НАША СЛОВА № 12 (1371), 21 сакавіка 2018 г.
100 гадоў таму назад 25-га сакавіка 1918 г. была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі
З вялікім святам, беларусы!
Зварот Рады ТБМ з нагоды 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі
Шаноўнае спадарства!
Сёлетні 2018 год праходзіць пад знакам выдатнай падзеі ХХ ст. - 100-гадовага юбілею аднаўлення нашай дзяржаўнасці. Для кожнага грамадзяніна нашай краіны гэта найважнейшая дата. Роўна сто гадоў таму ў няпростых палітычных умовах нашы папярэднікі - тагачасная палітычная эліта - зрабілі рашучыя крокі, узяўшы на сябе адказнасць за лёс сваёй краіны, і абвесцілі пра стварэнне суверэннай дзяржавы.
Іх дзейнасць стала асновай для далейшай пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, якая з'явілася на карце свету ў 1991 г. Збылася мара многіх пакаленняў беларусаў - жыць у сваёй краіне, размаўляць на сваёй роднай мове, развіваць сваю культуру, ладзіць сваё жыццё на нацыянальным падмурку і на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На жаль, не ўсё зроблена так, як павінна быць і як бы нам хацелася. Але мы маем галоўнае - сваю ўласную дзяржаву.
Таварыства беларускай мовы віншуе грамадзян Беларусі і ўсіх нашых суайчыннікаў з гэтай датай - 100-мі ўгодкамі БНР. Мы вітаем усіх, хто далучыўся да святочных мерапрыемстваў, хто ладзіць розныя імпрэзы з нагоды юбілею па ўсёй краіне і за яе межамі.
Заклікаем урачыста і годна адзначыць 100-гадовы юбілей аднаўлення нашай дзяржаўнасці. Гэта выдатная нагода для кансалідацыі актыўных грамадскіх сіл краіны. Разам мы зможам здзейсніць усё задуманае нашымі папярэднікамі дзеля годнага жыцця нашага народа і росквіту Беларусі.
Менск, 13 сакавіка 2018 г.
Запрашаем на другі этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі!
У нядзелю 25 сакавіка ТБМ (Менская гарадская арганізацыя ТБМ) запрашае прыняць удзел у другім этапе 11-ай Агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы (вул. Румянцава, 13). Пачатак у 11:00. Уваход вольны.
Наталля Арсеннева
25-ты сакавік
Ён прыйдзе, гэты дзень!
Ён не прыйсці не можа!
Ён прыйдзе -
й загудзе вясновы буралом,
пакрышыць, размяце,
раскідае, зніштожыць
усё, што нам шляхі
да хаты замяло!
Ці чуеце?
Аб ім
шасціць быльнёг аселіц,
пяюць вятры ў лазе
і звоніць крыгаў лёд.
Ахвяраю крыві,
а Слова стане Целам,
і ўжо ніколі больш
не ўстане
Чорны Год.
Няхай бярэмя він
прыгнула нас, і крылы
апалі,
й хлеб чужы нясмачны і важкі,
няхай нас апавіў
тугой агорклы вырай -
трывайма!
Ён ідзе -
Вялікі Сакавік!
Ідзе…
й пад ногі рунь
яму кладзецца, таюць
снягі, на паплавох
зяленіцца трава…
Радзіма!
Беларусь!
Каханая, святая!
Багаславі нас жыць
і веру захаваць!
1950 г.
Сцяг
Сяргей Панізьнік
Светлым полем я нясу
агнявую паласу:
як маланка, нада мной
зіхаціць над галавой
Сцяг мой вольны,
Сцяг мой смелы,
Сцяг мой бел-чырвона-белы.
Быў адважны продак мой
у пагоні баявой.
Той Пагоні чую звон:
хай нясецца наўздагон
Сцяг мой вольны,
Сцяг мой смелы,
Сцяг мой бел-чырвона-белы.
Залунай на ўвесь прасцяг,
агнявых вякоў працяг:
ёсць Дзяржава, ёсць Народ!
Развінайся - і ў палёт,
Сцяг мой вольны,
Сцяг мой смелы,
Сцяг мой бел-чырвона-белы!
16.06.1994 г.
Аўтарытэтныя гісторыкі распавялі пра БНР
15-16 сакавіка ў інстытуце гісторыі НАН праходзіла Міжнародная канферэнцыя "Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці", прысвечаная 100-годдзю БНР.
У ёй удзельнічалі вядомыя спецыялісты з Беларусі і Польшчы. На канферэнцыі панаваў прыўзняты святочны настрой, выступы былі насычаны цікавымі малавядомымі фактамі. Пленарнае паседжанне адкрыў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч.
- Нашымі папярэднікамі быў зроблены значны ўклад для нацыянальнай дзяржаўнай незалежнасці нашай краіны, - прамовіў доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя. - Беларускія землі, якія спрадвеку знаходзяцца на геапалітычным скрыжаванні, ніколі не былі ў баку ад дзяржаваўтваральных працэсаў, якія адбываліся на еўрапейскай прасторы.
Нашы продкі пастаянна адчувалі спробы ціску як з захаду, так і з усходу. Нягледзячы на шматлікія войны, палітычныя і эканамічныя ўзрушэнні наш народ выстаяў, не знік з гістарычнай авансцэны, захаваў свае традыцыі, абараніў свае права на самастойнае развіццё. Моц дзяржавы і грамадства вызначаюцца маральнымі якасцямі, прыстойнасцю людзей, захаваннем памяці пра тых, хто прысвяціў сваё жыццё служэнню народу і роднай зямлі.
У ХХ стагоддзі дзяржаваўтваральны працэс адбываўся ў вельмі складаных міжнародных і палітычных абставінах. На разломе Расійскай імперыі ўдалося пабудаваць шэраг незалежных дзяржаў. Беларускія лідары зрабілі практычныя крокі па рэалізацыі дзяржаўнага будаўніцтва. 25 сакавіка 1918 года адбылося абвяшчэнне БНР. Сфармуляваная ў ХIХ стагоддзі, нацыянальная ідэя заваявала падтрымку эліты і насельніцтва.
Пра першую артыкуляцыю беларускай нацыянальнай ідэі ў асяроддзі студэнцкага Пецярбургскага гуртка заснавальнікаў часопіса "Гоман" нагадаў педагог, археолаг і краязнаўца, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.
Дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі РБ Віктар Іосіфавіч Кураш распавёў пра міжнародныя кантакты БНР. Ён узгадаў пра дакументы, якія захоўваюцца ў дзяржаўных архівах Рэспублікі Беларусь.
Гарачымі воплескамі прывіталі прысутныя выступленне кандыдата гістарычных навук, дацэнта Мікалая Уладзіміравіча Смяховіча.
- Свята 100-годдзя БНР павінна аб'ядноўваць нацыю, усталёўваць у краіне мір і згоду, а не быць інструментам барацьбы палітычных груповак, - адзначыў ён. - Дзяржаўнасць азначае права на самастойнае развіццё, магчымасць і здольнасць нацыянальнай эліты да яго практычнага ўвасаблення. Наш народ здабыў права на стварэнне дзяржавы ў 1918 годзе, але гістарычная сітуацыя не дазволіла ўвасобіць ідэю ў такой форме, у якой яна была задумана.
На паседжаннях у секцыях быў неаднаразова ўзгаданы адзін з галоўных гістарыёграфаў БНР у 80-тыя гады - Віталь Скалабан. Пра эміграцыйныя архівы БНР распавяла кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка.
Бліскучы акадэмічны даклад кандыдата гістарычных навук, дацэнта БДУ Таццяны Паўлавай быў прысвечаны міжнароднай дзейнасці і дыпламатычным дачынням БНР у перыяд з 1918 па 1920 год. Даследчыца асвятліла ўдзел дэлегацыі БНР у Брэст-Літоўскіх мірных перамовах з патрабаваннем захавання цэласнасці беларускіх тэрыторый, і ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. Яна распавяла пра дзейнасць беларускай дыпламатычнай місіі ў Кіеве, акрэсліла ролю такіх дзеячаў, як Іван Серада, Аляксандр Цвікевіч і іншых у міжнародных дачынненнях БНР.
Кандыдат гістарычных навук Станіслаў Рудовіч узгадаў пра лёс Клаўдзія Дуж-Душэўскага, які стаў аўтарам эскізу бел-чырвона-белага сцяга, зацверджанага БНР. Марыя Міхайлаўна Міцкевіч падзялілася ўспамінамі пра брата Якуба Коласа - Міхася (Антося Галіну),таленавітага педагога, паэта і грамадскага дзеяча, які лічыў Раду БНР найважнейшай арганізацыяй.
Важныя думкі выказаў доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч. Ён падкрэсліў, як шмат удалося зрабіць заснавальнікам БНР у студзені-сакавіку 1918 года. Аўтарытэтны гісторык адзначыў, якія вялізарныя высілкі рабілі прадстаўнікі Рады БНР па развіцці нацыянальнай беларускай адукацыі ў той складаны час. Нягледзячы на недахоп сродкаў і нямецкую акупацыю, пачаў працу Менскі настаўніцкі інстытут.
Леанід Лыч прапанаваў звярнуцца да прадстаўнікоў дзяржавы з заклікам абвесціць агульнанацыянальным святочным днём 25 сакавіка. Леанід Міхайлавіч узгадаў, што 25 гадоў таму ў сценах Інстытута гісторыі агучваць такія даследаванні было немагчыма, але ў кулуарах прадстаўнікі інтэлігенцыі з цікавасцю абмяркоўвалі тэму БНР.
- Я вельмі ўдзячны арганізатарам канферэнцыі за запрашэнне прыняць у ёй удзел і выступіць з дакладам, - сказаў старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. - Асноўным пасылам было тое, што БНР - гэта беларускі праект.
- Упершыню мы правялі такую маштабную грунтоўную навуковую канферэнцыю, - адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч.
- БНР - першы крок у ланцугу ажыццяўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Рэальнай дзяржавай БНР не стала, але яе абвяшчэнне паспрыяла рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове, а на трывалым эканамічным і культурным грунце БССР атрымала незалежнасць Рэспубліка Беларусь. Гэта часткі аднаго ланцуга, і мы гэта павінны выдатна ўсведамляць. Па выніках канферэнцыі мы выдадзім навуковы зборнік.
Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Адкрыццё Міжнароднай канферэнцыі; 2. Леанід Лыч; 3. Ігар Марзалюк; 4. Рыгор Кастусёў; 5. Андрусь Унучак.
Для пашырэння ведаў пра БНР
Новая кніга "Беларуская Народная Рэспубліка. Крокі да незалежнасці" была прэзентаваная падчас навуковай канферэнцыі ў Інстытуце гісторыі НАН. Яе аўтарамі з'яўляюцца беларускія даследчыкі: Каваленя А. А. Даніловіч В.Д, Мазец В.Г. і Траццяк С.А.
Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч коратка распавёў пра новую працу навукоўцаў:
- Выданне ўяўляе сабой абагульняльны нарыс усяго таго, што напрацавана на сённяшні дзень па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, з дадаткам у выглядзе дакументаў, ілюстрацыйнага матэрыялу.
Мы ў гэтым выданні размясцілі пратакол паседжання І Усебеларускага з'езда, таму што гэта была вельмі знакавая падзея для практычнага працэсу рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
Азнаямленне з гэтым выданнем дапаможа скласці цэласнае ўяўленне аб тым, што адбывалася на І Усебеларускім з'ездзе, як стваралася БНР, як пачаўся працэс стварэння беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове - гэтыя рэчы асветлены ў новым выданні. На наступны год мы плануем больш грунтоўнае выданне. Наш даследчык Валянцін Генрыхавіч Мазец рыхтуе вялікую манаграфію па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, - адзначыў В.В. Даніловіч.
Э. Оліна, фота аўтара. На здымках: 1. Новая кніга; 2. В. Даніловіч; 3. Вячаслаў Даніловіч знаёміць гасцей канферэнцыі з гісторыка-археалагічнай экспазіцыяй Інстытута гісторыі НАН.
Шаноўныя сябры, гарадзенцы!
Шчыра запрашаем Вас і Вашы сем'і на паэтычна-музычную вечарыну да 100-годдзя БНР, якая адбудзецца 23 сакавіка (пятніца, 18.30) на вул. Будзёнага, 48 а, пакой 100 (першы паверх, былая майстэрня З. Іваноўскага), дзе выступяць вядомыя гісторыкі, паэты, музыкі, барды. Вітаецца ўдзел у вечарыне ў беларускім нацыянальным касцюме, вышыванках, вышымайках.
На Свяце будуць названы найбольш крэатыўныя асобы горада за апошні год, якія шырока папулярызуюць беларускую мову.
Адбудзецца конкурс на самы прыгожы беларускі нацыянальны строй, пераможца якога атрымае падарунак.
Старшыня Гарадзенскай абласной ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" В. Парфёненка.
Старшыня Гарадзенскага абласнога ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" В. Дубатоўка.
Шаноўныя лідзяне!
Паэтычна-музычная вечарына да 100-годдзя БНР адбудзецца 25 сакавіка ў 16.00 у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі (вул. Перамогі, 37 а, вялікая зала на першым паверсе).
Сардэчна запрашаем кожнага і ўсіх. Вітаецца ўдзел у вечарыне ў беларускім нацыянальным касцюме, вышыванках, вышымайках.
Аркадзь Смоліч. Жыццё за Беларусь
Напярэдадні 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі зусім лагічна звярнуцца да дзейнасці тых навукоўцаў, якія ўсё жыццё прысвяцілі вывучэнню і захаванню народных традыцый, мовы сваіх продкаў, садзейнічалі станаўленню беларускай дзяржаўнасці.
Адной з найярчэйшых асоб беларускай навукі з'яўляецца Аркадзь Смоліч, ураджэнец вёскі Бацэвічы сучаснага Клічаўскага раёна. Народны сакратар асветы і намеснік старшыні Рады БНР, старшыня Цэнтральнага бюро краязнаўства Беларусі і рэдактар газеты "Грамада", першы беларускі прафесар геаграфіі, надзейны сябар і клапатлівы сем'янін - усё гэта ён, Аркадзь Антонавіч Смоліч.
Аб навуковай і грамадскай дзейнасці Смоліча напісана шмат даследванняў. Біёграфы - краязнаўцы прасачылі падзеі яго жыцця, шмат цікавых матэрыялаў знаходзіцца ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча. На радзіме вучонага, у Бацэвіцкай школе маецца невялікі мемарыяльны комплекс таленавітага земляка, супрацоўнікі раённага музея ў час экскурсіі па экспазіцыі звяртаюць увагу наведвальнікаў на ўласныя рэчы Аркадзя Антонавіча, запрашаюць перагарнуць старонкі яго славутага падручніка "Геаграфія Беларусі", выдадзенага ў 1919 годзе ў Вільні.
Пажоўклыя ад часу старонкі кнігі напоўнены адначасова замілаваннем, болем за будучыню і светлым гумарам. Вось як апісвае Аркадзь Антонавіч беларускі характар: "Беларус добры гаспадар, шануе капейку, а крыху можа і скупаваты. Гэта не перашкаджае, аднак, яму быць вельмі гасцінным… Падарожнага ў беларускай хаце вельмі ахвотна прыймуць, накормяць, і не толькі ня возьмуць за гэта платы, але яшчэ й падзякуюць, што зайшоў…"
Краязнаўчыя пошукі не маюць межаў, і вось таленавіты вучоны, грамадскі дзеяч раскрываецца ў некалькі нечаканым, новым ракурсе.
Аказваецца, Аркадзь Смоліч быў заўзятым тэатралам, этнографам, запісваў цікавыя гісторыі, казкі, паданні. А яго п'еса "Хай будзе згода!" выразіла мары і спадзяванні многіх пакаленняў беларусаў. Словамі галоўнага героя драмы Васіля Аркадзь Антонавіч выказаў сваю запаветную мару: "І асвецім мы старонку нашу святлом праўды, шчаслівымі зробім людзей ўсіх. Тады не будзе слёз, не будзе крыві і поту. Зямля аддыхне ад векавога гора..."
Атрымаўшы пасаду народнага сакратара асветы Беларускай Народнай Рэспублікі, Аркадзь Смоліч горача ўзяўся за нацыянальнае культурнае адраджэнне. За невялікі перыяд ён са сваімі аднадумцамі зрабіў так шмат ў гэтым накірунку, што яго дзейнасць цяжка перацаніць! Найбольшых поспехаў БНР дасягнула менавіта ў развіцці адукацыі і культуры.
Дзяржаўнай мовай новай рэспублікі была абвешчана беларуская.
У сталіцы працавала беларуская гімназія, падрыхтоўка будучых настаўнікаў ажыццяўлялася ў Менскім педагагічным інстытуце, а перападрыхтоўка - на курсах беларусазнаўства. Лекцыі тут чыталі Варонка, Грыб, Ігнатоўскі, Лёсік, Смоліч і іншыя. У красавіку 1918 г. заснавана Менская вышэйшая музычная школа, якая ў тым жа годзе была перайменавана ў Беларускую кансерваторыю. У сталіцы працавалі дзяржаўныя выдавецтвы і выходзілі газеты, развівалася тэатральнае мастацтва, адкрылася больш за 300 беларускіх школ і 12 гімназій. У красавіку 1918 г. створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага ўніверсітэта ў Менску. У планах урада БНР было таксама адкрыццё сельскагаспадарчага і політэхнічнага інстытутаў.
Па ініцыятыве Івана Луцкевіча ў 1918 г. створана першая беларуская навуковая ўстанова - Беларускае навуковае таварыства ў Вільні. На аснове калекцый Луцкевіча ў Вільні і Менску была праведзена першая мастацкая выстаўка.
Кіпучая творчая энергія Аркадзя Смоліча была накіравана і на развіцце беларускага тэатральнага мастацтва. Яшчэ летам 1913-га Аркадзь знаёміцца з Фларыянам Ждановічам, Усеваладам Фальскім, іншымі нацыянальнымі тэатральнымі дзеячамі. Яшчэ адна запаветная мара Смоліча збываецца. Разам яны ствараюць спачатку Першую беларускую тэатральную трупу, а пазней - Беларускі хор. Іх пастаноўкі і канцэрты збіралі шмат гледачоў, выклікалі незвычайную цікавасць. Аркадзь Смоліч пісаў, што гэта былі найшчаслівейшыя часы яго жыцця! Цяпер жа пад апекай урада БНР працавала створанае Ф. Ждановічам Першае таварыства беларускай драмы і камедыі з хорам, аркестрам народных інструментаў і танцавальнай групай.
Пры ўрадзе БНР былі заснаваны бюро для падрыхтоўкі падручнікаў і выдавецтва "Прасвета". Аднаўляла сваю дзейнасць Беларускае выдавецкае таварыства. Працавалі таксама выдавецтвы Народнага Сакратарыяту БНР, выдавецкія таварыствы "Бацькаўшчына", "Крыніца". Пачалі выходзіць і газеты. У БНР разгортваўся масавы культурна-асветны рух.
Агульны настрой Аркадзя Смоліча і яго паплечнікаў, мабыць, можна было б перадаць радкамі яго верша, напісанага яшчэ ў юнацтве:
Часам я ў ночы сны дзіўныя бачу:
Роіцца нейкі нязведаны край.
Повен то шчасця, то радасці - плачу,
То зло хмурлівы, то светлы, як рай!
Хочацца быць мне
ў тым краю каханым,
Хочацца край той
абняць з прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне як маці,
будзь родным мне ты!
Роднай Беларусі Смоліч прысвяціў больш за 30 навуковых прац, якія закраналі пытанні эканомікі, картаграфіі, навуковай беларускай тэрміналогіі.
На жаль, бліскучы розум Аркадзя Смоліча не змог перамагчы сілу сталінскага рэжыму. У ноч з 17 на 18 чэрвеня 1938 года ў Омскай турме для палітычных зняволеных таленавіты вучоны быў расстраляны.
Засталіся незавершанымі навуковыя працы, недачытанымі лекцыі, ненапісанымі п'есы, вершы. Асірацелі трое дзяцей Аркадзя Антонавіча і яго родныя, а Беларусь асірацела яшчэ на аднаго свайго вернага сына.
Лідзія Ачыновіч, навуковы супрацоўнік Клічаўскага краязнаўчага музея.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя
(Працяг. Пачатак у папяр. нум.)
1366. Чэрнік (Іван) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Чэрны і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чэрнік. ФП: чэрны (рус. чёрный 'чорны') - Чэрны (мянушка, потым прозвішча) - Чэрнік. Або ад апелятыва чэрнік 'той, хто чэрніць, фарбуе ў чорны колер' ці 'чарнявы чалавек' - чорны.
1367. Шабаліна (Яніна) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Шабала і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шабаліна. ФП: шабала ('лыжка, чарпак, лямеш плуга', а таксама 'лахман, калода', 'балбатун' (Даль)) - Шабала (мянушка, потым прозвішча) - Шабаліна.
1368. Шаблюк (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва шаблюк (рэг.) 'кавалерыст з шабляй' (утварэнне: шаблюк).
1369. Шавель (Ірына) - магчымы семантычны вытвор ад апелятыва шавель (рус. 'шваль, зброд' (Даль, Дабравольскі)). Або ад шавяліць 'злёгку прыводзіць у рух, кратаць', 'прымушаць да дзейнасці, працы', 'злёгку рухаць': шав-ель; параўн. мяцель (-іца), круцель (ашуканец БРС), шумель (Беларускае народнае словаўтварэнне, с. 38).
1370. Шавыркін (Міхась) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Шавырка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шавыркін. Утваральнае слова ад апелятыва шавырка - утварэнне з фармантам -ка ад дзеяслова (рус.) шевыряться 'капацца, вазіцца, рыцца', рус. шевыря 'той, хто лазіць, пераварочвае, перакідвае' (Даль).
1371. Шадура (Кацярына) - семантычны вытвор ад апелятыва шадура 'сівы'.
1372. Шакерава (Ганна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Шакера і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шакерава. ФП: шакера ('балака' - СНМЗ) - Шакера (мянушка, потым прозвішча) - Шакерава.
1373. Шалахоўскі (Аляксей) - вытвор з фармантам - скі/-оўскі ад тапоніма Шалахі / Шалахоўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Шалахоўскі, Шалахоўскі. ФП: шолах ('лёгкае, ледзь чутнае шапаценне; шорах, шоргат', 'глухі невыразны шум') - Шолах (мянушка, потым прозвішча) - Шолахі (тапонім) - Шалахоўка (тапонім) - Шалахоўскі.
1374. Шамро (Дзіна) - семантычны вытвор ад апелятыва шамро 'той, хто шамрэе' - 'шамаціць, шуміць, шапаціць' (ТСБМ), або 'той, хто зіхаціць' (СНМЗ).
1375. Шандор (Алёна) - імя набыло ролю прозвішча. (Падаецца "Арфаграфічным слоўнікам беларускай мовы" А.Л. Баршчэўскай Л.П. Баршчэўскага - Мінск: Радыёлаплюс, 2010, с. 555 - "Уласныя асабовыя імёны, распаўсюджаныя па-за межамі Беларусі").
1376. Шандроха (Эвеліна) - вытвор з фармантам -оха ад антрапоніма Шандра і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шандроха. ФП: шандра ('шматгадовая травяністая меданосная расліна сямейства губакветных') - Шандра (мянушка, потым прозвішча) - Шандроха. Параўн. Матоха (Матвей), Садоха (Садок).
1377. Шапкова (Іна) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Шапка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шапкова - Шапкова. ФП: шапка ('галаўны ўбор, звычайна цёплы, мяккі', а таксама (перан.) 'тое, што мае форму купала', 'загаловак буйным шрыфтам, агульны для некалькіх артыкулаў ў тэксце' і інш.) - Шапка (мянушка, потым прозвішча) - Шапкова.
1378. Шараева (Вольга) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Шарай і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шарайева. ФП: шарай ('пра шэрага') - Шарай (мянушка, потым прозвішча) - Шараева.
1379. Шарапа (Інэса) - семантычны вытвор ад апелятыва шарап 'рабунак' (Даль).
1380. Шаркунова (Анна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Шаркун і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шаркунова. ФП: шаркаць ('утвараць шорах, шум трэннем, закранаць што-н. з шумам', 'прыстаўляць адну нагу да другой, стукаючы абцасам аб абцас (пры паклоне, вітанні і пад.)') - шаркун ('той, хто шаркае', суфікс -ун) - Шаркун (мянушка, потым прозвішча) - Шаркунова.
1381. Шарыч (Аляксандр) - вытвор з суфіксам бацькаймення -ыч ад антрапоніма Шары і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шарыч. Або вытвор з -ыч ад тапоніма Шара і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча (мясцовасці)': Шарыч. Параўн.: Зэльвіч (-Зэльва).
1382. Шарэйка (Вольга) - мажлівы дэрыват з фармантам -ка ад антрапоніма Шарэй з семантыкай 'асоба жаночага полу': Шарэйка. ФП: шары ((рэг.) 'шэры') - Шары (празванне, пазней прозвішча) - Шарэйка. Або ад рэг. шарэй 'туман' (Даль). Параўн. сонца - сонейка.
1383. Шаткоўская (Ірына) - вытвор з фармантам -оўская/-ская ад тапоніма Шаткі / Шаткоўка і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Шаткоўская, Шаткоў(к)ская.
1384. Шатэрнік (Мікалай) - семантычны вытвор ад апелятыва шатэрнік 'той, хто робіць шатры' (-рус. шатерник (Даль)).
1385. Шаўлюк (Аляксандр) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Шабля і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шаблюк. ФП: шабля ('халодная зброя з доўгім выцягнутым клінком') - Шабля (мянушка) - Шабля (прозвішча) - Шаблюк, потым Шавлюк (рус.) - Шаўлюк.
1386. Шаўроў (Данііл) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Шаўро і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шаўроў. ФП: шаўро ('гатунак мяккай хромавай казінай скуры для абутку') - Шаўро (мянушка, потым прозвішча) - Шаўроў.
1387. Шаўцоў (Юрый) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Шавец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шаўцоў. ФП: шавец ('майстар у шыцці і рамонце абутку') - Шавец (мянушка, потым прозвішча) - Шаўцоў.
1388. Шафар (Віталь) - семантычны вытвор ад апелятыва шафар (ст.-бел.) 'распарадчык, той, хто распараджаецца расходамі' (Нас.).
1389. Шафарэвіч (Аляксей) - вытвор з суфіксам бацькаймення - эвіч ад антрапоніма Шафар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шафарэвіч. ФП: шафар (ст. бел 'распараднік, той, хто распараджаецца расходамі' (Нас.)) - Шафар (мянушка, потым прозвішча) - Шафарэвіч.
1390. Шафранскі (Алег) - вытвор з фармантам -скі ад 1) антрапоніма Шафран і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шафранскі. Або як прэстыжная форма ад прозвішча Шафран - Шафранскі; 2) тапонім Шафраны і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Шафранскі. ФП: шафран ('паўднёвая травяністая расліна сямейства касачовых', а таксама 'гатунак яблыкаў') - Шафран (мянушка, потым прозвішча) - Шафраны (тапонім) - Шафранскі.
1391. Шашкова (Любоў) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Шашок і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шашкова. ФП: шашок ('драпежны звярок сямейства куніц з каштоўным пушыстым футрам', а таксама 'футра гэтага звярка') - Шашок (мянушка, потым прозвішча) - Шашкова.
1392. Шкадун (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва шкадун 'той, хто шкадуе' ( шкадун).
1393. Шкаруба (Валерый) - семантычны вытвор ад апелятыва шкаруба 'трэшчына, расколіна' (укр.).
1394. Шкленнік (Валяр'ян) - семантычны вытвор ад апелятыва шкленнік 'рабочы, які ўстаўляе аконнае шкло ў рамы' (шкліць вокны), суфіксальны вытвор ад дзеяслова шкліць: шкленнік: параўн. нарматыўнае ад гэтай асновы шкляр.
1395. Шклярэўскі (Алег) - вытвор з фармантам -эўскі/-скі ад тапоніма Шкляры / Шклярэўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Шклярэўскі, Шклярэў(к)скі - Шклярэўскі. ФП: шкляр ('рабочы, які ўстаўляе аконнае шкло ў рамы', 'работнік шкляной прамысловасці') - Шкляр (мянушка, потым прозвішча) - Шкляры і Шклярэўка (тапонімы з прозвішчамі Шкляр) - Шклярэўскі.
1396. Шкуратаў (Ігар) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Шкурат і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шкуратаў. ФП: шкурат (вырабленая шкура, 'шкураваны акравак') Шкурат (мянушка, потым прозвішча) - Шкуратаў.
1397. Шман (Таццяна) - семантычны вытвор ад апелятыва шман 'абыякавы чалавек', 'бадзяга' (Даль).
1398. Шматко (Яніна) - другасная форма, першасная Шматок - семантычны вытвор ад апелятыва шматок 'абрэзак, абрывак (скуры, тканіны)', 'пра невялікую, нязначную частку чаго-небудзь'; а таксама шматка 'анучка' (рэг.). На Гродзеншчыне антрапонімы на -ко і -ок/-ак нярэдка мяняюць гэтыя канцавыя сегменты: Бажок - Бажко, Чарток - Чартко, Шматок - Шматко; на ўзор: браток - братко (у ролі звароткаў).
1399. Шматкова (Ірына) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Шматок і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шматкова. ФП: шмат ('абрывак, адарваны кавалак чаго-небудзь') - шматок (памян. форма, суф. -ок) - Шматок (мянушка, потым прозвішча) - Шматкова. Або ад шмоткі ('прадмет адзення, адзежа') - Шмотка (мянушка, потым прозвішча) - Шматкова. Ці ад укр. шматок 'кавалак, кусок' - шляхам семантычнага вытвору - Шматок - і далей Шматкова.
(Працяг у наст. нумары.)
Зберагаць роднае слова
25 лютага ў 13.00 у памяшканні дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі г. Паставы адбыўся першы этап Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі - сімвалічнай акцыі, у якой кожны ахвочы мог сваім удзелам засведчыць павагу і любоў да роднай мовы. Акцыя была прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца ў свеце 21 лютага.
У дыктоўцы парынялі ўдзел каля трыццаці чалавек. Гэта дарослыя пастаўчане, для якіх беларуская мова дарагая і блізкая, а таксама вучні старэйшых класаў школ горада. Для дыктоўкі быў выбраны тэкст "Неацэнны скарб" (аўтар - Г. Бураўкін). Паэт як быццам заклікаў усіх нас, сённяшніх беларусаў, берагчы родную мову: "Тысячы людзей слоўца да слоўца, гук да гука, песню да песні збіралі і зберагалі гэты скарб… І нам трэба вельмі асцярожна абыходзіца з ёю, каб не абразіць вопыт і волю беларусаў, што адышлі ў гісторыю чалавецтва…"
Асабліва хочацца адзначыць беспамылковыя, прыгожыя работы Пракаповіч Т.І., Падгайскай М.С., Дунец В.С. Іх поспехі будуць адзначаны падарункамі Таварыства беларускай мовы.
Апладысментамі прывіталі ўдзельнікі дыктоўкі самага сталага шчырага беларуса - 90-гадовага Антона Фурса, які шмат гадоў удзельнічае ў гэтай акцыі і ў штодзённым жыцці заўсёды карыстаецца беларускай мовай.
Пасля дыктоўкі адбыўся канцэрт групы "Тутэйшыя". У складзе гэтай групы - вучні старэйшых класаў: Трафімава Ірына, Кундро Ганна (СШ № 3), Скрыпко Ларыса і Дзіковіч Яўген (гімназія), Леўшын Арсень (СШ № 1). Сваімі спевамі яны таксама паказалі ўсім, як можна любіць і зберагаць роднае слова.
Аліна Латыш.
Дзень роднай мовы на Смаргоншчыне
19 лютага ў філіяле "Гарадская бібліятэка №3" г. Смаргоні адбыўся літаратурны дыліжанс, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы "Навучымся беларускасці ў класікаў". Пагутарыць аб беларускіх пісьменніках былі запрошаны вучні 6 "Б" класа УА "Сярэдняя школа № 1". Вучням расказалі пра гісторыю з'яўлення беларускіх кніг. Дзеці слухалі песні ў выкананні беларускіх выканаўцаў і вершы беларускіх пісьменнікаў пра родную мову, дапоўнілі прыказкі і прымаўкі, паглядзелі прэзентацыю "Будзем беларусамі". У канцы падарожжа бібліятэкар пажадала прысутным: "Калі ты чуеш беларускую мову не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне, бо яна паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі".
20 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, філіял "Лешчаняцкая сельская бібліятэка" правяла літаратурна-музычную вечарыну "Роднай мовы пералівы". Непаўторнасць, мілагучнасць беларускай мовы ўдзельнікі мерапрыемства адчулі ў вершах Я. Купалы, Я. Коласа, П. Панчанкі, А. Васілевіч і іншых паэтаў. Многія вершы, пакладзеныя на музыку, гучалі ў выкананні "Сяброў", "Верасоў" і "Песняроў". Вядоўца нагадала пра юбілей Уладзіміра Мулявіна, была прадэманстравана мультымедыйная прэзентацыя "Зорка Мулявіна".
Наш кар.
ДЗЕЛЯ КАРЫСЦІ СЭРЦАЎ
Сёлета ўпершыню ў навучальных установах Нясвіжчыны далучыліся да напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі. У школе № 4 палічылі, што правільным будзе распачаць добрую традыцыю менавіта старшакласнікам, вучням блізкім да выхаду ў самастойнае жыццё. Дыктоўка "Дзеля карысці сэрцаў" (паводле А. Ельскага) напоўнена і мудрай патрыётыкай, і бацькоўскім павучаннем - любіць і спасцігаць сваё, адвеку роднае.
У Нясвіжскай гімназіі ўдзельнікамі дыктоўкі былі вучні сярэдніх і старэйшых класаў (а гэта 127 чалавек). Цікава, што дыктавалі не толькі выкладчыкі роднай мовы, але і іншыя настаўнікі-прадметнікі - выдатны пачатак, варты пераймання.
Свята роднай мовы ў Нясвіжскім педкаледжы ўключала і дыктоўку - спецыяльнасць "Замежная мова" - тэкст "Не новы абразок" паводле У. Сыракомлі (выкладчык І.У. Хацько), спецыяльнасць "Пачатковая адукацыя" - тэкст "Дзеля карысці сэрцаў" (выкладчык М.Ф. Енчык), спецыяльнасць "Фізічная культура" - тэкст "Жывы паэт" (выкладчык Л.І. Кіпець). Творча паставіліся да арганізацыі дыктоўкі будучыя педагогі. Як адзначыла дырэктар установы Алена Васільеўна Жураўлёва, яны распрацавалі адметныя бланкі са сваёй сімволікай; пісаць на іх з памыкамі, непрыгожа, без старання было немагчыма.
Пятнаццаць вучняў Карцэвіцкай школы ў вольны ад заняткаў час пад кіраўніцтвам настаўніцы роднай мовы Ірыны Уладзіміраўны Гацілы таксама засяроджана і старанна выводзілі на паперы даўнія парады продкаў.
22 лютага ў рамках Дэкады роднай мовы зладзілі Агульнанацыянальную дыктоўку ў садку № 4 г. Нясвіжа. Яе ідэйным натхняльнікам была старшыня гарадской суполкі, ветэран дашкольнага выхавання Зоя Мікалаеўна Кулік. Яна ж і дыктавала. А пісаць сабралася немалая грамада, каля паўсотні. На роўных, рука ў руку выводзілі родныя слоўкі кіраўнікі ўстановы і шараговыя супрацоўнікі, бацькі маленькіх выхаванцаў і навучэнцы мясцовага педкаледжа, якія праходзяць тут практыку.
Усяго ж на Нясвіжчыне да напісання сёлетняй дыктоўкі далучылася 360 чалавек, а гэта ў параўнанні з папярэднім годам больш аж у дзесяць разоў. Вось бы захаваць такую прагрэсію надалей, не дзеля ліку - дзеля карысці сэрцаў.
Наталля Плакса, старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ.
Да Дня роднай мовы ў Ашмянах
21 лютага ў гарадской бібліятэцы горада Ашмяны да Сусветнага дня роднай мовы прайшло свята беларускай мовы "Роднай мовы ты крынічка". Бібліятэкары прапанавалі карыстальнікам бібліятэкі адправіцца ў падарожжа па старонках беларускага часопіса "Вясёлка". Супрацоўнікі гарадской бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу "Гаворыць сэрца роднай мовай", якая складаецца з трох раздзелаў: "Гісторыя роднай мовы" - першы раздзел, дзе прадстаўлены беларускі фальклор, дакументы па гісторыі беларускай літаратуры. Другі раздзел кніжнай выставы называецца "Скарбы роднай мовы", дзе можна знайсці вершы, выказванні аб мове беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, і трэці раздзел носіць назву "У дапамогу навучэнцам і абітурыентам". Чытачы бібліятэкі з задавальненнем прынялі ўдзел у акустычных чытаннях "Прачытаем вершы разам", падчас якіх успомнілі творы Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіча, Пімена Панчанкі.
21 лютага ў Раённай дзіцячай бібліятэцы адбылася гадзіна роднай мовы "Каб бацькоўская мова непаўторнаю кветкай цвіла", прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, на якую запрасілі вучняў 3 "Г" класа ДУА "Сярэдняя школа № 3 г. Ашмяны".
Вядоўцы ў атмасферы добразычлівасці павялі размову пра гісторыю ўзнікнення Дня роднай мовы, пра неабходнасць захавання беларускай мовы і пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак з літаратурным багаццем роднай мовы. Пасля правялі гульні "Загадкі дзеда Усяведа", дзе 3-класнікі паказалі добрыя веды: дзеці разгадвалі загадкі і рэбусы, спаборнічалі ў конкурсе скорагаворак, падбіралі для розных прадметаў беларускія назвы. У час мерапрыемства дзеці чыталі вершы на роднай мове і паглядзелі музычны мультыплікацыйны фільм "Будзьма беларусамі". Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава "Святло роднага слова".
Наш кар.
У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава да 100-годдзя БНР
У Нацыянальным гістарычным музеі 14 сакавіка адкрылася выстава, прымеркаваная да 100-годдзя абвяшчэння БНР.
На выставе прадстаўленыя дакументы, фотаздымкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Цэнтральнага архіва КДБ Рэспублікі Беларусь, Гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музея, прыватных збораў.
На адкрыццё выставы былі запрошаныя гісторыкі, навукоўцы, дэпутаты, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, а таксама партыйныя і грамадскія актывісты. Кіраўніцтва партыі БНФ прыйшло ў поўным складзе: цяперашні старшыня Рыгор Кастусёў, былі лідар, а цяпер намеснік старшыні Аляксей Янукевіч, Юры Чавусаў.
Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч у сваім выступе адзначыў, што Інстытут распрацаваў канцэпцыю гісторыі беларускай дзяржаўнасці.
- Пад уплывам радыкальных геапалітычных зменаў, якія здарыліся ў той час, адбылася хуткая трансфармацыя ідэі беларускай дзяржавы - ад аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай дэмакратычнай рэспублікі да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасці ў сакавіку 1918 года. Так, БНР як дзяржава не адбылася, але гэта была першая спроба практычнай рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. І гэта вельмі важны, істотны момант для нашага народа і для нашай гісторыі... Менавіта тады ўпершыню спрабавалі стварыць сваю нацыянальную беларускую дзяржаву.
У экспазіцыю ўключаны ўнікальныя прадметы: ІІІ Устаўная грамата, арыгінальныя спісы дэлегатаў першага Усебеларускага народнага сходу 1917 года, дакументы Народнага Сакратарыяту і Рады Народных Міністраў БНР, пячатка Рады БНР, якую насіў Вацлаў Ластоўскі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў тых падзей.
- Гэта сведчыць пра тое, што дзяржаўныя інтарэсы, інтарэсы краіны, інтарэсы нацыі вышэйшыя за партфелі, вышэйшыя за ўласныя палітычныя амбіцыі. Гэты дакумент упершыню паказаны публіцы, - сказаў гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім адзначыла, што сёння па краіне крочыць свята.
- Гэта свята яднання беларусаў на глебе разумення таго, што мы не ўчора нарадзіліся, што беларуская дзяржаўнасць мае трывалы падмурак, мае даўнія традыцыі і мае этапы. І вось адзін з гэтых важных этапаў - гэта якраз-такі абвяшчэнне БНР.
Гэта не проста наша памяць, гэта яшчэ і даніна нашай павагі тым прадстаўнікам Беларусі, якія ў няпростых варунках узялі на сябе адказнасць за лёс краіны, абвясціўшы пра стварэнне суверэннай дзяржавы. Тое, што яны заклалі, на жаль, не ўсё яшчэ спраўдзілася. Тым не менш мы маем самае галоўнае - нашу ўласную, незалежную дзяржаву, - сказала Алена Анісім.
Выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі будзе працаваць з 15 сакавіка да 7 траўня.
Іна Студзінская.
КХП-БНФ зладзіла канферэнцыю да 100-годдзя БНР
Кансерватыўна Хрысціянская Партыя-БНФ зладзіла ў Менску канферэнцыю, прысвечаную 100-годдзю БНР. У канферэнцыі ўзялі ўдзел больш за 200 чалавек, сярод іх вядомыя беларускія гісторыкі. Гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі зачыталі вітальныя словы Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілвы і лідара КХП Зянона Пазняка.
Як адзначыў намеснік старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі:
- На падставе навуковых даследаванняў распавялі, як стваралася БНР, якое яна мела значэнне. Проста паказалі вельмі выразна і канкрэтна, што БНР была асновай, фундаментам утварэння незалежнай Беларускай Рэспублікі. Таксама навукоўцы абмеркавалі ролю БНР у працэсе станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
Выступіў доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў:
- Тады была першая спроба ўтварэння і пабудовы Беларускай нацыянальнай дзяржавы. А цяпер адбываецца рэалізацыя гэтай спробы. Але зараз ідзе яе развіццё і ўмацаванне. І многія ідэалы БНР зараз з'яўляюцца прыкладам і для грамадзянскай супольнасці, і для кіраўніцтва.
Сярод выступоўцаў былі гісторыкі Алег Трусаў, Леанід Лыч, Алесь Краўцэвіч і іншыя.
Урачыстая сустрэча завяршылася калектыўным выкананнем гімну Магутны Божа.
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя.
"Ёсць сіла дабрадатная ў сугуччы слоў жывых…."
14 сакавіка штогод адзначаецца Дзень праваслаўнай кнігі. Да гэтай даты быў прымеркаваны Тыдзень праваслаўнай кнігі, які праходзіў з 12 па 18 сакавіка.
У рамках Тыдня бібліятэчнымі ўстановамі ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" праведзена звыш 20 цікавых і змястоўных мерапрыемстваў, якія наведалі мясцовыя святары і вернікі.
Формы мерапрыемстваў розныя, гэта і інтэрактыўныя выставы праваслаўнай літаратуры з фондаў бібліятэк, а таксама выставы рэдкіх, унікальных выданняў, кніг рэлігійнага зместу і прэзентыцыі, тэматычныя гадзіны, праваслаўныя ўрокі, гадзіны маральнасці, гадзіны духоўнай асветы, мультымедыйныя падарожжы і конкурсы дзіцячых малюнкаў. Мэта ўсіх мерапрыемстваў накіравана на папулярызацыю праваслаўнай літаратуры сярод насельніцтва, якая сагрэты лікамі святых, Боскай мудрасцю. Кнігі даюць магчымасць пазнаваць Бога, навакольны свет і самога сябе, яны вучаць чалавека бачыць добрае, вечнае і святое.
Час праваслаўнай паэзіі "Сэрцу карыснае слова" ў рамках Тыдня праваслаўнай кнігі адбыўся 14 сакавіка ў раённай бібліятэцы.
Вядоўца мерапрыемства бібліятэкар Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі Ксенія Баранчык пачала сваю размову пра праваслаўную кнігу, як пра вернага спадарожніка на працягу ўсяго жыцця. Яна звярнула ўвагу на важнасць чытання кніг, якія вучаць дабру, міласэрнасці, садзейнічаюць росту духоўнаму. Затым маленькія чытачы бібліятэкі, удзельнікі нядзельнай школы, якая працуе пры дзіцячай бібліятэцы, прачыталі вершы аб веры, дабрыні і жыцці.
Дабрачынны Карэліцкай акругі Мікалай Орса павіншаваў прысутных з надыходам вясны, самай прыгожай пары года, пары прабуджэння і аднаўлення. Расказаў пра Вялікі пост і пра надыход найвялікшага свята ўсіх хрысціян "Вялікдзень". Матушка Валянціна прачытала свае лепшыя асабістыя вершы, напоўненыя глыбокім сэнсам і любоўю да жыцця.
У мерапрыемстве прыняў удзел настаяцель царквы святой Вялікапакутніцы Варвары аграгарадка Райца іерэй Аляксей Шышкір, які спачатку расказаў пра біблейскія запаведзі, выказаў пажаданні: ніколі не губляць душэўных сіл, заўсёды заставацца з чыстымі і светлымі думкамі, а затым прычытаў свае вершы.
Кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Рэчанька" Г.П. Калтунова падзякавала за цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы, якія праходзяць у раённай бібліятэцы і прачытала свой верш, які абуджае ў душах пачуццё спагады і суперажывання. Сябры літаратурнай суполкі Л.В. Дзянкевіч, А.М. Аўчыннікава, М.У. Палуян таксама прачыталі свае вершы, у якіх славяць Госпада Бога, пра веру, ісціну, прыгажосць, дабрыню, любоў і надзею. Аматар паэзіі, чытачка бібліятэкі М.М. Лаўрушчык выканала свой асабісты верш на беларускай мове.
Напрыканцы мерапрыемства дырэктар ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" Л.К. Арцюх падзякавала за ўдзел у мерапрыемстве, пажадала моцнага здароўя і дабрабыту.
На працягу ўсяго Тыдня ў чытальнай зале дзейнічае кніжная выстава "Жывая крыніца праваслаўнай кнігі", дзе экспануецца праваслаўная літаратура з фонду бібліятэкі і старадрукі царкоўнага бібліятэчнага фонду.
Выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі было распрацавана віртуальнае падарожжа "Праваслаўныя кнігі аб святых месцах Беларусі". Гэтае мерапрыемства вельмі зацікавіла людзей сталага ўзросту, паколькі яно праводзілася ў ДУ "Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна".
Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню праваслаўнай кнігі, накіраваны на тое, каб нагадаць пра гісторыю ўзнікнення айчыннага кнігадрукавання, падтрымаць цікавасць да слова, якое прымушае думаць, выхоўваць душу і тлумачыць, што ўкладваецца ў паняцце "праваслаўная кніга". Супрацоўнікі ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" сумесна з Карэліцкім дабрачыннем праводзяць вялікую работу па прапагандзе праваслаўных ведаў і духоўна - маральным выхаванні моладзі.
Наталля Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка".
ЦЫВІЛЬНЫ НАЧАЛЬНІК ГАРАДЗЕНСКАГА ПАВЕТА
Іван Буднік
(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)
У 1823 г. быў створаны ў Табольску прыказ аб ссыльных і 6 экспедыцый, прыказ размяркоўваў усіх сасланых па турмах, сачыў за іх перамяшчэннем і размяшчэннем. З паловы 18 ст. да канца 19 ст. праз яго прайшло і правезена, па прыблізных падліках савецкіх гісторыкаў, каля 1,5 мільёна сасланых, а за год праходзіла каля 18 тысяч. За месяц бязладная калона мужчын і жанчын у складзе некалькіх вазоў з хворымі, дзецьмі і старымі, акружаная казакамі наперадзе і вартавымі салдатамі па баках, прасоўвалася на 400 - 500 вёрст, а ўвесь шлях у Забайкалле (месца катаргі) займаў некалькі месяцаў. Яго і прайшоў этапамі па пыльным тракце, у дождж і непагадзь, праз пераправы, гаці і горы Станіслаў Сільвястровіч да Іркуцка, адкуль хутка быў адпраўлены далей на ўсход, на Пятроўскі завод, што за 200 км на поўдзень ад Улан-Удэ (б. Верхняудзінск).
Гады сібірскай катаргі і ссылкі - важны рубеж у жыцці Сільвястровіча, поўны цяжкай працы, пераходаў з аднаго месца зняволення на другое, роздуму. У 1860-я гады Пятроўскі завод з'яўляўся цэнтрам размяшчэння палітычных ссыльных. Ён быў заснаваны ў 1789 г. па указу Кацярыны ІІ і стаў першым у Сібіры буйным вытворцам жалеза і сталі, юрыдычна ўваходзіў у Нерчынскую горную акругу, хаця ад Нерчынска знаходзіўся за 800 км. На заводзе працавалі катаржнікі, колькасць якіх даходзіла да 1000 чалавек і болей. Сюды накіроўвалі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. з Царства Пальскага і Паўночна-Заходняга краю. За тры гады пасля паўстання ў Іркуцкую губ. і Забайкальскую вобласць было выслана ад 18 да 22 тыс. былых паўстанцаў. Толькі на Пятроўскім жалезаробчым заводзе ў верасні 1865 г. знаходзілася 160 палітычных ссыльных. Асуджаныя на катаргу былі закуты ў кайданы, размяшчаліся ў цесных, перапоўненых прыстасаваных заводскіх памяшканнях або ў будынках вайсковага ведамства. Іх апраналі ў халаты з вялікай яркай латай у выглядзе бубновага туза, на палавіне галавы састрыгалі валасы. Сільвястровіча трымалі тут нядоўга і амаль праз два месяцы перавялі яшчэ далей на ўсход, на Нерчынскі завод, які знаходзіўся за 658 км на паўднёвы ўсход ад Чыты.
У сярэдзіне 19 ст. Нерчынскі завод уяўляў сабой паселішча, якое ўзнікла паўтара стагоддзя назад пры заводзе, дзе выплаўлялі серабро з сярэбрасвінцовых руд, што здабывалі ў навакольных гарах. Нерчынская катарга была створана ў 18 ст. для распрацоўкі сярэбраных руд, а з 1830-х гадоў - ужо залатаносных россыпаў. Нерчынскі завод як паселішча стаў у 19 ст. адміністрацыйным цэнтрам Нерчынскай горнай акругі Забайкалля, якая ўключала 3 катаржныя раёны, дзе існавала 13 турмаў пры заводах, турмы на промыслах, часовыя турмы. Нерчынскі завод пабудаваны па загаду Пятра І у 1704 г. і стаў першым у Расіі сярэбраплавільным заводам. З нерчынскага серабра чаканілі расійскія грошы, памятныя медалі ў гонар перамог у Паўночнай вайне, вялося будаўніцтва новай сталіцы імперыі. Здабыча руды і выплаўка серабра і свінца вяліся сіламі паднявольных, ссыльна-катаржных рабочых, якіх сотнямі гналі з усёй Расіі, што стала прычынай пазнейшага ўпадку завода ў параўнанні з уральскімі заводамі, дзе выкарыстоўвалася праца прыгонных рабочых. І завод, і сяло размяшчаліся ў катлавіне, у акружэнні крутых горных хрыбтоў. Клімат у горных катлавінах нязвыкла суровы: зімой лютыя маразы ў застойным паветры даходзяць да 40 гр., летам - спёка з засухай, ападкаў мала і пераважна летам. Катаржнікі з Беларусі і Польшчы цяжка яго пераносілі. Яны выкарыстоўваліся на рудніках, на ліцейных, вінакураных, саляных заводах, на залатых прыісках, на будаўнічых і гаспадарчых работах. Толькі ў 1864 г. на Нерчынскую катаргу адпраўлена каля 2 тысяч удзельнікаў паўстання 1863 - 1864 гг.
Сільвястровіч прабыў на Нерчынскай катарзе да 1869 г. Працу ссыльнакатаржных вязняў нерчынскіх турмаў улады выкарыстоўвалі на пракладцы Ваколбайкальскай дарогі ля паўднёвага ўзбярэжжа возера Байкал. Аб знаходжанні Сільвястровіча на гэтых работах маецца грунтоўны доказ (але аб гэтым пазней).
Вернемся да дарогі. Галоўны, або Сібірскі, тракт заканчваўся ў Іркуцку; летам і зімой існаваў шлях на ўсход па возеры - па вадзе або па лёдзе, а вясной і восенню сувязь з Забайкаллем перапынялася з-за высокіх і крутых горных хрыбтоў і мноства рэк. Генерал-губернатар Усходняй Сібіры М. Корсакаў у 1861 г. прапанаваў пракласці дарогу працягласцю ў 211 вёрст уздоўж берага Байкала. Будаўніцтва вялося з 1863 г. да 1869 г. сіламі ссыльных, галоўным чынам былымі паўстанцамі 1863 г., задзейнічана было каля 700 чал., якія працавлі па ўсёй трасе партыямі па 50-70 чалавек. Сярод ссыльных Забайкалля выспела ідэя ўзняць паўстанне зняволеных у Сібіры, вызваліцца і прабіцца ў Кітай ці іншыя краіны. Арганізатарамі яго былі шчырыя польскія патрыёты Нарцыз Цэлінскі і Густаў Шарамовіч. 24 чэрвеня 1866 г. паўстаўшыя раззброілі варту, атакавалі іншыя салдацкія пасты, але праз 4 дні былі разбіты ў некалькіх баях з падаспеўшымі войскамі і сышлі ў тайгу. Амаль праз месяц, знясіленыя, яны вымушаны былі здацца. Гэта быў гераічны парыў да свабоды, пратэст супраць жорсткіх умоў існавання. Арыштавана было звыш 600 чалавек, з іх 4 былі пакараны смерцю, 319 павялічаны тэрмін катаргі, яшчэ звыш 100 чалавек закуты ў кайданы і 265 чалавек вызвалены.
Аб удзеле Сільвястровіча ў паўстанні на Ваколбайкальскім тракце сведчыць перапіска гарадзенскага і кіеўскага губернатараў праз трыццаць гадоў пасля паўстання 1863-1864 гг. Станіслаў Сільвястровіч пражываў у гэты час у сяле Гарадзішчы-Пуставараўскія Кіеўскай губ. 14 лістапада 1894 г. яму даравана вызваленне ад паліцэйскага нагляду з аднаўленнем у папярэдніх правах паходжання. Хаця гэта і даравана, але ўлады трымалі пад кантролем сваіх праціўнікаў, і кіеўскі губернатар запрасіў усе звесткі пра свайго падапечнага. Гарадзенскі губернатар Дз. Бацюшкаў разам з інфармацыяй аб дзейнасці Сільвястровіча ў 1863-1864 гг. паведамляў 17 траўня 1895 г., што, згодна з кафірмацыяй графа Мураўёва, той "замест смяротнага пакарання … адпраўлены быў у Сібір, дзе ў 1866 г. па справе аб хваляванні на Ваколбайкальскай дарозе быў па прыгаворы палявога ваеннага суда … і на аснове законаў падвергнуты ўтрыманню ў кайданах і атрадзе … на працягу аднаго года."
Паўстанне ссыльных хаця і не прывяло да вызвалення, але прынесла некаторае паляпшэнне ўмоў утрымання палітычных. Пазней царскімі ўказамі ў 1866 г., 1868 г., 1871 г., 1874 г. уведзена паслабленне жорсткага рэжыму для сасланых і вызваленых ад катаргі. Палітычныя ссыльныя атрымалі права перасяляцца з месцаў ссылкі на жыццё пад надзор паліцыі ў Еўрапейскай Расіі або ў Сібіры, прыпісвацца да сельскіх ці гарадскіх таварыстваў. У 1869 г. Сільвястровіч быў пераведзены на жыццё ў сяло Тунка, месца самай буйной палітычнай ссылкі ў Іркуцкай губ., што за 200 км на паўднёвы захад ад горада. Тут ссыльныя ўжо не прыцягваліся да цяжкіх катаржных работ. Праз некалькі гадоў ён атрымаў права перамясціцца ў еўрапейскую частку краіны і жыў (як і многія палітычныя ссыльныя) у пасёлку Ядрын Казанскай губ. (цяпер Чувашыя), на правабярэжжы Волгі. Здаецца, за спіной тысячы дзён і тысячы вёрст катаргі і ўжо недалёка да родных месц, але паліцэйскі нагляд жорстка рэгулюе распарадак жыцця. Толькі з дазволу віленскага генерал-губернатара ён атрымаў права праз 15 гадоў восенню 1878 г. прыехаць на Гарадзеншчыну, у родную Гожу для вырашэння неадкладных гаспадарчых спраў. Ужо юнакамі сталі сыны Фелікс і Станіслаў, а гаспадарка разбуралася. Маёнтак Гожа-Пералом, не раздзелены з братам Казімірам, па гэтай прычыне ўратаваўся ад канфіскацыі, але пад апекай няўмелых эканомаў прыходзіў у запусценне. Давялося яшчэ тройчы звяртацца ў Вільню па дазвол працягнуць знаходжанне на радзіме, каб штосьці прывесці да ладу, а потым вяртацца ў той жа Ядрын.
У 1883 г., у дваццатую гадавіну, выйшаў царскі ўказ аб амністыі ўдзельнікам паўстання 1863 г., вызваленні ад паліцэйскага нагляду, вяртанні ранейшых правоў і стану. Ім дазволена пражыванне на ўсёй тэрыторыі імперыі, акрамя сталіц і Паўночна-Заходняга краю. І Станіслаў Сільвястровіч выехаў у Валынскую губерню, пасля - у Кіеўскую (аб чым мы пісалі). Далейшы яго шлях губляецца, вядома толькі дата скону - 1910 год. Многія ўдзельнікі і кіраўнікі паўстання пазней напісалі свае ўспаміны, і яны сабраныя ў 90-я гады ХІХ ст. у народным музеі ў гор. Рапельсвіль (Швейцарыя), але там няма звестак аб нашым земляку. Супрацоўнікам музея Станіславам Зялінскім па матэрыялах музея напісана дасканалая праца "Бітвы і сутычкі 1863 - 1864 гг.", дзе аўтар паведамляе аб усіх бітвах паўстанцаў з расійскімі войскамі і іх выніках.
Прайшло паўтара стагоддзя пасля паўстання, і старадаўняя Гожа (Ожа) вырасла ў вялікае і прыгожае сяло, але імя Станіслава Сільвястровіча, кіраўніка паўстання на Гарадзеншчыне, які ахвяраваў жыццё за незалежнасць і свабоду краю, застаецца тут малавядомым.
Павел Манцэвіч з-пад Браслава - камісар Румынскага фронту ад БНР
БНР у гісторыі маёй сям'і
Брат майго дзеда яраслаўскі журналіст Павел Манцэвіч быў адным з вайсковых дзеячаў абвешчанай 100 гадоў таму Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пра адно са сведчанняў гэтаму згадвае сёлета ў публікацыі "Генералы БНР" у газеце "Наша слова" гісторык Леанід Лаўрэш.
Ён піша, што ў 1918 годзе на Румынскім фронце для нацыяналізацыі былых падраздзяленняў расійскай арміі была створана "Нацыянальна-тэрытарыяльная дэмакратычная арганізацыя фронту", у якую ўвайшлі камісары: ад УНР, армянскі, малдаўскі, польскі, мусульманскі, літоўскі, эстонскі, казачы, грузінскі, ад БНР (Павел Данатавіч Манцэвіч) і сібірскі. Гэтая арганізацыя падрыхтавала загад аб нацыяналізацыі фронту, а камандуючы фронтам Шчарбакоў яго падпісаў.
Сялянскі сын
Кім быў камісар Румынскага фронту ад БНР Манцэвіч?
Павел нарадзіўся ў 1882 годзе і быў адным з васьмі дзяцей селяніна Даната Паўлавіча (1846 гн.) і Алены Паўлаўны (з Турчынскіх), з мястэчка Іказнь Ковенскай губерні паблізу Браслава. Данат у маладосці быў удзельнікам паўстання Каліноўскага.
Павел, а затым яго браты Іосіф і Флор прайшлі навуку ў Полацкай настаўніцкай семінарыі.
Апынуўшыся ў Віцебску, Павел стаў працаваць у "Витебских губернских новостях", быў, як піша даследчыца беларускага дарэвалюцыйнага друку Святлана Сарока, іх рэдактарам.
Праз нейкі час ён ужо жыве і працуе журналістам у Яраслаўлі. Не забываецца на сваіх бацькоў, братоў і сястру Юлю. У сямейным архіве захавалася фатаграфія Паўла, якую ён за год да пачатку Першай сусветнай вайны прысылае з Яраслаўля сваім бацькам у Іказнь.
Камісар Румынскага фронту
Перад вайной у жывых было двое братоў Паўла і сястра. І ўсе сыны Даната трапілі на фронт. Мой дзед Флор быў санітарам, Іосіф за баявыя заслугі быў удастоены трох ордэнаў, даслужыўся да штабс-капітана, быў намеснікам камандзіра палка. А Павел, як бачым, стаў ваенным камісарам Румынскага фронту ад БНР.
Леанід Лаўрэш заўважае, што нацыяналізацыя арміі была наступнай. З пяхотных дывізій усе рускія салдаты звальняліся ў адпачынак, пасля якога павінны былі з'явіцца да воінскіх начальнікаў па месцы жыхарства для прызначэння ў рускія часткі. А салдаты іншых нацыянальнасцяў павінны былі з'явіцца ў свае нацыянальныя часткі. 9 студзеня 1918 года загадам № 1332 па фронце было абвешчана аб арганізацыі Беларускай Вайсковай Камісіі па арганізацыі беларускіх вайсковых частак на Румынскім фронце. З гэтых частак утварылася вайсковая сіла колькасцю звыш за 100 тысяч чалавек. Былі планы пераправіць гэтыя часткі на Радзіму, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі. Аднак зрабіць гэта стала немагчымым з-за дзеянняў румынскіх уладаў. Беларускія часткі былі імі раззброеныя.
Беларуская армія ў Румыніі спыніла сваё існаванне.
Тэлеграма на фронт
Леанід Лаўрэш піша, што многамільённая маёмасць Беларускай арміі (толькі коней больш за 2 000), грузавых i пасажырскіх аўтамабіляў (каля 800), баявых прыпасаў, уніформы, складаў, гармат, ручной зброі i іншага, было здадзена ў дэпазіт Румынскаму ўраду.
Народны Сакратарыят БНР рабіў захады, каб на будучыню захаваць для сябе ўсю гэтую маёмасць. На фронт ад Сакратарыяту БНР ляціць тэлеграма наступнага зместу (гл. тэкст).
Лёс маёмасці арміі сёння невядомы.
Раскіданыя лёсы
Павел Манцэвіч урэшце аказваецца ў савецкай Расіі, яго брат Іосіф - у Віцебску, Флор - на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у Іказні, побач з бацькамі. Першы час паміж імі яшчэ была сувязь, прыходзілі паштоўкі. Пасля яна амаль знікла.
Сямейныя расказы сцвярджаюць, што на ўсю сцяну ў доме Паўла ў Яраслаўлі быў намаляваны яго радавод ад дзядоў-прадзедаў. Калі ж у канцы 30-х брата Іосіфа высылаюць на будаўніцтва Беламорканала, Павел знішчае рысунак радаводу. Дэманстрацыя радаводу станавілася смяротна небяспечнай.
Утрох браты ўжо ніколі не сустрэнуцца. Флор па даносе быў расстраляны немцамі ў 1941 годзе як дакладчык на Нацыянальным сходзе Заходняй Беларусі ў Беластоку ў 1939 годзе. Іосіфа высылаюць у Фергану, ён з цяжкасцю перажывае спачатку смерць жонкі, а затым гібель абодвух сыноў на фронце. Сям'я Паўла з часам аказваецца ў Горкім.
І сёння ў Ніжнім Ноўгарадзе жывуць нашчадкі камісара Румынскага фронту ад БНР Паўла Данатавіча Манцэвіча. На жаль, нашы сувязі пасля столькіх гістарычных катаклізмаў неяк аціхлі, перарваліся. Засталіся толькі старыя фатаграфіі. Але я спадзяюся, што мы знойдзем адзін аднаго дзеля памяці аб тых, хто змагаўся за нашу свабоду.
"Беларуская Народная Рэспубліка.
Народны Сэкрэтар'ят.
Беларускаму Камісару Румынскага фронту
П. Д. Манцэвічу.
7 красавіка 1918 г. № 175.
Знаходзячаяся, на быўшым Румынскім фронце, маетнасьць i аружжа раззброеных беларускіх i беларусізаваных вайсковых часьцей Народны Сэкрэтар'ят Б.Н.Р. мае на мэце выкарыстаць для арганізаваньня на тэрыторыі Беларусі нацыянальных войск, калі варункі пазволяць гэта зрабіць (пасьля зьняцьця акупацыі).
На аснове вышэйпададзенага i згодна пастанове Народнага Сэкрэтар'яту Беларускай Народнай Рэспублікі ад 3 красавіка г. г. даручаецца Вам паведаміць аб гэтым адпаведным органам Румынскага Ураду, на быўшым Румынскім фронце, на той прыпадак, каб вышэйазначаная маетнасьць i аружжа, быўшых беларускіх часьцей, ня было перададзена іншым Урадам ці арганізаціям.
Старшыня Народнага Сэкрэтар'яту i
Народны Сэкрэтар Зьнешніх Спраў Варонка.
Кіраўнік Справамі Народнага Сэкрэтар'яту Л. Заяц."
Героі-заснавальнікі БНР на старонках кніг Уладзіміра Арлова
У шэрагу святочных мерапрыемстваў 12 сакавіка ў менскай "АртСядзібе" адбылася лекцыя пісьменніка Уладзіміра Арлова, прысвечаная 100-годдзю БНР і ўсім змагарам за нашу дзяржаўнасць і незалежнасць. Прадстаўляючы аўтара кніг "Вялікае Княства Літоўскае", "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі", лаўрэата прэміі "За свабоду думкі" Уладзіміра Арлова, арт-менеджар Алесь Снег узгадаў прайшоўшыя публічныя выступленні Сяргея Харэўскага і Андруся Унучака, прымеркаваныя да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пісьменнік узгадаў пра сваё дзяцінства ў Полацку і пра тое, што вызначыла яго галоўны жыццёвы накірунак. Народжаны пад сузор'ем Панны ў полацкай радзільні, падросшы і пасталеўшы, ён адчуў момант ісціны. Калі пошукі падземных лабірынтаў прывялі яго на гістфак БДУ, то пад уплывам кніг Караткевіча ён паступова ўсвядоміў, што не бязлікія масы (паводле марксісцка-ленінскай тэорыі), а героі ствараюць сапраўдную гісторыю краіны, партрэты якіх хацелася павесіць у студэнцкім пакоі і ў бацькоўскім доме. Пачаўшы друкавацца яшчэ ў самвыдацкіх альманахах, спадар Уладзімір распачаў падарожжа ў прасторы і часе ў пошуках сапраўдных герояў Беларусі, якімі варта ганарыцца.
У сваёй лекцыі пісьменнік зрабіў кароткі агляд фарміравання Айчыны нашых продкаў - Полацкай дзяржавы, з якой мелі дачыненне іншыя народы і ўплывовыя ўладары, і Вялікага Княства Літоўскага, у якім працягнуліся традыцыі нашай дзяржаўнасці і адбывалася жыццё ў нацыянальных формах.
- ВКЛ было буйнейшай дзяржавай, уключанай ў еўрапейскую цывілізацыю, з магдэбурскім правам нашых гарадоў, з архітэктурнымі школамі, з эпохай Рэнесансу, з такой з'явай, як Рэфармацыя, - падкрэсліў пісьменнік. - Біблія Францішка Скарыны 1517 года і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года сведчылі пра тое, што гэта была перадавая краіна.
Спадар Арлоў працытаваў гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, які сказаў прарочыя словы: "Народ, які меў дзяржаву ў мінулым, будзе мець яе і ў будучыні".
Пісьменнік распавёў пра лёсы Янкі Серады, Язэпа Варонкі, Івана і Антона Луцкевічаў, а таксама - Рамана Скірмунта, Палуты Бадуновай, якім ён прысвяціў старонкі кнігі " Імёны Свабоды", а таксама асобныя раздзелы ў кнігах "Вялікае Княства Літоўскае", "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі". Усе тэксты гучалі ў свой час на хвалях Радыё Свабода.
Сярод палітыкаў-мужчынаў, якія адрадзілі нашу дзяржаўнасць, Палута Бадунова была між арганізатараў Першага Усебеларускага з'езду, а напачатку 1918 года яна ўвайшла ў склад Народнага сакратарыяту - першага Ўраду БНР. Подпісы Палуты Бадуновай стаяць пад Другой і Трэцяй Устаўнымі граматамі, дзе абвяшчалася пра ўтварэнне і незалежнасць БНР.
Прысутных на лекцыі зацікавіла гісторыя стварэння "Ваяцкага гімна" БНР "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", словы для якога напісаў Макар Краўцоў, а музыку стварыў кампазітар Уладзімір Тэраўскі. Пісьменнік са смуткам адзначыў, што большасць герояў БНР загінула ад рук НКУС, а частка з іх - эмігравала.
Уладзімір Алоў правёў віктарыну для слухачоў па пытаннях, звязаных з правядзеннем Першага Усебеларускага з'езда і непасрэдна з абвяшчэннем БНР.
- 25 сакавіка 1918 года мара ўсіх незалежнікаў здзейснілася: Трэцяя Устаўная Грамата была прынятая і БНР была абвешчана у доме № 9 па сучаснай вуліцы Валадарскага. Гэта была адна з галоўных падзей ХХ стагоддзя, пасля якой можна было б назваць 25 жніўня 1991 года, - адзначыў У. Арлоў. - З трох тысяч нацый, якія існуюць у свеце, толькі двесці змаглі стварыць уласныя дзяржавы. Мы здолелі стварыць сваю дзяржаву, яна ёсць, і гэта дае нам гістарычную перспектыву. Няхай дзень 25-га сакавіка будзе святам для ўсіх нас!
Літаратар распавёў пра сумесную працу над новай ілюстраванай кнігай "Ад Полацка пачаўся свет" са знанымі фотамайстрамі Сяргеем Плыткевічам і Змітром Герасімовічам. Госці імпрэзы атрымалі кнігі і паўдзельнічалі ў аўтограф-сесіі пісьменніка.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
У Вільні пачаліся імпрэзы да 100-годдзя БНР
17 сакавіка ў Вільні на Зарэччы (Ужупіс) адчынілася вулічная выстава архіўных фотаздымкаў "За Нашы і Вашы - 100!".
Назва выставы звязаная з тым, што ў 2018 годзе і Літва і Беларусь практычна адначасова адзначаюць 100-годдзе абвяшчэння дзяржаўнасці. Выстава падрыхтаваная да 100-годдзя БНР, арганізаваная пры садзеянні Рэспублікі Ужупіс. Выставу можна пабачыць на Зарэччы (Ужупіс) на вуліцы Malunu з 17-га сакавіка да 2 красавіка. На фотаздымках масавае святкаванне 80-ых угодкаў БНР у Менску каля Опернага тэатра.
У сучаснай Беларусі Дзень 25 сакавіка стаў сімвалам нацыянальнага супраціву.
Аўтар здымкаў - Уладзімір Сапагоў (1952-2012).
Беларускае Радыё Рацыя.
Выстава Паўла Масленікава
1 сакавіка 2018 года ў мастацкай галерэі "Беларт" адкрылася выстава Паўла Масленікава, які нарадзіўся 19 снежня 1983 года ў г. Менску. У 2008 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (кафедра станкавага жывапісу). У 2008 -2014 гг. выкладаў у гімназіі-каледжы імя І.В. Ахрэмчыка. З 2011 г. выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 1999 года прымае ўдзел у рэспубліканскіх, міжнародных і замежных выставах. У 2016 г. - удзельнік міжнароднага пленэра ў Познані (Польшча), а таксама ў Літве - "Залатая Вільня". Лаўрэат дыплома Арт-Беларусь па выніках выставы "Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам".
Спадар Павел мае шэраг персанальных выстаў: 1999, 2004 гг. у Магілёўскім мастацкім музеі імя П.В. Масленікава. 2013 года - "Галерэя мастацтва БСМ" г. Менск. У 2014 годзе ён выстаўляўся ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, а таксама ў расейскай і чэшскай амбасадах, а таксама ў 2015 годзе - у карціннай галерэі "Традыцыя" імя Германа Пранішнікава (г. Светлагорск).
Працы таленавітага мастака знаходяцца ў прыватных калекцыях і галерэях Беларусі, Расіі, Германіі, Італіі, ЗША, Велікабрытаніі, Канады, Кітая, Чэхіі, Францыі.
На адкрыцці вернісажа з прывітальнымі словамі выступалі: Алесь Наркевіч, Філіп Басалыга, Аксана Аракчэева. Было цікава.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.