НАША СЛОВА № 11 (1370), 14 сакавіка 2018 г.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла ў парламенце Канады з нагоды 100-х угодкаў БНР
Атаўскі аддзел Згуртаваньня беларусаў Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе зарганізавалі 11 сакавіка ўрачыстае святкаванне ўгодкаў БНР. Памяшканне для свята надаў парламент Канады. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла вітала прысутных па-беларуску, па-ангельску і па-французску.
Прадстаўнік мэрыі зачытаў віншаванне ад мэра Атавы, выступалі дэпутаты парламента, архіяпіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святаслаў.
Пасля святочнай імпрэзы адбыўся канцэрт, а потым сяброўскі пачастунак.
Радыё Свабода.
У парку Янкі Купалы ў Менску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў
Памятная дошка была ўсталявана непадалёку ад музея Янкі Купалы.
Перад Другой сусветнай вайной на тэрыторыі парку знаходзілася жылая забудова. Тут на Садовай вуліцы месціліся дамы Зоф'і Луцкевіч, маці Івана і Антона Луцкевічаў. Браты жылі тут з 1896 года, па пераездзе з Лібавы. У лютым 1906 года браты пераходзяць на нелегальнае становішча і пераязджаюць у Вільню. Пераезд адбыўся з той прычыны, што распачалося следства ў справе замаху на менскага губернатара Курлова. Замах здзейснілі Іван Пуліхаў і сёстры Ізмайловіч, якія былі частымі гасцямі на кватэры Луцкевічаў, таму апошнія аўтаматычна падпадалі пад падазрэнне.
nn.by.
Запрашаем на другі этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі!
У нядзелю 25 сакавіка ТБМ (Менская гарадская арганізацыя ТБМ) запрашае прыняць удзел у другім этапе 11-ай Агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы (вул. Румянцава, 13). Пачатак у 11:00. Уваход вольны.
100 гадоў з дня нараджэння Эдуарда Валасевіча
Эдуард Станіслававіч ВАЛАСЕВІЧ (12 сакавіка 1918, Магілёў - 1997) - беларускі пісьменнік, паэт-байкапісец.
Нарадзіўся ў сям'і чыгуначніка. Спачатку вучыўся ў чыгуначнай сямігодцы. У 1935-1936 гадах працаваў грузчыкам на чыгунцы. Скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут у 1941 годзе.
З 1941 года ў Чырвонай Арміі. Быў цяжка паранены ў 1943 годзе. З 1944 года выкладаў фальклор і рускую літаратуру ў Магілёўскім педінстытуце. Працаваў у абласной газеце "За Радзіму" (Магілёў). У 1952 годзе пераехаў у Менск. Працаваў у часопісах "Полымя", "Вожык", у Белдзяржфілармоніі. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1950 года.
У 1970-74 гг. дырэктар Беларускага аддзялення Усесаюзнага ўпраўлення па ахове аўтарскіх правоў СП СССР.
Дэбютаваў у друку ў 1938 годзе. Першую кніжку "Вершы і байкі" выдаў у 1954 г. Аўтар зборнікаў баек "Залатая рыбка" (1957), "Як дбаеш - так і маеш" (1958), "Арліны суд" (1959), "Соль" (1962), "На вясёлай хвалі" (1967), "Туды і рак з кляшнёй…" (1970), "Палюсы" (1977), "Кругавая парука" (1979) і г. д.
Байкі адметныя актуальнасцю тэматыкі, камізмам сітуацый, жывым народным гумарам. Пісаў гумарыстычныя вершы і байкі для дзяцей (зборнікі "Камар-званар", 1959; "Горкі мёд", 1967 і іншыя), аднактавыя камедыі, скетчы, эпіграмы і пародыі.
Перакладаў з рускай і ўкраінскай мовы.
Вікіпедыя.
Алесю Клышку - 70
8 сакавіка сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, кандыдат тэхнічных навук Алесь КЛЫШКА адзначыў свой юбілей. Гэтаму мужнаму, таленавітаму, апантанаму жыццём чалавеку споўнілася 70 гадоў.
Алесь Клышка нарадзіўся ў Менску. Скончыў палітэхнічны інстытут, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Ён - тэхнічны чалавек, які мае шмат патэнтаў на вынаходніцтвы ў галіне экалагічна чыстых тэхналогій і аховы навакольнага асяроддзя, напісаў на гэтыя тэмы і апублікаваў больш за сотню навуковых матэрыялаў. А яшчэ Алесь Клышка - шчыры беларус, які любіць роднае слова, займаецца літаратурай. Ён напісаў і выдаў шмат кніг паэзіі, публіцыстыкі, кніг твораў для дзяцей. Разам з паэтам Зьнічом (Алегам Бембелем) яны напісалі цудоўныя кнігі "Жыровіцкія камяні", "Шлях да Жыровічаў", "Жыровіцкая пастэраль" і "Званіца". Гэта кнігі-гутаркі, кнігі-развагі пра нялёгкі лёс нашай Бацькаўшчыны, пра месца Беларусі ў духоўнай прасторы планеты, пра тыя падзеі, якія сёння адбываюцца ў свеце, у палітыцы і ў літаратуры. Алесь Клышка падрыхтаваў і выдаў таксама ўнікальны фільм па гісторыі Менска "Менская зямля", а таксама шэраг аўдыёкніжак і музычных стужак.
Жанаты, мае сына і дачку, чатырох унукаў.
Вікіпедыя.
"Спеўны Сход" да 100-годдзя БНР
20 сакавіка ў культурніцкім цэнтры "Корпус" (пр. Машэрава, 9) адбудзецца "Спеўны Сход", тэмай якога будуць песні і гімны Беларускай Народнай Рэспублікі. На сходзе будзем спяваць "Магутны Божа", "Пагоня", "Ад веку мы спалі ды нас разбудзілі" і іншыя творы 1917-1919 гадоў. Спецыяльныя госці імпрэзы: музычная капэла "Санорус" і кампазітар Максім Іўкін.
25 сакавіка 2018 спаўняецца 100 год з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Па сутнасці, падпісанне трэцяй Устаўной граматы і абвяшчэнне БНР з'яўляецца першым афіцыйным прызнаннем беларускай дзяржаўнасці. Нельга не адзначыць такую падзею! Прыходзьце паспяваць і адсвяткаваць 100-годдзе БНР!
Вядоўца - Сяржук Доўгушаў. Уваход вольны! Пачатак а 19-й. Інфалінія: +37529 5657218, +37529 3415143.
Cвята роднай мовы на Дзяржыншчыне
З 21 па 24 лютага ва ўстановах адукацыі, культуры і прадпрыемствах Дзяржынскага раёна Менскай вобласці адбыліся мерапрыемствы з нагоды Дня роднай мовы.
Асаблівай увагі заслугоўвае Агульнанацыянальная дыктоўка, якая адбылася 21 лютага на базе Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі і была напісана паводле твораў ураджэнца Дзяржыншчыны Каруся Каганца, якому 13 лютага споўнілася 150 гадоў. У дыктоўцы прынялі ўдзел навучэнцы, моладзь, старэйшае пакаленне, сярод якіх былі мясцовыя паэты, творцы, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, сябры ТБМ імя Скарыны, БРСМ і інш. Напрыканцы мерапрыемства кожны мог разгадаць крыжаванку да Міжнароднага дня роднай мовы, складзеную Лявонам Целешам, які прысутнічаў у зале. Мерапрыемства падаравала шмат станоўчых эмоцый яго ўдзельнікам.
Варта ўзгадаць і пра штогадовае раённае "Свята беларускай мовы" якое традыцыйна праходзіла ў Чаркаскім Доме культуры 24 лютага. Свята складалася з некалькіх частак і ўключала конкурс малюнкаў прысвечаны беларускай мове: "Родная мова - душы аснова", дэманстрацыю мультфільма "Шрэк 3" дубляванага па-беларуску, кніжную выставу як сучасных аўтараў, так і класікаў беларускай літаратуры.
Перадсвяточны настрой свята ў Доме культуры стваралі беларускія народныя песні, якія гучалі з дынамікаў гукаўзмацняльнай апаратуры, дзеці ў народных касцюмах, якія раздавалі паштоўкі з серыі "Не маўчы па-беларуску". У фае працавалі гульнёвыя зоны, дзе кожны ахвотны мог прадэманстраваць свае веды па беларускай мове і атрымаць каштоўныя падарункі.
Афіцыйная частка свята пачалася ўрачыста і ўзнёсла з выканання ансамблем "Сяброўкі" песні "Радзіма", мясцовага аўтара і кампазітара Надзеі Камаровай. У канцэртнай частцы прымалі ўдзел калектывы Чаркаскага Дома культуры: ансамбль народнай песні "Сяброўкі", дзіцячая вакальная студыя "Вясёлыя ноткі" і інш., якія выканалі вядомыя беларускія кампазіцыі на розны густ. Прысутныя на свяце настолькі былі прасякнутыя і ўражаныя дзеяннем, што перастаў існаваць падзел паміж гледачамі і артыстамі. У чарговы раз "Свята беларускай мовы" парадавала сваёй цікавай праграмай і падкрэсліла багацце і значнасць роднай мовы і культуры ў сучаным грамадстве.
Наогул, у святочнай дзейнасці да Міжнароднага дня роднай мовы на Дзяржыншчыне прынялі ўдзел больш за 1000 чалавек, было праведзена каля 30 разнастайных мерапрыемстваў.
Кірыл Шык.
Свята роднай мовы ў Пружанах
Дваццаць першага лютага ў Пружанах у Раённай дзіцячай бібліятэцы, у пакоі, прысвечаным Еўдакіі Лось, раённая рада ТБМ правяла "Свята роднай мовы". Напярэдадні па нашай ініцыятыве ў сельскагаспадарчым каледжы і школах горада адбыліся беларускія дыктоўкі па тэкстах, якія рэкамендавала кіраўніцтва ТБМ. Вызначаны па два пераможцы ў кожнай установе, і яны былі запрошаны на свята.
21лютага гэтыя хлопцы і дзяўчаты, іх настаўнікі і сябры ТБМ, усяго 30 чалавек, удзельнічалі ў нашым мерапрыемстве. Спадарыня Ларыса Жаўнярчук адкрыла свята і стала яго вядоўцай. Моладзь напачатку прадэкламавала вершы, прысвечаныя роднай мове, прысутных прывітала і павіншавала са святам старшыня рады Жэгалава Тарэса, а пасля былі ўручаны падзячныя лісты і падарункі пераможцам дыктоўкі. Перад прысутнымі таксама выступіў паэт-пчаляр Мікола Папека, ён чытаў свае вершы, расказваў аб сваёй малой радзіме, адказваў на пытанні моладзі, сарод якой былі і асобы, якія таксама спрабуюць свае сілы ў паэзіі.
У ходзе мерапрыемства была выказана падзяка, уручаны падарунак і падзячны ліст загадчыцы дзіцячай бібліятэкі Дзмітруковіч Вользе. Дзякуючы арганізатарскай працы спадарыні Вольгі, бібліятэка праводзіць вялікую працу на карысць беларускай мовы і культуры ў Пружанах. Апошняя частка нашага свята праходзіла за кубачкам гарбаты і з цукеркамі. Спадарыня Ларыса правяла моўныя конкурсы, а пасля ў жывой размове мы абмеркавалі набалелыя праблемныя пытанні нашага рэгіёна. Напрыклад, што рабіць з усталяванымі паўсюдна ў горадзе і за яго межамі ў якасці помнікаў аб'ектамі вайсковай тэхнікі: танкамі, самалётамі, верталётамі, самаходкамі, артылерыйскімі гарматамі і нават ракетамі. Ці мэтазгодна іх захоўваць у гарадскіх скверах, ці вывезці, напрыклад, у былы вайсковы гарадок за 5 кіламетраў ад Пружан у Слабудку і там арганізаваць своеасаблівую памятную выставачную пляцоўку, бо ў горадзе гэта выглядае даволі абсурдна, нібыта нашы Пружаны, як і, дарэчы, многія мясціны Беларусі, усё яшчэ ваююць. У нас часта можна пачуць высакапарныя словы аб гераізме, аб вайне і адначасова таптаць магілы канкрэтных воінаў, палеглых на нашай зямлі ў розных войнах, прайшоўшых праз гэтую зямлю. Прыкладаў шмат і на Пружаншчыне, асабліва такая з'ява была распаўсюджана ў бэсэсэраўскі перыяд.
У час размовы ўзнікла ініцыятыва стварыць паэтычную майстэрню, весці якую ўзялася спадарыня Ларыса Жаўнярчук. На паседжанні майстэрні запрашаць нашых берасцейскіх паэтаў, паэтычную моладзь і ўсіх ахвотных, хто спрабуе пісаць па-беларуску. Узнікла задума правесці конкурс работ на тэму "Мая малая Радзіма".
Вось так мы адзначылі Дзень роднай мовы.
Тарэса Жэгалава.
Віншуем пераможцаў Агульнанацыянальнай дыктоўкі
Віншуем пераможцаў штогадовай Агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове (тэкст "Хто мы такія?" паывдле М. Багдановіча, 1915 г.), якая праводзілася сярод навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэя, сяброў ТБМ:
Дануту Радыну,
Марыю Маркелаву,
Эвеліну Муржак,
Аляксандру Харэвіч,
Дарыну Васілевіч.
Падзяка за верш
7 сакавіка сябры Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ і Ёдкаўскай суполкі ТБМ наведалі Мінойтаўскую сярэднюю школу Лідскага раёна. Нагодай стала бліскучае выкананне на Лідскім тэлебачанні удзельніцай алімпіяды па беларускай мове Рэнатай Мамедавай верша Анатоля Вярцінскага ну і, вядома, свята 8 сакавіка.
Сябры ТБМ падзякавалі Рэнаце за цудоўнае выкананне верша, павіншавалі ўсю прыгожую палову Мінойтаўскай школы з жаночым святам.
Была ў віншаванні і мастацкая частка ў выкананні Сяржука Чарняка, была і салодкая частка ад Ёдкаўскай суполкі.
Наш кар.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя
(Працяг. Пачатак у папяр. нум.)
1334. Чаброўская (Вольга) - вытвор з фармантам -ская/-оўская ад тапоніма Чабры / Чаброўка і значэннем 'жыхар названай мясцовасці': Чаброўская, Чабраў(к)ская. ФП: чабор ('травяністая духмяная расліна сямейства чубакветных з дробнымі пахучымі кветкамі лілова-ружовага ці белага колеру') - Чабры ('мясціна, дзе расце чабор') - Чабраўка ('паселішча, дзе побач расце чабор') - Чаброўская.
1335. Чабярук (Алёна) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Чабёр і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Чабёрук - Чабярук. ФП: чабёр (рэг.) чабор ('травяністая духмяная расліна сямейства чубакветных з дробнымі пахкімі кветкамі ружова-ліловага ці белага колеру') - Чабёр / Чабор (мянушка, потым прозвішча) - Чабярук. Або ад апелятыва чабрук ('тое, што і чабор' - СбГПЗбП) з паўнагалоссем ( Чабярук).
1336. Чавычоў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Чавыча і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чавычоў. ФП: чавыча ('далёкаўсходняя прамысловая рыба сямейства ласасёвых') - Чавыча (мянушка) - Чавыча (прозвішча) - Чавычоў.
1337. Чагіна (Маргарыта) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Чага і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Чагіна. ФП: чага ('чорны грыб у выглядзе нарасці на ствале бярозы') - Чага (мянушка) - Чага (прозвішча) - Чагіна.
1338. Чайка (Наталля) - семантычны вытвор ад апелятыва чайка, які мае некалькі значэнняў: 1) вадаплаўная пералётная птушка з густым, шчыльным пер'ем; 2) пласкадонная лодка; 3) старажытны ветразевы човен з вёсламі і прымацаванымі ўздоўж падводнага борта пучкамі чароту, які служыў для павелічэння плывучасці і абароны ад стрэлаў праціўніка.
1339. Чапля (Аляксей) - семантычны вытвор ад апелятыва чапля 'вялікая балотная птушка сямейства галянастых з вялікай дзюбай і доўгай шыяй'.
1340. Чапрага (Чэпрага) (Кузьма) - семантычны вытвор ад апелятыва чапрага і чэпрага (< чепрага) - 'металічная спражка для пояса'.
1341. Чапскі (Адам) - вытвор з фармантам -скі ад Чапка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чапскі - Чап(к)скі. ФП: чапка (<польск. czapka 'шапка') - Чапка (мянушка, потым прозвішча) - Чапскі.
1342. Чардаш (Эдвард) - семантычны вытвор ад апелятыва чардаш 'венгерскі народны танец і музыка да гэтага танца', а таксама 'музычная п'еса ў рытме гэтага танцу'.
1343. Чарнабурка (Арнольд) - семантычны вытвор ад апелятыва чарнабурка 'чорна-бурая ліса' і 'футра гэтай жывёлы; гаржэтка з футра чорна-бурай лісы'.
1344. Чарнамырдзін (Засім) - вытвор з прыналежным суфіксам - ін ад антрапоніма Чарнамырда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чарнамырдзін. ФП: чарнамырда (рэг.) ('з чорнай мордай, чарнаморды') - Чарнамырда (мянушка, потым прозвішча) - Чарнамырдзін. Форма "ы" дзеля адмежавання ад апелятыва морда.
1345. Чарнігаўская (Анжаліка) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Чарнігаў і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Чарнігаўская.
1346. Чарнілоўская (Марына) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Чарнілаўка і значэннем 'жыхарка мясціны, названай утваральным словам': Чарнілаў(к)ская.
1347. Чарнякевіч (Андрэй) - вытвор з суфіксам бацькаймення - евіч ад антрапоніма Чарняк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чарнякевіч. ФП: чарняк ('чарнарабочы, брудны, запэцканы чалавек' (Даль) 'смуглы, чарнявы чалавек') - Чарняк (мянушка, потым прозвішча) - Чарнякевіч.
1348. Чарняўскі (Ігар) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Чарняўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Чарняўскі. Або прэстыжная форма ад антрапоніма Чорны / Чарнявы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чарняўскі / Чарняўскі.
1349. Чарота (Аляксей) - форма жан. (агульн.) роду ад Чарот - семантычнага вытвору ад апелятыва чарот 'высокая травяністая расліна сямейства асаковых, якая расце ў вадзе рэк, азёраў, на балотах'.
1350. Чубат (Аляксей) - трансфармаваная пад назоўнік мужчынскага роду форма прыметніка Чубаты - семантычнага вытвора ад апелятыва чубаты 'з чубам'.
1351. Чубрык (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва чубрык (укр. чубрик 'кончык жаночай касы з уплеценай стужкай' (Грынч.)).
1352. Чукічова (Надзея) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Чукіч і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чукічова. ФП: чукі-чукі ('выклічнік, які суправаджае падкідванне малога дзіцяці (ўверх) на руках дарослага') - чукіч ('асоба, якая гэта выконвае') - Чукіч (мянушка, потым прозвішча) - Чукічова.
1353. Чумак (Яўгенія) - семантычны вытвор ад апелятыва чумак 'возчык і гандляр на Украіне і на поўдні Расіі, які перавозіў на валах соль, рыбу і іншыя тавары'.
1354. Чумакоў (Нікан) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Чумак з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чумакоў. Гл. Чумак.
1355. Чумачэнка (Рыгор) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Чумак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чумач(к/ч)энка. ФП: чумак (саст.: на Украіне у 15-19 стст. - вазак і гандляр, які перавозіў на валах соль, рыбу і іншыя тавары) - Чумак (мянушка, потым прозвішча) - Чумачэнка.
1356. Чурыла (Уладзімір) - семантычны вытвор ад апелятыва чурыла 'неахайны чалавек, пудзіла, нелюдзімы, дзіклівы чалавек, сугней (Нас.)' (Ад чурацца (рэг.) 'цурацца') - чурыла).
1357. Чухнова (Алёна) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Чухно і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чухнова. ФП: Ціхан (імя <грэч. tychon 'удача, поспех') - Чышка (з 1582) - Чыхно > Чухно - Чухнова. Або ад апелятыва чухан ('той, хто чухаецца' (скрабе цела ці частку яго; 'марудна, няўмела, без жадання што-н. рабіць'), які стаў мянушкай, потым прозвішчам) - Чухно ('тое, што чухан') - Чухнова ('нашчадак асобы з прозвішчам Чухно (< Чухан)').
1358. Чыгір (Андрэй) - семантычны вытвор ад апелятыва чыгір 'водападымальнае прыстасаванне для падачы вады на паліванне садоў, вінаграднікаў' (Даль).
1359. Чыгрын (Сяргей) - другасная форма, першасная Цігрын - вытвор з прыналежным суфіксам - ын ад антрапоніма Цігра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Цігрын. ФП: цігра (рэг.) ('буйная драпежная млекакормная жывёліна сямейства кашэчых з паласатай скурай', 'тыгр, тыгрыца') - Цігра (мянушка, потым прозвішча) - Цігрын - Чыгрын. Мена гукаў [ч] - [ц] - уласціва народна мове (Гродзеншчына, Зэльвенскі р-н і інш.). Гэта адлюстравана ў акадэмічным даведніку "Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі" (Мінск, 2013): " терешня 'черешня' - чарэшня. Зафіксавана яно і ў кнізе 'Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны'" (аўтар П.У. Сцяцко - Гродна, 2005). " Цярэшня, ж. Чарэшня. Ушчапіў цярэшню" (с. 135).
1360. Чыжонак (Іван) - вытвор з суфіксам недаросласці -онак ад антрапоніма Чыж і значэннем 'нашчадак (дзіця) названай асобы': Чыжонак. ФП: чыж ('невялікая лясная птушка сямейства ўюркавых') - Чыж (мянушка, потым прозвішча) - Чыжонак. Або непасрэдна ад апелятыва чыжонак ('чыжык', дыялектны суфікс -онак), які набыў функцыю прозвішча праз ступень празвання.
1361. Чыжык (Адам) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Чыж і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чыжык. ФП: чыж ('невялікая лясная птушка') - Чыж (мянушка) - Чыж (прозвішча) - Чыжык. Або непасрэдна ад апелятыва чыжык (тое, што і чыж) ці памян.-ласк.-зневаж. ад Чыж (прозвішча).
1362. Чырыкаў (Мікалай) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Чырык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чырыкаў. ФП: чырыкаць ('тое, што і цырыкаць 'шчабятаць' (пра птушак)') - чыр ык ('птушка, якая чырыкае') - Чырык (мянушка, потым прозвішча) - Чырыкаў. Або ад чырык 'невялікі чыр' (скула).
1363. Чысцякоў (Андрэй) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Чысцяк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чысцякоў. ФП: чысцяк ('чысцюля', 'франт'; 'беларучка, песта' (Даль)) - Чысцяк (мянушка, потым прозвішча) - Чысцякоў.
1364. Чэмер (Мікола) - семантычны вытвор ад апелятыва чэмер тое, што і чамярыца 'травяністая ядавітая лугавая расліна сямейства лілейных з тоўстым карэнішчам, буйным востраканечным лісцем і мяцёлкамі кветак, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне'.
1365. Чэркасава (Святлана) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Чэркас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чэркасава. ФП: Чэркас (імя, ст. рэдк.) - Чэркас (празванне, потым прозвішча) - Чэркасава - Чэркасава і Чаркасава.
(Працяг у наступным нумары.)
Міжнародны дзень роднай мовы ў Лужках
Настаўнікі і вучні Лужкаўскай сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна зладзілі свята, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. Школа гасцінна сустрэла ўдзельнікаў народнага літаратурна-музычнага аб'яднання "Світанак" Кацярыну Сосна, Надзею Вайцюль, Людмілу Ардынскую і вядомую грамадскую дзяячку Аду Эльеўну Райчонак, заснавальніцу чатырох музеяў у вёсцы Германавічы. Нагодай сустрэцца стала выданне кнігі Людмілы Іосіфаўны Ардынскай для дзяцей "Белы бусел".
Гэты зборнік вершаў і апавяданняў для дзяцей вызначаецца не толькі душэўнымі, поўнымі дабрыні і жыццёвай мудрасці літаратурнымі творамі, але і ілюстрацыямі, створанымі маленькімі чытачамі.
Любоў да прыроды роднага краю адлюстроўваецца ў поўных замілаванасці пейзажах, па-майстэрску апісаных словам, і ў "Птушынай тэматыцы". У кнізе змешчаныя некалькі твораў, прысвечаных крылатым сябрам. Гэта вершы "Шпакі", "Птахі чырвоныя - снегіры", "Дзяцел" і іншыя.
Усе вершы Людмілы Іосіфаўны аб'ядноўвае адно - глыбокае і ўзнёслае пачуццё - любоў да роднага краю. Галоўнае, чым аўтар дзеліцца са сваімі чытачамі ўсіх узростаў - гэта гонар за сваю малую радзіму і любоў да яе. Ёю дыхаюць вершы "Белы бусел", "Гімн вёскі Алашкі", "Шаркаўшчынскі край", "Радзіма", "Шаркаўшчынская крынічка".
Людміла Іосіфаўна ўпэўнена: толькі той чалавек, які сапраўды любіць сваю краіну, можа прынясці плён гэтай зямлі. Гэта - будучыня Беларусі. Таму адрасуе маленькім чытачам вершы з вобразамі дзетак, якія ганарацца тым, што яны беларусы.
Творы не абмінае боль, за мінулае гэтай зямлі, таму піша Людміла Іосіфаўна і вершы на ваенную тэматыку. Маўклівымі сведкамі тых падзей сёння з'яўляюцца абеліскі, якія сустракаюцца ў кожнай вёсцы нашага краю. Аб гэтым верш "Абеліск".
Кожны чалавек павінен усведамляць каштоўнасць роднага слова, але паэт адчувае яго асабліва востра. З асаблівай адказнасцю выкарыстоўвае слова Людміла Іосіфаўна, з асаблівым замілаваннем піша пра яго ў вершах "Родная мова", "Мая мова".
"Белы бусел" - значная падзея ў жыцці Людмілы Іосіфаўны Ардынскай і культурнага асяродка нашага раёна. Адбылася яна дзякуючы кіраўніку культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча Адзе Эльеўне Райчонак, Людміле Садоўскай і іншым сябрам паэткі, што ўдзельнічалі ў зборы сродкаў, з дапамогай якіх Людміла Іосіфаўна падрыхтавала да друку і выдала кнігу для маленькіх чытачоў.
Падчас літаратурнай сустрэчы, вучні 5-8 класаў дэкламавалі вершы з кнігі. Кацярына Мар'янаўна Сосна і Надзея Іванаўна Вайцюль таксама пазнаёмілі дзяцей са сваёй творчасцю натхнёна прачытаўшы творы.
Немагчыма было ў Міжнародны дзень роднай мовы абмінуць увагай 160-годдзе з дня нараджэння Лазара Перэльмана - ураджэнца Лужкоў, які вядомы ва ўсім свеце, як мовазнаўца, што стаяў ля вытокаў адраджэння іўрыту. Яго намаганнямі мова, якая з ІІ ст. н.э. была мовай малітваў стала сродкам зносін 9 мільёнаў чалавек.
Літаратурная сустрэча прынесла прысутным не толькі новыя веды, але і шэраг станоўчых эмоцый ад зносін з цікавымі творчымі людзьмі і стала добрым пачаткам у школе Года малой радзімы. Вучні прынялі актыўны ўдзел у свяце, чыталі вершы, спявалі песні на роднай мове.
Лужкаўская СШ - адна з лепшых школ раёна, дзе надаецца вялікая ўвага духоўнаму, экалагічнаму і працоўнаму выхаванню вучняў. Школа супрацоўнічае з Лужкаўскім лясніцтвам. Яна ўражвае мноствам прыгожых кветак, асабліва здзіўляе наведвальнікаў зімовы сад з экзатычнымі раслінамі.
Цікавая і змястоўная праграма была падрыхтавана настаўнікамі беларускай мовы Вершаловіч Н.В., Радзевіч Н.У., музычнае афармленне Гірэй Л М. Галоўны ініцыятар і арганізатар мерапрыемства - Лапацкая А.У. Мерапрыемства закончылася песняй "Маленькая Радзіма" на словы Людмілы Ардынскай, музыка Ганны Шаколы, у выкананні вакальнага гурта школы.
Пра свае ўражанні аб свяце Людміла Ардынская напісала верш.
СВЯТА МОВЫ
Поле грэла снежныя бакі,
Сонейка прадвесне абяцала,
Елачкі ў лесе ажывалі,
І лаза святлела ля ракі.
Горныя і Ложныя Жукі...
Шлях праз іх ляжыць невыпадкова:
Мы на свята едзем роднай мовы,
Вёсачкі мільгаюць, вось Лужкі.
На краёк Шаркоўшчынскай зямлі,
Дзе з Глыбоцкай Мнюціца імкнецца,
Прабяжыць і ў Дзісну ўліецца,
Мову падтрымаць сваю прыйшлі.
У школе шчыра сустракаюць нас,
Дзе на роднай мове навучаюць.
У які ні ўвойдзеш светлы клас,
Вас па-беларуску прывітаюць.
Мова ў залу прывяла дзяцей,
Лёгкакрылай птушкай узлятала.
І спявала звонка, й шчабятала.
Вось каб бачыў Бурачок Мацей!
Радуе адна з усіх надзей,
Што нашчадкі мову не пакінуць,
Зберагуць і не дадуць загінуць.
Стане самай роднай для людзей.
Наш кар. , г. п. Шаркаўшчына.
У КАЦ «Гарадок» у Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі рупліўцаў роднага слова Гарадоччыны
21 лютага ў раённай бібліятэцы прайшла імпрэза «Шануй родную мову» на якой адбылася размова пра стан беларускай мовы ў сістэме адукацыі, культуры раёна. Пад час мерапрыемства былі прачытаны вершы і выканана аўтэнтычная песня калектывам «Глейна», а таксама прайшло ўзнагароджанне актыўных прыхільнікаў беларускай мовы Гарадоцкага раёна.
Адкрыла свята супрацоўніца бібліятэкі Святлана Бабурова, якая распавяла пра гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы і яго святкаванне на Беларусі. Старшыня Гарадоцкай Рады ГА «ТБМ імя Ф. Скарыны» Леанід Гаравы распавёў пра гісторыю ўтварэння і дзейнасці Таварыства беларускай мовы на Гарадоччыне, асабліва спыніўшыся на правядзенні літаратурна-краязнаўчых чытанняў «Паэма "Тарас на Парнасе": здабыткі і праблемы», якія спрыялі мемарыялізацыі аўтара паэмы Канстанціна Вераніцына і галоўнага героя паэмы - Тараса на Гарадоцкай зямлі: каля краязнаўчага музея, у в. Астраўляне і каля цэнтральнага сквера райцэнтра.
Загадчыца метадычнага кабінета аддзела адукацыі Алёна Кулакова распавяла пра стан выкарыстання беларускай мовы ў школах раёна, падрыхтоўку дыпламантаў абласной алімпіяды па беларускай мове ў СШ № 1. Прысутныя даведаліся, што ў далёкім 1926 годзе ўсе школы раёна навучалі дзяцей на беларускай мове. Бібліятэкар першай катэгорыі Кацярына Банадысева распавяла пра працу бібліятэк раёна па папулярызацыі беларускіх пісьменнікаў і іх кніг у раённай сетцы бібліятэк, а Лілея Рэзкіна кіраўніца народнага фальклорна калектыва «Глейна» паведаміла ўдзельнікам імпрэзы пра збор аўтэнтычных народных песень у Гарадоцкім краі і разам з удзельнікамі калектыва выканалі песню «Зара, мая зараначка», якая была запісана ў в. Марчанкі на ўсходзе Гарадоччыны.
Потым для прысутных вучнямі СШ № 1 былі выдатна прачытаны беларускія вершы: Я. Купалы «Спадчына», П. Броўкі «Калі ласка», Д. Бічэль «Роднае слова», П. Пранузы «Мова», П. Панчанкі «Родная мова».
Арганізатары свята - метадычны кабінет аддзела адукацыі, спорту і турызму, Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці, райбібліятэка адзначылі граматамі актыўных прыхільнікаў роднага слова ў Гарадоцкім раёне: чытачоў беларускіх кніг райбібліятэкі, спевакоў народных песень, дыпламантаў абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і іх настаўніц.
А ад імя Гарадоцкай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны ўсім рупліўцам роднага слова былі ўручаны беларускія кнігі і было пажадана выпісваць і чытаць газету ТБМ «Наша слова», а таксама штодзённа карыстацца роднай мовай.
Л. Антонаў.
Асоба года
У Магілёве ўжо шосты раз запар грамадзянская ініцыятыва "Грамадскі магістрат" вызначыла намінантаў на званне "Асоба года" і "Падзея года" 2017 года па версіі "Грамадства".
28 студзеня 1577 г. указам караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя гораду Магілёву было нададзена поўнае Магдэбургскае права (права на самакіраванне, паводле якога горад атрымліваў эканамічную і пэўную палітычную свабоду і выбіраў з шэрагу грамадзянаў гарадскі магістрат) і першы герб. Дарэчы, той герб значна адрозніваўся ад сучаснага, які быў атрыманы пасля знішчэння ў 1661 г. маскоўскага гарнізона. Пасля тых крывавых падзей горад, які зброяй даказаў сваю годнасць, быў прыраўнаваны ў правах да Вільні.
Таму невыпадкова, што менавіта 28 студзеня ў Магілёве адбылося канчатковае падвядзенне вынікаў і вызначэнне лаўрэатаў у Грамадскім цэнтры "Кола", урачыстае ўручэнне прэміі "Чалавек года" і "Падзея года".
Загадзя адбылося паседжанне грамадзянскай ініцыятывы "Грамадскі магістрат" - супольнасці людзей, неабыякавых да лёсу роднага горада, на якім быў вызначаны шорт-ліст намінантаў на грамаддскую Прэмію "Асоба года" і "Падзея года" - 2017. Спіс прэтэндентаў абіраўся з падзей, якія адбываліся цягам 2017 года ў Магілёве і выклікалі рэзананс сярод грамадства. Гэтым разам адбор праводзіўся з 84 падзей і 15 грамадзян. Намінантамі былі атабраныя 5 асобаў і 7 падзеяў, дзейнасьць якіх выклікала найбольшы рэзананс ў грамадстве.
Прэмія выдавалася ў дзвюх намінацыях: "Падзея года" і "Чалавек года". Вядоўца, магілёўскі гісторык Ігар Пушкін, растлумачыў прысутным, што асноўная мэта намінацыі - выявіць грамадскіх лідараў, якія на грамадскіх пачатках зрабілі наш горад больш утульным, правялі мерапрыемствы, якія сталі падзеямі для Магілёва. Спіс кандыдатаў быў падрыхтаваны метадам навуковага кантэнт-аналізу, які зрабіла група выпускнікоў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. За аснову інфармацыі былі ўзятыя тры асноўныя магілёўскія выданні, а таксама інтэрнэт-рэсурсы. Потым, калі з пераможцаў быў складзены short-list, у адпаведных суполках сацыяльных сетак, а таксама на сайце "Грамадскага магістрата" адбылося галасаванне, дзе і былі вызначаны пераможцы.
Дарэчы, выбіраць было з чаго. Так, у намінацыю "Падзея года" трапілі такія праекты:
Культурны праект "Вершы на сценах";
Фэст аматарскіх фільмаў "Словы";
Арт-праект "Сабака Чака";
Усталяванне памятнага знака Максіму Багдановічу;
Праект "Навучальныя схемы для танцаў на вуліцах Магілёва;
Літаратурна-творчы праект "Пяць вечароў" у бібліятэках Магілёва.
Але нягледзячы на тое, што кожная з гэтых ініцыятываў вартая быць узятай на ўзбраенне ў любым горадзе Беларусі, перамогу атрымаў культурны праект "Вершы на сценах".
Намінантамі на Прэмію "Асоба года" сталі:
Барысаў Ігар - змагаецца за будаўніцтва новага сацыяльнага аб'екта ў мікрараёне Цярохіна г. Магілёва; актыўна пратэставаў супраць усталявання ў Магілёве помніку Расійскаму цару Мікалаю ІІ; арганізатар кампаніі па ўсталяванні ў Магілёве помніка літаратару, грамадскаму дзеячу 20-х гадоў мінулага стагоддзя і першаму старшыні беларускага савецкага ўраду Зміцеру Жылуновічу.
Булавацкі Міхась - грамадскі праваабаронца, паэт, літаратар; змагаецца з магілёўскімі чыноўнікамі за правы грамадзян. Выдаў кнігу-гісторыю змагання з уладамі за ўжыванне беларускай мовы ў грамадскім асяродку Магілёва.
Лісоўскі Алег - аматар і калекцыянер старажытных фота Магілёва, арганізатар фотавыставы "Невядомы Магілёў", выдае за свой кошт кнігі пра Магілёў
Ліцін Аляксандр, Шандаровіч Іда - арганізатары праекту "Вузел жыцця".
Шанцаў Уладзімір - удзельнік кампаніі па ачыстцы "Святога возера" ў Магілёве. Выступіў з ініцыятывай пабудаваць сацыяльныя аб'екты замест "Трыумфальнай аркі" на Менскай шашы.
Чалавекам года, таксама ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе, быў абвешчаны Лісоўскі Алег, айцішнік з Баварыі, які збірае з усяго свету даўнія фотакарткі Магілёва, траціць тысячы еўра і дзяліцца імі бясплатна. Летась было дзве выставы яго фотакалекцыі.
Алег Дзячкоў, "Чалавек года" - 2016, кіраўнік магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ.
Лаўрэаты прэміі імя Віктара Сырыцы
Праекты "Жывая мова" і ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года, арганізаваныя сябрамі ТБМ і БНФ ў рэгіёнах, сталі ў гэтым годзе лаўрэатамі прэміі імя Віктара Сырыцы, якая была заснаваная Праваабаронча-асветніцкім грамадскім аб'яднаннем "Рух "За Свабоду".
- Прэмія імя Віктара Сырыцы паўстала ў 2016 годзе. Віктар Сырыца - вядомы чалавек, думаю не толькі ў Баранавічах, дзе ён жыў, узначальваў гарадскую суполку Руху "За Свабоду", ТБМ, аб'ядноўваў вялікую колькасць мясцовых актывістаў, аўтар, ініцыятар шматлікіх мерапрыемстваў, канферэнцый, Мілавідскага фестывалю. Пасля ягонай смерці Рух прыняў рашэнне заснаваць прэмію ягонага імя, - нагадаў старшыня ПАГА "Рух "За Свабоду" Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, на сёння існуюць дзясяткі ініцыятываў, якія можна параўнаць па ступені значнасці з тым, што адбываецца на нацыянальным узроўні.
- Сёння на слыху Менск, але людзі ў малых мястэчках робяць важную справу, якая аб'ядноўвае дзясяткі людзей і гэта па маштабах тое ж, што і сотні ці тысячы ў Менску, - падкрэсліў старшыня арганізацыі. - Задача прэміі - падтрымка добрых ініцыятываў, вартых увагі. У гэтым годзе ў выніку галасавання Рады Руху "За Свабоду" лаўрэатамі сталі арганізатары дзвюх ініцыятываў - з Полацка Вольга Дамаскіна ("Жывая мова") і з Лідчыны Вітольд Ашурак, Валер Мінец і Сяргей Пантус (ушанаванне памяці паўстанцаў 1863 года).
Падзякаваў за ўзнагароду сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак:
- Надалей мы плануем працягваць быць актыўнымі, настырнымі. Можа, і смешна прагучыць, але наспеў час дэкамунізацыі, і мы плануем у нашым асяродку рабіць усё, каб здзейсніць гэтую мэту. Можа, гэта грандыёзная ідэя, але трэба быць рэалістамі і ставіць немагчымыя задачы, - упэўнены Ашурак.
- Калі ствараўся праект "Жывая мова", мы не думалі пра нейкія ўзнагароды, рабілі яе для грамадства. І ўвесь год я хвалявалася, што нам не дазволяць, быў скептычны настрой. Але ўсё добра, людзям цікава, яны прыходзяць, чакаюць наступных сустрэчаў. Будзем працягваць працаваць, "Жывая мова" жыве і будзе жыць, - сказала сябра Сойму Партыі БНФ Вольга Дамаскіна.
"Новы час".
У Лідзе прайшоў першы этап Міжнароднага ультрамарафону "Самапераадоленне"
Сонечнай марозна-легкадумнай нядзельнай раніцай 4 сакавіка завяршыўся ў Лідзе першы этап Міжнароднага фэсту-ультрамарафону "Самапераадоленне".
Назва фэсту "Самапераадоленне" вельмі сімвалічнае. Удзельнікам прыйшлося пераадольваць не толькі сябе і дыстанцыю, але і капрызы надвор'я, якому ўздумалася ў першыя дні каляндарнай вясны ўзбадзёрыць нас ласкавай завірухай
Натхніцель і адзін з арганізатараў лідскага ультрамарафону, старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Леанід Анацка, які ўжо неаднаразова прымаў удзел у ультрамарафонскіх забегах выказаўся, што падчас забегу "галоўнае не змакрэць і не змерзнуць". Першая праблема была знята надвор'ем, і змакрэць на дыстанцыі было няпроста. Цяжэй было не змерзнуць.
Магчыма, з-за капрызаў прыроды, не ўсе ўдзельнікі ультрамарафону, якія даслалі свае заяўкі, змаглі прыняць у ім удзел. Раней мы ўжо пісалі, што для ўдзелу ў забегах заяўкі даслалі 32 чалавекі, але ў спаборніцтвах прынялі ўдзел толькі дваццаць.
Удзельнікі змагаліся на трох часавых дыстанцыях: 48, 24 і 12 гадзін. У 12-гадзінным забегу прынялі удзел 4 чалавекі, у 24-гадзінным - 2 чалавекі. Самым масавым аказаўся 48-гадзінны забег, у якім стартавала 14 чалавек. Сярод іх было і двое лідзян - Леанід Анацка і Алег Салянік.
У 12-гадзінным забегу першым стаў Павел Лысенка з Маларыты (Берасцейская вобласць) з вынікам 95 кіламетраў, другім быў госць з Кіева Валерый Хрыстэнак. Яго вынік 84 кіламетры 665 метраў. Трэцім прызёрам на гэтай часавай дыстанцыі стаў Яўген Дзядоў з Кішынёва з вынікам 84 кіламетры.
Сярод "сутачнікаў" наймоцным быў Віктар Лісоўскі са Шчучына з вынікам 137 кіламетраў. На 35 кіламетраў менш прабег мінчук Анатоль Лапуць, які заняў 2-е месца.
Сярод тых, хто ў гэтых няпростых умовах не пабаяўся выйсці ў забег на 48 гадзін, лепшым быў мінчук Пётр Рагойша. Яго вынік не можа не ўразіць - 271 кіламетр 495 метраў. Дарэчы, Пётр упершыню ўдзельнічаў у двухсутачным ультрамарафоне. Не на шмат меней за яго прабег расеец Васіль Дзюкін, якому 13 сакавіка будзе ўжо 60 гадоў. Яго вынік 256 кіламетраў. Трэці вынік таксама ў расейца Андрэя Зіноўева - 233 кіламетры.
Сярод жанчын у 48-гадзінным забегу лепшай была мінчанка Аксана Сулімчык з вынікам 221 кіламетр.
Асоба хочацца адзначыць паказаўшую другі вынік Ларысу Лабарткову з Львова. У студзені гэтага года ёй споўнілася 69 гадоў, і ў гэтым узросце яна за двое сутак здолела пераадолець 212 кіламетраў. Трэцяй была яшчэ адна мінчанка Святлана Ярац з вынікам 182 кіламетры.
Першы этап лідскага ультрамарафону завяршыўся. Другі і трэці яго этапы пройдуць у верасні і снежні гэтага года. Тады і будуць падведзены яго канчатковыя вынікі. Але ўжо цяпер можна сказаць, што наш горад цалкам можа стаць горадам ультрамарафонцаў. Ва ўсякім разе, усе яго цяперашнія ўдзельнікі адзначылі добры ўзровень арганізацыі першага этапу.
У першым этапе пакуль узялі ўдзел толькі двое лідзян - Леанід Анацка і Алег Салянік. Але, як той казаў, цяжка пачаць, ды лёгка канчаць. Леанід Анацка пераадолеў за двое сутак 192 кіламетры 246 метраў. У Алега, які ўпершыню выйшаў на ультрамарафонскі забег пакуль, у параўнанні з іншымі ўдзельнікамі, вынік сціплы - 70 кіламетраў. Але давайце прызнаемся: а ці многія з нас здольныя на нешта падобнае? Ці многія з нас змогуць сказаць сабе: я перамог сябе, перамог сваю ляноту, падняўся ў чымсьці над сабой учарашнім.
Не многія. Але многія сябры ТБМ падтрымлівалі Лявона Анацку. Вядоўцам адкрыцця і закрыцця этапу быў сябар Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Алег Лазоўскі, які ўсю імпрэзу вёў на беларускай мове. Тэхнічна падтрымлівалі марафон Лідская гарадская і Ёдкаўская арганізацыі. Сябры ТБМ у канцы павіншавалі Лявона Анацку з удалым завяршэннем і ўручылі каштоўны падарунак.
Безумоўна, асноўная арганізацыйная нагрузка легла на Лідскі райвыканкам, Лідскі і Гарадзенскі спорткамітэты, але і грамадская падтрымка мае не малое значэнне.
Ультрамарафон у Лідзе - па сутнасці першае сур'ёзнае спартовае мерапрыемства, ініцыяванае ТБМ.
0154.by.
ЦЫВІЛЬНЫ НАЧАЛЬНІК ГАРАДЗЕНСКАГА ПАВЕТА
Іван Буднік
Днямі споўнілася 155 гадоў, як па закліку Літоўскага правінцыйнага камітэта на Беларусі пачалося паўстанне супраць расійскага панавання. Найважную ролю ў яго арганізацыі і кіраўніцтве ў Гарадзенскай губерні выканаў Кастусь Каліноўскі, які стварыў разгалінаваную Гарадзенскую рэвалюцыйную арганізацыю. Сярод сяброў яе быў Станіслаў Сільвястровіч, які ўзначаліў паўстанцкі рух у Гарадзенскім павеце. Імя гэтага чалавека, самаахвярна служыўшага справе вызвалення краю ад чужынцаў, мала вядома на Гародзеншчыне, а заслугоўвае розгаласу і павагі.
Пасля арышту 30 ліпеня 1863 г. Станіслаў Сільвястровіч, Гарадзенскі ваяводскі і павятовы начальнік у час паўстання 1863 - 1864 гг., восем месяцаў таміўся ў Гарадзенскім турэмным астрозе. Час ад часу яго выклікалі на допыты ў Гарадзенскую следчую па палітычных справах камісію. Але кожны раз ён пераконваўся, што яна не мае важкіх доказаў яго ўдзелу ў рэвалюцыйнай арганізацыі і адмаўляў абвінавачванні. Час ішоў, і мроілася надзея, што яго справа можа быць адкладзена, а ён будзе пакараны менш сурова на падставе падазрэнняў. Было дастаткова часу, каб абдумаць свае паводзіны і адказы ў камісіі такім чынам, каб не пацягнуць з сабой іншых. Пазней, ужо ў Віленскай асобай следчай камісіі, Сільвястровіч прызнаваў: "Той жа самы дзень; але думка, што акрамя мяне з гэтай справай звязана столькі іншых асоб, якіх я ў сваіх прызнаннях павінен быў бы абавязкова назваць як вінаватых разам са мной - думка гэта так мяне трывожыла, што я вырашыў адцягваць сваё прызнанне, … пакуль яны самыя сябе не абвінавацяць". Час цягнуўся, а ён не даваў прызнанняў ні супраць сябе, ні супраць сяброў па рэвалюцыйнай арганізацыі.
У час роздуму перад вачыма жыва паўставалі падзеі паўстання і дзейнасці арганізацыі, а таксама і не такія далёкія карціны жыцця: сям'я і жыццё ў Гожы, бацькі, маладосць і вучоба. Перабіраючы мінулае, як бы вывяраў свой 30-гадовы жыццёвы шлях: дзе не дапрацаваў ці памыліўся, што можна паправіць. І адчуваў, што не сорамна яму за пражытыя гады, за свой род. Ён успамінаў свае частыя сустрэчы ў Гародні з маладымі службоўцамі, лекарамі, знаёмымі абшарнікамі, з якімі яго збліжала не толькі маладосць, але і блізкасць поглядаў, прыходзілі на памяць студэнцкія спрэчкі ў час вучобы ў Дэрптцкім універсітэце ў пачатку 50-х гадоў. Не астылая са студэнцкіх гадоў актыўнасць штурхала яго да дзеяння, не дазваляла сядзець у маёнтку і займацца толькі гаспадарчымі справамі.
Грамадскай актыўнасці садзейнічала і ажыўленне грамадскага жыцця ў краіне, у губернскай Гародні ў другой палове 50-х гадоў ХІХ ст. Распаўсюджваліся чуткі аб наспяваючых пераменах у прыгонніцкай сістэме. Нават вышэйшыя ўлады ў Вільні і Гародні завялі размовы з памешчыкамі аб паляпшэнні побыту сялян, вызваленні іх ад прыгоннай залежнасці і нават аб надзяленні зямлёй. Такая нарада была праведзена генерал-губернатарам У. Назімавым у 1857 г. у Вільні, дзе прадстаўнікі гарадзенскіх землеўладальнікаў выказаліся за вызваленне сялян без зямлі. Пытанне аб шляхах вызвалення сялян ад прыгону абмяркоўвалі не толькі ў губернскім камітэце, але і ў памешчыцкіх гасціных і кватэрах чыноўнікаў. Рэформа 1861 г. і яе правядзенне не супакоіла грамадства, асабліва сялян, якія чакалі скасавання прыгонных павіннасцей і адмаўляліся падпісваць устаўныя граматы, дзе ранейшыя павіннасці захоўваліся на працяглы час. У некаторых вёсках сяляне бунтавалі, і для іх успакаення ўлады пасылалі воінскія каманды на пастой і каралі розгамі. Гэта ўзбуджала, актывізавала гарадзенскае грамадства, умацоўвала ліберальныя надзеі на перамены. Але гэтага не было ў маёнтку Гожа С. Сільвястровіча, які валодаў 1597 дзес. зямлі, сяляне атрымалі добрыя надзелы і былі пераведзены на самы ўмераны аброк. У яго вёсках Гожа і Барбарычы налічвалася 27 сялянскіх двароў, і да сялян перайшло 995 дзесяцін, а за памешчыкам захавалася 602 дзес. На кожны сялянскі двор прыпадала 1 дзес. прысядзібнай, 30 дзес. ворыўнай зямлі, 4 дзес. сенакосаў і было 50 дзес. агульнай пашы. Такія паводзіны гаспадара маёнтка выклікалі, з аднаго боку, незадавальненне многіх абшарнікаў павета, а з другога - адабрэнне і павагу дэмакратычна настроенай моладзі і чыноўнікаў.
Значны ўплыў на гарадзенцаў аказваў заўсёдны, незатухаючы дзесяцігоддзямі супраціў расійскаму панаванню ў Царстве Польскім, у Варшаве. Так было і ў лютым 1861 г., калі ўлады расстралялі дэманстрацыю ў сувязі з трыццатымі ўгодкамі лістападаўскага паўстання 1830-31 г. У час разгону дэманстрантаў пяць чалавек было забіта і шмат паранена. Звесткі аб падзеях у Польшчы праз перапіску, паездкі, родных і знаёмых хутка даходзілі да Гародні і Вільні і выклікалі акцыі салідарнасці. Станіслаў Сільвястровіч прызнаваўся: "Няшчасныя здарэнні ў Варшаве ў лютым і красавіку 1861 г., расказаныя мне адным з відаводцаў, узбудзілі ва мне першыя захапленні. Наступіўшыя пасля таго жалобныя малебны ў касцёлах, а яшчэ больш бесперапынныя спевы гімнаў, якія яшчэ доўга існавалі ва ўсіх касцёлах і прыватных дамах - уздымалі гэтыя захапленні." Разам з сябрамі і знаёмымі чыноўнікамі і вучнёўскай моладдзю ён удзельнічаў у маніфестацыях, спевах забароненых гімнаў (асабліва раздражняла ўлады патрыятычная песня "Яшчэ Польшча не загінула…"), у малебнах. На адным са сходаў абшарнікаў ён сабраў 80 рублёў ахвяраванняў на помнік ахвярам варшаўскага расстрэлу. Усё гэта рабіла Станіслава Сільвястровіча вядомай асобай у горадзе, ён усё болей збліжаецца з дэмакратычна настроенымі чыноўнікамі, інтэлігентамі. Сярод іх Эразм і Баляслаў Заблоцкія, Целясцін Цеханоўскі, Іосіф Руткоўскі, памешчыкі Станіслаў Солтан і Іван Каменскі, ксёндз Андрэй Чаповіч і інш. Пад уздзеяннем узрастаючага грамадскага руху ў Сільвястровіча расла надзея, што могуць адбыцца значныя грамадска-палітычныя перамены, бо "хутка цэлы край будзе падрыхтаваны да паўстання".
У другой палове 1862 г. да Гародні даходзяць звесткі аб узнікненні ў Варшаве падпольнага камітэта, намаганнямі К. Каліноўскага і яго паплечнікаў у горадзе ствараецца падпольная рэвалюцыйная арганізацыя. Па запрашэнні Э. Заблоцкага Станіслаў Сільвястровіч уключаецца ў яе работу: курыруе паўночную частку павета (да Скідзеля), збірае грошы на паўстанне, адшуквае і агітуе людзей у паўстанцкі аддзел, па даручэнні В. Урублеўскага з гэтымі мэтамі наведаў кс. Чаповіча ў Мастах і Гліндзіча ў Ваўкавыску. Калі Вільня заклікала ўсю Літву далучыцца да паўстання, Сільвястровіч прапанаваў свой маёнтак Гожа зрабіць пунктам збору гарадзенскіх паўстанцаў, але ў Гародні вырашылі рухацца ў Гарадзенскую пушчу 2 сакавіка па чыгунцы да Парэчча, захапіўшы цягнік на станцыі Гародня. Гэта закончылася няўдачай: здолелі вырвацца 8 чалавек з Кульчыцкім, а звыш 70 былі схоплены паліцыяй і салдатамі.
У першых днях красавіка 1863 г. Станіслаў Сільвястровіч атрымаў з Вільні намінацыю на цывільнага начальніка Гарадзенскага павета, і клопатаў навалілася шмат. Улады, каб загадваць, патрабаваць і караць, не меў; можна было прасіць і даказваць, пераконваць, была адказнасць за справу і жаданне зрабіць што-небудзь карыснае. Былі зацверджаны акружныя начальнікі і рэферэнты (адказныя за кірункі дзейнасці); вырашылі пытанне адшукання грашовых сродкаў - на нарадзе ў гасцініцы Ромера ўстанавілі 10% збор з чыстага прыбытку ўсіх абшарнікаў павета.
Штодзённымі яго абавязкамі былі пошукі для паўстанцаў вопраткі і грошай, прадуктаў і зброі, медыкаментаў, агітацыя за ўступленне ў аддзелы, і ён ездзіў па маёнтках сам і ўздзейнічаў на памочнікаў - акружных і рэферэнтаў. Праз Гарадзенскі павет (так называлі ўжо ўезд) падтрымлівалася сувязь Вільні (Літоўскі правінцыяльны камітэт) і Беластока (тут знаходзіўся камісар Гарадзенскага ваяводства К. Каліноўскі) з суседнімі паветамі - Сакольскім, Ваўкавыскім, Слонімскім, у зваротным накірунку ішла інфармацыя, справаздачы. Разам з Сільвястровічам працавалі Станіслаў Солтан, Іван Каменскі, Севярын Ромер, Пётр Пакубята, Сігізмунд Урублеўскі, Франц Багатка, ксёндз Чаповіч і інш. Арганізацыя дзейнічала, пераадольваючы шматлікія перашкоды, небяспеку, пераслед царскіх уладаў, быў створаны і дзейнічаў паўстанцкі аддзел пад камандай А. Лянкевіча. Паўстанцкі рух пашыраўся вясной і летам, але ён не ахапіў сялянскую частку жыхароў, якая знаходзілася пад кантролем расійскай улады. Добра ўзброеныя карныя вайсковыя атрады кантралявалі дарогі, гарады і вёскі, жорстка каралі ўсіх, хто асмеліўся чым-небудзь падтрымаць паўстанне.
Але ў канцы чэрвеня - пачатку ліпеня ў сувязі з арыштамі ў паўстанцкай арганізацыі адбываюцца перамены: Кастусь Каліноўскі быў вернуты ў Вільню і ўзначаліў усё паўстанне ў краі, на месца ваяводскага камісара быў прызначаны Эразм Заблоцкі, а ваяводскім цывільным начальнікам па прапанове Заблоцкага - Сільвястровіч. Цяпер ён адказваў за справы ў чатырох паўночных паветах, павялічыліся яго задачы, у выкананні якіх апіраўся на падтрымку побач з ім працаваўшых ваяводскага касіра Людаміра Абрэмскага, начальніка і работнікаў канцылярыі Ігната Геніуша, Адольфа Талочкі і Уладыслава Брыерэ дэ Мартэрэ, паўстанцкага начальніка г. Гародні Целясціна Цеханоўскага, Адама Баяроўскага, служыўшага для сувязі паміж паветамі. Але са спадам паўстанцкага руху рэпрэсіўнае кола сціскаецца, і 30 ліпеня Станіслаў Сільвястровіч апынуўся ў турэмным астрозе, а яго паплечнікі адыходзілі ад справы. Пацягнуліся напружаныя дні з допытамі і рэдкімі ўспамінамі.
* * *
Звернемся і мы да яго мінулага. Род Сільвястровічаў з'явіўся на Гарадзеншчыне ў канцы 18 ст., калі мастаўнічы Смаленскага ваяводства Юльян Сільвястровіч 28 сакавіка 1787 г. набыў маёнтак Гожа ў Ігнація Сівіцкага за 98 тысяч злотых і аформіў здзелку ў земскім судзе Трокскага ваяводства. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння яе часткі да Расіі род Сільвястровічаў атрымаў у 1817 г. правы расійскага дваранства. Маёнтак складаўся з двух фальваркаў - Гожы і Пералома, акружаных лесам і аддаленых вёрст на пятнаццаць. Гэтыя паселішчы каля Нёмана вядомыя яшчэ з 14 ст. (Пералом) і 15 ст. (Гожа, Ожа) і былі цікавыя прыбліжаным да вялікага князя літоўскага. Па стану на 1832 г. імі кіравалі два сыны Юльяна: у Гожы, дзе налічвалася 20 сялянскіх двароў - саракагадовы Іван, арандаваўшы яшчэ казённы маёнтак Пржэвальскі (Прывалку) з пяццю суседнімі вёскамі, дзе налічвалася 96 двароў (410 чалавек); Пераломам валодаў старэйшы з братоў - Гілярый, сюды ўваходзілі яшчэ чатыры невялікія вёскі і налічвалася 40 двароў. Маёнтак Гожа-Пералом лічыўся адзіным, застаўся такім пасля смерці нежанатага Гілярыя і перайшоў па спадчыне да сыноў Івана. Пералом дастаўся Казіміру з яго сямействам, Гожай валодаў Станіслаў, але маёнтак па-ранейшаму не быў раздзелены паміж братамі. І гэтая абставіна ўратавала яго ад канфіскацыі за ўдзел Станіслава ў паўстанні.
У Вільні асобая следчая камісія працягнула допыты Сільвястровіча, прыводзіла прамыя доказы яго дзейнасці і прызнанні некаторых членаў Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Ён пераканаўся, што многае ўжо вядома карнікам і яго запіральніцтва, непрызнанне не дапаможа ні арганізацыі, ні яму. У пратаколе камісіі адзначаны яго цяжкія вымушаныя разважанні: "Пасля некалькідзённых хістанняў я пераканаўся, што маё прызнанне ніколькі ім (членам арганізацыі - І.Б.) нашкодзіць не можа, а маючы надзею на Бога што і іх натхніць шчасліваю думкай шчырага прызнання, і як менш віноўныя не будуць прыцягнуты да суровага пакарання, - я рашыўся з усёй шчырасцю, не шкадуючы сябе, не імкнучыся зменшыць у чым-небудзь сваю віну, сказаць сапраўдную праўду…" З яго і іншых арыштаваных сяброў прызнанняў мы ведаем аб рэвалюцыйнай арганізацы і яе дзейнасці. У той жа час схіляем галаву перад мужнасцю тых, хто, як гераічны Кастусь Каліноўскі, узяў усё на сябе і выказаў толькі асноўныя ідэі барацьбы; ухваляем тых, хто поўнасцю адмаўляў перад следчымі свой удзел у паўстанні: Іван Каменскі, Целясцін Цеханоўскі, Уладзіслаў Сімановіч, Іосіф Руткоўскі, Іван Грынявіцкі. Але і тыя, і іншыя, займаўшыя пасады ў рэвалюцыйнай арганізацыі, трапіўшы ў лапы карнікаў, былі адпраўлены на катаргу. Канфірмацыяй галоўнага начальніка края генерал-губернатара М. Мураўёва ад 12 лістапада 1864 г. Станіслаў Сільвястровіч быў аднесены да І катэгорыі пакарання, але расстрэл заменены на катаргу, і ён высланы на восем гадоў на катаржныя работы на заводах.
* * *
Шлях з Беларусі да месца катаргі ў Сібіры - гэта яшчэ адно пакаранне. З Еўрапейскай Расіі ў неабжытую Сібір да граніцы з Кітаем вёў адзін Маскоўска-Сібірскі тракт, які атрымаў у народзе назву "вялікі кайданны шлях", "гасударава дарога" і інш.
Хаця царскі ўказ аб яго будаўніцтве быў прыняты ў канцы 17 ст. (1689г.), але да яго рэалізацыі прыступілі праз 40 гадоў. Пракладка і ўладкаванне яго працягваліся да сярэдзіны 19 ст.. Па Сібірскім, або Маскоўскім, тракце праехалі з падарожнай дзясяткі тысяч дзяржаўных мужоў, служылых людзей, купцоў, падарожнікаў; прайшлі ў Забайкалле пехатой, у кайданах тысячы ссыльна-катаржных. Пачынаўся Сібірскі тракт як гандлёвы і паштовы, а з другой паловы 18 ст. выкарыстоўваўся і для перамяшчэння ссыльных. У 1817 г. на галоўных дарогах былі пабудаваны этапы для ссыльных, увесь шлях у Сібір быў разбіты на 61 этап. На тракце праз 25 - 40 вёрст былі ўсталяваны этапныя пабудовы - памяшканні для афіцэраў, салдат-канваіраў і ссыльных (этапныя турмы) і іншыя будынкі. (Іх выдатна апісаў Л. М. Талстой у рамане "Уваскрасенне").
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
Стагоддзю абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі прысвячаецца
Кароткая гісторыя Беларусі ў календары
Барыс, С. В. Каляндар гісторыі Беларусі : даведнік / Сымон Барыс. - Мінск 2018. - 320 с. [16 л.] іл.
Гэтая кніга ўяўляе сабой кароткую гісторыю Беларусі, якая распісана па датах. Кніга падзелена на 12 частак па назве месяцаў. У кожным месяцы на кожны дзень даюцца даты народзінаў (а калі іх няма, дык дата смерці) вядомых асоб (дзяржаўных, ваенных і палітычных дзеячаў, мастакоў, пісьменнікаў, народных артыстаў, акадэмікаў і некаторых вучоных) і важнейшых падзей з гісторыі Беларусі. Яна была складзена па замове вядомага калекцыянера Анатоля Белага ў сакавіку 2009 г. Значная частка матэрыялаў увайшла ў каляндар "Люстра дзён", які змешчаны на сайце Анатоля Белага Spadchyna.net y Internet.
Звычайна летапісы і хронікі пішуць дзень за днём, год за годам. Аднак ёсць і своеасаблівы ўлік падзей, што адбыліся ў гэтую добу ў розныя гады. І ў гэтым ёсць нешта магічнае, якое магчыма ад нас не залежыць. Мы прывыклі адзначаць юбілеі гістарычных асоб і падзей, падводзіць вынікі значных з'яў у жыцці грамадства, заўважаць дапушчаныя памылкі. А каб скласці каляндар юбілейных дат на наступны год, трэба ўспомніць пра падзеі, што адбылося ў мінулыя гады. І гэта кніга дапаможа такім складальнікам.
Вельмі цікава прасачыць, што здаралася ў беларускай гісторыі па днях, паставіўшы на другое месца храналогію гадоў. Такім чынам, мы нібы ўзялі каляндар з падзеямі кожнага года і згрупавалі іх па датах, не звяртаючы ўвагі на дні тыдня. У такім люстры дзён падзеі вышыхтоўваюцца не лінейна і не паслядоўна, а канцэнтрычна па датах, а потым ужо па гадах.
На старонках гэтай кнігі аўтар імкнуўся паказаць жыццё выбітных асоб з гісторыі Беларусі і падзеі, якія варты ўвагі, бо яны мелі пэўнае гістарычнае значэнне. Пры падборы матэрыялаў укладальнік стараўся пазбегнуць тэндэнцыйнасці і ўласных ацэнак, хацеў паглядзець на ўсё позіркам пабочнага аб'ектыўнага назіральніка. Зразумела, шмат чаго ў кнігу не трапіла, бо ўсё ахапіць і немагчыма. Ёсць спадзяванні, што чытачы знойдуць для сябе цікавыя звесткі з гісторыі Беларусі.
У гэтым календары прадстаўлены ўсе важнейшыя падзеі і асобы беларускай гісторыі ад Усяслава Чарадзея да Аляксандра Лукашэнкі. На погляд аўтара, кіраўнікі дзяржаў аказваюць пэўны ўплыў на развіццё грамадскай гаспадаркі і сацыяльны стан грамадства. Падзеі і асобы з беларускай гісторыі даюцца незалежна ад таго, дзе знаходзілася Беларусь - у Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі або ў Савецкім Саюзе. Пры адборы выбітных асоб аўтар кнігі не звяртаў увагі на іх палітычную арыентацыю, а таму тут сышліся разам пад адной вокладкай, нібы пад адной страхой, і каралі польскія, і вялікія князі літоўскія, расійскія імператары і кіраўнікі Камуністычнай партыі Беларусі і КПСС, але толькі тыя, што мелі дачыненне да падзей у Беларусі. Тут жа знайшлося месца і гетману вялікаму літоўскаму Канстанціну Астрожскаму і Маршалу Савецкага Саюза Івану Якубоўскаму. Тут чытач знойдзе шмат чаго беларускага адметнага нацыянальнага, што раней наўмысна хавалася ў савецкай гісторыі і нават цяпер не шануецца хоць і варта таго. Такім чынам, у гэтую кнігу трапілі асобы і падзеі, якія не ўсім спадабаюцца. Але з гісторыі іх нельга выкінуць, бо яны жылі ці падзеі ўжо адбыліся. І не важна добрыя яны ці благія, але яны ўжо былі. А для нас усё гэта павінна быць навукай, каб мы зрабілі для сябе высновы і спрагназавалі будучыню, бо, на жаль, гісторыя развіваецца цыклічна.
Даты народзінаў або смерці вядомых асоб і важнейшых падзей з гісторыі Беларусі даюцца пераважна па грыгарыянскім календары. Аднак прывесці ўсе даты паводле грыгарыянскага календара немагчыма ды і няма сэнсу. Насельніцтва старажытнай Русі (Полацкага і Тураўскага княстваў) і Вялікага Княства Літоўскага карысталася юліянскім календаром да 1 студзеня 1583 г., а жыхары Расіі - да 14 лютага 1918 г. На Беларусі з 1795 г. да 1918 г. дзяржаўныя органы ўлады і праваслаўная царква карысталіся юліянскім календаром. У гэтай кнізе захаваны даты некаторых падзеў так, як яны запісаны ў хроніках, каб не ўносіць блытаніну. Але там, дзе даты падзей падаюцца па старым стылі, аўтар кніжкі ў дужках напісаў (па ст. ст.). Звычайна ў энцыклапедыях і ў даведачнай літаратуры даты нараджэння асоб да 1918 года даюцца па двух стылях: па юліянскім календары і ў дужках - па грыгарыянскім.
Што паслужыла асновай для напісання такога календара? За гады незалежнасці Беларусі па яе гісторыі надрукавана нямала кніг. Выдадзены розныя тэматычныя энцыклапедыі. Таму задача аўтара была ў тым, каб адлюстраваць усю гісторыю Беларусі на працягу аднаго года. Зразумела, у першую чаргу спатрэбіліся Беларуская энцыклапедыя ў 18-ці тамах, Энцыклапедыя гісторыя Беларусі ў 6-ці тамах, энцыклапедычны даведнік "Беларусь" і іншыя кнігі па гісторыі нашай краіны. Задача складальніка кнігі была ў тым, каб адабраць самае істотнае, важнае і размясціць кароткія звесткі пра асобы і падзеі па датах у календары.
Наш кар.
"Амерыканка"
Вечарына сучаснага беларускага перакладу ў Магілёве
Напрыканцы мінулага года ў межах кампаніі "Будзьма беларусамі!" у Магілёве адбылася прэзентацыя "Палёту над гняздом зязюлі" Кена Кізі ў перакладзе на беларускую мову, а таксама перакладаў серыі "Паэты планеты" і "Прайдзі-Свет", якія можна было набыць.
У кастрычніку 2017 года была паспяхова завершана кампанія па зборы сродкаў на выданне кнігі серыі "Амерыканка" - рамана Кена Кізі "Палёт над гняздом зязюлі", перастворанага па-беларуску Аляксеем Знаткевічам. Перакладчыкі сабралі на платформе uley.by амаль 6955 рублёў на друк і выплату аўтарскіх правоў. Самую вялікую суму пералічыў мецэнат Ігар Жабароўскі, які зрабіуся галоўным спонсарам выдання.
"Палёт над гняздом зязюлі" выйшаў у сярэдзіне лістапада ў выдавецтве "Янушкевіч". І цяпер адбываюцца прэзентацыі. Паводле задумы стваральнікаў, "Амерыканка" аб'ядноўвае кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Апроч шэдэўра Кізі перакладзены на беларускую мову і чакаюць выданя яшчэ тры раманы: "Байцоўскі клуб" Чака Паланюка, "Чытво" Чарлза Букоўскага, "Пенелапіяда" Магарэт Этвуд. Беларускія перакладчыкі дзякуюць усім чытачам, якія паверылі ў серыю і замовілі кнігу падчас кампаніі "Кізі: Блізкае нам вар'яцтва" і асабліва тым з іх, якія перавялі на рахунак больш, чым каштавала кніга. Яны успрымаюць гэтыя грошы не як ахвяраванне, а як інвестыцыю, - казала кіраўніца краўдфандынг-кампаніі і рэдактарка серыі "Амерыканка" Марыя Мартысевіч. Прыбытак, які яны атрымаюць з продажу рамана "Палёт над гняздом зязюлі", пойдзе на друк рамана "Байцоўскі клуб" Чака Паланюка. І гэтак далей, па ланцужку.
Змест серыі "Амерыканка", як і многіх іншых ініцыятыў сучаснай Беларусі, вызначаюць самі перакладчыкі. Яны не ставяць перад сабой камерцыйных мэтаў, таму выбіраюць тыя творы, якія, на іх думку, паспрыяюць развіццю беларускай культуры і грамадтва. Каб беларуская мова і літаратура годна існавалі і функцыянавалі ў глабальным свеце, па-беларуску мусяць прагучаць самыя разнастайныя творы сусветнай літаратуры. Сучасная класіка ды культавыя аўтары Паўночнай Амерыкі - асноўны прыцэл серыі "Амерыканка".
Перакладчыкі прапанавалі нашай увазе пяць доказаў цікавай "гіпотэзы", што ў 2017 годзе Скарына выдаваў бы Біблію праз краўдфандынг.
Паўтысячагоддзя таму ў Празе пабачыла свет першая друкаваная кніга на беларускай мове - "Псалтыр", які 6 жніўня 1517 года выдаў Францішак Скарына. Гэта стала знакавай падзеяй не толькі для беларускага кнігадруку, але і для беларускага перакладу. Перакладчыкі, якія два месяца збіралі сродкі на выданне серыі перакладной літаратуры "Амерыканка" параўналі свой досвед з агульнавядомымі фактамі жыцця славутага палачаніна, і прыйшлі да (не) чаканай высновы. Калі б Скарына жыў у XXI стагоддзі, ён таксама быў змушаны збіраць грошы на выдавецкія праекты праз інтэрнэт.
1. Выданне кніг у Беларусі - дарагая асалода. Што цяпер, што 500 гадоў таму. Адважваюцца на такое хіба фанаты сваёй справы. Каб зменшыць выдаткі, сучасныя выдаўцы друкуюць кнігі ў суседніх краінах: Літве, Украіне ці Расіі. Скарына першым прыйшоў да гэтай схемы, заснаваўшы свой кніжны стартап у чэшскай Празе. Уся актыўная друкарская дзейнасць заняла два гады: 22 кнігі з 1517 па 1519. Усяго Скарына іх надрукаваў 24. Апошняя - "Апостал" - выйшла ў Вільні ў 1525 годзе. Калі браць да ўвагі умовы існавання беларускай кнігі ў наш час, можна меркаваць, што рэвалюцыйныя для свайго часу выданні Скарыны так і не акупіліся. Вядома, што першадрукар спрабаваў заваёўваць новыя рынкі, дзеля чаго пераехаў у Маскву. Аднак перанесці туды бізнэс не ўдалося: маскоўскія манахі-перапісчыкі вылічылі канкурэнта і вытурылі яго з Трэцяга Рыма, абвесціўшы "лацінянінам". Не знайшоўшы магчымасці развівацца, Скарына, відавочна, адчуў эмацыйнае выгаранне і, як сказалі б цяпер, змяніў сферу, заняўшыся іншымі справамі.
2. Як і сучасныя беларускія перакладчыкі, якія не атрымліваюць дапамогі ад дзяржавы, Скарына не змог бы выдаць кнігі без патрымкі спонсараў. Яго мецанатамі былі віленчукі Якуб Бабіч і Багдан Анькаў, а таксама князь Канстанцін Астрожскі ды іншыя адукаваныя магнаты эпохі. Лічыцца, што Бабіч і Анькаў фінансавалі пераклад і выданне 22 кніг, якія Скарына друкаваў у Празе, і дзвюх у Вільні. Віленская друкарня Скарыны месцілася ў доме Бабіча.
3. На краўдфандынг звычайна выносяцца праекты, карысныя для культуры і грамадства. Скарына бачыў сваёй мэтай асвету суайчыннікаў. Менавіта таму ён не друкваў Бібліі цалкам. Такое выданне было б вельмі дарагім і заняло б шмат часу. Ды і цікавае яно было б хіба адукаванай эліце Вялікага Княства, якая да таго ж свабодна чытала на лаціне, па-грэцку ці на старагабрэйскай мове, калі згадаць пра юдэйскіх мудрацоў. Скарына перакладаў на "рускую мову" самыя папулярныя раздзелы для шырокага чытача. Да Святога Пісьма ён дадаваў разгорнутыя каментары і такім чынам выкарыстоўваў Біблію, каб пашыраць сярод "паспалітых людзей" свецкія веды. Напрыклад, друкаваў календары сонечных і месяцавых зацменняў.
4. Калі збіраеш грошы на культуру па схеме дабрачыннасці, іх хапае толькі на самае неабходнае. Скарына свядома выкарыстоўваўваў чорна-белы друк, каб знізіць сабекошт кніг. Толькі "падарункавае" выданне "Песні песняў" мела яшчэ і чырвоную фарбу. Скарына зрабіў друкаваную кнігу пад'ёмнай для тагачаснага "сярэдняга класу" - купцоў, медыкаў, настаўнікаў. Прычым не толькі па грашах, але і літаральна: скарынаўскія выданні ў параўнанні з філіянтамі таго часу выглядалі сапраўднымі покетбукамі. "Малую падарожную кніжку" ў 1/12 аркуша, выдадзеную ў Вільні ў 1522 годзе, дзе змяшчаліся самыя ўжытковыя рэлігійныя тэксты, можна было браць у вандроўку. Для тагачасных людзей гэта было супастаўна з вынаходніцтвам у XXI стагоддзі электроннай кнігі.
5. Важны складнік краўдфандынгу - падача, візуальны шэраг. Чым прывабнейшы праект, тым ахвотней яго падтрымлівае аўдыторыя. Скарына быў, апроч усяго, яшчэ і здольным дызайнерам. Ён не толькі ўласнаручна рабіў гравюры, каб праілюстраваць свае кнігі, але і распрацаваў пазнавальны лагатып друкарскага прадпрыемства - Месяц і Сонца - які і цяпер актыўна ўжываецца ў беларускай культуры. Адкінуўшы лішнюю сціпласць, друкаваў у выданнях Бібліі аўтапартрэт, зрабіўшы сябе тварам уласнага прадпрыемства. Па эскізах Скарыны нямецкія майстры вырабілі аўтарскі шрыфт, абрысы якога сёння асыцыююцца з гісторыяй беларускай кнігі.
Ці ўдалося б Францішку Скарыну сабраць неабходную на выданне яго кніжнай серыі суму праз краўдфандынг? Ці змог бы ён пераканаць суайчыннікаў у тым, што друкаванне кніг - перспектыўная справа, якая ўсяго праз паўстгоддзя зменіць культурнае аблічча іх радзімы, зрабіўшы Вялікае Княства Літоўскае центрам славянскага пісьменства? Цікавае пытанне, на якое няма адказу.
Перакладчыкі серыі перакладной літаратуры "Амерыканка" вераць, што добрыя пераклады добрых твораў рухаюць наперад мову, літаратуру і змяняюць грамадства да лепшага.
Наталля Шамянкова, г. Магілёў.
Святочная вясна з беларускім артыстам
Вясновы жаночы дзень і блізкае святкаванне 100-годдзя БНР сталі нагодай для таго, каб лепшыя беларускія песні натхнілі грамаду веліччу ідэалаў і напоўнілі святы беларускім нацыянальным зместам.
7 сакавіка адбыўся паспяховы канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Менскім Палацы культуры імя Шарко, а 10 сакавіка артыст выступіў у віцебскім арт-пабе "Тorvald".
Апошні паўнафарматны вясновы канцэрт выканаўцы адбываўся ў сакавіку 2011 года ў ДК МАЗ, таму аўдыторыя эмацыйна і ўзрушана вітала спевака. За гэтыя гады артыст з моладзевага музычнага лідара ператварыўся ў сапраўднага музычнага мэтра.
У рамках грамадскай кампаніі "Салідарнасць з Беларуссю" ён здзейсніў у 2012 годзе аўтапрабег Прага-Браціслава-Кракаў-Амстэрдам-Вена-Берлін, дзе яго прымалі ў мэрыях, студыях і кавярнях. У 2012 годзе артыст выступаў у Ізраілі і спяваў для беларусаў Іркуцка. У 2015-17 гадах маштабныя канцэрты спевака адбываліся ў Вільні ў памяшканні гарадской ратушы і ў Польскім доме. У 2017 годзе артыст здзейсніў падарожжы па ЗША і Канадзе, дзе ён высока нёс беларускую песню.
А ў лістападзе 2017 Зміцер Вайцюшкевіч і яго аркестр меў сапраўдны музычны рынг са знаным бардам Ярамірам Нагавіцам у яго тэатры ў Астраве, на якім нашы музыкі праявілі сябе на сусветным узроўні.
Сёлета на новым вясновым канцэрце спявак, падзяліўся радкамі высокай паэзіі і нагадаў пра тое на які высокі пьедэстал Арыстакраткі кахання, Гаспадыні Зорнага Палаца узнёс жанчыну народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін.
У 20-ці песнях спявак выявіў розныя жаночы вобразы ў розных іпастасях. Закаханыя дзяўчыны, матулі, шляхетныя пані, якім шлюць прывітанне лісоўчыкі - усе вартыя замілавання і любавання.
Хай будуць
кветкамі расшыты
Сукенкі вашы белыя
Яніны, Вольгі і Алесі,
Галіны, Зіначкі,
Людмілы, Ксені,
Кацярыны, Ніначкі.
Самыя галоўныя тэмы пранізваюць творчасць Змітра Вайцюшкевіча, любоў да Радзімы, вернасць нацыянальным сімвалам. Важнейшая з тэм - тэма кахання."Кожны чалавек хоча кахаць і быць каханым, народжаны для кахання, шукае яго ўсё жыццё, моліцца яму і памірае з успамінам аб ім", - пісаў Уладзімір Караткевіч у апавяданні "Барвяны шчыт". Беларускі артыст апявае святое і ўзвышанае каханне.
Для дзяўчат, жанчын, якія могуць у сённяшнім зманлівым свеце расчаравацца, згубіць веру ў існаванне сапраўднага кахання, важны прыклад дзеяча культуры, які нясе праз усю творчасць ідэал любові, захоўвае і аберагае яго, і служыць яму ў сваім асабістым жыцці.
"Ты - як пасланніца
светлага дня,
Поўная замілавання,
Ты недасяжная, як вышыня,
Арыстакратка кахання".
Светлыя, непадробныя перажыванні пераконваюць сваёй шчырасцю. Таму песні на словы Рыгора Барадуліна, Адама Русака, Уладзіміра Някляева "Зоркі нашыя", "Толькі з табою", "Прыдзі, мой каханы", "Пад ранне" становяцца сучаснай класікай. Пачуцці апісваюць такія словы як "мілаваць", "галубіць", "люляць" і "калыхаць".
"Я цябе закалышу,
як калыша Бог душу,
Залюляю, залюляю,
як кахаю, як кахаю".
Яшчэ адна з вечных тэм - пяшчота да матулі і ўдзячнасць ёй. У 2014 годзе Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў кліп на песню "Мама". Аўтарам тэксту з'яўляецца Генадзь Мікалаевіч Бураўкін.
- Гэта песня - споведзь перад мамай, і пажаданне доўгага жыцця для ўсіх матуль, - кажа спявак. - Па-беларуску шырокавядомай песні пра матулю няма, таму для мяне было важна гэта зрабіць.
"Калі шчасце атуліць,
ці аціхну ў журбе
Я заўсёды, матуля,
успамінаю цябе.
"Ты мне родная самая,
па душы, па крыві,
Ты жыві мая мама,
доўга-доўга жыві".
З новага альбома, запісанага з польскімі скрыпачамі, які выйдзе ў траўні 2018 года, прагучалі на вечарыне песні "Малада ўдава", "Рабыня". Былі выкананы некалькі новых выразных песень на словы Алеся Ліпая. Звяртаючыся да публікі, артыст разважаў не толькі пра прыгожую палову чалавецтва, але і пра беларускіх мужчын. Заўважаючы іх апатыю і страту цікавасці да жыцця, артыст раіць іх спадарожніцам даацэньваць іх і казаць ім больш пазітыўных словаў. З такім намерам ён выканаў песню "Ты - залаты".
- У лістападзе я з задавальненнем удзельнічаў у справаздачным канцэрце "25 гадоў на сцэне" Змітра Вайцюшкевіча, - узгадвае Алег Хаменка. - Пасля гадоў перапынку гэта была, безумоўна, вялікая культурная падзея. Я адчуў атмасферу людзей, якія прыйшлі, было ўсведамленне таго, што ў зале прысутнічае элітная грамадзянская супольнасць людзей, якіх аб'яднала творчасць Змітра. І гэта варта вялікай хвалы! Праграма была вельмі моцная. Зміцер выглядаў на сцэне як мэтр, правадыр, майстра. Паколькі мы прайшлі з ім палову жыцця, то я адчуваў, якая моцная ў яго харызма. Мне было вельмі прыемна бачыць, што твой найбліжэйшы сябар такога ўзроўню! У Змітра ёсць вельмі адданыя слухачы, якімі толькі можна ганарыцца.
Ягоная музыка - для людзей сталых і дарослых, (не такая ўжо моладзевая, як музыка Асute, Паліны Рэспублікі, ці гурта "Мікіта"). Ён прапануе рознабаковыя падыходы да каштоўнасцей мінулага, і гэта заўсёды цікава!
У мастацтва Змітра прыйшла мудрасць. Калі ён выпускае новыя і новыя альбомы, то яму ёсць што сказаць слухачу. Чалавек піша шмат гадоў, і яго песні становяцца народнымі па-сутнасці. Яго песні застануцца з народам і праз 50, і праз 100 гадоў! Калі трэба будзе ўзгадаць лепшае , то ўзгадаюць яго песні. Гэта ўвойдзе ў музычны летапіс сучаснасці!"
На завяршэнні канцэрту прагучала песня "Красуня-вясна", артыст прывітаў грамаду з надыходзячым 100-годдзем БНР.
Э. Дзвінская, фота аўтара. 1. Арыст на веснавым канцэрце; 2. Спявак з Ярамірам Нагавіцам; 3. З Іосіфам Навумчыкам у арт-пабе "Тorvald".
"Беларусы ў ЗША"
Такую назву мае кніга Вітаўта Кіпеля ,якая з'явілася ў 2017 годзе ў выдавецтве "Кнігазбор". Гэта выданне другое дапоўненае і дапрацаванае. Навуковым рэдактарам з'яўляецца Наталля Гардзіенка.
Аўтарам гэтай піянерскай (у амерыканскіх традыцыях) кнігі з'яўляецца дырэктар мала каму вядомай раней на Бацькаўшчыне ўстановы "Беларускі інстытут навукі і мастацтва" (БІНІМ) у Нью-Ёрку доктар Вітаўт Кіпель. Гэта ў наступныя дзесяцігоддзі паспаліты чытач будзе пазнаваць спадара Вітаўта ў яго шматлікіх разнастайных іпастасях: даследчыка, навукоўца , палітычнага і грамадскага дзеяча, бібліёграфа, апантанага кніжніка, захавальніка гістарычнай памяці не толькі паваеннай беларускай Амерыкі, але і даваеннага Менска...
Пасля дэбюту на Бацькаўшчыне кніга "Беларусы ў ЗША" была выдадзена ў 1999 годзе на англійскай мове ў акадэмічным выдавецтве "University Press of America". Для гэтага перавыдання за аснову ўзяты пераклад Сяргея Шупы...
Трэба адзначыць, што Вітаўт Кіпель (нар. 30 траўня 1927, Менск) у 1945-1948 гг. у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, займаўся скаўтынгам. Паступіў на медыцынскі факультэт Цюбінгенскага ўніверсітэта, а ў 1953 г. закончыў Лювэнскі ўніверсітэт (Бельгія) з дыпломам геолага, а ў 1955 г. атрымаў ступень доктара мінералогіі.
Быў заступнікам старшыні саюза беларусаў Бельгіі. У 1955 г. пераехаў у ЗША. Працаваў у навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце (штат Марыленд). З 1959 па1985 г. займаў розныя пасады ў Даследчым цэнтры навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі (у тым ліку і на пасадзе выканаўчага дырэктара). У 1960-1963 гг. вучыўся у Рутгерскім універсітэце (Нью-Джэрсі) дзе атрымаў яшчэ адзін дыплом па спецыяльнасці "Бібліятэказнаўства". Лідар беларускага рэспубліканскага руху. Старшыня федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў (1972-1982 гг.) У 1974 г. абраны на старшыню рэспубліканскай федэрацыі штата Нью-Джэрсі. Рэдактар газеты рэспубліканцаў штата Нью-Джэрсі "Heritage Review". Заснавальнік і дырэктар беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі (1978-1982 гг.). Узнагароджаны ў 1975 г. медалём Паняволеных народаў Эйзенхаўэра. Ад 1982 года дырэктар БІНІМ. Нягледзячы на такі шаноўны ўзрост доктар Вітаўт Кіпель захоўвае цікавасць да падзей у Бацькаўшчыне і надзвычай плённа працуе. Гэтая надзвычай цікавая кніга таму яскравы доказ.
Падрыхтоўка другога выдання заняла каля двух гадоў супольнай працы самога Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і даследчыка беларускай эміграцыі Наталлі Гардзіенкі. Кніга выйшла ў серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны". Кніга пакуль яшчэ ёсць у кнігарнях Беларусі. Спяшайцеся набыць.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.