НАША СЛОВА № 14 (1373), 4 красавіка 2018 г.
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
У Менску зарэгістраваны беларускамоўны ўніверсітэт
У Беларусі ў якасці юрыдычнай асобы зарэгістраваны прыватны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча. Пра гэта паведаміла старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая выступіла заснавальніцай беларускамоўнай ВНУ:
- Мы маем дакументы аб рэгістрацыі Прыватнай установы адукацыі "Уіверсітэт імя Ніла Гілевіча". Заснавальнікам выступае Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Універсітэт зарэгістраваны.
РР:
- Трэба знайсці фінансаванне, памяшканне, нейкім чынам наладзіць працу ўніверсітэта. Зараз такія пытанні стаяць перад Таварыствам беларускай мовы?
- Безумоўна, але яны стаяць не толькі перад Таварыствам беларускай мовы, але яны ўжо стаяць і перад тымі, хто будзе працаваць непасрэдна ў структуры ўніверсітэта. Таварыства беларускай мовы выконвае свае функцыі, а затым перадае паўнамоцтвы непасрэдна кіраўніцтву ўніверсітэта. Для таго, каб яно прыступіла да дзейнасці, мы мусім зацвердзіць кандыдатуру рэктара. Рада ТБМ адзінагалосна прыняла рашэнне рэкамендаваць на пасаду рэктара былога старшыню ТБМ Алега Трусава.
Навучанне ва ўніверсітэце, як і ў іншых прыватных ВНУ, плануецца зрабіць платным. Статут будучай ВНУ прадугледжвае магчымасць навучання па 56 спецыяльнасцях. Плануецца стварыць тры факультэты - гуманітарны, факультэт філалогіі, замежных моў і перакладу, а таксама факультэт культуралогіі і мастацтваў. У верасні арганізатары плануюць пачаць працу падрыхтоўчага аддзялення.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.
(Працяг тэмы на старонцы 2.)
90 гадоў Хведару Нюньку
Хведар Якубавіч НЮНЬКА (нар. 6 красавіка 1928, в. Алешавічы, гміна Каменка, Гарадзенскі павет, Беластоцкае ваяводства, Польшча, цяпер Мастоўскі раён Беларусі) - беларускі грамадска-культурны дзеяч у Летуве. Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Летуве (4.2.1989 - 29.9.2014).
Быў другім пасля сястры дзіцём у беднай сялянскай сям'і (2,5 гектары зямлі). Атрымаўшы ў Мастах зямлю і лес ад мясцовага землеўладальніка, ягоны бацька Якуб збудаваў там дом з крамай тканіны і харчавання. У 1936 годзе праз перашкоды мясцовага фабрыканта сям'я пераехала на кватэру ў Шчучын, дзе бацька наладзіў гуртавы збыт сшыткаў у школы.
З прыходам немцаў у 1941 годзе бацька наняў Хведару настаўніка нямецкай мовы, што пазьней уратавала яго бацьку ад расстрэлу. Калі на бацьку зрабілі данос аб вывешванні чырвонага сцяга, Хведар патлумачыў па-нямецку ў камендатуры, што той парваў польскі сцяг з прыходам Чырвонай арміі ў 1939 годзе. У 1943 годзе сям'я пераехала ў Вільню, у якой Х. Нюнька ў 1948 годзе скончыў расейскую гімназію імя Чарняхоўскага. Вучыўся на лясным факультэце Летувіскай сельскагаспадарчай акадэміі (скончыў у 1953 годзе). Атрымаў размеркаванне ў Дзяржплан, аднак уладкаваўся на тры гады паводле спецыяльнасці інжынерам да 1959 года. Цягам 35 гадоў да 1992 года працаваў галоўным адмыслоўцам па каштарысах у праектных будаўнічых інстытутах Вільні. З 1980-х гадоў вядзе актыўную грамадска-культурную працу па адраджэнні беларускасці ў Летуве. Сябар прэзідыума Рады БНР з 1997 года.
29 верасня 2014 года на паседжанні Рады ТБК Хведару Ньнюку быў выказаны недавер, і прыпынена яго старшынства ў ТБК. 17 студзеня 2015 года Агульны сход ТБК выключыў Хведара Нюньку з шэрагаў Таварыства беларускай культуры ў Летуве.
Судовае паседжанне па справе дамоў, дзе Х. Нюнька адказчык, адбылося 21 верасня 2016 года. Віленскі акружны суд сваім рашэннем ад 7 снежня 2016 года паставіў апошнюю кропку ў судовай справе. Адкінутыя ўсе абвінавачанні ў адносінах да асобы Хведара Нюнькі, і ў якасці кампенсацыі суд прысудзіў выплаціць на яго карысць 3000 еўра.
Вікіпедыя.
Мар'яну Дуксу - 75
Мар'ян ДУКСА - беларускі празаік і паэт.
Нарадзіўся 5 красавіка 1943 года ў вёсцы Каракулічы Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Рана страціў бацьку. У 1958 - 1960 гг. займаўся ў Свірскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі, закончыўшы яго, працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады, адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. У 1969 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта і пачаў працаваць настаўнікам Сольскай сярэдняй школы (1969-1987).
На старонках рэспубліканскай перыёдыкі выступае з вершамі з 1960 года. Выдаў вершаваныя зборнікі "Спатканне" (1967), "Крокі" (1972), "Станцыя" (1974), "Прыгаршчы суніц" (1976), "Забытыя словы" (1979), "Зона супраціўлення" (1982), "Твая пара сяўбы" (1985), "Заснежаныя ягады" (1989). Аўтар кніг для дзяцей "Зялёны акварыум" (1980) і "Світаюць сосны" (1987).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А. Куляшова (1990) за кнігу паэзіі "Заснежаныя ягады" (1989).
Першая кніга паэта - "Спатканне" - выйшла з друку ў 1967 г. Спатканне сапраўды было прыемным, бо адчувалася, што ў літаратуру прыйшоў новы таленавіты творца, прыйшоў сваім шляхам, роўна, шчыра, нікога не паўтараючы.
Якія праблемы ўздымаў малады аўтар? Пісаў, як і іншыя, пра свае, яшчэ блізкае дзяцінства, пра зямлю і чалавека на ёй, пра каханне ды адзіноту, якая часта мяжуе з гэтым светлым пачуццём. Можна было заўважыць, што паэт вельмі чуйны да роднай прыроды, але сваё захапленне ёю выказвае неяк стрымана, быццам хоча агледзецца навокал, паразважаць. Роздум, разважлівасць, засяроджанасць - гэта ўжо выразна акрэсленыя рысы ранняй паэзіі Мар'яна Дуксы.
Самае галоўнае жаданне ў творцы - "у чужое сэрца слова… перасадзіць".
Словы Мар'яна Дуксы: "Я настойліва сцвярджаю, што паэзія - гэта своеасаблівая пропаведзь - палітычная, сацыяльная, рэлігійная, маральная, эстэтычная, пропаведзь заўсёды гуманістычная па сваёй сутнасці. Пропаведзь, дадзеная Богам".
Вікіпедыя.
Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча
Старшыня ТБМ і дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім абвесціла 27 сакавіка на прэсавай канферэнцыі пра рэгістрацыю Прыватнай установы адукацыі "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" і прадэманстравала пасведчанне аб яго рэгістрацыі. Універсітэт з беларускай мовай навучання, створаны ТБМ імя Францішка Скарыны існуе як юрыдычная асоба. Пасля таго, як многія варыянты назваў былі адхіленыя, кіраўніцтва ТБМ звярнулася да сына Ніла Гілевіча з просьбай надаць імя народнага паэта Нацыянальнаму ўніверсітэту, і спадар Сяргей хутка і аператыўна даў сваю згоду. Рада ТБМ 13 сакавіка падрыхтавала неабходныя дакументы і прыняла адпаведнае рашэнне.
15 сакавіка 2018 года А. Анісім і юрыст А. Горбач перадалі дакументы і ў Дзень Канстытуцыі ўніверсітэт быў зарэгістраваны. Ён рэальна зможа пачаць працу з восені 2019 года, а з верасня 2018 будзе працаваць падтрыхтоўчае аддзяленне. Як прыватная навучальная установа, універсітэт зможа прыняць 50 студэнтаў. Будзе адкрыты ўніверсітэцкі сайт і газета. Універсітэт будзе існаваць за кошт еўрапейскіх грантаў і за кошт аплаты за навучанне. У Статуце ўніверсітэта зарэгістраваны 56 спецыяльнасцяў.
- Гэта наш унёсак у святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, - падкрэсліла Алена Анісім. - Каб перайсці на наступны этап нам спатрэбіцца яшчэ шмат працы. Зараз ідуць кансультацыі з Міністэрствам адукацыі. Каб распачаць адукацыйны працэс нам трэба будзе атрымаць ліцэнзію.
- Гэта вялікі гонар для мяне, што ў сталіцы беларускай дзяржавы будзе існаваць універсітэт імя Гілевіча. І гэта лагічна, бо бацька 20 гадоў чытаў лекцыі на філфаку БДУ выключна па-беларуску і быў арганізатарам і стваральнікам ТБМ, - адзначыў спадар Сяргей Гілевіч.
- Нацыянальны ўніверсітэт неабходны як завяршальная веха фарміравання беларускай нацыі, - адзначыў спадар Уладзімір Колас. - У Беларусі мы мусім дбаць аб развіцці беларускай мовы і наданні ёй належнага статусу. Мы павінны зрабіць універсітэт прыцягальным і прывабным, канкурэнтаздольным на рынку адукацыйнай прасторы. Выкладанне ў ім павінна весціся на самым высокім сучасным узроўні. Мы глядзім на сусветныя стандарты і Балонскі працэс, пад якім падпісалася Беларусь. Наш універстэт будзе пілотнай навучальнай установай, дзе прынцыпы Балонскага працэсу будуць апрабоўвацца, досвед можа транслявацца на ўсю краіну. Ёсць спадзяванне, што Нацыянальны ўніверсітэт дапаможа знайсці паразуменне ў грамадстве і стаць нашай агульнай справай. Гэта магчымасць зазірнуць у будучыню і паўплываць на яе.
- Як толькі БНР абвесціла незалежнасць, было запісана, што дзяржава без універсітэта існаваць не можа, - прамовіў Алег Трусаў. - Тады быў створаны аргкамітэт на чале з акадэмікам Карскім. Праца пайшла станоўча, і Карскі спадзяваўся стаць рэктарам БДУ, але яго кіраўніком у 1921 годзе стаў Уладзімір Пічэта. Беларусізацыя ўніверсітэта ішла актыўна, і ў 1928 годзе большасць прадметаў у БДУ выкладалася па-беларуску. Калі б не сталінскія рэпрэсіі, БДУ даўно б ужо быў нацыянальным. У БДУ існавалі добрыя навуковыя школы, але была татальная русіфікацыя. Тых, хто пісаў канспекты па-беларуску, выключалі. У 1973 годзе разагналі навуковую канферэнцыю па этнагенэзу, знішчылі навуковыя зборнікі. Калі Беларусь стала незалежнай, і беларуская мова зноў стала дзяржаўнай, наша парламенцкая камісія на чале з Нілам Гілевічам актыўна займалася пытаннямі мовы. Да 1996 года тысячы выкладчыкаў ВНУ выкладалі па-беларуску. Пасля ганебнага рэферэндуму прафесар Хадыка прапанаваў змагацца хаця б за адну навучальную ўстанову. У 1998 годзе ТБМ сабрала 55 тысячаў подпісаў за адкрыццё нацыянальнага ўніверсітэта і ўручыла іх міністру Васілю Стражаву.
Цяпер, пасля двухгадовай працы Аркамітэта, мы вырашылі стварыць прыватны ўніверсітэт. Мы будзем фармаваць навуковыя школы, якія будуць аб'ядноўваць выкладчыкаў, студэнтаў і аспірантаў. Напрыклад, будзе існаваць школа прафесара Краўцэвіча. Загадчыкамі кафедр стануць уплывовыя і знакамітыя асобы. Нядаўняе свята паказала, што будучых студэнтаў - цэлая плошча! Ёсць і шмат выкладчыкаў, гатовых працаваць. Прадугледжваецца кафедра археалогіі і энталогі, кафедра сацыялогіі і псіхалогіі, кафедра права, кафедры бізнесу і эканомікі, кафедры славянскіх і германскі моваў, кафедры філалогіі і лінгвістыкі і іншыя. Мэта нашага ўніверсітэта - стварэнне нацыянальнай эліты.
- Наш універсітэт будзе прадукаваць веды пра Беларусь і веды, якія Беларусі патрэбныя. Гэта будзе ўніверсітэт даследчыцкі, у гэтым будзе яго прынцыповае адрозненне ад падобных інстытуцый. Мы вызначылі шэсць асноўных накірункаў, - сказаў географ і этнолаг Павел Церашковіч, удзельнік рабочай групы па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта.
Адзін з накірункаў будзе займацца выкарыстаннем культурнай і гістарычнай спадчыны, бо нам неабходныя менеджэры, здольныя з гэтага зрабіць эканамічны рэсурс, як ў большасці еўрапейскіх краінаў. Рэгіяналістыка дапаможа вывучаць краіны суседзяў і тых, якія з'яўляюцца наймацнейшымі гульцамі на сусветным рынку эканомікі і палітыкі.У нас няма зараз паланістыкі, германістыкі і еўрапеістыкі. Нам патрэбны будуць спецыялісты, якія будуць ведаць гэтыя краіны з усіх бакоў. Урбаністыка дапаможа комплексна займацца гарадскім асяроддзем. Медыйныя даследванні будуць блізкімі да журналістыкі, і ў іх рамках мы будзем спрабаваць рыхтаваць літаратараў і спецыялістаў па напісанні сцэнароў для кінематографа. Падрыхтоўка менеджэраў спатрэбіцца на рынку працы. У Статуце запісана, што беларуская мова будзе нашай своеасаблівай візітоўкай. Студэнты змогуць навучацца на англійскай мове і на іншых, запатрабаваных вучэбным працэсам.
Э. Дзвінская, на здымках аўтара: 1. Павел Церашковіч, Алег Трусаў, Алена Анісім; 2. Сяргей Гілевіч.
Пакажа час
Калі мы называем дашкольнае выхаванне першай прыступкай народнай адукацыі, у першую чаргу не зусім дасведчанаму чалавеку прыходзіць на розум догляд дзяцей, харчаванне, ласкавыя адносіны.
Педагогі-прафесіяналы вельмі добра ведаюць, што так, гэта ўсё неабходна для росту дзяцей, але яшчэ, калі вы хочаце выхаванасці, гарманічнага развіцця эмоцый, пачуццяў, разумовых здольнасцей у дашкольнікаў, што складзе аснову асобы на ўсё жыццё, асаблівую ўвагу гэтаму патрэбна надаваць да пяці гадоў дзіцячага ўзросту, менавіта, у першыя гады яго жыцця.
Я, за многія гады працы, маю досвед адносін з рознымі дашкольнымі ўстановамі і вельмі паважаю менавіта выхавацеляў дзіцячых садоў - рознабакова адукаваных, умелых, з тонкім псіхолага-педагагічным падыходам, ствараючых неверагодныя ўмовы эмацыянальнага дзіцячага свету.
Непасрэдна з гэтакім, цывілізаваным у прафесійным сэнсе светам дзяцінства, мне прыйшлося сутыкнуцца ў Тыдзень роднай мовы. Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Яслі-сад № 4 г. Нясвіжа "Караблік дзяцінства", знакамітая ў горадзе, вобласці, краіне сваімі інавацыямі, працай з бацькамі, са святарамі па выхаванні ў дзяцей і іх атачэння духоўнасці, мэтанакіраванасці. Бацькі ідуць сюды як у метадычны цэнтр - свой бацькоўскі, звычайны. І жывуць жыццём сваіх дзяцей, іх выхавацеляў, патрэбамі і святамі, паўсядзённасцю і дасягненнямі. Невядома, як удаецца адным зацікавіць, другім зацікавіцца, але гэта так. І вось, Тыдзень роднай мовы! У 4-м садку кожны чацвер - дзень роднай мовы, на працягу ўжо многіх гадоў. Усе дзеці, бацькі і выхавацелі, супрацоўнікі праводзяць заняткі і проста размаўляюць на роднай, чароўнай, сваёй. І ніякіх пытанняў! У дзяцей толькі здзіўленне ў вачах на запытанне: "А з мамай дома размаўляецце па-беларуску?"
- Мама не хоча.
- А табе падабаецца?
- Падабаецца!
Так, канешне, маладыя мамы ўжо і не могуць размаўляць па-беларуску, бо адвучыліся ад сваёй, а на другой гэтак хораша, як на сваёй, і не атрымаецца.
І вось у садку пачалі ўсё спачатку, а можа працягнулі роднае слова ўводзіць ў жыццё паўсядзённасці малых беларусаў.
Ці дасць гэта вынік, як першая прыступка адраджэння беларускай мовы, пакажа час.
Але я атрымала асалоду ад вялікага сходу на нацыянальную дыктоўку ў садку №4 выхавацеляў, супрацоўнікаў, студэнтаў-практыкантаў педкаледжа, бацькоў дзяцей.
Удзельнікі мерапрыемства назіралі цудоўны занятак, які правяла выхавацель дашкольнай адукацыі Маляўка Іна Леанідаўна з дзецьмі старэйшага ўзросту па выхаванні павагі і любові да Беларусі. Эмацыянальны ўдзел у свяце ўсіх прысутных даў мне такі ўздым, што вельмі захацелася расказаць аб гэтым незвычайным садочку чытачам нашага выдання. Кіраўнік дзяржаўнай установы адукацыі "Яслі-сад № 4 г. Нясвіжа "Караблік дзяцінства" В.І. Пуляк - застрэльшчык усіх спраў няпростага свету дзяцінства і вельмі крыятыўны ініцыятар, разумны дарадца супрацоўнікам і бацькам, прыклад калегам.
Чамусьці, верыцца, што дзеці гэтага садка і іх бацькі на ўсё жыццё зберагуць у сэрцах і памяці ініцыятыўнасць, адказнасць, веды і духоўнасць, якія атрымалі ад вельмі годных, разумных, сапраўдных педагогаў.
Зоя Кулік, г. Нясвіж.
Пра музей Барыса Кіта
Старшыні грамадскага аб'яднання
'Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Анісім А.М.
Аб ушанаванні памяці Б. Кіта
Паважаная Алена Мікалаеўна!
У адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 сакавіка 2018 г. № 10/535-9 Міністэрства культурь інфармуе грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" аб выніках разгляду звароту аб ушанаванні памяці Барыса Уладзіміравіча Кіта (1910-2018).
Узнятыя таварыствам пытанні ўшанавання памяці Б.У. Кіта разгледжаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь сумесна з НАН Беларусі, міністэрствамі культуры, адукацыі, сувязі і інфарматызацыі, аблвыканкамі і Мінскім гарвыканкамам.
Сёння памяць вядомага ўраджэнца Беларусі ўшанавана наступным чынам:
у Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі створана экспазіцыя, прысвечаная асабіста Б. Кіту;
у 2008 г. у сярэдняй школе № 1 г. Навагрудка адчынены музей Б.У. Кіта (на будынку школы ўсталявана ў яго гонар мемарыяльна дошка);
Б.У. Кіт з'яўляецца Ганаровым грамадзянінам г. Навагрудка, Ганаровым доктарам навук УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы".
Па пытаннях выдання паштовага канверта або іншых знакаў паштовай аплаты з партрэтам Б.У. Кіта Міністэрства сувязі інфарматызацыі праінфармавала, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам дадзеная працэдура можа быць ажыццёўлена, як правіла, не раней за 5 год пасля канчыны і да юбілеяў з дня нараджэння, якія кратныя 25.
Улічваючы, што ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь матэрыялаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці Б.У. Кіта, не маецца, арганізацыя адпаведнай экспазіцыі ў дадзеным музеі не ўяўляецца магчымай.
Разам з тым, у адпаведнасці з канцэпцыяй і тэматыка-экспазіцыйным планам пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэснублікі Беларусь, якая будзе створана ў новым будынку музея па пр.Пераможцаў, адзін з раздзелаў пастаяннай экспазіцыі будзе прысвечаны тэме "Беларусы замежжа" і ў тым ліку жыццю і дзейнасці Б.У. Кіта.
Прыняцце іншых мер па ўшанаванні памяці Б.У. Кіта на цяперашні час не плануецца.
Прынятыя па Вашым звароце рашэнні могуць быць абскарджаны ў парадку, вызначаным артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Об обращениях граждан и юридических лиц".
Намеснік Міністра А.А. Яцко.
Жывы паэт
У перадапошні дзень сакавіка ў Нясвіжы сабраліся разам аматары паэзіі, каб ушанаваць памяць паэта Паўлюка Пранузы, яго 100-гадовы юбілей. Арганізатары, а гэта сябры ТБМ і супрацоўнікі раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, назвалі сустрэчу "Жывы паэт".
Хораша, цёпла гаварылі пра Паўла Кузьміча дачка Алена Лявіцкая, школьныя вучаніцы паэта Станіслава Вальчык, Наталля Плакса і літаратурны вучань Валерый Дранчук, супрацоўнік бібліятэкі Зоя Сілкова і зямляк Станіслаў Суднік. Так, праз шматлікія ўспаміны і паўстаў паэт, як жывы. Невялікая дыктоўка, якую напісалі падчас літаратурнага свята, дапоўніла вобраз "маэстра рыфмаў". Словы для яе ўзялі з прадмовы Уладзіміра Ліпскага да аднаго са зборнікаў нясвіжскага паэта, у якой удзячна прыгадваюцца мілыя дэталі даўняй сустрэчы на Гарадзейскім цукровым камбінаце.
Да таго ж Уладзімір Сцяпанавіч даслаў у Нясвіж сваё прывітальнае слова: "Шаноўныя несвіжане! Перад тым, як узяцца пісаць дыктоўку пра вядомага Паэта, шчырага Педагога Паўлюка Пранузу, задумайцеся пра адну народную мудрасць: "Жыві так, каб было жыццё пасля жыцця". Як трэба жыць у зямным раі? Што рабіць, каб па табе засталася памяць? Якім ты павінен быць у сям'і, на працы, з сябрамі?
Павел Кузьміч, сціплы і добры, шчыры і заўсёды з мілай усмешкай, даў свае ўрокі: будзь верны свайму чалавечаму гонару, будзь Беларусам, і рабі тое, на што скіраваў цябе Бог, калі пасылаў на Зямлю!
Поспехаў Вам у творчым раздуме над лёсам і жыццём Паўлюка Пранузы!"
Каб падмацаваць высновы таго роздуму, удзельнікі літаратурнай сустрэчы неаднойчы звярталіся да паэтавых радкоў, часам вельмі даўніх, яшчэ ваеннай пары:
У бліндажы, траншэі вузкай,
Хоць бой упарты бушаваў,
А роднай мовы беларускай
Ніколі я не забываў.
На гэтай мове калыханку
Спявала маці ў цішыні.
"За Беларусь!" - на грозным танку
Пісаў прад боем на брані.
А ў час кароткага прывалу,
Хоць стомлен, адпачыць бы рад,
Я зборнік з вершамі Купалы
Чытаў для землякоў-салдат.
…І даводзілі павярхоўным даследчыкам жыцця і творчасці П. Пранузы: памылкова сцвярджаць, што ён "усё жыццё настаўнічаў у Нясвіжы і пісаў пра Сталіна, Леніна, партызан і мудрых старшынь калгасаў". Родная мова, матчына калыханка, Беларусь, Купала і Колас, землякі - вось апорныя словы яго паэзіі, трывалы і нязменны падмурак творчасці.
Станіслава Вальчык, г. Нясвіж.
Прозвішчы Беларусі
Павел Сцяцко
Новая серыя
(Працяг. Пачатак у папяр. нум.)
1424. Шчэпаў (Уладзімір) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Шчэпа і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шчэпаў. ФП: шчэпа ('чаранок высокага дунковага дрэва, які ўстаўляецца ў расшчэпленую частку расліны для прышчэпкі', а таксама 'прышчэпленая расліна') - Шчэпа (мянушка, потым прозвішча) - Шчэпаў.
1425. Шчэрбік (Галіна) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Шчэрба з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Шчэрбік. ФП: шчарбіць ('рабіць шчарбіны (пустата паміж зубамі')) - шчэрба ('пра шчарбатага чалавека') - Шчэрба (мянушка) - Шчэрба (прозвішча) - Шчэрбік.
1426. Шыбека (Захар) - семантыны вытвор ад апелятыва шыбека 'той, хто шыбка (хутка) ходзіць'. Па-раўн. хвалека 'хвалько', умека 'здольны', салапека 'салапяка'.
1427. Шыбко (Вольга) - другасная форма, першасная Шыбка - семантычны вытвор ад апелятыва шыбка - памянш. ад шыба 'кавалак шкла, устаўлены ў аконную раму'.
1428. Шымановіч (Ілья) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Шыман і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шымановіч. ФП: Сіман (імя <ст.-яўр. simon 'слухаць, чуць') - Шыман (катал. імя) - Шымановіч.
1429. Шымко (Кірыл) - вытвор з фармантам -ко ад антрапоніма Шыма і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шымко. ФП: Сіман (імя ст.-яўр. 'слуга') - Сіма і Шыма (нар.-гут. варыянт яго) - Шыма (прозвішча) - Шымко.
1430. Шырокава (Ганна) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Шырокі і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шырокава. ФП: шырокі ('вялікі ў папярочніку', 'прасторны (пра адзенне)', 'вялікі ў прасторы', 'размашысты, свабодны', 'не абмежаваны' і інш.) - Шырокі (мянушка, потым прозвішча) - Шырокава.
1431. Шытаў (Ігар) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Шыты і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шытаў. ФП: шыты ('зроблены, выкананы шляхам жыцця') - Шыты (мянушка, потым прозвішча) - Шытаў.
1432. Шыханцоў (Генадзь) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Шыханец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шыханцоў. ФП: шых (шанц) - шыханы (пашанцаваны) - шыхан ('той, каму пашанцавала') - Шыхан (мянушка, потым прозвішча) - Шыханец ('нашчадак Шыхана', суфікс -ец) - Шыханцоў.
1433. Шыхаў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Шых і значэннем 'нашчадак названай асобы'. Шыхаў. ФП: шых ('парадак, узор' (Нас.) 'шчасце, шанц' (СНМЗ)) - Шых (мянушка, потым прозвішча) - Шыхаў.
1434. Шыцік (Павел) - семантычны вытвор ад апелятыва шыцік / шыцюк 'шашаль' (насякомае атрада жукоў, лічынкі якога псуюць скуры, футры, точаць дрэва і пад.).
1435. Шыцько (Аляксандр) - семантычны вытвор ад апелятыва шыцько (утварэнне з фармантам -ко ад шыць) 'той, хто шые', непахв. 'шавец'.
1436. Шычко (Сяргей) - вытвор з фармантам -ко ад антрапоніма Шыч і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шычко. ФП: сыч ('начная птушка атрада соў'; (перан.) 'маўклівы, пануры чалавек' - шыч (фанет. варыянт слова сыч пры чарг. (рэг.) с/ш; параўн. сакун - шакун)) - Шыч (мянушка) - Шыч (прозвішча) - Шычко.
1437. Шышло (Вольга) - семантычны вытвор ад апелятыва шышло 'капун, маруда' (Даль).
1438. Шэлехаў (Міхаіл) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Шэлех і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шэлехаў. ФП: шэлег ('старажытная дробная манета') - шэлех (гукавая, вымаўленчая форма: аглушэнне звонкага [ г] і пераход яго ў глухі [ х]) - Шэлех (мянушка, потым прозвішча) - Шэлехаў. Параўн. Шэлегава, Шэляговіч ( шэлег), дзе аглушэнне не было.
1439. Шэўчык (Ірына) - семантычны вытвор ад апелятыва шэўчык (укр. шевчик) 'памочнік шаўца'.
1440. Юзафовіч (Магдалена) - вытвор з суфіксам бацькаймення - овіч ад антрапоніма Юзаф і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Юзафовіч. ФП: Юзаф (імя <ст.-яўр. 'Бог памножыць'), варыянты Іосіф, Восіп / Осіп / Іосіп) - Юзаф (прозвішча) - Юзафавіч. Набывае і формы Юзефовіч, Юзэфовіч, Язэпавіч.
1441. Юргель (Рагнеда) - другасная форма, першасная Юркгель (з 1539 г.) - вытвор з фармантам -ель ад антрапоніма Юрка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Юркгель ( кг - выбугному [ g]). ФП: Юрый (з мовы грэкаў georgos 'земляроб') - Юры (варыянт імя) - Юрка (нар. форма) - Юркгель - Юргель.
1442. Юркевіч (Дар'я) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Юрка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Юркевіч. ФП: Юрый (з мовы грэкаў: georgos 'земляроб') - Юрка (народная форма) - Юрка (мянушка, потым прозвішча) - Юркевіч.
1443. Юркштовіч (Мікалай) - вытвор з суфіксам бацькаймення - овіч ад антрапоніма Юркшта і значэннем 'нашчадак названай асобы': Юркштовіч. ФП: Юрый (грэц. Georgos - georgos 'земляроб') - Юркшта (разм. форма) - Юркшта (мянушка, потым прозвішча) - Юркштовіч.
1444. Юроўскі (Адам) - вытвор з прэстыжным фармантам -оўскі ад антрапоніма Юрый і значэннем 'нашчадак названай асобы': Юроўскі. Або ад тапоніма Юраўка і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Юраўскі - Юроўскі.
1445. Юруць (Мікалай) - вытвор з фармантам -уць ад імя Юрый набыў ролю прозвішча. Гл. Юргель.
1446. Юрчык (Аксіння) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Юрка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Юрч(к/ч)ык. ФП: Юрый (імя) - Юрка (гут. форма яго) - Юрка (мянушка, потым прозвішча) - Юрчык.
1447. Юрэня (Анатоль) - вытвор з фармантам -эня ад антрапоніма Юра і значэннем 'нашчадак названай асобы': Юрэня. ФП: Юрый (імя гл. Юркевіч) - Юра (гутар. форма) - Юра (прозвішча) - Юрэня.
1448. Юшкевіч (Ірына) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Юшка і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Юшкевіч. ФП: Юрый (імя з мовы грэкаў 'земляроб') - Юшка (гутарк. экспрэс. форма) - Юшко (мянушка, потым прозвішча) - Юшкавіч - Юшкевіч.
1449. Юшкоўская (Вольга) - вытвор з фармантам -оўская/-ская ад антрапоніма Юшкі / Юшкоўка і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Юшкоўская, Юшкоўская. ФП: Яўхім (імя, з мовы грэкаў, з семантыкай 'дабрадушны, добразычлівы') - Юшко (народна-гутарк. форма) - Юшко (празванне, потым прозвішча) - Юшкі (тапонім) - Юшкоўка (тапонім ад Юшкі, фармант -оўка) - Юшкоўская.
1450. Яворскі (Станіслаў) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Явар і значэннем 'нараджэнец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Яварскі - Яворскі. ФП: явар ('дрэва сямейства кляновых, белы клён; драўніна гэтага дрэва', а таксама (рэг.) 'аер') - Явар (тапонім) - Яварскі - Яворскі.
1451. Яжоў (Анатоль) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Ёж і значэннем 'нашчадак названай асобы' - Ежоў - Яжоў. ФП: ёж (рус. ёж 'вожык') - Ёж (мянушка, потым прозвішча) - Яжоў.
1452. Яжэвіч (Андрэй) - вытвор з суфікам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Ёж і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ежэвіч - Яжэвіч. ФП: ёж (рус.) 'вожык' - Ёж (мянушка, потым прозвішча) - Яжэвіч. Або ад апелятыва ежа ('тое, што ядуць і п'юць; прадукты харчавання'), які даў антрапонім Ежа, а затым Ежавіч - Яжэвіч.
1453. Языковіч (Віктар) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Язык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Языковіч. ФП: язык ('рухомы мышачны орган у ротавай поласці, які з'яўляецца органам смаку, а ў чалавека удзельнічае таксама ва ўтварэнні гукаў мовы'; 'палонны, ад якога можна атрымаць патрэбныя звесткі', 'пра што-н. выцягнутае па форме падобнае на язык') - Язык (мянушка, потым прозвішча) - Языковіч.
1454. Якубоўская (Ірына) - вытвор з фармантам -ская / -оўская ад тапоніма Якубоўка / Якубы і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Якубоў(к)ская / Якубаўская. ФП: Якуб (імя, ст.-яўр.) - Якуб (прозвішча) - Якубы / Якубоўка (тапонім) - Якубоўская.
1455. Якутовіч (Якуб) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Якут і значэннем 'нашчадак названай асобы': Якутовіч. ФП: якут (мн. якуты - 'народ цюркскай моўнай групы, які складае асноўнае насельніцтва Рэспублікі Саха (Якуціі), што ўваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі') - Якут (мянушка, потым прозвішча) - Якутовіч.
1456. Якушэўскі (Вадзім) - вытвор з фармантам -скі/-эўскі ад тапоніма Якушоўка / Якушы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Якушэўскі, Якушэўскі. ФП: Якаў (імя) - Якуш (народна-гутарк. форма) - Якуш (мянушка, потым прозвішча) - Якушы (тапонім) - Якушо(э)ўка (тапонім) - Якушэўскі.
(Працяг у наст. нумары.)
Павышэнне сацыяльнай ролі беларускай мовы - галоўнае патрабаванне часу
Мова - гэта гісторыя народа. Мова - гэта шлях цывілізацыі і культуры.
А. Купрын.
Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй.
Аляксандр Лукашэнка.
(З паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь народу і Нацыянальнаму сходу.)
I такое, як справядліва заяўлена Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, практычна адбылося з намі. Ледзь не ўвесь беларускі народ "анямеў" у роднай мове! Жах! Галоўная "заслуга" ў гэтым дзяржаўнага чыноўніцкага апарата, Праваслаўнай царквы, школы Расійскай імперыі, а пазней - бальшавікоў прарускай арыентацыі, рэпрэсіўных органаў Савецкай Беларусі. На вялікі здзіў ўсяму свету, ад такой шкоднай, варожай народу антынацыянальнай палітыкі не адцураліся і ўлады суверэннай Рэспублікі Беларусь, свядома вытурыўшы на задворкі яе базавую мову.
Аб'ектыўна ацэньваючы рэальную моўную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь, самая аўтарытэтная на планеце Зямля міжнародная арганізацыя ЮНЭСКА колькі гадоў таму ўнесла беларускую мову ў чырвоны спіс моваў, якім пагражае выміранне. Гэты ганебны, найперш за ўсё для самой нашай дзяржавы факт, не асмеліўся, не пажадаў абвергнуць ніводзін яе палітык, ніводзін афіцыйны ідэолаг, ніхто з бюджэтных навукоўцаў, у тым ліку і з філолагаў у статусах прафесароў, дактароў навук, член-карэспандэнтаў! Мо за гэта каго-небудзь з апошніх пазней абралі акадэмікамі? Такое магільнае маўчанне трэба тлумачыць, відаць, тым, што і Прэзідэнт, і ў масе сваёй увесь дзяржаўны апарат, прыцягнутая ім на службу інтэлектуальная эліта цалкам згодныя з суровым, але справядлівым прысудам ЮНЭСКА. А паколькі згодныя, таму не робяць нават сімвалічных крокаў па выратаванні роднага слова ад поўнага заняпаду, купаюцца, боўтаюцца з зайздроснай асалодай у рускамоўнай стыхіі, татальна запанаваўшай у нас за гады функцыянавання прэзідэнцкай сістэмы кіравання краінай. Гэта вялікая недаравальная здрада нацыянальнаму інтарэсу, за што нам не даруюць нашчадкі. Трэба, шаноўная палітычная, інтэлектуальная эліта, не радавацца вам вынікамі русіфікатарскай палітыкі, нягледзячы на іх нечуваную для ўсёй айчыннай гісторыі маштабнасць, а энергічна, рашуча змагацца за ўзвядзенне беларускай мовы на дзяржаўны п'едэстал, адзіна законны толькі для яе адной на нашай зямлі. Сорам, ганьба ўладзе, што яна забяспечыла беларускай мове месца толькі ля падножжа такога п'едэстала дый то на вялікай адлегласці.
У перспектыву такога высакароднага нацыянальна-патрыятычнага руху, як змаганне за поўнакроўнае жыццё роднага слова тытульнага народа, мы верым, таму маем вялікае жаданне выкласці шэраг прапаноў па забеспячэнні беларускай мове ключавых пазіцый у абслугоўванні ўсіх сфераў афіцыйнай дзейнасці чалавека. Мы свядома не збіраемся выступаць з прапановай абвясціць 2018 год Годам беларускай мовы (да гэтага яшчэ не гатовае наша грамадства, у тым ліку і яго палітыкі), але такім ён абавязкова павінен быць па факце. I не толькі 2018 год. Нам, думаем, пагодзяцца многія, не ўдалося сабраць жаданага ўраджаю ад правядзення ў 2016 годзе Года культуры, а ў 2017 годзе Года навукі. У першым выпадку год - на радасць вялізнага пласта здэнацыяналізаванага насельніцтва - азнаменаваўся далейшым умацаваннем рускага культурна-моўнага пачатку ў Рэспубліцы Беларусь, а летась, у Год навукі, айчынная навука так і не давяла да ўсведамлення народа, чым для яго з'яўляюцца родная мова і нацыянальная ідэя. Ён па-ранейшаму працягвае жыць упоцемку, не разумеючы, куды яго вядуць прамаскоўскай арыентацыі палітыкі, ідэолагі, паслухмяныя ім інтэлектуалы.
Належнага эфекту не атрымалі мы і ад святкавання ў мінулым годзе 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, бо адзначалася яно ў поўным адрыве ад надзённых нацыянальна-культурных, моўных праблем сучаснасці. Гэтага, як агню, баяліся ўсе, хто меў дачыненне да арганізацыі, правядзення юбілею беларускага кнігадрукавання.
Экстрэмальнае для беларускай мовы становішча вымагае не лозунгаў, а канкрэтных спраў ад высокіх эшалонаў улады, хаця ільвіная доля адказнасці за выміранне беларускай мовы ляжыць, несумненна, менавіта на іх. Пераканаўчым сведчаннем таму з'яўляюцца праведзеныя імі на карысць рускай мовы рэферэндумы ў траўні 1995 і ў лістападзе 1996 г. Таму вызваляць палітычную эліту ад адказнасці, ад удзелу ў выратаванні беларускай мовы ніяк не выпадае. Падобнага роду абавязкі неабходна таксама ўскласці і на кожнае міністэрства, ведамства, а таксама на буйныя прадпрыемствы, установы, арганізацыі, дзе ёсць пасады намесніка кіраўніка па ідэалогіі і працы з моладдзю. У інтарэсах нацыянальнай ідэі трэба прыкласці ўсе сілы, каб хутчэй вывесці з летаргічнага сну БРСМ і ў яго статуце дакладна вызначыць ролю і месца беларускай мовы ў жыцці гэтай самай масавай грамадскай арганізацыі. Ёй мы рэкамендуем грунтоўна пазнаёміцца і запазычыць шмат чаго карыснага з плённага ўдзелу моладзі, камсамолу ў ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі ў міжваенны перыяд.
У кожнай з вышэй пералічаных сфераў грамадскай дзейнасці людзей павінны рэгулярна па перспектыўных планах праводзіцца адукацыйныя і асветніцкія мерапрыемствы, круглыя сталы з мэтай абмеркавання і выпрацоўкі дзейсных практычных шляхоў па ўкараненні ў іх штодзённае жыццё першай па значэнні дзяржаўнай мовы - беларускай. У кожнай газеце, кожным часопісе, на тэлебачанні і радыё павінны быць сталыя рубрыкі, да прыкладу: "Беларускую мову - у паўсядзённае жыццё!", "Праблемы павышэння сацыяльнай ролі беларускай мовы ў краіне, вобласці, раёне, горадзе". Такую практыку не толькі можна, але і трэба распаўсюдзіць на працоўныя калектывы. Гэта абавязкова паспрыяе выхаванню ў нацыі, у кожнага яе індывідыума цвёрдага ўсведамлення аб пільнай неабходнасці поўнамаштабнага выкарыстання беларускай мовы ў афіцыйным жыцці, дзе яна, насуперак разумнаму сэнсу, а не па волі народа, адсутнічае з ужо досыць далёкага сумнавядомага 1995 года. Важна псіхолага-педагагічна стварыць спрыяльны агульнадзяржаўны, агульнанародны клімат добраахвотнасці ўводу беларускай мовы ў афіцыйнае жыццё, а не займацца адміністрацыйным навязваннем яе таму ці іншаму калектыву дый самім дзяржаўным чыноўнікам. Смеху варта, што за гады прэзідэнцкага кіравання краінай ніводзін з нашых малочных заводаў (камбінатаў) не навучыўся пісаць па-беларуску нават словы "Кефір", "Малако".
Усіх рангаў уладным, адміністрацыйным структурам, ажыццяўляючы такую надзвычай важную нацыястваральную дзейнасць, неабходна абапірацца на суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Таварыства беларускай школы, для чаго ёсць прамы сэнс пайсці на пэўнае адзяржаўленне гэтых вялікага этнакультурнага патэнцыялу грамадскіх арганізацый. Іх жа сучаснае матэрыяльнае, фінансавае становішча не вытрымлівае нават самай элементарнай крытыкі, проста жахлівае. А яны ж на сёння адзіныя грамадскія калектыўныя змагары за захаванне таго неацэннага багацця, якое дае нам, беларусам, права называць сябе не якім-небудзь этнічна нявызначаным бесструктурным людам, а паўнавартаснай нацыяй. Ніколькі не перабольшым, зазначыўшы, што ў несумненных поспехах, дасягнутых за апошнія гады існавання Савецкай Беларусі, а таксама за час функцыянавання парламенцкай сітэмы кіравання ў Таварыства беларускай мовы па ўкараненні беларускай мовы ў афіцыйнае жыццё заслуг не менш, чым у самога дзяржаўнага чыноўніцкага апарату.
I яшчэ жадаем звярнуцца з такой прапановай да высокіх эшалонаў улады: давайце нарэшце не будзем ленавацца ці саромецца вучыцца ў народаў свету, як трэба шанаваць родную мову, забяспечваць ёй вядучую ролю ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці чалавека. "В нашей родной России" (словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), напрыклад, дбаюць пра прысутнасць рускай мовы на ўсёй постсавецкай прасторы. Прычым, прыярытэт беспамылкова адводзіцца сферы адукацыі. А ў "суверэннай" Рэспубліцы Беларусь гэтая ва ўсіх краінах свету галоўная нацыястваральная сфера стала практычна рускамоўнай. Вось якую "заслужаную плату" атрымалі мы ад сваёй усходняй суседкі за сваё неахайнае, бяздумнае стаўленне да роднай беларускай мовы. Ёсць што запісаць на баланс дзяржаўнай моўнай палітыкі прэзідэнцкай вертыкалі.
Нам вельмі сорамна і за нашых дзяржаўных чыноўнікаў, і за шырокія колы інтэлігенцыі, што яны не маюць нават элементарнай зацікаўленасці да беларускай мовы і, не выключана, мо на цэлы парадак адстаюць у гэтым ад сваіх замежных калег. Пэўны час у нас праводзіцца на ўсе сто адсоткаў адпаведны нацыянальнаму інтарэсу конкурс "Чытаем па-беларуску з Velcom". А да сёння яшчэ не зафіксавана, каб у ім удзельнічалі айчынныя афіцыйныя асобы. А вось многія прадстаўнікі замежжа, якія працуюць, жывуць у Рэспуліцы Беларусь, з вялікай ахвотай ідуць на падобнага роду нацыянальна-адраджэнцкія мерапрыемствы. Гэта асабліва характэрна дыпламатам. У час правядзення такога конкурсу ў снежні 2017 года ў Менску Пасол Каралеўства Швецыі Крысціна Юхансон прачытала верш Максіма Багдановіча "Зорка Венера", Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Джон Райлі - верш Ніла Гілевіча "Белыя сыплюцца долу крышталікі", Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італьянскай Рэспублікі Стэфана Б'янкі - санет Язэпа Пушчы "Дантэ - Аліг'еры", памочнік Пасла Рэспублікі Карэя ў Беларусі Ю Хо Гел - верш Якуба Коласа "Надыход зімы".
Якая б з гэтага вялікая карысць была, каб правядзенне конкурсу накшталт "Чытаем па-беларуску з Velcom" увайшла ў практыку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзвюх палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, апаратаў Савета Міністраў, абласных, раённых (гарадскіх) Саветаў дэпутатаў, усіх міністэрстваў і найбольш значных ведамстваў, самых буйных прадпрыемстваў і ўстаноў. Упэўненыя, абавязкова адбыўся б карэнны псіхалагічны пералом на карысць беларускай мовы нават і ў зрусіфікаваных у сёмым пакаленні нашых людзей, не выключаючы і высокага рангу палітыкаў.
Сёлета мы адзначаем - і хочацца думаць, што адзначым на самым высокім дзяржаўным узроўні, а не так бедна, як летась, стогадовы юбілей Першага Усебеларускага кангрэсу (з'езду) - вялікае з вялікіх нацыянальнае свята: 100-годдзе з дня абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму свае разважанні пра шляхі выратавання беларускай мовы, забеспячэнне ёй законнага прыярытэту на роднай бацькоўскай зямлі закончым надзвычай актуальнымі, непадуладнымі часу словамі аднаго са старшынь Рады БНР Пётра Крэчэўскага: "Без мовы няма нацыі, без культуры - няма народу і не можа быць Незалежнасці, сваёй уласнай дзяржавы". У снежні 1917 года на Першым Усебеларускім Кангрэсе (з'ездзе) было заяўлена пра неабходнасць адраджэння беларускай мовы, і БНР ужо ў першым месяцы свайго існавання абвясціла яе ў поўнай адпаведнасці з сусветнай практыкай адзінай дзяржаўнай і абавязковай для абслугоўвання ўсіх сфераў афіцыйнага жыцця маладой краіны. На такі гістарычна апраўданы, адзіна правільны крок і павінна неадкладна стаць сёння, хаця і са спазненнем аж на цэлыя сто гадоў, прэзідэнцкая вертыкаль Рэспублікі Беларусь. Гэта неабходна для выратавання нашага дарагога роднага слова ад пагібелі і ў адначассе самога беларускага народа і яго дзяржаўнасці ад такой жа горкай долі. Рашучы паварот прэзідэнцкай вертыкалі тварам да мовы тытульнага народа ва ўсе сферы афіцыйната жыцця. Беларуская мова - гэта кісларод для рэальнага нацыянальнага суверэнітэту, без якога ён застанецца толькі на паперы. Набыты ў 2018 годзе станоўчы досвед па ўкараненні роднага слова ва ўсе сферы грамадскай дзейнасці чалавека - у што так хочацца верыць! - дапаможа нам стварыць неабходную базу для абвяшчэння 2019 года Годам беларускай мовы і на высокім узроўні правесці яго.
Заслугоўвае ўвагі і абавязковага пераймання пазітыўны, нацыянальна-патрыятычны досвед братняй Украіны, як трэба даражыць, цаніць роднае слова. З мэтай павышэння сацыяльнай ролі і значэння ўкраінскай мовы як канстытуцыйнага кансалідуючага фактару, як шляху умацавання дзяржаўнасці адзінай, непадзельнай Украіны да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі звярнулася 178 народных дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны, Камітэт Рады па культуры і духоўнасці, 36 вядомых украінскіх навукоўцаў, пісьменнікаў, мастакоў з прапановай абвясціць 2018 год Годам украінскай мовы. Іх ініцыятыву падтрымаў Сусветны камітэт украінцаў
Верым, што досвед Украіны мабілізуе і наш дзяржаўна-палітычны апарат, інтэлектуалаў Беларусі, грамадскую супольнасць звярнуцца да Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з прапановай абвясціць 2019 год Годам беларускай мовы.
Менш як праз месяц пасля заканчэння 2019 года - упэўненыя, Года беларускай мовы - нацыянальна-патрыятычныя колы краіны абавязкова будуць адзначаць 30-годдзе прыняцця "Закона аб мовах у Беларускай ССР". Нагадаем, што ў гэтага гістатычнай важнасці Закона гадамі ўзлёту былі толькі люты 1990 - ліпень 1994 года, а гадамі свядома заплананага ўладамі заняпаду - жнівень 1994 г. і па сёняшні дзень.
Не губляем надзеі, што ў высокіх эшалонах улады Беларусі хопіць цвярозага розуму, прафесійнай смеласці і адвагі, каб вярнуць да жыцця нацыянальна прагрэсіўны і так актуальны, запатрабаваны на сёння Закон "Аб мовах у Беларускай ССР", прыняты 28 гадоў таму назад.
Леанід Лыч, прафесар. Мікола Савіцкі, прафесар.
Вялікдзень у Германіі
Навіны Германіі
Як гэта па-нямецку?
У розных мовах замацаваліся розныя найменні гэтага свята. У рускай мове слова пасха сыходзіць сваімі каранямі да лацінскага наймення pascha, утворнаму ад pessach на іўрыце. Песах - так завецца сёння цэнтральнае юдзейскае свята, якое адзначаецца ў памяць пра зыход з Егіпту. Пачынаецца яно, паводле габрэйскага календара, на 15-ты дзень вясновага месяца нісан і святкуецца на працягу сямі дзён у Ізраілі і васьмі - па-за Ізраілем.
Па-нямецку свята Вялікадня завецца Ostern. Ostern - слова старажытнагерманскага паходжання, сваім значэннем цесна злучана з найменнем часткі свету - усход ( Osten). Для параўнання, Easter - Вялікдзень у ангельскай мове таксама перагукваецца з назвай часткі свету, дзе ўстае сонца - east. Той бок, дзе ўзыходзіць сонца, лічыўся адмысловым, знакавым у хрысціян, звязаным з уваскрэсеннем Ісуса Хрыста.
Калі ў немцаў Вялікдзень?
Вялікдзень адносіцца да ліку так званых "рухомых" царкоўных святаў, дата якіх змяняецца ў залежнасці ад года. У грыгарыянскай і юліянскай традыцыі маецца разыходжанне паміж датамі разліку Вялікадня, якое часам можа дасягаць нават пяці тыдняў! Часцей за ўсё каталіцкі Вялікдзень святкуецца на тыдзень раней за праваслаўны.
Гэта розніца абумоўлена розніцай паміж грыгарыянскім і юліянскім сонечнымі календарамі, з-за чаго праваслаўныя і каталікі ў розны час пачынаюць адлік часу, пакінутага да Вялікдня ад першага вясновага маладзіка.
Цікава таксама, што ў Германіі Вялікдзень, як і Каляды, - свята дзяржаўнага ўзроўню. На Вялікдзень нямецкія школьнікі выходзяць на вакацыі, якія так і завуцца "велікоднымі" - Osterferien. Вакацыі гэтыя доўжацца ад аднаго да двух тыдняў, у залежнасці ад федэральнай зямлі. Акрамя таго, афіцыйнымі выходнымі днямі лічацца таксама Karfreitag, Ostersonntag і Ostermonntag.
Што такое Karfiertag, Ostersonntag і Ostermontag?
Karfreitag (па-беларуску Вялікая пятніца, Жарсная пятніца) - так завецца пятніца на Жарсным тыдні - тыдні перад Вялікднем. Гэты дзень прысвечаны ўспаміну пра смерць Ісуса Хрыста на крыжы, здыманне з крыжа Яго цела і пахаванне. У Германіі гэты дзень завуць таксама "stiller Tag" (ціхі дзень) ці "stiller Feiertag" (ціхае свята). У гэты дзень нават існуе забарона на правядзенне забаўляльных і спартовых мерапрыемстваў у грамадскіх месцах, танцы-дыскатэкі, і нават тэатрам даводзіцца лічыцца з наяўным законам. У многіх гарадах Германіі вялікія гандлёва-забаўляльныя цэнтры застаюцца ў гэты дзень зачыненымі для наведвальнікаў.
Karsamstag (Вялікая субота, Жарсная субота) - субота Жарснага тыдня, прысвечана, паводле хрысціянскай традыцыі, пасту і малітвам у чаканні Уваскрэсення Хрыста. Гэты дзень у некаторых рэгіёнах Германіі завецца таксама "stiller Samstag" па аналогіі з пятніцай - "ціхая субота".
Ostersonntag - так завецца дзень, які азначае сабой Уваскрашэнне Хрыста, канец Вялікага Паста і Жарснага тыдня. У гэты дзень усе звычайна збіраюцца за сямейным сталом з традыцыйнымі стравамі, віншуюць адзін аднаго з Вялікаднем. У Германіі гэты дзень - выходны.
Ostermontag - панядзелак адразу ж пасля Вялікадня, таксама з'яўляецца выходным днём. У гэты дзень не працуюць школы, грамадскія і дзяржаўныя ўстановы, а таксама шматлікія крамы. Так што, калі вы апынуліся ў Германіі напярэдадні Вялікадня, варта загадзя падумаць пра тое, каб назапасіцца ежай на гэтыя выходныя і падрыхтаваць усё неабходнае для свята Вялікадня!
Калі яйкі фарбаваць будзем?
Так, так - немцы таксама фарбуюць яйкі на Вялікдзень! Праўда, яны часцей за ўсё гэта робяць не самі, а купляюць у супермаркеце ўжо гатовыя звараныя і размаляваныя яйкі. Іх можна купіць, дарэчы, і не толькі на Вялікдзень - у іншы час гэтая шматколернасць будзе звацца Picknickeier. Але на Вялікдзень іх прадаюць проста ў велізарных колькасцях, прычым ужо задоўга да самага свята!
Паштоўкі з намаляванымі на іх яйкамі, зайцамі і іншымі атрыбутамі свята пачынаюць з'яўляцца ў крамах дзе-нідзе ўжо пасля Каляд, а за некалькі тыдняў да самога свята ў некаторых гандлёвых цэнтрах з'яўляюцца фігуркі велікодных зайцаў і малюнак сцэнак, як дзеці шукаюць рознакаляровыя яйкі ў садзе і ў двары. Пасля Вялікадня ўсё гэта ўпрыгожвальніцтва прыбіраюць, і некаторыя людзі жартуюць, што раз прыбралі велікодную "мішуру" з паліц, значыць хутка зноў з'явіцца калядная. На тое гэта і Германія - усё спланавана загадзя, нават Ostereier!
Вельмі папулярныя на Вялікдзень таксама шакаладныя яйкі і кіндер-неспадзеўкі - па-нямецку Uberraschungseier, скарочана Ueier (яйкі з неспадзеўкай!). Іх асабліва любяць дзеці, для якіх Вялікдзень - гэта ў першую чаргу вясёлае свята, бо на Вялікдзень прыходзіць….не, не Санта Клаўс, а Велікодны заяц!
Што хавае Велікодны заяц?
Ну, вядома ж, яйкі! Гэта ён хавае напярэдадні рознакаляровыя размаляваныя яйкі і слодычы ў садзе, каб дзеці потым іх шукалі і цешыліся! Гэта яго малююць на малюначках з пажаданнямі і ў яго часам пераапранаюцца тата ці старэйшы брат, каб даставіць радасць малянятам, якія вераць - раз яйкі бяруцца невядома адкуль, значыць, іх сапраўды прынёс Osterhase, гэты самы Велікодны заяц!
Велікодны заяц як знак урадлівасці і багацця стаў знакам Вялікадня ў Германіі з XVI стагоддзя і з тых часоў распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Адмысловай папулярнасцю ён карыстаецца ў Германіі, Швейцарыі і Нідэрландах. У выглядзе зайчыкаў робяць таксама цацкі, слодычы і сувеніры. Ёсць на Вялікдзень яшчэ і іншы звычай - Eier rollen, што значыць качаць яйкі: у каго далей пакоціцца, той і перамог. Радасці ў дзяцей, хоць дарма аддавай!
У немцаў ёсць шмат прымавак і вершыкаў пра Вялікдзень, многія з гумарам!
Сайт De-online.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў красавіку
Абакунчык Галіна Абрамовіч Віталь Мар'янавіч Адынец Сяргей Аксак (Арлова) Валянціна Ів. Аляксандраў Уладзімір Леан. Аляхновіч Андрэй Пятровіч Анацка Дзмітры Юр'евіч Андрэенка Таццяна Пятроўна Апяцёнак Мікалай Мікалаевіч Арабей Віталь Генадзевіч Арлоў Сяргей Аляксеевіч Арэп'ева Вольга Генадзеўна Асіеўская Крысціна Эрнест. Астапенка Аляксандр Астапеня Рыгор Яўгенавіч Астраўцоў Сяргей Аляксанд. Атрашэнка Сяргей Нікіфарав. Аўшукоў Леанід Аляксандр. Ашурык Андрэй Міхайлавіч Багдановіч Юры Уладзіміравіч Базнікін Юры Іванавіч Балушэўская Ірына Бандарэнка Зінаіда Аляксандр. Бараноўская Вольга Аляксан. Бараноўскі Уладзімір Мікал. Барскі Віктар Яўгенавіч Барысевіч Даніла Андрэевіч Басякова Аліна Болтак Аляксандр Брылеўская Наталля Міхайл. Будай Людміла Булатоўскі Арцём Ігаравіч Бульянкова Яніна Бухоўская Яніна Быль Віталь Анатольевіч Вайцэховіч Зінаіда Афанас. Вайцэховіч Эдуард Антонавіч Вайцяховіч Марыя Вакар Людміла Уладзіміраўна Валадзько Вадзім Пятровіч Валынец Алена Варган Віталь Васільеў Павел Аляксеевіч Васількоў Віталь Рыгоравіч Ваўкавец Яўген Вераб'ёў Віталь Вінаградаў Дзмітрый Мікал. Вінаградаў Павел Юр'евіч Войкель Павел Анатольевіч Воўкава Вікторыя Анатол. Вярбоўская Ірына Леанідаўна Гагалінская Людміла Гаеўская Аляксандра Рамуал. Гапановіч Іван Гарадовіч Ала Леанідаўна Гардынец Лідзія Міхайлаўна Гарэлікава Тамара Пятроўна Гасюк Марына Гладкая Анастасія Мікалаеўна Гоеўская Алеся Грыгаркевіч Вадзім Юр'евіч Грынявецкая Надзея Канстан. Грынявіцкі Юры Анатольевіч Грыцкевіч Аляксандра Аляк. Гуркова Аніта Гражына Аляк. Гучак Вольга Уладзіміраўна Дайлід Павел Канстанцінавіч Дарафейчык Ганна Дарога Мікалай Філіпавіч Даўгашэй Галіна Аляксандр. Дземідзенка Анастасія Алякс. Дзенісевіч Ніна Дзінгілеўскі Віталь Віктаравіч Дзьячкоў Алег Уладзіміравіч Дзябёлая Алена Віктараўна Дзягілева Галіна Дзям'яненка Алесь Мікалаевіч Дзяргач Галіна Іванаўна Доўкша Ірына Драйліх Алена Уладзіміраўна Дубіцкая Сцяпаніда Дулько Вольга Дундалевіч Людміла Ельяшэвіч Ірына Ермаловіч Канстанцін Уладзім. Жукаў Вітаўт В. Заблоцкі Максім Мікалаевіч Завадская Алена Міхайлаўна Занкевіч Вольга Захарэвіч Алена Міхайлаўна Зверава Тамара Мікалаеўна Звярок Андрэй Сяргеевіч Зелянеўская Аксана Міхайл. Зіноўева Святлана Зуева Ларыса Алегаўна Іванова Ніна Іваноў Ігар Віктаравіч Івашчанка Аляксандр Анатол. Ільніцкі Кірыла Ільючык Мікалай Антонавіч Іотчанка Настасся Аляксееўна Іўчына Таццяна Сяргееўна Кабзар Анатоль Ігаравіч Кадушкевіч Іван Антонавіч Казакевіч Юры Аляксандр. Казловіч Алена Казмерчак Ігар Міхайлавіч Каляда Надзея Сяргееўна Каляда Наталля Васільеўна Камлюк Алесь Антонавіч Канановіч Аляксандр Алякс. Канапацкі Вадзім Караленя Жанна Сямёнаўна Карлінская Тамара Іванаўна Карповіч Алесь Аляксандр. Касая Ганна Кастусёў Рыгор Андрэевіч Касьянчык Святлана Васіл. Кацэвіч Ірына Мікалаеўна Качан Алена Станіславаўна Кашалькова Марыя Якаўлеўна Кашэль Кастусь Кісялёва Святлана Клішэвіч Ігар Уладзіміравіч Кніт Уладзімір Міхайлавіч Кракоўны Яўген Аляксандр. Краснасельскі Дзяніс Красоўская Наталля Леанід. Крэцкі Віталь Кузьміна Дар'я Міхайлаўна Кузьняцоў Канстанцін Канст. Кулак Віктар Уладзіміравіч Кулаковіч Уладзімір Уладзім. Кульбака Аляксандр Пятровіч Курачыцкі Андрэй Курэпін Мікіта Кусянкова Любоў Яўгенаўна Кушчанка Карына Аляксанд. Лавіцкі Мікалай Емельянавіч Лакуцін Сяргей Дзмітрыевіч Лапуць Ірына Сяргееўна Лапцік Таццяна Яўгенаўна Латушка Раман Андрэевіч Леановіч Аляксандра Леванцэвіч Лена Васільеўна Лепушэнка Максім Алегавіч Леўчанка Ганна Паўлаўна Лісай Генадзь Станіслававіч Літвіноўская Алеся Генадз. Лічко Уладзімір Яўгенавіч Лука Алена Вячаславаўна Лукашэвіч Юры Аляксандр. Лысая Наталля Львова Ганна Леанідаўна Ляхоцкая Алена Ляшчоў Віктар Максімовіч Кацярына Малец Надзея Малічэўскі Павел Віктаравіч Мамантава Любоў Манкус Артур Эдуардавіч Манкус Канстанцін Віктаравіч Манько Агата Антонаўна Манько Алеся Маразюк Анатоль Васільевіч Марозава Наталля Анатол. Марчук Дзмітры Іванавіч Маслюкоў Тэльман Віктаравіч Матвеева Ганна Мацвеева Таццяна Віктараўна Мацельскі Міхась Альфрэд. Мельнікава Ала Міцкевіч Вольга Уладзімір. Міцынская Валянціна Алякс. Мішур Юльяна Дзмітрыеўна Нагорная Аліна Аляксандр. Несцяровіч Антаніна Андр. Несцярук Аркадзь Вітальевіч Падэнка Наталля Анатольеўна Пазнухова Васіліса Міхайл. Паклонская Людміла Панкоў С.А. Паплаўны Анатоль Уладзімір. Папоў Ігар Селівёрставіч Пархімчык Віктар Віктаравіч Парэчына Зінаіда Паўлаўна Пастухоў Міхаіл Іванавіч Пашук Таццяна Дзмітрыеўна Петрашэвіч Арцём Плахатнюк Святлана Паўлаўна Пракаповіч Георгі Дзмітр. Пушкіна Яніна Аляксандраўна Пшанічны Юры Рыгоравіч Пяткевіч Дзяніс Пятроўская Лізавета Рабецкая Таццяна Юр'еўна Райчонак Ада Эльеўна Раманчук Раіса Міхайлаўна Рудакоў Алег Васільевіч Русецкі Сяргей Васільевіч Савельева Таццяна Анатол. Савіч Валер Уладзіміравіч Сакалоў Юры Аляксандравіч Сакалоўская Вераніка Пятр. Сакалуха Алесь Іванавіч Саладкевіч Ганна Міхайлаўна Сацута Іван Уладзіміравіч Северцаў Мікалай Аляксанд. Селуянава Ала Сівук Кацярына Сідараў Сяргей Сільнова Людміла Данілаўна Сіўковіч Валянціна Мікал. Скакоўская Марыя Вітальеўна Скідан Аляксандр Пятровіч Снапкоўскі Сяргей Уладзімір. Соркіна Іна Валер'еўна Станіславенка Ганна Рыгор. Статкевіч Андрэй Ігаравіч Сташулёнак Іван Іванавіч Стрыжак Андрэй Сяргеевіч Стрэцскене Валянціна Канст. Сугак Вадзім Канстанцінавіч Сулецкая Ніна Андрэеўна Сцяпук Валянціна Андрэеўна Сыцько Кірыл Валер'евіч Сяцко Таццяна Сяргееўна Таболіч Алена Уладзіміраўна Талпека Дзмітры Міхайлавіч Тарарака Алена Труноў Віктар Іванавіч Тушынскі Дзяніс Міхайлавіч Усціновіч Юры Федуковіч Вольга Мікалаеўна Фейгіна Сафія Георгіеўна Філіпчанка Дзяніс Уладзімір. Фінагенаў Антон Аляксандр. Фурс Антон Віктаравіч Фэйгіна Сафія Георгіеўна Фясенка Іван Іванавіч Хаданёнак Марыя Іванаўна Хадаровіч Ганна Уладзімір. Хальманцэвіч Сяргей Анатол. Хільмановіч Уладзімір Іван. Хлапянюк Наталля Андрэеўна Царук Юлія Целеш Лявон Сцяпанавіч Цехановіч Зміцер Цімохіна Марыя Максімаўна Ціханаў Максім Віктаравіч Цярохін Уладзімір Станіслав. Цярэшка Васіль Яўгенавіч Чабатарэўская Тамара Мацв. Чаеўская Ала Канстанцінаўна Чарняўская Святлана Сярг. Чарняўскі Міхаіл Давыдавіч Чарткоў Алег Алегавіч Чырвонцава Вікторыя Мікіт. Чырэц Дзмітры Аркадзевіч Шапялевіч Валянціна Рыгор. Шаўра Юры Міхайлавіч Шаўцоў Раман Ігаравіч Шашкель Ніка Пятроўна Шкобрава Вольга Піліпаўна Шук Надзея Шумчык Франц Станіслававіч Шут Павел Васільевіч Шчукін Міхаіл Уладзіміравіч Шчыракова Ларыса Шэвяка Аляксандр Пятровіч Юржыц Святлана Леанідаўна Юржыц Уладзімір Генадзевіч Яблонскі Зміцер Міхайлавіч Якіменка Юлія Андрэеўна Яловік Павел Ірэніюшавіч Ярмоленка Васіль Сцяпанавіч Яфімовіч Юлія Паўлаўна Яцэнка Вольга
85 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ П.А. АТРУШКЕВІЧА
У 1952 годзе скончыў Нясвіжскую педагагічную вучэльню і працаваў настаўнікам матэматыкі ў в. Ячанка Стаўбцоўскага раёна, у 19 гадоў стаў дырэктарам сямігадовай школы. У 1958 годзе пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі малады інжынер-землеўпарадчык быў накіраваны на працу ў Алма-Ату, дзе пачаў працу інжынерам, начальнікам аддзела цэнтральнай комплекснай экспедыцыі (1958-1960 гг.)...
Сёлета спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння прафесара П.А. Атрушкевіча, творчае жыццё якога прайшло ў Казахстане. Як там апынуўся хлопец з вёскі Мархачоўшчына, што знаходзіцца недалёка ад Новага Свержня (Стаўбцоўскі раён), як расціла яго і дзесяткі ягоных сяброў - выпускнікоў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі - цалінная эпапея і на ўсё жыццё парадніла яго з Казахстанам? Аб гэтым Павел Аляксандравіч сам з цеплынёй распавядае ў кнізе "Душа жыве ў Казахстане", якая ўваходзіцць у казахскую серыю ЖЗЛ. Дарэчы, стварэнне гэтай серыі ініцыяваў Прэзідэнт Казахстана Н.А. Назарбаеў, які да 10-годдзя незалежнасці Казахстана даручыў адзначыць у серыі тых людзей, што шмат зрабілі для міжнацыянальнай згоды ў краіне. Гэта тэма для рэктара КазДАБА прафесара П.А. Атрушкевіча была балючай і вельмі актуальнай. Справа ў тым, што КазДАБА Павел Аляксандравіч узначаліў адразу пасля снежаньскага паўстання казахская моладзі (17-18 снежня 1986 г., г. Алма-Ата). У тых хваляваннях удельнічалі асобныя студэнты і выкладчыкі архітэктурна-будаўнічага інстытута. Галоўнай задачай у той час было зніжэнне ўзроўню палітызаванасці студэнцкай моладзі на аснове глыбокай павагі да казахскай мовы, звычаяў, гісторыі і культуры казахаў. Павел Аляксандравіч разумеў, што маладых хлапцоў-першакурснікаў лёгка было выцягнуць на плошчу, але немагчыма пабудаваць самастойную казахстанскую дзяржаву без нацыянальнай тэхнічнай інтэллегенцыі. Пачалася напружаная праца па мадэрнізацыі матэрыяльнай базы інстытута, будаўніцтве вучэбных карпусоў і студэнцкіх інтэрнатаў, перапрацоўцы навучальных планаў і дакументацыі з улікам новых спецыяльнасцей і змен у навучальна-выхаваўчай працы. У інстытуце з'явіліся новыя лабараторыі, кафедры. Многія дысцыпліны выкладаліся на казахскай мове. ВНУ пачала актыўна выкарыстоўваць магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва. Кожны год дзесяткі студэнтаў-казахаў і аспірантаў накіроўваліся працягваць навучанне ў Турэцкай Рэспубліцы, Англіі. Многія выкладчыкі там жа праходзілі стажыроўкі. Аб'яднанню калектыва інстытута добра служылі святочныя мерапрыемствы (святкаванне Наўрыза і інш.). Бытавыя, навучальныя праблемы студэнтаў вырашаліся на "студэнцкіх чацвяргах". Інстытут змяніўся. У 1990 годзе ён адным з першых ВНУ прайшоў саюзную атэстацыю, а ў 1994 г. пастановай каахстанскага ўраду інстытут быў перайменаваны ў архітэктурна-будаўнічую акадэмію. Гэтыя змены адчулі ўсе супрацоўнікі КазДАБА: іх зарплата стала удвая вышэй, чым у іншых ВНУ Казахстана.
1990 год прынёс П.А. Атрушкевічу і новыя клопаты: ён быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Казахстана, а ў наступны перыяд - і Межліса. У 1992 годзе П.А. Атрушкевіч прапанаваў ВС Казахстана макет дзяржаўнага сцяга рэспублікі, распрацаванага казахскімі студэнтамі-архітэктарамі. Асноўныя ідэі гэтага макета знайшлі адлюстраванне ў цяперашнім дзяржаўным сцягу Рэспублікі Казахстан. Праца ў вышэйшым дзяржаўным органе краіны, затым у Асамблеі народаў Казахстана (намеснікам Старшыні, Старшыня - Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Н.А. Назарбаеў) прынесла новы досвед і пераасэнсаванне ранейшага.
У гэтыя годы ў Казахстане прыкметна актывізаваліся міграцыйныя працэсы. Многія выязджалі: асабліва, немцы, рускія, украінцы, беларусы. Людзей падганяла няўпэўненасць у будучыні. Вайскоўцы імкнуліся служыць на сваёй этнічнай радзіме. Спецыялісты бачылі перашкоды ў прафесійнай дзейнасці. Людзі пачалі гуртавацца па этнічным прызнаку. З'явіліся нацыянальныя культурныя асяродкі. Сярод казахстанскіх беларусаў найбольшую нацыянальную свядомасць праявілі былыя цаліннікі, вайскоўцы і спецыялісты. Узнік культурны асяродак "Беларусь" у Алма-Аце (старшыня - П.А. Атрушкевіч, адказны сакратар - Я.А. Майсейчык), у Прыазёрску падпалкоўнікам С.В. Суднікам выдавалася беларускамоўная газета "Рокаш". Наладзіліся кантакты з Міністэрствам адукацыі Беларусі, ЗБС "Бацькаўшчына", іншымі беларускімі асяродкамі. Дзесяткі дзяцей казахстанскіх беларусаў змаглі атрымаць вышэйшую адукацыю ў беларускіх ВНУ. Пазней беларускія згуртаванні пачалі з'яўляцца ў іншых гарадах Казахстана. Павучальнымі былі сустрэчы з беларускімі навукоўцамі-гісторыкамі (Я.І. Юхо, У. Емельянчыкам і інш.). Павел Аляксандравіч актыўна падтрымаў іх прапанову годна адзначыць 250-годдзе з дня нараджэння А.Т.Б. Касцюшкі. КА "Беларусь" арганізаваў фінансаванне кніжкі "Нарадзіўся я ліцвінам", якая пасля гэтага хутка выйшла ў свет у выдавецтве "Навука і тэхніка". Сябры КА "Беларусь" распрацавалі макет значка ў гонар 250-годдзя А.Т.Б. Касцюшкі, і ў Казахстане вырабілі яго. Па макеце, падрыхтаваным мастакамі Казахстана, на менскім гадзіннікавым заводзе было выраблена каля дзвюх тысяч наручных гадзіннікаў да юбілею нацыянальнага героя трох нацый. Але гэтага было мала. Трэба было аднавіць дом-музей А.Т.Б. Касцюшкі ў Марачоўшчыне (каля г. Косава). Усе былі за такое аднаўленне. Не хапала галоўнага - грошай. У П.А. Атрушкевіча на той момант з'явіліся карысныя кантакты ў ЗША, а кніжкі, значкі і гадзіннікі паказвалі амерыканскім сябрам, што беларусы сапраўды імкнуцца годна аднавіць у памяці народа слаўныя старонкі сваёй гісторыі. КА "Беларусь" пісьмова звярнуўся да тагачаснага амбасадара ЗША ў Маскве (амбасада ў Менску з'явілася пазней) з прашэннем дапамагчы ў фінансаванні аднаўлення дома-музея А.Т.Б. Касцюшкі ў Марачоўшчыне. Пасля з'яўлення амерыканскай амбасады ў Менску такая дапамога была аказана.
Такія моманты ў працэссе аднаўлення нацыянальнай свядомасці беларусаў не адзінкавыя. Здаецца, іх зусім не ведаюць у Берасцейскім краязнаўчым музеі, Мемарыяльным музеі-сядзібе Т. Касцюшкі ў Марачоўшчыне. Але радуе тое, што кожны год дзесяткі тысяч беларусаў прыходзяць да каменя Касцюшкі на яго радзіме, каб успрыняць тыя сілы, што ўзгадавалі патрыятызм А.Т.Б. Касцюшкі.
П.А. Атрушкевіч годна прайшоў свой жыццёвы шлях. Прах яго пакоіцца на адэскіх могілках з 2014 г.
Я.А. Майсейчык.
"Амерыканская мроя"
Cветлай памяці Яраслава Вініцкага
У якія прафесіі ішлі нашыя суродзічы, калі прыбывалі ў 1950-х гадах у Амерыку? Адной з такіх прафесіяў для многіх сталася зубная тэхніка, абслугоўванне дантыстаў, вырабам зубоў. Працаю ў гэтай галіне шмат хто здолеў рэалізаваць сабе і дзецям так званую "амерыканскую мрою", ці, як у нас кажуць, выбіцца ў людзі.
Адным з такіх быў нядаўна памерлы (26.01.2018) у Каліфорніі Яраслаў (Славік) Вініцкі. Прыбыўшы ў Нью Ёрк на пачатку 1950-х, ён неўзабаве перабраўся ў Лос-Анджалес, дзе пасялілася з часам уся сям'я Вініцкіх: бацькі, дзве дачкі і сын.
Славік нарадзіўся ў Нясвіжы (26.04.1925) у сям'і былога афіцэра царскай арміі і беларускага грамадскага дзеяча Алеся Вініцкага. Сям'я Вініцкіх апынулася пад канец вайны ў Германіі. Там Славік паступіў ва ўніверсітэт і атрымаў дыплом дантыста.
Але ў Амерыцы дыпломы з іншых краінаў не прызнаюцца, нават, калі хто грамадзянін ці ўраджэнец Злучаных Штатаў. Славік выбраў сабе блізкую да дантыстыкі прафесію зубнога тэхніка. Пагатоў, што ён быў здольны ў руках, а ў дадатак адзначаўся мастакімі талентамі, любіў малюнкі, музыку, займаўся ў вольны час фатаграфіяй.
У сваёй прафесійнай працы, у якой яму шмат дапамагала жонка Кацярына (з дому Яцэвічаў), Славік не толькі адзначаўся якасным выкованнем заказаў, але і строгай акуратнасцю, датрымоўваннем тэрмінаў. Усё гэта забяспечыла яму высокую ацэнку з боку дантыстаў, супраца з якімі трывала 35 гадоў.
Працай сваёй Вініцкія змаглі забяспечыць вышэйшую асвету дзвюм дочкам, Ані і Люсі, ды сыну Антону (сёння падпалкоўнік амерыканскай арміі ў адстаўцы). Усім траім шлях да "амерыканскай мроі" забяспечылі бацькі.
Працавітае жыццё Яраслава Вініцкага скочылася 26 студзеня сёлета. Сям'я і мноства сяброў ушанавалі ягоную светлую памяць 9 лютага, а 10 лютага адбыліся паховіны - на просьбу сям'і толькі ў прысутнасці родных - на могільніку Holy Cross Cemetery (імя Святога Крыжа) у Калвер-Сіці, частцы горада Лос-Анджалес.
Вечная яму памяць.
Янка Запруднік.
Свята 100-годдзя БНР у Пружанах удалося
У Пружанах адзначылі 100 гадоў БНР. Нягледзячы на тое, што ўлада зняла палову запланаванай праграмы і забараніла ўскладаць кветкі да помніка Рыгора Шырмы, кажа старшыня Пружанскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Тарэса Жыгалава:
- Мы сабраліся ля музычнай школы, пасля чаго пайшлі ў Палац культуры. Там у нас адбыўся канцэрт. Выступалі нашы паэты, чыталі свае вершы. Легіянеры Чырвонага крыжа заспявалі дзве беларускія песні. Была свая, пружанская група "Сцяг", якая заспявала на беларускай мове свае песні. Быў хлопчык-ілюзіяніст, які паказваў розныя фокусы. Кветкі былі ўскладзены напярэдадні, а 25-га стаяў яшчэ адзін кошык з кветкамі ад невядомых прыхільнікаў беларускасці. Цікавосткай праграмы была выстава пра дзеячаў БНР. Выставу арганізаваў музей "Пружанскі палацык". Адкрыў мерапрыемства 92-гадовы адраджэнец, старэйшы захавальнік беларускасці Іван Здановіч. Ён наўмысна прыехаў з Берасця, дзе жыве цяпер у дзяцей. Удзельнікі свята атрымалі бел-чырвона-белыя банцікі, частаваліся караваямі і спявалі разам гімн "Магутны Божа". Свята цягнулася з 12 гадзін да позняга вечара.
Радыё Рацыя, Пружаны.
Свецяць сонца і прыкметы
Валер Санько
Прырода аздараўляе і лечыць усё жывое. Мы ўсе часцінкі яе вялікасці. Яна вучыць чалавека прадбачыць будучыню, ведаць заўтрашні дзень ужо сёння. Дасягаецца гэта ўменнем разбірацца ў прыкметах.
Аўтар амаль паўстагоддзя вывучаў беларускі фальклор. Ён упершыню асобна сабраў, выдзеліў прыкметы пра ганебшчыну сучасся - лаянку, курава, п'янства, татуіроўкі. Доказная аргументацыя пісьменніка і доктара народнай медыцыны пра непатрэбнасць утрымання кошак і сабак у гарадскіх кватэрах, карысць і шкоду сотавых тэлефонаў, інтэрнету, пра грэх самазабойства, пакаранне кожнаму за пашкоджанне помнікаў, лішніцу ўстановак крыжоў бліз дарог.
Любасць Бога да людзей выяўляецца найперш у дачы ім святла Сонца і святла прыкметы, дачы права на роўнасць перад судом Сваім, роўнасць у праве заслужыць пашану і прыянне Зямлі і Айчыны, літасць прыроды, роўнасць мажлівасцяў духоўнага росту. У адносінах не аднаго сябе - пакаленняў.
Людзі самі парушаюць гармонію прыроды, яе вялікую справядлівасць - учынкамі, невыкарыстаннем задаткаў, волі, пазбываннем прыкметаў, традыцыяў. Усё мацней вызвоньваюцца ў грамадстве напаўграматныя і зацыкленыя на чым адным павярхоўнікі, асабліва хібнікаў шмат сярод аступененых. Для надта многіх з іх прыкмета продкаў, як і ўсэнсаваная рэлігія - лішніца. Жывуць бяздумна, з павярхоўна вычытанага, пачутага ў скрынцы. Не кемяць, што самае найстрогае і вычышчальнае сіта адбору падзеяў, герояў, асобаў, матэрыялаў не ў часопісах, газетах, тым болей не ў кінастудыях і тэлевізійнасці.
...Язычніцтва ўвабрала ў сябе старажытнасць звычаю і абраду, святочных гімнаў Купалля і дажынак, Калядоўя і калядоўнікаў, прыкмета ўхітрылася не проста заўладарыць над усім, яна своеасабліва асвяціла ўстаялыя вераванні і практыкі яшчэ з часоў прадгісторый, з часоў унезалежвання родаў/плямён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, з часоў трыпольнай культуры (ІV-III тысячагоддзяў да н.э.).
Славянскую прарадзіму шукалі яшчэ антычныя аўтары. Славянцы выступалі на Сярэднім Дунаі - пад прозвішчамі ілірыйцаў і кельтаў, на Одры, Лабе і Вісле - венедаў, кельтаў (пазней германцаў, будзінаў), у Карпатах і на ніжнім Дунаі - дакаў і фракійцаў, на Усходняй Еўропе - скіфаў і сарматаў. Менавіта ў Трыполлі прыкмета больш карысная і найлепей паказвае сябе чалавеку. Ускосна і напрамую вучыць яго, перасцерагае.
Агафіры, будзіны, лужычцы, неўры, ілірыйцы, венеды, фракійцы, скіфы… яшчэ цвёрда не выявілі культурна-моўных адрознасцяў, еднасці, прыхільнасці да нейкай этнамоўнай групы, але яны ўжо перамаўляліся, прыкметы мелі, сачылі за парадкамі
Плямёны праславянцаў звычаям следавалі, плямёны дамаўляліся. Як, напрыклад, у аб'яднальным адпоры усходняй Еўропы персідскім заваёўнікам у шостым стагоддзі да новай эры.
Многія антычныя аўтары венедаў, антаў, склавінаў працягвалі называць скіфамі, таўраскіфамі. Храналогія праславянскай культурнай і моўнай агульнасці з індаеўрапейскай сям'і выдзяляецца канцом трэцяга - пачаткам другога тысячагоддзя да н.э.
Былі традыцыі ў блакітнавокіх і рыжых, па Герадоту, раслякоў. Нечым жа кіраваліся скіфы, сарматы, раксаланы - нашы продкі з часоў трыпольскай культуры (IV-III тысячагоддзяў да новай эры), калі перасоўваліся ў паміжрэччы Дняпра і Днястра; калі на поўначы суседнічалі з германцамі, лужычанамі, парусамі ад Одры і Прыпяці, да Карпат і Судэтаў на поўдні. Абнялі, засвоілі пры гэтым трыпольскую культуру (XVIII - XIII стагоддзяў да н.э.) і тшынецка-камароўскую культуру (XV - XI да н.э.), лужыцка-скіфскую лесастэпавую культуру.
Усходнія паўночныя славянцы ў восьмым і сёмым стагоддзях распаліся на славенаў (возера Ільмень - Ноўгарад), крывічоў (верх Волгі і Заходняй Дзвіны, вытокі Дняпра - Смаленск, Віцебск, Пскоў), палачанаў (вакол Полацка). Пасяліліся паўднёвыя славянцы паводле сучасных летапісаў: палянцы на Дняпры, вакол Кіева, драўлянцы - у Палессі, дулебы - на Бузе, дрыгавічы - паміж Прыпяццю і Дзвіной, северанцы - на Дзясне, Сейме, Суле.
Моўныя асаблівасці былі, адзначаліся, прыкметы існавалі, звычаі жылі, паводзіны ўзаконьваліся. Сонца праз жрацоў дапамагала ўсім.
За тысячагоддзі прыкмету і абярэг выкрадуць у святога язычніцтва канфесійныя рэлігіі. Прыстасуюць пад сябе... і не стомяцца канфесійнікі ганіць іх, адштурхоўваць. Хоць менавіта з прыкметы, даходлівай, лёгка ўспрыйманай адукаваным і неадукаваным зародзяцца традыцыя і звычай. Менавіта з прыкметы пайшлі на планеце ачышчэнні вадой, агнём, хрышчэнне абразамі і прысягамі.
Уважліваму ўсюды радасць, у вёсцы і горадзе, у храме і на лузе. Яскравае адчуванне паўнаты жыцця, пастаянны росквіт духоўных і фізічных магчымасцяў у сябе і блізкіх немагчымыя без аналізу, вывучэння з'яў прыроды, значыць - прыкмет.
Спакойніць чалавека з мінулым і будучыняй прыкмета, змірвае нават з ашуканцам, неразвітым, гультайным. Прыкмета навучае беларуса мужнай прыстойнасці, вяртанню да першароднага дабрадзейства, засцерагае нават прайдзісвета, генетычнага тупака. Вучыць. Як рабіла тысячагоддзі. Яна заберагае нацыю ў цэлым, развівае індывіда, калі той жадае вучыцца, мае схільнасць і волю да вучобы.
Існаванне сярэдняга чалавека ідзе ў прынцыпе па вядомым коле - жыць для сябе; жыць для крэўных і блізкіх, калектыву, нацыі; жыць для лепшых з свайго народа; імкнення самому стаць лепшым, стваральнікам; жыць для сумленнасці, філасофіі, прароцтва. На ўсіх стадыях шмат працаваць, годна паводзіцца.
Ніводнай з азначаных ступеняў не дасягнуць без святла прыкметы, свядомага імкнення за фізічным займець духоўнае існаванне, творчае, у чым бы яно не праяўлялася.
Прыкмета адшліфавала звычай, праз парадак - закон. Ужывае прыкмету чалавек, удакладняе, развівае, з ёю ўважліваму лягчэй, асабліва калі назірае з яе дапамогай за раслінамі, жывёламі, праявамі прыроды.
Даўніна, найлепей ад усяго прыкмета пасабляе чалавеку пачуць дапамогу і ўшчунак ад Стваральніка. Як найболей даступная і ясная, стагоддзямі выпрабаваная. Прыкметавасць і звычай, як веру, не абплёўваюць, не нізяць. Прыкмета асвятляе жыццёвыя пошукі і здзяйсненні кожнага. На карысць уласных продкаў, народа, самога шукальніка.
Беларусы - адна з найстаражытных арыйскіх нацыяў, сярод славянства па захаванасці фальклору першая нацыя. Беларус болей ад усіх ідзе па шляху традыцыі, адданасці радзімнаму кутку. Асвятляла яму сцяжыны, памагла выцерпець нягоды захаванне прыкметы, развіццё прыкметы, следаванне прыкмеце.
Іх, зорна-ясных і таемных, у беларуса плоймы.
Заўжды ў сэрцы - вера
Калі якая секта, нават царква цвердзіць, што адзіна яна ведае, дарасла да распаўсюду Божых ведаў, прамаўляе поўную ісціну - ілжэ. Бо калі яна справядлівая, то астатнія, нязгодныя з ёю няпраўдзяць, хлусяць. Ад замкнутых выключна на ўласных ідэях, заўжды рацыянальна-наступоўных сектаў і цэркваў у сусвет сеецца аднабокасць, зло. Такія прапаведнікі і выспаведнікі прапаведуюць у храмах іншага народа, выспаведуюць на чужой народу мове і могуцца, каб іх цанілі. Хочуць зняць з душ чалавечых чужы грэх, а самі грэшаць.
Усемагчымая слоўная лухта - "дзейнічаем мы так даўно, у нас так прынята, няма сродкаў, людзей, няма сілы пераходзіць на мову народа, сярод якога цяпер правімся" - мана вялікая, мяжуе з святатацтвам.
Ні ў хвальбе, ні ў стогнах такога выспаведніка праўды не было, няма, не з'явіцца. Калі бывае, то яго праўда роўная пераробленаму з жанчыны мужчыну, пераробленай з мужчыны жанчыне.
Паўтараемся, на якой мове маліліся твае прадзеды, на такой маліся ты, выспаведвай іншых. Не лезь у чужы храм з сваёй малітвай, статутам, не чапай іншай мовы.
Адракаешся ад веры продкаў, уступаеш у секты - ганьбіш прадзедаў. Адрокся ад іх, страчваеш памогу іерархаў, роду, этычнае карэнне. Не проста адрокся - выклікаў гнеў уласных пакаленняў на сваю галаву. Яны не змогуць Адтуль належна памагаць вырачэнцу, абплявальніку сваіх колішніх малітваў, стогнаў, спраў. Змогуць помсціць. Ты ім, іншасветным, пашкодзіць ужо не можаш, яны табе і дзеткам за адрачэнне, абплёўванне прашчураў могуць. Не памогуць табе і тваім у цяжкую хвіліну, не падкажуць шлях на лепшасць - сном, падзеяй, явай.
Болей таго, ты, нядаўні беларускі праваслаўнік, католік, стаў адвентыст, іегавіст, крышнаіт, буддзіст, канфуцыянец, сіяніст, мусульманец, баптыст, выходзіць ты жывеш правільна, на беларускай зямлі прапаведуеш люду ісціны сваёй новай веры (і не на мясцовай мове) - няправіш. Твае ўласныя прадзеды, атрымліваецца, жылі няправільна, грэшна.
Выраканцы, як іншамоўныя святары, не свецяць - засцяць. Свядома накіроўваюць чалавека ці народ у супрацьлегласць звекавечна-выкаванай нацыянальнай традыцыі. Падпіхваюць на растварэнне ў чужой нацыі, мове, на знікненне народа з сусветнай планіды, у расліннасць.
Усявышні, Найдобры і Усямоцны чалавеку не слуга і не нянька. Не можа Ён штодня займацца тваімі вялікімі ці малымі справамі, напаўсправамі, гультайствам і планамі, выдабрэнствам і злыбядзёнствам, дасягненнямі і промахамі, пасвіць цябе.
Накірунак
Ён паставіў, дазволіў адкрыць межы і можы спраў, намеціў сцяжыны да Яго кожнаму - шукай, знайдзі, удакладняй, бяры.
Даўніна, найлепей ад усяго вера, пасабляе чалавеку пачуць дапамогу і ўшчунак ад Стваральніка. Як найболей даступная і ясная, стагоддзямі выпрабаваная. Прыкметавасць і звычай, як веру, не абплёўвай, не нізь. Яна асвятляе шлях жыццёвых пошукаў і здзяйсненняў кожнага. На карысць уласных продкаў, нацыі, народа.
Грахі
Невыкананне прыкметаў продкаў, нацыі; парушэнне рэлігійных нормаў; парушэнне сістэмы забаронаў тваёй рэлігіі; парушэнне абрадавай практыкі; забойства, падгаворванне на забойства; клятвапарушэнне, падгаворванне на пераступ клятвы; крыўда чалавеку, асабліва дзіцяці, старому, удаве; адмовіць цяжарнай; зладзейства; крыжазнішчэнне, крыжазніманне; парушэнне храма; чарадзейства; крадзёж; лянота; абжорства; недараванне;
гардыня, доўгі гнеў;
непавага хлеба. Нельга кідацца хлебам, браць нямытымі рукамі. Убачыў кавалак хлеба на дарозе - паднімі ці пакладзі на траву. Хлеб не растопчуць, пойдзе на ўмацаванне раслін, чарвякоў, зямлі, яго з'ядуць птушкі. (Язычніцкія прыкметы ў большасці народаў норма, святасць).
пыхлівасць, ганарлівасць;
працаваць на вялікія рэлігійныя святы. Але… жывёлу карміць трэба, дзяжурыць, стравы рыхтаваць, кветкі паліваць, школьныя/студэнцкія заданні выконваць.
Жывёлы (птушкі, ваўкі, гадзюкі...) нясуць сваю праўду і сваю існасць, як і кожнае жывое, да іх адносіцца адпаведна іхняму паводзінству.
Дрэвы, травы таксама маюць станоўчае, адмоўнае, нажываюць плюсы, мінусы.
Грэх не падказаць - маладому невуку, сталаму нязнаку.
Грэх выдумляць на невінаватага, ілгаць. Асабліва грахоўна - заведама даваць ілжывую клятву.
Не хачу браць грэх на душу, абгаворваць каго-небудзь. У брахуноў на Тым свеце высунутыя языкі і звязаныя рукі.
Доляй грэх мяняцца. Як параўноўвацца здароваму з шчасцем іншага, няшчасцямі.
Рэлігійныя, бытавыя, партыйныя крытэрыі паасобку і ўсе разам часта не могуць вызначыць межы народнай і нацыянальнай існасці, параметры канкрэтнага чалавека.
Жыццё большая іпастась, чым выкананне прадпісанняў рэлігіі, праца, сям'я, вера. Гэта яшчэ росшукі мэты, дзеянняў, набыткаў, расшырэнне дарогі на зямлі і да неба.
Нябеснасць нашмат зніжае грахі парадзісе пры родах, забітаму неспадзеўкі чалавекам ці громам. Заслужвай сузіркі нябеснага, вышняга. Знайдзі любімую справу.
Кожны народжаны нясе часцінку першароднага граху, паводле некаторых рэлігіяў.
Грахі пераліваюцца ад дзядоў, прадзедаў, бацькоў на дзяцей, унукаў. Асобныя людцы жывуць з упэўненасцю - аддам на зямлі кранты і справы з канцом, усё ўсталюецца, перастану Там хварэць, мучыцца, жабрачыць. Тупыя і подлыя памыляюцца, не перастануць, могуць зусім растварыцца.
Многія хворыя, паводле ведуноў і шаптуноў, не вылазяць з балячак, жывымі гніюць ад грэшнасці не толькі сваёй, а і бацькоў, дзядоў. Сведчанне - гадамі ўсемагчымыя язвы, парэзы, бясплоддзе, незажыўныя раны, анкалогія ў некаторых сем'ях.
Большасць з багатых і бедных, працавітых і гультайных за жывёльнае існаванне атрымліваюць сваё на Гэтым свеце і найабавязкова на Тым, паводле мудрасці народаў. Такі нават не ведае колькі перакрыжаванняў чакае яго пры пераходзе, ужо на першым сутыку можа застыць ў неакрэсленым чаканні на доўга-доўга (чысцілішча), а потым скранецца - і пазайздросціць чарвяку на раскаленай скавародцы.
Паняцце граху і грахоўнасці ў народа і нацыі відазмяняюць эпохі. Любыя варыяцыі, як змены этыкі/філасофіі, не выключаюць пакаранне за парушэнне маралі, пустое існаванне.
Пад маркаю веры правакаваць чалавека на грэх асабліва небяспечна. Такі грэх надта хутка зрыньваецца на правакатара, суродзічаў.
Ставіць свечкі, падаваць запіскі за здароўе блізкіх можна і патрэбна, як маліцца за памерлых. Уключаць у запіску імёны няхрышчаных людзей - няварта; не ўведзенага ў стан рэлігійнасці не пачуе анёл любой веры, не перадасць Буду, Хрысту, Мухамеду просьбу жывога за мёртвага.
Літасціну патрэбна даваць бедным, храмам, нябожчыкам. У большасці выпадкаў патрэбна належна ацэньваць просьбітніка. Не дапамагаюць махляру, алкашу, гультаіне.
Пераход душы ў лепшы свет і з паверха на паверх Там ідзе рознымі шляхамі. Крэмацыя тысячагоддзямі была нармальнай ва ўсіх язычнікаў - інкаў, ібераў, этрускаў, венедаў, грэкаў, славян, парусаў, нарвежцаў, кельтаў, германцаў. За крэміраваных можна і патрэбна маліцца, ставіць свечкі.
Звон ад храмаў/званарняў ачышчае прастору, умацоўвае душы, аблягчае існаванне гэтых і тых.
Продкі славян узвышалі душы, пры жыцці ўзносілі іх у нябёсы ўзвядзеннем храмаў, рамонтам званіцаў, друкаваннем малітоўнікаў, перапісваннем малітваў. Навучаннямі настаўнікаў.
Пост
Меней пасціць, а то і ніяк могуць дзеці да 14 гадоў, цяжарныя, падарожнікі, хворыя, саслабелыя.
Дыета блізкая да посту, шліфуе фізіялогію, пост дадаткова вялічыць душу, то бок кіруе ў бок вечнасці.
Некалі былі строгія абмежаванні на ежу ў часе посту. Забаранялі яйцы, малочныя прадукты, не адно мяса. Цяпер, у пару незбалансаванасці, абмяжоўваюць у асноўным мясное.
Найболей праведныя вернікі ў посныя дні адмаўляюцца ад інтэрнэта, часам тэлевізара.
Усемагчымая жыцейская мішура вераемна патрэбная ў час посту, але найлепшая пазнака посту - уласная спавядальнасць, узаемадапамога іншым. Не патрэбна выдобрывацца лішне.
(Працяг у наступным нумары.)
Свята Буквара
Нацыянальная бібліятэка Беларусі адкрыла выставу, прысвечаную 400-годдзю першага беларускага "Буквара". У падзеі ўзялі ўдзел бібліёграфы і бібліятэкары, выкладчыкі і студэнты БДПУ імя Танка, настаўнікі і вучні школ горада Менска.
Імпрэза выдатна перадала трапяткую атмасферу сустрэчы з першай адукацыйнай кнігай у жыцці дзіцяці, з якой знаёміць мілая і ўсмешлівая настаўніца. Таемства навучання чытанню здаўна адбывалася па святых кнігах і потым па букварах.
Лічылася, што самым старажытным з'яўляецца Куцеінскі "Буквар" Спірыдона Собаля 1631 года, але пазнейшыя знаходкі ўстанавілі, што найбольш старажытны беларускі "Буквар" быў выдадзены 24 ліпеня 1618 года ў друкарні віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Асобнікі яго захоўваюцца ў Лонданскай бібліятэцы "Мідл Тэпмл" і ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі.
- Гэта дае права беларусам ганарыцца сваімі глыбокімі асветніцкімі і кніжнымі традыцыямі, - сказаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А.А. Суша. - З таго часу "Буквар" выдаваўся пад такой назвай у землях Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны. Гэта сапраўдны феномен, які сведчыць пра шматграннасць беларускіх кніжных традыцый.
На выставе дэманструюцца знакамітыя буквары і азбукі XVI-ХХІ стст. - розныя па складзе, графіцы, мастацкім аздабленні, педагагічных прыёмах навучання чытанню і пісьму. Можна пабачыць праваслаўныя і ўніяцкія буквары, стараверскія выданні. Тут прадстаўлены буквары новага беларускага адраджэння часоў ХХ стагоддзя, "Лемантары" Каруся Каганца, Цёткі, Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Янкі Станкевіча, Леанілы Гарэцкай, буквары складанага перыяду 20-30-тых гадоў у складзе СССР. У новых букварах замест малітваў знаходзяцца гімны савецкай эпохі. Можна пацікавіцца падручнікамі хвалі ліквідацыі непісьменнасці, пабачыць буквары Заходняй Беларусі, афіцыйныя і неафіцыйныя, выпушчаныя самвыдатам і выпушчаныя вялікім накладам для ўсіх школ, буквары часоў Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннай абудовы, і сучасныя асобнікі, выдадзеныя прадстаўнікамі эміграцыі ў Нью-Ёрку, Саўт-Рыверы.
Адным з лепшых беларускіх буквароў ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў лічыцца вядомы "Буквар" Анатоля Клышкі, які ўпершыню выдадзены ў 1969 годзе і перавыдаваўся 23 разы на беларускай, рускай і польскай мовах. Ён атрымаў залаты медаль Міжнароднай Ляйпцыгскай кніжнай экспазіцыі ў 1977 годзе, а ў 2004-м прызнаны лепшым падручнікам года на выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне. На выставе ў НББ можна ўбачыць і самыя новыя буквары, падрыхтаваныя Вольгай Цырынавай.
- Цудоўная ідэя - зрабіць свята для ўсёй краіны, свята галоўнай вучэбнай кнігі! - адзначыла прадстаўніца БДПУ імя Танка. - Выдатна, што мы можам зазірнуць углыб вякоў і параўнаць традыцыю з сённяшнім днём. Сучасныя новыя ілюстраваныя кнігі чытаюць дзеці.
Асветніцкія праекты Нацыянальнай бібліятэкі важныя для дзяцей і будучых педагогаў. На кнігазнаўчых чытаннях, якія пройдуць у красавіку, секцыя будзе прысвечана навучанню грамаце і букварыстцы. Там можна будзе пазнаёміцца з працэсам навучання па сучасным буквары.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Прэзентацыя кнігі пра Каліноўскага ў Вільні
24 сакавіка 2018 года ў Вільні ў Беларускім Доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава адбылася прэзентацыя кнігі маладога гісторыка з Гародні Васіля Герасімчыка "Канстанцін Каліноўскі: Асоба і легенда".
Кніга выйшла своечасова на 180-годдзе Кастуся Каліноўскага (якое зараз адбываецца ў цяні славутага 100-годдзя БНР)
Кніга разбурае хрэстаматыйныя погляды на выбітную гістарычную асобу. Чытачу адкрываюцца таямніцы радаводу Каліноўскага, атмасфера і грамадскія настроі, у якіх Канстанцін Каліноўскі вырас, сталеў, вучыўся. Падрабязна разглядаюцца яго студэнцкія гады ў Маскве і Пецярбурзе. Разбіваецца ўшчэнт міф пра "польского мятежника". Мы бачым паслядоўнага патрыёта Літвы-Беларусі.
Алесь Рэзнікаў.
"Паэзія - хвароба ўсіх вякоў..."
Паэзія - хвароба ўсіх вякоў.
Паэзія - служанка й каралева.
(Рыгор Барадулін)
Напярэдадні Міжнароднага дня паэзіі літаратурны клуб "Святліца" ДУДА "ЦТДМ "Агат" г. Магілёва" правёў імпрэзу, удзел ў якой прымалі знакамітыя беларускія паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. Дзіцячая бібліятэка імя А.С. Пушкіна гасцінна расчыніла дзверы для ўсіх аматараў паэзіі. Тут прысутнічалі і школьнікі горада Магілёва і сябры ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".
Міжнародны дзень паэзіі адзначаецца 21 сакавіка. Ён заснаваны ў 1999 годзе на 30-й сесіі генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, якая праходзіла ў Парыжы. У рашэнні канферэнцыі гаворыцца, што паэзія здольная даць адказы на самыя вострыя і глыбокія духоўныя пытанні сучаснага чалавека, але для гэтага неабходна прыцягнуць увагу грамадскасці да паэзіі. Асноўная мэта Міжнароднага дня паэзіі падтрымаць мовы, якія аказаліся на мяжы знікнення.
Дзень нараджэння літаратурнага клуба "Святліца" таксама 21 сакавіка. І, відавочна, не выпадкова, бо навучэнцы школ, ліцэяў, студэнты знайшлі для сябе месца, дзе можна развіваць свае здольнасці, дзяліцца творчымі набыткамі і мець паразуменне. Вось як выказалася Крысціна Башарымава, студэнтка МДУ імя Куляшова:
- "Святліца" - гэта асобная Планета. Гэта сад, дзе растуць кветкі, а Тамара Пятроўна - садоўнік, які кожны дзень палівае гэтыя кветкі, вырывае пустазелле, абразае засохлыя лісты, - стварае умовы для іх росту.
Вядоўца імпрэзы, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, кіраўнік літаратурнага клуба "Святліца" Тамара Аўсяннікава адкрыла паэтычную сустрэчу вершам Ніла Гілевіча "Санет" ( Паэт крыху вар'ят - абавязкова…) і вершам Яўгеніі Янішчыц " Падставіць голасу лісток", распавяла аб гісторыі стварэння Міжнароднага дня паэзіі і клуба "Святліца", прадставіла гасцей і перадала слова галоўнаму рэдактару часопіса "Верасень" Эдуарду Акуліну, які прэзентаваў сямнаццаты нумар (цікавае супадзенне, 17-ы нумар 2017 года презентаваўся 17 сакавіка). Эдуард Акулін адзначыў, што часопіс заснаваны па ініцыятыве ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" з мэтаю падтрымаць маладых літаратараў, што нумар адкрываюць маладыя паэты клуба "Святліца", што ў нумары прадстаўлены і вершы кіраўніка клуба.
Затым выступілі аўтары часопіса Лізавета Дзеручэнка, Крысціна Башарымава, Алена Быкава, Тамара Аўсяннікава. Сябра літаратурнага клуба Мілада Паўлава, вучаніца 6 класа, захапіла ўсіх прыстуных пранікнёным выкананнем верша Яўгеніі Янішчыц "Непрыручаная птушка". Вучаніца сярэдняй школы № 45 Аліна Трутнева, госця імпрэзы, прачытала верш Зінаіды Гіпіус "И звери…", з якім яна ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе "Жывая класіка".
У другой частцы імпрэзы прысутныя пазнаёміліся з творчасцю Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна. Паэты выказалі павагу і сваё захапленне таленавітымі творцамі Магілёўшчыны. Разам з прысутнымі яны ўспомнілі Максіма Гарэцкага, Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна, Міхася Стральцова, Сцяпана Гаўрусёва, Анатоля Сербантовіча, Алеся Пісьмянкова і іншых.
Леанід Дранько-Майсюк расказваў цікавыя гісторыі з свайго жыцця, чытаў вершы, а таксама прадставіў сваю кнігу пра маладыя гады Максіма Танка "Натуральны, як лінія небасхілу".
Эдуард Акулін выканаў некалькі песень, а знакамітую - "Белае паліто" спявала ўся зала разам з аўтарам.
Імпрэза завяршылася фотасесіяй і атрыманнем аўтографаў. Але прысутныя яшчэ доўгі час абменьваліся ўражаннямі і словамі падзякі, бо менавіта такія сустрэчы садзейнічаюць развіццю паэзіі, вяртанню яе да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў.
А я задумалася над словамі Рыгора Барадуліна "Паэзія - хвароба ўсіх вякоў". Сапраўды ёю хварэюць многія. І згаджаюся на такую хваробу, няхай толькі іншыя да нас не прыстаюць.
Лізавета ПРАЯВЕНКА, сябра літаратурнага клуба "Святліца".