Папярэдняя старонка: 2018

№ 07 (1366) 


Дадана: 21-03-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 6 (1365), 14 лютага 2018 г.


На Верхнядзвіншчыне "Чытаем па-беларуску з Velcom"

Школьнікі з Верхнядзвінска Ваня Вашкевіч і Кірыл Шульга сталі пераможцамі першага этапe рэспубліканскага конкурсу "Чытаем па-беларуску з Velcom".

Конкурс для вучняў 7-8 класаў прайшоў па ўсёй Беларусі, а ініцыятарам яго стала кампанія Velkam пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. З Віцебскай вобласці на конкурс было заяўлена 265 відэа, і 30 удзельнікаў сталі яго пераможцамі. Конкурсныя матэрыялы размяшчаліся ў сацыяльных сетках- Вконтакте, Facebook або Instagram.

У складзе журы - рэдактар часопіса "Вясёлка" Уладзімір Ліпскі, пісьменніца Раіса Баравікова, спецыяліст Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, акцёр і тэлевядовец Юры Жыгімонт, паэткі Кацярына Масэ і Маргарыта Латышкевіч. На заключным этапе конкурсу, які пройдзе ў траўні бягучага года, пераможцы маюць шанец атрымаць смартфоны маркі Apple.

У прайшоўшую суботу, падчас сустрэчы з творчым дэсантам з Віцебска , у складзе якога былі сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў - Уладзімір Папковіч, Галіна Сінякова, Алена Гінько і Аляксандр Пішчык, ад імя раённай арганізацыі ГА"Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" пераможцам першага этапа спаборніцтваў рэспубліканскага конкурсу "Чытаем па-беларуску з Velcom" былі перададзены дыскі з запісамі песень вядомых беларускіх музыкаў - Зміцера Вайцюшкевіча і Лявона Вольскага.

А настаўніцы СШ № 2, дзе праходзіла сустрэча з пісьменнікамі Віцебшчыны, Святлане Тадэвушаўне Антановіч уручаны дыскі з метадычнымі матэрыяламі "Гадуем беларусаў".

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.


Паштоўка ТБМ да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" выпусціла паштоўку да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

На паштоўцы - выява дома, у якім была абвешчана БНР, цяпер - вуліца Валадарскага, 9. Паштоўку можна знайсці на сядзібе ТБМ.

Наш кар.


75 гадоў Міхасю Тычыну

Міхась Аляксандравіч ТЫЧЫНА (нар. 10 лютага 1943 года, п. Ніжне-Сталінск Алданскага раёна, Якуцкай АССР) - беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік. Доктар філалагічных навук.

Нарадзіўся ў сям'і ссыльнага селяніна. Бацька Аляксандар Мітрафанавіч Тычына, ураджэнец в. Завалочыцы ў 1930 г. быў высланы як кулак ў Алданскі раён ЯАССР; маці, Алашкіна Кацярына Сцяпанаўна (расейка) як кулачка была высланая тады ж. У 1947 г. разам з бацькамі пераехаў на радзіму бацькі, у вёску Завалочыцы Глускага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута (1964). Кароткі час працаваў настаўнікам на Піншчыне. Служыў у савецкім войску (1964-1965). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1970). Цяпер працуе вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мовы НАН Беларусі, загадчыкам аддзела тэорыі літаратуры. З 1994 г. выкладае літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі. Сябар Беларускага ПЭН-Цэнтра з 1989 г. Спецыяліст у галіне літаратуразнаўчай экспертызы. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1976 г.

Друкавацца пачаў у 1963 годзе з вершаў (берасцейская абласная газета "Заря"); як крытык і літаратуразнавец - з 1969 (часопіс "Маладосць"). Аўтар шматлікіх асабістых і калектыўных манаграфіяў, эсэ, нарысаў, аповесцяў, апавяданняў. Пераклаў на беларускую мову шэраг працаў і твораў Алеся Адамовіча. Адзін з аўтараў школьных падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для базавай і сярэдняй школы.

Вікіпедыя.


"Арт Сядзіба" зладзіць "Свята роднай мовы"

21 лютага "Арт Сядзіба" традыцыйна ладзіць "Свята роднай мовы". У гэты дзень у свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO у 2000 годзе. 21 лютага ва ўніверсітэтах і клубах праходзяць адмысловыя мерапрыемствы і акцыі, у сацыяльных сетках і СМІ з'яўляюцца шматлікія конкурсы і публікацыі - і ўсё прысвечана беларускай мове. Арганізатары свята хочуць паказаць, што беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але натхняе шматлікіх людзей на цікавыя і яскравыя праекты, акрыляе на добрыя справы.

Праграма:

17:00 - 20:00 - на другім паверсе будзе праходзіць "Жывая бібліятэка". Гэта незвычайная бібліятэка. Тут замест звыклых нам "кніг" выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якія гатовы адказваць на любыя пытанні;

17.00 - 21.00 - на другім паверсе будзе праходзіць "Гульнятэка". Кожны ахвочы зможа згуляць у беларускамоўныя настолкі: "Багач", "Казачнік", "Мова" і іншыя;

18:00 - 19:00 - на галоўнай сцэне Ганна Комар прэзентуе першы зборнік вершаў культавага амерыканскага аўтара Чарльза Букоўскі на беларускай мове. Укладальніца і перакладчыца раскажа шмат цікавых фактаў пра Букоўскі, распавядзе пра кнігу і пачытае вершы з яе;

19:00 - 22:00 - у галоўнай зале выступяць беларускія гурты: Rahis; MIKITA; Без Назвы.

17:00 - 22:00 - кожны зможа паставіць свой подпіс пад Першай Устаўной Граматай Беларускай Народнай Рэспублікі, якая з'явілася на свет 100 гадоў таму. Кожны зможа атрымаць копію Устаўной граматы сабе на памяць;

18:00 - 20:00 - на другім паверсе для дзетак падрыхтаваная дзіцячая праграма: батлейка і фотазона;

Увесь вечар будзе працаваць кірмаш ад symbal.by і hareza.by.

21 лютага / Кавярня "Грай" (вул. Інтэрнацыянальная, 33).

УВАХОД ВОЛЬНЫ. Але трэба запісацца: https://vk.com/dzenmovy2018?w= app5708398_-160757660 або па тэлефоне: +375 25 996 93 76.

nn.by.



21 лютага ў Дзень роднай мовы - канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча ў Бярозаўскім гарадскім доме культуры Лідскага раёна. Пачатак - у 19.00. Кошт квітка - 7 руб.


МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ УСТАНОВА АДУКАЦЫІ "ВІЦЕБСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ ІМЯ П.М. МАШЭРАВА" ФІЛАЛАГІЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ

ІНФАРМАЦЫЙНЫ ЛІСТ

Шаноўныя калегі! Філалагічны факультэт ВДУ імя П.М. Машэрава, Цэнтр славянскіх моў і культур распачынаюць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных ушанаванню памяці і даследаванню творчасці знакамітага беларускага пісьменніка, нараджэнца Віцебшчыны Васіля Быкава. У будучым мы маем намер праводзіць міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі для навукоўцаў, даследчыкаў творчасці Васіля Быкава з удзелам у тым ліку і беларусаў замежжа.

У гэтым годзе будзе праведзена завочная рэспубліканская навуковая канферэнцыя аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў "Чалавек, Радзіма, свет у мастацкай прасторы Васіля Быкава". Мы запрашаем прыняць удзел у нашай канферэнцыі і прапануем наступныя напрамкі даследаванняў:

1. Творчасць Васіля Быкава ў кантэксце сучаснага літаратурнага працэсу.

2. Мастацкі вобраз у творах Васіля Быкава як адлюстраванне аб'ектыўнай рэальнасці.

3. Быкаўскі погляд на чалавека ў крытычных абставінах.

4. Мова твораў Васіля Быкава: традыцыі і наватарства.

5. Канцэпт "радзіма" ў моўнай карціне свету Васіля Быкава.

6. Тэма вайны ў творчасці Васіля Быкава і іншых пісьменнікаў.

7. Дыдактычны патэнцыял мастацкага тэксту Васіля Быкава як сродак фарміравання патрыятызму ў моладзі.

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў. Заяўкі на ўдзел і матэрыялы, аформленыя паводле прапанаванага ніжэй узору, прымаюцца да 1 красавіка 2018 года на электронны адрас: flf.bykau@tut.by.

Тэлефоны для даведак:

+37529 3084978 (Юрый Міхайлавіч Бабіч - дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства);

+37529 5901838 (Віталь Феліксавіч Падстаўленка - дацэнт кафедры літаратуры).

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору матэрыялаў для публікацыі.

Кошт удзелу ў канферэнцыі, які ўключае падрыхтоўку, рэдагаванне і выданне матэрыялаў, - 12 рублёў. Разам з матэрыяламі просьба высылаць адсканаваны варыянт банкаўскага квітка, які пацвярджае аплату ўдзелу ў канферэнцыі, з паметай "Канферэнцыя. Быкаў".

Банкаўскія рэквізіты для аплаты:

Установа адукацыі "Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава", 210038, г. Віцебск, Маскоўскі праспект, 33, р/р BY73 AKBB 3632 9039 7001 9200 0000 у філіяле 200 Віцебскага АУ ААТ "АСБ Беларусбанк" г Віцебск, вул. Смаленская, 9А, БИК АК ВВВY21200. УНН 300048858, ОКПО 02148020.

Тэл. (0212) 260026.

З павагай, аргкамітэт канферэнцыі.


Патрабаванні да афармлення матэрыялаў

Матэрыялы для выдання (да трох старонак уключна) павінны быць набраныя ў тэкставым рэдактары MS WORD 6.0 і вышэй. Шрыфт - Times New Roman, памер - 14 pt. Палі: з усіх бакоў па 2,5 см. Абзацны водступ - 1 см. Старонкі не нумаруюцца.

Спасылкі на крыніцы падаюцца ў тэксце лічбамі ў квадратных дужках [1, 5].


Узор афармлення матэрыялаў

ПРАБЛЕМА МАРАЛЬНАГА ВЫБАРУ Ў ТВОРЧАСЦІ ВАСІЛЯ БЫКАВА

Карніцкая Наталля Пятроўна

Студэнтка 3-га курса БДПУ імя Максіма Танка

Тэкст ……………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………..


Літаратура

1.

2.

Заяўка на ўдзел у навуковай канферэнцыі "Чалавек, Радзіма, свет у мастацкай прасторы Васіля Быкава"

1. Месца вучобы: ………………………………..............................................

2. Прозвішча, імя, імя па бацьку ……………………………………………..

3. Тэма даклада.....………………………………………………......................

4. Назва напрамку…………………………………………………………........

5. Электронная пошта ……………………………………………..................

6. Адрас (+ індэкс) ………………………………………………………………

7. Тэлефон (+плюс код) …...............................................................................


Жыві, родная мова!

З легендаў i казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў і пшанiц,

З сузор'яў i сонечных

цёплых праменняў,

З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.

З птушынага шчэбету,

шуму дубровы,

I з гора, i з радасцi, i з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святынi народа, бяссмерця яго, -

Ты выткана, дзiўная родная мова…

Максім Танк.

21 лютага народы нашай планеты святкуюць Дзень роднай мовы. Хутчэй за ўсё, пра свята гэта чулі не ўсе. Каб данесці інфармацыю пра гэта цудоўнае, роднае, мілагучнае свята да сваіх чытачоў і не толькі, бібліятэкары ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" з года ў год плануюць цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы ў сценах сваіх бібліятэк, мясцовых школах, клубах.

У мінулым годзе да Дня роднай мовы адбылося мерапрыемства ў Карэліцкай раённай бібліятэцы - урок роднай мовы пад назвай "Беларуская мова: старонкі гісторыі", дзе ўдзельнікам мерапрыемства расказалі пра гісторыю ўзнікнення і развіцця беларускай мовы. Вершы пра беларускую мову чыталі супрацоўнікі бібліятэкі і член Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі С. Кошур. На мерапрыемстве выступіў настаяцель храма Святой вялікапакутніцы Варвары аграгарадка Райца, іерэй Аляксей Шышкір, які паразважаў з вучнямі 9 класа аб ужыванні беларускай мовы ў грамадстве і пажадаў усім любіць і шанаваць родную мову.


Прыхільнікаў роднага слова віталі і супрацоўнікі Мірскай гарпасялковай бібліятэкі, дзе адбылася літаратурна-музычная кампазіцыя "Прыгарніся да роднага слова". Вядоўцы яшчэ раз адзначылі, што родная мова - гэта вытокі нашай будучыні, неўміручая спадчына беларускіх песняроў. На мерапрыемстве прагучалі вершы М. Танка, П. Панчанкі, С. Грахоўскага, Н. Гілевіча і песні на словы беларускіх паэтаў. У рамках імпрэзы ладзілася кніжная выстава па тэме.

Літаратурная гасцёўня "З любоўю да роднай мовы" адбылася ў Палужскім дзіцячым садку "Валошкі". Мэта мерапрыемства - з маленства ведаць сваю родную мову, берагчы яе, шанаваць і ганарыцца ёю. Бібліятэкар нагадала малечы беларускія народныя казкі, паказала малюнкі з новых кніжак, загадала загадкі.

Паэтычная гадзіна "Мілагучнае, звонкае, роднае слова" адбылася ў Райцаўскай сельскай бібліятэцы. Наведвальнікі даведаліся пра гістарычны шлях развіцця беларускай мовы, пра значэнне роднай мовы для чалавека, успаміналі прыказкі і прымаўкі, нагадалі загадкі, слухалі беларускія народныя песні і вершы, пагарталі старонкі беларускіх часопісаў.

Цікавыя і змястоўныя імпрэзы, прысвечаныя роднай мове, ладзілі і іншыя бібліятэчныя ўстановы раёна: гадзіна паэзіі "Гучы, родная мова!" (Варанчанская СБ), літаратурная гасцёўня "Багата, родная ты мова" (Красненская СБ), літаратурная гадзіна "З любоўю да роднага слова" (Баранавіцкая СБ).

Вельмі хутка бяжыць час. У нябыт сышоў 2017 год, і вось ужо цвёрда крочыць 2018, і з ім - новыя падзеі, святы і, канешне, чарговы Дзень роднай мовы. І каб гэты дзень асабліва быў святочны ў бібліятэках пройдзе Тыдзень беларускай мовы, на працягу якога ва ўстановах будзе гучаць беларуская мова, будуць ладзіцца беларускамоўныя мерапрыемствы, куды плануецца запрасіць мясцовых краязнаўцаў і пісьменнікаў (сёння, напэўна, няма пісьменнікаў, якія не выказалі б сваіх адносін да роднай мовы; у шматлікіх радках нашых землякоў падкрэсліваецца яе значэнне ў жыцці грамадства, багацце і адметнасць, паказваецца сувязь мовы народа, культуры і гістарычнай памяці), настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Завершыцца Тыдзень акцыяй "Мова родная - родная мова", якая яшчэ раз падкрэсліць, што мова - душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны і неацэнны скарб. I сёння гонар і абавязак усіх нас - шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.

Наталля Уладзіміраўна Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".


ПАВАЖАНЫЯ СЯБРЫ!

Запрашаем Вас прыняць удзел у напісанні традыцыйнай Агульнарэспубліканскай дыктоўкі ў Віцебску, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. Дыктоўку пішам 21 лютага 2018 года ў Віцебскай абласной бібліятэцы. Пачатак - 17.30. Шчыра запрашаем усіх, хто шануе роднае беларускае слова!

Віцебская абласная рада ТБМ.


Пра калегіюм езуітаў у Мсціславе

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Аб правядзенні работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь разгледзела зварот па пытаннях правядзення работ па кансервацыі нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і пераразмеркаванні сродкаў рэспубліканскага бюджэту, выдзеленых на забеспячэнне захаванасці помнікаў Магілёўскай вобласці, з мэтай забеспячэння захавання былога калегіюма езуітаў у Мсціславе.

Раней лістом ад 30.10.2013 № 11-09/5130/н у адрас грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" з улікам інфармацыі Міністэрства эканомікі паведамлялася аб неабходнасці наяўнасці праектна-каштарыснай дакументацыі для ўключэння аб'екта ў Дзяржінвест-праграму на 2016 год. У гэтай сувязі з'яўлялася мэтазгодным у 2014-2015 гадах за кошт сродкаў уласнікаў і (або) інвестараў падрыхтаваць праектную дакументацыю, у якой вызначыць віды работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці, іх каштарысную вартасць і неабходны аб'ём сродкаў для іх рэалізацыі, пачынаючы з 2016 года.

Заканадаўствам у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны прадугледжана, што абавязак па забеспячэнні захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей ускладзены на ўладальніка.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "О местном управлении и самоуправлении в Республике Беларусь" на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўскладваецца абавязак распрацоўваць і ўносіць для зацвярджэння праекты рэгіянальных праграм, канцэпцый па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама распараджацца камунальнай уласнасцю і ажыццяўляць кантроль за выкарыстаннем па адпаведнай тэрыторыі.

У адпаведнасці з пунктам 10 рашэння калегіі Міністэрства культуры № 15 ад 08.02.2017 "Аб выніках правядзення Года культуры ў 2016 годзе і задачах развіцця сферы культуры Беларусі ў 2017 годзе галоўным упраўленням ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, Менскага гарвыканкама даручалася забяспечыць павышэнне эфектыўнасці вынікаў штоквартальных маніторынгаў стану работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях з мэтай прывядзення іх у належны тэхнічны стан, стварэння належных умоў успрымання і павышэння турыстычнай прывабнасці аб'ектаў.

Аб'екты спадчыны не застаюцца без увагі міністэрства. Толькі ў 2017 годзе Міністэрствам культуры неаднаразова накіроўваліся лісты (а 19.06.2017 № 11/06/3132, ад 10.08.2017 № 01-19/М-6Ю, ад 17.10.201 №11-06/6127, ад 29.12.2017 № 11-06/7664) у Магілёўскі абласны, Мсціслаўскі раённы выканаўчыя камітэты аб прыняцці неабходных мер, накіраваных на правядзенне супрацьаварыйных работ і работ па кансервацыі вышэйназванага аб'екта.

Функцыянальныя віды расходаў, якія могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту і парадак фінансавання, вызначаны Бюджэтным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Магчымасць пераразмеркавання сродкаў рэспубліканскага бюджэту, за кошт якіх магчыма фінансаваць капітальныя расходы на аб'екты, якія знаходзяцца ва ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, будзе разгледжана пасля ўнясення змяненняў у Пералік гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорый "0", "1" і "2", якія знаходзяцца ва ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь і ва ўласнасці рэлігійных арганізацый, расходы па забеспячэнні захаванасці якіх у частцы капітальных расходаў могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 2016 г. № 437.

Разам з тым, меры па выдзяленні сродкаў абласнога бюджэту на правядзенне першачарговых супрацьаварыйных работ таксама прымаюцца з улікам звароту Міністэрства культуры да старшыні Магілёўскага аблвыканкама У.В. Даманеўскага.

Па імфармацыі, атрыманай з Магілёўскага аблвыканкама, установе культуры "Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей" за кошт раённага бюджэту выдзелена 38 000 руб. для выканання інжынерных даследаванняў аварыйнага аб'екта. У цяперашні час праводзіцца працэдура закупкі інжынерных паслуг згодна з заканадаўствам.

Выбар падрадчыка - будаўнічай арганізацыі для правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ за кошт або з прыцягненнем сродкаў бюджэту павінен ажыццяўляцца ў парадку, вызначаным Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2016 г. № 380 "О закупках товаров (работ, услуг) при строительстве". З улікам устаноўленага парадку па выніках праведзеных працэдур работы могуць выконвацца любой будаўнічай арганізацыяй, якая перамагла, незалежна ад яе тэрытарыяльнага месцазнаходжання.

Стварэнне рэстаўрацыйна-будаўнічых брыгад на базе абласных будаўнічых арганізацый не адносіцца да кампетэнцыі Міністэрства культуры і не прадугледжана заканадаўствам.

Дадзены адказ на зварот можа быць абскарджаны ў парадку, устаноўленым часткай першай пункта 1 артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Об обращениях граждан и юридических лиц".

Міністр Ю.П. Бондар.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папяр. нум..)

1224. Тархуноў (Яўген) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Тархун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тархуноў. ФП: тархун ('расліна экстрагон і напой з яе' (ВСБМ)) - Тархун (мянушка, потым прозвішча) - Тархуноў.

1225. Тарыч (Юрый) - відаць, другасная форма, першасная Тарч - семантычны вытвор ад апелятыва тарч 'невялікі круглы шчыт' (<польск. tarcz, tarcza 'шчыт' (Фасмер) у варунках поўнагалосся).

1226. Татарнікаў (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам - аў ад антрапоніма Татарнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Татарнікаў. ФП: татарнік (батан. 'від чартапалоху') - Татарнік (мянушка) - Татарнік (прозвішча) - Татарнікаў.

1227. Татарыновіч (Пётр) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Татарын і значэннем 'нашчадак названай асобы': Татарыновіч. ФП: татарын (мн. татары 'народ, які складае асноўнае насельніцтва Татарыі', а таксама 'назва розных плямёнаў, што ўтварылі дзяржаву Залатой Арды, аб'яднаных у 13-15 ст.') - Татарын (мянушка, потым прозвішча) - Татарыновіч.

1228. Татур (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва татур, які ў народнай мове мае розныя значэнні: 1) чалавек, які выконвае ролю таты; параўн. дзяўчур 'хлопец, які можа выконваць абавязкі дзяўчыны'; хлапчур 'дзяўчына з звычкамі хлопца'; 2) частка бервяна, цурбан (Даль).

1229. Татура (Сцяпан) - семантычны вытвор ад апелятыва татур / татура 'цурбан' ('абрубак, кароткі кавалак бервяна', (перан.) 'някемлівы, непаваротлівы чалавек, тупіца' (Даль)).

1230. Таўканіца (Алёна) - семантычны вытвор ад апелятыва таўканіца 'страва з таўканікаў (бульбянікаў): галушкі з абваранай тоўчанай бульбы, засмажаныя ў тлушчы' (СБГПЗБП). Параўнай таўчаніца (тамсама, с. 95). Або варыянт (з фармантам -ніца) да таўкатня 'цісканіна ў натоўпе'.

1231. Ткачоў (Павел) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Ткач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ткачоў. ФП: ткач ('рабочы, майстар, які вырабляе тканіну на ткацкім станку') - Ткач (мянушка, потым прозвішча) - Ткачоў.

1232. Ткачэнка (Раман) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Ткач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ткачэнка. ФП: ткач ('майстар, рабочы, які вырабляе тканіну на ткацкім станку') - Ткач (мянушка, потым прозвішча) - Ткачэнка.

1233. Токун (Алег) - семантычны вытвор ад апелятыва такун 'самец птушкі', які своеасаблівымі рухамі і крыкамі падзывае самку - "такуе" ( такаваць - такун; фармант -ун); форма з галосным "о" для адмежавання ад апелятыва ці з арыентаваннем на рускую мову.

1234. Торап (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва торап 'спешка, паспешлівасць, хапатлівасць; шпаркасць' (нульсуфіксавы вытвор ад (рус.) торопиться 'спяшацца'). Параўн.: таропкі 'які спяшаецца' (часцей пра чалавека. СБМ, т. 5, кн. 1 с. 479). Або з руск. тороп 'той, хто спяшаецца, сумятлівы чалавек' (Даль); укр. тороп 'спешка, паспешлівасць' (Грынч.).

1235. Трацэнка (Святлана) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Трэці і значэннем 'нашчадак названай асобы': Трэцэнка - Трацэнка. ФП: трэці ('парадк. лічэбнік ад тры'; 'асабіста не зацікаўлены ў чым-н., што тычыцца дзвюх іншых асоб; пабочны, 'не галоўны, не першаразрадны') - Трэці (мянушка, потым прозвішча) - Трэцэнка - Трацэнка.

1236. Трусаў (Алег) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Трус і значэннем 'нашчадак названай асобы': Трусаў. ФП: трус (апелятыў, які мае розныя значэнні: 'невялікі свойскі грызун сямейства зайцавых, а таксама яго футра'; 'ваганне зямлі, землетрасенне ( землятрус); 'чалавек, які лёгка паддаецца пачуццю страху, баязлівасці') - Трус (мянушка, потым прозвішча) - Трусаў.

1237. Трухноў (Леанід) - вытвор з прыалежным суфіксам -оў ад антрапоніма Трухан і значэннем 'нашчадак названай асобы': Труханоў - Трухноў (спрашчэннем структуры слова). Або ад Трухно (Трухноў). ФП: трухаць ('бегчы подбегам, трухам') - трухан ('той, хто бегае трухам: жвавы, хуткі, рухавы чалавек') - Трухан / Трухно (мянушка, потым прозвішча) - Трухноў.

1238. Труцянец (Дзмітрый) - вытвор з суфіксам -ец ад: 1) антрапоніма Труцень і значэннем 'нашчадак (сын) названай асобы': Труцянец; 2) тапоніма Труцені/Труцяні і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Труцянец. ФП: труцень ('самец у пчалінай сям'і'; (перан.) 'той, хто жыве за кошт чужой працы') - Труцень (мянушка) - Труцень (прозвішча) - Труцяні (тапонім) - Труцянец. Або ад прозвішча Труцень і значэннем 'нашчадак названай асобы' ( Труцянец).

1239. Трыгуб (Крысціна) - семантычны вытвор ад апелятыва трыгубы 'з рассечанай, заечай губой', рэканструяваны ў назоўнік трыгуб.

1240. Трыгубін (Кірыл) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Трыгубы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Трыгубін. ФП: трыгубы ('з рассечанай заечай губой') - Трыгубы (мянушка) - Трыгубы (прозвішча) - Трыгубін.

1241. Трымбач (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва трымбач 'кепскі музыка'; утварэнне ад трымбаць ('іграць няўмела "трым-ба-ба"') з суфіксам -ач: трымбач; параўн. іграч 'музыкант', сявач 'сейбіт', трапач і пад.

1242. Трысцень (Дзіяна) - семантычны вытвор ад апелятыва трысцень 'прыбудова да хаты і пад. з трох сцен'.

1243. Тулікіна (Алёна) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Тулік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Тулікава. ФП: тул ('калчан для стрэл' (Фасм.)) - Тул (мянушка, потым прозвішча) - Тулік ('нашчадак Тула', суфікс -ік) - Тулікіна.

1244. Тулупава (Нэлі) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Тулуп і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Тулупава. ФП: тулуп (рус.) 'кажух' - Тулуп (мянушка, потом прозвішча) - Тулупава.

1245. Тумеля (Міхаіл) - народна-гутарковая форма ад нарматыўнай Тамаш (ст.-яўр. 'блізня') набыла ролю прозвішча. Што да гукавай змены, параўн. Тамуль, Тамаш > Тумаш.

1246. Туміловіч (Наталля) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Туміла і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Туміловіч. ФП: Таміла (імя <ст. рус. 'мучыць') - Туміла (разм. форма з зменай о>у ( Мікола>Мікула)) - Туміла (мянушка) - Туміла (прозвішча) - Туміловіч.

1247. Тупіца (Леанід) - семантычны вытвор ад апелятыва тупіца 'тупая сякера, каса і пад.'; (зневаж. перан.) 'тупы, някемлівы, абмежаваны чалавек'.

1248. Туранкоў (Аляксей) - вытвор з прыналежным суфіксам - оў ад антрапоніма Туранок і значэннем 'нашчадак названай асобы': Туранокоў - Туранкоў. ФП: тур ('вымерлы дзікі бык, продак буйной рагатай жывёлы', 'горны каўказкі казёл') - Тур (мянушка, потым прозвішча) - Туранок ('нашчадак Тура', 'малады Тур', суфікс -онак; Туронак) - Туранкоў.

1249. Турмовіч (Стэфанія) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Турма і значэннем 'нашчадак названай асобы': Турмовіч. ФП: турма ('месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, пазбаўленыя волі', 'пакаранне знявольннем', 'месца, дзе прыгнятаюць, дзе цяжка жывецца') - Турма (мянушка, потым прозвішча) - Турмовіч.

1250. Турок (Марыя) - семантычны вытвор ад апелятыва турак, мн. туркі 'народ, які складае асноўнае насельніцтва Турцыі'. Форма з галосным о для адмежавання ад апелятыва. Або ад турок 'невялікі тур, дзіцяня тура' - вымерлага дзікага быка, продка буйной рагатай жывёлы або 'невялікі горны каўказкі казёл'.

1251. Турчанка (Ірына) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Турак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Турч(к/ч)анка. ФП: турак (мн. туркі 'народ, які складае асноўнае насельніцтва Турцыі') - Турак (празванне, потым прозвішча) - Турчанка. Або семантычны дэрыват ад турчанка (жаночая форма ад турак), які набыў ролю прозвішча.

1252. Турчын (Фявос) - семантычны вытвор ад апелятыва турчын 'турак' (Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі). Параўн. грузін, армянін, беларусін (беларус). Або вытвор з фармантам - ын ад антрапоніма Турак (-туркі) і значэннем 'нашчадак названай асобы: Турч(к/ч)ын ці турка (ж.р.) - турч (к/ч)-ын.

1253. Турчынаў (Аляксандр, Адам) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Турчын і значэннем 'нашчадак названай асобы': Турчынаў. Гл. Турчын.

1254. Тычка (Галіна) - семантычны вытвор ад апелятыва тычка 'шост, які ставіцца, каб абазначыць дарогу (у полі, на снезе), межы зямельных участкаў і пад.'; 'паплавок у выглядзе шаста з мяцёлкай або перакладзінай паверсе, які абазначае мель, фарватар і пад.'; 'шост, які выкарыстоўваецца як падпорка для павойных раслін'. Часам набывае форму Тычко (для адмежавання ад апелятыва).

(Працяг у наст нумары.)


ТОЙ, ХТО ПІША ВЕРШЫ, БАГАТЫ ДУШОЙ

- Адкуль бяруцца тэмы для вершаў?

- Што вымушае выкладаць свае пачуцці на паперы?

- Вашыя вершы такія пявучыя. Вы, відаць, спяваеце самі?

- Якім вы былі настаўнікам: патрабавальным і строгім?

- Вашыя захапленні?

На гэтыя, і не толькі, пытанні давялося даваць адказы творчаму дэсанту з Віцебска - Уладзіміру Антонавічу Папковічу, самаму старэйшаму ўдзельніку сустрэчы і Аляксандру Пішчыку, маладому аўтару, сталым аўтаркам Галіне Сіняковай і Алёне Гінько, якія днямі правялі творчую сустрэчу ў Верхнядзвінску.

Уладзімір Антонавіч Папковіч, які нарадзіўся ў вёсцы і быў адзіны з мясцовых хлопцаў, хто змог атрымаць сярэднюю, а потым і вышэйшую адукацыю, распачаў сустрэчу з вершаў пра родную вёсачку, дзе "хаткі, як баравічкі", і адначасова вырашыў праверыць вучняў на веданне роднай мовы: ці ведаюць сённяшнія дзеці, як раніцай "гоняць кароў на выган", а вяскоўцы "спяшаюцца на сенажаці з валізкай ", а дзеці "набіваюць гузы", ці што значыць "у бульбу схавацца".

Вучні прынялі прапанаваны Уладзімірам Антонавічам фармат і паўсотні зацікаўленых хлопчыкаў і дзяўчынак, а разам з настаўнікамі, удзельнічалі ва уроку "па-беларуску". Знайшлося ў выступе вядомага аўтара месца ўспамінам пра дзяцінства, сяброў-аднагодкаў, вучобу, працу ў розных навучальных установах, цікавыя і карысныя для яго і яго студэнтаў візіты ў Нямеччыну.

Паэтычнае крэда Уладзіміра Папковіча - любоў да Радзімы, да родных мясцін, да бацькоў, да каханай, і гэта натхняе яго на новыя і новыя вершы. І, як падкрэсліў Уладзімір Антонавіч, трэба шмат чытаць і вучыцца, бо знаёмства з творамі паэтаў і пісьменнікаў пашырае кругагляд, кола знаёмстваў, узбагачае тэмамі:

Я выдумляю вершы для сябе,

Дый Вас схіляю, каб і вы чыталі,

І свой настрой, вясёлы ці ў журбе,

Я выстаўляю-

Да малой дэталі.

Магчыма, ён і з вашым супадзе,

Магчыма, нават выкліча спагаду,

Мы пасумуем разам у бядзе,

Ці знойдзем у нявыкрутцы спагаду.


Мяне кранае ваша цеплыня,

Я вашых водгукаў заўжды чакаю,

Для вас, прачнуўшыся, бягу штодня,

Для вас сваю душу не замыкаю.

Для маладога паэта Аляксандра Пішчыка крыніца натхнення - гэта каханне:

Знаешь, так не поступают?

Дав надежду, не уходят,

Осень медленно ступает,

Ветер листья хороводит.

Не богат теперь мой выбор,

Все равно, что в стену биться.

Только я , подумав, выбрал:

Лучше заново влюбиться.

Пісаць вершы Аляксандр пачаў ў 8 класе.

- Гэта гады першага кахання, першых моцных эмоцый, якія радкамі клаліся на паперу. І сёння для мяне эмоцыі-радасць, захапленне, маркота ці журба падштурхоўваюць на новыя паэтычныя радкі. Больш сур'ёзна да сваей паэтычнай творчасці пачаў ставіцца пасля 20 год. Канешне, жыццё ў Віцебску паўплывала на тое, што я шмат пішу пра свой родны горад, які люблю і які дае мне тэмы для вершаў, - прызнаўся паэт.

Адна з дзяўчынак задала пытанне Алёне Гінько: ці спявае яна.

- Чаму ты задала такое пытанне? - пачула ад аўтаркі ў адказ.

- Бо вы чытаеце, як спяваеце.

І сапраўды, Алёна чытала свае вершы, як спявала прыгожую песню пра каханне, пра родную мову:

Ад дратоў і халодных кратаў,

Родны дом на сямі вятрах,

Ганьбаваная тысячакратна,

Палыновага лёсу сястра…

То - мая беларуская мова.

Але ж, аказалася, што Алёну Гінько, а родам яна з Пастаўшчыны, некалі на вёсцы за прыгожы голас звалі "Людмілай Зыкінай".

Творы Алёны - цёплыя, прасякнутыя высокімі пачуццямі, вярэдзяць душу і прымушаюць балюча, але салодка біцца сэрца. Многія вершы апісваюць пачуццёвы досвед лірычнай гераіні, якая шукае сваё каханне, і таму так зразумелыя, асабліва жанчынам.

"Такія радкі запамінаюцца, іх хочацца занатоўваць, чытаць не толькі самому сабе - іншым аматарам паэзіі таксама", - адзначае ў прадмове да зборніка "Я думала душой" Леанід Дранько-Майсюк.

Калі такую адзнаку аўтарцы ставіць знаны майстра слова і інтымнай лірыкі, як Леанід Дранько-Майсюк, не паспрачаешся!

Галіна Сінякова, яшчэ адна ўдзельніца творчага дэсанту, якая адносіць сябе да "Супольнасці неабыякавых людзей, якія аддаюць перавагу вершаванаму выкладанню сваіх думаў і пачуццяў".

У яе творчай скарбонцы шмат грамадзянскай лірыкі, што характарызуе аўтарку як творцу, якую хвалюе месца паэта ў вірлівым сённяшнім жыцці:

"Поэзия - ради Поэзии?"

По-моему - редкостный бред, -

Введите побольше магнезии,

Пусть спит виртуозный Поэт!

Пусть спит,

как спят души читателей,

Которым творения нес,

Шагая в ряду созидателей,

В плену у мечтаний и грез!

Пусть спит: находя рифмы точные,

Добро не спешил воспевать

И зло никогда не порочил он,

Зачем же бумагу марать?

А калі Галіна заспявала песню, без акампанементу, уся аўдыторыя падтрымала яе дружнымі апладысментамі, якія не змаўкалі на працягу яе спеваў:

- Гэту песню на мае словы спявае малодшы Ярмоленка, - патлумачыла Галіна.

Разам з гасцямі з Віцебска трымаў слова перад вучнямі і наш вядомы паэт, краязнавец Антон Бубала, сябра рады раённай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Ад раённай арганізацыі ТБМ Валянціна Болбат ўручыла дыскі з заапісамі З. Вайцюшкевіча і Л. Вольскага пераможцам першага этапа рэспубліканскага конкурсу "Чытаем па-беларуску з Velcom". Імі сталі Ваня Вашкевіч і Кірыл Шульга, а таксама дыскі з метадычнымі матэрыяламі для настаўнікаў "Гадуем беларусаў" С.Т. Антановіч.

Напрыканцы сустрэчы загадчыца школьнай бібліятэкі Ларыса Фёдараўна Рымаронак уручыла гасцям камплекты буклетаў пра Верхнядзвінск і наш раён, цёплыя словы падзякі за цудоўную сустрэчу прагучалі ад настаўніцы Святланы Тадэвушаўны Антановіч. А потым - фота на памяць разам з вучнямі.

Адбылася сустрэча і ў раённым краязнаўчым музеі, які лічыцца адным з адметных музеяў вобласці.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.


90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Стальмашонка

Уладзімір Іванавіч СТАЛЬМАШОНАК (6 лютага 1928, Менск - 7 чэрвеня 2013, Менск) - беларускі мастак, педагог. Народны мастак Беларусі, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1981).

Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна ў Ленінградзе (1957). У 1957-2000 гг. выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Старшыня праўлення Саюза мастакоў Беларусі (1965-68, 1987-89).

Працаваў у галіне станковага жывапісу, манументальнага мастацтва, графікі, дэкаратыўна-афарміцельскага мастацтва. Партрэтны жанр найбольш прыцягваў мастака. Аўтар партрэтаў Якуба Коласа, Рыгора Шырмы, Францішка Скарыны, Кірылы Тураўскага, Пятра Мсціслаўца, Ефрасінні Полацкай і інш. Зрабіў больш за дваццаць партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў, у тым ліку: "Творцы: Гётэ і Антоній Радзівіл", "Мацей Радзівіл", "Сафія Слуцкая (Сафія Юр'еўна Радзівіл)". У 1990-я гады пісаў карціны, прысвечаныя князям ВКЛ. Уражанні ад паездак выяўлены на карцінах "Стамбул. Порт", "Літва", "Літва. Ля кляштара", "Раніца ў Бухарэсце", "Лондан. Парламент" і інш. - гэта малюнкі, акварэлі, накіды, напісаныя за адзін сеанс. Асобныя карціны прысвечаны жонцы, сям'і і ўласным успамінам пра дзяцінства і прыемныя моманты жыцця ("Успаміны", "Яўкінскія калядкі"). Работа "Вольга Мініч з вогненнай вёскі" стала галоўнай ілюстрацыяй да кнігі "Я з вогненнай вёскі". Незвычайна пабудаваная кампазіцыя карціны "Зона", прысвечанай Чарнобыльскай трагедыі: на фоне карты радыяцыйнага становішча чалавек, які, паводле слоў мастака, прайшоў вайну і перажыў жах катастрофы "мірнага атама".

Уладзімір Стальмашонак у Патсдаме для рэстарана "Мінск" зрабіў 16 вітражоў. У Менску ім створаны вітраж для станцыі метро "Плошча Перамогі", мазаікі на станцыі "Маскоўская". 24 партрэты ганаровых грамадзян Беларусі пэндзля У. Стальмашонка знаходзяцца ў зале прыёмаў і паседжанняў Менскай ратушы.

Выстава "Мастак і Чалавек", прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Стальмашонка, працавала да 11 лютага 2018 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Там былі прадстаўлены ўнікальные алоўкавыя рысункі Менска 1950-х гадоў, які якраз будаваўся, і некалькі вялікіх палотнаў, а таксама рэдкія фотадакументы.

Таксама выстава работ Уладзіміра Стальмашонка да 28 лютага працуе ў музеі Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5). Там прадстаўлены партрэты Якуба Коласа, Рыгора Шырмы, іншыя вядомыя полотны мастака і шэраг дакументаў.

Вікіпедыя. На здымках карціны У. Стальмашонка "Слова аб Беларусі" і "БНР".


Чалавек з велізарным досведам народа

70-гадовы юбілей выдатнага беларуска-габрэйскага паэта Фелікса Баторына (Хаймовіча) быў адзначаны літаратурнай вечарынай у клубе "Тхія" культурнага таварыства "Эмуна" ў Менску. Юбіляра сардэчна прывіталі яго даўнія сябры па творчасці: Леанід Дранько-Майсюк, Галіна Каржанеўская, Алесь Разанаў, Аксана Спрынчан.

Чалавекам вялікага лёсу назваў Фелікса Барысавіча старшыня Саюза беларускіх габрэйскіх грамад Леанід Чарнецкі. Ён выказаў падзяку паэту, які стварае вершы на беларускай мове і на ідыш, і тым самым служыць збліжэнню і ўзамапранікненню народаў і культур.

Свой выступ паэт пачаў з верша "Песня Дэворы", прарочыцы і правадыркі, габрэйскай маці. Тэкстолагі, якія аналізавалі гэты ўрывак з Бібліі, прыйшлі да высновы, што гэта самы старажытны тэкст на габрэйскай мове.

Паэт разважае, што ў маладосці чалавек імкнецца наперад, не зважаючы на аўтарытэты. Калі праходзіць час, маладое дрэва ўспамінае пра свае карані, і, нарэшце, на схіле жыцця чалавек прыходзіць да пачаткаў. Такім пачаткам зараз служыць для яго ўрывак са Святого Пісьма. "Песня Дэворы" - светлая і радасная песня ў гонар перамогі над ворагамі.

Аглядаючы свой жыццёвы шлях, спадар Фелікс узгадаў бацьку Барыса Хаймовіча, які яму вельмі дарагі. На яго долю прыйшліся часы рэпрэсій, гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён быў непахісным у сваёй вернасці маральным прынцыпам, бярог сям'ю і адмовіўся разводзіцца з пляменніцай ворага народа, маючы двух дзяцей. Быў звольнены з вайсковай часткі, згубіў працу, але вытрымаў усе нягоды. У вайну Барыс Хаймовіч вывеў палонных габрэяў з Менскага гета, быў камісарам партызанскага атрада.

Фелікс Баторын - трохмоўны паэт рэдкага даравання. Пачаўшы пісаць вершы ў юнацтве, ён чытаў іх старэйшай сястры Святлане, якая пакутвала ад ныркавай недастатковасці, і паабяцаў дзеля яе суцяшэння ўдасканальвацца на паэтычным шляху. Адначасова ён вучыўся ў медінстытуце, і паэзія яго паступова набыла мяккасць, пранікнёнасць, лірызм і філасофскую глыбіню.

Беларуская мова была роднай паэту з дзяцінства. Усе адценні беларускай гаворкі ён чуў ад сяброў бацькі, які ў 50-тыя гады, у неспрыяльную гадзіну "барацьбы з касмапалітамі" ўладкоўваў сваіх лясных таварышаў на працу. Ідышу па малітоўніку таемна навучыла яго бабуля. Рэбэ Сакалоўскі, які прыходзіў да яе, казаў, што трэба радавацца жыццю, святлу сонейка, колерам вясёлкі, спевам салоўкі, а не надта паглыбляцца ў малітву.

На 5-тым курсе медінстытута, рыхтуючыся да выпуску радыёгазеты, Фелікс набыў у кіёску зборнік Мендаля Ліфшыца. На яго здзіўленне, кніжку адгарнула і пачала бегла чытаць на ідыш яго выкладчыца Ганна Антонаўна Шаплыка, якая скончыла габрэйскую сямігодку ў мястэчку. Выпадак узбудзіў у маладога чалавека жаданне глыбей спасцігнуць мову сваіх продкаў. Вярнуўшыся дадому, ён напісаў першы верш на ідыш "Спявае маці". У хуткім часе ён пачаў супрацоўнічаць з часопісам "Саветыш Геймланд". Летась выйшла новая кніга паэта ў Ізраілі ў Бібліятэцы сучаснай літаратуры.

Фелікс Барысавіч узгадаў пра сваё супрацоўніцтва з Рыгорам Барадуліным, калі для выдавецтва "Мастацкая літаратура" ён перакладаў вершы ўнікальнага паэта Рыгора Рэлеса, а Рыгор Іванавіч пераствараў яго паэмы.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк адзначыў блізкія яму матывы ў творчасці Фелікса Баторына, а сам спадар Фелікс пажартаваў, што хацеў напісаць на тыя ж тэмы, але Леанід Васільевіч гэта зрабіў першым. Галіна Каржанеўская ўзгадала, што яе сяброўства з Феліксам Барысавічам доўжыцца ўжо 50 гадоў з першага літаратурнага семінара, калі яна была 9-класніцай, а ён - студэнтам медінстытута. Алесь Разанаў падараваў юбіляру новую кніжку сваіх вершаў.

Кіраўніца літаратурнага клуба "Тхія" Алена Фруман нізка пакланілася і падзякавала паэту і медыку ад усёй сям'і за тое, што ён вылечыў роднага ім чалавека. Гэты сціплы і самаадданы доктар зрабіў за 30 гадоў працы ў медыцыне больш за тры тысячы аперацый, прымаў роды, ратаваў жыцці.

Рыгор Хайтовіч, старшыня Іўдэйскай рэлігійнай грамады Беларусі, узгадаў сумесную культурную дзейнасць з Феліксам Баторыным, распачатую 20 гадоў таму па вывучэнні культуры, мовы і традыцый габрэйскага народа.

На вечарыне прагучалі вершы з кнігі "На вуліцы Максіма Багдановіча", балада "Атлант", пераклады на беларускую мову твораў Барыса Пастэрнака, Рыгора Рэлеса, матывы з нізкі вершаў куртуазнага маньерызму, творы на гістарычныя тэмы. Сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў і шматлікія госці вечарыны пажадалі шаноўнаму паэту доўгага веку, моцнага здароўя і новых літаратурных здабыткаў.

Э. Дзвінская. На фота аўтара: 1. Фелікс Баторын; 2.Леанід Дранько-Майсюк і Фелікс Баторын; 3.Ф. Баторын і Р. Хайтовіч; 4. На юбілейнай вечарыне.


РЭКАНСТРУКЦЫЯ, ЯКУЮ ХАВАЮЦЬ!

Вы калі-небудзь бачылі знявечаны твар прыгажуні - панны? Знявечана не ў дарожна-транспартным здарэнні, не ў пажары, а ў выніку ўмяшання скалпеля хірурга-невука. Колькі такіх гісторый бяруць пачатак у касметалагічных кабінетах, колькі прыгажунь потым хаваюць ад сяброў, калег свае твары за агароджамі і сценамі дарагіх катэджаў!

А твар сталіцы? Ці можна за яго брацца, не хаваючы сваёй абыякавасці да вынікаў?

Мне як грамадскаму актывісту час ад часу даводзіцца наведваць невялікі мемарыял, створаны ў 2000-м годзе каля Чырвонага касцёла ў Менску. Мемарыяльная кампазіцыя, "Звон Нагасакі", вядома, не твар горада, але аб'ект знакавы, адзіны ў свеце, пра яго ведаюць нават у камітэце па прысуджэнні Нобелеўскай прэміі міру.

Але павернемся тварам да аблічча беларускай сталіцы - да касцёла Святога Сымона і Святой Алены. Што там адбываецца за вельмі вялікай, высокай металічнай агароджай?

Адбываецца там "рэканструкцыя і рэстаўрацыя". Зімой у мароз і непагадзь, бескантрольна, без допуску парафіянаў да работ, якія патрабуюць найвышэйшай адказнасці і кампетэнтнасці. Быццам прыхапкам рэканструюць каўбасны цэх ці лазню. Хацелася б пералезці за высокую агароджу і паглядзець, што там адбываецца, што там хаваюць ад вачэй незалежных экспертаў, якіх у плечы выгналі з аб'екта. Пагаварыць з рабочымі і брыгадзірамі: адкуль яны прыйшлі, што яны могуць, ці ёсць у іх разуменне таго, дзе яны працуюць?

Праз агароджу вернікі і госці сталіцы чуюць толькі тлустую мацяршчыну, лаянку. Але не! За высокую агароджу не дапускаюць не толькі парафіян, але і служыцеляў касцёла.

Ці ведаюць будаўнікі, што раз у месяц служыцца Святая літургія за ўсіх, хто з рыдлёўкай або ломам робіць больш прыгожым твар горада?

Андрэй Флагаў.


ХОЧАЦЕ АНЕКДОТ?

На адным з заняткаў папулярных курсаў "Мова нанова" адбылася сустрэча з вядомым журналістам і літаратарам Сяргеем Шапранам, які прэзентаваў кнігу "Беларускі гістарычны анекдот". У 2007 годзе ўжо была спроба выдання такой кнігі... Яна мела назву " Фрашкі да пляшкі" (аўтар Севярын Квяткоўскі).

Кніга сп. Шапрана - гэта другое выданне ў жанры гістарычнага анекдота, дзе сабраны часам дакладныя, а часам міфалагізаваныя камічныя і драматычныя гісторыі з жыцця вядомых беларускіх літаратараў, а таксама дзеячаў культуры, сярод якіх Святлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Зміцер Вайцюшкевіч, Яўген Глебаў, Уладзімір Караткевіч, Якуб Колас, Янка Купала, Уладзімір Мулявін, Міхась Стральцоў, Янка Брыль, Пятрусь Броўка і іншыя. Кніга сп. Сяргея з'явілася ў выдавецтве ТАА "Лімарыус". Наклад кнігі 1000 асобнікаў. Кошт каля 10 рублёў, і кніга ўжо знікла з паліцаў кнігарняў!

Спадзяюся, што літаратурна-мастацкае выданне будзе перавыдадзена.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


11-я Агульнанацыянальная дыкатоўка на Лідчыне

11-я Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне пачынаецца 17-га лютага.

Паводле шматгадовай традыцыі пачынае дыктоўку Мінойтаўская бібліятэка. Дыктоўка спланавана на 17-га лютага на 11.00. Прысутнічае намеснік старшыні ТБМ С. Суднік.

17-га лютага ў 13.00 дыктоўку пішуць бярозаўскія сябры ТБМ у Бярозаўскай бібліятэцы. Прысутнічае намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік.

20 лютага імпрэза ў Ліцэі меліярацыі. Удзельнічаюць сябры Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяржук Чарняк, Міхась Мельнік і Алесь Хітрун.

21 лютага ў 11.30 дыктоўку піша Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы.

21 лютага ў 16.30 у Доміку Таўлая дыктоўку піша літаб'яднанне "Суквецце".

21 лютага ў 18.00 - канцэрт у малой зале Лідскага раённага палаца культуры да Дня роднай мовы. Арганізатар - "Музальянс".

21 лютага ў 19.00 - канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча ў Бярозаўцы.

Астатнія ўстановы адукацыі, культуры, арганізацыі БРСМ і іншыя грамадскія арганізацыі пішуць дыктоўку паводле ўласных планаў.

Аграсядзібы, кавярні і інш. пішуць дыктоўку паводле ўласных планаў.

Лідскія суполкі ў сацыяльных сетках арганізуюць напісанне дыктовак у сем'ях і просяць далучацца суполкі іншых раёнаў.

Лідскія арганізацыі ТБМ.


Татуіроўка - кляймо на скуры і біяполі

Еўрапейцы непрыязна адносяцца да самаахвотнага карэжання чысціні і вобліку храма душы - да роспісаў цела татуіроўкамі. Так здаўна і ў Азіі, Амерыках.

1. Тату не мода і не ўпрыгожванне. Як бы не магліся асобныя з дарослых недарасляў ухвальваць распісванне ўласнай скуры, яны ўсё жыццё яе саромеюцца. Трохі шчаслівіцца з іх той, хто ў фанабэрна-пустой маладосці, фізічнай і духоўнай неразвітасці зататовіўся няшмат, адным рысункам, на лёгкаўкрыўных вопраткаю месцах.

2. Занадта часта татуіроўка зменьвае лёс. Поўнасцю рэдка, часткова заўжды. Кола дастойных знаёмцаў татуіраванаму яна нашмат звужвае. Менавіта таму, каб не пачувацца адзінокімі, яны могуцца абтатуіровіць (абкляймаваць) паболей блізкіх, прыяцеляў, знаёмцаў.

3. Нярэдка татуіроўка напрамую прыцягвае смяротныя іголкі, уколы, падзенні, удары, громы, хваробы. Менавіта таму надзвычай страшныя для абтатуіраванца тату з водбліскамі смерці - чарапы, крыжы, шкілеты, помнікі, старая з касою за плячыма.

4. Жывыя фаталістычна павінны баяцца наносіць на цела імёны і партрэты памерлых крэўнікаў, радні.

5. Татуіроўка скуры ў любым месцы псуе, наскрозь прабівае біялагічнае поле чалавека. Татуіроўка, як гучны мат-перамат ці аднаслоўная ціхая лаянка, аслабляе біяполе і аўру жывой істоты. Дзіркі ў біяполі ад татуіроўкі (і лаянкі) не зацягваюцца добрымі справамі, думкамі, ідэямі. Гадамі патрэбна чысціцца, святарнічаць (не абавязкова ў храме), каб паменшалі дзіркі, абмялелі хварабітныя ручаіны, хоць крыху зацыраваліся струмяні абняшчасцьвання. Нельга абмазваць воблака свайго біяполя лаянкай і тату, псаваць дзіркамі.

6. Праз боль і страту немалых грошай, з уласнай прагі адрознасці і выхвальбы, падтатурквання сталых "дабрадзеяў" малады чалавек сябе захворвае, кляймуе. Ганьба!

7. Народы Еўропы, асабліва вялікалітоўцы, нашыя беларускія продкі ставілі таўро на жывёлу, каб не прыхапілі зладзеі і прайдзісветы, каб яснелася, чыя карова, цялушка, конь, каб розніць сваіх ад чужых, каб злодзею было грузна ўпраўляцца з чужой уласнасцю - прадаваць, вывозіць. Ухітрыцца канакрад сцерці кляймо, выпаліць яго з каня, відушчы пакупнік усё роўна бачыцьме выпаленую пляму, адхіснецца ад вурдалака, яго тавару. Крадзенае, як абфекаленае, удачы гаспадарцы і сям'і не прыносіць.

8. Таўро (татуіроўку) ставілі на рабоў у Злучаных Штатах Амерыкі, адразу віднелася, чый раб, што ён - нечалавек.

9. У царскай Расіі татуіроўку на злосных катаржанцаў ставілі, гэтым значылі няразавыя ўцёкі. Шляхту, дваран, маёмных, палітычных ніколі не клеймавалі. Паставіць кляймо такому - усё роўна як адабраць шляхецкую/дваранскую радаслоўную, метрыку, герб, навекі прынізіць. Выклікаць пажар, бунт.

10. Паўторных злачынцаў клеймавалі, каб лёгка пазнаваліся.

У шляхты, дваранства было велізарным ганебствам атрымаць кляймо на цела, яно нізіла чалавечы гонар, годнасць. Дастойнаму і ганорнаму паказацца на людзях з кляймом - як з кайданамі. Нармальны чалавек аднолькава гідзіўся сіняка на твары, кляйма на руцэ.

11. У царскай Расіі наносілі татуіроўку на злосных турэмнікаў. У СССР турэмнікі насільна татуіравалі апушчаных, геяў, клятвапераступнікаў, наносілі самі ці з падказкі ахоўнікаў.

12. Наносіць тату - зведваць боль, ён, хай і заслабелы, працінае істоту ўсе гады.

13. З татуіраваным стагоддзедва назад вопытныя купцы Расіі і Амерыкі не заключалі дамовы. Такі можа не стрымаць слова. Калі бацькі не папярэдзілі радню ў маладосці пра грэх фізічнай няславы ад кляйма або сам маладзён не дапёр пра духоўную і фізічную шкоднасць татуіроўкі, слову такога поўнай веры няма. Як слову/абяцанню алкаголіка, наркамана.

14. Ад пасяброўства з растатуіраванымі годныя дзяўчаты/жанчыны ўхіляліся.

Пра клеймаванне (прабачце, агаварыўся), пра татуяванне пры любых нягодах размова ў ВКЛ увогуле не ішла. Забаранялася паводле Статутаў, пастановаў магістратаў, Соймаў.

Хаця на беларускіх месцічаў (жыхарам гарадкоў, мястэчак, падатнае саслоўе - рамеснікі, купцы, гандляры, часам, як на Віцебшчыне, бедныя землеўласнікі) пасля далучэння да Расійскай імперыі з 1775 і 1795 гадоў пашырыліся цялесныя пакаранні (стагоддзямі ў заходнікаў лічылася дзікунствам) - неўзабаве, з 1863 г., яны былі адмененыя, - клеймы нават месцічам ніколі не ставілі.

15. Татуіроўка раней і цяпер - проста не інтэлігентна, не прэстыжна, не модна.

16. Уколы наркаманаў нясуць шмат хваробаў, у тым ліку СНІД. Татуіроўка ўзорвае скуру нашмат глыбей, займае большую плошчу, чым месца уколу, дае шанец падхапіць хваробу.

17. Наносчык тату на іншага - прамы нядобразычлівец татуіраванца ці элементарны грошазаграбальнік - наносіць сабе і блізкім праблемы, нязмыўныя, як і кожны, хто акалечыў чалавека ці падмовіў іншага занепрыемніць няведку, недапечанцу.

18. Душэўны боль татуіроўка не аблягчае, славы не дадае, радасць прыніжае.

19. He рай іншаму, што не можаш параіць уласным дзецям. Пракляймуйце дабрахоты з татумайстэрняў уласных дзяцей, родзічаў, сябе, а тады падахвочвайце зацыкленую, верхаглядную, абмежаваную ў асветнасці моладзь. А то вы, як наркадзялягі: другім прадаю зелле, сам не хлябаю, не калюся, не смалю.

У некаторых плямёнаў Афрыкі і Амерыкі татуіроўка падкрэслівала становішчы фізічнае, маёмнае, сацыяльнае, часам мела магічны сэнс. Тату ў іх аслабляе дрэннае, што блізіцца да абтатуіраванага.

У будзістаў Тайланда зрэдзь праводзяць фестывалі тату. Манах наносіць іншаму складаную тату ўсю ноч, паспеў зрабіць яе да святла, атрымае дадатковую яду. Кожнага татуіроўніка папярэджваюць, магічная сіла тату слабее з часам, яе трэба рэгулярна абнаўляць. Хто з абтатуіраваных на першым веснавым фестывалі ўпадзе ў транс - забагацее. Калі вадой з брандсбойта ў Тайландзе ахалоджваюць разгневаны натоўп, татуіраваныя мацнейшыя, болей вытрымліваюць напор струменю, боль.

У скандынаваў руны значылі на камені, дрэве, целе: а) каб не забыліся; б) складаная руна абазначала ранг, аўтарытэт; в) пісьмовай граматы не было, памяць можа падвесці, вось і білі руны, у тым ліку на целе; г) выбівалі не ўсё, скарочана, шыфравана, каб не запомнілі суседзі, не перанялі.

Некаторыя славянскія абаронцы клеймавання выплетваюць шмат глупства пра тату. Змешваюць прычыны і матывы, пераносяць традыцыі кантынентаў і месцы, рэлігіі і эпохі - абы затуманіць мясцоваму хлопцу/дзеўцы мазгі.

20. Асобныя народы Азіі ўжываюць у ежу мяса сабак, катоў, гадзюк, чарапах. Часта трымаюць сабак у кватэры. Для эскімосаў, комі, чукчаў, юкагіраў, эвенкаў сабака, што для славяніна конь, але народы поўначы сабаку ў юрце і чуме не трымаюць. У іх татуіроўка - часам знак прафесійнай адзнакі вялікіх шаманаў, удастоеных сталых уладароў. Не моладзі. Няварта пераносіць такое на славянскія землі, нават калі мастаку ці ўладальніку татуіроўні спатрэбіўся чарговы звон-перфуманс, грашовы прыробак.

Дапамог уразумецца слабаму, някемкаму хоць у чым - дапамог сабе.

21. Прататуіруй уладальнік майстэрні блізкіх і крэўных, тады аблепвай слупы і дошкі аб'явамі "Тату! Красиво, быстро, небольно, 40% скидка". Да іншай працы няздатны - ідзі вартаўніком, грузчыкам, не мець-меш сам і сям'я пастаянных удараў неба.

Народны доктар Аляксей Бялько ўпэўнены: дзяржаўцам да татуіроўшчыкаў і татуіроўняў, да іх ударнай працы даўно варта прыглядзецца.

22. Пачуй праклёны і слёзы матуляў абпляваных клеймамі дзяцей, адразу перастанеш вярзці дурасць пра карысць тату. Мноства дзевак не могуць выйсці за ўпадабанца-хлопца, бо не хочуць яго бацькі мець нявестку з нязмыўнымі клеймамі, у бацькоў адна думка: клеймаваная - шмат бачыла, плоймы перажыла, гулёна.

23. Татуіроўку ў славян шырыць турэмная братва і заходняя пена - напаўграматныя джазавыя верхагляды, накіравана абдурманьваныя іншых тэарэтыкі. На сваіх землях услых і паўсямесна не гавораць пра глупства кляйменнае, а беларускім паўінтэлігентам выплетваюць. Для нас, адсталых, цемры, маўляў, не ісціна важная, а хоць якая новая думка.

Такія, глядзіце, неўзабаве ўшыркі і ўвысь пачнуць паўсюдзіць гейства, лесбіянства. Адна з такіх істотаў, аўстрыйка, нават перамагла на еўрапейскім фестывалі ў 2014 годзе.

Вось і асвятляюць. Нядаўна (2014) беларуская дзяржаўная маладзёжная перадача на першай праграме радыё зноў на ўсю Беларусь гаварыла пра татуіроўкі. Адабрала. Шмат узгадаеце беларускіх выданняў, навуковых і папулярных, у якіх бы сур'ёзна аналізаваліся мінусы татуіравання для чалавека? Аляксей Бялько памятае адно - газета "Звязда" аднойчы (2005) сказала мінусавае слова пра тату, аднойчы.

24. Для адбылых у турме некалькі тэрмінаў татуіроўка важны знак. Па ёй знаўцы злёту ведаюць, хто ты, што ты: колькі тэрмінаў адбыў, кім там быў, на што прэтэндуеш на цывільцы. Як і дзе цябе можна выкарыстоўваць.

25. Усадзілі хоць куды на цела ружу, гітару - апушчаны. Ведаў не ведаў - глупства, знакі міжнародныя вядомыя знаўцам. Дык пачнём моладзь апускаць да татуіровачных "не забуду мать родную", цэркаўкаў (колькі шпіляў, столькі разоў сядзеў), ружачак і гітараў (брат блакітных).

26. Клеймаваныя ў некаторых краінах свету да многіх высокіх прафесіяў і пасадаў наогул не дапускаюцца, як наркаманы і алкаголікі.

27. Тату любога памеру і колеру - знак прылучанасці да нячыстага, чыё імя разумныя не называюць у храмах, установах, тым болей у хатах, кватэрах. За адзін успамін даўгахвостага рагатага па ўсёй Еўропе не так яшчэ даўно спальвалі ўзгадніка на кастры, забівалі не толькі інквізітары.

Акадэмік РАН Дзімітрый Ліхачоў у дзвюх вялікіх працах і прадмове да аб'ёмнай кнігі пра тату даволі красамоўна выказаўся пра шкоду і агіду татуявання.

Пагаварыце, гаспадары татуіроўняў, беларускага маладзёжнага радыё, з пасталелымі абтатуіраванцамі, спытайце іх думку пра клеймы на скуры. Паслухайце не свядомых ворагаў здаровага чалавека, эстрадную папсу ці бязглуздую і ў сталасці паўп'яноту, - паслухайце абпаленых жыццём, уганьбленых саміх татуіраваных. У прыстойнай кампаніі паглядзіце на смутныя твары і паводзіны дарослых праз дзесяць гадоў ад татуявання, калі ім пераваліць трыццаць, сорак, а тады нешта жуйце пра карысць татуіроўкі. Многія нармальныя выпальваюць тату, у іх прачнулася адвечнае здаровае жаданне цялеснай чысціні. Паглядзіце ў вочы абтатуяваных, пачуйце, як дружна адгаварваюць раднюсенькіх нашчадкаў ад эпатажнай злашчаснай навізны. Адтатуіраваных сем'яў - дзеда, бацьку, унукаў - Аляксей Бялько не бачыў.

Тады не будзеце выконваць ролю менеджараў татуіроўных салонаў і кантор. Беларускія прашчуры выпакутавалі народныя ісціны, прыкметы, традыцыі, не патрэбна іх крыніцы засмечваць гноевымі жыжамі чарговах перфумачнікаў.

Этруская, шумерская і біблейская мудрасць аднолькава асуджаюць самога грэшніка і таго, хто паўсюдзіць грэх у зямны і астральны свет. Задумайцеся. He ўносьце яшчэ адну грубую памылковую ісціну ў мазгі беларуса.

Асаблівы грэх за нейтральнасць у такім пытанні асветленым глыбокімі ведамі культуры, хто зааўтарытэціўся ў асобных слаях грамадства.

Татуіроўка і мова

Самая вялікая ісціна не вышэй народа, сярод якога хоча існаваць, хаця, безумоўна, вышэй выпакутаваўшага яе чалавека. У ноч перад Вадохрышчам 2004 года па адной з замежных радыёстанцый старшыня Таварыства беларускай мовы Анатоль Трусаў выказаў значную думку, на ўзроўні абсалюту:

- Многія рускамоўныя так званыя беларускія дэмакраты з іх рэзкай перакананасцю ў правільнасці сваёй партыйнасці, барацьбе з няпраўдамі і дзяржаўнымі промахамі, забываннем, а то і непрыйманнем беларускага нацыянальнага, калі прыдуць да ўлады, могуць стаць для беларушчыны і беларускай мовы горшымі нядобразычліўцамі і прыцясняльнікамі, чым асобныя цяперашнія з чынавенскага люду.

Можна пагаджацца з вышынёй меркавання, можна не пагаджацца, права на бытаванне думка мае. Пры галасаванні ў Вярхоўным Савеце БССР за ўдзяржаўленне беларускай мовы на Беларусі адбылося менавіта так, да жалю. Дэмакратычныя рускамоўныя беларусы, рускія, палякі, габрэі, інваліды, ветэраны вайны нязмоўна ці змоўна не прынялі парасткі беларускасці, адмаўлялі.

Яны за двухмоўе. Галасавалі супраць беларускай. Як лідар Вячаслаў Кебіч. Памагаў яму Дземянцей. Так, ці бачыце на Беларусі ўсталявалася. Трэба гадоў 10-20, каб мова беларуская прывілася ў дзяржаве. Нічога, што паўсюдна ў суседзяў адна мова заверхніла, удзяржаўнілася, у Беларусі заафіцыйняць дзве.

На сесіі 21 студзеня 1991 года спатрэбіліся па тры выступленні Ніла Гілевіча, Івана Чыгрынава, па два Івана Шамякіна, акадэміка і лаўрэата, народнага мастака Савецкага Саюза і Беларусі Міхася Савіцкага, старшыні камісіі нацыянальнасцяў Вярхоўнага Савета СССР Георгія Таразевіча, выступленні рэктара БДУ Леаніда Кісялеўскага, рэктара тэатральна-мастацкага інстытута Васіля Шаранговіча, міністра культуры Яўгена Вайтовіча, міністра асветы Міхаіла Дзямчука, каб нарэшце адбылося доўгачаканае цярплівым беларусам, неабходнае ўсяму гарэтнаму народу, грамадству. Закон пра беларускую мову нарэшце быў прыняты. За - 326, супраць - 40, устрымаліся - 14.

...Праз дзён колькі па той жа станцыі другі знаны на Беларусі чалавек выказвае новую ісціну:

- Татуіроўка з беларускімі матывамі прынясе моладзі і творчым людзям карысць. Прылучыць да беларускасці.

Здольны мастак, сур'ёзны чалавек, адмыслова аформіў не адну царкву ў беларускім стылі, у тым ліку ў ЗША, выдатныя палотны таленавітаўца часта экспануюцца на выстаўках. Цвердзіў, беларускае тату патрэбна наносіць на цела не толькі моладзі, а і творчым людзям, развівае мастак думку; генерал Валерый Фралоў адмовіўся.

Мастак прылучыць, абавязкова прылучыць да татуіровак многіх творчых людзей, асабліва моладзь. Татуіроўка патрэбна менавіта беларуская, а не нейкая там абстрактная, усходняя, тым болей турэмная.

Слухае Аляксей Бялько спасылкі дабрака і мастацкага талента, барацьбіта з жыццёвымі няпраўдамі аб прывіцці любові да беларускасці праз татуіроўкі, шырокае ўцягненне ў тату студыёзаў, бо людзей пасля трыццаці цяжэрна скрануць на татуіроўныя пякельныя раскрасы, слухае тройчы за вечар паўторанае станцыяй глупства патрыёта Беларусі, асабліва роднай яму вёскі на Крупшчыне - і поўніцца маркотаю. Зараз Алеська памылкова прыбіўся да татуіровачнага перфумансу. Праз год у вынаходнага будзе новая ідэя. А як быць абклеймаваным беларускім хлопчыкам і дзяўчынкам, наляпалым клеймы на цела, праз пяць гадоў, дзесяць.

Гневаецца Аляксей Бялько на няцямкіх "знаўцаў" з радыёстанцыі. Яшчэ раз пераконваецца: тутэйшы разумны беларус роўны закардоннаму разумнаму чалавеку, тутэйшы дурань і зашоранец (няхай часовы) абсалютна роўны закардоннаму дурню і зашоранцу (няхай часоваму).

Кемкі, як усе адораныя Божым святлом, мастак выслухаў рэзоны Аляксея Бялько, прызнаў памылковасць і гідоцтва дарадчыка, які на днях удалдоніў мастаку такое аблудства. Прыгожы статны блакітнавочнік шчыра паабяцаў не рабіць тату, другіх стане адгаворваць.

Болей таго, прыслаў душэўны ліст з прызнаннем памылковасці, выбачаўся паўторна. Памыляюцца ўсе, памыліўся і ён.

Што ж, бывае. У праўдалюба і таленавітага мастака ўсё сумленна, шчыра, ясна. Праз некаторы час вольналюбы з радыёстанцыі ўрэзалі яшчэ лепшае. Сын вядомага апазіцыянера ўпаўне сур'ёзна абвясціў моладзі, што чалавек можа лёгка выбрацца з пятлі.

Не петраць радыйныя аблавушкі: захоп пятлі - і за першую чвэрць секунды пазванкі храснулі, калі не храснулі, то, паводле аўстрыйскіх эксперыментатараў-навукоўцаў, воля ў галаве, сіла мускулаў шыі і рук сходу знікае, фініш - імгненная смерць.

Думаецца, вытокі "Сабачага кайфа", які шырыўся сярод падлеткаў Еўропы, ціхім сапам паўзе па Славяншчыне, вядзе да ўсё большых самагубстваў - у такіх згубных радыйных парадах.

Сапраўды, брыдоццю, у чым бы не праяўлялася, няма мяжы.

У канцы дзевяностых мінулага стагоддзя радыйнае глупства пра татуіроўкі на ўсю Беларусь выкажа і першая праграма дзяржаўнага беларускага радыё. Заказ ці самі менскія ўмекі даўмеліся, невядома.

Няўжо цямкія распарадчыкі, даўно перавалілыя за маладзёжную рысу - трыццаць пяць гадоў, - не спасцігнуць фундаментальнае, ісціннае для беларуса і зямлі беларускай, для славяніна, германца, англасакса.

Шрамы, плямы, бародаўкі, пісягі на скуры - мінусавыя знакі на аўры чалавека. Іх заўсёды пазбягаюць. Разумныя заўсёды стараюцца вывесці рэшткі непатрэбшчыны.

Народы, у якіх прынята размалёўваць скуру для пазнакі родавай і гаспадарчай адметнасці, выпрацавалі ахоўную сістэму жэстаў і гукаў для нейтралізацыі скурных роспісаў. Арыям гэта ўсё лішняе.

Таленавіты і разумны мастак, шмат у чым прарок у мастакоўстве, афармленні цэркваў і плакатаў, адстойвальнік праўды ў мастацтве, незалежнасці дзяржавы Беларусь, волі ў кожнага сумленнага грамадзяніна, азнаёміўся з большасцю прыкметаў пра татуіроўкі - і справядлівец прызнаўся:

- Не ведаў я. Ей-Богу, ніколі-ніколі не буду хоць адным словам плюсаваць пра такую гідоту. Ніхто мне ніколі пра шкоднасць тату не абзываўся. Маладых бацькі і настаўнікі павінны ад гэтай шкоднасці папярэджваць.

Праўдзівец, здольны майстар памаўчаў, выдаў фундаментальнае:

- У паўторным пісьме я вам пра ўсё напішу.

Напісаў сумленна, годна. Пры сустрэчы набыў дзве кнігі доктара.

Аляксей Бялько ведае, большасць гаспадароў татумайстэрняў і на радыёстанцыі таксама дабрачныя людзі, усё кумекаюць хутка, капейка дабра нікому не нясе, пацалункаў неба за грахаводства сям'і не жадаюць, але… але замяніць прафесію цяжка.

У 2014 на беларускім радыё чарговы здатнік прапаведаваў - тату карыснае, радуе. 12 чэрвеня 2016 г. у Менску быў фестываль тату. Перадалі пра шчасце татуяжа для беларусаў радыё, тэлебачанне, была рэклама ў метрапалітэне. Няраз.

Божухна, літасцівы, колькі можна беларускім бездухоўнікам таўчы ваду ў ступе, пераліваць глупства з вядра ў вядро? Культурныя таварыствы, настаўніцкія сабрацці, краязнаўчыя згуртаванні чамусьці не бачаць злыбядзёнства татуіровачных хваляў, што паўзуць па Беларусі.

Ніводнага разу беларускае ці замежнае радыё не перадалі хоць якую звестку пра закрытую нарэшце татумайстэрню, пра самаадчуванні і фінансавыя поспехі тамашніх гаспадароў. Мажліва, нарэшце зачыняюцца?

Валер Санько, пісьменнік, доктар народнай медыцыны.


З падзей 2017 года

Сымон Барыс

У Беларусі аб'яўлены Год навукі.

У Беларусі жыве 9468 тысяч чалавек. Налічваецца 10 100 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх - 6 500 інвалідаў і ўдзельнікаў баёў.

Базавая велічыня 23 руб. Мінімальная зарплата 265 руб. Праезд у Менску на гарадскім транспарце адна паездка каштуе 55 кап.

Студзень

1 студзеня ў Нью-Ёрку прыступіў да выканання сваіх абавязкаў Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутцарыш, які нарадзіўся ў 1949 г. ў Лісабоне (Партугалія). Да яго на гэтай пасадзе быў Пан Гі Мун.

1 студзеня. У Менску пахмурна і сыра. Тэмпература паветра на дварэ +1 градус.

4 студзеня. Вадзім Фралоў з Гародні ў складзе інтэрнацыянальнай групы з 9 чалавек узышоў на пік самага халоднага мацерыка Антарктыды масіў Вінсан, які на вышыні 4897 м. Ён - першы наш зямляк, які пабываў на гэтай халоднай гары.

5 студзеня. 14 градусаў марозу. Першы электрааўтобус у Менску вазіў менскіх чыноўнікаў. Яго зрабілі перад Новым годам на заводзе "Белкамунмаш".

З 5 на 6 студзеня ў Барысаўскім раёне забіта ігумення Свята-Ксенніеўскага жаночага манастыра Васіліса.

7-8 студзеня. Праваслаўныя Каляды. Зіма сапраўдная, на дварэ - ад 20 да 25 градусаў марозу.

9 студзеня. Падпісаны Указ Прэзідэнта № 8 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян". Дазваляюцца бязвізавыя паездкі замежных грамадзян у Беларусь на 5 дзён праз Нацыянальны аэрапорт "Мінск". Бязвізавы рэжым пачынае дзейнічаць 12 лютага гэтага года.

17 студзеня. Прэзідэнт А. Лукашэнка ў Судане падпісаў Дамову з кіраўніком Судана аб супрацоўніцтве і некалькі праектаў.

19 студзеня. Загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусі ўводзяцца заняткі ў школе па суботах, якія былі адменены ў 2008 г. Аднак, у суботу не будуць праводзіцца ўрокі, а толькі кансультацыі і факультатыўныя заняткі.

26 студзеня. Падпісаны Указ Прэзідэнта аб арганізацыі ў Беларусі санітарнай авіяцыі.

26 студзеня. У Барысаве асуджаны слесары Аляксей Лукаш і Аляксандр Чысцякоў на 4 гады пазбаўлення волі за тое, што 27 студзеня мінулага года ў шматкватэрным доме ў выніку выбуху газавай пліты загінулі 6 чалавек.

28 студзеня памёр Аляксандр Рыгоравіч Ціхановіч, эстрадны спявак, народны артыст Беларусі (2006 г.).

31 студзеня. Суд Фрунзенскага раёна Менска пакараў былых кіраўнікоў менскага завода "Мотавела" за прысваенне дзяржаўных грошай (97,7 млн. бел. руб.) шляхам стварэння падстаўной фірмы ATEC-Trading. Інвестара Аляксандра Мураўёва суд пазбавіў волі на 11 гадоў, былога дырэктара завода Казіміра Мароза - на 5 гадоў і намесніка дырэктра завода Таццяну Лукавец - на 1 год.

Студзень. У Антарктыдзе беларускія палярнікі на чале з Гайдашавым зманціравала сваю другую пабудову і ўзнялі беларускі дзяржаўны сцяг.

Студзень. У судзе Берасцейскай вобласці пазбавілі волі Алега Батракова на 18 гадоў за згвалтаванне 35 жанчын у Берасцейскай і Менскай абласцях. Сам жа злачынца на судзе пахваліўся, што іх у яго было больш за 100.

Люты

4 лютага. У Палацы Незалежнасці ў Менску Прэзідэнт А. Лукашэнка вёў размову з журналістамі, на якую былі запрошаны больш за 50 чалавек. Гутарка доўжылася больш за 7 гадзін.

7 лютага. ФСБ Расіі закрыла дзяржаўную мяжу з Рэспублікай Беларусь у сувязі з тым, што Беларусь дазволіла да 5 сутак бязвізавы рэжым.

8-12 лютага. У Менску праводзілася 24-я міжнародная кніжная выстава-кірмаш.

13 лютага. Прэзідэнт А. Лукашэнка прыняў І.П. Сярэдзіча, галоўнага рэдактара незалежнай прыватнай газеты "Народная Воля". Гутарка доўжылася адну гадзіну і 40 хвілін замест запланаваных 30 хвілін.

17 лютага. На Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбыўся мітынг (каля 5 тысяч удзельнікаў) і "Марш абураных людзей", якія не лічаць сябе дармаедамі. Прайшлі па тратуары да плошчы Незалежнасці і перадалі пастанову мітынгу ў Міністэрства па падатках і зборах, а квітанцыі на выплату падатку за дармаедства на плошчы каля Дома Урада спалілі. Гэты мітынг арганізавалі і правялі М. Статкевіч, У. Някляеў, П. Севярынец і В. Рымашэўскі. Іншыя кіраўнікі апазіцыі не ўдзельнічалі нават у мітынгу.

У гэты дзень пачалася вясна. Тэмпература паветра была каля нуля градусаў.

19 лютага. У Гомелі, на плошчы Паўстання, адбыўся несанкцыянаваны мітынг - "Сустрэча недармаедаў "Салідарнасць". Акцыя (некалькі тысяч чалавек) прайшла пад нацыянальнымі сцягамі з воклічам "Жыве Беларусь!". У гэты ж дзень несанкцыянаваныя мітынгі супроць дэкрэта № 3 ад 2 красавіка 2015 г. прайшлі ў абласных гарадах Віцебск, Брэст, Гародня, Магілёў.

21 лютага. У Кіеве Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка прыняў беларускага паэта Уладзіміра Някляева, а затым - бацькоў Міхаіла Жызнеўскага.

20 лютага. Актывісты "Маладога Фронту" пачалі кругласутачную абарону мемарыяла "Курапаты", каб не дапусціць тут пабудову бізнес-цэнтра. Ноччу з 22 на 23 лютага а 3-й гадзіне іх пабілі невядомыя людзі ў масках. Калі пабітыя прыйшлі ў міліцыю, дык на іх склалі пратаколы за несанкцыянаванае мерапрыемства. Мерапрыемства доўжылася некалькі сутак, але патрыёты не дапусцілі тое будаўніцтва каля могілак.

23-28 лютага. У Менскім Палацы мастацтваў праводзілася выстава фотаздымкаў і дакументаў "Праўда пра Курапаты".

Да 23 лютага 54 тысячы дармаедаў паводле дэкрэту заплацілі дзяржаве 16, 3 мільёна рублёў, што адпавядае 8,7 мільёнам долараў.

26 лютага. У Берасці, Бабруйску, Баранавічах і Віцебску зноў прайшлі мітынгі "дармаедаў". Міліцыя іх правядзенню не перашкаджала, і затрыманняў удзельнікаў не было.

Люты. У Гародні на вуліцах з'явіліся таблічкі-паказальнікі назваў вуліц у розны час.

Сакавік

1-2 сакавіка. Візіт Прэзідэнта Грузіі Георгія Маргвелашвілі ў Менск. Вёў перамовы з кіраўнікамі Беларусі. Ён літоўскаму журналісту заявіў, што грузінам было б больш прымальна, калі б літоўцы называлі яго краіну Георгія або па-грузінску Сакартвела, бо цяперашняя назва дзяржавы адлюстроўвае рускую версію.

3 сакавіка. Менскі гарадскі суд асудзіў забойцу з бензапілой 18-гадовага Уладзіслава Казакевіча на 15 гадоў пазбаўлення волі і выплаты грашовай кампенсацыі родзічам загінуўшай.

3 сакавіка. У Віцебску абласны суд асудзіў групу падлеткаў з 8 чалавек. У ёй завадатарам быў Станіслаў Ганчароў, які ваяваў на Украіне ў батальёне "Азоў" і якога пазбавілі волі на 7 гадоў. Судзілі групу хлопцаў за хуліганства, нацыянальную варожасць і парнаграфію.

4 сакавіка. У Менску, у Палацы мастацтваў, адбыўся 17-ы з'езд беларускіх пісьменнікаў. З 450 сяброў СБП бралі ўдзел 250 чалавек. На новы тэрмін старшынём СБП выбраны зноў Барыс Пятровіч (Сачанка).

4 сакавіка. На Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбыўся марш-парад беларускай міліцыі, якая святкавала 100-годдзе з часу свайго ўтварэння. Парад прымаў А. Лукашэнка. Дзевяці афіцэрам МУС і УС прысвоена званне генерала.

5 сакавіка. У Берасці адбыўся мітынг супроць дэкрэта аб дармаедах. Прадстаўнікоў мітынгу прыняў старшыня Берасцейскага гарадскога выканкама. Яны яму заявілі: "Работы няма - і падатку няма!".

7 сакавіка. У Бішкеку (Кыргызстан) адбылося паседжанне Міжнароднага Савета ЕАЭС. Прымалі ўдзел прэм'ер-міністры пяці дзяржаў: Кіргізіі, Казахстана, Беларусі, Арменіі і Расіі. Зм. Мядзведзеў і А. Кабякоў спрачаліся аб коштах газу, які за апошнія гады павялічыўся ў тры разы.

10 сакавіка. Адбыўся мітынг у Маладзечне супроць дэкрэту № 3 аб дармаедах. Міліцыя затрымала Анатоля Лябедзьку, Віталя Рымашэўскага, Юрыя Губарэвіча і Вольгу Кавалькову. А 11 сакавіка іх асудзілі на 15 сутак адміністатыўнага арышту, толькі В. Кавальковай далі меней, 5 сутак.

10 сакавіка. Прэзідэнт А. Лукашэнка ад сваіх падначаленых запатрабаваў працаўладкаваць сваю радню.

11 сакавіка. У Менску арыштаваны Зміцер Дашкевіч на трое сутак арышту за абарону Курапатаў.

11 сакавіка. У Пінску адбыўся мітынг, на якім выступоўцы патрабавалі адмены дэкрэту № 3 і свабодных выбараў без Л. Ярмошынай.

12 сакавіка. Адбыліся масавыя мітынгі ў Бабруйску і Оршы. У Оршы затрымалі Паўла Севярынца, а назаўтра яго судзілі, а таксама Галіну Абакумчык і Кацярыну Басманаву. Іх аштрафавалі на 20 базавых велічынь кожнага.

15 сакавіка. Следчы камітэт Беларусі з падтрымкай Еўрапола, Сакрэтнай службы ЗША і паліцыі Кіпра затрымаў злачынную групу, якая здымала грошы болей, чым са 130 тысяч плацёжных карт у 29 краінах. Нанесена шкода болей за 8 млн. еўра. Чатырох кіроўнікоў гэтай групы ўжо затрымалі.

15 сакавіка. Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У Менску адбыўся дазволены мітынг і дэманстрацыя, у якой удзельнічала да 5 тысяч чалавек. Увечары "Марш недармаедаў" быў у Гародні і Магілёве. Патрабавалі адстаўкі Прэзідэнта і вызвалення арыштаваных.

19 сакавіка. У Слоніме адбыўся мітынг пратэсту супроць дэкрэту № 3. Да незадаволеных выйшаў старшыня выканкама Алег Таргонскі. Была прынята рэзалюцыя з 8 пунктаў.

23 сакавіка. Прэзідэнт А. Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі сілавых міністэрстваў (МУС, МНС, КДБ, МА, КПВ) у сувязі з мітынгамі і пртэстамі.

23 сакавіка. Суд Завадскога раёна Менска прысудзіў Жанне Пцічкінай кампенсацыю 30 тысяч рублёў маральнай і 6 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маці і сястры за загінулага Ігара Пцічкіна, які памёр 4 жніўня 2013 года ў ізалятары на вул. Валадарскага, дзе адбываў трохмесячны арышт за тое, што кіраваў аўтамабілем без правоў кіроўцы. Але яшчэ ў жніўні маці яго ад дзяржавы грошы так і не атрымала, бо такія не прадугледжаны бюджэтам.

25 сакавіка. Святкаванне Дня Волі дазволена Менскім гарвыканкамам толькі на плошчы Бангалор. Аднак апазіцыя адмовілася туды ісці, а хацелі сабраць людзей каля НАН Беларусі. Міліцыя і АМОН перакрылі праспект Незалежнасці і нікога туды не дапусцілі. Было затрымана некалькі сот чалавек. А гэтай ноччу кіраўнікі Беларускага Нацыянальнага Кангрэса М. Статкевіч у Менску і У. Някляеў у Берасці былі затрыманы.

У гэты ж дзень дазволеныя мітынгі адбыліся ў Берасці і Гародні. Без затрыманняў. Таксама мітынгі былі ў Віцебску і Гомелі. А ў Магілёве мітынга ў гэты дзень не было.

26 сакавіка. Адбыўся мітынг у Пінску.

27 сакавіка. У Менску суды судзілі тых, хто быў затрыманы 25 сакавіка. За адміністратыўныя парушэнні былі пакараны (арыштам або штрафам) каля 120 чалавек.

30 сакавіка. Адбыўся Пленум Вярхоўнага Суда РБ . Адзначалася, што ў мінулым годзе было каля трох тысяч скаргаў на дзеянні судоў па вырашэнні спраў па адміністатыўных парушэннях.

29-31 сакавіка. А. Лукашэнка знаходзіўся ў Туркменіі. Разам з Прэзідэнтам Гурбангулы Бердымухамедам адкрылі Гарлыкскі горна-ўзбагачальны камбінат. Там жа адкрыты комплекс будынкаў пасольства Рэспублікі Беларусь.

У першым квартале былі абмежаваны пастаўкі нафты на беларускія нафтапераапрацоўчыя заводы. Адноўлены пастаўкі ў поўных аб'ёмах толькі ў сярэдзіне красавіка.

(Заканчэнне ў наст. нумары.)


Не горш за Пятра Мышыца

Гультаі з грыбамі, шчупак "па-графску", кнышы і скавароднік, а таксама некалькі дзясяткаў унікальных рэцэптаў, водар смачных страў, незвычайныя гісторыі з мінулага... Трэці раз на Лідчыне адбыўся раённы конкурс традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні", які збірае не толькі калектывы клубных устаноў рэгіёна, але і шматлікіх гасцей з навакольных населеных пунктаў і іншых гарадоў.

Пазалетась гэты конкурс быў заснаваны тут, у Беліцы, летась убачыць разнастайнасць кулінарных вынаходніцтваў можна было ў аграгарадку Дворышча. Але сёлета конкурс ізноў вярнуўся ў Беліцу і ўжо на стала. Бо як зазначыла вядоўца Тамара Зенюкевіч, цяпер Беліца мае дакумент. Гаворка ідзе пра змешчаны ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага ліст караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста да ваяводы троцкага і інш. Мікалая Юр'евіча Радзівіла аб наданні каралеўскаму кухару Пятру Мышыцу дзвюх валок зямлі каля Беліцы. Такім чынам каралеўскі кухар стаў беліцкім земянінам (землеўладальнікам). А ці шмат каралеўскіх кухараў было зямянамі нашых краёў? Пытанне, канешне, да гісторыкаў, а для ўдзельнікаў конкурсу важным было адзначанае ў лісце вялікае майстэрства Пятра Мышыца, які змог заслужыць прызнанне караля ва ўмовах, калі ўвесь двор быў спешчаны італьянскай кухняй, заведзенай маці Жыгімонта Аўгуста каралевай Бонай. Ведай нашых, беліцкіх, ніякім там італьянцам не паддамося.

З самага рання ў мясцовай клубнай установе гучалі песні, а ля сталоў, накрытых вытканымі абрусамі і ручнікамі, завіхаліся жанчыны. Кожная прывезла з сабой незвычайныя рэцэпты страў, якія збіраліся ў вёсках роднай мясцовасці. Над глінянымі збаночкамі, патэльнямі і чыгункамі падымалася густая пара, а ад водараў, якія пранікалі ў кожны куток клубнай установы, галава ішла кругам. Хацелася паспрабаваць усё і адразу. Ветлівыя гаспадыні, рэкламуючы прысмакі, толькі распальвалі апетыт: запрашалі пакаштаваць стравы і нават крыўдзіліся, калі людзі трымаліся за жывот, бо наеліся.

- Не верце таму, хто скажа, што посная ежа аднастайная, - усміхаючыся, заўважыла культарганізатар Тарноўскага Дома культуры Святлана Антонік. - Яна рознапланавая і багатая на смак. І каб даказаць гэта, мы ўзялі і зазірнулі ў скарбонку посных рэцэптаў графскага кухара Андрэя Багданца. Граф Маўрас валодаў не толькі маёнткам, вёскамі, але і ўласным млыном, на які прывозілі ўраджай з навакольных палёў. На кухні графскага кухара мука прысутнічала ў розных відах. Была пшанічная, жытняя, грэцкая, прасяная, аўсяная і нават гарохавая. Вось, напрыклад, бліны сялянскія "Вясёлка". У іх склад уваходзіць грэцкая, аўсяная, пшанічная мука. Фаршыраваны шчупак "па-графску" ўключае начынку адразу з трох розных каш, "бульбяшыкі па-тарноўску" прадстаўлены з капустай і грыбамі...

Нарэшце доўгачаканы момант - падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў - наступіў. Гарачыя спрэчкі спынілі галасаванне і колькасць набраных балаў. У выніку першае месца ў раённым фестывалі-конкурсе "Спазнай смак сваёй кухні" дасталося філіялу "Ваверскі Дом культуры", другое - філіялу "Бердаўскі цэнтр культуры і вольнага часу", трэцяе - філіялу "Ёдкаўскі Дом культуры".

Пры падвядзенні вынікаў адзін з членаў журы зазначыў:

- Калі нашыя продкі так харчаваліся ў пост, то якое багацце страў было ў іх у мясаед.

Што праўда так елі не ўсюды і не заўсёды, але тое, што на Лідчыне захаваная багатая кулінарная культура нашых продкаў і што ёй не дадуць прапасці і сысці ў нябыт, ёсць сёння бясспрэчны факт, як фактам ёсць і каларытная беларуская мова, якая гучала на працягу ўсяго фестывалю.

Паводле Вольгі Мацешы. На здымках кулінары з Ваверкі, Ёдак і Беліцы.


У мясцінах Кіпрыяна Кандратовіча

10 лютага сябры Саюза беларускіх пісьменікаў і лідскага ТБМ Станіслаў Суднік і Леанід Лаўрэш здзейснілі краязнаўчую паездку ў вёску Пагародна ў Воранаўскім раёне - пераемніцу двара Гародна, які належаў міністру абароны БНР генералу Кіпрыяну Кандратовічу. Мэтай паездкі было азнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай генералу Кандратовічу, у тутэйшым школьным музеі. Заадно пісьменнікі правялі літаратурна-краязнаўчую сустрэчу з вучнямі школы. Леанід Лаўрэш распавёў пра гісторыю Гародна, пра яго знакамітых уладальнікаў, пра Кіпрыяна Кандратовіча. Станіслаў Суднік прачытаў баладу пра Тодара Нарбута, чый маёнтак быў недалёка.

У экспазіцыі школьнага музея не так шмат матэрыялаў, прысвечаных К. Кандратовічу, але яе добра дапаўняе электронны архіў. Так, у гэтым архіве ёсць відэазапіс размовы настаўніцы школы з Рулько Ганнай Антонаўнай, былой пакаёўкай Кандратовічаў, стэнаграму якога Л. Лаўрэш аператыўна падрыхтаваў да друку.

Наш кар.

Стэнаграма відэзапісу (зроблены ў 2010 г.) размовы з Рулько Г.А., былой пакаёўкай Кандратовічаў

Відэазапіс захоўваецца ў Пагародненскай сярэдняй школе

Настаўніца: Добры дзень, Ганна Антонаўна.

Рулько Г.А.: Дзень добры!

Настаўніца: Мы жадаем задаць вам некалькі пытанняў, калі ласка, раскажыце пра сваю працу ў паноў.

Рулько Г.А.: У паноў я працавала ... У паноў мне надта было добра. Дужа. Яны плацілі дужа, я пакаёўкай была, прыбірала пакоі, накрывала ім есці на стол і падавала ўсё ... у паноў было добра ...

Настаўніца: А цяпер, калі ласка раскажыце, які раней ў Пагародна быў парк, вы ж яго памятаеце.

Рулько Г.А.: За панамі парк меў ладны выгляд. Мы жылі каля маёнтка. Дарожкі былі выграсаваныя 1, прыгожыя. Кветкі каля дарожак раслі. Парк быў ладны. Адно слова - ладны. Дзеці ў ім гулялі, і моладзь збіралася ..., а потым ужо запусцілі гэты парк і ўсё.

Настаўніца: Нам вядома, што раней, ісці да парку трэба было праз ліпавую алею. Як яна выглядала?

Рулько Г.А.: Дык вось жа гэтыя самыя ліпы былі, што папілавалі і павыцягвалі ў лес, у лесе ляжаць. Як зацвітуць гэтыя ліпы, дык не хочацца ісці дахаты. Такія ліпы былі прыгожыя ... Парк пасля паноў яшчэ чысты быў.

Настаўніца: А як у той час выглядала альтанка?

Рулько Г.А.: А бяседка была прыгожая, драўляная, пафарбаваная ў розныя колеры. Альтанкай называлася. З-за яе і возера ў парку да нашага часу "Альтанкай" называюць.

Настаўніца: А што вы ведаеце пра нашу капліцу? Нам вядома, што яе зносілі і не маглі знесці

Рулько Г.А.: У капліцу я яшчэ дзяўчынай прыходзіла. Тут панна Кабылінская 2 шлюб брала, у гэтай капліцы, так ладна было. Тут святы святкавалі. Прыходзілі людзі, і заўсёды капліца была поўная людзей. А сёння нікога няма. Дзве - тры старыя бабы прыйдуць ..., у капліцы молімся.

Настаўніца: А выгляд капліца мела такі самы, як і зараз?

Рулько А.А.: Выгляд быў такі самы. Зараз толькі абразы другія - Ружанцовай і Сэрца Пана Езуса не было, былі толькі... Пан Езус быў і гэта ... Мне ўжо амаль што 90 гадоў, забываю ўсё. Прыходзілі ў капліцу, ружанец адпраўлялі, і да сэрца Пана Езуса маліліся, і маёвыя адпраўлялі ў капліцы. На Каляды, на Вялікдзень, на другі дзень заўсёды ксёндз прыязджаў. Меў імшу ў капліцы. ... Усе верылі ў Бога, і ўсё зусім было не так, як зараз ... Але без Бога - не да парога ...

Настаўніца: А Кандратовічаў вы ведалі?

Рулько Г.А.: А чаму ж я не ведала? Старая была пані і дачка замужняя. Дачка потым радзіла хлопчыка. Гэта Адаміцкая, што памерла, вечны спакой (паказвае на суседскі дом), усё вазіла ў вазку гэтага хлопчыка маладой пані.

Настаўніца: А як Кандратовічы адносіліся да людзей?

Рулько Г.А.: Вельмі добра! Ды і ўсе паны адносіліся на людзей добра! Каб вы толькі ведалі! Мы ў Кандратовічаў працавалі, дык нам гэтак было (загінае пальцы): карова забяспечана - сечку нарэжуць, ідзі напхні воркі, зважылі і нясі, на колькі трэба дзён; зімой трасянку давалі - сена і канюшына, і гэта была справа паноў. Яшчэ ж лямпы былі, і таму на месяц давалі літр газы, на месяц давалі кілаграм солі, паны гэта давалі, задарам. Тата мой быў парабкам, дык яму ў месяц плацілі дзевяць пудоў збожжа і дзевяць злотых.

Добра было за панамі. Прыйдзе нядзеля, дык Кандратовічава скажа фурману - запрагай пару коней і вязі людзей да касцёла. Такі быў Рынкевіч, старэйшы чалавек, яму казала: "Рынкевіч павязеш людзей да касцёла". Сядаем усе на параконны воз і едзем у Асаву да касцёла.

Настаўніца: А шмат гадоў вы працавалі пакаёўкай?

Рулько Г.А.: З 14 да 18 гадоў. У 16 гадоў мяне на тры месяцы выправілі ў Вільню вучыцца на кухара. Потым паненка выйшла замуж за Гродна 60 кіламетраў, ужо не памятаю як той маёнтак зваўся. Надта ладны быў маёнтак, у адных пладовых дрэвах - усякіх парэчкаў, усякіх ягадаў было ў ім, і яблыкаў, і грушаў, усяго. А кароў пан меў толькі дзесяць. Два палацы там было, і яго маёнтак быў такі курортны. Адпачываць да яго прыязджалі. І там таксама цэлае лета прыбыла ў іх, потым маладая пані паехала нараджаць у Вільню, а я вярнулася дахаты.

Стэнаграму запісаў Леанід Лаўрэш.

1 Выграсаваныя - праполатыя.

2 Кабылінскія валодалі суседнім з Гародна маёнткам Гарадзенка Жырмунскай гміны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX