Папярэдняя старонка: 2018

№ 13 (1372) 


Дадана: 28-03-2018,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 13 (1372), 28 сакавіка 2018 г.


Хрыстос уваскрос і Беларусь уваскрэсла!

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі

Свята ўсіх беларусаў

На пляцоўцы ля Опернага тэатра ўдзень 25 сакавіка адбыўся канцэрт "Свята Незалежнасці". Па розных падліках, туды прыйшлі ад 20 да 50 тысяч чалавек.

Шасцігадзінны канцэрт каля менскай Оперы стаў цэнтральнай падзеяй святкавання стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён быў дазволены гарадскімі ўладамі. Падчас урачыстай часткі канцэрту з прамовай выступілі грамадскія дзеячы, прадстаўнікі СМІ, спонсары і партнёры кампаніі #БНР100. Cярод іх Алена Анісім, Юры Зісер, Франак Вячорка, Зміцер Дашкевіч і іншыя. Быў зачытаны зварот ад Святланы Алексіевіч.

"Свята незалежнасці" - не толькі музычны канцэрт. Падчас мерапрыемства працавалі фудкорт "Ежа БНР", забаўляльна-адукацыйная пляцоўка "Вуліца БНР", сувенірны "Кірмаш БНР" і дзіцячая пляцоўка "Дзеткі БНР".

З галоўнай сцэны Дня Волі прагучалі песні гуртоў Nizkiz, Akute, РСП, Dzieciuki, Amaroka і "Мутнаевока". Са святам прысутных павіншавалі Юры Стыльскі, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пётр Клюеў, Адэля Вольская і Павел Аракелян.

Радыё Свабода.


Зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі

Дарагія мае суродзічы, дарагія сябры беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас са Стагоддзем!

Святкуем мы сёння не толькі Юбілей таго слаўнага 25-га Сакавіка 1918 года, калі народ наш аб'явіў свету, што "скідае апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці", але і стагоддзе змагання, часта ў вельмі цяжкіх умовах, каб ажыццявіць ідэалы 25 Сакавіка.

Сёння, сто год пасля абвешчання незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларусь жыве і жывуць ідэалы 25 Сакавіка. Шлях наш быў цярністым, але мы выжылі, і не дазволілі згаснуць нашай паходні надзеі.

Дарагія Сябры! Без гэтай паходні надзеі, не аднавілі б мы незалежнасці Рэспублікі Беларусь у 1991-м годзе, бо не было б ужо каму яе аднаўляць. Не было б БНР, не было б БССР, не было б і незалежнай дзяржавы Беларусь.

Але ідэалаў БНР мы яшчэ не здзейснілі. Беларускі дом яшчэ ўсё не зусім беларускі, і незалежнасць яго яшчэ ўсё пад пагрозай.

Ці знойдзе наш народ сілы адбудаваць яго зсярэдзіны? Ці хопіць у нас вытрываласці, каб адбудоўваць яго, пакуль не адродзім назаўсёды "жыццё рэспублікі сваей"? Ці перажытае прамыванне мазгоў чужой прапагандай дазволіць нашым людзям прызнаць, што былі яны анямелымі ахвярамі чужога захопніка?

І ці зразумее народ, што будучыня ў яго руках і што ад яго залежыць, ці Беларусь станецца заможнай краінай Еўропы, ці застанецца эксплуатаванай калоніяй замежных недобразычліўцаў.

Дарагія Суродзічы! Ідэалы БНР жывуць і будуць жыць. Але ад кожнага з нас залежыць, калі мы іх здзейснім.

Дык давайце скарыстаем з гэтага вялікага Юбілею, каб даказаць сабе і свету, што мы іх годныя.

Жыве Беларусь!


Зварот Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч да ўдзельнікаў Свята Незалежнасці

Я шкадую, што мяне ў гэты дзень няма сярод вас, і я не чую вашыя галасы, не бачу вашых твараў. І ў той жа час я з вамі, у думках я з вамі. Сёння ў нас свята - мы святкуем тое, што мы ёсць. Усведамляем тое, што мы ёсць беларусы. Беларусы не раз маглі знікнуць у бездані імперыі. Два стагоддзі вынішчалася ўсё беларускае. Каралеўская Польшча і Маскоўскае княства бязлітасна перамолвалі беларускую культуру. Відны польскі палітычны дзеяч Раман Дмоўскі яшчэ ў пачатку XX стагоддзя адгукаўся пра беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў як пра "палякаў ніжэйшага гатунку", а Сталін рабіў з беларусаў рускіх. Крывавыя рэпрэсіі на беларускай зямлі адбываліся пастаянна, пачынаючы з кастрычніцкага перавароту і да смерці Сталіна ў 1953-м годзе. Мой бацька да вайны вучыўся ў Менску ў Камуністычным інстытуце журналістыкі, і ён распавядаў, як адзін за адным знікалі найлепшыя выкладчыкі і студэнты. Бацьку выратавала вайна, ён пайшоў на фронт. Знішчалася ў першую чаргу інтэлігенцыя. Сталін разумеў, што без нацыянальнай культуры і мовы няма народа. Як жа мы выстаялі, выратаваліся? Вось гэтыя, "тутэйшыя", "людзі на балоце", так, выстаялі! Я яшчэ заспела па вёсачках старых жанчын, якія гаварылі на чыстай беларускай мове. Слухаючы іх, разумела, што гэта яны хаваюць, сцерагуць нашую краіну ліцвінаў. Ніколі не памірала народная душа.

У інтэрнэце няцяжка знайсці фатаграфіі дэлегатаў Першага ўсебеларускага з'езда ў 1918 годзе - гэта твары вольных людзей. Яны вераць, яны мараць - гэта відаць. Толькі яны маглі зрабіць тое, што зрабілі: сярод вайны, разрухі і рознагалоссяў абвясціць БНР. А нашыя апаненты любяць казаць, што ў гэтай дзяржавы не было межаў, не было арміі, не было нічога. Але праз 100 гадоў мы ведаем, што Беларуская Народная Рэспубліка была. І мы адтуль!

Тыя, хто вырас у СССР, нічога не ведалі пра Беларускую Народную Рэспубліку, а калі ведалі, то гаварылі пра гэта шэптам. Мы выраслі з мінулага. Нас прымушалі любіць чужое мінулае. Ужо вырасла маладое пакаленне, якое ведае і любіць сваё мінулае, гатовае за яго змагацца.

Святлана Алексіевіч не рашылася выступіць на халодным паветры: у яе праблемы з горлам. Зварот пісьменніцы зачытала Зінаіда Бандарэнка.


Кароткая справаздача па паездцы ў Лондан старшыні ТБМ Алены Анісім

Паважаныя сябры ТБМ, нашы прыхільнікі і паплечнікі!

Напярэдадні Дня Волі я па запрашэнні Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі знаходзілася ў Лондане з 18 па 23 сакавіка. Мэтай паездкі быў удзел у святкаванні 100-годдзя БНР, якое ладзілі беларусы.

Мікола Пачкаеў, старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі і сябра Рады БНР, склаў даволі аб'ёмную праграму.

Першае, што мы зрабілі пасля майго прылёту ў англійскую сталіцу, паехалі на могілкі, дзе пахаваны многія беларусы, у тым ліку - святары, пакланіліся магіле айца Аляксандра Надсана, які шмат гадоў апекаваўся беларусамі ў замежжы, іх духоўным жыццём, дапамагаў дзецям з Чарнобыльскай зоны. Пабыла я таксама ў Доме, дзе жыў айцец А.Надсан і дзе да нядаўняга часу адбываліся службы, пакуль не была пабудавана новая адмысловая царква. Гэты драўляны будынак, як многія ўжо ведаюць, атрымаў прэмію як адзін з адметных у англійскай сталіцы.

У гэты ж вечар я пазнаёмілася і з скарбамі, якія захоўваюцца ў Скарынінскай бібліятэцы, што знаходзіцца непадалёк ад царквы. На ўспамін пра наведванне я пакінула запіс у кнізе, а таскама буклет ТБМ і некалькі сувеніраў, у прыватнасці ручнік з Нясвіжскай зямлі, радзімы айца Аляксандра Надсана.

Падчас паездкі ў Лондан я мела сустрэчу з паслом Беларусі ў Англіі сп. С.Ф. Алейнікам, мы размаўлялі пра ўзаемадзеянне і супрацу з Згуртаваннем беларусаў Вялікабрытаніі.

Самым запамінальным уражаннем для мяне, вядома, застанецца знаёмства з Івонкай Сурвілай, старшынёй Рады БНР. Напэўна, ёсць такая адметная рыса беларускай ментальнасці, як шчырасць і адкрытасць, што праяўляецца акурат у такія моманты першай сустрэчы. Як толькі мы пабачыліся і пачалі размаўляць, узнікла адчуванне духоўнай роднасці і блізкасці. Я перадала сп. Івонцы Сурвіле афіцыйнае запрашэнне нашай Рады ТБМ прыехаць у Беларусь у 2018 г. Наколькі гэта можа быць рэалізавана - пытанне часу і адпаведных намаганняў.

21 сакавіка адбыўся прыём у англійскім парламенце, прысвечаны 100-годдзю БНР, арганізаваны Міколам Пачкаевым пры падтрымцы дэпутата Джона Уатэндэйла. Перад прысутнымі выступілі Джон Уатэндэйл, я як дэпутат Палаты прадстаўнікоў (хоць афіцыйна знаходзілася ў адпачынку), Івонка Сурвіла і Станіслаў Шушкевіч. Прысутнічаў на прыёме прадстаўнік беларускага пасольства П. Касуха.

На прыёме было шмат беларусаў, некаторыя з дзецьмі, і гэта вельмі прыемна.

На наступны дзень увечары Івонка Сурвіла, Станіслаў Шушкевіч і я наведалі Беларускі дом у Лондане, дзе сустрэліся з беларусамі Вялікабрытаніі ў нефармальных умовах і адказалі на іх пытанні.

23 сакавіка я вярнулася ў Менск, дзе ўжо ўвечары атрымала новыя каляндарыкі ТБМ, выдадзеныя да 100-годдзя БНР Ігарам Марачкіным, якія былі прэзентаваныя ўдзельнікам святочных мерапрыемстваў у нашай сталіцы 24 і 25 сакавіка.

Адносна фінансавага пытання паведамляю, што выдаткі за праезд і пражыванне ў Лондане ўзяло на сябе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, візу я аплаціла за ўласны кошт. Паездка адбывалася падчас майго афіцыйнага адпачынку, таму ніякіх затрат ТБМ не было.

На здымках: 1. 22 сакавіка ў Беларускім доме ў Лондане на сустрэчы з беларусамі Брытаніі разам з Івонкай Сурвілай і Станіславам Шушкевічам; 2. Падчас выступу ў англійскім парламенце.


Тэкст прамовы Алены Анісім у англійскім парламенце

Ледзі і джэнтльмены!

Дзякуй за магчымасць выступіць з гэтай высокай трыбуны.

Дзякуй усім, хто спрычыніўся да арганізацыі сённяшняй імпрэзы.

100 гадоў таму наша палітычная эліта ў няпростых палітычных абставінах, калі лёс нашага народа вырашаўся без удзелу яго прадстаўнікоў, узяла на сябе адказнасць і абвясціла пра стварэнне суверэннай дзяржавы пад назвай Беларуская Народная Рэспубліка. Так 100 гадоў таму беларускі народ пачаў свой шлях да аднаўлення дзяржаўнасці. Шмат што было здзейснена, але, на жаль, не ўсё, каб БНР была прызнаная тагачаснымі ўплывовымі палітычнымі сіламі свету. Тым не менш, было зроблена галоўнае: наш народ на ўвесь свет заявіў пра сваё жаданне і права быць самастойным палітычным суб'ектам. Дзякуючы гэтаму гістарычнаму факту ў больш спрыяльных палітычных умовах у 1991 г. паўстала незалежная краіна Рэспубліка Беларусь, прызнаная ўсімі краінамі свету. Адной з першых, хто прызнаў нашу незалежнасць, была Вялікабрытанія.

Працэс аднаўлення беларускай дзяржаўнасці заўсёды быў няпростым. І сённяшнія палітычныя працэсы ў свеце час ад часу набываюць небяспечныя тэндэнцыі, якія прымушаюць хвалявацца за лёс нашай краіны, за стабільнасць і перспектывы ўстойлівага развіцця. Таму мы бачым перад сабой цэлы шэраг задач. Адна з іх - умацаванне незалежнасці нашай краіны праз развіццё нацыянальнай культуры і пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў сферы адукацыі, інфармацыйнай прасторы, у заканадаўстве. Гэта дзейнасць не толькі надзённая патрэба часу, але яна адпавядае тым прынцыпам і ідэалам, якія закладаліся нашымі папярэднікамі - заснавальнікамі БНР. Я ўпэўнена, што рухаючыся па шляху ўмацавання сваёй незалежнасці, грунтуючыся на нацыянальным гістарычным і культурным падмурку, прызнаючы і паважаючы агульначалавечыя каштоўнасці, Беларусь стане сапраўднай дэмакратычнай краінай. І нам вельмі важна, што развіццё нашых беларуска-брытанскіх узаемаадносін адбываецца ў розных сферах: на агульнадзяржаўным, міжпарламенцкім і грамадскім узроўні. Дзякуй вам за разуменне і падтрымку нашай беларускай супольнасці. Бо толькі скансалідаваўшы ўсе свае сілы, мы можам дасягнуць поспеху ў развіцці Беларусі як незалежнай дэмакратычнай краіны.


У Віцебску адбылася ХІ справаздачна-выбарная канферэнцыя абласной арганізацыі ТБМ

18 сакавіка 2018 года ў абласной бібліятэцы горада Віцебска прайшла 11 справаздачна-выбарчая канферэнцыя Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

І зноў абласная бібліятэка сабрала аматараў беларускага слова. Але на гэты раз справа больш сур'ёзная. Дэлегаты і госці арганізацыі сустрэліся дзеля таго, каб падвесці вынікі і зрабіць справаздачу аб праведзенай працы. Прыемна было бачыць, што на мерапрыемства прыйшлі прадстаўнікі ўлады. Так, напрыклад, дэпутат абласнога Савета народных дэпутатаў, дэкан філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава, прафесар Сяргей Нікалаенка падтрымаў ідэю стварэння ў Віцебску беларускамоўных і класаў, а потым і школы. Ён нагадаў, што філалагічны факультэт цяпер сапраўды з'яўляецца цэнтрам беларускасці. Свае словы падмацаваў прыкладамі праведзенай працы. Шэраг мерапрыемстваў праходзіў і праходзіць у сценах не толькі факультэта, але і ўніверсітэта.

Далей слова ўзяў галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак, які падзякаваў абласной арганізацыі ТБМ за дзейнасць і вялікую працу. Ён адзначыў, што на сённяшні дзень моўнае пытанне дастаткова складанае і трэба зрабіць усё, каб беларуская мова выйшла на першы план.

Першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Віктар Глушын таксама далучыўся да слоў папярэдніх прадстаўнікоў органаў дзяржулады. Ён паведаміў прысутным, што моладзь нашага горада цягнецца да мовы.

- З кожным разам да нас далучаецца усё больш маладых людзей, якія лічаць беларускую мову галоўнай.

Гэта дужа прыемна і сведчыць аб тым, што ў роднага слова з'явіліся ўсе шанцы, каб стаць больш папулярнай у нашай краіне. Спадар Глушын расказаў пра мерапрыемствы, што адбываюцца ў горадзе, і пра ўдзел моладзі ў іх.

Канферэнцыю ўпрыгожылі музычныя нумары. Па добрай традыцыі абласная рада запрасіла таленавітых спевакоў, якія выканалі беларускія песні. Аляксандра Лях, студэнтка гістарычнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава, першая заспявала і тым самым перадала ўрачысты настрой гледачам. Працягнуў выступленне настаўнік музыкі 28-й школы г. Віцебска Януш Луфераў. Ёе выканаў усім вядомую кампазіцыю "Купалінка". Многія гледачы спявалі разам з ім. На нашу сустрэчу завітала і выпускніца мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава Ганна Пяцько. Дзяўчына праспявала пад гітару самую вядомую сярод моладзі песню "Простыя рэчы". Гэта кампазіцыя яшчэ больш узняла настрой прысутным.

Пасля ўрачыстай часткі старшыня абласной рады ТБМ Юрась Бабіч расказаў пра парадак дня і выступіў са справаздачным дакладам. Падчас выступлення было адзначана, што праца за адпаведны перыяд зроблена вялікая. У апошнія часы да арганізацыі часцей далучаецца моладзь, што не можа не радаваць. Ён расказаў пра мерапрыемствы і сустрэчы, якія адбываліся за апошнія два гады. Абласная арганізацыя, на жаль, мае і шэраг праблем, якія плануюць вырашыць за як найхутчэй.

Вялікую ўдзячнасць выказаў старшыня абласной рады спадарыні Валянціне Крук за плённую і складаную працу ў Полацкай гарадской арганізацыі таварыства.

Са справаздачай рэвізійнай камісіі выступіла Людміла Сяменас. Асабіста ад сябе яна дадала, што жадае, каб у школах былі беларускамоўныя класы, каб выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі праходзіла выключна па-беларуску.

Да мікрафона падыходзілі ўсе ахвотныя выступіць у спрэчках. Ветэран тэбээмаўскага руху Валянцін Арлоў падзяліўся сваімі думкамі наконт развіцця беларускай мовы:

- Такое ўражанне, што стаіць пытанне аб знішчэнні нацыі. Я нават не ведаю, што сказаць. Дастаткова выйсці на вуліцу, каб убачыць "роўнасць" дзяржаўных моў. Хочацца, каб у гарадах, мястэчках і вёсках ствараліся нашыя суполкі. Трэба ствараць суполкі, якія будуць прапагандаваць беларускія святы і звычаі. І абавязкова працаваць з моладдзю, каб пазбегнуць вялікай небяспекі.

Людміла Нікіціна таксама звярнула ўвагу, што ў першую чаргу трэба працаваць з моладдзю.

- Праз свой музей я раблю гэтую справу. Мае дзеці чуюць ад мяне роднае слова і нясуць яго дадому. Гэта дужа добра. Таму што ўсе мае дзеці размаўляюць толькі па-беларуску. Кожны з нас сваім шляхам павінен данесці слова да дзяцей і моладзі. У іх наша будучыня.

Георгій Станкевіч выказаў меркаванне, што "калі да чалавека мова прыйшла не з дзяцінства, то цяжка перавучыць яго пасля. Чаму ўлада не хоча дапамагаць нам? Чаму мала беларускамоўных школ? Мы ж беларусы! Беларуская мова павінна ісці ад дзяржавы, тады і нармалізуецца становішча роднага слова".

Шэраг прысутных дэлегатаў - Зміцер Лупач, Марыя Баравік, Юры Нагорны, Валянціна Болбат і ганаровы старшыня абласной рады Іосіф Навумчык выказвалі думкі, што для развіцця беларускай мовы трэба супрацоўнічаць з дзяржаўнымі органамі, СМІ, сістэмай адукацыі. Беларуская мова - гэта не палітыка! Улада павінна сёння праяўляць цікавасць да мовы.

- Пара вяртацца да тых часоў, калі мы збіраліся за круглым сталом разам з уладай, каб вырашаць нашыя праблемы, - сказаў спадар Навумчык. - Трэба вырашаць штосьці з адукацыяй, бо гэта вялікая праблема, калі дзеці вывучаюць амаль усе прадметы на рускай мове.

Да гэтай думкі далучыўся і Франц Сіўко.

Скончыўшы абмеркаванне праблем, Юрась Бабіч агучыў пададзеную ў раду заяву спадара Мар'яна Даргіля з просьбай прыняць яго ў шэрагі ТБМ. Абсалютна ўсе дэлегаты канферэнцыі прагаласавалі "за".

Быў зацверджаны план дзейнасці абласной арганізацыі на наступныя два гады.

Потым адбыліся выбары рады, старшыні і намеснікаў. Старшынём абласной рады зноў абраны дацэнт ВДУ імя Машэрава Юрась Бабіч, намеснікамі - выкладчыца англійскай мовы Алена Сакалова і выкладчыца літаратуры Вольга Сянькова. За ўсе кандыдатуры дэлегаты прагаласавалі адзінагалосна.

Прыемна адзначыць, што вядомы ў Беларусі паэт-гумарыст Міхась Мірановіч атрымаў Ганаровую грамату абласной арганізацыі ТБМ за шматгадовую плённую працу па папулярызацыі беларускай мовы і ў сувязі з 70-годдзем.

На такой аптымістычнай ноце канферэнцыя закончыла сваю працу. Усе прысутныя мелі магчымасць выпіць гарбаты ці кавы, паласавацца салодкімі прысмакамі, і ў такой нязмушанай атмасферы падзяліцца ўражаннямі, абмеркаваць планы і ідэі.

Крысціна Дайлідзёнак, студэнтка ВДУ імя Машэрава, сябра ТБМ.


СПРАВАЗДАЧА

Віцебскай абласной рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" за перыяд з красавіка 2016 - па сакавік 2018 гг.

У справаздачны перыяд рада Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ праводзіла працу згодна з прынятым на папярэдняй справаздачна-выбарчай канферэнцыі планам, а таксама з улікам сітуацыі, якая склалася ў грамадстве.

21 красавіка 2016 года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава прайшоў арганізаваны абласной радай ТБМ і філалагічным факультэтам конкурс чытальнікаў беларускамоўнай паэзіі "Слова роднае, непаўторнае…". Асноўная мэта названай акцыі - папулярызацыя роднага беларускага слова, зацікаўленне вучняў, студэнтаў беларускай паэтычнай спадчынай, развіццё моўна-эстэтычнага густу. Імпрэза адбылася ў межах ужо традыцыйнага філфакаўскага "Тыдня пазнання і творчасці". Удзел у названым творчым мерапрыемстве прынялі каля пяцідзесяці вучняў віцебскіх школ і гімназій, а таксам студэнты. Конкурс праводзіўся ў дзвюх намінацыях: індывідуальнае выкананне твораў і прэзентацыя літаратурна-музычных кампазіцый. Журы, у склад якога ўваходзілі сябры рады ТБМ і выкладчыкі ВДУ імя Машэрава, падвяло вынікі, а пазней пераможцам былі ўручаны Дыпломы і памятныя падарункі.

У чэрвені 2016 і 2017 гг. былі праведзены разам з "Рухам "За свабоду" традыцыйныя Літаратурныя чытанні на радзіме Васіля Быкава - у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, прысвечаныя ўшанаванню вялікага беларускага пісьменніка. Рада арганізавала выезд актывістаў таварыства, віцебскіх пісьменнікаў, настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ, якія прымалі непасрэдны ўдзел у свяце. Быкаўскае свята ў Бычках даўно ўжо стала візітнай карткай нашай арганізацыі. Многія прыхільнікі творчасці нашага славутага земляка ды і проста аматары беларускага слова задоўга да даты правядзення імпрэзы цікавяцца мерапрыемствам, уносяць свае прапановы і пажаданні.

6 верасня 2016 абласной радай і Віцебскай абласной бібліятэкай была праведзена імпрэза, прысвечаная 80-годдзю Генадзя Бураўкіна. У межах гэтай імпрэзы адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў пра паэта "Перадусім Беларусь". Сярод удзельнікаў свята былі жонка Генадзя Бураўкіна спадарыня Юлія, літаратары Барыс Пятровіч, Сяргей Шапран, Міхась Скобла, Усевалад Сцебурака.

22 лютага 2017 года да Дня роднай мовы праведзена Х Агульнанацыянальная дыктоўка, арганізаваная абласной радай разам з абласной бібліятэкай. Упершыню ў Віцебску Агульнанацыянальная дыктоўка пісалася ў абласной бібліятэцы. Таксама ўпершыню ў дзяржаўным выданні - гарадской газеце "Віцьбічы" - было апублікавана інтэрв'ю са старшынём абласной рады ТБМ.

28 лютага 2017 года кіраўніцтва абласной рады (Юрась Бабіч, Іосіф Навумчык) сустрэлася з начальнікам аддзела адукацыі аблвыканкама спадаром Дзмітрыем Хамой. Абмеркавалі пытанні беларускамоўнай адукацыі ў вобласці, неабходнасць стварэння (аднаўлення) беларускамоўных гімназій у Віцебску, Оршы, Полацку, Наваполацку, Глыбокім. Сустрэча прайшла ў канструктыўнай атмасферы. З боку кіраўніка абласнога аддзела адукацыі выказана разуменне нашай занепакоенасцю. Была дасягнута дамоўленасць, што праца ў гэтым кірунку будзе працягвацца.

У лютым-сакавіку 2017 года ўзніклі праблемы са статутнай дзейнасцю Полацкай раённай арганізацыі ТБМ. Мясцовыя ўлады сталі ўсяляк перашкаджаць нашым актывістам, запалохваць людзей, якія бяруць удзел у тэбээмаўскіх акцыях. Кіраўніцтва рады звярнулася з мэтай вырашэння ўзніклых праблем да дзяржаўных чыноўнікаў абласнога ўзроўню. У прыватнасці, сп. Навумчык меў адмысловую сустрэчу са сп-няй Аленскай - тагачасным намеснікам начальніка ідэалагічнага аддзела аблвыканкама. Мы прасілі таксама аказаць дапамогу ў вырашэнні праблемы дэпутата Палаты прадстаўнікоў і тагачаснага намесніка старшыні ТБМ сп-ню Алену Анісім. Дзякуючы прынятым мерам, на нейкі перыяд сітуацыя з дзейнасцю нашых актывістаў у Полацку палепшылася, але ў апошні час сябры ТБМ зноў перажываюць цяжкасці ў правядзенні сваёй асветніцкай працы.

14 сакавіка 2017 года кіраўніцтва абласной арганізацыі (Юрась Бабіч, Іосіф Навумчык) сустрэлася з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама сп. Пеніным. У ходзе сустрэчы былі абмеркаваны праблемы Полацкай арганізацыі Таварыства, пытанні адсутнасці беларускамоўнай рэкламы ў Віцебску, ігнараванне дзейнасці Саюза беларускіх пісьменнікаў, справа з Літаратурным музеем у Віцебску, пытанне перайменавання абласной бібліятэкі і ўшанаванне памяці пісьменнікаў-землякоў: Быкава, Барадуліна, Бураўкіна.

Сябры ТБМ і кіраўніцтва абласной рады прымае непасрэдны ўдзел ва ўсіх акцыях і мерапрыемствах, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, якія праводзяцца на філалагічным факультэце ВДУ імя Машэрава. Так, у прыватнасці, у снежні 2016 і 2017 гг. сябры Таварыства прымалі актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні "Фестывалю беларускага слова". Па ініцыятыве кіраўніцтва абласной рады на факультэце была арганізавана імпрэза пад назвай "З гітарай па-беларуску", дзе студэнты, магістранты, аспіранты спявалі вядомыя беларускія песні. Таксама была зладжана адмысловая відэапрэзентацыя беларускіх гуртоў, якія спяваюць па-беларуску. Акцыя мела вялікі поспех.

Пры філалагічным факультэце ў 2017 годзе створаны Цэнтр славянскіх моў і культур. У межах Цэнтра працуе клуб "Размаўляйка", які збіраецца раз на тыдзень і куды кожны ахвочы можа прыйсці, каб дзве гадзіны паразмаўляць па-беларуску, у нязмушанай атмасферы абмеркаваць пэўныя пытанні, проста пабыць у сяброўскай супольнасці. Таксама ў межах названага Цэнтра сябрамі рады ТБМ была арганізавана сустрэча з вядомымі беларускімі літаратарамі Міхасём Мірановічам, Альгердам Бахарэвічам, Вальжынай Морт. Філалагічны факультэт і Цэнтр славянскіх моў і культур, кіраўніком якога з'яўляецца старшыня абласной рады ТБМ, праводзіць у гэтым годзе першую навуковую канферэнцыю для студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, прысвечаную Васілю Быкаву. Мы лічым гэта вельмі важным крокам у плане ўшанавання імя нашага славутага земляка. У наступным годзе плануецца правядзенне Быкаўскай навуковай канферэнцыі для лінгвістаў і літаратуразнаўцаў з міжнародным удзелам.

13 лютага 2018 года ў межах сустрэчы кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў адбылася своеасаблівая прэзентацыя Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ у сярэдняй школе №25. Старшыня рады выступіў перад бацькамі вучняў, пазнаёміў з задачамі арганізацыі і планаванымі імпрэзамі па лініі ТБМ.

21 лютага 2018 года сябры Таварыства і кіраўніцтва абласной рады прынялі непасрэдны ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. На філалагічным факультэце ВДУ адбылася прэзентацыя Віцебскай абласной рады ТБМ. Падчас сустрэчы са студэнтамі старшыня рады Юрась Бабіч распавёў пра мэту і задачы арганізацыі, гісторыю стварэння, асноўныя кірункі дзейнасці і дасягненні Віцебскай абласной арганізацыі. Прысутныя на сустрэчы сябры таварыства Вольга Сянькова - выкладчыца ВДУ - і Алесь Замкоўскі - загадчык літаратурна-драматычнай часткі Коласаўскага тэатра - расказалі пра працу з моладдзю, падзяліліся сваім досведам папулярызацыі мовы.

У гэты ж дзень у абласной бібліятэцы каля пяцідзесяці чалавек пісалі дыктоўку, прымеркаваную да Дня роднай мовы. Другі год запар гэтая акцыя арганізоўваецца сумесна абласной радай ТБМ і абласной бібліятэкай. Паказальна, што менавіта падчас такіх мерапрыемстваў да дзейнасці таварыства далучаюцца ў той ці іншай ступені новыя людзі, пераважна моладзь.

За справаздачны перыяд выразна акрэслілася тэндэнцыя да пашырэння ўжывання беларускай мовы ў ВДУ імя Машэрава. Паступова, дзякуючы супрацы кіраўніцтва абласной рады і філалагічнага факультэта і асабістай пазіцыі дэкана прафесара Сяргея Нікалаенкі, універсітэт становіцца цэнтрам беларушчыны.

Па ініцыятыве кіраўніцтва абласной рады ў газеце "Віцебскія весці" два гады назад была заснавана моўная рубрыка, якая працягвае выходзіць з пэўнай перыядычнасцю і зараз. А ў газеце "Каталіцкі веснік" публікуюцца матэрыялы па культуры маўлення.

На працягу апошніх двух гадоў праведзена вялікая праца актывістамі таварыства ў розных рэгіёнах вобласці. Эфектыўна дзейнічаюць суполкі арганізацыі ў Германавічах, Падсвіллі, вёсцы Заронава Віцебскага раёна, у Оршы, Гарадку, Верхнядзвінску, у Бешанковіцкім раёне. Апошнім часам цікавыя імпрэзы праводзяць актывісты Таварыства ў мястэчку Лужкі Шаркаўшчынскага раёна. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, вялікая праца праводзіцца нашымі актывістамі ў Полацку.

У сакавіку гэтага года па ініцыятыве сябра рады Георгія Станкевіча быў падрыхтаваны адмысловы зварот у раённыя аддзелы адукацыі вобласці адносна стану беларускамоўнай адукацыі. Мы ставілі за мэту высветліць пазіцыю чыноўнікаў па праблеме адкрыцця беларускамоўных школ у блізкай перспектыве ў сувязі з закрыццём шэрагу вясковых беларускамоўных школ фактычна ў кожным сельскім раёне.

Разам з пэўнымі дасягненнямі ў дзейнасці абласной рады ёсць таксама і тыя пытанні, якія пакуль не ўдалося вырашыць. Так, па-ранейшаму ў Віцебску ды і ў іншых буйных гарадах вобласці адсутнічаюць школы з беларускай мовай навучання. На наш погляд, наспела неабходнасць стварэння пры аблвыканкаме Грамадскай рады, дзе б абмяркоўваліся актуальныя пытанні адукацыі і культуры. Нягледзячы на шматлікія спробы, пакуль не адноўленая дзейнасць рэгіянальных структур ТБМ у Мёрскім і Браслаўскім раёнах, дзе некалі актывісты Таварыства працавалі актыўна. Думаецца, што на вырашэнне названых праблем павінна быць накіравана праца новага складу рады.

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрась Бабіч.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

Працяг. Пачатак у папяр. нум.)

1400. Шніп (Віктар) - семантычны вытвор ад апелятыва шніп 'дзюбападобны клін наперадзе таліі жаночай сукенкі'.

1401. Шніпко (Віктар) - вытвор з фармантам -ко ад антрапоніма Шніп і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шніпко. Гл. Шніп.

1402. Шоцік (Дар'я) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Шот / Шоц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шоцік.

1403. Шпачук (Андрэй) - вытвор з суфіксам -ук ад антрапоніма Шпак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шпач(к/ч)ук. ФП: шпак ('невялікая пералётная птушка атрада вераб'іных з цёмным апярэннем') - Шпак (мянушка, потым прозвішча) - Шпачук.

1404. Шукаловіч (Аксана) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Шукала і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шукалавіч - Шукаловіч. ФП: шукала ('той, хто шукае') - Шукала (мянушка, потым прозвішча) - Шукаловіч.

1405. Шулейка (Юрый) - семантычны вытвор ад апелятыва шулейка - (утварэнне з пам.-ласк. з суфіксам -ейка ад шула 'бервяно або тоўсты брус з высечанымі пазамі, замацаваны ў чым-небудзь вертыкальна'; 'слуп, брус, на які падвешваюцца вароты'.

1406. Шульжэнка (Зінаіда) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Шульга і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шульгенка - Шульж(г/ж) энка. ФП: шульга (рэг. рус. 'левая рука', 'ляўша' (Даль), укр. 'ляўша' (Грынч) - Шульга (мянушка, потым прозвішча)) - Шульжэнка.

1407. Шулюк (Дзмітрый) - вытвор з суфіксам -ка ад антрапоніма Шула і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шулюк. ФП: шула ('бервяно ці тоўсты брус з высечанымі пазамі, замацаванымі ў чым-н. вертыкальна', 'слуп ці брус, на які падвешваецца створка варот') - Шула (мянушка, потым прозвішча) - Шулюк.

1408. Шулякоўская (Алёна) - вытвор з фармантам -оўская ад тапоніма Шулякі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Шулякоўская.

1409. Шумілін (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам - ін ад антрапоніма Шуміла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шумілін. ФП: шуміла ('той, хто шуміць, любіць лаяцца, крычаць') - Шуміла (мянушка, потым прозвішча) - Шумілін.

1410. Шупеня (Марыя) - вытвор з фармантам -еня ад антрапоніма Шупа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шупеня. ФП: шупа ('той, хто разумее, кеміць, цяміць', 'кемлівы чалавек') - Шупа (мянушка, потым прозвішча) - Шупеня. Параўн. Адаменя.

1411. Шупіцкая (Аксана) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Шупікі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Шупікская - Шупіцкая.

1412. Шуранава (Дзіна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Шуран і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шуранава. ФП: шур (рэг.) ('швагер') - шуран (тое сама: параўн. рус. шурин 'швагер') - Шуран (мянушка, потым прозвішча) - Шуранава.

1413. Шурба (Сяргей) - семантычны вытвор ад апелятыва шурба (рэг.) - ' шруба' (перастаноўка фанем).

1414. Шутава (Марына) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Шут і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шутава. ФП: шут (рус.) 'блазен' - Шут (мянушка, потым прозвішча) - Шутава.

1415. Шухава (Кацярына) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Шух і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шухава. ФП: шух ('гукаперайманне кароткага шуму', а таксама ў ролі выказніка паводле знач. дзеясл. шухаць, шухнуць, шухнуцца) - Шух (мянушка, потым прозвішча) - Шухава.

1416. Шчадрова (Ніна) - вытвор з фармантам -ова ад анрапоніма Шчодры і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шчодрава - Шчадрова. ФП: шчодры ('які шырока аказвае дапамогу, не скупы', 'каштоўны, багаты', (перан.) 'моцны, інтэнсіўны ў сваім дзеянні, выяўленні') - Шчодры (празванне, потым прозвішча) - Шчадрова.

1417. Шчамялёва (Людміла) - вытвор з фармантам -ёва ад антрапоніма Шчамель і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шчамелёва - Шчамялёва. ФП: шчамель (рэг. 'чмель') - Шчамель (мянушка,потым прозвіша) - Шчамелева (бацькайменне) - Шчамялёва.

1418. Шчаслёнак (Марына) - вытвор з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Шчаслівы і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шчасл (івы)ёнак. ФП: шчасце ('стан і пачуццё пэўнай, найвялікшай задаволенасці', 'поспех', удача) - шчаслівы ('поўны шчасця, якому спрыяе шчасце, удача, поспех', 'які прыносіць шчасце, удачу', 'добры, удалы') - шчаслёнак (пра шчаслівага чалавека) - Шчаслёнак (мянушка) - Шчаслёнак. Або семантычны вытвор ад апелятыва шчаслёнак.

1419. Шчогалева (Таццяна) - вытвор з фармантам -ева ад антрапоніма Шчогаль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шчогалева. ФП: шчогаль (рус. щеголь 'франт, фарсун') - Шчогаль (мянушка, потым прозвішча) - Шчогалева.

1420. Шчоткіна (Марыя) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Шчотка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шчоткіна. ФП: шчотка ('прыстасаванне для чысткі, змятання і пад. (калодачка з густанасаджаным шчаціннем ці іншым матэрыялам'), а таксама іншыя прылады ў электратэхніцы і пад.) - Шчотка (мянушка, потым прозвішча) - Шчоткіна.

1421. Шчурок (Іван) - семантычны вытвор ад апелятыва шчурок - памянш.-ласк. ад шчур, які мае тры значэнні: 1) 'невялікая птушка сямейства ўюркавых', 2) 'пацук', 3) у слав. міфалогіі - 'далёкі продак, роданачальнік'.

1422. Шчыры (Тарас) - семантычны вытвор ад апелятыва шчыры, які мае шмат значэнняў: 'праўдзівы, адкрыты' 'задушэўны, інтымны', 'сардэчны, душэўны', 'пазбаўлены прытворства', 'старанны, верны, адданы, заўзяты', 'просты, даверлівы'.

1423. Шчэгельскі (Андрэй) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Шчэгелі ((рус.) (Щеглы) і значэннем 'жыхар названай мясцовасці': Шчэгельскі. ФП: шчэгол (<рус. щегол 'шчыгол' (маленькая пеўчая птушка сямейства ўюрковых з яркім апярэннем)) - Шчэгол (мянушка, потым прозвішча) - Шчэгольскі - Шчэгельскі.

(Працяг у наст. нумары.)


Архітэктар, аўтар эскізу бел-чырвона-белага сцяга

Усё новыя звесткі пра дзеячаў БНР становяцца агульным здабыткам. Аповедам пра Клаўдзія Дуж-Душэўскага, беларускага палітычнага дзеяча, дыпламата, рэдактара і педагога падзяліўся на Міжнароднай канферэнцыі ў інстытуце гісторыі НАН даследчык Станіслаў Рудовіч. Яшчэ ў 1992 годзе гісторык абнародваў у газеце "Звязда" факт стварэння яго героем эскізу нацыянальнага сцяга .

Гэты высакародны чалавек нарадзіўся 27 сакавіка 1891 года ў Глыбокім ў каталіцкай сям'і. З дзяцінства ён дапамагаў бацьку з дзядзькам, а з пачаткам атрымання адукацыі займаўся чарчэннем, і нават складаў каштарысы дамоў, касцёла, будаўніцтва шашы і масткоў. У старэйшых класах сам кіраваў невялікімі будаўнічымі працамі, пад пільным вокам бацькі складаў праекты.

У 1912 годзе пасля заканчэння вучылішча ў Вільні Клаўдзі Дуж-Душэўскі паступіў у горны інстытут у Пецярбурзе і спасцігаў прамудрасць горнага інжынера. Вольны час, жывучы ў паўночнай сталіцы, Душэўскі аддаваў нацыянальна-культурнаму руху. Разам з землякамі ён ўдзельнічаў у працы літаратурнага гуртка, у выданні часопіса "Раніца", газет "Дзянніца" і "Светач". Ён пазнаёміўся з Янкам Купалам і выконваў ролю Сцяпана Крыніцкага ў "Паўлінцы". Падчас вучобы Клаўдзі шмат паездзіў па Расіі, быў на практыцы ў Сібіры, у Жыгулях на Волзе веў будаўнічыя работы пра будаўніцтве фабрыкі. У гады гады Першай сусветнай вайны ён шчодра дзяліўся сіламі і часам у беларускім дабрачынным Таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны.

Пазней ён напісаў у сваёй аўтабіяграфіі на літоўскай мове: "Цікава адзначыць, што беларусы лічылі сваім дзяржаўным сцягам той жа, што і літоўцы, белы вершнік на чырвоным полі, але нацыянальнага сцяга не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга. Адзін з іх быў прыняты. З таго часу, ён і лічыцца беларускім нацыянальным сцягам".

Гэта адбылося вясной 1917 года. Па некаторых дадзеных, на пачатку 1917 года гэты сцяг ужо лунаў на будынкам Таварыства дапамогі ахвярам вайны. А 12 сакавіка ў Менску быў праведзены дзень беларускага значка, падчас якога раздаваліся значкі з відарысам бел-чырвона-белага сцяга.

Падзенне царызму акрыліла маладых адраджэнцаў, усяліла надзеі на ўвасабленне нацыянальных спадзяванняў. Пасля перапынку аднаўляецца дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады, якая паставіла сваёй мэтай абарону правоў беларускага народа, і Душэўскі без ваганняў уступіў у яе шэрагі. У хуткім часе ён быў абраны ў склад яе выканаўчага камітэта і яго прызідыума. У сакавіку 1919 года Душэўскі паступіў на службу харчавання, дзе атрымаў пасаду загадчыка аднаго з падраздзяленняў. Кастрычніцкі пераварот 1917 года змяніў умовы існавання, даводзілася зноў шукаць працу, немагчыма стала атрымаць дыплом, бо рабоча-сялянская ўлада адмяніла ўсе дыпломы. Рэальная палітыка новых уладаў разыходзілася з абвешчаным правам нацый на самавызначэнне. Першы Усебеларускі з'езд быў разагнаны.

У сакавіку 1918 года беларускія адраджэнцы, актывісты Беларускай сацыялісты-чнай грамады абвесцілі незалежнасць БНР. Клаўдзі Дуж-Душэўскі ўсёй душой падтрымлівае гэты крок і становіцца шчырым саўдзельнікам палітычных акцый маладой рэспублікі.

Пасля расколу у шэрагах Беларускай сацыялістычнай грамады, Душэўскаму стала найбольш блізкай платформа партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Разам з Вацлавам Ластоўскім ён належаў да памяркоўнага крыла гэтай партыі. Пасля адыходу немцаў у Менску ўсталявалася савецкая ўлада. З красавіка 1919 года Душэўскі знаходзіўся ў Вільні: ён быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта, старшынём Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны (травень - ліпень 1919). Восенню 1919 года ён стаў дыпламатычным прадстаўніком ураду БНР у дзяржавах Балтыі, дзяржаўным сакратаром ва ўрадзе Ластоўскага. Выразна праявілася яго энергія, яго імпэт і адданасць беларускай справе.

Ён энергічна займаўся дыпламатычнай дзейнасцю, шмат сустрэч правёў у прадстаўнікамі правячай эліты Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі.

Пазней Душ-Душэўскі выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 г. ён быў арыштаваны польскімі ўладамі і вызвалены 7 лютага 1921 г., і эміграваў у Літоўскую рэспубліку (Каўнас). У 1920-1930-я г. ён працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, быў адным з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства. У 1927 г. ён скончыў Літоўскі ўніверсітэт у Каўнасе і працаваў інжынерам.

Клаўдзі Дуж-Душэўскі выдаваў і рэдагаваў часопісы "Беларускі сцяг" (1922), "Крывіч" (1923-26), "Беларускі асяродак" (з 1933). Апрацоўваў разам з В. Ластоўскім, Т. Іваноўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі, перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Інжынер і грамадскі дзеяч быў арыштаваны савецкімі ўладамі 2 ліпеня 1940 года. Следства скончылася ў чэрвені 1941 года. Было складзена абвінавачвальнае заключэнне, але ў сувязі з пачаткам вайны Душэўскі не быў асуджаны і эвакуяваны.

Пры немцах ён працаваў на заводзе гумавых вырабаў "Інкарас" на пасадзе інжынера. У канцы 1941 г. у Вільні Клаўдзі Душэўскі сустракаўся з Вацлавам Іваноўскім, які прапанаваў яму пасаду намесніка бурмістра Менска. Душэўскі не пагадзіўся, а восенню 1942 года зноў адмовіўся ад прапановы. У жніўні 1943 года ён быў арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Правянішкесе. Дзякуючы заступніцтву сяброў і як спецыяліст-інжынер, ён быў вызвалены праз 4 месяцы, пасля чаго працаваў у тарфяным трэсце на пасадзе інжынера-будаўніка. Акрамя ўласных дзяцей, разам з жонкаю Клаўдзі Дуж-Душэўскі выхоўваў двух дзяцей-сірот.

У 1944-46 гадах ён працаваў дацэнтам Каўнаскага ўніверсітэта і на будаўнічым факультэце атрымаў пасаду загадчыка кафедры гісторыі архітэктуры. У снежні 1946 - траўні 1947 гг. ён знаходзіўся пад следствам у Вільні. "За недастатковасцю сабраных доказаў для перадачы ў суд" яго справа была спынена, а ён сам вызвалены з-пад варты.

Клаўдзі Дуж-Душэўскі быў зноў арыштаваны ў лютым 1952 года і асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст. У 1954 г. тэрмін зняволення быў скарочаны да 10 гадоў, а 16 красавіка 1955 года ён быў датэрмінова вызвалены ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя. Пасля вызвалення Клаўдзі Дуж-Душэўскі працаваў у інстытуце "Літбудпраект". Вядомы архітэктар з'яўляецца аўтарам шматлікіх будынкаў у Коўні, Панявежасе, Клайпедзе і Шаўлях. У 1959 годзе ён быў пахаваны ў Коўні.

Запісала Э. Дзвінская. На здымку: З дакладам пра К. Дуж-Душэўскага выступае Станіслаў Рудовіч.


У Гародні адбылася вечарына з нагоды 100-годдзя БНР

У Гародні прайшла вечарына, прысвечаная стагоддзю БНР. Яе арганізатарамі выступілі Таварыства беларускай мовы сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Адметнасцю святкавання сталі сумесныя спевы гімнаў беларусаў - "Ваяцкага гімну", "Пагоні", "Магутны Божа". Мікола Таранда, старшыня клуба "Паходня", згадаў, як святкаваўся Дзень Волі ў 1989 годзе, а таксама пра свае адведзіны Зоські Верас у Вільні.

- Упершыню мы паехалі да Зоські Верас у чэрвені 1986 года. І калі мы запыталі: раскажыце пра Менск, яна нічога не адказала. Затым мне напісала: думаеце я не чула, не ведала, пра што вы пытаецеся. Але пра гэта яшчэ гаварыць нельга. Прыязджайце адзін, я вам усё раскажу і пакажу. Яна паказвала ўсе дакументы, фотаздымкі, якія захоўвала праз усё сваё жыццё.

На імпрэзе апрача музыкаў і паэтаў былі выступы гарадзенскіх навукоўцаў, якія распавялі прысутным пра цяжкі і светлы шлях абвяшчэння БНР. Аляксей Пяткевіч, старшыня Гарадзенскай рады ТБМ сказаў:

- Каб прыняць Трэцюю Устаўную грамату, якая павінна была нарэшце прыйсці да канкрэтнага выніку, збіраецца пашыраная Рада. Чалавек больш за 100. Ад земстваў, ад розных саюзаў, ад розных арганізацыяў. З Вільні прыязджаюць вядомыя палітыкі на чале з Антонам Луцкевічам.

Абласная Рада ТБМ адзначыла адмысловымі лістамі і падарункамі рупліўцаў Беларускай мовы і культуры з нагоды стагоддзя БНР, а таксама Саюз беларускіх пісьменнікаў уручыў некаторым выступоўцам новы гарадзенскі літаратурны альманах "Новы Замак".

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


У Гародні адбылася дыктоўка ў гонар 100-годдзя БНР

Адзінаццатая нацыянальная дыктоўка, прымеркаваная да сотых угодкаў БНР, прайшла ў Гародні. У зале, якая змясціла каля сотні чалавек, чытаўся ўрывак з рамана Генрыха Далідовіча "Свой дом" пра абвяшчэнне Трэцяй Устаўной Граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. Чытаць дыктоўку гэтым разам было прапанавана галоўнаму рэдактару літаратурнага альманаха "Новы Замак" Янку Трацяку. Адзін з арганізатараў дыктоўкі Эдвард Дмухоўскі сказаў:

- Гэта ў нас ужо 11-я дыктоўка. Дзякуй Богу, мы дажылі да 100-годдзя БНР. Усе нашыя дыктоўкі былі прысвечаныя Дню Волі, Дню Беларускай Народнай Рэспублікі. Ну а сённяшняя, сам Бог казаў, каб яна была прысвечана БНР. Удзельнікі ўбачаць вясковы клімат нашага краю: буслоў, платы, збанкі, кветкі, бел-чырвона-белыя сцягі, Пагоні. Павінен быць добры настрой, добрыя спевы, добры тэкст.

Нашае Беларускае Радыё Рацыя не толькі інфармацыйна, але і прамацыйна падтрымлівае беларускія святочныя імпрэзы, якія нагадваюць пра тое, што Беларуская Народная Рэспубліка - гэта старт Беларусі ў дваццатым стагоддзі як незалежнай краіны. Кажа Віктар Сазонаў, прадстаўнік "Рацыі", які ад радыё падараваў удзельнікам дыктоўкі юбілейныя каляндарыкі:

- Беларускае Радыё Рацыя вельмі шырока асвятляе - і ў эфіры, і на старонках свайго сайта - падзеі, якія звязаныя са 100-годдзем БНР. Нічога стараецца не прапускаць, бо на падобныя імпрэзы прыходзяць патэнцыйныя слухачы, патэнцыйныя чытачы матэрыялаў Беларускага Радыё Рацыя. Безумоўна, мы таксама стараемся падтрымаць гэтыя імпрэзы тым, чым можам падтрымаць, у тым ліку і рэкламнай кампаніяй нашага радыё.

Напрыканцы імпрэзы акустычна выступіў музыка Алесь Дзянісаў з сваімі творамі, напісанымі на вершы гарадзенскіх паэтаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


100-годдзе БНР на Лідчыне

На Лідчыне ўсталявалі памятны камень "100 год БНР"

На Лідчыне ўсталявалі памятны камень - "100 год БНР". Актывісты і фундатары адшукалі вялікі валун патрэбнай формы ў вёсцы Дакудава, каля Нёмана. Затым перавезлі яго на прыватны падворак у Ёдкі, што каля Ліды. А майстар з Бярозаўкі вырабіў на камені адпаведны надпіс - "100 год БНР" і "БЕЛАРУСЬ НАВЕЧНА". Такім чынам Лідчына адзначае памятную дату ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Кажа гаспадар сядзібы, дзе ўсталяваны камень, разбяр па дрэве Іван Мікулка:

- 100 год таму адбылася такая з'ява - утварэнне БНР. Канешне, гэта гістарычная падзея, і гэты камень - ужо не проста камень, які дзесьці ляжаў там у полі, цяпер ён з'яўляецца гістарычным камнем. 100 год - гэта не дзіцячы ўзрост, не юначы. Гэта сталы ўзрост. І таму сёння кожны з нас павінен адчуваць, дзеля чаго ён жыве.

Ідэя ўсталявання памятных камянёў з нагоды 100-годдзя БНР належыць палітыку Зянон Пазняку. Мяркуецца, што цягам гэтага года падобныя манументы паўстануць па ўсёй Беларусі, а таксама па свеце, дзе жывуць беларусы. Такім чынам, Лідчына - першая мясціна, дзе здзеснілі такую задуму. Вядома, што патрыёты з Наваградчыны таксама выступілі з падобнай ініцыятывай.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Фота аўтара.


Памяці герояў нацыянальнага адраджэння

24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі актывісты ТБМ і іншых грамадскіх арганізацый з Лідчыны, а таксама сябар ТБМ Віталь Куплевіч з Радуні наведалі памятныя мясціны, звязаныя з нацыянальным беларускім адраджэннем.

У Лідзе на праваслаўных могілках быў запалены зніч на магіле дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Юльяна Саковіча, Валерыя Маракова і інш.

У Воранаве ўсклалі кветкі і запалілі зніч на магіле міністра абароны БНР, генерала ад інфатэрыі Кіпрыяна Кандратовіча.

У вёсцы Пагародна наведалі музей у мясцовай школе, дзе ёсць экспазіцыя, прысвечаная генералу Кандратовічу. Генерал Кандратовіч валодаў маёнткам Гародна, тут у мясцовым парку пахавана урна з прахам дачкі генерала.

Наступным пунктам стала магіла Алаізы Пашкевіч (Цёткі) ў Старым Двары Шчучынскага раёна. Большасць актывістаў была тут упершыню. А разам з тым Цётка, хоць і не дажыла непасрэдна да БНР, але для таго, каб БНР адбылася, зрабіла не менш, а мо і больш за многіх з тых, хто прымаў 3-ю Устаўную грамату. Тут таксама былі ўскладзены кветкі і запалены зніч.

Адгэтуль пераехалі да магілаў паўстанцаў каля Малога Ольжава ў Лідскім раёне, каб запаліць знічы, а таксама ацаніць аб'ём работ па дабраўпарадкаванні мемарыяла, бо работы, якія вяліся восенню, не закончаны.

Наш кар. На здымках: актывісты каля магілаў Кіпрыяна Кандратовіча і Цёткі.


Прадстаўнічы сход ушанаваў памяць заснавальнікаў БНР

24 сакавіка ў Менску ў вялікай залі адбыўся ўрачысты сход грамадскасці, прысвечаны 100-годдзю БНР. У ім ўзялі ўдзел уплывовыя асобы, прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці і творчай інтэлігенцыі, чальцы палітычных партый і арганізацый, дыпламатычнага корпусу. Да прысутных звярнуўся старшыня Аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР, вядомы мастак, спадар Мікола Купава:

- Беларуская Народная Рэспубліка стварылася воляю народа, адбылося адраджэнне нашай дзяржаўнасці. БНР стала новым ідэалам, які паслужыў у далейшым стварэнню незалежнай Рэспублікі Беларусь ў 1991 годдзе. Але ў 20-30-тыя гады наш народ падвергся жорсткім выпрабаванням. Дзеячы Першага Усебеларускага з'езда і прадстаўнікі Рады БНР, якія засталіся на тэрыторыі СССР, былі рэпрэсаваныя і знішчаныя. Толькі тыя людзі, якія эмігравалі, захавалі легітымнасць БНР у Чэхіі, ЗША і Канадзе.

Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых дзеячоў БНР супольнай малітвай з удзелам святара Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы айца Леаніда Акаловіча.

З успамінам пра падзеі найноўшай гісторыі выступіў спадар Мечыслаў Грыб:

- Па даручэнні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання я ўзначаліў камісію па распрацоўцы новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. 15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет даверыў мне як старшыні падпісаць гэтую Канстытуцыю, што я зрабіў з вялікім задавальненнем. Я ганаруся тым, што гэтая Канстытуцыя аб'явіла суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Яна ўсталявала і зацвердзіла нашую нацыянальную сіволіку: бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоню. Гэта было зроблена рэальна і адкрыта для ўсяго свету.

Вярхоўны Савет зрабіў тое, што дзячы БНР спрабавалі зрабіць, але ім не далі. У Канстытуцыі было прапісана, што адзінай дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца беларуская. На жаль, рэферэндум 1996 года прывёў да змены нашай сіволікі, сцяга і герба і ўвядзення другой дзяржаўнай мовы, рускай. Але гістарычная праўда, якую немагчыма схаваць, усё ж выйшла на паверхню, таму мы сёння сабраліся ва ўрачыстай абстаноўцы.

Для гасцей вечарыны быў зладжаны выдатны канцэрт. Разам з Сяржуком Доўгушавым грамада заспявала беларускія песні і гімны 1917-1919 гадоў. Для гасцей выступілі гурты "Балцкі субстрат" і "Тутэйшая шляхта". Зміцер Вайцюшкевіч натхніў прысутных сваімі песнямі "Красуня-вясна", " Жыве Беларусь" і "Сцяг". Прапанаваны арганізатарамі пачастунак быў шчодрым і аздобленым нацыянальнай сімволікай.

Э. Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Мікола Купава і айцец Леанід Акаловіч; 2. Спявае "Тутэйшая шляхта"; 3. Сяржук Доўгушаў, Яніна і Алесь Пушкіны.


Каляндар да 100-годдзя БНР

МГА "ЗБС Бацькаўшчына" ініцыявала выданне святочнага календара "Адрасы БНР", які выйшаў у выдавецтве "Кнігазбор" накладам 1000 асобнікаў. Старонкі календара упрыгожваюць 12 фотаздымкаў з выявамі будынкаў у Менску, Гародні, Вільні, Коўні, Рызе, Таліне, Празе і Нью-Ёрку, звязаных з дзейнасцю Беларускай Народнай Рэспублікі. Студзеньская старонка 2018 года змяшчае відарыс гарадскога тэатра ў Менску - месца правядзення Першага Усебеларускага з'езду, у выніку якога быў сфарміраваны Выканаўчы камітэт, які пазней ініцыяваў абвяшчэнне БНР. На сакавіцкай старонцы - дом на Серпухаўскай вуліцы ( сёння Валадарскага, 9), дзе 25 сакавіка была абвешчана незалежнасць БНР. Фотаздымкі былі выкананы Юліяй Цімафеевай, Паўлам Котавым і Наталляй Гардзіенка.

Э. Дзвінская.


Аўтар гімна Беларускай Народнай Рэспублікі

У векавы юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі, якая ўтварылася як незалежная дзяржава ў выніку працяглай барацьбы выдатных сыноў беларускага народа, мы з пашанай успамінаем іх імёны. І няхай не ўсё з патрэбнага ўдалося ім здзейсніць у тых складаных умовах войн і агрэсій, але самае важнае яны зрабілі - іх высілкамі была створана незалежная дзяржава. Сярод іх выдзяляецца сваёй актыўнасцю дэлегат вайскоўцаў-беларусаў Паўднёва-Заходняга фронту, палітык, літаратар, грамадскі дзеяч Макар Касцевіч (Краўцоў) з Гарадзеншчыны, аўтар гімна Беларускай Народнай Рэспублікі.

Баброўня і ваколіцы

Не кожная беларуская вёска, асабліва невялікая, можа ганарыцца, што яна дала свету не аднаго, а двух выдатных сваіх сыноў. А вось невялікая Баброўня на Гарадзеншчыне, у якой цяпер налічваецца 13 хат з непастаяннымі жыхарамі, можа дазволіць сабе такое, бо тут нарадзіліся і пайшлі ў вялікі свет два вядомыя беларускія творцы-літаратары - Макар Краўцоў і Міхась Васілёк.

Месца, дзе размясцілася Баброўня, вызначаецца нейкай асаблівай прыгажосцю, дабрадзейнай энергетыкай; тут, у акружэнні хвойнага лесу, на крутым беразе лясной таямнічай Котры з празрыстай вадой дыхаецца асабліва прыемна чыстым паветрам, настоеным на пахучых дзікарослых травах, сасновай смале. Пра хараство і жыватворчы ўплыў на чалавека навакольнага асяроддзя прыкотранскіх мясцін вакол Боброўні расказвае шчыры беларус Андрэй Юшкевіч, былы настаўнік з недалёкай Галавацкай сярэдняй школы. На яго думку, тут і вада ў студні смачнейшая, і мёд саладзейшы, і паветра здаравейшае, і жыхары добразычлівыя і таленавітыя, хіляцца адзін да аднаго, наведваюцца ў госці. Душы іх поўняцца энергіяй тварэння, творчасці. Нездарма з'явіліся і прагучалі радкі:

Баброўня…

То хіба зямля тут такая,

Што зробіш тут некалькі

крокаў нагой,

Як сэрцам пачуеш:

душа запявае,

І вольныя песні

тут льюцца ракой.

Настоем гаючым

на травах і соснах

Гаілі тут душы

Міхась і Макар.

І дух ваяўнічы

іх песень дзівосных

Быў духам народных

надзеяў і мар.

А сталыя карэнныя жыхары вёскі раней казалі: "Баброўня - не ўсім роўня". І яны вызначаліся сярод жыхароў суседніх вёсак больш заможным жыццём, свабодай, сваімі незалежніцкімі традыцыямі, уменнем прыгожа ладзіць свой побыт і паводзіны, культурны адпачынак. Мужыкі не толькі вольна пачувалі сябе ў лесе, але і ўмелі прыгожа майстраваць розны хатні посуд, музычны інструмент, у прыватнасці, скрыпкі. Адна такая, змайстраваная пляменнікам Макара Краўцова - Платонам, знаходзіцца цяпер у музеі Максіма Багдановіча ў Гародні. Старажылы ўспаміналі, што раней дзяўчаты з Баброўні прыходілі ў суседнія вёскі на забавы ў пальчатках і не хацелі знаёміцца з хлопцамі, якія ў хаце не здымалі шапкі.

Магчыма, гэтыя разам узятыя абставіны паўплывалі на тое, што тут у канцы 19 і пачатку 20 стагоддзя з'явіліся таленавітыя паэты Макар Краўцоў (нарадзіўся ў 1891 г.) і Міхась Васілёк (у 1905 г.). Абодва - Касцевічы, але не сваякі. Як патлумачыла праўнучка (па братавай лініі) Ала Раманенкава, яны на працягу апошніх чатырох-пяці пакаленняў не былі ў сваяцтве, але іх продкі паходзяць з адной мясцовасці - недалёкіх старажытных Берштаў і маглі ў далёкі час належаць да аднаго роду.

Многае змянілася ў Баброўні з тых часоў, перамены адбыліся і з самой вёскай, замуравела-закалодзела дарога і вуліца. З цяжкасцю можна адшукаць месца, дзе ў вёсцы стаяла бацькоўская хата Макара Касцевіча. Каля гэтага месца скідзяляне, прыхільнікі творчасці слаўных землякоў, устанавілі помнік - высокі камень-валун, які як быццам чакаў свайго часу, каб ушанаваць іх памяць. І любы прахожы або праезджы, прачытаўшы, даведаецца:

"У вёсцы Баброўня нарадзіліся слынныя сыны беларускай зямлі, дзеячы беларускага нацыянальнага вызвольнага руху паэты

Міхась Васілёк

(Міхаіл Восіпавіч Касцевіч)

14. 11. 1905 - 03. 09. 1960 Макар Краўцоў

(Макар Мацвеевіч Касцевіч) 18. 08. 1891 - 1939"

Драматычны шлях паэта

Пра складанасці і доўгі шлях да з'яўлення помніка распавёў Уладзімір Трахімчык са Скідзеля і пачуў пахвальную ацэнку за ўдалае вырашэнне праблемы. Камень-помнік добра ўпісваецца ў мясцовасць і як бы сімвалізуе яднанне чалавека з роднай зямлёй, з роднай хатай. А вакол яго пасаджаны і ўжо набіраюць сілу маладыя дрэўцы - будучы сквер.

Да гэтага знакавага месца наведваюцца і скідзяляне, і гарадзенцы, і азяране (з мяст. Азёры), каб ускласці кветкі і ўспомніць аб слаўным і трагічным шляху паэта і грамадзяніна Макара Касцевіча (Краўцова). Вывучэннем жыццёвага і творчага шляху свайго земляка-патрыёта працяглы час займаецца былая настаўніца са Скідзеля Таццяна Савянкова, і яна добра ведае аб складаным і пакручастым жыццёвым шляху беларускага хлопца Макара з сялянскай сям'і Касцевічаў.

У вёсцы сям'ю называлі Краўцовымі, таму што ў мінулым адзін з продкаў быў краўцом і шыў кажухі, вяскоўцы казалі: "Краўцовы дзеці". Гаспадарка бацькі - Мацвея Касцевіча, была даволі заможнай: налічвалася 36 дзесяцін ворнай зямлі, лесу і сенажацяў; мелася дастаткова жывёлы, каб яе апрацаваць і пракарміць вялікую сям'ю, у якой было сямёра дзяцей. Бацькі клапаціліся і аб навучанні дзяцей, але цягу да навучання мелі толькі старэйшы з братоў Габрыэль і малодшыя Макар і Банік (Бенядыкт).

У пачатку 20 стагоддзя папулярнай і аўтарытэтнай працай лічылася настаўніцкая пасада, і яна давала дарогу ў жыццё многім сялянскім дзецям. Па ёй і рушыў Макар Касцевіч. Скончыўшы царкоўна-прыходскую школу ў суседніх Галавачах, а затым Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, некалькі гадоў працаваў вясковым настаўнікам на Гарадзеншчыне. На свядомасць маладога настаўніка вялікі ўплыў аказала Першая сусветная вайна. У 1915 годзе яго прызвалі ў царскае войска, і пасля вайсковай школы ён апынуўся на Паўночна-Заходнім фронце, а потым служыў на Валыні ў 44-ым армейскім корпусе Паўднёва-Заходняга фронту. Вучоба ў вайсковай школе, цяжар франтавых баявых дзеянняў фарміравалі ў маладога афіцэра незадаволенасць вайной. Лютаўская рэвалюцыя абудзіла свядомасць франтавікоў. У паняволеных народаў Расіі, у тым ліку і беларусаў, абуджаецца і расце імкненне да незалежнасці свайго краю.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі адбываецца дэмакратызацыя арміі, ствараюцца салдацкія камітэты. Летам 1917 г. салдаты-беларусы абралі Макара Касцевіча старшынём карпуснога салдацкага камітэта, а ў пачатку снежня накіравалі ў Менск на І Усебеларускі кангрэс.

Антываенныя развагі прывялі Макара Касцевіча ў шэрагі тых свядомых вайскоўцаў, хто летам 1917 года стварыў Цэнтральную Беларускую Вайсковую раду і падтрымваў дэмакратычныя перамены ў краі. Прыбыўшы ў Менск, ён уключыўся ў штодзённую працу Вайсковай рады. Стаў актыўным удзельнікам Усебеларускага кангрэса, які сабраўся ў Менску ў снежні 1917 года. Ён з хваляваннем адчуваў узнёслую, урачыстую атмаферу з'езда, называў пазней "бессмяротным момантам у жыцці нацыі", "гістарычнай часінай". Пазней, успамінаючы гэтыя падзеі, ён пісаў: "Чулася энергія, жаданне барацьбы, чулася непакарымасць праўды, бессмяротнасць ідэі Вялікага Сходу!" Пераломнай падзеяй работы з'езда стала галасаванне па рэзалюцыі аб абвяшчэнні беларускай рэспублікі, якое было перарвана гвалтоўным разгонам бальшавікамі ноччу 18 снежня Усебеларускага з'езда і арыштам часткі яго кіраўнікоў. Пазней у той жа дзень уцалеўшыя дэлегаты з'езда таемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і прынялі шэраг важных рашэнняў: У прыватнасці надалі абранай яшчэ на з'ездзе Радзе (56 чалавек на чале з Я. Лёсікам) уладныя паўнамоцтвы дзейнічаць ад імя з'езда і выбралі з яе складу працоўны орган - Выканаўчы камітэт для штодзённай практычнай работы. Яго ўзначаліў Язэп Варонка, камітэт складаўся спачатку з 10 чалавек, а пасля быў дапоўнены да 17 чал. прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей. Макар Касцевіч быў абраны ў члены Выканкама Рады і поўнасцю аддаўся рабоце, ён быў і ў складзе Рады Усебеларускага з'езда. Працаваць даводзілася на паўлегальным становішчы, пад пастаянным кантролем бальшавікоў. Бальшавіцкая ўлада пратрымалася нядоўга. З набліжэннем немцаў да Менска 19 лютага 1918 г. члены Аблвыканкамзаха і Савета Народных камісараў Заходняй вобласці збеглі ў Смаленск, і Выканкам Рады абвясціў, што "ўзяў уладу ў свае рукі" для навядзення парадку ў горадзе. На наступны дзень 20 лютага Выканкам звярнуўся да народаў Беларусі з Першай Устаўной граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай да склікання Устаноўчага сойму, заклікаў беларускі народ здзейсніць сваё права на "поўнае самавызначэнне". У ёй абвясціў аб стварэнні выканаўчай улады - Народнага сакратарыята Беларусі з сямі чалавек. Пад Устаўной граматай стаялі подпісы Язэпа Варонкі і Макара Касцевіча. Трэба адзначыць, што ў гэтыя дні М. Касцевіч і невялікая група яго аднадумцаў з Беларускай сацыялістычнай грамады прытрымваліся рэзалюцыі Усебеларускага з'езда аб тым, што Беларусь павінна заставацца аўтаномнай структурай з рэспубліканскім ладам у складзе Расіі. Але ў сярэдзіне сакавіка яны адмовіліся ад гэтай пазіцыі і 25 сакавіка 1918 г. падтрымалі абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пад уплывам гэтых хвалюючых падзей на Усебеларускім з'ездзе і абвяшчэннем незалежнасці БНР ён напісаў "Ваяцкі марш", надрукаваны 30 кастрычніка 1919 г. Марш стаў гімнам паўстаўшай Беларускай дзяржавы.

Мы выйдзем

шчыльнымі радамі

На вольны родны

свой прастор.

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор…

На бой за шчасце і за волю

Народа слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі,

На бой усе да аднаго!..

Узнёслыя радкі гімна, пакладзеныя на музыку Уладзімірам Тэраўскім, натхнялі слуцкіх паўстанцаў на барацьбу за незалежнасць БНР у лістападзе - снежні 1920 г.

Зразумела, што ў шэрагах паўстанцаў быў і Макар Краўцоў. Па даручэнні Вайсковай камісіі ў лістападзе 1920 г. ён выдаваў у Слоніме звароты да сялян і чырвонаармейцаў з заклікам далучацца да паўстанцаў Случчыны, друкаваў лісткі з вершамі "Пагоня" М. Багдановіча, "Адвеку мы спалі", сваім "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" і інш. Гэтыя некалькі гадоў - ад Усебеларускага кангрэса да паразы Слуцкага чыну - былі для яго самымі незабыўнымі, самымі напружанымі ў жыцці, хаця даводзілася працаваць з аглядкай на акупацыйныя ўлады - нямецкую ў 1918 г., а пазней польскую. Гэта быў зорны час Макара Краўцова: ён паспяваў актыўнічаць на кангрэсе, і працаваць у Радзе БНР і ў рэдакцыі "Вольная Беларусь", пісаць вершы і артыкулы, і настаўнічаць у Менску, і выкладаць на курсах беларусазнаўства, і удзельнічаць у 1918 г. па запрашэнні ўраду БНР у падрыхтоўцы статута Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта. Як прыхільнік незалежнай Беларусі, ён імкнецца прыняць удзел ва ўсім, дзе можна абараніць беларускія інтарэсы.

Пасля паражэння ў Сусветнай вайне Германія выводзіла свае войскі з Беларусі, куды зноў вярталася ўлада бальшавікоў. Рада і ўрад БНР у снежні 1918 г. пераязджаюць у Вільню, а 27 снежня - у г. Гародню, якая да верасня 1919 г. лічыўся сталіцай БНР і ў пачатку верасня - зноў у Менск, які занялі польскія войскі. І Макар Касцевіч удзельнічае ў гэтых вымушаных пераездах. Ён з радасцю вітае родную Гародню:

Ізноў я тут. Цябе вітаю,

Мой родны Горадзен стары!

Ізноў па вуліцах лятаю

Да самай позняе пары.

З цябе нацешыцца няможна

Пасля разлукі ў тры гады!...

Вітай жа, Горадзен, дзяціну

Тваіх муроў, твае раллі,

Хоць ты прытулішчам

будзь сыну -

Выгнанцу роднае зямлі!

Апорай незалежнасці магло быць беларускае войска, і падпаручнік Макар Касцевіч у 1919 - 1921 гадах удзельнічае ў працы толькі што ўзніклай Беларускай Вайсковай арганізацыі (БВА), якая выбрала Беларускую Вайсковую камісію і мела мэту стварыць беларускае войска са згоды польскіх уладаў. Канкрэтнымі справамі займалася Беларуская Вайсковая камісія, у якой Макар Касцевіч загадваў культурна-асветніцкім аддзелам і ўзначальваў падкамісію па падрыхтоўцы вайсковых статутаў для беларускай арміі: вяліся пераклады польскіх статутаў і падрыхтоўка іх да друку. Польскія ўлады пагаджаліся з існаваннем БВК і нават абяцалі падтрымку ў стварэнні беларускага войска, пакуль ішла вайна з савецкай Расіяй. Але пасля падпісання Рыжскай дамовы ў сакавіку 1921 г. БВК была ліквідавана польскімі ўладамі па патрабаванні Расіі, а беларускія вайсковыя часткі так і не былі створаны.

Вера ў ідэалы незалежнай Беларускай дзяржавы, у ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі прыдавалі сілы Макару Касцевічу, і ён імкнуўся аддаць іх на карысць беларускай справы. Рада і ўрад БНР у пачатку 20-х гадоў не маглі працаваць на тэрыторыі ізноў акупаванай Беларусі, і яны перабіраюцца спачатку ў Рыгу, пасля - у Коўню, а ў 1923 г. - у Прагу.

Драматычна і цяжка складваецца жыццё Макара Касцевіча пасля Рыжскай дамовы 1921г. паміж Савецкай Расіяй і Польшчай аб падзеле Беларусі. Ён жыве пераважна ў занятай палякамі Вільні, дзе канцэнтравалася беларускае адраджэнне, выдаваліся беларускія газеты і часопісы, існавала беларускае школьніцтва. Пэўны час (у 1922 - 1923 гадах) працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі, рэдагаваў часопіс "Саха", супрацоўнічаў з іншымі часопісамі. Вясной 1922 г. увайшоў у склад Цэнтральнай школьнай рады Таварыства беларускай школы, якая мела мэту развіваць беларускае школьніцтва і беларускую асвету наогул. ТБШ была створана ў 1921 г. на Віленшчыне і ў 20 - 30-я гады распаўсюдзіла сваю дзейнасць на ўсю Заходнюю Беларусь. У 30-ыя гады, калі беларускае школьніцтва на "крэсах усходніх" было амаль вынішчана, ТБШ працягвала сваю працу па абароне беларускіх школ да закрыцця арганізацыі ў 1937 г., і беспрацоўны Макар Краўцоў уваходзіў у склад Галоўнай рады Таварыства. З 1927 года ў перыяд найбольш паспяховай дзейнасці ён актыўна працаваў у Беларускім навуковым таварыстве ў Вільні, якое вывучала беларускую гісторыю; падтрымвала, пашырала, дапамагала беларускаму Музею Івана Луцкевіча, распрацоўвала падручнікі для беларускіх школ, падтрымвала дзейнасць пісьменнікаў і мастакоў.

Як і за многімі беларускімі дзеячамі, хто перабраўся ў Заходнюю Беларусь, за Макарам Краўцовым вялося польскай паліцыяй і службай бяспекі пастаяннае назіранне, адсочваліся яго кантакты і сувязі. Ужо ў 1923 годзе ўпраўленне паліцыі Віленскай акругі прыйшло да высновы, што Макар Касцевіч з'ўляецца " дзеячом, вядомым як цвёрды беларускі незалежнік і трэба зрабіць вывад, што праектуемы ім часопіс "Саха" нічым не будзе розніцца ад папярэдніх беларускіх газет "Беларускі звон" і "Наша будучыня"… Па прафесіі - настаўнік. Падтрымвае пастаянны цесны кантакт з усімі вядомымі беларускімі дзеячамі. Па перакананнях - левы. Перад пачаткам вялікай вайны 1914 - 1918 г.г. удзельнічаў у рабоце партый." Прызнанне М. Краўцова левым давала паліцыі падставы арыштоўваць па абвінавачванні ў пракамуністычнай агітацыі.

Пражыванне ў Вільні без пастаяннай працы і матэрыяльных сродкаў цяжка адбівалася на здароўі, занятках, творчых планах. Час ад часу, маючы на гэта права (сваёй доляй зямельнай спадчыны ў Баброўні ён не карыстаўся), звяртаўся ён па дапамогу да сваякоў у Баброўню, у прыватнасці, да пляменніка Платона, з якім падтрымліваў добрыя сувязі. Так, 11 снежня 1936 г. цікавіўся, як ідуць гаспадарчыя справы (меліярацыя, продаж лесу), як жывуць родныя і дадаў пра сябе: " У хаціне нашай сядзець было холадна і мы ўжо нумар кватэры змянілі - з 6-га на № 1-шы ў тым самым доме. Цяпер цёпла, хоць пісаць мне і не так зручна. Але няма чаго вельмі і пісаць. Справы робяцца ўсё вузейшымі. Дзеля ўсяго гэтага яшчэ раз прашу выслаць, не адкладаючы, усе грошы, якія там для мяне маеш, бо адчуваем мы ў іх вострыя патрэбы ў зімовы час."

Жывучы ў Вільні, ён патрымваў цесныя сувязі са Скідзельшчынай, амаль кожны год летам наведваў родную Баброўню і сваякоў, якія дапамагалі яму матэрыяльна. У сваёй вёсцы і ў суседніх Бандарах сумесна з моладдзю наладжваў вечары, на якіх ставілі спектаклі - "камадэйкі", - спявалі беларускія песні, а сам Макар і Міхась Васілёк чыталі свае вершы, хаця польская паліцыя такія мерапрыемствы забараняла. Пры яго падтрымцы плённа працавала разгалінаваная і ўплывовая Скідзельская арганізацыя Таварыства беларускай школы.

Сваёй творчасцю, актыўнай грамадскай дзейнасцю Макар Краўцоў садзейнічаў станаўленню незалежнай беларускай дзяржавы. Але гэта не патрэбна было савецкай уладзе, якая прыйшла ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 г. Не патрэбен быў і Макар Краўцоў, і таму ён, арыштаваны ў Вільні і вывезены ў Беласток, загінуў там у засценках НКВД у 1939 - 1940 гг.

Літаратурная творчасць

Пра Макара Касцевіча (Краўцова) як пра асобу шматгранную, таленавітую расказаў прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы Аляксей Пяткевіч. Ён паведаміў, што паэт выступіў у друку ў 1916 г., але яго талент найбольш ярка раскрыўся ў часы нацыянальнага адраджэння, барацьбы за нацыянальную дзяржаву і ў пачатку 20-х гадоў, ён паспяхова спалучаў літаратурную працу з грамадскай дзейнасцю. Ён друкаваўся ў многіх беларускіх выданнях - газетах і часопісах: "Гоман", "Звон", "Беларускае жыццё", "Беларусь", "Наша думка", "Саха", "Маланка", "Сялянская ніва", "Беларуская культура", "Шлях моладзі" і інш., але асобнага выдання яго твораў не было. Літаратуразнаўцам-даследчыкам трэба многа папрацаваць, каб паказаць нашым сучаснікам багатую літаратурную спадчыну Макара Краўцова: высокае паэтычнае майстэрства, разнастайнасць паэтычных форм, узнёслы патрыятычна-рамантычны настрой. Ён ствараў і лірычныя вершы, рамансы, і патрыятычныя песні, пісаў публіцыстычныя артыкулы. Хаця ён жыў у Заходняй Беларусі ў Вільні, але быў добра знаёмы з літаратурным працэсам у Савецкай Беларусі і адгукаўся на яго: напісаў глыбокія артыкулы аб творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Жылкі, К. Буйло, Цёткі і інш.

Шмат перакладаў польскіх, рускіх, англійскіх паэтаў і пісьменнікаў, ім зроблены пераклады твораў М. Лермантава, Л. Талстога, Максіма Горкага, А. Купрына, М. Зошчанкі, А. Міцкевіча, Г. Сянкевіча,Т. Шаўчэнкі і інш. На пачатку літаратурнага шляху М. Краўцова прыкмецілі вядомыя дзеячы беларускай культуры. Пра яго як маладога паэта пісаў акадэмік Яўхім Карскі ў "Матэрыялах для слоўніка беларускіх пісьменнікаў апошняга часу" як дадатку да капітальнай шматтомнай працы "Беларусы". У ёй вучоны знаёміць з творчасцю 203 беларускіх пісьменнікаў 19 - пачатку 20 стагоддзя і дае кароткую характарыстыку іх творчасці, у тым ліку і Макара Краўцова. Высока ацэньвае яго літаратурную творчасць і Максім Гарэцкі ў сваёй "Гісторыі беларускай літаратуры". У 30-я гады ў сувязі з цяжкімі матэрыяльнымі ўмовамі, асабістым беспрацоўем, пераследам польскіх уладаў Макар Краўцоў адышоў ад паэтычнай творчасці, жыў выпадковымі заробкамі. Але яго не пакідала высокая ідэя служэння беларускай справе, і ён і ў гэтыя гады ўспамінаў і часам пісаў артыкулы, прысвечаныя дзеячам Беларускай Народнай Рэспублікі Івану Луцкевічу, Пётру Крэчаўскаму, Алесю Гаруну, напісаў гістарычнае даследаванне "Рада Беларускай Народай Рэспублікі". Аднак да нашых дзён не выдадзены зборнік яго твораў, адсутнічае і глыбокі навуковы аналіз яго творчасці, хаця яго літаратурная і грамадская дзейнасць заслугоўваюць высокай ацэнкі.

У час сустрэчы ў Баброўні гучалі шчырыя, душэўныя вершы Макара Краўцова і Міхася Васілька ў выкананні прысутных. Паэтка Галіна Самойла прачытала верш М. Краўцова, прысвечаны жыхару Баброўні, суседу Косцю Буцько, з якім аўтар сустракаўся пры наведванні вёскі і які быў адным з ініцыятараў устаноўкі помніка ў Баброўні. Годна прагучаў і неўміручы верш "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", які жыве і натхняе беларусаў і ў нашы дні. Пра гэта засведчыла Тамара Мазур, прачытаўшы ўласны верш:

Мы ўсе мудрэйшыя з гадамі,

Падзенні зведаўшы і ўзлёты.

Мы выйдзем

шчыльнымі радамі

Пад промняў сонца

пазалотай…

Без лішніх суддзяў

і прысяжных,

Не на задворках і не ўпотай

Мы выйдзем

шчыльным і радамі

Пад промняў сонца

пазалотай.

А праўнучка Макара Краўцова Ала Раманенкава зацікавіла прысутных яшчэ адным выхадцам з сям'і Касцевічаў - Міхасём, унукам Макара па братавай лініі. Творчы склад яго натуры адчуваўся ва ўсім: ён склаў радавод сямейства Мацвея Касцевіча, бацькі Макара, пісаў і змяшчаў у мясцовым друку краязнаўчыя артыкулы і вершы, прысвечаныя землякам і роднай Баброўні, востра перажываў яе заняпад.

Памяць не згасне

Маленькая Баброўня жыве. Яе падтрымвае і неўміручая Котра, якой усё больш цікавяцца беларускія і замежныя турысты, і чароўная прырода, і аўталаўка, што кожны тадзень наведвае вёску па добрай грунтовай дарозе. Падтрымваюць Баброўню і слаўныя паэты - яе былыя жыхары.

Землякі ўсё больш цікавяцца іх жыццёвым лёсам і творчасцю. А ў абласным і раённым друку час ад часу да юбілею з'яўляюцца артыкулы, прысвечаныя Макару Краўцову, паўтараючыя ў нечым адзін другога.

Унук Макара Краўцова - Міхась Платонавіч Касцевіч, у 90-я гады і ў пачатку новага стагоддзя заняўся глыбокімі пошукамі звестак пра жыццёвы шлях і лёс свайго дзеда. Звяртаўся ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, адкуль атрымаў некаторыя матэрыялы аб жыцці Макара Краўцова ў Вільні ў 20 - 30-ыя гады. А звароты ў 2000 годзе ў Камітэт дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь (Упраўленне па Гарадзенскай вобласці), у Дзяржаўны архіў у Беластоку ў 2002 годзе, у Цэнтральны дзяржаўны архіў Рэспублікі Літва не прынеслі ніякіх вынікаў з-за адсутнасці дакументаў, датычных Макара Краўцова.

Аднак памяць пра паэтаў жыве: яна ў тым, што ў Скідзельскім сельскагаспадарчым ліцэі даўно дзейнічае і пашыраецца аддзел, прысвечаны Макару Краўцову і Міхасю Васільку, што ў музеі Элізы Ажэшкі ў вёсцы Мількаўшчына разгорнута экспазіцыя, прысвечаная і М. Краўцову, і М. Васільку, што ў гэтыя музеі ведаюць дарогу экскурсіі .

І ўпэўнена Ала Раманенкава, будуючы новы дом у Баброўні каля былых сядзіб Касцевічаў, што не зарасце народная сцяжынка да вёскі, якую ўславілі два таленавітыя паэты, і памяць аб іх не згасне.

Іван Буднік. На здымках: 1. Макар Касцевіч (злева) у царскім войску; 2. Макар Касцевіч у 20-я гады ў Вільні; 3 і 4. Памятны камень перад вёскай Баброўняй.


ЮБІЛЕЙ СЛАВУТАГА МАСТАКА

Аднойчы вядомы літаратар Уладзімір Ільіч Содаль (светлай памяці) яшчэ пры сваім жыцці прасіў мяне, каб я напісаў пра гэтага цудоўнага чалавека.

Чалавек, пра якога ішла размова - Аляксандр Іванавіч Цыркуноў. Нарадзіўся будучы мастак на Гомельшчыне ў вёсцы Лясань Жлобінскага раёна. Служыў ў войску, працаваў на Менскім аўтазаводзе. Шукаў сваё месца ў мастацтве, наведваючы ў розныя часы розныя мастацкія гурткі, мастацкую студыю ДК Менскага трактарнага завода. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Сваімі настаўнікамі лічыць Хаіма Ліўшыца, Пятра Крахалева, Анатоля Бараноўскага.

Творы мастака вылучаюцца экспрэсіўнасцю, лаканізмам вобразнай структуры, разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў, каларыстычнымі вырашэннямі. Сюжэтна-тэматычнымі карцінамі "Гусляр" (1980), "Вяселле ў Капылі" (1982), "Бульба"(1984), "У чаканні"(1984), "Роспач. Двое" (1984), "Памяці Караткевіча" (1985), "Хрост ліцвінаў" (1987) "Поступ"" (1988), "Дзяды" (1988), "Покліч" (1994), "Плашчаніца" (2000), "Жыццядайная крыніца" (2002), "На досвітку", "Свята" (1988), "Адвечнае святло Беларусі" (1988). А вось Анатоль Белы вельмі паважаў сп. Цыркунова як партрэтыста.

Лепшымі партрэтамі лічацца "Веткаўчанін Фёдар Шкляраў" (1976), "Прысвячэнне Васілю Быкаву" (1990), "Мікола Ермаловіч" (2001), "Вітаўт Вялікі"(2003), "На Палессі" (1988), " Белая мелодыя" (1985).

Сапраўды ёсць жанр да якога мастак больш прывязаны - партрэт.

Лепшай рэцэнзіяй на сваю творчасць спадар Цыркуноў лічыць артыкул Таццяны Гаранскай з часопіса "Мастацтва" (2011).

Творы Аляксандра Іванавіча знаходзяцца ў музеі Анатоля Белага (г. Старыя Дарогі), музеях Гародні, Віцебска, Астраўца, Паставаў, Оршы, Жлобіна, Веткі інш., у прыватным зборы (Італія).

Акрамя жывапісных твораў сп. Алесь Іванавіч вырабляе і архітэктурна-мемарыяльныя знакі, помнікі. Мастацкія праекты і большая частка працы (акрамя кавальскай працы) былі выкананы мастаком. Усе яны прысвечаны падзеям ці асобам, якія маюць грамадскую і гістарычную значнасць, і былі ўстаноўлены і асвечаны ў знамянальныя дні. Сярод каторых Крыж "Усім святым Беларусі. Да 2000-годдзя нараджэння Хрыстова" (02.10.2000 - Дзяды; вёска Чэхі Мядзельскі р-н), дзе выканана 10 рэльефных медальёнаў, 5 іншых рэльефаў, шмат арнаментыкі і тэксту.

Калі ўглядаешся ў маналіт даследчыцкай і творча-прапагандысцкай дзейнасці мастака Алеся Цыркунова, дзіву даешся - адкуль столькі энергіі ( у 70 год) моцы і ў рэшце рэшт сродкаў. Алейны жывапіс без спонсарскіх укладанняў - занятак дарагі для тых, хто не шукае фінансавай аддачы.

Сябра ТБМ рэгулярна робіць выставы ў офісе ТБМ. Сёння творца працуе над паэмай Янкі Купалы "На куццю" (1912) і рыхтуе нізку жывапісных твораў паводле гэтай тэматыкі.

Жадаю Алесю Іванавічу моцнага-моцнага здароўя, новых твораў, аптымізму, энергіі, а таксама здзяйсненняў ўсіх мар і задум!

З 70 -годдзем!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.



25 сакавіка ў сядзібе ТБМ адкрылася выстава твораў Алеся Цыркунова, прысвечаная 100-годдзю БНР. Выставы да 25 сакавіка ў розных месцах мастак ладзіць з году ў год. У адкрыцці выставы бралі ўдзел Алена Анісім і Алег Трусаў.

Пасля адкрыцця выставы прысутныя напісалі Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку. Дыктоўку чытаў прафесійны педагог Алесь Чэчат. Як правіла дыктоўка ў ТБМ 25 сакавіка завяршае Агульнанацыянальную дыктоўку ў краіне.

Наш кар.


100 год БНР у Лідзе

Святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Лідзе арганізоўваў Лідскі гістарычна-мастацкі музей. Ліда - адзіны горад у краіне, дзе святкаванне юбілею БНР ладзіла выключна дзяржаўная структура, грамадскасць актыўна дапамагала.

Вечарыну вялі паэт Алесь Хітрун і дырэктар музея Ганна Драб. Падчас святкавання ў гэты дзень гучалі патрыятычныя песні ў выкананні Сяргея Чарняка і Зміцера Захарэвіча. Артыст Алег Лазоўскі выдатна выканаў вершы лідскіх паэтаў Уладзіміра Васько, Станіслава Судніка, а таксама класікаў Анатоля Бутэвіча і Ніла Гілевіча.

Кароткую лекцыю пра гісторыю БНР прачытаў навуковы супрацоўнік музея Ілья Пузаткін, а пра ўклад лідзян у справу БНР распавёў прызнаны гісторык Леанід Лаўрэш, які некалькі месяцаў таму назад быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Таму важным пунктам імпрэзы стала ўручэнне Леаніду Лаўрэшу пасведчання сябра Саюза пісьменнікаў, для чаго з Гародні спецыяльна прыехаў старшыня абласнога аддзялення Валянцін Дубатоўка.

Трэба сказаць, што з Гародні прыехала цэлая дэлегацыя. Прафесар Аляксей Пяткевіч распавёў прысутным кароткую гісторыю БНР, а паэты Рычард Бялячыц і Ала Нікіпорчык дадалі свае вершу ў лідскую паэтычную нізку. Валянцін Дубатоўка прэзентаваў альманах "Новы замак" за 2017 год і шчыра павіншаваў усіх прысутных са слаўным юбілеем.

Ад Ліды акрамя Алега Лазоўскага вершы чыталі Ганна Рэлікоўская, Міхась Мельнік, Алесь Мацулевіч, Станіслаў Суднік.

Атрымалася свята, якога ў Лідзе даўно не было, што праўда і такой даты не было. Людзі пакідалі залу са словамі падзякі ў адрас калектыву музея і гарадскіх уладаў у цэлым. Той рэдкі выпадак, калі ўладу не лаялі, а шчыра дзякавалі. Дзякавалі не толькі за імпрэзу, а за дзяржаўны падход да пытання кансалідацыі грамадства на грунце беларускага патрыятызму.

У Лідзе ўжо многія гады ідзе цеснае супрацоўніцтва паміж грамадскімі арганізацыямі і органамі ўлады, так будзе і далей.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX