аб пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў візуальнай прасторы кожнага мястэчка і горада, у інфармацыйным вяшчанні мясцовых СМІ. Родная культура і мова - асноўныя чыннікі нацыі і незалежнай дзяржавы.

Рада ТБМ. 21 студзеня 2018 г.


75 гадоў Міколу Чарняўскаму

Мікола ЧАРНЯЎСКІ нарадзіўся 16.01.1943 г. у вёсцы Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1960 г. паступіў на вячэрняе аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і скончыў яго ў 1966 г. Адначасова працаваў рэдактарам Беларускага радыё. У 1966-1988 гг. - літсупрацоўнік, старшы рэдактар аддзела, адказны сакратар часопіса "Бярозка". З 1989 г. - літаратурны рэдактар часопіса "Вясёлка". Сябра СП СССР з 1972 г.

Першы верш надрукаваны ў 1958 г. у газеце "Піянер Беларусі". Выйшлі кніжкі паэзіі для дзяцей "Дзе лета канчаецца" (1963), "Апошні бой" (1967), "Сонца ў хованкі гуляе" (1970), "Кліча горн" (1974), "Адрас наш - дзіцячы сад" (1975), "Парад" (1976), "Залатая ніва" (1977), "Дзе пяцёркі прадаюцца?" (1978), "Я збіраюся на БАМ" (1979), "Хто сябруе з добрым днём?" (1981), "Звініць званок..." (1982), "Зоркі-зорачкі" (1984), "Навечна з сонцам" (1986), "Аб чым пяе крынічка" (1989), а таксама аповесці "Бегунок пачынае думаць" (1965) і "Акадэмія ... на колах, альбо За вясёлкай наўздагон" (1990).

Выдаў зборнікі паэзіі "Чалавечнасць" (1971), "Трывога" (1988) і сатыры і гумару "Казёл-моднік" (1978), "І не косяць, і не жнуць..." (1982), "Камар на матацыкле" (1985), "Нашто бабе агарод?" (1989).

Вікіпедыя.


75 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Пташука

Міхаіл Мікалаевіч ПТАШУК (кінарэжысёр, акцёр, сцэнарыст, прадзюсар; заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай СССР, народны артыст Рэспублікі Беларусь (1990) нарадзіўся 28 студзеня 1943 года ў вёсцы Федзюкі, Ляхавіцкага раёна, Берасцейскай вобласці)

У 1964 годзе акцёр Астраханскага ТЮГа.

Скончыў рэжысёрскі факультэт Тэатральнай вучэльні імя Б.В. Шчукіна (1967), УКСР (1973, майстэрня Георгія Данеліі).

Працаваў у тэатрах Масквы, Крыма, на кінастудыі "Беларусьфільм".

Загінуў 26 красавіка 2002 года ў аўтакатастрофе ў Маскве па дарозе на прысуджэнне прэміі "Ніка". Пахаваны на Усходніх могілках у Менску.

Режысёрскія работы:

1973 - Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту;

1975 - Лясныя арэлі;

1976 - Час выбраў нас;

1980 - Вазьму твой боль;

1984 - Чорны замак Альшанскі;

1986 - Знак бяды;

1989 - Наш бронецягнік;

1992 - Кааператыў "Палітбюро" ці Будзе доўгім развітанне;

1995 - Гульня ўяўлення;

2001 - У жніўні 44-га…

2003 - У чэрвені 41-га /The Burning Land.

Вікіпедыя.


Новы кіраўнік у Наваградскай арганізацыі ТБМ

Адбыўся справаздачна-выбарчы сход у Наваградскай суполцы ТБМ "Узвышша". Старшынёй суполкі абрана дэлегат апошняга з'езда ТБМ Святлана Абдулаева.

Абдулаева (Юшкевіч) Святлана Іосіфаўна нарадзілася 23 снежня 1964 года ў в. Ашмянцы Шчучынскага р-на Гарадзенскай вобласці.

Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Скончыла Гарадзенскае музычнае вучылішча. Працуе ў Наваградскай дзіцячай школе мастацтваў. Друкавацца пачала ў 1985 годзе. Вершы з'яўляліся ў часопісах "Маладосць", "Полымя", "Алеся", "Гаспадыня", "Книжный калейдоскоп", у газетах "ЛіМ", "Настаўніцкая газета", "Гродзенская праўда". Піша на беларускай і рускай мовах. Многія вершы паэткі пакладзены самадзейнымі кампазітарамі на музыку.

У 2011 годзе ў выдавецтве "Кнігазбор" выйшаў зборнік яе паэзіі "Музыка дажджу". А ў 2012 годзе ў выдавецтве "Ковчег" - зборнік "Тайна времени" на рускай мове.

Паводле СБП.


План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2018 год

1. Асветніцкая і педагагічна-псіхалагічная праца:

- з бацькамі, дзеці якіх пойдуць у дзіцячыя садкі і першыя класы ў 2017-2018 навучальным годзе;

- з бацькамі і іх дзецьмі, якія навучаюцца ў рускамоўных і беларускамоўных адукацыйных установах;

- з арганізацыямі і ўстановамі з мэтай прапаганды беларускай мовы і літаратуры;

- правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства;

- звярнуцца да дзяржаўных і недзяржаўных тэлеканалаў па дапамогу ў стварэнні беларускамоўных класаў.

2. Праца рэгіянальных арганізацый ТБМ па захаванні і

адкрыцці беларускамоўных адукацыйных устаноў:

збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы, пікеты і інш.

3. Супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, з Міністэрствам сувязі па пытаннях выпуску беларускамоўнай прадукцыі.

4. Супрацоўніцтва з банкаўскімі структурамі па пытаннях афармлення на беларускай мове бланкаў, рэквізітаў і іншай банкаўскай прадукцыі.

5. Праца з прадпрыемствамі па ўкараненні беларускамоўнага афармлення выпусканай прадукцыі.

6. Работа па пашырэнні кола падпісчыкаў і чытачоў на "Наша слова", "Новы час ", "Верасень" і іншыя беларускамоўныя газеты і часопісы.

7. Правядзенне літаратурных сустрэч.

8. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы.

Правядзенне круглых сталоў, сустрэч з чытачамі (разам з пісьменнікамі і журналістамі).

Першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі - 21 лютага,

2-і этап - 15 сакавіка, 3-і этап - 25 сакавіка.

9. Забеспячэнне дзейнасці інтэрнет-партала ТБМ.

10. Выданне паштоўкі да 100-годдзя БНР

11 . Адзначыць Еўрапейскі дзень моў.

12. Адзначыць Дзень беларускай школы.

13. Правядзенне курсаў для школьнікаў па гісторыі, беларускай мове

14. Адзначыць наступныя даты:

125 гадоў з дня нараджэння Канстанцыі Буйло

200 гадоў з дня нараджэння этнографа і краязнаўца Адама Кіркора

75 гадоў з дня нараджэння рэжысёра Міхаіла Пташука

155-я ўгодкі Паўстання 1863 года

150 гадоў з дня нараджэння драматурга Каруся Каганца

125 гадоў з дня нараджэння пісьменніка Максіма Гарэцкага

100 гадоў з дня нараджэння паэта Алеся Бачылы, аўтара верша "Радзіма мая дарагая"

100 гадоў таму была абвешчана незаежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі Беларусь, Дзень Волі

150 гадоў з дня нараджэння старшыні Народнага Сакратарыята (Урада) БНР Рамана Скірмунта

100 гадоў таму бел-чырвона-белы сцяг зацверджаны як дзяржаўны сімвал БНР

Сусветны дзень ведаў

125 гадоў з дня нараджэння пісьменніка Андрэя Мрыя, аўтара "Запісак Самсона Самасуя"

Дзень беларускай вайсковай славы

125 гадоў з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі, актрысы і педагога

75 гадоў з дня нараджэння паэткі Ніны Мацяш

100 гадоў з дня нараджэння мовазнаўца і фалькларыста Фёдара Янкоўскага

15. Адзначыць юбілейныя даты сяброў ТБМ:

75 гадоў з дня нараджэння літаратуразнаўца Міхася Тычыны


БЕЛАРУСКАЕ ПЯЦІБОРСТВА - XVII

прайшло 10 студзеня ў Магілёве

У прамове перад спаборніцтвам старшыня журы распавёў спаборнікам пра знаёмую жанчыну, якая выйшла замуж за турка і жыве ў Турэччыне.

- Сустрэў у Магілёве, завітала ненадоўга на радзіму. Спытаў: "Што для вас у Турцыі самае прывабнае?" І яна распавяла, што вельмі прыемна ўразілі яе адносіны туркаў да сваёй мінуўшчыны, да старых народных песень. Гэтыя песні старанна вывучаюць у школах, ды вывучаюць так, што іх усе ведаюць напамяць. І не толькі ведаюць, але і часта спяваюць. Спяваюць, дзе заўгодна. Ідзеш па вуліцы: дворнік падмятае і мармыча песню, таксіст напявае ці хто іншы. Чаму так у іх? А таму, што Турцыяй кіруюць туркі, якія ведаюць і шануюць і сваю мінуўшчыну, і сваю мову, сваю культуру, свае песні. А як у нас? З таго часу, як нашыя землі заваяваў Сувораў для імператрыцы маскоўскай, здаецца, па час сённяшні тая імператрыца намі і кіруе. Не, мову сваю мы не забылі, але карыстаемся ёю рэдка. Песні спяваем, але не вельмі разумеючы іх словы. Вось, хто, напрыклад, можа перакласці на рускую мову: "Касіў Ясь канюшыну"? Паднялася адна рука, праз паўзу - яшчэ тры.

- Чатыры з дваццаці! Мала! Але, паколькі за такі доўгі час мова не знікла, то ў яе магутныя жыццёвыя сілы. Яна некалі зноў стане гаспадыняй у сваёй краіне. Як хутка? - залежыць ад нас з вамі. І наша спаборніцтва - маленькі крок на гэтым шляху.

Праўда, на гэты раз вынікі не так парадавалі, як годам раней. Прозвішча адзінай у Беларусі лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі ведаюць толькі трое з дваццаці. Пра тое, як стваралася БНР - таксама трое. На заданне назваць 5 беларускіх выслоўяў адрэагавалі цалкам ці часткова 9. Астатнія не змаглі назваць ніводнага.

І ўсё ж на шэрым тле агучаных вынікаў зазіхацелі тры зорачкі.

ІІІ месца заняў леташні пераможца Мацвей Дашкевіч з Мсціслава.

На ІІ месцы - дзевяцікласнік з мястэчка Дараганава Асіповіцкага раёна Сямён Гарох.

А перамог Ілля Касакоў, навучэнец 21-й школы Магілёва. Ілля чацвёрты раз бярэ ўдзел у "Беларускім пяціборстве" і кожны раз вынікова: 2015 год - ІІ месца, 2016 - І месца, 2017 год - ІІ месца. І зараз вярнуў сабе званне чэмпіёна.

Пераможцы будуць уганараваныя дыпломамі пяціборства, медалямі і каштоўнымі падарункамі.

Аргкамітэт "Беларускага пяціборства" ўдзячны Віталю Васількову за дапамогу ў правядзенні спаборніцтва.

Міхась Булавацкі.


Зварот у ТБМ

Добры дзень!

Звяртаюся да вас з такой нагоды. Разам з іншымі беларускамоўнымі бацькамі мы стварылі суполку "Дзеткі-кветкі", у Facebook https://www.facebook.com/groups/1857955714452987/ і ў Viber-чаце.

Мы абмяркоўваем пытанні выхавання і адукацыі дзяцей па-беларуску, бо вельмі гэтым заклапочаны - як гэта рабіць у пераважна рускамоўным асяроддзі. Мы стварылі петыцыю https://petitions.by/petitions/1161 (па спасылцы на петыцыю можна азнаёміцца з тэкстам самой петыцыі і адказам на яе) з патрабаваннем забяспечвання магчымасці зафіксаваць пажаданне бацькоў атрымаць беларускамоўную адукацыю для сваіх дзетак. Бо на дадзены момант форма, якая запаўняецца ў службе "Адно акно" пры пастаноўцы на ўлік, не мае графы з выбарам мовы навучання. Незафіксаваная інфармацыя пра пажаданую мову навучання не дае магчымасці ўлічыць намеры бацькоў атрымаць адукацыю на беларускай мове. У выніку маем, што маем - пераважна руска-моўныя групы, а бацькам потым кажуць, бо попыту на беларускую мову няма…

Атрымалі не вельмі добры адказ ад Мінадукацыі. Яны пішуць пра тое, што бацькі маюць права звярнуцца асобна, пісьмова ці вусна, з вызначэннем мовы навучання свайго дзіцяці. З улікам пажаданняў бацькоў упраўленні адукацыі і садкі фарміруюць групы, якія арганізуюць адукацыйны працэс на беларускай мове. Кажуць таксама пра тое, што на заканадаўчым узроўні ва ўстановах дашкольнай адукацыі замацавана магчымасць рэалізацыі права кожнага дзіцяці на атрыманне адукацыі па-беларуску. Але мы ведаем, як гэта адбываецца. Я сама вадзіла і важу свайго старэйшага сына ў беларускамоўную групу - у мінулым годзе ў 202 садок, дзе беларускамоўнасць абмяжоўвалася 3 дзеткамі і "да пабачэння". У 503 садку сітуацыя іншая (цудоўная выхавацелька размаўляе з дзеткамі выключна на беларускай мове), але дзетак толькі 2.

Разам з іншымі бацькамі мы вырашылі, што перш, чым рушыць далей, і патрабаваць нешта, трэба выразна абазначыць саму праблему, паглядзець на яе "праз лупу" і іншым паказаць - магчыма не ўсе разумеюць, у чым бяда. Бо чыноўнікі ж пішуць, што садкоў з беларускай мовай навучання шмат, і ўвогуле "ствараюцца ўсе ўмовы" (ёсць табліца з пералікам). Для гэтага трэба правесці добры маніторынг садкоў, праверыць усе тыя садкі і "умовы", пра якія гаворка ідзе.

Мы разумеем, што не першыя пра гэта думаем - https://gomel.today/alesia_avlasevich/68233/ і просім у Таварыства дапамогі ў правядзенні маніторынгу садкоў. Будзем удзячныя за любыя парады ў выпрацоўцы стратэгіі і каардынацыю нашых высілкаў.

З павагай, Кацярына Буто.


Сустрэча з талентам

14 студзеня 2018 года Наваградскі гістарычна-краязнаўчы музей сумесна з суполкай "Узвышша" ТБМ правёў сустрэчу з Уладзімірам Паўловічам, музыкантам-самародкам, удзельнікам фестывалю "Іграй, гармонік".

Нарадзіўся Уладзімір Паўловіч у вёсцы Лозкі Наваградскага раёна ў 1949 годзе. Іграць на гармоніку навучыўся сам, калі яму было каля 6 гадоў. Выступаў на школьных канцэртах, перад жыхарамі вёскі.

У 1967 годзе пераехаў у Менск, а ў 1985 годзе прачытаў аб'яву аб правядзенні фестывалю гарманістаў "Іграй, гармонік!", які арганізавалі ў Маскве браты Генадзь і Аляксандр Завалокіны. Так ён стаў удзельнікам папулярнага ў тыя часы фестывалю.

Затым падобны фестываль арганізавала ў Беларусі Валянціна Пархоменка. Ён атрымаў назву "Менскі гармонік". У складзе гэтага калектыву гарманістаў Уладзімір Паўловіч шмат ездзіў з канцэртамі не толькі па Беларусі, але і ўдзельнічаў у розных фестывалях за мяжой. З выступленнямі ён пабываў у Амерыцы, Францыі, Эстоніі і многіх іншых краінах і гарадах.

На сустрэчы ў музеі Уладзімір Паўловіч расказаў пра свой жыццёвы і творчы шлях, а таксама прадэманстраваў ігру на гармоніку, якая нікога з гасцей не пакінула абыякавым. Госці не толькі спявалі беларускія песні, але і танцавалі пад гармонік.

Святлана Абдулаева, старшыня Наваградскай суполкі ТБМ "Узвышша".


У Шклове распачалі падрыхтоўку да юбілею БНР

У Шклове 16 студзеня ў дзень надання гораду Магдэбургскага права ў грамадскім цэнтры "Мост" адбылося чарговае сумеснае паседжанне раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" і грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат".

На пачатку паседжання была заслухана справаздача старшыні раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" Аляксандра Грудзіны за 2017 год і абмеркаваны план сумеснай дзейнасці на новы 2018 год. Вырашана, што адным з галоўных мерапрыемстваў сумеснай дзейнасці ў новым годзе павінна стаць святкаванне 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Потым з паведамленем "Новыя звесткі па гісторыі Шклова" выступіў сябар Таварыства і грамадскі актывіст Пётр Мігурскі. Удзельнікі паседжання абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі ў галіне вывучэння і захавання гістарычна-культурнай спадчыны Шклоўшчыны.

Напрыканцы паседжання сябар Таварыства Рыгор Кастусёў зрабіў паведамленне аб папярэдніх выніках выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы.

Вёў сумеснае паседжанне і падвеў вынікі, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы "Шклоўскі магістрат" Рыгор Кастусёў.

Алесь Грудзіна.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папяр. нум..)

1129. Сіўчык (Уладзімір) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Сіўка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сіўч(к/ч)ык. ФП: сіўка ('конь сівай масці') - Сіўка (мянушка, потым прозвішча) - Сіўчык.

1130. Скапцоў (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Скапец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Скапцоў. ФП: скапец ('чалавек, які падвергся кастрацыі', 'член фанатычнай рэлігійнай секты ў Расіі з канца 18 ст., якая прапаведала барацьбу з плоццю шляхам кастрацыі') - Скапец (мянушка, потым прозвішча) - Скапцоў.

1131. Скарабагатава (Раіса) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Скарабагаты і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Скарабагатава. ФП: скарабагаты ('той, хто скора (хутка) разбагацеў') - Скарабагаты (мянушка, потым прозвішча) - Скарабагатава.

1132. Скарапанава (Ірына) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Скарапан і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Скарапанава. ФП: скарапан ('гультаяваты, спанелы чалавек' ('скора стаў панам')) - Скарапан (мянушка, потым прозвішча) - Скарапанава.

1133. Скараход (Марыя) - семантычны вытвор ад апелятыва скараход 'чалавек, які вельмі хутка ходзіць, а таксама спартсмен-спецыяліст па хадзьбе, бегу (на лыжах, каньках)', а таксама (даўней) 'пасыльны, ганец'.

1134. Скітовіч (Віктар) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Скіт і значэннем 'нашчадак названай асобы': Скітовіч. ФП: скіт (у праваслаўных манастырах - жыллё для манахаў-пустэльнікаў; а таксама стараверскі манастыр або пасёлак манастырскага тыпу ў пустэльнай мясцовасці) - Скіт (мянушка, потым прозвішча) - Скітовіч.

1135. Скрыпаль (Аляксей) - семантычны вытвор ад апелятыва скрыпаль 'скрыпач' (Беларуска-украінскі слоўнік, 2006): утварэнне: скрып(к)аль.

1136. Скрыпічэнкаў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Скрыпічэнка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Скрыпічэнкаў. ФП: скрыпка ('музычны інструмент') - Скрыпка (мянушка, потым прозвішча) - Скрыпік ('нашчадак Скрыпкі, фармант -ік') - Скрыпічэнка ('нашчадак Скрыпіка', фармант -энка`) - Скрыпічэнкаў.

1137. Скрыпчык (Алена) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапніма Скрыпка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Скрыпч(к/ч)ык. ФП: скрыпка ('чатырохструнны смычковы інструмент (самы высокі ў тэмбры і дыяпазоне)') - Скрыпка (мянушка) - Скрыпка (прозвішча) - Скрыпчык. Параўн. Худык.

1138. Скрыпчэнка (Георгій) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Скрыпач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Скрыпачэнка. ФП: скрыпач ('музыкант, які іграе на скрыпцы') - Скрыпач (мянушка, потым прозвішча) - Скрыпачэнка. Форма Скрыпічэнка - вынік уплыву рус. "ч" на папярэдні галосны "а", які пераходзіць у "і" ( "ы"). Параўн. Домрачава [ Домричева].

1139. Слабодзіч (Тамара) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Слабода і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Слабодзіч. ФП: слабода (рэг. 'свабода') - Слабода (мянушка) - Слабода (прозвішча) - Слабодзіч. Або ад тапоніма Слабада - Слабодзіч 'жыхар Слабады'.

1140. Сланеўскі (Анатоль) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Слонеўка / Сланёўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Сланеўскі.

1141. Слепаў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сляпы / Слепой (рус.) 'нашчадак названай асобы': Сляпаў - Слепаў. ФП: сляпы ('які не бачыць, пазбаўлены зроку') - Сляпы (мянушка, потым прозвішча) - Слепаў (рус. слепой - Слепой - Слепов).

1142. Сліжэўскі (Алег) - вытвор з фармантам -эўскі ад тапоніма Сліжы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Сліжэўскі.

1143. Словік (Святлана) - семантычны вытвор ад апелятыва словік 'салавей' (Падручны гістар. слоўнік субстант. лексікі, 2013), польск. slowik 'салавей'.

1144. Сляпкова (Валянціна) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Сляпко і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сляпкова. ФП: сляпы ('які не бачыць, пазбаўлены зроку') - сляпко ('сляпы чалавек', сляпко - як і нямко (нямы)) - Сляпко (мянушка, потым прозвішча) - Сляпкова.

1145. Смагур (Віялета) - семантычны вытвор ад апелятыва смогур 'той, хто знемагае ад смогі, ад недахопу вільгаці, ад спёкі'; а таксама 'той, хто моцна імкнецца да чаго-небудзь' (вытвор з суфікса -ур ад смагнуць.

1146. Смаль (Дзмітрый) - семантычны вытвор ад апелятыва смаль 'гарэлае, гар'.

1147. Смалякова (Валянціна) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Смаляк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Смалякова. ФП: смаляк ('смалісты кавалак дрэва', 'насычаная смалой драўніна хваёвых парод, якая выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу каніфолі, шкіпідару і пад.') - Смаляк (мянушка, потым прозвішча) - Смалякова.

1148. Смалякоў (Ігар) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Смаляк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Смалякоў. ФП: смаляк ('смалісты кавалак дрэва') - Смаляк (мянушка, потым прозвішча) - Смалякоў.

1149. Смалянка (Ядвіга) - семантычны вытвор ад апелятыва смалянка, які мае некалькі значэнняў: 1) гатунак груш (пахнуць плады смалой); 2) тое, што і смалеўка 'невялікі жук-даўганосік, шкоднік хваёвых лясоў; 3) расліна травяністая з белымі, ружовымі, чырвонымі кветкамі'.

1150. Смаляр (Антон) - семантычны вытвор ад апелятыва смаляр, які з`яўляецца эквівалентам літарат. смалакур 'спецыяліст па смалакурэнні'. Нярэдка набывае форму Смоляр (для адмежавання ад апелятыва).

1151. Сматрыцкі (Мялецій) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Смотрыкі з значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Смотрыкскі - Сматрыцкі.

1152. Смілевіч (Ганна) - другасная рэгіянальная ці ўкраінская форма, першасная Смялевіч / Смелевіч вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Смелы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Смелевіч. ФП: смелы (апелятыў з рознымі значэннямі: 'які не мае страху, адважны, рашучы'; 'наватарскі, нетрафарэтны', 'які выходзіць за межы прынятага, не зусім сціплы') - Смелы (мянушка, потым прозвішча) - Смелявіч (бацькаймення) - Смелавіч - Смілевіч.

1153. Смірноўскі (Алег) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Смірнова з семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Смірновскі - Смірноўскі. Або ад прозвішча Смірны з фармантам прэстыжнасці (шляхетнасці) -оўскі: Смірноўскі. ФП: смірны (рус. смирный 'ціхі, спакойны, ціхмяны' (пра жывёлаў - 'рахманы')) - Смірны (празванне) - Смірны (прозвішча) - Смірноўскі; параўн. Іван - Іваноў - Іваноўскі.

1154. Смолка (Вікторыя) - семантычны вытвор ад апелятыва смолка 'малодзіва' (Слоўнік … паўночназах. Беларусі).

1155. Смуглевіч (Францішак) - вытвор з суфіксам бацькаймення - евіч ад антрапоніма Смуглы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Смуглевіч. ФП: смуглы ('з больш цёмнай афарбоўкай скуры (параўнальна да звычайнай у людзей белай расы)', 'са скурай такой афарбоўкі') - Смуглы (мянушка, потым прозвішча) - Смуглевіч.

1156. Смычнік (Анатоль) - семантычны вытвор ад апелятыва смычнік 'той, хто робіць, вырабляе смыкі' - 'прылада для ігры на музычных інструментах' (скрыпка і пад.), а таксама 'прылада для трапання шэрсці'; утварэнне: смык+нік - смыч (к/ч) - нік.

1157. Снежка (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва снежка 'невялікі тугі камяк снегу'.

1158. Сноў (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Сон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сон - Сноў. ФП: сон ('фізіялагічны стан спакою арганізма, пры якім поўнасцю або часткова спыняецца работа свядомасці і аслабляюцца фізіялагічныя працэсы', а таксама 'тое, што сніцца таму, хто спіць') - Сон (мянушка, потым прозвішча) - Сноў.

1159. Солейка (Святлана) - семантычны вытвор ад апелятыва солейка - памянш. ад соль (солейка) 'белае крышталёвае рэчыва як прыправа для стравы', (перан.) 'тое, што надае асаблівы інтарэс, вастрыню чаму-н.', а таксама 'пяты гук музычнай гамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук'. Параўн. аднаструктурнае сонейка, долейка.

1160. Солтан (Андрэй) - семантычны вытвор ад (рэг.) апелятыва солтан 'султан' - 'спадчынны тытул манархаў у некаторых мусульманскіх краінах Усходу, і асоба, якая носіць гэты тытул', а таксама 'упрыгожанне з пер`я ці стаячых конскіх валасоў на галаўных уборах, пераважна ў ваенных, а таксама на галовах коней пры ўрачыстых цырымоніях'; пазычанне з цюркскіх моваў: татарск. солтан 'султан'.

(Працяг у наст. нумары.)


Вынікі Гарадзенскай абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры

У сёлетняй алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, што прайшла ў Гародні прынялі ўдзел 73 навучэнцы сярэдніх школаў з усіх раёнаў вобласці. Удзел у алімпіядзе прымалі лепшыя навучэнцы дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў. Абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы традыцыйна, дзякуючы фундатарам, падрыхтавала кніжныя падарункі ўсім пераможцам і іх настаўнікам. 12-га студзеня ў зале радыётэхнічнага каледжа Гародні прайшла ўрачыстасць, на якой выявіліся 15 пераможцаў, якія будуць удзельнічаць у наступным этапе, ужо агульнанацыянальным, алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, што пройдзе ў сакавіку ў Мазыры.

Пад час узнагароджання выступіла Алена Садоўская з Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яна звярнулася да ўсіх удзельнікаў алімпіяды, настаўнікаў і бацькоў:

- Мы гартаем апошнюю старонку алімпіяды 2018-га года, якая хутка ўжо стане гісторыяй. Алімпіяды, падчас якой мы адчулі напружанасць, адказнасць, і не толькі вы - вучні, настаўнікі, але і мы - члены журы. Таму, што выбраць лепшых, сярод лепшых - гэта таксама вельмі адказна. Алімпіяда - гэта месца, дзе збіраюцца зорачкі, гэта месца, дзе шліфуецца талент, дзе нараджаецца сяброўства. Ну але алімпіяда - гэта яшчэ і спаборніцтва. ... Ад імя ўсёй камісіі хачу падзякаваць усім вам, за вашую працу, за вашую адказнасць, дабрасумленнасць. За тое, што сапраўды вы даставілі хвіліны сапраўднай асалоды. І за тое, што менавіта з вашых вуснаў, мы чулі такое прыгожае, ёмістае, нашае роднае, беларускае слова.

Ад імя Таварыства беларускай мовы прывітаў пераможцаў алімпіяды старшыня абласной арганізацыі Віктар Парфёненка. У вітальным слове між іншага, сказаў:

- Для мяне, ваш удзел у алімпіядзе гэта не проста праява вашай амбіцыі ў лепшым сэнсе гэтага слова. Бо амбіцыі гэтыя здаровыя: для чалавека, які ўдзельнічае ў алімпіядзе абласнога роўню. Але для мяне вы - перш людзі, якія праявілі грамадзянскую пазіцыю. Вы паказалі, што вы сапраўдныя грамадзяне нашай краіны Беларусі. Будзьце такімі, дзякуй вам за гэта. І спадзяюся, што на наступныя гады, вы пойдзеце яшчэ далей. Будзеце не толькі цудоўнымі студэнтамі, але і зберажэце беларускую мову, пастараецеся зрабіць яе першай вашай мовай, найважнейшай мовай у стасунках паміж людзьмі!

Выкладчыца Купалаўскага ўніверсітэта і сябра журы алімпіяды Святлана Тарасава нагадала пераможцам пра магчымасці паступлення ў ВНУ.

- Я напомню выпускнікам адзінаццатага класа, можа быць некаторыя ведаюць, а некаторыя - не, што прызёры абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, першае, другое, трэцяе дыпломныя месцы, маюць права паступіць на спецыяльнасць "беларуская філалогія" без тэстаў і без экзаменаў. Так што, тыя, хто атрымаў дыпломы могуць смела скаўаць: "Я амаль што студэнт факультэта філалогіі". Гэта наш падарунак вам. І я б вельмі хацела, каб ніхто не забываў, што ў складанай жыццёвай сітуацыі ім заўсёды можна скарыстацца.

Старшыня прадметнага аргкамітэта, метадыст з Гарадзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Гузава:

- Віншую вас, што вы годна прайшлі ўсе тры туры. За тое, што вы дастойна вытрымалі выпрабаванне не толькі водгукам, але і комплекснай работай. Вы вытрымалі такое выпрабаваньне, як вуснае выказванне перад членамі журы, каторыя зяўляюцца знаўцамі на Гарадзеншчыне і ў краіне таксама. Прыемна, што вы выбралі беларускую філалогію, проста радасна глядзець на вашыя твары. Калі вы ўчора выказваліся, гайсалі па чацвёртым паверсе, не ўтаймаваць вас было. Мне таксама было прыемна бачыць, як вы хвалюецеся адзін за аднаго. Вельмі прыемна было перачытваць вашыя водгукі, дзе вы маглі цытаваць беларускіх знаўцаў, дзе вы выказвалі ўласныя думкі. Гэта, паверце, уменне, якое не кожнаму дадзена. Але, можна навучыць "два плюс два", а вось - прааналізаваць верш, вусна выказацца - гэта талент. Вы ў мяне вельмі ўсе таленавітыя, я кожнаму з вас удзячна. Канешне, у нас алімпіяда. Па ўмовах конкурсу я не магу кожнаму з вас раздаць дыпломы.

Летась Гарадзенская вобласць на агульнанацыянальнай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры атрымала сем дыпломаў. Так што, будучым удзельнікам давядзецца прыкласці не малыя намаганні, каб не апусціць планку сярод пераможцаў.

Таварыства беларус кай мовы дзякуе Цэнтру гарадскога жыцця, за ахвяраваныя беларускія кніжкі, якія сталі прызамі ўдзельнікам алімпіяды, а таксама Валянціну Дубатоўку, старшыні абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, які пагадзіўся на імпрэзе ўручыць кнігі свайго аўтарства з уласным аўтографам.

Віктар Парфёненка, ТБМ.


Беларусам я завуся, родным краем ганаруся !

13 студзеня каманды вучняў СШ № 11 г. Ліды, Крупаўскай сярэдняй школы і Бердаўскага дзіцячага садасярэдняй школы Лідскага раёна былі запрошаны на ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў анлайгульні "Беларусам я завуся, родным краем ганаруся" ў Казлоўшчынскую СШ Дзятлаўскага раёна.

З мэтай фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму асобы, засваення агульна-чалавечых гуманістычных каштоўнасцей, культурных, духоўных традыцый беларускага народа з 27 лістапада па 3 студзеня ДУА "Казлоўшчынская сярэдняя школа" была арганізавана online-гульня "Беларусам я завуся, родным краем ганаруся". Удзельнікамі гульні сталі 32 каманды 5-7 класаў з трыццаці адной установы адукацыі Гарадзенскай вобласці, у тым ліку дванаццаць каманд з Лідскага раёна, і адна каманда з установы адукацыі Берасцейскай вобласці.

На працягу пяці тыдняў знаёмства ўдзельнікаў гульні было віртуальным. Каманды выконвалі заданні на пяці прапанаваных этапах: "За смугою стагоддзяў", "Беларусь у імёнах і падзеях", "Гонар сучаснай Беларусі", "Падарожжа па Беларусі", "Традыцыі, абрады і кухня Беларусі".

13 студзеня ў шосты школьны дзень Казлоўшчынская сярэдняя школа сабрала пераможцаў online-гульні "Беларусам я завуся, родным краем ганаруся" на Калядную сустрэчу. Гасцямі свята сталі чатыры каманды пераможцы Лідскага раёна: дзве каманды сярэдняй школы № 11 г. Ліды "Патрыёты краіны" і "Суквецце", Крупаўскай сярэдняй школы "Зорачкі", Бердаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы "Адмыслоўцы".

Вучні і педагогі ўстановы адукацыі прывіталі гасцей па народных звычаях добрымі словамі, песняй "Запрашаем у госці да нас!" і хлебам-соллю. Зберагаючы традыцыі спадчыны, гасцям прапанавалі адну з самых вядомых і любімых страў беларускай кухні - дранікі.

Падчас бліц-апытвання "Давайце пазнаёмімся!" кожная каманда расказала пра мясцовасць і школу, з якой прыехала, звярнуўшы асаблівую ўвагу на гістарычную спадчыну сваёй малой радзімы.

Выказваючы ўражанні ад online-гульні, удзельнікі каманд адзначылі, што самымі цікавымі былі заданні "Неафіцыйныя сімвалы гарадоў" і "Карта знакамітых аб'ектаў"; найбольш запомніўся этап "Традыцыі, абрады і кухня Беларусі"; на выкананне аднаго этапу гульні каманда затрачвала адзін тыдзень. Самым складаным для ўсіх каманд было заданне "Словы з вершаў".

Па дапамогу пры праходжанні этапаў гульні вучні звярталіся да сваіх настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, музыкі, мастацтва і нават фізічнай культуры і здароўя.

Кіраўнікоў каманд гэтая гульня натхніла на стварэнне сваіх online-гульняў і праектаў.

Дыпломамі II ступені былі ўзнагароджаны каманды "Патрыёты краіны" сярэдняй школы № 11 г. Ліды (кіраўнікі К.В. Валынец, С.Л. Бяляўская), каманда "Зорачкі" Крупаўскай сярэдняй школы (кіраўнік С.С. Кашлей), каманда "Адмыслоўцы" Бердаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы (кіраўнік Г.А. Альшэўская). Дыплом III ступені атрымала каманда "Суквецце" сярэдняй школы № 11 г. Ліды (кіраўнік Анашкевіч Н.М.).

Беларускія песні, гульні, танцы, падрыхтаваныя вучнямі, педагогамі школы і работнікамі мясцовага Дома культуры, стварылі непаўторную святочную атмасферу ў гэты дзень.

Напрыканцы свята, перадаючы па коле калядную зорку, удзельнікі мерапрыемства пажадалі адзін аднаму шчасця, здароўя, дабрабыту, міру, спакою і цудаў.

А ў адрас арганізатараў online-гульні "Беларусам я завуся, родным краем ганаруся" і Каляднай сустрэчы вучні і настаўнікі Лідскага раёна выказваюць словы падзякі і захаплення, спадзяючыся на тое, што на наступны год у нас таксама з'явіцца магчасць прыняць удзел у наступным этапе гульні.

Наталля Анашкевіч, настаўніца СШ № 11 г. Ліды.


Пастанова Рады ТБМ

Аб памеры штогадовых складак

Устанавіць з 1 ліпеня 2018 г. наступны памер складак:

- для тых, хто працуе - 15 руб. на год;

- для пенсіянераў і беспрацоўных - 7 руб. на год;

- для студэнтаў - 3 руб. на год;

- для школьнікаў - 1 руб. на год.

- для грамадзян РФ - 750 рас. руб., іншых краін - 15 даляраў ці 15 еўра на год.

21.02.2018 г.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Рымша Алесь - 10 р.

2. Кулік Анатоль - 10 р.

3. Мельнікаў Алесь - 10 р.

4. Пісарэнка Алесь - 10 р.

5. Рындзевіч Вячаслаў - 10 р.

6. Шэвяка Аляксандр - 10 р.

7. Паўловіч Віктар - 10 р.

8. Сідараў Сяргей - 10 р.

9. Кунцэвіч Уладзімір - 10 р.

10. Мудроў Алег - 10 р.

11. Недзялкоў Яраслаў - 10 р.

12. Гняткоў Валеры - 10 р.

13. Гацкі Уладзімір - 5 р.

14. Фарнэль Кастусь - 5 р.

15. Мельнікаў Юрась - 10 р.

16. Жукаў Вітаўт - 5 р.

Усе Наваполацк.

17. Савельеў Зміцер - 20 р., г. Менск

18. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск

19. Міхальчанка Т.А. - 10 р., г. Менск

20. Сярожкін Алесь - 10 р., г. Менск

21. Канапелькін Іван - 40 р., г. Менск

22. Голуб Валер - 15 р., г. Менск

23. Ліцвінава - 10 р., г. Менск

24. Іваноў І.П. - 60 р., г. Менск

25. Сідарэнка Ю.А. - 197 р., г. Менск

26. Груздзіловіч А.А. - 50 р., г. Менск

27. Самарын Вадзім - 20 р., г. Менск

28. Севярынец Павел - 40 р., г. Менск

29. Крываносава - 20 р., г. Менск

30. Неабыякавы - 10 р., г. Менск

31. Савіч Валер - 20 р., г. Пінск

32. Зубко Андрэй - 10 р., г. Мінск

33. Сулкоўская Ганна - 20 р., г. Менск

34. Кануннікава Н. - 50 р., г. Гародня

35.Кукавенка - 20 р., г. Менск

36. Філіповіч - 10 р., г. Менск

37. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

38. Грыбоўскі-Гурыновіч - 5 р.,

в. Чурылавічы

39. Нікалаеў Алег - 20 р., г. Менск

40. Ананімна - 10 р., г. Менск

41. Карабач Віталь - 10 р., в. Пескі, Лідскі р-н

42. Бойса І.Б. - 20 р., г. Ліда

43. Налівайка А.М. - 10 р., г. Менск

44. Ладуцька Н.І. - 20 р., г. Менск

45. Прыгожына В. - 20 р., г. Масква

46. Дзягілева Галіна - 20 р., г. Менск

47. Стадуб Іван - 10 р., г. Менск

48. Бурэнь Валеры - 3 р., г. Маладзечна

49. Асіпцова Алена - 8 р., г. Магілёў

50. Лягушаў А. - 20 р., ст. Ясень

51. Ралько Л.М. - 10 р., г. Менск

52. Варапаеў Мікалай - 30 р., г. Менск

53. Ляўшун - 18 р., г. Менск

54. Плакса - 5 р., г. Менск

55. Чачотка - 5 р., г. Менск

56. Аляксандр - 30 р., г. Жодзіна

57. Руткоўская - 20 р., г. Менск

58. Сябры кінаклуба - 15 р., г. Менск

59. Свярдлоў Аляксандр - 10 р. г. Менск

60. Супіталёў Андрэй - 5 р., г. Менск

61. Саротнік А. - 20 р., г. Менск

62. Клецкі К. - 10 р., г. Менск

63. Чэчат Алесь - 20 р., г. Менск

64. Н. П. М. - 50 р., г. Менск

65. Давідовіч А.А - 50 р., г. Менск

66. Ціхановіч Вячаслаў - 50 р., г. Менск

67. Ламутка А.Я. - 15 р, г. Менск

68. Чайкоўскі Павел - 15 р., г. Менск

69. Бабіч Канстанцін - 7 р., г. Гомель

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Ад-дзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Настаўніца і асветніца Марыя Ясюнас

Ян Драўніцкі

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

У 1924 годзе Ясюнасы вярнуліся ў Беларусь. Муж Марыі Вікенцеўны Пётр Рыгоравіч Ясюнас усё жыццё працаваў у сферы адукацыі, быў дырэктарам школы. Марыя Вікенцеўна на радзіме стала працаваць настаўніцай у школе 1-й ступені на чыгуначнай станцыі Асіповічы. У 1930 - 1935 гадах працавала ў горадзе Клічаў Магілёўскай вобласці настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе і адначасова выкладала на настаўніцкіх курсах беларускую мову па праграме для 6, 8 і 10 класаў.

У 1935 годзе сям'я Ясюнасаў пераехала ў Менск, Пётр Рыгоравіч Ясюнас пачаў працаваць у Міністэрстве адукацыі, а Марыя Вікенцеўна стала выкладаць у школе № 31 беларускую мову і літаратуру (1935 - 1941). Інтэнсіўна займалася самаадукацыяй, у 1940 годзе завочна атрымала вышэйшую адукацыю.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, Ясюнасы эвакуяваліся ў горад Перымск Тамбоўскай вобласці, дзе з 1941 па 1943 год Марыя Вікенцеўна працавала завучам сярэдняй школы і настаўніцай рускай мовы і літаратуры.

Пасля вайны вярнулася на Бацькаўшчыну ў Беларусь, з 1945 па 1951 год працавала завучам Пастаўскага педвучылішча. Хаця ў 1946 годзе яе чарговы падручнік "Роднае слова для 2 класа" падвергся крытыцы і да школ не дайшоў, Марыя Вікенцеўна не апусціла рук і напісала падручнік "Роднае слова: кніга для чытання ў 1 класе пачатковых школ", які вытрымаў 12 выданняў. У 1952 годзе Марыі Вікенцеўне ішоў ўжо 60 год, працаваць завучам адмовілася і пайшла працаваць выкладчыцай рускай мовы ў сярэднюю школу № 1 горада Паставы, дзе адпрацавала яшчэ тры гады.

Памерла ў Паставах 11 ліпеня 1955 года, пахавана на старым магільніку па вуліцы Ціхай.

За творчую працу на ніве асветы Марыя Вікенцеўна ганаравана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі "За працоўную адзнаку", "За доблесную працу ў час ВАВ", знакам "Выдатнік народнай асветы".

Укладальніца падручнікаў для беларускіх школьнікаў

Яшчэ да вайны падчас працы ў школе Марыя Вікенцеўна адчула недахоп падручнікаў для беларускіх дзетак. Маючы добрую тэарэтычную падрыхтоўку, атрыманую ў прыватнай жаночай гімназіі ў Магілёве, і багаты педагагічны досвед, назапашаны падчас працы, Марыя Вікенцеўна ў сааўтарстве з А. В. Сакаловай. склала ў 1939 годзе дапаможнік "Чырвоныя зорачкі. Першая кніга пасля буквара", які вытрымаў 2 выданні, у 1941 годзе напісалі дапаможнік "Наша Родина. Хрестоматия для чтения в 4 классе белорусских школ". Дапаможнікі педгогаў-практыкаў аказаліся вельмі запатрабаванымі ў школах. У наркаме асветы СССР станоўча ацанілі складзеныя падручнікі. У 1943 годзе наркам асветы СССР запрасіў Марыю Вікенцеўну ў Маскву, прапанавалі папрацаваць над складаннем падручнікаў для беларускіх школ. Працавала медсястрой і адначасова пасля працоўнага дня над складаннем падручнікаў. У выніку карпатлівай працы з заданнем паспяхова справілася за тры гады да канца 1945 года саставіла падручнікі "Родная літаратура: хрэстаматыя для 5 класа беларускіх школ" і "Роднае слова. Кніга для чытання і развіцця мовы ў 3 класе".

Пасля вайны з 1945 па 1951 год працавала завучам Пастаўскага педвучылішча. У гэты час склала падручнік для дзетак-беларусаў "Роднае слова: кніга для чытання ў 1 класе пачатковых школ", які за перыяд з 1946 па 1960 год вытрымаў 12 выданняў. Па ім на працягу 13 гадоў паспяхова вучыліся першакласнікі ўсіх беларускіх школ. Падручнікі Марыі Вікенцеўны пабудаваны так, што садзейнічалі развіццю мыслення і памяці, выпрацоўвалі ўменне самастойна працаваць з кнігай. Матэрыялы падручнікаў вылучаліся даступнасцю па аб'ёму і характары для вучняў адпаведнага ўзросту, узроўню іх развіцця. Яна лічыла, што вельмі цяжкі матэрыял штурхае школьнікаў да механічнага завучвання, прыводзіць да фармалізму ў ведах, паніжае цікавасць да вучобы, падрывае веру вучня ў свае сілы. У падручніках змяшчала такі матэрыял, каб з самага маленства навучыць з пашанай ставіцца да сям'і, роду, да сваёй малой і вялікай Радзімы, каб з першых крокаў фарміраваць у іх рысы характару, якія дапамогуць стаць сапраўднымі грамадзянамі, пачуццё гонару за дасягненні краіны. У падручніках змяшчала звесткі аб прыродзе і грамадстве, поруч з мастацкімі ўрыўкамі ўключала артыкулы з розных галін ведаў: гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўства. З дапамогай сістэмы спецыяльных практыкаванняў вырашалася задача развіцця лагічнага мыслення. У падручніках змяшчала метадычныя рэкамендацыі "Да настаўніка", дзе давала парады, заснаваныя на педагагічнай спадчыне педагога К. Дз. Ушынскага і ўласнага досведу, атрыманага ў час працы ў школах. Яны карысныя і навукова бездакорныя, вывераныя практыкай. Парадамі карысталіся педагогі паваеннага часу, якія мелі невялікі метадычны досвед, закончыўшы трох- ці шасцімесячныя курсы настаўнікаў пачатковых школ. Парадамі маглі пакарыстацца і бацькі, каб дапамагчы сваім дзецям у вучобе. Знаёмячыся са спадчынай Марыі Вікенцеўны можна смела гаварыць аб яе значным укладзе ў развіццё педагагічнай думкі нашай рэспублікі. Яе спадчына да цяперашняга часу не страціла сваёй каштоўнасці. Марыя Вікенцеўна не пакінула шматтомных тэарэтычных разважанняў па методыцы развіцця ўменняў, навыкаў чытання і развіцця мовы. Яе педагагічныя погляды і метадычныя прыёмы выкладзены ў раздзеле "Да настаўніка". Адзін з іх лічу мэтазгодным змясціць.

Да настаўніка

Матэрыял, змешчаны ў гэтай кнізе, размяркован па чатырох наступных раздзелах:

1. З дзіцячага жыцця.

2. Малюнкі прыроды па порах года.

3. Апавяданні пра жывёл, байкі і казкі

4. Наша радзіма.

Пры складанні плана работы настаўнік павінен выбраць з розных раздзелаў артыкулы, якія адпавядаюць пэўным момантам жыцця нашай краіны, школы, з'явам прыроды данага часу, звязаны з адпаведнымі выхаваўчымі момантамі. Аднак у межах раздзела пажадана было б захоўваць паслядоўнасць, у якой размешчан матэрыял з тым, каб даўжэйшыя апавяданні прыпадалі на другую палову навучальнага года. Вядома, адступленні могуць быць дапушчаны.

Для развіцця вуснай мовы ў падручніку змешчан цэлы рад работ, якія павінны выконвацца ў паслядоўнасці.

I. Складанне плана:

а) Размеркаванне даных загалоўкаў па вызначаных частках артыкула.

б) Прыдумванне загалоўкаў для даных частак артыкула.

в) Вызначэнне ў артыкуле частак, назва якіх даецца.

г) Самастойны падзел артыкула на часткі і прыдумванне для іх загалоўкаў (план).

д) Малюнкавы план.

II. Работа над слоўнікам, якая патрабуе вялікай увагі.

Ні адно слова, ні адзін выраз не павінен застацца не толькі незразумелым, але нават і недакладна зразумелым для вучняў. Незразумелыя словы павінны быць растлумачаны ў гутарцы, якая праводзіцца перад чытаннем. Пасля таго, як артыкул прачытан, неабходна ўдакладніць словы і выразы, якія хоць бы часткова незразумелы вучням або могуць мець дваякае значэнне. Як гэта робіцца, паказана ў матэрыялах, змешчаных пасля артыкулаў і вершаў (растлумачэнне слоў і выразаў, замена іншымі, блізкімі па значэнню, прыдумванне слоў з супраціўным значэннем, складанне новых сказаў з вызначанымі або падобнымі да іх словамі). Наогул слоўнікавая работа павінна ўзбагаціць мову вучняў новымі словамі і выразамі

III. Складанне апавяданняў па аналогіі або на такую ж ці падобную тэму.

Пасля кожнага апавядання ставяцца пытанні, адказы на якія павінны высветліць увесь змест твора. А потым апавяданне павінна быць расказана вучнямі. Лірычныя вершы апавядаць не трэба. Для развіцця пісьмовай мовы ўпадручніку змешчана многа відаў заданняў:

1. Пераказ апавяданняў па данаму плану (спачатку план складаецца ў форме пытанняў так, каб адказы на іх не прадстаўлялі для вучняў асаблівай цяжкасці. Потым пытанні паступова ўскладняюцца).

2. Складанне сказаў з данымі словамі.

3. Дапаўненне сказаў словамі, данымі для даведак.

4. Дапісанне сказаў словамі твораў па даных пытаннях.

5. Работа па малюнках.

Няма патрэбы ўсе гэтыя заданні выконваць у класе: частку іх можна перанесці на хатнія заданні, але перад гэтым трэба дакладна растлумачыць работу, пажадана нават распачаць яе ў класе (наогул перад кожнай пісьмовай работай заданне заўсёды спачатку прапрацоўваецца вусна). Пры выкананні работ неабходна прывучаць дзяцей акуратнасці: кожная работа павінна мець дату, загалозак, павінна быць напісана чыста, правільным почыркам.

Значная колькасць пісьмовых заданняў, звязаных з чытаемым матэрыялам, павінна палегчыць працу настаўнікаў, якія працуюць з двума класамі: заўсёды будзе магчыма заняць вучняў карыснай працай. Вялікае значэнне надаецца рабоце па малюнках. Выконваецца яна так: спачатку праводзіцца гутарка па пытаннях, якія даюцца пад малюнкамі, а потым вучні звязна расказваюць змест малюнка (або выконваюць іншую, указаную там работу), раней вусна, а потым у пісьмовай форме.

У кнізе даецца рад заданняў па спісванні вывучаных тэкстаў па памяці. Такія тэксты павінны быць невялікія, заключаць у сабе словы, правапіс якіх вучні павінны замацаваць. Перад спісваннем праводзіцца падрыхтоўка: вучні яшчэ раз уважліва чытаюць па кнізе вывучаны раней напамяць урывак, зварочваючы пад кіраўніцтвам настаўніка ўвагу на напісанне паасобных слоў, растлумачваючы іх правапіс, выпісваючы найбольш цяжкія словы на дошцы. Пажадана звярнуць увагу вучняў і на галоўныя знакі прыпынку. Пасля гэтага вучні запісваюць урывак, не гледзячы ў кнігу (настаўнік сочыць за гэтым). Потым можна дазволіць вучням выправіць свае работы па кнізе і пасля гэтага сабраць сшыткі для прагляду. Неабходна дабіцца, каб вучні ў такіх работах зусім не рабілі памылак: толькі ў гэтым выпадку будуць атрыманы добрыя вынікі.

Такія работы вельмі карысны для замацавання арфаграфічных навыкаў. Імі любіў карыстацца вядомы педагог Ушынскі.

У сваёй рабоце неабходна ўдзяліць адпаведную ўвагу вывучэнню твораў напамяць: гэта ўзбагачае мову дзяцей, узмацняе іх памяць. Кожны настаўнік павінен вызначыць у плане, якія творы будуць вывучаны на працягу года. Іх павінна быць значная колькасць: не менш 20 - 25. Пры гэтым трэба выбіраць творы найбольш мастацкія, цікавыя. Напамяць трэба вывучаць не толькі вершы, але празаічныя ўрыўкі. У кнізе вызначана некалькі твораў, якія падыходзяць для гэтай мэты Трэба звярнуць вялікую ўвагу на самое чытанне. Яно павінна быць правільным, выразным, чытаць павінны вучні так, як гавораць. Аб гэтым трэба часта напамінаць ім. Трэба сачыць, каб пры чытанні вучань рабіў правільны лагічны націск (вылучаў адпаведнай інтанацыяй словы, якія маюць галоўнае значэнне ў сказе), спыняўся на знаках прыпынку, прывучаўся рабіць лагічныя паўзы. У гэтых адносінах вельмі карысна чытанне твораў у асобах (такія заданні маюцца ў кнізе). Да такога чытання павінен рыхтавацца: настаўнік, які павінен паказваць вучням узор правільнага чытання. Праводзячы падрыхтоўку да гэтай работы, растлумачваючы вучням, што пры такім чытанні ў голасе трэба паказаць адпаведныя пачуцці, настроі.

З класнымі заняткамі неабходна ўвязаць пазакласнае чытанне. Зыходзячы з наяўнасці кніг у бібліятэцы, настаўнік павінен падабраць кнігі, якія падыходзяць для яго класа і рэкамендаваць іх сваім вучням, потым праводзіць гутаркі аб прачытаным.

Вельмі пажадана, каб вучні вялі запіс аб прачытаных кнігах па схеме, данай у гэтым падручніку. Неабавязкова, каб запісвалася кожнае апавяданне. Дастаткова запісваць кнігі больш важныя і цікавыя...

У Пастаўскім педагагічным

Захаваўся загад №19 ад 29 лютага 1946 года, падпісаны дырэктарам педвучылішча А.С. Панышам: "У сувязі з 25-годдзем педагагічнай дзейнасці выкладчыцы рускай мовы і літаратуры, загадчыцы вучэбнай часткі Марыі Вікенцеўне Ясюнас за выдатную метадычную і выкладчыцкую працу, за плённую працу аўтара 4-х падручнікаў для пачатковых школ Беларусі хадатайнічаю перад аблАНА аб прадстаўленні Марыі Вікенцеўны Ясюнас да дзяржаўнай узнагароды".

Марыя Вікенцеўна была прызнаным і аўтарытэтным метадыстам у педвучылішчы. У 1950 навучальным годзе падрыхтавала для абмеркавання на педсавеце педвучылішча тры даклады: "Работа над арфаграфічнымі памылкамі", "Асновы рускай пунктуацыі і работа над яе засваеннем навучэнцамі", "Арганізацыя паўтарэння матэрыялу". Як член лекторыя выступіла з лекцыяй "Як чалавек навучыўся размаўляць". Дырэктар педвучылішча ў справаздачы за 1951 год пра яе пісаў: "Праца настаўніка адказная, складаная, патрабуе шмат сіл, здароўя, часу. Марыя Вікенцеўна - церпялівая, сумленная, працавітая, добразычлівая выкладчыца. Яна заўсёды ў пошуку, пастаянна павышае сваё майстэрства, вывучае досвед калег, літаратуру, каб не адстаць, ісці ў нагу з часам".

Марыя Вікенцеўна была чалавекам шчырай душы, вельмі чула ставілася да вучняў, была ветлівай з вучнямі і калегамі, і як завуч патрабавала гэтага ад ўсіх членаў педкалектыва, абараняла аўтарытэт педагогаў, лічыла, што ўзаеміны ў педкалектыве, адміністратыўныя вывады не павінны афішавацца перад навучэнцамі, гэта разглядала як парушэнне педагагічнага этыкету і ваяўніча выступала супраць. Памятаецца выпадак, калі дырэктар педвучылішча за нейкія ўпушчэнні ў працы настаўніцы Алене Афанасеўне Рыко аб'явіў спагнанне і загад вывесіў у калідоры на дошцы аб'яў. Мы стоўпіліся чытаць. Гэта ўбачыла Марыя Вікенцеўна, зняла з дошкі загад і панесла ў кабінет дырэктара і там давала дырэктару прачуханку, што парушыў педагагічны этыкет. Загад на дошцы больш не з'явіўся.

Выпускнік педвучылішча Віктар Ціханавіч Купрэвіч ва ўспамінах згадваў: "Асобна выдзелю завуча М. В. Ясюнас. Гэта жанчына з добрым сэрцам, якую ўсе любілі, паважалі. Яна была для нас, як родная маці. Калі хто захварэў у інтэрнаце, прыходзіла праведаць. Іншы раз прысылала сваю дачку - урача".

У школах выкладаўся цяпер ужо забыты прадмет - чыстапісанне, прыгожае напісанне літар з валаснымі лініямі і націскам. Школьнікам належала пісаць пяром № 86 ці "зорачкай", ім можна было выводзіць літары па правілах каліграфіі. Гэта лічылася асновай выпрацоўкі прыгожага почырку.

(Працяг у наст. нумары.)


Ад Персіярні да беларускага Луўра

Днямі група прыхільнікаў беларушчыны на чале з кандыдатам мастацтвазнаўства Галінай Якаўлеўнай Мяшковай здзейсніла экскурсійную паездку ў старажытны горад Слуцк і Старыя Дарогі - у музей незабыўнага і гарачага патрыёта Беларусі Анатоля Белага. Экскурсаводам гэтай паездкі быў вядомы паэт і публіцыст, ураджэнец г. Слуцка Яўген Гучок. Аб падарожжы з такім унікальным гідам, патрыётам роднай зямлі, чалавекам з энцыклапедычнымі ведамі, шырокім кругаглядам і прыгожай душой можна было толькі марыць. Па дарозе ў горад "1000 храмаў", у былы цэнтр праваслаўя мы даведаліся шмат з гісторыіі Случчыны і Літвы (Беларусі), а ўвесь аповед быў пераплецены выдатнымі, нават геніяльнымі вершамі спадара Яўгена. Вось што я магу ўзгадаць.

Князі Алелькавічы паходзяць ад Гедымінавічаў, менавіта ад князя Аляксандра. Спачатку сталіцай слуцкага княства быў Капыль. Аб гэтым зараз нагадваюць высокія, метраў 20, валы, што засталіся на месцы капыльскага замка. Ну, а потым князі перабраліся ў Слуцк. І вось там, на зліянні паўнаводнай ракі Случ і бурлівага Бычка быў пабудаваны замак. Слуцк спачатку падпарадкоўваўся Кіеву. А потым, калі ўтварылася Турава-Пінскае княства, уваходзіў у яго. У 1390 годзе Слуцк адзяліўся ад Турава-Пінскага княства і стаў сталіцай аднайменнага Слуцкага княства. А яшчэ аказалася, што па сведчанні Кіева-Пячэрскага архімандрыта Іосіфа Трызны (XVII ст.) Слуцк старэй на 111 гадоў, чым значыцца пра гэта ў Іпацьеўскім летапісе.

Амаль праз гадзіну знаходжання ў дарозе, нас сустрэла раўнюткая Слуцкая раўніна. На ўсход ад Слуцка, як мы даведаліся ад нашага прамоўцы, землі ўжо не такія, а сама Случчына, якая з'яўляецца пачаткам Палесся, - гэта багатыя землі першай катэгорыі з каласальнымі ўраджаямі. Як той казаў: "Калі не ўродзіць Слуцкая раўніна, дык не пракорміць і Ўкраіна". Так, за краявідамі і гамонкай не заўважылі, як праляцелі Буду Грэцкую (нездарма ж тут праходзіў славуты шлях "з варагаў у грэкі"), а там ужо недалёка быў і першы славуты пункт нашай вандроўкі.

Пасля ўезду ў Слуцк мы спачатку накіраваліся на старыя могілкі канца 18-19 стагоддзя, дзе адна частка была лютаранскай, другая кальвінісцкай, на каталіцкай, дзе калісьці было шмат прыгожых помнікаў і якія ўжо бясследна зніклі, дзякуючы зламыснікам, пакланіліся магіле аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і нашчадку старажытнага роду, магіле Альгерда Абуховіча-Бандынелі. Гэта было вельмі хвалююча, хацелася затрымацца тут паболей і паслухаць нашага гіда, але час нас прыспешваў.

Далей мы рушылі па былой Кладбішчанскай вуліцы, цяпер - 14 партызанаў (зусім, як аказалася, не чырвоных) і пачаўся цікавы экскурс па горадзе.

Наш гаспадар і экскурсавод быў вельмі ўзрушаны сучаснымі зменамі на сваёй славутай радзіме. Узгадваў, што была калісьці гасцініца "Асторыя", гандлёвыя рады, штаб дывізіі, дзе ў час вайны служыў Жукаў, вятрак. Як бегалі на рэчку Случ купацца і на лодках ездзілі, бо глыбіня была, і рака была караблеходная. Як потым прарылі каналы, асушылі. Балюча! Якімі цёплымі былі гэтыя ўспаміны чалавека, які застаў яшчэ стары Слуцк!

Па дарозе Я. Гучок паказаў дом свайго сябра Рыгора Родчанкі, беларускага (слуцкага) краязнаўцы, фалькларыста, літаратуразнаўцы і паэта, які адшукаў магілу Абуховіча. Ах, Родчанка!

Гарадскі Дом культуры стаіць на Замкавай гары, а раней там была Мікалаеўская царква. Сучаснае аздабленне берагоў Случы з прыгожым паркам нечым нагадвае Гародню. Павольна мінаем гарсавет, карцінную галерэю, славуты слуцкі базар ("У Слуцку, на рыначку…"). Мы пабачылі, дзе быў будынак дваранскага сходу, пастаялы двор, гандлёвая вучэльня - пазней культурна-прасветніцкі цэнтр "Папараць-кветка", які пацярпеў у полымі, а таксама адзіны захаваны корпус Свята-Троіцкага манастыра. Такі мізэр ад такой святыні!

Пакуль рухаліся па вуліцы Сацыялістычнай да Міхайлаўскай царквы з залачонымі шпілямі, мы даведаліся, што раён Востраў называўся так таму, што туды, у адрозненне ад цэнтральнай часткі, выселялі гараджан за ўсялякія правіннасці: за скандалы, крадзеж, "мацершчыну". Вельмі небяспечная была частка горада. За гарадскімі ўмацаваннямі там было балота і, калі ішлі татары, дык якраз праз гэтую тэрыторыю. А адзін з раёнаў цэнтральнай часткі называўся прыгожа - Выгода. Слухаючы нашага выдатнага знаўцу, мы рушылі на агледзіны "востраўскай" Міхайлаўскай царквы - аднаго з лепшых помнікаў палескага драўлянага дойлідства 18 ст. У час вайны там была Аўтакефальная царква, незалежная ні ад кога. Там хрысцілі Яўгена Сяргеевіча.

Захаваўшы ў сэрцы малітоўную цеплыню храма з яго салодкім пахам ладану, мы заспяшаліся вонкі, і за вакном аўто паплылі вуліцы са звыклымі "рэвалюцыйнымі" назвамі: Леніна, Валадарскага (наноў Багдановіча). Па дарозе спадар Яўген распавядаў наступнае: што на месцы цяперашняга завода чугунна-ліцейнага абсталявання амаль 100 год існавала Слуцкая мануфактура або Персіярня (1741-1846), фабрыка слуцкіх паясоў; што з вёскі Ячава было больш за ўсё слуцкіх паўстанцаў; што захаваўся будынак бернардзінскага манастыра з падземны пераходам і цяпер там маслабаза і яе дырэктар нават вадзіў Яўгена Сяргеевіча па склепах. Што Чортаў мост праз Случ, дзе ўпрыцемку ў хмызах рабавалі мінакоў, названы так, быццам пад ім чэрці водзяцца.

Помнік святой Сафіі Слуцкай атрымаўся праз шкло пазадарожніка з кроплямі дажджу, а помнік нацыянальнай гераіні Настассі Слуцкай каля Дома культуры на былой Замкавай Гары нашай згуртаванай кампаніі пашчасціла разгледзець зблізу. Пасля агледзін такіх прыгожых і гістарычна-значных для беларусаў помнікаў мы адчувалі сябе акрыленымі, нібыта набылі другое дыханне.

Помнік слуцкім паясам скульптара С. Гумілеўскага нагадаў радкі М. Багдановіча. І як жа пасля не наведаць Музей слуцкіх паясоў пры РУП "Слуцкія паясы", дзе нас гасцінна сустрэлі і распавялі спачатку пра Слуцк (паводле кніг нашага спадара Яўгена), а пасля і пра "персіярню", брэнд Беларусі. Багацце аналагаў слуцкіх паясоў, створаных на сучасным нямецкім абсталяванні Магеба, мажліва пры паўторы (не рэканструкцыі) тых жа тэхналогій, перапляценняў, а таксама захаванаму складу сыравіны (натуральная нітка кітайскага шаўкапраду пастаўлялася на персіярню), што і ў 18 стагоддзі. Хто б мог падумаць, што і цяпер захаваны кожны мікрон у арнаменце! Па жаданні сучаснага заказчыка можна камбінаваць залатыя і срэбныя ніткі ў поясе. А ў экспазіцыі "народнага" слуцкага пояса, дзе рознакаляровыя баваўняныя паясы вызначаюцца не статуснасцю, як іх раскошныя цёзкі, а маюць, у асноўным, абярэгавую функцыю, спадар Яўген апрануў без дазволу экспазіцыйны саламяны капялюш.

Далей, калі выйшлі з музея і крочылі наперад, мы пабачылі прыгожыя нямецкія драўляныя дамы. У адным з іх, двухпавярховым, пад час другой сусветнай вайны, была камендатура, а пасля вайны быў суд, які ўжо ў наш час спалілі пры пэўных абставінах.

На колах па Камсамольскай, да рэвалюцыі Сенатарскай, мы рушылі праз цэнтр горада да ружовых муроў Слуцкай міні-ТЭЦ. Мы прайшліся следам за нашым гідам і даведаліся, што на месцы гэтай электрастанцыі, насупраць гімназіі быў самы прыгожы дом у Слуцку, дом Эдварда Вайніловіча. У ім засядала Рада Слуцкай Рэспублікі і штаб паўстання Слуцкай брыгады. Пасля канчатковай ліквідаціі аддзелаў паўстанцаў дом адразу сцерлі з твару зямлі. Будынак дваранскага сходу напаткаў лепшы лёс - у ім зараз Слуцкі краязнаўчы музей. А калісьці там "збіраліся дваранчыкі, гулялі ў карты на грошы". Клубнае жыццё горада вялікай культуры!

Нам таксама было цікава, што раён, дзе жылі немцы, швейцарцы, якія выкладалі ў знакамітай слуцкай гімназіі, арганізаванай Радзівілам у 1615 годзе, называўся Калонія. Статут Слуцкай кальвінскай гімназіі быў настолькі распрацаваны, што знакаміты чэшскі асветнік Ян Амос Каменскі ў сваёй педагогіцы выкарыстоўваў гэты статут. А мы ж ведаем, якія немцы скрупулёзныя. Гэтую гімназію скончыў вядомы астраном Вітольд Цераскі (і аб ім быў матэрыял у Я. Гучка).

На заканчэнне такой прамяніста-займальнай экскурсіі па Слуцку мы наведалі раён Выган (сюды раней выганялі кароў і была геолага-разведка). Яўген Сяргеевіч паказаў свой родны дом № 226, а раней быў 222-м. Маці прадала дом з умовай, каб не хадзілі і не падглядвалі за новымі жыльцамі, а то скажуць, што сурочылі. А як узгадаў суседа Янку Нядзельку, дык на сэрцы яшчэ больш пацяплела ад мілагучных беларускіх антрапонімаў і тапонімаў.

Развітваючыся з горадам, спадарыня Г. Мяшкова заўважыла, што пасля кожнай сустрэчы са Слуцкам ў сэрцы застаецца пачуццё цеплыні і любові да гэтага ўнікальнага беларускага горада. Цяпер адбылося ўжо яе трэцяе па ліку наведванне Слуцка. Два першыя надарыліся, калі Галіна Якаўлеўна ў якасці сябра мастацкага савета канцэрна "Белмастацпромыслы" і члена журы Рэспубліканскага конкурсу на лепшую ткачыху прыязджала на фабрыку мастацкіх вырабаў. Я ведаю, якія прыгожыя сувеніры вырабляюць слуцкія майстры!

Час знаёмства з гасцінным Слуцкам праляцеў хутка, але наперадзе нас чакала галоўная частка нашага падарожжа - Старадарожскі нацыянальна-мастацкі музей Анатоля Белага. Мінаючы розныя населеныя пункты Случчыны, мы заспяшаліся ў Старыя Дарогі (калісьці Старадарожскі раён таксама Случчынай быў). А па дарозе ў замілаванні працягвалі слухаць спадара Гучка. Так мы даведаліся, адкуль пайшлі некаторыя назвы вёсак: Лучнікі - там стаяў полк лучнікаў, Бранавічы, там было ратнае поле, куды заманьвалі ворагаў і там іх білі. А якімі сучаснымі літаратарамі багатая зямля слуцкая: з Набушава Алесь Пашкевіч, з Лясішча Галіна Каржанеўская, Алесь Жук з Клешава…

І вось нарэшце, раённы цэнтр Старыя Дарогі, дзе каля 52-га дома па вуліцы Садовай нас сустрэла гаспадыня музея, жонка і паплечніца Анатоля Белага - чароўная Ала Мікалаеўна.

Убачыўшы фасад сядзібы музея, перад якім пачэсна красаваліся помнікі і барэльефы знакамітым дзеячам Беларусі і змагарам за родную мову, мы шчыра здзівіліся такому нечакана смеламу аазісу беларушчыны. Гэта было проста фантастычна і вельмі хвалююча! Пасля вітальных слоў знаёмства, падмацаваных шчодрым абедам, пачалося наша доўгачаканае адкрыццё васьмі тэматычных экспазіцыйных залаў. Цяпер гідам у нас, вядома, была спадарыня Белая, але спадар Гучок не мог стрымаць сваёй любові да гэтага музея, як да роднай бацькаўшчыны.

Пры ўваходзе ў першую залу "Жывапісная Беларусь" на першым паверсе нас сустрэў драўляны анёл-ахоўнік, які тут з'явіўся па задумцы спадара Анатоля, як сімвал веры і адраджэння.

З левага боку ўся сцяна завешана палотнамі Л. Шчамялёва. Тут і партрэт Ларысы Геніюш з валошкамі на фоне летняй ночы, вялікі князь літоўскі Гедымін каля сцен лідскага замка, партрэт Яўгена Куліка, Эміліі Пляйтэр конна, аўтапартрэт, беларускае вяселле Святланы Белай у Амерыцы.

Рухаючыся далей па зале, я з радасцю пазнала партрэт пісьменніка Альгерда Абуховіча-Бандынэлі пэнздля мастака Алеся Цыркунова, што ўпрыгожвае і апошнюю старонку вокладкі нарыса Я. Гучка да серыі "100 выдатных дзеячаў" і пазнаёмілася з партрэтам ксендза Уладзіслава Чарняўскага з крыжом, Бібліяй і ключом (несумненна ад раю). Побач з Бандынэлі красамоўны партрэт Святланы Белай у народным строі на фоне яе гістарычнага часопіса "Полацак" работы А. Крывенкі. Работа А. Кішчанкі "Мадонна" падалася ўсім сумнай. Такі ж задумлівы і мастак Георгій Скрыпнічэнка пад старым гадзіннікам у яго карціне "Аўтапартрэт. Час нацыянальнай свядомасці". "А гэта Юзік, брат Якуба Коласа" - чуваць барытон спадара Яўгена каля карціны У. Сулкоўскага. Таксама светлай нам падалася і яго работа "Музыкант у нацыянальнай кашулі". На журнальным століку пад работай Генрыха Ціхановіча (дарэчы ў Старадарожскім музеі налічваецца каля 100 твораў мастака) "Веру - уваскрэснеш", на якой на Галгофу вядуць Беларусь у вобразе Ісуса Хрыста, стаіць партрэт Анатоля Белага, які дабразычліва пасміхаецца ўсім наведвальнікам свайго вялікага літаратурна-мастацкага збору і запрашае прайсці далей.

Драўляныя прыступкі прывялі нас на другі паверх першага з чатырох двухпавярховых дамоў музея. За нашым узыходжаннем у залу "Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах" сачыў "Сымон-мызыка" Г. Ціхановіча. А там нас сустрэлі партрэты лідараў, гаспадароў, мысляроў Беларусі. Здзіўляла тое, што багатая нацыянальная спадчына застаецца ў Старых Дорогах, а не ў Нацыянальным мастацкім музеі. А. Крывенка стварыў цэлую галерэю магнатаў ВКЛ: князі, гетманы і канцлеры: Сапегі, К. Астрожскі (быў прызначаны гетманам у 37 год). Падобна абразам на іканастасе ў шэраг размясціліся палкаводцы - трэці рад, другі і першы - дзеячы культуры і палітыкі беларусскага замежжа: Яўхім Кіпель, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, тут таксама партрэт яго сына Вітаўта. Злева партрэты "нашаніўскіх" дзеячоў: Язэпа Дылы, Язэпа Драздовіча, Палуты Бадуновай, Тодара Жылкі. Прафесар Георгій Штыхаў гаварыў, што па музеі А. Белага можна вывучыць усю гісторыю Беларусі.

Прыцягвае ўвагу прыгожы бюст А. Белага работы З. Азгура, а таксама харугвы, штандары, карта Беларусі, складзеная А. Белым, радавод полацкіх князёў і князёў ВКЛ, помнік доктару філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі Барысу Кіту скульптара У. Мелехава, стэнд з 46 нумарамі часопіса "Полацак" і кнігамі С. Белай. Таксама зачараваў партрэт Святланы, створаны ўпадабаным намі мастаком вялікага палёту А. Крывенкам.

Скульптуры дзеяча беларускай культуры М. Гусоўскага У. Панцялеева, мастака Н. Орды І. Голубева, палатно "Грунвальдская бітва" М. Басалыгі без усялякіх намаганняў выклікаюць высокія эстэтычныя і патрыятычныя пачуцці.

Прыпыніліся ля экспазіцыі Наталлі Арсенневай, складзенай з нотных аркушаў і фотаздымкаў славутай паэтэсы, і каля "чэшскага" стэнда, дзе Яўген Гучок узгадаў, што менавіта вядомы чэхаславацкі дыпламат Ян Масарык, заступнік беларусаў, прыклаў намаганні, каб для беларусаў адкрылі месцы ў Карлавым універсітэце. Вытанчаная арыстакратычная жаноцкасць, якая бліжэй да сённешнега дня, вылучае партрэт Магдалены Радзівіл, пра яе цёпла піша ў сваёй кнізе Аляксандр Надсан. Яна хацела, каб у Ватыкане была створана структура ў падтрымку беларушчыны, якая б працавала на развіццё беларускай каталіцкай царквы і для гэтай справы княгіня аддала свае вельмі дарагія ажаролак і пярсцёнак. Якая багатая і доўгая гісторыя нашай краіны і з колькіх выдатных асабістых гісторый яна складаецца!

Унікальныя работы мастака Аляксея Пятрухны сустрэлі нас у трэцяй зале. Яны былі лёгкімі, перапоўненымі святлом. Дасканалы малюнак ствараюць некалькі ліній і - узнікаюць на паперы, кардоне і палатне фігура, партрэт, пейзаж.

У гэтай жа зале два стэнды, прысвечаныя Васілю Быкаву. Ілюстрацыі мастакоў да яго кніг (напрыклад, любімага мастака спадарыні Г. Мяшковай Г. Паплаўскага), партрэты і асабістыя рэчы пісьменніка. Можна было падзівіцца наяве мастацкаму таленту Васіля Уладзіміравіча: нацюрморты, графічныя малюнкі тушшу мясцін, дзе ён нарадзіўся, дзе вучыўся. В. Быкаў падараваў музею свае пэнздлі і спадар Анатоль дарыў тыя "імянныя" пэнздлі мастакам, якія, на яго думку, вызначыліся. Быкаў апошні час жыў у Германіі ва ўнікальнага беларуса Барыса Кіта, а жонка Быкава прыязджала ў Старадарожскі музей са старэйшым сынам.

І як было не зазірнуць ў невялікі пакой (4-ю залу), прысвечаны творчасці культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" і не пабачыць партрэты "спадчынцаў" Л. Лыча, Я. Юхо, А. Ліса, А. Саламонава і інш., іх асабістыя рэчы, кнігі, артыкулы, афішы, агульны партрэт работы А. Цыркунова?! Дзякуючы намаганням іх кіраўніка і быў пабудаваны гэты надзвычай цікавы гістарычна-мастацкі музей.

Алла Мікалаеўна паведаміла, што замежныя паслы з задавальненнем наведвалі музей. Пасол Чэхіі Уладзімір Румл - двойчы, амерыканскі пасол місіс Карын Сцюарт прысутнічала пры адкрыцці помніку Т. Касцюшку. А шведскі пасол Стэфан Эрыксан зазначыў: "Неймаверна, неспаціжна, каб гэтакае мог зрабіць адзіны чалавек". Сапраўды арганізаваць сам будынак, сабраць такую колькасць матэрыялу і размясціць па залах экспазіцыі - гэта і непаўторна, і неверагодна!

Аднойчы адзін з вячэрніх наведвальнікаў-геолагаў, у якога дачка вучылася ў школе імя І. Ахрэмчыка, пасля агляду ўсёй экспазіцыі заплакаў і сказаў: "Перад гэтым чалавекам трэба стаць на калені". Колькі было патрэбна намаганняў, энергіі, духоўнай і фізічнай моцы! І нам, першаадкрывалькам старадарожскай спадчыны, немагчыма асэнсаваць усё адразу (толькі сёння выстаўлена 1700 адзінак твораў розных відаў мастацтва).

Гаспадыня падвяла нас да невялікага стэнда, прысвечанага караням Анатоля Яўхімавіча, з архівам партызанскага мінулага сям'і Белых, з лістамі, узнагародамі, з картай Старых Дарог, з кнігай "Памяць. Старадарожскі раён". Вось адкуль жыццялюбства і бясконцы рух наперад у сваёй мірнай, але такой гераічнай справе ў імя сваёй роднай зямлі!

Старыя крэслы, канапа, рарытэтны буфет застаўся Анатолю Яўхімавічу "ад бацькоў бацькоў". Бацька і дзед Анатоля Белага былі шляхцюкамі з Заходняй Беларусі. Менавіта любоў да прыгажосці, да культурнай спадчыны яго роду, унутраная інтэлегентнасць зрабіла пунктуальнага і мэтанакіраванага лётчыка-вайскоўца вядомым мастацтвазнаўцам, калекцыянерам і гісторыкам.

Мы ізноў пераходзілі з адной залы ў другую, разглядаючы скульптуру і медальерную кераміку (больш за 500 медалёў) з партрэтамі вядомых беларусаў, знаёміліся з гісторыяй Беларусі ў графіцы. Адных партрэтаў Ф. Скарыны бачылі каля сотні, а М. Багдановіча - каля 90. Бачылі габелен ручной працы, які быў часткай габелена "Возера" з рэстарана "На ростанях". Зацікавілі нас карціны, афорты Яўгена Бусла, намаляваныя локцямі, якія можна было сустрэць і ў кнізе "Беларуская народная творчасць"; "Партрэт парыжанкі" мастака В. Жалнеровіча, намаляваны алоўкам, і іншыя яго творы з "версальскімі" дыпломамі…

І вось ізноў мы ў першай зале, каля карціны "Веру - Уваскрэснеш" і фотапартрэта Спадара Анатоля. Па сваёй маштабнасці і значнасці Старадарожскі музей можна з гонарам назваць беларускім Луўрам, дзякуючы багатай гісторыі калекцыянавання мастацкіх і гістарычных рэліквій. Аднаго наведвання мала, трэба вяртацца сюды зноў і зноў, бо немагчыма з першага разу асэнсаваць усю глыбіню гэтага праекту даўжынёй у жыццё. Зразумела, што музей патрабуе пастаяннай патрымкі і вывучэння спецыялістамі мастацтва і культуры. Трэба прыязжаць сюды і пісаць студэнцкія дыпломы, магістарскія, кандыдацкія і доктарскія дысертацыі. Як узгадала Ала Мікалаеўна, што яшчэ "пры жыцці Толі у Старыя Дарогі прыязжала студэнтка з Італіі і пісала пра Слуцкі збройны чын".

Нізкі паклон светлай памяці выдатнага сына Беларусі Анатоля Яўхімавіча Белага. Няхай ягоны Луўр у Старых Дарогах не саступіць па папулярнасці свайму вялікаму французскаму цёзку!

Паэтка і публіцыстка Кацярына Мяшкова.


Захаваны і адноўлены змест і стыль Мулявінскай музыкі

12 студзеня, у дзень народзінаў песняра, у Белдзяржфілармоніі прагучала праграма "Вянок" на вершы Максіма Багдановіча, якая была запісана Уладзімірам Мулявіным у 1991 годзе. Яна была адноўлена паводле рабочага запісу, які захаваўся ў старшыні клуба аматараў творчасці "Песняроў" Яўгена Саламаціна ў Маскве.

Прэм'ера "песняроўскага" цыкла "Вянок" адбывалася ў Нью-Ёрку 31 кастрычніка 1991 года ў бібліятэцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Потым праграма была паказана ў дзень 100-гадовага юбілею Максіма Багдановіча 9 снежня 1991 года на сцэне Белдзяржфілармоніі. І вось праз 26 гадоў праграма зноў вярнулася да слухачоў і была горача прывітана менскай публікай.

Цыкл з 15 песень на вершы М. Багдановіча выканалі салісты Жан Янчак, Андрэй Коласаў і Вячаслаў Ісачэнка ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя Жыновіча пад кіраўніцтвам прафесара М. Казінца. "Музыка Уладзіміра Мулявіна застаецца прыцягальнай і папулярнай сёння", - зазначыла вядоўца вечарыны Вольга Брылон.

Паслухаць адноўленую праграму "Вянок" прыйшлі дачка спевака - Марына Мулявіна, яго сябры - Валерый Дайнэка, Уладзіслаў Місевіч, кампазітар Алег Моўчан, аўтар кнігі пра жыццё і творчасць артыста - Людміла Крушынская, аўтар помніка артысту, скульптар Аляксандр Каструкоў.

Гледачам быў прадэманстраваны фільм рэжысёра Уладзіміра Арлова "Пясняр. Сэрцам і думамі". У ім адлюстраваны моманты працы калектыва над праграмай "Праз усю вайну" і над іншымі запісамі.

Паралельна з арганізацыяй канцэрта Яўгенам Саламаціным і Уладзімірам Пазняком быў падрыхтаваны і выдадзены з дапамогай менскай фірмы "Каўчэг" кампакт-дыск з запісам цыкла "Вянок" у выкананні саміх "Песняроў".

Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымку: 1. Марына Мулявіна з артыстамі Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя Жыновіча. 2. Артыстка аркестра.


Свежыя фарбы мастакоў-рэалістаў

Выстаўка сямі маладых мастакоў, якія свядома абралі рэалістычную манеру пісьма, дэманструецца ў менскай галерэі Міхаіла Савіцкага. Сярод іх - Антон Вырва, Ігар Свянціцкі, Васіль Пешкун, Віталь Гуказа, Уладзіслаў Пятручык і іншыя. Большасць з іх - выхаванцы Беларускай акадэміі мастацтваў.

Аглядаючы выставу прыемна асэнсаваць, што ў беларускім выяўленчым мастацтве паспяхова развіваецца не толькі канцэптуальны (contemporary art), але і рэалістычны накірунак.

Маладыя жывапісцы ствараюць тэматычныя карціны, пішуць гарадскія пейзажы, нацюрморты. Яны добра валодаюць майстэрствам перадаваць сонечнае святло, якое пранізвае наваколле, напаўняюць прастору свежымі фарбамі і вобразамі. Глядач атрымлівае сапраўдную асалоду і замілаванне ад сузірання маляўнічых куткоў прыроды.

Самы малады з прадстаўленых мастакоў, Уладзіслаў Пятручык, нарадзіўся ў Менску ў 1989 годзе. Ён скончыў аддзяленне графічнага дызайна мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава і Беларускую акадэмію мастацтваў. Васіль Пешкун нарадзіўся ў 1978 годзе ў Гомеле, вучыўся ў Гомельскім каледжы мастацтваў і ў акадэміі ў Менску. З 1995 года ён удзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх выставах жывапісу, з'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Ігар Свянціцкі жыве на Беларусі з 1993 года, атрымаў мастацкую адукацыю ў Гародні, з 2014 года выкладае на кафедры малюнка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Антон Вырва нарадзіўся ў 1985 годзе ў Крычаве і вырас на Сожы. Таму ён вельмі любіць маляваць раку і заліўныя лугі, пісаць партрэты родных і блізкіх яму асобаў. Ён вучыўся ў Магілёўскім мастацкім каледжы, у 2011 годзе скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, удзельнічаў у шэрагу моладзевых выстаў у Менску. Антон Вырва з'яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў жывапісу на Беларусі, у Расіі і Польшчы. Творы мастака экспануюцца ў Гарадзенскім літаратурным музеі, Аршанскай карціннай галерэі, Магілёўскім мастацкім абласным музеі імя П. Масленнікава. Яго працы знаходзяцца ў калекцыі Марэка Пянькоўскага (Польшча), у прыватных калекцыях на Беларусі, у ЗША, Ізраілі, Кітаі, Аўстраліі. Таленавітаму і перспектыўнаму мастаку прысвяціў навэлу "Ван Гог" пісьменнік Віктар Карамазаў.

Э. Дзвінская. На фота: 1. Уладзіслава Пятручык. На пленэры ў Друі; 2. Нацюрморт з ружай Васіля Пешкура; 3. Пейзаж Антона Вырвы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX